Вярнуцца: 2014

№ 16 (1167)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 16 (1167) 16 красавіка 2014 г.


З ВЯЛІКАДНЕМ ВАС, ШАНОЎНЫЯ БЕЛАРУСЫ!
Хрыстос уваскрос!

18 красавіка - Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін (Дзень сусветнай спадчыны)

Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін (Дзень сусветнай спадчыны) адзначаецца 18 красавіка. Святкаванне прапанавана ў 1983 годзе Асамблеяй Міжнароднай рады па пытаннях аховы помнікаў і памятных мясцін (ІКАМОС) створанай пры ЮНЕСКА, з мэтай прыцягнення ўвагі грамадства да захавання аб'ектаў культурнай спадчыны. Упершыню, на міжнародным узроўні, дзень помнікаў і гістарычных мясцін адзначаўся 18 красавіка 1984 года.

Першыя заканадаўчыя акты па Ахове спадчыны з'явіліся ў Аўстрыі амаль 250 год таму і датычыліся міланскіх палацаў ХV стагоддзя.

У новай дзяржаве Рэспубліка Беларусь Закон "Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь" быў прыняты ў 1992 годзе з улікам досведу міжнароднага заканадаўства.

Аднак у выніку стварэння нацыянальнай сістэмы аховы спадчыны быў ануляваны Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцей БССР (блізу 24 тыс. аб'ектаў). І хоць значнай часткай з тых аб'ектаў былі помнікі падзеям II Сусветнай вайны, наступствы такога рашэння для аховы спадчыны ў Беларусі былі катастрафічныя. На дадзены момант у створаным нанова Дзяржаўным спісе гістарычна-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь толькі блізу 5 тыс. аб'ектаў...

Наш кар.


АНАТОЛЮ ВАЛАХАНОВІЧУ - 75

Анатоль Іосіфавіч ВАЛАХАНОВІЧ (17 красавіка 1939, Менск, БССР, СССР) - гісторык, журналіст, краязнавец. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў (2006), сябар Саюза беларускіх журналістаў (1975). Ганаровы сябар Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (2009).

Закончыў гістарычна-філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (1961). У 1961-1962 гг. настаўнік гісторыі у в. Баравое (Дзяржынскі раён), з траўня 1962 г. адначасова дырэктар школы ў в. Паланевічы (Дзяржынскі раён). У 1962-1964 гадах служыў у войсках сувязі Групы савецкіх войск у Германіі (ГСВГ). З 1964 г. дырэктар школы ў в. Ракашычы (Уздзенскі раён), са жніўня 1966 г. дырэктар школы ў в. Зенькавічы (Уздзенскі раён).

З верасня 1968 г. рэдактар у выдавецтве "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя", з лютага 1975 г. загадчык рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве выдавецтва "Навука і тэхніка" АН БССР, з траўня 1996 г. па 2002 г. старшы навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы.

Пісаць і друкавацца пачаў яшчэ ў студэнцкія гады ў 1959 г. Даследуе праблемы гісторыі, літаратуры, культуры і краязнаўства Беларусі, распрацоўвае пытанні палітычных рэпрэсій (1920 - пачатку 1950-х гг), займаецца гісторыяй хрысціянства ў Беларусі.) і інш. Аўтар звыш 950 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў у энцыклапедычных выданнях, навуковых зборніках, матэрыялах навуковых канферэнцый, часопісах, газетах, кнігах. Піша аповесці, апавяданні, эсэ, дакументальныя нарысы, казкі.

Вікіпедыя.

(Пра Анатоля Валахановіча чытайце на ст. 7-8.)


Споўнілася 90 гадоў Сяргею Карабачу

Сяргей КАРАБАЧ нарадзіўся 23 сакавіка 1924 г. у в. Яманты на Лідчыне. З 1942 па 1944 гады навучаўся ў беларускай Наваградскай настаўніцкай семінарыі. З 1947 г. - у Вільні. Скончыў медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта. У 1989 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю і атрымаў навуковую ступень кандыдата медыцынскіх навук. У Літоўскай дзяржаве яго навуковая ступень была перакваліфікавана ў ступень доктара медыцыны.

Ён адзін з тых, хто стаяў ля вытокаў беларускага адраджэння ў Літве і вось ўжо на працягу цвэрці стагоддзя прымае актыўны ўдзел у віленскім беларускім жыцці. Не гледзячы на свой паважаны ўзрост, сп. Сяргей і сёння з'яўляецца адным з самых актыўных беларускіх дзеячоў Вільні. Беларускасцю ён запаліўся яшчэ з маленства і пранёс яе праз усё жыццё. І сёння не забываецца на свае карані, бацькоўскую мову, цікавіцца падзеямі, якія адбываюцца на яго Радзіме і вельмі перажывае з-за таго, што Беларусь русіфікуецца, герб Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг дагэтуль фактычна пад забаронай. Але верыць, што Беларусь рана ці позна стане беларускай. А на пытанне, які лёс чакае беларускасць у Вільні кажа наступнае:

- Вельмі складанае пытанне. Я б сказаў, Таварыства беларускай культуры многа рабіла да гэтага часу, і хацелася б, каб не згас гэты агеньчык, які быў, каб засталася гэта праца, якую тут зрабілі беларусы. Кепска, што гэты рух раз'яднаўся, няма кансалідацыі. І гэтыя сілы, якія ёсць, мусяць аб'яднацца. І гэты рух павінен ісці наперад, больш увагі ўдзяляць да агульнабеларускай дзейнасці, пашыраць яе сярод беларусаў Віленшчыны.

(Пра С. Карабача чытайце на ст. 2-3.)


70 гадоў Яўгену Лецку

Яўген Рыгоравіч ЛЕЦКА (нар. 20 красавіка 1944, в. Пабрэззе, Наваградскі раён, Гарадзенская вобласць) - беларускі пісьменнік, крытык, літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук (1980).

Скончыў БДУ (1968). Працаваў на заводзе, настаўнікам, карэспандэнтам радыёвяшчання. З 1971 у Інстытуце літаратуры АН Беларусі, з 1986 у выдавецтве "Мастацкая літаратура", з 1997 дырэктар выдавецтва "Бацькаўшчына".

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і: бацька, Рыгор Іванавіч, у маладыя гады чалец Сялянска-работніцкай Грамады, маці, Надзея Сільвестраўна, працавала ў калгасе. Паводле сямейнага падання род Лецкаў паходзіў з Каўказу: мужчыны з іх роду пасля разгрому паўстання пад кіраўніцтвам Шаміля былі перабітыя, а малых дзяцей з бабулямі выселілі ў Налібоцкую пушчу, а адтуль, пасля паўстання 1863-1864 гг., на Наваградчыну.

Друкуецца з 1968. Даследуе мастацкую адметнасць, стыль сучасных беларускіх празаікаў, узаемадзеянне літаратуры і чытача (зборнік "Выхаваўчая роля літаратуры", 1980). У аповесцях "Па цаліку" (1977), "Дарога ў два канцы" (1981) выяўляецца псіхалагізм, выразнасць малюнка характараў, добрае адчуванне мовы. Складальнік літаратуразнаўчага зборніка "Вобраз" (1981), зборнікаў апавяданняў маладых беларускіх пісьменнікаў "Цяпло на першацвет" (1985), "Акно ў зялёны сад" (1988), кніг твораў М. Дзяшкевіча (1991), Л. Калюгі (1992), А. Мрыя (1993) і інш.

Старшыня Аргкамітэта (1989-90) і Рады (1990-93) Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Вікіпедыя.


Ганароваму сябру рады ТБК Сяргею Карабачу - 90!

23 сакавіка споўнілася 90 гадоў ганароваму сябру ТБК, навучэнцу беларускай Наваградкай настаўніцкай семінарыі, доктару медыцынскіх навук Сяргею Карабачу.

З гэтай нагоды я завітаў у госці да шаноўнага юбіляра і мы за кубкам гарбаты паразмаўлялі з ім пра яго прабеглае жыццё і ўдзел ў жыцці беларускім.

- Адкуль у Вас з'явілася цікавасць да Беларусі?

- Я нарадзіўся ў беларускай сям'і ў 1924 г., калі гэта тэрыторыя знаходзілася пад уладай Польшчы, мова ў нас была беларуская, а дзяржаўнай польскай мовай амаль не карысталіся, бо ведалі слаба. Самы першы такі цікавы момант быў, калі я пайшоў у школу, а яна была ў нашым доме (дом быў на два канцы, і адзін канец здалі пад школу). І я хадзіў цераз сені ў школу. Адзін раз я прыйшоў са школы і старэйшаму брату дэкламую: "Кто ты естесь, поляк малы, які твуй знак, ожел бялы…" і г.д., а старэйшы брат падышоў да мяне і кажа: "Адкуль ты тут узяўся такі поляк? Ты не поляк". І гэта скончылася, я больш не дэкламаваў гэты верш і больш не лічыў сябе палякам. А ў школе нам ніхто не казаў, што мы беларусы, усё было толькі на польскай мове.

Мая маці вельмі любіла чытаць. Кожны год, калі мы ехалі ў мястэчка на базар (часцей гэта было ўжо ў цёплыя часы, недзе з сакавіку), яна заўсёды ішла і купляла беларускі адрыўны каляндар у пані Янушэўскай з Вільні. А ўжо беларускі каляндар з'яўляўся для нас нейкай літаратурай. Я памятаю, яна яго чытала, як я быў малы, зачытвала вершы, напрыклад, Якуба Коласа. Я тады яшчэ не ведаў, хто такі Якуб Колас. І былі розныя цікавыя рэчы. І так з цягам часу і далучаўся да беларускасці. А пасля прыйшла савецкая ўлада, і адкрылі беларускія школы, да гэтага былі толькі польскія. Пайшоў я ў беларускую школу. Спачатку ў Беліцы скончыў 5 і 6 класы. А за часоў Польшчы я скончыў 6 класаў польскай школы ў Няцечы, там была вялікая вёска з касцёлам, 3 км ад маёй вёскі.

У той час сялянскія дзеці павінны былі вучыцца да 14 гадоў і да гэтага часу ўкласціся ў 4 класы. Атрымлівалася так, першы і другі клас па году, калі паспяваў, а ўжо ў трэцім класе сядзеў 2 гады, а ў чацвёртым, калі трэба было, то і тры гады сядзеў, каб дажыць да 14 гадоў.

Я адзін год адсядзеў у чацвёртым і пасля задаў пытанне бацьку, чаму я буду сядзець у тым самым класе ў другім годзе. Бацька кажа, ну што рабіць, паедзем шукаць другой школы. Паехалі мы ў Беліцкую школу, але там нешта не атрымалася. Мой бацька быў добра знаёмы з ксяндзом Няцецкага касцёла і пайшоў да яго. Той і парадзіў, кажа, што ў Няцечы ёсць 6-класная школа, ідзіце туды. І я з татам пайшлі да дырэктара той школы, і мяне прынялі ў пяты клас. І я там скончыў пяты і шосты. І калі я скончыў шосты клас, распачалася вайна Польшчы з Германіяй, і прыйшла Чырвоная Армія. І вось калі прыйшлі чырвоныя, я восенню 1939 г. пайшоў у Беліцкую школу ў пяты клас, таму што ўзровень шостага класа польскай школы не адпавядаў шостаму савецкай. І да другой вайны, ужо з немцамі, я ў Беліцы скончыў 5 і 6 класы.

У 1941 г., калі пачалася вайна з немцамі, дырэктар школы ў Няцечы арганізаваў сёмы клас. Я ў яе паступіў і скончыў. Нас там было вельмі мала, спачатку 10, а пасля засталося толькі 7. Але мы скончылі 7 клас. І гэта мне дало магчымасць у 1942 г., калі дайшлі да нас весткі, што ў Наваградку адкрываецца настаўніцкая семінарыя, паступіць у яе. Спачатку назвалі яе інстытутам. Хаця, як пазней я даведаўся, там планаваўся інстытут, але на гэта не хапіла сіл, да таго ж немцы не далі згоды. І таму арганізавалі настаўніцкую семінарыю. І вось я цераз Дзятлава (а трэба было чамусь цераз Дзятлава) атрымаў туды накіраванне. Але ўжо не памятаю, чаму трэба было атрымоўваць цераз Дзятлава. Паехалі туды, і мяне прынялі ў першы клас семінарыі. У ёй вучыўся два гады: першы клас і ў 1944 г. скончыў другі, атрымаў пасведчанне аб заканчэнні яе ІІ курса і вярнуўся дадому, бо вярталіся бальшавікі, і трэці курс застаўся не закончаны - матуры (атэстат сталасці, рэд. ) не атрымаў, бо гэтая адукацыя адпавядала 9 класам сярэдняй школы.

Цікава тое, што, як прыйшла савецкая ўлада зноў, нам трэбы было думаць, што рабіць. Па гадах мы падходзілі, каб ісці на фронт. І я з калегам, маім суседам, які вучыўся за часы немцаў у прагімназіі ў Вільні, вырашылі пайсці ў настаўнікі. Пайшлі ў Ліду ў гарана, і нас узялі настаўнікамі пачатковых школ і скіравалі ў вёскі. Я патрапіў у вёску за 10 км ад маёй, ужо не памятаю яе назвы. І я туды два разы хадзіў, ужо ўсё падрыхтаваў да школы, сабраў спісы дзяцей і г.д. Але да бацькі прыйшоў адтуль чалавек і сказаў, што калі ваш сын хоча арганізаваць беларускую школу, то няхай гэтага не робіць, таму што польская падпольная АК (Армія Краёва) гэтым не задаволена, таму няхай ён гэтага не робіць, а то будзе дрэнна. І мы, канешне, адмовіліся ад задумы стварыць школу.

Такая ж сітуацыя атрымалася і з маім калегам Хведарам Макарэвічам. І мы з ім пагаварылі і вырашылі пайсці ў гарана і сказаць ім пра гэта. Як мы прыйшлі і расказалі пра гэта, начальнік гарана раззлаваўся на нас і сказаў: "Пайшлі". І павёў нас у ваенкамат і аддаў нас ваенкаму. Так вось пасля няўдалага свайго настаўніцтва патрапіў у армію. Павезлі нас у запасны полк у Барысаў, там мы былі тры ці чатыры месяцы, і недзе ў канцы снежня нас павезлі на фронт. Я патрапіў у сапёрную частку. Прыехалі на фронт недзе ў студзені, былі маразы, холад. Выгрузілі нас на станцыі Менск-Мазавецкі, і мы пешшу пайшлі ў назначанае месца фронту. Далей быў фронт, Піліца пад Варшавай, дайшлі да поўдня Варшавы. І так я дайшоў да Шчэціна, там мяне раніла 3 сакавіка, і я патрапіў у шпіталь і быў да канца чэрвеня. Шпіталь быў у Кёнігсбергу на Одэры. Там нам уручылі дакументы, што мы павінны пешшу ісці ў сваю частку. А мая частка знаходзілася недзе над Эльбай, у Людвізгафене. І мы пайшлі ў тым кірунку, каб патрапіць у частку. Два тыдні мы там блукалі, дзе ехалі, дзе йшлі. Нас была група чалавек 12. І пакуль мы дайшлі да месца, дзе павінна была быць наша частка, яе там не аказалася, яе перакінулі ў Японію. Так вось, каб не спазніліся, я мог бы яшчэ патрапіць і ў Японію. Адтуль мы пайшлі ў кірунку Берліна. Там нашы патрулі нас затрымалі і паслалі ў запасны полк пад Берлінам. Туды прыязджалі розныя камандзіры і набіралі спецыялістаў. Аднаго разу запатрабавалі сапёраў, і я патрапіў у сапёрную частку, якая стаяла ў Берліне. І там я фактычна дабыў да снежня 1945 г., калі мяне як настаўніка дэмабілізавалі дамоў.

Калі я вярнуўся дамоў, я пабачыў, што ў мяне там няма ніякіх перспектыў. Прыйшоў да нас брыгадзір калгаса і запатрабаваў, каб я цераз месяц ішоў у калгас. І я рашыў ісці куды-небудзь вучыцца. Пайшоў у Ліду, каб скончыць дзесяты клас, але была ўжо сярэдзіна навучальнага года, і дырэктар мне сказаў, што я 10 клас не скончу за паўгода. І я тады спаткаў сваіх знаёмых і з імі ўладкаваўся на другі курс педвучылішча. І там вучыўся да канца навучальнага года, а на наступны год паступіў у 10 клас Лідскай вячэрняй школы і яе скончыў у 1947 г. А паколькі гэта была школа для чыгуначнікаў, то экзамен на атэстат сталасці я здаваў і атрымаў у Баранавічах. І ў гэтым жа годзе паехаў у Вільню.

У Вільню прыехаў да свайго дзядзькі (брат маёй мамы). Усю вайну мы не ведалі, дзе яны, і што з імі. А ён прыслаў ліст, што ўсё з імі ў парадку, і свой адрас. Ну, я і паехаў яго наведаць і меў з сабой усе дакументы. Ён кажа, што можаш паспрабаваць тут, у Вільні, паступаць ва універсітэт. Я пайшоў ва універсітэт і вырашыў паспрабаваць на медыцынскі факультэт, на яго і паступіў. Закончыў яго ў 1953 г.

- А можаце зараз больш падрабязна расказаць пра Наваградскую семінарыю?

- Самы цікавы перыяд майго жыцця гэта семінарыя. У ёй была спецыфічная атмасфера, дзе кавалася беларускасць, у вучняў выхоўваўся беларускі патрыятызм. І вельмі было цікава. Жылі мы на кватэрах, я змяніў некалькі кватэр. Цяжка было, асабліва з прадуктамі. Мне іх прывозіў бацька. Яму трэба было праехаць 23 км цераз лясы. Прыязджаў да мяне раз у месяц.

У семінарыі было вельмі цікава. Апроч вучобы ладзіліся вечарыны, была самадзейнасць, займаліся спортам, спартыўнымі гульнямі.

Былі вядомыя настаўнікі. Дырэктарам быў Пётр Скрабец, А. Анішчык выкладаў беларускую мову, Наталля Орса таксама выкладала беларускую мову, Гоцка - матэматыку і інш. Гэта была кузня беларускасці.

Было шмат таленавітых вучняў, усе пісалі што-небудзь, кожны другі быў паэтам. Пачалі выдаваць часопіс "Покліч", рэдактарам быў Анішчык. У мяне нават адзін экземпляр ёсць. І там друкаваліся многія навучэнцы семінарыі.

Адзін перыяд я жыў з Якубам Барысевічам. Яго брат Янка Барысевіч жыве ў Аўстраліі. І аднаго разу тут у нас праходзіў з'езд (дакладна не памятаю каго), на які прыехаў Янка Барысевіч, і мы там пазнаёміліся. І ён увесь час мяне распытваў пра брата Якуба, бо ў іх склалася трагічна. У 1944 г. немцы забралі іх сям'ю і вывезлі ў Нямеччыну, дзе Якуб Барысевіч працаваў на нейкай таксічнай фабрыцы, вельмі шкоднай для здароўя, і цераз тры месяцы памёр. А Барысевічы за час эміграцыі згубілі ўсе свае дакументы і фотаздымкі. І вось Янка спадзяваўся, што, можа, у мяне захаваўся братаў фотаздымак. У мяне быў адзін агульны фотаздымак, але недзе згубіўся. Я шукаю гэты альбомчык і не магу знайсці.

- А якія адносіны былі з мясцовым насельніцтвам і палякамі?

- Як я быў у семінарыі, там дзейнічаў эскадрон Рагулі, ён таксама выкладаў у семінарыі нямецкую мову, дык там было спакойна. А што тычыцца маёй роднай вёскі, то там была партызанка, спачатку савецкая, а пасля польская АК, якая там пасля ўсім запраўляла. Вельмі цяжка было. Быў такі момант. Тыя, з каторымі я вучыўся ў Няцечы, пайшлі ў партызаны (яны былі каталікі-палякі). Адзін з іх зайшоў да нас да хаты і пытаўся, дзе я і чаму не іду ў іх партызанку. Бацькі адказалі, што я вучуся. Той тады пачаў патрабаваць, каб мяне выклікалі адтуль, з тым, каб забраць у АК. Бацькі пачалі прасіць, каб далі мне давучыцца. І яны адчапіліся. А так навогул многіх бралі з нашай вёскі ў АК і не пыталіся, хочуць яны ці не.

А на Лідчыне, дзе мая родная вёска, у 1942-44 гг. дзейнічала савецкая партызанка, зарганізаваная з былых ваеннапалонных, якіх немцы спачатку рассялілі па вёсках. Затым у яе ўваходзілі і мясцовыя жыхары, часта змушаныя пад абставінамі, створанымі партызанамі. Скажам так, абстраляюць або заб'юць немца каля вёскі, і немцы з помсты паляць вёску, і насельніцтва збягае ў лес і да т.п.

Цераз некаторы час на Лідчыне ўзнікла і польская партызанка - Армія Краёва (АК, белая). Яна мела нядрэнныя адносіны з немцамі, атрымоўвала зброю і ваявала супраць савецкай (чырвонай) партызанкі. Зразумела, што наведвалі вёскі і адны, і другія, і па даносах, хто з кім мае сувязь, (хацеў ці не хацеў, ніхто не пытаўся), то другі бок прымяняў рэпрэсіі - расстрэльвалі, палілі. Так, у нашай вёсцы трох мужчын за сувязь з чырвонай партызанкай АК-аўцы застрэлілі і спалілі. Чырвоныя, у сваю чаргу, рабілі тое самае. Так, у Няцечы прыйшлі ў школу, дзе я раней вучыўся, да дырэктара Ю. Раабэ. Ён, праўда, здагадаўся пра мэту іх прыходу. Адкрыў дзверы свайго пакоя, упусціў чырвоных партызан і дзверы замкнуў на ключ, схапіў дачку і ўцёк у лес. Засталася жонка (настаўніца) і маладая настаўніца беларускай мовы (школа дзейнічала пры немцах), застрэлілі іх і спалілі ў школе. Школа была вялікая, прыгожая - палілі, каб немцы не арганізавалі ў ёй умацавання супраць партызан.

АК на Лідчыне вынішчала беларускую інтэлігенцыю і дзеячоў - было застрэлена шмат чалавек. У нашай вёсцы жыў (і быў родам з яе) настаўнік Пётра Зайка, вучыў некалі дзяцей дома па-беларуску і расейску, а яго дачка Шура настаўнічала ў в. Сялец над Нёманам. Дык хтосьці аб гэтым данёс АК-аўцам. Яны прыйшлі і забралі іх, вывезлі ў лес і расстралялі.

Для жыхароў вёскі быў вельмі цяжкі і складаны час. Трэба было і накарміць, і напаіць і белых, і чырвоных. Выжылі толькі таму, што не было калгасаў, самі гаспадарылі.

- Можа, даводзілася сустракацца з кімсьці з беларускіх святароў у той час?

- У Беліцы быў святар Краўчанка. Як я разумею, што беларус. Бо як пачала дзейнічаць АК, ён схаваўся, бо баяўся, што АК яго магла ліквідаваць.

У Наваградку мы, як студэнты семінарыі, хадзілі арганізавана калі-некалі ў царкву. Там быў таксама беларускі святар. Ён пазней стаў біскупам, але я не памятаю яго прозвішча. Гэта быў адзін з актыўных беларускіх дзеячоў.

Як я пасяліўся ў Вільні ў дзядзькі на Зарэччы (а на Зарэччы жыў кс. Станкевіч), дык я часта, бегучы на заняткі, спатыкаў кс. Станкевіча. У той час мог пазнаёміцца, але нейкая нясмеласць не дала, пра што вельмі шкадую. Некалькі разоў заходзіў у касцёл св. Міхала, дзе ён служыў. Некалькі разоў слухаў яго малебен па-беларуску. Пазней, калі канчаў, а, можа, ужо быў кончыўшы універсітэт, мяне пазнаёміў Адольф Клімовіч з яго гаспадыняй Марыяй Шутовіч.

З Адольфам Клімовічам у гэты час мы былі ўжо добра знаёмыя. Ён працаваў арганістам у касцёле на Звярынцы пасля вяртання з ссылкі ў Сібір і прадаўжаў пісаць біяграфічны слоўнік беларускіх дзеячоў. І мы, каб атрымаць дадзеныя пра Аляксандра Карабача, сябра беларускай партыі сацыял-дэмакратаў, паехалі на Звярынец да яго жонкі і сястры. Але вельмі мала даведаліся, бо ўсе дакументы былі знішчаныя, а жонка па паходжанні расейка, відаць, мала цікавілася яго працай і дзейнасцю. Аб жыцці і дзейнасці на беларускай ніве Адольфа Клімовіча, блізкага супрацоўніка кс. Адама Станкевіча па партыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, можна даведацца з кніжкі Міхася Казлоўскага "Нашчадак слаўных крывічоў".

І вось я заходзіў да яе (Марыі Шутовіч?) і некаторыя яго кнігі глядзеў. Там у яго ў складзе былі зваленыя кнігі, якія знішчаліся, дык яна сказала мне, што магу іх узяць. Дык я частку тых кніг забраў. І цяпер многім каму з нашых дзеячоў падараваў іх. А некаторыя ўжо рассыпаліся ад часу. Мяне яна пазнаёміла з настаўнікам з Клецкай гімназіі, я так-сама хадзіў да яго. І зараз шкадую, што не пазнаёміўся з кс. Станкевічам. А так знаў яго, бачыў.

- А ці шмат народу збіралася на службе ў кс. Станкевіча?

- Ну так, сярэдне. У той жа час, ведаеце, саветчына была. Дык не вельмі многа хадзіла людзей, але хадзілі, былі ў касцёле, пераважна людзі старэйшага ўзросту.

- А як Вы далучыліся да беларускага руху ў цяперашнія часы?

- Я пастаянна падпісваўся на беларускія выданні: "Літаратура і мастацтва", "Полымя" і інш. А Валянцін Стэх на паштамце ўзяў дадзеныя, хто выпісвае тут беларускія выданні. І вось у 1988 г. я атрымаў ліст па-беларуску ад Стэха з запрашэннем прыйсці ў Палац прафсаюзаў на сустрэчу з беларусамі Вільні. Калі я прыйшоў у прызначаны час, то там спаткаў знаёмых беларусаў Л. Луцкевіча, А. Анішчыка і інш. Паколькі гэта была пара абвешчанай М. Гарбачовым перабудовы, то ўзнікла пытанне арганізацыі і рэгістрацыі беларускага клуба. Незадоўга падабралі назву і ў 1988 годзе зарэгістравалі беларускі клуб "Сябрына", старшынём якога стаў Мікола Махнач. Прапанова Л. Луцкевіча на старшыню не прайшла (быў рэпрасаваны). Клуб "Сябрына" рэгулярна ладзіў імпрэзы, у якіх я пастаянна ўдзельнічаў. У 1988 г. узнік Літоўскі фонд Культуры, які даваў магчымасць ствараць і рэгістраваць нацыянальныя суполкі. Тады і было арганізавана Таварыства беларускай культуры ў Літве, зарэгістраванае ў лютым 1989 г. у Міністэрстве юстыцыі. Старшынём быў абраны Хведар Нюнька, які на гэтай пасадзе знаходзіцца па сёняшні дзень. Праз год ці два я быў абраны ў раду ТБК, дзе і працую па сёняшні дзень. Узнікла праблема памяшкання для Таварыства. Была пададзена просьба атрымаць дамкі па вул. Жыгімонта 12, якія належалі беларускім марыянам з Друі, і яны пасля доўгай правалочкі былі перададзены ТБК у Літве ў 1998 г.

- На колькі мне вядома, Вы абаранялі дысертацыю. Калі ласка, колькі слоў пра гэта.

- Працаваў я фтызіятарам, быў намеснікам па лячэбнай частцы рэспубліканскага туберкулёзнага дыспансера, і ў нас было цеснае супрацоўніцтва з інстытутам туберкулёза Літвы. І там мне дырэктар праф. Ю. Гамперыс запрапанаваў пісаць навуковую працу, і я ўзяўся. Гэта была прафілактыка туберкулёзу, і я пакрысе распрацоўваў гэтую тэму. Памалу ішла гэтая работа, але давёў яе да канца, і ў 1989 г. абараніў гэтую кандыдацкую дысертацыю, і пасля, калі Летува стала незалежнай дзяржавай, была праведзена настрыфікацыя дыпломаў, я стаў доктарам медыцынскіх навук. Працуючы ў рэспубліканскім супрацьтуберкулёзным дыспансеры на адміністрацыйнай і лячэбнай працы, пісаў і друкаваў у часопісах навуковыя артыкулы, удзельнічаў у канферэнцыях з навуковымі і практычнымі дакладамі.

Размаўляў Алесь Адамковіч.


ПРОЗВІШЧЫ БЕЛАРУСІ: НАЙМЕННІ ПІСЬМЕННІКАЎ

(Працяг.)

Саламевіч (Янка С.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Саламея з акцэтаваннем фарманта -евіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Саламеj-евіч - Саламевіч ). Носьбіт гэтага прозвішча - Янка Саламевіч - выводзіў сваё найменне ад Сал о ма (гл. "Роднае слова". 2013. № 10, с. 10, гутарка з Аксанай Спрынчан). Але ў такім разе была б форма Сал о мавіч , а не Саламевіч ). Найменне Саламея падаецца ў рубрыцы "Асабовыя ўласныя імёны" "Арфаграфічнага слоўніка беларускай мовы" (Мінск: Радыёла- плюс, 2010. - 560 с.)

Самойла (Уладзімір С.) - народная форма ад кананічнага імя Самуіл ; падаецца "Слоўнікам асабовых уласных імён" М.Р. Судніка (Мінск, 1965, с. 39).

Сваяк (Казімір С., Янка С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сваяк 'той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім-небудзь'. ФП: свой - сваяк - Сваяк .

Свірка ( Юрась С.) - дэрват з памяншальна-ласкальным суфіксам -ка ад імя: Свирид - Спиридон (М. Бірыла. Беларуская антрапанімія. 1982, с. 179). У жывой народнай мове такім імем ласкава называюць птушку - свірка, свіркун , як і цвірка, цвіркун (П. Сцяцко. Беларуская народнае словаўтварэнне. 1977).

Сёмуха (Васіль С.) - дэрыват з суфіксам -ух-а ад імя Сямён : Сёма - Сёмуха Сёмушка ). Прозвішча гэтае добра стасуецца і з найменнем рэлігійнага свята, якое падаецца ў "Беларуска-расійскім слоўніку" М. Байкова і С. Некрашэвіча (1926, с. 285): "Сёмуха, ж. - праздник Тройцы", улічваючы грунтоўныя пераклады намінантам рэлігійных тэкстаў на беларускую мову.

Сіўчыкаў (Уладзімір С.) - прыметнікавая форма з суфіксам прыналежнасці -аў ад антрапоніма Сіўчык з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Сіўчык-аў ). ФП: сівы (з белымі валасамі, пасівелы) - Сівы (мянушка, прозвішча) - Сіўчык ('нашчадак Сівага') - Сіўчыкаў .

Скарына (Францішак С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва старажытнага славянскага скорина - ўтварэння з суфіксам -ина (семантыка адзінкавасці; параўн. бяроза - бярэзіна ) ад скора 'скура' ( скорина ), што пацвяржаецца дырыватам скарняк , у старабеларускай мове - скарыніч . ФП: скора ('скура') - скорина - Скорина - Скарына .

Скарынкін (Іван С., Уладзімір С.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Скарынка з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Скарынк-ін ). ФП: скарынка ('цвёрды вонкавы слой хлеба, батона і пад.'; 'верхні зацвярдзелы слой чаго-небудзь') - Скарынка (мянушка) - Скарынка (прозвішча) - Скарынкін .

Скобелеў (Эдуард С.) - прыметнікавая форма з суфіксам прыналежнасці -еў ад антрапоніма Скобель з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Скобелеў ). ФП: скобель (рас.= белар. скобля ) - Скобель (мянушка, потым прозвішча) - Скобелеў .

Скобла (Міхась С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва-рэгіяналізма скобла (адэквата літаратурнага скобля ) 'інтрумент для акорвання і габлявання дрэва ў выглядзе паўкруглага ляза з дзвюма ручкамі на канцах; струг'. Рэгіянальная форма паводле аналогіі з скрэбла (тоесная мадэль "дзеяслоўная аснова + суфікс -л-а ( скрэб(ці) - скрэб-ла )": скабл(-іць) - скобла , з акцэнтаваннем на корані скоб- ). ФП: скабліць - скобла - Скобла .

Скурко (Іосіф С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва скурка - (памянш.-ласк. ад скура 'верхняе покрыва цела чалавека і жывёлы', а таксама 'вырабленая шкура жывёлы') з акцэнтаваннем на фіналі "о" для адмежавання антрапоніма ад апелятыва. ФП: скура - скурка - Скурко.

Слаўковіч (Даір С.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Слаўка з семантыкай 'нашчадак названай асобы' з акцэнтаваннем фарманта -овіч : Слаўка - Слаўковіч . ФП: Вячаслаў - Слава - Слаўка - Сл а ўкавіч - Слаўковіч .

Случанін (Лявон С.) - адтапанімічнае ўтварэнне з фармантам -анін ад Слуцк (< Случск ): Случанін з семантыкай 'жыхар г. Слуцка'.

Смольскі ( Рычард С.) - мажлівы адтапанімічны дэрыват з суфіксам -ск-і : Смолы - Смольскі ; або як прэстыжнае ўтварэнне ад Смала - Смольскі .

Смыкоўская (Валянціна С.) - мажлівы дэрыват з суфіксам -оўск- ад: 1. тапоніма Смыкі : Смыкоўская ; 2. ад антрапоніма Смык з семантыкай шляхетнасці, прэстыжнасці: Смыкоўская . ФП: смык ('палачка з напятым уздоўж яе пучком конскіх валасоў, дотыкам якой да струн музычнага інструмента ўтвараюцца адпаведныя гукі') - Смык (мянушка, потым прозвішча) - Смыкоўскі (-ая) . Або: Смыкі 'паселішча' - Смыкоўскі (-ая) ('з паселішча Смыкі').

Снапко (Юрка С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва снап о к - памянш. - ласк. ад сноп 'звязаны пук зжатых сцёблаў збажыны і некаторых іншых культур'. Антрапонімы на -ко нярэдка з'яўляюцца ў заходнім рэгіёне Беларусі відазменам асновы на зычны: Чарток - Чартко, Папок - Папко . Таму форма Снапко магла мець і форму Снапок .

Стадольнік (Іван С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва стадольнік 'вартавы пры заезным доме' (Падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. А. Піскунова (2012, с. 943).

Станкевіч (Адам С., Станіслаў С., Юры С., Янка С.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Ст а нка з семантыкай 'нашчадак названай асобы' з акцэнтаваннем фарманта -евіч : Ст а нка - Ст а нкавіч - Станк е віч . ФП: Станіслаў - Стань - Станька Станько ) - Станкевіч .

Станюта ( Аляксандр С.) - дэрыват з суфіксам -ют-а ад антрапоніма Стань з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Станюта ). ФП: Станіслаў - Стань - Станюта .

Стрыгалёў (Міхась С.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -ёў ад антрапоніма Стрыгаль з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Стрыгаль + ёў = Стрыгалёў ). ФП: стрыгаль (слова падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. А. Піскунова (2012, с. 951) побач з стрыгала з значэннем 'спецыяліст') - Стрыгаль - Стрыгалёў .

Стэфановіч ( Пятро С.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Стэфан з акцэнтацыяй фарманта -овіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Стэфановіч ). ФП: Сцяпан (з канан. правасл. Стефан , катал. польск. Stefan ) - Стэфан - Стэфановіч .

Супрунчук (Віктар С.) - дэрыват з суфіксам -чук ад антрапоніма Супрун з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Супрунчук ). ФП: Софроний - Супрун - Супрунчук .

Сурначоў (Мікола С.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Сурнач з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Сурначоў ). ФП: сурн а ('музычны інструмент' - падаецца "Вялікім слоўнікам беларускай мовы" Ф. А. Піскунова (2012, с. 962) - сурнач ('музыка на сурне') - Сурнач (прозвішча) - Сурначоў .

Сучок ( Алесь С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сучок 'памянш. ад сук , невялікі сук 'буйны бакавы парастак, які ідзе ад ствала дрэва', 'астатак ад зрэзанага бакавога парастка ствала ў дошцы, бярвяне'. ФП: сук - сучок - Сучок (мянушка) - Сучок .

Сушко (Павел С., Пятро С.) - дэрыват з суфіксам -ко ад антрапоніма Сухі з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сухі - Сушко (чарг. х/ш , як і Глухі - Глушко ). ФП: сухі ('худы') - Сухі - Сушко .

Сцяпан (Уладзімір С.) - пераход уласнага асабовага імя ў прозвішча. Звычайна гэта псеўданімы творцаў, якія бяруць у якасці пісьменніцкага наймення ўтваральнае слова свайго сапраўднага прозвішча. Так і тут: Сцепаненка Уладзімір стаў пісьменнікам з найменнем Сцяпан - утваральным словам да прозвішча Сцепаненка , дзе -енка мае семантыку 'нашчадак Сцяпана'.

Сыс (Анатоль С.) - скарочаная форма ад імя Сисой : Сысой - Сыс (М. Бірыла. Беларуская антрапанімія. 1982, с. 168). Мажлівае і адапелятывнае сыс 'сысун'. ФП: ссаць - сысаць - сыс - Сыс .

Сяднёў (Майсей С.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ёў ад антрапоніма Седні (Сідні) з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Седнёў - Сяднёў ). ФП: Сідні і Сідней (імя, падаецца ў "Арфаграфічным слоўніку беларускай мовы" (2010, с. 554) у рубрыцы "Уласныя асабовыя імёны, распаўсюджаныя па-за межамі Беларусі") - С е дні - С е днеў - Сяднёў . Не выключана і іншая матывацыя наймення: сядзець - сядн я ('працэс сядзення і стан') - Сядня (мянушка асобы паводле частага карыстання ёю словам "сядня") - Сядн я (прозвішча) - Сяднёў .

Сядура (Уладзімір С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сядура 'нерухавы, пасіўны чалавек; маруда'. ФП: сядзець - сядура - Сядура (мянушка) - Сядура .

Сямёнава (Ала С.) - прыметнікавая форма з фармантам -ава ад антрапоніма Сямён з семантыкай 'нашчадак (дачка) Сямёна': Сямён - Ся-мён-ава .

Сяркоў (Іван С.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Серка з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Серкоў - Сяркоў ). ФП: сера ('хімічны элемент - лёгкае на загаранне рэчыва жоўтага ці шараватага колеру') - серка (разм. 'сера') - Серка (мянушка, пазней прозвішча) - Сяркоў .

Тамашова (Лілія Т.) - прыметнікавая форма з фармантам -ова ад Тамаш ( Тамашова ) з семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы'. ФП: Фома - Тамаш - Тамашова .

Тарасаў (Канстанцін Т.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапонімаа Тарас з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Тарасаў ). ФП: Тарас (імя) - Тарасаў .

Тарасюк (Любоў Т.) - дэрыват з фармантам -юк ад антрапоніма Тарас з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Тарас (імя) - Тарасюк .

Татур (Генрык Т., Мікола Т.) - мажлівы семантычны дэрыват ад апелятыва татур - утварэння з суфіксам -ур (ад тата ) з семантыкай 'чалавек, які часта выконвае ролю асобы, названай утваральным словам "тата": ( тата - татур ), як і хлапчур 'дзяўчына, якая любіць забаўляцца з хлопцамі', дзяўчур 'хлопец, які часта бывае з дзяўчатамі' (П. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне. 1977, с. 174). ФП: тата - татур - Татур (мянушка) - Татур .

Тарановіч (Галіна Т.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Таран з акцэнтаваным фармантам -овіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Та-ран-овіч ). ФП: таран ('прамысловая рыба сямейства карпавых, разнавіднасць плоткі') - Таран (мянушка, потым прозвішча) - Тарановіч .

Трафімчук (Мікола Т.) - дэрыват з суфіксам -ук (-чук) ад антрапоніма Трафімка (Трафім) з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Трафім - Трафімка - Трафімчук .

Траяноўскі (Алесь Т.) - дэрыват з суфіксам -оўскі ад антрапоніма Траян (Траяноўскі) . ФП: Траян (імя, падаецца "Арфаграфічным слоўнікам беларускай мовы" 2010 года ў рубрыцы "Асабовыя ўласныя імёны, распаўсюджаныя па-за межамі Беларусі") - Траянаў - Траяноўскі.

Тулупава (Нэлі Т.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Тулуп (Тулуп-ава) з семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы'. ФП: тулуп (рас. 'кажух') - Тулуп (мянушка, потым прозвішча) - Тулупава .

Тумаш (Генадзь Т.) - утварэнне ад гутарковага імя Тумаш , якое на аснове польскага Tomasz . Імя набыло функцыю прозвішча.

Туміловіч (Янка Т.) - форма бацькаймення з акцэнтаваным фармантам -овіч ад антрапоніма Туміла з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Туміловіч ). ФП: Томаш - Тумаш - Туміла - Туміловіч .

Тычка (Галіна Т.) - семантычны дэрыват ад апелятыва тычка 'шост, які ставіцца, каб абазначыць дарогу, межы зямельных участкаў і пад.'. ФП: тычка ('шост') - Тычка (мянушка) - Тычка (прозвішча).

Тычына (Міхась Т.) - семантычны дэрыват ад апелятыва тычына 'вялікая палка; шост'. ФП: тычына ('палка, шост') - Тычына (мянушка высокага тонкага чалавека) - Тычына .

Уласаў (Аляксандр У.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Улас з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Уласаў ). Адымёнавае ўтварэнне: Улас - Уласаў .

Улашчык (Мікалай У.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Улас з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Уласчык - Улашчык ). ФП: Улас (< Власий ) - У ласчык - Улашчык (чарг. с/ш паводле вымаўлення).

Федароўскі (Міхал Ф.) - утварэнне з суфіксам прэстыжнасці -оўскі ад Фёдар : Федар-оўскі .

Федарэнка (Андрэй Ф.) - утварэнне з суфіксам - энк-а ад антрапоніма Фёдар з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Фёдар - Феда-рэнка .

Федасеенка (Уладзімір Ф.) - утварэнне з суфіксам - енка ад антрапоніма Федасей з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Фядосій - Федасей - Федасеенка .

Федзюковіч (Мікола Ф.) - форма бацькаймення з акцэнтаваным фармантам -овіч ад антрапоніма Федзюк з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Федзюковіч ). ФП: Феадор - Фядзюк - Федзюковіч .

Фіглоўская (Любоў Ф.) - мажлівы адтапанімічны дэрыват з фармантам -оўск(ая) ад Фіглі : Фіглоўская .

Філімонава (Любоў Ф.) - прыметнікавая форма з фармантам -ова ад антрапоніма Філімон з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. Адымёнавае ўтварэнне: Філімон - Філі-монава .

(Працяг у наст. нум.)

Павел Сцяцко


Таварыству беларускай культуры ў Літве 25 гадоў!

У суботу, 5 красавіка, адна з найстарэйшых беларускіх арганізацыі Літвы найноўшага часу Таварыства беларускай культуры адзначыла 25-годдзе сваёй дзейнасці. Ля вытокаў стаялі: Хведар Нюнька, Лявон і Юрка Луцкевічы, Зоська Верас, Кастусь і Леакадзія Шышэі, Лявон Кароль, Мікола Рулінскі, Аляксей Анішчык і інш. Яны былі першымі пасля амаль 50-гадовага забыцця, хто ўзяўся за адраджэнне беларускасці ў гэтым краі.

Устаноўчы сход, на які сабралася больш за 200 чалавек, адбыўся 4 лютага 1989 г. На ім таксама былі прадстаўнікі і з Беларусі, галоўным чынам, з Менска. Пасля сходу арганізацыю зарэгістравалі пры фондзе культуры Літвы, які ўзначальваў Чэслаў Кудаба. Старшынём ТБК быў абраны Хведар Нюнька, які застаецца на гэтай пасадзе да цяперашняга часу.

З таго часу і пачаўся адлік новага беларускага жыцця ў Літоўскай Рэспубліцы.

Створаная арганізацыя заўжды стаяла на пазіцыі захавання беларускай культуры як у Літоўскай Рэспубліцы, так і ва ўсім свеце. Можна без перабольшвання сказаць, што менавіта дзякуючы Таварыству ў Літве ведаюць, што ёсць беларусы, і што і іх гісторыя цесна звязаная з гэтай краінай.

Аб жыццядзейнасці любой арганізацыі сведчыць зробленая ёй справа. Таварыства за свае 25 гадоў не толькі засведчыла аб беларускай прысутнасці ў Вільні і Літве, але і замацавала ў ёй беларускія сляды. Дзякуючы намаганням Таварыства ў Літоўскай сталіцы працуе беларуская гімназія, у Літоўскім эдукалагічным універсітэце ёсць беларускі цэнтр. Можна сказаць, што дзякуючы старанням арганізацыі, у Літве можна набыць сярэднюю і вышэйшую адукацыю на беларускай мове. Гэта адна з найбольшых заслугаў Таварыства.

Дзякуючы старанням ТБК у Вільні ўсталяваны помнікі на магілах беларускіх дзеячаў і мемарыяльныя дошкі Францішку Скарыну, Кастусю Каліноўскаму, Браніславу Тарашкевічу, Рыгору Шырму, Янку Купалу, Вацлаву Ластоўскаму, Пятру Сергіевічу, Наталлі Арсенневай, Максіму Гарэцкаму, Адаму Станкевічу...

Дзякуючы старанням і намаганням ТБК на Лукішскім пляцы захавана месца, на якім царскія акупанты пазбавілі жыцця нашага героя Кастуся Каліноўскага. Важным так-сама з'яўляецца тое, што намаганнямі ТБК у Вільні некалькі вуліц названы імёнамі вядомых беларускіх дзеячоў: Купалы, Коласа,...

ТБК правяло пяць канферэнцый беларусаў Балтыі, прыняло ўдзел ва ўсіх З'ездах беларусаў свету. Мае вельмі цесныя кантакты з беларускімі дыяспарамі як блізкага, так і далёкага замежжа.

Традыцыйна арганізацыя штогод адзначае самыя вялікія нацыянальныя святы: Дзень абвяшчэння БНР 25 сакавіка і Дзень Герояў (Слуцкі збройны чын). Традыцыяй ужо стала штогод 22 сакавіка ладзіць шэсце памяці Кастуся Каліноўскага. У апошнім шэсці прыняло ўдзел больш за 200 чалавек.

Таварыства патрымлівае самыя цесныя кантакты з кіраўніцтвам Літоўскай Рэспублікі. Напрыклад, 26 сакавіка 2008 г. сябры ТБК былі запрошаны на сустрэчу з прэзідэнтам Літоўскай Рэспублікі і атрымалі віншаванні з нагоды 90-годдзя абвяшчэння БНР. Частымі гасцямі бываюць Вітаўтас Ландсбергіс, Андрус Кубілюс, Эмануэліс Зінгерыс і іншыя выдатныя палітыкі Літвы.

Не менш цесныя і цёплыя кантакты Таварыства падтрымлівае і з беларускімі дзеячамі этнічнай бацькаўшчыны. Відаць цяжка знайсці імя выдатнага беларускага дзеяча, які не быў бы ў Таварыстве.

На святочную імпрэзу сабралася шмат беларусаў-віленчукоў, а таксама прыехалі госці з Беларусі. Свой срэбны юбілей Таварыства адзначыла ва ўрачыстай абстаноўцы. Таксама ў гэты дзень старшыня ТБК Хведар Нюнька адзначаў сваё 86-годдзе. Павіншаваць шаноўнага спадара Хведара прыехалі Алена Макоўская, Ніна Шыдлоўская, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Міхась Скобла, Уладзімір Хільмановіч, Вольга Мікалайчык і інш. У сваіх прамовах яны адзначылі важнасць дзейнасці Таварыства не толькі для беларусаў Літвы, але і для самой метраполіі, падзякавалі сп. Хведару за яго актыўную жыццёвую пазіцыю і за жыццё, прысвечанае захаванню і распаўсюду беларускасці ў Літве. Таксама перадалі віншаванні ад Радзіма Гарэцкага і інш.

З літоўскага боку павіншаваць прыйшоў вядомы праваабаронца Стасіс Каўшыніс, адзначыўшы важнасць супрацоўніцтва Таварыства з літоўскім бокам.

Сябры Таварыства віншуючы спадара Хведара, падзяліліся ўспамінамі, узгадалі пра працу ў Таварыстве. Таксама многія выказвалі занепакоенасць склаўшайся сітуацыяй у Беларусі і выказалі гонар за Украіну, якая сёння здабывае свабоду і становіцца вольнай дэмакратычнай дзяржавай. Амаль ва ўсіх выступоўцаў гучаў спадзеў на тое, што і Беларусь у хуткім часе здабудзе сабе сапраўдную незалежнасць.

Галоўная значнасць працы Таварыства - захаванне беларускасці. І гэта важна перад усім для самой Беларусі, якая ў чарговы раз апынулася пад маскоўскай зневажальнай акупацыяй. Але тое, што беларусы перажылі 200 гадоў вынішчэння, прыніжэння, сведчыць, што знішчыць іх немагчыма. Нараджаюцца ўсё новыя і новыя пакаленні беларусаў, якія ведаюць хто яны, адкуль, якія іх карані і мова. І акупанту гэты працэс не спыніць. На жаль, усходні агрэсар замест таго, каб стаць беларусам сябрам і партнёрам, вырашыў пайсці ў адваротным кірунку, не разумеючы, што гэта толькі загартоўвае дух беларусаў. І калі нацыя адродзіцца, гэта будзе нагадвацца ўзурпатару, і, зразумела, шчырых адносінаў не будзе, выключна па віне Расеі.

Час ідзе. Таварыства пераступіла свой першы юбілей (срэбны). У далейшым - чарговая праца па захаванні беларускасці і беларускіх слядоў, як у нашым Вечным Горадзе, так і на этнічнай бацькаўшчыне.

Д-р Алесь Адамковіч.


Больш падрабязна аб жыцці і дзейнасці Таварыства можна даведацца з сайтаў арганізацыі www. westki.info/tbk і www.tavarystva.lt

Рэжысёрам Вольгай Мікалайчык створаны фільм аб жыцці арганізацыі "Беларускія справы" http://www.frequency.com/video/1/88103543 (ч.1) і vimeo.com/20507455 (ч.2).


На чыгуначны вакзал Гародні вярнулася шыльда паўстанцам 1863 года

Драўляны памятны знак з вялікай датай "1863" быў дэмантаваны ў 2012 годзе ў сувязі з рэканструкцыяй вакзала. Цяпер шыльда вярнулася амаль што на мінулае месца. Знак быў размешчаны на сцяне будынку ў пачатку 90-х. Цяпер ён стаіць побач са старым месцам, на металічных ножках.

Твой стыль.


Памяці Рыгора Барадуліна

Старшыні Грамадскага

аб'яднання "Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13

220034, г. Мінск

Аб ушанаванні памяці

народнага паэта Беларусі

Рыгора Барадуліна

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Ваш ліст ад 10.03.2014 № 22 і паведамляе наступнае.

У адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку вырабу і распаўсюджвання дзяржаўных і іншых знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ад 16.09.2008 № 38, выдатныя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, дзеячы навукі, культуры і мастацтва могуць быць адлюстраваны на дзяржаўных знаках паштовай аплаты не раней чым праз 5 гадоў пасля смерці і да юбілеяў з дня нараджэння, якія кратны 25.

Такім чынам, прапануем у 2015 годзе выдаць у серыі "Выдатныя асобы Беларусі" немаркіраваны канверт, прысвечаны мастацкай дзейнасці Рыгора Барадуліна.

Першы намеснік Міністра Д.Г. Шэдко.


Хоць нешта па-беларуску

Вул. Румянцава, д. 13, 220034, г. Менск

Копія:

ДТ Беларуская чыгунка

Першаму намесніку начальніка

В.Б. Міхайлюку

вул. Леніна 17, 220030, г. Менск

ПРА РАЗГЛЯД ЗВАРОТУ

Адказваючы на Ваш ліст з просьбай разгледзець зварот гр. Трусава пра дубляванне аб'яў, трансляваных у цягніках Вільнюс-Менск фармавання АТ "Літоўскія чыгункі", на беларускай мове інфармаваны, што ў цягніках міжнароднага фармавання інфармацыя пасажырам падаецца паводле Дамовы паміж чыгуначнымі адміністрацыямі дзяржаў, удзельнікаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Латвійскай, Літоўскай, Эстонскай рэспублік пра асаблівасці ўжывання асобных нормаў Дамовы пра міжнародныя пасажырскія зносіны (АП ПМПЗ). Паколькі змест аб'яў часта змяняецца, падаваць ўсю інфармацыі дадаткова і на беларускай мове было б непрактычным.

Улічваючы Вашы пажаданні, вырашана на інфармацыйным табло вагона ўвесці дадатковую інфармацыю пра прыпынкі на беларускай мове. Гэтыя змены будуць рэалізаваны хуткім часам.

З павагай, Намеснік генеральнага дырэктара - дырэктар дырэкцыі па пасажырскіх перавозках Раймондас Буркоўскіс.


"Гародня - Менск. Прысутнасць"

Гарадская галерэя твораў Леаніда Шчамялёва прадстаўляе выставу з такой назвай. Адкрыццё яе адбылося 28 сакавіка 2014 года. Аўтар выставы - Анатоль Скамарошчанка. На мерапрыемствах прадстаўлены творы розных гадоў і перыядаў творчасці спадара Анатоля, а таксама ягоныя апошнія творы.

Анатоль Скамарошчанка нарадзіўся ў 1954 годзе ў Гародні. Пасля паспяховага навучання ў Менскай мастацкай вучэльні імя Глебава і заканчэння Беларускай акадэміі мастацтваў па спецыяльнасці "Кераміка" (1981) вяртаецца ў родны горад, дзе жыве і працуе сёння. З 1997 года з'яўляецца сябрам Саюза дызайнераў Рэспублікі Беларусь. За плячыма аўтара ўдзел у мастацкіх выставах у Гародні, Менску, Берасці, Лідзе, Беластоку. Працы аўтара знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, Польшчы, Нямеччыне ЗША. Перад прысутнымі выступілі Тацяна Бембель і Хрысціна Лядская. Выстава будзе працаваць па 18 красавіка

Аляксей Шалахоўскі, гісторык, журналіст.


"Верасень" № 9 на Лідчыне

У чарговы раз на Лідчыну завіталі класікі сучаснай беларускай паэзіі Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін, якія шмат гадоў сябруюць паміж сабой і разам ездзяць па Беларусі, знаёмяць беларускую моладзь са сваёй творчасцю і з літаратурна-мастацкім часопісам "Верасень", галоўным рэдактарам якога з'яўляецца Эдуард Акулін. На гэты раз прыпынкамі вядомых паэтаў на лідскай зямлі былі Мажэйкаўская сярэдняя школа і Цэнтральная раённая бібліятэка, дзе яны сустракаліся адпаведна са старшакласнікамі школы і навучэнцамі Лідскага каледжа.

Адной з мэт сустрэч з моладдзю была прэзентацыя чарговага - дзявятага - нумара часопіса "Верасень", самага маладога літаратурна-мастацкага выдання Беларусі.

Расказваючы юнай аўдыторыі пра часопіс "Верасень", яго галоўны рэдактар Эдуард Акулін падкрэсліў, што гэта часопіс у першую чаргу для маладых чытачоў: старэйшых школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў.

- "Верасень" - часопіс для вас, - звяртаўся паэт да юнакоў і дзяўчат, - для вашай творчасці. Спадзяюся, што хтосьці з вас не толькі стане яго чытачом, але і будзе дасылаць у "Верасень" свае вершы альбо прозу. На старонках часопіса таксама ёсць месца творам драматургіі, крытычным артыкулам. Хоць гэта выданне для маладых творцаў, але друкуюцца ў ім і вопытныя, знакамітыя майстры слова: Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Генадзь Бураўкін, Леанід Дранько-Майсюк і іншыя. Маладыя аўтары лічаць за гонар друкавацца ў адным выданні з класікамі беларускай літаратуры, адчуваюць сябе пераемнікамі старэйшых пакаленняў творцаў. Прэзентуючы чарговы нумар часопіса "Верасень", мы шукаем сярод юнакоў і дзяўчат новыя літаратурныя таленты, заахвочваем моладзь да літаратурнай дзейнасці. І такія сустрэчы прыносяць свае вынікі: у кожным чарговым нумары часопіса з'яўляецца з дзясятак, а то і болей новых імён. Спадзяёмся, будуць калі-небудзь сярод іх і імёны маладых лідскіх аўтараў (пакуль што з Ліды твораў нам не дасылаюць, але гэта пакуль што).

У час сустрэчы са школьнікамі і навучэнцамі Лідчыны паэты таксама згадалі, як аб знакавых падзеях аб адкрыцці ў бягучым годзе ў Лідзе дзвюх памятных дошак у гонар Валянціна Таўлая, 100-годдзе з дня нараджэння якога адзначалася ў лютым, аб выхадзе ў нашым горадзе кнігі да гэтай даты.

- Лідзяне павінны памятаць пра Валянціна Таўлая, чый жыццёвы шлях звязаны і з Лідай, - адзначыў Леанід Дранько-Майсюк. - Гэта быў чалавек вялікай мужнасці і высокай культуры.

Паэты заклікалі моладзь імкнуцца авалодаць у жыцці не толькі выбранай прафесіяй, але і беларускай культурай, у чым дапаможа беларуская літаратура. Леанід Дранько-Майсюк прачытаў перад аўдыторыяй некалькі сваіх лірычных вершаў, а Эдуард Акулін выканаў пару новых песень пад гітару.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.


Паўстанне катаржан

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Першы дзень паўстання

Прыбыўшы да Мураўёва Амурскага, звязалі фурманаў, забралі паштовыя вазы, коней і зброю. Далей рушылі да станцыі Мурына, дзе, як ведаем, знайходзіўся галоўны "штаб" паўстання. Па дарозе далучаліся да іх групкі працоўных.

Арцімовіч дбаў пра тое, каб іркуцкія ўлады як найпазней даведаліся пра выбух паўстання. Магло гэта мець вырашальны ўплыў на вынік усяго прадпрыемства. Таму загадаў знішчаць тэлеграфныя лініі.

Не гледзячы на гэта, губернатар даведаўся пра меўшыя месца выпадкі іншым шляхам і выключна рана. Ужо на наступны дзень уляцеў на двор дома губернатара Іркуцка задыханы пасланец.

- Спадар губернатар, рэвалюцыя ў Култуку.

Наступнай ночы да начальніка штаба Усходне-Сібірскай арміі прыбылі два фурманы, якія са станцыі Выдрына пераправіліся на лодцы цераз Байкальскае возера. Разлічвалі пэўна на значную ўзнагароду, бо веславалі без перапынку 24 гадзіны. Рапарт іх быў яшчэ больш устрашальны. Гучаў ён наступным чынам:

"На станцыю Выдрына прыбыла партыя ў сто ўзброеных бунтаўшчыкоў, захапілі коней, вазы, прадукты і зброю. Акрамя таго абрабавалі дашчэнту станцыю. Затым рушылі далей."

Найважнейшым аднак з усяго рапарту было тое, што апавядалі пра палкоўніка Чарняева, галоўнакамандуючага вайсковага аддзела пры тракце.

- Мы бачылі паміж паўстанцамі палкоўніка Чарняева. Сядзеў з правадырамі на возе і размаўляў. Не быў звязаны і раззброены.

Вестка тая моцна занепакоіла губернатара.

- Што сталася з палкоўнікам? Ці быў узяты ў палон? Ці можа таксама далучыўся да паўстання? Здараліся раней выпадкі, што і палкоўнікі належалі да рэвалюцыйных арганізацый! У такім разе, мабыць, пацягнуў за сабой увесь вайсковы аддзел.

Але заміж таго, каб заняцца падрыхтоўкай іркуцкіх уладаў да задушэння паўстання, мусім далей распавесці, што сталася з групай Арцімовіча.

Група тая дайшла нарэшце да станцыі Мурына. Тут ужо Шарамовіч даўно быў гаспадаром становішча. Канвой ляжаў звязаны. Паўстанцы перапрануліся ў вопратку канвойных. Тэлеграфныя слупы былі павалены. Усе коні, прадукты, зброя - забраныя.

У Мурына адбылося злучэнне абодвух аддзелаў, а дакладней - перадача аддзела Арцімовіча пад каманду Шарамовіча.

Шарамовіч сказаў наступнае:

- Свабоды не абяцаю - толькі барацьбу. Але ж ці не лепей згінуць, як вольныя людзі, са зброяй у руках, ад кулі ворага, чым цягнуць да бясконнасці жыццё поўнае пакоры і цярпення, без надзеі на лепшае заўтра?!!!

Заклікаў ўсіх да дысцыпліны, адвагі і вернасці. Няхай жыве перамога! Няхай жыве вольная Польшча!

Гонар польскіх паўстанцаў

Адзін з групы змоўшчыкаў, Вронскі, пачаў вагацца. У апошнюю хвіліну імкнуўся падгаварыць Шарамовіча, каб той адмовіўся ад усяго плану. Прасіў яго, каб адаслаў людзей назад. Нарэшце пра сябе самога засведчыў, што не пойдзе далей, бо з'яўляецца кепскім жаўнерам.

- Няхай тхары (баязліўцы) і слабыя духам, - востра адказаў яму на тое Шарамовіч, - ідуць да маскоўскага цара прасіць ласкі. Мы пойдзем змагацца.

Тады Вронскі з крыкамі: "Вазьміце і мяне з сабой. Я з вамі - на жыццё і смерць!", - скінуў арыштанцкі кіцель і далучыўся да паўстанцаў.

Рушылі далей у дарогу. Раз'езд пад кіраўніцтвам Ільяшэвіча і Вронскага здабыў наступную станцыю, Снежная. І тут забралі вопратку, зброю, боепрыпасы і правіянт. Падстаўныя (і аплачаныя) ўладай сведкі сцвярджалі потым перад судом, што там дапускаліся рабункі і ўзломы. Аднак гэта чыстая хлусня. Якраз наадварот кіраўнікі пільна сачылі за тым, каб нідзе не чынілася крыўды мірным людзям. Ужо ў сваёй першай прамове Шарамовіч засведчыў - палітычныя паўстанцы маюць шмат маральных абавязкаў. На іх ляжыць абавязак годнай рэпрэзентацыі гонару Айчыны. Таму трэба паступаць годна і пачціва. Усялякія злачынствы будуць карацца з усёй бескампраміснасцю.

А Вронскі заўважыўшы аднага разу, як адзін з ссыльных забірае з прыватнага памяшкання нейкую каштоўную, але для паўстання зусім непатрэбную рэч, ці іншымі словамі - як рабуе жыхароў, прыгразіў рабаўніку расстрэлам:

- Вы "палітычныя", - сказаў да свае групы, - а вестка пра нашае паўстанне перажыве стагоддзі. Памятайце, што пра нашыя добрыя ўчынкі ніхто гаварыць не будзе. Але пра кепскія вестка разыдзецца ўсюды.

Наогул, палякі паступалі годна, ніякіх гвалтаў і злоўжыванняў не было. Строга выконвалі загад: "Нікога не крыўдзіць, не піць. Не рабаваць, не здавацца жывым, біць маскалёў". (Маскалямі ў гэтым выпадку называлі ўрадавае войска.)

Галоўны начальнік вайсковай варты ў руках паўстанцаў

Мы ўжо пісалі, што два фурманы, якія данеслі начальніку штаба Усходне-Сібірскай вайсковай акругі вестку пра выбух паўстання, распавялі адначасова, што бачылі сярод паўстанцаў палкоўніка Чарняева, галоўнакамандуючага вайсковай варты. Бачылі, якую трывогу выклікала гэтая вестка сярод расейскіх чыноўнікаў. Яны думалі, што палкоўнік далучыўся да бунту.

Нажаль, так не было.

Справа ж выглядала наступным чынам: 25 чэрвеня паўстанцы ўзялі станцыю Мурына. Наступная па чарзе была станцыя Мішыха. Жадаючы заспець зняцяцку тамтэйшую варту Шарамовіч выслаў уначы разведвальны аддзел з 20 чалавек. Аддзел той знаходзіўся пад камандай згаданага ўжо Ільяшэвіча.

Была прыгожая сібірская раніца. Вузкай дарожкай пры тракце маршыраваў аддзельчык палякаў. Направа і налева, куды толькі сягала вока - усюды расцягнуліся бязмежныя сібірскія палі. Нідзе не было відаць следу чалавечага жытла. Толькі там, на поўдні, шарэлі абрысы гор. Да іх скіроўваліся вочы ўсіх маршыроўцаў.

- Там граніца. А за граніцай свабода. - Так шапталі паміж сабой паўстанцы.

Але дарога вяла не на поўдзень, а на ўсход. Хто ведае - калі б паўстанцы тым ранкам не пайшлі далей уздоўж ваколбайкальскага тракта, а пусціліся наўпрост да мяжы, можа б здалелі ўцячы, пакуль прыбыло б войска? Аднак тым часам маршыравалі бадзёра. Ад часу да часу разлягаўся радасны смех - так доўга гэтыя людзі не маглі свабодна смяяцца, глыбока дыхаць вольнымі грудзямі... часам з 20 маладых горлаў вырываўся спеў: прыгадвалі сабе паўстанцкія гімны: цяпер яны будзілі спакой сібірскай тайгі.

Здалёк паказалася нейкая чорная кропка, якая хутка набліжалася ў кірунку паўстанцаў.

Неўзабаве можна было ўжо распазнаць параконны вазок.

- Вазок? Гэта мусіць быць нейкі чыноўнік, прадстаўнік улады, - гаварылі паміж сабой паўстанцы.

Падрыхтаваліся яго сустрэць.

- Гэй, куды ў такую раннюю пору? - разлёгся гучны, загадны голас у момант, калі вазок быў аддалены ўжо не болей, як на некалькі дзесяткаў крокаў ад паўстанцаў.

Паўстанцы без словаў прыступілі да вазка. Вазніца затрымаў коней.

- Куды пытаюся? - грымеў той самы голас.

Цяпер паўстанцы пазналі яго. Гэта быў сам палкоўнік Чарняеў, начальнік варты.

Не атрымаўшы адказу, Чарняеў саскочыў з вазка. Быў здзіўлены тым, што ссыльныя не вітаюць яго, не здымаюць нават шапак.

- Анямелі ці што? Не пазнаяце мяне? Што здарылася?

- Паўстанне, спадар палкоўнік!

Чарняеў не разумеў.

- Скончылася наша няволя. Ад учарашняга дня мы - вольныя людзі. Не прызнаём царскай улады. Свабоду сваю будзем бараніць аж да апошніх сілаў.

Тут Ільяшэвіч паказаў на карабіны, якімі ён і яго людзі былі ўзброены.

- Бунт? - зразумеў нарэшце Чарняеў.

- Не. Барацьба за свабоду.

- Імем цара і губернатара загадваю вам скласці зброю і здацца пад маю каманду. Спадара, як іх правадыра неадкладна арыштую. Будзеш адказваць перад палявым судом. Паўсталых таксама не міне заслужаная кара.

- Памыляешся, спадар палкоўнік. Гэта не я, гэта ты арыштаваны. Здаць зброю!

Чарняеў хацеў выцягнуць шаблю - запозна. Чатыры моцныя рукі схапіла яе раней, чым ён. Бачачы, што далейшы супраціў нічога не дасць, палкоўнік прызнаў сябе пераможаным і спытаўся толькі Ільяшэвіча, што той збіраецца з ім зрабіць.

- Як спадар дасць нам афіцэрскае слова гонару, што не будзе намагацца ўцякаць, не звяжам.

Чарняеў на гэта згадзіўся.

Дазволілі яму назад уціснуцца ў вазок. Меў ён ехаць з партыяй аж да Пераемнай.

Такім чынам камандзір царскіх узброеных сіл на ваколбайкальскім тракце трапіў у палон да паўстанцаў. Было гэта недалёка ад станцыі Выдрына. Адтуль жа вырушылі ў дарогу тыя два верныя ўраду фурманы, якія данеслі вайсковай уладзе пра выбух паўстання.

Размова адзін на адзін

Па дарозе Ільяшэвіч аддаў уладу над аддзелам Вронскаму, а сам прысеў да Чарняева на вазок.

Чарняеў не быў злым чалавекам. У глыбіні душы перажываў за лёс ссыльных. Сам таксама меў не адну прэтэнзію да ўлады. Якраз за несубардынацю на погляд вышэй пастаўленых перавялі яго з Пецярбурга ў той аддалены край (зрабіў раз заўвагу старшаму афіцэру, які ў прыступе гневу біў свайго ардынарца). Ветлівасць, якую выказалі адносна яго паўстанцы, зрабіла на яго найлепшае ўражанне. То ён таксама не меў да іх ніякай прэтэнзіі, акрамя таго, што лічыў іхні выступ за злачынства.

Тон яго слоў быў хутчэй прыемны.

- Ці можаце мне сказаць, як дайшло да гэтага паўстання? - запытаў Чарняеў.

- З ахвотай. Падрыхтоўка ішла ўжо некалькі месяцаў. Мы мелі сталы кантакт з Іркуцкам: адтуль таксама прыйшоў сігнал да бою. У ноч з 24 на 25 чэрвеня прыбыла з Іркуцка вялікая група ссыльных. Колькасць іх перавышала 80 чалавек. Адразу прыступілі да раззбраення варты. Ільяшэвіч выдумаў той факт, хочучы ўразіць палкоўніка сіламі паўстанцаў і пераканаць яго, што рух агарнуў ужо вялікі абшар краю: зрэшты такая пагалоска кружыла як сярод паўстанцаў, так і сярод жыхароў.

- Але ж гэта шаленства!

- Змагацца за свабоду - ніколі не было шаленствам.

- Пагінеце!

- Пабачым!

Хвіліну трывала маўчанне. Потым зноў загрымеў голас палкоўніка.

- Гэта так вы адказваеце ўраду за яго дабро. Забылі ўжо, што толькі 16 студзеня частка з вас была звольнена з катаргі і перайшла на пасяненне.

- Дзякуем за ласку, спадар палкоўнік. Дзякую не ад імя нашых людзей, бо мы яшчэ тых дабрадзействаў не зведалі, а ад імя тых "шчаслівых", якія яны тычацца. Да таго часу яны працавалі вельмі цяжка, але мелі хаця ж бы за тое гарантаваны кавалак хлеба, у турмах прынамсі іх кармілі і апраналі. Цяпер, пазбаўленыя ўсякіх сродкаў заробку, будуць паміраць з голаду і холаду. Чакаюць іх яшчэ горшыя пакуты, чым катарга. Праўда, маюць сібірскую свабоду, але ёй не наясіся!... Сапраўды не такой чаклі мы амністыі...

- А чаго ж вы хацелі?

На тое Ільяшэвіч годна даказаў:

- Пан, спадар палкоўнік. Як вайсковец Вы нас павінны найлепей зразумець. Мы не крымінальныя злачынцы. Узялі нас са зброяй у руках. Біліся народ з народам, войска з войскам. Вы перамаглі - цяжка! Узялі нас у палон - паступілі паводле права ваеннага. Але мы не ёсць, паўтараю, збродам, а мы - ваеннапалонныя. Вайна даўно скончылася. Ваеннае права вымагае, каб палонныя, узятыя на полі бою, пасля заканчэння вайны былі вызвалены і адасланы па дамах. Гэта наша права. Гэтага хочам.

Што ж мог адказаць на гэта палкоўнік царскай арміі?

- Не дойдзеце да мяжы. Ніхто не дойдзе.

- Спадар не ведае, што можа зрабіць роспач! Зрэшты - спрытам і адвагай можна перамагчы ўсе перашкоды. Зрабіў гэта ўжо 75 гадоў таму назад адзін наш суродзіч, Бянёўскі, які ўцёк з Камчаткі разам з іншымі палякамі.

- Я ведаю гісторыю тых уцёкаў. Але малой жменьцы лёгка было схавацца ў гушчары лесу. Вы, аднак, ідзяце вялікім натоўпам. Не схаваецеся ад войска.

- Будзем змагацца!

- Загінеце!

- І гэта лепш, чым няволя. Хочам самі здабыць сабе свабоду хоць бы цаной найвялікшых ахвяр, заміж таго, каб гніць у казематах. Ведайце, што думаюць вольныя палякі: лепш куля, чым такое жыццё.

На тым скончылася размова. Ільяшэвіч саскочыў з воза і падаўся да сваіх, пакінуўшы палкоўніка пад вартай двух паўстанцаў.

Палкоўнік глядзеў яму ўслед са здзіўленнем: "Калі ўсе ў Польшчы злеплены з такой самай гліны, што і ён - то наш урад з імі не справіцца".

Вызваленне палкоўніка

На станцыі Пераемнай адбылася нарада і пастанавілі вызваліць палкоўніка. Была гэта з боку паўстанцаў вялікая памылка. Бо пазней расейскія войскі можа не паступалі б з палоннымі так безаглядна, каб ведалі, што паўстанцы маюць у руках такога важнага закладніка.

- Вы свабодныя, спадар палкоўнік, паведаміў Ільяшэвіч. - Вы павінны аддаць нам толькі коней і казённыя грошы, якія маеце пры сабе. Прыватныя можаце пакінуць пры сабе. Мы не бандыты, якія рабуюць людзей на гасцінцах. Зрэшты, каб Вы не мелі пазней ніякіх прыкрасцяў з той нагоды, мы дамо вам квіт на атрыманыя грошы.

Чарняеў меў пры сабе 143 рублі. 43 падаў за свае. Тыя дазволена было яму захаваць для сябе. На астатнія 100 рублёў атрымаў наступную квітанцыю:

"Пацвярджаем адбіранне 100 рублёў.

Камандзір авангарду Легіёна вольных палякаў".


Аддзел рушыў далей.

Вырашылі павярнуць на Мішыху. Там знайходзіліся ўсе кіраўнікі работ пры тракце - падпалкоўнік Шац і архітэктар Дружынін. Чарняеў хацеў з імі любой цаной пабачыцца і абмовіцца.

Была акрамя таго іншая прычына - бадай што больш важная. Мішыха, як найважнейшая станцыя будзе зборным пунктам усіх паўстанцаў. Туды напэўна прыедзе і галоўны правадыр. Можа ён пакажа больш розуму? Можа ўдасца яго ўгаварыць, каб своечасова адмовіўся ад плану, дзякуючы чаму пазбегне праліцця крыві.

Бо трэба ведаць, што пасля размовы з Ільяшэвічам палкоўнік пачаў адчуваць глыбокую сімпатыю і яшчэ большую павагу да рыцарскіх палякаў, хацеў іх уратаваць ад непазбежнай на яго думку пагібелі.

Таму палкоўнік пасля доўгага роздуму таксама накіраваўся ў Мішыху.

(Працяг у наст. нум.)

М. Лысак


Каб нічога не наблыталі...

Я, Валахановіч Анатоль Іосіфавіч , нарадзіўся 17 красавіка 1939 года ў Менску. З сям'і службоўца. Беларускі пісьменнік, гісторык, журналіст, культуролаг, краязнавец. Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў (2006), сябар Саюза беларускіх журналістаў (1975). Ганаровы сябар Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі (2009).

Бацька Іосіф Іванавіч (1901-1987) працаваў машыністам Менскага паравознага дэпо. Радавод Валахановічаў, як у свой час расказаў мне вядомы беларускі гісторык М.І. Ермаловіч, бярэ свае карані з Валахіі (Румыніі), а там сягае і ніжэй у стагоддзі сівой мінуўшчыны. Мае дзед і прадзед валодалі землямі разам з Арцюшэўскімі, Бірулямі, Зуеўскімі, Каспяровічамі ў вёсцы Папкі Бараўскога сельскага савета Дзяржынскага раёна (гэтыя звесткі па стану на ХІХ стагоддзе) і ў вёсцы Каменка Негарэльскага пасялковага савета (зямля, якая была ва ўласнасці Валахановічаў, тут па імені прапрадзеда Давыда называлася "Давыдаўшчына") Дзяржынскага раёна Менскай вобласці. Бабка мая была сталбавой (старажытнага роду) дваранкай. Радавод Валахановічаў, наша галіна, вядзецца з сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя.

Маці Ванда Фларыянаўна (дзявочае Вераценская, 1913-1994) была хатняй гаспадыняй. Дзед мой быў заможным селянінам з вёскі Вясёлы Вугал Ляхавіцкага сельсавета Дзяржынскага раёна, паходзіў з польскай шляхты. У час калектывізацыі за сваю "заможнасць" і незалежнасць разам з братамі быў рэпрэсіраваны і высланы ў Карагандзінскую вобласць (РСФСР). Радавод Вераценскіх таксама вядомы з сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя.

Мой родны дзед Фларыян Норбертавіч Вераценскі 1875 годанараджэння 18 сакавіка 1933 года быў арыштаваны і прыгавораны "тройкай" 10 траўня 1933 года па абвінавачанні як член антысавецкай групы і за антысавецкую агітацыю. Быў прыгавораны да 5 гадоў ссылкі і адбываў пакаранне ў Казахстане.

Разам з ім у адзін і той жа дзень былі арыштаваны яго родныя браты Леванард Норбертавіч Вераценскі 1885 года нараджэння і Войцех Норбертавіч Вераценскі 1890 года нараджэння і прыгавораны "тройкай" 10 траўня 1933 года па абвінавачанні як члены антысавецкай групы. Пакаранне адпаведна 10 гадоў і 5 гадоў ППЛ (папраўча-працоўны лагер) адбывалі ў Казахстане. Былі рэабілітаваны 9 траўня 1958 года судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР. Пасля Вялікай Айчыннай вайны з высылкі вярнуліся Леанард і Войцех Вераценскія. Леанард (для нас ён быў "дзед Леванард") жыў да смерці ў хаце бабкі Ідалі ў вёсцы Вясёлы Вугал. Мы былі тады малымі і гэтага нічога з яго жыцця не ведалі, і ён нам нічога не расказваў. А можа ён даў падпіску адпаведным органам, каб нічога, ніколі і нікому не расказваць. Жыў ён ціха, спакойна. Так ціха і спакойна ён і памёр. Дзед мой родны Фларыян Норбертавіч памёр у высылцы ў Казахстане, там і пахаваны. Ні маці маю, ні бабку Ідалю не лічылі "ворагамі народа". Мы не былі "поражены в правах". Наша сям'я, па невядомых мне прычынах, гэтага пазбегла. Мы не лічыліся як сям'я рэпрэсаваных.

Сястра Ядвіга Іосіфаўна (у замустве Анісімава, 1937-1998), скончыла БДУ ў 1961 годзе, працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры, дырэктарам Станькаўскай вячэрняй СШ і Старынкаўскай СШ Дзяржынскага раёна.

Брат Аляксандр Іосіфавіч , 1953 года нараджэння, скончыў Менскі індустрыяльна-педагагічны каледж, працуе ў Менскім лакаматыўным дэпо.

Маё захапленне гісторыяй, асабліва гісторыяй старажытнага свету - Старажытны Усход (Егіпет, Вавілон, Кітай, Асірыя), Старажытная Грэцыя, Старажытны Рым адносіцца яшчэ да часу вучобы ў школе. Потым гэтая цікавасць плаўна перарасла ў захапленне гісторыяй Беларусі ў шырокім сэнсе гэтага слова - прырода (флора і фаўна), геаграфія, археалогія, сярэднявечча, новая і найноўшая гісторыя, культура, краязнаўства, этнаграфія, літаратура, нумізматыка і іншыя сумежныя і дапаможныя дысцыпліны, што абумовіла ў будучым маё паступленне на гістарычна-філалагічны факультэт Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага, і выбар прафесіі ў будучым, пра якую я ніколі не шкадую.

У 1956 годзе я скончыў Негарэльскую сярэднюю школу.

У 1961 годзе скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага. У 1961-1962 гадах працаваў настаўнікам гісторыі Бараўской СШ, з траўня 1962 года адначасова дырэктарам Паланевіцкай НСШ Дзяржынскага раёна. У 1962-1964 гадах служыў у войсках сувязі Групы савецкіх войск у Германіі (ГСВГ). Са снежня 1964 года дырэктар Ракашыцкай 8-гадовай школы. Са жніўня 1966 года дырэктар Зенькавіцкай СШ Уздзенскага раёна. З верасня 1968 года рэдактар у выдавецтве "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя", з лютага 1975 года па люты 1966 года загадчык рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве выдавецтва "Навука і тэхніка" АН БССР, з траўня 1996 года па 2002 год старшы навуковы супрацоўнік Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы.

Першыя мае школьныя допісы ў Дзяржынскую раённую газету "Ленінская праўда" адносяцца да 1953 года. Тады мне было 14 год. Мы пісалі пра вучобу, адпачынак, пра школьныя мары і летуценні разам з маім аднакласнікам Грышкам Чэрнікам. Сустракаліся з тагачасным рэдактарам газеты "Ленінская праўда" Фёклай Яўціхееўнай Гук. На раённых канферэнцыях рабселькараў і школьных карэспадэнтаў у горадзе Дзяржынску мы вучыліся пісаць артыкулы, слухалі, занатоўвалі важнае, як выдзеліць з шэрагу малазначных фактаў найважнейшыя, як напісаць допіс ў газету. Як цяпер памятаю, нас павучала Ф.Е. Гук: "У газету пішуць тыя, хто не мірыцца з недахопамі ці тыя, у каго ёсць што паведаміць чытачам, падзяліцца поспехамі, радасцю, расказаць пра набалелае" .

Быў знаёмы з намеснікам рэдактара газеты Барысам Кацманам і супрацоўнікам газеты Міхасём Замскім. Значна пазней я сустракаўся з М. Замскім, калі той ужо працаваў у штотыднёвіку "Літаратура і мастацтва".

Пісаць і друкавацца пачаў яшчэ ў студэнцкія гады ў 1959 годзе. Даследую праблемы гісторыі, літаратуры, культуры і краязнаўства Беларусі, распрацоўваю пытанні палітычных рэпрэсій (1920 - пачатку 1950-х гадоў), займаюся гісторыяй хрысціянства на Беларусі. Аўтар навуковых і навукова-папулярных кніг: "Дзяржынск: Гісторыка-эканамічны нарыс" (1977, на рускай мове выйшла ў 1982), "Дзяржыншчына: Мінулае і сучаснае" (у сааўтарстве з А. М. Кулагіным, 1986), "Клічаўшчына: Гісторыка-эканамічны нарыс" (у сааўтарстве з І. І. Саўчанкам, 1989), "Партызанскі генерал з Амерыкі (пра начдыва І. Я. Траццяка)" (1995), "Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі: Кароткі нарыс жыцця і дзейнасці" (1997), "Споведзь у надзеі застацца жывым: Аўтабіяграфія Браніслава Тарашкевіча" (у сааўтарстве з У. М. Міхнюком, 1999), "Графы фон Гутэн-Чапскія на Беларусі" (2003), адзін з аўтараў, рэдактараў і складальнікаў кніг "Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь" (1999), "Памяць. Старадарожскі раён" (1998) і "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча" (2007). Стваральнік гістарычна-дакументальнай хронікі "Памяць. Дзяржынскі раён" (2004). Адзін з аўтараў кнігі "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі: Гісторыя ў біяграфіях рэктараў, вучоных, удастоеных ганаровых званняў, лаўрэатаў прэмій, прафесароў, дактароў навук: 40 гадоў (1964-2004)" (2004) і "Валмянскі сельскі Савет: Гістарычны нарыс" серыі "Летапіс Дзяржынскага раёна" (у суаўтарстве з А. В. Рудовічам, 2003). Аўтар кнігі "Путчынскі сельскі Савет: Гістарычны нарыс" (2005) серыі "Летапіс Дзяржынскага раёна", "З верай у душы" (2012), "Уладзіслаў Галубок. Першы народны артыст БССР" (2013), "Памяць. Старадарожскі раён. Гістарычна-дакументальная хроніка" (2012).

Аўтар звыш 950 навуковых і навукова-папулярных артыкулаў у энцыклапедычных выданнях, навуковых зборніках, матэрыялах навуковых канферэнцый, часопісах, газетах, кнігах. Сярод іх артыкулы пра Янку Купалу, Якуба Коласа, Станіслава Шушкевіча, Міколу Ермаловіча, Мікалая Улашчыка, Каруся Каганца, Генадзя Каханоўскага, Уладзіміра Крыловіча, Браніслава Тарашкевіча, Францішка Аляхновіча, Уладзіміра Сільвестравіча Міцкевіча, дзекабрыста і сябра Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна Міхаіла Іванавіча Пушчына, Максіма Горкага, Уладзіміра Маякоўскага, Максіма Максімавіча Літвінава, Гая Гай, Данілу Набароўскага, Рудольфа Геса, графаў фон Гутэн-Чапскіх, дваран братоў Дыбоўскіх, паноў Багдашэўскіх, Пашкевічаў, Адольфа Янушкевіча, архіепіскапу Менскаму і Бабруйскаму Міхаілу Галубовічу і іншым.; артыкулаў у кнігах "Памяць" Дзяржынскага, Старадарожскага, Чашніцкага, Клічаўскага, Бабруйскага, Баранавіцкага, Кобрынскага, Слаўгарадскага, Глускага раёнаў, горада Менска і іншых. Аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі населеных пунктаў Беларусі. Пішу навелы, аповесці, апавяданні, эсэ, дакументальныя нарысы, казкі, апрацоўваю і выдаю легенды і паданні.

Аўтар тэкстаў і распрацоўшчык экспазіцый музеяў: музея гісторыі Дзяржынскага доследнага механічнага завода, музея гісторыі Койданаўскай (Дзяржынскай) МТС у Дзяржынскай райсельгастэхніцы, музея гісторыі і працоўнай славы чыгуначнай станцыі Негарэлае, гістарычна-краязнаўчага музея Бараўской СШ, музея Ф.Э. Дзяржынскага ў Дзяржынскай СШ №1, гісторыка-краязнаўчага музея Станькаўскай СШ, гістарычна-краязнаўчага музея Дзямідавіцкай СШ. Некаторым музеям выдзеліў са сваёй калекцыі папяровыя грошы і манеты розных эпох і краін Заходняй Еўропы.

Напісаў кнігі (знаходзяцца ў карэктуры): "Бараўскі сельскі Савет: Гістарычны нарыс серыі "Летапіс Дзяржынскага раёна"". "Адукацыя на тэрыторыі Дзяржынскага раёна: З часоў старажытнасці да нашых дзён"; набраны ў камп'ютэры "Жены Максима Горького" і "Забойства Вільгельма Кубэ: Міфы, легенды, паданні, рэальнасць" і інш.

Узнагароджаны знакам "Отличник печати СССР", медалём "Ветеран труда", медалём імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі і іншымі медалямі, ганаровымі граматамі Міністэрстваў і камітэтаў.

Артыкулы ў маладзёжных рэспубліканскіх газетах публікаваў, калі вучыўся ў Менскім педагагічным інстытуце імя А. М. Горкага з 1959 г.

Лічу, што сталай журналісцкай дзейнасцю пачаў займацца дзесьці з 1964 года, калі працаваў на Дзяржыншчыне і Уздзеншчыне дырэктарам сярэдняй школы.

Дарэчы, для жыхароў Уздзенскага раёна напісаў шэраг артыкулаў пра іх багаты край на паэтычныя таленты - пра Паўлюка Труса, Кандрата Крапіву, Пятра Глебку, Лідзію Арабей, Кастуся Шавеля, Віктара Казлоўскага і іншых.

Шмат друкаваў навуковых, навукова-папулярных, энцыклапедычных артыкулаў пра Дзяржынскі раён, пра іншыя раёны Беларусі, калі працаваў у Беларускай савецкай энцыклапедыі. Гэта было ў 1968 - 1975 гадах.

Кнігі мае пачалі выходзіць тады, калі я працаваў загадчыкам рэдакцыі літаратуры па гісторыі і праве выдавецтва "Навука і тэхніка" АН БССР. На гэтай пасадзе я прапрацаваў 21 каляндарны год. За гэты час я выдаў (сам, у суаўтарстве і напісаў шмат раздзелаў у тыя ці іншыя кнігі) звыш 20 кніг.

З 1977 да 2012 года ў мяне выйшаў шэраг кніг. Толькі па Дзяржынску і Дзяржынскім раёне я за гэты час выдаў 10 кніг і брашур.

Гэта - "Дзяржынск: Гісторыка-эканамічны нарыс" (1977), "Дзержинск: Историко-экономический очерк" (1982), "Дзержинщина: Прошлое и настоящее" (у суаўт. з А. М. Кулагіным, 1986), "Графы фон Гутэн Чапскія на Беларусі" (2003), буклет "Первая в Белоруссии: К 50-летию организации Койдановской МТС. 1930-1980" (1980), брашуры "Валмянскі сельскі савет (Гістарычны нарыс). Летапіс Дзяржынскага раёна" (Дзяржынск, 2003) (у суаўт. з А. В. Рудовічам), "Путчынскі сельскі Савет (Гістарычны нарыс). Летапіс Дзяржынскага раёна" (Дзяржынск, 2005). Стваральнік гістарычна-дакументальнай хронікі "Памяць. Дзяржынскі раён" (2004), "З верай у душы" (2012).

Вось такія мае сціплыя набыткі толькі па Дзяржынскіму раёне. У бліжэйшы час плануецца выдаць кнігу па гісторыі Бараўскога сельсавета Дзяржынскага раёна.

Мяркуецца выдаць гісторыі і іншых сельсаветаў Дзяржынскага раёна, але гэта ў перспектыве.

Маю намер выдаць асобнай кніжкай і гісторыю раённай газеты - "Ад Чырвонага койданаўца" да "Узвышша" (Гістарычны нарыс)". Шэраг матэрыялаў з гэтай кнігі я ўжо друкаваў у раённай газеце.

У мяне выйшлі яшчэ кнігі: "Кличевщина: Историко-экономический очерк" (у суаўт. з І.І. Саўчанкам, 1989), "Партызанскі генерал з Амерыкі (пра начдыва І.Я. Траццяка)" (1995), "Феликс Эдмундович Дзержинский: Краткий очерк жизни и дзеятельности" (1997), "Споведзь у надзеі застацца жывым: Аўтабіяграфія Браніслава Тарашкевіча" (у суаўт. з У. М. Міхнюком, 1999), адзін з аўтараў, рэдактараў і складальнікаў кнігі "Кто есть кто в Республике Беларусь" (1999), адзін з аўтараў, рэдактараў і складальнікаў кнігі "Памяць. Старадарожскі раён" (1998), адзін з аўтараў кнігі "Белорусский государственный университет информатики и радиоэлектроники: История в биографиях ректоров, ученых, удостоеных почетных званий, лауреатов премий, профессоров, докторов наук: 40 лет (1964-2004)", Мн. (2004).

Аўтар асобных артыкулаў у кнігах "Памяць" горада Менска, Дзяржынскага, Клічаўскага, Бабруйскага, Чашніцкага, Баранавіцкага, Слаўгарадскага, Кобрынскага, Уздзенскага і іншых раёнаў Рэспублікі Беларусь.

У зборы рознага статыстычнага матэрыялу для кніг па Дзяржынскім раёне, што я іх прасіў, мне аказвалі дапамогу Дзяржынскі РК КПБ, райвыканкам і яго аддзелы, чыталі 1-ю карэктуру маіх першых трох кніжак. Гэтым зацмаўся аддзел прапаганды і агітацыі Дзяржынскага РК КПБ і сакратары РК КПБ па ідэалогіі.

Асобна хачу адзначыць дапамогу фотакарэспадэнта газеты "Сцяг Кастрычніка" Івана Іванавіча Шабалінскага за прадстаўленыя мне ілюстрацыі для кніг па Дзяржынскім раёне. За гэта яму шчырая падзяка.

Хачу распавесці пра два выпадкі ў сувязі з падрыхтоўкай да выхаду кнігі "Дзержинщина: Прошлое и настоящее" (1986). Пасля прачытання 1-й карэктуры кнігі мне тагачасны загадчык аддзела прапаганды і агітацыі райкама партыі, я думаю, не без узгаднення з сакратаром РК КПБ па ідэалогіі, прапанаваў выкінуць ці апусціць ужо ў 1-й карэктуры самы пачатак кнігі: археалогію і гісторыю Койдаўшчыны з старажытнейшых часоў да 1917 года.

І мне амаль "без обиняков" патлумачылі, што гісторыя Койдаўшчыны (а яна мае столькі старажытных архіўных матэрыялаў і дакументаў і мае ўжо звыш 860 гадоў з часу заснавання!) пачынаецца з Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. А да 1917 года - гэта былі толькі міфы, легенды, паданні.

Вось табе і пас!

Гэтая прапанова мне была ўжо не новая! Яшчэ раней, у 1982 годзе, калі выходзіла мая другая кніга пра Дзяржынск (на рускай мове), мне таксама было прапанавана апусціць першы раздзел па гісторыі Дзяржынска з старажытных часоў да 1917 года.

І ў першы і ў другі раз я не пагадзіўся з прапановамі Дзяржынскага РК КПБ.

У кнігах маіх выйшла тое, што было напісана да "цэнзуры"Дзяржынскага райкама партыі. "Последствий" гэтага непадпарадкавання я на сабе не адчуў.

І другі выпадак. Зноў жа звязаны з выданнем кнігі "Дзержинщина: Прошле и настоящее". Мне прапанавалі апусціць матэрыял пра інжынера А.В. Варанкова. Ён у той час жыў у Дзяржынску, але, мякка кажучы, бамжаваў, як цяпер кажуць, піў. А.В. Варанкоў у маёй кнізе праходзіць як удзельнік бельгійскага Супраціўлення - у гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў начальнікам штаба інтэрнацыянальнай партызанскай брыгады "За Родину". Сярод 30 чалавек - грамадзян СССР - ён быў узнагароджаны вышэйшым ваенным ордэнам Бельгіі. Гэтую ўзнагароду наш герой Вялікай Айчыннай вайны атрымаў з рук самога караля Бельгіі.

Я і гэтую прапанову катэгарычна адхіліў. У Дзяржынскім райкаме партыі, скрыгочучы зубамі, мне толькі працадзілі: "Шкада, што Вы "состоите на учете" не ў нашай партыйнай арганізацыі". Вось табе азіяцкія байскія замашкі ў нашай "старой" Еўропе.

Пазней я даведаўся пра працяг гісторыі з А.В. Варанковым.

На 40-годдзе разгрому фашызму ў Заходняй Еўропе А.В. Варанкоў быў афіцыйна запрошаны на свята ў Бельгію. Супрацоўнікі Дзяржынскага РК КПБ гэта запрашэнне не перадалі кавалеру такога высокага бельгійскага ордэна, а зрабілі такое, што я нават жахнуўся, даведаўшыся пра "доблесны" ўчынак Дзяржынскага РК КПБ.

У райкаме партыі не маглі прыдумаць нічога іншага, як паведаміць у Бельгію па дыпламатычных каналах інфармацыю, што А. В. Варанкоў… памёр. А ён пасля гэтага яшчэ шмат гадоў жыў.

Вось і такое бывае!

За 55 гадоў працы ў гістарычнай навуцы і журналістыцы ў мяне не было вялікіх, як кажуць, промахаў, правалаў - ляпаў - гэта значыць ідэалагічных, палітычных, навуковых ці іншых памылак. Дзе трэба, я адстойваў свой пункт гледжання - спакойна, мужна, даючы свае глыбокія навуковыя аргументы. Апаненты звычайна дэталёва не ведалі прадмету нашых спрэчак і пагаджаліся са мною.

Рэцэнзіі на мае кнігі, якія былі апублікаваны ў рэспубліканскім друку ў газетах і часопісах, вялікай крытыцы не падвяргаліся. Рэцэнзентамі з Менска былі дактары гістарычных навук, прафесары Г.А. Каханоўскі, А.Ф. Хацкевіч і іншыя. Рэдакцыя газеты "Сцяг Кастрычніка" таксама друкавала водгукі на шэраг маіх кніг (рэцэнзенты Б.Ф. Савінаў, В.Р. Уранаў і інш.).

Для беларускай гістарычнай навукі я ўвёў у навуковы абарот шмат новых тэрмінаў (чорных слоў), персаналій, якія былі апублікаваны ў энцыклапедычных выданнях Беларусі:

Адзярыха Міхась - гісторык і археолаг; быў рэпрасаваны, пазней рэабілітаваны. Дарэчы, ён адзін з першых навукоўцаў падрабязна апісаў Койданаўскі кальвінскі збор, яго ўнутраны і знешні выгляд, які ён меў у 20-я гады ХХ стагоддзя;

Нямцоў (Немцаў) Алесь - краязнавец, археолаг; рэпрэсаваны, пазней рэабілітаваны;

Рынейскі Алесь - археолаг; праводзіў раскопкі ў Койданаўскім раёне. Быў рэпрэсаваны, пазней рэабілітаваны. Археолагі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, напрыклад, адмовіліся пісаць артыкул пра Рынейскага - няма, кажуць, матэрыялу. Але ўсё ж матэрыялу са шматлікіх кніг, часопісаў, навуковых зборнікаў па слову, па два я наскроб, і атрымаўся добры энцыклапедычны артыкул.

Апісаў, як мог, падрабязна радавод графаў фон Гутэн-Чапскіх - шэраг артыкулаў надрукавана ў энцыклапедычных выданнях, у часопісах, газетах, кнігах.

Увёў у навуковы зварот новыя, раней невядомыя баі - Аляксандраўскі бой 1942 года, Бакінаўскі бой 1942 года, Дзяржынскі бой 1942 года, Комалаўскі бой 1942 года, Станькаўскі бой 1943 года, Цялякоўскі бой 1943 года, Шацкі бой 1943 года і іншыя.

Распрацаваў па кнізе Героя Савецкага Саюза У.Е. Лабанка артыкул у БелСЭ - "Полацка-лепельская аперацыя 1944 года".

Даў асобныя артыкулы пра Васіля Пралыгіна і Вадзіма Пратасава - удзельнікаў ўстанаўлення савецкай улады ў Беларусі. Імем В. М. Пратасава названа адна з вуліц ў Дзяржынску.

Распрацаваў і надрукаваў шэраг артыкулаў пра Дзяржынскі нацыянальны польскі раён. У часы Савецкай улады пра яго ўсе дружна і доўга маўчалі. Я надрукаваў артыкул у энцыклапедычных выданнях пра Дзяржынскі нацыянальны польскі раён. Гэтым артыкулам я зафіксаваў, што такі раён існаваў у 1932-1937 гадах. Даў шэраг матэрыялаў пра рэпрэсіі ў раёне ў 20-я - пачатку 50-х гадоў ХХ стагоддзя.

Сабраў цікавыя матэрыялы пра І.Ф. Шпілеўскага і Л.А. Бабровіча, аўтараў дзвюх кніжак пра (Койданава) Дзяржынск.

Пра цікавага чалавека, нашага беларускага Івана Кулібіна, родам з вёскі Вясёлы Вугал - Эдуарда Ольгертавіча Вераценскага - вынаходніка, рацыяналізатара, інжынера-вучонага напісаў артыкулы ў газету і ў кнігу "Памяць. Дзяржынскі раён".

У "Беларускай савецкай энцыклапедыі" (12 тамоў) апублікаваў 11 артыкулаў.

У "Беларускай энцыклапедыі" (18 тамоў) (выйшла 19 тамоў) апублікаваў да 20 артыкулаў.

У "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" (6 тамоў, 7 кніжак) - апублікаваны 53 маіх артыкулы (2 т., с. 207 артыкул пра Валахановіча А. І.). Шмат маіх артыкулаў у энцыклапедычных выданнях былі надрукаваны без подпісаў.

Я, як пісьменнік, гісторык, журналіст і краязнавец выказваю свае асабістыя максімальна аб'ектыўныя погляды на тыя ці іншыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, у Дзяржынскім раёне, а калі сказаць толькі так вузка, даю ім свае ацэнкі, якія часам могуць і не супадаць з афіцыйным пунктам погляду.

Я ганаруся тым, што мне ў свой час давялося пазнаёміцца і сябраваць з нашымі славутымі землякамі - Станіславам Шушкевічам, Анатолем Сабалеўскім, Мікалаем Улашчыкам, Міколам Ермаловічам, Антонам Савасцюком, Феліксам Марцінкевічам, Сяргеем Адашкевічам і іншымі. Яны ўжо пайшлі ад нас у вечнасць, але памяць пра іх захоўваецца ў мяне, у нас, у нашых сэрцах.

Я падтрымліваю сяброўскія сувязі з нашымі землякамі - вучонымі, пісьменнікамі, грамадскімі дзеячамі: Антонам Марэцкім, Алесем Рыбаком, Уладзімірам Гаркуном, Станіславам Станіслававічам Шушкевічам і іншымі.

Быў знаёмы з такімі вядомымі постацямі, пра якія я некалі толькі чуў, чытаў і вывучаў у кнігах ці іх мастацкія творы. Гэта - Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Кандрат Крапіва, Іван Навуменка, Ян (Янка) Скрыган, Янка Казека, Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Іван Шамякін, Анатоль Вялюгін, Анатоль Астрэйка, Алесь Петрашкевіч, Аркадзь Марціновіч; прэзідэнты Акадэміі навук БССР Мікалай Барысевіч, Уладзімір Платонаў, Леанід Сушчэня, віца-прэзідэнт Акадэміі навук БССР Радзім Гарэцкі; Рыгор Барадулін, Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін і многія іншыя.

Падтрымліваю сувязі з сынам Якуба Коласа - Міхасём. Міхась Міцкевіч - доктар тэхнічных навук, прафесар, піша цікавыя пародыі, жарты, вершы. Яго дачка Марыя займаецца дабрачыннасцю ў Ірландыі.

Сын Даніла памёр у 1996 годзе. Унучка Якуба Коласа Вера - дачка Данілы - выдала кнігу свайго бацькі "Любіць і помніць". Па просьбе Веры я рэдагаваў гэтую кнігу.

Супрацоўнічаю з рэдакцыямі рэспубліканскіх газет "Літаратура і мастацтва", "Краязнаўчая газета", часопісаў "Полымя", "Нёман", дзе друкую свае артыкулы, нарысы. Падтрымліваю цесныя сувязі з супрацоўнікамі рэдакцыі раённай газеты "Узвышша" Ю.Г. Курневічам і іншымі, дзе "апрабірую" - друкую свае артыкулы, перш чым яны трапяць на старонкі зборнікаў навуковых канферэнцый ці энцыклапедычных выданняў. Добры ўспамін у мяне захаваўся пра Ф. Е. Гук, Р. І. Уранава, У. М. Куксо, Г. В. Курневічам.

Частым госцем бываю ў Дзяржынскім гістарычна-краязнаўчым музеі і раённай бібліятэцы.

Арганізоўваў навукова-практычныя канферэнцыі, навуковыя чытанні і прымаў у іх актыўны ўдзел, якія былі прысвечаны мастаку, кампазітару, педагогу, піяністу Напалеону Орду, графам фон Гутэн-Чапскім, Міколу Ермаловічу, Мікалаю Улашчыку, панам Дыбоўскім, Адольфу Янушкевічу, іншым выбітным постацям мінулага і сучаснасці. Прымаю актыўны ўдзел у наладжванні выставаў у Менску, Маладзечне, Дзяржынску Капылі, Станькаве, Прылуках і ў іншых населеных пунктах, прысвечаных Напалеону Орду, графам фон Гутэн-Чапскім, панам Дыбоўскім і іншым нашым вядомым беларусам.

Праводзіў прэзентацыі кніг земляка-пісьменніка Алеся Рыбака "Галаброды" і кнігі "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі. Зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння Міколы Ермаловіча" (2007) у горадзе Дзяржынску і вёсцы Навасёлкі Дзяржынскага раёна на радзіме Міколы Ермаловіча.

Для менскага культурна-асветнага клуба "Спадчына" напісаў шмат артыкулаў, у якіх паказаў дзейнасць клуба, прэзентацыі кніг сяброў клуба, вечарыны, прысвечаныя асобным выбітным постацям Беларусі і значным падзеям ды і не толькі (Мікалай Улашчык, Томаш Масарык, Мікола Ермаловіч, Слуцкі збройны чын 1920 года, Грунвальдская бітва 1410 года, прэзентацыя новай кнігі Анатоля Бярозкі і іншыя), рэдагаваў асобныя артыкулы сяброў клуба "Спадчына" для публікацый у газетах і кнігах, рэдагаваў кнігі і рыхтаваў іх да выдання. Рэдактар кнігі Святланы Белай "Яраслаўль у лёсе Максіма Багдановіча" (дакументальнае эсэ), 2006.

Напісаў летапіс клуба "Спадчына" 1984-2004 гадоў, які быў апублікаваны ў газеце "Наша слова", склаў агляд часопіса "Полацак" (43 нумары), які быў таксама апублікаваны ў газеце "Наша слова" і ў часопісе "Скрыжалі "Спадчыны", апублікаваў артыкулы пра беларуска-чэшскія дачыненні, якія былі змешчаны ў газетах і кнігах, і іншыя матэрыялы, надрукаваны ў газетах "Літаратура і мастацтва", "Настаўніцкая газета", "Голас Радзімы", "Краязнаўчая газета" і іншых сродках масавай інфармацыі.

Для клуба "Спадчына" напісаў шэраг артыкулаў на тэматыку мерапрыемстваў, якія праводзілі сябры клуба "Спадчына". У шматтомную "Энцыклапедыю гісторыі Беларусі" і "Беларускую энцыклапедыю" напісаў артыкулы пра Старадарожскі мастацкі музей, чым заявіў, што Старадарожскі мастацкі музей ёсць.

Быў на адкрыцці музея ў горадзе Старыя Дарогі ў снежні 1999 года. Шмат разоў ездзіў у горад Старыя Дарогі: адвозіў помнік М.М. Улашчыку, быў на яго адкрыцці, прыязджаў са сваякамі М.М. Улашчыка ў Старыя Дарогі; быў на адкрыцці помнікаў В.У. Быкаву, Л.І. Сапегу, помніка-валуна ў памяць гадавіны Грунвальдскай бітвы 1410 года, помніка Еўфрасінні Полацкай, на адкрыцці выставак у музеі беларускаму мастаку Я.М. Ціхановічу, Слуцкаму збройнаму чыну 1920 года і многім іншым беларускім мастакам і скульптарам, вядомым дзеячам культуры і мастацтва, вучоным, пісьменнікам, гісторыкам, дзяржаўным дзеячам і іншым...

Анатоль Валахановіч


Алесь МАКРАЦОЎ: ПАРЦЭЛЫ

***

Зорная

квецень...

дрэва

Сусвету...

***

Узоры

мастацтва:

нацыянальныя

дзяржавы

***

Золата

ў абароце:

словы

Паэта...

***

Вочы

жанчыны:

кветкі

любові...

***

Вясёлка

пачуццяў...

Гало

вакол сэрца.

***

Галіны

вінаграднай

лазы...

Цэрквы...

***

Ліхтары...

на дарозе

быцця.

Прарокі...

***

ІІраспекты:

Купалы,

Каліноўскага,

Скарыны?..

***

Цішыня...

занесеная

ў Чырвоную

кнігу...

***

Застой...

Выпадзенне

каламуці

ў асадак...

***

Веруючыя

дэманы...

Чыноўнікі

ў храме...

***

Да мастака...

прысуседз іўся

сатана...

Крадзе вобразы.

***

Душа...

у бункеры

атлетычнага

цела...

***

Заведзены

Богам...

апакаліптычны

будзільнік...

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX