Вярнуцца: 2013

№ 35 (1134)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 35 (1134) 28 жніўня 2013 г.


Шаноўныя ўдзельнікі XV Міжнароднага з'езда славістаў!

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" вітае вас на гэтым важным Міжнародным форуме. Для нас асабліва важна, што гэтая падзея ўпершыню адбываецца ў Беларусі, бо беларуская мова - мова тытульнай нацыі нашай краіны - важная складовая частка агульнаславянскай культуры, а гісторыя нашага народа цесна ўпісана ў гісторыю славянскага свету праз жыццё і дзейнасць многіх славутых асобаў - Францішка Скарыны, Тадэвуша Касцюшкі, Адама Міцкевіча, Кастуся Каліноўскага, Вацлава Ластоўскага і шэрагу іншых.

Мы жадаем вам поспеху як у працы з'езда, так і ў далейшай навуковай дзейнасці, а таксама звяртаем вашую ўвагу на тое, што стан беларускай мовы сёння, бадай, найгоршы з усіх славянскіх моў. Дастаткова згадаць, што ў раённых цэнтрах краіны ёсць хіба па адной школе, дзе навучанне праводзіцца па-беларуску.

Таму заклікаем вас праявіць салідарнасць з абаронцамі беларускай мовы і зрабіць захады для яе захавання і ўсебаковага развіцця. Разам не дапусцім таго, каб адна з старажытных славянскіх моў, родная мова мільёнаў людзей, папоўніла спіс зніклых!

Сакратарыят ТБМ.

19 жніўня 2013 г.

1 верасня нацыянальнаму святу"Дзень беларускага пісьменства" - 20 гадоў

Зварот Сакратарыята ТБМ да грамадзян Беларусі

Віншуем са святам!

1 верасня 2013 года нацыянальнаму святу "Дзень беларускага пісьменства" - 20 гадоў. Адзначаецца з 1994 года ў першую нядзелю верасня. Праводзіцца з мэтай ушанавання гісторыі нацыянальнай культуры і друкаванага слова, цяснейшага далучэння беларусаў да сваіх духоўных святыняў.

За гэты час свята адбылося ў 17 беларускіх гарадах, прычым у Полацку і Тураве - двойчы. Таму Сакратарыят ТБМ прапануе ва ўсіх беларускіх гарадах, дзе раней адбылося свята, з верасня гэтага года адкрыць беларускамоўныя першыя класы і на іх базе з часам стварыць беларускамоўныя гімназіі, як асяродкі нацыянальнай мовы і культуры.

Мы таксама заклікаем улады г. Быхава, дзе 1 верасня 2013 года адбудзецца вышэйзгаданае свята, адкрыць у горадзе беларускамоўную гімназію і стаць прыкладам для іншых беларускіх гарадоў.

Сакратарыят ТБМ. 19 жніўня 2013 г.


Дзень беларускага пісьменства - нацыянальнае беларускае свята. Цэнтрам яго штогод становіцца пэўны горад: Полацк (двойчы), Тураў (двойчы), Наваградак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, ІІІклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў (2013).

Да свята ў Быхаве "Белпошта" выпусціла мастацкі маркаваны канверт. Спецгашэнне адбудзецца 1 верасня ў паштовым аддзяленні № 2 г. Быхава.


Міндоўг, Гедзімін, Вітаўт і Ягайла сустрэліся на "Гальшанскім замку"

Традыцыйны фестываль "Гальшанскі замак" сёлета ўпершыню адбыўся ў межах беларуска-літоўскага праекта, фінансаванага са сродкаў ЕС. І ўпершыню без "Старога Ольсы".

Ля руін Гальшанскага замка ў суботу 24 жніўня было цяжка знайсці месца каб запаркавацца: усюды поўна было аўтамабіляў з "чацвёркамі" і "пяцёркамі" - да суседняй Менскай вобласці ўжо зусім блізка, да таго ж, кожны год на фэст не ленавілся выбірацца мінчукі.

Праграму фэсту адкрыў спектакль "Баль у Соф'і Гальшанскай", які інакш як постмадэрністычным назваць было складана. Перамяшаліся месцы і героі, і ў выніку на свята да Ягайлы і яго жонкі прыбылі Міндоўг, Гедзімін, Вітаўт, Леў Сапега ды іншыя госці з замкаў Гарадзеншчыны.

Кожная зямля прывезла каралеўскай пары музычны падарунак: найбольш хіба ўразіў выступ лерніка з Ваўкавыска, які на матыў загалоўнай песні "Прывіда оперы" (чамусьці, у аранжыроўцы Nightwish) "заспяваў" па фанеру пра Волака і Вісека. У час спеву на сцэне, размахваючы мячом і сякерай, сноўдаліся два дужыя хлопцы - відаць, Волак і Вісек.

Прысутныя маглі пабачыць паланэз у выкананні маладзёнаў з Літвы, якія аказаліся акурат літоўскімі палякамі. У традыцыйных кракаўскіх строях яны выглядалі прыгожа, хаця і крыху недарэчна ў нашым рэгіёне. Пазней яны яшчэ раз прыцягнулі ўвагу даволі смелым музычным спектаклем па матывах міцкевічаўскага "Пана Тадэвуша": начытаныя запісы фрагментаў паэмы перарываліся нейкімі ледзь не хіп-хопавымі ўстаўкамі.

Вялікую цікавасць, як заўжды, выклікалі рыцарскія турніры. Першымі гледачы пабачылі збойкі на конях: ліцвінскія рыцары змагаліся паміж сабой і з "гасцямі з Францыі", размаўляючы з публікай на жорсткай трасянцы. Ваяры на конях несліся ў кірунку адзін аднаго пад песні Litvintroll, што гучалі з калонак на ўзгорку.

У фэсце бралі ўдзел гурты "Dwa tygodnie" (усё тыя ж палякі з Віленскага раёна), "Літы талер", Altanka, PAWA.

Фестываль быў заснаваны і падтрымліваўся турагенцтвам "Гісторыя-Тур" (яго дырэктар Зміцер Сасноўскі - фронтмэн "Старога Ольсы") і Ашмянскім райвыканкамам з 2009 года. Аднак, у гэтым годзе раённая адміністрацыя з мінчукамі не дамовілася.

Гэтаксама ўпершыню фэст быў фінансаваны часткова з бюджэту ЕС у межах Праграмы транспамежнага супрацоўніцтва Латвія-Літва-Беларусь. Акрамя фэсту ў межах праекту "Дзве краіны - адна гісторыя і культура" адбыўся паэтычны летнік у вёсцы Барэйкаўшчына Віленскага раёна, былі мадэрнізаваны музеі Сыракомлі ў Літве і Багушэвіча ў Беларусі, распрацаваны турыстычны маршрут па Ашмяншчыне з мапамі і дапаможнікам на некалькіх мовах.

Аляксей Табяшэўскі, Твой стыль.


У Слуцку ўстанавілі помнік "Адраджэнне Слуцкага пояса"

20 жніўня ў Слуцку ўстанавілі помнік "Адраджэнне Слуцкага пояса". Памятны знак з'явіўся на набярэжнай акурат каля фабрыкі "Слуцкія паясы", піша сайт газеты "Інфа-Кур'ер".

Фота Алеся Дастанкі, kurjer.info.


У Менску прайшоў XV Міжнародны з'езд славістаў

З 20 па 27 жніўня ў Менску праходзіў ХV Міжнародны з'езд славістаў. На ім сабраліся каля 600 даследчыкаў з 35 краін свету.

Удзел у менскім з'ездзе, акрамя навукоўцаў славянскіх краін - такіх, як Украіна, Расея, Польшча, Славенія, - узялі і прадстаўнікі неславянскіх дзяржаў: Нарвегіі, Японіі, Нямеччыны, ЗША. Прадстаўніца Ўкраіны Міраслава Кацуба гэтак выказалася пра свой удзел у форуме:

- Мы супрацоўнікі інстытута мастацтвазнаўства з Кіева. Для нас прыезд у Менск - вялікая падзея і радасць. Мы бачым перспектыву гэтага з'езда ў кантактах з калегамі з замежных краін, абмеркаванні падобнай навуковай тэматыкі і папаўненні свайго навуковага багажу. Дзякуем Менску за запрашэнне.

Цягам тыдня навуковы форум разгледаў тэндэнцыі і кірункі развіцця славянскіх моў за гады, якія прамінулі ад папярэдняга з'езда, а таксама абмеркаваць гісторыю і ўзаемадзеянне славянскіх моў. На секцыях, камісіях і круглых сталах беларускія навукоўцы - удзельнікі форуму - перадусім прыцягвалі ўвагу міжнароднай навуковай грамадскасці да праблемаў беларускай мовы, кажа ўдзельніца з'езду, намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім:

- Мы чакаем увагі да праблемаў уласна беларускіх і да беларускай мовы. Як пісала ў сваім звароце Таварыства беларускай мовы, нашая нацыянальная мова ў нашай краіне - у найгоршым стане сярод усіх іншых славянскіх моў. Таму мы б хацелі, каб гэта сталася аб'ектам увагі і ацэнкі.

Яшчэ адзін удзельнік форума ад Беларусі, пісьменнік Васіль Якавенка, у сваю чаргу, не ўскладае вялікіх спадзяванняў на выніковасць з'езда ў справе належнага разгляду праблемаў беларускай мовы і культуры:

- Баюся, што гэты з'езд стане прапагандысцкай імпрэзай для ўсхвалення нашых уладаў. Баюся, што так будзе, бо ўсё тое, да чаго прыкладае руку наша ўлада, усе гэтыя мерапрыемствы ператвараюцца ў прапагандысцкія шоў.

Госць з'езда, былы міністар і дыпламат, пісьменнік Анатоль Бутэвіч мяркуе, што адным з галоўных вынікаў Міжнароднага з'езда славістаў у Менску мае стаць большая вядомасць Беларусі ў свеце:

- Падзея, канешне, важная. Мне падаецца, што гэта дадасць магчымасці аб'ектыўнага бачання праблем, сітуацый, добрых спраў у краіне. А ў выніку - розгаласу пра Беларусь у свеце. Бо калі мы спадзяемся, што нас у свеце добра ведаюць, то гэта далёка не так. Гэта таксама вельмі важна.

Міжнародны з'езд славістаў у Беларусі адбываецца пры ўдзеле ўраду краіны, Нацыянальнай акадэміі навук, Менгарвыканкаму. На ўрачыстым адкрыцці, якое адбылося ў канцэртнай зале "Менск", прывітальнае слова ад кіраўніка краіны зачытаў намеснік кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Аляксандар Радзькоў.

Міжнародныя з'езды славістаў - буйныя навуковыя форумы, прысвечаныя праблемам развіцця славянскіх моваў, літаратураў, культураў, фальклору ў іх узаемадзеянні. Форум праводзіцца з 1929 года кожныя пяць гадоў у розных славянскіх краінах.

Радыё Свабода.


Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў з прывітальным словам на адкрыцці XV Міжнароднага з'езда славістаў у Менску

21 жніўня ў Менску прайшло першае пленарнае паседжанне XV Міжнароднага з'езда славістаў. Міжнародны форум упершыню праходзіў у сталіцы Беларусі і сабраў вядучых славістаў з 35-ці краін свету. Сярод запрошаных гасцей на пленарным паседжанні выступіў і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У сваім звароце арцыпастыр падкрэсліў, што месцам правядзення сёлетняга з'езда славістаў свету Менск выбраны нездарма:

- Беларусь - гэта славянская краіна з багатай і адначасова трагічнай гісторыяй. І яна па праве заслужыла, каб тут быў арганізаваны і праведзены з'езд славістаў з усяго свету. Знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, яна зрабіла і працягвае ўносіць свой пасільны ўклад у развіццё і ўзаемадзеянне славянскіх моў, літаратур, культур, а таксама ва ўмацаванне славянскага адзінства ў сучасным свеце...

... Юбілейны форум славістаў праходзіць у 1150-ю гадавіну стварэння славянскай пісьменнасці апосталамі-славянамі святымі Кірылам і Мятодам, а таксама ў 1025-ю гадавіну хрышчэння Русі. Гэтыя гістарычныя падзеі далі новыя магчымасці як для евангелізацыі славянскіх народаў, так і для развіцця іх культуры...

Набажэнства ў Беларусі павінна весціся на роднай мове, а для гэтага неабходныя адпаведныя пераклады рэлігійнай літаратуры на беларускую мову. Герарх распавёў пра важную працу, якую ажыццяўляе Каталіцкі Касцёл сумесна з мовазнаўцамі па перакладзе літургічных кніг на беларускую мову, а таксама пра цяжкасці, з якімі даводзіцца сутыкацца падчас гэтых прац.

- Праца ў дадзеным кірунку ўскладняецца тым, што яшчэ недастаткова поўна распрацавана рэлігійная тэрміналогія на беларускай мове, таму працэс перакладу і падрыхтоўкі рэлігійнай літаратуры носіць творчы характар часам да такой ступені, што нярэдка даводзіцца ўжываць неалагізмы, каб перадаць сэнс, - зазначыў Тадэвуш Кандрусевіч.

Беларускі герарх выказаў спадзяванне, што Міжнародны з'езд славістаў стане новым крокам у вывучэнні і развіцці славянскіх моваў, у тым ліку і беларускай, а таксама паспрыяе еднасці славянскіх народаў.

Найбольшае прадстаўніцтва ў Менску мелі расіяне (70 дэлегатаў), палякі (55) і ўкраінцы (35). Кожная краіна мае свае квоты па колькасці ўдзельнікаў. Беларусь на форуме прадстаўлялі 25 чалавек. Праца секцый з удзелам вядучых славістаў свету была арганізавана па трох кірунках: "мовазнаўства", "літаратуразнаўства, фальклор, фалькларыстыка" і "гісторыя славістыкі".

Ілья Лапато. На фота: Тадэвуш Кандрусевіч у прэзідыюме з'езда.


Выйшаў першы энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы

У выдавецтве Граўцова выйшаў першы энцыклапедычны слоўнік рэлігійнай лексікі беларускай мовы.

Выданне было прадстаўлена ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным ўніверсітэце на кніжнай выставе, якая ладзіласяя да XV Міжнароднага з'езду славістаў.

"Слоўнік з'яўляецца ўніверсальным даведнікам па розных напрамках рэлігійнага жыцця ў Рэспубліцы Беларусь. У ім прадстаўлена актуальная міжканфесійная лексіка, якая датычыцца рэлігійных і рэлігійна-філасофскіх плыняў, назваў рэлігійных арганізацый, абшчын, прыводзяцца звесткі аб найбольш вядомых і шанаваных у народзе абразах, крыніцах, розных святынях", - паведамляецца ў анатацыі да выдання.

Аўтары энцыклапедычнага слоўніка - ксёндз-дэкан менскага касцёла Святога Сымона і Святой Алены Ўладзіслаў Завальнюк, загадчык кафедры гісторыі беларускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта прафесар Мікалай Прыгодзіч і выкладчык-метадыст беларускай мовы і літаратуры Валянціна Раманцэвіч, паведамляе Бела-ПАН.


Курт Вулхайзер: "Для адраджэння мовы ўсе сродкі легітымныя!"

22 жніўня сядзібу ТБМ у Менску наведаў амерыканскі лінгвіст Курт Вулхайзер . Ён пагутарыў са старшынём ТБМ Алегам Трусавым , уступіў у шэрагі ТБМ, заплаціў складкі за два гады, пагадзіўся супрацоўнічаць з сайтам ТБМ.

Курт Вулхайзер (Curt Woolhiser) - амерыканскі навуковец, які даследуе беларускую мову, пры гэтым цудоўна ёй валодаючы - гутарка адбывалася менавіта па-беларуску. Спадар Курт неаднойчы бываў у Беларусі, ездзіў па вёсках, вывучаў дыялекты. Даследчык і цяпер знаходзіцца ў Беларусі, вывучае "новых беларускамоўных" - людзей, якія засвоілі мову не з дзяцінства, а ўжо ў свядомым узросце.

Журналіст Глеб Лабадзенка паразмаўляў для tut.by з Куртам Вулхайзерам. Мы прапануем гутарку нашым чытачам.

- Спадар Курт, цяпер Вы праводзіце ў Беларусі сваё чарговае даследаванне, якое тычыцца беларускай мовы. Для нас саміх (хоць і не для ўсіх) гэтае пытанне вострае і жывое. Таму цікавы погляд звонку: як вы ацэньваеце тую мову, на якой гавораць беларусы?

Курт Вулхайзер:

- У гарадах на вуліцах у большасці выпадкаў гэта - беларускі варыянт расейскай мовы, "беларуская расейская мова". У мяне ёсць даследванне адносна стаўлення расейскамоўных беларусаў да сваёй мовы ў параўнанні з той расейскай мовай, якая сустракаецца ў Расеі. Вельмі цікавае меркаванне ў людзей: большасць інфармантаў лічыць, што ёсць нейкая адметнасць "беларускай расейскай мовы". Асабліва тыя, якія сутыкаліся з расейцамі, заўважаюць гэта. Магчыма, яны перабольшваюць - і гэта проста адлюстроўвае пачуццё адметнасці. Хоць тая ж трасянка - гэта складанае пытанне…

- А ці павінны беларусы імкнуцца вельмі правільна гаварыць па-расейску? Расейская мова тут - вынік гістарычных і палітычных падзей. Можа, калі беларусы навучацца правільна гаварыць па-расейску - то ўжо не вернуцца да сваёй мовы?

Курт Вулхайзер:

- Калі беларусы не лічаць сябе расейцамі, то яны маюць права і на сваю мову, і на свой варыянт расейскай мовы. Гэта - выбар саміх беларусаў. Хоць пад уплывам расейскай медыйнай прасторы ўздзеянне "расейскага варыянта расейскай мовы" будзе адчувацца. Аднак, напрыклад, у Бельгіі аналагічна ўплыў мас-медый з Францыі вельмі моцны, але, тым не менш, франкамоўныя бельгійцы працягваюць гаварыць менавіта на "бельгійскай французскай мове."

- Вы самі заўважылі, што ў гарадах на вуліцах дамінуе мова, бліжэйшая да расейскай. Аднак падчас перапісу насельніцтва 53% людзей назвалі роднай мовай беларускую. Чым Вы, як даследчык, патлумачыце гэты сентымент: "Мы па-беларуску не гаворым, але вельмі любім гэтую мову".

Курт Вулхайзер:

- Я знайшоў даволі цікавыя паралелі ў Шатландыі - і гэта якраз тэма маёй лекцыі. У шатландцаў таксама сентыментальнае стаўленне да гістарычнай мовы. Але людзі саромеюцца гаварыць на ёй, асабліва ў гарадах…

- У нас некаторыя саромеюцца, бо могуць "калхознікам" назваць. А шатландцы чаго?

Курт Вулхайзер:

Тое самае! У Шатландыі ёсць стэрэатып, што гэта мова рабочых і вяскоўцаў.

- Над якім даследваннем Вы працуеце цяпер у Беларусі?

Курт Вулхайзер:

- Я займаюся параўнальным даследваннем моўных аўтабіяграфій і сацыяльнай ідэнтычнасці так званых "новых украінамоўных" і "новых беларускамоўных". Гэта маладыя людзі з рускамоўных сем'яў, якія свядома перайшлі на нацыянальную мову. Мне цікава высветліць падабенствы і адрозненні ў сітуацыі на ўсходзе Украіны і ў Беларусі, бо ступень русіфікацыі ў Харкаве і Менску прыкладна аднолькавая. Вядома, сітуацыя ва Украіне інакшая, бо там адна дзяржаўная мова - і там ёсць захад Украіны і нават цэнтральная частка, дзе ўкраінская мова ў нядрэнным стане…

- Якія першыя высновы адносна "новых беларускамоўных"?

Курт Вулхайзер:

- Тое, што людзі, якія выраслі з беларускай мовай, ставяцца да іх абсалютна нармальна. У некаторых рэгіёнах Заходняй Еўропы інакш. Скажам, у Іспаніі падобная сітуацыя з галісійскай мовай - і там можна сустрэць меркаванне, што "новыя галісійскамоўныя" - штучная з'ява. Але з беларускай мовай не так, бо тут гісторыя кадыфікацыі мовы значна даўжэйшая. Там гэта пачалося толькі ў 1970-х гадах, а тут у 1920-х. У выпадку з беларускай мовай важна і тое, што народныя гаворкі тут паміраюць, у той час як у Галісіі яны яшчэ жывыя. Беларуская мова выйграе і ў тым, што тут ёсць традыцыя ўнармаванасці, нават дзве! А шатландцы ў гэтым плане знаходзяцца на ўзроўні беларусаў пачатку ХХ стагоддзя.

- Ці верыце Вы, што аўтэнтычнасці і першароднасці мовы можна дабіцца не толькі шляхам наўпроставага пераймання пакаленняў? Напрыклад, маладыя людзі, якія хочуць спяваць народныя песні, слухаюць запісы вясковых бабулек і паступова навучваюцца патрэбнай лексіцы і патрэбнаму вымаўленню…

Курт Вулхайзер:

- Для адраджэння мовы ўсе сродкі легітымныя! У сучаснай сацыялінгвістыцы ёсць такі напрамак, дзе даследчыкі вывучаюць праблемы моў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, і намагаюцца распрацаваць канкрэтныя стратэгіі, каб спыніць і нават павярнуць назад працэс моўнай асіміляцыі. Беларуская, на жаль, уваходзіць у гэтую катэгорыю, паводле дадзеных ЮНЭСКА. Мне здаецца, у Беларусі недастаткова ўлічваюць вопыт іншых краін, дзе з нацыянальнай мовай падобная сітуацыя.

- Спадар Вулхайзер, аднак культурнае жыццё ў Беларусі адбываецца збольшага па-беларуску, інтэлігенты-гуманітарыі таксама ў асноўным карыстаюцца нацыянальнай мовай. Некаторыя называюць гэта "гета". Але ці магчыма захаваць мову хоць бы пры дапамозе такога гета?

Курт Вулхайзер:

- Зноў жа, паўтару: усе сродкі добрыя. У Шатландыі, апроч шатландскай мовы, ёсць яшчэ і гэльская - на якой, паводле статыстыкі, гаворыць 2% насельніцтва. Аднак там ёсць і дубляж шыльдаў па-гэльску, і ў сталіцы Шатландыі Эдынбургу нядаўна адкрылі гэльскую школу…

- А гэта не шыльда, не прыкрыццё - як у нас?.. Каб паказаць: глядзіце, як мы дбаем!..

Курт Вулхайзер:

- Не, там у гэльскамоўных школах большасць выкладання сапраўды на гэльскай мове. І бацькі вельмі прыхільна ставяцца да такіх школ, гэта нават лічыцца прэстыжным. Аднак, я думаю, у выпадку з беларускай мовай шанцы для распаўсюду мовы большыя.

- Некаторыя апаненты кажуць: поўная русіфікацыя непазбежная, бо мы знаходзімся пад бокам у Расеі, і гэта так добра - быць прыналежным да вялікай рускай культуры!..

Курт Вулхайзер:

- Насамрэч, гэта так-сама - гета. Расейскамоўнае гета. Бо калі ўлічыць, што гістарычна і польская мова грала значную ролю на тэрыторыі Беларусі - то ў ідэале павінны быць уплывы з розных бакоў, не толькі з Усходу. Ніхто не зможа цяпер цалкам пазбавіцца расейскай мовы, але павінны быць натуральныя ўплывы. Яшчэ мяне вельмі здзіўляе, наколькі мала беларусы ведаюць пра сваю паўднёвую суседку, Украіну. Вельмі шкада - бо праблемы, у тым ліку і моўныя, падобныя.

- Чаму Вы зацікавіліся беларускай мовай аж настолькі, што вывучылі яе? Сярод славістаў наша мова - не самая папулярная…

Курт Вулхайзер:

- Калі я вучыўся ў аспірантуры, займаўся спачатку расейскай лінгвістыкай, потым пачаў вывучаць яшчэ і польскую мову, а на трэцім годзе аспірантуры пісаў рэферат пра гісторыю кнігадрукавання ва ўсходніх славян. Чытаў пра Францішка Скарыну - і быў вельмі ўражаны! Уражаны, што ў межах праграмы па гісторыі расейскай мовы нічога не гаварылася пра ролю менавіта беларусаў у развіцці кнігадрукавання і ўвогуле адукацыі ў гэтай частцы Еўропы! Потым зацікавіўся сучасным становішчам беларускай мовы, дысертацыю пісаў ужо пра польска-беларускія моўныя кантакты. Потым пачаў вывучаць сучасны стан беларускіх гаворак, паехаў па беларускіх вёсках…

- Якія яшчэ падабенствы ёсць між беларусамі і шатландцамі, між беларускай і шатландскай мовамі?

Курт Вулхайзер:

- Была такая краіна, яе мова калісьці была афіцыйнай мовай шматэтнічнай дзяржавы. У выніку Рэфармацыі мова мацнейшага суседа пачала пранікаць на тэрыторыю гэтай дзяржавы, і потым гэтая дзяржава аб'ядналася з мацнейшым суседам, і тая мова пачала распаўсюджвацца на тэрыторыі краіны. А цяпер адгадайце, пра якую краіну я кажу - пра Шатландыю ці Беларусь?.. У Беларусі, нагадаю, сітуацыя ўскладняецца яшчэ і тым, што на розных гістарычных этапах у Беларусі былі ўплывы не толькі расейскай мовы, але і польскай. Паралелі тут ёсць і іншыя - і шатландцы доўгі час адчувалі сябе ў Злучаным Каралеўстве вельмі ўтульна, і большасць беларусаў пачувалася ў СССР, скажам так, нядрэнна. У Шатландыі адносна нядаўна ўзмацніліся ўплывы Шатландскай нацыянальнай партыі - і ў іх ёсць ініцыятыва правесці рэферэндум аб незалежнасці ад Злучанага Каралеўства, гэта падтрымліваюць ужо каля 45% шатландцаў.

- У беларусаў ёсць пад бокам прыклад Прыбалтыкі, дзе шлях на нацыянальнае прынёс побытавыя страты: дарагія энерганосьбіты, высокая кватэрная плата… Чалавек, асабліва беларус, вельмі любіць камфорт. Ад чаго беларусы павінны перайсці на нацыянальную дарогу, калі пры гэтым можа пагоршыцца жыццё?

Курт Вулхайзер:

- Нацыянальная культура і нацыянальная мова не перашкаджаюць добра жыць! Сярэдні грамадзянін сапраўды з насцярогай ставіцца, калі нейкая партыя робіць націск на пытанне ідэнтычнасці, а не на пытанне, як добра весці гаспадарку. Але чаму Шатландская нацыянальная партыя атрымлівае кожныя выбары ўсё больш галасоў? Яны робяць націск менавіта на сацыяльна-эканамічныя пытанні, а культурныя пытанні - на другім плане. Гэта асаблівасці Шатландыі - шатландскі нацыяналізм развіваўся, не абапіраючыся на мовы (шатландскую і гэльскую). Гэта для іх - толькі частка таго, што складае "шатландскасць".

- Памятаю, было апытанне кампаніі "Будзьма", дзе атрымалі вынікі, што большасць рэспандэнтаў хацелі б больш ведаць пра беларускую гісторыю. Што да мовы, для многіх гэта каштоўнасць, але… У нас і сёння ўспамінаюць палітыкам пачатку 1990-х, што яны думалі, як шыльды на дамах памяняць, а не як у крамах каўбасу забяспечыць… Улада і сёння карыстаецца гэтымі страшылкамі. Як людзям пераадолець гэты страх?

Курт Вулхайзер:

- Цікава, што ў маіх даследваннях сярод "новых беларускамоўных" рэспандэнтаў вельмі шмат маладых людзей, якія хочуць займацца бізнэсам. Калі створыцца такая бізнэс-эліта, якая будзе беларускамоўная - гэта можа сапраўды змяніць сітуацыю! Бо калі толькі дзяржава бярэ адказнасць за мову, альбо толькі палітыкі… Калі ўспомніць чэшскае адраджэння, то там мова адрадзілася намаганнямі буржуазіі. У выпадку каталонскай мовы - таксама нацыянальная буржуазія адыграла ключавую ролю. Таму важней, каб на менскіх вуліцах з'яўляліся білборды з рэкламамі тавараў на беларускай мове, чым білборды з рэкламай уласна беларускай мовы. Хоць і ў Галісіі вісяць білборды: "Любім галісійскую мову".

- Спадар Курт, Вы бліскуча гаворыце па-беларуску. Бывае такое, што Вам не могуць у Беларусі адказаць на нашай нацыянальнай мове?

Курт Вулхайзер:

- Бывае такое… А бывае, што стараюцца ўжываць пэўныя беларускія словы. Скажам так, я сустракаў шмат людзей, за якіх я лепей размаўляю па-беларуску.

Фота Глеба Лабадзенкі.


Сустрэча з Міраславам Янкавякам у сядзібе ТБМ

У аўторак, 20 жніўня ў сядзібе ТБМ адбылася сустрэча з вядомым польскім даследчыкам беларускай мовы Міраславам Янкавякам на тэму: "Дыялекты беларускай мовы ў Латгаліі і на Смаленшчыне".

На сустрэчу з Міраславам Янкавякам прыйшло шмат наведнікаў, якія з цікавасцю слухалі расповеды пра моўную сітуацыю ў Латгаліі і на Смаленшчыне. Спадар Міраслаў ілюстраваў сваю лекцыю адмысловымі слайдамі і пазнаёміў гасцей са сваім сацыялінгвістычным даследаваннем: "Беларускія гаворкі ў Краслаўскім раёне Латвіі". Таксама выступоўца прапанаваў стварыць міжнародную даследчую групу і выправіцца на даследзіны ўнікальных гаворак.

Наш кар.


Як Уладзімір Арлоў не апраўдаў маіх спадзяванняў

Калі ў 1986 годзе выйшла першая кніга прозы Ўладзіміра Арлова "Добры дзень, мая шыпшына", у мяне адлягло на душы.

Два гады пасля смерці Ўладзіміра Караткевіча, на магіле якога мы тады часам збіраліся, у душы захоўвалася пачуццё нейкай сірочасці - адышоў чалавек, які навучыў любіць Беларусь цэлае маё пакаленне. І тут раптам з'яўляецца кніга Арлова, і мне робіцца ясна, што з'явіўся Караткевічаў пераемнік - ужо ў першых творах той жа стыль, тая ж сіла пачуццяў, той жа настрой, тая ж тэматыка. Я пачаў чакаць новых мастацкіх твораў, большых, аб'ёмнейшых - аповесцяў, раманаў, дылогіяў і трылогіяў, якія б далей адкрывалі для нас свет беларускай даўніны і давалі б новых герояў, такіх, як Загорскі...

Але ўсё аказалася інакш. Час быў не той. Эпоха вымагала іншага, і душа Арлова адгукнулася на гэты выклік: ён стаў не толькі пісьменнікам, але і асветнікам.

На маю думку, гэта выключная ахвяра пісьменніка сваёй Бацькаўшчыне - адмовіцца быць "чыстым мастаком", адмовіцца ад ціхай асалоды сядзець за пісьмовым сталом, нараджаць сваіх герояў, выбудоўваць іх лёсы, характары і цешыцца пасля з выдадзеных кніг. На адмову ад гэтага, на жаль, здольныя толькі адзінкі - гэта людзі з выключным пачуццём адказнасці. Адказнасці перад краінай, гісторыяй і сваімі людзьмі. Большасць творцаў, звычайна, адказныя толькі за сябе - толькі сваім лёсам у літаратуры яны заклапочаныя, толькі пра сваю ролю ў ёй дбаюць, толькі пра ганарары і прэміі рупяцца і г.д.

Магчыма, так і трэба. Яшчэ ў 1909 годзе ў Расеі, часткай якой была тады Беларусь, выйшаў славуты зборнік "Вехи", дзе тагачасныя найлепшыя інтэлектуалы расейскага Срэбнага веку разважалі пра лёс краіны і народа. Дык вось адзін з аўтараў таго зборніка, крытык і філосаф Міхаіл Гершэнзон, у сваім тэксце выказаў думку, што кожны расейскі інтэлігент безнадзейна хворы і пакалечаны адказнасцю за ўсё грамадства, за краіну і народ, што сярод інтэлігенцыі лічыцца непрыстойным дбаць толькі пра сябе, быць эгаістам, і гэта пры тым, што самі інтэлігенты спрэс неўрастэнікі, якія не могуць добра ўладкаваць свой асабісты лёс. Расейскія інтэлектуалы перажывалі тады час разгубленасці, пэўнага самаедства, што і выявілася ў тэксце Гершэнзона. У Беларусі цяпер у інтэлектуальным асяроддзі сітуацыя падобная, хоць прычыны (калі параўноўваць з расейскай сто гадоў таму) розныя. Тым не менш, такія думкі, як у Гершэнзона, пачуць можна і ад сённяшніх беларускіх інтэлектуалаў.

І ўсё ж мне больш даспадобы прыклад стваральнай адказнасці Ўладзіміра Арлова. Ён адчуў выклік часу і адгукнуўся на яго. Таму мы бачылі яго на першых нацыянальна-дэмакратычных мітынгах, таму ён увайшоў у склад першага сойму БНФ, таму яго выкідалі з працы, і менавіта таму ён узяўся пісаць свае асветніцкія кнігі, якія вывелі яго ў першы шэраг нацыянальных дзеячоў, зрабілі валадаром думак тысяч беларусаў. Цяпер ужо ён вучыць новыя пакаленні любіць сваю краіну.

І як ён гэта робіць! Ніякага ўдзелу ў спрэчках і марных дыскусіях з нацыянальнымі адступнікамі. Ніякай палемікі з "рэвізіяністамі" нацыянальнай ідэі і прыхільнікамі "гістарычнай праўды", што заклікаюць адмовіцца ад ВКЛ і ліцвінства, выступаюць за дзвюхмоўе, стараюцца пасварыць нацыянальную эліту, раскалоць яе на групкі і "тусоўкі" і г.д. На спрэчкі Арлоў не траіць энергіі і часу. Ён проста стварае, піша кнігі. І гэта - яго адказ тым, каго я пералічыў вышэй. А тым часам, змест Арлоўскіх кнігаў здольны прымусіць тых людзей схапіцца за сэрца.

Такія кнігі Арлова, як "Таямніцы полацкай гісторыі", "Імёны Свабоды", "Пакуль ляціць страла" і, вядома ж, два тамы ягонай "Краіны Беларусі" - гэта не проста кнігі і не проста творы, і гэта не толькі вынік энцыклапедычнай адукаванасці аўтара, яго тытанічнай працы і яго творчых высілкаў. Гэта - падзвіжніцтва. І гэта, паўтаруся, ахвяра роднай краіне. Магчыма, беларускі народ і яго нацыянальная самасвядомасць застануцца толькі таму, што ў канцы ХХ - пачатку ХХІ стагоддзя жылі такія людзі, як Уладзімір Арлоў. Людзі, якія дбаюць не толькі пра сябе...

І мастак у Арлове нікуды не знік. Дастаткова згадаць яго выбітныя гістарычныя аповесці, яго бліскучую падарожную прозу, якая ў кожным слове іскрыцца іроніяй і талентам, або яго шыкоўныя вершы, унутраныя музыка і рытм якіх зацягваюць вас і зацягваюць у глыбіні аўтарскага пачуцця і думкі, не даюць спыніцца, і хочацца гушкацца і гушкацца на хвалях белых, на першы погляд, нерыфмаваных ягоных строфаў... Ды, зрэшты, не мной сказана: кожны сапраўды мастацкі тэкст - гэта паэзія, прозы не існуе. А Арлоў - мастак...

Я вельмі шчаслівы, што асабіста знаёмы з Уладзем, што маю гонар, часам, паціснуць ягоную руку або абняць, быць у яго ў гасцях або прымаць яго ў сябе. Нам ніколі не бывае сумна і заўсёды ёсць аб чым пагаварыць, у нас адны і тыя ж тэмы, думкі, мары і алюзіі. Гэта - рэдкая ўдача і рэдкая прывілея.

Спадзяюся, што з-пад пяра Майстра выйдзе яшчэ не меней кніг, чым выйшла дагэтуль, а можа і болей. І веру, што ў адзін зь яго наступных юбілеяў мы з ім у кампаніі сяброў яшчэ вып'ем па келіху яго ўлюбёнага "чырвоненькага", а вакол нас будзе Беларусь, дзеля якой мы працуем і пра якую столькі гадоў марым...

Сяргей Абламейка.


Прэзентацыя кнігі Алега Трусава

7 верасня ў суботу ў 15.00

у Менску на сядзібеТБМ адбудзецца прэзентацыя кнігі Алега Трусава "Невядомая нам краіна: Беларусь у яе этнаграфічных межах" , выданне другое, дапоўненае і выпраўленае, на беларускай і ангельскай мовах.

Падчас прэзентацыі Станіслаў Суднік прадставіць новыя нумары часопіса "Лідскі летапісец".


"Голас з рэзервацыі" Люцыяна Шчаснага

Думку паэта Януся Мальца я ўлаўліваю, прыкладна, так: "Чытаў-чытаў чарнавыя сшыткі вершатворцы. Аж гляджу - гэта ж паэт". І сапраўды, у прадмове да зборніка "Голас з рэзервацыі" Люцыяна Шчаснага ён піша: "Паглыбляючыся ў чытанне, я ўсё больш і больш пераконваўся, што перада мной прыстойнае, не пазбаўленае таленту, арыгінальнае бачанне рэчаіснасці…". І, значыць, выбраў, "прычасаў" суадносна са сваім густам…". Янусь жа - гумарыст у сваёй творчасці. Зміцер Лупач звярстаў. І ў Глыбокім, у рэдакцыі рэкламнай газеты "Прэфект-інфо" выпусцілі кніжку Люцыяна. Тут жа прайшла прэзентацыя. Арганізаваў сустрэчу з аўтарам для суполкі ТБМ кіраўнік яе, той жа Зміцер.

Люцыян Шчасны зацікавіў прысутных сваёй асобай праз кнігу. Паэт-селянін, усяго толькі з базавай школай, вядзе аповед пра лёс, у які ўвесь час укручвалася думка пра нейкі недасягальны свет. Цяпер на сустрэчы паэт кажа, увесь час паўтарае, што трэба верыць у Бога. Цягу да слова ў Люцыяне заўважылі людзі, аднавяскоўцы і тыя рупліўцы аб гісторыі роднага краю, пра якіх кажа паэт Янусь Малец у прадмове да кніжкі "Голас з рэзервацыі". Важна, што з усяго грэшнага наслаення Шчасны памкнуўся вызваліць душу мастацкай шчырасцю. Яна ў ім верхаводзіла. І, чытаючы Люцыянаву кніжку, думаю, што ён напэўна сказаў сабе цвёрда:

Плюнь на гарэлку, на цыгарэты!

Люцік з Хрыстова!

Стань ты паэтам!

Бо нездарма ж яго:

Іменем цёплым, кветкавым словам

Люцікам клічуць людзі Хрыстова.

У кнізе я спыню ўвагу на беларускіх вершах. Роднае слова гучыць і ўздзейнічае ямчэй. Яно выліваецца з душы народным напевам, вылятае іскрынкай гумару:

Вось дзянёчак ужо восьмы

Дымам не душуся.

І настрой такі харошы,

Хоць усім дай бусю.

Імгненнасць жыцця паэт ужо ўявіў.

Уздыхаю я нялёгка

Ад жыцця-агрызка:

Як да пенсіі далёка,

А да смерці блізка!

І пра тое зразумеў, як зямное пекла захоплівае ў палон.

Ці такая доля,

Ці то ад распусты

Меў я многа болю

І цярпеў пакуты.

І пра змаганне з сабой:

Перад самай дамавінай

З дапамогай Бога

Я курыць, напэўна, кіну.

І не п'ю ўжо доўга.

Сёння Люцыяна не заўважыш п'яным. Яго творчасць працінае цвярозая назіральная думка:

Чорная дарога

Белыя аблокі.

Новага нічога

У жыцці нялёгкім.


Тыя ж лістапады

На вадзе і сушы

Той жа час няпраўды

Адурманіў душы.

Натура Люцыяна шукальная, неспакойная ад прыроды. Яна патрабуе споведзі. І, менавіта, у народна-гумарыстычным стылі. Яна пяе, уздыхае, іранізуе, жартуе. Практычна спазнаўшы жыццё, паэт мае ўнутранае запатрабаванне сказаць. І незвычайна. Найперш ад сябе і пра сябе. Таксама пра іншых. Усё, што думае. Адкрыта і разняволена. Часам, арыгінальна, знаходліва. Бывае, думка чарахне тоненькай бліскавіцай:

І пад тысячай ідэй

Ліхадзей хай згорбіцца,

А за Леніна жывей

Ні за што не зробіцца.


Намёкліва кажа:

Так багі наш свет зрабілі,

Што ад самай даўніны

Толькі, мусіць, у магіле

Пазбаўляешся маны.


Або гратэскна заключае:

…Не жыццё - жахлівы сон…

Колькі б нам збярог здароўя

Тэлік выкінуты вон!

Прысутнічае ў Шчасным і годнасна-самаацэначнае пачуццё, накшталт, "мы самі з вусамі", якое выяўляецца з дыялогаў на прэзентацыі. Хоць між іншым і рукой махне на сваю творчасць. Тут жа згумарыць. І дасць самаацэнку, як у вершы:

Напісаў бы оду пану

Ці царку якому,

І твой твор, хоць і паганы,

Стаў бы ўсім вядомы.


А калі ты словаблуддзем

Лечыш свае раны,

То заўсёды табе будзе

На зямі пагана.


І прагучыць яшчэ мацнейшы самадакор:

Сяджу нярэдка і глытаю

Свае слязінкі ў роднай хаце,

Што я скажу, як запытае

Сам Бог,

на што я талент траціў?

На заключным радку мне хочацца працытаваць поўнасцю стройны верш:

У маім, у сэрцы

Неяк нечакана

Светлыя надзеі

Сёння расцвілі.

І няма жадання

Свет клясці паганы

І ўсю тую нечысць,

Ёсць што на зямлі.


На кустах і дрэвах -

Снежныя карункі,

Белыя пярыны

На прасторах ніў

І мяняе вецер

Часта накірункі,

Нібы ён дарогу

Некуды згубіў.

Трапны вобраз мастацкага афармлення думкі Люцыяна і на вокладцы. У выдаўцоў радасць. Усё-ткі выйшла кніжка. Трэцяя. І ўжо зацікаўлены чытачы паэтам Люцікам, з Хрыстова Пастаўскага раёна.

Марыя Баравік, сябра СБП.


Ці блізка нам да Кангрэса беларускамоўнай прэсы?

Сп. А.У. Кабякову,

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

220016, г. Мінск,

вул. К. Маркса, 38

Аб скліканні I Сусветнага кангрэса беларускай прэсы


Паважаны Андрэй Уладзіміравіч!

У чэрвені гэтага года ў Беларусі адбыўся XV Сусветны кангрэс рускай прэсы, у якім прыняў удзел Кіраўнік нашай дзяржавы. Ён вітаў Сусветную асацыяцыю рускай прэсы, што дзейнічае ў 80 краінах свету.

Паколькі наша краіна адзіная, дзе беларуская мова з'яўляецца дзяржаўнай, мы прапануем у наступным годзе склікаць I Сусветны кангрэс беларускай (беларускамоўнай) прэсы і іншых беларускамоўных СМІ. Акрамя Беларусі, гэтыя СМІ існуюць у многіх краінах, аднак, практычна не маюць падтрымкі з боку нашай дзяржавы.

Гэты кангрэс можна правесці ў пачатку верасня 2014 года адначасова са святкаваннем Дня беларускага пісьменства і друку.

З павагай,

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Старшыні ГА

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Ваша прапанова аб правядзенні ў пачатку верасня 2014 года I Сусветнага кангрэса беларускай (беларускамоўнай) прэсы і іншых беларускамоўных СМІ накіравана для разгляду ў Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, у кампетэнцыю якога ўваходзіць арганізацыя падобных мерапрыемстваў.

Аб выніках разгляду Вы будзеце дадаткова праінфармаваны.

З павагай,

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення

па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асобаў - загадчык упраўлення пісьмовых зваротаў К.Г. Побаль.


Старшыні рады ГА "Таварыства

беларускай мовы імя Ф. Скарыны

А.А.Трусаву

Аб кангрэсе

Шаноўны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве інфармацыі Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот, накіраваны Адміністрацыяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з прапановай аб правядзенні ў Беларусі Сусветнага кангрэса беларускамоўных СМІ.

Паведамляем, што арганізатарам Сусветных кангрэсаў рускай прэсы, у тым ліку і сёлетняга, які прайшоў г. Мінску, з'яўляецца грамадская арганізацыя Сусветная асацыяцыя рускай прэсы. Варта адзначыць, што раней кангрэсы праводзіліся ў сталіцах і буйнейшых гарадах розных краін свету - Неапалі, Нью-Ёрку, Мадрыдзе, Маскве, Кіеве, Тэль-Авіве і іншых. На жаль, падобнай арганізацыі беларускамоўнай прэсы, якая была б прызнана на сусветным узроўні, не існуе.

Адначасова інфармуем, што Міністэрствам інфармацыі ажыццяўляецца падтрымка сродкаў масавай інфармацыі суайчыннікаў за мяжой. Штогод беларускамоўная прэса дыяспары прымае ўдзел у міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы "СМІ ў Беларусі", выставачная плошча і афармленне стэнда аплочваюцца за кошт сродкаў Мінінфарма. Прадстаўнікі беларускамоўных СМІ замежжа запрашаюцца на святкаванне Дня беларускага пісьменства, падтрымліваюцца пастаянныя кантакты з рэдакцыямі шэрагу выданняў, у прыватнасці, газеты беларусаў Латвіі "Прамень".

З павагай,

Намеснік Міністра У.У. Матусевіч.


Памёр Генадзь Суднік

У Магілёве ў ноч на 24 жніўня на 71-ым годзе жыцця памёр журналіст Генадзь Суднік , якога толькі ў мінулым нумары наша газета віншавала з 70-годдзем. Ён цяжка хварэў. У яго быў рак лёгкіх.

Генадзь Вітольдавіч Суднік нарадзіўся 21 жніўня 1943 года ў расейскім Аранбургу. Паходзіў з ліцвінска-беларускага шляхочага роду Суднікаў-Грынкевічаў, гербу "Ляліва". З сям'і вайскоўца. Сам служыў у танкавых войсках. Вучыўся на журналіста ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Яшчэ за савецкім часам зрабіў неблагую кар'еру журналіста і партыйнага функцыянера. Ён - стваральнік студыі тэлебачання Магілёўшчыны. Пасля жнівеньскіх падзеяў 1991 года далучыўся да руху БНФ "Адраджэньне".

Беларушчына была для Генадзя Судніка тым, што вызначала яго выбар у няпростых жыццёвых сітуацыях. Усё, за што браўся журналіст, было беларускамоўным. Ён бараніў мову і на радыё і на тэлебачанні. Гэты чалавек - сімвал беларускай журналістыкі.

У ім была рэдкая чалавечая цеплыня ды шчырасць. І гэта дужа прываблівала. Генадзь Суднік быў прафесіянал, якіх мала, і гэта цяпер назаўжды. З ягоным зыходам Беларусі стала менш.

Сябар Праўлення Беларускай асацыяцыі журналістаў. Сябра ТБМ і беларускага Пэн-цэнтра. Супрацоўнічаў з шэрагам айчынных і замежных медыяў.

У яго засталіся дарослы сын і жонка.

Пахавалі журналіста на Грузоўскіх могілках.

Вечная памяць у людзях і супакой у зямлі незалежнай Беларусі.


Шчыра дзякуем за дапамогу!

Ахвяраванні на ТБМ

1. Баранчук Юры - 20000 р., г. Менск

2. Галай Аркадзь - 80000 р., г. Менск

3. Лапенка Аляксей - 20000 р., г. Менск

4. Бушкова Таццяна - 335000 р., г. Магілёў

5. Жолуд М.С. - 200000 р., г. Лагойск

6. Кісель А.В. - 20000 р., г. Старая Беліца

7. Малюкова Я. І. - 15000 р., г. Гомель

8. Ляўшун Дзяніс - 150000 р., г. Менск

9. Асіповіч Л.І. - 100000 р., г. Менск

10. Крымнеў Ю. В. - 10000 р., г. Гомель

11. Восіпава Аляксандра - 50000 р., г. Гомель

12. Кочур Руслан - 100000 р., г. Менск

13. Вайціховіч Алексей - 50000 р., г. Менск

14. Драджыч Алесь - 20000 р., г. Менск

15. Івацэвіцкая Грэка-каталіцкая парафія - 150000 р., г. Івацэвічы

16. Шалахоўскі Аляксей - 20000 р., г. Менск

17. Палсцюк Валеры - 100000 р., г. Менск

18. Станішэўскі Віт.- 5000 р., г. Менск

19. Настаўнікі з вёскі Воля Івацэвіцкага р-на - 70000 р.

Голуб Л.А. - 10000 р.

Пятроўскі В.К. - 10000 р.

Пятроўская В.А. - 10000 р.

Ракоўская З.А. - 10000 р.

Сіткевіч Н.С. - 10000 р.

Вакуліч І.Ю. - 10000 р.

Куратнік І.Р. - 10000 р.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Графіня Гелена Ромер-Ахянкоўская

Ад аўтара.

Я чуў пра яе ад сваёй бабулі Хвядзевіч Луцыі з Урбанайцяў.

Яна была настаўніцай маёй маці Марыі Міхайлаўны.

Былыя парабкі і людзі навакольных вёсак успаміналі пра яе толькі добрае.

Яна, рызыкуючы жыццём, ратавала ў час паводкі майго сябра дзяцінства Лаўрыновіча Казіка. У дзяцінстве і я не раз бачыў яе і нават уручыў букет чаромхі. Дзякуючы кніжцы, якую яна падаравала, маці і я навучыліся чытаць. Зараз я сабраў пра яе звесткі і хачу гэтай працай вярнуць з незаслужанага забыцця сваю таленавітую неардынарную зямлячку: асветніцу, педагога, мастачку. журналістку, пісьменніцу, актыўнага грамадскага дзеяча і вялікую патрыётку - графіню Гелену Ромер-Ахянкоўскую.

Дзяцінства Гелены

У 1874 годзе Ромер А.І. узяў шлюб з дачкой графа Эдмунда Сулістроўскага Вандай. Вяселле адбылося ў маёнтку маладой - Вішневе, (Смаргонскі раён). Пасля праведзенай у Фларэнцыі зімы, каб жыць на вёсцы, Ромеры прыехалі ў маёнтак Каралінова, які бацька Ванды граф Эдмунд Сулістроўскі выдзеліў маладым у якасці пасагу. Калі Ванда зацяжарыла, то выехала ў Вільню, каб нарадзіць дзіця, бо акушэрак у маёнтку і акрузе не было. У Вільні 21 ліпеня 1875 года прыйшла на свет дачушка Гелена. Поўнае яе імя: Гелена Анна Антаніна Рахеля. Калі дзяўчынцы споўніўся 1 годзік, маці з дачушкай Геленай пасяліліся жыць у родавым маёнтку Каралінове. Каб дзяўчынка змалку засвоіла французскую мову, якая тады лічылася моднай, Ромеры прывезлі з Францыі гувернантку мадмуазель Дзюпон. Дзяцінства Гелены прайшло ў Каралінове. Тут яна забаўлялася ў цяністым парку і вялізным садзе, які займаў плошчу каля чатырох гектараў, сябравала з вясковымі і фальварковымі дзецьмі, слухала аповеды сябра сям'і паўстанца Фларыяна Даноўскага пра бурлівы мінулы час. Калі гасцявала ў цёці Ірэны Карловіч ў Вішневе Смаргонскага раёна, мела магчымасць схадзіць на Вішнеўскае возера, наведаць сасновыя ўзлескі, касцёл, падобны на віленскую катэдру. А яшчэ яе любімым месцам была аранжарэя, дзе раслі вечназялёныя расліны і цвілі экзатычныя кветкі, і цяпліцы, дзе спеў вінаград, інжыр, апельсіны, персікі і іншае. У старой вішнеўскай сядзібе панавала патрыярхальная атмасфера, якой была зачаравана Гелена, якая забаўлялася там са шматлікімі родзічамі. У 1934 годзе ў часопісе "Pion" ("Вертыкаль") яна напісала пра гэта ва ўспамінах. Перш за ўсё аўтарка падкрэслівае "таямнічасць", казачнасць вішнеўскага дома. "Самай дзівоснай тут здавалася бібліятэка, размешчаная ў мансардзе. Заходзілі туды мы вельмі рэдка, па асабістым дазволе і са святым хваляваннем. Кніжкі да навучання, пісьмовыя сталы, паперы, папкі - там раніцай бываў дзядзя. Было вядома, што ні ў якім выпадку нельга яму перашкаджаць… Таксама, як і ў нас у Каралінове, не дазвалялася перашкаджаць майму бацьку, калі ён маляваў. Мы з юнацкіх гадоў прывыклі ў нашай сям'і паважаць творчую, навуковую і мастацкую працу, а жаданне развіваць у сабе прыроджаныя таленты ці хаця б здольнасці было агульнапрынятым прынцыпам". Асаблівай прыцягальнай сілай валодалі сямейныя музычна-мастацка-літаратурныя вечары. "Вялікая цемнаватая зала, мы, сабраўшыся на доўгай, зробленай з карэльскай бярозы канапе, слухаем: дзя-дзя іграе на віяланчэлі… Журботна плывуць гукі, штосьці плача і скардзіцца ў паветры, тужліва становіцца, так тужліва, што аж сэрца далёка адлятае ад маленькіх грудзей… А цяпер сёстры спяваюць дуэтам. Цёця і мама: глыбокае, драматычнае контральта, магутнае серабрыстае сапрана, як высокі гук скрыпкі, а потым іграюць у чатыры рукі, і іх чароўныя, пародзістыя профілі схіляюцца над клавіятурай... Мой бацька малюе іх партрэты, вясёлыя карыкатуры, састаўляе са шваграм праекты, такія далёкія ад звычайных, памешчыцкіх: збор этнаграфічнага матэрыялу, маляванне помнікаў этнаграфіі і архітэктуры."

Сямігадовая дзяўчынка чула ад дзядзькі Яна Карловіча, вядомага этнографа, фалькларыста і музыканта, беларускія легенды, паданні і казкі, якіх ён запісаў больш за 80, слухала ў яго выкананні мелодыі беларускіх народных песень, якіх ён сабраў паўтысячы, мела шчасце чуць пранікнёныя вершы на беларускай мове з вуснаў самога Францішка Багушэвіча, які быў частым госцем у Вішневе. Падросшы, зачытвалася кнігамі з багатай бібліятэкі Карловічаў, кнігазбор якой налічваў больш за 4000 тамоў. Відаць, гэтыя абставіны аказалі вялікі ўплыў на дзяўчынку, і яна, стаўшы дарослай, цягнулася да навукі, прыязна ставілася да простага люду і дапамагала яму як магла.

Першапачатковую адукацыю атрымала дома. Ужо ў шасцігадовым узросце бегла чытала, артыстычна дэкламавала вершы, малявала.

У кракаўскім пансіёне. Спроба пэндзля.

Гелена Ромер мела ахвоту і праяўляла выключныя здольнасці да вучобы. Хатнія настаўнікі не цалкам задавальнялі ўзросшую ў дзяўчынкі цягу да ведаў. Узнікла неабходнасць арганізаваць далейшую вучобу дачкі. Пасылаць вучыцца Гелену ў навучальныя ўстановы Вільні Ромеры не хацелі, бо апошнія былі вельмі зрусіфікаванымі як па мове, так і па кірунку выхавання ў духу асімілятарскай увараўскай трыяды: "праваслаўе, самадзяржаўе, народнасць". Таму вырашылі ўладкаваць Гелену на вучобу ў прэстыжны Кракаўскі платны прыватны пансіён Люцыі Жаляшкевіч.

(Працяг у наступным нумары.)

Ясь Драўніцкі


Ксёндз Раймунд Зямацкі

Вельмі заслужаны род Зямацкіх, які карыстаўся гербам Равіч, асеў на Літве яшчэ ў ХVІ ст.

Раймунд Мікалай Зямацкі нарадзіўся 19 верасня 1810 г. у Лоску - вёсцы Наваградскага ваяводства, а раней мястэчку, якое належала Кішкам. Яго бацька, Андрэй Зямацкі быў дзедзічам 12 - валокавых Дахаў у Ашмянскім павеце, ротмістрам таго ж павету. Тытул гэты здабыў у шэрагах Тадэвуша Касцюшкі. З жонкай Катажынай з Камінскіх меў старшых сыноў - Юзафа і Раймунда. Абодва вучыліся ў айцоў трынітарыяў у Маладзечне. Пасля чаго іх паслалі вучыцца ў Вільню ва ўніверсітэт. (Наймалодшы іхні брат - Францішак Зямацкі - будучы бацька прафесара Ўніверсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні Юзафа Зямацкага). Юзаф Зямацкі (старэйшы) загінуў падчас лістападаўскага паўстання. Раймунд падчас сутычкі, калі паўстанцаў дашчэнту разбілі і расейцы ўчынілі крывавую разню ў Ашмянах, атрымаў "чатыры удары казацкай пікай і два ўдары шабляй". Страціўшы прытомнасць, застаўся на полі бою сярод трупаў. Прабуджаны холадам ночы, сцякаючы крывёй, дапоўз да найбліжшага засценка. Вяртанне ў родны двор было немажлівае, бо Дахі былі пад наглядам паліцыі. Туляўся па вакольных дворыках, баючыся навесці небяспеку на гаспадароў. Радзімы дом адведваў пакрыёма. У той час дома вырашылі, што Раймунд "для зацірання слядоў" паступіць у духоўную семінарыю.

Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1838 годзе. Быў вікарыем пры касцёле святога Рафала ў Вільні ў 1848-49 гадах. З 1849 года выконваў абавязкі пробашча ў мястэчку Вавёрка ў Лідскім павеце. Час залячыў цялесныя раны. Душпастарская праца прынесла веру ў дабро таго, што рабіў. Раны маральныя..., тыя заўсёды былі жывыя. Даўнія ўспаміны і надзеі ажылі з наступленнем 1863 года.

У ноч з 24 на 25 студзеня (стар. ст., рэд. ) у дзверы плябані пастукаў незнаёмы мужчына і ўручыў пробашчу ліст з загадам прачытаць яго з амбона ў найбліжэйшую нядзелю. Быў гэта маніфест літоўскага паўстанцкага ўраду, які надаваў уладальнікам свабоду і зямлю, заклікаючы люд да абароны сваёй Айчыны. Змест маніфесту быў наступны:

"Правінцыйны часовы ўрад на Літве і Беларуй Русі ад імя Польскага Нацыянальнага ўраду абвяшчае наступнае:

1. Ад сённяшняга дня ўсе сяляне і ўсе жыхары хоць якога паходжання і веры ёсць вольныя, як старапольская шляхта.

2. Польскі Нацыянальны ўрад аддае сялянам: панскім і скарбовым на вечныя часы ў поўнае валоданне без чыншаў і выкупаў тую зямлю, якую яны да тога часу мелі, а ўсякія распараджэнні маскоўскага ўраду становяцца няважнымі, бо гэтая зямля польская, а не маскоўская.

3. Сяляне за тое, як шляхта, павінны бараніць польскі край, грамадзянамі якога, ад сённяшняга дня з'яўляюцца.

4. Парабкі, звольненыя жаўнеры і ўсе, якія толькі пойдуць бараніць польскі край ад маскалёў, атрымаюць самі або іх сем'і ва ўзнагароду надзел зямлі не менш, як тры моргі.

5. Польскі ўрад узнагародзіць грамадзян за панесеныя імі ахвяры з нацыянальных фондаў.

6. Калі хоць хто не будзе паслушны гэтаму маніфесту, ці ён пан, ці селянін, ці чыноўнік, ці хто іншы, будзе пакараны паводле польскага ваеннага права.

Божа, ратуй Польшчу.

Дадзены ў Вільні 1 лютага ( паводле новага стылю - прып. аўт.) 1863 г.

(Пячатка)."

У сваю чаргу ў лісце, скіраваным да ксендза гаварылася:

"Вяльможнаму Зямацкаму, Вавёрскаму пробашчу ў Вавёрцы.

Паводле загаду Часовага правінцыйнага ўраду на Літве і Белай Русі далучаны Маніфест Польскага ўраду мае быць у нядзелю 27 студзеня ( ст. стылю , рэд.) у Вавёрскай парафіі мясцовым капланам абвешчаны з амбона сабранаму люду. У выпадку невыканання гэтага даручэння пробашч будзе прызнаны за здрадніка Айчыны і як такі на падставе пункта 6 таго ж маніфесту будзе пакараны паводле польскага ваеннага права.

№1805. 1863, лютага 2 дня, Вільня."

Лісты з ідэнтычным зместам даставілі таксама да пробашчаў іншых парафій.

Адны не прачыталі іх наогул, іншыя, баючыся помсты паўстанцаў, хочучы захаваць сваю пасаду, паведамілі паліцыі і папрасілі аховы. Не зрабіў таго, як піша Я. Обст, ксёндз Зямацкі, ён свядома выканаў свой абавязак патрыёта, потым як шчыры хрысціянін і католік прымяніў перад судом усялякія годныя сродкі абароны, нікога, аднак, не выдаўшы, на нікога не звальваючы віны, калі прагучаў вырак, прыняў яго як герой.

27 студзеня (ст. стылю, рэд.) у касцёле ў Вавёрцы адпраўленне сумы прыпала маладому вікарыю. Ксёндз Раймунд узяў аднак на сябе "цяжкі абавязак зачытвання маніфесту". Добра рузумеў, што маладога чалавека чакае вязніца і кара.

- Я ўжо стары, да паважнага веку будуць, можа, больш пачцівыя. Зрэшты мне на шмат менш жыцця засталося, чым табе, - падрахаваў ён.

Адразу пасля прачытання маніфесту ксёндз Зямацкі быў арыштаваны мясцовым спраўнікам, высланы ў Вільню і пасаджаны ў кляштарнай вязніцы пры касцёле Святога Духа.

У загадзе "камандуючага войскамі і генерал-губернатара" ад 3 траўня 1863 г. м. ін. гаварылася: "Аддаць пад палявы суд ксяндзоў Ішору, Фалькоўскага і Зямацкага, а таксама пісара Гаеўскага, лясніка Яшчэвіча і арганіста Калясінскага за прачытанне подбухторчага маніфесту і падбухторванне сялян да паўстання", "справу належыць залатвіць на працягу 24 гадзін".

Знайдзеная ў гарадскім архіве ў 1922 г. папка з надпісам "Справа аб прачытанні ў Вавёрскім парафіяльным касцёле пробашчам кс. Зямацкім польскага падбухторчага маніфесту" ўтрымоўвала таксама пратакол следства, сведчанні некалькіх мясцовых жыхароў, якія баранілі ксендза, і абвінаваўчы акт. Між іншым у прыгаворы з дня 8 траўня 1863 г. гаварылася: "... кс. Раймунда - Мікалая Зямацкага, 52 гадоў, за распаўсюджанне падбухторчага маніфесту на грунце ваеннага крымінальнага права, кніга 1, пар. 177, пункт, пакараць смерцю цераз расстрэл. Адначасова магчымасць змягчэння кары суд робіць залежным ад рашэння вышэйшай улады, адзначаючы што асуджаны, канешне, мог прачытаць маніфест пад прымусам, што паводле ўласнага прызнання, пасля прачытання маніфесту дадаў, што не радзіць нікому яго выконваць, але гэтая акалічнасць не была следствам высветлена, толькі пацверджана двума мясцовымі землеўладальнікамі і таму не можа быць замоўчана."

За ксендза Зямацкага гаварыў таксама факт, што адразу пасля арышту яго ў Вавёрцы спраўнікам ён ва ўсім прызнаўся. Вышэй названая акалічнасць павінна бы змягчальна ўплываць на памер кары, і нават найбліжэйшыя да ксендза былі перакананыя, што расейскія ўлады не пойдуць на крайнія меры. Сітуацыю радыкальна змяніў прыезд у Вільню Мураўёва з вядомай мянушкай "Вешальнік". 21 траўня 1863 года (ст. ст.) ён накіраваў ліст "камандзіру другой пяхотнай дывізіі гвардыі":

"Не бачу дастатковых прычын для аблягчэння кары асуджанаму ксендзу Зямацкаму, бо сведчанні двух мясцовых жыхароў-католікаў ніякай вагі не маюць, як тых, якія належаць да люднасці варожай ураду. Таму загадваю споўніць вырак над Зямацкім паводле прыгавору ваеннага суда, г.зн. пакараць яго смерцю цераз расстрэл. Споўніць вырак згодна з 549 параграфам, другой кнігі вайсковага крымінальнага статута публічна на адным з Віленскіх пляцаў...

Камандуючы войскамі, генерал ад інфантэрыі Мураўёў".

5 чэрвеня 1863 г. на Лукішскім пляцы ў Вільні ксёндз Зямацкі быў публічна расстраляны. Загінуў па выраку расейскага суда за спрыянне студзенскаму паўстанню. Расейская куля, якая праляцела міма ў 1831-м годзе, дагнала яго ў 1863-м.

Плямяннік Раймунда Зямацкага Юзаф Зямацкі ў 1889 годзе як лекар Абухаўскага гарадскога шпіталя ў Пецярбурзе пазнаёміўся з жанчынай (па паходжанні віленкай), якая як нарачоная афіцэра расейскай жандармерыі прысутнічала на экзекуцыі ксендза Зямацкага. Прафесар запісаў:

"Памятаю, што быў гэта чалавек ужо паважнага веку, добра прыпамінаю яго рысы, меў ужо сівыя валасы, быў вельмі аслаблены хваробай, якую перажыў у вязніцы, не мог ісці пешшу, быў прывезены на дрожках. Пасля вываду яго з падамініканскіх муроў, дзе была вязніца, нейкі расейскі вайсковец высокага рангу падышоў да яго прасіць дабраславенства. Бо быццам бы сярод расейцаў існуе забабон, што дабраславенства прыгаворанага на смерць прыносіць шчасце ў будучым жыцці.

Ксёндз Зямацкі дабраславіў яго знакам крыжа, а той пацалаваў яму руку. (Пра такі забабон ніколі не чула...). адразу пасля залпа карабінаў ксёндз павіс бяссільна на вяроўках, якімі быў прывязаны да слупа; бачыла потым, калі цела было адвязана ад слупа і ляжала ўжо на зямлі, сутана на грудзях была моцна заліта крывёю, а некалькі плям крыві аказалася пазней і на сівых валасах. Побач з ксендзам Зямацкім, наводдаль за колькі крокаў, быў страчаны таксама цераз расстрэл вельмі малады чалавек, Лясковіч (таксама з Лідскага павету, рэд. ) . Целы іх абодвух адразу пасля экзекуцыі ўкінулі ў магілы, загадзя прыгатаваныя перад слупамі, да якіх былі прывязаны асуджданыя. Целы засыпалі зямлёй, магілы выраўнялі".

У адным з архіўных дакументаў чытаем: "Зацверджаны камандуючым войскамі Віленскай вайсковай акругі дня 21 траўня пад нумарам 616, вырак над ксендзам Раймундам Зямацкім быў выкананы 24 траўня (паводле старога стылю, прып. аўтара ) ; кс. Зямацкі расстраляны публічна на гандлёвым пляцы ў 11 гадзін раніцы...

Віленскі камендант. Ген.-лейт. (подпіс). "

Целы расстраляных былі адкапыя ноччу, каб таямніца не выйшла на яву. З пляца св. Якуба іх перавезлі "на Трыкрыжскую гару, да рэдута, які быў насыпаны на самай вярхушцы гары, і ў якім былі ўстаноўлены падчас паўстання 1863 года гарматы, павернутыя да горада". Целы "былі пакладзены на вярхушцы Трыкрыжскай гары ў магілы, падрыхтаваныя загадзя ўздоўж паўночнага вала рэдута. У тым рэдуце, каля паўднёвага яго краю стаялі тры дрэвы, а за імі праз адзін або два крокі тры высокія крыжы."

У зборніку, выдадзеным у Пецярбурзе ў 1906 г. палякамі, якія там жылі, з мэтай ушанавання памяці пра Элізу Ажэшку знаходзіцца таксама дадатковыя звесткі прафесара Юзафа Зямацкага, якія датычацца месца вечнага спачыну яго дзядзькі: ксендза Раймунда. Юзаф Зямацкі згадвае пра сваю размову з навочным сведкам - полькай, віленкай, нарачонай афіцэра жандармерыі, нейкай N. "Пасля пахавання, - піша Ю. Зямацкі, - акрэсліла яна вельмі дакладна размяшчэнне могіл. Ведала, што месца пахавання парэшткаў страчаных з'яўляецца вялікай таямніцай. Мела сабе загад на абсалютнае маўчанне і таму ўзнікла ў яе галове думка, каб хоць у будучыні дакладна абазначыцць тое месца, а паколькі ноч была светлая, і зоркі свяцілі, то магла дасканала акрэсліць бакі свету і запомніла выразна сітуацыю: ад усходняга крыжа - 17 крокаў, проста на поўнач выпадае магіла кс. Зямацкага, на лева ад яго, г.зн. на захад - Лясковіча, а як даведалася ад нарачонага, направа ад кс. Зямацкага - магіла кс. Ішорш, страчанага пару дзён пасля таго. Магілы наступных страчаных - а было іх шмат - размешчаны ў храналагічным парадку налева, г.зн. на захад".

Пасля атрымання гэтых звестак у 1889 годзе прафесар Ю. Зямацкі паехаў у тым жа годзе ў Вільню з мэтай правесці замеры на Трыкрыжскай гары. "Крыжоў у той час ужо не было. - успамінае ён , - але я памятаў пра тое, што былі тры дрэвы, якія да гэтага часу існуюць (прафесар пісаў той артыкул у 1906 г., прып. аўтара ), то не цяжкай мне была арыентацыя, і на самай справе на вярхушцы гары, ад месца, дзе павінен быў стаяць крыж, проста на поўнач ёсць 17 крокаў аж пад паўночны вал. Такое дакладнае акрэсленне той адлегласці ў памяці N пасля 26 год, дало мне шмат для роздуму (...)."

Тры дрэвы на вярхушцы гары Трох Крыжоў былі зрэзаны ў 1916 годзе пры пабудове Трыкрыжскага помніка аўтарства А. Вівульскага. Я. Обст канстатуе: "Сёння на вяршыне ўзгорка над магіламі ахвяр дзікай звышсілы падымаюцца промні трох крыжоў - сімвал пакутніцтва і ўваскрэсення, прысвечаныя памяці святых пакутнікаў. Тых, якія сваю ахвярную кроў пралілі ў лона нашай Маці-Зямлі дзеля будучага плёну святла і свабоды!"

Праз шэсцьдзесят год пасля паўстання, калі на Замкавай вежы развіваўся белачырвоны штандар, Ян Обст. Заснавальнік Музея Міцкевіча ў Вільні і адзін з найбольш чынных папулярызатараў гісторыі Віленшчыны, гісторык па адукацыі, публічна заклікаў: "(...) сёння першым нашым абавязкам ёсць скласці паклон тым сейбітам свабоды, ценям бацькоў нашых і дзядоў, палеглых за Айчыну ў няроўнай барацьбе", у гадавіну смерці кс. Зямацкага "годна было б тую непараўнальна прыгождую, шляхетную постаць, якая назаўжды застанецца ў нашай мартыралогіі, ушанаваць умураваннем сціплай табліцы з адпаведным надпісам у касцёле св. Рафала (...)".

У 1923 годзе ў друкарні "Зара" ў Вільні з'явілася бражурка Я. Обста пад назвай "Кс. Раймунд Зямацкі. У 60-ю гадавіну смерці пакутніка за Айчыну" . "У якасці матэрыялу , - зазначае аўтар, - паслужылі нам перш за ўсё дэталёвыя ўспаміны плямянніка с.п. кс. Раймунда - шаноўнага прафесара і сузаснавальніка ўніверсітэта імя Баторыя - Юзафа Зямацкага, а таксама арыгінальныя судовыя акты, якія датычацца той справы, за расійскімі часамі недаступныя для польскіх даследчыкаў, а цяпер знойдзеныя ў гарадскім архіве".

І ў тым жа 1923 годзе з правага боку на франтоне касцёла Св. Арханёла Рафала (Рафаіла), была змешчана мемарыяльная дошка з наступным надпісам:

"S.Р. Кс. Раймунд Зямяцкі. Нар. у Лоску

19 верасня 1810 г.,

удзельнік паўстання 1831 г.

Вікарый касцёла Св. Рафала

ў Вільні, пазней пробашч

у Вавёрцы Лідскага павету.

Каплан - герой, загінуў пакутніцкай смерцю, расстраляны на

Лукішскім пляцы ў Вільні

5 чэрвеня 1863 г.

А на Бернардынскіх могілках у Вільні знайходзіцца магіла плямянніка Раймунда Зямацкага, доктара медыцыны, звычайнага прафесара тапаграфічнай анатоміі і хірургіі Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні Юзафа Зямацкага, які адраджаў Віленскі ўніверсітэт, укладаючы ў гэтую справу шмат працы як рэктар у перыяд арганізацыі, а пазней прарэктар. На магіле надпіс:

"S.P. Д-р Юзаф Казімр Зямацкі, прафесар Універсітэта Стэфана Баторыя ў Вільні, кавалер ордэна Адраджэння Польшчы,

нар. 18 верасня 1856 г.,

пам. 20 верасня 1929 г".

Годныя прадстаўнікі годнага роду Зямацкіх.

Ліліяна Нарковіч.


Мемарыяльная дошка ў Ваверскім касцёле (Лідскі р-н).

На дошцы надпіс:

"Кс. Раймунд Зямацкі, 19.09.1810-05.06.1863.

Пробашч парафіі ў Вавёрцы, загінуў пакутніцкай смерцю, расстраляны ў Вільні за ўдзел у Студзеньскім паўстанні. Чэрвень 2003 г. Парафіяне, Таварыства польскай культуры на Лідчыне."


На Лідскай зямлі адбыўся фестываль фальклору

Магчыма, нехта здзівіўся, убачыўшы ў мінулую пятніцу на тэрыторыі раённага Палаца культуры мноства люду ў народных касцюмах. Няма чаму здзіўляцца, бо гэты дзень аб'яднаў два фальклорныя фестывалі: рэгіянальны фестываль абрадаў і рамёстваў "Скарбы Гродзеншчыны" і фестываль творчых калектываў Лідскага і Троцкага раёнаў "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах".

У першай палове дня жыхары і госці горада маглі паслухаць фальклорныя аўтэнтычныя калектывы з Дэмбраўскага сельскага Дома фальклору і народных традыцый, з Ракавіцкага сельскага Дома культуры, калектыў з хутара Збляны і іншыя.

На фестывалі таксама працавалі выставы творчых народных майстроў. Дэманстравала рэдкі для Беларусі від творчасці - роспіс яек "сапоцкінскія пісанкі" - майстрыца з гарадскога пасёлку Сапоцкін.

Наступным пунктам на культурным шляху наведвальнікаў фэсту стала выстаўка-конкурс выцінанкі "Пяпяровыя фантазіі". Пасля агляду экспазіцый можна было ўбачыць відэапрэзентацыю Дзятлаўскага раёна традыцыйнага абраду "Юр'е", а таксама аніманіцыйна-рэалістычную дзею па апрацоўцы ільну і вырабу кужалю "Калі да лёну з паклонам - аддзячыць добра лён", які прадставіў Лідскі раённы метадычны цэнтр народнай творчасці.

Працавала тут і вельмі смачная выстава "Традыцыйныя стравы Гродзеншчыны". Знайшлося шмат ахвочых не толькі паглядзець на традыцыйныя беларускія стравы, але і пакаштаваць іх, узяць рэцэпты найбольш упадабаных.

Пасля наведвання раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры, а таксама Лідскага замка пачаўся фальклорны фестываль творчых калектываў Лідскага і Троцкага раёнаў "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах". Фэст адбыўся ў другі раз (першы фестываль прайшоў у Троцкім раёне) пры міжнароднай тэхнічнай дапамозе Еўрапейскага Саюзу ў рамках праекту трансмежавага супрацоўніцтва.

Фестывалі традыцыйна суправаджаюцца спевамі і танцамі, таму і гэты фестываль не стаў выключэннем. Свае творчыя праграммы на канцэрце прадставілі пяць калектываў Лідскага раёна: народны ансамбль песні і танца "Лідчанка" Лідскага раённага Палаца культуры, народны ансамбль беларускай музыкі і песні "Прынямонцы" Бярозаўскай дзіцячай школы мастацтваў, фальклорны калектыў Лідскага раённага Цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры, народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў Бердаўскага цэнтра культуры і вольнага часу і народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі гармонік" Гудскага цэнтра творчасці і вольнага часу. У сваю чаргу Троцкі рэгіён прадставіў суцэльную канцэртную праграму з выступленнем старэйшай групы ансамбля народнага танца Аўкштадварыс "Нава", капэлы народнай музыкі Анушкіс , салістаў Далі і Дарыюса Мацкевічаў і іншых.

Народныя песні і танцы, а таксама гумарыстычныя мініяцюры не давалі сумаваць гледачам, многія з іх нават пускаліся ў скокі пад вясёлыя мелодыі як беларускіх артыстаў, так і літоўскіх.

Традыцыйныя ўдзельнікі фестываляў - гэта майстры і рамеснікі, якія гандлююць сваімі вырабамі. На фестывалі "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" яскравую палітру народных рамёстваў і промыслаў прадстаўлялі майстры з Лідскага і Троцкага рэгіёнаў. Яны выстаўлялі свае работы ў "Горадзе майстроў", праводзілі майстар-класы. Вырабы з саломкі, тканыя паясы і традыцыйныя лялькі-мотанкі, свістулькі-салаўі - ўсё гэта і многае іншае можна было не толькі разгледзець, але і набыць у якасці сувеніра. Асноўная ўвага была скіравана на промысел майстроў з Троцкага раёна - шапавальства. На кірмашы рамёстваў можна было не толькі купіць сабе валяныя шапкі і шалікі на любы густ і памер, але і пагутарыць з майстрамі, даведацца аб некаторых сакрэтах шапавальскага промыслу.

У суботу, на другі дзень фестывалю творчыя калектывы з Літоўскай Рэспублікі змаглі наведаць шклозавод і музей "Нёман" у горадзе Бярозаўка, Лідскі замак, гістарычна-мастацкі музей горада Ліда, раённы Цэнтр рамёстваў і традыцыйнай культуры.

А ўвечары, жыхары і госці горада Бярозаўкі змаглі атрымаць асалоду ад яскравага выступлення як мясцовых артыстаў, артыстаў з Ліды, так і творчых калектываў Літоўскай Рэспублікі. У выкананні калектываў на працягу амаль трох гадзін гучалі прыгожыя песні і выконваліся яскравыя танцы.

На фестывалі была настолькі цёплая атмасфера, што кожны адчуваў сябе не тое, што жаданым госцем - часткай вялікай дружнай сям'і, дзе шануюць традыцыі, умеюць добра працаваць і адпачываць

І першы, і другі дзень, на заканчэнні фестывалю адбывалася вельмі яскравае і запамінальнае вогненнае шоў, якое прадэманстравала студыя агню і танцу "Чуціта" з Троцкага раёна.

Дыпломамі, падзякамі і каштоўнымі прызамі напрыканцы фестывалю былі ўзнагароджаны ўсе яго ўдзельнікі, творчыя калектывы і майстры, а таксама сябры фестывалю. Як паабяцалі арганізатары, наступнае фальклорнае свята адбудзецца праз месяц, у сярэдзіне верасня, і хлебасольны Лідскі край зноў прыме жаданых гасцей з Троцкага рэгіёна.

Н. Вайцюкевіч, метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці. Фотаздымкі С. Судніка і А. Пецікава.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX