Вярнуцца: 2013

№ 34 (1133)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 34 (1133) 21 жніўня 2013 г.


Вітаем удзельнікаў XV Міжнароднага з'езду славістаў

XV Міжнародны з'езд славістаў праходзіць у Менску 20-27 жніўня. Беларусь прымае гэты аўтарытэтны форум упершыню. Форум стане важнай навуковай і культурнай падзеяй. Праграма з'езду ўключае пленарныя і секцыйныя даклады, круглыя сталы, паседжанні спецыяльных камісій, акрэдытаваных пры Міжнародным камітэце славістаў. Адзін з важных момантаў - выстава славістычнай літаратуры, выдадзенай за апошнія пяць гадоў у розных краінах.

У працы форуму бяруць удзел больш за 600 навукоўцаў з Аўстрыі, Аўстраліі, Бельгіі, Беларусі, Балгарыі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Іспаніі, Канады, Літвы, Расіі, Францыі, Швейцарыі, Японіі і іншых - усяго 35 краін свету.

Міжнародныя з'езды славістаў - буйныя навуковыя форумы, прысвечаныя праблемам развіцця славянскіх моў, літаратур, культур, фальклору ў іх узаемадзеянні. Форум праводзіцца з 1929 года кожныя пяць гадоў у славянскіх краінах.

Наш кар.


Яшчэ ёсць тыдзень, каб запісацца ў беларускі клас

У бацькоў, дзеці якіх сёлета ідуць у школу, яшчэ застаецца час задумацца аб выбары ўстановы адукацыі. Яшчэ можна выбраць для сваіх дзяцей беларускі клас і беларускую будучыню, накіраваць іх на шлях людскага, нацыянальнага, патрыятычнага сталення.

Згодна з інфармацыяй камітэта па адукацыі Менгарвыканкама, на 2013/2014 навучальны год запланаваны набор у першыя класы з беларускай мовай навучання ў наступных школах і гімназіях сталіцы:

Заводскі раён:

Гімназія №14.

Адрас: вул. Васняцова, 10. Тэл.: (017) 295-21-37, 295-01-33, 295-21-37.

Сайт: gymn14.minsk. edu.by.

Дакументы прымаюць у аўторак і чацвер ад 15-й да 19-й, у сераду і пятніцу - ад 10-й да 14-й.

Ленінскі раён:

Гімназія № 28 (былая сярэдняя школа №2).

Адрас: пр. Ракасоўскага, 93. Тэл.: (017) 248-32-02, 248-12-64.

Сайт: sch2.minsk.edu. by.

Прыём дакументаў у панядзелак, сераду, пятніцу з 10-й да 14-й, у аўторак і чацвер з 16-й да 20-й.

Маскоўскі раён:

Сярэдняя школа №60

Адрас: вул. Карла Ліб-кнехта, 82. Тэл.: (017) 208-69-74, 208-57-54, 209-94-49.

Сайт: sch60.minsk.edu. by.

Прыём дакументаў у панядзелак, чацвер з 8-й да 12-й, у аўторак і пятніцу - з 12-й да 16-й, у сераду - з 16-й да 20-й.

Партызанскі раён:

Сярэдняя школа №72

Адрас: вул. Халмагор-ская, 59. Тэл.: (017) 273-95-65, 246-48-83.

Сайт: sch72.minsk.edu. by.

Першамайскі раён:

Гімназія № 9.

Адрас: вул. Сядых, 10. Тэл.: (017) 283-04-21, 281-38-04.

Сайт: gymn9.minsk. edu.by.

Прымаюцца дзеці з прапіскай у Бараўлянах.

Прыём дакументаў у панядзелак і сераду ад 16-й да 20-й, у аўторак, чацвер, пятніцу - ад 9-й да 16-й, у суботу - ад 10-й да 16-й.

Сярэдняя школа №190.

Адрас: вул. Нікіфара-ва, 19. Тэл.: (017) 26024-90.

Сайт: sch190.minsk. edu.by.

Прыём дакументаў па панядзелках і пятніцах ад 10-й да 14-й, па серадах - ад 16-й да 20-й, па суботах - ад 10-й да 13-й.

Савецкі раён:

Гімназія №23

Адрас: пр. Незалежна-сці, 45. Тэл.: (017) 284-47-62, 284-87-16.

Сайт: gymn23.minsk. edu.by.

Фрунзенскі раён:

Гімназія №4.

Адрас: вул. Кунцаўш-чына, 18. Тэл.: (017) 258-49-71, 258-49-74.

Сайт: gymn4.minsk. edu.by.

Прыём дакументаў па панядзелках, серадах і пятніцах ад 10-й да 14-й, па аўторках і чацвяргах - ад 16-й да 20-й.


Дакументы, неабходныя для прыёму ў першы клас:

1. Заява бацькоў або законных прадстаўнікоў дзіцяці з указаннем мовы навучання.

2. Медыцынская даведка.

3. Арыгінал і копія пасведчання аб нараджэнні дзіцяці.

4. Пашпарт бацькоў або законных прадстаўнікоў дзіцяці і пашпарт дзіцяці (пры яго наяўнасці).

Калі рэгістрацыі ў Менску няма, прыём дзіцяці трэба ўзгадняць з упраўленнем адукацыі раённай адміністрацыі.

Усе пазначаныя навучальныя ўстановы ў першую чаргу набіраюць дзяцей са свайго мікрараёна і пры наяўнасці вольных месцаў - з іншых.

З іншых гарадоў Беларусі пацверджана інфармацыя аб наборы ў 1-4 беларускамоўныя класы ў сярэдняй школе № 32 у Гародні. Яна знаходзіцца на вуліцы Ліможа, 11 (сайт: http://sch32.grodno. unibel.by). Тэл.: (8 0152) 48-50-48, 43-64-03.

Падрыхт. Алена Ляшкевіч.


Генадзю Судніку - 70

Генадзь Вітольдавіч СУДНІК нарадзіўся 21 жніўня 1943 года ў Аранбургу. Пасля вайны сям'я вярнулася ў Беларусь.

Па заканчэнні школы Генадзь пайшоў на вайсковую службу. Стаў карэспандэнтам акружной газеты "Во славу Родины", а па заканчэнні вайсковай службы - карэспандэнтам "Магілёўскай праўды".

Загадчык ідэялагічнага аддзела "Магілёўскай праўды", інструктар абкама партыі, інструктар ЦК КПБ, а з 1982 года прызначаны старшынём камітэта аблвыканкама па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Паралельна скончыў завочна факультэт журналістыкі БДУ, затым ужо стацыянарна - аддзяленне журналістыкі Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС.

Пасля жнівеньскіх падзей 91-га. Суднік далучыўся да БНФ. Ён і зараз лічыць Пазьняка самай яркай зоркай палітычнага небасхілу Беларусі і ганарыцца сваім сяброўствам ў КХП БНФ.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў 1994 года магілёўскае тэлебачанне не шчыравала ў падтрымцы таго ці іншага кандыдата ў прэзідэнты. Пасля выбараў "бээнэфавец" Суднік на сваёй пасадзе новых кіраўнікоў ніколькі не задавальняў.

Праца прафесіяналаў знаходзіць. Спачатку Судніку прапанавалі рабіць незалежную газету "Ратуша", а затым Аляксандр Астапаў, які заснаваў незалежны тэлеканал "Магілёў-2", паклікаў яго дырэктарам канала. Там Суднік сабраў невялікую групку разумных і актыўных супрацоўнікаў і пачаў выпускаць цікавыя праграмы. Пасля рэферэндуму па сімволіцы яго папрасілі прыбраць са стала бел-чырвона-белы сцяжок, у адказ Г. Суднік пакінуў канал. Быў рэдактарам "Тыднёвіка Магілёўскага", адным з заснавальнікаў БАЖ, у праўленне якога ўваходзіць да гэтага часу. Супрацоўнічаў з Белсатам.

Сябар ТБМ і Беларускага ПЭН-цэнтра.

(Пра Г. Судніка чытайце на ст. 3.)


Уладзіміру Арлову - 60

Уладзімір Аляксеевіч АРЛОЎ (нар. 25 жніўня 1953, Полацк) - беларускі пісьменнік. Скончыў гістарычны факультэт БДУ (1975). Працаваў настаўнікам гісторыі ў Наваполацку (1975-1976), карэспандэнтам, загадчыкам аддзела, намеснікам рэдактара гарадской газеты "Хімік" (Наваполацк, 1976-1988), рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура" (1988-1997). Віцэ-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра, сябар рады Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1986), сябар рэдкалегій часопісаў "Спадчына", "Калосьсе", "Крыніца". Жыве ў Менску. З 1988 сябар БНФ. З 1992 двойчы абіраўся ў Сойм БНФ. Цяпер беспартыйны. Грэка-каталік. Жанаты, двое сыноў - Раман і Багдан.

Дэбютаваў вершамі ў студэнцкіх часопісах "Блакітны ліхтар" (Наваполацк, 1973), "Мілавіца" (Менск, 1976). Вядомасць прынесла проза, творы гістарычнай тэматыкі. Аўтар 20 кніг прозы, паэзіі, гістарычных нарысаў і эсэ, у т.л. "Добры дзень, мая Шыпшына" (Мн., 1986), "Дзень, калі ўпала страла" (Мн., 1988), "Асветніца з роду Усяслава" (Мн., 1989), "Ордэн Белай мышы", "Адкусі галаву вароне", "Пока не погасла свеча" (М., 1990), "Там, за дзвярыма" (вершы ў прозе: Мн., 1991), "Цалкам сакрэтна, альбо Адзін у трох іпастасях" (Мн., 1992), "Евфросиния Полоцкая" (Мн., 1992), "Рандэву на манеўрах" (Мн., 1992), "Міласць князя Гераніма" (аповесці, апавяданні: Мн., 1993), "Таямніцы полацкай гісторыі" (Мн., 1994), "Пяць мужчын у леснічоўцы" (Мн., 1994), "Фаўна сноў" (вершы: Мн., 1995), "Божая кароўка з Пятай авеню" (Мн., 1998), "Жыватворны сімвал Бацькаўшчыны" (Мн., 1998), "Дзесяць вякоў беларускай гісторыі". (Вільня, 1999; у суаўтарстве з Г. Сагановічам), "Requiem dla pily motorowej" (Рэквіем для бензапілы; Беласток, 2000), "Адкуль наш род" (Мн., 1996; Вільня, 2000), "Сны імператара" (апавяданні, аповесці, эсэ: Мн., 2001), "Краіна Беларусь" (Славакія: Neografia, 2003; у сааўтарстве з З. Герасімовічам), "Паром празь Ля-Манш" (вершы: Мн., 2006) і інш. Творы У. Арлова перакладаліся на 25 моў, у т.л. нямецкую, англійскую, польскую, чэшскую, французскую, эстонскую, літоўскую, славацкую, грузінскую і інш.

Аўтар сцэнарыяў навукова-дакументальных фільмаў "Ефрасіння Полацкая", "Полацкія лабірынты", "Сімяон Полацкі" і інш.


Міністр адукацыі хоча, каб родная мова вярнулася на ўрокі гісторыі і геаграфіі Беларусі, але...

У траўні мінулага года ў міністэрстве адукацыі заявілі, што можа быць уведзена абавязковае вывучэнне гісторыі і геаграфіі краіны на беларускай мове. Для новаўводзін патрабуюцца значныя фінансавыя і кадравыя рэсурсы.

Аднак сёлета міністр адукацыі Сяргей Маскевіч гаворыць некалькі інакш:

- Гісторыя і геаграфія будуць выкладацца на той мове, якую абярэ канкрэтны вучань, ягоныя бацькі, згодна з іх жаданнямі. Асабіста я пажадаў бы, каб вучні выбіралі мовай вывучання школьных прадметаў беларускую, - адзначыў ён. - Мне здаецца, гэта было б вельмі добра і для Беларусі, і для іх саміх. На сваіх сустрэчах рознага ўзроўню я звяртаю увагу загадчыкаў розных аддзелаў адукацыі, кіраўнікоў абласных упраўленняў на тое, каб яны праводзілі нарады і размаўлялі з бацькамі, выкладчыкамі наконт таго, каб весці працу па большым ужыванні беларускай мовы, агітавалі размаўляць на ёй сваіх дзяцей.

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў кажа, што Мінадукацыі ідзе на хітрасць, калі гаворыць пра свабодны выбар мовы навучання ў школе.

- Мы звярталіся яшчэ год шэсць таму, каб у школы вярнулі выкладанне гэтых прадметаў на беларускай мове, - нагадвае ў размове са Службай інфармацыі "ЕўраБеларусі" Алег Трусаў, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. - Ну вось гэтую падачку - выбар мовы навучання бацькамі і вучнямі - яны нам і кінулі. Ёсць, канешне, такія выпадкі, калі бацькі абіраюць беларускую мову мовай навучання, але гэта - выключэнне. І Міністэрства адукацыі ідзе на хітрасць, калі кажа пра свабоду выбару. Ніхто ў бацькоў нічога не пытаў, калі тагачасны міністр адукацыі Аляксандр Радзькоў скасаваў абавязковае выкладанне гісторыі і геаграфіі на беларускай мове. І, як паказвае статыстыка, за гэтыя гады рэзка знізілася колькасць абітурыентаў, што выбіралі тэставанне па гэтых прадметах па-беларуску. Гэта вынік агульнай палітыкі, усё той жа палітыкі маскоўскіх імперыялістаў.

- Дык як змагацца з гэтай палітыкай? Ці ўсё безнадзейна?

- Шлях толькі адзін - размаўляць 25 гадзін у суткі на беларускай мове. Толькі сваім прыкладам даказваць. Іспанцы 150 гадоў спрабавалі прымусіць галандцаў перастаць размаўляць на сваёй мове - не атрымалася. Ну а тут усяго толькі 20 гадоў - так што яшчэ нічога не згублена.

Беларускае Радыё Рацыя


Віталь Гуркоў: Паважаю тых, хто захоўвае нашу мову і традыцыі

Ліпень для дзесяціразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе дасціпнага і таленавітага Віталя Гуркова выдаўся насычаным на падзеі. Найперш гэта тычыцца першынства Еўропы, дзе ён заваяваў "золата", у чарговы раз даказаў, што ў сваёй вагавой катэгорыі лепш за яго ў Старым Свеце нікога няма! Што казаць, цудоўная падстава для рознабаковай размовы з чалавекам, у якога сапраўды моцная грамадзянская пазіцыя, піша "Звязда".

- Я пачаў размаўляць на мове гады тры таму. Пасля вельмі цяжкіх баёў я нечакана для многіх даў каментар на нацыянальнай мове для тэлебачання. Нават не памятаю, як так адбылося. Проста стаяў перад камерамі і нечакана пачаў казаць на мове. Кажуць, што атрымалася даволі ўдала. Зразумела, многія здзівіліся, калі пачулі гэта па тэлевізары. Я вельмі паважаю тых, хто штодзённа гаворыць па-беларуску, захоўвае нашу мову і культурныя традыцыі. Прыемна, што мяне падтрымалі і мае сябры-спартсмены. Мы, між іншым, часам на трэніроўках робім паўзы і пераходзім цалкам на мову. Атрымліваецца нядрэнная практыка.

* * *

- Родную мову палюбіў яшчэ ў школе. І калі быў выбар, на якой мове пісаць дыктоўку, заўжды галасаваў за беларускую. А першай беларускамоўнай кнігай для мяне ў той час стаў зборнічак народных прымавак. Наша літаратура ў той час мне не вельмі падабалася, бо ў ёй было шмат дэпрэсіі. Людзі на балоце, у дрыгве, у нядолі - падобнае асацыявалася ў мяне з нечым негатыўным. Гэта ўжо пасля мае сябры параілі пачытаць мне кнігу "Лясныя дарогі: версэты" Алеся Разанава, творы Уладзіміра Арлова. Помнікі, якім пісьменнікам параіў бы ўсталяваць у Менску? Мяркую, што Максіму Танку і Васілю Быкаву.

* * *

- Мне таксама ў спрэчках прыходзілася абараняць родную мову. Зазвычай гэта былі спрэчкі з маімі знаёмымі, якія заканчваліся тым, што кожны заставаўся пры сваіх меркаваннях. Але была адна вельмі крыўдная сітуацыя, калі мяне спынілі інспектары ДАІ. Я, зразумела, перасеў да іх у аўтамабіль, пачаў адказваць на пытанні. І тут мой суразмоўца прыадчыніў фортку, спытаў у калегі: "А что, он с тобой тоже разговаривает на белорусском?". Ён атрымаў станоўчы адказ, а пасля задаў мне цэлы шэраг пытанняў: "Зачем на этом мёртвом языке говоришь? Я таких, как ты, в 93-м на улице строил!". Ну, я і адказваю, што, па-першае, не такая гэта ўжо і мёртвая мова, калі я на ёй размаўляю, а па-другое, наўрад ці такіх, як я, вы дзесьці там выхоўвалі. І ў гэты момант я паказваю яму "корачку", дзе напісана "заслужаны майстар спорту". Размова адразу набыла крыху іншы характар. Ведаеце, мне было крыўдна ў той момант. Прадстаўнік закону павінен ведаць дзве дзяржаўныя мовы. А калі не можа размаўляць па-беларуску, дык павінен паважаць нашу мову.

Паводле "Звязды".


"Пра Кастуся". Гістарычны комікс па матывах твораў Караткевіча пабачыў свет

Гістарычны комікс, створаны па матывах п'есы Уладзіміра Караткевіча "Кастусь Каліноўскі: смерць і неўміручасць", выйшаў да гадавіны паўстання 1863-1864 гадоў.

"Пра Кастуся" - так называецца кніга. Малюнкі і афармленне зроблены маладым мастаком і музыкантам Уладзімірам Дрындрожыкам. Куратар гэтага ўнікальнага праекту - паэт, літаратуразнавец Анатоль Івашчанка.

Як вядома, п'еса Караткевіча была напісаная да стагоддзя паўстання. Стваральнікі комікса лічаць, што "ніхто не раскрыў вобраз Кастуся Каліноўскага настолькі добра, як Караткевіч". Падчас працы над выданнем яны карысталіся гістарычнымі сведчаннямі, тагачаснымі гравюрамі і выявамі, а таксама наробкамі сучасных рэканструктараў падзей паўстання.

Безумоўна, коміксы - выдатная форма папулярызацыі беларускай гісторыі, прычым цікавыя яны могуць быць і дарослым, і дзецям.

- Лічу, што першая аладка ў нас выйшла не камяком. Пэўных ідэй пакуль няма. Але нават вось гэты комікс з 26 старонак фармату А4 патрабуе працягу. Ён сканчаецца шматкроп'ем. Прычым сюжэт не сканчаецца паразай Каліноўскага (гэта была такая прынцыповая задача ад пачатку - не завяршыць усё павешаннем на Лукішках). У прынцыпе, комікс сканчаецца перамогай, што гістарычна не можа быць рэальным фіналам, - распавёў Анатоль Івашчанка на сайце eurobelarus.info. І дадаў, што сюжэты пра Каліноўскага могуць быць увасоблены і ў іншых жанрах:

- Я чуў пра вельмі сімпатычную ідэю - стварэнне мюзікла "Пра Кастуся". Не ведаю, хто яе рэалізоўвае і на якім усё зараз этапе. Але вельмі не хацелася б, каб гэта засталося толькі ідэяй.

Комікс выйшаў пры падтрымцы ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" lit-bel.org, а таксама ў межах кампаніі "1863", якая ажыццяўляецца пры падтрымцы Міжнароднага кансорцыюму "ЕўраБеларусь".

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".


"ВЯЛІКАЕ СЭРЦА"

У нашай мове, як і ў рускай ды ўкраінскай, ёсць два фразеалагізмы з аднолькавымі кампанентамі, але ў розных іх склонавых формах. Адрозніваюцца яны і сваёй сінтаксічнай функцыяй, спалучальнымі ўласцівасцямі, слоўным акружэннем, у якім праяўляюцца іх далёка не аднолькавыя значэнні.

Адзін з іх - вялікае сэрца ў каго . Ён не самадастатковы ў сэнсавых адносінах і інакш ніяк не можа праявіць свайго значэння, як толькі дапоўніўшыся залежным ад яго адушаўлёным назоўнікам-канкрэтызатарам, які ў такім разе выступае ў сказе як лагічны дзейнік. Выраз ужываецца толькі ў безасабовых сказах і абазначае хто-небудзь здольны на вельмі моцнае і шчырае пачуццё : Іван Сямёнавіч Андруш, я, здаецца, нешта пачынаю разумець. У вас вялікае сэрца, Іван Сямёнавіч… (В. Палтаран). Кузьма Чорны адно сваё апавяданне назваў "Вялікае сэрца". Тут ужо кантэкстам, у якім рэалізуецца значэнне фразеалагізма, выступае не сказ, а цэлы твор. І, прачытаўшы яго, мы разумеем, што ў асноўнага героя апавядання сапраўды вялікае сэрца, што ён здольны на значны патрыятычны ўчынак. Гэты выраз мае нязменную кампанентную форму і сталую спалучальнасць са словамі кантэксту. Але калі ў вершаваным маўленні, з яго рытмічнымі патрабаваннямі, гэты фразеалагізм ужыты і ў крыху змененай форме, ён усё роўна выразна ўсведамляецца чытачом. У вершы П. Броўкі "Кастусь Каліноўскі" пра партызанскага камандзіра чытаем: "Ён сэрцам вялікім Кастусь Каліноўскі". Тут сэрцам вялікім - гарачым пачуццём, здольнасцю быць добрым, чулым.

Другі фразеалагізм - вялікага сэрца - застыў у форме роднага склону, выкарыстоўваецца толькі ў ролі прэдыкатыўнага азначэння пры дзейніку са значэннем асобы і мае сэнс сардэчны, шчыры, спагадлівы, чулы. Вось толькі тры прыклады яго нарматыўнага ўжывання: 1) Нікіфаровіч дабрадушна ўсміхнуўся: - Нашы людзі вялікага сэрца, хлопча. Яны ўмеюць караць і шкадаваць… (П. Броўка); 2) Лосева была вялікага сэрца жанчына (І. Гурскі); 3) І недзе сярод гэтых тысяч людзей нага ў нагу крочыла Карпаўна, жанчына вялікага сэрца (У. Краўчанка).

Як відаць з апісанага вышэй, некаторым фразеалагізмам, у іх ліку і двум згаданым, уласцівы "даволі жорсткія ўмовы ўзнаўляльнасці" (Л.І. Скварцоў), яны параўнальна з іншымі моўнымі адзінкамі - "дэспатычна капрызная і няўлоўная рэч" (О. Есперсен). Складанасць фразеалагізмаў як моўных адзінак, супярэчнасць паміж іх семантычнай непадзельнасцю і расчлянёнай формай, паміж актуальным і этымалагічным значэннем стварае пэўныя цяжкасці пры іх ужыванні і патрабуе добрага валодання іх нормамі, а час ад часу і заглядвання ў нарматыўныя даведнікі. У адваротным жа выпадку непазбежна сутыкаемся з няправільнасцямі, з фразеалагічнымі памылкамі.

Так, у "Родным слове" (2013, № 6, с. 3-5) змешчаны артыкул Галіны Адамовіч "Васіль Быкаў - вялікае сэрца народа". Невядома, як бы адказала аўтарка (а яна доктар філалагічных навук), калі б у яе спыталі, што абазначае, які сэнс мае вялікае сэрца ў гэтым сказе. У лексікаграфічнай практыцы здаўна ўсталявалася правіла: каб праверыць, ці правільна вызначылі сэнс таго ці іншага слова або фразеалагізма, неабходна карыстацца прыёмам накладання на слова ці фразеалагізм яго тлумачэння. Адразу відаць, што вялікае сэрца ў прыведзеным загалоўку не мае слоўнікавага нарматыўнага значэння. А гэтае ж памылковае ўжыванне могуць выкарыстаць і некаторыя чытачы "Роднага слова", і недакладнасць (не дай бог) стане ўкараняцца.

Аўтарка, відаць, з прэтэнзіяй на арыгінальнасць ці то метафарычнасць маўлення яшчэ раз ужывае вялікае сэрца , але ўжо ў спалучэнні з дзеясловам: У маленькага народа, што жыве ў самым цэнтры Еўропы, білася вялікае сэрца - Васіль Быкаў. І народ быў вялікі ім . Але ж гэтак не гаворыцца! Ёсць у нашай мове, а таксама ў рускай і ўкраінскай фразеалагізм (пакуль) сэрца б'ецца (каго) са значэннем '(пакуль) хто-небудзь жывы, існуе' - калька з французскай мовы (tant que le coer me battra) . І яшчэ: перастала біцца сэрца (каго) - 'хто-небудзь памёр ці загінуў'. Але гэта ўжо зусім іншыя рэчы.

Іван Лепешаў.


Летняя гістарычная школа "Гісторыя на вакацыях"

У жніўні ў сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць летняя гістарычная школа "Гісторыя на вакацыях" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава.

Заняткі пройдуць 26 жніўня (панядзелак) на вул. Румянцава, 13.

Пачатак а 18-й. Уваход вольны.


Бээнэфавец з камуністычнай абоймы

(да 70-годдзя Генадзя Судніка)

З'явіцца на гэтым свеце ў змрочны ваенны час яму дапамагло раненне бацькі. Пасля лячэння бацьку перад адпраўкай на фронт далі некалькі дзён адпачынку, і ён правёў гэтыя дні ў Аранбургу, куды на пачатку вайны была эвакуяваная яго сям'я. Пасля вайны сям'я вярнулася ў Беларусь.

Бацька працягваў вайсковую службу, якая пэўным чынам ратавала ад падазрэнняў. Бо дзед Генадзя ў царскія часы быў нейкім начальнікам на чыгунцы, хадзіў у шапцы з сінім аколышкам - гэтага было дастаткова, каб пры новай уладзе да яго была пільная ўвага з боку адпаведных органаў. Таму вымушаны быў з'ехаць у Туркменію. І бацьку трэба было даказваць сваю лаяльнасць да новай улады, таму ён паступіў у вайсковую вучэльню.

Па заканчэнні школы Генадзь пайшоў на вайсковую службу. Там заўважылі яго здольнасць пісаць і накіравалі ў школу вайсковых карэспандэнтаў. Так ён стаў карэспандэнтам акружной газеты "Во славу Родины", а па заканчэнні вайсковай службы - карэспандэнтам "Магілёўскай праўды", якая стала трамплінам яго кар'еры. Загадчык ідэялагічнага аддзела "Магілёўскай праўды", інструктар абкама партыі, інструктар ЦК КПБ, а з 1982 года прызначаны старшынём камітэта аблвыканкама па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Паралельна скончыў завочна факультэт журналістыкі БДУ, затым ужо стацыянарна аддзяленне журналістыкі Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС.

Нешта ўсё ж зашкодзіла яму пры такім развіцці жыццёвых падзей стаць звычайным функцыянерам, той наменклатурнай адзінкай, якой так утульна жылося ў камуністычнай сістэме. Хутчэй за ўсё тое, што сістэма ўжо пачынала даваць збоі, і ў яе "шрубак" з'яўляліся крамольныя думкі аб тым, ці правільная гэтая сістэма. Аднойчы такую думку ён агучыў у газетным рэпартажы з пленума гаркама камсамола, за што атрымаў нахлабучку ад сакратара абкама і ад галоўнага камсамольца Беларусі.

Першым і вельмі істотным штуршком яго грамадзянскага развіцця стаў калектыў "Магілёўскай праўды".

Ён з вялікім піетэтам успамінае людзей, з якімі яму пашчасціла працаваць. Рэдактар Васіль Цітавец, намесніца рэдактара Марыя Карпенка, Васіль Матэвушаў, Аляксей Пысін, Якаў Рэзнікаў, Іван Аношкін, Іван Ісачанка, Аркадзь Кандрусевіч, Іван Дабранскі, Іван Патапаў…

Генадзю, як сыну афіцэра, было дазволена ў школе не вучыць беларускую мову. І ён яе не вучыў і амаль не ведаў. І раптам ён патрапіў у калектыў, дзе размаўлялі выключна на беларускай мове. Родная мова там не была фармальнай мовай газеты, як гэта часта было ў тыя часы, калі па-за працай журналіст забываў мову і пераходзіў на "нармальны язык". У "Магілёўцы" мова сапраўды была роднай. Яна гучала і ў размовах у рэдакцыйных кабінетах, і ў курылцы, і на розных міжсабойчыках, і пры сустрэчах на вуліцы і ў любых іншых месцах. Ды шчэ якая сакавітая! Нездарма ж многія супрацоўнікі займаліся літаратурнай дзейнасцю, пісалі вершы, апавяданні, выдавалі кнігі. Генадзь апынуўся ў атмасферы мовы, якая яму надзіва падабалася. Большай асалоды ад прыгажосці мовы ён нідзе пазней не атрымліваў. Ён хадзіў за сваімі калегамі і ўслухоўваўся ў іх мову, спрабуючы пераняць яе. Так беларуская мова стала ягонай мовай. І тады ён задумаўся: чаму гэтай мовай не карыстаюцца беларусы?

Стаўшы кіраўніком абласнога тэлебачання і радыё, потым незалежнага тэканала "Магілёў-2", ён імкнуўся да таго, каб і там мова загучала напоўніцу.

Падзеі канца 80-х не пакінулі яго абыякавым. Постаць Зянона Пазьняка выклікала захапленне. Ён адчуваў глыбінную праўду гэтага чалавека, паступова саспявала гатоўнасць падтрымліваць яго сваімі сіламі. Канчаткова гэтая гатоўнасць саспела пасля жнівеньскіх падзей 91-га. Суднік далучыўся да БНФ. Ён і зараз лічыць Пазьняка самай яркай зоркай палітычнага небасхілу Беларусі і ганарыцца сваім сяброўствам ў КХП БНФ.

На просьбу ўспомніць які-небудзь эпізод свайго кіраўніцтва абласным тэлебачаннем задумваецца…

Вясна 94-га. Грамадства закіпае з перспектывы выбараў першага прэзідэнта. Сталяроў, прызначаны старшынём камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні пасля Бураўкіна, прыслаў кур'ера з Менска на таксі з касетай, дзе была запісана саракапяціхвілінная агітка за Кебіча як будучага прэзідэнта. Законам дазваляліся такія агітацыйныя перадачы на абласным тэлебачанні працягам не болей за пятнаццаць хвілін. Суднік адправіў кур'ера назад з просьбай перадаць Сталярову два магчымыя варыянты развіцця падзей: або Сталяроў піша загад, якім абавязвае Судніка парушыць закон толькі адносна Кебіча, або ён будзе парушаць закон у адносінах да ўсіх кандыдатаў. Ён ужо меў аналагічную касету прыкладна той жа працягласці з агітацыяй за Пазьняка. Вынікам стала тое, што ні адна, ні другая перадача на магілёўскім тэлебачанні не з'явіліся.

Увогуле, магілёўскае тэлебачанне не шчыравала ў падтрымцы таго ці іншага кандыдата ў прэзідэнты, нават таго, які ўрэшце быў абраны. Тут больш прыкметнай была газета "Магілёўскія ведамасці", рэдактар якой Р. Кісель і яго актыўны карэспандэнт Я. Рыбакоў зрабілі "правільную" стаўку. Вынік быў прадказальны: Кісель заняў пасаду старшыні рэспубліканскага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні, а Рыбакоў быў прызначаны кіраваць тым жа ў вобласці. "Бээнэфавец" Суднік на гэтай пасадзе новых кіраўнікоў ніколькі не задавальняў.

Ніякага новага месца працы яму не прапанавалі, ён апынуўся "на вуліцы". Трэба было працаўладкоўвацца самастойна. Але многія раней знаёмыя з ім цяпер баяліся вітацца і размаўляць. Не дай Бог, узнікнуць падазрэнні, што яны спачуваюць Судніку.

Усё ж праца прафесіяналаў знаходзіць. Спачатку Судніку прапанавалі рабіць незалежную газету "Ратуша", а затым Аляксандр Астапаў, які заснаваў незалежны тэлеканал "Магілёў-2", паклікаў яго дырэктарам канала. Там Суднік сабраў невялікую групку разумных і актыўных супрацоўнікаў і пачаў выпускаць цікавыя праграмы. На гэтым невялічкім тэлеканале выходзілі сем аўтарскіх праграм, былі інтэрвію з цікавымі жыхарамі Магілёва, натуральна не з уладнай абоймы. Асабіста аўтару гэтых радкоў было ўпершыню прапанавана прачытаць некалькі сваіх перакладаў з Высоцкага на роднай мове.

Пасля рэферэндуму па нацыянальнай сімволіцы заснавальнік тэлеканала паклікаў дырэктара і сказаў: маўляў, думкамі і сэрцам я з вамі, але ж вы бачыце вынікі; таму бел-чырвона-белы сцяжок са свайго стала трэба прыбраць, каб ён болей не мільгаў на тэлеэкране, і трэба падумаць пра новую канцэпцыю тэлеканала.

Пра "новую" канцэпцыю Судніку думаць не хацелася. Ён зноў пайшоў у вольнае плаванне і далучыўся да дзейнасці грамадскага аб'яднання "Кола сяброў", якое тады было ці не самай актыўнай і самай дзейснай грамадскай структурай горада. Нават знайшліся сродкі на выданне сваёй газеты "Тыднёвік Магілёўскі", рэдактарам якой быў прызначаны Суднік. Гэта была другая ў Беларусі газета (пасля "Нашага слова"), зарэгістраваная ад імя грамадскага аб'яднання. Газета выходзіла прыстойным накладам у дзве тысячы асобнікаў, прадавалася ў шапіках "Магілёўсаюздрук", займела сваё кола чытачоў. І гэта была адзіная ў Магілёве газета, на старонках якой можна было выказваць "альтэрнатыўныя" думкі.

Не ўсім публікацыі "Тыднёвіка" падабаліся. Тэксты прыдзірліва вычытваліся пэўна настроенымі людзьмі, падключаліся ветэранскія арганізацыі - і раз-пораз рэдактара запрашалі ў суд, спаганяючы немалыя штрафы. Адзін з гэтых судовых працэсаў быў звязаны з маім артыкулам "Партыёты", дзе я выступіў у абарону Васіля Быкава ад яго ўніверсітэцкіх "крытыкаў", якія лічылі, што творчасць гэтага пісьменніка трэба істотна абмежаваць у школьнай праграме, бо героі Быкава нейкія няправільныя. Ад імя БАЖ абараняць нас прыехаў Андрэй Бастунец, і гэтая падтрымка ўратавала газету ад чарговага штрафу. Балазе, і суддзя разумела, у якую гісторыю яна патрапіць, калі выступіць супраць Быкава.

Аўтар гэтых радкоў даволі актыўна супрацоўнічаў з "Тыднёвікам". І тут варта ўспомніць яшчэ адзін эпізод гэтага супрацоўніцтва, які яскрава характарызуе рэдактара.

Мне даўно хацелася выказаць свае погляды на ролю Расеі ў гісторыі сусветнай цывілізацыі, погляды даволі крытычныя, але я разумеў, што не ўсякая газета ці часопіс возьмецца такое надрукаваць. А з "Тыднёвікам" вырашыў паспрабаваць. Пісаў сваё эсэ "Расея як міфатворца" даволі акуратна, каб не даць зачэпкі чарговы раз пацягнуць нас у суд. Суднік уважліва вычытаў тэкст і надрукаваў яго ў "Тыднёвіку", не змяніўшы і не выкінуўшы ніводнага слова. А вось зараз я прапанаваў яго ў альманах магілёўскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў, што рыхтуецца да выдання, бо лічыў, што тэкст не страціў сваёй актуальнасці. Дарэчы, так палічылі і У. Арлоў, Л. Баршчэўскі, П. Садоўскі. Але рада альманаха не прапусціла гэты тэкст у друк.

Што б вы сказалі гэтым людзям зараз? - запытаўся я ў Судніка. "Я б ім сказаў, што там праўда напісана, праўда, аб якой варта думаць. І расейцам, і нам, іх суседзям… Калі мы будзем рабіць выгляд, што такой тэмы няма, калі мы будзем увогуле ігнараваць непрыемныя тэмы, то ад гэтага непрыемныя тэмы не знікнуць. Увядзенне самацэнзуры - гэта самая вялікая перашкода розуму, сумленню, гонару…"

"Тыднёвік Магілёўскі" скончыў сваё існаванне ў 2002 годзе з-за фінансавых праблем. Генадзь Суднік зноў узначаліў Магілёўскае аддзяленне Беларускай асацыяцыі журналістаў. Ён быў адным з заснавальнікаў БАЖ у 1995 годзе, уваходзіў (і дагэтуль уваходзіць) у праўленне БАЖ, але некаторы час з-за загружанасці Судніка аддзяленнем кіраваў іншы чалавек. Акрамя таго, Суднік з'яўляецца адным з заснавальнікаў і сябрам Магілёўскай суполкі Беларускага ПЭН-цэнтра.

А калі распачаў сваю працу тэлеканал Белсат, Суднік стаў адным з кансультантаў канала, яго дарадцам і памочнікам, бо не скарыстоўваць яго багаты досвед кіраўніцтву і маладому калектыву новага тэлеканала было б неразумна. Зараз, ужо па стане здароўя крыху адышоўшы ад дзейнасці Белсату, ён з цікавасцю праглядвае амаль усе яго праграмы, радуецца заўважнаму сталенню яго супрацоўнікаў, павышэнню якасці перадач і лічыць, што праект незалежнага тэлебачання стаў істотным звяном (ён скарыстоўвае нават слова "ратункам") беларускай журналістыкі.

Сябры зычаць Генадзю Вітольдавічу паправіць сваё здароўе да 21 жніўня, каб спакойна размяняць восьмы дзясятак жыцця са спадзяваннямі на новыя жыццёвыя набыткі.

Міхась Булавацкі, Магілёў.


Мінералы з Чылі дастаўлены ў музей Ігната Дамейкі ў в. Крупава Лідскага раёна

14 жніўня на Лідчыне адбылася нечаканая і надзвычай прыемная падзея. У музей Ігната Дамейкі Крупаўскай школы Лідскага раёна была прывезена калекцыя мінералаў з Чылі. Прывёз мінералы работнік адной з шахтаў на поўначы краіны Тарас Міхайлавіч Кецмур.

І вось тут ёсць пытанне. Як павінен працаваць музей вясковай школы (загадчык Гівойна Марыя Аляксандраўна), каб нехта зусім незнаёмы захацеў везці ў яго экспанаты з другога канца планеты?

Тарас Міхайлавіч нарадзіўся ў Архангельску, ваяваў у Афганістане, удзельнічаў у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, доўга лячыўся ў Германіі, прайходзіў рэабілітацыю ў Іспаніі, апошнія тры гады працуе ў Чылі. З Беларуссю яго лучаць сяброўскія і сваяцкія сувязі, у тым ліку сяброўства з Ігарам Лучанком. Паводле яго слоў прывезці мінералы было вельмі не проста. Шлях ляжыць цераз шмат краін, і на кожнай мытні свае абмежаванні на перавозку неапрацаваных мінералаў. Так на адной з мытняў засталася так званая "каменная ружа", але Тарас Міхайлавіч паабяцаў, што праз год аформіць усе патрэбныя дакументы і давязе ружу да Беларусі. Паабяцаў таксама паспрабаваць знайсці мінерал дамейкіт , названы ў гонар вялікага беларуса і нацыянальнага героя Чылі Ігната Дамейкі.

На скрынцы з мінераламі надпіс па-іспанску, там ёсць словы і "Беларусь", і "Дамейка". Са слоў можна было зразумець, што сярод прывезеных мінералаў ёсць узоры з "Міна дэ Дамейка" (з шахты, якую назваў у гонар Дамейкі яго вучань).

Музей Ігната Дамейкі ў Крупаўскай школе, бліжняй да дамейкаўскага Заполля, быў заснаваны, як невялікі куток у фае школы, але з часам развіўся і перамясціўся ў асобны будынак. У ім больш за паўтысячы экспанатаў, ёсць кнігі І. Дамейкі на розных мовах, ёсць калекцыя мінералаў, перададзеная музею Польскай акадэміяй навук з Варшавы. Музей вядзе актыўную працу, тут бываюць наведвальнікі з розных куткоў краіны і замежжа. Цяпер значнасць і вартасць музейнай экспазіцыі ў Крупаўскай школе непараўнальна вырасла. Наяўнасцю мінералаў з Чылі пахваліцца можа мала хто.

Перад школай да 200-годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі (2002 г.) устаноўлены памятны знак (аўтар Рычард Груша), на адкрыццё якога прыязджалі сваякі І. Дамейкі.

Працягваючы тэму Дамейкі, варта адзначыць, што нарэшце на шматпакутнай вуліцы Ігната Дамейкі ў Лідзе з'явілася першая шыльда на адным з дамоў. Вядома ж, на рускай мове. І гэта ў год беражлівасці такая марная трата грошай, бо шыльда ўсяроўна будзе заменена на беларускамоўную, хоць дом і кааператыўны, і шыльду вешалі самі людзі, але якія, відаць, забыліся, што яны беларусы.

Яраслаў Грынкевіч


Шляхамі паўстанцаў па Слоніме і ваколіцах

Экскурсійны маршрут "Год 1863: паўстанне на Слонімшчыне" быў прэзентаваны 11 жніўня.

Маршрут, які пралягае ад Мілавідаў - месца знакамітай бітвы паўстанцаў з царскімі войскамі - да Слоніма, быў падрыхтаваны ў адпаведнасці з афіцыйнымі патрабаваннямі Нацыянальнага агенцтва па турызме.

Распрацоўка маршруту адбывалася ў межах кампаніі "1863", якая дзейнічае пры падтрымцы Міжнароднага кансорцыюму "ЕўраБеларусь". Само падарожжа займае прыкладна 11 гадзін. Прэзентацыйную экскурсію праводзіў гід Цімафей Акудовіч.

Распрацоўшчыкі маршруту заўважылі, што асноўныя пункты абіралі такім чынам, каб не толькі ўшанаваць памяць асноўных месцаў, звязаных з 1863 годам (Мілавіды, Азярніца), але і прыцягнуць увагу да малавядомых помнікаў Слонімшчыны (Шылавічы, Быцень). А на вядомыя турыстычныя пункты гэтага рэгіёну аўтары экскурсіі пасправалаі паглядзець з іншага боку.

Распачалося падарожжа ў Мілавідах - вёсцы ў Баранавіцкім раёне, дзе 22 траўня 1863 года адбылася адна з найгалоўных бітваў усяго паўстання на тэрыторыі Беларусі. У сярэдзіне траўня 1863 года ў гэтым раёне сканцэнтраваліся адразу некалькі паўстанцкіх аддзелаў, на якіх царскія ўлады кінулі пяць рот салдатаў з чатырма гарматамі. У выніку бітвы паўстанцы, страціўшы забітымі і палоннымі 18 чалавек, усё ж такі перамаглі. Страты царскага войска склалі 50 чалавек. Ахвяры бітвы паводле загаду падпалкоўніка расійскіх войскаў Булгарына былі пахаваныя па розныя бакі шашы, якія праходзіла непадалёк.

Далей экскурсія накіравалася ў вёску Чамялы Івацэвіцкага раёна, дзе да сённяшніх дзён захавалася паштовая станцыя, якую захоплівалі паўстанцы. А ў вёсцы Быцень і зараз можна агледзець стары ўніяцкі манастыр, каля якога паўстанцы праводзілі да прысягі мясцовых сялянаў.

Пасля экскурсія перабралася ў Слонімскі раён. У вёсцы Шылавічы знаходзіцца царква Казанскага абраза Божай маці, пабудаваная ў першай палове XIX стагоддзя. Каля яе так-сама адбываўся прыём сялянаў у паўстанцкія шэрагі. А яшчэ ў гэтай вёсцы захаваўся стары спіртзавод братоў Пуслоўскіх пачатку XX ст. У вёсцы Азярніцa знаходзіцца царква XIX ст. Ну, а ў самім Слоніме ёсць адразу некалікі прыгожых праваслаўных і каталіцкіх храмаў. Аглядаючы іх, удзельнікі экскурсіі спазнавалі гісторыі, звязаныя з падзеямі паўстання 1863 года ў Слоніме.

Наш кар.


Да 70-годдзя аперацыі "Баграціён"

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

Кабякову А.У.

К. Маркса. 38,

г. Мінск, 220016

Аб стварэнні мемарыяла

анерацыі "Баграціён"


Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!

Летам наступнага года споўніцца 70 гадоў славутай аперацыі "Баграціён", у выніку якой фашысцкія захопнікі былі выгнаныя з беларускай зямлі.

У сувязі з гэтым мы прапануем:

1. У Светлагорскім раёне, на тэрыторыі былога балота Брыдскі Мох, зрабіць мемарыял, прысвечаны пачатку гэтай унікальнай ваеннай аперацыі, і зрабіць невялікі музей як філіял музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яшчэ адно магчымае месца для будучага мемарыяла - траса Бабруйск - Мазыр каля в. ІІрытыка.

2. Выдаць паштовую марку і мастацкі канверт з гэтай нагоды.

3. Выдаць мастацкі альбом, прысвечаны вышэйзгаданай падзеі, на беларускай, рускай, нямецкай і англійскай мовах.

4. Зрабіць пешаходныя экскурсійныя маршруты па тэрыторыі былога ўрочышча Брыдскі Мох.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Ф. Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб разглядзе звароту

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства культуры сумесна з Гомельскім аблвыканкамам і Міністэрствам абароны разгледзела Ваш зварот аб ушанаванні памяці аб вызваленчай аперацыі "Баграціён", накіраваны на імя кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Кабякова А.У. і інфармуе.

Улічваючы набліжэнне 70-й гадавіны аперацыі "Баграціён" (чэрвень 2014 г.), Міністэрствам культуры сумесна з Гомельскім аблвыканкамам вядзецца работа па стварэнні і ўстаноўцы ў Светлагорскім раёне ў 2014 годзе мемарыяльнага комплексу, прысвечанага аперацыі "Баграціён" (далей - мемарыяльны комплекс) за кошт сродкаў бюджэту Саюзнай дзяржавы.

Дадзеная ініцыятыва падтрымана Камітэтам дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь, Міністэрствам абароны Расійскай Федэрацыі і атрымала папярэдняе адабрэнне Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы падчас рабочай нарады Дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Р.А. Рапоты з Міністрамі культуры Беларусі і Расіі ў кастрычніку 2012 года ў г. Маскве.

У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372 "Аб некаторых пытаннях стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна - дэкаратыўнага мастацтва" (далей - Пастанова) стварэнне і ўстаноўка мемарыяльных ансамбляў, манументаў-помнікаў, помнікаў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў на падставе заключэння Міністэрства культуры, па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Для распрацоўкі канцэпцыі мемарыяльнага комплекса Міністэрствам культуры створана рабочая група, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Міністэрства культуры, Міністэрства абароны, Адміністрацыі Гомельскага аблвыканкама і Светлагорскага райвыканкама, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справам моладзі Гомельскага аблвыканкама, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы і ўстановы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў".

Па інфармацыі Гомельскага аблвыканкама, вызначаны заказчык па праектаванні і будаўніцтве мемарыяльнага знака, прысвечанага пачатку аперацыі "Баграціён" (КУП "УКБ Светлагорскага раёна"). Эскізныя праекты былі разгледжаны на пасяджэнні абласнога мастацка-экспертнага савета па манументальнаму і манументальна-дэкаратыўнаму мастацтву. Па выніках разгляду прыняты за аснову эскізны праект скульптара Кандраценкі В.А. Аўтар эскізнага праекта выконвае таксама архітэктурнае рашэнне ўстаноўкі мемарыяльнага знака з улікам прывязкі да мясцовасці.

Гомельскі аблвыканкам лічыць магчымым размяшчэнне на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу абеліска з барэльефнымі партрэтамі славутых палкаводцаў Г.К. Жукава, К.К. Ракасоўскага, П.І.Батава, а таксама музея, які будзе адлюстроўваць эпізоды пачатку аперацыі "Баграціён". Плануецца аднавіць фартыфікацыйныя збудаванні і бліндажы, фрагменты ваенна-інжынерных перапраў з выкарыстаннем баявой тэхнікі і ўзбраенняў ваеннага часу.

Таксама Гомельскім аблвыканкамам разглядаецца пытанне выдання мастацкага альбома, прысвечанага дадзенай падзеі на беларускай, рускай, нямецкай і англійскай мовах. Экскурсійныя маршруты па тэрыторыі былога ўрочышча "Брыдскі Мох" плануецца распрацаваць пасля ўстаноўкі мемарыяльнага знака на тэрыторыі, якая да яго прылягае.

Першы намеснік Міністра У.М. Карачэўскі.


Свята пчаляроў

Спалучыць мастацкую i экалагiчную культуру з нацыянальнымi традыцыямi вырашылi арганiзатары свята "Мядовы Спас", якое адбылося ў Менску 14 жнiўня каля будынка Дзяржаўнага Мастацкага музея. Аналагiчная падзея адбылася ў Полацку.

У праграме свята прэзентацыi кнiг вядомых беларускiх пчаляроў i апiтэрапеўтаў, сустрэчы з лекарамi, мядовы пачастунак лепшымi гатункамi гэтага года, выступленне фолькгурта, конкурс дзiцячых малюнкаў на асфальце, азнаямленне з выстaвай заслужанага дзеяча мастацтваў Уладзiмiра Iванавiча Пракапцова i iншых творцаў.

Яўген Лецка прадставiў кнiгу Ўладзiмiра Гуркова i Станiслава Цярохiна "Радавод сонечнага племенi" у ягоным перакладзе на беларускую мову. У кнiзе гаворыцца пра карысны для здароўя досвед беларускiх пчаляроў. Адзiн з iх - Мiкола Папека, якi жыве ў Пружанах. Ён мае дзве вышэйшыя адукацыi, пiша вершы, перакладае. Ён заснаваў на Берасцейшчыне незвычайную прэмiю - пуд мёду за лепшы друкаваны твор мясцовага аўтара.

На свяце прысутнiчалi прадстаўнiкi грамадскага аб'яднання беларускiх лекараў - апiтэрапеўтаў. Намеснiк стaршынi аб"яднання, дырэктар гандлёвага дома "Мир пчёл" Леанiд Дзёмкiн адзначыў:

- Руплiвая пчолка - добры сябра чалавека. Яна можа навучыць i малога, i старога культуры жыцця. Прадукты пчалаводства служаць здароўю i даўгалеццю. Чалавек можа гарманiчна суiснаваць з сусветам, калi будзе клапацiцца аб чысцiнi навакольнага асяроддзя, захоўваць маральную чысцiню, будзе паважаць свaiх родных, берагчы жывёл, якiя яму служаць. Свята па нашай задуме накiравана на ўмацаванне сям'i i памнажэнне добрых традыцый продкаў.

У конкурсе дзiцячых малюнкаў перамагла Дамiнiка Емельяновiч. Яна адлюстравала на асфальце прыгоды клапатлiвай пчолкi. Дзяўчынка i iншыя ўдзельнiкi конкурсу атрымалi cалодкi пачастунак i каляровыя крэйды.

14 жнiуня ў Праваслаўнай царкве адзначаецца Вынясенне Пачэсных Дрэваў Жыватворнага Крыжа Гасподняга. У гэты дзень звычайна ў храмах асвячаецца вада i мёд новага збору, каб ён праз дабраслаўленне служыў на здароўе людзям. Гэты дзень лiчыцца таксама святам пчаляроў. Восенню ва Ўкраiне адбудзецца Мiжнародны з'езд пчаляроў.

Э. Дзвiнская. На здымках аўтара: 1. Ул. Пракапцоў i Леанiд Дзёмкiн на адкрыццi свята 2. Яўген Лецка прадстаўляе кнiгу 3. Лекар Вячаслаў Пятровiч Млявы 4. Конкурс дзiцячых малюнкаў


Гурток беларускай мовы ў Магілёве

15 жніўня ў каталіцкай капліцы на магілёўскіх каталіцкіх могілках у рамках традыцыйнага гуртка беларускай мовы адбылася сустрэча з манахам - дамініканцам ксяндзом Романам. Прысутныя пачулі цікавы расповед пра гісторыю, парадкі і побыт старажытнага ордэна. Даведаліся пра тое, што ордэн, які быў заснаваны св. Дамінікам і да якога належалі многія выбітныя і вядомыя дзеячы (як Тамаза Кампанела, так і Джардана Бруна, Джыралама Саванарола, а таксама сумна вядомы Тарквемада) вядзе сваю гісторыю з ХІІІ стагоддзя, і з тых часоў у жыцці ордэна шмат чаго захавалася нязменным, напрыклад, прыняты выгляд вопраткі. Цікавым быў і дыялог, падчас якога прысутныя маглі задаць манаху Роману свае пытанні. Пасля размовы ўсе разам праглядзелі ролікі пра дамініканскія касцёлы на Беларусі і ў Галічыне. Быў выказаны заклік да захавання гістарычна-культурнай спадчыны нашай шматканфесійнай краіны.

Аляксей Карпенка.


Мсціслаўскія езуіты

Езуіты з'явіліся ў Мсціславе ў 1616 г. Месца знаходжання першага драўлянага касцёла невядома. У 1690 г. езуіты заснавалі ў горадзе місію, 19 сакавіка адкрылі капліцу і правялі першае набажэнства. Пазней, у 1963 г. адкрыўся невялікі драўляны касцёл. Першую школу пры місіі адкрывалі ў 1691 г. у доме, які даў Станіслаў Зуб. Пазней атрымалі новы будынак з 4 заламі. Пры кляштары дзейнічаў тэатр. Спектаклі праходзілі ў вялікай зале школьнага будынка.

Ансамбль былога езуіцкага кляштара пабудаваны ў XVIII - ХІХ стст. на ўзвышшы паміж сучаснымі вуліцамі Савецкай, Пралетарскай і Юрчанкі. Беларускі дойлід Уладзіслаў Дзягілевіч у 1707 г. збудаваў вялікі драўляны касцёл, а ў 1711 г. аднавіў спалены дом езуіцкай місіі, паставіў драўляную вежу са званамі і гаспадарчыя будынкі.

Місія стала спачатку рэзідэнцыяй, а з 1717 г. - калегіяй. З 1725 г. тут дзейнічаў аркестр, а з 1740 - аптэка. У 1729 г. рэзідэнцыю ператварылі ў калегіюм.

Пісьмовыя крыніцы захавалі імёны і розных майстроў, што працавалі на будоўлях для езуітаў у Мсціславе. Самым першым сталяром, імя якога зафіксавалі пісьмовыя крыніцы, быў Міхаіл Гуроўскі, што жыў у Мсціславе ў 1719 - 1729 гг. Менавіта ён зрабіў лавы і алтар у драўляным касцёле. У 1739 - 1757 гг. загадваў сталяркай у езуіцкім калегіюме Францішак Берман, ён рамантаваў стары драўляны касцёл, а потым наглядаў за працай на будаўніцтве мураванага касцёла і кіраваў фальваркам. У 1748 - 1773 гг. працаваў сталяр Піліп Лакцінскі, выконваў розныя работы для касцёла і для мураванай рэзідэнцыі, што будавалася тым жа часам. Будаўніцтва мураванага езуіцкага касцёла і калегіюма распачалося ў 30-ых гадах XVIII ст. Будоўля ішла марудна, двойчы спынялася і нарэшце была скончана ў 1748 г. пад кіраўніцтвам Бенядзікта Мезмера. У сярэдзіне XVIII ст. езуіты пабудавалі аптэку. Касцёл атрымаў імя Св. Міхаіла Арханёла.

Касцёл уяўляе сабой трохнефавую базіліку з трансептам і двухвежавым галоўным фасадам (вежы, на жаль не захаваліся). Магутная паўкругавая апсіда завяршае цэнтральны неф. Галоўны фасад вузкім гзымсам падзяляецца на два ярусы і завяршаецца развітым антаблементам са ступеньчатым атыкам у цэнтры. Сцены будынка аздобленыя шырокімі пілястрамі. У касцёле захаваліся рэшткі фрэскавага роспісу XVIII ст. Ёсць тут глыбокія сутарэнні, дзе некалі былі пахаванні. Калісьці перад касцёлам узвышалася прыгожая мураваная брама, падмуркі якой былі знойдзены археолагамі.

Двухпавярховы будынак калегіюма з бакоў падтрымліваюць магутныя контрфорсы. Першы паверх перакрыты скляпеннямі, другі мае перакрыцце на бэльках. Прыгожае барокавае аздабленне над галоўным уваходам страчана ў выніку рамонтаў ХІХ ст. Усе мураваныя будынкі кляштара складзеныя з цэглы-пальчаткі. Жылыя памяшканні ацяпляліся паліхромнымі кафлянымі печамі, аблямаванымі рэльефнай кафляй з выявамі познебарокавых картушоў.

Езуіцкі калегіюм існаваў да 1820 г. Дарэчы, у ліку розных прадметаў тут выкладалі і архітэктуру. Пасля паўстання 1831 г. будынкі езуіцкага кляштара былі адабраныя ў католікаў, а касцёл закрыты.

З 1832 па 1842 гг. комплекс быў перададзены Тупічэўскаму праваслаўнаму манастыру. У 1842 г. тут адкрылі Мікалаеўскі мужчынскі гарадскі манастыр 2-га класа.

Касцёл перабудавалі ў праваслаўны сабор святога Мікалая. Знешні воблік будынка змяніўся: з'явіўся невялічкі прытвор, завершаны складаным ступеньчатым атыкам, былі цалкам разабраны і перароблены вежы. У 1842 г. надбудавалі вялікі драўляны купал на цыліндрычным светлавым барабане. Пластыка фасадаў узбагацілася шырокімі пілястрамі і паўцыркульнымі нішамі. Трэба адзначыць, што інтэр'ер сабора часткова захаваў некаторыя дэталі аздаблення XVIII ст.. Гэта добра бачна на архіўным здымку, зробленым у 1909 г.

У будынку былога калегіюма размясцілася духоўная семінарыя. У канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. ансамбль быў абнесены высокай цаглянай агароджай, на вуглах зроблены невялікія капліцы.

Пры савецкай уладзе ў 1931 г. храм закрылі і скінулі з вежы звон, які потым здалі на пераплаўку. У памяшканні былога калегіюма размясцілася школа-інтэрнат для глуханямых дзяцей.

Пасля вайны ў будынку былога касцёла быў дом культуры і да 1961 г. кінатэатр. Пазней будынак закінулі і мясцовыя жыхары пераўтварылі яго ў руіну без даху.

У канцы ХХ ст. пачалася рэстаўрацыя. Быў зроблены новы дах і адбудавана адна з дзвюх вежаў, але грошы скончыліся і рэстаўрацыя спынілася. Памяшканні калегіюма актыўна выкарыстоўваюцца ў часы рыцарскіх фэстаў апошніх гадоў.

Археалагічныя даследаванні на тэрыторыі былога езуіцкага кляштара праводзіліся аўтарам у 1983, 1987, 1989 і ў 1991 гг. За часы археалагічных раскопак было закладзена 37 шурфоў агульнай плошчай каля 139 м2. Магутнасць культурнага слою розная. На плошчы каля агароджы перад касцёлам ён увогуле адсутнічае. Найбольшая яго інтэнсіўнасць прасочана ў шурфах на ўсход ад будынка былой аптэкі і дасягае 2,3 м.

Сабраны цікавы рэчавы матэрыял. Самыя старажытныя знаходкі (кераміка) датуюцца ХІІ - ХІІІ стст. і сведчаць аб тым, што тут людзі жылі задоўга да пачатку будаўніцтва езуіцкага комплексу.

Большасць знаходак адносіцца да XVII - XVIII стст. Гэта кавалкі непаліванага і паліванага бытавога посуду, разнастайная кафля, шкляное начынне, фрагменты шкляных аконных шыбак, металічныя вырабы і будаўнічая кераміка. Цікавая і разнастайная калекцыя кафлі XVII - XVIII стст.

У сярэдзіне XVII - другой палове XVIIІ ст. выкарыстоўвалі паліхромную, зялёнапаліваную і тэракотавую кафлю з разнастайнымі матывамі, пачынаючы ад геральдыкі езуітаў і да шматлікіх відаў расліннага арнаменту. Пад час раскопак рэшткаў будынка XVIIІ ст. знайшлі вонкавую пласціну зялёнапаліванай кафлі памерам 22х17,5 см з выявай стылізаванага букета кветак у вазе, упісаную ў васьмігранную рамку. Па кутах пласціны над рамкай ёсць выявы крылатых анёлаў. Такая кафля характэрная для розных цэнтраў беларускай кафлёвай вытворчасці, але найбольш падобная кафля з Крычава.

У 1986 г. была знойдзена кафля з эмблемай ордэна езуітаў. У сярэдзіне вонкавай пласціны размешчана манаграма Ісуса Хрыста, а па яе кутах - манаграмы заказчыка. У другой палове XVIIІ ст. з'яўляецца кафля без дэкору. Гэтая гладкая непаліваная і паліваная кафля без малюнка з тоўстай вонкавай пласцінай і даволі высокай (да 7-8 см) румпай. Арнамент гемеатрычнага ці расліннага характару захаваўся толькі на каронках.

У першай палове XVIIІ ст. існавала рэльефная паліхромная кафля, дзе спалучаліся белая і зялёная гама. У другой палове XVIIІ ст. з'явілася паліхромная распісная кафля галандскага тыпу, якая не мела рэльефу.

Да будаўнічых матэрыялаў адносіцца цэгла, хвалістая дахоўка і пліткі падлогі.

Знайшлі кавалак зялёнапаліванай пліткі падлогі XVII - XVIII стст. са слядамі вонкавай рошчыны. Таўшчыня пліткі 3 см. Раскапаныя падмуркі цагляных пабудоў складзены з цэглы-пальчаткі з касымі ці прамымі раўчукамі на пасцелі. Яе сярэднія памеры 29-30х14,5-15х6-6,5 см.

Хутчэй за ўсё, адначасова з касцёлам будавалі будынак, які зараз знаходзіцца на вул. Першамайскай, 9, і корпус, рэшткі якога знайшлі на вул. Юрчанкі.

Цэгла, ўжытая пры будаўніцтве цаглянай агароджы канца ХІХ ст. значна адрозніваецца. Раўчукоў на пасцелі няма, якасць горшая, сярэднія памеры: 25,5-26,5х12,5-13,5х 5,7-6 см.

У шурфах каля сцен касцёла сабраны кавалкі аконнага шкла. Яно мае светла-зялёны колер, таўшчыня - 1,3 і 1,5 см, форма - прамавугольная.

У шурфах закладзеных на поўночны ўсход ад сучаснай тэрыторыі комплекса знойдзены падмуркі вялікага цаглянага будынка XVIII ст., хутчэй за ўсё - кляштарнага корпуса.

Глыбіна залягання падмурка пабудовы - 1,05 см ад узроўню дзённай паверхні. Шырыня сцяны - 70 см. Удалося прасачыць адно прамавугольнае памяшканне памерам 7,7х3,6 м.

У 1987 г. заклалі шурф побач з апсідай касцёла з мэтай вывучэння яго падмурка. На глыбіні 1,7 м выйшлі на цокальны паверх будынка. У сцяне прасочаны праём з паўцыркульнай аркай, закладзены цэглай. На глыбіні 3 м ад дзённай паверхні цагляная муроўка падмурка змянілася на "падушку" з бітай цэглы на вонкавай рошчыне. У ніжняй частцы "падушкі" трапляюцца валуны. Памеры цагляна-вонкавай забутоўкі вагаюцца ад 1,75 да 1,9 м.

Такім чынам, вышыня цокальнага паверха каля 3,1 м, а глыбіня залягання падмурка апсіды касцёла ад узроўню дзённай паверхні 1987 г. дасягае 4,75 - 4,8 м.

Да паўночнага кута касцёла прымыкае будынак былога калегіюма. З мэтай даследавання падмуркаў абодвух будынкаў у месцы іх стыку таксама заклалі шурф.

На глыбіні каля 5 м. падмуркі касцёла і калегіюма скончыліся, і пачаўся жоўты мацерыковы суглінак. Падмуркі цалкам складзены з цэглы памерамі 29-30х14-16х7-7,5 см у тэхніцы рад "тычкоў", рад "лажкоў". У 1987 г. былі знойдзены рэшткі былой цаглянай агароджы XVIII ст. Шырыня яе сцяны 60-70 см, глыбіня залягання падмурка - 55-60 см. Яна складзена з цэглы-пальчаткі з касымі раўчукамі на пасцелі. Глыбіня падмурка сённяшняй цаглянай агароджы канца ХІХ ст. - каля 1,3 м ад дзённай паверхні. На глыбіні 25-30 см цагляная муроўка змянілася мурам з бітай цэглы на вапнавай рошчыне.

У выніку даследаванняў быў знойдзены адзін з мураваных карпусоў кляштара, акрэслены рысы агароджы і брамы XVIII ст. перад касцёлам. даследаваныя падмуркі розначасовых будынкаў на тэрыторыі комплексу.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, дацэнт


Віктар Басяцкі

Настаяцель Віленскага Траецкага манастыра іераманах Віктар (Фларыян) Басяцкі належаў да ліку найбольш адукаваных і заслужаных базыльянскіх манахаў. 13 лютага 1833 г. афіцыял Тупальскі прапанаваў мітрапаліту Булгакаву прызначыць яго Мялецкім абатам, адзначаючы, што ён мае вучоную ступень "добрага матэматыка". Біскуп Іосіф Сямашка 17 кастрычніка 1835 г. пісаў, што Басяцкі, "праходзіў з адзнакай пасады ў вучэльні і па манастырскім кіраванні".

Віленскі Траецкі манастыр, настаяцелем якога быў Віктар Басяцкі мае вялікую гісторыю. На яго месцы, у 1342 г. былі забітыя прыдворныя вялікага князя Альгерда Кумец, Круглец і Няжыла, яны былі славянскага паходжання, г. зн. былі продкамі тутэйшых віленскіх беларусаў. Князь Канстанцін Астрожскі, гетман Вялікага Княства, кашталян Віленскі і ваявода Троцкі, даў абяцанне Богу за перамогу над маскоўцамі пабудаваць у Вільні дзве царквы. У выніку, ягонымі намаганнямі і коштам, спарахнелыя драўляныя будынкі Мікалаеўскай і Святатраецкай царквы з манастыром былі перабудаваныя на мураваныя. З нязначнымі перабудовамі яны захаваліся да нашых дзён. Адам Кіркор пісаў, што ў царкве Св. Тройцы захоўваўся надзвычай каштоўны і старажытны абраз Божай Маці Праведніцы. "Паводле падання ... меўся ён быць пэндзля святога евангеліста Лукі". Пасля Берасцейскай царкоўнай уніі 1596 г. па загаду караля Жыгіманта III гэтыя муры ў 1608 г. перайшлі ў валоданне ўніяцкага ордэна манахаў-базыльянаў і з таго часу прыдбалі назву "Базыльянскіх муроў". На працягу XV-XVI ст. манастыр быў сваеасаблівым культурным цэнтрам беларускага насельніцтва сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, бо пры ім існавала школа, лякарня, а затым і друкарня. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай расейскі рэпрэсіўны апарат выкарыстоўваў Базыльянскія муры часткова як астрог. Менавіта тут у пачатку XIX ст. былі зняволеныя ўдзельнікі таемных арганізацыяў патрыятычнай моладзі Вільні - філаматаў і філарэтаў. Сярод іх быў і Адам Міцкевіч. Тутака ў 1823-1824-ым гг. ён пісаў сваю знакамітую драму "Дзяды". Ад пачатку XX ст., калі Вільня стала адным з асноўных цэнтраў беларускага адраджэння, у нашых адраджэнцаў склаліся добрыя сувязі з установамі, што знаходзіліся ў гэтым будынку. А была тут праваслаўная духоўная семінарыя ды на працягу нейкага часу прыватная жаночая гімназія Нядзюравай і Райсмілер. Непасрэдная сувязь Базыльянскіх муроў з беларускім рухам пачынаецца ад заснавання ў іх першай у Вільні Беларускай Гімназіі. Пасля, "пад Польшай" Віленская Беларуская Гімназія працягвала існаваць ажно да 1944 г. На працягу ўсіх дваццаці пяці гадоў сваёй дзейнасці яна кавала кадры беларускай інтэлігенцыі і гэтым унесла свой важкі ўклад у нацыянальна-вызвольны рух Заходняй Беларусі. Адначасова з гімназіяй тут быў адкрыты і беларускі прытулак для дзяцей-сірот, у асноўным выхадцаў з беларускай сялянскай беднаты. У той жа час тут арганізавалася і беларуская аматарская тэатральная майстроўня, нейкі час сваю сядзібу ў Базыльянскіх мурах мела і Таварыства беларускай школы. Цесна звязаная з Базыльянскімі мурамі і гісторыя Віленскага беларускага музея. Музей паўстаў з багатай калекцыі беларускай старасвеччыны і этнаграфіі Івана Луцкевіча. У "нашаніўскую пару" калекцыі пэўны час знаходзіліся ў памяшканні рэдакцыі "Нашай Нівы". У Базыльянскія муры калекцыі былі перавезеныя ў 1921 г., і гэты год прынята лічыць часам заснавання музея, а зліквідаваны музей быў у 1945 г. Такім чынам гэты манастыр - святое для кожнага беларуса месца ў Вільні.


Аднак вернемся да нашай тэмы. План паступовай ліквідацыі ўніяцкай царквы, складзены Іосіфам Сямашкам, паступова выконваўся. З 1828 г. у м. Жыровіцы пачала дзейнічаць Літоўская духоўная семінарыя якая працавала ў відавочна "ўз'яднальным" духу. Пасля паўстання 1831 г. цэлы шэраг базыльянскіх манастыроў быў скасаваны. У 1834 г. пачаў выконвацца шэраг новых мерапрыемстваў, накіраваных да збліжэння ўніяцкай царквы з праваслаўнай, напрыклад 7 лютага 1834 г. грэка-ўніяцкая калегія, па прапанове епіскапа Сямашкі, вырашыла прыняць для ўніяцкіх цэркваў служэбнікі і кнігу малельных спеваў маскоўскага друку. На пачатку 1834 г. Віктар Басяцкі атрымаў ад Сямашкі спецыяльнае прадпісанне перарабіць ў Траецкай манастырскай царкве прастол "адпаведна правілаў нашай грэка-ўсходняй царквы" і прызвычаіць манастырскую брацію да правільнага набажэнства па яе абрадах. Увесну таго ж 1834 г. Басяцкі атрымаў ад епіскапа прадпісанне пачаць друкаваць ў яго манастырскай друкарні святарскія і дыяканскія стаўленічаскія граматы на царкоўна-славянскай мове. У 1834 г. па энергічным патрабаванні Сямашкі пачалося ўсталяванне ў парафіяльных цэрквах іканастасаў. Відавочна, пад непасрэдным уражаннем ад гэтых навін у 1834 г. Віктар Басяцкі і напісаў журботны ліст да прафесара М.К. Баброўскага, блізкія асабістыя адносіны з якім маглі ўсталявацца ў перыяд віленскай прафесарскай службы Баброўскага. Ліст Басяцкага да гэтага часу не знойдзены, але Віктар Басяцкі атрымаў адказ ад прафесара (гэты ліст часткова цытаваўся ў артыкуле пра правінцыяла Каменскага, "Наша слова", № 46 (1093) 14 лістапада 2012 г.). З ліста бачна, што знакаміты прафесар-славіст Міхал Баброўскі, якога пасля справы філаматаў выгналі з універсітэта, добра разумее, што робіцца навокал, спадзяецца дажыць свой век уніятам і, як чалавек ужо зламаны жыццём, не хоча ніякай барацьбы. Ён прапануе Басяцкаму пачаць займацца гісторыяй базыліянаў бо "ўжо канец уніі ў Літве", гледзячы з сённяшняга дня нельга не прызнаць параду прафесара вельмі разумнай, бо практычна ў той час Басяцкі не мог ужо супрацьстаяць навале, і праца па захаванні для нашчадкаў гістарычных матэрыялаў была б вельмі неабходнай. Мы вернемся да ліста прафесара Баброўскага ў артыкуле пра апошнія гады яго жыцця.

Віктар Басяцкі не доўга заставаўся настаяцелем галоўнага ўніяцкага Віленскага Свята-Траецкага манастыра. У гэтым манастыры абрады па правілах праваслаўнай царквы не выконваліся яшчэ ў канцы 1836 г., не гледзячы на загад епархіяльнага начальства. Тут працягвалі служыць чытаныя абедні на бакавых прастолах, не мелася царскай брамы і нават у так званых петых абеднях ужывалі замест пяці прасфор толькі адну. Абедні здзяйсняліся па ўніяцкіх напевах і з традыцыйным для нас вымаўленнем славянскіх слоў. Амаль усё 20 манахаў Траецкага манастыра былі перакананымі ўніятамі, і тых, хто быў згодны перайсці ў праваслаўе, яны звалі схізматыкамі, адшчапенцамі і г.д. У 1835 г. міністэрства ўнутраных спраў атрымала ананімныя заявы, у якіх настаяцель манастыра Басяцкі і некалькі іншых манахаў абвінавачваліся ў "вельмі заганных дзеяннях і бясчынствах". Аўтары гэтых заяў вінавацілі базыльянаў у маніфестацыях падчас паўстання 1831 г., у далучэнні да мяцежнікаў двух траецкіх базыльянаў, у апушчэнні на екценіях царскага прозвішча і шмат у чым іншым .

12 кастрычніка 1835 г. з міністэрства ўнутраных спраў пераслалі да Літоўскага епіскапа Сямашкі дасланы з Вільні ананімны данос, у якім Басяцкі і віленскія ўніяцкія манахі абвінавачваліся наогул у незахаванні абрадаў грэка-ўсходняй царквы і таму ў амаральнам жыцці. Сямашка ў лісце да міністра Блудава (ад 17 кастрычніка 1835 г.) як быццам бараніў Басяцкага ад абвінавачванняў. Аднак быў напісаны новы данос у міністэрства, вынікам гэтага новага даносу стаў новы ліст міністра ўнутраных спраў да літоўскага ўніяцкі епіскапа (ад 12 снежня 1835 г.). 11 жніўня 1836 г. Сямашка даручыў свайму вікарыю Антонію Зубко зрабіць дазнанне на месцы.

Епіскап Антоні зрабіў рэвізію Віленскага манастыра ў кастрычніку 1836 г. У прадстаўленай Сямашку справаздачы, між іншым, ён пісаў адносна захавання ў Віленскім манастыры абрадаў грэка-ўсходняй царквы наступнае: "Да маіх распараджэнняў тут служылі чытаныя абедні на бакавых прастолах, якія не маюць царскай брамы, нават у абедні не ўжывалі пяці прасфораў: 10 кастрычніка настаяцель загадаў ўжываць 5 прасфораў і забараніў служыць абедні на бакавых прыдзелах, якія аднак жа існавалі да майго прыбыцця і ўжо пры мне разбітыя. Я прымушаў пры сабе служыць ўсіх іераманахаў акрамя настаяцеля, які адкладваў службы на далейшы час, спасылаючыся на розныя заняткі, а зараз прысутнасць пры расследаванні справы свіранскіх сялян гэтаму перашкодзіла". Біскуп Антоні ў сваёй справаздачы патрабаў выдаліць Басяцкага з пасады ў Віленскім манастыры і нават зачыніць гэты і існы побач з ім жаночы базыльянскі манастыр.

Трэба адзначыць, што з 170 базыльянаў прыналежных да Літоўскай епархіі, толькі 67 пагадзіліся перайсці ў праваслаўе. Прычым, многім нават і не прапаноўвалася змяніць веру. Ад пачатку базыльяне лічылі, што ім пасля ліквідацыі сваёй царквы будзе дазволена перайсці хоць ў рыма-каталіцкае веравызнанне, аб чым некаторыя манахі падавалі пісьмовыя прашэнні. Аднак Сямашка давёў уладам, што хоць усе тагачасныя "грэка-ўніяцкія манахі, за малым выключэннем, бескарысныя для праваслаўнай царквы, але звальненне некаторых з іх ў рымскі абрад, магло б паслужыць шкодным прыкладам для шматлікіх уніятаў" .

Басяцкі быў для іх вельмі значнай фігурай і, калі б атрымалася зламаць яго як асобу, гэта мела б вялікі адмоўны уплыў на іншых. Таму распараджэннем епархіяльных уладаў ён быў перамешчаны ў Быценскі ўніяцкі манастыр (Слонімскага павету, манастыр знаходзіўся недалёка ад мястэчка Жыровіцы). Знаходзячыся тут, Басяцкі ўхіляўся ад адпраўлення богаслужэнняў па расейскім узоры. Улетку 1838 г. біскуп Антоні данёс біскупу Іосіфу, што Басяцкі, "па закаранелай сваёй нянавісці да ўсяго рускага", адмаўляецца даць заяву аб далучэнні да праваслаўнай царквы, акрамя таго ён падтрымлівае зацятасць іншых быценьскіх манахаў, "а можа быць (таемна) і віленскіх уніяцкіх манахаў". Прынятыя епіскапам Антоніем меры з мэтай зламаць зацятасць Басяцкага (у тым ліку пакаранне галодным сталом) не дасягнулі мэты. 29 ліпеня 1838 г. Сямашка, на падставе данясенняў епіскапа Антонія, перамясціў Басяцага ў "адасоблены" Тараканскі манастыр (Кобрынскага павету). Праз паўгода, ужо перад самай ліквідацыяй уніі, епіскап Іосіф Сямашка (6 студзеня 1839 г.) пісаў обер-пракурору Св. Сінода графу Пратасаву пра Басяцкага: "Ён, прыхільны да рымскага (да грэка-каталіцкага - Л.Л. ) веравызнання і раздражнёны вядомымі Вашай Яснавяльможнасці акалічнасцямі, робіць іншым манахам адваротныя іх абавязку ўнушэнні, якія маюць дастатковую моц з-за яго ранейшага значэння паміж манаствам". Іосіф прасіў Пратасава, каб Басяцкі і два іншыя ўпартыя іераманахі "былі высланыя … грамадзянскім начальствам у велікарасійскія манастыры". Манахі былі высланыя ў Пуціўльскую, Малчанскую і Сафраніеву пустэльні.

Пасля ссылкі за манахам працягвала сачыць паліцыя, так 2 ліпеня 1839 г. Сямашка піша канфідэнцыйны ліст обер-пракурору Свяцейшага Сінода графу Пратасаву, у якім каментуе такі радок з ліста Басяцкага "аб маім жыцці ці пра хуткую смерць, ты шаноўны брат, зможаш даведацца ў Жыровічах ад Галубовіча", ліст базыліяніна да свайго брата, відавочна, быў таемна прачытаны паліцыяй. Сямашка даводзіць, што Быценскі архімандрыт Галубовіч не мае ніякіх справаў з Басяцкім і нават ужо тры гады не бачыў яго адваката, які дарэчы жыў у Слоніме.

5 снежня 1839 г. Сямашка дакладае Пратасаву аб просьбе Басяцкага пра перавод яго з Сафраніевай пустэльні ў Курскі манастыр: "Іераманах Басяцкі просіць перавесці яго ў Курскі манастыр для хрысціянскай падрыхтоўкі і далучэння да Св. сакрамантаў з нагоды ... набліжэння смерці", а 13 чэрвеня 1841 г. ён выказвае Пратасаву свае меркаванне аб неабходнасці адмовіць зацятаму ўніяту вярнуцца ў Гарадзенскую губерню, куды ён верагодна прасіўся, каб быць пахаваным у роднай зямлі: "На маю думку, было б шкодна вяртаць у Гарадзенскую губерню іераманаха Басяцкага, пакуль у манастырах гэтай губерні знаходзяцца яшчэ манахі сумнеўнай добранадзейнасці". Як бачым да канца жыцця іераманах Віктар Басяцкі заставаўся ўзорам стойкасці ў маральным непрыняцці зла.

Леанід Лаўрэш


"Ад прадзедаў спакон вякоў нам засталася спадчына…"

У сонечны летні дзень - 16 жніўня - Лідская зямля прымала гасцей з краіны і замежжа. Шчырыя і гасцінныя жыхары нашай вобласці прадэманстравалі свае таленты на рэгіянальным фестывалі абрадаў і рамёстваў "Скарбы Гродзеншчыны".

На працягу дня Лідскі раённы палац культуры поўніўся атмасферай свята. Бацькі і дзеці, школьнікі і пенсіянеры - усе цікаўныя лідзяне і госці горада сабраліся, каб адчуць сувязь з продкамі і падзівіцца на працы адораных і працавітых землякоў.

Урачыстае адкрыццё мерапрыемства распачалося вясёлымі музычнымі нумарамі. Іх выконвалі выхаванцы мастацкіх калектываў Лідскага раённага палаца культуры - народны ансамбль песні і танца "Лідчанка" і ўзорны ансамбль танца "Сонейка". Акцёры, якія забаўлялі публіку і сустракалі гасцей, увасаблялі галоўныя рысы беларусаў - працавітасць, гасціннасць, адкрытасць, павагу да мінулага. Гэта даводзілі і іх гаваркія імёны: Каравайніца і Жартаўнік, Захавальніца і Майстар.

Гасцей і удзельнікаў фестывалю прывітала галоўны спецыяліст упраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Людміла Іосіфаўна Лебедзь. Яна адзначыла, што сярод вялікай колькасці святаў самымі прыгожымі з'яўляюцца святы народнай творчасці. У нашай гісторыі зашыфравана маральнасць беларусаў, таму такія дні даюць магчымасць наталіцца багаццем любай зямлі.

Наступным слова ўзяў намеснік старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта Антон Тадэўшавіч Глаўніцкі, які свой выступ пачаў са знакамітага верша Янкі Купалы "Спадчына".

Важнасць і неабходнасць мерапрыемстваў такой тэматыкі падцвердзіў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі:

- Наша Радзіма знаходзіцца побач з краінамі, прагнымі да ўлады. Мы не раз падвяргаліся палітычнай і эканамічнай агрэсіі, але збераглі самабытную культуру. Яна жывіла і будзе жывіць яшчэ не адно пакаленне беларусаў. У нас ёсць унікальныя прыклады матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры. Ды галоўнай каштоўнасцю беларускай зямлі застаюцца людзі. І сёння нам пашчасціла сустрэцца з асаблівай праслойкай грамадства, якая перадае праз свае вырабы лепшыя набыткі ўсёй эпохі.

За прывітальнымі словамі ішлі прадстаўленні ганаровых гасцей фестывалю - дырэктара Менскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раісы Іосіфаўны Вайцяхоўскай, дырэктара дзяржаўнай установы культуры "Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці" Ірыны Дзмітрыеўны Дземячук, дырэктара дзяржаўнай установы культуры "Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр" Святланы Валянцінаўны Коржук і іншых.

Пасля адкрыцця ўдзельнікі свята наведалі выстаўку-прэзентацыю "Традыцыйныя стравы Гродзеншчыны". На ёй можна было пакаштаваць як беларускія нацыянальныя прысмакі розных мясцовасцей, так і татарскія стравы з Іўеўскага краю. Члены журы ставілі адзнакі, а госці з задавальненнем частваліся лепшымі ласункамі, прыгатаванымі па рэцэпту мінулых пакаленняў. Лідзяне сталі сведкамі сапраўднага рытуалу - выпякання хлеба, які суправаджаўся спевамі і звяртаннем да народных абрадаў.

У гэты час у фае Лідскага раённага палаца культуры душэўныя песні выконвалі гурты "Вяргіня" і "Скарбоначка" Шчучынскага раёна. Здавалася, ўсе прысутныя перанесліся на некальскі стагодзяў назад і апынуліся ў зусім іншым часе.

Сваімі ўражаннямі ад фестывалю падзялілася яго удзельніца Антаніна Лук'янаўна Юрчэня, якая прадэманстравала гасцям майстэрства роспісу велікодных яек:

- Такія мерапрыемствы - гэта зварот у мінулае. Яны патрэбны ў першую чаргу маладому пакаленню. Таму што усё новае - добра забытае старое. Мне вельмі прыемна, што моладзь, асабліва дзяўчаты, праяўляюць цікавасць да тэхнікі роспісу яек. Гэта нялёгкая, але творчая і прыгожая справа. Каб распісаць дзесяць яек, трэба прысвяціць працы паўдня. Ды калі ўкладаеш ў гэты працэс душу - час ляціць незаўважна.

На працягу дня цікаўныя госці наведвалі майстар-класы, спектаклі, анімацыйныя праграмы. Пасля абеду ў палацы культуры быў арганізаваны круглы стол на тэму захавання і папулярызацыі рэгіянальных асаблівасцей традыцыйнай культуры на Гродзеншчыне. Не застаўся ў баку і Лідскі замак - гонар нашага горада. Тут гледачы сталі ўдзельнікамі тэатралізаванага прадстаўлення "Вяселле Ягайлы".

Усё свята ад першага да апошняга гуку ішло на цудоўнай беларускай мове.

Пад заслону вечара на канцэртнай пляцоўцы творчыя калектывы Лідчыны і Трокаў (Літва) падаравалі святочную праграму "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах". Тут да беларускай мовы дадалася і літоўская.

Гэты жнівеньскі дзень стаў вельмі насычаным і яркім. Здавалася, і надвор'е святкавала разам з намі - увесь дзень свяціла сонейка, і прыемна палетняму дзьмуў лёгкі ветрык. Госці горада з павагай адзначылі, што Лідчына - месца, дзе ў хуткім тэмпе жывуць сучасныя гараджане, але і захоўваецца непарыўная сувязь з продкамі.

Вікторыя Кавальчук. Ліда-інфо.


Энтаказка ў Гудзевічах

У вёсцы Гудзевічы 17 жніўня распачаўся рэгіянальны этнафестываль абрадаў і рамёстваў "Вандроўка ў Энтаказку". Свята адкрылі мясцовыя фальклорныя гурты і выставы рамеснікаў Гарадзеншчыны і Сувальшчыны.

У "Кірмашы рамёстваў" прынялі удзел майстры народнай творчасці з усёй Гарадзенскай вобласці. На падворку ткачоў можна было набыць гарадзенскія дываны, тканыя паясы і габелены. Кожны мог прыняць удзел у майстар-класах па двухнітавым і падвойным ткацтве, пляценні паясоў, саломапляценні, мастацкай апрацоўцы металу, традыцыйным роспісе і дэкараванні яек, мастацкай разьбе па дрэве

Цікава, што зэльвенскія ткачыхі прывезлі з сабой не толькі ўзоры сваіх работ, але і ткацкі варштат для дэманстрацыі пераборнага ткацтва. Так за пару гадзін фэсту з іх рук на свет з'явіўся пояс з надпісам "Гудзевічы".

Беларускія ўдзельнікі фэсту ў нацыянальным адзенні надавалі фестывалю асаблівы каларыт. Рамеснікі з Сувальшчыны прапанавалі гасцям памалоць жыта на ручных жорнах і пакаштаваць польскага хлеба.

Для дзяцей арганізатары свята правялі анімацыйную і сюжэтна-гульнёвую праграму, а таксама прапанавалі спектакль лялечнага тэатра "Батлейка".

Мерапрыемства праводзілася ў межах праекта транспамежнага супрацоўніцтва з Польшай. Праз тыдзень беларускія майстры наведаюць Сувальшчыну з візітам у адказ.

Этнафэст "Вандроўка ў этнаказку" накіраваны на прыцягненне турыстаў у глыбінку Гарадзеншчыны і азнаямленне са славутым Гудзевіцкім дзяржаўным літаратурна-краязнаўчым музеем.

Аліна Сава. Твой стыль.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX