Вярнуцца: 2014

№ 15 (1166)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 15 (1166) 9 красавіка 2014 г.


Дарагія сябры "Нашага слова"!

У гэтым квартале адбылося значнае зніжэнне колькасці падпісчыкаў. Прычынай стала ў асноўным спыненне ведамаснай падпіскі, якую арганізоўвала Салігорская арганізацыя ТБМ. Значна знізілася падпіска па Берасцейскай вобласці. Разам з тым ёсць раёны, дзе падпіска вырасла. У першую чаргу гэта Менск, Дзяржынскі р-н, Ельскі р-н, Ваўкавыскі, Наваградскі, Дзятлаўскі, Ашмянскі, Аршанскі, Полацкі і інш. раёны.

Студзень Красавік

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 19 17

Бяроза р.в. 10 5

Белаазёрск р.в. 1 1

Бярэсце гор. 16 10

Ганцавічы р.в. 1 1

Драгічын р.в. - 1

Жабінка р.в. 1 1

Іванава р.в 2 2

Івацэвічы р. в. 10 10

Камянец р.в. 2 1

Кобрын гор. 1 1

Лунінец гор. 2 1

Ляхавічы р.в. 1 1

Маларыта р.в. 1 1

Пінск гор. 7 6

Пружаны р.в. 8 8

Столін р.в. 1 1

Усяго: 83 68


Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. 1 1

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 33 33

Віцебск РВПС 2 2

Верхнедзвінск р.в. 4 4

Глыбокае р.в. 5 5

Гарадок р.в. 4 4

Докшыцы р.в. 1 1

Дуброўня р.в. 2 2

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 3 2

Новаполацк гор. 13 13

Орша гор. 5 6

Полацк гор. 5 6

Паставы р.в. 16 12

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 2 2

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 2 1

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 8 5

Шуміліна р.в. 1 1

Усяго: 113 106


Менская вобласць:

Беразіно р.в. 3 3

Барысаў гор. 10 10

Вілейка гор. 2 3

Валожын гор. 12 11

Дзяржынск р.в. 7 10

Жодзіна гор. - -

Клецк р.в. 1 1

Крупкі р.в. 5 6

Капыль р.в. 5 4

Лагойск 5 4

Любань р.в. 1 1

Менск гор. 277 295

Менск РВПС 11 11

Маладзечна гор. 12 12

Мядзель р.в. 2 3

Пухавічы РВПС 3 4

Нясвіж р.в. 6 2

Смалявічы р.в. 1 2

Слуцк гор. 23 21

Салігорск гор. 71 17

Ст. Дарогі р.в. - -

Стоўбцы р.в. 2 2

Узда р.в. 1 2

Чэрвень р.в. 4 3

Усяго: 464 427


Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 3

Брагін р.в. 1 1

Ветка р.в. 1 1

Гомель гор. 32 30

Гомель РВПС 1 1

Добруш р.в. - -

Ельск р.в. 1 4

Жыткавічы р.в. 11 11

Жлобін гор. 2 2

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. 2 2

Лельчыцы р.в. - -

Лоеў р.в. - 1

Мазыр гор. 2 2

Акцябарскі р.в. 1 1

Нароўля р.в. - -

Петрыкаў р.в. 2 1

Рэчыца гор. 1 1

Рагачоў гор. 2 1

Светлагорск гор. 3 2

Хойнікі р.в. 1 1

Чачэрск р.в. - -

Усяго: 67 66


Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 3 3

Ваўкавыск гор. 9 10

Воранава р.в. 5 5

Гародня гор. 37 35

Гародня РВПС 20 20

Дзятлава р.в. 14 15

Зэльва р.в. 3 3

Іўе р.в. 5 3

Карэлічы р.в. 4 4

Масты р.в. 3 4

Наваградак гор. 2 4

Астравец р.в. 6 6

Ашмяны р.в. 2 3

Смаргонь гор. 5 5

Слонім гор. 11 9

Свіслач р.в. 4 4

Шчучын р.в. 2 2

Ліда 16 14

Усяго: 151 149


Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 5 5

Бялынічы р.в. 1 1

Быхаў р.в. 1 1

Глуск р.в. 1 1

Горкі гор. 1 2

Дрыбін р.в. - -

Кіраўск р.в. 19 19

Клічаў р.в. 2 3

Клімавічы р.в. - -

Касцюковічы р.в. 1 1

Краснаполле р.в. - -

Крычаў р.в. - 1

Круглае р.в. 1 1

Мсціслаў р.в. 2 2

Магілёў гор. 46 38

Магілёў РВПС 1 1

Асіповічы гор. 13 12

Слаўгарад р.в. 2 1

Хоцімск р.в. 1 1

Чэрыкаў р.в. 1 1

Чавусы р.в. - -

Шклоў р.в. 1 1

Усяго 99 92

Усяго на краіне: 977 908


200 гадоў з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча

Граф Яўстафій ТЫШКЕВІЧ нарадзіўся 18 красавіка 1814, памёр 13 жніўня 1873. Беларускі археолаг, гісторык, этнограф, краязнавец, музеязнавец; адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі. Ганаровы член Пецярбургскай акадэміі навук, член Дацкага таварыства аматараў паўночных старажытнасцяў, Стакгольмскай Каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва і старажытнасцяў, Лонданскага археалагічнага інстытута. Малодшы брат Канстанціна Піевіча Тышкевіча. Нарадзіўся ў Лагойску.

З 1824 Яўстафій вучыўся ў Віленскай гімназіі пад апекай прафесараў ўніверсітэта Я. Вашкевіча і К. Асмалоўскага. Перапыніўшы тут вучобу, ён у 1831 скончыў Менскую гімназію. Потым амаль 2 гады вучыўся самастойна, "дабіраючы" веды ў пецярбургскіх бібліятэках.

З 1833 Яўстафій служыў у Ордэнскім капітуле, канцылярыі віленскага, потым кракаўскага генерал-губернатара. З 1840 ён ганаровы апякун школ, маршалак шляхты Барысаўскага павета, на свае сродкі пабудаваў у Барысаве павятовае вучылішча; у 1848-54 - куратар Менскай гімназіі. Але асноўным яго заняткам была навука. Пачынаючы з 1837, ён кожнае лета даследаваў курганы на Лагойшчыне, Барысаўшчыне, Меншчыне, у Друцку, Лідзе, Крэве, Міры, Гальшанах і інш.

Не зважаючы на свае графскія тытулы, браты Яўстафій і Канстанцін, а часам і бацька, бралі ў рукі рыдлёўкі і з дапамогай навакольных сялян раскопвалі старажытныя курганы. Часам, пераапрануўшыся ў простае сялянскае адзенне, яны хадзілі па вясковых хатах, каб паслухаць і запісаць народныя песні, легенды, паданні, шчырую гутарку сялян пра побыт, паўдзельнічаць у абрадах. Захоплены загадкамі старажытнага свету, Яўстафій Тышкевіч вырашыў грунтоўна разабрацца ў тыпах гістарычных помнікаў на роднай зямлі і высветліць, ці ёсць у іх заканамернасць і сувязь з культурай плямён, што некалі жылі на Беларусі. Гэта захапленне археалогіяй прыйшло да яго ў 20-гадовым узросце. Каб папоўніць свае веды па старажытнай гісторыі і пазнаёміцца з метадамі даследаванняў замежных калег у археалогіі, Тышкевіч у 1843 накіраваўся на стажыроўку ў Данію, Фінляндыю, Швецыю.

Вярнуўшыся з замежжа, выдаў сваю працу "Археалогія ў Літве" (1872), у якой акрэсліў шырокі абсяг для даследаванняў помнікаў Беларусі...

(Пра братоў Тышкевічаў чытайце на ст. 7.)


110 гадоў з дня нараджэння Міколы Хведаровіча

ХВЕДАРОВІЧ Мікола [сапр. Чарнушэвіч Мікалай Фёдаравіч; 24.3(6.4).1904, г. Капыль - 20.8.1981], беларускі паэт. Скончыў БДУ (1931). З 1919 адзін з арганізатараў камсамольскіх ячэек на Случчыне, быў байцом харчатрадаў і частак асобага назначэння (ЧОН). Працаваў у часопісах "Партыйны работнік" і "Бальшавік Беларусі" (1929-32), "Чырвоная Беларусь" (1932-33), "Полымя рэвалюцыі" (1934-37).

Арыштаваны 3.8.1938. Асуджаны (1940) на 8 гадоў пазбаўлення волі. Знаходзіўся ў зняволенні ў лагерах на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска, з 1941 ва Усцьвытлагу (пасёлак Ваяжэль Комі АССР). З 1946 працаваў у Каршынах Узбекскай ССР. Паўторна арыштаваны 22.5.1949; сасланы (1949) у Енісейск Краснаярскага краю. Рэабілітаваны ў 1955. У 1956 вярнуўся ў Беларусь.

Друкаваўся з 1925. Некат. творы падпісваў псеўд. Старобінскі Себасцьян. Першы зборнік паэзіі "Настроі" (1929). Аўтар паэтычных кніг "Баявыя песні" і "Рытмы" (1930), "Тэмпы-кантрасты" (1931), "Вайна за мір" (1932), "Усім сэрцам" (1937), "Залаты лістапад" (1957), "Перазвон бароў" (1961), "Зоркі на камені" (1968). Выдаў аўтабіягр. аповесць "Споведзь перад будучыняй" (1978), кнігі нарысаў-успамінаў пра беларускіх пісьменнікаў "Памятныя сустрэчы" (1960, 3 выд. 1977), "Незабыўнае" (1976). Пісаў для дзяцей ("Сонечны зайчык", 1961, "Лясныя званочкі", 1968, "Крылы", 1973). Шмат перакладаў.

Вікіпедыя.


70 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Лісіцына

ЛІСІЦЫН Уладзімір Сяргеевіч нарадзіўся 13.04. 1944 г. у канцлагеры Флігенорт (Германія), паэт.

Паходзіў з сялянскай сям'і, якая жыла ў в. Пагосцішча Лёзненскага раёна. У час вайны яго маці і старэйшы брат вывезены ў канцлагер. Пасля вызвалення яны вярнуліся ў родную вёску. У. Лісіцын вучыўся ў Крынкаўскай сярэдняй школе, дзе займаўся ў літаратурным і драматычным гуртках. У 1965 г. скончыў горнапрамысловае педагагічнае вучылішча (Лісічанск, Украіна). Працаваў шахцёрам у Данбасе. Настаўнічаў на Лёзненшчыне, супрацоўнічаў з раённай газетай "Сцяг Перамогі". У 1970 г. завочна скончыў тэатразнаўчае аддзяленне Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Апошнія гады жыў у Джанкоі - працаваў дырэктарам Палаца культуры, настаўнічаў у школе.

Памёр 12.07.1973 г.

Друкавацца пачаў у 1964 г.: першы верш "У драмгуртку" апублікаваны ў газеце "Віцебскі рабочы". Потым яго вершы з'яўляліся ў газетах "Голас Радзімы", "Мінская праўда", "Вячэрні Мінск", часопісах "Нёман", "Вожык", "Маладосць", зборніку "Дзень паэзіі". У 1974 г. выйшла яго першая кніга паэзіі "Жураўлінае вясло". Уключаныя ў яе вершы прысвечаны роднаму краю, яго прыродзе, каханню. Ім уласціва яркая вобразнасць, філасафічная заглыбленасць, вялікі зарад жыццёвасці, песеннасць, афарыстычнасць. У паэме "Дзірваны" апавядаецца пра цяжкі лёс беларускага хлопчыка ў гады вайны.

Вікіпедыя.


АДБЫЛАСЯ ІХ СПРАВАЗДАЧНА-ВЫБАРНАЯ КАНФЕРЭНЦЫЯ ВІЦЕБСКАЙ АБЛАСНОЙ АРГАНІЗАЦЫІ ТБМ ІМЯ Ф. СКАРЫНЫ

У нядзелю, 30-га сакавіка, у Віцебску прайшла чарговая справаздачна-выбарная канферэнцыя абласной арганізацыі ТБМ. На пачатку працы дэлегаты і госці ўшанавалі хвілінай маўчання памяць Герояў Нябеснай сотні: акурат на гэты дзень прыпалі саракавіны, менавіта столькі часу мінула з тых трагічных падзей на кіеўскім Майдане… Потым перад удзельнікамі канферэнцыі выступіў папулярны фальклорны гурт "Паўночная сухадроўка", што стала своеасаблівым прывітаннем сябрам таварыства.

На канферэнцыі прысутнічала 29 дэлегатаў з усіх рэгіёнаў Віцебшчыны, а так-сама 5 запрошаных асобаў, сярод якіх і прадстаўнікі дзяржаўнай улады. Са справаздачным дакладам выступіў старшыня Віцебскай абласной рады І.А. Навумчык. Ён спыніўся на асноўных момантах працы арганізацыі за апошнія два гады, акцэнтаваўшы асноўную ўвагу на праблемных момантах у дзейнасці рэгіянальных структур таварыства. У прыватнасці, Іосіф Адамавіч адзначыў, што, не гледзячы на ўсе намаганні кіраўніцтва рады, да гэтага часу няма канкрэтнай інфармацыі ад уладных структур наконт адзначэння 90-гадовага юбілею Васіля Быкава. На свае звароты таварыства атрымлівае фармальныя адпіскі, маўляў, усё будзе зроблена, імпрэзы рыхтуюцца. Але як і што - застаецца загадкай. А часу ўсё менш і менш. Дзяржаўныя органы не спрыяюць пашырэнню беларускай мовы, хоць кіраўніцтва абласной рады рэгулярна сустракаецца з высокімі прадстаўнічымі асобамі вобласці і горада, і на словах нібыта падтрымка і ўсякае садзейнічанне абяцаецца. Але далей за словы справа не ідзе. Больш за тое, не будзе прадоўжаны кантракт з кіраўніком Полацкага Цэнтра рамёстваў Валянцінай Крук, якая восем апошніх гадоў узначальвае Полацкую гарадскую арганізацыю ТБМ. Гэта адна з найбольш актыўных нашых структур, якая ладзіць дзясяткі беларускіх імпрэзаў штогод. Як мяркуюць дасведчаныя людзі, такім чынам Валянціна Іосіфаўна пакарана за шматлікія культурніцкія мерапрыемствы, у тым ліку і за спробу правесці ў Полацку канцэрт Змітра Вайцюшкевіча. Натуральна, фармальная нагода ўказана іншая, але ж усе ўсё разумеюць.

Сп. Навумчык звярнуў таксама ўвагу на праблемы з тапанімікай у вобласці. Напрыклад, назвы чыгуначных станцый паўсюль у рэгіёне цяпер падаюць у рускамоўнай версіі. Беларускія ўласныя найменні пішуцца па-руску, чаго не было яшчэ гады два назад. Гэта прыводзіць часам да суцэльнага абсурду, як, скажам, з назвай прыпыначнага пункта Палевачы, што ў Глыбоцкім раёне. У версіі "расейскамоўных адмыслоўцаў" яна падаецца як Палеваче (??). Цяжка ўявіць што-небудзь больш экзатычнае. Тут дарэчы старшыня рады прывёў выказванне: "Там, дзе няма беларускай мовы, няма сапраўднай Беларусі".

У спрэчках па дакладзе, з паведамленнямі з мясцовых суполак выступілі больш за 20 чалавек (!). Так, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Георгій Станкевіч наракаў на амаль поўную адсутнасць беларускага слова на старонках Бешанковіцкай раённай газеты "Зара". Людміла Нікіціна - кіраўнік Заронаўскай суполкі - канстатавала непадробнае жаданне школьнікаў, моладзі ўдзельнічаць менавіта ў беларускамоўных імпрэзах, што ладзяцца пры мясцовым музеі. Вядомы пісьменнік, перакладчык, педагог Уладзімір Папковіч звярнуў увагу на немагчымасць выкладання шэрагу прадметаў, у прыватнасці, нямецкай мовы, абапіраючыся на беларускамоўныя падручнікі, бо такіх у цяперашняй дзяржаве проста няма. А студэнты з куды большым задавальненнем карысталіся б падручнікамі і дапаможнікамі менавіта на роднай мове. Яшчэ адзін вядомы творца - пісьменнік, празаік Франц Сіўко - з болем гаварыў пра адсутнасць усякіх магчымасцяў сустрэцца з чытачамі ў якім-небудзь дзяржаўным будынку. Ёсць жаданне прыхільнікаў літаратурнай творчасці правесці сустрэчу з пісьменнікамі, але дазвол на гэта ўлада не дае.

Сябра Полацкай гарадской арганізацыі Феакціст Фядотаў заклікаў прысутных рабіць усё магчымае, каб "выходзіць з моўнага гета", у якім сёння апынулася нацыянальная інтэлігенцыя. Але каб зрушыць справу ў гэтым кірунку, "мовай павінна пачаць карыстацца ўлада, трэба спыніць асіміляцыю", - такая асноўная тэза з выступлення кіраўніка Гарадоцкай раённай суполкі Леаніда Гаравога.

Цікавай таксама бачыцца прапанова дэлегата з Оршы Канстанціна Анташкевіча, звернутая да рэдакцыі "Нашага слова": даваць штотыдзень праграму тэлеканала "Беларусь-3", паколькі амаль палова эфіру названага тэлеканала ідзе па-беларуску, і гэта карыстаецца істотнай папулярнасцю ў шырокага кола гледачоў. А віцебскі актывіст Аляксандр Ткачоў прапануе звярнуцца ў адпаведныя структуры з тым, каб трэці канал зрабіць цалкам беларускамоўным, як, зрэшты, гэта некалі і абяцалася ўладай.

Са сваім бачаннем шляхоў пашырэння сферы выкарыстання беларускай мовы ў грамадстве выступілі таксама Пётр Сырапеня (Віцебск), Ада Райчонак (Германавічы), Уладзімір Яцкевіч (Полацк), Вера Гямбіцкая (Полацк), Вадзім Шышко (Паставы), Валянціна Крук (Полацк), Марыя Баравік (Падсвілле), Валянцін Арлоў (Віцебск). Кіраўнік суполкі ВДУ імя Машэрава Андрэй Шчарбіцкі падзяліўся ўласным станоўчым і вельмі цікавым досведам камунікавання па-беларуску з выкладчыкамі ваеннай кафедры ўніверсітэта.

У шэрагу іншых выступаў дэлегаты выказвалі падтрымку сябрам Полацкай раённай арганізацыі і персанальна яе кіраўніку Валянціне Крук, заклікалі ўлады да аб'ектыўнага стаўлення да дзейнасці прыхільнікаў беларушчыны.

Больш за паўтары гадзіны працягваўся канструктыўны, зацікаўлены абмен думкамі, абмяркоўваліся надзённыя праблемы з жыцця абласной арганізацыі. Са своеасаблівым падсумаваннем агучаных прысутнымі меркаванняў выступілі таксама Іосіф Навумчык, Юрась Бабіч, Алена Сакалова.

Паколькі шмат пытанняў узнікала да органаў улады, на канферэнцыі выказаў афіцыйную пазіцыю адносна ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадскіх арганізацый запрошаны прадстаўнік ад дзяржаўных структур - начальнік аддзела культуры галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкама Пётр Падгурскі. Праўда, далёка не ўсё са сказанага Пятром Мікалаевічам успрымалася ўдзельнікамі канферэнцыі. Хацелася б бачыць сапраўды рэальнае супрацоўніцтва з органамі ўлады, як да гэтага і імкнецца таварыства, а не імітацыю такой дзейнасці.

Згодна са статутам, быў абраны новы склад абласной рады і рэвізійнай камісіі, вылучаны дэлегаты на з'езд ТБМ ад раённых і гарадскіх суполак, прыняты план дзейнасці абласной арганізацыі на наступныя два гады. Старшынём Віцебскай абласной рады на чарговы тэрмін абраны Іосіф Адамавіч Навумчык.

Можна без сумневу сцвярджаць, што ў гэты дзень адбылася не проста звычайная статутная падзея, а меў месца сапраўды сур'ёзны, канструктыўны аналіз дзейнасці тэбээмаўцаў Віцебшчыны, намечаны новыя задачы і абмеркаваныя шляхі іх вырашэння.

Юрась Бабіч, намеснік старшыні Віцебскай абласной рады ТБМ



У нядзелю 30 сакавіка адбылася абласная справаздачная канферэнцыя ТБМ ў Віцебску. Ад нашай, Пастаўскай суполкі, выправілі мяне.

Пачалося паседжанне вельмі прыгожа. Запрасілі нейкі мясцовы ансамбль з маладых дзяўчатак, якія заспявалі нам некалькі старадаўніх беларускіх песень. Як жа яны прыгожа спявалі! А якія ж яны самі прыгожанкія! Толькі дзеля гэтага аднаго ўжо варта было прыехаць.

Пасля перайшлі да афіцыйнай часткі. Адкрыў яе старшыня абласнога ТБМ Іосіф Адамавіч Навумчык. Быў абраны прэзідыюм і прадстаўлены ўдзельнікі канферэнцыі. Вельмі ўразіла тое, што да нас на паседжанне прыйшоў начальнік абласнога ўпраўлення культуры Пётр Падгурскі. А для нас, як для грамадскай арганізацыі, наяўнасць дыялогу з прадстаўніком афіцыйнай улады вельмі важная.

Іосіф Адамавіч распавёў нам пра дзейнасць віцебскай арганізацыі, пра тыя праблемы, якія стаяць перад намі на кожным шляху. Асаблівую ўвагу звярнуў на пытанне тапаніміі. Спыніўся на дзейнасці мясцовых суполак. Як і трэба было чакаць яна даволі сціплая. Такая самая сітуацыя і з падпіскай на нашу газету. Пасля Іосіфа Адамавіча слова ўзяў старшыня віцебскай рэвізійнай камісіі з фінансавай справаздачай. Аб якой увогуле дзейнасці можна казаць, калі гадавы бюджэт абласной арганізацыі ТБМ склаў каля 1,5 мільёна беларускіх рублёў? Зразумела, што ў раёных арганізацыях гэтая лічба яшчэ меншая. Таму няма чаго і дзівіцца, што дзейнасць раённых суполак выглядае так сціпла - на адным толькі энтузіязме далёка не заедзеш.

І яшчэ, мала таго, што ў раённых суполак адсутнічаюць матэрыяльныя сродкі для ажыццяўлення сваіх ідэй, дык часта яшчэ і мясцовыя ўлады самым розным чынам перашкаджаюць гэтай дзейнасці. Колькі горычы і крыўды я пачуў ад дэлегатаў усіх раёнаў нашай вобласці. Як можна зразумець паводзіны тых чыноўнікаў, што так моцна баяцца тых адзінак-энтузіастаў, якія, не маючы амаль ніякіх сродкаў для дзейнасці, абапіраючыся толькі на саміх сябе спрабуць данесці да людзей беларускае слова? Што ў іх такога небяспечнага?

Асобным пунктам выступоўцы спыніліся на сітуацыі з полацкім дзеячам культуры - Валянцінай Крук, якая вельмі шмат зрабіла для развіцця беларушчыны, а ёй цяпер не працягваюць кантракт. І раз за разам усе гэтыя пытанні задаваліся Пятру Падгурскаму: чаму так адбываецца, што сябры ТБМ спрабуюць захаваць беларускую мову і культуру, а ім не толькі перашкаджаюць, але яшчэ і звальняюць?

У канцы, зразумела, далі слова і самому Пятру Мікалаевічу. Ну, думаем, выслухаў ён нас усіх, зразумеў нашыя праблемы і паспрабуе неяк пайсьці нам насустрач, бо мы ўсё ж такі той самы народ, які, адпаведна нашай Канстытуцыі, з'яўляецца галоўнай крыніцай улады ў краіне. І што ж мы пачулі? Па-першае, тое, што наша мова не знайходзіцца ні ў моўным гета, ні ў рэзервацыі, як пра гэта казаў амаль кожны з выступоўцаў. Тут нават цяжка нешта сказаць у адказ. Ці ён проста нікога з нас не чуў, як мы казалі, што навокал амаль паўсюль пануе толькі расейская мова, ці ён проста ў сваім асабістым жыцці гэтага не бачыць.

Па-другое, Пётр Мікалаевіч неяк не зусім зразумела ахарактарызаваў той факт, што ён сам вучыўся ў беларускамоўнай школе, маўляў, "я сам скончыў 8 класаў беларускамоўнай школы і не саромеюся (?!!) гэтага". Дык гэта што атрымоўваецца, што гэтага, аказваецца, яшчэ можна і саромецца, скончыць беларускамоўную школу?.. Цяжка прыдумаць горшую дыскрэдытацыю для беларускай мовы з вуснаў чыноўніка такога даволі высокага рангу.

І трэцяе, чым Пётр Мікалаевіч нас проста ўсіх "забіў", гэта тое, што ён амаль адразу перайшоў на, відаць, звыклы для сябе камандзірскі тон і пачаў нас вучыць (!!!), што мы павінны (!!!) рабіць. Ад нечаканасці мы аж разгубіліся, балазе адзін пісьменнік, які прысутнічаў па канферэнцыі, хутка прывёў Падгурскага ў прытомнасць.

Паважаны Пётр Мікалаевіч, Вы, канешне, не чытаеце такіх газет, але ўсё роўна вельмі хочацца Вам нагадаць, што пакуль што беларуская мова таксама з'яўляецца дзяржаўнай. А гэта значыць, што яе захаваньне з'яўляецца задачай і дзяржслужбоўцаў у тым ліку. За гэта, нагадаю Вам, Вы і грошы атрымліваеце з бюджэту за кошт падаткаплацельшчыкаў. Ну дык, напэўна ж трэба адпра-цоўваць свае грошы?

Гэта мы, удзельнікі ТБМ, працуем хто дзе, а ТБМ з'яўляецца нашай пазапрацоўнай дзейнасцю. Мы займаемся тым, чым павінны займацца вы, дзяржаўныя чыноўнікі - захаваннем і распаўсюджваннем беларускай мовы. Прычым нам за гэта грошы ніхто не плаціць. Больш за тое, мы самі выдаткоўваем на гэта свае асабістыя грошы і вольны час. І пры гэтым нам яшчэ часта даводзіцца сустракацца з ціхім супрацьстаяннем мясцовых уладаў. І пасля ўсяго гэтага, Пётр Мікалаевіч, Вы яшчэ спрабуеце нам указаць як мы павінны нешта рабіць. Ці не здаецца Вам, што гэта крыху не ў тым месцы і не з тымі людзьмі? Можа ўсё ж такі з Вашага боку было б лепш хаця бы проста падзякаваць нам за тое, што мы, не гледзячы ні на што, дапамагаем Вам рабіць тое, што ў вас, мяркуючы па моўнай сітуацыі ў краіне, атрымліваецца зусім не лепшым чынам?

Але бог з імі, з гэтым чынавенствам, хаця б проста не перашкаджалі, бо на падзяку тут чакаць не даводзіцца. Важней усё ж такі сама канферэнцыя. Трохі мяне збянтэжыла сама форма мерапрыемства. Пасля выступлення Пятра Падгурскага мы хуценька нанова выбралі нашых абласных кіраўнікоў ТБМ, падпісалі агульны ліст да абласнога кіраўніцтва, каб не звальнялі Валянціну Крук і на гэтым усё рэзка скончылася. Яшчэ літаральна пяць хвілін пагаманілі паміж сабой за кубкам кавы і ўмомант усе разбегліся. Я так і не зразумеў, навошта тады мы ўвогуле збіраліся? Толькі, каб зноў выбраць кіраўнікамі тых жа самых людзей, паплакацца адзін аднаму ў камізэльку, як нам усім цяжка, і ўсё? І варта мне было дзеля гэтага трэсціся дзве ночы ў цягніку? Ну, толькі што на тых цудоўных дзяўчынак з ансамбля паглядзець.

Шчыра кажучы, я чакаў ад сустрэчы зусім іншага. Віцебская вобласць даволі расцягнутая. І дабрацца ад аднаго да другога даволі складана. Нават іншых кантактаў бракуе. І тут атрымалася зручная нагода сабрацца ўсім разам. Гэта ж выдатная магчымасць, каб пазнаёміцца адзін з адным, пагаварыць, падзяліцца нейкім досведам. Таму што добра бачна, як людзям цяжка адным у сваім раёне цягнуць на сабе такі цяжар. Проста паплакацца, як цяжка, не мае сэнсу, бо гэта нічым не дапаможа. І спадзявацца на нашае віцебскае кіраўніцтва ТБМ таксама няма асабліва чаго, бо яны прыкладна ў такім жа стане як і мы. Спадзявацца можна толькі на свае сілы. А сваіх сіл мала. Значыць, трэба неяк аб'ядноўвацца паміж сабой. Дапамагаць адзін аднаму хаця б чым-небудзь. А замест гэтага чыста афіцыйна хуценька правялі паседжанне і разбегліся. Засталося прыкрае адчуванне, што ўсё, што адбывалася, як і ў савецкія гады - проста каб паставіць гачык у справаздачы, што зроблена. Навошта тады гэта ўсё ўвогуле патрэбна?

Я згодны, што такія справаздачна-выбарчыя канферэнцыі таксама патрэбныя, але быў бы сэнс зрабіць іх больш плённымі. Як я ўжо казаў на канферэнцыі, быў бы сэнс больш цесна супрацоўнічаць рэгіянальным суполкам з суседніх раёнаў. І на гэтай канферэнцыі гэта можна было б выдатна зрабіць. Было б вельмі цікава і карысна проста пазнаёміцца з прадстаўнікамі суполак іншых, нават далёкіх раёнаў, хаця бы для таго, каб ведаць, хто чым дыхае. А то я як прыехаў, нікога не ведаў, так і паехаў, пазнаёміўшыся літаральна з адным-двума. От мне шмат карысці з гэтага. Ды хаця б проста кантактамі абмяняцца, ужо было б вельмі файна. Навошта ўвогуле прыдумалі інтэрнэт, сацыяльныя сеткі? Гэта ж найцудоўнейшая магчымасць каб пастаянна знаходзіцца на сувязі адзін з адным. Так, сярод удзельнікаў было шмат людзей сталага веку, якія не надта сябруюць з інтэрнэтам. Ну дык прыцягвайце моладзь. Даражэнькія мае, на дварэ ўжо трэцяе тысячагоддзе, на змену вам прыйдзе моладзь, якая жыве ў сеціве, значыць, трэба актыўна засвойваць гэтую вобласць, пакуль не позна.

Адным словам, я чакаў крыху больш ад такой падзеі. Але хай сабе. Бо галоўная задача нашай суполкі - хоць што-небудзь зрабіць у сваім раёне. А астатнія хай самі адказваюць за дзейнасць на сваёй тэрыторыі.

Вадзім Шышко.


ПРОЗВІШЧЫ БЕЛАРУСІ: НАЙМЕННІ ПІСЬМЕННІКАЎ

(Працяг.)

Навумовіч (Уладзімір Н.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Навум з акцэнтаваннем фарманта -овіч і се-мантыкай 'нашчадак Навума'. ФП: Нав у м - Нав у мавіч - Навумовіч .

Налівайка (Алесь Н.) - семантычны дэрыват ад апелятыва налівайка 'той, хто налівае'. ФП: наліваць - налівай - налівайка - Налівайка .

Насовіч (Іван Н.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Нос з акцэнтаваннем фарманта -овіч (Нас-овіч) . ФП: нос ('выступ паміж вачамі і ротам на твары чалавека або мордзе жывёлы, які з'яўляецца пачаткам дыхальных шляхоў і органам нюху') - Н о саў - Н о са-віч - Насовіч.

Нікіфаровіч (Ванкарэм Н.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Нікіфар з акцэнтаваннем фарманта -овіч . ФП: Нікіфар - Нікіфаравіч - Нікіфаровіч .

Нікіфароўскі (Міка-лай Н.) - шляхетная форма з суфіксам -оўскі ад імя Нікіфар : Нікіфар-оўскі .

Новік - дэрыват з су-фіксам -ік ад антрапоніма Новы з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: новы ('набыты або зроблены нядаўна; які не быў ва ўжыванні раней', 'адкрыты, вынайдзены нядаўна; раней невядомы', 'не той, што раней' і інш.) - Новы (мянушка, а потым прозвішча) - Новік .

Новік-Пяюн (Сяргей Н. П.) - складанае найменне, мае два кампаненты. Першы - Новік . Другі кампанент Пяюн - семантычны дэрыват ад апелятыва пяюн 'той, хто вельмі любіць спяваць, многа спявае, пявун'.

Новіч (А. Н.) - дэрыват з суфіксам -іч ад інтрапоніма Новы з семантыкай 'бацькайменне (ад Новы '): Нов-іч . ФП: новы - Новы - Новіч .

Нядзведскі (Уладзіслаў Н.) - прэстыжнае ўтварэнне на -скі ад антрапоніма Нядзведзь ( Нядзведзь-скі - Нядзведскі ), якое ад апелятыва нядзведзь - варыянта літаратурнага мядзведзь .

Някляеў - (Уладзімір Н.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Някляй (Някляй-эў) з семантыкай 'нашчадак (Някляя)'.

Падабед (Язэп П.) - семантычны дэрыват ад апелятыва падабед 'снеданне, часцей за ўсе другое, бліжэй к абеду'. ФП: абед - падабед - Падабед (мянушка чалавека, у маўленні якога частым было слова "пад-абед") - Падабед .

Пазняк (Янка П.) - семантычны дэрыват ад апеля-тыва пазняк - той, хто позніцца, хто позна з'яўляецца куды-небудзь'. ФП: пазніцца ('з'яўляцца пазней за вызначаны час', 'выконваць што-небудзь пазней, чым трэба', 'затрымлівацца') - позні - пазняк - Пазняк .

Палітыка (Апанас П., Дзмітрый П.) - семантычны дэрыват ад апелятыва палітыка ('дзейнасць органаў дзяржаўнай улады і дзяржаўнага кіравання, якая адлюстроўвае грамадскі лад і эканамічную структуру краіны') - Палітыка (мянушка чалавека, які часта карыстаўся гэтым словам) - Палітыка (прозвішча).

Пальчэўскі ( Алесь П.) - адтапанімічны дэрыват ад назвы паселішча Пальцы з суфіксам -эўскі (Пальцэўскі - Пальчэўскі) або прэстыжнае ўтварэнне з суффіксам -эўскі ад антрапоніма Палец ( Пальчэўскі , чарг. ц/ч ).

Панамароў (Валянцін П.) - прыметнікавая форма з суфіксам прыналежнасці -оў ад антрапоніма Панамар (Панамар-оў) з семантыкай - нашчадак названай асобы'. Утваральнае слова пономарь (рас.) 'дзяк, дзячок' (Русско-белорусский словарь, 1993, с. 683).

Папковіч (Уладзімір П.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Папок (Папко) з акцэнтаваннем фарманта -овіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: поп - папок ('памочнік папа' або 'сын') - Папок (мянушка) - Папко (прозвішча) - Папковіч .

Парахневіч (Міхась П.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Парахня з акцэнтаваннем фарманта - е віч і семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Парахн-евіч ). ФП: парахня парахн о ) ('дробныя, як пясок, сухія рэшткі сапрэлага або паточанага шашалем дрэва') - Парахня (мянушка) - Парахня (прозвішча) - Парах-невіч .

Пархута (Яраслаў П.) - семантычны дэрыват ад апелятыва пархута - ўтварэння ад парх (суф. ут-а ), якое падае "Беларуска-расійскі слоўнік" М. Байкова і С. Некрашэвіча (1926, с. 224): "Парх м. - паршивец, вшивец" і пархацік м. - уменьш. от парх". "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова змяшчае дэрыват ад пархута слова пархуцік (2012, с. 694), а таксама слова парх 'шалудзівы, з каростай на скуры', пархі 'шолудзі'. ФП: парх - пархута - Пархута (мянушка) - Пархута .

Парэцкі (Якаў П.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -цк-і (-ск-і) ад Парэчча з семантыкай 'з мясцовасці Парэчча'. ФП: рака - Парэчча (па рэчцы) - Парэцкі Парэчскі ).

Паслядовіч (Макар П.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Паслед з акцэнтаваннем фарманта -овіч ( Паследавіч - Паслядовіч ). ФП: паслед ('рэшткі, астаткі чаго-небудзь, падонкі', а таксама 'абалонка плода ў цяжарных') - Паслед (мянушка, а потым прозвішча) - Пасл е давіч - Паслядовіч .

Паўлёнак (Барыс П.) - дэрыват з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Павел Паўла, Паўло ) і семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Паўл-ёнак ). ФП: Павел - Паўлёнак .

Паўлікава (Людміла П.) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -ав-а ад антрапоніма Паўлік з семантыкай 'нашчадак' (дачка) асобы з прозвішчам Паўлік'). ФП: Павел - Паўлік - Паўлікава .

Паўлюкоўскі (Уладзіслаў П.) - дэрыват з суфіксам прэстыжнасці -оўскі ад антрапоніма Паўлюк . ФП: Павел - Паўлюк - Паўлюкоўскі .

Пачопка (Янка П.) - семантычны дэрыват з акцэнтаваннем ад апелятыва п о чапка 'вяровачка, раменьчык і пад., за якія чапляюць, падвязваюць што-небудзь', а таксама 'назва дэталяў у выглядзе колца або паўколца, які злучаюць што-небудзь'. ФП: пачапіць - п о чапка - Пач о пка .

Пашкоў (Генадзь П.) - форма прыналежнага прымет-ніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Пашка (Пашк-оў) з семантыкай 'нашчадак'. ФП: Павел - Паша - Пашка - Пашкоў .

Перкін (Навум П.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Перка з семантыкай 'нашчадак'. ФП: пяро - пёрка і перка - Пёрка Перка ) - Пер-кін .

Пестр а к (Піліп П.) - семантычны дэрыват ад апелятыва пестр а к (рас. пестр я к ) 'стракач' (стракачы 'сямейства жукоў з стракатым надкрыллем').

Петрашкевіч (Алесь П., Альфонс П.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Пятрашка з акцэнтаваннем фарманта -евіч і семантыкай 'нашчадак Пятрашкі'. ФП: Пётр - Пятраш - Пятрашка -Пятр а шкавіч - Петрашк е віч.

Петрукоў (Міхалка П.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Пятрук (Петрук-оў) з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Пётр - Пятрук - Петрукоў .

Петручук (Васіль П.) - дэрыват з суфіксам -ук ад антрапоніма Пятрук і семантыкай 'нашчадак Петрука'. ФП: Пётр - Пятрук - Петручук.

Півавараў (Зяма П.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Півавар з семантыкай 'нашчадак'. ФП: піва варыць - півавар - Півавар - Півавараў.

Піліпаў (Іван П.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад Піліп з семантыкай 'нашчадак Піліпа'. ФП: Піліп - Піліпаў .

Піс а рык (Алесь П.) - дэрыват з суфіксам -ык ад ант-рапоніма Пісар з семантыкай 'нашчадак Пісара'. ФП: пісаць - пісар ('канцылярскі службовец, які займаецца перапіскай, складаннем і рэгістрацыяй канцылярскіх папер'; а раней: пісар 'асоба, якая займалася перапіскай чаго-небудзь', а таксама (жартоўна) 'той, хто піша, хто ўмее пісаць') - Пісар (мянушка, пазней - прозвішча) - Пісарык .

Пісьмянкоў (Алесь П.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Пісьмянок з семантыкай 'нашчадак Пісьмянка'. ФП: пісаць - пісьмо - пісьменны - пісьмянок - Пісьмянок - Пісьмянкоў .

Плуг (Адам П.) - семантычны дэрыват ад апелятыва плуг 'сельскагаспадарчая прылада з шырокім металічным нарогам або дыскам для ворыва'. ФП: плуг ('прылада') - Плуг (мянушка) - Плуг .

Пракаповіч (Мікола П.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Пракоп з акцэнтаваннем фарманта -овіч і семантыкай 'нашчадак Пракопа'. ФП: Пракоп - Пракопаў - Прак о павіч - Пракаповіч.

Праскураў (Васіль П.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Праскур з семантыкай 'нашчадак Праскура': Праскур-аў .

Прашковіч (Мікола П.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Прошка (Прашко) з акцэнтаваннем фарманта -овіч і семантыкай 'нашчадак Прошкі'. ФП: прасіць - проська - прашу - прошка і прашко - Прошка і Прашко - Прашковіч .

Просты (Пётра П.) - семантычны дэрыват ад апелятыва просты 'няхітры, прастадушны, адкрыты, не ганарлівы' і пад. ФП: просты - Просты .

Пруднікаў (Алесь П., Павел П.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Пруднік з семантыкай 'нашчадак Прудніка' ( Пруднік-аў ). ФП: пруд (састарэлае) 'млын' - пруднік (фальк.) "Вялікі слоўнік беларускай мовы " Ф. А. Піскунова (2012, с. 793) - Пруднік (прозвішча) - Пруднікаў .

Прыгодзіч (Зіновій П.) - дэрыват з суфіксам -іч ад антрапоніма Прыгода з семантыкай 'бацькайменне' ( Прыго-да + -іч = Прыгодзіч ). ФП: прыгода ('здарэнне, нечаканы выпадак у жыцці') - Прыгода (мянушка чалавека з частым выкарыстаннем лексемы "прыгода") - Прыгода (прозвішча) - Прыгодзіч .

Пушкарэвіч (Канстанцін П.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Пушкар з акцэнтаваннем фарманта -эвіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Пушкар-эвіч ). ФП: пушка ('каробка - невялікая скрынка (з кардону, дрэва, пластмасы і пад.), а таксама (спец.) такая ж скрынка з якім-небудзь таварам, наборам прадметаў') - пушкар ('той, хто вырабляе каробкі, прадае іх з таварам') - Пушкар - Пушка-рэвіч .

Пятк е віч (Аляксей П.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Петка (Пецька) з акцэнтаваннем фарманта -евіч і семантыкай 'нашчадак Петка' ( Пятк- е віч ). ФП: Пётр - Пеця - Пецька - Петка - Петкавіч - Пяткевіч . Форма Пяткевіч узнікла не без уплыву поль-скай мовы ( -ке- на месцы -ка , як і кепска 'дрэнна').

Пятроўскі (Ян П.) - форма з прэстыжным фармантам -оўскі ад антрапоніма Пятро з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Пётр - Пятро - Пятроўскі . Фіналь - оўскі ў мяшчанаў нярэдка замяняла першаснае -овіч ( Пятровіч - Пятроўскі ).

Рабкевіч (Валянцін Р.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Рабко (Рабкевіч) і семантыкай 'нашчадак'. ФП: рабы ('з рабаціннем, з плямамі, не аднаго колеру, пярэсты') - Рабко - Рабкевіч .

Рагуля (Аляксей Р.) - семантычны дэрыват ад апелятыва раг у ля - (утварэння ад рогі (рагаты) з суфіксам -ул-я ) з семантыкай 'прадмет, які мае разгалінаванне ў выглядзе рагоў'; у маўленні сялян - 'ласкавае найменне каровы': рагуля (ад рогі ); як і крас у ля (ад краса 'прыгажосць'). ФП: рогі - рагаты - рагуля - Рагуля (мянушка асобы з частым у маўленні яе словам рагуля ) - Рагуля (прозвішча).

Радкевіч (Яўген Р.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Радко з акцэнтваннем фарманта -евіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Радкевіч . ФП: Радзівон (канан. правасл. Родион ) - Радзька - Радко - Радкевіч .

Разанаў (Алесь Р., Іван Р.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Разан з семантыкай 'нашчадак асобы Разан': Разанаў .

Ракаў (Віктар Р.) - прыметнікавая форма з суфіксам - аў ад антрапоніма Рак з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: рак ('беспазваночная, пакрытая панцырам прэснаводная жывёліна класа ракападобных з вялікімі клюшнямі каля галавы і брушкам, якое звычайна называюць шыйкай') - Рак (мянушка) - Рак (прозвішча) - Ракаў .

Рак-Міхайлоўскі (Сымон Р.-М.) - двухкампанентавае прозвішча ўзнікла ад спалучэння пісьменнікавага Рак (гл. вышэй) і бацькоўскага Міхайлоўскі (Аляксандр). Міхайлоўскі - ўтварэнне з суфіксам прэстыжнасці -оўскі ад Міхайла (Міхайлоўскі) .

Ралько (Іван Р.) - мажлівы семантычны дэрыват з фармантам -ко ад ралля - ролька (памянш.-ласк.) ці ад р а ла 'адгалінаванне ствала дрэва; тоўсты сук'. ФП: р а ла (або ралля ) - ралка - ролька - Ралка і Ралко , а таксама Р а лька - Ра-лько .

Раманаў (Еўдакім Р.) - прыметнікавая форма з суфіксам -аў ад антрапоніма Раман з семантыкай 'нашчадак': Раман - Раманаў .

Раманоўская (Гэлена Р.) - форма з суфіксам шляхетнасці -оўск-ая ад Раман : Раман-оўская .

Рубанаў (Уладзіслаў Р.) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Рубан з семантыкай 'нашчадак'. ФП: Руб е н і Рубэн (імя, падаецца "Арфаграфіч-ным слоўнікам беларускай мовы" (2010, с. 554) у рубрыцы "Асабовыя ўласныя імёны, распаўсюджаныя па-за межамі Беларусі") - Рубэнаў - Рубанаў .

Рубцоў (Аляксей Р.) - форма прыналежнага прымет-ніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Рубец : Рубец (Р. ск. Рубц-а ) - Рубц-оў . ФП: руб ('вузкі край або вузкі бок якога-небудзь прадмета') - рубец (памян.-ласк. з -ец ) - Рубец - Рубцоў .

Руцкая ( Алена Р.) - мажлівы дэрыват ад тапоніма Руты ('мясцовасць, дзе расла рута - від шматгадовых травяністых раслін і паўкустоў сямейства рутавых з жоўтымі кветкамі і лістамі, у якіх змяшчаецца эфірны алей') або непасрэдна ад апелятыва рута 'расліна' з выкарыстаннем суфікса -ск : Рута+-ск-а - Руцкая . ФП: рута - Руты - Руцкая .

Рыбак ( Алесь Р.) - семантычны дэрыват ад апелятыва рыбак 'чалавек, які займаецца лоўляй рыбы'. ФП: рыба - рыбак - Рыбак .

Рысінскі (Саламон Р., Францішак Р.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -ск-і ад Рысін (вёска, дзе нарадзіўся пісьменнік): Рысінскі . ФП: рысь (жывёліна) - Рысь - Рысін - Рысінскі .

Савік (Лідзія С.) - дэрыват з суфіксам -ік ад антра-поніма С а ва з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: С а ва (імя, м.р.) - Савік (як і Лукаш - Лукашык, Дан - Данік ).

Савіч (Францішак С.) - дэрыват з суфіксам -іч ад антрапоніма Сава з семантыкай 'нашчадак' ( Сав-іч ). ФП: С а ва (імя) - С а ва (прозвішча) - С а- віч .

Садковіч (Мікола С.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Садко з акцэнтаваннем фарманта -овіч і семантыкай 'нашчадак': Садк-овіч . ФП: сад - садок - Садок - Садко - Сад-ковіч . Або ад імя Садок (М. Бірыла "Беларуская антрапанімія", 1982, с. 203) - Садк-овіч .

Сакалоў (Васіль С.) - форма праналежнага прыметніка з суфіксам - о ў ад антрапоніма Сакол з семантыкай 'нашчадак' ( Сакал-оў - Сакалоў ). ФП: сакол і сокал ('драпежная птушка' і (перан.) назва прыгожага юнака, мужчыны') - Сокал (мянушка) - Сокал - Сакалоў .

Сакалоўскі (Уладзімір С.) - утварэнне з прэстыжным фармантам -оўскі ад антрапоніма Сакол (Сокал) і семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Сакол-оўскі - Сакалоўскі ). ФП: сакол ('птушка') - Сакол (мянушка, потым прозвішча) - Сакалоўскі .

Сакол (Пятро С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сакол ' сокал , драпежная птушка'; а таксама (перан.) 'прыгожы юнак, мужчына'. ФП: сакол (птушка) - Сакол (мянушка) - Сакол .

Саламаха (Уладзімір С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва саламаха 'від стравы' (падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. А. Піскунова (2012, с. 885). Асоба магла атрымаць такое найменне праз частае выкарыстанне лексемы у сваім маўленні або як 'прыгатавальнік' такой стравы.

(Працяг у наст. нум.)

Павел Сцяцко


25 сакавіка ў Магілёве

24 сакавіка ў грамадскім цэнтры "Кола" не занадта вялікай грамадой, але ў дужа цёплай, прыязнай атмасферы магілёўцы святкавалі чарговы Дзень Волі. Сустрэчу арганізавала Магілёўская гарадская суполка ТБМ на чале са старшынём Алегам Дзьячковым і Сяргеем Дымковым. Паэтычныя творы як свае асабістыя, так і класічныя, дэкламавалі Яўген Гарбачэўскі, Яўген Дудкін і Аляксей Карпенка, песнямі ўласнага аўтарства падзяліўся з прысутнымі магілёўскі бард Васіль Аўраменка. Не абышлося і без звыклай ужо для магілёўцаў эрудыт-віктарыны. Свае гістарычна-аналітычныя развагі агучылі Міхась Булавацкі і Ігар Пушкін, нават паспела разгарэцца дыскусія. Сустрэча была падагульненая заўвагай аб выключнай важнасці ідэі беларускай незалежнасці, заяўленай 25 сакавіка 1918 года, важнасці яе для нашых продкаў, для нас саміх і для жыцця наступных беларускіх пакаленняў.

Аляксей Карпенка. На здымках: 1. Гісторык Ігар Пушкін, 2. Выступае бард Васіль Аўраменка, 3. Выступае Міхась Булавацкі.


ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ Ў ДАКУМЕНТАХ

Да 150-годдзя заснавання Віленскай археаграфічнай камісіі

У красавіку гэтага года адзначаецца 150-годдзе з дня заснавання Віленскай археаграфічнай камісіі , таксама вядомай як Віленская камісія для разбору і выдання старажытных актаў . Да гэтай знамянальнай даты ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава "Гісторыя Беларусі ў дакументах" . На экспазіцыі прадстаўлены ўнікальныя матэрыялы, якія дапамагаюць асэнсаваць шматгранную дзейнасць археаграфічнай камісіі.

Археаграфічная камісія працавала на працягу 1864-1915 гг. у Вільні. У розны час актыўнымі супрацоўнікамі ўстановы былі таленавітыя навуковыя і грамадскія дзеячы: П.А. Бяссонаў, Я.Ф. Галавацкі, М.І. Гарбачэўскі, Ф.М. Дабранскі, Д.І. Даўгяла, Ю.Ф. Крачкоўскі і іншыя. Галоўнай задачай камісіі было выданне дакументаў аб гістарычнай спадчыне ВКЛ. Асновай для выдання шматтомнага збору сталі матэрыялы, якія захоўваліся ў Віленскім цэнтральным архіве і іншых дзяржаўных установах. Дакументы адлюстроўвалі жыццё грамадства на тэрыторыі ваяводстваў і паветаў, гарадоў і мястэчак, вёсак і шляхецкіх засценкаў Віленшчыны, Гарадзеншчыны, Ковеншчыны і Меншчыны.

Віленскай археаграфічнай камісіяй было складзена і выдадзена 49 тамоў, дзе змешчаны старажытныя акты да 1799 года ўключна. Прадстаўленыя ў зборы матэрыялы даюць шырокае ўяўленне аб палітычным, адміністрацыйным і культурным жыцці грамадства на працягу доўгага часу. Як сведчаць даследчыкі, цікавасць да апублікаваных дакументаў была не толькі на тэрыторыі нашых зямель, але і за яе межамі. І па сённяшні дзень выдадзеныя працы камісіі з'яўляюцца важнай крыніцай для вывучэння гісторыі, эканомікі, права, культуры Беларусі.

Выстава "Гісторыя Беларусі ў дакументах" будзе экспанавацца ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь да 5 траўня 2014 г.

С.Д. Паўлавіцкая , галоўны бібліятэкар аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў.


"Народ мой самы юны і будучыня з ім"

У канцы сакавіка на сустрэчу з чытачамі бібліятэкі менскага касцёла св. Сымона і Алены і сябрамі Магілёўскага ТБМ завітаў Васіль Васільевіч Зуёнак. Паэт распавёў пра свой жыццёвы і творчы лёс, і прачытаў вершы, прысвечаныя роднай старонцы.

Васіль Зуёнак нарадзіўся 3 чэрвеня 1935 у вёсцы Мачулішчы Крупскага раёна ў сялянскай сям'і. Ён скончыў Барысаўскае педвучылішча (1954), потым аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Узгадваючы пра гады сумеснай вучобы на філалагічным факультэце разам з Рыгорам Барадуліным і іншымі будучымі паэтамі і празаікамі, Васіль Зуёнак прачытаў верш "Студэнцкі чамадан".

В. В. Зуёнак працаваў у рэдакцыі газеты "Рабочае юнацтва" (Менск), у 1960-1966 г. - у газеце "Піянер Беларусі", быў галоўным рэдактарам часопіса "Бярозка" (1972-1978).

У 1966-1972 г. ён быў намеснікам галоўнага рэдактара, у 1978-1982 г. - галоўным рэдактарам часопіса "Маладосць". Увайшоў у Саюз пісьменнікаў БССР у 1966 годзе. У 1990-1998 гадах быў старшынём праўлення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Як паэт Васіль Зуёнак дэбютаваў падчас вучобы ў Барысаўскім педвучылішчы ў барысаўскай раённай газеце, у рэспубліканскім друку ў 1954 г. Зборнікі лірыкі паэта пачалі выходзіць у 60-70-тыя гады - "Крэсіва" (1961), "Крутаяр" (1969), "Сяліба" (1973), "Нача" (1975). В. Зуёнак - аўтар кніг "Маўчанне травы" (1980), "Час вяртання" (1981), "Світальныя птушкі" (1982), "Лукам'е" (1984), "Жніўны дзень: Выбранае" (1985), "Вызначэнне" (1987), "Лета трывожных дажджоў" (1990), "Чорная лесвіца" (1992), "Пісьмы з гэтага свету" (1995), зборніка гумарыстычных вершаў "Качан на п'едэстале" (1973), кніг літаратурна-крытычных артыкулаў "Лінія высокага напружання" (1983) і лірычнай прозы "Паміж небам і зямлёй" (2009).

Узгадваючы свае першыя зборнікі, паэт распавёў, што яго кнігу " Нача" папрасіў перадаць з транпартным караблём на арбіту касманаўт Уладзімір Кавалёнак і чытаў вершы ў космасе. Верш пра хлеб вельмі крануў слухачоў.

Пачынаючы ад кніжкі "Вясёлы калаўрот" (1965), творы для дзяцей занялі значнае месца ў паэзіі В. Зуёнка - зборнікі паэзіі "Жылі-былі пад вадой" (1969), "Сонечны клубочак" (1972), "Будзем сілы набірацца" (1974), "Шапка-ўсёвідзімка" (1983), "Хата, поўная гасцей" (1987), "Бадзірог", "Па ельнічку, па бярэзнічку…". Таксама В. Зуёнак аўтар кніг нарысаў і замалёвак "Любіць прыроду - любіць Радзіму" (1962), "Працай славіцца чалавек" (1963).

У творах усіх жанраў пісьменнік выяўляе сябе як лірык з эпічным светабачаннем: чуйна рэагуе на ўсе трывогі свету, аднак маштабнасць успрымання быцця не захіляе ад яго адзінкавага, прыватнага. Мастака нязменна прывабліваюць пытанні жыцця і смерці, маральнай чысціні асобы, узаемаадносін чалавека з прыродай, захавання нацыянальнай самабытнасці народа.

Перакладае з рускай, украінскай, балгарскай, польскай, славацкай, сербскай і інш. моў. Разам з Р. Барадуліным пераклаў кніжку вершаў У. Лучука "Возера-Бульдозера" (1978). Вершы В. Зуёнка перакладаліся на англійскую, балгарскую, польскую, славацкую і інш. мовы. У 2010 годзе выйшла кніга яго выбранных твораў у серыі "Беларускі кнігазбор".

Літаратурныя крытыкі і мовазнаўцы адзначаюць фенаменальны мастацкі дар паэта, дзякуючы якому ў яго радках спалучаецца сучаснасць і гісторыя, лірыка і эпас, міф і рэальнасць, імкненне да вечнага і фельетонная стракатасць звычайнай паўсядзённасці.

Госці сустрэчы былі ўзрушаны энергетыкай, бадзёрасцю паэта пасляваеннага "філалагічнага" пакаленння і ад усёй душы пажадалі яму здароўя і творчага плёну на доўгія гады.

Э. Дзвінская.


З КЛОПАТАМ ПРА НАДЗЁННАЕ

"Пошукі і роздум" (Гродна: "ЮрСаПрынт", 2014. - 152 с.) - так называецца чарговы зборнік артыкулаў знакамітага беларускага мовазнаўца І. Лепешава - прафесара Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, апублікаваных у 2013 годзе ў перыядычным друку (часопісах "Роднае слова", "Веснік ГрДУ", шэрагу навуковых выданняў, штотыднёвіках "Наша слова", "Краязнаўчая газета" і інш.).

У зборніку змешчаны актуальныя артыкулы, водгукі, абразкі (усяго 26) пераважна мовазнаўчай, радзей літаратуразнаўчай і гістарычнай тэматыкі.

У адным з артыкулаў разглядаецца пытанне наконт ужывання прыметнікаў драматычны, драматургічны . Паводле назіранняў І. Лепешава, у навуковых працах, прысвечаных драматургіі, адны аўтары (С. Кавалёў) аддаюць перавагу прыметніку драматургічны : драматургічныя творы, драматургічныя тэксты, драматургічны зборнік, драматургічная форма, драматургічная спроба мастачкі, драматургічны праект, драматургічныя дэбюты . Гэтыя формы ўжытыя ім у артыкуле "Няйздзейснены праект пакалення: драматургія "Бум-Бам-Літа"" (Дзеяслоў. 2013. № 3).

Другія навукоўцы (П. Васючэнка ў кнізе "Драмутургічная спадчына Янкі Купалы". Мінск: Навука і тэхніка, 1994) найчасцей ужываюць драматычны : драматычнае дзеянне, драматычная сітуацыя, драматычнае таварыства, драматычны гурток і інш. У спалучэнні ж са словам твор выкарыстоўваецца то драматычны , то драматургічны .

С. Лаўшук у манаграфіі "Сучасная беларуская драматургія" (Мінск: Навука і тэхніка, 1977) амаль ва ўсіх выпадках скарыстоўвае драматычны : драматычная дзея, драматычныя калізіі, драматычны канфлікт, драматычнае мастацтва і г.д. Што ж да драматургічны , то гэты прыметнік ужываецца толькі двойчы: Драматургічнае пісьмо М. Матукоўскага, драматургічныя творы . У манаграфіі ж гэтага даследчыка "Станаўленне беларускай савецкай драматургіі" (Мінск: Навука і тэхніка, 1984) - наадварот: усюды толькі драматургічны : драматургічная аснова, драматургічныя тэксты, драматургічнае ўвасабленне і інш. Дарэчы, у кнізе С. Лаўшука "Гарызонты беларускай драматургіі" (Мінск: Беларуская навука, 2010) сустракаемся з абодвума прыметнікамі: драматургічны і (радзей) драматычны . Параўн.: драматургічныя творы, драматургічныя задумкі, драматургічная знаходка, драматургічныя сцэнарыі, драматургічная практыка, драматургічная творчасць, драматургічны дэбют, драматургічная дзея, драматургічная традыцыя і інш. і драматычная частка відовішча, драматычныя творы, драматычныя эскізы-абразкі і інш. Такім чынам, азначэннем да слова твор выступае то драматургічны (часцей), то драматычны .

У артыкулах Кандрата Крапіва пра тагачасную драматургію слова твор (творы) спалучаецца як з драматычны , так і з драматургічны . З іншымі словамі ўжываецца драматургічны : драматургічнае дзеянне, драматургічная дзея, драматургічная прадукцыя, драматургічны канфлікт.

У дачыненні да назоўніка твор абодва гэтыя прыметнікі скарыстоўваюцца як абсалютныя сінонімы і ў ТСБМ (т. 2, с. 194-195). Пры адсутнасці адзінства ва ўжыванні прыметнікаў драматургічны, драматычны , І. Лепешаў выказвае слушную прапанову: "Сёння ж пры выкарыстанні гэтых слоў у сказе трэба крыху падумаць, у якіх кантэкстах раўназначна можна ўжыць або той прыметнік, або другі, а ў якіх - толькі драматычны ці толькі драматургічны . У адным і тым жа артыкуле або кнізе варта карыстацца ў спалучэннях са словам твор аднастайна: ці толькі драматычны , ці толькі драматургічны " (с. 50).

Аналізуючы акадэмічны "Слоўнік беларускай мовы" (Мінск: Беларуская навука, 2012), І. Лепешаў не без падстаў лічыць, што неабходна было б абмежавацца адным варыянтам мачаха, зарава і не змяшчаць іх варыянты як асобныя слоўнікавыя артыкулы ( мачыха, зарыва ). Прапануецца падаваць не як асобныя лексічныя адзінкі, а як варыянты, напрыклад, такія словы, як загарадка, загародка; заплеснець, запляснець; завербаваны, завярбованы; заценены, зацянёны; погаласка, пагалоска; мышленне, мысленне . Як асобныя словы, а не варыянты неправамерна, на думку вучонага, змешчаны аржаны, іржаны ржаны зусім няма).

Варта пазбавіцца дваякага напісання водар і водыр , водарны і водырны , якія ў СБМ-12 падаюцца як варыянты. На думку І. Лепешава, трэба аддаць перавагу першаму варыянту ў гэтых парах, г. зн. ужываць толькі словы з "а" пасля "д" .

У гэтым жа слоўніку слова хутчэй даецца з паметай "прыслоўе". На канкрэтных прыкладах І. Лепешаў паказвае, што ў нашай мове ёсць яшчэ адно хутчэй - аманімічнае мадальнае слова, якое ўжываецца толькі як пабочная адзінка са значэннем 'найбольш верагодна': Сітуацыя ўзята для ваенных часоў не выключная, а, хутчэй, будзённа-простая (Д. Бугаёў).

На жаль, у СБМ-12 чамусьці "не хапіла" месца самабытным і так патрэбным ва ўзаемінах словам спадар, спадарыня, спадарства . Дарэчы, у акадэмічным "Тлумачальным слоўніку беларускай мовы" (1996) ёсць цэлае гняздо з коранем спадар ( спадар, спадарыня, спадарства ).

Пра гэтыя спрадвечна-беларускія словы Р. Барадулін казаў: "Яны абсалютна арганічныя! Сваёй даўніной, паважлівым гучаннем проста цешаць слых!" Нельга не пагадзіцца з прафесарам І. Лепешавым, што "па сутнасці, сёння слова спадар - адзіная форма ветлівасці і афіцыйнага звароту ці ўпамінання - пры прозвішчы, імені або званні асобы" (с. 54).

Дарэчы, у кнізе А. Каўруса "Словаклад: слоўнік адметнай лексікі", якая ў 2013 годзе выйшла ў "Выдавецкім доме "Звязда"", сустрэнемся з тыповымі для беларусаў сваямоўнымі формамі ветлівага і афіцыйнага звароту да грамадзян сваёй краіны. Гэта формы спадар : Віншуем Міколу Іванавіча з юбілеем! Так і надалей, спадар Ермаловіч! (ЛіМ. 3.05.1991), спадарыня - жан. да спадар : Вядома, яна пакахала яго ад самага пачатку: пакахала свой адбітак не ў раўнадушным шкле, як таго патрабавала спадарыня Хей, а ў Сярожавых уважлівых вачах (Полымя. 2003. № 6), спадарства - спадары : Запрашаю, спадарства, заглянуць у жытло сучаснага выкладчыка інстытута (ЛіМ. 1.11.1991). Ёсць і прыметнік, утвораны ад спадар - спадароўскі : Мова яго [К. Дужа-Душэўскага] перакладаў была без ніякіх спадароўскіх дзівосаў - жывая, зразумелая, народная (М. Танк).

Няма ў СБМ-12 і такога шырокаўжывальнага сёння слова, як перадусім (сінонім да найперш ).

Не трапілі ў слоўнік таксама шмат якія словы, змешчаныя А. Каўрусам на старонках часопіса "Роднае слова" цягам 1998-2005 гг. пад назовам "Словы без прапіскі: пазаслоўнікавая лексіка беларускай мовы" (каля 3000 слоў, якія "не трапілі ў вялікія акадэмічныя слоўнікі"). Як прыклад, у кнізе І. Лепешава прыводзяцца такія словы: дасканаліць ('удасканальваць'), журбаваць ('журыцца, сумаваць'), замежнік ('іншаземец, іншакраінец'), паспаліты ('звычайны, просты'), пошар ('сухі корм жывёле'), смутлівы ('журботны, маркотны'), фазэнда ('дача, лецішча').

І. Лепешаў прыводзіць дзясяткі з сотняў нядаўна ўзніклых і сёння шырокаўжывальных слоў, якія па невядомых прычынах не падаюцца ў СБМ-12 (абмяжуемся толькі некаторымі): адрознасць, атрымоўваць, вялікдзень, зацемка, землятрус, манкурцтва, накірунак, напрыканцы, нататнік, параза, прыпавесць, суразмоўца, сярэднявечны, сярэднявечча, тамсама, тамтэйшы, узаеміны, хваласпеў, хмарачос.

Не знойдзеш у названым вышэй слоўніку і такіх спрадвечных слоў, як шэсцьдзесят, біблеізм .

Трэба пагадзіцца з І. Лепешавым, што няма падстаў складальнікамі СБМ-12 ва ўсіх выпадках узаконьваць напісанне ўсярэдзіне . Як адзначае мовазнаўца, "неяк рука не падымаецца напісаць, напрыклад, " усярэдзіне лета ", " усярэдзіне сказа ", бо тут сярэдзіна выразна ўспрымаецца як назоўнік, гэтак жа, як, скажам, у аналагічных прыкладах: у пачатку лета, у канцы лета, у пачатку сказа, у канцы сказа " (с. 59). І. Лепешаў робіць адназначную выснову, якая з'яўляецца абгрунтаванай: "Няма прыназоўніка ўсярэдзіне . Ёсць назоўнік сярэдзіна і прыназоўнік у " (с. 59).

Упершыню ў беларускім мовазнаўстве І. Лепешаў грунтоўна разгледзеў фразеалагізмы з некратызмамі - неўжывальнымі за межамі фразеалагізма словамі-кампанентамі. Паводле падлікаў вучонага, іх у беларускай мове больш як 320. Сярод слоўнекратызмаў вылучаюцца 6 груп, у тым ліку:

а) устарэлыя словы (напр., даць пытлю [каму]) - 'правучыць' і 'напасці на каго-н. з дакорам, з абвінавачваннем', дзе пыталь - даўней 'машына для пытлявання пшаніцы');

б) дыялектныя (напр., гула асмаленая - праст. іран. 'зусім нічога не [атрымаць, зрабіць, дастанецца і пад.]', дзе гула - 'вытачаная ці выразаная з дрэва моцная кулька-шарык, якую ў гульні ганялі ўдарамі палкі'), "гулу звычайна абсмальвалі над агнём" (Ф. Янкоўскі);

в) запазычанні з іншых моў (напр., як піліп з канапель - 'зусім нечакана, знянацку, раптоўна [выскачыць, з'явіцца]', дзе польск. filip - 'народная назва зайца').

Слушным з'яўляецца меркаванне І. Лепешава аб немэтазгоднасці выкарыстання ў беларускай мове тэрміна фразема . Яго абгрунтаванне наступнае: "Калі б "фразема" прыжылася замест сталага тэрміна "фразеалагізм" , то непазбежна ўзнікла б неабходнасць прывесці ў сістэму і іншыя тэрміны: ужо не "фразеалогія" , а "фраземалогія" , не "фразеаграфія" , а "фраземаграфія" , не "фразеалагічны" , а "фраземалагічны" і г. д." (с. 91).

Матэрыялы, змешчаныя ў зборніку прафесара І. Лепешава, вызначаюцца актуальнасцю даследаваных у іх праблем (пытанняў), кваліфікаваным іх разглядам і аргументаванымі высновамі. Зборнік з цікавасцю і карысцю для сябе пачытаюць усе, хто неабыякавы да беларускай мовы, як гісторыі і сучаснага стану.

Васіль Рагаўцоў.


Паўстанне катаржан

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Духі выказваюцца за паўстанне

Вельмі камічны эпізод меў месца ў Канску, дзе змоўшчыкі меліся пасяліцца. Ляндоўскі, Шленкер і Серна-Салавевіч пасяліліся ў аднаго з палітычных ссыльных, лекара Зялінскага.

Зялінскі быў чалавекам мала інтэлігентным, якому цяжкія жыццёвыя перажыванні змяшалі нешта ў галаве. У той час хварэў ён на спірытызм. Праз увесь дзень размаўляў з духамі, паўтараў іхнія загады, арганізоўваў сеансы, на якіх падобна "ўваходзіў з імі ў блізкі кантакт".

Гэтая яго слабасць была ўмела выкарыстана паўстанцамі. Адной ночы, калі ўсе ўжо спалі, лекар быў разбуджаны голасам, які даходзіў да яго "з засвету",

- Зялінскі. Зялінскі, устань!

Лекар ускочыў на ногі.

- Цяпер падай на калені і слухай з пакорай мой загад.

Зялінскі як найхутчэй выканаў захад "духа".

- Уладзімір Антонавіч! Слухай цяпер, што гаворыць табе дух нябесны!

- Бедалага тросся ад страху.

- Жыве ў цябе Павел Ляндоўскі, паляк. Слухайся яго ва ўсім, бо праз яго вусны прамаўляе святая праўда!

... Назаўтра Ляндоўскі даверыўся Зялінскаму з планам арганізацыі паўстання. Прасіў яго падтрымаць. Лекар аднак адмовіў. Паўстанне было для справай залішне рызыкоўнай.

З-за гэтага "святы дух" мусіў наступнай ноччу ў другі раз узяць слова.

- Бяда табе, Уладзімір Антонавіч! Чаму не слухаеш маіх загадаў? Чаму адмовіў пану Ляндоўскаму? Згінеш, няшчасны, з-за ўласнай віны! Толькі калі звернеш з кепскай дарогі, спаткае цябе яшчэ пашана і шчасце. Будзеш героем, правадыром і слаўным лекарам.

Калі Ляндоўскі на другі дзень аднавіў сваю прапанову, зазначыўшы, што ў паўстанцкім войску Зялінскі стаў бы галоўным лекарам, той не аказваў ужо ніякага супраціву.

Ляндоўскаму, канешне, мала значыла адзінка, так мала вартая, як Зялінскі. Але, дзякуючы таму труку, ён меў магчымасць арганізоўваць у доме лекара сходы і нарады, мог нават на цэлыя тыдні пакідаць горад.

Здрада

Праз вельмі кароткі час змоўшчыкі дайшлі да паразумення з шэрагам іншых вязніц і пунктаў пасялення. Справа з дня на дзень даспявала.

Аднак, як усюды, знайшоўся і тут здраднік, які змяшаў усе планы.

Быў ім Сулімскі, той, якога пакінулі на варце ў Краснаярску. Паехаў ён у Канск на нараду і, даведаўшыся пра ўсе дэталі, выдаў таварышаў паліцмайстру Баршчову.

Да гэтага часу не вядома, чаму ўласна расейскія ўлады так лагодна аднесліся да змоўшчыкаў. Ніхто з іх не быў увязнёны. Былі заміж гэтага вывезены з Канска. Іх раздзялілі і рассялілі ў вёсках аддаленых адна ад другой на колькі сот вёрстаў.

Такім спосабам была знішчана ўся падрыхтоўка да Краснаярска-Канскай змовы.

Аднак думка пра паўстанне шырылася далей. Найжывейшы водгук знайшла яна цяпер у "Прыбайкалькскім краі" г.зн. каля велізарнага сібірскага возера Байкал.

Ваколбайкальскі трак

Даўняя ваколбайкальская дарога была вельмі кепская. "Вясной і восенню , - піша слаўны анархіст Пётр Крапоткін - дабрацца да Чыты і да Кяхты можна было толькі крутой горнай дарогай, якая перасякае паласу гор на вышыні 7-8 тысяч футаў. 24 вярсты да горнага перавала Хамар Дабан забралі мне час ад 3 раніцы да 8 вечара. Коні пастаянна правальваліся ў сыпкі снег і пагружаліся разам з ездакамі ў ледзяныя плыні, якія плылі пад снежнай карой".

Нарэшце міністэрства і галоўныя ўлады Ўсходняй Сібіры пастанавілі ўладкаваць сталы і годны тракт ўздоўж забайкальскага ўзбярэжжа.

Праца была вельмі цяжкая. Трэба было порахам разбураць скалы і перакідаць масты цераз незлічоныя горныя плыні. Але маскоўскія ўлады не мелі з той нагоды вельмі шмат клопату. Дрэва было ў краі ў дастатку, а рабочую сілу мелі на месцы зусім бясплатную: на будоўлю тракта запрэглі палітычных ссыльных, прыгавораных да цяжкіх работ.

Таму бачым, як ужо ў жніўні 1865 года была выслана з Іркуцка першая партыя работнікаў у колькасці 250 чалавек. Пасля зімовага перапынку лічба гэтая павялічылася да 700 чалавек. Былі гэта пераважна ссыльныя палякі з Іркуцкай губерні, шмат аднак было і такіх, якія раней працавалі ў Паўлаўскай ліцейцы ў Забайкальскай губерні.

Усіх катаржан падзялілі на некалькі партый. Колькасць работнікаў у кожнай з іх дасягала ад 50 да 150 чалавек.

Характэрная рэч, што былі ўтвораны спецыяльныя партыі "прывілеяваных", г.зн. для людзей, якія паходзяць са шляхецкага стану, а таксама партыі "простых" - для сялян і мяшчан. Трэба аднак прызнаць, што гэты падзел зусім не спрычыніўся да аслаблення салідарнасці паміж усімі без выключэння палітычнымі ссыльнымі.

Кармілі працоўных вельмі кепска. На ўтрыманне ссыльнага асігнавалася да 11 капеек на дзень. За тую суму кожны мог атрымаць кіло хлеба, г. зн. 2 і паўфунта і каля 3/4 фунта кашы што дзень. Але так было толькі на паперы.

На грунце кепскай кармёжкі часта выбухалі канфлікты.

Нават адзін раз галоўны начальнік работ падпалкоўнік Шац бы разбужданы ад сваёй пасляабедзеннай дрымоты (старх, што за злачынсва?) крыкамі бітага чалавека. Праз хвілю дзверы адчыніліся і 2 жаўнеры пад камандай афіцэра ўправадзілі ў канцылярыю (пан палкоўнік спаў у канцылярыі на канапцы) пабітага вязня. За імі тлуміўся натоўп катаржан. Іх канешне выпхнулі з пакоя. Прыльнулі тварамі да акон.

- Што гэта за морда? - спытаў, як звыкла, груба Шац. Злы быў, што яму перарвалі "пасляабедзенную працу."

- Бунтаўшчык, спадар падпалкоўнік, бунтаваў усіх вязняў.

Не вымавіўшы ані аднаго слова спадар падпалкоўнік прыступіў да вінаватага і ўдзяліў яму моцны ўдар у твар.

Толькі потым адазваўся:

- Такі ты, с.. сын! Бунт будзеш тут арганізоўваць. Мяцяжа табе захацелася.

Калі начальнік трохі ахалануў, запытаўся афіцэра пра падрабязнасці. Аказалася, што абед не спадабаўся вязням.

Пачалі ўжо крывіцца тады, калі заміж кашы знайшлі ў сваіх місках вотрубы. Але, паколькі гэта ўжо не было для іх навіной, сабраліся да яды. Але адразу адзін адсунуў міску і сплюнуў:

- Смярдзіць, псяюха!

За ім пачулі гэта іншыя.

- Пахне падлай!

- Гніллём нас кормяць!

- Яда для свіней. А не для людзей.

Вось тады той, якога ўласна і прывялі ў канцылярыю, устаў і заклікаў усіх, каб не елі абеду і каб разам ішлі да начальніка скардзіцца.

Утварылася арыгінальная дэманстрацыя. Усе вязні ўсталі ў калону і з поўнымі місачкамі ў руках накіраваліся да дома падпалкоўніка.

- На шчасце, - закончыў афіцэр свой рапарт, - згледзелі гэта своечасова, натоўп разагналі, а галоўнага падпальшчыка арыштавалі.

Не ведаю, як скончыўся той першы бунт для катаржан. Без турэмнага карцара і парадачнай порцыі палак, мабыць, не абышлося. Адміністрацыйнае разбіральніцтва паказала ва ўсякім разе, што скаргі ссыльных былі цалкам абгрунтаваныя, што экамом падпалкоўніка, тып з-пад цёмнай зоркі нейкі Багінскі, тым уласна спосабам прыводзіў палітыку ашчаднасці (для сябе ці для ўрадавай касы - цяжка цяпер устанавіць...). Багінскага знялі з пасады начальніка над прадуктамі і ... прыставілі яго да рэчаў.

У такіх вось умовах прыйшлося працаваць сотням палітычных ссыльных. Тут падчас той працы паўстала і даспела да дзейнасці думка пра вялікае паўстанне, якое павінна было вярнуць свабоду тысячам прыгнечаных і абяздоленых.

Правадыры паўстання

Сярод катаржан знайходзіліся людзі, якія розумам і здольнасцымі перавышалі на цэлы парадак сваё атачэнне. Яны то і сталі на чале бунту і, заахвочваючы асуджаных да барацьбы, павялі іх супраць ворагаў.

Тым не менш, звесткі пра тых адзіночак вельмі скупыя і толькі ў найагульнейшых рысах даюць нам вобраз людзей, якія неўзабаве меліся стаць галоўнымі героямі паўстання.

Найстаршы векам і найбольш шанаваны ўсімі быў пяцідзесяцігадовы Нарцыз Цалінскі (Цэлінскі) . Чалавек гэты меў грунтоўную еўрапейскую адукацыю і вялікі вайсковы досвед. У маладосці, па волі бацькі, выехаў за мяжу, дзе правёў каля 12 гадоў. Потым вярнуўся на радзіму і пачаў гаспадарыць у сваім маёнтку (бацька ў міжчассі памёр). З натуры гарачы, запальчывы неўзабаве пасварыўся з расейскім афіцэрам, які жыў непадалёку. Дайшло да двубою, у выніку якога афіцэра павезлі з куляй у правым плячы. Двубоі былі ў той час у Польшчы сурова забаронены. Асабліва з расейскім афіцэрамі. Таму Цалінскага адразу арыштавалі і саслалі ўглыб Расіі (у Вятку) на пасяленне.

Але пан Нарцыз палічыў, што сярод тых нязносных вялікаросаў жыццё "залішне аднастайнае". Папрасіў выслаць яго на Каўказ, дзе расейскія войскі праводзіла якраз вельмі зацятыя баі з тыбульцамі, якія гераічна бараніліся. На Каўказе Цалінскі ўступіў у адзін з расейскіх аддзелаў і неўзабаве так выдатна вызначыўся, што ад 1839 года нёс службу як падпаручнік у слынным Севастопальскім палку. Меў пяць заахвочванняў "За заслугі і за баявітасць" у тым ліку асабісты пахвальна ліст ад Галоўнакамандуючага ўсёй каўказскай арміі.

Але праз увесь час службы ў сэрцы героя царскай арміі пылаў магутны патрыятычны агонь. З першай весткай аб выбуху студзеньскага паўстання Цалінскі кінуў сваю роту і паехаў у Польшчу. Тут уступіў у чыне капітана ў аддзел генерала Людвіка Мераслаўскага. У сутычцы з маскоўскімі войскамі пад Крывасудам быў паранены, і таварышы палічылі яго забітым. Аднак вылечыўся і вярнуўся ў паўстанцкія шэрагі. Змагаўся зацята, паказваючы пры гэтым цуды адвагі і прадбачлівасці. Не ўступаў перад усё больш узрасталай перавагай маскалёў. Яго ўзялі ў няволю са зброяй у руках.

Таму таксама не дзіўна, што як небяспечны злачынец быў адразу прыгавораны да пажыццёвай катаргі. Тут у Сібіры здолеў здабыць сабе сімпатыі ўсіх ссыльных, якія шанавалі ў ім героя барацьбы за незалежнасць.

Калі Цалінскага можна слушна лічыць за галаву паўстання, то Густаў Шарамовіч , бясстрашны і нязломны герой, быў яго душой і сэрцам.

Згадваны ўжо вышэй Пётр Крапоткін такім чынам яго апісвае: "Перад судом стаяў прыгожы, высокі, плячысты брунет. На яго смуглым твары адбіваліся гарт волі, нязгіннасць і энергія. Яго хуткія вочы ў поўным спакоі пазіралі ў твар суддзям. З іх глыбінь можна было вычытаць бязмерную пагарду, якую той чалавек мусіў адчуваць да ўсёй гэтай камедыі і да самой смерці. Голас яго быў чысты і звонкі. Гаварыў плаўна і выразна. Калі да яго прыслухацца, можна было зразумець, чаму паўстанцы так яго абагаўлялі. Дзіўнае абаянне ішло ад яго постаці. Сваім пафасам захопліваў раз-пораз усіх гледачоў і суд, а не меў у той зале ані аднаго прыяцеля, апрача, можа, мяне".

Густаў Шарамовіч, які меў на той час 30 гадоў, паходзіў са старой заможнай красовай шляхты. Ужо ў дзяцінстве паказваў выбітныя музычныя здольнасці: той вобласці мастацтва ён пасвяціў сябе з усім захапленнем.

Артысты пераважна стаяць у баку ад грамадскага жыцця. Малады Густаў быў з таго погляду выключэннем. Ужо змоладу ўступіў у нелегальны гурток патрыятычнай моладзі, дзе неўзабаве высунуўся на першае месца. Пазней ужо сам кіраваў канспірацыйнымі гурткамі, выконваў важныя і небяспечныя абавязкі сувязнога, паказваў усюды вялікую разважлівасць і хуткасць думкі. Таму, не гледзячы на малады век, быў вельмі паважаны ў патрыятычных колах. Калі паўстанне выбухнула, Шарамовіч стаў у шэрагі змагароў. Пасля разбіцця аднаго аддзела расійскімі ўладамі, перабіраўся адразу ў другі. Пад канец паўстання аказаўся са сваімі таварышамі на Кіеўшчыне, дзе даваўся ў знакі маскалям. Узяты ў няволю, быў пасаджаны ў Кіеўскую цытадэль. Адразу спрабаваў уцячы з дапамогаю падкопу і амаль што дасягнуў сваёй мэты. У астатні момант аднак сарвалі яму ўцёкі і выслалі ў Краснаярск, а адтуль - за Байкал.

Трэцяга з будучых кіраўнікў, Уладзіслава Каткоўскага , мы ўжо ведаем як смелага выканаўцу выракаў таемнага нацыянальнага трыбуналу. Чальца "жандармаў - штылетнікаў".

Цікавыя яго далейшыя лёсы.

Пасля забойства паліцыянта Фелькнера (гл. вышэй) Каткоўскі мусіў уцячы з горада і схавацца, што зрабіў невымерна смелым спосабам. Падумаў сабе: "Улада будзе мяне ўсюды шукаць, толькі не ў сваіх уласных шэрагах" . Таму ў адрозненне ад усіх сваіх таварышаў-патрыётаў пайшоў на вайсковы прызыў. (Непасрэднай прычынай выбуху студзеньскага паўстання быў якраз, як вядома, план расейскіх уладаў узяць усю польскую патрыятычную моладзь у войска. Палякі адказалі на тую "бранку" неадкладным абвяшчэннем выбуху паўстання). Служыў спачатку як шараговец у Пецярбургу, потым перавялі яго ў Харкаўскі губернскі батальён. Як пачцівы, энергічны і не пазбаўлены адукацыі салдат, звяртаў на сябе ўвагу начальнікаў. У 1865 годзе быў ужо пісарам у штабе харкаўскага гарнізону, і ўжо збіраліся прадставіць яго да звання падафіцэра. Але ў тым жа годзе пад час арыштаў паўстанцаў была раскрыта таямніца смерці Фелькнера. Каткоўскага знайшлі ў яго харкаўскай схованцы і прыгаварылі да цяжкіх работ. У 1866 годзе ён быў разам з іншымі прыстаўлены да працы на ваколбайкальскім тракце.

Пра іншых кіраўнікоў паўстання - Райнера, Арцімовіча, Ільяшэвіча, Вронскага - больш поўных біяграфічных дадзеных не маем.

Выбух паўстання

На таемнай нарадзе быў канчаткова прыняты наступны план: пунктам пачатку спланаванага паўстання меў быць Култук. Станцыя гэтая была адным з канцавых пунктаў тракта. Тамтэйшая партыя, перабіўшы сваю варту, мела вырушыць уздоўж тракта, вызваляючы па дарозе і забіраючы з сабой усе іншыя партыі. Такім чынам аддзел, па меры пасоўвання наперад узрастаў бы ў сіле. Затым, пасля даходу да Пасольска, канцавой станцыі, распачатай часткі тракта, мелі пачаць уцёкі цераз лясы і горы да кітайскай мяжы.

У Култуку працавала аднак група "простых". У ёй змоўшчыкі амаль што не мелі адпаведных прадстаўнікоў, бо ўсе належалі да "ўправілеяваных", чыя партыя знайходзілася ў Мурына. У Култуку быў толькі адзін Арцімовіч , які быў вызначаны кіраўніком на першым этапе паўстання.

Але ён адзін нічога не мог зрабіць. Зрэшты, не ведаў добра ваколіц. Таму Ільяшэвіч , які ўжо летась працаваў на тракце, прыкінуўся хворым і быў накіраваны ў лазарэт у Култуку.

І тут энергічна ўзяліся за работу. Пракурор пазней у сваёй прамове сказаў, што ў Култуку была кузня, агароджаная высокім плотам. Днём і ноччу там кавалі пікі з дзяржаўнага жалеза (гэта пракурору найбольш балела...) і насаджвалі іх на тронцы.

Нарэшце Арцімовіч, дамовіўшыся з Шарамовічам, даў ноччу з 24 на 25 чэрвеня 1866 года сігнал да выступлення: палітычныя ссыльныя, якія ў колькасці каля 50 чалавек працавалі за 12 вёрст ад Култука, неспадзявана напалі на канвой, звязалі салдатаў, адабралі ў іх зброю і боепрыпасы. Забралі дзяржаўных коней і рушылі да станцыі Мураўёва.

(Працяг у наступным нумары.)

М. Лысак


БРАТЫ ТЫШКЕВІЧЫ - ЗАСНАВАЛЬНІКІ БЕЛАРУСКАЙ АРХЕАЛОГІІ І МУЗЕЯЗНАЎСТВА

У гэтым годзе мы адзначаем 200-я ўгодкі з дня на-раджэння Яўстафія Тышкевіча, які са сваім старэйшым братам Канстанцінам заклаў асновы айчыннай археалогіі і музеязнаўства.

Старажытны беларускі род магнатаў Тышкевічаў мае трывалыя праваслаўныя карані. Як сведчаць гісторыкі ХIХ ст. у віленскай праваслаўнай царкве Святой Троіцы фундатарам будаўніцтва якой быў гетман ВКЛ князь Канстанцін Астрожскі, знаходзілася багата аздобленая капліца з магільнямі магнацкага роду Тышкевічаў.

Пазней, Тышкевічы, як і іншыя беларускія магнаты сталі католікамі, і іхнія ўладанні знаходзіліся ў розных частках ВКЛ, у асноўным на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Літвы.

Браты Тышкевічы Канстанцін і Яўстафій нарадзіліся ў Лагойску, у маёнтку свайго бацькі Пія Тышкевіча, які так-сама цікавіўся гісторыяй і археалогіяй.

Старэйшы брат Канстанцін скончыў у 1828 годзе Віленскі ўніверсітэт, потым быў на дзяржаўнай службе, а пазней вярнуўся ў Лагойск, дзе з малодшым братам ў 1842 годзе стварыў першы на Беларусі музей старажытнасцей, які мясціўся ў двух спецыяльных залах палаца Тышкевічаў у Лагойску. Усведамляючы важнасць лагойскага збору для развіцця навукі Канстанцін Тышкевіч ахвяраваў яго большую частку Віленскаму музею старажытнасцей, частка археалагічных знаходак была перададзена ў польскія музеі, у Кракаў і Варшаву. Некаторыя калекцыі трапілі ў распараджэнне Маскоўскага археалагічнага таварыства.

Ініцыятарам стварэння музея Віленскай археалагічнай камісіі быў малодшы брат Яўстафій, які ў 1848 годзе звярнуўся да віленскага генерал-губернатара з прапановай стварыць музей у Вільні на аснове яго прыватнай калекцыі. Пасля падтрымкі генерал-гебернатара І.Т. Бібікава гэтую ідэю ўхваліў імператар Мікалай I і ў красавіку 1855 года ў зале публічных паседжанняў былога Віленскага ўніверсітэта музей быў урачыста адкрыты. Сам Тышкевіч лічыў, што ў музеі паказаны не мясцовыя помнікі старажытнасцяў, а менавіта "літоўска-рускія". Пад словамі "Віленскі музей" Тышкевіч разумеў збор рэчаў, якія распавядаюць пра жыццё і дзейнасць "літоўска-рускага народа".

Даследчык музейнай справы Беларусі Аляксандр Гужалоўскі лічыць, што гэтыя выказванні Яўстафія Тышкевіча сведчаць аб першых спробах нацыянальнай самаідэнтыфікацыі у музейнай справе Беларусі.

Адкрыццё музея менавіта ў Вільні, былой сталіцы ВКЛ, было справай не выпадковай. Нават не гледзячы на часы русіфікацыі цягам XIX ст., перабудову касцёлаў у праваслаўныя цэрквы, закрыццё ў 1832 г. Віленскага ўніверсітэта, горад становіцца для жыхароў былога ВКЛ сімвалам мінулага хараства страчанай дзяржавы. За Вільняй замацоўваецца статус святыні, помніка нацыянальнай культуры ў першую чаргу для гістарычных ліцвінаў, характэрным прадстаўніком якіх быў Адам Міцкевіч - удзельнік польскамоўнага ліцвінскага руху, што працягваўся да канца ХІХ - пачатку ХХ ст. З 1883 г. пачалося літоўскае (альбо летувіскае) адраджэнне, калі ва Усходняй Прусіі з'явілася іх першая газета "Auszra". Літоўская інтэлігенцыя таксама пачала прэтэндаваць на Вільню, як на сваю спрадвечную гістарычную спадчыну.

Пачынальнікам жа беларускага адраджэння лічаць Францішка Багушэвіча, які таксама жыў і працаваў у Вільні з 1884 да 1898 г. адвакатам у Акруговым судзе, што мясціўся ў былым палацы Тышкевічаў. Якраз на Віленскі перыяд жыцця прыпадае большая частка літаратурнай дзейнасці Багушэвіча.

Дзякуючы таму, што ў Вільні ў пачатку ХХ ст. дзейнічаюць разнастайныя беларускія грамадскія арганізацыі, выходзяць беларускія газеты і кнігі, горад становіцца сапраўднай сталіцай для беларускага народа. Менавіта тут беларуская інтэлігенцыя пачынае распрацоўваць беларускую нацыянальную ідэю, для чаго быў распачаты пошук у нашай гісторыі агульнай нацыянальнай калектыўнай ідэі. Поспеху ў гэтым дасягнуў вядомы грамадскі дзеяч і пісьменнік Вацлаў Ластоўскі, які ў 1910 г. у Вільні напісаў і выдаў у друкарні Марціна Кухты асобнай кнігай "Гісторыю Беларусі", як гісторыю самастойнай краіны і народа. Ён першым сфармуляваў палажэнні аб беларускай дзяржаўнасці ў часы Полацкага княства і лічыў ВКЛ менавіта беларускай дзяржавай.

B. Ластоўскі адзначае, што навукоўцы Віленскага ўніверсітэта былі першымі даследчыкамі, якія пачалі цікавіцца гісторыяй і культурай беларускага народа і былі стваральнікамі польскамоўнай навуковай літаратуры аб беларусах. Вядома, Тышкевічы адносіліся да гэтых навукоўцаў. Не выпадкова, што ў фондах Беларускага музея імя Івана Луцкевіча, які дзейнічаў у Вільні з 1921 па 1944 гг. знаходзілася каля 200 экспанатаў з раскопак курганоў зробленых Яўстафіем Тышкевічам.

Доўгі час навуковая спадчына братоў Тышкевічаў у пасляваеннай беларускай савецкай археалогіі замоўчвалася і не ўводзілася ў навуковы ўжытак. Гэтаму спрыялі наступныя абставіны. Па-першае, Тышкевічы былі багатымі людзьмі яскравымі прадстаўнікамі варожага класа эксплуататараў. Па-другое, яны былі католікамі і большасць сваіх прац друкавалі на польскай мове, марылі аб аднаўленні незалежнасці ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Таму сталінскія гісторыкі адносілі іх да польскіх паноў, якіх вельмі не любілі і іх спадчыну вывучаць не хацелі.

Гэтым напоўніцу скарысталіся нашы суседзі, палякі і літоўцы. Палякі спасылаліся на мову і веравызнанне даследчыкаў, а літоўцы на тое, што яны жылі на тэрыторыі былога ВКЛ і мелі ўласнасць, у тым ліку і на тэрыторыі будучай Літоўскай ССР. Тым болей, што стварылі ўнікальны музей у Вільні, якая ў 1939 г. стала Вільнюсам і сталіцай сучаснай Літвы.

Пасля Другой сусветнай вайны ў беларускай гістарычнай навуцы асабліва ў археалогіі і музеязнаўстве, а таксама ў гістарычным краязнаўстве навуковая спадчына братоў Тышкевычаў заняла належнае ёй месца.

У 70-х гг. мінулага стагоддзя беларускія і рускія краязнаўцы і навукоўцы паступова вярнулі імёны братоў Тышкевічаў у спіс славутых беларускіх археолагаў ХІХ ст.

Першай ластаўкай стаў артыкул мастака Савелія Акуліча, які ў 1971 г. надрукаваў артыкул "Музеі братоў Тышкевiчаў". У сваёй працы С. Акуліч назваў братоў Тышкевічаў вядомымі археолагамі, фактычнымі заснавальнікамі беларускай навуковай археалогіі. Далей ён апісаў дзейнасць Лагойскага музея, створанага імі ў 1842 г. у сваім мураваным двухпавярховым палацы, збудаваным у стылі класіцызму ў 1814-1819 гг. у гістарычным цэнтры Лагойска на высокім маляўнічым беразе рэчкі Гайны.

Даследчык адзначыў, што менавіта на грунце Лагойскага музея Тышкевічы заснавалі Віленскі музей старажытнасцей. Далей ён паспрабаваў прасачыць лёс лагойскіх і віленскіх экспанатаў у другой палове ХІХ-пачатку ХХ стст. і іх сённяшнее знаходжанне ў музеях Літвы, Расіі і Польшчы.

У 1981 г. беларускі этнограф Міхаіл Піліпенка надрукаваў падручнік для ВНУ "Этнография Белорусcии". У сваім падручніку М. Піліпенка адзначыў, што "ў першай палове ХІХ ст. да этнаграфіі беларусаў узнікла цікавасць у вучоных, якія пісалі на польскай мове. Шмат іх паходзіла з Беларусі. Яны мелі прагрэсіўныя погляды, разумелі сваю сувязь з беларускім народам і шмат зрабілі для вывучэння яго культуры і побыту" . Даследчык называе імёны З. Даленгі - Хадакоўскага, Яна Чачота і У. Сыракомлі, але сярод іх прозвішчаў братоў Тышкевічаў пакуль няма. Не згадалі імёны Тышкевічаў і аўтары акадэмічнага выдання "Этнаграфія Беларусаў", якое пабачыла свет ў 1985 г.

Канчаткова вярнуў беларускай навуцы спадчыну Тышкевічаў у 80-х гг. мінулага стагоддзя Генадзь Каханоўскі. Гэта быў унікальны чалавек, які здолеў аднавіць і ўзначаліць беларускі краязнаўчы рух, разгромлены і знішчаны сталіністамі ў 30-х гг. ХХ ст.

Г. Каханоўскі доўгі час узначальваў Менскі абласны краязнаўчы музей з сядзібай у Маладзечне, прыдбаў для яго нямала каштоўных экспанатаў, падабраў супрацоўнікаў, адданых сваёй справе. У выніку безаблічная ўстанова ператварылася ў культурны асяродак, вядомы не толькі ў Маладзечне, не толькі ў вобласці, але і ва ўсёй Беларусі, стала адным з цэнтраў наватарскай музеязнаўчай думкі.

І потым, калі Г. Каханоўскі працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі і ў Нацыянальным цэнтры імя Ф. Скарыны, ён працягваў займацца краязнаўствам, ўжо тэарэтычна асэнсоўваючы яго. Пісаў артыкулы і чытаў лекцыі па краязнаўству.

Г. Каханоўскі займаў у навуцы асобае месца, працуючы на сумежжы многіх дысцыплін: гісторыі, краязнаўства, літаратуразнаўства, этнаграфіі, фалькларыстыкі, мовазнаўства. Пра такую комплекснасць сведчаць яго кнігі.

Значную ўвагу Г. Каханоўскі звярнуў на дзейнасць братоў Тышкевічаў. Менавіта ён уключыў біяграфічныя даведкі пра іх у розныя энцыклапедыі і даведнікі, у тым ліку і ў энцыклапедыю "Этнаграфія Беларусі".

Адной з лепшых працаў Г. Каханоўскага з'яўляецца яго манаграфія "Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў ХVІ - ХІХ стст.", што выйшла ў свет у 1984 г., яшчэ да пачатку "перабудовы". У кнізе ён падрабязна спыніўся на дзейнасці братоў Тышкевічаў і прысвяціў ім некалькі старонак навуковага тэксту.

Аналізуючы дзейнасць Я. Тышкевіча, Г. Каханоўскі вызначыў яго ролю ў станаўленні археалагічнай навукі ў Беларусі. Ён адзначае, што Я. Тышкевіч першым выказаў думку, што з прыняццем хрысціянства курганны пахавальны абрад паступова знікае. Заўважыў Г. Каханоўскі і тое, што Я. Тышкевіч лічыў, што эпоха бронзы папярэднічала эпосе жалеза. Я. Тышкевіч вызначыў адным з першых і асноўную этнічную прыкмету крывічоў - адпаведныя жаночыя скроневыя колцы. Я. Тышкевіч упершыню даў дэталёвае апісанне каменных прыладаў працы і асабліва каменных сякераў. Г. Каханоўскі адзначае, што праца Я. Тышкевіча "Апісанне Барысаўскага павета" выклікала ўвагу пазнейшых даследчыкаў беларускай этнаграфіі і фальклору.

Апавядаючы пра ўклад Канстанціна Тышкевіча ў беларускую археалогію Г. Каханоўскі адзначае яго наступныя заслугі: "К. Тышкевіч пацвердзіў, што каменныя сякеры спачатку былі прыладамі працы, а потым рытуальнымі рэчамі падчас пахавання".

К. Тышкевіч паклаў пачатак вывучэнню старажытных беларускіх гарадоў і замкаў. Ён упершыню стаў складаць тапаграфічныя планы беларускіх замкаў і гарадзішчаў. Таксама браты Тышкевічы вялі палявыя дзённікі археалагічных раскопак. Не згубіла свайго навуковага значэння і ўнікальная манаграфія К. Тышкевіча "Вілія і яе берагі".

Значную ролю ў вывучэнні беларускай археалогіі ХІХ ст. адыграў і маскоўскі археолаг Леанід Аляксееў, які шмат гадоў праводзіў раскопкі на тэрыторыі этнаграфічнай Беларусі і выдаў дзве ўнікальныя манаграфіі, прысвечаныя Полацкай і Смаленскай землям.

Шмат гадоў працаваў Л. Аляксееў і ў маскоўскіх архівах. Самай цікавай працай даследчыка, прысвечанай гістарыяграфіі і гісторыі беларускай археалогіі з'яўляюцца манаграфія "Археология и краеведение Беларуси ХVІ в. - 30-е годы ХХ в.". У гэтай кнізе ёсць параграф "Браты Тышкевічы" і раздзел "Разгром Віленскага музея і Археалагічнай камісіі (1865 г.)".

Л. Аляксееў піша, што К. Тышкевіч быў першым археолагам у Расійскай Імперыі, які звярнуў увагу на ганчарныя клеймы курганных гаршкоў. Л. Аляксееў, як і Г. Каханоўскі лічыў, што Я. Тышкевіч заклаў падваліны беларускай навуковай археалогіі. Пры гэтым ён спасылаўся на сведчанне археолага А. Кіркора, які пісаў у 1856 г., што "гонар пазову да жыцця літоўскай археалогіі належыць Я.П. Тышкевічу" , які ў 1837 г. раскапаў першы курган. Менавіта Я. Тышкевіч, яшчэ ў 1851 г. задумаў стварыць Віленскі музей старажытнасцей і Археалагічную камісію пры ім.

Цікавыя звесткі сабраў Л. Аляксееў пра ліквідацыю Віленскага музея па загаду М. Мураўёва. М. Мураўёў абвінаваціў Я. Тышкевіча ў прапагандзе польскасці, на што той адказаў, што хацеў адлюстраваць у музеі "старажытнасці не польскія, а мясцовыя, гэта значыць літоўска-рускія" . Такім чынам мы маем мясцовага патрыёта, "ліцвіна", а не паляка. Л. Аляксееў таксама надрукаваў некалькі лістоў Я. Тышкевіча, напісаныя незадоўга да сваёй смерці.

Ролю К. Тышкевіча ў развіцці музейнай справы ў Беларусі адзначае таксама і А.А. Гужалоўскі. Ён піша, што ў Лагойску на працягу 30-60-х гг. ХІХ ст. ішла напружаная музейная праца. Падрабязна апісвае А. Гужалоўскі і Віленскі музей старажытнасцей. Ён цытуе наступныя словы Я. Тышкевіча: "Пад словамі "Віленскі музей" я разумеў і разумею збор рэчаў, які б, як у люстэрку, даваў адбітак жыцця і дзеяння літоўска-рускага народа на кожным з этапаў яго існавання" . У апошнім энцыклапедычным выданні "Археалогія Беларусі" Тышкевічам прысвечаны грунтоўныя артыкулы.

Дзякуючы намаганням студэнтаў і выкладчыкаў кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў адкрыта мемарыяльная аўдыторыя імя братоў Тышкевічаў з адпаведнай экспазіцыяй. У гэтым годзе з нагоды 200-годдзя Я. Тышкевіча выдавецкі цэнтр "Марка" РУП "Белпошта" мяркуе выпусціць мастацкі канверт з серыі "Вядомыя асобы Беларусі".

У Менску ў мікрараёне "Міхалова-2" з'явіцца вуліца братоў Тышкевічаў.

У выніку намаганняў беларускіх даследчыкаў навуковая спадчына братоў Тышкевічаў была грунтоўна даследавана і стала складовай часткай беларускай археалогіі, этнаграфіі і музеязнаўства.

А.А. Трусаў, дацэнт, кандыдат гістарычных навук


У народнай песні жыве родная мова на Піншчыне

Крыху раней наша газета распачала аповед пра тое, дзе на Піншчыне жыве родная мова. У гэты раз я прыняў удзел у двух мераптрыемствах, якія праводзіліся аддзелам культуры райвыканкама.

Ужо працяглы час аддзел культуры праводзіць справаздачы ўстаноў культуры перад насельніцтвам. Так склалася, што ў гэты дзень, калі павінна быць справаздача работнікў культуры сельсаветаў у в. Бобрык, адбылася мая сустрэча з загадчыцай аддзела ідэалогіі, культуры і моладзі Людмілай Галавач, якая настойліва запрашала паглядзець справаздачу работнікаў клубаў і бібліятэк. Я згадзіўся. І вось што я ўбачыў і пачуў.

Пра негатыўныя пытанні я апавядаць тут не буду, бо гэта адразу пасля справаздачы зрабіла сама Людміла Васільеўна. Мяне цікавіла прысутнасць нацыянальнай мовы беларусаў у рабоце культуставаў. Пра лепшае распавяду. Бібліятэкаркі з Дабраслаўкі, Пласкінь і Ліпнікі (Алена Кулеш, Алена Міхалевіч і Наталля Шляжка) паказалі літмантаж, які звязалі з 65-гадовым юбілеем паэтэсы Яўгеніі Янішчыц і з святам роднай мовы. Кароценькая справаздача, але па-беларуску і на надзённыя тэмы.

Заслугоўвае ўвагі той факт, які мяне вельмі здзівіў і абнадзеіў. Дабраслаўскі сельскі клуб прадставіў на справаздачу, хоць і нешматлікі, але добры, новы, малады калектыў, які выканаў некалькі беларускіх песняў. Кіруюць гэтым цікавым калектывам Сухаверхая Тацяна і Быковіч Жанна.

Новы калектыў у складзе: Наварыч Галіны, Ладыга Алы, Сухаверхай Марыі, Завадскай Наталлі і Старык Алы выканалі беларускія народныя песні "Вёсачка", "Шумяць вербы", "Паехала Гандзя ў лес", "Біла мяне маці" і інш.

Другога сакавіка ў раёне адсвяткавалі народнае свята "Провады зімы", ці "Масленіца". У г.п. Лагішын з'ехаліся госці з Парэцкага, Мерчыцкага, Ставоцкага, Валішчанскага і Лышчанскага сельсаветаў.

На імправазаваную сцэну (ганак Дома культуры) выходзілі многія калектывы мастацкай самадзейнасці з вёсак Ставок, Парэчча, Валішча, г.п. Лагішын. Сёння хачу зрабіць паведамленне пра два калектывы. Самадзейны калектыў "Стаўляначка" прадстаўлялі Кахновіч Марыя, Пахальчук Марыя, Яскевіч Ніна, Піскун Ірына і Козел Дзмітры. Яны праспявалі "Прывітальную", "Грымата", "Каля рэчкі", "Малада" ды інш. Акампанавалі Стэльмах Аляксандр і Навальвіч Уладзімір.

Маю ўвагу звярнуў на сябе калектыў "Парачаначка" пад кіраўніцтвам Вольгі Кандрацюк. Спявачкі з Парэчча праспявалі "Стаіць гара высокая", "Іванка", "Вярба", "Пірагі" і прывітальную "Ад Парэцкага роднага краю".

А вось і спявачкі: Жук Марыя, Трушко Антаніна, Галета Алена (дырэктар ДК), Башчук Ніна, Сахарук Ірына, Бахур Вольга, Башчук Галіна, Вакульчук Святлана. Спявалі самадзейныя спявачкі пад акампанемент Вольгі Кандрацюк.

Трэба дадаць, што беларускае слова гучала на свяце мала. І гэта народнае свята рабіла нейкім чужым, не беларускім.

Уладзімір Гук, старшыня ТБМ Пінскага раёна.


Дабрыня Раісы Раманчук

"Дабрыня". Так завецца чацвёртая па ліку паэтычная кніга Раісы Раманчук, якая спачатку рабіла кухарам у адным з Баранавіцкіх дзіцячых садкоў, а потым да пенсіі працавала ў цяжкіх умовах на Баранавіцкім баваўняным камбінаце, на якім зарабіла шмат прафесійных нявылечных хвароб. Нарадзіла і выхавала разам з мужам трох дзетак і ўжо мае чацвёра ўнукаў. Вучылася, працавала і ўвесь свой век жыла і жыве ў суладдзі, у гармоніі з сапраўдным беларускім словам. Усе яе выданні, а гэта "Сцежка ў дзяцінства", "Рамонкавы ранак", "Звон верасовы" і "Дабрыня" напісаны на чысцюткай, крынічнай, радаснай беларускай мове.

Спецыяльна не выбіраў, а проста так, выпадкова адкрыў адну са старонак "Дабрыні", каб працытаваць без усялякіх каментароў твор аўтаркі, каб вы ўсе, дарагія чытачы "НС", адчулі гукі і жыццё нашай зямліцы:

Зернейка ў зямельку ўпала.

- І прапала?

- Не прапала!

Уваскрэсла. Ажыло

І расток жывы дало.


Кропелька ў зямельку ўпала.

- І прапала?!

- Не прапала!

Наталіла той расток,

Набірае моц лісток.


Промнік сонца ўсміхнецца,

Да раслінкі дакранецца,

Зацвітуць, запахнуць кветкі,

Закалосяцца палеткі.

Каб суаднесці назву дзіцячай калярова ілюстраванай кніжачкі на 52 старонках Раісы Раманчук са значэннем слова " дабрыня ", то разгарнуў "Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы", а ў ім яно тое, што і дабрата - спагадлівасць , душэўная прыхільнасць да людзей, імкненне рабіць усё добрае для іншы х, а ў другім сэнсе - яшчэ раскоша, хараство, любата ! То можна прама сказаць і напісаць, адзначыць, што ўсе гэтыя якасці глыбока сядзяць у сэрцы, душы паэтэсы і надаюць асаблівую прыгажосць, увагу, павагу і самой Раісе Раманчук, і яе паэзіі.

Не забыла ў сваёй "Дабрыні" паэтэса і пра сваю горыч, вынішчэнне роднага ў вершы "Беларуская мова":

Куды ні паедзь, у якую краіну -

Народ сваёй мовы ніколі не кіне.

А мы, беларусы - і крыўдна, і горка -

Цалкам забыліся мову, гаворку.

Дзяды нашы, прадзеды тут пажывалі,

Крывёю і потам зямлю палівалі,

У бядзе і ў радасці чуліся словы

Роднай сваёй, беларускае мовы.

Цяпер беларусы цураюцца мовы,

У іншых гучаннях нашэптваюць словы.

Дзе вы?

Адгукніцеся, любыя словы,

Пяшчотнай маёй беларускае мовы.

Колькі б я не прысутнічаў на яе творчых сустрэчах з дзеткамі, то столькі ж разоў было такое адчуванне, што з першых гукаў яе вершатвораў, яна нясе гэтую магнетычную чысціню паэзіі да іх, як да сваіх уласных сяброў! Таму доўга-доўга яны не адпускаюць яе ад сябе, а некаторыя нават падбягаюць, каб пагладзіць сваю госцю, а частка з іх набіраецца сілаў, храбрасці і працягваюць, як з роднай мамай, гэты жывы клубочак яднання вечнага нашага прыгожага рыфмаванага пісьменства.

А зараз яшчэ некалькі слоў пра мастака слова. Раіса Міхайлаўна Раманчук (дзявочае прозвішча Шымко) нарадзілася ў в. Літараўшчына (на хутары) на дзівоснай, цудадзейнай Карэліцкай зямлі 20.04.1957 г., скончыла славутую Варанчанскую школу. У г. Баранавічах вучылася ў вучылішчы і тэхнікуме, першыя свае вершы апублікавала вучаніцай у Карэліцкай раённай газеце "Полымя", з ёй трымае моцную сувязь і сёння.

Мне ў сувязі з паэтычнымі крокамі аўтаркі ўспамінаецца далёкі 1988 год, калі падчас службы на Далёкі Усход прыйшла з Менска газета "Знамя юнасті" ад 2 верасня, а ў ёй С. Райкіна ў сваім артыкуле "И след в душе оставит "Лира" адзначае сярод іншых чальцоў літаб'яднання "Ліра" г. Баранавічаў тады мне невядомую Раісу Раманчук як цікавую паэтку. Было ёй тады 26 год, але журналістка не прайшла мімаходзь, каб не заўважыць гэтую прамяністую Асобу Пяра! Дадам, што з таго часу, тая газета дасюль захоўваецца ў маём архіве.

Застаецца дадаць, што мы вітаем паэтэсу Раісу Раманчук з яе самаахвярным, самааданым служэннем на ралі беларускай мовы і літаратуры, ганарымся ёю. Пры ўсім гэтым адзначаем, што ўсе беларускія кнігі паэтэсы пабачылі свет на яе ўласныя грошы, заробленыя потам і мазалямі, што "Дабрыня" аддрукавана ў Смаленску - першай сталіцы БССР - у выдавецтве "Наапрэс" у 2014 годзе, тыражом 300 экз. І завяршаем свае нататкі яе маленькім вершам "Любы край":

А водар струменіць з вядзерца суніцамі,

Аж кругам чамусьці ідзе галава.

Вясны, палявы, увесь усеян крыніцамі -

Мой край беларускі, цябе лепш няма.

Міхась Угрынскі, г. Баранавічы .


Абсталёўваем кватэру па-беларуску

Замяніць лямпачку ў жырандолі? Прапыласосіць дыван? Папраць фіранкі? Прыборка кватэры можа стаць займальным адукацыйным мерапрыемствам! Новая паштоўка з серыі "Не маўчы па-беларуску" ад кампаніі "Будзьма!" раскажа, як гучаць па-беларуску простыя побытавыя рэчы вакол нас.

Шукайце паштоўкі серыі на стэндах FlyCards!

Не маўчыце па-беларуску!

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX