Вярнуцца: 2014

№ 22 (1173)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 22 (1173) 28 траўня 2014 г.


Радыё Свабода - 60

Беларуская служба Радыё "Свабода" вяшчае на беларускай мове з-за межаў Беларусі, уваходзіць у структуру Радыё Свабода - Свабодная Еўропа, фінансуецца з ЗША. Кіраўнік - Аляксандр Лукашук.

Радыё "Свабода" заснавана ў Мюнхене ў 1952 ва ўмовах "халоднай вайны" для вядзення прапаганды супраць СССР. У 1953 пачало вяшчанне пад назвай Радыё "Вызваленне". У складзе радыё былі арганізаваны адпаведныя нацыянальныя рэдакцыі, у тым ліку і беларуская, што пачала вяшчанне 20 траўня 1954 г . У склад першай беларускай рэдакцыі ўвайшлі: Вінцэнт Жук-Грышкевіч (кіраўнік), Пётра Сыч (намеснік), Янка Ліманоўскі, Сымон Кабыш (Кандыбовіч), Лявон Карась. Напачатку гэта былі 15-хвілінныя перадачы 24 разы на суткі.

Асноўнымі кірункамі радыёперадач "Свабоды" былі крытыка сацыялізму, савецкага ладу, нацыянальна-дзяржаўнага ўпарадкавання СССР.

Пасля распаду СССР і спынення "халоднай вайны" беларуская рэдакцыя Радыё "Свабода" вяшчае ў новых умовах. У 1995 штаб-кватэра "Свабоды" перанесена з Мюнхена ў Прагу. Створаны карэспандэнцкія пункты ў Беларусі.

Беларуская служба Радыё "Свабода" цяпер вяшчае па 8 гадзін у суткі на кароткіх і сярэдніх хвалях, а таксама са спадарожніка. З 10 снежня 1998 года Радыё вяшчае таксама праз сеціва, сайт Радыё "Свабода" карыстаецца тарашкевіцай. У эфір выходзяць інфармацыйныя і аналітычныя праграмы па палітычных, эканамічных, культуралагічных, гістарычных, рэлігійных, краязнаўчых і інш. праблемах. Наладжана двухбаковая сувязь са слухачамі.

З 2002 года Беларуская рэдакцыя Радыё выпускае кнігі, а з 2004 - і кампакт-дыскі.

У 2006 годзе Беларуская служба Радыё "Свабода" атрымала галоўны прыз за найлепшае асвятленне гарачых навінаў сярод 20 рэдакцыяў Радыё "Свабодная Еўропа", а ў 2007 - за дасягненні ў мультымедыйнай канвергенцыі. У 2008 годзе Беларуская служба Радыё заняла першае месца ў пераліку на колькасць насельніцтва адпаведнай краіны сярод іншых службаў Радыё "Свабодная Еўропа".

Сярод былых і сучасных супрацоўнікаў беларускай рэдакцыі Радыё "Свабода" С. Станкевіч, Я. Запруднік, Н. Арсеннева, Г. Айзенштат, В. Жданко, Ю. Дракахруст, А. Лукашук, С. Навумчык, Данчык, В. Аксак і інш.

Сакратарыят ТБМ віншуе сяброў рэдакцыі і ў тым ліку сяброў ТБМ у складзе рэдакцыі з круглай датай і зычыць трымацца праўды і быць самымі аператыўнымі ў асвятленні жыцця краіны.


Нарада ў сядзібе ТБМ

24 траўня ў сядзібе ТБМ адбылася нарада кіраўніцтва ТБМ з сябрамі Рады ТБМ, кіраўнікамі абласных і раённых арганізацый і шараговымі актывістамі Таварыства.

У свабодным фармаце былі разгледжаны пытанні падрыхтоўкі да святкавання 25- годдзя з дня заснавання ТБМ, пытанні і пазіцыі, якія будуць выносіцца на з'езд ТБМ, тэрміны правядзення справаздачна-выбарчых сходаў і парадак вылучэння дэлегатаў на з'езд. Было нагадана пра падрыхтоўку "Летапісу ТБМ" за апошнія пяць гадоў.

Была разгледжна сітуацыя з газетай "Наша слова", падпіска апусцілася ніжэй за 1000 асобнікаў пры тым, што ў Таварыстве 6000 сяброў. Падпіска на паўгода каштуе менш за 45000 рублёў. Таму не грошы тут прычына, а пасіўнасць. Калі сябар ТБМ нават не чытае газету, то якую ён ужо там працу вядзе ў грамадстве - хутчэй што ніякай, хіба мо сам хоць па-беларуску размаўляе.

Было разгледжана пытанне пра аднаўленне рэгістрацыі Берасцейскай абласной арганізацыі ТБМ.

Была звернута ўвага на неабходнасць больш актыўнай пастаўкі інфармацыі на партал ТБМ з рэгіянальных арганізацый і пра фармаванне на партале старонак рэгіянальных арганізацый.

Разглядаліся іншыя пытанні.

Наш кар.


100 гадоў з дня нараджэння Антона Бялевіча

Антон Пятровіч БЯЛЕВІЧ (27 траўня 1914, в. Дуброўка, Уздзенскі раён, Менская вобласць - 11 красавіка 1978) - беларускі паэт. Удзельнік партызанскага руху ў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Магілёўскім палітасветным інстытуце (1933-35). Працаваў загадчыкам аддзела пухавіцкай раённай газеты "За калгасы", нарысістам у газеце "Чырвоная змена", у 1939-45 г. - у газеце "Звязда". Падчас Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнічаў у беларускім перыядычным друку, удзельнічаў у савецкім партызанскім руху на Віцебшчыне. У 1945-47 г. - загадчык аддзела паэзіі газеты "Літаратура і мастацтва", у 1947-50 г. - нарысіст газеты "Савецкі селянін". Сябар Саюза пісьменнікаў СССР з 1943.

Друкаваўся з 1937 года. Першы верш апублікаваны ў 1938 (газета "Літаратура і мастацтва"). У 1945 у Маскве выйшаў першы зборнік паэзіі "Человек из дубравы" ў перакладзе на рускую мову, у Менску - вершаваная казка "Мароз-партызан". Аўтар кніжак паэзіі "На бацькоўскіх сцежках" (1946), "Свята" (1947), "Чалавек-сонца" (1947), "Паэмы" (1948), "Светач" (1950), "Дарогай шчасця" (1952), "Жывая рака" (1955), "Хлеб і нахлебнікі" (1957), "За салаўінымі гаямі" (1959), "Вясёлка над полем" (1961), "Залатыя ключы" (1963), "Высокі поўдзень" (1964), "Рэха навальніц" (1965), "Партрэт бацькаўшчыны" (1967), "Вінтоўка і плуг" (1968), "Любоў мая" (1971), "Гарынь" (1972), "А ў бары, бары" (1974), "З Дуброўкі краіна відна" (1974), "Сонцам заручоныя" (1975), "Сонечны гадзіннік" (1978), "Сосны ў жыце" (1980), "Мой шчодры бор" (1985). Выдаў зборнік вершаваных фельетонаў "Маштабны Міканор" (1963). Напісаў для дзяцей кніжкі паэзіі "Ідзі, мой сын" (1953), "Тарасікава дарожка" (1962), "Дабрадзейны асілак" (1973), "Партызанскі рыбачок", (1976), аповесць "Малюнкі маленства" (1977).

Пераклаў на беларускую мову паэму А. Твардоўскага "За даллю - даль" (1962), паасобныя творы А. Пракоф'ева (руск.), М. Бажана, А. Малышкі (руск.), І. Няходы (укр.), М. Лермантава, А. Міцкевіча і інш.

Вікіпедыя.


90 гадоў з дня нараджэння Леаніда Побаля

Леанід Давыдавіч ПОБАЛЬ (н. 28.05.1924, в. Мікалаева Іўеўскага р-на - 28.05.2004), беларускі археолаг. Д-р гіст. навук (1978), прафесар (1990). Чл. Міжнар. уніі славянскай археалогіі, Польскага археал. т-ва, Бел. т-ва аховы помнікаў. Скончыў ін-т фізічнай культуры (1950), БДУ (1951). У 1950-55 працаваў ва ўстановах нар. асветы. З 1958 супрацоўнік Ін-та гісторыі АН БССР; з 1970 заг. сектара, з 1980 заг. аддзела археалогіі, у 1986-91 - археалогіі першабытнага грамадства, з 1991 вядучы навук. супрацоўнік. Асноўны кірунак навуковай дзейнасці - вывучэнне гісторыі старажытных славян у Еўропе, у т. л. на Беларусі. У 1959-81 гг. вывучаў помнікі позняга этапу зарубінецкай культурьі (2-я пал. 1- 5 ст. н. э.). Даследаваў абарончыя ўмацаванні гарадзішчаў 6-7 ст. да н. э. - 1-2 ст. н. э., паўзямлянкавыя і наземныя жытлы гарадзішчаў і селішчаў 3 ст. да н. э. Узначальваў археалагічныя экспедыцыі па вывучэнні ранняга жалезнага веку Беларусі. Вывучаў унікальны скарб упрыгожанняў 2-4 ст. са срэбра і бронзы, аздобленых каляровымі выемчатымі эмалямі, знойдзеных у 19 ст. на селішчы Красны Бор. Знайшоў і даследаваў больш за 100 фібул 3-1 ст. да н. э. (эпоха латэн) і бронзавых лунніц з каляровымі эмалямі, знойдзеных на селішчах Абідня і Тайманава. Даказаў мясцовае паходжанне на тэрыторыі Беларусі ў першых стагоддзях н. э. срэбных і бронзавых упрыгожанняў з выемчатымі эмалямі.

Творы: Славянские древности Белоруссии: (ранний этап зарубинецкой культуры). Мн., 1971; Славянские древности Белоруссии: (могильники раннего этапа зарубинецкой культуры). Мн., 1973; Славянские древности Белоруссии: (свод археологических памятников раннего этапа зарубинецкой культуры - с середины III в. до н. э. по начало II в. н. э.). Мн., 1974; Археологические памятники Белоруссии. Железный век. Мн., 1983; Новые данные о древнем Менеске (Минске) // Древности славян и Руси. - М., 1988; Индоевропейские черты в древностях археологических культур железного века Белоруссии: (К проблеме этногенеза славян) // VI Международный конгресс славянской археологии. - М., 1990.

Вікіпедыя.


Жыццё, аддадзенае вывучэнню мовы (да 90-годдзя з дня нараджэння прафесара А. П. Груцы)

Аляксей Пятровіч Груца нарадзіўся 9 траўня 1924 года ў вёсцы Пішчыкі Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. У 1951 годзе скончыў Менскі педагагічны інстытут. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў школах Менска. З 1957 года - навуковы супрацоўнік сектараў лексікалогіі і лексікаграфіі, дыялекталогіі, гісторыі беларускай мовы Інстытута мовазнаўства АН Беларусі. У 1969 годзе А.П. Груца перайшоў працаваць у Менскі педінстытут. Спачатку ён працуе на кафедры гісторыі рускай мовы, з 1972 года - загадчык кафедры рускай мовы, з 1982 года - прафесар (у 1990-91 гадах - загадчык кафедры агульнага і рускага мовазнаўства) гэтай педагагічнай установы.

Аляксей Пятровіч даследаваў дыялекталогію беларускай мовы, гістарычную граматыку і лексікалогію рускай і беларускай моў, лексіку Якуба Коласа, стараславянскую мову. Аўтар шматлікіх артыкулаў па гісторыі складаных форм будучага часу дзеясловаў, пра развіццё склада-назалежнага сказа ў беларускай мове. У манаграфіі "Развіццё складаназалежнага сказа ў беларускай мове" (1970) на матэрыяле помнікаў пісьменнасці XIV-XVIII ст., фальклорных твораў і народных гаворак глыбока прааналізаваў складванне і развіццё ў беларускай мове складаназалежных сказаў з рознымі даданымі часткамі - дзейнікавымі, выказнікавымі, дапаўняльнымі, азначальнымі, акалічнаснымі, параўнальнымі і ўступальнымі. Асаблівая ўвага ў манаграфіі звернута на сродкі сувязі даданых частак з галоўнай - падпарадкавальныя злучнікі, злучальныя словы, трывальна-часавыя формы дзеясловаў-выказнікаў у прэдыкатыўных частках, семан-тыкаграматычныя адносіны паміж імі.

Гэта манаграфія стала базай для доктарскай дысертацыі Аляксея Пятровіча, якую ён абараніў у 1969 годзе. У 1971 годзе ён атрымаў вучонае званне прафесара.

А. П. Груца - адзін са складальнікаў акадэмічнага "Беларуска-рускага слоўніка" (1962), суаўтар акадэмічных прац "Дыялекталагічны атлас беларускай мовы" (1963), "Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак" (1968-1969). Аляксей Пятровіч таксама актыўна працаваў над укладаннем акадэмічнага "Гістарычнага слоўніка беларускай мовы", вып. 1-3 (1982-1983), вып. 7-9 (1986-1989), вып. 12-17 (1993-1997), вып. 19-21 (2000-2005). Ён таксама з'яўляецца актыўным суаўтарам "Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак" у 5 тамах (1994-1998). У 2000 годзе апошняя праца ўдастоена Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Апошнія дзесяцігоддзі прафесар А.П. Груца працаваў без адрыву ад асноўнай работы на кафедры тэорыі і гісторыі мовы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

У розных айчынных і замежных выданнях Аляксеем Пятровічам Груцам апублікавана каля 80 навуковых артыкулаў па гісторыі аднакаранёвых слоў у беларускай, рускай і часткова ўкраінскай і польскай мовах.

Акрамя параўнальна-супастаўляльнага вывучэння блізкароднасных рускай і беларускай моў на ўзроўні марфалогіі, сінтаксісу, лексікі і фразеалогіі, А.П. Груца займаецца падрыхтоўкай падручнікаў для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь. Так, ён выдаў падручнікі: "Старославянский язык" (Мінск, 2004) і "Старославянский язык: Практический курс" (Мінск, 2005) і падрыхтаваў "Сборник заданий и упражнений по старославянскому языку".

Аляксей Пятровіч Груца прысвяціў выкладчыцкай і навукова-даследчай дзейнасці ў галіне мовазнаўства каля 60 гадоў жыцця. Ім апублікавана каля 200 навуковых прац памерам каля 200 друкаваных аркушаў.

Як суаўтару акадэмічных прац "Дыялекталагічны атлас беларускай мовы" (1963), "Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак" (1968-1969) разам з іншымі даследчыкамі А.П. Груцу ў 1971 годзе прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

У красавіку 1984 года прафесар А. П. Груца быў узнагароджаны знакам "Выдатнік народнай асветы", у красавіку 1987 года - медалём "Ветеран труда", а ў 1999 годзе за дасягнутыя поспехі ў галіне нацыянальнай мовы, культурна-асветніцкай дзейнасці - Ганаровай граматай Савета Міністраў БССР.

Слынны спецыяліст у галіне беларускага мовазнаўства і выкладчык вышэйшай навучальнай установы доктар філалагічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, выдатнік народнай асветы Беларусі Аляксей Пятровіч Груца зрабіў у навуцы і выкладчыцкай сістэме вельмі многа.

Супрацоўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, вучоныя-калегі і шматлікія студэнты многіх пакаленняў віншуюць з 90-гадовым юбілеем шаноўнага Аляксея Пятровіча і жадаюць яму моцнага здароўя, шчасця ў жыцці і здзяйснення ўсіх планаў і задум.

Мікалай Крыўко , вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.


Паважаная рэдакцыя "Нашага слова"!

Чытаючы артыкулы ў газеце "Наша слова", розныя думкі надходзяць у галаву, але бачу рознакірунковую ідэю не толькі тую старую, што засталася пасля распаду савецкага ладу. У Беларусі шмат засталося назоваў савецкіх вуліц і мясцін, яны быццам не замінаюць, бо вы прызвычаеныя да гэтых гукаў, але кожнаму беларусу, які жыве больш, як пядзесят год, гэта выглядае, што спазніліся з гэтай эпохай у дваццаць першым стагоддзі. Вядома, шмат перамен адбылося, а ўсё ж савецкае вельмі моцна відаць. Значыць ёсць людзі з аўтарытэтам, што гэтай старой савецкай ідэі трымаюцца, і ім да спадобы. Чытаючы "Наша слова", я бачу, што сп. А. Трусаў усімі спосабамі робіць так, каб нашу мову беларускую ўвялі туды, дзе яе брак. Усё, што стараецца сп. А. Трусаў, ёсць важным, каб толькі ўрад беларускі аб гэтым падумаў.

Жадаю сп. А. Трусаву поспехаў у ягонай цяжкай працы.

З пашанай

Кастусь Верабей , Нью Ёрк, ЗША.


Ластавачка

Ластаўка, як адлятае ў вырай, гэта ўвосень, гумно тады поўнае збожжам. Прылятае ранняй вясною, як усё збожжа зужыта за цэлую зіму, і выглядае - нічога няма ў гумне - пуста. Тады ластаўка кажа: "Пакінула, пакінула паўнюсенька, паўнюсенька, не застала, не застала нічагусенька". Закончвае сваю песню: "Папілі, паелі, пералушчылі, папілі, паелі, пералушчылі" .

Кастусь Верабей , Нью Ёрк, ЗША.


ПРА МОВУ НА ВІЦЕБШЧЫНЕ

СТАРШЫНІ ВІЦЕБСКАГА АБЛАСНОГА ВЫКАНАЎЧАГА КАМІТЭТА А.М. КОСІНЦУ

Паважаны Аляксандр Мікалаевіч!

Рада Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", абмеркаваўшы вынікі IX абласной справаздачна-выбарнай канферэнцыі, на якой адбыўся крытычны аналіз дзейнасці нашай арганізацыі і праблем функцыянавання беларускай мовы як першай дзяржаўнай, вырашыла звярнуцца да Вас з наступнай інфармацыяй і некаторымі прапановамі.

Практычна ўсе выступоўцы (а слова бралі больш за 20 чалавек) адзначалі неспрыяльныя ўмовы працы сяброў Таварыства, бо кожны крок па прапагандзе беларускай мовы, літаратуры, культуры патрабуе немалых намаганняў, звязаных з пошукам месца сустрэч, узгадненнем з кіраўнікамі розных рангаў.

Дэлегаты канферэнцыі прыводзілі прыклады зняважлівых адносін да носьбітаў беларускай мовы, да беларускіх творцаў, большасць з якіх лічыцца непажаданымі для сустрэч ва ўстановах адукацыі і культуры. Ігнаруецца дзейнасць абласной філіі Саюза беларускіх пісьменнікаў і яе сяброў.

На канферэнцыі адзначалася, што многія дзяржаўныя службоўцы не абцяжарваюць сябе клопатам авалодаць дзяржаўнай беларускай мовай і не могуць весці гутарку з наведвальнікамі на іх роднай мове. Вашы, Аляксандр Мікалаевіч, нярэдкія выступы па-беларуску не сталі прыкладам для іншых кіраўнікоў абласнога рангу, чыноўнікаў з гарадоў і раёнаў.

Выклікае асаблівую заклапочанасць якасць навучання беларускай мове ў сістэме народнай адукацыі. У гарадах вобласці, раённых цэнтрах няма ніводнай гімназіі, ліцэя, сярэдняй школы з беларускай мовай навучання. Амаль адсутнічае беларуская мова ў пазакласнай і пазашкольнай рабоце, у дзейнасці піянерскіх і моладзевых арганізацый.

За рэдкім выключэннем, гарадская тапаніміка, асабліва ў Віцебску, афармляецца на рускай мове. Тым самым ігнаруецца выкананне Закона Рэспублікі Беларусь "Аб найменнях геаграфічных аб'ектаў". Назвы чыгуначных станцый і прыпынкаў таксама падаюцца ў рускамоўнай версіі, чаго не было яшчэ два гады назад.

Абласная рада лічыць, што кіраўніцтва вобласці, якая па многіх паказчыках эканамічнага і сацыяльна-культурнага развіцця займае вядучыя пазіцыі ў дзяржаве, можа станоўча паспрыяць змяненню ў лепшы бок гаротнага стану беларускай мовы на Віцебшчыне.

Мы просім Вас, Аляксандр Мікалаевіч, асабіста разгледзець наш зварот і даць неабходныя даручэнні па пашырэнні ўжывання дзяржаўнай беларускай мовы ва ўсіх сферах жыцця.

Просім даручыць адпаведным упраўленням аблвыканкама падрыхтаваць і правесці нараду кіраўнікоў абласных ведамстваў, гарадскіх і раённых структур па пытанні моўнай сітуацыі ў вобласці.

Просім Вас, Аляксандр Мікалаевіч, асабіста прыняць кіраўніцтва абласной рады ТБМ разам з кіраўніцвам абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў для разгляду канкрэтных пытанняў адносна умоў дзейнасці нашых грамадскіх аб'яднанняў.

Па даручэнні Віцебскай абласной рады ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны":

І. Навумчык - старшыня абласной рады;

Ю. Бабіч - намеснік старшыні, кандыдат філалагічных навук;

У. Папковіч - паэт, перакладчык, педагог;

Л. Лукашэнка - настаўнік вышэйшай катэгорыі;

Ф. Сіўко - пісьменнік.



Віцебская абласная арганізацыя грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Аб разглядзе звароту

Па даручэнні Віцебскага аблвыканкама зварот аб стане беларускай мовы і дзейнасці грамадскіх арганізацый разгледжаны галоўным упраўленнем ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі.

Згодна з артыкулам 8 Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 года "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" у справаводстве выканаўчых камітэтаў выкарыстоўваюцца абедзве дзяржаўныя мовы. На беларускай мове выдаюцца распарадчыя дакументы па кадравых пытаннях, узнагародах.

Установы адукацыі вобласці прыводзяць пазакласныя і пазашкольныя мерапрыемствы, накіраваныя на папулярызацыю беларускай мовы. Адбываюцца сустрэчы з беларускімі паэтамі і пісьменнікамі, мастакамі і музыкантамі, ладзяцца кніжныя выставы, творчыя вечарыны, літаратурна-музычныя гасцёўні, праходзяць Тыдні роднай мовы. У 2014 г. запланаваны шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею А. Куляшова, В. Быкава.

У вобласці 500 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, з якіх у 255 установах выкладанне вучэбных прадметаў ажыццяўляецца на беларускай мове, сярод іх 142 сярэднія школы.

Аб якасці выкладання беларускай мовы ва ўстановах адукацыі сведчыць і той факт, што ў 2014 годзе каманда навучэнцаў вобласці на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове заняла першае месца ў рэспубліцы, узяўшы 13 дыпломаў з 16 магчымых. 58 працэнтаў выпускнікоў 11 класаў 2013 года здавалі выпускны экзамен па беларускай мове ў якасці абавязковага, 60,3 працэнта з іх атрымалі на экзамене адзнакі 7-10 балаў.

Накштал асабістага прыёму старшынём аблвыканкама кіраўніцтва Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Саюз беларускіх пісьменнікіў" інфармуем. Акрэсленыя пытанні ў звароце датычыцца кампентэнпыі намесніка старшыні аблвыканкама У.У. Цярэнцьева. Згодна з гэтым, запісацца на асабісты прыём у азначанага намесніка можна ў кабінеце нумар 103 з 8.00 да 13.00 гадзін і з 14.00 да 17.00 гадзін, па адрасе: вул. Гогаля, 6, г. Віцебск. Пры сабе мець дакумент, які сведчыць асобу.

У адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула 20 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-3 "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" растлумачваем, што Вы маеце права абскардзіць адказ на Ваш зварот у Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь або судзе ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Намеснік начальніка Л.К. Аленская.


Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў "Нашага слова")

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Вінакурава (Кацярына В.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Вінакур з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Вінакур-ава . Утваральнае слова ад апелятыва вінакур 'той, хто займаецца вінакурэннем - вытворчасцю спірту і гарэлкі са збожжа, бульбы, буракоў і пад.'

Віц е ня (Алег В.) - магчымы дэрыват з фармантам ад апелятыва Віцень і семантыкай 'асоба жаночага полу': Віцень (БелСЭ, т. 3, с. 132) - Віценя . А таксама як утварэнне з фармантам -еня ад асабовага імя (гутарк. форма) Віця з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Віц-еня . Як і Адаменя .

Водзіч (Таццяна В.) - утварэнне з суфіксам -іч ад антрапоніма Вод (Водзь) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Вод-іч - Водз-іч .

Войніч (Вераніка В., Вікторыя В.) - дэрыват з фармантам -іч ад антрапоніма Вой-на з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Войн-іч .

Высоцкая (Таццяна В) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -ск(ая) ад уласнай геаграфічнай назвы Высокае (горад у Брэсц. вобл. і шэраг вёсак): Высок-ск(ая) - Высоц-кая з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча'.

Вярбоўская (Надзея В.) - дэрыват з суфіксам прэстыжнасці -оўск(ая) ад антрапоніма Вярба з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Вярба - Вярбоўская . Або ад Вербы ('мясціна') - В е рб-аўская - Вяр-боўская .

Вяргей (Валянціна В.) - народная форма ад імя Вяр-гіній , якая набыла функцыю прозвішча.

Вярцейка (Алесь В.) - семантычны дэрыват ад апелятыва вярцейка 'той, што верціцца'. ФП: вярцець ('круціць') - вярцецца ('круціцца') - вярц е й - вярц е йка - Вярцейка.

Вячорка (Вінцук В., Францішак В.) - семантычны дэрыват ад апелятыва вячорка 'вечаровае' (вячэрняя газета і пад.). Прозвішча добра стасуецца з найменнем вячоркі 'зборы вясковай моладзі зімовымі або асеннімі вечарамі для сумеснай работы, забавы'. Форма адзіночнага ліку і прэзентуе 'асоба з вячорак'.

Габрусевіч (Сяргей Г.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Габрусь з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Габрус-евіч . ФП: Габрыэль (польск. Gabryel ) - Габрусь - Габру-севіч.

Гагалінская (Людміла Г.) - адтапанімічнае ўтварэне з суфіксам -ск- ад уласнай назвы паселішча Гагаліна з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Гагаліна - Гагалінская.

Гадзюка (Юрась Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва гадзюка 'ядавітая змяя з плоскай трохвугольнай галавой', а таксама (перан.) 'пра небяспечнага шкоднага чалавека'. Асоба магла набыць такую мянушку з прычыны дачынення да названай рэаліі ці ў выніку частага выкарыстання гэтай лексемы ў маўленні.

Гайдучэнка (Алег Г.) - дэрыват з фармантам -энка ад антрапоніма Гайдук з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гайдук(ч)-энка .

Гайко (Сяржук Г.) - былая народная форма імя ад першаснага Гаий (М. Бірыла) набыла функцыю прозвішча з прычыны сваей нязвычнасці.

Галай (Аркадзь Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва галай 'бедны, голы, не апрануты' (параўн. чубай 'з вялікім чубам'). ФП: голы ('бедны, не апрануты') - галай - Галай ("Слоўнік народнай мовы Зельвеншчыны").

Галаўнёў (Мікола Г.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ёў ад антрапоніма Галаўня з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Галаўн-ёў . Утваральнае слова - семантычны дэрыват ад апелятыва галаўня 'хвароба збожжавых злакаў', а таксама 'вялікая галавешка'. ФП: галава - галаўня - Галаўня - Галаўнёў .

Галубовіч (Ксенія Г.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Голуб з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Галуб-овіч . ФП: голуб (птушка) - Голуб - Галубовіч.

Галышоў Голышаў ) (Павел Г.) - форма прыметніка з суфіксам -аў (-оў) ад антрапоніма Галыш (Голыш) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Галыш-оў . ФП: голы - галыш - Галыш - Галышоў і Голышаў .

Галякевіч (Яўген Г.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Галяк з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Галяк-евіч . ФП: голы - галяк - Галяк - Галя-кевіч .

Галянкова (Альбіна Г.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Галёнка (Галянко) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Галянк-ова . Утваральнае слова - семантычны дэрыват ад апелятыва га-лёнка 'частка нагі ад калена да ступні'. ФП: галёнка - Галёнка (Галянко) - Галянкова .

Гаплічнік (Аксана Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва гаплічнік 'той, хто вырабляе гаплікі'. ФП: гаплік ('кручок для зашпільвання вопраткі') - гаплічнік - Гаплічнік .

Гарав ы (Леанід Г.) - адтапанімічны дэрыват ад уласнага геаграфічнага наймення Гарав ы я , гарадзішча днепра-дзвінскай культуры (БелСЭв, т. 3, с. 344), а таксама такога наймення вёскі (Шумілінскі р-н Віцеб. вобл.) з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча'.

Гарбуль (Аляксандр Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва гарбуль 'гарбаты чалавек'. ФП: горб - гарбуль - Гарбуль.

Гарк а вая (Людміла В.) - семантычны дэрыват ад апелятыва гаркавы 'гаркаваты, трошкі горкі', а таксама 'з невыразным вымаўленнем гукаў' (Зэльвеншчына). ФП: горкі - гаркавы - Гаркавы (-ая) .

Гарнастай (Алена Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва гарнастай 'пушны драпежны звярок сямейства куніцавых, зімой белы з чорным кончыкам хваста, а таксама 'футра звярка'.

Гарніцкі (Янка Г.) - мажлівы адтапанімічны дэрыват ад уласнай геаграфічнай назвы Горная Рута (Карэліцкі р-н, Гродзеншчына) або ад наймення вёскі Горна (Зэльвеншчына): Гарн-іцкі . Або ад антрапоніма Гарны з выкарыстаннем прэстыжнага фарманта -іцкі : Гарн-іцкі . ФП: гара - горны - Горны - Гарніцкі .

Гарэлава (Ганна Г.) - прыметнікавая форма з фармантам -ава ад антрапоніма Гарэлы з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гарэл-ава . ФП: гарэць - гарэлы - Гарэлы - Гарэлава .

Гарэлікава (Ларыса Г.) - форма прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Гарэлік з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гарэлік - Гарэлікава . ФП: гарэць - гарэлы - гарэлік - Гарэлік - Гарэлікава .

Герасёва (Таццяна Г.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ёва ад антрапоніма Герась з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Герас-ёва .ФП: Герасім - Ге-рась - Герасёва.

Герасімовіч (Валянцін Г., Казімір Г.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Герасім з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Герасім-овіч .

Глот (Аляксей Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва глот 'голад', які з польск. glod (Слоўнік белар. гаворак паўн.-заход. Беларусі і яе пагранічча. Т. 1, с. 461).

Гнедчык (Алег Г.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Гнеды з семантыкай 'нашчадак названай асо-бы': Гнед-чык . ФП: гнеды (пра масць коней), Гнеды (мянушка, прозвішча) - Гнедчык .

Гняткоў (Валеры Г.) - дэрыват з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Гнят-ко з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гнятк-оў . ФП: гнесці 'прыціскаць, душыць сваім цяжарам', 'прыгнятаць, мучыць' - гнёт - Гнятко - Гняткоў .

Гоеўская (Алеся Г.) - дэрыват з прэстыжным фармантам -еўск (ая) ад антрапоніма Гой з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гой-еўская . Утваральнае слова - семантычны дэрыват ад апелятыва гой - у іудзеяў: 'іншаверац' ("Вялікі слоўнік беларускй мовы, Ф. А. Піскунова (2012, с. 237). ФП: гой ('іншаверац') - Гой (мянушка, потым прозвішча) - Гоеўская .

Груша (Дар'я Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва груша 'фруктовае дрэва сямейства ружакветных з сакавітымі салодкімі пладамі ў форме акруглага конуса; плод гэтага дрэва'. Ад гэтай асновы і прэстыжная форма Грушэўскі (як і Яблоньскі , асабліва ў католікаў).

Грыб (Ян Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва грыб , які мае некалькі значэнняў: расліна ў выглядзе шапачкі на ножцы, цвёрдая нарасць на дрэве, раслінны мікраарганізм, які выклікае браджэнне.

Грыгенча (Вераніка Г.) - дэрыват з суфіксальным фармантам -ча ад апелятыва Гры-ген з семантыкай 'жонка названай асобы': Грыген-ча . Параўнаем: Міхась - Міхасьча (у Якуба Коласа "Новая зямля") (Гл. П. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне, 1977, с. 176.). ФП: Григорий, Грегор - Грыгор - Грыген - Грыгенча.

Грынь (Сяргей Г.) - гутарковая форма, варыянт народнага імя ад праваслаўнага Григорий: Грыгор - Грын - Грынь . У помніках зафіксавана 18 разоў (М. Бірыла. Беларуская антрапанімія, 1966, с. 53).

Грынько (Мікола Г.) - народны варыянт ад афіцыйнага імя Грыгорый . Утварэнне з суфіксам -ко : Грынь-ко .

Грынькевіч і Грынке-віч (Сцяпан Г., Георгі Г.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Грынь і Грын з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Грыньк-евіч, Грынк-евіч . ФП: Грыгор - Грын і Грынь - Грынько і Грын-ко - Грынькевіч і Грынкевіч .

Грынюк (Вольга Г.) - дэрыват з фармантам -юк (-ук) ад антрапоніма Грынь з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Грынь + ук = Грынюк .

Грышуніна (Наталя Г.) - форма прыналежнага прыетніка з фармантам -іна ад антрапоніма Грышуня з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Грышун-іна . ФП: Грыгор - Грыша - Грышуня - Грышу-ніна .

Грышчук (Ганна Г.) - дэрыват з суфіксам -ук (-юк) ад антрапоніма Грышка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Грышк-юк = Грышч-ук . ФП: Грыгор - Грышка - Гры-шчук .

Грэбень (Ніна Г.) - семантычны дэрыват ад апелятыва грэбень , які мае некалькі значэнняў: 1) пласцінка з зубамі для расчэсвання валасоў або для заколвання і аздаблення жаночай прычоскі; 2) прыстасаванне, якое формай і прызначэннем нагадвае грэбень; 3) мясістая нарасць на галаве некаторых птушак; 4) (перан.) верхні край, вяршыня чаго-небудзь.

Губскі (Уладзімір Г.) - дэрыват з фармантам -скі ад тапоніма Губ а з семантыкай 'жыхар (народзінец) названай мясцовасці': Губ-скі .

Гудкова (Вольга Г.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Гудок з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гудк-ова . Утваральнае слова - ад апелятыва гудок 'механічнае прыстасаванне для падачы сігналаў шляхам гудзення', 'сігнал', а таксама 'старажытны трохструнны музычны інструмент'.

Гуркоў (Сяргей Г.) - форма прыналежнага прымет-ніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Гурко з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гурк-оў . ФП: Гурый (імя) - Гурко - Гуркоў .

Гуцалік (Галіна Г.) - дэрыват з фармантам -ік ад антрапоніма Гуцаль з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Гуцал-ік . ФП: гуц ('абібок, гультай') - гуцаль (гуц-аль) - Гуцаль - Гуцалік (Слоўнік белар. гаворак паўн.-зах. Беларусі і яе пагранічча. Том 1. 1979. С. 510).

Дабравольская (Наталля Д.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ская ад уласнай назвы Добрая Воля і Дабра-воля з семантыкай 'жыхар (народзінец) названай мясцовасці': Дабраволь-ская .

Дабрадзей (Алеся Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дабрадзей 'той, хто чыніць дабро, аказвае дапамогу, паслугу каму-небудзь; дабрачынец'. ФП: добрая дзея - дабрадзей - Дабрадзей .

Дабратвор (Ілля Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дабратвор 'той, хто творыць дабро, дабрадзей, дабрачынец'. ФП: тварыць дабро - дабратвор - Дабратвор .

Давыдзька (Святлана Д.) - дэрыват з фармантам -ка ад антрапоніма Давыд ці Да-выдзік з семантыкай 'жонка названай асобы' або 'нашчадак Давыда'. ФП: Давыд - Давыдзік - Давыдзь-ка .

Даніловіч (Мікола Д., Мар'ян Д., Таццяна Д.) - форма бацькаймення з фармантам - овіч ад антрапоніма Даніла з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Даніл-овіч .

Дарафюк (Мікола Д.) - дэрыват з суфіксам -юк ад антрапоніма Дарафей з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дараф-юк .

Даўгашэй (Галіна Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва даўгашэй 'жывая істота з доўгай шыяй (звер, птушка, чалавек)'.

Дваранчук (Юрый Д.) - дэрыват з суфіксам -чук ад антрапоніма Дваранін ( Дваран-ін ) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дваран-чук . ФП: дваранін ('асоба, якая належыць да дваранскага саслоўя') - дваранчук ('сын з саслоўя дваране') - Дваранчук .

Дарашкоў (Іван Д.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -оў ад антрапоніма Дарошка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дарашк-оў . ФП: Дарафей (імя) - Дораш - Дорашка - Дараш-коў .

Дзедушкова (Алена Дз.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Дзедушка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзедушк-ова . ФП: дзед - дзедушка - Дзедушка - Дзе-душкова.

Дземідовіч (Вольга Дз.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Дзямід з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзямід-овіч - Дземідовіч . ФП: Дзямід (імя) - Дзямідаў (сын) - Дземідовіч .

Дзенісевіч (Павел Дз.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Дзяніс і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзяніс-евіч . ФП: Дзяніс (імя) - Дзенісевіч .

Дзербянёва (Анжаліка Дз.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ёва ад антрапоніма Дзярбень з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзярбан-ёва . ФП: дзяр-беніць ('сцёбаць') - дзярбень ('сцёбанне') - Дзярбень (мянушка чалавека с частым карыстаннем словам дзярбень ) - Дзярбень (прозвішча) - Дзер-бянёва ("Слоўнік белар. гаворак паўн.-зах. Беларусі і яе пагранічча". Т. 2, с. 45).

Дзергачова (Любоў Дз.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Дзяргач з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзергач-ова . ФП: дзяр-гач ('сцёрты венік' - "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф. А. Піскунова (2012, с. 276) - Дзяргач (мянушка, потым прозвішча) - Дзергачова .

Дзешчыц (Алена Дз.) - дэрыват з фармантам -ыч ( > ыц ) ад антрапоніма Дзешка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзешч(к)-ыч - Дзеш-чыц (канцавое " ц " - вынік дысіміляцыі: чч > чц ). ФП: Демиан - Дешко - Дзяшко - Дзешчыч - Дзешчыц.

Дзінгілеўскі (Віталь Дз.) - форма з прэстыжным фармантам -еўскі ад антрапоніма Дзінгіль з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзінгіл-еўскі . ФП: дзянгіль ('дзягіль - травяністая меданосная расліна сямейства парасонавых; выкарыстоўваецца ў медыцыне') - Дзянгіль (мянушка, потым прозвішча) - Дзін-гілеўскі і Дзянгілеўскі , Дзен-гілеўскі (СбГПЗбП, с. 53.)

(Працяг у наступным нумары.)

Павел Сцяцко


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў чэрвені

Абужынская Ганна Аляксандраўна Ажар Таццяна Мікалаеўна Акудовіч Валянцін Васільевіч Алёшка Вячаслаў Часлававіч Аляхновіч Леанід Адамавіч Аляхновіч Ніна Паўлаўна Анапрыенка Юры Анацка Ганна Анацка Яўген Асмыковіч Міхась Мікалаевіч Афанассева Раіса Іванаўна Баеў Дзмітры Уладзіміравіч Бажок Юлія Анатольеўна Базык Вольга Балашоў Аляксей Анатольевіч Барнюк Аляксей Сяргеевіч Барцэвіч Іван Васільевіч Барысава Сафія Міхайлаўна Белавусава Валянціна Валянцінаўна Бельская Ірына Казіміраўна Біза Юльян Сцяпанавіч Бурачонак Аляксандр Вячаслававіч Бязмацерных Дар'я Аляксандраўна Бязмен Васіль Канстанцінавіч Бяласін Яўген Аляксандравіч Вайтовіч Сяргей Уладзіміравіч Валошчык Лідзія Рыгораўна Валынец Тацяна Сяргееўна Варонік Святлана Аркадзеўна Васілевіч Наталля Мікалаеўна Васілеўскі Пётр Пятровіч Васільева Анастасія Вячаславаўна Гайдук Ірына Эдуардаўна Галіч Аляксей Эдуардавіч Гашко Ірына Аляксееўна Глушко Аляксей Віктаравіч Грыгор'ева Ірына Людвігаўна Грышко Людміла Гудкова Дар'я Уладзіміраўна Давыдчук Сяржук Данільчык Зінаіда Пятроўна Дземідовіч Ганна Дзічкоўская Настасся Дзюсекаў Павел Аляксандравіч Дробыш Вадзім Міхайлавіч Дрожджына Ала Дуброўскі Валер Леанідавіч Лыскавец Ігар Жалдака Васіль Станіслававіч Жамойда Алена Жарнасек Вітаўт Ждановіч Тацяна Міхайлаўна Жук Ігар Васільевіч Жук Яўген Віктаравіч Заблоцкая Алена Аляксандраўна Завадская Алена Аляксандраўна Запалянская Вольга Васільеўна Золаў Юры Георгіевіч Іваноў Сяргей Ігнатовіч Марыя Іосіфаўна Ігнатовіч Яўген Ільіна Анастасія Аляксандраўна Ішуціна Тацяна Вікенцьеўна Кавалеўская Наталля Леанідаўна Кавалеўская Стэфанія Сяргееўна Кавалёва Кацярына Кальчугін Віктар Канкоўская Святлана Капціловіч Іван Карашчанка Ігар Віктаравіч Каўко Зміцер Кашуба Мікалай Ануфрыевіч Кісель Сяргей Леанідавіч Кісляк Васіль Сяргеевіч Кляпкоў Дзмітры Кобрусеў Дзяніс Аляксандравіч Комар Юры Мікалаевіч Конік Юлія Андрэеўна Косава Ганна Валер'еўна Кочман Тарэса Красоціна Тамара Іванаўна Краўчук Зміцер Краўчук Ірына Крол Аляксандр Уладзіміравіч Крываротаў Міхаіл Юр'евіч Кудрашова Лілея Кузікевіч Алена Кукуць Алена Аляксандраўна Кукуць Уладзімір Часлававіч Куляшоў Дзмітры Віктаравіч Куніцкая Ганна Уладзіміраўна Курдо Павел Аляксандравіч Курловіч Ганна Аляксандраўна Кутас Святлана Кухарчык Людміла Лабаты Алег Анатольевіч Ларын Іван Юр'евіч Ласкутнікаў Павел Сяргеевіч Лаўрыновіч Алесь Сяргеевіч Лендзянкоў Ігар Ляўковіч Анатоль Іосіфавіч Магонаў Сяргей Аляксандравіч Майсяёнак Андрэй Георгіевіч Макарэвіч Іна Макрыцкі Яраслаў Янавіч Максімава Наталля Малашчанка Аляксей Юр'евіч Маневіч Аляксей Манкевіч Тацяна Пятроўна Маркевіч Мікалай Мікалаевіч Мароз Кацярына Мікалаеўна Мароз Уладзімір Вікенцьевіч Марозава Людміла Уладзіміраўна Мархотка Леанід Андрэевіч Махлай Кастусь Мацюшэнка Ніна Мікалаеўна Машкала Іосіф Мельнічук Сяргей Міхайлоўская Данута Канстанцінаўна Міхальчук Вераніка Пятроўна Міхноўская Наталля Вячаславаўна Мішчанкоў Уладзімір Аляксандравіч Нішчык Алесь Уладзіміравіч Носаў Андрэй Няганаў Яўген Сяргеевіч Палухін Уладзімір Мікалаевіч Палянскі Андрэй Валер'евіч Панкевіч Юлія Аляксандраўна Парчынскі Яўген Патапава Дзіяна Сяргееўна Паўловіч Анатоль Петрашэвіч Яўген Радзюк Валянціна Радэнка Кацярына Уладзіміраўна Раеўскі Аляксандр Юркевіч Сяргей Іванавіч Хашылёва Таццяна Аляксандраўна Праневіч Кацярына Генадзеўна Пукель Алена Адамаўна Рабчэня Тацяна Васільеўна Разжалавец Іван Разжалавец Сяргей Разумава Галіна Уладзіміраўна Рак Вольга Рыгораўна Раманава Ганна Аляксееўна Раманішка Вікторыя Уладзіленаўна Раманчук Анатоль Анатольевіч Ролік Міхаіл Міхайлавіч Рудак Наста Юр'еўна Русць Максім Часлававіч Рэўтовіч Кірыла Васільевіч Савіч Сяржук Сакава Ніна Леанідаўна Сакалова Ніна Сакун Алена Васільеўна Салоха Надзея Самстыка Сяргей Алегавіч Саўка Юстына Свізуноў Вячаслаў Свірко Наталля Сігаеў Аляксей Уладзіміравіч Сіліч Аляксандр Анатольевіч Сільнова Ніна Сіманаў Канстанцін Яўгенавіч Сінкевіч Ірына Тадэвушаўна Славута Ніна Спасюк Рыгор Віктаравіч Станько Галіна Старавойтава Надзея Студзінская Інэса Анатольеўна Сямашка Ала Уладзіміраўна Сяменас Генадзь Мар'янавіч Сянкевіч Святлана Анатольеўна Сярова Зося Таўгень Людвіка Трухан Л. Трэцьяк Дзмітры Вітальевіч Туровіч Ірына Уладзіміраўна Урбан Аляксандр Філічонак Ларыса Фурс Юры Антонавіч Хадзінскі Павел Сяргеевіч Харужая Вера Хвацік Іван Міхайлавіч Хевук Ігар Цімафеева Ядвіга В. Цімошак Зінаіда Вячаславаўна Ціханаў Аляксандр Валер'евіч Ціхановіч Вольга Віктараўна Чабатарэўскі Барыс Дзмітрыевіч Чагаева Ірына Вільданаўна Чавусаў Юры Віктаравіч Чарановіч Ніна Мікалаеўна Чаркасава Галіна Ільінічна Шабетнік Алег Васільевіч Шандроха Нона Эдмундаўна Шарман Аліна Шаўцоў Генадзь Уладзіміравіч Шахлевіч Юлія Віктараўна Шпілеўскі Вячаслаў Віктаравіч Шубіна Дар'я Алегаўна Шумская Ірына Антонаўна Шчарбачэня Вячаслаў Сяргеевіч Шыпіла Уладзімір Аляксандравіч Юшкевіч Андрэй Андрэевіч Якаўлеў Юры Генадзевіч Якубовіч Ю.А. Янукевіч Аляксей Антонавіч Яскевіч Алесь Юр'евіч Яшкіна Надзея Алегаўна


Беражыце, людзі, памяць

Каб знайсці мне тую кулю,

Што ў апошні год вайны

Адшукала мяне ў лютым

На полі мінным уначы


Не схлушу - было б цікава

Патрымаць яе ў руках,

І для праўнукаў забава

Са здзіўленнем у вачах.


Я таго стралка не бачыў,

Бачыў ён мяне, ці не,

Але стрэліў і патрапіў,

На вайне, як на вайне.

Зняў бы я тады кашулю,

Паказаў бы, дзе ўвайшла

У плячо балюча куля,

Што мяне тады знайшла.


Сем прайшо дзесяцігоддзяў,

Тую кулю не знайсці.

Засталіся нас адзінкі

У цяперашнім жыцці.


І ўсё менее з гадамі,

Не спыніць няўмольны час.

Беражыце, людзі, памяць

Яна вам заменіць нас.

І калі, край Бог, прыдзецца

Бараніць Радзіму вам,

Пра нас памяць адгукнецца

І не кіне сам на сам


Вас у час выпрабавання,

Стане побач і тады

Абароніце Айчыну

Ад прыйшоўшае бяды.

Фелікс Шкірманкоў .

27 траўня Феліксу Шкірманкову споўнілася 88 гадоў. Віншуем і жадаем ветэрану: "Сто гадоў!"


Ці будзе памяць сапраўднай без мовы?

У Глыбоцкай раённай газеце "Веснік Глыбоччыны" № 38 за 14-га траўня паведамляецца пра вечарыну ў 3-й Глыбоцкай школе. Аўтарка слушна кажа, што памяць захоўваюць "найперш - гэта родныя Віталя Гарановіча, педагогі, якія працавалі пад яго кіраўніцтвам, сябры, калегі-творцы, прыхільнікі яго таленту, моладзь, якая чытае на конкурсах яго вершы і спявае песні на яго тэксты. Усе яны ў першую суботу мая сабраліся ў зале СШ № 3 на вечарыну памяці Віталя Гарановіча, якога вось ужо два гады няма з намі. Мерапрыемства "Паэзія жыве ў душы маёй" падрыхтавала настаўніца Даната Сярогіна з дапамогай педагогаў трэцяй гарадской школы" .

Гэта вельмі пахвальна. І ўсіх, хто беражэ роднае слова паэта-настаўніка ў роднай школе, горадзе, на роднай зямлі, Бог хваліць. Успаміны - ёсць жыццё. Але я пра што? Час жа бяжыць наперад. Хто потым будзе захоўваць памяць? Няўжо толькі дошка на школе, калі яе прыбіць да сцяны? Мовы ж няма. Прапанова пісьменніка Уладзіміра Сауліча - назваць 3-ю школу іменем Віталя Гарановіча - выглядае як здзек з гэтай самай памяці пра яго. Безумоўна, Уладзімір не збіраўся здзеквацца. Але так і хочацца ўсклікнуць: "Валодзя, тут не жартуй! Каб назваць, трэба спачатку вярнуць беларускасць школе, якую дырэктар-настаўнік-паэт некалі з такім выразным клопатам стварыў. Пра такую патрыятычную працу ты сам вельмі прыхільна пісаў у прадмове да кнігі Гарановіча "Беразвечча", будучы тады яшчэ сябрам СБП, а не СПБ. І пасля таго, як прагналі з беларускай школы яе мову родную, надаваць ёй (расейскай школе) імя беларускага паэта, чыю працу разбурылі, знішчылі, ці не парадокс?"

Аўтар называе Уладзіміра сябрам Віталя. Але сяброўства - гэта адказнасць і за слова… Я згодна, што ўсе прыхільнікі памяці стараліся выступаць на вечарыне - згадвалі, чыталі, спявалі… Але ці ёсць гэта - "працяг справы чалавека і грамадзяніна, настаўніка і паэта… які прцягвае жыць сярод нас" .

Нешта не зладзілася ў гэтым сказе, як і ў абароне 3-яй беларускай школы. Сёння я нагадаю, што за яе беларускасць збіралі подпісы грамадзян Падсвілля, пісалі і мы (сябры Падсвільскай суполкі ТБМ) Прэзідэнту, думаючы, што зверху ідзе ўся шкода. З адміністрацыі тады прыйшоў вялізны пакет з сургучамі. Але ў лісце было што? Паведамленне, што пісьмо наша адаслана на месца, каб, менавіта, тут, у раёне, патрыятычна разгледзелі важнае культурнае пытанне незалежнай Беларусі. Прэзідэнт жа не загадваў зліквідоўваць беларускасць школы ў Глыбокім. Дык вось дзе, выходзіць, корань знішчэння?.. І нам з бліжэйшых органаў улады, нават, не адказалі. Бо не было чаго казаць. Не хацелася беларускай роднай школы. Я разумею, што сёння на вечарыне былі не ўплывоўцы, а калегі і вучні, і пабочныя… Ну, што там зробіць старшыня райарганізацыі РГА "Белая Русь" для абароны мовы? Яна тут слухала песні.

Вечарына прайшла. І жонка Віталя Рыгоравіча - Лілея Анатольеўна - дзячыла ўсіх прысутных, што не забылі паэта ў ягонай жа школе на другі год. Падумаць толькі… Безумоўна боль, смутак кіраваў жанчынай. І далікатнасць. Удумаўшыся, дык гэта ж паэта трэба дзячыць за творчасць - што даў, пакінуў такое мастацкае слова для працягу жыцця культурнай Бацькаўшчыны. Ён ужо сцвердзіўся для памяці. Без шыльды. Самая найлепшая і непадманная ўдзячнасць - вяртанне беларускай школы. Сумеснымі намаганнямі, якраз калегаў, сяброў і кіраўніцтва асветы раёна (найперш) і вобласці, і вышэй… Тады ўжо можна назваць іменем... Тады, як ёсць беларуская школа - жыве мова. На ёй размаўляюць і чытаюць кнігі. І паэтавы таксама. Менавіта гэта і ёсць жывая памяць, сцвярджэнне беражлівасці спадчыны.

Марыя Баравік, сябра СБП.


Святочная імша для дзяцей - па-беларуску

Аднаўленне і ўмацаванне хрысціянскіх традыцый - радасная падзея ў жыцці ўсяго грамадства. Урачыстасць першай святой Камуніі адбылася ў Менскім касцёле святых Сымона і Алены ў нядзелю 18 траўня. Да ўдзелу ў першай Еўхарыстыі прышлі 139 дзяцей разам з бацькамі, хрышчонымі, бабулямі і дзядулямі. Мілыя маладыя панны ў белых строях, упрыгожаныя ўплеценымі ў валасы кветкамі, стройныя падцягнутыя хлопчыкі запоўнілі пляц перад Чырвоным касцёлам. Яны трымалі ў руках свечкі, з якімі яны выйдуць на сустрэчу з Хрыстом. Таты віталі сваіх Сялінаў, Бажэнаў, Ядвігаў і Станіславаў.

"Дабраславіце тата і мама

Далоньмі сваімі,

Каб Хрыста прынялі мы сёння,

Славячы Божае імя ",-

з такімі словамі звярнуліся дзеткі да сваіх бацькоў.

Пробашч менскага Чырвонага касцёла Уладзіслаў Завальнюк пажадаў дзецям і бацькам, каб прыняўшы ў сэрца Езуса, яны мелі гарачую веру, любоў да Бога, да сваіх бацькоў і родных. Ксёндз Станіслаў пажадаў юнакам паглыбляць сваю веру таксама як школьныя веды з кожным навучальным годам, больш пазнаваць жыццё сваіх святых апякуноў, гісторыю і традыцыі Касцёла на Беларусі, удзельнічаць ў пілігрымках, летніках для моладзі і дабрачыннай працы.

"Цягам двух гадоў дзеці з 8-мі гадовага да 16-гадовага ўзросту праходзілі катэхізічныя заняткі паводле праграмы, зацверджанай Канферэнцыяй каталіцкіх біскупаў Беларусі, навучаліся асновам веры, удзельнічалі ў нядзельных і святочных набажэнствах", - распавяла дырэктар нядзельнай школы пры касцёле св. Сымона і Алены сп. Наталля Лаўрэнка.

Сваімі ўражаннямі падзялілася адна з матуль касцёльнай супольнасці пані Людміла."У мяне тры сыны: Дзяніс, Максім і Арцём, і я імкнуся выхаваць іх у веры. Пра гэта я сказала свайму мужу, праваслаўнаму паводле хросту, паступова далучыла яго да ўдзелу ў жыцці касцёла, і ён мяне падтрымаў.

У маім дзяцінстве нам было складана вызнаваць веру, хоць мы і добра вучыліся, але за свянцоную вербачку маглі знізіць адзнаку па паводзінах у школе. Каб прыняць першую святую Камунію мне давялося паехаць з бацькамі ў Польшчу. Там мая цёця за два тыдні старалася агарнуць мяне любоўю і клопатам, каб я адчула як мага найбольш ўздзеянне святога духа на сям'ю, ўвабраць добрыя звычаі і спрыянне сэрца. Такія ж пачуцці я імкнуся перадаць маім сынам, хачу, каб яны былі выхаваны паводле Божых запаветаў. Старэйшы сын Дзяніс наведвае нядзельную школу, у звычайнай школе яго не ўсе разумеюць, але ён цярпліва стараецца тлумацыць сябрам набходнасць паступаць згодна з хрысціянскімі поглядамі. Гэта не заўсёды даецца проста.

Мы ўдзячныя святарам і катэхетам, якія праводзілі заняткі з дзеткамі, рыхтавалі іх да споведзі, цярпліва і ўважліва з імі займаліся. Няхай добры Божа дабраславіць нашых святароў, і Маці Божая трымае іх у сваёй апецы, а мы як бацькі будзем прыкладаць далейшыя намаганні ў выхаванні нашых дзяцей". Да свята былі падрыхтаваны падарункі, кветкі і пірагі. Сэрцайкі з імёнамі былі аб'яднаныя ў адно вялікае сэрца. Урачыстасць асвячалася роднай беларускай мовай.

Пробашч касцёла распавёў пра канферэнцыю, якая адбылася 15 траўня ў Менску з удзелам святароў з Ватыкана, аб падрыхтоўцы да беатыфікацыі фундатара касцёла Эдварда Вайніловіча.

Эла Дзвінская, Фота аўтара.


У Глыбокім усталявалі помнік Мюнхаўзэну

Магіла з прозвішчам вядомага літаратурнага героя Мюнхаўзэна ёсць на могілках Копцеўка ў Глыбокім. Расшукаў яе вядомы глыбоцкі краязнавец і журналіст Уладзімір Скрабатун.

А на помніку, які паставілі ў скверы, што па вуліцы Горкага, напісана: "Таму самаму Мюнхаўзэну", паведамляюць westki.info.

Глыбоцкі Мюнхаўзэн памёр 31 сакавіка 1878 года ў адзін дзень са сваёй жонкай і, хто ён быў у рэальнасці, ніхто ўжо не ведае. Але прыгожую легенду, што ў Глыбокім пахаваны вядомы персанаж, узялі на ўзбраенне мясцовыя ўлады, у выніку чаго і паўстаў гэты помнік.

Еўрарадыё.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Пухоўская Юлія - 50000 р., г. Менск

2. Данілюк Віктар - 50000 р., г. Менск

3. Лагуціна Марына - 50000 р., г. Менск

4. Рогач Пётр - 20000 р., г. Менск

5. Давыдоўскі Ігар - 100000 р., г. Менск

6. Мануленка Уладзімір - 60000 р., г. Менск

7. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

8. Маслюкоў Віктар - 40000 р., г. Менск

9. Ляўшун Дзяніс - 195000 р., г. Менск

10. Несцераў Віктар - 100000 р., г. Менск

11. Усціновіч Уладзімір - 100000 р., п. Лясны Менскі р-н.

12. Давідовіч П.В. - 50000 р., г. Берасце

13. Шынковіч С.А. - 60000 р., г. Орша

14. Залькоў Сяргей - 200000 р., г. Гародня

15. Астравецкі А.А. - 50000 р., г. Берасце

16. Бабраўнічы Мікола - 100000 р., г. Менск

17. Фурс Антон - 100000 р., г. Паставы

18. Краўчанка Анатоль - 200000 р., г. Менск

19. Кісель Я.І. - 35000 р., г. Гомель

20. Міцкевіч Андрэй - 5 000 0000 р., г. Менск

Ахвяраванні сяброў суполкі № 1 Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны мікрараёна "Зялёны Луг - 7"

1. Бандарчык Уладзімір - 100000 р., г. Менск

2. Варанцоў Міхаіл - 100000 р., г. Менск

3. Вашкевіч Ігар - 100000 р., г. Менск

4. Камлюк Алесь - 100000 р., г. Менск

5. Мартынаў Мікола - 5000 р., г. Менск

6. Цярохін Уладзімір - 100000 р., г. Менск

7. Вініцкая Кацярына - 20 дол. ЗША.

8. Кацярыніч Ян - 10 дол. ЗША

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


ФАКТЫ - РЭЧ УПАРТАЯ: НЕКАТОРЫЯ ЎДАКЛАДНЕННІ

Дзень Перамогі, здаецца, нідзе, апрача Беларусі і Расіі, не святкуюць. Не святкавалі яго і пры Сталіне, бо "кремлёвский горец, душегуб и мужикоборец" добра разумеў, што гэтая перамога, няйначай, пірава. Прасторы ад Буга да Волгі і ад Волгі да Берліна закідалі трупамі савецкіх байцоў і камандзіраў. Як сёння афіцыйна засведчана, дэмаграфічныя страты Германіі за перыяд 1939 - 1945 гг. складаюць да 6 млн, а страты Савецкага Саюза за 1941 - 1945 гг. ацэньваюцца ў 27 млн чалавек. Дарэчы, пры Сталіне называлася іншая лічба стратаў: каля 7 млн у Савецкім Саюзе (маўляў, гэтак жа, як і ў Германіі), пасля (пры Хрушчове) - каля 20 млн, затым (пры Гарбачове) - каля 25 млн.

Адзначаць Дзень Перамогі як усенароднае свята (з вайсковым парадам і дэманстрацыяй) пачалі толькі пры Брэжневе (а сам ён ад палкоўніка "даслужыўся" да Маршала Савецкага Саюза з чатырма зоркамі Героя).

У "Беларускай Савецкай Энцыклапедыі" (т. 3, 1971, с. 242), як і ў іншых савецкіх эндыклапедыях пазнейшага часу, сцвярджаецца, што 22.06. 1941 г. фашысцкая Германія пачала вайну супраць СССР, маючы вялізную колькасную перавагу над савецкімі войскамі: "па асабовым складзе ў 1,8 раза, па цяжкіх і сярэдніх танках у 1,5 раза, па самалётах новых тыпаў у 3,2 раза, гарматах і мінамётах у 1,25 раза" . I сёння ў сродках масавай інфармацыі паўтараюцца такія ж ці амаль такія лічбы аб "превосходящих силах противника" .

З другога боку, у многіх іншых сучасных працах бачым звесткі супрацьлеглага характару. Так, у навучальным дапаможніку для студэнтаў ВНУ "Вялікая Айчынная вайна савецкага народа" (Мінск: БДУ, 2004) на с. 27 даецца табліца "Узброеныя сілы найбуйнейшых дзяржаў і Польшчы летам 1939 г."; паказана, што ў СССР танкаў было 21 110, самалётаў - 11 167, а ў Германіі - 3 419 танкаў і 4 288 самалётаў. Яшчэ ў адной табліцы (с. 93) пададзены звесткі на 22 чэрвеня 1941 г. - суадносіны ўзброеных сіл Заходняй Асобай ваеннай акругі і нямецкай групы армій "Цэнтр": савецкіх танкаў - 2502, нямецкіх - 1177; савецкіх баявых самалётаў - 1909, нямецкіх - 1468.

Нядаўна ў Маскве, у выдавецтве АСТ, у серыі "Будущим командирам", выйшла багата ілюстраваная каляровымі здымкамі кніга "Танки и бронетехника: величайшие битвы, самые известные командиры" (М., 2013). Тут на с. 72 чытаем: "На момант нападу Германіі Чырвоная армія мела прыкладна 22 000 танкаў - гэта больш, чым ва ўсіх астатніх арміях свету разам узятых! Толькі ў прыгранічных акругах налічвалася звыш 14000 танкаў. Супраць іх германскае камандаванне выставіла 4500 танкаў і самаходных артылерыйскіх установак. Адных Т-34 (а гэты савецкі танк называлі каралём палёў Другой сусветнай вайны) у прыгранічных акругах было 967 - амаль столькі ж, колькі ў немцаў Pz III і Pz IV. ІІлюс было яшчэ 350 танкаў КВ. Самалётаў было ля граніцы да 9000. Увогуле, ваяваць было чым".

У гэтай жа кнізе (с. 73) далей: "Калі кажуць пра негатоўнасць Чырвонай арміі да абарончых баёў, маюць на ўвазе асноўны яе прынцып: ваяваць малой крывёю, большай колькасцю, на чужой тэрыторыі. Якія ж загады атрымліваюць з першых дзён вайны савецкія дывізіі? Закапацца ў зямлю, выставіць супрацьтанкавыя загароды, мінныя палі, калючы дрот і стойка трымаць абарону? Не. Атакаваць і контратакаваць, акружаць і знішчаць. Гіганцкія масы савецкай пяхоты і тэхнікі кідаліся ў кровапралітныя сустрэчныя баі... і знішчаліся".

Так, на другі дзень вайны ў заходніх прыгранічных землях Украіны распачаў танкавую атаку 6-ы мехкорпус генерала Болдзіна (больш за 1000 танкаў). Але хутка нямецкай авіяцыяй і супрацьтанкавымі гарматамі ўсе яны былі знішчаны або захоплены, бо гэтая танкавая атака не мела належнай падтрымкі з боку артылерыі і пяхоты (яны адсталі), з боку авіяцыі (значная частка савецкіх самалётаў была знішчана немцамі на зусім блізкіх ад граніцы аэрадромах). Нягледзячы на такі разгром, 25 чэрвеня аж пяць савецкіх мехкарпусоў (каля 3000 танкаў) у раёне гарадоў Дубна, Луцк, Броды пачалі наносіць флангавыя ўдары па праціўніку, але, як адзначаецца ў памянёнай кнізе "Танки...", "за пару дзён вайны пры адсутнасці авіяцыйнай падтрымкі савецкія мехкарпусы страцілі да паловы танкаў толькі на маршы".

Аналагічныя бессэнсоўныя танкавыя атакі рабіліся і на другіх участках фронту (трохі ніжэй прывядзём яшчэ адзін прыклад).

Савецкія войскі Заходняй акругі ўжо ў першы дзень вайны страцілі каля паловы сваіх самалётаў і пераважна на прыгранічных аэрадромах. Пяхота, танкі, гарматы засталіся без паветранага прыкрыцця. Да канца чацвёртага дня вайны, як зафіксавана ў 18-томнай "Беларускай Энцыклапедыі" (т. 4, с. 370), немцамі было знішчана ці захоплена каля 90% нарыхтаванага ў даваенны час паліва, боепрыпасаў, харчавання і інш. Усе тры арміі Заходняга фронту "да 26 чэрвеня апынуліся ў "катле" паміж Беластокам і Мінскам" . А ўжо 15 ліпеня нямецкія танкі ўварваліся ў Смаленск і замкнулі яшчэ адзін "кацёл", у якім аказаліся тры свежыя савецкія арміі ўжо з Другога стратэгічнага эшалона, што біліся за Віцебск. А за некалькі дзён да гэтага, 6 ліпеня, два савецкія мехкорпусы (каля 1400 танкаў) нанеслі ў кірунку горада Лепеля контрудар - у стык гітлераўскіх танкавых груп Гота і Гудэрыяна. Вынікі ж гэтага наступлення нікчэмныя: могільнік падбітых савецкіх танкаў.

Працытуем адрыўкі з кнігі "Танки…" (с. 73, 75): Чырвоная армія "ў першыя ж тыдні вайны страціла 850000 чалавек забітымі і раненымі, адзін мільён палоннымі… Усе мехкорпусы былі разгромлены. К канцу 1941 года практычна ўсе танкі страчаны".

Яшчэ адзін адрывак з гэтай кнігі (с. 81): "Кіеўская бітва 1941 года - страшэннае паражэнне Чырвонай арміі, найбуйнейшая бітва на акружэнне. У аператыўнай зводцы вермахта за 27 верасня 1941 г. паведамлялася пра захоп 665000 палонных, 884 танкаў і 3718 гармат. Гэта адзіны выпадак за ўсю вайну, калі загінуў цэлы фронт разам са сваім камандаваннем".

Чым жа тлумачыцца летня-восеньская катастрофа Чырвонай арміі? Часткова некаторыя з гэтых прычын пералічваюцца толькі ў 2-м томе "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" (1994, с. 424): некампетэнтная самаўпэўненасць вышэйшага эшалона партыйнага і дзяржаўнага апарату ў цэнтры і на месцах, нізкі прафесіяналізм стратэгічнага кіраўніцтва, бескантрольнасць дзеянняў залітага крывёй рэпрэсіўнага апарату ва ўсіх яго эшалонах. Тут жа сказана і пра тое, што за тры гады да пачатку вайны Чырвоная армія фактычна была пазбаўлена таленавітага камандавання, узброеныя сілы былі інтэлектуальна абяскроўлены, афіцэрскі корпус быў маральна задушаны масавымі рэпрэсіямі. Але і ў гэтай энцыклапедыі нічога не гаворыцца пра адну з галоўных прычын: Чырвоная армія ў перадваенныя гады рыхтавалася не да абароны, а толькі да наступлення, да вызвольнага паходу ў Еўропу.

Парламенцкая асамблея АБСЕ ў рэзалюцыі ад 3.07.2009 года слушна прызнала віноўнікамі Другой сусветнай вайны сталінізм і нацызм. Гэта перыяд, калі, кажучы словамі Васіля Быкава, "адзін злачынны рэжым схапіўся ў смяротнай бойцы з другім не менш злачынным рэжымам" . А да таго як сутыкнуцца лоб у лоб, яны падзялілі Еўропу "па сферах інтарэсаў": Гітлер падмяў пад сябе амаль усе заходнееўрапейскія краіны, а Сталін "далучыў" да Савецкага Саюза ўсходнюю палову Польшчы, частку Фінляндыі, Эстонію, Латвію, Літву, Бесарабію.

За апошнія дзесяцігоддзі ў расійскай і замежнай гістарыяграфіі з'явілася мноства грунтоўных публікацый, у якіх неабвержна даказваецца, што кіраўніцтва СССР мела намер летам 1941 года пачаць "Вялікі вызвольны паход у Еўропу". Пра гэта сведчыць і тая памянёная вышэй вялізная колькасць танкаў, самалётаў, гармат, механізаваных ды авіядэсантных карпусоў і г.д. Вось яшчэ некаторыя факты.

1. Адмірал Н.Г. Кузняцоў (ён жа член ЦК, член Стаўкі Галоўнага камандавання) у мемуарах "Накануне" (М.: Воениздат, 1966) пісаў: "Сталін вёў падрыхтоўку да вайны - падрыхтоўку шырокую і рознабаковую, - зыходзячы з намечаных ім самім тэрмінаў. Гітлер парушыў гэтыя разлікі" . Генерал-лейтэнант М.Ф. Лукін у "Военно-историческом журнале" (ВИЖ) (1979, № 7, с.43) піша: "Мы збіраліся ваяваць на тэрыторыі праціўніка" . На гэтай жа старонцы ёсць і пацвярджэнне Маршала Савецкага Саюза А.М. Васілеўскага: у словах Лукіна "многа суровай праўды" . Яшчэ да пачатку вайны быў створаны Другі стратэгічны эшалон (ужо ўпамінаўся пры апісанні Лепельскага контрудару), прызначаны для развіцця наступальных дзеянняў Першага стратэгічнага эшалона. Але, як адзначалася ў часопісе "ВИЖ" (1971, № 10, с. 13), "гэтыя рэзервы мы вымушаны былі выкарыстоўваць не для наступлення ў адпаведнасці з планам, а для абароны" . Напярэдадні вайны, "21 чэрвеня Палітбюро ЦК ВКП(б) усклала на начальніка Генеральнага штаба генерала арміі Г.К. Жукава агульнае кіраўніцтва Паўднёва-Заходнім і Паўднёвым франтамі" (ВИЖ, 1981, № 9, с. 11).

2. Паколькі "Гітлер парушыў разлікі" Сталіна і Чырвонай арміі прыйшлося ваяваць не на чужой, а на сваёй тэрыторыі, у савецкіх камандзіраў не было ваенных тапаграфічных картаў, а без іх у ваенных абставінах - як без рук. 16 ліпеня ў смаленскім "катле", пад горадам Лёзна, трапіў у палон старшы лейтэнант Джугашвілі Якаў Іосіфавіч (сын Сталіна) і на допыце сказаў: "Карты падвялі Чырвоную армію, бо вайна насуперак спадзяванням, разыгралася на ўсходзе ад граніцы" (паказанні палоннага апублікаваны ў часопісе "Отечественная история", 1993, № 4, с. 26). Картаў прыгранічных абласцей не было, але былі цэлыя вагоны з картамі Усходняй Прусіі, Польшчы, Баварыі, Румыніі і г.д. Многія савецкія камандзіры напярэдадні вайны атрымалі "Краткий русско-немецкий разговорник" (з такой, напрыклад, назвай аднаго з раздзелаў: "Ориентировка нашего парашютиста"). У другіх прыгранічных раёнах даваўся "Русско-румынский разговорник".

3. Цяжка даць які-небудзь іншы апраўдальны адказ, апрача адзіна мажлівага, на такія, да прыкладу, пытанні:

Чаму савецкія аэрадромы былі размешчаны зусім блізка ад граніцы?

Чаму са штаба 22-й танкавай дывізіі ў Бярэсці можна было бачыць у бінокль "нямецкіх салдат на супрацьлеглым беразе Заходняга Буга" (Кочетков Д.И. С закрытыми люками. - М.: Воениздат, 1962, с.8)?

Чаму штаб 125-й стралковай дывізіі знаходзіўся так блізка ад граніцы, што "першы ж нямецкі снарад у яго трапіў" (На Северно-Западном фронте. - М.: Наука, 1969, с. 174)?

4. А як растлумачыць, скажам, такі факт? Вядомы савецкі паэт-песеннік В.І. Лебедзеў-Кумач у мемуарах прыгадвае, як Сталін яшчэ ў лютым 1941 года даў яму заданне напісаць песню "Священная война" ("Вставай, страна огромная,/ Вставай на смертный бой / С фашистской силой темною, / С проклятою ордой"). І на другі ці трэці дзень пасля таго, як 22 чэрвеня пачалася вайна, песня ўжо гучала па радыё.

Савецкая тэрыторыя, захопленая гітлераўцамі цягам першых чатырох ваенных месяцаў, пасля адваёўвалася Чырвонай арміяй доўгія тры гады. І сёння ў друку паўтараюцца міфічныя сцвярджэнні, быццам перамогу над фашысцкай Германіяй забяспечыў подзвіг савецкага народа, яго гераізм і адданасць сацыялістычнай Радзіме. У энцыклапедыях толькі мімаходам узгадваюць пра ваенную дапамогу саюзнікаў - амерыканцаў і англічан: маўляў, доля заходніх паставак складае ўсяго толькі каля чатырох працэнтаў ад выдаткаў Савецкага Саюза ў ваенныя гады. А між тым у кнізе А. Уткіна "Вторая мировая война" (М., 2003) прыводзяцца такія словы Сталіна ў размове з Рузвельтам: "Злучаныя Штаты можна назваць краінай машын. Не маючы гэтых машын праз сістэму ленд-лізу, мы прайгралі б гэтую вайну".

Першыя ленд-лізаўскія пастаўкі прыбылі ў Савецкі Саюз ў лістападзе 1941 года, і амерыканскія танкі і самалёты ўжо прымалі самы непасрэдны ўдзел у снежаньскім контрнаступленні пад Масквой. Удзельнічалі і англійскія танкі (іх пастаўку ў СССР аплачвалі ЗША). Калі б не было гэтай саюзніцкай дапамогі танкамі, самалётамі, артылерыяй, снарадамі, не вядома, што стала б з асаджанай Масквой і далейшым ходам вайны.

Звышкаштоўная матэрыяльная дапамога саюзнікаў выратавала Савецкі Саюз у самы крытычны перыяд вайны - з восені 1941 па лета 1943 года.

У апошнія дзесяцігоддзі на старонках газеты "Аргументы и факты", а таксама кнігі В. Шункова "Оружие Красной армии" (М., 1999) даюцца сапраўдныя колькасныя паказчыкі асобных відаў узбраення, завезеных з-за акіяна. Так, за ваенныя гады савецкая прамысловасць выпусціла 97700 танкаў і самаходных установак. А яшчэ Чырвоная армія атрымала ленд-лізаўскія 19734 танкі і самаходкі. А гэта ўжо не чатыры памянёныя працэнты, а дваццаць пяць!

Яшчэ лічбы ленд-лізаўскіх паставак: 18700 самалётаў, 9600 гармат, 131000 кулямётаў. Ад саюзнікаў атрымалі пораху ў 3 разы, тэлефоннага провада ў 15 разоў, а паравозаў у 22 разы больш, чым было зроблена ў Савецкім Саюзе за гады вайны. 459000 аўтамашын далі саюзнікі. Гэта ў два разы больш, чым выпусцілі савецкія аўтамабільныя заводы за чатыры гады вайны.

А колькі было завезена ў Саюз прадуктаў харчавання! Як адзначана ў "Аргументах и фактах" (1998, № 19), савецкія гісторыкі звычайна называлі гэтыя харчы "ў тонах, хоць ведалі, што ў СССР увозіліся перш-наперш кансерваваныя і абязводжаныя прадукты. Аднак разлікі каларыйнасці - нават без уліку прадуктовага спірту! - паказваюць, што атрыманых па ленд-лізе прадуктаў харчавання было дастаткова для таго, каб карміць Чырвоную армію на працягу ўсёй вайны". І яшчэ: "Па асобных відах вайсковага рыштунку СССР на 80-100% залежаў ад саюзнікаў".

Не лішнім будзе прывесці тут і такія апублікаваныя ў расійскім друку сцверджанні амерыканскіх, англійскіх і іншых гісторыкаў: "Без амерыканскіх паставак прадуктаў харчавання СССР прайграў бы вайну, таму што яго насельніцтва памерла б ад голаду, а савецкая армія не магла б ваяваць" ; без ленд-лізу "Савецкі Саюз не мог бы выстаяць супраць націску фашысцкіх армій"; "Без амерыканскіх аўтамашын і чыгуначнага абсталявання быў бы немагчымым шэраг значных савецкіх перамог 1943 і 1944 гадоў".

Вось такія далёка не святочныя і не перамоганосныя думкі не выходзяць з галавы, калі чуеш пра Дзень Перамогі, гераізм, патрыятызм, лінію Сталіна і іншыя міфічныя, ілжывыя, далёкія ад ісціны рэчы.

Іван Лепешаў, доктар філалагічных навук


У здаровым целе выхоўваць шчырую душу

У выдавецтве "Кнігазбор" выйшла кніга пра беларускіх медыкаў. У калектыўны зборнік увайшлі гутаркі з лепшымі дактарамі Беларусі, нарысы пра тых, хто паслужыў развіццю медыцынскай навукі, тэхнічнаму ўдасканаленню лекарскай базы, увядзенню новых малатраўматычных формаў аперацый для дзяцей, развіццю айчыннай хірургіі, рэаніматалогіі, оталарынгалогіі і іншых галін медыцыны.

Сярод герояў кнігі і тыя дактары, хто спрычыніўся да ўвядзення ва ўжытак беларускай мовы ў лекарскім асяроддзі і ў выкладанні студэнтам, хто стварыў падручнікі на роднай мове па складаных дысцыплінах. За 23 гады незалежнасці Беларускай дзяржавы выкладчыкі і студэнты БДМУ парупіліся аб стварэнні слоўнікаў медыцынскай тэрміналогіі, аб фармаванні студэнцкіх групаў з выкладаннем па-беларуску.

Медыкі адчуваюць сваю непарыўную сувязь з гісторыяй Радзімы, роднай мовай, культурай і літаратурай. Назву кнізе далі радкі з верша выдатнага лекара і цудоўнага паэта Фелікса Баторына (Хаймовіча) "Дабру вечна перамагаць!" Прапануем вашай увазе гутаркі з героямі кнігі. Прэзентацыя кнігі адбудзецца напярэдадні Дня медыцынскага работніка, 12 чэрвеня.

Прафесар Аляксандр Аляксандравіч Арцішэўскі - адзін з высокіх аўтарытэтаў у медыцынскай навуцы. Інтэлігенты, шляхетны, вытрыманы, ён ўвасабляе лепшыя рысы беларускага медыка. Аляксандр Аляксандравіч выкладае гісталогію студэнтам БДМУ. Лёс адарыў яго мноствам сустрэч з асобамі, аб якіх ён з цеплынёй узгадвае у вершах.

- Раскажыце, калі ласка, пра Ваш лекарскі лёс? Адкуль Вы самі родам?

- Нарадзіўся я ў Горках у 1933 годзе. Продкі па мамінай лініі - Забэлы - паходзілі з Глузчыны, з зажытачных земляробаў. Арцішэўскія былі шляхта, служылі кароне польскай, радня пацярпела і згубіла маёмасць пры падзеле Рэчы Паспалітай. Брат узняў наш радавод, які на паперы склаў 6 метраў даўжынёй.

Мне хацелася б больш распавесці пра маю жонку Нэлі Іванаўну, тэрапеўта. Яна кансультуе хворых у 11-тым клінічным шпіталі, працуе са студэнтамі, прафесар кафедры ўнутраных захворванняў №1. Яна нарадзілася ў Гомелі ў 1934 годзе. Яе бацькам быў вядомы прафесар, клініцыст, лекар Іван Мацвеевіч Старавойтаў.

Не гледзячы на хранічнае захворванне, Нэлі Іванаўна кожную раніцу ідзе ў клініку і даглядае пацыентаў. "У мяне ёсць такая патрэба, гэта мая прафесія, тут я глыбей і шырэй усведамляю поле сваёй дзейнасці" , - лічыць яна.

- У Вас медыцынская сям'я?

- Так. Мы пазнаёміліся з жонкай ў 1952 годзе і вучыліся з ёй у адной групе на лячэбным факультэце Менскага медыцынскага інстытута. Раней я скончыў медыцынскае вучылішча і працаваў медбратам у 3-цім клінічным шпіталі, кафедра тэрапіі лічыла мяне сваім. Мая жонка Нэлі скончыла музычную дзесяцігодку з медалём і 2 курсы Кансерваторыі. Мы ўжо прыгледзеліся адзін да аднаго.

Бацька Нэлі Іванаўны быў акушэрам-гінеколагам. У 30-тыя гады ён скончыў аспірантуру. Да вайны ён быў накіраваны ў Лоеў узнімаць раён. У вясковай бальнічцы хутка заўважылі, што ён добра ўмее рабіць аперацыі, дасведчаны спецыяліст. Яму даручылі будаваць новую бальніцу, прызначылі галоўным лекарам раёна. Чатыры гады ён узнімаў шпіталь.

Грымнула фінская вайна. Год ён адстаяў хірургам на вайне. Затым быў прызначаны намеснікам галоўнага лекара 1-ай менскай клінікі, запрошаны на кафедру на навуковую працу.

І зноў вайна. Гарыць Менск, бамбёжкі, стрэлы. Івану Мацвеевічу даручаюць стварыць франтавы шпіталь. У першыя дні ён атрымлівае раненне ў галаву, асколкі трапляюць у мозг. Параненага доктара вязуць на Усход, у Смаленск, дакументы ў дарозе губляюцца.Толькі праз два тыдні ён прыходзіць да сябе, а ўжо да горада набліжаюцца немцы, жыхары пакідаюць населены пункт.

Без дакументаў, з перабінтаванай галавой ён ідзе на станцыю. Даехаў да Пензы, пайшоў у абласную бальніцу. Нехта думае: мабыць, шпіён, без дакументаў, у бінтах. Але на шчасце, тут яго сустракае былы наркам Беларусі, у Пензе ён выковае працу намесніка старшыні здраўаддзела, і пазнае. Яны абдымаюць адзін аднаго. Калега пацвярджае яго дадзеныя і досвед, узнаўляе дакументы. Івана Мацвеевіча адпраўляюць у Кіргізію.

Потым яго пасылаюць на фронт начальнікам хірургічнага аддзялення палявога шпіталя. Бывала, што ён губляў прытомнасць ад сударгаў. Асколкі ёсць асколкі. Але ў тыл яго не хацелі адпускаць, самі падлечаць і далей! Да канца вайны ён быў са шпіталем. Там яго знайшла сям'я ў 1944 годзе і да яго далучылася на Украінскім фронце.

Пасля вайны Івана Мацвеевіча Старавойтава прызначылі ў Менску загадчыкам Горздраўаддзела. Ён абараніў адну і другую дысертацыю, атрымаў інваліднасць першай групы. Такі быў светлы, сціплы чалавек, працаваў у 1-ай клініцы, пражыў да 99 гадоў, ніколі не паліў. Гадоў пятнаццаць ён загадваў кафедрай акушэрства. Мне хочацца прысвяціць яму асобны нарыс.

- Вы шукалі самастойны шлях у прафесіі?

- Пасля вучобы ў медынстытуце мяне накіравалі ўзначаліць кадры Менскага аблздраўаддзела. А я імкнуўся ў клініку. З раніцы спяшаўся ў клініку, у дзень - у аблвыканкам, ўначы дзяжурыў на хуткай дапамозе. Потым я знайшоў сябе месца лор-лекара, шчыраваў 2 гады. Затым падаў заяву ў аспірантуру. Мне давялося пайсці на кафедру гісталогіі. Закончыўшы аспірантуру, я абараніў дысертацыю, потым другую. Працаваў на кафедры гісталогіі, цыталогіі і эмбрыялогіі да 2009 года, чытаў шмат лекцый студэнтам. Мы вывелі кафедру на вельмі высокі ўзровень у Саюзе.

У нас з Нэлі Іванаўнай двое дзяцей. Сын Сяргей Аляксандравіч скончыў політэхнічны інстытут, яго жонка - тэрапеўт. Дачка Марына Аляксандраўна скончыла медынстытут. Яна - дацэнт кафедры тэрапіі, намеснік дэкана факультэта, зяць загадвае аддзяленнем ў 9-тым клінічным шпіталі, хворыя яго вельмі цэняць. Унучка Анастасія скончыла нядаўна медуніверсітэт, зараз яна - інтэрн, у зімовы перыяд яе накіравалі на эпідэмію грыпу. Яна хоча быць акушэрам, жадае працягнуць традыцыю прадзеда. Выдатна валодае ангельскай і італьянскай мовамі.

- Вы - аўтар шэрагу кніг. Сярод іх ёсць падручнік па гісталогіі на роднай мове, Вы выкладалі па-беларуску. Вы былі ўзнагароджаны ганаровай прэміяй імя акадэміка Вацлава Ластоўскага для беларускамоўных выкладчыкаў вышэйшых навучальных установаў Беларусі.

- Мова - адзін з такіх фактараў, які аб'ядноўвае людзей, мацуе дзяржаву. Ёсць патрэба ў тым, каб медыцына абапіралася на нацыянальны грунт, культуру і мову. Медыцынскай тэрміналогіі ў нас дастаткова, каб ужываць яе ў паўсядзённай практыцы лекараў і ў выкладанні студэнтам. Гэта не з'яўляецца для нас праблемай. Яшчэ ў 20-тых гадах Інбелкульт выдаў 3 слоўнікі медыцынскай тэрміналогіі.

Раней я выкладаў студэнтам лячэбнага факультэта па-беларуску. Па ініцыятыве студэнтаў былі сфармаваны групы з тых, хто хоча вучыцца на роднай мове. У маё практыцы мы вырашалі пытанне галасаваннем, і большасць студэнтаў выказвалася за беларускую мову выкладання.

Мой падручнік па гісталогіі нарадзіўся дзякуючы патрабаванням саміх студэнтаў. Трэба сказаць, што ўсе маладыя людзі, хто вучыўся ў тых групах, на сёняшні дзень з'яўляюцца выдатнымі хірургамі, акушэрамі-гінеколагамі і тэрапеўтамі.

Мы сустракаліся з Нілам Гілевічам, ён уручаў мне грамату. Васіль Быкаў, пасля майго выступлення ў Доме дружбы паміж народамі спытаў, адкуль у мяне мова. - Ад маці, адсюль. Ад зямлі.

Зараз я чытаю лекцыі на стаматалагічным факультэце, дзе вучацца выхадцы з Расіі і замежныя студэнты, таму вяду выкладанне па-руску. Нядаўна, калі мы збіраліся з калегамі, я напісаў верш:

Калі Беларусь, як дзяржаву,

Узяліся ствараць і любіць,

Дык хочацца добрую справу

Нястомна, сумленна рабіць.

Каб мовай сваёй зачароўваць,

Свой кут для сябе будаваць,

Дзяцей-патрыётаў

выхоўваць,

З сусветам усім сябраваць.

- Вы - вельмі жыццястойкі, цярплівы і рахманы чалавек. Напэўна, такія рысы самыя неабходныя для дактароў?

- Медыкі другімі быць не могуць. - Лекар не мае права на капрыз, - казаў Іван Мацвеевіч Старавойтаў. Я нагадваю студэнтам, каб яны не забываліся, што яны працуюць з хворымі людзьмі, якія пакутуюць, у іх падарвана псіхіка.Таму дактары павінны мець вытрымку, выхаванасць.

У лекара няма ў генах праграмы нашкодзіць чалавеку. Ён дае клятву Гіпакрата на ўсё жыццё. А калі ёсць нешта, то ён павінен сысці з прафесіі.

У здаровым целе - здаровы дух, - лічылі раней. На заканчэнне гутаркі прафесар Арцішэўскі прачытаў свой верш, у якім гаворыца, што ў здаровым целе неабходна выхоўваць шчырую душу. Чалавек з моцным целам можа пераступіць закон, калі ўнутры ў яго не будзе чалавецкасці.

Гутарыла Э. Дзвінская. На здымках: 1. Прафесар Аляксандр Аляксандравіч Арцішэўскі 2. Падручнікі, выдадзеныя з удзелам прафесара.


Гандлёвая сетка MARTINN рэкламуе свае тавары па-беларуску

Гандлёвая сетка MARTINN адна з нямногіх, якая выкарыстоўвае для рэкламы сваіх тавараў беларускую мову. Так, па-беларуску выпушчаны традыцыйны для Беларусі каляровы буклет для бясплатнага распаўсюджання. Такія буклеты выпускаюцца многімі гандлёвымі сеткамі і распаўсюджваюцца самымі рознымі спосабамі, у тым ліку разносяцца па паштовых скрынках. Аднак у рэдакцыю пакуль што трапіў толькі адзін беларускамоўны буклет, а менавіта - сеткі MARTINN. Крамы сеткі знайходзяцца ў Менску, Бабруйску, Берасці, Ваўкавыску, Гомелі, Жодзіне, Салігорску.

І хоць да мовы буклета ёсць дастаткова прэтэнзій: не заўсёды вытрымліваюцца склонавыя і родавыя канчаткі, дапускаюцца русізмы і словы з "прышпільнай" мовы, пазіцыю службы маркетынгу сеткі MARTINN па выкарыстанні беларускай мовы ў рэкламе трэбаа толькі вітаць. Памылкі паправяцца, а шматтысячныя наклады гэтых буклетаў будуць нагадваць зрусіфікаваным беларусам, як гучаць беларускія назвы тавараў і прадметаў. Хацелася б толькі, каб сетка MARTINN пашырала сваю геаграфію, адкрывала новыя крамы.

Наш кар.


У Слоніме прэзентавалі гісторыю горада

У Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбылася прэзентацыя кнігі Сяргея Чыгрына "Гісторыя Слоніма на старых фотаздымках і паштоўках", якая нядаўна пабачыла свет у менскім выдавецтве "Кнігазбор".

Да гэтай прэзентацыі мясцовыя бібліятэкары падрыхтавалі і паказалі мульцімедыйную прэзентацыю, прысвечаную творчасці свайго земляка, які напісаў шмат кніг па гісторыі Слоніма, пра знакамітых людзей і пра тыя падзеі, якія адбываліся ў горадзе над Шчарай у розныя гады і стагоддзі.

Пасля мульцімедыйнага паказу выступіў Сяргей Чыгрын, які распавёў пра сваю працу над кнігай, пра новыя творчыя планы і задумкі, а таксама адказаў на пытанні прысутных. У прыватнасці, аўтар кнігі "Гісторыя Слоніма на старых фотаздымках і паштоўках" прызнаўся: "Я ганаруся сваім горадам. Тут жылі мае продкі, тут жывуць мае сваякі і сябры, тут знаёмыя мне да драбніц кожная вуліца, завулак, кожны помнік і твары маіх землякоў. Гады бяруць сваё, але старажытнасць і прыгажосць ніколі не сцерці з аблічча майго Слоніма. Ён, пісаў Уладзімір Караткевіч, як цацка на беразе Шчары. І калі я гляджу на гэтыя старыя фотаздымкі і паштоўкі, мне вельмі хочацца вярнуцца ў Слонім першай паловы ХХ стагоддзя і адначасова заставацца ў Слоніме сённяшнім. Таму што з гадамі мой горад па-свойму прыгажэе і маладзее. Проста трэба адчуваць і берагчы гэтую слонімскую прыгажосць і заўсёды шанаваць гісторыю свайго горада!..".

Барыс Баль , Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.


Шаноўныя сябры!

"Беларуская хата" і рэдакцыя газеты "Маланка" ў Іркуцку вымушана была зноўку пераехаць. Калі будзеце дасылаць лісты поштай, то дасылайце на новы адрас:

664035, г. Иркутск, ул. Мало-Якутская, 19. "Беларуская хата". Рудакову О.В.

Электронка і тэлефоны засталіся ранейшыя!! Усім дзякуй!

Чакаю лістоў, нават, калі Вы раней не ліставалі!

Ну і прыходзьце ў госці!!!!

З павагай, Алег Рудакоў.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX