Папярэдняя старонка: 2014

№ 26 (1177) 


Дадана: 26-06-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 26 (1177) 25 чэрвеня 2014 г.


27 чэрвеня - 25 гадоў з дня Ўстаноўчага з'езду ТБМ імя Францішка Скарыны


Пад Менскам адкрыты музей ВАСІЛЯ БЫКАВА

19 чэрвеня, у дзень 90-годдзя Васіля Быкава ў дачным пасёлку Ждановічы-6 пад Менскам адкрыўся музей народнага пісьменніка.

Дакладней, музеем ад сёння стала лецішча Васіля Быкава і ягонай жонкі Ірыны Міхайлаўны, якое ўдава пісьменніка два гады таму перадала дзяржаве. 27 ліпеня 2012 года была прынята адпаведная пастанова ўраду, стварэннем музея асабіста апекаваўся тагачасны міністр культуры Павел Латушка.

Само лецішча было пабудавана ў 1983 годзе. На ўчастку - сапраўдны бярозавы гай, 37 бяроз. Калі Быкаву давалі гэты ўчастак, была ўмова - дрэвы не высякаць. Двухпавярховы цагляны дамок па цяперашніх мерках выглядае даволі сціпла. На першым паверсе - гасцёўня з вялікім сталом, кухня: на сценах морква, кавуны, цыбуля, ягады, намаляваныя самім Васілём Быкавым. На другім паверсе - маленечкі кабінет, мансарда, дзе любіў працаваць Быкаў. На працоўным стале - часопіс "Новый мир", фарбы, пэнзалі. Фотаздымкі і малюнкі на сценах.

Канешне, для паўнавартаснага мемарыяльнага музея месца там мала. Агульная плошча дома разам з гаражом, мансардай - 96 квадратных метраў. Па просьбе Ірыны Міхайлаўны працоўны кабінет пісьменніка і гасцёўня застануцца некранутымі, такімі, якімі былі пры жыцці Васіля Быкава. На дакументальныя экспазіцыі месца застаецца зусім няшмат, жыццё і творчасць будзе паказана толькі асобнымі штрыхамі...

На адкрыццё музея прыехаў міністар культуры Барыс Святлоў, ягоны намеснік Васіль Чэрнік, старшыня СПБ Мікалай Чаргінец. Было шмат музейных работнікаў, у тым ліку і дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ўладзімір Пракапцоў, дырэктар музея гісторыі літаратуры Лідзія Макарэвіч. Шчыра казаў міністр Святлоў, Чаргінец перадаў у дар музею дзясятак лістоў, якія Васіль Быкаў пісаў яму ў Афганістан, і фотаздымкі. Дзяўчаты - вядоўцы імпрэзы чыталі шмат вершаў Рыгора Барадуліна, прысвечаных Быкаву. У двары, пасля ўрачыстасцяў, акцёры Купалаўскага чыталі ўрыўкі з твораў Быкава.

Радыё Свабода. (Працяг тэмы на ст. 6.)



Святочная вечарына да 25-годдзя ТБМ адбудзецца 26 чэрвеня ў Галерэі сучаснага мастацтва "Ў" у 18.00 па адрасу: праспект Незалежнасці, 37А ў Менску. Уваход вольны.


У Менску прэзентавалі першыя пяць кніг Скарыны

Нацыянальная бібліятэка Беларусі і ААТ "Банк БелВЭБ" прэзентавалі 18 чэрвеня першыя 5 кніг з факсімільнага выдання поўнага збору твораў Францішка Скарыны.

Прысутным прадстаўнікам амбасадаў Украіны, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Італіі і Расіі арганізатары імпрэзы ўручылі кнігі "Быццё", "Зыход", "Левіт", "Лічбы", "Другі закон".

Наклад кожнай кнігі складае 1 тыс. асобнікаў, 100 з якіх выпушчаныя ў скураной вокладцы.

Дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Раман Матульскі адзначыў, што цяпер у свеце не існуе кніг Скарыны, якія захаваліся цалкам:

- З існых некалькіх асобнікаў выдання мы збіраем ідэальны том. Акрамя таго, упершыню на сучасную беларускую мову перакладзены тэксты Скарыны - прадмовы да ўсяго выдання і кожнай кнігі.

Поўны збор з 25 тамоў, надрукаваных Францішкам Скарыном у Празе (1517-1519 гады) і Вільні (1522-1525 гады), будзе сабраны ў 20-томным факсімільным выданні. У яго аснову пакладзены электронныя копіі лепшых кніг беларускага першадрукара, якія захаваліся ў бібліятэках і музеях Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі і іншых краін.

Гэты выдавецкі праект разлічаны на 2013-2017 гады і прымеркаваны да 500-годдзя айчыннага кнігадрукавання, перадае БелТА.


У Бычках прайшло афіцыйнае мерапрыемства ў гонар Васіля Быкава

Вушацкія раённыя ўлады ці не ўпершыню вырашылі самастойна ўшанаваць памяць славутага пісьменніка-земляка Васіля Быкава.

Дагэтуль яны толькі прысутнічалі на імпрэзах, арганізаваных віцебскай абласной радай ГА "Таварыства беларускай мовы".

Сёлета 19 чэрвеня да 90-х угодкаў Васіля Быкава прайшла імпрэза каля сядзібы-музея пісьменніка на малой радзіме Васіля Быкава, у вёсцы Бычкі. На яе звезлі мясцовых школьнікаў, каб тыя паглядзелі выступы калектываў мастацкай самадзейнасці і сустрэліся з сябрамі праўладнага Саюзу пісьменнікаў Беларусі. Старшыня абласной філіі Тамара Краснова-Гусачэнка ў сваім выступе заявіла, што Васіль Быкаў ніколі не быў палітычна заангажаваны і што цяпер прадстаўнікі апазіцыі выкарыстоўваюць ягонае імя, каб набыць вядомасць і палітычную вагу. Прамаўляла спадарыня Краснова-Гусачэнка на расейскай мове, як і бальшыня выступоўцаў.

Радыё Свабода.


Памяць пра Быкава застанецца назаўсёды

90-годдзе з дня нараджэння народнага пісьменніка і ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Васіля Уладзіміравіча Быкава адзначаецца сёлета шырока і разнастайна.

Адметнымі сталі такія падзеі, як адкрыццё музея-лецішча Васіля Быкава ў Ждановічах у чэрвені, як непадцэнзурнае выданне твораў пісьменніка "Мёртвым не баліць", "Ліквідацыя". З гонарам успрыняты той факт, што кнігі В. Быкава ўвайшлі ў праграму расійскай сярэдняй школы, іх вывучаюць у суседняй краіне на ўзроўні з сусветнымі літаратурнымі творамі.

Сёлета на Быкаўскае свята прыехала некалькі сотняў чалавек з усіх куткоў Беларусі. Адчувалася прысутнасць мноства сяброў ТБМ з Віцебска, Полацка і Наваполацка, Шаркаўшчыны і Паставаў, Магілёва і Шклова. Імпрэзу вёў старшыня Віцебскага ТБМ Іосіф Адамавіч Навумчык. У падзеі ўзялі ўдзел Аляксандр Мілінкевіч, Мечыслаў Грыб, Алег Трусаў, Аляксей Марачкін, Мікола Купава, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч і іншыя грамадскія дзеячы, прысутнічаў амбасадар Ізраіля. У афіцыйнай частцы з успамінамі выступілі пісьменнікі, паэты, прадстаўнікі дзяржаўных уладаў.

Пра дзяцінства, юнацтва і пачатак пісьменніцкай біяграфіі ўзгадала сястра творцы Валянціна Быкава. Яна падзякавала ўсім, хто захоўвае пра яго памяць. Успамінамі падзялілася Валянціна Міхайлаўна Барадуліна.

- Маці і Васіль Быкаў былі самымі блізкімі асобамі для Рыгора Барадуліна. Васіль, па-афіцэрску стрыманы і знешне суровы, быў насамарэч чулым і сяброўскім, а Рыгор - адкрытым і шчырым, іх звязвалі доўгія гады творчай і грамадскай дзейнасці. Менавіта Васіль Быкаў прыйшоў першым ў гарадзенскую радзільню, каб павіншаваць мяне з нараджэннем дачкі Ілоны.

Свае пачуцці выказала пісьменніца Вольга Іпатава, якая прыехала з Канады:

-Хвалююся сёння ад радасці, чуласці ўсіх прысутных. Адчуваю непахіснасць Беларусі і яе гонар. Вялікую ролю адыгралі ў маім сталенні гарадзенскія пісьменнікі і паэты - Васіль Быкаў(які быў у той час літкансультантам "Гарадзенскай праўды"), Данута Бічэль і Міхась Васілёк. Васіль Быкаў выхаваў пісьменніцкае сумленне, сумленне перад жыццём.

Уладзімір Някляеў ушанаваў памяць Рыгора Барадуліна і Генадзя Бураўкіна, і прачытаў верш, прысвечаны праваабаронцу і літаратару Алесю Бяляцкаму.

- Быкаў - адзін з самых чытаных пісьменнікаў у свеце. Яго кнігі перакладзены на 50 моваў, - заўважыла ў сваім выступленні Дар'я Мілая, супрацоўніца Вушацкага музея народнай славы. - Біяграфія яго суадносіцца з яго творамі. Пісьменнік паказваў, якім дарагім коштам нам дасталася перамога і заклікаў берагчы мір. Уражвае, што ў такой беднай хатцы нарадзіўся геній сусветнай літаратуры, рос у няшчымніцы, прайшоў ваенныя выпрабаванні, але захаваў высокія чалавечыя якасці: мужнасць, любоў да бацькоў і да Радзімы. Ён паказаў, якія каштоўнасці і вартасці павінны перамагаць у жыцці ў беларуса.

- Васіль Быкаў быў вялікім чалавекам сусветнага маштабу і вялікім праўдалюбам, - адзначыў старшыня Вярхоўнага Савета 12-га склікання Мечыслаў Грыб. - Шукальнікаў праўды шмат і сярод тых, прыехаў сёння у Бычкі, але праўда даецца няпроста. Памяць пра жыццё і творчасць В. Быкава будзе пашырацца.

- У гэты ўрачысты дзень мы ўзгадваем, што спадар Быкаў быў найбуйнейшым палітыкам ХХ стагоддзя. 19 кастрычніка 1988 года ён удзельнічаў у стварэнні Беларускага Народнага Фронту ў будынку тагачаснага Дома кіно. Дзякуючы такім людзям, як Быкаў, Барадулін і Бураўкін Беларусь мірным шляхам атрымала Незалежнасць у 1991 годдзе. Лепшым помнікам Васілю Быкаву будзе беларуская мова, калі мы будзем размаўляць на ёй 25 гадзін у суткі, - адзначыў старшыня ТБМ Алег Анатольевіч Трусаў.

У гэтым годзе лаўрэатам прэміі " За свабоду думкі" быў абраны гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч. Прамоўцы адзначылі ягоны жыццядайны гумар, які надае аптымізму. Чалавек з унутраным пачуццём свабоды з'яўляецца часткай душы Гародні, яе непаўторнага каларыту, як барочныя касцёлы і вузкія вулачкі. Гонар за беларускую мову і нашую гісторыю напаўняе яго спевы, - сказаў старшыня " Руху " За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч.

Лаўрэат выступіў з невялічкім канцэртам, заспяваў на розных мовах, узгадаў свае першае каханне. У музычнай частцы імпрэзы выступілі таксама Пан Скіргайла і Таццяна Матафонава. Сустрэчы і гутаркі сяброў працягваліся за пачастункам пад адкрытым небам.

Э. Дзвінская , фота Радыё Свабода.


"Права на праўду" - 10 том поўнага збору твораў Васіля Быкава прэзентавалі ў Менску

19 чэрвеня, у дзень, калі споўнілася 90 гадоў з Дня нараджэння Народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, у менскай галерэі "Ў" адбылася прэзентацыя дзясятага тома поўнага збору твораў Васіля Уладзіміравіча. Кніга выдадзеная ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і "Кнігазборам", укладанне і каментары Сяргея Шапрана. Непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы тома бралі ўдава пісьменніка Ірына Міхайлаўна Быкава і ягоныя сыны Сяргей і Васіль.

У новае выданне ўвайшлі аўтабіяграфічныя дыялогі з Алесем Адамовічам, а таксама артыкулы, эсэ, прадмовы, інтэрв'ю, гутаркі, аўтабіяграфіі і выступленні з 1957 па 1980 гады. Гэта першая кніга 10 тома.

Як распавёў першы намеснік Старшыні СБП Алесь Пашкевіч, у пачаткова запланаваныя 14 тамоў збору твораў не змяшчаюцца ўсе тыя шматлікія матэрыялы, невядомыя раней шырокай публіцы, у тым ліку аповесці Васіля Быкава, не апублікаваныя пры ягоным жыцці або якія не выйшлі ў поўным, аўтарскім варыянце, "адрэдагаваныя" савецкімі ідэолагамі.

Нядаўні выхад так званага бесцэнзурнага двухтомніка - кніг "Мёртвым не баліць" і "Ліквідацыя" (больш вядомая назва "Сотнікаў") - пацверджанне таго, што спадчына Васіля Уладзіміравіча патрабуе далейшага даследавання і захоўвае ў сабе яшчэ не раскрытыя скарбы.

Канцэпт праўды, мастацкай і жыццёвай, стаў дамінантай для ўсёй творчасці Васіля Быкава. Менавіта таму вялікае месца ў публіцыстыцы пісьменніка займае апісанне гэтага паняцця:

"<…> Літаратура - справа старая. Вопыт шматлікіх пакаленняў <…> шмат чаму вучыць <…> Было б толькі жаданне праўды жыцця. Служыць народу можна па-рознаму, з рознаю мерай аддачы, і калі ўжо казаць пра матыў пераадолення <…>, дык, відаць, шмат каму з тых, хто становіцца літаратарам, перш за іншых трэба намагчыся, каб пераадолець у сабе і жабрака, і ўласніка, і раба. З гэтага і пачынаецца мастацтва", - адзначаў Васіль Уладзіміравіч у артыкуле "Права на праўду" (1963), фрагменты з якога былі зачытаны на прэзентацыі, артыкул змешчаны ў 10 томе.

Празаік, Старшыня ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" Барыс Пятровіч, адкрываючы вечарыну, нагадаў прысутным пра асноўныя перыяды творчасці Васіля Быкава, пра ягоныя дасягненні і кірункі дзейнасці, якімі вылучалася для Васіля Уладзіміравіча кожнае дзесяцігоддзе. Асабліва важнымі і яркімі для Быкава былі 1990-я гады, калі Беларусь набывала сваю незалежнасць і калі спадар Васіль актыўна ўдзельнічаў у грамадскім і палітычным жыцці краіны.

Як згадваў у сваім выступе Лявон Баршчэўскі, вялікі аўтарытэт пісьменніка сярод інтэлігенцыі і простых людзей адыграў значную ролю ў аб'яднанні народа ў той пераходны перыяд, і такой моцнай асобы, якая стала б сумленнем нацыі, цяпер вельмі не хапае.

Анатоль Вярцінскі павіншаваў усіх беларусаў з выхадам 10 тома, падкрэсліў яго значнасць для нашай культуры і прачытаў свой верш, прысвечаны Быкаву.

Сяргей Законнікаў распавёў пра сваё сяброўства з Васілём Быкавым, пра тое, якім чынам працаваў механізм савецкай цэнзуры, і як яны супольна з Васілём Уладзіміравічам спрабавалі гэтаму супрацьстаяць.

Вольга Гулева, загадчыца аддзела навуковай прапаганды Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, расказала пра адкрыццё мемарыяльнага музея-дачы Васіля Быкава, якое адбылося ўдзень 19 чэрвеня.

Гэты дом два гады таму быў перададзены Ірынай Міхайлаўнай Быкавай дзяржаве з мэтай стварэння музея і ўвекавечання памяці Васіля Уладзіміравіча. У ім, па словах Вольгі Гулевай, максімальна захаваная аўтэнтычнасць і адлюстраваная атмасфера часу, праведзенага там гаспадаром і яго сям'ёй.

Увага надаецца малюнкам пісьменніка (як вядома, спадар Васіль меў мастацкі талент), якіх захавалася дастаткова шмат, ягоным хобі - напрыклад, празаік быў заўзятым аўтамабілістам, і ўсяму таму, што найбольш поўна паказвае Васіля Быкава як асобу і як рознабаковага творцу.

Напрыканцы прэзентацыі гледачы мелі магчымасць набыць дзясяты том поўнага збору твораў Васіля Быкава ў кнігарні "Логвінаў".

Тэкст ВТ, фота: Алены Казловай.


Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў "Нашага слова")

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Лазарэвіч (Аляксандр Л.) - форма бацькаймення з фармантам -эвіч ад антрапоніма Лазар з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ла-зар-эвіч. ФП: Лазар (імя) - Ла-зар (прозвішча) - Лазарэвіч.

Лазко (Люба Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лазка і лаз 'адтуліна ў столі для праходу на гар у (СбГПЗбП, Т. 2, с. 609, а таксама ВСБМ, с. 467) форма з канцавым "о" для адмежавання ад апелятыва і як моднае на сёння ( Лазка - Лазко).

Лазько (Алег Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лазько - ўтварэння ад дзеяслова лазіць з фармантам -ко і семантыкай 'той, хто лазіць', 'той, хто не ходзіць, а лазіць, поўзае' (паўзун) - пра малых дзяцей).

Лапановіч (Андрэй Л.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Лапан з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лапан-овіч. ФП: лапаны ('паборы') - Лапан (мянушка хабарніка) - Лапан (прозвішча) - Лапановіч ("Вя-лікі слоўнік беларускай мовы" Ф. А. Піскунова, 2012, с. 469).

Лапенка (Аляксей Л.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Лапа з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лап-енка. ФП: лапа ('ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак; груб. Аб руцэ або назе чалавека') - Лапа (мянушка) - Лапа - Лапенка.

Лапіцкі (Аляксей Л.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -цкі (-скі) ад Лапічы з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Лапічы - Лапіц(чс)-кі.

Лапкоўскі (Алег Л.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -оўскі ад Лапкі з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Лапк-оўскі. Або шляхетная форма з фармантам -оўскі ад прозвішча Лапка ці Лапко: Лапк-оўскі.

Лап о (Аляксандр Л.) - ашляхетненая форма з фінальным "о" ад Лапа (а яно - ад апелятыва лапа. Гл. вышэй: Лапенка).

Лапоцін (Лявон Л.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Лапота з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лапот-ін - Лапоц-ін. ФП: лапа-таць ('невыразна вымаўляць, незразумела гаварыць', 'балбатаць, балабоніць') - лопат ('лапатанне') - Лопат (мянушка) - Лопат, Лапота (прозвішча) - Лапоцін.

Ларычаў (Алег Л.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Ларыч з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ларыч-аў. ФП: Іларыён (імя) - Лар - Ларыч ('нашчадак Лара') - Ларычаў.

Латушка (Ірына Л.) - семантычны дэрыват ад апеля-тыва латушка 'пасудзіна' - міска, збан; а таксама 'цёрла', 'металічная нізкая пасудзіна для выпечкі хлеба' (СБГПЗБП, Т. 2, с. 631).

Лашкевіч (Алег Л.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Лашко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лашк-евіч. ФП: лашак (гл. ніжэй: Лашкоўская) - Лашко - Лашкевіч.

Лашкоўская (Рэгіна Л.) - дэрыват з суфіксам прэсты-жнасці -оўск ад антрапоніма Лашак з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лашак (Р. скл. Лашка) - Лашак-оўская - Ла-шкоўская. ФП: лашак ('помесь жарабца і асліцы') - Лашак (мянушка) - Лашко (прозвішча) - Лашкоўская.

Лашук (Алег Л.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ук ад Лаша з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Лаш-ук. Параўн.: Пінчук. Хоць магчымае ад Лашак, пераробленае на Лашук.

Лебядзевіч (Зміцер Л.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Лебедзь і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лебядз-евіч. ФП: лебедзь ('вялікая прыгожая вадаплаўная пералётная птушка сямейства качыных з белым (радзей чорным) апярэннем; з доўгай выцягнутай шыяй') - Лебедзь (мянушка) - Лебедзь - Лебя-дзевіч.

Лемцюгова (Валянціна Л.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Лямцюга і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лемемцюг-ова. ФП: лямец ('тоўсты, шчыльны матэрыял, звалены з шэрсці, воўны') - лямцюга ('зробленае з лямцу') - Лямцюга (мянушка, потым прозвішча) - Лямцю-гова - Лемцюгова.

Лепяцюхіна (Ганна Л.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -іна ад антрапоніма Лепяцюха і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лепяцюх-іна. ФП: лепя-таць ('гаварыць невыразна, нязвычна') - лепятуха ('хто ляпеча') - лепяцюха ('тоесама') - Лепяцюха (мянушка, потым прозвішча) - Лепяцюхіна.

Лесавы (Кірыл Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лесавы ('які жыве, расце ў лесе'). ФП: лес ('масіў зямлі, зарослай дрэвамі') - лесавы ('тое, што і лясны') - Лесавы (мянушка чалавека, які жыве ў лесе) - Лесавы.

Леўшукоў (Андрэй Л.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Ляўшук з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ляўшук-оў - Леўшукоў. ФП: ляўша ('той, хто валодае левай рукой лепш, чым правай') - Ляўша (мянушка, потым про-звішча) - Ляўшук ('нашчадак Ляўшы') - Леўшукоў.

Леўшык (Станіслаў Л.) - дэрыват з фармантам -ык ад антрапоніма Ляўша і семантыкай 'нашчадак названай асобы' ( Леўш-ык) з акцэнтаваннем на корані слова. ФП: левы - Ляўша - Леўшык.

Ліннік (Мікалай Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва ліннік 'той, хто вырабляў ліны' ('тросы', 'вяроўкі', а таксама ад лінкі 'прасекі ў лесе? (СБГПЗБП, Т. 2, с. 655).

Лісай (Уладзімір Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лісай - утварэння з фармантам - ай ад ліса (ліс 'драпежная млекакормная жывёліна сямейства сабачых з вострай мордай і доўгім пушыстым хвастом', перан. 'Пра хітрага, ліслівага чалавека'). ФП: ліс (апелятыў) - лісай (мянушка) 'асоба з рысамі паводзінаў лісы' - Лісай. Параўн.: Чубай (з вялікім чубам), Лап а й (з рукамі-лапамі).

Лісоўскі (Станіслаў Л.) - дэрыват з фармантам прэс-тыжнасці -оўскі ад антрапоніма Ліс і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ліс-оўскі.

Літвінава (Людміла Л.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Літвін і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Літвін-ава.

Літвіненка (Аляк-сандр Л.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Літ-він і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Літвін-енка.

Ліцьвінчук (Наталля Л.) - дэрыват з суфіксам -чук ад антрапоніма Ліцьвін з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ліцьвін-чук.

Лічко (Уладзімір Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лічко (утварэнне з -ко ад лічыць) 'той, хто лічыць, падлічвае, "падліковец"'.

Ловец (Ігар Л.) - семантычны дэрыват з акцэнтаваннем на корані ад апелятыва ла-вец 'той, хто стала займаецца лоўляй чаго-небудзь як промыслам', 'хто ловіць каго-небудзь, што-небудзь'. ФП: лавіць - лавец - Лавец - Ловец (для адмежавання ад апелятыва лавец).

Лукашанец (Аляк-сандр Л.) - адтапанімічны дэрыват з суфіксам -ец ад Лука-шаны і семантыкай 'жыхар ці народзінец названага паселішча': Лукашан-ец. ФП: Лукаш (імя з польскай мовы) - Лука-шы (тапонім) - Лукашаны - Лукашанец.

Лукашонак (Тамара Л.) - утварэнне з суфіксам - онак ад антрапоніма Лукаш з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лукаш-онак.

Лукашук (Марыя Л.) - дэрыват з суфіксам -ук ад ант-рапоніма Лукаш з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лукаш-ук.

Лукашэнка (Антон Л.) - дэрыват з фармантам -энка ад антрапоніма Лукаш з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лукаш-энка.

Лукін (Ілля Л.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Лука і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лук-ін. ФП: Лука (імя) - Лука (прозвішча) - Лукін.

Лунёва (Настасія Л.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ёва ад антрапоніма Лунь з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лун-ёва. ФП: лунь ('драпежная птушка сямейства ястрабіных, з шаравата-белым апярэннем у дарослых самцоў') - Лунь (мянушка) - Лунь (прозвішча) - Лунёва.

Луцэвіч (Аляксандр Л.) - форма бацькаймення з акцэнтаваным фармантам -эвіч ад антрапоніма Лука і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Луц(к/ц)-эвіч.

Лучко (Валянцін Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лучка 'дугападобны, паўкруглы бераг ракі ці возера' (утварэнне ад лука'). (Слоўнік БГПЗБП, т. 2, с. 681, 691) Форма з фінальным -ко пазнейшая (дзеля адмежавання ад апелятыва і як даніна моды). ФП: лук а (апелятыў) - лучка (таксама) - Лучка - Лучко.

Лысенак (Іван Л.) - дэрыват з фармантам -енак ад антрапоніма Лысы з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лыс-енак.

Лысенка (Максім Л.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Лысы і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лыс-енка.

Лысова (Таіса Л.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Лысы з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лыс-ова.

Лысы (Сяргей Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лысы 'які мае лысіну, з лысінай', або 'які мае белую пляму на лобе'.

Лыч (Генадзь Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лыч 'выцягнутая пярэдняя частка галавы ў некаторых жывёл; рыла', а таксама (груб.) 'твар'. ФП: лыч (апелятыў) - Лыч (мянушка) - Лыч (прозвішча).

Лявончык (Зміцер Л.) - дэрыват з фармантам -чык ад антрапоніма Лявон і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Лявон-чык.

Лявончыкава (Дзіна Л.) - прыметнікавая форма з фармантам -ава ад антрапоніма Лявончык і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ля-вончык-ава. ФП: Лявон - Ля-вончык - Лявончыкава.

Ляскоўская (Зоя Л.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -оўская ад Ляскі з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Ляск-оўская.

Ляшчынскі (Антон Л.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Ляшчына з семантыкай 'жыхар (народзінец) названай мясцовасці': Ляшчын-скі. ФП: ляшчына ('арэшына') - Ляшчына ( тапонім) - Ляшчынскі.

Мазав е цкая (Вольга М.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ецкая ад Мазовія з семантыкай 'жыхар (народзінец) названай мясцовасці': Мазав-ецкая.

Мазанік (Аляксандр М.) - семантычны дэрыват ад апелятыва мазанік 'брудны, запэцканы'. ФП: мазаць - ма-заны - мазанік - Мазанік (мянушка, потым прозвішча).

Мазырка (Аляксандр М.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ка ад Мазыр і семантыкай 'жыхарка ці народзінка названага паселішча': Мазыр-ка.

Макарыч (Максім М.) - бацькайменне з фармантам - ыч ад антрапоніма Макар і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Макар-ыч. Параўн. Кузьміч (Кузьма), Ільіч (Ілья).

Макарэвіч (Аляк-сандр М.) - форма бацькаймення з фармантам -эвіч ад антрапоніма Макар і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Макар-эвіч.

Макоўская (Алена М.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -оўск-ая (-ск-ая) ад Макі і Макава з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Мак-оўская.

Мал а хава (Людміла Л.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Малах і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Малах-аў. ФП: Мала-фей (імя) - Малах - Малахава.

Малашанка (Зміцер М.) - дэрыват з фармантам - анка ад антрапоніма Малах з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Малаш( х/ш)-анка. ФП: Малафей (імя) - Малах - Мала-шанка.

Малей (Кацярына М.) - дэрыват з фармантам -ей ад антрапоніма Малы з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Малы - Мал-ей. ФП: малы ('невялікі ростам, нізкі', 'малалетні', 'які займае нязначнае службовае або грамадскае становішча') - Малей (мянушка) - Малей. Параўн.: красны - Кра-сней, кашчавы - Кашчэй (П. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне. 1977, с. 98).

Малец (Таццяна М.) - дэрыват з фармантам -ец ад антрапоніма Малы з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мал-ец. Прозвішча можа кваліфікавацца і як семантычны дэрыват ад апелятыва малец 'падлетак, юнак, хлопец'. (Увесь іх выпуск 140 мальцаў і дзяўчат… (Брыль) ФП: малы - ма-лец - Малец.

Маліноўская (Таццяна М.) - адтапанімічны дэрыват з акцэнтаваным фармантам -оўск (ая) ад Малінаўка і семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Малінаў-ская - Маліноўская.

М а лышава (Галіна М.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Малыш і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Малыш-ава. ФП: малы - малыш (рас.) 'малец, малеча' - Малыш (мянушка, потым прозвішча) - Малышава.

Малько (Вячаслаў М.) - дэрыват з фармантам -ко ад антрапоніма Малы і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Маль-ко. ФП: малы - малько (асоба) - Малько. Параўн.: ня-мы - нямко, глухі - глушко.

Мальцава (Ірына М.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Малец і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мальц-ава. ФП: малы - малец - Малец - Мальцава.

Мальчыц (Эдуард М.) - зын а чаная форма, першасная Мальчыч - дэрыват з фармантам -ыч як форма бацькаймення ад антрапоніма Малец і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мальчыч - Мальчыц (вынік дысіміляцыі чч-чц).

Мамай (Часлава М.) - ад імя татарскага военачальніка (1380 г.) - Мамай (Бел.СЭ, т. 6, с. 598). Найменне Мама і мае вёска ў Глыбоцкім р-не Ві-цебск. вобл., цэнтр сельсавета - форма мн. л. ад Мамай.

Мамонька (Алена М.) - семантычны дэрыват з акцэнтаваннем на перадапошнім складзе ад апелятыва мамань-ка (ад рас. маманя + -ка) 'мату-ля, матулька, мамачка'. ФП: мама - маманька - Маманька - Мамонька (дзеля адмежавання ад апелятыва маманька).

Мандрык (Наталля М.) - дэрыват ад польск. Mа-drek 'мудрэц' з беларускай фанетыкай, дзе а адпавядае спалучэнне "ан", а -ek - "ык". Апелятыў стаў прозвішчам. ФП: (дыял.) мондры ('разумны, мудры') - мондрык (асабовае імя мудрага) - Мондрык (мянушка) - Мандрык (прозвішча з "а" дзеля адмежавання ад апелятыва).

Мандрыкін (Раман М.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Мандрык і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мадрык-ін.

Моніч (Алесь М.) - форма бацькаймення з фармантам -іч ад антрапоніма Моня і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Мон-іч. ФП: Мануіл - Манько - Ман - Маніч - Моніч. Форма з "о", відаць, для адмежавання ад апелятыва ман (ад маніць 'хлусіць').

Марачкіна (Ірына М.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -іна ад Марачка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Марач-к-іна. ФП: мора - мар а к - мар а чка (ж.р.) - Марачка - Марачкіна.

Мароз (Наталля М.) - семантычны дэрыват ад апелятыва мароз 'моцны холад, сцюжа', а таксама 'іней, наледзь на шыбах', 'халоднае надвор'е'. Гэтае прозвішча дало шмат дэрыватаў: Марозік , Марозаў, Марозчык, Марозава, Мара-зевіч і пад.

(Працяг у наст. нумары.)

Павел Сцяцко


У сеціве з'явілася беларуская версія сайту ФК "Дынама-Мінск"

У інтэрнэце з 19 чэрвеня працуе беларуская версія афіцыйнага сайту футбольнага клубу "Дынама-Мінск" (dinamo-minsk.by/be).

У звароце да заўзятараў прэсавая служба клубу паведамляе, што з самага пачатку працы над беларускай версіяй сайту ФК праект меў шырокую падтрымку сярод заўзятараў. Валанцёрамі праекту былі журналісты не толькі з Беларусі, але беларускія супрацоўнікі замежных інфармагенцтваў, дапамагалі i заўзятары каманды са стажам, і фанаты клубу. У выніку склалася рабочая група, якая больш за месяц падтрымлівала праект у працоўным стане ў тэставым рэжыме і будзе надалей працягваць працу па падтрымцы беларускай версіі сайту.

У працэсе работы стваральнікі версіі намагаліся праводзіць тэкставыя анлайны матчаў "Дынама" з вучэбна-трэніровачных збораў на беларускай мове, інтэрнэт-трансляцыі хатніх матчаў каманды сталі суправаджацца каментарамі на дзвюх дзяржаўных мовах: рускай і беларускай.

Актыўную падтрымку праекту аказаў распрацоўшчык сайту - кампанія "Абіятэк".

Але не ўсё зроблена, і над рашэннем шматлікіх задач яшчэ трэба папрацаваць. Пакуль няма беларускіх моўных версій паблік і афіцыйных гуртоў клубу ў сацыяльных сетках, што патрабуе дапамогі валанцёраў. Актыўнымі тэмпамі ідзе распрацоўка і адаптаванне англійскай версіі сайта.

Прэсавая служба "Дынама-Мінск" звяртаецца да заўзятараў клуба, якія ў дасканаласці валодаюць англійскай мовай, далучыцца да працы, стаць валанцёрамі і дапамагчы зрабіць сайт клубу яшчэ больш насычаным, яшчэ больш інфарматыўным, яшчэ больш адкрытым для сусветнай футбольнай супольнасці.

Прэсавая служба ФК запрашае да супрацоўніцтва ўсіх прыхільнікаў "Дынама", якія б хацелі непасрэдна прыняць удзел у працы над сайтам і ў ягоным прасоўванні. Лісты з прапановамі і заўвагамі неабходна адсылаць на электронны адрас (info@dinamo-minsk.by).

Марат Гаравы.


"Патрыёт" запусціў першы беларускамоўны сайт байцоўскага клуба ў краіне

Рэсурс patriotgym.by створаны ў партнёрстве з грамадскай культурніцкай кампаніяй "Будзьма беларусамі!"

- Розныя версіі інтэрнэт-сайтаў мы мелі і раней. Гэта былі хутчэй аматарскія старонкі, якія рабілі нашыя вучні. Але новы сайт цяпер можна паказваць і беларусам, і замежнікам, - дзеліцца ўражаннямі заснавальнік і галоўны трэнер клуба "Патрыёт" Дзмітрый Пясецкі. - Мы ўжо прадэманстравалі новую старонку калегам з ЗША і Тайланда. Тое, што атрымалася, нас вельмі цешыць.

Кампанія "Будзьма беларусамі!" плённа супрацоўнічае з беларускімі тайбаксёрамі не ўпершыню.

- Некалькі беларускіх файтараў сусветнага ўзроўню трапілі ў наш анлайн-праект "Байцоўскі ген", - згадвае каардынатар кампаніі "Будзьма беларусамі!" Алена Макоўская. - І калі мы рыхтавалі ролікі "Культура паляпшае жыццё", нават сумневу не было, каб запрасіць героем аднаго з гэтых ролікаў Віталя Гуркова. Вельмі плённым атрымалася супрацоўніцтва па стварэнні маек, у якіх нацыянальная зборная па муайтай выправілася на чэмпіянат Еўропы ў Лісабон, дзе, дарэчы, беларусы занялі першае агульнакаманднае месца. Усе гэтыя мерапрыемствы выклікалі станоўчы рэзананс у грамадстве. Так мы яшчэ раз упэўніліся, што спорт - важная, перспектыўная частка сучаснай беларускай культуры, і з задавальненнем працягнулі супрацу: зрабілі сайт для байцоўскага клуба "Патрыёт", які мае міжнародную вядомасць. Паколькі старонка беларускамоўная, на першым месцы стаяла пытанне якасці. Мы звярнуліся ў арт-студыю "PRAS", дзе раней для нас зрабілі сайт, прысвечаны Цмоку. І мы ўсцешаныя, што новая інтэрнэт-старонка спадабалася самім спартоўцам. Спадзяемся, яна спадабаецца і карыстальнікам.

Нагадаем, што байцоўскі клуб "Патрыёт" добра вядомы ў байцоўскім свеце. Два мясцовыя выхаванцы маюць званне "Заслужаны майстар спорту Беларусі". Тут трэніруюцца шматразовы чэмпіён свету па муайтай Дзяніс Ганчаронак, зорка кікбоксінга і К-1 Забіт Самедаў. І, натуральна, чэмпіён свету сярод прафесіяналаў Віталь Гуркоў, які першым з беларускіх спартсменаў публічна прамовіў па тэлебачанні на роднай мове.

Як падкрэсліваюць у "Патрыёце", дзякуючы новаму сайту тут плануюць прыцягнуць у клуб як мага больш таленавітых дзяцей, якія падтрымаюць байцоўскія традыцыі старэйшых калег. Таксама у клубе разлічваюць на тое, што прыклад беларускамоўнага сайта натхніць іншыя спартовыя арганізацыі актыўна карыстацца роднай мовай. Бо як інакш выхоўваць у беларусах патрыятызм і адданасць сваёй краіне!

Прэс-служба ГКК. "Будзьма беларусамі!"


Віншуем Алеся Бяляцкага з вызваленнем

Алесь Бяляцкі вызвалены з папраўчай калоніі ў Бабруйску. Прычынай яго вызваленне стала амністыя. 21 чэрвеня ў 15.05 ён прыехаў у Менск на электрычцы, дзе яго сустракалі шматлікія людзі - сваякі, паплечнікі па праваабарончым цэнтры "Вясна", апазіцыйныя палітыкі, грамадскія актывісты, журналісты. У невялікім інтэрв'ю, якое даў Алесь Бяляцкі на чыгуначным пероне, ён сказаў, што ў весь час адчуваў пэўны ціск у справе напісання прашэння аб памілаванні. Але ён адмаўляўся яго пісаць.

За кратамі кіраўнік праваабарончага цэнтра "Вясна" правёў амаль тры гады. 24 лістапада 2011 суд прызнаў яго вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прысудзіў да 4,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу Бяляцкага стала наяўнасць у яго рахункаў у банках Літвы і Польшчы. Суд не ўлічыў, што грошы, які паступалі на іх, выкарыстоўваліся для праваабарончай дзейнасці.

Віншуем спадара Алеся са свабодай.


Справаздачна-выбарная канферэнцыя Менскай гарадской арганізацыі ТБМ

21 чэрвеня 2014 г. адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя Менскай гарадской арганізацыі ТБМ. На ёй са справаздачным дакладам выступіла Алена Анісім, якая распавяла пра тое, што было здзейснена ў справаздачны перыяд. У прыватнасці, яна адзначыла, што паспяхова развіваецца газета "Новы час" (заснаваная менскім ТБМ), Правілы дарожнага руху на беларускай мове былі падрыхтаваны сябрамі менавіта сталічнай арганізацыі, шмат якія кампаніі ў падтрымку беларускай лацінкі, за прыярытэт беларускай мовы ў геаграфічных назвах таксама рабіліся пры актыўным удзеле менскіх сяброў Таварыства, прывяла прыклады іншых спраў.

Пасля абмеркавання прысутныя аднагалосна ацанілі дзейнасць сталічнай арганізацыі ў справаздачны перыяд як здавальняльную.

Затым адбыліся выбары новага старшыні. Ім быў абраны кіраўнік клуба "ПраМова" Алесь Давідовіч. Намеснікам старшыні абралі Тацяну Фадзееву.

Наш кар.


Лідчына памятае. "Васільком у жыце Беларусі назаўсёды застанецца Быкаў"

20 чэрвеня ў Цэнтральнай раённай бібліятэцы горада Ліды адбылася імпрэза, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. На мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі Лідчыны, а таксама вучні Ёдкаўскай сярэдняй школы.

На працягу імпрэзы ў канферэнц-зале бібліятэкі дзейнічала выстава кніг Васіля Быкава. Таксама была арганізавана міні-выстава некаторых асабістых рэчаў пісьменніка, сярод якіх - ручка, дзве запісныя кніжкі, чарнавыя накіды да рамана "Лесвіца", які так і не быў напісаны, пасведчанне дэпутата абласнога Савета дэпутатаў і інш. Усе гэтыя рэчы два гады назад перадаў супрацоўніку літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесю Хітруну сын пісьменніка Васіль Васільевіч, які жыве ў Гародні.

Спачатку работнік бібліятэкі Тарэза Тоўкун азнаёміла школьнікаў з асноўнымі вехамі жыццёвага і творчага шляху Васіля Быкава, раскрыла яго перш за ўсё як аўтара суровых і праўдзівых твораў аб Вялікай Айчыннай вайне, які сам удзельнічаў у той вайне, перажыў яе і прапусціў праз сваю свядомасць. Дарэчы, Тарэзе Юзэфаўне пашчасціла пабачыць жывога Васіля Быкава: у 1975 годзе пісьменнік разам з паэтам Рыгорам Барадуліным выступаў перад старшакласнікамі СШ № 8 горада Ліды, дзе яна на той час вучылася. Аб той сустрэчы вучаніца школы тады напісала нататку ў газету "Уперад".

Ужо згаданы вышэй Алесь Хітрун па гарачых слядах расказаў прысутным аб цырымоніі адкрыцця ў Ждановічах пад Менскам музея-дачы Васіля Быкава, на якой прысутнічаў як навуковы супрацоўнік літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Ім жа былі паказаны фота- і відэаматэрыялы з той значнай падзеі ў культурным жыцці Беларусі. Дзякуючы Алесю Хітруну, удзельнікі імпрэзы таксама паслухалі аўдыязапіс фрагменту кнігі Васіля Быкава "Доўгая дарога дадому", убачылі рэдкі фотаздымак, зроблены незадоўга да смерці пісьменніка ў 2003 годзе (на ім разам з цяжка хворым Быкавым зазнятыя яшчэ два выдатныя дзеячы беларускай літаратуры - Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін, усе трое сябравалі паміж сабой).

Яшчэ адна сведка жывога Васіля Быкава, лідская паэтэса Ларыса Канчэўская, расказала аб сваёй сустрэчы са славутым пісьменнікам у далёкім 1963 годзе. Тады яна, яшчэ школьніца, бачыла Быкава ў час яго выступлення перад вайскоўцамі ў клубе Паўднёвага гарадка ў Лідзе. Пісьменнік расказваў аўдыторыі аб сваіх творчых планах, у прыватнасці - аб сюжэце будучай знакамітай "Альпійскай балады". Так Ларыса Георгіеўна адной з першых даведалася аб будучай аповесці, якая тады была толькі ў задумках і накідах аўтара.

Гучалі ў час імпрэзы і песні: лідскі бард Сяржук Чарняк выканаў пад гітару некалькі песень на словы Барадуліна, Бураўкіна і… Быкава, апошні, як вядома, паэтам не быў, аднак захаваўся яго невялікі віншавальны верш, які ён напісаў у 1988 годзе на паштоўцы, адрасаванай Нілу Гілевічу, - гэты малавядомы верш, перададзены М. Скоблам, лідскі бард і паклаў на музыку. Вось гэты тэкст:

Шчодры вечар, шчасьлівы вечар,

Самотны вечар, шаноўны пан!

Гарыць на кухні паўтузін сьвечак,

Хрыстос нам свеціць і гоніць зман.

Хрыстосу слава і кволым слава,

Цярпліўцам моцы ў цярпенні дам,

Галодным хлеба, убогім веры -

Жыцьця і шчасьця усім людзям.

У мерапрыемстве ўдзельнічаў і госць з Гародні - прадстаўнік выдавецкай ініцыятывы "Гарадзенская бібліятэка" Эдвард Дмухоўскі. Ён пазнаёміў прысутных з кнігамі "Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця" і "Васіль Быкаў. Гарадзенскі архіў", складзенымі даследчыкам жыцця і творчасці Быкава Сяргеем Шапранам. Абедзве кнігі ў той жа дзень папоўнілі фонд Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Аляксандр Мацулевіч.


У нас усё добра, мовы ніхто не ведае, а так усё добра

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны "

Трусаву А. А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве адукацыі разгледжаны Ваш зварот, які паступіў з Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У межах сваёй кампетэнцыі паведамляем наступнае.

Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Гэта замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Законе Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь".

У адпаведнасці з артыкулам 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права.

У сувязі з гэтым, ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі прадугледжаны абавязковы выпускны экзамен па беларускай і рускай мовах за перыяд навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама - выпускны экзамен па адной з дзяржаўных моў (беларускай або рускай) на выбар вучняў на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

У адпаведнасці з пунктам 16 Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 80 "О правилах приема в высшие и средние специальные учебные заведения" абітурыенты маюць права здаваць уступныя іспыты ў форме цэнтралізаванага тэсціравання толькі па трох вучэбных прадметах: па беларускай або рускай мовах (на выбар) і па двух вучэбных прадметах у адпаведнасці з выбранай групай спецыяльнасцей (спецыяльнасцю, накірункам спецыяльнасці). Абітурыенты, якія паступаюць на філалагічныя спецыяльнасці здаюць уступныя іспыты ў форме цэнтралізаванага тэсціравання па вучэбным прадмеце "Беларуская мова" або па вучэбным прадмеце "Русский язык" без права выбару ў адпаведнаці з выбранай спецыяльнасцю (накірункам спецыяльнасцей).

Дадаткова паведамляем, што ў 2013/2014 навучальным годзе з 3 175 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў 1 644 (51,8%) адукацыйны працэс здзяйсняецца на беларускай мове, у 1 528 (48,1%) - на рускай мове. Таксама ў вучэбнай праграме па беларускай мове (V - XI класы) для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання ў кожным класе прадугледжаны ўводныя ўрокі, якія раскрываюць ролю і значэнне беларускай мовы ў жыцці чалавека і грамадства. Гэтыя ўрокі даюць магчымасць фарміраваць лінгвістычны светапогляд і ствараюць эмацыянальны настрой, што садзейнічае павышэнню цікавасці да прадмета і паспяховаму яго вывучэнню. Выкладанне беларускай мовы на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі накіравана на фарміраванне асобы вучня як свядомага носьбіта мовы, развіццё яго інтэлектуальных і творчых здольнасцей.

Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца сістэмная работа, накіраваная на далейшае паглыбленне выкарыстання беларускай мовы і яе папулярызацыі ва ўстановах адукацыі краіны.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Об обращениях граждан и юридических лиц" у выпадку нязгоды з адказам Вы маеце права абскардзіць яго ў суд.

Намеснік Міністра В.А. Будкевіч.


Дзеля ўшанавання памяці Генадзя Бураўкіна

Прэм'ер-міністру Рэспублікі Беларусь

М.У. Мясніковічу

Савецкая, 20

Дом Ураду

г. Мінск

Паважаны Міхаіл Уладзіміравіч!

30 мая 2014 года адышоў у лепшы свет вядомы беларускі паэт Генадзь Бураўкін, якому ў 2016 годзе споўнілася б 80 гадоў.

У сувязі з гэтым, мы прапануем да юбілею паэта ўшанаваць яго памяць наступным чынам:

1) назваць у гонар Бураўкіна вуліцы ў Мінску і Ушачах;

2) усталяваць у Мінску на доме, дзе жыў паэт, мемарыяльную шыльду;

3) у 2016 годзе выдаць мастацкі канверт або паштоўку з выявай юбіляра.

Мы лічым, што гэта будзе адпавядаць той значнай ролі Генадзя Бураўкіна, якую ён адыграў і як паэт, і як грамадскі дзеяч, працуючы на розных пасадах у Беларусі і за яе межамі.


У часе Быкава

(Рэпартаж з адкрыцця музея-дачы Васіля Быкава)

Васіль Быкаў… Чалавек, вядомасць якога разышлася па ўсім свеце. Сваё імя ён увекавечыў яшчэ пры жыцці, бо яго творы - гэта аснова сучаснай беларускай літаратуры. Пашанцавала і нам, бо пісьменнік своечасова з'явіўся ў літаратурнай плыні, а яго творы паклалі пачатак новага этапу ў развіцці нацыянальнай беларускай літаратуры… Быкаў адзін з тых, хто паказаў суровую праўду вайны, бо сам неаднаразова знаходзіўся на краі прорвы ваеннага ліхалецця. Але ён застаўся, уцалеў, выжыў, і ён жыве, бо яго спадчына - гэта падмурак літаратуры ХХ стагоддзя. Менавіта Гарадзеншчына і паклала пачатак яго творчасці. Неаднаразова ён бываў і на Лідчыне, сустракаўся з маладымі на той час лідскімі пісьменнікамі і журналістамі (У. Васько, А. Жалкоўскім), пра што сведчаць здымкі, матэрыялы-ўспаміны. Мінула ўжо больш за 10 год як не стала гэтай знакавай асобы. Так сталася, што месяц чэрвень акрэсліў рысы жыцця вялікага таленту: 19 чэрвеня ён нарадзіўся, а 22 чэрвеня - памёр.

Вось нядаўна споўнілася 90 год з дня нараджэння класіка. Аўтару гэтых радкоў пашчасціла пабываць на адной важнай гістарычнай падзеі - на адкрыцці музея-дачы ў Ждановічах-6, што ля Менска, дзе калісьці і жыў Васіль Быкаў. Аб тым, што плануецца адкрывацца гэты музей мне аднойчы (14 лістапада 2012 года) нагадаў сын Васіля Уладзіміравіча, так-сама Васіль (Васіль Васільевіч), на кватэры якога я меў шанц пабываць, папіць разам гарбаты, узяць у яго інтэрв'ю, а яшчэ атрымаць у дарунак літаратурнаму аддзелу (доміку Таўлая) Лідскага гістарычна-мастацкага музея прыжыццёвыя рэчы славутага пісьменніка.

І вось гэты дзень настаў: 19 чэрвеня 2014 года. Хваляванням не было мяжы. Хваляваліся ўсе, хто сабраўся ў гэты дзень у пасёлак Ждановічы-6 на важную ў гісторыі падзею: чыноўнікі, пісьменнікі, кіраўнікі сталічных музеяў, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і проста сябры Васіля Быкава. Звыш за паўсотню чалавек сабралася каля гэтага куточка - двухпавярховага дома з агульнай плошчай 104 квадратныя метры, які знаходзіцца на вуліцы Вінаградная, 62. Гасцей сустракаюць музыкі, ціхае гранне якіх плыло па дачным пасёлку. Усё гэта яшчэ больш наталяла напружаную смакату і асалоду перад урачыстай падзеяй. Хтосьці дзеліцца ўспамінамі з таварышамі аб колішніх сустрэчах з класікам, хтосьці яшчэ раз перагортвае ўзятыя ў дарогу быкаўскія кнігі, падпісаныя калісьці самім аўтарам… Як і абяцалася: пачатак у 15.00. Народ пасоўваецца бліжэй да дома. Да мікрафона падыходзяць вядоўцы. З іх вуснаў ляцяць прыветлівыя словы, якія гучаць моцна, па-быкаўску, па-беларуску (а іначай ніяк). Яшчэ раз узгадваюць пра жыццёвы і творчы лёс мэтра беларускай літаратуры.

Да мікрафона запрашаецца міністр культуры Беларусі Святлоў Барыс Уладзіміравіч. Выступаючы перад публікай, ён нагадаў, што ў гэтым годзе саўпалі дзве даты: 90-гадовы юбілей Васіля Быкава і 70-годдзе з дня вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў.

- Калі супаставіць гэтыя дзве лічбы, то можна ўявіць, колькі гадоў было Васілю Уладзіміравічу на пачатку вайны. Васіль Быкаў не толькі прайшоў праз ваеннае ліхалецце, але і вярнуўся, каб распавесці кожнаму з нас пра тыя перажытыя жудасныя моманты, гадзіны, месяцы і гады такой страшнай з'явы, як вайна, - прамовіў міністр. - У кожнага ў сэрцы свой Быкаў, свае погляды на яго творчасць, у кожнага свой музей пісьменніка - кнігі, якія захоўваюцца на кніжных паліцах і да якіх неаднаразова мы звяртаемся каб зноў і ізноў перачытаць. Для мяне гэта мастак, які пісаў толькі двума колерамі - чорным і белым, бо той час іначай перадаць было немагчыма, калі ідзе барацьба паміж анёламі і дэманамі, то іншых фарбаў знайсці немагчыма… Музей, які сёння адкрыецца, дзяржава падорыць грамадскасці, якая, верыцца, будзе наведвацца сюды пастаянна, каб адчуць творчы дух нашага вялікага юбіляра, - зазначыў Барыс Святлоў.

Звярнуўся да прысутных і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Чаргінец Мікалай Іванавіч:

- Калі быў выдзелены гэты ўчастак, то мы з Васілём Уладзіміравічам адзначылі яго "чаркай кавы". Тут непадалёку размяшчалася і дача Андрэя Макаёнка, што дазваляла хоць і не часта, але ўсё ж сустракацца пісьменніцкім колам, пагаварыць, падзяліцца планамі. Ён быў уважлівым да маладых пісьменнікаў, мне нават пісаў пісьмы ў Афганістан, падтрымліваў разам з Ірынай Міхайлаўнай… Васіль Быкаў - не проста вялікі пісьменнік. У той час, калі яго творы чыталіся ўзахлёб, і крытыкі па-рознаму ставіліся да напісанага, народ ведаў, што ў пісьменніцкім асяроддзі ёсць вялікі творца, які піша праўду і толькі праўду. Не гледзячы на розныя адмоўныя крытычныя моманты ў бок Быкава, дзяржавай ён быў заўважаны - быў дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР і БССР, Героем Сацыялістычнай Працы…

Карыстаючыся момантам, Мікалай Чаргінец перадаў на захаванне ў музей каля дзесятка адрасаваных яму пісем народнага пісьменніка і яго жонкі, здымкі, на якіх В. Быкаў сярод пісьменнікаў-аднадумцаў.

Кранальна і сакавіта выступіў і беларускі літаратуразнавец, пісьменнік Міхась Тычына:

- Беларуская зямля багатая на таленты, бо талент - гэта нараджэнне прыроды. Аднойчы нават Максім Танк адзначаў, што тут сама зямля спявае. Быкаў уваходзіў у кагорту "шасцідзесятнікаў" - творцаў перыяду "хрушчоўскай адлігі", калі трымацца пісьменніку было цяжка. Васіль Быкаў быў аднолькава таленавіты ў розных кірунках, бо паказаў ён сябе і як выдатны мастак слова і як мастак па жыцці. Ён увесь час маляваў, не гледзячы, дзе знаходзіўся: ці на застоллі ці ў прэзідыуме. Сёння гэта і вы заўважыце. Тут на дачы яму не пісалася, бо шкодзілі яму размовы суседак побач, дзіцячая гамана - усё гэта не давала магчымасці сабрацца з думкамі. Працы для яго хапала тут іншай - ён маляваў, рамантаваў машыну. Аднойчы ехаў з Алесем Адамовічам непадалёк ад Масквы, а насустрач ехалі машыны, і ўвесь час кіроўцы ў іх паказвалі рукамі: "Куды едзеш?" Як высветлілася, Быкаў ехаў насуперак-насустрач машынам па дарозе з аднабаковым рухам. Так і ў жыцці: Быкаў, не гледзячы на розныя абставіны, рухаўся насуперак усяму, што перашкаджала ў яго творчасці, таму ён і вялікі, ён выконваў сваю місію на зямлі.

Прадстаўнікамі беларускага грамадскага аб'яднання з Санкт-Пецярбурга Аляксандрам Станкевічам і Віталем Ляшкевічам быў перададзены прыжыццёвы партрэт пісьменніка, напісаны ў 1993 годзе расійскім мастаком Сяргеем Ткачэнкам.

Напрыканцы слова ўзяла дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Вітальеўна Макарэвіч, якая зазначыла, што гэта вельмі важна калі ёсць у нацыянальнай культуры вялікія асобы, вядомыя аўтарытэты, гэта тычыцца і беларускай літаратуры. Можна ганарыцца такімі знакамітасцямі, як Купала, Коласа, Багдановіч, Мележ і Шамякін, а галоўнае - у нас ёсць Васіль Быкаў. Яна верыць, што сюды ў музей і будзе пракладзена шырокая дарога наведвальнікаў, а яшчэ, што ў будучым нас пакліча і вялікі музей Быкава…

І вось самы трывожны момант. Перарэзаць чырвоную стужку даручылі Лідзіі Макарэвіч, Мікалаю Чаргінцу і Барысу Святлову. Пасля перад прысутнымі адкрыліся дзверы для наведвання дачнага мемарыяльнага доміка. Хто ўвайшоў адразу, а хтось скарыстаў момант пахадзіць па ўнутраным дворыку.

Трэба зазначыць, што гэты цагляны дом з мансардай і пабудаваў сам пісьменнік у 1984 годзе, калі яму было гадоў 60. У выбары ўчастка пісьменніку нават дапамагала кіраўніцтва БССР, а менавіта адзін з тагачасных кіраўнікоў Беларусі Кузьмін, з якім і выбіралі надзел. У сталярнай справе прыняў удзел былы міністр ЖКГ БССР Міхаіл Мясніковіч, які з'яўляецца цяпер прэм'ер-міністрам Беларусі. Пабудаваная дача стала для пісьменніка месцам адпачынку ад гарадской мітусні, ён мог прымаць тут сваіх блізкіх сяброў, маляваць, займацца аўтамабілем у гаражы. Дзякуючы ўдаве В. Быкава Ірыне Міхайлаўне, у 2012 годзе дача была перададзена ва ўласнасць дзяржавы. Намаганням былога міністра культуры Паўла Паўлавіча Латушкі і добрай воляй Ірыны Міхайлаўны, а таксама дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва краіны было прынята рашэнне адкрыць тут музей, як філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. На працягу двух гадоў вёўся капітальны рамонт, каб прыстасаваць дом пад музей, а так-сама добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Па даручэнні Прэзідэнта супрацоўнікі Музея гісторыі беларускай літаратуры правялі навуковую апрацоўку архіва і асабістых рэчаў Васіля Уладзіміравіча, якія знаходзіліся ў яго кватэры і на лецішчы. Гэтыя дакументы і прадметы і сталі асновай экспазіцыі музея пісьменніка.

…Двор. Крышку ўбаку стаіць альтанка, а навокал белыя прыгажуні - бярозы, якія пасаджаны і самім Быкавым. Асцярожна ступаеш, баючыся пашкодзіць нават і траве, дакранаешся да бярозаў - сведкаў жыцця пісьменніка. Ля ганка гучыць адрывак з "Жураўлінага крыку", які пранікнённа чытае артыстка Белдзяржфілармоніі Зінаіда Уладзіміраўна Феакцістава…

Асобна, пры доме - гараж. Ужо тут трапляе наведвальнік у музейную прастору. Пры жыцці пісьменнік у гэтым памяшканні займаўся аўтамабільнымі справамі, корпаўся ў сваім аўто. А вось цяпер тут можна пабачыць своеасаблівую карту дарог, на якой пазначаныя асноўныя кропкі, дзе бываў Васіль Уладзіміравіч: родныя Бычкі, Гародня, Менск, далёкія замежныя гарады, дзе бываў падчас камандзіровак. На паліцы мноства спецыяльных кніг, для аўтамабілістаў, што яшчэ раз даказвае: Быкаў сур'ёзна цікавіўся аўтамабілем. Прылады працы як для механічнай так і для ручной работы. Цэлая сцяна - выстава малюнкаў, якая раскрывае яшчэ адну творчую здольнасць пісьменніка - улюблёнасць да малявання. У гэтых, здаецца, простых графічных работах, можна прачытаць тое, што хацеў сказаць іх аўтар у пісьмовым выглядзе, праз іх перадаецца адчуванне часу, па іх бачым як уяўляў мастак сваю будучую дачу з памяшканнямі і аўтамабіль.

Жылое памяшканне пачынаецца з пакоя для гасцей, дзе збіраліся сябры і калегі за вялікім, прыгожым драўляным сталом і на гэтых жа крэслах. Тут і печ-камін, якая цягнецца на другі паверх, ля яе Быкаў з жонкай і сябрамі-аднадумцамі бавілі час. Шмат побытавых рэчаў, якімі карыстаўся творца: фатаапарат, самавар, тэлевізар, гадзіннік…

Кухня. Усё, здаецца, як і ў звычайнага гаспадара: посуд, мыцельнік. Але ж і тут ёсць почырк пісьменніка - на сцяне над кафляй савецкага ўзору пакінуты ім радасны нацюрморт з садавіны і гародніны.

На другі паверх вядзе лесвіца, уздоўж якой на сцяне зноў жа малюнкі гаспадара дачы. Падняўшыся, бачым экспазіцыю - здымкі і рукапісы твораў пісьменніка. Тут і пакой самога Васіля Уладзіміравіча. Канапа, крэслы - мадэлі савецкага часу, малюнкі, кнігі як на стале так і на паліцах. Друкарка, а ля яе аркушы з тэкстамі і праўкамі, за якія, здаецца, зараз зноў возьмецца аўтар. Але, як зазначылі музейшчыкі, тут яму слаба пісалася, было тлумна, нават не начаваў, бо меў астму. Побач - пакой жонкі - Ірыны Міхайлаўны, аздоблены быкаўскім почыркам. Далей - мансарда - летняе памяшканне. У вочы адразу кідаецца скрынка з цюбікамі фарбы, пэндзлікі, якімі прыгожа выводзіў гаспадар-мастак. Дарэчы, мансарда збудавана курдам, пісьменнікам Ганадам Чарказянам, на той час майстрам па сталярных справах, які за працу нават не ўзяў аплаты. Яшчэ пры жыцці, Быкаў назваў гэтае памяшканне "пакоем Ганада".

Усё абгледзець, запісаць і зафіксаваць на фотаапарат не паспяваеш - вочы разбягаюцца ад убачанага. І гэта добра, бо музейшчыкі змаглі ўсё пакінуць не кранутым, захаваць у тым выглядзе, якім бачыў дачу сам Быкаў, каб любы наведвальнік мог адчуць дух вялікага творцы. Трэба зазначыць, што дача не разгортвае дэталі творчасці Быкава, да гэтага і не імкнуліся музейшчыкі. Адказам гэтаму з'яўляецца тое, што тут ён амаль не пісаў, і кожны можа пачытаць яго творы сам і даць ім ацэнку. Мэтай для музея з'яўляецца перадача асобы Быкава як гасціннага гаспадара, мастака, аўтамабіліста і ветлівага сябра з цудоўным пачуццём гумару.

"Музей-дача Васіля Быкава" - філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Загадчыкам яго з'яўляецца беларускі пісьменнік і літаратуразнавец Алесь Гібок-Гібоўскі. Сёлета гэты мемарыял будзе працаваць толькі да кастрычніка, у цёплую пару года, бо ў доме няма належнай ацяпляльнай сістэмы. Але ж пра гэта сумаваць не трэба, бо, як заявілі музейшчыкі: на вясенне-летні перыяд прыпадаюць даты - Дзень Перамогі, дзень пачатку вайны, Дзень вызвалення Беларусі, з якімі звязана імя Васіля Быкава, пісьменніка-франтавіка. У наступным годзе, паводле задумак, наведвальнік убачыць крыху змененую экспазіцыю, у якой прыадкрыюцца новыя старонкі біяграфіі і творчасці пісьменніка. А пакуль яшчэ ёсць магчымасць наведаць музей з 11.00 да 17.00 з серады па нядзелю.

Алесь ХІТРУН, навуковы супрацоўнік літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея.


105 гадоў з дня нараджэння Сяргея Знаёмага

Сяргей ЗНАЁМЫ, сапр. Сяргей Змітравіч (Дзмітрыевіч) КЛОПАЎ. Нарадзіўся (14 (27) чэрвеня 1909, в. Звонь Лепельскага пав. Віцебскай губ., цяпер Ушацкі р-н Віцебскай вобл. - прапаў пасля 20 студзеня 1944. (Крыптонімы: С. З.; С.Зн.) - беларускі журналіст, празаік, паэт.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Падлеткам працаваў рабочым на запалкавай фабрыцы "Чырвоная Бярэзіна" ў Нова-Барысаве. Быў рабкарам, затым рэдактарам шматтыражнай газеты "Чырвоны Бярэзінец". Паступіў на рабфак. Стаў членам КПСС (1928). З 1930 вучыўся ў БДУ, працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 11 у Барысаве. Скончыў літаратурна-лінгвістычны факультэт Вышэйшага педагагічнага інстытута (1933), працягваў вучобу ў аспірантуры (па некаторых звестках - без адрыву ад настаўніцкай працы). Сябар СП СССР з 1934 г. Членскі білет № 1544, падпісаны Макісмам Горкім, захоўваецца ў Дзяржаўным музеи гісторыі беларускай літаратуры. У складзе дэлегацыі беларускіх пісьменнікаў (разам з Міхасём Клімковічам, Анатолем Вольным і Іванам Шапавалавым) 22.6.1935 г. на менскім вакзале сустракаў французскага пісьменніка Рамэна Ралана з жонкай, які вяртаўся ад Максіма Горкага з Масквы ў Францыю.

У сярэдзіне 1930-х гадах аказаўся аб'ектам цкавання. У 1935 выключаны з партыі. З вясны 1936 г. працаваў літаратурным рэдактарам на Беларускім радыё. Арыштаваны 26.11.1936 у Менску па адрасе: вул. Новамаскоўская, д. 44/1, кв. 6, асуджаны пазасудовым органам НКУС 5.10.1937 г. як "член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі" і за "антысавецкую дзейнасць" да 8 гадоў зняволення. Па некаторых звестках, уцёк 22.1.1944 г. з аднаго з лагераў УПУППЛ на Калыме, далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны прэзідыюмам Вярхоўнага суда БССР 29.12.1954. Асабовая справа С. Знаёмага № 9935-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Дэбютаваў у друку вершам "Мая вясна" у 1929 (газ. "Рабочий"). Як пісьменнік больш сцвердзіў сябе ў жанры публіцыстыкі і прозы. У пач. 1930-х вельмі актыўна выступаў у друку з нарысамі, карэспандэнцыямі. Аўтар кнігі падарожных нататак "Відагоршчы" (1930), зборнікаў нарысаў "Дом № 31" (1930), "За дамбаю" (1931), "Лес гарыць" (1932), аповесцяў "Ганчары" (1933) і "Біяграфія майго героя" (1935). Запісваў і даследаваў беларускі фальклор. Займаўся мастацкім перакладам з рускай, украінскай і іншых моў.

Аповесці "Ганчары", "Біяграфія майго героя" атрымалі прыхільныя водгукі крытыкі. У нарысах з кніг "Дом № 31", "За дамбаю", "Лес гарыць" С. Знаёмы паказаў сябе знаўцам глыбінь жыцця рабочых ускраін. Нарысы вылучаліся моцнай жыццёвай фактурай, канкрэтыкай дэталяў. Пісьменнік сцвярджаў ідэі калектывізму, паказваў працэс сацыялістычнага будаўніцтва, фармавання псіхалогіі чалавека новага грамадства. Тую ж рабочую тэматыку працягваў С. Знаёмы і ў сваіх аповесцях.

Некалькі артыкулаў яго прозе прысвяціў К. Чорны, які назваў маладога пісьменніка перспектыўным і цікавым аўтарам, які ўмее стварыць мастацкі характар, распрацаваць сюжэт, але раіў яму быць больш уважлівым да стылю. К. Чорны адзначыў фальклорную стылізацыю яго нарысаў, захапленне памяншальна-пяшчотнымі формамі слоў, уплыў рытмікі і паэтыкі народных гутарак і быліц на апавядальную манеру, што надавала яго творам у пэўнай ступені сентыментальны каларыт. Аднак часта такія стылізацыі былі да месца (напрыклад, аповесць "Ганчары") і сведчылі пра глыбокае адчуванне пісьменнікам жыцця і дакладнае вызначэнне моўна-псіхалагічнага аблічча персанажаў.

Вікіпедыя.


Монтэ-Касіна, ужо не далёкая гара

У траўні гэтага года споўнілася 70 гадоў ад часу штурму гітлераўскай умацаванай цытадэлі ў сярэднявечным кляштары на гары Montecassino за 120 кіламетраў на поўдзень ад Рыму. Тут стратэгічную дарогу на сталіцу Італіі кантралявалі спецыяльныя аддзелы Вермахту. Пасля высадкі саюзнікаў на Сіцыліі ў 1943 годзе сітуацыя ў Італіі для немцаў пагоршылася. Трэці Рэйх вымушаны быў падтрымліваць ненадзейнага саюзніка на новым фронце, пасля капітуляцыі маршала П'етра Бадольё распачаць акупацыю краіны. Але саюзнікі нястомна прасоўваліся на поўнач. Немцы разумелі стратэгічную значнасць узвышша Монтэ-Касіна. На ім і суседніх узгорках была збудавана лінія ўмацаванняў, празваная "Лініяй Густава". Са студзеня 1944 года было некалькі беспаспяховых спробаў з ходу ўзяць умацаванні. Эфекту не прынеслі і шматлікія бамбаванні з паветра. Напачатку камандаванне альянсу даручыла штурмаваць узвышша новазеландскім і індыйскім злучэнням, якія там амаль усе і палеглі. Тады Брытанскае камандаванне для ўзяцця Монтэ-Касіна вызначала Другі польскі корпус пад камандваньнем генерала Уладыслава Андэрса, у якім служылі тысячы беларускіх вайскоўцаў. Акрамя таго, у атацы прымалі ўдзел брытанскія, амерыканскія, новазеладскія, паўднёваафрыканскія і французскія аддзелы. Для заходнебеларускіх жаўнераў трапіць у польскае войска азначала вырвацца з савецкага сталінскага пекла. Яны былі ваеннапалоннымі і хоць лічылі за вялікі шанец, што не загінулі ў Катыні ці іншых лагерах, але штодня адчуваць на сабе прыніжэнне і здзек было невыносным. Вядома, што з 120 тысяч польскіх ваеннапалоных і грамадзян розных станаў, дэпартаваных з Заходняй Беларусі, 20 тыс. складалі беларусы. Гэта паводле афіцыйнай статыстыкі. Мы мяркуем, што гэтая лічба магла быць большая. А ў Гразавецкім, Суздальскім, Старабельскім і Южскім лагерах ваеннапалонных на ліпень 1941 г. беларусы складалі 2848 чалавек і з іх толькі 111 асобаў адмовіліся ўступаць у Польскую армію. Апрача ўсяго, шмат беларусаў запісвалася палякамі дзеля таго, каб трапіць у Польскія збройныя сілы. Бо паводле загаду Народнага Камітэта Абароны СССР было забаронена браць у Польскае войска беларусаў і ўкраінцаў. Вось па гэтай прычыне рэальная колькасць беларусаў у Польскай арміі, якая была сфармаваная ў Савецкім Саюзе з грамадзян былой Рэчы Паспалітай Польскай да 1939 г. якія трапілі ў савецкі палон і дэпартаваных грамадзян, дакладна не вядомая і сёння.

Шлях Войска Польскага з беларускімі жаўнерамі ляжаў праз Савецкую Расею, Казахскую ССР, Узбекскую ССР, Іран, Ірак, Егіпет, Палестыну ў Італію. У складзе Войска Польскага пад брытанскім камандаваннем служылі такія вядомыя і выдатныя людзі з Заходняй Беларусі як Пётра Сыч - афіцэр, журналіст і пісьменнік, Вінцэнт Жук-Грышкевіч - гісторык і філолаг, у далейшым грамадска-культурны і палітычны дзеяч, Старшыня Рады БНР (1970-1982), Кастусь Маскалік - грэка-каталіцкі святар, Міхась Ляўдар, Яўген Русак і многія іншыя…

Пасля праходжання адпаведнай вайсковай падрыхтоўкі брытанскае камандаванне накіравала корпус Уладыслава Андэрса ў Італію, дзе ўжо пачаліся актыўныя баявыя дзеянні саюзнікаў, і ён быў улучаны ў склад 8-й Брытанскай арміі. 23 сакавіка 1944 г. са згоды генерала Андэрса 2-гі корпус быў накіраваны на ключавыя пазіцыі нямецкай абароны каля ўзвышша Монтэ-Касіна. Тут праходзілі выдатна ўмацаваныя лініі "Густава" і "Гітлер", якія заміналі праходжанню войскаў Альянсу на поўнач Італіі і, практычна, кантралявалі тэрыторыю ад Адрыятычнага да Тэрэнскага ўзбярэжжа. Камандаванне пастанавіла штурмам авалодаць узвышшам Монтэ-Касіна, ліквідаваць абарону гітлераўцаў і выйсці на поўнач Італіі дзеля далейшага вызваленне Еўропы.

У ноч з 11 на 12 траўня громам тысячаў гарматаў пачаўся штурм цытадэлі на дзікіх скалах гары Монтэ-Касіна. Перад гэтым амерыканская авіяцыя правяла масаваную бамбардзіроўку ўмацаванняў Вермахту. Беларускія жаўнеры змагаліся ў 5-й крэсавай дывізіі "Зубры". Асаблівую адвагу, спрыт і бясстрашша выяўлялі вайскоўцы 13-га батальёна "Рысь". Пісменнік і журналіст Мельхіёр Ваньковіч апісвае адзін унікальны гераічны эпізод гэтага штурму: 12 траўня наперадзе батальёна ўжо не засталося аніводнага сапёра, а дарога ўсыпана мінамі. Таму пяхотнікам прыйшлося прабівацца самім наперад. Рыгор Булак - праваслаўны хлопец з-пад Вільні, яму міна адарвала нагу. Тады ён стаў на адной назе і павёў батальён наперад, упаўшы ніцма. Другая міна выбухнула пад ім.. Гэты выбух адарваў яму руку і выбіў вока… Але жаўнеры батальёна прарваліся наперад. Доўгі час меркавалі, што Булак загінуў, але яго падабралі немцы, падлячылі і трымалі ў палоне…

Нашы жаўнеры ў гэтым змаганні паказалі высокую вайсковую вывучку, бясстрашша і гераізм. Многія з іх загінулі геройскай смерцю. Штурм працягваўся 7 дзён, і 18 траўня фашысты былі выбіты з Монтэ-Касіна. Войскі альянсу рушылі на Рым. Некаторыя жаўнеры ваявалі ў Італіі аж да 11 красавіка 1945 г. і скончылі вайну ўзяццем Болоні.

У 1945 г. яшчэ ў Італіі, а ў 1947-48 гг. У Брытаніі беларускія жаўнеры актыўна ўключыліся ў беларускае культурнае жыццё. У гэты ж час пачаўся працэс дэмабілізацыі. Многія вайскоўцы вярнуліся на Радзіму. А ў 1950-51 гг. былыя змагары з фашызмам былі рэпрэсаваныя, асуджаныя на 10 гадоў і высланыя разам з сем'ямі ў Іркуцкую вобласць. Толькі тыя удзельнікі Італьянскай кампаніі, якія вярнуліся ў Беларусь пасля 1960 года і пазней, пазбеглі рэпрэсіяў бальшавіцкага рэжыму, а тым больш тыя, хто застаўся на Захадзе. Па вяртанні на Радзіму з высылкі некаторыя камбатанты Монтэ-Касіна, не гледзячы на раненні і кантузіі пражылі доўгае і плённае жыццё. Так, напрыклад, Якуб Конан з мястэчка Бярэзінскае Маладзечанскага раёна пражыў 100 гадоў і адышоў у іншы свет у 2013 г.

У зялёнай даліне, ніжэй за кляштар Монтэ-Касіна (ён апаноўвае верхнюю пляцоўку гары на вышыні 527 м.), збудаваны мемарыял у памяць польскіх жаўнераў, якія загінулі пры штурме нямецкай цытадэлі і цвінтар, дзн пахаваныя ўсе жаўнеры і афіцэры Войска Польскага. На гэтым цвінтары пахаваны і больш за 180 беларускіх жаўнераў. На кожнай магіле стаіць белы крыж з надпісам імя і прозвішча, датаў жыцця і месца нараджэння. На магілах католікаў стаяць каталіцкія крыжы, на магілах праваслаўных - праваслаўныя. Нашыя жаўнеры фактычна былі з усёй Заходняй Беларусі: Вільні, Гародні, Берасця, Ваўкавыска, Баранавічаў, Ліды, Валожына, Пінска, Браслава, Паставаў і іншых гарадоў, мястэчак і вёсак.

Мы павінны быць удзячнымі Польскай дзяржаве, якая збудавала гэты мемарыял, увекавечыўшы памяць і нашых жаўнераў.

20 траўня 2014 г. у Італію прыляцела зусім невялікая група мастакоў дзеля правядзення пленэра на месцы баявых дзеянняў на гары Монтэ-Касіна: сябры Беларускага саюза мастакоў Алесь Цыркуноў і аўтар гэтых радкоў, а таксама сябар Беларускага саюза народных майстроў Юрась Камандзірчык і Вітаўт Купава - выпускнік Каледжа мастацтваў імя І. Ахрэмчыка. Перакладчыцай, правадніцай і зусім незаменным чалавекам у гэтай кампаніі была Наста Цыркунова, якая ўжо тры гады жыве ў Італіі.

Зразумела, што найважнейшай місіяй нашай дэлегацыі было ўшанаванне памяці беларускіх жаўнераў, якія тут загінулі і пахаваныя на цвінтары Мемарыяла Монтэ-Касіна. Да падножжа Мемарыяла намі быў ускладзены беларускі сцяг, кветкі і бел-чырвона-белая стужка з надпісам. Сёлета на юбілейных святкаваннях ужо не было ні беларускай дэлегацыі камбатантаў Монтэ-Касіна, ні дэлегацыі беларускіх жаўнераў з замежжа. Гэта было відаць і па тых вянках, якія ўжо ўсклалі розныя дэлегацыі свету. І мы зразумелі, наколькі важным быў наш прыезд на Монтэ-Касіна. Цяпер клопат па ўшанаванні памяці герояў Італьянскай кампаніі ляжыць цалкам на плячах грамадскіх арганізацый Беларусі.

Наша ўдзячнасць палеглым і тым нешматлікім былым жаўнерам корпуса Андэрса, якія жывуць у вольным свеце. Нізкі ім паклон!

Мікола Купава.


Роздум пасля выстаў

Жыццё на пераломе стагоддзяў, тым больш тысячагоддзяў ва ўсе часы працякала неадназначна, складана, нават цяжка. На наш перыяд, які называюць сучаснай глабалізацыяй, таксама выпала зашмат нязвычнага, непрадуманага, імкліва-паспешлівага. Дзесяцігоддзямі разлічвалі на спакой, мір на Зямлі, суладдзе між людзей, партнёрства між кантынентамі, дзяржавамі, а фактычна атрымалі зусім іншае. Сучаснае развіццё тэхнікі, сродкаў зносін, магчымасць візуальных і аўдыякантактаў сапраўды істотна палепшылі наш быт.

А вось пра стан грамадства, навакольнага асяроддзя, маральна-культурных здабыткаў не хапае часу задумацца, аб'ектыўна ацаніць мінулае, разабрацца ў сённяшняй сітуацыі, спрагназаваць-спланаваць будучыню немагчыма. Ва ўсіх кірунках культуры, яе відах і жанрах пад выглядам глабалізацыі запанаваў спецыфічны феномен так званай маскультуры, а дакладней псеўдакультуры, калі чытачам, слухачам, гледачам у якасці твораў мастацтва навязваюцца быццам вершы, песні, быццам карціны, калі мазня на палатне называецца жывапісам, абракадабра на паперы - паэзіяй, мармытанне, віск, скавытанне пад фанаграму - вакалам з выбрыкамі-падтанцоўкамі, непрыстойныя жарцікі - гумарам. Дзіўна і крыўдна, што ўсё гэта ўспрымаецца аўдыторыяй, залай, стадыёнам не як абраза годнасці чалавека.

За першыя гады новага стагоддзя відавочнай стала новая тэндэнцыя ў нашым мастацтве - гэта актыўны паварот да класікі, да сваёй гістарычнай спадчыны, якая і ёсць самы грунтоўны і надзейны падмурак мастацкай культуры краіны. Дзякуючы высокаадукаваным спецыялістам, апантаным сваёй уласнай творчасцю, службовай і грамадскай дзейнасцю да нас вяртаюцца палотны мастакоў Парыжскай школы, выхадцаў з Беларусі. Палотны выкупіў у 2011- 2012 гадах Белгазпрамбанк (старшыня праўлення Віктар Бабарыка) і сфармаваў калекцыю. Яна была выстаўлена ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі (дырэктар Уладзімір Пракапцоў), а таксама ў абласных цэнтрах рэспублікі. Пад гэтым жа патранатам з 27 сакавіка да 10 ліпеня 2014 года працуе выстава "Дзесяць стагоддзяў мастацтва Беларусі". Намаганнямі У. Пракапцова пашыраецца музейная прастора (з часам на ўвесь квартал), залы папаўняюцца скарбамі з запаснікаў, 18 траўня прайшла ноч адчыненых музеяў, для агляду з вуліцы выстаўлены копіі палотнаў.

Абнадзейвае і другая тэндэнцыя: актывізавалася мастацкае жыццё ў спецыяльных школах, раённых цэнтрах, глядзельныя залы абсталяваны ў многіх бібліятэках. Менавіта на такім узроўні ўжо не раз праходзілі выставы фотамастака Мікалая Міхайлавіча Лінніка. Зразумела, што названыя падзеі нераўназначныя, але будзем помніць, што з малога ручайка ці вясёлай вірлівай крынічкі пачынаецца рака, а добрая справа абуджае і выклікае ўзаемную шчырасць. Не ведаю, ці чытаў Мікола творы Васіля Сухамлінскага, але перакананы, што душы і прыродаўспрыняцце ў іх глыбока сугучныя. Такое ўражанне выклікала серыя фотапейзажаў і колерам, і зафіксаваным часам, і выбраным ракурсам, карацей кажучы, сваёй незвычайнасцю. Для пераканаўчасці працытую вялікага ўкраінскага педагога В. Сухамлінскага, акадэміка, Героя Сацыялістычнай Працы: "Чалавек стаў Чалавекам таму, што ўбачыў глыбіню блакітнага неба, мігаценне зорак, ружовы разліў вячэрняга водсвету, празрыстую смугу стэпавых абшараў, барвовы заход перад ветраным днём, трапятанне марыва над гарызонтам, сінія цені ў гурбах сакавіцкага снегу, жураўліную чараду ў блакітным небе, адлюстраванне сонца ў мірыядах кропель ранішняй расы, шэрыя ніткі дажджу ў пахмурны дзень, фіялетавае воблака на бэзавым кусце, далікатная сцяблінка і блакітны званок пралескі - убачыў і, здзіўлены, пайшоў па зямлі, ствараючы новую прыгажосць. Спыніся і ты ў здзіўленні перад прыгажосцю - і ў тваім сэрцы заквітнее высакароднасць".

Пейзажныя сюжэты такога ўзроўню складаюць большую колькасць фотакалекцыі мастака, на якіх ранішняя кропелька расы іграе на світанку пералівамі сонца, а захад яго хвалюе дзясяткамі барвова-чырвоных адценняў на гарызонце, кантрастуючы з цёмна-сіняй смугой змешанага лесу і блакітна-сінімі кучамі падсвечаных хмарак. Асаблівае замілаванне ахоплівае гледача шматкветкавая разнастайнасць гордай пунсовай ці крэмавай ружы, святлоадчувальнасць сланечнікавага капелюша, надменны выгляд гладыёлуса. А калі да шматфарбнай зрокавай карцінкі прачытаць удала падабраныя з твораў Івана Пыкі, Віктара Шніпа, Вольгі Шпакевіч, Рэгіны Багамолавай, Міколы Кандратава, Змітрака Марозава, Ядвігі Рай строфы, гэтых не менш адчувальных і умелых майстроў паэтычнага слова, то лёгка разгубіцца ад такой гармоніі і прыгажосці. Чаму ж сам не смакаваў такой асалоды?!

Калі вытокі жывапісу, як віду мастацтва, у глыбокай старажытнасці, у часах іканапісу, то фотамастацтву - прыкладна два з паловай стагоддзі, прытым мастакі спецыялізуюцца па вузкіх кірунках, а фотамастакі, у тым ліку і Мікола Ліннік, універсальныя. Апрача пейзажаў у яго ўбачым і своеасаблівыя збудаванні розных эпох, і выявы людзей з цікавымі абліччамі ў трывожную часіну, або на самоце, ці перапоўненых урачыстай радасцю. У натуральным асяроддзі "пазіруюць" і магутны звер-волат, і далікатная птушка, і пяшчотнае немаўля.

У паважанага Міколы мы бачым усё, што выклікае замілаванне, абуджае шчымлівую памяць, узвышае нас да разумення высокай эстэтыкі. Гэта азначае, што таленавіты фотамайстар арганічна сінтэзуе розныя віды, жанры мастацкага выяўлення гістарычнай спадчыны і сучаснай рэчаіснасці, умела знітоўваючы іх у адзінае цэлае. Яго камера выхоплівае імгненні і кветкі з кропелькамі расы, і ўсходу сонца, і перадвосеньскага зоркападу, і велічны храм, і роздумна-абаяльны твар, і шчаслівую ўсмешку дзіцяці, і скульптурныя выявы нацыянальных апосталаў, і занядбаныя могілкі-клады, і забытыя бацькоўскія сядзібы. Выстава прыводзіць гледача да глыбокага ўзрушэння і ажыўляе мінулае, кліча да роднага парога, да пакаяння за тое бяспамяцтва, што апанавала грамадства. Знаёмства з выставай, а таксама неабнародаванай калекцыяй мастака наводзіць на думку: добра было б мець серыю мемарыяльных альбомаў, у прыватнасці, са скульптурнымі помнікамі, надмагіллямі знакамітых людзей, мастацкімі архітэктурна-скульптурнымі групамі па мастацкіх творах, гістарычнымі мясцінамі, насценнымі барэльефамі, гарэльефамі. Напрыклад, Янка Купала шматразова ўшанаваны і на радзіме, і ў замежжы, у тым ліку і ў Нью-Ёрку, дзе ў парку ўстаноўлены помнікі Аляксандру Пушкіну і Тарасу Шаўчэнку. Гэта можна сказаць і пра Тадэўша Касцюшку, Кастуся Каліноўскага, Адама Міцкевіча, Ігната Дамейку і іншых.

Мікалай Гуліцкі , кандыдат філалагічных навук, г. Менск.


Іван Кандрацьеў: вяртанне праз 165 гадоў

На тым тыдні ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася імпрэза і выстава кніг, прысвечаная 165-годдзю з дня нараджэння выдатнага пісьменніка, літаратара, перакладчыка Івана Кузьміча (Казіміравіча) Кандрацьева.

Пісьменнік нарадзіўся на Беларусі (вёска Каловічы, зараз Вілейскі раён), але працяглы час жыў у Вільні і Маскве. Імя І.К. Кандрацьева стала вядома шырокаму колу грамадскасці дзякуючы доктару культуралогіі, прафесару Аляксандру Смоліку, які правёў грунтоўнае навуковае даследаванне і падрыхтаваў манаграфію "Божы дар Івана Кандрацьева".

Выступаючы на імпрэзе, А.І. Смолік распавёў, што ягоныя навуковыя пошукі распачаліся пасля азнаямлення з кнігай "Александръ Сергеевичь Пушкинъ, его жизнь, смерть и сочинения" ў рэдкім фондзе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Аўтар кнігі - дагэтуль невядомы даследчыку Іван Кандрацьеў. І пачалося - праца ў Літоўскім дзяржаўным гістарычным архіве ў Вільні, Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве…

На выставе былі прадстаўлены прыжыццёвыя выданні І.К. Кандрацьева, навуковыя працы, прысвечаныя даследаванню творчай спадчыны літаратара, а таксама выданні з асабістай бібліятэкі А.І. Смоліка.

Трэба адзначыць, што літаратурная спадчына Кандрацьева і сапраўды ўражвае: ім напісаны мастацкія творы на гістарычныя тэмы: "Бич Божий", "Великий разгром", "Салтычиха", "Драма на Лубянке", "Божье знамение" (апошнія два прасвечаны падзеям 1812 года) і іншыя, падрыхтаваны гістарычны даведнік "Московский кремль" і вялікі гістарычны нарыс "Седая старина Москвы", які перавыдаваўся вялікімі накладамі ў 1999, 2006 і 2008 гадах. У нарысе Кандрацьеў падрабязна апісвае гісторыю будаўнітва і развіцця вялікага горада. Ён аўтар шэрагу драматычных твораў: "Волостной писарь", "Воевода Волчий Хвост", "Ради копеечки"… Паэтычная спадчына прадстаўлена зборнікамі "Думы и были" і "Под шум дубрав", паэмамі "Полтавская певунья" і "Альманзор". Кандрацьеў з'яўляецца аўтарам такіх знакамітых песень, як "По диким степям Забайкалья", "Очаровательные глазки" і іншых. На яго вершы кампазітарамі Я. Прыгожыным, К. Шклоўскім, Г. Залатарэнкам і іншымі напісана музыка.

Таксама аўтар зрабіў вельмі якасныя пераклады вершаў Дж. Байрана, І.-В. Гётэ, Ф. Петраркі і іншых славутых еўрапейскіх аўтараў на рускую мову. На жаль, займацца літаратурнай працай на беларускай мове на тыя часы не было магчымасці: беларускае слова фактычна было выключана з дзяржаўнага і грамадскага ўжытку.

Іван Кандрацьеў апрацаваў вершаваныя народныя казкі "Снегурочка", "Сивка-бурка, вещая каурка", падрыхтаваў буквар, па якім можна самастойна навучыцца чытаць і пісаць, выконваць нескладаныя матэматычныя вылічэнні. А ў зборніку "Дома и на воздухе: детские игры и забавы" аўтар сабраў і сістэматызаваў дзіцячыя гульні і забавы.

Акрамя літаратурнай творчасці, ён спрабуе сябе на тэатральных падмостках: жывучы ў Вільні, спачатку іграе ў вандроўных тэатральных трупах, а затым ў Віленскім тэатры, які заснаваў знакаміты артыст Санкт-Пецярбургскага Александрынскага тэатра П. Васільеў.

Шмат друкуецца ў часопісах і газетах: "Воскресный досуг", "Иллюстрированная газета" (Вільня), "Развлечения", "Волна", "Русский сатирический листок", "Русская газета" і іншых перыядычных выданнях.

Дарэчы, свае творы ён выдаваў пад 34 псеўданімамі.

Як адзначае прафесар Смолік у сваёй манаграфіі, "пісьменнік надаваў выключнае значэнне вуснай паэтычнай народнай творчасці, успрымаючы яе як крыніцу нацыянальнай культуры. У тэкст апавяданняў, аповесцей, раманаў, твораў для дзяцей пісьменнік уводзіць мноства загадак, прымавак, прыказак і іншых твораў афарыстычнай малой прозы, у якіх адлюстроўваецца багацце вуснай народнай творчасці".

Сёння творчасць Кандрацьева ўвайшла ў актыўны даследчы кантэкст беларускіх навукоўцаў: у траўні 2013 года ў Вілейцы прайшлі Першыя Кандрацьеўскія чытанні, на якіх прадстаўлены даклады беларускіх гісторыкаў, культуролагаў, філолагаў, краязнаўцаў. Плануецца чытанні праводзіць раз на два гады: у 2015 годзе яны пройдуць у Маскве пры падтрымцы Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Таксама падрыхтаваны праект памятнага знака на радзіме пісьменніка - у вёсцы Каловічы, дзе з'явілася на свет такая цікавая і шматгранная постаць, творчаць якой неабходна дасканала вывучыць і ўшанаваць.

Павел Сапоцька. На фота аўтара: 1. Прафесар А.І. Смолік; 2. Рамансы Кандрацьева выконвае Наталля Клімковіч, за баянам - заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Ткач.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX