Вярнуцца: 2014

№ 08 (1159)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 8 (1159) 19 лютага 2014 г.


21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

Годна адзначыць 90-я ўгодкі Васіля Быкава

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

Кабякову А.У.

Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!

Як Вам, безумоўна, вядома, сёлета спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, Героя Сацыялістычнай Працы, франтавіка, народнага дэпутата СССР, Народнага пісьменніка Беларусі, прызнанага майстра сусветнага ўзроўню Васіля Быкава. У многіх краінах свету спачатку ведаюць Васіля Быкава, а пасля Беларусь.

Трэба было спадзявацца, што беларуская дзяржава, якая ў першую чаргу з'яўляецца спадкаемцам таленту і сусветнай славы Васіля Быкава, годна адзначыць юбілей Майстра дзеля ўшанавання яго памяці і падняцця прэстыжу Беларусі ў свеце.

Мы лічым, што асноўныя мерапрыемствы па ўшанаванні Васіля Быкава пройдуць: на Віцебшчыне, дзе ён нарадзіўся; на Гарадзеншчыне, дзе расквітнеў яго талент; у Мінску, дзе ён плённа працаваў і дзе завяршыў свой зямны шлях.

Нядаўна на сайце "Твой стыль" была апублікавана праграма мерапрыемстваў "Гродна - культурная сталіца Беларусі". Думалася, якое ўдалае супадзенне, у рамках "культурнай сталіцы" можна зрабіць непараўнальна больш для памяці В. Быкава ў Гродна (адкрыць музей, назваць вуліцу, паставіць помнік, павесіць мемарыяльную дошку, правесці шэраг літаратурных і культурных імпрэзаў і г.д.). Аднак у апублікаванай праграме мы знаходзім толькі невялікія чытанні ў верасні месяцы. Ні аднаго сур'ёзнага мерапрыемства, наогул ніякага мерапрыемства ў чэрвені месяцы (дзень нараджэння В. Быкава - 19 чэрвеня) не спланавана. Наогул, нічога на год не спланавана акрамя згаданых чытанняў.

Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!

Мы задаём Вам пытанне, ці па-дзяржаўнаму гэта?

Вакол юбілею Васіля Быкава павінна б круціцца ўся культурная праграма Гродна на гэты год. Сюды дзеля В. Быкава паехалі б тысячы турыстаў. У беларускіх тэатрах Віцебска і Мінска павінны ўвесь год ісці п'есы па Быкаву. У кінатэатрах павінны ісці фільмы па Быкаву.

Мы далёкія ад думкі, што кіраўнік Беларускай Дзяржавы загадаў гродзенцам не святкаваць юбілею В. Быкава, з якім ён быў асабіста добра знаёмы і якога паважаў, і таму пазіцыя гродзенскіх чыноўнікаў нам не зразумелая.

У свой час Міністэрства культуры Беларусі лічыла мэтазгодным адсвяткаваць у нашай краіне юбілей В. Быкава, пра што сведчыць ліст намесніка міністра Т.І. Стружэцкага кіраўніку Віцебскай абласной рады ТБМ Іосіфу Навумчыку (дадаецца).

Аднак і ў Віцебску мерапрыемствы па ўшанаванні Васіля Быкава не даведзены да грамадскасці. Не вельмі імкнецца ўшанаваць памяць класіка беларускай літаратуры і Мінскі гарвыканкам. І гэта адбываецца ў 70-я ўгодкі вызвалення Беларусі ад фашысцкіх акупантаў, калі памяць пра франтавіка-пісьменніка павінна быць годна ўшанавана. Было б добра, каб да 9 мая з'явіўся адпаведны Указ Кіраўніка Беларусі аб ушанаванні памяці Васіля Быкава, у якім было б прадугледжана наступнае:

1. Назваць вуліцы імем Васіля Быкава ў Мінску, Гродне, Віцебску і Ушачах.

2. Адкрыццё мемарыяльнай дошкі на доме ў Мінску (былая вуліца Танкавая), дзе жыў пісьменнік.

3. Выданне мастацкага канверта з партрэтам Васіля Быкава.

4. Стварэнне музейнай экспазіцыі, прысвечанай В. Быкаву, у Нацыянальным гістарычным музеі, Віцебскім і Гродзенскім абласных музеях.

Быкаў - гэта Беларусь!

Беларусь - гэта Быкаў!

Гэтага не змяніць і не замаўчаць.

Са спадзяваннем на разуменне і падтрымку нашых прапаноў,

Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.


VII Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне

VII Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне спланавана ў наступных месцах:

22 лютага - г. Бярозаўка, бібліятэка, пачатак у 12.00.

23 лютага - г. Ліда, Цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы, пачатак у 10.30.

Запрашаюцца ўсе патрыёты Беларусі, знаўцы і аматары беларускай мовы.


125 гадоў з дня нараджэння Міколы Байкова

БАЙКОЎ Мікола [Мікалай Якубавіч; псеўданімы і крыптанімы: Аглядальнік; Асветнік; Дашкольнік; М.К-ч; М.Кр.; Кр-іч; Крывіч; Мікола Крывіч; Настаўнік; 22.2.1889, Бежацк Цвярской губ. - пасля 1946 ?], мовазнавец і літаратуразнавец, педагог. Нарадзіўся ў сям'і святара. Пачатковую адукацыю атрымаў у Бежацкім мужчынскім духоўным вучылішчы, сярэднюю - у Цвярской духоўнай семінарыі, вышэйшую - у Маскоўскай духоўнай акадэміі (скончыў у 1913). Накіраваны выкладчыкам філасофскіх і педагагічных дысцыплін у Менскую духоўную семінарыю. Адначасова выкладаў у гарадской гімназіі і ў прыватных навучальных установах. З 1918 чытаў лекцыі ў Менскім настаўніцкім інстытуце. З 1921 выкладчык МБПТ. Рэдактар час. "Школа и культура Советской Белоруссии" (1919, 1921), з 1924 супрацоўнік час. "Асвета". З 1921 вучоны сакратар Навукова-тэрміналагічнай камісіі Наркамасветы БССР, у 1922-28 Слоўнікавай камісіі Інбелкульта, потым Інстытута мовазнаўства АН БССР. Атрымаў вядомасць як аўтар прац па літаратуразнаўстве, крытыцы і педагогіцы, але асабліва як укладальнік слоўнікаў: "Практычны расійска-беларускі слоўнік" (1924, разам з М. Гарэцкім), "Беларуска-расійскі слоўнік" (1925), "Расійска-беларускі слоўнік" (1928, абодва разам з С. Некрашэвічам), "Практычны беларускі вайсковы слоўнік" (1927, разам з А. Бараноўскім). Арыштаваны ДПУ БССР 19.7.1930 па абвінавачванні ў прыналежнасці да "Саюза вызвалення Беларусі". Вызвалены 2.9. 1930. На акадэмічную працу вярнуцца яму не дазволілі. У 1931-41 літсупрацоўнік Менскага рэкламнага бюро, стыліст у газ. "Чырвоная змена". Падчас вайны знаходзіўся ў Менску, супрацоўнічаў з беларускімі службамі. У 1944 выехаў у Германію. Працаваў у прапагандысцкім бюро "Вінэта". Па некаторых звестках, арыштаваны савецкай ваеннай контрразведкай "Смерш" у Берліне і перавезены ў Менск. Далейшы лёс невядомы.

Паводле Л. Маракова.


75 гадоў з дня нараджэння Чэслава Немана

12 лютага ў Доме дружбы з замежнымі краінамі пры поўным аншлагу адбылася вечарына, прысвечаная 75 угодкам з дня нараджэння знакамітага польскага музыкі і кампазітара, ураджэнца Беларусі Чэслава Немана.

Вечарына была арганізаваная таварыствам Беларуска-польскай дружбы. Старшыня таварыства Анатоль Бутэвіч ва ўступным слове адзначыў, што многія ўраджэнцы беларускіх земляў зазначыліся за мяжой у розных галінах навукі, палітыкі, мастацтва. І Чэслаў Неман, народжаны ў Старых Васілішках цяперашняга Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці як Чэслаў Выдрыцкі, - не выключэнне.

Перад прысутнымі слова трымалі дырэктар клуба-музея Чэслава Немана ў Старых Васілішках Уладзімір Сянюта, які згадаў, што музычныя здольнасці Немана былі закладзеныя яшчэ ў паваенныя гады, калі ў невялікай вёсцы меўся ўласны духавы аркестар. Мастацтвазнавец Яўген Шунэйка, які наладзіў імправізаваную выставу твораў мастакоў, прысвечаную Чэславу Неману, нагадаў пра ўсебаковы талент земляка, які ў апошнія гады жыцця сам ствараў на кампутары дызайн вокладак уласных альбомаў. Слова брала і суаўтарка сцэнару фільма, прысвечанага Неману, Вера Савіна, якая прызналася, што здымкі фільма пачаліся з таго моманту, як давялося збіваць замок з занядбанага роднага дома сям'і Выдрыцкіх, дзе перад гэтым мясцілася вясковая крама.

У музычнай частцы вечарыны ўзялі ўдзел дуэт "Witam" з Палаца культуры МТЗ, а таксама зводны хор выхаванцаў каледжа мастацтваў імя Ахрэмчыка.

Радыё Свбода.


Заява Сакратарыяту ТБМ з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы

Дарагія сябры!

21 лютага сусветная супольнасць штогод адзначае Міжнародны дзень роднай мовы. Мы звяртаемся да ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама прыхільнікаў беларушчыны за мяжой з просьбай выказаць у гэты дзень сваю падтрымку жывому беларускаму слову.

Давайце ў гэты дзень публічна праявім сваё шанаванне да старажытнай, тысячагадовай беларускай мовы, дзяржаўнай мовы Вялікага Княства Літоўскага, мовы трох Статутаў ВКЛ, мовы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча і Васіля Быкава.

Мы заклікаем Вас прыняць удзел у VІІ Усебеларускай дыктоўцы, якую мы прапануем пісаць па творах народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, чый 90-гадовы юбілей мы адзначаем сёлета.

Узоры дыктовак чытайце ў газеце "Наша слова", а таксама на нашым партале: tbm-mova.by

Любіце родную мову - яна дасканалая і прыгожая!

Прынята на паседжанні Сакратарыяту ТБМ 14 лютага 2014 года.


Тэксты да VІІ Усебеларускай дыктоўкі

Сотнікаў

Усё, што Сотнікаў перажыў на вайне, яшчэ і каторы раз, даводзіла неабвержнасць не новага ўжо меркавання, што адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце - яго жыццё. Калі-небудзь у дасканалым людскім грамадстве яно стане катэгорыяй-абсалютам, мерай і цаною ўсяго. Кожнае такое жыццё, з'яўляючыся галоўным сэнсам чалавечага існавання, зробіцца не меншай каштоўнасцю для ўсяго грамадства наогул, сіла і гармонія якога будуць вызначацца шчасцем кожнага яго члена. А смерць што ж - смерці не мінуць нікому. Важна толькі пазбыцца гвалтоўных смерцяў, даць чалавеку магчымасць разумна і добра выкарыстаць і без таго не надта вялікі свой час у гэтым свеце. Пры ўсёй сваёй неверагоднай магутнасці над прыродай чалавек, напэўна, доўга яшчэ астанецца ўсё такім жа абмежаваным у сваіх фізічных магчымасцях, калі самага маленькага кавалачка металу даволі на тое, каб назаўсёды адабраць адзінае і такое дарагое для кожнага жыццё.

Суцяшалі хіба што духоўныя магчымасці, часам непадуладныя ніякай самай пагрозлівай сіле. На ўсё жыццё Сотнікаў запомніў, як улетку ў шталагу немцы дапытвалі старога сівога палкоўніка, пакалечанага, з перабітымі кісцямі рук, ледзь жывога. Гэты палкоўнік, здавалася, проста не ведаў, што такое пачуццё страху, і не гаварыў, а адчайна крычаў у вочы нямецкаму афіцэру гнеўныя словы пра Гітлера, фашызм і не зважаў ні на што. Немец мог бы прыбіць яго кулаком, мог застрэліць, як за гадзіну перад тым застрэліў двух палітрукоў-пехацінцаў, але гэтага чалавека ён нават не абразіў лаянкай. Ён, падобна было, збянтэжыўся, мабыць, упершыню ўчуўшы такое, схапіўся за тэлефон і нешта далажыў, відаць - чакаючы загаду ад начальства. Вядома, палкоўніка потым расстралялі. Але тыя некалькі хвілін перад расстрэлам былі ягоным трыумфам, яго подзвігам, мабыць, не меншым, чымсьці на полі бою, бо палкоўнік не ведаў нават, што яго хто ўчуе са сваіх (яны выпадкам аказаліся побач за сцяной барака).

Знак бяды

Час і людзі не шмат чаго пакінулі ад колішняй хутарской сядзібы, рэшткі якой спакваля праглынула зямля і развеяў вецер. Дзе-нідзе толькі выглядвалі на паверхню яе скупыя адзнакі: вуглавы камень падмурка, прытаптаны бугор бітай цэглы ды дзве гранітныя прыступкі каля былога ўвахода ў сені. Прыпарожныя гэтыя камяні ляжалі на тым самым месцы, што і сто год назад, і дробныя рудыя мурашы, якія недзе паблізу аблюбавалі сабе прыстанішча, дзелавіта снавалі па ніжняй прыступцы. Алешнік з рова, адхапіўшы добрую частку хутарскога поля, падступіў да самай сядзібы, на месцы істопкі па-царску разросся густы куст шыпшыны сярод буйных зараснікаў дзядоўніку, крапівы і малінніку. Ад калодзежа нічога не засталося, зруб, пэўна, згніў або яго расцягалі людзі, вада, апынуўшыся без патрэбы, знікла ў глыбіні зямлі. На рагу колішняй хаты неўпрыцям вылезла з пустазелля калючая дзічка-груша - можа, парастак ад колішніх груш-спасовак, а можа, выпадковая самасейка, занесеная з лесу птушкамі.

З дарогі, ад гасцінца, мала што выдавала тут былую сядзібу, хіба што адна з дзвюх ліп, якія колісь раскашавалі абапал варотцаў на ўездзе. Другой даўно не было, а гэтая, што засталася, мела жахлівы выгляд: абгарэлая і аднабокая, з тоўстым каржакаватым камлём, у якім зеўрала шырокая шчыліна дупла, яна незразумела як трымала на сабе некалькі тоўстых галінастых сукоў. Птушкі, якія часам прыляталі з лесу, чамусь ніколі не апускаліся на яе голле, лепей садзіліся на рослы алешнік побач. Вароны, магчыма, памяталі нешта, а можа, сваім птушыным інстынктам адчувалі ў гэтым знявечаным дрэве злую прыкмету няшчасця, знак даўняй бяды. Зрэшты, знак гэты ляжаў тут на ўсім: на скупых рэштках сядзібы, зарасніках дзядоўніку і крапівы, якія буйна раскашавалі ў спакоі, на самазадаволенай непрыступнасці калючай шыпшыны і нават мізэрнай, з пакручастым голлем дзічцы. І толькі маладая тоненькая ліпка, што зусім нядаўна выкінула да сонца лічаныя свае лісточкі, у сваёй безабароннай адвазе здавалася госцяй з іншага свету, увасабленнем надзеі і другога, інакшага, жыцця.

Напэўна, усё астатняе належала тут мінуламу, скаронаму тленам і небыццём.

Усё, апроч непадуладнай часу, цярплівай і негаваркой чалавечай памяці, надзеленай спрадвечнаю здольнасцю ператвараць мінулае ў цяперашняе, звязваць сучаснае з будучым.

Доўгая дарога дадому

Так сталася, што маімі літаратурнымі сябрамі ў Менску сталі маладзейшыя пісьменьнікі, народзінаў 30-х гадоў. Сяброў зь ліку аднагодкаў (апроч хіба Алеся Адамовіча, маладзейшага за мяне на 3 гады) амаль не было нікога. Увогуле тое зразумела. Маё пакаленьне ці ня спрэс засталося на вайне, а тыя нешматлікія зь яго, што ўцалелі, занадта навучыліся на вайне і пасьля. "Філялягічнае ж пакаленьне" пісьменьнікаў, мабыць, яшчэ ня страціла сваіх маладых памкненьняў да праўды і справядлівасьці і часам, можа нават міжволі, канфліктна рэагавала на нэгатыўныя праявы літаратурнага жыцьця. Напярэдаднi чарговага зьезду Саюзу пiсьменьнiкаў Беларусi Генадзь Бураўкiн i Анатоль Вярцiнскi арганiзавалi збор подпiсаў пад лiстом у абарону Быкава. Як пасьля яны пра тое апавядалi, цiкава было паназiраць за рэакцыяй шмат якiх пiсьменьнiкаў на прапанову падпiсаць лiст. Некаторыя адразу адмовiлiся, iншыя абяцалi падумаць (г.зн. параiцца з кiмсь). Бальшыня, аднак, не раздумваючы, падпiсала лiст, i мяне ўсьцешыла, што сярод iх нямала старых, вельмi шаноўных пiсьменьнiкаў: Мiхась Лынькоў, Iван Мележ, Янка Брыль, Аркадзь Куляшоў. (Дарэчы, Аркадзь Куляшоў, якi быў у даўняй дружбе з Твардоўскiм, адзiн зь першых павiншаваў мяне з надрукаваньнем у "Новом мире".) Але нi Шамякiн, нi Броўка, нi Танк лiста не падпiсалi. Ведама, той лiст мала чым дапамог апальнаму аўтару (ды i не мог памагчы), але вэрхалу нарабiў нямала. Тое, што вакол яго адбывалася, дало зразумець партыйнаму кiраўнiцтву, што ў надта апекаваным калектыве пiсьменьнiкаў няма былога сцэмэнтаванага адзiнства. Што пiсьменьнiкi, як нi дзiўна i не зважаючы на шматгадовы ўцiск i рэпрэсii, здольныя да пратэсту. Лiст, зразумела, ня быў нiдзе надрукаваны, а арганiзатараў яго ня раз выклiкалi на допыты i разьбiральнiцтвы ў розныя iнстанцы i (у тым лiку i ў КДБ). Але справа была зробленая, пiсьменьнiкi ўпершыню засьведчылi, што могуць не падпарадкавацца грознай партыйнай волi. Toe ўжо было небясьпекай, якая дайшла да Масквы i якую належала прадухiлiць.


СПРАВАЗДАЧА

Полацкага гарадскога аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" за 2013 год

Традыцыйна год пачаўся з выпуску кішэннага календара з выявай вокладкі кнігі Уладзіміра Арлова "Краіна Беларусь". Каляндарык выдадзены дзякуючы дабрачыннай падтрымцы Полацкага паліграфічнага прадпрыемства "Спадчына Скарыны". На зваротным баку змешчаны герб Полацка, звесткі пра Таварыства, эмблема, кантактны тэлефон, адрас і заклік "Шануйце родную мову!".

Некалькі мерапрыемстваў праведзены ў Дзень роднай мовы. Прысутных віталі ансамблі "Полацкія россыпы" і "Родник". Адметна, што апошні калектыў упершыню ўключыў у свой репертуар песні на беларускай мове. Адбыўся канцэрт-прэзентацыя кнігі Феакціста Фядотава "На маёй Радзіме, Беларусі…". Яго падрыхтавалі сябры літаратурна-музычнага аб'яднання "Крылы" з Наваполацка. Усе ахвочыя (такіх было 12 чалавек) пісалі дыктоўку. Яе правяла, затым праверыла тэксты і ўручыла прызы выкладчык Полацкага ўніверсітэта Вера Гямбіцкая.

Змястоўнай і цікавай была сустрэча з Ірынай Жарнасек, якая добра вядома як таленавіты празаік, адметны журналіст, чалавек з цвёрдай жыццёвай пазіцыяй. У межах кампаніі "Будзьма беларусамі" адбылася сустрэча з бардам Алесем Камоцкім і пісьменнікам Паўлам Ляхновічам. Дзень паэзіі быў адзначаны творчай сустрэчай з таленавітым маладым паэтам Алесем Замкоўскім.

Прыемным адкрыццём і сапраўднай падзеяй стаў канцэрт менскага гурта "Вурай". Сталічныя музыкі прадставілі жыхарам і гасцям горада над Дзвіной новую праграму "Вылятай, перапёлка". Лідар гурта Сяржук Гаюн падкрэсліў, што калектыў эксперыментуе са стылем, шукае новыя вобразы і спосабы выканання. У аснове любой песні ляжыць беларуская першакрыніца, таленавіта апрацаваная музыкамі.

У цёплы майскі вечар адбылася прэзентацыя кнігі Зоські Верас "Я помню ўсё". Міхась Скобла расказаў пра жыццёвы шлях знакамітай паэткі, а песні ў выкананнні Тацяны Грыневіч-Матафонавай надалі мерапрыемству ўрачыстасць і святочнасць. У прэзентацыі прымаў удзел Павел Мажэйка.

Беларуская інтэрнет-бібліятэка добра вядома аматарам беларускай літаратуры. Сярод сяброў Полацкай суполкі ёсць яе аўтары і пастаянныя карыстальнікі. Прэзентацыю Kamunikat.org правялі госці з Польшчы - Яраслаў Іванюк і Наталля Герасімюк. Усе прысутныя атрымалі не толькі поўнае ўяўленне пра згаданую бібліятэку, але і сувеніры з яе лагатыпам. Затым адбыліся прэзентацыя кнігі гісторыка з Гародні Алеся Краўцэвіча "Гісторыя ВКЛ" і міні-канцэрт Алеся Камоцкага.

Пасля чарговага з'езду беларусаў свету ў родны Полацк завітала яго дэлегатка, вядомая паэтэса з Палтавы (Украіна) Іна Снарская. Гэта не першая сустрэча, дзе Іна Станіславаўна цёпла ўспамінала гады дзяцінства і юнацтва, праведзеныя ў нашым горадзе, расказвала аб сваёй працы на ўкраінскім тэлебачанні, чытала вершы. На гэты раз адбылася прэзентацыя яе кнігі "Ад сэрца да сэрца - дарога".

У верасні вялікая зала Цэнтра рамёстваў ледзь змясціла ўсіх ахвочых паслухаць паэта Леаніда Дранько-Майсюка і барда Эдуарда Акуліна. Папулярныя творцы прэзентавалі чарговы нумар часопіса "Верасень", разважалі пра лёс беларускай мовы, расказвалі цікавыя гісторыі, жартавалі. Не дзіўна, што пасля сустрэчы да іх вышыхтавалася доўгая чарга па аўтографы і фотаздымкі. А першая сустрэча ў той дзень адбылася ў сярэдняй школе №14, што ў аддаленым мікрараёне "Грамы".

Мінулы год стаў апошнім у жыцці сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, старэйшага сябра мясцовага літаб'яднання "Наддзвінне" Змітрака Куніцкага. Будучы цяжка хворым, ён працягваў літаратурную дзейнасць і здолеў падрыхтаваць да друку шостую па ліку кнігу - зборнік "Выбранае". Яго прэзентацыя і адбылася ў цёплай, сяброўскай атмасферы, дзе так шмат было сказана добрых слоў аўтару - праўдзіваму чалавеку, вялікаму жыццялюбу, адметнаму паэту, празаіку, перакладчыку.

У лістападзе прыхільнікі творчасці Зміцера Вайцюшкевіча з нецярплівасцю чакалі аб'яўлены канцэрт. Але ён не адбыўся не па віне спевака ці арганізатараў…

У Полацку мясцовае аб'яднанне ТБМ месціцца ў будынку Цэнтра рамёстваў і нацыянальных культур, дзе невялікая колькасць супрацоўнікаў-энтузіястаў шчыра дбае пра развіццё і папулярызацыю народнай культуры. Тут рэальна жыве беларуская мова: частка супрацоўнікаў дасканала яе ведае і штодзённа карыстаецца; справаводства вядзецца па-беларуску; усё афармленне зроблена на роднай мове; 70% тэматычных мерапрыемстваў праведзена на беларускай мове. Сумесна з тэлеканалам "Саміт" пачаты новы праект - "Святы народнага календара". У пераднавагодні перыяд у Цэнтры працавала "Гасцёўня Каляды" і ўпершыню праведзены "Зімовыя вячоркі, калядкі і шчадроўкі". Хочацца верыць, што ў самым старажытным горадзе краіны захаваецца куточак, дзе і надалей будзе жыць Беларусь.

Валянціна Крук, старшыня гарадскога аб'яднання ТБМ.


Вядомую беларусістку звальняюць з польскага ўніверсітэта за "непрыдатнасць"

Дамова на працу ва ўніверсітэце ў Беластоку доктара паліталогіі Алены Глагоўскай, якая працуе тут з 1998 года, сканчаецца 30 верасня 2014 г. Цяпер, каб працаваць далей, ёй трэба працягнуць дамову.

Але дэкан філалагічнага факультэта, за якім яна замацаваная, Багуслаў Нававейскі папярэдзіў выкладчыцу, што не мае намеру працягваць з ёй дамову, бо Алена Глагоўская непрыдатная для працы на філалагічным факультэце.

- Спадарыня Алена, у вас доктарская ступень і безліч публікацыяў. Ці патлумачыў дэкан, што значыць "непрыдатная"?

- Прэтэнзія яго была ў тым, што большасць заняткаў я вяду на гістарычна-сацыялагічным факультэце нашага ўнівэрсітэта. Гэта адбываецца таму, што некаторыя мае дысцыпліны ("Жанры журналістыкі", "Мэдыяльныя сістэмы ў Польшчы і свеце" ды іншыя) на філалагічным факультэце вядзе іншы выкладчык. У выніку рутыннай ацэнкі працы, якую я атрымала ўчора, мая праца адзначаная вельмі станоўча, але там таксама напісана, што я не ангажуюся ў арганізацыйную працу на філалагічным факультэце, таму далейшае супрацоўніцтва са мной непажаданае.

Алена Глагоўская разам з калегамі збіраецца раіцца з юрыстамі, якія захады ім зрабіць да кастрычніка, каб застацца на працы ва ўніверсітэце.

Радыё Свабода.


ГАРАДЗЕНСКАЯ АБЛАСНАЯ АЛІМПІЯДА ШКОЛЬНІКАЎ 2014 г.

Важнай падзеяй школьнага жыцця ў пачатку года былі абласныя алімпіяды вучняў па асноўных прадметах праграмы. Алімпіяда па беларускай мове і літаратуры, праходзіўшая з 14 па 16 студзеня 2014 г. у Гародні, сабрала 66 школьнікаў з 17 раёнаў вобласці. Не былі прадстаўлены вучні толькі Бераставіцкага і Іўеўскага раёнаў. Удзельнікі алімпіяды - самыя дасведчаныя вучні, пераможцы і прызёры раённых і гарадскіх алімпіяд. І адразу адзначым, што высокакваліфікаванае журы, складзенае з выкладчыкаў універсітэта і настаўнікаў вышэйшай катэгорыі, было задаволена вынікамі алімпіяды і адзначыла ўзрослы ўзровень падрыхтоўкі вучняў.

Але - усё па парадку.

Алімпіяда складалася, як і раней, з выканання трох відаў работ: вуснага выказвання на грамадскую або этычную тэму, пісьмовага водгуку на прапанаваны літаратурны твор і комплекснай работы па мове і літаратуры. Кожнае з гэтых заданняў патрабавала поўнай мабілізацыі ведаў і ўменняў школьнікаў. А таму і хваляванняў было нямала, асабліва ў навічкоў-дзевяцікласнікаў і выпускнікоў-адзінаццацікласнікаў.

Для пісьмовага водгуку былі прапанаваны вершы М. Мятліцкага (11 кл.), Ю. Свіркі (10 кл.), А. Грачанікава (9 кл.), і патрабавалася паказаць уменне аналізавць ідэйна-тэматычны змест твора, раскрыць мастацкія асаблівасці яго ўвасаблення. Лепшыя вынікі паказалі ў 11 кл. Баршчова Марына (гімназія № 1 г.п. Карэлічы) і Сарбай Дар'я (ліцэй № 1 г. Гародня), у 10 кл. - Семянчук Валерыя (гімназія № 1 імя акад. Карскага г. Гародня), у 9 кл. - Іванюк Марыя (Дабравольская СШ Свіслацкага р-на).

Найбольш складанай працай была камплексная работа па мове і літаратуры, у якой былі дадзены заданні па розных раздзелах мовазнаўства і літаратуразнаўства. За поўнае і правільнае выкананне дзесяці заданняў можна было атрымаць палавіну ўсіх балаў на алімпіядзе - 50. Найбольш паспяхова справіліся з комплекснай работай у 11 кл. Ярмантовіч Анжаліка (36,5 бала, гімназія № 1 г. Ліда), у 10 кл. - Семянчук Валерыя (39,05 бала, гімназія № 1 імя акад. Карскага г. Гародня) і ў 9 кл. - Арочка Уладзімір (41,25 бала, СШ № 3 г.п. Зэльва).

Вуснае выказванне дэманстравала ўменне вучняў лагічна, поўна, паслядоўна, доказна раскрываць выбраную тэму, валоданне правільнай літаратурнай мовай - словам, патрабавалася выявіць аратарскія здольнасці. Лепш за іншых з гэтым справіліся ў 11 кл. Пекар Вольга (гімназія № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслач), Семяняка Ганна (гімназія № 1 г.п. Зэльва) і Дзерачэнік Кацярына (СШ №1 г. Скідзель), у 10 кл. - Дайлідка Кацярына (Пагародзенская СШ Воранаўскага р-на), Хілінская Ангеліна (Навасёлкаўская СШ Ашмянскага р-на) і Эльяшэвіч Максім (СШ №3 г.п. Зэльва), у 9 кл. - Трацяк Алеся (СШ №31 г. Гародня).

Узнагародамі (дыпломамі і граматамі) адзначаліся вучні толькі ў агульным заліку па суме трох заданняў. Іх атрымалі 38 удзельнікаў алімпіяды, у т.л. дыпломы атрымалі 30 чалавек (І ступені - 6 чал., ІІ ст. - 9 чал., ІІІ ст. - 15 чал.), 8 вучняў - граматы. Пераможцамі алімпіяды сталі і атрымалі дыпломы І ступені ў 11 кл. Семяняка Ганна (гімназія № 1 г.п. Зэльва) і Дзерачэнік Кацярына (СШ №1 г. Скідзель), у 10 кл. - Семянчук Валерыя (гімназія № 1 імя акад. Карскага г. Гародня) і Дайлідка Кацярына (Пагародзенская СШ Воранаўскага р-на), у 9 кл. - Іванюк Марыя (Дабравольская СШ Свіслацкага р-на) і Паржон Настасся (гімназія г. Смаргонь). Іх работы і вусныя адказы адрозніваюцца глыбінёй і ўсебаковасцю раскрыцця тэмы, самастойнасцю думкі.

Члены журы адзначалі добрую падрыхтаванасць да алімпіяды многіх яе ўдзельнікаў, а не толькі пераможцаў, а адсюль і ўзрастанне канкурэнцыі паміж імі. Гэта пацвярджаюць і выстаўленыя балы, атрыманыя прызёрамі за І - ІІІ месцы. Часам яны розніліся на 0,25 - 0,5 бала. Пра грунтоўную падрыхтоўку многіх удзельнікаў алімпіяды сведчыць і той факт, што многім з іх удалося паказаць лепшыя вынікі, чым у мінулым годзе. У гэтых адносінах трэба адзначыць у 11 кл. Дзерачэнік Кацярыну (у 2013 г. яна была ўзнагароджана дыпломам ІІІ ст., а сёлета - І ст.), Сарбай Дар'ю (у 2013 г. атрымала грамату, сёлета - дыплом ІІ ст.), Кардаш Карыну (Навасёлкаўская СШ Дзятлаўскага р-на, у 2013 г. заняла 20 месца, а сёлета атрымала дыплом ІІІ ст.); у 10 кл. - Семянчук Валерыю (у 2013 г. атрымала дыплом ІІІ ст., сёлета - дыплом І ст.), Дайлідка Кацярыну (у 2013 г. - дыплом ІІ ст., сёлета - дыплом І ст.). Акрамя таго ў 10 і 11 класах з'явіліся новыя дыпламанты, якія ў мінулым годзе наогул не ўдзельнічалі ў алімпіядзе. Гэта Рассенік Маргарыта (гімназія № 1 г. Ліда, 10 кл., атрымала дыплом ІІ ст.), Жукоўская Кацярына (Наваградскі гандлёва - эканамічны каледж, дыплом ІІІ ст.), Папкова Аляксандра (Падольская СШ Астравецкага р-на, дыплом ІІІ ст., 10 кл.), Рахманько Ірына (Пескаўская СШ Мастоўскага р-на, 10 кл., дыплом ІІІ ст.).

Маючы добрую падрыхтоўку, змаглі адстаяць свае мінулагоднія пазіцыі Семяняка Ганна (І месца ў 11 кл.), Акола Вікторыя (дыплом ІІІ ст., 11 кл., Лідскі р-н), Пекар Вольга (дыплом ІІІ ст., 11 кл., Свіслацкі р-н). А вось пяці мінулагоднім прызёрам давялося апусціцца на адну прыступку ніжэй.

Паспяховаму выступленню вучняў, прызёраў алімпіяды, садзейнічала падзвіжніцкая, мэтанакіраваная праца з імі іх настаўнікаў. Ужо многія гады плённа працуюць з вучнямі па падрыхтоўцы іх да алімпіяд Семяняка Святлана Віктараўна, Эльяшэвіч Наталля Мікалаеўна, Урбановіч Маргарыта Міхайлаўна (усе з г.п. Зэльва), Гень Валянціна Валер'еўна (Воранаўскі р-н), Велькашынская Галіна Антонаўна (г. Ліда), Лісай Марыя Юльянаўна (г. Скідзель), Несцяровіч Вольга Львоўна (г. Гародня), Карп Тацяна Іванаўн а (г.п. Карэлічы) і інш. Іх самаадданая, творчая праца, улюбёнасць у родную мову перадаваліся іх выхаванцам і садзейнічалі поспехам у справе.

Пры аналізе вынікаў алімпіяды звяртае на сябе ўвагу паспяховае выступленне школьнікаў з невялікіх раённых цэнтраў і сельскіх школ. Прыемна адзначыць удзел вучняў Зэльвенскага і Свіслацкага раёнаў. На алімпіяду прыбылі 6 вучняў з г.п. Зэльва (гімназія № 1 і сярэдняя школа № 3), і ўсе яны заваявалі ўзнагароды: адзін - дыплом І ст., тры - дыпломы ІІ ст., адзін - ІІІ ст. і адзін - грамату. З Свіслацкага раёна ўдзельнічалі 3 вучні, і яны таксама адзначаны дыпломамі: адзін - І ст., два - ІІІ ст.. Паспяхова выступілі на алімпіядзе, заваяваўшы дыпломы, школьнікі сельскіх школ Пагародзенскай Воранаўскага р-на (дыплом І ст.), Навасёлкаўскай Ашмянскага р-на (ІІ ст.), Дабравольскай і Поразаўскай Свіслацкага р-на (І і ІІІ ст.), Падольскай Астравецкага р-на (ІІІ ст.), Пескаўскай Мастоўскага р-на (ІІІ ст.), Новаельнянскай Дзятлаўскага р-на (ІІІ ст.), Ёдкаўскай Лідскага р-на (ІІІ ст.).

У той час здаюць пазіцыі школы вялікіх гарадоў Гародні, Ліды, Слоніма. Так, з васьмі вучняў Кастрычніцкага р-на толькі два заваявалі дыпломы (па аднаму І і ІІ ст.), з васьмі вучняў Ленінскага р-на 5 адзначаны дыпломамі (адзін ІІ ст. і чатыры ІІІ ст.). Лідскія школьнікі атрымалі два дыпломы ІІ ст. і адзін ІІІ ст., слонімскія - толькі 2 граматы. А ў мінулыя гады з гэтых раёнаў былі пераможцы алімпіяды. І гэта зразумела, але недаравальна. У сельскіх школах вучні жывуць і вучацца ў моцным беларускамоўным асяроддзі, якое адчуваецца ў школе, сям'і, населеным пункце. А школьная адукацыя і жыццё ў буйных гарадах зрусіфікаваны, вучэбна-выхаваўчы працэс у школах ажыццяўляецца на рускай мове.

Сёлетняя алімпіяда прадэманстравала павышэнне цікавасці вучняў да ўдзелу ў ёй, паспяховае выступленне на іх надае выпускнікам школ дадатковы шанец пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Такое імкненне школьнікаў падтрымваюць і самі ВНУ. Пры падвядзенні вынікаў алімпіяды член журы, намеснік дэкана філфака Тарасава Святлана Мікалаеўна з задавальненнем адзначала ўдалае выступленне многіх удзельнікаў, а пераможцам і прызёрам выдавала запрашэнні паступаць ва ўніверсітэт на беларускую філалогію. Некаторыя прызёры мінулых алімпіяд скарысталіся такімі прэферэнцыямі. Так, пераможцы абласной алімпіяды мінулага года, паспяхова выступіўшыя на рэспубліканскім этапе, Даўгаполік Дзмітры і Паўлоўская Аліна цяпер вучацца на беларускім аддзяленні філфака Гарадзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

Добрай традыцыяй алімпіяды стаў удзел у ёй прадстаўнікоў абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны. Старшыня абласной рады Крой Аляксандр Ільіч вітаў школьнікаў як сапраўдных патрыётаў роднай мовы і культуры і пажадаў новых дасягненняў на выбраным шляху, асабліва на маючай адбыцца рэспубліканскай алімпіядзе. Ад імя Таварыства ён уручыў прызёрам каштоўныя падарункі, якія падрыхтавалі шчырыя прыхільнікі беларускай мовы, культуры, гісторыі Аркадзь і Даніла Жукоўскія , В. Парфёненка, Э. Дмухоўскі, Г. Курбат .

Пры падвядзенні вынікаў алімпіяды старшыня журы кандыдат філалагічных навук Варановіч Валерый Леанідавіч адзначыў, што вучні з гонарам прайшлі выпрабаванні алімпіяды, старанна папрацавалі і паказалі выдатныя вынікі, якія пажадаў пацвердзіць на рэспубліканскім этапе. Ад імя арганізатараў уручыў пераможцам і прызёрам каштоўныя прызы. Далучаемся і мы да пажаданняў поспехаў гарадзенскай камандзе на рэспубліканскай алімпіядзе, якая адбудзецца ў Гародні ў канцы сакавіка.

Буднік Іван , сябар ТБМ імя Ф. Скарыны.


Гарадзенскія школьнікі змагаюцца ў конкурсе па творах Васіля Быкава

Пяты, юбілейны конкурс сачыненняў "І толькі слова ў вяках жыве" , які праводзіць ГрДУ імя Янкі Купалы, ужо набліжаецца да завяршэння, але школьнікі старэйшых класаў яшчэ маюць мажлівасць паўдзельнічаць у ім. Сёлета конкурс прысвечаны творчасці Васіля Быкава, якому ў гэтым годзе споўнілася б 90 год. Як падкрэсліваюць арганізатары конкурсу, кожны год ён прысвечаны іншай тэме, звязанай з юбілеем ці святам. Для Гародні выбар юбілею Васіля Быкава, як нагоды да тэматыкі конкурсу сачыненняў - цалкам натуральны, бо славуты беларускі пісьменнік частку свайго жыцця жыў і працаваў у нашым горадзе. Па словах арганізатара творчых змаганняў, выкладчыцы беларускай мовы ў ГрДУ Святланы Тарасавай, папулярызацыя твораў Быкава не з'яўляецца галоўнай мэтай конкурсу: "Ён узнік, як форма прапаганды як рускага, гэтак і беларускага мастацкага слова і мае на мэце прыцягненне ўвагі да філалогіі большай колькасці вучняў. Мэта такая таму, што зараз у грамадстве філалагічная адукацыя адышла на другі план з-за росту папулярнасці тэхнічных, ды іншых негуманітарных навук. Мы хочам давесці, што ніводная з гэтых навук, калі чалавек не ўмее граматна пісаць і выкладаць свае думкі, нічога не значыць. Хочацца, каб гэты конкурс неяк пераканаў нашых школьнікаў у тым, што быць граматным, дасведчаным і, галоўнае, прафесійным у плане валодання словам - гэта патрабаванне часу, якое не міне" . Што ж тычыцца выбару творчасці Быкава, як тэмы для сёлетняга конкурсу, Святлана Тарасава ўзгадвае не толькі юбілей пісьменніка, але таксама тое, што гэты год з'яўляецца юбілейным годам першай сусветнай вайны і годам вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Менавіта па гэтай прычыне да конкурсу па творчасці Быкава рэкамендаваныя тэмы пра вайну. Вось некаторыя з прапанаваных тэмаў па беларуску: "Горкая праўда вайны ў творах Быкава", "Людзьмі нас робіць чалавечнасць (паводле твораў Быкава)", "Пакуты робяць чалавека чалавекам. Чалавек без пакут - трава (Васіль Быкаў)". І рускія прыклады: "Почему мне дорог праздник победы 9 мая", "Я читаю Быкова...", "Читает мир его войну (по творчеству Быкова)". Другая прычына, па якой да конкурсу прапанаваны тэмы, звязаныя з ваеннай прозай пісьменніка - тая, што менавіта быкаўскія творы прысвечаныя вайне, уключаныя ў хрэстаматыі і школьную праграму. Але гэтая акалічнасць не абмяжоўвае выбар удзельнікаў конкурсу. Яны могуць звяртацца да ўсяго літаратурнага багацця, якое пакінуў нам у спадчыну пісьменнік. Калі казаць пра актыўнасць вучняў і ўзровень творчых прац, якія прыходзяць на конкурс, то па досведу мінулых гадоў Святлана Тарасава адзначае вучняў гарадзенскіх 32 сярэдняй школы, 4 і 9 гімназіі, а таксама ліцэя № 1. Пра тое, ці старшакласнікі ахвотна ўдзельнічаюць у сёлетнім быкаўскім конкурсе сачыненняў, мы папрасілі распавесці выкладчыцу беларускай мовы і літаратуры ў ліцэі №1 Вольгу Несцяровіч: "Проза Быкава даволі папулярная сярод вучняў, але яны разумеюць: каб напісаць творчую работу, трэба прыкласці вялікія намаганні. Акрамя таго, яны ўсведамляюць, что трэба напісаць арыгінальна, непаўторна, не так, як ужо напісана ў іншых крыніцах. Па гэтай прычыне шмат хто баіцца ўдзельнічаць у конкурсе. Хаця, у мяне ў кожным класе ёсць вучні, якія цікавяцца: што варта было б прачытаць дадаткова? Але Быкаў увогуле ўспрымаецца некаторымі дзецьмі з цяжкасцю, таму што сюжэт ягоных псіхалагічных твораў не развіваецца хутка, у ім часта толькі адзін ці некалькі герояў. Але ж я заўсёды дзецям раю: "Чытайце і спрабуйце зразумець, таму што такую глыбіню вы мала дзе знойдзеце". Трэба ж думаць, "трэба варушыць мазгамі", трэба пазнаваць жыццё і праз такія цяжкія творы, як творы Быкава. Быкаўскія творы падаюцца мала займальнымі, бо ў іх, напрыклад, няма дэтэктыву, не так, як творы Шамякіна, тэксты якога чытаюцца хутка, бо ў іх шмат сюжэтых ліній, шмат герояў. Быкава чытаць цяжка, таму што ў яго творах ёсць супярэчлівасць, ёсць глыбокая філасофскасць, якую трэба аналізаваць, перажываючы за герояў. Да таго ж быкаўскія творы характарызуе трагічны фінал і дзецям гэта не заўсёды падабаецца" . Настаўніца спадзяецца, што сёлетнія пераможцы конкурсу сачыненняў атрымаюць у якасці ўзнагародаў кнігі Васіля Быкава, што было б лагічна. Але пакуль што інфармацыя пра ўзнагароды не разгалошваецца. Мажліва, прычына ў тым, што апошнім часам Быкаў амаль што не выдаецца ў нашай краіне, а творы, не ўключаныя ў школьную праграму, увогуле знайсці цяжка на паліцах кніжных крамаў. Цікава, што сёлетні конкурс, акрамя сачыненняў па творах Васіля Быкава, прадугледжвае таксама спаборніцтва ў катэгорыі малюнкаў па творах пісьменніка. Плануецца, што найлепшыя з малюнкаў будуць выстаўленыя ў музеі пісьменніка ў Гародні.

Алена Старасціна, "Твой стыль".


Створана стратэгія развіцця беларускай асветы ў Польшчы

Над стратэгіяй развіцця беларускай асветы ў Польшчы амаль два гады працавалі прадстаўнікі ўраду, беларускіх арганізацый, выкладчыкі і настаўнікі.

Дакумент не мае моцы закона, але тым не менш яго наяўнасць вельмі патрэбная, кажа старшыня аб'яднання "АББА" Барбара Пякарская:

- Па-першае, сітуацыя, у якой мы знаходзімся на сённяшні дзень, беларуская адукацыя на Беласточчыне, і тое, што мы хочам рабіць, а ці зробім, гэта ўжо залежыць ад нас. Думаю гэта вялікая справа, што мы гаварылі адным голасам, нашае аб'яднанне атрымала ўпаўнаважанні, каб надалей займацца рэалізацыяй гэтай стратэгіі ад імя ўсіх беларускіх арганізацый.

Цяпер стратэгія развіцця беларускай асветы ў Польшчы чакае афіцыйнага падпісання. Беларусы стварылі ўласную стратэгію чацвёртымі па ліку, пасля літоўскай, нямецкай і ўкраінскай меншасці.

Радэк Дамброўскі , Беларускае Радыё Рацыя.


Нястомны працаўнік навукі

Урачыстая вечарна з нагоды 85-гадовага юбілею доктара гістарычных навук, прафесара Леаніда Міхайлавіча Лыча адбылася ў Цэнтральнай акадэмічнай бібліятэцы імя Я. Коласа.

Супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі Навук на чале з дырэктарам інстытута Вячаславам Віктаравічам Даніловічам падзякавалі свайму вядучаму навуковаму супрацоўніку за 55-гадовую плённую дзейнасць у даследванні розных аспектаў эканамічнага, нацыянальнага і культурнага жыцця нашай краіны. Бібліятэка разгарнула шырокую выставу, па якой можна прасачыць інтэнсіўнасць яго даследванняў у розных галінах. На ёй прадстаўлены працы Леаніда Міхайлавіча Лыча, яго публікацыі ў газетах і часопісах, пачынаючы з 1966 года, першыя манаграфіі і нядаўна надрукаваныя кнігі.

На імпрэзе з цёплымі вітальнымі словамі выступілі акадэмік Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі, гісторык Эмануіл Рыгоравіч Іофэ, пісьменнік Васіль Якавенка, літаратары Уладзімір Ліпскі і Валер Санько.

Спявачка і выкладчыца Беларускай Акадэміі музыкі Тацяна Цыбульская, якая з'яўляецца пляменніцай дарагога юбіляра, праспявала для яго песні "Зорка Вянера" і "Чабарок". Яна ўзгадала, што ў доме матулі Леаніда Міхайлавіча - Яўгеніі Сцяпанаўны - заўсёды гучалі светлыя і пранікнёныя спевы.

Сам юбіляр узгадаў вострыя моманты з ваеннага дзяцінства, калі неаднойчы існавала пагроза яго жыццю, гады вучобы ў тэхнікуме і ўніверсітэце, падзяліўся успамінамі аб тым, як беларуская мова пераважыла ў яго светапоглядзе падчас працы ў Інстытуце гісторыі Акадэміі навук.

Прадстаўніца ўкраінскай грамадскай арганізацыі "Заповіт" падзякавала спадару Лычу за дапамогу ў навуковых пошуках,звязаных з Украінай, узнагародзіла яго граматай і літаратурнымі падарункамі.

Выступоўцы адзначылі вялізарны ўнёсак прафесара Леаніда Лыча ў айчынную гістарыярафію. Прызнаючы яго вядучую ролю ў нацыянальна-патрыятычным руху пачынаючы з канца 80 і 90-х гадоў, грамадскія дзеячы, калегі і сябры адзначылі таксама інтэрнацыянальны характар яго даследванняў.

Уражвае нязвычайная эрудыцыя вучонага, яго шырокі кругагляд, які ахоплівае розныя бакі жыцця. Леанід Міхайлавіч адну з кніг (кандыдацкую дысертацыю) прысвяціў развіццю беларускай чыгункі. Як гісторык ён скрупулёзна працаваў у розныя часы, вывучаючы стаханаўскі рух і ролю сацыялістычнага спаборніцтва ў 80-я гады і хрысціянства ў этнакультурным жыцці (ад старажытнасці да 1917 г.) ў 2000-ныя гады.

Леанід Міхайлавіч з вялікай цікавасцю, апантанасцю даследваў не толькі фармаванне і развіццё нацыянальнай ідэі, але і прысвяціў багата старонак культуры і самабытнасці іншых народаў, якія пражываюць з даўніх часоў на тэрыторыі Беларусі - татараў і яўрэяў. ("У асяроддзі хрысціянскага свету. Старонкі з гісторыі татарскага жыцця на Беларусі.". "Татары на пераломах сацыяльна-палітычных эпох" (ХХ-пачатку ХХІ стагоддзя), 2007. "Яўрэйская культура на Беларусі - яе агульны духоўны здабытак", 2012).

Ад імя татарскага народа, які спрадвеку пражывае побач з беларусамі, галоўны муфцій мусульман Беларусі Абу-Бекір Шабановіч выказаў Леаніду Лычу глыбокую падзяку і нізкі паклон. "Нашы продкі адчулі міралюбства, талерантнасць, чалавечнасць беларусаў. З тых часоў і для нас беларуская мова стала роднай. Калі 200 нацый могуць мірна жыць і супрацоўнічаць у адной краіне, гэта прыклад для іншых. Леанід Міхайлавіч Лыч пранікся глыбокай павагай да лёсу татараў, суперажываў важным падзеям, якія дапамагалі нам замацаваць нашу самабытнасць" .

Сціпласць у побыце, жыццястойкасць, вернасць у сям'і, прыроднае пачуццё гумару дапамаглі шаноўнаму прафесару перажыць цяжкія часы і пераадолець усе выпрабаванні, дасягнуўшы ганаровага веку доўгажыхара. Госці імпрэзы шчыра пажадалі юбіляру жыць да 120 гадоў, мець моцнае здароўе і выдаць яшчэ тузін цікавых і карысных кніг.

Э. Дзвінская. На здымках: 1. Спявачка Тацяна Цыбульская і прафесар Леанід Міхайлавіч Лыч. 2. Выстава кніг і навуковых артыкулаў Л.М. Лыча. 3. Віншаванне ад галоўнага муфція мусульман Беларусі Абу-Бекіра Шабановіча.


Зварот Сакратарыяту ТБМ

Захаваем беларускія назвы!

У 2010 г. пачаў дзейнічаць Закон аб назвах геаграфічных аб'ектаў, у якім артыкулам 17 была замацавана юрыдычна практыка прысваення назваў геаграфічным аб'ектам на беларускай мове з наступнай перадачай іх на іншыя мовы. Гэты Закон адпавядае міжнародным стандартам і забяспечвае захаванасць беларускай тапаніміі. Аднак апошнім часам робяцца настойлівыя спробы ў абыход меркавання спецыялістаў і насуперак разумнаму дзяржаўнаму падыходу змяніць згаданы артыкул і ўвесці магчымасць называння геаграфічных аб'ектаў на рускай мове. Гэта прывядзе да ігнаравання беларускай мовы пры называнні геаграфічных аб'ектаў і распаўсюду каструбаватых назваў, тыпу "Пабеда", "Землянічная", што ўжо мае месца ў асобных рэгіёнах.

Мы звяртаемся да ўсіх грамадзян Беларусі з просьбай падтрымаць пазіцыю спецыялістаў і дапамагчы адстаяць спрадвечныя беларускія назвы.

Прынята 14 лютага 2014 г.


Дзяржкамітэт па маёмасці - за тапонімы па-беларуску

Дзяржаўны камітэт па маёмасці Беларусі прапануе зацвердзіць у законе прысваенне найменняў геграфічным аб'ектам на беларускай мове.

Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным паведамленні, размешчаным на сайце камітэту.

З улікам аналізу зваротаў грамадзянаў, прапаноў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і нацыянальнага цэнтра заканадаўства і правых даследаванняў Дзяржкамітэт па маёмасці перагледзеў праект рэдакцыі 17-га артыкула закона "Аб найменнях геаграфічных аб'ектаў".

Дзяржкамітэт таксама выказаў падзяку грамадзянам, якія "неабыякава ставяцца да пытання нацыянальнай тапаніміі і аховы геаграфічных назваў як гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі" .

Раней на сайце Дзяржкамітэту па маёмасці былі апублікаваныя папраўкі ў закон, згодна з якімі прапаноўвалася геаграфічным аб'ектам у Беларусі прысвойваць назвы не толькі на беларускай, але і на расейскай мове. Расейскамоўныя назвы прапаноўвалася транслітараваць на беларускую мову.

У Палаце прадстаўнікоў карэспандэнту Свабоды паведамілі, што гэты законапраект падрыхтаваны згодна з прэзыдэнцкім указам і паступіць да дэпутатаў у траўні.

Радыё Свабода.


Эрнест Ялугін. "Перад Патопам": урокі гісторыі

Новы гістарычны раман Эрнеста Ялугіна "Перад Патопам", з якім беларускія чытачы з цікавасцю знаёміліся ў скарочаным, нажаль, выглядзе ў часопісе "Дзеяслоў" (№4-5, 2013), дзякуючы руплівасці выдаўца Віктара Хурсіка нядаўна выйшаў у поўным аб'ёме трэцім, заключным томам "Выбраных твораў" пісьменніка. Змястоўна ў ім заўважаецца спалучанасць з папярэднім раманам пісьменніка на тую ж тэму - "Ідзі і кажы". Прыкладам, і там і тут уражліва вылучаецца той жа герой, толькі ўзмужнелы, - чалавек з простанароддзя, бортнік, а затым у сілу трагічных абставінаў атаман казакаў Зых Гуд, каб урэшце-такі сутыкнуцца ў двубоі з ваяводам Шуйскім. Аднак калі папярэдні твор меў у асноўным "усходні", так бы мовіць, вектар развіцця фабулы - узаемадачыненні нашых продкаў з маскоўцамі ў першай палове ХVІ стагоддзя, то ў рамане "Перад Патопат" гэта ўжо другая палова таго ж стагоддзя, а сюжэтная скіраванасць хутчэй "заходняя", хоць істотная ўвага і надаецца ходу ўсчатай маскоўскім царом Іаанам ІV Грозным вайны у Прыбалтыцы (Лівоніі) і следам захопу ўсходніх земляў ВКЛ уключна з Полацкам (1563 г.). Раманныя дзеі ўсё шчыльней і шчыльней адначасова звязваюцца з падрыхтоўкай поўнай драматызму эпапеі уніі Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага з Каралеўсктвам Польскім (1569 г.), тут і загадкавыя раптоўныя смерці яе самых упартых праціўнікаў - уплывовых магнатаў ВКЛ Радзівіла Чорнага і старэйшага Хадкевіча, тут і зародкі нацыянальных трагічных супярэчнасцяў, што, як пасля аказалася, прывядуць да наймагутнейшага і спусташальнага народнага паўстання на Ўкраіне. А пакуль жа - агонія караля Жыгімонта-Аўгуста на фоне "пустой калыскі Ягелонаў".

Чароўнае італійскае "зерцала" вядзьмака Твардоўскага, якім карытаўся Жыгімонт-Аўгуст, дазволіла аўтару аргінальна пашырыць у часе перспектыву твора. Адмыслова стварыўшы перазовы з гістарычнымі раманамі выдатных польскіх класікаў лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі Генрыка Сянкевіча ("Агнём і мячом") і Уладыслава Рэйманта (згадваецца заключны трагічны акорд рамана "Апошні сейм Рэчы Паспалітай"), і многае яшчэ.

Асобна варта адзначыць мову рамана. Яна насычана адценнямі, каларытам, што дапамагае лепей уявіць сацыяльныя і нацыянальныя адметнасці персанажаў: просталюдзін гутаркай розніцца ад шляхціца, хрысціянскі асветнік (той жа Сымон Будны альбо Цяпінскі) ад кніжніка ж слыннага рабіна з Трокаў, і ўсе яны - ад ваяводы-маскоўца ці гасудара Рэчы Паспалітай, вышкаленага на лацінскіх тэкстах і італійскіх звычаях каралевы Боны з выдатнага роду Сфорца. Словам, багата ёсць што прачытаць і аб чым істотным задумацца.

Алег Трусаў , кандыдат гістарычных навук.


Славутыя імёны ў гісторыі дзяржавы

У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь экспануецца выстава "Славутыя імёны ў гісторыі дзяржавы". Экспазіцыя прысвечана 130 - гадоваму юбілею Антона Іванавіча Луцкевіча, вядомага палітычнага, грамадскага і культурнага дзеяча, гісторыка, публіцыста, літаратурнага крытыка, лінгвіста, выдаўца. Яму наканавана было жыць у пераломны час гісторыі краіны. Падзеі тых гадоў аказалі ўплыў на грамадскую і творчую дзейнасць таленавітай асобы.

Публікацыі ў перыядычным друку, прыжыццёвыя выданні А. Луцкевіча, якія прадстаўлены на выставе, раскрываюць яго шматгранную творчую асобу. Дзейсны ўклад зроблены ім у развіццё літаратуразнаўства. У працы "Галоўныя кірункі ў беларускай паэзіі", размешчанай у выданні "Гадавік Беларускага Навуковага Таварыства" (1933), аўтар робіць агляд паэзіі, акцэнтуе ўвагу на кірунках яе развіцця. Літаратуразнавец адзначае яркую і самабытную творчасць Яна Баршчэўскага, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа і іншых. У паэзіі Максіма Багдановіча Антон Луцкевіч вылучае меладычнасць, эстэтычную дасканаласць твораў, якія значна ўзбагацілі айчынную літаратуру новымі вершаванымі формамі. У сваіх даследаваннях аўтар падкрэслівае, што беларуская літаратура развіваецца ў агульнаеўрапейскім кантэксце, таму многія працэсы ў яе гісторыі з'яўляюцца заканамернымі і зразумелымі.

Антон Луцкевіч друкаваў свае працы пад уласным прозвішчам, а таксама пад псеўданімамі і крыптанімамі. На выставе прадстаўлены шэраг матэрыялаў, якія гэта адлюстроўваюць. Адзін з вядомых псеўданімаў аўтара - Антон Навіна, яго гісторыя паходзіць ад радавога шляхецкага герба "Навіна".

Асобным блокам у экспазіцыі вылучаны выданні, дзе змешчаны працы сучасных даследчыкаў па творчасці А. Луцкевіча. Сярод іх "Гiсторыя беларускай лiтаратуры XX стагоддзя" (2001), пад адной вокладкай сабраны матэрыял з яго творчай спадчыны ў кнізе "Выбраныя творы: праблемы культуры, лiтаратуры i мастацтва" (2006) і інш. Зразумела, што дзейнасць таленавітага творцы цікавіць розныя пакаленні. І сёння яна вывучаецца і даследуецца, што спрыяе больш поўнаму асэнсаванню цярністага жыццёвага шляху і яркага творчага лёсу Антона Іванавіча Луцкевіча.

Святлана Паўлавіцкая , галоўны бібліятэкар аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў.


Выстава пра паўстанне 1863-64 гадоў у Бярозаўскай галерэі мастацтваў

У Бярозаўскай галерэі мастацтваў праходзіць выстава, прысвечаная паўстанню 1863-1864 гадоў. На ёй прадстаўлена больш за 30 арыгінальных гравюр з французскага часопіса "Le Monde illustrе". Наведвальнікам дэманструецца відэаролік пра Кастуся Каліноўскага, ягоны партрэт і газета "Мужыцкая праўда".

Па словах загадчыцы галерэі Тацяны Якімовіч, гэта найперш патрэбна маладому пакаленню:

- Паколькі тэма паўстання 1863-1864 гадоў з'яўляецца абавязковай для вывучэння ў школе, то мы яшчэ раз хочам нагадаць дзецям пра тыя падзеі і разнастаіць урокі, каб настаўнікі з вучнямі прыходзілі сюды. Каб яны змаглі ўбачыць, як гэта ўсё адбывалася.

Выстава працягнецца да 3-га сакавіка. Так што ахвотных пазнаёміцца з барацьбой нашых продкаў за сваю незалежнасць галерэя заўсёды чакае, кажа Тацяна Якімовіч.

Ганна Васілевіч , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


СЦЯГА ПАЭТА

Штрыхі да творчага партрэта паэта Эдуарда Акуліна

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

XVI.

Наступны зборнік вершаў Эдуарда Акуліна "Непрычалены човен" выйшаў у 2003 годзе. Падаецца, што паэт імкнуўся запоўніць пустку пасля знішчанага зборніка "Радно". Але паўтарыць копію "Радна" не атрымалася. "Непрычалены човен" з'явіўся хутчэй ягоным лагічным працягам.

На гэты час прыходзяць значныя і істотныя змены ў жыцці паэта. Прапрацаваўшы 11 гадоў у музеі Максіма Багдановіча, у верасні 2001 года Эдуард Акулін пераходзіць на літаратурную працу загадчыкам аддзела паэзіі ў часопіс "Полымя". У Саюзе беларускіх пісьменнікаў у 2001 годзе Эдуарда Акуліна выбіраюць загадчыкам секцыі паэзіі. Праца ў літаратурным часопісе была даўняй мараю Эдуарда Акуліна. Пасада ў часопісе "Полымя" і ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў дазволілі яму шчыльней працаваць з беларускімі творцамі, актыўна ўдзельнічаць у жывым літаратурным працэсе. Але ідэалогія і тут умяшалася ў ягонае жыццё. Улады раздражняла незалежная прабеларуская пазіцыя беларускіх літаратурных выданняў. У жніўні 2002 года, прапрацаваўшы ў "Полымі" менш за год, ён сыходзіць адтуль на знак пратэсту супраць рэарганізацыі працы беларускіх літаратурных часопісаў, якая цалкам зрабіла іх падкантрольнымі выканаўчым уладам.

Такім чынам, перыяд адносна свабоднага развіцця літаратурнага працэсу ў Беларусі, які цягнуўся прыкладна дзесяць гадоў, скончыўся. Паэт пацвердзіў свой выбар, зроблены яшчэ ў юнацтве. Свабода асобы, свабода творчасці для яго былі і ёсць найвышэйшымі каштоўнасцямі.

У 2002 годзе пачынае выходзіць новы незалежны літаратурны часопіс "Дзеяслоў". Эдуард Акулін працуе ў ім намеснікам галоўнага рэдактара. Як напіша паэт у сваім эсэ "Не магу жыць без крыл", адбыўся "зыход у "дзеяслоўную невядомасць". Эдуард Акулін сышоў з паняволенага і залежнага часопіса "Полымя". Дзякуючы гэтаму ён захаваў магчымасць свабодна выказваць у сваіх вершах тыя думкі, пачуцці, якія ляжалі ў яго на душы. Ён страціў стабільны заробак, але ён захаваў у сабе творцу.

Разглядаючы вершы з новага зборніка Эдуарда Акуліна "Непрычалены човен", неабходна адзначыць паглыбленне асноўных матываў у творчасці паэта на пачатку новага тысячагоддзя.

Паэт усё больш задумваецца над прызначэннем паэтычнага слова. Палярнасць дапушчэнняў у яго уяўленні - вялічэзная. У паэзіі Эдуард Акулін чуе і "Гасподні голас", і "д'яблаў смутак". "Што ёсць паэзія?" - задаецца пытаннем паэт:

Зліццё

Красы адвечнай і Паэта?

Ці ваўкалацкі лёс - выццё

над перакуленым Сусветам?

(Што ёсць паэзія?, с. 304/9-12)

Паэзія для Паэта - гэта ўвесь букет чалавечых эмоцыяў і пачуццяў. З такога разумення сутнасці паэзіі натуральным выглядае пакланенне паэта Слову. Эдуард Акулін бачыць у слове і сродак: "Слова - мой шлях да Бога" (Трыпціх Слова, с. 309/1), і мэту:

Слова і ёсць мне Богам -

небам, крыжом, дарогай…

(Трыпціх Слова, с. 309/5-6)

Сакралізацыя слова мае біблейскі пачатак. Слова ж з'яўляецца формай існавання паэзіі, а паэтычны дар залежыць ад умення адчуваць слова і карыстацца ім. Таму для паэта слова мае звышнатуральны змест, яно з'яўляецца сутнасцю яго існавання як творцы:

Слова - мой крыж жыццёвы.

Бог уваскрэс у Слове.

(Трыпціх Слова, с. 309/3-4)

Слова - гэта найвышэйшая рэлігійная, маральная каштоўнасць, належная толькі чалавечай душы, сцвярджае паэт.

Эдуард Акулін яшчэ больш умацоўвае думку пра Боскае наканаванне і вышэйшае прызначэнне паэтычнага дару:

Паэтам дадзеныя крылы,

іх выбірае з лепшых Бог.

(Класіка, с. 338/3-4)

Магічныя ўласцівасці слова распаўсюджваюцца і на іх выкарыстальнікаў-творцаў, сцвярджае паэт:

Пакуль паэты пішуць вершы -

паэтам дадзена лятаць!

(Класіка, с. 338/7-8)

Дар паэта для Эдуарда Акуліна падобны да святарскага паклікання. Адбываецца гэтае служэнне Слову і праз Слова пад апекаю Бога. Праз Слова адбываецца сумоўе паэта-"святара" з Богам:

Я забыў, як маліцца Слову…

Для паэта ж маўчанне - грэх.

І Гасподзь над душой ахову

адазваў да нябесных стрэх.

(Як вярнуць?, с. 344/1-4)

Больш уважліва Эдуард Акулін спрабуе прыгледзецца да зрухаў сваёй душы. Яго непакоіць штодзённая мітусня жыцця, якая затлумляе жыццёвы сэнс:

Збіраем, будуем, рупімся -

Спяшаем кудысь паспець.

А чым за грахі адкупімся? -

з сабой не захопіш медзь…

(Паспець, с. 307/5-8)

Паэт, для якога магчымасць у марах лётаць-крыляць з'яўляецца найдаражэйшай мажлівасцю, турбуецца за "бяскрыласць" унутранага свету, душы чалавека:

Люстэрка па даўнім звычаі

схавае ад воч радня…

А што як сябе бяскрылаю

убачыць у ім душа?..

(Паспець, с. 307/9-12)

Паэт бунтуе, супраціўляецца ўнутранаму спусташэнню, абыякавасці, духоўнай чэрствасці, якія ідуць нага ў нагу з чалавекам у ягоным паўсядзённым жыцці:

Марна анёл-ахоўнік

мне надарваў рукаў -

міма царквы праходжу,

часу няма на Храм.


А ў вязніцы-целе

стала душа старэць.

Б'ецца, як рыба ў пелі,

аб ледзяную цвердзь.

(Позна, с. 314/1-8)

Дакоры сумлення з'яўляюцца своеасаблівай споведдзю паэта найперш перад сабой, неабходным крокам для наступнага самаачышчэння. Паэт бязлітасны ў ацэнцы свайго ўнутранага стану. Гранічная шчырасць паэта і палохае, і прыцягвае да сябе. Пастаяннае кшталтаванне душы - ці ж не абавязковая ўмова для развіцця кожнага чалавека, які мае духоўныя і маральныя арыенціры.

XVII.

Падзеі, непасрэдна звязаныя з пісьменніцкім жыццём, - паступовым падзелам пісьменнікаў на лаяльных да ўлады і тых, хто захаваў незалежную жыццёвую і творчую пазіцыю, забранне пісьменніцкай маёмасці, селекцыя пісьменнікаў на лаяльнасць у выдавецтвах і перыядычных выданнях - амаль ніякім чынам не адбіліся ў паэзіі Эдуарда Акуліна. Адзіны верш у выбраным паэта, які закранае пісьменніцкія перыпетыі, гэта верш "Выбар", прысвечаны беларускай лірычнай паэтцы Раісе Баравіковай, якая засталася працаваць у новаствораным падкантрольным уладам холдынгу літаратурных выданняў галоўнай рэдактаркай часопіса "Маладосць". Верш гэты зусім не крытычны, не асуджальны, а на дзіва мяккі, спагадлівы і даравальны:

параненым крыкам - дакор:

- Каханне альбо Незалежнасць?


Альбо - і нічога паміж,

і выбар амаль неадольны…

- Каханне… Каханне - мой крыж!

Хай іншыя выберуць Волю…

(Выбар, с. 319,7-12)

Эдуард Акулін разумее і слабасць жаночай натуры, якая паддалася маральнаму ціску, і каштоўнасць творчага дару, які мае ягоная калега. Ён выдатна разумее, хто вінаваты ў гэтай драматычнай сітуацыі, хто паставіў паэтку ў сітуацыю жорсткага і цынічнага выбару:

А лёс нарадзіцца Паэткай -

Галгофа ў юдавым краі.

(Выбар, с. 319/3-4)

Цікавае і незвычайнае для паэзіі Эдуарда Акуліна супрацьпастаўленне у гэтым вершы Кахання і Незалежнасці. Тое, што ў жыцці і паэзіі Эдуарда Акуліна ішло заўсёды разам, супольна і непарыўна, у жыцці іншых творцаў, заўважае паэт, мае розную вартасць.

Але для сябе ён бачыць іншы шлях. Гэты шлях сур'ёзнага клопату і асабістай адказнасці за ўсю Беларусь, за той і такі народ, якім ён насамрэч ёсць. Гэты шлях запачаткаваны бацькамі-заснавальнікамі новай беларускай літаратуры Янкам Купалам, Максімам Багдановічам, Алесем Гаруном ды іншымі. Яны не баяліся браць на сябе віну за ўвесь беларускі народ. Яны не толькі словам, але і дзеяй даказвалі сваю адданасць Бацькаўшчыне. Яны былі творцамі беларускай нацыі і стваральнікамі Беларусі. У сваёй паэзіі яны напоўнілі рэгіянальны этнонім глыбокім нацыянальным, грамадскім, палітычным, культурным і гастарычным зместам. Пры дапамозе паэтычнага слова і думкі Беларусь з краінымары пераўтваралася ў рэальную з'яву.

Эдуард Акулін працягвае традыцыю сваіх славутых папярэднікаў. Ён гаворыць пра адказнасць перад продкамі:

Я нясу на плячах сваіх цемру…

Бацька - мне, дзед - яму перадаў.

(Ношка, с. 316/1-2)

Паэт глыбока ўсведамляе сваё месца і сваё прызначэнне ў лёсе народа:

Ты камусьці патрэбны

на бацькоўскай зямлі,

дзе біблейскія вербы

зоры ў кроны ўплялі.

(Патрэбны, с. 308/1-4)

Паэт востра адчувае сваю прыналежнасць да беларусаў і бачыць свой лёс, сваё быццё і як чалавека, і як творцы цалкам залежным ад існавання беларусаў. Ён піша коратка, ясна і лаканічна:

Няма Народа

і мяне няма…

(Прарок, с. 326/9-10)

Радзіма для Эдуарда Акуліна набывае пэўныя рысы сакральнасці. Ён шукае Беларусь і знаходзіць яе ў беларускім народзе:

У Храме - сваім Народзе -

як спакон - Беларусь жыве!

(Жыве!, с. 323/3-4)

Яна - ахвяра больш моцных і бязлітасных суседзяў. Яна - бедная і ціхмяная, яна - набожная і ўседаравальная:

Спакон у славянскім жыце

валтузіліся між сабой

Расія-імператрыца

і польскі галган-кароль.


Пры іх ад цямна да ранку

са свечкай на ўсіх вятрах

Радзіма мая - сялянкай

стаяла ў галавах…

(Спакон, с. 321/1-8)

Яна гэтак жа ахвяруецца дзеля сваіх дзяцей і вымольвае для іх спагадлівы лёс. У сваю чаргу маральная адказнасць за лёс Бацькаўшчыны ляжыць на ўсіх нас, перакананы паэт:

Ты камусьці патрэбны.

Ты патрэбны камусь…

Покуль моліцца небу

за цябе Беларусь.

(Патрэбны, с. 308/9-12)

Яе лепшыя дзеці, якія набылі святасць, моляцца за яе і аберагаюць яе. Паэт знітоўвае панятак Беларусь з беларускім народам. Без беларусаў няма Беларусі, а без Беларусі беларусы асуджаныя на знікненне. Неабходны ўсячасны і ўсемагчымы клопат народу аб сваёй краіне:

Датуль Беларусь не згіне,

не кане ў нябыце-сне, -

пакуль у нябеснай сіні

заступніца Еўфрасіння

моліцца за яе.

(Датуль, с. 322/1-5)

Паэт працягвае біць у паэтычны звон у трывозе за тое, што адбываецца ў краіне. Жахлівыя карціны малюе ўяўленне паэта. Адная дыктатура замяняецца другім безчалавечым ладам:

Над пляцам Волі

ў свастыку з сярпа

спрабуе маладзік

перарадзіцца.

(Прарок, с. 326/11-14)

Ён у адчаі ад грамадзянскай пасіўнасці беларусаў. Ён звяртаецца з гэтым "народным горам" да маральных аўтарытэтаў народу, да Максіма Багдановіча:

Мне прысніўся Максім Багдановіч -

беларускі Анёл-Страцім -

у біблейскім вянку цярновым,

у пражылках густых крыві...

(Анёл-Страцім, с. 343/1-4)

і да ідэолага беларускага адраджэння Янкі Купалы:

Па лістоце апалай

дождж сляпы церусіў.

Я прыйшоў да Купалы -

даравання прасіць.

Бо няма Беларусаў -

колькі іх не шукай,

тых, хто пойдзе хаўрусам

бараніць родны Край


ад ганебнага змусу,

ад чужога ярма...

Нас няма, беларусы!

Не было і няма!..

(Балада сустрэчы з Купалам, с. 345,1-4,9-16)

Гэтыя сімвалічныя звароты пакліканыя раскалыхаць гонар і годнасць беларусаў, выклікаюць пачуццё нязгоды і крыўды, хвалю грамадскай актыўнасці, накіраванай на захаванне культурных і духоўных нацыянальных каштоўнасцяў. Паэт расштурхоўвае беларусаў, заклікае іх да адстойвання і змагання за волю і незалежнасць.

Волю Эдуард Акулін таксама ўводзіць у шэраг асвечаных сакральных паняццяў. Ён параўноўвае волю са святым алтарным агнём:

Тут Зніч уваскрос -

нашай марай аб Волі,

якой ні разбіць,

ні спыніць, ні стрымаць!

(Тут Зніч уваскрос…, с. 320/11-12)

Паэт не пагаджаецца з тым становішчам, у якім сёння знаходзяцца беларусы. У "Баладзе пра Краіну-мару" ён называе і пералічвае прыкметы нацыянальнага рэзруху і заняпаду. Паэт задае такія пытанні, на якія мусіць адказаць кожны з беларусаў:

Мы, беларусы, - народ аблудны -

сваёй радзінай не ганарымся.


У нашых душах гуляе вецер…

Каму мы служым? Чые мы дзеці?

(Баладу пра Краіну-мару, с. 347/11-14)

Тым не менш, паэт прадказвае ўрэшце шчаслівую будучыню для беларусаў. Яна не даецца проста так, задарма. За яе беларусы плацілі, плоцяць і яшчэ будуць плаціць вялікі кошт. Але іншага шляху няма, перакананы паэт:

Мы, беларусы, сваёй крывёю

сабе здабудзем Краіну-мару.

Краіну-мару, дзе мы ўваскрэснем -

як сонца з хмары, як мова - з песні…

(Баладу пра Краіну-мару, с. 348/28-31)

Дзеля гэтай Краіны-мары выбудаваная логіка жыцця самога паэта. Краіна-мара - гэта ягоная зорка, якая вядзе паэта па жыццёвым шляху, не дае ўпасці духам і зняверыцца ў людзях, не дае скарыцца пад цяжарам няўдачаў і паразаў. Ідэальная Беларусь моцна адрозніваецца ад прыкрай і драматычнай рэчаіснасці. Але Эдуард Акулін упэўнены - калі ёсць мара і ёсць ахвярнасць у дасягненні гэтай мары, калі не шкада і "сваёй крыві", тады мара можа спраўдзіцца.

У пошуках Краіны-мары паэт прыходзіць яшчэ да адной важнай для сябе высновы. Уваскрашэнне народу бачыцца яму ў знітаванні з духоўным, рэлігійным уваскрашэннем:

Як даравання прасіць у Бога,

каб Ён вярнуў нам сябе самога.

(Баладу пра Краіну-мару, с. 347/17-18)

Шлях, здавалася б, не новы, і багата хто прайшоў дагэтуль гэтым шляхам у выніку ўласных духоўных і інтэлектуальных пошукаў. Але кожны чалавек, кожны ўсвядомлены і адухоўлены беларус праходзіць яго самастойна.

XVIII.

Ёсць у зборніку "Непрычалены човен" некалькі вершаў-эскізаў, як заўсёды ў паэта, намаляваных імгненна і экспрэсіўна. Лірычныя замалёўкі прыроды перадаюць надзвычай светлы і элегічны настрой паэта. Відаць, што ў прыродзе Эдуард Акулін знаходзіць суцяшэнне і супакой ад турботаў і клопатаў штодзённага жыцця:

Лебедзь - у сінім небе.

Гэта прыйшла зіма.

Белай завеяй вецер

Пух разадзьмуў з крыла…

(Лебедзь, с. 310/1-4)

І назва зборніка ўзятая паэтам з такой замалёўкі-экспрэсіі…

Змяніліся акцэнты ў любоўнай лірыцы паэта. Зусім зніклі эратычныя вершы. Каханне ў вершах гэтага зборніка паказваецца паэтам менш плоцевым і больш пачуццёва-рамантычным. Але гэта ўжо не рамантычнае захапленне маладосці, а глыбокае пачуццё сталага, мудрага чалавека:

Я - серабро. Ты - золата. Наноў

не пераплавіць лёсаў нам ніколі.

(Прыцягненне, с. 327/5-6)

З узростам мяняецца псіхалогія чалавека, змяняецца ўспрыняцце свету, з'яўляецца жыццёвы досвед, а часам і стомленасць ад пражытых гадоў. Чалавек багата ў чым яшчэ той самы, бо застаюцца закладзеныя ў дзяцінстве і юнацтве рысы характару, выхаванне, адукацыя, але шмат у чым ён ужо іншы. Паэт прыслухоўваецца да зменаў, якія адбыліся з ім. Ён з лёгкай горыччу прызнаецца:

Закахацца, як у юнацтве,

я наўрад ці ўжо змагу…

Бо каханне лічу за працу,

а калісьці лічыў за цуд!

(Закахацца, с. 330/9-12)

Хаця стан закаханасці ўсё яшчэ апаноўвае паэта. Гэта лёгкае п'янкое веснавое пачуццё, якое паэт параўноўвае з "выпадковым матывам", мімаходзь пачутай мелодыяй, якая незнарок заляцела ў сэрца:

Вясновы настрой - яснасловы.

Знаёмку ў кавярні сустрэў…

І нейкі матыў выпадковы

У сэрца няўзнак заляцеў.

(Здрада, с. 332/1-4)

Нягледзячы на жыццёвы досвед, паэт, як і раней, у захапленні ад гэтага пачуцця. Іранічная гульлівасць, безразважная закаханасць гучаць у вершаваных радках:

Хто нас спакусіў -

цяжка сказаць.

Змей нам не схлусіў -

шчасце кахаць.

(Рай, с. 334/5-8)

40 гадоў - гэта той час, калі ўзрост яшчэ не адчуваецца, і запіс у пашпарце з датай нараджэння не выклікае ў цябе даверу. Пэўна, што маладосць ужо незваротна мінула, але да старасці яшчэ так далёка. Здаецца, што ўсё яшчэ наперадзе. Урэшце, мабыць, так яно і ёсць. Стан адсутнасці ўзросту паэта, поўнага жыццёвых сілаў, жаданнняў, эмоцыяў, памкненняў, яскрава прысутнічае ў зборніку "Непрычалены човен".

У зборніку "Непрычалены човен" адсутнічаюць вершы, напісаныя ў форме класічнага вершаскладання. Але ёсць верш, які паказвае, што Эдуард Акулін працягвае фармальныя паэтычныя пошукі. Толькі гэтыя пошукі датычаць словаўтварэння:

Азаімія -

сноў зазіміны.

Азаімія -

снегаспеў.

Азаімія -

даль задымлена

і зазімлена неўспадзеў.

(Азаімія, с. 328/7-13)

Паэт і раней эксперыментаваў з утварэннем новых словаў. У зборніку "Непрычалены човен" таксама ёсць некалькі складаных слоўных новатвораў, такіх як: "пералётнасветныя душы", "нябыт-сон", "кроў-жывіца", "жыццёзацменне", "яснасловы", "тайнадрук", "небаўзнёслае Слова". Утвораныя яны, звычайна, аб'яднаннем двух простых словаў у адно складанае. У вершы ж "Азаімія" Эдуард Акулін абыгрывае зусім новае створанае ім слова, якое выклікае ў яго душы шмат асацыяцыяў:

Азаімія -

заінелы радок,

што з завейнага вынік ранку.

Азаімія -

песня зімняя,

мной прыдуманы вершасвет.

(Азаімія, с. 328/3-6,17-19)

Побач з гэтым словам у вершы яшчэ два складаных словы, якія ўспрымаюцца ўжо як належнае: "снегаспеў" і "вершасвет". Асацыяцыі ў вершы - вельмі паэтычныя, багата "зімовых" словаў з гукам "з": азяблы, заінелы, завейны, зазіміны, зазімлены, зімкі . Яны ствараюць чысты, марозны, зімовы малюнак. Паэт здолеў перадаць свой узнёсла-ўрачысты "зімовы" настрой у вершы "Азаімія". Ён яшчэ раз паказаў высокі ўзровень валодання гукам, словам, вобразам, уменне стварыць тонкую, багатую на пачуцці, настраёвую карціну прыроды.

З 2000-га года Эдуард Акулін актыўна звярнуўся да перакладу ўкраінскай паэзіі на беларускую мову. Асноўная частка перакладаў для анталогіі ўкраінскай паэзіі была ім зробленая ў наступныя пяць гадоў. Працэс перакладу, перастварэння ўкраінскага слова і думкі моцна захапіў паэта. Можа таму і прыпыніліся фармальныя практыкаванні ва ўласнай творчасці паэта. У працы над перакладамі паэт актыўна працуе са словам і гукам, ён працягвае адточваць уласнае паэтычнае майстэрства.

XIX.

Шосты паэтычны зборнік Эдуарда Акуліна, вершы з якога ўвайшлі у "выбранае", называецца "Малітва воч". Выйшаў ён пасля перапынку ў дзевяць гадоў. Я даволі падрабязна разглядзеў яго ў асобнай рэцэнзіі (Народная Воля, № 39, 21.05.2013). Тут жа хацелася б сказаць пра некаторыя тэндэнцыі далейшага развіцця паэтычнага таленту Эдуарда Акуліна, якія праявіліся ў гэтым зборніку.

Значная колькасць вершаў у зборніку "Малітва воч" мае духоўна-рэлігійны характар. Тэма духоўнасці, святасці, матывы здрады, веры маюць сваё развіццё ў вершах на рэлігійную тэматыку. Гісторыя хрысціянства, старазапаветныя і евангельскія сюжэты даюць адказы і падказкі на тыя пытанні, якія ставіць перад сабой паэт. Яны натхняюць Эдуарда Акуліна на глыбокія філасофскія высновы і падсумаванні.

Хрысціянства ў творчасці Эдуарда Акуліна пазбаўленае канфесійнай абмежаванасці. Ён разумее хрысціянства як усеагульную, сусветную рэлігію, якая за тысячу гадоў набыла ў Беларусі глыбокую адметную нацыянальную і культурную афарбоўку. Маці Божая Вострабрамская, святыня беларускіх католікаў, праваслаўная святая Еўфрасіння Полацкая, перакладчыцкі, па сутнасці, рэфарматарскі подзвіг Францішка Скарыны маюць для паэта аднолькавую найвышэйшую духоўную каштоўнасць. Можна казаць пра ўнікальнасць рэлігійных поглядаў Эдуарда Акуліна, якія выявіліся ў разуменні ім хрысціянства як супольнай, непадзельнай сусветнай рэлігіі. Эдуард Акулін ахрышчаны ў праваслаўе, але яму аднолькава важныя ўсе праявы хрысціянскай духоўнасці на беларускіх землях без канфесійнага адрознення.

Эдуард Акулін бачыць шлях існавання хрысціянства ў беларускай форме, у беларускім аздабленні як важнейшы фактар захавання тоеснасці беларусаў. Рэлігійная хрысціянская ідэя ўмацоўвае ў паэта нацыянальную беларускую ідэю, і наадварот, беларуская ідэя мае духоўны выток у хрысціянстве.

Пры ўсім пры гэтым Эдуард Акулін застаецца свецкім паэтам. У хрысціянскай рэлігіі ён бачыць найперш маральнасць, этыку паводзінаў, міжчалавечых стасункаў, філасофскую крыніцу, якія неабходныя для існавання беларусаў як часткі агульнай хрысціянскай супольнасці сусветнай цывілізацыі.

Моцна працягвае гучаць у паэзіі Эдуарда Акуліна тэма культурнага, духоўнага, нацыянальнага адраджэння беларускага народу. Клопат і трывога паэта ўсячасныя і ўсеабдымныя. Ён усёй душою перажывае за стан беларускай мовы, культуры. Пазіцыя паэта крыштальна ясная, зразумелая і бескампрамісная. Беларусы мусяць клапаціцца пра сваю нацыянальную самабытнасць. У сваю чаргу - мова і культура, гэта той чыннік, які не дасць беларусам знікнуць, распусціцца сярод іншых народаў.

У сваіх вершах Эдуард Акулін выступае як захавальнік і апалагет беларускасці. Ён апялюе да сумлення беларусаў, распальвае згаслую нацыянальную свядомасць, гучна трубіць у паэтычную сурму, папярэджваючы пра падступную небяспеку для культурнай ідэнтычнасці беларусаў. Паэт пераадольвае ды ігнаруе тыя праблемы, якія ўзнікаюць у яго ў сувязі з грамадзянскай пазіцыяй у паўсядзённым жыцці.

Паэт выдатна разумее, што змаганне за беларускую культуру, якое апошнія дзесяцігоддзі ідзе ў краіне, гэта змаганне за само існаванне беларускага народа. Нягледзячы на замаскаваныя, часам латэнтныя формы - яго безлітаснае і жорсткае, на кану якога стаіць жыццё ці смерць беларускай цывілізацыі.

Мілан Кундэра ў сваім вядомым эсэ "Трагедыя цэнтральнай Еўропы" піша, што малыя народы, такія як чэхі, славакі, палякі, венгры ў цэнтры Еўропы ў ХІХ стагоддзі "прайшлі праз экзістэнцыйныя выпрабаванні, праз выбар паміж існаваннем і знікненнем, інакш кажучы, паміж захаваннем самабытнасці і распушчэннем у больш шматлікім этнасе". Гэтая дылема стаяла перад беларусамі ва ўсе часы існавання нашага народа. Але ніколі яна не стаяла так востра і жорстка як цяпер. Эдуард Акулін у сваім грамадскім жыцці і ў творчасці стаіць у першых шэрагах абаронцаў Беларушчыны.

Вершы пра каханне, якія ствараюцца паэтам на працягу ўсёй творчасці, ёсць і ў зборніку "Малітва воч". У гэтым зборніку яны становяцца больш сціплымі і вытрыманымі ў выяўленні пачуццяў. Эдуард Акулін працягвае, як і ў колішнія гады, захапляцца каханнем, але ў вершах амаль знікаюць эратычныя матывы. Іх замяшчае апісанне кахання "на адлегласці".

Жыццё паэта, як і кожнага чалавека, мае свае ўзроставыя перыяды. Натуральны працэс жыццёвага бегу. Розныя гамы пачуццяў выклікае каханне ў юнацтве, у маладым веку і ў сярэднім узросце. Яны адбіваюцца ў творчасці Эдуарда Акуліна натуральным чынам. Каханне розных гадоў чалавечага жыцця рознае, як розным бывае мёд на працягу лета. Але самае істотнае, што каханне не знікае, яно ёсць, яно працягвае натхняць паэта на шчырыя і хвалюючыя вершы.

Паэтычны талент Эдуарда Акуліна працягвае развівацца. Паэт не спыняецца на дасягнутым. Увесь час Эдуард Акулін вядзе інтэлектуальны, філасофскі, духоўны пошук. З'яўляецца новае дыханне, распачынаюцца, асэнсоўваюцца і распрацоўваюцца новыя этапы ў развіцці асобы паэта. Выдатнае валоданне і веданне беларускай мовы дазваляе паэту выкарыстоўваць яе як дасканалы інструмент для перадачы ўсяго спектру сваіх думак, пачуццяў, назіранняў, тонаў і паўтонаў сваёй душы. І ў той жа час паэт паказвае і выяўляе эстэтычныя глыбіні і мастацкія магчымасці беларускай мовы, яе самакаштоўнасць і самадастатковасць.

Выбранае "Святая ноч" з'явілася юбілейным падсумаваннем значнай часткі жыцця і творчасці Эдуарда Акуліна. Ягоная паэзія надзвычай цесна звязаная з грамадзянскай пазіцыяй паэта, якая базуецца на бачанні незалежнай, дэмакратычнай, вольнай Беларусі з развітай нацыянальнай культурай і высокастатуснай беларускай мовай.

За гэты час багата што зроблена паэтам па евангелізацыі беларускага слова ў нашага грамадстве. Дабраахвотна ўскладзеная ім на сябе місія працягваецца.

Эдуард Акулін з'яўляецца выдатным і яркім прадстаўніком беларускай нонканфармісцкай паэзіі, таленавітым паэтам з пакалення творцаў, якія заявілі пра сябе ў 80-ых гадах ХХ-га стагоддзя. Яны распачалі новы этап у беларускай літаратуры, канчаткова і рашуча адмовіўшыся ад метаду сацыялістычнага рэалізму ў сваёй творчасці.

Рупная праца над формай верша і яго гучаннем ставіць Эдуарда Акуліна ў адзін шэраг з беларускімі паэтамі, якія служылі і служаць паэзіі "чыстай красы", як некалі ахарактарызаваў творчыя пошукі Максіма Багдановіча крытык Антон Луцкевіч.

Няпросты, а часам і драматычны шлях развіцця і самаўдасканалення, адсутнасць самазадаволенасці і самазпакаення - тая сцяга, якую абраў Эдуард Акулін у сваёй творчасці. І ён працягвае ўпарта ісці па ёй.

Ліпень 2013 года.

Алесь Бяляцкі


Памёр мастак Гаўрыла Вашчанка

14 лютага на 86-м годзе жыцця памёр народны мастак Беларусі Гаўрыла Вашчанка .

Гаўрыла Вашчанка нарадзіўся 20 чэрвеня 1928 года ў вёсцы Чыкалавічы Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. У 1948 годзе скончыў Кіеўскую вучэльню прыкладных мастацтваў, у 1955 годзе - Львоўскі дзяржаўны інстытут дэкаратыўнага і прыкладнога мастацтва. Выкладаў у Кішынёве, а пасля вярнуўся на радзіму і стаў выкладчыкам Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута.

У 1970-я гады Гаўрыла Вашчанка стаў адным з тых беларускіх інтэлектуалаў, хто змог пераканаць тагачаснага першага сакратара ЦК КПБ Пятра Машэрава адмовіцца ад намеру знесці Верхні горад у Менску - гістарычны цэнтар беларускай сталіцы, помнік гісторыі і архітэктуры XVI-XIX стагоддзяў.

Гаўрыла Вашчанка займаўся станковым жывапісам, акварэллю, манументальнай размалёўкай і вітражамі. Ён напісаў палотны, прысвечаныя беларускай гісторыі: "Грунвальдская бітва" (1985), трыпціх пра паўстанне Каліноўскага "За зямлю, за волю" (1983), "Балада пра мужнасць" (1974), партрэты Купалы, Коласа, Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Астрожскага, Буднага, Цяпінскага.

Ягоная персанальная карцінная галерэя існуе з 2002 года ў Гомелі.

Жалобная цырымонія адбылася 15 лютага ў Палацы мастацтваў у Менску.

Развітацца з мастаком прыйшлі сотні людзей. Вакол труны з целам стаялі салдаты ганаровай варты, адзін з якіх трымаў у галаве труны дзяржаўны сцяг Беларусі. Праваслаўны святар адпяваў нябожчыка.

Радыё Свабода.


Справаздаўча-выбарчая канферэнцыя ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве

8-га лютага 2014 г. у сядзібе ТБК адбыўся справаздачны сход сяброў Таварыства.

Удзельнікі сходу хвілінаю маўчання ўшанавалі памяць Міхася Жызнеўскага. 25-ці гадовы беларус загінуў 22-га студзеня 2014 г. у Кіеве, на Майдане. Міхась апошнія гады жыў у Ўкраіне, быў чальцом украінскае арганізацыі УНА-УНСО. Мы, беларусы, ганарымся тым, што беларуская моладзь актыўна падтрымлівае тых украінцаў, якія дамагаюцца прагрэсіўных пераменаў. Беларус Міхась Жызнеўскі ахвяраваў сваё жыццё дзеля лепшай долі братэрскага народа. Яго гераічная смерць - гэта сведчанне братэрскіх адносінаў паміж нашымі народамі.


ВЕЧНАЯ ПАМЯЦЬ ГЕРОЮ БЕЛАРУСІ І ЎКРАІНЫ!

Справаздачны даклад Рады ТБК за 2012-2013 г. зрабіў старшыня Рады спадар Хведар Нюнька. Увага ўдзельнікаў сходу была да тых спраў, якія не былі вырашаныя. Сярод такіх - ушанаванне памяці Кастуся Каліноўскага і Музей Івана Луцкевіча. ТБК быў зроблены шэраг зваротаў да кіраўніцтва адпаведных літоўскіх уладаў і да Прэм'ер-міністра на дазвол устанавіць памятны знак на месцы ўмоўнага пахавання К. Каліноўскага на гары Гедыміна. Дазволу пакуль не атрымалі. Матывацыя адмовы - недастатковасць гістарычнага матэрыялу. Беларусам Вільні давядзецца прыкладаць далейшыя намаганні, каб пераканаць літоўскія ўлады, што годнае ўшанаванне памяці кіраўніка паўстання 1863 г. на Літве і Беларусі Кастуся Каліноўскага патрэбна абоім нашым народам - і беларусам, і літоўцам.

Удзельнікі сходу выказалі заклапочанасць пра фінансавыя праблемы ўтрымання агульнай маёмасці таварыства - сядзібы на вуліцы Бролю, 9-86. Шэраг апошніх гадоў выдаткі на сядзібу стала перавышаюць агульны прыбытак. Як засведчылі чальцы Рэвізійнай Камісіі кожны год, каб выплаціць усе выдаткі, недастачу пакрывае (крэдытуе) старшыня ТБК сп. Х. Нюнька. Нова абранай Радзе патрэбна гэтай праблеме прысвяціць увагу і зныйсці спосаб збалансавання выдаткаў і прыбыткаў.

На новы тэрмін абрана Рада ў складзе:

1. Адамковіч Алесь;

2. Акуневіч Васіль;

3. Балаховіч Крыстына;

4. Карачун Зміцер;

5. Нюнька Хведар;

6. Радзюкевіч Валер;

7. Сваяк Даніла;

8. Трусаў Алесь;

9. Яўмен Артур.

На арганізацыйным паседжанні Рады сп. Хведар Нюнька адзінагалосна абраны старшынём Рады.

Рэвізійная Камісія абрана ў складзе:

1. Віршычэне Вера;

2. Кеўлічэне Галіна;

3. Скарэне Тацяна.


В.а. старшыні ТБК Васіль Акуневіч. Вільня, 12 лютага 2014 года.

На здымках: 1. Вядоўцы канферэнцыі Васіль Акуневіч і Крыстына Балаховіч; 2. Правы бок залы ТБК.


Літаратурны музей Максіма Багдановіча павялічвае час працы мастацка-дакументальнай выставы "Праглядзіце гэты томік…", прысвечанай 100-годдзю выхаду адзінага прыжыццёвага зборніка вершаў Максіма Багдановіча "Вянок" Выстава будзе працаваць з панядзелка па суботу з 9.00 да 17.30 з 22 лютага па 31 траўня 2014 года.

Вяскоўцы-землякі ўшанавалі Валянціна Таўлая

У панядзелак, 10 лютага, у Сялявіцкай сельскай бібліятэцы Слонімскага раёна вяскоўцы-землякі ўшанавалі паэта Валянціна Таўлая з нагоды яго 100-х угодкаў з дня нараджэння.

Вечарам за прыгожымі сталамі з гарбаткай, пячэннем, цукеркамі і садавіной бібліятэкары, настаўнікі і чытачы прыгадвалі дзіцячыя і юнацкія гады свайго земляка. Рэч у тым, што ў суседніх з Сялявічамі вёсках Рудаўка і Вялікая Кракотка прайшлі дзіцячыя і юнацкія гады Валянціна Таўлая.

Вечарыну адкрыла загадчыца бібліятэкі Ірына Каранец, якая пазнаёміла прысутных з выставай, прысвечанай паэту-земляку, а вяскоўцы чыталі вершы, пераклады, паказалі інсцэніроўку па ўспамінах Валянціна Таўлая, дзе ён пісаў пра вучобу ў Слонімскай польскай семінарыі, скуль яго за тое, што ён беларус, выгналі.

У госці да вяскоўцаў прыехаў са Слоніма даследчык творчасці Валянціна Таўлая, літаратар, гісторык і журналіст Сяргей Чыгрын. Ён падараваў бібліятэцы сваю новую кнігу і распавёў пра невядомыя факты з жыцця і творчасці Валянціна Таўлая.

У гэты вечар гучалі таксама музычныя творы і ўспаміны пра таленавітых людзей Слонімскай зямлі.

Барыс Баль , Беларуская Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.


"Спадчына" сустракалася з баранавіцкімі краязнаўцамі

Шмат гадоў існуе гістарычна-патрыятычны клуб "Спадчына" пры Дварэцкай сярэдняй школе ў мястэчку Дварэц Дзятлаўскага раёна. Гэта добраахвотнае аб'яднанне дарослых і школьнікаў, якое мае мэтай развіццё і прапаганду ініцыятыў, прапановаў і справаў, якія спрыяюць станаўленню патрыятычнага светапогляду, стварэнню атмасферы даверу і спадзявання на дасягненне мэтаў клуба, а таксама далучэнню да краязнаўчых ініцыятыў. Кіруе клубам настаўніца школы Алена Ляўкевіч.

Вельмі часта сябры "Спадчыны" сустракаюцца са знакамітымі людзьмі Беларусі. Вось нядаўна ў іх у гасцях пабывалі краязнаўцы з Баранавічаў Віктар Сырыца і Вячаслаў Сазонаў. Яны адказалі на пытанні школьнікаў і настаўнікаў, пазнаёмілі прысутных са сваімі краязнаўчымі выданнямі, распавядалі ім пра паўстанне 1963 года на Беларусі.

Барыс Баль, Беларуская Радыё Рацыя, Дварэц, Дзятлаўскі раён. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX