Вярнуцца: 2014

№ 30 (1181)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 30 (1181) 23 ліпеня 2014 г.


XXV-е БАСОВІШЧА

18-19 ліпеня, ў памежным мястэчку Гарадок у Польшчы праходзіў Фестываль музыкі маладой Беларусі "Басовішча-2014".

На фэсце можна было пачуць Znich, Krama, Re1ikt, :B:N:, "Тлушч", Лявона Вольскага, Nizkiz, IQ48 ды іншых музыкаў. Сёлета фестываль святкаваў юбілей - госці і музыкі сабраліся разам у 25-ы раз. Фестываль "БАСовішча" праводзіцца штогод на лясной палянцы Борык ля мястэчка Гарадок непадалёк ад беларускай мяжы. Гэта найбуйнейшы і найстарэйшы фестываль беларускай рок-музыкі. Яго назва паходзіць ад скарачэння БАС (Беларускае аб'яднанне студэнтаў Польшчы) - нязменных арганізатараў фэсту.

За гады існавання фестываль змяняў сваё аблічча, але захаваў сваю энергетыку і надалей прыцягвае мноства людзей.

Вядомыя беларускія гурты выступілі на першым дні юбілейнага фестывалю. На сцэне зайгралі IQ48, :B:N, ZNICH, а таксама гарадоцка-беластоцкі гурт 5set5.

Сёлета не было конкурснай часткі - арганізатары сканцэнтраваліся на падарунках да юбілею. Напрыклад, з адмысловай праграмай выступіў "АББА-аркестр", калі 25 дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову ў Беластоку, заспявалі з вядомымі беларускімі музыкамі хіты фестываляў "Басовішча". Знайсці юбілейныя падарункі можна было і ў адмысловай краме "Басовішча-2014".

Пад сцэнай традыцыйна луналі бел-чырвона-белыя сцягі, а гледачы прыехалі так-сама і з Беларусі, не гледзячы на візавыя праблемы:

- Мы прыехалі з Менска, бо гэта Басовішча - фэст Беларускай музыкі. Тут свабода. Тут рэальна файная музыка. Тут класная тусоўка. І гэта рэальна традыцыя. І мы штогод прыязджаем на гэты фэст, бо нам гэта падабаецца.

Сярод гасцей з Беларусі і вядоўца сёлетняга фэсту беларускі рэпер Вінсент.

У гэты раз акрасмя беларусаў на "Басовішча"быў запрошаны ўкраінскі гурт "Гайдамакі".

Яна Запольская . Беларускае Радыё Рацыя. Фота Аляксея Трубкіна.


75 гадоў з дня нараджэння Анатоля Кірвеля

КІРВЕЛЬ Анатоль Мяфодзьевіч нарадзіўся 23.07.1939 г. у в. Вітунічы Бярозкаўскага сельсавета, Докшыцкага раёна. Беларускі пісьменнік, публіцыст, грамадска-культурны дзеяч. У 1968-71 гг. вучыўся ў Менскім дзяржаўным педінстытуце замежных моў. Працаваў у Карэліі, Валагодскай вобласці (Расія). З 1977 г. жыў у Санкт-Пецярбургу. Быў слесарам, маляром, мастаком-афармляльнікам, будаўніком. Рэдактар-выдавец незалежнай газеты пецярбургскіх беларусаў "Родзічы" (выходзіць са снежня 1991). Старшыня суполкі міжнароднага фонду Я. Купалы, член Рады Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу, прэзідэнт Незалежнай асацыяцыі аматараў прыгожага пісьменства "Новая Беларусь" (Санкт-Пецярбург), якая займаецца наладжваннем літаратурных сувязей пецярбургскай дыяспары з Бацькаўшчынай. Удзельнічаў у Менску ў рабоце I Міжнароднага кангрэсу беларусістаў (1991), Сходу беларусаў блізкага замежжа (1992), 1-3-га з'ездаў беларусаў свету (1993, 1997, 2001). Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў (1995).

Першае апавяданне "Бульбіна" надрукаваў у 1967 г. у часопісе "Маладосць". Аўтар зборнікаў апавяданняў, вершаў і мініяцюр у прозе, афарызмаў і інш. ("Човен Харона", 1993; "Урбанія", 1994; "Чалавеку ўласціва", "Формула замежжа", абодва 1996; "Ласінае крэда", 1997; "Адзінка вымярэння", 2000; "Мармуровы воўк", "Вакансія", абодва 2001; "Мёртвы горад", 2002; "Сумная кніга пра звяроў", 2003), укладальнік і выдавец зборніка паэзіі "Тры грацыі" (2002). У беларускай перыёдыцы апублікаваў шэраг літаратуразнаўчых і крытычных артыкулаў пра творчасць маладых беларускіх празаікаў і паэтаў пад назвай "Літаратурная палітра". Беларускія "Піцерскія эцюды" пісьменніка друкаваліся ў часопісе "Дзеяслоў". І толькі на схіле дзён напісаў кнігу па-руску: "Иная жизнь" выйшла ў Расіі ў 2006 г.

Памёр у Менску 8 траўня 2008 г., пахаваны ў Тарасаве пад Менскам.

Вікіпедыя.


ВІТОЛЬДУ ЕРМАЛЁНКУ - 60

ЕРМАЛЁНАК Вітольд (Вітаўт) Антонавіч (К. Ярмоленскі, В. Сакун, В. Зніч, В. Крывіч, 28.07.1954, в. Жэймяны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.), нашчадак паўстанца 1863 г., краязнавец, педагог. Вучыўся ў пачатковай школе в. Завер'е Браслаўскага раёна, скончыў Слабадскую СШ Браслаўскага раёна (1971), гістарычны факультэт ГрДУ імя Я. Купалы (1976).

Пасля заканчэння ВНУ вярнуўся на радзіму, у Браслаўскі раён. Аднак з той прычыны, што не знайшлося месца настаўніка гісторыі паехаў у Міёры, куды па размеркаванні трапіла жонка. Працаваў настаўнікам гісторыі ў СШ № 1 г. Міёры (1976-1981), настаўнікам гісторыі ў СШ № 3 (з 1981 г. па ц.ч.). З 1976 г. у раённым Доме піянераў Вітольд Антонавіч пачаў весці гурток "Кароткі курс гісторыі Беларусі на прыкладзе мясцовага краю". Назва праз пэўны час была зменена на больш рамантычную - "Арганаўты мінулага". Профіль быў абраны краязнаўча-археалагічны. Праграма была разлічана на 144 гадзіны і прадугледжвала напачатку практычнае вывучэнне мінулага Міёрскага краю.У 1986 г. на аснове знойдзеных матэрыялаў стварыў краязнаўчы музей у СШ № 3. На 2008 г. асноўны фонд складае 15 тыс. экспанатаў.

У пачатку 1990-х далучыўся да шырокага школьнага краязнаўчага руху, арганізаванага на Віцебшчыне аддзелам беларусазнаўства і краязнаўства Віцебскага абласнога цэнтра пазашкольнай працы з дзецьмі і падлеткамі.

Стваральнік міёрскага раённага аддзялення ТБМ імя Ф. Скарыны. Дэлегат Устаноўчага з'езду ТБМ (1989). Дэлегат Усесаюзнага з'езда настаўнікаў у Маскве (1988), дэлегат Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць (2000).

Узнагароджаны прэміяй Прэзідэнта РБ "За духоўнае адраджэнне" (1999), медалём "60 лет Победы в Великой Отечественной войне", знакам Педагагічнага таварыства "За актыўную працу". Кандыдат у майстры спорту па класічнай барацьбе.

За актыўную патрыятычную дзейнасць некалькі разоў абвінавачваўся ў нацыяналізме і звальняўся з працы. Сярод вучняў Ермалёнка - ксяндзы Юры і Вячаслаў Баркі, маладафронтаўцы Мікола Дземідзенка і Уладзімір Яроменак.

(Пра В. Ермалёнка чытайце на ст. 4.)


ТЫТАНІЧНЫ ЎКЛАД У ЛІНГВІСТЫЧНУЮ НАВУКУ

(да 95-годдзя з дня нараджэння прафесара М. Булахава)

Міхаіл Гапеевіч Булахаў адносіцца да плеяды найвыдатнейшых спецыялі-стаўмовазнаўцаў славянскіх краін свету, якія ўнеслі агромністы ўклад у лінгвістычную навуку. Ён нарадзіўся 22 ліпеня 1919 года ў вёсцы Маслакі Горацкага раёна Магілёўскай вобласці ў беднай сялянскай сям'і. Пасля заканчэння школы Міхаіл Булахаў прайшоў навучанне на шасцімесячных падрыхтоўчых курсах і паступіў на літаратурны факультэт Магілёўскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута. Па заканчэнні інстытута ў 1940 годзе быў прызваны на службу ў армію. З баямі прайшоў усю вайну, якую закончыў у Празе.

Пасля гэтага пачаўся творчы шлях Міхаіла Гапеевіча. У сакавіку 1949 года ён быў залічаны ў аспірантуру Менскага педагагічнага інстытута. У 1950 годзе ён паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1951 года М.Г. Булахаў працуе ў Інстытуце мовазнаўства АН БССР, спачатку на пасадзе старшага навуковага супрацоўніка, а з верасня 1952 года - ён загадчык сектара сучаснай беларускай мовы і культуры мовы. З гэтага часу група спецыялістаў (усяго 5 чалавек) на чале з Булахавым прыступае да працы над падрыхтоўкай акадэмічнай поўнай нарматыўна-апісальнай граматыкі сучаснай беларускай літаратурнай мовы, а таксама над напісаннем цыкла навучальных дапаможнікаў для ВНУ Беларусі. Трэба адзначыць, што за кароткі час гэтыя працы былі не толькі падрыхтаваны, а і апублікаваны.

З траўня 1965 года М.Г. Булахаў працуе ў БДУ. У 1966 годзе абараняе доктарскую дысертацыю, а ў 1967 годзе яму прысвоена званне прафесара. З красавіка 1975 года ён пераходзіць на выкладчыцкую работу ў Менскі педінстытут.

Сур'ёзным укладам у беларускае мовазнаўства з'явілася даследаванне М.Г. Булахава ў трох кнігах пра прыметнікі. Першая кніга - "Прыметнік у беларускай мове" (1964). У ёй на вельмі багатым фактычным матэрыяле, пачэрпнутым з пісьмовых помнікаў старабеларускай мовы, з твораў беларускай вуснай народнай творчасці, з дыялектных слоўнікаў і мастацкіх твораў дзясяткаў беларускіх пісьменнікаў прааналізавана гісторыя словазмянення і формаўжывання адносных, якасных і прыналежных прыметнікаў. Другая кніга М.Г. Булахава пра прыметнік, якая называецца "Гісторыя прыметнікаў беларускай мовы XIV - XVII стагоддзяў" (1971), прысвечана аналізу сінтаксічных функцый гэтай часціны мовы. У трэцяй кнізе прафесара Булахава пра прыметнік, якая выйшла ў свет у 1973 годзе, даецца лексікаграфічны аналіз прыметнікаў беларускай мовы. З пісьмовых помнікаў старабеларускай мовы аўтарам было выпісана 10 тысяч адзінак гэтай часціны мовы, а ў кнізе прааналізавана 260 прыметнікаў, якія сваім паходжаннем з'яўляюцца праславянскімі.

Міхаіл Гапеевіч Булахаў з'яўляецца аўтарам капітальнай трохтомнай працы "Усходнеславянскія мовазнаўцы. Біябібліяграфічны слоўнік" (т. 1, 1976; т. 2, 1977; т. 3, 1978). Гэта праца прынесла яе аўтару агульнаеўрапейскую вядомасць. У ёй пададзены нарысы пра жыццё і навуковую дзейнасць 354 усходнеславянскіх мовазнаўцаў пачынаючы з XVI стагоддзя. Характарызуючы таго або іншага вучонага-лінгвіста, прафесар М.Г. Булахаў імкнецца па магчымасці вельмі грунтоўна і аб'ектыўна паказаць, што ён даў для развіцця мовазнаўства ў свой час, як ягоныя ідэі ўспрымаліся і садзейнічалі далейшаму развіццю навукі, а таксама выдзяляе тую частку яго спадчыны, якая захавала навуковае значэнне і актуальнасць да нашага часу.

Тэматычна да трохтомніка "Усходнеславянскія мовазнаўцы" прымыкае манаграфія М.Г. Булахава "Яўхім Фёдаравіч Карскі. Жыццё, навуковая і грамадская дзейнасць" (1981). Гэта праца з'яўляецца першым манаграфічным даследаваннем, у якім падрабязна, з улікам найноўшых дадзеных прасочаны жыццёвы і творчы шлях акадэміка Я.Ф. Карскага, на шырокім гістарычным фоне прааналізавана пераважная большасць яго лінгвістычных прац, аб'ектыўна ацэнены ўнесены Карскім агромністы ўклад у навуку пра славянскія мовы.

Адначасова з падрыхтоўкай слоўніка "Усходнеславянскія мовазнаўцы" і манаграфіі пра акадэміка Я.Ф. Карскага М.Г. Булахаў напісаў вялікі нарыс "Асноўныя этапы развіцця славянскага мовазнаўства ў Расіі (да 1917 г.)" (М., 1978).

Вывучэннем жыцця і дзейнасці ўсходнеславянскіх лінгвістаў М.Г. Булахаў займаўся і пасля выдання біябібліяграфічнага слоўніка і прац пра Я.Ф. Карскага. У 1996 годзе выйшла кніга Міхаіла Гапеевіча "Навука пра рускую мову XVIII - XX стст." (264 с.).

У 1989 годзе выйшла ў свет новая, арыгінальная праца М.Г. Булахава - "Слово о полку Игореве в литературе, искусстве, науке. Краткий энциклопедический словарь". У загалоўку кнігі сказана, што гэта "Краткий энциклопедический словарь". Аднак пры аб'ёме ў 49 друкаваных аркушаў кароткім яго можна лічыць толькі ўмоўна, тым больш, што ў ім змешчана 474 артыкулы і многа цытат на бакавых палосах з твораў пісьменнікаў, даследаванняў вучоных і часопісна-газетных публікацый. Падрыхтоўка адным чалавекам такога вялікага выдання проста ўражвае.

З пяцідзесятых гадоў ХХ стагоддзя М.Г. Булахаў пачаў цікавіцца праблемай гістарычных сувязяў славянскіх моў і ўзаемаадносінамі паміж імі ў новы час. Вынікам гэтых зацікаўленняў з'явілася кніга М.Г. Булахава "Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў ХІХ - ХХ стст. ва ўзаемадзеянні з іншымі славянскімі мовамі" (1958).

Пытанням сувязяў і ўзаемаадносін беларускай мовы з іншымі славянскімі і неславянскімі мовамі Міхаіл Гапеевіч прысвяціў шмат сваіх навуковых артыкулаў. Цікавай па ўзнятай тэме і разгледжаных канкрэтных фактах з'яўляецца кніга М.Г. Булахава "Асноўныя пытанні супастаўляльнай стылістыкі рускай і беларускай моў" (1979).

Міхаіл Гапеевіч многа працаваў таксама над падрыхтоўкай навучальных дапаможнікаў па сучаснай беларускай мове для сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў. Так, у суаўтарстве з М.І. Гурскім і М.У. Марчанкам ён падрыхтаваў дапаможнік "Беларуская мова". Ён выйшаў у дзвюх частках: першая частка (Лексікалогія. Фанетыка. Марфалогія) - у 1955 годзе, а другая частка (Сінтаксіс) - у 1958 годзе. Гэты падручнік потым яшчэ два разы перавыдаваўся (у 1961-62 і ў 1968 гадах) з дапрацоўкай.

Пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле М.Г. Булахава група навуковых супрацоўнікаў сектара сучаснай мовы Інстытута мовазнаўства АН БССР падрыхтавала "Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы" у трох частках - дапаможнік для студэнтаў філалагічных факультэтаў універсітэтаў і педагагічных інстытутаў. Частка 1-я (1957) змяшчае раздзел "Марфалогія", частка 2-я - раздзел "Сінтаксіс" (1959), частка 3-я - раздзелы "Фанетыка", "Арфаграфія", "Лексікалогія" (1961).

У якасці дадатку да гэтага тэарэтычнага курса некалькімі аўтарамі з удзелам М.Г. Булахава быў складзены і апублікаваны "Зборнік практыкаванняў па сучаснай беларускай літаратурнай мове" (1959).

Побач з распрацоўкай праблем сучаснай беларускай мовы Міхаіл Гапеевіч плённа займаўся падрыхтоўкай прац навучальнага характару ў галіне гісторыі беларускай мовы. Так, ён адзін напісаў і выдаў дапаможнік для студэнтаў-філолагаў "Практыкаванні і матэрыялы па гісторыі беларускай мовы" (1956). У 1969 годзе каштоўны дапаможнік выйшаў другім выданнем, значна дапрацаваным і дапоўненым. Некалькі раней (у 1953 годзе) М.Г. Булахаў выпусціў у свет "Сборник задач и упражнений по синтаксису древне-русского языка".

Нямала зроблена Міхаілам Гапеевічам у якасці кіраўніка творчага калектыву ў стварэнні розных дапаможнікаў па рускай мове.

Улічваючы, што ў сучасных умовах студэнт - будучы настаўнік - павінен атрымаць больш шырокую філалагічную адукацыю, вучоныя М.Г. Булахаў, М.А. Жаўтобрух (Кіеў) і В.І. Кодухаў (Ленінград) падрыхтавалі арыгінальную кнігу "Восточнославянские языки" (М.: Просвеще-ние, 1987), якая Міністэрствам асветы СССР была зацверджана ў якасці навучальнага дапаможніка для студэнтаў пед-ВНУ. У гэтай працы Міхаілу Гапеевічу належыць вялікі раздзел "Марфалогія", дзе аўтарам дадзена разгорнутая характарыстыка граматычных катэгорый і форм часцін мовы ў трох роднасных мовах з прымяненнем методыкі супастаўляльнага аналізу. На вялікім фактычным матэрыяле паказана як генетычная блізкасць марфалагічных сістэм гэтых моў, так і іх нацыянальная спецыфіка ў цяперашні час.

У 2000 годзе выйшла з друку падрыхтаваная ў дзвюх частках прафесарам М.Г. Булахавым фундаментальная праца "Слово о плъку ИгоревЪ" і Беларусь. Да 200-годдзя першага выдання "Слово о плъку ИгоревЪ". У 2000 годзе пабачыла свет і яшчэ адна кніга, падрыхтаваная да друку Міхаілам Гапеевічам, - "Слово о плъку ИгоревЪ" у асвятленні дзеячаў беларускай навукі, літаратуры і культуры. Зборнік навуковых і юбілейных матэрыялаў". Першая частка кнігі ўтрымлівае слоўнік персаналій. У ім прыведзены звесткі пра 64 беларускіх словазнаўцаў і іх працы, пададзены аналіз лексіка-фразеалагічнай і сінтаксічнай варыянтнасці ў беларускамоўных паэтычных і празаічных перакладах. У другой частцы змешчана 19 артыкулаў М.Г. Булахава і 7 артыкулаў іншых даследчыкаў па найважнейшых моўных асаблівасцях "Слова", пададзены ўсе вядомыя пераклады помніка і яго ўрыўка - "Плачу Яраслаўны" на беларускія гаворкі, сабраны вершы беларускіх паэтаў па матывах "Слова". Зборнік "Слово о плъку ИгоревЪ" ў асвятленні дзеячаў беларускай навукі, літаратуры, культуры" ўключае 80 артыкулаў, змешчаных на працягу ХХ стагоддзя ў разнастайных выданнях, дзе аб'ектам вывучэння стаў "унікальны і загадкавы помнік славян". Вартасць гэтага юбілейнага выдання можна ахарактарызаваць выказваннем самога Міхаіла Гапеевіча Булахава: "Азнаямленне з сабранымі ў дадзеным выданні публікацыямі пакажа станоўчыя вынікі ў распрацоўцы праблем словазнаўства, так і недахопы ў гэтай важнай галіне. Разам з тым сістэматызацыя і крытычны аналіз змешчаных тут матэрыялаў можа значна аблегчыць далейшыя даследаванні самога арыгінала і яго аднаўлення ў перакладах на сучасную беларускую і іншыя мовы".

У 2001 годзе выйшла ў свет кніга М.Г. Булахава "Славянские языки: происхождение, история, современное состояние".

У 2002 - 2005 гадах Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка выдаў агромністую навуковую пяцітомную працу М.Г. Булахава - "Опыт исторического словаря русской лингвистической терминологии" агульным аб'ёмам у 205 улікова-выдавецкіх аркушаў. Гэта не проста тэрміналагічны слоўнік адной галіны навукі, а тым больш не "опыт" слоўніка тэрміналогіі тлумачальнага тыпу, а найфундаментальнейшая навуковая праца, дзе кожны лінгвістычны тэрмін падрабязна апісваецца і даследуецца. Прасочваецца ўся гісторыя кожнага тэрміна. Прыводзіцца неабходная багатая навуковая бібліяграфія і крыніцы фіксацыі тэрміна. Абсалютная большасць слоўнікавых артыкулаў - гэта свайго роду значнае па аб'ёму аўтарскае даследаванне. Вельмі многія слоўнікавыя артыкулы займаюць у кнізе вялікага фармату шмат старонак. Напрыклад, слоўнікавы артыкул на слова "язык" у пятым томе гэтага слоўніка займае 80 кніжных старонак. У дадзенай пяцітомнай працы М.Г. Булахава лексікаграфічна апрацавана і гістарычна даследавана 6568 тэрмінаў, а таксама (у 5-м томе) змешчаны вялікі раздзел "Нарыс гісторыі рускай лінгвістычнай тэрміналогіі". Падобнай працы па паўнаце падачы матэрыялу, па фундаментальнасці даследавання, па колькасці матэрыялу і па аб'ёму ў аркушным выражэнні няма ў лінгвістычнай навуцы ні ў адной са славянскіх краін і ў многіх іншых дзяржавах. Тым больш уражвае тое, што гэта выканана адным чалавекам і ўжо ў яго шаноўным узросце. Гэты слоўнік аднолькава прыдатны спецыялістам беларускай лінгвістычнай тэрміналогіі і ўсім, хто прафесійна і навучальна мае дачыненне да рускай і беларускай моў.

Акрамя ўсяго названага вышэй, М.Г. Булахаў апублікаваў яшчэ каля 300 навуковых, метадычных і энцыклапедычных прац. У 2009 годзе выдадзена таксама вялікая кніга М.Г. Булахава "Выбраныя працы" аб'ёмам у 600 кніжных старонак. Увогуле ж уся надрукаваная навуковая прадукцыя Міхаіла Гапеевіча вылічаецца лічбай - звыш 1000 друкаваных аркушаў.

Міхаіл Гапеевіч Булахаў пайшоў з жыцця 5 траўня 2012 года. Але новыя навуковыя працы яго працягваюць выходзіць з друку, у тым ліку і салідныя кнігі. Так, у выдавецтве "Беларуская навука" ў 2012 годзе выйшла кніга М.Г. Булахава "Беларускія перакладчыкі, даследчыкі, ілюстратары "Слова о плъку ИгоревЪ". У выданні прыводзяцца асноўныя звесткі пра беларускіх перакладчыкаў, даследчыкаў, ілюстратараў "Слова", а таксама пра некаторыя тапанімічныя і гідранімічныя аб'екты на тэрыторыі старажытнай і сучаснай Беларусі, якія засведчаны ў тэксце помніка.

У 2013 годзе ў акадэмічным выдавецтве "Беларуская навука" выйшла салідная праца М.Г. Булахава (аб'ём кнігі - 361 кніжная старонка) "Слово о плъку ИгоревЪ" в переводах на славянские языки XIX - XX вв." У выданні прыводзяцца: першадрукаваны тэкст "Слова о полку Игореве", паралельны пераклад яго на рускую мову, рэканструкцыя на старажытнарускай мове А.А. Патабні, 22 празаічныя пераклады на славянскія мовы XIX - XX стагоддзяў (рускую, украінскую, беларускую, верхнелужыцкую, польскую, славацкую, чэшскую, балгарскую, сербскую, славенскую, харвацкую), 1 вершаваны пераклад (на македонскую мову).

За выключэннем перакладаў на рускую мову, да ўсіх іншых прыкладаюцца тлумачальныя слоўнікі на рускай мове. Аўтар выдання спадзяваўся, што яно будзе спрыяць далейшаму вывучэнню геніяльнага твора Старажытнай Русі як у славянскіх, так і ў іншых краінах.

І гэта яшчэ не ўсё. На рабочым стале прафесара М.Г. Булахава знаходзіцца яшчэ нявыдадзеная новая двухтомная праца, прысвечаная пытанням прыметніка ў беларускай мове, тым з іх, што не былі асветлены вучоным у яго ранейшых тамах пра прыметнік беларускай мовы. Таксама чакаюць свайго выхаду ў свет яго працы, прысвечаныя мове і стылю старажытных пісьмовых помнікаў, працы, прысвечаныя тыпалогіі некаторых іменных дэрыватаў ва ўсходне- і заходнеславянскіх мовах, філалагічнай ацэнцы славянскіх перакладаў "Слова пра паход Ігаравы", этымалогіі многіх лексем беларускай і рускай моў і інш.

Навуковыя даследаванні прафесара М.Г. Булахава публікаваліся ў Беларусі, Расіі, Украіне, Сербіі, Балгарыі, Польшчы, ЗША і Германіі.

Выдадзеныя фундаментальныя навуковыя працы Міхаіла Гапеевіча прынеслі яму сусветную славу.

Пад кіраўніцтвам М.Г. Булахава падрыхтавана і абаронена каля 40 кандыдацкіх дысертацый. Ён быў таксама навуковым кансультантам каля 10 дактарантаў.

Прафесар М.Г. Булахаў ва ўніверсітэтах Беларусі, Расіі, Украіны, Славеніі, Балгарыі і Германіі чытаў розныя вучэбныя курсы і выступаў з навуковымі дакладамі на міжнародных кангрэсах, канферэнцыях і сімпозіюмах.

Навуцы і адукацыі М.Г. Булахаў прысвяціў каля 70 сваіх творчых гадоў. Прафесару М.Г. Булахаву ў 1971 годзе прысвоена ганаровае званне Заслужанага дзеяча навукі Беларусі, у 1979 і 1982 гадах ён быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, у 1990 годзе - медалём Ф. Скарыны, а ў 1997 годзе - ордэнам Ф. Скарыны.

Імя заслужанага дзеяча навукі Беларусі, прафесара-лінгвіста М.Г. Булахава стаіць у адным шэрагу такіх слынных спецыялістаў-мовазнаўцаў, што ўнеслі свой агромністы ўклад у вывучэнне праблем беларусістыкі і славістыкі ў цэлым, як Я.Ф. Карскі, С.М. Некрашэвіч, І.В. Воўк-Левановіч, П.А. Бузук, Б.А. Тарашкевіч, М.І. Каспяровіч і інш. А адносна вывучэння ўнікальнага помніка ўсходнеславянскай літаратуры - "Слова пра паход Ігара" (XV або XVI ст.) у Беларусі, у славянскім свеце і шырэй прафесара Міхаіла Гапеевіча Булахава без усялякага сумнення неабходна назваць бацькам беларускага і славянскага словазнаўства.

Мікалай Крыўко, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.


Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў "Нашага слова")

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Сіўковіч (Валянціна С.) - бацькайменне з фармантам -овіч ад антрапоніма Сіўка (Сіўко) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сіўк-овіч . ФП: сівы - Сівы - Сіўко ('нашчадак Сівага') - Сіўковіч .

Сіліч (Аляксандр С.) - форма бацькаймення з фарман-там -іч ад антрапоніма Сіла і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сіл-іч . ФП: Сіла (імя) - Сіліч (М. Бірыла).

Сілкова (Раіса С.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Сілко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сілк-ова . ФП: Сіла (імя) - Сілко - Сілкова.

Сіманёнак (Людміла С.) - дэрыват з фармантам - ёнак ад антрапоніма Сіман і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сіман-ёнак . Адымёнавае прозвішча ( Сіман і Сімон ).

Сінцова (Тамара С.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Сінец і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сінц-ова . ФП: сін е ц ('рыба сямейства карпавых', а таксама 'сіні колер чаго-небудзь (прастора, неба, туман)' - Сінец (мянушка, потым прозвішча) - Сінцова .

Сіплівеня (Жана С.) - дэрыват з фармантам -еня ад антрапоніма Сіплівы і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сіплів-еня . ФП: сіплівы ('той, хто гаворыць у нос, гугнявы') - Сіплівы (мянушка, потым прозвішча) - Сіплівеня . (Слоўнік белар. гаворак паўн.-зах. Беларусі і яе пагранічча. Т. 4, с. 429, Сапоцкіна).

Сіповіч (Святлана С.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Сіпа і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сіп-овіч . ФП: сіпаць ('гаварыць сіпатым голасам') - сіпа ('той, хто гаворыць сіпатым голасам') - Сіпа (мянушка, потым прозвішча) - Сіповіч .

Смаль (Валянцін С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва смаль 'гарэлае, гар'. ФП: смаліць ('выклікаць адчуванне апёку, смылення; апякаць', 'знішчаць агнём шэрсць, рэшткі пуху і пад.') - смаль ('гар') - Смаль (мянушка) - Смаль .

Смола (Тацяна С.) - семантычны дэрыват ад смала , мн. смолы 'ліпкі пахучы сок, які выдзяляецца хваёвымі і некаторымі іншымі раслінамі'. ФП: смала (апелятыў) - Смала (мянушка) - Смала (прозвішча) - Смола (для адмежавання ад апелятыва).

Смашная (Марыя С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва смашная (дыял.) - сма-чны 'прыемны на смак, апетытны', 'які прыносіць задавальненне, прыемны (пра сон)', а таксама 'каларытны, сакавіты'.

Сметаненка (Аляксандр С.) - дэрыват з акцэнтаваным фармантам -енка ад антрапоніма Смятана і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сметан-енка .

Сойка (Мікола С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сойка 'лясная пералётная птушка сямейства крумкачовых'.

Сом (Алена С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сом 'вялікая прэснаводная драпежная рыба сямейства сомавых з вусамі і целам без лускі'.

Стамінок (Наталля С.) - другасная (змененая) форма ад Стамёнак - дэрыват з фармантам -ёнак ад антрапоніма Стома і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Стам-ёнак.

Станевіч (Тацяна С.) - дэрыват з фармантам -евіч (бацькайменне) ад антрапоніма Стань і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Стан-евіч . ФП: Станіслаў (імя) - Стань - Станевіч.

Станеўская (Людміла С.) - дэрыват з фармантам -ск-ая ад тапоніма Станева з семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Станеў-ская . ФП: Станіслаў - Стань - Станева ('уладанне асобы') - Станеўская.

Стаўбун (Іры С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва стаўбун 'кветканоснае сцябло ў клубневых раслінах', перан. 'Пра высокага чалавека'.

Сташкевіч (Янка С.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Сташко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сташк-евіч . ФП: Стахій (імя) - Стах - Сташко - Сташкевіч.

Сташулёнак (Іван С.) - дэрыват з фармантам -ёнак ад антрапоніма Сташуль і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сташул-ёнак . ФП: Стахій (імя) - Стах - Сташуль - Сташулёнак.

Стражынскі (Аляксандр С.) - дэрыват з фармантам -ынскі ад тапоніма Стра-жа і семантыкай 'жыхар (народзінец) названай мясцовасці': Страж-ынскі .

Страх а (Соф'я С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва страха 'верхняя, звычайна саламяная частка будынка, якая пакрывае яго і засцерагае ад атмасферных з'яў', а таксама 'пра дом, жыллё, прытулак'.

Страхоўскі (Станіслаў С.) - мажлівы дэрыват з фармантам -оўскі ад тапоніма Страха і семантыкай 'жыхар (народзінец) названага паселішча': Страх-оўскі . Або прэстыжнае (шляхетнае) утварэнне з фармантам -оўскі ад антрапоніма Страха і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Страх-оўскі .

Страчук (Аляксандр С.) - дэрыват з суфіксам -ук ад антрапоніма Строк і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Стра-чук . ФП: строк ('авадзень', 'страказа') - Строк (мянушка, потым прозвішча) - Страчук .

Строкач (Аляксандр С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва стракач : 'той, тое, што мае стракатую афарбоўку, плямісты выгляд', утварэнне з суфіксам -ач ад прыметніка стракаты : страк(ат)-ач . Сямейства матылькоў з яркай стракатай афарбоукай крылаў мае назву стракачы ад стра-каткі , адз. л. стракач ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова( 2012, с. 948). ФП: страк а ты - страк а ч - Страк а ч і Стр о кач (апошняя форма для адмежавання ад апелятыва).

Струкаў (Віктар С.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Струк і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Стру-каў . ФП: струк ('доўгі і вузкі плод некаторых раслін, які складваецца з дзвюх палавінак, да якіх прымацавана насенне') - Струк (мянушка, потым прозвішча) - Струкаў .

Стрыгальская (Натал-ля С.) - дэрыват з фармантам -ская ад антрапоніма Стрыгаль і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Стрыгаль-ская. ФП: стрыгчы (валасы) - стрыгаль ('спецыяліст па стрыжцы') - Стрыгаль (мянушка, потым прозвішча) - Стрыгальскі (-ая) .

Ст у кала (Алена С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва ст у кала - ўтварэння з фармантам -ла ад ст у каць : ст у к-ала 'той, хто стукае', а так-сама ст у калы 'чаравікі' ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова (2012, с. 952).

Стэпановіч (Язэп С.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Стэпан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Стэпан-овіч . ФП: Стэфан (ад Сте-фан ), каталіцк. правасл. Стэ-пан - Стэпановіч і Стапано-віч ; Сцефановіч .

Стэпусь (Васіль С.) - форма народна-гутарковага наймення з суфіксам -усь (як і тата - татусь , у католікаў) ад Стэп (< Стэпан ), якая набыла функцыю прозвішча (праз ступень мянушкі, празвання).

Субоцін (Аляксандр С.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Субота і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Субоц-ін . ФП: субота ('шосты дзень тыдня, які папярэднічае нядзелі') - Субота (мянушка, потым прозвішча) - Субоцін .

Судак (Вікторыя С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва судак 'каштоўная прамысловая рыба сямейства акунёвых'. ФП: судак (рыба) - Судак (мянушка) - Судак .

Сукала (Ія С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сукала 'прылада для насуквання нітак на цэўкі': ФП: су-каць - сукала - Сукала (мянушка) - Сукала .

Суліменка (Дзмітры С.) - дэрыват з фармантам - енка ад антрапоніма Суліма і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сулім-енка . ФП: сулем а ('ядавіты белы парашок хлорнай ртуці (ужываецца як сродак дэзінфекцыі'). Або Саліма (жаночае татарскае імя) - Суле-менка ці Суліменка .

Сусла (Мікалай С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сусла , які мае два значэнні: 1) 'самаробная соска ці жуйка (звычайна з хлеба з цукрам), якую даюць дзіцяці', 2)'сок адціснутага вінаграду' або 'адвар крухмалістых і цукрыстых рэчываў у стане браджэння, які ідзе на выраб піва або квасу'. ФП: сусла (апелятыў) - Сусла (мянушка) - Сусла .

Сухарава (Любоў С.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Сухар і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сухар-ава . ФП: сухар ('высушаны кавалак хлеба, булкі', а таксама (перан). 'Пра сухога, нячулага чалавека') - Сухар (мянушка, потым прозвішча) - Сухарава .

Сухарэвіч (Іван С.) - форма бацькаймення з фармантам -эвіч ад антрапоніма Сухар і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сухар-эвіч .

Сухоцкі (Андрэй С.) - дэрыват з прэстыжным фармантам -оцкі ад антрапоніма Сухі і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сух-оцкі . Або семантычны дэрыват ад апелятыва-прыметніка сухоцкі 'хворы на сухоты' (туберкулёз). ФП: сухі - сухоты - су-хоц(т/c)кі - Сухоцкі (мянушка) - Сухоцкі (СБГПЗБП, т. 5, с. 27).

Суша (Тамара С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва суша 'зямля ў працілегласць воднай прасторы', а так-сама 'сухая зямля ў параўнанні з балотам' і 'засуха'. ФП: сухі - суш - суша - Сушa (мянушка) - Суша .

Сушко (Вера С.) - семантычны дэрават ад апелятыва сушка - Р. мн. сушак 'малы, тонкі і сухі абаранак'. ФП: су-шыць - сушка ('дзеянне паводле дзеяслова сушыць ' - сушэнне) - сушка ('абаранак') - Сушка (мянушка) - Сушко (форма з фінальным "о" для адмежа-вання ад апелятыва).

Сушчэня (Анатоль С.) - дэрыват з фармантам -эня ад антрапоніма Сушка (Сушко) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сушч-эня .

Сушчэўскі (Алесь С.) - дэрыват з фармантам -эўскі ад тапоніма Сушча з семантыкай 'жыхар або народзінец названага паселішча': Сушч-эўскі . Або шляхетная форма з фармантам -эўскі ад антрапоніма Сушко з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сушч-эўскі .

Сцежкін (Кірыла С.) - дэрыват з суфіксам -ін ад ант-рапоніма Сцежка з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сцежк-ін . Утваральнае слова - семантычны дэрыват ад апелятыва сцежка 'вузкая пратоптаная дарожка' і перан. 'шлях і кірунак працоўнай дзейнасці'. ФП: сцежка (апелятыў) - Сцежка (мянушка) - Сцежка - Сцежкін.

Сцепан і шчава (Вера С.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Сцяпанішча і семантыкай 'нашчадак (дачка) названай асобы': Сцяпанішч-ава . ФП: Сцяпан - Сцяпанішча (узмацн.-экспрэс.) - Сцяп а ні-шчава - Сцепан і шчава .

Сцепулёнак (Алег С.) - дэрыват з фармантам -ёнак ад антрапоніма Сцяпуль і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сцепул-ёнак . ФП: Сця-п а н - Сцяп у ль - Сцепулёнак .

Сцефановіч (Ганна С.) - форма бацькаймення з фар-мантам -овіч ад антрапоніма Сцефан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сцефан-овіч.

Сцяжко (Канстанцін С.) - семантычны дэрыват з фінальным акцэнтаваннем ад апелятыва сцежка 'дарожка', 'шлях' (гл. Сцежкін ).

Сцяпкоўскі (Сяргей С.) - дэрыват з фармантам шляхетнасці -оўскі ад антрапоніма Сцяпко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сцяпк-оўскі . ФП: Сцяпан - Сцяпко - Сцяп-коўскі . Або дэрыват ад Сцяпкі з семантыкай 'жыхар названага паселішча': Сцяпкоўскі .

Сыр ы ца (Віктар С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сырыца 'саматужна апрацаваная скура', 'нявырабленая аўчына'. ФП: сыр ы ('не канчаткова выраблены') - сырыца (апелятыў) - Сырыца (мянушка) - Сырыца .

Сытая (Таццяна С.) - семантычны дэрыват ад апе-лятыва сыты (жан. р. с ы тая ) 'які поўнасцю задаволіўся; які неадчувае голаду', а таксама 'укормлены, тлусты', 'які мае ў сабе шмат тлушчу'. Або ад апелятыва сыта 'даўняя беларуская страва - мёд або цукар, разведзеныя гатаванай вадой'.

Сыч (Ніна С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сыч 'начная і вячэрняя птушка з бурай афарбоўкай сямейства сапраўдных соў' і перан. 'маўклівы, пануры чалавек'.

Сяльверстава (Святлана С.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Сяльвестр і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сяльверст-ава . ФП: Сільвестр (імя) - Сельвестр - Сяльверстава.

Сялюк (Ніна С.) - дэрыват з фармантам -юк ад ант-рапоніма Сяло і семантыкай 'нашчадак названай асобы' Сял-юк . ФП: сяло ('вялікая вёска, гаспадарчы і адміністрацыйны цэнтр сельскага рэгіёна', а так-сама (зборн.) 'жыхары сяла') - Сялюк (празванне) - Сялюк .

Сяменчык (Настасся С.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Сямён з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сямён-чык . Прозвішча можа разглядацца і як былое памяншальна-ласкальнае ад Сямён : Сямёнчык . Форма з "е" для адмежавання ад формы імя Сямёнчык .

(Працяг у наступным нумары.)

Павел Сцяцко


Арганаўт Міёршчыны

Цікавасць да гісторыі Беларусі, роднага краю, станаўленне нацыянальнай самасвядомасці і гістарычнай свядомасці ў Вітольда Ермалёнка пачала фармавацца пад уплывам расповедаў бацькі пра лёс роду і краю, праз знаёмства з міжваеннай беларускай нацыянальнай і польскай літаратурай (забароненай у савецкі час), у якой змяшчалася інфармацыя пра падзеі, якія не афішаваліся афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіяй. У час вучобы ва універсітэце займаўся ў гістарычна-краязнаўчым гуртку пад кіраўніцтвам прафесара Я.Н. Мараша. У адпаведнасці з тэматыкай гуртка навуковыя доследы палягалі ў сферы краязнаўства. Другой зацікаўленасцю стала педагогіка. Займаўся ёю, як і краязнаўствам, вельмі сур'ёзна. Дыпломная работа была падрыхтавана на актуальную у той час тэму і разглядала выкарыстанне педагагічнай савецкай спадчыны ў краінах сацыялістычнага лагеру. Даследаванне "Ідэі А.С. Макаранкі ў ПНР і ГДР" была напісана на высокім навуковым узроўні, на падставе нямецкіх і польскіх крыніц і прапанавана да выдання. Праяўляючы асабістую пазіцыю пачаў размаўляць на беларускай мове, за што меў праблемы з адміністрацыяй універсітэта і КДБ. У час вучобы 5 гадоў жыў у адным пакоі інтэрната разам з Рамановічам К., вядомым у будучым краязнаўцам з Талачыншчыны. Разам даследавалі наваколлі Гародні, вывучалі помнікі Першай сусветнай вайны.

Пасля заканчэння ВНУ вярнуўся на радзіму, у Браслаўскі раён. Аднак з той прычыны, што не знайшлося месца настаўніка гісторыі паехаў у Міёры, куды па размеркаванні трапіла жонка. Працаваў настаўнікам гісторыі ў СШ № 1 г. Міёры (1976-1981), настаўнікам гісторыі ў СШ № 3 (з 1981 г. па ц.ч.). З 1976 г. у раённым Доме піянераў Вітольд Антонавіч пачаў весці гурток "Кароткі курс гісторыі Беларусі на прыкладзе мясцовага краю". Назва праз пэўны час была зменена на больш рамантычную - "Арганаўты мінулага". Профіль быў абраны краязнаўча-археалагічны. Праграма была разлічана на 144 гадзіны і прадугледжвала напачатку практычнае вывучэнне мінулага Міёрскага краю. З 1976 г., разам з гурткоўцамі пачаў удзельнічаць у археалагічных раскопках на тэрыторыі Міёрскага раёну. Браў удзел таксама ў раскопках Дучыц Л., Зайкоўскага Э., Шадыры В. Выявіў, разам з Ціхановічам П.М. [ЭГБ. - Т. 4. - С. 12] безкурганны могільнік Х-ХІ ст. паміж в. Казлоўцы і Шніткі (Міёрскі раён).

Непасрэдны ўдзел у археалагічных раскопках пад кіраўніцтвам спецыялістаў, самаадукацыя далі практычны досвед, узбагацілі тэарэтычна, далі магчымасць рабіць самастойны аналіз, вывады. З 1990-х гг. археолагі Інстытута гісторыі НАН Беларусі і ВНУ краіны пачалі праводзіць раскопак меней, прыцягваючы да іх студэнтаў гістарычных факультэтаў, якія праходзілі археалагічную практыку. Не маючы дазволу на асабістыя раскопкі разам з гурткоўцамі перайшоў ад археалагічных раскопак да краязнаўчых разведак. Гэта мела свае станоўчыя бакі. Так, на працягу адной вандроўкі па раёне можна было адшукаць месцы раней невядомых гарадзішчаў, паселішчаў, курганных груп. Акрамя археалагічных доследаў, збіралі ўспаміны пра мінулае краю. Праца гуртка набыла сістэмнасць і пераемнасць. Абавязковай стала тэарэтычная падрыхтоўка. У 1980 г. быў створаны герб гуртка. Пачалі весці хроніку гуртка (з 1976 г.).

На пэўным этапе кіраўніцтва гуртком пачало інкрымінавацца, як падрыхтоўка дзяцей да падрыўной дзейнасці супраць дзяржавы. У 1980 г. В. Ермалёнак вымушаны быў звольніцца з працы ў СШ № 1 (афіцыйна тлумачылася тым, што няма стаўкі выкладчыка гісторыі) і працаваць у СШ в. Павяцце (Міёрскі раён). У 1981 г. у Міёрах была пабудавана СШ № 3, у якую ён пайшоў працаваць настаўнікам гісторыі, і дзе працуе да цяперашняга часу.

Праз пэўны час узнікла духоўная патрэба ў падсумаванні знойдзеных знаходак. Узнікла ідэя стварыць музей. На 1970-я - 1980-я гг. у Міёрскім раёне не было ніводнага музея. З прычыны адсутнасці ў школе памяшкання, першая экспазіцыя была створана ў калідоры школы, яна праз пэўны час, была разрабавана. У 1983 г. выступіў адным з ініцыятараў святкавання 350-годдзя Міёраў. Падрыхтаваў часовую экспазіцыю ў 2-х пакоях у былым будынку пошты, у якім месціўся аддзел культуры Міёрскага райвыканкама. Перадаў больш за 400 экспанатаў, сярод якіх манеты, кнігі, этнаграфічныя матэрыялы. З гэтага пачалося стварэнне раённага краязнаўчага музея. Аднак фінансаванне не было прадугледжана, матэрыялы пачалі раскрадацца.

У 1986 г. на аснове знойдзеных матэрыялаў стварыў краязнаўчы музей у СШ № 3. На 2008 г. асноўны фонд складае 15 тыс. экспанатаў. Многія экспанаты з'яўляюцца ўнікальнымі ў нашай краіне, нават ва Усходняй Еўропе, напрыклад, фальшывы арабскі дырхем Х ст., якога няма нават у Эрмітажы (СПб). За час існавання музея яго наведалі больш за 55 тыс. чалавек. На абласным тэлебачанні студыяй "Вясёлка" была падрыхтавана перадача пра дзейнасць гуртка (транслявалася 18.10. 1985 г.). у 2008 г. на аснове сабраных на Міёршчыне калекцый стварыў у СШ № 3 г. Міёры музей "Кнігі і друку", у фондзед якога знаходзяцца 3 тыс. экспанатаў. У бліжэйшых планах стварэнне музея адукацыі і этнаграфічнага музея. Калі для першага выдзелена памяшканне ў школе, то другі плануецца стварыць ў перавезенай сялянскай хаце і размясціць у двары вучэбнага корпуса.

Прыняў актыўны ўдзел у стварэнні экспазіцый Міёрскага, Глыбоцкага і Браслаўскага раённых краязнаўчых музеяў, перадаў туды шэраг знойдзеных матэрыялаў. У Браслаўскім музейным аб'яднанні і Міёрскім краязнаўчым музеі праводзілася дзве персанальныя выставы. Адмовіўся ад прапановы заняць пасаду дырэктара раённага музея (як у свой час ад аспірантуры), бо лічыць, што адміністрацыйная работа вымагае шмат часу. Аказаў дапамогу пры стварэнні шэрагу школьных музеяў раёна і вобласці. Перадаў туды частку знойдзеных у час разведак экспанатаў, даваў кансультацыі. Разам з Пацеенак Т.М. вядзе гісторыю СШ № 3 г. Міёр, якая на 2008 г. складае 8 тамоў.

Актыўны ўдзельнік конкурсаў, аглядаў музеяў, канферэнцый па школьным краязнаўстве. Гурток і музей штогод з'яўляецца пераможцам у абласных і рэспубліканскіх конкурсах. У 1998 г. дзякуючы грамадскай арганізацыі "Памяць і надзея" ездзіў у Вільню, дзе працаваў у аддзеле рукапісаў бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта. Знайшоў шмат матэрыялаў пра Дзісненскі павет. Асаблівую значнасць уяўляюць здымкі Яна Булгака, на якіх адлюстраваны помнікі архітэктуры, што не дайшлі да нашых дзён.

Адзін з арганізатараў канферэнцыі "Дзісненскія чытанні", якая прайшла ў Міёрах (1996). Матэрыялы, на жаль не былі выдадзены, з прычыны прыпынення дзейнасці фонду Дж. Сораса. Браў актыўны ўдзел у Браслаўскіх чытаннях (1994, 1997, 2000, 2003), навукова-краязнаўчых чытанняў у г. Глыбокае (1991, 1999), канферэнцыі "Археалогія і гісторыя Полацкай зямлі" (1997), рэспубліканскіх школьных краязнаўчых чытаннях. Падтрымлівае цесныя сувязі з Браслаўскім краязнаўчым таварыствам імя О. Хэдэмана, Віцебскім абласным цэнтрам пазашкольнай працы з дзецьмі і падлеткамі.

Асноўныя кірункі даследавання: археалогія, этнаграфія, генеалогія, нумізматыка, архітэктура Міёршчыны і прылеглых рэгіёнаў. З улікам вялізнай колькасці сабраных матэрыялаў, адной з важных частак краязнаўчай працы Ермалёнка В. з'яўляецца апрацоўка сабраных матэрыялаў, афармленне экспанатаў, пэўныя змены ў экспазіцыі музея, апісанне лёсу экспанатаў, гісторыі знаходак, папулярызацыя гісторыі і культуры Беларусі, Віцебшчыны, Міёршчыны. Распрацаваў турыстычныя маршруты "Бронзавы, срэбны і залаты пярсцёнак Міёршчыны".

Аўтар артыкулаў у энцыклапедычныя выданні: "Энцыклапедыя Беларусі", "Энцыклапедыя гісторыі Беларусі". Адзін з аўтараў артыкулаў у гісторыка-дакументальнай хроніцы "Памяць" Міёрскага раёна (1998). Браў удзел у стварэнні гістарычна-дакументальных хронік "Памяць" Глыбоцкага і Браслаўскага раёнаў. Мае шэраг артыкулаў у зборніках "Браслаўскія сшыткі", "Albarutenica". Аўтар больш за 150 артыкулаў публікацый у рэспубліканскім і мясцовым перыядычным друку: "Труд", "Настаўніцкая газета", "Краязнаўчыя газета", "Народнае слова", "Сцяг працы", "Міёрскія навіны", "Павет" і інш. Аўтар камплекту паштовак "Турыстычныя маршруты Міёршчыны". Першы артыкул напісаў у раённую газету "Сцяг працы" у 1977 г. па выніках раскопак ў в. Махіроўцы. З гэтага часу стаў актыўна пісаць ў газету, з мэтай актывізаваць цікавасць да гісторыі краю. Рэцэнзіі на дзейнасць В.А. Ермалёнка, ягонага гуртка "Арганаўты мінулага", Народнага музея СШ № 3 змяшчаліся ў рэспубліканскіх і рэгіянальных выданнях. У асабістым архіве зберагаецца рукапіс "Наш край - Мёршчына" (120 аркушаў).

Займае актыўную грамадскую пазіцыю. Актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці па абароне помнікаў гісторыі і культуры праз чытанне лекцый, напісанне артыкулаў, выступленні на канферэнцыях, звароты ў дзяржаўныя органы. Браў удзел у выратаванні ад знішчэння археалагічных помнікаў: грунтовага могільніка ў в. Казлоўцы, курганных груп каля в. Кублішчына, Лясное, а таксама помнікаў архітэктуры: палаца ў в. Дзедзіна, капліцы ў в. Ідолта, касцёл і царквы ў Дзісне. З'яўляўся намеснікам Міёрскага раённага аддзялення БДТАПГіК, уваходзіў у склад Рэспубліканскай Рады БДТАПГіК, з'яўляўся сябрам Рэспубліканскага Савета Усебеларускай экспедыцыі "Наш край". Стваральнік Міёрскага раённага аддзялення ТБМ імя Ф. Скарыны. Дэлегат Устаноўчага з'езду ТБМ (1989). Дэлегат Усесаюзнага з'езду настаўнікаў у Маскве (1988), дэлегат Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць (2000).

Мае высокія маральныя якасці. Лічыць, што на ўроках, у музейных экспазіцыях трэба паказваць не веліч мінулых бітваў і іх палкаводцаў, якія б яны не былі, а разбуральны, антымаральны характар войнаў. Ваенна-патрыятычнае выхаванне - гэта перш за ўсё патрыятычнае выхаванне беларуса для Беларусі, а не дзеля гатоўнасці ваяваць і забіваць дзеля нечых інтарэсаў. Асновы беларускага патрыятызму - у веданні таго багацця культуры, традыцый і звычаяў, якія жывілі наш народ, не далі яму загінуць у змрочныя стагоддзі прыгнёту.

Сяргей Панізнік прысвяціў верш В. Ермалёнку.


"Праўду ў вас бяру..."

(З прамовы вялікага князя Вітаўта).

В.А. Ермалёнку, міёрскаму краязнаўцу, музейніку, лаўрэату прэміі "За духоўнае адраджэнне"


Скарбы збіраю

ў музейныя соты.

Зведалі даўнасці

моцны няктар

І альпіністы на ўсе ўзвысоты,

І арганаўты на кожны папар.

Рэчаў няіснасць...

А ў нас Рэчаіснасць.

Мы ёсць напраўду.

Па сутнасці. Вось -

Кнігі, кнігі,

якія далі нам агністаць;

Сімвал імклівай

крутлівасці - вось...

Мы з незамшарных

абшараў, дапраўды!

Бог і ратай мацярык бераглі.

Праўды даю:

мы з дзівоснае наўды;

Нельга ў музеі сказаць:

"Не маглі" .

Тут наша першына,

зрух у народы,

Выпас вякоў і цана працадня...

З потам,

з крывёю былі ўзнагароды:

Іх на выславу вяртае радня.

Посулы, клятвы,

зарокі, згрызоты...

Духу прытул тут

з прысягай: "Набудзь!"

Праўду збіраю

ў музейныя соты, -

Каб на спажыў,

а не ў лапці абуць.


Творы:

Кніга: Очарование Миорского края / Ермалёнок В.А., Боголей П.И. - Новополоцк: О.В. Молодечкин, 2007. - 50 с. (А4). - С. 6-29.

Артыкулы ў энцыклапедычных выданнях і кнігах "Памяць": Міёры // ЭГБ. Т. 5. - С. 131; Міёры // БЭ. - Т. 11. Мн., 2000. - С. 334; Тадэвуш Даленга-Мастовіч Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Глыбоцкага раёна. - Мн.: БелЭн, 1995. - С. 167-168; Г. Дмахоўскі - паўстанец і скульптар з Забалоцця // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Браслаўскага раёна. - Мн., 1998. - С. 184-185; Аб будаўніцтве порту ў Друі // Тамсама. - С. 261-262; Бяроза на могілках // Тамсама. - С. 422; Несціханы боль праз гады // Тамсама. - С. 574-575; Зямля нашых продкаў // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Міёрскага раёна. - Мн.: Беларус. навука, 1998. - С. 27-31; Вывучэнне сівой мінуўш-чыны // Тамсама. - С. 32-33; Таямніцы могільніка Казлоўцы // Тамсама. - С. 34-36; Паўстанец і скульптар з Забалоцця // Тамсама. - С. 101-105; Паўстанне 1863 года на Дзісен-шчыне // Тамсама. - С. 110; Сведка падзей незабыўных // Тамсама. - С. 158; Слова аб чырвоным кулямётчыку // Тамсама. - С. 168-169; "Беларускі цар" // Тамсама. - С. 196-198; Арцімовіч Станіслаў // Тамсама. - С. 525; Савіч-Забалоцкі Вайніслаў // Тамсама. - С. 535-339; Смірын Маісей // Тамсама. - С. 538-539; Яленскі Пётр // Тамсама. - С. 550; З гісторыі касцёлаў Міёрах // Тамсама. - С. 566-567; Сядзіба ў Забалацці // Тамсама. - С. 568; Сядзібаў Міжрэччы // Тамсама. - С. 569-570; Сядзіба ў Крычаве // Там-сама. - С. 571-573; Гісторыка-краязнаўчы музей СШ № 3 // Тамсама. - С. 586-587; З гісторыі вёскі Узмены // Тамсама. - С. 608-611.


Размясціў сотні артыкулаў ў зборніках артыкулаў, у рэспубліканскім і мясцовым друку, некаторыя з іх: Генерал Булак-Булаховіч - хто ён? // Браслаўскія чытанні. Матэрыялы ІІ-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 925-годдзю Браслава (1065-1990) 16-17 лютага 1991 г. / навук. рэд. М.А. Ткачоў. - Браслаў: Браслаўскі філіял Пастаўскай узбуйнёнай друкарні, 1991. - С. 20-21; Спадчына В. Ластоўскага // Беларусіка. Мн., 1994; Да пытання будаўніцтва порту у Друі ў 1934-38 гг. // Браслаўскія чытанні. Матэрыялы ІІІ-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі, прысвечанай 200 угодкам паўстання 1794 года. 21-22 красавіка 1994 г. - Браслаў: Браслаўскі філіял Пастаўскай узбуйнёнай друкарні, 1994. - С. 23-26; Аўгуст Адлер з Друі і яго выданні // Браслаўскія чытанні. Матэрыялы ІV-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі, 24-25 красавіка 1997 г. - Браслаў, 1997. - С. 86-90; Арганаўты з Міёраў // Наш край. - 1996. - № 8; Улік і апрацоўка экспанатаў школьнага музея // Зборнік матэрыялаў па дзейнасці музеяў навучальных устаноў Віцебскай вобласці. Віцебск, 1998; Публіцыстыка Я. Купалы на ўроках гісторыі ў сярэдняй школе // Я. Купала - публіцыст. Зборнік артыкулаў. Мн., 1998; 1919 г. // СП. - 1977. - 5.03.; Таямніцы роднага краю // СП. - 1977. - 5.11.; Паўстанне 1831 г. на Дзісненшчыне // СП. - 1978. - 3.06.; Перабродзе // СП. - 1979. - 4.12; Новыя знаходкі. // СП. - 1982. - 24.07 і шмат іншых.

Паводле даведніка Мікалая Півавара . Краязнаўцы Віцебшчыны 2-й паловы ХХ - пач. ХХІ ст.


Баранавіцкая школьніца перамагла на міжнароднай алімпіядзе па расейскай мове з сачыненнем пра беларускую мову

На міжнароднай алімпіядзе па расейскай мове перамагла баранавіцкая дзевяцікласніца, якая напісала сачыненне… пра беларускую мову! І паступіла ў расійскую ВНУ за два гады да паступлення, апавядае газета Інтэкс-прэс.

Міжнародная алімпіяда па расейскай мове для краін СНД, Балтыі, Грузіі, Абхазіі і Паўднёвай Асеціі прайшла ў Маскве з 23 па 27 чэрвеня. У каманду Беларусі ўвайшлі 10 чалавек, у тым ліку выпускніца 9 класа баранавіцкай гімназіі №2 Юлія Емельяновіч.

У алімпіядзе было тры абавязковыя этапы - сачыненне, вусны лінгвістычны іспыт і іспыт па расейскім краіназнаўстве. Юлія набрала найвышэйшы бал у сваёй камандзе і стала адной з пяці пераможцаў у намінацыі "абсалютны пераможца".

Цікава, што баранавіцкая ўдзельніца на алімпіядзе па расейскай пісала сачыненне… пра беларускую мову.

- Я выбрала вольную тэму "Я хачу расказаць вам пра…" і пісала пра беларускую мову. Для мяне гэта блізкая тэма, я распавядала ў сачыненні пра фанетычныя асаблівасці, пра гісторыю мовы, рэформы, пра тое, што ў ёй ёсць два алфавіты, дзве арфаграфічныя сістэмы, а таксама пра сучасную папулярызацыю сярод моладзі і інтэлігенцыі, - распавяла Юлія.

У гэтым годзе дзяўчына наведвала беларускамоўныя курсы "Мова нанова" у Баранавічах, пачала размаўляць па-беларуску. Зрэшты, яна захапляецца і іншымі мовамі.

- Я вывучаю расейскую, англійскую, нямецкую, польскую, лічу, што мовы вельмі важныя. Як казаў Вальтэр, "ведаць шмат моў - значыць мець шмат ключоў да аднаго замка", - кажа яна.

За перамогу Юля атрымала магчымасць бясплатна вучыцца ў любой расейскай ВНУ. Яна кажа, што хутчэй за ўсё, скарыстаецца гэтым, аднак з'язджаць назаўжды з Беларусі не хоча.

- Плюс у тым, што Расія ўваходзіць у Балонскі працэс, і мой дыплом будзе каціравацца ва ўсім свеце. Пасля ўніверсітэта я б хацела паехаць папрацаваць у Еўропе, а потым вярнуцца ў Беларусь, ажыццяўляць і развіваць культурныя ідэі, напрыклад, папулярызацыі беларускай мовы як сродку міжславянскіх зносін, - кажа Юлія.

intex-press.by.


Яшчэ адна абарона дыплома па-беларуску

Усё часцей студэнты пішуць дыпломы на роднай мове. Сяргей Грынюк са Слуцка навучаўся ў прыватным Гуманітарна-эканамічным інстытуце. Ён вырашыў пісаць дыплом на мове продкаў, не гледзячы на тое, што ў жыцці рускамоўны.

Як кажа ён сам: "Раней я чытаў пра тое, як хлопцы абараніліся на мове на 10 і таксама падумаў, што для мяне гэта будзе правільна".

Сяргей па адукацыі палітолаг. Для дыплома абраў тэму "Нацыяналізм у ХІХ ст. Развіццё канцэпцый":

- Канечне, давялося перакладаць шмат што, бо матэрыялаў па-беларуску мала. Здзівіў недахоп адпаведнай літаратуры ў Нацыянальнай бібліятэцы, дзе ў асноўным былі кнігі напісаныя савецкімі навукоўцамі, а яны, як вядома, маюць ідэалагізаваную афарбоўку і выкарыстоўваць іх нельга.

Што тычыцца самой абароны, то тут хлопца сустрэлі на "ўра".

- У камісіі прысутнічалі два чалавекі не з нашага інстытута. Вось яны і задавалі шмат пытанняў, імкнуліся "падлавіць" і праверыць ці валодаеш ты тэмай. Калі прадстаўнік камісіі пабачыў мой беларускі тэкст, то ўсклікнуў: "О! Я хоць паразмаўляю", - і перайшоў на мову. Мне, мабыць, задалі больш пытанняў, чым каму і пасля адзначылі, што мая абарона - прыклад таго, як трэба валодаць тэмай. Было вельмі прыемна.

Вольга Гарапучык.



У ліпені сядзіба ТБМ працуе з панядзелка па чацвер з 16.00 да 18.00


"Вішнёвы фэст" у Глыбокім

19 ліпеня ў Глыбокім прайшоў другі "Вішнёвы фэст". Сёлета ён праводзіўся ў скарочаным варыянце - яго праграма разлічана на адзін дзень, у той час, як летась фэст працягваўся восем дзён.

Свята пачалося каля помніка Глыбоцкай вішні, які быў усталяваны ў мінулым годзе. Адтуль святочнае шэсце рушыла на Цэнтральную плошчу, дзе і праходзіць свята.

Сярод адметнасцяў сёлетняга фэсту - біццё памятных манет. Першы раз манеты білі ў Глыбокім на 600-годдзе горада, людзі ахвотна іх набывалі, таму гэты занятак будзе мець перспектыву.

Таксама ахвотныя маглі прадэгуставаць вішнёвае віно "Маршан", якое выпускае мясцовы вінзавод у Падсвіллі.

Еўрарадыё.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Сакалоўскі Віктар - 200000 р., г. Ваўкавыск

2. Анатоль Краўчанка - 200000 р., г. Менск

3. Шкірманкоў Фел. - 100000 р., г. Слаўгарад

4. Дземідовіч Соф'я - 50000 р., в. Мікалаеўшчына

5. Касцюкевіч Зміцер - 100000 р., г. Чэрвень

6. Несцераў Віктар - 100000 р., г. Менск

7. Філіповіч Станіслава - 50000 р., г. Менск

8. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск

9. Вяргей Валянціна - 50000 р., г. Менск

10. Вяргей Аляксандра - 50000 р., г. Менск

11. Ягушаў Алег - 100000 р., г. Менск

12. Шкірманкоў Фел. - 100000 р., г. Слаўгарад

13. Надзея Барт-Юрэвіч - 50 еўра, Германія

4. Аляксандровіч Разалія - 100000 р., г. Менск

15. Пухоўская Юлія - 50000 р., г. Менск

16. Данілік Віктар - 50000 р., г. Менск

17. Кісель Аляксандр - 80000 р., г. Гомель

18. Мануленка Ўладзімір - 50000 р., г. Менск

19. Бусакова Т.Е. - 310000 р., г. Магілёў

20. Глебік Юры - 200000 р., г. Свіслач

21. Чайкоўскі Павел - 100000 р., г. Менск

22. Кухаронак Аляксандр - 80000 р., г. Смілавічы

23. Ляснеўская Алена - 100000 р., г. Менск

24. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

25. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

26. Давідоўскі Ігар - 50000 р., г. Менск

27. Кароткі Мікола - 50000 р., г. Смілавічы

28. Ткачук Л.М. - 200000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Першы беларускамоўны журналіст і выдавец

Шмат у якіх выданнях як беларускіх, так і польскіх, паведамляецца, што першыя беларускія газеты з'явіліся пасля 1905 г. Пры гэтым даследчыкі забываюць пра выданне Кастуся Каліноўскага - "Мужыцкую праўду", першую нелегальную газету на добрай беларускай мове, надрукаваную "лацінкай", першы нумар якой з'явіўся ў сярэдзіне 1862 г. Не выпадкова, што беларускі даследчык, які жыве ў Маскве, Аляксей Каўка, называе Каліноўскага першым беларускім палітычным дзеячом Новага часу.

Летась і сёлета грамадскасць краін-спадкаемцаў Рэчы Паспалітай адзначае 150-ыя ўгодкі з нагоды паўстання 1863-1864 гг. У Польшчы і Літве гэтыя даты адзначаюць на высокім дзяржаўным узроўні, Украіне зараз не да ўгодкаў праз сённяшні глыбокі ваенны і эканамічны крызіс, а ў Беларусі юбілей пераважна адзначаецца на грамадскім узроўні. Найбольшая ўвага пры гэтым надаецца кіраўнікам паўстання і асабліва постаці Канстанціна (Кастуся) Каліноўскага.

Пасля задушэння паўстання і пакарання смерцю Канстанціна Каліноўскага царскія ўлады праводзілі вялікую ідэалагічную працу па дыскрэдытацыі Каліноўскага, называлі яго сепаратыстам, сцвярджалі, што ён хацеў адарваць Беларусь ад "рускага сямейства" і далучыць яе да Польшчы. У Варшаве таксама лічылі гэтае паўстанне толькі польскім і шляхецкім. Каліноўскага залічылі ў шэрагі польскіх патрыётаў, які ўсё ж стаў раскольнікам, што не хацеў бяздумна выконваць загады і пастановы Цэнтральнага нацыянальнага камітэта.

Таму не выпадкова, што ў першай беларускай версіі гісторыі нашага народа, напісанай у 1910 г. у Вільні Вацлавам Ластоўскім, паўстанне называецца польскім, а імя Каліноўскага зусім не згадваецца. Аднак гісторык піша, што падчас польскіх паўстанняў паўстанцы звярталіся да беларускага народа з заклікамі на беларускай мове.

Цікава, што Ластоўскі не вызначае нацыянальную прыналежнасць гэтых паўстанцаў, а таксама тых аўтараў, якія ў першай палове - сярэдзіне ХІХ ст. пачалі пісаць па-беларуску. Аднак паведамляючы, што ў 1840 г. у Парыжы выйшла кніга Рыпінскага "Беларусь", Ластоўскі дае ёй і яе аўтару вельмі цікавую характарыстыку: "Кніжка гэта ў сваіх поглядах зусім польская, але аўтар тэрытарыяльна лічыў сябе за беларуса" .

Ад сябе трэба дадаць, што Рыпінскі ўпершыню называе нашую зямлю не "Літва", як яго сучаснік Адам Міцкевіч, а менавіта "Беларусь".

Справядліва і тое, што ў юбілейны год паўстання ў Беларусі вельмі зацікавіліся літаратурнай спадчынай і Адама Міцкевіча. На сцэне Нацыянальнага Купалаўскага тэатра з поспехам была пастаўлена тэатральная інтэрпрэтацыя твору нашага славутага земляка "Пан Тадэвуш" у інсцэніроўцы Сяргея Кавалёва, а пастаноўшчыкам спектакля стаў Мікалай Пінігін.

Спектакль выклікаў шмат крытычных публікацый, у якіх зноў пачалі разглядаць нацыянальнасць Адама Міцкевіча. Адны сцвярджаюць, што Міцкевіч - гэта польскі нацыянальны геній з беларускімі каранямі, іншыя спасылаліся на польскага даследчыка Станіслава Піганя, які пісаў, што Міцкевіч адчуваў сябе ліцвінам, шчыльна звязаным з "роднай Наваградскай зямлёй". На старонках газеты "Народная воля" беларускі пісьменнік і літаратар Сямён Букчын лічыць, што "не трэба займацца дзяльбой Міцкевіча, а прымаць яго такім, якім ён ёсць".

Нашу краіну, якая існавала ў часы Адама Міцкевіча, Букчын называе "Літва-Беларусь" і гэта, на нашу думку, зусім не выпадкова. У сярэдзіне ХІХ ст. пасля паўстання 1830-1831 гг. частка беларускай шляхты пад уплывам ідэй рамантызму пачала актыўна звяртацца да сваіх нацыянальных вытокаў, якія ляжаць у гісторыі ВКЛ, а не Польшчы, як складовай часткі больш позняга дзяржаўнага ўтварэння Рэчы Паспалітай, дзе ў XVIII ст. запанавала польская мова і культура.

І тут на першае месца выходзяць мясцовыя гісторыкі, археолагі і краязнаўцы. Варта адзначыць дзейнасць у гэтым кірунку Яўстафія Тышкевіча, які ў 1848 г. звярнуўся да віленскага генерал-губернатара з прапановай стварыць музей у Вільні на аснове яго прыватнай калекцыі. Пасля падтрымкі генерал-губернатарам І. Т. Бібікавым гэтую ідэю ўхваліў і імператар Мікалай І - і ў красавіку 1855 г. у зале публічных паседжанняў былога Віленскага ўніверсітэта музей быў урачыста адкрыты. Сам Тышкевіч лічыў, што ў музеі паказаны не мясцовыя помнікі старажытнасцяў, а менавіта "літоўска-рускія". Пад словам "Віленскі музей" Тышкевіч разумеў збор рэчаў, якія распавядаюць пра жыццё і дзейнасць "літоўска-рускага народа".

Даследчык музейнай справы Беларусі Аляксандр Гужалкоўскі лічыць, што гэтыя выказванні Яўстафія Тышкевіча сведчаць аб першых спробах нацыянальнай самаідэнтыфікацыі ў музейнай справе Беларусі.

Адкрыццё музея менавіта ў Вільні, былой сталіцы ВКЛ, было справай невыпадковай. Нават не гледзячы на часы русіфікацыі цягам ХІХ ст., перабудову касцёлаў у праваслаўныя цэрквы, закрыццё ў 1832 г. Віленскага ўніверсітэта, горад становіцца для жыхароў былога ВКЛ сімвалам мінулага хараства страчанай дзяржавы. За Вільняй замацоўваецца статус святыні, помніка нацыянальнай культуры ў першую чаргу для гістарычных ліцвінаў, характэрным прадстаўніком якіх быў Адам Міцкевіч - удзельнік польскамоўнага ліцвінскага руху, што працягваўся да канца ХІХ - пачатку ХХ ст. З 1883 г. пачалося літоўскае (альбо літувіскае) адраджэнне, калі ва Усходняй Прусіі з'явілася іх першая газета "Auszra". Літоўская інтэлігенцыя таксама пачала прэтэндаваць на Вільню, як на сваю спрадвечную гістарычную спадчыну.

Пачынальнікам жа беларускага адраджэння лічаць Францішка Багушэвіча, які таксама жыў і працаваў у Вільні з 1884 да 1898 г. адвакатам у Акруговым судзе, што мясціўся ў былым палацы Тышкевічаў. Якраз на Віленскі перыяд жыцця прыпадае большая частка літаратурнай дзейнасці Багушэвіча.

Дык кім тады быў Канстанцін Каліноўскі: польскім патрыётам, які пісаў па-беларуску, каб прыцягнуць на свой бок беларускіх сялян, ліцвінам з беларускімі каранямі ці першым беларусам, які ўпершыню заклікаў да незалежнасці нашага народа ад заваёўніка-"маскаля"?

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі і стварэння БССР імя Каліноўскага было рэабілітавана, і яго постаць трывала прапісалася ў беларускім мастацтве і гісторыі. Даследчык беларускай драматургіі Сцяпан Лаўшук выдзяляе пяць уваскрашэнняў Каліноўскага ў беларускай драматургіі. Гэта п'еса "Кастусь Каліноўскі" Е. Міровіча, дакументальны фільм П. Шамшура "Кастусь Каліноўскі", трагедыя ў трох актах, трынаццаці карцінах "Кастусь Каліноўскі. Смерць і неўміручасць" У. Караткевіча, драматычная паэма А. Куляшова "Хамуціус" і філасофская драма "Кастусь Каліноўскі" Э. Скобелева.

Постаць Канстанціна Каліноўскага трывала прапісалася на старонках падручнікаў па гісторыі БССР як школьных, так і для ВНУ. Возьмем у рукі першы том "Гісторыі Беларускай ССР" пад рэдакцыяй Уладзіміра Перцава, Канстанціна Шабуні і Лаўрэна Абэцэдарскага, выдадзены ў Менску ў 1954 г.

Канстанціну Каліноўскаму тут прысвечаны цэлы параграф (с. 276-279). Спачатку паведамляецца, што Каліноўскі нарадзіўся ў сям'і беларускага дробнага шляхціца. Яго погляды, на думку аўтараў, фармаваліся пад уплывам "вялікіх рускіх рэвалюцыяне-раўдэмакратаў Бялінскага, Чарнышэўскага, Дабралюбава і Герцана. Менавіта з герцанаўскага "Колокола" Каліноўскі запазычыў свае рэвалюцыйна-дэмакратычныя погляды, у тым ліку і па "польскім пытанні".

Герцан прызнаваў правы Польшчы на незалежнасць ад Расіі. Але ён не пагаджаўся з кіраўніцтвам польскага паўстання аб аднаўленні Польшчы ў межах 1772 г. і лічыў, што беларусы, літоўцы і ўкраінцы маюць права на ўласнае вырашэнне свайго лёсу. Аўтары "Гісторыі Беларускай ССР" сцвярджалі, што "гэтыя погляды Герцана засвоіў і падзяляў Каліноўскі, і з гэтых пазіцый ён змагаўся з польскімі нацыяналістамі" . Далей на с. 283 яны паведамлялі наступнае ( на мове арыгінала ): "В решении вопроса о будущем Беларуси и Литвы он (Каліноўскі - А.Т. ) разделял взгляды Герцена, защищая право белорусского народа на самотоятельное решение его судьбы после свержения самодержавия" . З далейшых іх выказванняў, можна было падумаць, што Каліноўскі марыў пра стварэнне БССР у складзе СССР, бо раней, на ст. 282 яны пісалі наступнае: "Впоследствии белорусские буржуазные националисты, стремясь прикрыть именем Калиновского свои контреволюционные замыслы оторвать Белоруссию от Советского Союза, приписывали ему мысль о создании Литовско-Белорусской республики, оторванной от Росии. Однако в действительности у него (Каліноўскага - А.Т. ) н е было таких стремлений".

Цікава, што бальшавікі ў 1919 г. такую дзяржаву, фармальна незалежную ад Расіі і стварылі, назваўшы яе "Літоўска-Беларускай ССР".


Прывядзём яшчэ некалькі прыкладаў, прычым на мове арыгінала. Пачнём са школьнага падручніка па гісторыі БССР 1976 г. выдання пад рэдакцыяй Абэцэдарскага: "Революционер-демократ Константин Калиновский. Борьбу белорусских крестьян против помещиков поддержали революционеры-демократы во главе с выдающимся сыном белорусского народа Константином Калиновским.

Константин Калиновский (настоящее имя Калиновского - Викентий-Константин) родился 21 января 1838 г. в имении Мостовляны Гродненского уезда. Отец его, шляхтич по происхождению, имел небольшую ткацкую мастерскую. Детство свое Калиновский провел в деревне, среди крестьян. Он хорошо знал их горе, страдания и бесправие. Окончив Свислочское уездное училище, Калиновский в 1856 г. поступил на юридический факультет Петербургского университета. Родители не помогали ему.

В это же время революционная организация, которую возглавлял Калиновский, стремилась поднять на вооруженную борьбу белорусских крестьян и объединить их силы с польскими повстанцами. На Гродненщине, где повстанческим движением руководил Калиновский, крестьяне в отдельных случаях присоединялись к отрядам польских повстанцев. Но поднять белорусское крестьянство на вооруженную борьбу Калиновскому и другим революционерам-демократам не удалось."

"Калиновского схватили. На допросах он держался мужественно, никого из своих товарищей не выдал. Царский суд приговорил его к смертной казни через повешение. Зная о приговоре, он написал в тюрьме свое последнее письмо. В нем Калиновский призывал народные массы к борьбе: "Воюй, народ, за свое человеческое и народное право, за свою веру, за землю свою родную!"

Калиновского повесили 10 марта 1864 г. в Вильно. Стоя под виселицей, глядя на далекую толпу, Калиновский молча слушал, как читали приговор. Когда чиновник прочитал, что приговаривается к смертной казни "дворянин Викентий Калиновский", он крикнул: "У нас нет дворян, у нас все равны!" Это были его последние слова.

Костантин Калиновский, пламенный революционер-демократ, был борцом за свободу и счастье белорусского народа, за его светлое будущее."


Абэцэдарскі і яго памочнікі называлі Каліноўскага сынам беларускага народа, кіраўніком узброеных беларускіх сялян, які намагаўся аб'яднаць іх з польскімі паўстанцамі. З гэтых цытат вынікае, што тады Каліноўскага лічылі беларусам і кіраўніком беларускага, а не польскага, паўстання супраць царызму. А зараз возьмем у рукі падручнік для студэнтаў гістарычных факультэтаў ВНУ БССР (год выдання 1981).

"В Вильно в июле 1862 г. "красными" был создан Литовский провинциальный комитет для руководства восстанием на территории Литвы и Белоруссии. В комитет входили К. Калиновский (1838-1864), Л. Звеждовский, Ф. Рожанский, Э. Вериго. Комитет формально подчинялся Центральному национальному комитету. Он установил связи с тайной организацией "Земля и воля" и приступил к подготовке восстания: его члены собирали деньги для покупки оружия, собирали повстанческие отряды, создавали местные революционные организации в Гродно, Минске, Белостоке и других местах. Эти организации вели пропаганду среди населения, распространяли листовки, призывая присоединиться к национально-освободительной борьбе. Большинство членов организаций относились по своим взглядам к умеренным "красным". "Левую" часть повстанцев в Белоруссии возглавлял К. Калиновский. Он был выходцем из семьи обедневшего шляхтича Гродненской губернии, окончил Петербургский университет. К. Калиновский являлся членом тайного кружка выдающегося польского революционера С. Сераковского. Вместе с В. Врублевским и Ф. Рожанским Калиновский в 1862 - начале 1863 г. издавал газету "Мужицкая правда" (вышло всего 7 номеров), проникнутую революционно-демократическими идеями. Газета вскрывала крепостническую сущность реформы 1861 г., развенчивала веру крестьян в царя, воспитывала чувство интернационализма. Повстанческие организации вели агитацию в воинских частях, расквартированных на территории Белоруссии, распространяли среди солдат прокламации с призывами присоединиться к повстанцам, выступать вместе с народом против царя, за землю, за волю."

"Вожди повстанцев в большинстве были представителями "красных"; руководимые ими отряды выступали как выразители и защитники интересов крестьянства. Во всех селах и деревнях по пути своего продвижения повстанцы зачитывали крестьянам манифест и аграрные декреты, изданные Центральным национальным комитетом."


Тут даецца станоўчая ацэнка газеты "Мужыцкая праўда", якую выдаваў Каліноўскі, паведамляецца, што Літоўскі правінцыйны камітэт толькі фармальна падпарадкоўваўся Цэнтральнаму нацыянальнаму камітэту ў Варшаве.

Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі постаць Каліноўскага па-ранейшаму займала ганаровае месца ў нацыянальным пантэоне беларусаў. Была выпушчана паштовая марка з выявай героя, Вярхоўны Савет Беларусі зацвердзіў ордэн імя Каліноўскага. Але ў другой палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя сітуацыя змянілася. Змяніліся падручнікі па гісторыі Беларусі, зноў паднялі галаву прыхільнікі заходнерусізму і вось у 2008 г. з'яўляецца школьны падручнік для 10 класа пад рэдакцыяй Я.І. Трашчанка, дзе роля Каліноўскага падаецца зусім з іншых пазіцый: "Гістарыяграфічны міф пра Вікенція (Кастуся) Каліноўскага. З міфам пра "беларускі характар" паўстання звязана міфалагізацыя некаторых яго кіраўнікоў на тэрыторыі Літвы і Беларусі, у прыватнасці Вікенція Каліноўскага. Міф перайменаваў яго ў "Кастуся", хаця ў рэальнасці Вікенцій Каліноўскі сваім другім імем "Канстанцін" ні ў афіцыйнай дакументацыі, ні ў прыватнай перапісцы ніколі не карыстаўся. В. Каліноўскі быў прыхільнікам адраджэння федэрацыі Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага і лічыў сябе ліцвінам. Паводле этнічнай ідэнтыфікацыі ён быў палякам і ніколі не называў сябе беларусам. Як устанавіла сенацкая камісія, што прызнала шляхецтва сям'і Каліноўскіх, яны былі выхадцамі з карэннай польскай Мазовіі. Ніякіх аб'ектыўных падстаў для ператварэння В. Каліноўскага ў "нацыянальнага героя беларускага народа" не існуе."

"Што датычыцца Беларусі, то ў 1863 г. самастойным суб'ектам палітыкі яна яшчэ не выступала. Для расійскага ўраду Беларусь была Заходняй Расіяй, якая адрознівалася ад Цэнтральнай толькі польскім землеўладаннем, уплывам каталіцызму і яўрэйскай мяжой аседласці. Так успрымала яе мясцовая інтэлігенцыя праваслаўнай арыентацыі, якая складала рух заходнерусізм. Для Польшчы, якую марылі адрадзіць мяцежнікі, Беларусь была "крэсамі ўсходнімі", усходнімі ўскраінамі. Для праваслаўнага беларускага народа месца ў ёй увогуле не прадугледжвалася".


Такім чынам, практычна была паўторана царская версія паўстання 1863-1864 гг., а Каліноўскі стаў ліцвінам польскага паходжання.

Не гледзячы на гэта беларуская грамадскасць у мінулым і гэтым годзе шырока адзначыла юбілей паўстання не толькі ў Менску, але і па ўсёй краіне. Апошнюю кропку ў спрэчцы заходне-русістаў і беларускіх патрыётаў аб паходжанні і самасвядомасці Каліноўскага паставіла публікацыя на гэтую тэму доктара гістарычных навук Валянціна Голубева. На старонках Беларускага гістарычнага часопіса навуковец упершыню цалкам надрукаваў на мове арыгінала паказанні аднаго з удзельнікаў паўстання Вітольда Парфіяновіча, дзякуючы якім царскія жандары схапілі Каліноўскага (2013 г., №12).

Па-першае, царскія следчыя ніколі не называлі Каліноўскага Вікенціем, а толькі Канстанцінам, што цалкам пярэчыць выказванням Абэцэдарскага і Трашчанка.

Па-другое, следчыя дакладна зафіксавалі пароль паўстанцаў "Люблю Беларусь". Менавіта "Беларусь", а не "Белоруссию", ці "Літву", або "Польшчу".

І гэта ў той час, калі тэрмін "Беларусь" быў забаронены Мікалаем І задоўга да паўстання.

Што здарылася ў свядомасці Каліноўскага і яго прыхільнікаў? Гэта выхад на палітычную сцэну беларускага сялянства, якое ў 1861 г. нарэшце пазбавілася прыгону. Сяляне сталі юрыдычна роўнымі з іншымі класамі беларускага грамадства і гэта першым падтрымаў менавіта Каліноўскі, калі перад гвалтоўнай смерцю публічна адмовіўся ад свайго шляхецтва і стаў першым свядомым палітычным беларусам, які любіў і Беларусь, і беларускі народ. Пасля паўстання выразнікамі новай мадэрновай беларускай нацыі сталі разам з сялянамі і мяшчанамі і беларускія шляхціцы, якія падчас перапісу 1897 г. пазначалі роднай мовай не польскую (якую дакладна ведалі), а менавіта беларускую. Сярод іх былі і магнаты, напрыклад, Раман Скірмунт ці Магдалена Радзівіл.

Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук.


Рэстаўрацыя старадаўняга аргана Фларыяна Астрамецкага

Лета кліча ў дарогу, заве ў вандроўкі па родным краі. У адным з такіх падарожжаў мы зноў наведалі мястэчка Вішнева ў Валожынскім раёне.

Адсюль родам Шымон Перас, з гэтым мясцінаў паходзіць жонка Янкі Купалы Ўладзіслава Францаўна. Дамінантай мястэчка з'яўляецца касцёл на беразе шырокай, але зарослай чаратамі рэчкі Альшанкі. Ён быў пабудаваны ў 1641 годзе на сродкі графа Юрыя Храптовіча на месцы былога драўлянага храма. Гэты храм асвечаны ў гонар свята Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй св. Альжбэты.

У ХVІІІ стагоддзі храм быў дапоўнены бакавымі капліцамі, якія надалі яму выгляд крыжа. Убранства касцёла непаўторнае сваёй дэкаратыўнай драўлянай скульптурай, якую рабілі народныя майстры, і гіпсавай скульптурай, накладной арнаментальнай разьбой па дрэве, мастацкай коўкай, датаванай яшчэ 1619 годам, фрэскавымі пано. Цудоўныя рысы спалучаюць стылёвыя якасці рэнесансу, маньерызму, ранняга і позняга барока і ракако.

Касцёл цудам ацалеў ад войнаў і разбурэнняў, не быў зачынены ў савецкія часы. Бесперапынна ў ім служылі святары. У касцёле вядзе рэстаўрацыйныя працы і піша новыя выявы мастак А. Пушкін.

У святыні знаходзіцца старадаўні арган, які быў створаны ў 1907 годзе віленскім майстрам Фларыянам Астрамецкім. Рэканструкцыяй аргана займаецца спецыяліст з Вялікага тэатра оперы і балета з Масквы Дмітрый Раманавіч Лотаў. Больш за 30 гадоў ён даглядае музычныя інструменты, у тым ліку, арганы. Акрамя гэтага ён з'яўляецца святаром лютаранскай супольнасці ў Маскве.

- Інструмент не ў вельмі добрым стане. Шмат бруду і пылу давялося змыць з яго, некаторыя дэталі згубленыя. Праца па аднаўленні яго не такая рамантычная, як здаецца, а даволі цяжкая. На рэканструкцыю спатрэбіцца некалькі гадоў. Неабходныя новыя дэталі. Мне давялося весьці рамонт арганаў у Камаях, Лучаі, у Чырвоным.

Арган у Вішнеўскім касцёле быў усталяваны ў 1907 годзе. Майстар Фларыян праслухоўваў кожную трубачку перад тым, каб уладкаваць інструмент на вякі. З Вільні прыехаў разам з ім арганіст, які выканаў музычную партыю на нядзельнай імшы. Люд мястэчка запоўніў будынак і ўслухоўваўся ў глыбокія і ўрачыстыя гукі аргана.

Звесткі пра майстра Фларыяна Астрамецкага засталіся ў літоўскай музычнай літаратуры. Сам ён знік у віры войнаў і рэвалюцый, а яго духавы інструмент будзе служыць ужо другое стагоддзе. Памяць пра добрыя справы чалавечыя жыве… І вось чалавек з біблійным прозвішчам Лотаў вызваляе інструмент з занядбання і пылу.

Арган - адзін са старажытных музычных інструментаў. Яго гісторыя налічвае некалькі тысяч гадоў. Майстэрства будавання арганаў развілося ў Італіі, а пазней - у Германіі. Шырокае распаўсюджанне ў Еўропе духавы інструмент атрымаў у сярэдзіне XIV стагоддзя. Сярэднявечныя арганы ў параўнанні з пазнейшымі былі з шырокімі клавішамі. У ХV стагоддзі клавішы былі паменшаны, і павялічана колькасць труб.

Музыку для аргана пісалі дзесяткі еўрапейскіх кампазітараў: Іаган Себасцьян Бах і Феранц Ліст, Георг Фрыдрых Гендаль, Вольфганг Амадэй Моцарт, Джавані Палестрына, Джыралама Фрэскабальдзі і іншыя.

Рэпертуарнае багацце арганнай музыкі вызначаецца тымі абставінамі, што на пра-цягу стагодзяў арган з'яўляўся асноўным музычным інструментам, які выкарыстоўваўся ў богаслужбовай практыцы краін Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

- Касцёл - наша нацыянальная спадчына. Мы павін-ны яго даглядаць, трымаць у належным стане, захоўваць як духоўны скарб і як помнік архітэктуры, - адзначыў ксёндз-пробашч Юзаф Мільдзюк. - Мы звярталіся ў Міністэрства культуры Беларусі з просьбай выдаткаваць сродкі на рэканструкцыю аргана і атрымалі адмову. Вырашалі, што будзем рабіць усё з дапамогай мясцовых жыхароў і ахвярадаўцаў.

Сродкі на рамонт аргана можна пераказваць па адрасе:

222343, Мінская вобл, Валожынскі раён, Вішнева, касцёл Адведзінаў св. Альжбэты Найсвяцейшай Паннай Марыяй, ксендзу - пробашчу Юзафу Мільдзюку.

Э. Дзвінская. Фота К. Гарэцкага: 1. Касцёл Адведзінаў св. Альжбэты Найсвяцейшай Паннай Марыяй; 2. Барокавае ўбранства касцёла; 3. Дзмітрый Лотаў рэстаўруе арган.


Мой цвік

11 ліпеня 2014 года ў перыяд летняга тусовачнага зацішша ў кнігарні "Галіяфы" адбылася прэзентацыя дэбютнага зборніка прозы Аляксея Палачанскага "Мой цвік".

Яго кніга прыклад маладой беларускай прозы, дзе ўздымаюцца праблемы сучаснасці праз унутраны свет лірычнага героя і персанажаў апавяданняў. Насычанасць тэкстаў разважаннямі і сканцэнтраванасць на ўнутраных спробах зразумець сябе ў гэтым свеце ствараюць атмасферу адчужанасці і разгубленасці, што набліжае дэбютную кнігу А. Палачанскага да такіх кірункаў у літаратуры як экзстэнцыялізм і экспрэсіянізм.

Наклад літаратурна-мастацкага выдання 500 асобнікаў, а кошт 76 тысяч рублёў.

Падчас імпрэзы аўтар прачытаў адрыўкі са зборніка, распавёў пра свае творчыя планы і нават зайграў у складзе гурта Laudans. Гасцямі вечарыны былі Ірына Шамко, Зміцер Калейчык і Юрась Ускоў.

Кніга хутка чытаецца. Рэдактар кнігі - славутая Вольга Гапеева, а адказны за выпуск - Зміцер Вішнёў. На вокладцы выкарыстана карціна Васіля Пачыцкага "Аўтапарт-рэт".

Спадзяёмся, што кніга зацікавіць шырокае кола чытачоў, а асабліва беларускую моладзь.

Аляксей Шалахоўскі.


"Будзьма!"

28 ліпеня (панядзелак) адбудуцца заняткі "Гісторыя на вакацыях" з Алегам Трусавым.

Пачатак - 18. 00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.


Глыбокае дыханне

Кніга Паўла Севярынца "Беларуская глыбіня" была прэзентавана ў Менску 11 чэрвеня. Яна выйшла ў 2014 годзе ў серыі "Кнігарня пісьменніка" (пры падтрымцы Саюза беларускіх пісьменнікаў) у выдавецтве "Логвінаў". Прэзентацыі паспяхова прайшлі ў Барысаве, Оршы і Магілёве.

Твор духоўнага і публіцыстычнага характару, сугучны раней выдадзеным кнігам "Люблю Беларусь", "Лісты з лесу" , " Брату", пераконвае, што веданне сваіх глыбокіх каранёў ў гісторыі, веры, культуры можа даць духоўную моц і трываласць беларускаму народу.

Павел Севярынец зноў зацікаўлівае чытачоў звесткамі з далёкай мінуўшчыны. Сярод іншых ён узгадвае гісторыю Юзафа Ігнацыя Крашэўскага з Пружанаў - пісьменніка, выдаўца і рэдактара кніг і часопісаў, які быў унесены Кнігу рэкордаў Гінеса як самы пладавіты ў свеце аўтар.

Вывучае жыццяпіс прафесара і святара Міхаіла Баброўскага з Шарашова на ўзлеску Пушчы, які быў адным з найлепшых навучэнцаў Віленскай духоўнай семінарыі, Берасцейскага каноніка, які пасля працяглых еўрапейскіх падарожжаў стаў доктарам тэалогіі, магістрам філасофіі, прафесарам экзагетыкі і герменеўтыкі Віленскага ўніверсітэта.

Аўтар паглыбляецца ў гісторыю Берасцейшчыны, знаходзіць радаводныя карані вядомых асобаў: Ул. Высоцкага, А. Макарэвіча, А. Папанава, якія больш выразна іх характарызуюць.

Сярод герояў кнігі пісьменніка і сустаршыні Аргкамітэта па стварэнні Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, пераважаюць хрысціяне, якія дзейнічаюць дзеля перамянення Беларусі: святар Сергій Сысаляцін, які служыць у Спаса-Прэабражэнскай царкве, выкладае ў нядзельнай школе, выхоўвае дзяцей, арганізуе сустрэчы з гісторыкамі і краязнаўцамі, пастар Эрнест Сабіла - былы гулагаўскі вязень, стваральнік дома малітвы ў Асіповічах.

Гэта і паўднёваафрыканскі пратэстанцкі місіянер Тайс, які гадуе авечак у былым вайсковым гарадку, і пратэстант Слава, які прапаведуе на складзе запчастак.

"Час збіраць камяні. Час аднаўляць - глыба за глыбай, пацерка за пацеркай, замак за замкам, храм за храмам - увесь грандыёзны Ружанец Беларусі. Цэрквы, касцёлы, зборы, палацы, калісьці, у эпоху беларускай магутнасці збудаваныя тымі, хто любіў Край і верыў у Ісуса Хрыста" , - падводзіць вынік аўтар у артыкуле " Ружанец разбуранай велічы".

Старонкі кнігі адведзены рэпрэсаваным: Міколе Статкевічу, чые шляхетныя продкі фундавалі Свята-Петра-Паўлаўскі сабор у Менску, Змітру Дашкевічу, Алесю Бяляцкаму, ксендзу Уладзіславу Лазару, які патрапіў у каменную пячору сталінскіх часоў.

Узнёслыя радкі прысвяціў аўтар роднай мове:

"Скрышталізаваная хрысціянскім сярэдневеччам, яна загучала, калі мы яшчэ былі вольныя, у эпоху вялікага еўрапейскага абуджэння. Мова першадрукароў Бібліі ва Усходняй Еўропе, мова евангельскіх місіянераў у Расіі, Прыбалтыцы, Украіне, Польшчы, афіцыйная мова цывілізацыі ВКЛ, сродак паразумення і дыпламатычных дачыненняў ад Кракава да Масквы, ад Валахіі да Інфлянатаў…

Далікатная і трапяткая, самадданая да самазабыцця, яна спалучае шчымлівую яснасць і ласкавую сціпласць, пакутлівасць і ахвярнасць, еўрапейскую вытанчанасць і славянскую сілу. У якой яшчэ мове так празрыста іграюць памяньшальна-ласкавыя формы імёнаў - Кастусі, Міхасі, Андрусі, Марусі ды Алесі!.." Разам з тым аўтар піша са скрухай:

"Чаму ж беларусы сёння аплёўваюць сваю родную мову?!"

Бо яны тут, сярод замкаў ды пушчаў "п'юць, жлукцяць, квасяць, гасяць, заліваюць горла. .. А гэта ж не дзе-небудзь, менавіта тут, у беларускай глыбіні ў 1846-1848-ых пачаўся знакаміты Пружанскі антыалкагольны рух, які даў штуршок небываламу паводле размаху ацверазенню ў 1850-тыя па ўсёй Расійскай імперыі."

У кнізе ўдзелены самыя светлыя старонкі блізкім людзям - бабулі Марыі з вёсачкі Ўнорыца над Дняпром, якая выгадавала пакінутых памерлай матуляй сёстраў і братоў мужа, і сваіх трох дзетак, жонцы Вользе, пяшчотнай і ласкавай, чыё імя сімвалізуе "беларускую волю, здольную на самаадданасць, ахвярнасць і штодзённую святасць".

Хацелася, каб наступны твор Паўла Севярынца не быў рэпартажам з новай каменды ці "Бездані Азэфа", а каб гэта быў аповед пра тое, як сям'я Севярынцаў падтрымлівае беларускіх пралайфераў, заахвочвае да беларушчыны дактароў у радзільнях, педыятраў, выхавальніц у дзіцячых садках і настаўніц у гімназіях. Ці сведчанне таго, як Павал Севярынец абараняе дысертацыю ва Ўніверсітэце імя кардынала Стэфана Вышынскага.

Э. Дзвінская. На здымку: Павел і Вольга Севярынцы.


Пошукі ісціны Лідзіі Арабей

Белы ліст - над поўняй поле...

Людзі - літары.

Заўтра стане ўсё аколле

З намі злітнае:

Сяргей Панізнік.

"А пісар земскі...".


Напярэдадні дня свайго нараджэння ў чэрвені старэйшы наш мастак прыгожага пісьменства Лідзія Арабей накіравала да мяне сваю апошнюю кнігу "Пошукі ісціны: абразкі", якая пабачыла свет ў сталічным выдавецтве "Кнігазбор". Яна - чалец Саюза пісьменнікаў СССР з 1958 г., зараз Лідзія Львоўна знаходзіцца ў Саюзе беларускіх пісьменнікаў, кандыдат філалагічных навук, літаратурную дзейнасць пачала ў 1945 г. Творчыя здабыткі вызначаюць яе як празаіка, крытыка, літаратуразнаўца, перакладчыка, чалавека з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, самаахвярнага і самааданнага носьбіта беларушчыны. За сваё доўгае і плоднае жыццё, дзейнасць, творчасць мае каля трох дзесяткаў яркіх выданняў. Яе любяць наведваць не толькі землякі, яна нарадзілася на Уздзеншчыне ў вёсцы Нізок, але і аматары творчасці з іншых мясцін.

У адну з нядаўніх вёснаў з Баранавічаў рушылі да творцы Лідзіі Арабей былы лекар, мастак і паэт Алесь Корнеў, былая працаўніца баваўнянага аб'яднання і паэтэса Раіса Раманчук ды аўтар гэтых радкоў, які мае каля 20 сваіх кніжак. Да баранавіцкага "дэсанту", далучыўся і менянін, так з пачатку горада звалі сучасных насельнікаў сталіцы, вучоны, літаратар, краязнавец Уладзімір Кісялёў.

Тады тры гадзіны ў незабыўнай, цікавай і павучальнай сяброўскай атмасферы разам з частаваннямі пісьменніцы і вучонай, яе дарункамі - кнігамі з аўтографамі прыляцелі амаль што імгненна і незаўважна, як тое адбываецца ў сапраўдных пяшчотных і шчырых носьбітаў добра, суладдзя і любові.

Сваім жыццём, сваімі навуковымі і творчымі здабыткамі падзвіжніцтвам Лідзія Арабей ўпэўнена ўвайшла і магутна замацавалася ў залатым фондзе беларускай літаратуры і гісторыі.

І як пры гэтым не пашкадаваць, сёння не сказаць, што наклад "Пошукаў ісціны" мае ўсяго 100 асобнікаў, і я нават не сумняваюся, што тыраж гэты аддрукаваны на асабістыя сродкі аўтара, якая ўжо пачала пакрысе прыбліжацца да сваіх 90 гадоў."Найлепшыя пажаданні... " мне ад Лідзіі Львоўны на яе кнізе, як я заўважыў, выступілі ад яе напісання аж праз тры лісты.

Я дастаў з паліцы альбом Заіра Ісаакавіча Азгура - аднаго з самых нашых выдатных скульптураў - з яго аўтографам ад 13 студзеня 1971 г. на выставе твораў мастака. Дык вось і на выданні акадэміка мастацтваў СССР. Народнага мастака БССР яго рука праступіла таксама праз тры лісты. Як мне помніцца, вялікае ўражанне тады мне мелася ад твораў "Калыханка" (1954), "Рабіндранат Тагор. Індзійскі пісьменнік" (1956), "Ф.К. Багушэвіч. Паэт" (1959), "Сюіта аб Дагестане. Шаміль" (1960), "Якуб Колас. Народны паэт БССР" (1960), "Кандрат Крапіва. Драматург" (1949) ды іншыя. Дарэчы, Лідзія Львоўна доўга працавала пад началам Кандрат Кандратовіча Атраховіча (Крапівы).

А мы вяртаемся да "Пошукаў ісціны", як піша аўтар у "Замест прадмовы": "Гэту кнігу можна адгарнуць на любой старонцы, прачытаць некалькі абразкоў. А калі спадабаюцца, то і ўсю кнігу. Тут разважанні аўтара, назіранні". Можа, пазнаеце тут сябе альбо сваіх знаёмых".

Наўздагад адкрываю старонку 12, а ў ёй "Страх". "Некалі і палітыкі, і народ страшэнна баяліся Сталіна. Цяпер кожны, хто не лянуецца, б'е яго ботам. Не страшны мёртвы сабака. Цяпер дрыжаць перад жывымі дэспатамі".

Услед гэтак жа - старонку 21, "Анекдот".

"Ідзе цікавы працэс - беларуская літаратура ствараецца на рускай мове. Нават назву прыдумалі такому ўнікуму: рускамоўныя беларускія пісьменнікі.

Якіх толькі анекдотаў не ствараюць жыццё і людзі".

Старонка 41, "Для цёшчы":

"Некалі яўрэйскі паэт Хаім Мальцінскі казаў, што піша вершы выключна для сваёй цёшчы, бо толькі яна засталася, хто ведае яўрэйскую мову і можа яго чытаць.

Цікава, колькі засталося беларусаў, што ведаюць беларускую мову і могуць чытаць творы беларускіх пісьменнікаў?"

Вось такая мудрая, вопытная і павучальная нашая Лідзія Арабей і дальнабачная, якая раскідала найкаштоўнымі моўнымі самакветамі назіранні свае на 100 старонках новага выдання.

Дадаюць замілаванне, смак, асалоду, радасці "Пошукам ісціны" і здымкі, змешчаныя аўтарам, - гэта з Нью-Ёрка, з Далёкага Усходу, з Іванам Мележам, на Уздзеншчыне. У Парыжы з М. Ларчанкам, студэнцкія з Арсенам Лісам, разам з рэдакцыяй часопіса "Полымя", на магіле Цёткі (1966) і іншыя. Дарэчы, паэтэсе - рэвалюцыянерцы, асветніцы, рэдактару, публіцысту, настаўніцы, артыстцы, медыцынскаму работніку Алаізе Пашкевіч (Цётцы), па мужу Кейрыс (3.УІІ 1886-5.11.1916) яна прысвяціла адну з сваіх лепшых кніг "Стану песняй" (1977 г.). Як зараз помню, што я яе прыдбаў у 1978 г. у Маскве у кнігарні "Дружба", калі ехаў з Забайкалля ў адзін з юрмальскіх ваенных санаторыяў. "Стану песняй" дасюль у мяне зберагаецца, 5.5.2010 г. на ёй Лідзія Львоўна пакінула свой аўтограф: "Дарагому Міхасю..."

Ізноў вяртаемся да адной карацелькі-расказа "Выхаванне" пісьменніцы, старонка 41:

"Калі хлопчык Саша Пушкін гаварыў па-руску, маці яго біла - прымушала гаварыць па-французску.

Няйначай, нашых дзяцей таксама білі (і цяпер б'юць) за тое, што гавораць па-беларуску".

На Беларусі злоснымі, цёмнымі, варожымі сіламі няўхільна нішчыцца нашае, роднае слова. Мова, і толькі яна яшчэ трымаецца на такіх гераінях, падзвіжніцах нашага часу, якой па-сапраўднаму з'яўляецца Лідзія Арабей!

Міхась Угрынскі , г. Баранавічы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX