НАША СЛОВА № 21 (1172) 21 траўня 2014 г.
Беларуская мова павінна быць асноўнай
13 траўня падчас прэс-канферэнцыі мітрапаліт Павел выказаўся адносна беларускай мовы: "Наведваючы агульнаадукацыйныя школы, я бачыў, што там ёсць класы беларускай мовы, ёсць класы рускай мовы, - сказаў кіраўнік БПЦ. - Зусім нядаўна я быў у Слоніме, спытаў, на якой мове ідзе асноўнае выкладанне. Кажуць, што асноўнае выкладанне ідзе на беларускай мове, але ёсць і кнігі на рускай мове. Гэта існуе ва ўсіх епархіях, дзе я быў, і гэта звычайна".
"Я думаю, гэта правільна, у Беларусі, безумоўна, асноўнай мовай павінна быць беларуская" , - падкрэсліў мітрапаліт Павел.
Патрыяршы экзарх, па яго словах, беларускую гаворку разумее, але пакуль не валодае мовай настолькі, каб размаўляць на ёй. Ён паведаміў, што набыў дапаможнік па беларускай мове і "некалькі разоў яго адкрываў", аднак часу на падрабязнае знаёмства, да прыкладу, з беларускай літаратурай у яго не шмат.
У праваслаўнай царкве няма такога паняцця, як кананічная мова, таму набажэнствы і пропаведзі могуць ісці на любой даступнай пастве мове. "Усе місіянеры вывучалі мясцовую мову, потым рабілі на яе пераклад Евангелля, малітоўніка і прапаведавалі, гэта звычайна" , - запэўніў мітрапаліт.
Ён адзначыў, што раней адзін менскі святар ужо спрабаваў праводзіць набажэнствы выключна на беларускай мове, аднак гэта адпудзіла тую частку вернікаў, якая яе недастаткова разумела. Тым не менш, калі праваслаўныя вернікі Беларусі захочуць маліцца на роднай мове, то ўладыка падтрымае гэтую ідэю.
"Пачалі прапаноўваць раннюю літургію на адной мове, познюю - на другой. Мы гэтаму таксама перашкаджаць не будзем" , - дадаў праваслаўны іерарх.
Еўрарадыё.
Хочам хакею па-беларуску
Старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай
тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь
Г. Б. Давыдзьку
220870, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9
Паважаны Генадзь Браніслававіч!
У нашу арганізацыю паступаюць скаргі ад прыхільнікаў і заўзятараў хакею на тое, што тэлетрансляцыі і аналітычныя спартовыя праграмы з хакейнага першынства свету вядуцца на мове суседняй дзяржавы, а беларуская мова - мова краіны-гаспадара чэмпіянату свету - ігнаруецца. Просім Вас неадкладна выправіць гэтае становішча і даць указанне ўсім тэлекаментатарам весці тэлетрансляцыі на дзяржаўнай беларускай мове.
У шматлікіх неафіцыйных гутарках і размовах з замежнымі калегамі беларускім заўзятарам, журналістам, супрацоўнікам сістэмы Міністэрства замежных спраў даводзіцца, прыніжаючы годнасць краіны-гаспадара чэмпіянату, тлумачыць, быццам нашыя тэлежурналісты не дастаткова валодаюць беларускай мовай. Але ж гэта не так. Такое недарэчнае становішча моцна псуе міжнародны імідж Рэспублікі Беларусь як незалежнай краіны і ў вачах прадстаўнікоў шматлікіх замежных СМІ і ў вачах турыстаў - аматараў хакею з іншых краін. Спадзяёмся, што Вы ўважліва слухалі Пасланне Кіраўніка нашай краіны да беларускага народа і Нацыянальнага сходу 22 красавіка 2014 г. і падзяляеце яго меркаванне: "Калі мы развучымся гаварыць на беларускай мове, мы перастанем быць нацыяй".
З павагай,
Старшыня ТБМ А.Трусаў
"Будзьма!"
26 траўня (панядзелак) адбудзецца "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым.
Пачатак - 18. 00 гадзін. Румянцава, 13 Уваход вольны.
110 гадоў з дня нараджэння Адама Русака
Адам Герасімавіч РУСАК (11(24).05.1904, в. Пясочнае Ігуменскага павета Менскай губерні, цяпер Капыльскі раён Менскай вобласці - 21.3.1987, г. Менск, пахаваны ў в. Пясочнае Капыльскага раёна), паэт-песеннік. Член СП Беларусі з 1939. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1964).
Бацька, Герасім Сямёнавіч, і маці, Марыя Ігнатаўна, не мелі сваёй зямлі, парабкавалі ў паноў і вясковых багацеяў. Дзед, па бацькавай лініі, Сымон Русак адслужыў 15 гадоў у царскай арміі, атрымаў надзел - дзесяціну зямлі, пабудаваў хату, ажаніўся з цыганкай Марыяй. Адсюль і пайшла вясковая мянушка "цыганы". Бацька быў скрыпачом-самавукам, іграў полькі і кадрылі. Музычныя здольнасці бабулі-цыганкі і бацькі ўнаследаваў і Адам.
У 1914 годзе Адам Русак скончыў Пясочнаўскую пачатковую школу. Працаваў на гаспадарцы. У 1922 г. паступіў у Менскі будаўнічы тэхнікум. Тэхнік з яго не выйшаў. Ён больш хадзіў па тэатрах і рэстаранах, каб паслухаць музыку, чым сядзеў над чарцяжамі. У хуткім часе пакінуў вучобу. У 1925-30 гг. вучыўся ў Менскім музычным тэхнікуме, іграў у сімфанічным аркестры Беларускага радыё і адначасова служыў музыкантам у Чырвонай Арміі (1928-30). У 1930-34 вучыўся ў Ленінградскай кансерваторыі па класе скрыпкі і валторны. Адначасова з 1932 года і пасля заканчэння кансерваторыі працаваў салістам аркестра Ленінградскага малога акадэмічнага тэатра оперы і балета. У 1942-44 гг. разам з тэатрам эвакуяваны ў Арэнбург. З 1949 года працаваў салістам аркестра Белдзяржфілармоніі. З 1959 года пенсіянер рэспубліканскага значэння.
Першы верш А. Русака "Мая песня" апублікаваны 27 траўня 1927 года ў часопісе "Чырвоны сейбіт". Больш рэгулярна пачаў друкавацца з 1932 года ў часопісах "Полымя рэвалюцыі", газетах "Звязда", "Літаратура і мастацтва". У 1940 годзе быў падрыхтаваны да друку першы яго зборнік "На родных палетках", але вайна перашкодзіла яго своечасоваму выданню. Ён убачыў свет толькі ў 1946 г. Адам Русак - аўтар зборнікаў паэзіі "Песні і вершы", "Песні" (на рускай мове), "Пад голас баяна", "Толькі з табою", "Звонкія крыніцы", "Закрасуйся, Нёман", "Песні на словы А. Русака", "Засцілайце сталы", "Песні радасці" і інш. Выдаў кнігі вершаў для дзяцей "У Буслаўцы", "Добра ведаю ўрок". У пачатку творчага шляху А. Русак не ставіў за мэту пісаць песні, але кампазітары самі звярталі ўвагу на яго вершы. Паступова ён стаў прафесійным паэтам-песеннікам.
Абяссмерціла імя Адама Русака песня "Бывайце здаровы, жывіце багата...", напісаная І. Лобанам на яго словы.
Вікіпедыя.
АЛЯКСАНДРУ ГРУДЗІНУ - 60
Аляксандр Пятровіч ГРУДЗІНА нарадзіўся 23 траўня 1954 года ў горадзе Шклове Магілёўскай вобласці. У 1977 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці інжынер - механік. Працаваў у Шклоўскай райагра-прамтэхніцы, Шклоўскім райкаме КПБ. З 1991 па 2013 год выкладчык Шклоўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №12.
Вядучы краязнавец у Шклове. Удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку буклета "Шклоў, Шклоўскі раён Шлях праз стагоддзі" Мінск, 2007 год.
Аўтар дзвюх кніг, шэрагу навуковых артыкулаў. Неаднаразова друкаваўся ў перыядычных выданнях: у "Настаўніцкай газеце", "Нашым слове", "Краязнаўчай газеце", "Могилевских ведомостях", раённай газеце "Ударны фронт", аматарска-пазнавальна-аналітычных газетах "Шклоўскія навіны" і "Шклоў інфо".
Аўтарская праграма "Шклоў - гісторыя і сучаснасць", распрацавана А. Грудзінам і разлічаная на вучняў старэйшых класаў, зацвержана Магілёўскім абласным інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў адукацыі 6.06.2002 года.
Удзельнічаў у стварэнні пакоя баявой і працоўнай Славы Шклоўскай райаграпрамтэхнікі і гісторыка - краязнаўчага музея Шклоўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №12. Неаднаразовы ўдзельнік міжнародных і рэгіянальных навукова - практычных і краязнаўчых канферэнцый. Удзельнік Першага з'езду беларусаў свету (Менск, 1993 год). Сябар ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і ГА "Магілёўскі абласны гістарычна-патрыятычны пошуковы клуб "ВІККРУ". Прозвішча А. Грудзіны згадваецца ў кнізе "Кто есть кто в Республике Беларусь". Дыпламант конкурсу "За лепшы твор аб Радзіме" газеты "Шклоў-інфо" (2009 год).
Вікіпедыя. (Пра А. Грудзіну чытайце на ст. 4.)
Беларускую мову - у музей!
Не, не ў тым сэнсе, што пакласці на паліцу з акамянеласцямі. Размова ідзе пра музей мовы ці музей беларускай мовы, які можна адкрыць у Беларусі.
У чытача можа ўзнікнуць натуральнае пытанне: а што можна выстаўляць у такім музеі? Словы? Гукі?
Дарэчы, можна і іх, прычым робіцца гэта больш чым у сарака пяці такіх музеях па ўсім свеце. Дакладней, 45 іх было ў 2009 годзе, паводле даследавання моўных музеяў Нарвежскага культурнага цэнтра. Лічыцца, што зараз мода на такія ўстановы. У згаданым даследаванні адзначалася, што на момант справаздачы планавалася стварыць яшчэ восем музеяў.
Першы музей мовы адчыніўся ў 1927 годзе ў Аўстрыі, гэта быў музей эсперанта. Наступны - пасля доўгага перапынку - у 1975 годзе, музей мовы афрыкаанс у Паўднёвай Афрыцы.
Вылучаюць некалькі тыпаў музеяў мовы. Адны з іх прысвечаны моўнай разнастайнасці ва ўсім свеце. Гэткі, напрыклад, Міжнародны музей моваў у Даніі. Таксама распаўсюджаны музеі, тэма якіх - мінарытарная мова, напрыклад музей аксітанскай мовы ў Італіі. Наступны тып - музеі нацыянальнай мовы пэўнай краіны. Напрыклад, ва Украіне існуе музей гісторыі ўкраінскай мовы, які месціцца ў вёсцы Матвееўна Вільнянскага раёна Запарожскай вобласці. Да гэтага ж тыпу належыць і, напэўна, найбольш вядомы і вялікі моўны музей - музей партугальскай мовы ў Сан Паўлу, Бразілія.
Гэты музей быў адкрыты на трох паверхах былой чыгуначнай станцыі ў 2006 годзе на плошчы 4333 квадратныя метры. Менавіта на той станцыі многія эмігранты ўпершыню аказваліся ў партугаламоўным асяроддзі.
Вылучаюць і чацвёрты тып, хаця ён ахоплівае музеі, якія пакуль існуюць у лепшым выпадку ў праекце, - гэта музеі так званых сусветных моў: англійскай, кітайскай і іншых.
Прыналежнасць музея да пэўнага тыпу можа мяняцца. Напрыклад, музей афрыкаанс ствараўся ў рэчышчы ідэалогіі афрыканерскага нацыяналізму, аднак пасля краху апартэіду музей павярнуўся тварам да шматмоўнасці і шматкультурнасці.
Які тып музея патрэбны Беларусі? Верагодна, спалучэнне музея беларускай мовы і мовы ўвогуле. Што датычыцца моваў увогуле, то адпаведныя выставы змогуць узбудзіць цікавасць да моўных пытанняў у прынцыпе, зацікавіць наведвальнікаў ідэяй моўнай разнастайнасці.
Але галоўнай мэтай бачыцца папулярызацыя беларускай мовы. Таксама пашырэнне ведаў пра беларускую мову і мовы ўвогуле, стымуляцыя навуковых даследаванняў у галіне моўнага адраджэння і моўнай разнастайнасці. У нас ёсць літаратурныя музеі, таму варта, каб музей мовы не дубляваў іх, а вылучаўся арыгінальнасцю
Якім чынам музей можа спрыяць папулярызацыі мовы? Ён мусіць паказаць наведвальнікам, што беларуская мова задавальняе іх патрэбы: патрэбы ў багацці сродкаў самавыяўлення на мове, у прыгажосці, у разнастайнасці, патрэбу ў гонары за сваю гісторыю і іншыя.
Каб быць папулярным, трэба каб патрэбам наведвальніка адпавядаў і сам музей. Адной з такіх патрэб з'яўляецца патрэба ў здзіўленні. Дапусцім, як прапануюць праекціроўшчыкі музея англійскай мовы ў Вінчэстэры, там павінна быць "скарбніца" - хай невялікі, але ўнікальны збор артэфактаў, якія датычацца мовы. Гэта могуць быць сярод іншага першыя запісы голасу чалавека, які прамаўляе па-беларуску, запісы выступаў вядомых беларусаў і інш.
Калі ў музеі будуць матэрыяльныя артэфакты, то натуральна, што ён павінен мець сваё памяшканне, а не быць музеем-сайтам. Музей у будынку стане арыгінальным навукова-забаўляльным комплексам, месцам інтэлектуальнага адпачынку для ўсёй сям'і. Уласнае памяшканне дасць магчымасць стварыць на базе музея навукова-даследчы цэнтр моўнага адраджэння. Тут можна праводзіць сацыяльна-псіхалагічныя даследаванні, семінары і канферэнцыі, часовыя выставы.
Будынак дае шырокія магчымасці для задавальнення яшчэ адной патрэбы - патрэбы ў забаве. Для гэтага трэба адмовіцца ад канцэпцыі музея як месца, дзе ўсе толькі паважна ходзяць і глядзяць. Музей мае прапаноўваць як мага болей варыянтаў уласнай актыўнасці. Гэта, напрыклад, могуць быць усялякія інтэрактыўныя моўныя гульні: разгадка значэнняў старажытных, слэнгавых і дзіцячых словаў, складанне вершаў, загадкі, анаграмы, крыжаванкі, паліндромы, расшыфроўка кодаў, пошук словаў унутры словаў і яшчэ шмат чаго іншага.
Яшчэ ўявіце, напрыклад, што наведвальнікі ўваходзяць у залу з вялікім інтэрактыўным 3D экранам, на якім бачаць фільм ці анімацыю пра нейкае беларускае месца ў розныя перыяды яго існавання. Пры гэтым яны чуюць рэканструкцыю маўлення месцічаў, могуць перажыць усю эвалюцыю мовы. Дотык да пэўнга персанажа на экране "правакуе" яго на размову.
У музеі партугальскай мовы, напрыклад, маецца праекцыйны экран даўжынёй 106 метраў (адзін з самых вялікіх у свеце), на які адначасова праекцуецца 11 фільмаў. Там таксама маецца так званы моўны планетарый. Гэта амфітэатр, у якім тэксты і выявы праекцуюцца на сцены, столь і падлогу ў музычным суправаджэнні. Сярод тэкстаў - творы партугаламоўных пісьменнікаў і паэтаў, тэксты вядомых песняў. Увогуле, мова ў гэтым музеі прадстаўлена як менавіта дынамічная культурная спадчына, а тэхнічныя сродкі выкарыстоўваюцца, каб адлюстраваць яе няспынную трансфармацыю.
З гэтага ж музея можна пазычыць і яшчэ адну ідэю - інтэрактыўную карту мовы, з якой наведвальнік можна атрымаць інфармацыю пра асаблівасці гаворак пэўнага рэгіёна. Музей у Сан Паўлу наведвае больш за 600.000 чалавек штогод. Аднак цікавыя забаўкі прапануюць і невялікія моўныя музеі.
Напрыклад, Нацыянальны музей мовы ў ЗША, які месціцца ўсяго ў трох пакоях, дае наведвальнікам магчымасць папрактыкавацца ў кітайскай каліграфіі, разгадцы значэнняў індзейскіх словаў і г.д.
У гэтым музеі адна з экспазіцый расказвае пра эвалюцыю пісьмовага маўлення. У нашым будучым музеі можна зрабіць такую ж, дадаўшы гісторыю беларускага пісьма і прапанаваўшы наведвальнікам майстар-клас старажытнабеларускай каліграфіі.
Праекціроўшчыкі музея англійскай мовы збіраюцца выносіць экскурсіі па-за межы музея. Плануецца ладзіць вандроўкі па "моўных месцах" Вінчэстэра, прычым гідам будзе ўласная мабільная прылада з GPS. Мультымедыйныя тэхналогіі дазволяць, напрыклад, экспанаваць электронныя версіі беларускіх і сусветных старадрукаў, прычым з перакладам, агучкай і г.д.
Пры выбары экспанатаў варта надаць увагу не толькі (а можа, і не столькі) матэрыяльным экспанатам, а і жывому маўленню. Па-першае, гэта арыгінальна. Па-другое, гэта прадэманструе, што мова жывая, што яна не ператварылася ў стосы кніг. Згаданае нарвежскае даследванне паказала, што з 45 моўных музеяў толькі 15 арыентуюцца на вуснае маўленне. Хаця ідэя аўдыё-музеяў і архіваў з мэтай захавання моваў узнікла ў ЗША і Францыі яшчэ ў канцы 19 стагоддзя.
Дарэчы, з тэмай аўдыё звязаны яшчэ адзін матыў, якім можна скарыстацца, - эгаістычны. Напрыклад, кожнаму наведвальніку музея англійскай мовы будзе прапаноўвацца зрабіць уласны ўнёсак у музейную аўдыёкалекцыю. Кожны чалавек зможа пад запіс расказаць пра сябе што хоча, а потым паспрабаваць адшукаць свой голас у так званай гукавой скульптуры, што будзе складацца з галасоў тысяч папярэдніх наведвальнікаў.
Моўны музей будзе задавальняць і патрэбу аўдыторыі ў каранях. Наведвальнікі змогуць даведацца пра гаворкі, на якіх размаўляюць іх бабулі і дзядулі, а магчыма, і яны самі.
Мэта гэтага артыкула - пазнаёміць вас з ідэяй моўнага музея і шэрагам тэхналогій для яе рэалізацыі. Калі ідэя вам спадабалася, калі ласка, пішыце свае каментары, дасылайце прапановы ці нават цэлыя праекты арганізацыі музея на адрас Таварыства - яны будуць размешчаны на нашым сайце. А можа, у вас ёсць што прапанаваць у якасці экспанатаў? Вашы прапановы стануць унікальным ўнёскам у карысны праект, рэалізацыя якога - справа няпростая, але магчымая.
На заканчэнне - некалькі спасылак на сайты моўных музеяў:
Музей партугальскай мовы - museu dalinguaportuguesa.org.br
Нацыянальны музей мовы (ЗША) - langua gemuseum.org
Музей мовы афрыкаанс - taalmuseum. co.za
Музей венгерскай мовы - nyelvmu zeum.hu
Канадскі моўны музей - languagemuseum. ca
Дзяніс Тушынскі
Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей
(Паводле матэрыялаў "Нашага слова")
(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Барэйка (Юры Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва барэйка (з суфіксам -эйка ад бароцца ) з семантыкай 'барэц'. ФП: бароцца ('змагацца') - барэйка ('змаганнік, змагар') - Барэйка .
Барэль (Васіль Б., Тацяна Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва барэль 'бадлівы бык' (утварэнне з суфіксам - эль ад бароцца 'бадацца').
Басанец (Анастасія Б.) - дэрыват з суфіксам -ец ад антрапоніма Басан з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Басан-ец . ФП: бас ('самы нізкі мужчынскі голас, а таксама спявак з такім голасам') - басан (утварэнне з суфіксам -ан ад басіць 'спяваць басам') - Басан (прозвішча) - Басанец .
Басін (Якаў Б.) - дэрыват з суфіксам прыналежнага прыметніка -ін ад антрапоніма Бас з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бас-ін . Або ад апелятыва баса ('фаса, вялікая кадушка'), які потым стаў антрапонімам Баса (ад мянушкі баса 'тоўстая, высокая жанчына') - Басін .
Басякова (Аліна Б.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Басяк з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Басяк-ова . ФП: басяк ('прадстаўнік дэкласаваных слаёў насельніцтва', а таксама 'свавольнік, нягоднік' (разм. лаянк.) - Басяк (празванне, потым прозвішча) - Басякова .
Бахметава (Святлана Б.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Бахмет з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бахмет-ава .
Бацян (Віктар Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бацян 'бусел' (дыял.).
Безмацерных (Дар'я Б.) - форма прыметніка роднага склону множнага ліку ад антрапоніма Безмацерныя , што ад апелятыва безмацерны 'які не мае мацеры (мамы)': ФП: мама - без мамы ( мацеры ) - безмацерны - Безмацерны - Безмацерныя (дзеці) - Безма-церных .
Белакоз (Алесь Б.) - другасная форма ад Белакос (азванчэнне канцавога "с" ( з/с ), якое ад апелятыва белыя косы ('белая каса валос'), яго дэрывата белакос . ФП: белая каса (пасма валасоў на галаве) - бе-лакос - Белакос - Белакоз .
Белан (Наталля Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва белан 'чалавек з белым колерам валасоў'. ФП: белы ('які мае колер снегу, малака (процілег. чорны )', 'светлы, ясны', 'які мае белы колер скуры (пра р а су)' - Белы (мянушка і прозвішча) - Белан (як і вялікі - велікан ).
Блізнюк (Аляксандр Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва блізнюк 'адзін з блізнят - асоба мужчынскага полу'. ФП: блізня - блізнюк - Блізнюк.
Бранішэўская (Свят-лана Б.) - дэрыват з прэстыжным суфіксам -эўск ад антрапоніма Бронісь (Броніш) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Браніш-эўская . ФП: Браніслаў - Броня - Бронісь - Бронішка - Бранішэўскі (-ая) .
Брыцько (Аляксей Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва брыцько - ўтварэння з суфіксам -ко ад брыцца 'галіцца' і семантыкай 'той, хто брыецца'. ФП: брыць ( брыцца 'галіцца') - брыцько - Брыцько (празванне) - Брыцько (як і Хацько ад хацець , Хвалько ад хваліцца ).
Б у бала (Антон Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва б у бала 'той, хто збірае бубу (зерне)'. ФП: буба ('зерне') - бубаць ('збіраць зерне') - бубала - Бубала .
Буб е шка (Уладзімір Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бубешка 'бутон'. ФП: бубеха ('бутон') - бубешка ('тоесама') - Бубешка .
Бублікава (Лілія Б.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Бублік з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бублік-ава . Утваральнае слова - семантычны дэрыват ад апелятыва бублік 'бутон'. ФП: бублік ('бутон') - Бублік - Бублі-кава.
Бугай (Казімір Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва бугай , які мае два значэнні: 1) самец буйной рагатай жывёлы; бык; 2) начная балотная птушка сямейства чапляў, празваная так за тое, што вясной самец яе, апусціўшы дзюбу ў ваду, утварае вельмі гучныя гукі, падобныя да рову бугая. А таксама (у форме мн. л.) бугаі 'буякі' (кустовая нізкарослая ягадная расліна сямейства бруснічных, што расце ў нізкіх лясных мясцінах, а так-сама ягады гэтай расліны).
Буднік (Янка Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва буднік ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. А. Піскунова (2012, с. 142) - утварэння ад буды 'лясныя промыслы' (БелСЭ, т. 2, с. 53) з выкарыстаннем суфікса -нік ( буд-нік ). ФП: буды - буднік - Буднік .
Буйніцкая (Марына Б.) - дэрыват з прэстыжным суфіксам -іцк - ад антрапоніма Буйны з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Буйніцкая. Утваральнае слова - ад апелятыва буйны 'багаты, раскошны, шчодры, вялікі па колькасці, хуткі, магутны і пад.'. ФП: буй-ны (апелятыў) - Буйны (антрапонім) - Буйніцкі (ая) . Або ад Буйнік і ('мясціна') - Буйніц-скі - Буйніцкі.
Булавацкі (Міхась Б) - утварэнне з суфісам -цк- ( - ацк- ) ад антрапоніма Булава з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Булав-ацкі . Утваральнае слова - ад апелятыва булава 'старадаўняя зброя - кароткая палка з шарападобным патаўшчэннем на канцы, якая была сімвалам ўлады ў 15-18 стагоддзях у ВКЛ і іншых дзяржавах' (БелСЭ, т. 2, с. 461). ФП: булава -Булава - Булавацкі.
Булат (Алег Б., Алена Б.) - семантычны дэрыват ад апелятыва булат 'даўнейшая ўзорыстая высокаякасная сталь для клінкоў, а таксама сам клінок (меч, шабля, кінжал) з такой сталі'.
Бутылін (Міхась Б.) - дэрыват з прыналежным суфіксам прыметніка -ін ад антрапоніма Бутыль з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бутыл-ін . Утваральнае слова ад дыялектнага апелятыва бу-тыль ( бутэль, буталь ) 'вялікая бутэлька'. ФП: бутыль ( рас. 'бутля') - Бутыль (празванне, потым прозвішча) - Бутылін .
Бушлякоў (Юрась Б.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Бушляк з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Бушляк-оў . Утваральнае слова - мажлівы дэрыват з суфіксам -як ад апелятыва бушаль 'мера ёмістасці сыпкіх цел у Англіі , ЗША і некаторых іншых краінах (каля 36 літраў' (англ. bushel ) з семантыкай 'асоба, якая мела дачыненне да гэтага'. ФП: бушаль - бушляк - Бушляк - Бушлякоў .
Быстранкова (Тяцяна Б.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Быстранка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Быстранка - Быстран-к-ова . ФП: быстранка ('невялікая прэснаводная рыба сямейства карпавых') - Быстранка (мянушка - 'рыбак, які лавіў такую рыбу ці часта карыстаўся такім найменнем у маўленні') - Быстранкова .
Бялецкі (Віктар Б.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -цк-(-ск-) ад Беліца з семантыкай 'жыхар (народзінец) названай мясцовасці'. Або прэстыжная (шляхетная) форма ад антрапоніма Белы ці Бялы .
Бяліцкая (Ганна Б.) - утварэнне ад уласнай назвы паселішча Беліца з выкары-станнем суфікса -ск-(-цк-) : Беліц-ская - Бяліцкая .
Вабішчэвіч (Тацяна В.) - форма бацькаймення з фармантам -эвіч ад антрапоніма Вабішч з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Вабішч-эвіч . Утваральнае слова - дэрыват ад Вабішча 'мясціна для прываблівання пчол, дзе размешчаны невялікія вуллі - вабікі'. ФП: вабіць ('прывабліваць') - вабік ('вулей для пчол') - вабі-шча - Вабішч ('асоба - абслуга вабішча') - Вабішчэвіч .
Вайноўскі (Міхал В.) - дэрыват з прэстыжным суфік-сам -оўскі ад антрапоніма Война з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Война-аўскі - Вайноўскі . Утваральнае слова - дэрыват ад вой 'воін' з фармантам -іна : войіна 'жанчына-ваяр' або 'жонка воіна-ваяра'. ФП: вой ('ваяр') - война - Война - Вайноўскі .
Валатоўскі (Вячаслаў В.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам - (оў) - скі ад Вала-тоўка з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Валатоўка - Валатоў-скі . ФП: волат 'казачны герой незвычайнай сілы, удаласці і мужнасці; асілак'; 'велікан, гігант', 'геній, бытан') - Валатоў-ка ('мясціна волатаў', вёска непадалёку Гомеля) - Валатоў-скі . Або ад апелятыва валатоў-скі 'які мае адносіны да волата; як у волата' шляхам субстантывацыі і антрапанімізацыі (пераходу ў прозвішча).
Валахановіч (Анатоль В.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад Волахан з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Волахан-овіч . ФП: Ва-ладзімер (імя ўсход.-слав.) - Волах - Валохан - Валахановіч (М. Бірыла Беларуская антра-панімія 1982, с. 118-119).
Валошчык (Мікалай В.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Валоха з семан-тыкай 'нашчадак названай асо-бы': Валош-чык . ФП: Валадзі-мер - Валодзя - Валоха - Вало-шчык .
Валуненка (Ірына В.) - дэрыват з суфіксам -енка ад антрапоніма Валун з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Валуненка . ФП: валун ('вялікі камень - абломак горнай пароды') - Валун (мянушка, потым прозвішча) - Валуненка .
Валчок і Волчак , Ваўчок (Лілія В., Алег В., Аляксандр В.) - дэрываты з памяншальна-ласкальным суфіксам - ок/-ак ад антрапоніма Волк/Воўк з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Валч-ок, Волч-ак, Ваўч-ок (чарг. к/ч ). Прозвішчы могуць разглядацца і як семантычныя дэрываты ад апелятываў адпаведнага гучання з семантыкай 'невялікі (малады) воўк' ( валчок, волчак, ваўчок ).
Валчэцкая (Алена В.) - утварэнне ад антрапоніма Волчэк з выкарыстаннем прэстыжнага фарманта -ская і се-мантыкай 'нашчадак названай асобы'. ФП: волк - Волк - Волчэк - Валчэцкая .
Валынец (Аляксандр В.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -ец ад Валынь (Валы-н-ец) з семантыкай 'жыхар (народзінец) названай мясцовасці': Валынь - Валынец .
Ваніслаўчык (Дзмітры В.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Ваніслаў з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ваніслаў-чык . ФП: Венцеслав (стараж. слав. імя) - Ваніслаў - Ваніслаўчык .
Варановіч (Хрысціна В.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Варона (Воран) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Варан-овіч . ФП: варона (воран) - Варона (Воран) - Варановіч.
Варанцоў (Міхаіл В.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Варанец з семантыкай 'нашчадак названай асобы' Варанец - Варанц-оў . ФП: варона - Варона - Варанец ('сын асобы') - Варанцоў .
Варонік (Святлана В.) - дэрыват з суфіксам -ік ад антрапоніма Варона з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Варон-ік .
Варонька (Аліна В.) - дэрыват з фармантам -ка ад антрапоніма Варан ы з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Вараны - Варонька . ФП: варан ы ('чорны - звычайна пра масць каней') - Вараны (асоба) - Варонька .
Варатынскі (Кірыл В.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Варатынічы (в. у Кобрынскім р-не Брэсц. вобл.) з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Варатын(ічы)-скі .
В а сечка (Іван В.) - памяншальна-ласкальная форма імя з суфіксам -ечка ( Вас-ечка ) набыла функцыю прозвішча. ФП: Васіль - Вася - Васечка.
Васільчанка (Мікалай В.) - дэрыват з суфіксам -анка ад антрапоніма Васілька з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Васільк(ч)-анка . ФП: Васіль - Васілька - Васільчанка .
Васілючак (Мікалай В.) - дэрыват з суфіксам -ак (-ек/-эк) ад антрапоніма Васілюк з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Васілюк(ч)-ак . ФП: Васіль - Васілюк - Васі-лючак .
Васько (Яніна В.) - прозвішчная форма з канцавым "о" ад імя (памянш.-ласк.) Васька з мэтай адмежавацца ад яго. Як і Валадзько .
Ваўкавец (Яўген В.) - дэрыват з суфіксам -ец ад назвы паселішча Ваўкоўшчына , Ваўкі (вёскі, Віцебск. вобл.) з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Ваўк-авец , Ваўкоў(шчына)-ец = Ваўкавец .
Ваўкавыцкая (Таццяна В.) - адтаппанімічны дэрыват ад Ваўкавычы з суфіксам -ск- : Ваўкавычская - Ваўкавыцкая .
Варачаева (Анастасія В.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ев-а ад антрапоніма Варачай з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Варачай-ева . Утваральнае слова - семантычны дэрыват ад апелятыва варачай - (утварэння з суфіксам -ай ад варочаць : варач-ай ) 'той, хто варочае' (пераварочвае з боку на бок, варушыць, в а ліць на бок, перакульвае, круціць вакол восі' і пад.). ФП: варочаць - варач а й - Варач а й - Варача-ева.
Вашкевіч (Марыя В.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Вашка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Вашкевіч. ФП: Васіль - Ваха - Вашка - Вашкевіч .
Верхачуб (Уладзімір В.) - семантычны дэрыват ад апелятыва верхачуб , які ад спалучэння верхам чуб .
(Працяг у наст. нумары.)
Павел Сцяцко
Грудзіна Аляксандр Пятровіч: заміж аўтабіяграфіі
Нарадзіўся 23 траўня 1954 года ў горадзе Шклове Магілёўскай вобласці. У 1977 годзе скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасці інжынер - механік. Працаваў у Шклоўскай райаграпрамтэхніцы, Шклоўскім райкаме КПБ. З 1991 па 2013 год выкладчык Шклоўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №12.
У нядзелю 24 чэрвеня 2001 года ў капліцы Магілёўскай грэка-каталіцкай парафіі Бялыніцкага абраза Маці Божай быў ахрышчаны і адначасова венчаны з жонкай Алай. Святы сакрамант здзейсніў святар Пётр (Анры) Мартэн. На набажэнстве прысутнічала старэйшая дачка Алена. Адразу пасля ўрачыстага мерапрыемства, разам з іншымі грэка-каталіцкімі вернікамі Магілёва, выехаў у Кіеў на сустрэчу з Папам Янам Паўлам другім. На наступны дзень, 25 чэрвеня, ў Кіеве трапіў на Святую Імшу і сустрэчу са Святым Айцом, якая праходзіла ў візантыйскай традыцыі.
З чаго ж пачалася такая пільная ўвага да родных мясцін? Адказ на гэтае пытанне трэба пачынаць з часоў вучобы ў сярэдняй школе. У пачатку 60 - х гадоў гэта была адзіная двухпавярховая школа ў горадзе Шклове. Побач знаходзіўся былы будынак гарадской ратушы, які меў мясцовую назву "каланча". Кожны дзень, знаходзячыся на школьным двары, погляд міжволі сустракаўся з гэтым старажытным, паўразбураным будынкам з вежай. Унутраныя пакоі са скляпеннямі, высокая вежа і цагляная муроўка падзямелляў заўсёды вабіла і прыцягвала. Будынак, у асноўным, з'яўляўся безгаспадарчым, таму была магчымасць вольна наведваць яго і па - свойму вывучаць. У дзіцячай свядомасці мроіліся неверагодныя падзеі, якія нібыта тут павінны былі адбывацца ў мінулым. Сярод бітай цэглы і смецця вельмі хацелася "нешта" знайсці і даведацца аб якой - небудзь цікавай падзеі.
Потым была вучоба ў сельскагаспадарчай акадэміі. На той час (1972 - 1977 г.г.) у акадэміі вучыліся студэнты з розных куткоў Беларусі, іншых рэспублік былога СССР, а таксама шмат студэнтаў з замежных краін. Безумоўна, за гады вучобы сярод студэнтаў неаднойчы ўзнікалі самыя разнастайныя спрэчкі, дыспуты, або проста пачыналася гаворка, дзе заўсёды можна было пачуць: "А вось у нашым горадзе", або "А вось у нашым раёне...", і потым суразмоўца паведамляў нешта цікавае са сваіх родных мясцін. Каб падтрымліваць размову, трэба было добра ведаць усё, што звязвала з тваім родным кутам. Іншы раз - нават ісці ў бібліятэку і шукаць звесткі "пра Шклоў".
Мой старэйшы брат Уладзімір жыў у Менску. Калі я наведваў яго, дык ён заўсёды арганізоўваў якую-небудзь паход-экскурсію па тагачаснай сталіцы БССР. Ягоная цікавасць да ўсяго, імкненне да пазнання наваколля, напэўна так-сама зрабілі ўплыў на будучае маё захапленне.
Пасля заканчэння акадэміі пачалася праца ў Шклове. Шклоўская раённая газета "Ударны фронт" заўсёды друкавала інфармацыю па гісторыі Шклоўшчыны. Асабліва цікавыя паведамленні рабілі ўжо сталыя мясцовыя краязнаўцы Лявон Анціпенка, Міхаіл Ільюшэнка, Іван Кулікаў, Іван Маісеяў. Пазнаёміўшыся бліжэй з гэтымі цікавымі людзьмі я назаўсёды захапіўся краязнаўствам і між волі стаў даследчыкам Шклоўшчыны. З цягам часу з'явілася жаданне і самому паспрабаваць сябе ў якасці аўтара. І вось 16 лютага 1980 года з'явіўся ў раённай газеце мой першы артыкул "Вецеран у страі". З гэтага моманту я супрацоўнічаю з "раёнкай" больш як два дзесядзігоддзі. У сваю чаргу праз краязнаўства я па іншаму пачаў успрымаць гісторыю, культуру, веравызнанні беларускага народа. Гэта таксама дапамагло мне усёй душой палюбіць і родную мову.
Сваімі настаўнікамі ў даследчыцкай працы лічу былога рэдактара раённай газеты "Ударны фронт" Лявона Анціпенку і навукоўца, рэдактара альманаха "Магілёўская даўніна" Аляксандра Агеева.
Вынікам шматгадовай даследчыцкай працы з'явіліся кнігі:
- "І родныя сэрцу мясціны…" (некалькі нарысаў па гісторыі горада Шклова), якая пабачыла свет у 2007 годзе;
- "Мой радавод, мая сям'я", якая пабачыла свет у 2011 годзе
Гэтыя выданні з'явіліся дзякуючы духоўнай і матэрыяльнай падтрымцы маіх сяброў Рыгора Кастусёва і Пятра Мігурскага.
Асобныя працы па гісторыі Шклоўшчыны ўвайшлі ў наступныя кнігі:
1. Памяць. Гісторыка - дакументальная хроніка. Шклоўскі раён. Мінск, "Універсітэцкае", 1998 год.
2. "Гістарычныя лёсы Верхняга Падняпроўя". Магілёўскі абласны краязнаўчы музей. Магілёў, 1995 год.
3. Гісторыя Беларускага Падняпроўя. Магілёўскі абласны краязнаўчы музей. Магілёў, 1999 год.
4. Проблемы археологии и древняя история Верхнего Поднепровья и соседних территорий. МГУ имени А. Кулешова. Могилев, 2002 год.
5. Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць. Упраўленне культуры Магілёўскага гарвыканкама. Магілёў, 2003 год.
6. Наш регион. Шкловский район. Из прошлого в будущее. Под общей редакцией кандидата экономических наук Мигурского П.С. Шклов, 2006 год.
7. Гістарычнае і сацыя-культурнае развіццё Магілёва. УА "Магілёўскі дзяржаўны універсітэт харчавання", УА "Магілёўскі дзяржаўны універсітэт імя А.А. Куляшова", УК "Музей гісторыі Магілёва", Магілёў, 2007 год.
8. Кастусёў Р.А., Мігурскі П.С. Шклоўскі раён, стратэгія развіця. Мінск, 2007 год.
9. Другая сусветная вайна ў лёсе беларускага горада. УК "Музей гісторыі Магілёва", УК "Цэнтральная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва". Магілёў, 2009 год.
10. Проблемы и перспективы становления гражданского общества. Учреждение образования "Могилевский государственный университет продовольствия". Часть 2, Могилев, 2010 год.
11. Магдэбургскае права на Магілёўшчыне: учора, сёння, заўтра. Сацяльна-культурнная ўстанова "Рэгіянальнае бюро стратэгія развіцця і міра", Рэспубліканская праваабаронча-асветніцкая арганізацыя Рух "За свабоду", Магілёў, 2012 год.
Артыкулы па краязнаўчай тэматыцы друкаваліся ў краязнаўчых зборніках:
"Магілёўшчына" №5 1994 год, №6 1995 год, №7 1997 год, №8 1998 год, №11 2011 год;
"Краснапольскія краязнаўчыя чытанні", 2005 год;
"Клімавіцкія краязнаўчыя чытанні", 2006 год;
"Культура праз прызму духоўнасці", 2007 год;
"Шклоўскі раён: шлях праз стагоддзі", 2008 год;
Альманах "Магілёўская даўніна": № 4, 1996 год, № 5, 1997 год, № 9, 2001 год;
Часопісы:
"Ave Maria" № 12, 1998 год, № 1-2, 2002 год;
"Магілёўскі мерыдыян". Том сёмы (2007 - № 3-4 (10-11), Магілёў, 2007 год;
Дайджест публикаций о белорусской истории "Деды" № 4, 2010 год;
Удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку буклета "Шклоў Шклоўскі раён Шлях праз стагоддзі" Мінск, 2007 год.
Неаднаразова друкаваўся ў перыядычных выданнях: "Настаўніцкая газета", "Наша слова", "Краязнаўчая газета", "Могилевские ведомости", у раённай газеце "Ударны фронт", аматарска-пазнавальна-аналітычных газетах "Шклоўскія навіны" і "Шклоў інфо".
Аўтарская праграма "Шклоў - гісторыя і сучаснасць", разлічаная на вучняў старэйшых класаў, зацвержана Магілёўскім абласным інстытутам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіраўнічых работнікаў і спецыялістаў адукацыі 6.06.2002 года.
Удзельнічаў у стварэнні пакоя баявой і працоўнай Славы Шклоўскай райаграпрамтэхнікі і гісторыка - краязнаўчага музея Шклоўскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 12. Неаднаразовы ўдзельнік міжнародных і рэгіянальных навукова - практычных і краязнаўчых канферэнцый. Удзельнік Першага з'езду беларусаў свету (Менск, 1993 год). Сябар ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і ГА "Магілёўскі абласны гістарычна-патрыятычны пошуковы клуб "ВІККРУ". Прозвішча згадваецца ў кнізе "Кто есть кто в Республике Беларусь". Том 1 (Наука и образование), Энциклопедикс, Минск, 2001 год, С. 186. Дыпламант конкурсу "За лепшы твор аб Радзіме" газеты "Шклоў-інфо" (2009 год).
А.П. Грудзіна, г. Шклоў.
Аўтар не адказваў на ўсе пытанні
Нямала мне прыходзілася быць на прэзентацыях кніг. На такой пабываў упершыню. Як не выломвалі рукі/ногі аўтару кнігі пра забойства Янкі Купалы - "Грэх на іх нязмыўны" (2013, 146 стар., 100 экз.) - сабраныя ў ТБМ аматары беларускай мовы і літаратуры, краязнаўцы і пісьменнікі - Валер Санько цвёрда трымаўся наважанай лініі:
- Напісаў як мог, пра што ўбачылася і ўведалася. Пра сабраную нявыкарыстаную ў кнізе фактуру як-небудзь пасля паталкуем. Пры мажлівым перавыданні нашмат расшырыцца.
- Удалося расшыфраваць многіх герояў вашай аповесці-ўявы, - настойвалі Анатоль Федаровіч, Ілля Копыл, Яўген Гучок, Алесь Чэчат, Ніна Багінская.
Правільна расшыфравалі ці няправільна, адказу ад аўтара выпытнікі не атрымвалі. Пісьменнік і доктар народнай медыцыны В. Санько цяжка ішоў да бачання забойства беларускага паэтычнага генія, расплаты забойцам увойну і ў пасляваенні, да агіднага пачування галоўнага выканаўцы на Тым свеце (зайздросціў чарвяку на распаленай патэльні) - вераемна, таму аўтар мала гаварыў.
- Столькі гадоў я ішоў да адкрыцця вялікіх паняццяў, а зараз проста так усё выкажу. Не-не, пачакаць трохі давядзецца, - смяяўся ён.
Яго ўхілістасць была не сціпласцю, мэтанакіраваным затойваннем ісціны. Хаця на зараней падрыхтаваныя прадуманыя пытанні карэспандэнта радыё "Рацыя" Вольгі Чарных адказваў крыху даўжэй, але таксама, думаецца, не поўнасцю.
Пры разыходжанні ў В. Санько спыталі, чаму ў Белдзяржлітструктурах доўгія гады яго амаль не друкуюць. Ён адзін у Савецкай Беларусі і незалежнай Беларусі нават выдаў кнігу "Ненадрукаванае. У Белдзяржлітструктурах", 2009, 198 стар., 400 экз.
Гэтым разам адказ В.А. Санько быў ясней яснага:
- Там друкуюць літаратуру, добрую ці пасрэдную, справа дзясятая. Трэба друкаваць жыццё. Першае. Другое, бо там сядзяць знаўцы і ўмекі без шасці-сямі пакаленняў этычнага выхавання, інстытуцкую адукацыю маюць, а літаратурнай смеласці і памяркоўнасці не. Вытлумачыць уласную заўвагу сядзелец не можа, хаця пнецца, каб яе ўлічвалі, было па-ягонаму. Усярэдненасць і шэрасць спараджаюць шэрасць.
- Рэзка.
- Скажыце мякчэй. Пачытайце ў любым беларускім часопісе пяцігадовыя агляды выдатнай беларускай літаратуры, будзе досыць і ясна. Ці ўвогуле знойдзеце.
...Нямала гаварылася пра другую кнігу Валера Санько, дакументальны раман пра Чарнобыльскую катастрофу - "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе" (612 стар.), якая таксама выйшла летась.
Суразмоўе ў цэлым атрымалася ўзаемакарысным, цікавым, як і кнігі.
Старшыня ТБМ Алег Трусаў абмежаваў прэзентацыю вызначаным часам, шматлікія пытанні дапытнікаў і адказы намнога пераўзышлі запланаваныя рамкі сумоўя.
Генадзь Кажамякін, кандыдат філалагічных навук, супрацоўнік бібліятэкі педагагічнага ўніверсітэта імя Танка.
Памяці навукоўца
Выдавецтва Інбелкульт (Смаленск) парадавала навуковую грамадскасць зборнікам "Да сваёй гісторыі: Сярэднявечча і Ранні Новы час". 2013 год. У зборніку змешчаныя артыкулы, у якіх разглядаюцца розныя аспекты айчыннай і сусветнай гісторыі эпохі Сярэднявечча і Ранняга Новага часу. Асабліва ўвага нададзена дыскусійным і маладаследаваным аспектам развіцця беларускіх зямель у першыя дзесяцігоддзі існавання Рэчы Паспалітай. Зборнік прысвечаны памяці вядомага беларускага гісторыка Паўла Лойкі (1958-2010 гг.), ён быў аўтарам шматлікіх навуковых публікацый. Некалькіх школьных падручнікаў і дапаможнікаў, частым госцем на тэлебачанні і радыё, адной з самых яскравых постацей у Інстытуце гісторыі Акадэміі навук Беларусі, вельмі папулярным выкладчыкам гістарычнага факультэта БДУ. Павел Алегавіч пакінуў шматлікіх вучняў, і яшчэ больш людзей сталі, дзякуючы яму, аматарамі беларускай гісторыі.
Як можна зразумець па гэтым зборніку, спадар Лойка займеў тут немалую колькасць паслядоўнікаў і калег па даследчыцкай праблематыцы.
Са сваімі артыкуламі ў зборніку выказаліся: Іна Соркіна, Алена Дзянісава, Наталля Сліж, Настасся Скеп'ян, Макар Шніп, Маргарыта Фабрыкант, Уладзімір Падалінскі, Андрэй Мацук, Сцяпан Цемушаў. Мяне асабіста вельмі зацікавіў тэкст дацэнта кафедры грамадскіх навук Гарадзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, кандыдата гістарычных навук Віталя Галубовіча. Які мае назву "Лісты Уладзіслава ІV Вазы да падскарбія ВКЛ Мікалая Кішкі са збораў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі". Зборнік разлічаны для гісторыкаў і аматараў беларускай мінуўшчыны.
Рэцензентамі кнігі з'яўляюцца доктар гістарычных навук Ю.І. Бохан і кандыдат гістарычных навук А.І. Груша.
Гэты зборнік з накладам 100 асобнікаў - даніна вялікай павагі і памяці, якую аддае цэлае пакаленне беларускіх гісторыкаў чалавеку, чыё імя застанецца адным з самых важных ў айчыннай гістарыяграфіі канца ХХ - пачатку ХХІ стагоддзяў. Кніга каштуе 144000 рублёў.
Аляксей Шалахоўскі , гісторык, былы студэнт Паўла Алегавіча Лойкі.
Паэтычны тыдзень на Лідчыне
Мінулы тыдзень на Лідчыне быў тыднем высокай беларускай паэзіі.
15 траўня ў раён завіталі паэты Леанід Дранько-Майсюк і Эдуард Акулін з прэзентацыяй 9-га нумара часопіса "Верасень", а таксама з прыгожым і чароўным беларускім словам, з мастацкімі і майстэрскімі вершамі і песнямі.
Першая паэтычная імпрэза адбылася ў адной з самых аддаленых ад Ліды школ, у вёсцы Ходараўцы. У школе не так шмат дзяцей, але тыя, якія былі на сустрэчы, аказаліся захопленымі ў палон Яе вялікасцю паэзіяй. А на працягу ўсёй сустрэчы панавала цёплая атмасфера вясковай школы і разуменне, што настаўнікі імкнуцца даць дзецям больш, чым таго патрабуе праграма, адысці ад падручніка ў бок штодзённага разумення і хараства, і беларускай паэзіі.
Другая імпрэза адбылася ў 2-й СШ г. Бярозаўкі. Шмат разоў бывалі паэты на Лідчыне, а вось у Бярозаўку трапілі першы раз. Звязана гэта з тым, што арганізаваць паэтычную сустрэчу ў гарадской школе заўсёды цяжэй, чым у сельскай. Тут звычайна некалькі паралеляў, і патрэбныя большыя арганізацыйныя намаганні. Аднак у гэтай школе намеснікам па выхаваўчай працы працуе філолаг з адукацыі, таму лішні раз тлумачыць, што гэта за часопіс "Верасень", і што за паэты прыедуць, не спатрэбілася. І ў выніку ўсё прайшло бліскуча.
Як зазначыў Леанід Дранько-Майсюк пасля сустрэчы за маладымі бярозаўцамі, ён заўважыў сярод іх цікавасць да беларускай паэзіі, беларускай літаратуры і, па сутнасці, да беларускага слова, да роднай мовы.
- Я думаю, нашую беларускую прастору мы не згубім, бо ёсць яны вучні, якія вучацца ў Бярозаўскай школе, якія чытаюць па-беларуску, якія імкнуцца да таго, каб быць беларусамі. Яны, юныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь па пашпарту, стануць беларусамі па сутнасці, па душы.
16 траўня ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася вечарына "Дажыць да зялёнай травы", прысвечаная памяці Народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Вечарына прайшла ў форме акустычнага канцэрту, на якім бард Зміцер Бартосік прадставіў свой новы альбом "Дзве гітары", дзе сабраныя старыя расейскія песні і рамансы Ал. Вярцінскага, У. Высоцкага, на словы С. Ясеніна, славуты цыганскі раманс пра гітару сяміструнную і інш. А з'яднала іх усе ў адным альбоме тое, што тэксты песень і рамансаў перакладзены на беларускую мову, і зрабіў гэтыя пераклады Рыгор Барадулін. Мастацкае ж выкананне сп. Зміцера паланіла і дарослую, і моладзевую аўдыторыю.
Агулам жа за гэтыя дні да высокай беларускай паэзіі і роднай беларускай мовы дакранулася каля трох соцень маладых лідзян з пяці школ.
Яраслаў Грынкевіч.
Памёр Іван Казлоўскі
Сёмага траўня 2014 года пасля цяжкай працяглай хваробы не стала Івана Іванавіча Казлоўскага, выдатнага педагога-наватара, выкладчыка беларускай мовы і літаратуры лінгвагуманітарнага каледжа УА МДЛУ.
Казлоўскі І.І. нарадзіўся 13 ліпеня 1955 года ў в.Вішнявец Стаўбцоўскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. З 1962 па 1970 год вучыўся ў Вішнявецкай васьмігодцы, з 1970 па 1972 - у СШ № 1 г. Стоўбцы. Любоў да роднага слова прывяла яго на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта Менскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага, дзе Іван спасцігаў педагагічную навуку ў такіх выдатных метадыстаў і навукоўцаў, як Ф.М. Янкоўскі, М.С. Яўневіч, Н.В. Гаўрош, А.А. Каляда і многіх іншых. З 1976 года, пасля заканчэння інстытута, восем гадоў Іван Іванавіч працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Кіраўскай васьмігадовай школы Слуцкага раёна. Практычная работа канчаткова пераканала яго ў правільным выбары прафесіі, ён становіцца адным з лепшых настаўнікам Случчыны. З 30 жніўня 1984 года і да канца жыцця яго жыццёвы і педагагічны лёс быў непарыўна звязаны з Менскім педагагічным каледжам №1 (з 2006 года - лінгвагуманітарны каледж). У гэтай установе ва ўсёй паўнаце разгарнуўся творчы педагагічны патэнцыял Івана Іванавіча Казлоўскага.
Зарэкамендаваў сябе працалюбівым, добрасумленным, творчым выкладчыкам. Характэрнай рысай яго педагагічнай дзейнасці былі пастаянны пошук, жаданне творча засвоіць усё новае і перадавое, выкарыстанне на ўроках апошніх дасягненняў перадавой педагагічнай навукі, досведу лепшых настаўнікаў краіны. На яго ўроках заўсёды было цікава, там панавала атмасфера творчасці, дабрыні, любові да роднай мовы, літаратуры, гісторыі. Досведам свёй работы ён шчыра дзяліўся з калегамі, часта праводзіў адкрытыя ўрокі для выкладчыкаў каледжа і слухачоў факультэта павышэння кваліфікацыі - выкладчыкаў сэрэдніх спецыяльных навучальных устаноў пры БДУ. Яго публікацыі з досведу работы неаднойчы друкаваліся на старонках "Настаўніцкай газеты", часопісаў "Народная асвета", "Беларуская мова і літаратура ў школе" і інш. У 1989 годзе загадам начальніка Галоўнага ўпраўлення сярэдняй прафесійная адукацыі яму было прысвоена званне "Настаўнік-метадыст". За сваю самаадданую працу неаднойчы заахвочваўся ганаровымі граматамі, падзякамі, прэміямі (у 1987 годзе - Грамата МНА БССР). Доўгі час з'яўляўся старшынём ПЦК выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры каледжа і кіраўніком Менскага гарадскога аб'яднання выкладчыкаў беларускай мовы і літаратуры сярэдніх спецыяльных устаноў.
Іван Іванавіч быў прыкладным сем'янінам: добрым сынам для бацькоў, спагадлівым братам, любячым мужам для Раісы Валяр'янаўны, бацькам для цудоўных дачок Жаны і Алены, дзядулем для трох унукаў.
На хвалі нацыянальнага Адраджэння 80-90 гг. мінулага стагоддзя Іван Іванавіч актыўна далучаецца да грамадска-культурнага і палітычнага жыцця Беларусі. З першага дня існавання ТБМ імя Францішка Скарыны, ён адзін з адданых яго сяброў. Прымаў удзел у многіх акцыях гэтай арганізацыі.
Развітацца з Іванам Іванавічам, правесці яго ў апошні шлях прыйшлі шматлікія родныя, калегі, навучэнцы каледжа. Грамадзянская паніхіда прайшла ў рытуальнай зале па вуліцы Альшэўскага, 12. Восьмага траўня 2014 года адбылося адпяванне ў царкве вёскі Вішнявец, там жа на радзіме яго і пахавалі.
Няхай родная зямля будзе яму пухам, а душы лёгка ў нябёсах Бацькаўшчыны!
Алесь Чэчат.
Канверт да 200-годдзя Я. Тышкевіча
"Белпошта" выпусціла мастацкі канверт да 200-годдзя з дня нараджэння Яўстафія Тышкевіча . Тышкевіч Яўстафій Піевіч (18.04.1814, цяпер г. Лагойск Менскай вобл. - 08.09.1873) - беларускі археолаг, гісторык, краязнавец, адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалогіі. Ганаровы член Пецярбургскай АН, Лонданскага археалагічнага інстытута. Заснавальнік і старшыня Віленскай археалагічнай камісіі. З 1855 г. папячыцель Віленскага музея старажытнасцей, які стварыў на аснове ўласных археалагічных калекцый.
На канверце: рэпрадукцыя гравюры Н. Орды "Палац Тышкевічаў у Лагойску" і рэпрадукцыя графічнага твора А. Рагульскага.
Стыль функцыяналізму ў Лідзе да 1939 г.
(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)
Яўрэйская школа
Па вуліцы Садовай знаходзілася адкрытая Тарбутам школа другой ступені, так званая "Тарбут-школа". Ад гэтай школы да нашага часу захавалася бакавая сцяна, да якой пасля вайны была зроблена дабудова (гэты велічная фасадная сцяна знаходзіцца зараз за гарадской бібліятэкай, гэтая сцяна - адзінае, што засталося ад пабудоў старога цэнтра горада). Гэтую Тарбут-школу, дырэктарам якой быў Ханан Ілютовіч, наведвала 500 вучняў, пры канцы 1930-х гг. стары будынак стаў замалы і яўрэйская грамада пачала будаваць трохпавярховую новую "Тарбут-школу". "Новая школа ў Лідзе. Па вуліцы Касцюшкі адбылася ўрачыстая закладка каменя пад гмах яўрэйскай школы, якую будуе Аб'яданне яўрэйскіх школ у Лідзе".
Былы жыхар Ліды Якаў Ілютовіч пісаў: "Будаўнічы камітэт быў абраны, з прадстаўнікоў "Тарбуту" і бацькоў. ... Будаўнічая пляцоўка была набыта бясплатна ў магістрата недалёка ад дзяржаўнай польскай школы. Яўрэйскае насельніцтва Ліды давала грошаў колькі могло. Сегал даваў цэглу з сваёй фабрыкі, тартакі давалі дрэва, а жалеза дала фабрыка Чартока-Штэйнберга. Мецэнаты-купцы Шымон Пупко і Пінхас Рабіновіч далі цэмент. ... З вялікім напружаннем была пабудавана трохпавярховая школа з залай для гімнастыкі і цёплым туалетам. Адбылося вялікае наваселле, на якое было запрошаны шмат гасцей, асобна для бацькоў зрабілі пасядзелкі з "тортам і каньяком". ... Гэта было вялікае свята. ... Школа перажыла вайну ..., і адразу пасля вайны тут была нейкае савецкая ўстанова. Гэта разбіла мне сэрца".
Цяпер тут знаходзіцца Дзіцячая школа мастацтваў. Пабудова моцна зменена рамонтам да Дажынак 2010 г.
Паліклініка
Гэты будынак на вуглу сучасных вуліц Кірава і Перамогі на карце горада 1939 г., якая надрукаваная ў канцы кнігі Я. Ярмонт "В тени замка Гедемина" пазначана як "Паліклініка" , але ўпэўненасці ў гэтым няма, бо ў 1938-39 гг. паліклініка будавалася каля сучаснай бальніцы.
Цяпер у гэтым будынку знаходзяцца розныя медычныя ўстановы горада. Але будаваўся гэты гмах з іншымі мэтамі. У лістападзе 1937 г. віленская газета "Слова" пісала: "Будзе паважны гатэль. Пры збегу вуліц Школьнай і Фалькоўскага, жыхар Жалудоцкай гміны Ян Урбановіч, у адпаведнасці з апошнімі архітэктурнымі патрабаваннямі, прыступіў да пабудовы вялікага мураванага чатырохпавярховага гмаха, у якім плануе размясціць кіназал, рэстаран і гатэль для прыезджых. Трэба адзначыць, што гатэльная справа ў Лідзе з'яўляецца вялікай балячкай, бо дагэтуль гатэляў не хапае" .
У адным з памяшканняў гэтага будынка да нашага часу захаваўся камін.
Прыватныя дамы
У Лідзе захаваліся чатыры жылыя дамы ў стылі функцыяналізму. На жаль, знешні выгляд усіх гэтых будынкаў незваротна зменены падчас сучасных рамонтаў.
Пры канцы 1937 г. газета "Кур'ер Віленскі" пісала: "Разбудова горада Ліды ідзе хуткімі тэмпамі. Адначасова з будоўляй публічных (новая 7-мі класная агульнаадукацыйная школа на Слабадзе, гмах Пошты і Тэлеграфа) хутка з'яўляюцца прыватныя дамы. У апошні час з'явілася ў Лідзе некалькі ладных, эстэтычных і ў сучасным стылі пабудаваных дамоў. Два вельмі прыгожыя двухпавярховыя дамы пабудаваны па вуліцы Гарнянскай (Інтэрнацыянальнай, Л.Л. ) - у месцы, дзе да гэтага часу былі толькі драўляныя дамкі і адзіны прыгожы трохпавярховы будынак пры вуліцы Сувальскай, які зойме Сацыяльнае страхаванне (Ubezpieczalnia Spoleczna)" . У красавіку 1937 г. у адзін з гэтых дамоў пераехаў лідскі аддзел "Кур'ера Віленскага": "7 красавіка пераехаў у д. 8 па вуліцы Гарнянскай (вугал з вуліцай Шаптыцкага, дом спадарыні Мейлун (p. Mejlunowej), тэл. 166" , гэты аддзел да гэтага часу месціўся па вуліцы Міцкевіча 53. Аднак праз год журналісты з'ехалі з Гарнянскай, і адрас лідскага аддзела стаў: Замкавая 4/7 (тут раней была рэдакцыя "Лідскай зямлі"), тэл. 73. Нездарма кіраўніком лідскага аддзела "Кур'ера Віленскага" у тыя часы быў рэдактар "Лідскай зямлі" Ўладзіслаў Абрамовіч. У двух дамах па вуліцы Інтэрнацыянальнай зараз шмат гадоў знаходзіцца скурна-венерычная бальніца.
Дарэчы, улетку 1938 г. Гарадская Рада вырашыла змяніць назву вуліцы Гарнянскай у Ягелонскую, аднак гэта рашэнне яшчэ неабходна было зацвердзіць павятовым уладам. У дакументах 1939 г. гэтая вуліца фігуруе яшчэ як Гарнянская.
Падобна на тое, што будынак былога Сацыяльнага страхавання (Ubezpieczalnia Spoleczna) - гэта надбудаваны на адзін паверх і дабудаваны з абодвух бакоў дом № 27 па вуліцы Савецкай. Прэса паведамляла пра пераезд Соцзабяспечэння ў новы будынак па вуліцы Сувальскай, 93, які належаў віца-бургамістру горада Ёдку.
Два дамы па вуліцы Сувальскай (Савецкай, № 32, 34) каля бровара будавалі напрыканцы 1930-х гадоў. За домам Савецкая 32, у бок бровара, знаходзіцца хлявушок, перад якім засталася дарожка, выкладзеная пліткай-брэкчыяй (ад італьянскага breccia - горная парода, складзеная з вуглаватых абломкаў і сцэментаваная). Такая плітка выраблялася ў горадзе ў межах адмысловай праграмы па барацьбе з беспрацоўем. "Кур'ер Віленскі" пісаў у лютым 1938 г.: "Дзве прамысловыя суполкі (кааператывы), якія будуць рабіць бетонныя і брукарскія работы, пачынаюць працаваць ў горадзе. Фонд Працы даў пазыку ў 4 000 зл. для будаўніцтва і закуп абсталявання для бетанярні і 2 000 зл. на арганізацыю брукарскай суполкі".
Захаваўся цікавы жылы дом-крама 1930-х гг. на Слабадзе, зараз тут магазін "Варшавянка".
Лідскія дамы пабудаваныя ў да 1939 г. у стылі функцыяналізму - стыльныя, прыгожыя пабудовы, якія ўпрыгожваюць наш горад.
Леанід Лаўрэш
Шматгранны талент
Нядаўна выйшлі дзве ўнікальныя кнігі Радзіма Гарэцкага - "Лісты жыцця і кахання", і "Жыццёвы меланж". Яны чытаюцца з незвычайнай цікавасцю, ім безаглядна верыш, бо гэта жывыя непасрэдныя сведчанні эпохі ХХ-ХХІ ст.ст. Напісаныя мужным, свабодным словам, яны прывабліваюць той праўдай жыцця, пра якую не прачытаеш ні ў адным рамане.
Калі "Жыццёвы меланж" - найперш падзеі, людзі, самыя разнастайныя праблемы сённяшняй Беларусі, пададзеныя праз успрыманне аўтара, то "Лісты жыцця і кахання" - эпісталярная спадчына Гаўрылы і Ларысы Гарэцкіх - людзей высакародных, светлых, таленавітых, якія пакінулі нам чалавечную прыгажосць свайго кахання, як прыклад вернасці, умення супрацьстаяць трагедыям свайго часу, самаадана служыць Бацькаўшчыне.
А трагічныя падзеі бязлітасна - жорстка прайшлі праз сям'ю Гарэцкіх падчас сталінскіх рэпрэсій. У самым росквіцце жыццёвага і творчага ўздыму быў расстраляны Максім Гарэцкі - гонар і слава беларускай літаратуры. Не пазбег расстрэльнага прысуду і ягоны малодшы брат Гаўрыла. Але лёс быў літасцівы, ён адбываў пакаранне за неісную віну ў Гулагу. Не зламацца, не апасці духам Гаўрылу Іванавічу дапамагло нязгаснае, высокае пачуццё кахання да сваёй адзінай, непаўторнай у духоўнай велічы Ларуты.
Усе мы ведаем, што сусветная літаратура заснавана на традыцыйных сюжэтах кахання. Але літаратурныя рамантычныя героі, хоць і кранаюць сваімі любоўнымі пакутамі, аднак адчувальна заўсёды іх залежнасць ад фантазіі пісьменніка.
"Лісты жыцця і кахання" - гэта не літаратура, не мастацкі твор, а само жыццё, нявыдуманае, непрыўкрашанае і адрасанты - Гаўрыла і Ларыса Гарэцкія - нашы сучаснікі, сапраўдныя героі, здолеўшыя пранесці вялікае каханне праз усе выпрабаванні доўгага нялёгкага жыцця, перадаць лепшыя жыццядайныя сілы сваім сынам.
Не гледзячы на беспрасветнасць свайго лёсу, у турэмнай камеры Гаўрыла Іванавіч, на маленькіх, тоненькіх паперках, што ўжываліся вязнямі для самакрутак, складаў гімн саёй Ларысе такімі словамі, якія кранаюць да глыбіні душы, і якім можа пазайздросціць кожная жанчына: "8.УІІ.38. Мая любая, любая! Мая самая дарагая, самая харошая, мая чыстая, сьветлая Ларута! Вітаю цябе з нашым радасным днём, з пятнаццацігодзьдзем нашага сумеснага жыцця: шчасьця, якое не праходзіць, а ўсё паглыбляецца і павялічваецца.
Нягледзячы на крыўды, мы спаткаем сёньняшні Дзень з Табою разам, злучанымі больш, чым калі б то ня было раней... Сёньня Ты для мяне - само сонца, само шчасце, уся радасьць, лятуценьне, імклівасьць. Ты ўсесь час стаіш перад маімі вачыма такая сонечная-сонечная, такая сьветлая-светлая, такая, якой Ты была некалі на спатканьні ў Воршы... Ты стаіш сьветлая, маладая, прыгожая, прывабная, як кветка з расою перад усходам сонца. Ты ўся прамень, агністасьць... Якое шчасьце, што я цябе маю. З тваім дарагім вобразам прайду я дзесяткі год самых суровых іспытаў і застануся назаўсёды сьвежым, нязломленым, вартым Цябе. У хвіліны самай вялікай роспачы, самых цяжкіх перажываньняў, мне досыць зірнуць на Тваю сонечную постаць, што нашу я ў сваім сэрцы, каб адразу аднавіцца, страпянуцца, стаць сталёвым, маладым і трывалым. Ты ўсё для мяне - Ты мая мама, мая сястра, мой брат.
Сёньня абяцаю Табе, мая Ларута, што ў часіну самае лютае нядолі, калі трэба б было перастаць жыць, я ніколі ня скончу самагубствам. Я буду жыць для Цябе. для дзяцей. Для рададсьці хоць праз вузенькую шчылінку бачыць Вас, ведаць, што Вы ёсьць на сьвеце, які ўжо праз адно гэта шчасьлівы для мяне. які ня варта самахоць пакідаць ніколі:
З Тваім вобразам у сэрцы, у думках я заўсёды шчасьлівы. Я крамяністы, зямлісты, сталёвы, я радасны ёсьць і буду, незалежна ад самых жудасных умоў. Цюрэмная камера для мяне ня існуе, калі я з Табою ў сваёй істоце. Ты - мой Бог, мой сьвет, усё жыцьцё. Вось і зараз - я адчуваю сябе такім шчаслівым, такім радасным, бо Ты са мною. Ты - мой шыльд, мая браня, мой талісман, да самай сьмерці. Трэба спусціцца ў пекла, каб адшукаць Беатрычэ. І я ўдзячны свайму лёсу, які разаслаў прада мною такі цярністы шлях, бо я адшукаў сваю Ларуту, я зразумеў вялікасьць яе каханьня, я стаў узнімацца на ўзровень гэтае вялікасьці, я пазнаў глыбіню любові. Так, я сапраўды шчасьлівы...
Сёньня разам з Табою сядаю я ў лёгкакрылую калясьнцу ўспамінаў. Мігцяць, лятуць, мінаюць дні, гады..."
І праз многія гады яшчэ мацнейшы напал пачуццяў, пяшчотных, сардэчных слоў: "22.1.51. Любая мая, любая, любая! Ларута, Ларутанька, Лара! Здрыжнічак мой кволы, Зелянёк-Зелянёчак! Дружына мая верная, моцная, вялікая, самаахвярная! Прыгожая мая, прамяністая, сонечная! Кветанька мая квітнеючая, любіста мая веснавая! Дарагая мая, дарагая! Пакутніца мая цярплівая... Колькі перажыла Ты, нацярпелася, намучылася! Зараначка мая, што сьвяціла мне ў раньняй першай ночы маёй...
Сьветлая мая, празрыстая, ясная яскравая Сястрычка мая родная...
Друг мой надзейны, добры... Аблачынка мая лёгкая... Крынічка мая няўтоленая... Птушанятка маё кволае, драбнесенькае...
Маці адданая, чулая, сьвятая. Дарагая мая, дарагая... Спадарожнік мой нязменны, прабачлівы, някрыўдлівы, ціхі... Вярбіначка мая, кусточак ракітавы, сумны-радасны...
О, мая вялікая Сольвейг..."
Такімі ж кранальнымі былі і лісты Ларысы: "28.ІІ.53. Родны мой, далёкі, блізкі! Дарагі мой, дарагі Гурык! Якой пустой стала хата з тваім ад'ездам, як холадна, непрытульна. Я так цябе чакаю - пільна, нецярпліва. Столькі ласкі і пяшчотнасці я нясу табе насустрач - прыдзі, прыдзі, мой Гур! Я мала маю слоў, я не ўмею выказаць тысячы думак і пачуццяў майго каханьня да цябе, удзячнасьці табе і лёсу, што ідзем з табой поруч аднэй сьцежкай, за тое багацце, што так шчодра я мела і маю з табой, за твой сьвет, тваю моц, глыбіню і дрыжэньне. За ўздымы, за яркія зоры, за прамяністасьць, а дабрату, за ўсю тваю пяшчотнасьць, каханьне, за прыгожае, за разумнае. За ўсё, за ўсё..."
Цытаваць можна бясконца, бо кожны ліст цікавы не толькі такімі шчырымі выказваннямі пачуццяў, але і апісаннямі прыроды, людзей, тых мясцін, дзе давялося працаваць Гаўрылу Іванавічу, як геолагу. А колькі ў лістах роздуму, разваг, колькі раскрываецца праблем, абумоўленых рэпрэсіямі, вайной, пасляваеннымі нястачамі. Праз асабістае жыццё сям'і Гарэцкіх паўстае эпоха, разгортваецца сістэма, у якой цяжка было існаваць усім, пераадольваць неймаверныя перашкоды, каб выжыць. Моцныя духам людзі, яны змаглі стварыць гармонію сямейных узаемаадносін, стаць шчаслівымі, бо не былі прыніжанымі "вінцікамі" сістэмы. Святло кахання, адчуванне сваёй чалавечай годнасці і значнасці засланяла, уздымала іх над усімі праблемамі пакутнага дваццатага стагоддзя.
"Лісты жыцця і кахання" - кніга, якая прасвятлае душу, захапляе шчырасцю, цнатлівасцю пачуццяў людзей, якіх я ведала і якія цяпер адкрыліся зусім па-іншаму. Быццам даверылі табе асабістае, дарагое, падзяліліся духоўным багаццем і верай у непераможнасць жыцця і кахання. Хочацца выказаць вялікую падзяку Радзіму Гаўрылавічу, што ён даў магчымасць далучыцца да глыбіннай існасці выдатных чалавечых лёсаў, зрабіў грунтоўны біяграфічны каментар, які раскрывае многія падзеі ХХ стагоддзя, стаўшыя вызначальнымі ў сям'і Гарэцкіх.
"Жыццёвы меланж" - кніга - роздум, своеасаблівая характарыстыка беларускіх рэалій, з дакладна акрэсленымі гадамі (1992-2013) і адпаведна тэматычнымі назвамі раздзелаў ("Беларусь-прэзідэнцкая дзяржава. Пасля рэферэндуму", "Куды пойдзе Беларусь у новым стагоддзі" і інш.). Суіснаванне розных жанраў (публіцыстыка, дакументальная проза, дзённікавыя запісы, лірычныя мініяцюры, успаміны, кароткія абразкі-запісы самых розных назіранняў аўтара, артыкулы, невялікія апавяданні) сведчыць пра багацце жыццёвага матэрыялу, які падаецца пісьменнікам у храналогіі хуткаплынных дзён, падзей, з'яў, розных значных фактаў. Усе яны, на першы погляд, не звязаны паміж сабой. Але аб'ядноўвае іх адна тэма: "Чым і як жыве сёння Беларусь..." А гэта самыя разнастайныя праблемы - востранадзённыя, супярэчлівыя, якія датычацца многіх сфер нашага існавання і нікога не пакідаюць абыякавым. І не проста пісьменніку асэнсаваць іх па гарачых слядах падзей, нават паставіць пытанні: як жывуць беларусы ў прэзідэнцкай рэспубліцы. Што такое сучасныя выбары, плошча, суверэнітэт Беларусі, дзейнасць апазіцыі, свабода слова, незалежныя газеты, беларускае тэлебачанне, стан сучаснай Акадэміі, адукацыі, мовы, парадоксы, палітыкі... І самае важнае, што партрэт сённяшняга часу малюецца не ў "лоб", шляхам нейкіх глыбокадумных сентэнцый, і не толькі праз успрыманне самога аўтара, а праз рэакцыю многіх дзейных асоб кнігі, праз зразумелыя і ўсім вядомыя падзеі, удзельнікамі і сведкамі якіх былі мы самі. Нельга не падзяляць погляды, меркаванні пісьменніка пра тое, якой павінна быць улада, незалежнасць, пры якіх умовах мы дойдзем да беларускай Беларусі: "Пакуль беларускамоўны беларус не будзе баяцца атрымаць абразлівы вокрык: "Говори на нормальном языке" ці ярлык "нацыяналіста", "апазіцыянера", "бэнээфаўца", а то і "фашыста", толькі за тое, што размаўляе па-беларуску, пакуль не загучыць паўсюль беларуская мова...
Пакуль будзем у назвах вуліц, калгасаў і пасёлкаў, як і раней упарта ўшаноўваць памяць многіх царскіх і бальшавіцкіх дзеячаў антыбеларускай накіраванасці..., і зусім забываць нашых беларускіх выдатных прадстаўнікоў літаратуры, культуры, навукі, грамадскіх і дзяржаўных дзеячаў...
Пакуль нашы жыхары будуць трапляць у аддзяленні міліцыі і атрымліваць прысуды за падтрымку старадаўніх нацыянальных сімвалаў, за купалаўскі жыццярадасны патрыятычны покліч "Жыве Беларусь!"...
Пакуль будзе існаваць занадта вялікая армія сілавых службаў і асабліва атрадаў тыпу "эскадронаў смерці"...
Пакуль страх, хлусня, двудушша, халуйства не пакіне наша грамадства, не сыдзе з сэрца і душы большасці жыхароў...
Калі жыццёвыя і сацыяльныя ўмовы ў Беларусі будуць такімі, што яе грамадзяне не захочуць папаўняць рэкі "уцечкі мазгоў", пакідаць сваю радзіму у пошуках лепшага жыцця і працы..."
Гучыць у кнізе моцная трывога, боль аўтара за стан Беларушчыны, у аснове якой - родная мова, гісторыя.
"Калі далей на Беларусі працягнуцца такія ж адносіны да Беларушчыны, як зараз, то Беларусь згіне і будзе адна вялікая дзяржава - Расійская Федэрацыя, у якую ўвойдзе малая тэрыторыя рускамоўнай Белай Русі..."
Мноства іншых надзённых пытанняў закранае Радзім Гарэцкі ў сваёй кнізе: дзейнасць Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", прэзідэнтам якога, пасля В. Быкава, ён быў многія гады, знаёмства з беларусамі замежжа ў ЗША, Англіі, Канадзе, Францыі з параўнаннямі ўзроўню жыцця там і на радзіме... Згадваецца становішча музеяў, архіваў, праблемы Таварыства беларускай мовы, коласаўскага гуманітарнага ліцэя, выданняў беларускага кнігазбору. Расказваецца пра арганізацыю штогадовых Гарэцкіх чытанняў, гісторыю стварэння музея - сядзібы Максіма Гарэцкага.
А колькі ў кнізе цікавых артыкулаў пра волатаў беларускага духу-пісьменнікаў, мастакоў, вучоных, грамадскіх дзеячаў, з якімі ён быў асабіста знаёмы. З вялікай павагай, цеплынёй, любоўю, апавядаецца пра памятныя сустрэчы, малавядомыя моманты з іх жыцця, сумесны ўдзел у шматлікіх мерапрыемствах, з'ездах, канферэнцыях, паездках... І. вядома ж, успаміны пра братоў Гарэцкіх - Максіма і Гаўрылу, пра іх сувязі з Я. Купалам, Я. Коласам, У. Дубоўкам, К. Буйло, Н. Арсенневай, пра дзейнасць у Інбелкульце, сям'ю Максіма Гарэцкага, Ефрасінню Багацькаўскую - маці братоў Гарэцкіх.
Згадвае Радзім Гаўрылавіч пра свайго старэйшага брата Усяслава - яшчэ аднаго таленавітага прадстаўніка славутага роду члена-карэспандэнта Расійскай акадэміі адукацыі, доктара педагагічных навук, прафесара (1924-2009), а таксама пра "дзекабрыстак": Ганну Іванаўну Бабарэку, Марыю Пятроўну Дубоўку, Аляксандру Ігнатаўну Смоліч. Леанілу Усцінаўну Чарняўскую - Гарэцкую, Ларысу Восіпаўну Парфяновіч-Гарэцкую, якія дабраахвотна паехалі ў ссылку за рэпрасаванымі мужамі.
Ахвярныя, мужныя, адданыя - яны заслугоўваюць, каб іх подзвіг апісалі у паэмах, раманах, каб людзі памяталі...
Цяжка перадаць усю разнастайнасць, багацце жыццёвага матэрыялу кнігі. Гэта і ёсць той "меланж", кажучы мовай геалогіі, тая прыродная сумесь, мешаніна самых розных з'яў, фізічных і душэўных водгукаў чалавека на рух і развіццё падзей. І самае галоўнае - "Меланж" збірае ў адзінае цэлае ўвесь змест, усё тое, пра што хацеў сказаць пісьменнік - геолаг па прафесіі. (Дарэчы, дзякуючы яму, тэрмін "меланж" упершыню ўводзіцца ў сучаснае літаратуразнаўства). Ва ўсім падобным жыццёвым меланжы надзвычай важная пазіцыя аўтара, і яна яскрава прасочваецца літаральна на кожнай старонцы. Гэта пазіцыя самааданага патрыёта сваёй Бацькаўшчыны, паслядоўнага змагара за незалежнасць, нацыянальнае адрадждэнне, захаванне роднай мовы, духоўнага стану беларускага грамадства.
Чытачу найперш і цікавыя погляды Радзіма Гарэцкага, вядомага на Беларусі і свеце таленавітага вучонага, пісьменніка, грамадскага дзеяча, выдатнага прадстаўніка слаўнага роду Гарэцкіх.
Некалі Алесь Адамовіч, як асабісты запавет, пажадаў Радзіму Гаўрылавічу "несці далей выдатны цяжар дабрыні, сумленнасці і таленту Гарэцкіх..." .
І гэты запавет Радзім Гарэцкі здзейсніў, здзяйсняе ўсім сваім жыццём, у якім гарманічна спалучаюцца дзейнасць вучонага-геолага-спадчыннасць бацькі, акадэміка Гаўрылы Іванавіча - і літаратара - ад пісьменніцкага таленту Максіма Іванавіча Гарэцкага - класіка беларускай літаратуры.
Дастаткова толькі акрэсліць навуковыя дасягненні Радзіма Гарэцкага - акадэміка, доктара геолага-мінералагічных навук, заслужанага дзеяча навукі Беларусі, Лаурэата дзяржаўных прэмій: 46 манаграфій, 41 карта геалагічнага зместу, 5 аўтарскіх пасведчанняў, звыш 500 навуковых артыкулаў і 300 навукова-папулярных грамадскіх выданняў...
Не перастаю здзіўляцца, захапляцца нястомнай працаздольнасцю Радзіма Гаўрылавіча, - які, пры такой адданасці навуцы, актыўнай грамадскай дзейнасці, можна было напісаць і выдаць столькі таленавітых літаратурных даследаванняў і мастацка-дакументальных кніг, унесці такі багаты ўклад у беларускае літаратуразнаўства.
Гэта: "Шляхам адраджэння" (1977), "Вечна жыве Беларусь" (2003), "Ахвярую сваім "Я" (1998), "Браты Гарэцкія" (2009), "Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі і Украіна" (2009), "Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Да 100-годдзя з дня нараджэння" (2000), "Гаўрыла Гарэцкі. Выбранае" (у серыі "Беларускі кнігазбор" - 2002), "Академик Яншин - дорогой мой учитель и друг" (2005), і інш.
Немагчыма пералічыць колькі напісана артыкулаў літаратурнай тэматыкі, праведзена больш за 20 штогадовых Гарэцкіх чытанняў. Радзім Гаўрылавіч першы даследаваў па архівах КДБ апошнія гады жыцця Максіма Гарэцкага, пабываў на месцы яго расстрэлу ў Вязьме, дзе цяпер устаноўлены помнік выдатнаму пісьменніку, апублікаваў вынікі сваіх пошукаў.
Сам Радзім Гаўрылавіч у сваім жыцці вызначае тры асноўныя этапы:
"1) Расійскі - станаўленне, гартаванне (Беламорска-Балтыйскі канал і эвакуацыя з маці ў час вайны, вучоба ў нафтавым тэхнікуме і ў Нафтавым інстытуце ў Маскве - 20 гадоў);
2) Маскоўскі (праца ў Геалагічным інстытуце АН СССР - 20 гадоў);
3) Менскі, беларускі (праца ў Інстытуце геахіміі і геафізікі АН Беларусі - 40 гадоў.
Кожны этап па-свойму цікавы, павучальны і запамінальны, але і ў бацькі, і ў мяне самыя шчаслівыя і плённыя-апошнія, менскія, калі родная зямля Бацькаўшчыны натхняла, давала сілы, і, нягледзячы на змрочныя моманты антыбеларушчыны, захоўвала надзею на лепшую будучыню..."
Вось ужо сапрўды, кажучы словамі Васіля Быкава "Гарэцкія - незвычайны фенамен..."
"Божа, пашлі на кожнае пакаленне беларусаў па сям'і Гарэцкіх, " - сведчыць адзін з запісаў у кнізе наведвальнікаў музея-сядзібы Максіма Гарэцкага.
Радзім Гарэцкі - годна, адказна, таленавіта працягвае справу роду Гарэцкіх.
Мы можам ганарыцца, што ён наш сучаснік, што можам сустракацца, бачыць, слухаць яго выступленні, звяраць, спраўджваць свае думкі з яго роздумам, чытаць яго кнігі з адчуваннем радасці, удзячнасці за тое, што такія людзі - высокай духоўнасці, чалавечнасці, мудрасці - ёсць у нашым беларускім жыцці.
Лідзія Савік
Батлейка ў Русінах
3 траўня ў Русінах, на сядзібе Баранавіцкай гарадской арганізацыі "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (вёска Русіны, вуліца Сасновая, 5), адбыўся выступ старадаўняга беларускага тэатра "Батлейка пана Скіргайлы". У святочным мерапрыемстве ўдзельнічала каля 80 аматараў лялечнага тэатру.
Праўда, грунтоўная і працяглая лекцыя пана Скіргайлы на тэму батлейкі, яе традыцый, сімволікі і гісторыі, сувязі з містыкай, рэлігіяй і архітэктурай і інш. прымусіла немалую колькасць гледачоў, у першую чаргу дзяцей, вабіць час не ў памяшканні, а ў дзіцячых гульнях і забавах на тэрыторыі сядзібы.
З пачаткам менавіта батлейкі сумны настрой прысутных хутка ўзняўся. Яскравы, прыгожы і вельмі артыстычны выступ маладых артыстаў, без перабольшвання, не пакінуў абыякавым аніводнага гледача.
Віктар Сырыца, г. Баранавічы.
Мікола Трафімчук: "Трыумф - 50: Выбранае"
"Трыумф - 50: Выбранае" - пад такой назвай выдадзена апошняя кніга паэта Міколы Трафімчука - ураджэнца плоднай на таленты Драгічынскай зямлі. Яна надрукавана ў мінулым годзе ў выдавецтве ТАА "Смэлтак" накладам 100 экземпляраў, 248 старонак. На франтальным баку вокладкі партрэт паэта і ніжэй васьмі-радкоўе:
Было салодка, кісла, горка;
І лёсу бачыўся абрыс...
Жыццё разбеглася на горку,
На горцы стала -
страшна ўніз...
Самаахвярна і шалёна
Я жыў на стомленай зямлі.
Кахаў, спяваў, пісаў натхнёна,
А прагу жыць не наталіў...
Анатацыя літаратурна-мастацкага выдання гаворыць: "Змест гэтай кнігі складаюць творы аўтара, якія друкаваліся раней у яго шматлікіх паэтыч-ных зборніках, і тыя, якія да гэтага не былі яшчэ выдадзены".
Пачынаецца "Трыумф - 50: Выбранае" з уступнага слова пісьменніка Міколы, Адама "А прагу жыць не наталіў..." (Трыяда творчасці Міколы Трафімчука)", дзе былі акрэслены тры адметнасці яркага таленту паэта: афарыстычнасць, самакрытычнасць, духоўнасць.
У дадзенай кнізе сабраны лепшыя творы мастака слова за зборнікаў: "Траекторыя" (1976), "Найперш мы - ліцвіны" (1996), "Трын-трава. Прамовы пра мову" (1996), "Беларушчына" (2002), "Час анёл" (2007), "Надвор'е назаўтра" (2009), які пачынаецца з верша "... Шчасце нарадзіцца беларусам...":
Нарадзіцца беларусам шчасце!
І памерці ім - шчаслівы лёс!
Прадстаўлены ў выданні творы з 2-х будучых паэтычных зборнікаў "Тут і там", "Няправільныя вершы", з іх мне карціць працытаваць гэты здабытак:
Ісціна
Ці радасць,
ці крыўдлівая нягода -
Будзь стрыманы
ў пачуццях удвая.
Ніхто не можа
ісцінай валодаць,
Таму яна - у кожнага свая.
Таму паводле нораву і лёсу
З нас мае кожны ісціну сваю...
У ісціны высокія нябёсы -
Сакрэты асцярожна выдаюць .
І яшчэ. У "Трыумфе - 50" ёсць раздзелы "Паэмы" ("Нэндза, альбо Гора лукавае", "Дрэва грахоў", "Біяграфія душы", "Снежаньскія мроі рахманых беларусаў Лявона ды Сымона", без сумненняў, апошняя з іх - гэта вялікая філасофская рыфмаваная ўдача паэта) і "Вершы і пераклады".
Добра падабраны ў зборніку і ілюстратыўны матэрыял - здымкі: хутар Якіма Млынца ва ўрочышчы Ліпча (паміж вёскамі Осаўцы, Гута і Клімянцінава), дзе нарадзіўся мастак слова, тут прайшло - прабегла яго маленства і амаль усё дзяцінства (фота з рэпрадукцыі карціны пісьменніка Адольфа Варановіча); Ульяна Данілаўна і Якім Ціханавіч Млынцы - бабулька і дзядуля паэта, хата ў в. Клімянцінава, дзе да 1962 года жылі бацькі паэта, і самі яны - Марыя Якімаўна і Мікалай Бардзеевіч Трафімчукі, усяго іх - 25.
Ці адбыўся трыумф ад "Трыумф - 50" у Міколы Трафімчука. Несумненна, адбыўся сапраўдны і магутны паэтычны цуд! Закрываю кнігу нашай сённяшняй Постаці, а ў маёй душы гучаць яго жыватворныя словы:
Наша мова павінна чуцца,
Жыць і слухацца на Зямлі,
Бласлаўляць на святыя пачуцці
І звінець, і грымець дзе - калі...
Наша мова - зусім не прамовы,
Абяцанні ды звон - пустазвон,
А жывыя, світальныя словы,
Дараваныя Богам спакон.
Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.