Вярнуцца: 2013

№ 29 (1128)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 29 (1128) 17 ліпеня 2013 г.


На "Славянскім базары" маладыя беларускі спявалі па-беларуску

У канцэртнай зале "Віцебск" 10 ліпеня адбыўся першы выступ удзельнікаў XI Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу "Віцебск-2013". Свой талент гледачам і журы прадэманстравалі 21 юны артыст з 18 краін свету.

За Беларусь, Расію і Ўкраіну на дзіцячым конкурсе традыцыйна выступаюць па два ўдзельнікі. Нашу краіну сёлета прадстаўляюць 11-гадовыя мінчанкі Паліна Бурло (сцэнічны псеўданім Апалінарыя) і Аляксандра Лакціёнава.

Па ўмовах конкурсу, у першы дзень маленькія артысты выконваюць песню кампазітара сваёй краіны на мове сваёй краіны. У нашых суайчынніц быў выбар адной з дзвюх дзяржаўных моў. Прыемна, што дзяўчынкі вырашылі спяваць па-беларуску. Апалінарыя паказала сучасную апрацоўку народнай песні "Канапелькі", а Аляксандра выканала кампазіцыю "Вадаспад", напісаную для яе вядомым педагогам Святланай Стацэнка.

tut.by


Курсы беларускай мовы адкрыліся ў Токіа

Нефармальныя заняткі беларускай мовы "Мова ці кава" сабралі сотні слухачоў у Маскве і Менску. Хто б мог падумаць, што наступным горадам, у які завітае нашая мова. будзе японская сталіца!

Арганізатарка заняткаў "Беларускай гутарні" Таццяна Цагельнікава атрымлівае ступень магістра ў Нідэрландах на япаністыцы, у Токіа прыехала на навучальны год.

Як распавяла дзяўчына, ідэя зладзіць заняткі з'явілася колькі гадоў таму, пасля першай паездкі ў Японію. Але па-сапраўднаму натхніў яе поспех "Мовы ці кавы":

- Я хацела, каб нашыя заняткі былі таксама месцам сустрэчы для беларусаў у Японіі. Паводле афіцыйных звестак, нас тут толькі некалькі соцень чалавек, і ніхто асабліва кантактаў не падтрымлівае. Удзельнікі ж курсаў - збольшага японцы, якія ўжо ведаюць расейскую мову або польскую. Гэтак, адна дзяўчына вучыцца на паланістыцы. Вядома, што для ведання польскай гісторыі варта пазнаёміцца і з беларускаю, - распавядае Таццяна.

Пра нашую краіну ў Японіі практычна нічога не ведаюць. Паводле Таццяны Цагельнікавай, у мясцовых кнігарнях можна знайсці толькі дзве кнігі, прысвечаныя Беларусі - хутчэй паліталагічная праца былога працаўніка японскай амбасады ў Менску і гісторыя Беларусі, таксама японскага аўтара.

Калі ж год, якія Таццяна правучыцца ў Токіа, скончыцца, дзяўчына спадзяецца, што ейную ініцыятыву працягне Сіёры Кіясава - дзяўчына, якая праславілася на менскіх курсах "Мовы ці кава" тым, што вывучыла беларускую мову за 11 месяцаў. Цяпер яна вярнулася на радзіму і зазірнула на першы занятак "Беларускай гутарні".

Заняткі ладзяцца раз на тыдзень. Калі чытач раптам узгадае, што акурат знаходзіцца ў Токіа, то дакладна варта завітаць на "Гутарню". Інфармацыя аб суполцы ў "Фэйсбуку".

belsat.eu.


Аляксандру Місцюкевічу - 70

14 ліпеня сваё 70-годдзе адзначыў Аляксандр Іванавіч Місцюкевіч, шматгадовы кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", адзін з ініцыятараў і ўдзельнік руху энергетыкаў Гарадзенскай вобласці за беларускую мову, мо адзіны знаўца гісторыі тратуарнай пліткі ў Гародні.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя "Нашага слова" шчыра віншуюць Аляксандра Іванавіча з юбілеем, зычаць сілаў і здароўя для барацьбы за Беларусь.

На здымку: Сп. Місцюкевіч адшукаў каштоўную тратуарную плітку.


З камандзіроўкі вярнуўся Беларусам

Так можна сказаць пра старэйшага сябра Таварыства Беларускай мовы імя Ф. Скарыны інжынера-энергетыка Аляксандра Іванавіча Місцюкевіча. Па роду сваёй дзейнасці яму шмат даводзілася адпраўляцца ў працяглыя камандзіроўкі па Беларусі на пракладку высокавольтных ЛЭП у 70 - 80-я гады. І як заўсёды ў лясіста-балоцістай мясцовасці, дзе праходзілі трасы, сустракалася шмат цяжкасцей: то з паліўна-змазачнымі матэрыяламі, то з запчасткамі, то непаразуменні з пастаўшчыкамі. А ў гэты час у СССР заўсёды чаго-небудзь не хапала. І шукаць таго, чаго не даставала, інжынеру Місцюкевічу часта даводзілася ў суседзяў - украінцаў або літоўцаў, бо працавалі бліз мяжы з Украінай і Літвой, дзе гэтае дабро можна было здабыць.

І аднойчы добры дзядзька даў слушную параду, якая прымусіла задумацца:

- Табе, Ляксандр, будзе намнога лягчэй штосьці здабыць, калі ты з суседзямі будзеш размаўляць па-свойму, а не па-руску. Бо час мяняецца.

Ён прыслухаўся да добрай парады, і гэта дапамагло.

А час сапраўды мяняўся. У вялікай краіне пачалася перабудова, і абуджалася нацыянальнае жыццё ў саюзных рэспубліках.

Аляксандр Місцюкевіч як бы атрымаў магутны зарад энергіі, ён адчуў, што ёсць усе падставы застацца самім сабой, жыхаром сваёй рэспублікі-краіны. Паходзіў ён з самай што ні ёсць беларускай мясцовасці - са Слонімшчыны, дзе яго прадзеды, дзяды і бацькі баранілі, адстойвалі беларускасць. У вёсцы, сям'і і школе панавалі беларуская гаворка, народныя беларускія традыцыі, і яны сталі часткай ягонай істоты. І яму не спатрэбіліся ні час, ні ўмовы для нейкіх перабудоў.

Калі ён вярнуўся з камандзіроўкі і павёў размову па-беларуску, некаторых супрацоўнікаў гэта здзівіла, а начальнік заўважыў:

- Тебя, Иванович, в командировке как будто подменили...

- Ды нічога асаблівага не адбылося, - быў адказ. - Гэта час змяніўся, а я застаўся, кім і быў.

Многія калегі па працы з разуменнем і павагай аднесліся да метамарфозаў Аляксадра Іванавіча і падтрымалі працэс нацыянальнага адраджэння, асабліва пасля прыняцця Закона аб мовах, у якім беларуская мова зацверджана ў якасьці адзінай дзяржаўнай. У хуткім часе з лёгкай рукі спадара Місцюкевіча ў Гроднаэнерга была створана суполка Таварыства беларускай мовы, якую ён узначаліў. Гэта была адна з першых суполак у вытворчых калектывах горада, дзейнасць якой значна абагаціла жыццё калектыву. У яго супрацоўнікаў вырасла цікавасць да роднай беларускай мовы, культуры і гісторыі, уяўленні аб якіх былі сфармаваны яшчэ савецкімі падручнікамі.

Чалавек дзеяння, практычны, Аляксандр Іванавіч імкнуўся сам і дапамагаў супрацоўнікам пазнаць багатую нескажоную гісторыю Беларусі і яе культуру. Гэтаму садзейнічала праца гуртка па вывучэнні беларускай мовы. І сам ён грунтоўна заняўся вывучэннем сапраўднай гісторыі Беларусі, штудзіруючы кнігі В. Ластоўскага, М. Ермаловіча, У. Ігнатоўскага і перыядычныя выданні. Для сяброў гуртка, працаўнікоў Гроднаэнерга, ён запрашаў чытаць лекцыі вучоных з Гарадзенскага ўніверсітэта А. Пяткевіча, С. Габрусевіча і інш. Былі арганізаваны сустрэчы з пісьменнікамі і паэтамі з Менска і Гародні Р. Барадуліным, Д. Бічэль, У. Арловым, Л. Баршчэўскім і інш. Працэс беларускага адраджэння паглыбляўся. Хутка і справаводства было пераведзена на беларускую мову, у нарады і "лятучкі" усё больш пранікала баларуская мова. Загучала яна і ў вучэбным цэнтры Гроднаэнерга, дзе з пачатку 90-х гадоў пачаў працаваць Аляксандр Іванавіч, гэта прыязна было сустрэта слухачамі курсаў.

Яго, як актыўнага адраджэнца, і работу суполкі ў Гроднаэнерга цанілі ў гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы, а яго выбіралі ў кіраўнічую раду. Калі была створана абласная арганізацыя, ён быў абраны намеснікам старшыні, а з 1999 г. узначаліў яе, ужо адчувалася, што рамкі суполкі абмяжоўваюць яго актыўнасць. Ён, як старшыня, і Таварыства падтрымлівалі добрыя сувязі і з дзяржаўнымі структурамі, і з вытворчымі прадпрыемствамі, і з прадпрымальніцкімі арганізацыямі. У зносінах з імі Аляксандра Іванавіча турбуе выкананне Закона аб мовах, наданне гораду беларускага аблічча, пашырэнне беларускамоўнага навучання, прапаганда дзейнасці і мэтаў Таварыства. Застаючыся запатрабаваным і паспяховым работнікам на асноўным месцы працы, ён умела сумяшчае работу з ускладзенымі на яго грамадскімі абавязкамі. Ён адчувае сваё дачыненне да ўсяго, што робіць адметным, беларускім горад, наваколле, і імкнецца садзейнічаць гэтаму. Яго радуе тое, што па дарозе на працу ён чытае па-беларуску назвы вуліц імя Элізы Ажэшкі, Каханоўскага, Васілька, Вялікай Траецкай, плошчы Антонія Тызенгаўза, а побач з вучэбным цэнтрам Гроднаэнерга знаходзіцца магазін "Веды", цырульня "У Элізы", магазін "Спадарожнік" і г.д. Уважлівым, неабыякавым позіркам ён заўважае, як горад паступова набывае беларускае аблічча, што яму, гораду, трэба захоўваць і яго гістарычныя адметнасці. Патрыёты горада актыўна змагаюцца за захаванне архітэктурных гістарычных помнікаў. Падтрымліваючы іх актыўнасць, ён бачыць, што "свой твар" гораду надаюць і брукоўка вуліц, і тратуарная плітка старых узораў з надпісамі "GMN", "Grodzienski magistrat", "Ашкенази Гродно", "Frildowicz", з кветкавым і геаметрычным малюнкам. Гэтыя акуратныя вырабы адрозніваюцца асаблівай трываласцю і добра захаваліся нягледзячы на свой узрост у 80 - 100 гадоў. Аляксандр Іванавіч абышоў многія глухія мясціны горада, адшукваючы ўсё новыя ўзоры. Аб іх захаванні і ўсталяванні ў прыметным месцы горада неаднаразова вёў гутаркі з кіраўніцтвам жыллёва-камунальнай гаспадаркі і гарвыканкаму. Усяго знойдзенага захаваць не ўдалося, бо частцы каштоўнасцяў спрытныя людзі "прырабілі ногі", але цешыць зробленае, захаванае.

Як старшыня абласной арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны ён ведае становішча ў рэгіёне і заўважае, што працэс беларусізацыі ў першай палове 90-х гадоў пашыраецца. У Гародні і раёнах ствараюцца новыя пярвічныя арганізацыі Таварыства, рэалізуецца Закон аб мовах. Вынікам зладжанай працы грамадскіх арганізацый і дзяржаўных устаноў стаў перавод на беларускую мову навучання большасці школ Гародні, а ў раёнах - амаль усіх школ, дзіцячых садкоў; установы культуры, выканкамы і мясцовыя саветы таксама пераходзілі ў працы на беларускую мову; на адзіную дзяржаўную мову пераводзіліся назвы вуліц, населеных пунктаў, дарожных указальнікаў.

Ва ўсіх гэтых справах актыўны ўдзел прымаў Аляксандр Іванавіч разам з іншымі сябрамі Таварыства. З штодзённых назіранняў ён рабіў выснову, што для пашырэння ўжытку беларускай мовы патрэбна, каб яна штодня гучала ў публічных месцах, каб людзі не саромеліся карытацца ёю. І ён вядзе перамовы з кіраўніцтвам тралейбуснага ўпраўлення і аўтобуснага парка аб пераводзе на беларускую мову аб'яваў прыпынкаў у транспарце, адшуквае добрых дыктараў для запісаў такіх аб'яваў. І цікава адзначыць, што ніхто ў горадзе ад гэтага не заблудзіўся, а яны адчулі, што жывуць у сваёй краіне. Усім знаёмым і незнаёмым гарадзенцам ён падае прыклад выкарыстання роднай мовы ў паўсядзённым жыцці. Наведваючы дзяржаўныя ўстановы і іншыя арганізацыі, ён імкнецца весці справы і афармляць дакументы па-беларуску ўсюды: і ў пракуратуры, і ў ДАІ, і дзяржстраху, і на пошце, і ў банку. І лічыць, што так павінны дзейнічаць усе, хто называе сябе беларусам.

Але не заўсёды жыццё радавала поспехамі, былі паражэнні і няўдачы. І Аляксандр Іванаваіч перажываў іх як асабістую драму. Так было з рэферэндумам і яго вынікамі, пасля якога русіфікацыя грамадскага жыцця набыла нейкі агрэсіўны характар: школы, установы культуры, сродкі інфармацыі паскорана адмаўляліся ад беларускай мовы, магазіны мянялі беларускія назвы на рускія ("Спадарожнік" стаў "Спутник", дайшло да абсурду: беларускае слова "Журавінка" напісалі з рускім И, беларускі квас "Старажытны" ператварыўся ў "Старожитный"), чыноўнікі раптам пачалі забываць беларускю мову.

І ўсё-такі Аляксандр Іванавіч не губляе аптымізму і знаходзіць новыя кірункі дзейнасці. Хаця падводзіць здароўе, і ён здае кіраўніцтва абласной арганізацыяй больш маладому сябру Таварыства, ён актыўна ўдзельнічае ва ўсіх мерапрыемствах арганізацыі: наведвае школы і дзіцячыя садкі і тлумачыць бацькам важнасць і неабходнасць беларускамоўнага навучання, адкрыцця беларускіх класаў і груп, займаецца падпіскай на газету ТБМ "Наша слова", бярэ ўдзел у рэалізацыі ўсіх мерапыемстваў Таварыства, у грамадскім жыцці. Ён, інжынер, разам з гарадзенскім кампазітарам Яўгенам Петрашэвічам складаюць і выдаюць "Беларускі спеўнік", у які ўключылі 72 папулярныя беларускія песні розных жанраў. Няхай народ ведае і спявае свае выдатныя песні, каб быць адметным сярод іншых народаў. Заклапочаны ўшанаваннем памяці выдатнага музычнага дзеяча Гарадзеншчыны Заслужанага работніка культуры БССР Антона Валынчыка, ён з другім інжынерам Аляксандрам Талерчыкам наведваюць то гарадскі, то абласны выканкамы, дабіваючыся годнага вырашэння гэтага пытання.

Раздумваючы над цяжкасцямі нацыянальнага адраджэння беларусаў, Аляксандр Іванавіч прыходзіць да высновы, што нашы людзі, выхаваныя на чужых гістарычных і культурных каштоўнасцях, дрэнна ведаюць гісторыю сваёй краіны. Успомніўся і ўласны досвед вяртання да беларускасці. Паглыбляючы свае веды гісторыі Беларусі, ён звярнуўся да краязнаўства. Шмат працаваў у гарадзенскіх архівах і бібліятэках, вывучаючы гісторыю Слонімшчыны, сваёй вёскі Піронім, удзел землякоў у паўстаннях 1830-31 гг. і 1863-64 гг. і склаў спіс удзельнікаў апошняга паўстання ў Слонімскім павеце, вывучае ўдзел землякоў у Другой сусветнай вайне і інш. Яго артыкулы друкаваліся ў "Слонімскай газеце" і атрымалі добры водгук, дапамагаюць землякам лепш пазнаць гісторыю сваёй радзімы. Калісьці з дапамогай добрых людзей ён знайшоў шлях да беларушчыны сам, а цяпер падтрымлівае іншых на гэтай дарозе.

Грамадская работа і зацікаўленні хаця і адбіраюць у яго шмат часу, але і даюць стымул да актыўнага жыцця, патрабуюць трымаць сябе ў добрай фізічнай форме. А што можа даць большае задавальненне, чым адчуванне, што ты прыносіш карысць людзям, краіне!

У юбілейны год пажадаем Аляксандру Іванавічу сіл, здароўя і новых поспехаў у яго дзейнасці.

Іван Буднік, сябар ТБМ імя Ф. Скарыны.


Выйшаў " Верасень" № 8

Выйшаў з друку чарговы нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Паэзія восьмага нумара прадстаўлена вершамі Даны Антановіч, Кацярыны Сянкевіч, Глеба Лабадзенкі, Насты Кудасавай, Таццяны Лапцёнак, Іны Снарскай, Эдуарда Акуліна, Алеся Гібка-Гібкоўскага і Фелікса Баторына. У раздзеле "Проза" друкуюцца апавяданні Настассі Грук, Уршулі Шубзда, Аляксея Палачанскага, Марыны Яўсейчык, Сяргея Белаяра, Таццяны Барысік, Міры Лукшы. Сучасная ўкраінская літаратура на старонках нумара прэзентуецца творамі Лесі Моўчун і Віктара Баранава. У раздзеле "Крытыка" Ала Петрушкевіч разглядае "патаёмнае" ў творчасці Наталлі Арсенневай. Друкуюцца гутаркі з Марыяй Ганько, Алесяй Грыбок і Дзіянай Балыка. Аб вытоках творчасці Леаніда Дайнекі разважае Наста Грышчук. Дзеліцца з чытачамі календаром свайго жыцця Раіса Крывальцэвіч. Даследуюць вытокі беларускай духоўнасці Генадзь Лапацін і Ларыса Раманава. Анатоль Трафімчык рэцэнзуе кнігу Сержука Вітушкі "Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі!" Па "цяжкому цэху" беларускага року падарожнічае Вадзім Кажан. А вядомы музычны аналітык Вітаўт Мартыненка ў сваёй традыцыйнай рубрыцы разглядае навінкі айчыннай дыскаграфіі.

Пытайце часопіс "Верасень" № 8 на сядзібе ТБМ і ў Акадэмкнізе.

Чытайце часопіс "Верасень" на старонках Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі kamunikat.org а таксама на сайце ТБМ імя Францішка Скарыны: tbm-mova.by/.

Дасылайце свае творы ў "Верасень" на e-mail: verasenchas gmail.com.


АДНОСНА ФРАЗЕМЫ

У нядаўна апублікаваным артыкуле прафесара Н.Б. Мячкоўскай, змешчаным у зборніку навуковых прац "Слово и словарь" (Гродно: ГрГУ, 2013, с. 18-20), размова ідзе пра "рэлевантныя апазіцыі класаў фразем". Прычым усюды замест агульнапрынятага тэрміна "фразеалагізм" або "фразеалагічная адзінка" выкарыстоўваецца толькі "фразема". У падручніках жа ці навучальных дапаможніках па беларускай мове, а таксама ў навуковых працах іншых аўтараў ужываюць толькі тэрмін "фразеалагізм", якім абазначаюць прадмет фразеалогіі, яе моўную адзінку. Такім жа тэрмінам карыстаюцца ў рускай, украінскай, польскай і іншых славянскіх мовах. Параўнаем таксама ў нямецкай мове: Phraseologismus, у англійскай phraseological unit.

Ф.М. Янкоўскі ў сваіх працах, напісаных да 1981 года, ужываў толькі "фразеалагізм", а ў кнізе "Беларуская фразеалогія" (Мінск, 1981) пачаў выкарыстоўваць слова "фразема", аддаючы яму перавагу. Ён пісаў: "Які з трох тэрмінаў (фразема, фазеалагізм, фразеалагічная адзінка) стане адзіным і ці стане адзіным, гэта вырашыць час, далейшае навуковае даследаванне фразеалогіі, моўная практыка".

Як трапіла слова "фразема" ў беларускую мову? Яно прыйшло да нас з асобных прац па рускай фразеалогіі. Гэты тэрмін, як пісаў у 1964 годзе В.Л. Архангельскі, "быў прапанаваны ў вусных выказваннях прафесарам С.І. Бернштэйнам і ўжываўся яго вучнямі". А.В. Якаўлеўская, адна з вучаніц прафесара, у працы 1949 г. лічыла фразеалогію "адгалінаваннем лексікалогіі і семасіялогіі", падзяляла фразеалагічныя адзінкі на два разрады: 1) устойлівыя фразы (яны маюць структуру сказа і складаюць "уласна фразеалогію ці фразеалогію ў цесным сэнсе"), 2) фраземы (яны выступаюць "толькі ў якасці таго ці іншага структурнага элемента ў сказе" і складаюць другі "раздзел фразеалагічных адзінак", які даследчыца называе "фразематыкай"). Такія меркаванні А.В. Якаўлеўская выказвала ў сваёй кандыдацкай дысертацыі "Фразеология стихотворного языка В.В. Маяковского" (Сталинград, 1949, с. 27, 32).

На такія ж два разрады падзяляў фразеалагізмы і В.Л. Архангельскі, улічваючы іх "граматычную арганізаванасць па мадэлі словазлучэння ці сказаў". Да ўстойлівых фраз аднесены, напрыклад, такія адзінкі: "Под лежачий камень вода не течет", "Ах, злые языки страшнее пистолета", "нос не дорос", "след простыл", "зло берет". А гэта прыклады фразем: "бить баклуши", "гуси-лебеди", "изба-читальня", "под градусом", "не на шутку". Гл. пра гэта ў кнізе: Проблемы фразеологии: исследования и материалы. - М. -Л.: Наука, 1964, с. 102-125.

Некаторыя іншыя даследчыкі ўкладвалі ў тэрмін "фразема" зусім іншы сэнс. Так, Н.Н. Амосава (у названай вышэй кнізе на с. 131) пісала: "Адзінку пастаяннага кантэксту, у якой значэнне семантычна рэалізуемага слова з'яўляецца фразеалагічна звязаным, умовімся называць фраземай". Інакш кажучы, паводле Н.Н. Амосавай, фраземы - гэта тое самае, што В.У. Вінаградаў назваў фразеалагічнымі злучэннямі: белый медведь, белый стих, отбивная котлета .

Гэты расплывісты тэрмін, які ахопліваў толькі частку фразеалагізмаў, у працах сучасных як рускіх, так і іншых фразеолагаў не выкарыстоўваецца. Думаецца, няма патрэбы ўжываць яго і ў нашай фразеалогіі, пашыраючы яго аб'ём на ўсе фразеалагічныя адзінкі ды яшчэ ставячы ў адзін рад з адназначнымі і агульна-прынятымі тэрмінамі, якія маюць аналагічную эму: марфема, фанема, графема, семема, лексема, семантэма, манема і інш. Як вядома, гэтую эму (суфікс) маюць толькі структурныя адзінкі мовы, якія могуць быць супрацьпастаўлены суадносным адзінкам маўлення, напрыклад: марфема - морф, фанема - гук і г.д. Калі б "фразема" прыжылася замест сталага тэрміна "фразеалагізм", то непазбежна ўзнікла б неабходнасць прывесці ў сістэму і іншыя тэрміны: ужо не "фразеалогія", а "фраземалогія", не "фразеаграфія", а "фраземаграфія", не "фразеалагічны", а "фраземалагічны" і г.д. Дык навошта ж разбураць усталяваную традыцыю?

Іван Лепешаў.


Абітурыенты Гарадзеншчыны сёлета атрымалі 21 стобальны вынік на ЦТ

Выпускніца лідскай гімназіі №1 Кацярына Тузіна па 100 балаў атрымала адразу па двух прадметах: рускай мове і матэматыцы. Максім Фарафонаў, які скончыў гарадзенскую гімназію №2, мае стобальныя вынікі па фізіцы і матэматыцы.

100-бальныя вынікі ЦТ абітурыенты вобласці атрымалі па 6 з 14 прадметаў. 10 чалавек - па матэматыцы ( у 2012 годзе - 4), 5 - па фізіцы (летась ніводнага), па рускай мове - 3 (летась 1), па нямецкай мове, гісторыі Беларусі, грамадазнаўству - па адным чалавеку. Самы высокі бал у Гарадзенскай вобласці па гістрыі Беларусі сёлета - 99, па хіміі, беларускай мове і сусветнай гісторыі - 98, іспанскай і французскай мовах -97, ангельскай - 96, нямецкай - 93, па геаграфіі - 91 бал.

Летась на Гарадзеншчыне было толькі 13 уладальнікаў 100-бальных сертыфікатаў.

Паводле grsu.by


СЛОВА СВАЯМОЎНАЕ, АДМЫСЛОВАЕ, ГАВАРКОЕ…

Алесь Каўрус … Імя гэтага таленавітага даследчыка роднай мовы карыстаецца заслужанай павагаю сярод тых, хто шануе і любіць беларускую мову, якая вылучаецца сярод іншых славянскіх моў сваім непаўторным лексічным багаццем і адмысловай мілагучнасцю.

Пра вынік плённай працы вучонага гавораць самі за сябе кнігі, у якіх асноўным аб'ектам даследавання з'яўляецца роднае слова, яго ўжыванне і ўтварэнне: "З крыніц народнай мовы" (1968), "Стылістыка беларускай мовы" (1980, 3-е выд. 1992), "Культура слова" (1983), "Слова наша роднае" (1986), "Мова народа, мова пісьменніка" (1989). А. Каўрус упершыню ў беларускім мовазнаўстве стварыў даведнік "Дакумент па-беларуску" (1994), арыентаваны на шырокага чытача: справавода і бухгалтара, прадпрымальніка і спажыўца, вучня і настаўніка, студэнта і выкладчыка, журналіста і выдаўца. Неацэнную каштоўнасць мае "Руска-беларускі слоўнік", у якім падаюцца не толькі растлумачаныя ў папярэдніх раздзелах словы, але і некаторыя іншыя, што выклікаюць пэўную цяжкасць пры ўжыванні, асабліва пры перакладзе з рускай мовы на беларускую.

А колькі артыкулаў, рэцэнзій змешчана гэтым руплівым даследчыкам у часопісах "Полымя", "Маладосць", "Роднае слова", "Беларусь", а так-сама ў газетах, у тым ліку ў "Звяздзе", "ЛіМе", "Нашым слове"! Навуковец карпатліва даследуе слова, паказвае яго непаўторнасць, самабытнасць, засцерагае чытача ад няўдалага ўжывання неўласцівых беларускай мове формаў слоў, сінтаксічных канструкцый. Матэрыялы і вынікі назіранняў А. Каўруса над моўнай практыкай (пачатак 1960-х гг. і да нашага часу) змешчаны ў кнізе "Да свайго слова: пытанні культуры мовы" (2010), якая атрымала высокую ацэнку ў рэцэнзіях і водгуках спецыялістаў-мовазнаўцаў.

Цягам некалькіх гадоў (1998-2005) А. Каўрус выступаў на старонках часопіса "Роднае слова" з публікацыяй "пазаслоўнікавай" лексікі - слоў, не змешчаных у пяцітомным "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" (1977-1984). І вось гэтыя "бяздомныя" словы нарэшце знайшлі надзейны прытулак - змешчаны ў кнізе А. Каўруса "Скловаклад: слоўнік адметнай лексікі" , якая ў гэтым годзе выйшла накладам 700 асобнікаў у Выдавецкім доме "Звязда". За час які мінуў пасля "роднасловаўскай" публікацыі, некаторыя словы, як адзначаецца ў "Прадмове", атрымалі "прапіску" - увайшлі ў найноўшыя слоўнікі. Гэта тлумачыцца тым, што "пазаслоўнікавыя" словы, папершае, арыгінальныя паводле марфемнай будовы, а па-другое, запатрабаваны моўнай практыкай як сродак намінацыі. Да такіх слоў можна аднесці аповед, асобнік, выбітны, выканаўца, гасцёўня, дамова, досвед, заўзятар, звяз, летнік (летні аздараўленчы лагер для дзяцей), навуковец, назоў, напоўніцу, насамрэч, наступства, падліковец, падпісант, паняццевы, перамовы, складнік, сумнеў, унёсак… Дарэчы, гэтыя словы ўключаны ў такі аўтарытэтны даведнік, як "Слоўнік беларускай мовы" (Мінск: Беларуская навука, 2012), навуковымі рэдактарамі якога з'яўляюцца дактары філалагічных навук А.А. Лукашанец і В.П. Русак.

Як вынікае з анатацыі, у слоўніку даецца тлумачэнне больш як трох тысяч слоў, даўніх і тых, што ўзніклі ў наш час, якія ўжываюцца ў мастацкіх і навуковых тэкстах, у мове сродкаў масавай інфармацыі.

Актуальнасць Слоўніка тлумачыцца ў "Прадмове": "на фоне мноства неалагізмаў, якія амаль штодня прыходзяць у беларускую мову з іншых (пераважна з англійскай) і хутка пашыраюцца, усё большую цану набывае выяўленне і папулярызацыя ўласна беларускіх слоў - даўніх і тых, што ўзнікаюць у наш час" (с. 3). У прыватнасці, у слоўніку падаюцца прыметнікі і назоўнікі, якім у рускай мове адпавядаюць дзеепрыметнікавыя формы з суфіксамі -ущ-, -ющ-, -ащ-, -ящ-, -ем-, -им-, -вш-, -ш- . Напрыклад: абагульняльны (рус. обобщающий), аб'ядноўчы (объединяемый), гнятлівы, прыгнётлівы (гнетущий), накіроўчы (направляющий), моўца, размоўца (говорящий), атакоўны (атакующий), разгляданы (рассматриваемый), адбыты (состоявшийся), рассмяяны (рассмеявшийся), ранлівы (ранимый), задрыжэлы (задрожавший). Шэраг назоўнікаў (у тым ліку наватворы) з тыповымі для беларуская мовы суфіксамі ў ролі адпаведнікаў рускіх дзеепрыметнікаў з названымі вышэй суфіксамі пашыраецца ва ўжытку, пра што сведчыць Слоўнік: выступоўца (выступовец, выступальнік, выступальшчык, выступанец), завітанец, нападнік (нападчык, нападоўца), правяральнік, спадзяванец, спачувальнік, спрыяльнік ды інш.

Слоўнікавыя артыкулы распрацаваны і аформлены паводле тлумачальнага слоўніка. Яны ўключаюць наступныя элементы.

Загалоўкавае (рэестравае) слова: размяшчаецца ў алфавітным парадку, пры ім падаюцца варыянты, дублеты і (зрэдку) сінонімы. Напрыклад:

АДПАЧЫВАЛЬНІК, АДПАЧЫНШЧЫК, АДПАЧЫННІК, -а, АДПАЧНІК, -а, АДПАЧЫВАНЕЦ, -нца, м .

Граматычная характарыстыка слова: ужываюцца паметы часцін мовы (напрыклад, прысл. ); роду ( м., ж., н. ), трывання ( незак., зак. ) і інш.; паказваюцца граматычныя формы роднага склону назоўнікаў у адзіночным ліку, а пры патрэбе - і іншых склонаў; формы 1-й, 2-й, 3-й асобы адзіночнага ліку. Напрыклад:

ДОСВЕД, у, м .

ДАСКАНАЛІЦЬ, -лю, -ліш, -ліць; незак .

ПРОМНЕВЫ, -ая, -ае.

ПЕРАМОВЫ, -аў; адз. няма .

КАЛАСАВІНЫ, -аў, -він; адз. няма .

ПРОПЛАЧ, прысл .

Сэнсавая характарыстыка - гэта раскрыццё значэнняў слова і ягоных сэнсавых адценняў. Асноўныя спосабы раскрыцця значэння слоў - шляхам тлумачэння (лагічнага вызначэння сэнсу слова) або праз агульнаўжывальнае, кадыфікаванае слова - адно ці некалькі. Значэнне слова можа тлумачыцца ўстанаўленнем словаўтваральных адносінаў вытворнага слова з тым, ад якога яно ўтворана. Напрыклад:

ПРАЦАЛЮБ, -а, м . Той, хто любіць працу; шчыры працаўнік.

РАСПАЎСЮДНІК, -а, м . Распаўсюджвальнік.

КРЭСЕЛКА, -а, н . Па-мянш.-ласк. да крэсла; крэсе-льца.

АЎТАРКА, -і, ж . Жан. да аўтар.

Ілюстрацыйны матэрыял - цытаты з літаратурных крыніц. Ілюстрацыі дапамагаюць больш дакладна раскрыць сэнс слова, паказаць яго сферу ўжывання і спалучальнасць. Напрыклад:

ДОБРА, у знач. наз., нескл., н. У выразе: даць добра - даць згоду, дазвол. Ураду трэба не проста даць "добра" на існаванне фермерства, а выпрацаваць пэўную праграму яго абароны, заахвочвання, падтрымкі (Звязда. 12.09. 1992).

ПЕРАДУСІМ, прысл . Перш за ўсё, найперш. Перадусім патрэбны чалавечыя ўзаемаадносіны - без іх нічога не атрымаецца (ЛіМ. 31.10. 1997).

Націск у словах, за рэдкім выключэннем, не ставіцца. Гэта тлумачыцца неабходнасцю пазбегнуць недакладнай акцэнталагічнай характарыстыкі рэестравых слоў, частка з якіх індывідуальна-аўтарскія, рэдкаўжывальныя. Выключэнне складаюць адзінкавыя выпадкі, калі адсутнасць значка націску можа ўскладніць адэкватнае ўспрыманне слова. Напрыклад:

ДЗЯЯЧ, дзеяч а , м . Дзеяч. Першым рэктарам [Полацкага езуіцкага калегіума] стаў славуты царкоўны і палітычны дзяяч Рэчы Паспалітай Пётра Скарга (У. Арлоў).

ПАСЫП А НЫ, -ая, -ае. Які пасып а ўся, пасыпаецца чым-н . Прад ганкам пляцок пасыпаны Пясочкам адборным жаўцеў (М. Грамыка).

Значэнні шматзначнага слова адасабляюцца адно ад аднаго ў межах артыкула арабскімі лічбамі. Напрыклад:

ЧЫТВО, -а, н . 1. Тое, што чытаюць; тэкст, які чытаюць; чытанне. Апынуўся на сёння зусім без чытва, успомніў, што ў адным з апошніх нумароў "Звязды" прайшоў міма даволі вялікага апавядання, таксама і ў апошнім "ЛіМе" (Я. Брыль).

2. Пра твор мастацкай літаратуры, які мае займальны змест, але не вызначаецца высокімі мастацкімі вартасцямі; чытаніна. [А. Глобус:] Я ведаю, што такое на сённяшні дзень літаратура, што прадаецца і чытаецца. Што такое кан'юнктура, бульварнае чытво , якім яно павінна быць антыінтэлектуальным (ЛіМ. 24.04. 1998).

Амонімы падаюцца асобна як загалоўкавыя словы з лічбавымі паказчыкамі ўверсе справа. Напрыклад:

НАБОЖНІК 1, -а, м . Ручнік, як вешаецца над абразамі. Часам трохі схаваецца [месік] за правідную болачку, што тонкімі фарботамі расцягнецца па ім, як вышываны ўсякаю гурынаю паркалёвы набожнік над абразом у святым хатнім куце (М. Гарэцкі).

НАБОЖНІК 2, -а, м . Тое, што і набажэнец [той, хто верыць у Бога і выконвае рэлігійныя абрады]. [Звон] будзе, зліўшыся з вячэрнім хорам, Набожнікаў у цэркву зваць (ЛіМ. 23.07.1971).

Шматкроп'е (…) перад дэфініцыяй асобных слоў сінгналізуе, што разглядаецца толькі значэнне, не зафіксаванае ТСБМ. Напрыклад:

ДАРАДЦА, -ы, м . …Саветнік. Хутчэй за ўсё [былы рэктар] будзе працаваць дарадцам у Міністэрстве адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь (Звязда. 20.01.1996).

АБВАЛЕНЫ, -ая, -ае. …Які абваліўся. Гарэла абваленая столь (В. Адамчык).

МУЗЫЧНЫ, -ая, -ае. …Музыкальны. - Мне не трэба шмат гаварыць, я бачу, што ты ацаніў мае сціплыя музычныя здольнасці, - сказала Вераніка (У. Рубанаў).

Як натуральныя ўспрымаюцца зафіксаваныя ў Слоўніку формы найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў, утвораныя далучэннем прыстаўкі най- да пачатковай формы прыметніка, напрыклад найсветлы - найсвятлейшы : Бывала, калі ўсе зараз паспеюць [яблыкі] І шпокаць, спелыя, пачнуць на грады - Звон залаты стаіць на ўсю краіну. Пачуў яго, той звон, і цар найсветлы (Я. Сіпакоў). Таму меркаванне некаторых навукоўцаў, што такія формы нібыта чужародныя беларускай мове, нічым не апраўданае.

Замест слоў з нехарактэрным для беларускай мовы суфіксам -цель у Слоўніку ўжываюцца натуральныя адпаведнікі, напрыклад глушыльнік - глушыцель: Гучнагаварыцелі не могуць "перашумець" некалькі дзясяткаў магутных матораў са знятымі глушыльнікамі (Чырвоная змена. 15.07.1975), засядальнік - засядацель: Гэтыя людзі выбралі сваіх засядальнікаў у суд (К. Чорны), натхняльнік - натхніцель: У момант пуску станцыі я стаяў на пульце кіравання побач з Ігарам Васільевічам Курчатавым - палымяным энтузіястам і натхняльнікам будоўлі (Маладосць. 1972. № 4).

Сярод зафіксаваных ёсць і такія словы, якія называюць паняцці, што ў літаратурнай мове не маюць аднасловікаў. Напрыклад: абуджэнец - той, хто абуджае ў каго-н . нацыянальную свядомасць, годнасць: "Абуджэнец" - назва артыкула В. Рагойшы, прысвечанага Сяргею Палуяну (Звязда. 26.04.1997), адважнік - адважны чалавек: Пакуль ёсць адважнікі, будуць і баязліўцы, пакуль ёсць баязліўцы - будуць і адважнікі (Н. Мацяш), выраканец - той, хто выракся свайго роднага: І памяць кросны снуе, І лесуны барукаюцца. Шляхі разышліся яе З бязроднымі выраканцамі (Р. Барадулін), дабрэнны - вельмі добры: Саладоўні і мядоўні, тут жа, за два крокі ад карчмы. выраблялі дабрэнны напітак (К. Чорны). [Агапа:] Вунь у іншых і без бацькі, а такія ж дабрэнныя павырасталі… (Б. Сачанка). Таксама: адмыслоўца (ЛіМ. 6.03.1998) - той, хто валодае выдатным майстэрствам, аднакамернік (Г. Далідовіч) - той, хто знаходзіцца з кім-н. у адной камеры, аднапалатнік (В. Хомчанка) - той, хто знаходзіцца з кім-н. у адной палаце, асцярожнік (Ф. Янкоўскі) - пра чалавека, які дзейнічае з аглядкай, з асцярогай, багаўслаўны (Р. Барадулін) - прызначаны ўслаўляць, славіць Бога, беларускасць (З. Цехановіч) - сукупнасць характэрных прыкмет беларускага, беларушчына (Наша слова. 18.02.1998) - спрадвечная мова, культура, звычаі, традыцыі беларусаў, вывучальнік (К. Чорны) - той, хто вывучае каго-н., што-н., жальбіны (ЛіМ. 26.06.1998) - дзень памяці каго-н., застольнік (В. Казько) - удзельнік застолля, лідэрны (Беларускае радыё. 5.09.1993) - які з'яўляецца лідэрам, першым у чым-н., займае галоўнае становішча, мурзач (В. Гардзей) - запэцканы, брудны чалавек, непатрэбіца (С. Мінскевіч) - непатрэбная рэч і многія іншыя.

Некаторыя словы захавалі марфемную будову асновы, ад якой яны ўтвораны, інакш кажучы - без чаргавання апошняга зычнага гэтай асновы. Напрыклад: журбаваць, журбоціцца - журыцца, сумаваць: Не журбуйце ж, тата, маці! Буду вас яшчэ вітаці, як з вайны здароў вярнуся (Я. Купала). Недзе зараз у сцішанай хаце Пра мяне журбоціцца маці (С. Законнікаў). Таксама: жулікаванне (Ю. Віцьбіч) - жульніцтва, запросіны (М. Танк) - запрашэнне, начлегаваць (В. Ластоўскі) - начлежнічаць, праракаваць (А. Арочка) - прарочыць, снегавінка (А. Гарун) - сняжынка і г.д.

У Слоўніку мы сустрэнемся з тыповымі для беларусаў сваямоўнымі формамі ветлівага і афіцыйнага звароту да грамадзян сваёй краіны. Гэта формы спадар : Віншуем Міколу Іванавіча з юбілеем! Так і надалей, спадар Ермаловіч! (ЛіМ. 3.05.1991), спадарыня - жан. да спадар: Вядома, яна пакахала яго ад самага пачатку: пакахала свой адбітак не ў раўнадушным шкле, як таго патрабавала спадарыня Хей, а ў Сярожавых уважлівых вачах (Полымя. 2003. № 6), спадарства - спадары: Запрашаю, спадарства , заглянуць у жытло сучаснага выкладчыка інстытута (ЛіМ. 1.11.1991). Ёсць і прыметнік, утвораны ад спадар - спадар оўскі : Мова яго [К. Дужа-Душэўскага] перакладаў была без ніякіх спадароўскіх дзівосаў - жывая, зразумелая, народная (М. Танк). Пра гэтыя спрадвечнабеларускія словы Р. Барадулін казаў: "Яны абсалютна арганічныя! Сваёй даўніной, паважлівым гучаннем проста цешаць слых!" Нельга не пагадзіцца з прафесарам І. Лепешавым, што "па сутнасці, сёння слова спадар - адзіная форма ветлівасці і афіцыйнага звароту ці ўпамінання - пры прозвішчы, імені або званні асобы". Дарэчы, у акадэмічным "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" (1996) ёсць цэлае гняздо з коранем спадар- (спадар, спадарыня, спадарства ). На жаль, у згаданым "Слоўніку беларускай мовы" чамусьці "не хапіла" месца гэтым самабытным і так патрэбным ва ўзаемінах словам.

У навуковых працах пры адсылцы да іншых цытаваных раней навуковых крыніц выкарыстоўваецца трапнае, ёмістае слова - прыслоўе там-сама ('у тым самым месцы'): Дзён праз чатыры ўбачыў яго тамсама трэці раз (У. Мехаў). Паводле гэтай словаўтваральнай мадэлі ўтворана і прыслоўе тутсама ('у гэтым самым месцы'), якога так не ставала дагэтуль моўнай практыцы: Тут-сама ў слоўнікавым артыкуле чытаем і наступнае… (Роднае слова. 1997. № 12). Тутсама ў дварэ пункт прыёму шклатары (Наша ніва 17.05.1999).

Паводле "Беларускай граматыкі" (1985) дзеепрыметнікі залежнага стану не ўтвараюцца ад пераходных дзеясловаў незакончанага трывання з суфіксамі -іва-, -ва- Аднак моўная практыка пацвярджае ўжыванне такіх дзеепрыметнікавых формаў. Напрыклад: абліваны - які абліваўся, абліваецца чым-н.: Злітае потам, слязьмі абліванае, Дзікае зелле прыносіш ты [поле] нам (Я. Купала), паліваны - якія паліваецца чым-н.: Вось, як гляну, гляну я На жыццё паганае, Бачу ўсё мне знанае, Слязьмі паліванае (Я. Купала), ужываны - …які ўжывалі, ужываюць: Далей яна патлумачыла асаблівасці ўжываных у сферы адукацыі нарматыўных актаў, якія патрабуюць для фармавання школьнага класа мінімальнай колькасці заяў бацькоў (Наша слова. 19.12.1996).

Многія з ужытых у Слоўніку слоў не зусім рэдкія ў моўнай практыцы. Падамо, услед за Іванам Лепешавым і Лявонам Баршчэўскім, некаторыя з іх: дасканаліць (тое, што і ўдасканальваць), замежнік ('іншаземец, іншакраінец'), землятрус , напрыканцы, паспаліты ('звычайны, просты'), прылюдны, смутлівы, суразмоўца, хваласпеў, хмарачос…

Замест назоўніка мсцівец (з цяжкавымоўным збегам пачатковых зычных, першы з якіх санорны) у Слоўніку падаецца помснік , вытвор ад асновы сваямоўнага дзеяслова помсціць : - Ну што ж? аставайся, пабачым, - Сказаў Белавус да прышэльца: - А потым і месца прызначым, Калі ты ад чыстага сэрца. Мы кожнаму помсніку рады… (Я. Колас).

Некаторыя словы ўжываюцца са значэннем, якое яны мелі раней (да 30-х гадоў ХХ ст.), напрыклад кахаць - адчуваць глыбокую адданасць, прыхільнасць да чаго-н., быць адданым чаму-н.; любіць: Кахаць дзяўчыну, хлопца - і кахаць радзіму, кахаць культуру, да якой належыш, цераз каханне ісці да каранёў сваіх, свайго роду і свайго народа, сваёй бацькаўшчыны. Вось асноўная ідэя рамана "Нельга забыць" (У. Калеснік).

Як адзначаецца ў анатацыі, Слоўнік можа выкарыстоўвацца ў сярэдняй і вышэйшай школе, а таксама як даведнік для журналістаў, пісьменнікаў і рэдактараў. Няма сумневу, што ён будзе карысным пры выкладанні ў ВНУ стылістыкі і культуры маўлення, а таксама спецкурса па словаўтварэнні.

Васіль Рагаўцоў.


На Мастоўшчыне ўшанавалі памяць паэта Міхася Явара

110ую гадавіну з дня нараджэння паэта Міхася Явара, а таксама 150-ыя ўгодкі паўстання Кастуся Каліноўскага адзначылі грамадская ініцыятыва "За Еўрапейскую Мастоўшчыну" і Рух "За Свабоду" ў рамках кампаніі "Грамадзянская Гарадзеншчына".

Актывіст з Мастоў Алег Пронскі кажа:

- Кожны год стараемся падтрымліваць гэтую традыцыю. Збіраемся з нагоды гадавіны смерці Міхася Явара, нашага мясцовага паэта, які нарадзіўся на Мастоўшчыне. У гэтым годзе мы сабраліся крыху пазней, але я лічу, што галоўнае адзначыць, не мае значэння, калі. Значная частка вершаў Міхася Явара была страчана падчас Вялікай Айчыннай вайны. Засталася вельмі нязначная частка, тая, што была выдадзена. Для мяне гэта значная падзея, значная асоба ў жыцці Мастоўшчыны.

- Вялікае значэнне творчасці Міхася Явара ўжо ў тым, што ягоныя творы ў змрочныя для Беларусі трыццатыя гады вучылі любіць Бацькаўшчыну, - сказаў Алесь Белакоз, адкрывальнік постаці М. Явара.

Урачыстасці прайшлі ў Луне, на вуліцы, якая цяпер носіць імя Міхася Карася, а таксама мае прысады з явару, як напамін пра творчы псеўданім паэта.

Другая частка мерапрыемства адбылася побач з хатай у вёсцы Мінявічы, у якой нарадзіўся Міхась Явар. Каля помніка Міхасю Явару ўдзельнікі чыталі вершы паэта.

Ушанаваць памяць паэта - патрыёта прыехалі госці з Менска, Гародні, Зэльвы, Мастоў і Слоніма.

У вёсцы Мінявічы на магіле 40 удзельнікам паўстання 1863 года ім Кастуся Каліноўскага ў гонар 150 гадавіны паўстання былі ўскладзены кветкі і запалены знічы.

Якуб Сушчынскі .


У Іркуцку добрая навіна: выйшаў другі альбом Гурта аўтэнтычнага спеву "Крывічы"

Гурт аўтэнтычнага спеву "Крывічы" быў заснаваны яшчэ ў 2009 годзе па ініцыятыве сціплай, але моцнай духам дзяўчыны Волі Галанавай, якая і стала яго натхняльніцай і кіраўнічкай. За гэты час склад гурта трохі мяняўся, хтосьці адыходзіў, хтосьці прыходзіў, але асноўнае ядро калетыву склалася.

Першы альбом "Вецярок вее…" "Крывічы" запісалі ў 2011 годзе. І вось зараз выходзіць другая плытка пад назвай "А ў Калядачкі…"

Вось што напісана на вокладцы гэтай кружэлкі:

"Гэта другі альбом іркуцкага гурта "Крывічы". Яго мы запісалі адразу пасля Каляд2013 года. Быў такі нейкі святочны паслякалядны настрой. Кружэлка запісывалася лёгка. З натхненнем! Таму нам захацелася захаваць гэты настрой і ў назве альбома. Да таго ж тут шмат калядных песень, адна з іх так і называецца "А ў Калядачкі…".

Наш гурт імкнецца захаваць старажытную манеру спеву нашых продкаў беларусаў! Раней у Прыбайкальлі беларуская песня гучала ў многіх вёсках, заснаваных перасяленцамі. Аднак цяпер "старую" песню пачуць можна толькі зрэдку. Таму мы вырашалі даць другое жыццё традыцыйным абрадавым і пазаабрадавым спевам. Дарэчы, усе дзяўчаты гурта "Крывічы" нарадзіліся ў Сібіры, але з задавальненнем вывучаюць мову сваіх продкаў і спяваюць родныя песні!

Спадзяемся што Вам спадабаецца!"

Безумоўна, трэба патлумачыць, чаму альбом запісаны яшчэ зімой, у студзені, а выйшаў толькі зараз, улетку. Усё проста: не было грошай, каб яго выдаць.

Спонсараў не знайшлося. Прышлося мне выдаваць яго за свой кошт. Але гэта не бяда. Галоўнае каб слухачам спадабалася наша творчасць, і яшчэ, не менш галоўнае, каб гэтыя песні засталіся для ўсеагульнай Спадчыны нашага Народа!

Склад гурта: Воля Галанава (кіраўнік), Вольга Тугарынава, Свецік Бастракова, Вялёна Рабцава, Галінка Данілава, Юля Пярмінава, Алег Рудакоў.

Кружэлка запісана на "Іркуцкай студыі гуказапісу: irkzvuk. ru. Арганізацыйныя і фінансавыя пытанні вырашаў

Алег Рудакоў.


Сардэчна і ласкава запрашаюць!

23-24 ліпеня сёлета пад эгідай Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" адбудзецца чарговы з'езд беларусаў свету. Работа з'езду будзе праходзіць у памяшканні культурна-адукацыйнага цэнтра імя У.В. Гетэ. Праграма з'езду прадугледжвае справаздачу кіраўніцтва Згуртавання аб яго дзейнасці на працягу мінулых чатырох гадоў, абранне новых кіраўнікоў "Бацькаўшчыны" і зацвярджэнне планаў работы арганізацыі на наступныя чатыры гады. Гэтую інфармацыю пацвердзіў сябар Вялікай і Малой рады "Бацькаўшчыны", доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч.

Беручы пад увагу і тое, што асноўныя задачы "Бацькаўшчыны" - адраджэнне культуры і мовы, нацыянальнай свядомасці і традыцыі беларускага народа, кансалідацыя аб'яднанне беларусаў свету і што Згуртаванне вядзе рознабаковую дзейнасць: культурна-асветніцкую, гаспадарча-эканамічную, рэлігійную, краязнаўчую, замежны турызм і іншае, уладальнікі і супрацоўнікі прыватнага мастацкага музея А.Я. Белага (1939-2011 гг.) у горадзе Старыя Дарогі сардэчна і ласкава запрашаюць дэлегатаў і гасцей З'езду - беларусаў з бліжняга і дальняга замежжа, з розных краін і кантынентаў, а таксама беларусаў - жыхароў Беларусі ў рамках культурнай праграмы З'езду наведаць унікальны музей і азнаёміцца з яго непаўторнай экспазіцыяй. Экспанаты музея адлюстроўваюць багатую, мала з чым параўнальную ў сваёй велічы і драматызме гісторыю Беларусі ад глыбокай старажытнасці і да нашых дзён. Музей мае 4 будынкі, 8 залаў; плошча экспазіцыі - каля 500 кв. м.; на ёй размешчаны каля 1700 твораў жывапісу, графікі, скульптуры, медальернага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты князёў, палкаводцаў, палітычных, дзяржаўных, рэлігійных, культурна-асветніцкіх дзеячоў Беларусі, батальныя карціны, краявіды, выявы помнікаў дойлідства, гарадоў і замкаў Беларусі, бюсты і медалі, зробленыя ў гонар знакамітых дзеячоў Беларусі.

Немагчыма назваць, хто з беларускіх мастакоў (тым больш народных і шырока вядомых), не экспануецца ў гэтым музеі. Такіх няма, але нельга ўстрымацца, каб не назваць такія імёны, як Язэп Драздовіч, Уладзіслаў Галубок, Пётра Сергіевіч, Міхась Філіповіч, Віталь Цвірка, Івонка Сурвіла і многія, многія іншыя. Іх работы таксама там ёсць. Тут жа знаходзіцца зала Васіля Быкава, дзе прадстаўлены выданні яго кніг, малюнкі, асабістыя рэчы. У музеі прадстаўлены выданні Менскага культурна-асветніцкага клуба "Спадчына", які стварыў і якім кіраваў Анатоль Белы, выданні сяброў клуба ў іншых выдавецтвах. Многа твораў мастацтва і іншых экспандатаў знаходзіцаа ў запасніках музея.

Старадарожскі мастацкі музей А. Белага наведваюць сёння асобы з Расіі і Ўкраіны, Францыі і Італіі і г.д. ну і, вядома, з розных мясцін Беларусі.

Чакаем. Уваход - вольны. Ёсць экскурсавод.

Адрас: г. Старыя Дарогі, вул. Садовая, 52.

Тэл: 2-45-66-08 (Менск),

8-017-92-57068 - Ала Мікалаеўна Белая,

9-017-92-59388 - Міхаіл Антонавіч Белы.

А па дарозе з Менска ў Старыя Дарогі можна наведаць у Слуцку магілу Альгерда Абуховіча, агледзець мясціны і будынкі, звязаныя са знакамітай Слуцкай гімназіяй, фабрыкай Слуцкіх паясоў, культурна-асветніцкім цэнтрам "Папараць-кветка" і інш. па дарозе ж назад у Менск можна наведаць мясціну, дзе была адна з летніх рэзідэнцый Слуцкіх князёў Алелькавічаў, і дзе скончыўся зямны шлях святой праведнай Сафіі - княгіні Слуцкай. Там устаноўлены памятны крыж (вёска Омельна, Пухавіцкі раён).

Сябар клуба "Спадчына" Яўген Гучок.


Пра Палац Незалежнасці

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, д. 13,

220005, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

Ваш зварот адносна афармлення фасада будынка Палаца Незалежнасці ўважліва разгледжаны Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Паведамляем наступнае.

Праектна-каштарысная дакументацыя аб'екта "Адміністратыўны будынак на тэрыторыі ў межах вул. Арлоўскай - пр. Пераможцаў - р. Свіслач" прадугледжвае надпісы на фасадах будынка на дзвюх дзяржаўных мовах - беларускай "Палац Незалежнасці" і рускай "Дворец Независимости".

Адначасова інфармуем, што ў аздабленні фасадаў будынка выкарыстоўваюцца дэкаратыўныя элементы, стылізаваныя пад слуцкія паясы і нацыянальныя арнаменты, а ў афармленні інтэр'ераў - габелены мазаічныя пано, роспісы і пейзажы па тэме гісторыі Рэспублікі Беларусь. Ва ўрачыстых памяшканнях да экспанавання прыняты працы вядучых майстроў жывапісу і манументальнага мастацтва краіны А. Кішчанкі, У. Савіча, У. Тоўсціка і шмат іншых.

Начальнік галоўнага ўпраўлення

па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб С.І. Буко.



Старшыня ТБМ у Магілёве

10 ліпеня ў музеі гісторыі горада Магілёва адбылася сустрэча з археолагам, старшынём Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алегам Трусавым. Гутарка вялася пра мінулае Магілёва, далёкае і не вельмі - як пра побыт, эканоміку і культуру 17 стагоддзя, так і пра стан горада напрыканцы савецкай эпохі. Найперш распавядалася пра гісторыю раскопак на месцы магілёўскай ратушы, пра паэтапную працу па аднаўленні яе гісторыі. Прысутным таксама было цікава даведацца пра ролю купецтва ў гісторыі горада, пра паўстанне 1661 года і яго наступствы для Магілёва (горад, не маючы нават статусу адміністрацыйнага цэнтра, стаў пакрысе ці не найбагацейшым горадам Вялікага Княства), пра асаблівасці збеларушчанай польскай мовы магілёўскіх хронік ды многае іншае. Таксама былі прэзентаваны матэрыяльныя рэчы, знойдзеныя пры раскопках на тэрыторыі горада. Самыя каштоўныя прадметы з калекцыі магілёўскай суполкі ТБМ былі перададзеныя на наступны дзень дырэктару Музея гісторыі Магілёва Аляксею Бацюкову ў фонды музея.

Аляксей Карпенка.



Абследаванне вуліцы Ленінскай у Магілёве

Па просьбе старшыні ТБМ Алега Трусава 27 чэрвеня 2013 года праведзена абследаванне вуліцы Вялікая Садовая (Ленінская) г. Магілёва на прадмет моўнай сітуацыі пры размяшчэнні вонкавай рэкламы і складзены акт:


Акт падліку выкарыстання моў пры размяшчэнні вонкавай рэкламы на пешаходнай частцы вул. Ленінская (Вялікая Садовая) г. Магілёва

Камісія ў складзе трох сяброў ТБМ: дацэнта МДУ імя А. А. Куляшова Аляксандра Агеева, дацэнта Магілёўскага ўніверсітэта харчавання Ігара Пушкіна, аспіранткі МДУ імя А. А. Куляшова Алены Цумаравай 27. 06.2013 г. правяла абследаванне пешаходнай часткі вуліцы Ленінская (Вялікая Садовая) г. Магілёва на прадмет моўнай сітуацыі пры размяшчэнні вонкавай рэкламы. У выніку абследавання выяўлена 290 рэкламных аб'ектаў і інфармацыйных шыльдаў прадпрыемстваў, з якіх 247 (85,2%) на рускай мове, 25 (8,6%) на англійскай і англійска-рускай (дзвюх) мовах, 18 (6,2%) на беларускай і беларуска-рускай (дзвюх) мовах (з якіх толькі шэсць (2%) на адной беларускай мове.

Маецца таксама 15 банераў, з якіх толькі адзін беларускамоўны, астатнія 14 - рускамоўныя. Дадаткова камісія падлічыла колькасць аншлагаў, якія ўказваюць назвы гарадскіх урбанонімаў. Усе 46 аншлагаў вуліцы Ленінская і ўказальнікі выкананы выключна на рускай мове. Але 5 аншлагаў гістарычнай назвы вул. Вялікая Садовая выкананы па- беларуску.

Маюцца таксама 5 інфармацыйных дошак на гістарычныя тэмы на беларускай мове.

Аляксандр Агееў.

Алена Цумарава.

Ігар Пушкін.

27. 06. 2013 г.


Шчыра дзякуем за дапамогу!

Сакратарыят ТБМ выказвае шчырую падзяку ўсім грамадзянам Беларусі і замежнікам, якія адгукнуліся на нашу просьбу аб дапамозе, а таксама беларускім журналістам, якія распаўсюдзілі нашу просьбу ў СМІ, і паведамляем наступнае.

Па стане на 10.07.2013 г. на рахунку ТБМ знаходзіцца 35.182.806 рублёў.

Таксама заплачана арэндная плата камунальныя паслугі, тэлефон і інтэрнэт за травень і чэрвень гэтага года. Дзякуючы Вам, сядзіба ТБМ можа спакойна функцыянаваць да кастрычніка.

Сакратарыят ТБМ.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Луцэвіч Л.Г. - 100000 р.

2. Хадановіч Маргарыта - 100000 р., г. Менск

3. Самонаў А.Н. - 100000 р., г. Магілёў

4. Арлоўскі Віктар - 20000 р., г. Лагойск

5. Рогач Пётр - 10000 р., г. Менск

6. Парумская Е.В. - 100000 р., г. Менск

7. Лагуціна Марына - 50000 р., г. Менск

8. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск

9. Салавей Лія - 50000 р., г. Менск

10. Давідовіч П.В. - 30000 р., г. Берасце

11. Малюкова Яніна - 10000 р. г. Гомель

12. Лягушаў Алег - 50000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н.

13. Кісель Аляксандр - 50000 р., Гомельскі р-н.

14. Павідайка В.М - 70000 р., г. Менск

15. Суполка Лінгвістычнага ўніверсітэта - 100000 р., г. Менск

16. Ражноўскі І.А. - 30000 р., г. Менск

17. Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ - 130000 р.

18. Восіпава Аляксандра - 50000 р., г. Гомель

19. Салавей А.Н. - 50000 р., г. Ліда

20. Усціновіч Васіль - 200000 р., п. Лясны, Мінскі р-н.

21. Лойка Кірыл - 10000 р., г. Менск

22. Мартынчык Зміцер - 300000 р., г. Гародня

23. Дземідовіч Соф'я - 20000 р., в. Мікалаеўшчына, Стаўпецкі р-н.

24. Чаркасава Галіна - 120000 р., г. Пружаны

25. Пяткевіч Т.С. - 10000 р., г. Менск

26. Ткачук Людміла 150000 р., г. Менск

27. Сакалоўскі Максім - 20000 р., г. Маладзечна

28. Чачотка Анатоль - 50000 р., г. Менск

29. Рагаўцоў Васіль - 50000 р., г. Магілёў

30. Максімчук Раман - 1155000 р., г. Менск

31. Бекарэвіч Аляксандр - 50000 р., г. Менск

32. Лазарук Тамара - 60000 р., г. Менск

33. Пракапенка Анатоль - 250000 р., г. Менск

34. Сутунаў Глеб - 50000 р., г. Менск

35. Філіповіч Валер - 50000 р., г. Менск

36. Бамбіза Мікола - 500000 р., г. Менск

37. Ляскоўская Алена - 50000 р., г. Менск

38. Пухоўская Юля - 30000 р., г. Менск

39. Танкевіч Анатоль - 100000 р., г. Менск

40. Шарлан К.М. - 200000 р., г. Ліда

41. Гаева А. Г. - 10000 р., г. Менск

42. Кухаронак Алесь - 20000 р., г. Смілавічы

43. Рэбека Мікола - 200000 р., г. Менск

44. Франкоў Юры - 50000 р., г. Віцебск

45. Умрэйка Іван - 50000 р., г. Менск

46. Майсейчук Сяргей - 100000 р., г. Менск

47. Садоўскі Мікола - 40000 р., г. Менск

48. Пракапенка Уладзімір - 100000 р., г. Менск

49. Ляўчэня Сямён - 200000 р., г. Менск

50. Баранава Т.Э. - 30000 р., г. Менск

51. Нікановіч В. - 140000 р., г. Жыткавічы

52. Вайцяховіч Аляксей - 46550 р., г. Менск

53. Антановіч Т.Н. - 100000 р., п. Лясны, Мінскі р-н

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статуса дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Да 20-годдзя падзеі

З гісторыі правядзення Міжнароднага фестывалю духоўнай музыкі "Магутны Божа" у Магілёве (1993-1998 гг.)

На Беларусі царкоўная музыка з'явілася ў Х і ХІ стагоддзях разам з хрысціянствам. Хрысціянскія супольнасці лацінскага і грэцкага абраду суіснуюць з тых дзён па наш час, што прывяло да ўнікальнага ўзаемапранікнення музычных традыцый. Намаганнямі музыказнаўцаў і этнографаў мы адкрываем гэтую найбагацейшую духоўную спадчыну.

Магілёў адзін з старажытных гарадоў Беларусі. Знаходзіцца на берагах Дняпра, на скрыжаванні найважнейшых гандлёвых шляхоў. Менавіта на гэтым месцы адбывалася спалучэнне візантыйскай і заходнееўрапейскай традыцый і культур, што дарэчы, і вызначыла духоўны і матэрыяльны склад спадчыны магілёўцаў.

Тысячагадовая гісторыя Магілёва насычана трагічнымі і велічнымі падзеямі. Магілёўцы мужна баранілі свой горад ад захопнікаў, вялі гандаль, займаліся рамёствамі, будавалі храмы і ўхвалялі Бога музыкай і спевамі. Пачуццё волі ва ўсе гістарычныя перыяды вызначала характар горада.

Цэнтр адзінай праваслаўнай епархіі на тэрыторыі Беларусі ў Рэчы Паспалітай, галоўны горад рыма-католікоў у Расійскай імперыі - Магілёў мае славутыя музычныя традыцыі. Свецкая і царкоўная музыка, харавыя спевы гучалі не толькі ў храмах, але і падчас па-за храмавых дзеянняў, якія былі прымеркаваны да хрысціянскіх і агульнагарадскіх святаў, у гонар каралеўскіх імянін, каранацыі найбольш шанаваных у Магілёве цудатворных абразоў, наведванне горада знакамітымі асобамі.

Магілёўцы лічаць сябе аднымі з першаадкрывальнікаў стэрэаэфекту. З канца XVI пачатку XVII стст., у час гарадскіх святаў адначасова выступалі два хары: адзін на "вежы касцёльнай", другі "каля брамы", такім чынам, у слухачоў, якія знаходзіліся паміж харамі, узнікала пачуццё стэрэаэфекту. Гарадскія святы шляхам музыкі духоўна аб'ядноўвалі гараджанаў розных рэлігійных канфесій.

1990-я гады, перыяд станаўлення незалежнай Рэспублікі Беларусь, час адраджэння рэлігіі і храмаў, беларускай мовы, літаратуры, мастацтва. Годы, калі быў адноўлены не толькі будынак касцёла св. Станіслава, як гістарычная спадчына беларускага народа наогул і магілёўцаў у прыватнасці, але і весь уклад каталіцкай супольнасці з яе буднямі і святамі, культурным абіходам і знакамітымі падзеямі. Аднаўляліся традыцыі, у тым ліку і агульнахрысціянскія фестывалі.

Не выпадкова адной з важнейшых падзеяў у культурным жыцці сучаснага горада Магілёва з'яўляецца Міжнародны фестываль хрысціянскай духоўнай музыкі "Магутны Божа", мэтамі якога з'яўляецца адраджэнне духоўнай музыкі, як часткі агульнамузычнай культуры; адраджэнне беларускай культуры, як часткі агульнаеўрапейскай культуры; актывізацыя творчых працэсаў і культурнага жыцця горада; пашырэнне сувязяў паміж моладдзю розных краін; узаемаабагачэнне культур; яднанне хрысціян розных канфесій.

Міжнародны хрысціянскі фестываль "Магутны Божа" ствараўся па ініцыятыве пробашча касцёла св. Станіслава ксендза Магілёўскай рыма-каталіцкай парафіі Уладзіслава Бліна, пазней біскупа Віцебскага і быў падтрыманы ксендзам Раманам Факсінскім, які ўжо меў досвед у арганізацыі падобных мерапрыемстваў і выканаў ролю дырэктара двух першых фестываляў. Назва фестывалю нарадзілася ад першага радка вядомага твора беларускага кампазітара Мікалая Равенскага на вершы Наталлі Арсенневай "Магутны Божа". Сам жа гімн стаўся музычнай эмблемай фестывалю і штогод да 2004 года гучаў на яго ўрачыстым адкрыцці і закрыцці. Затым па ідэалагічных меркаваннях прадстаўнікоў дзяржаўных улад выкананне гімна стала лічыцца немэтазгодным. На першыя фестывалі ў якасці ганаровага госця запрашалася дачка М. Равенскага - Вольга. Спрычыніліся да арганізацыі фестывалю: Беларуская каталіцкая грамада, рыма-каталіцкая грамада г. Магілёва і група творчай інтэлігенцыі, якая склала першы арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзенні Міжнароднага фестывалю хрысціянскай духоўнай музыкі "Магутны Божа". Найбольш актыўныя сябры ініцыятыўнай групы садзейнічалі ўтварэнню ў 1995 годзе ў Магілёве фонду духоўнага яднання Міжнароднага фестывалю "Магутны Божа"; з 2004 года дзейнічала Магілёўскае грамадскае аб'яднанне "Магутны Божа". Афіцыйныя ўлады, у прыватнасці Магілёўскі гарвыканкам, ачолілі падрыхтоўку і правядзенне фестывалю "Магутны Божа" (пры ўдзеле фонду фестывалю, пазней грамадскага аб'яднання) толькі з 1996 года, нягледзячы на тое, што яшчэ 22.04.1993 года У. Блін звяртаўся да старшыні гарвыканкаму І. Зайцава з прапановаю ўвайсці ў склад аргкамітэту. Такім чынам, дзякуючы грамадскай ініцыятыве магілёўцаў, прыхільнікаў ідэі адраджэння музычнага харавога мастацтва Беларусі, за 20 год існавання фествалю ў ім прынялі ўдзел больш за 15 тысяч выканаўцаў з розных краін свету.

Ад пачатку фестываль планаваўся, як агульнагарадское свята, якое ў перспектыве павінна было ахапіць усю Магілёўшчыну і Прыдняпроўе. Таму акрамя музычнай часткі ўключаў выставы, сустрэчы, экскурсіі і г.д.

У першыя гады правядзення фестывалю асноўную частку арганізацыйных і фінансавых пытанняў вырашаў Уладзіслаў Блін ад свайго імя і ад імя Магілёўскай рыма-каталіцкай парафіі, як афіцыйна зарэгістраванай установы з сваёй пячаткай, рахункам і статусам юрыдычнай установы. Ніякім чынам не планавалася рабіць фестываль як чыста каталіцкі, як у гэтым неабгрунтавана абвінавачвалі ініцыятараў і арганізатараў нядобразычліўцы. Як ад юрыдычнай асобы, рыма-каталіцкай парафіі г. Магілёва, былі накіраваны лісты з просьбай аб дазволе і дапамозе ў арганізацыі і правядзенні першага фестывалю 14.05.93 г. у Магілёўскі гарвыканкам; да дырэктара палаца школьнікаў (дыр. А. Раманаў), дома культуры КШТ (дыр. П. Адамчанка) і ліцэя музыкі (дыр. Л. Мішчанка) аб прадастаўленні памяшканняў для канцэртаў. Апошнія добразычліва пагадзіліся выдзяліць канцэртныя залы для правядзення фестывалю. Дырэктару фабрыкі каляровага друку г. Менска быў накіраваны ліст аб вырабе плаката накладам 2000 асобнікаў з выяваю часткі фрэсак з хораў касцёла св. Станіслава, на якіх намаляваны музыкі часоў сярэдневечча.

Ліст-зварот пробашча У. Бліна быў накіраваны ў розныя краіны і да розных уплывовых асоб. Напрыклад, у Вышэйшую духоўную семінарыю, каб прыехалі клерыкі для дапамогі ў правядзенні фестывалю (ліст ад 08.03.93 г.). Звярнуўся Уладзіслаў Блін і да ўрадоўцаў, была запрошана віцэ-маршалак сенату Рэспублікі Польшча А. Гжэшковяк. Падчас фестывалю "Магутны Божа" быў запланаваны конкурс стваральнікаў і выканаўцаў рэлігійнага беларускага спеву (песні), з мэтай адраджэння народных традыцый і духоўнасці, развіцця культуры беларускага народа. Менавіта для пераможцаў гэтага конкурсу заснавала спецыяльную ўзнагароду А. Гжэшковяк - віцэ-маршалак сенату Польшчы. На першым фестывалі яе атрымалі А. Сенажэнскі (г. Магілёў) і Г. Смоляк (г. Менск).

Дата правядзення фестывалю - ліпень была невыпадковай. 13 ліпеня ў касцёле св. Станіслава адбылося асвячэнне алтара ў гонар Маці Божай Фацімскай. З'яўленне Маці Божай дзяўчынкам у Фаціме (Партугалія) вельмі вядома ў свеце тым, што падчас гэтай падзеі былі прадсказаны войны ХХ ст., трагічныя падзеі 1917 г. у Расіі, атэізм і вяртанне да веры ў гэтай краіне. На асвячэнне алтара ў Магілёў прыбыў у 1993 г. арцыбіскуп Казімір Свёнтак. Дзякуючы гэтай падзеі аб фестывалі даведалася шмат асоб, прагучалі прывітанні ад Папы Яна - Паўла ІІ і арцыбіскупа К. Свёнтка.

Ідэя правядзення Міжнароднага фестывалю хрысціянскай духоўнай музыкі "Магутны Божа" была падтрымана такімі вядомымі асобамі як: Роўда Віктар Уладзіміравіч - народны артыст Беларусі і СССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прафесар Беларускай акадэміі музыкі, Каржанеўская Ганна Барысаўна - дацэнт Беларускай акадэміі музыкі, Скарабагатаў Віктар Іванавіч - заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дацэнт акадэміі музыкі, Бандарэнка Зінаіда Аляксандраўна - народная артыстка Рэспублікі Беларусь, дыктар беларускага радыё і телебачання.

Неабходна ведаць, што вялізны аб'ём працы выканаў і першы арганізацыйны камітэт фестывалю (найбольш цяжка быць пачынальнікам), у склад якога ўваходзілі (дакументы ў архіву фестываля захавалі спіс гэтых асоб): ксёндз Раман Факсінскі (старшыня), Аляксеенка Алесь - выкладчык дзіцячай музычнай школы, Елфімава Жанета - выкладчык музычнага вучылішча, Мішчанка Людміла - дырэктар ліцэя музыкі і харэаграфіі, Пушкін Ігар - дырэктар музея гісторыі Магілёва, Юрчанка Ганна - старшыня касцёльнага камітэта, Перапёлкін Ігар - галоўны рэжысёр абласнога драматычнага тэатра, Шпількоў Анатоль - супрацоўнік абласнога радыё, ксёндз Уладзіслаў Блін, Кальцова Алёна, Шаркова Антаніна - галоўны спецыяліст аддзела культуры Магілёўскага гарвыканкама, Цітоў Васіль - фотамастак. Пад час другога-трэцяга фестываляў да іх далучыліся і актыўна працавалі ў справе падрыхтоўкі і правядзення фестывалю: Стуканава Стэла - выкладчык універсітэта імя А. Куляшова, Рослава Наталля - старшыня фонду "Дзеці Чарнобыля", Барысава Алёна - журналіст абласнога тэлебачання, Касцюкевіч Галіна - настаўнік сярэдняй школы, Гвоздзеў Уладзімір - дырэктар прыватнай карціннай галерэі і інш. Склад аргкамітэту з часам мяняўся, абнаўляўся. Але ўвесь час побач з ксендзам Раманам Факсінскім ахвярна арганізоўвала і праводзіла фестываль Жанета Елфімава. Яна была і сябрам аргкамітэту і фонду, з'яўлялася сябрам журы фестывалю, рыхтавала конкурсную праграму музычнай і спеўнай часткі фестывалю (музычны рэдактар), адначасова кіравала хорам "Спадчына", які стаў лаўрэатам сёмага фестывалю.

Пачынаючы працу па правядзенні міжнароднага фестывалю, аргкамітэт разумеў цяжкасці і складанасці. Каб ён стаў падзеяй, атрымаў аўтарытэт і значнасць, неабходна было ў першую чаргу вырашыць некалькі задач: 1) дакладна сфармуляваць мэты і задачы, 2) сфармуляваць аўтарытэтнае і міжнароднае па складзе журы, 3) знайсці фінансавыя сродкі (фундатараў), 4) знайсці паразуменне і падтрымку органаў дзяржаўнай улады і кіраўніцтва іншых рэлігійных канфесій.

Вясною 1993 года аргкамітэтам была сфармулявана абвестка-адозва "Міжнародны фестываль духоўных спеваў "Магутны Божа" , г. Магілёў, 1993 год, 13-17 ліпеня", у якой была сфармулявана мэта, закладзены прынцыповыя асновы будучых фестываляў. Адозва была перакладзена на польскую, рускую, англійскую, нямецкую мовы і разаслана па розных адрасах. У ёй, у прыватнасці, адзначалася: "З мэтай аб'яднання маладога пакалення розных краін і народаў, у горадзе Магілёве 13-17 ліпеня 1993 года адбудзецца фестываль духоўных спеваў "Магутны Божа". Ён з'явіцца шляхам хрысціян розных канфесій да тых людзей, якія па волі лёсу шмат гадоў былі адлучаны ад Бога, у сэрцах якіх была створана пусташ. Гэты фестываль будзе папулярызаваць малітвы людзей у песнях і псалмах, народзіць прагнасць да прыгажосці духоўных святынь у сэрцы кожнага з нас. Фестываль будзе радасным святам, якое пакажа прыгажосць у разнастайнасці касцёла, пошук святога ў чалавека і яднанне з Хрыстом. Сардэчна запрашаем усіх хрысціян незалежна ад поглядаў.

У фестывалі могуць браць удзел салісты і ансамблі, хоры і г.д., падаўшыя заяўку да 30.05.1993 г. У заяўцы патрэбна напісаць пісьмовую згоду на ўдзел у фестывалі, прозвішча кіраўніка, выканаўцаў, пазначыўшы дату і месца нараджэння, дакладны адрас кожнага з іх, а таксама тры назвы конкурсных твораў з пазначэннем аўтараў слоў і музыкі. Пры патрэбнасці музычнага суправаджэння абавязкова даслаць ноты.

Удзельнікі прыбываюць у Магілёў 11 ліпеня 1993 года. Арганізатары забяспечваюць удзельнікаў гукавым узмацненнем, музычным абсталяваннем, арганам і, па жаданні, акампаняментам камернага аркестра, харчаваннем і начлегам.

У рамках фестывалю будзе мець месца так званая "Евангелізацыя - 2000" пад назвай "Ісус учора, сёння і заўтра", Удзельнікі фестывалю будуць мець магчымасць выехаць у навакольныя мясціны з песнямі і Хрыстовым сведчаннем. Праграма фестывалю: дні 11-13 ліпеня прызначаны для спроб і апрацавання канцэртаў, рэпетыцый і апрацоўкі харэаграфіі, рэжысуры, сцэнаграфіі. У наступныя дні зранку малітвы і Эўхарыстыя, днём выступленні на вуліцах горада і наваколлі, увечары конкурсныя канцэрты.

Фестываль будзе суправаджацца рознымі культурнымі імпрэзамі: тэатральнымі прадстаўленнямі, выставамі мастакоў, разьбяроў і т.п., чытаннямі, дыскусіямі на біблейскую і тэалагічную тэматыку. Просім адгукнуцца і прыняць удзел тых, хто жадае паказаць свае творы: мастацкія, разьбы, паэтыкі, фотаграфіі (на рэлігійную тэму).

Арганізатары фестывалю шукаюць фундатараў і рады ўсім, хто жадае дапамагчы матэрыяльна..."

Бачна, што праграмныя мэты фестывалю спалучалі свецкае і рэлігійнае. Практыка правядзення "Магутнага Божа" засведчыла большую схільнасць да свецкасці, засталіся ў праграме толькі сумесныя набажэнствы ў дні правядзення ды выкарыстоўванне касцёла св. Станіслава ў якасці канцэртнай залы. На першым фестывалі адбыліся конкурсы сярод харавых калектываў, ансамблей, выканаўцаў-інструменталістаў, вакальных выканаўцаў. Пазней конкурсная праграма была абмежавана конкурсам хароў і ансамбляў, конкурсам прафесійных вакалістаў.

У разгляданы перыяд склад журы ачольваў народны артыст Беларусі, СССР, прафесар Віктар Роўда (Менск). Разам з ім працяглы час працавалі ў складзе журы: дацэнт акадэміі музыкі Віктар Скарабагатаў (Менск), дацэнт Беларускай акадэміі музыкі Ганна Каржанеўская (Менск), музыкант, выкладчык Беларускай акадэміі музыкі Жанета Елфімава (Магілёў), загадчык аддзела музыкі фонду Ф. Скарыны Брытанскай нацыянальнай бібліятэкі Гай дэ Пікарда (Англія), народная артыстка Беларусі, дацэнт Беларускай акадэміі музыкі Любоў Каспорская (Менск), кампазітар, доктар мастацтвазнаўства, прафесар інстытута гісторыі мастацтваў у г. Санкт-Пецярбургу Ігар Маціеўскі (Расія), прафесар, акадэмік, дацэнт Расійскай акадэміі музыкі Аляксандр Тэвасян (Расія), прафесар Акадэміі музыкі Матэвуш Сібільскі (Польшча), прафесар духоўнай Варшаўскай Акадэміі, доктар музыказнаўства Уладзімір Валасюк (Польшча). Перыядычна ўваходзілі ў склад журы: прафесар Гданьскай Акадэміі музыкі Багуслаў Грабоўскі (Польшча), доктар музыказнаўства з Торуня Раман Груча (Польшча), музычны дырэктар Хэрберт Хілдэбрандт (Нямеччына), кандыдат мастацтвазнаўства Уладзімір Неўдах (Менск), начальнікі упраўлення культуры Магілёўскага гарвыканкаму Ніна Падольская і Антаніна Шаркова (Магілёў), кампазітар Уладзімір Браілоўскі (Магілёў), выкладчык музыкі з Беластока Тадэвуш Траяноўскі (Польшча), выкладчык Акадэміі музыкі ў Беластоку Багдан Абрыцкі (Польшча) і іншыя. Склад журы, маючы нязменную аснову, перыядычна абнаўляўся.

(Працяг у наступным нумары.)

І.А. Пушкін кандыдат гістарычных навук, дацэнт


Грэх на іх нязмыўны

Аповесцьуява

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

29

Увечары першага ліпеня 1942 г., пасля пахавання урны Янкі Купалы, на кватэры Аляксандра Фадзеева ўзмоцнены тэлефонны званок.

- Таварыш Фадзееў, каму Вы гаварылі пра лішнюю літару ў прозвішчы Купалы?

- Нікому, таварыш Сталін. - Аляксандр Фадзееў стаіць з секунды вітання, пачатку размовы. - Вам першаму.

- Правільна. А потым каму?

- Нікому, таварыш Сталін. Твардоўскаму забараніў.

Плывуць раздумныя секунды. Жыццём выкаваная статуя, старшыня Дзяржаўнага камітэта абароны, якому знядаўня падпарадчаныя ўсе ўстановы краіны, рашэнне якога закон для любога міністэрства, завядзёнкава размаўляе ціха, ясна, паволі. У Сталіна ўласцівасць быць цудоўна спакойным перад напорам любога чужога гневу, доказаў, волі.

- Правільна, таварыш Фадзееў. А службы Лаўрэнція інфармавалі?

- Не, таварыш Сталін. - Хуценька, з прыдыхам: - Аднаго вас.

- Абсалютна правільна.

Секундная стрэлка падлогавага старабытнага гадзінніка ў пакоі Фадзеева вось-вось прабяжыць паўхвіліны.

- Ёсць выпадкі, свае грахі лаўрэнцяўцы ўдала хаваюць. Ад усіх.

- Ад вас?

- І ад мяне.

Імглівіць секунды рахманая стрэлка. Сталін і Берыя доўгія гады супольна працавалі ў кабінеце генсека. З верасня 1938 года Сталін і Берыя з невялікімі перапынкамі былі ў адным кабінеце прынамсі два разы на тыдзень, часам штодня, па гадзіне, праз год па дзве гадзіны. У 1940 годзе сумеснічалі здаралася па восем-дзесяць гадзін.

У застоллі ўсугалась заводзілі грузінскія песні. Двое - не разлі вада, і незнячэўна адточана вынашанае прызнанне.

Паднатарэлы ў кабінетных гульнях Фадзееў замірае. З многімі членамі Палітбюро даводзілася застольнічаць Аляксандру Фадзееву, з першым таксама, характар мудрага грузіна вывучыў не з чужых пабайкаў. Цяпер, думаецца Фадзееву, генсек пахаджвае бліз стала. Ад невысакаватай фігуры, рост Сталіна сто семдзесят чатыры сантыметры, ценяў практычна няма, іх скрадваюць свечкі люстры. Начная праца для сапраўды творчага - звычнае будзённе.

Сумна вядомы вульгарызацыйны падручнік Пакроўскага "Русская история в самом сжатом очерке" (1920) нарэшце выкінуты са школаў (1934) і ўсіх праграм інстытутаў, дзякуючы начным выстарванням генсека, паведаміў Ямяльян Яраслаўскі.

- Да вас просьба. ("Слухаю, таварыш Сталін".) Старайцеся даводзіць пра такое не пасля, а да. Уразумелі, усё зразумелі? - Праз зацягненую паўзу: - Літара пярэчыць тасаўскаму паведамленню.

- Пярэчыць і цісне. Кожнаму блытаніна стане заўважная.

- Літара нідзе не павінна ўсплысці. Вам усё ясна.

- Так точна, таварыш Сталін.

Зашыфраваная суаднесенасць пытанняў, адказаў.

- Мы паправімся з Янкам. Штоможнае зробім. - Уздых, другі ўздых. - Познае ёсць познае.

Доўбні б'юць Аляксандра Фадзеева па макатры. Свідруе згадка.

- Вайна скора закончыцца. Але мы не пасля вайны з Янкам паправімся, цяпер. Пасля вайны таксама. Абавязак.

- Так точна, абавязак. Вы сказалі, хутка вайна закончыцца...

- Не я сказаў, народ усё паскарае.

Недалёкі ўжо час, калі 17 ліпеня 1944 года праз усю Маскву правядуць 57 тысяч нямецкіх палонных, у тым ліку 19 генералаў. Хацелі бачыць Маскву, памаршыраваць; убачылі, прашлыгалі. Без зброі. У час праходу палонныя загадзяць фізіялагічнымі адходамі ўласную вопратку, ваколле, заванелыя вуліцы пасля нямецкага маршу два дні будуць адмываць вадавозкі, адшароўваць прыбіральшчыцы.

- Службы Лаўрэнція навучыліся таіць уласныя… - ляцяць тры секунды, пятая, - перагіны, таварыш Фадзееў. Будуць падобныя сумятоўі, не бойцеся турбаваць. Мяне, прама мяне.

- Так точна, таварыш Сталін. Званіць Вам. Напрамую.

У краіне нястачы ва ўсім - хлеба, лекаў, снарадаў, вінтовак, танкаў, вопраткі. Тым не меней неўзабаве ў Маскве адна за адной выйшлі на рускай мове дзве кнігі вершаў Янкі Купалы. На выданне падручнікаў раней фінансаў не было, а ў цяжэразным ваенні 1943 на паэзію правінцыяла знайшліся.

Не закончылася вайна, рэзрухі і жабрацтва паўсюдзіліся, а ў вызваленым Мінску заклапаціліся пра будаўніцтва асобнага доміка сям'і народнага паэта Янкі Купалы. Шукалі месца для музея Янкі Купалы. Думалі пра музей Якуба Коласа.

25.5.1944 г. - пастанова № 268 СНК Беларусі пра стварэнне музея Янкі Купалы. Штат - пяць чалавек. Дырэктарам - Уладзіслава Луцэвіч.

12.12.1945 г. - рашэнне №1187 Мінскага гарвыканкаму пра вызначэнне месца для музея Янкі Купалы.

10.01.1946 г. - пастанова №15 СНК Беларусі пра конкурс на праект будынка музея Янкі Купалы.

04.02.1946 г. - планавая камісія СНК Беларусі зацвердзіла склад лепшых канкурсантаў на праект будынка музея Янкі Купалы.

У студзені 1947 года прынята рашэнне пра стварэнне філіяла музея Янкі Купалы ў Вязынцы.

32

Прыйшла ўраджэнка Мсціслаўшчыны, жонка практычна цяпер малавядомага фалькларыста і лінгвіста Вуйковіча, прынесла на разгляд слоўнік "Прыдняпроўя гожая мова", прасіла надрукаваць. Збіраныя дзесяцігоддзямі тэксты ўцалелі выпадкова, ад служкаў Цанавы з ДПУ і беларускіх літзнаўцаў тыпу Гольскага і Мучара жонка перазахавала адзін экзэмпляр. Ведала яго значнасць.

Ацэнку фаліянту любы дасведчаны паставіць адну - дзесяць, сто. Для выдання ў беларускіх інстытутах мовы і фальклору тытанічная праца мсціслаўскага збіральніка і фалькларыста не запланавана, не трапіла ў пяцігадовы план, у дзяржвыдавецтвах няма сродкаў. Як у мінскіх навуковых таварыствах.

- Чаму адмаўляюцца друкаваць?

Худзеня ў беларускім андараку хусцінай з падбароддзя выцірае лоб, заікаецца перад вялікім мовазнаўцам Карнеем Іванавічам Лапухом. Нашых магілёўскіх рэцэнзіяў мала для выдавецтваў, трэба ад інстытута, акадэміі.

- Ад вас пажадана.

- Так ужо і мяне.

Мікіта Хрушчоў са сценкі насупраць холадна і сыта ўсміхаецца.

- Многія словы ўторацца ў слоўніку, асобныя слоўкі не ў тым трыванні і часе. Працы над ім яшчэ горы-даліны.

Хуткая безуважнасць перагортвання густа запоўненых чарнілам старонак у Карнея Лапуха часам прыпыняецца абыякава-павольным выпісам асобных слоўцаў на ўзбочны лісток.

- Аўтара трохі ведалі, спецыялісты.

- Што вы кажаце, не трохі, Міхаську добра ведалі.

- Не маглі добра ведаць, не маглі, - мякка папраўляе Карней Лапух. - Каго ведаюць, ёсць кнігі ў школах, інстытутах. Яго даваенных слоўнічкаў няма нават у акадэмічнай бібліятэцы. Мо' нацдэмаўскія дзесьці ў схронах пыляцца.

- Будуць на ўсіхных полках, і ў школьных, - упэўненасць жонкі аўтара праколвае акадэміка Лапуха.

Сын папа і сам святар Міхась Вуйковіч выкладаў філасофію і педагогіку да Кастрычніка і пасля студэнтам Магілёва, працаваў у Інбелкульце, інстытуце мовы. Аўтар артыкулаў, у тым ліку пра творчасць любімага Янкі Купалы. Слоўнікі беларуска-расейскі і расейска-беларускі надрукаваў з суаўтарам і паасобку.

У злыбедным 1929 г. праца Вуйковіча ў інстытуце Акадэміі навук стала непатрэбнай, варожага беларускасці навукоўца праз год выперлі са школы. Такія настаўнікі спатрэбіліся падвалам дэпэушным, не школьным класам.

Перасуд справы злыбеднага зэка ў 1936 г. Усё без сведкаў, пастаноў, касацый. Без апеляцый. Расстралялі. Хутка, адпаведна выдатным рашэнням аднапартыйнай камуністычнай дзяржавы, якая з першых дзён існавання вучылася і навучылася паспешна забіваць, ламаць, а потым лоўка хаваць свае злачынствы.

З гадамі рознаўстаноўныя чынавены раскемілі твораныя ганебствы: мноства таленавітых, здатных людзей краіны ў працоўным, далёка непенсійным узросце пайшлі ў лепшы свет у пэўныя адзін-два гады. Балвану зразумела - хлусня, падлог. Вомігам кінуліся пераліцоўваць даты зэкавых смерцяў. Наспех са столі бралі дыягназы, месцы гібелі, гады смерцяў. Прыкметаўныя бязграматнікі ў пагонах і без пагонаў не баяліся ўдараў Тамашніх за перакручванні лёсаў памерлых, змены.

Так Міхась Вуйковіч аказаўся памерлым на пяць з лішнім гадоў пазней.

Недрукаваны і аб'ілганы даследчык Вуйковіч у магілёўскай школе, прыволжскіх месцах ссылкі ўпотай займаўся слоўнікавай працай. Урыўкамі запісваў словы ў мінскіх допытных падвалах. Іначай не мог. Успамінаў, вынаходзіў, запісваў без усялякай спадзеі на заканчэнне слоўніка, тым болей друкаванне.

Жонка памятала, як дрыжалі рукі мужыка пры перадачы старонак з запісамі ў час сумеснага жыцця ў Ніжневолжску, рэдкіх сустрэчах пры мінскім турэмніцтве Міхася. Пошапты адданага чалавека, бацькі траіх дзяцей, ёй ніколі не забыць, як уздыхі паміралай бабкі.

- Зацерлі даваенныя яго кнігі і артыкулы. Зараз з іх крадуць, словы, думкі, не спасылаюцца. - Жанчына ўздыхае, трэ вочы. - Не можа снежыць увесь час, знябыт закончыцца.

- Колькі ёсць экзэмпляраў слоўніка? - Карней Лапух пытае пра нязначную, другасную лішніцу.

Фалькларыст ты, акадэмік. А запісаў фальклору ў цябе вобмаль. Непарадак. Досыць бедненькія чужыя студэнцкія запісы гнаць ва ўласныя артыкульчыкі, агляды. Слоўнік - як раман і паэма, вымагае гады тытанічнай працы. Калі ён не з рук боўбатня ці верхагляда.

Калючая наструненасць воч абаіх. Даваеннае папярэджванне вечна незабыўнага Міхаські зтузанула язык кабетцы:

- Адзін.

- Хто глядзеў яго? - У акадэміка тая ж нязначнасць тону, голасу, выхілкі, знярушнасць паставы.

- Адзін з выдавецтва, навуковец, гартаў, меўся пасобіць з рэцэнзіяй. Не дала. Што тут глядзець.

- Яно й праўда. Слоўнік за сябе сам гаворыць.

Ухвала акадэміка ажыўляе жанчыну. Кажа пра цяжкасці з жыццём. Дзецям пасля вайны не далі вучобы, рабацяжаць, слава Богу, ніводзін не распіўся, прыстойныя, паважаныя. Ва ўнукаў адно - дай. Усю-ды суцэльныя выдаткі, да рэ-формы зарплата ў яе, фельча-рыцы, была 450 рублёў, цяпер 45. Маці хварэе. Як сям'я зво-дзіць канцы з канцамі, сама дзі-вуецца. На базары цэны змен-шалі не ў дзесяць разоў - ут-роць, чацвяроць. Пенсія ў яе малая. Як жыць з трыма дзець-мі, не ведае.

- Да вас, у блізкі Магі-лёў, еду і калачуся. Хоць за дзень управіцца, на начову ня-ма капейкаў, - з чыстасардэчнай даверлівасцю да поўнасцю бе-ларускамоўнага славутага на-вукоўца, пісьменніка і земляка выдыхае жанчына. Па сакрэту дадае: часам прыбіральш-чыцаю ўвіхаецца.

- Прысядзіб'е процьму часу забірае.

- Не кажыце. Слоўца якое, нашанскае, з слоўніка.

Карней Лапух засты-вае. Слухайце, Надзея Іванаўна, вы не ўяўляеце колькі ваджэнства з прачыткаю і асэнсаваннем любога слоўца ("Якраз, уяўляю. Таму дапяла вас"), праглядам кожнай старонкі, выпраўленнем ("Што вы, не трэба выпраўленні") склонаў і канчаткаў, з удакладненнямі паметаў пра паўторы, спасылкамі на сходнасць дыяментаў у другіх слоўніках ("Разумею, мноства"), паглаўнаю разбіўкаю...

- Разумею вашу цяжкую працу, разумею, - а сама ніц не кеміць, дзе зерне ў абвеі фразаў акадэміка.

Рашэнне ў Карнея Лапуха ёсць. Выдатнае. З высокага абрыву скача ў Проню бясстрашны сямікласнік, іголкаю ўпіваецца дурлавацень у вадзяную роўню. Мятляшыць сажонкава. Пашэнціла сямікласніку, не зламаў у падлецтве шыю, пашанцуе сёння акадэміку. Бабе трэба грошы, ад слоўнікавай кнігі наедку не мецьме.

- Пра што зараз скажу, нікому не кажыце.

- Нікому.

- Слова?

- Калі так пытанне, магу даць клятву.

Карней Лапух змалку шануе законы традыцыйня, у сталасці свядома шануе, баіцца помсты язычніцкай прыкметы, не патрабуе нічога. Выдыхае:

- Колькі б вы за слоўнік хацелі?

- Міхась казаў, за дарэмніцу аддасць, любому, інстытуту, выдавецтву, альбы пайшло на карысць Беларусі, тыражна надрукавалі, радасна заспяшалася жанчынка.

Напорны Карней Лапух напорна пярэчыць. Усякая праца павінна аплачвацца. Дык колькі гаспадынька хацела б атрымаць за тытанічную працу мужыка над слоўнікам, не спяшайце з цаной, падумайце.

Жанчына няведкае, выліковіць.

- Усё-ткі.

- Казалі за тысячу рублёў, мо дзве пацягне. Міхась і сябра яго палову жыцця на збіранне і выпісванне паклалі.

- Болей ніводнае савецкае выдавецтва не дасць. Хрушчоў забараніў свінняў у гарадках і гарпасёлках трымаць ("Здзяцінелі партыйцы і ён"). Народ бяднее, дзяржсістэма не ачунялася ад вайны. Болей ганарарам вам не выпадзе, - з павольнай упэўненасцю тасуе калоду з усімі козырамі на руках прафесар Лапух.

- Казала яму, казала. Але ўпарты мужык, як утрэскаецца ў што, не адступіцца. Словы беларускія мацней радні любіў.

- Калі знойдзецца ахвярнік, згодны даць за слоўнік пяць тысячаў савецкіх рублёў, новых, пяцьдзесят тысяч нядаўніх. Што мовіце?

- Нам, пяць тысячаў. Зараз? - у худзенькай падцінаецца падбародак, зводзяцца вусны. - Вы што? Грэх разараць чалавека.

- Вам, пяць тысячаў. - Прафесар Лапух шыецца ў запазуссе. Траціну дасць зараз, рэшту атрымаеце ў ашчаднай касе, праз гадзіну. Прама цяпер.

..."Жонка, гэта мая галоўна праца. Жыццё маё - слоўнік. Зберажы. Не аддай за бесцань. Захочуць юды купіць, знішчыць, а то й прысабечыць. Не аддавай. Слоўнік маё і тваё прозвішча пакіне ў памяці беларусаў, на роднай Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Не аддавай".

"Дзецям не будзе чаго есці, а ты не аддавай".

"Будзе. Слоўнік наш, мой, твой, яда прыплыве. Бог дае дзіця, дасць і яду".

Узважвацца не трэба, мякка барытоніць субяседзец. Калі яшчэ тысяча будзе ганарарам, праз два-тры гады. З яе яшчэ падаткі вылічаць. А тут гатовыя пяць тысяч. Сёння. Поўнасцю. У рукі ці лепей на ашчадкніжку.

- Не. - Шопатна паўтарае: - Не.

Утык галавы чатырнаццацігадовага шпінгалета праз глей у пясок. Забалела нямоцна. Забалела. Выплыў. Сажанкуе, блазнуе для пасябручкоў, тоіць боль. Доктар шыну ладзіў на шыю.

Тычок нагі Купалы ў грудзі, потым у галаву ашаламіў пераапранутага нападніка. Адчувальны сціск урэпістых рук хворага паэта знечаканіў дужца. Карней Лапух адхіліўся.

- Не магу.

Другі моцны тык худой старэчай нагі ў шыю. Імгненні вырашалі ўсё. З любога нумара гатэля мог хто выйсці, наведнікі з першых паверхаў, ніжніх, маглі глянуць уверх. Ужо хтосьці вызірае.

- Дадуць вам сем тысячаў. Сем. Сёння. Згаджайцеся. Вар'яцкія грошы. Празаік за таўшчэнны тыражны раман атрымлівае тры, ну пяць.

- Падумаць трэ'.

(Працяг у наступным нумары.)

Валер Санько


Адраджэнне і дэградацыя - развагі паводле пленэраў

Нам, беларусам, нашчадкам былых геройскіх ліцвінаў і магутных крывічоў, як і іншых роднасных супольнасцяў, дасталася ў спадчыну надзвычай багатая і столькі сама расшматаная спадчына. Саміх асобаў тых часоў, якія рухалі кола гісторыі, не трацячы сваёй самабытнасці, існавала дужа значная кагорта. Пры гэтым, руплівыя нашы гісторыкі, быццам археолагі, з-пад друзу напластаванага ашмоцця вызваляюць і вяртаюць да жыцця ўсё новыя і не менш выбітныя постаці. Такая рэчаіснасць, адно, надае нацыі гонару за сваю мінуўшчыну ды жаданне, калі і не паўтарыць іхні чын, дык хоць наблізіцца да яго духоўна. Усё гэта нармальна само па сабе ў любым цывілізаваным грамадстве, якое не кранула яшчэ карозія дэградацыі з яе духоўным спусташэннем на мяжы з канчактовай дэгенерацыяй.

Адным з такіх першаадкрывальнікаў нашых славутасцяў быў і наш мастак, шчыры і дасціпны мастацтвазнаўца Ленід Міканоравіч Дробаў, светлая яму памяць. Ён выдаў яшчэ ў машэраўскія часы кнігу аб мастаках 19 стагоддзя, якія пакінулі свой творчы след на абшарах нашай Бацькаўшчыны. Гэтая кніга тады выклікала неверагоднае ўзрушэнне сярод творчай інтэлігенцыі і ўсяго нацыянальна свядомага грамадства як у самой краіне, так і далёка за яе межамі. Натуральна, было з чаго - за ўсе часы савецкай траскатні аб нашым краі вялася гаворка як аб лапці з бахілам, аж пакуль сонца з усходу не бліснула нам паратункам. А тут раптам - столькі выбітных і знаных у свеце дзеячаў, ды адно занядбаных дома. Сярод многіх пададзеных тут славутых майстроў розных відаў выяўленчага мастацтва, якія самааддана ўскладалі на алтар любай Айчыны свае дараванні падобна ахвяры ягняці, была прадстаўлена постаць Альфрэда Ізідора Ромэра (1832-1897), як пазней высветлілася, прадстаўніка цэлай дынастыі мастакоў гэтага старадаўняга шляхецкага роду.

Але, адкрыць асобу - яшчэ не значыць яе раскрыць, давесці да ўсведамлення суайчыннікаў яе значнасць і выбітнасць, як для мастацтва, так і для прагрэсіўнага чалавецтва, адрадзіць яе духоўны патэнцыял, якім бы можна было і ганарыцца, і спатольваць духоўную смагу, і гоіць гнойныя балячкі сучаснага грамадства.

Як паказала жыццё, найлепшым сродкам такога адраджэння постацяў і вяртання іх у паўнавартасны духоўна-культурніцкі ўжытак, з'яўляюцца мастацкія пленэры, з іх комлексам мерапрыемстваў. Вядома, што гэта патрабуе вялікай руплівасці, выдаткаў і ўзаемапаразумення як з боку арганізатараў правядзення пленэру, так і з боку творчага калектыву, які выключна ўсведамляе значнасць адпаведнай асобы. Менавіта гэты паказнік усведамлення асобы і з'яўляецца галоўным генератарам сапраўднай рэалізацыі асноўнага сэнсу дадзенага пленэру. Зразумела, гэта значыць раскрыць тыя каштоўнасці, якія былі найбольш характэрнымі для гэтай асобы, да чаго яна імкнулася і чаго прагла. Нажаль, часцей за ўсё вынікам пленэра з'яўляецца салонны калейдаскоп з краявідамі рознага роду з мастацкімі шарадамі ды опусамі, часам якія зусім не маюць дачынення да згаданага персанажа.

Узорам лепшага кшталту правядзення падобных пленэраў можна без перабольшвання назваць тыя, што прысвячаліся асобе Фердынанда Рушчыца, праведзенага суполкай "Пагоня" і арганізаванага мастацкай галерэяй мястэчка Гальшаны; ды шэраг пленэраў, прымеркаваных Язэпу Драздовічу і арганізаваных Адай Райчонак. Гэта былі падзеі культурніцка-адраджэнскага кірунку не толькі ў маштабах нашай краіны. Вынікам гэтых падзеяў стаўся ажыўлены і шырокі рэзананс, пасля чаго ўзнятыя асобы набылі належны навукова-даследчы і культурны розгалас. Амаль пасля кожнага пленэру праводзіўся шэраг справаздачных і выніковых выстаў, як у сталіцы, так і на месцы пры абавязковым прадстаўленні твораў кожнага ўдзельніка тых пленэраў.

Што адбылося з пленэрам у Паставах, прысвечаным выбітнаму творцу, грамадскаму і палітычнаму дзеячу Альфрэду Ромэру? Глеба для яго правядзення мною і краязнаўцам Яськам Драўніцкім рыхтавалася ўжо больш за 10 год. Недзе у 2000-м годзе мне пашанцавала выявіць у камайскім касцёле наяўнасць шэдэўра згаданага майстра "Хрыстос і сірата". Прыязнае і ўзрушанае стаўленне да гэтай з'явы было выказана пробашчам касцёла Яцэкам Хутманам, які з глыбокай пашанай аднёсся да правядзення належнай урачыстасці аўтара згаданага твора.

Урэшце ў 2002 годзе было праведзена некалькі грамадска-асветніцкіх мерапрыемстваў у розных установах Менска, прысвечаных выбітнаму творцу, і былі апублікаваны першыя артыкулы, прысвечаныя яму ў газетах "ЛіМ", "Наша слова", "Новы час" і "Культура".

Пазней, у 2004 годзе ледзьве здолеў выратаваць ад валюнтарысцка-герастрацкіх адносін мясцовых уладаў адзіны матэрыяльны доказ прыналежнасці Альфрэда Ромэра да нашай зямлі - сядзібны маёнтак у вёсцы Каралінова. Тады праз Дэпартамент па ахове і рэстаўрацыі помнікаў дойлідства Міністэрства культуры РБ гэтаму сціпламу і занядбанаму будынку быў нададзены статус помніка архітэктуры трэцяй катэгорыі, ён быў занесены ў адпаведны Спіс і ўзяты пад ахову Дзяржавы. Мною асабіста за гэты час было напісана некалькі жывапісных палотнаў, прысвечаных гэтаму дзеячу, які тут пражываў і тварыў пэўны час у апошнія гады жыцця.

Пэўна, станоўчаму рашэнню па правядзенні пленэра ў значнай меры паспрыяла ратацыя чыноўнікаў у кіраўніцтве ў райвыканкаме, дзе на змену кондавым функцыянерам прыйшлі больш лаяльна мыслячыя асобы. Аб гэтым сведчыць той факт, што калі быў прадстаўлены спіс групы мастакоў, у якую быў уключаны і я, з іхняга боку адразу ўзнікла насцярога і нязгода. Але тады, з прагматычных меркаванняў мяне пакінулі.

Пасля пяці дзён пленэру ў Доме рамёстваў, накшталт справаздачы, была праведзена выстава сабранага эцюднага матэрыялу. Праз паўгода, 20.04.2013 г., у Менску, у Палацы мастацтваў, пад дзвюмя фотарэпрадукцыямі твораў-абразоў, арыгіналы якіх цудам ацалелі і належаць беларускаму Касцёлу, адбылося адкрыццё выставы з вынікамі пленэру мінулага года. Амаль усе экспанаваныя творы (сорак палотнаў) змясцілі ў экспазіцыі, дзе быў прадстаўлены кожны ўдзельнік пленэру, як і мае быць. Тут было выстаўлена маіх шэсць твораў, тры з якіх тычыліся непасрэдна самой асобы Альфрэда Ромэра.

А вось тое, што сталася з аналагічным вернісажам ужо ў Паставах (экспануецца з 29.05.2013 г.) - не стасавалася не з якім станоўчым паразуменнем. З Менску былі перавезены амаль усе падрыхтаваныя творы да выставы ў Паставах. Нават некаторыя мастакі дадалі па некалькі твораў адвольнай тэматыкі і адно Алесю Цыркунову наўмысна не была дастаўлена ніводная праца. Чым кіраваўся ў гэтай селекцыі кіраўнік групы Уладзімір Рынкевіч - загадка. Ніхто, нават намеснік старшыні райвыканкаму Ю. Кісялёў як быццам не ведае. Але Бог з ім, няхай застаецца гэта "стратэгія" на сумленне тых, хто без такога дзяляцкага павуціння не ўяўляе свайго "выключнага" існавання. Такая "руплівасць", адно - абкрадае гледача і зневажае юбіляра.

Калі казаць проста, адзіная акалічнасць, якую нельга ігнараваць, у гэтай справе - гэта тое, што я з'яўляюся адным з актыўных сяброў мастацкай суполкі "Пагоня". Не здолеўшы мяне пазбавіць удзелу ў пленэры, вырашылі адыграцца з дапамогай кіраўніка групы у правядзенні выніковай выставы ў раёне. Сярод іншых прычын, па якіх работы не трапілі на выставу, афіцыйна названых кіраўніком групы журналісту, - было тое, быццам яны не тычацца раскрыцця асобы юбіляра. [Гэтыя творы прапанаваны чытачу на яго развагу.]

Акрамя гэтага былі дапушчаны даволі грубыя непаразуменні нават з той экспазіцыяй, якая сабралася, і ў арганізацыі, і ў правядзенні адкрыцця самой выставы з належным ушанаваннем выбітнага суайчынніка. Фактычна дзейнасць па адраджэнню асобы пераўтвараецца ў небясшкодны папулізм, імітуючы ўласную бурную дзейнасць.

Напэўна з'яўляецца ісцінай тое, што адраджэнне духу, як і яго дэградацыя, ўласцівы ўсяму жывому, і калі спыняецца рух аднаго, адразу распачынаецца ўплыў другога. І калі ж гэта тычыцца аднаго чалавека - паўбяды, але ўжо незваротная бяда, калі гэтага тычыцца тае часткі грамадства, якая абавязана займацца абагачэннем духоўнай культуры.

Сябар мастацкай суполкі "Пагоня", пры БСМ Алесь Цыркуноў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX