Вярнуцца: 2014

№ 10 (1161)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 10 (1161) 5 сакавіка 2014 г.


З днём жанчын і вясны!

Шаноўныя беларусачкі!

Са святам вясны вас!

Няхай цвіце вашая прыгажосць на гонар, радасць і славу Беларусі!


"Гарадзенская Троя" ў Старым замку

У Гародні ў Старым замку 27 лютага адкрылася выстава "Гарадзенская Троя", дзе прадстаўлены 645 прадметаў, якія знойдзены на тэрыторыі старой забудовы.

Першыя спробы раскопак у горадзе былі зробленыя яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Але толькі ў 1930-я гады дайшло да археалагічных даследаванняў, праўда, выпадкова. Стваральнік музея ў Старым замку Юзаф Ядкоўскі вырашыў умацаваць замкавую гару: на дзядзінцы пачалі капаць, выкідваючы грунт на схілы. Рабочыя натрапілі на цагляную муроўку старажытнага храма. Вось так і пачалася "гарадзенская Троя", зазначыў на адкрыцьці Юры Кітурка, дырэктар гістарычна-археалагічнага музея.

Выстава пакажа, што хаваецца ў нетрах горада, пад будынкамі, зазначыў ён. Яе падрыхтаваў аддзел археалогіі, яго загадчык Наталля Кізюкевіч сказала: летапісная Гародня - гэта перш падмуркі Ніжняй царквы на замкавым дзядзінцы, часткі якой на выставе. Можна ўбачыць таксама элементы драўлянай пабудовы. А побач - тое, што згубілася ці зламалася, дробныя рэчы, якімі карысталіся жыхары. На выставе вырабы ганчарнай майстэрні ХVІІ стагоддзя, рэшткі якой былі знойдзены ў горадзе на вуліцы Вялікай Траецкай. На ёй жа быў раскапаны манетны скарб, развал кафлянай печы.

Сярод амаль 190 тысяч прадметаў у фондах музея больш за 40 тысяч - гэта археалагічныя знаходкі.

Пра сваё адчуванне археалогіі гаварыў Генадзь Семянчук, адзін з тых, хто даследаваў культурныя пласты горада, і чые знаходкі ёсць на выставе. Гародня - "адзін з самых цікавых, загадкавых беларускіх гарадоў", зазначыў ён. Археалогія ж, паводле Семянчука, - "мусіць самая нацыянальная навука", таму што падчас раскопак узбагачаецца мясцовая культура. А тым жа часам гэта "самая далікатная, самая рамантычная навука", і кожны спрабуе на яе паўплываць, кажа Семянчук: "ці даць вялікія грошы, каб археолаг па-халтурнаму раскапаў нешта, ці прыспешыць, каб хутчэй капаў" альбо прыходзіць зарана зіма, калі раскопкі яшчэ не закончаныя.

У раскопках на дзядзінцы Старога замка ўдзельнічаў Аляксандар Краўцэвіч. Ён назваў гэтае месца "ўнікальным у маштабах Еўропы", бо тут на малой плошчы вялікая "канцэнтрацыя археалагічных і архітэктурных помнікаў эпохі Сярэднявечча", ад ХІІ да ХVІ стагоддзя. Гэта Ніжняя царква і Верхняя, замкі Вітаўта і Баторыя, зазначыў ён.

Радыё Свабода. На здымках: 1. Юры Кітурка (злева) і Аляксандар Краўцэвіч; 2. Рэчы, знойдзеныя пры раскопках у розных месцах Гародні.


Памёр Рыгор Барадулін

Рыгор Барадулін памёр 2 сакавіка 2014 году. Яму было 79 гадоў.

Нарадзіўся 24 лютага 1935 года, на хутары Верасоўка, Ушацкі раён, Віцебская вобласць.

Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях, а таксама ў выдавецтвах "Беларусь" і "Мастацкая літаратура". У выдавецтве "Мастацкая літаратура" працаваў больш за 20 гадоў, быў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).

Пачаў друкавацца з 1953 года, першыя вершы былі змешчаныя ў газеце "Чырвоная змена". Першы зборнік паэзіі - "Маладзік над стэпам" - выйшаў у 1959 годзе.

Да 25-годдзя пантыфікату папы Яна Паўла II Рыгор Барадулін пераклаў на беларускую мову кнігу паэзіі папы "Рымскі трыпціх" і меў магчымасць пабачыцца з пантыфікам на асабістай аўдыенцыі ў Ватыкане 28 чэрвеня 2004 года. У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі "Ксты". Зборнік "Руны Перуновы" (2006), у які ўвайшла выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі.

Рыгор Барадулін - апошні беларус, якому надалі званне "Народны паэт" (1992). Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Янкі Купалы (1976) за зборнік вершаў "Рум" і пераклады з Федэрыка Гарсіі Лоркі, Ордэнам Дружбы народаў, Ордэнам "Знак Пашаны", латышскім Ордэнам Трох Зорак (атрымаў званне Афіцэра Ордэна, 4 ступень, 23 красавіка 1997 года) і медалём Францыска Скарыны. Барадулін з'яўляецца ганаровым доктарам БДУ, ганаровым грамадзянінам Ушацкага раёна. У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за зборнік вершаў "Ксты").

Вечны адпачынак дай яму, Пане!


100 гадоў з дня нараджэння Якава Зяльдовіча

Якаў Барысавіч Зяльдовіч (8 сакавіка 1914, Менск - 2 снежня 1987, Масква) - савецкі фізік і фізіка-хімік. Акадэмік АН СССР (1958). Тройчы Герой Сацыялістычнай Працы (1949, 1951, 1954). Нарадзіўся ў сям'і адваката Барыса Навумавіча Зяльдовіча і Ганны Паўлаўны Ківеліёвіч. Вучыўся экстэрнам на фізіка-матэматычным факультэце Ленінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта і фізіка-механічным факультэце Ленінградскага політэхнічнага інстытута, у аспірантуры Інстытута хімічнай фізікі АН СССР у Ленінградзе (1934), кандыдат фізіка-матэматычных навук (1936), доктар фізіка-матэматычных навук (1939).

Адзін са стваральнікаў атамнай бомбы (29 жніўня 1949) і вадароднай бомбы (1953) у СССР. Найбольш вядомыя працы Якава Барысавіча па дэтанацыі, апісанні працэсаў гарэння, ядзернай фізіцы, астрафізіцы, гравітацыі. У 1939-1941 гадах Я.Б. Зяльдовіч і Ю.Б. Харытон упершыню ажыццявілі разлік ланцуговай рэакцыі дзялення ўрану.

У 1955 годзе падпісаў "Ліст трохсот".

Зяльдовіч і Солпітэр у 1964 годзе першымі (незалежна адзін ад аднаго) выказалі здагадку (цяпер яна стала агульнапрынятай), што крыніцамі энергіі квазараў служаць акрэцыённыя дыскі вакол масіўных чорных дзірак.

Вікіпедыя.


"Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх"

(Дзень роднай мовы ў бібліятэцы імя Я. Коласа)

21 лютага 2014 г. ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі адбылося мерапрыемства, прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы. Арганізатарамі выступілі Цэнтральная навуковая бібліятэка імя Якуба Коласа НАН Беларусі і Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры.

У рамках мерапрыемства праведзена сустрэча са старшынём Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны сп. Алегам Трусавым.

У сваім выступе сп. Трусаў адзначыў, што мовы падзяляюцца на тыя, што памерлі ці паміраюць і тыя, што жывуць. І добра, што ў зале моладзь, бо калі моладзь не карыстаецца мовай, то праз 20-30 год гэта мова памрэ. Сп. Алег вельмі змястоўна распавёў пра гісторыю ўтварэння, станаўлення і сучасны стан беларускай мовы, запрасіў усіх зацікаўленых на курсы дапамогі ў авалодванні беларускай мовай. Курсы праводзяцца бескаштоўна ў сядзібе ТБМ. У заключэнні ён звярнуўся да маладых дзяўчат, каб яны смела карысталіся беларускай мовай, бо менавіта жанчыны-маці з'яўляюцца захавальнікамі мовы, перадаючы яе сваім дзецям.

У бібліятэцы дэманстравалася выстава "Ці знаў хто, братцы, з вас Тараса?...".

Выстава, падрыхтаваная Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, прысвечана 125-годдзю першай публікацыі знакамітай паэмы "Тарас на Парнасе", якая яшчэ нядаўна лічылася ананімнай, твору жыццярадаснаму, камічнаму, сапраўднаму шэдэўру беларускай літаратуры ХІХ ст. Паэма была надрукавана 16 траўня 1889 года ў газеце "Мінскі лісток".

Сп. Ніна Камарова, загадчык аддзела абслугоўвання чытачоў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі прадставіла кніжныя выданні паэмы 1909 г, 1920 г. якія захоўваюцца ў фондах бібліятэкі. Яна расказала аб гісторыі раскрыцця таямніцы аўтарства паэмы. Вядома, што аўтарства паэмы прыпісвалася самым розным аўтарам - В. Равінскаму, Т. Манькоўскаму, В. Дуніну-Марцінкевічу, А. Вярыгу-Дарэўскаму, студэнтам Горацкага земляробчага інстытута і іншым. Дзякуючы працы многіх пакаленняў літаратуразнаўцаў, а ў апошні час працы Генадзя Кісялёва, аўтарам "Тараса на Парнасе" лічыцца Канстанцін Вераніцын. На выставе была магчымасць пазнаёміцца з цікавымі даследчыцкімі працамі не толькі Г. Кісялёва, але і публікацыямі Я. Янушкевіча, А. Лойкі і інш.

Адбылося чытанне паэмы прысутнымі ў зале.

Імпрэза была аздоблена добрымі выступленнямі дзіцячых вакальных калектываў Палаца дзяцей і моладзі "Арыён" г. Менска.

Мікола Ліннік, г. Мінск.


Свята беларускай мовы ў Чаркасах

22 лютага ў аг. Чаркасы Дзяржынскага раёна ўжо ў другі раз адзначылі "Свята беларускай мовы". У 2013 годзе дадзенае мерапрыемства моцна ўразіла ўсіх яго ўдзельнікаў, і жыхары вельмі чакалі "Свята беларускай мовы" і ў 2014 годзе, галоўным арганізатарам і рэжысёрам якога з'яўляецца дырэктар Чаркаскага Дома культуры Кірыл Шык. Па традыцыі, свята складалася з некалькіх частак - гэта ўзнагароджванне людзей якія папулярызуюць беларускую мову ў Дзяржынскім раёне, агульнанацыянальнай дыктоўкі, якую вырашана было перанесці на чэрвень месяц і прымеркаваць да 90 годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава і 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама конкурсу на лепшае мастацкае чытанне верша на роднай мове. Дыпломамі за папулярызацыю беларускай мовы былі адзначаны: загадчык Путчынскага цэнтра культуры і вольнага часу Тацяна Іванаўна Карсакова і вядомы ў Дзяржынскім раёне і па-за яго межамі паэт Антон Браніслававіч Анісовіч. Пераможцамі ў конкурсе на лепшае чытанне вершаў былі адзначаны сёстры Рашэтнік Ксенія, Паліна і Яна. Праграма мерапрыемства была вельмі насычанай, так у фае Дома культуры пры дапамозе Чаркаскай бібліятэкі, была разгорнута выстава кніг, дзе кожны мог азнаёміцца з апошнімі навінкамі беларускіх выдавецтваў, а таксама яшчэ раз пераглядзець творы беларускіх класікаў, усе ахвотныя маглі сфатагафавацца з жывымі скульптурамі Францішка Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Сымона Буднага, ролі якіх выконвалі студэнты УА "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў". Усе ахвотныя паўдзельнічалі у віктарыне па беларускай мове і атрымалі каштоўныя падарункі ад Беларускай музычнай альтэрнатывы. У канцэрце прымалі удзел калектывы Чаркаскага Дома культуры: ансамбль народнай песні "Сяброўкі", дзіцячая вакальная студыя "Вясёлыя ноткі", маладзёжны гурт "Чыкага", а таксама студэнты кафедры рэжысуры абрадаў і свят БДУКМ, якія парадавалі прысутных вядомымі беларускімі музычнымі творамі і харэаграфічнымі замалёўкамі. Лейтматывам свята быў гістарычны экскурс у развіццё беларускай мовы. Усе удзельнікі свята атрымалі шмат станоўчых эмоцый, што было бачна па апладысментах і добрым настроі.

Адміністрацыя Чаркаскага Дома культуры выказвае шчырую падзяку студэнтам 214 групы, кафедры рэжысуры абрадаў і свят УА "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў", грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі", ГА "Саюза беларускіх пісьменнікаў" і асабіста Лідзіі Драчынскай, Кацярыне Капыловіч, Марыне Раманенка, Яўгену Сідаровічу, Івану Давыдзенка, Ганне Альханоўскай, Вікторыі Бакуновіч, Руслану Балашу, Тацяне Баркоўскай, Дар'і Ваўчэцкай, Яну Вяргейчыку, Марыі Гарбачовай, Ігару Дашчэчку, Віялеце Іваначкінай, Яніне Кандрашэўскай, Марыне Качан, Алене Лучонак, Дар'і Сомкінай, якія ўсебакоа дапамагалі ў арганізацыі і правядзенні свята.

Наш кар.


Свята роднай мовы на Гарадзеншчыне

Тыдзень роднай мовы ў Дварцы

У Дварэцкай сярэдняй школе Дзятлаўскага раёне прайшоў Тыдзень беларускай мовы, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы. Гэтае свята роднай мовы арганізавалі ў школе настаўніцы Наталля Ляўкевіч і Вікторыя Воўкава.

Падчас Тыдня роднай мовы вучні разам з настаўнікамі прынялі ўдзел у падарожжы ў гісторыю разам з "Нашай нівай", у флэш-акцыі "Шануй роднае слова", у гульні "Моўная эстафета", у віктарыне, прысвечанай Валянціну Таўлаю, якую правялі сябры ТБМ з Баранавічаў, а так-сама ў Агульнанацыянальнай дыктоўцы.

Да Тыдня беларускай мовы выйшаў спецыяльны выпуск школьнай насценгазеты, а яшчэ вучні прынялі ўдзел у беларускім посткросінгу. На працягу тыдня вучні 6-7 класаў паспаборнічалі і ў школьнай алімпіядзе па беларускай мове.

У VІІ Агульнанацыянальнай дыктоўцы ў Дварцы перамаглі:

1 месца - Кірыл Баравік (9 клас);

2 месца - Анжаліка Муха (7 клас);

3 месца - Кацярына Сідорчык (6 клас) і Алена Жукоўская (7 клас).

У школьнай алімпіяды па беларускай мове сярод вучняў 7 класа пераможцамі сталі:

1 месца - Міраслаў Марцінчык ;

2 месца - Анжаліка Муха ;

3 месца - Алена Жукоўская .

А сярод вучняў 6 класа ў школьнай алімпіяды па беларускай мове перамаглі:

1 месца - Кацярына Сідорчык ;

2 месца - Аляксандр Кець ;

3 месца - Мікіта Балтрукевіч .

Так Тыдзень беларускай мовы плаўна перацёк у дэкаду. А завяршыліся святочныя мерапрыемствы суперфіналам лінгвістычнай гульні "Моўная эстафета".

Вынікі суперфіналу:

1 месца - Алена Жукоўская (7 клас);

2 месца - Кацярына Сідорчык (6 клас);

3 месца - Алена Мацюкевіч (5 клас).

Настаўнікі, бацькі і вучні павіншавалі ўсіх з перамогай на ніве вывучэння роднай мовы.

Барыс Баль, Беларуская Радыё Рацыя, Фота аўтара.


Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне

22 лютага VII Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў бібліятэцы г. Бярозаўкі. Традыцыйна на дыктоўку сабраліся аматары беларускай мовы і сябры ТБМ горада. Пісалі адрывак з твору Васіля Быкава "Трэцяя ракета". Чытаў тэкст старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.

Па выніках дыктоўкі 1-е месца заняла настаўніца адной з Бярозаўскіх школ Тарэса Казлова . Другое месца занялі бацька і сын - Сяргей і Віктар Дычкі, якія, як і летась, зрабілі аднолькавую колькасць памылак, але летась яны былі на трэцім месцы. Сёлета трэцім стаў Сяргей Трафімчык .

Пасля дыктоўкі з маналогам з твораў Янкі Купалы пра беларускую мову выступіў акцёр Алег Лазоўскі .

23 лютага VII Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. Адрывак з аповесці Васіля Быкава "Знак бяды" чытаў кіраўнік літ-аб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце", пераможац V Агульнанацыянальнай дыктоўкі Алесь Хітрун.

1-е месца ў Лідзе заняў Сяргей Трафімчык з Бярозаўкі. 2-е месца ў адсутнасць знаўцаў беларускай мовы з Дварца, якія сёлета ў Ліду не прыехалі, заняў Міхась Бурачэўскі - удзельнік усіх дыктовак. На 3-м месцы Маргарыта Лазоўская , якая прыйшла на дыктоўку ў першы раз.

Напрыканцы з маналогам пра беларускую мову паводле твораў Янкі Купалы выступіў Алег Лазоўскі.

Сёлета пераможцы дыктоўкі ў Бярозаўцы і Лідзе атрымалі памятныя прызы.

Наш кар. На здымках: 1. Дыктоўка ў Бярозаўцы; 2. Выступае Алег Лазоўскі; 3. Дыктоўка ў Лідзе; 4. Дыктуе А. Хітрун.


Да 60-годдзя Міколы Лінніка

Ёсць людзі, якія як быццам валодаюць нейкімі магнетычнымі якасцямі, што дазваляе ім заўжды прыцягваць да сябе вялікую колькасць розных цікавых людзей - сяброў, паплечнікаў, аднадумцаў. Яны заўжды ў гушчы цікавых падзей, там, дзе нараджаюцца ідэі і праекты. Менавіта да такіх асоб належыць Мікола Ліннік, які 3 сакавіка адзначыў свой юбілей. Чытачам "Нашага слова" добра вядомы яго цікавыя фотаздымкі і публікацыі.

Нарадзіўся Мікола Ліннік 3 сакавіка 1954 года ў вёсцы Порычы Валожынскага раёна. Вучыўся ў Нарэйшынскай пачатковай школе, скончыў сярэднюю школу № 1 г. Валожына. Атрымаў спецыяльнасць радыёінжынера ў Менскім радыётэхнічным інстытутце. Працаваў інжынерам у спецыялізаваным канструктарскім бюро радыёсувязі завода "Спадарожнік" у Маладзечне, старшым інжынерам у Валожынскім раённым аб'яднанні "Сельгастэхніка". Зараз займае пасаду вядучага інжынера службы сродкаў радыё і тэлебачання ў філіяле "Міжгародняя сувязь" РУП "Белтэлекам". Амаль 36 гадоў аддадзена плённай працы ў гэтай арганізацыі.

У вольны час Мікола Ліннік даследуе гісторыю Беларусі, асабліва эпоху вялікага князя літоўскага Альгерда, калі тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага павялічылася больш, чым у два разы, і быў закладзены падмурак яго магутнасці у XV стагоддзі. Як гісторык-даследчык удзельнічаў у трох міжнародных навуковых канферэнцыях ва Украіне, прысвечаных даследаванням перамогі войскаў ВКЛ над татарамі на Сіняй Вадзе ў 1362 годзе. Гэтай тэме быў прысвечаны і артыкул "Шлях да Сіняй Вады" з нагоды 650-годдзя бітвы, надрукаваны ў часопісе "Дзеяслоў" №3 (64) за 2013 год.

Сам Мікола прызнаецца, што вельмі любіць прыроду, працу ў садзе і збор ураджаю. Любіць таксама футбол і гуляе ў яго. З'яўляецца прыхільнікам высокага мастацтва, паэзіі і музыкі.

Але самым вялікім захапленнем Міколы Лінніка з'яўляецца фатаграфія. У яго фотаздымках няма нічога штучнага, бо майстар наўмысна пазбягае камп'ютарнай апрацоўкі, але пры гэтым пільнае "вока" яго аб'ектыва вельмі ўдала ловіць цікавыя моманты жыцця, гульню святла і колераў. Дзякуючы гэтаму, можна смела гаварыць пра фотамастацкія адкрыцці Міколы, якія знаходзілі месца на старонках розных выданняў і сайтаў.

За плячамі фотамайстра ўдзел у калектыўных выставах у Маладзечне, Менску, Разані. Персанальныя фотавыставы прайшлі ў Гомелі, Доўску (Рагачоўскі раён Гомельскай вобласці), сельскіх бібліятэках Доўска і Чурылавічаў (Менскі раён). Асобна трэба адзначыць выставы Міколы Лінніка ў сталічнай бібліятэцы імя Цёткі, галерэі "Вільнюс", якая працуе ў бібліятэцы № 18, што ў Зялёным Лузе. Гэтыя вернісажы карысталіся вялікай папулярнасцю сярод наведвальнікаў бібліятэк, а на іх адрыцці можна было пачуць выступы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, паслухаць цудоўную музыку і спевы. Некаторыя паэты нават прысвяцілі свае вершы Міколу. Так Іван Пыка ў сваім зборніку "Гасцінец" у вершы-прысвячэнні піша:

І толькі памяць там, у сотах вечных,

Праз дэжавю, праз жураўліны клін

Пакліча да паліц бібліятэчных

Ці да знаёмых быццам бы мясцін.


Вось той курган, а можа проста ўзгорак,

Сіроткай сцішыўся ў бярозавай журбе,

А сам ты хто - фатограф, ці гісторык,

Ці мо збіраеш звесткі пра сябе?


І зноў, і зноў у месячным бяздонні

За небасхіл, праз сполахі зарніц

Ляцяць, ляцяць узмыленныя коні

З пажоўклых ад часоў бераставіц.

Усё жыццё Мікола заўжды з роднай мовай. З'яўляецца сябрам Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны з першых гадоў стварэння Таварыства, удзельнік многіх яго з'ездаў.

Актыўны ўдзельнік шматлікіх імпрэз, праводзімых Таварыствам, Нацыянальным гістарычным музеем, музеем гісторыі беларускай літаратуры, Цэнтральнай навуковай бібліятэкай імя Я. Коласа НАН Рэспублікі Беларусь , бібліятэкамі № 15 імя Цёткі, №18, № 20 г. Менска і інш. Адзін з першых чальцоў Таварыства аматараў беларускай гісторыі і культуры імя В. Ластоўскага.

Сафія Дамброўская.


Памяці Язэпа Ціхінскага

Імпрэза, прысвечаная памяці Язэпа Ціхінскага , адбудзецца 10 сакавіка 2014 г. у сядзібе ТБМ на Румянцава, 13. Пачатак а 16-й гадзіне. Уваход вольны.

На прэзентацыі будуць прадстаўлены:

- лёс навукоўца на фоне эпохі;

- унікальныя матэрыялы з беларускіх і польскіх архіваў і бібліятэк;

- рэдкія фотаздымкі;

- адмысловыя слайды;

Язэп Ціхінскі (28 верасня 1842 - 1922?); псеўданімы: Язэп Бурачок, Бурачок) - беларускі лексікограф, стваральнік самага вялікага слоўніка новай беларускай мовы XIX - сярэдзіны XX стагоддзя. Нарадзіўся ў Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні. У 1862 - 64 гг. працаваў дробным чыноўнікам у Магілёве. З 1868 г. жыў i працаваў у маёнтку Прусін, Чэрыкаўскага павета (Магілёўшчына). Амаль 40 гадоў свайго жыцця прысвяціў распрацоўцы i складанню 16-томнага "Беларуска-польска-рускага слоўніка", які так i застаўся нявыдадзеным. Частка яго рукапісу (7108 старонак) зберагаецца ў бібліятэцы АН Літвы (частка на літары В, Н, О, Р страчана ў гады II-й сусветнай вайны). Рукапіс слоўніка памерам у 636 аўтарскіх аркушаў уключае каля 200 тыс. агульнаўжывальных слоў, уласных асабовых імён, назваў дзяржаў, гарадоў i мясцовасцей. У слоўніку змешчаны так-сама пашыраныя запазычанні з іншых моў. Пры перадачы слоў вытрыманы найважнейшыя фанетычныя асаблівасці беларускай мовы (аканне, яканне, дзеканне, цеканне), адлюстравана афіксальнае словаўтварэнне. Слоўнік Ціхінскага адыграў важную ролю ў стварэнні перакладных руска-беларускіх i беларуска-рускіх слоўнікаў, складальнікамі якіх былі М. Байкоў i С. Некрашэвіч. Працу Ціхінскага высока цаніў М. Федароўскі. У 1909-12 Ціхінскі друкаваў допісы ў газеце "Наша ніва" пад псеўданімам Язэп Бурачок. Памёр каля 1922 г.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў сакавіку

Адаміна Алена Адамовіч Славамір Генрых. Азарчык Раман Уладзіміравіч Анацка Ганна Андрэас Анатоль Антонава Алена Аляксеўна Арочка Ларыса Іванаўна Асіпчук Аксана Мікалаеўна Аскерка Анатоль Астаповіч Галіна Канстанц. Астроўскі Аляксандр Алякс. Аўсяннікава Тамара Алякс. Баброўская Людміла Бажыцка Алег Аляксандравіч Бандарэнка Юлія Дзмітр. Бараноўскі Сяргей Бародзіч Ганна Сцяпанаўна Баршчэўскі Лявон Пятровіч Барэль Таццяна Уладзімір. Баўсюк Мікола Бахцізіна Кацярына Георг. Белякоў Аляксандр Бермант Раіса Барысаўна Богдан Вадзім Бойка Сяргей Васільевіч Бубула Вольга Бугай Казімір Іосіфавіч Булак Аляксандр Бураўкін Арсень Аляксеевіч Бутылін Міхась Уладзімір. Бяляева Наталля Уладзімір. Васільчанка Мікола Рыгор. Вашкевіч Ігар Пятровіч Войшніс Фаіна Сцяпанаўна Вянгура Ніна Фёдараўна Вярбіцкая Ядвіга Станіслав. Вячорка Францішак Валянц. Гапеенка Анатоль Мікалаевіч Гарасюк Аляксандр Гардзей Н.М. Гаркавая Людміла Гарэлікава Ларыса Эдуард. Герасімовіч Валянцін Іванавіч Гіль Лілея Эдмундаўна Грыгор'еў Аляксандр Віктар. Гук Ганна Іванаўна Гуркоў Канстанцін Уладзімір. Дабратвор Ілля Мікалаевіч Дайлідка Юры Дамасевіч Віталь Уладзімір. Дапкюнас Жанна Казіміраўна Дарашкоў Сяргей Дзіцэвіч Рычард Мікалаевіч Дзмітруковіч Вольга Фёдар. Другакова Марына Уладзім. Дрык Людміла Дубіцкі Уладзімір Пятровіч Дыдышка Ніна Дэц Алена Георгіеўна Занкевіч Сяргей Міхайлавіч Згірскі Міхаіл Францавіч Здзітавец Алена Уладзімір. Зімніцкая Валянціна Кірыл. Зінавенка Сяргей Леанідавіч Зянькевіч Барыс Барысавіч Іванова Бярнарда Пятроўна Ішчанка Галіна Мікалаеўна Каваль Ірына Віктараўна Кавальчук Дзмітры Леанід. Кадушка Вера Уладзіміраўна Казлова Аляксандра Віктар. Каліновік Вольга Фёдараўна Калоша Аляксандр Аляксан. Кандраццева Зінаіда Міхайл. Капковіч Вольга Карабач Марыя Каралёва Таццяна Іванаўна Карась Ганна Аляксандраўна Караткевіч Таццяна Мікал. Карпіцкі Максім Юр'евіч Кашкур Іосіф Станіслававіч Кечанкоў Мікалай Мікалаев. Кірылаў Герман Іларыёнавіч Кіслая Вольга Юр'еўна Клімавец Яўгенія Антонаўна Клімус Андрэй Клінава Дарыя Коваль Ірына Віктараўна Козел Ларыса Міхайлаўна Конічава Галіна Корань Вольга Красніцкі Віктар Яўгенавіч Крол Цімур Аляксандравіч Крук Ларыса Васільеўна Крукоўскі Уладзімір Кулеўскі Уладзіслаў Ігаравіч Кулішча Эдуард Францавіч Кунцэвіч Уладзімір Курбацкі Аляксандр Міхайл. Курт Вулхайзер Кухаронак Валянціна Іван. Кухто Васіль Іванавіч Лазіцкі Дзяніс Андрэевіч Лапенка Аляксей Купрыян. Лапіцкі Аляксей Іванавіч Латушка Ірына Латыш Аліна Лявонаўна Леўшукоў Андрэй Ліннік Мікалай Міхайлавіч Лісоўскі Станіслаў Аляксан. Лісоўскі Тарас Станіслававіч Ліцьвінчук Наталля Лукашук Марыя Пракопаўна Лукашэвіч Аляксей Пятровіч Луханіна Алена Альбінаўна Мазанік Аляксадр Віктаравіч Макакеў Аляксандр Віктар. Макар Юры Уладзіміравіч Макарэвіч Сяргей Іосіфавіч Малахава Людміла Віктар. Малашанка Зміцер Васільевіч Мамонька Алена Мамчыц Эдуард Іосіфавіч Марачкін Аляксей Антонавіч Марус Алена Мацьвееў Ігар Аляксеевіч Мельнікава Анжэла Мельнікава Святлана Мерцалава Надзея Фёдар. Мінава Вера Місевіч Мар'ян Міхалькевіч Віталь Генрых. Міхалькевіч Віталь Паўлавіч Міхалькевіч Уладзіслаў Генр. Міхнавец Дзіна Мікалаеўна Мухіна Надзея Аляксандр. Мяцюн Таццяна Мар'янаўна Несмяянава Людміла Даніл. Носава Галіна Падгайскі Мікалай Вячаслав. Пазняк Марыя Пальчэўскі Юры Леанідавіч Панкевіч Аляксандр Панковіч Уладзімір Антон. Паўлавец Зміцер Паўлюковіч Ніна Пералайка Мікалай Уладзім. Праконіна Вера Уладзімір. Пяткевіч Аляксей Міхайлавіч Рабчынская Лідзія Алякс. Раманоўская Ганна Леанід. Раманоўская Яніна Рамашэўская Людміла Аляк. Родзік Анатоль Леанідавіч Рулевіч Алена Валяр'янаўна Русак Сяргей Іванавіч Руткоўская Антаніна Фадз. Рыбакоў Яўген Юр'евіч Рыбачонак Аляксандр Міх. Рымша Ангеліна Савіцкі Максім Садоўская Алена Станіслав. Садоўскі Раман Салдаценка Ігар Пятровіч Санько Зміцер Хведаравіч Саракавік Анатоль Вячаслав. Сарнацкі Аляксандр Балясл. Саўчанка Марыя Уладзімір. Севасцянава Ганна Сярг. Сідаровіч Ала Рамуальдаўна Сідарэвіч Святлана Рыгор. Сідарэнка Сяргей Уладзімір. Сінькевіч Сяргей Алегавіч Смаль Вячаслаў Мікалаевіч Старавойт Наталля Юр'еўна Стаўбун Ірына Іванаўна Стахоўскі Станіслаў Алякс. Стаціўка Мікалай Страха Соф'я Валянцінаўна Стэпусь Васіль Суравіцкі Віталь Анатольев. Сурскі Ягор Дзмітрыевіч Сухарава Любоў Васільеўна Сушко Вера Іванаўна Сцямпкоўскі Сяргей Сцяцко Павел Уладзіміравіч Сырыца Віктар Антонавіч Сянкевіч Васіль Іванавіч Табушава Ірма Алегаўна Тамулёнак Мікалай Іванавіч Толсцік Вольга Трайнель Віктар Траццякова Алена Уладзім. Трацяк Іван Іванавіч Трашчанка Уладзімір Яўхім. Турок Марыя Аляксандр. Уазіз Амін Узлоўскі Валянцін Федаровіч Валеры Васільев. Філіпаў Мікалай Альбертавіч Хабян Вольга Хамрэнка Ірына Алегаўна Харашылава Тамара Пятр. Храпавіцкі Васіль Сяргеевіч Цвяткова (Русак) Надзея Ів. Цыркуноў Аляксандр Іван. Чаляпін Аляксей Чарняўская Святлана Чашчына Наталля Мікал. Чэчат Сяргей Аляксандравіч Шагулін Алег Іванавіч Шадыра Вадзім Іосіфавіч Шарах Генадзь Мікалаевіч Шаргаева Святлана Міхайл. Шарэйка Вольга Шахоўская Святлана Уладзім. Шыпіла Вераніка Уладзімір. Шышук Андрэй Іванавіч Шэга Іван Шэметава Алеся Аляксандр. Якубоўская Таццяна Якубук Наталля Раманаўна Яноўская Марыя Януковіч Вікторыя Эдуард. Янчанка Алена Рыгораўна Яўдошына Ларыса Іванаўна Яцына Яна Мікалаеўна


Творчая сустрэча з Настассяй Лазебнай адбылася ў віцебскай школе

21 лютага ў сярэдняй школе № 27 г. Віцебска адзначалі Міжнародны дзень роднай мовы. Сярод мерапрыемстваў, якія праходзілі ў школе, была і сустрэча са старшынёй Віцебскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Настассяй Лазебнай (Стасяй Наркевіч).

Настасся Пятроўна выбрала самых цікавых і ўдзячных слухачоў - трэцякласнікаў. Перш чым расказаць малым пра свае казкі, а потым зачытаць урывак з адной з іх, пісьменніца пачала аповед пра беларускую мову. Н. Лазебная адзначыла, што гэтая мова - самая прыгожая ў свеце, на ёй размаўлялі і пісалі свае творы вядомыя ў свеце беларускія пісьменнікі, з якімі ў старэйшых класах дзеці пазнаёмяцца.

Яна заўважыла і тое, што зараз на беларускай мове размаўляюць інтэлігентныя людзі, якія любяць Бацькаўшчыну ды шануюць культуру роднага краю. Настасся Пятроўна сказала дзецям, што, каб быць інтэлігентным чалавекам, трэба шмат чытаць. Звярнуць увагу на кніжкі, якія выходзяць на беларускай мове, размаўляць на ёй і не саромецца, калі адразу не зусім удала будзе атрымлівацца.

Падчас размовы хлопчыкі і дзяўчынкі задавалі пытанні, а напрыканцы сустрэчы дзеці дружна пачалі размалёўваць малюнкі, якія былі сканаваны з казкі-расфарбоўкі Н. Лазебнай. Некаторыя ж папрасілі пагартаць старонкі кніжак, якія прынесла ў школу пісьменніца.

Шкада, што школьнікі не могуць бліжэй пазнаёміцца з казкамі Стасі Наркевіч па той прычыне, што яе кніжак, як і кніг многіх сучасных беларускіх аўтараў, якія пішуць для дзяцей, у бібліятэках навучальных устаноў амаль няма.

Ул. інф. Віцебскага аддзялення СБП.


Дзень роднай мовы ў Паставах

21 лютага ва ўсім свеце святкуецца Міжнародны дзень роднай мовы. Гэта свята з кожным годам набірае ўсё большую папулярнасць у Беларусі. І Паставы тут не застаюцца ў баку. У нядзелю, 23 лютага, у касцёле Антонія Падуанскага была праведзена ўрачыстая імша, прысвечаная беларускай мове, а пасля яе ў дзіцячай бібліятэцы імя У. Дубоўкі адбылася дыктоўка ў межах рэспубліканскай акцыі агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі. Цікава і вельмі прыемна, што для гэтага ў бібліятэку сабралася столькі людзей, што нават не засталося вольных месцаў.

Але сапраўды ўдарнае мерапрыемства, прысвечанае гэтаму святу, адбылося ў суботу 22 лютага ў ДК на вул. Чырвонаармейскай. Пастаўская суполка ТБМ імя Ф. Скарыны пры дапамозе ГА "Будзьма" і пастаўскага гурта "Скіфы" арганізавала феерычны рок-канцэрт. Адкрылі гэты канцэрт ветэраны пастаўскай рок-сцэны - наш народны ансамбль "Скіфы". Не гледзячы нават на тое, што лідар гурта, Віктар Верацельнікаў, рускі па нацыянальнасці, яны віталі гледачоў канцэрту сваімі беларускамоўнымі песнямі. А пасля іх на сцэну пачалі выходзіць запрошаныя на канцэрт госці з розных гарадоў. Першым выйшаў полацкі гурт "Індра". Звычайна на канцэртах публіка "прачынаецца" даволі млява, бліжэй да канца. Але "Індра" здолела абудзіць пастаўчан адразу, у самым пачатку канцэрту. І многія з гледачоў не ўседзелі пад такую музыку і кінуліся танчыць.

Эстафету ў "Індры" перанялі сталічны "Верасень" і наваполацкі "Perfect life". Яны стварылі самы сапраўдны марафон беларускамоўнай рок-музыкі. А цвіком праграмы стаў сталічны гурт "Амарока". Яны ўжо прыязджалі калісьці ў Паставы на рок-тусоўку, якую праводзіў В. Верацельнікаў. І цяпер завіталі да нас зноў. І зноў з такім жа гучным поспехам у гледачоў, як і ў мінулы раз. Дзяўчаты аж пішчалі ад захаплення, калі хлопцы з "Амарока" выводзілі на сваіх гітарах чарговыя "запілы". У перапынках паміж выступленнямі праводзіліся забаўляльныя віктарыны з салодкімі прызамі. Былі нават разыграныя некалькі кампакт-дыскаў гурта "Індра".

Свята спадабалася ўсім, і гледачам, і ўдзельнікам. Таму ёсць сэнс у наступным годзе на Дзень роднай мовы зладзіць падобны канцэрт яшчэ раз і абавязкова на яго схадзіць.

Вадзім Шышко, г. Паставы.


У Варшаве прайшла беларуская дыктоўка

У гэтым годзе Беларуская нацыянальная памяць прысвяціла мерапрыемства загінулым і пратэстуючым на Майдане. У якасці тэксту для дыктоўкі быў выбраны верш Тараса Шаўчэнкі "Запаведзь" у перакладзе Янкі Купалы. Як распавядае арганізатар дыктоўкі Анатоль Міхнавец, сёлета дыктоўка не будзе мець пераможцаў і ўзнагарод:

- Мы гэтым вершам хацелі выказаць сваю салідарнасць з украінскім народам, які змагаецца. І тыя ідэалы, пра якія пісаў Шаўчэнка, і за якія ён змагаўся, у рэшце рэшт рэалізаваныя. Чарга зараз за Беларуссю. Украінцы змагаюцца, таму што яны - украінцы, яны ведаюць сваю мову, сваю гісторыю, таму што яны - нацыяналісты ў добрым сэнсе гэтага слова. І пакуль мы, беларусы, не будзем ведаць хто мы, не будзем ганарыцца сабой, мы не пераможам. Таму беларуская мова - гэта першы крок да таго, каб мы ў рэшце рэшт сталі сябе паважаць. І нас будуць паважаць іншыя.

На ўкраінскай мове верш прачытала ўкраінская журналістка Юлія Гогаль. Таксама ў час дыктоўкі падпісалі паштоўкі для палітвязня Яўгена Васьковіча, дзень народзінаў якога прыпадае на 26-га лютага.

Кася Бергель , Беларускае Радыё Рацыя, Варшава.Фота аўтара.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Бусел Мікола - 30000 р., в. Дубрава

2. Гуркоў Алесь - 100000 р., г. Менск

3. Усціновіч Васіль - 100000 р. п. Лясны, Менскі р-н

4. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

5. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

6. Кадушкевіч Іван - 350000 р., г. Менск

7. Гаева А.Г. - 50000 р., г. Менск

8. Яканюк Д. - 100000 р., г. Менск

9. Нікалаюк А.Г. - 50000 р., г. Менск

10. Рогач Пётр - 20000 р., г. Менск

11. Восіпава Аляксандра - 50000 р., г. Гомель

12. Парымская Е.О. - 100000 р., г. Менск

13. Панамароў Сяргей - 70000 р., г. Менск

14. Кукавенка Іван - 100000 р., г. Менск

15. Анікееў Міхаіл - 100000 р., г. Менск

16. Курава Тамара - 30000 р., г. Менск

17. Бамбіза Мікола - 500000 р., г. Менск

18. Бацяноўскі Алесь - 100000 р., г. Смалявічы

19. Шафарэнка Мікалай - 100000 р., г. Менск

20. Смарчун Валянцін - 100000 р., г. Смалявічы

21. Касцюкевіч Дзмітры - 50000 р., г. Чэрвень

22. Несцераў Віктар - 100000 р., г. Менск

23. Лаўрысюк Людміла - 20000 р., г. Менск

24. Бурлевіч Людміла - 100000 р., г. Менск

25. Руткоўская Антаніна - 20000 р., г. Менск

26. Шкірманкоў Фелікс - 100000 р., г. Слаўгарад

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Унікальная кніжніца і яе скарбы

Да 80-годдзя Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Вярнулася і частка нашага даваеннага фонду. А заадно - літаратура з іншых беларускіх бібліятэк: нацыянальнай, акадэмічнай, рэгіянальных - Магілёва, Віцебска. Некаторая наша літаратура, у сваю чаргу, патрапіла ў гэтыя бібліятэкі. Такі вось атрымаўся вымушаны ліхалеццем культурніцкі абмен.

Пачынаючы з 1944 года камплектатары бібліятэкі аб'ездзілі ці не ўвесь былы СССР, каб аднавіць страчаны ў гады нямецкай акупацыі фонд.

Тут нам пашанцавала ў тым сэнсе, што да вайны згодна з палажэннем аб абавязковым экзэмпляры кожны асобнік беларускай друкаванай прадукцыі накіроўваўся ў галоўныя - Дзяржаўныя бібліятэкі саюзных рэспублік. Пасля вайны некаторыя з іх, найперш азербайджанская, армянская і грузінская, падзяліліся з намі захаванымі беларускімі скарбамі. Багата патрэбнай літаратуры было адшукана ў Вільні (Вільнюсе).

Фонд рэдкіх выданняў бібліятэкі. Місія. А ці патрэбна старая (старажытная, антыкварная) кніга сёння? Асабліва ў век электронных тэхналогій, калі, напрыклад, у Нідэрландах ужо адлічбавана дзесяць працэнтаў усяго фонду нацыянальнай літаратуры. Бібліятэкарам, якія працуюць з рэдкімі выданнямі, даволі часта задаюць такое пытанне.

Адна з галоўных прычын недастатковага разумення ролі рэдкай кнігі ў сучасным жыцці грамадства хаваецца ў нядаўнім савецкім мінулым нашай краіны, калі ў кожным рукапісным манускрыпце ці старадруку бачыўся магчымы патэнцыяльны ідэалагічны шкоднік, вораг. Да таго ж, каб перавесці традыцыйную кнігу ў лічбавы фармат, трэба мець яе арыгінал. І арыгінал той трэба захоўваць вечна ў выпадку, калі маем справу з нацыянальным дакументам. Па-першае, гэта культурная спадчына беларускай нацыі, а па-другое, і з электронікай можа нешта здарыцца.

Лёс рэдкай кнігі ў фондах Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь непарыўна звязаны з лёсам самой бібліятэкі. Відавы, тэматычны, жанравы склад яе калекцый рэдкіх выданняў вызначаўся ў гістарычнай рэтраспектыве тым, што мы сёння акрэсліваем паняццямі місія, статус, профіль кожнай бібліятэчна-інфармацыйнай установы. Вось чаму права і дзяржаўнае будаўніцтва - асноўныя тэматычныя чыннікі ў фармаванні фонду аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

Самае галоўнае ў гэтай справе - каб кніжныя багацці не ляжалі мёртвым грузам, збіраючы пыл на паліцах стэлажоў, а былі патрэбныя і дзяржаўнаму службоўцу ў дапамогу яго дзейнасці, і шырокаму колу чытачоў. Каб яны станавіліся сапраўдным духоўным і сацыяльна-культурным базісам развіцця нашай нацыі і краіны.

Структура фонду. Фонд аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў бібліятэкі з'яўляецца адным з самых унікальных і каштоўных у Беларусі. Налічвае ён звыш 70 тысяч кніг, часопісаў, газет і іншых дакументаў, датаваных у храналагічным прамежку ад XVI стагоддзя да нашага часу.

Фонд дзеліцца на тры асноўныя часткі: нацыянальная кніга, расійская кніга, замежнамоўная кніга. Ва ўсіх частках сярод іншых калекцый асобна вылучаны толькі найбольш значныя гістарычна вядомыя кнігазборы: дзяржаўныя, рэлігійныя, грамадскія, навучальныя, прыватныя. Агульная ж колькасць колішніх бібліятэк, выданні з якіх па волі гістарычнага лёсу апынуліся ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, складае нават не дзесяткі, а сотні адзінак. Таму ў сваім аглядзе мы засяродзімся толькі на некаторых кніжных калекцыях.

Па храналагічнай і іншых фармальных прыкметах вылучаны ўласныя калекцыі нашай бібліятэкі: на кірыліцы альбо выданні на царкоўна-славянскай мове (XVIІ-пачатак XIХ стагоддзя) і капіевіцы (інакш - грамадзянскага друку, а "капіевіцай" такія калекцыі называюцца ад прозвішча беларуса Гальяша Капіевіча, які напачатку ХVІІ стагоддзя наўпрост прычыніўся да распрацоўкі сучаснай графікі кірылічнага алфавіту і на замову Пятра І выдаў у Амстэрдаме новымі літарамі шэраг навуковых кніг і падручнікаў для патрэб Расійскай імперыі) - выданні да 1830 года, улётак (лістовак), календароў, карт, мініяцюрных выданняў і кніг вялікага фармату.

Акрамя ўжо згаданых калекцый "Тургенеўкі" і "Пятлюраўкі" захоўваюцца ў нашых фондах асобныя выданні і нават часткі вядомых гістарычных кнігазбораў Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, Талачынскага і Баркалабаўскага манастыроў, Супрасльскай бібліятэкі Захертаў, Віленскага беларускага музея, Беларускага клуба ў Маскве, Саюза беларускіх пісьменнікаў (да 1991 года - Саюза пісьменнікаў БССР), бібліятэк расійскіх імператараў, а таксама асабістых кнігазбораў прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай эліты - А. Сапунова, Б. Эпімах-Шыпілы, М. Доўнар-Запольскага, А. Станкевіча, В. Ластоўскага, К. Езавітава, А. Ружанец-Ружанцова, М. Мялешкі, Я. Ліманоўскага, Р. Шырмы, С. Новіка-Пяюна, П. Лепяшынскага, П. Панамарэнкі.

Выданні беларускага замежжа - сведчанні таго, з якой любоўю беларусы захоўвалі сваю мову, традыцыі і культуру ўсюды, куды б ні закінуў іх лёс. Можна лічыць, што Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, якая не мела ў сваіх фондах выданняў беларускага замежжа, пашанцавала, калі ў 2000 годзе мы атрымалі ў дар ад бібліяфіла, бібліёграфа, гісторыка, беларускага краязнаўцы і адданага чытача бібліятэкі Алеся Баркоўскага больш за 300 выданняў літаратуры беларускага замежжа. Яна фармавалася збіральнікам шляхам перапіскі і кнігаабмену з беларускімі культурна-асветнымі і рэлігійнымі ўстановамі за мяжой і асобнымі дзеячамі беларускай эміграцыі. Шмат літаратуры бібліяфіл атрымаў у Беларускім музеі і бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лондане (якой сёння загадвае Апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў візантыйска-славянскага абраду за мяжой 87-гадовы айцец Аляксандр Надсан) падчас асабістай паездкі ў Вялікабрытанію. На аснове калекцыі Баркоўскага ў нашай бібліятэцы створаны спецыялізаваны фонд "Выданні беларускага замежжа", які папаўняецца сучаснымі дакументамі.

У асобныя калекцыі пакуль не вылучаліся, але ўяўляюць несумненную цікавасць, часткі некаторых іншых бібліятэк, якія захоўваюцца ў нас: Віцебскай духоўнай семінарыі, Віцебскай гімназіі і Віцебскага рэальнага вучылішча, Полацкага кадэцкага корпуса, Гомельскай мужчынскай гімназіі, Народнага сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускага студэнцкага саюза і Беларускай гімназіі ў Вільні, Беларускага дома асветы ў Ленінградзе, Інстытута беларускай культуры, Беларускага педагагічнага тэхнікума і Менскага гідратэхнікума, Магілёўскай беларускай савецкай партыйнай школы і Магілёўскага педтэхнікума.

Найбольш цікавыя і ўнікальныя выданні нашай бібліятэкі. Кожнае наша выданне па-свойму адметнае, непаўторнае і каштоўнае. Звернемся, напрыклад, да "Памятных кніжак" беларускіх губерняў, што выходзілі з сярэдзіны ХІХ ст. Сёння яны маюць вялікую каштоўнасць для гістарычных (у тым ліку генеалагічных, біяграфічных), геаграфічных, дэмаграфічных, этнаграфічных і краязнаўчых даследаванняў. З іх дапамогаю можна ўзнавіць карціну жыцця губерні, асобных населеных пунктаў ці мясцовасцей, атрымаць звесткі пра заняткі людзей, стан эканомкі, прыроды, культуры на працягу больш, чым 50 гадоў.

У сваёй структуры памятныя кніжкі мелі наступныя раздзелы: адрас-каляндар, дзе даваўся пералік усіх урадавых грамадскіх устаноў і іх асабісты склад; даведачны - інфармацыя пра адміністрацыйны падзел, пра паштовыя тэлеграфныя ўстановы, шляхі зносін, прамысловыя, гандлёвыя навучальныя ўстановы, лячэбніцы, аптэкі, музеі, бібліятэкі, кніжныя лаўкі; статыстычныя звесткі пра насельніцтва, сельскую гаспадарку, судовыя і навучальныя ўстановы; краязнаўчыя звесткі - архіўныя дакументы, фальклорныя запісы, навуковыя артыкулы, біяграфічна-бібліяграфічны матэрыял, прыродазнаўча-навуковае апісанне.

Цікава трымаць у руках двухсотгадовы "Латинскій лексиконъ" Фамы Разанава, выдадзены ў Маскве ў 1805 годзе, з калекцыі кнігазбору Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў з экслібрысам Ежы Радзівіла і... поўнасцю спісанымі знутры вокладкамі. Можа, нехта з маленькіх Радзівілаў, не могучы запомніць складаныя словы, выпісваў іх на больш бачнае месца? Гэткім чынам па кнігазборах можна і характар іх гаспадароў вывучаць.

У калекцыі гебраікі - выданняў на іўрыце і ідышы самы ўнікальны дакумент - скрутак на пергаменце даўжынёй больш за 9 м. Гэта - Тора старажытнагабрэйская рэлігійная рэліквія. Цікава, што літары іўрыту, на якім яна напісана, засталіся нязменнымі на працягу тысячагоддзяў да нашага часу.

"Тупа оратория, Косноязычна поэзия, Неосновательна философия, Неприятна история, Сомнительна юриспруденция без грамматики," - так у прадмове да сваёй першай друкаванай грамадзянскім шрыфтам "Российской грамматики" напісаў М. Ламаносаў. Выйшла яна ў Санкт-Петербургу ў 1755 годзе. Наш асобнік выдання належаў да 1917 года вядомаму менскаму педагогу і бібліяфілу С.П. Зубакіну.

Увогуле, багата ў бібліятэцы дакументаў, якія непаўторныя, і якіх няма больш нідзе: да прыкладу, "Атлас свету" з арыгінальнай картай Беларусі 1772 года ці арыгінальная літаграфія гравюры знакамітага Напалеона Орды "Каралін пад Пінскам" ХІХ стагоддзя.

Рэдкая прававая кніга бібліятэкі. Зразумела, найбольшую ўвагу мы надаём кніжным помнікам прававой тэматыкі. Таму не выпадкова і наша самае старое выданне - гэта даведнік для натарыуса на лацінскай мове "Іл Бірачына", які выдадзены ў Венецыі ў 1542 годзе. Ён утрымлівае амаль усе тыповыя ўзоры справаводства сярэднявечнай юрыспрудэнцыі.

Сёння беларусы з гонарам сцвярджаюць, што Статут ВКЛ 1588 года ледзь не самы дасканалы збор законаў на роднай мове нацыі ў храналагічным прамежку ад кодэкса Юстыніяна шостага стагоддзя да Кодэкса Напалеона пачатку дзевятнаццатага стагоддзя. А наша бібліятэка мае магчымасць і прадэманстраваць у парыжскім выданні 1548 года гэты Кодэкс Юстыніяна, нормы якога выкарыстоўваліся пры складанні нашага Статута ВКЛ.

Сярэдзіна 1920-х гадоў у БССР - гэта НЭП. Актыўна працуюць прыватны рынак і кааператывы. Вас цікавяць рыначныя цэны на бульбу, крупы, цукар у 1927 годзе? А кааператыўныя цэны? Вы хочаце даведацца - які буфет працаваў ва ўніверсітэцкім гарадку? Які ўнівермаг знаходзіўся на рагу вуліц Савецкай (сення - праспект Незалежна-сці) і Камсамольскай? Каму належаў тэлефон № 4-17? Тады разгарніце старонкі дадзенага выдання: "Мiнскi цэнтральны рабочы кааператыў. Справаздача Мiнскага цэнтральнага рабочага каператыву за 1927-28 гаспадарчы год 1-му сходу упаўнаважаных 6-га склiку" (Менск, 1929; на выданні штамп: "Дзяржаўная Бiблiятэка БССР iмя В. I. Ленiна. Аддзяленне пры Доме Ураду"). Між іншым, гэтая кніга ўскосна сведчыць пра тое, што да 1939 года Мінск ў беларускамоўных тэкстах афіцыйна пісаўся менавіта ў варыянце "Менск".

Яшчэ адна кніга з нашага даваеннага фонду - "Материалы о состоянии городского хозяйства города Минска и о работе Минского городского совета" (Минск, 1933). У гэтым афіцыйным выданні прадстаўлены матэрыялы да дакладу Менскага гарадскога савета прэзідыуму ЦВК СССР. З іх мы даведаемся пра стан прамысловасці, камунальнай гаспадаркі, гандлёвай сеткі, народнай адукацыі, аховы здароўя і іншых кірункаў развіцця горада ў 1927-1933 гадах. Асветлены і бюджэтныя пытанні. Так, мы можам даведацца, што будаўніцтва трамвайнага парку абыйшлося дзяржаве ў 700 тысяч рублёў, новага будынка Дзяржаўнай бібліятэкі - у 1 мільён рублёў, Універсітэцкага гарадка - у 5, 5 мільёнаў рублёў, Дома Ураду - у 12 мільёнаў рублёў.

Але асабліва мы ганарымся зборам канстытуцыйных дакументаў, якія адлюстроўваюць станаўленне дзяржаўнасці і яе прававое забеспячэнне на землях сучаснай Беларусі за больш чым тысячагодовую гісторыю.

Канстытуцыйныя дакументы ў калекцыі самыя розныя. Да прыкладу, адна з унікальных кніг - "Збор важнейшых помнікаў па гісторыі старажытнага рускага права" (Санкт-Пецярбург, 1859) - утрымлівае тэксты, так бы мовіць, гістарычна-прававога жанру. Сярод іншага, у зборнік уключаны дамовы "русаў з грэкамі", датаваныя 911 і 945 гадамі, да заключэння якіх спрычыніліся і дрыгавіцкія ды крывіцкія продкі беларусаў.

У манаграфіі знакамітага айчыннага гісторыка-этнографа М. Доўнар-Запольскага "Палітычны лад старажытнай Русі. Веча і князь" (Масква, 1906) асобныя раздзелы прысвечаныя некаторым інстытутам тагачаснай улады. І хоць канстытуцыі ў сучасным разуменні гэтага паняцця тады яшчэ не было, з манаграфіі можна ўявіць, як будавалася сістэма дзяржаўнага кіравання ў летапісныя "часы Баянавы". Дарэчы, асобнік экспанаванага выдання ў Беларусь патрапіў некалі з Ленінграда-Пецярбурга, пра што сведчаць адпаведныя штампы былых бібліятэк-уладальніц горада трох рэвалюцый над Нявой.

Сярод рэдкіх экспанатаў - дакументы пра тое, як Расія ад самадзяржаўя пераходзіла да канстытуцыйнай манархіі. Зборнік "Законодательные акты переходного времени 1904-1908 гг. " выдадзены ў Санкт-Пецярбургу ў 1909 годзе. Тут змешчаны ўсе царскія маніфесты за аглядаемы перыяд, у якіх дазваляліся пэўныя свабоды, у тым ліку і на беларускіх тэрыторыях.

Захоўваюцца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы дакументы арыгінальныя сваім паліграфічным афармленнем. Гэта, найперш, канстытуцыі савецкага перыяду - як Канстытуцыя 1927 года, калі ў Беларусі існавалі чатыры дзяржаўныя мовы: беларуская, польская, руская і габрэйская. Адпаведна і тэкст Канстытуцыі прыводзіцца паралельна на чатырох мовах ды аздоблены каляровымі выявамі дзяржаўных герба і сцяга.

Яшчэ адна брашура М. Доўнар-Запольскага "Асновы дзяржаўнасці Беларусі", выдадзеная ў 1919 годзе ў Городне (так тады называлі Гродна) акрамя беларускай на ўсіх міжнародных замежных мовах: французскай, англійскай, нямецкай. Цяпер гэта таксама ўжо гістарычны дакумент, у якім адлюстраваны працэсы беларускага дзяржаваўтварэння і яго заканадаўчага замацавання ў прасторы і ў часе.

У ліку рэдкіх выданняў "Дневник Люблинского сейма 1569 г." (Санкт-Пецярбург, 1869) - збор права Беларусі перыяду Вялікага Княства Літоўскага, у якім дзень за днём адлюстраваны выступленні, спрэчкі, прыезд і ад'езд дэлегатаў, цырымонія падпісання палітычнай уніі ВКЛ і Кароны Польскай 1569 года, прыводзіцца і яе тэкст.

Нацыянальная кніга. Дыяментамі нашага кнігазбору нацыянальнай кнігі з'яўляюцца прыжыццёвая выданні Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, у тым ліку чатыры асобнікі адзінага прыжыццёвага паэтычнага зборніка Максіма Багдановіча "Вянок", якому ў гэтым 2013 годзе спаўняецца 100 гадоў з дня выхаду ў свет. Беражліва захоўваюцца першыя легальныя газеты на роднай мове "Наша доля" (1906) і "Наша ніва" (1906-1915), энцыклапедычныя па сваім змесце часопісы "Крывіч" (1923-1927), "Наш край" (1925-1930), "Беларуская школа ў Латвіі" (1926-1929, 1932-1933).

Вось "Жалейка" - першы зборнік Янкі Купалы, выдадзены ў пачатку 1908 года ў Санкт-Пецярбургу выдавецкай суполкай "Загляне сонца і ў наша ваконца" накладам 4300 асобнікаў. У ім надрукаваны 95 лірычных вершаў 1905-1907 гадоў і паэма "Адплата кахання". У зборніку ўпершыню публікуецца праграмны верш паэта "А хто там ідзе? ", які заняў асаблівае месца ў творчасці Купалы, бо на доўгі час стаў неафіцыйным беларускім гімнам і быў перакладзены на 82 мовы свету. Сам зборнік двойчы канфіскоўваўся царскімі ўладамі.

Вось "Смык беларускі" - зборнік вершаў Францішка Багушэвіча, шырока распаўсюджаны ў свой час у беларускіх вёсках. Гэта была ці не адзіная беларуская кніжка, якая непасрэдна служыла абуджэнню ў народзе яго нацыянальнай свядомасці ў канцы ХІХ - пачатку XX стагоддзя.

Вось "Лучынка" - літаратурна-мастацкі і навукова-папулярны часопіс краязнаўчага кірунку для беларускай моладзі. Выдаваўся на беларускай мове ў Менску ў 1914 годзе. Рэдактар-выдавец А. Уласаў, літаратурны рэдактар А. Пашкевіч (Цётка). У часопісе супрацоўнічалі пісьменнікі і публіцысты газеты "Наша ніва", беларускія студэнты. "Лучынка" прапагандавала ідэі асветы на роднай мове, самаадукацыі, духоўнага і нацыянальна-патрыятычнага выхавання дзяцей і юнацтва.

Вось "Калоссе" - штоквартальны літаратурна-мастацкі часопіс. Выдаваўся ў 1935-1939 гадах у Вільні на беларускай мове. Змяшчаў артыкулы па гісторыі культуры Беларусі, беларускай мовы і літаратуры, краязнаўстве, публіцыстычныя, літаратурна-крытычныя і мастацкія творы. Асвятляў становішча ў Польшчы, Заходняй Еўропе. Супрацоўнікамі часопіса былі дзеячы Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), заходне-беларускія пісьменнікі.

Выкарыстанне рэдкай кнігі ў абслугоўванні чытачоў. Некаторыя сфармаваныя і асобна вылучаныя калекцыі рэдкіх выданняў непасрэдна выкарыстоўваюцца ў абслугоўванні нашых прыярытэтных чытачоў - дэпутатаў, работнікаў органаў улады і самакіравання; другія - прыдатныя для гэтага ў меншай ступені. Тады, у апошнім выпадку, на першы план выходзяць нацыянальныя і сацыяльныя функцыі Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь - бібліятэкі з рэспубліканскім статусам, - як аднаго з навукова-даследчых цэнтраў кнігазнаўства ў краіне, як базы навукова-вытворчай практыкі для студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, як дзяржаўнай бібліятэчнай установы, права на атрыманне неабходнай інфармацыі ў якой маюць усе паўнагадовыя грамадзяне. Такім чынам, кожнае наша рэдкае выданне атрымлівае канкрэтны чытацкі адрас альбо ўводзіцца ў паўнацэнны навуковы зварот.

Стварэнне электроннай бібліятэкі . Адлічбоўка і фармаванне электронных калекцый, уласнымі сіламі ці сумесна з іншымі арганізацыямі, - адзін з найважнейшых кірункаў дзейнасці нашай бібліятэкі. Як захаваць ці зрабіць шырокадаступнымі старажытныя, рэдкія, кшталту Радзівілаўскіх ці Тургенеўскіх, выданні ці каштоўныя афіцыйныя дакументы, якія адлюстроўваюць палітыку дзяржавы незалежна ад часу? Найлепш зрабіць іх лічбавую копію, размясціць на сайце ці выпусціць дыск.

Для віртуальнай рэканструкцыі калекцыі "Бібліятэкі Нясвіжскай Ардынацыі Радзівілаў" у межах спецыяльнага праекту міжнароднай праграмы ЮНЕСКА "Памяць свету" намі адлічбавана звыш 120 поўных тэкстаў. Створана лічбавая калекцыя "Друк Беларусi 1941-1945 гадоў".

Працягваецца праца над стварэннем электроннага банка крыніц канстытуцыйнага права Х-ХХI стагоддзяў. Галоўная задача праекта - забяспечыць шырокі доступ усім ахвочым да гістарычных матэрыялаў. Улічваючы, што дакументы маюць высокую гістарычную каштоўнасць і адчуваюць патрэбу ў пэўных умовах захавання і карыстання, доступ да іх часам абмежаваны нават для невялікага кола спецыялістаў. Таму падрыхтаваныя дыскі маюць выключнае значэнне, і бібліятэка ідзе па шляху прадастаўлення спадчыны ў электроннай версіі.

Навуковымі кансультантамі ў праекце па канстытуцыйным праве выступаюць вядомыя гісторыкі і тэарэтыкі права Р. Васілевіч, М. Чудакоў, А. Літвін, супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Я. Анішчанка і іншыя вучоныя.

Праект па пошуку крыніц права Прэзідэнцкая бібліятэка вядзе супольна з Нацыянальным цэнтрам прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі і Цэнтральнай навуковай бібліятэкай НАН Беларусі.

У межах праекту выдадзены тры CD-дыскі: "Помнікі гісторыі права Беларусі: тэматычны банк даных прававой інфармацыі". У першым выпуску, які з'явіўся ў 2009 годзе, - каля 100 дакументаў (менавіта помнікаў канстытуцыйнага права Беларусі). Імі ахоплены ўвесь перыяд існавання права на нашых землях, пачынаючы ад першых беларускіх протадзяржаў, якія існавалі ўжо ў перыяд з V па VІІІ стагоддзе. Затым ідзе права Полацкага, Тураўскага, Смаленскага княстваў і гэтак далей да пачатку савецкага перыяду і стварэння сучаснай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Прадстаўлены акты ВКЛ і Рэчы Паспалітай, паўстання 1794 года, акты Расійскай імперыі ў дачыненні да Беларусі, акты перыяду аднаўлення беларускай дзяржаўнасці і БНР.

У другім дыску ўжо 132 дакументы, у трэцім іх яшчэ болей: тэма знаходзіць працяг у адпаведных дакументах. Гэта канстытуцыйныя законы, міжнародна-прававыя акты, юрыдычная літаратура.

Яшчэ адзін дыск выпушчаны Прэзідэнцкай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь называецца "Гісторыя канстытуцыйнага права Рэспублікі Беларусь". У ім сабраныя бібліяграфічныя запісы на манаграфіі, зборнікі навуковых прац, артыкулы ў газетах і часопісах за 1995-2010 гады. Змешчаны тэксты Канстытуцый Беларусі, прынятых ў 1919, 1927, 1937, 1978 і 1994 гадах. У дыск уваходзяць так-сама канстытуцыйныя акты 1941-1945 гадоў: савецкія дакументы і акты фашысцкай Германіі, якія дзейнічалі на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў той час.

Цяпер яны і для гісторыкаў, і для насельніцтва вельмі цікавыя і нават карысныя практычна ў пэўных выпадках. Напрыклад, калі Германія выплачвала дапамогу грамадзянам - ахвярам вайны, людзі звярталіся не толькі ў афіцыйныя ўстановы, але і да нас, і мы для іх шукалі па старых картах, у склад якой дзяржавы ўваходзіў той ці іншы рэгіён. Да прыкладу, даваенная Беластоцкая вобласць БССР у часе акупацыі адміністрацыйна адносілася да Прусіі - тэрытарыяльнай адзінкі карэннага фашысцкага рэйха, а пасля вайны адышла да Польшчы. Адпаведна належала атрымліваць і кампенсацыю.

Краязнаўцы і краязнаўства . Без шчыльнага спалучэння працы з рэдкімі выданнямі і працы беларусазнаўчай, краязнаўчай проста немагчыма арганічна ўвязваць папулярызацыю культурна-духоўнай спадчыны і надзённыя задачы дзяржаўнага будаўніцтва ў незалежнай і суверэннай Рэспубліцы Беларусь.

Таму ў пошуку жыццяпісных слядоў найбольш адметных калекцый з фондаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь мы імкнёмся максімальна выкарыстоўваць архіўныя і музейныя матэрыялы, магчымасці рэгіянальнага супрацоўніцтва. У аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў бібліятэкі наладжаны добрыя сувязі з Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь (НАРБ), Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі (НГІАБ), Нацыянальным гістарычным музеем Рэспублікі Беларусь, Гомельскай і Берасцейскай абласнымі бібліятэкамі, краязнаўцамі не толькі сталіцы і абласных цэнтраў, але і з Бабруйска, Мазыра, Талачына, Брагіна.

Акрамя іншага краязнаўчая частка нашай рэдкай літаратуры вельмі дапамагае выконваць запыты чытачоў з усіх канцоў Беларусі па гісторыі дзяржавы і права асобных мясцовасцяў. Дзеля гэтага мы шмат ўвагі надаём набыццю новых рарытэтаў. Так, у 2010 годзе былі куплены праз букіністычную краму два рукапісныя дакументы ХІХ-ХХ стагоддзяў. Некалі яны ўваходзілі ў склад царкоўных (прыхрамавых) бібліятэк. Абодва дакументы не маюць вокладак, першых і апошніх старонак. Таму на падставе аналізу зместу ўмоўна названы намі: першы - "Кніга афіцыйнай дакументацыі Янаўскага благачыння. 1852-1857 гг.", другі - "Кніга афіцыйнай дакументацыі праваслаўнага прыходу Радчыцкай царквы. 1934-1935 гг.". Пры іх праглядзе перад намі паўстаюць здаецца невялікія храналагічна, але насычаныя самымі рознымі падзеямі пласты сацыяльнага жыцця "берасцейскага" рэгіёна двух папярэдніх стагоддзяў - пытанні аховы і распаўсюджвання праваслаўя, супрацьдзеянне ўплывам канкурыруючых канфесій, гаспадарчы і фінансавы складнікі знешняй царкоўнай дзейнасці, маральны стан духавенства і прыхаджан, судовыя справы. Заўважым таксама, што ў вывучэнні такіх дакументаў неабходна аб'ядноўваць намаганні як менскіх даследчыкаў, так і краязнаўцаў з рэгіёнаў, бо часам толькі веданне мясцовай тапанімікі, легенд і паданняў дапамагае расчытаць той ці іншы дакумент, раскрыць белыя плямы айчыннай гісторыі і, як вынік, - расшыфраваць своеасаблівыя цывілізацыйныя пасланні нашых продкаў.

Вось чаму, дбаючы пра профіль і задавальненне прафесійных інфармацыйных патрэб сваіх карыстальнікаў, Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь ў сваёй дзейнасці не пакідае па-за ўвагай сацыяльную і грамадска-культурную складнікі сваёй "місіі". Гэта значыць, для калекцыі любой жанравай скіраванасці павінен знайсціся свой чытач. Пазіцыя сабакі на сене ў працы з кніжнымі рарытэтамі, найперш нацыянальным дакументам, падаецца нам зусім непрымальнай.

Вобразна кажучы, мы захоўваем мінулае для будучага! Каб квітнела і мацнела наша дзяржава!

А яшчэ запрашаем усіх ахвочых да нас на экскурсію. Вы не толькі атрымаеце асалоду ад знаёмства з старажытнымі кнігамі, але, магчыма, сустрэнецеся з... прывідамі, што блукаюць па скляпеннях Дома Ураду. Якімі?! Прыязджайце пазнаёміцца. А ўладкаваць асабісты жаночы ці мужчынскі лёс вам дапамогуць магічныя 150-кілаграмовыя жорны і пярсцёнкі (ім каля тысячы гадоў) з закляццямі - рунічнымі знакамі, што захоўваюцца ў невялічкім музейчыку пры аддзеле старадрукаў і рэдкіх выданняў. Дарэчы, стаць чытачом нашай бібліятэкі можа любы поўнагадовы грамадзянін: патрэбныя толькі пашпарт і фатаграфія.

Валерый Герасімаў


Вяртайцеся, буслы!

У лютым 2014 г. споўнiлася б 90 год з дня нараджэння Мельнiкава Мiкалая Аляксандравiча. Не дажыў ён да гэтага юбiлею. У вераснi 2012 года праводзiлi мы яго ў апошнi шлях. Але памяць аб iм жыве ў сэрцах нашых. Складаны жыццёвы шлях яго. Пра гэтага знакамiтага чалавека можна напiсаць вялiкую кнiгу. Але хто будзе чытаць? Слова, кнiга сёння не ў пашане. Прагрэс. Людзi сталi такiя вучоныя i вялiкiя, што забылiся: прыгожую Зямлю даў нам Бог. Беражыце яе.

Мiкола Мельнiкаў нарадзiўся ў Беларусi. Прыгожы край. Лясы, палi, рэчкi, хутар, гаспадарка i чалавек. Жывi i радуйся. Ды не. Столькi пакут, несправядлiвасцi. Але выстаяў. Сёння аб iм хачу сказаць як аб настаўнiку. Дацэнт. Кандыдат педагагiчных навук. Пiсьменнiк. Апошняя кнiжка "Вяртайцеся, буслы!".

"Калi прыходзiла вясна, заўжды iмкнуўся сустрэцца з бусламi" - пiша Мiкола.- Чалавеку можна навучыцца ў буслоў. Гэта сям'я. Будуюць гняздо, выхоўваюць дзяцей, вучаць iх лятаць. А як адлятаюць у вырай! Няма ў iх нi самалётаў, нi цягнiкоў. Ёсць крылы. Ёсць уменне, мудрасць. Павучыся, чалавек. А любоў да роднай зямлi!"

Пачуццi Мiколы мне вельмi блiзкiя. У нашай вёсачцы Казiнцы (цяпер Шчучын-скi раён) былi дзве буслянкi. Людзi любiлi буслоў, зрэзвалi верх дрэва i на iм умацоўвалi старое кола ад воза. Буслы насiлi галiнкi дрэў i будавалi сваё гняздо. З надыходам вясны наваколле напаўнялася гукамi. Буслы, жаваранкi, кнiгаўкi, жабы, куры. А якiя песнi спявалi дзяўчаты!

Мiкола быў вельмi рады, калi я прыходзiў дамоў да яго або ў музей В. Быкава, або на мерапрыемствы аб'яднання ветэранаў вайны, працы i ўзброеных сілаў. На кватэру да Мiкалая Аляксандравiча я заходзiў часта i як да самага блiзкага i роднага чалавека. Радаваўся ён, калi я частаваў яго сотавым мёдам, чарэшнямi, грушамi, яблыкамi або яшчэ чым са свайго саду. Вядома, што наводзiла гэта i на сумны ўспамiн пра родны яго хутар, пра пчолак, яблынi, грушы, што так бязлiтасна было абрабавана i вынiшчана калгаснымі актывiстамi, тымi, што свайго не мелi i мець не ўмелi. Вельмi много гаварылi пра В. Быкава, пра музей.

На сёння ўсе справы па музеі В. Быкава ўзяў на сябе нястомны Аляксей Дземiдовiч, з якiм я вельмi даўно знаёмы. Некалi мы з Аляксеем Сiдаравiчам, калi ён быў карэспандэнтам на гарадзенскiм радыё, запiсвалi вельмi цiкавыя перадачы на тэмы медыцыны, экалогii, духоўнасцi. Мы пасылалi ў эфiр беларусам наша роднае, прыгожае, духоўнае слова. Ведае Аляксей Сiдаравiч сiлу роднага слова. Я з задавленнем чытаю яго вершы.

Жыву спадзяваннямi i зраблю ўсё, што яшчэ дасць мне Бог, каб кнiгi М. Мельнiкава "Адчай, боль i горыч" i "Вяртайцеся, буслы!" прачыталi вучнi, студэнты. Асаблiвае спадзяванне на купалаўцаў - будучых настаунiкаў, гiсторыкаў, сацыёгагаў, палiтолагаў, фiлолагаў.

Андрэй Юшкевiч, в. Галавачы, Гарадзенскi раён.


Дом літаратара

Сяргей Грахоўскі...

Фігура паэта і цяпер стаіць у мяне ў вачах, калі ўспамінаюцца былыя гады. Не так даўно, 25 верасня 2013 года, мінула 100 гадоў з дня нараджэння паэта. Бачыў я паэта даволі часта і толькі ў адным месцы: у Доме літаратара. У гэтым доме, пакуль яго яшчэ не адабралі ў пісьменнікаў, заўсёды адбывалася многа цікавых мерапрыемстваў. І заўсёды на такіх вечарах прысутнічаў Сяргей Грахоўскі. Ды ён не толькі прысутнічаў, але і актыўна выступаў. Звычайна ён прыходзіў за некалькі хвілін да пачатку літаратурнага вечара і займаў месца ў першых радах залы, дзе сядзелі пісьменнікі. Чамусьці больш за ўсё ён мне запомніўся калі наведваў Дом літаратара зімой. Пасля таго, як мерапрыемства заканчвалася, ішоў ён у вестыбюль, апранаў зімовае паліто і стаяў яшчэ некалькі хвілін. Высокі, чуць сутулы, ён чакаў спадарожніка. Рэгулярна наведваючы Дом літаратара, ён запаўняў тую нішу ў быцці, калі быў адлучаны ад актыўнага беларускага жыцця.

А цікавых мерапрыемстваў у Доме літаратара хапала. Мне на ўсё жыццё запомніўся вечар, прысвечаны стогадоваму юбілею Максіма Багдановіча. З цудоўным дакладам "Вобраз Страціма - Лебедзя у творчасці Максіма Багадановіча" выступіў паэт Алесь Разанаў. У канцы вечара выступіў амбасадар Украіны ў Беларусі Ліхавы. Ён па-добраму зайздросціў беларусам, бо на яго радзіме такіх мерапрыемстваў тады не было. Як шкада, што ўсё гэта адбывалася ў мінулыя гады. Аднойчы ў палеміцы Сяргей Грахоўскі даказваў, што ў пісьменніка важны не аб'ём напісанага, а якасць. І тут ён сказаў літаральна наступнае: "Калі б М.Ю. Лермантаў напісаў толькі верш "Выхожу один я на дорогу", які потым стаў песняй-рамансам, а больш нічога не напісаў, ён усяроўна быў бы знакамітым".

У сувязі з гэтым цікавыя радкі з апошняга твора Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому". Тут Васіль Быкаў прыводзіць сцверджанне вялікага рускага пісьменніка Івана Буніна, што першым паэтам Расіі з'яўляецца не А.С. Пушкін, а М.Ю. Лермантаў. А такому майстру слова, як Іван Бунін, можна верыць. Ну, а наш класік Уладзімір Караткевіч лепшым творам усіх часоў і народаў назваў "Чысты панядзелак" Івана Буніна.

Наогул можна прызнаць, што Іван Бунін быў адным з самых любімых пісьменнікаў у Ўладзіміра Караткевіча. Ён неаднаразова ў прысутнасьці гасцей перачытаваў уголас бунінскія вершы, а так-сама урыўкі з "Чыстага панядзелка".

Аднойчы у Доме літаратара праходзіў вечар, пры-свечаны юбілею пісьменніка Алеся Пальчэўскага. Сяргей Грахоўскі сябраваў з Алесем Пальчэўскім, што тлумачылася нярэдкімі перасячэннямі іх інтарэсаў, падзеямі, якія сустракаліся ў іх жыцці. Алесь Пальчэўскі, былы вязень ГУЛага МУС. Непрацяглы час знаходзіўся нават у лагеры разам з Грахоўскім. А потым, пасля вызвалення яны працавалі нават разам у рэдакцыі часопіса "Вожык". Я вырашыў, што Грахоўскі абавязкова будзе на гэтым вечары. Таму я падрыхтаваўся для таго, каб узяць у яго аўтограф. Незадоўга да гэтай падзеі ў кнігарнях з'явіўся двухтомнік паэта. Я набыў двухтомнік і задоўга да пачатку пайшоў у Дом літаратара. Вечар павінен быў адбыцца у малой зале Дома літаратара. Уваход туды быў не з галоўнага пад'езда, а з завулка дзе знаходзіцца пасольства Польшчы. Я зайшоў у калідор, дзе быў нават невялікі хол, і можна было прысесці. Чакаў паэта я доўга. Нарэшце Грахоўскі з'явіўся і я тут жа звярнуўся да яго з просьбай. Паэт адразу згадзіўся, прысеў, і я падаў яму дзве кніжкі. Грахоўскі спытаў, якое ў мяне прозвішчы. Я адказаў, і гэта выклікала ў яго цікавасць. Потым ён спытаўся, дзе я працаваў. Я адказаў што ўсё жыццё працаваў толькі ў будаўнічых арганізацыях. Грахоўскі супакоіўся, дастаў з кішэні пінжака аўтаручку і напісаў вельмі значныя для мяне словы: " Шаноўнаму Яўгену Барысавічу Ігнатовічу. Жадаю шчаслівай дарогі ў светлы і сумленны ХХІ век. Сяргей Грахоўскі, 8/ІІ - 1995 г." Я ж тады быў яшчэ даволі малады, і таму ён дабраславіў мяне ў ХХІ стагоддзе. Пасля гэтай падзеі я пабываў у свайго брата Міколы. Мікола спытаўся ў мяне, як справы, што чуваць. Я адказаў, што нядаўна пабываў у Доме літаратара і ўзяў аўтограф у паэта Грахоўскага. Але мне здалося дзіўным, што ён спытаў у мяне, дзе я працаваў. Я браў аўтографы у многіх пісьменнікаў, але да гэтага ніхто не пытаўся ў мяне аб маёй працы. І тады Мікола раскрыў прычыну цікавасці паэта да майго прозвішча.

Яшчэ перад пачаткам Гарбачоўскай перабудовы працаваў Мікола выкладчыкам гісторыі КПСС у Менскім інстытуце замежных моваў (цяпер лінгвістычны ўніверсітэт). Там вучыўся сын Грахоўскага. На экзамене па гісторыі КПСС Мікола не змог паставіць здавальняльную адзнакку яго сыну. Мікола верыў у камуністычныя догмы, гэта потым ён перагледзіць свае адносіны да сістэмы...

Сябры казалі яму, каб паставіў ён неабходную адзнаку юнаку, што гэта сын паэта Грахоўскага. Аднак Мікола быў непахісны. Напэўна юнак здаў экзамен іншаму выкладчыку. Думаецца, што калі ён змог вывучыць замежныя мовы, то для яго не складала б цяжкасці вывучэнне гісторыі КПСС. Хлопец нарадзіўся ў Сібіры, бачыў усе жахі камуністычнай сістэмы. Сям'я Грахоўскага была ў ссылцы і пастаянна знаходзілася пад наглядам уладаў. Думаю, што гэта быў яго маленькі пратэст супраць уладнай сістэмы.

Пасля таго, як у пісьменнікаў адабралі Дом літаратара, мы некалькі дзесяткаў прыхільнікаў беларушчыны, пачалі наведваць беларускую хатку - філіял музея Максіма Багдановіча. Узначальваў хатку тады паэт Эдуард Акулін. Вялікую арганізатарскую працу ў хатцы праводзіла Ала Міхайлаўна Ходан - няштатная супрацоўніца філіяла. Запомніліся вечарыны, прысвечаныя Васілю Быкаву, Змітраку Бядулю ды беларускаму гісторыку Мікалаю Улашчыку. На вечары Змітрака Бядулі з цікавай прамовай выступаў яго сын - Яфім Плаўнік. А. М. Ходан арганізавала вельмі цікавыя экскурсіі ў Залессе - маёнтак кампазітара Агінскага, у Зэльву, дзе прайшлі апошнія гады жыцця паэткі Ларысы Геніюш, а таксама ў Пінск. Вёска Пінкавічы, дзе некалі настаўнічаў малады Якуб Колас, увайшла цяпер у склад горада Пінска. А школа, дзе працаваў настаўнікам Колас, стала цяпер сярэдняй. Экскурсію ў музеі Якуба Колас праводзіла настаўніца сярэдняй школы. Яна вельмі цікава апавядала аб працы Коласа у палескай школе. Яшчэ і цяпер сярод паляшукоў ходзяць легенды аб педагагічнай дзейнасці Якуба Коласа на Палессі.

Але як кажуць, нядоўга музыка іграла. Пасля таго, як ад нас адабралі Дом літаратара, такі ж лёс напаткаў і беларускую хатку.

У 2011 годзе Таварыства беларускай мовы абвясціла конкурс на тэму "Ведаем свой край". Вышэй я адзначыў, што ў аўтографе ў Доме літаратара Сяргей Грахоўскі напісаў вельмі значныя для мяне словы. І вось тут я ўспомніў той запавет. Я задумаўся, а чаму б мне не прыняць удзел у конкурсе. Так і зрабіў. У сваёй працы я апісаў усе ручаі, узгоркі, урочышчы, лясы, рэчку, якія знаходзяцца ў вёсцы, ці недалёка ад вёскі, дзе я нарадзіўся. Гэта вёска Пажарышча Маладзечанскага раёна. Нечакана для сябе я аказаўся ў ліку пераможцаў конкурсу. Пасля гэтага прыходзяць думкі, каб больш цясней заняцца краязнаўчай дзейнасцю.

Сяргей Грахоўскі быў таленавіты, светлы чалавек. Усюды, дзе ён працаваў, пакідаў пасля сябе прыкметны след. Гэта вядома з кнігі прозы двухтомніка "Крыжовы шлях". Пасля першага свайго вызвалення з лагераў, ён працаваў настаўнікам у мястэчку Урэчча. Было гэта ў 1977 годзе. Лямпаў і газы ў школе не хапала, таму вусныя прадметы ставілі ў раскладзе апошнімі, і часта ўрокі праходзілі ў поўным змроку. Стоячы каля акна, ён чытаў дзевяцікласнікам драму Астроўскага "Навальніца". Некалі яму даводзілася іграць ролю Барыса ў спектаклі, і амаль увесь тэкст ведаў на памяць, рэплікі і маналогі, не заглядаючы ў падручнік, не прагаворваў, а праігрываў. У цёмным класе стаяла мёртвая цішыня. Не паспеў закочыць маналог Кацярыны, як пачуўся плач: некалькі вучаніц заліваліся слязьмі. Грахоўскі разгубіўся, а ў душы радаваўся, што слова кранала добрыя і чыстыя сэрцы.

А ў высылцы у Новасібірскай вобласці пасля працы ў Урэччы, ён таксама працаваў настаўнікам. У школе прыходзілая Грахоўскаму кіраваць мастацкай самадзейнасцю. Па яго выкрайках з рознай старызны шылі касцюмы для спектакляў. Школа ў сяле была сямігадовая. Пад Новы, 1951 год у клуб сышлося ледзь не усё сяло. Расчыніліся дзверы, у белых воблаках пары паказаліся тры конскія галавы - накрытыя стаеннікі ўвезлі ў клуб сані, а на іх стаяў у чырвоным адзенні, усыпаным зіхатлівымі зоркамі Дзед Мароз і ўся ў белым, з каронаю на галаве Снягурачка. Дзед Мароз сказаў вершаванае прывітанне і даручыў Снягурачцы запаліць ёлку. З'явіўся былінны рыцар у блішчастым шаломе, круціўся і падскокваў доўгабароды Чарнамор, вакол ёлкі заскакалі зайцы, лісы, а калі ўваліўся калматы мядзведзь, малыя дзеці паднялі лямант. У футры, цалкам знятым з мядзведзя, скакаў і куляўся сямікласнік Міша Іваноў. Такога свята сяло Біяза яшчэ ніколі не бачыла.

А потым быў у раённым Доме культуры агляд мастацкай самадзейнасці школ раёна. Неспадзявана сямігадовая школа з Біязі заняла першае месца, а сярэдняя школа з райцэнтра - другое месца. Не паспелі ўдзельнікі спектакля скласці свае дэкарацыі, як Грахоўскага паклікалі ў райана. Ён пабег, спадзеючыся на пахвалу і падзяку. Але загадчык сядзеў змрочны: "Скажыце, толькі шчыра, дзе вы ўзялі такія касцюмы, парыкі і ўсе гэтыя цацкі?" І Грахоўскі расказаў, як у дзіцячым доме спісвалі розныя транты, а потым кідалі іх у агонь. Дзеці выхоплівалі іх літаральна з агню, потым мылі крахмалілі і шылі касцюмы. Загадчык райана рассмяяўся: "А да мяне прыйшла дэлегацыя сярэдняй школы патрабаваць адмены рашэння журы, бо ў Біязе працуе ссыльны артыст маскоўскага тэатра, і касцюмы ў іх не самадзейныя, а прысланыя з тэатра некалькімі пасылкамі. Я, прызнацца, і сам дзівіўся, адкуль усё гэта ў вас. Ну што ж, поспехаў вам. Едзьце, працуйце, а мы, калі трэба, падтрымаем".

У Біязінскім клубе Грахоўскі сваю праграму ў бітком набітай зале паўтараў разоў пяць. Вясковыя кабеты круцілі галовамі, войкалі і дзівіліся, на што здатныя іхнія дзеці.

А колькі разоў яму даводзілася быць на краі ад гібелі. Нават, калі вызвалілі, з небяспекай дабіраўся да Менска. Спачатку з гадзічным пашпартам і даведкаю аб вызваленні - ледьве ўдалося ўзяць білет на цягнік да Масквы. На вакзале і вакол яго людзей процьма.

Цягнікі дальняга кірунку спыняюцца толькі на хвіліну. Увесь апантаны натоўп рынуўся да вагонаў, а дзверы не адчыняюцца, хапаюцца за парэнчы, паказваюць білеты, грукаюць, мацюкаюцца, крычаць, праз брудныя шыбы ў дзвярах, пазіраюць і круцяць галовамі абыякавыя правадніцы. Перад Грахоўскім расчыніліся дзверы, і нехта сышоў з прыступак.

Грахоўскі ўхапіўся за парэнчу, другою рукою прасунуў на пляцоўку фанерны чамадан, цягнік крануўся, а тоўстая правадніца спіхвае яго на хаду. Мільганула думка: "Вось і "вызваліўся", зараз бразнуся пад колы - і канцы, ніхто і не дазнаецца, дзе дзеўся". Грахоўскі з апошніх сіл адштурхнуў правадніцу рубам чамадана і ўціснуўся ў тамбур, нагою прыкрыў за сабою дзверы, каб не выштурхнула.

Пабываўшы ў сваякоў жонкі ў Цвярской вобласці, прышла пара ехаць у Менск.

Неяк сваякам удалося дастаць білет яму да Менска. Прыпынак там толькі на адну хвіліну. Дзверы вагона не адчыніліся. Добра, што на тых вагонах звісалі прыступкі з парэнчамі. Грахоўскі паставіў чамадан каля дзвярэй, ухапіўся за настылыя парэнчы і паехаў. Пакуль цягнік набіраў ходу, спадзяваўся, што правадніца ўпусціць яго, а яна толькі зірне праз закопчанае шкло, пагрозіць кулаком і знікне. Вецер свідруе навылёт, рукі дранцвеюць ад напружання і сцюжы, на закругленнях чамадан б'е па каленях і вось-вось спіхне пад колы. "От, - думае Грахоўскі, - і пагібель мая прыйшла. Дзесяць гадоў пакутаваў, каб так па-дурному загінуць". Ён адчувае - яшчэ некалькі хвілін, і рукі адарвуцца ад парэнчаў, і не дазнаюцца, хто і чаму загінуў пад коламі цягніка. А цягнік тым часам запаволіў хаду, замільгалі агеньчыкі на стрэлках і станцыйныя ліхтары. Грахоўскі напружвае апошнія сілы і волю, каб не зваліцца. У яго мільгае думка, няўжо выратуецца. Цягнік стаў. Здаравенная правадніца вылаялася, хацела спіхнуць з прыступак. А ў Грахоўскага ад холаду звяло сківіцы і вусны, што і слова не прамовіць. Так-сяк дастаў і паказаў білет. З лаянкаю ўсё ж пусціла ў вагон...

Аднак, не гледячы на перашкоды, рагаткі і здзек, на ўсе перажыванні, якія яму давялося перанесці, ён застаўся чалавекам-грамадзянінам. Хутка пасля вызвалення з высылкі ён напісаў верш "Чалавеку патрэбна", дзе паказаў з гуманістычнаю добразычлівасцю, што патрэбна звычайнаму чалавеку:

Чалавеку патрэбна не слава,

А людская ўвага і ласка,

І сардэчнае шчырае слова,

І вясёлая добрая казка.


Чалавеку патрэбна ўсмешка

Незнаёмых вачэй і знаёмых,

Каб дажджамі

размытая сцежка

Стала лёгкай

на кручах і стромах.


Чалавеку не трэба спагады -

Дабрата чалавеку патрэбна,

Каб мінаючы прорвы і спады,

Узбірацца на стромкія грэбні,


Каб сяброў

сустракаў клапатлівых

На дарогах далёка ад дому,

І каб сам

быў заўсёды шчаслівы,

Калі шчасце

прыносіць другому.

Яўген Ігнатовіч.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX