Вярнуцца: 2013

№ 41 (1140)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 41 (1140) 9 кастрычніка 2013 г.


Дарагія сябры "Нашага слова"!

У гэтым квартале адбылося значнае сезоннае павелічэнне колькасці падпісчыкаў па ўсіх абласцях і асабліва па горадзе Менску. Стабільнасць дэманструе Слуцка-Салігорскі рэгіён, які ўмацаваў свае высокія пазіцыі, падцягнуліся суседнія раёны: Нясвіж, Любань, Клецк, Капыль. Прадаўжае радаваць Кіраўск. Вырасла падпіска ва ўсіх абласных і многіх раённых цэнтрах: Валожын, Паставы, Баранавічы, Верхнедзвінск і інш.

Ліпень Кастрычнік

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 16 18

Бяроза р.в. 10 9

Белаазёрск р.в. 1 1

Бярэсце гор. 11 14

Ганцавічы р.в. - -

Драгічын р.в. 1 1

Жабінка р.в. - -

Іванава р.в 2 2

Івацэвічы р. в. 12 12

Камянец р.в. 2 2

Кобрын гор. - 1

Лунінец гор. 2 2

Ляхавічы р.в. - -

Маларыта р.в. - -

Пінск гор. 7 7

Пружаны р.в. 10 10

Столін р.в. 1 1

Усяго: 75 80


Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. 1 1

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 23 29

Віцебск РВПС 1 2

Верхнедзвінск р.в. 2 4

Глыбокае р.в. 6 5

Гарадок р.в. 4 5

Докшыцы р.в. 1 1

Дуброўня р.в. - -

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 3 3

Новаполацк гор. 12 12

Орша гор. 2 3

Полацк гор. 5 6

Паставы р.в. 15 18

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 1 2

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 2 1

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 5 6

Шуміліна р.в. - -

Усяго: 89 104


Менская вобласць:

Беразіно р.в. 3 3

Барысаў гор. 8 9

Вілейка гор. 5 3

Валожын гор. 5 8

Дзяржынск р.в. 6 8

Жодзіна гор. - -

Клецк р.в. 1 2

Крупкі р.в. 6 7

Капыль р.в. - 2

Лагойск 5 6

Любань р.в. 1 4

Менск гор. 258 297

Менск РВПС 9 10

Маладзечна гор. 12 13

Мядзель р.в. 3 2

Пухавічы РВПС 4 5

Нясвіж р.в. 1 6

Смалявічы р.в. 2 2

Слуцк гор. 19 23

Салігорск гор. 71 71

Ст. Дарогі р.в. 1 1

Стоўбцы р.в. 3 4

Узда р.в. 2 2

Чэрвень р.в. 4 4

Усяго: 429 492


Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 1 2

Брагін р.в. 1 1

Ветка р.в. 1 1

Гомель гор. 29 33

Гомель РВПС 2 2

Добруш р.в. 1 1

Ельск р.в. - -

Жыткавічы р.в. 11 10

Жлобін гор. 2 2

Калінкавічы гор. - -

Карма р.в. 1 2

Лельчыцы р.в. 3 3

Лоеў р.в. 1 1

Мазыр гор. 2 2

Акцябарскі р.в. 1 -

Нароўля р.в. 1 1

Петрыкаў р.в. - -

Рэчыца гор. 1 1

Рагачоў гор. 1 2

Светлагорск гор. 2 2

Хойнікі р.в. 1 1

Чачэрск р.в. 1 1

Усяго: 63 68


Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 4 4

Ваўкавыск гор. 11 10

Воранава р.в. 4 4

Гародня гор. 36 40

Гародня РВПС 20 21

Дзятлава р.в. 14 14

Зэльва р.в. 3 3

Іўе р.в. 2 2

Карэлічы р.в. 5 4

Масты р.в. 4 4

Наваградак гор. 4 5

Астравец р.в. 5 6

Ашмяны р.в. 3 3

Смаргонь гор. 5 6

Слонім гор. 7 8

Свіслач р.в. 4 4

Шчучын р.в. 2 3

Ліда 11 14

Усяго: 143 155


Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 3 4

Бялынічы р.в. - -

Быхаў р.в. 1 1

Глуск р.в. - -

Горкі гор. 1 1

Дрыбін р.в. 1 1

Кіраўск р.в. 20 19

Клічаў р.в. 1 -

Клімавічы р.в. 1 1

Касцюковічы р.в. 2 1

Краснаполле р.в. 1 1

Крычаў р.в. 1 1

Круглае р.в. 2 3

Мсціслаў р.в. 2 2

Магілёў гор. 29 36

Магілёў РВПС 1 1

Асіповічы гор. 13 11

Слаўгарад р.в. 2 1

Хоцімск р.в. - -

Чэрыкаў р.в. 1 1

Чавусы р.в. 1 1

Шклоў р.в. 3 3

Усяго 86 89

Усяго на краіне: 885 988


4000 імпрэзаў у падтрымку беларушчыны. Кампанія "Будзьма!" адзначыла першы юбілей

1 кастрычніка культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!" адзначае сваё пяцігоддзе. За пяць гадоў дзясяткі арганізацый, кампаній ды ініцыятываў падтрымалі ідэю аб'яднання з мэтай папулярызацыі беларускай культуры і далучыліся да кампаніі, каб прасоўваць трэнд беларускага як сучаснага і перспектыўнага. Сярод буйных праектаў - штогадовы фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі "Аднак!", камунікацыйныя праграмы "Краіна Цмокаў" і "Культура паляпшае жыццё", музычны праект "Тузін. Перазагрузка" і аднайменная анімацыя "Будзьма беларусамі!".

За гэты час супольнымі намаганнямі літаратурныя і музычныя сустрэчы, фэсты і канцэрты, вандроўкі і лекцыі, кірмашы праектаў і ток-шоў, што ладзяцца па ўсёй краіне, ахапілі больш за 800 населеных пунктаў, а іх агульная колькасць перавысіла 9000. Менавіта таму сённяшні дзень - цудоўная нагода павіншаваць усіх, хто шануе, любіць і папулярызуе беларускую культуру.

Алена Макоўская, каардынатар кампаніі адзначае:

- 5 гадоў кампаніі - добрая нагода перш за ўсё сказаць дзякуй усім, хто паверыў у наш запал і працягвае супольную працу. Таксама дзякуй усім, хто за гэты час далучыўся да нас, падтрымаў кампанію канкрэтнымі дзеяннямі, узбагаціў ідэямі, сваім талентам. Усім, хто прыняў беларускія каштоўнасці і далей рэтранслюе іх праз свой гурт, медыі, творчую суполку, рэкламную агенцыю ці аддзел культуры. Гэты шлях не быў простым і лёгкім: увесь час трэба вынаходзіць нешта адметнае, бо сітуацыя ў Беларусі ў пэўным сэнсе ўнікальная, таму і аналагаў нашай кампаніі, каб было ў каго пераняць досвед, мы не знайшлі. Станоўчым фактарам ёсць падвышэнне зацікаўленасці беларусаў сваёй культурай, але наша мэта - спрыяць таму, каб беларушчына з трэнду канчаткова стала асновай дзяржаўнай палітыкі.

За час свайго існавання кампанія пачала трывала асацыявацца з паняткам "якасная беларуская культура". У найбліжэйшай перспектыве - больш шчыльная праца ў рэгіёнах, стварэнне рэзанансных камунікацыйных праграм, актуальных для беларускага грамадства.

Прэс-цэнтр "Будзьма".


125 гадоў з дня нараджэння Язэпа Драздовіча

Язэп Нарцызавіч ДРАЗДОВІЧ (13 кастрычніка 1888, засценак Пунькі, цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці - 15 верасня 1954, мястэчка Падсвілле) - беларускі мастак, археолаг, пісьменнік, этнограф і фалькларыст першай паловы XX стагоддзя.

Нарадзіўся ў сям'і збяднелага шляхціца-арандатара. Сям'я Язэпа, у якой акрамя яго было пяцёра дзяцей, рана згубіла бацьку і была вымушана змяніць нямала месцаў жыхарства, арандуючы чужую зямлю. Вучобу Язэп пачаў у Дзісенскай гімназіі, а ў 1906 годзе пераехаў у Вільню, дзе паступіў у мастацкую школу вядомага расейскага жывапісца Івана Трутнева. Цягам чатырох гадоў Язэп засвойваў азы мастацтва і праходзіў курс акадэмічнага малявання і малярства. З-за нястачы малады Драздовіч падрабляў у мастацкіх майстэрнях, планаваў выехаць па заробкі за мяжу.

Творчае станаўленне Язэпа Драздовіча адбывалася пад вялікім уплывам набіраўшага хаду беларускага нацыянальнага адраджэння. У гэты час Драздовіч робіць першыя крокі ў мастацтве: стварае серыю графічных работ з краявідамі роднай Дзісеншчыны, аздабляе вокладку "Першага беларускага календара на 1910 год", выдадзенага "Нашай Нівай".У 1917 годзе, пасля сямі гадоў службы ў царскім войску, Язэп Драздовіч вяртаецца дамоў. Ён з аптымізмам вітаў Першы Ўсебеларускі кангрэс. У лісце да Антона Грыневіча Драздовіч выказаў задуму аб арганізацыі акадэміі мастацтваў. На сваёй малой радзіме мастак стварыў народную бібліятэку, аматарскі тэатар. У другой палове 1920-х Язэп Драздовіч выкладаў маляванне ў Глыбоцкай школе, Наваградскай і Радашковіцкай беларускіх гімназіях. З 1926 года Драздовіч працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, пры якой стварыў мастацкую студыю - майстроўню. Адметнай рысай Я. Драздовіча было ягонае апантанае захапленне космасам. Ён маляваў шмат "касмічных" карцін, выдаў кнігу "Нябесныя бегі". Драздовіч ніколі не быў прыняты ў Саюз мастакоў Беларусі.

Вікіпедыя.

20 верасня 2013 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь па прапанове ТБМ выпусціла ў абарачэнне канверт з арыгінальнай маркай "Жывапіс. Я.Н. Драздовіч".Спецыяльнае памятнае гашэнне будзе праходзіць 13 кастрычніка на паштамце Менска.


100 гадоў з дня нараджэнняЭдзі Агняцвет

Эдзі АГНЯЦВЕТ , сапр.: Эдзі Сямёнаўна КАГАН (11 кастрычніка 1913, Менск - 17 ліпеня 2000) - бел. паэтэса.

Нарадзілася ў сям'і службоўцаў. Скончыла 7-годку, працавала на менскім заводзе "Камунар" (1930), год вучылася ў менскай будаўнічай прафтэхшколе. Скончыла крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута (1934). Завочна вузчылася на педагагічным аддзяленні літфака педінстытута (1934-1936), працавала рэдактарам Беларускага радыё (1934-1938), кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР (1939), у аддзеле паэзіі часопіса "Полымя рэвалюцыі" (1940-1941). Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыла ва Ўзбекістане. У 1945-1946 працавала ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1937).

Дэбютавала вершамі ў 1929. Пісала пераважна для дзяцей. Выдала 11 зборнікаў паэзіі , паэму "На беразе Волгі" (1940). Выйшла 15 кнігі паэзіі для дзяцей, паэмы "Песня пра піянерскі сцяг" (1949), "Мы будзем сябраваць" (1955, дапрацаванае выданне ў 1979), кніга для чытання ў 4 класе "Роднае слова" (з Я. Івашуціч, 1989). У 1976 выйшлі "Выбраныя творы" ў 2 тамах. Аўтар лібрэта опер для дзяцей "Джанат" (1962, ставілася ў 1944, 1947, 1974), "Марынка" (пастаўлена ў 1956).

Узнагароджана ордэнам "Знак Пашаны", медалямі. Узнагароджана міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х.-К. Андэрсена (1986) за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей "На двары алімпіяда".

Вікіпедыя.


Памёр прафесар філасофіі Мікола Крукоўскі

30 верасня на 90-м годзе пайшоў з жыцця Мікола Крукоўскі, доктар філасофскіх навук, прафесар, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, аўтар шматлікіх манаграфій і артыкулаў.

Мікола Крукоўскі нарадзіўся 16 кастрычніка 1923 года на хутары каля вёскі Машкова Аршанскага раёна.

У 1938 годзе сям'я пераехала ў Оршу, дзе ў 1940 годзе Мікола скончыў 2-ю сярэднюю школу. У 1940-м паступіў на І курс Віцебскага Ветэрынарнага інстытута, адкуль у верасні 1941-га добраахвотнікам пайшоў на фронт.

У 1945 годзе Крукоўскі паступіў на І курс філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Скончыў БДУ з чырвоным дыпломам у 1950 годзе.

У 1956 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па лінгвістыцы і выдаў манаграфію "Рускі лексічны ўплыў на сучасную беларускую літаратурную мову". Захапіўся філасофіяй. У 1965 годзе выдаў манаграфію "Логіка прыгажосці". Манаграфія абаранялася ў якасці дысертацыі на ступень доктара філасофскіх навук у БДУ, але была правалена маскоўскім ВАК-ам. І толькі на трэці раз у 1982 годзе ўдалося абараніць яе пад тым жа загалоўкам і з той жа канцэпцыяй ужо на філасофскім факультэце Маскоўскага ўнівэрсітэта. За тыя гады было напісана яшчэ тры манаграфіі па эстэтыцы, якія ўпарта замоўчваліся ў СССР, але знайшлі добры водгук за мяжой, а кніга "Чалавек прыгожы" была перакладзена нават на кітайскую мову і выдадзена ў Пекіне.

У 1994 годзе за чытанне лекцыяў на беларускай мове быў звольнены з БДУ і адпраўлены на пенсію. Пазней, аднак, яго запрасілі на працу ў Беларускі інстытут культуры на пасаду прафесара кафедры філасофіі, і там ён напісаў яшчэ дзве манаграфіі: "Філасофія культуры (уводзіны ў тэарэтычную культуралогію)" і "Бляск і трагедыя ідэалу", якая была выдадзена выдавецтвам "Беларускі кнігазбор" у 2004 годзе.

Апублікаваў каля 150 артыкулаў на навуковыя і грамадскія тэмы. Актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю.


Пабачыў свет "Польска-беларускі тэматычны слоўнік"

У Менску ў выдавецтве Змітра Коласа выйшаў з друку "Польска-беларускі тэматычны слоўнік" для школьнікаў і студэнтаў. Яго падрыхтаваў кандыдат філалагічных навук, вядомы беларускі перакладчык Лявон Баршчэўскі.

Слоўнік выйшаў з друку дзякуючы фінансавай дапамозе пасольства Рэспублікі Польшча ў Беларусі, налічвае ён звыш 17,5 тысяч слоўных артыкулаў. Наклад выдання - 500 асобнікаў.

У Беларусі, а таксама ў Польшчы ў апошнія дзесяцігоддзі выйшла нямала розных беларуска-польскіх і польска-беларускіх слоўнікаў. Адразу прыгадваецца "Польска-беларускі слоўнік" (Мн., 2004), які ўклалі Яўгенія Волкава і Валянціна Авілава і які налічвае звыш 40 тысяч словаў. "Польска-беларускі, беларуска-польскі слоўнік" (Варшава, 1996, 2007) - гэта даведнік, які змяшчае ў абедзвюх частках каля 20 тысяч словаў, у тым ліку ўстойлівыя выразы і фразеалагізмы. Аўтары-ўкладальнікі слоўніка - Тарэса Ясінская і Альберт Барташэвіч. Цікавым і карысным атрымаўся і "Беларуска-польска і польска-беларускі дзіцячы слоўнік" (Мн., 2006) Валерыі Ждановіч. Дарэчы, Лявон Баршчэўскі плённа працуе на карысць польска-беларускіх сувязяў. У 2008 годзе ён выдаў "Кароткую граматыку польскай мовы". А ў 2011 годзе ў кнігарнях Беларусі з'явіўся ягоны "Беларуска-польскі размоўнік-даведнік".

Лявон Баршчэўскі піша ва ўводзінах да слоўніка, што ў апошнія гады шмат маладых беларусаў робіцца навучэнцамі сярэдніх навучальных установаў або студэнтамі ўніверсітэтаў Польшчы. Так ці інакш, дзеля добрага навучання ў Польшчы беларускім юнакам і дзяўчатам даводзіцца ў надзвычай кароткі час засвойваць базавую тэрміналогію з самых розных галін ведаў, вучыцца чытаць і разумець навучальную, мастацкую і грамадска-палітычную літаратуру.

"Польска-беларускі тэматычны слоўнік" для школьнікаў і студэнтаў мае дыферэнцыяльны характар. Сюды ўключаныя толькі тыя паняцці і тэрміны, пераклад якіх можа ўяўляць складанасць для чалавека, які ў дастатковай меры валодае беларускай мовай. Таму ў складзе слоўніка адсутнічае значная колькасць інтэрнацыяналізмаў, агульных для беларускай і польскай моваў тэрмінаў, пазычаных з лацінскай, ангельскай, нямецкай, французскай і іншых моваў, а таксама тэрмінаў, якія паводле свайго гучання і напісання зразумелыя носьбіту беларускай мовы, навучэнцу або студэнту.

Слоўнік складаецца з дзвюх частак. Першая прысвечаная агульнай і агульнадыдактычнай лексіцы. Вось як, напрыклад, гучаць словы па-польску і ў перакладзе на беларускую мову з гэтага раздзелу:

Akomodacja - прыстасоўванне, гнуткасць.

Dosyt - сытасць, перанасычэнне.

Кор - выспятак.

Jednoraki - аднатыпны.

Interakcja - узаемаўплыў, узаемадзеянне.

Mruk - маўчун.

Оtucha - бадзёрасць, дух.

У другую частку слоўніка ўвайшлі словы спецыяльных тэрміналогій. Гэта тэрміны з філалогіі (літаратура, мова) і мастацтвазнаўства, тэрміны, паняцці і назвы з гісторыі і грамадазнаўства, геаграфічныя тэрміны, тэрміны з біялогіі і экалогіі, хімічныя тэрміны, тэрміны з фізікі і астраноміі, матэматыкі і інфарматыкі. Напрыклад:

Upstrzony - спярэшчаны, заплямлены.

Grupa odniesienia - рэферэнтная група.

Haracz - даніна, падатак.

Sep - адсыпны падатак.

Wodzian - гідрат.

"Польска-беларускі тэматычны слоўнік" для школьнікаў і студэнтаў будзе карысны не толькі для тых беларусаў, якія вучацца ў Польшчы, але і для ўсіх настаўнікаў і педагогаў школ, навучальных установаў з польскай і беларускай мовамі навучання, а таксама для ўсіх, хто цікавіцца польскай і беларускай тэрміналогіяй, гісторыяй добрасуседскіх узаемаадносін Польшчы і Беларусі.

Сяргей Чыгрын.


Заява Сакратарыяту ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"

Згодна з афіцыйным дакументам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, змешчаным у беларускіх СМІ, калегія Міністэрства прыняла рашэнне №189 ад 25 верасня 2013 года правесці скарачэнне колькасці работнікаў установаў культуры.

Сярод прапанаваных мераў - скарачэнне не менш, чым на 20% колькасці кіраўнікоў і спецыялістаў мясцовых органаў у сферы культуры. Паводле той жа пастановы, Літаратурны музей Максіма Багдановіча і Літаратурны музей Петруся Броўкі плануецца далучыць да Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, пазбавіўшы статусу самастойнай юрыдычнай асобы. Штат Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа і Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы скарачаецца на 25%. І гэта адразу пасля нядаўняга маштабнага святкавання 130-гадовага юбілею класікаў беларускай літаратуры ў 2012 годзе…

Гэтыя сумніўныя меры па "аптымізацыі штатнай колькасці работнікаў" варта разглядаць не як паасобныя праявы чыноўніцкай "ініцыятывы", а як сістэмную з'яву і дзяржаўную палітыку, што разам са скарачэннем колькасці гуманітарных дысцыплінаў ва ўстановах адукацыі, закрыццём бібліятэк і сельскіх установаў культуры, вядзе не толькі да занядбання беларускай культуры, мовы і літаратуры, але і да планамернага і паслядоўнага размывання самой нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў.

Мы разумеем, што гэтыя меры Міністэрства культуры выкліканы няпростым становішчам у эканоміцы краіны, аднак лічым, што нацыянальная культура не тая галіна народнай гаспадаркі, на якой варта і можна эканоміць. У сувязі з гэтым Сакратарыят ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" звяртаецца да калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з прапановай устрымацца ад такіх сумніўных мераў "аптымізацыі", якія ў перспектыве толькі ўзмоцняць крызісныя з'явы ў нацыянальнай культуры, і адклікаць сваё рашэнне.

Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".


ЯК УЗНІКЛІ ФРАЗЕАЛАГІЗМЫ НА КУКІШКІ, НА КУКІШКАХ

Беларуская мова налічвае тысячы фразеалагізмаў, у структуру якіх уваходзяць цьмяныя словы, незразумелыя сучаснікам. Да такіх фразеалагізмаў адносяцца на кукішкі, на кукішках - 'сагнуўшы ногі ў каленях і трымаючыся на насках (прысесці, стаяць, апусціцца; сядзець, гойдацца і пад.'). Паспрабуем правесці этымалагічны аналіз, каб высветліць, што такое кукішкі .

У беларускіх гаворках шэраг фразеалагізмаў мае ў сваім складзе кампанент кокашы ці яго фанетычныя і словаўтваральныя разнавіднасці: задраць кокашы 'ўпасці, не ўтрымаўшыся на нагах', 'памерці', 'ляжаць', адкінуць какешкі 'памерці', (сесці) на кокашы 'сагнуўшы ногі ў каленях і трымаючыся на насках', (сядзець) на кокашках, на какошках, на кокішках , (сесці) на какошкі, на кокішкі.

Этымалагічныя пошукі прыводзяць нас да высновы, што сваім паходжаннем ён звязаны з праславянскім словам - * kokоsь 'курыца'. Пра гэта сведчаць наступныя доказы. З такім значэннем слова кокаш вядома амаль усім славянскім мовам. Актыўна ўжывалася яно і ў старабеларускай мове: кокошъ, кокоша , памянш. кокошка 'курыца, кураводка'. Затым было выцеснена словам курыца , пакінуўшы свой след у некалькіх пераважна тэрміналагічных назвах: какошка 'прылада выцягваць вядро са студні', какошка 'своеасаблівы кранштэйн для пашырэння лавы, каб на ёй можна было паслаць пасцель, какошына 'дзве дошкі (або жэрдкі), якія прывязваюцца да лат з абодвух бакоў франтона', какошыцы 'верхнія часткі ткацкага станка', какошына 'канструкцыйны элемент старадаўняй страхі, які з аднаго краю меў выгін' (для чаго нярэдка выкарыстоўвалася дрэва, выкапанае з загнутым коранем).

Доказам "птушынага" паходжання прыведзеных тэрмінаў з'яўляецца тое, што ў гаворках існуюць некаторыя паралелі і ад слова курыца : курыца 'канструкцыйны элемент старадаўняй страхі...'. Параўн. руск. курица 'доўгі гак, высечаны з нятоўстага дрэва з коранем, які падтрымлівае скаты і латакі даху', кура, куры 'доўгая тоўстая жэрдка, на якой трымаецца латак', куричина 'кроквы на хаце з гачкападобным выгінам на ніжнім канцы для падтрымкі латка, ската даху', 'драўляны крук на канцы кроквы'.

Падобныя паралелі знаходзім і ў беларускіх дыялектных фразеалагізмах: (сядзець) на курачках , (сесці) на куропачкі .

Пералічаныя вышэй тэрміны аб'ядноўвае тое, што яны абазначаюць прадметы, якія сваёй формай параўнальныя з лапамі курыцы (выгін з аднаго канца, парнасць). Тут відавочна ўтварэнне тэрмінаў шляхам пераносу назвы прадмета як вынік супастаўлення характэрных яго адзнак (лапы, кіпцюры птушкі). Тым больш аналагічны перанос магчымы на аднародныя прадметы - лапы, ногі жывёлы ( кокашы задраць 'здохнуць') і ногі чалавека.

У прыслоўных фразеалагізмах тыпу на кокашы характар пераносу можа быць і такі, калі параўноўваюцца не канечнасці, а поза птушкі: сесці на кокашы - г. зн. сесці так, як кокаш , падобна кокашы .

Адзначаныя фразеалагізмы дапаўняюцца ў гаворках адменнікамі, кампанент якіх адрозніваецца гукам [р]: на каркошкі, на коркішках і інш., коркішкі задраць. Можна дапусціць два меркаванні пра паходжанне гэтага гука: або ён узнік як устаўны ў працэсе развіцця фразеалагізмаў з кампанентам кокашкі , або з'яўляецца спрадвечным, належыць фармальна падобным выразам, якія сфармаваліся незалежна, самастойна.

Этымалагічны аналіз гэтай з'явы пацвердзіў другое меркаванне. У аснову фразеалагізмаў пакладзена праславянскае * karkъ , * korаk 'нага'. Пераважнае бытаванне іх у паўночна-заходняй Беларусі падтрымліваецца балцкім моўным уплывам, параўн. літоўск. kаrka (частка свіной нагі ад капыта да калена; пярэдняя нага свіні з лапаткай; крайняя частка ножкі насякомага'.

Заслугоўваюць увагі гукавыя змены, што адбыліся ў фразеалагічным кампаненце - ужыванне гука [у] у першым складзе: на куркішкі , на куркішках . Думаецца, што гук [у] развіўся з закрытага [о], якое набліжаецца сваім вымаўленнем да [у]: на коркішкі - на куркішкі . Падобнае гукавое змяненне пацвярджаецца ў гаворках Гродзеншчыны іншымі прыкладамі: бо - бу, то - ту, толькі - тулькі, столькі - стулькі і інш.

Варыянты з часткай курк- аказваюцца не канчатковымі, а прамежкавымі. Можна прасачыць іх далейшае пераўтварэнне, звязанае са стратай гука [р]: на куркішкі - на кукішкі . Хутчэй за ўсё, гук [р] страціўся пад уплывам паралельных форм тыпу на кокішкі , якія такога гука ў сваім складзе ніколі не мелі.

Такім чынам, у гаворках "спаткаліся" фразеалагізмы, якія маюць неаднолькавыя вытокі, узыходзяць да розных праславянскіх лексем * kokоsь 'курыца' і * karkъ 'нага'. На аснове знешняга падабенства адбылося збліжэнне фразеалагізмаў, якія спарадзілі кантамінаваныя, гібрыдныя формы на кукішкі, на кукішках . Гэтыя формы сталі агульнаўжывальнымі і замацаваліся як нарматыўныя ў беларускай літаратурнай мове. На фоне праведзенага вышэй этымалагічнага даследавання непераканальным выглядае тлумачэнне паходжання кампанента кукішкі ад слоў кука, кукіш 'фіга' (гл. "Этымалагічны слоўнік беларускай мовы, т. 5).

Мікола Даніловіч.


Прозвішчы Беларусі: Онімы пісьменнікаў (адапелятыўнае і адтапанімічнае ўтварэнне)

(Працяг.)

Дзяркач (Анатоль Дз.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дзяркач 'сцёрты венік; галень' або ад дзяркач 'невялікая лугавая птушка з характэрным скрыпучым крыкам'; 'тое, што і драч '. Абедзве мадэлі ўтварэння ўласцівыя беларускай мове. Параўн. Апалонік , Качарга, Патэльня, Саган (і дэрыват ад яго Сагановіч ).

Дубоўка (Уладзімір Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дубоўка 'начынне, посуд з дубовага матэрыялу', а таксама (пераносна) 'моцны, трывалы выраб'. Менавіта пераносная семантыка легла ў аснову асабовага наймення-апелятыва дубоўка 'мацак', 'волат'. Шляхам семантычнай дэрывацыі і ўзнік антрапонім (прозвішча) Дубоўка .

Дубровіч (Алесь Д.) - антрапанімічны дэрыват з суфіксам -іч ад прозвішча Д у брава : Д у бравіч . Як і Кузьма - Кузьміч, Світа - Світыч . Даслоўнае значэнне антрапоніма Д у бравіч 'нашчадак Д у бравы '. ФП: дуб - д у брава - Д у брава - Д у бравіч - Дубр о віч .

Дуброўскі (Ігнат Д.) - дэрыват ад тапоніма Дуброва : Дубров(а)скі - Дуброўскі . Пісьменнік Дуброўскі нарадзіўся ў вёсцы Дуброва Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці, што пацвярджае гэтую мадэль утварэння антрапоніма.

Дудар (Алесь Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дудар 'музыка, які іграе на дудзе '. Прафесійнае найменне стала прозвішчам праз ступень празвання, якое абазначала ўсіх членаў сям'і і перадавалася па спадчыне. ФП: д у да - д у дар - Дуд а р .

Дудо (Пятро Д.) - зын а чаная (на ўзор расійскіх антрапонімаў з фінальным ): форма антрапоніма Дуда (ад яе і разгледжанае Дудар ). Як і Лапо < Лапа , Гняўко < Гнеўка і пад. Антрапонім Дудо ( < Дуда ) узнік у выніку пераасэнсавання апелятыва - наймення інструмента, якое набыло значэнне асобы і стала сямейным онімам-прозвішчам.

Дукса (Мар'ян Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дукса , які ад дзеяслова дуцца 'дзьмуцца, надзімацца' з вытворным фармантам -кса (< -са ): ду(цц)кса . Параўн. крыкса, плакса, хныкса, мыкса (< мыкаць ). Так утвараюцца асабовыя назоўнікі агульнага роду, якія характарызуюць чалавека па негатыўнай працэсавай прымеце. ФП: дуць - дуцца - дукса - Дукса .

Жаўрук (Алесь Ж.) - семантычны дэрыват ад апелятыўнага наймення жаўрук 'пеўчая птушка атрада вераб'іных'; словаўтваральныя апелятыўныя варыянты лексемы - Жаўранак і Жаваранак . Мадэль утварэння антрапоніма ўласцівая славянскім мовам: Верабей, Журавель, Сініца, Чыж і пад. ФП: жаўрук - Жаўр у к .

Журба (Янка Ж.) - семантычны дэрыват ад апелятыва журба 'пачуццё смутку, суму, тугі, душэўнай прыгнечанасці'. Назоўнік з абстрактным значэннем набыў функцыю прозвішча, мажліва, на падставе частага выкарыстання яго ў маўленні асобы. ФП: журыцца - журба - Журба .

Жылка (Уладзімір Ж.) - семантычны дэрыват ад апелятыва жылка 'схільнасць, здольнасць да якой-небудзь дзей-насці' або жылка - памянш. ад жыла 'назва крывяносных судзінаў, сужылляў.' Агульны назоўнік стаў прозвішчам на падставе пэўных асацыяцый асобы з рэаліямі, абазначанымі апелятывам. ФП: ж ы ла - Жыла і ж ы лка - Ж ы лка .

Ж ы чка (Хведар Ж.) - семантычны дэрыват ад апелятыва ж ы чка (падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. Піскунова (2012, с. 308) як нейтральнае, у "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" (1978, т. 2, с. 268) яно мае стылёвую памету "абласное" з семантыкай 'чырвоная істужка' і ілюструецца тэкстам з Ул. Караткевіча: "[Cтафан] паспеў яшчэ да вячэры прыбрацца … і нават новую чырвоную жычку прыладзіў да каўняра сарочкі". ФП: жычка - Жычка.

Зар ы цкі (Аляксей З.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -ыцк-і/-цкі ад наймення паселішча Зоры ці Зарыца . Даслоўнае значэнне 'жыхар з Зораў / з Зарыцы '.

Зарэцкі (Міхась З.) - адтапанімічны дэрыват ад айконіма (уласнай назвы населенага пункта) Зарэчча з суфіксам - ск- (> цк-) : Зарэчча - Зарэчскі - Зарэцкі . Матывуецца таксама ландшафтным найменнем За рэчкай . Даслоўнае значэнне 'жыхар (выхадзец) з Зарэчча '.

Зв о нак (Алесь З.) - семантычны дэрыват ад апелятыва зван о к (з акцэнтаваннем - зменай месца націску) з семантыкай 'невялікі звон', а таксама 'прыстасаванне для гукавых сігналаў', 'гук, гукавы сігнал, утвораны гэтым прыстасаваннем ці самім звонам'. Найменне звонак можа кваліфікавацца і як кароткая форма якаснага прыметніка звонкі . Даслоўнае значэнне лексемы - 'звоністы', 'гучны'. ФП: званіць - звон - звонкі - Звонак .

Знаёмы (Сяргей З.) - семантычны дэрыват ад апелятыўнага наймення-прыметніка знаёмы 'такі, пра якога ведалі раней, вядомы', 'які знаходзіцца ў знаёмстве з кім-небудзь, асабіста вядомы'. Прыметнік знаёмы субстантываваўся, стаў назоўнікам - назвай асобы і праз ступень празвання набыў функцыю прозвішча. Такія дэрываты часта выкарыстоўваюцца як партыйныя, палітычныя мянушкі. ФП: знаць - знаёмы - Знаёмы .

Зуб (Валянцін З.) - семантычны дэрыват ад апелятыва зуб , мн. зубы 'косцепадобны орган у роце для адкусвання і разжоўвання ежы'. Слова зуб з'яўляецца кампанентам шматлікіх фразеалагізмаў, набываючы разнастайную семантыку. Зазначым: саматызмы (найменні частак цела) часта выкарыстоўваюцца ў значэнні асобы, набываючы функцыю оніма: Барада, Вус, Вока, Нага і іншыя, даючы шматлікія вытворныя найменні: Зубаў, Барадач, Барадуля, Вусеня, Вочка, Ножка і пад. Саматызм зуб найперш выкарыстоўваецца ў дачыненні да чалавека як мянушка (паводле адпаведных асацыяцый), а затым замацоўваецца як сямейны онім, перадаецца па спадчыне, як прозвішча.

Зуёнак (Васіль З.) - семантычны дэрыват з дыялектным фармантам -онак , што надае значэнне недаросласці ('дзіцяня'), ад асновы апеляты-ва зуй ( зуёк ) 'невялікая птушка сямейства сяўцоў, якая жыве на берагах вадаёмаў': зуйонак (як і дыялектныя лісёнак, буслёнак і пад.). ФП: зуй - зуёнак - Зуёнак.

Кавал е нка (Віктар К.) - антрапанімічны дэрыват ад прозвішча Каваль ці ад апелятыва каваленка 'малады, недарослы, неспрактыкаваны каваль '; вытвор ад назоўніка каваль з суфіксам -енк-а ; з гэтым коранем вядомыя прозвішчы з іншымі антрапафармантамі: Кавал е ня, Кавалёнак, Кав а льчык, Кавал е ўскі і інш. Дэрываты з семантыкай утваральнай асновы ' каваль ', як сцвярджаюць навукоўцы, самыя пашыраныя ў еўрапейскіх мовах. ФП: каваць - Каваль - Каваленя - Каваленк .

Кавалёў (Павел К.) - дэрыват з суфіксам -ёў і семантыкай 'сын (нашчадак) Каваля '. ФП: каваць - каваль - Каваль - Кавалёў .

Каваль (Васіль К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва каваль 'рабочы, майстар, які займаецца каваннем металу'. Лексема каваль набыла і пераноснае значэнне 'той, хто сваёй настойлівай працай дамагаецца чаго-небудзь, стварае нешта'. Менавіта гэтая семантыка і стала асновай пісьменніцкага оніма ад апелятыва каваль . ФП: каваць - каваль - Каваль . Заўважым ад сябе. Недарэчна, калі некаторыя носьбіты прозвішча Кав а ль не ўразумелі гэтага і перакручваюць яго на незразумелае Коваль , якое найперш набліжаецца да апелятыва ков ы ль .

Каз е ка (Янка К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва каз е ка - ўтварэння з антрапафармантам -ека і значэннем 'характарыстыка асобы паводле схільнасці да адпаведнага дзеяння'; даслоўнае значэнне ' казун - хто шмат размаўляе, кажа '; параўн. умека 'здольны, здатны', сварэка 'сварлівы', хваляка 'хвалько', ляп е ка 'хто лепіць печы' (П. Сцяцко. Беларускае словаўтварэнне. 1977, с. 37). ФП: казаць - казека - Казека .

Казлоўскі (Віктар К.) - дэрыват з суфіксальным антрапафармантам -оўскі ад Казёл ( Казл-ы ). Утварэнні з такім фармантам шляхетнасці больш уласцівыя польскай мове: Камароўскі, Лісоўскі, Заянчкоўскі … ФП: каза - казёл - Казлоўскі .

Калачынскі (Міхась К.) - дэрыват з суфіксам прэстыжнасці -ск-/-інск- ( -ынск- ) ад прозвішча Калач (семантычны дэрыват ад апелятыва калач 'круглая булка пшанічнага белага хлеба') або ад тапоніма Калач ы ці Калач ы н(о) . ФП: кола - калач - Калач - Калачы - Калачын - Калачыно - Калачынскі .

Калеснік (Іван К., Уладзімір К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва калеснік ( каляснік ) 'майстар у вырабе калёс '. Найменне асобы паводле прафесіі, потым - празванне - абазначала ўсіх членаў сям'і, перадалося па спадчыне, стала прозвішчам. ФП: кола - калёсы - Калясн і к - Кал е снік.

Калюга (Лукаш К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва калюга 'ямка на дарозе, выбітая коламі , звычайна з вадой, гразёю'. ФП: кола - кал ю га - Калюга .

Камянецкі (Гірш К.) - дэрыват ад паселішча Камянец ці Камяні . ФП: камень - Камяні - Камянец - Камянецкі .

Капыловіч (Мікола К.) - бацькайменне ад прозвішча Капыл з пераносам націску на антрапафармант -овіч . ФП: капыл - Капыл - Кап ы лавы - Кап ы лавіч - Капыловіч.

Карамазаў (Віктар К.) - прыметнікавая форма з суфіксам -аў ад Карамаз , якое ад апелятыва - складанага назоўніка карамаз(аць ) з семантыкай прафесійнай дзейнасці. ФП: кару мазаць - карамаз - Карамаз - Карамазаў .

Караткевіч (Уладзімір К.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Кароткі з пераносам націску на фармант -евіч . ФП: кар о ткі - Кар о ткі - Кар о ткавіч - Каратк е віч.

Каршукоў (Яўген К.) - форма прыналежнага прыметніка ад Коршук : Коршук - Каршукоў . ФП: к о ршак ('ястраб') - коршук - Коршук - Каршукоў .

Кіслік (Навум К.) - антрапанімічны дэрыват з суфіксам -ік (надае семантыку недаросласці, дзіцяці) ад Кіслы. ФП: кіслы - Кіслы - Кіслік .

Кісялёў (Генадзь К.) - прыметнікавая форма з суфіксам прыналежнасці -ёў ад Кісель ; даслоўнае значэнне 'сын (нашчадак) Кісяля '. ФП: кіслы - кісель - Кісель - Кісялёў .

Кл ы шка (Анатоль К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва клышка ( клышко ) - яго фанетычнага варыянта клыжк о - ўтварэння з суфіксальным фармантам -ко ад клыгаць 'марудна ісці; клыпаць'. ФП: клыгаць - клыжко - клышко - клышка - Кл ы шка і Клышк о . Дэрываты-апелятывы з фармантам -ка ( -ко ) - словы агульнага роду - абазначаюць асоб паводле занятку, прафесіі, а таксама схільнасці да названага дзеяння, часта з экспрэсіяй непахвальнасці: параўн.: скародзька 'баранавальнік', пал о цька 'палольшчык', марудзька, радзька і радзько 'дараднік', хвалька і хвалько, проська 'просьбіт' і пад. (П. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне, с. 46 - 47).

Кляўко (Генадзь К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кляўко - ўтварэння з фармантам -ко ад дзеяслова кляваць (пра рыбу) 'торкаць, брацца, кляваць ' (Русско-белорусский словарь, 1993, т. 1, с. 633); даслоўнае значэнне апелятыва кляўко 'таркун, клявун' (пра рыбу). Асабовы назоўнік кляўко мог стаць празваннем (мянушкай) чалавека, які на рыбалцы выкарыстоўваў гэтую назву пры абазначэнні рыбы, што добра бралася на кручок. Празванне набыло значэнне сямейнага оніма - стала прозвішчам.

Кляшторны (Тодар К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кляшторны 'які мае дачыненне да кляштара 'каталіцкага манастыра'. ФП: кляштар - кл я штарны - Кляшт о рны .

Козел (Іван К.) - пераіначаная форма прозвішча Казёл - з мэтай адмежавання ад аманімічнага апелятыва казёл . На радзіме аўтара гэтых радкоў у в. Дзярэчын - былым славутым асяродку Зэльвенскага раёна (гл. пра Дзярэчын у кнізе Міхася Скоблы "Дзярэчынскі дыярыюш") жывуць культурныя людзі, якія маюць натуральную форму прозвішча - Казёл . У гэтай сям'і дзве дачкі з вышэйшай адукацыяй. Калі прозвішча К о зел , то вытворныя ад яго будуць К о зелаў і К о зелаўскі , хоць такіх прозвішчаў няма, а натуральныя Казлоў і Казлоўскі , хоць, дарэчы, Казлоў - гэта сын бацькі з прозвішчам Казёл (ускосныя склоны - Казла, Казлу, Казлом , пры Казлу ), а не з прозвішчам К о зел , якое мае формы: Р. К о зела, К о зелу, Козелам, пры Козелу .

Колас (Якуб К., Георгій К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва колас , мн. каласы 'суквецце злакаў і некаторых іншых раслін, у якім кветкі размяшчаюцца ўздоўж канца сцябла'. Некаторыя коласазнаўцы імя класіка беларускай літаратуры, аднаго з заснавальнікаў беларускай літаратурнай мовы Я. Коласа звязваюць з рас. к о лос - паронімам да колосс (прыметнік ад яго - каласальны (< колоссальный ). Беларускія пісьменнікі не прэтэндуюць на такія высокія, завоблачныя асацыяцыі, а маюць натуральныя формы сваіх пісьменніцкіх онімаў: К. Крапіва , Я. Купала (< Купалле), Куляшоў, Ліс, Лобан, Лось, Мурашка, Мяла, Нёманскі, Півавараў, Пташнікаў, Пушча, Ракіта, Свірка, Стэльмах, Ткачоў, Трус, Цвірка і падобныя, што адлюстроўваюць беларускую ментальнасць.

Корбан (Уладзімір К.) - мажлівае ўтварэнне ад апелятыва корба 'ручка, якой прыводзяць у рух што-небудзь' з выкарыстаннем суфікса -ан : корбан ; параўн. крылы - крылан 'кажан' і 'самалёт' (Я. Колас), лапы - лапан 'хабар', дз ю ба - дзюб а н 'насаты, насач'. Такое дапушчэнне добра стасуецца з дзейнасцю намінанта, які працаваў токарам на заводзе і меў дачыненне да корбы .

Коршак (Аляксей К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва коршак (= тое, што і ястраб =) 'драпежная птушка з кароткай кручкаватай дзюбай і доўгімі вострымі кіпцюрамі' (апелятыў мае і свой фанетычны варыянт карш а к ). Найменні птушак нярэдка становяцца пісьменніцкімі онімамі: Бусел, Верабей, Ластаўка, Сініца, Чыж і пад.

Крапіва (Кандрат К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва крапіва 'травяністая расліна сямейства крапіўных з тонкімі пякучымі валаскамі на сцябле і лісці'. Пісьменніцкі онім вельмі дарэчы да яго сатырычных твораў.

Краўчанка (Усевалад К.) - дэрыват з суфіксам недаросласці -анк-а/-енк-а ад антрапоніма Кравец : Кравец (Р. Краўца, ц/ч ) -енка - Краўчан-ка (< Кравченко ). ФП: кравец - краўчанка ('памочнік краўца') - Краўчанка .

Кругавых (Мікалай К.) - форма Р. мн. ад антрапоніма Кругавы : Кругавы - Кругавыя - Кругавых . Прозвішчы на -ых/-іх пашыраныя ў расійскай антрапаніміі (найбольш у Сібіры).

Крывец (Сяргей К.) - дэрыват з суфіксам -ец ад антрапоніма Крывы ; параўн. Сівец (< Сівы ), як і Якімец ( Якім ), Паўлавец ( Паўлаў ); утварэнні з -ец тут маюць значэнне 'нашчадак названай асобы'. ФП: крывы - Крывы - Крывец .

Кудравец (Анатоль К.) - дэрыват з суфіксам -ец і семантыкай 'нашчадак' ад антрапоніма Кудравы . ФП: кудры - кудравы - Кудравы - Кудравец.

Кудраўцаў (Іван К.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад Кудравец . ФП: к у дры - кудравы - кудра-вец - Кудравец - Кудраўцаў .

Кузьмічоў (Анатоль К.) - дэрыват з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Кузьміч . ФП: Кузьма - Кузьміч - Кузьмічоў.

Кулакоўскі (Аляксей К.) - дэрыват з суфіксам -оўскі ад тапоніма Кулакі - вёскі, дзе нарадзіўся пісьменнік. ФП: кулак - Кулакі - Кулакоўскі .

Кульб а к (Майсей К.) - дэрыват з суфіксам -ак ад апелятыва кульба 'палка з загнутым верхнім канцом для апоры пры хадзьбе'. Утварэнні з фармантам -ак (-як) абазначаюць асоб па спецыяльнасці, занятку, прадмет якіх названы ўтваральным словам: кульба - кульбак, рыба - рыбак (П. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне, с. 146). Пазней найменне кульбак было перанесена і на сам прадмет - " кульбака " (ж. р. ад слова палка ). На ўскраіне г. Гродна назву Кульбакі мае вёска (нядаўна ўвайшла ў межы горада, захаваўшы назву вуліцы г. Гродна).

Куляшоў (Аркадзь К., Фёдар К.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Кулеш : Кул е ш - Куляшоў . ФП: кулеш ('густая мучная або крупяная каша з салам') - Кулеш - Куляшоў.

(Працяг будзе.)

Павел Сцяцко


Памёр герой змагання за незалежнасць і дэмакратыю Віктар Івашкевіч

3 кастрычніка на 55-м годзе жыцця пасля цяжкай працяглай хваробы памёр Віктар Івашкевіч.

Паводле словаў родных, у Віктара Івашкевіча была хвароба пячонкі, ён доўга чакаў донара, але не дачакаўся. Апошні час ляжаў у бальніцах.

Віктар Івашкевіч нарадзіўся 21 верасня 1959 у Менску. З пачатку 1980-х - у моладзевым нацыянальным руху, удзельнік першых, напаўпадпольных незалежніцкіх суполак "Майстроўня", "Талака". Віктара Івашкевіча лічылі адным з найбольш таленавітых арганізатараў розных акцый. У іх ліку - марш-пратэст па Заходняй Дзвіне-Даўгаве (сумесна з аднадумцамі з Латвіі) супраць будаўніцттва Даўгаўпілскай ГЭС 1987 года, экалагічны марш па Прыпяці - адна з першых чарнобыльскіх акцый пратэсту 1988 года, забастовка кіроўцаў гарадскіх аўтобусаў у Менску 1989 года.

З 1988 - у Беларускім Народным Фронце. Да 1996 года Віктар Івашкевіч быў сакратаром Управы БНФ, адказваў за арганізацыю масавых акцый і фінансавае забеспячэнне БНФ.

Быў арганізатарам страйкамаў на менскіх прадпрыемствах у 1991 годзе. Быў рэдактарам газеты "Рабочы". У гэты перыяд аказваў фінансавую падтрымку газеце "Наша слова".

Неаднаразова падпадаў пад адміністратыўныя пакаранні ў выглядзе арыштаў і штрафаў, у знак пратэсту аб'яўляў галадоўку. У кастрычніку 2002 быў асуджаны на два гады абмежавання волі за публікацыю артыкула "Злодзей павінен сядзець у турме", у якім пракуратура ўбачыла паклёп на кіраўніка краіны.

Намеснік старшыні Партыі БНФ да 2009 года. Да лютага 2011 г. быў кіраўніком менскай гарадской арганізацыі БНФ. Але ў лютым абвясціў пра выхад з партыі з-за нязгоды з пазіцыяй новага кіраўніцтва партыі. Быў сябрам аргкамітэту партыі "Беларускі рух". В. Івашкевіч заўсёды быў аптымістам. Верыў, што магчымыя змены. Рабіў усё, каб несправядлівай улады не стала. Івашкевіч лічыў, што для гэтага трэба звяртацца да народа. Без кантакту з простымі людзьмі, рабочымі немагчымыя змены.

"Без яго не было б масавых акцыяў 1990-2000-х, не было б Фронту і Моладзі БНФ, не было б таго руху супраціву. З ім было не страшна ісці на Плошчу. Нават калі ўсіх адольвала апатыя, Івашкевіч не даваў раскісаць, збіраў усіх разам, уздымаў настрой", - кажуць яго паплечнікі.

5 кастрычніка Менск развітаўся з Віктарам Івашкевічам. У жалобную залу па вуліцы Альшэўскага прыйшлі сотні людзей. Некаторыя трымалі бел-чырвона-белыя сцягі і букеты. Адбылася імша і грамадзянская паніхіда, на якой выступілі прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці. Развітанне адбылося пад гукі нацыянальнага беларускага гімна "Магутны Божа".

Віктар Івашкевіч пахаваны на Менскіх Паўночных могілках. Палітыку было 54 гады.

Няхай жа будзе суцяшэннем усім тое, што лёг Віктар Івашкевіч у зямлю незалежнай Беларусі. Няхай спачывае спакойна: незалежная Беларусь - гэта ўжо назаўсёды.


Памяці Норберта Рандава

Набыў сваю завершанасць зямны шлях перакладчыка і вялікага сябра нашай літаратуры Норберта Рандава : 27.11.1929, Нойштрэліц, Нямеччына - 1.10.2013, Берлін.

Часам толькі смерць высвечвае сапраўдную значнасць і маштаб асобы. Але гэта не пра Норберта. Я ведаю, што чорная вестка, якую мне выпала паведаміць, адгукнецца ў тысячах беларускіх сэрцаў.

...Падчас нашага знаёмства ён распавёў, як у 1958-м сацыялістычную Нямеччыну наведаў таварыш Тодар Жыўкаў. Візіт адбываўся за тыдзень да прэзідэнцкіх выбараў у Францыі. Правадыр нямецкіх працоўных вырашыў падзяліцца з высокім госцем прагнозам адносна абрання генерала дэ Голя: "Французскі народ ніколі не пагодзіцца, каб ім кіраваў гэты авантурыст". Жыўкаў дыпламатычна перавёў гаворку на балгарскую авечкагадоўлю. "Ульбрыхт проста дурань", - пакутліва пачырванеўшы, падумаў зусім малады перакладчык.

Перакладчыкам быў Норберт. Скончыўшы ў год смерці Сталіна Берлінскі ўніверсітэт, ён паспеў ужо стаць вядомым балгарыстам, які, наслухаўшыся правадыроў, усё больш пачытваў розныя сумнеўныя кніжэнцыі.

З 1962-га да 1965-га кар'ера бліскучага маладога вучонага і перакладчыка працягвалася за кратамі, куды ён патрапіў за прапаганду "Доктара Жывага" ды іншыя падобныя злачынствы. На чале турэмнай брыгады палітычных стаяў добранадзейны зняволены, які засек сякераю жонку. Свой трохгадовы тэрмін Норберт, адрозна ад некаторых сукамернікаў, што пайшлі на супрацоўніцтва з штазі, адседзеў ад званка да званка, і потым, да самага падзення Берлінскага мура, мог зарабіць сабе на хлеб адно перакладамі. На той бок мура, дзе жылі жонка Тэда і сын Клеменс, Рандава так аніразу і не выпусцілі.

Ён не толькі перакладаў з балгарскай, але часам выконваў і больш далікатныя замовы балканскіх сяброў. Аднаго разу ў Сафійскі ўніверсітэт прыйшоў ліст, адрасаваны Кліменту Ахрыдскаму, чыё імя мае галоўная балгарская альма-матар. Дырэктар Інстытута гісторыі Акадэміі навук ГДР прапаноўваў адрасату наладзіць навуковыя сувязі. Паколькі самому таварышу Ахрыдскаму (840 - 916 гады н. э.) напісаць адказ у Берлін было даволі складана, гэта зрабіў за яго на просьбу балгарскіх калегаў доктар Норберт Рандаў.

На вялікае шчасце для нас другім захапленнем, а потым і любоўю Норберта сталася беларуская літаратура. Ён адкрываў сабе, а затым нямецкім чытачам вершы Янкі Купалы, апавяданні Максіма Багдановіча і Максіма Гарэцкага. Пераклаў сам або разам з сястрой Гундулай ды ейным мужам Уладзімірам Чапегам быкаўскія "Абеліск", "Здраду", "Аблаву". Уклаў і выдаў дзве анталогіі беларускага апавядання, "Казкі жыцця" Якуба Коласа, "Знакі вертыкальнага часу" Алеся Разанава...

Спыняюся, каб бібліяграфія не захінула біяграфію і асобу.

Бо трэба яшчэ сказаць, што да самага канца 1980-х, рос не толькі спіс (цэлая бібліятэка!) Норбертавых перакладаў, але і ягонае дасье, якое ўрэшце ледзь змясцілася ў дзевяць пульхных буйнафарматных тамоў. Ужо ў новыя часы, у аб'яднанай Нямеччыне, галоўны герой гэтага створанага вялікім творчым калектывам шматтомніка скапіяваў сабе 1200 старонак для сямейнага архіву. Памятаю, як аднойчы ўзімку мы разам гарталі тыя паперы каля распаленай грубкі ва ўсходнеберлінскай кватэрцы Норберта, і я думаў, з якой радасцю палілі б, апынуўшыся на нашым месцы, сваё шматгадовае ліставанне начальнікі аддзелаў міжнародных сувязяў міністэрстваў дзяржбяспекі ГДР і НРБ таварышы Дзімітр Міцеў і Вілі Дам. У адной з рэляцыяў т. Міцеў на "великом и могучем" паведамляў нямецкаму калегу, што ў Сафіі Рандаў "каждодневно" займаўся шкодніцкай дзейнасцю, у прыватнасці, паведаміў "источнику", нібыта "настоящая литература не должна рассчитывать на публику и успех, а должна твориться тихо, ради самой себя и во имя будущего". У сваю чаргу т. Дам мусіў вывучаць справаздачу з дня нараджэння "объекта" з указаннем гадзінаў і хвілінаў прыходу і адыходу кожнага госця, а таксама з схемаю, дзе квадрацікамі з імёнамі былі дакладна пазначаныя месцы, займаныя прысутнымі за святочным сталом. Свой даробак у стварэнне жыццяпісу Рандава, паводле версіі штазі, належаў і "источникам" з Беларусі. Адзін, напрыклад, абурана данёс, што ў кулуарах менскай навуковай канферэнцыі Норберт выказаўся ў тым духу, што "интеллектуалов преследуют не только сегодня, но и всегда - такова их судьба".

Ніхто ў Нямеччыне не зрабіў для нашай літаратуры і культуры столькі, колькі Норберт Рандаў. Калі б мы жылі ў іншай Беларусі, ён, бясспрэчна, меў бы афіцыйную пашану і высокія дзяржаўныя ўзнагароды. Замест гэтага за Рандавым, ганаровым сябрам Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў, найверагодней, па старой памяці сачылі і тады, калі ён, ужо ў ХХІ стагоддзі, прыязджаў у Менск з дакладам пра знойдзены ім у фондах Верхнелужыцкай навуковай бібліятэкі ў Гёрліцы канвалют з пражскімі выданнямі Скарыны.

За некалькі дзесяцігоддзяў Норберт сабраў у сябе дома ўнікальную бібліятэку беларускай літаратуры і пэрыёдыкі. Гэты кнігазбор ён меў намер падараваць універсітэту Франкфурта-на-Одэры. Трэба спадзявацца, што з дапамогаю сваякоў запавет будзе выкананы.

Сярод апошніх клопатаў Рандава было выданне перакладзенай ім на нямецкую ягонай улюбёнай аповесці Гарэцкага "Дзве душы"...

Калі я некалькі дзён жыў у Норберта, мой ложак стаяў у пакоі, дзе паміж кніжнымі паліцамі маглі размінуцца толькі двое чытачоў сярэдніх габарытаў. Край падушкі датыкаўся да тамоў Эрнста Тэадора Амадэя Гофмана. Я засынаў, спаў і прачынаўся ў атачэнні ягоных герояў. Аднаго разу прысніў самога аўтара "Рыцара Глюка" і "Курдупеля Цахеса". Ён сядзеў за сталом, натхнёна папіваючы пакінутае намі ўвечары рэйнскае віно.

Сёння я пакладу побач з падушкай том Гофмана: раптам ён прысніцца мне разам з Рандавам.

А калі-небудзь прыеду ў Альтштрэліц, дзе гэтымі днямі Норберт быў пахаваны побач з магіламі бацькоў.

Уладзімір Арлоў, svaboda.org.


1700-годдзе Міланскага эдыкту і Беларусь

У гэтыя дні хрысціянскі свет адзначае 1700-годдзе Міланскага эдыкту. Патрыярх Кірыл прымеркаваў да гэтай даты свой візіт у Сербію.

Міланскі эдыкт (лат. Edictum Mediolanensium) - датаваны 313 годам ліст імператараў Канстанціна і Ліцінія, які абвяшчаў рэлігійную памяркоўнасць на тэрыторыі Рымскай імперыі. Міланскі эдыкт з'явіўся важным крокам на шляху ператварэння хрысціянства ў афіцыйную рэлігію імперыі. Непасрэдны тэкст эдыкту да нас не дайшоў, аднак ён цытуецца Лактанціем у яго працы "Пра смерць ганіцеляў".

Міланскі эдыкт быў накіраваны кіраўнікам правінцыйных адміністрацый імперыі ад імя імператараў Канстанціна і Ліцінія ў 313 годзе. Яўсевій Кесарыйскі піша: "…Канстанцін і з ім Ліціній, яшчэ не ўпалы ў вар'яцтва, якое пасля ім авалодала, шануючы Бога дароўнікам усіх пасланых ім выгод, аднадушна выдалі закон, для хрысціян зусім цудоўны. Яны паслалі яго Максіміну, які яшчэ кіраваў на Ўсходзе і паддобрываўся да іх".

Гэты эдыкт быў працягам Нікамедыйскага эдыкту ад 311 года, выпушчанага імператарам Галерыем. Аднак, калі Нікамедыйскі эдыкт легалізаваў хрысціянства і дазваляў адпраўленне абрадаў пры ўмове, што хрысціяне будуць маліцца за дабрабыт рэспублікі і імператара, Міланскі эдыкт пайшоў яшчэ далей.

У адпаведнасці з гэтым эдыктам усе рэлігіі ўраўноўваліся ў правах, такім чынам, традыцыйнае рымскае язычаства губляла ролю афіцыйнай рэлігіі. Эдыкт асабліва вылучае хрысціян і прадугледжвае вяртанне хрысціянам і хрысціянскім грамадам усёй уласнасці, якая была ў іх забрана падчас ганенняў. Эдыкт таксама прадугледжвае кампенсацыю са скарбу тым, хто ўступіў у валоданне ўласнасцю, якая раней належала хрысціянам і быў змушаны вярнуць гэтую ўласнасць ранейшым уладальнікам.

Меркаванне шэрагу навукоўцаў, што Міланскі эдыкт абвясціў хрысціянства адзінай рэлігіяй імперыі не знаходзіць, паводле пункта гледжання іншых даследнікаў, пацверджання як у тэксце эдыкта, так і ў акалічнасцях яго складання. Так, прафесар В. В. Болатаў адзначае, што "эдыкт даў волю ўсяму насельніцтву імперыі трымацца сваёй рэлігіі, пры гэтым не абмежаваў прывілеі язычнікаў і адкрыў магчымасць пераходу не толькі ў хрысціянства, але і ў іншыя, паганскія культы".

Тым не менш, менавіта пасля Міланскага эдыкту хрысціянства пачало пераможнае шэсце па ўсёй імперыі.

Але як звязана з гэтым эдыктам Беларусь, акрамя, канешне, таго, што мы хрысціяне? Ад 313 года да першага ўспаміну пра Полацк было яшчэ больш за 500 гадоў.

Аднак жа сувязь ёсць.

У Правых Мастах каля касцёла стаіць абеліск, пастаўлены ў 1913 годзе з нагоды 1600-годдзя Міланскага эдыкту. На абеліску па-польску напісана:

"З тым знакам пераможаш

313 - 1913

+

1600-гадовая

юбілейная памятка

Міланскага эдыкту

-

Пасвячэнне Мастоўскай парафіі

Ксёндз Й-В. Сарасек".

Гэты абеліск быў пастаўлены ў 1913 годзе каля старога касцёла. Перастаяў ён усе войны і ўсе ўлады. І, нават, калі пры савецкай уладзе падчас злому згарэў касцёл, а на яго месцы пабудавалі краму, помнік стаяў, праўда, аказаўся ён ужо ў двары мясцовай амбулаторыі. У пачатку 90-х гадоў ХХ ст. у Правых Мастах быў пабудаваны новы касцёл, і недзе гадоў з пяць таму назад помнік быў перанесены на яго тэрыторыю і сціпла ўстаноўлены ў кутку пляцу.

За савецкім часам помнік ацалеў, відаць, таму, што ніхто не ведаў, каму і з якой нагоды ён пастаўлены.

Сёння гэты помнік, бадай што, адзіны на ўсю Беларусь, прысвечаны Міланскаму эдыкту, ды і самому помніку якраз 100 гадоў, а нешта не чутно пра шматлюдныя набажэнствы ды пілігрымкі да яго.

Адукаваны быў ксёндз Сарасек, грунтоўна і манументальна адзначыў такую важную падзею ў гісторыі хрысціянства, зрабіў тое, чаго няма нідзе ў бліжніх і далёкіх парафіях. А тое, што мала хто ведае пра гэты помнік, дык дзе той Міланскі эдыкт 313 года, а дзе Правыя Масты года 2013, амаль на розных планетах.

Яраслаў Грынкевіч.


КРАЯЗНАЎЧЫЯ АЎТАВАНДРОЎКІ ПА ПАСТАЎШЧЫНЕ

У межах агульнанацыянальнай кампаніі "Зробім лепш 2013" краязнаўцы і сябры Пастаўскай суполкі Таварыства беларускай мовы 20 верасня здзейснілі аўтавандроўку ў заходнюю частку Пастаўшчыны на Лынтупшчыну для таго, каб сустрэцца з мясцовымі жыхарамі - старажыламі і краязнаўцамі, і сабраць матэрыялы па гісторыі і культуры знікаючых вёсак і хутароў. Удзельнік паездкі пабывалі ў вёсцы Палессе, дзе наведалі мясцовую школу. Там адбылася сустрэча з настаўнікамі і вучнямі, падчас якой вядомы краязнаўца і пісьменнік І. Пракаповіч паказаў мультымедыйную прэзентацыю "Краязнаўцы і краязнаўчыя выданні Пастаўшчыны", супрацоўнік Пастаўскага краязнаўчага музея В. Шышко расказаў пра кнігу "1812. Вайна на Пастаўшчыне" і пра новыя музейныя экспазіцыі ў палацы Тызенгаўзаў, а супрацоўніца Пастаўскай дзіцячай бібліятэкі Л. Сяменас пазнаёміла слухачоў з тымі творчымі праектамі, якія за апошні час рэалізавала Пастаўская суполка ТБМ, у прыватнасці, фільмы пра Я. Купалу і М. Багдановіча, пра курсы беларускай мовы і гісторыі краю, пра друкаваныя выданні. Дарэчы, школа атрымала ў падарунак некалькі краязнаўчых кніг і згаданыя фільмы. На сустрэчы прысутнічаў былы дырэктар гэтай школы А. Рудаў, які з'яўляецца аўтарам рукапіснага апісання вёскі Палессе і ваколіц. Настаўнікі далі магчымасць пакарыстацца цікавымі матэрыяламі з гісторыі школьнага жыцця: фоталетапісам Апідамскай школы і альбомам, які рыхтавалі школы гэтага рэгіёна Пастаўшчыны да 50-годдзя савецкай улады.

Добрым краязнаўчым набыткам стала наведванне Апідамскай стараверскай царквы, у час якога ўдзельнікі вандроўкі з дапамогай мясцовых жыхароў змаглі агледзець не толькі знешнюю аздобу, але і спецыфічнае ўнутранае ўбранне храма.

Апоўдні адбылася яшчэ адна сустрэча, на гэты раз - з настаўнікамі і вучнямі Лынтупскай сярэдняй школы. Прысутнічалі на ёй пераважна школьнікі сярэдніх класаў, бо старшакласнікі "паехалі на бульбу". Яны ўважліва глядзелі і слухалі прэзентацыю пра краязнаўцаў і краязнаўчыя выданні, відэаролікі пра беларускую мову, выступленні гасцей пра неабходнасць любіць, вывучаць і шанаваць родную мову, родны край.

У час вандроўкі было даволі многа цікавых размоў з мясцовымі жыхарамі, удалося агледзець і сфатаграфаваць шэраг адметных помнікаў гісторыі і культуры.

А 27 верасня група краязнаўцаў і сяброў раённай суполкі Таварыства беларускай мовы здзейсніла паездку ў паўночную і ўсходнюю частку Пастаўшчыны. Мэтай яе, як і тыдзень таму, быў збор матэрыялаў па гісторыі і культуры роднага краю, сустрэчы і выступленні перад настаўнікамі і школьнікамі.

Спачатку шлях пралягаў у вёску Андроны. Школа там невялікая тыпавая, але вельмі акуратная і дагледжаная, што сведчыць пра рупнасць калектыва настаўнікаў і вучняў. Сустрэлі гасцей вельмі гасцінна, паказалі школу, невялічкі краязнаўча-этнаграфічны музей, паабяцалі перадаць на карыстанне матэрыялы школьнага летапісу. Удзельнікі паездкі выступілі перад настаўнікамі і вучнямі з прэзентацыяй пра краязнаўцаў і краязнаўчыя выданні Пастаўшчыны, расказалі пра дзейнасць ТБМ у Паставах і новыя экспазіцыі пастаўскага краязнаўчага музея, паказалі некалькі відэаролікаў, якія пакінулі ў падарунак школе. Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы.

Такі ж настрой і ўзаемаадносіны панавалі ў час наведвання Навадруцкай школы. Дзеці і настаўнікі з цікавасцю паслухалі выступленні краязнаўцаў, паглядзелі прэзентацыю і відэаматэрыялы. На завяршэнне гасцей пачаставалі смачнай гарбатай, пасля якой у іх была магчымасць пазнаёміцца з экспазіцыяй школьнага музея. Удзельнікі вандроўкі былі ўражаны багаццем і разнастайнасцю экспанатаў, значная частка якіх рэдкія, а то і ўнікальныя. Таму трэба сказаць словы вялікай удзячнасці педагагічнаму калектыву і найперш, настаўніцы гісторыі Святлане Латыш за стварэнне такога выдатнага музея.

Пакінуўшы Навадруцк удзельнікі паездкі яшчэ павандравалі па ўсходу Пастаўшчыны, дабраўшыся аж да Глыбокага.

Юлія Пракаповіч, удзельніца вандроўкі.


Увага!

У кастрычніку ў сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць гістарычная школа "Гісторыя ў падзеях і малюнках" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава. Заняткі будуць прысвечаны вывучэнню ваеннай гісторыі Беларусі ў ХХ ст. У кастрычніку заняткі адбудуцца: 14 кастрычніка (панядзелак), 21 кастрычніка (панядзелак). Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13 у Менску. Уваход вольны.


Графіня Гелена Ромер-Ахянкоўская

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Правучылася маці ў Караліноўскай школе толькі адзін год - потым памёр бацька, сям'ю з прыфрантавой зоны адсялілі далей ад фронту ў Роўнае Поле. Больш сесці за парту не прыйшлося. Але патэнцыял, закладзены паняй Геленай, сыграў станоўчую ролю ў жыцці маці: яна самастойна працягвала вучыцца, добра чытала і пісала па-польску, па-руску, выпісвала часопісы, чытала кнігі, ведала шмат казак і безліч народных песень.

Самая высокая адзнака педагагічнай дзейнасці Гелены Ромер-Ахянкоўскай - словы яе былой вучаніцы Марыі Міхайлаўны: "Мая Настаўніца пані Гелена", - якія гучалі праз гады, дзесяцігоддзі У гэтых словах узнагарода, удзячнасць, любоў, пашана, павага і памяць Настаўніцы.

Апошнія гады жыцця

Верасень 1939 года. Пастаўшчыну заняла Чырвоная Армія, устанавілася савецкая ўлада. Маёнтак нацыяналізавалі, забралі палац і прыстасавалі яго пад бальніцу, а таксама нацыяналізавалі жыллё Ромераў і ў Вільні. Прыйшлося Гелене з маці жыць на кватэры ў суседа. Меркавалі Ромераў, як прадстаўнікоў эксплуататарскага класа, вывезці ў Сібір. Адчуваючы небяспеку, Гелена спешна сабрала творы бацькі і перадала на захаванне ў бібліятэку імя Урублеўскага Літоўскай АН горада Вільні. Некаторыя хатнія рэчы яна раздала вясковым жыхарам, каб не трапілі ў рукі энкэвэдыстам. З-за цяжкай хваробы яе маці Ванды, якой ішоў 86 год, сям'ю Ромераў вывозіць не сталі. Не апошнюю ролю сыграла і заступніцтва за іх парабкаў і сялян.

Нямецкая акупацыя. У палацы размясціўся нямецкі гарнізон, які налічваў 66 літоўскіх салдат. Ромерам таксама выдзелілі ў палацы пакойчык. 9 ліпеня 1944 года, адступаючы, фашысты спалілі вёску Ёдаўцы. Савецкія ўлады Гелену зноў выселілі з палаца, а пакоі аддалі пагарэльцам. Памірае маці. Цяпер Гелену ўжо нічога не трымае ў Каралінове. Ведаючы стаўленне савецкай ўлады да прадстаўнікоў польскай інтэлігенцыі, Гелена ў 1945 годзе пакінула родную старонку. Пакідаючы мясціны, з якімі было павязана ўсё яе жыццё, яна перажывае пачуцці, якімі надзяляла сваіх літаратурных герояў. Паводзіць сябе так, як яны: пазбаўленая трывалых каранёў і цёплых адносін да сябе тутэйшых людзей, застрашаных энкэвэдыстамі, з жудасцю глядзіць у невядомую будучыню. Вось радкі запісаў з яе дзённіка:

"Красавік 1945. І вось пасля 5 гадоў вайны, неапісваных маральных і фізічных мук мушу навекі пакінуць Вільню… Гэта страх, мука, шаленства, статкавае пачуццё палякаў… Бо баяцца бальшавікоў. А ў Польшчы таксама пануюць бальшавікі… Еду, губляючы сямейныя рэліквіі, мэблю, сродкі, на невядомае блуканне, на страшны лёс. А застацца не магу, бо не маю страхі над галавой, ані чалавека, з якім магла б застацца. Штодзень прашу Бога аб смерці… Лёс мой там будзе страшны. Каб хоць след па мне ў Вільні застаўся. Любіла гэты горад, як чалавека. Ён жыў для мяне, а я для яго. Страта Каралінова - гэта нішто ў параўнанні… Зараз выдзіраюць з мяне душу. Старалася застацца, кагосьці знайсці, займець страху над галавой… А там знайду? Акурат…."

У 1945 годзе прыехала ў Торунь (Польшча), пасялілася разам з траюраднай цёцяй Ромер Геленай Феліцыянаўнай (1860-1946), якую таксама саветы выселілі з дома ў Вільні. Перавезла туды сваю бібліятэку і некаторыя рэчы. Тут у асноўным пісала творы для дзяцей. Жыццё ў Торуні не было ўпрыгожана гірляндамі ружаў. Жыць у чужым доме, з якога выселілі ўлады гаспадароў, такіх жа гаротнікаў як яна, у Германію за тое, што яны па нацыянальнасці немцы, было маральна цяжка. Два гады пражыла Гелена Ромер-Ахянкоўская, адарваная ад родных мясцін, знаёмага акружэння, і 26 сакавіка 1947 года памерла. Пасля працяглай напружанай працы для сваёй Айчыны знайшла вечны спакой на чужыне на могілках Святога Апостала Якуба ў горадзе Торуні.

У час вайны палітычнай дзейнасцю Гелена не займалася, толькі, па магчымасці, культурна-асветніцкай і медыцынскай. Была бяздзетнай. У 1904 годзе выйшла замуж за Генрыка Ахянкоўскага і выехала ў яго маёнтак Вуюўку пад Радзымінам, але замужжа аказалася непрацяглым: праз пару гадоў яны развяліся. Муж не разумеў яе памкненняў, не падзяляў яе актыўнай патрыятычнай грамадска-палітычнай дзейнасці.

Гелена Ромер-Ахянкоўская была папулярнай і вядомай асобай у артыстычна-культурным свеце. Яе праца, прысвечаная служэнню радзіме, была годна ацэнена - у 1929 годзе за палітычную, грамадскую і асветніцкую дзейнасць яе ганаравалі Крыжам афіцэрскага ордэна "Polonia Restituta", ордэнам Французскай Акадэмічнай Пальмы, Ганаровай адзнакай 85 пяхотнага палка, Знакам "Дзеці Вільні" і граматай "За шматгадовую працу ў асвеце".

У "Сшытках крэсазнаўчых" Гелену называюць дэмакраткай. Гэта слушна, але недастаткова, бо такім азначэннем не раскрываецца глыбіня ўсёй яе дзейнасці. Для Камайшчыны яна была асветніцай, пісьменніцай-летапісцам, даследчыцай побыту, звычаяў і душэўнага стану яе жыхароў і сваім чалавекам.

Відавочцы пра Гелену Ромер-Ахянкоўскую

Букет чаромухі

Я сябраваў з парабковым хлопчыкам Лаўрыновічам Казікам, які часта ў Гвоздавічах "адбываў калейку" (быў за падпаска) у гаспадароў, якія не мелі сваіх дзяцей. Вясной 1941 года ў час ледаходу Казік вырашыў паплаваць на крызе. Бурлівая Караліноўка панесла крыгу з хлопчыкам да мастка, а потым разламалася. Казік апынуўся ў вадзе. Гэта адбылося на вачах пані Гелены Ромер-Ахянкоўскай, якая кінулася на паратунак, але выратаваць хлопчыка не паспела: другая крыга збіла яе з ног. Мой сябрук Казік загінуў, а сама Гелена ледзь выкарабкалася на бераг. (Ёй было за 65 гадоў). Пасля гэтага выпадку яна праляжала пэўны час у пасцелі.

Мне вельмі хацелася выказаць удзячнасць Гелене за гэты ўчынак. Вясной, калі расцвіла чаромуха, я наламаў вялікі букет і панёс у Каралінова, каб уручыць яго пані Гелене. Доўга цікаваў з-за тоўстага клёна, чакаючы, пакуль выйдзе пані. Калі дачакаўся, то хуценька падбег да яе і ўручыў букет.

- Дзякуй, хлопчык, - сказала яна, беручы букет, і прыгарнула мяне да сябе.

Я не вылучаўся асаблівай шляхетнасцю, але само сабой неяк атрымалася, што я пацалаваў у яе маршчыністую мяккую руку, сказаўшы:

- Ты добрая, пані. Ратавала Казіка.

І даў лататы.

Драўніцкі Іван Пятровіч, Гвоздавічы .

Слёзы графіні

У верасні 1939 года камісар новай савецкай улады стварыў камісію, якой было даручана нацыяналізаваць графскі маёнтак і падзяліць паміж парабкамі і беднякамі. Інвентар і цяглавую сілу (коней) аддалі тым, хто на ёй працаваў, жывёлу і зямлю падзялілі на душы, гэта значыць, у залежнасці ад велічыні сям'і. Сажалкі і сад дзяліць не сталі, аб'явілі агульнай уласнасцю. Камітэтчыкі спусцілі з сажалак ваду, а рыбу разабралі, хто колькі паспеў. Прыступілі да збору яблыкаў. Сад быў вялікі і дагледжаны. Карыстацца садам Ромеры дазвалялі ўсім парабкам, але была ўмова: галіны не ламаць, дрэў не трэсці, палкамі не збіваць і браць столькі, колькі з'ясі сам, везці на продаж забаранялася. За гэтым сачыў садоўнік. Новыя ўлады пасаду садоўніка скасавалі. На агульную ўласнасць набеглі парабкі і жыхары суседніх вёсак, каб хапаць дармавіну. Трэслі, збівалі яблыкі палкамі, хапалі хто колькі мог. Сад апусцеў.

Я ішоў напрасткі цераз сад з грыбоў і ўбачыў паню Гелену, якая моўчкі стаяла, прытуліўшыся да яблыні. На зямлі ляжала адламаная вялікая галіна. Па твары гордай шляхцянкі ручайком цяклі слёзы…

- Пані захварэла? Мо дапамагчы што? Можа, шкадуеце яблыкаў?

- Яблыкаў не шкадую. Бог для ўсіх даў. А вось яблынькі шкадую. Зламалі, знявечылі яе… Аддзячылі за смачныя дары. Гэта мая любімая калмычка. Я яе пасадзіла і сама даглядала. Абаіх нас напаткаў падобны лёс. А што нарабілі і з другімі яблынямі? Не падумалі пра заўтрашні дзень… Калі так пойдзе, то загіне сад…

Як у ваду глядзела пані - у 1940 годзе сад загінуў.

Гудас Іван Францавіч, Каралінова.

Чорны люты 1940 года

Люты 1940 года застаўся ў памяці не толькі з-за вялікіх маразоў, калі ў наваколлі вымерзлі сады, але і масавым вывазам ў Сібір мясцовай інтэлігенцыі, леснікоў, асаднікаў, светароў, проста заможных людзей. Трапілі ў спісак на вываз і Ромеры: Ванда з дачкой Геленай Ахянкоўскай. Да хаты, дзе кватаравалі Ромеры, пад'ехалі на вазку два нкусаўцы і загадалі збірацца ехаць ў Гадуцішкі да чыгункі. На зборы далі паўгадзіны. Дэпутату вёскі загадалі падагнаць сані.

Ромер Ванда была моцна хворая, ужо працяглы час не ўставала з пасцелі. Але гэта акалічнасць не стрымлівала змагароў з "варожым элементам", пад пагрозай зброі Гелена пачала збіраць у дарогу пажыткі, апранаць нямоглую маці…

Вестка пра безчалавечны ўчынак нкусаўцаў абляцела не толькі Каралінова, стала вядома і ў вёсцы Ёдаўцы. Людзі былі запалоханыя дзеяннямі "вызваліцеляў", абураліся і цярпелі. На вуліцу ў Ёдаўцах выйшла глядзець на гэтую збродню і разам праводзіць сваіх дабразычліўцаў амаль уся вёска. Народ гаманіў:

- Вывозяць канаючую графіню, яна і да Гадуцішак не даедзе.

- Выкінуць недзе ў сумёт, бязбожнікі.

- За што? Яна нам столькі дабра зрабіла, а мы баімся заступіцца, каб даць ёй спакойна памерці.

- Перагародзім дарогу, не пусцім, - выкрыкнуў нехта з натоўпу.

Людзі, бы чакалі такога павароту падзей, узяліся за рукі і перагарадзілі вясковую вуліцу.

- Дорогу! - закрычаў нкусавец. - Немедленно! Иначе всех в Сибирь!

Жанчыны пачалі галасіць на ўсю моц, упалі на калені перад нкусаўцамі, сталі прасіць пакінуць паміраючую, дазволіць злажыць костачкі ў роднай зямельцы.

Афіцэр нкусавец вылез з вазка, глянуў на бледны твар графіні:

- Доходяга. Действительно некого везти. Заворачивайте назад.

- Вось бачыце, савецкая ўлада лічыцца з народам! Няхай жыве Сталін! - крыкнуў наўздагон ад'язджаючым нкусаўцам былы падпольшчык.

Яго ніхто не падтрымаў. Людзі моўчкі разышліся па хатах, чакаючы расправы за свой учынак. Але ўсё ўтраслося. Рэпрасаваць усю вёску не сталі.

З аповеду А. Цыркунова, якому расказаў пра гэты выпадак жыхар вёскі Ёдаўцы ў 1999 годзе.

Гніляк

Аднойчы Гелена ўбачыла, што ў рэчку ўпала падгніўшая бяроза. Паклікала аканома і сказала, што трэба дрэва з рэчкі выцягнуць і парэзаць на калодкі: высахнуць - добрыя дровы будуць. Аканом расцаніў гэта як скупасць і дзівацтва:

- Пані Гелена, у вас столькі здаровага лесу на дровы, а Вы гнілякамі печкі цепліць збіраецеся.

- А я не з-за скупасці, а з беражлівасці, ды і рэчку шкадую. Трэба, каб яна не захламлялася, а радавала вока чысцюткай вадзіцай, спрыяла здароўю рыбак і іншых рачных насельнікаў…

Тут пані мела рацыю.

Пупкевіч Уладзіслаў Іосіфавіч, Каралінова.

Даходнае месца

Будучы бяздзетнай, пані Ромер-Ахянкоўская вельмі любіла вясковых дзяцей, мела ласкавы характар і ўмелы падыход да іх, была шчодрай, нават за нязначную паслугу хваліла і частавала.

Драўляны мост цераз рэчку Караліноўку, па якім праязджала пані, быў абшыты дошкамі. Гэты мост служыў парабковым дзецям "даходным месцам". Калі дзеці заўважалі, што фурман запрагае карэту, каб кудысьці везці паню, непрыкметна накідвалі на мост лісця, ламачча і - хаваліся. Калі з палаца выходзіла Гелена і садзілася ў карэту, хуценька выскоквалі з кустоў з венікамі і пачыналі падмятаць мост, нават "не бачачы", што едзе пані. Фурман спыняў карэту, да дзяцей падыходзіла пані, хваліла за працавітасць і замілаванне да чысціні і парадку. Кожнаму давала па некалькі манет "на цукеркі". Вядома, здагадвалася пані пра дзіцячыя хітрыкі, але віду не падавала.

Гудас Іван Францавіч, Каралінова.

Сабачка

Прыехаўшы з Вільні, пані Гелена шпацыравала па парку з маленькім сабачкам. Насустрач ім па дарожцы бегла парабковая дзяўчынка. Сабачка кінуўся дзяўчынцы пад ногі, якая ад нечаканасці аж усклікнула. Пані цюкнула на сабачку, падхапіла дзяўчынку за падпахі і панесла за куст:

- Паплюй-паплюй і па-сюкай, каб з перапалоху не захварэць, - угаворвала яна дзяўчынку.

Калі дзяўчынка супакоілася, пані завяла яе ў пакой, пачаставала і дала пацярпелай 5 злотых. (За гэтыя грошы ў той час можна было купіць 2,5 пуды жыта). Пасля гэтага выпадку дзяўчынка яшчэ некалькі разоў выбягала насустрач пані з сабачкам, каб яшчэ зарабіць, але сабачка на яе не звяртаў увагі. Пані толькі загадкава ўсміхалася:

- Мой сабачка больш ніколі не гаўкне на цябе. Я яму растлумачыла, што ты добрая і разумная дзяўчынка. І як старую знаёмую не прамінала пачаставаць.

Блажэвіч Іван Восіпавіч, Каралінова.

* * *

Пані Снядэцкая Адэляцёця Гелены Ромер-Ахянкоўскай - вызначалася скупасцю. Аднойчы я зрабіў з конскага хваста пятлю і злавіў шчупака ў панскім ставе перад млыном фунты на чатыры. Рыбу есці мне сяды-тады выпадала, а цукеркі - рады ў гады. Вырашыў занесці ўлоў у двор з надзеяй, што заплацяць: будзе і на цукеркі, і на рыбацкія кручкі. Сустрэла мяне пані Адэля:

- Пані Адэля, во я вам шчупачка злавіў.

- Добра-добра, - ажыўлена і далікатна замітусілася пані Адэля, - то ж наш шчупак, з нашага става.

Забрала шчупака і панесла ў палац, нічога не ўспомніўшы пра плату.

- Каб знаў - сам з'еў бы, - зажурыўся я.

У гэтай гісторыі быў працяг. Калі пра выпадак са шчупаком даведалася пані Гелена Ромер-Ахянкоўская, то падаравала мне вельмі прыгожую шапку з бліскучай цэшкай.

Даткевіч Бронюсь, Каралінова.

Заключэнне

Цяжкай была доля тых нешматлікіх смельчакоў, якія адважыліся заявіць, што яны любяць свой край сам па сабе, а не як частку Польшчы або Расіі, што яны ведаюць выдатнае і трагічнае мінулае сваёй краіны - ВКЛ, што яны вераць у самастойную будучыню свайго народа. Гелена Ромер-Ахянкоўская належала да кагорты такіх людзей. Яна не хавала сваіх меркаванняў, якія не супадалі з пазіцыяй як польскіх, так і рускіх "прэтэндэнтаў" на Беларусь як на каланіяльныю перыферыю. Менавіта гэта і выклікала лютыя нападкі на яе ворагаў беларушчыны.

Творы здольнай рэгіянальнай аўтаркі Гелены Ромер-Ахянкоўскай, якая жыла і ў горадзе і ў вёсцы на Камайшчыне, з'яўляюцца люстэркам краю, дзе пражывалі людзі розных нацыянальнасцей з асаблівасцямі культуры, дзе супольна існавала некалькі канфесій, меліся цікавыя асобы, незвычайныя сітуацыі. Для яе творчасці характэрна так званая "тутэйшасць". Яна апісвала прыгажосць Віленшчыны, яе людзей, культуру, традыцыі, гісторыю. Пісьменніца не стварыла літаратурных шэдэўраў, але ўнесла ў літаратуру нешта сваё, уласнае.

Ромер-Ахянкоўская застаецца незаслужана забытай. Можа таму, што край, які яна апісвала, аказаўся падзеленым паміж Летувой і Беларуссю, а можа па прычыне, што зборнікі яе твораў выдаваліся невялікімі накладамі і сталі недаступнымі, а, можа, што змянілася моўная сітуацыя, а перакладаў няма. Я хацеў бы, каб гэтая мая праца стала крокам да вяртання Гелены Ромер-Ахянкоўскай з забыцця.

Ясь Драўніцкі


Успаміны з неспакойнага часу на Літве ў 1861-1863 гадах

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Распараджэнне гэтае страшна абурыла Вернера. "Пад арышт я рашуча не пайду і шаблі не дам, - аб'явіў ён, - хай паспрабуюць узяць мяне сілай, я буду абараняцца; у мяне дзве стрэльбы; Вы бачылі, які вузкі ход да мяне; я магу супраціўляцца цэлай роце". Стараючыся супакоіць яго, я прапанаваў падаць рапарт, што з-за хваробы, якая ўзмацнілася ад атрыманай раны, ён не можа ісці пад арышт; так і зрабілі; я напісаў рапарт, Вернер падпісаў, і я панёс рапарт палкоўніку. Прызначана было медычнае асведчанне; палкавы лекар, паляк, даў заключэнне пра мізэрнасць раны, і што яна не замінае арышту Вернера на гаўптвахце. Вернер зноў адмовіўся ісці пад арышт. Заканчэнне гэтай гісторыі засталося для мяне невядомым, таму што полк выступіў у Коўню, а тут жа неўзабаве адбылася замена Назімава Мураўёвым. Верагодна, упарты прусак здалеў такі адстаяць сябе.

У лейб-гвардыі стралковы Яго Вялікасці батальён паступілі шарагоўцамі чалавекі два раскольнікаў, якія паспелі спакусіць у сваё веравучэнне некалькі чалавек ніжніх чыноў з праваслаўных. Падчас нейкага свята, калі батальён быў зшыхтаваны для малебна, усе гэтыя раскольнікі выйшлі з радоў і заявілі, што яны не могуць па сваіх рэлігійных перакананнях прысутнічаць пры праваслаўным набажэнстве. Усіх іх выпісалі ў армейскія палкі, і двое трапілі ў наш; пакуль сядзелі пад арыштам, пакуль дабіраліся ў наш полк, яны паспелі адгадаваць парадачныя борады, якія наадрэз адмаўляліся збрыць, тлумачачы на пагрозы пакараць іх за непаслушэнства, што жадаюць лепш перацярпець часовыя мучэнні, чым вечныя за "скажэнне вобразу Божага". Над імі прызначана было следства, а яны так і засталіся ў каземаце Віленскай цытадэлі, калі полк выступіў з Вільні. Далейшы лёс іхні мне не вядомы. Цяпер, пры дазволе насіць борады вайскоўцам, такі выпадак парушэння дысцыпліны, канешне, зрабіўся рашуча немагчымым.

Засталося згадаць яшчэ пра адну прыгоду. Я ўжо гаварыў, што пасля абвяшчэння Вільні на ваенным становішчы на чыгуначнай станцыі была пастаўлена афіцэрская варта. Аднойчы ў варце гэтай стаяў штабс-капітан нашаша палка М-скі, родам паляк, які меў няшчасную слабасць да віна і таму, не гледзячы на свой чын, не атрымаў у камандаванне роты. Слабасць гэтая канчаткова і згубіла яго. Знаходзячыся ў варце, ён напіўся п'яным і, калі прыбыў цягнік, яму прыйшло ў галаву абшукваць пасажыраў і пры тым выключна дам; вобшукі гэтыя ён праводзіў сам з вельмі непрыстойнымі і абразлівымі прыёмамі; адразу было даведзена да ведама камандзіра палка, той распарадзіўся змяніць М-скага, а на другі дзень раніцай, калі ў беднага штабс-капітана балела з пахмелля галава, я прынёс яму загад палкоўніка пра неадкладную падачу прашэння аб адстаўцы.

Яшчэ ў пачатку 1862 г. вайсковым міністэрствам было прапанавана афіцэрам польскага паходжання, якія служылі ў палках, размешчаных у Польшчы і Літве, пераходзіць у войскі, якія знайходзіліся ў вялікарускіх губернях. З нашага палка, дзякуючы вельмі сімпатычнай асобе палкавога камандзіра, перайшлі зусім нямногія, так што склад афіцэраў амаль не змяніўся. Палком нашым з 1857 г. камандаваў барон Эдуард Карлавіч Дэлінсгаўзен (у кампаніі 1876-1877 гг. камандаваў корпусам); да гэтага ён з поспехам служыў на Каўказе і прыняў наш полк яшчэ зусім маладым трыццаціпяцігадовым палкоўнікам, што было вялікай рэдкасцю ў арміі. Гэта быў чалавек у найвышэйшай ступені стрыманы, ветлівы - што так-сама не часта сустракалася ў тыя часы - і разам з тым валодаў неабходнай у начальніку цвёрдасцю і самастойнасцю, заўсёды гатовы аказаць, чым мог, дапамогу і абарону падначаленаму, ён пакінуў пра сябе найлепшыя ўспаміны.

У канцы лютага пачалі даходзіць чуткі пра з'яўленне шаек і ў нашым раёне, г. зн. у губернях Віленскай, Ковенскай і Гарадзенскай. У мястэчку Сямяцічы (Гарадзенская губерня, на мяжы з Царствам Польскім) сфармавалася вялікая, звыш тысячы чалавек шайка, аднастайна абмундзіраваная і добра ўзброеная, якая, як пасля аказалася, на працягу цэлага месяца жыла ў мястэчку і ў панскім палацы, займалася вайсковымі экзерцыцыямі на вачах мясцовых уладаў; вестка пра існаванне шайкі дайшла да віленскага начальства паміма гэтых уладаў. Пранесліся чуткі пра з'яўленне нейкага Даленгі - псеўданім Серакоўскага - насіўшага тытул ваяводы Віленскага і Ковенскага, пад начальствам якога ўтварылася значнае скопішча ў лясах каля курляндскай мяжы. Першую справу з паўстанцамі мелі паўлаградскія гусары, якія сустрэлі і рассеялі нязначную партыю. На Сямяцічы пасланы быў атрад з усіх трох радоў зброі пад начальствам генерала Манюкіна. Адбылася гарачая справа, якая скончылася поўнай паразай ракашан і знішчэннем ад агня мястэчка. Генерал Манюкін даносіў з сувораўскім лаканізмам: "Шайка і мястэчка Сямяцічы не існуюць". Нарэшце ў апошніх днях лютага полк адправіўся па чыгунцы ў Коўню. Гэты горад здаваўся такім жа апусцелым, як і пакінутая намі Вільня. На вуліцах пераважаў вайсковы элемент; акрамя нашага палка ў Коўне знаходзіліся стралковыя батальёны, часткі іншых пяхотных армейскіх палкоў, гусары, драгуны, казакі, конная і пешая артылерыя. Палкавы штаб з некаторымі ротамі застаўся ў Коўні, астатнія роты занялі розныя пункты Ковенскай губерні. Неўзабаве пасля прыбыцця нашага ў Коўню былі атрыманы звесткі, што на бліжэйшую да горада станцыю чыгункі, занятую адной з нашых рот, паўстанцы намераны ноччу зрабіць напад, і што начальства партыі, якая рыхтуецца да нападу, мае прытон у арандатара значнага вадзянога млына, які знаходзіцца недалёка ад лініі чыгункі. На камандзіра нашага палка было ўскладзена па гэтых указаннях адправіцца на пошукі шайкі. Ноччу мы селі на спецыяльна падрыхтаваны для нас цягнік; атрад наш складаўся з дзвюх рот і чалавек дваццаці данскіх казакаў. Снег на палях ужо сышоў, было сыра, гразка, цёмна, што называецца, ні згі не відаць.З намі ехаў начальнік руху, немец, былы афіцэр аўстрыйскай службы. Падыйшоўшы да таго пункта дарогі, ад якога недалёка быў млын, цягнік спыніўся; ад атрада аддзяліўся звяз з афіцэрам і накіраваўся да млына для ператрусу і арышту арандатара. Лакаматыў з тэндарам адчапілі, і мне было загадана адправіцца на лакаматыве да станцыі, каб даведацца, ці ўсё там добра, і папярэдзіць камандзіра роты пра магчымасць нападу. Я адправіўся, са мной паехаў і начальнік руху; мы стаялі на пляцоўцы лакаматыва насупраць паравога катла, каля якога мітусіўся качагар, і ляцелі ў непрагляднай цемнаце, час ад часу асвятляліся агнём паравіка, калі качагар падкладваў у яго паліва, пасля чаго навакольная цемра, здавалася, яшчэ больш згушчалася. Раптам машыніст, качагар і начальнік руху нешта замармыталі па-нямецку і спешна з бачнай трывогай пачалі спыняць машыну. Прызнаюся, хвіліна была не з прыемных. Ужо былі выпадкі, калі паўстанцы здымалі рэйкі і нападалі на цягнікі пры гэтых нявольных прыпынках. Я падумаў, што з намі адбылося нешта падобнае. Трывога аказалася фальшывай, як праяснілася справа, чыгуначны вартаўнік паказаў спачатку сігнал, што каляя спраўная, а потым раптам перамяніў гэты сігнал на супрацьлеглы. Неўзабаве, але ўжо больш ціхім ходам мы падышлі да станцыі, дзе знайшлі ўсё добрым. Выканаўшы даручэнне, я неадкладна адправіўся назад да цягніка. Каманда, якая пасылалася на млын для ператрусу, вярнулася, і мы ўжо ўсім атрадам паехалі да станцыі. Там мы дачакаліся рэзерву і пяшком рушылі да аднаго паселішча, вёрст за дзесяць ад станцыі, у якім па наяўных звестках так-сама з'явілася шайка, а пад касцёлам знаходзіўся склад зброі. Дарога ўвесь час ішла лесам, які перарываўся вярсты за паўтары ад паселішча, размешчанага на невялікім узвышшы. Калі мы пачалі набліжацца і былі прыкладна за паўвярсты, у паселішчы адбылася трывога; нейкія людзі па-адзіночцы і групамі бегалі па вуліцы і затым некуды зніклі. Хто гэта былі - занепакоеныя нашым нечаканым з'яўленнем мірныя жыхары ці паўстанцы, засталося невядомым. Заўважыўшы гэтую трывогу, атрад паскорыў крокі, але калі мы ўвайшлі ў паселішча, там усё ўяўляла самы мірны і спакойны выгляд. Агледзеўшы касцёл і падвал пад ім, камандзір палка - а пры ім і я з адной ротай і казакамі правёў рэкагнасцыроўку яшчэ вёрст на пяць далей, але слядоў шайкі не знайшлося. Калі мы вярнуліся ў паселішча, дзе заставаліся нашыя дзве роты, пачынала ўжо змяркацца, а пры выступленні ў зваротны шлях да станцыі і чакаўшага нас цягніка зусім сцямнела. Салдаты абедзвюх застаўшыхся рот былі нечым ажыўлены і шумна вясёлыя. Калі ж мы пры хутка наступаўшай цемнаце мы рушылі ў дарогу, аказалася, што людзі гэтых ротаў моцна падгулялі, не захоўвалі парадак у радах, гучна размаўлялі, не саромеліся прысутнасці начальства, смяяліся, многія хісталіся. Так уцягнуліся мы ў лес, але адна з п'яных рот адстала. Камандзір палка загадаў мне ехаць назад і паскорыць рух гэтай роты. Я паскакаў, але ехаць хутчэй было цяжка: к вечару падмарозіла, зрабілася галалёдзіца, непадкаваны казацкі конь безперапынна слізгаўся, пагражаючы штохвілінным падзеннем у цемры. Не сустрэўшы роты, я выехаў з лесу і апынуўся ў полі; удалечыні мільгалі агенчыкі пакінутага намі паселішча, роты не было відаць. Я знаходзіўся ў цяжкім становішчы; рота выступіла з паселішча разам з усімі, куды ж яна магла дзецца? Наўдачу я рушыў па дарозе да паселішча і неўзабаве сустрэў мужыка, які патлумачыў мне, што рота пайшла па іншай, бліжэйшай да станцыі дарозе. Тады я паехаў назад. Уехаўшы зноў у лес я наткнуўся на на двух нашых салдат; адзін п'яны валяўся на дарозе, а другі, больш цвярозы, стоячы над ім, трымаў такую прамову: "Вось, зямляк, якая ты свіня; яшчэ хваліўся: трох ракашан адразу на штык пасаджу, а сам п'яны напіўся. Цяпер, таго і глядзі, нас саміх прыкончаць палякі. За што мне то з табой прападаць?" Я загадаў аратару падняць п'янага; аказалася, што ён можа яшчэ перастаўляць ногі, і я вырашыў злезці з каня і дапамагчы весці яго. Раптам мы пачулі з таго боку, куды рухаўся атрад, стук колаў; гэта вяртаўся ў пакінутае намі паселішча мужык, які вёз з млына муку ў мяшках. Я спыніў яго, памясціў п'янага і яго таварыша на воз і загадаў мужыку ехаць назад наўздагон за недалёка ішоўшым па яго словах атрадам, а сам ізноў сеў на каня ў ролі канваіра гэтага абоза. Сапраўды хутка мы дагналі атрад і адпусцілі нашага вазніцу. Пасля прыходу на станцыю пакінуты там арыштаваны арандатар млына прынёс палкоўніку скаргу, што салдаты ўкралі ў яго дробнымі срэбнымі грашыма больш за сто рублёў, усё чайнае і сталовае срэбра, сарвалі з шыі настаўніцы яго дзяцей мяшочак з зашытай у яго сторублёвай паперкай. Тут мы і даведаліся прычыну таго, што салдаты нашыя нечакана, з нейкіх невядомых сродкаў так моцна падгулялі. Адразу ж быў зроблены ператрус, і за выключэннем прапітых рублёў дзесяці, усё ўкрадзенае знойдзена, адабрана і вернута пацярпеўшаму разам з воляй, паколькі ніякіх улік супраць яго не было здабыта. Справа адбылася так: камандаваўшы звязам, адпраўленым на млын, падпаручнік Д-цкі, па няведанні, ці па апасенні наткнуцца на ракашан, не ачапіў, як належала, дом салдатамі з тым, каб пасля таго самому з канвойнымі ўвайсці ўнутр і зрабіць ператрус, а ўвёў у дом усю каманду. Салдаты без нагляду ўварваліся ў дом, засталі арандатара за падлікам выручкі, якая складалася з дробнага срэбра, узялі гэтую выручку, а таксама знойдзенае пры ператрусе сталовае і чайнае срэбра і грошы беднай настаўніцы. За гэты непрыемны выпадак ніякай справы не праводзілася - час быў гарачы, было не да таго, каб праводзіць следства і цягаць людзей на допыты ў якасці сведак і абвінавачаных; сапраўды, неўзабаве, дні цераз тры - чатыры з гэтымі ж ротамі давялося ісці ў новую экспедыцыю.

Былі атрыманы звесткі, што ў лясах каля мястэчка Кейданы, вёрст за пяцьдзесят ад Коўні з'явілася значная партыя ракашан. Правадырамі называлі ксендза Мацкевіча, нейкага Колышку і Карэву. У гэты час урад распарадзіўся пра неадкладнае спыненне абавязковых адносінаў сялян да абшарнікаў ахопленых рокашам губерняў, і войскам было загадана пры руху абвяшчаць гэтую навіну ва ўсіх паселішчах, якія ляжалі па дарозе, і ўсім сустрэчным сялянам. Камандзіру нашага палка паручана было ісці ў мястэчка Кейданы, дзе ўжо стаялі дзве нашыя роты пад камандай маёра Г-віча. Атрад наш сфармаваўся з папярэдніх трох рот, некалькіх данскіх казакаў і эскадрона лейб-драгунскага Маскоўскага Яго Вялікасці палка. Незадоўга да выступлення я набыў гутаперчавы плашч з такім жа башлыком, якія і былі прывязаны ў мяне да сядла, калі ў пахмурны сакавіцкі дзень, рана раніцай, атрад наш выйшаў з Коўні па дарозе на Кейданы. Замарасіў дождж; не злазячы з каня я надзеў гутаперчавы плашч і накінуў на галаву башлык. Неўзабаве мне спатрэбілася нешта паправіць у сядлоўцы і для гэтага злезці; конь, які ніколі не бачыў мяне ў гэтым нарадзе, пачаў рвацца; я яго стараўся ўтрымаць, але ўпаў, конь заблытаўся нагамі ў плашчы і парваў яго на шматкі, нанёсшы мне капытом рану ў галаву; на шчасце конь быў каваны не на ўсе ногі, і рана аказалася настолькі лёгкай, што я мог выконваць свае абавязкі.

Згодна з атрыманым загадам, мы спынялі сустрэчных сялян і абвяшчалі ім пра канчатковую адмену і поўнае знішчэнне паншчыны. Мужыкі выслухвалі гэта неяк недаўменна і недаверліва; відаць, яны не ведалі, каму і чаму верыць; палякі таксама абяцалі ім поўную свабоду, ды яшчэ ўдабавак і зямлю дарэмна. Каму верыць, каго трымаца? Толькі пасля няўдач, пасцігшых паўстанцаў пры сустрэчах з войскамі, сяляне, якім наўмысна даручалася прыбіраць целы забітых ракашан, зрабіліся больш смелымі і адважваліся яўна трымаць наш бок.

Здаецца, за дзень да нашага выступлення з Коўні зрабілася вядомай навіна пра арышт аднаго з правадыроў ракашан, афіцэра корпуса ляснічых Карэвы. Арышт гэты адбыўся не зусім пры звычайных абставінах. Карэву ўжо шукалі, і прыкметы былі паведамлены, каму належыць. Праязджаючы на паштовых, ён сустрэўся на дарозе з жандармскім афіцэрам, які апазнаў яго па паведамленых прыкметах і спыніў; калі афіцэр запатрабаваў у яго пасведчанне, хто ён такі, Карэва выхапіў рэвальвер, хацеў выстраліць ва ўпор у афіцэра, але той паспеў адмахнуць рулю рэвальвера, выстрал адбыўся ў паветра, і Карэва быў абяззброены і арыштаваны. Як афіцэр рускай службы ён быў па выраку суда расстраляны. Маёнтак маці Карэвы знаходзіўся недалёка ад Коўні на дарозе нашага атрада. Мы зрабілі ў гэтым маёнтку працяглы прывал. Хадзілі чуткі, што тут нярэдка бывалі і карысталіся шырокай гасціннасцю гаспадароў, кіраўнікі паўстання. Па-гэтаму, палкоўнік знайшоў патрэбным правесці ў доме і сядзібе ператрус для вышуку, ці не знойдзецца чаго, што мае сувязь з рокашам і можа даць карысныя ўказанні пра месцазнаходжанне паўстанцаў. Пры гэтым палкоўнік патлумачыў абшарніцы, што падставай для ператрусу служаць, акрамя звестак пра ўласную яе палітычную недабранадзейнасць і тыя абставіны, што сын яе, нядаўна арыштаваны, прымаў самы блізкі ўдзел у рокашы. Абшарніца і ўсе яе дочкі, яшчэ маладыя асобы, відаць ведалі пра гэты арышт, яны выслухалі паведамленне пра тое палкоўніка з выглядам гераінь-патрыётак, гатовых на ўсякія ахвяры; маці прама заявіла, што ў яе для Радзімы ёсць яшчэ тры сыны. Тым не менш гаспадары прапанавалі пачаставаць увесь атрад абедам і паднясці гарэлкі ніжнім чынам. Палкоўнік наадрэз адмовіўся ад пачастунку ніжніх чыноў, і сам не прымаў удзелу ў абедзе, пададзеным афіцэрам, з якіх многія паступілі па яго прыкладу. Гаспадары, асабліва дочкі, з насмешкай пыталіся, няўжо палкоўнік і афіцэры баяцца атруты. Яны не памыляліся, гэтае апасенне, якое апраўдвалася вядомай нянавісцю да рускіх членаў гэтай сям'і, прымусіла яго з недаверам аднесціся да іхняй гасціннасці.

(Працяг у наст. нумары.)

М. П . Мяжэцкі


ДУХ ПРОДКАЎ ЖЫВЕ Ў НАШЫХ СЭРЦАХ

Чацвёрты фестываль фальклору "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" сабраў у Троках дзесяткі самабытных калектываў і арыгінальных выканаўцаў з Троцкага і Лідскага рэгіёнаў. На працягу двух дзён яны далучалі гараджан і шматлікіх гасцей свята да традыцыйнай народнай музыкі, песняў і танцаў.

Фестываль "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" праходзіць пры міжнароднай тэхнічанай дапамозе Еўрапейскага Саюза ў рамках праекту трансмежавага супрацоўніцтва паміж Латвіяй, Літвой і Беларуссю. Гэты фестываль з'яўляецца той пляцоўкай, якая аб'ядноўвае не толькі творчыя калектывы, але і народы.

У дзень адкрыцця фестывалю, падчас канцэртнай праграмы сям'і Мацкявічывусаў, наведвальнікі свята пазнаёміліся з выстаўкай народнага мастацтва і рамёстваў Троцкага краю, паглядзелі прэзентацыю праекта "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах".

На фестывальнай сцэне выступілі выдучыя калектывы Троцкага і Лідскага рэгіёну - народны ансамбль "Дыямедыс", ансамбль польскай народнай песні і танцу "Полукняне", ансамбль польскай народнай песні і танцу "Трочане", рускі народны ансамбль "Забава", фальклорны ансамбль Лідскага раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры, народны ансамбль народнай музыкі і песні "Прынямонцы", народны ансамбль народнай музыкі "Гудскі гармонік", інструментальны ансамбль "Фестываль" і іншыя. Іх удзельнікі ва ўсёй паўнаце прадставілі фальклорнае і народнае мастацтва.

На цэнтральнай плошчы горада працаваў "Горад майстроў", дзе прадстаўлены былі народныя ўмельцы як з Трокаў, так і з Ліды.

Вечарам усіх прысутных чакаў феерверк, які расквеціў неба над Трокамі і стаў бліскучым фінальным акордам свята.

Фестываль выйшаў за межы горада: яго ўдзельнікі выступілі на восеньскіх кірмашах ў многіх населеных пунктах раёна.

Аматараў традыцыйнага лялечнага тэатра "Батлейка" сабралі супрацоўнікі Лідскага раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры. Была прадстаўлена беларуская народная казка "Курачка і каласок", якая суправаджалася жывым выкананнем акцёраў, ігрой на народных музычных інструментах і традыцыйнымі беларускімі гульнямі.

Кожная старонка фестывалю "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах", кожны падворак народнага майстра і кожны калектыў працягвае духоўны масток паміж скарбонкай даўніны, якую нашы продкі даверху напоўнілі лепшым, што было ў нацыянальнай культуры беларусаў і літоўцаў.

Н. ВАЙЦЮКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці.


ВЕРАСЕНЬ У ТБК ЛІТВЫ

Ляцяць у вырай жураўлі і гусі,

Дубовы ліст у жылках і ў расе,

Мне нагадаў абрысы Беларусі


Яго мая кранаецца рука,

А ён нібыта выкананы з броні,

І жылка кожнага

дубовага лістка

Злілася з жылкамі маёй далоні.

Гэтыя радкі Сяргея Грахоўскага, 100 - гадовы юбілей якога прыпаў у гэтым годзе, могуць быць эпіграфам да сустрэчы, якая адбылася, як заўсёды, у ТБК у апошнюю суботу месяца. Размова ішла пра мінулае і сучаснасць. Гэтым разам рэдактар беларускай радыёпраграмы на Літоўскім радыё Андрусь Старавойтаў расказаў пра выпадак у Польшчы (падмацаваўшы аповед відэапаказам) калі артысты, якія мелі прадстаўляць Беларусь, з запалам спявалі "Калінку - малінку" ды гралі іншую музыку суседняй дзяржавы. Ім і ў галаву не прыходзіла, што кожны народ мае сваю музыку і свае песні.

Алесь Адамковіч, як заўсёды, змястоўна расказаў пра постаці ксяндзоў Яна Матусевіча і Міколы Гайдука. Іх ужо няма з намі, але іх досвед можа натхніць многіх наступнікаў. Спадар Адамковіч прачытаў таксама верш Наталлі Арсенневай.

Адбылася і прыемная нечаканасць - у госці завіталі былыя дэпутаты Вярхоўнай Рады Беларусі сп. Зянон Пазняк, сп. Юрась Беленькі, сп. Сяргей Папкоў і гісторык Аляксандр Краўцэвіч. Гутарка пайшла пра гісторыю, пра становішча Беларусі ва ўмовах унутранай акупацыі, лёс мовы і культуры. Шкада толькі, што прысутных было гэтым разам мала.

На завяршэнне сустрэчы малады святар айцец Даніла асвяціў сядзібу ТБК.

В.а. старшыні ТБК Крыстына Балаховіч.


Юбілейная выстава Базыля Камарова

2-га кастрычніка ў Магілёве адбылася юбілейная выстава выбітнага мастака Базыля Камарова. Былі прэзентаваныя як карціны, ужо бачаныя раней, так і новыя, створаныя за апошнія некалькі год. Павіншаваць таленавітага мастака сабралася багата людзей, сярод якіх былі і паэтэса Тамара Аўсяннікава, старшыня магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў, географ і краязнавец Ігар Шаруха. Свой захапляльны верш пра ролю мастака ў захаванні гістарычнай памяці горада прысвяціў Б. Камарову выкладчык і літаратар Міхась Булавацкі.

Карціны Базыля Камарова прасякнутыя жывым духам беларушчыны, поўныя шчырай любові да жыцця. Базыль - аўтар афармлення Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Еўдакіма Раманавіча Раманава.

Аляксей Карпенка.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX