Вярнуцца: 2013

№ 49 (1148)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 49 (1148) 4 снежня 2013 г.


Рэспубліканская Рада ТБМ імя Ф. Скарыны

1 снежня ў Менску ў сядзібе ТБМ прайшла чарговая Рада ТБМ. На павестку дня былі вынесены наступныя пытанні:

1. Інфармацыя кіраўніцтва ТБМ аб працы арганізацыі за 2013 г. і ўручэнне падзяк актывістам ТБМ і грамадзянам за актыўную працу на карысць беларушчыны.

2. Абмеркаванне праекту плана работы ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на 2014 г.

3. Прыняцце Пастановы ТБМ аб памеры сяброўскіх складак на 2014 год.

4. Аб зменах у Сакратарыяце ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

5. Рознае.

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" выказала падзяку дырэктару ТАА "Новы паварот" Алегу Куніцкаму, заснавальніку і праграмісту ТАА "Новы паварот" Андрэю Амельчанку за стварэнне ўнікальнага праграмнага прадукта на беларускай мове для навучання кіроўцаў.

ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" выказала падзяку Завальнюку Уладзіславу , Раманцэвіч Валянціне , Дзьячкову Алегу , Дымкову Сяргею , Азёму Уладзіміру , Малаковіч Надзеі , Купаву Міколу , Судніку Станіславу , Пяткевічу Аляксею , Каралю Аляксею, Купаву Міколу, Акуліну Эдуарду за шматгадовую самаадданую працу на ніве беларушчыны.

ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" выказала падзяку Арлову Уладзіміру , Аксак Валянціне , Дзіцэвіч Людміле , Чэчату Алесю , Навумчыку Іосіфу , Сырыцы Віктару , Рымшу Алесю за шматгадовую самаадданую працу на ніве беларушчыны і ў сувязі з юбілеем.

ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" выказала падзяку Лемцюговай Валянціне за шматгадовую працу па ўпарадкаванні беларускай нацыянальнай тапаніміі; Капылову Ігару за вялікую працу ў захаванні спрадвечнага аблічча беларускай анамастыкі; Марачкіну Ігару за шматгадовую самаадданую працу на ніве беларушчыны і стварэнне адмысловай серыі календароў і паштовак; Алене Анісім за ажыццяўленне шэрагу праектаў, накіраваных на пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў грамадстве.

Рада высока ацаніла дзейнасць Тапанімічнай камісіі ТБМ на чале з Вінцуком Вячоркам.

Рада разгледзела праект плана дзейнасці ТБМ на 2014 год, прыняла некаторыя дапаўненні, рэкамендавала сябрам Рады грунтоўна вывучыць праект і да наступнай Рады, якая адбудзецца 26 студзеня 2014 года ўнесці свае прапановы пісьмова разам з абгрунтаваннем спосабаў іх рэалізацыі, у тым ліку і фінансавага боку.

Рада зацвердзіла новыя памеры сяброўскіх складак. Рада вярнула ў склад Сакратарыяту ТБМ Вольгу Тыгрыцкую , якая пасля доўгатэрміновай замежнай камандзіроўкі вярнулася ў Беларусь.

Паміж сябрамі Рады адбыўся зацікаўлены абмен думкамі і досведам.

Наш кар.


Навуковая канферэнцыя да 100-годдзя "Вянка" Максіма Багдановіча

26 лістапада 2013 года ў Менску адбылася канферэнцыя "Кніга новага жыцця", якая была прысвечана 100-годдзю адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў М. Багдановіча "Вянок". Разнастайнасць абраных тэм, якія аб'яднаў багдановічаўскі "Вянок", дазволіла удзельнікам канферэнцыі шырока прадставіць розныя даследаванні і матэрыялы літаратуразнаўчага і мовазнаўчага характару, нанава перачытаць легендарны зборнік, паразважаць на розныя тэмы дзеля агульнай высокай мэты: узбагаціць, памножыць духоўную спадчыну Беларусі, неад'емнай часткай якой з'яўляецца творчасць беларускага класіка Максіма Багдановіча і яго неўміручы "Вянок".

З прывітальнымі словамі выступілі Алесь Карлюкевіч , дырэктар РВУ "Выдавецкі дом "Звязда", галоўны рэдактар; Вячаслаў Рагойша , загадчык кафедры тэорыі літаратуры БДУ, доктар філалагічных навук, прафесар; Тацяна Шэляговіч , дырэктар Літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

- Сапраўды, можна здзіўляцца: адкуль у маладога чалавека такія глыбокія думкі? Дзе ён браў тую энергію, якая выходзіла з яго вершаў, якія сёння хвалююць? - гаворыць Тацяна Шэляговіч. - Максім Багдановіч, магчыма, варты таго, каб пра яго напісалі асобную кнігу "Код Багдановіча", якая б нам усім дапамагла разгадаць таямніцу яго таленту і неверагоднай паэтычнай шчырасці. І калі б кожны прыняў бы гэты код да кіраўніцтва, я думаю, што мы, беларусы, шмат у чым бы дасягнулі вышынь і нават перасягнулі іншыя народы ў сваім нацыянальным будаўніцтве. Але мы захоўваем памяць пра паэта, папулярызуем яго творчасць дзеля таго, каб больш людзей зразумела, адчула, палюбіла яго паэзію і тым самым ганарылася гэтым чалавекам як сынам Беларусі. Нам шмат у чым дапамагаюць архіўныя зборы. Усё-такі музей ствараўся зусім нядаўна: 30 гадоў - невялікі ўзрост для такой установы. Але ён стварыўся дзякуючы таму, што ў свой час парупіліся супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры (у 30 я гады мінулага стагоддзя), калі стваралі архівы матэрыялаў пра Максіма Багдановіча, калі рыхтавалі 3-томнае выданне поўнага збору твораў паэта (на жаль, выйшлі толькі 2 тамы). Але ў архівах і цяпер ёсць матэрыялы, рукапісы Багдановіча, якія б хацелася мець нашаму музею.

Пра ролю паэта Максіма Багдановіча гаварыў Аляксандр Лукашанец , першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, прафесар:

- Узгадаем вядомыя словы з санета Багдановіча: "Паміж пяскоў егіпецкай зямлі…". У радках паэта - вялікая любоў і пашана да беларускай культуры і гісторыі, вера ў яго здольнасці і надзея на будучае. Гэтыя радкі былі надзвычай актуальныя ў пачатку ХХ стагоддзя, калі ішло актыўнае фармаванне нацыянальнай свядомасці беларускага народа. Пафас гэтых радкоў захоўвае сваю актуальнасць і сёння, на пачатку ХХІ стагоддзя, калі наша краіна будуе сваю незалежнасць, імкнецца дастойна ўвайсці ў сусветную супольнасць, з нацыянальна адметным тварам. Божы дар паэтычнага слова запаліў у душы паэта вялікую любоў да роднага краю, да беларускага слова, да беларускага народа… Плён яго творчай спадчыны зрабіў вялікі ўплыў на беларускі літаратурны працэс ХХ стагоддзя і прыцягвае ўвагу даследчыкаў на пачатку ХХІ стагоддзя. Бог даў Максіму Багдановічу незвычайны паэтычны талент, але адмераў яму вельмі кароткае зямное жыццё. Як горкаўскі Данка аддаў сваё палаючае сэрца, Максім Багдановіч ўсе сілы свайго паэтычнага дару аддаў беларускаму народу.

Аднак на канферэнцыі прагучалі словы і пра значэнне творчасці Багдановіча для іншых народаў. У прыватнасці, прафесар Львоўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя І. Франко Раман Лубкіўскі даслаў цёплае прывітанне ўдзельнікам канферэнцыі, у якім параўнаў "Вянок" са зборнікамі такога маштабу, як "Кабзар" Тараса Шаўчэнкі", "З вершин и низин" Івана Франко. Паводле слоў прафесара: "Паэтычны маніфест юнага Максіма быў пачуты не толькі ў родным народзе, але яго танальнасць была пачута Украінай. Пачута і агучана, высока адзначана і інтэрпрэтавана. І сёння краса і сіла ўваскрэслага з мёртвых беларускага слова дапамагае майму народу годна выстаяць у барацьбе за месца ў сям'і еўрапейскіх народаў. Мы не самотныя, бо кнігу маем з рук ікара беларускай паэзіі".

На пленарным паседжанні і на секцыях выступіла больш за 40 дакладчыкаў. З дакладам "Адлюстраванне Вільні ў паэзіі М. Багдановіча" выступіў старшыня ТБМ, кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў . Гэты даклад мы спадзяёмся надрукаваць у адным з наступных нумароў.

Паводле Ларысы Цімошык.



Шчыра дзякую сябрам, паплечнікам і ўсім, хто выказаў мне спачуванні ў сувязі са смерцю маці. Вашая сяброўская падтрымка была вельмі своечасовая і патрэбная.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.

Праект План дзейнасці Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны" на 2014 год

1. Асветніцка-педагагічная праца

- з бацькамі, дзеці якіх пойдуць у дзіцячыя садкі і першыя класы ў 2013-2014 навучальным годзе;

- з бацькамі і іх дзецьмі, якія навучаюцца ў рускамоўных і беларускамоўных адукацыйных установах;

- з арганізацыямі і ўстановамі з мэтай прапаганды беларус кай мовы і літаратуры;

- правядзенне курсаў беларускай мовы і беларусазнаўства.

- Звярнуцца да дзяржаўных і недзяржаўных тэлеканалаў па дапамогу ў стварэнні беларускамоўных класаў.

2. Праца рэгіянальных арганізацый ТБМ па захаванні і

адкрыцці беларускамоўных адукацыйных устаноў :

збор подпісаў, лісты ў дзяржаўныя ўстановы, пікеты і інш.

3. Супрацоўніцтва з дзяржаўнымі структурамі па пытанні выкарыстання дзяржаўнай беларускай мовы, Міністэрствам сувязі па пытаннях выпуску беларускамоўнай

прадукцыі.

4. Супрацоўніцтва з банкаўскімі структурамі па пытаннях афармлення на беларускай мове бланкаў, рэквізітаў і іншай банкаўскай прадукцыі.

5. Праца з прадпрыемствамі па ўкараненні беларускамоўнага афармлення выпусканай прадукцыі.

6. Работа па пашырэнні кола падпісчыкаў і чытачоў на "Наша слова", "Новы час ", "Верасень" і іншыя беларускамоўныя газеты і часопісы.

7. Правядзенне гістарычных і літаратурных сустрэч у межах кампаніі "Будзьма".

8. Святкаванне Міжнароднага дня роднай мовы. Правядзенне круглых сталоў, сустрэч з чытачамі (разам з пісьменнікамі і журналістамі). Першы этап Агульнанацыянальнай дыктоўкі - 21 лютага (2-і этап - 15 сакавіка, 3-і этап - 25 сакавіка).

9. Забеспячэнне дзейнасці інтэрнет-партала ТБМ.

10. Святкаванне юбілею ТБМ (25 гадоў): А) Выданне святочнай паштоўкі, канверта і каляндарыка да юбілею.

11. Адзначыць Еўрапейскі дзень моваў

12. Правядзенне чарговага з'езду ТБМ

13. Праца над праектам стандарту беларускай мовы

14. Адзначыць наступныя даты:

125 год ад дня нараджэння Язэпа Мамонькі (28.01.1889 - 10.09.1937), беларускага палітычнага дзеяча і публіцыста.

130 гадоў з дня нараджэння Антона Іванавіча Луцкевіча (1884-1942), гісторыка, публіцыста, палітычнага і грамадскага дзеяча.

100 гадоў з дня нараджэння Валянціна Таўлая , беларускага паэта.

80 гадоў з дня нараджэння Міколы Янкоўскага , беларускага фалькларыста, кандыдата філалагічных навук, дацэнта. З 1975 г. выкладаў у Гродзенскім універсітэце імя Я. Купалы. Памёр у 1995 г.

125 гадоў з дня нараджэння М.Я. Байкова (1889-1941), педагога, лінгвіста, літаратуразнаўца.

90 гадоў з дня нараджэння Мікалая Мельнікава, беларускага літаратуразнаўца, пісьменніка-мемуарыста, кандыдата педагагічных навук, дацэнта. Працаваў у Гродзенскім універсітэце імя Я. Купалы. Памёр у 2012 г.

220 гадоў таму (1794 г.) пачалося паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі.

200 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча , беларускага гісторыка, археолага, краязнаўца. Вывучаў гарадзішчы ў Гальшанах (Ашмянскі р-н), Міры

(Карэліцкі р-н), Лідзе, Крэве (Смаргонскі р-н). Памёр у 1873 г.

70 гадоў з часу заснавання (1944 г.) у Менску Літаратурнага музея Янкі Купалы.

90 гадоў з дня нараджэння Васіля Уладзіміравіча Быкава (1924-2003г.), народнага пісьменніка, Беларусі, грамадскага дзеяча.

150 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Казіміравіча Сержпутоўскага (1864-1940), беларускага этнографа, фалькларыста.

25 гадоў з дня Устаноўчага з'езду Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.

220 гадоў з дня нараджэння Міхаіла Ігнатавіча Балінскага (1794-22.12.1883 г.), гісторыка і публіцыста.

150 год ад дня нараджэння чэшскага пісьменніка, вучонага-славіста, папулярызатара грамадскага і культурнага жыцця

беларусаў Адольфа Чэрнага (19.08.1864 - 27.12.1952). Пасля наведвання Беларусі выдаў у 1895 г. кнігу "Беларускія песні з Дзісненскага павета Віленскай губерні. Перакладаў вершы Цёткі, Купалы, Коласа.

300 гадоў з дня нараджэння Міхала Карыцкага (1714, м. Дзітрыкі) паэта-лацініста (зборнік "Песні" на лацінскай мове).

500 гадоў Аршанскай бітвы. 220 гадоў з дня нараджэння Ігната Ходзькі , польскага і

беларускага пісьменніка. Жыў у маёнт. Дзевятні (Смаргонскі р-н). Памёр у 1861.

230 гадоў з дня нараджэння Тодара Нарбута , бацькі беларускіх гісторыкаў.

75 гадоў таму 3-я (нечарговая) сесія Вярхоўнага Савета Беларускай ССР прыняла закон "Аб прыняцці Заходняй Беларусі ў склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі". У выніку насельніцтва Беларусі павялічылася да 11 млн. чалавек.

130 год ад дня нараджэння рускага і чэшскага гісторыка-славіста, даследчыка жыцця і творчасці Ф. Скарыны

Антонія Флароўскага (14.12.1882 - 27.03.1968).

75 гадоў з дня нараджэння (1939 г.) Зьніча (сапр. А.А. Бембель), паэта, публіцыста, філосафа.

80 гадоў з дня нараджэння Івана Чыгрынава (1934 - 5.1.1996), народнага пісьменніка Беларусі.

230 гадоў з дня нараджэння Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага (сапр. Адам Чарноцкі, 1784-1825), славяназнаўца, археолага, гісторыка, фалькларыста, дыялектолага,

этнографа.

180 гадоў з дня нараджэння Нікадзіма Сільвановіча , мастака

200 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіч а, першага консула Расейскай Імперыі ў Японіі.

15. Адзначыць юбілейныя даты сяброў ТБМ:

75 гадоў з дня нараджэння Барыса Георгіевіча Мускага , актыўнага сябра ТБМ.

80 гадоў з дня нараджэння Арсеня Сяргеевіча Ліса , фалькларыста, доктара філалагічных навук.

80 гадоў з дня нараджэння Міколы Іванавіча Савіцкага , змагара за беларускую мову, кандыдата эканамічных навук, прафесара.

80 гадоў з дня нараджэння Кастуся Аляксеевіча Цвіркі , паэта, перакладчыка, выдаўца.

75 гадоў з дня нараджэння Анатоля Іосіфавіча Валахановіча , гісторыка, журналіста, пісьменніка.

70 гадоў з дня нараджэння Зянона Пазняка , беларускага грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча, тэатразнаўца, археолага, публіцыста, паэта, кандыдата мастацтвазнаўства. З мяст. Суботнікі (Іўеўскі р-н).

75 гадоў з дня нараджэння (1939 г.) Зінаіды Аляксандраўны Бандарэнкі , дыктара тэлебачання, народнай артысткі Беларусі.

60 гадоў з дня нараджэння Алега Трусава , старшыні ТБМ.

60 гадоў з дня нараджэння Станіслава Судніка , галоўнага рэдактара "Нашага слова".

90 гадоў з дня нараджэння (1924) І. Я. Лепешава , мовазнаўца, прафесара.

Пастанова Рады ТБМ імя Ф. Скарыны ад 1 снежня 2013 г.

"Аб уплаце сяброўскіх складак (узносаў) на 2014 год"

Рада ТБМ пастанаўляе вызначыць наступныя памеры сяброўскіх складак з 1 студзеня 2014 года.

1. Для тых, хто працуе - 50 тыс. руб.

2. Для беспрацоўных - 10 тыс. руб

3. Для студэнтаў - 10 тыс. руб.

4. Для пенсіянераў - 20 тыс. руб.

5. Для вучняў школ, ліцэяў і гімназій - 3 тыс. руб.

6. Для грамадзян Расіі - 200 расійскіх рублёў.

7. Для грамадзян іншых краін - 10 $.


Педагог з чулай душой

Беларускі жывапісец Пётр Пятровіч Шарыпа нарадзіўся 11.04. 1942 г ў в. Арашкі Віцебскай вобласці. Ён скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута (1965), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1974). Сябрам Саюза мастакоў стаў у 1984 годзе. Яго творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі Сучаснага выяўленчага мастацтва ў Менску, у фондах саюза мастакоў, у прыватных калекцыях у нашай краіне і ў замежжы.

Пётр Пятровіч Шарыпа стварыў шэраг палотнаў ў розных жанрах жывапісу: тэматычная, карціна, нацюрморт, пейзаж.

"Рамантычны краявід"- гэта своеасаблівы камертон, які выяўляе сутнасць творчасці П. Шарыпы, - адзначаў мастацкі крытык Мікола Паграноўскі.

Гэта лірычныя партрэты мясцовасці - Аршаншчыны, Крэва, Браслава, Гальшанаў і яшчэ магчымасць спасцігнуць таямніцы нашай гісторыі.

Абраўшы свой улюбёны кірунак у мастацтве, ён заставаўся прыхільнікам як экспрэсіянізму, так і любові да гісторыі Беларусі і яе цудоўных краявідаў."

Ён удзельнічаў у выставах "Маладосць краіны", ( 1977), "Зямля і людзі"(1980), "Адроджаная зямля" ( 1981),"Францішак Скарына" (1990), "Помнікі айчыны" (1996), "Старажытныя Гальшаны"(1997) і іншых.

Пётр Пятровіч быў чулым педагогам. З 1974 года да апошняга часу ён выкладаў у Рэспубліканскім каледжы па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка.

Ён вазіў сваіх вучняў у Траццякоўскую галерэю і Эрмітаж, знаёміў іх з творамі сусветнага жывапісу, а таксама выхоўваў на лепшых традыцыях беларускіх майстроў - Фердынанда Рушчыца, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Апалінара Гараўскага, Мікадзіма Сільвановіча і іншых. Доўгія дзесяцігоддзі ён прысвяціў выкладанню. Сціплы, інтэлігентны, дабразычлівы, ён прыцягваў да сябе моладзь.

Пётр Пятровіч прывучаў дзяцей паглыбляцца ў працу, больш займацца ў майстэрні, дапамагаў ім знайсці лепшыя кампізіцыйныя і колеравыя рашэнні на палотнах. Большая частка яго вучняў працягвала далей вучыцца ў Беларускай акадэміі мастацтваў. Свой адметны стыль і почырк выпрацавалі яго выхаванцы Ларыса Журавовіч, Уладзімір Лавецкі, Алесь Пушкін, Аляксандр Сільвановіч. Дачка Пятра Пятровіча - Алена Шарыпа стварыла шмат цудоўных светлых пейзажаў і нацюрмортаў у імпрэсіяністычнай тэхніцы.

У лістападзе на 72 годзе жыцця мастак адышоў у вечны супакой.

Удзячнасць вучняў і высакародныя мэты настаўніка будуць кіраваць імі ў новых лепшых творах.

Э. Дзвінская. На здымках: творы П.П. Шарыпы.



Увага. У снежні ў сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць гістарычная школа "Гісторыя ў падзеях і малюнках" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава. Заняткі будуць прысвечаны вывучэнню сучаснай гісторыі Беларусі ў ХХ - пач. ХХІ ст.

На занятках будуць праводзіцца гістарычныя віктарыны, пераможцы якой атрымаюць цікавыя прызы.

Падчас заняткаў таксама прадугледжаны абмен думкамі наконт сучаснага стану беларускай мовы і яе функцыянавання ў грамадстве.

Такім чынам, удзельнікі змогуць павысіць свае веды па гісторыі Беларусі і папрактыкавацца ў веданні беларускай мовы.

У лістападзе заняткі адбудуцца: 9 снежня (панядзелак), 16 снежня (панядзелак),

23 снежня (панядзелак).

Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13. Уваход вольны


Як дакрычацца нам да Беларусі?

Шаноўныя працаўнікі рэдакцыі!

Ужо многа гадоў я ўважліва чытаю артыкулы газеты "Наша слова". Усёй душою і сэрцам успрымаю і удзячны Вам за такую важную, такую патрэбную для Беларусі, руплівую працу па адраджэнні роднай, бацькаўскай, беларускай, дзяржаўнай мовы, культуры, традыцый, звычаяў, абрадаў.

Колькі мог, дапамагаў гэтай дзейнасці: прапагандаваў Вашы матэрыялы ў калетывах, сярод сяброў, знаёмых. Больш за дзесятак год у сваім кааператыве друкую ўсе аб'явы, абвесткі толькі на роднай мове. І што Вы думаеце: з маніякальнай упартасцю усе мае матэрыялы зрываюцца з дошак аб'яў, а многія жыхары дома ў вочы называюць мяне нацыяналістам, бэнээфаўцам, пазнякоўцам. Нават паведамілі ў КДБ, выканкам Савецкага раёна Гомеля і ў міліцыю, адкуль я меў позву на гутарку, чаму я пішу толькі на беларускай мове. Прышлося даказваць міліцыянту, што я беларус, жыву ў Беларусі, люблю Беларусь, а беларуская мова - дзяржаўная, і ведаць яе павінны ўсе, хто жыве ў Беларусі і найперш - дзяржаўныя службоўцы. Далі мне рэкамендацыю не раздражняць людзей беларускай мовай. Чакаю высноў і вынікаў гэтай прафілактычнай гутаркі. Ціск ідзе і праз іншыя структуры - праз старшыню кааператыва, праз калектыў, дзе працуе дачка, праз тэлефонныя пагрозы. Прыйшоў да высновы, што і вашыя намаганні па адраджэнні роднай мовы сярод беларусаў даюць малы поспех. Наш "народзец", як сказаў наш пан начальнік дзяржавы, зрусіфікаваны ўшчэнт, манкуртызаваны, зазамбіраваны. Яму родная мова не патрэбна. Трасянка зручней. Нашая ментальнасць, якой мы так ганарымся, стала вялікай перашкодай.

Як казаў І. Макаловіч: "Мы крычым, крычым, але - не дакрычаліся пакуль да Беларусі". І ці дакрычымся? Вялікае сумненне. Без дзяржавы, без яе падтрымкі мову беларускую не адрадзіць. Пакуль наш правадыр (а за ім дзяржчыноўнікі, а гэта несумнеўна) не загавораць па-беларуску, наш "народзец" будзе мыкаць на мешаніне, бо на расейскай мове ні адзін беларус размаўляць не ўмее. Мабыць, наспела нагода і неабходнасць падкарэктаваць метады працы па ўкараненні беларускай мовы ў нашай краіне. Вы ж разумныя людзі, вопытныя, знайдзіце іх. Пакуль вынікі сумныя, прыклад - Гомель, спрэс зрусіфікаваны горад, як ніякі ішны.

З павагай Буйніч Міхаіл Міхайлавіч, вайсковы пенсіянер, г. Гомель.


"Першапачатак" - прэзентацыя календара і ўрачыстае адкрыццё фотавыставы да юбілею Саюза пісьменнікаў адбыліся ў Менску

27 лістапада ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь адбылася прэзентацыя календара і ўрачыстае адкрыццё фотавыставы "Першапачатак", прымеркаванай да 80-годдзя Саюза беларускіх пісьменнікаў. Азнаёміцца з экспазіцыяй і павіншаваць найстарэйшую пісьменніцкую арганізацыю Беларусі з юбілеем прыйшлі літаратары, мастакі, грамадскія дзеячы, іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі.

Вядовец імпрэзы, паэт, памочнік Старшыні ГА "Саюза беларускіх пісьменнікаў" Усевалад Сцебурака павітаў усіх прысутных і перадаў слова Барысу Пятровічу - празаіку, старшыню СБП, галоўнаму рэдактару часопіса "Дзеяслоў":

- Наступны год стане для ўсіх беларускіх пісьменнікаў і чытачоў юбілейным. У чэрвені 1934 года адбыўся І з'езд Саюза пісьменнікаў, і сённяшняя выстава, а таксама выхад календара "Першапачатак" распачынаюць святкаванне гэтай значнай падзеі. Як вядома, 23 красавіка 1932 года выйшла пастанова ЦК ВКПб, і цягам двух гадоў ішла падрыхтоўчая і арганізацыйная праца па стварэнні пісьменніцкай арганізацыі. Ля вытокаў нашага саюза стаялі класікі літаратуры Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Лынькоў, Кузьма Чорны, Змітрок Бядуля, Пятрусь Броўка і дзясяткі іншых літаратараў.

За доўгую гісторыю арганізацыя мела розныя назвы: і Саюз пісьменнікаў БССР, і Саюз пісьменнікаў Беларусі, і Саюз беларускіх пісьменнікаў, але заўсёды ў яго ўваходзілі самыя лепшыя беларускія літаратары. Можна пералічаць сотні імёнаў, і нельга не згадаць Максіма Танка, Аркадзя Куляшова, Васіля Быкава, Міхася Стральцова, Алеся Адамовіча, Уладзіміра Караткевіча, якія ёсць гонарам беларускай літаратуры, чые творы складаюць залаты фонд нашага прыгожага пісьменства, уваходзяць у школьныя і ўніверсітэцкія падручнікі.

За гэты час 19 беларускіх пісьменнікаў атрымалі ганаровае званне Народных, больш за 100 - лаўрэаты дзяржаўных прэмій Беларусі, 10 сталі акадэмікамі НАН Беларусі, 60 - дактарамі і кандыдатамі навук, многія атрымалі пачэсныя званні ў галінах культуры і навукі, але не гэта, канешне, галоўнае.

Важна тое, што яны пакінулі па сабе творы, якія сёння перакладаюцца на розныя мовы свету. За апошнія гады на розныя замежныя мовы - англійскую, нямецкую, французскую, літоўскую, украінскую, рускую, польскую ды іншыя - перакладаліся творы і Васіля Быкава, і Уладзіміра Караткевіча, Уладзіміра Някляева, Святланы Алексіевіч. І не проста перакладаліся, але і ўдзельнічалі ў прэстыжных міжнародных прэміях. Сёлета Святлана Алексіевіч стала лаўрэатам прэміі нямецкіх кнігавыдаўцоў і французскіх медыя, летась атрымала ганаровую прэмію Angelus. Уладзімір Някляеў сёлета атрымаў прэмію Фінскага ПЭН-Цэнтра, а летась атрымаў шведскую прэмію імя Тухольскага, Уладзімір Арлоў стаў Еўрапейскім паэтам Свабоды. Цяжка пералічыць усе важкія падзеі з удзелам нашых творцаў. Сёння больш за 400 літаратараў у шэрагах ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў".

Напрыканцы свайго выступу Барыс Пятровіч падзякаваў усім тым, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі і выдання календара - самім удзельнікам, аўтару ідэі Ірыне Хадарэнка, выдаўцу і фотамастаку Валерыю Дубоўскаму, усяму калектыву, які працаваў над праектам. А таксама партнёрам - газеце "Комсомольская правда в Беларуси" і кампаніі "Будзьма!", выдавецтву "Юніпак", Лагойскаму выканкаму, музеям народнай творчасці, дзе праходзілі здымкі календара. Асобная падзяка адрасаваная Нацыянальнаму гістарычнаму музею, у прыватнасці, яго дырэктару Алегу Рыжкову, за магчымасць правядзення фотавыставы.

Барыс Пятровіч перадаў у фонд Нацыянальнага гістарычнага музея асобнік календара "Першапачатак" з аўтографамі пісьменнікаў-удзельнікаў праекта.

Ірына Хадарэнка распавяла пра канцэпцыю праекту, які рэалізоўваўся цягам двух гадоў, пра яго міфалагічны падмурак, і выказала надзею, што ён будзе працягвацца.

- У назву "Першапачатак" укладзеная пераемнасць пакаленняў, даніна павагі нашым папярэднікам. У міфалагічных вобразах зашыфраваны код нацыі, таму яны абраныя не выпадкова. Здымкі праводзіліся ў звычайных умовах - у вясковай хаце, у лесе, у полі, каб максімальна наблізіцца да натуральнасці, да рэальнай беларускай зямлі, - патлумачыў выдавец, паэт і фотамастак Валеры Дубоўскі.

Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін не змог прысутнічаць на імпрэзе, але напісаў прывітальны экспромт: "І рупіць мне, дамавіку, падаць наступніку руку" , - ліст календара з фотаздымкам дзядзькі Рыгора ў вобразе хатніка і аўтографам быў перададзены ў фонды Нацыянальнага гістарычнага музея.

Творцы Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі ў сваіх выступах звярнуліся да гісторыі Саюза беларускіх пісьменнікаў, да юбілею арганізацыі. Спадар Анатоль прачытаў верш памяці рэспрэсаваных у 1930-я гады літаратараў, згадаўшы трагічныя старонкі нашай гісторыі. Павіншаваў усіх сяброў СБП са святам Радзім Гарэцкі.

Падзяліліся сваімі ўражаннямі ад календара "Першапачатак" пісьменніцы Антаніна Хатэнка, Аксана Спрынчан, Аксана Данільчык. "Лесавік" Леанід Дранько-Майсюк і "лазнік" Міхась Скобла прачыталі ўласныя вершы і расказалі пра вобразы, якія яны ўвасаблялі ў календары. Выступіў таксама пісьменнік, літаратуразнаўца, першы намеснік старшыні СБП Алесь Пашкевіч.

Кожны выступовец атрымаў у падарунак каляндар, а таксама торбачку з сімволікай Саюза беларускіх пісьменнікаў. Музычную частку прэзентацыі забяспечыў фольк-гурт Alta Mente.

Фотавыстава "Першапачатак" і экспазіцыя да юбілею СБП у Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь (вул. К. Маркса, 12) прымаюць наведнікаў з 21 лістапада да 8 снежня. Уваход па квітках у музей, які працуе штодзень з 11.00 да 19.00. Тэл. для даведак па выставе: 327 43 22, 327 00 05.

Каляндар "Першапачатак" - эксклюзіўны праект, выйшаў абмежаваным накладам. Набыць яго можна будзе толькі ў Мінску ў кнігарнях "Логвінаў" (пр. Незалежнасці, 37А), "Акадэмкніга" (пр. Незалежнасці, 72), "Веды" (вул. К. Маркса, 36), "Кніжны салон" (вул. Калініна, 5), а таксама на выставе "Мир книг" на вул. Я. Купалы, 27 (справа ад уваходу).

Тэкст Вікі Трэнас .Фота Алены Казловай . Прэс-служба ГА "СБП".


Мастак - у край здзіўлення пілігрым

Першая манаграфія пра дзейнасць Алеся Мікалаевіча Пушкіна выйшла ў свет летам 2013 года. Прэзентацыя кнігі адбылася 27 лістапада на сядзібе ТБМ. Пра ідэю кнігі і свае адкрыцці падчас працы распавялі аўтары нарысаў і артыкулаў - Э. Дзвінская, А. Тамковіч, Ю. Барысевіч.

Прысутныя ўзгадалі настаўнікаў Пушкіна ў каледжы і тэатральна-мастацкім іністытуце: Пятра Пятровіча Шарыпу і Гаўрыіла Харытонавіча Вашчанку, якія перадалі яму жыццясцвярджальную мэту мастацтва і акрэслілі тэму нацыянальных светачаў і асветнікаў.

Прывітаць Алеся Пушкіна прыйшлі яго калегі-мастакі Генадзь Драздоў і Аляксей Марачкін. Госці імпрэзы дзяліліся ўспамінамі пра супольныя гады вучобы з Пушкіным, удзел у пленэрах і выставах на Беларусі і ў Польшчы, вандроўкі творцаў на Грунвальд і на Крапівеньскае поле.

- Пушкін - з'ява значна большая ў кантэксце сучаснай беларускай культуры, - адзначыў А. Марачкін.

Дыяпазон яго даравання ахоплівае манументальныя працы, упрыгожванне хрысціянскіх храмаў, аздабленне забудоваў, станковы жывапіс, тэатральныя дэкарацыі, кніжную графіку, вострыя сацыяльныя перформансы і арт-дзеянні. Пушкін уражвае сваёй творчай энергіяй і імпэтам.

Ён стымулюе артыстаў, музыкаў, пісьменнікаў-гісторыкаў шукаць новыя сюжэты і формы ў нацыянальным рэчышчы. Дух свабоды творчасці у ім моцна бруіць. Штогод ён бярэ ўдзел у літаратурных імпрэзах, выставах, гістарычных рэканструкцыях. Сярод нашых сучаснікаў ён шукае тых, хто мог бы паслужыць прататыпамі біблейскіх герояў. У старажытных касцёлах ён залечвае раны Хрыстовы, нанесеныя вякамі бязбожжа.

Народная артыстка Зінаіда Аляксандраўна Бандарэнка ўзгадала сустрэчы падчас першых фестываляў "Магутны Божа" ў Магілёве ў 90-тыя гады, калі Пушкін вёл там роспісы. Яна прачытала вершы Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна, прысвечаныя мастакам.

Прэзентацыя кнігі прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы. Калегі па мастацтву і сябры ТБМ імкнуліся выказаць сваю падтрымку Пушкіну. Алесь Камоцкі заспяваў песні на ўласныя вершы і рамансы Рыгора Барадуліна, якія стварылі ўзнёслую атмасферу, сугучную тым часам, якія адлюстроўвае Пушкін у гістарычных партрэтах. Спевы працягнуў маладзейшы артыст Сяржук Доўгушаў.

Госці падзеі выказалі ўдзячнасць творцу за магчымасць далучыцца да скарбаў прыгожага і спрадвечнага. Падзяка за дапамогу ў выданні кнігі прагучала ў адрас "Руху "За Свабоду" і былога амбасадара Славакіі сп. Любаміра Рэгака.

Наш кар. Фота аўтара


Добры падарунак да 40-годдзя беларускай анімацыі - "Піліпка" атрымаў гран пры за мяжой

Многія ведаюць, што беларускі анімацыйны фільм "Піліпка" атрымаў гран-пры конкурсу анімацыйных фільмаў X Міжнароднага дабрачыннага кінафестывалю "Прамяністы анёл", які адбыўся ў Маскве.

Асабліва гэта прыемна і таму, што сёлета беларуская мультуплікацыя адзначае 40-годдзе.

Наш кар.


У Магілёве сябры ТБМ пагаварылі з уладай

25 верасня адбылася сустрэча сяброў магілёўскага ТБМ ў складзе Ганны Бандарэнкі, Лявона Сугакі і Алега Дзьячкова з намеснікам старшыні аблвыканкама Валерыем Анатольевічам Малашкам па некалькіх пытаннях: 1. Сітуацыя са старадаўнім будынкам 18-19 стст. па вуліцы Вароўскага, 9; 2. Папулярызацыя нацыянальнай беларускай культуры ў нашым рэгіёне.

Вынікі сустрэчы:

1. Будынак па Вароўскага, 9 у бліжэйшы час будзе знесены ў сувязі з яго аварыйным станам і адмовай навукова-метадычнай рады пры Мінкультуры надаць яму статус гістарычна-матэрыяльнай каштоўнасці;

2. У 2014-м годзе ў Горках запланавана ўсталяванне памятнага знака на месцы дома, дзе жыў Максім Гарэцкі. Будынак быў знесены ў мінулым годзе пад час святкавання "Дажынак".

3. У бліжэйшым будучым у нашым горадзе могуць быць усталяваныя банеры з урыўкамі твораў класікаў беларускай літаратуры аб Магілёве: "Магіла льва" Я. Купалы і "Ладдзя роспачы" У. Караткевіча.

4. Звярнулі ўвагу нашых чыноўнікаў на недапушчальнасць змены беларуска-моўных назваў на рускамоўныя на дарожных знаках пры ўездзе ў гарады і мястэчкі вобласці, як гэта адбылося нядаўна пры рэканструкцыі шашы Менск - Магілёў.

Абмеркавалі кірункі сумеснай дзейнасці па папулярызацыі беларускай нацыянальнай культуры.

Алег Дзьячкоў. На здымках: дом па Вароўскага, банер.


Мілавідскі сельскі выканаўчы камітэт (Баранавіцкі раён) не хоча вяртаць памятную шыльду ў гонар паўстанцаў 1863 года

Мілавідскі сельскі выканаўчы камітэт (Баранавіцкі раён) не будзе вяртаць памятную шыльду ў гонар паўстанцаў 1863 года. Гэта стала вядома з ліста за подпісам в.а. старшыні Мілавідскага сельскага выканаўчага камітэта Давідовіч Н.В., які атрымаў старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца. У адказе на калектыўны зварот грамадзян паведамляецца, што "Баранавіцкі раённы выканаўчы камітэт ні ў 1993 годзе, ні ў цяперашні час не прымаў рашэнне аб наданні Мілавідскай сярэдняй школе імя Аляксандра Лянкевіча."

- Гэта адкрытая хлусня, бо павесіць металічную шыльду на дзяржаўным будынку заўсёды патрэбен быў дазвол прадстаўнікоў улады. Многія мясцовыя чыноўнікі мне казалі, што на свае вочы бачылі не толькі рашэнне аб наданні Мілавідскай СШ імя Аляксандра Лянкевіча, але і аб тым, што яны асабіста прысутнічалі пры ўрачыстым адкрыцці гэтай шыльды ў 1993 годзе, - паведаміў Віктар Сырыца.

Ён адзначыў, што грамадскія актывісты сабралі 214 подпісаў грамадзян горада. Да подпісаў быў прыкладзены калектыўны зварот грамадзян на імя старшыні Мілавідскага сельскага выканаўчага камітэта з просьбаю вярнуць памятную шыльду ў гонар кіраўніка Мілавідскай бітвы 1863 года Аляксандра Лянкевіча на будынак сельскай школы.

Віктар Сырыца дадаў, што калі гэта не ўдасца зрабіць шляхам збору подпісаў, то тады грамадскія актывісты будуць дзейнічаць праз суд.

Вітусь Свабодскі.


Матэрыялы пра паваенную Раду БНР - упершыню пад адной вокладкай

Сёлета адзначаецца 110 гадоў з дня нараджэння першага Прэзідэнта паваеннай Рады БНР Міколы Абрамчыка (1903-1970). Гэта стала нагодай для выдатнай падзеі - выдання кнігі "Рада БНР (1947-1970): Падзеі. Дакументы. Асобы". У ёй упершыню зробленая спроба рэпрэзентацыі матэрыялаў пасляваеннай эміграцыйнай дзейнасці Рады БНР.

Згуртаванне "Бацькаўшчына" выдала гэтую 22-ю кнігу ў серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны" (заснавана ў 2004 г.) сумесна з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва (Нью-Ёрк, ЗША) дзякуючы Беларуска-амерыканскаму грамадскаму цэнтру "Полацак" (ЗША) і Згуртаванню беларусаў у Вялікай Брытаніі.

Укладальнікі выдання - абодва сябры Рады Згуртавання "Бацькаўшчына", аўтары ўнікальных кніг пра беларускую эміграцыю: даследчык гісторыі беларусаў замежжа, кандыдат гістарычных навук Наталля Гардзіенка і архівіст, дзеяч беларускай эміграцыі ў ЗША Лявон Юрэвіч.

Упершыню ў кнізе публікуюцца пратаколы пасяджэнняў Рады і Ураду, найважнейшыя дакументы, ліставанне - усё тое, што дапаможа асэнсаваць, якія падзеі адбываліся ў палітычным жыцці беларускай эміграцыі на Захадзе ў паваенны час.

Асноўны змест кнігі склалі дакументы, датычныя дзейнасці Рады БНР часоў Міколы Абрамчыка - 1947-1970 гг. Кніга складзеная найперш на падставе матэрыялаў са збораў Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк). Таксама ў ёй былі выкарыстаныя дакументы і ліставанне са збораў Янкі Запрудніка (ЗША), Тамары Стагановіч (Кольба) (ЗША), Беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане. У Лоднан дакументы патрапілі праз сям'ю Жук-Грышкевічаў, а лісты ад ад самога Міколы Абрамчыка. Калекцыя дакументаў і лістоў, што ўвайшлі ў кнігу, таксама захоўваецца ў беларускіх фондах Бібліятэкі і архіваў Канады (Атава).

Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына".


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на першы квартал 2014 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 71. Цана змянілася нязначна. У 2014 годзе мы спадзяёмся выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні нашых чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


ВАЕННЫЯ ДЗЕЯННІ Ў БЕЛАРУСКА-ЛІТОЎСКІХ ЗЕМЛЯХ У 1831 ГОДЗЕ

У прапанаваным артыкуле, дадзена агульная характарыстыка скарыстаных пры яе падрыхтоўцы крыніц і літаратуры. Разглядаюцца асноўныя перадумовы пачатку паўстання 1830 - 1831 гг. у Царстве Польскім і былых землях ВКЛ, падрыхтоўка да ўзброенага выступлення ў Віленскай губерні, яго пачатак у сакавіку 1831 г., мерапрыемствы расійскага камандавання ў адказ. Разгледжаны ход ваенных дзеянняў у беларуска-літоўскіх землях у красавіку-жніўні, у тым ліку дзеянні польскага аддзела барона Дэзідэрыя Хлапоўскага, корпуса генерала Антонія Гелгуда. Апісаны штурм Вільні ў чэрвені 1831 г., параза і адступленне паўстанцаў з беларуска-літоўскіх земляў.

У заключэнні аўтар вылучае прычыны паразы паўстання ў разгляданай тэрыторыі і прыводзіць некаторую інфармацыю пра колькасць яго ўдзельнікаў і страты з іх боку, дае ацэнку дзейнасці генералаў А. Гелгуда і Г. Дамбінскага, а таксама падкрэслівае значнасць падзей 1830 - 1831 гг. у беларускай гісторыі.

Крыніцы

Паўстанне 1830 - 1831 гг. пакінула значны след у гісторыі Беларусі. Аднак у наш час у айчыннай гістарыяграфіі не ўсе пытанні гэтай тэмы даследаваны спаўна, сярод іх і такое важнае пытанне як узброеная барацьба беларускіх і літоўскіх паўстанцаў з расійскім войскам. Таму аўтар прысвячае сваё даследаванне менавіта гэтаму аспекту.

Па абранай тэме існуе вялікая колькасць крыніц і літаратуры. У працы былі скарыстаны мемуары сучаснікаў тых падзей: расійскага генерала Д.В. Давыдава [1]; польскага генерала актыўнага ўдзельніка паўстанцкай барацьбы - Дэзідэрыя Хлапоўскага [2]; дзённік успамінаў беларускага паўстанца Ігната Клюкоўскага [3]. Апроч гэтых дадзеных, аўтар прыводзіць лісты Мікалая I галоўнакамандуючаму рэзервовых войскаў графу, генералу П. А. Талстому [4]. Цікавымі крыніцамі па ваеннай гісторыі XIX стагоддзя з'яўляюцца палкавыя гісторыі [5].

Гэтая тэма закраналася ў шэрагу даследаванняў, апублікаваных у дарэвалюцыйны перыяд. У першую чаргу варта назваць працу А.К. Пузыроўскага "Польска-руская вайна 1831 года" [6]. Гэтая праца апісвае ход ваенных дзеянняў, утрымоўвае вялікую колькасць падрабязных карт, табліц (пра стан войскаў, іх перасоўванні, страты, і да т. п.), хоць і нясе на сабе ідэалагічны адбітак той эпохі. Рэпрэсіўныя меры расійскіх уладаў пры задушэнні вызвольнай барацьбы 1831 года на разгляданай тэрыторыі апісаны ў працы Д.А. Кропатава "Жыццё графа Мураўёва" [7]. Палітычнае становішча Царства Польскага, а таксама беларуска-літоўскіх земляў перад паўстаннем аналізуюцца ў кнізе Ш. Аскеназі [8]. Звесткі біяграфічнага характару пра многіх ўдзельнікаў апісаных у артыкуле падзей прыведзены ў "Рускім біяграфічным слоўніку" А. А. Полаўцава: [9]; [10]; [11]. Вялікая ўвага тэме паўстання нададзена ў польскай гістарыяграфіі: [12]; [13]; [14]; [15].

У нашыя дні не мала беларускіх гісторыкаў, у той ці іншай ступені, паспяхова займаюцца вывучэннем пытанняў паўстання 1830 - 1831 гг. у Беларусі: [16], [17]; [18] [19] [20]; [21]; [22].

Паўстанне

Пасля далучэння да Расійскай Імперыі тэрыторый былой Рэчы Паспалітай, перад Санкт-Пецярбургам паўстала новая глабальная праблема - так званае "польскае пытанне". Напачатку XIX ст. праблема аднаўлення дзяржаўнасці на землях былой Рэчы Паспалітай стала адной з цэнтральных у еўрапейскай палітыцы. Яна ў свой час прывяла да вострага супрацьстаяння Францыі і Расіі.

Падчас Напалеонаўскіх войнаў (1799 - 1815 гг.), у 1807 г. было створана Княства Варшаўскае. Па рашэнні Венскага кангрэсу (1814 - 1815 гг.), вялікая яго частка адышла да Расійскай Імперыі, і ў 1815 годзе на гэтых землях было ўтворана Царства Польскае, якое атрымала ад імператара Аляксандра I аўтаномію і ліберальную канстытуцыю [6, c. 2]. Разам з тым, землі былога Вялікага Княства Літоўскага не былі далучаны да Царства Польскага. Такім чынам парушалася працяглае адзінства гэтых народаў. Палітыка, якая праводзілася ў адносінах да іх насельніцтва, далёка не ў лепшы бок адрознівалася ад палітыкі ў стаўленні да жыхароў Царства Польскага і вяла да значнага пагаршэння становішча народа. Гэтыя акалічнасці выклікалі вострае незадавальненне ў шырокіх пластах польскай грамадскасці, а таксама і ў перадавой часткі грамадзян былога ВКЛ (шляхты, духавенствы, студэнцтва), і нароўні з пастаяннымі парушэннямі "ліберальнай канстытуцыі" расійскага імператара Аляксандра I, сталі сур'ёзнымі перадумовамі для пачатку вызвольнай барацьбы. У любым выпадку, слаўны народ Рэчы Паспалітай не мог змірыцца з тым, што яго Айчына захоплена і падзелена [19, с. 39; 15, с. 24; 16, с. 20].

У канчатковым выніку 29 лістапада 1830 г. у Варшаве пачалося нацыянальна-вызвольнае паўстанне. У той дзень увечар, група з 18-ці чалавек здзейсніла няўдалы замах на намесніка імператара ў Царстве Польскім цэсарэвіча Канстанціна Паўлавіча. Пётр Высоцкі падняў на паўстанне школу падпрапаршчыкаў - аддзел з 160-ці чалавек накіраваўся ў казармы рускіх і польскіх палкоў. Аднак вышэйшыя польскія афіцэры першапачаткова не падтрымалі паўсталых. І толькі малодшае афіцэрства вывела на вуліцы сталіцы свае роты, чым выратавала паўстанне. Пасля да іх пачалі далучацца гараджане, а затым і палкі войскаў, генералітэт, арыстакратыя [16, с. 45].

Праз некаторы час намеснік імператара здаў паўстанцам усе цвердзі і ваенныя арсеналы і пакінуў межы Царства. Польскія землі ахапіла рэвалюцыя [6, c. 7]. Ацэнка дзеянняў Канстанціна - сёння дыскусійнае пытанне. Бо, як меркавалі шматлікія яго сучаснікі, у цэсарэвіча меліся магчымасці задушыць рокаш у "зародку" [1, с. 27].

Вестка пра пачатак узброенага выступлення ў Варшаве паступіла ў Санкт-Пецярбург у першыя дні снежня 1831 г. Расійскае камандаванне неадкладна прыняло меры па мабілізацыі свайго войска і засяродзіла яго ў адным месцы. Галоўнакамандуючым дзейсным войскам быў прызначаны граф, генерал-фельдмаршал І.І. Дыбіч-Забалканскі. З мэтай нераспаўсюджання крамолы, 13 снежня 1830 г. у Менскай, Гарадзенскай, Віленскай губернях, Беластоцкай вобласці, а так жа ў Валынскай і Падольскай губернях уводзілася ваеннае становішча. Гэтыя тэрыторыі перадаваліся ў падначаленне графу І.І. Дыбічу-Забалканскому. Такім чынам, іх насельніцтва трапляла пад юрысдыкцыю ваенна-палявых законаў [19, с. 43]. Расійскім войскам, насуперак разлікам, і дзякуючы сур'ёзнаму адпору праціўніка, не ўдалося разграміць польскае войска "адным ударам". У выніку вайна прыняла зацяжны характар [6, с. 110].

Цвёрдыя паліцэйскія меры, прынятыя царскім кіраваннем для прадухілення распаўсюду паўстання, не змаглі перашкодзіць рэвалюцыйнаму парыву шматлікіх патрыётаў. Пры падтрымцы эмісараў з Варшавы, для падрыхтоўкі і кіраўніцтва паўстаннем у беларуска-літоўскіх землях, у студзені 1831 г. быў створаны Віленскі Цэнтральны камітэт. У розныя раёны накіраваліся яго прадстаўнікі, у тым ліку на Меншчыну і Віцебшчыну. У лютым Цэнтральны камітэт прыняў рашэнне пачаць выступленне ў Віленскай губерні, паколькі гэтая вобласць слаба ахоўвалася расійскай арміяй. У той час яе асноўныя сілы знаходзіліся ў Беластоку, Гародні, Менску і Слоніме. Аднак час ішоў, а Камітэт у Вільні загаду пра пачатак ваенных дзеянняў не аддаваў [19, с. 44; 16, с. 60].

Нягоды руска-польскай вайны, ускладзеныя расійскім ваенным камандаваннем на насельніцтва беларуска-літоўскіх земляў, выклікалі ў яго ўсё большую незадаволенасць. Асабліва прыгняталіся сяляне. Нароўні са шматлікімі рэквізіцыямі назіраліся і факты злоўжыванняў паўнамоцтвамі з боку вайскоўцаў. Да прыкладу, абшарнікі Кобрынскага, Гарадзенскага, Наваградскага паветаў скардзіліся на частыя выпадкі канфіскацыі коней, сена, фурманак. У сакавіку 1831 года ў Слонімскім павеце поўнаму разрабаванню падвергся маёнтак Льнянікі абшарніка Н. Міхайлоўскага. У той жа час недалёка ад Слоніма Татарскі полк зрабіў сур'ёзную шкоду некаторым сялянскім гаспадаркам [19, с. 45]. Не простая сітуацыя склалася ў Жмудзі [14, с. 185].

Нарэшце 26 сакавіка 1831 г. паўстанцкія аддзелы, якія складаліся з сялян і шляхты, напалі на горад Расіены Віленскай губерні. Яны абяззброілі невялікую расійскую каманду і авалодалі населеным пунктам. Захопленая тэрыторыя ўключалася ў склад адроджанага Каралеўства Польскага. Насельніцтву гарантаваліся воля і роўнасць, зафіксаваныя ў Статуце ВКЛ 1588 г. [16, с. 53].

Гэтая падзея стала, свайго роду, сігналам да ўсеагульнага выступлення. За лічаныя дні паўстанне ахапіла Віленшчыну. Патрыёты пад кіраўніцтвам Караля Залускага пачалі сур'ёзна рыхтавацца да штурму не досыць абароненага губернскага цэнтра. Аднак у будучым па шэрагу акалічнасцяў захоп Вільні зрабіўся немагчымым [16, с. 263; 13, с. 19; 3, с. 62]. У той жа час, адрэзаны ад тэатра ваенных дзеянняў Віленскі камітэт, не змог кіраваць ходам паўстання, паўстанцы кожнага павета дзейнічалі адасоблена [19, с. 46]. Арганізуючай сілай выступала шляхта, яна ж і складала асноўны касцяк фармаванняў. Сярод шляхты знаходзілася нямала былых афіцэраў часоў Напалеонаўскіх войнаў [19, с. 45].

У Варнях быў уладкованы зброевы завод. Дапамогу свінцом і порахам аказвалі прусакі [6, с. 138].

Вызвольная барацьба закранула і Гарадзенскую губерню. Падрыхтоўка да паўстання тут вялася са студзеня 1831 г. Таемная каардынуючая арганізацыя была заснавана ў губернскім горадзе. Канцэнтрацыя ў гэтым краі імперскіх войскаў не дазваляла разгарнуць шырокую барацьбу за вызваленне, падобна той, якая разгарнулася ў Віленскай губерні [16, с. 84].

Узброенае выступленне ў Віленскай губерні з'явілася вялікай праблемай для дзейснага расійскага войска, якое ў выніку аказалася практычна няздольным весці ваенныя дзеянні з праціўнікам у Царстве Польскім. Фельдмаршалу І. Дыбічу-Забалканскаму прыйшлося кінуць у "Літву" буйныя фармаванні. З мэтай лакалізацыі небяспечных агменяў паўстання ў красавіку 1831 г. была ўтворана шматтысячная рэзервовая армія пад камандаваннем генерала ад інфантэрыі Пятра Аляксандравіча Талстога, з падначаленнем яму Віцебскай, Магілёўскай і Менскай губерняў, а ў чэрвені - Віленскай, Гарадзенскай губерні і Беластоцкай вобласці [7, с. 277].

Першай буйной паразай паўстанцаў стаў Ашмянскі бой, які адбыўся 16 красавіка. У гэты дзень казакі палкоўніка Вярзіліна, накіраванага з атрадам у 1500 чалавек і 4-мя гарматамі для дзеянняў супраць ашмянскіх "інсургентаў", адкінулі невялікі аддзел абаронцаў Ашмян, уварваліся ў гэты горад і ўчынілі жорсткую расправу над насельніцтвам. Вынікам "крывавых" падзей сталі ахвяры больш за 350 чалавек [19, с. 48; 3, с. 51]. У літаратуры гэтыя падзеі вядомыя пад назвай "Ашмянская разня".

У 20-х днях таго ж месяца адмысловыя карныя атрады пад кіраўніцтвам дасведчаных царскіх ваеннаначальнікаў (Я. Атрошчанкі, Н. Сулімы, С. Хілкова і інш.) па чарзе прыступілі да задушэння паўстання. Да канца траўня 1831 года Віленшчына разам з усімі найважнейшымі дарогамі знаходзілася пад кантролем расійскіх войскаў, падпарадкаваных незадоўга графу П. А. Талстому [6, с. 270]. Вызвольны рух атрымаў сур'ёзны ўдар, паўстанцы пазбавіліся зброевага завода, паставак з Прусіі, нямала іх загінула ў баях. Але нават пасля гэтага шматлікія патрыёты працягвалі весці партызанскую вайну, і ў будучым далучыліся да польскіх рэгулярных войскаў [13, с. 22].

У той час як на тэрыторыі згаданай губерні паўстанне пайшло на спад, яго новыя сур'ёзныя агмені паўсталі ў Дзісненскім павеце Менскай губерні. Да сярэдзіны траўня 1831 г. у гэтым месцы засяродзіліся буйныя сілы з розных паветаў, прыкладна 6 тысяч чалавек. У канчатковым выніку, пасля шэрагу няўдалых баёў, 16 траўня "інсургенты" аб'ядналіся ў Лужках. З прычыны падыходу значных расійскіх войскаў, яны прынялі рашэнне пра адступленне. У мэтах адцягнення ўвагі праціўніка, паўстанцы правялі ўдалы манеўр (у Лепельскі павет выступіў аддзел у 1200 чалавек, які пасля быў разбіты), што дазволіла іх значнай частцы (2000 чал.) паспяхова адступіць у Віленскую губерню [16, с. 82].

Не простая для расейцаў сітуацыя склалася ў Белавежскай пушчы. Гэтая мясцовасць стала асноўнай базай і сховішчам для паўстанцаў Гарадзеншчыны. У сярэдзіне красавіка ў пушчу перабраліся чальцы таемнага камітэта. Ваенным кіраўніком абралі капітана Яна Жылінскага, грамадзянская ўлада замацавалася за Каралем Нямцэвічам. У траўні "інсургенты" перайшлі да актыўнай партызанскай вайны, нападалі на невялікія аддзелы і транспарты, пошты і да т. п. Расійскаму камандаванню, не гледзячы на прадпрыманыя сур'ёзныя спробы, не ўдавалася ліквідаваць праціўніка [6, с. 273].

Да моманту стварэння адмысловых следчых камісій, жорсткія расправы над беларускімі і літоўскімі бунтарамі ажыццяўлялі ваенна-палявыя суды [16, с. 157; 18, с. 112; 22, с. 122].

На пачатковым этапе вызвольнай барацьбы, кіраўніцтва паўсталай "Польшчы" не аказвала ваеннай падтрымкі "ліцвінам" (жыхарам ВКЛ). Некаторыя крокі на сустрэчу "занёманскім братам" пачалі рабіцца з лютага месяца, а з красавіка Нацыянальны ўрад ажыццяўляў спробы накіраваць у "Літву" армейскія часткі. Першапачаткова, у сілу шэрагу прычын, ажыццявіць задуманае не ўдавалася. Пасля гэта здолеў зрабіць таленавіты генерал, былы ад'ютант Напалеона Дэзідыры Хлапоўскі [19, с. 53]. 24 траўня на чале фармавання колькасцю 800 чалавек і 2-х гармат, ён уступіў у Гарадзеншчыну. У распараджэнні камандуючага знаходзілася парадку 100 афіцэраў і ўнтар-афіцэраў ваенных інструктараў, 1 уланскі полк, 100 стральцоў і 2 гарматы. Задачай польскага камандзіра было перасячы мяжу Царства Польскага (з чым ён паспяхова справіўся) і аказаць дапамогу паўстанцам Віленскай губерні [12, с. 357].

27 траўня барон Д. Хлапоўскі увайшоў на тэрыторыю Ваўкавыскага павета. На сваім шляху яму ўдалося перахапіць пасланца, які рухаўся са Слоніма ў Беласток. Камандзір зрабіў даволі незвычайны для ваеннага часу ўчынак - ён накіраваў ганца назад з лістом, у якім прапанаваў сустрэчу княгіні Жанэце Лавіцкай (сястры жонкі Дэзідэрыя), якая знаходзілася ў той час у гэтым горадзе разам з мужам Канстанцінам Паўлавічам. Па цалкам зразумелых прычынах, гэтая сустрэча ў канчатковым выніку не адбылася, і ў найбліжэйшы час цэсарэвіч разам са сваёй хворай халерай жонкай спешна пакінуў горад [16, с. 88]. Лёс вялікага князя Канстанціна, намесніка імператара Мікалая I у Царстве Польскім і негалосна на землях былога ВКЛ, таленавітага ваеначальніка скончыўся трагічна. У сярэдзіне чэрвеня 1831 г. ён пакутліва памёр ад халеры ў Віцебску [9, с. 155].

Увесну - улетку 1831 года гэтая страшная хвароба лютавала ў Расіі. Яна забрала многія людскія жыцці. Ад халеры сканаў і расійскі генерал-фельдмаршал І.І. Дыбіч-Забалканскі [10, с. 353].

(Працяг у наст. нумары.)

Вячаслаў Зайцаў, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Менск


Сорам і ганьба

Такія пачуцці выклікаюць вынікі аніяк не зладжанай працы мінчукоў па ўзнаўленні ў сталіцы дома, дзе нарадзіўся беларускі нацыянальны геній - паэт, празаік, перакладчык, крытык і публіцыст Максім Багдановіч (09.12. 1891, Мінск - 25.05.1917, Ялта).

А як хораша ўсё пачыналася. Згодна з урадавай пастановай "Аб мерапрыемствах, прысвечаных 120-годдзю з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча", да снежня 2011 года меркавалася аднавіць родны дом паэта. Адказнымі за гэтую справу былі прызначаны Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам і ТАА "Трайпл", якое якраз у квартале над Свіслаччу, дзе некалі на вуліцы Аляксандраўскай стаяў гістарычны будынак, і распачало будаўніцтва 23-хпавярховага гмаху "Ля Траецкага"…

Але дом, дзе нарадзіўся і правёў першыя восем месяцаў свайго жыцця будучы славуты паэт, не адбудаваны да гэтай пары. Адновім асноўныя падзеі гэтай журботнай гісторыі.

Пасля прыняцця ўрадавай пастановы ў Літаратурны музей Максіма Багдановіча, што знаходзіцца ў Траецкім прадмесці, зачасцілі госці. Сярод іх былі прадстаўнікі "Трайплу" і археолагі з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі

Ім распавялі, што на фундаменце гістарычнага двухпавярховага флігеля (першы паверх - цагляны, другі - драўляны, дом згарэў пад час Другой сусветнай вайны), які знаходзіцца па вуліцы Максіма Багдановіча, быў пабудаваны аднапавярховы будынак. У ім спачатку размяшчаўся пункт прыёму шклатары, а затым офіс фірмы па гандлі мэбляй.

Праект аднаўлення дома народзінаў паэта, пабудаванага ў другой палове ХІХ стагоддзя ў стылі традыцыйнай гарадской забудовы, быў распрацаваны яшчэ да 100-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча, якое адзначалася ў 1991 годзе. Аўтары праекту ўлічылі, што ў канцы XIX стагоддзя на першым паверсе будынка размяшчалася Першае менскае прыходскае вучылішча, а на другім - кватэры выкладчыкаў гэтай навучальнай установы.

Вось чаму на першым паверсе дома супрацоўнікі музея Багдановіча планавалі адкрыць школу ці цэнтр дзіцячай творчасці, а на другім - аднавіць кватэру настаўніка і атмасферу жыцця менскай інтэлігенцыі канца XIX - пачатку XX стагоддзя. Экспазіцыя другога паверха павінна ўключаць рэчавыя, пісьмовыя і выяўленчыя матэрыялы эпохі, у тым ліку фатаздымкі з архіва сям`і Багдановічаў, расповед аб рознабакова адораных бацьках паэта - Марыі і Адаме, а таксама аб іх таленавітых дзецях.

Але перад рэалізацыяй гэтага цудоўнага праекту, адноўленага, дарэчы, на грошы "Трайплу", ягоныя спецыялісты ў адпаведнасці з заканадаўствам па ахове спадчыны запатрабавалі правесці абавязковае археалагічнае даследаванне мясцовасці, дзе некалі стаяў дом нараджэння паэта. Пры гэтым "Трайпл" выказаў намер быць заказчыкам на правядзенне раскопак.

Згодна з гістарычнай даведкай, атрыманай археолагамі ад супрацоўнікаў музея паэта, ягоны дом прыкладнымі памерамі 23,4 х 10,6 х 7,1 метра знаходзіўся ў цэнтры двара на адлегласці каля 10-11 метраў ад унутранага фасада сучаснага будынка №25 па вуліцы імя Багдановіча.

Для пошуку рэшткаў фундамента дома паэта археолагі збіраліся закласці і даследаваць крыжападобную траншэю памерамі 30 х 15 х 2 х 3 метры агульнай плошчай каля 90 кв.м., прапанавалі заказчыку прадаставіць неабходную землярыйную тэхніку і землякопаў, а таксама паведамілі, што пачнуць працы "не раней вясны 2011 года, што тлумачыцца неабходнасцю адтайвання верхніх напластаванняў".

Аднак да раскопак археолагі так і не падступіліся. Сёння сваё рашэнне яны матывуюць тым, што для больш дакладнай лакалізацыі месца дома Багдановіча на тэрыторыі, дзе засталіся фрагменты фундаментаў шэрагу іншых аб'ектаў гарадской забудовы канца XIX - пачатку XX стагоддзяў, кіраўніцву "Трайплу" і Міністэрства культуры было прапанавана правесці адпаведнае гістарычна-архіўнае даследаванне, якое так і не было зроблена з невядомых прычын. Пры гэтым, археолагі падкрэсліваюць неабходнасць такога даследавання ў сувязі з немажлівасцю правядзення маштабных раскопак у двары па Багдановіча, № 25 і пагрозай частковага перакрыцця тэрыторыі наземных аўтастаянак мясцовых жыхароў, знерваваных будоўляй гмаху "Ля Траецкага" і перспектывай перасялення ў мікрараёны на ўскрайку сталіцы з-за таго, што стан іхняга дома быў прызнаны аварыйным.

Гэткімі ж прычынамі былі абумоўлены і вынікі грамадскага абмеркавання, праведзенага адміністрацыяй Цэнтральнага раёна сталіцы сярод жыхароў дамоў №№ 23, 25 і 27 па вуліцы імя Багдановіча наконт мажлівага ўшчыльнення забудовы двара з-за планаванага аднаўлення дома паэта. Ягоныя сённяшнія землякі выступілі супраць, бо ім і так ужо, маўляў, няма дзе дыхаць… У гэтай сітуацыі і раённыя ўлады выступілі супраць рэалізацыі праекту аднаўлення дома Багдановіча.

Тым часам шматпавярховік "Ля Траецкага" быў пабудаваны, а на меркаваным месцы, дзе павінен быў паўстаць адноўлены гістарычны будынак, узнікла тэхналагічная пабудова для забеспячэння пажарнага выхаду з падземнай стаянкі на 300 аўто для жыхароў гмаха. Такім чынам, звузілася рэальная мажліваць аднаўлення дома Багдановіча. Разам з тым, з ініцыятывы ГА "Беларускі камітэт Міжнароднай рады па пытаннях помнікаў і гістарычных мясцінаў (ICOMOS)" (старшыня Уладзімір Гілеп) месца, дзе стаяў гістарычны будынак, на грошы "Трайплу" было пазначана памятным знакам (галоўны архітэктар праекту Нэлі Дарашкевіч).

На маё меркаванне, халодная бяздушнасць гэтага знака, які знаходзіцца побач са сметнікам, прыніжае як самога паэта, так і ўсіх беларусаў. Казённы выгляд гэтай мемарыяльнай кампазіцыі нават не могуць сагрэць словы Максіма Багдановіча з апавядання "Апокрыф" (1913), прапанаваныя музеем паэта і прадубляваныя на знаку па-ангельску, расейску, польску і украінску: "Я ж кажу вам: добра быць коласам; але шчаслівы той, каму дадзена быць васільком. Бо нашто каласы, калі няма васількоў?"

На жаль, шэраг знаных прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі сталіцы, у тым ліку заслужаныя і народныя мастакі, якія ў кулуарах абураліся вобразам памятнага знака і яго ўвасабленнем, так і не змаглі ўзвысіцца да адкрытага выказвання сваёй агульнай пазіцыі і абараніць памяць славутага паэта.

Згодны з меркаваннем пра памятны знак дырэктаркі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Таццяны Шэляговіч: "Цяжка прыдумаць большай безгустоўнасці і большай недарэчнасці пры ўшанаванні месца, дзе стаяў дом, у якім нарадзіўся Максім Багдановіч. Вельмі скрушна і крыўдна, бо ўзвядзенне мамарыяльнага знака можна было выкарыстаць, каб пакінуць пасля сябе добры след для нашых нашчадкаў пра тое, як беларусы на пачатку XXI стагоддзя бераглі і шанавалі памяць пра Максіма Багдановіча. Аднак спадзяюся, што гэты знак доўга не прабудзе. Прыдзе час, і на гэтым месцы паўстане светлая, зорная і ўзнёслая кампазіцыя, годная паэта".

Дырэктарка музея не пакідае і надзею на аднаўленне ў будучым дома, у якім нарадзіўся класік беларускай літаратуры. "Для гэтага будынка музей ужо даўно стварыў навуковую базу будучай выставы і склаў яе тэматыка-экспазіцыйны план, закупленыя і адрэстаўраваныя экспанаты, менавіта для гэтай выставы захоўваюцца мемарыяльныя рэчы. Таму жывём марай, што гэты дом з новай музейнай экспазіцыяй калі-небудзь паўстане", - адзначыла Шэляговіч.

Паводле яе слоў, існуе варыянт аднаўлення часткі гістарычнага будынка нават над тэхналагічным збудаваннем падземнай аўтастаянкі. Пры сучасных тэхналогіях і магчымасцях архітэктараў па арганізацыі прасторы не цяжка ўзнавіць кватэру настаўніка Адама Ягоравіча Багдановіча і аднавіць інтэр'еры яе пакояў, сказала дырэктарка музея. Пры такім падыходзе, на яе меркаванне, у сталіцы Беларусі з'явіцца яшчэ адна цудоўная знакавая мясцінка, прысвечаная Максіму Багдановічу, і ўшанаванне яго памяці будзе зроблена належным чынам. "Гэтая мясцінка ўзвысіць нас да Максіма і ўздыме над тым брудам і калецтвам, якім мы сёння грашым. Я пра гэта мару, веру і ні кропелькі не сумняваюся. А мары, як вядома, спраўджваюцца", - падкрэсліла Тацяна Шэляговіч.

На маё меркаванне, уся гісторыя з узнаўленнем дому Максіма Багдановіча сведчыць пра агульны стан беларускага грамадства і ў нейкай ступені адлюстроўвае яго. Я думаю, што такога не магло здарыцца нават за саветамі. Пацверджанне гэтаму - высокі мастацкі ўзровень помніка паэту ў скверы каля опернага тэатра, мемарыяльнай шыльды з згадкай пра месца нараджэння нацыянальнага генія на фасадзе дома № 25 па вуліцы імя Багдановіча, а таксама густоўная экспазіцыі ягонага літаратурнага музея…

Пасля таго, як я даведаўся пра сумную справу з аднаўленнем дома нараджэння нацыянальнага генія, мне ўжо будзе цяжка, як раней, два разы на год - на дзень народзінаў паэта 9 снежня і на дзень ягонага сыходу ў іншы свет 25 траўня - прыходзіць да помніка Багдановічу, каб пачуць шматлікія СЛОВЫ любові да яго. Бо, як аказалася, многія з гэтых словаў фарысейскія і на СПРАВЕ анічога не вартыя.

Марат Гаравы. На здымках - мемарыяльны знак на месцы дома, дзе нарадзіўся Максім Багдановіч.


ДАСЛЕДАВАЦЬ І ЗАХАВАЦЬ

У рамках праекту трансмежавага супрацоўніцтва паміж Латвіяй, Літвой і Беларуссю "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" пры міжнароднай тэхнічнай дапамозе Еўрапейскага Саюза аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага раёна рэалізоўваюцца экспедыцыі для вывучэння мясцовага фальклору.

Адным з рэгіёнаў даследавання з'яўляецца Голдаўскі сельсавет, дзе шмат вёсак, але ні ў адной з іх няма такіх танцорак і пявунь, як жанчыны з вёскі Ігнаткаўцы. Яны памятаюць і танцуюць старадаўнія побытавыя танцы, акрамя таго яны цудоўна спяваюць песні.

Падчас правядзення фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі (якая прайшла 21 лістапада) ад старэйшых жыхароў вёскі Ігнаткаўцы сабраны багаты фальклорны танцавальны матэрыял. Экспедыцыйнай групай было сабрана і зафіксавана каля дзесяці побытавых танцаў: "Полька дробна", "Акуліна", "Кракавяк", "Падэспань", "На рэчаньку", "Каробачка", "Лысы", "Вальс", "Руская полька", "Факстрот". Жанчыны не толькі расказвалі, але і дэманстравалі танцы і каманды, якія гучалі даўней падчас танцаў ("Колечка", "Кавалеры ўправа", "Пара за парай", "Паненка да першага", "Паненка да другога" і інш.). Акрамя гэтага, яны з вялікім задавальненнем выканалі некалькі старадаўніх лірычных песень: "Ярмо", "Пайду я роўным полем", "А ў полі азярэчка" і г.д.

Трэба адзначыць, што жынчыны з вёскі Ігнаткаўцы Надзея Гомза (1941 г.н.) і Яўгенія Гомза (1940 г.н.), Таісія Радзюк (1937 г.н.), Надзея Дзятчык (1936 г.н.), Дар'я Каспорская (1928 г.н.) - сапраўды пявунні і танцоркі ўнікальныя. Гэта самародкі, якія не страцілі духоўных каштоўнасцей, атрыманых у спадчыну ад сваіх матуль і бабуль. Акрамя таго, захавалі сваю ўнутраную прыродную прыгажосць. Можа, таму песні, якія яны выконваюць, заўсёды так моцна кранаюць сэрца.

Працяг даследчай дзейнасці па вывучэнні побытавых танцаў на Лідчыне адбыўся праз тры дні (24 лістапада) на базе Тарноўскага цэнтральнага Дома культуры, дзе праходзіў першы раённы конкурс побытавых танцаў "Танцуем па-даўнейшаму". 58 танцавальных пар з 15 устаноў культуры Лідскага раёна змагаліся за званне дыпламантаў у 3-х ўзроставых катэгорыях: дзеці, культработнікі і рабочая моладзь, носьбіты фальклору. Узрост удзельнікаў вагаўся ад 6 да 87-мі гадоў. Такое прадстаўніцтва садзейнічала пераемнасці сапраўднай народнай манеры выканання, выразнасці пластычных рухаў, высакароднасці традыцыйнага танцавальнга стылю. Удзельнікі конкурсу пазнаёмілі гледачоў аграгарадка Тарнова са шматлікімі варыянтамі ўзораў танцаў, што бытуюць у розных рэгіёнах раёна.

Зборны калектыў работнікаў культуры раёна ўпершыню на падобным мерапрыемстве прадэманстраваў са сцэны вянок беларускіх побытавых танцаў з вельмі сакавітымі назвамі - "Кракавяк", "Падэспань", "Лысы", "Лявоніха", а пасля заканчэння конкурснай праграмы ўсе ахвочыя мелі магчымасць павучыцца танцу "Ойра" і атрымалі безліч уражанняў.

Самабытнасцю вызначаліся танцавальныя пары Голдаўскага цэнтральнага дома культуры, Пескаўскага сельскага дома культуры і інш. Непаўторнасць харэаграфічнай мовы, высокі выканаўчы ўзровень паказалі танцавальныя пары Дзітвянскага цэнтральнага дома культуры, Крупаўскага сельскага дома культуры, Мінойтаўскага цэнтра культуры і вольнага часу, Ходараўскага цэнтральнага дома культуры і інш.

Упрыгожвалі, дапаўнялі народныя побытавыя танцы калектыў з лідскага Дома польскага "Красовыя забавы" і ўзорны фальклорны танцавальны калектыў "Скарбоначка" Дэмбраўскага сельскага дома фальклору і народных традыцый Шчучынскага раёна.

Вынікі конкурсу побытавых танцаў "Танцуем па-даўнейшаму" даюць падставу сцвярджаць, што цікавасць дзяцей, падлеткаў, моладзі, культработнікаў да традыцыйнай танцавальнай культуры нашых продкаў узрасла. Пачынанне выйшла добрае, вартае стаць традыцыяй.

Экспедыцыя пакінула незабыўныя ўражанні для рабочай групы праекту "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах".

Н. ВАЙЦЮКЕВІЧ, метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX