Папярэдняя старонка: 2013

№ 47 (1146) 


Дадана: 20-11-2013,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 47 (1146) 20 лістапада 2013 г.


100-ты выпуск лінгвістычнай праграмы "Моўнік" на "Белсаце"

17 лістапада на незалежным тэлеканале "Белсат" прайшоў 100-ты выпуск лінгвістычнай праграмы "Моўнік", заснаванай з ініцыятыве ТБМ. Праграма прысвечаная лінгвістычным пытанням, найперш, натуральна, беларускай мове.

"Моўнік" выходзіць недзе з пачатку 2010 года і паспеў зацікавіць і тых, хто хацеў палепшыць свае веды ў роднай мове, і тых, каго не пакідаюць абыякавым розныя аспекты гісторыі ды сучаснасці беларускай лінгвістычнай думкі.

Сярод гэтай сотні перадач шмат карысных, цікавых, пазнавальных, заахвочвальных: " Сапернік ці супернік " (Апісанне: Шмат хто, пішучы, размаўляючы па-беларуску, зазнаваў цяжкасці з ужываннем прыставак са- і су- . Як правільна: сааўтар ці суаўтар , сапернік ці супернік ?), "Знак націску: капрыз ці неабходнасць?", "Што такое суткі ?", "Дубоўка і мова", "Знявечаная мова зямлі" (Што называюць "моваю зямлі" і чаму гэтую мову так нявечылі цягам апошняга стагоддзя? Сталы моўніцкі эксперт Зміцер Саўка распавядае пра матывацыі і наступствы маштабнага перайменавання беларускіх вёсак), "Ці трэба нам "іры" ?", "Яўрэі, жыды, габрэі", "Мова і ментальнасць", "Спадчына Ластоўскага", "Каму трэба імя па-бацьку?", "Як звярталіся прадзеды?", "Асцярожна жарганізмы" і г.д.

Вядуць перадачы прафесійныя філолагі, апошнім часам Вольга Іскрык, у якасці экспертаў запрашаюцца знаныя мовазнаўцы, культуролагі, гісторыкі мовы і літаратуры.

Стваральнікі праграмы звяртаюцца да гледачоў: прапаноўвайце свае тэмы і пытанні. Адрас: mounik belsat.eu.

Моўныя перадачы на сёння ідуць на Беларускім радыё, АНТ, БТ-3, Радыё Свабода. Але ўсё разам гэта не дае і адну гадзіну ў дзень. Таму ўклад Белсату ў агульную справу вельмі важны.

Рэдакцыя "Нашага слова" віншуе "Моўнік" з 100-м выхадам і жадае і надалей цвёрда стаяць на пазіцыях абароны і папулярызацыі беларускай мовы.


Да 90-годдзя Васіля Быкава

Да 90-годдзя Васіля Быкава (19.06.2014 г.) ТБМ выпусціла два варыянты кішэнных каляндарыкаў, паштоўкі і насценны каляндар. Дызайн Ігара Марачкіна.

Азнаёміцца з гэтымі выданнямі і выбраць што-небудзь для сябе можна ў сядзібе ТБМ (вул. Румянцава, 13) у буднія дні з 15:00 да 19:00.


130 гадоў з дня нараджэння Язэпа Лёсіка

Язэп Юр'евіч ЛЁСІК (18 лістапада [ст. ст. 6 лістапада] 1883, в. Мікалаеўшчына Менскага павету, цяпер Стаўпецкі раён - 1940, Саратаўская турма) - беларускі пісьменнік, публіцыст, мовазнаўца, педагог, нацыянальны і палітычны дзеяч. Акадэмік АН БССР (1928). Родны дзядзька Якуба Коласа.

У Беларускай сацыялістычнай грамадзе (менская секцыя, з красавіка 1917), рэдактар партыйнай газеты "Вольная Беларусь" (з 28 траўня 1917 ст.ст.), кандыдат ад партыі ва Устаноўчы сход на Меншчыне. Старшыня Выканаўчага камітэту Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (на другім з'ездзе 8-10 ліпеня 1917 ст.ст.). Сябар Вялікай беларускай рады.

Ідэёлаг і прапагандыст беларускай незалежнасці. Удзельнік Усебеларускага кангрэсу, выступіў публічна супраць разгону кангрэсу і супраць бальшавікоў. Удзельнік працы Народнага сакратарыяту БНР, сябар Рады БНР. Адзін з ініцыятараў акту незалежнасці БНР. Старшыня прэзідыюму рады БНР (з 14 траўня 1918). Пасля прыходу бальшавікоў у Менск (пачатак снежня 1918) абвешчаны па-за законам разам з іншымі раднымі, арыштаваны. Вызвалены пасля таго, як за яго заступіўся Усевалад Ігнатоўскі.

Адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (1918). У час польскай акупацыі 1919-1920 супрацоўнічаў у газетах "Звон" і "Беларусь" (рэдактар з 1920).

Адназначна выступаў за захаваньне кірылічнага алфавіту. Ухваляў "навуковасць і лагічнасць" сербскай кірылічнай азбукі.

Нарадзіўся ў сям'і селяніна. Быў малодшы з сямі братоў і апошняе дзіця ў бацькоў.

У 1898 годзе Язэп паступіў у Маладзечанскую семінарыю. Аднак на другі год быў выключаны з яе без права паступлення ў іншыя навучальныя ўстановы. Пераехаўшы ў Ноўгарад-Северскі на Чарнігаўшчыне, дзе працаваў ягоны брат, паступіў у гарадскую вучэльню і скончыў яе ў 1902 годзе. Вытрымаў экзамен на годнасць настаўніка народнай школы і быў прызначаны выкладчыкам расейскай мовы ў Бабруйскую сельскагаспадарчую школу.

Працаваў у Бабруйску адзін год, у 1903 годзе ізноў вярнуўся ў Ноўгарад-Северскі і быў прызначаны настаўнікам у школу ў мястэчку Грамяч. Тут Язэп хутка наблізіўся да народа. Сходы, якія Язэп Лёсік ладзіў у школе, сталі вядомыя паліцыі. У 1905 ён быў арыштаваны. У 1907 Язэпа перавезлі на суд у Старадуб на Чарнігаўшчыне. Тут яму ўдалося ўцячы з горада і такім чынам унікнуць суда. Пасля гэтага Язэп некаторы час хаваўся ў Стоўбцах.

Два гады жыў на станцыі Красноўка, недалёка ад Луганска ва Ўкраіне. У 1911 вярнуўся ў Ноўгарад-Северскі, дзе ізноў быў арыштаваны і перавезены ў Старадуб на суд. Быў прыгавораны да бестэрміновага высялення ў Сібір, дзе жыў да 1917 г., спачатку ў г. Кірэнску Іркуцкай губерні, а потым у некаторых сёлах Кірэнскага павету. Нядоўгі час Язэп жыў у Бадайбо.

Будучы ў ссылцы, Язэп заняўся самаадукацыяй. Здабываў сродкі на сваё існаванне фізічнаю працаю і толькі ў Бадайбо быў за пісца, а ў адной вёсцы арганізаваў пачатковую школу, але паліцыя хутка яе зачыніла, бо ў ссылцы ў тыя часы забаранялася працаваць паводле сваёй спецыяльнасці. У Сібіры Язэп сустрэўся з Алесем Гаруном, з якім потым не разлучаўся.

Адарваны ад сваёй Бацькаўшчыны, Язэп трымаў цесную лучнасць з ёю: супрацоўнічаў з "Нашай нівай", падтрымліваў сувязь з пісьменнікамі і знаёмымі настаўнікамі на Беларусі.

Вярнуўся ў Беларусь у сакавіку 1917 і спыніўся ў Менску. З восені 1917 - у шлюбе з Вандай Лявіцкай, дачкой Ядвігіна Ш. Пасля ўдзелу ў Беларускай акадэмічнай канферэнцыі пачаўся пераслед Лёсіка ды іншых дзеячаў беларускай культуры: Некрашэвіча, Смоліча, Ластоўскага і іншых. У канцы ліпеня 1930 г. Язэп Лёсік быў нечакана арыштаваны на курорце ў Мацэсце (на Каўказе), дзе ён лячыўся ад ішыясу: ужо два гады не мог ён хадзіць без палкі. Закончыць курс лячэння яму не далі, з Каўказа арыштаваным прывезлі ў Менск і пасадзілі ў турму ГПУ, так званую "амерыканку".

У 1931 Язэп Лёсік быў высланы на пяць гадоў у Саратаўскую губерню у г. Аткарск на Волзе. Тут яму было дазволена працаваць у педагагічным тэхнікуме, дзе ён выкладаў расейскую мову і літаратуру. Потым Язэп перайшоў у такі ж тэхнікум у Дубоўцы, таксама на Волзе. Калі скончылася пяць год ссылкі, Язэп думаў, што можна будзе вярнуцца на Беларусь. З гэтаю мэтаю ён у 1935 і 1936 гадах прыязджаў у Менск і быў у НКУС, але нічога не дабіўся: яму і пасля пяці гадоў высылкі не дазволілі жыць на Беларусі.

Пераехаў у Бранск, ды не здолеў знайсці падыходзячую працу і быў накіраваны ў Навазыбкаў, дзе яму прапанавалі пасаду настаўніка ў школе каля станцыі Злынка, недалёка а Гомеля, і таму Язэп з сям'ёй часта ездзіў у Гомель. Але Язэпу не давялося тут закончыць і навучальнага года. НКУС патрабаваў неадкладнага выезду туды, куды быў высланы, г. зн. зноў у Саратаўскую губерню.

У 1938 г. Язэп зноў быў арыштаваны і пасаджаны ў саратаўскую турму. У гэты час ён быў зусім здаровы і нельга было думаць, што неўзабаве памрэ. Але не прайшло году, як жонка атрымала паведамленне, што Язэп памёр.

Вікіпедыя.


Спачуванні старшыні ТБМ Алегу Трусаву

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" выказваюць шчырыя спачуванні старшыні ТБМ Алегу Трусаву ў сувязі з напаткаўшым яго горам - смерцю маці.

Няхай зямля ёй будзе пухам, а душы супакой у нябёсах.


Фантастыка па-кашубску

Гжэгаж Яраслаў Шрамкэ (Grzegorz Jaroslaw Schramke) - кашубскі пісьменнік і публіцыст, настаўнік. Яму 34 гады, ён жыве ў паўночным рэгіёне Польшчы, які называецца Кашубіяй, і вучыць дзяцей у школе сваёй роднай кашубскай мове. З ім пагутарыў Ян Максімюк .

У польскім законе "Аб нацыянальных і этнічных меншасцях і рэгіянальнай мове" з 2005 года кашубская мова называецца "рэгіянальнай мовай". Сярод польскіх мовазнаўцаў няма поўнай згоды адносна класіфікацыі кашубскай мовы: шмат хто лічыць яе асобнай заходнеславянскай мовай, некаторыя глядзяць на яе як на аддалены дыялект польскай.


НЕЙМАВЕРНЫ РОСТ

Ян Максімюк: "Калі я ўбачыў вынікі перапісу 2011 года ў Польшчы ў адносінах да кашубскай меншасці, я перажыў шок. Паводле перапісу 2002 года, кашубамі назвалі сябе 5 тысяч чалавек. А ў 2011 годзе - амаль 230 тысяч чалавек! Чым вы патлумачыце гэты рост амаль у 50 разоў?"

Гжэгаж Шрамкэ: "Гэта тлумачыцца перш за ўсё розніцай у гэтых двух апытаннях. У 2002 годзе можна было запісаць або польскую нацыянальнасць, або нейкую іншую. А паколькі большасць кашубаў лічыць сябе і палякамі, і кашубамі - дык перад імі ўзнікла дылема. Да таго яшчэ найбольшая кашубская арганізацыя - Кашубска-паморскае згуртаванне (Zrzeszenie Kaszubsko-Pomorskie) - у 2002 годзе намаўляла кашубаў, каб яны падавалі польскую нацыянальнасць. Запісвацца кашубамі раіла адно група маладых кашубаў, якія гуртаваліся вакол часопісу "Kaszеbskо Оdroda " ("Кашубскае адраджэнне"). Тады кашубамі запісаліся няшмат больш за 5 тысяч чалавек.

А вось у перапісе 2011 года, калі можна было падаваць дзве нацыянальнасці, выключна кашубамі запісаліся каля 16 тысяч чалавек. Потым яшчэ каля тысячы чалавек падалі кашубскую нацыянальнасьць як першую, а польскую - як другую. Ну а астатнія - каля 210 тысяч чалавек - падалі польскую нацыянальнасць як першую і кашубскую як другую.

Максімюк: "Ды ўсё роўна, як ні паглядзець, ваш рост уражвае: "чыстыя" кашубы выраслі ў тры разы, а колькасць паляка-кашубаў пераваліла за 200 тысяч. Вы цяпер - другая па колькасці этнічная меншасць у Польшчы, пасля шлянзакаў (сілезцаў), якімі запісаліся больш за 800 тысяч чалавек. Таму маё пытанне застаецца - чаму вы так выраслі?"

Шрамкэ: "Гэта вынікае перш за ўсё з большай этнічнай свядомасці кашубаў. Мне здаецца, што за мінулае дзесяцігоддзе некаторыя групы, наогул сярод маладых кашубаў, моцна папрацавалі якраз у тым кірунку, каб кашубы не цураліся свайго паходжання. Ім удалося пераканаць нашых землякоў, што быць кашубам - гэта нічога дрэннага, і гэта не вядзе да нейкага сепаратызму. І ў інтэрнэце ў апошнія гады адбывалася нашмат жывейшая дыскусія адносна таго, што не трэба саромецца запісвацца кашубамі.

Ведаеце, кашубская праблема не з'явілася раптам, каля 2000-га года - ёй ужо больш за 150 гадоў. Флёрыян Цэйнова, пачынальнік кашубскай літаратуры, пачаў будзіць кашубаў у час "вясны народаў", якраз тады, як і лужыцкія сербы пачалі падымаць галаву. А першы слоўнік кашубскай мовы з'явіўся пад канец ХІХ стагоддзя..."

МОВА І ДЫЯЛЕКТ

Максімюк: "Паколькі пераважная большасць беларусаў не чула кашубскай мовы і не бачыла друкаванага тэксту па-кашубску, дык я Вас распытаю крыху пра мову. Кашубская - гэта адназначна славянская мова, ці, можа, у ёй ёсць і нейкія германскія элементы?"

Шрамкэ: "Так, ёсць, але гэта вынікае ў першую чаргу з таго, што гэтая частка Польшчы апынулася пад нямецкім панаваннем на больш чым 100 гадоў, а разам з ёю і кашубы. У кашубскай мове ёсць германізмы, але іх не болей, чым 5%. У польскай мове германізмы складаюць каля 3% лексікі, так што тут сітуацыя больш-менш аднолькавая. У кашубскай мове здараюцца выпадкі, калі выступаюць дзве паралельныя назвы аднаго паняцця - нямецкая і кашубская.

Кашубская мова зусім нядаўна была класіфікаваная як асобная мова. Сёння лічыцца, што літаратурная версія кашубскай мовы - гэта асобная мова, якая мае статус рэгіянальнай мовы. Яна найбліжэй стаіць да польскай, але мушу вам сказаць, што калі я быў у Будзішыне і пачуў там верхне-лужыцкую мову, то знайшоў у ёй шмат чаго падобнага да нашай."

Максімюк: "У мяне дома ёсць польская энцыклапедыя агульнага мовазнаўства, выдадзеная ва Ўроцлаве ўжо ў гэтым стагоддзі, дзе ў артыкуле "кашубская мова" аўтары пішуць, што гэта найбольш аддалены дыялект польскай мовы..."

Шрамкэ: "Магчыма сустрэць і цяпер мовазнаўцаў, пераважна старэйшых, якія, як і раней, лічаць кашубскую дыялектам польскай. У часы Народнай Польшчы, у 1945-1989 гг., нельга было гаварыць пра кашубскую мову як пра асобную. З вярхоў пайшоў сігнал - адзін народ, адна мова! - і ўсе дыскусіі пра тое, ці гэта асобная мова, заціхлі. Я думаю, што згаданая вамі энцыклапедыя - гэта якраз рэлікт такога мыслення з часоў Народнай Польшчы. Але ёсць мовазнаўцы, такія, напрыклад, як прафесар Ежы Трэдэр з Гданьскага ўніверсітэта, якія лічаць кашубскую асобнай мовай. Я кажу пра літаратурную форму кашубскай мовы.

Трэба адзначыць, што жывая кашубская мова расслоеная на некалькі дыялектаў. Я паходжу з поўдня Кашубіі, дзе гавораць інакш, чым на поўначы. Адзін з даследнікаў кашубскай мовы, Фрыдрых Лёрэнц, на кашубскім моўным арэале ідэнтыфікаваў 86 розных гаворак. Літаратурная форма кашубскай мовы фармавалася на працягу 150 гадоў. А ў 1996 годзе была праведзена вялікая рэформа кашубскага правапісу і спроба моўнай стандартызацыі. І вось гэтай форме літаратурнай кашубскай мовы быў нададзены статус рэгіянальнай мовы. Гэта даволі свежая справа, і я думаю, што з цягам часу штораз больш людзей будзе прызнаваць кашубскую асобнай мовай, а праз 20 гадоў вы ўжо не знойдзеце кніжкі, у якой будуць яе называць дыялектам."

КАШУБСКІ КОМПЛЕКС

Максімюк: "Колькі людзей, паводле Вашай ацэнкі, гаворыць у сям'і па-кашубску, то бок на ўсіх тых гаворках і з поўдня, і з поўначы Кашубіі?"

Шрамкэ: "На жаль, штораз менш. У перапісе 2002 года каля 50 тысяч чалавек заявілі, што гавораць па-кашубску. Але трэба разумець, што не ва ўсіх гэтых выпадках валоданне кашубскай мовай можна назваць свабодным.

У часы Народнай Польшчы ўладам удалося прышчапіць кашубам гэтак званы "кашубскі комплекс". У маёй сям'і гэта таксама было. Калі я быў малы, дык бацькі мне казалі, каб я не гаварыў па-кашубску, а прыгожа па-польску, бо інакш у мяне будуць праблемы ў школе і ў дарослым жыцці, якія былі ў іхнім жыцці. Механізм быў прыблізна такі: калі ты кашуб і гаворыш толькі па-кашубску, ты - прыдурак, якому толькі раскідваць гной у полі. Такім больш-менш чынам дыскрэдытавалі ўсё кашубскае.

Вось мой бацька, які нарадзіўся ў 1939 годзе, адчуў на сабе ўвесь цяжар насмешкі і здзеку з боку польскага асяроддзя, як падчас вучобы, так і ў войску, а таму сам навучыўся гаварыць беззаганна па-польску і потым вучыў літаратурнай польскай мове мяне, каб мне было лягчэй у жыцці. Так што ў Народнай Польшчы разарвалася вязь паміж пакаленнямі, якія перадавалі кашубскую мову ў сямейным жыцці. Сёння ў сем'ях па-кашубску гаворыць, калі наогул, толькі пакаленне дзядоў, а бацькі і ўнукі ўжо па-польску. Я маю надзею, што гэта зменіцца. Напрыклад, я гавару са сваімі сынамі па-кашубску, і калі мы размаўляем на вуліцы, мы наогул сустракаемся не з варожасцю, а з прыхільнай зацікаўленасцю, часам нават з захапленнем. Але калі маладое пакаленне ўжо не гаворыць па-кашубску паміж сабой, дык перадаць мову далей яны не змогуць.

Тут узнікае важная роля для школы. Кашубская мова з'явілася ў школе ў 1990 годзе, але ў большасці выпадкаў сітуацыя выглядае так, на жаль, што дзеці вучацца кашубскай як чужой мове, як мове, якой яны раней наогул не чулі або чулі толькі зрэдку. Думаю, што сітуацыя ў сярэдняй і паўночнай частках Кашубіі крыху лепшая ў гэтых адносінах, чым на поўдні, дзе жыву я. У маіх мясцінах я чуў жывую кашубскую мову сярод дзяцей толькі тады, калі сам быў малы. Цяпер у нас дзеці гавораць на чыстай польскай мове."

Максімюк: "Значыць, у Народнай Польшчы ў школах увогуле не вучылі кашубскай мове?"

Шрамкэ: "Не вучылі. Кашубска-паморскае згуртаванне рабіла што магло, каб захаваць мову, выдаючы кніжкі па-кашубску, але яго магчымасці былі даволі абмежаваныя. У школе для мяне не мела асаблівага значэння, што я - "малы кашуб", як называў мяне мой бацька. За восем школьных гадоў я завучыў на памяць усяго два кашубскія вершыкі, але і гэта толькі таму, што я ўдзельнічаў у кашубскім дэкламатарскім конкурсе. У юнацтве паняцце "кашубскі паэт" ці "кашубскі пісьменнік" асацыявалася для мяне з нейкім мужычком, які сядзіць каля беднай хаты і кляпае нейкія вершыкі. У сярэдняй школе было больш-менш падобна. Толькі потым, ва ўніверсітэце, калі я пачаў цікавіцца кашубскай культурай усур'ёз, да мяне дайшло, што нашы кашубскія пісьменьнікі і паэты былі людзьмі добра адукаванымі і належалі хутчэй да інтэлігенцыі і грамадскай эліты, чым да мужыцкіх нізоў."

СЦЕЖКА ДА РОДНАГА

Максімюк: "Калі Вы пачалі пісаць па-кашубску? У Вікіпэдыі пішацца, што Вы былі адным з першых у Польшчы, хто напісаў сваю магістарскую працу па-кашубску. Значыць, у Гданьскім унівэрсітэце былі і ёсць прафесары, якія падтрымлівалі і падтрымліваюць кашубскую мову?"

Шрамкэ: "Так, там і ў часы Народнай Польшчы была група прафесараў і дактароў, якія былі звязаныя з Кашубска-паморскім згуртаваннем. Гданьск не быў асабліва моцным акадэмічным асяродкам, але ўсё ж нешта кашубскае сярод універсітэцкіх колаў увесь час існавала, нават калі і ў крыху падпольным кантэксце. І там у 1990-х узнік студэнцкі клуб "Памеранія", у які я запісаўся, калі стаў студэнтам польскай філалогіі. І мая сцежка да кашубскай мовы ўзяла пачатак якраз у тым клубе. Я там дазнаўся, што існуе раман на кашубскай мове, "Жыццё і прыгоды Рэмуса", напісаны Аляксандрам Майкоўскім у 1938 годзе. Потым яго пераклалі на польскую мову. Гэта найвыдатнейшы кашубскі раман. Я прачытаў гэтую кнігу па-польску, як кажуць, на адным дыханні, і яна мяне агаломшыла.

Гэтае чытанне рамана Майкоўскага супала больш-менш у часе з перадкаляднай сустрэчай нашага студэнцкага клуба "Памеранія" ў такой старасвецкай хатцы над возерам. Я там раптам убачыў мноства народу - прафесараў, студэнтаў, настаўнікаў, старых і маладых - і ўсе яны гаварылі па-кашубску! І ніхто там не саромеўся гаварыць па-кашубску, кашубшчына ў гэтых людзях жыла і палыхала. Вось гэтая сустрэча і схіліла мяне прыгадаць забытую з дзяцінства мову і свядома пачаць гаварыць на ёй. Я спачатку пачаў гаварыць на сваім паўднёвым дыялекце, але вельмі хутка засвоіў і агульналітаратурную лексіку ды норму. А пісаць і чытаць я навучыўся з дапамогай аднаго доктара з нашага ўніверсітэта, які арганізаваў нам, мне і іншым маім кашубскім калегам, факультатыўныя заняткі па вывучэнні мовы. А што тычыцца маёй магістарскай працы, дык толькі адну яе частку - дадатак - я напісаў па-кашубску. Тады яшчэ я не ведаў кашубскай мовы настолькі, каб даць рады напісаць усю працу беспамылкова."

ЯК ПЕРАТВАРЫЦЬ ДЫЯЛЕКТ У МОВУ?

Максімюк: "Як я разумею, Вы ў школе вучыце літаратурнай версіі кашубскай мовы. Якім чынам адбываецца стандартызацыя кашубскіх дыялектаў - хто пра гэта дбае?"

Шрамкэ: "Гэтая стандартызацыя яшчэ не закончылася. Яшчэ існуюць у нашай мове, так сказаць, розныя дыялектныя варыянты. Апошняя спроба стандартызацыі і нармалізацыі правапісу, як я ўжо казаў, была ў 1996 годзе. Гэтым займаюцца наогул навукоўцы-мовазнаўцы, журналісты, настаўнікі - тыя, хто нейкім чынам мае дачыненне да кашубскай мовы ў сваім прафесійным жыцці. Існуе таксама адмысловая Рада кашубскай мовы.

У школе настаўнікі кашубскай мовы выкарыстоўваюць наступны падыход - пісаць дзяцей вучаць адной правапіснай нормай, а вымаўляць дазваляюць не толькі паводле літаратурнага стандарту, але і згодна з мясцовымі, дыялектнымі асаблівасцямі.

Максімюк: "Колькі ў вас вучняў на занятках кашубскай мовы?"

Шрамкэ: "Я вучу кашубскай мове больш за 70 дзяцей ад першага класа пачатковай школы да трэцяга класа гімназіі ў кашубскай вёсцы, якая называецца Велькі Кліч."

СВОЙ ЧАЛАВЕК У ВАРШАВЕ

Максімюк: "Скажыце мне, як кашубы глядзяць на прэм'ер-міністра Польшчы Дональда Туска? Лічаць яго кашубам, гэта значыць, сваім чалавекам у Варшаве?"

Шрамкэ: "Я думаю, для кашубаў большае значэнне мае тое, што Туск з'яўляецца палітыкам з Грамадзянскай платформы, чым тое, што ў яго кашубскае паходжанне. У прэзідэнцкіх выбарах 2005 года ў некаторых кашубскіх гмінах Туск прайграў Леху Качынскаму."

Максімюк: "Ці кашубы не адчуваюць у дачыненні да Дональда Туска шкадавання за тое, што вось, маўляў, свой чалавек кіруе ўсёй краінай, а так мала робіць для ўзмацнення кашубскай ідэнтычнасці?"

Шрамкэ: "Людзі наогул, у тым ліку і я, расчараваліся ў палітыцы. Я гэта кажу не толькі ў кантэксце ўраду Дональда Туска, а наогул. Нічога не мяняецца да лепшага, а калі мяняецца, дык да горшага. Ведаеце, калі б Дональд Туск быў шэфам нейкай кашубскай партыі, дык, фактычна, было б за што мець тое шкадаванне. А паколькі ён з'яўляецца шэфам Грамадзянскай платформы, агульнапольскай партыі, дык кашубы разумеюць, што ён павінен глядзець так сама і на кашубаў, і на палякаў, калі можна так сказаць.

Але Дональд Туск ніколі не хаваў, што ён паходзіць з кашубскай сям'і. Помніце той скандал, калі палітычныя канкурэнты прыгадалі яму, што ягоны дзед-кашуб быў у нямецкім вермахце? Гэта, па-мойму, быў удар ніжэй пояса. Таму што падчас вайны палітычныя рэаліі ў Памор'і-Памераніі або Шлёнску-Сілезіі былі іншыя, чым у цэнтральнай Польшчы.

ДЗЕД У ВЕРМАХЦЕ

Максімюк: "А як было з дэкларацыямі нямецкага паходжання сярод кашубаў падчас вайны?"

Шрамкэ: "У Кашубіі было так, што калі вы не падпісалі такой дэкларацыі, дык вам, з усёй вашай сям'ёй, пагражала высылка ў нацысцкі канцлагер або высяленне ў Генеральнае губернатарства, у якое немцы ператварылі цэнтральную Польшчу. Тут быў адзін канцлагер у Памераніі, Штутгоф. А калі вы ўжо падпісалі такую нацыянальную дэкларацыю, дык гэта было звязана са службай у нямецкім вермахце. Такая сітуацыя была і з маім дзедам, які ў 1939 годзе ваяваў за Польшчу ў польскай арміі, потым, калі ягоны аддзел расфармавалі, ён вярнуўся дадому, дзе быў вымушаны, з увагі на сваіх пяцярых малых дзяцей, падпісаць дэкларацыю нямецкай нацыянальнасці гэтак званай трэцяй групы. Гэта была найніжэйшая катэгорыя нямецкага грамадзянства. А потым, здаецца ў 1943, яго забралі ў вермахт. Як большасць кашубаў, ён не хацеў ваяваць за немцаў і хутка, пры першай зручнай нагодзе, здаўся ў палон чырвонаармейцам. А тыя вывезлі яго за Ўрал. Ён са зламаным здароўем вярнуўся адтуль дадому, хоць я не ведаю дакладна калі, бо пра такія рэчы ў кашубскіх сем'ях пасля вайны дарослыя наогул не гаварылі пры дзецях.

ЖАНОЧЫЯ РАМАНЫ І ІНШАЕ

Максімюк: "На заканчэнне я хачу запытацца ў Вас пра літаратуру на кашубскай мове. Ці ёсць людзі, акрамя Вас, які пішуць па-кашубску? І ці ёсць выдаўцы?"

Шрамкэ: "Ёсць. Маем некалькі выдавецтваў, якія выдаюць літаратуру па-кашубску, і маем таксама пісьменнікаў, галоўным чынам паэтаў. Ёсць такія, што пішуць выключна па-кашубску, і ёсць такія, што пішуць па-кашубску і па-польску. З прозай слабавата - фактычна ад часу "Жыцця і прыгодаў Рэмуса", пра што я згадваў, ніхто ў нас не напісаў сапраўднага рамана па-кашубску. Здараліся апавяданні і аповесці, але рамана ніхто не напісаў.

Наогул цяпер па-кашубску людзі ўжо не пішуць, так бы мовіць, выключна пра родную старонку, як было раней, а стараюцца пісаць на больш універсальныя тэмы. Але ўвесь час нам не хапае літаратуры для дзяцей і моладзі, прыгодніцкіх аповесцяў. Прыдалася б нам таксама фантастыка і фэнтэзі, або нешта накшталт жаночых раманаў...

Максімюк: "А што пішаце Вы - вершы ці прозу?"

Шрамкэ: "Па-кашубску я напісаў усяго пяць вершаў. Адзін з гэтых вершаў потым выкарыстаў у сваёй песні кашубскі рок-гурт. Я пішу наогул прозу, апавяданні, хоць аднойчы мне напісалася і п'еса. А цяпер я ўзяўся за раман па-кашубску, у жанры навуковай фантастыкі...

Сайт Радыё Свабода.


З ЖЫЦЦЯ ФРАЗЕАЛАГІЗМАЎ

Выраз віляць хвастом - двухзначны: 1) хітраваць, крывадушнічаць, ашукваць; 2) ліслівасцю дамагацца чыёй-небудзь прыхільнасці. Матыў узнікнення гэтага выразу ("сабачага паходжання"), як і многіх іншых, зразумелы і без этымалагічнага растлумачэння, хоць, па сутнасці, як слушна лічыў вядомы рускі філолаг А.І. Малаткоў, "кожны фразеалагізм мае патрэбу ў гістарычна-этымалагічнай даведцы, у гістарычна-лінгвістычным вытлумачэнні свайго ўзнікнення і свайго мінулага".

У маім "Этымалагічным слоўніку фразеалагізмаў" (2004) (далей ЭСФ) раскрываецца гісторыя і паходжанне каля 1750 фразеалагічных адзінак беларускай літаратурнай мовы, паказваецца сувязь іх сучаснага і першапачатковага, этымалагічнага значэння, жыццё фразеалагізмаў у часе і прасторы. Пасля выхаду гэтага слоўніка дадаткова ў перыядычных выданнях ("Роднае слова", "Веснік ГрДУ", "Наша слова", "Краязнаўчая газета") атрымалі этымалагічную даведку больш за 40 фразеалагізмаў (ледзь не ўсе яны не апісваліся як моўныя адзінкі і ў маім двухтомным "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008): акуляры настаўляць (каму), асёл маляваны, воўчая зграя, выкідванне на вецер (грошай, сродкаў), гонар мундзіра, голы васар, гомо сапіенс, да белых мядзведзяў (завезці, загнаць і пад.), дыпламаваны баран, жыве Беларусь!, захацелася кабыле воцату!, захворванне на пана, зацюканы апостал, зацягванне паясоў, збіранне камянёў, і жук мяса (каму), кактэйль Молатава, каціць бочку (на каго, на што), кіданне ценю (на каго, на што), крыжовы паход, набіванне кішэняў, на цырлах, падстаўленне ножкі (каму), панургаў статак, пачатак канца, ператвараць Саўла ў Паўла, пляваць у калодзеж, прапанова рукі і сэрца (каму), прыняцце на грудзі (чаго), пусціць з дымам да бога, скура ды арматура, спачыванне на лаўрах, станаўленне на ногі, турусы на калёсах, тэра інкогніта, уся абедня сапсута, у чым справа, фіга ў кішэні, чарка ды скварка, чортаў палец, як Сора казала.

Далейшае чытанне сучаснай навуковай літаратуры, непасрэдна або ўскосна звязанай з паходжаннем фразеалагізмаў, а таксама зварот да не так даўно выдадзеных (куды больш паўнейшых за ранейшыя) фразеалагічных слоўнікаў англійскай, французскай, нямецкай моў вымушаюць унесці некаторыя папраўкі ў ЭСФ.

Адносна выразу на край свету (зямлі) з яго значэннямі 'куды-небудзь вельмі далёка' і 'ў любое месца, абы-куды' ў ЭСФ (с. 238) гаворыцца, што ён агульнаславянскі (даюцца паралелі амаль з усіх славянскіх моў) і паходзіць са свабоднага словазлучэння, якое мела канкрэтны сэнс. "Зямля, як даўней лічылі, - плоскі чатырохвугольнік з дахам-небам, а край свету - месца, дзе неба сыходзіцца з зямлёй". Аднак гэты выраз (з такой жа вобразнасцю і граматычнай структурай, толькі ў іншым лексічна-гукавым афармленні) ёсць амаль ва ўсіх мовах свету. Варта лічыць, што ён прыйшоў у беларускую мову, як і ў іншыя славянскія, з заходнееўрапейскіх моў: з французскай (au bout de l'univers) або нямецкай (am Ende der Welt) ці англійскай (to the end of the world (earth)) .

Кніжны фразеалагізм прыводзіць да агульнага назоўніка абазначае 'ліквідуючы адрозненні, ураўноўваць што-небудзь у якіхсьці адносінах'. У ЭСФ (с. 315) ён кваліфікуецца паводле паходжання як паўкалька з рускай мовы (приводить к общему знаменателю). На самай справе ён і ў рускай, і ў беларускай мовах - калька з заходнееўрапейскіх моў; параўнаем, напрыклад, у французскай мове: rеduire au mеme dеnominateur або ў нямецкай: auf einen gemeinsamen Nenner bringen .

Яшчэ тры фразеалагізмы кваліфікуюцца ў ЭСФ як агульныя для ўсходнеславянскіх моў. Але адзін з іх - за-кладваць фундамент (асновы) - калька з англійскай мовы (to lay the foundation (the basis)) або французскай (jeter les fondations) . Другі - сядзець на шыі (на карку, на гарбе) (чыёй, у каго, каго) - хутчэй за ўсё, калька з англійскай мовы (to hang around sb's neck) . Трэці - чорны дзень - калька з нямецкай мовы: ein schwаrzer Tag .

А.Д. Райхштэйн у кнізе "Сопоставительный анализ немецкой и русской фразеологии" (1980) піша, што прыкладна 60% нямецкіх фразеалагізмаў маюць "больш ці менш рэгулярныя рускія фразеалагічныя адпаведнікі", і разам з тым адзначае, што ў шмат якіх выпадках такія адпаведнікі маглі скласціся "паралельна і незалежна адзін ад аднаго" ў гэтых мовах. Тое самае можна сказаць і пра беларускія фразеалагізмы пры іх супастаўленні з выразамі ў іншых мовах, асабліва калі гэта выразы з незацемненай вобразнай матывіроўкай.

Пададзім далей шэраг выразаў, апісаных у адпаведных фразеалагічных даведніках, але раней не этымалагізаваных. Усе яны будуць кваліфікавацца як калькі ці (зрэдку) паўкалькі з заходнееўрапейскіх моў.

Адкуль (куды) вецер дзьме (ужываецца пры дзеясловах ведаць , разумець і пад. і абазначае '(ведаць і пад.) на каго або на што трэба арыентавацца ў сваіх дзеяннях, учынках і інш.'). Калька з англійскай мовы: where the wind blows.

Адной нагой стаяць у магіле (у труне) - 'дажываць свой век, быць блізкім да смерці (звычайна пра хворага ці старога чалавека)'. Калька з англійскай мовы: to have one foot in the grave . У беларускай мове на аснове гэтага фразеалагізма склаўся выраз адной нагой стаяць (у чым, на чым), што значыць 'адчуваць сваю блізкасць да чаго-небудзь, непарыўнасць з чым-небудзь'.

Без штаноў (кантактуе толькі з дзеясловам-суправаджальнікам "застацца" і мае сэнс 'бедны, збяднелы, даведзены да галечы'): Калі мы не зменшым брак на заводзе, дык хутка без штаноў застанёмся (Р. Кобец). Калька з французскай мовы: sans cullote .

Галава ідзе (ходзіць) кругам у каго, чыя - 'хто-небудзь адчувае галавакружэнне (ад стомленасці, паўнаты перажыванняў і пад.)' і 'хто-небудзь траціць здольнасць цвяроза разважаць (ад мноства спраў, перажыванняў і г. д.)'. Калька з нямецкай мовы (der Kоpf geht mir herum) або англійскай (sb's head is going around) .

Гуляць (жартаваць) з агнём - 'дзейнічаць неасцярожна, не лічачыся з небяспекай'. Калька з нямецкай мовы (mit dem Feuer spielen) або французскай (jouer avec le feu ) ці англійскай (to be playing with fire) . У беларускай мове на аснове гэтага дзеяслоўнага фразеалагізма ўтварыўся назоўнікавы гульня (жарты) з агнём , што значыць'неасцярожныя, рызыкоўныя дзеянні без уліку магчымай небяспекі'.

Дзякуй богу . У беларускай літаратурнай мове, як засведчана ў слоўніку, гэты выраз чатырохзначны: 'вельмі добра', 'вельмі добры', 'вельмі многа чаго-небудзь' і ў значэнні пабочнай канструкцыі як выказване радасці, задавальнення, палёгкі, супакою з якой-небудзь прычыны. Калька з англійскай мовы (thank God) або нямецкай (Gott sei Dank) .

Здымаць шапку перад кім - 'адносіцца да каго-небудзь з глыбокай пашанай'. Калька з нямецкай мовы (die Mutze abziehen) або англійскай (to take off one's hat).

Чыя, якая кроў цячэ (плыве) у жылах (венах) чыіх, каго. Гэты фразеалагізм, як і нешматлікія іншыя, рэалізуецца ў маўленні з абавязковым двухбаковым ("злева" і "справа") акружэннем, падпарадкоўваючы сабе і словы-суправаджальнікі ("злева"), і аб'ектнае акружэнне ("справа"); напрыклад: Няхай жа заўсёды ў нашых жылах цячэ яе [Рагнеды] палымяная кроў ("Маладосць"); Намі кіруюць людзі, у венах якіх цячэ кроў 1937 года (А. Вярцінскі). Мае два значэнні: 1) хто-небудзь паходзіць з якога-небудзь роду, народа, часу і пад.; 2) у кім-небудзь выяўляецца характар каго-небудзь, схільнасць да чаго-небудзь. Калька з англійскай мовы (blood runs in veins) або нямецкай (das Blut lаuft durch die Adern) .

Лізаць боты (ногі, пяты, пяткі) каму - 'падлізвацца да каго-небудзь, падхалімнічаць'. Калька з нямецкай мовы ( die Stiefel lecken - у пакампанентным перакладзе "боты лізаць" ) або з англійскай (to lick sb's boots (shoes, feet) - у перакладзе "лізаць чаравікі (туфлі, ногі)") .

Маляваць ружовамі фарбамі (у ружовых колерах) каго, што - 'падаваць, характарызаваць каго- ці што-небудзь ідэалізавана, прывабліва, лепш, чым ёсць на самай справе'. Калька з англійскай мовы: to portray in rosy colours (у даслоўным перакладзе "маляваць у ружовых колерах" ).

Міна запаволенага дзеяння - 'тое, што пагражае небяспечнымі наступствамі'. У "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008, т. 2, с. 43) гэты выраз, па незалежных ад аўтара прычынах, пададзены без пацвярджальных цытат, таму змесцім іх тут. У 30-я гады рукапісы станавіліся для іх аўтараў мінай запаволенага дзеяння, - іх нярэдка падшывалі да судовай справы ў якасці "доказаў" варожай думкі, - і часта служылі "падставай", каб "прышыць" пісьменніку 58-ы артыкул крымінальнага кодэкса - "антысавецкую прапаганду" (У. Конан); Пытанне аб дзяржаўнасці рускай мовы было вынесена на рэферэндум… Гэта ўсё заклала міну запаволенага дзеяння для юнага пакалення: зараз у Беларусі паўтара мільёна школьнікаў, з іх менш за паўмільёна вучыцца ў беларускіх класах ("ЛіМ"). Паводле паходжання гэта паўкалька з французскай мовы (mine retardеe) або англійскай (delayed-action mine) ці нямецкай (Verzоgerungsmine) .

Моцны (дужы) пол - 'мужчыны'. Калька з французскай мовы (le sexe fort) або нямецкай (das starke Geschlecht) .

Скідаць маску - 'ста-навіцца самім сабой; пераставаць прытварацца, прыкідвацца'. Паўкалька з нямецкай ( die Maske ablegen) або англійскай (to throw off one's mask) .

Іван Лепешаў.


Памёр Віктар Бекіш

1 лістапада 2013 г. на 84-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы не стала Віктара Андрээвіча Бекіша , кандыдата філалагічных навук, дацэнта, выкладчыка, метадыста, былога старшыні Фрунзенскай арганізацыі ТБМ г. Менска.

Завяршыўся зямны шлях цудоўнага чалавека, які ўсё свядомае жыццё жыў спадзяваннем на незалежную, свабодную Беларусь і шмат рабіў для гэтага, актыўна займаўся грамадскай дзейнасцю.

В.А. Бекіш нарадзіўся 12 лістапада 1929 г. у вёсцы Кліманты Вілейскага ваяводства (цяпер Маладзечанскі раён Менскай вобласці) непадалёк ад Радашковіч у вялікай працавітай сялянскай сям'і. Да Другой сусветнай вайны закончыў 4 класы Кліманта-Загорскай школы, з 1945 па 1950 вучыўся ў Радашковіцкай СШ. У час вучнёўства вялікі ўплыў на яго аказаў настаўнік Ф. М. Янкоўскі які працаваў у Радашковіцкай школе з 1948 па 1951 г., а потым стаў вядомым навукоўцам-лінгвістам, доктарам філалагічных навук, прафесарам.

У 1950 г. Віктар Бекіш ужо студэнт беларускага аддзялення філалагічнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага. Але праз кароткі час яго прызываюць у армію, ён становіцца курсантам Разанскай пяхотнай вучэльні (1950-1952 гг.). Пасля малады афіцэр да 1956 г. служыў у Забайкаллі, потым вярнуўся на радзіму, узнавіўся на гістарычна-філалагічны факультэт (беларускае аддзяленне) Менскага педінстытута імя М. Горкага. У 1961 г. закончыў гэтую ўстанову. Тры гады працаваў у Міністэрстве асветы БССР памочнікам міністра, інспектарам аддзела кадраў. У 1964 г. паступіў у аспірантуру пры кафедры беларускай мовы Менскага педінстытута імя М. Горкага (кіраўнік - прафесар М. А. Жыдовіч) і ў 1967 г. закончыў яе. Адначасова працаваў асістэнтам кафедры беларускай мовы, выкладаў студэнтам мовазнаўчыя дысцыпліны. У 1970 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па гістарычнай лексікалогіі. Выкладаў, у 1972 г. стаў старшым выкладчыкам, у 1973 г. - дацэнтам. З 1980 па 1991 г. дацэнт кафедры беларускай мовы і методыкі яе выкладання, пэўны час быў загадчыкам гэтай кафедры. Плённым быў перыяд яго біяграфіі, калі з 1992 па 1997 г. выкладаў беларускую мову ў Слёнскім універсітэце Польшчы. У 2003 г. выйшаў на пенсію.

Значны ўклад Віктара Андрэевіча ў беларускае мовазнаўства, ён мае друкаваныя артыкулы па гісторыі беларускай мовы. Вядомы і як метадыст. Па яго падручніках беларускай мовы для 2 і 3 класаў (у суаўтарсве), якія выйшлі ў 1988, 1989 гадах вялося выкладанне ў школах, яны неаднойчы перавыдаваліся. У перыяд працы ў Польшчы выйшаў Беларуска-польскарускі слоўнік лінгвістычных тэмінаў і спецыяльнай лексікі (Катавіцы, 1997).

Усё сваё жыццё В. А. Бекіш працаваў самааддана і сумленна. Ён выдатнік асветы БССР (1979), выдатнік асветы СССР (1990), узнагароджаны медалём "Ветэран працы", шматлікімі граматамі, у тым ліку граматамі Міністэрства асветы Беларусі

Вёў актыўную грамадскую работу, быў сябрам Беларускага Народнага Фронту, з 1997 па 2000 г. узначальваў Фрунзенскую раённую арганізацыю ТБМ, прыклаў шмат намаганняў, каб актывізаваць яе дзейнасць, зарэгістраваў яе ў органах выканаўчай улады. Пры ім арганізацыя вырасла колькасна, налічвала 680 чалавек.

Амаль 40 гадоў ён быў Настаўнікам настаўнікаў, вучыў быць людзьмі сваіх студэнтаў, даваў трывалыя веды, прывіваў пачуццё патрыятызму і любові да роднай мовы і гісторыі.

У Віктара Андрэевіча была цудоўная педагагічная сям'я: жонка Галіна Міхайлаўна, дочкі Наталля і Таццяна, унукі. Яны вельмі любілі і паважалі свайго мужа, бацьку, дзядулю, клапаціліся і даглядалі яго.

А яшчэ ён любіў сваю малую радзіму, бацькоўскі кут, вёску Кліманты. У кожны вольны дзень імкнуўся туды, да сваякоў і суседзяў, да роднай хаты, дзе нарадзіўся і адкуль пайшоў у вялікі свет.

2 лістапада родныя, сябры і знаёмыя развіталіся з Віктарам Бекішам. Адбылася жалобная імша. На лацкане яго пінжака быў значок з выявай бел-чырвона-белага сцяга. Нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг быў і ля труны нябожчыка.

Пахавалі Віктара Андрэевіча Бекіша на радзіме на могілках в. Кліманты Маладзечанскага раёна. Побач з бацькамі, братамі, сёстрамі.

Няхай спакойна спачывае.

Зямля яму пухам!

А душы хай будзе лёгка ў нябёсах Бацькаўшчыны!

Сябры ТБМ Фрунзенскага раёна г. Менска.


Таццяна Бекіш: Татачку прысвячаецца

Лёгка дыхаецца,

Лёгка пішацца,

Лёгка спяваецца і сумуецца

На Беларусі

ў родным куточку -

Вёскай Кліманты называецца.

Сонейка непамерлае -

Бел-чырвона-белае!

Ясень з клёнам у пары стаялі:

Клён застаўся, ясень спілавалі.

Голас продкаў лагодны і гучны

На бусліных крылах прылятае.

Салоўка бабуліны казкі

У песнях сваіх спявае.

Вёсачак родных няма даражэй.

Іх жыццё пачынае змяркацца,

Бабулькі-дзядулькі,

жывіце даўжэй!

Каб было нам куды вяртацца.

2010 г.


Помнік Анатолю Беламу

10 лістапада на могілках у Старых Дарогах быў адкрыты помнік Анатолю Беламу, вялікаму рупліўцу нацыянальнага адраджэння, ветэрану Таварыства беларускай мовы, заснавальніку знакамітага ў краіне і за яе межамі мастацкага музея, заснавальніку і больш чвэрці стагоддзя узначальванага ім унікальнага па сваёй культурна-асветніцкай дзейнасці клуба ''Спадчына''. З Менска на адкрыццё прыехалі яго шчырыя сябры і паплечнікі. Прысутнічалі яго родныя і блізкія, жыхары мястэчка. Сказалі шчырыя і шчымлівыя, і ў той час, аптымістычныя словы з верай у лепшую будучыню: Яўген Гучок, Віктар Хурсік, Анатоль Мяльгуй і аўтар гэтых радкоў і здымка. Барэльеф і праект помніка зрабіў шчыры сябра клуба ''Спадчына'' скульптар Уладзімір Меліхаў.

Помнік устанаўліваў стрэчны брат нябожчыка Міхаіл Антонавіч, асвянціў мясцовы бацюшка Аляксандр.

Мікола Лавіцкі.


Аб дзяржаўным ушанаванні Тодара Нарбута

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

Кабякову А.У.

Аб неабходнасці дзяржаўнага ўшанавання Тодара Нарбута

Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!

28 кастрычніка 2014 года спаўняецца 230 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага гісторыка 19 стагоддзя Тодара Нарбута. У 9-томнай "Гісторыі літоўскага народа" (1835 - 41) Тодар Нарбут адмежаваў нашую гісторыю ад гісторыі іншых суседніх народаў і тым самым фактычна стварыў гісторыю Беларусі яшчэ да шырокага распаўсюду самога тэрміну "Беларусь". Нарбут увёў у зварот шмат гістарычных крыніц, у тым ліку "Хроніку Быхаўца". Настаў той час, калі беларусы аддаюць належнае ўсім сваім выбітным навукоўцам, палкаводцам і дзяржаўным дзеячам. Таму годнае ўшанаванне Тодара Нарбута - гэта дзяржаўная справа. З улікам сказанага прапануем наступнае:

1. Аднавіць сядзібу Тодара Нарбута ў Шаўрах Воранаўскага раёна.

Мы прапануем у якасці першага кроку прызначыць на наступны год археалагічныя раскопкі Шаўроў з тым, каб дакладна вызначыць месцазнаходжанне сядзібы, яе рэальныя памеры і прыняць узважанае рашэнне пра аднаўленне сядзібы вялікага гісторыка. Раскопкі могуць быць выкананы студэнтамі Гродзенскага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам аднаго з выкладчыкаў-археолагаў ужо летам 2014 года.

2. Выдаць на беларускай мове 9-томную "Гісторыю" Тодара Нарбута.

3. Паставіць у Лідзе перад гістарычна-масгацкім музеем помнік Тодару Нарбуту.

4. Назваць вуліцы ў Лідзе, Воранаве, іншых населеных пунктах у гонар Тодара Нарбута.

5. Выдаць марку і мастацкі канверт да 230-годдзя Тодара Нарбута і правесці іх спецыяльнае гашэнне ў Воранаве Гродзенскай вобласці.

З павагай, Старшыня ГА ТБМ імя Ф. Скарыны А. Трусаў.



ГА "Таварыства беларускай

мовы імя Францішка Скарыны"

Аб разглядзе звароту

У Міністэрстве культуры сумесна з Міністэрствам інфармацыі, Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі, Гродзенскім абласным выканаўчым камітэтам па даручэнні Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 кастрычніка 2013 года №10/535-106 разгледжаны зварот аб неабходнасці ўшанавання Тэадора Нарбута. Па выніках разгляду паведамляем наступнае.

Дзеля вызначэння месцазнаходжання і кампазіцыйнай структуры сядзібы Т. Нарбута Гродзенскім аблвыканкамам быў накіраваны ліст ва ўстанову адукацыі "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы" з прапановай аб арганізацыі ў межах археалагічнай практыкі студэнтаў у 2014 годзе правядзення раскопак у в. Шаўры Воранаўскага раёна.

Па дадзеных Міністэрства інфармацыі пытанне выдання 9-томнай "Гісторыі" Т. Нарбута патрабуе глыбокай дадатковай прапрацоўкі з Акадэміяй навук Беларусі, вывучэння попыту праз сістэму публічных бібліятэк, бібліятэк устаноў адукацыі і кніжны гандаль. Толькі пасля атрымання неабходных заключэнняў названая энцыклапедыя можа быць прапанавана для ўключэння ў адпаведны выдавецкі план.

Выраб і ўсталяванне ў г. Лідзе помніка Т. Нарбуту ў 2014 годзе не запланаваны, паколькі значныя працы па стварэнні аб'ектаў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, а таксама добраўпарадкаванні прылеглай тэрыторыі Лідскага гістарычна - мастацкага музея праводзіліся ў рамках падрыхтоўкі да рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі "Дажынкі- 2010" і 690-годдзя горада, якое адзначалася ў верасні 2013 года. У межах апошняга мерапрыемства насупраць Лідскага гістарычна-мастацкага музея была адкрыта скульптура "Гонар Лідчыны" (аўтар Р. Груша).

Згодна з Інструкцыяй аб парадку вырабу і распаўсюджвання дзяржаўных і іншых знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Бсларусь ад 16 верасня 2008 г. № 38, выдатныя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, дзеячы навукі, культуры і мастацтваў могуць быць адлюстраваныя на дзяржаўных знаках паштовай аплаты не раней чым праз 5 гадоў насля смерці і да юбілеяў з дня нараджэнпя, кратных 25 гадам. У 2009 годдзе да 225-год з дня нараджэння Т. Нарбута быў выпушчаны мастацкі маркіраваны канверт. Гэматычныя планы выдання дзяржаўных знакаў паштовай аплаты абмежаваныя па колькасці сюжэтаў і прадугледзець усе юбілейныя даты і знакавыя падзеі не ўяўляецца магчымым. Па названых вышэй прычынах выданне марак і мастацкіх канвертаў, прысвечаных Т. Нарбуту, не ўвайшло ў тэматычны план выдання на 2014 год.

На бліжэйшых пасяджэннях Лідскага і Воранаўскага райвыканкамаў будзе разгледжана пытанне аб наданні некаторым вуліцам у населеных пунктах адзначаных рэгіёнаў імя Т. Нарбута.

Пры гэтым паведамляем, што Міністэрствам культуры ў Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт накіраваны ліст з прапановай правядзення ў 2014 годзе шэрагу культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў у гонар 230-годдзя з дня нараджэння Т. Нарбута.

Намеснік Міністра А.А. Яцко.


Другая "хваля" конкурсу культурніцкіх ідэй ад "Будзьма беларусамі!" - яшчэ адзін шанец для актыўных і цікаўных

Пакуль працягваецца рэалізацыя праектаў-пераможцаў першага этапу конкурсу праектных ідэй для развіцця беларускай культуры, грамадская культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!" абвяшчае старт прыёму заявак на другі этап.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца ўсе, хто мае ідэю наконт таго, як палепшыць культурны фон свайго горада/рэгіёна.

Нагадваем, што паняцце "культура" разумеецца шырока: ад папулярызацыі традыцый і мастацкіх вынаходніцтваў да паляпшэння ладу і прасторы грамадскага жыцця ў шматлікіх штодзённых, побытавых абліччах.

Шукаюцца ідэі, якія:

- павялічваюць цікаўнасць грамадзян да беларускай культуры; ахопліваюць шырокае кола людзей;

- стымулююць пашырэнне новых крэатыўных ідэй;

- натхняюць на культурніцкую актыўнасць людзей розных сфераў, узростаў і г.д.;

- дапамагаюць з'яўленню новых партнёрстваў у сферы культуры і ў сумежных сферах - бізнесе, адукацыі, турызме, ахове навакольнага асяроддзя, мясцовым і рэгіянальным развіцці;

- робяць рэгіянальную культуру больш разнастайнай.

Трэба:

даслаць апісанне праекта, а таксама інфармацыю пра аўтара на скрыню razam@ budzma.org з пазнакай "На конкурс праектаў".

У заяўку неабходна ўключыць:

- імёны і прозвішчы аўтараў/ініцыятараў праекта, кантакты;

- назву і сутнасць ідэі (праект, стратэгія развіцця і г.д.);

- мэту і мэтавыя аўдыторыі (чаму і каму гэты праект неабходны);

- чаму ідэя ўнікальная і (ці) актуальная;

- калі і дзе ідэя мусіць рэалізавацца;

- якія рэсурсы вы ўжо маеце і якія - шукаеце (каманда, партнёры, бюджэт).

Да ўдзелу заклікаюцца: фізічныя асобы, грамадскія ініцыятывы (калектывы), любыя непалітычныя арганізацыі з рэгіёнаў і Мінска.

Усе прапановы будуць разгледжаныя экспертнай камісіяй.

Кампанія "Будзьма беларусамі!" падтрымае адабраныя ідэі, а менавіта :

- дасць магчымасць прасоўваць ідэі на сваім інтэрнэт-партале budzma.org;

- паспрыяе асвятленню найбольш цікавых праектаў у іншых сродках масавай інфармацыі;

- прадставіць выбітныя ідэі на "Кірмашы праектаў" з удзелам дзеячаў культуры, актыўных аматараў у адпаведным рэгіёне дзеля пашырэння кола аднадумцаў;

- дапаможа знайсці фінансавых партнёраў для рэалізацыі праекта.

Што будзе ўлічвацца? Экспертная рада будзе ацэньваць якасць праекта, ступень яго распрацаванасці, унікальнасць, культурную і грамадскую значнасць, адпаведнасць шляхоў рэалізацыі мэтам і мэтавай аўдыторыі.

Перавага будзе аддавацца невысокабюджэтным рэзанансным праектам, якія будуць рэалізаваныя ў невялікіх гарадах і пасёлках.

Падтрыманыя ідэі мусяць быць рэалізаваныя ў любы час у перыяд з 01.12.2013 г. па 31.05.2014 г.

Прыём ідэяў да: 25 лістапада 2013 г.

Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя 30 лістапада на сайце budzma.org.


Дапамажыце, калі ласка, знайсці...

Літаратар Мікола Касцюкевіч, уладальнік найвялікшага прыватнага збору беларускіх слоўнікаў (звыш 700 асобных выданняў) з удзячнасцю і на любых умовах набудзе наступныя кнігі:

Логіка: кароткі руска-беларускі слоўнік . Мазыр. 1995. 13 с.

Слоўнік тэрмінаў да курса "Хімія і фізіка-хімія палімераў..." Магілёў. 1994. 19 с.

Яраслаў Станкевіч. Беларуска-літоўскі слоўнік хімічных тэрмінаў. Вільнюс. 1998 г. 20 с.

Даніловіч М.А. Слоўнік дыялектнай фразеалогіі Гродзеншчыны. Гродна. 2000. 266 с.

Лепешаў І.Я. У слоўнікавую скарбонку. Гродна. 1999 г. 88 с.

Лепешаў І.Я. У фразеалагічную скарбонку. Гродна. 2004 г.

І гэта ўсё мой край. Тапанімічны слоўнік. Капыль. 1999 г. 24 с.

Выхота В. Нямецка-беларускі слоўнік "Фальшывых сяброў перакладчыка" Мн. Кнігазбор. 2006 г. 84 с.

Сельвіч С.Ф. Руска-беларускі матэмачычны даведнік. Мн. Інвеста. 1995 г. 128 с.

Лаучюте Ю.А. Словарь балтизмов в славянскіх языках. Ленинград. 1982 г. 211 с.

Основная система и терминология славянской ономастики. Скопjе 1983 г. 412 с.

Котова М.Ю. Русско-славянский словарь пословиц с английскими соответствиями. С. - Птб. 200. 358 с.

Словарь компьютерных терминов и вычислительной техники. Беласток. 2003.

Славянский ассоциативный словарь. М. 2004. 800 с.

Кароткі беларускі тэрміналагічны царкоўны слоўнік. Таронта. 1992. 76 с.

Кароткі слоўнік малазразумелых словаў і выразаў царкоўнаславянскай мовы . Львоў. 2006. 12 с.

Лексис Лаврентия Зизания, синонима славеноросска. Киiв. 1964.

А таксама ратапрынтныя слоўнікі 90-х гадоў і слоўнікі першай паловы ХХ ст.

Т. х. (+375 17) 204-55-30. Т. маб. (+375 29) 705 1844 мтс. mikolеr67 gmail. com

Мікола Касцюкевіч.


Прывітанне вам, дарагія сябры!

Мяне клічуць Аляксандр Князюк, я экскурсавод па гораду Львоў. Праз 4 гады я працую ў сферы турыстыкі, прымаючы гасцей з розных краінаў: Расіі, Польшчы, Нямеччыны, Беларусі. Ад даўна мяне засмучаў той факт што, напрыклад, польскамоўныя ці расейскамоўныя турысты лёгка могуць атрымаць паслугі на іх роднай мове, а вось людзі, якіх роднай мовай з'яўляецца беларуская - наадварот, такой магчымасці не маюць! Для мяне справай гонару і патрыятызму ёсць захаванне і папулярызацыя беларуская мовы, таму што мае карані з Віцебшчыны, з гэтага цудоўнага паўночнага краю, дзе спакон вякоў жыла мая сям'я. Прапаную вам да разгляду ідэю, дапамагчы ўсім ахвотным пазнаць Львоў на роднай мове.

Падаю адрас майго інтэрнэт-сайта: aleks.lviv.ua/belarus

Пакуль што гэта адзіны украінскі рэсурс, які дазваляе замовіць экскурсію на беларускай мове, але я вельмі-вельмі спадзяюся - у будучыні іх будзе нашмат больш!

З нецярпеннем чакаю вашых зваротаў!

З павагаю, ваш Аляксандр Князюк.


Выдадзены другі том "Літургіі гадзінаў" на беларускай мове

Другі том "Літургіі гадзінаў", які ахоплівае "Перыяд Вялікага посту. Святы Пасхальны Трыдуум. Велікодны перыяд", быў перакладзены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры ККББ і ўхвалены (Nr. 343/P/07) Канферэнцыяй Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Студыйнае выданне дадзенай літургічнай кнігі стала магчымым дзякуючы фінансавай падтрымцы друку Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у Беларусі. Непасрэдная падрыхтоўка кнігі да друку была здзейснена ў супрацоўніцтве прадстаўнікоў Ордэна з Секцыяй па перакладзе.

Прэзентацыя другога тома "Літургіі гадзінаў" адбылася 15 лістапада ў менскім касцёле святых Сымона і Алены падчас агульна-беларускай сустрэчы святароў, прымеркаванай да завяршэння Года веры. Кнігу малітвы прадставіў духавенству Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Першы том "Літургіі гадзінаў" быў выдадзены ў 2012 годзе.

Каардынатарам распаўсюджвання "Літургіі гадзінаў" у дыяцэзіях Беларусі з'яўляецца а. Алег Шэнда OFMCap. Замову на атрыманне кніг можна скласці па тэлефоне:

o + 375 29 3897793; + 375 29 2123478

o або e-mail: Aleh.senda mail.com

(AG)


Ахвяраванні на ТБМ

1. Цярэшчанка Ігар - 50000 р., г. Менск

2. Шынкевіч Уладзімір - 100000 р., г. Менск

3. Спадар Ігар - 100000 р., г. Магілёў

4. Гаева А.Р. - 20000 р., г. Менск

5. Раманік Т.Н. - 100000 р., г. Менск

6. Антанюк Іван - 100000 р., г. Менск

7. Мартынчык Зміцер - 300000 р., г. Гародня

8. Дземідовіч Соф'я - 40000 р., в. Мікалаеўшчына, Стаўпецкі р-н

9. Бубен Канстанцін - 5000 р., г. Менск

10. Таўгень Людвіка - 300000 р., г. Валожын

11. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск

12. Сцепулёнак Мікола - 10000 р., г. Дзяржынск

13. Ляснеўская Алена - 50000 р., г. Менск

14. Пухоўская Юлія - 30000 р., г. Менск

15. Данілік Віктар - 30000 р., г. Менск

16. Фурс Антон - 100000 р., г. Паставы

17. Табалевіч Ю.С. - 100000 р., г. Менск

18. Чыжова Таццяна - 10000 р., г. Менск

19. Рубакова Любоў - 30000 р., г. Менск

20. Чарнёнак А.Н. - 30000 р., г. Менск

21. Севярынец Павел - 10000 р., г. Менск

22. Лабадзенка Глеб - 15000 р., г. Менск

23. Яніцкая Мая - 100000 р., г. Менск

24. Павідайка В.М. - 70000 р., г. Менск

25. Давідовіч П.В. - 30000 р., г. Берасце

26. Лягушоў Алег - 50000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н.

27. Кукавенка Іван - 50000 р., г. Менск

28. Лагуціна Марына - 50000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Памяці Ўладзіміра Кулажанкі

Не стала прафесара, доктара эканамічных навук, актыўнага дзеяча нацыянальнага адраджэння, шматгадовага аўтара Радыё Свабода Ўладзіміра Кулажанкі. Ён пакінуў гэты свет 2 лістапада на 88-м годзе жыцця.

Ён нарадзіўся 10 чэрвеня 1926 года на Гомельшчыне ў шматдзетнай сялянскай сям'і. Усе дзевяцёра дзяцей атрымалі вышэйшую адукацыю і дасягнулі значных жыццёвых поспехаў дзякуючы выключнай працавітасці і мэтанакіраванасці. Якасці, якія Ўладзімір Кулажанка прышчапіў сваім дзецям. Прыгадвае старэйшая дачка Людміла:

- Ён - сапраўдны беларус, любіў сваю зямлю, быў добрым гаспадаром. Мы, дзеці малыя, заўсёды былі і з мясам, і з хлебам.

Але найперш дзеці, іх сябры і студэнты слыннага прафесара-эканаміста былі ўскормленыя здаровай духоўнай ежай. Апавядае пісьменнік Уладзімір Арлоў.

- Уладзімір Андрэевіч - бацька майго найлепшага сябра Генадзя і першы сапраўдны беларускі інтэлігент, якога я сустрэў у сваім жыцці. Кулажанка-старэйшы быў не проста чалавекам добра адукаваным і дасведчаным у сваёй сферы. Ён добра ведаў літаратуру і гісторыю. І, што ў тыя глухія для беларушчыны 70-я гады найбольш уражвала - Уладзімір Андрэевіч і ў сям'і, і публічна на сваёй кафедры ў БДУ, у кнігарні, у кавярні - гаварыў па-беларуску. Тады для гэтага патрабавалася не абыякая мужнасць. Сваю інтэлігентнасць і беларускасць ён перадаў і дзецям - дочкам Людміле і Вользе і сыну Генадзю, які загінуў у Аўганістане і стаў героем маёй кнігі "Імёны Свабоды".

Уладзімір Андрэевіч і ў той, ужо далёкі час быў беларускім незалежнікам. Ад яго мы зноў і зноў атрымлівалі прышчэпкі вальнадумства. Гэта ад яго мы з Генадзем не раз чулі, што ўсе імперыі разваліліся, ляснецца і імперыя савецкая. Ад яго мы даведаліся пра выгнанне Аляксандра Салжаніцына. Кулажанка-старэйшы, памятаю, пракаментаваў гэта так: "Аднаго з апошніх сумленных людзей выкінулі з краіны". Тое самае ён сказаў, я ведаю, і на паседжанні сваёй кафедры, за што потым меў вялікія праблемы.

Калі мы з Генадзем пачалі выдаваць у нас на гістфаку БДУ самвыдавецкі альманах "Мілавіца", яго бацька быў адным з першых нашых чытачоў.

Калі здзейснілася ягоная мара і Беларусь стала незалежнай, Уладзіміру Кулажанку было далёка за шэсцьдзесят, але да яго прыйшло доўгае і моцнае другое дыханне. Адна з нашых апошніх сустрэч адбылася ў менскай Цэнтральнай кнігарні. Уладзімір Андрэевіч дапытваўся, дзе ў іх поўны збор твораў Васіля Быкава.

Уладзімір Кулажанка быў першым беларускім навукоўцам, які стаў прапагандаваць перавагі рынкавай эканомікі. Гаворыць аналітык Радыё Свабода Валер Карбалевіч:

- Прафесар Кулажанка, ужо будучы ў даволі сталым узросце, лёгка перайшоў на рынкавыя канцэпцыі і ўсяляк прапагандаваў іх, выступаючы перад насельніцтвам, сярод студэнтаў, рэгулярна выступаючы ў беларускіх медыях - напрыклад, ягоная рубрыка ў "Народнай Волі" была пастаянная. Ну, і на Радыё Свабода ён вёў адмысловую перадачу, дзе проста даваў азбуку рынкавай эканомікі.

З лёгкай навуковай рукі прафесара Кулажанкі абараніліся - унікальны лік - адзін доктар і трыццаць шэсць кандыдатаў эканамічных навук. Дацэнт эканамічнага ўніверсітэта Ўладзімір Валетка - пра свайго настаўніка.

- Гэта чалавек, які ўмеў натхняць. Натхняць ведаць эканоміку, любіць родную зямлю, прычым ён гэтага не раздзяляў. Натхняў выказваць свае думкі. З ім наша група ў 94-м і 95-м гадах хадзіла на плошчу, каб выказваць сваю грамадзянскую пазіцыю. Гэты чалавек мяне і многіх сваіх студэнтаў навучыў адчуваць асалоду ад навуковага пошуку.

Пахавалі Ўладзімра Кулажанку на могілках у Калодзішчах.

Валянціна Аксак.


Спроба разбору Клімавіцкай легенды ў гістарычным разрэзе

У наш час багата вядома розных легендаў і паданняў. Шмат іх існуе пра назвы розных населеных пунктаў нашай краіны. У прыватнасці ёсць такая і пра назву нашага горада Клімавічы, якая вельмі шырока ўсюды апісваецца і прадстаўляецца. Сама легенда гучыць такім чынам: "Даўным даўно ехалі з далёкага Пецярбурга яснавяльможныя паны, можа нават сам цар. І заселі са сваёй карэтаю ў мясцовым балоце. І аніяк не маглі выбрацца. І папрасілі тады дужага хлопца Кліма, які жыў паблізу, каб ён дапамог, на што той адгукнуўся і выцягнуў карэту з балота. За гэтае паны з удзячнасцю заснавалі ў гэтых месцах горад, які і назвалі ў гонар Кліма, і празвалі паселішча Клімавічамі" [Легенды і паданні. Мн., 1983].

Так, легенда цікавая і рамантычная, але чалавек, які думае, мусіць задумацца пра пэўныя моманты і рэчы, хоць самі па сабе легенды на тое і ёсць легенды…

Ды толькі ўласна я даўно звярнуў увагу на змест гэтай гісторыі і прыйшоў да такіх высноваў, што гэта толькі легенда, і тым больш такая, якую варта б было і не афішаваць, ці крыху падкарэктаваць.

Я паспрабую ўсё лагічна і паслядоўна растлумачыць. Пачнем па-парадку. Як ведаем мы з вядомых дакументальных крыніц, то горад Клімавічы ўпершыню ўзгадваецца ў 1581 годзе [ЦДзГАЛ. Фонд 1343, Вопіс 17, Адз.зах.№5122], а горад Санкт-Пецярбург пачынае будавацца толькі ў 1701-03 гадах па загадзе Пятра І. Ужо значыцца, што нешта з легендай не так. Тады ўзнікаюць у мяне думкі, калі і хто прыдумаў ды распаўсюдзіў такую легенду сярод мясцовага насельніцтва, і такім чынам яна ўвайшла ў літаратуру і даведнікі? Пачынаю ўзважваць, тое-сёе думаць, і, такая карціна ў мяне складваецца.

За савецкім часам легенда не магла ўзнікнуць, бо янавяльможныя паны "не пракацілі" б у цэнзуры. У часы ВКЛ ці РП таксама, бо атрымоўваецца абсурд, ды і нам вядомыя варожыя адносіны ў той час паміж Масквою і Вільняй ды Кракавам (на той час сталіцай Польшчы быў Кракаў). Тады калі?.. Пасля захопу нашых зямель і далучэння іх да Расійскай імперыі ў 1772 годзе ўказам Кацярыны ІІ нашаму гораду ў 1777 годзе надаецца статус уезнага цэнтра. А ў 1781 зацвярджаецца герб "Пчала", які быў яшчэ за часамі ВКЛ. Маглі тады гэтую легенду прыдумаць, але гэтае таксама пад сумневам, бо, я думаю, Пецярбург не паспяшаўся б так адразу ўсё перабіваць на свой капыл. Прыкладам гэтага ёсць нават тое, што Статут ВКЛ дзейнічаў на землях Беларусі ўключна да 1840 года! Тады ў нас застаецца толькі ХІХ стагоддзе, але яно даволі вялікае… Таксама нам вядома і тое, што ў 1795 годзе Магілёўская і Полацкая губерні былі аб'яднаныя ў адну Беларускую, а Клімавіцкі ўезд скасоўваецца адпаведна разам з гербам. Аднаўляецца ўезд даволі хутка - у лютым таго ж, 1795 года. Герб аднаўляецца толькі ў 1862 годзе [Кніга Памяць. Клімавіцкі раён, с.36].

Вось, менавіта ў гэты час, на маю думку, і ўзнікае гэтае легенда. Бо на гэты час расійская ўлада ўжо даволі трывала зацвярджаецца на землях былога Вялікага Княства Літоўскага (якое юрыдычна існавала да 1792 года) і можа спакойна "замаўляць сваю песню". А да герба якраз добра пасавала і легенда пра назву горада.

Так, з часам узнікнення непрадуманай легенды мы разабраліся, але цяпер узнікае пытанне - ХТО яе прыдумаў?.. Сам змест напісаны па вядомым шаблоне - паны, карэта, дапамога мясцовага жыхара і г.д… Гэтае роўна таму, як і па вялікай колькасці вёсак ехала сама Кацярына, альбо недзе яе скарбы ці карэта закапаныя. Але менавіта ў нашай легендзе мною заўважаецца пэўная загваздка - неадукаванасць альбо банальнае няведанне гісторыі - я пра несупадзенне дат. Думаю, што ў афіцыйным Пецярбурзе не дапусцілі б такой памылкі. А вось нашыя, мясцовыя, маглі, і нават з лёгкасцю. Доказам гэтага і ёсць сама легенда. У нас ехалі яснавяльможныя паны, а ў Расійскай Імперыі не было паноў, а былі "помещики", "дворянство" і "бояре". Вось на свой капыл мясцовы аўтар і напісаў... па старой памяці ды мясцовай звычцы. Таксама і напісаў пра Пецярбург, бо гэтага вымагала тагачасная сітуацыя, ды толькі мусіць не задумаўся і не ўнікнуў у гісторыю, і не ведаў пра падзеі 1581 года. А гэта натуральна, бо гэтая дата доўга была невядомая. І яшчэ нават у Беларускай савецкай энцыклапедыі [Т. 6. Мн., 1972, с 293] паведамляецца, што Клімавічы вядомыя з XVII ст. як невялікае сяло ў Мсціслаўскім ваяводстве ў сувязі з заснаваннем там у 1626 годзе дамініканскага манастыра.

Легенда ёсць легенда. Уласна я не супраць легенд, але я за тое, каб людзі задумваліся і не дапускалі такіх гістарычных "ляпаў". Бо гэта гісторыя, а з ёй лепш не жартаваць, бо Historia magistra vitae (гісторыя - настаўніца жыцця).

Аляксандр Галкоўскі, малодшы навуковы супрацоўнік Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея.


Знаходка каля Старой Руды

Архівы захоўваюць шмат яшчэ нявыкарыстаных матэрыялаў і звестак аб паўстанні 1863-64 гадоў, дзе можна даведацца не толькі аб яго ўдзельніках, іх паходах і баявых дзеяннях, але і аб дапамозе ім, і здрадзе. Сустрэнем тут і сведчанні паўсядзённага жыцця паўстанцаў, таго, аб чым яны ў вольны час думалі, размаўлялі, спявалі. Пра апошняе нагадвае архіўная справа аб сшытку, знойдзеным на дарозе з Азёр у Парэчча.

Паўстанне 1863 г. да канца года ўжо заціхала. Але ў лясных мясцовасцях, такіх, як Гарадзенская пушча, яшчэ хаваліся асобныя невялікія групы паўстанцаў, што трывожыла губернскае і вайсковае начальства. Гарадзенскі губернатар І. Скварцоў нават вясной наступнага года напамінаў ваенным начальнікам паветаў, што "многие из бродяг мятежников, скрывающиеся ещё в лесах, не оставляют своих притонов и не являются с повинной к начальству."

Аб знаходжанні такога невялікага аддзела каля Парэчча сведчаць і знойдзеныя на дарозе недалёка ад Старой Руды сшытак з вершамі і кніжачка кішэннага фармату на польскай мове. Іх знайшоў рабочы чыгуначнай станцыі Парэчча Мікалай Абухоўскі, калі вяртаўся з мястэчка Азёры, дзе з дазволу начальства святкаваў у бацькоў першы дзень Каляд. Юнака зацікавіла знаходка, але ён быў непісьменны і паклаў сшытак і кніжачку ў куфэрак на кватэры, а потым і забыў пра іх. Праз некалькі дзён сшытак выпадкова трапіў яму на вочы, калі корпаўся ў куфэрку, і ён паказаў знаходку сваім пісьменным таварышам па працы. Але і тыя былі не настолькі граматнымі, каб разабрацца ў змесце напісанага. Таму, прачытаўшы, спачатку выкінулі, але, спахапіўшыся, аднеслі станцыйнаму начальніку. А той перадаў сшытак камандзіру вайсковай каманды, размешчанай у Парэччы капітану Струкаву. Мікалай Абухоўскі быў арыштаваны і дастаўлены ў Гарадзенскі астрог. І пачалося следства...

У ваенна-следчай камісіі не выклікала цікавасці маленькая кніжка ў 60 старонак стандартнага зместу "O stanie narodu Polskiego od epoki jego przylaczenia do cesarstwa Rossyjskiego" (kilka slow pod wzgledem moralnym fisycznym i ekonomicznym). Выдаў яе сваім коштам ў Варшаве ў 1846 г. Людвік Рох Ямёлкоўскі.

Больш уважліва вывучала камісія вершы. Заглянем і мы ў пацёртыя 5 лістоў, складзеныя ў невялікі сшытак. У ім змяшчаецца шэсць вершаў, названых песнямі, аўтар якіх не вядомы. Гэта

1. "O gdybym ja wiedzial ze cie" (Калі б я мог цябе ведаць).

2. "Dalibog ze powiem mame" (Далібог, скажу я маме).

3. "Sluchaj luby pzyjacielu" (Слухай, дарагі прыяцель).

4. "Ja nigdy sie nie ozenie" (Я ніколі не ажанюся).

5. "Zale Aliny (Gdzie dzikie brzegi, gdzie smutna dolina) (Крыўды Аліны).

6. "Mazur" (Tancujcie Polki) (Мазурка)

Чатыры вершы-песні (1,2,4,5) жартоўна-лірычнага характару, як сведчаць іх першыя радкі. І гавораць яны аб тым, што гаспадар сшытка і яго таварышы-паўстанцы не гублялі гумару, аптымізму, бадзёрасці духу ў складаных умовах, што сярод іх пераважалі маладыя людзі, якія ўспаміналі сваіх каханых, стойка пераносілі свае нягоды. І сапраўды чытаем (у вольным перакладзе):

Ноччу ён скардзіцца пад маім акном,

Дзень праводзіць не задумваючыся.

Як пры людзях, ён далёка,

А без людзей - то ён да мяне .

Сярод гэтых вершаў выдзяляюцца два з выяўленым грамадскім кірункам. У адным з іх - "Sluchaj luby pzyjacielu, jaki mialem sen tej nocy..." ідзе расповед аб звароце ў час сну да імператара Аляксандра аб вяртанні незалежнасці Рэчы Паспалітай.

Ваенна-следчая камісія звярнула асаблівую ўвагу на верш "Mazur" (Tancujcie Polki...), які ўтрымвае прамы водгук на падзеі паўстання 1831 г. Аўтар успамінае загінулых " brata, kochanka lub ojca, ktоrych niewinnа krwiа siе Tyran umazal", асуджае непатрыятычныя паводзіны некаторых асоб жаночага полу, якія прыхільна ставіліся да расійскіх карнікаў. Іранічна-здзекліва аўтар заклікае асцярожней мець забавы "gdyby raczki wasze krwia sit nie zluly o ich ramie wsparte."

Камісія правяла лексіка-палітычны аналіз вершаў і прызнала, што "в стихах ... заключается мало подозрительного, но приняв во внимание нынешнее возстание, они могли зловредно действовать на умы легкомысленных поляков, тем более, что в них есть намёк на действия в прежние времена Польши и на буйство ея народа." Прачытаем і мы гэты верш (ксеракопія яго не вельмі якасная). У вольным перакладзе гэта чытаецца так:

Мазурка

Танцуйце, полькі!

Настаў час танцаваць

З героямі Ашмянаў*, Варшавы*.

Чаго засмучацца і гараваць,

Удзячны мы Богу, што маем забавы.


Толькі асцярожней, каб ручкі вашы

Крывёй не заліліся

з плячэй іх узнятых,

Бо тыя мундуры,

тыя іржавыя палашы

Яшчэ ад крыві

нашых братоў не абцёрты.


Асцярожней, каб вам не з'явіліся

Цені дарагіх брата, каханка ці бацькі,

Нявіннай крывёй

якіх вымазаўся тыран

Або адабраў жыццё

адзін з тых забойцаў.


На зямлі, пакрытай свежымі трунамі,

Танцуйце полькі,

пакуль маўчыць сэрца.

Нядаўна браты танцавалі тут з вамі,

Яны ў магілах, а гэта іх забойцы.

Танцуйце з імі, пакуль сіл вам стане,

Ніхто перашкодзіць не можа забаве.

Хаця ваенна-следчая камісія не знайшла ў вершах адкрытага закліку да барацьбы з акупантамі, не прызнала Мікалая Абухоўскага вінаватым у распаўсюджанні вершаў і пастанавіла, што ён "не подлежит ответственности", усё-такі яму давялося два месяцы прасядзець у Гарадзенскай турме, пакуль вяліся допыты, ішло следства, і паволі круцілася бюракратычная машына. Толькі 3 сакавіка 1864 г. губернатар І. Скварцоў распарадзіўся "водворить его на прежнее местожительство под поручительство общества." Такім чынам, хоць і не вінаваты, але даверу яму няма.

Іван Буднік.

* Відавочна, маецца на ўвазе Ашмянская разня і штурм Варшавы 1831 года.


Паўстанне на Бярэзіншчыне, 1863-1864 гады

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Параза паўстання

Паўстанне не падтрымала сялянства. Мураўёву-вешальніку ўдалася прапаганда, якую агучвалі ў цэрквах праваслаўныя святары, на распальванне непрыязні праваслаўных беларусаў да католікаў, звёўшы паўстанне Каліноўскага к чыста каталіцкаму бунту палякаў, якія быццам бы хацелі вярнуць прыгоннае права і ўсіх апалячыць і перехрысціць у каталіцызм. Шмат хто гэтай хлусні паверыў, а таксама таму, што "добры рускі цар" не пакіне ў бядзе няшчасных тутэйшых і заступіцца за іх. Гэты пасыл аказаўся паспяховым. Палітыка супраціву сялян каталіцкай эліце стала традыцыйнай для акупацыйнага расійскага рэжыму на землях Паўночна-заходняга краю. Большая частка сялянства заняла нейтральную пазіцыю не давяраючы паўстанцам і не дапамагаючы царскім войскам у барацьбе з імі. Былі выпадкі, калі сяляне лавілі і здавалі карнікам паўстанцаў. За гэта атрымлівалі грошы. З данясення палкоўніка Рэйхарта шэфу жандармаў Далгарукаму (ад 01.04.1864г.): "...нарэшце ўцешна паўтарыць пра сялян, не гледзячы на ўсе абнадзейванні з боку падбухторшчыкаў, што пры аднаўленні Польшчы будзе падорана зямля і дадзены значныя палёгкі, яны застануцца непахісна адданыя ўраду."

Для задушэння паўстання цар прызначыў Мураўёва, які ў народзе атрымаў мянушку Вешальнік. Першае, што ён зрабіў: павесіў двух ксяндзоў. У хуткім часе ўсе турмы былі запоўнены палітычнымі зняволеннымі. Колькасць карных войскаў у Беларусі дасягнула 200 тыс. чалавек. Паўстанцы, захопленыя са зброяй у руках расстрэльваліся на месцы. Паўстанне згасала. З 21 менскага атрада амаль усе былі разбітыя. Галоўны ўдар царызму быў накіраваны супраць шляхты. Царскі ўрад імкнуўся ачысціць Беларусь ад польскага элементу і падарваць яго эканамічнае становішча. З гэтай мэтай усе маёнткі ў Беларусі, апроч многіх кантрыбуцыйных збораў былі абложаны грашовым зборам у памеры 10 працэнтаў ад агульнага даходу. На Беларусь была накладзена страшэнная кантрыбуцыя. На Меншчыне яна склала 400 тыс. рублёў срэбрам, ды яшчэ 40 тысяч рублёў на пратакалістаў, што амаль раўнялася гадавому даходу. Край быў разрабаваны.

На ўсю маёмасць людзей, якія былі пад следствам, накладваўся секвестр, а пасля асуджэння маёмасць падвяргалася канфіскацыі. Маёнтак Свентаржэцкіх па ардынскім звычаі быў спалены казакамі, а месца пераворана. Бацькі за тое, што не данеслі на сына, былі выселены ў Пензенскую губерню ў горад Чамбор. Бацька - Часлаў Свентаржэцкі памёр у ссылцы 22 чэрвеня 1864. Маці Ганна атрымала дазвол вярнуцца ў свой маёнтак Вількава ў Варшаўскім павеце толькі пасля 1867 года, потым паехала ў Італію. 22.11.1863 г. была накладзена забарона на маёнтак Чаркасы Менскай губерні, які належаў яго жонцы Лауры.

Сямейная ўсыпальніца Свентаржэцкіх у вёсцы Багушэвічы Менскай губерні была пераасвечана ў праваслаўны храм. 30 чэрвеня 1869 года асвячэнне зрабіў Прэасвяшчэнны Аляксандр, епіскап Менскі і Бабруйскі ў прысутнасці Менскага губернатара, грамадскіх чыноўнікаў. Царква была асвечана ў памяць айца Данііла.

Створаны такім чынам у руках дзяржавы вялікі зямельны фонд павінен быў прыцягнуць у Беларусь расійскіх чыноўнікаў і памешчыкаў, якім царызм аддаваў канфіскаваныя землі на льготных умовах. З гэтай мэтай усіх уладальнікаў маёнткаў, якія знаходзіліся пад секвестрам прымусілі прадаць сваю ўласнасць рускім землеўладальнікам альбо абмяняць гэтыя ўладанні на ўласнасць ва ўнутраных губернях Расіі. Большыя рэпрэсіі выпалі на долю дробнай шляхты і аднадворцаў. Цэлыя вёскі, населеныя шляхтай і аднадворцамі высылаліся ва ўнутраныя губерні Расіі альбо на казённыя землі Урала і Сібіры. К 1864 году з Беларусі і Літвы было выселена ўсё насельніцтва больш чым 33 шляхецкіх ваколіц, што склала 1755 чалавек. Маёмасць іх была прададзена з аўкцыёну. Шмат гэтых ваколіц было спалена. Перасяленню падверглася ваколіца Валадута (зараз знаходзіцца на тэррыторыі Чэрвенскага раёна). Землі, належыўшыя гэтым сёлам, былі перададзены суседнім сялянскім грамадам. Апошняя мера павінна была, на думку царскага ўраду "прыцягнуць сялян на бок самадзяржаўя".

Лічачы каталіцкае духавенства адказным за паўстанне 1863 года акупацыйны рэжым абрушыў шэраг удараў на каталіцкую царкву - закрыў многія касцёлы і манастыры, забараніў брацтвы пры касцёлах. Быў высланы ў іншую парафію і бярэзінскі святар Антоні Міхаэлес, якому было прад'яўлена абвінавачанне ў нашэнні забароненнага адзення і заахвочання прыхаджан спяваць у касцёле абуральныя гімны. Гэтае абвінавачанне не пацвердзілася, але пасля ягонай высылкі святароў, якія маглі выконваць душпастарскія абавязкі ў нашым рэгіёне не засталося. У Менскай губерні, дзе ў 1804 годзе налічвалася 13 дэканатаў, у якіх было 86 парафій і 156 касцёлаў у 1865 годзе засталося толькі 11 дэканатаў.

У Беларусі і Літве забаранялася выкладанне на польскай мове і не дазвалялася карыстацца ёю ў дзяржаўных установах. Чыноўнікаў католікаў па верапаходжанні звальнялі са службы. Забараняліся шлюбы паміж праваслаўнымі чыноўнікамі і каталічкамі. Дактарам-католікам забаранялася лячыць сялян.

Разам з прымяненнем рэпрэсій царызм дзейнічаў і дэмагагічнымі сродкамі, імкнучыся адцягнуць сялян Літвы і Беларусі ад удзелу ў паўстанні. Урад, як адзначалася вышэй, прыняў шэраг мер, якія мелі характар некаторых уступак сялянству, што ў вядомай ступені садзейнічала адцягненню ўвагі сялян ад паўстання і задушэння яго. Сялян набіралі ў вясковую ахову - дапамагаць войскам у пошуках паўстанцаў. За дапамогу вайскам расійскай арміі сялянам з канфіскаваных у паўстанцаў маёнткаў аддавалі розныя інструменты, жывёлу, нават мэблю і хатнія рэчы. Паўстанне 1863 года мела вялікае прагрэсіўнае значэнне. Царскі ўрад вымушаны быў унесці змены ў рэформу 1861 года для Заходніх губерній. Была створана спецыяльная камісія для разгляду ўстаўных грамат, зрабіўшых шмат зямельных падачак сялянам за кошт абшарнікаў. У лістападзе Мураўёў распаўсюдзіў дзеянне царскага ўказу ад 1 сакавіка (аб адмене часовых абавязкаў сялян і аб скарачэнні на 20 працэнтаў выкупных плацяжоў за зямлю) на тэрыторыі Віцебскай і Магілеўскай губерній. Ён таксама аднавіў права сялян пасвіць сваю жывёлу ў лясах і на прыбраных ад ураджаю абшарніцкіх палях.

Мураўёў, як ніхто іншы садзейнічаў распаўсюджанню сярод беларускага сялянства веры ў "добрага" цара, а таксама распальванню варожасці праваслаўнай яго часткі ў адносінах да каталіцкай шляхты. З гэтага часу палітыка супрацьпастаўлення праваслаўных сялян нацыянальнай каталіцкай эліце стала традыцыйнай для расійскай улады. Цар, яго ўрад і рускія шавіністы святкавалі перамогу. Мураўёва-вешальніка зрабілі рускім нацыянальным героем. Па яго ўласным загадах было павешана 128 паўстанцаў, не лічачы расстраляных на месцах баёў. Каля 12,5 тыс. чалавек былі сасланыя, болей чым на 6 тыс. чалавек накладзены розныя адміністрацыйныя арышты. За гэтыя ўчынкі цар дараваў яму тытул графа. Жорсткасць царскага ката, якую можна параўнаць з жорскасцю нямецкіх захопнікаў у гады Другой сусветнай вайны, апраўдвалі ўсе расійскія газеты. Яго хвалілі вядомыя паэты Вяземскі і Някрасаў. Толькі А. Герцэн у сваім "Колакале" пастаянна называў Мураўёва вешальнікам і людаедам.

Мураўёў-вешальнік разам з графам Уваравым пачалі новы этап русіфікацыі нашага краю. "Что не смог сделать российский штык, доделает русская школа". Па гэтай устаноўцы яны працягвалі на Беларусі сваю працу. Па ўсіх абшарах нашага краю пачыналі працу рускія народныя вучылішчы. З 1863 года адчынены Багушэвіцкае, Белічанскае, Бярэзінскае, Брадзецкае, Пагосцкае і Якшыцкае народныя вучылішчы. У наступным годзе - Арэшкавіцкае, Астроўскае, Гарэніцкае, Дзмітравіцкае, Дулебскае, Жорнаўскае, Міраслаўскае, Новінскае і Няганіцкае вучылішчы. Яны працавалі згодна з расійскім "Палажэннем пра народныя вучылішчы" ад 14 ліпеня 1864 года. У іх выкладалі Закон Божы, чытанне-пісьмо, арыфметыку і вучылі дзяцей спяваць хорам царкоўныя песні. Заняткі вяліся на рускай мове. Галоўным прадметам лічыўся Закон Божы, які на Бярэзіншчыне вялі святары праваслаўнага спавядання. У нядзельныя і святочныя дні вучні былі абязаны хадзіць у царкву маліцца. Але акупацыйнаму рэжыму не патрэбны былі адукаваныя людзі. Яны лічылі наш народ рабскай сілаю, прызначанай забяспечваць дабрабыт сваіх гаспадароў. Нацыянальная самасвядомасць беларусаў не прымалася ў разлік. Мясцовае насельніцтва магло нешта значыць толькі ў цяні расейскай культуры. У 1867 годзе царскі ўрад выдаў спецыяльны ўказ, у якім забаранялася друкаванне кніг на беларускай мове. Паводле дадзеных перапісу 1897 года непісьменнае насельніцтва Беларусі "старэй за 10 год" складала 76,5% усяго яе насельніцтва, а ў сельскай мясцовасці непісьменных было 80,1%, сярод жанчын-сялянак 92,3%. У наступныя гады адзначаўся нават рост непісьменнасці... Па Менскай і Магілёўскай губернях ахоп дзяцей школай у 1909-1912 гг. не дасягаў і 30%. ("Народная гаспадарка" Беларускай ССР за 40 год, М.1957, ст. 22.)

Па гарачых слядах, пакуль не затлелі галавешкі спаленых сярод пералескаў азёрнага краю безабаронных шляхецкіх засценкаў, невядомы паэтліцвін напоўніцу расквітаўся з вешальнікам. Аўтар наказвае: нават мы, далёкія нашчадкі касінераў, згадваючы жудасныя дні 1863 года на нашай Бацькаўшчыне павінны памятаць і караць царскага сатрапа... маўчаннем; у хаце павешанага не гавораць пра ката.

Надмагільны надпіс губернатару Літвы

Ляжыць тут... стой! вандроўнік! Той вядомы хтосьці,

Чыё імя ў Літве і Польшчы абуджае страх нярвова,

Падходзь бліжэй і плюнь са злосцю,

Бо ў той магіле падла Мураўёва!


Загнаныя ў Сібір ліцвіны з хат пахілых,

А трупы шыбеніц калыша вецер адмыслова.

Енк, кроў і смерць, крыжы наўкол, магілы,

Як надпіс на грабніцы ката Мураўёва!


Над той магілай, матка, выкажы дзіцяці

Сваё гарачае - да помсты заклік - слова.

Сіроты ўсе, застаўшыся без маці,

Душу хай праклінаюць Мураўёва !


Дык вешай, цар, святога знак Андрэя

На грудзі крыважэра, душалова.

Твой помнік побач - кат ля ліхадзея, -

Ты, Аляксандр Другі, ля Мураўёва!


І мо як нейкі Дантэ зноў у пекла сыдзе,

Яго старыя чэрці хорам прывітаюць новым:

"Сядзіць тут у смале гарачай злыдзень,

Што зваўся на зямлі калісьці Мураўёвым!"

Пераклад П. Бітэля.

У выніку паразы паўстанцаў амаль усе інтэлігенты, усвядоміўшыя сваю сувязь з сялянствам і ўступіўшыя ў барацьбу за яго становішча загінулі, аказаліся ў ссылцы, эмігравалі. У той час палітыка русіфікацыі прынесла першыя плады. Амаль усе праваслаўныя беларускія сяляне праявілі пакорнасць цару. Прорва паміж праваслаўнай часткай сялянства і каталіцкімі абшарнікамі яшчэ болей пашырылася.

Сведчанні паўстанца А. Падалецкага Менскай следчай камісіі пра фармаванне і дзеянні паўстанцкага аддзела С. Ляскоўскага

1863 год, ліпеня, 8-га дня

1863 года, ліпеня, 8-га дня ў прысутнасці камісіі ніжэйназваны быў апытаны і засведчыў:

Аляксандр, байструк, Падалецкі, ад роду 25 гадоў, веры праваслаўнай, на споведзі ў святара і прычасці штогод бываю, непісьменны, пад судом і следствам не быў, сельскі абывацель Ігуменскага павета Бярлецкай воласці, апошнія два гады знаходзіўся на службе лакеем (стар. 428) у Баляслава Свентаржэцкага, увесь час пражываў у маёнтку яго Багушэвічах.

17 дня, красавіка Баляслаў Свентаржэцкі вярнуўся з замежжа, куды ездзіў праводзіць жонку, якая адправілася ў Ніцу для папраўкі здароўя. Адзін ездзіў Свентаржэцкі, без прыслугі, таму пра дзеянні яго падчас дарогі я не ведаю. Таго ж 17 красавіка сабраліся ў двары Багушэвічы да 30 чалавек ужо ўзброеных стрэльбамі, пісталетамі і шаблямі. З іх я ведаў: Гектара Карказовіча (маёнтак Логі), які прывёз з сабою трох: лакея Фельку Ахрамовіча, кухара Аляксандра, якога прозвішча не ведаю, фурмана Томаша Васілеўскага, служылага ў Карказовіча гувернёрам Згаржэльскага Эдуарда; абшарнік маёнтка Божага Дару Іван Масальскі прывёз дваіх: пісара Старэвіча і нейкага Ахрамовіча.

Мельхіёр Ванькевіч з маёнтка Калюжыц прыбыў з двума, якіх не ведаю. Варатніцкія Павел і Іван, арандатары маёнтка Альхоўкі абшарніка Барсука; чатыры браты Акулічы: Баляслаў, Мечыслаў, Іосіф і Казімір, якія маюць маёнтак Ганута;

Сіпайла, які мае маёнтак Вінарова, Рагоўскі Браніслаў, што мае маёнтак Гарадзішча, Аляксандр Кяльчэўскі, які зваўся Твардашынскім з маёнтка Райсполля (ён быў апрануты ў афіцэрскую адзежу і казаў, што служыў у палку), а астатнія - дробная шляхта і здаровыя афіцыянты, якіх па прозвішчы не ведаю. З усімі імі абшарнік Баляслаў Свентаржэцкі забраўшы з сабою мяне, другога буфетчыка Якава Саковіча, камісара Маліноўскага, каморнікаў трох, двух братоў Гансецкіх, Альгерда і Генрыка, Івана Навіцкага, лакея Маліноўскага Мацвея і фурмана свайго Казіміра Казлоўскага.

Той жа ночы ўсе, змясціўшыся на возе, адправіліся ў сельскае Багушэвіцкае кіраванне, дзе знайшоўшы сельскага пісара Рагольскага некалькі сялян і баб, з-за адлучкі святара Канапасевіча, паклікаўшы жонку яго абшарнік Свентаржэцкі прачытаў польскі друкаваны маніфест, абвясціў, каб не плацілі ніякіх падаткаў і не даваць рэкрута, і што зямлю ён дорыць сялянам, усе ж якія знаходзіліся ў канцылярыі кнігі і паперы знішчылі.

Адтуль паехалі на станцыю Ляды, але перш на зваротных канях, на якіх прыехаў у Багушэвічы Свентаржэцкі былі ім пасланы чатыры ўзброеныя мяцежнікі, а менавіта: Альгерд Гансецкі, Іван Навіцкі, Мамерт Нарвіла і чацвёрты, мне не знаёмы, для вызвалення там арыштаванага прыезджымі афіцэрамі знарок прыехаўшага для злучэння з мяцежнікамі афіцэра Станіслава Ляскоўскага. Не даязджаючы дзесяць вёрст да Лядаў знайшлі ў лесе чакаўшага іх Ляскоўскага з тымі чатырма, якія яго вызвалілі. Забраўшы іх з сабою, прыбылі на станцыю Ляды… Тут Ляскоўскі абвясціў сябе начальнікам хеўры (стар. 429) . Ляскоўскі назваўся Собікам і галоўным начальнікам хеўры (стар. 430) .

(Працяг у наст. нум.)

Ігар Жукоўскі


Юбілейная выстава

6 лістапада ў Менску адбылося адкрыццё юбілейнай выставы Анатоля Пятровіча Жураўлёва "Далягляды".

Нарадзіўся спадар Анатоль у 1963 годзе ў г. Воршы. Скончыў Віцебскі тэхналагічны інстытут лёгкай прамысловасці. Удзельнік рэспубліканскіх, міжнародных выстаў і пленэраў.

Узнагароджаны Гран-пры ў намінацыі "жывапіс і габелен" на выставах візуальных мастацтваў "Аrt Mark" (1992, 1998 гг.), Гран-пры на рэспубліканскай выставе "Час - Прастора - Асоба" (1998 г), Першай прэміяй ААН у намінацыі "Устойлівае развіццё свету".

Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1997 года. Серыя Анатоля Жураўлёва "Далягляды" распавядае пра ўзнікненне ў душы мастака "рэальнай віртуальнасці", яго пагружанасці ў свет уяўных вобразаў.

На мерапрыемстве пра творчасць мастака распавядалі: Рыгор Сітніца, Леанід Хобатаў. Ларыса Фінкельштэйн, Мікола Паграноўскі і іншыя асобы.

Творы спадара Анатоля знаходзяцца ў Аршанскай карціннай галерэі, Полацкай карціннай галерэі, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, у мастацкіх галерэях г. Вязьмы (Расія), г. Пернік (Балгарыя), г. Локум (Германія), а таксама ў прыватных калекцыях Беларусі і замежжа.

Выставу можна наведаць па 21 лістапада 2013 года да 19.00 штодзённа, акрамя панядзелка.

Трэба адзначыць, што творы мастака ўпрыгожаць любы офіс!

Для А. Жураўлёва, створаныя ім суб'ектыўныя вобразы, становяцца больш рэальнымі, чым аб'ектыўная рэальнасць... Асабіста я вельмі задаволены, што наведаў выставу славутага мастака.

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журанліст.


Да 225-годдзя І. Насовіча

13 лістапада ў Магілёўскім абласным музеі імя П. Масленікава адбылася сустрэча, прысвечаная 225-годдзю з дня нараджэння беларускага этнографа, фалькларыста і лексікографа Івана Іванавіча Насовіча. Пра славутага выпускніка Магілёўскай духоўнай гімназіі распавёў настаяцель прыходу храма-помніка ў Лясной, краязнавец, філолаг протаірэй Георгій Сакалоў. Гаворка ішла пра першыя гады Івана Насовіча, пра ягоных продкаў, якія здавён вылучаліся прагай да ведаў, што і перадалося будучаму аўтару першага слоўніка беларускай мовы. Вялікую цікаўнасць выклікаюць мемуары Насовіча, дзе расказваецца не толькі пра ягоны жыццёвы шлях, але і пра акупацыю Магілёва напалеонаўскімі войскамі ў 1812 годзе, пра парадкі, якія панавалі ў тагачаснай Расійскай імперыі і ў Магілёве. На завяршэнне сустрэчы, адказваючы на пытанні публікі, айцец Георгій падкрэсліў, што сучасная літаратурная беларуская мова мае шмат агульнага з усходнімі гаворкамі беларускай мовы, апісанымі ў "Слоўніку беларускай гаворкі" І. Насовіча.

Магілёўская гар. арг. ТБМ імя Ф. Скарыны.


Тры ўрокі сучаснай беларускай літаратуры на Лідчыне

13 лістапада ў рамках кампаніі "Будзьма" беларускія паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін правялі тры ўрокі сучаснай беларускай літаратуры на Лідчыне.

Чаму не сустрэчы, не імпрэзы, а менавіта ўрокі? Таму, па-першае, што аўдыторыі складала вучнёўская і студэнцкая моладзь, а па-другое, майстры паэтычнага пяра з Менска прыехалі на Лідчыну не забаўляць, не весяліць лідскую моладзь, а менавіта вучыць, вучыць любові да Беларусі, да беларускай мовы, да прыгожага пісьменства, да яркіх паэтычных вобразаў, якія нарадзіліся не некалі, не стагоддзі назад, а цяпер, учора, сёння; нарадзіліся не толькі ў прызнаных майстроў пяра, якія даўно "набілі руку" на стварэнні якасных і дасканалых тэкстаў, а і ў малады, у равеснікаў тых вучняў і студэнтаў, якія запаўнялі залы. Для гэтага Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін прывезлі апошні, 8-мы, нумар моладзевага літаратурнага часопіса "Верасень", рэдактарам якога і з'яўляецца Эдуард Акулін, а аўтарамі - ў большасці маладыя людзі - школьнікі і студэнты.

Першы ўрок адбыўся ў сярэдняй школе вёскі Дворышча Лідскага раёна. Тут у актавай зале сабралася ўся школа. Па факту вясковыя школы сёння не перапоўнены вучнямі. Урок ішоў з вершамі, песнямі. Вучні паўтаралі за паэтамі паэтычныя радкі, адказвалі на пытанні, за што атрымлівалі прызы ад кампаніі "Будзьма беларусамі".

Дзеці ў Дворышчы рухавыя, актыўныя, энергічныя і разам з тым дысцыплінаваныя, уважлівыя, вясёлыя і сур'ёзныя. Складвалася ўражанне, што гэта адна вялікая сям'я. А яно ў прынцыпе так і ёсць, гавораць настаўнікі. Паколькі дзяцей не шмат, то ўсе на віду.

Менскіх гасцей уразіла ідэальная чысціня ў школе. Там не проста чыста, а ўсё зіхаціць. Аднак для Лідчыны ў тым нічога дзіўнага. Чысціня тут своеасаблівая, як цяпер кажуць, "фішка". Не дарэмна ж 2 траўня 2013 года гораду Лідзе быў уручаны вымпел "За лепшы санітарны стан горада" сярод гарадоў з насельніцтвам ад 50000 да 100000 чалавек.

Другі ўрок прайшоў у Лідскім каледжы. Леанід Дранько Майсюк і Эдуард Акулін тут ужо трэці раз, але аўдыторыя заўсёды новая. Адны навучэнцы выпускаюцца, іншыя паступаюць. Тут паэтаў засыпалі кветкамі. Дзяўчаты дарылі кветкі, ледзь не за кожны верш, і гаворка ішла ў іншым ключы, таму што з прысутных у зале ледзь не кожны мог стаць аўтарам "Верасня", а яшчэ таму, што тое, што было пачута на гэтым уроку некалі можа быць скарыстана на занятках, якія будуць весці прысутныя тут будучыя настаўнікі пачатковых класаў і выхавальнікі дзіцячых садкоў.

Трэці ўрок прайшоў у Палацы творчасці дзяцей і моладзі, куды сабраліся старшакласнікі з лідскіх гарадскіх школ. Не сакрэт, што ў горадзе не засталося старэйшых беларускамоўных класаў, таму важнае кожнае беларускае слова, якое дзеці пачуюць дадаткова, асабліва, калі гэта вершы Леаніда Дранько-Майсюка, або песні Эдуарда Акуліна.

13 лістапада беларускасці на Лідчыне стала на крышку больш. І важна, што была гэтая беларускасць высокай якасці.

Яраслаў Грынкевіч.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX