Вярнуцца: 2014

№ 23 (1174)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 23 (1174) 4 чэрвеня 2014 г.


Памёр Генадзь Бураўкін

30 траўня ў 7.30 раніцы, у сваёй кватэры, пайшоў з жыцця Генадзь Мікалаевіч Бураўкін, вядомы беларускі паэт, лаўрэат дзяржаўнай прэміі Беларусі, сябар Рады СБП. Яму было 77 гадоў.

Апошнія месяцы Генадзь Мікалаевіч змагаўся з анкалагічнай хваробай.

Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і службоўца. У 1959 годзе скончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у часопісе "Камуніст Беларусі", на Беларускім радыё, у газеце "Літаратура і мастацтва". З 1968 года - карэспандэнтам "Правды" па БССР, з 1972 года - галоўным рэдактарам часопіса "Маладосць", у 1978-1990 гг. - старшыня Дзяржаўнага камітэта БССР па тэлебачанні і радыёвяшчанні. З'яўляўся пастаянным прадстаўніком Беларусі ў ААН (1990-1994). З 18 сакавіка 1994 года быў намеснікам міністра культуры і друку Рэспублікі Беларусь.

Аўтар дзясяткаў паэтычных кніг, пісаў таксама для дзяцей. Пакінуў найбагацейшую песенную спадчыну: на вершы Генадзя Мікалаевіча выконваецца шмат папулярных кампазіцый ("Белы снег", "Зачарованая", "Матылі", "Малітва" і многія іншыя).

На "Калыханцы" спадара Генадзя выхавалася не адно пакаленне беларусаў.

Выступаў у друку з нарысамі, публіцыстычнымі і крытычнымі артыкуламі. Аўтар сцэнарыяў некалькіх дакументальных фільмаў, двухсерыйнага мастацкага фільма "Полымя" (1974, сумесна з Уладзімірам Халіпам і Фёдарам Коневым).

Перакладаў на беларускую мову вершы рускіх, украінскіх, малдаўскіх, балгарскіх паэтаў.

Укладальнік кнігі "Наш Быкаў" - першай кнігі ўспамінаў пра Васіля Быкава.

Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР X і XI скліканняў (1980-1990), быў адным з ініцыятараў прыняцця Закону аб мовах. Быў старшынём ТБМ імя Ф. Скарыны ў 1996-98 гг. Падчас яго старшынства газета "Наша слова" была перададзена ў Ліду. У 1995-2001 працаваў у часопісе "Вожык".

Сябар Беларускага ПЭН-Цэнтра, Сустаршыня Усебеларускага з'езду за Незалежнасць (2000), Сябар Рады беларускай інтэлігенцыі.


Развітанне з паэтам адбылося 31 траўня ў менскім Свята-Петра-Паўлаўскім саборы (вул. Ракаўская, 4). Усё набажэнства ішло на беларускай мове.

Тысячы чалавек - сярод іх і старэйшыя, і маладзейшыя пакаленні, і нават бацькі з маленькімі дзецьмі - прыйшлі, каб ушанаваць памяць Генадзя Мікалаевіча. Без перабольшання, уся Беларусь смуткуе, не могучы змірыцца з непапраўнай стратай.

Ушанавалі памяць паэта і розныя аб'яднанні і грамадскія арганізацыі: Саюз беларускіх пісьменнікаў, Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", Таварыства беларускай мовы, Рада беларускай інтэлігенцыі, Беларускі ПЭН-Цэнтр, а таксама палітычныя партыі, культурніцкія суполкі, творчыя і грамадзянскія ініцыятывы. Выказалі смутак Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь і іншыя афіцыйныя структуры. Развітальнымі словамі правялі ў апошні шлях Генадзя Бураўкіна яго сябры, калегі, паплечнікі: Уладзімір Арлоў; Часовы Павераны ў справах ЗША ў Рэспубліцы Беларусь Ітан Голдрыч; Сяргей Законнікаў, Уладзімір Колас, Іосіф Навумчык, Уладзімір Някляеў, Рыгор Сітніца, Алег Трусаў, Эдуард Ханок...

Спачуванні родным і блізкім Генадзя Мікалаевіча ў жалобных тэлеграмах выказалі Амбасадар Рэспублікі Беларусь у Францыі, Іспаніі і Партугаліі, пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ЮНЕСКА Павел Латушка; пасол Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Міхаіл Ежэль, таксама ўкраінскія сябры, паэты, пісьменнікі Барыс Алейнік, Іван Драч, Дзмітро Паўлычка; віцебскае, гомельскае, гарадзенскае абласныя аддзяленні Саюза беларускіх пісьменнікаў і многія іншыя.

Пахавалі Генадзя Бураўкіна, пакрыўшы бел-чырвона-белым сцягам на Усходніх могілках у Менску.

Выказваем шчырыя спачуванні родным і блізкім Вялікага Беларуса.

Вечная памяць!


80 гадоў таму назад адбыўся І з'езд Саюза беларускіх пісьменнікаў

Саюз беларускіх пісьменнікаў (на момант заснавання Саюз пісьменнікаў БССР, СП БССР), добраахвотная грамадская творчая арганізацыя прафесійных літаратараў Беларусі, створаны паводле пастановы ЦК ВКП(б) ад 23.4.1932 "Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый" і пастановы ЦК КП(б)Б ад 27.5.1932 "Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый БССР". Арганізацыйна ўтварэнне СП БССР аформіў 1-ы Усебеларускі з'езд пісьменнікаў (Менск, 8-14.6.1934). Кіраўнічы орган - з'езд пісьменікаў БССР, паміж з'ездамі - праўленне. Старшыні праўлення: М.М. Клімковіч (1934-38), М.Ц. Лынькоў (1938 - 48), П.У. Броўка (1948-66), М.Танк (1966-1980), Н.С. Гілевіч (1980-89), В.В. Зуёнак (1989-98), У.П. Някляеў (1998-99), В. Іпатава (1999-2002), А. Пашкевіч (2002-11), Б. Пятровіч (з 2011).

У 1945 у СП БССР было 47 членаў, да 2-га з'езду пісьменнікаў (чэрв. 1949) -91, да 3-га (вер. 1954) - 114, да 4-га (люты 1959) -173, да 5-га (травень 1966) - 242. да 6-га (крас. 1971)-277, да 7-га (травень 1976) -304, да 8-га (крас. 1981) -319, да 9-га (крас. 1986) - 364 члены. На 1.1.1987 у СП БССР 371 член. На сёння ў СБП звыш 500 сяброў.

У 2005 ад Саюза аддзялілася група, якая стварыла альтэрнатыўны лаяльны да ўлады Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Ад часу стварэння Саюз пісьменнікаў працаваў, дбаючы ў першую чаргу пра культуру краіны. За развіццё нацыянальнай культуры і папулярызацыю беларускай літаратуры сябры Саюза пісьменнікаў ушаноўваліся дзяржавай: 19 сябрам СП было прысвоена званне Народных пісьменнікаў і паэтаў; 3-ом - Народных артыстаў; 41-му - заслужаных дзеячоў культуры Беларусі; 10-ці - заслужаных дзеячоў навукі. Лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Беларусі сталі 101 сябар арганізацыі; 4-ры літаратары мелі пажыццёвы статус Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь. Дзесяткі сяброў Саюза абіраліся народнымі дэпутатамі Вярхоўнага Савета СССР і Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. Саюз пісьменнікаў аб'ядноўваў і аб'ядноўвае акадэмікаў, членаў-карэспандэнтаў Нацыянальнай Акадэміі навук, дактароў і кандыдатаў навук.

Грамадскае аб'яднанне "Саюз беларускіх пісьменнікаў" (СБП) дзесяцігоддзі з'яўляецца фарпостам змагання за нацыянальную самабытнасць краіны, яе дэмакратызацыю, нястомна адстойвае правы аўтараў на свабоду выказванняў і думання.

Магутны інтэлектуальны патэнцыял арганізацыі паспрыяў усталяванню ў краіне шматлікім грамадскім аб'яднанням і рухам: "Мартыралог Беларусі", Беларускі Народны Фронт; Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада; Таварыства беларускай мовы; Рада беларускай інтэлігенцыі і інш.

Саюз беларускіх пісьменнікаў з'яўляецца ядром нацыянальнай інтэлігенцыі, паколькі ён аб'ядноўваў і аб'ядноўвае самых вядомых грамадзян Рэспублікі Беларусь. Да дзейнасці Саюза пісьменнікаў сваім жыццём і творчасцю спрычыніліся такія яго сябры, як Купала і Колас, Чорны і Крапіва, Лынькоў і Броўка, Танк і Куляшоў, Панчанка і Макаёнак, Скрыган і Мележ, Караткевіч і Адамовіч, Быкаў і Шамякін, Брыль і Навуменка, Барадулін і Гілевіч, дзесяткі іншых па-сусветнаму значных творцаў.

Пісьменніцкія з'езды, пасяджэнні Рады СБП маюць шырокі розгалас, прынятыя рашэнні і рэзалюцыі скіраваны на адстойванне свабоды слова, падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі.

Выданні:

"Літаратурная Беларусь" - культурна-асветніцкі праект ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» і «Новага часу».

"Дзеяслоў" - літаратурна-мастацкі часопіс.

"Кніганоша" - сумесны праект Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

"Верасень" - літаратурна-мастацкае выданне для моладзі. Заснавана па ініцыятьіве Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны, каб падтрымаць маладых літаратараў. Перыядычнасць выхаду - два разы на год.

Вікіпедыя.


Увага

У чэрвені 2014 г. у сядзібе ТБМ у межах кампаніі "Будзьма" працягвае працаваць гістарычная школа "Гісторыя ў падзеях і малюнках" пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Алега Трусава.

Заняткі будуць прысвечаны вывучэнню гісторыі Беларусі ў ХVI-ХVIII ст. На занятках будуць дэманстравацца гістарычныя фільмы розных тэле- і кінастудый. Падчас заняткаў таксама прадугледжаны абмен думкамі наконт сучаснага стану беларускай мовы і яе функцыянавання ў грамадстве. Такім чынам, удзельнікі змогуць павысіць свае веды па гісторыі Беларусі і папрактыкавацца ў веданні беларускай мовы.

У красавіку заняткі адбудуцца: 9 чэрвеня (панядзелак), 1 6 чэрвеня (панядзелак), 23 чэрвеня (панядзелак). Пачатак а 18-й на вул. Румянцава, 13. Уваход вольны


40 гадоў малітоўнага, выхаваўчага і асветніцкага служэння

На мінулым тыдні адзначалася 40 гадоў пастырскай дзейнасці ксендза - пробашча касцёла св. Сымона і Алены Уладзіслава Завальнюка, беларускага рыма-каталіцкага святара, рэлігійнага дзеяча, тэолага, перакладчыка і публіцыста.

Уладзіслаў Завальнюк нарадзіўся 8 ліпеня 1949 года ў каталіцкай сям'і ў сяле Жданава Вінніцкай вобласці Ўкраінскай ССР. У ліпені ён будзе адзначаць 65-годдзе. Яго бацькі Мацвей і Ганна не прымалі атэізм на дзяржаўным узроўні. Ганна Іванаўна Завальнюк пражыла 99 гадоў. Сын прысвяціў ёй кнігу "Не адзіным хлебам", дзе гаворыцца пра карысць духоўнага і фізічнага посту. У дзяцінстве хлопчык марыў стаць лётчыкам.

Пасля заканчэння сярэдняй школы юнак рыхтаваўся паступаць у Рыжскую духоўную семінарыю. Каб вывучыць латышскую мову, давялося працаваць на будоўлі, асвоіць спецыяльнасці электрыка, мантажніка і муляра. З 1969 года Уладзіслаў Завальнюк вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Рызе.

25 траўня 1974 года кардыналам Юліянам Вайводсам Уладзіслаў Завальнюк быў высвечаны на святара. Ён служыў у Малдове, Латвіі, у Казахстане і іншых кутках былога Савецкага Саюза.

Са студзеня 1981 года Уладзіслаў Завальнюк служыў на пасадзе пробашча ў розных парафіях Ліепайскага дэканата, а ў 1984 годзе яго перавялі на Беларусь, на Віцебшчыну, у парафіі ў Глыбокім і Мосары. Яго намаганнямі былі адноўлены і адкрыты каталіцкія парафіі ў Карэлічах, Чэрвені, Смалявічах, Раўбічах і іншых населеных пунктах.

З 1989 года У. Завальнюк быў актыўным удзельнікам малітоўнага змагання вернікаў за вяртанне каталіцкіх святыняў у Менску (касцёл св. Сымона і Алены, катэдральны касцёл, касцёл св. Роха). У многім дзякуючы Уладзіславу Завальнюку святая імша загучала па-беларуску.

Уладзіслаў Завальнюк мае ступені доктара тэалогіі і кандыдата гістарычных навук, ён - аўтар больш за 50 кніг, актыўны папулярызатар беларускай мовы ў духоўным жыцці. Ён з'яўляецца старшынём Камісіі па перакладзе літургічных тэкстаў і рэлігійнай літаратуры пры Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, суаўтар слоўніка сучаснай беларускай мовы і энцыклапедычнага слоўніка рэлігійнай лексікі беларускай мовы.

Быў стваральнікам рэлігійнай перадачы "Голас душы" на Беларускім радыё, якую вёў з 1993 да 2000.

Пілігрымкі у Святую зямлю, да святыняў у еўрапейскіх краінах і на радзіме, канцэрты арганнай і класічнай музыкі ў касцёле, дзейнасць тэатра "Зніч", выставы карцін і фотаработ, падтрымка дзеячаў культуры і мастацтва, - усё гэта адбываецца пры непасрэдным удзеле спадара пробашча.

Ён удзельнічае ў медыцынскіх канферэнцыях на Беларусі і ў замежжы, выступае за здаровы лад жыцця, падтрымлівае беларускіх пчаляроў і апітэрапеўтаў.

Шэраг артыкулаў і выданняў У. Завальнюк прысвяціў асобе Эдварда Вайніловіча, шляхціча і грамадскага дзеяча, цудоўнага сем'яніна і сапраўднага мужчыну - прыклад для сучаснага пакалення.

Падрыхтавала Э. Дзвінская. Фота аўтара.


Багушэвіч на Лідчыне пры канцы 19-га ст.

Займаючыся біяграфіяй найцікавейшага і знакавага для Лідчыны чалавека, гісторыка, этнографа, сябра Таварыства беларускай школы (Лідскага раднага ад ТБШ) у 1920-х гадах Міхала Шымялевіча (18.Х.1879 - 11.01.1969), я знайшоў вельмі цікавае сведчанне папулярнасці вершаў Францішка Багушэвіча яшчэ да выдання зборнікаў ягоных твораў.

Мне прыдзецца даць некалькі фрагментаў з артыкула Шымялевіча "З таго свету" надрукаванага па-польску ў № 11 часопіса "Лідская зямля" за 1937 г.

Усе жыццё Міхал Шымялевіч збіраў дакументы па лідскай гісторыі і запісваў расказы старых людзей. Пра вывучэнне папераў, якія захоўваліся ў простай хаце і працяглыя размовы з адным з лідскіх старажылаў - Казімірам Вісмантам даследчык напісаў: "50 гадоў таму (успаміны надрукаваныя ў 1937 г. - Л.Л. ) быў гэты чалавек у росквіце сіл, трохі сіваваты, трохі лысаваты, але шыракаплечы, румяны і для жанчын цікаўны. Яго белая хатка пад саламяным дахам, на Вісмантах пад Лідай, пры абсажаным бярозамі Наваградскім гасцінцы (цяпер праспект Перамогі - Л.Л. ) . ... У старога ў хатцы пад столлю стаяла скрынка поўная старых пажоўклых папер, пісаных і па-славянску, і па-польску, памятаўшых часы караля Аляксандра Ягелончыка ... . Стары Вісмант ведаў на памяць свой вялікі шматаркушовы радавод з усімі датамі і ведаў шмат цікавых гісторый" . Вось такі быў цікавы час, калі ў скрынях шарачковай шляхты ляжалі дакументы XV-XVI ст.

Пан Казімір меў сына, якога ён вучыў на арганіста і ажно чатыры дачкі. "... да пана Казіміра вечарамі хадзіла на пасядзелкі і размовы лідская прыгарадная моладзь, вядома: у доме тры дарослыя дачкі, і чацвёртая, Броня, ужо "ўбіваецца ў пёры". Моладзь гуляла ў гульні, часамі распавядала ўсялякія цікавыя гісторыі, анекдоты, байкі, жахі, альбо пра чары і незвычайныя з'явы. "Часам дэкламавалі "Kiwona, meczenika bozego" , "Uchwale gromady zydowskiej o oddaniu syna Chaski w soldaty" за тое, што не хадзіў у лазню ..., альбо такія вершы, як "Панскае ігрышча" ці "Aдказ на панскае ігрышча" і іншыя, якія праз нейкі час былі надрукаваны ў Кракаве ў кніжачках Мацея Бурачка" .

З гэтых некалькіх радкоў выцякае, што вершы Францішка Багушэвіча мелі папулярнасць яшчэ да выдання ягоных кніжак, перапісваліся і чыталіся падчас вячорак.

Вось так у Шымялевіча заўжды - у кожнай сваёй працы ён акрамя галоўнай тэмы часта ў некалькі радкоў дае найцікавейшую інфармацыю, якая вельмі шмат каштуе.

Леанід Лаўрэш.


"ЗАЙМІ ЧОРТА АД ВАРОТ, ДЫК ЁН ЦЕРАЗ ПЛОТ"

Як адзначыў у друку М.А. Даніловіч, 91 % выразаў, апісаных у двухтомным "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008), мае у сваім складзе назоўнікавы кампанент. Самымі частотнымі выступаюць так званыя саматызмы - словы, якія абазначаюць часткі цела чалавека або жывёлы ці іх органы ( вока, рука, галава, язык, сэрца і інш.). Сярод другіх назоўнікавых кампанентаў (не саматызмаў) найбольш частотным з'яўляецца слова Бог , скарыстанае 117 разоў (у складзе фразеалагізмаў гэты кампанент, як слушна замацавана ў новых "Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", пішацца з малой літары; скажам: "прасілі напрамілы бог", "перакусіце чым бог паслаў" ).

Высокачастотнае і слова чорт . Яно (у розных склонавых і лікавых формах) сустракаецца больш як у 90 фразеалагізмах: чорт вазьмі, якога чорта, чорту рогі скруціць, чортам падшыты, аднаго балота чэрці, чарцям млосна. А з улікам слоў-кампанентаў, вытворных ад чорт , ужываецца больш за сотню фразеалагічных адзінак: чортава зелле ('гарэлка'), чортава скура ('корт, ці тоўстая баваўняная тканіна'), к чортавай матары, вясёлыя чорцікі скакалі ў вачах (чыіх, у каго), што за чартаўшчына! і г.д.

Заадно можна адзначыць, што слова-кампанент чорт даволі частае і ў складзе прыказак. Так, у "Тлумачальным слоўніку прыказак" (2011) 44 разы выкарыстана слова чорт сярод 1800 апісаных тут прыказак: Каму што, а чорту балота; Поп сваё, а чорт сваё; Усе чэрці адной шэрсці; Чорт за чортам цягне; Чорт чорту спавядаўся: адзін мігнуў, другі дагадаўся.

Чорт, паводле старажытных міфічных уяўленняў, - нячыстая сіла, злы дух у выглядзе істоты, пакрытай чорнай поўсцю, з рагамі, нагамі з капытамі, доўгім хвастом. У "Евангеллі ад Мацвея" (13, 25) гэты злы дух названы "ворагам чалавека". А ў "Адкрыцці, ці Апакаліпсе святога Яна" (12, 7-9 ) чытаем: "І адбылася на небе вайна: Міхаіл і анёлы ягоныя ваявалі супраць цмока… І скінуты быў вялікі цмок, старавечны змей, называны д'яблам і сатаною, змусціцель усяго свету, скінуты на зямлю, і анёлы ягоныя скінуты з ім".

Вельмі многія фразеалагізмы з кампанентам чорт у іх складзе, па сутнасці, інтэрнацыянальныя: у розных мовах яны ўжываюцца з тым самым значэннем, з той жа вобразнасцю, граматычнай структурай, стылістычнай афарбоўкай і адрозніваюцца толькі гучаннем, кампанентным складам (у роднасных мовах некаторыя з такіх выразаў супадаюць і гучаннем).

Вось некалькі этымалагічных даведак да выразаў гэтага тыпу.

У нашай мове багністую бяздонную прорву называюць выразам чортава вока : Адна сцежка ішла паўз самы край чортавага вока (К. Чорны). Раней у народным уяўленні балота было любімым прыстанкам чарцей. Гэта адбілася ў шматлікіх казках і ў такіх, да прыкладу, прыказках: Без чорта балота не бывае; Абы балота, чэрці будуць; Чэрці без балота, а балота без чарцей не бывае. Самыя гіблыя мясціны ў балоце завуць царствам чарцей . Тут сустракаецца нямала правалаў, запоўненых смаліста-чорнай вадой. Праз гэтыя "вокны" чэрці нібыта цікуюць за ахвярамі. Таму бяздонныя прорвы і называюцца чортавым вокам ці чортавым акном.

Уласна беларускі выклічнікавы выраз гавары з чортам пацеры ўжываецца як выказванне абурэння, незадавальнення тым, з кім немагчыма весці размову, ніяк нельга дамовіцца. Пацеры - малітва, тэкст, які прамаўляюць вернікі, калі звяртаюцца да Бога. У вобразнай аснове фразеалагізма як бы супрацьпастаўляюцца Бог (праз пацеры) і чорт, з гэтага вынікае зыходны сэнс: немажліва гаварыць з чортам тое, што яму проціпаказана.

Чорт лысы абазначае 'невядома хто'. Сэнсаўтваральную ролю ў гэтым выразе выконвае назоўнікавы кампанент, а прыметнік лысы выступае з узмацняльнай, экспрэсіўнай функцыяй. Такое спалучэнне двух слоў мае сувязь з уяўленнямі пра чорта, якога, пачынаючы са старажытных часоў, малявалі звычайна як падобную на чалавека істоту з лысай, голай галавой, з хвастом і гусінымі пяткамі. З лысай галавы ў чорта нібыта вырасталі рогі (прыгадаем у гэтай сувязі выразы: к чорту на рогі (ехаць, адпраўляцца), у чорта на рагах, чорту рогі скруціць ). На аснове фразеалагізма чорт лысы ўтварыўся двухзначны чорта лысага : 1) зусім не, гэтаму не бываць; 2) ні пры якіх абставінах (не возьмеш, не даб'ешся).

Выразы як чорт ладану (ужываецца пры дзеяслове баяцца ) і як чорт ад ладану (пры дзеясловах уцякаць, адмахвацца і інш.) паходзяць з параўнальных зваротаў, у аснове якіх рэлігійныя ўяўленні: чорт спакушае на благія ўчынкі і баіцца толькі крыжа і ладану - духмянай смалы для абкурвання ў царкве пры набажэнстве.

Ні богу свечка ні чорту качарга - недакладная паўкалька з польскай мовы, дзе выраз ужываўся яшчэ ў XVI ст. і фіксуецца ў форме ani Bogu swieczki ni diablu ozoga (літаральна "ні богу свечка ні чорту галавешка" ). Ён пабудаваны на супрацьпастаўленні Бога і чорта і іх крыніц святла - свечкі і галавешкі. Слова ozog у польскай мове абазначае і 'галавешка', і 'качарга', таму пры калькаванні, відаць, адбылася падмена аднаго значэння другім. Дарэчы, у "Зборніку беларускіх прыказак" (1874) І.І. Насовіча выраз занатаваны ў форме ні богу свечка ні чорту галавешка .

Чортаў тузін - паўкалька з рускай мовы ( чёртова дюжина ). Абазначае 'трынаццаць (адушаўлёных ці неадушаўлёных прадметаў)'. Лічба "трынаццаць" паводле забабонных уяўленняў многіх народаў - нешчаслівая. Магчыма, гэта ідзе з Евангелля, дзе гаворыцца, як Ісус на вячэры са сваімі дванаццаццю вучнямі сказаў, што адзін з іх здрадзіць яму, выдасць яго. Падобнае знаходзім і ў заходнееўрапейскіх міфах пра трынаццаць фей, адна з якіх ліхая. А ўсё ліхое, як павучае рэлігія, не ад Бога, а ад чорта. Таму "трынаццаць" - чортаў тузін .

Некаторыя фразеалагізмы з кампанентам чорт паходзяць з прыказак у выніку іх скарачэння, як іх фрагменты, напрыклад: чорт дзяцей калыша (каму), чым чорт не жартуе, цягнуць ваду на сваё кола, як чорт панёс (каго, што) - адпаведна з прыказак: Багатаму чорт дзяцей калыша; Чым чорт не жартуе, пакуль бог спіць; Усякі чорт на сваё кола ваду цягне; Баба з калёс, а калёсы як чорт панёс .

Варта спыніцца яшчэ на дзвюх прыказках, у якіх удзельнічае чорт і якія выклікаюць асацыятыўныя сувязі з сучаснымі падзеямі на землях Украіны.

Адна з іх, аформленая ў выглядзе дыялогу паміж сынам і бацькам, фіксуецца ў памянёным "Зборніку…" І.І. Насовіча (1874, с. 161): Татка, татка, лезець чорт у хатку! - Абы не маскаль. Ёсць яна і ў зборніку У.І. Даля з паметай пра месца запісу (в "Малороссии") і ў такой форме: Батька! Лезет чёрт в хату. - Не замай, лишь бы не москаль . Тут, як кажуць, каментарыі лішнія.

Другая прыказка - Займі чорта ад варот, дык ён цераз плот . У зборніку Міхала Федароўскага "Люд беларускі на Русі Літоўскай" яна падаецца ў двух варыянтах: Заступі чорту ад акна, то ён праз дзверы; Заступі чорту парога, то ён у комін. Прыказка гаворыцца як рэзкае асуджэнне чыйго-небудзь самадурства, безразважных дзеянняў самадура і як бескарыснасць якіхсьці супрацьдзеянняў яму. Яна сэнсава блізкая да рускіх прыказак: Не хочу в ворота, разбирай забор; Что хочу, то и ворочу. Кузьма Чорны ў аповесці "Лявон Бушмар", апісваючы паводзіны самадураў пры разбурэнні хутароў, дадае: Народ, можа, паддавацца не будзе, але гэта… займі чорта ад варот, дык ён цераз плот!

Гэтая прыказка міжвольна прыгадваецца, калі спрабуеш уразумець тое, што адбываецца на ўкраінскім поўдні і паўднёвым усходзе. Расіянам не дае спакою настальгія па імперыі. Імперскі сверб апаноўвае пуцінскую Расію. Спачатку ў Крыму пачалі выскокваць, як чорт з табакеркі , "зялёныя чалавечкі" без апазнавальных знакаў, але з расійскай зброяй. А цяпер прарасійскія баевікі, штурмавікі, сепаратысты, федэралісты дзейнічаюць у Марыупалі і Адэсе, Данецку і Луганску.

Як сказаў нядаўна кіраўнік украінскага міністэрства замежных спраў, Расія вядзе вайну новага тыпу: "Гэта схаванае ўварванне. Расійскія агенты і спецпадраздзяленні ўжо арудуюць ва Ўкраіне. Толькі называюць сябе дэманстрантамі і прадстаўнікамі мясцовага насельніцтва". Вось яно: займі чорта ад варот, дык ён цераз плот . Але будзем спадзявацца, што ўрэшце дабро пераможа зло.

Іван Лепешаў.


Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў "Нашага слова")

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Дзмітруковіч (Вольга Дз.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Дзмітрук з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзмітрук-овіч . ФП: Дзмітры - Дзмітрук - Дзмітруковіч .

Дзмітрыенка (Анатоль Дз.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Дзмі-трый з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзмітры-енка .

Дзмітручына (Ганна Дз.) - дэрыват з фармантам -ына ад антрапоніма Дзмітрук з семантыкай 'жонка названай асобы': Дзітруч(к)-ына . Параўн. дзядзіна 'жонка дзядзькі'.

Дзіцэвіч (Людміла Дз.) - форма бацькаймення з фармантам -эвіч ад антрапоніма Дзіц з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзіц-эвіч . ФП: дзіця = дзіць (мужч. род) - Дзіць (мянушка, потым прозвішча) - Дзіцевіч - Дзіцэвіч .

Дзябёлая (Алена Дз.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дзябёлы 'дужага целаскладу; поўны', а таксама 'тоўсты, грубы, трывалы'.

Дзядзюля (Сямён Дз.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дзядзюля (ласк. і зніж.) 'дзядзька', 'дзядзя' (у мове дзяцей). ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова. 2012, с. 276).

Дзякоўскі (Алег Дз.) - дэрыват з фармантам прэстыжнасці -оўскі ад антрапоніма Дзяк з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзяк-оўскі . ФП: дзяк (даўнейшае: 'пісец у князя; службовая асоба на адказных пасадах у дзяржаўных установах', а таксама 'ніжэйшы царкоўны служка, псаломшчык' (ад грэцк. diakonos 'служка') - Дзяк (антрапонім) - Дзякоўскі .

Дзянісік (Алена Дз.) - дэрыват з фармантам -ік ад антрапоніма Дзяніс з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзяніс-ік . Прозвішча можа кваліфікафацца і як былое памяншальна-ласкальнае імя Дзя-нісік (ад Дзяніс ).

Дзьячкова (Ларыса Дз.) - форма прыналежнага прметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Дзьячок з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дзьячок-ова - Дзьячкова (расійскамоўная форма з Дзья… ).

Долбік (Ларыса Д.) - семантычны дэрыват ад долбік (рас. долбик ) - доўбня 'палена для ўбівання, расколвання', (перан.) 'пра тупога, няздольнага чалавека'.

Домаш (Валянцін Д.) - гутарковая форма - першасная Дам а ш - ад антрапоніма (імя) Дамиан : Дам-аш - Д о маш . (М. Бірыла. Беларуская антрапанімія. 1966. С. 58).

Доўгі (Уладзімір Д.) - семантычны субстантываваны дэрыват ад апелятыва доўгі 'які мае вялікую даўжыню', 'большы ў даўжыню, чым патрэбна', 'працяглы ў часе'. ФП: доўгі (апелятыў) - Доўгі (мянушка) - Доўгі (прозвішча).

Драгун (Павел Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва драгун (даўнейшае) 'салдат або афіцэр кавалерыйскіх частак'. ФП: драгун (апелятыў) - Драгун (мянушка) - Драгун (прозвішча).

Дра нец (Алена Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дранец - (утварэнне з суфіксам -ец ад драны 'разадраны на кавалкі', 'зношаны да дзірак, падраны', 'здробнены на тарцы (пра стравы)'), 'драны матэрыял для будоўлі' - 'дранка', 'дранік' (страва). ФП: драць - драны - Дранец - Дранец.

Драўніцкая (Кацярына Д.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -цкая ад Драўнічы з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Драўніч-ская - Драўніцкая .

Дробыш (Алёна Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дробыш (рас.) - утварэння з суфіксам -ыш ад дробны 'малога веку; малалетні', 'нязначнай вартасці', 'драбяза'.

Дрык (Юлія Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дрык - формы з фінальным глухім "к" на месцы першаснага звонкага (выбухнога) "г" (рас.) - утварэння (бяссуфіксавага) ад дрыгаць 'рабіць рэзкія, абрывістыя рухі (звычайна пра часткі цела)', 'уздрыгваць, біцца' ( пра сэрца). ФП: дры-гаць - дрыг - дрык - Дрык .

Дубіцкая (Сцепаніда Д.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -цк- ад наймення паселішча Дубічы з семантыкай 'з Дубічаў': Дубіч-скі - Дубіцкі - Дубіцкая .

Дубко (Ганна Д.) - зыначаная форма ад першаснай Дубк а - семантычнага дэрывата ад дубк а - прыслоўе (звычайна са словамі 'стаць', 'станавіцца') 'на заднія ногі, вертыкальна'; а таксама 'насуперак, наперакор'. ФП: дубка (прысл.) - Дубка (мянушка) - Дубка (прозвішча) - Дубко (дзеля адмежання ад апелятыва).

Дудар (Таццяна Д.) - семантычны дэрыват ад апелятыва дудар 'музыка, які іграе на дудзе'. ФП: дуда ('народны духавы музычна інструмент з дзвюх і больш трубак, устаноўленых у скураны мяшок або пухір, які надзімаецца праз трубку; валынка') - дудар - Дудар .

Дулько (Вольга Д.) - зыначаная форма ад першаснай Дулька , што ад апелятыва дулька - утварэнне з памянш.-ласк. суфіксам -ка ад дуля 'летні гатунак ігруш з вялікімі салодкімі пладамі; плод гэтай ігрушы', а таксама (грубае) 'кукіш, фіга'. ФП: дуля - дулька - Дулька - Дулько .

Думанская (Ганна Д.) - дэрыват з фармантам прэстыжнасці -скі ад антрапоніма Думан з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Думанская . ФП: думаць - дума - думанне - думан - Думан - Думанская .

Дундалевіч (Людміла Д.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Дундаль з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Дундал-евіч . Утваральнае слова - семантычны дэрыват з суфіксам -аль ад дундзіць 'ссаць': дунд-аль 'сысун' (той, хто ссе соску (цыцку)). ФП: дундзіць - дундаль (апелятыў) - Дундаль - Дундалевіч.

Дычок (Рэгін Д., Сяргей Д.) - зыначаная форма ад першаснай Дичок (рас.), якое ад апелятыва дичок (садоўнічае) 'дзічка' - непрышчэпленая яблыня, яе плод.

Езавіт (Тамара Е.) - семантычны дэрыват ад апелятыва езавіт - народнай формы ад езуіт (чарг. ав/у ) 'член манаскага каталіцкага ордэна "Таварыства Ісуса", а таксама (перан.) 'пра хітрага, крывадушнага чалавека' (ад лац. формы імя Ісус - Jesus ).

Елісееў (Андрэй Е.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -еў ад антрапоніма Елісей з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Елісей-еў . ФП: Елісей (імя) - Елісееў . А таксама Алісей і Ялісей (М. Бірыла).

Ельяшэвіч (Ірына Е.) - форма бацькаймення з фармантам -эвіч ад антрапоніма Ельяш з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ельяш-эвіч . ФП: Еліаш (польск. Eliasz ) - Ельяш - Ельяшэвіч.

Емяльянава (Аляксан-дра Е.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Емяльян з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Емяльян-ава . ФП: Емя-льян (імя) - Емяльянава .

Ермаковіч (Леан Е.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Ермак з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ермак-овіч . ФП: Ермалай (імя) - Ерм-ак - Ермаковіч і Ярмак - Ярмаковіч.

Ермаловіч (Васіль Е.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Ермола (Ярм о ла) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ермал-овіч . ФП: Ермалай - Ермола - Ермаловіч .

Еўсіевіч (Наталля Е.) - форма бацькаймення з фармантам -эвіч ад антрапоніма Еўсій з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Еўсій-эвіч . ФП: Евсевий - Евсей - Еўсеевіч - Еўсі-евіч . А таксама Аўсей - Аўсяевіч.

Еўстратоўскі (Уладзімір Е.) - дэрыват з прэстыжным фармантам -оўскі ад антрапоніма Еўстрат з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Еўстрат-оўскі . ФП: Евстра-тий - Евстрат - Еўстрат - Еўстратоўскі . А таксама Яўстрат, Істрат.

Ефімовіч (Аляксандр Е.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Ефім з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ефім-овіч . ФП: Ефим (рас.) - Ефім - Ефімовіч.

Жабінская (Марыя Ж.) - дэрыват з суфіксам -ск- ад антрапоніма Жабіна з се-мантыкай 'нашчадак названай асобы': Жабін-ская . Утваральнае слова ад апелятыва жабіна 'жаба' (экспрэсіўнае) - бясхвостая чатырохногая земнаводная жывёліна з барадаўкавай слізкай скурай бурага колеру, якая водзіцца ў цёмных сырых мясцінах; рапуха', а таксама 'пагардлівае або дакорлівае абзыванне дзяцей'. Або адтапанімічнае ўтварэнне з фармантам -ская ад Жабінка (горад): Жа-бін-ская .

Жалкоўскі (Аляксандр Ж.) - дэрыват з фармантам прэстыжнасці -оўскі ад антрапоніма Жалко з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Жалк-оўскі . ФП: жалкаваць ('бедаваць, шкадаваць, скардзіцца') - жалко ('той, хто шка-дуе, бядуе, скардзіцца') - Жал-ко (мянушка, потым прозвіш-ча) - Жалкоўскі .

Жаркоў (Аляксандр Ж.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Жарко з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Жарк-оў . ФП: жарыцца ('біцца') - жарко ('той, хто пры-мае удзел у бойцы') - Жарко (мянушка, потым прозвішча) - Жаркоў .

Жаўняровіч (Ганна Ж.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Жаўнер з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Жаўне-равіч - Жаўняровіч . ФП: жаў-нер (састар. 'салдат польскай арміі') - Жаўнер (мянушка, потым прозвішча) - Жаўняровіч .

Жаўток (Уладзімір Ж.) - семантычны дэрыват ад апелятыва жаўток 'густое жоўтае рэчыва ў птушыным яйцы'. ФП: жоўты - жаўток (апелятыў) - Жаўток (мянушка чалавека з жоўтым (хваравітым) тварам) - Жаўток .

Жмачынскі (Аляксандр Ж.) - дэрыват з суфіксам -ынск-і ад антрапоніма Жмак з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Жмач-ынскі . ФП: жмак ('няпэўная колькасць чаго-небудзь (сена, саломы), большая за жменю, але меншая за ахапак') - Жмак (мянушка) - Жмак . Прозвішча магло ўзнікнуць і ад тапоніма Жмакі (паселішча) з выкарыстаннем фарманта -ынскі ( Жмачынскі ) і семантыкай 'жыхар (народзінец) з паселішча Жмакі'.

Жукоўская (Людміла Ж.) - дэрыват з фармантам - оўская ад антрапоніма Жук з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Жук-оўская . Прозвішча можа кваліфікавацца і як адтапанімічнае ўтварэнне з фармантам -оўская ад наймення паселішча Жукі : Жук-оўская .

Жыгальская (Вольга Ж.) - дэрыват з фармантам -ская ад антрапоніма Жыгала з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Жыгаль-ская . ФП: жы-гала ('металічны востры прут, якім прапякаюць дзіркі ў дрэве, косці') - Жыгала (мянушка) - Жыгала (прозвішча) - Жыга-льская.

Жылінская (Святлана Ж.) - утварэнне з фармантам прэстыжнасці -ская ад антрапоніма Жылін з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Жылін-ская . ФП: жыла ('крывяносная судзіна', а таксама 'багністае месца з падземнай крыніцай') - Жыла (мянушка) - Жыла (прозвішча) - Жылін - Жылінская.

Жыновіч (Іосіф Ж.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Жын (Жынь) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Жын-овіч .

Жынь (Канстанцін Ж.) - семантычны дэрыват ад апелятыва жынь - варыянта слова жызнь (як і жысь ад жысць - "Слоўнік гаворак паўн.-зах. Беларусі і яе пагранічча". 1980, т. 2, с. 165). ФП: жыць - жызнь жызня ) - жынь ('жыццё') - Жынь (мянушка) - Жынь .

Жышкевіч (Людміла Ж.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Жышка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Жышк-евіч . ФП: жышка (батан. 'жыгучка - пякучая крапіва з дробным лісцем' - ад жычка > жыш-ка ) - Жышка (мянушка) - Жышка (прозвішча) - Жышкевіч .

Забаўская (Святлана З.) - утварэнне з суфіксам прэстыжнасці (шляхетнасці) -ска-ая ад антрапоніма Забава з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Забаўская . ФП: забава ('гульня, пацеха', 'тое, што забаўляе, пацяшае, весяліць') - Забава (мянушка, потым про-звішча) - Забаўская .

Завадская (Алена З.) - утварэнне з суфіксам -ск(-ая) ад антрапоніма Завада з се-мантыкай 'нашчадак названай асобы': Завад-ская . ФП: завада ('загана, недахоп', 'перашкода') - Завада (мянушка, потым прозвішча) - Завадская. Прозвішча магло ўзнікнуць ад тапоніма Завадзь ('мясціна з невялікім залівам ракі або возера з запаволеным цячэннем') - Завадская .

Заіка (Зоя З.) - семантычны дэрыват ад апелятыва заіка 'той, хто заікаецца'. ФП: заікацца ('мець недахоп у вымаўленні - заіканне', 'гаварыць заікаючыся, з цяжкасцю пад-біраючы словы') - заіка - Заіка (мянушка) - Заіка .

Зайка (Аляксандр З.) - семантычны дэрыват ад апелятыва зайка - ласк. да заяц . ФП: заяц ('невялікі звярок атрада гразуноў, з доўгімі заднімі нагамі, доўгімі вушамі і кароткім хвастом') - Заяц (мянушка, потым прозвішча) - Зайка .

Закрэўская (Ніна З.) - прыставачна-суфіксальнае ўтварэнне ад тапоніма Крэва : За-крэў-ская .

Залацілін (Аляксандр З.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Залаціла з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Залаціл-ін . ФП: залаціць ('пакрываць золатам, пазалотай') - залаціла ('той, хто залоціць') - Залаціла (мянушка, потым прозвішча) - Залацілін .

Занкевіч (Сяргей З.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Занко (Занько) з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Занк-евіч . ФП: Зенон (імя) - сучасн. Зянон - Зянко і Зянько - Занкевіч .

Зарэцкая (Вера З.) - дэрыват з суфіксам -цк-(-ск-) ад Зарэчча з семантыкай 'жыхар (народзінец) з паселішча Зарэчча': Зарэчча - Зарэч-ская - За-рэцкая .

Засім (Тамара З.) - рэдкае даўнейшае імя стала прозвішчам. Яно вядомае і на Ўкраіне ( Зосім ) і ў Расіі ( Зосима ).

Збірэнка (Алена З.) - дэрыват з фармантам -энка ад антрапоніма Збір з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Збір-энка . ФП: збіраць - збір ('той, хто збірае') - Збір (мянушка, потым прозвішча) - Збі-рэнка .

Звознік (Святлана З.) - семантычны дэрыват ад апелятыва звознік 'рамізнік' (фурман наёмнага экіпажа, экіпаж з фурманам).

Зволінскі (Тодар З.) - дэрыват з фармантам -інскі ад антрапоніма Зволі з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Звол-інскі . ФП: зволі (прысл. 'павальна') - Зволі (мянушка, потым прозвішча) - Зволінскі (Слоўнік бел. гаворак паўн.-зах. Беларусі і яе пагранічча. 1980, т. 2, с. 288).

Звонік (Святлана З.) - дэрыват з суфіксам -ік ад ант-рапоніма Звон з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Звон-ік . ФП: звон - Звон - Звонік.

Здановіч (Іван З.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Здань з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Здан-овіч . ФП: здань ('здань, прывід' - ад здац-ца 'уявіцца') - Здань (мянушка чалавека - карыстальніка названым словам) - Здановіч (БГПЗбЛ, с. 297).

Здзітавец (Алена З.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ец ад Здзітава з семантыкай 'жыхар (народзінец) названай мясцовасці': Здзітав-ец.

Зелянкевіч (Наталля З.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Зелянко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Зелянк-евіч . ФП: зялёнка ('ядомы грыб с пласціністай зялёнай шапкай') - Зялёнка (мянушка, потым прозвішча) - Зелянко (для адмежавання ад апелятыва зялёнка ) - Зелянкевіч .

(Працяг у наступным нумары.)

Павел Сцяцко


Віталь Гарановіч - у вершах і песнях застаўся

Няма ягонага жыцця?

Чытайце, як глядзіць з лісця,

З палёту птушкі ў вышыні,

З вады крынічнай з глыбіні.

Душа...


Бурштынам слова свеціць

I, як крышталь звініць,

Ты лепшая на свеце,

Я веру: будзеш жыць! -

так сказаў Віталь Гарановіч пра мову родную. А ці не раней, у вершы "Мая просьба", увесь матыў скіраваны да беларусаў. I, калі цытаваць, то трэба ўвесь верш:

Народзе, прашу: не формай салдата,

Не срэбрам адкупнай багатай рукі,

А праўдай і мужнасцю адваката

Мову сваю зберажы на вякі.

Слова Скарыны і песню Купалы,

Мову-салоўку, гаворку - брую

Абарані ад знішчальнай навалы,

Ўклаўшы ў слова душу сваю.

Змове шыпячых, глухіх, выбуховых

Паўнагалосся струной загучы.

Толькі ад гэтага наступу мовы

Ў цень пададуцца ўсе крумкачы.

Мова вывела ягоную душу на вольную волю зіхацець вобразамі ад захаплення прыродай. Найпрыгажэй гучыць паэтычньі матыў, менавіта, тут, дзе прастор уважліваму воку і шукальнай колераў думцы.

Няма яго для сустрэчы, каб павітацца з намі за руку, вачмі ў вачах высветліць трывогу за нашу чалавечую завісласць у матэрыяльным свеце і духоўнай беднасці. I адначасова ўзаемна падтрымаць веру ў незнікальнасць святла і ззяння роднага слова. Але ёсць жа вершы, дзе Віталь Рыгоравіч жывапісна-падрабязна, узнёсла, шырока адлюстраваў рэчаіснасць асабістым бачаннем. Гэтая назіральнасць так і сцвярджала: "Вобраз спее ў думках-мроях... То сягае ў вышыні, то прастор скародзіць. I ў радок блакітна-сіні з-пад пяра пяройдзе".

Пра што яшчэ? Вось яны, вершы з зіхоткімі радкамі-параўнаннямі і метафарамі: "Кідае лівень, як арэхі, цяжкія кроплі у ваду" .


У рызах слупы, як зімы святары,

Выйшлі на лета маліцца.


Зоркі, як плешкі цвікоў

У хмарах блішчаць, як у латах.


Каўнерыкі белых стрэх

Крахмаліць мароз зацята.

Стажок, як з рагожы мех,

Расшчодрыўся пахам мяты.

I "маладзік, як матылёк..." - такія вось вобразныя тонкасці. Нават "дождж прадзецца на вечным калаўроце"; "...Свідруе восенскія сцежкі джалам з лісця малады віхор" , гром, "пасадзіўшы месяц на лапату, кіне ў зорнасць і пралье слязу..." і г.д.

Вучні 3-яй Глыбоцкай школы мелі ў свой час дзівосна багатага мастацкім мысленнем настаўніка роднай мовы і літаратуры, хто асабістымі вачыма падгледзеў у прыродзе мілыя падрабязнасці. Таму, што любіў. І балюча адзываецца тое, што беларуская школа, створаная некалі Гарановічам, ператварылася ў рускамоўную.

А Віталь Рыгоравіч працаваць умеў ад сумлення і захаплення. I па-гаспадарску. I пісаць умеў патрыятычна і рамантычна. Гэта і не забываюць некаторыя настаўнікі, нагадваюць вучням пра родную любоў былога дьірэктара і настаўніка - паэта. Таму і адзначыді вечарынай яго памяць, у другой вясне без яго (3-га траўня). Заіскрыліся вершы на вуснах вучняў. Прагучалі хвалююча песні з грудзей юных і Ганны Шаколы - кампазітаркі і выканаўцы твораў.

Марыя Баравік, сябра СБП.


Свята 9-га траўня ў Самахвалавічах і ў маіх думках

Заныла памяць

З усяго, калі-дзе ў школах глядзела прысвячэнні травеньскаму святу Перамогі, мяне найбольш уразіла выступленне вучняў у Самахвалавіцкай школе 7-га траўня. I не нейкім там артыстызмам, звыш арыгінальнасцю, а простасцю, прачулым спакоем. Гэта быў кампазіцыйна-зладжаны, стройны. праніклы сцэнічны аповед пра Вялікую Айчынную. Эмацыйны і засяроджаны.

Тыя, хто стварыў уражанне гледачам (у два этапы: для малодшых і для старэйшых сяброў) як бы перад гэтым перажылі адкрыццё праўды і цяпер паведамілі, распавялі, якая гэта гісторыя тых страшных падзей для ўсяго жывога свету на зямлі.

Я выйшла з залы. У зялёным двары школы падумала: далёка тая вайна, але як яна незаўважна стаіць каля нас. Варта толькі адгарнуць старонку памяці. Не, памяць пра вайну ніколі не будзе страчана новымі пакаленнямі. Ёй не пагражае забыўнасць. Бо столькі сёння дакументальных сведчанняў ёсць, і мастацкіх, напрацавана за гэтыя сем дзесяткаў гадоў. Вялікую справу зрабілі фотажурналісты, пісьменнікі і кінематаграфісты, пашукоўцы сапраўдных фактаў, адкрывальнікі "зацёртых" старонак ваеннай праўды і ўсяго іншага. Безумоўна адыгравае ролю выдатная відэатэхнічная магчымасць, даступнасць да крыніц ваеннай гісторыі. Абы ў чалавеку загаралася цікаўнасць і дапытлівасць. Яе ж расцяць у вучнях настаўнікі. Вось якая, напрыклад, руплівасць у Самахвалавіцкай школе. Тут заўсёды цікавая творчая праца. А сёняшняе выступленне хлопчыкаў і дзяўчынак у пілотках заслугоўвае высокай этычна-мастацкай адзнакі. Мастацкае слова, музыка, ілюстрацыя і засяроджанае, прачулае, з нейкім дарослым светапоглядам, выкананне вельмі наструніла слых залы. Выклікала слёзы.

Збылася памяць. Асабліва яна пацвердзілася жывымі галасамі прысутных тут унукаў і праўнукаў пра сваіх дзядоў-франтавікоў (фотаздымкі прайшлі па экране).

I я не бачыла вайны;

Пазнейшы час мне даў дарогу...

А родных успамін заныў...

Хоць сёння з іх няма нікога.

Памяць будзе жыць.

...І наступіў сумнеў

У Дзень 9-га траўня, на плошчы, дзе адбыўся самахвалавіцкі ўрачысты мітынг, стала сумна не ад успамінаў пра вайну. Усё асучаснілася фармальнымі скок-прамовамі ў мікрафон дарослых людзей. Кіраўнік выканкама, нібы ў шпаргалку зірнуў - рапартавальна павіншаваў.

Дзеці і тут вызначаліся выступам. Яны мелі дакладны матэрыял пра вайну (напрыклад: дзесяць забітых на адзін метр зямлі...) і відавочнае старанне ўразіць слухачоў. Яны выдзяляліся падрыхтаванасцю і засяроджанасцю на тэме вялікага Свята Перамогі ў Вялікай Айчыннай.

Падумалася: тыя, хто падрыхтаваў дзяцей, яшчэ ўнутрана чуюць натуральныя адгалоскі трагічнага часу ў сукупнасці з сёняшнімі... Стараюцца сказаць пра трывогу. Ідучы ад Памяці... А што за імі?

Некалькі чалавек, як бы ветэранаў, ці ад ветэранаў, сядзелі на лаўцы насупраць выступоўцаў. I яны ўжо не мелі што сказаць, слухалі, глядзелі. Ды ўрачыстасць скончылася.

- Мітынг закрываецца! - паведаміла гучнасць мікрафона. I пачаўся гучны канцэрт сучаснай трасухі Дома культуры перад пажылымі гледачамі на лаўцы. Ніводнай песні пра вайну. Хоць бы "Кацюшу" праспявалі.

Мы сыйшлі з плошчы, пакінуўшы канцэрт. З намі было пытанне: "'Ці атрымае будучыня натуральную памяць?".

Марыя Баравік , сябра СБП.


Пра спадчыну роду Гутэн-Чапскіх

21 траўня 2014 года ў музеі "Дом Ваньковічаў. Культура і мастацтва І паловы ХІХ стагоддзя" адбыўся міжнародны навуковы семінар пад назвай "Спадчына Роду Гутэн-Чапскіх: актуальнае становішча даследаваняў". У арганізацыі мерапрыемства прымалі ўдзел: Польскі Інстытут у Менску, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах молазі Менскага райвыканкама, Народнае гістарычна-краязнаўчае аб'яднанне "Прылуцкая Спадчына" Прылуцкага цэнтра народнай творчасці Менскага раёна, мясцовы гістарычна - культурны фонд "Ляліва"...

Перад прысутнымі выступалі: Матэвуш Вазьняк, Ігар Гатальскі, Алег Масліеў, Іван Гардзіеўскі, Лявон Акаловіч, Адам Мальдзіс і іншыя асобы.

Мяне вельмі зацікавіў даклад Анатоля Валахановіча пад назвай "Роля Эмерыка і Эльжбеты Чапскіх у стварэнні і развіцці Станькаўскай і Прылуцкай сядзіб".

У семінары прынялі ўдзел каля 30 чалавек, у тым ліку Барыс Мускі, Ільяс Хусанаў і іншыя асобы. Было вельмі цікава! Усё сказанае будзе надрукавана асобным зборнікам у 2014 годзе.

Аляксей Шалахоўскі.


Адукацыйныя паслугі ТБМ

Школа асобаснага росту "ШАР"

Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Віды адукацыйных паслуг:

- Правядзенне групавых семінараў, трэнінгаў.

- Правядзенне індывідуальнай адукацыі.

- Інфармацыйнае забеспячэнне на сайце.

Тэмы для адукацыйнай работы:

1. Вербальная камунікацыя.

2. Невербальная камунікацыя.

3. Псіхалогія справавых кантактаў.

4. Перакананне сумоўцы.

5. Экзаменацыйны стрэс.

6. Развіццё лідэрскіх здольнасцяў.

7. Здрадніцтва ў жыцці чалавека.

8. Псіхалогія развітання з людзьмі і рэчамі.

9. Грамадзянскі шлюб і яго вынікі.

10. Сямейнае выхаванне.

11. Жыццёвыя стрэсы і шляхі выхаду з іх.

12. Канфлікты ў нашым жыцці і іх вырашэнне.

13. Псіхалагічныя прычыны фізічных хвароб.

14. Псіхалагічны алгарытм фармавання падзей.

15. Любоў і каханне ў нашым жыцці.

16. Людская несправядлівасць і спосабы працы з ёю.

17. Спосаб псіхалагічнай амартызацыі.

18. Уменне быць тут і цяпер.

19. Прычыны сезонных хвароб і спосабы працы з імі.

20. Лідэрскія пазіцыі мужчыны і жанчыны.

21. Псіхалагічныя прычыны алкагалізму і наркаманіі.

22. Прафілактыка залежнасці.

23. Прафілактыка суіцыду.

24. Матывацыя поспеху.

25. Сіндром пераможцы і яго развіццё.

26. Агрэсія і метады кіравання ёю.

27. Маці і бацька - нашы першыя настаўнікі.

28. Падлеткам пра тынейджараў.

29. Роля ўсмешкі ў жыцці чалавека.

30. Я вучуся любіць сябе і другіх.

31. Фармаванне высокай самаацэнкі і ўпэўненасці ў сабе

32. Прафілактыка сіндрому эмацыйнага выгарання

33. Каларыстыка.

34. Таемнасць свайго "Я".

35. Як адрозніць сталую і нясталую асобу.

36. Прычыны залежнасці і сузалежнасці.

37. Пяць псіхалагічных траўмаў, якія перашкаджаюць быць самім сабой.

38. Тыпы людзей (паводле Сюзан Занас).

39. Псіхалагічны вампірызм.

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" будуць праходзіць кожны 1-ы і 4-ы чацвер месяца а 18-ай гадзіне.

Першыя заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР"адбудуцца 5 чэрвеня а 18-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул Румянцава, 13.

Тэма заняткаў: "Па шляху асобаснага росту" з відэапрэзентацыяй Школы асобаснага росту "ШАР".

Для кантактаў:

сл. тэл. (+375 17) 327-60-88

х. тэл. (+375 17) 281-04-35

МТС (+375 29) 769-29-78

velcom (+375 29) 960-14-53

e-mail: spadarl yandex.ru


2-я Лідскія чытанні

28 траўня 2014 г. ў канферэнц-зале Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Купалы прайшлі "Другія Лідскія чытанні", прысвечаныя 100-годдзю Першай Сусветнай вайны. У чытаннях бралі ўдзел прадстаўнікі Лідскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", школьныя краязнаўцы Лідскага раёна, навуковыя супрацоўнікі ДУ "Лідскі гістарычна - мастацкі музей", бібліятэкары Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы, настаўнікі гісторыі СШ г. Ліды.

Першая Сусветная вайна прайшла па Лідчыне некалькімі фазамі: спачатку Лідчына была тылавым рэгіёнам, і ў баявых дзеяннях прымаў удзел лідскі пяхотны полк і лідскія лётчыкі; потым Лідчына стала прыфрантавым горадам, пачалося бежанства; потым немцы акупавалі Лідчыну; далей нямецкае адступленне і ўсплеск нацыянальных рухаў, шматкратныя змены ўлады.

Даклады і выступленні на чытаннях ахоплівалі ўсе гэтыя перыяды:

1. Лаўрэш Л., краязнавец, г. Ліда "Ліда перад вайной і ў гады Першай Сусветнай вайны".

Валынец Н., навуковы супрацоўнік ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей" "Лідскі аэрадром у гады Першай Сусветнай вайны" .

Суднік С.В., пісьменнік, журналіст "Лідзяне ў нацыянальных вайсковых рухах у гады Першай Сусветнай вайны".

Кудла В.І., краязнавец, в. Дворышча "Бежанцы ў гады Першай Сусветна вайны" .

Пісецкая І.К., настаўніца СШ № 8 г. Ліды "Лідчына ў гады Першай Сусветнай вайны".

Арлукевіч А.Б., аспірант Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы "Лідскі пяхотны полк ва Ўсходне-Прускай аперацыі (жнівень 1914 г.)" .

Камянецкая І.У., бібліёграф ЦБ імя Я. Купалы "Бібліяграфія Першай Сусветнай вайны" .

Падчас дакладаў прагучаў шэраг малавядомых фактаў, былі зроблены не травіяльныя высновы. Былі названы пяць генералаў Першай Сусветнай вайны, цесна звязаных з Лідчынай: генерал ад інфантэрыі Кіпрыян Кандратовіч, родам з-пад Ліды, будучы міністр абароны БНР; генерал-маёр Аляксандр фон Гротэ дэ Буко, былы Лідскі спраўнік і будучы кіраўнік першай беларускай арганізацыі ў Лідзе, генералы Адам і Стэфан Макрэцкія, родам з-пад Ліды, будучыя камандзіры беларуска-літоўскіх дывізій, ну і лётчык есавул Ткачоў, які праходзіў службу ў Лідзе перад вайной, а ў Дзянікіна стаў першым генералам авіяцыі ў гісторыі Расіі.

І. Пісецкая паведаміла, што ў 8-й школе адкрыты музей 1-й Сусветнай вайны.

Другія Лідскія чытанні прайшлі больш арганізавана, чым 1-я, якія былі летась, трэба спадзявацца, што 3-я будуць яшчэ больш цікавыя і карысныя.

Яраслаў Грынкевіч.


Пані Эліза шпацыравала па Гародні

1 чэрвеня ў Гародні па вуліцы Элізы Ажэшкі шпацыравалі дамы з кветкамі. На ганку дома, дзе жыла і памерла ў 1910 годзе сама пісьменніца, быў зладжаны "Салён пад баранамі" - пакой з карцінай з іх выявай, дзе яна некалі прымала гасцей.

Літаратурна-гістарычнае свята, прысвечанае вуліцы, наладзіла абласная бібліятэка імя акадэміка Карскага ў межах праекту "Жывая гісторыя", які ажыццяўляецца ў горадзе.

Сярод публікі ў старасвецкім адзенні, была і гістарычная асоба - Эліза Ажэшка. Яна павітала гараджан "у сваім Салёне" і запрасіла ў гістарычную вандроўку на цяперашнюю вуліцу Ажэшкі. Праўда, яна паведаміла, што ў 1907 годзе пісьменніцу ўзнагародзілі "дыпломам ганаровага грамадзяніна Гародні" і "вырашылі пераназваць вуліцу Садовую ў вуліцу Элізы Ажэшкі.

- Дзякуй, вялікі дзякуй, радасна, што мінакам будзе нагадваць пра мяне вуліца, - падсумоўвае цяперашняя Ажэшка.

Але трохі пазней прысутным на свяце раскажуць, што імя пісьменніцы вуліца атрымае толькі пры польскай уладзе - у 1920 годзе. Адным словам, царская ўлада падманула. Даведался публіка і яшчэ шмат чаго цікавага.

Свята праходзіла на беларускай мове, якая, хоць і зрэдку, але кульгала. Усе плакаты зробленыя па-беларуску. Атмасферу старой вуліцы стваралі не толькі дамы і рамеснікі, танцавальныя пары, але выставы старых кніг і рэчаў.

Радыё Свабода.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства, "Наша слова"!

Шаноўныя сябры, пачалася падпіска на другое паўгоддзе 2014 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 68. Цана змянілася нязначна. У 2014 годзе мы працягваем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні нашых чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


За адраджэнне музея Івана Луцкевіча

Калі ты беларус, і ў цябе беларуская справа, то вырашыць яе пры беларускай "дыктатуры" бывае значна прасцей, чым пры літоўскай дэмакратыі. Прынамсі, у справе з музеем Івана Луцкевіча ў Вільні ўся дэмакратыя "За", а а дзін чыноўнік, зноў жа дэмакратычна, "Супраць" - і справа ні з месца. У чарговы раз беларусы Летувы звярнуліся да летувіскіх уладаў


Прэм'ер - міністру Літоўскай Рэспублікі

Беларусы Літвы выказываюць шчыраю ўдзячнасць Вам за рэальныя крокі па аднаўленні дзейнасці ў Вільні беларускага музея Івана Луцкевіча, незаконна зліквідаванага ў 1945 годзе.

Вы даручылі міністэству культуры разабрацца з застарэлым пытаннем аднаўлення дзейнасці музея Івана Луцкевіча.

На жаль адказ міністэрства культуры ЛР на Ваш зварот не ёсць спробай вырашэння 25 - гадовай праблемы, а з'яўляецца чыстай адпіскай, копіяй адказу ад 04.07.1995 года.Аўтар адпіскі, дырэктар нац. музея сп. Біруце Кульніце, нават не знайшла патрэбным выслухаць аргументы і сустрэцца з беларускімі прадстаўнікамі. У адказе сп. Біруце Кульніце дапушчана фальсіфікацыя фактаў. Беларускі музей І. Луцкевіча дзейнічаў не да 1940 года, а да канца 1944 года. Музей не быў прыватнай установай таварыства, а дзейнічаў як публічная ўстанова, дзе стала працавалі 3-5 чалавек. Музей прымаў экскурсіі ў навучальных мэтах. Працавалі даследчыкі, навукоўцы і літаратары. Музей меў бесплатна пяць экспазіцыйных залаў, архіў і бібліятэку (больш за 14 тыс. тамоў). У музеі захоўваліся калекцыі: археалогіі, сфрагістыкі, нумізматыкі, медалёў, і крыжоў, слуцкіх паясоў, кілімаў, музыкальных інструментаў, зброі, карцін XVI-XIX стагоддзяў і інш.

На шмалікія нашы звароты-просьбы на працягу 25 гадоў да ўсіх уладаў Літвы - ад мэраў самаўправы, да міністраў і прэзідэнтаў ЛР дазволіць нам карыстацца памяшканнямі Базыльянскіх муроў, дзе гістарычна быў цэнтр беларускай культуры (музей, гімназія, навуковае таварыства, Таварыства беларускай школы, студыя беларускага драмтэатра) нас абманвалі надуманымі праблемамі і абяцаннямі.

25 .01.1994 г. будынкі Базыльянскіх муроў агульнай плошчы каля 8000 кв. м.за подпісам прэм'ер-міністра А. Шляжавічуса былі перададзены на ўласнасць Віленскай архібіскупіі. Архібіскупія здала іх у арэнду. І гэта ў той час, калі мы прасілі выдзеліць нам для музея толькі 250 кв. м.

Наш зварот да архібіскупіі і канкрэтна да кардынала Аўдруса Юозаса Бачкіса непасрэдна і цераз каталіцкія каналы ў Ватыкане не паўплывалі на пазіцыю біскупіі. Нам нічога не далі.

Беларускі музей перастў існаваць, калі 20 лістпада 1944 г. быў арыштаваны апошні дырэктар музея Янка Шутовіч.

Ліквідацыя беларускага музея ў Вільні была злосным актам без прававой асновы, скіраваная супраць беларускай культуры і беларускіх жыхароў у Літве.

Мы вадатна разумеем, што нельга поўнасцю аднавіць музей І. Луцкевіча ў тым выглядзе, як ён існаваў 70 гадоў таму, як і нельга замяць гэтую несправядлівасць і крыўду прычыненую беларусам .

Просім Вас падтрымаць аднаўленне музея, як падтрымаў аднаўленне музея Сойм ЛР і абавязаць мінкультуры выдзеліць нарэшце адпаведнае памешканне пад музей у Вільні. Не прэтэндуем, каб нам вярнулі экспанаты музея І. Луцкевіча, якія размешчаны ў Нацыянальным музеі і іншых навуковых установах Літвы. Частка экспанатаў музея незаконна , без ведама і згоды беларусаў Літвы, перададзена ў Рэспубліку Беларусь.

Захаваць памяць пра І. Луцкевіча, які прысвяціў усё сваё жыццё музейнай справе - святы абавязак беларусаў Літвы.

Дадатак:

1. Адказ міністэрства асветы Літвы 22.04.1989 г.

2. Пасведчаньне дырэтара музея І. Шутовіча.

3. Пратакол паседжання Сойму Л.Р.

4. Рашэнне ўраду ЛР аб перадачы будынкаў архібіскупіі.

5. Зварот да кардынала А.І. Бачкіса.

6. Рэакцыя беларусаў на адмову ў аднаўленні музея.

Прынята на паседжанні Рады ТБК ... сакавіка 2014 г.

З павагай, старшыня ТБК ...



Нюньку Фёдару Якаўлевічу

г. Вільнюс, вул. Парыбіа, 30 в, кв. 13,

Савету Міністраў Літоўскай ССР

Міністэрства народнай адукацыі Літоўскай ССР паведамляе, што перадаць памяшканні ці частку памяшканняў бібліятэкі Вільнюскага інжынерна-будаўнічага інстытута па вул. Дыджойі № 49 будзе магчыма толькі пасля будаўніцтва адмысловых памяшканняў для бібліятэкі ў комплексе будынкаў Вільнюскага інжынерна-будаўнічага інстытута (Саўляцякіа ал.). Будаўніцтва бібліятэкі, актавай залы і рэктарата ВІБІ вызначана пачаць у 1995 годзе.

Першы намеснік міністра Р. Падагель.

(Пераклад з рускай.)



КАМІТЭТ ПА АДУКАЦЫІ, НАВУЦЫ І КУЛЬТУРЫ СОЙМА ЛІТОЎСКАЙ РЭСПУБЛІКІ.

ПРАТАКОЛ ПАСЕДЖАННЯ

2002 г., кастрычнік, 7 д. Nr. 47, Вільнюс

Старшыня паседжання - Р. Павілёніс

2. АБМЯРКОЎВАЛІ - Адраджэнне беларускага музея.

Па просьбе члена Сойма В. Станкевіча абмяркоўваецца пытанне адраджэння беларускага музея.

В. Станкевіч інфармаваў, што дзейнасць музея была спынена ў 1945 годзе. На яго думку музей мог бы пачаць дзейнасць як філіял нацыянальнага музея.

Б. Кульніце інфармавала, што частка калекцый беларускага музея, звязаная з нацыянальным адраджэннем, перададзена Беларусі, таму яна не бачыць магчымасцяў адрадзіць беларускі музей. Нацыянальны музей рыхтуецца выдаць каталог, у якім будзе ўзгаданы былы музей беларускага таварыства.

ВЫРАШАНА: Падтрымаць ідэю адраджэння беларускага музея і прасіць члена Сойму В. Станкевіча інфармаваць Камітэт аб магчымасці вярнуць з Беларусі частку перададзеных калекцый.

Старшыня паседжання Раландас Павілёніс.

(Пераклад з літоўскай мовы.)



УРАД ЛІТОЎСКАЙ РЭСПУБЛІКІ

Пастанова

1994 г., студзеня, 25 д Nr. 48

Аб вяртанні будынкаў Віленскай архібіскупіі

З мэтай ажыцяўлення ў адносінах да каталіцкага касцёла ў Літве акта рэстытуцыі і вяртання рэлігійным супольнасцям належных ім на правах уласнасці забудаванняў, Урад Літоўскай Рэспублікі пастанаўляе:

1. Перадаць будынкі Віленскага тэхнічнага ўніверсітэта, дзяржаўнага ўніверсітэта электронікі "Эліта" і іншыя памяшканні агульнай плошчай каля 8000 кв. м. ...

Прэм'ер-міністр Адольфас Шляжавічус.

(Пераклад з літоўскай, тэкст скарочаны)



Міністэрству культуры Літоўскай Рэспублікі 2014-01-15 Nr. 11

НАКОНТ БЕЛАРУСКАГА МУЗЕЯ ІМЯ ІВАНА ЛУЦКЕВІЧА.

Беларускі музей імя Івана Луцкевіча дзейнічаў у Вільні 1921-1940 г. як музей таварыства. Быў заснаваны на аснове асабістых калекцый Івана Луцкевіча, якіх большая частка складалі экспанаты, што адлюстоўвалі гісторыю ВКЛ, набытыя ў Беларусі, Польшчы, Літве. У гэты збор 1920-1922 гадоў была далучана і частка экспанатаў Віленскага музея Старажытнасцяў. У 1940-1941 г. усе дзейныя ў Вільні музейныя зборы таварыстваў былі перададзены акадэміі навук. У 1945 г. перададзены Беларускай акадэміі навук музейныя экспанаты, звязаныя з гісторыяй адраджэння іх праваслаўнай часткі культуры; унікальны збор абразоў, архівы газет "Наша Ніва" і "Наша Доля" і інш.

У музеях кожнай краіны знойдзем шмат экспанатаў, якія могуць быць гісторыяй суседняй краіны і сведкамі культуры. Яшчэ ў 1919 г. Іонас Басанавічус, ствараючы ў Вільні гістарычна- этнаграфічны музей Літвы, супрацоўнічаў з Іванам Луцкевічам. Было зразумела, што ўсе зборы дзейных таварыстваў складаюць адзінаю калекцыю дзяржавы і гісторыі культуры ВКЛ. На жаль, пасля Другой Сусветнай вайны зборы былі раздзелены. У музеі захоўваецца толькі нязначная частка збору былога беларускага музея, яна складае частку фонду Літоўскага дзяржаўнага музея. Экспанаты даступныя для даследавання.

Сёння адраджэнне любога музея таварыства будзе крокам назад у канец 19 стагоддзя музейнай сітуацыі, калі музейныя каштоўнасці назапашваліся ў таварыствах, з марай аб стварэнні музея.

З павагай дырэктар музея Біруце Кульніце.

(Пераклад з літоўскай.)



ЯГО ЭКСЦЭЛЕНЦЫІ КАРДЫНАЛУ

Аўдрусу Юозасу Бачкісу

Хвала Езусу Хрыстусу!

Ваша Эксцэленцыя.

Прайшло больш як 80 гадоў, калі ў Вільні быў заснаваны беларускі музей імя Івана Луцкевіча, стаўшы адным з лепшых у свеце. Заснаванне музея яўляецца адным з самых цікавых старонак культурнага адраджэння ХХ ст. у беларускай гісторыі

Музей заснаваны быў там, дзе ўжо ў 1919 г. была адчынена беларуская гімназія. цяперашні адрас - Аўшрос Варту, 7 (тэхналагічны ўніверсітэт). ...

Існаванне беларускага музея выклікала незадаволенасць афіцыйных польскіх уладаў. Яны імкнуліся далучыць беларускі музей да польскага, але беларуская інтэлігенцыя ўпарта гэтаму працівілася. ...

19 лістапада (1944 г.) апошні дзень працы музея. 20 лістапада быў арыштаваны тагачасны дырэктар Янка Шутовіч і засуджаны на 15 гадоў турмы. Музей спыніў сваю дзейнасць і быў зачынены.

Таварыства беларускай культуры ўжо 12 гадоў падымае пытанне пра аднаўленне музея І. Луцкевіча, але толькі ў гэтым годзе Сойм ЛР падтрымаў нашае хадайніцтва.

Таварыства беларускай культуры ласкава просіць выдзяліць для патрэб музея ў належным Біскупіі будынку, Аўшрос Варту, 7 памяшканне плошчай 250 кв.м.

У тым самым месцы, дзе беларускі музей дзейнічаў ад 1921 да 1944 года, а пазней без усякай падставы быў зачынены бальшавіцкім рэжымам.

Старшыня ТБК Ф. Нюнька.

2003.03.07 № 177

(Пераклад з літоўскай, скарочана.)


Шаноўныя сябры !

Даводзім да ведама беларусаў свету, што намаганні Таварыства беларускай культуры ў Літве на працягу 25 гадоў перад уладамі Літвы аб аднаўленні дзейнасці ў Вільні беларускага музея Івана Луцкевіча, які быў безпадстаўна і незаконна зачынены савецкімі ўладамі, канчаткова адкінуты.

Музей існаваў, і з дзяржаўнай падтрымкай, пры ўсіх акупацыйных рэжымах дзейнічаў на працягу 23 гадоў. У незалежнай Літве не мае магчымасці аднавіць сваю працу.

Наш апошні зварот да прэм'ера Літоўскай Рэспублікі ў канцы сакавіка г.г. і адказ міністэрства культуры ЛР на яго з'яўляюцца старой і неабгрунтаванай адпіскай і не вырашае канкрэтнага пытання.

Прапануем азнаёміцца з невялікай часткай некаторых дакументаў нашай перапіскі і адказаў літоўскіх уладаў на працягу 25 гадоў.

Да гаротнага становішча беларусаў у Літве, калі ні аднаго беларуса няма ва ўладных структурах, ні ў сойме, ні ў самаўправе, дадаецца яшчэ немагчымасць аднаўлення музея Івана Луцкевіча.

Дадатак: 13 лістоў.

Прынята на Радзе ТБК


"Моцныя істоты ўсё ж такі мы, людзі"

У выдавецтве "Кнігазбор" выйшла кніга пра беларускіх медыкаў. Прапануем вашай увазе гутарку яшчэ з адным героем кнігі.

Фелікс Баторын - выдатны лекар і цудоўны паэт, аўтар вершаваных кніг "Раніца" (1981), "Зялёны тралейбус" (1986), "Я дрэва пасадзіў" (1991), "Паглядам акідваю шлях" (2002), "На вуліцы Максіма Багдановіча" (2007.

Многія ведаюць, што асобныя творы і нізкі вершаў паэта былі надрукаваныя ў часопісах "Маладосць", "Полымя", "Дзеяслоў", газетах "Літаратура і мастацтва", "Новы час". Ён - аўтар дзясяткаў вершаў на мове ідыш, некаторыя з якіх публікаваліся ў часопісах "Саветыш Геймланд" (Масква), "Ды пэн" (Оксфард, Вялікабрытанія), бюлетэні "Мы яшчэ тут!" (Менск) і інш.

Фелікс Барысавіч працягвае перакладаць на беларускую мову вершы нямецкіх, яўрэйскіх, польскіх, рускіх паэтаў, у тым ліку творы Гётэ, Гейнэ, Бергера, Красіцкага, Мандэльштама, Акуджавы, Кульбака, Рэлеса.

Паэзія Фелікса Баторына вызначаецца спеўнасцю мовы, глыбокім філасофскім роздумам, назіральнасцю. У яго творчасці пераважаюць вершы філасофскай, пейзажнай і інтымнай лірыкі. Сярод твораў на гістарычную тэматыку найбольш цікавыя паэмы і балады "Рыцар фон Рабенштайн", "Граф Тышкевіч" і інш.

У лірыцы Баторына ўсё часцей можна заўважыць незвычайную засяроджанасць на сённяшнім і заўтрашнім дні Бацькаўшчыны, спробы пошукаў адказаў на набалелыя пытанні, пільнае ўзіранне ў чалавека з надзеяй разгадаць таямніцы яго душы, матывы яго ўчынкаў, спробы спазнаць логіку існавання чалавека на зямлі.

Дакументальная аповесць "Чорны год" (2011) знаёміць чытача з рэальнымі падзеямі, што адбываліся на Беларусі ў чэрвені-снежні 1941 года. Героі аповесці, з першых дзён вайны трапіўшы ў яе бязлітасны калаўрот, спазналі кашмар нямецкіх бамбардзіровак і абстрэлаў, горыч і нягоды акружэння і палону. У жудасных умовах Менскага гета яны не страцілі чалавечай годнасці, стварылі падпольную групу супраціву і здолелі вырвацца за калючы дрот, каб у партызанскіх лясах змагацца з варожаю навалай.

- Фелікс Барысавіч, Вы гадаваліся ў пасляваенным Менску. Што Вам запомнілася з тых часоў? Калі Вам прыйшла думка напісаць дакументальную аповесць пра лёс бацькі?

- Я нарадзіўся ў 1948 годзе. Тады наша сям'я жыла на вуліцы Інтэнацыянальнай паблізу ад кінатэатра "Перамога". У сям'і было шэсць чалавек. У той перыяд ішло змаганне з так празванымі "касмапалітамі". Бацька тады працаваў у Саўнаркаме БССР. Ён быў начальнікам галоўнага ўпраўлення па збыце і забеспячэнні гумовымі вырабамі.

У ваенны час ён быў у партызанах, камісарам партызанскага батальёна. Менавіта з партызанаў выбіралі мясцовыя кадры - людзей з досведам арганізацыйнай працы і палітработы.

Да вайны ён працаваў дырэктарам тэкстыльнай фабрыкі ў Беластоку. З намі жыла яшчэ маміна цётка. Ёй не было куды прыткнуца. Увогуле, у нашым доме час ад часу жылі сваякі, якім не было куды дзецца. Такая рыса вызначала маіх бацькоў - жаданне прытуляць у сябе родных і сяброў.

Сярод касмапалітаў у асноўным былі габрэі. Іх выганялі з працы. Яны прыходзілі да бацькі і гаварылі: "Барыс, мы з табой ў адным атрадзе былі, адных вошай кармілі. Дык чаму ж мы - касмапаліты? Дапамажы, калі ласка!" Ён нікому не адмаўляў, усіх уладкоўваў на працу. І таму пайшлі на яго даносы. Яны дайшлі да яго маскоўскага начальніка, які папярэдзіў: "Барыс, калі хочаш жыць, звальняйся сам. Даносы не спыняцца."

Бацька напісаў заяву па ўласным жаданні і пайшоў. І тут былыя сябры пачалі дапамагаць бацьку, падвозілі правіянт, заставаліся ў нас начаваць.

Тут прыехаў сябар з партызанскіх часоў Яўсей Шнітман. У 1943 годзе ў баі яго цяжка параніла ў горла.Тады бацька на кані паскакаў за 80 кіламетраў у другі атрад па доктара, і сябра ўратаваў партызанскі хіруруг. На самалёце Яўсея адправілі ў Маскву. Там яму зрабілі аперацыю, ён стаў інвалідам і застаўся жыць у падмаскоўных Мыцішчах.

А хата яго ў Менску была тая, дзе яны разам збіралі групу, перад тым, як пайсці ў партызаны. Знаходзілася яна на тэрыторыі гета. І ён падарыў гэтую хату нам! У гэтым доме па Зялёным завулку час ад часу зноў пачалі збірацца былыя падпольшчыкі і партызаны.

Бацька яе дагледзеў, перакрыў страху, сваімі рукамі правёў вадзяное ацяпленне. Ён быў рукасты. Працаваў ён з 9-ці год. Скончыў 4 класы школы ў Хоцімску, і ўжо навучыўся на шаўца - шыў боты, чаравікі, дапамагаў сям'і. Вяртаўся са школы, рабіў урокі і садзіўся за шавецкую справу.

Ён ведаў усю рускую класіку. На памяць чытаў Пушкіна, Лермантава, балады Жукоўскага, нямецкую рамантычную літаратуру: Гётэ, Шылера, Гейнэ ў перакладах Жукоўскага. Ён быў вялікі аматар літаратуры!

У Гомелі ўладкаваўся працаваць на фабрыку, і там ён пазнаёміўся з мамай, і яны ажаніліся. Увесь іх маёнтак быў - ягоны салдацкі шынель, яе падушка і газоўка-керасінка. І жылі яны на кватэры стрыечнага брата ў прахадным пакоі.

У 1932 яго прызвалі ў Чырвоную армію, ён скончыў вайсковыя курсы, атымаў ступень інжынера-танкіста, накіраваны на работу ў армію.

У 1937 годзе арыштавалі мамінага брата, яго абвінавацілі ў спробе ўзарваць Гомельскі элеватар. Бацька адмовіўся разводзіцца з мамай, і яго выкінулі з арміі. Потым, калі знялі з пасады Яжова, дзядзьку выпусцілі з турмы. Ён вытрымаў усе катаванні і нічога не падпісаў.

У 1939 г. бацьку накіравалі ў Заходнюю Беларусь, у Беласток. У 1941 годзе пры наступленні немцаў ён паспеў эвакуяваць жонку, а сам не паспеў. Ён сабраў сваіх камуністаў з фабрыкі і павёў на ўсход. У паходзе ён атрымаў траўму, не змог далей ісці хутка, папрасіў, каб яго пакінулі. І спазніўся ў Менск - прышоў праз 12 гадзін пасля немцаў.

Трапіў спачатку ў канцлагер у Драздах. Там адсявалі габрэяў. Потым немцы пачалі ствараць гета. Бацька аказаўся ў ліку 100 закладнікаў, ён трапіў у турму, затым іх выкінулі з турмы. Знясіленыя хлопцы даклыпалі да Яўсеевай маці, і яна іх выхадзіла.Там з Яўсеем яны пачалі ствараць падпольную групу.

У кнізе Гірша Смоляра "Мінскае гета" бацьку прысвечаны раздзел "Першы партызан з Мінскага гета". Група Барыса Хаймовіча была хіба не першаю сярод групаў супраціву ў Менскім гета. Людзі цудам пазбеглі растрэлаў, прайшлі праз першыя пагромы ў гета. У практычна бязвыхаднай сітуацыі яны змаглі згрутавацца, сагітаваць аднадумцаў, са зброяй вырвацца за калючы дрот і ўліцца ў партызанскія шэрагі.

Пра ўсё я даведаўся пазней. Бацька аднойчы паглядзеў на фотаздымак і сказаў: "А вось гэта Жан (Іван) Кабушкін. Ён у наш дамок залазіў праз акно. Немцы не здагадваліся, што падпольшчык можа хавацца на тэрыторыі гета."

Як так? І тады я пачаў распытваць бацьку вельмі падрабязна пра былое. Хацеў выдаць дакументальныя матэрыялы яшчэ ў 1985 годзе пры дапамозе навуковага супрацоўніка Ганны Купрэевай, але не дазваляла палітычная сітуацыя.

Сярод герояў аповесці ёсць Грыша Гардон. Ён цярпліва лячыў сябра, а потым іншых партызанаў. Сам перанёс, заразіўшыся ад іншых, тыф, і лютай зімой ў прадзьмутым вятрамі лесе ампутаваў сябе абмарожаныя пальцы ног, але і пасля таго па-геройску біўся з ворагам. Па вайне ён скончыў медыцынскі інстытут, зрабіўся лекарам і тысячам людзей вярнуў здароўе.

- А ці былі яшчэ акрамя Вас дзеці ў бацькоў?

- Старэйшую сястру звалі Святлана. Яна пражыла , на жаль, толькі 16 год. У эвакуацыі яны туліліся з мамай у неацепленых сенцах, а марозы былі да 50 градусаў, і дзіця застудзіла ныркі, і ўсё кароткае жыццё прахварэла. Света заўважыла, што я люблю рыфмаваць. Яна казала мне: "Фэля, пішы вершы, у цябе вельмі добра атрымліваецца!" І я пачаў пісаць вершы, бо не мог яе падвесці. Старэйшы брат Валянцін быў інвалідам першай групы. На сёмы дзень жыцця ён захварэў на менінга-энцэфаліт, што змяніла яго лёс. Калі сястрыца пойдзе ў школу, ён выцягне з-пад шафы касу з літарамі і паўтарае па складах: " Мама. Тата." Ён не гаварыў, а мыкаў. Але менавіта ён навучыў мяне чытаць.У тры гады я ўжо чытаў.

Ён выпрошваў у мамы капейкі і купляў танныя кніжачкі з бібліятычкі "Кракадзіла" з вершамі, апавяданнямі і аповесцямі, і чытаў з лінзай, бо вельмі прагнуў ведаў. Такая душа была ў чалавека!

Я вырашыў, што вывучуся на лекара і вылечу яго, і пайшоў у медінстытут. Але ўжо было позна. У сталым веку я даглядаў яго.

- Вам давялося папрацаваць у глыбінцы?

- Мы ажаніліся на пятым курсе, і нас хацелі накіраваць на вёску. Загадчыца аддзялення Марыя Іванаўна Жарына дабілася, каб мяне пакінулі ў Барысаве. З жонкай думалі паступіць інакш.

- А як жа Вы цяжарную жонку адсылаеце так далёка на вёску?! - заспрачаўся я. Тады пайшлі нам насустрач. За 30 км ад Барысава знайшлі ёй месца, і я да яе ездзіў на аўтобусе.

Бедненькая, адна спраўлялася, толькі пасля інстытута. Хапала мяне за гузік і прасіла: "Дапамажы!" Хворым на абходзе казала: "Я прывяла вам доктара з Барысава". І я ёй дапамагаў! Потым я яе перацягнуў у Барысаў.

Пазней мяне хацелі зрабіць начмедам. Але бацькі былі ўжо слабыя, трэба было глядзець брата, аднесці яго, памыць, апрануць, дамагчыся, каб стала атрымліваў пенсію. Я дабіўся, каб нас перавялі ў Менск. Вызвалілася месца ў 3-цяй бальніцы, чалавек перайшоў на хуткую дапамогу. Потым я перайшоў 2-гі клінічны шпіталь і адпрацаваў там 28 гадоў.

Апераваў шмат. Потым прайшоў спецыялізацыю па онкагінекалогіі. Адпрацаваў да пенсіі і крыху болей. Я стараўся дзейнічаць сумленна, хоць не пісаў дысертацыі, але меў практычны досвед. За неякасныя веды, за кепскую дасведчанасць людзі плацяць жыццямі. На кожным месцы чалавек павінен дабрасумленна выконваць свае абавязкі.

- Вы лячылі жанчын, вярталі ім надзею на здароўе, змагаліся за іх жыццё. Ці памятаеце Вы іх ці яны Вас?

- Памятаю як сёння, гэта было 5 лютага 1986 года. Жанчыну даставілі ў прыёмны пакой другога шпіталя ў непрытомнасці. Гэта быў выпадак пазаматачнай цяжарнасці, ён выклікаў крывацёк. Была траўма, спынілася дыханне. У прыёмным пакоі я рабіў ёй штучнае дыханне, масаж сэрца, выклікаў рэанімацыю, потым усхапіў на рукі і панёс на трэці паверх у аперацыйную. І адратаваў, вярнуў да жыцця! Пасля гэтага ў мяне ўтварылася грыжа.

У траўні я ляжаў на аперацыйным стале ў прафесара Філіповіча пад мясцовай анэстэзіяй, глядзеў на адлюстраванне аперацыйнага поля на шкле рэфлектара асвятляльнай лямпы. Трошкі дзеянні лекараў былі чутны.

- Ну, што ці дайшлі да апанеўроза? - пытаўся я. А яны пакеплівалі з мяне: "Цярпі, братка!" Душэўны быў чалавек, прафесар! Столькі вакол мяне было прыстойных людзей!

Праз гады жанчыны званілі і віншавалі з Днём медыцынскага работніка. Прыду куды-небудзь, а мне кажуць: "А Вы мне аперацыю рабілі!"

Аднойчыя я прымаў роды ў супрацоўніцы выдавецтва "Мастацкая літаратура". Пачалася асфіксія плода. Калі б я замарудзіў, у дзіцяці маглі быць ускладненніі з боку галаўнога мозга. Хутка наклаў шчыпцы і выхапіў дзіця. Усё абышлося спакойна.

І яна мне пасля родаў кажа: "А між іншым, у нашым выдавецце друкуецца адзін аўтар. Ой, дык гэта ж Вы і ёсць!"

- Ну, так! - засмяяўся я.

- Фелікс Барысавіч, з чым звязаны Ваш літаратурны псеўданім?

- Я шукаў больш мілагучнае прозвішча, чым маё ўласнае. Баторына - возера на Віцебшыне, вада там празрыстая і гаючая. У ім водзяцца ляшчы і шчупакі, акуні і вугры, бераг яго парослы чаротам і аерам, блізка да яго падступаюць лясы. Назва звязана з імём Стэфана Баторыя. На беразе возера стаіць горад Мядзель.

Гутарыла Э. Дзвінская.


Невядомы почырк

У "НС", № 20 ад 14 траўня 2014 г. прачытаў нататку Валера Санько "Хто распазнае почырк?" і мне здалося, што я ведаю аўтарку гэтых двух фрагментаў. Я быў знаёмы з ёю 10 гадоў. Многа разоў сустракаўся і ўвесь час ліставаўся.

Атмасфера акупаванай немцамі Прагі... Атмасфера беларускай эміграцыі... Мне не знаёмы Мікола Судзеў, але здаецца, што я ўжо сустракаў "фраў Піпер"..., ведаю мужа - лекара... А гэтыя выразы: "харошы просты хлопец", "вельмі працавітаю жанчынаю", "Мяне ён вельмі любіў...", "Вы будзеце вялікай па смерці"... Усё быццам спісана з яе жыцця...

Але гэта толькі атмасфера і эмоцыі, а почырк зусім не падобны. Ён нейкі вельмі дзіцячы, школьны, акруглены, з элементамі напісання літар у даваенны перыяд. Хіба толькі вялікая літара "Г" і малая "Р" у гэтых фрагментах нагадваюць літары з лістоў да мяне.

Вядома, я разумею, што за 30 гадоў почырк мог значна памяняцца, а літары яго набыць нейкую разбэрсанасць, паспешнасць, свабоду..., але ж прывычкі жывуць даўжэй (можа, нават, усё жыццё). А тут (у фрагментах) я не бачу ніводнай - характэрнай.

Аўтарка вельмі рэдка карысталася знакамі прыпынку. Затое, амаль заўжды, словы: сын, муж, сябра, тата, мама , - пісала з вялікай літары. І я ў яе быў "Сябра Міхась" , нават у сярэдзіне сказа. Відаць - наступствы базавай польскай адукацыі.

І яшчэ: яна пісала "тарашкевіцай", а не "наркамаўкай".

Прызнаюся, я не бачыў ніводнага яе аўтографа з "часоў Прагі". Можа гэта - адзін з іх (Дай Божа!).

А абапіраючыся на 61 аўтограф з 1973-83 гадоў з маёй калекцыі, са шкадаваннем кажу - падробка.

Пад каго? ... Ну, вядома ж пад Ларысу Антонаўну Геніюш, - Царства ёй Нябеснае!

Міхась Вераціла.

Р.S. А хочацца, вельмі хочацца, каб гэта былі нейкія дзіцячыя практыкаванні ў беларускай мове з арыгінала самой Ларысы Геніюш.


Новае выданне. Сёмы выпуск "Беларуса"

У Нью-Ёрку выйшаў з друку сёмы выпуск літаратурнага альманаха беларускіх пісьменнікаў замежжа "Беларус" пад уважлівай рэдакцыяй Марата Клакоцкага. Нават і не верыцца, што прайшло ўжо сем гадоў. Памятаю, першы выпуск мне з ЗША даслаў мой зямляк Барыс Данілюк. А потым неяк непрыкметна праляталі гады, і вось ужо пабачыў свет сёмы выпуск. Усе гадавікі альманаха стаяць у мяне на кніжнай паліцы, а я іх па неабходнасці перачытваю, пераглядаю, шукаю ў іх тое, што мне неабходна для працы. І ўсёткі гэта добра, што хоць раз у год беларусы з розных краін могуць на старонках "Беларуса" выказацца, пакінуць свае суб'ектыўныя думкі ў прозе, паэзіі, публіцыстыцы, апавядаючы пра час і пра сябе. Не так і шмат на эміграцыі засталося добрых беларускіх выданняў. Таму на 350 старонках альманаха "Беларус" кожны чытач можа знайсці і прачытаць тое, што яго зацікавіць. А прачытаць, напрыклад, у "Беларусе-2014" ёсць што і даволі шмат. А якія цудоўныя і таленавітыя аўтары там апублікавалі свае творы. Гэта - Валянціна Якімовіч, Алег Мінкін, Сяржук Сокалаў-Воюш, Аляксандр Тарановіч, Якуб Лапатка, Іна Снарская, Макс Шчур, Віталь Воранаў, Цімох Ліякумовіч, Дзмітры Шатыловіч і многія іншыя. Гэта цэлы Саюз беларускіх пісьменнікаў замежжа! Калі іх усіх разам сабраць за адзін "круглы стол" - літаратурная сустрэча працягвалася б некалькі сутак. Літаратары не толькі чыталі б свае творы, але і спявалі б песні, выстаўлялі б уласныя творы мастацтва, танцавалі, ігралі і г.д. Усё ж, таленавіты наш беларускі народ! Менавіта ім, паэтам замежжа, прысвяціла Іна Снарская адзін са сваіх вершаў. У ім ёсць і такія радкі:

Пішыце пра любоў,

самотныя паэты,

Сучаснікі мае,

сямейства вайдэлот.

Адчайна так любіць

Снягі старонкі гэтай

Мы ўмелі толькі там,

Дзе плакаў вечны Лот.

Пра любоў да Радзімы, пра каханне, успаміны пра мінулае, пра свае родныя карані і пра ўсё іншае піша паэтка. Для Іны родным быў і назаўсёды застанецца беларускі Полацк, так, як роднаю стала і ўкраінская Палтава, дзе яна жыве. Нават адзін з апошніх зборнікаў паэзіі Іна Снарская назвала "Ад сэрца да сэрца - дарога".

Кнігай у кнізе можна назваць вялікія ўспаміны Валянціны Якімовіч пад назвай "Імгненні, вырваныя з жыцця". Часы перабудовы і першыя гады незалежнасці, утварэнне БНФ і Коласаўскага ліцэя, асобы Зянона Пазняка і Анатоля Сыса і згадкі пра дзесяткі іншых таленавітых хлопцаў і дзяўчат згадвае Валянціна ў сваіх успамінах. Прыгадвае іх шчыра, адкрыта, лёгка і чулліва. Няпросты быў той час: канец 1980-х - пачатак 1990-х гадоў, але які цікавы, нацыянальна-светлы, яго чакалі ўсе беларусы, найперш творчая інтэлігенцыя Беларусі. У сваіх успамінах Валянціна Якімовіч, бадай ці не адна з першых, стварыла праўдзівы, даліканта-правільны вобраз, без махлярства і перабольшвання, таленавітага паэта Анатоля Сыса. Яна расказала пра яго і апісала яго такім, якім насамрэч ён быў. Я гатовы падпісацца пад кожным словам успамінаў Валянціны Якімовіч пра Антоля Сыса. Магчыма тыя, хто жыў у Менску з ім побач, гэтага не заўважалі, а Анатоль Сыс быў і застаўся ў памяці аўтаркі менавіта такім. Такім памятаю яго і я, хоць, жывучы ў правінцыі, рэдка наведваў сталіцу. Але калі бываў, я заўсёды бачыўся з Анатолем. А калі мяне ў 2002 годзе прымалі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў, ён казаў: "Сярожка, навошта табе гэты Саюз?! Я табе свой членскі білет аддам". А ў Доме літаратараў ён упаў на калені перад Вольгай Іпатавай і казаў: "Волечка, не марнуй хлопца!". Мне заўсёды і цяпер шкада яго. Вельмі шкада. І калі я чытаў успаміны Валянціны Якімовіч - слёзы самі выплывалі з вачэй. Скажу шчыра, сябры, у трагічнай смерці таленавітых нашых равеснікаў, у многім вінаватыя і мы - тыя, хто жыве з імі побач. У тым ліку і ў смерці Анатоля Сыса.

А цяпер з пачатку ХХI стагоддзя альманаха "Беларус-2014" вернемся ў 1945 год. Дзмітрый Шатыловіч - адзін са старэйшых беларускіх літаратараў Варшавы (нарадзіўся ў 1926 годзе на Беласточчыне) друкуе на старонках альманаха свае ўспаміны пра 1945 год, калі ён працаваў ва Ўсходняй Прусіі ў аднаго баўэра. Туды яго вывезлі немцы на прымусовую працу. У сваіх дзённікавых занатоўках Дзмітрый Шатыловіч апісвае той час, калі ва Ўсходнюю Прусію прыходзяць савецкія войскі. Чытаюцца ўспаміны даволі цікава. Аўтар хоць асцярожна але звяртае ўвагу ў сваіх ўспамінах на тыя марадзёрствы, а таксама згвалтаванні нямецкіх жанчын і дзяўчат савецкімі салдатамі, якія яны чынілі, калі ўвайшлі ва Ўсходнюю Прусію. Аўтар піша: "Раптам з крыкам у пакой уварваўся п'яны салдат і пачаў дамагацца, каб яму далі трынаццацігадовую дачку сястры баўэра…" . Ці такое: "Пасля Лідка гаварыла, што хацелі яе згвалціць, але яна выплакала ў салдат, каб яе адпусцілі. Адзін з салдат заступіўся за яе, сказаўшы: "Оставьте её, разве немок у вас не хватает?.." і г.д. Дарэчы, англійскі гісторык Энтані Бівар напісаў кнігу, прысвечаную Другой сусветнай вайне, у якой ён сцвярджае, што ў пачатку 1945 года салдаты савецкай арміі на тэрыторыі Германіі згвалтавалі два мільёны нямецкіх жанчын. Спасылаючыся на савецкія і нямецкія архівы, аўтар сцвярджае, што толькі ў адным Берліне чырвонаармейцы згвалцілі 130 тысяч жанчын, з якіх 10 тысяч пасля гэтага скончылі жыццё самагубствам. І калі сёння расійскія СМІ аспрэчваюць такія страшэнныя факты і зверствы савецкіх салдат, дык успаміны Дзмітрыя Шатыловіча, які быў сведкам падзей 1945 года, з'яўляюцца пэўным дакументальным доказам.

Цяпер пра яшчэ адны ўспаміны. Гэта - згадкі доктара філалагічных навук прафесара Цімоха Ліякумовіча з Чыкага пра літаратуразнаўца Віктара Каваленку. Я нават і не прыпомню, хто і калі згадаў добрым словам пра таленавітага Віктара Каваленку пасля яго смерці з 2001 года. Магчыма Цімох Ліякумовіч зрабіў гэта першы. А Віктар Каваленка напісаў дзесяткі кніг пра міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры, пра творчасць Івана Шамякіна, пра беларускую літаратуру аб Другой сусветнай вайне. Ён з'яўляецца суаўтарам кніг па развіцці беларускай прозы, беларускай літаратуры. Выдатны артыкул Цімоха Ліякумовіча расрывае вобраз і талент гэтага ўнікальнага даследчыка нашай літаратуры. "Віктар Каваленка, - піша Цімох Ліякумовіч, - звяртаў увагу на майстэрства абагульнення ў творах беларускіх пісьменнікаў, аддаваў належнае тым творам, у якіх адчувалася свежасць думак, багаты эмацыянальны запал і моўная выразнасць. Каваленка падтрымліваў тых пісьменнікаў, творы якіх вылучаліся напружаным роздумам над грамадскімі падзеямі, узнімалі глыбінныя праблемы жыцця, аказваліся сугучнымі часу".

Люблю чытаць творы Алеся Тарановіча. Яго почырк адразу распазнаю, ён адрозніваецца ад іншых літаратараў і журналістаў метафарычным рэалізмам, кароткімі, але канкрэтнымі пабудовамі сказаў, якія багатыя колькасцю метафар і параўнанняў, адным словам - Алесь Тарановіч сюсюкання ў сваіх творах не дапускае. Ён - прыкметны, яркі, уважлівы, паэтычны. У штогодніку "Беларус-2014" аўтар вынес на суд чытачоў свае нататкі пад агульным загалоўкам "У Крынкі да Сакрата". Але гэта не толькі ўспаміны пра беларускага літаратара з Беласточчыны Сакрата Яновіча, але і пра тых, хто жыў і жыве там зараз. Давайце пачытаем. Пра Лянона Тарасэвіча ён кажа, што "яго адбойны малаток інтэлекту не падвёў яго яшчэ ні разу" (так і хочацца слова "інтэлекту" з гэтай рэплікі выкінуць). Пра Юрку Хмялеўскага: "Удумлівыя вочы. Тактоўны, стрыманы, ураўнаважаны" . Пра Януша Корбеля: "Чалавек часоў Сцяпана Батуры. Сама дабрыня і спагадлівасць" . Пра Ганну Кандрацюк: "У яе тонкае пачуццё літаратурных выяў, глыбокае веданне менталітэту жыхароў Пушчы. Яе кнігі адкрылі мне вочы на гэтых людзей" . А вобраз Сакрата Яновіча Алесь Тарановіч стварыў, цытуючы яго крылатыя выразы: "Сёння вялікіх польскіх пісьменнікаў няма. А пры цары былі. Генрых Сянкевіч, напрыклад, жыў на расейскія ганарары" , "Жыву на злосць лёсу і на радасць людзям" , "Дзяды з магіл жыццём дыхнулі" і г.д.

Цяпер пару слоў пра пераклады. З імі ў штогодніку выступаюць Якуб Лапатка, Алег Мінкін, Ірына Верабей, Сяржук Сокалаў-Воюш. Калі я прачытаў іх пераклады з фінскай, англійскай, французскай, рускай моваў, дык мне прыгадаўся адзін выпадак. Неяк рускі паэт Міхаіл Дудзін на поўным сур'ёзе сказаў Аркадзю Куляшову, што яго пераклад на беларускую мову "Яўгена Анегіна" Пушкіна лепшы, чым сам арыгінал.

Сяржук Сокалаў-Воюш пераклаў на беларускую мову вядомыя савецкія песні. Вось як, напрыклад, гучаць некалькі строфаў у арыгінале і ў перакладзе вядомай песні "Родная вуліца" з савецкага старога, але папулярнага некалі кінафільма "Вясна на Зарэчнай вуліцы":

Когда на улице Заречной

В домах погашены огни,

Горят мартеновские печи,

И день, и ночь горят они.

Я не хочу судьбу иную,

Мне ни на что не променять

Ту заводскую проходную,

Что в люди вывела меня.

На свете много улиц славных,

Но не сменяю адрес я.

В моей судьбе

ты стала главной,

Родная улица моя.

***

Калі на вуліцы Зарэчнай,

Святло згасіўшы, ходзяць сны,

Гараць мартэнаўскія печы,

І дзень, і ноч гараць яны.

Шляхоў інакшых не крану я,

Бо не змяню ніколі, не,

Я завадскую прахадную,

Што ў людзі вывела мяне.

На свеце слаўных вуліц поўна,

Ды насыл свой трымаю я,

Бо стала роднаю галоўнай

У лёсе вуліца мая.

Пераклад песні даволі ўдалы, ён пад мелодыю Барыса Макравусава кладзецца лёгка, як арыгінал.

З вершамі адкрытых сэрцаў у альманаху можна пазнаёміцца, чытаючы творы Лявона Баравога, Уладзіміра Блюдніка, Зміцера Давыдзенкі, Пётры Мурзёнка, Юрася Шамецькі, Макса Шчура. Дарэчы, паэтаў у штогодніку шмат, але гэта добра, бо, як сцвярджае Пётра Мурзёнак, "не згіне край і мова родная ніколі - Бог шле паэтаў на зямлю для лепшай долі" .

Чатыры вершы маладой паэткі Тацяны Саланко - як выяўленне свайго часу. Паэтка сцвярджае, што "жыццё - вайна, дзе кожны дзень яна як апошні пражывае" . Магчыма. Пошук паэзіі яе адчуваецца ў кожным імгненні, кожнай з'яве, кожнай істоце, у кожнай радасці і бядзе - гэта імкненне адкрываць жыццё ў яго дыялектычнай складанасці. Верш "Шчасце" - гэта працяг думак аб шырыні, паўнаце гамы чалавечых перажыванняў, да выяўлення якой паэтка паціху набліжаецца.

У 2012 годзе не стала Сяржука Вітушкі - выдатнага нашага гісторыка і літаратара. З яго літаратурнай спадчыны, чытаючы "Беларуса", без сумневу будуць даспадобы ягоныя "Ліхтарыкі і лухтарыкі". Таленавіты аўтар нам пакінуў сваё дрэва літаратуры, якое вельмі разгалінаванае, дзе аўтар развіваў новыя шматлікія матывы, нюансы думак, пачуццяў, адчуванняў. Думкі ягоныя і сёння - самыя глыбокія - аб сваёй прынадлежнасці роднаму краю, слову, каханню, сябрам, Вільні і свабодзе.

Прадмову да "Беларуса-2014" Віталь Воранаў назваў "Сёмы - значыць шчаслівы". Ёсць вялікае спадзяванне, што і наступныя альманахі беларускіх пісьменнікаў замежжа будуць шчаслівыя і багатыя на творчыя адкрыцці і сустрэчы.

Сяргей ЧЫГРЫН.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX