Вярнуцца: 2014

№ 13 (1164)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 13 (1164) 26 сакавіка 2014 г.


Дзень памяці Кастуся Каліноўскага ў Вільні

22 сакавіка на Лукішскай плошчы Вільні, у дзень, калі 150 гадоў таму быў пакараны смерцю нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі, сабралася каля трохсот чалавек з кветкамі, свечкамі, сцягамі Беларусі, Літвы і Украіны.

З Менска прыехалі два аўтобусы пілігрымаў, прыйшло нямала літоўцаў, а таксама госці з Польшчы і Ўкраіны.

Раніцай у Базыльянскім і Дамініканскім саборах Вільні прайшла імша памяці Кастуся Каліноўскага, якая закончылася выкананнем гімну "Магутны Божа" і шэсцем з бел-чырвона-белымі сцягамі па віленскіх вулках.

Апрача беларускіх сцягоў, было шмат жоўта-блакітных украінскіх - на знак саліарнасці з Украінай, якая цяпер змагаецца за сваю волю і цэласнасць. На Лукішскай плошчы маніфестантаў чакалі літоўцы, у іх ліку знаныя палітыкі Вітаўтас Ландсбергіс і Эмануэліс Зінгерыс.

Мітынг адкрыў адзін з найстарэйшых беларусаў Вільні Хведар Нюнька, якому ўжо 85, але ягонай энергіі могуць пазайздросціць і маладзейшыя. Менавіта ён разам з рухам "За свабоду" арганізаваў урачыстасці ў Вільні.

Спадар Нюнька паведаміў, што ўрад Літвы прыслухаўся да просьбаў беларусаў і пастанавіў падчас рэканструкцыі Лукішскай плошчы захаваць крыж і пліту на месцы страты Каліноўскага.

Вітаўтас Ландсбергіс сказаў, што ён добра разумее беларускую мову іншых выступоўцаў, і хоць сам гаварыць на ёй не можа, затое ўмеў ягоны бацька, які дэкламаваў "Дудку беларускую".

- Каліноўскі - святы чалавек, герой Літвы і Беларусі. Наколькі ён дарагі беларусам, настолькі дарагі і літоўцам... Цяпер найбольшая падтрымка патрэбная ўкраінскаму народу. Украіна павінна вытрымаць націск імперыі, супраць якой змагаўся Кастусь Каліноўскі. І перамога Ўкраіны будзе дабром для Беларусі, - сказаў Ландсбергіс.

Ушанаванне памяці Каліноўскага завяршылася канцэртам-рэквіемам у актавай зале Еўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсітэта.

Радыё Свабода.


У Беластоку маліліся за беларускі народ з нагоды 25 сакавіка

З малітвай жыхары Беластока пачалі святкаванне дзевяноста шостых угодкаў узнікнення Беларускай Народнай Рэспублікі. У праваслаўнай царкве Агія Сафія прайшоў святочны малебен за беларускі народ.

Гэта ўжо трэці раз, калі беластачане такім чынам адзначаюць Дзень Волі. На канец ўсе прысутныя праспявалі песню "Магутны Божа".

Пісьменнік Віктар Швед:

- За ўсіх беларусаў малюся, каб не хварэлі, каб добра жылі.

Старшыня Беларускага Саюзу ў Польшчы Яўген Вапа:

- Некалькі гадоў запар у гэтай царкве адбываецца малебен на беларускай мове за беларускі народ з нагоды 25 сакавіка. Гэтыя святкаванні прыжыліся ў царкве Агія Сафія.

Удзельнікі службы:

- Беларуская мова ў царкве мусіць быць. Гэта вельмі добра для ўсіх, хто прыходзіць у царкву, бо не кожны ведае расейскую мову.

- Чытаюць Евангелле і ўсё я разумею, а калі ўслухаешся, то гэта - вельмі прыгожая беларуская мова.

Малебен за беларускі народ, адслужыў айцец Анатоль Конах. У царкве Агія Сафія што тыдзень гучыць беларуская мова. Што нядзелю чытаецца тут Евангелле на беларускай мове.

Лукаш Леанюк,Беларуская Радыё Рацыя. Фота Аляксея Трубкіна.


200 гадоў з дня нараджэння Іосіфа Гашкевіча

Іосіф ГАШКЕВІЧ (16 сакавіка 1814, Менская губерня - 5 кастрычніка 1872) - дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Японіі і Кітая, натураліст, арыенталіст.

Іосіф Гашкевіч - сын спачатку ўніяцкага, а потым праваслаўнага святара з Рэчыцкага павета Менскай губерні Антонія Гашкевіча, які служыў у царкве в. Перасвятое. Дзяцінства правёў у Якімавай Слабадзе Рэчыцкага павета Менскай губерні. Ва ўзросце 20 гадоў Іосіф паступіў у Менскую духоўную семінарыю. Пасля заканчэння вучобы ў Менску па рэкамендацыі І. Грыгаровіча працягваў вучобу ў Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Пасля заканчэння акадэміі (1839) меў званне магістра багаслоўя, але не прыняў святарскага сану.

У 1839-49 гадах у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Даследаваў культуру Кітая, вывучаў кітайскую, карэйскую і японскую мовы. Адначасова займаўся пытаннямі астраноміі і метэаралогіі, сабраў калекцыю насякомых. У якасці драгамана (перакладчыка) суправаджаў на фрэгаце "Палада" дыпламатычную місію Я.В. Пуцяціна ў Японію (1852-55). З яго ўдзелам заключаны руска-японскі дагавор 1855. Па дарозе з Японіі захоплены ў палон англічанамі (з прычыны Крымскай вайны 1853-56), знаходзіўся ў Ганконгу, потым у Англіі. На працягу дзевяці месяцаў у палоне Іосіф Гашкевіч сумесна з японскім манахам Тацібана Каосай склаў 450 старонак першага японска-рускага слоўніка. У 1856 годзе вярнуўся ў Расію. У 1858-1865 гадах першы расійскі консул у Японіі (на Хакадатэ), адначасова выкладаў у Хакадацкай рускамоўнай школе. Адзін з першых іншаземцаў, якому дазволілі наведаць унутраную Японію, у т.л. двор сёгуна ў Эда (цяпер Токіа). У 1865 годзе з сям'ёй вярнуўся на радзіму. У 1867 годзе выйшаў у адстаўку і жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі раён), дзе працягваў займацца ўсходняй філалогіяй. Шматлікія калекцыі флоры і фаўны Паўднёвай Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Іосіф Гашкевіч перадаў Заалагічнаму музею АН у Пецярбургу. Выдадзены ім першы ў Расіі "Японска-рускі слоўнік" (1857, разам з Тацібана Каосай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Яго імем названы апісаныя ім невядомыя раней віды насякомых, заліў у Паўночнай Карэі (па-карэйску Чосанман). Аўтар працы "Карані японскай мовы" (Вільня, 1899).

Вікіпедыя. (Пра І. Гашкевіча чытайце на ст. 6.)


80 гадоў з дня нараджэння Кастуся Цвіркі

Кастусь ЦВІРКА нарадзіўся 28.03.1934 г. у вёсцы Зялёная Дуброва Старадарожскага раёна Менскай вобласці. У 1958 г. скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1958-1959 гг. выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Труханавіцкай сярэдняй школе Капыльскага раёна. Быў літаратурным супрацоўнікам раённай газеты "Рудзенская праўда", рэдактарам на Беларускім радыё, старшым метадыстам рэспубліканскага Дома народнай творчасці, старшым інспектарам Упраўлення па распаўсюджванні друку Міністэрства сувязі БССР. У 1972 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР і з таго часу з'яўляецца навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута. З 1981 г. - старэйшы рэдактар выдавецтва "Юнацтва", з 1984 г. - рэдактар аддзела паэзіі часопіса "Полымя". Кандыдат гістарычных навук. Сябра СП СССР з 1961 Друкуецца з 1951 г. Аўтар зборнікаў паэзіі "Такія сэрцы ў нас" (1959), "Бягуць раўчукі" (1962), "Чарназём" (1967), "Каласы" (1975), "Сцежка дадому" (1980), "Хат вячысты дар" (1982), "Лодка долі тваёй" (1988) і інш. Аўтар кнігі "Слова пра Сыракомлю: Быт і культура беларусаў у творчасці "вясковага лірніка"" (1975). Піша і для дзяцей: кнігі вершаў і казак "Як Алесь згубіўся ў лесе" (1986), "Добрыя суседзі" (1988) і інш.З 1996 г. з'яўляецца аўтарам і галоўным рэдактарам праекту "Беларускі Кнігазбор".

Вікіпедыя.


Барацьба за чыгунку

Сіваку Анатолію Аляксандравічу,

Міністру транспарту і камунікацый

Рэспублікі Беларусь

220029, г. Мінск, вул. Чычэрына, 21

Аб ігнараванні дзяржаўнай беларускай мовы літоўскай чыгункай

Паважаны Анатоль Аляксандравіч!

У ТБМ звяртаюцца грамадзяне Беларусі са скаргамі на тое, што ў літоўскім электрацягніку Вільнюс - Мінск усе абвесткі робяцца на літоўскай, рускай і англійскай мовах, прычым першая мова для інфармацыі нават на беларускай тэрыторыі - літоўская, а дзяржаўная беларуская мова - мова тытульнай нацыі - наогул адсутнічае.

У сувязі з гэтым просім Вас звярнуцца да кіраўніцтва літоўскай чыгункі з просьбаю ўвесці дзяржаўную беларускую мову ў пералік моў для інфармацыі ў літоўскіх цягніках, асабліва калі яны ідуць па тэрыторыі Беларусі.

З павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Сіваку Анатолію Аляксандравічу,

Міністру транспарту і камунікацый

Рэспублікі Беларусь

220029, г. Мінск, вул. Чычэрына, 21

Аб ігнараванні дзяржаўнай беларускай мовы ў беларускіх цягніках, якія ідуць за мяжу

Паважаны Анатоль Аляксандравіч!

У ТБМ звяртаюцца грамадзяне Беларусі, а таксама суседніх з Беларуссю краін, якія скардзяцца на тое, што ў міжнародных беларускіх цягніках у сістэме інфармацыі адсутнічае дзяржаўная беларуская мова. Напрыклад, у новым электрацягніку Мінск - Вільнюс інфармацыя па-беларуску адсутнічае цалкам, што выклікае не толькі абурэнне нашых грамадзян, але і кпіны з боку грамадзян Літвы, якія пытаюцца, у якую краіну яны едуць і ці гэта, часам, не правінцыя Расіі?

У сувязі з гэтым прапануем Вас звярнуць на гэта пільную ўвагу і тэрмінова выправіць вышэйзгаданую недарэчнасць.

З павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Сіваку Анатолію Аляксандравічу,

Міністру транспарту і камунікацый

Рэспублікі Беларусь

220029, г.Мінск, вул. Чычэрына, 21

Аб ігнараванні дзяржаўнай беларускай мовыў электрацягніках гарадскіх ліній

Паважаны Анатоль Аляксандравіч!

У нашу арганізацыю звяртаюцца грамадзяне Беларусі і госці нашай краіны са скаргамі на тое, што ў новых электрацягніках гарадскіх ліній, у адрозненне ад ранейшых электрацягнікоў і мінскага метрапалітэна, цалкам адсутнічае гукавая і візуальная інфармацыя на дзяржаўнай беларускай мове. Няма ніводнага слова на роднай мове і на аднаразовых білетах гарадскіх ліній.

Нашы неаднаразовыя звароты да кіраўніцтва беларускай чыгункі ніякага плёну не далі, але нам, мабыць, з насмешкай ці пагардай параілі звяртацца да Вас, што мы і робім.

Мы таксама прапануем змясціць на новых беларускамоўных білетах гарадскіх ліній выявы архітэктурных помнікаў Мінска і Заслаўя, узяўшы за ўзор мінскія аднаразовыя білеты Мінсктрансу.

Дадатак: на 1 ст. З павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Сп. У.П. Андрэйчанку,

Старшыні Палаты прадстаўнікоў

Нацыянальнага сходу Беларусі,

220010, г. Мінск. пл. Незалежнасці, Дом Ураду

Аб унясенні зменаў у некаторыя

законы па пытаннях чыгуначнага транспарту

Шаноўны Уладзімір Паўлавіч!

У сувязі з тым, што ў Палаце прадстаўнікоў рыхтуецца да разгляду Закон "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы па пытаннях чыгуначнага транспарту" ТБМ прапануе запісаць наступны пункт: "Уся візуальная і гукавая інфармацыя ў пасажырскіх цягніках міждзяржаўнага прызначэння абавязкова робіцца на дзвюх дзяржаўных мовах, беларускай і рускай. Праязныя дакументы на беларускім транспарце абавязкова афармляюцца на дзвюх дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь".

Такія палажэнні будуць цалкам адпавядаць дзейнай Канстытуцыі нашай краіны.

З павагай, Старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Аб разглядзе зваротаў

На Вашыя звароты аб трансляцыі аб'яў у цягніках на беларускай мове і нанясенні на праязных дакументах, прызначаных для праезду ў цягніках гарадскіх ліній, архітэктурных помнікаў Мінска і Заслаўя, адказваем.

Усе прапановы прынятыя да ўвагі і, безумоўна, будуць улічаныя ў далейшай працы. Неабходна адзначыць, што ў адпаведнасці з арт. 2 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Разам з тым, на мэце ўрэгулявання адносін у галіне развіцця і ўжывання беларускай мовы, выхавання паважлівых адносін да нацыянальнай годнасці, праводзіцца работа па ўжыванні беларускай мовы пры аказанні транспартных паслуг.

У рамках комплексных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы аб'ектаў чыгуначнага транспарту да правядзення чэмпіянату свету па хакеі 2014 года ў г. Мінску прапрацоўваецца магчымасць дублявання тэкстаў абвесткі пасажыраў у цягніках як міжнародных, так і гарадскіх ліній на 3-х мовах (рускай , беларускай і англійскай).

Прапанова заяўніка аб агучванні на беларускай мове інфармацыі ў цягніках Вільнюс - Мінск накіравана ў адрас АТ "Літоўскія чыгункі".

Першы намеснік Міністра Я.В. Рагачоў.



ГА "Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

220034, г. Мінск, вул. Румянцава, 13

Пастаянная камісія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі разгледзела ваш ліст ад 24 лютага 2014 года № 17, а таксама для ўсебаковай прапрацоўкі выкладзеных у ім прапаноў дадаткова запытала меркаванне ДА "Беларуская чыгунка".

У адпаведнасці з артыкулам 39 праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя законы па пытаннях чыгуначнага транспарту" (далей - законапраект) на чыгуначных станцыях, у тым ліку вакзалах, у цягніках і іншых месцах абслугоўвання спажыўцоў службовае справаводства, афармленне ўліковай, справаздачнай, камерцыйнай і тэхнічнай дакументацыі, тэлефонная сувязь, прадстаўленне прававой, навукова-тэхнічнай і іншай інфармацыі, службовая сувязь у арганізацыях чыгуначнага транспарту агульнага карыстання ажыццяўляюцца на беларускай і (або) рускай мовах.

Палажэнні дадзенага артыкула законапраекта не супярэчаць нормам Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якой вызначаны дзве дзяржаўныя мовы ў Рэспубліцы Беларусь - беларуская і руская.

У адпаведнасці з артыкулам 13 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" на транспарце, у гандлі, у сферы медыцынскага і бытавога абслугоўвання выкарыстоўваецца беларуская або руская мова, а пры неабходнасці - другія мовы.

Такім чынам, адзначаем, што дзеючым заканадаўствам не вызначана неабходнасць дубліравання інфармацыі на дзвюх дзяржаўных мовах.

Па інфармацыі, якая паступіла ад ДА "Беларуская чыгунка", у праязным дакуменце ўказваецца ў асноўным інфармацыя для пасажыра, якая змяшчае лічбы (дату адпраўлення, нумар цягніка і вагона, тарыф за праезд). У тэксце ўказваецца толькі станцыя адпраўлення і прызначэння. Напісанне інфармацыі на дзвюх мовах зменшыць памер шрыфту, што пагоршыць успрыманне інфармацыі пасажырам, бо формы і памеры праязных дакументаў, якія прымяняюцца ў міжнародным паведамленні, зацверджаны міжнароднымі пагадненнямі. Таксама трэба ўлічваць, што ў цяперашні час адсутнічае механізм перакладу (транслітарацыі) назваў станцый, размешчаных на тэрыторыі другіх дзяржаў на беларускую мову.

Пры гэтым увогуле на чыгуначным транспарце праводзіцца работа па перакладзе інфармацыі, якая даецца пасажырам у цягніках, на беларускую мову.

У дапаўненне паведамляем, што пытанне аб выкарыстанні моў на чыгуначным транспарце будзе дадаткова разгледжана пры абмеркаванні адпаведнага артыкула законапраекта ў рамках падрыхтоўкі яго да разгляду Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у другім чытанні.

Старшыня Пастаяннай камісіі Д.І. Харытончык.


На VII Гарадзенскай дыктоўцы напісалі гімн Украіны

Сёмы раз у ваколіцах 25 сакавіка у Гродне пісалі традыцыйную дыктоўку па беларускай мове. Гэтым разам прачытаць яе прыехалі з Менска Валярына Кустава і Алесь Залеўскі. Але каб дачакацца ўласна дыктоўкі трэба было пасядзець больш за гадзіну - столькі доўжылася сустрэча на тэму "сталічнасці" Гародні. Цягам яе Алесь і Валярына паведамілі, што Гародня гэта не толькі "Культурная сталіца Беларусі 2014", але і сталіца кантрабандыстаў, католікаў, гісторыкаў, панкаў, кандыдатаў у прэзідэнты, а нават сельскай гаспадаркі і эсперантыстаў. Нахвальваючы Гародню, вядоўцы згадалі добрым словам таксама Фестываль моладзевай журналістыкі "Твой стыль" - і Алесь, і Валярына ўдзельнічалі ў папярэдніх фестывалях. Вядоўцы закранулі таксама тэму выкарыстання беларускай мовы ў публічнай прасторы: што рабіць, калі навакольныя запытваюцца, чаму ты размаўляеш па-беларуску, або калі кіроўца маршруткі не разумее што значыць: "Спыніцеся на прыпынку, калі ласка". Перад самой дыктоўкай арганізатары патлумачылі, што не знайшлі прафесійнага паэтычнага перакладу гімна Украіны на беларускую мову, таму ў ноч перад дыктоўкай тэкст пераствараў па-беларуску малады гарадзенскі паэт і аўтар "Твайго стылю" Алесь Кіркевіч. Першы куплет гімна прачыталі дзеці з залы. Для тых, хто застаўся пасля дыктоўкі ў зале, зайграў Зміцер Вайцюшкевіч. Ён падабраў адмысловую праграму з песень, напісаных на вершы Рыгора Барадуліна.

Аляксей ШОТА. Здымкі Яна Лялевіча і Радыё Свабода.


Памерла Феадосія Бураўкіна

На 101-м годзе жыцця памерла Феадосія Ягораўна Бураўкіна , маці вядомага паэта і грамадскага дзеяча Генадзя Бураўкіна.

Сакратарыят ТБМ, рэдакцыя газеты "Наша слова" выказваюць сардэчныя спачуванні спадару Генадзю, усім родным і блізкім нябожчыцы.

Як міласэрны Бог даў спадарыні Феадосіі доўгі век на зямлі, хай дасць так жа ўтульны побыт душы яе на небе і вечную памяць сярод людзей.

Дай Божа!


ПРА "КАКТЭЙЛЬ МОЛАТАВА" І ІНШАЕ

У 2011 годзе я пісаў у "Нашым слове" (№ 18) пра выраз "кактэйль Молатава", які досыць шырока выкарыстоўваецца ў сучасным вусным маўленні і ў друку.

Нагадаем пра гісторыю ўзнікнення гэтай ідыёмы. Яна склалася, хутчэй за ўсё, у Фінляндыі. У канцы 1939 - пачатку 1940 года ішла савецка-фінская вайна. Савецкія войскі на працягу двух месяцаў ніяк не маглі прарваць лінію Манернгейма, але затое бамбілі фінскую сталіцу, скідваючы на яе запальныя бомбы. Хельсінкі гарэлі, і акрэдытаваныя тут замежныя журналісты паведамлялі ў свае краіны пра зверскія бамбёжкі мірнага насельніцтва. У адказ Вячаслаў Міхайлавіч Молатаў - тадышні старшыня Саўнаркама СССР і наркам замежных спраў - выступіў па радыё і ў друку з абвяржэннем "гнюснага паклёпу", нібыта заявіўшы, што савецкія самалёты скідваюць на фінскую сталіцу не запальныя бомбы, а падарункі з харчамі галодным фінам. Замежныя і фінскія журналісты тут жа гэтыя "падарункі з неба" іранічна ахрысцілі "хлебніцамі Молатава", а прыдуманыя фінамі бутэлькі з гаручай сумессю, якімі яны падпальвалі савецкія танкі і браневікі, па аналогіі сталі называць "кактэйлем Молатава". Маўляў, баш на баш: ты нам "хлебніцы", а мы табе "кактэйль"… Гэтая распаўсюджаная журналістамі розных краін назва хутка стала "прытчай ва языцах".

У маёй публікацыі выказвалася меркаванне, што гэты фразеалагізм паводле паходжання, відаць, паўкалька з фінскай мовы. Але аказалася, што гэтае меркаванне недакладнае. Як сцвярджае ў сваім артыкуле Г.М. Іскам, такі фразеалагізм фіксуецца толькі ў англійскім слоўніку (Molotov cocktail) і, значыць, склаўся пад пяром англійскіх журналістаў у 1940 годзе. Аналагічныя звесткі ёсць і ў інтэрнэце.

Гэты выраз у друку апошніх дзесяцігоддзяў ужываецца звычайна не ў сэнсе сродку супраць бранятэхнікі, а, хутчэй, у значэнні зброі вулічных дэманстрацый і іншых акцый. У маім ранейшым артыкуле гэта ілюстравалася многімі прыкладамі. Да іх можна дадаць і новыя. Не так даўно, аналізуючы некаторыя падзеі ў Азербайджане, М. Гаджыфеў пісаў: "Следчыя сцвярджаюць, што падчас ператрусаў у кватэры знайшлі некалькі скрыняў з кактэйлямі Молатава".

Гэты эфектыўны від вулічнай зброі неаднойчы скарыстоўваўся і на Майдане, дзе больш як тры месяцы дзясяткі, а то і сотні тысячаў украінскіх патрыётаў вялі пад жоўта-блакітнымі сцягамі барацьбу з прадажным, карумпаваным рэжымам Януковіча і нарэшце зверглі гэты рэжым. Вось толькі некалькі прыкладаў: "Кактэйлі Молатава, якія ляцелі ў "Беркут", - гэта быў адказ людзей на тое, што іх збіваюць, катуюць, забіваюць" (Р. Бяссмертны); "Пачаліся сутыкненні з прымяненнем траўматычнай зброі, "кактэйляў Молатава" ("Нар. воля"); "Майданшчык шпурляе "кактэйль Молатава" ў міліцыянера, які лічыць, што бароніць закон" (С. Букчын).

Шпурлялі гэты "кактэйль" і ў Крыме, дзе здзейснена нечаканая расійская агрэсія супраць Украіны. Па ацэнцы ўсіх міжнародных арганізацый гэтая акцыя Пуціна і яго каманды падрывае фундаментальны прынцып сусветнага парадку - прынцып непарушнасці дзяржаўных межаў. Гэта ўжо не проста звыклая для расійцаў настальгія па імперыі, а зларадны імперскі аскал "сабіральніка рускіх земляў", "абаронцы правоў рускамоўнага насельніцтва".

Зрэшты, і ў самой Расійскай Федэрацыі многія падтрымліваюць агрэсіўныя дзеянні і палітыку Пуціна. Яго рэйтынг, калі верыць сродкам масавай інфармацыі, імгненна сягнуў за 60 працэнтаў. І не дзіва: цягам многіх гадоў у газетах і па тэлебачанні не-не ды і нагадваюць, што з распадам СССР Расія страціла многа партоў. А вядомая спявачка Жанна Бічэўская, гастралюючы па ўсёй Федэрацыі, спявае, да прыкладу, песню "Куликово поле", дзе ёсць і такі куплет:

"Возвратит Россия

Русский Севастополь,

Станет снова русским

полуостров Крым,

Наш Босфор державный,

наш Константинополь

И святыня мира Иерусалим".

Напэўна, варта ўсім нам задумацца над словамі, сказанымі нядаўна Пуціным (як кіраўніцтва да дзеяння): "Россия кончается там, где кончается русский язык".

Іван Лепешаў.


Падведзены вынікі віктарыны, прысвечанай юбілею паэта Валянціна Таўлая

Яго напевам выпаў слаўны лёс:

Набатным звонам прагучыць

над краем.

Максім Танк.

Баранавіцкая Рада Таварыства беларускай мовы 16 сакавіка падвяла вынікі віктарыны, прысвечанай 100 годдзю з дня народзінаў беларускага паэта Валянціна Таўлая. Віктарына была надрукавана ў Баранавіцкай гарадской газеце "Intex-press" 29 студзеня 2014 года. Свае адказы на 11 пытанняў віктарыны нам даслалі 23 чалавекі. А пераможцамі гістарычна-літаратурнай віктарыны сталі вучаніцы Алена Жукоўская і Алена Лашкоўская (мястэчка Дварэц Дзятлаўскага раёна), Сяргей Раснянскі (Ляхавіцкая гімназія) і Ўладзіслаў Дораш (Берасцейскае абласное кадэцкае вучылішча, вёска Ястрамбель, Баранавіцкі раён).

Пераможцы віктарыны атрымалі грашовыя ўзнагароды і кнігі, прысвечаныя творчасці паэта Максіма Багдановіча і зборнік вершаў Анатоля Сыса "ALAIZA". Уручэнне прызоў адбылося ў кавярні "Папараць кветка".

Сырыца Віктар,старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ.

Фота. Пераможцы віктарыны злева направа: Уладзіслаў Дораш, Алена Жукоўская і Алена Лашкоўская, Сяргей Раснянскі.


12 месяцаў на адной паштоўцы

Як не заблытацца ў беларускіх назвах месяцаў? Не назваць кастрычнік красавіком, а травень - ліпнем? З гэтай праблемай сутыкаюцца многія - бацькі і дзеткі, школьнікі і студэнты, кандуктаркі і кантралёры. Кампанія "Будзьма беларусамі!" прадстаўляе наглядны і зручны дапаможнік - новую паштоўку з серыі "Не маўчы па-беларуску!".

Шукайце паштоўкі серыі на стэндах FlyCards!

Не маўчыце па-беларуску!

Кампанія Будзьма.


Вечар памяці, прысвечаны Народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну прайшоў у Іркуцку

7 сакавіка 2014 года мы планавалі сабрацца на другую сустрэчу ў рамках новага праекту "На гарбатку ў пятніцу" па вывучэнні ў інтэрактыўнай форме беларускай мовы (ініцыятар Воля Галанава).

Аднак напярэдадні нашай сустрэчы з Беларусі прыйшла сумная вестка - 2 сакавіка 2014 г. памёр Рыгор Барадулін…

Фармат уроку адразу ж змяніўся. Мы вырашылі правесці Вечар памяці, прысвечаны Народнаму паэту.

І вось 7 сакавіка ў 18-30 мы сабраліся ў Музеі-майстэрні "Беларуская хата" на вуліцы Польскіх паўстанцаў, 18 Б, каб аддаць даніну павагі класіку беларускай літаратуры - Рыгору Барадуліну.

Спачатку ва ўступным слове я распавёў пра трагічную вестку, пра свае асабістыя ўспаміны пра паэта, бо меў гонар пазнаёміцца з ім і некалькі разоў сустракаўся. Я памятаю як спадар Рыгор цікава назваў мяне пры сустрэчы: "А, ты таксама Полацкі малец…" мы з ім аказаліся непасрэднымі землякамі, з суседніх раёнаў: ён з Ушацкага, а я з Полацкага. Да гэтага, я неяк не зважаў, што сапраўды ў нас на Полаччыне хлопцаў звалі не "хлопцы" як па ўсёй Беларусі, а "мальцы". Яго складанка твораў "Ксты" таксама з'яўляецца асабліва дарагой для мяне. Бо вёска "Ксты" знаходзіцца пад Полацкам як раз па дарозе да маёй вёскі на адлегласці 18 км. Я думаю, што скажу дакладна, назваўшы Рыгора Барадуліна - годным сынам Полацкай зямлі, "сапраўдным Мальцам".

Затым, слова ўзяла Воля Галанава, якая распавяла пра біяграфію Рыгора Барадуліна, пра яго творчы шлях. А затым, мы перайшлі непасрэдна да ўроку. І падчас уроку ў нас гучаў толькі Р. Барадулін.

Лейтматывам усяго занятку стаў верш Рыгора Барадуліна "Трэба дома бываць часцей". Для іркуцкіх беларусаў словы паэта найболей актуальныя. Бо мы, асабліва народжаныя ў Беларусі і воляй лёсу закінутыя за 6000 км. ад Радзімы, дома бываем зусім не часта.

Гэта, безумоўна, выклікае не толькі настальгію па Родным краі, але і моцную нуду па сваёй хаце, хаце бацькоў. І Рыгор Барадулін у гэтым вершы адлюстраваў і смутак, і ў той жа час абгрунтаваў неабходнасць прыезду да свайго агменю.

Мяне дарэчы вельмі часта здзіўлена пытаюць, чаму я не езджу на моры ці ў экзатычныя краіны? Няўжо не цікава? Вядома, цікава. Я люблю падарожнічаць, але калі мне выпадае магчымасць, кірунак майго вандравання заўсёды адзін: на Захад, у Беларусь, да маіх родных…

Прачытаўшы выразна верш "Трэба дома бываць часцей", усім удзельнікам вечара было прапанавана зрабіць самастойны даслоўны пераклад гэтага верша з беларускай на рускую. Лепш за ўсіх з заданнем справілася Алёна Сіпакова. Яе варыянт быў агучаны аўдыторыі.

Пасля гэтага, я сцісла распавёў пра асноўныя правілы вымаўлення беларускіх гукаў, і мы пачалі чытаць вершы Рыгора Барадуліна па чарзе з самастойным перакладам.

Знайшлося месца на нашым уроку і Барадулінскім дзіцячым вершам. Я прачытаў некалькі дзіцячых вершыкаў-загадак. Наша аўдыторыя паказала сваю кемлівасць. Усе загадкі былі разгаданы.

Ну а скончыўся наш урок выкананнем усімі разам песні на верш Рыгора Барадуліна "Трэба дома бываць часцей". Выканаць гэтую песню нам удалося з першага разу. Атрымалася дружна і хораша.

Кожны ўдзельнік нашага вечара панёс з сабой часцінку Паэта. Калі хто яго і не ведаў, то зараз ён глыбока ўвайшоў у свядомасць кожнага з нас.

Алег Рудакоў,г. Іркуцк.


Памяці Алеся Адамовіча

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

Кабякову А.У.

К. Маркса, 38,

г. Мінск, 220016

Аб ушанаванні памяці Алеся Адамовіча


Паважаны Андрэй Уладзіміравіч!

26 студзеня беларуская грамадскасць ушаноўвала памяць выбітнага беларускага і савецкага пісьменніка і грамадскага дзеяча Алеся Адамовіча з нагоды 20-х угодкаў з дня яго смерці.

На жаль, у Мінску і Магілёве гэтая падзея не знайшла свайго адлюстравання, што не робіць гонару Міністэрству культуры і беларускім пісьменнікам.

У сувязі з гэтым прапануем назваць імем А. Адамовіча вуліцу ў Мінску і Бабруйску, а таксама адкрыць адпаведную экспазіцыю ў музеях Мінска і Бабруйска, прысвечаную жыццю і дзейнасці знакамітага беларуса.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб мерапрыемствах да 20-годдзя

з дня смерці А.Адамовіча

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адпаведнасці з пісьмом Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 10 лютага 2014 г. № 10/535-9 Міністэрствам культуры сумесна з Мінскім гарвыканкамам і Магілёўскім аблвыканкамам разгледжаны Ваш зварот аб правядзенні мерапрыемстваў, прымеркаваных да 20-годдзя з дня смерці А. Адамовіча.

Зыходзячы з практыкі, якая склалася, дзяржаўнымі музеямі літаратурнага профілю і публічнымі бібліятэкамі шырока адзначаюцца юбілейныя даты з дня нараджэння выбітных беларускіх пісьменнікаў. У некаторых выпадках для каардынацыі дадзенай працы ствараюцца арганізацыйныя камітэты.

Да 20-годдзя з дня смерці А.Адамовіча ў Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці праведзены памятныя мерапрыемствы. У гонар пісьменніка арганізаваны і праведзены Дзень памяці "Жыве беларус у Жывой Беларусі". У рамках Дня памяці ў бібліятэках раёна аформлены кніжныя выставы, у цэнтральнай раённай бібліятэцы праведзены вечар-памяць для моладзі "Вайна вачыма А. Адамовіча", у Глушанскай бібліятэцы - вечар-партрэт "Алесь Адамовіч: старонкі жыцця". Аналагічныя мерапрыемствы прайшлі ў сельскіх бібліятэках Бабруйскага раёна, а таксама ў г. Магілёве на базе цэнтралізаванай сістэмы дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва.

У адносінах да пытання аб стварэнні экспазіцыі, прысвечанай жыццю і дзейнасці А. Адамовіча, паведамляем наступнае. У плануемай да стварэння пастаяннай экспазіцыі ўстановы "Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры" жыццю і творчасці А. Адамовіча прысвечана адпаведная тэма. Паводле інфармацыі Магілёўскага аблвыканкама ў будынку былой аптэкі ў п. Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці запланавана стварэнне Музея А. Адамовіча ў якасці структурнага падраздзялення ўстановы культуры "Бабруйскі раённы гісторыка-краязнаўчы музей". Распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на рэканструкцыю названага будынка вядзецца грамадскім аб'яднаннем "Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры" і будзе завершана ў сакавіку 2014 года. Будаўніча-мантажныя работы плануецца ажыццявіць у вясенне-летні перыяд 2014 года. На дадзеныя мэты, а таксама на стварэнне музейнай экспазіцыі ў раённым бюджэце прадугледжана 300,0 млн. рублёў.

Прапанова аб прысваенні імя А. Адамовіча адной з новых вуліц у г. Мінску і г. Бабруйску будзе разгледжаны адпаведнымі камісіямі па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц, плошчаў і іншых складовых частак ва ўстаноўленым парадку.

Намеснік Міністра В.М. Чэрнік.


Увага

У красавіку 2014 г. у сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць гістарычная школа "Гісторыя ў падзеях і малюнках"

пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава

Заняткі будуць прысвечаны вывучэнню гісторыі Беларусі ў ХVІ-ХVІІІ ст.

На занятках будуць дэманстравацца гістарычныя фільмы розных тэле- і кінастудый. Падчас заняткаў таксама прадугледжаны абмен думкамі наконт сучаснага стану беларускай мовы і яе функцыянавання ў грамадстве.

Такім чынам, удзельнікі змогуць павысіць свае веды па гісторыі Беларусі і папрактыкавацца ў веданні беларускай мовы.

У красавіку заняткі адбудуцца: 7 красавіка (панядзелак), 14 красавіка (панядзелак),

21 красавіка (панядзелак), 28 красавіка (панядзелак).

Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13. Уваход вольны


Курсы беларускай мовы зацікавілі гарадзенцаў

"Мова нанова" - папулярныя курсы беларускай мовы прывезлі ў Гародню журналіст Глеб Лабадзенка ды філолаг Алеся Літвіноўская.

Арганізатараў прыемна здзівіла колькасць удзельнікаў. На прэзентацыю гэтага інтэрактыўнага курсу прыйшло больш за сотню гарадзенцаў. Алеся Літвіноўская кажа, што цікавяцца курсамі людзі розных узростаў ды інтарэсаў:

- Яны ўсе аб'яднаныя адной ідэяй - ідэяй беларускай мовы. Пры чым, нехта мабыць шукае на гэтых курсах аднадумцаў, нехта шукае адукацыйны момант: граматыкі, лексікі, можа быць марфалогіі, а нехта шукае нейкія культурніцкія цікавосткі, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Мы спрабуем задаволіць усе гэтыя запатрабаванні.

Гарадзенцы цяпер плануюць самастойна працягваць гэтыя моўныя курсы. Выкладчыкі Ігар Кузьмініч і Вольга Астроўская запрашаюць 24-га сакавіка а 19-ай гадзіне ў лютаранскую царкву на вуліцы Акадэмічнай.

Якуб Сушчынскі,Беларускае Радыё Рацыя.Фота: Твой стыль


Другі занятак "Мова нанова" ў Баранавічах: прэзентацыя птушак Беларусі

На другі занятак "Мова нанова" ў Баранавічах сабралася амаль столькі моладзі, як і на першы. Але ж не ўсе паспелі пазнаёміцца і запомніць імёны адзін аднаго. Таму панавалі звароты "сусед злева", "прыгожы хлопец", "дзяўчынка ў ружовым", што вельмі спрыяла добрай сяброўскай размове і жартам. Урок складаўся, як зазвычай, з трох частак: трохі граматыкі, трохі гульні, слоўнік і прэзентацыя птушак Беларусі. Арнітолаг - гэта навуковец, які мае адпаведную адукацыю і вывучае птушак, але бёдуочарам (ад ангельскага bird watch), то бок назіральнікам за птушкамі можа стаць кожны ахвочы. У Беларусі існуе грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны", якая штогод ладзіць летнікі і назіранні за птушкамі, мерапрыемствы па ахове птушак, запрашае валанцёраў далучацца. Удзельнікі заняткаў даведаліся, што цецярук такуе , зязюля кувае , а барадатая кугакаўка кугае . Спявае заўсёды самец, а самачка карыстаецца "пазыўкамі" як камунікацыйнымі гукамі для перадачы інфармацыі суседкам. Як адрозніць крумкача, грака, варону і каўку; якія птушкі звычайныя для нашых лясоў, і якія рэдкія; якое бывае гняздо і гняздоўе і шмат іншага. Яшчэ ў 1924 г. В.Ластоўскі і К. Душ-Душэўскі склалі слоўнічак адносна птушак і заўважылі, што беларускія назвы птушак сталіся запазычанымі польскай і расейскай мовамі. Таму важна ведаць свае словы.

Наступны занятак адбудзецца 2 красавіка і будзе распавядаццца пра цела чалавека. Запрашаем усіх цікаўных!

Анжаліка Камбалава,г. Баранавічы.


Чалавек з легенды - наш выдатны суайчыннік Іосіф Гашкевіч

Наша Айчына дала свету не толькі Францішка Скарыну, славутых пісьменнікаў Фёдара Дастаеўскага, Аляксандра Грына, Адама Міцкевіча, але і такіх вядомых землепраходцаў як Мікалай Пржавальскі, Ігнат Дамейка, Барыс Вількіцкі, Ота Шміт… У сузор'і такіх выдатных нашых землякоў яркай зорачкай свеціцца імя беларуса-дыпламата, вучонага - мовазнаўца, натураліста, арыенталіста, паліглота Іосіфа Гашкевіча. Нарадзіўся ён 200 год таму, у сакавіку 1814 года, у сям'і небагатага святара Антона Гашкевіча. Блізкім родзічам сям'і Гашкевічаў быў ураджэнец мястэчка Стрэшын сённяшняга Жлобінскага раёна Іаан Гашкевіч, які ў 1997 годзе быў залічаны да ліку святых як Іаан Кармянскі.

З дзяцінства Іосіф быў маўклівым хлопчыкам, любіў адасобленасць, і шмат часу праводзіў за чытаннем кніжак. Любіў ён адасабляцца таксама на царкоўнай званіцы, дзе было шмат галубоў. Першапачатковую адукацыю хлопчык атрымаў у прыходскай школе, дзе настаўнічаў яго бацька Антон. Да 12 год ён рос у вёсцы, а потым бацька аддаў яго, як і старэйшага сына Івана, у Менскую духоўную семінарыю. У час вучобы семінарыст Іосіф захапіўся чытаннем свецкай літаратыры; у яго пакоі можна было ўбачыць і "Ветраград" Сімяона Полацкага , і "Бедную Лізу" Мікалая Карамзіна. Лепшым сябрам сям'і Гашкевічаў быў вядомы беларускі гісторык, мовазнавец, пратаіерэй Іван Грыгаровіч, па рэкамендацыі якога Іосіф Гашкевіч паступіў вучыцца ў Санкт - Пецярбургскую духоўную акадэмію. За час вучобы ў акадэміі ён праявіў вялікія здольнасці да вывучэння замежных моў. Гэта і вызначыла далейшы лёс студэнта духоўнай акадэміі Іосіфа Гашкевіча; пасля заканчэння вучобы ён атрымаў званне магістра багаслоўя, і яго накіравалі на стажыроўку ў Пекінскую духоўную місію. За 10 год знаходжання ў Кітаі ён, валодаючы шасцю замежнымі мовамі, засвоіў таксама кітайскую, мангольскую, карэйскую і маньчжурскую мовы, пачаў вывучаць японскую. Галоўнай справай Іосіфа Гашкевіча ў Кітаі было спрыянне пашырэнню руска - кітайскіх сувязяў. Акрамя сваіх галоўных спраў, ён займаўся метэаралагічнымі і астранамічнымі назіраннямі, вынікі якіх адсылаў у Пулкаўскую Галоўную абсерваторыю, сабраў вялікую калекцыю насякомых, вывучыў старажытную гісторыю Кітая, літаратуру і мастацтва, помнікі архітэктуры гэтай краіны.

Здольнасць І. Гашкевіча лёгка засвойваць мовы была заўважана ў Міністэрстве замежных спраў Расіі, і калі ў 1852 годзе ў Пецярбургу фармавалася экспедыцыя ў Японію, ён у якасці драгамана (пе-ракладчыка) быў прымацава-ны да начальніка экспедыцыі, віца-адмірала Я.Пуцяціна. Гэтае падарожжа на фрэгаце "Палада" увайшло ў гісторыю руска - японскіх сувязей. Вя-домым рускім пісьменнікам Іванам Ганчаровым, які ў плаванні быў сакратаром Я. Пуцяціна, падарожжа было апісана ў рамане "Фрэгат "Палада". У юнацкія гады аўтар гэтага артыкула з вялікім захапленнем прачытаў тую цікавую кнігу, а нядаўна зноў перачытаў яе. У гэтым доўгім плаванні да берагоў Японіі наш суайчыннік І. Гашкевіч і І. Ганчароў моцна пасябравалі. Пісьменнік І. Ганчароў, які жыў у адной каюце з І. Гашкевічам, адзначаў мяккі характар свайго сябра, нецярпімасць да канфліктаў. Такая яго памяркоўнасць, уласцівая беларускаму нацыянальнаму характару, паляпшала ўзаемаадносіны І. Гашкевіча з усімі ўдзельнікамі экспедыцыі. І. Ганчароў у сваёй кнізе піша, што наш суайчыннік моцна пакутваў ад марской хваробы. Яшчэ да адыходу ў плаванне І. Гашкевіч наўчыўся карыстацца рэдкім на той час фатаапаратам. А калі экспедыцыі давялося на працяглы час зрабіць прыпынак у Паўднёвай Афрыцы, ён шмат здымаў навакольныя пейзажы. Разам са сваімі памочнікамі І. Гашкевіч рабіў геалагічныя даследванні, склаў геалагічную карту значнай тэрыторыі Паўднёвай Афрыкі, збіраў калекцыю насякомых і гербарый паўднёвааф-рыканскай флоры, расшукваў шкілеты выкапнёвых жывёл. Галоўнай мэтай экспедыцыі ў Японію было заключэнне дамоў аб дружбе і гандлі, а таксама вырашэнне пытання аб мяжы паміж Расіяй і Японіяй. І гэтыя пытанні былі паспяхова вырашаны. А калі экспедыцыя Я. Пуцяціна вярталася на Радзіму, карабель, на якім плыў І. Гашкевіч, у Ахоцкім моры сутыкнуўся з англійскім ваенным патрулём, і наш суайчыннік разам з іншымі трапіў у палон да англічан, дзе прабыў 9 месяцаў. Засвоіўшы японскую мову, І. Гашкевіч, знаходзячыся ў палоне, пачаў складаць руска - японскі слоўнік. У гэтым яму дапамагаў японскі манах Тацібана Каосай. Першы "Руска - японскі слоўнік" быў выдадзены ў Пецярбургу, за які І. Гашкевіч быў узнагароджаны Дзямідаўскай прэміяй з уручэннем залатога медаля.

З мэтай замацавання дасягнутых поспехаў у адносінах паміж дзвюмя краінамі ўрад Расіі вырашыў адкрыць у Японіі, на востраве Хакайда, у г. Хакадатэ рускае консульства. На пасаду консула, фактычна першага пасла Расіі ў Японіі, быў прызначаны наш зямляк Іосіф Антонавіч Гашкевіч. Менавіта з тых часоў была закладзена аснова добрых ўзаемаадносінаў паміж Расіяй і Японіяй. Сваімі паводзінамі, тактоўнасцю, добрымі справамі І. Гашкевіч і яго падначаленыя змаглі выклікаць павагу японцаў да Расііі. "Белавалосы пасланец" - так ласкава называлі японцы І. Гашкевіча за яго мяккі характар і добрыя справы: у г. Хакадатэ наш зямляк адчыніў рускамоўную школу, у якой быў настаўнікам; яму, аднаму з першых чужаземцаў, было дазволена наведваць двор сёгуна (правіцеля Японіі) ў Эда (зараз г. Токіа). Адчыніў ён і бальніцу, у якой працавала яго першая жонка Лізавета (памерла і пахавана ў г. Хакадатэ). Ён жа навучыў японцам майстэрству фатаграфавання, падарыў ім барометр і маячны ліхтар, выдаў першую рускую азбуку для дзяцей. У Японіі, краіне будызму, існавала ў тыя часы забарона прапаведваць іншую веру, а парушальнікаў закона маглі пакараць смерццю. Рызыкуючы жыццём, І. Гашкевіч прапаведваў праваслаўную веру, і дзякуючы яму ў г. Хакадатэ была пабудавана Уваскрасенская праваслаўная царква.

У 1865 годзе першы расійскі консул у Японіі вярнуўся ў Пецярбург. Адпрацаваўшы два гады ў Азіяцкім дэпартаменце Міністэрства замежных спраў Расіі, ён у ліпені 1867 года , выйшаў у адстаўку, прыехаў у родную Беларусь, і пасяліўся ў маёнтку Малі (цяпер вёска Малі ў Астравецкім раёне). Там, у вясковай цішыні, Іосіф Антонавіч працягваў займацца ўсходняй філалогіяй, вёў метэаралагічныя назіранні. Шматлікія калекцыі насякомых і флоры Паўднёвай Афрыкі і Паўднёва - Усходняй Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, ён перадаў ў дар заалагічнаму музею Акадэміі навук у Пецярбургу. На Астравеччыне ў І. Гашкевіча і яго другой жонкі Кацярыны нарадзіўся сын Іосіф, які таксама, як і бацька, пакінуў пасля сябе значную навуковую спадчыну. Памёр наш выдатны суайчыннік 5 кастрычніка 1875 года на сваёй сядзібе Малі, а ў 1899 годзе ў Вільні, была надрукавана яго праца "О корнях японского языка".

Выдатныя заслугі нашага земляка былі высока адзначаны: яго імем названы заліў у Японскім моры (па-карэйску Чосанман), апісаныя ім многія віды насякомых таксама названыя яго імем. Прайшло шмат год, але ў Японіі і сёння памятаюць імя нашага земляка. У гэтай краіне існуе Таварыства імя Іосіфа Гашкевіча, у г. Хакадатэ, дзе была яго рэзідэнцыя, ля праваслаўнага храма Хрыста Збаўцы яму ўстаноўлены бюст (аўтар - расійскі скульптар А. Комаў). Расійскі пісьменнік В. Гузанаў напісаў пра І. Гашкевіча цікавую кнігу "Одиссей с Белой Руси", якая Янкам Саламевічам была перакладзена на беларускую мову. Шануюць памяць І. Гашкевіча і на Беларусі. У г. Менску, у мікрараёне Лошыца, яго імем назвалі вуліцу, у г. Астраўцы, перад будынкам раённай газеты "Астравецкая праўда", ёсць яго бюст работы беларускага скульптара В. Янушкевіча, а ў вёсцы Малі быў усталяваны памятны камень з выявай І. Гашкевіча работы скульптара Р. Грушы. У Астраўцы і на раёне праводзяцца чытанні і іншыя культурныя мерапрыемствы, прысвечаныя памяці І. Гашкевіча.

Вялікая заслуга ў тым, каб больш жыхароў Беларусі ведала пра І. Гашкевіча, належыць буйному беларускаму вучонаму-філолагу, пісьменніку і журналісту Адаму Мальдзісу, ураджэнцу Астравеччыны. У свой час ён прыняў цэлую дэлегацыю з Японіі на чале са старшынём Таварыства імя Гашкевіча Такада Касічы, суправаджаў дэлегацыю ў паездцы па Астравеччыне. Па запрашэнні гэтай грамадскай японскай арганізацыі ён наведаў у Японіі мясціны, звязаныя з жыццём і дзейнасцю І. Гашкевіча на японскай зямлі. Аб гэтым была публікацыя ў газеце "Голас Радзімы".

Мне давялося пабываць на Астравеччыне і азнаёміцца з мясцінамі, дзе жыў апошнія гады жыцця І. Гашкевіч, і у мяне, як краязнаўца, з'явілася вялікае жаданне наведаць мясціны, звязаныя з пачаткам жыцця І. Гашкевіча. У кнізе В. Гузанава я сустрэў звесткі, што дзіцячыя гады І. Гашкевіча прайшлі ў вёсцы Якімава Слабада былога Рэчыцкага павета (цяпер Светлагорскі раён). А ў кнізе "Памяць. Светлагорскі раён" паведамляецца, што ён і нарадзіўся ў Якімавай Слабадзе. Таму ўвечары, 6 лютага я сеў у цягнік, а раніцой быў у г. Светлагорску. У цудоўным, прыгожым гістарычна - краязнаўчым музеі мяне гасцінна сустрэлі супрацоўнікі музея на чале з загадчыцай гэтай культурнай установы Ірынай Заяц, якая азнаёміла мяне са шматлікімі экспанатамі. А старшы навуковы супрацоўнік музея Вольга Жызнеўская азнаёміла са стэндам, прысвечаным Іосіфу Гашкевічу, на якім прадстаўлены шматлікія копіі фотаздымкаў з яго жыцця. Затым паважаная Ірына Заяц і загадчыца Светлагорскай дзіцячай бібліятэкі Алена Шкірман азнаёмілі мяне з вёскай Якімава Слабада, размешчанай на беразе ракі Бярэзіна. У даволі прасторным памяшканні сельскай бібліятэкі, на самым відным месцы размешчаны партрэт Іосіфа Гашкевіча, які намаляваў мясцовы мастак, жыхар вёскі Якімава Слабада Сяргей Каваль. Колісь на месцы сельскага клуба высілася прыгожая царква. Нельга сцярджаць, што ў гэтай царкве быў святаром бацька І. Гашкевіча, бо, згодна з кнігай "Памяць. Светлагорскі раён", царква была пабудавана ў 1852 годзе. Па вяртанні з вёскі супрацоўнікі музея азнаёмілі мяне з кнігай "Памяць.Рэчыцкі раён", дзе сцвярджаецца, што нарадзіўся І. Гашкевіч у вёсцы Перасвятое цяперашняга Рэчыцкага раёна. Давялося мне па вяртанні ў Менск звярнуцца па праўду ў Беларускі нацыянальны гістарычны архіў, дзе мне паведамілі, што на самой справе нарадзіўся наш выдатны суайчыннік у вёсцы Стралічава былога Рэчыцкага павета (цяпер Хойніцкі раён). Але і вёска Якімава Слабада таксама, як высвятлілася, мае дачыненне да І. Гашкевіча. У царкве гэтай вёскі быў святаром малодшы брат І. Гашкевіча - Андрэй, да якога Іосіф часта заязджаў у госці. Пра гэта паведаміла на вечарыне пад назвай "Сустрэча з І. Гашкевічам" вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М. Танка, кандыдат гістарычных навук Лідзія Кулажанка. Вечарына адбылася 16 сакавіка ў чытальнай зале менскай бібліятэкі імя Л. Талстога, і фактычна з'явілася пачаткам урачыстасцей, прысвечаных нашаму выдатнаму суайчынніку. Вядовец вечарыны буйны беларускі вучоны Адам Мальдзіс шмат расказаў прысутным пра сваё падарожжа ў Японію, якое ён здзейсніў па запрашэнні японскага Таварыства імя Гашкевіча, пра пошукі месца пахавання І. Гашкевіча на Астравеччыне. Цікавымі паведамленнямі пра І. Гашкевіча падзялілася кіраўнік інфацэнтра японскай культуры Масако Тацумі, метадыст менскага абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра Наталля Обухава. Выступіў і аўтар гэтага артыкула. Маюць адбыцца навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя юбілею І. Гашкевіча, чытанні, паездкі на Астравеччыну і Хойніччыну. Вяртаюцца пакрыху з нябыцця імёны выдатных людзей, не забыла Беларусь і І. Гашкевіча, свайго выдатнага сына. Нам, беларусам, можна ганарыцца светлай постаццю першага беларускага дыпламата, дзейнасць якога, яго спадчына, пераканана сведчаць аб даўняй прысутнасці Беларусі, яе слаўных сыноў і дачок на міжнароднай арэне.

Лявон Целеш,г. Дзяржынск.

Фотаздымкі з інтэрнэту: 1. Бюст І. Гашкевіча ў Астраўцы. 2. Вёска Малі: камяні - помнік І. Гашкевічу. Фота аўтара: На вечарыне. Прамаўляе Масако Тацумі. Злева - А. Мальдзіс.


ГУДЗЕВІЦКІ ЛІТАРАТУРНА-КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ - НАЙЦІКАВЕЙШЫ МУЗЕЙ МАСТОЎШЧЫНЫ

Гудзевічы - вёска, якая размяшчаецца паміж Гародняй, Мастамі і Ваўкавыскам, вёска, якая прываблівае да сябе сваёй цікавай гісторыяй, прыродай і, канешне, сваім цудоўным музеем, пра які ведаюць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

Але перш, чым пісаць пра музей, у першую чаргу трэба распавесці пра Чалавека, па-сапраўднаму з вялікай літары, Чалавека, чыё імя ў Беларусі ведаюць усе, пра стваральніка Гудзевіцкага музея Алеся Мікалаевіча Белакоза. Ён з'яўляецца заслужаным настаўнікам, заслужаным работнікам культуры Беларусі, краязнаўцам, музеязнаўцам. Не бывае дня, каб людзі не тэлефанавалі яму, або не прыехалі да яго у Гудзевічы, каб асабіста пабачыцца і пагутарыць з гэтым чалавекам.

Нарадзіўся Алесь Мікалаевіч 11 верасня 1928 года ў вёсцы Ляткі Ваўкавыскага павета (цяпер Мастоўскі раён) у сям'і малазямельнага селяніна, які ў сярэдзіне 1920-х гадоў ездзіў на працу ў Бразілію, а па вяртанні на заробленыя грошы пабудаваў дом у вёсцы Ляткі і адчыніў сваю краму. Алесь Мікалаевіч амаль усё жыццё пражыў у роднай вёсцы, якая з часам злілася з больш вялікімі Гудзевічамі. Тут атрымаў і пачатковую адукацыю. Да нямецкай акупацыі скончыў пяць класаў Гудзевіцкай сярэдняй школы. У часы вайны вучыўся пад кіраўніцтвам роднай сястры Веры. "У 1943 годзе , - успамінаў Алесь Белакоз, - на нашу і іншыя хаты напалі бандыты, якія пасля называлі сябе партызанамі, з мэтай рабунку. Тата хаты не адчыняў і выбухам гранаты быу забіты… Давялося гаспадарку браць на свае плечы".

У кастрычніку 1944 года Алесь Белакоз пачаў вучыцца у восьмым класе рускамоўнай школы № 1 Ваўкавыска, якую скончыў у 1947 годзе. "Тады ні ў Ваукавыскім, ні ў Мастоўскім, ні ў Свіслацкім, ні ў Бераставіцкім раёнах не было беларускай школы, якая б мела восьмы клас" .

Няўдалыя спробы паступіць у Менскі медыцынскі інстытут вымусілі Алеся Мікалаевіча часова адмовіцца ад планаў пра вышэйшую адукацыю і ўладкавацца ў 1948 годзе на працу ў якасці настаўніка другіх і чацвёртых класаў у Гудзевіцкай школе. З 1949 года Алесь Белакоз распачаў завочнае навучанне на беларускім аддзяленні Гарадзенскага педагагічнага інстытута. "Я заўсёды любіў матэматыку, - узгадваў Алесь Мікалаевіч, - і хацеў стаць матэматыкам, але лічыў, што найпершы абавязак кожнага чалавека, а тым больш настаўніка, добра ведаць родную мову".

З часоў навучання Алесь Мікалаевіч успамінаў: "Найбольшае ўражанне на мяне зрабіў выкладчык беларускай літаратуры Браніслаў Ржэўскі, які мужна нёс патрыятычнае слова сярод крыжоў па задушанай мове, культуры, гісторыі Беларусі."

Падчас вучобы Алесь Белакоз працаваў у розных школах: у 1953-1954-х гадах - настаўнік пачатковых класаў у Струзе, у 1954-1955-х гадах - выкладчык фізікі і матэматыкі ў Тупічанскай сямігодцы, у 1955-1959-х гадах - выкладчык беларускай, нямецкай моваў у Радзявіцкай сямігодцы. Па заканчэнні інстытута ў 1958 годзе ўладкаваўся выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры у Гудзевіцкай сярэдняй школе.

Алесь Белакоз - гэта шчыры, адкрыты чалавек, які выслухоўвае кожнага і, разам з тым, да кожнага даносіць нешта сваё. Гэты свядомы чалавек напоўнены любоўю да ўсяго роднага. Ён імкнуўся і імкнецца, не зважаючы на ўзрост, данесці да людскіх сэрцаў культуру, данесці праўду, данесці дабро. І як вынік такіх памкненняў Алеся Мікалаевіча стала стварэнне у 1968 годе ў Гудзевічах літаратурна-краязнаўчага музея, які з 1990 года мае статус дзяржаўнага.

А з чаго ўсё пачалося? Як расказаў сам Алесь Мікалаевіч, ён заўсёды імкнуўся выхаваць у вучняў беларускі патрыятызм. Дзеля гэтага вучні з 1965 года пачалі пісаць патрыятычныя вершы, апавяданні, нарысы пра родную вёску, драматычныя творы, шукаць карані сваіх вёсак, сваіх родаў, збіраць дыялектызмы, тапонімы, мікратапонімы, беларускі фальклор, нашу этнаграфію. Усё сабранае захоўвалі, друкавалі. "Выжабравалі" спісаную друкарскую машынку і пачалі выдаваць машынапісны часопіс "Праменьчык", у якім друкаваліся вучні 4-10 класаў, усе, хто меў па беларускай мове не менш за чацвёрку і жадаў дапамагаць гуртку беларускай літаратуры. Выданне выходзіла раз на два гады. Усяго да канца 1980-х выйшла 14 нумароў, па чатыры асобнікі кожны. Вучні з Алесем Мікалаевічам перапісваліся з пісьменнікамі, мастакамі, кампазітарамі, артыстамі, ветэранамі з Беларускай сялянска-работніцкай грамады, КПЗБ. Чаго вартыя лісты, кнігі, рукапісы, чарнавікі, успаміны, выказванні пра родную беларускую мову! Чаго варты матэрыялы ад Ларысы Геніюш, Зоські Верас, Паўліны Мядзёлкі, Юліі Бабілы, Канстанцыі Буйло, Уладзіміра Караткевіча, Пімена Панчанкі, Івана Мележа, Янкі Брыля, Уладзіміра Дубоўкі, Янкі Скрыгана, Станіслава Шушкевіча, Максіма Танка, Васіля Быкава, Аляксея Карпюка, Уладзіміра Дамашэвіча, Пётры Сергіевіча, Юрыя Семянякі і соцень іншых беларускіх патрыётаў, патрыярхаў беларускага адраджэння! Назбіралася многа матэрыялу і быў адчынены школьны літаратурна-краязнаўчы музей.

І ўжо 2 лютага 1968 года школьны музей прыняў сваіх першых наведвальнікаў.

Спачатку музей размяшчаўся толькі ў адным пакойчыку (цяпер гэта 1-ая літаратурная зала). У 1981 годзе пабудавалі новую двухпавярховую школу . Тады пад музей аддалі цэлы будынак старой школы, які размясціў чатыры экспазіцыйныя залы і калідор. Яны былі адчынены ў 1984 годзе.

Яшчэ ў 1980 годзе калгас (старшынём тады быў Пронька Міхаіл Сцяпанавіч) дапамог перавезці з в. Семярэнкі да музея хатку, пабудаваную ў канцы XVIII стагоддзя. Першая экскурсія ў ёй была праведзена 6 студзеня 1981 года. Пазней, у 1995 годзе, калгас дапамог перавезці да хаткі свіронак (таксама з в. Семярэнкі). Гэтая сялянская хатка зроблена з абпілаванага дрэва, накрыта саламяным дахам, там знаходзяцца прадметы сялянскага побыту, у тым ліку куфар, калыска з лазы, самаробныя цымбалы, выцінанкі, вырабы з саломкі, жорны, драўляны плуг, барана, каменны рукамыйнік паганскака часу. Чацвёртую частку займае печ. Цікава, што яна называлася "вялікай", а не "рускай", як многія лічаць. Каля печы стаяць розныя прылады працы: рагач, качарга, чапяла. А яшчэ такая цікавая прылада для памешвання - кацуба, якая сустракалася не ў кожнай мясцовасці. Насупраць печы можна ўбачыць куток гаспадыні: столік, шафка, збаны. На стале стаяць спарышы - гаршчэчкі, змацаваныя паміж сабой. У такіх насілі ежу на поле. На падлозе - маслабойка, на сцяне - вешалка з рога каровы. У другой частцы хаты - куфар.

У 1990 годзе загадам Гарадзенскага кіравання культуры № 10 ад 12.02.1990 г. на аснове рашэння Мастоўскага раённага Савета народных дэпутатаў № 269 ад 17.01.1990 г. музей стаў дзяржаўным.

Тады ж пад музей быў перададзены 2-гі школьны будынак, дзе ў гэты ж год была адчынена зала "Народная медыцына", праект якой бясплатна зрабіў мастак Алесь Ступень. У аддзеле народнай медыцыны сабраны зёлкі і апісанне іх выкарыстання, спосабы народных прыёмаў лячэння. Хачу сказаць, што экспазіцыя гэтай залы захапляе. Вядомая беларуская пісьменніца Зоська Верас, якая сама заўсёды лячылася толькі зёлкамі, прапанавала Алесю Мікалаевічу зрабіць залу, прысвечаную зёлкам, рэцэптам, гудзевіцкай медыцыны. Цікавы экспанат - трохлітровы слоік з вадою 1984 года, якая застаецца прыдатнай для піцця і сёння. Яе сакрэт у крэмені, які вядомы сваімі ачышчальнымі ўласцівасцямі. З розных куткоў СССР у музей прыходзілі лісты з просьбай прыслаць лекавага крэмню. Маючы цяжкае захворванне, Алесь Мікалаевіч верыць толькі крэмніевай вадзе. Ён упэўнены, што крэмніевая вада ўмацоўвае імунную сістэму, лечыць адкладанне соляў, добра ўплывае на страўнік.

У гэтым жа будынку ў 1990 годзе былі аформлены дзве залы "Лёну і народнага ткацтва", дзе сабраны ўсе прылады, якія патрэбны для таго, каб лён ці воўна ператварыліся ў тканіну, паказаны ўсе ўзоры тканін, якія вырабляліся ў мясцовасці, а таксама ўнікальная калекцыя падвойных дываноў. У 1991 годзе два асобныя музейныя будынкі злучыліся трэцім, новым. Паступова і тут адчыніліся экспазіцыйныя залы, якія спраектаваў і аформіў мастак Алесь Ступень. У 1997 годзе была зроблена зала "Гісторыя Гудзевіч у дакументах і фотаздымках". Зала "Гудзевічы ў мастацтве" і выставачная зала прынялі наведвальнікаў адпаведна ў 2000 г. і 2001 г.

У музеі ёсць аддзелы: сялянская хата ХVIII ст., літаратурна-краязнаўчы, этнаграфічны, лёну і ткацтва, народнай медыцыны, жывапісу, графікі, скульптуры. У час стварэння літаратурна-краязнаўчага аддзела кансультантамі музея і ахвяравальнікамі былі С. Александровіч, Я. Брыль, З. Верас, В. Вітка, А. Вярцінскі, Л. Геніюш, Н. Гілевіч, У. Караткевіч, Г. Кісялёў, А. Мальдзіс, І. Мележ, П. Панчанка, М. Прашковіч, А. Пяткевіч, Ю. Семяняка, У. Сцяцко, Ю. Тарасевіч, М. Ткачоў, Ю. Туронак, Ф. Янкоўскі, С. Яновіч.

Сярод экспанатаў літаратурна-краязнаўчага аддзела - лісты, успаміны беларускіх пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, археолагаў, гісторыкаў, у якіх аўтары даюць трактоўку сваіх твораў, апавядаюць пра літаратурных герояў, дзеячаў навукі, культуры, літаратуры, выказваюць свае адносіны да роднай мовы, гісторыі роднага краю; захоўваюцца творы, фотаздымкі М. Багдановіча, М. Гарэцкага, У. Дубоўкі, У. Караткевіча, Я. Коласа, М Лынькова, М. Машары, Цёткі, літаратараў Балгарыі, Польшчы, Расіі, Украіны, Чэхіі. Экспануюцца: грамата караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста, пісаная ім 6.5.1793 у Гародні да стольніка Шукевіча з прычыны склікання апошняга сойму Рэчы Паспалітай, матэрыялы пра беларускіх першадрукароў, лісты Алеся Адамовіча, Генадзя Кісялёва, кнігі з аўтографамі Ляваса Уладзіміраваса "Франциск Скорина - первопечатник вильнюсский", Я. Парэцкага "Сымон Будны", Алеся Петрашкевіча "Напісанае застаецца", буклет "Чэшскія першадрукары і асветнікі", дасланы ў 1970-х гадах М. Забэйдам-Суміцкім, юбілейны медаль "Да 450-гаддзя беларускага кнігадрукавання". Ёсць тут матэрыялы, якія распавядаюць пра удзел мясцовых сялян у паўстанні 1863 года, успаміны паўстанца Язэпа Шэмета з вёскі Дубляны Гудзевіцкай воласці, беларускі рукапіс даследавання прафесара Варшаўскага ўніверсітэта У. Стохаля "Дзе выдавалася "Мужыцкая праўда""; патрыятычныя творы М. Арла, які ў 1910-1912 гадах працаваў настаўнікам у вёсцы Струга Гудзевіцкай воласці; падшыўка газеты "Наша Ніва" за 1909 год, арыгіналы першых выданняў твораў Ф. Багушэвіча з яго здымкам XIX стагоддзя, В. Дуніна-Марцінкевіча, Цёткі, выданні твораў вуснай народнай творчасці пачатку ХХ стагоддзя, часопісы "Беларуская борць" і "Заранка" з аўтографамі Зоські Верас, яе ўспаміны пра Гарадзенскі гурток беларускай моладзі і арыгіналы фотаздымкаў гэтага гуртка, беларускія каляндары пачатку ХХ стагоддзя, адрыўныя каляндары 1930-х гадоў, лемантар "Зоркі" Аркадзя Смоліча (Менск, 1918), "Беларуская граматыка для школ" Браніслава Тарашкевіча (Вільня, 1919), матэрыялы пра пісьменнікаў, артыстаў, нумары машынапіснага альманаха "Праменьчык" літаратурнага гуртка Гудзевіцкай школы і рады музея, у якім сярод іншых ёсць раздзелы фальклору, тапанімікі, антрапанімікі, этнаграфіі, гісторыі Гудзевіцкага рэгіена.

У аддзеле народнай творчасці экспануюцца вырабы з косці і крэменю (часоў неаліту), вырабы мясцовых кавалёў XVIII-XХ стагоддзяў, калекцыя падвойных дываноў, перабірыстых, паласякоў, прылады для апрацоўкі лёну і рэчы з яго (посцілкі, абрусы, ручнікі, адзенне), вырабы з саломкі, лазы, дрэва, ганчарныя вырабы (кафля XVII-XX стагоддзяў, дахоўка, посуд, грузілы.

У аддзеле жывапісу, графікі, скульптуры - творы А. Багустава, Я Куліка, А. Кашкурэвіча, У. Кіслага, М. Купавы, А. Ліпеня, Г. Лойкі, Г. Мазурава, А. Марачкіна, А. Масяйкова, Б. Сергавіцкага, П. Сергіевіча, Л. Трахалевай, У. Церабуна.

Афармляецца зала народнага адзення.

У 2002 годзе адчынілася зала "Практычнага ткацтва", дзе размясціліся трое дзеючых вялікіх кроснаў, на якіх супрацоўніцы музея ткуць прыгожыя падвойныя дываны, посцілкі, абрусы, ручнікі, сурвэткі. На маленькіх ручных кроснах ткуць удзельнікі ткацкага гуртка.

У бібліятэцы музея больш за 2 тысячы экземпляраў кніг разнастайнай тэматыкі, з іх 462 - медыцынская літаратура са збораў Я. Геніюша, М. Марцінчыка, І. Нічыпарука.

З 19 ліпеня 2011 года дырэктарам музея з'яўляецца Басінская Кацярына Вітальеўна.

Зараз у музеі вядзецца рамонт, пасля якога супрацоўнікі музея з радасцю чакаюць наведвальнікаў.

Пасля наведвання музея, знаёмства з яго стваральнікам - Алесем Белакозам, настрой у мяне стаў вельмі ўзнёслым. Колькі аптымізму, колькі цёплых пачуццяў у мяне з'явілася пасля гэтай паездкі! Я лічу, што кожны жыхар Беларусі, які паважае сябе, паважае сваю краіну, мову, які неабыякава ставіцца да яе гісторыі і культуры, павінен абавязкова пабываць у Гудзевічах.

І завяршыць свой артыкул хацелася б словамі, пажаданнямі ад Алеся Мікалаевіча Белакоза:

- Калі жадаеце дасягнуць чаго-небудзь, стаўце вялікія мэты! Хай яны будуць нават невырашальнымі, але імкніцеся да іх! Рабіце шмат добрага для Беларусі! Выхоўвайце патрыётаў! Для нашай Радзімы гэта важна. Будзе цяжка матэрыяльна - не звяртайце ўвагі! Ідзіце да мэты!..

Юлія Якаўчык студэнтка 4 курса БДУКМ.


ВЫНІКОВАСЦЬ ЭКСПЕДЫЦЫЙ Ў РАМКАХ ПРАЕКТУ "ДУХ ПРОДКАЎ ЖЫВЕ Ў НАШЫХ СЭРЦАХ"

У Лідскім раёне на працягу некалькі месяцаў (ліпень 2013 г. - люты 2014 г.) рэалізоўваліся этнаграфічныя экспедыцыі рабочай групай праекту "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" у рамках трансмежавага супрацоўніцтва паміж Латвіей, Літвой і Беларуссю пры міжнароднай тэхнічнай дапамозе Еўрапейскага Саюзу.

Праект распрацоўваўся для правядзення фестываляў, семінараў і экспедыцый, бо гэта адзін з эфектыўных метадаў распаўсюджвання нацыянальнай культуры. Метад рэалізацыі праекта заснаваны на тым, што ў двух гарадах (Троках і Лідзе) былі пабудаваны 2 з 5 літоўскіх мураваных замкаў, якія цяпер адноўлены і прыцягваюць турыстаў сваёй гісторыяй. У абодвух рэгіёнах ёсць шмат іншых прыгожых і прывабных месцаў, якія маюць сваё гістарычнае мінулае, якія яшчэ не знаёмыя турыстам.

За больш чым паўгадовы тэрмін было зроблена вельмі шмат, дзякуючы выдатна арганізаванай працы з інфарматарамі. У лічбавым фармаце запісаныя вусныя апавяданні: аб вытворчасці тканін, аб вырошчванні лёну, традыцыйнай ежы старажылаў, беларускіх абрадах і іншае. Прадэманстраваны майстар-класы: па ганчарству, разьбе па дрэву, маркетры, ткацтву, абраду "Падаванне вянка", традыцыйнай апрацоўцы ільну і вырабу кужалю і г.д. Цікавым момантам стала вывучэнне традыцыйнай ежы старажылаў: мачанкі, посныя "вушкі" з начынкаю, бульбяная кішка, каравай, піражкі з начынкаю, чырвоны кісель і іншыя стравы.

Вельмі паспяхова ў лістападзе і снежні 2013 г. прайшлі экспедыцыі ў вёскі Ігнаткаўцы, Панямонцы і ў вёску Навіцкія. Падчас правядзення фальклорна-этнаграфічнай экспедыцыі ад старэйшых жыхароў вёскі Ігнаткаўцы сабраны багаты фальклорны танцавальны матэрыял. Экспедыцыйнай групай было сабрана і зафіксавана каля дзесяці побытавых танцаў: "Полька дробна", "Акуліна", "Кракавяк", "Падэспань", "На рэчаньку", "Каробачка", "Лысы", "Вальс", "Руская полька", "Факстрот". Цікавым момантам у Ігнаткаўцах было прыгатаванне каравая, дзе зафіксаваны ўвесь працэс замесу самаго цеста і ўпрыгожвання каравая. Жыхарка вёскі Навіцкія Жыдзіс Данута Эдуардаўна (1956 г.н.) прыгатавала смачную бульбяную, мясную і тварожную мачанкі, а пераняла яна гэтыя рацэпты ад сваёй свякроўкі. Фальклорны гурт Лідскага раённага цэнтра рамёстваў і традыцыйнай культуры прайшоў па вёсцы Панямонцы з абрадам "Калядаване". Хадзілі калядаваць з зоркаю і выконваючы розныя абрадавыя песні.

Былі абследаваны аграгарадкі Лідскага раёна (Дворышча, Бердаўка, Тарнова, Мажэйкава і інш.), дзе былі зафіксаваны помнікі гістарычна-культурнай спадчыны і прыгожыя гістарычныя месцы.

Падчас экспедыцый рабочай групай трансмежавага пректа "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" былі наведаны 22 населеныя пункты і прыблізна каля 70-ці інфарматараў.

Унікальнасцю і каштоўнасцю экспедыцый таксама з'яўляецца і тое, што ўвесь напрацаваны матэрыял застаецца ў архівах раёна, і плануецца далейшае яго выкарыстанне ў клубнай і адукацыйнай рабоце.

Выніковасць: мэта экспедыцый выкананая цалкам. Па вусным апісанні інфармантаў і захаванасці фатаграфічнага архіва можна скласці ўяўленне аб матэрыяльнай культуры побыце беларускага народа, у прыватнасці пра рамёствы, ежу, гістарычныя месцы і г.д.

Канчатковай мэтай праекту "Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах" у рамках трансмежавага супрацоўніцтва паміж Латвіей, Літвой і Беларуссю пры міжнароднай тэхнічнай дапамозе Еўрапейскага Саюзу ставіцца стварэнне буклетаў і DVD, якія будуць мець доўгатэрміновую культурную каштоўнасць.

Н. ВАЙЦЮКЕВІЧметадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці. Фотаматэрыял А. Пецікава.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX