Вярнуцца: 2014

№ 17 (1168)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 17 (1168) 23 красавіка 2014 г.


220 гадоў таму назад беларусы падтрымалі паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі

Паўстанне 1794 г. у Польшчы, Беларусі і Літве, нацыянальна-вызвольнае паўстанне за аднаўленне незалежнасці і суверэнітэту Рэчы Паспалітай у межах 1772 г., далейшае правядзенне рэформ Чатырохгадовага сойму 1788-1792 гг. Падрыхтавана тайнымі арганізацыямі, якія аб'ядноўвалі прагрэсіўныя колы шляхты і мяшчанства, эмігранцкім цэнтрам у Саксоніі (Дрэздэн, Ляйпцыг) у складзе Г. Калантая, I., C. і Я. Патоцкіх, С. Малахоўскага, К.Н. Сапегі і інш. Кіраўніком (начальнікам) паўстання і галоўнакамандуючым нацыянальнымі ўзброенымі сіламі прызначаны генерал-лейтэнант Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка. Падрыхтоўкай паўстання ў Варшаве кіраваў генерал-маёр І. Дзялынскі, у Вільні - палкоўнік Якуб Ясінскі.

У Беларусі і Літве паўстанне пачалося з выступленняў частак войска ВКЛ 16 красавіка ў Шаўлях, у ноч на 23 красавіка ў Вільні, дзе частка расійскага войска была ўзята ў палон, частка адступіла. 24 красавіка ў Вільні абвешчаны Акт паўстання, створаны рэвалюцыйны ўрад Літвы і Беларусі - Найвышэйшая літоўская рада на чале з Якубам Ясінскім. У яе ўвайшлі ў большасці прадстаўнікі левага крыла шляхецка-буржуазнага блока і прадстаўнікі асобных тэрыторый ВКЛ. Галоўным кіраўніком паўстання Найвышэйшая літоўская рада прызнала Тадэвуша Касцюшку. Яна выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы, у адозве да насельніцтва заклікала жыхароў Беларусі і Літвы змагацца "з мэтай адваяваць свабоду і грамадзянскае раўнапраўе". Выдавалася рэвалюцыйная "Газэта Народова Віленьска".

У пачатку паўстанне на Беларусі мела поспех. Яно было падтрымана сялянамі, да якіх у пракламацыях па-беларуску звяртаўся Ясінскі, абяцаючы адмену прыгоннага права. Гэта выклікала незадавальненне Касцюшкі, які лічыў, што радыкальная палітыка можа адштурхнуць ад паўстання шырокія колы шляхты. 28 красавіка ў Гародні створана мясцовае кіраванне - Парадкавая камісія. У красавіку-траўні паўстанцы ўзялі ўладу ў Берасці, Ваўкавыску, Слоніме, Наваградку, Ашмянах, Кобрыне, Лідзе, Браславе, у Жамойці. Расійскія войскі вымушаны былі адступіць за мяжу 1793 г. - да Менска, Нясвіжа, Пінска. Найвышэйшая літоўская рада абвясціла Ясінскага галоўнакамандуючым узброенымі сіламі ВКЛ, яму прысвоена званне генерал-лейтэнанта. У траўні 1794 г. Ясінскі вёў баі, каб ліквідаваць пагрозу Вільні з усходу, 7 траўня яго дывізія нанесла паражэнне рускаму войску каля вёскі Паляны (непадалёку ад Ашмян). У гэтай бітве ўдзельнічала да 5 тысяч сялян з сякерамі, косамі, віламі, дзідамі.

12-16 чэрвеня М.К. Агінскі спрабаваў глыбокім рэйдам узняць паўстанне ў Менскай губерні. Яго аддзел прайшоў праз Валожын і Івянец, але ў бітве пад Вішневам быў разбіты. У жніўні Агінскі з новым аддзелам рушыў праз Браслаўшчыну на Дынабург (Даўгаўпілс), каб адцягнуць ад Вільні расійскія войскі. У 2-й палове жніўня 3-тыс. аддзел палкоўніка С. Грабоўскага правёў новы рэйд у Менскую губерню, прайшоў праз Івянец, Ракаў, Койданава, Пухавічы, Асіповічы, Бабруйск, але быў вымушаны адступіць на Глуск і Любань і 4 верасня ў выніку Любанскага бою 1794 г. быў разбіты. Расійскае камандаванне сканцэнтравала 3 карпусы (12 тысяч салдат) пад камандаваннем генерала Б. Кнорынга, I. Германа, П. Цыцыянава і зноў кінула іх на Вільню. 11 жніўня горад быў акружаны і пасля бою 12 жніўня капітуляваў. Дывізіі войска ВКЛ адступілі да Гародні, куды пераехалі паўстанцкія ўлады...

Вікіпедыя.


Пасля разгрому паўстання на тэрыторыі Беларусі і Жамойціі ліцвінскія аддзелы адышлі на тэрыторыю Польшчы і прадоўжылі змаганне. Пра гэта чытайце на ст. 4.


ЗЯНОНУ ПАЗНЯКУ - 70

Зянон Станіслававіч ПАЗЬНЯК (нарадзіўся 24 красавіка 1944) - беларускі палітык і грамадскі дзеяч, адзін з заснавальнікаў Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне", старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі - БНФ, археолаг, мастацтвазнавец, пісьменнік, паэт. Кандыдат мастацтвазнаўства (1981). Унук вядомага беларускага дзеяча ў міжваеннай Польшчы Янкі Пазьняка.

Зянон Пазьняк нарадзіўся ў мястэчку Суботнікі Іўеўскага раёна Гарадзенскай вобласці. Тут жа скончыў сярэднюю школу. У 1967 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, мастацтвазнаўчае аддзяленне. У 1972 годзе скончыў аспірантуру пры Інстытуце этнаґрафіі, мастацтвазнаўства і фальклору Акадэміі Навук Беларусі. У 1981 годзе ў Ленінградзе абараніў дысертацыю па гісторыі беларускага тэатра.

У 1988 годзе адкрыў для беларускай і сусветнай грамадскасці і археалагічна даследаваў масавыя пахаванні людзей у Курапатах, расстраляных органамі НКУС. Зянон Пазьняк - адзін з актыўных заснавальнікаў і Старшыня Мартыралогу Беларусі (1988) і Беларускага Народнага Фронту "Адраджэньне" (1988).

З траўня 1990 года па студзень 1996 года - дэпутат Вярхоўнага Савета 12-га склікання, кіраўнік дэпутацкай Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Быў чальцом канстытуцыйнай камісіі Вярхоўнага Савета БССР і Рэспублікі Беларусь 12-га склікання.

У сакавіку 1996 года, унікаючы магчымых арышту і фізічнага знішчэння за палітычныя погляды і публічныя выступленні, пакінуў Беларусь разам з Сяргеем Навумчыкам.

Пазьняк захаваў беларускае грамадзянства, усе гады на эміґрацыі займаецца выключна палітыкай, сустракаецца з палітыкамі, грамадскасцю і журналістамі розных краінаў. Аўтар шэрагу кніг.

Вікіпедыя.


80 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Конана

КОНАН Уладзімір нарадзіўся 23 красавіка 1934 года ў вёсцы Вераскава Наваградскага раёна. Беларускі філосаф, гісторык, культуролаг, літаратурны крытык. Доктар філасофскіх навук па спецыяльнасці эстэтыка (1982). Скончыў БДУ (1959), працаваў настаўнікам і дырэктарам Страшэўскай 8-гадовай школы, пазней - у Інстытуце філасофіі і права АН БССР; доктарская дысертацыя прысвечана тэме: "Станаўленне і развіццё эстэтычнай думкі на Беларусі з Х стагоддзя па 1917 год". З 1991 загадчык аддзела гісторыі і тэорыі культуры Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Ф. Скарыны. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1984 за ўдзел у напісанні цыкла калектыўных манаграфій па гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі (апублікаваны ў 1973-1980). Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя праблемы філасофіі і культуралогіі, гісторыю эстэтычнай думкі, гісторыю беларускай культуры, беларускі фальклор, гісторыю і сучасны стан беларускай літаратуры, пытанні фалькларыстыкі і літаратуразнаўства Беларусі, архетыпы і сімвалы беларускага мастацтва, праблемы рэлігіязнаўства. Аўтар прац "Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917-1934 гг.)" (1968), "Ад Рэнесансу да класіцызму" (1978), "Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору" (1989), "Святло для людзей: Родная мова і культура ў эпоху перабудовы" (1989), "Боская і людская мудрасць: Францыск Скарына: жыццё, творчасць, светапогляд" (1990), "Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча" (1991) і інш. Апошнія манаграфіі: "Ксёндз Адам Станкевіч і каталіцкае адраджэнне ў Беларусі. - Мн, Выд. "Про Хрысто", 2003; "Беларуская мастацкая культура эпохі Сярэдневякоўя і Рэнесансу". - Мн., Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка, 2006.

Уладзімір Конан памёр уноч з 5 на 6 чэрвеня 2011 г. "Патрыярха беларуская філасофіі" не стала на 78 годзе жыцця.

Вікіпедыя.


Беларусь - гэта наша святыня. І нічыя больш...

Наша жыццё, колькі б яно ні доўжылася, гэта не толькі пастаянны клопат пра задавальненне матэрыяльных патрэб. Асабліва, калі яно, жыццё чалавека, як бы набліжаецца да свайго фінішу і той, азіраючыся назад, менш за ўсё ўспамінае, што ён некалі еў і піў, як і менш за ўсё задумваецца, што з матэрыяльных каштоўнасцяў яму ўдалося нажыць за пражытыя гады. Усё гэта нібы было і прайшло, не пакінуўшы ўнутры прыкметнага следу.

На схіле сваім чалавек раптам (і часцей за ўсё) ловіць сябе на думцы, што яго ўжо больш за ўсё хвалюе цяпер, як наогул пражыў дадзеныя яму лёсам і Богам гады, колькі праўды і няпраўды сустрэў ад іншых і ўчыніў сам, колькі добрых і дрэнных крокаў на ягоным асабістым жыццёым рахунку.

А яшчэ чалавек нечакана для яго самога задумваецца над сэнсам свайго зямнога існавання: дзеля чаго нарадзіўся і жыў, ці выканаў тую місію, якая, несумненна, была ўскладзена ад нараджэння. Хутчэй за ўсё такое закладзена ў кожным чалавеку (калі не ў кожным, дык у большасці людзей) недзе глыбока ў падсвядомасці і незалежна ад узроўню яго адукацыі і сацыяльнага становішча, раней ці пазней, нібы тая нябачная маленькая крынічка, выбіваецца знутры менавіта такімі пытаннямі: як пражыў, што пакінуў пасля сябе не толькі сваім блізкім, але і наогул людзям, краіне, у якой нарадзіўся і жыў. Верыць чалавек у Бога ці не, усё роўна яго будзе хваляваць вечнае пытанне: "А што, калі ёсць суд - пазазямны, нябесны, Боскі, усе роўна які, але суд, на якім прыйдзецца трымаць адказ за свае жыццё?". Так, відаць, уладкаваны чалавек, што ён аніяк не ў стане пазбегнуць такіх пытанняў, як бы спадзяваўся на гэта. Бо, як кажуць, не ад нас тое, а дадзена звыш...

Як дадзена, звыш, ад якіх бацькоў нарадзіцца, якую гісторыю шанаваць, з якіх слынных людзей, некалішніх і сучасных, браць прыклад, чыю справу працягваць ужо сваімі справамі і словамі, у рэшце рэшт, на якой мове вымаўляць тыя словы. Бо як і бацькі нашы, і краіна, у якой нарадзіўся і жывеш, так і мова продкаў нашых - усё гэта дадзена нам звыш. Хоць і ўсведамляем мы змест гэтага самага "звыш" хутчэй інтуітыўна, падсвядома, расплывіста, толькі ж ведаем, падазраем, адчуваем, што ёсць недзе гэтае "звыш", ёсць. Ці не таму не-не дый выскоквае з нас праніклівае і безапеляцыйнае: "Усё ад Бога".

На сябе асабіста пераканаўся ў гэткай ісціне і лічу, што пражытыя мною амаль сем дзесяткаў гадоў даюць мне права сцвярджаць менавіта так. Некалі я выхоўваўся на савецкіх школьных падручніках - і не толькі па гісторыі. Пазней вывучаў гісторыю сваёй Бацькаўшчыны па тагачасных падручніках пад рэдакцыяй вядомага некалі, а сёння сумнавядомага прафесара Абэцэдарскага, нават здаваў яму залік. Праз нейкі час "паглыбляў" свае веды па не менш вядомай "Гісторыі КПСС" пад рэдакцыяй Панамарова і іншых адна - і двухтомных "Лекцыях" па гісторыі зноў такі сумнавядомай партыі. Дзе цяпер тыя падручнікі, як і дзе іхнія аўтары, у рэшце рэшт як і дзе тая партыя? Адышлі ў нябыт, не вытрымалі выпрабавання часам, бо Праўда перамагла фальш і Час, гэты найвялікшы і найсправядлівы суддзя, раздаў кожнаму належнае. І гэта таксама не абышлося без "звыш" - і няйнакш.

Як ужо ні нявечылася, як і кім толькі ні перапісвалася за стагоддзі гісторыя нашай Беларусі, як і фальсіфікавалася рознымі кан'юктурнымі гісторыкамі, як праўда ўсе роўна прабівалася з месіва бясконцых выдумак, нібы тая расліна з-пад асфальту на ўскрайку дарог. І сёння ў маёй хатняй бібліятэцы, але на розных паліцах, месцяцца і стаўшыя ўжо рэліктавымі тыя бээсэсэраўскія і капээсэсаўскія падручнікі як узоры бессаромнай хлусні. І шматлікія кнігі пра мінулае і сённяшняе маёй Бацькаўшчыны, прысутнасць якіх радуе вока і сагравае душу сваім праўдзівым зместам, напоўненым гонарам за гераізм і мужнасць нашых продкаў, што коштам уласнай крыві і ўласнага жыцця адстойвалі волю і незалежнасць, сваю мову, сваё права людзьмі звацца.

Так, не заўсёды гэта ўдавалася, бо занадта ж часта квапіліся на гэтыя галоўныя жыццёвыя каштоўнасці суседзі як з захаду, так і з усходу, бо надта ж прынадным, спакуслівым кавалачкам бачылі для сябе тагачасную Літву, тагачаснае Вялікае Княства Літоўскае з яго еўрапейскім, пабудаваны на дасканалых законах грамадскім ладам, з яго старажытнай мовай, якая няспынна развівалася і нават дадатна ўплывала на развіццё моваў суседніх краін. Пра гэта не без гонару казалі ды пісалі як уславіўшыя свой край і сваю мову асветнікі і пісьменнікі Кірыла Тураўскі і Францыск Скарына, Мікола Гусоўскі і Адам Міцкевіч, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч і Францішак Багушэвіч, Максім Гарэцкі і Янка Купала, так і гісторыкі. Не, не тыя, якія і па сёння ніяк не развітаюцца з кан'юктуршчынай, служаць больш уладам, чым свайму народу, а тыя, для каго праўда ў асвятленні мінулай і сучаснай гісторыі Беларусі была прадыктавана ўласным сумленнем, няўтоенай любоўю і адказнасцю за будучыню сваёй Бацькаўшчыны. Гэта Вацлаў Ластоўскі і Усевалад Ігнатоўскі, Іосіф Юхо і Леанід Лыч, Мікола Ермаловіч і Анатоль Грыцкевіч, Уладзімір Арлоў і Кастусь Тарасаў, Вітаўт Чаропка і мой шаноўны зямляк Генадзь Сагановіч. Гэта іх гістарычныя працы не толькі ўпрыгожваюць паліцы маёй хатняй бібліятэкі, але і сваім зместам дапамагаюць спасцігнуць сапраўдную, а не падтасаваную гісторыю маёй Радзімы - Беларусі, выхоўваюць гонар за яе велічнае мінулае і ўмацоўваюць ува мне веру, што і будучае Бацькаўшчыны будзе такім жа гераічным, годным і шчаслівым.

А яшчэ ў маёй бібліятэцы ёсць кнігі і былых так званых "нацдэмаў", імёны якіх, рэпрэсаваных у тыя бесчалавечныя 30-я гады мінулага стагоддзя, уваскрэслі толькі пасля таго, як Беларусь стала незалежнай дзяржавай. Ёсць таксама кнігі ці асобныя артыкулы так званых "калабарацыяністаў", людзей з не менш трагічным лёсам, якія ва ўсіх, нават самых складаных сітуацыях, змагаліся за незалежнае ад усялякіх - і белых, і чырвоных - ворагаў беларускага гаспадарства. Сваю не паказушную, а даказаную дзесяцігоддзямі эмігранцкага жыцця любоў да Бацькаўшчыны, адданасць ёй і роднай мове яны пранеслі праз усё сваё няпростае, амаль драматычнатрагічнае жыццё, у чым я пераканаўся, не без захаплення і з нястрымнымі слязьмі на вачах слухаючы некаторых з іх на Першым з'ездзе беларусаў Свету. Ззялі няўтоеным шчасцем іх твары ад таго, што дачакаліся яны ўсё ж свайго часу, змаглі, нарэшце, хоць на схіле свайго жыцця ступіць на родную зямлю. Надзеяй, што мара пра вольную Беларусь нарэшце спраўджваецца, прасякнуты былі іх выступы. Але праглядвалася і трывога: ці канчатковая гэта перамога, ці не будзе адступленя ў высакороднай справе адраджэння іхняй Бацькаўшчыны.

На жаль, як была некалі, так і застаецца сёння глеба для такой трывогі. Той працэс беларусізацыі, якім прыкметна вызначаліся першыя гады нашай незалежднасці, сёння не менш прыкметна страчвае сваю хаду. Яшчэ радзей, чым некалі, гучыць у нашых гарадах і вёсках роднае беларускае слова. Няўмольна знікае яно і з нашых агульнаадукацыйных школ, наогул адсутнічае ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах. Да болю недастаткова, хоць і лічыцца дзяржаўнай ці адной з дзвюх дзяржаўных, наша мова выкарыстоўваецца ў сродках масавай інфармацыі. Увачавідкі працэс русіфікацыі, які заахвочваецца і ажыццяўляецца нейкімі нябачнымі сіламі, без сумнення, як вонкавымі, так і ўнутранымі, праўладнымі, за што асабліва крыўдан. Змаганне за беларускасць набыло сёння дастаткова жорсткі характар, сапраўднае супрацьстаянне, у якім усё больш церцяць тыя, хто хоча бачыць Беларусь аўрапейскай, дэмакратычнай, цывілізаванай дзяржавай, са сваёй мовай і праўдзівай гісторыяй.

Менавіта праўдзівай, а не такой, якой падаюць нам некаторыя сучасныя гісторыкі накшталт Льва Крыштаповіча, 150-цістаронкавая кніга якога ўразіла, а дакладней, абразіла мяне, як беларуса, не толькі сваім зместам, але нават і назвай: "Беларусь як руская святыня" (Мінск, "Бонем", 2011 г.). Вось ад гэтай, няйнакш як здзеклівай назвы і адштурхоўваецца гэты гісторык, са скуры вылузваючыся на працягу ўсёй кнігі, каб пераканаць нас, беларусаў, што аніякія мы не беларусы і што не было і няма гэткага народа як беларусы, а разам з імі і ўкраінцы. Проста рэжуць вочы шматкроць спажываныя ў кнізе словазлучэнні "рускі народ", "тутэйшы народ" побач з узятым у дужкі тлумачэннем, што маюцца на ўвазе беларусы і іх суседзі ўкраінцы.

Полацкае княства, па Крыштаповічу, гэта не што іншае як руская зямля, якая з-за татара-мангольскага нашэсця на Кіеўскую Русь і была захоплена разам з некаторымі іншымі княствамі, размешчанымі на тэрыторыі сучаснай Беларусі, князямі Літоўскай дзяржавы. Менавіта сцвярджаючы так і спасылаючыся на яшчэ аднаго, ужо савецкага расійскага гісторыка Пашуты, Крыштаповіч "адкрывае" нам вочы на тое, што як і Статуты ВКЛ, так і сама тагачасная дзяржава была не Руска-літоўскай ці Бела-руска-літоўскай, а толькі Літоўскай дзяржавай, што з'яўляецца, быццам бы, красамоўным абвяржэннем "росказней беларусізатараў" (двухкоссі аўтара кнігі) пра літоўска-беларускую дзяржаву і балцкі субстрат.

Не веру! - амаль крычу я ўслед за Станіслаўскім. Не веру розным Каяловічам, Пашутам і Крыштаповічам, якія ператваралі і працягваюць ператвараць гісторыю беларускай дзяржаўнасці ў аб'ект палітычнага гандлю.

Не веру ў тое, што гетман Канстанцін Астрожскі, які гэтак паспяхова разбіў са сваім у тры разы меншым войскам расейскае ў 1514-м годзе пад Воршай, надоўга адбіўшы ахвоту ўсходняга суседа напасці на ВКЛ, з'яўляўся прыхільнікам Расеі, а тагачасная вайна расейцаў з ліцвінамі была вайной не паміж рускай і беларускай дзяржавамі, а паміж Расеяй і Літвой, г.зн. Летувой ці Жамойцю.

Не веру, бо веру, паўтараючы Крыштаповіча, "нацыяналістычным" гісторыкам, такім як Вацлаў Ластоўскі, Генадзь Сагановіч, Уладзімір Арлоў, Леанід Лыч. Бо ўжо ведаю, што нацыяналізм, як нам ні сцвярджала яшчэ нядаўна савецкая гістарычная навука, быў і застаецца неабходнейшай умовай узнікнення дзяржаўнасці, а сёння яшчэ і ўзнікнення дэмакратыі. Вось чаму і расейцы з іх аўтарытарнай уладай, і нашы ўласныя аўтакраты як агню баяцца слова "нацыяналізм". Ім па-ранейшаму больш па душы бесцялесны інтэрнацыяналізм, які ў адной імперыі-метраполіі аб'ядноўваў шэраг каўказскіх, сярэднеазіяцкіх і прыбалтыйскіх краін, Беларусь і Украіну. Існаванне міфічнай Саюзнай дзяржавы - гэта ўсё з той жа оперы. Як інкарнацыя Беларусі ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай надоўга вырвала радзіму нашых продкаў з агульнаеўраейскага цывілізаванага кантэксту, пра што ўсваей неабароненай па зразумелых прычынах дысертацыі пісаў беларускі гісторык Я. Анішчанка, так і па сёння адмаўляецца расейскімі вучонымі, што менавіта Беларусь, з'яўляючыся стрыжнем ВКЛ, мела сваю эпоху і Рэнесансу, і Рэфармацыі і ўяўляла сабою аніяк не заходнія рускія землі, была ўсходнім аванпостам еўрапейскай культуры.

Л. Крыштаповіч у сваёй кнізе ўсё ж прызнае, што беларуская народнасць існавала: але пачатак яе складвання адносіць да канца ХVІ - пачатку ХVІІ стагоддзя. Ці ж не перабор гэта? Ці не Х стагоддзем у вядомай аповесці пра Рагнеду фіксуецца ўсведамленне старажытнымі беларусамі сваёй адметнасці? Хіба ж не тады беларускія плямёны крывічоў і дрыгавічоў, аб'яднаўшыся, стварылі магутную дзяржаву Полацкае княства, якое і сталася ядром беларускай нацыі і дасягнула свайго найвышэйшага ўздыму у ХІ стагоддзі?

Нарэшце, хто як не беларускі князь Міндоўг запачаткаваў беларускую дзяржаву з назовам Літва ажно на тры стагоддзі раней і ў 1253-м годзе каранаваўся ў Наваградку, які з'яўляўся сталіцай беларускага каралеўства да таго часу, пакуль другі вялікі князь Гедзімін не перанёс яе з Наваградка ў заснаваную ім жа Вільню. Што тычыцца сцвярджэння Крыштаповіча пра тое, што назва Літва пайшла нібыта ад сучасных літоўцаў, а таму ніякія не беларусы, а менавіта літоўцы гаспадарылі ў Вялікім Княстве Літоўскім, адваяваўшы яго тэрыторыі ад расейцаў, дык і яна не вытрымлівае аніякай крытыкі. Не здарма ў адным са сваіх гістарычных даследаванняў пад назвай "Па слядах аднаго міфа" Мікола Ермаловіч, гэты незвычайна мужны і адданы беларус, на падставе ўласнага прычытання летапісаў даказаў, што старажытная Літва знаходзілася аніяк не там, дзе сучасная Летува, а таму Вялікае Княства Літоўскае - не літоўская заваёва, а спрадвечна беларуская дзяржава (з чым пагадзіўся другі выдатны гісторык-беларус Анатоль Грыцкевіч). М. Ермаловіч цалкам абвергнуў міф, якога ўпарта і доўга прытрымлівалася афіцыйная гістарычная навука.

А як прымітыўна выглядае абвінавачванне Крыштаповічам сучасных беларускіх гісторыкаў дэмакратычна-нацыянальнага кшталту ў тым, што яны пішуць гісторыю пад дыктоўку сваіх заакіянскіх апекуноў і, канешне ж, за вялікія грошы. Да болю знаёмы прыём! Цяжка нават сказаць, чаго тут больш: непрыкрытага цынізму ці такой жа непрыкрытай нянасісці да ўсяго беларускага. Вось і Таварыства беларускай мовы, як і іншыя, па выразу Крыштаповіча, усемагчымыя суполкі, не абышоў ён, сваёй увагай, якія, на яго думку, пад шырай развіцця нацыянальнай культуры беларускага народа за шчодрае фінансаванне заходнімі фондамі абвесцілі не што іншае як "Крыжовы паход супраць Гісторыі", намагаючыся даказаць, што ў часы ВКЛ Беларусь валодала не толькі дзяржаўнасцю, але і была канчатковым пунктам заходнееўрапейскай культуры, супрацьстаячай "варварству" Маскоўскай дзяржавы. Але ж хіба гэта не так? Ці не гісторыя Беларусі - гэта няйнакш як гісторыя супрацьстаяння захопніцкім памкненням Расеі? Хіба не Расея некалішняя, як і Расея сённяшняя, рабіла і робіць усё, каб дарэшты зрусіфікаваць усё беларускае і ў першую чаргу беларускую мову, якая, як вядома, з'яўляецца душой народа, падмуркам нацыі і дзяржаўнасці.

Можна бясконца прыводзіць тыя месцы з кнігі Л. Крыштаповіча "Беларусь як руская святыня", выдадзенай сумніўным накладам у 300 асобнікаў, дзе без усялякага прыкрыцця і без аніякага сумлення абражаецца гісторыя нашай старажытнай краіны. Выказваецца няўтойваная пагарда да гістарычных сведчанняў А. Міцкевіча, У. Сыракомлі. К. Каліноўскага. В. Ластоўскага. Дапускаюцца інсінуацыі з многімі ужо добра даследаванымі і даказанымі фактамі і падзеямі беларускай гісторыі.

Я - не гісторык, але я - беларус, і кніга Л. Крыштаповіча, якую мая знаёмая Людміла Руціч напаткала чамусьці у праваслаўнай царкве, у мяне анічога акрамя абурэння не выклікала, яна яшчэ раз сведчыць, што працягваецца нахабны наступ з боку ўсходняга суседа, а дакладней з боку крамлёўскіх правадыроў (просты расейскі народ тут не пры чым), каб вярнуць Беларусь у той буферны стан, у якім знаходзілася яна з часоў царызму і з якога, дзякуючы развалу апошняй у свеце імперыі СССР выкарабкалася і стала фактычна, а не фармальна суверэннай дзяржавай. Вось гэта і не дае спакою расейскім шавіністам, якія ніяк не хочуць змірыцца з гэткім абмежаваннем сваей імперыі, а таму і сцвярджаюць, што беларусы ў многім больш рускія, чым вялікаросы, і што сутнасць беларускасці не што іншае як агульнарускі патрыятызм.

Я за свае амаль 70 пражытых гадоў не магу ўспомніць аніякай іншай кнігі, якая магла б параўнацца са зместам такога фальшывага і, па ўсяму відаць, заказнога твора Льва Крыштаповіча, кніга якога, на маю думку, не што іншае як засланы ў Беларусь "казачок" з агентурнай мэтай ускаламуціць абуджаную за апошнія гады нацыянальную свядомасць беларусаў і скіраваць яе на лёкайскае кленчанне перад усходнім суседам, на адмаўленне свайго гераічнага мінулага, сваёй дзяржаўнасці і мовы, усяго астатняга, на чым трымаецца наша дзяржаўнасць і незалежнасць.

Такі мой асабісты вывад пасля прачытання кнігі "Беларусь як руская святыня". Я выказаў свае думкі, якія нікому не збіраюся навязваць. Але разам з тым лічу, што нельга пакідаць па-за ўвагай тое, што заслугоўвае водпаведзі, як нельга дапусціць, каб хлусня зацьмявала праўду, тым больш - перамагала яе. Каб тая ж хлусня не спараджала такой з'явы, якая мела месца на нашай Косаўшчыне, звязанай са святой памяццю пра нацыянальнага героя Беларусі Тадэуша Касцюшкі, а менавіта ў вёсцы Бялавічы, дзе з'явіліся тры крыжы з наступнымі надпісамі па-расейску: "Святая Русь", "Вера, царь и отечество", "Прости, государь"... Бо якое гэта мае дачыненне да нашай беларускай гісторыі? Каму гэта па-ранейшаму трызніцца, што заняволенне расейскімі "гасударамі" Беларусі прынясе ёй волю і шчасце?

Ці не супраць такога заняволення спакон веку былі беларусы, а мужна і самаахвярна змагаючыся ў шэрагах паўстанцаў пад кіраўніцтвам таго ж Касцюшкі і яшчэ аднаго нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага? Дорага абышлася тая барацьба за вольную і незалежную Беларусь. Але ці не адтуль бяруцца вытокі нашай сённяшняй незалежнасці? А таму не павінна быць месца ўслаўленню цароў і ўсялякіх іншых ворагаў нашага суверэнітэту. Гэта недапушчальна нават часова, нават калі ты перакананы, што Час, гэты найсправядлівы суддзя, усяроўна ўсё паставіць з галавы на ногі і асудзіць, як і тую ж абецэдаршчыну, махлярства і здзек над гісторыяй. Перш за ўсё над нашай, беларускай гісторыяй. Бо, як вядома, жыццё кароткае, а Радзіма - вечная. Адродзіцца, і ўжо навечна, і наша Радзіма - Беларусь, наша, беларуская, і нічыя іншая святыня.

Мікалай Рымач, пенсіянер. Івацэвічы.


ПРОЗВІШЧЫ БЕЛАРУСІ: НАЙМЕННІ ПІСЬМЕННІКАЎ

(Працяг.)

Філіповіч (Марыя Ф.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Філіп з акцэнтаваным фармантам -овіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы'. Адымёнавае прозвішча: Філіп - Філіповіч .

Фядосік (Анатоль Ф.) - дэрыват з суфіксам -ік ад антрапоніма Фядос з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Фядосік ). Адымёнавае ўтварэнне: Фядосій - Фядос - Фядосік .

Хадановіч (Ігар Х.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Ходан з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Хадановіч ). ФП: ходацца ('дужацца, бароцца' - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. А. Піскунова (2012, с. 1065) - ходан ('той, хто ходаецца' ('дужаецца, борацца') - Ходан (мянушка, потым прозвішча) - Хадановіч .

Хадкевіч (Тарас Х.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Хадко з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Хадкевіч ). ФП: хадзіць - хадк о (ад ходкі 'які хутка рухаецца, лёгкі на хаду') - Хадко (мянушка, пазней - прозвішча) - Хадкевіч .

Харкоў (Пётр Х.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Харок з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Харок р.скл. Харка - Харкоў ). ФП: хорь (рас.- белар. 'тхор') Хорёк - Харок - Харкоў .

Харужая (Вера Х.) - змененая форма ад Харунжая : Харунжы ад апелятыва харунжы - гістар. 'сцяганосец у войску,' 'малодшы афіцэрскі чын у казацкім войску і асоба, якая мела такі чын'.

Хатулёў (Пятро Х.) - прыметнікавая форма з суфіксам прыналежнасці -ёў ад антрапоніма Хатуль з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. Утваральнае слова Хатуль - семантычны дэрыват ад апелятыва хатуль 'вялікі клунак рэчаў, звязаных у хустку, посцілку і пад., які звычайна носяць за спіной'. ФП: хата - хатуль - Хатуль (мянушка, потым прозвішча) - Хатулёў .

Хатэнка (Антаніна Х.) - семантычны дэрыват ад апелятыва х а тэнка 'невялікая несамавітая хата' (варыянт з цеканнем - хацёнка ). Слова хатэнка ўласціва паўднёва-заходнім гаворкам Беларусі (Брэстчына, поўдзень Гродзеншчыны). ФП: хата - хатанька - хатэнка - Хатэнка .

Хацкевіч (Рыгор Х.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Хацко з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Хацкевіч ). ФП: хацець - хацько ('хто шмат чаго хоча') - Хацько (мянушка, пазней прозвішча) - Хацькевіч - Хацкевіч . А таксама як адымёнавае прозвішча: Фёдар - Ходар - Ходко - Ходько - Хотка - Хаткевіч - Хацкевіч . (М. Бірыла. Беларуская антрапанімія. 1982, с. 123).

Хвалей (Яўген Х.) - мажлівы семантычны дэрыват ад апелятыва хвалей - утварэння з суфіксам -ей ад хваліць ( хваліцца ): хвалей 'хвалько'. Як і маніць - маней 'хлус'; варажыць - варажэй . ФП: хваліцца - хвалей ('хвалько') - Хвалей .

Хлябцэвіч (Яўген Х.) - форма бацькаймення з фармантам -эвіч ад антрапоніма Хлябец і семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Хлябцэвіч ). ФП: хлеб - хлябец (пчал. 'пярга' "Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча". 1986, т. 5, с. 312, 308) - Хляб е ц (мянушка, затым прозвішча) - Хлябцэвіч . Мажлівае і семантычнае ўтварэнне ад апелятыва хлябец 'кулінарны выраб' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. А. Піскунова (2012, с. 1064), што выкарыстоўваўся ў святарскай дзейнасці намінанта.

Цімашкова (Любоў Ц.) - прыметнікавая форма з прыналежным фармантам -ова ад антрапоніма Цімашок (Р. ск. Цімошка ) з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Цімох - Цімашок - Цімашкова .

Цішчанка (Іван Ц.) - дэрыват з фармантам -анка ад антрапоніма Цішка з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Ціхан - Цішка - Цішчанка.

Цэлеш (Мікола Ц.) - семантычны дэрыват ад апелятыва цэлеш 'кавалак дрэва' - утварэнне ад цэлы (не паколаты) ( целеш ). У артыкуле пра пісьменніка даюцца два варыянты прозвішча: Цэляш ( Целеш ) Мікола. У слоўніках фіксуецца другі варыянт апелятыва: целеш і цялеш 'кругляк'. ФП: цэлы - целеш - Целеш .

Цяжкі (Артур Ц.) - семантычны дэрыват ад апелятыва - прыметніка цяжкі , які мае розныя значэнні (у тлумачальных слоўніках іх 10) 'які мае вялікую вагу', 'вялікі, грузны' (пра чалавека, жывёлу), 'сумны, змрочны, пануры, невясёлы' і інш. ФП: цяга - цяжкі - Цяжкі (мянушка) - Цяжкі (прозвішча).

Чабан (Тамара Ч.) - семантычны дэрыват ад апелятыва чабан 'пастух, які пасе авечы статак' (пазычанне з цюрскіх моў).

Чабор (Янка Ч.) - семантычны дэрыват ад апелятыва чабор 'травяністая духмяная расліна сямейства губакветных з дробнымі ружова-ліловымі ці белымі кветкамі'. ФП: чабор (расліна) - Чабор (мянушка) - Чабор (прозвішча).

Чавускі (Міхась Ч.) - адтапанімічнае ўтварэнне ад Чавусы з суфіксам -скі . ФП: Чавусы (геагр. назва) - Чавускі (з паселішча Чавусы) - Чавускі .

Чамярыцкі (Вячаслаў Ч.) - адтапанімічнае ўтварэнне з суфіксам -ыцкі (-іцкі) ( Чамярыцкі ) або ад апелятыва чамярыца 'травяністая ядавітая лугавая расліна сямейства лілейных, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне' ці ад базавага слова чэмер з тым самым значэннем. ФП: чэмер - чамярыца - Чамярыцкі .

Чапега (Уладзімір Ч.) - семантычны дэрыват ад апелятыва Чап е га - утварэння з фармантам -ега ад чап а ць 'закранаць, выклікаць на размову, пэўнае дзеянне', 'умешвацца ў чые небудзь справы', а таксама ад ч а паць 'павольна ісці' (Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. Т. 5, с. 401). ФП: чапаць - чапега - Чапега .

Чобат (Алесь Ч.) - семантычны дэрыват ад апелятыва чобат ("Расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік" В. Ластоўскага: чобот украінск. бот, боты. Падае слова чобаты і Слоўнік паўночна-заходняй Беларусі: Чобаты 'боты'. ФП: чобат (бот) - Чобат (мянушка) - Чобат (прозвішча).

Чыгрын (Іван Ч.) - дэрыват з прыналежным суфіксам -ын ад антрапоніма Чыгра з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Чыгрын ). Утваральнае слова Чыгра - мажлівы семантычны дэрыват ад цігра (перан. лаянк.) 'хто злы, робіць шкоду' (Слоўнік паўночна-заходняй Беларусі…т. 5, с. 359). Мена ч/ц у гаворках Гродзеншчыны нярэдкая з'ява: цярэшня і літар. чарэшня і пад.

Чэрня (Хведар Ч.) - семантычны дэрыват ад апелятыва чэрня 'чорная фарба', а таксама (перан.) 'зборышча бандытаў, зброд'. ФП: чорны (колер) - чорны ('смуглы') - Чэрня (мянушка смуглага чалавека) - Чэрня (прозвішча).

Шаўчонак (Марыя Ш.) - дэрыват з суфіксам -онак ад антрапоніма Шавец з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Шаўчонак ). ФП: шыць - шавец ('майстар у шыцці і рамантаванні абутку') - Шавец (мянушка, потым прозвішча) - Шаўчонак .

Шах (Соф'я Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва шах , які мае розныя значэнні: 1) тытул манарха ў некаторых краінах Усходу і асоба з гэтым тытулам; 2) у шахматнай гульні - напад фігуры на караля; 3) гукапераймальнае 'шумны, адрывісты гук'; утварэнне ад шахнуць 'моцна стукнуць, бузануць'. ФП: шахнуць - шах - Шах . Або шах ('тытул і асоба') - Шах (мянушка) - Шах (прозвішча, пазычанне з персідск. мовы - 'цар').

Шахавец (Уладзімір Ш.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -ец ад назвы паселішча Шахава ; Шахавец . ФП: Шах - Шахава ('валоданне Шаха') - Ш а хавец ('з вёскі Шахава') - Шахавец (прозвішча).

Шаховіч (Міхась Ш.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Шах і семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Шах - Ш а хавіч - Шаховіч .

Швед (Віктар Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва швед , мн. шведы 'народ скандынаўскай групы, які складае асноўнае насельніцтва Швецыі'.

Шклярэўскі (Ігар Ш.) - дэрыват з суфіксам -эўскі ад Шкляр ( Шклярэўскі ), які можа тлумачыцца дваяка: 1) прэстыжная форма ад Шкляр ( Шкляр - Шклярэўскі ), 2) адтапанімічны дэрыват ад назвы паселішча Шкляры (насельнікі яго - з прозвішчам Шкляр ) або ад Шклярава (уладанне Шкляра ). ФП: шкло - шкляр ('рабочы, які ўстаўляе шкло, работнік шкляной прамысловасці') - Шкляр - Шклярава - Шклярэўскі .

Шлюбскі (Аляксандр Ш.) - дэрыват з суфіксам -скі ад шлюб 'сямейны саюз мужчыны і жанчыны'; 'сумеснае законнае іх жыццё', а таксама 'абрад, цырымонія ўступлення ў такі саюз'. ФП: шлюб - Шлюб (мянушка, потым прозвішча) - Шлюбскі .

Шніп (Віктар Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва шніп 'дэталь адзення' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова (2012, с. 1103). ФП: шніп ('дэталь адзення') - Шніп (мянушка асобы) - Шніп (прозвішча).

Шпакоўскі (Іван Ш.) - дэрыват з суфіксам -оўскі ад Шпак як прэстыжная форма антрапоніма; або адтапанімічнае ўтварэнне ад уласнай назвы паселішча Шпакі ці вытворнай Шпакова ('уладанне Шпака'), у апошнім выпадку - дэрыват з суфіксам -скі : Шпакова - Шпакоў-скі .

Шпілеўскі (Павел Ш.) - дэрыват з суфіксам прэсты-жнасці -еўскі ад антрапоніма Шпіль ( Шпіл-еўскі ). ФП: шпіль ('спічастая вяршыня чаго-небудзь', 'лябёдка з вертыкальным барабанам ці вертыкальны калаўрот на караблях, на які намотваецца канат') - Шпіль (мянушка асобы) - Шпіль (прозвішча) - Шпілеўскі .

Шруб (Павел Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва шруб - (муж. род ад шруба ) 'шпень, які мае спіральную нарэзку', 'вінт'. ФП: шруб (вінт) - Шруб (мянушка чалавека) - Шруб .

Шукайла (Паўлюк Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва шукайла -ўтварэння ад асновы дзеяслова цяпер. часу шукай - з выкарыстаннем суфікса -ла ( шукайла ). ФП: шукаць - шукаj-уць - шукайла ('той, хто шукае') - Шукайла (мянушка, потым прозвішча).

Шупенька (Генадзь Ш.) - дэрыват з суфіксам - енька ад антрапоніма Шупа з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Шупенька ). ФП: шупіць ('разумець, шалопіць' - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова (2012, с. 1108), а таксама шупкі 'здагадлівы' (тамсама) - шупа ('разумны, здагадлівы чалавек') - Шупа (мянушка) - Шупа .

Шутовіч (Янка Ш.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Шут з семантыкай 'нашчадак названая асобы' ( Шутовіч ). ФП: шут (гістарычнае) 'блазан', 'штукар', 'камедыянт') - Шут (мянушка, потым прозвішча) - Шутовіч .

Шутэнка (Гаўрыіл Ш.) - дэрыват з фармантам - энка ад антрапоніма Шут з семантыкай 'нашчадак'. ФП: шут ('штукар') - Шут (мянушка, потым прозвішча) - Шутэнка .

Шуцько (Іван Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва шуцько - утварэнне з суфіксам -ко ад шуціць 'жартаваць'. ФП: шуціць - шутка ('жарт') - шутко і шуцько ('жартаўнік') - Шуцько .

Шчадрына (Валянціна Ш.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ын-а ад антрапоніма Шчадр а з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: шчадраваць ('святкаваць у час Калядаў - хадзіць па хатах з абрадамі, песнямі, танцамі, прымаючы пачастунак') - шчадр а ('вячэра перад Новым годам') - Шчадра (мянушка, потым прозвішча) - Шчадрын ( Шчадрына ).

Шчасны (Уладзімір Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва - прыметніка шчасны 'шчаслівы'. ФП: шчасце - шчасны - Шчасны (мянушка) - Шчасны .

Шчупак (Юзя Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва шчупак 'драпежная прэснаводная прамысловая рыба з доўгім выцягнутым тулавам, вялікай сплюснутай галавой'. ФП: шчупак (рыба) - Шчупак (мянушка) - Шчупак .

Шыманоўскі (Стані-слаў Ш.) - утварэнне з суфіксам прэстыжнасці -оўскі ад каталіцк. Шыман: Шыманоўскі .

Шырко (Васіль Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва шырко - утварэнне ад шыр ( шырко ). ФП: шырокі - шыр - шырко ('характарыстыка чалавека па знешняй прымеце') - Шырко . Або ад апелятыва ш ы рка ('шырыня') - Ш ы рка - Шырк о . Ці ад ш ы рка (плытніцкае) ('прыстасаванне для тармажэння плыта ў выглядзе завостранага кала, бервяна') - Ш ы рка - Шырк о .

Шэлехаў (Міхаіл Ш.) - прыметнікавая форма з суфіксам прыналежнасці -аў ад антрапоніма Шэлех з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: шэлег 'дробная старажытная манета' - шэлех (аглушэнне: г-х ) - Шэлех - Шэлехаў.

Юрчанка (Георгій Ю.) - дэрыват з фармантам -анка ад антрапоніма Юрка з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Юрчанка ). ФП: Юрый - Юра - Юрка - Юрчанка.

Якавенка (Васіль Я.) - дэрыват з суфіксам -енка ад антрапоніма Якаў з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Якаў - Якавенка .

Якаўчык (Клімент Я.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Якаў з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Якаў - Якаўчык .

Якубовіч (Леанід Я.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Якуб з акцэнтаваннем фарманта -овіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Як у б - Як у бавіч - Якубовіч .

Якутаў (Уладзімір Я.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Якут з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Якаў - Якут - Якутаў .

Ялоўчык (Лідзія Я.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Яловы з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Яловы - Ялоўчык . ФП: яловы ('ялавы, бясплодны') - Ялавы (мянушка, пазней - прозвішча) - Ялоўчык .

Ялугін (Эрнэст Я.) - дэрыват з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Ялуга і семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Ялуга - Ялугін ). ФП: ель ('дрэва') - ялуга ('ельнік') - Ялуга (мянушка і прозвішча) - Ялугін .

Янішчыц (Яўгенія Я.) - дэрыват ад антрапоніма Янішка з фармантам -ыц (<- ыч ) і семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Ян - Янік - Янішка - Янішчыч - Янішчыц (фінальнае "ц" - вынік дысіміляцыі: ч-ч - ч-ц ).

Яновіч (Сакрат Я.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Ян з акцэнтаваннем фарманта -овіч ( Яновіч ). ФП: Ян - Янавіч - Яновіч.

Янушкевіч (Язэп Я.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Янушка з акцэнтаваннем фарманта -евіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Ян - Януш - Янушка - Янушкавіч - Янушкевіч .

Янчанка ( Мікола Я.) - дэрыват з фармантам -анка ад антропоніма Янка з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Ян - Янка - Янчанка .

Янчук (Мікалай Я.) - дэрыват з суфіксам -чук ад антрапоніма Ян з семантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Ян - Янчук (як і Казімір - Казімірчук ).

Ярац (Віктар Я.) - пазнейшая форма антрапоніма ад Ярэц -дэрыват з суфіксам -эц ад антрапоніма Яры з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Ярэц ). Антрапонім Яры - семантычны дэрыват ад субстантываванага прыметніка яры , які мае некалькі значэнняў: 1) раззлаваны, гнеўны, раз'юшаны; 2) празмерны ў сваім праяўленні; вельмі моцны; 3) поўнасцю адданы чаму-небудзь (справе, занятку, ідэі і пад.). ФП: яры (прыметнік) - Яры (назоўнік асабовы) - Ярэц ('сын асобы, нашчадак') - Ярац . Параўн. Адам - Адамец .

Ярашэвіч (Эдуард Я.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Яраш з акцэтаваннем фарманта -эвіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Ярашэвіч ). ФП: Ерафей - Яраш - Ярашэвіч.

Ясючэня (Уладзімір Я.) - дэрыват з фармантам -эня ад антрапоніма Ясюк з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Ясюк-эня - Ясюччэня ). ФП: Ян - Ясь - Ясюк - Ясючэня .

Яўменаў ( Леанід Я.) - форма прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Яўмен з семынтыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: Яўмен - Яўменаў .

Філіповіч (Марыя Ф.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Філіп з акцэнтаваным фармантам -овіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы'. Адымёнавае прозвішча: Філіп - Філіповіч .

Фядосік (Анатоль Ф.) - дэрыват з суфіксам -ік ад ант-рапоніма Фядос з семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Фядосік ). Адымёнавае ўтва-рэнне: Фядосій - Фядос - Фядосік .

Павел Сцяцко


Паўстанцам Касцюшкі

Смерць Ясінскага, пісана ў Варшаве, 1811 г.

Збаўцы народу, вам слава,

Спачніце пад лаўру ценем

І паміж бітваў крывавых

Паслухайце барда ўспенне.


Свет знаў і смялейшых бардаў,

Хто пеў між варожых ордаў,

Пеў з цяжкай, глухой пагардай

Пра гібель тэўтонаў гордых.


Хай голас, хай слава ваша

Аблегчаць братам кайданы,

Хай пыху Літвы тыранаў

Звон польскай зброі настрашыць.


Пяю пра старыя дзеі,

Пра наша з нядоляй біцце,

Сыноў недаўгое жыцце

Пад сцягам святой надзеі.


Гляньце на поле за Прагай,

Яе абаронцы сталі,

І як прывыклі з адвагай

Славу і смерць чакалі.


На чэле мужных ліцвінаў

Стаў юны Ясінскі смела,

Каб кожны сумненні кінуў,

Мовіў:

- За волю, што мелі


Бітва пачнецца крывава,

І тою ліхой гадзінай,

Хто дбае волі ці славы,

Хай пераможа ці згіне!


На досвітку самым раннім,

Шчэ шэрань спаў пад кустамі,

Раптам нападнік адчайны

Рушыў цяжкімі шыхтамі.


Тысячы выцялі ў зброю,

Грукат гармат, бура смерці.

Шмат хто налажыў галавою,

Шмат хто здалеў ацалеці.


Шыхты масквы парадзелі,

Наша была перамога,

Ды мы тут шчасця не мелі,

Здрада прыйшла на падмогу


Доля ліхая чакала,

Покуль вялі бой смяртэльны,

Прага знутры запылала,

І мы між агнёў пякельных.


Ворагі рушаць геройскі,

І іх перамога блізка,

Ад дзікай рукі маскоўскай

Гінулі дзеці ў калысках.


Тут Польшча свабоду траціць,

Нікне душой збалелай.

Не вытрымаў ганьбы браццяў,

Крыкнуў Ясінскі смела:


- Не здам я душы тырану,

Хай бараніцца не здольны,

Не для мяне ў вас кайданы,

Памру, дык памру я вольны.


Так мовіў і з шабляй толькі

Зноў выцяў на шыхт маскоўскі,

Адправіў у пекла столькіх,

І сам лёг паверх геройскі.


Айчына крывёй сплывала

І памірала ў той хвілі,

Не сына адно хавала,

Сама з ім лягла ў магіле...


... Паўстань, паўстань, нескароны

Рыцар, твой край у няволі,

Стань на чале эскадронаў

І зноўку - на славы поле.

Корсак

Гора, згінуў Ясінскі, памерла адвага,

Сцёрты нашыя гуфы, здабыта Прага,

Войска маскоўцаў нясецца наўскач,

Польскі край заплывае крывёю,

Між пажараў і долі злое

Чуцен енк матак і дзетак плач.


Плачуць жанчыны, а рыцары што ж,

Дзе польская гордая слава?

Хіба Вісла адна там бароніць Варшаву,

І чаму ніхто не бароніць мост?


Дык чаму ж?

Нейкі рыцар святога аблічча

Перад адходзячым гуфам

стаў ва ўвесь рост,

Сцяг вырваў і грозным клічам:

- Стой! Фронт, ліцвіны! Закрыем мост!


- Стой! Стой! - За Корсакам крыкі

Паўтараюць ліцвінаў раты,

Зноў быццам іх тут без ліку,

Зноў мурам стаяць шыхты.


- Перш нясіце дзецей і выводзьце кабет,

После падпаліце мост ад Варшавы,

Мы іх не пусцім, хай бачыць свет,

Колькі каштуе ліцвіна слава.

Толькі хутчэй! - Корсак варушыць,

Вораг жа б'е, і паліць, і душыць.


Так, як лава ліецца з вулкана,

А ёй перашкодаю рэчка стане.

Пачынаецца бітва, Везувій гняўлівы

Марна кідае абломкі скалаў,

Ляскат грому ідзе страшлівы,

Ходар зямлі, і мора валам.


Рушацца замкі і гарады,

І ўсё жывое ўцякае,

Ды да астатняй кроплі вады

Рэчка вулкану не саступае.


Так гуф літоўскі адбівае навалу,

З цэлым войскам у бой увязаўся,

А палякі ўцякаюць, і вось памалу

Мост той нарэшце пажарам заняўся,

А тут перад мостам стаіць сцяною

Гуф апошніх Літвы герояў.


Стрэлы грымяць, смерць тут лютуе,

Корсак акружаны войскам цэлым.

- Здавайся, здавайся! - маскль лямантуе,

Ён ім адказвае стрэлам.


Як дуб, што нябёс дасягае блакіту,

Ён біўся так за сваю Айчыну,

На стосе трупаў, ранамі ўкрыты

Рыцар упаў нязгінны.


Ён апошняй крывёй сцякае,

Хіліць вочы ў бок роднага краю

Шле апошні ўздых-выдыханне

Дзеткам і жонцы на развітанне.


Там той уздых прычакаўшы,

Зойдзецца плачам яснагаловая,

Рукі белыя пазаламаўшы:

- Ах, удава я ўдовая!


Дзе ж мы пойдзем, мае вы сіроткі,

Лепш бы і нас там пабіла,

Чым век сірочы, то лепш кароткі...

- Ах, перастань жа, кабета міла,


Бо не трэба між велькага жалю

Згадваць мужных тых ваяроў,

Бо жывыя ў сэрцы цэлага краю,

Хто за Айчыну ліў сваю кроў.


І дарэмна здрайцы жадаюць

Уславіць сябе з усіх сілаў,

На тую фальш ля іхніх магілаў

З пагардай усе паглядаюць.


Покуль Вісла плыць не пакіне,

Покуль гул нашай мовы гудзе

На тую за Прагай раўніну

Наша новая моладзь ідзе


Хоць абеліск на тым месцы не ўстаў,

З неба самога гучаць тут званы:

- Тут некалі Корсак крывёю сцякаў,

Тут недзе Ясінскі ляжыць без труны.

Антоні Гарэцкі


Нясвіжскі леў

У Нясвіжы ў комплекс будучага фантана ўпісаны бронзавы леў, які прытрымлівае лапай герб Нясвіжа. На пастаменце па-беларуску напісана:

"Нясвіж - гістарычны культурны, асветніцкі і грамадскі цэнтр Беларусі, вядомы з ХV стагоддзя.

Нясвіж - калыска беларускага тэатра.

З пачатку ХVI стагоддзя, больш за 400 гадоў - ардынацыя князёў Радзівілаў.

У 1586 годзе атрымаў Магдэбургскае права.

Палацава-замкавы комплекс Нясвіжа з 2005 года ўнесены ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА".

Аўтары манумента: Аляксандр Фінскі і Армэн Сардараў.

"... вядомы з ХV стагоддзя...", а вакол па ўсім Нясвіжы дата заснавання - 1223 год.

І ніхто, ніякі гісторык, ніякія начальнікі не пераправяць гэтай даты ў свядомасці нясвіжцаў, тым больш, што вынікі раскопак Старога Нясвіжа выводзяць на яшчэ больш старажытны час заснавання горада.

Наш кар.


ТБМ-25, ЯК ЯНО ПАЧЫНАЛАСЯ

Пасля таго, як былі прынятыя Закон аб мовах, Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР на Менскім аўтазаводзе адны з першых у краіне рас-працавалі адпаведныя мерапрыемствы па выкананні патрабаванняў Закона і Праграмы. Асобая заслуга, без перабольшвання адзначу, належала тагачаснаму генеральнаму дырэктару ВА ''БелаўтаМАЗ'' Міхаілу Лаўрыновічу. Ён, будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета, падтрымаў прыняцце Закона. Ганарыўся гэтым і казаў, што яму сам Гілевіч паціснуў руку ў знак падзякі. Генеральнага дырэктара падтрымлівалі і яго намеснікі. Амаль усе яны былі сябрамі заводскай арганізацыі ТБМ. Стваралася яна па ініцыятыве саміх працоўных. Парткам завода ўхіліўся ад гэтага. Помніцца, на нарадзе ў сакратара парткама я, як намеснік старшыні прафкама і адказны за культурна-масавую і арганізацыйна-масавую работу, спасылаючыся на надрукаваны ў ''Аўтазаводцы'' 26 ліпеня 1989 года статут Таварыства беларускай мовы прапанаваў падтрымаць ініцыятыву стварэння ТБМ. На што пачуў адказ: ''Так это же БНФ, ты что хочешь им помогать''. Абышліся без іх. Актыўную пазіцыю праявілі на заводзе сябры Народнага фронту, партыі Сацыял-дэмакратычнай грамады. Узначальваў гэту грамадскую дзейнасць старшы майстар электратэхнічнага цэха Барыс Родзіч. На заводзе было створана каля 20 суполак у розных цэхах. Была агульная заводская Рада, якую узначальвала тэхнолаг тэрмічнага цэха Браніслава Грэская. Актыўна ўласным прыкладам дапамагалі стварэнню ТБМ на заводзе і ў Заводскім раёне: Павел Дзімітрук, Барыс Родзіч, Лявон Белабароды, Людміла Воблава, Ларыса Казачок, Якаў Карпоўскі, Любоў Бельская, Георгій Філончык і шмат іншых.Тады вельмі прыязна і з павагай адносіліся завадчане да тых, хто гаварыў ці спрабаваў гаварыць па-беларуску, пакуль не пачалася шалёная антынацыянальная прапаганда, узнятая аклёмаўшыміся камуністамі-наменклатуршчыкамі праз радыё, тэлебачанне ды спецагентурай. Гаворыш па беларуску - бэнээфавец, а бэнээфаўца сталі атаясамляць як фашыста. Цяпер сцешыліся, заціхлі, бо дасягнулі свайго, да чаго імкнуліся.

Заводская раённая арганізацыя ТБМ была створана 17 кастрычніка 1990 года.На ўстаноўчым сходзе прысутнічала 65 чалавек. Была выбрана Рада ў складзе 21 чалавека, у якую ўвайшлі большасцю супрацоўнікі школ, бібліятэк. З прадпрыемстваў былі толькі з аўтазавода і ''Белэнергаспецрамонта'' (агулам 4 чалавекі). У Раду былі абраны намеснік старшыні Заводскага райвыканкама, інспектар РАНА, інспектар райвыканкама. Старшынёй выбралі Ганну Раднову, кіраўніка літаратурнага клуба Дома піянераў. У гэтым годзе Рада вылучыла кандыдатаў у раённы, гарадскі і Вярхоўны Саветы. А праз год па прапанове Барыса Родзіча старшынём раённай Рады быў выбраны я. На аўтазаводзе мной быў падрыхтаваны праект загада-пастановы, які без усялякіх хістанняў пры адсутнасці генеральнага дырэктара падпісаў яго намеснік Георгій Ісаевіч, а вось старшыня прафкама заўпарціўся, не ўспрымаў гэта ўсур'ёз, і мой подпіс стаіць пад гэтым гістарычным для завода дакументам. Нумар яго 789/127 ад 06.08.1990 года: ''Аб падрыхтоўцы да ўвядзення ў дзеянне ''Закона БССР аб мовах у Беларускай ССР'' на Менскім аўтазаводзе.'' У ім прадугледжвалася: падрыхтоўка друкарскіх машынак да друкавання на беларускай мове; набыццё для падраздзяленняў завода руска-беларускіх і беларуска-рускіх слоўнікаў; прадугледжвалася арганізацыя заняткаў па беларускай мове аддзелам упраўлення па падрыхтоўцы кадраў; прадугледжвалася даплата і прэміяванне машыністак, якія друкавалі і перакладалі на дзве мовы; прапанавана рэдакцыі радыёгазеты перайсці на белмову, а рэдакцыі ''Аўтазаводца'', паколькі была дзвюхмоўнай, - адзін раз на тыдзень цалкам выпускаць на дзяржмове; перагляд афіцыйных бланкаў з мэтай паступовага пераходу справаводства на родную мову; і іншыя. Асобым указаннем гендырэктара, ад 30 студзеня 1992г., № 11, забаранялася заводскай друкарні прымаць заказы ад падраздзяленняў завода на друкаванне інструкцый, аб'яў, усякіх бланкаў і г.д., якія не адпавядалі патрабаванню Дзяржаўнай праграмы развіцця белмовы. Перыядычна рыхтавалася адпаведная інфармацыя аб ходзе выканання Дзяржаўнай праграмы развіцця беларускай мовы для Дзяржкамітэта Рэспублікі Беларусь па прамысловасці і міжгаліновых вытворчасцях. Аб тым, што рабілася на МАЗе гаворыць ліст старшыні ТБМ Ніла Гілевіча генералнаму дырэктару Міхаілу Лаўрыновічу. Прывяду тэкст цалкам: ''Паважаны Міхаіл Фёдаравіч! Даведаўся ад супрацоўнікаў Сакратарыята Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны аб тым, што сёння, на рахунак ТБМ ад ВА ''БелаўтаМАЗ'' паступіў дабрачынны ўзнос у суме 250 тыс. рублёў. Гэта вельмі дарагі для нас дарунак і не толькі ў матэрыяльным вылічэнні, хаця і гэта для нас мае вялікае значэнне. Нам дорага, што Вы асабіста, кіраўніцтва вытворчага аб'яднаня праявілі клопат пра арганізацыю, якая выконвае вельмі важную місію па выкананні Закона і Дзяржаўнай праграмы па адраджэнні роднай мовы. Вялікае дзякуй Вам і ўсяму калектыву ''БелаўтаМАЗ''. Гэта Ваша акцыя сведчыць аб высокай грамадзянскай пазіцыі і разуменні неабходнасці канкрэнтнага ўдзелу ў справе адраджэння і развіцця нашай мовы, нашай нацыянальнай культуры. Мне тым больш прыемна выказаць Вам гэтую падзяку, паколькі я ведаю Вас як даўняга прыхільніка справы нашага нацыянальнага адраджэння, мне помніцца таксама Ваша выступленне на Менскай гарадской канферэнцыі ТБМ у Палацы ''Белаўта-МАЗа'' ў снежні мінулага года, якое сведчыць аб Вашым разуменні задач, якія выконвае Таварыства. (Канцылярыя. Уваход. № 1238, ад 07.07.1993 г.)''

Спалучэнне адміністратыўнага рэсурсу ў асобах кіраўніцтва аўтазавода, райвыканкама і грамадскага руху ў асобах суполак ТБМ МАЗа, культурна-масавай камісіі прафкама завода, сяброў БНФ, партыі СДГ, раённай Рады ТБМ прыносіла вялікі плён у пашырэнні нацыянальнай культуры - вяртанні роднай мовы. Рада ТБМ раёна накіроўвала на кожнае прадпрыемства лісты з наступным зместам: ''Паважаныя таварышы! Рада Таварыства беларускай мовы Заводскага раёна звяртаецца да Вас з прапановай таварыскай дапамогі Вашаму прадпрыемству па ўкаранені беларускай мовы, у выкананні Закона аб мовах і патрабаванняў адпаведнай дзяржаўнай праграмы яе развіцця… '' У лісце даваўся пералік таго, што мы маглі б зрабіць разам, але калі на прадпрыемстве будзе створана суполка. Ніводнага адказу мы не атрымалі. Сябрамі Рады арганізоўваліся сустрэчы ў школах, на заводах з пісменнікамі, паэтамі. У нас пабывалі: Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Уладзімір Арлоў… Ладзіліся вечарыны ў Палацы культуры МАЗа, у Палацы пазашкольнага выхавання ''Золак''. Помніцца такая вечарына, ладжаная разам з кіраўніцтвам завода, гарадской Радай ТБМ, Менскім культурна-асветніцкім клубам ''Спадчына''. Паўнюткая зала, уздоўж сцен стаяць гледачы. Прысутнічаў Васіль Быкаў, якому нехта ўзняўся і уступіў месца.

Праводзілі пікеты. Дазволу тады не трэба было прасіць. Успамінаецца, як пікетавалі ла ўнівермага ''Беларусь'', бо памянялі шыльду назвы праспекта на рускую мову. Нам падалося, што гэта было зроблена, каб дагадзіць галоўнаму кіраўніку перад адкрыццём станцыі метро. Нас за гэта паўсчуваў раённы архітэктар, трэба адзначыць, справядліва паўсчуваў, маўляў, ну чаго вы адразу ў пікет, зайшлі б спачатку да мяне, і мы вырашылі б станоўча. Успамінаецца і такі пікет па абароне мовы на рагу вуліцы Цэнтральная і праспекта Партызанскі. Ніхто не прыйшоў з сяброў Рады, а плакатаў нароблена шмат. Сталі мы, я і намеснік старшыні Пятро Русаў, пачапілі сабе на шыі па плакату, а астатнія ля дрэў паставілі. Стаім, вочы - долу. Народ праходзіць, дзякуе. І бачым, як з натоўпу то адзін выйдзе, возьме плакат, то другі, і становяцца побач. Абсалютна ўсе незнаёмыя. А тут і паэт Сяргей Законнікаў паставіў свой жоўты скураны партфель, узяў плакат і стаў з намі.

Сябры Рады дапамагалі ў аўдыёафармленні на беларускай мове транспартных маршрутаў. Гэтым займаўся Барыс Родзіч. Мы з ім рыхтавалі водгукі на ўсялякую аблуду ў дзяржгазетах, улёткі. Напрыклад, для распаўсюду на мітынгу антыфронтаўцаў, ладжанага Сяргеем Гайдукевічам. Заканчвалася яна такімі словамі: ''Людцы добрыя! Будзьце пільнымі, не распальвайце варожасць! Лепш дапамажыце, падтрымайце асабістым прыкладам нацыянальнае адраджэнне сваіх братоў беларусаў. Адраджэнне беларускай мовы не пагражае рускай ці іншым мовам… ''

Мы наведвалі ўсе мітынгі, ладжаныя дэмакратычнымі сіламі, дапамагалі свайму дэпутату Вярхоўнага Савета, якім быў Яўген Цумараў. Тады ўсе паседжанні ВС трансляваліся па радыё, і мы з Родзічам набылі кішэнныя радыёпрымачы, каб слухаць як выступае наш дэпутат пры абмеркаванні праектаў законаў, альбо ў ''Розным'' пры выказванні прапаноў. Памятую, перадаў мне, як супрацоўніку прафкама, Яўген праект закона па ахове працы, каб выказалі свае прапановы. Я перадаў у сваім прафкаме адказнаму за ахову працы на заводзе, які меў адукацыю Вышэйшай школы прафсаюзнага руху, ён пратрымаў да апошняга дня і вярнуў без ніякіх заўваг, ці прапаноў. Але прапаноў набралася аж на два аркушы.

Трэба адзначыць, што адкрытага супраціву беларусізацыі сярод простых грамадзянаў не ўзнікала, бо на іх уласнае маўленне ніхто не пасягаў. І толькі з прыходам на пасаду галоўнага начальніка краіны з боку вярхоўнай улады пачаўся адкат, антыбеларусізацыя. Яе падхапіла ніжэйшая кіраўніцтва, асабліва тыя, якія не разумелі і не згаджаліся з тым, што калі ты хочаш быць нейкім кіраўніком тут, на зямлі беларускай, будзь добры, ведай і карыстайся на службе мовамі гэтага насельніцтва. Хтось і цяпер падхоплівае, падкінуты такімі чыноўнікамі-ідыёлагамі ў мазгі грамадству, паняцце ''прымусовая беларусізацыя''.

Многія з сяброў былой раённай Рады ТБМ і аўтазаводскай суполкі вярнуліся, кажучы словамі незабыўнага паэта Алеся Пісьмянкова,у рускамоўнае стойла, каб быць прыстойным у ім. Пры сустрэчах з мною "говорят очень любезно по-русски". Іх ужо не турбуе будучыня краіны, што можа пры такіх умовах стацца: чыя мова і якая мова, таго і зямля.

Мікола Лавіцкі , ветэран ТБМ.


Адноўлены помнік Маці

10 красавіка ў Лідзе сябры Таварыства польскай культуры на каталіцкіх могілках па пр. Перамогі аднавілі помнік Каміле Макрэцкай. На помніку надпіс:

"...Каміла з Машэўскіх Макрэцкая, народжаная ў 1832 г. Памерла 2 траўня 1865 г., меўшы 33 гады. Вечны адпачынак рач ёй даць Пане."

Каміла нарадзілася хутчэй за ўсё ў Вінкаўцах, на самым ускрайку Ліды, прынамсі тут жылі яе бацькі Вінцэнт Машэўскі і Гэмылія з Нарбутаў Машэўская.

Каміла Макрэцкая да 33 гадоў нарадзіла 8 дзяцей і памерла пры родах апошняга сына, Зыгмунта, паўтарыўшы лёс многіх жанчын таго часу.

Чаму ж мы звяртаем увагу на такі ардынарны факт, калі яна адна з многіх. А ўся сутнасць у яе сынах, якім яна дала жыццё, а дзеля апошняга з іх аддала сваё.

Добра вядомыя трое з іх: генерал Стэфан Макрэцкі , камандзір Беларуска-літоўскай дывізіі, прэм'ер міністр Сярэдняй Літвы, разам з Ю. Пільсудскім, Л. Жалігоўскім і іншымі красовымі генераламі і афіцэрамі ўвайшоў у польскі Сойм у 1926 годзе падчас дзяржаўнага перавароту.

Генерал Адам Макрэцкі , камандзір Беларуска-літоўскай дывізіі, першы польскі камендант пасляваеннай Гародні (пасля польска-савецкай вайны), пахаваны ў Гародні, магіла яго побач з магілай Элізы Ажэшкі.

Зыгмунт Макрэцкі , пры родах якога Каміла памерла, стаў выдатным навукоўцам у галіне аховы раслін, доктар навук, стваральнік Севастопальскага музея. Зыгмунт Макрэцкі першы ў свеце прымяніў апыленне лясоў хімікатамі з самалётаў падчас ліквідацыі эпідэміі шкодніка ў Белавежскай пушчы і Татрах.

Сам помнік Камілы быў знойдзены (ён тут ляжаў спрадвеку, але літарамі ўніз) маладым навукоўцам з Польшчы, якая піша (напісала) дысертацыю па Зыгмунту Макрэцкаму. Дзе знаходзіцца помнік, ёй падказаў праўнук Камілы доктар габілітаваны гісторыі ў Гданьску Лех Макрэцкі.

Трэба дадаць, што ўнучка Камілы Каміла Эмілія Макрэцкая (дачка Адама) напісала славутую паэму "1919 год або Песня пра Літоўска-Беларускія дывізіі".

Але пра ўсё гэта Каміла Макрэцкая ніколі не даведалася. І, магчыма, у Дзень маці варта прыйсці камунікаму на магілу той, якая ў жыцці паспела зрабіць толькі адно - стаць Маці.

Яраслаў Грынкевіч.


Паўстанне катаржан

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Мішыха

Мішыха была найбольшай станцыяй на ўсёй дарозе. Склад і шпіталь таксама размяшчаліся там.

Аднак і тут паўстанцы не спаткалі ніякага супраціву. Група Ільяшэвіча, якая мела толькі выведвальныя задачы, заняла з лёгкасцю ўсю станцыю. Ахоўнікі па першым патрабаванні здаліся, а баязлівы падпалкоўнік Шац не чакаў нават на патрабаванне і сам аддаў сваю шаблю. Супраціўляўся толькі архітэктар Дружынін. Пару моцных слоўцаў прывялі яго аднак да свядомасці. Спадар інжынер адразу супакоіўся і з таго часу маўчаў увесь наступны дзень.

Што хвіля прыбывалі ўсё новыя і новыя аддзелы. Вечарам прыехаў у Мішыху Шарамовіч - начальнік паўстання Адабраў у Шаца казённыя грошы (104 руб), на якія выдаў квіт ад імя "Сібірскага легіёна вольных палякаў".

Раніцай Шарамовіч мог ужо зрабіць агляд сваіх сілаў.

Усе сталі на пляцы. Дзіўнае гэта было войска. Цалкам нагадвала паўстанцкія аддзелы з 63 года. Усе маладыя, усе поўныя энтузіязму: побач са шляхціцам з "добрай сям'і" стаіць літоўскі (беларускі) мужык, варшаўскі рамеснік. Злучае іх агульная любоў да свабоды і нянавісць да катаў. Зброя іхняя кепская. Некаторыя маюць стрэльбы. Большасць мае аднак насаджаныя на палкі косы (касінеры Касцюшкі...) і сякеры. Былі і такія, чыёй адзінай зброяй быў... тоўсты кій.

- Грамадзяне! Сібірскія легіёны вольных палякаў! Мы паўсталі, каб са зброяй у руках заваяваць сабе свабоду або слаўную смерць. Не час для прамоў. Паўтараю адно толькі тое, што ўжо раз даводзіў: дысцыпліна і ахвярнасць! Разлічваю на вашае геройства. Памятайце, што вы палякі, а палякі ніколі іначай, як геройскі ваяваць не ўмелі.

На працягу найбліжэйшых гадзін бязладны натоўп замяніўся на маленькую, але добра арганізаваную армію.

Былі сфармаваны 4 звязы. Кожны з іх налічваў па 50-60 чалавек. Камандзірамі звязаў былі прызначаны: Нарцыз Цалінскі, Якуб Райнер, Леапольд Ільяшэвіч і Казімір Арцімовіч.

Былі і больш нізкія пасады. Так, напрыклад, Каткоўскі быў паручнікам 2-га звяза, Зарэмбскі - капітанам 3-га звяза і г.д. Невялікім аддзелам, які меў выведныя функцыі, камандаваў Вронскі.

Адразу пасля гэтага пачалі перапраўляцца цераз рэчку Мішыху.

Перад выхадам Чарняеў, застаўшыся сам на сам з Шарамовічам, спрабаваў схіліць яго да складання зброі, канешне, зноў безвынікова.

28 чэрвеня Шарамовіч пакінуў Мішыху.

29-га прагучалі першыя стрэлы.

Контрмеры губернатара

Выбух паўстання застаў Іркуцкія ўлады цалкам знянацку. Губернатар у першай хвілі зусім страціў галаву. Потым, аднак, узяў сябе ў рукі і затэлеграфаваў у Краснаярск, пасля чаго выслаў наўмыснага ганца ў Пецярбург. Вёз ён наступны ліст.

"25 чэрвеня выбухнуў тут бунт палякаў. Мы прыступаем да яго ліквідаацыі: Вінаватыя ў адпаведнасці з законам будуць пакараны з усёй бязлітаснасцю."

Галоўнай мэтай мераў губернатара было здабыццё канцавой станцыі тракту - Пасольска, адкуль паўстанцы мелі вырушыць да мяжы. Туды быў высланы шэраг аддзелаў пяхоты і казакоў. Губернатар загадаў паклікаць да сябе трох камандзіраў: маёра Рыка, паручніка Лаўрэнцьева і ротмістра штаба Ларыёнава. Калі тыя з'явіліся паведаміў ім?

- Спадарства, ведаеце, што над Байкалам выбухнуў бунт палякаў. Даю вам 300 чалавек. Да 1 ліпеня паўстанне павінна быць задушана. Узнагароды не абмінуць вас. Калі ж, аднак, з заданнем не справіцеся, і 1 ліпеня не будзе там яшчэ панаваць поўны спакой, уся адказнасць ляжа на вас. Ведаеце, якім магу быць патрабавальным і суровым, не разлічвайце на паразуменне з майго боку, рушайце ў дарогу.

Афіцэры казырнулі і накіраваліся да выйсця. Губернатар затрымаў іх:

- Яшчэ адно. Не маеце ніякай патрэбы паступаць з палякамі залішне лагодна і гуманна. Без пралівання крыві, пэўна, не абыдзецца - няхай гэта будзе іхняя кроў, а не наша.

Усіх салдат выслалі з Іркуцка да Байкала паштовымі коньмі, а цераз Байкал пераправілі іх параходамі. Хацелі паўстанцаў ахапіць з усіх бакоў. Акрамя таго паслалі загад у Шлегінск, каб увесь тамтэйшы гарнізон вырушыў у Пасольск.

Быў гэта вялікі аддзел, бо складаўся з 600 казакаў.

Калі ўсё гэта было выканана, губернатар уздыхнуў з палёгкай. Агулам брала ўдзел у баях на баку ўраду: рэгулярнага войска 1400 чалавек, мясцовых жыхароў 3000, якіх сілай прыцягнулі для барацьбы з паўстанцамі.

Лічбы тыя падаём паводле храніста Раманава. Апошні лік падаецца нам мала праўдападобным, таму што пад'ём такой вялікай масы людзей у краі бязмерна рэдка заселеным і ў такі кароткі час быў справай у тагачасных умовах зумім немажлівай для выканання.

Супрацьстаяла расійскім сілам "армія" Шарамовіча, якая складалася, як ведаем з каля 200 чалавек, кепска ўзброеных, амаль без коней вазоў і правіянту. Першапачаткова пачало рух больш ссыльных. Але каля 130 з іх (паводле вопісу палявога суда) разбеглася пазней ва ўсе бакі перад прыходам у Мішыху. Іншыя ссыльныя наогул да паўстання не далучаліся.

Няроўнасць сіл была ўражвальная.

Станцыя ў полымі

Першае спатканне паўстанцаў з войскамі мела месца на станцыі Ліханава.

У Ліханаве ўжо ведалі пра паўстанне. Рухлівы маёр Рык першы прыбыў у Пасольск.

Там яшчэ ніхто не ведаў пра выбухлы бунт. Рык адразу выслаў свайго паручніка фон Керна ў Ліханава, загадаўшы мясцоваму сотніку Панову павысіць пільнасць, прычым паабяцаў сваё прыбыццё. Паноў аднак не паверыў у перасцярогу.

- Павярніце галовы. Няма ніякага паўстання. Палякі ніколі на гэта не адважацца!

Тым не менш, чакаючы на хуткае прыбыццё вышэйшага начальства (маёра), сотнік загадаў сваім людзям... пачысціць боты, а сам узяў паручніка фон Керна пад руку і пайшоў з ім на шпацыр у кірунку возера, каб убачыць акурат тады маючы прыбыць карабель.

Не паспелі яны аднак аддаліцца ад станцыі больш, як на колькі сот метраў, калі раптам былі аточаны аддзелам паўстанцаў.

- Рукі ўверх, бо будзем страляць, - раздаліся галасы палякаў.

Тады нарэшце Паноў згадзіўся з думкай, што паўстанне, не гледячы на яго заключэнні, усё-такі выбухнула.

Удалося яму аднак уцячы ў поле. Паўстанцы не звярталі на яго лішне вялікай увагі, і ўсе кінуліся да будынкаў станцыі. Падафіцэр Іваноў, які там знайходзіўся загадаў салдатам зарадзіць карабіны. Усе схаваліся ў будынку і пачалі праз вокны адстрэльвацца, а неўзабаве далучыўся да іх паручнік Керн, які ўскочыў у будынак праз акно. Ён адразу прыняў кіраўніцтва над абложанымі расейцамі.

Частая страляніна трывала праз паўгадзіны. Прыцягнула яна да Ліманава як іншыя паўстанцкія аддзелы, так і расейскі атрад.

Маёр Рык не затрымаўся надоўга ў Пасольску. Неўзабаве вярнуўся са сваім атрадам на параход, які завёз яго ў Прорву. Тут высадзіўся і накіраваўся да Ліханава, адкуль даходзіў водгук страляніны.

Набліжаючыся да станцыі Рык раптам заўважыў, як з лесу выскачыў конны аддзел паўстанцаў лікам каля 30 чалавек. Спяшаўся ён на дапамогу акружаўшым станцыю. Паўстанцы, убачыўшы моцны, добра ўзброены атрад расейцаў, адразу зніклі назад у гушчар лесу. А Рык рушыў у далейшы шлях да Ліханавай.

Прыбыў акурат у пору. Становішча абложаных было роспачлівае.

Паўстанцам удалося падпаліць сцены дома. Расейцам агонь ужо моцна дакучаў, пачалі ўжо задыхацца ад дыму. Мелі намер выскачыць з дому цераз вокны, не гледзячы на тое, што траплялі пад прыцэльныя стрэлы палякаў.

Калі абложнікі ўбачылі аддзел Рыка, мусілі адступіць. Толькі тады фон Керн і яго таварышы па чарзе выскачылі з пылаўшага будынка і такім чынам былі ўратаваныя ад вернай смерці.

Агонь аднак дашчэнту знішчыў станцыйны дом і ўвесь склад.

Зарыва пажару было відно нават у Пасольску, адаленым ад Ліханава на 25 вёрст.

Паніка і дэмаралізацыя

Там у Пасольску панавала ўжо праз пару гадзін моцнае ўзрушэнне. Раптоўнае прыбыццё атрада маёра Рыка раніцай, вестка пра паўстанне, якое выбухнула і развівалася ў найбліжэйшым суседстве з горадам, неадкладнае выступленне Рыка - усё гэта спарадзіла неспакой. Мясцовы лавачнік заклікаў людзей да барацьбы з "нашэсцем палякаў".

Калі неўзабаве разлегліся гукі выстралаў, а потым ўбачылі пажар, паніка дасягнула вяршыні і жыхары пачалі ратавацца ўцёкамі: багацейшыя сядаліся на параход або паруснік і спяшылі на другі бераг Байкала ў Іркуцкую губерню, іншыя, бяднейшыя, уцякалі ў лес, забіраючы з сабой усе пажыткі: жменька адважных схавалася ў манастыры. Пастанавілі бараніцца там да смерці. Прынеслі стрэльбы, сякеры, калы. Выбралі асобныя келлі, якія мелі служыць сховішчам у выпадку, калі б палякі ўзялі браму. Тыя келлі забарыкадавалі і перанеслі ў іх мясцовы тэлеграфны апарат.

Аднак тым не менш абаронцы не верылі, што ўдасца адбіць атаку палякаў. Тым больш, што пагалоскі, якія кружылі ў горадзе, адна страшнейшая за другую, прадстаўлялі паўстанне, як сілу непераможную.

Нажаль, падобная паніка паўстала і сярод паўстанцаў. Знайшліся сярод іх сапраўдныя баязліўцы, якія пры першых стрэлах абвялі.

Сутычка пад Ліханавым, у якой паўстанцы мелі 3 параненых, яшчэ павялічыла паніку сярод менш вытрывалых. Разышлася пагалоска, што прыбыў цэлы полк казакаў. Частка паўстанцаў адмовілася ад удзелу ў далейшых баях. Узнікла цяжкая сітуацыя. Кіраўнічая група сабралася на спецыяльную нараду. Справа ішла пра тое, каб вырашыць, што рабіць далей.

Думкі падзяліліся.

Вывады Цалінскага былі наступныя:

- Ніхто не будзе мабыць абвінавачваць мяне ў баязлівасці, - сказаў ён. - Але адвага - гэта адна рэч, але аб'ектыўная і прадбачлівая ацэнка становішча - гэта другое. Не будзем абманвацца - ужо цяпер мы на шмат слабейшыя ад супраціўніка. І яго сілы з гадзіны на гадзіну толькі павялічваюцца, у той час, калі нашыя растаюць.

- Дык што, здацца?

Ніколі! Лепш загінуць.

- Тады што?

- Прапаную распусціць усе аддзелы і арганізаваць уцёкі. Край вялікі, і не цяжка ў ім схаваццца. Зрэшты, на колькі гэта будзе мажлівым, асобныя групкі маглі б падтрымліваць паміж сабой кантакт і ўзаемна адна другой дапамагаць.

- Уцякаць трэба, але не такім спосабам, - узяў слова Шарамовіч. Войска акружыла нас ужо з усіх бакоў. Пакуль сумеем раздзяліцца, нас пераловяць. Не забывайце, што змабілізавана ўсё мясцовае насельніцтва. А бураты знойдуць нас усюды. Ніхто не вырвецца.

Зрэшты, без дапамогі буратаў згінем з голаду. Правіянт мы зможам здабыць па вёсках толькі сілай. А для таго зноў патрэбна той сілы болей. Калі некалькі з нас пойдзе ў вёску па ежу, нас па-просту звяжуць і выдадуць расейцам.

Шарамовіч перапыніўся, на хвілю спыніўся, потым скончыў сваю думку.

- Раздзеленыя на малыя групкі, мы згінем і зусім дарэмна. Вылавяць нас усіх па чарзе. А мы будзем ужо супраць іх бяссільныя і не сумеем нават даць адпор.

Таму гавару: трымацца разам. Змагацца за перамогу! Усіх не заб'юць, усіх не засудзяць на смерць - хіба толькі нас, але мы і так ужо не маем што траціць! А для здабыцця маем свабоду. Пракрасціся не патрафім, але прабіцца можам! Вытнем неспадзявана па нейкі слабы пункт у коле атачыўшых нас ворагаў, прарвём той ланцуг, і тады дарога да мяжы будзе для нас адкрытая.

Паўтараю тое, што казаў войску на аглядзе. Заваюем сабе зброяй свабоду або слаўную смерць!!!

Не цяжка прадбачыць было, які будзе вынік галасавання. За прапанову Цалінскага падалі толькі два галасы. Астатнія выказаліся за план Шарамовіча.

Яшчэ ў той жа вечар начальнік загадаў арыштаваць 22 чалавекі з мурынскай партыі за пашырэнне страху.

Энергічная пазіцыя Шарамовіча зноў вярнула аслабленую папярэднімі выпадкамі дысцыпліну ў шэрагах паўстанцаў.

Бітва над рэчкай Быстрай

Сілы маёра Рыка павялічыліся ў два разы. Злучыўся з ім свежа прыбылы атрад паручніка Лаўрэнцьева. Разам выступілі браць Мішыху.

Тут жа перад пасёлкам каля рэчкі Быстрай дайшло да зацятага бою. Падпільноўваў іх там паўстанцкі аддзел. Перастрэлка не цягнулася доўга. Пасля кароткага абмену стрэламі, абодва бакі кінуліся ў рукапашны бой.

Густы лес, поўны пнёў і паваленых дрэваў, скоўваў свабоду рухаў. Змрок ужо апускаўся. Баяры не бачылі адзін другога. Не крычалі, як гэта звычайна бывае пры рукапошным баі. Біліся беззапаветна, з заціснутымі зубамі. Часамі толькі прыглушаны енк або водгук падаўшага цела парушаў цішу.

"Бачачы, што левае крыло расейцаў знайходзіцца пад моцным націскам" , - пісалі потым "Губернскія ведамасці, - паручнік Порахаў кінуўся туды на дапамогу, клікнуўшы за сабой дабраахвотнікаў. Адразу з двума салдатамі ён быў акружаны 10 ці 12 чалавекамі. Адзін салдат адразу ўпаў паранены ў бок (зрэшны, не моцна). Порахаў і падафіцэр біліся далей. Порахаў некалькі разоў выстраліў з пісталета, выцягнуў шаблю і распластаў ёю галаву аднаму паўстанцу. Але атрымаўшы шэраг ран, прабіты ззаду пікай, якая трапіла яму ў лёгкае, упаў. Гэтак жа і падафіцэр быў цяжка паранены.

Абложаныя ў тайзе

Баі ішлі некалькі тыдняў. Калі на поле бою прыбыў начальнік штаба генерал Кукіль, ён адразу загадаў сабраць усе расейскія сілы. Пачалася планавая пагоня за ўцекачамі.

А тыя былі падзяліліся на дзве групы. Адна заставалася пад камандай Цалінскага, другой кіраваў Шарамовіч. Становішча іхняе было безнадзейнае. Урадавыя войскі, якія перавышалі сілы паўстанцаў шматкратна па колькасці і па ўзбраенні, аблажылі ўсе выхады з ваколбайкальскай тайгі і з байкальскіх гор і патрулявалі. Меншыя лятучыя атрады перашуквалі ўвесь абшар, заходзячы не раз з правадніком на 100 вёрст у глыб пушчы. Атрады тыя вылоўлівалі адзіночных паўстанцаў, якія адарваліся ад сваіх і блудзілі ў лесе.

Польскія аддзелы былі запячатаны ў тайзе, як у пастцы. Яны таксама блукалі па велізарным лесе, шукаючы месца, цераз якое маглі б вырвацца з кола варагаў.

Найгоршыя былі вечары. Вогнішчаў нельга было паліць, каб не прывабіць ворага. Уся партыя, вымучаная цэладзённым бясплённым блуканнем па лесе, клалася на зямлю спаць. Але, не гледзячы на змучанасць, сон не прыходзіў. Усіх хвалявала вялікае пытанне: "Што будзе заўтра?" Калі ўсё гэта скончыцца і як?"

У дадатак лес быў поўны агідных ядавітых насякомых. Вечарамі распачыналі яны свае напады. Неўзабаве ўсе паўстанцы мелі твары апухлыя ад укусаў камароў і мух.

Паволі пачалі вычэрпвацца і так скупыя запасы. У сібірскіх лясах амаль нічога нельга было знайсці для яды. Нічога не ўдавалася таксама ўпаляваць. У шэрагах паўстанцаў пачаў пашырацца голад. Падзяліліся на меншыя групкі па 10-15 чалавек, якія прачэсвалі ўвесь лес у пошуках хоць чаго, што б гадзілася ў ежу - дарэмна.

Паступова нават наймацнейшыя духам пачалі траціць надзею. Усіх агарнула чорная роспач.

- Няхай ужо раз прыйдзе канец.

(Працяг у наступным нумары.)

М. Лысак


Чарнобыльская катастрофа і Мікалай Слюнькоў

Красавіцкая аварыя на ЧАЭС (26.4.1986) стагоддзямі будзе адзывацца на палетках і на людскіх сэрцах трох славянскіх дзяржаў. Чарговая дата падзеі праходзіць амаль неўзаметку. Валер Санько, аўтар дакументальнага рамана пра чарнобыльскую катастрофу "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе" (2013, 612 стар., 50 экз.,) узнаўляе невядомыя старонкі з радыяцыйнага каламуцця ў нядаўнім інтэрв'ю з адным з эпізадычных герояў рамана Мікалаем Слюньковым. Многія факты абноўленыя, расшыраныя.


- Інтэрв'ю я не даю. Нікому. Па разу было ў Маскве і Менску. Гадоў за дваццаць таму. Нікому інтэрв'ю не даю. Зразумейце мяне, не даю. Не крыўдуйце, не даю.


Маўчанне паміж намі зацягваецца не на секунды, амаль на хвіліну. Спроба высветліць прычыны адмоўства заканчваецца катэгарычным "НЕ". Пасля непрацяглага маўчання далікатны чалавек усё-такі патлумачваецца.

Мікалай Мікітавіч Слюнькоў па свайму вопыту і вопыту калег, знаёмых перакананы - у інтэрв'ю думкі часта перакаўмлычваюць. Цяперашнім сродкам інфармацыі даказацца хоць у чым немагчыма. Журналіст зачастую гне сваю лінію, яму важна не выказаная суразмоцам, праўда пра факт, чалавека, падзею, журналіст зараней настроены на акрэслены вывад; твае словы не павінны разыходзіцца з ягонай зададзенай павярхоўнасцю, рэдакцыйнай накіраванасцю. Не-не, М. М. Слюнькоў інтэрв'ю даваць не будзе. Не бачыць сэнсу.


- Дарэчы, пра што б Вы хацелі пагаварыць са мною? - Чуе маю замінку, здагадваецца: - Блізіцца горкі юбілей Чарнобылю... Адзін з вінаватых у беларускіх паслячарнобыльскіх праблемах, безумоўна, Слюнькоў...


Тэлефонная размова коціцца да лагічнага завяршэння. Ясней яснага, працягу не будзе, прынамсі па чарнобыльскай тэматыцы.

Пан Бог заўжды памагае пошукаўцам, шчырым працаўнікам, сейбітам добрага на добрае. Мікалай Слюнькоў, дырэктар Менскага трактарнага завода, насуперак саюзнаму міністэрству (было некалькі рашэнняў) і асабіста міністру І.Ф. Сініцыну, змог дабіцца, што праблему стварэння трактарнага аб'яднання, першага ў краіне, стварэнне новага трактара ўсё-такі паставілі і прынцыпова разгледзелі на Прэзідыуме Савета Міністраў СССР. Там не проста ўхвалілі ідэю менскага дырэктара - міністэрства абавязалі выконваць.

Мікалай Слюнькоў усё жыццё не баяўся адказнасці быць першапраходцам. Першы з'езд трактарных ліцейшчыкаў Савецкага Саюза праводзіўся на МТЗ з яго ініцыятывы. Пескаструменевае і пескастрэльнае абсталяванне ўпершыню ў СССР увялі на МТЗ. Уласнае трактарнае станкабудаванне ўпершыню з'явілася тут, на МТЗ. З 1975 да 1990 г. кожны квартал МТЗ лепшы ў СССР, кожны квартал.

У Мікалая Слюнькова пры вырашэнні любой праблемы галоўным было не як зрабіць, гэта само сабою, а за колькі часу зрабіць. Пры ім тэхнічная рэканструкцыя завода не пачыналася, з ім развівалася хутчэй, без яго не супынялася, праводзілася пастаянна.

Ён усіх выслухоўваў, гэта не значыла, усіх слухаўся.

"Гаўрылаў - сонца кавальскай вытворчасці ў нас, а пра яго ў кніжцы "Тракторы "Беларусь" - гордость державы Беларусь" сказана мала", - справядлівіў у 1996 годзе Слюнькоў мне, прасіў унесці праўкі. На МТЗ у цэлым ён адпрацаваў сямнаццаць гадоў, МТЗ шмат у чым лёс Слюнькова, добразычлівы, прыветны.

У яго ніколі не існавала года працы і няпрацы, усе дні былі працоўныя. Штодзённы выхад на працу для гэтага чалавека заўсёды свята. Такое ў яго з тых ваенных і пасляваенных часоў, калі ў чатырнаццацігадовым узросце клеіў з аўтамабільных камер галёшы, каб не памерці з голаду самому і накарміць маці.

..."Не згодзіцеся на абранне першым сакратаром Менскага гаркама партыі - выедзеце з Менска. У Маскву. Намеснікам міністра трактарнага і сельскагаспадарчага машынабудавання", - Пятру Машэраву і Ціхану Кісялёву апрыкралі адгаворкі дырэктара МТЗ Слюнькова, выклалі апошнія козыры.

Выязджаць з Беларусі Слюнькоў не жадаў.

...Першы сакратар Менскага ГК КПБ Мікалай Слюнькоў, адзін з актыўных аўтараў ідэі пра неадкладнае будаўніцтва ў Менску метро (не забыць Машэрава, Кавалёва, Аксёнава, Кісялёва...), - звязваўся з усімі славутымі беларусамі ў Маскве і датычнымі Беларусі рускімі, перагаворваў з Мазуравым, Грамыкам, Тарасавым... Так, няма ў Менску пакуль мільёна чалавек, вось-вось будзе. Рэспубліка - працаўніца, старанніца, адна з трох (Расія, Беларусь, Азербайджан) недатацыйных рэспублік краіны, метро ёй патрэбна як паветра. Вынік - будаўніцтва метро ў Навасібірску адцягнулі, у Менску пачалі планаваць.

"Сумееце ў Маскве прабіць пачатак будоўлі нашага метро - гэта будзе ваша велізарная заслуга", - канкрэтна і адназначна не раз прасіў Машэраў намесніка старшыні Дзяржплана СССР Слюнькова.

Крайне неабходнага абсталявання для праходкі тунэляў метро не хватала нават для Масквы і Ленінграда, фонды размеркаваны на пяцігодку наперад. А тут пазапланавае выдзяленне для горада, у якім ні адной дзейнай лініі метро - немагчыма.

"Немагчымае стала яваю", - успамінаў Мікалай Мікітавіч.

...Першую салідную кнігу пра Менскі трактарны завод "Тракторы "Беларусь" - гордость державы Беларусь" (1997) дабраславіў на чытацкія паліцы я. Прадмову ў ёй Мікалай Слюнькоў пісаў самастойна ад першага радка да апошняга. Кніга і змястоўная чуллівая прадмова Героя атрымалі салідны рэзананс, перавыдаваліся.

Сённяшняя мая ўзгадка пра кнігу (з Божай дапамогай) размякчыла цвёрдасць Слюнькова. Дабракоў і зайздроснікаў заўжды шмат у кожнага апантанага працаўніка, былі яны ў патрабавальнага старанніка М. М. Слюнькова на МТЗ. Успаміны аб працы над кнігай закончыліся хуткім рашэннем суразмоўцы: сустрэцца можна.

- У бібліятэцы... на вуліцы... кафе...

- Пра што вы гаворыце, лепей у мяне на кватэры.

З Мікалаем Мікітавічам Слюньковым, яго памочнікамі ў гады яго партпрацы ні разу сустрэч не было, а тут я ў кватэры самога Слюнькова. Сціплыя застаўленыя старой недарагой мэбляй тры пакоі. Кватэра не мільянера, не начальніка.

Слюнькоў Мікалай Мікітавіч (нар. 26.4.1929, мястэчка Гарадзец Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл.), парт. і гасп. дзеяч БССР, лаўрэат Дзярж. прэміі СССР (1971), засл. работнік прамысловасці БССР (1972), неаднаразовы дэпутат Вярхоўных Саветаў БССР, СССР, узнагароджаны ардэнамі і медалямі, Герой сацыялістычнай працы (1974).

Першы сакратар ЦК КПБ (1983-1987), сакратар ЦК КПСС (1987-1990), кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС (1986-1987), член Палітбюро ЦК КПСС (1987-1990). Персанальны пенсіянер саюзнага значэння (з 1990).

Перагавораў практычна не было. Стомлены нездаровы чалавек у сінім шарсцяным спартыўным касцюме мякка аргументаваў тое ж. Інтэрв'ю не патрэбна, нават у беларускай газеце на роднай мове. Яно нічога не зменіць, не пераменіць думку няведкаў, зададзеных апазіцыянераў, тым болей вечных зласліўцаў і заведамых круцялёў.

- Кожны зрабі на сваім месцы што можаш - для чалавека, падзеі, сітуацыі, - асцярожна пачынаю.

Спасылаюся на працу над дакументальным раманам пра чарнобыльскую катастрофу "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе" (надрукаваны ў ліпені 2013, 612 стар.). Там прыводзяцца довады абсалютна розных людзей - з Гомеля, Менска, Масквы, Украіны. Хаця факты ўзятыя з апублікаваных матэрыялаў, рассакрэчаных архіваў, яны ўражваюць.

- Хочаш не хочаш, многія людзі зачэпліваюць Слюнькова. - Суразмоўца гартае старонкі майго рукапісу, асобныя ўважна чытае. Належным чынам ацэньвае ўсталяванае маўчанне. - Дадатнага шмат пачулі пра мяне ва ўспамінах чарнобыльцаў, вычыталі?

Сінія хварабітныя добрыя вочы прамянямі армейскага пражэктара ніжуць мяне, наструненая постаць замірае.

Станоўчае ёсць, праўдзіўлю я, у возеры крытыкі дакладных аргументаў мала, у асноўным націскі на пачуцці і каб, што, калі б... Уявы і дадуманае, пераказванне казанага зачастую выдаюцца за факт, даты пераносяцца, лічбы павялічваюцца, змяншаюцца.

- Чалавеку баліць - крычыць, просіць дапамогі. Асуджаць крытыкаў нельга, - пярэчыць Слюнькоў. - Галоўнае, праўда і раўнавага; нельга апраўдваць дзяржаўнае замоўчванне катастрофы, нельга ўсё чарніць.

На адной старонцы тэксту дае выдатную заўвагу па сітуацыі з Грахоўскім. Разумны чалавек адабрае турботы Граховіка (у творы замененыя асобныя прозвішчы, вельмі добра) пра люд Гомельшчыны, рэзка пярэчыць пра даты перазвоньванняў аблвыканкама з Менскам, Масквою.

- Адзінаццатага сакавіка сёлета ў Японіі землетрус. На АЭС "Фукусіма-1" сур'ёзная аварыя. Працуюць там спецыялісты ўсяго свету, у тым ліку з МАГАТЭ. Толькі праз дваццаць пяць дзён па пастанове урада Японіі вырашылі рассакрэціць дадзеныя, не ўсе. Дык яны ж выкарыстоўваюць чарнобыльскі вопыт. А ў нас, у СССР, усё пяршынка. Нічога тады не было. Ніхто нічога не ведаў. Аблвыканкамам Гомельскаму і Магілёўскаму Гідрамет СССР паведаміў першы раз лічбы сёмага мая. Дасюль звесткі яны атрымлівалі з Менска. Пра што Граховік турбаваўся першыя дні? Пра пажары, тушэнне, пачатак адсялення цяжарных, дзяцей.

Промні сінечы суразмоўцы зацемліваюцца.

- Мы, у ЦК КПБ, атрымалі паведамленні з Масквы, з ЦК і Урада, пра аварыю праз тры дні. Несцярэнка, дырэктар Інстытута ў Соснах, быў у мяне ў панядзелак, дваццаць восьмага красавіка. Праз два дні пасля гэтага, дакладна не памятаю, я з ім паехаў па Гомельшчыне. Былі ў раёнах, вёсках. Вось тады поўнасцю асягнуўся жах радыяцыйнай заразы, жахоцце катастрофы.

Абрадаваны, пачынаю канкрэтызаваць пытанне. Несцярэнка з Вамі быў у машыне? Слюнькоў смяецца: не мыццём, дык катаннем хочаце дамагчыся інтэрв'ю. Добры, своеасабліва прыгожы твар старога чалавека перасмыкваецца ад болю, рукі з стала апускаюцца ўніз, пагладжваюць жывот.

- Мне апраўдвацца няма ў чым. Усё жыццё працаваў для Айчыны і народа беларускага, як мог, з усёй сілы. Нікому не патрэбна маё інтэрв'ю, нікому.

Даказваю памылковасць такой высновы. Сціпласць разумеюць, калі яна да акрэсленай мяжы. У красавіку 1999 ў інтэрв'ю "Рэспубліцы" ён пра многае сказаў. У пярэдадзень 25-годдзя катастрофы адмаўчацца вялікаму чалавеку, кіраўніку дзяржавы, стваральніцы ААН - проста грэх.

- Ва ўсіх нас грахі, - цвёрдасці ў голасе гаспадара паменшала.

- Інтэрв'ю ваша патрэбна не проста чытачам газеты - народу беларускаму. Вы не апраўдвайцеся, скажыце праўду і ўсё тут.

- Народу-народу... Вялікімі паняццямі не раскідаюцца... Змянтрэжылі мяне. - Праз секунду. - Пераканалі - не пераканалі, аднак пасправядліўнічаем.

Сярод мноства вынашаных асабіста і падказаных жыццём пытанняў нечакана высвецілася нечарнобыльскае:

- Пад вашым партрэтам людзі гмахкага СССР хадзілі на дэманстрацыях ва ўсіх рэспубліках. Шмат-няшмат, сто - сто дваццаць пяць мільёнаў дарослых. Як вы пачуваліся на трыбуне маўзалея і парадах Чырвонай плошчы?

Дабрачны настрой усміхлівага, строгага чалавека знікае. Мікалай Слюнькоў некалькі секунд пазірае на стол, не чуе голас дачкі Святланы ў суседнім пакоі трохпакаёўкі. Дзверы з пакоя ў пакой незачыненыя. Сямігадовы хлопчычак у час размовы ў нашым пакоі рэдка з'яўляецца. Не замінае дзеду.

- Якое гэта мае дачыненне да чарнобыльскай тэмы?

- Даўно карцела хоць трошачкі ўведаць самаадчуванне вялікіх людзей у крытычных і ўрачыстых сітуацыях.

Гаспадар правільна ацаніў цікавасць і збянтэжанасць пісьменніка, пачаў гаварыць. Чалавек у прынцыпе нідзе не можа сходу перамяніцца. Да чаго дарос мазгамі, фізікай і сэрцам, тое ёсць, застаецца ўсюды. У Слюнькова скрозь усе гады быў адзін дэвіз: праўдзівіць у любой сітуацыі. Усё ў яго ішло ціха, нармальна, працавіта да партрэтаў на плошчах і пасля заяўлення іх, у кнігах, тэлевізіі. Партрэты не заўважаліся.

- Проста я працаваў, адданіў усюды, ад васьмі раніцы да васьмі вечара. Усё жыццё выспаведваю нескладанае правіла: можаш - рабі; хочаш, але не можаш - вучыся, рабі; стаміўся, хочаш паплаваць на старых заслугах, пажадаў за сталом у кабінеце працаваць і адпачываць - адыйдзі ў бачок, не чакай, каб цябе шпунтавалі, падшуквалі працу лягчэйшую (прагналі); памыліўся - выпраўляйся сам, не чакай кухталя іншых; ацэньваеш - будзь аб'ектыўны.

Усё жыццё поўніла яго вялікая адказнасць - тваё рашэнне, слова могуць стаць лёсавызначальнымі, думай, не спяшайся. Бойся нашкодзіць. На прыкладах роўных, вышынных бачыў: не ўсе вытрымліваюць пачуццё высокай адказнасці, заўсёднай боязнасці памыліцца.

Гэтае правіла, праўдзівей, правілы памагалі Мікалаю Мікітавічу Слюнькову ў жыцці. Усюды, заўсёды. Пры ўсіх дарэчна/недарэчных выпадках, дабразыччы і спагадзе нябесся, правідэнцыялізму ён стараўся быць патрабавальным і аб'ектыўным у ацэнцы людзей, падзей, прадметаў. Не толькі вучыў - вучыўся: калі працаваў памочнікам майстра, узначальваў прафсаюзны камітэт МТЗ, быў дырэктарам заводаў запасных частак і МТЗ, першым сакратаром ЦК КПБ, сакратаром ЦК КПСС, членам Палітбюро ЦК КПСС.

- Магчымасці памагаць і караць у чалавека расшыраюцца - павінна шырыцца яго дабрадзейнасць, патрабавальнасць, зычлівасць. Бачыш, чалавек плыве па жыцці, не проста не пацее - мух не ганяе; такога варта папярэдзіць, строга папярэдзіць, шукаць замену, не секчы сакераю ўлады і мажлівасцяў, даць перспектыву своечасова перастроіцца. Не трэба выклікаць праклёнаў на сябе.

За сталом не пенсіянер, не перанеслы чатыры аперацыі хворы чалавек - дзяржаўны дзеяч. Словы струменяцца роўна, прадумана, перапынкі між фразамі неістотныя.

Дзейныя, аб'ектыўныя адносіны да жыцця выкрышталізаваліся ў Слюнькова не адразу. Засвоіліся надоўга. Менавіта з такімі перакананнямі - стваральнымі, жычлівымі, творчымі - паступіў у 1946 годзе ў аўтамеханічны тэхнікум (просты вясковы хлапчына на даху вагона прыехаў у Менск), у 1950 годзе прыйшоў на Мінскі трактарны завод памочнікам майстра дызельнага цэха. Пачынаў рабочым, пайшоў у 1972 годзе мудрым сталым чалавекам, дырэктарам - выбралі першым сакратаром Менскага гаркама КПБ.

Разумныя людзі ў Маскве здзіўляліся: "Чаго пенсіянерам вяртаецеся ў Менск. Нельга вяртацца ў мінулае. Могуць папракаць не за Вашыя правіны".

Масквічам, многім беларусам у Менску і іншых гарадках М.М. Слюнькоў адказваў аднолькава, казаў вынашанае, выпакутаванае:

- Лепш у Менску адзін раз бульбу есці, чым у Маскве сто разоў булку.

Упартая дзейная праца, падтрымка ініцыятыўных і ўмелых, асаджванне гіцляў, жаданне быць не дабрачком-дурачком, а справядліўцам кіравалі М.М. Слюньковым. І вера ў неба, усявышнюю дапамогу. Як казалі дарагія бабулька і маці: калі прыкметы сходзяцца, зоркі дазваляюць, і ты атрымаў права ацэньваць і судзіць, дык будзь справядлівым - для асобнага, многіх. Шэрасць справядлівасці прагне, а сама не прымае, шэрых неабходна ставіць на месца.

(Працяг у наст. нум.)

Валер Санько


Юры Гардзееў у Магілёве

9 красавіка адбылася сустрэча магілёўцаў, у тым ліку прадстаўнікоў гарадской арганізацыі ТБМ, з Юрыем Гардзеевым - гісторыкам, доктарам габілітаваным, прафесарам Ягелонскага ўніверсітэта (Кракаў). Разам з ім завітаў і галоўны рэдактар часопіса "ARCHE" Валер Булгакаў. Сустрэча была прысвечаная найперш працы Юрыя Гардзеева "Цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі ў Вялікім Княстве Літоўскім у часы Чатырохгадовага сойма". Праца гэтая распавядае пра стварэнне мясцовай адміністрацыі на літоўска-беларускіх землях напрыканцы XVIII стагоддзя, калі ў Еўропе ўвогуле адбываўся працэс складвання і развіцця разгалінаванага адміністрацыйнага апарату. Можна сказаць, што якраз за зусім кароткі перыяд дзейнасці парадкавых камісій (1789-1792) былі закладзеныя пачаткі мясцовай адміністрацыі на тэрыторыі Беларусі. Дзейнасць жа азначаных камісій спынілася ўлетку 1792 года, падчас вайны з Расіяй, пакінуўшы пасля сябе станоўчыя эфекты дзейнасці. Гісторык пастараўся выправіць становішча, пры якім гісторыя ВКЛ і Рэчы Паспалітай вывучаецца часцей за ўсё як гісторыя палітычная, а гісторыя культуры, рэформ дзяржаўнага ладу, гісторыя штодзённасці адыходзяць на другі план. Шчыра дзякуем нашым гасцям за цікавы расповед і ажыўленую размову, чакаем іх у сваім горадзе зноў.

Аляксей Карпенка.


Мемарыяльная дошка Марку Шагалу

У Санкт-Пецярбурзе 28 сакавіка адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар сусветна вядомага беларускага мастака, ураджэнца Віцебска Марка Шагала. Яна ўстаноўлена на доме номер 7 па Перакупным перавулку, дзе мастак жыў разам са своёй жонкай Бэлай з 1915 па 1918 год.

Наш кар.


Беларуская мова на выбарах у Магілёве

Выбарчыя камісіі

Участковыя камісіі, паводле шматлікіх адказаў кіраўнічкі Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай, не з'яўляюцца юрыдычнымі асобамі, таму на іх, нібыта, не распаўсюджваецца заканадаўства аб дзяржаўным справаводстве. Адпаведна заявы і скаргі, якія падаюцца ў гэтыя камісіі на беларускай мове, не абавязкова павінны мець адказы на мове звароту. Таму ў Магілёве на ўсе беларускамоўныя скаргі заўжды адказваюць па-руску.

Беларуская мова ў працы выбарчых камісій мае выключна дэкаратыўны характар. На гэтых выбарах яна была заўважана толькі на фармулярах пасведчанняў кандыдатаў у дэпутаты, аднак усе іх асабістыя звесткі ў пасведчанні ўпісваліся па-руску. Ні адзін з кандыдатаў у дэпутаты з гэтай нагоды не падаў ні адной скаргі.

Інфармацыйныя матэрыялы з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў у дэпутаты выдаваліся выключна на рускай мове. Нават традыцыйнае інфармаванне грамадзян праз улёткі, плакаты, расцяжкі і білборды здзяйснялася пераважна на рускай мове. Білборд з запрашэннем прыйсці на выбары пісаны па-беларуску выглядаў хутчэй выключэннем, чым правілам.

Агітацыйных улётак на гэтых выбарах амаль ніхто не рабіў. З тых жа, хто іх надрукаваў - зрабіў іх выключна на рускай мове. Адзіным выключэннем была кандыдатка ад Беларускага народнага фронту Тамара Маскалёва. Яе ўлёткі былі выраблены ў прапорцыі 50/50 па-руску і па-беларуску.

Па радыё выступала па-беларуску толькі Тамара Маскалёва. Адзінай беларускамоўнай фразай у кандыдата ў дэпутаты ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) былі словы Кастуся Каліноўскага - "Не народ для ўраду, а ўрад для народу!" Астатнія кандыдаты аддалі перавагу ў сваіх выступах мове Пушкіна.

Чаму не карысталіся мовай дэмакратычныя кандыдаты?

Каардынатар магілёўскай кампаніі "Будзьма беларусамі" Юрый Стукалаў кажа, што, балатуючыся ў мясцовы Савет дэпутатаў, не карыстаўся беларускай мовай выключна з-за таго, што яго мэтавай групай былі рабочыя, якія пражывалі ў раёне Цагельні.

- У сваёй перадвыбарчай агітацыі я рабіў акцэнт на рабочы клас, які карыстаецца ў асноўнай масе рускай мовай і для яго беларускае слова рэжа слых. Тым часам у маёй камандзе было шмат беларускамоўных людзей. Я ў тым ліку добра размаўляю па-беларуску. Канешне, прызнаю памылку, што не было матэрыялаў па-беларуску, аднак гэта хутчэй з-за таго, што былі моцна абмежаваныя рэсурсы. Я за іх здолеў зрабіць толькі адзін наклад улётак і надрукаваць свае плакаты, - адзначае Стукалаў.

Кандыдат у дэпутаты ад кампаніі "Гавары праўду" Аляксей Паўлоўскі кажа, што падчас збору подпісаў размаўляў з грамадзянамі як па-руску, так і па-беларуску.

- Тым часам, свае агітацыйныя ўлёткі я зрабіў па-руску. Прычына такога рашэння палягае ў тым, што шмат хто з людзей наракае на тое, што цяжка чытаць па-беларуску, альбо што не ведае гэтую мову. Канешне, калі б у мяне было больш рэсурсаў, то частку ўлётак вырабіў бы і па-беларуску, - кажа Паўлоўскі.

Старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Уладзімір Шанцаў кажа, што не карыстаўся беларускай мовай у перадвыбарчай агітацыі, бо яго праграма была і так дастаткова антырасійская.

- Я не хацеў пужаць людзей беларускай мовай, бо некаторыя з іх яе баяцца, як чорт ладану. Мае ўлёткі былі супраць расійскіх ваенных баз на зямлі беларускай і супраць акупацыі Украіны. Я і так нацярпеўся шмат канфліктных сітуацый, бо расійская прапаганда і беларускае тэлебачанне робяць сваю справу, - кажа Шанцаў.

Ці варта размаўляць па-беларуску падчас агітацыйных кампаній?

Актывіст Таварыства Беларускай мовы, пісьменнік і журналіст Міхась Булавацкі лічыць, што беларускай мовай падчас агітацыйных выбарчых кампаній варта карыстацца, але рабіць гэта трэба не назойліва, каб у агітацыйных матэрыялах кандыдатаў было не ўсё пра адну "мову", але пісанае пра мясцовыя праблемы моваю.

- Хоць у нас большасць насельніцтва размаўляее па-руску, тым не менш гэта не перашкодзіла гісторыку Алесю Агееву, якія рабіў свае агітацыйныя ўлёткі выключна на беларускай мове, некалькі год назаць стаць дэпутатам Магілёўскага гарадскога Савета дэпутатаў, - кажа Булавацкі.

Акрамя таго актывіст ТБМ лічыць, што зараз веданне беларускай мовы становіцца модным трэндам. З'яўляецца шмат рэкламы на беларускай мове, якая вылучае прадукты з рускамоўнай прасторы і робіць іх запамінальнымі. Як вынік, Міхась Булавацкі набывае прадукты і тавары, якія рэкламуюцца ў першую чаргу на беларускай мове.

- Я лічу, што на наступных выбарах хаця б дэмакратычныя кандыдаты мусяць ужываць беларускую мову больш рашуча і знаходзіць ёй больш шырокае прымяненне. Гэта зробіць іх больш запамінальнымі і верагодна, што іх абяруць туды, куды яны балатуюцца, - гаворыць Булавацкі.

Трэба адзначыць, што з пазіцыяй Міхася Булавацкага згодны многія беларускія грамадскія актывісты, палітычныя лідары і дзеячы культуры, якія не прымалі ўдзел у выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Ігар Барысаў , Магілёў. tbm-mova.by


"Будзьма!". 28 красавіка (панядзелак)

Адбудзецца сустрэча з Пятром Садоўскім на тэму "Наша нацыянальнае самавызначэнне: змена пакаленняў - змена каштоўнасцяў?". Пачатак - 18. 00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX