Вярнуцца: 2014

№ 20 (1171)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 20 (1171) 14 траўня 2014 г.


ЮНЭСКА і Беларусь: 60 гадоў паспяховага супрацоўніцтва

ЮНЭСКА, як і Арганізацыя Аб'яднаных Нацый, паўстала ў 1945 годзе, пасля Другой сусветнай вайны, жахі якой падпіхнулі чалавецтва да пошуку шляхоў усталявання сапраўднай культуры міру. "Думкі пра вайну ўзнікаюць у розумах людзей, таму ў свядомасці людзей варта ўкараняць ідэю абароны міру", - гэтымі словамі пачынаецца Статут ЮНЭСКА. Ён быў падпісаны 16 лістапада 1945 года і набыў моц 4 лістапада 1946 года пасля яго ратыфікацыі 20 дзяржавамі. У наш час у арганізацыі налічваецца 195 дзяржаў-сяброў. Яе штаб-кватэра размяшчаецца ў Парыжы.

ЮНЭСКА працуе над стварэннем умоў для дыялогу паміж цывілізацыямі, культурамі і народамі, які засноўваецца на павазе агульных каштоўнасцяў. Місія ЮНЭСКА складаецца ў садзейнічанні ўмацаванню міру, выкараненню галечы, устойліваму развіццю і міжкультурнаму дыялогу пасродкам адукацыі, навукі, культуры, камунікацыі і інфармацыі.

Беларусь стала сябрам ЮНЭСКА 12 траўня 1954 года. Супрацоўніцтва з гэтай арганізацыяй каардынуецца міжведамаснай Нацыянальнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЭСКА. Статутам арганізацыі прадугледжана стварэнне ў дзяржавах-сябрах нацыянальных камісій, закліканых рэалізоўваць праекты ЮНЭСКА ўнутры краіны, прыцягваць дзяржаўныя ўстановы і няўрадавыя арганізацыі да ўдзелу ў праграмах арганізацыі і ўсталёўваць кантакты з замежнымі партнёрамі.

Плённае і практычнае супрацоўніцтва Беларусі з ЮНЭСКА эфектыўна і дынамічна развівалася ва ўсіх кірунках дзейнасці арганізацыі на працягу ўсяго сяброўства Беларусі ў ЮНЭСКА. Пры тэхнічным, фінансавым і экспертным садзейнічанні ЮНЭСКА быў рэалізаваны цэлы шэраг праграм і праектаў: "Адукацыя і асвета ў вобласці біяэтыкі ў Рэспубліцы Беларусь", "Рэгіён, які навучаецца : адукацыя для ўсіх пакаленняў", "Разумная школа будучыні", "Стварэнне трансмежнага біясфернага рэзервату і рэгіянальнай экалагічнай сеткі ў Палессі", "Літаратурная спадчына Беларусі, XI - сярэдзіна XX стагоддзя (з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі)", "Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі ва ўстановах адукацыі Рэспублікі Беларусь" і інш.

ЮНЭСКА была першай міжнароднай арганізацыяй, якая распачала аказваць Беларусі міжнародную тэхнічную дапамогу ў вобласці мінімізацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Па лініі ЮНЭСКА ў нашай краіне быў рэалізаваны шэраг праектаў па гэтай праблеме. Яны не толькі прыцягнулі ўвагу міжнароднай супольнасці да праблем, з якімі сутыкнулася Беларусь, але і аказалі рэальную дапамогу ў іх вырашэнні.

Сёння ЮНЭСКА - гэта важны партнёр Беларусі ў рашэнні задач у сацыякультурнай сферы, а таксама ўнікальная платформа для прапаганды дасягненняў у абласцях культуры, навукі, адукацыі, інфармацыйных тэхналогій, для пасоўвання знешнепалітычных ініцыятыў краіны і развіцця ўзаемавыгадных двухбаковых кантактаў. Інтэлектуальны патэнцыял нашай краіны дазваляе нам уносіць важкі ўнёсак у фармаванне палітыкі ЮНЭСКА, яе павесткі дня, удзельнічаць у распрацоўцы нарматыўных дакументаў, ініцыяваць новыя кірункі дзейнасці.

З 7 траўня па 11 чэрвеня ў аддзеле абслугоўвання афіцыйнымі дакументамі (пам. 207) Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь адкрыта выстава "ЮНЭСКА і Беларусь: 60 гадоў паспяховага супрацоўніцтва", прысвечаная 60-годдзю ўступлення Рэспублікі Беларусь у ЮНЭСКА. На выставе прадстаўлена больш за 100 дакументаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі на рускай, беларускай, і ангельскай мовах.

"Белпошта" выпусціла марку і канверт першага дня з нагоды 60-годдзя сяброўства Беларусі ў ЮНЭСКА. Гашэнне прайшло 14.04.2014 г.

Паводле НБ.


Увага

У траўні 2014 г. у сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць гістарычная школа "Гісторыя ў падзеях і малюнках" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава.

У студзені заняткі адбудуцца: 19 траўня (панядзелак),

26 траўня (панядзелак).

Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13. Уваход вольны.


18 траўня - Міжнародны дзень музеяў

18 траўня работнікі музеяў на ўсёй планеце адзначаюць сваё прафесійнае свята. Упершыню гэты дзень пачалі святкаваць у 1977 годзе.

Менавіта ў гэтым годзе на паседжанні Міжнароднай рады музеяў прынялі рашэнне аб устанаўленні Міжнароднага дня музеяў. Ужо на наступны год яго адзначылі больш за 150 краін свету. Музеі - гэта наша гісторыя, гэта тыя месцы, дзе захоўваюцца самыя каштоўныя рэчы, якія калі-небудзь вынайшаў і стварыў чалавек. Таму музеі павінны быць бліжэй да грамадства і поўнасцю для яго адкрытымі.

Захаваць у памяці

"Захаваць у памяці" - мерапрыемства пад такой назвай прайшло ў школьна-перадшкольным комплексе ў Нарве, што на Гайнаўшчыне.

Школьнікі дэкламавалі творы беларускіх паэтаў, спявалі песні і паказвалі тэатральныя сцэнкі.

Таксама вучні з Нарвы сустрэліся са школьнікамі з Непублічнай пачатковай школы і гімназіі святых Кірыла і Мефодзія ў Беластоку:

- Трэба інтэгравацца з рознымі школамі, каб можна было завязаць новыя знаёмствы.

- Гэта файна, бо можна пазнаёміцца з іншымі вучнямі.

- Сёння ў нас школьная экскурсія. Мы прыехалі ў Нарву, каб паспяваць. Мне гэта цікава таму, што мы можам разам пагуляць.

Акрамя выступаў школьнікаў свае творы на беларускай мове чытала паэтэса Вера Русіновіч.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя


Да 100-годдзя касцёла ў Відзах

"Белпошта" выпусціла мастацкую паштоўку да 100-годдзя будаўніцтва касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў г.п. Відзы Браслаўскага р-на, Віцебскай вобл.

Наклад 30 тысяч асобнікаў.

Наш кар.


Шатландскі Закон аб гэльскай мове - ідэі для Беларусі

Закон аб мовах у Рэспубліцы Беларусь падаецца недасканалым і выклікае шэраг пытанняў. Як, напрыклад, у нашых умовах стасуецца палажэнне аб тым, што дзяржава забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне абедзвюх дзяржаўных моў з фактычным дазволам арганізацыям карыстацца толькі адной з іх? Альбо хто канкрэтна вызначае аб'ём валодання мовай, які неабходны службоўцу для выканання сваіх абавязкаў? Але галоўнае пытанне ў тым, што рабіць з гэтым законам?

Трэба паспрабаваць праініцыяваць змены ў Закон аб мовах. ТБМ неаднаразова рабіла адпаведныя захады і павінна рабіць іх і надалей. Такая ініцыятыва можа спрацаваць якраз цяпер, калі ўкраінскі прыклад красамоўна паказвае, што цалкам зрусіфікаванае грамадства можа элементарна стаць аб'ектам "абароны" войскаў суседняй дзяржавы.

Падмуркам зменаў могуць стаць два законапраекты, распрацаваныя ТБМ. Гэта праект новага "Закона аб мовах" і рэвалюцыйнага "Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь". Але, як кажуць, няма мяжы дасканаласці. Рашэнні, карысныя для Беларусі, ёсць у замежных законах, якія датычацца моваў.

Мэта гэтага артыкула - пазнаёміць Вас з некаторымі аспектамі шатландскага моўнага заканадаўства і моўнага планавання, датычнымі шатландскай гэльскай мовы. Сітуацыі з беларускай і гэльскай мовамі адрозніваюцца, аднак шатландскі досвед будзе карысным і для Беларусі.

Падрабязны артыкул пра моўную сітуацыю і моўную палітыку ў Шатландыі вы можаце прачытаць на сайце ТБМ (tbm-mova.by/pubs27.html?lang=by). Зараз абмяжуемся кароткай даведкай. Шатландскі перапіс 2011 года засведчыў наяўнасць у краіне 87.056 чалавек, якія ведаюць гэльскую мову. З іх 57.375 могуць на ёй размаўляць. Агульнае насельніцтва Шатландыі - 5.295.000 чалавек. Носьбіты мовы жывуць па ўсёй краіне, толькі чвэрць з іх жыве ў раёнах, дзе на гэльскай мове размаўляе большасць насельніцтва. Больш за 11 тысяч носьбітаў (19%) жыве ў найбуйнейшым горадзе краіны - Глазга (насельніцтва - 593 тысячы чалавек).

У мінулым гэламоўныя маглі абслугоўвацца ў дзяржаўных арганізацыях толькі на англійскай мове, што пагаршала стаўленне да мовы ў саміх яе носьбітаў. Але досвед іншых краін давёў шатландцам, што дзяржаўныя арганізацыі могуць наадварот папулярызаваць мову праз яе шырэйшае выкарыстанне.

Закон аб гэльскай мове

У 2005 годзе ў Шатландыі быў прыняты Закон аб гэльскай мове , які датычыцца выкарыстання мовы дзяржаўнымі арганізацыямі. Кароткі змест закона наступны:

1. Засноўваецца Камітэт гэльскай мовы , які будзе падтрымліваць афіцыйны і роўны з англійскай статус гэльскай мовы.

2. Камітэт распрацоўвае Нацыянальны план для гэльскай мовы . Яго мэта - спрыяць выкарыстанню гэльскай мовы, гэльскай адукацыі і культуры.

3. Камітэт мае права накіраваць дзяржаўным шатландскім арганізацыям, а таксама дзяржаўным арганізацыям, якія дзейнічаюць на міжнародным узроўні афіцыйнае патрабаванне распрацаваць уласныя планы для гэльскай мовы ў межах сфер сваёй дзейнасці. Закон датычыцца толькі тых аспектаў дзейнасці дзяржаўных арганізацый, якія дзейнічаюць на міжнародным узроўні, што маюць дачыненне да Шатландыі.

4. Камітэт мае права распрацаваць і перадаць ва ўрад інструкцыю па арганізацыі адукацыі на гэльскай мове.

Нацыянальны план для гэльскай мовы

Нацыянальны план гэльскай мовы мае падабенства да Стратэгіі па развіцці беларускай мовы, створанай ТБМ. У Артыкуле 15 праекта "Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў рэспубліцы Беларусь" прадугледжваецца стварэнне міністэрства ці дзяржаўнага камітэта беларускай мовы. Арганізацыя адукацыі - тэма для нас таксама не новая, да таго ж вялікая. Таму зараз мы разгледзім толькі найбольш своеасаблівы для нас трэці пункт закона, унутрыарганізацыйныя планы па развіцці мовы.

Агульныя прынцыпы плана

Асноўная інфармацыя па стварэнні і зацвярджэнні планаў утрымліваецца ў самім законе. Палажэнні закона канкрэтызуюцца ў інструкцыі, распрацаванай Камітэтам.

Інструкцыя вызначае чатыры асноўныя сферы моўнага планавання:

1. Засваенне. План павінен заахвочваць людзей да вывучэння мовы.

2. Выкарыстанне. План заахвочвае выкарыстоўваць мову ў розных сферах дзейнасці, у тым ліку ў працоўнай.

3. Статус. План пашырае візуальную і гукавую прадстаўленасць мовы, падымае яе прэстыж і забяспечвае павагу для яе.

4. Корпус. План спрыяе ўдасканаленню і ўзбагачэнню гэльскай мовы.

Камітэт заахвочвае арганізацыі, якія рыхтуюць свае планы, выкарыстоўваць актыўны падыход. Гэта значыць, што яны самі павінны паведамляць насельніцтву аб тым, што іх паслугі даступныя і на гэльскай мове. Яны таксама павінны заахвочваць людзей карыстацца гэламоўнымі сервісамі.

Выкананне планаў зробіць гэльскую мову плюсам пры ўладкаванні на працу. Камітэт адзначае, што гэта павысіць ацэнку ўласнай мовы яе носьбітамі і заахвоціць людзей да яе вывучэння.

На падставе чаго Камітэт патрабуе стварэння планаў

Камітэт сам вырашае, якім арганізацыям накіроўваецца патрабаванне. Паводле закона, патрабаванні дасылаюцца на падставе наступных крытэрыяў.

1. Тая роля, якую арганізацыя можа адыграць у выкананні Нацыянальнага плана.

2. Ступень выкарыстання гэльскай мовы людзьмі, якія закрануты дзейнасць арганізацыі.

Камітэт лічыць, што арганізацыя павінна максімальна спрыяць пашырэнню выкарыстання мовы, прычым, кожная дзяржаўная арганізацыя ў Шатландыі можа зрабіць свой унёсак. Камітэт чакае, што арганізацыі, якія цалкам базуюцца ці пастаянна працуюць у раёнах, дзе гэламоўнае насельніцтва складае 20 і болей адсоткаў, будуць ажыццяўляць усю сваю дзейнасць на дзвюх мовах.

3. Патэнцыял арганізацыі ў пашырэнні выкарыстання гэльскай мовы. Камітэт адзначае выключную важнасць гэтага пункта, бо цяперашні ўзровень выкарыстання мовы ў пэўнай сферы можа быць і нізкім, але патэнцыял - наадварот. Закон прапісвае, што патэнцыял вызначаецца Камітэтам.

4. Любы зварот грамадзян у Камітэт адносна выкарыстання гэльскай мовы ў сферы дзейнасці арганізацыі. Напрыклад, калі група бацькоў пажадае заснаваць у нейкай мясцовасці гэламоўную школу, то Камітэт будзе спрыяць гэтаму, запатрабаваўшы план ад арганізацыі, адказнай за мясцовае самакіраванне.

5. Любое ўказанне ўрада Шатландыі.

Гэтыя крытэрыі павінна ўлічваць і арганізацыя, якая рыхтуе свой план. Камітэт засноўвае сваё рашэнне аб зацвярджэнні плана на тым, ці ўлічаны ў ім гэтыя крытэрыі, а таксама на тым, ці ўлічана ў плане інструкцыя па складанні планаў, распрацаваная Камітэтам.

Апратэставанне рашэнняў Камітэта

Паводле закона, у сваім патрабаванні Камітэт прызначае тэрмін, за які арганізацыя павінна распрацаваць свой план. Мінімальны тэрмін - 6 месяцаў. У выпадку нязгоды з тэрмінам, арганізацыя можа апратэставаць яго, падаўшы апеляцыю у Камітэт. Калі новае рашэнне Камітэта яе не задавольніць, то наступная апеляцыя накіроўваецца ўраду Шатладыі.

Па законе, Камітэт або зацвярджае план арганізацыі, або прапануе ёй унесці ў яго змены. Прапанаваныя змены арганізацыя можа абскардзіць, падаўшы апеляцыю ў Камітэт. Калі новае рашэнне Камітэта яе не задавальняе, і кампрамісу дасягнуць не атрымліваецца, справа перадаецца ва ўрад Шатландыі. Урад можа зацвердзіць або першапачатковы варыянт плана, або варыянт са зменамі, прапанаванымі Камітэтам.

Арганізацыя мае права апратэставаць і само патрабаванне аб распрацоўцы плана. Апеляцыя накіроўваецца адразу ва ўрад і павінна быць заснавана на неадпаведнасці яе дзейнасці пазначаным вышэй крытэрыям. Калі ўрад прыме бок арганізацыі, то Камітэт не будзе мець права дасылаць ёй новае патрабаванне на працягу двух год.

Удасканаленне планаў

Закон патрабуе, каб арганізацыя самае позняе праз пяць год ад зацвярджэння першага плана падрыхтавала яго новую версію і прапанавала яе на разгляд Камітэта. Камітэт чакае ад чарговых версій планаў больш амбітных мэт, чым былі ў папярэдніх.

Моўны аўдыт у арганізацыі

Камітэт адзначае, што ключавой перадумовай і кампанентам стварэння плана з'яўляецца ўнутрыарганізацыйны моўны аўдыт. Вынікі аўдыту перадаюцца ў Камітэт разам з планам. Камітэт рэкамендуе праводзіць аўдыт па наступных пунктах.

І. Моўны профіль арганізацыі:

1. Колькасць супрацоўнікаў, якія валодаюць гэльскай мовай і ўзровень іх ведаў.

2. Колькасць супрацоўнікаў, якія самастойна ці па заданні арганізацыі наведваюць моўныя курсы ці жадалі б іх наведваць.

3. Пералік аддзелаў арганізацыі ці мясцовасцяў, дзе працуюць згаданыя вышэй супрацоўнікі.

4. Колькасць пасад, для займання якіх веданне гэльскай мовы з'яўляецца неабходным ці пажаданым.

ІІ. Паслугі ці ўнутры-арганізацыйныя працэсы, якія ўжо ажыццяўляюцца на гэльскай мове.

ІІІ. Спіс ўсіх гэламоўных ці дзвюхмоўных матэрыялаў арганізацыі: публікацый, бланкаў, інтэрнет-старонак і інш.

IV. Аўдыт наяўнага гэламоўнага афармлення звонку і ўнутры будынкаў арганізацыі.

V. Ацэнка перакладчыцкіх магчымасцяў арганізацыі: ці ёсць там перакладчыкі, і якая ў іх адукацыя.

Кансультацыі

Закон патрабуе, каб арганізацыя пры падрыхтоўцы плана кансультавалася з асобамі, якія пададуцца ёй зацікаўленымі ў гэтым. Камітэт рэкамендуе арганізацыям праводзіць кансультацыі як з грамадскасцю, так і са сваімі супрацоўнікамі, падрыхтаваць дзвюхмоўны электронны і друкаваны варыянты праекта плана, прадугледзець кансультатыўны перыяд ад 6 да 12 тыдняў, каб усе меркаванні маглі быць пачуты.

Закон патрабуе, каб па заяве арганізацыі Камітэт аказваў ёй бясплатную дапамогу ў распрацоўцы плана. Кожнай арганізацыі Камітэт прыпісвае свайго супрацоўніка. Для арганізацый, якім выслана патрабаванне, Камітэт праводзіць семінары.

Закон таксама патрабуе, каб Камітэт час ад часу рыхтаваў і перадаваў ва ўрад інструкцыі па стварэнні планаў для арганізацый. Перыядычнасць стварэння гэтых інструкцый вызначае сам Камітэт. Камітэт павінен спачатку апублікаваць праект інструкцый, а ў канчатковым варыянце ўлічыць прапановы, якія паступілі. Урад або зацвярджае інструкцыі, або накіроўвае іх на дапрацоўку.

Змест плана

Інструкцыя для арганізацый падрабязна распісвае змест плана. Камітэт сярод іншых прапануе ўключаць наступныя пункты:

- Кароткі тэкст і\або карта на тэму гэльскай мовы ў Шатландыі.

- Інфармацыя пра выкарыстанне гэльскай мовы ў сферы дзейнасці арганізацыі.

Уявіце такія патрабаванні ў нас. Такім чынам можна прымусіць арганізацыю распісацца ў наяўнасці праблем.

- Кароткі змест моўнага аўдыту.

- Хто і як будзе адказваць за стварэнне і выкананне плана ў арганізацыі, за маніторынг яго выканання і распаўсюд інфармацыі аб ім.

- Як гэльская мова будзе задзейнічана для дасягнення мэт дзейнасці арганізацыі.

Шыкоўна, ці не праўда? Уявіце, не мы павінны тлумачыць чыноўнікам, нашто Беларусі патрэбна дзяржаўная беларуская мова - гэта яны павінны паказаць, як мова будзе карыснай іх канторы.

- Як арганізацыя будзе спрыяць выкананню нацыянальнага плана для гэльскай мовы; нацыянальным прыярытэтам, вызначаным урадам Шатландыі, а таксама мясцовым прыярытэтам.

- Абавязкі: чаго і ў які тэрмін арганізацыя плануе дасягнуць, а таксама хто будзе за гэта адказваць. Камітэт чакае, што абавязкі будуць узятыя ў наступных сферах.

- Прадстаўленасць гэльскай мовы ў знешнім афармленні, асабліва ў лагатыпе арганізацыі.

- Заснаванне, падтрыманне ці павышэнне ўзроўню ведання мовы сярод супрацоўнікаў. Гэта можа быць, напрыклад, звязанае з выкананнем плана заснавання пасад, для якіх неабходна ці пажадана валоданне гэльскай мовай; моўныя курсы, заахвочванне да выкарыстання мовы на працоўным месцы.

- Выкарыстанне мовы ў камунікацыях і сувязях з грамадскасцю: як арганізацыя будзе забяспечваць прыём тэлефанаванняў і пошты на гэльскай, бланкі, арганізацыя сходаў гэламоўных супрацоўнікаў, выставы, узаемадзеянне з медыямі, выкарыстанне мовы ў друку і ў інтэрнэце.

Для кожнага запланаванага віду дзейнасці прызначаецца тэрмін.

Напрыклад, у плане арганізацыі "Шатландыя гістарычная" (займаецца аховай гістарычных помнікаў, экскурсіямі ў мемарыяльныя мясціны і г.д.) у прыватнасці адзначана, што яны праанансуюць на сваім сайце, што будуць радыя прымаць лісты на гэльскай мове. У аўдыце гэтай арганізацыі адзначаецца, што 17% іх публікацый - па-гэльску, да 2017 года яны збіраюцца падняць гэту лічбу да 25%. Запланаваны таксама навучанне гэламоўнага супрацоўніка ў галіне сувязяў з грамадскасцю, каб ён мог даваць інтэрвію гэламоўным радыё і тэлебачанню. Арганізацыя наладжвае сувязь з гэламоўнымі адукацыйнымі ўстановамі, забяспечвая іх гэламоўнымі гідамі і іншымі паслугамі ў некаторых гістарычных мясцінах. Арганізацыя праводзіць курсы гэльскай мовы і забяспечвае слухачоў вучэбнымі матэрыяламі.

У плане гэтай арганізацыі часта адзначаецца, што яны ўжо робяць сёе і тое, але пакуль не маюць сістэмнай палітыкі ў гэтых сферах. З гэтага бачна арганізуючая роля планаў. Дарэчы, у іх плане проста прызнаецца: у пэўным пункце наша арганізацыя да стварэння плана нічога не рабіла. Які кан-траст з адказамі пэўных айчынных дзяжструктур на запыты ТБМ! Заміж таго, каб прызнаць наяўнасць адной канкрэтнай праблемы, якая складала сутнасць звароту, яны дасылаюць цэлую старонку з пералікам мерапрыемстваў, якія ў іх праводзяцца на беларускай мове - для кампенсацыі, напэўна.

Камітэт рэкамендуе, каб арганізацыя ад самага пачатку стварэння плана прызначыла для гэтага спецыяльнага супрацоўніка і працоўную групу. Камітэт таксама заахвочвае арганізацыі, якія рыхтуюць планы, да супрацоўніцтва.

Справаздачнасць па планах

Паводле закона, Камітэт мае права запатрабаваць ад арганізацыі справаздачу аб выкананні плана. Камітэт патрабуе ад арганізацый штогадовай справаздачы і выказвае спадзяванне, што арганізацыя яе апублікуе.

Па законе, у выпадку невыканання арганізацыяй узятых на сябе абавязкаў, справа перадаецца ва ўрад. Урад можа як сам патрабаваць ад арганізацыі выканання абавязкаў, так і перадаць справу ў шатландскі парламент.

Акрамя таго, Камітэт можа самастойна праводзіць аўдыт выканання планаў.

Фінансавая падтрымка стварэння планаў

Урад Шатландыі забяспечвае Камітэт "Фондам выканання закона аб гэльскай мове". Арганізацыі, ад якіх запатрабаваны план, маюць права звярнуцца ў Камітэт па фінансавую дапамогу з гэтага фонда. У асноўным грошы выдзяляюцца на адзінкавыя затраты для заснавання новага сервісу на гэльскай мове. Грошы выдаваліся на стварэнне бланкаў, знешняга афрамлення аўтамабіляў арганізацыі, стварэнне інтэрнэт-старонак, курсы.

Вядома, Закон абмежаваны па сферы свайго прымянення. Так, Камітэт не мае права накіроўваць патрабаванні прыватным кампаніям, грамадскім арганізацыям і агульнабрытанскім дзяржаўным арганізацыям, аднак заклікае іх рыхтаваць дабраахвотныя планы, гарантуе дапамогу ў гэтай справе.


Такім чынам, як можна скарыстацца ідэяй унутрыарганізацыйных планаў у нашых умовах? Напрыклад, падаецца, што ідэя вартая абмеркавання грамадскасці на тэму яе ўключэння ў законапраекты ТБМ. Зараз у праекце "Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь" прадугледжаны нацыянальныя і мясцовыя праграмы дзяржаўнай падтрымкі беларускай мовы, а таксама сцісла прапісана, што для падтрымкі мовы мусяць рабіць Адміністрацыя Прэзідэнта, урад, міністэрствы і ведамствы, суды, органы мясцовага кіравання, іншыя арганізацыі розных форм уласнасці. Пры гэтым абавязак распрацоўваць уласныя праграмы падтрымкі мовы прапісаны толькі для арганізацый мясцовага кіравання.

Магчыма, варта накіраваць намаганні на стварэнне і прасоўванне больш прыватных законапраектаў: аб ўнутрыарганізацыйных планах па развіцці беларускай мовы ці асобна - аб моўным аўдыце. Дарэчы, хаця ў нас і няма заканадаўчай базы, але такія прыватныя планы ў нашай краіне ствараліся. Прыкладам таму - дарадча-метадычны ліст Міністэрства адукацыі на 2012\2013 вучэбны год, дзе прыводзіцца інструкцыя па арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове ў дашкольных установах.

Згаданымі прынцыпамі стварэння планаў можна скарыстацца, проста калі вы жадаеце і можаце распрацаваць моўны план для вашай арганізацыі. Шатландскія планы можна выкарыстаць як прыклад таго, да чаго ўжо зараз мы можам заахвочваць айчынныя арганізацыі.

Дзяніс Тушынскі


Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў "Нашага слова")

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Абухоўскі (Юрый А.) - дэрыват з фармантам -скі ад тапоніма Абухава з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Абухава - Абухоўскі . Прозвішча таксама магло ўтва-рыцца з выкарыстаннем фарманта -оўскі ад антрапоніма Абух (які ад апелятыва абух 'тупая патоўшчаная частка вострай прылады (звычайна сякеры, процілеглае лязу' і размоўнае 'пра някемлівага чалавека'): Абухоўскі . Яно разглядаецца як шляхетная форма параўнальна з больш натуральным для беларусаў (з -овіч ) - Абух-овіч .

Адамін (Алена А.) - дэрыват з суфіксам прыналеж-насці -ін ад антрапоніма Адам з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Адам - Адамін . Структура ненатуральная для беларускай мовы, дзе фармант -ін далучаецца да слоў жаночага роду ( мам-ін, Аленін і пад.).

Адамковіч (Аляксандр А.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Адамка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Адамка - Адамковіч . ФП: Адам - Адамка - Адамковіч .

Адаська (Віктар А.) - памяншальна-ласкальная форма з фармантам -ка ад антрапоніма Адась з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Адась - Адаська . ФП: Адам (імя) - Адась (ласкальн. ад Адам ) - Адаська .

Азаранка (Аляксандр А.) - дэрыват з фармантам -анка ад антрапоніма Азар з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Азар - Азаранка . Адымёнавае ўтварэнне з суфіксам -анк-(-енк-) з памяншальна-ласкальным значэннем.

Азарка (Вольга А.) - дэрыват з фармантам -ка ад антрапоніма Азар з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Азар - Азарка . Адымёнавае прозвішча.

Азарчык (Раман А.) - дэрыват з фармантам -чык ад антрапоніма Азар з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Азар - Азарчык . Адымёнавае ўтварэнне з памяншальна-ласкальным суфіксам -чык .

Акаловіч (Леанід А.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Акола з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Акола - Акал-овіч. ФП: акола ('навокал') - Акола (празванне чалавека з частотным выкарыстаннем лексемы "акола" ) - Акола (прозвішча) - Акаловіч .

Акулін (Эдуард А.) - дэрыват з суфіксам -ін ад антрапоніма Акула з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Акула - Акулін . ФП: Акіла (імя) - Акула - Акулін . Адымёнавае паходжанне антрапоніма.

Акуліч (Аляксандр А.) - дэрыват з фармантам -іч ад антрапоніма Акула з семантыкай 'бацькайменне': Акула - Акуліч .

Алейнік (Іна А.) - семантычны дэрыват ад апеля-тыва алейнік 'спецыяліст у вытворчасці алею'. ФП: алей 'тлушч з расліннага насення - канаплянага, макавага, ільнянога, сланечнікавага і пад.') - алейнік - Алейнік .

Алесіна (Ганна А.) - прыметнікавая форма з суфіксам -іна ад антрапоніма Алеся з семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Алеся - Але-сіна . ФП: Алесь - Алеся - Але-сіна.

Альховік (Надзея А.) - сементычны дэрыват з суфіксам -овік ад альха (альховік) . Найменне асобы можа тлумачыцца дваяка. 1) як семантычнае ўтварэнне ад апелятыва альховік 'зроблены з альховага дрэва', 2) як найменне асобы, якая жыве (жыла) у альховым лесе - альховіку . ФП: альха (вольха) 'лісцевае дрэва сямейства бярозавых, якое расце ў сырых месцах; алешына' - аль-ховы - альховік - Альховік .

Аляшчэня (Мікалай А.) - дэрыват з фармантам -эня ад антрапоніма Алешка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Алешк-эня - Аляшчэня (чарг. шк/шч ). ФП: Аляксей - Алёшка - Алешка - Аляшчэня .

Амбразевіч (Людміла А.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Амброзій з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Амброз(ій)-евіч . ФП: Амбро-жы (польск. Аmbrozy ) - Амб-ражэвіч - Амбразевіч (мена ж/з ).

Анісім (Алена А.) - імя набыло функцыю сямейнага оніма, стала прозвішчам.

Анішчык (Барыс А.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Аніс і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Аніс-чык - Анішчык (чарг. с/ш ).

Андросенка (Сяргей А.) - дэрыват з фармантам - енка ад антрапоніма Андрос і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Андрос-енка . ФП: Анд-рэй - Андрос - Андросенка .

Андрэйкавец (Надзея А.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ец ад назвы паселішча Андрэйкава : Андрэйкав-ец.

Антановіч (Кастусь А.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Антон і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Антон - Антонавіч - Антановіч .

Антаноўскі (Мікалай А.) - дэрыват з фармантам прэстыжнасці -оўскі ад антрапоніма Антон з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Антон - Антаноўскі . Або ад Антонава (паселішча) - Антаноў-скі .

Антанюк (Любоў А.) - дэрыват з фармантам -юк ад антрапоніма Антон і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Антон - Антан-юк .

Антонава (Алена А.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Антон і семнтыкай 'нашчадак названай асобы': Антон - Антонава .

Ануфрыенка (Валянцін А.) - дэрыват зфармантам -енка ад антрапоніма Ануфрый і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ануфрый-энка - Ану-фрыенка .

Анціпенка (Алесь А.) - ўтварэнне з фармантам -енка ад антрапоніма Анціп з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Анціп-енка .

Апяцёнак (Мікалай А.) - дэрыват з суфіксам -ёнак ад антрапоніма Апяць з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Апяц-ёнак . Утваральнае слова ад апелятыва апяць - рас. опять 'зноў'. Прозвішчам стала мянушка чалавека, які карыстаўся гэтым словам замест звычнага "зноў". Або ўтварэнне ад рас. опята , якім карысталася асоба замест свайго апенькі .

Арэшка (Вераніка А.) - дэрыват з фармантам -ка ад антрапоніма Арэх з семантыкай 'жонка названай асобы': Арэх-ка - Арэшка (чарг. х/ш ).

Арэшкава (Марыя А.) - прыметнікавая форма з фармантам -ава ад антрапоніма Арэшак з семантыкай 'дачка названай асобы': Арэшк-ава .

Арцёменка (Віталь А.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Арцём з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Арцём-енка .

Аскерка (Валянцін А.) - дэрыват з фармантам -ка ад антрапоніма Аскер і семантыкай 'жонка названай асобы': Аскер-ка . Як і салдатка (ад салдат ). Утваральнае слова ад апелятыва аскер 'турэцкі салдат' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. А. Піскунова (2012, с. 91).

Асецкі (Аркадзь А.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -ск-(-цк) ад Асець і семантыкай 'жыхар названай мясцовасці'. ФП: асець ('прыбудоўка да тока, у якой сушаць снапы') - Асець (паселішча) - Асецкі .

Асіпчук (Аксана А.) - дэрыват з суфіксам -чук ад антрапоніма Асіп з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Асіп-чук . ФП: Восіп - Асіп - Асіпчук.

Астаповіч ( Галіна А.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Астап з фармантам - овіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Астап - Ас-т а павіч - Астап о віч.

Астраўцоў ( Сяргей А.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Астравец з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Астравец+оў = Астраў-цоў . ФП: Астрав о о страва) - Астравец Астраўск і ) - Аст-раўцоў . Форма на -оў не з'яўляецца звычнай для беларусаў. Больш натуральныя Астравец і Астроўскі .

Астроўскі (Аляксандр А.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Астрова (Вострава) з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Астрова - Астроў-скі.

Аўдзейчык (Ілля А.) - утварэнне з суфіксам -чык ад антрапоніма Аўдзей з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Аўдзей-чык . Адымёнавае прозвішча.

Аўдошчанка (Валянціна А.) - дэрыват з фармантам - анка ад антрапоніма Аўдошка з семантыкй 'нашчадак названай асобы': Аўдошк-анка - Аў-дошчанка . ФП: Евдоким - Аўдакім - Аўдошка - Аўдошчанка .

Аўсяннікава (Тамара А.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Аўсяннік з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Аўсяннікава . ФП: авёс - аўсяны - аўсяннік ('страва з аўсяных круп') - Аўсяннік (празванне, потым прозвішча) - Аўсяннікава .

Аўтуховіч (Мікалай А.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Аўтух з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Аў-тух-овіч . ФП: Евтихий - Евтух - Аўтух - Аўтуховіч .

Ахрамчук (Віктар А.) - дэрыват з суфіксам -чук ад антрапоніма Ахрэм з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ахр э м-чук - Ахрамчук . ФП: Яфрэм - Ахрэм - Ахрэмчук - Ахрамчук .

Бабенка (Сяргей Б.) - дэрыват з суфіксам -енка ад антрапоніма Баба з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Баб-енка . Прозвішча можа кваліфікавацца і як семантычнае ўтварэнне ад апелятыва бабенка і баб е нка - экспрэсіўнае да баба 'жанчына' ці 'мужчына слабахарактарны, нясмелы'. ФП: баба - Баба - Бабенка.

Бабічаў (Антон Б.) - утварэнне з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Бабіч з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бабіч-оў . ФП: баба - Баба - Бабіч ('нашчадак бабы') - Бабічаў .

Баброў (Яўген Б.) - прыметнікавая форма з суфіксам -оў ад антрапоніма Бобр (Бабёр) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бабр-оў . ФП: бобр (бабёр) - 'жывёліна, якая жыве ў лесе каля рэк і вадаёмаў і мае каштоўнае футра') - Бобр - Баброў .

Баброўскі (Сяргей Б., Марыя Б.) - дэрыват з суфіксам -оўскі , які мае два значэнні: а) прэстыжнасці (шляхентасці); далучаючыся да ўтваральнай асновы, абазначае нашчадка названай асобы: Бобр - Баб-роўскі ; б) адтапанімічнае значэнне; далучаючыся да ўтваральнай асновы, надае значэнне 'жыхар (народзінец) названай мясцовасці': Бабры (мясцовасць) - Баброўскі ('з Баброў').

Баеў (Павел Б.) - прыметнікавая форма з суфіксам - еў ад антрапоніма Бай з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бай-еў . ФП: бай (у Сярэдняй Азіі 'буйны землеўладальнік або ўласнік жывёлы'; а таксама 1) 'міфічная істота дзіцячага фальклору, якая расказвае байкі'; 2) 'гаворка' (баянне) - Бай (мянушка, потым прозвішча) - Баеў .

Байдакова (Ганна Б.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ова ад антрапоніма Байдак з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Байдак-ова . ФП: байда ('няпраўда, хлусня, мана') - бай-дзіць ('палохаць, страшыць') - байдак ('той, хто запалохвае, страшыць') - Байдак (мянушка, потым прозвішча) - Байдако-ва . (Слоўнік Паўн.-зах. Беларусі. ч. 1, с. 152).

Бакіноўскі (Валянцін Б.) - дэрыват з суфіксам -скі ад тапоніма Бакінова (Бакінава) з семантыкай 'жыхар (народзінец) названай мясцовасці'. Або - ўтварэнне ад антрапоніма Бакін з прэстыжным фармантам -оўскі і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бакіноўскі.

Бальшун (Валянціна Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бальшун 'пра вялікага ростам чалавека' або 'старэйшага за сваіх кампанейцаў'. ФП: больш - большы - бальшун - Бальшун .

Бамбіза (Мікалай Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бамбіза (разм. лаянк.) 'пра высокага хлопца, мужчыну' (ТСБМ, т. 1, с. 337), а так-сама 'гультай, абібок' ("Слоўнік Паўн-зах. Беларусі", 1979 г., т. 1, с. 162).

Бараноўскі (Ігар Б.) - дэрыват з прэстыжным суфіксам -оўскі ад антрапоніма Ба-ран : Баран-оўскі .

Бармута (Юлія Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бармута 'мармытун' (ад бармытаць - бармутаць 'мармытаць' - нульсуфіксавага ўтварэння): бармут-а (агульны род назоўніка).

Бародзіч (Ганна Б., Сямён Б.) - дэрыват з фармантам -іч ад антрапоніма Барада (мн. Бароды ) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бародз-іч . ФП: барада (апелятыў з семанткай 'пярэдняя частка ніжняй сківіцы', а таксама 'валасяное покрыва ніжняй часткі твару') - Барада ('барадаты чалавек') - Бародзіч .

Барташэвіч (Астап Б.) - форма бацькаймення з фармантам - эвіч ад Бартош з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Барташ-эвіч .

Барысік (Мікалай Б.) - дэрыват з суфіксам -ік ад антрапоніма Барыс з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Барыс-ік . Прозвішча можа кваліфікавацца і як былая памяншальна-ласкальная форма імя Барыс : Барыс - Барысік .

Барткевіч (Таццяна Б.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Бартко з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бартк-евіч . ФП: Бартла-мей (імя) - Бартко - Барткевіч.

(Працяг у наступным нумары.)

Павел Сцяцко


Полацка-Віцебская даўніна. Старонкі мінулага.

У 2013 годзе Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь адзначыла свой 80-гадовы юбілей. Зразумела, што за такі прамежак часу калектывам бібліятэкі сабрана шмат унікальных і рарытэтных дакументаў, якія адлюстроўваюць профільны кірунак установы па праву, эканоміцы, палітыцы. Зацікаўленыя чытачы бібліятэкі заўсёды знаходзяць для сябе шмат карыснай інфармацыі па азначанай тэматыцы. Але збор кніжных каштоўнасцей не абмежаваны толькі гэтымі абласцямі. У фондзе захоўваюцца выданні па разнастайных галінах навук. Пастаянныя чытачы ведаюць, што ў бібліятэцы можна знайсці не толькі папулярныя выданні сучаснага айчыннага і замежнага друку, але і тыя, якія даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю.

Пра адметныя багацці кніжнай скарбніцы сведчыць выставачная дзейнасць бібліятэкі. На працягу многіх гадоў экспазіцыі, змяняючы адна адну, раскрываюць шматграннасць і рознабаковасць фондавых калекцый. На пачатку траўня ў бібліятэцы адкрылася выстава "Полацка-Віцебская даўніна. Старонкі мінулага". На экспазіцыі прадстаўлены дакументы, якія захоўваюцца ў аддзеле старадрукаў і рэдкіх выданняў. Выстава распавядае аб Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, якая працавала ў 1909-1919 гг. Навуковая арганізацыя была створана па ініцыятыве вядомых грамадскіх і навуковых дзеячаў: Е.Р. Раманава, А.П. Сапунова, В.С. Арсеньева. Дзейнасць камісіі спрыяла ахове помнікаў гісторыі і культуры, правядзенню археалагічных раскопак, збору і вывучэнню прадметаў старажытнасці, старадаўніх рукапісаў і дакументаў. Шмат зроблена яе супрацоўнікамі па папулярызацыі гісторыі Віцебскага краю. Сведчаннем з'яўляюцца публікацыі навуковых і папулярных прац па геаграфіі, археалогіі і этнаграфіі.

Архіўныя дакументы, даследчыя працы, а таксама артыкулы аб культурным і грамадскім жыцці ўтрымлівае і выданне "Полацка-Віцебская даўніна", якое заснавала вучоная архіўная камісія. Зборнік выйшаў толькі ў трох выпусках, якія датуюцца 1911 г., 1912 г., 1916 г. адпаведна, і ўсе іх можна ўбачыць на выставе. Апублікаваныя ў выданні матэрыялы прыцягваюць увагу не аднаго пакалення даследчыкаў. У зборніку змешчаны працы вядомых навукоўцаў: А.П. Сапунова "Гістарычны нарыс Віцебскай Беларусі", "Сказанні ісландскіх ці скандынаўскіх саг аб Полацку, Полацкіх князях і р. Заходняй Дзвіне"; Д.С. Леанардава "Полацкі князь Усяслаў і яго час"; П.М. Красавіцкага "Помнікі царкоўнай даўніны ў Віцебскай губерні і іх захаванне"; І.Я. Мітрошанкі "Езуіты ва Ўсходняй частцы Беларусі з 1579 да 1772 года" і інш. У выпусках можна знайсці выявы археалагічных і архітэктурных помнікаў Віцебшчыны. На старонках "Полацка-Віцебскай даўніны" шырока прадстаўлены ўнікальныя дакументы са спраў Віцебскага губернскага архіва, цікавыя матэрыялы з асабістых збораў, дзе закранаюцца падзеі вайны 1812 г.

На выставе таксама прадстаўлены сучасныя выданні, якія прысвечаны Віцебскай вучонай архіўнай камісіі і з'яўляюцца яркім сведчаннем, што дзейнасць арганізацыі займае важнае месца ў гісторыі развіцця беларускай навукі і культуры.

Святлана Паўлавіцкая, галоўны бібліятэкар аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.


Памёр Уладзімір Дамашэвіч

Прыйшла жалобная вестка, што 30 красавіка на 87-м годзе жыцця не стала Ўладзіміра Дамашэвіча - празаіка, нарысіста, літаратурнага рэдактара, заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Дамашэвіч нарадзіўся 17 лютага 1928 года ў вёсцы Вадзяціна Ляхавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1953 годзе скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у выдавецтвах "Народная асвета", "Беларусь" (1953-1967), на Беларускім радыё (1965), літработнікам у часопісе "Полымя" (1967-1972), загадчыкам аддзела прозы часопіса "Маладосць" (1973-1977), рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура" (1977), у 1978-1988 гадах загадваў аддзелам прозы часопіса "Маладосць". Сябар СП БССР з 1962 года. Першае апавяданне надрукаваў у 1958 годзе (часопіс "Маладосць"). Аўтар шматлікіх кніг аповесцяў, раманаў, нарысаў. Самы забаронены раман сучаснай беларускай літаратуры, "Камень з гары" Уладзіміра Дамашэвіча, цэнзура не дазваляла друкаваць гадоў дваццаць. Яго цэнтральная праблема - праблема помсты і справядлівасьці, праблема сталінскіх катаў і ахвяраў, праблема адказнасці за злачынствы савецкай сістэмы супраць сваіх грамадзянаў, была ў 1960-я гады галоўнай нявырашанай маральнай праблемай грамадства. Уладзімір Дамашэвіч быў адным з тых беларускіх літаратараў, хто прынцыпова, паслядоўна і настойліва выступаў супраць русіфікацыі ў Беларусі, да смерці быў сябрам і фундатарам ТБМ.

Вечная памяць.


Пайшоў з жыцця Анатоль Кудравец

Увечары 8 траўня не стала Анатоля Паўлавіча Кудраўца, празаіка, перакладчыка, сябра Рады СБП. Смуткуем і спачуваем блізкім.

Кудравец Анатоль, нарадзіўся 01.01.1936 г. у вёсцы Аколіца Клічаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў Слуцкую педагагічную навучальню (1955). Кароткі час настаўнічаў у Віркаўскай сямігадовай школе Клічаўскага раёна. Служыў у Савецкай Арміі (1955-1958). У 1958-1963 гг. вучыўся на аддзяленні журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова (з 1961) працаваў у рэдакцыі газеты "Калгасная праўда". Пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў рэдактарам на Беларускім радыё (1963-1965), літсупрацоўнікам газеты "Літаратура і мастацтва" (1965-1966), рэдактарам выдавецтва "Беларусь".

Анатоль Паўлавіч быў узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў, з'яўляўся лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа за раман "Сачыненне на вольную тэму" (1986) і прэміі часопіса "Дзеяслоў" "Залаты апостраф" (2012).

Асноўныя творы: "Раданіца" (1971); "Дзень перад святам" (1975); "Зімы і вёсны" (1976); "На балоце скрыпелі драчы" (1979); "За чужымі далямі" (1981); "Сачыненне на вольную тэму" (1985); Выбраныя творы ў 2 тамах (1986-1987); "Блакітны вярблюд" (1990); "Смерць нацыяналіста" (1992) і інш.


Не стала Давіда Сімановіча

9 траўня, у Віцебску пасля цяжкай хваробы памёр Давід Рыгоравіч Сімановіч - беларускі паэт, празаік, перакладнік.

Давід Рыгоравіч Сімановіч нарадзіўся 26 чэрвеня 1932 года ў сям'і службоўца ў Нароўлі на Гомельшчыне. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў ва Ўзбекістане. У 1950 г. скончыў Нараўлянскую сярэднюю школу і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Пасля сканчэння ўніверсітэта (1955) працаваў настаўнікам расейскай мовы і літаратуры Крынкаўскай сярэдняй школы Лёзненскага раёна. З 1959 - літсупрацоўнік рэдакцыі абласной газеты "Віцебскі рабочы". З 1961 - рэдактар, старэйшы рэдактар, загадчык аддзела камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, з 1971 г. узначальваў Віцебскае абласное літаб'яднанне. З 1980 года знаходзіўся на творчай працы. Сябар СП БССР з 1960. Жыў у Віцебску.

Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савету БССР, медалём.

Пісаў на рускай мове. Выдаў кнігі лірыкі "Весенняя сказка" (1959), "Июнь-река" (1962), "Равноденствие" (1966), "Минуты" (1969), "Станция тревоги и любви" (1972), "Письмо тебе" (1975), "Встречные поезда" (1978), "Силуэты дней" (1981), "Солнечный хмель" (1982), "Сентябри" (1990), зборнікі вершаў для дзяцей "Волшебный луг" (1959), "Зелёный кузнечик" (1968), кнігі нарысаў "Подорожная Александра Пушкина" (1977), "Сквозь даль времен" (1984). Склаў і адрэдагаваў "Шагалаўскі зборнік" (Віцебск, 1996). Аўтар тэлеп'есаў "Якаў Свярдлоў" (паст. у 1963), "Восеньскі букет" (1964), сцэнараў да тэлефільмаў "Маладосць старажытнага горада" (1964), "Балада пра чырвонага кавалерыста" (1968), "Літаратурнымі маршрутамі Віцебшчыны" (1969). Асобныя яго творы пакладзеныя на музыку І. Лучанком, Б. Насоўскім, А. Гоманам.


Падзяка ТБМ

У свой час кіраўніцтва ТБМ праз СМІ звярнулася за падтрымкай да грамадзян Беларусі і іншых краін у сувязі з павелічэннем аплаты за сядзібу ТБМ у тры разы. Нягледзячы на тое, што з красавіка гэтага 2014 года арэндная плата зноў павялічылася і дасягнула 10 мільёнаў 771 тысячы 200 рублёў, дзякуючы грамадскай падтрымцы мы можам утрымліваць офіс ТБМ у цэнтры Менска.

Сярод ахвярадаўцаў мы хочам адзначыць у першую чаргу нашых пастаянных фундатараў і ахвярадаўцаў. Сярод іх - Андрэй Міцкевіч, Павел Бераговіч з Таліна, сям'я Прыгожыных з Масквы, Фелікс Шкірманкоў са Слаўгарада, Алег Лягушаў са станцыі Ясень Асіповіцкага раёна, Юлія Пухоўская, Віктар Данілюк, Павел Чайкоўскі, Ірына Прылішч, Тамара Лазарук, Анатоль Чачотка, Іван Кукавенка, Мікола Бамбіза, Валянціна Вяргей, Таццяна Раманюк з Менска, Анатоль Краўчанка з Менска, Аляксандра Восіпава з Гомеля, Людвіка Таўгень з Валожына, Роза Рымар, Лілея Некраш, Зміцер Мартынчык з Гародні, Васіль Рагаўцоў з Магілёва, Антон Фурс з Паставаў, Сяргей Птушко з в. Хільчыцы Жыткавіцкага раёна, клуб "Спадчына" з в. Дварэц Дзятлаўскага раёна, сябры клуба "Прамова" з Менска, Мар'ян Місевіч з м. Падсвілле Глыбоцкага раёна, сябры ТБМ з Наваполацка, Надзея Барт-Юрэвіч з Германіі, Кухаронак Аляксандр са Смілавіч, Касцюкевіч Зміцер з Чэрвеня, Уладзімір Мануленка з Берасця, Васіль Усціновіч з п. Лясны Менскага раёна і многія іншыя.

Поўныя спісы ахвярадаўцаў мы рэгулярна друкуем у газеце "Наша слова" і выстаўляем на партале ТБМ tbm-mova.by/. Для тых, хто хоча падтрымаць ТБМ паведамляем наш рахунак ТБМ 3015741233011 код 739 у аддзяленні №539 ААТ "Белінвестбанка" УНП 100129705 .

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Высакародная княгіня сцэны

7 траўня, у Дзень працаўнікоў радыё і тэлебачання, ў менскім Палацы дзяцей і моладзі адбылася творчая вечарына Народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі, звязаная з яе юбілеем.

Павіншаваць шаноўную Зінаіду Аляксандраўну прыйшлі прадстаўнікі грамадскасці Рэспублікі Беларусь, артысты, дыктары і рэдактары беларускага тэлебачання, паэты і пісьменнікі.

Вядомая дыктарка падзялілася з гасцямі ўспамінамі пра шчаслівыя і насычаныя працай 60, 70 і 80-тыя гады, ілюструючы аповеды кадрамі з кінахронікі. Яе першае выступленне на тэлебачанні было прысвечана працаўнікам Палесся. Пасля яго шквал лістоў абрынуўся на рэдакцыю, і спадарыню Зінаіду запрасілі пераехаць працаваць у Менск з Гомеля.

Творчасць Зінаіды Бандарэнкі была заўсёды накіравана на праслаўленне хараства роднай Беларусі, раскрыццё талентаў яе лепшых сыноў і дачок. На адным з ўсесаюзных фестываляў з 15 дыктарак саюзных рэспублік толькі адна Зінаіда Бандарэнка чытала верш на роднай мове Анелы Тулупавай. Беларуская мова ў яе вуснах была зразумелая для ўсіх і надзвычай мілагучная.

"Беларусь мая, маці ласкавая,

Сінявокая азярніца,

Дай да рук тваіх прытуліцца,

Да тваіх ласкавых далоняў."

"Запрашаем вас на свята" - так называлася адна з перадач з удзелам Зінаіды Бандарэнкі. Творчыя і сяброўскія стасункі звязвалі яе з "Песнярамі", "Верасамі", Ігарам Лучанком, Віктарам Вуячычам, Тамарай Раеўскай, Анатолем Ярмоленкам, Святланай Данілюк і іншымі дзеячамі культуры і мастацтва.

Падчас вучобы на курсах у Маскве беларуская тэлевядоўца сустракалася з Юрыем Гагарыным і Германам Цітовым. У тыя часы яна спазнала подых незвычайнага напружання пры ўдзеле ў праграме "Эстафета навін " і іншых. Запісы выпускаў без мантажу і дубляў патрабавалі вельмі адказнага стаўлення да слова, выдатнай памяці і сканцэнтраванасці.

Дзякуючы высокаму прафесійнаму ўзроўню, абаяльнасці і далікатнасці ёй даводзілася выступаць перад кіраўнікамі СССР і БССР, удзельнічаць ва ўрачыстасці ўзнагароджання Менска зоркай Горада-героя, весці адказныя цырымоніі. Зінаіда Аляксандраўна прадстаўляла Беларусь на шматлікіх фестывалях і днях культуры.

З вітальным словам да народнай артысткі звярнуўся паэт Леанід Дранько-Майсюк. Ён прачытаў для яе верш " У Вашым голасе квітнеюць астры." Узгадваючы 70-80-я гады паэт сказаў, што любімая дыктарка выхоўвала сваім хараством, голасам, паэзіяй, якая гучала з яе вуснаў. Яна дапамагала ствараць беларускую прастору, напаўняла яе сапраўднай прыгажосцю, лірыкай, густоўнасцю.

Паэтка і сяброўка Вера Буланда падарыла юбілярцы кнігу і прысвяціла ёй верш. "Зінаіда Аляксандраўна - наша зорачка, кветачка, светлая крынічка," - адзначыла Тацяна Матафонава. Яна з сынам Адасем выканала песні для народнай артысткі.

Зінаіда Бандарэнка працягвае працаваць з моладдзю. Яна вучыць маладых дыктараў культуры маўлення, дасканаласці выкарыстання моўных сродкаў, фармаванню добрай дыкцыі і натхняе сваім прыкладам.

Э. Дзвінская. Фота аўтара.


Той самы Вільгельм Кубэ…

(Да выхаду кнігі А. І. Валахановіча "Узлёты і падзенні Вільгельма Кубэ: яго бачанне будучыні Беларусі". Мінск, 2014.)

Мы, беларусы, актыўна рыхтуемся да 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І па беларускім радыё, і па тэлебачанні распавядаюць і паказваюць шмат матэрыялаў пра мінулую вайну. Выступаюць удзельнікі тых крывавых падзей, даюць інтэрвію журналістам, пішуць артыкулы, апісваюць тыя ці іншыя запамінальныя эпізоды вайны. Эфір, газеты, часопісы забіты матэрыяламі пра ваенныя падзеі на тэрыторыі Беларусі.

У другой палове красавіка 2014 года ў Менску ў выдавецтве "ФУАінфарм" выйшла кніга "Узлёты і падзенне Вільгельма Кубэ: яго бачанне будучыні Беларусі" (2014) А.І. Валахановіча. Аўтар - гісторык-журналіст, пісьменнік, культуролаг, краязнавец, вядомы ў навуковых колах сваімі шматлікімі кнігамі па гісторыі Беларусі, дакументамі і матэрыяламі, прысвечанымі перыяду Вялікай Айчыннай вайны.

Пра Вільгельма Кубэ, Генеральнага камісара Беларусі, гаўляйтара напісана шмат кніг, тысячы артыкулаў. Пішуць нямецкія гісторыкі і журналісты пра свайго суайчынніка, беларусы, пад ігам акупацыі якога жылі два гады, рускія, палякі, літоўцы, латышы, эстонцы, украінцы - у іх быў свой гаўляйтар, Генеральны камісар Украіны Эрых Кох, беларускія калабаранты з Германіі і беларуская дыяспара ў ЗША. Пішуць гісторыкі, журналісты, пісьменнікі, карацей кажучы, каму не лянота. І ў рэшце рэшт атрымалася салянка - густая і цягучая. І паспрабуй разбярыся, што і да чаго. Нехта хоча нешта паведаміць новае чытачу і слухачу.

А.І. Валахановіч паставіў перад сабой няпростую задачу - разабрацца, што і да чаго і даць свой пункт погляду на тыя ці іншыя падзеі, якія адбыліся на тэрыторыі акупаванай Беларусі І як гэта ў яго атрымалася, паважаны чытач, мяркуй сам.

В. Кубэ - неардынарная постаць. Ён інтэлігент, вучоны, драматург, мастацтвазнавец, значна вышэйшы па свайму інтэлекту за многіх гітлераўскіх генералаў, якія атачалі фюрара. Па жорсткасці і крывавым расправам з акупаваным насельніцтвам Беларусі, гэта значыць з беларусамі, Кубэ саступае Карлу фон Готбергу. Вось гэты - быў сапраўдны кат беларускага народа. Кубэ, паводле сваёй пасады ў Беларусі, быў грамадзянскім (цывільным) гаўляйтарам, меў дачыненні да грамадзянскіх спраў немцаў і акупаванага беларускага народа. У беларусаў, якія былі ў Беларусі пад акупацыяй, адклалася цвёрда ў памяці, што самы страшны і крывавы кат у іх быў Кубэ.

У гэтай кнізе Анатоль Валахановіч паспрабаваў адказаць на ўсе магчымыя пытанні ўедлівага і дасціпнага чытача і магчыма іх каверзныя пытанні пра Кубэ і іншых асоб і падзеі, якія ўпамінаюццца ў гэтай кнізе.

Я, як кажуць, праглынуў гэтую кнігу за адзін прысест - чытаецца лёгка і з захапленнем. Што ў кнізе мне імпануе - жалезная логіка мыслення, дакладныя і абгрунтаваныя высновы.

Уважліва прачытаўшы кнігу, я прыйшоў да такіх высноў.

Спланавалі і забілі Кубэ людзі з Галоўнага разведвальнага ўпраўлення Генеральнага штаба Чырвонай Арміі (ГРУ ГШ Чырвонай Арміі).

Партызанскай "меткая пуля", як пісала газета "Правда" 24 верасня 1943 года, ніякага дачынення да акту забойства Кубэ не мае. Кубэ быў забіты не куляй, а ад ўзрыву магнітнай міны.

Кубэ быў п'яніцам і бабнікам, і гэта ведалі ў атачэнні Гітлера, і гэтага яны не ўтойвалі.

Стаўшы Генеральным камісарам Беларусі, Кубэ за 2 гады і 22 дні свайго кіравання так ўжыўся ў "байскую" ролю, што ўжо не хацеў падпарадкоўвацца Берліну і не заўсёды правільна кіраваў у Беларусі, на думку чынуш (тылавых пацукоў) і прыбліжаных да фюрэра, Трэцяга рэйха.

В. Кубэ ў час свайго кіравання "ослушивался" чыноўнікаў з Берліна і на свой страх і рызыку адкрыў у Беларусі Магілёўскі медыцынскі інстытут. Гэта рабіць было строга забаронена. Кубэ выступаў за вывучэнне беларускай мовы, культуры, гісторыі, літаратуры, мастацтва ў Беларусі.

На думку Кубэ, беларусы - рабы і ім не трэба атрымліваць сярэдняй адукацыі, а атрымліваць адукацыю ў 7 класаў. Беларусам не трэба вывучаць і нямецкую мову - яны не арыйцы, а людзі другога гатунку. І не трэба ўвогуле такому народу даваць адукацыю на нямецкай мове.

Зрабіць эканоміку Беларусі прыдаткам Трэцяга рэйха.

У сваёй дзейнасці Кубэ не вельмі падпарадкоўваўся ўказанням з Берліна і многім гэта не падабалася.

Нямецкае кіраўніцтва хацела яго выдаліць з Беларусі, але ў яго быў вялікі "покровитель" у асобе самаго Гітлера.

У студзені 1943 года І. Сталін загадаў забіць Э. Коха і В. Кубэ. Гэта дало немцам карты ў рукі: расправіцца з Кубэ, на іх думку, могуць рускія. Немцам неяк не зусім зручна было распраўляцца са сваім - арыйцам - прадстаўніком вышэйшай касты, расы. І немцы занялі "выжидательную" пазіцыю. Яны добра ведалі, што загад І. Сталіна рускімі абавязкова будзе выкананы "во что бы то ни стало". І Кубэ ўбралі, як я зразумеў, рускія пры бяздзейным "попустительстве" немцаў.

Вось да якой я прыйшоў высновы, прачытаўшы гэтую кнігу.

Адчуваецца, што аўтар "пералапаціў" шмат дакументаў і матэрыялаў, крытычна аднёсся да іх і да ўспамінаў сведкаў таго ліхога ваеннага часу.

Кніга чытаецца лёгка, напісана добрай беларускай мовай, без усялякіх трасянак.

Асобныя раздзелы кнігі А. Валахановіча ў 2011-2012 гадах друкаваліся аўтарам у штотыднёвіку "Новы час" ажно ў 13 нумарах. Паводле маіх звестак, аўтару прапанавалі пашырыць, дапоўніць і выдаць гэты матэрыял асобнай кнігаю. Першым гэтую прапанову аўтару выказаў старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, археолаг і мастацтвазнаўца Алег Анатольевіч Трусаў. І вось атрымалася кніга, якая яшчэ пахне друкарскай фарбай. У кнізе змешчаны каментар. Дарэчы, у каментары чытач знойдзе шмат новых звестак, якіх няма ў энцыклапедычных выданнях. Многія персаналіі, чорныя словы - і паняцці інтэрпрэтаваны па-новаму, уключаны новы матэрыял. Кніга багата ілюстравана.

Як пішацца ў анатацыі да кнігі, яна "будзе карыснай для гісторыкаў, выкладчыкаў ВНУ і аспірантаў, настаўнікаў, краязнаўцаў, культуролагаў, журналістаў, пісьменнікаў, палітыкаў, усіх тых, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі".

І гэтай анатацыі трэба прытрымлівацца, каб у школах, ліцэях, гімназіях, каледжах, ВНУ вучні, студэнты і выкладчыкі ведалі сапраўдную гісторыю Беларусі ваеннага часу. Я думаю, што кніга знойдзе свайго чытача. За што аўтар кнігі будзе яму ўдзячны.

Пазнаёміцца з кнігаю можна на сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны (Менск, вул. Румянцава, 13) і ў Акадэмкнізе.

Наш карэспандэнт.



Дзякую сябрам, калегам, знаёмым і ўсім тым, хто павіншаваў мяне з 75-годдзем з дня нараджэння за добрыя словы і шчырыя, сардэчныя пажаданні мне здароўя, шчасця, творчых поспехаў і новых гістарычных знаходак, усяго найлепшага ў жыцці.

Анатоль Валахановіч.


Стыль функцыяналізму ў Лідзе да 1939 г.

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

У чэрвені 1938 г. пачаліся ўнутраныя работы, чакалася здача новага шматпавярховага Паштова-Тэлеграфнага гмаха ў эксплуатацыю ў жніўні ці верасні таго ж года. Будаўнікі павінны былі закончыць працы да 1 верасня, бо ў старым, драўляным будынку пошты планавалася размясціць новую гімназію: "Дзве новыя гімназіі ў Лідзе. Патрэба ў новай агульнаадукацыйнай гімназіі ў Лідзе вельмі вялікая. Штогод значная частка моладзі не можа знайсці месца ў адзінай гарадской гімназіі. Напрыклад, у гэтым годзе з-за недахопу месцаў толькі каля 30% ахвочых змаглі паступіць у гімназію. Таму Саюз асаднікаў вырашыў адчыніць сваю гімназію. Улады ўхвалілі праект. Ужо знойдзены грошы і выбрана памяшканне - у будынку старой гарадской пошты па вул. Сувальскай. Калі ўсё будзе добра, дык увосень у Лідзе з'явіцца новая гімназія. Тым часам сваю купецкую гімназію плануюць адчыніць і яўрэі горада".

Хутка стала зразумела што да 1 верасня здаць у эксплуатацыю новы паштовы гмах не паспець: "Пошта ў гатэлі? Будова паштовага гмаха ў Лідзе марудна пасоўваецца наперад. Паштовыя ўлады ўсімі сіламі рупяцца паскорыць тэрмін адкрыцця новай пошты, з-за хутка развіцця горада даўно пара было б вырашыць гэтую праблему. Калі ўсё ж будоўля затрымаецца, лідскія паштовыя ўлады будуць змушаны браць за ўзор вырашэнне праблемы з зацягваннем будаўніцтва пошты №2 у Вільні - там новая пошта часова пераехала ў гатэль. Здаецца, такі самы лёс чакае і пошту ў Лідзе" . Новая гімназія размясцілася ў будынку старой школы № 4 па вуліцы Каштанавай (зараз СШ № 10 па вуліцы Паўліка Марозава) бо гэтая школа пераехала ў новы, прыгожы будынак, які існуе і зараз, пра гэты будынак - ніжэй.

Гарадскія ўлады к моманту адкрыцця новай пошты рыхтавалі вуліцу Міцкевіча: "Вуліца Адама Міцкевіча. Запраектаваная ў свой час на Выгане вул. Адама Міцкевіча дачакалася ўладкавання і цвёрдага дарожнага пакрыцця. Забрукоўка вуліцы ідзе ў паскораным тэмпе з-за хуткага заканчэння будоўлі і адкрыцця новай гарадской пошты. З моманту перанясення пошты ў новы гмах, частка руху з вуліцы Сувальскай аўтаматычна скіруецца на Выган, таму вуліца Міцкевіча, на якой стаіць новая пошта, ажыве" .

У другой палове жніўня будоўлю новага гмаха наведаў міністр пошт і тэлеграфаў Польшчы Калінскі. Было вырашана, што новая пошта пачне працаваць да 7 верасня 1938 г., а стары будынак будзе перададзены прыватнай гімназіі.

Адразу пасля пачатку працы, выявілася нечаканая праблема: "Барыкада з ровараў каля новай пошты. З моманту перанясення бюро паштова-тэлеграфнай управы ў новы будынак па вуліцы Міцкевіча, у часы перад поўднем рух кур'ераў з розных арганізацый значна вырас, прычым кожны з іх карыстаецца роварам. Таму на вуліцы перад новай поштай заўжды ляжыць барыкада з ровараў".

Тым не менш, у нашым горадзе з'явілася, магчыма, самая прыгожая вуліца, якая, аднак у першыя месяцы не мела нават вулічнага асвятлення: "Самая новая вуліца Ліды без асвятлення. Да часу пераносы пошты ў новы гмах на Выгане гарадскія ўлады парупіліся аб поўнай перабудове вуліцы Міцкевіча. Вуліца ўпарадкавана на ўзор цэнтральных вуліц горада, перад гмахам пошты нават заасфальтавана, што з'яўляецца абсалютнай навінкай для Ліды. Ходнікі вельмі шырокія і з прыгожымі газонамі. Вуліца Адама Міцкевіча ў Лідзе сваім выглядам можа канкураваць з лепшымі вуліцамі Вільні. Але толькі ўдзень, бо ўвечар пануе на ёй егіпецкая цемра. Няма ані адной лямпы. Чаму кіраўніцтва гарадской электроўні не звяртае на гэта увагі?" . Дарэчы, з гэтага тэксту выцякае, што першай заасфальтаванай вуліцай горада была вуліца Міцкевіча.

Пасля пераносу гарадской пошты ў новы будынак, паштовая ўправа выпрацавала новы план дастаўкі карэспандэнцыі. Горад быў падзелены на 10 раёнаў (да гэтага часу пошту разносіла 8 паштальёнаў, стала 10), прычым карэспандэнцыя жыхарам горада пачала дастаўляцца два разы ў дзень. Часы дастаўкі пошты сінхранізаваліся з прыбыццём варшаўскіх віленскіх цягнікоў у Ліду, дзякуючы чаму, кожны жыхар атрымліваў цэнтральныя газеты і астатнюю пошту першы раз каля 9 раніцы. Гэта было вельмі значанае паляпшэнне паштовай справы горада. За добрую арганізацыю працы, начальнік лідскай пошты Батаровіч заслужыў вялікую павагу ў гараджан.

Але ганаровае асвячэнне новага будынка пошты адбылося толькі на пачатку траўня 1939 г. Верагодна толькі да гэтага часу быў цалкам закончаны мантаж абсталявання. "Курьер Віленскі" пісаў: "У межах святкавання свята 3-га Траўня (Дзень Канстытуцыі 1794 г. - Л.Л. ) адбылося ўрачыстае асвячэнне пабудаванага коштам 524 000 зл. гмаха Паштовай Управы. Пасля асвячэння будынка ксян-дзомдэканам Г. Баярунцам, прадстаўнік міністэрства Поштаў і Тэлеграфаў, пан дырэктар Шпачынскі сказаў прыгожую прамову. За ім выступіў дырэктар Віленскай Акругі Поштаў і Тэлеграфаў пан Навіцкі які расказаў пра ўмовы пабудовы гмаха і адзначыў, што Ліда ляжыць на лініі, якая злучае паўночны ўсход са сталіцай. Ад імя гараджан выступіў дырэктар гімназіі асаднікаў пан Мэнжык ". Адзначым, што замест першапачатковай сумы ў мільён злотых, новы будынак з абсталяваннем абышоўся ў 524 тысячы. Цікава, на чым з'эканомілі?

Дарэчы працаваць на пошце было прэстыжна працоўныя дабра зараблялі. Мемуарыстка Я. Ярмант, дачка лідскага чыгуначніка, пісала пра знаёмую лідскую сям'ю: "Пан Коркут займаў нядрэнна аплачваную пасаду на пошце. Ён спачатку працаваў у старым будынку на Сувальскай вуліцы, а пазней у новым прыгожым будынку пошты на вуліцы Міцкевіча. Яго ні разу не скарачалі, і сям'я Коркут была лепш, чым мы забяспечана матэрыяльна".

Будынак лідскай пошты - гэта сапраўдны шэдэўр стылю функцыяналізму. Вельмі добра што гэты сапраўдны помнік архітэктуры першай паловы ХХ ст., знаходзіцца пад дзяржаўнай аховай.

Эпідэмічны корпус шпіталя

У кастрычніку 1935 г. староства Лідскага павета аб'явіла таргі на дастаўку будаўнічых матэрыялаў, а ў ліпені 1936 г. таргі на выканне работ на будаўніцтва эпідэмічнага корпуса лідскага шпіталя.

Асвечаны новы шпітальны гмах, прызначаны для лячэння заразных захворванняў, у лютым 1938 г., калі ў Лідзе праводзіўся з'езд лекараў. Новы будынак меў кубатуру каля 3 000 м3, сучасны еўрапейскі выгляд і найлепшае медыцынскае абсталяванне. Каштаваў ён каля 130 000 злотых. Новы шпітальны корпус падзяляўся на 4 аддзелы. Першы з іх, даглядны аддзел, складаўся з кабінета лекара, пачакальні і трох ізалятараў, астатнія тры аддзелы прызначаліся для лячэння інфекцыйных хворых. На другім паверсе знаходзіўся аддзел хворых на сухоты на 12 ложкаў. На плоскім даху шпіталя запраектавана і дзейнічала веранда для лёгачна-хворых. Новы шпіталь меў памяшканні для 2 медсясцёр і 3 санітарак. Уся інфекцыйная бальніца была разлічана на 22 асобы, але пры неабходнасці, без пагаршэння агульнага камфорту тут могло лекавацца 39 хворых.

Пад шпіталем збудавана жалезабетонная супрацьпаветраная сховань са скляпеннямі, якія мелі 35 см. таўшчыні. Плоскі дах быў пакрыты адмысловым навейшым на той час будаўнічым матэрыялам "Конга". Над дахам месціліся водазборнікі, з якіх ў той час давалася вада ва ўсе бальнічныя карпусы.

Новы шпіталь меў цэнтральнае ацяпленне і сучаснае электраабсталяванне з дзвюмя сістэмамі асвятленя - вячэрняй і начной. Да кожнага ложка была падведзена разетка радыёфікацыі.

Будоўляй новага гмаху кіраваў павятовы архітэктар Вацлаў Галік.

Пасля пачатку працы новага вызваліўся стары інфекцыйны корпус. У старым корпусе у трох памяшканнях планавалася абсталяваць рэнтгенаўскі кабінет, а ў астатніх - амбулаторыю, якой у горадзе пакуль не было. Амбулаторыя павінна была месціцца тут ажно да часу пакуль не будзе пабудавана новая паліклініка (Оsrodek zdrowia). Паліклініку павінны былі будаваць на пляцы каля шпіталя, будоўлю пачаць ужо ўвесну 1938 г. і закончыць у 1939 г.

Дырэкцыя шпіталя ў Лідзе, пасля пераводу хворых у новазбудаваны корпус на 22 ложкі, прыступіла да грунтоўнага рамонту старога шпітальнага корпуса, пабудаванага ў 1922 г. на грошы Амерыканскага Чырвонага Крыжа.

Школа на Слабодцы

Школу № 4 на Слабодцы (сучасная школа №10 на Слабадзе) пачалі будаваць у 1936 г. Улетку 1937 г. "Кур'ер Віленскі" паведамляў, што два паверхі ўжо пабудаваны, "у школе будзе 12 аўдыторных памяшканняў, лабараторыі, кабінеты настаўнікаў, пакой адпачынку, гардэроб, прыбіральні і памяшканне для вартаўніка. Кошт будынка 135000" . Тады ж на будаўніцтва школы гарадскія ўлады дадаткова атрымалі ад Фонду Працы 10000 злотых. У лістападзе 1937 г. "гарадскія ўлады дадаткова атрымалі 10 000 ад Фонду Працы для заканчэння будаўніцтва школы № 4" .

У ліпені 1938 г. гарадскія ўлады вырашылі "нарэшце закончыць будаўніцтва школы на Слабодцы" , таму, верагодна, першых вучняў гэтая школа прыняла 1 верасня 1938 г.

Новая школа была самай прыгожай у павеце.

(Працяг у наст. нум.)

Леанід Лаўрэш


Чарнобыльская катастрофа і Мікалай Слюнькоў

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

- Мне пашанцавала з жонкаю, дзецьмі. Часам пэўнюся, не было б іх - я б не змог працаваць па 10-12 гадзін у суткі. Выхадных было мала.

Асобныя тупыя і зайздросныя сцвярджаюць, быццам дзеці начальнікаў лайдакі, вырвачы, блатнякі. М.М. Слюнькоў катэгарычна супраць такой высновы. Як правіла, дзеці начальнікаў і інтэлігентаў значныя працаўнікі, адказныя людзі.

Цікава правесці даследаванне, разважае ён, у якім пласце/плыні грамадства сярод дзяцей болей дэградантаў, дэбілаў. Чые нашчадкі папаўняюць усемагчымыя дамы інвалідаў - глухіх, сляпых, дэбільных, істэрычных, - папаўняюць турмы. Фактычна і ў працэнтным плане. За кардонам такія даследаванні вяліся, яны не на карысць рабочага класа, сялян, напаўінтэлігентаў, зайздросных балбатуноў. Слюнькоў упэўнены, у сапраўднага працаўніка, хто б ні быў - рабочы ці механізатар, інтэлігент або кіраўнік - бракусоў дзяцей мала.

У Мікалая Мікітавіча Слюнькова трое дзяцей. Усе працавалі змалку, паводзяцца прыстойна. Наталля - доктар архітэктуры, член-карэспандэнт Акадэміі навук Расіі. Турботаў з дзецьмі ў бацькі практычна не было.

- Што Вы думаеце пра смерць.

Закон у яе адзін - для бедняка і мільянера, механізатара, інжынера і старшыні. Розніца, калі і ў якім стане ты будзеш перад ёю, выспаведніць Слюнькоў. Спяшаць на сустрэчу да бабулі з касой нельга, калі ты нармальны, баяцца таксама лішне. Рабі сваё, можнае, табе дасяжнае, узорнае - і ні пра што не турбуйся.

- Нарадзіліся - і мы пачынаем... паміраць. Сыходзіць да продкаў, традыцыяў.

Калі нармальны чалавек яе моцна баіцца - жыць будзе абы як, а мо' і зусім не жыцьме нармальна. Колькі сябе памятае М.М. Слюнькоў, колькі разбіраў чужых праблем і спраў - у кожнага нешта не ў парадку. У яго таксама не ўсё ў парадку. У суседа, прыяцеля, сваяка таксама не ўсё ў парадку.

Значыць, усё нармальна, усё ў парадку.

У кожнага ўдумнага наступае час, калі просіць Наймагутнага, Усебачнага і Найдобрага пазбавіцца болю, не быць цяжарам для блізкіх і крэўных. Гэта справядліва, жыццёва.

- Ужо рыхтуюся да зыходу ў..., як Вы сказалі ў рамане, у Тагаіснасць, дадому. Не трэба людзям фіглярнічаць, наракаць на родных, начальства, абставіны. Наракай на справы, грахі свае, найпершы сярод грахоў тваіх - нязробленае.

Не пішчы пра ласку Бога да сябе, працуй, дабрачнічай - і Ён пачуе цябе. Смерць вартная, каб жыць; думай пра яе, ухіляйся, тады, заспакойнены, не будзеш надрывацца ў слязах і ўздыханнях пры яе набліжэнні.

- Як Вы адносіцеся да пакарання смерцю? Калі ёсць пярэчанні, можаце не адказваць.

- Найвялікае пытанне. Вымагае адказу, ад кожнага. Па-Божаму адношуся, як сказалі б мае дзяды-прадзеды.

- ???

- Хто парушае волю Бога, не заслугоўвае скідкі. Ні ў чым. Чалавек не сам нараджаецца. Душу жывому даюць не маці і тата. І калі хтосьці, разумны ці тупы, парушыў волю Бога, або задумаў парушыць волю - вырашыў зсамагубнічаць ці пазбавіць другога чалавека жыцця, то хай не поўзае на каленях, не вымольвае літасці ў Яго. Прасі яе ў блізкіх табой забітага. Не адно ў закона. Паднімі забітага, а тады аргументуйся, выплаквайся.

Мікалай Слюнькоў згодны, ёсць выключэнні, абставіны, вопыт/нявопыт - усё трэба ўлічваць. Такім вялікая строгая адседка. Аднак калі чалавек зразу забіў болей аднаго, другі раз забіў некага, падвучыў на забойства двух і болей - такім не трэба вылітасціўвацца ў судоў ці Прэзідэнта. Бярыце ў гэтым плане прыклад ЗША. Усяго ў шаснаццаці штатах ЗША адменена смяротная кара, у астатніх - ні блізка.

Пасягнуў на волю Бога, перарэзаў нітку жыцця чалавеку - адказвай. Блізкія не навучылі, не папярэдзілі пра велізарны грэх забойства і самазабойства - кайцеся, адказвайце, цярпіце родзічы ганьбу ад забойцы і самазабойцы.

Не гадзіцца славяніну адракацца агульначалавечых традыцыяў. У цяперашніх вымольваннях - пашкадуйце родных забойцы, пакіньце яму жыццё, ён пераладзіцца, прыгодзіцца - логіка ёсць. Логіка аднаго боку. Яна спараджае новыя забойствы. А калі б вырачэнец ведаў адвечную чалавечую традыцыю - загіне сам, жыццём расплоціцца, - не замахваўся б на лёс іншага, баяўся б уласнай смерці. Асцярогся б з раненнямі іншых. Мала хто з шкадобнікаў узважвае слёзы акалечанага, забітага, іхніх сваякоў, у тыя слёзы таксама варта ўслухоўвацца. Карацей, чытайце, людцы, беларускія Статуты, ВКЛаўскія. Там ёсць адказы на многае, многае.

Думкі, вывады ў Слюнькова вынашаныя, акрэсленыя, на запамінанне мудрым, не адно пене.

Дачка Святлана разоў колькі ўваходзіць у пакой, узгадвае пра лякарствы, стому Мікалая Мікітавіча. Намечаная кароценькая размова зацягнулася. Тым не меней прашу вялікага чалавека зямлі беларускай напісаць мне пажаданне на кнізе. Любое, толькі напішыце.

Дзякую за подпіс. Не ўтрымліваюся ад апошняга пытання:

- Пра што вы цяпер часцей ад усяго думаеце?

Усміхаемся, абодва хваробы і лячэнні адхіляем.

- Пра справу, сям'ю, Айчыну. Можна наадварот - пра сям'ю, народ беларускі, справу. - Гасцінны гаспадар памаўчаў секунды дзве. - Не перабольшваю, у сэрцы і думках яны - Беларусь і сям'я.

Прашугавела колькі месяцаў. Віншую Мікалая Мікітавіча з Калядоўем, Калядою, Нараджэннем Хрыстовым, Новым 2014 годам.

Дзякуе, таксама зычыць усяго добрага. На паўторнае ўдакладненне "і з Нараджэннем Хрыстовым" рэагуе спакойна. Пра значнае свята ведалі ўсе на планеце, на вярхах СССР тым болей, адзначалі можа і не ўсе, нявокідна, аднак ведалі, значылі. З саюзных кантор Нараджэнне меней душылі, чым умекі местачковага засолу.

Моцна дзякуе, што ўзгадаў пра яго ў дакументальным чарнобыльскім рамане "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе", 612 стар.

- Пра сустрэчы з Вамі, размовы - усё праўдзіва там. Ні ў адзін бок збольшвання, зменшвання. - Чатырохсекунднае маўчанне як мага далікатна запаўняю. Пра Слюнькова напісана не проста ў дадатным плане - станоўчым. - Працэнтаў колькі (натужна вышукваю слова) і змінусавана. Чарнобыльская катастрофа многіх падсвяціла з кантрасных бакоў. Не мог вялікіх беларускіх кіраўнікоў адно светлым паказваць.

Чалавек толькі што раздумваў над кожным выказваным у тэлефонную трубку словам, зацяжна ўслухоўваўся ў пачутае, прамаўляўся з павольнасцю, а тут нечакана паспешна ўдакладніў:

- Мяне ці парадкі?..

- Савецкія завядзёнкі. Паўсюдную тагдышнюю абыякавасць, неабавязковасць...

Зноў трапнае ўдакладненне:

- Правільна. Без крытыкі паказваць чарнобыльства немагчыма. Яно - лакмусавая папера.

- Савецкага безладу, - не столькі цэлка, колькі дакладна ўстаўляю я.

- Рэзкавата. Занадта рэзкавата. Назбіралася непарадкаў (замінка) па вушы, яно так, але...

- Непарадкі я і крытыкаваў. Вас зачэпліваў таксама, - смялею я, калі не сказаць нахабнею.

- У сістэме я быў, высокай сістэме. Без крытыкі ніводзін з нас не абыходзіўся, не абыйдзецца. Я тым болей.

Камень з душы. З кем-кім сапраўды вялікім гаварыць лёгка, пра штохочна. Адразу аблягчэнне ў размове. Яшчэ раз падкрэсліваю, у маім дакументальным рамане ўсе главы і раздзелы заснаваныя на дакументах і яе вялікасці праўдзе. Пытаю, ці згадзіўся б паважаны Герой і герой твора прачытаць саму кнігу.

Зацягненае маўчанне парушае Мікалай Мікітавіч. Адна з прычын сённяшняй і блізкай нашай несустрэчы, будзем шчырымі да рэшты - памяці ў Мікалая Слюнокава не стала.

- Мала памятаю. Мроілася, так не можа быць, не можа. А так ёсць. Сустракацца хоць з кім не магу, не цягну сэнс гутаркі, не ведаю часам, пра што восьвосьна казалася. Усё сходу вылятае.

- Перабольшваеце, ей-Божачку, перабольшваеце. Заяўляю аўтарытэтна. Памятаеце, Вашу рэцэнзію і прадмову да кнігі "Трактары "Беларусь" - гордасць дзяржавы Беларусь" абмяркоўвалі шаснаццаць гадоў таму. У Вас сёння тая ж доказнасць, лагічнасць.

- Вы два гады назад хацелі, каб я прачытаў і завізаваў ваш матэрыял пра чарнобыльскую катастрофу і маё дачыненне да яе.

Нічога сабе памяць слабая ў чалавека, адразу ўімгненілася ў маіх мазгах. Памятае даўнія намёкі. Зараз скажа, што ён тады фактычна дазволіў друкаваць інтэрвію.

- Сёння, думаю, тая ж прычына ў Вас. Не толькі віншаванне з Нараджэннем Хрыстовым і Новым годам. У беларускіх рэдакцыях сядзяць звышасцярожнікі, часам папугаі. Ведаю, выказваўся Вам, пра мяне адмоўна не напішаце. Размаўлялі, бачыў Вас, веру Вам.

Слюнькоў працяжна ўздыхае. Паўторна дзякуе, што ў рамане напісана пра яго, пра размовы з ім, сустрэчы. Чытаць хоць старонку інтэрвію цяпер не зможа. Думка траціцца, прачытанае вылятае сходу, як надпісы на плоце і лозунгу.

- Інтэрнэта няма, ноўтбука няма. Яны мне і не трэба. - Кароткая размова, адчуваецца, стаміла Героя. - Жыву ў дачкі, сам абслугоўвацца не магу.

- Ва ўсіх з гадамі здароўе слабее, - спрабую заікнуцца пра ўласную аперацыю.

- Здароўе, якое здароўе ў маім узросце... Скажу Вам, на кожны ўзрост павінна быць мяжа. Ад прыроды. Нельга сталаму і пажылому дажыць да выдзяцінства. - Уздых, перадых. - Вось гэта страшна.

Восем месяцаў у 2012 годзе Мікалай Слюнькоў не выходзіў з кватэры ні разу. Сёлета паўтараецца тое ж, пагоршанае. Як будзе ў 2014, не ведае. На словах, фактычна ведае.

- Час сышоў, за ім мы сышлі, зыходзім. - Услухваемся ў ціхае маўчанне тэлефонаў. - Такія, кшталту Вас, задаволеныя развалам СССР, многія - не, цяпер усвядомілі гэта.

- Наадварот, Мікалай Мікітавіч, многія радуюцца распаду.

- Нельга было планы цагельнага заводзіка, магілёўскага "Хімвалакна", МТЗ зацвярджаць выключна ў Маскве, нельга будаўніцтва ДК у раёне дазваляць у Маскве, патрэбна было даць рэспублікам сапраўдную федэрацыю, незалежнасць амаль ва ўсім. Не дапетрылі. Райшчыкі, кшталту Якаўлева, зудзелі рознае. Замежныя прыхлябаі выстарваліся.

Уздыхае другі, трэці раз.

- Не так унезалежніліся, многія шкадуюць. Ні правоў, ні грошай. Ад абрамовічаў і дзерыбаскаў нацыям тая ж памога, як была ад касмапалітаў Троцкага і Бухарына.

Адчуваю, стаміў размоўніка, усё ж спрабую фразу-другую пачуць пра цяпершчыну.

- Час складаны на Беларусі, як ніколі. Усе жывуць адным днём, фактычна нікому нічога не трэба. Пазбываюцца многага. Як той жа беларускай мовы. - Зацягнены перадых, быццам для лепшага засваення сказанага. - Асобным кіраўнікам не да будучыні, абы пражыць і грашаўню атрымаць.

Мае далікатныя закіды пра рэзкаватасць выказу Мікалай Слюнькоў перабівае:

- Савецкая ўлада многім стала кепская, атрымайце лепшую. Па колькасці беларускамоўных класаў можаце меркаваць.

Як мага цяплей развітваемся. Чалавек, які толькі што скардзіўся на заслабелую памяць, нечакана папытаў, ці ўсё добра я запомніў з раней прамоўленага і сёння.

- На сто працэнттаў не магу сказаць... Таму і хацеў бы, каб Вы ўсё-такі завізавалі нашыя сумоўі.

Такой вясёлай упэўненасці ў стомленым голасе Мікалая Мікітавіча не чуў даўно:

- Ад мяне, паверце, пратэстаў не будзе. Нават калі прапаўзе якая недакладнасць.

- Блізкія...

- Блізкія мае тым болей не запратэстуюць.

Ляному, неасветнаму і зайздроснаму ўсюды перашкоды, аблуды, цемра. Развіламу дух і розум у любым узросце і пасаднасці ўсюды святло, радасць, жыццясцвярджальнасць. Нават пры вялікіх фізічных нядугах. Мікалаю Мікітавічу Слюнькову ёсць за што дзякаваць жыццю, а жыццю - цярплівых і светланосных, як ён. Словы такіх павучальныя, не забываюцца.

Валер Санько


ЛЮБЛЮ

Лідзія НІЧЫПАР


Ах, Беларусь мая, я так люблю

Твае лясы,

дзе сосны рвуцца ў неба!

На думцы я сябе

заўжды лаўлю:

Другой краіны мне не трэба.


Люблю бярозавы вясёлы гай,

Дзе промні сонца

скачуць па лістоце -

Прыйдзі сюды і тут адпачывай,

Калі душа твая ў самоце.


Люблю падняцца раніцай

з зарой,

Ісці ў палі, дзе ніва каласіцца,

І дзе вярба пахіла над ракой

У люстра вод глядзіць -

не наглядзіцца.

Л/с "Пралескі", г. Дзятлава.


ПАРЦЭЛЫ

Алесь МАКРАЦОЎ

* * *

Ночы і дні

мільганулі

спалоханай

зебрай...

* * *

Недавер...

паміж мной

і прыродай.

Чарнобыль...

* * *

Плуг часу...

У ворыва

ператварае

будучыню...

* * *

Новыя твары

дрэў...

за суцэльнай

высекай...

* * *

Распірае сцены

сталіцы...

Паглынае

в'ёску з палямі...

* * *

Нібы святлафор

колеры...

дзяўчына

сукенкі мяняе...

* * *

Чалавек...

пад сябе

сусвет

падганяе...

* * *

Чыстая,

светлая,

дзіцячая...

душа мамы....

* * *

Бацька

і маці...

на розных

могілках...


Хто распазнае почырк?

Пятага траўня на прэзентацыі ў Таварыстве беларускай мовы маёй кнігі пра забойства Купалы "Грэх на іх нязмыўны" Ніна Багінская ўручыла мне паўтары старонкі тэксту:

- Мажліва, зацікавіць. - Далікатная пахваліла фактуру і стыль кнігі, задала некалькі ўдакладняльных пытанняў. Падумала, паўзіралася ў мяне. - Паслухала ваш аповяд пра забойства Купалы, ухіліста-рэзкія адказы дапытнікам і падумалася, прапанаваны тэкст дзе-небудзь выкарыстаеце.

- Чаму мне яго даяце?

- Ад літаратуры я далёка, сэрцам чую, важнае ў запісе. Некаму трэба аддаць яго, бо прападзе. Многім мерылася ўручыць... Усё неяк не ўпадобвалася - паводзіны, творчасць, абцякальнасць словаў...

- Мне даверылі, дзякую за гэта.

Яшчэ раз сузіраем адметны жаночы почырк дзённікавай старонкі, выказваем згадкі. Людская колаверць пры заканчэнні сходкі нам не замінае.

Гадоў колькі таму ўмяшчальны файны аўтобус імчаў на Смаленшчыну групу беларускіх журналістаў, пісьменнікаў, краязнаўцаў. З Нінай Багінскай па дарозе ў Катынь за чатыры гадзіны язды мы нагаварыліся. Узгадвалася праца, савецкія і цяперашнія парадкі, дзяржаўныя і літаратурныя працаўнікі.

Мая суразмоўніца, прамалінейная адкрытая дабрачка, спявуха, кампанейскі чалавек, у групе ўсім падабалася. Мне асабліва - любасцю да старабыччыны і песнямі.

- Дзе вы ўзялі тэкст? Чый ён?

- Каб я ведала.

Ніна Багінская, пенсіянерка з нема-лым стажам, здагадвалася пра такое пытанне. Да запісу прышчапіла акрайчык паперкі: "Перадала мне на мітынгу 25 сакавіка 2005 года вельмі сталага веку жанчына".

- Можа дзе выкарыстаеце, сказала яна. У тры савецкія газеты я прапаноўвала тэкст, прырэдакцыйных грамацеяў тэкст не зацікавіў, нікога. Разумным штампы на ім патрэбны, подпісы. Цяпер мне шмат гадоў, як тая жанчына, баюся, каб напісанае ў раннія ліхалетныя пасляваенныя часы зусім не прапала, - хуценька шэпча Багінская.

Думалася, удваіх паўзгадваем, хто аўтар тэксту. Не ўдалося. Жанчына спяшыла ў сям'ю.

Мажліва, хто з чытачоў, асабліва літаратуразнаўцаў узгадае каму належыць гэты почырк.

"Недалёка за Прагаю жыў у пана і даіў кароў Мікола Судзеў. Быў гэта харошы просты хлопец з арміі Балаховіча. Жыў з чэшкаю Машанаю, вельмі працавітаю жанчынаю. Дзяцей ў іх не было. Судзеў ахвотна прыязджаў да нас, сяліўся да беларусаў і ўмеў жыць куды лепей за ўсіх нас, асведчаных ідыялістаў. Мяне ён вельмі любіў. Пасля вайны ўзяў савецкае грамадзянства і прынёс на яго анкеты нам. Калі я ад іх адмовілася, дык з болем заўважыў: "Вы будзеце вялікай па смерці". Паводле яго практычных разлікаў такое не аплачвалася. Кожнаму сваё.

Былі і іншыя ў Чэхах і Славаччыне, але яны да нас не звярталіся, беларускія перспектывы былі ім нецікавыя. Каб нешта сапраўды зрабіць для народу, дык трэба было ісці на небяспеку і забывацца зусім аб сабе. Не кожнаму такое да густу, ды горай, ня ўсім пад сілу, чэхам было бяспечней. Мы вельмі спагадалі чэхам, але ім здавалася тады, што яны маюць ворагаў толькі немцаў. А ў нас было ворагаў болей, ад якіх нам гразіла знішчэнне, і мы гэта добра разумелі. Змаганне нашае пакуль што было амаль без перспектыў, але ні на што нягледзячы, уніжаныя часта і пакрыўджаныя, мы ўпарта змагаліся за правы свае, за зямлю дзядоў сваіх, за мову нашу прыгнечаную, за сваю гісторыю і дзяржаўнасць. Ля такой барацьбы заставаліся толькі адчайныя волаты. У мяне без мужа было даволі цяжкае матэрыяльнае становішча. Справа ў тым, што доктар Градзіл плаціў мужу вельмі нямнога, а каб танней яму было, дык у працоўнай кніжцы ганарар мужа быў запісаны напалову меншы, бо тады меней плаціць на касу хворых і іншых падаткаў. А калі мужа забралі, дык плацілі мне толькі паводле кніжкі. Градзіл ведаў гэта, але яму такое было абыякава. На карткі было пражыць цяжка, а дакупіць ужо не было за што. Я расказала гэта ўсё фраў Піпер (Піплер), і яна парадзіла мне схадзіць да доктара Вектара (Вехтара, Вехтэра), які быў начальнікам Саюзу нямецкіх лекараў...".

Пісьмо не мае пачатку, канца, але змест яго багаты, значыць эпоху.

Разумею, архіўным стараннікам, дацэнтуры і прафесуры тэкст можа здацца драбязою. Тым не меней дасведчаных прашу ўгледзеццца ў літаркі і фразы.

Вераемна, нас усіх чакае прыемнае літаратурнае адкрыццё.

9.5.2014 г. Валер Санько , пісьменнік.


Я тут жыву. Марыі Шаўчонак - 70

Шаўчонак Марыя Сіланцьеўна нарадзілася 11.05.1944 года ў в. Новы Востраў Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. Паэтэса, журналістка. Член СПБ. Лаўрэат прэміі імя А.І. Дубко ў намінацыі "Пісьменнік года" ў 2005 г.

У 1965 г. скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала настаўніцай у Ракавіцкай СШ, у 1966 - 1978 гг. - у Шчучынскай раённай газеце "Савецкая вёска". З 1978 г. - старшы рэдактар аддзела літаратурна-мастацкіх праграм Гарадзенскай абласной студыі тэлебачання. Працавала ў выдавецтве інстытута сучасных ведаў, у Гарадзенскім абласным аддзяленні СПБ (з 2001 па 2002 г.).

Першы верш надрукавала ў 1954 г. (газета "Піянер Беларусі"). Друкавалася ў калектыўных зборніках "Рунь" (1964), "Краю мой Нёман" (1989), "Литклуб" (2006), у альманахах "Нябесны знак", у рэспубліканскіх часопісах і газетах. У Саюзе пісьменнікаў з 1979 г. Выдала кнігі "Белая ластаўка" (1971), "Свята зямлі" (1976), "Бацькоўскае імя" (1981), "Раса - расінка" (1985), "Белыя свечкі каштанаў" (2005), "Искорка сердца" (2006). Стварыла абласное грамадскае літаратурна-мастацкае аб'яднанне, якое выдае альманах "Нябесны знак". Жыве ў г. Гародні.

Я тут жыву

Я тут жыву. Жыву па-рознаму,

Пабуду трохі тут яшчэ.

Мне тут для розуму і роздуму

Зручней, утульней і ямчэй.


На ўсё былое аглядзецца,

Былое ўсё перацаніць,

I ў сэрца кропельку цяпельца,

З былога ўзятую, ўжывіць.


Няхай яна штуршком тым будзе,

Які наноў асветліць дні

I передасць зямлі і людзям

Магніт сардэчнай дабрыні.


* * *

Навальніца адсекла свае карані,

I за хмарай панёс яе вецер.

Лёгкі подых палёгкі спалоханых ніў

Падхапіла намоклае вецце.


Цішыня. Толькі музыка кропляў з галін.

Толькі сполахі дальняй вясёлкі:

Гэта час нараджэння паданняў-былін,

Гэта час, калі толькі ўсё, толькі


Пачынае і дыхаць, і жыць

Пачынае ўсё быцца нанова.

Хіба ж можна імгненняў такіх не любіць,

Не знайсці для іх лепшага слова?

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX