Вярнуцца: 2013

№ 37 (1136)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 37 (1136) 11 верасня 2013 г.


499-я ўгодкі Аршанскай перамогі

На Крапівенскім полі, дзе 8 верасня 1514 года адбылася гістарычная бітва пад Воршай, штогод збіраюцца тыя, хто памятае пра гэтую дату. Угодкі бітвы, падчас якой войска на чале з вялікім гетманам Вялікага Княства Літоўскага Канстанцінам Астрожскім перамагло ўтрая большае войска Маскоўскага княства, адзначаюцца як Дзень беларускай вайсковай славы.

Актывісты з Воршы ды іншых гарадоў збіраюцца ў гэты дзень на беразе рэчкі Крапівенкі каля вёскі Гацькаўшчына ды ўспамінаюць палеглых тут ваяроў. Селета за супакой іхніх душаў маліліся і ў царкве Аляксандра Неўскага ў вёсцы Крапіўна. Гэта адбудаваны храм, а паўтысячагоддзя таму ў гэтай вёсцы была пабудавана драўляная царква ў гонар пераможнай бітвы пад Воршай. Цяпер ад яе засталіся толькі камяні падмуркаў.

Уніяцкая суполка сабралася на малітву за тых, хто загінуў у бітве пад Воршай, у аршанскім касцёле святога Язэпа. А тыя, хто паехаў у гэты дзень на Крапівенскае поле, згадвалі даўнейшыя падзеі там.

Да помнікакаменя з надпісам "Вечная слава героям аршанскай перамогі" ўсклалі вянкі і кветкі. Хлопцы, што прыехалі ў гэтыя мясціны з Магілёва, пасадзілі каля помніка рамонкі.

Потым усе падняліся на ўзгорак, дзе ўсталяваны высокі драўляны крыж у памяць пра бітву, у якой загінула не адна сотня нашых суайчыньнікаў. Тут залунаў бел-чырвона-белы сцяг.

Бард Андрэй Мельнікаў выканаў пад ім некалькі песняў, у тым ліку прысвечаную Аршанскай бітве - "У нядзельку параненьку"...

Алесь Пушкін слухаў Крапівенскую зямлю і казаў, што чуў тупат коней.

Наступны год будзе юбілейны: з дня бітвы пад Воршай мае споўніцца роўна 500 год. І ўжо сёння тыя, хто сабраўся ў гэтых мясцінах, выказвалі свае прапановы, як зрабіць гэтае свята агульнабеларускім ды адзначыць яго не толькі на Аршаншчыне.

Радыё Свабода.


130 гадоў з дня нараджэння Янкі Быліны

БЫЛІНА Янка (сапр. Семашкевіч Ян; 1883, в. Лакцяны Астравецкага р-на Гарадзенскай вобл. - 18 лютага 1956, Бомбля), беларускі паэт. У 1907 году скончыў Віленскую каталіцкую семінарыю і ў тым жа годзе быў пасвечаны ў святары.

Падчас вучобы завязаў сяброўства з будучымі віднымі беларускімі святарамі Францішкам Грынкевічам, Францішкам Рамейкам, Уладзіславам Талочкам. З 1910 года служыў адміністратарам прыходу Дварэц у Слонімскім дэканаце. Падчас Першай сусветнай вайны разам з Уладзіславам Талочкам прадстаўляў беларускае каталіцкае святарства ў Віленскім камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны.

З 1917 года служыў у прыходзе Лаварышкі Ашмянскага павета, пазней служыў у прыходзе Дукшты. Шырока выкарыстоўваў беларускую мову ў пастырскай дзейнасці, актыўна выступаў за беларусізацыю рэлігійнага жыцця беларускіх каталікоў. У 1917-1918 гадах браў удзел у арганізацыі і правядзенні ў Вільні беларускай канферэнцыі. Служыў ксяндзом на Вілейшчыне, Віленшчыне. У 1933 году быў пераведзены на пост вікарыя ў Янаў. Служыў на Беласточчыне - у Янаве-Падлескім (1933-1937), Ялоўцы (1937-1939), Міхалове (1939-1946), Бомблі з 1946. Пасля Другой сусветнай вайны быў рэпрэсаваны савецкімі ўладамі. Пазней быў высланы ў Польшчу і з 1950-х гадоў да 1956 служыў зноў у Бомблі. Пахаваны там жа побач з касцёлам.

Друкаваўся з 1917 у газ. "Гоман", у перыяд. выданнях Зах. Беларусі, у тл. ў час. "Маланка". Выдаў у Вільні зборнікі вершаў і баек "На прызбе" (1918, 2-е выд. 1924) і "На покуці" (1934), камедыю "Выбар старшыні" (1926), у якой асуджаў жорсткасць і несумленнасць чыноўнікаў. Вершы "Бацькаўшчына", "Дарогі нашай айчыны" і інш. выявілі патрыят. настроі паэта. У вершах "Ой, пусцее поле", "Воўк заўсёды ваўком", байках "Блыха і пан", "Кабан і мурашкі" і інш. паказаў сац. і нац. ўціск польскіх уладаў. Бытавы гумар пераважае ў вершаваных апавяданнях ("Здарэнне", "Пахаванне старшыні"). У аснове твораў Быліны жывая нар. гутарковая мова.

9-10.8.2003 г. ГА "Вільняр" арганізавала ў Лакцянах, на бацкаўшчыне паэта, мастацкі пленэр і краязнаўча-літаратурныя чытанні.


120 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Ляўданскага

ЛЯЎДАНСКІ Аляксандр Мікалаевіч (29.08 (10.09).1893 г., в. Юр'ева Смалявіцкага р-на - 27.08.1937 г.) - беларускі гісторык, археолаг, кандыдат гістарычных навук (1934). Скончыў Смаленскае аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута (1922). З 1927 г. член гісторыка-археалагічнай камісіі Інбелкульта, загадчык аддзела археалогіі Беларускага дзяржаўнага музея. З 1931 г. вучоны сакратар, загадчык секцыі археалогіі Інстытута гісторыі АН БССР, адначасова дацэнт БДУ. Арганізатар першых навуковых археалагічных экспедыцыяў па Беларусі. Зрабіў класіфікацыю гарадзішчаў жалезнага веку, вызначыў іх культурна-археалагічную прыналежнасць і арэалы археалагічных культураў, акрэсліў асноўныя рысы матэрыяльнай культуры, гаспадаркі і патрыярхальна-радавога ладу плямёнаў, якія жылі па тэрыторыі Беларусі ў жалезным веку. Даследаваў Віцебск, Оршу, Заслаўе, Барысаў, даў першую і найбольш поўную гістарычную тапаграфію старажытнага Полацка, вывучаў яго старажытныя архітэктурныя помнікі (Сафійскі сабор, Спаса-Ефрасіннеўская царква, Бельчыцкія храмы). Раскопваў курганы эпохі Кіеўскай Русі на тэрыторыі Беларусі, выявіў і даследаваў прылады працы, зброю і ўпрыгожанні. У 1937 годзе па ілжывым абвінавачванні арыштаваны і расстраляны ў Менску (27.08.1937). У 1958 г. рэабілітаваны.

Асноўныя працы:

Неалітычныя стаянкі ў Смаленскай губерні / Аляксандр Ляўданскі. - Мн., [1925].

Раскопкі і археалагічныя разведкі ў Барысаўскім павеце. Сляды неалітычнай стаянкі і пазнейшых культур каля м. Новага Быхаву / А. Н. Ляўданскі; Ін-т бел. культуры. - Мн., 1925.

Да гісторыі жалезнага промыслу на Палессі : Рудні і месцазнаходжанні руды / А. Н. Ляўданскі. - Мн., 1933. - (Працы Палескай экспедыцыі / Беларус. акад. навук, Ін-т гісторыі імя М. Н. Пакроўскага, Секцыя археалогіі; вып. 2).

Археалагічныя раскопкі ў м. Заслаўі Менскай акругі // Кн. 5. Працы кафедры археалогіі. Т. 1. Мн., 1928 і інш.

Вікіпедыя.


Менскі каталіцкі каледж будзе беларускамоўным

7 верасня ў касцёле святых Сымона і Алены ў Менску адбылася ўрачыстасць, з нагоды пачатку навучальнага года ў Менскім тэалагічным каледжы. Навучанне там будзе весціся па-беларуску.

Гэта новая навучальная ўстанова ў каталіцкім касцёле, якая будзе займацца падрыхтоўкай выкладчыкаў рэлігіі і іншых спецыялістаў.

Першы дзень новага навучальнага года распачаўся ўрачыстай малітвай з удзелам светароў-выкладчыкаў і студэнтаў. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў святочную імшу, паведаміў карэспандэнту Свабоды:

- Дагэтуль ў нас быў цэнтр падрыхтоўкі катэхізатараў. Каледж мае шырэйшыя мэты перад сабою: катэхізацыйнай працай дзейнасць касцёла не абмяжоўваецца. Мы таксама ведаем, што ўсё большую ўвагу свет звяртае на медыі, яны маюць усё большую ролю ў жыцці сучаснага грамадства, у тым ліку і касцёла. Таму патрэбныя каталіцкія спецыялісты, а таксама могуць атрымліваць адпаведныя веды і свецкія журналісты, якія працуюць у свецкіх СМІ. Таксама неабходна сацыяльнае навучанне. Мы бачым колькі праблемаў у свеце, у кожным грамадстве, у тым ліку і ў нашым. Далей - сям'я, справы дабрачыннасці і гэтак далей. Я спадзяюся, што тыя спецыялісты, якія выйдуць з нашага каледжа - яны найперш будуць дапамагаць пры касцельных структурах, але таксама яны павінны быць у грамадстве.

Тадэвуш Кандрусевіч спадзяецца, што дзяржаўная рэгістрацыя Менскага тэалагічнага каледжа паспрыяе адкрыццю ў Беларусі вышэйшай духоўнай навучальнай установы.

Дзяржаўная рэгістрацыя азначае, што каледж прызнаецца дзяржавай як навучальная ўстанова, сказаў сакратар каледжа, ксёндз Юры Санько:

- Пакуль заняткі будуць праходзіць на базе Чырвонага касцёла. Але плануем пашырэнне, маем надзею, што будзем мець свой будынак. Ну і натуральна тое, што выкладанне і ўся дакументацыя будзе весціся на беларускай мове. Бо мы жывём, навучаемся, духоўна ўзрастаем у Беларусі, таму іншага быць не можа.

Выкладчыкамі новага каледжа пераважна з'яўляюцца каталіцкія светары, але таксама і свецкія асобы. На першы курс Менскага тэалагічнага каледжа сёлета прыняты 21 студэнт - людзі рознага ўзросту і заняткаў.

З нагоды новага навучальнага года ў Менскім тэалагічным каледжы таксама адбылася прэзентацыя друкаванага выдання першай энцыклікі папы рымскага Францішка, якая атрымала назву "Святло веры". Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прачытаў даклад пра змест энцыклікі, а таксама асабіста ўручыў яе беларускамоўныя друкаваныя асобнікі кожнаму першакурсніку.

Галіна Абакунчык.


У ПРЫКАЗКАВУЮ СКАРБОНКУ

У канцы 2011 года выйшаў наш (у суаўтарстве з М.А. Якалцэвіч) "Тлумачальны слоўнік прыказак" (далей ТСП). У ім апісваецца каля 1800 найбольш ужывальных у сучаснай літаратурнай мове прыказак, тлумачыцца іх сэнс, пры неабходнасці даецца сітуацыйная і стылістычная характарыстыка. Выкарыстанне прыказак як моўных адзінак ілюструецца прыкладамі з мастацкіх і публіцыстычных тэкстаў. Паказана, у якіх парэміялагічных зборніках прыводзіцца пэўная прыказка ці яе разнавіднасці. Пры некаторых прыказках ёсць даведкі пра іх паходжанне. У слоўніку адлюстравана варыянтнасць прыказак і сінанімічныя адносіны паміж імі.

Мінулым годам (як дадатак да ТСП) у "Весніку ГрДУ" (2012, № 3) і ў "Нашым слове" (2012, № 33) было апісана яшчэ больш як 20 прыказак, а таксама змешчаны іншы дапаўняльны матэрыял, звязаны з паходжаннем асобных прыказак, іх ужываннем у літаратурным маўленні і г.д. Цяпер - пра некаторыя іншыя прыказкі, якія або раней не апісваліся ў ТСП, або хоць і апісваліся, але маюць патрэбу ў дадатковых этымалагічных, ілюстрацыйных ці іншых звестках пра іх.

Ад астрогу няма перасцярогу (= Няма ўпэўненасці, што чалавека не напаткае бяда, няшчасце і пад.). "Ад астрогу няма перасцярогу", - так казалі нашы продкі. Туды, тым болей сёння ў сучаснай Беларусі, можа трапіць кожны з нас ( А. Бяляцкі. Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера).

Беднасць не загана (= прыказка з прамым значэннем слоў-кампанентаў, заснаваная на прыёме адмоўнага параўнання ). - Не такая ўжо я і жабрачка, каб прымаць міласціну!.. - Ты не так зразумела мяне. Па-першае, беднасць не загана, і яе няма чаго саромецца… ( В. Кадзетава . Таннае золата).

Голад не дзядзіна, з'ясі і крадзена (= Голад вымушае пакарыцца абставінам, рабіць што-небудзь не так, як хацелася б. Кажуць у апраўданне дзеянняў, звязаных з пошукам ежы ). Манька заўсёды хоча есці, але ніколі не падае выгляду. Ганарыстая ад нараджэння. Не папросіць, не прынізіцца. Летам можна наесціся яблыкаў з чужога саду: голад не дзядзіна, з'ясі і крадзена ( Л. Кебіч . Манька). Змяшчаецца і ў акадэмічным зводзе прыказак (1976, кн.1, с.218).

Дармовы (бясплатны) сыр бывае толькі ў мышалоўцы (= Бясплатна ці бескарысліва нічога не робіцца. Часцей гаворыцца іранічна ). З-за чаго такая шчодрасць і ласка яму, Вілену, ад незнаёмага чалавека? Лічы, равесніка?.. "Дармовы сыр - толькі ў мышалоўцы" ( А. Казлоў. Дзеці ночы - служкі зла). Аперыравалі няпланава. Дамаўляцца давялося… Не так проста: чарга, кругом чарга… Дактарам цяпер за працу мала плацяць. А бясплатны, кажуць, сыр бывае толькі ў мышалоўцы ( "Маладосць" , 2000, № 12). Гэта прыказка ў вусным маўленні і ў беларускім друку стала скарыстоўвацца толькі ў два апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя. Паводле паходжання яна - калька з англійскай мовы: free cheese happens only in a mousetrap . А першым, хто ўжыў гэтую фразу, была прэм'ер Вялікабрытаніі Маргарэт Тэтчэр. Яна ў перыяд гарбачоўскай перабудовы прыязджала ў СССР і аднойчы на савецкім тэлебачанні давала інтэрв'ю ў прамым эфіры. На пытанне савецкага журналіста пра платную і бясплатную медыцыну яна адказала, што бясплатным бывае толькі сыр у мышалоўцы. Гэта фраза "жалезнай лэдзі" стала прыказкай у многіх мовах свету. Ёсць яна і ў англійскіх даведніках.

Дзвюм смерцям не бываць, а адной не мінаваць (=мае два значэнні: 1) Пра непазбежнасць смерці; 2) Рызыкнём, што б ні здарылася; гаворыцца з рашучасцю зрабіць што-небудзь рызыкоўнае, небяспечнае). Чаго нам паміраць?.. А прыйдзецца паміраць - дык што такое? Дзвюм смерцям не бываць, адной не мінаваць! ( М. Гарэцкі. Віленскія камунары). - Адставіць! - па-армейску скамандаваў Дзімка. - Дзвюм смерцям не бываць, а адной не мінаваць! Што будзе, тое будзе, а дзве смерці не будзе! ( У. Гніламёдаў. Ліхалецце).

Жаніся, каб дурні не звяліся (= Гаворыцца звычайна як жартаўлівы адказ на прапанову жаніцца ). - А ты ўсё ходзіш? - і, паглядзеўшы на яго боты, дадала: - Не ажаніўся? - Ажаніся, каб дурні не звяліся, - у сваё апраўданне сказаў Кузёмка і нервова махнуў рукой: адчапіся, маўляў ( У. Гніламёдаў. Ліхалецце).

Жывы будзем - не па-мром ( =Жартаўлівае выказванне як спадзяванне, што ўсё павінна быць някепска ). Валька хацеў усміхнуцца, але ў галаве ўраз кальнула, і твар яго зморшчыўся ў пакутнай грымасе. - Баліць? - Ладна, - паморшчыўся баец. - Жывы будзем - не памром ( В. Быкаў. Адна ноч). Ну, што ж гэта ты, Пашка, абнядужыў? Ад адной кроплі [гарэлкі]… Слабак… Ладна, жывы будзем - не памром. Мы ўжо дома, яшчэ крышку ( М. Зарэмба. Дзень магнітнай буры).

З аднаго вала дзве шкуры не дзяруць (= За што-небудзь адно не патрабуюць чагосьці двойчы. Кажуць тады, калі з каго-небудзь хочуць атрымаць больш, чым ён мае ). - А можа, не да Шалоніка, а зноў да таго твайго Макара наведацца. Ужо ж ён ведае, што да чаго. - З аднаго вала, запомні, дзве шкуры не дзяруць ( У. Гніламёдаў . Ліхалецце).

Зерне падае не на камень (= Павінны быць належныя вынікі пасля чыёй-не-будзь парады, размовы, настаўлення, агітацыі і пад .). Гэта прыказка паходзіць ад назвы аповесці І. Пташнікава "Зерне падае не на камень" (1959). Яе ўжыванне праілюстравана ў ТСП сямю прыкладамі з літаратурных твораў. Да іх варта дадаць яшчэ тры ілюстрацыі: А што зерне падае не на камень, што знаходзіць водгук у юных душах роднае слова, што чакае яно вясны, шчодрых усходаў, красавання і багатага духоўнага плёну, сумнявацца не варта ( В. Зуёнак. Не дамо!..). Медсястра Наташа хваліць настаўніцу беларускай мовы медвучылішча В.І. Барташэвіч, маю былую студэнтку. Вось і пацвярджаецца: зерне падае не на камень. Хораша робіцца на душы ад думак пра нашу моладзь ( Н. Гілевіч. Год дзевяноста восьмы). Дзяўчаты і хлопцы не толькі слухалі, а пачалі дружна падпяваць Аляксею. Ну, а мне прыемна было падумаць, што зерне, пасеянае кнігай "Філаматы і філарэты", упала не на камень ( К. Цвірка. Дні мае, падарункі).

Караля робіць світа (= Аўтарытэт, прэстыж, папулярнасць начальніка залежыць ад складу яго падначаленых ). На гэты раз не на дзень і не на два чамусьці ўбілася ў галаву: "Караля робіць світа". Я ж амаль нічога не ведаю пра галоўных памочнікаў старшыні… ( В. Шырко. Зорны россып). Візіты першых асоб польскай дзяржавы да Радзівілаў тлумачыліся жаданнем Пілсудскага і Масціцкага заручыцца падтрымкай багатай магнатэрыі "крэсаў", бо, як вядома, караля робіць світа ( І. Мельнікаў. "Нясвіжская казка" Альбрэхта Радзівіла).

Кепскаму танцору заўсёды нешта замінае (= Гаворыцца як высмейванне ці асуджэнне таго, хто спрабуе неяк апраўдаць сваё няўменне, непаваротлівасць і пад. ). Прыказка, як пра гэта ўжо гаварылася ў "Нашым слове" (2012, № 33), у розных беларускіх парэміялагічных зборніках прыводзіцца не аднатыпна, а ў чатырох разнавіднасцях. У той жа публікацыі змяшчаліся і два ілюстрацыйныя прыклады яе ўжывання. Дадамо яшчэ адзін: Алег Лойка тут жа адказаў са смехам: - Кепскаму танцору заўсёды нешта замінае, і вы ведаеце што. А Тармолу - палец! Звонкая рыфма сама напрошваецца ( У. Дамашэвіч. Мужчынскія забавы).

Маем тое, што маем (= Маем тое, што ёсць, чаго заслугоўваем, чаго вартыя; гаворыцца як аб'ектыўная канстатацыя негатыўнага ў жыцці ). Хутчэй за ўсё, калька з англійскай мовы: We have that we have . Часам думаеш сабе, добра, мы былі такія-сякія, абдураныя, з падвойным жыццём і такой жа маральнасцю. І маем тое, што маем ( А. Чобат. Зямля св. Лукі). На працягу некалькіх дзесяцігоддзяў праклінаем дурноту кіраўнікоў і ляноту выканаўцаў. А, можа, варта было б прыслухацца да таго, што кажуць памяркоўныя англічане: "Мы маем тое, што маем" ( З. Марозаў. На пераправе тысячагоддзяў).

Менш гавары - болей пачуеш (= Гаворыцца як адпаведнае настаўленне, павучанне ). - А ты, суседзе, што думаеш? - звярнуўся да яго Фёдар-японец. Лявон паціснуў плячыма і нічога не адказаў. Успомніў прымаўку: менш гавары, то болей пачуеш ( У. Гніламёдаў . Ліхалецце).

Мэта апраўдвае сродкі (= Звычайна гаворыцца з неадабрэннем у дачыненні да таго, хто для дасягнення якой-небудзь мэты выкарыстоўвае любыя сродкі, у тым ліку і амаральныя ). Лічыцца, што гэты выраз, як аснова маралі езуітаў, склаўся на базе лацінскага выказвання Cui licitus est finis, etiam licent media ( Каму дазволена мэта, таму дазволены і сродкі ), якое належыць езуіцкаму святару і багаслову Герману Бузенбаўму (1600-1663) і змешчана ў яго трактаце "Асновы маральнага багаслоўя" (1645). Так званыя "важакі" - гэта рызыкоўная справа. Яны падыходзяць да явішчаў жыцця з езуіцкіх меркаванняў: "Мэта апраўдвае сродкі" ( Л. Геніюш. Лісты з Зэльвы). Для стварэння сваёй партыі ён [Ленін] абраў лозунг "мэта апраўдвае сродкі" ( В. Храптовіч-Буцянёва. Злом).

Не вучы рыбу плаваць (= Пра майстра сваёй справы, якому не патрэбныя чые-небудзь парады ). - Будзь асцярожны! Дзейнічаць трэба ноччу. - "Не вучы рыбу плаваць!" - падумаў Свісцян, але прамаўчаў ( У. Гніламёдаў. Ліхалецце).

Не месца красіць чалавека, а чалавек месца (= Ужываецца як сцвярджэнне, што ўсё залежыць ад самога чалавека, а не ад месца, дзе ён працуе ). Калька з лацінскай мовы: Non locus ornate hominem, sed homo locum. Як кажа народная мудрасць, не месца красіць чалавека, а чалавек месца. Гэта ў пэўнай ступені тычыцца Шэймана. Якую б пасаду ён ні займаў, гэтая пасада заўсёды была ўплывовай ( С. Пульша. Нічога асаблівага, толькі бізнес).

Няпрошаны госць горш за татарына (= Кажуць пра таго, хто з'явіўся куды-небудзь незапрошаным ). Паўкалька з рускай мовы: Незваный гость хуже татарина (у прыказцы адлюстраваны адносіны да татараў у перыяд татарскага нашэсця ці панавання). Народная мудрасць сцвярджае, што няпрошаны госць горш за татарына. Праўда, некаторыя даследчыкі ўдакладняюць, што гэта сказаў сам татарын, каб падкрэсліць, што на свеце ёсць яшчэ нешта горшае за яго ( В. Сазонаў . Тэст на шляхецтва і эстэцтва).

Ранняя птушачка зубкі цярэбіць (калупае), а позняя вочкі працірае (= Працавіты чалавек ужо наробіцца да таго часу, пакуль гультай толькі прачынаецца ). Калі я вяртаўся назад, сустрэлася на вуліцы Вікця. Убачыўшы ў вядзерцы грыбы, зазначыла са смяшком: - Ранняя птушачка зубкі калупае, а позняя толькі вочкі працірае ( К. Цвірка. Дні мае, падарункі).

Смажанаму карасю кот не страшны (= Гаворыцца як выказванне рашучасці, гатоўнасці да ўсяго, што ні здарыцца ). Ананьеў [камандзір роты аўтаматчыкаў] саўгануў "вальтэра" бліжэй да спражкі. - Смажанаму карасю кот не страшны, - са значэннем сказаў [перад паўторнай атакай на вышыню] ( В. Быкаў. Праклятая вышыня).

У чужым воку саломку бачым, а ў сваім і бервяна не заўважаем (= У іншых бачым нават дробныя недахопы, а ў сябе не заўважаем і вялікіх ). Паходзіць з евангельскага тэксту: "Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна ў тваім воку не адчуваеш?" ( Мацвей , 7, 5). "Ага! - злавіў сябе на думцы Віктар. - самому можна, а другім - не? У чужым воку саломінку ўбачыў, а ў сваім і бервяна не заўважаеш?" ( А. Кобец-Філімонава . Агні за перавалам). Параўнаем таксама ў сатырычным вершы: Хапіла ў Саўкі, словам, клёку... Ва ўсіх знайшоў "пылінку ў воку", яе падаў як "бервяно"... ( Алесь Няўвесь. Сядзеў бы Саўка, як мыш пад лаўкай).

Хто сее (пасее) вецер, той пажне бур у (= Таго, хто распачынае бойку, напад і пад., чакае жорсткая адплата, кара ). Паходзіць з Бібліі: "Як што яны сеялі вецер, дык і пажнуць буру: хлеба на корані не будзе ў яго [Ізраіля], зерне не дасць мукі, а калі і дасць, то чужыя праглынуць яе" ( Кніга прарока Асіі , 8, 7). "Хто пасее вецер - пажне буру..." - зноў даляцеў аднекуль да Славіка голас, і ён зразумеў, што гэта пра таго, пра каго ён думаў, і што скончыць той вельмі кепска ( Б. Пятровіч . Спачатку была цемра).

Што кажух, то не вата, а што капуста, то не гарбата (= Кажуць пра несумненную перавагу аднаго прадмета над другім ). Пятрусь і яго малодшы брат Алёша сталі добрымі краўцамі, якія абшывалі ўсе навакольныя вёскі, шылі нават кажухі, што лічылася няпростаю справаю, да таго ж вельмі патрэбнаю ў вёсцы: што кажух, то не вата... ( У. Дамашэвіч. Сустрэча праз гады).

Ядзім хлеб траякі: чорны, белы і ніякі (= Пра сацыяльную няроўнасць і неаднолькавы дастатак, дабрабыт ). Гэта добра, што маем мы шмат розных хлебных гатункаў. А я сам з таго пакалення, хто памятае хлеб траякі: чорны, белы і ніякі ( К. Камейша. Сам-насам з часам). Іван Лепешаў.


За адроджаны Мсціслаў

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

Кабякову А.У.

К. Маркса, 38,

г. Мінск, 220016

Аб кансервацыі і рэстаўрацыі

помнікаў гісторыі і культуры

ў г. Мсціславе


Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!

У сувязі з развіццём міжнароднага і айчыннага турызму хачу звярнуць Вашу ўвагу на стан шматлікіх помнікаў нашай гістарычнай спадчыны, што знаходзяцца ў г. Мсціславе і Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці. У свой час, асабліва ў 70-80-я гады мінулага стагоддзя, з рэспубліканскага бюджэту выдзяляліся немалыя сродкі на рэстаўрацыю і кансервацыю шматлікіх помнікаў гісторыі Мсціслаўшчыны. Аднак у канцы 90-х гадоў рэспубліканскае фінансаванне было спынена, і ніводзін з аб'ектаў, якія падлягалі абнаўленню, не быў скончаны.

Зараз роля Мсціслаўшчыны як рэгіянальнага турыстычнага цэнтра Магілёўшчыны значна вырасла. Горад і раён, асабліва летам, наведваюць тысячы айчынных і замежных турыстаў. Кожны з іх задае пытанне: калі нарэшце будуць адноўлены помнікі Мсціслаўшчыны? Бо і тое, што было зроблена, паступова разбураецца.

У сувязі з вышэйзгаданым мы прапануем пры складанні бюджэта рэспубліканскага фінансавання рэстаўрацыйных работ на 2014 год прадугледзець выдзяленне сродкаў на аднаўленне помнікаў Мсціслаўшчыны. Асаблівы непакой выклікаюць наступныя аб'екты:

1. Будынак былой вайсковай установы XIX - пач. XX ст. (зараз знаходзіцца на вул. Пралетарская, д. 51), у якім у 1944 г. доўгі час размяшчаўся штаб 2-га Беларускага фронту. У сувязі з юбілеем аперацыі "Баграціён (у наступным годзе) варта тэрмінова аднавіць гэты будынак (дарэчы, можна прыстасаваць яго пад гатэль) і зрабіць у ім мемарыяльны пакой, прысвечаны вышэйзгаданаму юбілею.

2. Будынак былой езуіцкай аптэкі XVIII ст. Ён знаходзіцца ў аварыйным стане, практычна не мае даху, можа канчаткова разбурыцца ў любы момант. Улічваючы невялікі аб'ём будынка, аднавіць яго нескладана, у ім можна размясціць філіял мясцовага музея.

3. Будынак былой мужчынскай гімназіі, збудаваны ў 1907-08 гг., помнік архітэктуры мадэрна. Таксама знаходзіцца ў аварыйным стане і займае цэнтральную частку г. Мсціслава.

4. Будынак былой царквы першай паловы XIX ст. у в. Мазалава Мсціслаўскага раёна. У свой час зроблены вялікія работы па кансервацыі будынка, якія трэба тэрмінова завяршыць.

Звяртаем Вашу ўвагу на тое, што ў г. Мсціслаў дабрацца індывідуальным турысгам, асабліва ў выходныя дні, практычна немагчыма. На нешматлікія аўтобусныя маршруты з Мсціслава ў Мінск і Магілёў білеты трэба набываць задоўга да дня ад'езду. Прапануем у летні перыяд, а таксама ў першыя асеннія месяцы дадаць некалькі маршрутаў у Магілёў і Мінск, а таксама адкрыць новы міжнародны маршрут Мінск-Магілёў-Мсціслаў-Смаленск. Тым больш, што маршрут Магілёў-Мсціслаў-Смаленск ужо існуе.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.


Паважаны Алег Анатольевіч!

Разгледзеўшы Ваш зварот на імя Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Кабякова А.У., абласны выканаўчы камітэт інфармуе.

Сярод захаваных на тэрыторыі Магілёўшчыны матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў вядучыя пазіцыі займае г. Мсціслаў і Мсціслаўскі раён. Змешчаныя тут аб'екты гісторыка-культурнай спадчыны (80 адзінак) уяўляюць сабою ўнікальны комплекс архітэктурных і археалагічных помнікаў, якія з'яўляюцца найболей псрспектыўнымі турыстычнымі аб'ектамі не толькі Верхнедняпроўскага рэгіёна рэспублікі, але і Беларусі ў цэлым.

Частка помнікаў Мсціслаўшчаны страцілі свае першапачатковыя элементы і патрабуюць аднаўлення. З гэтай мэтай абласным выканаўчым камітэтам з 2008 года вылучаюцца сродкі на рэканструкцыю з рэстаўрацыяй Успенскага манастыра ў в. Пустынкі, распрацоўку праекта рэгенерацыі гістарычнай часткі г. Мсціслава, унесены прапановы па гістарычнай рэканструкцыі і музеяфікацыі помніка археалогіі "Замкавая гара". Мсціслаўскім райвыканкамам сёлета з раённага бюджэту вылучана 200 млн. рублёў на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі (далей - ПКД) на рэканструкцыю будынка былой вайсковай управы з наступным месцаваннем у ім цэнтральнай раённай бібліятэкі. Будынак былой езуіцкай аптэкі вызначан пад рэканструкцыю з далейшым выкарыстаннем пад канцэртную залу ДУА "Мсціслаўская дзіцячая школа мастацтваў імя М.М. Чуркіна". На гэтыя мэты (распрацоўка ПКД) з раённага бюджэту накіравана 61 млн. рублёў. Магілёўскай епархіяй Беларускай Праваслаўнай Царквы ў 2014 годзе плануецца вылучэнне фінансавых сродкаў на рамонт даху Свята-Ўзнясенскай царквы ў в. Мазалава.

Разам з тым, практыка правядзення рэстаўрацыйных работ у іншых гістарычных цэнтрах рэспублікі, а таксама наяўнасць у г. Мсціславе і раёне 22-х помнікаў архітэктуры мяркуе неабходнасць " комплекснага падыходу да іх рэканструкцыі з адпаведным фінансаваннем. У 2009-2010 гадах Магілёўскім аблвыканкамам сумесна з іншымі зацікаўленымі ў выкананне даручэння Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь падрыхтаваны праект Указу Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб зацвярджэнні комплекснай праграмы развіцця г. Мсціслава і Мсціслаўскага раёна на 2010-2016 гады", які, аднак не быў зацверджаны ва ўстаноўленым парадку.

У ліпені б.г. у выкананне даручэнняў Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь аблвыканкамам сумесна са Мсціслаўскім райвыканкамам распрацаваны і накіраваны ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь праект канцэпцыі Дзяржаўнай праграмы захавання гісторыка-культурнай спадчыны і развіцця традыцыйных культур у Мсціслаўскім раёне на 2015-2019 гады (далей - праект канцэпцыі Дзяржпраграмы). У праекце канцэпцыі Дзяржпраграмы прадугледжаны мерапрыемствы па рэканструкцыі і аднаўленні знакавых аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны Мсціслаўскага раёна, правядзенні работ па фармаванні адпаведнай сучасным патрабаванням турыстычнай інфраструктуры.

У выпадку незгоды з разглядам звароту, у адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб звароце грамадзян і юрыдычных асоб", Вы ў праве абскардзіць адказ ва ўстаноўленым парадку.

Намеснік старшыні аблвыканкама В.А. Малашка.



Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб звароце па фінансаванні аб'ектаў Мсціслаўшчыны


Паважаны Алег Анатольевіч!

Па выніках разгляду пытанняў, якія былі адзначаны ў Вашым лісце, і ў адпаведнасці з даручэннем Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 жніўня 2013 г. № 10/535-86, у межах сваёй кампетэнцыі паведамляем аб наступным.

Міністэрства культуры выказвае шчырую ўдзячнасць за праяву ўвагі і зацікаўленасці да лёсу гісторыка-культурных каштоўнасцей Мсціслаўшчыны.

Як Вы добра ведаеце, ахова гісторыка-культурнай спадчыны з'яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў ў галіне культуры і ў нашай краіне за апошнія пятнаццаць гадоў праведзена вялікая работа по захаванні гісторыка-культурнай спадчыны.

На падставе артыкула 44 (абзац восьмай падпункта 1.8) Кодэкса Рэспублікі Беларусь ад 16.07.2008 № 412-3 (рэд. ад 26.10.2012) "Бюджэтны кодэкс Рэспублікі Беларусь" сродкі рэспубліканскага бюджэту ў частцы капітальных выдаткаў могуць накіроўвацца на выдаткі па забеспячэнні захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь, і гісторыка-культурных каштоўнасцяў катэгорый "0", "1", 2", якія знаходзяцца ва ўласнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь. З рэспубліканскага бюджэту таксама могуць фінансавацца выдаткі на дзяржаўныя інвестыцыйныя праграмы. Міністэрствам культуры згодна з даручэннем Урада краіны сумесна з Магілёўскім аблвыканкамам ажыццяўляецца падрыхтоўка праекта Праграмы захавання гісторыка-культурнай спадчыны Мсціслаўскай рэкрэацыйнай зоны.

Мэтай названай праграмы з'яўляецца захаванне гісторыка-культурнай спадчыны г. Мсціслава і Мсціслаўскага раёна, забеспячэнне іх максімальнай ступені аховы, развіцця і стымуляванне традыцыйных культур, забеспячэнне дынамічнага развіцця турыстычнай інфраструктуры, павышэнне ўзроўню турыстычных паслуг на тэрыторыі Мсціслаўшчыны.

Унясенне прапаноў па фінансаванні рэстаўрацыі на аб'ектах спадчыны ажыццяўляецца Міністэрствам культуры з улікам роўнадолевага ўдзелу сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў у мэтах рэалізацыі мерапрыемстваў, вызначаных Дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады (зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 снежня 2010 г. № 1905). Гэтай праграмай запланавана выкананне рэстаўрацыйных работ на 34 гісторыка-культурных каштоўнасцях, у тым ліку на 8 аб'ектах спадчыны, размешчаных у Магілёўскай вобласці.

Міністэрства культуры ўсведамляе неабходнасць захавання аб'екгаў спадчыны і уключэнне іх у турыстычную сферу. Разам з тым, вызначанымі накірункамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь прадугледжана павышэнне эфектыўнасці выкарыстання бюджэтных сродкаў за кошт пераходу да праграмна-мэтавага метаду бюджэтнага планавання, які забяспечвае прамую ўзаемасувязь вылучаемых бюджэтных рэсурсаў з дасягненнем пэўных вынікаў дзейнасці. Узмацненне ўмоў рацыянальнага бюджэтнага фінансавання патрабуе неабходнасці канцэнтрацыі выдзяляемых сродкаў на рашэнне вызначаных дзяржаўных задач.

У разглядаемым звароце пералічаны аб'екты камунальнай уласнасці, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці катэгорыі "3", што не дазваляе ў поўнай меры ажыццявіць выдаткаванне сродкаў рэспубліканскага бюджэту для выканання на іх прац. У адпаведнасці з артыкуламі 53, 58 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" забеспячэнне захаванасці і фінансаванне работ з'яўляецца абавязкам уласніка гісторыка-культурнай каштоўнасці.

З улікам неабходнасці завяршэння рэстаўрацыйных работ на помніках архітэктуры, распачатых у папярэднія гады, забеспячэнне фінансавымі сродкамі рэспубліканскага бюджэту ў 2014 годзе новых аб'ектаў не ўяўляецца магчымым. Улічваючы верагоднае ўключэнне названых каштоўнасцей у турыстычныя маршруты, мяркуем найбольш мэтазгодным прыцягненне сродкаў уласнікаў, а таксама пазабюджэтных асігнаванняў з улікам вызначэння новага функцыянальнага выкарыстання будынкаў.

З павагай Намеснік Міністра В.І. Курдаш.


Скарбовы ліст

складак сяброў Салігорскай суполкі ТБМ і ахвяраванняў за 2013 г.

№ Прозвішча, імя і імя па бацьку Складкі Ахвярав. Сума агулам

1. Шаравар Мікалай Лазаравіч 10000 150000 160000

2. Зімін Мікалай Васільевіч 10000 110000 120000

3. Ерашэня Раман Віктаравіч 30000 100000 110000

4. Скрыпнік Аляксей Сяргеевіч 30000 100000 130000

5. Масакоўскі Уладзімір Генадзіевіч 10000 20000 30000

6. Даўматовіч Іван Уладзіміравіч 30000 160000 190000

7. Гарбацэвіч Валеры Аляксандравіч 10000 50000 60000

8. Валабуеў Аляксей Вітальевіч 30000 25000 55000

9. Малочка Віктар Уладзіміравіч 10000 20000 30000

10. Малочка Аляксандр Віктаравіч 30000 20000 50000

11. Краўчэня Надзея Сямёнаўна - 10000 10000

12. Некрашэвіч Леанід Васільевіч - 10000 10000

13. Ворахаў Уладзімір Васільевіч - 10000 10000

14. Квяткоўскі Віктар Аркадзьевіч - 10000 10000

15. Доўнар Аляксандр Андрэевіч - 20000 20000

16. Нагін Павел Пятровіч 10000 100000 110000

17. Тычына Зміцер Валянцінавіч 30000 10000 40000

18. Лапановіч Андрусь Васільевіч 30000 20000 50000

19. Наздрына Ларыса Паўлаўна 30000 10000 40000

20. Шыла Уладзімір Аляксандравіч 30000 20000 50000

21. Шыла Святлана Іванаўна 30000 20000 50000

22. Калоднікава Алена Валянцінаўна 10000 20000 30000

23. Ігнашэвіч Вадзім Уладзіміравіч 30000 20000 50000

24. Чувахова Алена Ўладзіміраўна 5000 20000 25000

25. Малышчыц Мікалай Васільевіч 10000 20000 30000

26. Малышчыц Ларыса Канстанцінаўна 10000 20000 30000

27. Мархотка Леанід Андрэевіч 10000 20000 30000

28. Казакоў Ігар Яўгенавіч 30000 20000 50000

29. Чакур Анатоль Міхайлавіч 10000 20000 30000

30. Кіеня Уладзімір Уладзіміравіч 10000 20000 30000


Разам: 485000 1175000 1660000

Усяго: Адзін мільён шэсьсот шэсьдзесят тысяч рублёў.

Вернем беларускую мову ў Беларусь

Каля трыццаці чалавек прыйшло ў Пастаўскую бібліятэку на прэзентацыю курсаў па вывучэнні беларускай мовы. Іх ладзіць мясцовая суполка Таварыства беларускай мовы.

Як кажа сябра Таварыства беларускай мовы Людміла Сяменас, гадоўная мэта курсаў - вярнуць у Беларусь сваю мову.

- Гэтыя курсы дапамогуць таму, хто хоча гаварыць, але саромеецца, пераадолець псіхалагічны бар'ер. Няхай гэта будзе трасянка, недасканалая мова, але гэта першы крок. Трэба гаварыць.

Курсы будуць ладзіцца для ўсіх ахвотных любога ўзросту. Яны будуць праходзіць кожны чацвер а 18 гадзіне і змяшчаць два заняткі. Першы занятак будзе прысвечаны вывучэнню беларускай мовы, а другі - краязнаўчы, прысвечаны вывучэнню гісторыі роднага краю.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя.


Прэзентацыя кнігі Алега Трусава

7 верасня ў сядзібе ТБМ на Румянцава, 13 у Менску прайшла прэзентацыя 2-га выдання кнігі старшыні ТБМ, кандыдата гістарычных навук Алега Трусава "Невядомая нам краіна. Беларусь у яе этнаграфічных межах".

Гэта дапоўненае перавыданне кнігі, што ўпершыню пабачыла свет у 2009 годзе. Як зразумела з назвы, кніга распавядае пра землі этнічна беларускія, але якія зараз належаць іншым дзяржавам - Польшчы, Літве, Украіне, Латвіі ды Расіі. Першая намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы Алена Анісім зазначыла, што гэтае выданне разлічана не толькі на беларусаў. Кніга скаладаецца з дзвюх частак: уласна беларускай і з перакладу на англійскую мову (з многімі каментарамі).

- Такім чынам, гэтая кніга можа быць даступная кожнаму грамадзяніну планеты. Гэтая кніга - наш выхад на міжнародную арэну не проста як людзей без роду і племені, а як народа з вялікай і багатай гісторыяй. І, што не менш важна, са значнай спадчынай.

Аўтар кнігі, старшыня ТБМ Алег Трусаў, зазначыў, што даследаванні дазволілі дадаць новыя звесткі, якія былі атрыманыя за 5 год з выхаду першага выдання.

- Сюды я ўставіў шмат новых матэрыялаў, знойдзеных за апошнія пяць гадоў, таму гэтая кніжка дапоўненая. Апошнія факты, якія паспеў дадаць перад самым выхадам, - гэта вясна гэтага года.

Паводле Алега Трусава, у Беларусі ўжо амаль не засталося экзэмпляраў "Невядомай нам краіны". Частку накладу раскупілі ўдзельнікі З'езду беларусаў свету, частку - славісты, што працавалі на сваім XV Міжнародным з'ездзе ў Менску. (Кніга яшчэ ёсць у "Акадэмкнізе".)

На прэзентацыі выступалі Станіслаў Суднік, які рабіў макет 1-га выдання і з'яўляецца героем раздзела пра Цвер; перакладчыца на англійскую мову Наталля Лабанава і кансультант Лявон Баршчэўскі. Другая перакладчыца - англічанка Кэрал Раўз па зразумелых прычынах адсутнічала, хаця нядаўна і наведвала Беларусь, каб паглядзець на краіну, над кнігай пра якую ёй давялося працаваць.

Такім чынам сёння на англійскай мове мы маем дзве грунтоўныя кнігі: "Краіна Беларусь" Уладзіміра Арлова, якая прадстаўляе ў асноўным унутраныя тэрыторыі Беларусі і вось кнігу Алега Трусава, які падаў этнічныя беларускія землі, што ў сілу гістарычных і палітычныў умоў на сёння пакуль аказаліся па-за межамі метраполіі - Рэспублікі Беларусь.

Зала была перапоўнена, і выключна прыемным было тое, што большасць людзей была незнаёмая актывістам ТБМ, прыйшлі людзі, якім была цікава менавіта кніга і яе аўтар, а значыць - дзякуючы кнізе А. Трусава, беларуская ідэя яшчэ крыху пашырыла межы свайго бытавання.

Наш кар.


Магілёўскія ТБМ-цы ў Быхаве

1 верасня сябры магілёўскай суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны зладзілі паездку на Дзень беларускага пісьменства ў Быхаве. Там сузіралі новыя скульптуры, пастаўленыя ў горадзе адмыслова да свята, наведалі Быхаўскі замак і сінагогу, якія ўсё яшчэ знаходзяцца на рэканструкцыі. На кніжным кірмашы атрымалася не толькі азнаёміцца з кнігамі і ўгледзець багата цікавага, але і ўбачыцца з бардам Юрыем Несцярэнкам і пісьменнікам Анатолем Бутэвічам. Пад вечар удалося трапіць на канцэрт славутых фолк-гуртоў "Палац" і "Стары Ольса".

Аляксей Карпенка.


ЗВАРОТ

сяброў Арганізацыйнага камітэта Беларускага Народнага Фронту, утворанага 19 кастрычніка 1988 г., да 25-годдзя БНФ "Адраджэньне"

Дарагія суайчыннікі!

Неўзабаве, 19 кастрычніка сёлета, спаўняецца чвэрць стагоддзя ад моманту, калі на гістарычным пасяджэнні ў будынку касцёла Св. Сымона і Алены (тагачаснага Дома кіно) на прапанову Зянона Пазьняка, падтрыманую Васілём Быкавым, быў утвораны Арганізацыйны камітэт Беларускага Народнага Фронту за перабудову "Адраджэньне", гонар працаваць у складзе якога выпаў і на нашую долю.

Ужо ў першай сваёй заяве Аргкамітэт выступіў за "перабудову грамадства на прынцыпах дэмакратыі і гуманізму", за "суверэнітэт Беларусі", за "падпарадкаванне эканомікі інтарэсам чалавека", за "сацыяльную справядлівасць", за "прававую дзяржаву", за "экалагічна чыстую Беларусь", за "адраджэнне і дзяржаўнасць беларускай мовы". А ў першай Праграме была абвешчаная галоўная мэта БНФ - "свабодны чалавек у адроджанай незалежнай Беларусі". Бо не можа захаваць незалежнасць несвабодны народ.

Дзякуючы актыўнасці жывога беларускага грамадства, намаганням тых фронтаўцаў, якія былі дэпутатамі Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га склікання і мясцовых саветаў, і тых, што ў розных гарадах узначалілі барацьбу народа за будучыню сваёй краіны, беларусам удалося вырашыць галоўную гістарычную задачу - 25 жніўня 1991 года заканадаўча замацаваць незалежнасць Беларусі і дамагчыся яе міжнароднага прызнання.

Інтэлектуальны патэнцыял сяброў БНФ, іх актыўная і самаахвярная праца дапамаглі нашай краіне, асабліва ў пачатку 90-х гадоў, пачаць увасабленне ідэй і праграмных мэтаў Беларускага Народнага Фронту. Менавіта Беларускі Народны Фронт на пачатку 90-х гадоў заклаў падмурак дэмакратычнай шматпартыйнасці і парламентарызму ў Беларусі. А гераічная Вясна 1996 году прадэманстравала нашую рашучасць і волю ў абароне Незалежнасці і Свабоды ад замахаў антыбеларускіх сіл.

На жаль, далейшае ўнутрыпалітычнае развіццё Рэспублікі Беларусь, неспрыяльная геапалітычная сітуацыя пакуль не дазволілі належным чынам здзейсніцца ўсяму, пра што мы марылі чвэрць стагоддзя таму. У дзяржаве вядуць рэй тыя, хто топча свабоды, хто нішчыць падмурак незалежнасці - нацыянальныя каштоўнасці і беларускую мову, хто цягне нашу краіну ў новаімперскія цянёты. Але ж мы маем сотні тысяч аднадумцаў, фронтаўцаў паводле сваіх перакананняў. Мы ўпэўненыя, што ўсіх нас не пакіне абыякавымі 25-годдзе заснавання Беларускага Народнага Фронту - руху за незалежнасць нашай Бацькаўшчыны і свабоду яе народа.

Заклікаем усіх грамадзян Беларусі, усіх беларусаў, якія падзяляюць фронтаўскія каштоўнасці і не збіраюцца мірыцца з таптаннем або дыскрэдытацыяй фронтаўскіх ідэалаў, ушанаваць юбілей заснавання Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне", вярнуць духоўнае і інтэлектуальнае лідарства тым колам грамадства, якія адстойваюць незалежнасць, свабоду і нацыянальна-культурнае Адраджэнне як непарыўныя ідэалы. Няхай у гэтай справе нас яднаюць спрадвечныя нашыя герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг.

Жыве Беларусь!

Рыгор Барадулін , народны паэт Беларусі.

Аляксей Марачкін , сябар Саюза мастакоў.

Алег Трусаў , дацэнт, старшыня ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

Мікола Купава , сябар Саюза мастакоў.

Ніл Гілевіч , прафесар, народны паэт Беларусі.

Анатоль Грыцкевіч , прафесар.

Пётра Садоўскі , дацэнт, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь.

Вінцук Вячорка , намеснік рэдактара часопіса "Спадчына".

Генадзь Тумаш , сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Алесь Суша , журналіст, прадпрымальнік, першы рэдактар газeты "Навіны БНФ".

Анатоль Варава , музeйны работнік.

Павел Зьмітрук , сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў.


"Віншую сяброў Аргкамітэта БНФ "Адраджэньне" з надыходзячай датай 25-годдзя ўтварэння БНФ у кастрычніку гэтага года.Ухваляю зварот сяброў Аргкамітэта да грамадзянаў Беларусі з заклікам падтрымліваць ідэалы БНФ, дэклараваныя 25 гадоў таму, якія прывялі наш народ да дзяржаўнай незалежнасці Беларусі і перамогі над камунізмам. Далучаюся да зместу Звароту. Вітаю сяброў Аргкамітэта".

Зянон Пазьняк , Варшава, 3 верасня 2013 г.


"Лічу, што адзначыць 25-я ўгодкі пасяджэння ў Чырвоным касцёле - гэта вельмі слушная задума. Зварот падтрымліваю".

Алесь Бяляцкі , Бабруйск, выпраўленчая калонія № 2, 22 жніўня 2013 г.


Пабачыў свет юбілейны выпуск літаратурнага альманаха "Жырандоля"

Новы юбілейны выпуск літаратурнага альманаха "Жырандоля" выйшаў на Берасцейшчыне. Часопіс выдаецца раз на год, гэтым разам свет пабачыў пяты нумар. У ім сабраныя як празаічныя, так і вершаваныя творы літаратурных творцаў Берасцейшчыны.

Рэдактар альманаха Мікола Сянкевіч даў адзнаку той працы, што была зроблена асноўнымі ўкладальнікамі выдання:

- Ёсць нейкае адчуванне задавальнення, што гэты нумар усё ж такі выходзіць, нягледзячы ні на што. Хоць і на грамадскіх пачатках, і забірае шмат часу, але калі ён з'яўляецца, то ўжо ёсць задавальненне зробленым. Калі ў іншых абласцях толькі спрабуюць зрабіць першыя нумары, то яны арыентуюцца на нашыя.

У літаратурным альманаху каля 200 твораў больш за 60 аўтараў. "Жырандоля" выйшла накладам у 250 асобнікаў.

Беларускае Радыё Рацыя.


Лабадзенка выйграў суд за мову

Літаратар Глеб Лабадзенка абскардзіў парушэнне закону аб зваротах грамадзян, якое выявілася ў тым, што супрацоўнік ЖЭС на ягоны беларускамоўны зварот адказаў па-расейску.

Адбыўся суд, на які з ЖЭСу ніхто не прыйшоў. Суддзя вызначыла, што парушаны п. 9.13 КаАП Рэспублікі Беларусь і прысудзіла штраф дырэктару ЖЭСу 5 базавых велічыняў, 500 тысяч рублёў.

Глеб Лабадзенка зазначыў "Свабодзе", што і раней ён патрабаваў ад розных дзяржаўных устаноў, каб адказы на ягоныя беларускамоўныя звароты былі на беларускай мове:

- Звычайна ў адказ на такія прэтэнзіі мне прысылалі выбачэнні і перакладзены на беларускую мову ранейшы дакумент. А гэтым разам у ЖЭСе не проста парушылі закон, яны мяне абразілі.

Тут была справа настолькі адназначная, бо яны пад подпісам і пячаткай ЖЭС-48 адмовілі ў адказе па-беларуску, чым адкрыта быў парушаны закон. Суддзя на працэсе сказала, што справа тут адназначная, маглі быць варыянты ў пакаранні, але паколькі такіх хадайніцтваў не паступала, то скончылася штрафам.

Прычым суддзя не проста падышла да справы паводле закону, яна пазітыўна паставілася да мяне і да беларускай мовы, распавяла, што сама навучалася 6 гадоў па-беларуску, сказала, што я ўсё раблю правільна, маральна падтрымала.

Радыё Свабода.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

2. Данілік Віктар - 30000 р., г. Менск

3. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

4. Прылішч Ірына - 60000 р., г. Менск

5. Кожан Кліменцій - 30000 р., в. Германавічы

6. Сныткіна Галіна - 50000 р., г. Менск

7. сп. Гаева - 20000 р., г. Менск

8. Бойса Язэп - 200000 р., г. Ліда

9. Катлярова Раіса - 50000 р., г. Магілёў

10. Бубен Канстанцін - 5000 р., г. Менск

11. Давыдовіч П.У. - 54000 р., г. Берасце

12. Згірскі Руслан - 55000 р., в. Гірстуны

13. Сутунаў Глеб - 50000 р., г. Менск

14. Астравецкі Ал-др - 50000 р., г. Берасце

15. Астаповіч Васіль - 200000 р., г. Лельчыцы

16. Сечка Зміцер - 100000 р., в. Грыбоўня

17. Прыхільнік ТБМ з Чэрвеня - 50000 р.

18. Санько Валер - 50000 р., г. Менск

19. Вінцкая Кацярына - 20 дол. ЗША

20. Удзельнік ХV з'езда славістаў - 100000 р., Германія

21.Такінданг Ала - 150000 р., г. Менск

22. Краўчанка А. - 100000 р., г. Менск

23. Шашкель Ніка - 140000 р., г. Менск

24. Цвілік Вячаслаў - 102000 р., г. Беразіно

25. Сянчук Т.А. - 25000 р., г. Менск

26. Шаўчэнка Л.І. - 20000 р., г. Менск

27. Турок В.А. - 20000 р., г. Гародня

28. Астаповіч Васіль - 200000 р., г. Лельчыцы

29. Шундрык Васіль - 100000 р., г. Менск

30. Пухоўская Юлія - 30000 р., г. Менск

31. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск

32. Раманік Т.І. - 100000 р., г. Менск

33. Піскуновіч Міхась - 20000 р., в. Пятроўшчына, Глыбоцкі р-н

34. Кукавенка Іван - 50000 р., г. Менск

35. Джэйгала У.В. - 220000 р.

36. Жалязняк Г.В. - 100000 р., г. Менск

37. Кашалькова М.Я. - 100000 р., Аксакаўшчына

38. Чарнёнак А.Н. - 20000 р., г. Менск

39. Ахрамчук В.Г. - 30000 р., г. Светлагорск

40. Баранчык - 30000 р., г. Менск

41. Красноўскі А. - 30000 р., г. Мар'іна Горка

42. Пілецкая Г. -50000 р., г. Менск

43. Галай А. - 20000 р., г. Менск

44. Аляксейчык М.А. - 300000 р., г. Менск

45. Усціновіч В.В. - 100000 р., п. Лясны, Мінскі р-н

46. Давідоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск

47. Дземідовіч Сафія - 25000 р., в. Мікалаеўшчына

48. Мяшкова Наталля - 65000 р., г. Астравец

49. Давідовіч П.Б. - 40000 р., г. Бярэсце

50. Бойса Язэп - 200000 р., г. Ліда

51. Цеплякоў Арцём - 100000 р., г. Менск

52. Барысаў Кандрацій -100000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Графіня Гелена Ромер-Ахянкоўская

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

У 1923-1925 гадах вяла аддзел рэцэнзій у газеце "Слова", якую прывозіла з Вільні ў Каралінова і бясплатна раздавала чытаць сялянам навакольных вёсак, местачкоўцам у Камаях. Потым перайшла працаваць у "Віленскі кур'ер", рэдактарам якога быў Юзаф Батарэвіч, а выдаўцом Людвік Хамінскі з Альшэва (зараз Мядзельскі раён), увайшла ў склад рэдакцыі. Перыяд яе работы ў "Віленскім кур'еры" характарызаваўся творчым узлётам. Рэпартажы з паездак, экскурсій, з'ездаў журналістаў, у якіх няўрымслівая журналістка прымала самы актыўны ўдзел, друкавала ў перыядычных выданнях не толькі свайго рэгіёну, але і ў шматлікіх выданнях усёй краіны

На старонках "Віленскага кур'ера" змясціла шмат тэатральных рэцэнзій, палемічных артыкулаў і фельетонаў. Падпісвала допісы крыптонімамі Hro, H., R., H.R., Hr., r., або псеўданімамі Spectator, Widz, Scypio. Выдала брашуркі пра Вільню, важнейшыя эпізоды з жыцця на Віленшчыне, вастрабрамскія календары за 1919, 1920 і 1921 гады.

У студзені 1931 года Саюз пісьменнікаў наладзіў імпрэзу з нагоды 25-гадовай журналісцкай дзейнасці Гелены Ромер-Ахянкоўскай. Вядовец мерапрыемства прафесар Мар'ян Здзяхоўскі, высока ацэньваючы яе грамадскую і літаратурную працу, падкрэсліў: "Адно і другое (грамадскае і літаратурнае) насычана гарачым замілаваннем, вынесеным з дамашняй атмасферы, да роднага краю з яго прыродай і людзьмі, глыбокім адчуваннем так называемай тутэйшасці".

У 1932 годзе моцна захварэла цёця Адэля. Для маці стала цяжка спраўляцца з гаспадарчымі справамі ў маёнтку і даглядаць хворую сястру. Гелена вярнулася ў Каралінова, але не пакідала літаратурна-публіцыстычнай творчасці. У 1934 годзе цёця Адэля памерла і Гелена змагла зноў паехаць у Вільню, дзе акрамя карэспандэнцкай і літаратурнай працы, прымала актыўны ўдзел у культурных імпрэзах, "Літаратурных сярэдах", супрацоўнічала з клубам "Спадчына".

Пісьменніца і драматург

Вярнуўшыся з вучобы на радзіму, Гелена разгарнула актыўную літаратурную дзейнасць: выдала ў друкарні Завадскага невялікія камедыйкі для дзяцей: "Дзве сястры", "Чары ў лесе", "Святаянская ноч", "Наша шкапа". Потым выйшаў у Вільні твор з жыцця пралетарыяў: "Два светы", а ў 1908 - аповесць "Маякі" ("Прывіды"). Сучаснікі адзначалі аповесць "Маякі", як цікавы і сур'ёзны твор, дзе яна закранае рэгіянальныя праблемы. Аповесць была надрукавана ў зборніку "Бібліятэчка выдатных твораў" (Варшава, 1910 год). Тагачасны літаратурны крытык Зыгмант Любіч-Залескі хваліў аповесць за "мастацкую шляхетнасць".

Яе пяру належаць творы "Пра іх", "Тутэйшыя", "Свае людзі", у якіх цэлы шэраг замалёвак-абразкоў напісана на аснове мясцовага матэрыялу. Прадмову да апошняга твора напісаў гаспадар Альшэва (Мядзельскі раён) Людвік Хамінскі. Кніжка "Пра іх" (1922) насычана сентыментальным апісаннем рамантычнага кахання Ані і Алека. Падзеі разгортваюцца ў Вільні, якую яна характарызуе не толькі з прывабнага боку, што ёсць шмат раскошы, а піша, што ёсць шмат махлярства, людзі-марыянеткі верцяцца ў паклонах перад начальствам. Чытаючы далей, даведваемся, што ў Вільні "не хапае кніжак, падручнікаў, забаронены найдаражэйшыя публікацыі…пра гераічнае мінулае. Няма вельмі патрэбных, яскравых, гераічных рэчаў, каб магчы жыць… Ёсць пекна і …брыдка".

У сваіх творах яна часта паказвае, як мясцовыя людзі зжыліся з прыродай, сябруюць з ёй, адчуваюць сябе яе часцінкай, надаюць прыродзе шмат сваіх якасцей, прыкмет, як патрапляюць з ёй паразумецца, бы з чалавекам. Характэрнае ў гэтым плане апавяданне "Бяроза-блізнячка". У ім пісьменніца апісала народны звычай, які існаваў у многіх сем'ях, садзіць кожнаму народжанаму дзіцяці дрэўца-блізнятка. Гэтае дрэўца было сімвалам жыцця народжанага чалавека. Як развіваецца дрэўца, так, меркавалася, будзе развівацца і чалавек. Дрэўца будзе захоўваць інфармацыю пра яго. У гэтым апавяданні бяроза-блізнячка падказала маці, дзе пахаваны яе сын.

Яе апавяданні "Пан і прыгонны", "Стары чалавек" датычаць паўстання 1863 года, як і апавяданне "Гэта было ў Крожах", якое заснавана на выпадку з 1863 года, калі мясцовыя людзі гераічна абаранялі касцёл, які царскія ўлады хацелі зачыніць. У апавяданні "Баба з Казлоў" малююцца абразкі часоў Першай сусветнай вайны, паказваецца шэрая штодзённасць, змаганне з беднатой, хваробамі. Пісьменніца апісвала, як недахоп адукаванасці, цемната схілялі людзей да забабоннасці, да шукання дапамогі ў знахараў, здымальнікаў чараў. Героі яе твораў маюць характэрныя, тыповыя для Камайшчыны імёны: Ягадка, Лаўрук Гасціла, Юрка Сульжыцкі, Анцютка.

Амаль усім творам Гелены Ромер-Ахянкоўскай характэрны рэгіяналізм. Гэта быў патрыятычны выбар пісьменніцы. У прадмове да "Тутэйшых", прысвечанай галоўным чынам праблеме рэгіяналізму ў літаратуры, Т. Грабоўскі пазітыўна адзначаў творчасць пісьменніцы: "Аўтарка, палюбіўшы сваю старонку, умее схопліваць характэрныя прыкметы краявідаў і людзей. Усё сплаўляецца ў яе ў адно цэлае, утвараючы гарманічную і прывабную цэласнаць. Чытанне сцэнак, дзе мясцовая гаворка адыгрывае не малую ролю, дае эстэтычную асалоду".

Крытык Лявон Півіньскі, папракаючы аўтарку за некаторую шматслоўнасць, высока ацэньваў вартасць яе твораў за дакладнае апісанне "жыцця ў памесцях ускраін і побыту беларуска-каталіцкага люду, эпізодаў часоў вайны на гэтай тэрыторыі, шмат цікавых і дасканала падгледжаных тыпаў, багатага фальклору з дакладным адчуваннем псіхікі тутэйшых людзей" . Багаты матэрыял аўтарка брала не толькі з уласных назіранняў, але і з сямейных традыцый, бо шматлікія пакаленні яе родзічаў жылі побач з тутэйшым вясковым людам на працягу паўтары сотні гадоў. У 1917 годзе ў Каралінове напісала некалькі папулярных п'есак, у тым ліку "Камедыйку для дзяцей вершам".

Яна - аўтарка шматлікіх брашурак і артыкулаў, каштоўных для вывучэння мінулага Віленскага краю: "Кароткая гісторыя асветы на Беларусі і Літве" (1919), "Гісторыя двух абразоў: у Чанстахове і Вострай Браме" (1919), "Як здабылі незалежнасць", "Даведнік па Вільні", пакінула ў рукапісе дзённік "Стан душы Г. Ромер у розных фазах (псіхалагічныя нататкі)", які вяла ў Каралінове ў 1895-97 гадах .

З глыбокай пашанай адносілася яна да спадчыны свайго бацькі, напісала шмат артыкулаў і даследаванняў пра яго творчасць. У 1912 годзе ў часопісе "Літва і Русь" надрукавала ўспаміны пра яго. Акрамя таго Гелена - аўтар навуковых артыкулаў па гісторыі мастацтва.

У 1931 годзе, годзе выдання "Тутэйшых", урачыста адзначаўся срэбны юбілей публіцыстычна-літаратурнай дзейнасці Гелены Ромер-Ахянкоўскай. Гэтаму выпадку была прысвечана "Літаратурная Серада", на якой прысутнічалі пісьменнікі, журналісты, вучоныя, нават генерал Люцыян Жалігоўскі. У друку было шмат публікацый пра юбілярку. На вечарыне ў адносінах да яе добразычліва жартавалі, складалі эпіграмы. Адну з эпіграм успамінае С. Лорэнтц:

"Кур'ер Віленскі",

Што яе чэрпае плады,

Крыху фактаў мае,

Але больш - вады.

(Пераклад Я. Драўніцкага.)

Яна ўваходзіла ў склад кіраўніцтва, створанага ў 1925 годзе, Аддзела Віленскага звязу прафесійных літаратараў.

Спіс мастацкіх твораў Гелены Ромер-Ахянкоўскай:

"Карылля або патрыятычнае каханне",

"Дзве сястры", камедыйка для дзяцей,

"Чары ў лесе", камедыйка для дзяцей,

"Святаянская ноч", камедыйка для дзяцей,

"Камедыйка для дзяцей вершам",

"Наша шкапа",

"Два светы", 1907,

"Маякі" ("Прывіды"), 1907,

"Кніжка пра іх",

"Тутэйшыя",

"Свае людзі",

"Стары чалавек",

"Гэта было ў Кражах",

"Баба з Казлоў",

"Пан і прыгонны".

Навуковыя работы:

"Батынёльская школа ў Парыжы",

"Нямецкая іміграцыя ў Польшчу і Расію",

"Што ёсць на небе і на зямлі" (падручнік),

"Практычныя парады для вясковых настаўнікаў",

"Кароткая гісторыя адукацыі на Беларусі і Літве",

"Гісторыя двух абразоў: у Чанстахове і Вострай Браме",

"Вяселле на Віленшчыне",

"Як здабылі незалежнасць",

"Даведнік па Вільні",

Дзённік "Стан душы Г. Ромер у розных фазах (псіхалагічныя нататкі)". Каралінова, 1895-1897.(Рукапіс).

Бескампрамісная журналістка

У 1918 годзе закончыўся амаль 120-гадовы перыяд захопу Віленшчыны царызмам. У напружанай і заблытанай грамадска-палітычнай сітуацыі ў 1919 годзе ўзнавіў работу Універсітэт Стэфана Баторыя. Гэта быў важны культурны чыннік. У Вільню пачалі з'язджацца прафесары, здольныя выкладчыкі. Адкрыліся ўмовы для інтэнсіўнага адраджэння культуры, літаратуры, развіцця перыёдыкі. Пачалі выходзіць "Наш край", "Краёвая газета", "Слова", "Віленскі дзённік", "Віленскі кур'ер" і іншыя, якія адыгрывалі вялікую ролю ў культурным жыцці краю.

На старонках газеты "Наш край", дзе з 1919 года Гелена Ромер-Ахянкоўская працавала сакратаром па пытаннях мясцовых праблем, акрамя карэспандэнтаў, выступалі літаратары, паэты, мастацтвазнаўцы, крытыкі, гісторыкі. У 1920-1922 гадах Гелена Ромер-Ахянкоўская сумесна з К. Акулічам пачала выдаваць дэмакратычную "Краёвую газету", якая апынулася ў даўгах. У такіх умовах журналіст Станіслаў Цат-Мацкевіч схіліў мясцовых спонсараў выкупіць "Краёвую газету". Стаўшы яе рэдактарам, выданню даў назву "Слова", Гелена Ромер-Ахянкоўская засталася працаваць у ім.

Станіслаў Цат-Мацкевіч быў чалавекам ганарыстым, катэгарычным, безапеляцыйным кіраўніком, не цярпеў правіл, строгага парадку, указанняў. Сутнасцю яго натуры была спрэчка, палеміка. З другога боку, ён валодаў незвычайным публіцыстычным талентам, свой немалы заробак цалкам укладаў у справу. Быў прыхільнікам Пілсудскага, прытрымліваўся манархічных поглядаў. Пры ім "Слова" стала асяродкам суперкансерватызму.

(Працяг у наступным нумары.)

Ясь Драўніцкі


Юзюк Фарботка - забыты фатаграфік

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

У 1999 г. у навагоднім лісце з Кракава Агата Глагоўская паведамляла: "Калі гаворка ідзе пра Юзафа Фарботку, то трэба напісаць заяву дырэктару Музея гісторыі фатаграфіі, з дадаткам мэтаў і нагодаў, тады музей можа прыслаць матэрыялы на адрас у Гданьску і скантактаваць з сям'ёй Юзафа Фарбрткі ў Лодзі (патрэбна згода сям'і на доступ да дакументаў)". Да 15 студзеня 2000 г. Музей гісторыі фатаграфіі быў у рамонце, але ў згаданым сказе была асноўная інфармацыя пра нашчадкаў Юзюка Фарботкі ў Лодзі. Дзякуючы тэлефоннай даведцы ўдалося знайсці ягонага сына Уладзіслава. Аказалася, што ніхто раней не звяртаўся да яго наконт бацькі. Уладзіслаў Фарботка быў здзіўлены, калі даведаўся пра дзейнасць бацькі на беларускай ніве. Пра дзейнасць яго дзеда Альберта Паўловіча (бацькі маці) у беларускім руху ў сям'і было вядома. Удалося мне пазнаёміцца асабіста з Уладзіславам Фарботкам. На аснове шматгадовай цікавай перапіскі з ім удалося выявіць невядомы раней беларускім літаратуразнаўцам і гісторыкам лёс Юзюка Фарботкі. Дапоўнілі яго таксама дакументы з фонду Віленскага ўніверсітэта, якія захоўваюцца ў Літоўскім дзяржаўным архіве ў Вільні.


Юзюк Фарботка нарадзіўся 23 жніўня (4 верасня) 1893 г. у Налібоках Менскага павету і Менскай губерні у сям'і Аўгустына і Ганны з Вярыгаў. Меў трох братоў: Антона, Яна, Пятра і пяць сясцёр: Мар'ю, Юзэфу, Ганну, Стэфанію і Зоф'ю. Пасля ІІ Сусветнай вайны ў Польшчы да смерці жылі: Мар'я (у Вроцлаве), Ганна (у Новай Солі) і Пётр (недалёка Быстжыцы Клодскай).


У гадах 1905-1914 Юзюк Фарботка вучыўся ў гімназіі ў Менску. Пасля яе заканчэння слухаў прыродазнаўчыя лекцыі на Фізіка-матэматычным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта. Навуку спыніла І Сусветная вайна. У 1915 г. ажаніўся з дачкой беларускага паэта Альберта Паўловіча - Уладзіславай, народжанай 24 кастрычніка 1898 г. у Менску. У 1917 г. нарадзіўся ў іх сын Часлаў, але, не дажыўшы годзіка, памёр. Падчас вайны маладая сям'я пражывала ў Тамбове, Менску, Свеце над Віслай. Пасля ўстаткавання польска-савецкай мяжы Уладзіслава і Юзюк Фарботкі на пастаяннае жыхарства выбралі Вільню. 17 лістапада 1922 г. Юзюк Фарботка атрымаў пасведчанне грамадзянства польскай дзяржавы. З 29 траўня 1920 г. працягваў навуку ў Віленскім універсітэце на Матэматыка-прыродазнаўчым факультэце. Залічылі яму два гады навучання ў Кіеве, прымаючы яго на трэці курс. Навуку закончыў у 1924 г. Адначасова працаваў у Земскай управе ў Вільні (як асэсар, пазней як інспектар). Пазней працаваў у Ваяводскай управе як дарадчык (radca), а з 1935 г. быў кіраўніком Аддзела сельскагаспадарчых прыладаў у Аддзяленні сельскай гаспадаркі і сельскагаспадарчых рэформаў (Wydzial Rolnictwa i Reform Rolnych).


Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта працаваў таксама ў ім на Кафедры заалогіі - вёў заняткі па энтамалогіі. Пад кіраўніцтвам прафесара Яна Прыфера падрыхтаваў і ў 1932 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю "Materialy do znajomosci aparatu kopulacyjnego wojsilek" ("Матэрыялы для знаёмства з капуляцыйным апаратам вайсілак"). У 1929 г. стараннем Аддзялення матэматычных і прыроднаўчых навук Таварыства сяброў навук (Wydzialu Nauk Matematycznych i Przyrodniczych Towarzystwa Przyjaciol Nauk) у Вільні выйшлі друкам з дапамогай Міністэрства рэлігійных веравызнанняў і публічнай асветы (Ministerstwa Wyznan Religijnych i Oswiecenia Publicznego) дзве кнігі: "Przyczynek do znajomosci wojsilek polnocno-wschodniej Polski" (№ 16, сс. 43+табліца) i "Materjaly do znajomosci aparatu kopulacyjnego wojsilek (Panorpa)" (№ 17, сс. 7). Свае зацікаўленні вайсілкамі паясняў недахопам доследаў іх: "Група насякомых, датуль не вывучаная на тэрыторыі Віленскага ваяводства" . Юзюк Фарботка распачаў свае доследы гэтых матылёў яшчэ ў 1924 г., а закончыў увосень 1925 г., дапаўняючы іх у 1926 г. Пачаткова даследаваў матылькоў на прасторы 12 кіламетраў ад Вільні, а з другой паловы лета і ў 1925 г., дзякуючы падтрымцы Фізіяграфічнай камісіі Польскай акадэміі навук, пашырыў тэрыторыю доследаў. "Нагодай для збірання матэрыялу фізіялагічнага значэння паслужыла мне тое, што паўночна-ўсходняя частка Польшчы ўяўляе з таго пункта гледжання тэрыторыю невядомую" , - даказваў ён патрэбу сваіх доследаў. Дысертацыю ацанілі вельмі добра.


Дакладна не вядома, калі Юзюк Фарботка зацікавіўся мастацкай фатаграфіяй. У сярэдзіне 20-ых гадоў быў ужо ў кіраўніках праўлення Віленскага таварыства аматараў фатаграфіі. Праца чыноўніка ў галіне сельскай гаспадаркі спалучалася з паездкамі на вёску, што давала яму магчымасці для пошукаў цікавых яму матылёў (вайсілкаў) і на фатаграфаванне, у тым ліку, краявідаў. У Вільні Ўладзіслава і Юзюк Фарботкі наймалі кватэры. У міжваенны час жылі ў Дабрачынным завулку - 4, кв. 5, на Вялікай Пагулянцы - 35, кв. 77, Любэльскай - 3, кв. 4.


Калі пачалася ІІ Сусветная вайна жылі яны па вуліцы Вострабрамскай. Падчас вайны тры разы мянялі кватэры - жылі па вуліцы Кашыковай (у спадарства Борысаў), пазней - па Канарскага (побач з Закрэнтам). Недзе паўтара года перад канцом вайны перайшлі жыць праз 8 ці 10 дамоў далей. У пачатку чэрвеня 1944 г, калі фронт набліжаўся да Вільні, немцы загадалі пра спешнае высяленне жыхароў кварталу ў сувязі з пабудовай магутных абаронных фартыфікацый побач лесапарку ў Закрэнце. Уладзіслава і Юзюк Фарботкі з шасцігадовым сынам Уладзіславам і некалькімі валізкамі сваіх рэчаў выехалі ў падвіленскую вёску Гудэлі, дзе жыла іх далёкая радня. Калі ў ліпені 1944 г. вярнуліся ў Вільню, аказалася, што дом, у якім яны жылі, згарэў датла ад агню савецкай артылерыі. Разам з ім згарэў і ўвесь сямейны архіў, у тым ліку негатывы здымкаў Юзюка Фарботкі. Застаўся толькі яго ўлюбёны фотаапарат "Rolleiflex", які забраў ён з сабою ў апошнюю хвілю, пакідаючы Вільню.


Вярнуўшыся ў Вільню сям'я Юзюка Фарботкі пасялілася ў сяброў па вуліцы Саколяй - 2а, кв. 2 - на Звярынцы. Там у студзені 1945 г. Юзюка Фарботку арыштаваў НКУС. Выслалі яго ў лагер у Дзяржынск у Данбасе, дзе працаваў на плантацыі гнілых памідораў. Уладзіслава Фарботка з сынам запісалася на выезд у Польшчу, і ў канцы сакавіка 1945 г. рэпатрыянцкім цягніком № 19 яны выехалі з Вільні. Пасля розных прыгодаў 8 траўня даехалі ў Лодзь, дзе была сям'я брата Юзюка Фарботкі, які яшчэ да вайны пажаніўся з ладзянкай.


У лістападзе 1945 г. Юзюка Фарботку звольнілі з лагера. Хворы з карбункуламі на шыі перад калядамі 1945 г. даехаў праз Вільню ў Лодзь. Працаваў як адміністрацыйна-фінансавы дырэктар у Цэнтральным бюро архітэктурных і будаўнічых праектаў (Centralne Biuro Projektow Architektonicznych i Budowlanych). Дзякуючы такой працы атрымаў ад старасты кватэру.


Юзюк Фарботка атрымаў прапанову працы на пасадзе кіраўніка Кафедры энтамалогіі ў Лодзкім універсітэце. Рэкамендаваў яго на гэтую пасаду ягоны прамотар прафесар Ян Прыфер, які пераехаў у Торунь. Юзюк Фарботка не прыняў гэтай прапановы. Як успамінаў ягоны сын Уладзіслаў: "Прычын было некалькі - пасля лагерных перажыванняў (і з-за ўжо тлеўшай унутры, хоць яшчэ не відавочнай невылечнай хваробы Паркінсона), пасля страты ў Вільні даробку ўсяго жыцця, адчуваў нейкую крыўду (на сет?), што так абышоўся з ім лёс, што гэта ўсё спаткала яго, які не быў ані вайскоўцам, ані палітыкам. Дадаткова той факт, што будаўнічая арганізацыя давала большую зарплату і жыллё, а бацькі ў той час практычна нічога не мелі і жылі "ў кутку" ў сям'і братовай майго бацькі".


Жывучы ў Лодзі Юзюк Фарботка надалей захапляўся фатаграфіяй. Разам з Аляксандрам Закшэўскім (малодшым сябрам Віленскага фотаклуба) быў сузаснавальнікам Лодзінскага фатаграфічнага таварыства. Уваходзіў у журы фатаграфічных конкурсаў і выставак, м. інш. быў у журы, якое адбірала працы на выстаўку "Lodz w fotografii", што трывала з 16 лютага па 13 сакавіка 1949 г.


У нялёгкай паваеннай рэчаіснасці пачала працаваць таксама Ўладзіслава Фарботка. Шмат гадоў была яна на пасадзе кіраўніка дэканату Валаконнага факультэта Лодзінскай палітэхнікі (Wydzial Wolkienniczy Politechniki Lodzkiej). Памерла 30 красавіка 1990 г., маючы амаль 92 гады. Юзюк Фарботка памёр 8 чэрвеня 1956 г., праз тры дні пасля таго, як ягоны сын здаў экзамены на атэстат сталасці. Пахаваны ён на старых Лодзінскіх могілках. Сын Юзюка Фарботкі ў адным з лістоў пісаў: "Шмат спраў сямейных, на жаль, сёння ўжо не высветліць. Пасля смерці мамы нарэшце ўсвядоміў сабе, што было яшчэ шмат спраў, пра якія мог яе спытаць, але ўжо не здолею. Вельмі пра тое шкадую".

Дзякуючы кантактам з Уладзіславам Фарботкам і дадатковым архіўна-бібліятэчным доследам, што трывалі каля дзесяці гадоў, лёс Юзюка Фарботкі стаў вядомы ў Польшчы, Беларусі і Літве. З'явіліся артыкулы ў беластоцкім польска-беларускім месячніку "Czasopis", у беларускай (менскай) "Беларусістыцы-Albaruthenicа", у польскім віленскім квартальніку "Znad Wilii". Ягоная біяграфія, дапоўнена новымі фактамі апублікавана ў новых беларускіх энцыклапедыях.

Лена Глагоўская


Музей музея?..

З даўніх часоў музей як сацыяльны інстытут меў свае адмысловыя функцыі ў грамадстве і будове дзяржаўнай сістэмы ды ідэалогіі. Цікавым можна падаць той факт, што, напрыклад, у 1930-я гады ў Савецкім Саюзе музей называлі Палітасветкамбінатам! Шмат чаго перабыло на памяці нашых людзей, няма ўжо і СССР, але памяць пра яго жыве і жыве не толькі ва ўспамінах ды фотавідэаматэрыяле, але нават у цяперашніх беларускіх музеях, асабліва правінцыйных, да якіх новыя з'явы сусветнай музейнай практыкі прыходзяць не так хутка ды і прыжываюцца не заўжды.

За савецкім часам звычайна ў краязнаўчых музеях невялікіх гарадкоў экспазіцыя будавалася па пэўных ідэалагічных прынцыпах - абавязковымі экспазіцыйнымі заламі былі такія як: Прырода края , Гістарычнае мінулае (як правіла ў асноўным асвятлялася археалагічная спадчына і часы Расійскай імперыі), Кастрычніцкая рэвалюцыя і як варыянт яшчэ Лютаўская рэвалюцыя , на экспазіцыях каторых рабіўся акцэнт на барацьбу супраць буржуазіі і прыгнёту пралетарыяту сіламі мясцовых чырвоных актывістаў, былі абавязковай наяўнасць бюста Леніна (Ульянава) і савецкай сімволікі… Наступная экспазіцыя прысвячалася тэме ІІ Сусветнай вайны, а ў прыватнасці ВАВ, падаваліся панарамы баёў, бюсты савецкіх камандзіраў, якія ваявалі на гэтай тэрыторыі. Шырока прадстаўляліся ўзнагароды тамтэйшых Герояў Савецкага Саюза, іх асабістыя рэчы, вытрымкі з загадаў, партбілеты і інш. Вядома, абавязковай была наяўнасць зброі. Далейшым экспазіцыйным працягам ішла наяўная прамысловасць раёна, экспазіцыя якой давала ўсебаковае апісанне прадукцыі і дасягненняў мясцовых прадпрыемстваў. Лагічным завяршэннем такіх музеяў была экспазіцыя, прысвечаная выбітным знакамітым землякам канкрэтнага рэгіёну. Такі класічны прыкладам раённага савецкага музея можа падаць нам гісторыя музейнай справы часоў 70-80-х гг. у Савецкім Саюзе.

У той час была свая ідэалогія, свае каштоўнасці, на якіх выхоўваліся савецкія людзі. СССР сышоў у нябыт, але музеі засталіся. Дзесьці ўжо за часамі незалежнасці адбылася рэарганізацыя самаго музея, дзесьці праведзеная рээкспазіцыя пэўных залаў, якія сталі не актуальнымі і не адпавядалі новым павевам цяперашняга жыцця. Але яшчэ і засталіся тыя, да глыбіні каранёў савецкія музеі, якія праз пэўныя прычыны не пераарыентаваліся ў сваёй дзейнасці і па цяперашні час прадстаўляюць наведвальніку свае экспазіцыі такімі, якімі іх бачылі за савецкім часам. Апошнім часам задаюся пытаннем - чаму?.. Але... і іншыя ўзнікаюць думкі - а мо хай і будзе так, хай будзе музей музея! Як прыклад музея савецкага перыяду. А чаму не?! Гэта наша з вамі гісторыя!

Яскравым прыкладам магу прывесці свой Клімавіцкі раённы краязнаўчы музей. Гісторыя музейнай справы ў Клімавічах па вядомых дакументальных крыніцах бярэ свой пачатак яшчэ ў 1918 годзе, калі быў заснаваны гістарычна-археалагічны музей. Гісторыя існага Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея пачынаецца 11 ліпеня 1978 года, калі бюро ЦК КПБ прымае рашэнне аб стварэнні ў горадзе гістарычна-краязнаўчага музея. Цягам шасці год над стварэннем экспазіцыі працавалі мастакі і супрацоўнікі новаўтворанага музея. 24 ліпеня 1984 года музей быў адкрыты і ўтрымліваў актуальныя тады залы, якія існуюць і зараз: "Прырода краю", "Гісторыя раёна", "Этнаграфія", "Кастрычніцкая рэвалюцыя", "Вялікая Айчынная вайна", "Прамысловасць раёна" і "Знакамітыя землякі". Сам музей размясціўся ў помніку драўлянай архітэктуры, які пабудаваны ў 1867 годзе і быў жылым домам княгіні Мяшчэрскай, якая валодала ім да 1917 года.

На працягу некалькіх апошніх гадоў была праведзена рээкспазіцыя залы па прамысловасці раёна і залу, прысвечаную Кастрычніцкай рэвалюцыі рэарганізавалі ў этнаграфічную. У наш час ідзе работа над праектам новай экспазіцыі "Чайны пакой княгіні Мяшчэрскай" на месцы старой залы этнаграфіі. Выбар на карысць такой тэмы стаўся натуральным, паколькі будзе адпавядаць гісторыі самаго будынка і першай непасрэднай ўладальніцы. Мы плануем зрабіць акцэнт на інтэр'ер 2-й паловы ХІХ ст. з мэтаю паказу побыту княгіні ў яе аўтэнтычным доме.

Такім чынам і наш музей пакрысе адыходзіць ад савецкай экспазіцыі. Але яшчэ глыбока жыве тут дух савецкай эпохі. Замест сучаснай назвы нашай краіны на экспазіцыі існуе БССР, тэматыка залаў прасякнута выказваннямі марксістаў-леніністаў, а навукова-дапаможны экспазіцыйны матэрыял дык увогуле выключна савецкай падачы з усёй адметнай для таго часу сімволікай. У наш час, калі існуе незалежная краіна, гэта падавалася б не вельмі актуальным, але, як музейшчык я апошнім часам задаюся пытаннем - а можа лепш і пакінуць гэтае, бо БССР таксама нашая гісторыя. І калі ўжо захавалася такая экспазіцыя, такая падача матэрыялу, то ці магчыма зрабіць на гэтай аснове музей музея?.. Г. зн прыклад музея савецкай эпохі на аснове экспазіцый нашага музея?! Хоць на цяперашнія павевы часу падавалася б гэтае ідэалагічна няправільным, але для нашчадкаў думаю варта б было захаваць такі прынцып падачы экспазіцыі. А паколькі зараз надаецца вялікая ўвага турызму, то думаю, што для турыстаў, асабліва ў будучыні, было б цікава зайсці ў музей і нырнуць у дух савецкай эпохі. Гэта значыць, можна зрабіць на аснове нашага музея цікавы турыстычны аб'ект, які станецца для раёна своеасаблівай і натуральнай разынкай, пярлінай сучаснай музейнай справы незалежнай Беларусі.

Малодшы навуковы супрацоўнік Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея Аляксандр Галкоўскі.


Беларусь у Магдэбургскім праве

"Беларусь у Магдэбургскім праве". Такую назву мае новая кніга славутага пісьменніка і журналіста Яўгена Сяргеевіча Гучка. Выданне знаёміць чытача з паняццем і зместам Магдэбургскага права - адной з вядомых сістэм гарадскога самакіравання, якая склалася ў ХІІ-ХІІІ стст. у нямецкім горадзе Магдэбургу.

Першым сярод сучасных беларускіх гарадоў Магдэбургскае права атрымала Берасце (1390). Другім беларускім горадам, які атрымаў поўнага "магдэбурга" быў Слуцк (1441); далей ішлі: Высокае (1494), Полацк (1498), Менск (1499)... За год да другога падзелу (1792) паспелі атрымаць Магдэбургскае права Ашмяны, Воўпа, Вугор, Геранёны, Пераброддзе, Прывалка, Цырын і Шарашова.

Магдэбургскае права далей мяжы паміж ВКЛ і Масковіяй распаўсюджання не мела.

Аўтар распавядае, што ў 1565 годзе г. Ваганаў атрымаў Магдэбургскае права, але ніякіх звестак, пра гэтае паселішча на сённяшні дзень аўтарам не выяўлена. Адначасова даюцца некаторыя кароткія звесткі адносна назвы, гісторыі, культуры, архітэктуры, літаратуры і іншых галін жыцця грамадства і асобы беларускіх "магдэбуржцаў". Кніга разлічана на шырокае кола чытачоў.

Яе наклад 100 асобнікаў. Цудоўнае афармленне зроблена А.Г. Дашкевіч.

Каб набыць кнігу, трэба звярнуцца да аўтара.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


Выстава аб'яднання "Верасень"

29 жніўня 2013 года ў Палацы мастацтваў адбылося адкрыццё мастацкай выставы творчага аб'яднання "Верасень" Беларускага саюза мастакоў. Суполка створана ў 1989 годзе і прадстаўляе гледачам сваю справаздачную выставу ўжо ў 11 раз. Ядром аб'яднання сталі мастакі, якія сфармаваліся ў перыяд росквіту беларускай рэалістычнай школы, працавалі пераважна ў станковай і кніжнай графіцы, якія ўжо выявілі сябе як сталыя майстры, даказалі сваю яркую творчую індывідуальнасць і высокую графічную культуру (С. Волкаў, П. Дурчын, І. Паплаўскі, Н. Паплаўская, Ю Зайцаў, Я. Жылін, В. Кліменка, Н. Казлоў, І. Лобан, П. Марчанка, М. Міронаў, У. Пашчасцеў, Н. Рыжыкаў, Н. Сустава і іншыя.

За 24 гады існавання "Верасня" склаліся адпаведныя выставачныя традыцыі. Справаздачныя выставы аб'яднання, якія праходзяць раз у два гады - гэта першым чынам пісьменна пабудаваныя, арганічныя экспазіцыі якасных графікі і жывапісу без прэтэнзій на канцэптуальнасць і элітарнасць, без герархіі ўзростаў і званняў.

Кожны ўдзельнік прадстаўлены не адной "візітнай карткай", а як мінімум 3-4 творамі, якія ствараюць больш-менш поўнае ўражанне пра мастака.

З прывітальным словам на марапрыемстве выступілі Р. Сітніца, Н. Марчанка, С. Волкаў.

На выставе прысутнічала творчая інтэлегенцыя г. Менска. Было цікава.

Выставу можна наведаць да 18 верасня 2013 года.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX