Вярнуцца: 2013

№ 45 (1144)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 45 (1144) 6 лістапада 2013 г.


ДЗЯДЫ - 2013

3 лістапада ў Менску прайшлі шэсце і мітынг, прысвечаныя Дню памяці продкаў "Дзяды". Калона з некалькіх соцень чалавек пад бел-чырвона-белымі сцягамі, скандуючы "Жыве Беларусь!", рушыла ад гадзіннікавага завода да ўрочышча Курапаты - месца пахавання дзясяткаў тысяч ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. Дазвол на мерапрыемства атрымалі актывісты Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ.

Па словах Юрася Беленькага, сёлетнія "Дзяды" юбілейныя. Першыя адбыліся 25 год назад, 30 кастрычніка 1988 года. Яны былі разагнаныя камуністычнымі ўладамі. Як падкрэсліў Юрась Беленькі, дзякуючы Зянону Пазьняку, які кіраваў дэманстрацыяй, удалося пазбегнуць сур'ёзных сутыкненняў і, магчыма, ахвяраў. Але тыя "Дзяды" сталі моцным штуршком для абуджэння і дэмакратызацыі грамадства. З тых часоў мерапрыемства традыцыйна праходзіць у Менску і завяршаецца ў Курапатах.

Вельмі важна пастаянна нагадваць грамадству, да якіх жахлівых наступстваў прыводзіць таталітарная ўлада, адзначыў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. Ён разам з іншымі сябрамі партыі традыцыйна ўдзельнічаў і ў сёлетніх "Дзядах".

- Вельмі важна, што кожны год гэтая акцыя адбываецца, кожны год з бел-чырвона-белымі сцягамі калона праходзіць фактычна ад цэнтра горада ў Курапаты. Гэта вельмі добрая магчымасць нагадаць беларускаму грамадству да якіх жахлівых наступстваў прыводзіць таталітарная ўлада, чым можа абярнуцца маўчанне народа. У 30-я гады народ маўчаў, хаваўся, і сотні тысячаў беларусаў былі расстраляныя, а яшчэ больш - адпраўленыя ў лагеры.

(Матэрыялы да Дня памяці глядзіце на ст. 3 - 7)


Існаванне Літаратурнага музея Максіма Багдановіча знаходзіцца пад пагрозай

Заява Сакратарыяту ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь збіраецца ліквідаваць Літаратурны музей Максіма Багдановіча як юрыдычную асобу і такім чынам панізіць яго статус.

Мы расцэньваем гэта рашэнне як непрадуманае.

Постаць Максіма Багдановіча і яго паэзія лучыць беларускі народ з культурай іншых народаў, найперш украінскага і рускага. Музей мае на сённяшні дзень у сваёй структуры два філіялы. Супрацоўнікі Літаратурнага музея за апошні час наладзілі трывалыя стасункі з музеямі іншых краін, у прыватнасці ў Бельгіі і Францыі. Аб'яўленая аптымізацыя музея цягне за сабой значныя грашовыя выдаткі, што ў Год беражлівасці выглядае як наўмыснае марнатраўства дзяржаўных сродкаў.

Мы заяўляем, што ліквідацыя Літаратурнага музея Максіма Багдановіча - прамы ўдар па беларускай культуры.

Мы заклікаем усіх грамадзян Беларусі актыўна выступіць у абарону Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Прынята 28 кастрычніка 2013 г.


130 гадоў з дня нараджэння Вацлава Ластоўскага

Вацлаў Юстынавіч ЛАСТОЎСКІ (8 лістапада 1883 - 23 студзеня 1938) - беларускі пісьменнік, гісторык, літаратуразнавец, публіцыст і палітычны дзеяч, адзін з пачынальнікаў нацыянальнага адраджэння. Акадэмік Беларускай акадэміі навук (1928).

Нарадзіўся ў засценку Калеснікі Дзісенскага павету Віленскай губерні (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) у сям'і беззямельнага шляхціца. Скончыў на радзіме Пагосцкую пачатковую школу. Пасля сканчэння непрацяглы час вывучаў лацінскую мову ў свайго дзядзькі Францішка Ластоўскага.

У 1896 годзе, Ластоўскі з'ехаў у Вільню. Працаваў хлопчыкам на паслугах у віннай лаўцы, канцылярыстам у Шаўлях, бібліятэкарам у студэнцкай бібліятэцы ў Санкт-Пецярбурзе, дзе наведваў лекцыі ва ўніверсітэце. Рабіў канторшчыкам на таварнай станцыі ў Рызе. Далучыўся да беларускага нацыянальнага грамадскага і культурнага руху. У 1906-1908 гадах уваходзіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. У 1906 годзе быў арыштаваны за сацыялістычную прапаганду і сядзеў некалькі месяцаў у турме.

Ад 1909 - сакратар рэдакцыі "Нашай Нівы" і загадчык першай беларускай кнігарні (па адрасе ў Вільні Завальная, 7), у 1916-1917 - рэдактар газеты "Гоман", у 1918 выдаваў газету "Krywiсanin". У канцы 1918 года ўзначаліў прадстаўніцтва ўраду БНР пры літоўскай Тарыбе, быў беларускім аташэ пры літоўскім пасольстве ў Берліне. З 1919 - у партыі беларускіх эсэраў, са снежня 1919 да красавіка 1923 узначальваў Раду міністраў БНР (быў прэм'ерам).

Удзельнічаў у арганізацыі антыпольскага партызанскага руху ў Заходняй Беларусі, быў старшынём Сувязі нацыянальна-дзяржаўнага вызвалення Беларусі. Быў зняволены польскімі ўладамі, у 1920 яму дазволена выехаць ў Летуву. У красавіку 1923 года выйшаў з ураду БНР і адышоў ад актыўнай палітычнай дзейнасці. Выдаваў у Коўні літаратурна-навуковы часопіс "Крывіч" (1923-1927).

У красавіку 1926 пераехаў у БССР. У 1927 урад БССР дазволіў яму вярнуцца ў Менск. Працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея. Ад 1928 году Вацлаў Ластоўскі - акадэмік і сакратар Інбелкульта і Акадэміі навук БССР. У 1930 годзе, падчас экспедыцыі ў Сібір, Ластоўскага арыштавалі па справе "Саюза вызвалення Беларусі", пазбавілі звання акадэміка і саслалі на 5 гадоў у Саратаў. Там ён працаваў загадчыкам аддзела рэдкай кнігі ва ўніверсітэцкай бібліятэцы. Паўторна арыштаваны ў 1937, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. 23 студзеня 1938 году яго расстралялі. Па першым прыгаворы рэабілітаваны 10 чэрвеня 1988, па другім - у 1958.

Вікіпедыя. (Пра В. Ластоўскага чытайце на стст. 3-4.)


80 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Адамчыка

Вячаслаў Уладзіміравіч АДАМЧЫК нарадзіўся 1 лістапада 1933 года ў вёсцы Варакомшчына ў сялянскай сям'і. Яму было ўсяго шэсць гадоў, калі адбылося ўз'яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі, восем - калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Што можна запомніць у такія гады? А запомнілася многае і надоўга, якраз столькі, каб на ўсё, што пішуць пра той час, мець свой уласны погляд.

Першыя спробы пяра Вячаслава Адамчыка паказалі, што ў літаратуру прыйшоў сапраўдны майстар мастацкага слова: адметны і непаўторны. За гады літаратурнай працы з-пад яго пяра выйшлі шматлікія зборнікі прозы ("Свой чалавек", "Млечны шлях", "Міг бліскавіцы", "Дзікі голуб", "Раяль з адламаным вечкам" і інш.), тры раманы - "Чужая бацькаўшчына", "Год нулявы", "І скажа той, хто народзіцца…", некалькі сцэнарыяў, п'еса "Раіса Грамычына". Творам пісьменніка ўласцівы глыбокі псіхалагізм, стылёвая адметнасць, тонкі лірызм. Праца вядомага празаіка адзначана Літаратурнай прэміяй імя І. Мележа (1980), Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Якуба Коласа.

Жыццёвы шлях Вячаслава Адамчыка абарваўся ў 2001 годзе, калі пісьменніку было толькі 67 гадоў. Пісьменнік мог бы яшчэ плённа працаваць, аднак і тая творчая спадчына, што засталася, выклікае захапленне.

Прэс-служба СБП.


XV Міжнародны з'езд славістаў: погляд звонку

( Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Магчыма з-за сваёй недастатковай дасведчанасці ва ўсіх н'юансах працы форуму дый самога жыцця тых дзён я памыляюся, празмерна катэгарычны ў адмаўленні ў нашых палітычных вярхоў усякага жадання да сустрэч з групамі замежных удзельнікаў з'езду (лагічна было б хоць па аднаму ад кожнай краіны-ўдзельніцы). Пачакаем, можа хтосьці асмеліцца і патлумачыць прычыны няўвагі. Я ж лічу, што нашыя высокія дзяржаўныя дзеячы прынцыпова не ішлі, баяліся такіх сустрэч і хутчэй за ўсё таму, што з запрошанымі гасцямі належала, каб падтрымаць аўтарытэт краіны, гаварыць на яе тытульнай мове, што ўладамі мэтанакіравана не практыкуецца амаль дваццаць гадоў, і многія чыноўнікі не валодаюць ёю.

Ужываць рускую мову перад такой аўдыторыяй - гэта значыла б асароміцца на ўвесь свет. Нашым палітыкам, ідэолагам можна гаварыць толькі з беларускім народам на чужой для яго мове, бо будучы разумнікамі, хітрунамі збіты з панталыку, ён усё ж прагаласаваў у маі 1995 года за наданне рускай мове статусу дзяржаўнай, чым развязаў рукі чыноўніцкаму апарату, каб поўнасцю перавесці на яе афіцыйнае жыццё краіны. Гэта ўдалося, і ЮНЕСКА не без падстаў вынесла такі суровы прысуд беларускай мове. Цяпер нашыя ўлады з зайздросным алімпійскім спакоем чакаюць таго запаветнага часу, калі гэтыя аўтарытэтная міжнародная арганізацыя аб'явіць беларускую мову яшчэ і мёртвай і, значыцца, ім не трэба будзе рабіць аніякіх практычных захадаў па яе выратаванні. Застанецца толькі ў нейкім нарматыўным акце ўрачыста адзначыць, што ў суверэннай Рэспубліцы Беларусь статусам дзяржаўнай карыстаецца толькі адна мова - руская. Хоць гэта мо была б і самая радасная, самая жаданая для палітычнага кіраўніцтва краіны падзея, аднак яна цалкам супярэчыць і беларускаму нацыянальнаму, і агульнаславянскаму інтарэсам, таму XV Міжнародны з'езд славістаў павінен быў бы прынцыпова зусім інакш паставіцца да дадзенай праблемы, грунтоўна абмеркаваць, што трэба ўладам, навукоўцам, усяму народу зрабіць, каб выпісаць сваю родную беларускую мову з Чырвонай Кнігі ЮНЕСКА, бо калі бяздзейнічаць, у яе толькі адно выйсце: загінуць. Не абмеркавалі такой праблемы. Мо дзякуючы вялікім старанням айчыннай палітычнай і навуковай эліты. Калі я памыляюся, дык даруйце, бо свой погляд на працу XV Міжнароднага з'езду славістаў раблю галоўным чынам паводле пададзеных у СМІ матэрыялаў. А яны ж, як нішто іншае, стварылі ў мяне ўражанне, што не толькі для самых-самых высокіх дзяржаўных дзеячаў, але і для намнога больш нізкіх рангаў палітыкаў, паслужлівых ім ідэолагаў, што дзесяцігоддзямі без перадыху працуюць на ўрадлівай глебе русіфікацыі, з'езд славістаў быў не больш, як толькі калектыўнай персонай нон грата.

* * *

Не знаходжу аніякага апраўдання, што для ангажаваных у беларускую праблематыку ўдзельнікаў з'езду не арганізоўваліся сустрэчы з прадстаўнічымі грамадскімі арганізацыямі, адміністрацыяй Мінска ці іншых гарадоў, што, не выключана, магло б дапамагчы адшуканню больш надзейных шляхоў выратавання нашага народа ад шкоднай і для яго, і для ўсяго свету культурна-моўнай асіміляцыі. Калі ж і ладзіліся такога роду неафіцыйныя сустрэчы, дык пераважна з малой колькасцю людзей у калектывах, якія не маглі сабраць шырокую аўдыторыю, стварыць належныя ўмовы для выступоўцаў. На адной з такіх сустрэч у Мінскай Галерэі Ў прысутнічаў 27 жніўня і аўтар гэтых радкоў. З дакладам "Амбівалентныя нацыянальныя мовы: чым беларуская падобная да шатландскай?" выступаў вядомы амерыканскі славіст (спецыялізуецца па вывучэнні рускай, польскай, беларускай моў), прафесар Брандайскага ўніверсітэта (ЗША) Курт Вулгайзер. Лекцыя выклікала вялікую цікавасць у прысутных, сярод якіх пераважалі людзі маладых узростаў. З-за дрэннага асвятлення залы навукоўцу даводзілася падымаць канспект лекцыі як мага вышэй да прымацаванай да столі электралямпачкі. На лекцыі не прысутнічала аніводнай выбітнай афіцыйнай асобы, каб падзякаваць лектару, публічна не было падаравана яму аніводнай кніжкі па гісторыі, культуры, мове, чаго ён вельмі заслугоўваў.

Зусім не такой аўдыторыі (арганізаваў яе не які-небудзь афіцыйны орган, а Лятучы ўніверсітэт, прысутнічала некалькі дзясяткаў чалавек?!) заслугоўвала ўдзельніца з'езду славістаў, да таго ж яшчэ першы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь многім з нас добра вядомая Эльжбета Смулкова. Акрамя ўсяго гэтага, заслугоўвала вялікай увагі да сябе яшчэ і таму, што на працягу доўгага часу праводзіць плённую працу і мае багатыя набыткі па даследаванні шмат у чым спецыфічных беларускіх гаворак на Беласточчыне. Высокага прафесіяналізму беларусістцы не маглі не задаць пытання пра лёс нашага роднага слова на яго гістарычнай тэрыторыі, на што быў такі адказ: "Калі моладзь загаворыць, то беларуская мова будзе жыць…" Несумненна, як і пры вырашэнні многіх іншых лёсавызначальных пытанняў ад моладзі і ў дадзеным выпадку шмат чаго залежыць. Але як яна авалодае беларускай мовай, калі апошняя гучыць толькі ў адзінкавых сем'ях, займае сірочае становішча ў сістэме народнай адукацыі, цалкам адсутнічае ў грамадскім жыцці, так зрэдку гучыць па радыё і тэлебачанні, падчас правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Бясспрэчна, цвёрдай нацыянальнай арыентацыі моладзь можа і ў такіх крайне экстрэмальных варунках авалодаць беларускай мовай, але з ёю будзе сябе вельмі некамфортна адчуваць у спрэс рускамоўных у нашай краіне працоўных калектывах. Усе народы, якім даводзілася вяртаць свае родныя мовы да афіцыйнага жыцця, абапіраліся на кадравы, фінансавы патэнцыял уласнай дзяржавы. Наша першачарговая задача пераканаць, прымусіць яе чынавенства перайсці ад русіфікацыі да нацыястваральнай дзейнасці, без чаго нельга забяспечыць беларускай мове рэальны статус дзяржаўнай.

Падобныя Курту Вулгайзеру, Альжбеце Смулковай славісты-беларусісты мелі правы на самыя лепшыя ў нашай сталіцы залы ў Доме ўраду, Палацы Рэспублікі, Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і інш. пры абавязковай прысутнасці ў іх палітычнай і інтэлектуальнай эліты, каб супольна з разумнымі людзьмі замежжа паспрабаваць адшукаць надзейнае выйсце беларускага народа з вязкай асіміляцыйнай багны. Пералічаныя залы не былі выкарыстаны для такіх патрэбных для нашай краіны сустрэч, што асабліва недаравальна для Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе вельмі часта ладзяцца мерапрыемствы намнога меншага значэння, далёкія ад нацыянальных інтарэсаў краіны.

* * *

Вельмі скупа пісалася пра выступленні К. Вульгайзера, А. Смулковай у перыядычным друку. Такое можна сказаць і пра асвятленне працы з'езду ў цэлым. Добра, што гэты неапраўданы прагал хоць у нейкай ступені кампенсаваўся даволі частымі інтэрв'ю ўжо мною раней згаданага вядомага ў краіне і за яе межамі філолага-навукоўца А. Лукашанца. Бяда толькі, што службовае становішча не дазваляла яму на ўсе пытанні даваць праўдзівыя адказы. Далёкім ад ісціны ён быў і ў сваім выкладзе для газеты "Саюзнае Веча" (22-28 жніўня 2013 г.) праблемы нашага занядбанага афіцыйнага двухмоўя. "Ситуация, когда в стране на равных действуют два славянских языка (і праз якія толькі акуляры ўдалося ўбачыць такую роўнасць?!) , являясь государственными, практически уникальна. Есть достаточное количество стран, где пользуются сразу несколькими языками (мы ж у афіцыйным жыцці задавальняемся толькі адной мовай дый то не роднай, да таго ж такія краіны з дзвюма ці болей тытульнымі нацыямі, а ў Беларусі толькі адна). Однако это не закреплено (у краінах з некалькімі афіцыйнымі мовамі. - Л.Л. ) официально. Белорусам в некотором случае повезло больше других (так пашанцавала, што іх родная мова практычна зусім не выкарыстоўваецца ва ўсіх сферах афіцыйнага жыцця, не гучыць у грамадскіх месцах, што на ёй не працуе ўся сістэма вышэйшай школы!) …сегодня гражданину Беларуси доступны все культурные ценности, воплощенные и в белорусском, и в русском языках (г. зн. і тады, калі такія каштоўнасці ўвасабляюцца ў беларускамоўных літаратурных крыніцах з накладам 100 асобнікаў? Не паверу!)". Проста не разумею, як такое можна сцвярджаць, не маючы пад рукой аніводнага прыкладу канструктыўнага падыходу кіраўніцтва краіны да развязвання так даўно наспелых востранадзённых праблем з беларускай мовай. Пасадай трэба даражыць, але не на шкоду нацыянальнаму інтарэсу.

А. Лукашанец не падзяляе пазіцый тых, каго хвалюе праблема "доминирования в стране русского языка над белорусским" (а гэта ж такая архінепажаданая з'ява!). Роўнасць гэтых дзвюх моў ён бачыць у тым, што "белорусский язык носит статус государственного (заўважу: выключна сімвалічна), его изучают в школе (на вельмі нізкім узроўні з-за адсутнасці дастатковай колькасці кваліфікаваных настаўнікаў беларускай мовы, яе зразумелай нават і самім вучням незапатрабаванасці грамадствам), используют в разных сферах общества (а пра такое лепей было б зусім не згадваць, бо гэта - фікцыя!)". А вось пад такімі словамі А. Лукашанца без усякіх хістанняў падпісаўся б: "Однако остро стоит вопрос, как расширить его (беларускай мовы. - Л.Л. ) использование в качестве реального средства общения" . Так, гэта праблема з праблем. Развязаць яе змогуць толькі беларускамоўныя, выразнай нацыянальнай арыентацыі палітыкі. Але ці ўдасца ім калінебудзь прыйсці да ўлады, разгортваючы сваю дзейнасць у змаганні за яе амаль у цалкам зрусіфікаваным грамадстве? Надзвычай цяжка, але трэба пачынаць дзейнічаць, пакуль застаюцца хоць самыя мізэрныя шанцы на поспех.

А. Лукашанец падзяляе погляды некаторых навукоўцаў і сацыёлагаў на характэрную для апошніх часоў тэндэнцыю "расширения сферы функционирования белорусского языка" , спасылаючыся на тое, што сёння да апошняга "активно обращается молодежь, причем очень образованная и творческая" , што "несмотря на существенные проблемы его использования в традиционных официальных сферах (наўмысна падкрэсліў гэтыя словы, бо цалкам падзяляю іх), достаточно активно проникает в те сферы, в которых он раньше никогда не использовался (але ж не з такім маштабам, як тут функцыянуе руская мова). Это касается интернет-пространства, а также конфессиональной сферы. И это настоящий феномен XXI века" (залішні апафеоз!).

Што пра ўсё гэта можна сказаць? Так, быў спрыяльны час, калі моладзь масава памкнулася да самай дарагой, незаменнай духоўнай каштоўнасці нашай Бацькаўшчыны - беларускай мовы. Прыпаў ён на пік дзейнасці Беларускага народнага фронту "Адраджэньне", пры якім сфармаваўся амаль цалкам беларускамоўны "Малады фронт". У тыя ж гады беларуская мова заўважна ўзмацняла свае пазіцыі ў сферы адукацыі, што вельмі станоўча адбівалася на нацыянальнай актыўнасці моладзі, маштабах выкарыстання беларускай мовы ў многіх сферах грамадскага жыцця. З гэтым сёння мы, на вялікі жаль, у такой меры не сутыкаемся. Сучасная сістэма адукацыі ніколькі не спрыяе авалодванню моладдзю беларускай мовай. Такога можна дасягнуць галоўным чынам толькі самапасам. Сёлета пры паступленні на вучобу ў вышэйшыя ўстановы беларуская мова паводле маштабаў выкарыстання яе абітурыентамі прыкметна ўступала рускай. Не трэба забывацца, што ў нацыянальна моўнай моладзі маецца вельмі сур'ёзны прарускай арыентацыі, а таму і рускамоўны апанент - Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, галоўным напрамкам дзейнасці якога з'яўляецца не служэнне святым ідэалам свайго народа, а ўсямернае садзеянне ўладам краіны ў яе палітычным аб'яднанні з Расіяй.

Няма асабліва важкіх прычын радавацца пранікненню беларускай мовы ў інтэрнет-прастору, бо яе (мовы) лёс усё ж у вырашальнай ступені залежыць ад маштабаў ужывання ў сферах традыцыйнай грамадскай дзейнасці, куды яна ніяк не можа патрапіць з-за панавання тут сваёй непераможнай суперніцы - рускай мовы, абаронцаў якой з кожным годам становіцца ўсё больш і больш сярод здэнацыяналізаваных палітыкаў, ідэолагаў і інтэлігенцыі.

Беларуская мова не зойме сабе законнай шырокай прасторы ў праваслаўным набажэнстве, пакуль гэтая канфесія будзе поўнасцю залежаць ад Маскоўскага патрыярхату. Моцныя пазіцыі ў рускага фактару ў пратэстанцкай царкве нашага краю, бо ў яе кіраўніцтве мала беларускай нацыянальнай свядомасці людзей. Не стае іх і ў каталіцкім касцёле і толькі з-за спрадвечна нацягнутых дачыненняў з рускім праваслаўем ён не мае жадання даць якую-небудзь прастору ў сваёй дзейнасці рускай мове, а карыстаецца пераважна беларускай. Пад уплывам прапольскі настроеных ксяндзоў многія беларускага паходжання вернікі гэтай канфесіі і цяпер памылкова залічваюць сябе да палякаў. Словам, сёння ў беларускай мовы столькі складаных, запушчаных праблем, што без удзелу дзяржавы развязванне іх ніяк не зрушыць з месца. Яна ж пакуль што дала толькі згоду на ўнясенне ў правапіс беларускай мовы некаторых нязначных, а часам і непатрэбных паправак. Такую ласку дзяржавы можна параўнаць з прапановай кіраўніка групы бальных танцаў наведваць яго заняткі спаралізаванаму, прыкутаму да ложка чалавеку. Без сур'ёзнай, больш канструктыўнай, чым нават у міжваенны перыяд, дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі мы ніколі не паставім на ногі беларускую мову.

Сваё выступленне на старонках той газеты так закончыў А. Лукашанец: "Думаю, ученым, приехавшим на съезд, будет интересно принять участие в научной программе форума (цалкам згодны!), но и ознакомиться с уникальной (у маім разуменні: у сэнсе амаль поўнага выключэння беларускай мовы з абслугоўвання грамадскага жыцця) языковой ситуации в стране" . Мяркуючы па назвах дакладаў гэтую сітуацыю нельга было належным чынам раскрыць. Дый такой мэты не ставілася арганізатарамі з'езду.

У адным з інтэрв'ю А. Лукашанца прагучала, што сучасная агульнаадукацыйная школа (нагадаю, што прыкладна 85 працэнтаў яе кантэнгенту навучаюцца па-руску) дае вучням дастаткова ведаў для валодання беларускай мовай. Жыццё ніяк не пацвярджае падобнай аптымістычнай высновы, і асабліва пасля таго, калі і такія скіраваныя на фармаванне нацыянальнай свядомасці прадметы, як гісторыя і геаграфія, пачалі выкладаць па-руску. У навучальна-выхаваўчы працэс агульнаадукацыйных школ проста не закладзена, прычым свядома, столькі беларускамоўнага пачатку, каб дзеці ведалі, любілі, ганарыліся тытульнай мовай краіны. Калі хтосьці з іх больш-менш адукаваны ў беларускай мове, дык гэта хутчэй за ўсё заслуга добра арганізаванага сямейнага нацыянальнага выхавання ці асабістых старанняў саміх школьнікаў старэйшых класаў, бо нямала хто з іх добра разумее, да якой страшэннай катастрофы вядзе народ страта роднага слова. Вось толькі бяда, што такія вучні не могуць сябе рэалізаваць у жыцці роднага краю, бо тут буяе ўсё не нашае, а навязанае з суседняй усходняй краіны. Не толькі руская агульнаадукацыйная школа, але і нашая сучасная сістэма адукацыі ўвогуле з'яўляецца ні чым іншым, як ненажэрным крэматорыем усяго беларускага: нацыянальнай самасвядомасці, прыроднай культуры, матчынай мовы. Сёння ў нас гэтая ва ўсіх цывілізаваных народаў свету галоўная этнаўтваральная сфера, як ніколі раней, больш адпавядае духу русіфікацыі, чым нацыянальнаму ідэалу дзяржаўнага народа Рэспублікі Беларусь.

Многаму з таго, што ў СМІ распаўсюджвалася афіцыйнымі прадстаўнікамі беларускай філалагічнай навукі, верылі замежныя ўдзельнікі з'езду, але не ўсе.

(Заканч. у наст. нумары.)

Леанід ЛЫЧ, доктар гістарычных навук, прафесар


БУДАЎНІК НАЦЫЯНАЛЬНАГА ХРАМА ВЕДЫ І КРАСЫ

(да 130-годдзя з дня нараджэння В. Ластоўскага)

80 - 90-я гады мінулага стагоддзя - час актыўнага вяртання ў гістарычна-культурны і навуковы працэс спадчыны тых творцаў, якія сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій, і каго ідэалагічная цэнзура больш за паўстагоддзя настойліва імкнулася выкрасліць з айчыннай гісторыі, навукі, сцерці з людской памяці. Гэта было пакаленне людзей, якія аддана, шчыра, рупліва, настойліва працавалі на карысць сваёй Бацькаўшчыны, свайго народа, пакаленне высокіх інтэлектуалаў, якое на парэштках Расійскай імперыі імкнулася пабудаваць новую, вольную Беларусь. Маладыя інтэлігенты, у якіх абудзілася нацыянальная самасвядомасць, заклікалі суайчыннікаў абудзіцца "ад зімовага рабскага сну". Яны верылі ў тое, што "багаты слаўнай культурнай мінуўшчынай, поўны маладых творчых сіл… беларускі народ у хуткім часе дасць славянству і ўсяму свету яркія доказы свайго ўваскрашэння і прынясе на раскошны алтар чалавечай цывілізацыі плён свайго нацыянальнага генія, лепшыя кветы свайго вызваленага духу" (А. Цвікевіч) . Аднак іхнім спадзяванням не суджана было здзейсніцца. Адны з іх зніклі бясследна і пахаваныя ў невядома якіх Курапатах, другія (іх значна менш) прайшлі праз пекла пакут і здзекаў, праз гвалтоўны разрыў з Радзімай і любімай працай. Пра іх не згадавалася ў энцыклапедыях савецкага часу, а калі і паведамлялася, то лёс абмяжоўваўся зашыфраванай фармулёўкай: "у апошнія гады жыў за межамі БССР…". Яны былі людзьмі аднолькавых ці блізкіх светапоглядаў, падобнага зыходу: гвалтоўнае выгнанне з Радзімы, пакутніцкая смерць, доўгае забыццё на Бацькаўшчыне. Такі тыповы лёс большасці адраджэнцаў пачатку ХХ ст., якія жылі дзеля Беларусі, для беларускага народа, будавалі Беларускі Дом (А. Каўка) , у якім гучала б роднае слова, і ніхто не насміхаўся б з яго. Яны імкнуліся да таго, каб у гэтым Доме наш народ стаў сапраўды вольным, незалежным, сапраўдным грамадзянінам сваёй Краіны, здольным ведаць яе гісторыю, культуру, мову, шанаваць іх. Самааддана і самаахвярна яны працавалі, не зважаючы на перашкоды, кпіны, пераследы, імкнучыся сваімі асветніцкімі ідэямі зрабіць рэвалюцыю ў духоўнай сферы. Сёлета 23 студзеня споўнілася 75 гадоў з дня пакутніцкай смерці, а 8 лістапада будзе 130 гадоў з дня нараджэння аднаго з іх - былога сакратара "Нашай нівы", былога прэм'ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі, неадменнага сакратара Інстытута беларускай культуры, акадэміка і сакратара Беларускай акадэміі навук Вацлава Ластоўскага.

Асоба Вацлава Ластоўскага (1883-1938) займае адно з галоўных месцаў у гісторыі Беларусі першай паловы ХХ ст. Ён быў выдатным айчынным гісторыкам, чалавекам вялікай эрудыцыі, патрыётам свайго народа, які стварыў першае даследаванне на беларускай мове па гісторыі Беларусі ад старажытнасці да пачатку ХІХ ст., якое дало магутны імпульс развіццю нашай гістарычнай навукі. Валодаючы энцыклапедычнымі ведамі, здольнасцю глыбока аналізаваць і аднаўляць гістарычныя падзеі, ён праявіў сябе ў многіх галінах ведаў: гісторыі, мовазнаўстве, літаратуразнаўстве, краязнаўстве, грамадазнаўстве. Першая сусветная вайна, рэвалюцыйныя падзеі ў Расіі садзейнічалі стварэнню спрыяльных умоў для барацьбы за адраджэнне беларускай дзяржаўнасці, ля вытокаў якой стаяў В. Ластоўскі. Ён займаўся актыўнай палітычнай дзейнасцю, з'яўляючыся прэм'ер-міністрам БНР, абвяргаў распаўсюджаную думку пра адсутнасць існавання беларускай нацыі, яе мовы. Беларускае пытанне стала стрыжнявым у яго дзейнасці. Не выпадкова, што пры гэтым ён абапіраўся на веданне гісторыі, бо, на яго думку, "гісторыя - гэта фундамент, на каторым будуецца жыццё народа. І нам, каб адбудаваць сваё жыццё, трэба пачаць з фундаменту, каб будынак быў моцны". Абгрунтоўваючы выбар гісторыі ў якасці ідэалу, ён даводзіў: "Благаслаўляю слёзную нашу мінуўшчыну, у каторай як у горне, перапалялася душа беларуская, каб заіскрыцца на сонцы, калі дух народа ўваскрэсне" . Уся ягоная праца, жыццё - гэта адказ тым, хто не кіем дык палкаю імкнуўся прыручыць яго талент: "Арла душы маёй, вам, карлікам сляпым, у цесну клетку не загнаць" . Разам з тым лёс В. Ластоўскага ілюструе пафас і трагізм айчыннай гісторыі першай трэці XX ст. Адзін з будаўнікоў Беларускай Народнай Рэспублікі, ён стаў сведкам гібелі ўласнага палітычнага дзіцяці. Адзін з заснавальнікаў гістарычнай і краязнаўчай навукі, ён стаў сведкам яе разгрому. Дасягнуўшы прызнання сваёй дзейнасці на глебе нацыянальнай навукі і культуры, ён быў расстраляны як вораг народа ў далёкім няродным Саратаве і на доўгі час аддазены забыццю.

Жыццёвыя абставіны змусілі яго паверыць у шчырасць савецкай улады, пакінуць у 1927 годзе Літву і пераехаць у БССР. Калі б ён ведаў, якія чэкісцкія гульні адбываліся за яго спіной, то, мусіць, ніколі б не пакінуў Коўні. Напачатку ў БССР здавалася, што ўсё цудоўна ўладкавалася: атрымаў пасаду і любімую працу. Улада быццам бы дазваляе беларускаму руху пашырацца і ўмацоўвацца, садзейнічаць таму, каб беларусы сталі людзьмі нацыянальна свядомымі, і пры гэтым адначасова цікуе за тымі, хто складае патэнцыйную небяспеку, адступае ад генеральнай лініі. А неўзабаве пачалося змаганне з нацыянал-дэмакратызмам, фармаванне атмасферы жаху, а потым пошукі ворагаў народа. Сапраўдная сутнасць палітыкі бальшавіцкай улады (як яе называюць, беларусізацыі) у дачыненні да беларускага нацыянальна-культурнага руху добра бачна з "Докладной записки" І. Апанскага свайму шэфу, старшыні АДПУ СССР Мянжынскаму, асноўны сэнс якой ў тым, каб давесці Лубянцы, што "белорусские дела"… изо дня в день приобретают все более серьезный характер вследствие неуклонно усиливающегося национал-демократического движения". Тут дадзена характарыстыка ўсім найбольш прыкметным асобам айчыннай літаратуры, навукі, грамадска-палітычным дзеячам 20-х гадоў. Ацэньваючы значэнне Акадэмічнай канферэнцыі, чэкіст не без задавальнення адзначае, што на ёй партыя "нажила капитал, выразившийся в процессе развала белорусской эмиграции (в результате конференции ожидается возвращение в Минск видного бел. деятеля, бывш. премьер-министра правительства БНР ЛАСТОВСКОГО) и в поднятии значения Минска как единственного культурного и политического центра всей Белоруссии". Крыху далей ён дадае, пасля "Минской Академической конференции возможно со стороны ЛАСТОВСКОГО некоторый поворот в сторону Минска, однако, в искренности этого поворота мы сильно сомневаемся и пока от оценки его воздерживаемся".

В. Ластоўскі і яго паплечнікі не заўважалі, што друк і радыё пачыналі гучаць грозна, выкрываючы ворагаў народа, нацыянал-дэмакратаў. Старт гэтаму далі пастановы ХІ і ХІІ з'ездаў КП(б)Б. Усё гэта пачалося напрыканцы 1920-х, было прэлюдыяй да бязлітаснага ўсёпажыральнага смерчу, які напачатку 1930-х захапіў і знёс з Беларусі яе найлепшых сыноў, інтэлектуальную эліту, каб вярнуцца назад крывавым патопам 1937 - 38 гадоў. Сярод ахвяр гэтай навалы быў і В. Ластоўскі. У выніку згаданая палітыка (беларусізацыі) захлынулася ў крыві і анямела ад жаху, а колішняе імкненне да беларускасці не набыло сапраўднага, шырокага руху. Як дакладна заўважыў М. Улашчык, "уся, бачыце, небяспека, што поперак рэвалюцыі стаў дзясятак Ластоўскіх. Дык у іх не было аніводнага салдата, ні стрэльбы для аховы. А палошчуць людзей колькі часу, не перастаюць - ворагі, нацыяналісты. У нацыяналістаў жа гэтых толькі і віны: хацелі быць беларусамі і ў Беларусі жыць па-беларуску" . Дадамо, што іхняй галоўнай зброяй было разумнае, мудрае, абуджальнае слова, а войскам - кнігі.

Боль пра нацыянальнае адраджэнне і клопат пра гістарычную памяць вадзілі пяром В. Ластоўскага, калі ён працаваў над "Гісторыяй беларускай (крыўскай) кнігі" (Коўня, 1926) . Яна ўзор таго, як належыць беларусам "ісці следам сваіх вялікіх мужоў звальнення з-пад чужых культурных і палітычных уплываў… будаваць свой уласны храм веды і красы" (Крывіч, 1924. № 2. С. 1) . Як справядліва адзначаў М. Улашчык, "па кнігазнаўстве нашым нічога падобнага па грунтоўнасці дасюль не было і, пэўна, доўга яшчэ не будзе" . І гэта сапраўды так. У кнізе на 640 старонках пададзена апісанне ўсіх вядомых на той час помнікаў нашага прыгожага пісьменства ад канца Х да пачатку ХІХ стагоддзя, праведзена іх падрабязная жанрава-стылёвая дыферэнцыяцыя, падаюцца ўзоры мовы і аналізуюцца моўныя асаблівасці найбольш значных твораў. Як дадатак прыведзены аб'ёмны слоўнік слоў з помнікаў, паказнік імёнаў і геаграфічных назваў, алфавітна-тэматычны спіс разгледжаных твораў. Са старонак гэтага дыхтоўнага фаліянта В. Ластоўскі паўстае сапраўдным рупліўцам нашай старасветчыны, тонкім знаўцам яе адметнасцяў.

"Ад 1902 году", паводле ўласнага прызнання, ён пачаў займацца мовазнаўствам, калі стаў занатоўваць "цікавыя" словы, запісваць іх для сябе, бо вельмі ж "асабіста цікава было слова само па сабе". Вынікам гэтай працы стаў "Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік" (Коўня, 1924) , у прадмове да якога найбольш выразна была выкладзена пазіцыя В. Ластоўскага да мовы, яго стаўленне да неабгрунтаваных пазычанняў, вызначаны задачы айчыннага мовазнаўства. Адметнае месца ў прадмове адведзена аргументацыі наконт назвы нашай Радзімы Крывіяй, а народа крывічамі. Слоўнік быў сустрэты грамадскасцю неадназначна. Гэта тлумачыцца тым, што, калі ў "здаровай народнай стыхіі" не знаходзілася адпаведнікаў, В. Ластоўскі прапаноўваў шмат вузка-дыялектных лексічных адзінак ці ўласныя наватворы, якія нярэдка былі малазразумелымі. Безумоўна, на структуру слоўнікавых артыкулаў паўплываў недахоп спецыяльных філалагічных ведаў, адпаведнай прафесійнай адукацыі. Пераважна праз гэта да "Падручнага расійска-крыўскага слоўніка" як нарматыўнага сёння неабходна падыходзіць абярэжна. У той жа час, грунтуючыся на сучаснай лексікаграфічнай тэорыі, ковенскі даведнік можна разглядаць не толькі як перакладны, але і як тэрміналагічны, этымалагічны слоўнік. Так, пасля асноўнага лексічнага матэрыялу пададзены руска-беларускі слоўнік асабовых імён - "Крыўскі (беларускі) іменнік", які з'яўляецца першай спробай апісання беларускай антрапаніміі, слоўнік арніталагічных тэрмінаў "Назовы птахаў" і батанічных - "Іменнік расцін", нарэшце слоўнік беларускай вайсковай тэрміналогіі "Вайсковая каманда". Гэтым "падручным" слоўнікам Ластоўскі імкнуўся задаволіць надзённы попыт, бо больш нарматыўныя "Беларуска-расійскі слоўнік" і "Расійска-беларускі слоўнік" М. Байкова і С. Некрашэвіча з'явяцца ў БССР на некалькі гадоў пазней. Пад час правядзення Інбелкультам Акадэмічнай канферэнцыі па праблемах рэформы беларускага правапісу і азбукі В. Ластоўскі выступіў катэгарычным прыхільнікам кірылічнага шрыфту, быў абраны старшынём Графічнай камісіі. Аднак найбольш яскрава талент В. Ластоўскага-моваведа раскрыўся ў шматлікіх крытычных і публіцыстычных артыкулах, якія, на жаль, дагэтуль амаль не даследаваны. А якраз яны ўяўляюць вялікую цікавасць і маюць адметнае значэнне для айчыннай навукі, у прыватнасці мовазнаўства. З артыкулаў і крытычных зацемак паўстае сапраўдны волат "крывіцкага духу", шукальнік асобнага беларускага шляху да Кона Правечнага, чалавек, які грэў, кукобіў парасткі беларушчыны. В. Ластоўскі паглыбіў, удакладніў Багушэвічаў тэзіс пра мову як душу народа. Ён дастаткова ясна бачыў сваю мэту - даказаць усімі магчымымі сродкамі, спрадвечную самабытнасць і вялікае культурнае значэнне беларускай мовы, якую разам з пачуццём нацыянальнай еднасці, звычаямі і царквой адносіў да найгалоўнейшых маральных інстытуцыйных каштоўнасцяў.

Спосаб разгляду вучоным самых разнастайных аспектаў мовы і злучанай з ёй праблематыкі, глыбіня і сіла яго аргументацыі пераконваюць у тым, што В. Ластоўскі паступова выпрацоўваў метад, пры дапамозе якога можна растлумачыць першапачатковае адзінства мовы і мыслення: "…мова ёсць вялікай нацыянальнай легендай і скарбніцай, святой спадчынай, каторая пераходзіць з пакалення ў пакаленне, з дзядоў на ўнукаў. Увесь светагляд і паэзія нашых прадзедаў замыкаліся ў мове, - канстатуе ён і дадае: - Кожнае слова было легендай-пагудкай, мітам, было поўнае зместу і паэзіі: бо міт асновываўся на легендзе, а легенда замыкалася ў слове.. Слова ёсць творчасцю ўсяго народа, формы слоў шліфаваліся многімі пакаленнямі і сталеццямі, пакуль сталіся тым, чым яны сягоння ёсць" . Да ўсяго ж, "слова - гэта не ўмоўны знак для выражэння мыслі, але мастацкі абраз" . Адсюль вынікае, што для В. Ластоўскага мова - гэта сродак сузірання народа, ягоны космас, сувязны стагоддзяў, пакаленняў людзей. Следам за В. фон Гумбальтам В. Ластоўскі сцвярджаў, што "наш век - гэта век самага ярага нацыяналізму. І пры гэтым нацыяналізму, які шукае і знаходзіць сваё выражэнне ў апафеозе нацыянальнай мовы. Гэта ёсць характэрная асобнасць нацыяналізму нашых дзён". Прынамсі, гэты быў не агрэсіўны, радыкальны нацыяналізм, у якім яго абвінавацяць у 30-я гады, а спроба абароны правоў роднай мовы, услаўлення яе як духоўнай велічы народа. Інакш кажучы, той шматстайнасці і сістэматычнасці, якія назіраюцца ў праяўленні дзейнасці мовы, абумоўленыя яе лучнасцю з народам, з яго нацыянальным характарам, з душой, з яго складам думання. Дарэчы, вучэнне пра тоеснасць "духу народа" і яго мовы было асноўным у лінгвістычнай канцэпцыі В. фон Гумбальта ( "мова народа ёсць ягоны дух, і дух народа ёсць ягоная мова - цяжка ўя-віць сабе нешта больш тоеснае" ). Абапіраючыся на гэтую выснову, В. Ластоўскі па-свойму развязваў важныя праблемы сацыяльна-філасофскага моўнага зместу, моўнай свядомасці народа: "Мова - гэта аблічча душы народа, і гэтае аблічча народнай душы нельга брыдзіць прылепкамі і наклейкамі, а наадварот, чым яно будзе чысцейшым, тым прыгажэйшым і здаравейшым" . Па сутнасці В. Ластоўскі выступае тут адным з першых распрацоўшчыкаў філасофіі роднай мовы, сцвярджаючы гумбальтаўскі тэзіс тоеснасці мовы і духу, мовы і душы: "Душа без роднай мовы - гэта кветка без каранёў, гэта разбітая скрыпка, пусты дом, напоўнены трунамі" . Даводзіў, што мы, беларусы, дзеці адной зямлі, адзін народ, што галоўны знак гэтага - "наша пераказаная нам ад прадзедаў беларуская мова, каторую мы павінны любіць, шанаваць і старацца, каб нашы дзеці любілі і шанавалі… гэта апратка яго (беларуса) душы і яго думак" . Уся творчая спадчына В. Ластоўскага - сапраўдны ўрачысты гімн гэтай душы нашага народа, яе абарона і ўзвелічэнне.

Вучонага вельмі непакоілі непатрэбныя запазычанні, якія адрываюць літаратурную мову ад жывой народнай: "Мова, перапоўненая чужаземскімі словамі з'яўляецца ізалятарам культуры ад народных мас"; "…калі мы будзем перапаўняць наш слоўнік словамі, запазычанымі ад суседзяў, - разважаў ён, - мы ўтрацім з часам нават тыя індывідуальныя рысы, якімі цяпер абладаем, і наадварот, калі мы будзем унікаць суседскіх моў, і заступаць іх па магчымасці яркімі, сваімі ўласнымі словамі, узятымі з вуснаў народа або са старой пісьменнасці, то перамога будзе на нашай старане: мы не толькі абаронім, але і паглыбім індывідуальнасць сваёй мовы" (398). Як бачна, В. Ластоўскі стаяў на пазіцыях памяркоўнага пурызму, выступаў супраць непатрэбных запазычанняў, падтрымліваў папаўненне слоўніка мовы за кошт уласных сродкаў. Абурэнне ў душы В. Ластоўскага выклікалі шматлікія тутэйшыя зносакі, гатовыя прадаць душу, мову, бацькоў за міску поліўкі: "Хто ні шануе родную мову, той ні шануе сябе самога, ні свой род, ні сваіх дзядоў-бацькоў, каторыя тэй жа мовай гаварылі. А хто стыдаецца роднай мовы, варт таго, каб і яго добрыя людзі стыдаліся, як вырадка, каб ім пагарджалі, як вылюдкам. Бо стыдаючыся роднай мовы, ён крыўдзіць не толькі дзядоў-бацькоў сваіх, але і ўвесь народ" . (Што трэба ведаць кожнаму беларусу, Менск., 1918. С.8)

В. Ластоўскі не прымаў нацыянальнае рэнегацтва, слушна заўважаючы, што "поле пустое, бо сыны Бацькаўшчыны нашай к чужым у найміты пайшлі, чужыя гумны і засекі багацяць". Не падтрымліваў палітыку культуртрэгераў і апекуноў, якая асуджае беларусаў на нацыянальную смерць, вымагаючы ад іх: "будзь маскалём, будзь палякам, але сабой быць не можаш, бо, калі і захочаш застацца беларусам, - вымірай".

Адмоўнае стаўленне і абурэнне выклікалі ў яго спробы раздзяліць беларусаў паводле рэлігійнай прыналежнасці, пасварыць братоў адзінакроўных. "Крыўджаны, бяспраўны беларус не можа нават у сваёй мове пажаліцца Богу, бо мова яго "нячыстая" і выкінута з цэркваў і касцёлаў" , - справядліва вінаваціць ён прадстаўнікоў рэлігійных колаў. В. Ластоўскі заклікаў суайчыннікаў дабівацца, каб у нашай мове навучалі нас і ў цэрквах, і ў касцёлах, абвяргаў тэзіс пра беларускую забітасць, цемнату. Яшчэ адной важнай прычынай адмоўнага стаўлення да роднай мовы, на думку вучонага, была адсутнасць школы на роднай мове. Таму ён гаворыць пра неабходнасць будаваць беларускамоўную школу. Кажа, што "наша ніўка на слаўных людзей урадліва, толькі бяда ў тым, што дагэтуль ураджай гэты збіралі і спажывалі не мы, а тыя, каторыя цяпер якраз вытыкаюць нам нашу цемнату" . Ён адмоўна ацэньвае ролю школы, ў якой дзяцей не вучаць шанаваць родную мову, а чужую, смяюцца з мужыцкай мовы. Ён разумеў, што толькі з нацыянальнай мовай у святынях і школах можна выхаваць здаровую нацыю, здольную захаваць і абараніць, пры патрэбе, свабоду і незалежнасць сваёй краіны. Як бачым, гэтая праблема застаецца надзённай і ў сучаснай Беларусі.

Разважаючы над евангельскім выказваннем "шчаслівыя ўбогія духам…" , ён выкрывае тых інтэлігентаў, якія выйшлі з народа, а цяпер перад ім дзяруць нос, сталі ганарыстымі і тандэнтнымі. Кажа, што за іхнім знешнім бляскам, лепшай адзежай, хаваецца ўнутраная душэўная беднасць, слепата, заклікае іх памятаць, што яны сыны сваёй Бацькаўшчыны. Не ўхваляе бацькоў, якія вылузваюцца са скуры, каб даць адукацыю сваім дзецям, а тыя, выйшаўшы ў людзі, пагарджаюць бацькамі-мужыкамі, стыдаюцца іх, іхняй гаворкі. І ў гэтым Власт бачыць віну бацькоў, якія не вучылі дзяцей шанаваць сваё, роднае, змалку, ды і самі цураліся яго. Важная роля ў выхаванні дзяцей належыць сям'і, якая павінна прывучыць дзіця "шанаваць прадзедаўскія абычаі" , мову. Грунтуючыся на гуманістычным светапоглядзе, ён настойліва і пераканальна, аўтарытэтна і далікатна настаўляў, што "мова - гэта найкрапчэйшы вузел, бацькоў з дзяцьмі, людзей з людзьмі" . На жаль, сёння гэты вузел зусім слабы. Віна за гэта кладзецца не толькі на бацькоў, а і на школу, і на дзяржаву, і на грамадства. Як бачым, для В. Ластоўскага мова - гэта не толькі сродак зносін, пазнання навакольнага асяроддзя, а і сувязі пакаленняў, цэмент нацыі. Родная мова - гэта тое, што можа аб'яднаць беларусаў, зрабіць іх салідарнымі, самаахвярнымі, адзіным і моцным народам.

Гаворыць, што доўгае паднявольнае жыццё беларускага народа спрычынілася да страты нацыянальнай годнасці, скалечыла яго душу, што ён "мовы сваёй роднай, спрадвечнай - той мовы, каторая песняй калыснай лілася над ім з матчыных грудзей, пачаў стыдацца" . Асуджае сыноў беларускіх, якія, пабыўшы ў свеце, не задумваючыся кідаюць мову і вяртаюцца ў бацькоўскі дом чужынцамі, лічачы ўсё сваё нечым горшым за панскае. Яшчэ адну прычыну хваробы ён бачыў у абыякавым стаўленні саміх беларусаў да сваёй мовы. Карані яе хаваліся не толькі ў палітыцы культуртрэгераў, шматлікіх апекуноў нашых, але і ў нігілістычным стаўленні да мовы царквы і касцёла, у адсутнасці беларускамоўнай школы. Аднак В. Ластоўскі не быў бы вялікім беларускім вучоным, калі б, пазначыўшы болькі беларускасці, не даваў бы рацэпта іх лячэння. Яго ён бачыў ў наяўнасці фанатыкаў "святой справы, а не млявых угодаўцаў, каторыя за вераб'я на страсе родную Бацькаўшчыну гатовы прадаць" . Каб не быць галаслоўным, ён звяртаецца да прыкладу чэхаў, якія пасля шматвекавога панавання чужынцаў здолелі адрадзіць сваю мову, школы на ёй, развіць літаратуру. Заклікае кожнага беларускага сына выйсці на ніву бацькаўшчыны нашай і падобна аратаму сеяць "зерне свядомасці нацыянальнай" і несці "сваю бацькаўскую мову ў жыццё, у свет" , вучыць "лічыць нацыянальную справу сваёй" . Пра вельмі актуальнае для нашай цяпершчыны назіранне распавядае ён у артыкуле "Перапіска ў беларускай мове". У адной з фірмаў аўтар убачыў рэкламны ліст па-беларуску і даведаўся ад супрацоўніка, што такая з'ява не адзінкавы факт, а спроба заваяваць свайго пакупніка, пашырыць кола кліентаў. З гэтага В.Ластоўскі робіць выснову: "Датуль, пакуль мы, беларусы, не прагаворым самі ў сваёй мове да тарговых фірм і інстытуцый, яны самі не парупяцца гаварыць да нас па-нашаму. А калі мы пачнем звяртацца да іх у нашай мове, то яны, хочучы мець пакупнікоў на свой тавар, будуць гаварыць з намі па-нашаму, надрукуюць каталогі ў нашай мове… і праз таргоўлю і крамы будуць служыць нашай справе" . Надзённы і варты ўвагі факт, ці не праўда? Бо дагэтуль гандаль, разнастайныя айчынныя і замежныя фірмы-вытворцы, якія прадаюць свае вырабы на Беларусі, у сваіх інструкцыях, маркіроўцы і рэкламе тавараў не карыстаюцца нашай мовай, а мы самі моўчкі, не наракаючы, не абураючыся, спажываем чужое. Але той жа В. фон Гумбальт вучыў, што мова апісвае кола вакол народа, якому яна належыць, стварае гэты народ, як і народ стварае мову. Мы ж, беларусы, паступова выходзім за гэтае кола, ступаючы у круг іншы, забываючыся на тое, што іншае кола - гэта іншая мова, іншы народ.

Нельга не сказаць колькі слоў пра цікавыя этымалагічныя эцюды каранёў "гал", "корс" , "корх" , пра "рачное імязоўніцтва" , зацемкі пра аднасловы, пра ўжыванне адзінак "свет" і "святло" , "страніца" , "земляробства" , "хлебаробства" , якія друкаваліся ў часопісах "Крывіч", "Узвышша", нарэшце пра "Слоўнік геамэтрычных і трыганамэтрычных тэрмінаў і сказаў", складзены сумесна з К. Дуж-Душэўскім, пра параду збіраць рэдкія словы, вытлумачваць іх значэнне.

Пра В. Ластоўскага можна сказаць так, як ён гаварыў пра С. Палуяна: "Для вольнай, шырокай душы яго трэба было прастору, шыры, сонца, агня, маланак і громаў… Больш за ўсё на свеце любіў сваю Бацькаўшчыну, свой край, мову і народ, і ўсе свае сілы клаў у ахвяру роднай Беларусі, але глуха была старонка на голас шчырай душы" . Ён браўся за лексікаграфічную працу, за грамадска-палітычную дзейнасць, за краязнаўства і музеязнаўства, за гістарычную навуку, ва ўсім шукаў шляхоў пазбаўлення ад бяспамяцтва нашага. Да апошніх дзён жыцця ён заставаўся адданым свайму выбару, свайму крэда: "Я роднае мовы не кіну ў нядолі" . Яшчэ пры жыцці ён стаў прарокам, але ці прыслухаліся да яго, ці прачытаныя былі яго думкі, ці рэлізаваныя на практыцы, ці пабудавалі мы свой храм ведаў і красы, нарэшце, ці можам мы сёння сказаць: так настаўляў В. Ластоўскі?

У артыкуле цытаты падаюцца па выданні: Ластоўскі В. Выбраныя творы: /Уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча - Мн.: Беларускі кнігазбор, 1997; таксама выкарыстаны матэрыялы са зборнікаў: Аляксей Каўка. Будам жыць! Пра тое самае. - Менск - Масква: БГАКЦ, 1998; Скарыніч Літ.-навук.гадавік Вып.5 / Укл. А. Каўка. - Мн: Беларускі кнігазбор, 2002.

Зміцер Паўлавец.


КАМПІЛЯЦЫЯ, ПЛАГІЯТ…

Прафесар А.У. Жукаў у кнізе "Очерки по фразеологической семантике" (Великий Новгород, 2008) асвятляе шэраг актуальных пытанняў, звязаных з семантыкай фразеалагічных адзінак. Апошні ж нарыс кнігі мае назву "О "новой" русской фразеографии". Эпіграфам да нарыса выступае прыказка "Белые ручки чужие труды любят".

Аўтар піша: "Характэрнай прыкметай новага часу стаў свайго роду лексікаграфічны бум. Ён захапіў выдавецкую справу і праяўляецца, з аднаго боку, у падрыхтоўцы і выданні дыхтоўных і карысных слоўнікаў і даведнікаў, у перавыданні вядомых ранейшых слоўнікаў, але, з другога боку - у з'яўленні на кніжных прылаўках слоўнікавай прадукцыі сумнеўнай вартасці, а то і адкрытай халтуры, якая аддае нярэдка крымінальным душком". Далей размова ідзе пра тры такія слоўнікі "сумнеўнай вартасці", што выйшлі ў маскоўскіх выдавецтвах. А.У. Жукаў выяўляе ў гэтых слоўніках "яўны цынічны крадзеж самога моўнага матэрыялу", "бясспрэчныя факты плагіяту", прысваенне "чужых і гатовых цытат" і г.д. З'яўляючыся аўтарам або суаўтарам некалькіх слоўнікаў, А.У. Жукаў слушна адзначае: "Сапраўдныя лексікографы (а не самазванцы-чаляднікі, нячыстыя на руку!) добра ведаюць, якой працы, крыві і поту патрабуе пошук нават адной ілюстрацыйнай цытаты…"

Такая ж "прадукцыя сумнеўнай вартасці" выдаецца і ў Беларусі. Да прыкладу, у 2006 г. выйшаў перакладны слоўнік, зроблены на аматарскім узроўні, але адрасаваны "школьнікам і настаўнікам, навучэнцам і выкладчыкам, студэнтам і літаратарам, навуковым работнікам і рэдактарам". Яго аўтары - Е.Л. Баярына і У.Н. Сіўчыкаў - не спецыялісты ў галіне фразеалогіі. Поўная назва іхняй кнігі (тыраж 5000 экз.) такая: "2000 русских и 2000 белорусских идиом, фразеологизмов и устойчивых сочетаний: словарь с пояснениями и примерами использования". Я пісаў пра гэты слоўнік у рэцэнзіі "З міру па нітцы…" (Настаўн. газ., 2007, 12 чэрв.). Загаловак рэцэнзіі падказвае, што даведнік носіць кампілятыўны характар, з'яўляецца непрыкрытай халтурай. Зроблены тут пераклад амаль ва ўсіх выпадках не лезе, як кажуць, ні ў якія вароты. Аўтары бязбожна і не задумваючыся бяруць яго з розных іншых выданняў, а ілюстрацыйны матэрыял запазычваюць (без ніякіх спасылак) з чужых прац. Да таго ж на с. 2 зазначана, што кніга "ахоўваецца законам аб аўтарскім праве", а парушэнне кім-небудзь гэтага закону "преследуется в судебном порядке".

А гэта свежы прыклад. Часопіс "Роднае слова" (2013. № 9. С. 48 - 51) пад рубрыкай "Малады даследчык прапануе" змясціў артыкул Вольгі Арцёмавай "Вербалізацыя напрамку перамяшчэння ў беларускай і англійскай фразеалогіі". Тут робіцца параўнальна-супастаўляльны аналіз каля 20 суадносных беларускіх і англійскіх фразеалагізмаў з агульным значэннем 'напрамак руху'. У квадратных дужках пасля таго ці іншага беларускага выразу паказана, што ён прыводзіцца ў двухтомным "Слоўніку фразеалагізмаў" І.Я. Лепешава. Далей даецца дэфініцыя выразу і ілюстрацыя яго ўжывання ў маўленні, напрыклад: Куды вы ідзяце? Скажыце праўду. - Куды вочы глядзяць, я ўжо сказаў вам (Р. Мурашка). Адпаведна змяшчаецца суадносны англійскі фразеалагізм і ілюстрацыйная цытата да яго, якая звычайна пашпартызуецца прозвішчам англійскага аўтара або (у квадратных дужках) пэўнай лічбай са "Спіса літаратуры".

Калі б аўтарка пасля першай ілюстрацыйнай цытаты да беларускага выразу напісала, што тут і далей усе цытаты бяруцца з памянёнага "Слоўніка фразеалагізмаў", то да яе не было б ніякіх прэтэнзій. А так у чытача не выклікае ніякага сумнення, што гэта сама аўтарка "папрацавала", знайшла і падала неабходны ілюстрацыйны матэрыял. Знайсці ж самастойна такую цытату, як ужо адзначалася, далёка не лёгкая справа.

"Маладая даследчыца" не заўсёды дбайна ставіцца да фактычнага матэрыялу. Ёсць фразеалагізм "куды і кароль пяшком ходзіць" . У такой форме ён фіксуецца ў "Слоўніку фразеалагізмаў". Зрэшты, назоўнікавы кампанент вар'іруецца: Размоў пасля было… Бабуля так каменціравала гэтую сцэну: ва ўсіх на вачах бацюшка пайшоў "куды і цар пяшком хадзіў" (Л. Тарасава). У артыкуле ж Арцёмавай чытаем: "куды і каралі пяшком ходзяць" . І ніяк не верыцца, што ў англійскай мове дакладны адпаведнік гэтага выразу перадаецца толькі двума кампанентамі: "take a leak" .

У "Слоўніку фразеалагізмаў", як гэта прынята ў лексікаграфічнай практыцы, ілюстрацыя даецца курсівам, а пасля кропкі звычайным шрыфтам называецца прозвішча аўтара гэтай цытаты (напрыклад: Колас, Крапіва, Купала). У іншых выпадках, калі ёсць аўтары з аднолькавым прозвішчам, даецца, да прыкладу, так: А. Жук, І. Жук, К. Жук; А. Марціновіч, Ал. Марціновіч. У "Слоўніку…" (т. І, с. 32 - 37) пералічаны крыніцы даведніка - у выглядзе спіса аўтараў: Колас - Якуб Колас; А. Марціновіч - Аркадзь Марціновіч, Ал. Марціновіч - Алесь Марціновіч і г. д. В. Арцёмава, беручы цытату, пазначаную, скажам, прозвішчам Куляшоў, дастаўляла яшчэ перад ім "А". Запазычаная ёю цытата Хадзіў Андрэй туды-сюды па калідоры ў "Слоўніку…" чамусьці (па віне рэдактараў) пазначана толькі прозвішчам - Марціновіч, без "А." ці "Ал.". Дзіву даешся, як В. Арцёмава здагадалася, што гэты сказ сапраўды з аповесці Аркадзя Марціновіча ("Няхай ідзе дождж"), і дала яго з прозвішчам: А. Марціновіч.

Можна яшчэ адзначыць, што В. Арцёмава ў "Спісе літаратуры" (с. 51) памылкова прыпісала А.С. Аксамітаву аўтарства "Фразеалагічнага слоўніка мовы твораў Я. Коласа" (1993).

Не ведаю, як у іншых вышэйшых навучальных установах, а ў нашым ГрДУ ўсе выкладчыкі прачыталі загад рэктара аб недапушчальнасці плагіяту ў публікацыях і падпісаліся, што азнаёміліся з загадам і папярэджаннем. Хацелася б, каб "маладая даследчыца" Вольга Арцёмава, як і іншыя, кажучы словамі А.У. Жукава, "самазванцы-чаляднікі, нячыстыя на руку", прынялі пад увагу сказанае вышэй.

Іван Лепешаў.


Музей Максіма Багдановіча пад пагрозай

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

Кабякову А.У.

К. Маркса, 38, г.

Мінск, 220016

Аб захаванні фінансавання беларускіх музеяў

Паважаны Андрэй Уладзіміравіч!

25 верасня 2013 года калегія Міністэрсгва культуры Беларусі прыняла рашэнне № 189, у якім плануецца скараціць штаты беларускіх літаратурна-мемарыяльных музеяў на 25%, а музей Максіма Багдановіча ліквідаваць як самастойную юрыдычную і фінансавую адзінку.

У сувязі з гэтым, зыходзячы з таго, што вышэйзгаданыя музеі з'яўляюцца асяродкамі беларускай культуры, і тут штодня гучыць дзяржаўная беларуская мова, мы просім Вас прапанаваць Міністэрству культуры тэрмінова перагледзець сваё рашэнне і пакінуць штатны расклад і юрыдычны статус згаданых устаноў у ранейшым стане.

Складваецца ўражанне, што ўдзельнікі калегіі Міністэрства культуры ад 25 верасня не падзяляюць думку Кіраўніка нашай дзяржавы, выказаную на IV Усебеларускім народным сходзе "Беларуская мова з'яўляецца важнейшым нацыянальным культурным здабыткам", і не спрыяюць захаванню і пашырэнню дзяржаўнай беларускай мовы ў музейных асяродках нашай краіны.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб скарачэнні штатаў літаратурна-мемарыяльных музеяў

Паважаны Алег Анатольевіч!

На Ваш зварот, паступіўшы ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, па пытанні скарачэння штатаў літаратурна-мемарыяльных музеяў, паведамляем наступнае.

Пры разглядзе пытання аб аптымізацыі структуры і штатнай колькасці музеяў, падпарадкаваных Міністэрству культуры, быў праведзены маніторынг іх дзейнасці за апошнія некалькі год, а таксама вывучэнне вопыту арганізацыі музейнай сеткі ў замежных дзяржавах.

На погляд Міністэрства культуры, статус юрыдычнай асобы ніякім чынам не адлюстроўваецца на якасці работы музейных устаноў. Рэарганізацыя і скарачэнне штатаў некаторых дзяржаўных музеяў, падпарадкаваных Міністэрству культуры, стане перш за ўсё адным са сродкаў садзеяння далейшаму якаснаму і эфектыўнаму іх развіццю, дазволіць пашырыць спектар аказваемых імі паслуг, а таксама прывядзе да рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў. У якасці прыкладу, які пацвярджае канструктыўнасць меркавання Міністэрства культуры, можна прывесці Дзяржаўны Літаратурны музей (Расійская Федэрацыя, г. Масква), у склад якога ўваходзіць трынаццаць філіялаў. Загадчыкі новых філіялаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры будуць вызвалены ад вырашэння пытанняў матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, некаторых іншых функцый, што дазволіць ім засяродзіць увагу на навуковай, экспазіцыйна-выставачнай і культурна-адукацыйнай дзейнасці, якая складае сутнасць музейнай работы.

Дзеянні Міністэрства культуры не мелі на мэце стварэнне негатыўных умоў для захавання і напулярызацыі беларускай мовы і культуры. Тая работа і праекты, якія традыцыйна ажыццяўляліся літаратурнымі музеямі, будуць праводзіцца і надалей. Захаваецца і той жа ўзровень камплектавання музейных фондаў культурнымі каштоўнасцямі, які быў дасягнуты за мінулыя гады.

Першы намеснік Міністра У.М. Карачэўскі.


Рэспубліканская Рада ТБМ

Планаве паседжанне рэспубліканскай Рады ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" адбудзецца 1 снежня 2013 года ў Менску па вул. Румянцава, 13.

Пачатак паседжання ў 11.00.

Пачатак рэгістрацыі ў 10.00.

На павестку дня выносяцца наступныя пытанні:

1. Абмеркаванне праекта плана работы ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на 2014 г.

2. Аб зменах у Сакратарыяце ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

3. Рознае.

Просьба да сяброў Рады, кіраўнікоў арганізацый і сяброў ТБМ падрыхтаваць свае прапановы ў план работы арганізацыі на наступны год і да 25 лістапада даслаць іх у сядзібу ТБМ.


Пражскія беларусы на Дзяды ўшанавалі памяць прэзідэнтаў БНР Пятра Крачэўскага і Васіля Захаркі

Не гледзячы на непагадзь - у Празе ішоў дождж - больш за два дзясяткі беларусаў прыйшлі на Альшанскія могілкі чэшскай сталіцы, дзе пахаваныя старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Крачэўскі і Васіль Захарка, а таксама оперны спявак Міхась Забэйда-Суміцкі.

Цырымонія ля магілаў пачалася пад гукі дуды дудара Віталя Цімошчанкі.

Кароткія паніхіды ля магілаў адслужыў грэка-каталіцкі святар айцец Андрэй Абламейка ў саслужэнні з айцом дыяканам Вячаславам Гарчаковым.

Ля магілы Міхася Забэйды-Суміцкага былы саліст Беларускай філармоніі Сяргей Доўгушаў заспяваў некалькі беларускіх народных песняў.

Усе прысутныя разам праспявалі гім "Магутны Божа".

Апошнія гады, дзякуючы рэгулярным прыездам у Прагу айца Андрэя Абламейкі, пражскія беларусы маюць магчымасць на Дзяды не толькі праявіць сваю грамадзянскую пазіцыю, прыходзячы да магілаў прэзідэнтаў БНР, але і паставіць свечку ды памаліцца за сваіх уласных Дзядоў - памерлых сваякоў і сяброў - на рэгулярных багаслужбах у царкве святых Кузьмы і Дзям'яна.

Радыё Свабода.


У Воршы на Дзяды згадалі ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

Як і штогод, аршанскія грамадскія актывісты сабраліся ва ўрочышчы Кабыляцкая гара. Гэта другое ў Беларусі - пасля менскіх Курапатаў - афіцыйна прызнанае месца расстрэлу мірнага насельніцтва ў 1930-50-я гады.

Цяпер пра тыя падзеі на Кабыляцкай гары нагадвае самаробны мемарыял - камень-валун, некалькі памятных шыльдаў, два даўляныя крыжы - каталіцкі і праваслаўны.

Калі ў канцы 1990-х стала вядомая страшная праўда пра масавыя расстрэлы, помнік у гэтых мясцінах быў усталяваны аршанскімі ўладамі. Але гэта быў іншы помнік - камень з шыльдай на ім. Шыльды некалькі разоў кралі невядомыя злодзеі. І ўрэшце, замест таго, каб чарговы раз адрамантаваць помнік, у гарвыканкаме махнулі на яго рукой... З тае пары добраўпарадкаванне гэтага месца стала клопатам мясцовых актывістаў.

Штогод 2 лістапада тут праходзяць жалобныя мерапрыемствы. Сёлета на памінальную акцыю сабралася пад два дзясяткі чалавек. І гэта былі не толькі мясцовыя актывісты: сюды ў гэты дзень прыходзяць і тыя, чыіх сваякоў расстралялі ў гэтым урочышчы. Яны дзеляцца ўспамінамі, прыносяць кветкі. Хаця дакладна не вядома, дзе ў гэтым лесе чыя магіла, бо ўрочышча Кабыляцкая гара - суцэльнае масавае пахаванне. І дагэтуль дакладна не вызначана, колькі ахвяраў тут развіталіся з жыццём.

Пра тыя часы і пра лёс сённяшняй Беларусі паэтка Яўгенія Казлова прачытала некалькі вершаў. Пад крыжамі і бел-чырвона-белымі сцягамі прысутныя запалілі свечкі памяці. А на вялікі камень-валун усклалі жывыя кветкі.

Радыё Свабода.


У Полацку маліліся за душы тых, хто стаўся ахвярай таталітарнага рэжыму

Полацкія актывісты і вернікі ўшанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, расстралянах каля вёскі Бельчыцы. Аповеды мясцовых жыхароў пра масавыя расстрэлы перадаюцца тут з пакалення ў пакаленне. Ужо даўно Бельчыцы тэрытарыяльна ўвайшлі ў межы Полацка, але памяць пры тыя падзеі жыве. І дзеля гэтай памяці на мясцовых могілках усталяваны высокі жалезны крыж. Каля крыжа і збіраюцца на Дзяды ўсе тыя, хто хоча ўшанаваць памяць бязвінна забітых ахвяраў. Сваякі расстраляных тут людзей прыязджаюць таксама, нехта з іх пакінуў самаробную шыльдачку з партрэтам на падножжы крыжа.

Радыё Свабода.


Успаміны з неспакойнага часу на Літве ў 1861-1863 гадах

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Наогул, у бытнасць маю, на працягу года ў Шаўлях там падвергліся страце згаданы мною Сцыпіён з соцкім, Кучынскі, адзін селянін, злоўлены на разбоі, і юнкер Багдановіч. Багдановіч уцёк да паўстанцаў з дзейнай службы ў адным з армейскіх пяхотных палкоў і камандаваў шайкай ва ўвесь час рокашу. Калі буйныя шайкі рассеяліся, і засталіся дробныя партыі чалавек з дзесяці і менш, лад дзейнасці якіх меў ужо чыста разбойніцкі характар, Багдановіч у верасні ці кастрычніку месяцы быў захоплены ў Шавельскім павеце, прывезены ў Шаўлі і па прыгавору суда расстраляны. Асаблівую вядомасць Багдановіч атрымаў сваёй расправай над станавым прыставам Пастарнакавым, які доўга служыў на гэтай пасадзе ў адной мясцовасці і настроіў супраць сябе насельніцтва. Багдановіч прыбыў са сваёй шайкай у мястэчка, дзе жыў прыстаў - гэта было яшчэ ў пачатку рокашу - і ўчыніў суд і расправу, павесіўшы старога Пастарнакава.

Апошняй, меўшай некаторую цікавасць, справай з паўстанцамі было сутыкненне іх з казакамі вёрст за сем ад Шаўлёў. Казачая сотня з маладых казакаў, якая ішла прама з Дону, канваявала пошту і праезджых. Не даходзячы некалькі вёрст да Шаўлёў, у адным месцы, дзе па адзін бок дарогі, падыходзячы да яе ўшчыльную, цягнуўся лес, а з другога боку ішла агароджа, раптам з лесу адкрылася пальба па казаках і падканвойнай ім аказіі. Непрывычныя да стральбы коні пачалі шалець і скідваць вершнікаў; умчацца - значыла пакінуць аказію ў здабычу непрыяцелю; казакі спешыліся і ўступілі з паўстанцамі ў перастрэлку; у гэты час спаўшы ў адной з падвод шараговец лейб-гвардыі стралковага батальёна Імператарскай Фаміліі, які ехаў з аказіяй пасля выпіскі з лазарэта, разбуджаны выстраламі, убачыўшы, што адбываецца, закрычаў: "Э! Ды тут. браткі, патрэбна пяхота!" - схапіў вінтоўку і з гучнымі крыкамі: "Ура!", - кінуўсяў лес; амаль тут жа ён быў забіты, але тым не менш паўстанцы адступілі, і казакі з аказіяй маглі працягваць шлях. У Шаўлі прымчаўся казак з вескай пра нападзенне, у той жа час была выслана на дапамогу рота, якая падаспела, калі паўстанцы ўжо адышлі. Потым з гэтай шайкі некаторыя былі захоплены і на распытванні, чаму яны не скарысталіся з выгады свайго становішча і адступілі, - адказвалі, што яны ведалі пра рух адных казакаў, а тут раптам з'явілася аднекуль пяхота; а пяхотай гэтай і быў стралок, які кінуўся ў лес і вывеў, як аказалася атрад з небяспечнага становішча, распаўсюдзіўшы паміж паўстанцамі сваім з'яўленнем устрывожыўшую іх вестку пра прыбыццё пяхоты.

З 27-га снежня 1863 года я быў прыкамандзіраваны да кіравання вайсковага начальніка горада Шаўлі з паветам з ускладаннем на мяне абавязкаў памочніка гэтага начальніка, якія выконваў да 24 траўня 1864 года. Уся перапіска па кіраванні ляжала на мне, таму я мог пазнаёміцца з тымі мерамі, якія прымаліся М.М. Мураўёвым па задушэнні рокашу, і непасрэднымі выканаўцамі якіх з'яўляліся кіраванні з падначаленымі ім вайсковымі начальнікамі станаў.

Распараджэнні М.М. Мураўёва ўяўляюць, па-першае, меры, якія мелі на мэце спыненне ўзброенага паўстання, і, па-другое, меры па абрусенні краю ўзмацненнем у ім рускага элементу. Паколькі мне давялося быць памочнікам вайсковага начальніка ў такі час, калі прыводзіліся ў выкананне пераважна меры першага роду, то я галоўным чынам і буду гаварыць пра іх, упамінаючы з мер другога роду толькі пра такія, якія выконваліся ў бытнасць маю памочнікам.

Узброенае паўстанне пачалося пры дзейным садзейнічанні мясцовай шляхты-землеўладальнікаў; яны рабілі грашовыя зборы, неабходныя для першапачатковага сфармавання, абмундзіравання і ўзбраення; многія з іх непасрэдна ўдзельнічалі ў якасці ці начальнікаў, ці шараговых паўстанцаў; яны ж аказвалі паўстанцам матэрыяльную дапамогу, забяспечваючы іх прадуктамі і тым садзейнічаючы падтрымцы рокашу. Трэба прыняць пад увагу яшчэ і тое, што паўстанне, выклікаўшы перасоўванне войскаў, прымусіла ўрад правесці значныя выдаткі.

Зыходзячы з гэтых падставаў, М.М. Мураўёў, пасля ўступлення яго на пасаду генерал-губернатара Паўночна-Заходняга Краю і камандуючага войскамі Віленскай акругі, прыняў шэраг наступных мераў. Уведзены быў дзесяціпрацэнтны падатак з усёй нерухомай маёмасці шляхты-землеўладальнікаў. Незадоўга да вызвалення сялян і ледзь не з-за гэтага ўрадавага акта ў губернях Паўночна-Заходняга Краю праводзіўся кадастр абшарніцкіх маёнткаў. Дзякуючы старанням уладальнікаў, па іх жаданні, кадастр гэты быў паказаны вельмі высокім. Да вялікага засмучэння абшарнікаў, Мураўёў па гэтым высокім кадастры і прызначыў абкладанне іх маёнткаў 10% зборам на пакрыццё выдаткаў, выкліканых рокашам. Да гэтай меры - біць не столькі дуб'ём, як рублём - далучаліся і іншыя, якія мелі так сказаць, прыватны характар і адносіліся толькі да дадзенай мясцовасці. Так, па Ковенскай губерні праводзіўся з памешчыкаў яшчэ збор на папаўненне ўбылі коней у казачых палках; у нашым аддзеле загадана было сабраць з абшарнікаў - калі не памыляюся - сямнаццаць тысяч рублёў дапамогі яўрэям, жыхарам м. Варні, дамы якіх згарэлі падчас сутычкі з паўстанцамі роты нашага палка. Эпізод гэты я распавёў вышэй.

Каб аблегчыць рух войскаў у лясах, было загадана для расшырэння лясных дарог па абодва іх бакі секчы дрэвы і, гледзячы на мясцовыя ўмовы, рабіць новыя прасекі. Гэты лёс напаткаў пераважна абшарніцкія лясы, таму што ў скарбовых лясах ужо і да гэтага існавалі прасекі для правільнага дзялення на ўчасткі. Высечка прапанавана сялянам з перадачай у іх карысць ссечанага ляснога матэрыялу. Зроблена было распараджэнне, каб усе абшарнікі, якія былі ў адсутнасці са сваіх маёнткаў, пад пагрозай страты іх вярнуліся да прызначанага тэрміну і знаходзіліся дома. Мера гэта выкліканая тым, што абшарнікі, якія не пайшлі ў шайкі, раз'ехаліся, хто за мяжу, хто ў суседнія Рыгу і Мітаву. Пакінутыя ў маёнтках эканомы, выконваючы наказ сваіх патронаў, забяспечвалі шайкі ўсім неабходным, і, калі рускія ўлады дазнаваліся пра гэта, эканомы тыя неслі толькі асабістую адказнасць, заключаліся ў турму; пераемнікі ж іхнія зноў рабілі па іхнім прыкладзе, прымаючы і забяспечваючы харчамі шайкі. Справа стала інакшай, калі ў маёнткі вярнуліся самі ўладальнікі. Выезд іх з маёнткаў абстаўлены быў надзвычайнымі цяжкасцямі; каб адлучыцца з маёнтка да павятовага горада, патрабаваўся пісьмовы дазвол вайсковага начальніка стану; для праезду ў суседнія паветы было неабходна браць пашпарт з апісаннем прымет з кіравання вайсковага начальніка павета, а для паездкі ў губернскі горад прасіць цераз вайсковага начальніка павета дазволу генерал-губернатара. Калі абшарнікі аселі такім чынам у сваіх маёнтках, у выпадку дазнанага з'яўлення ў каго-небудзь з іх шайкі і забеспячэння яе правіянтам, уладальнік падвяргаўся заключэнню ў турму, а на маёнтак накладваўся секвестр, і ён паступаў у скарбовае кіраванне. Гэта мера была з самых дзейсных. Абшарнікі ўмалялі паўстанцаў разысціся, не паказвацца да іх і не падвяргаць іх спусташэнню; пачалі нават варожа адносіцца да іх, і былі выпадкі арыштавання абшарнікамі і прадстаўлення рускім уладам асобных, з'яўляўшыхся ў іх маёнткі паўстанцаў. Па расказах некаторых паўстанцаў у рэшце рэшт справа дайшла да таго, што нідзе і за ніякія грошы нельга было дастаць кавалак хлеба, і тыя, якія не адчувалі за сабой якіх-небудзь цяжкіх злачынстваў, дабраахвотна здаваліся рускім уладам. Усе чыноўнікі польскага паходжання былі заменены рускімі. Гаварылі потым, што гэта быў нейкі адкід рускага чынавенства, які аказаўся нягодным у сябе дома. Колькі мне самому давялося назіраць і чуць ад іншых, трапляліся паміж гэтымі чыноўнікамі асобы ва ўсіх адносінах нягодныя, але як выключэнне, большасць жа, у асаблівасці асобы па сялянскім кіраванні, былі зусім бездакорныя. Для назірання за рухам партый, а таксама за асобнымі падазронымі людзьмі былі наладжаны ў паселішчах і па дарогах сельскія варты, на ўтрыманне якіх праводзіўся асобны збор з абшарнікаў. Шайкі пераважна складаліся з абшарнікаў і дробнай шляхты. Як потым аказалася, маршалкі шляхты, каб павялічыць колькасць шляхты, на якую галоўным чынам разлічвалі, як на гатовы кантынгент шаек, яшчэ за некалькі гадоў да паўстання паклапаціліся запісаць у шляхціцы людзей зусім не шляхецкага паходжання. Генерал-губернатар загадаў усім, хто іменаваў сябе шляхтай, прадставіць пісьмовыя таму доказы, і ўсе тыя, у каго такіх доказаў не аказалася, або прадстаўленыя прызнаны сумніцельнымі, былі перапісаны ў падатныя саслоўі.

У канцы траўня 1864 года я ад'ехаў у Пецярбург з нагоды прыкамандзіравання мяне да лейб-гвардыі стралковага Яго Вялікасці батальёна і пакінуў г. Шаўлі, у якім сярод хутка мяняўшыхся твараў, выходзіўшых з шэрагу звычайных падзей і такіх жа заняткаў, непрыкметна прамільгнуў для мяне памятны на Русі і Літве 1863 год.

М.П. Мяжэцкі


Фестываль "Лятучы стол Караткевіча" (лістапад 2013)

Кнігарні "логвінаЎ" (Незалежнасці 37а) падарылі легендарны пісьмовы стол, за якім Уладзімір Караткевіч напісаў "Каласы пад сярпом тваім" і "Чорны замак Альшанскі". І гэта выдатная нагода для літаратурнага фестывалю! Цэлы лістапад раз на тыдзень у кнігарні "логвінаЎ" і галерэі "Ў" будуць адбывацца літаратурныя, музычныя і мастацкія імпрэзы, прысвечаныя Уладзіміру Караткевічу, з удзелам паэтаў, спевакоў і мастакоў. На кожнай імпрэзе фестывалю самых актыўных чакаюць "лятучыя" прэзенты ад кампаніі "Будзьма беларусамі!".


Расклад імпрэзаў фестывалю "Лятучы стол Караткевіча"

6 лістапада. Кнігарня "логвінаЎ". 19.00.

Сакрэты зайцоў-півавараў

Зусім неафіцыйнае, але, тым не менш, дужа ўрачыстае адкрыццё фестывалю "Лятучы стол Караткевіча". Пра свайго Караткевіча раскажуць Адам Глобус, Уладзімір Арлоў, Кася Камоцкая, Анатоль Івашчанка і Антон Рудак. Чакаюцца нечаканыя госці. Вядоўца - Андрэй Хадановіч. Арганізатары - кнігарня "логвінаЎ" і кампанія "Будзьма беларусамі!"

9 лістапада. Кнігарня "логвінаЎ". 14.00.

Дзікае маляванне

Другое мерапрыемства фестывалю "Лятучы стол Караткевіча" - прэзентацыя дзіцячага комікса Адама Глобуса "Дзікае паляванне і кароль Стах". Малявальны майстар-клас для дзетак правядзе мастачка Наталля Гарачая. Дзеткі і дарослыя, прыходзьце - будзем маляваць!

Арганізатары - кнігарня "логвінаЎ" і кампанія "Будзьма беларусамі!"

12 Лістапада. Галерэя "Ў". 19.00.

Скрыпка дрыгвы

На трэцяй імпрэзе фестывалю "Лятучы стол Караткевіча" Зміцер Вайцюшкевіч сыграе свае песні на вершы Караткевіча з альбома "Беларуская песня". Арганізатары - кнігарня "логвінаЎ" і кампанія "Будзьма беларусамі!"

19 лістапада. Кнігарня "логвінаЎ". 19.00.

Karatkieviс international

Чарговая імпрэза фестывалю "Лятучы стол Караткевічча", прысвечаная перакладам твораў Караткевіча на замежныя мовы. Прэзентацыя польскага перакладу рамана "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" з удзелам перакладчыцы Малгажаты Бухалік. А таксама аповед пра легендарнага нямецкага перакладчыка Норберта Рандаў (1929-2013). Вядоўца - Андрэй Хадановіч. Арганізатары - кнігарня "логвінаЎ" і кампанія "Будзьма беларусамі!"

26 лістапада. Кнігарня "логвінаЎ". 19.00.

Быў. Ёсць. Буду.

У дзень народзінаў класіка выдавецтва "Мастацкая літаратура" на заключнай імпрэзе фестывалю "Лятучы стол Караткевіча" прадставіць публіцы першыя чатыры тамы поўнага збору твораў Уладзіміра Караткевіча. Выступоўцы - Віктар Шніп, Анатоль Верабей, нашчадкі пісьменніка. Арганізатары - кнігарня "логвінаЎ" і кампанія "Будзьма беларусамі!"

Уваход на ўсе імпрэзы - вольны. Сядзенне за легендарным сталом - дармавое. Лятучыя прэзенты - на падлёце. Катапультуйцеся да нас!

Будзьма беларусамі.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX