Вярнуцца: 2014

№ 29 (1180)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 29 (1180) 16 ліпеня 2014 г.


"Не бойся!" - словы, скіраваныя Богам да беларусаў

У межах урачыстасцяў у Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, што праходзілі сёлета 4-5 ліпеня, адбылася святая Імша ўначы, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроці. Імшы папярэднічала працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай, у ёй прынялі ўдзел шматлікія пілігрымы, несучы ў руках знічы.

"Эксцэленцыі, гэта ваша святыня, ваш народ, вы заручаны з гэтым народам, і радуйцеся гэтаму святу! Дарагія святары, калі гэтыя людзі сёння тут, - гэта значыць, што хтосьці паклапаціўся пра іх. Законнікі і законніцы, вы - душа гэтага народа, якая моліцца, і яна перадалася народу ў малітве. І вы, дарагія браты і сёстры, якія напоўнілі сёння гэты пляц больш густа, чым зоркі на небе, - гляньце на святло вашых свечак, бо за кожнай з іх ёсць чыёсьці сэрца" , - звярнуўся Апостальскі Нунцый да прысутных біскупаў, святароў, кансэкраваных асобаў і ўсіх вернікаў.

"Сёння мы паўтараем: радуйся, Марыя. Радуйся, нават калі навокал слёзы, калі працягваюцца войны, калі забіваюць людзей. Радуйся, Марыя, бо мы збіраемся тут не для таго, каб углядацца ў нашы грахі, але каб узірацца ў нашу будучыню, падораную нам смерцю Твайго Сына, - дадаў арцыбіскуп. - Дарагія браты і сёстры, давайце сёння забудземся пра нашы грахі. Вядома, яны ёсць, але калі б Бог не ўчыніў нам сапраўды вялікія справы, мы сёння б не былі тут".

Іерарх звярнуў увагу на прадстаўлены ў літургічным чытанні вобраз Бога, які суцяшае Марыю. "Бог суцяшае і вас, беларускі народ, - адзначыў прадстаўнік Святога Айца. - Вы - народ, які, як Марыя, бачыў смерць Яе Сына" . Згадваючы пра будслаўскі касцёл, арцыбіскуп сказаў: "Гэты касцёл застаўся, і ў ім застаўся абраз, з якога Божая Маці дабраслаўляе свой народ. Гэты абраз намаляваны ў сэрцы кожнага з вас, і ніхто не здолеў сцерці яго з вашых сэрцаў" .

"Таксама і вы стаялі пад крыжам замучанага Хрыста. Таксама і вы былі целам Хрыста ўкрыжаванага. Як на рукі Марыі было пакладзена мёртвае цела Езуса - так Яго замучанае цела лягло на рукі беларускага народа. І колькі разоў у вашай гісторыі на вашы рукі хацелі пакласці мёртвае цела Хрыста, але пасля трох дзён вы стаялі перад Хрыстом уваскрослым", - адзначыў арцыбіскуп.

Па словах Апостальскага Нунцыя, "другое запрашэнне, скіраванае Богам да Марыі і таксама да беларускага народа, - не бойся , няхай не слабеюць рукі твае" . "Не бойся, беларускі народ, нават калі цяжка, нават калі трэба плакаць, - не бойся!" - заклікаў іерарх. Арцыбіскуп дадаў, што " страх - тое, што забівае нас: не канкрэтная рэчаіснасць, а страх будучыні", " страх перашкаджае нашым зносінам, перашкаджае нам сустракаць адзін аднаго на вуліцах і дома", " страх часта загадвае нам не казаць тое, што мы думаем, не паказваць тое, што адчуваем", " страх кажа: заставайся на сваім месцы, там, дзе ты зараз".

Згадваючы, што беларускі народ называюць найбольш цярплівым у свеце, іерарх адзначыў: "Цярплівасць - вялікая цнота, пры ўмове, што яна не ператвараецца ў недахоп павагі да сябе" . "Сёння на вас спазірае Божая Маці і кажа: няхай не слабеюць вашы рукі. І ў цябе ёсць будучыня, беларускі народ, і перад табой ёсць дарога, нават калі ты яе не бачыш , - Бог падрыхтаваў гэтую дарогу для цябе, - звярнуўся Апостальскі Нунцый да вернікаў. - Твой Бог сярод цябе зараз у гэтай Эўхарыстыі, і заступніцтва Яго Маці таксама з табой" .

" Не бойся - гэта словы, скіраваныя да кожнага з вас, і іх выгукваў святы Ян Павел ІІ падчас свайго Пантыфікату, - дадаў арцыбіскуп. - Беларускі народ, не дазволь самому сабе згасіць у табе жыцця, не стань сваім уласным катам" . Іерарх падкрэсліў, што "ўвесь свет, гледзячы ў вочы гэтага народа, які будзе адчуваць сябе любімым Богам, адчуе, што Бог жыве" .

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч напрыканцы Імшы падзякаваў Богу за магчымасць сабрацца на малітве ў Нацыянальным санктуарыі, за добрае надвор'е і добры настрой вернікаў. Арцыпастыр выказаў падзяку таксама ўсім прысутным і хору з менскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы, які ўпрыгожыў спевам Імшу.

На заканчэнне арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ўдзяліў вернікам апостальскае дабраслаўленне з адпустам.

Анастасія Грышан.


100 гадоў з дня нараджэння Вітаўта Рамука

Вітаўт Рамук нарадзіўся 15 ліпеня 1914 г. у Екацярынаславе (тады гэта была яшчэ царская Расія, а сёння Днепрапятроўск, Украіна). Ягоныя бацькі былі там у заработках.

У 1922 г. сям'я вярнулася на радзіму, пасяліўшыся ў Ліпнішках каля Ліды. Гэта была Заходняя Беларусь, Польшча.

У 1926-1930 гг. Вітаўт Рамук навучаўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Ягонай настаў-ніцай была знакамітая педагог Алена Сакалова-Лекант. Пасля Беларускай гімназіі Рамук пераводзіцца ў польскую гімназію ў Пінску ды вырашае стаць святаром. Але ўрэшце адмаўляецца ад гэтай ідэі і паступае на біялагічны факультэт віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Праз год ён пераводзіцца на медыцыну, а яшчэ праз год Вільню займаюць саветы, і ўніверсітэт зачыняецца.

У часе нямецкай акупацыі Рамук вяртаецца на Лідчыну, працуе ў гарадской адміністрацыі перакладчыкам, бярэ ўдзел у беларускім жыцці. У Лідзе ён працуе разам з беларускім дзеячам Адольфам Клімовічам, які лічыў, што сядзець ва ўмовах нямецкай акупацыі як мышы пад венікам - недапушчальна.

Па капітуляцыі Нямеччыны Вітаўт Рамук апынуўся ў Мюнхене, дзе паспрабаваў працягнуць навучанне медыцыне, мару ўдалося ажыццявіць у Лювенскім універсітэце ў Бельгіі.

Наступны хуткацечны перыяд жыцця быў звязаны ў Англіяй. Рамук нават некаторы час быў намеснікам старшыні Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (1954). Але доўга ў Лондане не затрымаўся ды вярнуўся ў Бельгію. Некаторы час ён працаваў у дзіцячым прытулку ў Брусэлі. Жыццё ў паваеннай Бельгіі было невыносна цяжкім, і Вітаўт Рамук пераязджае ў ЗША, у штат Ілінойс. Некаторы час жыў у горадзе Пеорыя, а потым селіцца ў Чыкага. У 1958 г, ён ажаніўся з Верай Жызнеўскай, маладзейшай за яго на 17 гадоў. У Рамукоў нарадзіліся двое дзяцей. Сын Янка пазней зробіць вялікую кар'еру ў кампаніі "Хітачы", а дачка Ірэна стане педагогам. Вітаўт і Вера Рамукі бралі актыўны ўдзел ў жыцці беларускай грамады ў Чыкага, разам працавалі ў Беларускім каардынацыйным камітэце, былі актывістамі грэка-каталіцкай парафіі св. Хрыста-Збаўцы.

У 1993 г. Рамукі адведалі Беларусь. Вера і Вітаўт Рамукі пражылі разам 52 гады.

11 сакавіка 2010 г. доктар Вітаўт Рамук памёр у Чыкага. Ён пражыў 95 з паловай гадоў.

На здымку Вера і Вітаўт Рамукі.

Вікіпедыя.


УЛАДЗІМІРУ АНІЧЭНКУ - 90

Уладзімір Васільевіч АНІЧЭНКА , беларускі мовазнавец нарадзіўся 20 ліпеня 1924 г. ў в. Янаўка Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці. У Вялікую Айчынную вайну ў партызанскім атрадзе ў Чэхаславакіі. У 1952 г. скончыў БДУ. Доктар філалагічных навук (1970). Прафесар (1971). З 1955 г. працаваў у Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі, з 1970 г. - у Гомельскім дзяржаўным універсітэце, загадчык кафедры беларускай мовы. Заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Бела русь (1976), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь 1988 г. за комплекс прац 1966-88 гг. "Скарыніяна".

Найбольш значныя працы прысвяціў гісторыі беларускай мовы, беларуска-ўкраінскім старажытным моўным сувязям, параўнальнай граматыцы ўсходнеславянскіх моў і беларускай лексікаграфіі. Аўтар манаграфіі "Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі" (1969), "Слоўніка мовы Скарыны" (т. 1-2, 1977-84), вучэбных дапаможнікаў для філалагічных факультэтаў вышэйшых навучальных устаноў "Марфалогія ўсходнеславянскіх моў. Назоўнік. Дзеяслоў. Прыслоўе" (1973), "Гістарычная лексікалогія ўсходнеславянскіх моў" (1978), "Гістарычная фанетыка ўсходнеславянскіх моў" (1982), "Мовы ўсходніх славян" (1989), суаўтар калектыўных прац "Гістарычная лексікалогія беларускай мовы" (1970), "Матэрыялы для дыялектнага слоўніка Гомельшчыны", якія апублікаваны ў штогодніку "Беларуская мова" (вып. 3-9, 1975-1981), "Народная лексіка Гомельшчыны ў фальклоры і мастацкай літаратуры" (1983), "Беларуска-іншаславянскі сінкрэтызм мовы выданняў Францыска Скарыны" (1988). Пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле падрыхтаваны да друку "Слоўнік мовы Янкі Купалы" У. В. Анічэнка выдаў са сваімі прадмовамі і навуковымі каментарыямі рукапісы помніка старой беларускай пісьменнасці "Александрыя" (1962) і зборніка 19 ст. "Беларускі казачны эпас" (1976). Ен адзін са складальнікаў хрэстаматый "Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы" (ч. 1-2, 1961 - 62) і "Пісьменнік і мова" (1962). Галоўны рэдактар рэспубліканскага міжведамаснага зборніка "Беларуская мова" з пачатку выдання (1973).

Вікіпедыя.


"СВІНТУС ГРАНДЫЁЗУС" І ІНШАЕ

У беларускай літаратурнай мове, як паказана ў двухтомным "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008), налічваецца каля 7000 фразеалагічных адзінак. Стваральнікам таго ці іншага фразеалагізма заўсёды з'яўляецца які-небудзь асобны чалавек, і ўзнікае фразеалагізм адразу, у індывідуальным маўленчым акце, у працэсе маўлення. Спачатку гэта аўтарскі твор, а пасля ён падхопліваецца іншымі людзьмі з бліжэйшага асяроддзя і з цягам часу становіцца агульнаўжывальнай моўнай адзінкай. Як пісаў Я. Карскі адносна ўзнікнення прыказак, "паколькі асоба аўтараў на прыказках не адбілася, то народ лёгка забыў іх складальнікаў і захаваў гэтыя творы як свае ўласныя" .

Ёсць у нашай мове больш як 120 фразеалагізмаў, аўтарства якіх вядомае. Яны ўзніклі ў выніку фразеалагізацыі крылатых выразаў, зрэдку запазычаных, а часцей скалькаваных з іншых моў.

19 фразеалагізмаў паходзіць з твораў беларускіх пісьменнікаў: людзьмі звацца (Я. Купала); асадзі назад, хварэць на пана, захварэць на пана, як дзядзька ў Вільні (Я. Колас); акуляры настаўляць, выдраць лысаму валасы, ездзіць па левым баку, жаба ў каляіне, ні бэ ні мя, пусціць з дымам да бога каго, што, свінтус грандыёзус, фіга на талерцы, фіга (кукіш) у кішэні (К. Крапіва); рыцар ночы (З. Бядуля); кветкі з чужых палёў (Ю. Гаўрук); сена на асфальце (М. Стральцоў); зацюканы апостал (А. Макаёнак); ружовы туман (В. Быкаў).

Усе гэтыя выразы атрымліваюць трохбаковую характарыстыку ў "Слоўніку фразеалагізмаў" і ілюструюцца адпаведнымі прыкладамі з пісьмовых літаратурных крыніц. Хацелася б, аднак, дапоўніць апісанне некаторых з гэтых выразаў дадатковымі цытатамі-ілюстрацыямі, якія па розных прычынах не трапілі ў "Слоўнік…"


Выраз свінтус грандыёзус абазначае 'ганебны, няўдзячны чалавек, нахабнік'. Паходзіць з камедыі "Хто смяецца апошнім" (1939), дзе ён спачатку ўжыты для абазначэння вялізнай дапатопнай жывёліны з жабрамі, "адкрытай" ілжэвучоным Гарлахвацкім, а пасля пераносна - у дачыненні да таго ж Гарлахвацкага - невука і прайдзісвета. Ужыванне гэтага выразу ілюструецца ў "Слоўніку…" цытатамі з твораў М. Лынькова, Л. Гаўрылкіна, Б. Сачанкі, П. Місько, А. Петрашкевіча. Дапоўнім яшчэ прыкладам з адной аповесці І. Шамякіна: - Слухай, слухай сваю разумную бабулю! Яна табе такую этымалогію выдасць, што не будзеш знаць, на чым ходзіць чалавек. - Чалавек ходзіць на нагах, пакуль не робіцца свінтусам грандыёзусам. - Я свінтус грандыёзус? Дзякуй, мама! А гэта прыклад з рамана А. Рыбака "На разда-рожжы": Трэба было загадзя каго з іх папярэдзіць, што прыеду начаваць. Свінтус грандыёзус я вялікі .

Фразеалагізм ружовы туман абазначае 'стан ілюзорнага, таталітарна-савецкага ўспрымання рэчаіснасці'. Паходзіць з назвы апавядання (1995) В. Быкава. Гэтае знешне алагічнае словазлучэнне ўжыта з пераасэнсаваным значэннем ужо і ў загалоўку самога апавядання пра чалавека з саўковымі звычкамі, і двойчы ў тэксце апавядання, у тым ліку ў заключным сказе пра дзевяностагадовага Барсука, які, "можа, хай жыве ў сваім ружовым тумане, дажывае век і носіць вазончыкі да падножжа помніка" . У "Слоўніку фразеалагізмаў" выраз праілюстраваны толькі дзвюмя цытатамі. Да іх можна дадаць яшчэ некалькі: Магчыма, Быкаў стаў тым пісьменнікам, які першы выйшаў з ружовага туману (С. Дубавец); У ружовым тумане мы былі і ёсць і будзем ці з натоўпам паяднання, ці для ўлад каранавання пры жыцця чарговым цудзе (Р. Тармола-Мірскі); Аўтар прапанаваў размежаванне літаратуры "ружовага туману" - ідэалізаванай савецкай - ад нацыянальнай беларускай літаратуры (Л. Рублеўская); Ружовы туман спакойнага жыцця прыемней за чорную праўду незагойных ранаў ("ЛіМ"); Не веру! Няўжо моладзь тады была настолькі прагрэсіўна-"прасунутая", каб успрымаць акаляючую рэчаіснасць без "ружовага туману" перад вачыма? (С. Грышкевіч).

Да памянёных вышэй 19 крылатых выразаў, якія сталі фразеалагічнымі адзінкамі і фіксуюцца ў "Слоўніку фразеалагізмаў", варта дадаць яшчэ адзін - дыпламаваны баран - з аднайменнай байкі (1928) К. Крапівы. Яго ўжыванне з пераасэнсаваным значэннем 'невук з апломбам' можна праілюстраваць такімі прыкладамі: А колькі ў нас, асабліва зараз, калі ў ВНУ большасць месцаў платныя, дыпламаваных бараноў (Ю. Касцюк); Сустракаюцца ў жыццці і дыпламаваныя бараны. Кожны з іх ні бэ ні мя, а любіць гучнае імя (М. Лынькоў); Існуючая сістэма ўступных экзаменаў не з'яўляецца тым мудрамерам, які стаў бы адначасова бар'ерам для патэнцыяльных дыпламаваных бараноў і брамай, у якую бесперашкодна пройдуць, абавязкова пройдуць самыя дастойныя ("Настаўніцкая газета").

Калі цяпер звярнуцца да прыказак, апісаных у адпаведных слоўніках, то і тут можна назіраць падобную з'яву.

У маім "Этымалагічным слоўніку прыказак" (2014) паказана, што ў нашай літаратурнай мове ўжываецца 92 прыказкі, аўтарства якіх вядомае. Сярод іх ёсць 12 прыказак, якія па сферы першапачатковага ўжывання з'яўляюцца крылатымі выразамі з твораў беларускіх пісьменнікаў.

Вось пералік гэтых прыказак (у дужках пазначаецца іх аўтарства): Дум не скуеш ланцугамі (Я. Купала); Жыццё закон нязломны мае: ніколі праўда не ўмірае (У. Дубоўка); Забілі зайца не забілі, а гуку многа нарабілі (Я. Колас); Зерне падае не на камень (І. Пташнікаў); Каб сонца засланіць, вушэй асліных мала (К. Крапіва); Кіраваць то ты кіруй, ды не вельмі тузай (К. Крапіва); Мой родны кут, як ты мне мілы (Я. Колас); Назад не прыйдзе хваля тая, што з быстрай рэчкай уплывае (Я. Колас); Не пазналі сваіх нашы, бярозавай далі кашы (К. Крапіва); Не плюй у карытца - прыдасца напіцца (Я. Купала); Няма таго, што раньш было (М. Багдановіч); Як свінню ні кліч, яе заўсёды выдасць лыч (К. Крапіва). Гэты пералік трэба дапоўніць яшчэ адным крылатым выразам-прыказкай - Усе мы з хат , які з'явіўся пад пяром Янкі Сіпакова ў ягоным эсэ і кнізе пад такой жа назвай (1982) і абазначае 'карані ўсіх нас - з вёскі, ад зямлі'. У "Нашым слове" (2012, № 33) ужыванне гэтага крылатага выразу-прыказкі пацвярджалася чатырма ілюстрацыйнымі прыкладамі з твораў іншых беларускіх аўтараў.

Купалаўскі крылаты выраз Дум не скуеш ланцугамі абазначае 'мысленне, думкі чалавека не могуць быць падуладнымі каму-небудзь'. Паходзіць з паэмы "Курган", дзе гусляр кажа князю: "Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, - не скуеш толькі дум ланцугамі" . Гэты выраз прыводзіцца ў слоўніку Ф. Янкоўскага "Крылатыя словы і афарызмы" (1960), у зборніку В. Ліцвінкі і Л. Царанкова "Слова міма не ляціць" (1985). І ў абедзвюх кнігах - без пацвярджальных цытат. З адной ілюстрацыйнай цытатай пададзены ён у "Тлумачальным слоўніку прыказак" (2011). Прывядзём яшчэ адзін прыклад - з кнігі Дануты Бічэль "Мост святога Францішка" (2010): Пасля збірала яна [Ларыса Геніюш] свае песні ў Жлобаўцах, калі паехала за мужам ў Прагу. Пасля збірала яна свае песні дома, калі лупіла кіркай замерзлую зямлю ў зледзянелай няволі. Але грэлі яе ўсюды сунічныя сны, таму ў мерзлаце не заледзянела. Дум не скуеш ланцугамі.

Усе іншыя прыказкі (з былых крылатых выразаў) ілюструюцца ў "Тлумачальным слоўніку прыказак" (2011) не менш як дзвюма цытатамі. Калі ўжывальнасць наватвораў (слоў, фразеалагізмаў, прыказак) "выходзіць за межы аўтарскага тэксту , - слушна зазначыў вядомы рускі вучоны А.М. Бабкін, - іх месца ў тлумачальных слоўніках бясспрэчнае" .

Іван ЛЕПЕШАЎ.


Павел Баранаў: "Без мовы мы не станем самадастатковай еўрапейскай нацыяй"

Чэмпіянат свету па футболе стаўся нагодай для карэспандэнта "Радыё Свабода" пагутарыць пра беларускую мову і спорт з вядомым каментатарам Паўлам Баранавым. Гутарыў Ігар Карней .

- Павел, Вы ўжо казалі, што беларускамоўнае каментатарства - цалкам Вашая ініцыятыва, а цяперашняя сітуацыя на БТ такая, што ніхто нікога не абмяжоўвае, але і не прымушае. Ці правільна я зразумеў?

- Я не хвалюся ніякім чынам, што гэта мая ініцыятыва. Наадварот, у гэтым сэнсе я, хутчэй, выказваю не тое што сваё задавальненне, а нейкі сум нават - што ўсё залежыць ад асабістай ініцыятывы таго ці іншага чалавека, каментатара. Так не павінна быць, бо павінна быць практыка, такая, калі жадаеце, палітыка, каб усё больш было каментатараў, якія працуюць на роднай мове. Аднак не прымусіш жа нікога, улічваючы, што ў дзяржаве дзвюхмоўе. Таму здорава, што ўвогуле ёсць такая магчымасць працаваць на дзвюх мовах. Бо я чуў, вядома, меркаванні наконт таго, што ў нас, у каментатараў, лёгкі выбар - маўляў, на якой мове пажадаеш, на той і працуй. Цяпер, магчыма, і так, з улікам, што ўжо такая практыка ёсць, што ёсць да каго звяртацца - я маю на ўвазе наш вопыт, наш прыклад. Але пры гэтым, калі я толькі пачынаў, гэта насамрэч было вельмі няпроста. Людзі, ад якіх гэта залежала, і так асабліва мову не віталі, яны заўсёды прыкрываліся аднымі і тымі ж фразамі. У тым сэнсе, што, вядома ж, мова - гэта цудоўна, але каб працаваць на мове ў эфіры, трэба працаваць ідэальна. Што само па сабе ўжо смешна, улічваючы, што ідэальна не працуе, напэўна, ніхто ў свеце, нават на сваіх родных мовах. Заўсёды ёсць нейкія недарэчнасці, недасканаласьці і ўсё астатняе. І працаваць дасканала на мове, нават калі пасадзіць за мікрафон нашых цудоўных актораў ды паэтаў - я вас проста запэўніваю, што рэпартаж атрымаецца няхай сабе не з моўнага, дык з іншага пункту гледжання, мякка кажучы, непрафесійны. І тут нічога асаблівага няма. Патрэбна практыка ў першую чаргу, вось і ўсё.

- Ці можна казаць, што факт наяўнасці беларускай мовы ў Вашых рэпартажах сведчыць пра змену стаўлення ў лепшы бок?

- Ну, тое, што ўжо ўдалося зрабіць, гэта пацвярджае. Спачатку, два гады таму, - пачаць каментаваць чэмпіянат Беларусі на роднай мове, потым чэмпіянат Англіі па-беларуску, потым Лігу чэмпіёнаў на мове, нават адпрацаваў фінал Лігі чэмпіёнаў. І нарэшце кульмінацыяй, зразумела, чэмпіянат свету. То бок тое, што ўдалося гэта зрабіць увогуле, удалося зрабіць так, што кіраўніцтва не перашкаджала, а, наадварот, такія высілкі падтрымала - вядома, без лішняй сціпласці скажу, што гэта велізарная перамога. Я рады, што наша праца, мая ў пары з Дзмітрыем Герчыкавым, была ацэненая даволі высока. Так што такое пытанне, што мовы, маўляў, мала, магчыма, людзі і маюць права задаваць з вонкавага боку. Але я, ведаючы сітуацыю знутры, ведаючы ўвогуле, як гэта ўсё адбывалася, паколькі я сам непасрэдны ўдзельнік таго працэсу, скажу, што можна толькі парадавацца таму, што ёсць магчымасць вярнуць беларускую мову ў эфір, вярнуць беларускамоўны рэпартаж, развіваць яго, працаваць надалей з гэтым. Асабіста мне гэта прыносіць велізарнае задавальненне, таму што гэта вельмі цікавы працэс, класны працэс, і я толькі чакаю, што з'явяцца яшчэ каментатары, якія гэты рух падтрымаюць, і мы будзем у гэтым сэнсе працаваць надалей разам.

- Летась запрацаваў спартовы канал "Беларусь-5". Магчыма, адной з умоваў працы на ім журналістаў варта было б увесці абавязковае веданне беларускай мовы?

- Ну, магчыма, і так, але асабіста я не лічу, што кіраўніцтва будзе адмыслова засяроджвацца менавіта на такім пытанні, бо, яшчэ раз паўтаруся, няма такой палітыкі. Гэта ўсё - асабістая ініцыятыва. Прыкладам, я сам вось пажадаю і перавяду ўсе свае рэпартажы на расейскую мову - і ўсё, у эфіры беларускай мовы амаль што не застанецца. Толькі з-за таго, што пажадаю асабіста я. Аднак зразумела, што ў мяне жаданне абсалютна іншае - працаваць на мове. Я пра што і кажу: няма такой спланаванай палітыкі, няма планаў працы дзеля вяртання беларускай мовы ў эфір. Гэта ўсё асабістае жаданне таго ці іншага чалавека. Таму і атрымліваецца, што калі прафесійныя каментатары, якія ўжо працуюць на тэлеканале, працуюць менавіта ў такіх вось умовах - зыходзячы з асабістага жадання, як я буду працаваць, на якой мове - то, на мой погляд, не вельмі справядліва патрабаваць ад новых імёнаў, ад тых людзей, якія з'яўляюцца ў нас на тэлеканале "Беларусь-5", нечага іншага - у прыватнасці, дасканалага валодання беларускай мовай. Аднак я цалкам дапускаю, што ўрэшце з'явяцца такія ж людзі, энтузіясты, якія прыйдуць, і ў іх саміх будзе жаданне працаваць на беларускай мове. Гэта, дарэчы, лепшы варыянт, чым, напрыклад, кагосьці ўзяць ды прымусіць. Хай сабе чалавек і ўмее, але ў яго няма жадання працаваць на роднай мове. Нашмат лепш, каб ён ведаў, дзеля чаго гэта робіць і навошта гэта патрэбна. Таму, як мне здаецца, наўрад ці мае нейкі сэнс такім чынам набіраць новых людзей.

- Увогуле складваецца парадаксальная сітуацыя: каментатары могуць ведаць некалькі замежных моваў, але не родную.

- Ведаць родную мову, безумоўна, неабходна. Тыя людзі, якія ў нас час ад часу з'яўляюцца, толькі пачынаюць свой шлях каментатарскі, - магу сказаць, што гэта людзі адукаваныя, некаторыя з іх ведаюць некалькі замежных моваў, а таксама, я так мяркую, сябруюць і з беларускай мовай, - адзінае, што яшчэ крышачку баяцца на ёй працаваць, бо практыкі ўсё ж не хапае. Але я думаю, што ўсё будзе добра. Будзем працаваць у гэтым кірунку, і час ад часу новыя людзі абавязкова будуць з'яўляцца.

У гэтым сэнсе магу такі прыклад прывесці. Увесну я ўдзельнічаў у адным семінары, звязаным з інтэрнэт-трансляцыямі матчаў нацыянальнага першынства, перад новым сезонам чэмпіянату Беларусі. Кожны ў сваёй сферы: былі аператары, якія працавалі з аператарамі, я, адпаведна, адказваў на пытанні каментатараў. І вось адно з апошніх пытанняў было пытанне мовы. Якраз нашы каментатары, якія працуюць на інтэрнэт-трансляцыях, пацікавіліся наконт беларускай мовы. І я іх падтрымаў. Сказаў: калі ў вас ёсць жаданне працаваць на мове, нават калі нешта і не атрымліваецца, працягвайце працаваць, і ў вас з цягам часу ўсё будзе ў парадку. Адным словам, падтрымаў іх у гэтым сэнсе ў першую чаргу маральна. Ну, і што мы бачым? Мы бачым, што як стартаваў сезон, у Жодзіне (хоць там гэта ўжо раней практыкавалася), у Берасці, у Бабруйску, у Гомелі, дзесьці яшчэ, каб не памыліцца - там пачалі людзі працаваць менавіта на мове. Адным словам, дакладна, што ў гэтым сезоне ў інтэрнэт-трансляцыях працэнт беларускамоўных рэпартажаў значна павялічыўся - у параўнанні з тым, што было, прыкладам, год таму. Ну, і ёсць смеласць у мяне спадзявацца на тое, што такім чынам і я да гэтага прычыніўся, прынамсі натхніўшы некаторых хлопцаў, каб працаваць у гэтым кірунку.

- Гэта што тычыцца энтузіястаў. А што з прафесіяналамі?

- Яшчэ раз, мабыць, паўтаруся: калі ўжо справа тычыцца нацыянальнага тэлебачання, тэлебачання дзяржаўнага ўзроўню, то, адпаведна, тут праца з мовай павінна ўжо быць прафесійная.

Гэта азначае, што павінна працаваць і каманда лінгвістаў, і каманда стылістаў, і ўсялякія іншыя службы. Адным словам, вярнуць тое, што мы так вельмі хутка, на жаль, страцілі. Гэта тое, што тычыцца менавіта беларускамоўнага спартыўнага рэпартажу. А Вы ж цудоўна разумееце, што сам па сабе спартыўны рэпартаж - гэта толькі частка ў эфіры, у тым ліку і беларускамоўным. Вось так. Але што застаецца? Будзем працаваць у гэтым кірунку, інакш ніяк.

Увогуле, падводзячы рысу пад працай на трансляцыях з чэмпіянату свету, скажу: асабіста я вельмі задаволены тым, што атрымалася. І ўпэўнены, што вялізнай колькасці нашых заўзятараў, футбольных аматараў, тэлегледачоў наша праца на беларускай мове спадабалася.

- Не толькі аматарам, але і адмыслоўцам. Былы футбаліст менскага "Дынама" Людас Румбуціс у інтэрвію Свабодзе адзначаў выбітную працу Паўла Баранава...

- (Смяецца) Так, я размаўляў з Людасам Румбуцісам, мы сустракаліся на святочнай вячэры, арганізаванай амбасадай ЗША падчас матчу зборных ЗША і Бельгіі, размаўлялі. І сапраўды, ён і раней, і цяпер выказваўся з вялікім задавальненнем, выпраменьваў нейкую радасць, нават з натхненнем пра гэта казаў, вочы свяціліся ў Людаса Ёнавіча. Ну, не буду хавацца, скажу: вядома, было вельмі прыемна чуць вось такія словы. Таму на прыкладах такіх вось вядомых людзей, публічных асобаў, прадстаўнікоў беларускага футболу мы бачым, што наша праца прыйшлася даспадобы вельмі многім. Але мы пры ўсёй павазе да гэтых людзей маем на ўвазе ў першую чаргу нашу аўдыторыю - простых людзей, простых аматараў футболу. Як ні круці, вялікая колькасць людзей глядзіць футбол раз на два гады, ад чэмпіянату Еўропы да чэмпіянату свету, а хтосьці, мабыць, засяроджваецца толькі на чэмпіянаце свету. Наш народ, які, безумоўна, сачыў за чэмпіянатам свету ў кампаніі іншых народаў, пачуўшы беларускую мову, магчыма, натхніцца той ці іншай справай. У дзяцей, спадзяюся, нешта адкладзецца ў галаве, у падлеткаў. Карацей, будзем спадзявацца, што з Божай дапамогай вось гэтае семя, якое мы кідаем, актывізуе інтарэс нашага народа да нашай жа мовы. Бо я ўжо не раз казаў і цяпер скажу рэч даволі пафасную: "Мова - гэта душа народа". І насамрэч гэта праўда. Гэта адлюстроўвае толькі тое, што без моўнага асяроддзя дасканалай, суцэльнай нацыі, стопрацэнтнай нацыі проста не атрымаецца. Лішні раз у гэтым пераконваюся, калі выязджаю за мяжу, гляджу, як жывуць тыя ці іншыя людзі ў тым ці іншым асяроддзі, у той ці іншай краіне, і бачу, што мова для іх - гэта сродак яднання. Гэта дазваляе ім адчуваць сябе сапраўдны народам. А мы, беларусы, - мы суцэльная, натуральная, еўрапейская нацыя. І мы павінны застацца гэтай еўрапейскай нацыяй. А без мовы гэткай самадастатковай, еўрапейскай нацыяй мы не станем аніяк.


Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў "Нашага слова")

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Райчонак (Алег Р.) - дэрыват з фармантам -онак ад антрапоніма Райко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Райч-онак . ФП: раіць (даваць каму-небудзь параду, рэкамендаваць, як зрабіць што') - райко райка ) ('той, хто раіць') - Рай-ко (мянушка, потым прозвішча) - Райчонак . Прозвішча можа матывавацца і як 'дзіця жанчыны з імем Райка ( Раіна )' - Райч(к/ч)-онак .

Ракевіч (Мікалай Р.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Рак і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Рак-евіч . ФП: рак ('беспазваночная, пакрытая панцырам прэснаводная жывёліна класа ракападобных з вялікімі клюшнямі каля галавы і брушкам, якое звычайна называюць шыйкай') - Рак (мянушка, потым прозвішча) - Ракевіч .

Раманоўская (Яніна Р.) - дэрыват з фармантам -ская ад тапоніма Рам а нава з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Раманоў-ская.

Раманцоў (Зміцер Р.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Раманец і семантыкай 'нашчадак названай асобы' - Раманцоў . ФП: Раман (імя) - Раманец ('сын Рамана') - Ра-манцоў .

Раманцэвіч (Валянціна Р.) - форма бацькаймення з фармантам -эвіч ад антрапоніма Раманец з семантыкай 'нашчадак названнай асобы': Раманц-эвіч . ФП: Раман - Ра-манец - Раманцэвіч .

Раманчык (Надзея Р.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Раман і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Раман-чык . Прозвішча можа матывавацца і як былая памяншальна-ласкальная форма ад імя Раман (Раман-чык) .

Раманюк (Алег Р.) - дэ-рыват з суфіксам -юк ад антрапоніма Раман і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Раман-юк .

Рамко (Вольга Р.) - народна-гутарковая форма наймення ад імя Раман : Раманей-ка - Рамко . Або ад апелятыва рамка (памянш. да рама ).

Рамук (Андрэй Р.) - былая народна-гутарковая форма наймення ад імя Раман : Рам-ук .

Раткевіч ( Лілія Р.) - пазнейшая форма, першасная Радкевіч - дэрыват ад Радзько з фармантам -евіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Радк-евіч . ФП: радзіць - ра-дзько - Радзько - Радкевіч .

Рачко (Мікалай Р.) - адапелятыўны дэрыват ад ра-чок з менай формы мужчынскага роду на агульны з фінальным -ко : рачок - рачко (як чарток - Чартко ). ФП: рак (апелятыў, гл. Ракевіч ) - рачок (памянш. да рак ) - Рачок (мянушка) - Рачко .

Родзік (Анатоль Р.) - народна-гутарковае найменне ад імя Радзівон : Радзівонік - Родзік .

Розін (Дзмітры Р.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ін ад антрапоніма Роза (рас.) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Роз-ін .

Рубанік (Таццяна Р.) - дэрыват з фармантам -ік ад антрапоніма Рубан з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Рубан-ік (як і Данік , Ля-вонік ). ФП: Рубэн Рубен - АСБМ, 2010) - Рубэнік - Ру-банік.

Рудзенак (Алег Р.) - дэрыват з фармантам -енак ад антрапоніма Руды і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Рудз-енак .

Рудзіч (Алена Р.) - форма бацькаймення з фармантам -іч ад антрапоніма Руды з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Рудз-ік .

Рудніцкая (Яніна Р.) - дэрыват з фармантам -іцкая ад тапоніма Рудня і з семантыкай 'жыхар Рудні': Рудніцкая .

Рудовіч (Мікалай Р.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Руды і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Руд-овіч .

Руды (Яўген Р.) - семантычны дэрыват ад апелятыва руды 'ружа-карычневы'. Прозвішча нярэдка вымаўляецца з націскам на першым складзе (дзеля адмежавання ад апелятыва і як норма польскай мовы: Rudy .)

Рулевіч (Алена Р.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Руль і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Рул-евіч . ФП: руль ('прыстасаванне для кіравання') або руля (выхадная адтуліна канала ствала агнястрэльнай зброі, а таксама сам ствол') - Руль (Руля) - Рулевіч .

Русаў (Пятро Р.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Русы з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Рус-аў . ФП: русы ('светла-карычневы з шараватым ці жаўтаватым адценнем (пра валасы) ') - Русы (мянушка, потым прозвішча) - Русаў .

Русіновіч (Іван Р.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Русін з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Русін-овіч . ФП: русін , мн. русіны ('назва ўкраінцаў заходнеўкраінскіх земляў, якая мела найбольшае распаўсюджанне ў час іх знахождання пад аўстра-венгерскім гнётам') - Русін (мянушка, потым прозвішча) - Русіновіч .

Руткоўская (Аліна Р.) - дэрыват з фармантам -оўская ад тапоніма Руткі і семантыкай 'жыхарка (народзінка) названага паселішча': Рутк-оўская .

Рыжыцкі (Павел Р.) - дэрыват з фармантам -цкі (-скі) ад тапоніма Рыжыкі і семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Рыжыц (кс- ц)-кі .

Рынкевіч (Васіль Р.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Рынка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Рынк-евіч . Утваральнае слова ад апелятыва рынка 'скаварада': параўн. польск. rynka 'тыгель' (СБГПЗБП, т. 4, с. 326).

Рысявец (Раіса Р.) - дэрыват з суфіксам -ец ад тапоні-ма Рысева з семантыкай 'жыхар (народзіцец) названага паселішча': Рысев-ец - Рысявец .

Сабуць (Галіна С.) - дэрыват з фармантам -уць ад Саба - гутарковага асабовага наймення (каталіцк.) ад Севасцьян з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Саб-уць . Як: Клім - Клімуць, Іў - Івуць .

Савасцеева (Людміла С.) - форма прыметніка з фармантам -ева ад антрапоніма Севасцей і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Се-васцей-ева . ФП: Севасцьян (імя) - Севасцей - Севасцеева .

Севасцьянава (Ганна С.) - дэрыват з фармантам -ава ад Севасцьян : Севасцьян-ава .

С а вік (Мікола С.) - дэрыват з фармантам -ік ад антрапоніма С а ва і семантыкай 'нашчадак названай асобы': С а в-ік . ФП: Сава (імя, ад Савва ) - Савік .

Савіна (Анастасія С.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -іна ад антрапоніма Сава і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сав-іна .

Савіч (Іван С.) - форма бацькамення з фармантам -іч ад антрапоніма Сава і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сав-іч . Параўн. Кузьм-іч .

Савосценка (Ігар С.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Савосць і семантыкай 'нашчадак названай асо-бы': Савосц-енка . ФП: Савас-цьян (імя) - Савосць - Саво-сценка.

Сагановіч (Генадзь С., Ларыса С.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Саган і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Саган-овіч . ФП: саг а н ('чыгун, звычайна з ручкамі') - Саган (празванне, потым прозвішча) - Сагановіч . (Слоўнік белар. гаворак паўн.-зах. Беларусі і яе пагранічча. Том 4, с. 341).

Садаўнічы (Дзмітры С.) - дэрыват ад апелятыва са-даўнічы 'які мае адносіны да са-доўніка , належыць садоўніку'. ФП: сад - садоўнік - садоўнічы - Садаўнічы .

Сак (Міхаіл С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сак 'жаночая вопратка тыпу кароткага прасторнага паліто', а таксама 'рыбалоўная снасць у выглядзе сеткі, нацягнутай на абруч'. Прозвішча матывуецца таксама найменнем Сак народна-гутарковай формай (варыянтам) ад імя Ісак (Ісакій) .

Саковіч (Уладзімір С.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Сак і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сак-овіч .

Сакун (Алена С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сакун - утварэння з суфіксам -ун ад сакаць 'вымаўляць сегмент слова -ся як -са ': мыўса 'мыўся'. ФП: сакаць - сакун ('той, хто сакае') - Сакун (мянушка) - Сакун .

Салдаценка (Іван С.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Салдат і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Салдац-енка . ФП: салдат ('радавы вайсковец сухаземнага войска'; 'вайсковец навогул'; перан. 'ідэйна загартаваны змаганец пэўнага руху, суполкі') - Салдат (празванне) - Салдат - Салдаценка.

Самайлюк (Тамара С.) - дэрыват з фармантам -юк (-ук) ад антрапоніма Самойла і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Самайл-юк . ФП: Са-муіл (імя) - Самуйла - Самойла - Самайлюк .

Самасюк (Аляксандр С.) - дэрыват з фармантам -юк ад антрапоніма Самось і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Самас-юк - Самасюк . ФП: Самуіл (імя) - Самось - Са-масюк.

Сапелка (Павел С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сап е лка 'матыка' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова (2012, с. 894).

Саракавік (Анатоль С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва саракавікі 'рэлігійнае свята, якое адзначаецца 9 сакавіка ст.ст.' (Слоўнік белар. гаворак паўн.-зах. Беларусі і яе пагранічча, т. 4, с. 366 - 367).

Сарока (Андрэй С.) - семантычны дэрыват ад апе-лятыва сарока 'птушка сямейства крумкачовых з доўгім хвастом і чорным з белым апярэннем' і перан. 'Пра балбатлівага шумнага чалавека'.

Сарокін (Арцём С.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Сарока і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сарок-ін .

Саўко (Марыя С.) - зыначаная форма, першасная Саўка - народна-гутарковае найменне ад імя Сава (< Савва ): Сава - Саўка .

Саўчанка (Марыя С.) - дэрыват з фармантам -анка ад антрапоніма Саўка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Саўч-анка . ФП: Сава (імя) - Саўка - Саўчанка .

Сахута (Яўген С.) - форма народна-гутарковага наймення ад імя Сафоний : Сахон, Сахно, Сахута (М. Бірыла).

Свістун (Сяргей С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва свістун 'той, хто свішча, любіць свістаць', а таксама (перан.) 'балтун - чалавек, які шмат гаворыць, але мала робіць, несур'ёзна адносіцца да справы'. ФП: свістаць - свістун - Свістун .

Свяколкін (Антон С.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Свяколка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Свяколк-ін . ФП: свякла ('буракі; рас. свекла ) - свяколка (пам. -ласк. да свякла ) - Свяколка (мянушка, потым прозвішча) - Свяколкін .

Святоха (Генадзь С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва свят о ха - ўтварэння ад святы - свят-оха . Паводле структуры дэрыват святоха мае значэнне 'рупллівец святочнасці' (параўн. чысцёха 'адданы чысціні'). ФП: свята ( святкаваць ) - святоха (апелятыў) - Святоха (мянушка) - Святоха .

Семкіна (Зінаіда С.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -іна ад антрапоніма Семка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Семк-іна . ФП: Симеон (імя) - Семен - Семка Сёмка ) - Сем-кіна .

Семяненка (Максім С.) - дэрыват з фармантам - енка ад антропоніма Сямён і семантыкай 'нашчадак названай асобы: Семян-енка (< Семё-ненка ).

Семянчук (Валер С.) - дэрыват з суфіксам -чук ад антрапоніма Сямён (Семян) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Семян-чук .

Сенькавец (Ганна С., Уладзімір С.) - дэрыват з суфіксам -ец ад тапоніма Сенька-ва і семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Сенькав-ец .

Серада (Алеся С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва серада 'трэці (пасля нядзелі) дзень тыдня'.

Скідан (Аляксандр С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва скідан 'дачасна народжанае цяля' (СБГПЗБП, т. 4, с. 448).

Скуратовіч (Аркадзь С.) - форма бацькаймення з фарматам -овіч ад антрапоніма Скурат і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Скурат-овіч . ФП: скурат ('кавалак скуры') - Скурат (мянушка, потым прозвішча) - Скуратовіч .

Сідаровіч (Ала С.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Сідар і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сідар-овіч . ФП: Сідар (імя) - Сідараў (сын) - Сідаровіч .

Сідарэвіч (Святлана С.) - дэрыват з фармантам -эвіч ад Сідар : Сідар-эвіч .

Сідарэнка (Сяргей С.) - дэрыват з фармантам -энка ад антрапоніма Сідар і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сідар-энка .

Сівіцкі (Уладзімір С.) - мажлівы дэрыват з фармантам -цкі (-скі) ад тапоніма Сівікі і семантыкай 'жыхар названага паселішча': Сівіц-кі (Сівік-скі) . Або ўтварэнне з фармантам шляхетнасці -іцкі ад антрапоміна Сівы , што ад апелятыва сівы 'белы, серабрысты, які страціў афарбоўку' (пра валасы) або 'з белымі валасамі, пасівелы'.

Сівук (Кацярына С.) - дэрыват з суфіксам -ук ад антрапоніма Сівы і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сів-ук . ФП: сівы (апелятыў) - Сівы (мянушка, потым прозвішча) - Сівук .

(Працяг у наступным нумары.)

Павел Сцяцко


Святая Ефрасіння, заступіся за Ліду, дапамажы нашаму гораду застацца беларускім! Пяты Ефрасіннеўскі крыж у Лідзе

8 і 9 ліпеня ў Лідзе з арцыпастарскім візітам знаходзіўся Мітрапаліт Менскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усёй Беларусі Павел.

Праграма візіту была вельмі насычаная: набажэнствы ў храмах, сустрэчы з вернікамі, наведванні розных свецкіх устаноў і вайсковых частак. Мітрапаліт быў у Лідзе першы раз і таму хацеў усё пабачыць, а тут яму хацелі ўсё паказаць.

8 ліпеня для Ліды дзень асаблівы - у гэты дзень горад быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а сёлета споўнілася якраз 70 гадоў з дня вызваленя.

У сувязі з 70-годдзем на праваслаўных могілках каля завода "Лідсельмаш" з ініцыятывы Лідскага дабрачыння была пабудавана Георгіеўская капліца, якую і асвяціў мітрапаліт Павел пры вялікім зборы светароў і свецкага люду.

9 ліпеня адбыўся візіт мітрапаліта ў царкву Св. Аляксандра Неўскага ў Новым Паўднёвым гарадку, дзе быў асвечаны новы паклонны крыж.

Гэтая такая звычайная падзея, як асвячэнне паклоннага крыжа, для Ліды мае важнасць надзвычайную. Крыж выкананы ў форме Крыжа Святой Ефрасінні Полацкай - Нябеснай заступніцы Беларусі, і гэта ўжо пяты Ефрасіннеўскі крыж у Лідзе (адзін на ўездзе з Менска, адзін на ўездзе з Гародні, адзін на капліцы па вул. Камуністычнай, адзін ля ўніяцкага дома па вул. Каліноўскага). Цяпер яшчэ і па вул. Лётнай. Гэта ў Лідзе. За горадам адзін такі крыж стаіць паміж Мохавічамі і Малым Ольжавым. Быў яшчэ адзін у Беліцы, але ён знесены, і ўжо 12 год стаіць задача яго аднаўлення.

Кожным такім крыжам Ліда просіць Святую Ефрасінню заступіцца за горад, не даць скаціцца следам за ўсёй краінай у балота русіфікацыі. Бо сёння толькі нябеснае заступніцтва можа ўратаваць Беларусь, самі беларусы ратаваць сябе не хочуць.

Яраслаў Грынкевіч.


Сустрэча з Нілам Гілевічам

9 ліпеня кіраўніцтва ТБМ наведала заснавальніка і першага старшыню Таварыства беларускай мовы, народнага паэта Ніла Гілевіча.

Ніл Сымонавіч атрымаў інфармацыю аб святкаванні 25-х угодкаў ТБМ і перадаў свае зычэнні ўсім сябрам і прыхільнікам роднага слова.

Наш кар. На здымку: Тацяна Навасельская, Ніл Гілевіч, Алена Анісім, Алег Трусаў.


"НЁМАНСКІ ФРОНТ"

Прэзентацыя ў Лідзе

8 ліпеня выдавецкая ініцыятыва "Гарадзенская бібліятэка" презентавала ў Лідзе кнігу "Нёманскі фронт". У ёй распавядаецца пра жахлівыя 10 дзён баёў за Гародню паміж Чырвонай Арміяй і войскамі Вермахту ў ліпені 1944 года. Аўтар кнігі, даследчык ваеннай гісторыі з Гародні Дзмітрый Люцік распавёў прысутным, як і кім вызвалялася Ліда і Гародня ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў 70 гадоў таму. Па яго словах, падчас падрыхтоўкі кнігі асабліва яго зацікавіў нямецкі бок таго супрацьстаяння.

Аўтар, крок за крокам, дзень за днём раскрывае планы і дзеянні савецкіх і нямецкіх войскаў у баях за Гародню 12-25 ліпеня 1944 года. У аснову кнігі ляглі звесткі з нямецкіх даследванняў, расійскіх архіваў, успаміны ўдзельнікаў і жыхароў горада, дзённікі баявых дзеянняў, аператыўныя дакументы, справаздачы, данясенні. Кніга будзе цікавая тым, хто цікавіцца гісторыяй войнаў.

Дзмітрый Люцік кажа:

- Як гарадзенцу мне было цікава напісаць пра тыя падзеі, пра якія я сам дакладна вельмі добра не ведаў. Ведаў толькі па тых кнігах, па тых успамінах, якія можна было знайсці ў бібліятэках. Але мяне гэта не задавальняла. І самае галоўнае, я спрабаваў запоўніць прагалы ў сваіх ведах, у першую чаргу я збіраў матэрыял для сябе. Гэта як раз другі бок падчас баявых дзеянняў - гэта немцы.

Прэзентацыя кнігі "Нёманскі фронт" адбылася ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы і была прымеркаваная да 70-годдзя вызвалення Ліды ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, якое адзначаецца акурат 8 ліпеня.

Наш кар.

Люцік Дзмітрый нарадзіўся ў 1981 годзе ў Гародні. Займаецца вайсковай гісторыяй XX стагоддзя. Аўтар даведніка "Сто лет одиночества. Неизвестная крепость Российской империи. Путеводитель по фортам крепости Гродно" (2011), адзін з аўтараў кнігі "Скідзель. 500 год у гісторыі" (2008), шэрагу артыкулаў, прысвечаных войнам і вайсковым канфліктам на Гарадзеншчыне. Скончыў гістарычны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.


Памерла Валянціна Зімніцкая

11 ліпеня не стала Валянціны Зімніцкай , жонкі палітыка Юрыя Хадыкі, маці журналіста Аляксея Хадыкі.

Валянціна Зімніцкая брала ўдзел у грамадскай дзейнасці. Яна ратавала Сяргея Каваленку і ахвяравала на дзейнасць ТБМ, была актыўным сябрам Таварыства. Бараніла мужа ў турме і выходзіла на талаку ў Курапатах.

Апошнім часам Валянціна Зімніцкая цяжка хварэла.

Сакратарыят ТБМ выказвае шчырае спачуванне родным і блізкім В. Зімніцкай.

Няхай родная зямелька будзе ёй не цяжкай.


Беларусбанк і беларуская мова

Старшыні Праўлення

ААТ "ААБ Беларусбанк"

С.П. Пісарыку.

пр-кт Дзяржынскага, 18,

г. Мінск, 220089

Паважаны Сяргей Паўлавіч!

У нашу арганізацыю паступаюць скаргі ад грамадзян Беларусі на тое, што ў некаторых аддзяленнях Вашага банка адмаўляюцца абслугоўваць кліентаў, якія карыстаюцца дзяржаўнай беларускай мовай. Інфармацыя пра гэтыя факты з'яўляецца і ў беларускіх СМІ (Напрыклад, газета "Новы час" ад 16 мая 2014 г., № 19, с.2, Навіны рэгіёнаў). Пры гэтым супрацоўнікі Вашага банка спасылаюцца на тое, што ў іх камп'ютарах адсутнічае беларускі шрыфт. Гэтыя дзеянні пярэчаць дзейнай Канстытуцыі і рэферэндуму 1995 года, дзе гаворыцца аб поўнай роўнасці дзвюх дзяржаўных моў на тэрыторыі Беларусі.

У сувязі з вышэйсказаным, просім Вас забяспечыць камп'ютарную сістэму Вашага банка і яго філіялаў беларускім шрыфтам, а таксама арганізаваць пры неабходнасці для Вашых супрацоўнікаў курсы па вывучэнні дзяржаўнай беларускай мовы. Гэтыя дзеянні будуць цалкам адпавядаць наступнаму выказванню Кіраўніка нашай дзяржавы: "Беларуская мова з'яўляецца найважнейшым нацыянальным культурным здабыткам".

З павагай,

Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.



Старшыні

грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13

220034, г. Мінск

Аб разглядзе звароту

Паважаны Алег Анатольевіч!

ААТ "ААБ Беларусбанк" разгледзела Ваш зварот, а таксама публікацыю ў газеце "Новы час" па пытанні выкарыстання пры здзяйсненні банкаўскіх аперацый беларускай мовы.

Прыём плацяжоў, аб якім ідзе гаворка ў названым Вамі артыкуле, ААТ "ААБ Беларусбанк" ажыццяўляе, як і ўсе банкі, з выкарыстаннем сістэмы адзінай разліковай інфармацыйнай прасторы (АРІП).

Для забеспячэння афармлення квітанцый пры прыёме плацяжоў на беларускай мове неабходна вырашэнне гэтага пытання Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь і ўдзельнікамі сістэмы АРІП (пастаўшчыкамі паслуг і банкамі).

Разам з тым узнятае Вамі пытанне заслугоўвае ўвагі, у сувязі з чым у ААТ "ААБ Беларусбанк" у цяперашні час працягваецца праца па перакладзе на беларускую мову заключаемых з грамадзянамі дагавораў па рознічных банкаўскіх паслугах (уклады, крэдыты, банкаўскія плацёжныя карткі) і вырашаецца пытанне аб арганізацыі працы па заключэнні вышэйназваных дагавораў у індывідуальным парадку на беларускай мове ва ўсіх падраздзяленнях банка ў адпаведнасці з пералікам здзяйсняемых аперацый.

Намеснік

Старшыні Праўлення Т.Л. Міхайлоўская.


У ліпені сядзіба ТБМ працуе з панядзелка па чацвер з 16.00 да 18.00


Мястэчкаў пакуль не будзе

Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

копія: Адміністрацыя Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

Пра катэгорыю сельскіх

населеных пунктаў

Паважаны Алег Анатольевіч!

У дапаўненне да пісьма Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь ад 21 лютага 2014 г. № 5-5/30-ЮЛ паведамляем, што членамі Тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (далей - Тапанімічная камісія) на чарговым пасяджэнні (пратакол № 4 ад 30 мая 2014 г.) была разгледжана прапанова грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" змяніць назву катэгорыі сельскіх населеных пунктаў "аграгарадок" на "мястэчка".

Пры абмеркаванні прапановы члены Тапанімічнай камісіі ўлічвалі: гістарычную састаўляючую назвы "мястэчка"; колькасць аграгарадкоў (сёння на тэрыторыі рэспублікі іх налічваецца болын за 1400); вялікія фінансава-эканамічныя выдаткі, якія патрабуюцца пры змяненні назвы катэгорыі.

Тапанімічная камісія вырашыла, што ўнясенне змяненняў у сучаснае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўпарадкаванне Рэспублікі Беларус немэтазгодна, і рэкамендуе грамадскім арганізацыям і аб'яднанням пры вынясенні на разгляд падобных прапаноў праводзіць падрабязнае даследаванне пытання, у тым ліку выносіць яго на грамадскае абмеркаванне, прадстаўляць фінансава-эканамічнае абгрунтаванне.

Старшыня Тапанімічнай камісіі Г.І. Кузняцоў.


Прэзентацыя кнігі Леаніда Лаўрэша ў Гародні

8 ліпеня лідскі даследчык Леанід Лаўрэш прадставіў гарадзенцам сваю новую кнігу "Ліда ўчора і сёння: гісторыя горада ў выявах" у гарадзенскай галерэі "Крыга". Кніга напісана ў стылі гістарычных нарысаў з выкарыстаннем вялікай колькасці літаратуры.

Пра кнігу Беларускаму Радыё Рацыя распавядае Леанід Лаўрэш:

- Кніга напісана пра Ліду для яе жыхароў і тых, хто цікавіцца горадам. Цікавяцца, якім быў наш горад, яго гісторыяй і нават сучаснасцю, бо ў канцы кнігі шмат каляровых здымкаў сучаснай Ліды. У нейкай ступені кніга з'яўляецца перавыданнем самага першага выдання 2001 года, тая кніга называлася "Ліда на старых малюнках".

Выданне - гэта спалучэнне гістарычных тэкстаў з выявамі горада з канца XVIII стагоддзя да нашага часу. А на сустрэчу з аўтарам прыйшлі гарадзенскія гісторыкі і краязнаўцы, а таксама і былыя лідзяне, а цяпер жыхары Гародні.

Наш кар.


Невядомыя шэдэўры мастацтва Беларусі

Цягам чатырох месяцаў у Менску дзейнічала ўнікальная выстава "Дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва". На ёй былі прадстаўлены каля 500 твораў жывапісу, скульптуры, іканаграфіі, якія адносяцца да розных перыядаў гісторыі мастацтва.

Выстава была падрыхтавана з удзелам 15-ці даследчыкаў і навуковых супрацоўнікаў. Экспазіцыя была арганізавана Міністэрствам культуры і Нацыянальным мастацкім музеем сумесна з ААТ "Белгазпрамбанк". Падрыхтоўка да выставы доўжылася 9 месяцаў. Важнае значэнне для мастацтвазнаўства мае тое, што была прадстаўлена перыядызацыя твораў з каментарамі кожнай эпохі, перададзена храналогія дзейнасці мастацкіх плыняў і школ ( Акадэмій, курсаў, вучылішчаў і інстытута).

Знаёмства з выставаў нагадвала падарожжа па кнізе Ўладзіміра Арлова " Краіна Беларусь. Вялікае Княства". Найбольш радасныя адкрыцці чакалі ў зале Візантыйскага мастацтва. Візантыйская дзяржава была жывой крыніцай хрысціянскага мастацтва на працягу 1000 гадоў. Адначасова ў еўрапейскіх дзяржавах нараджаліся нацыянальныя кірункі і ўплывы ў іканаграфіі, скульптуры і архітэктуры.

У зале старажытнага візантыйскага мастацтва прадстаўлены абразы невядомых беларускіх майстроў XVII-XVIII стагоддзя. Прыцягвае цеплынёй і энергетыкай абраз "Маці Божая. Замілаванне" (1656 г.) Сярод экспанатаў можна было ўбачыць богаслужэбныя прадметы: рэлікварый ( ліццё з металу, 18 стаг.), срэбны напрастольны крыж ( 1625 г.), пацір (ліццё з металу), а таксама вазы, дэкаратыўную кафлю. На адзін дзень на выставу была прывезена копія Крыжа Ефрасінні Полацкай са Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра.

З іншых музеяў патрапілі ў Менск драўляныя скульптуры святога Мікалая, св. Антонія, св. Кінгі. Кожная з фігур вырэзана з цэльнага ствала дрэва. У постацях адчуваецца асаблівая спагадлівасць да чалавека. Вельмі кранулі наведвальнікаў выявы трох свяціцеляў: Васілія Вялікага, Грыгорыя Багаслова, Іаанна Златавуста, напісаныя бліжэй да рэалістычнай манеры ў светлых колерах. Выдатна захаваліся выявы на дошках св. апосталаў Паўла, Андрэя, Іаанна і Іакава (17-19 стагоддзе). Імёны іх аўтараў не захаваліся.

Адзін з незвычайных экспанатаў выставы - саламяныя Царскія вароты (XVIII - нач. XIX ст). У свой час яны ўпрыгожвалі іканастас ў праваслаўных і ўніяцкіх храмах. Царскія вароты выраблялі з дрэва, упрыгожвалі каштоўнымі камянямі, але ў XVII ст. майстры замянілі драўляную пазалоту варотаў кружаўным пляценнем з саломкі , а замест каштоўных камянёў пачалі выкарыстоўваць кавалачкі тканіны. Зараз вядомы ўсяго тры ўзоры Царскіх варотаў з саломкі. Яны знаходзяцца ў беларускіх музеях. Аналагаў унікальнаму помніку няма нідзе ў свеце.

Полацкая мастацкая школа сфармавалася ў межах адукацыі езуітаў. У 1579 годзе быў адчынены Полацкі калегіюм. Пры езуіцкіх і дамініканскіх кляштарах ствараліся партрэтныя галерэі. У 1785 годзе ў Полацк прыехаў матэматык, філосаф, медык Габрыэль Грубэр. Ён стварыў належную базу для грунтоўнай мастацкай адукацыі. З часам калегіюм быў рэфармаваны ў Акадэмію езуітаў, дзе стала магчымым удасканальваць жывапісную тэхніку. У Полацкай Акадэміі езуітаў атрымліваў адукацыю менскі мастак Валенці Ваньковіч.

Полацкая школа развівалася паралельна з Віленскай і прайшла праз стылі барока (С. Чаховіч), класіцызм (Г. Грубэр, Ф. Талстой), рамантызм і бідэрмеер (В. Ваньковіч, І. Хруцкі, К. Бароўскі, Т. Быкоўскі).

У 1820-тым полацкая езуіцкая Акадэмія была зачынена, а здольныя жывапісцы накіроўваліся на вучобу ў Санкт-Пецярбург, Маскву, Мюнхен, Парыж. З твораў гэтага перыяду прадстаўлены нацюрморты і партрэты Івана Хруцкага (1851), Іпаліта Гараўскага (1863), Вітольда Бялыніцкага-Бірулі (1860). Экспазіцыю дапоўнілі творы габрэйскіх мастакоў Ізраіля Крупене (1862) і Майсея-Меера Сляпяна.

З выхадцаў мастацкай школы Мюнхена ў гісторыі засталіся З. Ленскі і Р. Генін. Захаваўся партрэт Маці Зянона Ленскага - Сабіны Ленскай (1890 г.). Віленская рысавальная школа Івана Трутнева дзейнічала з 1866 па 1915 год. У ёй студыявалі ўраджэнцы беларускай зямлі Станіслаў Дамброўскі, Язэп Драздовіч, Ісаак Іцкінд, чые творы дэманстраваліся на выставе.

Бліжэй да нашых часоў, Віцебская школа Юдэля Пэна дзейнічала з 1897 года. Выпускнік Санкт-Пецярбускай акадэміі за 40 гадоў дзейнасці школы ўзгадаваў больш за 100 прызнаных мастакоў. Сярод іх былі Абэль Пан, Эль Лісіцкі, Саламон Юдовін, Восіп Цадкін і Заір Азгур. У той жа перыяд, з 1904 года існавала Менская школа жывапісу Якава Кругера. З яе выхаванцаў адметнымі былі Вячаслаў Руцай і Міхаіл Станюта.

У другой частцы вялікага праекту "Дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва", на другім паверсе музея дэманстраваліся творы жывапісцаў і скульптараў ХХ-ХХI стагоддзя. Тут можна было пазнаёміцца з дзейнасцю ўдзельнікаў мастацкіх эксперыментаў у 20-30 гады. У 1919 годзе Марк Шагал быў абраны ўпаўнаважаным па справах мастацтва ў Віцебскай губерні. Віцебская эксперыментальная школа, якая прыцягвала мастакоў-авангардыстаў, дзейнічала з 1919 па 1923 год. У гэты перыяд у горад прыехаў заснавальнік супрэматызму Казімір Малевіч. Ім і яго паслядоўнікамі было створана аб'яднанне "Уновіс" ("Заснавальнікі новага мастацтва").

На выставе таксама ўзгадваюцца выкладчыкі і выпускнікі Віцебскага мастацкага тэхнікума (1923-1941). А сярод іх В. Волкаў, І. Ахрэмчык, Р. Кудрэвіч, П. Масленнікаў - мастакі-баталісты, пейзажысты, тэатральныя дэкаратары.

У 1945 годзе быў адчынены Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут у Менску, а ў 1953 годзе пачало дзейнасць яго мастацкае аддзяленне, што паспрыяла раскрыццю талентаў. У экспазіцыі пачэснае месца занялі творы яго выкладчыкаў: Міхаіла Савіцкага, Мая Данцыга, Георгія Паплаўскага, Гаўрыіла Вашчанкі. Прыемна было пазнаёміцца з малавядомымі творамі Васіля Цвіркі, Паўла Масленнікава, Аляксандра Кішчанкі, Анатоля Бараноўскага.

Кірунак гістарычнага рамантызму з 90-тых гадоў ХХ стагоддзя да сёняшняга часу прадставілі творы Міколы Селішчука, Фелікса Янушкевіча, працы Віктара Альшэўскага. Выклікае цікавасць карціна Фелікса Янушкевіча "Янка Купала і Браніслаў Тарашкевіч", Уладзіміра Тоўсціка - "Памяці Ул. Караткевіча", скульптурны партрэт Валенція Ваньковіча ў выкананні Ўладзіміра Слабодчыкава, твор Рыгора Сітніцы " Формула мінуўшчыны".

Некаторыя экспанаты дэманстраваліся шырокай публіцы ўпершыню. Адметнасцю падбору твораў стала перавага палотнаў гістарычнага характару, партрэтаў, пейзажаў, інсталяцый над распаўсюджанымі раней карцінамі метаду сацыялістычнага рэалізму.

Стылёвая разнастайнасць, багаты жанравы рэпертуар твораў узбагацілі наведвальнікаў новымі ведамі і станоўчымі эмоцыямі. У экспазіцыю ўвайшлі ўнікальныя палотны выдатных беларускіх мастакоў, якія атрымалі сусветнае прызнанне, чые работы зусім нядаўна ўдалося вярнуць на радзіму.

Каментуючы выставу "Дзесяць стагоддзяў беларускага мастацтва" генеральны дырэктар нацыянальнага мастацкага музея Ўладзімір Пракапцоў адзначыў, что культуралагічнай падзеі такога ўзроўню на Беларусі не было дзесяць вякоў.

Э. Дзвінская. На здымках: 1. Выявы св. апосталаў Паўла, Іакава. Невядомы мастак, 18 стагоддзе 2. Святая Кінга, святы Антоній, 18 стагоддзе, разьба, невядомы майстар. 3. Тры святары. Невядомы мастак. 4. Партрэт жанчыны ў чорнай сукенцы. 19 стагоддзя. Невядомы мастак. 5. Валенцій Ваньковіч. Партрэт Томаша Зана.


Завяршыць рэстаўрацыю Мсціслаўскага кармеліцкага касцёла

Прэм'ер-міністру Рэспублікі Беларусь,

Спадару М.У. Мясніковічу

220010, г. Мінск,

вул. Савецкая, 11,

Дом Ураду

Аб уключэнні Мсціслаўскага кармеліцкага

касцёла ў спіс помнікаў гісторыі і культуры,

рэстаўрацыя якіх фінансуецца з рэспубліканскага бюджэту



Паважаны Міхаіл Уладзіміравіч!

Хачу звярнуць Вашую ўвагу на лёс унікальнага помніка беларускага дойлідства ХVІІ-ХVІІІ ст. - былога кармеліцкага касцёла ў г. Мсціславе. Дарэчы, гэтае пытанне нядаўна падняла на сваіх старонках газета "Звязда" 13 мая 2014 г.

Яшчэ ў 1968-1969 гг. гэты помнік быў уключаны ў спіс помнікаў, дзе рэстаўрацыя фінансавалася з рэспубліканскага бюджэту. Кіраваў рэстаўрацыяй вядомы беларускі рэстаўратар Валерый Слюнчанка. У савецкі час было шмат зроблена. Будынак атрымаў новы дах, устаўлены рамы вельмі складанай канструкцыі ў вялікія вокны касцёла, зроблена цалкам рэстаўрацыя інтэр'ераў бакавой капліцы, дзе зараз ідуць набажэнствы.

Але зараз Міністэрства культуры па невядомых прычынах рэгулярна выключае гэты ўнікальны помнік з вышэй згаданага спісу.

У сувязі з гэтым просім Вас пры нагодзе наведаць г. Мсціслаў і непасрэдна азнаёміцца з гэтым помнікам культуры і гісторыі і ўключыць яго ў 2015 годзе ў спіс аб'ектаў рэспубліканскага фінансавання.

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Франціска Скарыны"

Аб фінансаванні рэканструкцыі і рэстаўрацыі Ўспенскага касцёла ў г. Мсціславе

У мэтах выканання даручэння Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 мая 2014 г. №05/535-69 Міністэрства культуры сумесна з Міністэрствам эканомікі ў межах сваёй кампетэнцыі разгледзела зварот Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" і паведамляе наступнае.

Дзяржаўнай праграмай "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады ў пераліку мерапрыемстваў запланаваны работы па рэканструкцыі і рэстаўрацыі Ўспенскага касцёла ў г. Мсціславе (далей - Успенскі касцёл) у межах сродкаў, прадугледжаных Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай. Праектна-каштарысная дакументацыя па названым аб'екце да гэтага часу не распрацавана.


Даведка.

Фарміраванне Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы (далей - Праграма) ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Палажэннем аб парадку фарміравання, зацвярджэння Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы і справаздачнасці аб яе выкананні (Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 5 мая 2006 г. № 299).

У адпаведнасці з артыкуламі 44-45 Бюджэтнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за кошт сродкаў бюджэту ажыццяўляецца фінансаванне забеспячэння захаванасці гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца ва ўласнасці Рэспублікі Беларусь і ўласнасці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь, а таксама доступу да іх, у частцы капітальных выдаткаў.

Успенскі касцёл знаходзіцца ва ўласнасці рэлігійнай арганізацыі.

Штогод Законам Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім бюджэце ўстанаўліваецца норма аб выдзяленні грамадскім аб'яднанням сродкаў рэспубліканскага бюджэту па рашэнні Кіраўніка дзяржавы.

Сродкі рэспубліканскага бюджэту ў цяперашні час сканцэнтраваны на рэальных да ўводу ў эксплуатацыю ў 2014 годзе сацыяльна значных аб'ектах, якія пераходзяць з высокай ступенню будаўнічай гатоўнасці для ўводу іх у эксплуатацыю ў наступныя гады.

З улікам выказанага, лічым мэтазгодным ажыццявіць распрацоўку праектна-каштарыснай дакументацыі аб'екта за кошт уласных сродкаў касцёла або прыцягнення сродкаў інвестараў. Пасля чаго ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку звярнуцца да Кіраўніка дзяржавы з просьбай аб аказанні падтрымкі за кошт сродкаў бюджэту для рэканструкцыі і рэстаўрацыі Успенскага касцёла.

Намеснік Міністра А.А. Яцко.


І паўстала "Спадчына". Дыярыуш.

Такі загаловак мае кніга менскага грамадскага культурна-асветніцкага клуба "Спадчына", прэзентацыя якой адбылася 26 чэрвеня 2014 года. Кніга мае 512 старонак, аб'ём - каля 30 умоўна-друкарскіх аркушаў. У кнізе змешчана "Хроніка асноўных падзей менскага грамадскага культурна-асветніцкага клуба "Спадчына", "Аўтабіяграфіі, творчыя партрэты сяброў клуба", "Прысвячэнні "Спадчыне" (вершы, прывітальныя словы), "Узнагароды "Спадчыны" (Камітэтам Ушанавання клуба, сяброў і іншых выбітных асобаў Беларусі, грамадская дзейнасць якіх на ніве служэння Бацькаўшчыне спрыяе нацыянальнаму адраджэнню Беларусі-Літвы.

"Хроніка асноўных падзей" пачынаецца з сакавіка 1984 года - года заснавання клуба - і заканчваецца датай пахавання старшыні клуба "Спадчына" Анатоля Белага (17 лістапада 2011 года) на яго радзіме, на гарадскіх могілках горада Старыя Дарогі.

На прэзентацыі выступілі героі кнігі - спадчынцы: Яўген Гучок, Ала Белая, Аляксей Будзянок, Анатоль Валахановіч, Ілля Копыл, Пятро Русаў, Мікола Савіцкі, Надзея Сармант, Сяргей Сармант, Ала Саскавец, Уладзімір Ліпскі і іншыя.

Цікавы раздзел "Узнагароды "Спадчыны". У ім пералічаны ўсе ўзнагароды клуба "Спадчына", якімі былі ўганараваныя сябры клуба і многія іншыя: ордэн "Гонар Айчыны", імянны срэбны пярсцёнак, медаль "Пагоня", ушанаванне асобы алейным або графічным партрэтам, медаль імя Уладзіслава Галубка, медаль з выяваю герба "Пагоня", медаль імя Льва Сапегі, медаль імя Браніслава Тарашкевіча, медаль імя Ларысы Геніюш, медаль імя Мітрафана Доўнар-Запольскага, медаль імя Язэпа Лёсіка, медаль імя Міколы Шчакаціхіна, медаль імя Рыгора Шырмы, медаль імя Анатоля Бярозкі, Кубак "Спадчыны", партрэт Ларысы Геніюш, медаль імя Кастуся Каліноўскага, медаль імя Канстанціна Астрожскага, медаль імя братоў Івана і Антона Луцкевічаў, медаль імя Івана Луцкевіча, медаль імя ксендза Вінцука Гадлеўскага, медаль імя Аркадзя Смоліча, медаль фонда часопісаў "Полацак", "Дзівасіл", медаль імя Міхася Забэйды-Суміцкага, крыж Еўфрасінні Полацкай за дабрачыннасць, медаль імя Аляксандра Уласава, медаль імя Цёткі "Кветка Беларусі", медаль імя Міколы Ермаловіча, медаль імя Васіля Быкава, медаль імя Васіля Быкава "За праўду ў творчасці", асабістыя фарбы і пэндзаль Вялікага Беларуса Васіля Быкава, медаль імя Барыса Кіта "За дасягненні ў асветніцтве і навуцы", медаль "Абаронцу пакутнікаў Беларусі", імянны крыштальны юбілейны кубак "25 год. Клуб "Спадчына", медаль імя Францішка Багушэвіча.

Сябры клуба "Спадчына" гэтымі рознымі ўзнагародамі ганараваны па некалькі разоў. Усяго было праведзена ганараваньняў па ўсіх намінацыях 328, у тым ліку і замежных сяброў - з Канады, ЗША, Германіі, Польшчы, РФ, Украіны, Чэхіі, Літвы, Латвіі і іншых краін сьвету.

Гэтая шматдакументальная, вялікая кніга мае ўнікальную каштоўнасць: па ёй можна зверыць поступ клуба "Спадчына" ад 1984 да 2011 года. Працяг кнігі будуць дапісваць ужо маладыя сябры клуба пад кіраўніцтвам старэйшых "аксакалаў" - сяброў клуба "Спадчына".

Кніга прысвечана светлай памяці Анатоля Яўхімавіча Белага - старшыні менскага грамадскага культурна-асветніцкага клуба "Спадчына", нястомнага і самаахвярнага аратая і сейбіта на ніве Беларушчыны дзеля Адраджэння Беларусі-Літвы - вольнай, свабоднай, незалежнай. Гэтаму служэнню ён аддаў ўсё сваё свядомае жыццё.

У артыкуле "Я веру ў наша трэцяе Адраджэнне" Анатоль Белы пісаў, быццам даваў нам запавет: " … усім нам трэба па меры сваіх магчымасцяў і здольнасьцяў не толькі набліжаць, але і мэтанакіравана ўдзельнічаць у тым працэсе, які некалі ўвойдзе ў сусветную гісторыю пад назвай "Трэцяя эпоха нацыянальнага Адраджэння Беларусі". Удзельнічаць, каб не застацца на ўзбочыне гэтай лёсавызначальнай для беларускай нацыі падзеі.

Кожнаму з нас неабходна быць актыўным удзельнікам Адраджэння, бо жыццё сведчыць аб непарыўнай узаемасувязі сэнсу жыцця асобнага чалавека з сэнсам існавання цэлага народа!"

Над кнігаю працавалі рэдактары Яўген Гучок, Надзея Сармант, кампутарны набор ажыццявіла Надзея Сармант. Адказным за выпуск гэтай кнігі стаў вядомы выдавец Беларусі Віктар Хурсік.

Анатоль Валахановіч, гісторык, журналіст, пісьменнік, краязнавец, культуролаг, ганаровы сябар Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі.


Скрыжалі "Спадчыны", альманах.

Выпуск 6, 2014.

Пасля працяглага перапынку (апошні, № 5, альманаха выйшаў у 2007 годзе) у ліпені 2014 года пабачыў свет шосты нумар альманаха. Затрымка ў выданні шостага нумара альманаха была выклікана аб'ектыўнымі прычынамі. У альманаху захавалася пераемнасць: засталіся раздзелы - публіцыстыка, проза, паэзія, гісторыя і краязнаўства. У шостым нумары дабаўлены раздзел "Спіс артыкулаў пяці папярэдніх нумароў альманаха". Альманах "Скрыжалі "Спадчыны" заснаваны ў 1994 годзе старшынём менскага грамадскага культурна-асветніцкага клуба "Спадчына" самаахвярным, нястомным і самаадданым дзеячам на ніве Беларушчыны і Адраджэння Беларусі-Літвы - вольнай, свабоднай і незалежнай - Анатоля Белага.

У шостым выпуску альманаха надрукавана шмат цікавых матэрыялаў. Ён адкрываецца артыкулам Анатоля Белага "Я веру ў наша трэцяе Адраджэнне". Чытач знойдзе тут грунтоўныя артыкулы: Міколы Савіцкага - пра беларускую і рускую мовы, Пятра Русава - пра тое, як усталёўвалі крыж у гонар Вінцэнта Гадлеўскага ў Благаўшчыне (Трасцянец, каля Менска. У альманаху памылкова Благаўшчына названа Лагаўшчынай), Алеся Цыркунова - пра загадку выявы сімвала "Пагоня" падчас Слуцкага Збройнага Чыну ў канцы 1920 года.

У раздзеле "Проза" надрукаваны тры матэрыялы Анатоля Валахановіча пра класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, беларускага паэта Сяргея Панізьніка, артыкул Пятра Русава пра паэзію Алеся Пісьмянкова, проза мастака Генадзя Драздова.

У раздзеле "Паэзія" змешчаны верш класіка беларускай літаратуры, народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна "Збіраў бяссонне", вершы Сяргея Панізніка і яго пераклады вершаў Ларысы Геніюш на ўкраінскую мову, вершы Генадзя Драздова.

У апошні раздзел "Гісторыя і краязнаўства" ўвайшлі артыкулы: Пятра Русава "У Менску паміж Верхнім горадам і ракой Свіслач", Ігара Курыцына "Праблемы паходжання дрыгавічоў" і "Гуды" (з яго кнігі "Незнаёмыя славяне").

Артыкулы цікавыя, чытаюцца з захапленнем. Паэзія - чыстая беларуская мова. У альманаху змешчаны шэраг фотаздымкаў і ілюстрацыяў да артыкулаў.

Пра свае творы распавялі самі аўтары: як стваралі, як знаходзілі матэрыялы - на прэзентацыі гэтага альманаха - цікавай і змястоўнай, якая адбылася 2 ліпеня 2014 года на сядзібе Аб'яднанай Грамадзянскай партыі.

З іншымі паведамленнямі выступілі А. Валахановіч, П. Русаў, І. Курыцын, Г. Драздоў. Актыўны ўдзел у абмеркаванні прынялі Уладзімір Раманоўскі, Ігар Гатальскі, Ільяс Хусаінаў, Мікола Бамбіза. Аўтарам публікацыяў было зададзена шмат пытанняў, на якія яны адказалі грунтоўна і падрабязна.

Выданне пабачыла свет дзякуючы фундатарам: Міколу Бамбізе, Зміцеру Брухавецкаму, Ігару Карашчанку, Пятру Курману, Уладзіміру Раманоўскаму, Аркадзю Чэкану і аўтарам альманаха.

Рэдакцыйная калегія і ўкладальнікі альманаха: Пятро Русаў, Анатоль Валахановіч, Надзея Сармант. Рэцэнзент - доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч.

Анатоль Валахановіч.


"Дылетант" у Магілёве

10-га ліпеня ў магілёўскай ратушы адбылася сустрэча з артыстам, вядоўцам тэлевізійнай перадачы "Падарожжы дылетанта" Юрыем Жыгамонтам. Слухачы, якіх назбіралася багата, пачулі пра паходжанне, дзяцінства і жыццё госця, пра з'яўленне яго тэлеперадачы і працу над ёй. Адпаведны эмацыйны фон стварыў расповед пра любоў да Бацькаўшчыны, роднай мовы, повязь з зямлёй бацькоў і дзядоў, дапамогу, якую тая нябачна аказвала Юрыю нават праз родную літаратуру і творы класікаў. Госць падзяліўся і творчымі планамі - стварэнне перадачы не толькі пра беларускія мясціны, але і пра іншыя землі былога Вялікага Княства. Слухачы задалі шмат пытанняў, пажадалі новых паспяховых вандровак ды назапрашалі кожны ў свае родныя мясціны. Акрамя гэтага Юры Жыгамонт уручыў пасведчанні сябра ТБМ новым чальцам суполкі. Ну і па завядзёнай звычцы госцю паказалі цудоўныя магілёўскія краявіды, што адкрываюцца з вышыні ратушнай вежы, унікальны гадзіннік з механічным трубачом, некаторыя іншыя гістарычныя мясціны горада.

Вялікі дзякуй арганізатарам імпрэзы - Музею гісторыі Магілёва і, канешне, старшыні магілёўскай суполкі ТБМ Алегу Дзьячкову за незабыўны вечар.

Аляксандр Сабалеўскі , Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ, Фота: Аляксандра Сабалеўскага.


З якога роду?

З якога, пытаюць, я роду.

З варагаў-нарманаў? Ды не. -

Прасторы са снегу,

скалаў і лёду

Не вабілі змалку мяне.


Ці, мабыць, маім гэта продкам

Нямілым стаў колісь свой край?

Ні разу, сябры,

за ўжо век некароткі

Не сніў я гарачы Сінай.


А мо, з Запарожскае Сечы,

Якая тут блізка ад нас? -

Не ўмею ні справа,

ні злева я секчы,

Не навучыў нават час.


Адкрыў бы хай праўду

хто тую,

І як запытаць у вякоў?

Аднак, скажу шчыра,

сам я мяркую,

Паходжу што з палешукоў.


Люблю гадаваць я скаціну,

Магу праз балоты ісці,

Умею не толькі

паставіць хаціну,

А многае вельмі ў жыцці.


Люблю спеў салоўкі я ў маі

І зорак мігценне ўначы.

У памяці - мама,

як плача, спявае,

Як мова паўсюдна гучыць.


Умею маліцца я ўлева, управа,

Паклоны слаць Небу, Зямлі.

Чужое браць, ведаю, -

дрэнная справа, -

Так продкі вучылі, жылі.

Не раз род мой зведваў напасці,

Праходзіў праз здзекі,

прымус.

Ды ўсё ж спадзяваўся

і верыў у шчасце, -

Такі ўжо ён ёсць, беларус.


І ты, мілы, з іншага роду,

Прыжыўшыся тут на зямлі,

Законы, культуру

і мову народа

Прымі, паважай, палюбі…


Цяпер у абноўленым свеце

Сягаем да зорных вышынь.

…Малю:

Беларус! На гэтай планеце

Застанься навечна - не згінь!

Г. Шундрык, г. Дзятлава.


Беларусь мая, родная, мілая

Гэтыя словы тройчы гучаць у чальца Саюза беларускіх пісьменнікаў Аляксея Пятровіча Галаскока ў яго вершы "... Беларусь мая родная, мілая..." і ў 2-х песнях "Беларусь мая" на музыку В. Марцінкевіча, на музыку Л. Вадзюцінай у новым выданні паэта "Асенняя бліскавіца: Выбранае", якое пабачыла свет у гэтым годзе у г. Ганцавічах тыражом 100 асобнікаў на 86 старонках. Рэдактарамі зборніка выступілі пісьменнікі Алесь Каско, ён жа і аўтар уступу "Маланкі ў родных даляглядах", ды Святлана Локтыш. Дызайн і вёрстка выдання - Ганна Качагарава. Карэктар - Марыя Залаценка, набор нотаў - Віктар Багроў.

Аўтар Аляксей Галаскок выказвае сваю падзяку газеце "Ганцавіцкі час" і асабіста Пятру Гузаеўскаму за дапамогу ў выданні гэтай кнігі.

Як аказваецца, я памыліўся, зборнік "Асенняя бліскавіца" не тройчы, а нашмат болей дае словы "Беларусь мая, родная, мілая..", бо імі пачынаецца і сама кніга ў чатырохрадкоўі пад удумлівым здымкам паэта А. Галаскока:

Беларусь мая, родная, мілая,

Да цябе я заўсёдна ляцеў

Птушкай стомленай з выраю,

Шляхам тым, што ідзе карацей.

Так сталася, што ў нечым нашыя жыццёвыя, службовыя шляхі - дарогі крочылі побач. Справа ў тым, што мы нарадзіліся ў адным Зэльвенскім раёне, праўда, я на чатыры гады старэйшы за яго. Абое свае вякі аддалі вайсковай службе, што і паэт падкрэсліў у вершы "Падобны лёс", прысвечаным мне. У ім выклаў і адну з нашых рысаў, і адну з нашых горычаў:

З чужых краёў, халодных і суровых,

Дамоў ляцелі, бы на бераг чайкі.

Мы збераглі матуліную мову,

А не змаглі - Равесту й Талалайкі.

Равеста - гэта знішчаны хутар пад былым Угрынам Вялікім, які ўлады штучна змянілі на Вялікую Угрынь, А Талалайкі - вёска, дзе нарадзіўся будучы творца 6 чэрвеня 1949 года. Зусім нядаўна ён адзначыў у Ганцавічах, дзе зараз жыве, сваё 65-годзе. Да гэтага юбілею ім і была выдадзена "Асенняя бліскавіца. Выбранае" .

У кнізе такія раздзелы: "Краіна, Богам дараваная", "Асенняя бліскавіца", "Вершы дзеткам", "Гумар", "Проза, "Песні" (10 мелодый).

Якія характэрныя асаблівасці прыгожага пісьменства А. Галаскока? Найпершая - гэта неадрыўная с увязь з мясцінамі яго народзінаў і жыцця, з яго бацькамі і навакольнымі людзьмі:

Сніцца: зноў да Зальвянкі

Я бягу па расе,

Лодка ветлівым ранкам

На рыбалку нясе.

("Бліскавіца").


Зашчыміць сэрца - цягне ў Талалайкі,

Дзе ўпершыню я ўбачыў свет,

Слухаў там бабуліныя байкі,

І ў кузні каласкі мне смажыў дзед.


Вось бы ізноў па Горненскай дарозе

Праехаць шпарка, каб курыўся пыл!

Няхай драбіны ляскацяць на возе -

Трымае лейцы дзядзька мой, Васіль.

("...Вось бы ізноў па Горненскай

дарозе...")


З краёў усіх у Зэльву коні

Цягнулі цяжкія вазы,

Вязлі тавар праз вёскі, гоні

Густыя, цёмныя лясы.

("Ганненскі кірмаш")


Мае дзяды былі такімі рознымі:

З усмешкай жыў каваль Андрэй,

Васіль-цясляр здаваўся грозным

І вельмі строгім да людзей.

("Мае дзяды")

Другая заўважная і характэрная адметнасць творчасці і жыцця паэта Аляксея Галаскока - гэта яго глыбокі, непарушны патрыятызм, любоў да Бацькаўшчыны, да роднай мовы, да векавечных традыцый і звычак свайго народа, тое, што на вялікае шкадаванне адсутнічае ў многіх беларусаў, якія генетычна ўсмакталі здрадніцтва, калабаранцтва, адродніцтва, манкуртызм, мутацыю ды іншую нялюдскасць:

Канае ў пакутах мова.

І нішчаць яе не чужыя -

Квітнеючы сад на дровы

Сякуць беларусы былыя.

("У пакутах канае мова...")


У адным з сваіх "пякучых" вершаў "На Радзіме" паэт піша:

У свеце ёсць многа краін

Дзіўнейшых, цяплейшых, багатых.

А я, шляхам стомлены сын,

Вярнуўся ў бацькоўскую хату.


Адсюль хай душа адляціць

Да зорак пад плач завірухі.

Зямля, дзе пашчасціла жыць,

Будзь мне дываном, будзь і пухам.

У "Прозе" ў нарысе "Ён побач і не рвецца ў вырай" пра розных птушак, а найболей пра вераб'ёў, я прачытаў: "... я ўбачыў снегіроў. Было іх усяго тры. Небагата. Гэтая сустрэча вярнула мяне ў далёкае дзяцінства. Перад вачалі ўяўна паўстаў бацькоўскі сад, у якім на белым снезе і на прыцярушаных ім галінак дрэў сядзелі снегіры - быццам нехта раскідаў чырвоныя яблыкі".

А мне ўспомнілася чамусьці, што ў маіх наваколлях гэтыя птушкі называлі шнігіры ... І калі я гадаваўся ў Парэцкім дзіцячым доме № 2 (Гарадзенскі раён), то ў нас быў хлопчык па прозвішчу Шнігір... І мне падумалася, што Аляксей Пятровіч недакладна ўвёў сваіх снегіроў у аповед, ды пры праверцы аказалася, што правільна, што літаратурна ўжыты ім снегіры ...

А скончыць свае думкі пра зборнік "Асеннія бліскавіцы: Выбранае" А. Галаскока мне пажадана вось гэтымі яго радкамі:

Не шкадуюць мяне мае вершы,

Не даюць мне спакойна заснуць.

Вострым болем праходзяць праз душу,

У палон маё сэрца бяруць.

("... Не шкадуюць мяне мае вершы...")

Паэзія Аляксея Пятровіча з першых дзён майго знаёмства з ім захапіла мае сэрца і душу, як бачна, яна і пасёння трывала трымае мяне:

Усё жыццё ганаруся

Нашай спадчынай - роднай мовай,

Краіна маёй Беларуссю

І яскравым бацькоўскім словам.

("У пакутах канае мова...")


Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX