Вярнуцца: 2014

№ 05 (1156)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 5 (1156) 29 студзеня 2014 г.


130 гадоў з дня нараджэння Антона Луцкевіча

Антон ЛУЦКЕВІЧ (29 студзеня 1884, Шаўлі, Ковенская губерня - 23 сакавіка 1942 або 30 лістапада 1943, перасыльны пункт у Аткарску, Саратаўская вобласць) - адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху ў ХХ ст., гісторык, літаратуразнаўца, публіцыст. Брат Івана Луцкевіча.

Паходзіў з шляхецкага роду гербу "Навіна". У 1902 скончыў Менскую гімназію. Вучыўся на фізіка-матэматычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта, юрыдычным факультэце Дэрпцкага ўніверсітэта. Адзін з заснавальнікаў у 1903 БРГ. У лютым 1906 перайшоў на нелегальнае становішча, пераехаў у Вільню. Уваходзіў у склад рэдакцый газетаў "Наша доля" і "Наша ніва". Першы артыкул апублікаваў у 1906 у № 1 газеты "Наша доля". Супрацоўнічаў з выдавецтвам "Нашай нівы", з 1913 з Беларускім выдавецкім таварыствам. З 1911 саўладальнік Віленскай бібліятэкі-чытальні "Веды" Б. Даніловіча, з 1914 яе ўладальнік. Адзін з выдаўцоў газеты "Гоман". У 1915 з братам, паэтэсай Цёткай (А. Пашкевіч) і іншымі заснаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную работніцкую грамаду (БСДРГ), узначаліў Беларускі народны камітэт (БНК). Адзін з ініцыятараў Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага.

На Беларускай канферэнцыі 1918 абраны старшынём Віленскай беларускай рады (ВБР). 18.3.1918 кааптаваны ад ВБР у склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, быў ініцыятарам абвяшчэння незалежнасці БНР. Пасля расколу БСГ адзін са стваральнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (БСДП). У верасні 1918 прызначаны Радай БНР Старшынём Народнага сакратарыяту і народным сакратаром замежных справаў (з кастрычніка 1918 Старшыня Рады Народных Міністраў і міністр замежных справаў БНР). 3 снежня 1918 Рада і ўрад БНР на чале з А. Луцкевічам пераехалі ў Вільню, 27 снежня - у Гародню. 14.12.1918, 2.1 і 3.1.1919 Луцкевіч накіраваў ноты пратэсту польскаму ўраду супраць далучэння да Польшчы Беластоцкага, Бельскага і Аўгустоўскага паветаў.

Пасля расколу Рады БНР 13.12.1919 Старшыня Рады Міністраў Найвышэйшай Рады БНР. З 1921 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні. Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі. Яго намаганнямі пры Беларускім навуковым таварыстве (БНТ) арганізаваны Беларускі музей імя І. Луцкевіча.

Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1927 і 1928 г.,

Пасля ўступлення ў Заходнюю Беларусь Чырвонай Арміі яго запрасілі на сход беларускай інтэлігенцыі. У верасні 1939 году арыштаваны бальшавікамі ў Вільні і перавезены ў Менск. Асобай нарадай НКУС СССР прыгавораны да 8 гадоў канцлагераў. Памёр у саратаўскай вязніцы НКУС. Быў пахаваны ў спецсектары камунальных могілак Аткарска. Рэабілітаваны ў 1989 годзе.

Вікіпедыя.


125 гадоў з дня нараджэння Язэпа Мамонькі

Язэп Аляксеевіч МАМОНЬКА (28 студзеня 1889, в. Залессе Слуцкага пав. Менскай губ. (цяпер Слуцкі раён Менскай вобл., Беларусь) - 10 верасня 1937, ГУЛАГ, Расія) - беларускі палітычны дзеяч, публіцыст.

У 1907-1917 сябар партыі эсэраў. Двойчы арыштоўваўся, правёў у турме 2 гады і 10 месяцаў. Падчас 1-й сусветнай вайны мабілізаваны ў царскае войска, малодшы унтэр-афіцэр. Стварыў у Рызе ў траўні 1917 першае беларускае вайсковае аб'яднанне. Дэлегат ад 12-й арміі ІІІ з'езда БСГ (кастрычнік 1917), на якім абраны ў ЦК. Адзін з арганізатараў і дэлегатаў 1-га Усебеларускага з'езду (1917). Сябар Вялікай беларускай рады і Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Арыштоўваўся савецкімі ўладамі 18.12.1917 і ў 1918.

У 1918-1924 сябар БПС-Р, уваходзіў у яе кіраўніцтва, з 1921 сябар бюро ЦК. Са снежня 1919 член прэзідыюма Рады БНР.

Быў арыштаваны польскімі ўладамі. Пасля вызвалення перабраўся ў Коўню. У пач. 1921 прыехаў у Менск дзеля каардынацыі падпольнай дзейнасці ў Заходняй Беларусі. Арыштаваны ў сакавіку 1921, прывезены ў Маскву. У красавіку 1921 высланы ў Казань, адкуль уцёк у Коўню. У канцы 1922 выехаў у Чэхаславакію. Скончыў 3 курсы камерцыйнага інстытута ў Празе. У час 2-й Усебеларускай канферэнцыі (1925) у Берліне выступіў супраць роспуску ўраду БНР і пакінуў канферэнцыю. У 1928 жыў у Рызе.

У верасні 1928 атрымаў візу для прыезду ў СССР, дзе адразу (11.9.1928) быў арыштаваны ДПУ БССР на станцыі Бігосава; адпраўлены ў Маскву. 3.1.1929 пастановай Калегіі АДПУ СССР прыгавораны да 10 гадоў лагераў. 2.9.1937 пастановай "тройкі" НКУС Комі АССР прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны на ст. Мядзведжая Гара (Сандармох) Карэла-Фінскай АССР (цяпер Архангельская вобл., Расія). Рэабілітаваны пракуратурай Комі АССР 12.4.1989, Генеральнай пракуратурай Расіі 25.3.1993.

Вікіпедыя.


Рэспубліканская Рада ТБМ

26 студзеня 2014 г. на сядзібе ТБМ у Менску адбылося планавае паседжанне рэспубліканскай Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны". На парадак дня былі вынесены наступныя пытанні:

1. Справаздача Старшыні ТБМ аб працы арганізацыі за 2013 г.

2. Зацвярджэнне плана працы ТБМ на 2014 год .

3. Прыняцце заявы адносна сітуацыі з Літаратурным музеем імя Максіма Багдановіча.

4. Падрыхтоўка да юбілею ТБМ.

5. Падрыхтоўка да чарговага з'езду ТБМ.

6. Зварот да выбаршчыкаў.

7. Зварот да кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў.

8 . Аб выданні летапісу ТБМ за 2009-2014 гг.

9. Рознае.

Рада заслухала справаздачу Старшыні ТБМ імя Ф. Скарыны Алега Трусава аб працы арганізацыі за 2013 год. Пад час абмеркавання гучаў шчыры клопат за стан роднай мовы, за тое, што працэсы пашырэння ўжытку беларускай мовы ідуць павольна і не ўсюды.

Рада ўнесла дапаўненні ў праект плана работы ТБМ на 2014 год і зацвердзіла план цалкам.

Рада пастанавіла размежаваць юбілей ТБМ (25 гадоў з моманту заснавання) і чарговы з'езд ТБМ. Юбілей ТБМ плануецца святкаваць у канцы чэрвеня 2014 года, а з'езд - правесці 26 кастрычніка.

Рада пастанавіла выдаць "Летапіс ТБМ" за апошнія 5 гадоў. Раней летапісы ТБМ выдаваліся за 15 і 20 гадоў. Укладальнікам летапісу прызначана сябар Рады Святлана Багданкевіч. Летапіс вырашана выдаць да з'езду. Рада звяртаецца да кіраўнікоў усіх рэгіянальных структур ТБМ з просьбай дасылаць у сядзібу ТБМ інфармацыю пра дзейнасць сваіх арганізацый, пачынаючы з другой паловы 2009 года. Рада прапануе сябрам ТБМ прыступіць да напісання гісторый сваіх арганізацый, паколькі следам за юбілеем ТБМ адзін за адным пойдуць юбілеі рэгіянальных арганізацый.

Рада даручыла Сакратарыяту стварыць аргкамітэт па святкаванні юбілею ТБМ.

Рада пагадзілася вынесці на Агульнанацыянальную дыктоўку тры тэксты па творах Васіля Быкава, 90 гадоў з дня нараджэння якога беларуская і сусветная грамадскасць будзе адзначаць сёлета. Тэксты будуць апублікаваныя ў "Нашым слове".

Дыктоўку вырашана пачаць у 21 лютага.

Рада зацвердзіла вынесеныя на разгляд звароты і заявы.

Наш кар.


Рэспубліканская Рада ТБМ

Пастанова Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" "Аб даце склікання чарговага XII з 'езду ТБМ і аб працэдуры вылучэння дэлегатаў на з 'езд "

Мінск

26 студзеня 2014 г.

Рада ТБМ пастанаўляе:

1. Склікаць чарговы XII з'езд ТБМ у г. Мінску 26 кастрычніка 2014 года.

2. Дэлегатаў на з'езд вылучаюць рэгіянальныя арганізацыі, якія стаяць на ўліку ў мясцовых органах улады па наступных квотах:

- Мінская гарадская арганізацыя - 30 чалавек;

- абласныя арганізацыі - 5 чалавек ад кожнай;

- гарадскія і раённыя арганізацыі: да 50 чалавек - 1 дэлегат, ад 51 да 100 чалавек - 2 дэлегаты, ад 101 чалавека і болей - 3 дэлегаты.

3. Суполкі і арганізацыі, якія не стаяць на ўліку ў мясцовых органах улады могуць вылучаць па аднаму паўнамоцнаму прадстаўніку з правам дарадчага голасу.

4. Па-за квотай рэгіянальнымі структурамі вылучаюцца на з'езд у якасці дэлегатаў сябры Рады ТБМ і Рэвізійнай камісіі.

5. Вылучэнне дэлегатаў на з'езд правесці за перыяд часу з 7 лютага па 20 верасня 2014 года.

6. Дакументы аб вылучэнні дэлегатаў даслаць ў сакратарыят ТБМ не пазней за 1 кастрычніка 2014 года.

7. Рада ТБМ рэкамендуе вылучаць у якасці дэлегатаў сяброў ТБМ, якія маюць пасведчанне сябра ТБМ з фотаздымкам і аплачаныя складкі за 2014 год.

Зварот Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"да кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў на выбарах 2014 г.

Паважаныя сябры!

Наперадзе ў нас нялёгкая перадвыбарчая кампанія. Нашы людзі зняверыліся ў сваіх лепшых надзеях, шмат хто наогул не збіраецца ісці на выбары і спадзяецца толькі на самога сябе. Тым не меней, пад ляжачы камень вада не цячэ, і таму мы звяртаемся да Вас з прапановай браць удзел у выбарчай кампаніі па-беларуску, з пачуццём нацыянальнай годнасці.

Звяртайцеся да выбаршчыкаў на роднай беларускай мове, уключайце ў свае прадвыбарчыя платформы пункты аб адкрыцці ў Вашай мясцовасці беларускамоўных класаў, школ, гімназій, студэнцкіх групаў і плыняў, аформіце па-беларуску свае ўлёткі, лозунгі і плакаты - і Вы адразу адчуеце падтрымку тых, каму баліць душа за стан нашай мовы і культуры, хто хоча жыць у заможнай еўрапейскай дэмакратычнай краіне.

Поспеху Вам і перамогі!

Рада ТБМ.

Мінск, 26 студзеня 2014 г.

Зварот Рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" да выбаршчыкаў 2014 г.

Сёлета ў нашай краіне адбудуцца чарговыя выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Падчас агітацыйнай кампаніі, акрамя іншага, варта звяртаць увагу і на тое, наколькі кандыдат у дэпутаты адстойвае нацыянальныя інтарэсы сваёй краіны, як ставіцца да роднай культуры і мовы - асноўных чыннікаў нацыі і незалежнай дзяржавы.

Таварыства беларускай мовы заклікае падтрымаць тых кандыдатаў, якія ведаюць і шануюць беларускую мову, карыстаюцца ёю і спрыяюць яе пашырэнню. Менавіта ад гэтага залежыць, наколькі ён будзе бараніць інтарэсы народа - носьбіта духоўнага скарбу, інтарэсы незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь.

Рада ТБМ.

Мінск, 26 студзеня 2014 г.


Гісторык і літаратар распавёў пра ўкрадзеныя слонімскія скарбы

У Народным музеі імя Аляксандра Жукоўскага сярэдняй школы № 4 г. Слоніма вучні і настаўнікі сустрэліся са слонімскім літаратарам, гісторыкам і журналістам Сяргеем Чыгрыном.

Госць распавёў ім пра гісторыю слонімскай зямлі, але найбольш ён спыніўся на тых скарбах, якія за апошнія 500 гадоў былі ўкрадзеныя і вывезеныя са Слонімшчыны ў розныя краіны свету.

- Найбольш скарбаў з нашай мясцовасці знікла з палацаў Слізьняў з вёскі Новадзявяткавічы, Пуслоўскіх з Альбярціна, Агінскіх і Сапегаў са Слоніма, з храмаў з Жыровічаў, Слоніма, Азярніцы, Дзераўной. Напрыклад, калекцыя карцін з Альбярціна магла б з поспехам сёння экспанавацца ў многіх еўрапейскіх галерэях. Тут некалі знаходзіліся эскізы "Галоўкі" Леанарда да Вінчы, "Кентаўра" Рубенса, дзве карціны Пітэра Брэйгеля, некалькі венецыянскіх партрэтаў. Зніклі са Слонімскага музея шахматная дошка Льва Сапегі, статуэтка з дрэва вялебнага Ніла Сорскага, срэбны медаль-манета 138 года да нашай эры з надпісам на старажытна-яўрэйскай мове часоў Сімона Макавея і тысячы іншых каштоўнасцей, - сказаў Сяргей Чыгрын.

Васіль Адамаў, Беларуская Радыё Рацыя. Фота аўтара.


Шлях у гісторыю

(да 85-годдзя Анатоля Пятровіча Грыцкевіча)

31 студзеня 2014 года адзначае 85-годдзе вядомы беларускі гісторык, прафесар, доктар гістарычных навук, аўтар больш за 1300 навуковых публікацый і 10 манаграфій - Анатоль Пятровіч Грыцкевіч.

А.П. Грыцкевіч - сапраўдны член Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, ганаровы сябар МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", ганаровы сябар Міжнароднай асацыяцыі беларусаў, сябар Маскоўскага гістарычна-радаводнага таварыства, ганаровы сябар Таварыства беларускай культуры ў Літве, сябар рады Таварыства беларускай мовы.

Таленавіты даследчык беларускай мінуўшчыны ўражвае бліжніх не толькі глыбокімі энцыклапедычнымі ведамі, але і як чалавек высокай культуры і інтэлігентнасці.

Нарадзіўся А.П. Грыцкевіч у Менску. Бацька Пётр Грыцкевіч па адукацыі быў гісторык, грамадскі і партыйны дзеяч з антыпольскіх партызан. Маці па адукацыі - медык, працавала ў Беларускім медыцынскім істытуце на пасадзе дацэнта.

Аднак карані роду Грыцкевічаў ідуць са Случчыны яшчэ з 16-га стагоддзя. І таму, тэмай навуковых даследванняў Анатоля Пятровіча былі Слуцк, Случчына, прыватнаўласніцкія гарады Вялікага Княства Літоўскага. Прафесар упершыню ў гісторыяграфіі Беларусі навукова даследваў гісторыю Слуцкага збройнага чыну і паходу генерала С.Н. Булак-Балаховіча на Палессе.

Пасля заканчэння ў г. Менску сярэдняй школы Анатоль Пятровіч паступіў у Менскі дзяржаўны медыцынскі інстытут, які скончыў у 1950 годзе, працаваў лекарам на Беларускай чыгунцы. У 1955 годзе ён скончыў Менскі педагагічны інстытут замежных моў, а ў 1958 г. гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 1959 г. з'яўляўся навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі, а з 1975 года працаваў у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, дзе на працягу 1975-2006 гг. загадваў кафедрай гісторыі Беларусі і музеязнаўства.

Адначасова А.П. Грыцкевіч працаваў у энцыклапедычных выданнях. Для шасцітомнай Энцыклапедыі Гісторыі Беларусі ў суаўтарстве з калектывам даследчыкаў - М.І. Ермаловіч, А.І. Мальдзіс, Г.В. Штыхаў - быў падрыхтаваны шэраг артыкулаў.

Даследчык беларускай мінуўшчыны, прапагандыст гістарычных ведаў, удзельнік шматлікіх міжнародных навуковых канферэнцый і сімпозіюмаў у Рыме, Парыжы, Лондане, Будапешце, Кракаве, Варшаве, Любліне, Вільні і Санкт-Пецярбурзе.

У 1998 годзе міжнародным Кембрыджскім біяграфічным цэнтрам за навуковыя дасягненні прызнаны Чалавекам года. У 2008 годзе ўзнагароджаны дыпломам "Пшэглёнду Всходнего" імя Аляксандра Гейштара ў Варшаўскім універсітэце. Гэтая ўзнагарода штогод уручаецца навукоўцам за пашырэнне ведаў пра гісторыю Ўсходняй Еўропы.

Кола навуковых даследванняў А.П. Грыцкевіча ўражвае нават навукоўцаў. Даследчык гісторыі Беларусі феадальнага перыяду (сам Анатоль Пятровіч жартуе: "Мая гістарычная спецыялізацыя "феадал"), прыватнаўладальніцкіх гарадоў Беларусі і Літвы (вызначыў іх колькасць і тыпы, узровень эканамічнага развіцця, сістэму кіравання і самакіравання, сацыяльна-эканамічнае становішча мяшчанства), гісторыяграфіі Беларусі (даследваў гісторыю праваслаўнай, каталіцкай і ўніяцкіх цэркваў, таксама пратэстантызму). Кніга А.П. Грыцкевіча па гісторыі цэркваў выдадзена ў Рыме.

Менавіта А.П. Грыцкевічам было ўведзена ў гісторыяграфію вызначэнне Рэчы Паспалітай, як федэрацыі дзвюх раўнапраўных дзяржаў: Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага.

Анатоль Пятровіч - аўтар публікацый па гісторыі беларускіх татараў і гісторыі шляхецкага саслоўя, генеалогіі беларускай шляхты (у т.л. Адама Міцкевіча і Ігната Дамейкі) і ўласнага радаводу, па геральдыцы.

Анатоль Пятровіч многа зрабіў у кірунку вяртання імёнаў славутых шляхціцаў, палкаводцаў і іншых дзеячаў мінуўшчыны, якія адыгралі вялікую ролю ў нашай гісторыі і гісторыі беларускай культуры, ва ўсталяванні агульначалавечых каштоўнасцей.

Апошнім часам Анатоль Пятровіч даследуе гісторыю нацыянальна-вызвольнай барацьбы беларускага народа ў 1918-1920 гг., гісторыю расійска-польскай вайны 1919-1920 гг.

Толькі за апошнія гады выйшлі з друку некалькі аднатомавых кніг А.П. Грыцкевіча. Першая кніга пад назвай "Западный фронт РСФСР. 1918-1920" выйшла на рускай мове ў 2008 годзе ў выдавецтве "Харвест" пад агульнай рэдакцыяй А.Я. Тараса. Гэтая кніга - першая сярод даследванняў савецка-польскай вайны 1919-1920 гадоў, дзе ўлічаны дыпламатычныя адносіны таго перыяду, барацьба Расіі і Польшчы за Беларусь.

Другая кніга "Старонкі нашай мінуўшчыны" падрыхтавана Згрунтаваннем беларусаў свету "Бацькаўшчына" і выйшла ў 2009 годзе. Гэта зборнік унікальных артыкулаў пра значную частку постацяў князёў Вялікага Княства Літоўскага і іншых знакавых асобаў і падзей нашай гісторыі.

У 2011 годзе выйшла манаграфія Анатоля Пятровіча на рускай мове "Борьба за Украину, 1917-1921" пад навуковай рэдакцыяй А.Я. Тараса (серыя "Невядомая гісторыя"). У манаграфіі адлюстроўваюцца падзеі на Украіне 1917-1921 гадоў з улікам апошніх публікацый, у тым ліку зборнікаў дакументаў і мемуараў палітычных дзеячоў. Многа ўвагі надаецца пытанням барацьбы за Украіну паміж Расіяй і Польшчай, разглядаецца спроба расійскага "белага руху" ліквідаваць незалежнасць Украіны, а таксама падзеі ў Заходняй Украіне і гісторыя Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікі.

Апошняя кніга "Выбранае" выйшла ў канцы 2012 года пачынаецца з вялікага даследвання ці не самых драматычных падзей ў гісторыі Беларусі 1917-1921 гадоў "Барацьба за Беларусь". Гэтая кніга разлічана на самыя шырокія колы чытачоў, якім мала што вядома аб перыпетыях вайны паміж Савецкай Расіяй і Польшчай у 1919-1920 гг. Абедзве дзяржавы прэтэндавалі на тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны, спасылаючыся пры гэтым на гістарычныя факты, этнічны склад мясцовага насельніцтва, а таксама на яго палітычныя арыентацыі. У кнізе паказана барацьба палітычных сіл у Беларусі і Польшчы, палітычныя дзеянні савецкага расійскага і польскага ўрадаў. Як вядома, узброенае сутыкненне "чырвоных рускіх" і "белых палякаў" завяршылася кампрамісам: заходнія вобласці Беларусі і Ўкраіны дасталіся Польшчы, усходнія - Расіі.

Другая частка гэтай кнігі - раздзел "Старонкі гісторыі" - прысвечана самым важным гістарычным падзеям розных часоў у Беларусі.

Прэзентацыя гэтай кнігі адбылася на пачатку мінулага года ў сядзібе Таварыства беларускай мовы. Упэўнены, што гэта не апошняя кніга Анатоль Пятровіча.

Сардэчна віншуем Вас, Анатоль Пятровіч з 85-годдзем і зычым моцнага здароўя, дабрабыту і шчасця Вам і Вашай сям'і.

Святлана Крыуліна, дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства БДУКіМ.


ПРОЗВІШЧЫ БЕЛАРУСІ: ПІСЬМЕННІКАВЫЯ НАЙМЕННІ

(Працяг. Пачатак у папярэднім. нумары.)

Кабаковіч (Ала К.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Кабак з акцэнтаваннем суфікса -овіч з семантыкай 'нашчадак (дачка) Кабака'. Утваральнае слова Кабак - семантычны дэрыват ад апелятыва кабак (падаецца ў "Вялікім слоўніку беларускай мовы Ф.А. Піскунова) 'шынок, карчма'. ФП: кабак - Кабак - Кабаковіч . На Зэльвеншчыне ёсць паселішча (вёска) Кабакі (пазней, у 1950 - 1960 гг.) яе пераназвалі Снежнае), за 4 км ад в. Грабава, радзімы аўтара гэтых радкоў.

Кавальскі (Уладзімір К.) - ашляхетненая форма прозвішча Каваль з далучэннем фіналі - скі (Kowalski): Каваль-скі (пісаў на польскай мове). Як і Камароўскі ад Камар , Лісоў-скі ад Ліс . ФП: каваль - Каваль - Кавальскі.

Кавалюк (Аўгіння К.) - дэрыват з суфіксам -юк ад антрапоніма Каваль (Кавал-юк) з семантыкай 'нашчадак'. Паэтка (з прозвішчам Сідарэвіч Яўгенія) вучылася ў Гродзенскім універсітэце (раней - педінстытуце), і яе пісьменніцкае найменне ( Кавалюк Аўгіння ) абмяркоўвалася аўтарам гэтых радкоў, які выкладаў курс сучаснай беларускай мовы студэнтам гэтай ВНУ.

Кавыль (Міхась К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кавыль 'травяністая стэпавая культура сямейства злакавых з вузкімі лістамі і кветкамі, сабранымі ў пушыстыя мяцёлкі'. ФП: кавыль - Кавыль (мянушка) - Кавыль (прозвішча).

Каганец (Карусь К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва каганец 'прасцейшае прыстасаванне для асвятлення: пасудзіна з тлушчам і кнотам пасярэдзіне'. ФП: каганец - Каганец (мянушка) - Каганец .

Казак (Рыгор К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва казак , які мае некалькі значэнняў: 1) вольны чалавек з прыгонных сялян, халопаў, гарадской беднаты, якія ўцякалі на ўскраіны дзяржавы (15-17 стст.); 2) прадстаўнік ваеннага саслоўя, нараджэнец вайсковых абласцей (Кубанскай, Арэнбургскай, войска Данскога), які нёс службу ў вайсовых частках; 3) нараджэнец былых вайсковых абласцей; 4) перан. Пра спрытнага, маладога мужчыну. Пазычанне з цюркскіх моваў: казак 'вольны чалавек'. ФП: казак ('вольны чалавек') - казак (спрытны мужчына) - Казак (мянушка) - Казак .

Казакоў (Міхась К.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Казак (Казак-оў) з семантыкай 'нашчадак' (сын, дзіця Казака). ФП: казак - Ка-зак - Казакоў .

Казанаў (Барыс К.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Казан (Казан-аў) з семантыкай 'нашчадак (сын) Казана'. Утваральнае Казан - семантычны дэрыват ад апелятыва казан 'кацёл з круглым дном і шырокім верхам'. ФП: казан - Казан - Казанаў .

Казлова (Вольга К.) - дэрыват з прыналежным су-фіксам -ов-а ад антрапоніма Казёл (Казл-ова) з семантыкай 'нашчадак (дачка) асобы з прозвішчам Казёл'. ФП: казёл - Казёл - Казлова .

Казловіч (Анатоль К.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Казёл з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: казёл - Казёл - Казловіч .

Казыра (Леанід К.) - семантычны дэрыват ад апеля-тыва казыра - утварэння (нуль-суфіксавага) ад казыраць 'выстаўляць што-небудзь як сваю перавагу, выхваляцца чым-небудзь, хвалько, задавака'. ФП: к о зыр - казыраць - каз ы ра - Каз ы ра .

Казько (Віктар К.) - утварэнне ад гутарковай формы імені Казімір з фармантам -к-о (Казь-ко) з семантыкай 'нашчадак Казя'. ФП: Казімір - Казя - Казько .

Каліна (Клаўдзія К.) - ад праваслаўнага імя Каліна , якое ад Калинник (Бірыла М. Беларуская антрапанімія). ФП: Каліна (імя) - Каліна (прозвішча). Звычайна прозвішчамі становяцца рэдкія для пэўнага рэгіёна імёны.

Калінковіч (Мікалай К.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Калінка з акцэнтаваннем фарманта -овіч (Калінк-овіч) . ФП: Каліна (імя) - Калінка (прозвішча) - Калін-кавіч - Калінковіч .

Каліноўскі (Кастусь К.) - шляхетная форма ад Каліна з далучэннем суфікса прэс-тыжнасці -оўск-і (Калін-оўскі) . Продкі К. Каліноўскага валодалі маёнткам Калінава (уладанне Каліны ). ФП: Каліна - Каліноўскі .

Калодзежны (Леанід К.) - адтапанімічнае ўтварэнне з суфікса -н-ы ад Калодзеж ('мясціна з калодзежамі'): Калодзеж-ны . ФП: калодзеж - Калодзеж (тапонім) - Калодзе-жны .

Каляда (Андрэй К.) - семантычны дэрыват ад апе-лятыва каляда 'даўнейшы абрад хаджэння па хатах у калядныя вечары з віншаваннем, велічальнымі песнямі, а таксама песня, што спяваецца ў час гэтага браду і падарункі, атрыманыя ад гаспадара за віншаванне і песні'. ФП: каляда ('абрад') - Каляда (мянушка) - Каляда .

Камароўскі (Алесь К.) - ашляхетненая форма антра-поніма Камар з далучэннем суфікса прэстыжнасці -оўск-і (Ка-мар-оўскі) . ФП: камар (насякомае) - Камар (мянушка) - Камар (К о мар) - Камароўскі .

Канапелька (Ала К.) - утварэнне з фармантам -к-а ад антрапоніма Канопля (Канапель-ка) з семантыкай 'нашчадак (дзіця, дачка і пад.) названай асобы'. ФП: каноплі ('высокая травяністая расліна сямейства канаплёвых, са сцёблаў якой вырабляюць пяньку, а з семя - алей, а таксама семя гэтай расліны') - Канопля - Канапелька .

Кандраценя (Уладзімір К.) - утварэнне з фармантам -ен-я ад антрапоніма Кан-драт (Кандрац-еня) з семантыкай 'нашчадак Кандрата'. ФП: Кандрат (імя) - Кандрат (прозвішча ад яго) - Кандра-ценя .

Кандрусевіч (Аркадзь К.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Кандрусь з акцэнтаваннем фарманта -евіч (Кан-друс-евіч) і семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Кандрат - Кандрусь - Канд-р у севіч - Кандрус е віч.

Капусцін (Аляксандр К.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Капуста (Капу-ст-ін - Капусцін) з семантыкай 'нашчадак Капусты'. ФП: капуста - Капуста - Капусцін .

Капуцкі (Андрэй К.) - мажлівае адтапанімічнае ўтварэнне з суфіксам -ск-і з семантыкай 'які нарадзіўся ці жыў у Капутах'. ФП: Капута (-ы) - Капуцкі.

Капыловіч (Іван К., Мікола К,) - форма бацька-ймення ад антрапоніма Капыл з акцэнтаваннем фарманта -овіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: капыл ('драўляны брусок у форме ступні, які выкарыстоўваецца пры шыцці абутку', а таксама 'адзін з драўляных брускоў, якія ўстаўляюцца ў палазы і служаць апорай для кузавых саней') - Капыл (мянушка чалавека, у маўлення якога частае слова "капыл") - Капыл (прозвішча) - Кап ы лавіч - Капыловіч.

Карабан (Сцяпан К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва карабан 'чалавек, які вырабляе корабы' (адз. кораб ; карабан - суфіксальнае ўтварэнне з -ан ад кораб 'выраб з лубу, бяросты, саломы і пад. для захавання, пераносу, пакавання чаго-небудзь'. ФП: кораб - карабан - Карабан .

Каравайчык (Павел К.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Каравай з семантыкай 'нашчадак (сын, дзіця) асобы з прозвішчам Каравай'. ФП: каравай ('вясельны абрадавы пірог круглай формы або (пазнейшае) вялікая булка, спечаная для ўрачыстасці, свята') - Каравай (мянушка) - Каравай (прозвішча) - Каравайчык . Або: каравай - каравайчык ('невялікі каравай') - Кара-вайчык .

Каратынскі (Вінцэсь К.) - ашляхетненая форма з суфіксам -інск-і (-ынск-і) ад антрапоніма Каратай : Ка-рат(ай)-ынскі . Першапачатковае прозвішча (бацькавае) Каратай , пасля жаніцьбы з шляхцянкай стаў насіць прозвішча Каратынскі (з артыкула У.У. Мархеля пра пісьменніка).

Каржанеўская (Галіна К.) - мажлівае адтапанімічнае ўтварэнне з суфіксам -ск- ад Каржанёва (Каржанеў-ская) або дэрыват ад антрапоніма Каржан з суфіксам прэстыжнасці -еўск- (Каржан-еўская) з семантыкай 'нашчадак Каржана'. ФП: корж ('прэснае сухое печыва з мукі, праснак') - Корж (мянушка, потым прозвішча) - Каржан (мянушка таго, хто пячэ каржы) - Каржан (прозвішча) - Каржанеўскі (-ая) .

Кароткая (Ларыса К., Уладзімір К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва-прыметніка (у ролі назоўніка) каротк-і (-ая) , які мае шмат значэнняў: 'невялікі па даўжыні', 'непрацяглы ў часе', 'сціслы, нешматслоўны', 'рашучы, хуткі, суровы'. Хоць мажлівы этымон ад любога семантычнага варыянту прыметніка кароткі , асабліва пры частотнасці гэтай лексемы ў маўленні чалавека. ФП: кароткі - Кароткі (мянушка) - Кароткі (прозвішча).

Карпачоў (Марк К., Эдуард К.) - утварэнне з суфіксам прыналежнасці -оў ад антрапоніма Карпач (Карпач-оў) з семантыкай 'нашчадак Карпача'. ФП: карпацца корпацца ) 'рабіць што-небудзь марудна, не спяшаючыся або няўмела' - карпач 'той, хто марудна робіць што-небудзь, павольна корпаецца' - Карпач (мянушка, а потым прозвішча) - Карпачоў .

Карызна (Уладзімір К.) - мажліва семантычны дэрыват ад апелятыва карызна - утварэння з суфіксам -ызн-а ад кары 'цёмна-карычневы (пра колер вачэй)' або ад кары 'прыправа' (слова падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы Ф.А. Піскунова (2012, с. 426); параўн. у народнай мове ўтварэнні з суіксам -ізн-а (-ызн-а) (гл. нашу кнігу "Беларускае народнае словаўтварэнне", 1977): худы - худызна, слабы (чалавек) - слабізна, сырое - сырызна, старое - старызна. Не выключана і расійскае слова укоризна 'дакор, папіканне, упікі' у маўленні асобы, якое спрасцілася (адпала пачатковае "у") у форму карызна ). Частотнасць выкарыстання гэтага "карызна" магло стаць мянушкай чалавека, а затым і прозвішчам. ФП: кары - карызна - Карызна .

Касько (Алесь К.) - утварэнне ад кананічнага імя Кассиан , яго скарочанай формы Касько (М. Бірыла. Беларуская антрапанімія. 3. Структура ўласных мужчынскіх імён. 1982. с. 178). ФП: Касси-ан - Касіян (Касян) - Кась - Касько.

Каспяровіч (Мікалай К.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Каспер з акцэнтаваннем фарманта -овіч (Кас-пер-овіч) і семантыкай 'нашчадак Каспера'. ФП: Каспер (< польск. Kasper ) - К а сперавіч - Каспяровіч .

Катляроў (Ізяслаў К.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Катляр (Катляр-оў) з семантыкай 'нашчадак (сын) асобы'. ФП: кацёл (мн. катлы ) - катляр (найменне асобы паводле вытворчай дзейнасці) - Катляр (мянушка, а потым прозвішча) - Катляроў . Слова катляр падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф.П. Піскунова (2012, с. 430). Мадэль утварэння тая, што і ў слоў бачкар, чабатар і пад.

Каханоўскі (Генадзь К.) - утварэнне можа кваліфікавацца дваяка. 1) Як адтапанімічнае ўтварэнен з суфіксам -ск-і кшталту Каханова ('ула-данне Кохана') + -ск-і - Ка-ханоўскі 'родам з Коханава'. 2) Утварэнне ад Кохан (прозвішча) з суфіксам прэстыжнасці -оўск-і : Кахан-оўскі . Як і Камароўскі (ад Камарова і ад Камар ).

Кахно (Ігар К.) - мажлівае ўтварэнне ад антрапоніма Кохан з перастаноўкай гукаў (літар): Кохан - Кохна , а пазней з акцэнтаваннем фіналі (пераход "а" ў "о"), як Лапа - Лапо . Кохан ад ках а ны . ФП: кахаць - каханы - кохан - Кохан - Кахно .

Кацюшэнка (Міхась К.) - дэрыват з суфіксам -энк-а ад антрапоніма Кацюша (Ка-цюш-энка) з семантыкай 'на-шчадак Кацюшы'. ФП: Каця-рына - Каця - Кацюша - Кацю-шэнка.

Кірыла Тураўскі (Кірыла Т.) - адтапанімічны дэрыват ад наймення горада: Тураў - Тураў-скі ; як і Ліда - Лідскі , Слонім - Слонімскі.

Кірылаў (Герман К.) - утварэнне з прыналежным прыметнікавым суфіксам -аў ад Кірыл(а) (Кірыл-аў) з семантыкай 'нашчадак Кірыла'. ФП: Кірыл - Кірылаў .

Кісель (Апанас К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кісель 'кіслая студзяністая страва з аўсянай мукі або ягаднага соку, заваранага на крахмале'. ФП: кіснуць - кісель - Кісель.

Клімуць (Яраслаў К.) - адымёнавае ўтварэнне з фармантам -уць ад Клім : Клімуць . Параўн.: Карп - Карпуць. ФП: Клімент - Клім - Клімуць.

Клімянкоў (Іван К.) - утварэнне з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Клі-мянок (Клімянк-оў) з семантыкай 'нашчадак Клімянка'. ФП: Клімент - Клімянок - Клімянкоў .

Конан (Уладзімір К.) - ад імя Конан , якое рэдка ўжываецца ў пэўным рэгіёне і набыло ролю прозвішча.

Коршунаў (Алянксандр К.) - дэрыват з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Коршун (Коршун-аў) з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. Утваральнае слова Коршун - антрапонім ад апелятыва коршун 'коршак, ястраб' (вядома ў народнай мове (Гродзеншчына)).

Коўтун (Валянціна К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва каўтун 'хвароба скуры на галаве, пры якой валасы збылтваюцца і зліпаюцца ў камяк' з акцэнтаваннем на аснове (пераход "а" ў "о") з мэтай адмежавання антрапоніма ад апелятыва. ФП: каўтун - Каў-тун - Коўтун.

Кохан (Яўхім К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва кохан - кароткага прыметніка ад формы каханы з акцэнтаваннем на аснове. ФП: ках а ць - ках а ны - Ках а н - К о хан .

Кошаль (Пётр К.) - семантычны дэырват ад апелятыва к о шаль 'той, хто вырабляе к о шы (кашы)'. ФП: кош 'сплеценая з лазы, карэння і пад. круглая пасудзіна ў выглядзе кошыка для складвання і пераносу чаго-небудзь', а таксама 'скрыня ў млыне над жорнамі, у якую засыпаюць збожжа для памолу' - Кошаль (утварэнне з суфіксам -аль найменняў асоб па іх прафесіі, занятку, аб'ект якіх названы ўтваральным словам, як і вуда - вудаль, дуда - дудаль, гаршкі - гаршчаль ). ФП: кош - кошаль - Кошаль .

Крамко (Яўген К.) - магчымы семантычны дэрыват ад крамка 'невялікая крама' з акцэнтаваннем канчатка - пераходам "а" ў "о". ФП: крама - крамка - Крамка - Крамко . Асоба магла набыць мянушку "крамка" праз частае выкарыстанне слова ў маўленні.

Краўцоў (Макар К.) - утварэнне з суфіксам прыналежнасці -оў ад антрапоніма Кравец (Краўц-оў) з семантыкай 'нашчадак (сын) асобы з прозвішчам Кравец'. ФП: кравец - Кравец - Краўцоў .

Крупенька (Яўген К.) - дэрыват ад антрапоніма Кру-пеня з фармантам -к-а і семантыкай 'нашчадак'. ФП: кру-пы - крупеня ('крупяны суп') - Крупеня - Крупенька.

Крыга (Алесь К.) - семантычны дэрыват ад апелятыва крыга , які мае розныя значэнні. 1) Ільдзіна на рацэ, моры. 2) Рыбалоўная сетка, якой ловяць рыбу ўдвух, ідучы бродам. Асоба набыла такое прозвішча ў выніку непасрэдных дачыненняў да гэтых рэаліяў або ад частага выкарыстання ў маўленні гэтага слова. ФП: крыга - Крыга (мянушка) - Крыга .

Кудлачоў (Віктар К.) - утварэнне з суфіксам прыналежнасці -оў ад антрапоніма Кудлач з семантыкай 'нашчадак (сын) асобы з прозвішчам Куд-лач' (Кудлач-оў) . ФП: кудлаты ('з доўгімі скалмачанымі валасамі, лахматы') - кудлач ('пра чалавека кудлатага') - Кудлач (мянушка, а пазней прозвішча) - Кудлачоў .

Кузьмянкоў (Уладзімір К.) - прыметнікавая форма з суфіксам -оў ад антрапоніма Кузьмянок з семантыкай 'нашчадак (сын) Кузьмянка'. ФП: Кузьма - Кузьмянок - Кузьмян-коў.

Курылёва (Святлана К.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ёв-а ад антрапоніма Курыла з семантыкай 'нашчадак (дачка) Курылы' (Ку-рыл-ёва) . ФП: Кірыл - Курыла - Курылёва .

Кусянкоў (Мікола К.) - прыметнікавая форма з суфіксам прыналежнасці -оў ад антрапоніма Кусянок з семантыкай 'нашчадак (сын) асобы з прозвішчам Кусянок' (Кусянк-оў) . ФП: кусацца (кусаць) - кусян ('куслівы') - кусянок (памянш.-ласк. форма) - Кусян і Кусянок (мянушка, а пазней прозвішча) - Кусянкоў .

Кухараў (Сцяпан К.) - прыметнікавая форма з суфіксам прыналежнасці -аў ад антрапоніма Кухар з семантыкай 'нашчадак асобы з прозвішчам Кухар' (Кухар-аў) . ФП: кухар ('повар') - Кухар - Куха-раў .

(Працяг у наст. нумары.)

Павел Сцяцко


Зайздросны лёс працаўніка беларускага мовазнаўства

(Да 90-годдзя прафесара А. Я. Баханькова)

Спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага мовазнаўца доктара філалагічных навук, прафесара, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Арцёма Яфімавіча Баханькова.

А.Я. Баханькоў нарадзіўся 29 студзеня 1924 года ў вёсцы Саламір'е Полацкага раёна Віцебскай вобласці. У 1941 годзе юнак закончыў сярэднюю школу і вымушаны быў уступіць у шэрагі партызанаў і падпольшчыкаў і ваяваць супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а потым далучыцца да байцоў Чырвонай Арміі і змагацца з ворагам на тэрыторыі Прыбалтыкі. За ратныя подзвігі Арцём Баханькоў быў узнагароджаны медалём "За адвагу", іншымі медалямі, ордэнам Айчыннай вайны.

Пасля вайны ён паступае вучыцца ў Полацкі педагагічны тэхнікум, па заканчэнні гэтай навучальнай установы некаторы час настаўнічае, а потым вучыцца ў Менскім педагагічным інстытуце на філалагічным факультэце. Скончыўшы педінстытут, А.Я. Баханькоў працуе настаўнікам у школах Полацкага раёна. Праз некаторы час ён паступае ў аспірантуру пры Менскім педагагічным інстытуце.

У час навучання ў аспірантуры пры Менскім дзяржаўным педагагічным інстытуце А. Баханькоў асабіста абследаваў дзясяткі населеных пунктаў берасцейска-пінскага Палесся, дзе зафіксаваў, сістэматызаваў, навукова апісаў і прааналізаваў вялікую колькасць моўнага матэрыялу, які датычыцца розных сінтаксічных канструкцый. Гэты навуковы аналіз выліўся ў падрыхтоўку кандыдацкай дысертацыі "Складаназалежны сказ у паўднёва-заходніх беларускіх гаворках", якую ён абараніў у 1961 годзе. Па гэтай праблеме ім апублікавана значная колькасць навуковых артыкулаў.

У 1960-1992 гадах А.Я. Баханькоў працаваў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Асабліва плённымі былі 1960-1984 гады, калі ён быў укладальнікам, членам рэдкалегіі і рэдактарам 2-га тома пяцітомнага акадэмічнага "Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы" (1977-1984). А.Я. Баханькоў з'яўляецца таксама суаўтарам акадэмічнага "Беларуска-рускага слоўніка" (т. 1-2; 1988-89).

У 1982 годзе ў акдэмічным выдавецтве "Навука і тэхніка" выйшла манаграфія А.Я. Баханькова "Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд: Сацыялінгвістычны нарыс". У ёй аўтар прааналізаваў сацыяльна-эканамічныя і культурна-гістарычныя ўмовы, у якіх адбывалася фармаванне беларускай нацыі, паказаў залежнасць змяненняў у лексіцы ад сацыяльных і ўнутрымоўных фактараў, даследаваў крыніцы і шляхі ўзбагачэння лексікі новымі словамі: асваенне літаратурнай мовай лексічных багаццяў народных гаворак, выкарыстанне словаўтваральных і семантычных неалагізмаў, ажыўленне ўстарэлых слоў і запазычванне з іншых моў. Гэта манаграфія з'явілася базай для яго доктарскай дысертацыі, якую Арцём Яфімавіч абараніў у Спецыялізаваным савеце АН БССР у маі 1985 года.

Арцём Яфімавіч з'яўляецца ініцыятарам і арганізатарам падрыхтоўкі калектыўнай акадэмічнай манаграфіі "Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы". Гэта салідная праца выйшла ў свет у 1994 годзе ў акадэмічным выдавецтве "Навука і тэхніка" пад яго навуковай рэдакцыяй. Для гэтай манаграфіі А. Баханькоў напісаў вялікую ўступную частку і такія раздзелы працы, як "Спрадвечная лексіка беларускай мовы", "Лексіка перыяду беларускай народнасці", "Лексіка перыяду беларускай нацыі: дакастрычніцкі перыяд", "Лексіка перыяду беларускай нацыі: савецкі перыяд", "Парадыгматычныя адносіны ў лексіцы", "Характарыстыка асобных слоўных апазіцый у межах лексіка-семантычных катэгорый", а таксама "Заключэнне".

А. Баханькоў з'яўляецца таксама суаўтарам і адным з навуковых рэдактараў яшчэ адной акадэмічнай манаграфіі - "Гістарычнай лексікалогіі беларускай мовы" (1970), для якой ён падрыхтаваў раздзел "Змяненне лексікі беларускай мовы ў савецкі перыяд".

Раздзел А. Баханькова "Сінтаксіс скарынінскіх выданняў" увайшоў у яшчэ адну калектыўную акадэмічную манаграфію "450 год беларускага кнігадрукавання" (1968; с. 373-388).

Арцём Яфімавіч Баханькоў таксама плённа працаваў у галіне вучэбнай лексікаграфіі. Так, ён у суаўтарстве з І.М. Гайдукевічам і П.П. Шубам падрыхтаваў "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: Для сярэдняй школы" (Мінск, 1966; 2-е выд. - Мінск, 1972; 3-е выд. - Мінск, 1979 ; 4-е выд. - Мінск, 1990; 5-е выд., 1996). Гэтыя ж аўтары падрыхтавалі таксама "Толковый словарь русского языка: для средней школы" (Мінск, 1975 ; 2-е выд. - Мінск, 1985 ; 3-е выд. - Мінск. 1995). А.Я. Баханькоў, І.М. Гайдукевіч і П.П. Шуба падрыхтавалі і выдалі таксама: "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы": Каля 7800 найбольш распаўсюджаных слоў і выразаў (Мінск, 1998 ; 2-е выд. - Мінск, 2000; 3-е выд. - Мінск, 2006).

З 1992 года Арцём Яфімавіч Баханькоў - загадчык кафедры беларускай мовы пры прэзідыюме АН Беларусі. Ён арганізаваў і сфармаваў колькасны склад гэтай кафедры, куды, акрамя яго самога, увайшлі такія спецыялісты, як доктар філалагічных навук А.С. Аксамітаў, кандыдаты філалагічных навук Т.П. Бандарэнка, Г.Ф. Вештарт, Т.В. Кузьмянкова і інш. Каля 9 гадоў А.Я. Баханькоў кіраваў гэтай кафедрай. У 1995 годзе яму было прысвоена вучонае званне прафесара. Спецыялісты кафедры выкладалі і працягваюць выкладаць зараз курс беларускай мовы аспірантам НАН Беларусі ўсіх профіляў.

Доктар філалагічных навук, прафесар А.Я. Баханькоў на працягу доўгага часу працаваў на ніве беларускага мовазнаўства. Ён вызначаўся глыбінёй аналізу фактычнага матэрыялу, аналітызмам, комплексным падыходам пры вывучэнні канкрэтнай навуковай праблемы, удумлівасцю і прынцыповасцю. Ён шырока даследаваў лексіку беларускай мовы, дыялекталогію, гісторыю беларускай мовы, агульныя пытанні лексікалогіі і лексікаграфіі, напісаў і апублікаваў шмат прац энцыклапедычнага характару, актыўна адгукаўся ў друку рэцэнзіямі на навуковыя, навукова-метадычныя і лексікаграфічныя працы. З друку выйшла каля ста публікацый А.Я. Баханькова.

Ратны подзвіг Арцёма Баханькова ў гады Вялікай Айчыннай вайны і яго працоў-нанавуковы шлях у мірны час з'яўляюцца яркай старонкай у жыцці роднай Беларусі і служыць добрым прыкладам для прадстаўнікоў маладзейшых пакаленняў людзей нашай дзяржавы.

На вялікі жаль, многае задуманае прафесарам А.Я. Баханьковым здзейснілася не да канца. Застаўся толькі ў картатэчным выглядзе "Слоўнік Полаччыны", які ён рыхтаваў разам з членам-карэспандэнтам НАН Беларусі М.Р. Суднікам. Не да канца сістэматызаванымі і прааналізаванымі засталіся матэрыялы неалагізмаў беларускай мовы, сабраныя А.Я. Баханьковым. Колькасна яны вылічаюцца больш чым дваццаццю пяццю тысячамі моўных адзінак. Не лёсіла ажыццявіцца і некаторым іншым навуковым задумам і планам прафесара.

Пайшоў з зямнога жыцця Арцём Яфімавіч Баханькоў 12 жніўня 2001 года.

Мікалай Крыўко , вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.


Ён любіў сваю Полаччыну

Большасць з нас хоць адзін раз у жыцці звярталася да якога-небудзь слоўніка. З пачатку 60-х гадоў мінулага сгагоддзя да сваёй смерці ў 2001 годзе аўтарам, суаўтарам ці рэдактарам многіх тлумачальных і перакладных слоўнікаў быў Арцём Яфімавіч Баханькоў .

29 студзеня 2014 года спаўняецца 90 гадоў з дня яго нараджэння. Арцём Яфімавіч нарадзіўся ў невялікай вёсцы Саламір'е Полацкага раёна, якая стаіць на березе маляўнічага возера. Пасля сканчэння ў 1940 годзе Полацкага педвучылішча нядоўга працаваў на пасадах дырэктара і настаўніка Бікульніцкай пачатковай школы. Усе планы парушыла вайна. Пачаў вайну ў складзе партызанскай брыгады імя К.Я. Варашылава, скончыў у якасці байца Чырвонай Арміі ў 1945 годзе ў Рымыніі. Тройчы паранены. Узнагароджаны двума медалямі "За адвагу" і трымя "Падзякамі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага". На сайце Полацкага раённага выканаўчага камітэта А. Я. Баханькоў пазначаны як знакаміты ўраджэнец Полаччыны.

У 1962 годзе пасля заканчэння завочной аспірантуры і абароны кандыдацкай дысертацыі А.Я. Баханькова, дырэктара і настаўніка вясковай Гомельскай сярэдняй школы, запрасілі на работу ў Інстытут мовазнаўства Акадэміі Навук Беларусі, дзе з цягам часу ён абараніў доктарскую дысертацыю, атрымаў навуковае званне прафесара і працаваў амаль што 40 гадоў. З 1992 года А.Я. Баханькоў загадваў кафедрай беларускай мовы пры Прэзідыюме АН РБ. З'яўляецца аўтарам каля 130 навуковых артыкулаў і кніг, даследчыкам лексікі мовы Ф. Скарыны.

Дасягнуўшы вучоных ступеняў і званняў, займаючы высокую пасаду, Арцём Яфімавіч заўсёды заставаўся простым сціплым чалавекам, улюбёным у сваю родную Полаччыну. Гэтую любоў да месца, дзе нарадзіўся, ён перадаў сваім дзецям - дзвюм дочкам і мне - сыну. У мяне гэтая любоў вылілася ў верш, прысвечаны Полацку і палачанам. Дома ў нас размаўлялі толькі на беларускай мове, таму мае сёстры і я ведаем яе дасканала.

Арцём Яфімавіч сябраваў з Алесем Адамовічам і Іванам Чыгрынавым, працаваў разам з Кандратам Крапівой, Пятрусём Броўкам, а калі прыязджаў у вёску, людзі ішлі да яго не як да сталічнага госця, а як да свайго вясковага настаўніка па парады ці абмеркаваць што-небудзь. Такім простым дабразычлівым гасцінным чалавекам застаўся Арцём Яфімавіч Баханькоў у памяці землякоў і ўсіх, хто яго ведаў.

Аляксандр Арцем'евіч Баханькоў.

Палачанам і Полацку

Нам, дзецям Полацкай зямлі,

Пашчасціла там нарадзіцца,

Дзе Рагвалод калісь хадзіў,

Скарына пачынаў вучыцца.


Дзе крокі першыя, як мы,

Рагнеда, Сімяён рабілі,

Там, дзе насупраць сілам злым,

За шчасце нашае малілі.


Сабор Сафійскі - карабель,

Плыве Дзвіной у гордай плыні.

Ды толькі для чужых зямель

Любімы горад не пакіне.


Барысаў камень з тых вякоў

Стаіць ля вечнае Сафіі.

І нешта кліча зноў і зноў

Пабыць ля слаўнае святыні.


На ўзбярэжжы Палаты

Царква святое Еўфрасінні.

Прыдзі сюды, і ўбачыш ты:

Над ёй аблокі ў небе сінім.


Хай будзе неба над табой

Заўсёды чыстым, горад мілы.

Хто да цябе з мячом прыйшоў,

Тут і знайшоў сваю магілу.


Нідзе на свеце не знайсці

Такой красы, такой прыроды.

Цябе заўсёды буду сніць.

Люблю цябе, мой горад родны.

Аляксандр Баханькоў


Абараніць музей Максіма Багдановіча

Старшыні Савета Міністраў

Рэспублікі Беларусь

пану М.У. Мясніковічу

Шаноўны пане старшыня!

Напярэдадні Новага году стала вядома, што Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прыняло рашэнне "аптымізаваць" Літаратурна-мемарыяльны музей Максіма Багдановіча, пазбавіўшы яго чыннага статусу і зрабіўшы звычайным філіялам Музея гісторыі беларускай літаратуры.

Вестка пра небяспеку, якая навісла над музеем класіка еўрапейскай і сусветнай літаратуры, выклікала глыбокія занепакоенні ў сэрцы кожнага, хто ведае, паважае і любіць беларускую культуру, з шанаваннем ставіцца да вашай класічнай і сучаснай літаратуры, падтрымвае жывыя стасункі з беларускімі пісьменнікамі.

Для кожнага ўкраінца вобраз "Ікара беларускай паэзіі" ёсць уцялесненнем сілы духу роднага народа, узорам сыноўняй любові да айчыннай гісторыі і культуры, патрыятычнага ўзвышэння роднай мовы. Пост-наватар, пост-інтэлектуал Максім Багдановіч убіраў найкаштоўнейшае з сусветнай паэзіі і гэтым узбагачаў беларускую нацыянальную скарбніцу. З асаблівым піітэтам ставіўся Багдановіч да Ўкраіны, яе літаратуры, высока цаніў творчасць Тараса Шаўчэнкі і Івана Франка, ведаў і шанаваў сваіх сучаснікаў Ўладзіміра Віннічэнку, Грыцька Чупрынку, Уладзіміра Самійленка.

У незалежнай Украіне памяць пра Максіма Багдановіча ўшанована найпаўнейшым з выданняў, што выйшлі за межамі Беларусі, а таксама шматлікімі навуковымі даследваннямі. А ў Ялце, дзе завяршыўся кароткі жыццёвы шлях паэта, да велічнага помніка на яго магіле наведвальнікі кладуць жывыя кветкі, паміж якіх можна пабачыць і любімыя паэтам валошкі - "васількі".

Трыумфальны юбілей - 100-годдзя ад дня народзінаў Багдановіча - быў урачыста адзначана адкрыццём Літаратурна-мемарыяльнага музея і помніка паэту ў Менску. Разам была распрацавана перспектыўная праграма, у якую ўваходзіла захаванне і аднаўленне будынка, у якім нарадзіўся Багдановіч, прывядзенне да ладу іншых мемарыяльных аб'ектаў. На жаль праграма прыпынена.

Нас не пакідаюць спадзяванні, што пры больш спрыяльных абставінах яна будзе рэалізована, але "аптымізацыя" існага Музея (у ім напрыканцы лістапада была паспяхова праведзена міжнародная канферэнцыя!) падаецца анамаліяй, бо як можна з паўнавартаснай установы рабіць фрагмент, ігнаруючы духоўную каштоўнасць, якая належыць не ведамству, не прыватнай супольнасці, а беларускаму народу, з'яўляецца крыніцай пазнання і творчага натхнення для многіх пакаленняў?!

У самім намаганні "аптымізацыі" нашыя сябры - выдатныя дзеячы культуры, Саюз беларускіх пісьменнікаў бачаць цынічную спробу нанясення чарговага ўдару па айчыннай культуры, прынізіць яе да ўзроўню правінцыйнай.


Вельмішаноўны Міхаіл Уладзіміравіч!

Цалкам салідарызуючыся з беларускаю грамадскасцю, мы, ніжэй падпісаныя, заклікаем урад скасаваць паспешны адміністрацыйны намер. Постаць Максіма Багдановіча, яго жыццё, творчасць і літаратурная спадчына маюць унікальную асаблівасць - радзінную прычаснасць да Ўкраіны. А, таксама, і да нас - яго чытачоў, перакладчыкаў, даследчыкаў і выдаўцоў.

Абараніць музей Максіма Багдановіча - абавязак нашага сумлення, справа нашага гонару.

Мы перакананыя, што бяссмяротная памяць пра геніяльнага песняра Беларусі і ў будучым будзе неад'емным сімвалам беларуска-ўкраінскіх узаемаадносін.

Спадзяёмся на Вашае разуменне і спрыянне.

Жыве Беларусь!


З павагаю:

Раман Лубкіўскі , дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны І склікання, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі, экс-старшыня камітэту Нацыянальнай прэміі Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі, Надзвычайны і Паўнаважны Пасол Украіны;

Дзмітро Паўлычка , Герой Украіны, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны некалькіх скліканняў, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі, Надзвычайны і Паўнаважны Пасол Украіны;

Іван Драч, Герой Украіны, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны некалькіх скліканняў, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі;

Іван Дзюба , Герой Украіны, акадэмік НАН Ўкраіны, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі, экс-міністр культуры Украіны, экс-старшыня камітэту Нацыянальнай прэміі Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі;

Барыс Алейнік , Герой Украіны, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны некалькіх скліканняў, старшыня Ўкраінскага фонду культуры, старшыня камітэту Нацыянальнай прэміі Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі;

Мікола Жулінскі , акадэмік НАН Украіны, дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны некалькіх скліканняў, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі, экс-віца-прэм'ер Украіны, экс-старшыня камітэту Нацыянальнай прэміі Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі;

Паўло Маўчан , дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны некалькіх скліканняў, лаўрэат Нацыянальнай прэміі Ўкраіны імя Тараса Шаўчэнкі, старшыня Ўсеўкраінскага таварыства "Просвіта" імя Тараса Шаўчэнкі;

Віктар Баранаў , старшыня нацыянальнай суполкі пісьменнікаў Украіны, галоўны рэдактар часопіса "Кіеў";

Віктар Чабаненка , заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Ўкраіны, доктар навук, прафесар Запарожскага нацыянальнага ўніверсітэта;

Дзмітро Драздоўскі , галоўны рэдактар часопіса "Ўсясвет", кавалер залатога медаля Рэспублікі Арменія.

1 студзеня 2014 г.

(Пераклад з украінскай.)


Пабачыла свет кніга "Паўстанне 1863 года ў Свянцянскім павеце"

Актывісты з Пастаў і Глыбокага Міхась Гіль і Зміцер Лупач пераклалі з польскай мовы і выпусцілі ў свет кнігу на беларускай мове "Паўстанне 1863 года ў Свянцянскім павеце".

Па словах Змітра Лупача, у гэтай кнізе жывыя сведкі тых падзей расказваюць пра гісторыю паўстання.

- Мы вырашылі гэтую кніжку перакласці, каб людзі пачыталі і ведалі сваю гісторыю, бо там менавіта расказваецца пра паўстанне ў Свянцянскім павеце, гэта побач з намі, цяпер гэта частка Пастаўскага раёна. Нават знаёмыя прозвішчы ў кнізе можна знайсці.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Вінярскі Генадзь - 100000 р., г. Менск

2. Руткоўскія Аўгіння і Антаніна - 29100 р., г. Менск

3. Грыцкевіч Аляксандра - 100000 р., г. Менск

4. Кавальчук Галіна - 50000 р., г. Менск

5. Філіповіч Валер - 50000 р., г. Менск

6. Джэйгала Уладзімір - 150000 р., г. Менск

7. Ялугін Эрнест - 30000 р., г. Менск

8. Краўчанка Анатоль - 200000 р., г. Менск

9. Цэдрык А.В. - 30000 р., г. Менск

10. Кукавенка Іван - 100000 р. г. Менск

11. Пушкін Ігар - 200000 р., г. Магілёў

12. ТДА "Курс" - 200000 р., г. Менск

13. Астравецкі А.А. - 50000 р., г. Берасце

14. Чыжова Таццяна - 15000 р., г. Менск

15. Фурс Антон - 100000 р., г. Паставы

16. Глебік Юры - 200000 р., г. Менск

17. Восіпава Аляксандра - 50000 р., г. Гомель

18. Пракаповіч Юры - 200000 р., г. Менск

19. Ляўшун Дзяніс - 197000 р., г. Менск

20. Несцераў Віктар - 160000 р., г. Менск

21. Чайкоўскі Павел - 75000 р., г. Менск

22. Вейштарт Галіна - 50000 р., г. Менск

23. Панамароў Сяргей - 50000 р., г. Менск

24. Давыдовіч П.В. - 60000 р., г. Берасце

25. Лабыка Дзмітры - 50000 р., г. Менск

26. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск

27. Кірава Т.А. - 30000 р., г. Менск

28. Чэчат Алесь - 50000 р., г. Менск

29. Хведар Нюнька - 35 літаў, г. Вільня

30. Невядомы - 100000 р., г. Менск

31. Сцяпух Валянціна - 100000 р., г. Менск

32. Шкірманкоў Фелікс - 50000 р., г. Слаўгарад

33. Навуменка Валянціна - 150000 р., г. Менск

34. Міцкевіч Марыя - 50000 р., г. Менск

35. Вештардт Галіна - 50000 р., г. Менск

36. Раманюк Т. І. - 100000 р., г. Менск

37. Лабыка Зміцер - 50000 р., г. Менск

38. Касцюкевіч Зміцер - 50000 р., г. Чэрвень

39. Мануленка Уладзімір - 50000 р., г. Берасце

40. Жураўскі Сяргей - 300000 р., г. Менск

41. Птушко Сяргей - 30000 р., в. Хільчыцы, Жыткавіцкі р-н

42. Пухоўская Юлія - 30000 р., г. Менск

43. Данілюк Віктар - 30000 р., г. Менск

44. Місевіч Мар'ян - 600000 р., г. Менск

45. Гапоненка Ірына - 100000 р. г. Менск

46. Гарэцкі Радзім - 80000 р., г. Менск

47. Фадзеева Тацяна - 50000 р., г. Менск

48. Шыдлоўская Ніна - 50000 р., г. Менск

Наваполацкая суполка "Цэнтральная"

49. Кунцэвіч Уладзімір - 100000 р.

50. Рындзевіч Вячаслаў - 100000 р.

51. Цвяцінскі Антось - 100000 р.

52. Сідараў Сяргей - 50000 р.

53. Кулік Анатоль - 50000 р.

54. Форнэль Кастусь - 50000 р.

55. Шэвяка Аляксандр - 70000 р.

56. Марцінкевіч Андрэй - 30000 р.

57. Пісарэнка Алесь - 50000 р.

58. Мудроў Алег - 70000 р.

59. Гняткоў Валеры - 70000 р.

60. Паўловіч Віктар - 70000 р.

61. Рамашка Станіслаў - 50000 р.

62. Гацкі Уладзімір - 70000 р.

63. Рымша Алесь - 150000 р.

- усе Наваполацк.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


СЦЯГА ПАЭТА

Штрыхі да творчага партрэта паэта Эдуарда Акуліна

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

VIII.

Як я ўжо згадваў, зборнік "Радно" - чацвёрты па ліку ў паэзіі Эдуарда Акуліна, цалкам увайшоў у выбраны том "Святая ноч". Рабілася гэта дзеля таго, што амаль увесь наклад зборніка ў 2000 годзе быў знішчаны проста ў друкарні. Прычынай гэтага былі некаторыя вершы са зборніка, якія ўласнік друкарні палічыў занадта вострымі і палітызаванымі, у прыватнасці, верш "Паэт", прысвечаны Народнаму паэту Беларусі Нілу Гілевічу. Уласнік друкарні пабаяўся, што з'яўленне "Радна" з выходнымі дадзенымі ягонай друкарні можа зашкодзіць ягонаму бізнэсу з боку ўладаў. У выніку кніжка была пушчаная пад нож, а на руках у паэта засталося толькі некалькі сігнальных асобнікаў. Такім чынам, некаторыя вершы Эдуарда Акуліна былі ўспрынятыя як палітычная крамола. Вось так шырокамаштабная барацьба ў краіне з плюралізмам думак, з іншадумствам прайшлася і па творчасці паэта.

Сумная гісторыя выдання паэтычнага зборніка "Радно" паўтарае іншую расправу з кніжкай "Вершы Анны Ахматавай". У 1946 годзе ўвесь яе наклад быў знішчаны ў друкарні, засталося толькі крыху болей за дзесяць асобнікаў кнігі. Прайшло больш за паўстагоддзя і ў Беларусі, гэтай Вандэі Савецкага Саюза, гісторыя паўтарылася наноў.

У другой палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя кардынальным чынам змяніліся адносіны дзяржавы да беларускай мовы. Была згорнутая беларускамоўная адукацыя. Спыніўся працэс пераходу на беларускую мову розных галінаў сацыяльнага і грамадскага жыцця, якія залежалі ад уладаў. Ізноў востра паўстала пытанне самога існавання беларускай мовы. Быў праведзены рэферэндум, які пазбавіў беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай мовы. Больш за тое, пад пытанне было пастаўлена само існаванне беларускай дзяржавы. Дзяржаўная сімволіка краіны, якая мела гістарычныя карані: герб Пагоня і бела-чырвона-белы сцяг, была зменена на бэсэсэраўскую сімволіку з нязначнымі адрозненнямі. Застаўся складзены ў часы Сталіна і крыху мадэрнізаваны дзяржаўны гімн. Саюзныя вайсковыя і эканамічныя дамовы з Расіяй моцна прывязвалі Беларусь да імперскай краіны, якая на працягу стагоддзяў выступала ў якасці агрэсара і акупанта, якая паслядоўна прыгнятала і знішчала ўсе памкненні беларусаў да незалежнасці, да развіцця ўласнай тоеснасці, да развіцця мовы і культуры. Пасля бурнага працэсу нацыянальнага адраджэння пачатку 90-х гадоў гэтак жа імкліва наступіў рэгрэс.

Эдуард Акулін балюча і хваравіта перажывае гэтыя змены, якія перакрэслівалі ягоныя мары і спадзяванні, выказаныя яшчэ ў падсавецкі час. Ідэя нацыянальнага, культурнага, моўнага адраджэння была падвергнутая атацы і астракізму, была зняважаная і абылганая нашчадкамі сталінска-брэжнеўскай сістэмы. Яны звыкліся жыць у ідэалагічным кактэлі, замяшаным на камуністычных ідэях, папулізме, халуйскай угодлівасці перад рускай мовай. Яны прызвычаіліся да духоўнай і маральнай няволі. Яны не ўяўлялі, што можна і трэба жыць па-іншаму.


Але як не дзіўна, драматычная, а часам трагічная сітуацыя ў краіне, катастрофа, якая адбывалася з беларускай культураю, моваю, мабілізавалі жыццёвыя і духоўныя сілы Эдуарда Акуліна. І хаця ў вершах, дзе выяўляецца ўнутраны стан паэта, яшчэ гучаць матывы песімізму і безнадзейнасці, паэту здаецца, што ён ужо ніколі не ўзнімецца ў нябёсы паэзіі, не адарвецца ад штодзённага будзённага існавання:

Баюся вышыні -

стаміўся ад палёту…

(Чакаю цішыні, с. 180/3-4)

І хаця яшчэ на паэта набягаюць хвіліны роспачы і расчаравання, "калі нябёсы клічуць на спатканне" (Паэты пачынаюцца з любові, с. 182/8). І водгулле творчага крызісу, матывы смерці ахопліваюць яго час ад часу:

Маёй душы пустую клетку

даўно пакінуў салавей…

Тут вершам пішуць вельмі рэдка,

тут смерць - апошняя з надзей.

(Мая душа - як ліфт парожні, с. 192/9-12)

Яшчэ чуваць у вершах сум па незваротнай лёгкасці быцця ў маладосці, ва ўяўленні паэта лёгкае крыло юнацтва легла на празаічную плаху жыцця:

Гадоў, як воблакаў сплыло -

Больш не лятаю вольным птахам.

Юнацтва лёгкае крыло

жыццём заручанае з плахай.

(Юнацтва, с. 215/9-12)

Але прыходзіць супакаенне і разуменне і розумам, і душою, што "і жыццё - як няблізкі шлях…" (Я шкадую пражыты дзень…, с.244/9) і што "вырай мой - няблізкі, недалёкі…" (Верасень мярэсціцца ў смузе, с. 194/10). Паэт змірыўся з тым, што жыць усё ж прыйдзецца столькі, колькі наканавана ці адмерана Богам.

Вяртанне да клопату будзённага жыцця адбываецца ва ўяўленнні Эуарда Акуліна пад наглядам Чарнобыльскага анёла, анёла-ахоўніка, ці то фантастычнай пачвары - вырадка, ці то супер-анёла, загартаванага ў радыяцыйным пекле:

Ён маўчаў і глядзеў мне у вочы,

ён прарочыў нязжыты мой лёс.

Я з магілы глыбокае ночы

пад паглядам яго уваскрос.

(Чарнобыльскі анёл, с. 201/5-8)

Паэт імкнецца быць гранічна шчырым перад сабой найперш у творчасці: "Я хацеў бы пісаць, як жыву…" (с. 181/1). А таксама ў жыцці, якое адбіваецца ў ягоных вершах. Слёзы-вершы ў паэта напоўненыя пяшчотай і мілосцю:

І слязіна мая - як кроў,

што падсочана з роду Дрэва,

дзе ўпадзе яна - там Любоў,

там світальных валос залева…

(Я хацеў бы пісаць, як жыву, с. 181/13-16)

Сам працэс вершатварэння для Эдуарда Акуліна прыцягальна-пакутлівы, ён паліць душу паэта жахлівым агнём: "Натхнення міг - агнём Геены" (Паўночны пакой, с. 214/11-12).

Паэтычны дар, мяркуе паэт, блізкі зда чараўніцтва, а магія слова перайшла да яго ў спадчыну ад прабабулі:

Я з таемных тваіх маленняў,

я з глінянай тваёй імшы

скраў пярынку твайго агменю,

скраў святлінку тваёй душы…

(Гліняная імша, с. 220,9-12)

У вершах гэтага перыяду Эдуард Акулін выкрышталізоўвае сваю жыццёвую пазіцыю. Яна ў яго можа быць нязручная і непрыймальная для адных, верагодна, занадта рэзкая і максімалісцкая для іншых, але ясная і зразумелая для ўсіх:

Палю масты, але з адной умовай,

як ведаю, што болей не вярнуся…

Палю датла, а толькі на палову -

наўрад ці і з гадамі навучуся.

(Спаліць масты…, с. 188/9-12)

Жыццёвая пазіцыя паэта ўзвышанаахвярная, падкрэслена цэнтрычная, без аглядкі на абставіны, акаленне і асяроддзе:

Пайду ў Лістапад

без надзей на вяртанне,

як жораў журлівы ў обнізе зор…

Сыду назусім - ерэтык-самазванец…

Спытаюць - куды?

Адкажу - на касцёр.

(Пайду ў Лістапад…, с. 202/11-15)

Матывы ахвярнасці гучаць у вершах Эдуарда Акуліна. Ён гатовы ахвяраваць сабой за Радзіму, за беларускі народ. Паэт стварае мегалітычныя метафарычныя вобразы, уяўляючы сябе з Крыжом Беларусі на плячах, прадчуваючы, што ён можа быць распнутым на ім:

калі ўвырайлётныя гусі

мне сэрца, як пацер, праніжуць,

раскрэсы маёй Беларусі

я ў рукі вазьму заміж крыжа,

і рушу насустрач Галгофе

зашклёным шляхом перадзім'я…

(Пілігрым, с. 203/5-10)

Шчымлівая любоў да няшчаснай краіны бачная ў гэтым вершы. Біблейскія матывы ўкрыжавання Ісуса Хрыста, ягонага пакутніцкага шляху на Галгофу метафарычна пераносяцца паэтам на глебу сучаснасці. Лёс цяперашняй Беларусі ва ўяўленні паэта - гэта пакутніцкі крыж, узвалены на плечы яе адданых і ахвярных сыноў. Непазбежны шлях да беларускай Галгофы, на якім паэт прароча бачыць ахвяры і пакуты. Але дадзены аброк, і які б не быў вынік, паэт гатовы годна прайсці па гэтым цярновым шляху.

IX.

Зацікавіла Эдуарда Акуліна і выклікала рэфлексіі ў вершах гэтага перыяду роля паэта ў беларускім грамадстве. Спробы асэнсаваць ролю, значэнне і месца паэта ў беларускай прасторы рабілі ў свой час і Янка Купала, і Максім Багдановіч. Яны акрэслівалі значэнне беларускіх паэтаў як надзвычай важнае. З аднаго боку, яны бачылі прызначэнне паэта быць будзіцелем народу, песняром-вешчуном, уладальнікам народных дум, вуснамі якога прамаўляе сама ісціна. З другога боку, паэты ўяўляліся захавальнікамі сутвы народнай душы, культурных і духоўных скарбаў народа.

За саветамі, згодна з канонамі сацыялістычнага рэалізму, роля паэтаў зводзілася да ролі праваднікоў камуністычнай ідэалогіі. Багата хто з беларускіх паэтаў не пагаджаўся, супраціўляўся і рызыкаваў, парушаючы гэтыя каноны. З другой паловы 80-х гадоў ХХ-га стагоддзя ізноў пачалося новае інтэнсіўнае асэнсаванне месца паэта ў сучасным жыцці. Многія паэты вярталіся да ідэалогіі адраджэння, адпаведна, яны па-іншаму ўяўлялі сваю ролю і значэнне ў жыцці беларускага народа.

У той час пісаў пра ролю паэта ў жыцці народа і Анатоль Сыс.

Для Эдуарда Акуліна гэтая праблема стала надзённай у другой палове 90-х гадоў, у звязку з цынічным ігнараваннем уладамі тых думак і пасылаў, якія гучалі і ў выказваннях, і ў творчасці беларускіх пісьменнікаў, а таксама з абмежаваннем свабоды творчасці, якое рознымі спосабамі праводзілі ўлады. Вярталася задушная атмасфера страху і маўчання, характэрная для сталінскіх 30-х гадоў. Творцаў падзялілі на "сваіх" і "чужых". Падзел пісьменнікаў адбыўся па ідэалагічным прынцыпе, па іхніх поглядах на грамадска-палітычныя падзеі ў краіне. Адпаведна, творы "чужых" пісьменнікаў перасталі друкавацца ў дзяржаўных выдавецтвах, яны выключаюцца з навучальных праграмаў па беларускай літаратуры. Апальных пісьменнікаў не пускаюць на тэлебачанне і радыё, іх "не заўважаюць" ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Існавання Беларусі як незалежнай, вольнай і дэмакратычнай краіны было пастаўленае пад пытанне. Гэта стала асабістым выклікам для Эдуарда Акуліна як грамадзяніна і творцы. Паэт не маўчыць. Ён мае асабісты адказ на гэтае пытанне. Проста і лёгка любіць моцную і паспяховую краіну. Але ж яшчэ большай любові патрабуе краіна слабая і пагарджаная:

Паэты пачынаюцца з любові

да страчанай, зняважанай Айчыны.

(Паэты пачынаюцца з

любові, с. 182/1-2)

Паэт шукае апірышча для Беларушчыны ў духоўных настаўнікаў народа:

Францішак, Максім і Янка -

гартуйце крывіцкі дух.

(Стаю на цвінтарным ганку, с. 213/9-10)

Беларусь нарадзіла сваіх прарокаў. Яны аб'яднаныя Беларуссю, і Радзіма аб'ядноўвае іх.

Паэт асуджае прымус і ціск на вольную паэтычную думку:

Пры гэтым народзе,

пры гэтай уладзе

паэтаў народных

штурхаюць на здраду…


Паэтаў вялікіх,

чый век несканчоны,

змушаюць маліцца

на псеўдаіконы

(Паэт, с. 228/1-8)

Праблема стасункаў творцаў і ўлады не новая для беларускай літаратуры. Сто гадоў таму Янка Купала даў на яе свой адказ у паэме "Курган". Каб адважыцца паўтарыць, здавалася б, не новую ісціну, беларускім творцам прыйшлося перажыць жахлівае стагоддзе асабістых выпрабаванняў, доўгія дзесяцігоддзі пакутаў і растаптанага гонару. Урэшце з'явілася магчымасць і выспела воля ізноў стаць самім сабой. Эдуард Акулін годна і голасна абвяшчае: " Песня не прадаецца!"

Сутнасць паэтычнага таленту незямная, адрозная ад паўсядзённага жыцця, сцвярджае Эдуард Акулін. Паэты, дзякуючы сваім магічным магчымасцям, блізкія да Бога. Яны - безабаронныя жыхары нябесных мараў і ўяваў. Яны - пазначаныя пячаткаю Божага бласлаўлення. Яны, як святыя і родавыя птушкі, не падлягаюць знявагам і крыўдам:

Паэты ж - нябёсаў дзеці.

Паэткі - каханкі Бога…

Іх крыўдзіць - цяжэй у свеце

няма ад граху такога.

(Бяздомніца, с. 229/5-8)

Але ж - "сляпая Айчына", у скрусе піша Эдуард Акулін. А ў такой Айчыне і паэткі становяцца "бяздомніцамі", рэагуючы на пазбаўленне працы паэткі Дануты Бічэль-Загнетавай у Гарадзенскім музеі Максіма Багдановіча. Вось так бязмежная любоў да Беларусі змяняецца ў паэта на глыбокае расчараванне. Паэт мае адказ - чаму гэта робіцца, бо "намі сляпыя правяць"


Абсалютным аўтарытэтам у беларускай паэзіі, духоўным і творчым настаўнікам, прыкладам у служэнні Бацькаўшчыне Эдуард Акулін лічыць Максіма Багдановіча. У зборніку "Радно" паэт не аднойчы звяртаецца да вобразу Максіма Багдановіча. У вершы "Яно" Эдуард Акулін асэнсоўвае трагічны жыццёвы шлях паэта, хвароба, а затым і смерць якога была выкліканая вяртаннем у Беларусь. Ідэалы Максіма Багдановіча з'яўляюцца своеасаблівым эталонам, па якім Эдуард Акулін вымярае сучасныя падзеі.

Максім Багдановіч у сваёй творчасці адбудоўваў ідэальную Беларусь, краіну з развітай культураю, моваю, багатай гісторыяй і нацыянальнай годнасцю. Але сучасная рэчаіснасць моцна адрозніваецца ад багдановіцкага ідэалу. Таму Эдуард Акулін з горыччу звяртаецца да паэта. Зварот гэты бязлітасны, але справядлівы:

Максім, не вяртайся

з далёкае Ялты -

цябе не пазнае тутэйшы народ.


Бо й сёння -

сляпы ён, з нішчымнай душою,

як колісь, калі ты пра гэта казаў…

Яму не патрэбны ні слава Пагоні,

ні бел-чырван-белы,

крывіцкі штандар.

(Максім, не вяртайся…, с. 205/3-8)

Пагроза для незалежнасці Беларусі ўспрымаецца паэтам як абсалютная трагедыя. Беларусь ён параўноўвае з валошкаю-васільком, з кветкаю, якую і Максім Багдановіч надзяляў пэўным сімвалічным зместам у сваіх творах:

Валошку тваю, Беларусь нашу мару,

вось-вось янычарскія скосяць мячы…

(Максім, не вяртайся…, с. 205/11-12)

Да гэтай жа тэмы паэт вяртаецца ў вершы-прысвячэнні Максіму Багдановічу. У ім паэт засяроджвае ўвагу на адмене і забароне ўладамі гістарычнага герба Пагоня і небяспецы для далейшага існавання і развіцця беларускай мовы:

не трывожце сон Паэта -

ён у сне сваім шчаслівы…


Бо не ведае, не знае,

што ў забранай той краіне

на яго Пагоню зграю

нацкавалі - Вершнік гіне…


Што арнат залатарунны

тканай ім да скону мовы

разарвалі ўнукі-гуны,

і крывёй барвеюць словы:

БЕЛАРУСЬ, РАДЗІМА, ВОЛЯ!

(Максіму Багдановічу,

с. 219/3-13)

(Працяг у наступным нумары.)

Алесь Бяляцкі


У нас з сябрамі ёсць традыцыя…

Кожны год у сярэдзіне студзеня мы сустракаемся ў адной з аўдыторый Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова. У такім складзе мы бачымся толькі адзін раз на год, і аб'ядноўвае нас агульная задача: правесці чарговае "Беларускае пяціборства". Я ўжо не магу з ходу ўспомніць, калі для мяне гэтая традыцыя пачалася. Сабраўшыся а другой гадзіне, мы звыкла расстаўляем на партах нумаркі, раскладваем анкеты і аркушы паперы для кожнага ўдзельніка, прымацоўваем на дошку эмблему пяціборства. Застаецца колькі хвілін для таго, каб разгледзець кнігі, якія ў гэтым годзе будуць выбіраць сабе ўдзельнікі алімпіяды. Час ад часу нехта з нас цікуе, што робіцца на калідоры. Бо ўсе мы хвалюемся: а колькі ж у гэтым годзе будзе ўдзельнікаў пяціборства? Гэты неспакой ужо таксама стаў звыклым. Дзякуй Богу, што каторы год ён змяняецца ціхай радасцю: мерапрыемства адбудзецца. І няхай мы не збіраем нават паўсотні ўдзельнікаў, але ёсць і настаўнікі, і вучні, для якіх беларуская мова родная і любімая. Менавіта дзякуючы ім, наша алімпіяда працягвае існаваць. І нас радуе, што на гэты раз вынікі па мове крыху лепшыя, чым у мінулыя гады.

Нагадаем, што на "Беларускім пяціборстве" трэба выявіць веды і разумовыя здольнасці не па адной вучэбнай дысцыпліне, а па пяці - матэматыцы, прыродазнаўстве, гісторыі Беларусі, беларускай мове і літаратуры.

"Беларускае пяціборства", ужо трынаццатае па нумары, у гэтым годзе сабрала 19 удзельнікаў з Магілёўскай вобласці. Традыцыйна большасць з іх прадстаўляла Магілёў і Бабруйск. Былі і вучні з невялікіх гарадоў і вёсак. Пяцёра з іх прыйшлі на пяціборства другі раз, а дзесяцікласнік Максім Іваноў з Бабруйска - нават трэці раз. Яго настойлівасць дае плён: займаючы першыя два разы невысокія месцы, на гэты раз ён узняўся на восьмы радок. У наступным годзе ён, мабыць, зможа прэтэндаваць на прызавое месца.

А перамагла, як і год назад, Ангеліна Жыркевіч , дзевяцікласніца гімназіі № 3 Бабруйска. У яе ёсць магчымасць пераўзыйсці легендарны вынік яе старэйшай сястры Настассі, зараз студэнткі матэматычнага факультэта БДУ, якая чатыры разы ўдзельнічала ў пяціборстве і кожны раз вярталася дадому з дыпломам і прызам, не ніжэй за другі.

На другім месцы - дзевяцікласнік магілёўскай гімназіі № 1 Алесь Баравікоў . Атрымаўшы лепшы вынік у матэматычным заданні, ён спатыкнуўся на заданнях па літаратуры і прыродазнаўстве, што і не дазволіла яму стаць пераможцам.

Трэці дыплом і прыз паедуць зноў жа ў Бабруйск, іх заслужыла адзінаццацікласніца школы № 21 Дар'я Куракса , заслужыла найперш добрай мовай і матэматычнымі ведамі. Такое спалучэнне здольнасцяў падаецца нам даволі гарманічным.

Варта адзначыць так-сама навучэнку 9 класа магілёўскай гімназіі № 1 Паліну Шарапаву . Яна брала ўдзел у пяціборстве другі раз і зараз у яе па суме балаў пятае месца, але балы ў мове і літаратуры вышэйшыя, чым у іншых удзельнікаў, за што Паліна атрымае два адмысловыя прызы. Вынік вытлумачальны: мове і літаратуры яе вучыць адна з лепшых настаўніц Беларусі Ганна Бандарэнка, якую па выніках першых дзесяці нашых алімпіяд аргкамітэт пяціборства прызнаў лепшай настаўніцай "Беларускага пяціборства".

Пачыналася "Беларускае пяціборства" як спаборніцтва з мэтай далучыць да роднай мовы навучэнцаў, схільных да фізікі і матэматыкі. Гэтая мэта і зараз адна з галоўных у нашым праекце. Аднак у працэсе выявіліся і іншыя яго магчымасці. Аказалася, што пяціборства - магутны адукацыйны фактар. Па заканчэнні працы на выхадзе ўдзельнікі атрымліваюць аркуш з адказамі і развязкамі і - проста ўпіваюцца вачыма ў радкі гэтага аркуша. Такое чытанне на эмацыйным уздыме прыводзіць да таго, што прачытанае застаецца ў памяці надоўга, калі не назаўсёды.

Гэты эфект кіраўнік, ён жа ініцыятар, пяціборства Міхась Булавацкі скарыстоўвае напоўніцу, задаючы пытанні, асабліва па гісторыі, адказы на якія адукаванаму чалавеку трэба ведаць, але большасць вучняў не ведае. У Магілёве зацвердзілі старажытны герб з Пагоняй - і задаецца пытанне пра гісторыю магілёўскага герба. Аднавілі магілёўскую ратушу - і сярод заданняў пяціборства пытанне пра гісторыю магілёўскай ратушы.

Вось і на гэты раз - пытанні пра юбілеі 2014 года: а) 8 верасня адзначаем 500 год… ад якой падзеі? б) 17 верасня споўніцца 75 год ад дня… якога? Адказы на гэтыя пытанні амаль пагалоўна нулявыя. Вучні старэйшых класаў (а на пяціборства прыходзяць лепшыя) нічога пра тыя падзеі не ведаюць. Але зараз 19 чалавек ужо ведаюць. Магчыма, ад іх даведаецца яшчэ нехта, бацькі, сваякі, сябры, аднакласнікі…

Журы "Беларускага пяціборства" разыходзіцца познім вечарам, завяршыўшы сваю даволі напружаную працу. Вынікі падведзены, месцы размеркаваны. І толькі недзе ў глыбіні маёй душы традыцыйна варушыцца неспакой: а ці не стане гэтае "Беларускае пяціборства" апошнім? Вельмі хочацца верыць, што будзе працягвацца наша традыцыя. І самае вялікае маё спадзяванне на тых вучняў, якія пасля першага ўдзелу і - асабліва - пасля першай перамогі на алімпіядзе вяртаюцца сюды яшчэ раз.

Алена Асадчая, настаўніца, сябра журы "Беларускага пяціборства", Магілёў.


ПАРЦЭЛЫ

* * *

Кніга

жыцця. . .

Іерогліфы

лёсаў...

* * *

Палатно

гісторыі...

на круглым

падрамніку...

* * *

Касмічнае

поле...

парослае

дзьмухауцамі...

* * *

Начныя

сузор'і...

Квецень

гарбузоў...

* * *

Зялёны...

узыход сонца

над градамі.

Сланечнік...

* * *

Калёсы

каля варот,

падобныя

марсаходу...

* * *

Зазор...

паміж думкай

і явай.

Памылка...

* * *

Слепакі:

няздольныя

бачыць

будучыню...

* * *

Фронт...

Сусветнай

вайны

цунамі...

* * *

Кроплі

паэзіі...

Муміё

на камені.

* * *

Кольцы

дрэва...

Пакаленні

людзей...

* * *

Лясная

стыхія...

за кратамі

просек...

* * *

Як злосны

русіфікатар...

на бульбе расткі

абціраю.

* * *

Лінія

фронту:

беларуская

мова...

* * *

Жытнікі -

генеральная

рэпетьщыя

апенек?..


Алесь Макрацоў


СВЯТА БЕЛАРУСКАЙ ЯЛІНКІ

У сярэдзіне зімы ўвесь хрысціянскі свет святкуе Нараджэнне Хрыстова. Але гістарычна так склалася, што хрысціянства падзяляецца на тры вялікія канфесіі: каталіцкую, праваслаўную і пратэстанцкую. Існуюць яны і ў нашым раёне. У кожнай з іх свае традыцыі, свая манера ўслаўляць Хрыста. Але ёсць ва ўсіх адно агульнае - гэта народная беларуская традыцыя Калядаў і навагодніх святаў. Вось гэтае, народнае, наша ад дзядоў і прадзедаў аб'ядноўвае, надае пачуццё адзінства. Таму традыцыі і мова - гэта тое, што мы павінны захоўваць і перадаваць нашым дзецям. Гэта найважнейшы фактар патрыятызму, еднасці народа.

Наша таварыства заўсёды падтрымлівае людзей неабыякавых да традыцый і мовы. Таму мы ўжо ў пяты раз пасля калядных школьных канікулаў праводзім "Свята беларускай ялінкі" для дзяцей.

Свята адбылося ў суботу 11 студзеня. Былі запрошаны дзеці з нядзельных школ пры Пружанскім касцёле, Новазасімавіцкай царкве, царкве Евангельскіх хрысціян-баптыстаў і некалькі чалавек з Лыскаўскай школы. Прыйшлі не толькі дзеці, але і мамы, таты ды бабулі. У невялікай зале Пружанскага палацыка сабралася каля ста чалавек, якіх віталі Дзед Мароз і Снягурка. Як прыгожа, абаяльна, цёпла гучала наша мова з вуснаў дзетак! У падарунак Дзеду Марозу яны падрыхтавалі свае праграмы: гэта - калядныя песні, сцэнкі, вершы; гучала цудоўная музыка скрыпкі. Дарэчы, у праграме прынялі ўдзел і госці з-за акіяна, маладыя людзі, бацькі якіх некалі выехалі з Беларусі і аселі ў Амерыцы. Вельмі кранальнай была праграма праваслаўных дзетак: малыя прыйшлі на свята "Ялінкі" ў нацыянальных вышываных кашульках і спаднічках і цудоўна заспявалі калядкі, віталі Наражэнне Хрыстова і ўсіх прысутных вершамі.

Хочацца шчыра падзякаваць дарослым, якія рыхтавалі дзетак, акампаніятару Людміле Пятроўне Ляшчынскай. Ролю Дзеда Мароза цудоўна выканаў настаўнік беларускай мовы СШ №1 Канстанцін Іванавіч Жытко.

Дзед Мароз прыйшоў да дзяцей не з пустымі рукамі: дзякуючы дапамозе пружанскіх арганізацый і ўстаноў, прыватных асоб, закупілі 80 падарункаў. Спонсарскую дапамогу аказалі царква і касцёл, прадпрымальнікі Н.С, Радзівончык, Л. С. Ахрамовіч, В.У. Шыбайла, Т. Галёнка, рэдакцыя раённай газеты, Берасцейская абласная сельскагаспадарчая доследная станцыя. Свае падарункі асобна ўручылі дзецям Евангельскія хрысціяне.

Хочацца ад усёй душы падзякаваць усім, хто дапамог нам зладзіць цудоўнае свята для дзяцей Пружаншчыны.

Тарэса Жэгалава, старшыня раённай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.


Беларуская кухня на Клімаўшчыне

Беларуская традыцыйная ежа - адна з важнейшых частак матэрыяльнай культуры, якая поўнасцю звязана з этнічнай гісторыяй народа. Беларусь складаецца са шматлікіх рэгіёнаў, якія адрозніваюцца па шэрагу прыкмет, маюць свае комплексы страў і свае асаблівасці. Са значным павелічэннем сувязі паміж горадам і вёскай некаторыя асаблівасці зніклі і ў выніку гэтага працэсу з'явіліся новыя.

Да нашых дзён захаваліся яшчэ на Беларусі ўнікальныя вёскі, дзе, дзякуючы моцным традыцыям і абрадам, якія нясуць, захоўваюць і перадаюць будучаму пакаленню старэнькія бабулі і дзядулі, можна ўбачыць увесь каларыт і звычаі мясцовага насельніцтва ў тым ліку і кулінарныя.

Выбіраючы тэму даследавання супрацоўнікі нашага музея звярнулі ўвагу на тое, што ў нашым раёне даволі мала вывучаныя абрадавыя кулінарныя традыцыі раёна. Улічваючы актуальнасць і недастатковую распрацаванасць тэмы даследавання, мы паспрабавалі правесці збор матэрыялу па рэгіянальных абрадавых кулінарных традыцыях, якія яшчэ існуюць у вёсках Клімавіцкага раёна як цяперашняга часу, так і самабытных, аўтэнтычных рэцэптаў страў нашых продкаў.

У час экспедыцый у межах раёна былі зафіксаваныя як тыповыя, так і ўнікальныя кулінарныя рэцэпты, таксама пэўныя ўнікальныя метады прыгатавання страў. Сярод выяўленых рэцэптаў дастаткова і абрадавых. Увесь сабраны матэрыял па выніках праведзеных экспедыцый у 2013 годзе Клімавіцкім раённым краязнаўчым музеем ў вёскі Сідараўка, Мыслеўшчына, Судзілы, Кукуеўка, Грышын, Слабада і Рэўт быў апрацаваны, і на аснове гэтага наш калектыў заняў другое месца на абласной канферэнцыі, прысвечанай традыцыйнай кухні беларусаў.

Варта адзначыць так-сама тое, што рэспандэнты ў ходзе гутаркі даволі слаба ўзгадвалі рэцэпты, але ў выніку ненавязанага і нефармальнага дыялогу атрымоўвалася вызначыць і ўпарадкаваць пэўныя працэсы, звязаныя з абрадавай кухняй, а ў прыватнасці самі рэцэпты: інгрыдыенты, працэс прыгатавання і ўжывання стравы ў час свята. Так-сама цікавым з'яўляецца той момант, што рэспандэнты, якія нарадзіліся ў перыяд да 1930-х гадоў, даволі яскрава і змястоўна даюць апісанне страў, а рэспандэнты, якія нарадзіліся пасля 1930 года, ужо не могуць даць канкрэтнай інфармацыі па той прычыне, што час іх дзяцінства і юнацтва прыпадае на даволі цяжкі гістарычны перыяд - 40-я гады, калі, як выказваліся самі апытаныя, было не да захавання традыцый, а людзі імкнуліся хоць неяк выжыць і задаволіць свае натуральныя патрэбы ў ежы. Але нават у той складаны час традыцыйная кухня захоўвалася і людзі прытрымліваліся беларускай абрадавай стравы, паколькі гэтыя традыцыі даволі моцна ўкараніліся і жылі ў свядомасці і вераваннях насельніцтва ў савецкі пасляваенны час.

Вельмі прыемна варта зазначыць такі момант, калі ў наш час, у пэўнай ступені складаны для аўтэнтычных традыцый, існуюць людзі, якія клапоцяцца пра захаванне нашай нематэрыяльнай спадчыны, у тым ліку і кухні, і прыкладаюць шмат намаганняў для аднаўлення і ўвядзення ў нашае сучаснае жыццё старадаўніх абрадавых страў. Такім чалавекам напрыклад у нашым раёне з'яўляецца Абраменка Зінаіда Рыгораўна, 1948 года нараджэння, якая гаспадарыць на аграсядзібе "Спадчына" ў в. Рэўт, што пад Клімавічамі. Сферай прыкладання намаганняў Зінаіды Рыгораўны становіцца і тое, што яна доволі пільна прытрымліваецца старадаўніх страў беларусаў і шырока ўжывае іх пры прыёме розных гасцей, у тым ліку і замежных. А гэта на маю думку і ёсць вельмі важны крок у прапагандзе нашых страў сярод не толькі мясцовага насельніцтва, але і замежнікаў! Як кажуць - знай нашых!!

Аляксандр Галкоўскі, мал. навуковы супрацоўнік Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея.


Шчыраванне над роднай песняй

У менскай бібліятэцы імя Я. Купалы адбылася супольная творчая вечарына адораных жанчын з Менска і Менскай вобласці. Тамара Іванаўна Кашчэва (Кощево) праспявала цудоўныя песні на словы Вольгі Сакаловай.

Выдатная спявачка жыве ў горадзе Фаніпалі і працуе музычным кіраўніком у дзіцячым садку № 3. Яна - аўтар-выканаўца лірычных твораў, сябра Саюза музычных дзеячоў, сябра народнага клуба кампазітараў і паэтаў "Жывіца" і народнага клуба паэзіі "Натхненне".

Нядаўна яна брала ўдзел у конкурсе сталічнага тэлебачання"Пяючыя гарады". Спадарыні Тамары давялося выступаць ад горада Дзяржынска з трыма сяброўкамі. Дзяўчат акрыліла сама атмасфера конкурсу, рэпетыцыі, праслухоўванні, майстар-класы. Яны вышлі ў фінал і выступалі ў лістападзе 2013 на сцэне Палаца Рэспублікі. Пераможцам был прызнаны горад Бабруйск, але квартэт з Дзяржынска ўвайшоў у пяць лепшых топ-кліпаў па апытанні чытачоў "Камсамольскай праўды".

Тамара Іванаўна, апантаная музыкай, крочыць па жыцці ўпэўнена і з захапленнем. З дзяцінства музыка стала для яе сэнсам жыцця і падтрымкай.

- Бацькі часта выконвалі любімыя народныя песні для гасцей. Чароўны песенны свет палюбіла і я.

У роднай вёсцы Выгалавічы Мядзельскага раёна яна была актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці. Дзяўчына скончыла дырыжорска-харавое аддзяленне Маладзечанскага музычнага вучылішча і была накіравана выкладчыцай сальфеджыа ў Мядзельскую музычную школу.

Там маладая выканаўца стала ўдзельніцай ВІА "Раніца", які выступаў ў розных кутках Мядзельшчыны. Выконваючы апрацаваныя народныя песні, артысты неслі цяпло і дабрыню жыхарам краю. На Мядзельшчыне спадарыня Тамара знайшла свайго абранніка і нарадзіла старэйшага сына.

З 1980 года яна працуе ў дзіцячым садку Фаніпаля музычным кіраўніком з дашкалятамі. Яна дапамагае дзецям пазнаваць ўзнёслы свет музыкі, вядзе іх сцяжынкамі натхнення і пазнання багаццяў народнай песні. Яе выхаванцы ўдзельнічаюць у рэгіянальных фестывалях музычнай творчасці. Пяшчоту, ласку і любоў да прыгожага Тамара Іванаўна перадае сваім тром дзецям і ўнукам.

На пачатку 1990-тых гадоў Тамара Кашчэва сама пачала пісаць песні. У 2002-м з'явіўся яе першы кампакт-дыск "Не шкадуйце сэрца". Пры падтрымцы Менскага абласнога народнага клуба самадзейных кампазітараў і паэтаў "Жывіца" вышлі зборнікі песень: "Вясёлыя кропелькі" (2004), "Люстэрка душы" (2005), "Срэбны блюз" (2009), "Незабудкавыя таямніцы" (2011), а таксама кампакт-дыскі "Ляці і вяртайся", "Шчыраванне". У іх увайшлі таксама і песні сп. Тамары.

У 2008 годзе кампазітар выпусціла свой першы зборнік песень пад назвай "Не шкадуйце сэрца". Песні Тамары Іванаўны спадабаліся жыхарам Беларусі і блізкага замежжа. Любімая праца, музыка і родныя дапамаглі ёй перанесці ў 2008 годзе страту мужа і знайсці сілы крочыць далей.

Праца педагога ўзнагароджана аддзелам адукацыі Дзяржынскага райвыканкама, Міністэрствам адукацыі. Тамара Іванаўна Кашчэва адзначана званнем "Лепшы педагог" у 2002, 2006, 2010 гадах. У 2012 годзе яна атрымала званне "Жанчына года Дзяржыншчыны".

- Паважаю людзей высокай духоўнасці і сябрую з творчымі жанчынамі ў нашых народных клубах, - кажа спявячка, матуля і педагог.

Э. Дзвінская. На здымку: Спявае Т.І. Кашчэва.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX