Вярнуцца: 2013

№ 40 (1139)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 40 (1139) 2 кастрычніка 2013 г.


Беларуская мова на сцэне лонданскага "Глобуса"

Беларускі свабодны тэатр прадставіў на сцэне лонданскага шэкспіраўскага тэатра "Глобус" "Караля Ліра" у пастаноўцы Уладзіміра Шчэрбаня і ў драматургічнай адаптацыі Мікалая Халезіна. Спектакль граўся на беларускай мове. Шэкспіраўскі рэпертуар з'явіўся ў тэатры ў 2012 годзе. Тады лонданскі "Глобус" вырашыў правесці Сусветны шэкспіраўскі фестываль падчас летніх Алімпійскіх гульняў. Па ўмовах арганізатараў фестывалю 37 п'ес Шэкспіра павінны былі прагучаць на 37 мовах і прадстаўлены 37 нацыянальнымі тэатрамі. Запрашэнне Беларускаму Свабоднаму тэатру было адпраўлена пасля таго, як ён атрымаў першую прэмію на фестывалі мастацтваў "Фрындж" у Эдынбургу.

У 2013 годзе тэатр "Глобус" прапанаваў беларускаму калектыву паставіць на сваёй сцэне "Караля Ліра".

Пасля месяца рэпетыцый п'еса была зайграная і атрымала высокую ацэнку брытанскай тэатральнай крытыкі. "Кароль Лір" у пастаноўцы Беларускага Свабоднага тэатра адрозніваўся ад класічных брытанскіх пастановак і аказаўся бліжэй да гісторыі і праблем нашай краіны.

Пераклад класічнай п'есы Шэкспіра зрабіў Юрка Гаўрук, а галоўную ролю адыграў Алег Сідорчык.

Хартыя-97.


Мечыславу Грыбу - 75

Мечыслаў Грыб нарадзіўся ў вёсцы Савічы Дзятлаўскага раёна Гарадзенскай вобласці. Скончыў Львоўскае пажарна-тэхнічнае вучылішча і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Генерал-лейтэнант міліцыі. Заслужаны юрыст Беларусі. Сябар ТБМ.

У 1981-1985 гадах працаваў начальнікам упраўлення аховы грамадскага парадку МУС БССР, 1985-1990 гадах - начальнікам упраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама.

У 1990-1996 гадах - дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га і 13-га скліканняў. На працягу двух гадоў з'яўляўся старшынём парламента.

Менавіта пад яго старшынствам Вярхоўны Савет 15 сакавіка 1994 года прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Цяпер з'яўляецца генеральным сакратаром Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), у якую ўступіў у чэрвені 1996 года.

- Самае галоўнае ў жыцці ў маім узросце - сям'я. На жаль, жонка ўжо памерла. Але ёсць дзеці, унукі - трэба быць бліжэй да іх, - сказаў Мечыслаў Грыб у інтэрвію БелаПАН.

Сыходзіць з радоў БСДП (Грамада) ён не збіраецца.

- Буду досвед і веды аддаваць справе сацыял-дэмакратыі, - падкрэсліў Грыб.

Як грамадзянін і палітык Грыб хацеў бы бачыць Беларусь свабоднай і дэмакратычнай дзяржавай з нейтральным статусам.

- Хацелася б, каб Беларусь не ўмешвалася ні ў якія канфлікты, ні з кім не ваявала. Я супраць усіх ваенных блокаў, ніколі яны нам за ўсю гісторыю нічога добрага не прыносілі, - сказаў ён.

Таварыства беларускай мовы шчыра віншуе спадара Мечыслава з днём нараджэння і зычаць яму здароўя, сілаў на ніве служэння Бацькаўшчыне і асабістага шчасця!


225 гадоў з дня нараджэння Івана Насовіча

Іван Іванавіч НАСОВІЧ (26 верасня (7 кастрычніка) 1788, в. Гразівец, цяпер Чавускі раён - 25 ліпеня (6 жніўня) 1877) - беларускі мовазнавец-лексікограф, фалькларыст і этнограф. Прадстаўнік ідэйна-палітычнага руху заходнерусізму.

Скончыў Магілёўскую гімназію і духоўную семінарыю (1812). Працаваў выкладчыкам, інспектарам Аршанскага, выкладчыкам, рэктарам Мсціслаўскага духоўных вучылішчаў (1813-1822), загадчыкам, наглядчыкам, выкладчыкам Дынабуржскай гімназіі, Маладзечанскага і Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў (1822-1843). У 1843 выйшаў у адстаўку, пераехаў у Мсціслаў і заняўся навуковай працай.

Шмат падарожнічаў па Паўночна-Заходнім краі. Супрацоўнічаў з Аддзяленнем рускай мовы і славеснасці Пецярбуржскай АН, Археаграфічнай камісіяй, Аддзяленнем этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства. Па ix прапанове склаў першы гістарычны слоўнік беларускай мовы "Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі" (Увараўская прэмія 1865, рукапіс захоўваецца ў Бібліятэцы РАН у Санкт-Пецярбурзе), дзе растлумачаны каля 13 тыс. слоў. Асноўная навуковая праца І. І. Насовіча тлумачальна-перакладны "Слоўнік беларускай мовы" (1870, Дзямідаўская прэмія 1865), у які ўвайшло больш за 30 тыс. слоў, запісаных аўтарам у Магілёўскай, Віцебскай, Менскай і Гарадзенскай губернях, а таксама выбраных з вуснай народнай творчасці, старабеларускіх пісьмовых помнікаў. У 1881 быў выдадзены "Дадатак да беларускага слоўніка І. І. Насовіча" (каля 1 тыс. новых слоў). Слоўнік да гэтага часу застаецца ўнікальным зборам беларускай лексікаграфіі.

Значнымі былі і фальклорна-этнаграфічныя працы І. І. Насовіча, галоўная сярод якіх - "Зборнік беларускіх прыказак" (1867, залаты медаль Рускага геаграфічнага таварыства), які змяшчае каля 3,5 тыс. прыказак, прымавак, прыгаворак, праклёнаў, скарагаворак і інш. блізкіх да іх паняццяў. Потым выйшаў зборнікі "Беларускія прыказкі і прымаўкі" (1868), "Беларускія прыказкі і загадкі" (1868), "Беларускія песні" (1873, больш за 350 тэкстаў), вядомы рукапіс зборніка "Легенды, паданні, быліны, байкі, анекдоты" не выяўлены і інш. зборнікі. Зборнікі адкрываюцца прадмовамі аўтара.

Аўтарству І. І. Насовіча належыць гістарычна-лінгвістычны нарыс "Aб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю" (рукапіс захоўваецца ў Бібліятэцы РАН у Санкт-Пецярбурзе. Пакінуў гістарычна-мемуарную працу "Успаміны майго жыцця" (рукапіс захоўваецца ў Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі). Таксама аўтар артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў. Пераклаў з лацінскай мовы 3-томную працу А. Тэйнера "Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы", у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя беларускіх зямель з 1217 да 1696 г.

Вікіпедыя. (Пра Івана Насовіча чытайце таксама на ст. 3.)


110 гадоў з дня нараджэння Алеся Змагара

Алесь Змагар (сапр.: Аляксандр Хведаравіч Яцэвіч; 1 кастрычніка 1903, в. Цароўка, Слуцкі павет, Менская губерня, цяпер вёска Кірава, Слуцкі раён, Менская вобласць - 1995, Фларыда, ЗША) - беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык.

Брат (па маці) пісьменніка Янкі Золака (А. Даніловіча). Пасля сканчэння народнай школы ў 1914 прадоўжыў вучобу ў Слуцкай класічнай гімназіі. Друкаваў вершы ў гімназічным часопісе "Прамень". У лістападзе 1920 разам з бацькам удзельнічаў у Слуцкім паўстанні, за што бацька быў расстраляны бальшавікамі, а сам Змагар асуджаны на 2 гады зняволення. Уцёк з месца зняволення. Прыехаў у Менск. Дзякуючы дапамозе пісьменніка Р. Мурашкі Змагару ўдалося пазбегнуць пераследу ўладаў. У 1925-30 вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні МВПІ. Пасля сканчэння вучобы настаўнічаў на станцыі Радашковічы. У часы нямецкай акупацыі працаваў журналістам у рэдакцыі "Беларускай газеты". Потым настаўнічаў, быў інспектарам беларускіх школ у Радашковіцкім, Лідскім, Шчучынскім паветах. Як паэт і публіцыст актыўна выступаў на старонках друку. Удзельнік 2-га Усебеларускага кангрэса (27.6.1944, Менск). У 1944 выехаў з Беларусі. Жыў у Аўстрыі, дзе браў удзел у арганізацыі беларускіх школ. З 1949 года ў Францыі. Узначальваў эмігранцкую арганізацыю "Беларускі вызвольны рух"; удзельнічаў у выданні часопіса "Баявая ўскалось" і "За волю". У 1956 эміграваў у ЗША. Жыў у Кліўлендзе, дзе выдаваў газету "Незалежная Беларусь". Быў старшынём Галоўнай управы Беларускага вызвольнага руху. Апошнія гады правёў у Фларыдзе.

Вікіпедыя.


Вучыцца моднаму танцу трайбл можна будзе па-беларуску

Віцебская танцорка Дарыя Слобадава адкрыла ў Менску эксперыментальны гурток па навучанні трайблу, дзе заняткі будуць праводзіцца на беларускай мове.

Трайбл - гэта новы танцавальны кірунак, які прыйшоў у Еўропу з Амерыкі, і робіцца ўсё больш модным у Беларусі. Гэты танец уяўляе сабой эклектычнае змешванне трох старадаўніх танцавальных стыляў: індыйскага, егіпецкага і іспанскага. "Tribe" у перакладзе з англійскай азначае "племя, род", адпаведна, "tribal" - "племянны, які належыць якому-небудзь племені".

Беларуская мова, на думку Дарыі Слобадавай, павінна стаць для гуртка не толькі камфортным сродкам камунікацыі, але і адным з асноўных стрыжняў для развіцця беларускага трайбла як самастойнай з'явы - нацыянальнага эклектычнага стылю танцаў. У стварэнні беларускага кірунку трайбла спадарыня Слобадава спадзяецца на дапамогу шырокага кола прафесiйных гicторыкаў, рэканструктараў і навукоўцаў.

Дарыя Слобадава - сертыфікаваны педагог і неаднаразовы прызёр шматлікіх конкурсаў па ўсходніх танцах. У траўні 2011 года яна адкрыла ў Віцебску філіял школы ўсходніх танцаў "Азаласі", а ў сакавіку 2013 года правяла ў горадзе першы міжнародный трайбл-фестываль "Moon Sensation", інфармуюць "Народныя навіны Віцебска".

Еўрарадыё.


"Мабільны горад" - беларускае аблічча і самы ветлівы персанал

Лідскае ПУП "Мабільны горад", якое займаецца продажам і абслугоўваннем мабільных сродкаў сувязі, а таксама аказаннем іншых паслуг у гэтай вобласці аформіла свае гандлёва-сервісныя пункты на беларускай мове. Пункты размешчаны ў цэнтры горада, вызначаюцца поўным наборам тавараў і паслуг.

Тут не толькі прапануюць шырокі выбар тавараў, але і акажуць такія паслугі, як устанавіць беларускі алфавіт, перавесці тэлефон ці планшэт на беларускую мову, як асноўную, калі такая версія падтрымана.

Калі фірма пастараецца, то беларускасць можа стаць яе брэндам, балазе персанал тут працуе высокапрафесійны і высокакваліфікаваны, сюды проста прыемна звярнуцца.

Наш кар.


Беларускіх школ ужо менш за палову

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

Кабякову А.У.

К. Маркса, 38,

г. Мінск, 220016

Аб адкрыцці беларускамоўных школ і гімназій

Паважаны Андрэй Уладзіміравіч!

Віншуем Вас з 20-мі ўгодкамі святкавання Дня беларускага пісьменства.

У сувязі з гэтым Сакратарыят ТБМ прыняў адпаведны Зварот, які мы Вам і дасылаем. Просім Вас паспрыяць таму, каб Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь да 1 верасня 2013 г. прыняў адпаведную пастанову аб адкрыцці ў тых 17 гарадах, дзе адбывалася гэтае свята, а таксама ў г. Быхаве, дзе яно праходзіць сёлета, беларускамоўных школ і гімназій. Гэтае рашэнне ад імя Кіраўніка нашай дзяржавы можа быць агучана ў г. Быхаве 1 верасня. Яно цалкам будзе адпавядаць думцы, выказанай Кіраўніком нашай дзяржавы на IV Усебеларускім народным сходзе: "Беларуская мова з'яўляецца важнейшым нацыянальным культурным здабыткам".

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

'Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны "

Трусаву А. А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот, накіраваны кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Паведамляем наступнае.

Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Гэта замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Законе Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Дзяржава гарантуе свабоду выбару мовы выхавання і навучання.

Вызначэнне статуса школ (класаў) па мове навучання здзяйсняецца згодна з рашэннем мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў і ў адпаведнасці з заявамі законных прадстаўнікоў дзяцей.

Паведамляем, што ў 2012/2013 навучальным годзе з агульнай колькасці 3 313 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў 1 650 установах адукацыі адукацыйны працэс здзяйсняўся на беларускай мове.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Об обращениях граждан и юридических лиц" Вы маеце права абскардзіць рашэнні, якія прыняты па Вашым звароце, у суд.

Намеснік Міністра В.А. Будкевіч.


Ад чаго паходзіць псеўданім Янка Маўр?

З цікавасцю чытаў у "Нашым слове" артыкул Паўла Сцяцко, у якім апісваюцца "сучасныя пісьменніцкія найменні", іх паходжанне.

Мне, як словазбіру, адразу кінуўся ў вочы неалагізм - аднаслоўны адпаведнік спалучэнняў імя па бацьку , па бацьку (параўн. отчество ). Калі б я быў у прыймовай камісіі новых слоў, дык абедзвюма рукамі галасаваў бы за яго. Але не буду інтрыгаваць чытача (які не знаёмы з публікацыяй П. Сцяцко). Слова гэтае - бацькайменне .

Даючы станоўчую ацэнку зместу артыкула - раскрыццю онімаў пісьменнікаў, спынюся на адной недакладнасці.

Псеўданім Маўр ( Янка Маўр ) навукоўца выводзіць з афіцыйнага імя Маўрыкій і яго народнага варыянта Маўр . На жаль, у гэтым выпадку ён не ўлічыў абставін, варункаў узнікнення слова. Сцвярджаю гэта як рэдактар першага выдання кнігі пра Янку Маўра "Чалавек з крылатай фантазіяй" (1979). Добра памятаю аповед "Псеўданім" (цяпер перачытаў), як пісьменнік выбіраў сабе найменне, бо я "папацеў над гэтай кнігай" (невялікай - 64 старонкі!), паводле дароўчага надпісу яе аўтара - Пятра Рунца.

Дзеля дакладнасці і лаканічнасці выкладу працытую Рунцоў тэкст (робячы купюры).

"Усё тое лета Іван Міхайлавіч Фёдараў, настаўнік гісторыі і геаграфіі дваццаць пятай мінскай школы, працаваў з вечара да позняй ночы. Ён дапісваў аповесць "Чалавек ідзе", свой першы буйны мастацкі твор. (...)

І вось у канцы жніўня аповесць была гатова. (...) Застаецца толькі падпісацца. Паставіць сваё імя і прозвішча. Аднак зрабіць гэта аказалася далёка не проста. (...)

І раптам, калі ён ужо страціў надзею падабраць псеўданім, яму прыгадалася ходкая шылераўская фраза "Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа ісці".

Тут дарэчы будзе сказаць, што гэты выраз узбег на памяць зусім не выпадкова. Звычайна, правёўшы з вучнямі чарговае мерапрыемства. Ды яшчэ ўдала, Іван Міхайлавіч любіў гаварыць: "Маўр зрабіў сваю справу, маўр можа ісці". І ён міжвольна паўтарыў гэтую фразу ўголас, потым другі і трэці раз толькі слова "маўр".

Слова "маўр" у яго выразным вымаўленні загучэла ярка, прыгожа, мнагазначна і, што самае важнае, таямніча".

Алесь Каўрус.


СЛАВУТЫ ЛЕКСІКОГРАФ І ФАЛЬКЛАРЫСТ

Цяжка пераацаніць значэнне Івана Іванавіча Насовіча (1788-1877) у гісторыі беларускай філалогіі, фалькларыстыкі і этнаграфіі. Ён займае пачэснае месца сярод выдатных дзеячаў культуры ХІХ ст. Яго слушна называюць "беларускім Далем", супастаўляючы дзве слынныя працы У.І. Даля з кнігамі І.І. Насовіча - "Слоўнікам беларускай мовы" (СПб., 1870) і "Зборнікам беларускіх прыказак" (СПб., 1874). Праўда, паводле ахопу моўнага матэрыялу працы Насовіча значна ўступаюць далеўскім, але тут ёсць свае прычыны.

Беларуская мова ў тыя часы афіцыйнымі ўладамі не прызнавалася як самастойная, лічылася "наречием русского языка", і Насовіч у адпаведнасці з устаноўкамі Расійскай Акадэміі ўключаў у свой "Слоўнік…" далёка не ўсё, што было ў жывым маўленні беларусаў, а толькі тое, што не супадала з засведчанымі ў даведніках фактамі рускай мовы. Таму ў ягоным "Слоўніку…" няма многіх тысячаў такіх, напрыклад, вядомых кожнаму беларусу шырокаўжывальных слоў, як агонь, вада, вішня, зямля, нага, сын, хлеб і г.д.

Навукова-даследчай дзейнасцю Насовіч пачаў займацца ў 1844 годзе, маючы за плячыма вялікі жыццёвы досвед, дасканала вывучыўшы духоўнае багацце не толькі роднай яму Магілёўшчыны, але і Віленшчыны, Міншчыны, Аршаншчыны, дзе 30 гадоў настаўнічаў, выкладаючы рускую славеснасць і латынь, працуючы інспектарам, рэктарам духоўнага вучылішча, наглядчыкам, а пасля кіраўніком дваранскага вучылішча (ён ведаў не толькі беларускую і рускую мовы, але авалодаў стараславянскай, лацінскай, грэчаскай, французскай, старажытна-яўрэйскай і польскай мовамі). Выйшаўшы ў 1844 г. у адстаўку, Насовіч пачаў папаўняць матэрыялы для слоўніка беларускай мовы. "Для паспяховага выканання гэтай справы , - пісаў сын вучонага В.І. Насовіч, - бацька мой не шкадаваў ніякіх выдаткаў, ездзіў у розныя беларускія мясціны, якія яго цікавілі. Жывучы з маленства сярод сельскага люду, добра ведаў як мову беларусаў, так і мноства іх песень, прыказак, прымавак і інш. Ён ведаў і шанаваў іх звычаі" . І.І. Насовіч заўсёды меў пры сабе сшытак, "куды неадкладна занатоўваў кожнае новае для яго слова, што траплялася яму ў гутарцы з простым чалавекам, кожную цікавую песню, прыказку".

Дарэчы, у тыя часы, як пісаў І.І. Насовіч ва "Успамінах майго жыцця", па-беларуску размаўлялі чыноўнікі, настаўнікі, мясцовыя яўрэі, прадстаўнікі ўсіх саслоўяў. "Наогул усе мяшчане і рамеснікі гавораць па-беларуску, апрача асоб не беларускага паходжання. Аканомы ж і прыказчыкі, зразумела, з дробнай шляхты, абавязкова павінны з беларускімі мужычкамі размаўляць па-беларуску. Нават самі памешчыкі, асабліва беларускага паходжання, любяць паміж сабою гутарыць па-беларуску" .

У 1863 г. рукапіс "Слоўніка…", пасля 16-гадовай напружанай працы па яго складанні, быў пададзены ў Акадэмію навук. Рукапіс атрымаў высокую ацэнку ("як праца надзвычай важная"). Аўтару была прысуджана Дзямідаўская прэмія (714 рублёў), а ў 1870 г. "Слоўнік…" выйшаў з друку (756 с.). Акадэмічнае выданне "Филологические записки" ацаніла гэты слоўнік як "помнік, які можа служыць найлепшым упрыгожаннем рускай вучонай літаратуры" .

Гэты слоўнік па яго будове і прынцыпах раскрыцця лексічнага значэння лічаць тлумачальна-перакладным беларуска-рускім даведнікам. У ім апісана больш як 30 тысяч слоў. У многіх выпадках беларускае слова тлумачыцца рускім адпаведнікам, усюды даецца граматычная, а пры неабходнасці і стылістычная характарыстыка слова, прыводзіцца ілюстрацыйны матэрыял з жывой народнай гаворкі. Адзін прыклад:

Самота , ы, с. ж. [=существительное женского рода с окончанием -ы в родительном падеже]. Уединение. Ёнъ самоту любиць. Въ самоце живуць, ни съ кимъ не знаюцца. На самоце запёршись, зюкаюць.

Між іншым, ёсць у гэтым слоўніку і назоўнік спадар , растлумачаны, аднак, толькі як "хозяин, глава семейства".

"Слоўнік…", будучы з'явай унікальнай, арыгінальнай і непаўторнай, засведчыў "стан і ўзровень развіцця беларускай мовы 1850-60-х гадоў, данёс і перадаў нам яе лексічныя скарбы, фразеалагічнае і прыказкавае багацце, адлюстраваў у жывым слове глыбіню мыслення і светаразумення беларусаў як нацыі" (М.Р. Суднік). Больш як стагоддзе ён нязменна служыў навуцы і стаў бібліяграфічнай рэдкасцю. Таму ў 1983 годзе выдавецтва "БелСЭ" перавыдала гэты "Слоўнік…" фотамеханічным спосабам.

Пра "Слоўнік…" І.І. Насовіча напісана ўжо нямала артыкулаў, але ў іх або нічога не гаворыцца пра фразеалагічны матэрыял, або коратка інфармуецца, што ў слоўніку падаюцца прыказкі і прымаўкі як ілюстрацыі да апісаных слоў.

Насамрэч жа ў гэтым слоўніку тагачасная беларуская фразеалогія і парэміялогія знайшла даволі багатае адлюстраванне. У ім пададзена звыш 3 тысяч прыказак, а таксама прымавак (апошнія ў сучасным мовазнаўстве носяць назву фразеалагізмаў). Многія фразеалагізмы выступаюць у якасці ілюстрацый, а больш як 200 фразеалагічных адзінак вынесена ў загалоўкі слоўнікавых артыкулаў.

Калі Насовіч складаў свой слоўнік, яшчэ і гаворкі не было пра фразеалагізмы, не было ні ў рускай, ні ў замежнай лексікаграфіі ўзораў, як падаваць устойлівыя выразы з цэласнай семантыкай. Насовіч ішоў самастойным шляхам і даў такія ўзоры распрацоўкі фразеалагізмаў, якія амаль нічым не адрозніваюцца ад сённяшніх фразеалагічных артыкулаў. Ён вылучыў многія фразеалагізмы ў асобныя слоўнікавыя артыкулы і гэтым зрабіў значны крок наперад па шляху да стварэння спецыяльных фразеалагічных даведнікаў.

У працы Насовіча фразеалагізм, вынесены ў загаловак, растлумачваецца, мае граматычную і стылістычную характарыстыку, а іншы раз і этымалагічную даведку, ілюструецца прыкладам з жывога народнага маўлення.

Съ катнихъ рукъ , вь знач. нар. ( убежавъ от палача ). Неизвестно откуда, говорится презрительно. Пришовъ съ катнихъ рукъ, а вы яго трымаеце!

Тлумачэнне фразеалагізмаў звычайна кароткае і дакладнае. Найчасцей складальнік падбірае да таго ці іншага выразу сэнсавы адпаведнік. Калі значэнне фразеалагізма нельга перадаць адным словам, выкарыстоўваецца словазлучэнне. Часам паказваецца сітуацыя, у якой ужываецца пэўны выраз. Сэнс многіх фразеалагізмаў тлумачыцца апісальным зваротам.

Другая праца І.І. Насовіча, істотная для беларускай філалогіі і фалькларыстыкі (дакладней, для парэміялогіі і парэміяграфіі), - "Зборнік беларускіх прыказак" (1874). Аўтар сціпла назваў яе зборнікам прыказак, а між тым гэта быў першы ў гісторыі ўсходне-славянскага мовазнаўства тлумачальны слоўнік прыказак. Е.Р. Раманаў справядліва ахарактарызаваў гэтую працу як "пакуль што адзіную ў сваім родзе". Яшчэ да выхаду зборніка ў свет, азнаёміўшыся з рукапісам, Рускае геаграфічнае таварыства прысудзіла І.І. Насовічу залаты медаль і выбрала яго членам-супрацоўнікам Таварыства.

Збіранню, асэнсаванню і вытлумачэнню прыказак Насовіч аддаў больш за дваццаць гадоў жыцця. Публікацыя гэтых матэрыялаў мае сваю гісторыю. Першая тысяча прыказак была надрукавана ў 1852 г. Затым, як зазначае сам даследчык, ён, збіраючы лексічныя і фальклорныя матэрыялы, "адкрыў непараўнана большую колькасць прыказак, якія існуюць у гаворках беларускіх жыхароў, асабліва сялян". "Беларусы ўсе факты, усе выпадковасці чалавечага жыцця, усе ўчынкі, як добрыя, так і дрэнныя, і ўсякае нават меркаванне пра што-небудзь падводзяць пад мерку прыказак сваіх... Паміж простымі людзьмі ёсць шмат такіх здольных, якія на ўсякую падзею, на ўсякі выпадак, вясёлы, спрэчны, сумны, - раптам падаюць прыказку, дарэчы, як быццам яны знарок вывучалі іх, як тыя, хто, авалодваючы лацінскай мовай, завучвае на памяць дыстыхі Катонавы". У новы зборнік (1867) увайшлі і раней апублікаваныя прыказкі, і новыя (больш за дзве тысячы). Апошняе выданне зборніка (1874) змяшчае 3715 прыказак і прымавак. Да зборніка прыкладаецца тлумачальны слоўнік асобных слоў (каля дзвюх тысяч).

У кароткай прадмове да зборніка, якую трэба лічыць пачаткам тэарэтычнага асэнсавання беларускай парэміялогіі, Насовіч піша: "Прыказкамі змагаюцца з хібамі і слабасцямі…, насміхаюцца, упікаюць, пагражаюць, суцяшаюць у смутку, смешаць і нават у таго, хто плача, выклікаюць усмешку".

Значэнне зборніка не толькі ў тым, што яго аўтар упершыню занатаваў каля чатырох тысяч прыказак і прымавак. Вельмі важна, што ён растлумачыў сэнс амаль кожнай з іх, многім даў эмацыянальна-экспрэсіўную характарыстыку, раскрыў паходжанне некаторых парэмій.

Тыпы тлумачэння сэнсу прыказак у зборніку разнастайныя. Найчасцей паказваецца сітуацыя, у якой ужываецца выказ. Напрыклад: "Молодое пиво уходзицца. - Говорится насчет шалостей или вспыльчивости или самой ревности к чему-либо молодого человека".

І.І. Насовіч - аўтар шмат якіх іншых прац. У 1853 г. ён, па даручэнні Археаграфічнай камісіі і Аддзялення этнаграфіі Рускага геаграфічнага таварыства, пачаў ствараць гістарычны слоўнік на аснове пяцітомнага збору "Актаў… Заходняй Расіі". У 1857 г. рукапіс слоўніка (1110 старонак) пад назвай "Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з "Актаў, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі" быў завершаны і дасланы ў Імператарскую Акадэмію навук. У слоўніку растлумачана каля 13 тысяч слоў. Акадэмічная камісія высока ацаніла слоўнік, рэкамендавала яго да друку і прысудзіла І.І. Насовічу Увараўскую прэмію - 1500 рублёў срэбрам. Аднак слоўнік так і застаўся ненадрукаваным.

Варта звярнуць увагу яшчэ на адзін твор, напісаны, але не надрукаваны. Насовіч ва "Успамінах майго жыцця" прыгадвае: калі ён упершыню глядзеў на свой толькі што выдадзены "Слоўнік беларускай мовы", то ўбачыў, што, на жаль, замест ягонай вялікай прадмовы да "Слоўніка…", якая каштавала яму "многіх бяссонных начэй на працягу цэлага года", далі кароткую рэдакцыйную прадмову з некаторымі высновамі, супрацьлеглымі поглядам аўтара. Прыгадваецца, што ў ягонай прадмове даваліся, у прыватнасці, гістарычныя звесткі пра беларускую гаворку "як гаворку старажытнага племя крывічоў ад вярхоўя Заходняй Дзвіны, Дняпра і Волгі" , гаворку, сляды якой "і цяпер яшчэ відаць у Пскоўскай, Смаленскай і Цвярской губернях".

Насовіч напісаў і яшчэ некаторыя лінгвістычныя працы, а таксама апублікаваў шэраг фальклорных зборнікаў з беларускімі песнямі.

За некалькі гадоў да адыходу ў іншы свет Насовіч напісаў "Успаміны майго жыцця" (935 рукапісных старонак). Рукапіс захоўваўся ў спадчыннікаў, якія жылі ў Паўночнай Асеціі, і ў пачатку 1950-х гадоў быў набыты акадэмічным Інстытутам мовазнаўства імя Якуба Коласа. А ўпершыню прыкладна палова гэтай мемуарнай працы надрукавана ў трох нумарах часопіса "Нёман" (1997, №№ 2-4).

Чытаючы гэтыя старонкі мемуараў, нічога не знойдзеш пра тое, як аўтар збіраў словы або прыказкі для сваіх прац, як пісаліся гэтыя і іншыя працы. Тут пераважна распавядаецца пра жыццё некалькіх пакаленняў насовічаўскай радаслоўнай, апісваецца мсціслаўскае духоўнае і свецкае асяроддзе, духоўны свет настаўнікаў з розных мясцін, дзе працаваў Насовіч. Сустракаюцца і эпізоды, вартыя пэўнай увагі. Вось адзін з іх.

У 1839 годзе І.І. Насовіч, выкладаючы рускую славеснасць у Свянцянскім дваранскім вучылішчы, аднойчы быў вельмі ўзрушаны. Усе вучні яго класа катэгарычна адмовіліся завучваць на памяць верш Пушкіна "Клеветникам России". Так паўтаралася тры дні запар. Нарэшце, настаўнік зразумеў, у чым справа. " - Скажыце шчыра, гэтыя вершы супрацьлеглыя вашаму патрыятызму? Ці так? - Так, пан настаўнік! - крыкнулі ўсе".

Вось якія былі тады вучні! "Не то, что нынешнее племя", - як пісаў Лермантаў з іншай нагоды.

Не прачытаўшы апублікаваныя старонкі Насовічавых мемуараў, можна падумаць, што ў гэтым эпізодзе настаўнік быў салідарны з вучнямі ў ацэнцы шавіністычнага, апалагетычна-імперскага верша Пушкіна, які толькі і марыў пра час, калі "славянские ручьи сольются в русском море". Не, далёка не так! Аддаючы належнае І.І. Насовічу за яго патрыятычны, навуковы подзвіг (стварэнне "Слоўніка…" і іншых прац), не лішнім будзе ведаць і тое, што па сваіх светапоглядных і палітычных перакананнях Насовіч - цвёрда ўпэўнены, "глыбока перакананы, заўзяты вернападданы расійскага цара і айчыны", "цалкам пазбаўлены беларускай нацыянальнай самасвядомасці", "тыповы прадстаўнік заходнерусізму". Гэтак слушна яго ахарактарызаваў Ніл Гілевіч, прачытаўшы "Успаміны майго жыцця" і напісаўшы да іх прадмову.

На старонках "Успамінаў…" бачым такія, напрыклад, упэўненыя сцвярджэнні: "сама Беларусь - руская ад прыроды", "Беларусь адарвана ад Расіі ў часы нашэсця татар на Расію", "Блажэннай памяці гаспадар Мікалай Паўлавіч зрабіў незабыўную паслугу не толькі праваслаўнай расійскай царкве, але і ўсёй Расіі, увёўшы ўсіх уніятаў ў праваслаўе". Пра польскае паўстанне 1830-1831 гг.: "Палякі падымаюць бунт супраць дабрадзейкі сваёй Расіі". Пра паўстанне ў 1863 г. на тэрыторыі Беларусі гаворыцца: "Польскі мяцеж ёсць справа лацінскіх ксяндзоў". Мімаходам упамінаецца пра "мяцежнікаў са студэнтаў Горы-Горыцкага інстытута". "Памешчыкі рымскага веравызнання амаль усе спачувалі паўстанню і настройвалі нават сялян сваіх удзельнічаць у мяцяжы супраць рускіх. Але сяляне, не вагаючыся, былі духам верныя рускай айчыне і рускаму цару". Прыводзяцца прыклады, як сяляне дапамагалі рускім ваенным выяўляць паўстанцаў. Аднойчы і сам Насовіч данёс пра шляхціца Шыпілу (ён "з мяцежніцкім духам") спраўніку і палкоўніку Вітэ, "пад сакрэтам упамянуўшы і асоб, якія данеслі мне".

Насовіч быў знаёмы з заснавальнікам тэорыі заходнерусізму М. Каяловічам, які даказваў, што беларусы - гэта частка рускага народа, крыху апалячанага і акаталічанага, і патрабаваў прыняць меры, каб беларусы і ўкраінцы забылі свае мовы ды пачалі думаць і гаварыць толькі па-руску. Насовіч піша, што ў 1864 г. ён, "улічваючы параду прафесара Каяловіча, заняўся выпраўленнем беларускіх прыказак". Можа, таму, напрыклад, прыказка "Татка, татка, лезе чорт у хатку! - Абы не маскаль", пашыраная сярод беларусаў і ўкраінцаў, растлумачана, з улікам Каяловічавых парад, наступным чынам: "Крестьяне так смеются над шляхтами, боящимися Русских хуже черта". Але ж баяліся і слушна ацэньвалі маскалёў не толькі шляхціцы, а і ўвесь народ Вялікага Княства Літоўскага. Былі для гэтага і важкія падставы: за 300 каляндарных гадоў ХІV-ХVІІ стст. войны паміж Масковіяй і ВКЛ занялі 72 гады!

Як відаць з "Успамінаў…", Насовіч усёй душой садзейнічаў выцясненню каталіцтва і выкараненню ўніяцтва ў Беларусі, сустракаўся з галоўным ліквідатарам уніяцтва І. Сямашкам, пісаў пра яго: "Няхай будзе вечная памяць Гасудару Мікалаю Паўлавічу і мітрапаліту Заходняй Расіі Іосіфу Сямашку, "учинившим столь великое благо для России и православной Церкви".

Адзначаючы сёлета (7.10.2013 г.) 225-годдзе з дня нараджэння Івана Іванавіча Насовіча, будзем і далей помніць пра ягоны навуковы подзвіг ў гісторыі нашага народа і яго духоўнай культуры, будзем таксама ведаць, што многія яго палітычныя погляды наўрад ці прымальныя для абсалютнай большасці цяперашніх беларусаў. Што было, тое было. З песні слова не выкінеш.

Іван Лепешаў , доктар філалагічных навук.


Дні Еўрапейскай спадчыны ў Беларусі

Болей за 20 год з надыходам верасня ўся Еўропа святкуе Дні Еўрапейскай спадчыны. На працягу месяца краіны, якія падпісалі Еўрапейскую культурную канвенцыю Савета Еўропы (1954), праводзяць мерапрыемствы і акцыі для знаёмства сваіх грамадзян і замежных гасцей з аб'ектамі гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны, што знаходзяцца на іх тэрыторыі.

У 2013 годзе Беларусь вырашыла падтрымаць тэму нематэрыяльнай культурнай спадчыны - "жывой" спадчыны. Адной з падстаў для выбару менавіта гэтай тэмы з'явілася святкаванне 10-годдзя Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якая стала першым міжнародным інструментам забеспячэння прававой асновы для абароны нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Дні Еўрапейскай спадчыны на Беларусі 2013 г. так-сама прысвечаны 20-годдзю падпісання Рэспублікай Беларусь Еўрапейскай культурнай канвенцыі.

У межах святкавання 27 верасня ў Галерэі М. Савіцкага (пл. Свабоды, 15) адбылося адкрыццё фотавыставы "Жывая" спадчына", прэзентацыі сайта ""Жывая" спадчына Беларусі", створанага пры фінансавай і кансультатыўнай падтрымцы ЮНЕСКА, а таксама буклета, прысвечанага тэме святкавання бягучага году.

Адбылася адкрытая публічная лекцыя доктара філалагічных навук Таццяны Валодзінай "Народная медыцына ў сістэме традыцыйнай культуры беларусаў".

n-europe.eu.


Еўрапейскі дзень моў у Лідзе

26 верасня Еўропа адзначала Еўрапейскі дзень моў. 25 верасня з гэтай нагоды ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы прайшлі ажно дзве імпрэзы. У Лідзе да Еўрапейскага дня моў вырашана было ўдзяліць увагу стасункам беларускай мовы з іншымі еўрапейскімі мовамі, а менавіта перакладам з еўрапейскіх моваў на беларускую і з беларускай на еўрапейскія. Для таго, каб годна паказаць месца беларускай мовы ў еўрапейскай моўнай супольнасці, у Ліду ў рамках праекта "Будзьма беларусамі" былі запрошаны перакладчык, аўтар "Еўраслоўніка", кандыдат філалагічных навук Лявон Баршчэўскі і ўкладальнік анталогіі перакладу паэзіі ХХ стагоддзя "Галасы з-за небакраю" Міхась Скобла. Прыйшлі так-сама мясцовыя паэты і перакладчыкі Пятро Макарэвіч і Станіслаў Суднік.

Першая сустрэча адбылася са студэнтамі Лідскага каледжа (каля 60 чал.). Прысутным цікава было даведацца, што "Еўраслоўнік" Л. Баршчэўскага ўтрымоўвае адпаведнікі 100000 лексічным адзінкам беларускай мовы на 27 мовах Еўрасаюза. Цікава было паслухаць вершы еўрапейскіх паэтаў у арыгіналах - на румынскай, літоўскай, грэцкай, італьянскай і інш. мовах, а таксама пераклады іх на беларускую. Міхась Скобла паведаміў, што анталогія "Галасы з-за неба-краю"ўключае вершы 700 паэтаў свету у перакладзе 198 беларускіх перакладчыкаў, прачытаў некаторыя свае пераклады, а таксама арганізаваў віктарыну з уручэннем прызоў ад праекта "Будзьма". Пятро Макарэвіч прадставіў сваю кнігу "Птица свободы" з перакладамі вершаў 100 беларускіх паэтаў на рускую мову.

На другую імпрэзу прышлі вучні 7-х класаў школы № 4 г. Ліды (звыш 40 чал.). На гэтай сустрэчы ў рамках імправізаванай віктарыны таксама гучалі вершы на розных мовах свету. Дзецям не проста было распазнаваць мовы, але да гонару настаўніцкага калектыву яны лёгка пазналі верш на нямецкай мове, а адна з вучаніц без ваганняў назвала аўтара - Гётэ, хаця верш быў зусім не са школьнай праграмы. І тут зноў былі ўручаны падарункі ад "Будзьма".

Святкаванне Еўрапейскага дня моў праводзілася ў Лідзе ўпершыню, але проста павінна стаць традыцыйным. Зрэшты, мы ж у цэнтры Еўропы, і ніхто нас на нейкія задворкі не пасуне.

Яраслаў Грынкевіч.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў кастрычніку

Акаловіч Леанід Аляксандр. Алейнік Іна Міхайлаўна Алейнік Юры Леанідавіч Антановіч Лідзія Аляксандр. Арлова Эрыка Арлова Эсфір Віктараўна Архуцік Мікалай Арцёменка Віталь Аўдошчанка Валянціна Ашурак Вітольд Міхайлавіч Байдакова Ганна Дзмітрыеўна Бамбіза Мікалай Рыгоравіч Барташэвіч Антаніна Барэль Васіль Бордак Наталля Васільеўна Брыцько Аляксей Бубала Антон Буйніцкая Марына Булавацкі Міхась Пятровіч Булат Алена Анатольеўна Бурлевіч Людміла Мікал. Бусел Мікалай Кліменцьевіч Бягун Рацібор Аляксандр. Бялецкі Віктар Пятровіч Валуненка Ірына Іванаўна Ваўкавыцкая Таццяна Верабей Тацяна Пятроўна Вератынскі Кірыл Віктаравіч Войніч Вераніка Восіпава Аляксандра Яўген. Гарбуль Аляксандр Васільев. Гарніцкі Янка Андрэевіч Гіль Міхаіл Нікадзімавіч Глот Аляксей Грынкевіч Георгі Ігаравіч Грышчук Ганна Рыгораўна Дамарад Святлана Даніловіч М.А. Данілюк Віктар Уладзімір. Даржынкевіч Генрых Фелікс. Джэгайла Уладзімір Васільев. Дзедушкова Алена Дзеружынская Вераніка Ав. Дзіцэвіч Юлія Дзмітрыенка Анатоль Іванав. Долбік Ларыса Рыгораўна Дудар Таццяна Аляксандр. Думанская Ганна Рыгораўна Ермаковіч Леанід Іванавіч Ермаловіч Васіль Васільевіч Жаўток Уладзімір Жэгалава Тарэса Міхайлаўна Зволінскі Тодар Землякоў Міхаіл Канстанцін. Зянковіч Юрась Іваноў Максім Генадзьевіч Ігнашэвіч Вадзім Уладзімір. Іўчанкоў Мікалай Мікалаевіч Кавяцецкая Наталля Уладзім. Казак Валянціна Казлоў Алег Яўгенавіч Каліноўская Бажэна Андр. Каліноўская Крысціна Каратай Уладзімір Арсеньев. Касцючэнка Ірына Каханчык Зміцер Качаноўская Наталля Георг. Качарагіна Людміла Алякс. Кірыленка Анатоль Іванавіч Клундук Святлана Сяргееўна Конюх Віктар Лявонавіч Краўцоў Мікалай Крой Аляксандр Ільіч Крупіца Валянціна Кулеш Алена Кульбіцкі Сяргей Валер'евіч Кунцэвіч Зінаіда Мікалаеўна Куржалаў Алег Васільевіч Кутас Тамара Кушнер Васіль Федаравіч Лебедзеў Уладзімір Ануфр. Лебядзевіч Д.М. Лепешаў Іван Якаўлевіч Ліс Дар'я Алегаўна Лучко Валянцін Станіславав. Люкевіч Уладзімір Паўлавіч Лявонава Галіна Мазырка Аляксандр Макруш Сяргей Вячаславав. Малец Таццяна Малько Вячаслаў Аляксандр. Мальцава Ірына Маслюкоў Іван Віктаравіч Масяйчук Аляксандр Мартысюк Вера Мацвеенка Аляксандр Яўген. Мінаў Леанід Уладзіміравіч Міняйла Ганна Сяргееўна Місевіч Аляксандра Міснікова Кацярына Міцкевіч Уладзімір Валянцін. Мішчанчук Мікалай Іванавіч Навуменка Генадзь Навумчык Іосіф Адамавіч Несцярук Валеры Фёдаравіч Палейка Анатоль Палікарпаў Валеры Канстанц. Палсцюк Валеры Віктаравіч Палтаржыцкая Ірына Генадз. Палубятка Іосіф Палянскі Аляксандр Сярг. Панамарова Лізавета Сярг. Пасюкевіч Ірына Уладзіслав. Піліпенка Алена Пракаповіч Ілля Мікалаевіч Прылішч Ірына Аляксандр. Пунько Вольга Язэпаўна Пярова Маргарыта Сярг. Пярова Наталля Юр'еўна Пяткевіч Лізавета Алегаўна Раманоўскі Валер Іванавіч Раманоўскі Уладзімір Іван. Раманцоў Зміцер Уладзімір. Раманюк Раман Розберг Дзяніс Уладзіміравіч Рудзёнак Алег Рудовіч Алена Руды Яўген Ігаравіч Русіновіч Іван Кузьміч Рындзевіч Вячаслаў Савацееў Кім Сяргеевіч Савіч Яўген Сагановіч Яніна Генадзеўна Сазонаў Віктар Паўлавіч Сазонаў Вячаслаў Мікалаевіч Сакевіч Уладзімір Клеменц. Салаўёў Мікалай Святоха Генадзь Уладзімір. Семянчук Валеры Семянчук Генадзь Сенькавец Уладзімір Адам. Сёмкіна Вольга Віктараўна Сідарчук Кірыл Валер'евіч Сікора Алег Георгіевіч Сіняк Павел Віктаравіч Скіцёў Зміцер Андрэевіч Смашная Марына Уладзімір. Спосабаў Іван Іванавіч Станеўская Людміла Станкевіч Георгій Стральцоў Алесь Уладзімір. Суднік Святлана Георгіеўна Суліменка Дзмітры Сяргеевіч Сульжыц Кацярына Сярг. Сухаверхі Андрэй Сямёнавіч Сухарэвіч Віталь Пятровіч Сухоцкі Андрэй Аляксеевіч Сцежкін Кірыла Аляксандр. Сялюк Іван Сямёнава Анастасія Васіл. Сямёнаў Віталь Трафімчык Сяргей Аляксан. Угрын Аляксандр Сяргеевіч Урублеўскі Вадзім Валер'евіч Фалейчык Алесь Філіповіч Дзіяна Леанідаўна Хадачок Міхаіл Хадневіч Цімафей Хархардзін Уладзіслаў Цішкевіч Юлія Іванаўна Цыганкоў Віталь Аляксеевіч Цыхун Генадзь Апанасавіч Цюлькоў Аляксей Чайкоўскі Павел Іванавіч Чубат Аляксей Леанідавіч Шалястовіч Людміла Васіл. Шаршнёва Наталля Анатол. Швед Вячаслаў Вітальевіч Швед Іна Анатольеўна Шохан Вольга Шуй Вольга Васільеўна Шыдлоўскі Раман Яўгенавіч Шык Уладзімір Раманавіч Янушкевіч Станіслаў Антон. Яраховіч Марына Рыгораўна Яроменкаў Аляксандр Леан.


Магілёўскае ТБМ адзначыла дзень народзінаў Ніла Гілевіча

26-га верасня магілёўская гарадская суполка ТБМ імя Ф. Скарыны прысвяціла чарговы гурток беларускай мовы дню народзін Народнага паэта Беларусі, першага старшыні ТБМ Ніла Сымонавіча Гілевіча. Прысутныя ўзгадалі ўлюбёныя вершы паэта, яго ролю ў нацыянальным руху і зацверджанні дзяржаўнага статусу беларускай мовы. Таксама надалі ўвагу самай знакамітай песні на словы Ніла Сымонавіча - "Вы шуміце, шуміце", якая стала па-праўдзе народнай і дагэтуль аб'ядноўвае беларусаў у шчаслівыя моманты.

Аляксей Карпенка.


Свята Ўзвіжання Святога Крыжа і беларуская паэзія

У пятніцу, 27 верасня, Праваслаўная Царква адзначала адно з 12-ці вялікіх святаў - Узвіжанне Святога Крыжа. Яно было ўстаноўлена ў памяць дзвюх важных падзеяў, звязаных з лёсам Крыжа Хрыстовага, і дзеля ўмацавання Ягонага культу.

Крыж, на якім быў распяты Ісус Хрыстос, на працягу 300 гадоў знаходзіўся ў зямлі, а на месцы ўкрыжавання на Галгофе быў пабудаваны храм у гонар Венеры. У IV стагоддзі, у час уладарання імператара Канстанціна, у Ерусалім прыбыла ягоная маці. Пасля доўгіх пошукаў былі адкапаны тры крыжы. Цуд аздараўлення хворай жанчыны (паводле іншага пераказу - уваскрэсення памерлага) дазволіў акрэсліць, які з гэтых крыжоў з'яўляецца Хрыстовым Крыжам. У прысутнасці патрыярха Макарыя Крыж быў падняты і паказаны натоўпу людзей на чатыры бакі свету. У памяць гэтай знаходкі ў другі дзень Вялікадня было ўстаноўлена свята. Імператрыца Алена пабудавала на асвечаных Хрыстом у час Яго зямнога жыцця месцах каля 80 храмаў. Частку Крыжа разам з цвікамі яна вывезла ў Канстанцінопаль, а астатняя частка заставалася ў храме Уваскрэсення на Галгофе.

У 614 годзе Ерусалім быў разбураны персамі. Цар Хазрой вывез разам з ваеннымі трафеямі таксама і Крыж. Чатырнаццаць гадоў пазней, калі настаў мір, імператар Іраклій асабіста, па-жабрацку адзеты, з вялікай пашанай унёс Крыж на сваё месца.

Гэтыя дзве гістарычныя падзеі ажывілі шанаванне Крыжа і паслужылі ўстанаўленню свята Узвіжання. З 335 года свята пачалі адзначаць не ў другі дзень Вялікадня, але 14 верасня.

У Лідзе 27 верасня (14 верасня ст. ст.) Узвіжанне Святога Крыжа акрамя іншага адзначалася набажэнствам каля крыжа па вуліцы Касманаўтаў. Асаблівасцю было тое, што сюды былі запрошаны лідскія паэты. Прыйшлі Станіслаў Суднік, Марыя Масла, Алесь Хітрун, Алесь Мацулевіч і слынны лідскі бард Сяржук Чарняк. У выкананні паэтаў прагучалі вершы рэлігійнай тэматыкі, у асноўным на матыў крыжа. Усе вершы гучалі на беларускай мове. Сяржук Чарняк выканаў "Малітву" на словы Францішка Багушэвіча.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя.

На здымках: 1. Падчас набажэнства; 2. Вершы чытае Марыя Масла; 3. Спявае Сяржук Чарняк; 4. Вершы чытае Алесь Хітрун.


Увага!

У кастрычніку ў сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць гістарычная школа "Гісторыя ў падзеях і малюнках"

пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава.

Заняткі будуць прысвечаны вывучэнню ваеннай гісторыі Беларусі ў ХХ ст.

На занятках будуць праводзіцца гістарычныя віктарыны, пераможцы якой атрымаюць цікавыя прызы. Падчас заняткаў таксама прадугледжаны абмен думкамі наконт сучаснага стану беларускай мовы і яе функцыянавання ў грамадстве. Такім чынам, удзельнікі змогуць павысіць свае веды па гісторыі Беларусі і папрактыкавацца ў веданні беларускай мовы.

У кастрычніку заняткі адбудуцца: 7 кастрычніка (панядзелак), 14 кастрычніка (панядзелак), 21 кастрычніка (панядзелак).

Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13 у Менску. Уваход вольны.


Аліна Ваўранюк узнагароджана "Срэбным крыжам заслугі"

У межах фестывалю "Іншае Вымярэнне" ў клубе Фама быў паказаны спектакль аб'яднання ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову "АБ-БА" - "Ой, даўно-даўно…" Беларускія гісторыі з Падлесся".

Значная падзея адбылася у час мерапрыемства - узнагароду "Срэбны крыж заслугі" ад прэзідэнта Рэчы Паспалітай атрымала намесніца старшыні аб'яднання "АБ-БА" Аліна Ваўранюк.

- Узнагарода цешыць, вельмі цешыць. Я вельмі ўсхваляваная і лічу, што гэтая ўзнагарода не толькі для мяне, а для нашага цэлага асяроддзя. Я гавару тут пра аб'яднанне ў карысць дзяцей і моладзі, якія вучаць беларускую мову "АБ-БА". Бо сама задума, каб уручыць гэтую ўзнагароду, выйшла ад Міністэрства адміністрацыі і лічбавізацыі. Таму гэта вельмі цешыць і вельмі радуе.

Галоўная мэта аб'яднання ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову "АБ-БА" - дапамога дзецям і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову, а таксама дапамога бацькам і настаўнікам.

Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя.


Шчыра дзякуем за дапамогу!

Ахвяраванні на ТБМ

1. Аляхновіч Леанід - 100000 р., г. Віцебск

2. Сілкова Раіса - 100000 р., г. Віцебск

3. Стагнатаў Уладзімір - 50000 р. г. Віцебск

Праўдзінская суполка Віцебска

4. Крупскі Зміцер - 60000 р., г. Менск

5. Панамароў Сяргей - 50000 р., г. Менск

6. Гуркоў Алесь - 41000 р., г. Менск

7. Вештарт Галіна - 80000 р., г. Менск

8. Мазынскі Валер - 35000 р., г. Менск

9. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

10. Бамбіза Мікола - 500000 р., г. Менск

11. Прэдка Міхаіл - 100000 р., г. Менск

12. Вайцаховіч А.В. - 50000 р., г. Менск

13. Янучок Мікола - 1000000 р., г. Менск

14. Баранава Т. Э. - 30000 р., г. Менск

15. Сныткіна Г. А. - 50000 р., г. Менск

16. Валахановіч Ірэна - 50000 р., г. Менск

17. Безансон Людміла - 50000 р., г. Менск

18. Макарэвіч А. В. - 260000 р., г. Берасце

19. Чачотка Анатоль - 50000 р., г. Менск

20. Ляўшун Дзяніс - 150000 р., г. Менск

21. Асаёнак Тацяна - 25000 р., г. Менск

22. Антанюк Іаван - 100000 р., г. Менск

23. Мамчыц Эдуард - 320000 р., г. Віцебск

24. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

25. Прылішч Ірэна - 50000 р., г. Менск

26. Касцюкевіч Зміцер - 50000 р., г. Чэрвень

27. Краўчанка Анатоль - 200000 р., г. Менск

28. Прэснякова Ніна - 50000 р., г. Менск

29. Капусцін Э.Н. - 50000 р., г. Менск

30. Оліна Эла - 30000 р., г. Менск

31. Лагуціна Марына - 50000 р., г. Менск

32. Шарэйка Вольга - 30000 р., г. Менск

33. Восіпава Аляксандра - 50000 р., г. Гомель

34. Ляскоўская Алена - 50000 р., г. Менск

35. Рогач Пятро - 10000 р., г. Менск

36. Чайкоўскі Павел - 60000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Графіня Гелена Ромер-Ахянкоўская

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Маральнае выхаванне на рэлігійных каштоўнасцях

Гэлена Ромер-Ахянкоўская была набожным чалавекам і мудрым педагогам. Хаця заставалася свецкім творцам, але прызнавала вялікую ролю хрысціянскай рэлігіі ў гісторыі народа. У час працы ў школе яна прывівала дзецям любоў да Бога і Радзімы. Вера ў Бога - гэта імкненне да святла, да духоўнага, узвышанага, гэта нябачная, але жыццевырашальная ніць паміж чалавекам, Богам і Радзімай, ніць, якая трымае Сусвет.

"Будзьце дасканалымі, як Айцец мой Нябесны дасканалым з'яўляецца," - сказаў Хрыстус. Гелена Ромер-Ахянкоўская імкнулася кіравацца гэтым запаветам. Маючы тры ўрокі ў тыдзень на рэлігію, яна іх падзяляла наступным чынам: 1 урок катэхізісу, 1 урок святой гісторыі і 1 урок тлумачэння рэлігійных абрадаў. На ўроках рэлігіі рабіла вялікі акцэнт на рэлігійнасць у паўсядзённым жыцці, каб рэлігія была не мёртвай догмай, а нормай паводзін, сродкам стрымлівання ад дрэнных учынкаў. Урокі рэлігіі былі дзялянкай для эстэтычнага выхавання праз слуханне арганнай музыкі і арганізацыю касцельных харавых спеваў пад акампанемент аргана, прыцягвала дзяцей да святочнага афармлення касцёла, абразоў у сваім доме, пасадкі кветак ля прыдарожных крыжоў. Ладзіла наведванне могілак не толькі каб памаліцца за душы памерлых, але і дагледзець закінутыя магілкі, прывучала да дабрачыннасці. Разглядаючы касцёл як сакральнае месца, звяртала ўвагу на яго як гістарычную каштоўнасць, якую трэба аберагаць. Рэлігію не супрацьпастаўляла народным звычаям і святам, вучыла падыходзіць да іх з павагай, толькі адкідаючы негатыўныя праявы. Мелі месца на ўроках рэлігіі парады па гігіене, праводзіла антыалкагольныя гутаркі.

Што датычыць методыкі ўрокаў рэлігіі, то яна была супраць механічнага завучвання, а імкнулася, каб дзеці свядома мовілі пацеры, не ганяліся за колькасцю. Практыку сваёй работы яна папулярна выклала ў "Парадах дла народных настаўніц". Вось яе канцэпцыя маральнага, этычнага і эстэтычнага выхавання на рэлігійных катоўнасцях.

"Часта навука рэлігіі і ўменне дзяцей выразна чытаць катэхізіс і пацеры застаюцца мёртвай літарай у штодзённым жыцці. Дарослыя таксама, выходзячы з касцёла, пакідаюць там усе свае ўражанні, усю набожнасць і разуменне асноў веры. Прыстасаваць да выпадкаў жыцця пачутыя павучанні - падаецца ім чымсьці вельмі цяжкім і далёкім. Быццам усё у касцеле было Божай справай, закрытай у мурах касцёла, а дрэнныя ўчынкі паза яго межамі людской справай, якая мае толькі тое агульнае, што час ад часу груз грахоў прыносіцца да касцёла, каб ад іх пазбавіцца і выйсці ачышчаным, або ў святы ідзецца шукаць узрушэнняў і відовішчаў.

Вядома, маюцца вельмі пабожныя душы і сем'і, якія жывуць па-хрысціянску, але гэта хутчэй выключэнне, хаця трэба прызнацца, што наш народ моцна прывязаны да сваёй веры, касцёлаў, наогул, і да святароў. Гэта, магчыма, найвышэйшае духоўнае пачуццё, якім валодае. Але гэта не прыводзіць да ўсведамлення дапасавання пачутай навукі да штодзённага жыцця, таму патрэбна на навуку рэлігіі звяртаць найбольшую ўвагу.

Рэлігія не павінна быць мёртвай, але жывой, якая лагодзіць норавы, звычкі і характары, стрымлівае ад дрэннага. Дзеці лёгка вывучваюць на памяць нават тое, чаго не разумеюць, але гэта не павінна быць мэтай, каб іх нагружаць вялікай колькасцю катэхізісу, няхай вучацца пакрыху, але хай глыбока разумеюць тое, што вучаць, кожную штодзённую малітву патрэбна з дзецьмі падрабязна разабраць, расказаць ім значэнне слоў малітвы. Звяртаць найбольшую ўвагу на тое, каб дзеці мовілі пацеры паволі, думалі пра тое, што мовяць, жагналіся дакладна. Лепей змовіць адну-дзве малітвы з увагай, чым вытараторыць, як звычайна робяць старэйшыя людзі, цэлы шэраг малітваў, не думаючы і не разумеючы зместу.

Калі касцёл далёка, варта сабраць дзяцей у школе для адпраўлення святой Імшы, тады ўласна найлепей растлумачыць значэнне кожнай часткі Найсвяцейшай Ахвяры. Калі магчыма, прачытаць і ў некалькіх словах растлумачыць Евангелле на дадзены дзень.

Абавязкова навучаць касцельным спевам і калядкам. Калі згодзіцца арганіст, а касцёл недалёка, дзеці змогуць лёгка навучыцца спяваць у хоры, для іх узнагародай будзе служэнне Богу сваімі галасамі, а для бацькоў вялікім заахвочваннем да падтрымкі школы, і зробіць вельмі добрае ўражанне на ўсіх. Заахвочваць старэйшых хлопчыкаў паслугаваць да Імшы, але толькі вельмі прыкладных вучняў. Калі магчыма, летам прыводзіць на Імшу дзяцей з сабой, а калі школа там, дзе і касцёл, то і зімой. Карысней будзе, калі дзеці выслухаюць святую Імшу, як школьнікі, асобна пад апекай педагога, які можа кіраваць іх паводзінамі, чым стаяць сціснутымі сярод дарослых, якія часта вядуць сябе, як чарада авечак, ці ў час набажэнства разявакамі стаяць перад касцёлам. Урачыста рыхтаваць да Споведзі і Камуніі, пабожна і ціха праводзіць гэты дзень. Калі магчыма, адбываць і пазней групавыя споведзі, гэта вучыць салідарнасці, прыдае лад і парадак усяму абраду і праходзіць у лепшай духоўнай атмасферы. Калі маці хочуць дзяцей прыгожа прыбраць да Першай Камуніі або на Божае Цела, не працівіцца гэтаму, але папярэджваць, каб гэты вонкавы выгляд не выклікаў пыхлівасці, фанабэрыі і не адцягваў увагі. Затое ж катэгарычна супраціўляцца адпраўляць дзяцей на працяглыя працэсіі ў гарачыню ці мароз, бо малыя дзеткі, нешчаслівыя гэтыя анёлачкі, часта плацяць захворваннем за фанабэрыстасць матак.

Праз школу, а менавіта з дапамогай старэйшых дзяцей, можна прыўнесці крыху эстэтыкі ва ўнутранае афармленне касцёла, рэлігійных атрыбутаў. Упрыгожванне статуэтак, алтарыкаў, алтароў, прыгожае касцюмаванне дзяўчынак, якія бяруць удзел у працэсіях, - гэта шырокая галіна дзейнасці, у якой настаўніца ці настаўнік, дамовіўшыся з пробашчам, могуць увесці шмат канкрэтнай эстэтыкі.

Патрэбна заахвочваць дзяцей і старэйшых да ўдзелу ў святочныя дні ў розных народных святах, калі яны не пустыя і не ўтрымліваюць шкодных забабонаў. Расказваць, што народныя святы не з'яўляюцца абавязковымі, але з'яўляюцца мілым напамінкам звычаяў нашых продкаў, і што кожны народ мае свае рэлігійныя звычаі, расказваць якія.

Спрыяе рэлігійнаму выхаванню прадстаўленне батлеек, Трох Каралёў, спяванне калядак, чытанне Евангелля на Вялікдзень, асвячэнне вянкоў на Божае Цела. Патрэбна вучыць дзяцей шанаваць прыдарожныя і магільныя крыжы. Апошнія часта служаць месцам прагулак або пашы. Варта іншы раз пайсці з дзецьмі на могілкі і памаліцца за памерлых, паразмаўляць з дзецьмі пра душы іх блізкіх, якія з таго свету чакаюць малітваў за іх збаўленне, ачысціць і паправіць старыя закінутыя магілкі. Такія прагулкі па могілках могуць з карысцю замяніць урокі рэлігіі. Наогул, наш народ адносіцца да смерці надзвычай спакойна, з надзеяй на будучае спатканне з родзічамі. Патрэбна падтрымліваць гэтае паняцце. Але ж пры пахаваннях (як і пры іншых рэлігійных абрадах: хрэсьбінах, вяселлях) творацца рэчы непрыстойныя і зусім недапушчальныя ў адносінах да дзяцей, калі дзеці глядзяць на п'янкі, гулянкі, распусту на вяселлях і на забабоны на хрэсьбінах. Патрэбна гэтага пазбягаць і сароміць бацькоў, якія дазваляюць сваім дзецям назіраць амаральныя дзеянні, а дзецям прывіваць агіду і страх перад падобнай абразай Бога.

Выключыць звычай цалаваць у губы і, наогул, нябожчыкаў, класціся ў пасцель нябожчыка без папярэдняга абеззаражвання ці хаця б абкурвання. Прыдарожныя крыжы можна з дзецьмі ўпрыгожваць, абсаджваць іх кустамі або кветкамі, маёвае набажэнства з дзецьмі адпраўляць, калі не ў школе, то перад крыжам. Гэта і старэйшых, безумоўна, заахвоціць далучыцца. Прывучаць дзяцей, каб кніжкі да набажэнства ўтрымлівалі чыстымі, незасліненымі, абразы на сценах каб былі не запыленыя, не зацягнутыя павуціннем. Заахвочваць да ўпрыгожвання рамак абразоў кветкамі ці выцінанкамі.

Калі маецца ў наваколлі стары касцёл ці мястэчка, выбрацца туды з дзецьмі, каб ім паказаць старыя помнікі і, расказваючы пра даўнія часы, вучыць шанаваць культурную спадчыну. Расказваць пра святыя месцы: Вострую Браму, Ясную Гару, пра ўрачыстасці ў Рыме.

Урокі святой гісторыі і тлумачэння рэлігійных абрадаў патрэбна выкладаць у даступнай форме, не даваць дзецям цэлых старонак літургіі і дагматыкі. На 1-м годзе навучання выкладанне рэлігіі павінна ўтрымліваць толькі навуку пацер, малога катэхізісу, святой гісторыі, Стары Запавет выкладаць вельмі коратка, а Новы падрабязней. Але ўсё гэта павінна быць у расказах, цікавых апавяданнях, каб дзецям запала ў памяць жыццё божага Дзіцяці, якое было найбяднейшае з найбяднейшых, а ўсё ж кіравала светам і прыйшло жыць з людзьмі і цярпець на зямлі для выратавання праз найбольшую любоў да нас. Стары Запавет прадстаўляць на занятках са старэйшымі дзецьмі. Тут узнікаюць пэўныя цяжкасці ў тлумачэнні тагачасных звычаяў і выпадкаў або нават азначэнняў. Як гэтыя рэчы тлумачыць, настаўнік павінен ведаць з семінарскіх курсаў, дзе тлумачыцца, што шэсць дзён стварэння Сусвету абазначае эпохі, што шлюбы паміж родзічамі былі звычайнай з'явай на пачатку існавання чалавецтва на зямлі і так далей. Далікатныя пытанні катахет павінен вырашаць коратка і не засяроджваць асаблівай увагі на іх.

Новы Запавет з'яўляецца невычэрпнай крыніцай узнёслай маральнасці і прыкладам для пераймання ў штодзённым жыцці. Безустанку падкрэсліваць дадзены Хрыстом прыклад людзям, як паводзіць сябе, каб быць вартымі Божай ласкі".


Ромер-Ахянкоўская лічыла, што рэлігійнаму выхаванню будуць спрыяць творчыя пісьмовыя работы, якія прадугледжваюць навучанне дзяцей назіраць і разважаць. Шырокую магчымасць развіваць назіральнасць і ўменне апісваць, а разам і выхоўвацца на рэлігійных традыцыях, прадастаўляюць наступныя тэмы для пісьмовых паведамленняў і вусных разважанняў. Вось пададзены ёю пералік:

Чым займаюцца светары, дзе іх вучаць? (пакліканне, абавязкі)

Што такое споведзь? Як адбываецца Камунія?

Апішы працэсію Божага Цела або, наогул, нядзельную працэсію.

Што такае добры чалавек? (любоў да бліжняга, крыўда).

Апішы свята Божага Нараджэння, Вялікадня, Зялёных Свят.

Апішы Апошнюю Вячэру Памяці, чым яна з'яўляецца для нас.

Абавязкі нашы перад Богам і людзьмі.

Аб праследваннях першых хрысціян за веру.

У яе парадах гарманічна пераплятаецца шырокі аспект дыдактыкі.

Першая і адзіная настаўніца

У скарбонцы ведаў акумулюецца досвед продкаў, жыватворчая энергія сучаснікаў, а настаўнік з'яўляецца ахоўнікам, зберагальнікам і распаўсюджвальнікам творчага патэнцыялу сваіх суайчыннікаў і, наогул, прагрэсу, кіруе складаным працэсам фармавання духоўнага аблічча насельнікаў краю, планеты. Мы, падсвядома адчуваючы бясконцасць светавярчэння, раствараемся ў разнастайнасці побытавых клопатаў. Многае забываецца. Але з далёкага мінулага далятаюць да нас простыя і мудрыя словы, сказаныя нам з любоўю і пажаданнем настаўнікам, якія адухаўляюць рэчаіснасць. З гадамі ўсё часцей успамінаюцца выказванні настаўнікаў, якія ўважліва і карпатліва ўводзілі сваіх выхаванцаў у неабсяжны свет ведаў, дбалі пра стан іх душаў. Такой першай і адзінай настаўніцай маёй маці, Марыі Міхайлаўны, была Гелена Ромер-Ахянкоўская. На вёсцы настаўнік - не проста педагог, але і адкрывальнік хараства і разнастайнасці Сусвету, ён - духоўны бацька, які выхоўвае патрыётаў, грамадзян, добразычлівых, чулых, спагадлівых і шчырых людзей. Яна з першых дзён вучобы прывівала дзецям цікавасць да кнігі, любоў да прыроды, кветак і ўсяго жывога.

Мая маці ўспамінала выпадак з жыцця, які стаў першым крокам да навучання. Вось яе аповед. "Мне ў Першую сусветную вайну было 8 гадоў. Ромеры сяды-тады запрашалі нас у госці. Так было і на гэты раз. Мы прыйшлі ў Каралінова. Мая маці Луцэя пайшла з паняй Вандай у пакой, а я засталася ў гасцёўні, дзе было вялікае люстэрка ад падлогі аж да самага сталявання. Мяне ўразіла тое, што ў яго "ўлазіць" увесь чалавек у адрозненне ад маленечкага люстэрачка, якое мелася ў нас дома. Перад люстэркам я стала выбрыкваць, вырабляць розныя выкрунтасы. Калі заўважыла гэта пані Ванда, то залілася закацістым няўстрымным смехам:

- Што табе спрэзентаваць за такія танцы? - звярнулася яна да мяне.

Мяне зацікавіла невялікая размаляваная пушачка, што ляжала на палічцы ля люстэрка. Я паказала на яе.

- Ну то і бяры. Гэта мой табе прэзент.

Аказалася, што гэта была парожняя пушачка з-пад зубачыстак. Ідучы дадому, маці смяялася з мяне:

- Трэба была табе гэтая пушачка… Лепей цукерак папрасіла б..

А я была задаволеная падарункам, бо ў вёсцы ні ў кога з дзяцей такой не было.

Неяк пры сустрэчы ў Камаях Гелена Ромер-Ахянкоўская падаравала мне так-сама прэзент-падручнік" "Lementarz-Czytankа" ("Лемантар-Чытанка").

- Ты ўжо вялікая дзяўчынка, пара вучыцца чытаць-пісаць. Прыходзь у школу вучыцца.

Я расказала пра гэта маці, а восенню ўжо сядзела за школьным сталом. Праз некалькі тыдняў я адолела пер-шую частку падручніка "Лемантар" і добра чытала. Да вясны асіліла і другую частку кнігі - "Чытанку".

Па гэтай кніжцы яшчэ да школы навучыўся чытаць па-польску і я. У 1939 годзе ў Камаях адчынілася беларуская школа, усе польскія падручнікі загадалі памяняць на беларускія. Маю "Lementarz-Czytankу"замянілі на другую кніжку.

(Працяг у наст. нумары.)

Ясь Драўніцкі


Успаміны з неспакойнага часу на Літве ў 1861-1863 гадах

М.П. Мяжэцкі*

Ранняй вясной 1861 г. Нараўскі пяхотны полк, у якім я быў тады палкавым ад'ютантам, выступіў у паход з Курляндыі, дзе ён перад тым кватараваў, у Ліду Віленскай губерні. Выступленне гэтае вызначалася некаторай паспешнасцю: нам не далі нават дачакацца на месцы Светлага свята, і гэты Вялікі дзень прыйшлося сустрэць у паходзе. Пярэдадзень свята захапіў нас у брудным яўрэйскім мястэчку ў адным пераходзе ад Шаўлёў. На пляцы паставілі аналой, прастору вакол яго абгарадзілі ўваткнутымі ў зямлю елкамі, і ў гэтым імправізаваным храме, пад адкрытым небам, наш палкавы святар адслужыў велікодную ютрань; вядома, хроснага ходу не было - вакол чаго ж было хадзіць?.. Памятаю, ноч была ціхая, але цёмная, пахмурная і сырая: ішоў то снег шматкамі, то дробная намаразь. Ніколі, ні перш, ні пасля, мне не даводзілася так сумна, пры такім становішчы, сустракаць дзень Светлага Хрыстова Ўваскрасення.

Пра г. Ліду, у якім мы пражылі цэлы год, існуе ў Літве прымаўка: "Не бачыўшы Ліду, не пазнаеш бяду". Гэта невялікі літоўскі горад, населены пераважна яўрэямі і размешчаны ў невясёлай мясцовасці; у ім быў адзін польскі касцёл і праваслаўная царква, змешчаная ў нізенькай, драўлянай, несамавітага выгляду хатцы. У горадзе не знайшлося нават хоць колькі-небудзь зручнай кватэры для сямейства палкавога камандзіра, які таму вымушаны быў пасяліцца ў абшарніцкай сядзібе, вёрстаў за дзесяць ад горада. Тым часам хваляванні яшчэ не прымалі будучага вострага характару, і падобнае размяшчэнне палкавога камандзіра не ўяўляла небяспекі. Яшчэ не раздаваліся знакамітыя гімны "Boze, cos Polska" і "Z dymem pozarow", пакуль усё абмяжоўвалася ўзмоцненымі раз'ездамі і з'ездамі адзін у аднаго абшарнікаў і з'яўленнем іх, хоць і рэдка, у нацыянальным строі - канфедэратцы і чамарцы. Прайшло толькі некалькі месяцаў з дня маніфеста аб вызваленні сялян, і ў абшарнікаў пачаліся з імі розныя непаразуменні, якія ўвесь час патрабавалі ўмяшання вайсковай сілы, здаецца, гэта і было прычынай паспешнага выкліку нашага палка з Курляндыі ў Літву. Падчас кватаравання ў Лідскім павеце полк, што называецца, быў у разгоне: роты, па адной і па дзве, знаходзіліся амаль у бесперапынным перасоўванні, здзяйсняючы пераходы з аднаго паселішча ў другое, для ўціхамірвання, па патрабаванні мясцовых улад, якія складаліся выключна з палякаў, усякіх сялянскіх бунтаў, уціхамірванні гэтыя суправаджаліся, як водзіцца, розгамі, аднак не было чутак, каб падчас гэтай эпідэміі бунтаў з боку сялян супраць каго-небудзь быў ўжыты гвалт. Казалі пасля, што гэтыя бунты ствараліся штучна, і іх уціхамірванне вайсковай сілай уваходзіла ў праграму падрыхтоўчых да рокашу мер, з мэтай узбудзіць у сялянскім насельніцтве нянавісць да маскалёў.

Афіцэрства наша жыло замкнёна ў сваёй палкавой сям'і і з абшарнікамі не збліжалася, прынамсі, так было з афіцэрамі рускага паходжання, афіцэры ж з палякаў і ліцвінаў, якіх было даволі шмат у палку, вядома, знаёміліся з шляхтай - землеўладальнікамі, наведвалі іх і прымалі ў сябе. Таму і нам, рускім, здаралася сустракацца з гэтымі абшарнікамі, часам у нашых таварышаў, а часцей у адзіным у Лідзе шынку, ці як звалі гэтую ўстанову, "цукерні", нейкага шляхціца пана Андрушкевіча, куды паны заходзілі са сваімі знаёмымі афіцэрамі - палякамі. Пры гэтых сустрэчах абшарнікі спачатку бывалі вельмі стрыманыя ў зносінах з намі, рускімі, але калі віно развязвала языкі, пачыналіся гарачыя запэўненні ў неабходнасці збліжэння двух роднасных народаў, усхваляліся старопольские парадкі, ганіліся "маскоўскія", як яны звалі, і выказваліся скаргі на прыгнёт Польшчы. Мы пілі, спрачаліся, у нечым згаджаліся, але разыходзіліся неяк не перакананыя ў шчырасці па-сяброўску - братэрскіх выказванняў гэтых аднапляменнікаў, якім, трэба сказаць, так і не ўдалося набыць паміж намі прыхільнікаў іх палітычных поглядаў і дамаганняў. Наогул, гадавое знаходжанне палка ў Лідзе і павеце нічым асаблівым не адзначылася, і ўвесну 1862 г. мы з задавальненнем рассталіся з гэтай глухаманню асабліва з погляду на тое, што змянялі яе на Вільню, куды полк атрымаў прызначэнне.

У Вільні ўжо пачалося спяванне рэвалюцыйных гімнаў у касцёлах каля Вострай Брамы перад цудатворным абразом Божай Маці і іншыя палітычныя дэманстрацыі на падабенства варшаўскіх. Так, незадоўга да прыходу нашага палка наладжана была працэсія з харугвамі, сцягамі, гербамі Польшчы і Літвы, якая са спевам гімна "Божа, што ж Польшча", у суправаджэнні масы народу рушыла насустрач такой жа працэсіі, якая па чутках быццам бы ішла з Коўні. Па распараджэнні начальства войскі - пяхота і казакі - загарадзілі працэсіі дарогу на выхадзе з горада: месца гэтае ўяўляла вузкае дэфіле, з абодвых бакоў якога ішлі досыць высокія платы выходзіўшх сюды садоў: дэманстранты, маючы на чале фанатычак-паняў, стараліся прарвацца скрозь шэрагі войскаў, прычым, як нам распавядалі сведкі, пані дзейнічалі парасонамі, накіроўваючы іх канцамі ў твары казакоў і салдатаў; тады казакі ўзяліся за нагайкі, і натоўп рассеяўся. Былі выцятыя і раненыя з абодвух бакоў, але справа абышлася без забітых. Калі мы прыйшлі ў горад, толькі і было размоў пра гэтую падзею. Фантазія заўзятых патрыётаў і патрыётак стралася прыдаць ёй страхотлівыя памеры. Распавядалі пра свірэпасць рускіх войскаў і іх начальнікаў, пра мноства загінуўшых, целы якіх быццам бы загацілі Вілію. Зрэшты. падобныя дэманстрацыі больш не паўтараліся праз увесь час кватаравання палка ў Вільні, і толькі нашэнне жанчынамі жалобы, а мужчынамі канфедэратак і чамарак, ды пастаяннае спяванне перад Вострай Брамай укленчаным натоўпам рэвалюцыйных гімнаў нагадвалі пра браджэнні ў галовах польска-ліцвінскага насельніцтва горада.

Публічнаму спяванню гімнаў і зборам у касцёлах ахвяраванняў на "народную справу" была дадзена поўная свабода; ніякіх мер для спынення гэтага начальствам не прымалася. З-за размяшчэння маёй кватэры мне часта даводзілася праходзіць цераз Вострую Браму ў той час, калі там стаяў на каленях і распяваў "Божа, што ж Польшча" шматлюдны натоўп; бывала прабіраешся асцярожна, каб каго-небудзь не штурхнуць, не зачапіць, і бачыш вакол варожыя погляды, а каторая пані ці паненка, што моляцца ў жалобе, глянуўшы і ўбачыўшы мундзір не прамінуць набожна сплюнуць.

Віленскім, гарадзенскім і ковенскім генерал-губернатарам быў тады Ўладзімір Іванавіч Назімаў; у гэтым жа 1862 годзе былі ўведзены вайсковыя акругі, і Назімаў, застаючыся генерал-губернатарам, быў прызначаны камандуючым войскамі Віленскай акругі. Я бачыў яго толькі тры разы: раз, калі па атрыманні прызначэння камандуючым войскамі ён аглядаў наш полк, затым на канцэрце, што даваў у зале генерал-губернатарскага дома вядомы ў будучыні спявак Раданежскі, які вяртаўся пасля завяршэння музычнай адукацыі з-за мяжы, і, нарэшце, пры сустрэчы ў 1863 годзе першага гвардзейскага эшалона. Гэта быў невысокага росту таўсматы дзядуля з сур'ёзным, але добрым тварам. Ён паблажліва адносіўся да ўсіх гэтых спеваў, патрыятычных сходаў, лічыў іх, як гаварылі, за шалапуцтва; зрэшты, такое меркаванне мелі і іншыя начальнікі. Калі разыграўся рокаш з яго стратнымі для абшарнікаў наступствамі, мне не раз даводзілася чуць нараканні паноў, што было б на шмат лепей, калі б Мураўёў уступіў раней у кіраванне краем, што напэўна ён многае папярэдзіў бы і не дапусціў бы да такіх бедаў, якія рокаш прынёс краіне.

Увесь полк у поўным складзе быў размешчаны ў Вільні ў казармах, і нашае жыццё ішло непарушным звычайным парадкам: вучэнні, парады, агляды, наведванні таварышаў, розных цукерняў і кавярняў, а таксама тэатра, у якім даволі парадачная польская трупа давала, зразумела, на польскай мове п'есы большай часткай са старапольскага побыту ў прыемных патрыётам старынных польскіх касцюмах. Усюды панавала польская мова, нават на вывесках. З тых імён, з якімі мы пазнаёміліся пасля, як з імёнамі правадыроў рокашных шаек, усіх гэтых Серакоўскіх, Ябланоўскіх, Колышак, Карэва і tutti quanti, нам было вядома ў той час адно прозвішча Жвірждоўскага. Гэта быў бліскучы капітан генеральнага штаба, які знаходзіўся пры штабе камандуючага войскамі, карыстаўся даверам Назімава. Мне даводзілася сустракацца з ім: малады, гадоў каля трыццаці, сярэдняга росту, вельмі прыгожы бландзін, з некалькі высакамерным і пагардлівым выразам твару, ён меў вялікі поспех сярод дам мясцовай польскай знаці. Калі пачаўся рокаш, Жвірждоўскі знік, аб'явіўся ў Польшчы правадыром шайкі пад імем Тапара, пацярпеў паразу, быў узяты ў палон і загінуў на шыбеніцы.

З Польшчы даходзілі да нас весткі пра розныя дэманстрацыі, палітычныя забойствы і замахі, але ў нас у Вільні і, наогул, на Літве было пакуль ціха, таму я без цяжкасцяў у палове снежня атрымаў дваццацівасьмідзённы адпачынак і накіраваўся да родных у Маскву.

Весела правёў я, дзякуючы маскоўскай гасціннасці, калядныя святы, так сама весела сустрэў у дваранскім сходзе новы 1863 год, калі ў першыя дні студзеня ў газетах з'явіліся першыя тэлеграмы пра пачатак у Царстве Польскім узброенага паўстання і напад на нашыя войскі. Не чакаючы заканчэння адпачынку, я паспяшаўся вярнуцца ў полк.

Чыгуначны цягнік, на якім я ехаў, прыбыў у Вільню вечарам. На станцыі я ўбачыў пяхотную варту з афіцэрам; жандармаў было значна больш; горад здаваўся апусцелым; на вуліцах часта трапляліся кавалерыйскія раз'езды і патрулі ад пяхотных частак, ды зрэдку бачыўся адзінокі рухомы аганёк; гэта прабіраўся які-небудзь абывацель з ліхтаром; Вільня была абвешчана на ваенным становішчы, і жыхарам было пастаўлена ў абавязак выходзіць з наступленнем цемнаты не інакш, як з ліхтаром. Агледзеўшыся на другі дзень, я заўважыў, што моладзі траплялася менш, гімназісты і маладыя чыноўнікі некуды зніклі, верагодна паступілі ў шайкі; спяванне гімнаў спынілася; наогул, гарадское жыццё неяк замерла, абывацелі быццам некуды пахаваліся.

У Польшчы ўжо адбываліся сутычкі з ракашанамі; цераз Вільню пачалі ісці ў Царства Польскае гвардзейскія і армейскія палкі, некаторыя з іх, як, напрыклад, лейб-гвардыі Фінляндскі полк. засталіся ў Літве. Так прайшоў студзень, больш паловы лютага. За гэты час варта згадаць пра некаторыя прыгоды, з якіх у адной мне давялося быць дзейнай асобай. Вярнуўшыся неяк з абеду ад камандзіра палка я знайшоў у сябе на стале запячатаную запіску, на якой даволі непісьменным почыркам было напісана: "Пану ад'ютанту"; гэтым і абмяжоўваўся ўвесь адрас. Змест запіскі, напісанай тым жа почыркам, быў прыблізна наступны: "Пан ад'ютант, адна пані вельмі хоча Вас бачыць; верагодна, Вы не адмовіцеся выканаць жаданне маладой і харошанькай жанчыны" . Прызначаўся вячэрні час спаткання, і ішоў адрас, подпісу не было. Дзяншчык патлумачыў, што прынесла нейкая жанчына. Па-праўдзе сказаць, у мяне не было ніякіх такіх знаёмых, маладых пань, якія маглі б выказаць жаданне бачыць мяне ў таямнічых абставінах. Але запіска зацікавіла мяне, і я вырашыў у той жа час, яшчэ днём зрабіць рэкагнасцыроўку. Указаны ў запісцы дом аказаўся на глухой вуліцы, адзін бок якой займала высокая мураваная сцяна нейкага каталіцкага кляштара. У даволі прыстойнай кватэры мяне прыняла пажылая жанчына з хітраватым тварам, якая належала, відаць, да дробнай шляхты, і на мае роспыты, хто менавіта жадае мяне бачыць, адказвала з усмешкай, што сам даведаюся ўсё, прыйшоўшы ў прызначаны час, больш я нічога не мог ад яе дабіцца. Захапіўшы рэвальвер, у прызначаны час, калі ўжо зусім сцямнела, я зноў з'явіўся на месца спаткання. У невялікай пярэдняй мяне сустрэла тая ж пажылая асоба і, папрасіўшы пачакаць, юркнула ў дзверы налева, неўзабаве гэтыя дзверы чуць-чуць прыадчыніліся, і я пачуў за імі шэпт па-польску: "Не той, не той". Затым усё змоўкла, і ўстанавілася поўная цішыня. Я стаяў адзін у вітальні, раздумваючы, што гэта значыць. Між тым з другіх дзвярэй направа з'явіліся дзве даволі шчыльныя фігуры са старапольскімі, адвіслымі вусамі і з дзёрзкім выглядам паглядалі на мяне. Тады я, звяртаючыся да дзвярэй, з-за якіх я чуў голас: "Не той", гучна прапанаваў свае паслугі для пошуку патрэбнага ад'ютанта, заміж якога памылкова з'явіўся я; на гэта адказу не было, і я, як гаворыцца, разумна рэціраваўся. Што гэта было - ці сапраўды прызначанае любоўнае спатканне, ці падрыхтаваная некаму пастка?..

Другі выпадак быў такі. У Сафійскі полк адной з намі пяхотнай дывізіі быў пераведзены з Каўказа паручнік Вернер, родам прусак; афіцэр гэты служыў раней у прускай арміі, захацеў пазнаёміцца з вайной і паступіў на рускую службу на Каўказ. Не ведаю, чаму ён перавёўся ў Расію, па прыездзе ў Вільню падаў у адстаўку, збіраючыся вярнуцца на радзіму, рапартаваўся хворым, і пасля выступлення Сафійскага палка застаўся прыкамандзіраваным да нашага. Аднойчы даволі позна вечарам, у зусім не службовы час, мяне запатрабавалі да камандзіра палка. Палкоўнік загадаў мне ў той жа час адправіцца да Вернера, адабраць у яго шаблю, аб'явіць дамашні арышт і з'явіцца да яго з дакладам аб выкананні. Я адправіўся. Паручнік Вернер кватараваў у мэбляваных пакоях, у старынным доме з тоўстымі сценамі, вузкімі прадаўгаватымі вокнамі, з высокай, крутой страхой пад дахоўкай; такіх дамоў было шмат у Вільні. Пакой паручніка знаходзіўся на самым версе, чуць не на гарышчы; да яго вяла вузкая, крутая лесвіца, якая рабіла некалькі паваротаў у мураваных сценах. Вернер яшчэ не спаў; ён прыняў мяне ў дэзабілье; галава яго была павязана акрываўленай белай хусткай; па-руску ён разумеў, але размаўляў кепска, прымешваючы да размовы нямецкія фразы. Калі я паведаміў яму прычыну майго прыходу, ён катэгарычна адмовіўся аддаць шаблю і быць пад арыштам таму, што не лічыць сябе ні ў чым вінаватым.

- Я гуляў вечарам у Батанічным садзе, - расказваў мне Вернер, - з афіцэраў быў толькі адзін я, наогул публікі было не шмат, пераважна маладыя людзі, па размовах палякі; праходзячы міма мяне, яны адпускалі на мой адрас абразлівыя насмешкі - па-польску я разумею. Бачачы, што ў садзе я адзін з рускіх афіцэраў, я накіраваўся дзеля пазбягання наступных непрыемнасцяў да выхаду, калі раптам у мяне кінулі каменем, які трапіў мне ў галаву і настолькі моцна, што не гледзячы на быўшую на ёй фуражку, зрабіў рану. Тады я выхапіў шаблю "und ich habe Luft gemacht", - закончыў храбры паручнік, паказваючы выразным жэстам, якім рухам шаблі ён ачысціў вакол сябе паветра. - Некаму з тых, хто стаяў бліжэй, шабля трапіла па галаве, ён зваліўся, натоўп расступіўся перада мной і даў свабодны праход.

Я прапанаваў Вернеру адправіцца разам са мной да палкавога камандзіра і асабіста патлумачыць здарэнне; ён згадзіўся. Палкоўнік чакаў мяне і, выслухаўшы Вернера, не знайшоў магчымым арыштоўваць яго і адпусціў, а сам у той жа час адправіўся да генерал-губернатара, у якога, як аказалася, ён гуляў у карты ў гэты вечар, калі Назімаву было даложана, што Вернер у садзе цяжка параніў абывацеля. Аднак на другі дзень раніцай, па асабістым загадзе генерал-губернатара, палкоўнік загадаў мне зноў накіравацца да Вернера і арыштаваць яго з пасаджаннем на гаўптвахту.


*Мяжэцкі Мітрафан Парфіравіч, афіцэр расейскага Нараўскага пяхотнага палка, потым судовы следчы.

Артыкул друкуецца паводле: Межецкий М. П. Воспоминания из беспокойного времени на Литве в 1861-1863 годах. Исторический вестник, 1898, т. 73, № 9, с. 825-858.

(Працяг у наступным нумары.)


Памяці выдатнага навукоўца, рэдактара-энцыклапедыста прысвячаецца

Служыць ісціне дзеля ісціны

Гаворка пойдзе пра Якуба Якубоўскага , якога няма з намі ўжо 15 гадоў. Памёр ён 14 верасня 1998 года.

Сёння, захліснутыя магутным валам інфармацыі, мы пачуваемся ніякавата, як з ёю саўладаць. Таму цікава звярнуцца да досведу мудрага чалавека, аднаго з пачынальнікаў беларускай энцыклапедычнай веды. Філосафы такіх людзей - будзем спадзявацца, яны ёсць сярод нас - вызнаюць так: класічная душа. Няхай я загіну, але няхай жыве ісціна - вось галоўны прынцып класічнай душы. Спраўдзіць жа ісціну льга пры ўмове, што мы суадносім, сувымяраем сябе з чымсьці вышэйшым, сутнасным - ens a se. Гэта ўжо мудрасць усечалавечай культуры.

Так, яшчэ на золку сусветнай філасофіі для старажытных грэкаў "неба было асаблівым, гарманічна ўладкаваным прадметам, назіраючы які можна ўвесці парадак у неўпарадкаваныя і разбураныя рухі чалавечай душы. Стан чалавечай душы ў часе разбураецца. Аднак, як я казаў вам, і рассыпаны на тысячы аскепкаў, ён можа быць прыведзены ў парадак сувяззю чалавека з якойсьці гармоніяй. Не з гармоніяй, якую ён адкрывае, а з гармоніяй, якая ўжо ёсць наглядна і фізічна, даступная агляду" (Мераб Мамардашвілі. Мой опыт не типичен. СПб., 2000. С. 81 - 82). Магчыма, і задоўгая цытата, але яна вельмі слушная для высокіх праяў чалавечай дзейнасці, у тым ліку мыслядзейнасці, якой абавязана тварэнне энцыклапедый.

Шматтомныя энцыклапедыі рыхтуюцца цэлымі калектывамі - аўтарскімі, рэдактарскімі, выдавецкімі. А прафесіяналізм энцыклапедыста - гэта не "ўсяведанне", як нам здаецца, а перш-наперш веданне таго, што і як трэба рабіць, каб бездакорна аўтарытэтная энцыклапедыя (такі яе статус), кожны фаліянт якой лашчыць рукі сваёй важкасцю, стала зборам, зводам назапашаных і - вельмі істотна - сістэматызаваных, структураваных, прыведзеных у парадак ведаў. Больш таго, каб яна спараджала ў карыстальнікаў імкненне да новых ведаў, да самастойнай думкі, да непадробных духоўных каштоўнасцей. А для гэтага трэба аддаць ёй талент адкрывальніка і талент самазабыўных пошукаў ісціны. Гэта таленты энцыклапедыста Якуба Якубоўскага.

Зрэшты, калі каго і можна назваць усёведам, дык якраз Якуба Адамавіча (які меў, дарэчы, тры вышэйшыя адукацыі - гістарычную, геаграфічную, філалагічную). Яго шырокую дасведчанасць, яго жыццёвую абазнанасць трэ' было б характарызаваць таксама па-класічнаму - вучонасць, многавучонасць, ды цяпер так не гавораць, а дарма. Вершы самых розных паэтаў, напрыклад, ён мог чытаць на-памяць, не стамляючыся - сутак не хопіць. Проста дзіва, што пры такой нагружанасці ўсялякімі сэнсамі, тлумачэннямі, весткамі ён зберагаў чысцюткаю свежасць успрымання. Бывала, гаворанае-перагаворанае, чытанае-перачытанае, а ён, той яшчэ гарэзнік, ажыўляў яго іскрынкамі, бліскаўкамі іроніі дый няшчаднай самаіроніі, што бударажылі, будзілі думанне. Дасціпнасцю, вынаходлівасцю ў слове скараў усіх, што бойкую кампанію, што паважную аўдыторыю. Яго трапна-нечаканыя параўнанні, асацыяцыі, парадоксы былі роднасныя мастацкім тропам і шкада, што ніхто не здагадаўся іх запісваць. Яго гумар свяціўся глыбокай інтэлектуальнай культурай, чаго не падробіш, не з'імітуеш. Глыбока інтэлектуальным быў увесь воблік гэтай абаяльнай у сваёй цэласнасці асобы.

Вось тут мы вернемся да зорнага неба. Тварэнне энцыклапедыі, па сутнасці, змястоўна неабсяжнае, як і прастора над намі. Лічыцца справядлівым меркаванне фізікаў пра расшырэнне Сусвету, а сучасная філасофія цвердзіць мыслёвае і псіхалагічнае расшырэнне чалавека праз тэксты, праз мову навуковага і ўсякага іншага пазнавальнага апісання: яркія кнігі Герберта Маршала Мак-Люэна "Галактыка Гутэнберга", "Разуменне медыя. Знешнія расшырэнні чалавека" (абедзве 1963) - назвы гавораць самі за сябе.

Далей, калі мы пагодзімся з прабацькамі еўрапейскага мыслення, што неба "гарманічна ўладкаваны прадмет", які служыць нам узорам адмыслова прыводзіць у парадак зямныя, тутэйшыя справы, то бясспрэчна, што энцыклапедыя павінна быць узорна ўпарадкаваная і што гэтая ўпарадкаванасць уздымае яе змястоўна на ўзровень шматсэнсавага сінтэзу. Прычым, не забываем, што шукаем-дамагаемся гармоніі, у якой тоіцца ісціна.

Лёгка гэта казаць, ды не лёгка рабіць. Вывучку мець - трэба, эрудыцыю мець - добра. Але, вялікая рэдкасць, мець дар згледзець ідэю, натхніцца ідэяй. Мы часта прымаем за ідэю спакушальную ілюзію, фантазм. А ідэя, праз якую мы спасцігаем гармонію фізічную і метафізічную і тады - гармонію ў саміх сабе, даруецца ў адзінкавыя хвілі. Або людзям, абраным лёсам мысліць ідэямі. Якуб Якубоўскі і быў з такіх абраннікаў.

Ён бачыў і прадбачыў ідэю ўсю адразу, цалкам, менавіта ў гарманічным адзінстве. Яна прыходзіла яму жыванароджанай, уцялесненай, напоўніцу шматгалосай. Гэта не містыка. Такую дзівосную магчымасць работы нашай свядомасці Імануіл Кант тлумачыў, даслоўна, як ненаўмысную геніяльнасць. Чуць, бадай, неспадзявана? Ненаўмасная геніяльнасць - глыбінная і аб'ектыўная, а не суб'ектыўная праблема тэорыі пазнання. Крышку ўвагі. Усе сілы ў свеце дзейнічаюць у паслядоўнасці, але адначасна яны непарыўна і непадзельна ўзаемазвязаны між сабой, таму на кожным кроку паслядоўнасці іх узаемасувязь ужо іншая, хоць узаемасувязь абавязкова застаецца. Гэта ёсць ненаўмысная каардынацыя канечнага ў бесканечным, а здольнасць ухапіць яе адразу, цалкам, у непарыўнасці і непадзельнасці ёсць ненаўмысная геніяльнасць. Яна запраграмавана прыродай у нашых галовах, хіба што галовы нашы не аднолькавыя...

Узважым цяпер, якую шырачэзную і якую складаную каардынацыю мусіць прарабіць у сваёй свядомасці энцыклапедыст. Дальбог, каму многа даецца, з таго многа і патрабуецца. Перадусім неабходна здумаць і абгрунтаваць канцэпцыю - ідэю ідэй. Матэрыялу - бездань, і дух лунае над безданню. Дзеецца тварэнне. Усё-ўсё павінна быць па апошняму слову навукі ўпарадкавана: разгорнутая ў прасторы і часе сістэма паняццяў і тэрмінаў, таксанаметрычная (іерархаічная) паўната прадметных груп і класаў, парадыгмальныя нормы эксплікацыі, прычынна-выніковая залежнасць. Усё-усё ў полі зроку і разам з тым навідавоку. Працуючы з матэрыяламі на літару "А", думай пра літару "Я" - тая самая ўзаемасувязь, каардынацыя. Папярэдне прадуманай і ўпарадкаванай як няўхільны закон сеткай спасылак большая тэма падпарадкоўвае сабе меншую, аднак меншая мае роўныя з большай "правы грамадзянства". Ніякіх пустот, лакун, белых плямаў энцыклапедыя не церпіць. Калі дзесьці ўзнікла пытанне, у адпаведным томе, на адпаведнай старонцы забяспеч паўнацэнны адказ - самы правільны з магчымых. Нюанс, адценне - зусім не драбяза, або такая драбяза ў матэрыі энцыклапедыі, як субатамарныя часціцы ў фізічнай матэрыі. Энцыклапедыста ўвогуле можна спадобіць незвачайнаму даследчыку, які спраўна карыстаецца заадно і тэлескопам, і мікраскопам. Такі вось універсалізм.

Скажуць, на тое яна і спецыялізацыя, каб "кожны на сваім месцы..." Так, але сапраўдны энцыклапедыст, зноў жа ў класічным разуменні, і вялікае, і малое абавязкова праводзіць праз сябе. Якуб Адамавіч быў, вобразна кажучы, ды не вобразна, а насамрэч і дойлід-праектант, і інжынер-распрацоўшчык, і сам жа муляр, тынкоўшчык, сталяр-чырвонадрэўшчык. Думаецца, хораша праявілася ў тым і нацыянальная рыса беларускіх татараў, якую так годна ўвасобіў сабою Якуб Адамавіч.

Хто сачыў за будзённым чарнарабочым рэдактарствам Якуба Адамавіча, той прызнае, што доля стваральніка энцыклапедыі не для слабых духам, а як для яго, дык шчаслівая. Што ён быў адораны бачыць і прадбачыць ідэю як гарманічнае адзінства, можна засведчыць і далікатнымі фактамі: яго дачка Яўгенія - архітэктар, а сын Канстанцін - канструктар у галіне самалётабудавання. Ім гэтак жа выпала жыць і працаваць з навукова-творчымі ідэямі. Шчасліва перадалося. Высакародная сям'я. Адухоўленая працавітасць яе ўнутрана мацавала. Жонка Якуба Адамавіча, Таццяна Васільеўна, кандыдат геолага-мінералагічных навук, таксама агорала непад'ёмнае, чаго вымагалі падборадбор і аналітычная апрацоўка матэрыялу па выкапнёвых раслінах. Мужавых аднадумцаў яна ўважае і за сваіх аднадумцаў, тактоўна і зычліва памагае ім у мерапрыемствах, якія, душою знае, радавалі б яго душу.

Задумаў Якуб Адамавіч выношваў у свяім светасузіранні бясконцасць. Дзяліўся ён імі на зайздрасць шчодра, шчыра. Яны былі, канешне, арыгінальныя, але пры тым, што называецца, канструктыўнымі і прадуктыўнымі. Будаваў Якуб Адамавіч не на пяску.

Ён узначальваў рэдакцыю геаграфіі і геалогіі выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" (тады "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя") з самага першага тома. Розум і сэрца рэдакцыі. Рухавік рэдакцыйнага працэсу. А яшчэ яго чынны гаспадар, бо ўсё тут пачыналася з Якубоўскага і сыходзілася на Якубоўскім. За ўдзел у выданні ўніверсальнай 12-томнай энцыклапедыі Якуб Якубоўскі ўдастоены Дзяржаўнай прэміі БССР за 1976 год.

Ён жа быў галоўным ініцыятарам, ідэйным стратэгам і арганізатарам унікальнага выдання "Энцыклапедыя прыроды Беларусі" у пяці тамах, аналагаў якой няма на ўсёй постсавецкай тэрыторыі. Калектыў яе стваральнікаў так-сама ўдастоены Дзяржаўнай прэміі (а яму-то "па заканадаўству" другі раз атрымаць было не дазволена). Калі мы хочам вучыцца валодаць інфармацыяй, не толькі расшырацца, а менавіта валодаць інфармацыяй, то варта ўгледзецца ў форму, у структуру, з якімі паўстала ў гэтых тэкстах, апісаннях наша прырода. Тут усё арганічнае, адзінства ў множнасці і множнасць у адзінстве. Тут і трысцінка - рэпрэзентатыўны факт. А чалавек, вядома, - паскалеўская трысцінка, якая розумам абдымае сусвет.

Энцыклапедыі - жывыя арганізмы. І як жывыя арганізмы яны з гадамі старэюць. Але старасць энцыклапедыі - асаблівая старасць. Яна заўсёды хвалюе, яна заўсёды для нас каштоўнасць. У старой энцыклапедыі можна дазнацца пра тое, чаго не дазнаешся больш нідзе. Дый гаворыць яна з намі так, як мы гаварыць і слухаць паадвыклі.

Хай не пакрыўдзяцца нашы найноўшыя энцыклапедысты, але ўзровень Якуба Якубоўскага становіцца як бы сімвалічным, каб быць на ўзроўні сучаснай энцыклапедычнай веды. Не тое, што камусьці не стае таленту, адукацыі (мы ўсе, ого, як адукаваныя), рупнасці, апантанасці. Відаць, няпроста адкрываецца прызванне служыць ісціне дзеля ісціны. Тым больш, што ўсясільны інтэрнет пачувае сябе вышэйшай гасподай пазнання. Вышэй, усё ж, гэта мудры досвед Якуба Якубоўскага, пазнаваць праз угляданне ў тое бясконцае, што над намі.

Вячаслаў Вайткевіч , старшы навуковы рэдактар рэдакцыі літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі былой БелСЭ.


Юры Гардзееў расказаў пра тапаніміку Гародні

26 верасня доктар гісторыі Юры Гардзееў падчас прэзентацыі сваёй кнігі "Тапанімія старажытнай Гародні (XII-XVIII стст.)" расказаў пра гісторыю вуліц і раёнаў горада. З яго вуснаў можна было пачуць, што спрэчка пра Гародню-Горадню мае даўнюю гісторыю. "У летапісах не ставілі націскаў, таму мы дакладна не даведаемся, як пісаць правільна". Таксама чытачам будзе цікава даведацца пра паходжанне назвы ракі Нёман і тое, як змянялася назва горада.

Сам аўтар, ад'юнкт Інстытута Расіі і Усходняй Еўропы Ягелонскага ўніверсітэта адзначыў:

- У кнізе асвятляецца праблематыка гістарычнай анамастыкі Гародні. Фактычна гэта не толькі гісторыя назваў вуліц і плошчаў, але і гісторыя таго, якім чынам фармаваліся назвы гарадскіх участкаў, будынкаў.

Кніга пабачыла свет дзякуючы выдавецкай ініцыятыве "Гарадзенская бібліятэка".

Андрэй Мялешка Фота Андрэя Мялешкі і Аляксандра Саенкі.


Беластоцкія майстар-класы для настаўнікаў беларускай мовы

У "Склепе з культурай" прайшлі майстар-класы для настаўнікаў беларускай мовы. Педагогі з Падлескіх школаў мелі магчымасць паслухаць даклад Маргарыты Лех з Гарадскога асяродка метадычнай дапамогі ў Беластоку. Як весці заняткі, каб яны былі разнастайныя і цікавыя, як заахвоціць вучняў да вывучэння другой мовы - гэта асноўныя праблемы, якім былі прысвечаныя настаўніцкія майстар-класы.

Як адзначыла старшыня Аб'яднання АБ-БА Барбара Пякарская, удасканаленне педагагічных навыкаў - гэта шанец для развіцця беларускай мовы ў школах.

Ула Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX