Вярнуцца: 2013

№ 46 (1145)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 46 (1145) 13 лістапада 2013 г.


ДЗЯДЫ - 2013


Шэсце ў Лошыцу

10 лістапада Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя - БНФ наладзіла традыцыйнае шэсце ў Лошыцу. Акцыя была дазволеная гарадскімі ўладамі.

Лошыцкі Яр - урочышча, дзе органы НКУС у 1937-1941 гадах праводзілі масавыя расстрэлы. У нашы дні на тым месцы знаходзіцца гаражны кааператыў.

У акцыі прынялі ўдзел каля паўсотні чалавек. Удзельнікі неслі традыцыйныя транспаранты, бел-чырвона-белыя сцягі. Каля крыжа ў Лошыцкім Яры прайшоў мітынг.

Валеры Буйвал зачытаў ліст ад старшыні КХП-БНФ Зянона Пазняка.

Пазняк напісаў, што беларуска мова заўсёды з'яўлялася аб'ектам асаблівага пераследу з боку "расейскіх акупантаў". Ён падтрымаў нядаўнія выказванні Юрася Беленькага, пацвердзіў, што той назваў рэчы сваімі імёнамі.

Пасля заканчэння мітынгу людзі ўсклалі кветкі і запалілі знічы.

Паводле радыё "Свабода".


366 дзён з беларускай гісторыяй

Пакуль "кожны піша ўласны працяг" беларускай гісторыі сваімі сённяшнімі ўчынкамі і дзеяннямі, кампанія "Будзьма беларусамі!" працягвае тыражаваць гісторыю ў штодзённае жыццё. "Круглы год з беларускай гісторыяй" - пад такой назвай быў выдадзены каляндар на 2014 год паводле аднайменнага анімацыйнага фільма. Кампанія "Будзьма беларусамі!" адмыслова абрала для стварэння календара высакосны год, каб усе ахвотныя змаглі прабыць з беларускай гісторыяй як мага даўжэй.

Каляндар працягвае добрую традыцыю "беларускае ў простых рэчах". Раней паводле мультфільма грамадскай кампаніяй была выкладзеная для вольнага доступу і выдадзеная лімітаваным тыражом маляванка для самых маленькіх беларусаў "Будзьма беларусікамі!". Створаная рэжысёрам стужкі Юліяй Рудзіцкай з пераасэнсаванымі тэкстамі ад Лявона Вольскага, маляванка мела поспех сярод самай маладой аўдыторыі. І дарослымі гэта было заўважана. Праўда, выклікала гэта і незадаволенасць з іх боку, маўляў, "ну вось, дзеткам маляванку, а нам хоць бы каляндар які…" Пакідаць гэта без увагі - недаравальна, амаль крымінальна. Таму кампанія вырашыла парадаваць дарослых беларусаў якасным паліграфічным выданнем.

Адаптацыю кадраў мультфільма для календара зрабіла Юлія Рудзіцкая, а вершы перапісаў пад каляндарны фармат Лявон Вольскі. Нагадваем, што анімацыйны фільм "Будзьма беларусамі!" стаў прызёрам шматлікіх конкурсаў і сабраў больш за мільён праглядаў на розных сэрвісах. Аўтары ідэі - Юлія Ляшкевіч і ГКК "Будзьма беларусамі!".

Пытайце каляндар у кнігарнях: Акадэмкніга, Кнігарня пісьменніка, кнігарня "Ў", кнігарня Веды, Цэнтральная кнігарня, кнігарня "Кнігі і кніжкі", кніжная выстава на ВДНХ.

Будзьма беларусамі.


190 гадоў з дня нараджэння Паўла Шпілеўскага

Павел Міхайлавіч ШПІЛЕЎСКІ (12.11.1823-29.10.1861) нарадзіўся ў в. Шыпілавічы Бабруйскага павета (цяпер Любанскі раён Менскай вобласці) ў сям'і святара. Вучыўся ў Менскай духоўнай семінарыі ў Слуцку (1837-1843), Пецярбуржскай духоўнай акадэміі (1843-1847), якую закончыў са званннем кандыдата багаслоўя. Прызначаны выкладчыкам славеснасці ў Варшаўскую павятовую духоўную вучэльню. Праз пяць гадоў переехаў у Санкт-Пецярбург. Са снежня 1853 г. працаваў у Галоўным педагагічным інстытуце, а з красавіка 1855 г. - настаўнікам у школе пры экспедыцыі падрыхтоўкі дзяржаўных папер.

Літаратурную дзейнасць пачаў з 1846 г. Пад псеўданімам П. Драўлянскі выдаў артыкулы па беларускай міфалогіі ў "Журнале Министерства Народного Просвещения". Выйшлі: гістарычная праца "Описание посольства Льва Сапеги в Московию" (1850), у часопісе "Москвитянин" - "Исследование о вовкулаках на основании белорусских поверий" (1853), у часопісе "Пантеон" - "Белоруссия в характеристических описаниях и фантастических сказках", у "Современнике" - "Путешествие по Полесью и Белорусскому краю" - праца, атрымаўшая найбольшую вядомасць і напісаная лепшым літаратурным стылем. Створана манаграфія "Белорусские пословицы", у 1857 г. - "Археологические находки" і "Дожинки, белорусский обычай. Сценическое представление". У часопісе "Иллюстрация" выдана шэсць "Западнорусских очерков" (1858).

Працы пісьменніка напісаны літаратурным стылем, што абумоўлівае пастаянную і не памяншалую цікавасць да яго творчасці не толькі сярод прафесіяналаў, але і сярод аматараў. Важнае месца ў творах займае апісанне народнай паэзіі, абраднасці і вераванняў.

У рукапісным аддзеле бібліятэкі АН Санкт-Пецярбурга захоўваецца рукапіс ранняй навуковай працы - складзены ім слоўнік беларускай мовы "Кароткая граматыка беларускай гаворкі".

Нядаўна ў рэдакцыйна-выдавецкай установе "Літаратура і мастацтва" выйшла кніга Паўла Шпілеўскага "Беларусь у абрадах і казках", перакладзеная на беларускую мову Аляксандрам Вашчанкам.

Вікіпедыя.


115 гадоў з дня нараджэння Вінцэнта Гадлеўскага

Вінцэнт ГАДЛЕЎСКІ (псеўданім В. Скаліманоўскі; 16 лістапада 1898 - 24 снежня 1942) - каталіцкі святар, грамадскі дзеяч, публіцыст.

Нарадзіўся ў вёсцы Шурычы (мяст. Поразава) Ваўкавыскага павету. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю (1912) і Пецярбуржскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916). Адзін з першых пачаў служыць у касцёле па-беларуску.

У сакавіку 1917 года абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт, удзельнік Усебеларускага з'езду 1917. У траўні 1917 удзельнічаў у З'ездзе беларускага каталіцкага духавенства ў Менску, дзе выступіў з прамовамі "Палітычна-народная акцыя каталіцкага духавенства на Беларусі" і "Стварэнне каталіцкай партыі". Пасля абвяшчэння БНР (сакавік 1918) уваходзіў у склад яе Рады. У 1921 выдаў беларускамоўныя казанні XIX стагоддзя.

Адзін з заснавальнікаў і лідараў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газету "Крыніца". Выкладаў у Нясвіжскай беларускай семінарыі. З 1924 пробашч касцёла ў мястэчку Жодзішкі Свянцянскага павету. У 1925 і 1927 арыштаваны польскімі ўладамі, у 1927 асуджаны на 2 гады турмы. З 1929 жыў у Вільні, у 1930 часткова пераклаў на беларускую мову Новы Запавет (4 Евангеллі і Апостальскія дзеі выдадзены адной кніжкай у Вільні ў 1939). Быў аўтарам падручніка "Гісторыя святая, або Біблейная Новага Закону" (1932). Выступіў з ініцыятывай стварэння Беларускага нацыянальнага фронту. Выдаваў газету "Беларускі фронт".

Ідэалогія Гадлеўскага - гэта беларускі кансерватызм, угрунтаваны на гістарычнай памяці, мове, культуры, традыцыях. У ролі нацыянальнай эліты, здольнай скансалідаваць і павесці за сабой нацыю, Гадлеўскі бачыў інтэлігенцыю.

З пачаткам ІІ Сусветнай вайны пераехаў у Коўню, з чэрвеня 1940 у Варшаве. Заснаваў напрыканцы 1939 Беларускую незалежніцкую партыю. У чэрвені 1941 увайшоў у створаны ў Берліне Беларускі нацыянальны цэнтр. З верасня 1941 у Менску. У час нямецкай акупацыі быў прызначаны галоўным школьным інспектарам пры генеральным камісарыяце Беларусі (кастрычнік 1941), кіраваў працай па падрыхтоўцы праграм навучання для беларускіх пачатковых школаў, адначасова быў сябрам Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы. Правіў службу ў Чырвоным касцёле ў Менску. Неўзабаве Гадлеўскі пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку ў дачыненні да беларускага народу. Быў арыштаваны нямецкай паліцыяй у Менску ў ноч на 24 снежня 1942. Неўзабаве закатаваны ў Трасцянцы (пад Менскам).

Вікіпедыя.


XV Міжнародны з'езд славістаў: погляд звонку

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

* * *

Міжволі заўважаючы, як спрэс у нашым грамадскім жыцці на вялікую шкоду нацыянальнаму інтарэсу віруе руская мова, некаторыя выступоўцы стараліся хоць адзіндва абзацы прысвяціць дадзенай праблеме, не лічачыся з тэмай свайго даклада. Ва ўсіх такіх выпадках заяўлялася, што выратаванне беларускай мовы ад вымірання - справа саміх беларусаў. З гэтым не паспрачаешся. Але паколькі дзяржава са сваім шырока разгалінаваным ідэалагічным апаратам свядома стараецца стаяць убаку ад вырашэння дадзенага пытання, імкнецца максімальна ўнесці ў яго блытаніну, у масе сваёй людзі як след не разумеюць, з чаго пачынаць, не выказваюць асаблівай актыўнасці ў выратаванні мовы. Справа магла б хоць трохі зрушыцца ў лепшы бок, калі б разам са шматлікімі праблемамі тэарэтычнага характару з'езд разгледзеў і крытычную моўную сітуацыю ў Беларусі, што было б на карысць не толькі ёй самой, але ўсёй славянскай этнічнай супольнасці дый самой славістыцы, якая па прызнанні шэрагу аўтараў за апошнія гады стала не такой папулярнай у свеце, як раней.

Пахвальна, што на з'ездзе славістаў не змоўчалі, а з вялікай трывогай гаварылі пра характэрную сёння для ўсёй планеты Зямля тэндэнцыю масавага знікнення моў, бо беларускую мову, занесеную ЮНЕСКА ў Чырвоную Кнігу, такая бяда, напэўна ж, напаткае раней за ўсе славянскія. І недарэчна, што яе праглыне не сусветная глабалізацыя, а ўласная дзяржаўная палітыка русіфікацыі. У краіне такі велізарны штат палітыкаў, ідэолагаў, інтэлектуалаў, а вось аптымізаваць суадносіны афіцыйнага выкарыстання беларускай і рускай моў з тым, каб не даць загінуць першай (да чаго рукой падаць), ніхто не жадае. Ёсць нейкія спадзяванні, што мо за гэтую выратавальную акцыю яны возьмуцца пасля азнаямлення з такімі агучанымі на форуме намеснікам старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, старшынём арганізацыйнага камітэта XV Міжнароднага з'езду славістаў Уладзімірам Гусаковым словамі (цытую па газеце "Союзное Вече" 28.VIII-4.IX.2013 г.): "…особую актуальность приобретают проблемы сохранения, поддержки и развития национальных языков и культур (гэта якраз тое, што нашай дзяржавай невядома дзеля чыйго інтарэсу сістэмна ігнаруецца) . …По оценке ЮНЕСКО, из 6 тысяч языков мира примерно половина может в ближайшем времени исчезнуть навсегда. Мы не должны допустить, чтобы это произошло в славянском мире (падкрэслена мною. - Л.Л. )". Не сумняваюся, што У. Гусакоў тут меў на ўвазе найперш за ўсё беларускую мову, бо аніводная са славянскіх моў не знаходзяцца ў такім катастрафічным стане, як наша.

Думаю, што на гэтую праблему так пачалі глядзець і многія ўдзельнікі з'езду ў выніку сваіх кантактаў з беларускімі калегамі, блукання па франтальна рускамоўных вуліцах Мінска, наведванняў яго ўстаноў і арганізацый. Утаіць суцэльную зрусіфікаванасць беларускай сталіцы было б немагчыма нават ад зусім недасведчаных у пытаннях мовы людзей, а гэта ж спецыялісты вышэйшай катэгорыі ў сферы філалагічнай навукі. І калі яны, прамаўляючы на з'ездзе, глыбока не раскрывалі гэтай праблемы, дык, відаць, толькі таму, што пакідалі яе самім беларусам, не хацелі закранаць палітычнага аспекту. Можа ніхто з замежных і прытым неславянскіх выступоўцаў так не наблізіўся да вострых праблем пачварнай моўнай сітуацыі ў Беларусі, як старшыня Германскага нацыянальнага камітэта славістаў Герт Гентшаль, пра што будзе сказана трохі ніжэй. Увогуле мяне вельмі здзіўляе паважлівае стаўленне прагрэсіўных колаў нямецкага грамадства і найперш навукоўцаў да культурна-моўных праблем беларускага народа. У гады Першай сусветнай вайны на яго тэрыторыі нямецкай вайсковай і цывільнай адміністрацыяй усталёўваюцца акупацыйныя парадкі, што, аднак, не перашкодзіла адпаведным органам надаць беларускай мове статус афіцыйнай, пагадзіцца на адкрыццё школ і іншых устаноў адукацыі з беларускай мовай навучання. А гэтага ж прагрэсіўныя сілы нашага краю больш як 140 гадоў прасілі ва ўладаў братняй яму па духу славянскай Расіі. І ўсё марна. Ці вось другі прыклад. Улетку 1941 года Беларусь апынулася пад прыгнётам фашысцкіх акупантаў. На значнай частцы тэрыторыі яе ствараецца Генеральная акруга Беларусь на чале з гаўляйтарам Вільгельмам Кубэ. Здавалася прыйшоў канец усякаму беларускаму нацыянальнаму жыццю. Не, такога не адбылося. Выходзяць немалога накладу беларускамоўныя газеты, на роднай мове карэннага насельніцтва будуецца педагагічны працэс ва ўсіх тыпах навучальных устаноў. Носьбіт фашысцкай ідэалогіі В. Кубэ грунтоўна знаёміцца з літаратурай па гісторыі і культуры падначаленай яму акругі, вядзе на гэтую тэму частыя гаворкі з прадстаўнікамі беларускай інтэлігенцыі і глыбока пераконваецца ў тым, што гэтая зямля ёсць беларуская, а не руская, польская, украінская ці яшчэ якая-небудзь іншая. Праз год акупацыі Кубэ ў сваім артыкуле для "Беларускай газэты" заявіць такое: "Беларускую мову мы, немцы, ахоўваем і апякуемся ёю. Поле й хата, сямейнае жыццё, школа, царкоўная свабода, культура, тэатр, асьвета й мастацтва ў беларускім характары> (падкрэслена мною. - Л.Л. ) - вось тая мэта, якую мы ставім перад "найбольш нязнаным народам Эўропы…" Бальшавіцкая Расія руйнуе, нацыянал-сацыялістычная Вяліканямеччына будуе".

Дапускаю, што такое В. Кубэ заявіў у чыста прапагандысцкіх мэтах, і моцна жадаю, каб нешта падобнае - няхай сабе таксама ў такіх мэтах, але найлепш у стваральных, нацыянальна-адраджэнцкіх - прагучала б сёння з вуснаў, калі не першай, дык другой ці трэцяй паводле рангу палітычнай асобы. О, як тады магла б завіраваць нашае змізарнелае апошнім часам нацыянальнае жыццё! З'явілася б вялікая рэальная надзея выратаваць беларусаў ад рускай культурна-моўнай самаасіміляцыі, да чаго так мэтанакіравана вядуць іх улады.

Нібыта ў працяг традыцый паважлівых дачыненняў немцаў да этнакультурнай самабытнасці беларускага народа Герт Гентшаль так фармулюе перад славістамі свой погляд на гэтую праблему: "мая прысутнасць на з'ездзе… разам з цікавасцю да славістыкі, не ў апошнюю чаргу звязана і з цікавасцю да беларускай мовы і літаратуры. Няхай на гэтай мове будзе сказана шмат важнага, у першую чаргу, для саміх беларусаў. І няхай беларуская мова і літаратура будуць адным са шматлікіх прыкладаў культурнай разнастайнасці, якой вылучаецца наш стары еўрапейскі кантынент сярод іншых. Моўная разнастайнасць прыносіць карысць…" (цытавана па газеце "Звязда". 23 жніўня 2013 г.). Такія словы-пажаданні толькі вітаць трэба. Але ў сучасных умовах падобнае не рэальна з-за няспыннага працягу тутэйшымі чыноўніцкімі палітыкі русіфікацыі. Трагічна, што ў апошнія гады шэрагі змаганцаў супраць гэтай злыбеды вельмі парадчэлі. Шмат сапраўдных волатаў беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння адышло ў невядомы свет ці занядужала, а адпаведнай замены ім няма.

* * *

Я бясконца рады, што на схіле свайго некароткага жыцця быў хоць знадворным сведкам такой гістарычнай падзеі, як XV Міжнародны з'езд славістаў. Моцна ўражаны маштабамі падрыхтоўчай і ўсёй астатняй звязанай з ім працай, у чым яшчэ да пачатку форуму і ў час яго актыўны ўдзел бралі многія па сапраўднаму заклапочаныя гаротным лёсам беларускай мовы асобы. Не сумняваюся, што гэты з'езд зробіць нашую краіну яшчэ больш вядомай на планеце Зямля. Затое зусім не ўпэўнены, што ён хоць на адну ёту паспрыяе павысіць сацыяльную ролю беларускай мовы па аслугоўванні грамадскага жыцця, хоць на пяцьдзесяць гадоў адтэрмінуе поўную русіфікацыю карэннага насельніцтва. Каб з'езд змог пазітыўна паўплываць на захаванне яго нацыянальнай ідэнтычнасці, патрэбна было запланаваць адпаведныя гэтым мэтам даклады, наладзіць працу секцый. Што толькі не абмяркоўвалася на ім! А вось вынесці на парадак дня з'езду пытанні прагматычнага парадку тыпу: "Майскі рэферэндум 1995 года і яго ўплыў на стан нацыянальна-культурнага жыцця краіны" альбо "Праблемы захавання этнакультурнай самабытнасці беларускага народа пры панаванні ў грамадскім жыцці яго краіны рускай мовы" і падобныя да іх пытанні, развязванне якіх цалкам залежыць ад улад, нашыя навукоўцы не адважыліся. І дарэмна, бо дапытлівыя да ўсяго замежныя славісты і да прыезду ў Мінск ведалі нямала чаго негатыўнага з практыкі дзяржаўнай культурна-моўнай палітыкі і яшчэ больш пераканаліся ў гэтым пасля наведання нашай сталіцы, амаль зусім не чуючы на яе вуліцах беларускай мовы.

Думаю, не памылюся ў сваім сцвярджэнні: нам у вельмі нязначнай ступені ўдалося выкарыстаць у нацыянальных інтарэсах найбагацейшы інтэлектуальны патэнцыял XV Міжнароднага з'езду славістаў. Вінаватыя ў гэтым не навукоўцы, а самае высокае палітычнае кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь. Улічваючы страшэнны заняпад беларускай мовы з-за свядомага выключэння яе з усіх сфер грамадскай дзейнасці чалавека, чаго ніяк нельга пакідаць надалей, яно, яшчэ раз падкрэслю, проста абавязана была запрасіць да сябе на дзелавую размову хоць старшынь нацыянальных камітэтаў славістаў краін-удзельніц для грунтоўнага абмеркавання шляхоў карэннага паляпшэння ў нас моўнай сітуацыі, бо айчынныя ж навукоўцы да гэтага часу не выпрацавалі (а можа, ім ніхто не прапаноўваў?!) адпаведнай канцэпцыі і не азнаёмілі з ёю ўлады. Калі кіраўніцтва краіны не наладзіла такой сустрэчы, дык гэта дае важкія падставы меркаваць пра адсутнасць у яго нават самага элементарнага жадання змяніць несправядлівыя, проста каланіяльныя суадносіны афіцыйнага выкарыстання беларускай і рускай моў, што ўжо не адзін год, як зрабіла першую амаль зусім не запатрабаванай у грамадстве. Што ў сацыялінгвістычным плане XV Міжнародны з'езд славістаў наўрад ці паўплывае ў лепшы бок на моўную сітуацыю ў нас, дае вялікія падставы сцвярджаць такі недарэчны факт: калі 1 верасня ў Быхаве грамадкасць краіны ў чарговы раз адзначала Дзень беларускага пісьменства, як на здзек, упершыню ў нашай практыцы афіцыйная частка такога свята прайшла па-руску, за што трэба дзякаваць найперш старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятру Рудніку і міністру культуры Беларусі Барысу Святлову. Як бачым, генератар русіфікацыі ні на хвіліну не дапускае збою ў сваёй працы па руйнаванні нацыянальнага жыцця ўяўна суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Леанід ЛЫЧ, доктар гістарычных навук, прафесар


Мовазнаўчы досвед

Пра куртатыя словы-калекі

У рубрыцы "Каляндар памятных датаў і юбілейных дзён на 2013 год" чытаем: "12 жніўня - 120 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Ружанцова (1893 - 1966), руска-, літоўска-, англамоўнага паэта, перакладчыка, мастака, гісторыка, бібліёграфа. Жыў у ЗША".

Спыняюць увагу вылучаныя словы. Першыя два зразумелыя: руска (моўны), літоўска (моўны), а вось трэцяе англамоўны (паэт). Як тут дайсці да яго сэнсу. З формы "англамоўны" вынікае, што паэт пісаў на мове англаў?? Але ж ёсць мова англійская і пераклады з іншых моваў на англійскую. Бярэм у рукі кнігу "Англійска-беларуска-рускі слоўнік" . Пад агульнай рэдакцыяй канд. філал. навук Т.М. Сушы, канд. філал. навук А.К. Шчукі, з удзелам доктара навук П. Дж. Мэё (Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2004). У прадмове чытаем: "Другое выданне "Англійска-беларуска-рускага слоўніка" , падрыхтаванага аўтарскім калектывам з удзелам доктара навук П. Дж. Мэё (Вялікабрытанія) у Навукова-метадычным Цэнтры "Слоўнік Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта … У слоўнік уключаны найбольш ужывальныя словы і словазлучэнні сучаснай англійскай мовы".

Дык адкуль гэтае куртатае "англамоўны" ? Такія "ацяробкі", відаць, з амерыканскага варыянту англійскай мовы, дзе словы прагматычна "абцярэбліваюцца" да голага камля, пазбаўляюцца ўсіх галінаў жывога слова, - застаецца толькі корань. Параўнаем, да прыкладу, як перадаюцца славянскія неаднаскладовыя (вытворныя) словы. Прозвішча прэзідэнта СССР М. Гарбачова пісалася ў славянскім друку Горбі (Горби) , дзе захаваўся толькі корань слова ( Горб-ач-ов ).

У беларускай і іншых славянскіх мовах , напрыклад, з коранем горб- бытуюць дзесяткі прозвішчаў: Горб, Горбік, Горбач і Гарб а ч, Гарбачоў, Гарбачык, Гарбачэня, Гарбачэвіч і Гарбацэвіч, Гарбачэўскі, Гарб е ня, Гарбук, Гарбуль, Гарбуленя, Гарбулёў, Гарбульчык, Гарбулевіч, Гарбаты, Гарбанос, Гарбаносаў, Гарбачынскі і шмат іншых.

Кожны з такіх антрапонімаў мае пэўны арэал бытавання і адметную семантыку, якая перадаецца словаўтваральнымі фармантамі. Так, утварэнні з -ік/-ык маюць семантыку 'нашчадак' (сын, продак, дзіця і інш.) і пашыраныя на захадзе Беларусі (Гарадзеншчына): Горбік, Гарб а чык , як і Лукашык, Сідорык . Блізкія да згаданых антрапонімы на -еня / -эня , частыя ў названым арэале: Гарбеня, Гарбачэня ; як і Адаменя, Фядзеня . Прозвішчы з -ук/-юк уласцівыя поўдню Беларусі (Берасцейшчына): Гарбук, Гарбачук ; як і Клімук, Фядук . Утварэнні з фармантамі - овіч/-авіч/-эвіч маюць антрапанімічную семантыку 'бацькайменне': Гарбачэвіч і Гарбацэ-віч 'сын асобы з прозвішчам Гарбач' . Вытворы (дэрываты) на -аўскі / -оўскі / -еўскі / -эўскі здатныя выражаць дваякую семантыку: а) лакальную - абазначаюць мясціну, адкуль родам чалавек ці месца яго жыхарства: Гарбачэўскі 'з паселішча Гарбачы ' ці як прэстыжнае, шляхетнае ад Гарбач ; як і Ліс - Лісоўскі , Камар - Камароўскі .

Ці ёсць патрэба ў замене шматстайнасці антрапонімаў нейкім адным "прагматычным" прозвішчам? Зразумела, не. Колькі лінгвістычных нюансаў страціла б мова, пазбыўшыся словаўтваральных фармантаў!

І сярод апелятыўнай лексікі "куртатыя" (абсечаныя, ацярэбленыя) словы робяць маўленне невыразным, нярэдка незразумелым: чытачу цяжка ці ўвогуле немагчыма адэкватна зразумець сэнс напісанага. На жаль, у друку чытач сустракаецца з падобнымі лінгвістычнымі рэбусамі. Напрыклад, у абвестках ВНУ пра спецыяльнасці (спецыялізацыі) на факультэтах (аддзяленнях) замежных моваў: " рамана -германская спецыяльнасць (спецыялізацыя), франка -германская … ". У абітурыентаў, іх бацькоў найперш узнікае ўяўленне пра германскую філалогію для нейкіх " раманаў " і " франкаў ", а прэтэндэнтам на месца ў вышэйшай навучальнай установе хочацца мець раманска -германскую ці французка -германскую спецыяльнасць (спецыялізацыю).

Такія і падобныя лінгварэбусы сустракаюцца, на жаль, і на старонках рэспубліканскіх часопісаў, напрыклад, у тэкстах пад фота аўтараў, чые творы друкуе часопіс ("Маладосць"). Бачым зрэдку і на шыльдах кабінетаў на факультэтах (аддзяленнях), дзе вывучаюцца замежныя мовы. Да прыкладу, "Кафедра рамана -германскай філалогіі" . Хоць у складзе гэтай кафедры спецыялісты ў галіне раманскай і германскай філалогіі.

Тэрміны-найменні павінны мець выразную матываванасць семантыкі. Лінгварэбусныя найменні нагадваюць прыведзеную вышэй прагматычную амерыканскую "формулу Горбі".

Безматывацыйныя, куртатыя словы, на вялікі жаль, сустракаюцца і ў "салідных" кнігах. Напрыклад, у вядомым выданні "Бібліяграфічным слоўніку" 2010 года выдання: "Гісторыка-культурны часопіс "Свіцязь" друкаваў матэрыялы па гісторыі культуры Гродзеншчыны і культуры беларускага памежжа" . Часопіс, як бачым, змяшчаў матэрыялы па гісторыі культуры, дык чаму не даць натуральную назву " гістарычна-культурны " (часопіс); куртатае " гісторыка-культурны " - гэта пра гісторыкаў, але ніякай тут гаворкі пра іх няма. Дарэчы, далей у тэксце выкарыстана натуральная форма тэрміна: "Манаграфія. Гродна. Гістарычна -эканамічны нарыс" .

Павел Сцяцко


Пра пытанне дашкольнага навучання на беларускай мове

Сп. М.А. Ладуцьку,

старшыні Мінскага гарвыканкама

пр. Незалежнасці, 8

220030, г. Мінск

Аб дзяржаўнай беларускай мове

ў сістэме дашкольнага навучання

Паважаны Мікалай Аляксандравіч!

24 верасня ў сядзібе ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" адбыўся круглы стол, які быў прысвечаны пытанню дашкольнага навучання на беларускай мове.

Па яго выніках былі выказаны наступныя прапановы, якія мы адрасуем упраўленню адукацыі Мінгарвыканкама. Удзельнікі круглага стала прапануюць:

1. Вызначыць у кожным раёне г. Мінска дзіцячы садок (у спальным раёне - найнерш), дзе могуць быць створаны групы з беларускай мовай выхавання і навучання.

2. Змясціць інфармацыю па-беларуску пра наяўнасць беларускамоўных груп і дзіцячых садкоў на стэндах у раённых упраўленнях адукацыі і ў інтэрнэце, а таксама на сайце Мінгарвыканкама і ў газеце "Вячэрні Мінск".

3. Падчас прыняцця заяў у бацькоў аб пастаноўвы на ўлік для атрымання месца ў дзіцячым садку абавязкова запытвацца і пазначаць мову выхавання.

4. У новых мікрараёнах адразу клапаціцца пра стварэнне беларускамоўных дзіцячых дашкольных устаноў.

5. У педагагічных каледжах улічыць наяўныя праблемы падрыхтоўкі выхавальнікаў, а таксама звярнуць увагу на распрацоўку сучасных метадычных дапаможнікаў для дашкольных устаноў з беларускай мовай навучання і выхавання.

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларуская мовы

імя Францішка Скарыны"

Аб разглядзе звароту

Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама разгледзеў Ваш зварот і паведамляе наступнае.

Навучанне і выхаванне ва ўстановах дашкольнай адукацыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца на беларускай і рускай мовах. Асноўная мова навучання вызначаецца яго заснавальнікам з улікам пажадання законных прадстаўнікоў выхаванцаў.

У кожным раёне г. Мінска створаны беларускамоўныя групы. У гэты час ва ўстановах дашкольнай адукацыі функцыянуюць 128 груп з беларуская мовай выхавання і навучання, працуюць два беларускамоўныя дзіцячыя садкі.

Інфармацыя пра наяўнасць беларускамоўных груп і дзіцячых садкоў размешчана на стэндах і сайтах раённых упраўленняў адукацыі, спорту і турызму.

Пры пастаноўцы на ўлік для атрымання месца ў дзіцячым садзе спецыялістам рэкамендавана пазначаць мову выхавання з улікам пажадання законных прадстаўнікоў.

Пытанне распрацоўкі сучасных метадычных дапаможнікаў для дашкольных устаноў з беларускай мовай навучання і выхавання не знаходзіцца ў кампетэнцыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама.

Старшыня М.У. Мірончык.


"Лучынка" - новая кніга для сямейнага чытання ад аўтараў "Азбукоўніка і лічылкі"

Новае выданне паступіць у продаж у бліжэйшыя дні. Год таму ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшла чытанка для дзяцей "Азбукоўнік і лічылка", укладзеная Зосяй Куставай і аформленая мастаком Уладзімірам Пашчасцевым.

Тую кнігу раскупілі вокамгненна. З 2000 асобнікаў у кнігарні трапіла ўсяго 150, усё астатняе замовілі бібліятэкі.

І вось цяпер чытачам прапануецца новая кніга "Лучынка". Выданне прызначанае для сямейнага чытання. Укладальнік кнігі - Зося Кустава, аўтар ідэі - Валянціна Салаўёва. Асобнай увагі заслугоўвае Мая Пракаповіч - мастак-ілюстратар.

- Маладая таленавітая мастачка Мая Пракаповіч здолела дакладна перакласці на мову выяўленчага мастацтва ідэі выказаныя моваю словаў, - кажа ўкладальнік кнігі. - Філасофскае, сімвалічнае і індывідуальнае ўспрыняцце мастаком-ілюстратарам свету насычае і расквечвае тэксты, стварае атмасферу лёгкай нязмушанай гутаркі паміж творам і малюнкам, дзе, разам з тым, чутно поўнае суладдзе суразмоўцаў.

Тонкі каларыт расквечвае закладзеную мэту асветы і выкрывае бясконцасць новых адценняў святла лучынкі, дзе адной высакароднай ідэяй прасякнута кожная старонка кнігі.


Чаму "Лучынка"?

Новая кніга не выпадкова атрымала назву "Лучынка". Вось што пра яе паходжанне расказваюць яе стваральнікі.

- "Лучынка" (ад слова лучына) - доўгая, сухая, зазвычай сасновая з прыемным смаляным пахам дранка, якой даўней асвятлялі сялянскія хаты. Слова "лучынка" звязана з прыродай, з чалавекам, з яго побытам, жытлом, якая сваім таямнічым казачным святлом яна рабіла ўтульнай.

Раней пры лучыне выконвалі разнастайную працу, святкавалі, спраўлялі вяселлі, сумавалі, чыталі. Яе чарадзейнае святло заварожвала, трымала ля сябе магічнай сілай жывога агню.


Для каго "Лучынка"?

Сённяшняя чытанка "Лучынка" - гэта індывідуальная самастойная школка-вучэльня па авалодванні вуснай роднай мовай, умоўна кажучы - школка для малых і вучэльня для дарослых.

Аўтары ўпэўнены, што казачнае ўвасабленне жывога агню школкі-вучэльні "Лучынка" асвеціць далейшы шлях усім, хто далучыцца да вывучэння і больш глыбокага ўспрымання роднай мовы праз слова, словазлучэнне, сказ і тэкст.

Наклад новай кнігі складзе 2500 асобнікаў, у бліжэйшыя дні "Лучынка" з'явіцца ў продажы па кнігарнях Беларусі - 250 экзэмпляраў замовіла БелКніга.

Прэс-служба СБП.


НА МОЙ "ДОБРЫ ДЗЕНЬ!" КАЖУЦЬ МНЕ: "ЗДРАСЦЕ…"

Помніцца з маленства… Калі нядзельным днём дома не было пільнай працы, да нас прыходзіў з зусім блізкай суседняй вёскі бабулін брат Піліп (я і мае меншыя браты ды сястрычка звалі яго "дзед Піліп"). Ён амаль заўсёды прыносіў нам слоік мёду (у яго вадзіліся пчолы) ці яшчэ які гасцінчык. Адчыніўшы дзверы, ён вітаўся: "Добры дзень у хату!" Бывала, што бабуля Арына вярталася з панадворка і, убачыўшы брата, казала яму: "Добры дзень табе, Піліп!"

Гэтак жа віталіся адзін з адным пры сустрэчы і ўсе вяскоўцы. Многія мужчыны, рукаючыся, нярэдка гаварылі адзін другому: "Здароў!" І ў літаратуры гэта адлюстравана. Напрыклад, у "Пінскай шляхце" В. Дуніна-Марцінкевіча Куторга кажа: "Дзень добры, пані Пратасавіцкі!" Або ў "Раданіцы" А. Кудраўца: "Добры дзень у хату!" Ці ў апавяданні М. Лынькова "Андрэй Лятун": "Антон лезе на прыступкі і кажа "дзень добры"; "Здароў, дзядзька Андрэй…" Або ў байцы К. Крапівы "Дэкрэт": "Здароў, Максім! Забыўся, брат, на нас зусім".

Такія прывітальныя звароты былі ў Беларусі на працягу стагоддзяў. І ў XIX ст., калі нашы землі сталі часткай царскай Расіі, той жа "добры дзень" быў, як пісаў І.І. Насовіч, традыцыйным, прывычным вітальным зваротам. У тыя часы, як засведчыў Насовіч ва "Успамінах майго жыцця", па-беларуску размаўлялі чыноўнікі, настаўнікі, мясцовыя яўрэі, прадстаўнікі ўсіх саслоўяў: "Наогул усе мяшчане і рамеснікі гаварылі па-беларуску, апрача асоб не беларускага паходжання. Аканомы ж і прыказчыкі… абавязкова павінны з беларускімі мужычкамі размаўляць па-беларуску. Нават самі памешчыкі, асабліва беларускага паходжання, любяць паміж сабой гаварыць па-беларуску". І гэта не гледзячы на тое, што генерал-губернатар Мураўёў ("Вешальнік") пасля задушэння паўстання 1863-1864 гг. зрабіў такую ўстаноўку: "У Паўночна-Заходнім краі так званую беларускую мову неабходна звесці на нішто. Бо, калі гэтага не зрабіць, яна пастаянна будзе інспіраваць думку аб асобным беларускім народзе і аб праве гэтага народа на этнічную самастойнасць і нацыянальна-дзяржаўную суверэннасць, чаго дапусціць нельга".

Характэрна, што ўсё ж яшчэ і ў 1897 годзе, паводле ўсерасійскага перапісу, 73 % жыхароў Паўночна-Заходняга краю назвалі сваёй роднай мовай беларускую.

Вернемся да выклічнікавага выразу "Добры дзень!" Сёння, калі я, напрыклад, сустрэўшыся са знаёмымі ў пад'ездзе нашага дзевяціпавярховага дома, скажу ім: "Добры дзень!", звычайна чую ў адказ: "Здрасце" або "Здраствуйце". Гэтае "здрасце" мне ледзь не заўсёды рэжа вуха і як бы прыніжае мяне. Адкуль яно?

Амаль ва ўсіх еўрапейскіх мовах ужываюць як знак ветлівасці этымалагічна аднолькавага зместу выраз - аднагучны ці адпаведна ў іншым лексічна-гукавым афармленні. Вось некалькі прыкладаў: украінскі "добри день", польскі "dzien dobry", літоўскі "laba diena", латышскі "lab dien", англійскі "good afternoon", нямецкі "guten Tag", французскі "bonjour", іспанскі "buenos dias", італьянскі "buon giomo", шведскі "god eftermiddag".

У рускай мове таксама зрэдку выкарыстоўваюць "Добрый день!", але часцей за ўсё - "Здравствуй(те)!" або "Здравия желаю!" (скажам, у Някрасава: "Здравия желаю! Что угодно приказать: водки или чаю?"). А прыйшло гэтае "Здравствуй" у рускую мову з царкоўнаславянскай ці, сказаць інакш, старажытна-балгарскай. Дарэчы, і ў сучаснай балгарскай мове ёсць і "Добър ден", і "Здрасти", "Здравей", "Здравейте".

Дык ці варта беларусам адмаўляцца ад свайго, спрадвечнага, еўрапейскага "Добры дзень", лічыць яго ледзь не нацдэмаўскім або "бэнээфаўскім" ды пераймаць чужое, царкоўнаславянскае?!

Дзіву даешся, як гэта беларусы змянялі быка на індыка. Адчуваю, што той-сёй з чытачоў можа з абурэннем спытаць: чаго, маўляў, я прычапіўся да гэтых "добры дзень" і "здрасце"? Няўжо не бачу, што за апошнія дзесяцігоддзі пераважная большасць беларусаў, асабліва гарадскіх жыхароў, перайшла на рускую мову? Маўляў, зняўшы галаву, па валасах не плачуць…

Бачу я ўсё гэта не горш за вас, паважаныя чытачы, і ўсёй душою перажываю. Жывём у суверэннай, незалежнай Беларусі, дзе па Канстытуцыі беларуская мова (нароўні з рускай) з'яўляецца дзяржаўнай, але большасць беларусаў аддае перавагу рускай мове (ці размаўляе на трасянцы). Прыпадобніліся да тых народаў Расіі, якія куды больш стагоддзяў, чым мы, варыліся ў катле русіфікацыі. Нядаўна ў "Литертурной газете" (2013, № 18) з захапленнем і зачараваннем пісаў доктар гістарычных навук Ю. Жукаў, прыхільнік шавіністычнай тэорыі "адна краіна - адна нацыя - адна мова": "Мінулым летам быў я ў Саранску, сталіцы Мардоўскай Рэспублікі. Калі не ведаць, што гэта аўтаномія з усімі фармальнымі атрыбутамі, дык ніколі не здагадаецеся, што знаходзіцеся не на рускай тэрыторыі. Усе размаўляюць па-руску, усе надпісы на рускай мове. У прыгожым універсітэце, нядаўна пабудаваным, навучанне па-руску. Але ёсць нацыянальны тэатр, нацыянальны ансамбль песні і танца, ёсць пісьменнікі, якія пішуць на мардоўскай мове. І гэтак далей. Гэта нікому не перашкаджае, гэта ўзор таго, як павінна быць усюды".

Такі "ўзор таго, як павінна быць усюды" бачым і ў Беларусі, хоць наша краіна - не правінцыя Расіі. Ёсць і ў нас "пісьменнікі, якія пішуць" на беларускай мове. Але ўлада, дзяржаўны друк і тэлебачанне лічаць амаль усіх іх "нячэснымі", адносяць да апазіцыі, называюць "пятай калонай" (як і амаль усю апазіцыю). Зрэшты, спалучэнне " пятая калона " сёння актыўна фігуруе на старонках газет, на тэлебачанні, ды шмат хто нават і не ведае, што яно абазначае тое самае, што ў сталінскія часы называлася "ворагамі народа". А пры чым тут "калона" і чаму "пятая"? Нагадаем, што паводле паходжання " пятая калона " - калька з іспанскай мовы ( la quinta columna ). Гэты выраз са значэннем 'варожая агентура ўнутры краіны' ўзнік у 1939 годзе ў Іспаніі, дзе з 1936 г. ішла грамадзянская вайна паміж дэмакратыяй і фашызмам. Контррэвалюцыйныя сілы на чале з генералам Франка, карыстаючыся падтрымкай германскіх і італьянскіх фашыстаў, акружылі сталіцу рэспублікі Мадрыд. Напярэдадні яго падзення франкісцкі генерал Мола выступіў у друку з заявай: "Мы ідзём на Мадрыд чатырма калонамі, але самая небяспечная, пятая калона знаходзіцца ў самім Мадрыдзе"; генерал меў на ўвазе здраднікаў, фашыстаў, капітулянтаў у кіруючых колах Іспанскай рэспублікі, шпіёнаў і дыверсантаў, засланых у Мадрыд ці завербаваных там.

Пераход жа большасці беларусаў на рускую мову (асабліва ў апошнія дваццаць гадоў) - гэта сітуацыйна абумоўлены пераход на мову дзяржаўнай адміністрацыі, якая з неверагодна дзікай пагардай ставіцца да "мовы", адмаўляе нашу нацыянальную гісторыю і культуру, здзекліва высмейвае тых, хто ўжыў у размове беларускае слова. Стала трафарэтнай фраза аднаго вядомага ўсім палітыка: "Мы те же русские, только со знаком качества". Вялізны ўплыў на далейшую русіфікацыю аказваюць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, найбольш тэлебачанне з яго агітацыйна-прапагандысцкімі праграмамі, з рускамоўнымі кінафільмамі і г.д. "Частуецца пойлам атрутным народ наш з катлоў тэлерадыё" (В. Зуёнак).

Гэтыя журботныя нататкі закончу словамі Янкі Купалы з верша "Пад крыжам", сказанымі яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя:

"Бяссільна народ

свой спытаю,

Абняўшы пахілены крыж:

За што ты ад краю да краю

Жывою магілай ляжыш?"

Іван Лепешаў.


СЛОВА, НАРОДЖАНАЕ ФРАЗЕАЛАГІЗМАМ

У лексічным складзе беларускай літаратурнай мовы ёсць лексема пракаветны : Дарога была выкаўзаная, добра пратораная саньмі і зацішная, бо ішла яна дзе чарналессем, а дзе і пракаветным борам. Р. Сабаленка; На вачах выпростваў горад свае пракаветныя крывыя вуліцы, падаваўся ўшыркі, рос угору гмахам новых камяніц . М. Лынькоў.

Слоўнікі, напрыклад ТСБМ, падаюць яе са значэннем 'вельмі стары, даўні, векавечны'. Бытуе таксама фанетычны варыянт пракавечны . Паводле ТСБМ, абодва варыянты з'яўляюцца семантычна тоеснымі. Аднак у БРС-1989 яны без адсылак даюцца як два самастойныя словы з нязначнымі сэнсавымі адрозненнямі, на што паказваюць рускамоўныя адпаведнікі перакладной часткі слоўнікавага артыкула: пракаветны - вековечный; пракавечны - вековечный, извечный.

Слова пракаветны трапіла ў літаратурную мову з беларускіх народных гаворак, дзе яно выкарыстоўваецца таксама ў фанетычных і словаўтваральных варыянтах: пракаветны, пракуветны, пракавечны, прыкаветашні, прыкавешны, спракавечны, спраковечны, справетны (тут і далей прыводзяцца прыклады, узятыя з шэрагу дыялектных, гістарычнага, этымалагічнага слоўнікаў беларускай мовы; дзеля эканоміі газетнай плошчы спіс слоўнікаў не падаецца).

Варыянт пракаветны страціў сваю вобразнасць, характарызуецца адсутнасцю словаўтваральнай празрыстасці і таму вымагае этымалагічнага аналізу. Правесці такі аналіз дазваляюць факты старабеларускай мовы і сучасных беларускіх гаворак.

У старабеларускай мове актыўна ўжываўся фразеалагізм зъ века ( зъ вековъ ) 'здаўна, спрадвеку'. Выкарыстанне яго часта суправаджалася словамі предки , у якасці падобнага суправаджальніка мог быць і асобны фразеалагізм зъ предковъ ( зъ предку ) 'раней, перш, спярша', напрыклад: з давных веков за щастливого панованя славное памяти предков нашых; мы зъ вековъ, за предковъ нашихъ, подводъ не даивали . Ужыванне двух фразеалагізмаў зъ предковъ ( зъ предку ) і зъ века ( зъ вековъ ) побач прывяло да кантамінаванага іх аб'яднання. Утварыўся трэці, гібрыдны фразеалагізм зъ предковъ ( зъ предку ) вековъ ( веку ), які і сёння сустракаецца ў гаворках: У гэтой месносці з прэдкоў векоў войны йдуць . Луткі Столінскага р-на; З продкоў векоў так называюць . Любавічы Жыткавіцкага; Торп тут у нас з продку веку . Белая Лужа Слуцкага; Спрэтку-веку было так . Ісерна Слуцкага.

У далейшым на базе фразеалагізма шляхам зліцця першага (прыназоўнікавага), другога ўсечанага і трэцяга кампанентаў склалася прыслоўе з ідэнтычным значэннем. Параўн. у старабеларускай мове: якъ… з предвековъ во всемъ досконалый будучи, досконалшим быти можетъ. У дыялектнай мове: Гэта было спрадвякоў. Рыбчына Вілейскага; У нашага дзеда спрадвеку былі пшчолы. Вузла Мядзельскага.

Фразеалагізм таксама стаў базай для ўтварэння прыметніка спрадвечны , які набыў агульнабеларускае пашырэнне.

Вышэйзгаданы скантамінаваны фразеалагізм зведаў у гаворках пэўныя пераўтварэнні. Адно з іх - выпадзенне гука [ д ]: С прэку веку тут рэчка цячэ . Лойкі Гродзенскага. Відавочна, гэта звязана з імкненнем да спрашчэння фанетычнага афармлення матэрыяльнай абалонкі фразеалагічнага кампанента і да ўдасканалення сугучнасці рыфмаваных кампанентаў. Патрабаваннямі рыфмы тлумачыцца і тое, што кампаненты фразеалагізма замацаваліся пераважна ў форме адзіночнага ліку.

Другое пераўтварэнне - зліццё прыназоўніка ў якасці прыстаўкі з наступным кампанентам: Спрэку-веку называюць крохвы . Рудня Астравітая Чэрвеньскага; Спрэку-веку так рабілі нашы бацькі і дзеды. Мсцібава Ваўкавыскага; Вёска да паноў ні належала спрэку-веку. Ясенавіца Ваўкавыскага; Спрэку-веку, калі ідзе дошч на Барыса, дык на гару бярыся. Рудня Чэрвеньскага; Спрэку-веку. Цітва Пухавіцкага.

Трэцяе пераўтварэнне - замена гука [ э ] у першай частцы фразеалагізма гукам [ а ]. У такім выглядзе фразеалагізм шырока выкарыстоўваецца ў гаворках: Спраку-веку такая завядзёнка ў нас. Лапічы Асіповіцкага; Спраку-веку ў яе кашаль. Вецярэвічы Пухавіцкага; У нашаго дзеда лошка [лыжка] свая была. Мо спракувеку яна ў нашуй сям'е была. Старына Мастоўскага; А там спраку-веку ні гнояна. Ліцвінавічы Кармянскага; Як цяпер, мо' спраку веку тут жылі якіясь людзі. Вялікі Рожан Слуцкага; Спраку-веку называецца пранік. Пярэдзелка Лоеўскага; Ад праку веку на бычку нельзя удержацца. Дзяражычы Лоеўскага; Ены спраку веку жывуць тут, і дзеды іх тут жылі. Казярогі Лоеўскага.

Адзначаныя змяненні прывялі да страты ўнутранай формы фразеалагізма, першы кампанент стаў этымалагічна цьмяным і атрымаў большую прывязку да другога кампанента. Гэта ўзмацніла структурную спаянасць і словаўтваральны патэнцыял фразеалагізма. Не выпадкова складальнікі слоўнікаў часта падаюць яго з паметай прысл. (прыслоўе), перадаючы напісанне кампанентаў то асобна, то праз злучок. У некаторых гаворках структурныя часткі фразеалагізма зліліся настолькі, што ўспрымаюцца як адно слова: Спраквякоў так звалі. Азяраны Рагачоўскага; Тавар пояць спракувеку. Малыя Аўцюкі Калінкавіцкага; Спракувеку мы тут ні пасом. Дуброва Рэчыцкага.

Апошнія прыведзеныя прыклады ілюструюць утварэнне прыслоўя. Ад фразеалагізма спраку-веку складана-суфіксальным спосабам утварыліся і прыметнікі спракавечны, пракавечны : Спрако-вечны . Запясочча Жыткавіцкага; Былі канцы там пракавечныя, касілі іх . Мурава Бярэзінскага.

Этымалагічны аналіз паказвае, што спракавечны і пракавечны - гэта апошняе звяно ў ланцужку складаных пераўтварэнняў, якое падводзіць нас непасрэдна да прыметнікаў спракаветны і пракаветны . Узнікае толькі пытанне, чаму ў другой частцы - вечны гук [ ч ] замяніўся гукам [ т ]. Адносна гэтага можна выказаць два меркаванні. Такая замена, магчыма, з'яўляецца вынікам узаемадзеяння зычных у слове. Перад гукам [ ч ], які належыць да змычна-шчылінных, знаходзяцца два змычныя гукі - [ п ] і [ к ], пасля яго - змычна-праходны [ н ]. Як бачым, у слове пануе "засілле" змычнасці, якая магла асіміляцыйна паўздзейнічаць на [ ч ], выштурхнуўшы з яго элементы шчыліннасці і перавёўшы яго ў гук [ т ], цалкам змычны.

Другое меркаванне - на агаласоўку слова магла паўплываць старажытная лексема ветхі з падобным значэннем 'стары, старажытны, старадаўні, трухлявы', якая і сёння яшчэ не страцілася ў мове. Фармальнае і сэнсавае падабенства - вечны і ветхі магло прывесці да іх кантамінацыі. У выніку іх накладання атрымалася гібрыдная форма -ветны , якая і замацавалася ў прыметніках спракаветны, пракаветны .

У літаратурнай мове з гэтых двух прыметнікаў ужываецца толькі другі, без прыстаўкі с- , якая страцілася дзеля гукавой гармоніі слова.

Этымалагічны аналіз засведчыў, што слова пракаветны сфармавалася ў беларускіх гаворках і атрымала такое сваё аблічча ў выніку шматступеневых дыяхранічных працэсаў на падставе складанага лексічна-фразеалагічнага ўзаемадзеяння. Да таго ж высветлілася, што фразеалагізм спраку-веку ( спрэку-веку ), які даў жыццё слову пракаветны , сёння вызначаецца шырокім лінгвагеаграфічным арэалам, і гэта таксама дае яму падставы і магчымасці пры адпаведных умовах стаць фактам сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

Мікола Даніловіч


Загадкі рукапісаў М. Багдановіча

26 лістапада 2013 года, у межах правядзення міжнароднай канферэнцыі "Кніга новага жыцця", прысвечанай 100-годдзю адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча "Вянок", адбудзецца адкрыццё выстаўкі-прэзентацыі "Знаходкі 2013. Невядомыя аўтографы М. Багдановіча".

- Што нам вядома пра рукапісы Максіма Багдановіча?

- Тое, што іх амаль не засталося!

Рукапісны архіў паэта, які з Яраслаўля ў Менск урачыста перадаў бацька паэта Адам Ягоравіч Багдановіч, таямніча знік падчас Другой сусветнай вайны.

Пра багацце матэрыялаў архіва сведчыць вопіс рукапісаў, які склаў сакратар літкамісіі Інбелкульта В.Ф. Мачульскі. Па матэрыялах архіва было падрыхтавана акадэмічнае выданне - першы "Поўны збор твораў М. Багдановіча" ў 2-х тамах.

Гісторыя рукапіснага архіва таямнічая і цікавая. Вось як апісвае яго склад Мачульскі: "У схове рукапісаў пры Катэдры гісторыі беларускае літаратуры Інстытуту Беларускае Культуры архіў М. Багдановіча займае XIV папак. Большая частка архіву (ХІІІ папак) была перадана ІБК бацькам пісьменніка А.Ю. Багдановічам 1, які выратаваў рукапісы сына ад пажару" 2.

Сям'я Багдановічаў жыла ў Яраслаўлі і падчас белагвардзейскага мецяжу 1918 года, у горадзе было вельмі небяспечна. Адам Ягоравіч быў змушаны выехаць за горад, і ў гэты час яго дом быў разрабаваны і ахоплены агнём. Маёмасць сям'і, багацейшая бібліятэка Адама Ягоравіча, якую ён збіраў на працягу ўсяго жыцця, згарэла. Рукапісны архіў, разам з неапублікаванымі аўтографамі твораў Максіма Багдановіча мог знікнуць назаўсёды, але яму было наканавана "паўстаць з пепялішча". Калі пачаўся пажар у суседніх дамах, скрыню з паперамі апусцілі ў лядоўню. Лёд ад пажару растаў, але выратаваў рукапісы. Ад гарачыні вада выпарылася, абгарэў верх скрыні і некаторыя матэрыялы былі апалены. Ад вялікай тэмпературы папера пацямнела і стала вельмі крохкай. Частку рукапісаў можна было прачытаць і перагарнуць усяго адзін раз - пасля папера рассыпалася.

У выніку падрыхтоўкі выдання "Поўны збор твораў М. Багдановіча" (1928 г.) былі надрукаваны з невядомых раней: "156 вершаў, 6 апавяданняў і 16 артыкулаў". Такім чынам мы бачым, што колькасць вядомых твораў М. Багдановіча значна павялічылася, і захаваная спадчына паэта грунтоўна ўзбагацілася з дапамогай расчытаных аўтографаў. Але В.Ф. Мачульскі ўзгадваў, што некаторыя рукапісы ўсё ж не пабачылі друк: "Частка расчытаных аўтографаў не надрукавана, бо ўяўляе сабой вельмі нязначныя ўрыўкі вершаў і артыкулаў. Магчыма, што да іх будуць знойдзены дадаткі, і тады яны могуць быць выдрукаваны. У камісіі ёсць падстава думаць, што ў некаторых асоб яшчэ захаваліся невядомыя камісіі аўтографы поэты…

Нявыкарыстанымі засталіся таксама некаторыя пераважна алоўкавыя, нечытэльныя накіды і нататкі поэты… , якія складаюцца пераважна з чарнавых вершаваных спроб і розных нататак, якія маюць пэўнае значэньне для высьвятлення некаторых фактаў біографіі поэты і характару яго творчасці" . Так лічылі навукоўцы ў 1920-я гады, так лічым і мы сёння. Кожны радок, кожная літара знойдзеных новых аўтографаў раскрываюць раней невядомыя старонкі з жыцця Максіма Багдановіча: кола знаёмых, зацікаўленні, патаемныя думкі і перажыванні.

Супрацоўнікаў Літаратурнага музея М. Багдановіча таксама не пакідае надзея, што знойдзецца архіў, страчаны падчас Другой сусветнай вайны; у архівах і бібліятэках выявяцца новыя матэрыялы, і такім чынам адкрыюцца раней невядомыя факты з жыцця і творчасці паэта; адгукнуцца нашчадкі тых, хто меў стасункі з паэтам - абудзіцца цікавасць зазірнуць ў мінуўшчыну праз матэрыялы асабістых сямейных архіваў і адгукнуцца асобы, у якіх захаваліся аўтографы Максіма Багдановіча. Па просьбе супрацоўнікаў Інбелкульта, першыя пошукі пачаў рабіць яшчэ Адам Ягоравіч Багдановіч: ён пісаў лісты да знаёмых сына, з просьбай пакінуць успаміны пра Максіма. З дапамогай сабраных і надрукаваных сучаснікамі Максіма Багдановіча цікавейшых звестак постаць паэта, яго духоўны свет, захапленні і перажыванні сталі для нас больш зразумелымі.

Праз багацце духоўнай спадчыны, якой з'яўляецца і творчасць Максіма Багдановіча, - захоўваючы і памнажаючы яе, мы можам цікава і годна распавесці пра сябе, прадстаўляючы сваю краіну ў сусветнай інфармацыйнай прасторы.

Л.В. Сасонка, галоўны захавальнік фондаў ДУ "Літаратурны музей М. Багдановіча".

1 А.Ю. Багдановіч (Багдановіч Адам Ягоравіч) па некаторых метрычных крыніцах - Юр'евіч.

2 Цытаты з успамінаў В.Ф. Мачульскага падаюцца мовай арыгіналу.


Памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій

31 кастрычніка ў Магілёве гарадской суполкай ТБМ імя Ф. Скарыны быў праведзены гурток беларускай мовы, прысвечаны памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года былі забітыя болей за 100 быларускіх дзеячаў, палітычных і культурных. Зверствы тых гадоў абяскровілі нацыю, пазбавілі народы Беларусі многіх таленавітых і адданых сыноў і дачок. На гуртку была ўшанаваная памяць памерлых; у пошуку сведчанняў пра ахвяр той эпохі дапамаглі працы Леаніда Маракова. Гучалі і вершы загінулых паэтаў, у тым ліку Валерыя Маракова.

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, пачалася падпіска на першае паўгоддзе 2014 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 71. Цана змянілася нязначна. У 2014 годзе мы спадзяёмся выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні нашых чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Святкаванне юбілею Адольфа Янушкевіча -падарожніка, этнографа, пісьменніка

Сёлета споўнілася 210 гадоў з дня нараджэння падарожніка, этнографа, пісьменніка, перакладчыка Адольфа Міхайлавіча Янушкевіча. З гэтай нагоды на Дзяржыншчыне адбыліся ўрачыстасці па ўшанаванні памяці нашага выдатнага земляка. У іх прыняла ўдзел дэлегацыя з братняга Казахстана, у склад якой увайшлі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Казахстан у Рэспубліцы Беларусь Ергалій Булегенаў; казахскі пісьменнік, кнігавыдавец, даследчык творчасці Адольфа Янушкевіча Амар Хакім; бізнесмен, грамадскі дзеяч, мецэнат, унук казахскага пісьменніка С. Сейфуліна Сакен Сейфулін. На свята прыбылі таксама прадстаўнікі Парламента Рэспублікі Беларусь, Менскага аблвыканкама, вядомыя беларускія навукоўцы, пісьменнікі, дзеячы культуры, грамадкасць Дзяржыншчыны. Святочныя ўрачыстасці праходзілі на працягу дзвух дзён. 31 кастрычніка казахскія госці наведалі г. Нясвіж, дзе 9 чэрвеня 1803 года ў сям'і Міхала і Тэклі Янушкевічаў нарадзіўся Адольф Янушкевіч. У мясцовым краязнаўчым музеі яны азнаёміліся з матэрыяламі, прысвечанымі Адольфу Янушкевічу. Вялікае ўражанне выклікала ў казахскіх гасцей наведванне цудоўнага Нясвіжскага палацава - паркавага комплекса. На другі дзень, 1 лістапада, удзельнікі свята аддалі даніну павагі Адольфу Янушкевіча на сямейных (фамільных) могілках у вёсцы Дзягільна, дзе пахаваныя ён, яго маці Тэкля і іншыя родзічы. Перад уваходам на могілкі, ля вялікага драўлянага крыжа адбыўся невялікі мітынг, на якім з прамовамі аб Адольфу Янушкевічу выступілі Пасол Рэспублікі Казахстан Ергалій Булегенаў, старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч, далёкі родзіч Адольфа Янушкевіча скульптар Фелікс Янушкевіч, дэпутат Парламента РБ Уладзіслаў Цыдзік, намеснік старшыні Менскага аблвыканкама Аляксандр Юшкевіч. Затым адбылося адкрыццё манумента, які ў выглядзе вялікага валуна - помніка з выявай Янушкевіча і эпітафіей яму стварыў скульптар Валяр'ян Янушкевіч. Каталіцкі ксёндз Рышард Пежхала прачытаў малітву і асвяціў манумент. Чырвоную стужку на адкрыцці было даручана разрэзаць Паслу Казахстана Ергалію Булегенаву і старшыні Дзяржынскага райвыканкама Мікалаю Арцюшкевічу, пасля чаго адбылося ўскладанне кветак ля манумента і на дагледжаныя магілы. У гонар юбілейнай даты была закладзена алея Памяці. Акрамя ўдзельнікаў мерапрыемства, на могілках прысутнічала шмат жыхароў в. Дзягільна. Затым удзельнікі свята наведалі старажытны будынак, дзе жылі Янушкевічы, і ўсклалі кветкі да мемарыяльнай шыльды, прысвечанай А. Янушкевічу. Заключная частка ўрачыстасцей прайшла ў перапоўненнай чытальнай зале Дзяржынскай раённай бібліятэкі, дзе адбыліся літаратурныя чытанні. З паведамленнямі аб жыццёвым шляху Адольфа Янушкевіча выступілі прафесар, літаратуразнаўца Адам Мальдзіс,гісторык, археолаг Мікалай Крывальцэвіч, казахскі госць Амар Хакім, гісторык, дацэнт гістарычнага факультэта БДУ Вольга Гарбачова, паэт і галоўны рэдактар Дырэкцыі замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч, гісторык, краязнаўца Анатоль Валахановіч. Паважаны Адам Мальдзіс прапанаваў стварыць беларуска - казахскі фонд Ф. Янушкевіча, Анатоль Валахановіч прапанаваў надаць вуліцам імёны К. Каганца, А. Янушкевіча, К. Чапскага. М. Ермаловіча ў Дзяржынску і Менску, а археолаг, кандыдат гістарычных навук Мікола Крывальцэвіч расказаў пра раскопкі, якія ён праводзіў на могілках, каб вызначыць месцы пахавання Адольфа Янушкевіча і яго родзічаў. З вялікай цікавасцю прысутныя сустрэлі выступленні удзельніц краязнаўчага гуртка, вучаніц 9-10 класаў Дзяржынскай сярэдняй школы № 4 Дыяны Васільевай, Таццяны Рыпалавай, Надзеі Пікулы, Аліны Шакаль, якія на цудоўнай беларускай мове распавядалі аб сваім выдатным земляку (кіраўнік гуртка настаўнік Уранаў Віктар Рыгоравіч). А мясцовая паэтэса, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Рэгіна Рэўтовіч прачытала свой верш "Праз вякі", які яна прысвяціла Адольфу Янушкевічу. У ім ёсць такія радкі:

Сягоння ўславіць

нам наканавана

Адольфа Янушкевіча жыццё,

Які з Нясвіжа

аж да Казахстана

У сэрцы нёс

братэрства пачуццё.

Трэба адзначыць, што амаль усе прамовы выступоўцаў былі на беларускай мове.

Ці мог спадзявацца Адольф Янушкевіч , што праз стагоддзі яго імя будзе вядома адразу ў чатырох краінах: у Казахстане, Расіі, Беларусі і Польшчы, а яго працы атрымаюць афіцыйнае прызнанне ў многіх краінах свету? Высланы ў Сібір царскім урадам за ўдзел у нацыянальна - вызвольным паўстанні 1830-31 гадоў, ён шмат падарожнічаў па дзікіх стэпах Казахстана, прайшоў па іх амаль дзве тысячы кіламетраў. Менавіта ў часы вандровак па стэпах рэвалюцыянер і паэт Адольф Янушкевіч пераўвасобіўся ў даследчыка - этнографа, вывучаў побыт і фальклор казахскага народа, які царскі ўрад лічыў дзікім, без сваёй мовы, культурных традыцый. Яго падарожныя запіскі і лісты леглі ў аснову кнігі "Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпаў", якую пасля смерці Адольфа (памёр ён у в. Дзягільне, ў 1857 годзе) падрыхтаваў і выдаў у Парыжы ягоны брат Яўстахій. У 1966 годзе казахская даследчыца Фаіна Сцяклова пераклала кнігу з польскай на рускую мову, а у 1979 годзе кніга выйшла з казахскім перакладам. Да 200-годдзя Адольфа Янушкевіча ў Польшчы была выдадзена кніга "Listy z Sibirii", дапоўненная матэрыяламі Ф. Сцякловай з расійскіх і Яна Трынкоўскага з польскіх архіваў. Грамадская дзеячка г. Дзяржынска Ганна Суднік-Матусевіч пераклала кнігу з польскай на беларускую мову, і яна была выдадзена ў 2008 годзе пад назвай "Жыццё Адольфа Янушкевіча і яго лісты з кіргізскіх стэпах". Праца, створаная Адольфам Янушкевічам, не мае сабе роўні, паколькі работ па гісторыі Казахстана XIX стагоддзя амаль няма. Цікава, што ў далёкім ад нас XIX стагоддзі, блукаючы па дзікім стэпе, Адольф Янушкевіч змог прадбачыць узнікнавенне сталіцы Казахстана - г. Астаны. Вось што ён пісаў у лісце да брата Яўстахія ад 31 траўня 1846 года: "Акмала, напрыклад, будучая сталіца ўсяго стэпу" . Кніга Адольфа Янушкевіча гэта, па сутнасці, гатовы сцэнар для стварэння дакументальнага фільма, і гэта выкарыстаў казахскі рэжысёр Сяргей Шафір, які адзін з сюжэтаў свайго дакументальнага фільма "Урокі польскай" прысвяціў Адольфу Янушкевічу. Зараз ён мае намер стварыць асобны фільм пра Адольфа Янушкевіча, які можа быць сумесным гістарычна - культуралагічным праектам Беларусі, Польшчы, Казахстана і Расіі. Жыхары Казахстана па заслугах лічаць Адольфа Янушкевіча сваім нацыянальным героем і шануюць яго. Глыбока сімвалічна і не выпадкова, што ў самым цэнтры сталіцы Казахстана г. Астане побач з вуліцамі імя Абая Кунанбаева і Аляксандра Пушкіна знаходзіцца і вуліца Адольфа Янушкевіча; вядома, што ў час вандроўкі па стэпах Адольфу Янушкевічу давялося пазнаёміцца з бацькам будучага пачынальніка пісьмовай казахскай літаратуры, а самога маленькага Абая Кунанбаева Адольф нават лячыў ад хваробы. Імя А. Янушкевіча носіць і адна з вуліц Алматы.

Лявон Целеш, г. Дзяржынск.

Фота аўтара: 1.Пасол Рэспублікі Казахстан Ергалій Булегенаў і старшыня Дзяржынскага райвыканкама Мікалай Арцюшкевіч адкрываюць манумент. 2. Кветкі да манумента ўскладае А. Мальдзіс. 3. Казахскія госці на пасадцы алеі Памяці. 4. Казахскія госці ў час літаратурных чытанняў.


Паўстанне на Бярэзіншчыне, 1863-1864 гады

1863 год - забытая гісторыя

За 122 гады Расійскай акупацыі нашы прадзеды тройчы падымалі вызвольныя паўстанні ў 1794, 1831, 1863 гадах (кожнае новае пакаленне). У 1812 годзе на баку Напалеона Банапарта за абяцанне вярнуць нашу дзяржаўнасць у шэрагі французскага войска ппайшлі 26 тысяч добраахвотнікаў. 30 тысяч ліцвінаў - беларусаў былі забраныя ў рэкруты ў расійскае войска. Паўстанне 1863 года з'явілася яркай старонкай у гісторыі Беларусі, старонкай барацьбы дэмакратычных сіл супраць дыктатуры царызму.

10 студзеня 1863 года глыбокі дзяржаўны крызіс, рэвалюцыйная сітуацыя выліліся ў паўстанне ў Польшчы. Беларусь і Літва не былі яшчэ гатовыя да ўзброенага паўстання. Тым не менш літоўскі камітэт на чале з К. Каліноўскім абвясціў сябе часовай уладай Літвы і Беларусі і заклікаў усіх прыхільнікаў паўстання да актыўных баявых дзеянняў. Асноўныя сілы паўстанцаў склалі дэмакратычныя сілы гарадскога насельніцтва, рамеснікі, канцылярысты, студэнты-гімназісты і вайскоўцы. Агульны план узброенага паўстання Менскай губерні распрацаваў паручнік Станіслаў Ляскоўскі , які да паўстання вучыўся ў артылерыйскай акадэміі ў Пецярбурзе. Было вырашана дзейнічаць уздоўж чатырох паштовых гасцінцаў: Віленскага, Барысаўскага, Бабруйскага і Нясвіжска-Слуцкага. Самым магутным і баяздольным аддзелам у Менскай губерні лічыўся Ігуменскі, які ўзначаліў сам Ляскоўскі. Ядро яго сфармавалася яшчэ 17 красавіка ў Багушэвічах у маёнтку Баляслава Свентаржэцкага - выпускніка Пецярбуржскага ўніверсітэта, які быў прызначаны камісарам.

17 красавіка паўстанцы ў колькасці 30 чалавек, пад кіраўніцтвам Свентаржэцкага, увайшлі ў Багушэвіцкае сельскае кіраванне, дзе ён сарваў са сцяны партрэт імператара, зачытаў маніфест, абвясціў, каб не плацілі ніякіх падаткаў і не давалі рэкрутаў. Зямлю ён дорыць сялянам. Усе змешчаныя ў канцылярыі паперы і кнігі спалілі. Адтуль паўстанцы накіраваліся ў Ляды, дзе да іх далучыўся Ляскоўскі.

Свентаржэцкі Баляслаў Часлававіч (1831-1888) - уладальнік маёнтка Багушэвічы Ігуменскага павета Менскай губерні. Вучыўся ў Вілейскім дваранскім інстытуце, Пецярбуржскім універсітэце. Служыў у Менскім дваранскім дэпутацкім сходзе. Удзельнічаў у распрацоўцы сялянскай рэформы 1861 года. 12 красавіка 1863 года ў сваім маёнтку ўзначаліў паўстанцкі аддзел да 30 чалавек. У паўстанні прызначаны камісарам Менскай губерні, дзейнічаў у аддзеле Ляскоўскага. За яго затрыманне рускімі акупацыйнымі ўладамі была прызначаная ўзнагарода 10000 рублёў срэбрам. У 1863 годзе Баляслаў Свентаржэцкі эміграваў, дзе працягнуў адукацыю ў ваеннай школе Сен-Сіер (Францыя). Пасля Французскай камуны выконваў абавязкі кашталяна ў Алжыры. Вярнуўся ў Венецыю да маці, дзе па нявысветленых прычынах скончыў жыццё самагубствам. Жонка Лаура Завадская з Дукоры, пляменніца маршалка Ашторна, былога губернскага маршалка шляхты.


Сітуацыя ў Менскай губерні, асабліва на Ігуменшчыне ўсхвалявала галоўнага душыцеля паўстання Мураўёва-Вешальніка, які з Вільні кіраваў карнымі аперацыямі. Замест падпалкоўніка Чурскага камандаваць войскамі было даручана генералу Русінаву.

На першым этапе дзеянняў паўстанцаў асабліва вызначыўся аддзел Антона Трусава - выхадца з горада Барысава.

Трусаў Антон Данілавіч (падпольная мянушка - Цітус ) нарадзіўся 15 траўня 1835 гады ў Барысаве ў сям'і паштовага працаўніка. У студзені 1845 года паступіў у Менскую гімназію, якую скончыў у чэрвені 1853 года. 10 ліпеня 1854 года Трусаў падаў прашэнне аб прыняцці ў Маскоўскі ўніверсітэт, дзе паспяхова здаў іспыты і быў залічаны на першы курс медыцынскага факультэта, але праз два гады з-за матэрыяльных цяжкасцяў пакінуў вучобу. Праз чатыры гады аднавіўся ва ўніверсітэце. Знаходзячыся на вучобе Трусаў далучыўся да левага рэвалюцыйна-дэмакратычнага крыла студэнцкага таварыства. У 1861 годзе ён вёў рэвалюцыйную агітацыю ў Менску, дзе распаўсюджваў нелегальную літаратуру. Пасля задушэння паўстання эміграваў за мяжу, дзе жыў у Парыжы і Жэневе, супрацоўнічаў у рускім часопісе "Народное дело", з'яўляўся адным з заснавальнікаў рускай секцыі Першага інтэрнацыяналу. Трусаў быў знаёмы з К. Марксам і А. Герцэнам. Цяжка хворым 19 траўня 1884 гады вярнуўся ў родны Менск, дзе жыў пад наглядам паліцыі. Памёр прыблізна ў 1886 годзе.


Трусаў быў вядомы ў кругах менскай моладзі як прыхільнік ідэй рэвалюцыйнага дэмакратызму. "Пра яго казалі, - паведамляе палонны паўстанец У. Гейштар, - як пра чалавека, які прыняў на сябе не толькі вонкавую форму селяніна (ён насіў сялянскую світку), але што яго мэта і прапаганда - імкнуцца да дасягнення роўнасці ў класах народа". Напярэдадні паўстання Трусаў узначальваў грамадзянскую адміністрацыю Менскага ваяводства. Воляю лёсу яму прыйшлося стаць і вайсковым кіраўніком. Па дадзеных уладаў, аддзел Трусава ўтварыўся шляхам злучэння ў в. Халяўшчына моладзевых груп, якія выйшлі з Менска ў ноч на 19 красавіка. Усе яны паступілі пад начальства Трусава, які назваў сябе Цітус. У наваколлях Менска аддзел меў некалькі сутыкненняў з войскамі. Дрэнна ўзброеныя паўстанцы панеслі вялікія страты. Пасля гэтых няўдач Трусаў адвёў рэшткі аддзела да 70 чалавек у Ігуменскія лясы.

Аддзел Трусава па складзе і характары дзеянняў быў адным з самых дэмакратычных. У ім ваявалі дробныя службоўцы, гімназісты, студэнты і невялікая група вайскоўцаў Менскага гарнізона. Аддзел карыстаўся падтрымкай мясцовых сялян. Растлумачваючы задачы барацьбы, Антон Трусаў казаў: "Мэта ўзброенага паўстання палякаў ёсць вызваленне Айчыны ад валадарства рускіх і ворагам сваім яны павінны лічыць не рускі народ, а рускі ўрад". Паўстанец аддзела Трусава, гімназіст Б. Марушкевіч на пытанне: "Супраць каго вы паднялі зброю?" - адказаў, што супраць тых, хто перашкаджае ажыццяўленню справядлівасці, рэвалюцыйных ідэалаў, супраць асоб, адданых царскаму ўраду.

З сабраных уладамі звестак відаць, што першапачатковай задумай паўстанцаў Меншчыны было наўмысна перайсці Бярэзіну і злучыцца з аддзеламі Звяждоўскага ў Магілёўскай губерні. У канцы красавіка для ажыццяўлення гэтай задумы аддзелы Ляскоўскага і Снітко перайшлі Бярэзіну каля паселішча Якшыцы, спалілі за сабой паромы і разбурылі тэлеграфную сувязь, але неўзабаве, атрымаўшы паведамленне аб няўдачы Звяждоўскага, павярнулі назад, пераканаўшыся, што ў Магілёўскай губерні ім "сяляне моцна супрацьдзейнічаюць".

Апорнай базай паўстанцаў Меншчыны пасля няўдалага марша цераз Бярэзіну служылі Ігуменскія лясы ў раёне вёсак Валадута, Раванічы, Падклеткі, Лагі, Мікулічы, Мартынаўка, Юравічы, Стары Прудок. Багністы раён у акружнасці да 60 вёрст амаль непраходных лясоў. "У ім, - даносіў царскі афіцэр, - "нет дорог, даже ясных сцезей, загроможден естественными завалами". Сяляне і шляхта вакольных вёсак дастаўлялі паўстанцам звесткі і харчы.

У Ігуменскіх лясах базаваўся аддзел Станіслава Ляскоўскага, вайсковага начальніка Менскага ваяводства; тут былі ўладкованы запасы боепрыпасаў, харчы, сюды сцякаліся добраахвотнікі і ацалелыя пасля няўдалых бітваў дробныя групы, тут у канцы сабраліся рэшткі ўсіх аддзелаў Меншчыны (Цітуса, Зарэмбы, Чыжыка, Ельчанінава і іншых.). Аддзел Ляскоўскага быў невялікі - не больш за 250 чалавек, але нагнаць яго і разбіць расійскім карнікам доўгі час не ўдавалася. "Прычына гэтага, - пісаў камандзір карнага атрада, - была ў тым, што Ляскоўскі, як паказалі палонныя паўстанцы, трымў парадак і дысцыпліну, строга караў парушальнікаў як такіх, прывучыў паўстанцаў да здымання з пазіцыі за некалькі хвілін. Займаючы ж заўжды для начлегаў самыя непраходныя лясы, ён захоўвае найвялікшыя засцярогі".

У баях паўстанцы Ляскоўскага выявілі ўстойлівасць і мужнасць, уменне супрацьстаяць націску лікава большага і выдатна ўзброенага непрыяцеля.

Чацвёртага траўня 1863 года ў густым лесе каля вёскі Жабіхава адбыўся бой паўстанцаў у колькасці 80 чалавек з другой стралковай ротай Велікалуцкага палка. У баі загінула шэсць паўстанцаў, 16 было ўзята ў палон. У іх ліку - шэсць параненых. Дзявятага траўня ў раёне вёскі Юравічы аддзел быў атакаваны калонай маёра Грыгор'ева (напярэдадні рассеянай аддзелам Снітко, які складаўся з 80 чалавек). У карнікаў было звыш двух рот пяхоты і каля сотні казакаў. Паўстанцы заселі за сямю радамі завалаў з тоўстых дрэў. Паколькі мясцовасць не дазваляла іх абыйсці, карнікі атакавалі пазіцыю ў лоб "прыйшлося кожны з завалаў браць штурмам, - даносіў камандзір калоны, - прычым паўстанцы змагаліся да смерці. Дзве гадзіны працягваўся разлютаваны бой. Па дадзеных уладаў аддзел паўстанцаў адступіў, страціўшы 19 забітымі і пяць палоннымі. У царскіх войскаў былі забітыя адзін камандзір роты і дзевяць салдатаў, 24 чалавекі цяжка параненыя, з якіх пяць хутка сканалі, 12 салдат лёгка параненыя. Бой 9 траўня каля вёскі Юравічы не быў для карнікаў буйным поспехам. Пасля двухдзённага адпачынку стралковая рота накіравалася на Дубаўручча, а 13-15 траўня з мэтай знайсці паўстанцаў абышла лясы вакол Раваніч, Валадуты, Лагоў, Марціянаўкі, Багушэвічаў. Тут былі атрыманыя весткі, аб з'яўленні паўстанцаў каля мястэчка Беразіно. Прыбыўшы ў Беразіно атрад карнікаў змушаны быў застацца там да 18 траўня.

24 траўня ў Ігумене было атрымана данясенне, што 30 паўстанцаў з аддзела Ляскоўскага ў Багушэвічах павесілі на перакладзіне варот уласнай хаты расійскага праваслаўнага святара Данііла Канапасевіча. Паўстанцам стала вядома, што пасля разгрому інсургентаў каля вёскі Юравічы (8 траўня) над палоннымі пачалася расправа. Адзін з параненых прасіў піць, і тады поп грунтуючыся мусіць на вучэнні аб хрысціянскай літасці, насыпаў яму ў рот пяску.

Каб пакончыць з аддзелам Ляскоўскага войскі накіравалі супраць 200 паўстанцаў, засеўшых у Ігуменскіх лясах велізарныя сілы. 12 стралковых рот размясціліся вакол ляснога масіва, узяўшы яго ў кольца. Паміж вёскамі хадзілі казачыя раз'езды і патрулі. Аперацыяй кіраваў генерал-маёр Русінаў. Раніцай 9 ліпеня "пачаўся канцэнтрычны рух у пушчу 9 ротамі з Раваніч, Дубаўручча, Юравіч, Мікуліч". Пасля 14 гадзіннага блукання па лесе войскі наткнуліся на групу паўстанцаў у 40 чалавек, якія зніклі як здані пасля першых жа стрэлаў. У выніку чатырохдзённай аперацыі, якая праводзілася сіламі 12 рот (затым падышлі яшчэ войскі, пасланыя з Магілёўскай губерні, і агульная колькасць карнікаў узрасла амаль удвая), было захоплена ў палон восем хворых паўстанцаў. Яны то і растлумачылі генералу Русінаву, што аддзел Ляскоўскага, які налічваў не больш за 200 чалавек выйшаў з кальца, падзяліўшыся на некалькі партый. Але ў бесперапынных баях сілы паўстанцаў раставалі. Удары станавіліся слабей. За месяц адзінай праявай дзейнасці паўстанцаў у Менскай губерні было ўзяцце ў палон каля в.Валадута 23 ліпеня начальніка трэцяй рэзервовай пяхотнай дывізіі царскага генерала Грунта, які быў адпушчаны пад слова не ваяваць з паўстанцамі. Па паказаннях паўстанца штабс-капітана Мельхіёра Чыжыка, які пакінуў аддзел Ляскоўскага ў канцы кастрычніка 1863 года ў ім заставалася ўсяго каля 75 байцоў. Да зімы гэты апошні паўстанцкі аддзел у Беларусі быў распушчаны, але асобныя інсургенты трымаліся ў Менскіх лясах да вясны 1864 года.

"№ 28.

Шэфу Жандараў, Галоўнаму начальніку 3-га Аддзялення ўласнай Яго Імператарскай Вялікасці канцылярыі, Спадару Генерал-Ад'юн-кту і кавалеру князю Даўгарукаву.

Жандарскага Штаб-Афіцэра Менскай губерні № 84 10 траўня 1863 года гор. Менск


Атрад Вялікалуцкага пяхотнага палка, пераследваючы хеўру мяцежнікаў абшарніка Свентаржэцкага, нагнаў па ўказанні казакаў раніцай 4 траўня ў густым лесе пры вёс. Жабічы, Ігуменскага павета, іншую хеўру, якая рухалася на далучэнне да Свентаржэцкага; хеўра гэтая пад даводствам Эсьмана, у ліку да 80 чалавек, рассеяна, пры чым забіта - 6, у палон узята - 9, затрымана мяцежнікаў жыхарамі - 8, у агульным ліку дваран - 16 чалавек; захоплена 5 падвод, 32 стрэльбы, 7 пісталетаў, 25 кос, сцяг, пораху к.7 пудоў, патронаў і куль да 3 тыс. і коней - 9; у атрадзе паранена 2 салдаты і адзін гарніст.

Палкоўнік Рейхарт."

(Працяг у наступным нумары.)

Ігар Жукоўскі


Энергетычная паэзія

У выдавецтве "Ковчег" склалася добрая і трывалая традыцыя-практыка - выпускаць цікавыя кнігі, і паэтычныя таксама (аўтары: С. Багданкевіч, А. Дзітрых, В. Жуковіч, А. Кажэра і інш.).

Вось і сёння мы не маем права абмінуць увагай зборнік паэзіі Аляксандры Грыцкевіч "Адлюстраванні", які днямі там пабачыў свет. З самага пачатку і да самага канца гэта выданне суправаджае ў добрым сэнсе слова энергетыка аб'ектыўна-пазітыўнай прадмовы. Мы цалкам да яе далучаемся, але маем тут штосьці і дадаць, і адняць. Улічваючы яго (выдання) значны аб'ём (18 ул. выд. арк.), дыяпазон аўтарскай увагі (як эмацыянальнай, так і рацыянальнай) у ім да праяў жыцця як у прасторы, так і ў часе (тэматыку і яе раскрыццё), а таксама багаты жанравы сегмент (форму: верш, санет, стансы, песня, прысвячэнне, балада, паэма, казка, мініяцюра і інш.), мусім умоўна вызначыць яму класіфікацыю, як анталагічна-энцыклапедычную.

Агульнавядома, што, каб хоць у якой-небудзь ступені спасцігнуць прыроду і сакрэт таленту і творчасці паэта, трэба штосьці ведаць аб яго Радзіме. Дык вось А. Грыцкевіч нарадзілася ў Чырвонай Слабадзе - былой Вызне, што недалёка ад Слуцка, дзе ваяры-дабраахвотнікі (паўстанцы) Слуцкага збройнага чыну ў 1920 годзе вялі жорсткія баі супраць маскоўска- камуністычнай навалы. Відаць, яшчэ і гэта геаграфічная дамінанта спараджае ў аўтара дух супраціву, змагарную настраёвасць, і, хай не прама, а ўскосна, яны мімавольна прысутнічаюць у фактуры большасці яе вершаў.

Не абмінем увагай і такі факт. А. Грыцкевіч - унучка па мячы (па бацьку) Грыцкевіча Васіля Аляксеевіча, незаконна рэпрэсаванага ў 1938 годзе, які памёр у гэтым жа годзе ў Слуцкай турме. Рэабілітаваны ў 1989 годзе. Яна ж - унучка па кудзелі (па мацеры) Кірдзея Мацвея Кузьміча, растралянага ў той жа турме ў 1937 годзе і рэабілітаванага ў 1989 годзе.

А яшчэ для нашай паэткі і яе тэкстаў уласцівы частыя збліжэнні з фальклорнымі настроямі і пазіцыямі, дзе знітаванасць з роднай прыродай адначасова дэманструе сваю адкрытасць усяму свету ("Сюжэтаў для вершаў я маю нямала...", "Бурбаліць ручай на перакаце...", "Заблудзілася сонца ў туманах..." і інш.); дзе трывала суседнічаюць пяшчота і цвёрдасць ("Згусціўся змрок...", "Няма на дружбу часу, далібог..."), трывога і неспакой ("Атрута горкая - мой лёс...", "Я плакала - мяне не суцяшалі..."), сур'ёзныя настроі і гумар ("Бервяно да бервяна...", "Блынканне старых бабуль адвячоркам на лавачцы..." і інш.). Тут міжвольна адчуваеш, што яе вершы нібы дыхаюць ("Сёння здасца нам нязначным важнае яшчэ ўчора...","Для ўсякага цярпення ёсць канец..."). Часам далучыўшыся да таго дыхання, іншым разам хочацца і праспяваць некатарыя радкі паэткі ("Там за паваротам ёсць ручай сцюдзёны...", "Смех, як бубеньчык празвінеў...", "Пусці птушку ў неба..." і інш.).

Багаты ўнутраны свет лірычнага героя паэзіі А. Грыцкевіч, несумненна, ідзе ад яркай індывідуальнасці аўтара ("Не дакранайся да майго агню...", "Ці змагу я свае так пакратаць імгненні..." і інш.), у якой эмацыянальнае ўспрыняцце свету тонка ўраўнаважана лагакрытычнымі ацэнкамі яго. Дарэчы, наша паэтка па прафесіі - матэматык. Як бачым, у яе ўнутраным укладзе ўдала і прадуктыўна спалучыліся стыхіі лірыка і фізіка.

Гаварыць пра наследванні каму-небудзь з творцаў-папярэднікаў, пра рэчышча іншай паэтычнай індывідуальнасці, пра школу і вывучку, адкуль жывілася б муза А. Грыцкевіч, не прыходзіцца. Яна вельмі і вельмі самадастатковая творчая асоба. Праўда, як кажуць, дух - усюдыісны. Так і духоўны патэнцыял нашай паэткі, асабліва ў выяўленні гарачых і абвостраных пачуццяў патрыятызму і грамадзянскасці, ушчыльную змыкаецца з патэнцыялам нашаніўцаў, Цёткі, Л. Геніюш, Н. Арсеньевай і інш. ( Тэстамент "Спадкаемца, тэстамент прымі,напісаны крывёй па зямлі...", Інфернальнае , "Як думкі ў галаве, ляцяць па небе гусі...", "Я гляджу на краіну маю...", Апалогія мовы , Лідскаму замку "Нешта ў руінах замка здалося...") і інш.

Калі ж гаварыць аб псіхалагічным малюнку ўнутранага зместу лірычнага героя яе паэзіі, то ён вельмі ўражвае сваёй непасрэднай, пранізлівай спавядальнасцю, якая амаль не патрабуе ні метафар, ні параўнанняў ці яшчэ якіх прыёмаў і троп ("Няма...- тужліва стогне вецер...", "Ўзнімае крылы дахаў вецер...", "Ці кужаль прасці, ці слаць салому..." і інш.). Тут адчуваецца, што герой, як, несумненна, і сама аўтар трапілі ў вір бязладнага жыцця. I ці не адсюль як спроба пераадолення гэтага нараджаюцца радкі аб універсальным, непадзельным лёсе людзей-жанчын і мужчын, калі ў іх перажываннях, у рухах іх душ не адчуваецца ніякай мяжы, калі яны проста асобы, прадстаўнікі роду чалавечага ( Асацыяцыя "Сарамлівы, збянтэжаны позірк...", "Як хочацца нікуды не спяшацца...", "Я сваю маладосць пражыў вольнаю птушкай...", "Вецер цёплы павеяў...", Стансы "Няхай я не Янка Купала" і інш.). А спавядальнасць некаторых вершаў у спалучэнні з побытавымі дэталямі і фальклорнай традыцыяй выводзяць іх на лінію класічнай паэзіі ( Silentium "У руках я скібку хлеба разламаю...", "Сяджу ў Варшаве на базары..." і інш.). Спроба ўніверсалізаваць пэўныя ўяўленні аб некаторых праявах жыцця абуджаюць у А. Грыцкевіч патрэбу ўводзіць беларускую самавядомасць у сусветна-планетарны маральна-духоўны кантэкст. Дык вось праз гэтую спробу нельга не адзначыць эрудыцыю, энцыклапедычнасць ведаў і інтэлектуалізм аўтара ("Ад Сакрата і Гамлета да homo сучаснага", "Маімі суразмоўцамі былі...", "Чытаючы легенды і міфы старажытнай Элады", "О, пясочны гадзіннік", "Імпрэсіяністы", "Экзістэнцыянальныя эцюды", паэма "Дарога да зорак" і інш.). А яшчэ гэта спроба дапамагае лепш, больш дэталёва і дыялектычна разглядзець твар нашай эпохі, грамадства, краіны.

А. Грыцкевіч дасканала валодае дарам паэтычнага пераўвасаблення, і вось гэты дар дапамагае ёй ствараць і такія выдатныя творы, як стылізаваныя, на ўзроўні Ул. Караткевіча "Заметки дилетанта по поводу возникновения и развития русского языка" (на рускай мове) ці казку "Пра Свінку-парасяйку". Праўда, апошняя крыху заземлена, але ці не занадта заземлена наша жыццё? Добра пра гэта гаворыцца ў "Не вер ліслівай ціхай мове...".

I яшчэ. А. Грыцкевіч надзелена здольнасцю ствараць паэтычныя радкі не толькі для дарослага чытача; яна вельмі тонка адчувае і псіхалагічныя асаблівасці чытачоў іншай узроставай катэгорыі - дзяцей. I таму натуральна ў гэтым плане ўспрымаюцца яе "У рэчцы коцік рыбку вудзіць...", "Свойская бяседа", "Страшная казка" (умоўна страшная!), вышэйпамянёная "Казка пра Свінку-парасяйку" і інш. Тут найболей адчуваецца нашая мілагучная беларуская мова, добры і мяккі гумар "Сонца ўстае зранку, са збанка смятанку коцік з'еў і ціха выслізнуў па ганку..." і ўзнёсласць парыванняў дзіцячай душы "Казка пра прыгожага Янку". Бясспрэчна, яе творы дзіцячай тэматыкі пазітыўна супрацьстаяць многім тэкстам беларускамоўных падручнікаў, тэндэнцыйна ўкладзеных сучаснымі метадыстамі - палоннымі рускамоўнага асяроддзя.

Было б нядрэнна паэтычную творчасць дзіцячай тэматыкі А. Грыцкевіч выдаць асобнай кніжкай, дадаўшы да ўжо пералічаных вершаў і казак і тое, што, можна не сумнявацца, ёсць у яе рабочым стале.

Безумоўна, як у кожнага, якога б ён ні быў маштабу, творцы, і ў А. Грыцкевіч ёсць свае недапрацоўкі і нават "перапрацоўкі". Назавём, бадай што адну, і зноў жа, бадай што, галоўную ў дачыненні да "Адлюстраванняў". Аўтару трэба было больш патрабавальней падысці да фармавання зборніка і не ўключаць тое, чаму месца ў архіве ("Дражнілка", "Наша пані Шышла", "Зчараваная словам тваім..."). I ў нейкай ступені сюды можна аднесці верш "Навошта": бязволля і настрояў параз у нас і так навакол дастаткова. Некаторыя вершы таксама заслугоўваюць такой увагі, але пра гэта іншым разам. Але, ізноў жа яны, безумоўна, з'яўляюцца адлюстраваннем жыццёвых рэалій, па-свойму адыгрываюць ролю ў высвятленні бездакорных узораў вартай захаплення паэзіі.

Прачытаўшы "Адлюстраванні", не станеш адмаўляць сцверджанне, што Беларусь-Літва - край добрых паэтак, якія добра ведаюць кошт паэзіі і ўвогулле, і канкрэтна - уласнай. Вось жа гэта тычыцца і А. Грыцкевіч і яе паэтычных тэкстаў.

Толькі, праўда, імя паэткі нашай мала вядома нават у літаратурных колах. А прычына, відаць, і ў яе нялёгкім складаным жыццёвым шляху. Ну, ды не гэта галоўнае; галоўнае, што мы маем справу з сапраўднай (не казённакоштнай [кажуховай] і не грантасмокавай [кажушковай]) паэзіяй. Яе паэзія адрозніваецца ад названых кірункаў тым, што яна энергетычная як у нацыянальным, так і ў агульначалавечым плане, а таксама пошукам і сцвярджэннем высокага маральна-духоўнага ідэалу.

Моўныя ўвасабленні пасылаў яе вершаў - пластычныя, гарманічна адэкватныя строю яе беларускай душы. У плыні яе паэзіі не заўважаны ні бурбалкі, ні псеўданародныя выкрунтасы, ні дэгенератыўныя выбрыкі і кульбіты, што заўжды прэтэндуюць на мадэрновую геніяльнасць.

Мова паэзіі А. Грыцкевіч, як і сама яе паэзія - прыродная і жыццядайная, як Слуцкая раўніна.

Добра пасуе да выдання, як дадатак да яго, іканаграфічны матэрыял, што змешчаны ў канцы зборніка. Тут таксама праглядаецца характар аўтара "Адлюстраванняў".

Грыцкевіч Аляксандра Аляксандраўна (па мужу Прашкуратава) нарадзілася ў 1943 годзе на Меншчыне ў г. п. Чырвоная Слабада. Сярэднюю школу скончыла ў горадзе Чашнікі Віцебскай вобласці. У 1962 г. паступіла на адзяленне астраноміі Ленінградскага ўніверсітэту (ЛГУ), дыплом атрымала па спецыяльнасці "гідрааэрадынаміка". Працавала як праграміст у Пензе, Маскве, С.-Пецярбурзе, настаўніцай у сельскай школе вёскі Лыскі на Віцебшчыне, нарміроўшчыкам будаўнічага трэста ў г. Ліда, потым ізноў праграмістам у Менску. Друкавалася ў раённых газетах, "Мінскай праўдзе" і часопісе "Маладосць".

Яўген ГУЧОК.


Ніць вечнасці

Вялянціне Крук - дырэктару Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур у Полацку, старшыні Полацкай гарадской арганізацыі ТБМ

У мамы - пража ў кроснах:

калі ніты снавала,

гукала з ранкам лёзна,

а з ночанькай - спявала.


Настольнік мой някрамны

пад панажы скаціўся.

Падатак быў дзяржаўны

і тым, хто не радзіўся.


Бацькі матыркай дужай

вузлы даўгоў вязалі.

I самы тонкі кужаль

у Рыгу наразалі.


...Збуцвелі тыя кросны,

а з бёрдамі і цэўкі.

(Пенсіянеру проста:

ёсць костка без нацэнкі...).


А песня ад работы

далёка адышлася.

....Я заўтра буду горды,

што Беларусь звялася?


Хто за зямлю ў барознах,

ці гарадскую гжэчнасць, -

а я за Ніць у кроснах,

дзе тчэцца наша вечнаісць.

Сяргей Панізьнік.


Артур Конан Дойль згадваў пра Гародню

Той, хто чытаў самы вядомы і непераўзыйдзены дэтэктыў англійскага пісьменніка Артура Конан Дойля "Сабака Баскервіляў" - знакамітую гісторыю аб пракляцці, якое вісела над родам Баскервіляў, мабыць звярнуў увагу на наступныя словы:

"Крыміналісты скажуць, што нешта падобнае ўжо было, і, відавочна, успомняць забойства ў Гародні (...), але ў сённяшняй нашай справе ёсць некаторыя зусім своеасаблівыя рысы."

"Сабака Баскервіляў" пачаў публікавацца ў самым пачатку ХХ стагоддзя на старонках "Стрэнда" і, як бачна, пісьменнік Артур Конан Дойль скарыстаўся пры яго напісанні адным з эпізодаў, які адбыўся ў тадышнім горадзе Гародні, і такімі ж гісторыямі на Ўкраіне ў 1862 годзе, як і забойствам Андэрсана з Паўночнай Караліны. Словам, абсягамі зацікаўленняў літаратара з Англіі быў амаль што ўвесь белы свет. Аднак жа ён не абмінуў сваёй увагай і горад над Нёманам. Я яшчэ помню, як з акна цягніка на шляху Гародня-Парэчча і наадварот цягнуліся шматлікія торфараспрацоўкі, скуль нешта з ХІХ стагоддзя і стала фонам да гісторыі роду Баскервіляў...

Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX