Папярэдняя старонка: 2014

№ 32 (1183) 


Дадана: 06-08-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 32 (1183) 6 жніўня 2014 г.


Беларускай "Вікіпедыі" - 10 гадоў

Беларуская Вікіпедыя (Беларуская Вікіпэдыя) - дзве часткі Вікіпедыі (Вольнай энцыклапедыі) на беларускай мове - адзін для афіцыйнай арфаграфіі, другі для класічнай.

Беларуская Вікіпедыя была заснаваная 12 жніўня 2004 года (першая праўка на галоўнай старонцы была зроблена 7 красавіка таго ж года па беларускім часе). Адным з яе стваральнікаў быў Уладзімір Каткоўскі. Да пачатку 2007 года было напісана 6 000 артыкулаў. 27 сакавіка 2007 году адбыўся перанос існаваўшага раздзела беларускай Вікіпедыі на іншы адрас.

Беларускі раздзел разам з астатнімі раздзеламі Вікіпедыі працуе на серверным клястары з некалькіх сот сервераў

З гісторыі Беларускай Вікіпедыі

Першы запіс па-беларуску на галоўнай старонцы з'явіўся 6 красавіка 2004 года. Першыя артыкулы - 12 жніўня . На сакавік 2007 года ў беларускай Вікіпедыі было каля 6700 артыкулаў.

З 6 красавіка 2004 года па сакавік 2007 года існаваў агульны Беларускі раздзел, які падтрымлівае артыкулы, напісаныя ў любой арфаграфіі. Перашкодай у развіцці Беларускага раздзела з'яўлялася рускамоўнасць значнай часткі беларусаў, агульная неўрэгуляванасць пытанняў суіснавання ў раздзеле некалькіх арфаграфій і частыя "войны арфаграфічных правак". У жніўні 2006 года на Метавікі была пададзена заяўка на стварэнне асобнага Беларускага раздзела для афіцыйнай арфаграфіі і з'явіўся беларускі раздзел у Вікі-інкубатары. Да гэтага моманту агульны Беларускі раздзел налічваў каля 3 800 артыкулаў у абедзвюх арфаграфіях. У сакавіку 2007 года рашэннем Фонду быў створаны асобны Беларускі раздзел для афіцыйнай арфаграфіі, куды было перанесена змесціва інкубатара - больш за 3 500 артыкулаў. У той жа час ранейшы агульны Беларускі раздзел быў перанесены на іншы дамен для працы ўжо ў вылучна класічнай арфаграфіі, да гэтага моманту ў ёй налічвалася каля 6700 артыкулаў у абедзвюх арфаграфіях. Такім чынам, цяпер існуюць два самастойныя праекты на беларускай мове, у адным з якіх выкарыстоўваецца афіцыйная арфаграфія, у другім - класічная, заснаваная на варыянце арфаграфіі, вядомым як тарашкевіца ў нармалізацыі 2005 года.

На працягу двух з паловай гадоў у беларускай Вікіпедыі суіснавалі ўсе арфаграфіі беларускай мовы. Акрамя афіцыйнай нормы і розных варыянтаў тарашкевіцы выкарыстоўваліся дзеясловіца , шупоўка і іншыя.

У такіх умовах даводзілася мець прынамсі два варыянты шаблонаў, каб не складалася сітуацыя, калі артыкул напісаны адным правапісам, а шаблоны ў ім аформлены іншым. Нарастала колькасць "войн правапісных правак", калі ўдзельнік падчас рэдагавання змяняў норму правапісу артыкула, якая існавала ў больш ранняй версіі, што выклікала незадаволенасць ранніх рэдактараў. Вяліся дыскусіі пра тое, пры якіх умовах можна змяняць правапіс у артыкуле і ці можа адзін артыкул быць напісана часткова ў розных правапісах. Напрыклад, прапанавалася, каб удзельнікі рэдагавалі артыкулы тым правапісам, якім гэты артыкул быў пачаты, аднак часта гэта немагчыма было вызначыць, бо ў пачатковым тэксце прысутнічалі прыкметы абодвух правапісаў (фармальна - арфаграфічныя памылкі). Таксама прапанавалася пытаць дазвол на змену правапісу артыкула ў ранніх яго аўтараў ці адміністратараў, калі з аўтарамі звязацца немагчыма. У выніку было прынята правіла, паводле якога ўдзельнік мог змяніць правапіс артыкула ў тым выпадку, калі яго дадатак быў большы за першапачатковы варыянт артыкула. Пры гэтым спосаб вымярэння аб'ёму праўкі не абгаворваўся, таксама не абгаворваліся тыя выпадкі, калі артыкул даводзілася цалкам перапрацоўваць, але пры гэтым яго аб'ём не павялічваўся. У выніку ўдзельнікі, якія працуюць у адным з правапісаў, устрымліваліся ад рэдагавання артыкулаў, напісаных у іншай арфаграфічнай норме.

Яшчэ больш складанай была праблема катэгарызацыі: некаторыя ўдзельнікі хацелі, каб іх артыкул уключаўся ў катэгорыю таго ж правапісу, што і тэкст самога артыкула. Бо перанакіраванне паміж катэгорыямі тэхнічна немагчыма, для гэтага прыйшлося б мець прынамсі два наборы катэгорый.

Доўгі час на практыцы ў катэгарызацыі існавала змешванне правапісаў. Катэгорыі часцяком дубляваліся, бо ўдзельнікі не заўсёды маглі знайсці катэгорыю ў іншым правапісе і заводзілі новыя. У выніку адміністратарамі было прынята рашэнне весці катэгарызацыю вылучна на тарашкевіцы, пры гэтым апытанне меркавання супольнасці зроблена не было, а паказвалася на тое, што першыя катэгорыі часткі былі на тарашкевіцы. Гэта рашэнне супярэчыла прынятаму правілу пра суіснаванне розных нормаў арфаграфіі.

Група ўдзельнікаў, незадаволеных сітуацыяй у праекце звярнулася на Метавікі з запытам пра адкрыццё новага моўнага раздзела, заснаванага на выкарыстанні вылучна афіцыйнай нормы арфаграфіі беларускай мовы. Падобны запыт падаваўся і раней, але быў адхілены. Новы зварот перарос у канфлікт - другая група ўдзельнікаў пачала кампанію ў інтэрнэце (галоўным чынам у блогасферы), накіраваную на недапушчэнне адкрыцця часткі на "наркамаўцы". Пры гэтым ініцыятары адкрыцця новага раздзела зваліся "наркаманамі" (гульня слоў з наркамаўка ) і раскольнікамі, афіцыйны правапіс - "камуністычным", а сама ініцыятыва - шкоднай для "беларускасці". Некаторыя блогеры заклікалі рэгістравацца на Метавікі і галасаваць супраць адкрыцця раздзела, інструкцыі па галасаванні прыкладаліся.

Па рашэнні Фонду Вікімедыя, 27 сакавіка 2007 года быў ажыццёўлены перанос існага (агульнага) беларускага раздзела на адрас be-x-old. wikipedia.org, далейшы яго лёс планавалася вырашыць пазней. Задавальненне заяўкі на стварэнне раздзела ў афіцыйнай арфаграфіі было ажыццёўлена не праз стварэнне новага дамена з запытаным прэфіксам bel:, а шляхам пераносу змесціва "наркамаўскага" Вікі-інкубатара на вызвалены дамен be.wikipedia.org. Неабходна адзначыць, што гэта рашэнне выклікала буйны скандал у беларускім сегменце інтэрнэту, які суправаджаўся пратэстамі цэлага шэрагу беларускіх удзельнікаў Вікіпедыі.

Падобныя праблемы былі і ў іншых Вікіпедыях. Напрыклад, першапачаткова існавала дзве кітайскія Вікіпедыі, бо многія іерогліфы ў кантынентальным Кітаі ў свой час былі спрошчаны і па напісанні адрозніваюцца ад тых, што выкарыстоўваюцца ў астатніх кітаямоўных рэгіёнах свету. Праблема была вырашана з дапамогай унясення змен у рухавічок вікі, пасля чаго стала магчымая аўтаматычнае канвертаванне паміж поўнымі і спрошчанымі формамі па выбары карыстальніка, для гэтага побач з укладкамі на версе старонкі былі дададзены яшчэ тры кнопкі: "поўныя", "спрошчаныя", "першапачатковы варыянт". Пасля гэтага ў кітайскай Вікіпедыі змаглі браць удзел карыстальнікі як з кантынентальнага Кітая, так і з Тайваня, Ганконга і іншых кітаямоўных супольнасцяў і дыяспраў па ўсім свеце.

Сербская Вікіпедыя таксама ўтрымоўвае сістэму пераўтварэння тэксту, і таму любы артыкул можна прагледзець у розных варыянтах - на кірыліцы і на лацініцы, што адлюстроўвае ўжыванне абедзвюх гэтых сістэм пісьма ў Сербіі і Чарнагорыі.

15 сакавіка 2008 года ў Беларускай Вікіпедыі ў афіцыйным беларускім правапісе (т. н. "наркамаўцы") створаны 10-тысячны артыкул.

1 чэрвеня 2008 года ў Беларускай Вікіпедыі ў неафіцыйным беларускім правапісе (тарашкевіцы ці класічным правапісе) створана 10-тысячны артыкул.

17 чэрвеня 2009 года ў Беларускай Вікіпедыі ў неафіцыйным беларускім правапісе створаны 20-тысячны артыкул.

У студзені 2010 года на форуме Вікіпедыі ў неафіцыйным правапісе ананімны ўдзельнік, які падпісаўся як Аляксей, прапанаваў аб'яднаць раздзелы. Аднак ніякіх пэўных механізмаў аб'яднання прапанавана не было. Удзельнікі праекту выказалі некаторыя меркаванні з нагоды дадзенай прапановы, удзельнік-ініцыятар дыскусіі на форуме больш не з'явіўся.

16 траўня 2010 года ў Беларускай Вікіпедыі ў афіцыйным правапісе створаны 20-тысячны артыкул.

17 чэрвеня 2010 года ў Беларускай Вікіпедыі ў неафіцыйным правапісе створаны 25-тысячны артыкул.

28 ліпеня 2010 года ў Беларускай Вікіпедыі ў афіцыйным правапісе быў запушчаны праект Звязнасць (аналагічны праекту Связность у рускай Вікіпедыі), удзельнікамі якога быў праведзены аналіз звязнасці артыкулаў, які паказаў, што амаль чвэрць артыкулаў у раздзеле з'яўляюцца ізаляванымі.

16 лістапада 2010 года ў Беларускай Вікіпедыі ў афіцыйным правапісе створаны 25-тысячны артыкул - Рудольф I Габсбург.

29 лістапада 2010 года на форуме Вікіпедыі ў афіцыйным правапісе было паднята пытанне пра неабгрунтаванасць (у адпаведнасці з Вікіпедыя: АІ) выкарыстання на галоўнай старонцы праекта Вікіпедыя назвы "Акадэмічная" датычна афіцыйнага правапісу. Само азначэнне "Акадэмічная" замест першапачатковага "Наркамаўка" было прапанавана адміністратарам Вікіпедыі ў дадзеным правапісе Yury Tarasievich без прывядзення якіх-небудзь крыніц. Тым не менш прапанова сумеснага звароту з мэтай змены назвы на "Афіцыйная" у адпаведнасці з прыведзенымі на форуме аўтарытэтнымі крыніцамі была сустрэта варожа: у прыватнасці, у выпадку падобнага звароту выказвалася пагроза сіметрычных дзеянняў.

7 снежня 2010 года ў раздзеле Беларускай Вікіпедыі ў класічным правапісе быў створаны 30-тысячны артыкул.

1 студзеня 2011 года раздзел беларускай Вікіпедыі ў класічным правапісе другі раз падрад атрымаў узнагароду за першае месца па ступені павелічэння рэйтынгу ў спісе раздзелаў Вікіпедыі па наяўнасці і велічыні артыкулаў, якія павінны быць у кожнай Вікіпедыі.

9 кастрычніка 2011 года ў раздзеле Беларускай Вікіпедыі на тарашкевіцы быў створаны 40-тысячны артыкул.

22 жніўня 2012 года раздзел Беларускай Вікіпедыі ў афіцыйным правапісе абагнаў па колькасці артыкулаў раздзел беларускай Вікіпедыі ў класічным правапісе (46 045 артыкулаў да 46 044).

15 верасня 2012 года колькасць артыкулаў у раздзеле беларускай Вікіпедыі ў афіцыйным правапісе перавысіла 50 000.

31 траўня 2013 года колькасць артыкулаў у раздзеле Беларускай Вікіпедыі ў афіцыйным правапісе перавысіла 60 000.

6 жніўня 2013 года ў раздзеле Беларускай Вікіпедыі на тарашкевіцы быў створаны 50-тысячны артыкул.

15 сакавіка 2014 года колькасць артыкулаў у раздзеле Беларускай Вікіпедыі ў афіцыйным правапісе перавысіла 70 000.

Вікіпедыя.


АЛЕГУ ТРУСАВУ - 60

Алег Анатолевіч ТРУСАЎ нарадзіўся 7 жніўня 1954 года ў горадзе Мсціславе Магілёўскай вобласці. У 1976 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У перыяд з 1976 па 1992 год працаваў у сферы беларускай рэстаўрацыі. Удзельнічаў у дзесятках археалагічных экспедыцый, правёў раскопкі на многіх знакавых гістарычных аб'ектах Беларусі. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Монументальное зодчество Белоруссии XI-XVII вв. Историко-археологический анализ".

З 1996 да сакавіка 1998 года - дэкан факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сістэмаў Беларускага ўніверсітэта культуры. Цяпер дацэнт кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства, адзіны ў краіне выкладчык гісторыі філатэліі ў Беларусі.

Адзін з заснавальнікаў БНФ, БСДГ (з 1991), намеснік (1991), старшыня Цэнтральнай Рады БСДГ (1992-1995).

У 1990-1996 гады - дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання. З 1990 па 1995 год - намеснік старшыні камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны. Па палітычных перакананнях дзяржаўнік-дэмакрат.

Прымаў удзел у абвяшчэнні дзяржаўнага суверэнітэту і поўнай незалежнасці Рэспублікі Беларусь, кіраўнік групы распрацоўшчыкаў афіцыйнай выявы дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь "Пагоня", бел-чырвона-белага дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь і наверша да яго.

У 1989 годзе Трусаў выступіў адным з заснавальнікаў Таварыства беларускай мовы. У красавіку 1997 года абраны Рэспубліканскай Радай першым намеснікам старшыні ТБМ. На VI з'ездзе ТБМ 17 красавіка 1999 года абраны старшынём Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, якім кіруе дасюль.

У 1990 годзе быў адным з заснавальнікаў Беларускага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа.

Сябар Рады Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына".

Аўтар больш за 150 навуковых публікацыяў, сярод якіх некалькі манаграфіяў. Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра. Як археолаг і гісторык архітэктуры займаецца вывучэннем манументальнага дойлідства XI-XVIII стст. Распрацаваў методыку архітэктурна-археалагічнага вывучэння манументальных помнікаў Беларусі, прасочваў эвалюцыю асноўных тыпаў муровак і будаўнічых матэрыялаў.

Кнігі:

Трусов О. А. Памятники монументального зодчества Белоруссии XI-XVII вв. Архитектурно-типологический анализ. Мн., 1988. ISBN 5-343-00312-5

Трусаў А.А. Старонкі мураванай кнігі: Манументальная архітэктура эпохі феадалізму і капіталізму. Мн., 1990.

Трусаў А.А. Старадаўніх муроў адраджэнне: Мінулае і сучаснасць Лідскага замка / з серыі "Помнiкi Беларускага дойлiдства". - Мн.: Полымя, 1990.

Трусаў А.А. Беларускае кафлярства. Мн., 1993.

Трусаў А.А. Манументальнае дойлідства Беларусі ХІ-XVIII стагоддзяў. Гісторыя будаўнічай тэхнікі. Мн., 2001. ISBN 985-6305-29-2.

Трусаў А.А. Падсумаванне. Артыкулы. Спіс публікацый. Мн., 2004.

Трусаў А.А. Невядомая нам краіна. Беларусь у яе этнаграфічных межах. Мн., 2008.

Трусаў А.А. Невядомая нам краіна. Беларусь у яе этнаграфічных межах. Выданне 2-е, выпраўленае і дапоўненае. Мн., 2013.

Вікіпедыя.

(Пра А. Трусава чытайце на ст. 5 .)


Віншаванне

Гарадзенская гарадская арганізацыя ТБМ імя Ф.Скарыны сардэчна віншуе Вас, Алег Анатольевіч , знанага гісторыка і археолага, кандыдата гістарычных навук, дацэнта з 60-годдзем з дня нараджэння. Упэўнены, што разам з Вамі будзем і надалей паспяхова рэалізоўваць беларускасць у сённяшняй Беларусі і не дапусцім, каб нашу нацыю задушыла палітыка русіфікацыі.

Аляксей Пяткевіч, старшыня Рады Гродзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны.



8 жніўня ў межах кампаніі "Будзьма!" адбудзецца "Сяброўская вечарына" з гісторыкам, навукоўцам, выкладчыкам, сябрам беларускага ПЭН-цэнтра Алегам Трусавым. У праграме:

- шчырая размова пра актуальныя пытанні;

- выступы вядомых людзей;

- дэманстрацыя фільма з удзелам А. Трусава.

Месца правядзення: галерэя "Ў". Час: з 18.00 да 20.00 гадзін. Уваход вольны.


Будзе Савет па моўнай палітыцы пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь?

Кіраўніку Адміністрацыі Прэзідэнта

Рэспублікі Беларусь

А.У. Кабякову

Шаноўны Андрэй Уладзіміравіч!

У сродках масавай інфармацыі з'явілася наступная інфармацыя:

"Уладзімір Пуцін падпісаў указ пра стварэнне Савета пры Прэзідэнце па рускай мове. Кансультатыўны орган павінен будзе ўдасканальваць дзяржаўную палітыку ў галіне развіцця, абароны і падтрымкі рускай мовы.

У адпаведнасці з тэкстам указу Савет будзе ў прыватнасці рыхтаваць прапановы па вызначэнні прыярытэтных кірункаў і механізмаў развіцця мовы, а таксама ўмацоўваць пазіцыі рускай мовы ў свеце, пашыраць геаграфію і сферы яе ўжывання, падтрымліваць рускамоўныя супольнасці за мяжой.

Савету дазволілі карыстацца банкамі дадзеных Адміністрацыі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі і федэральных органаў выканаўчай улады, а таксама прыцягваць для ажыццяўлення інфармацыйна-аналітычных і экспертных работ арганізацыі культуры і мастацтва, навуковыя, адукацыйныя і іншыя арганізацыі, уключаючы НКА.

Усяго ў Савет ўвайшлі 43 чалавекі. Яго старшынём прызначаны прапраўнук Льва Талстога Уладзімір Талстой - дарадца Уладзіміра Пуціна, дырэктар музея-сядзібы "Ясная паляна".

Новы Савет - не першы орган такой скіраванасці. У лістападве мінулага года быў створаны Савет па рускай мове пры ўрадзе Расіі з аналагічнымі новаму задачамі. "

У сувязі з гэтым, паколькі мы ўваходзім з Расіяй у Саюзную дзяржаву і Еўразійскі саюз і ўніфікуем сваё заканадаўства і нормы жыцця, то хочам атрымаць ад Вас адказы на наступныя пытанні:

1. Калі і ў якім складзе будзе створана Рада пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь па беларускай мове?

2. Якія функцыі і паўнамоцтвы Рада будзе мець?

З нагоды паднятай праблемы нагадваем, што ТБМ тры гады назад распрацавала прапановы для праекта Закона Рэспублікі Беларусь "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы, дзе прадугледжаны Дэпартамент беларускай мовы нры Прэзідэнце, але такі законапраект пакуль што не быў унесены на разгляд парламенту.

Улічваючы значнасць паднятай праблемы для развіцця краіны ў сучасных умовах, ГА "'Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" гатова далучыцца да сумеснай працы і падаць свае прапановы па персанальным складзе Рады (у нашай краіне дастаткова вядомых дзеячаў і выбітных асобаў), а таксама па функцыях і задачах Рады.

Спадзяёмся, што Беларусь будзе ўніфікаваць сваё заканадаўства ў межах Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага Саюза не толькі ў эканамічным плане, але і ў галіне развіцця нацыянальнай беларускай культуры і падтрымкі дзяржаўнай беларускай мовы.

З павагай, старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве адукацыі сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі разгледжаны Ваш зварот, які паступіў з Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. У межах сваёй кампетэнцыі паведамляем наступнае.

Дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы. Гэта замацавана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Законе Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Незалежна ад таго, якія саветы ці іншыя дарадчыя органы ёсць або няма пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі, пытанне аб стварэнні пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь савета па праблемах моўнага жыцця ў краіне з'яўляецца важным і актуальным. Аднак улічваючы асаблівасці сучаснай моўнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь (канстытуцыйна замацаванае дзяржаўнае беларуска-рускае двухмоўе), стварэнне такога савета менавіта па беларускай мове трэба лічыць немэтазгодным і неапраўданым, паколькі гэта пацягне стварэнне і савета па рускай мове, што ў рэшце рэшт можа прывесці да канфрантацыі ў сферы моўнага жыцця на вышэйшым дзяржаўным узроўні. Таму мэтазгодным уяўляецца разгледзець пытанне аб стварэнні пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Савета па моўнай палітыцы .

Дадаткова паведамляем, што з боку Урада Рэспублікі Беларусь беларускай мове надаецца значная ўвага.

У сродках масавай інфармацыі працягваецца сістэмная работа па асвятленні пытанняў ужывання беларускай мовы. У эфіры вядучых рэспубліканскіх тэлеканалаў рэгулярна дэманструюцца як дакументальныя, так і мастацкія стужкі на беларускай мове. Вяшчанне Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, радыёканала 'Культура" і радыёстанцыі "Сталіца" ажыццяўляецца цалкам на беларускай мове.

У цягніках Мінскага метрапалітэна назвы ўсіх станцый, а таксама ўсё іншае інфармаванне пасажыраў абвяшчаецца на беларускай мове. На беларускай мове аб'яўляюцца назвы прыпынкаў у грамадскім транспарце, адлюстроўваецца інфармацыя на стэндах і на "бягучым радку".

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 3 студзеня 2013 г. зацверджана Дзяржаўная праграма супрацоўніцтва з Беларусамі замежжа "Беларусы ў свеце" на 2013-2015 гады.

20-27 жніўня 2013 г. у краіне адбыўся XV Міжнародны з'езд славістаў. У праграме з'езда была шырока прадстаўлена беларуская мовазнаўчая, літаратуразнаўчая і фалькларыстычная праблематыка. Адбыліся адзін пленарны і 33 секцыйныя даклады беларускіх вучоных, прысвечаныя праблемам беларускай мовы, літаратуры і культуры. Таксама больш 20 беларускіх вучоных выступілі з дакладамі і паведамленнямі на пасяджэннях тэматычных блокаў.

У 2013 годзе Дні культуры Беларусі праводзіліся ў Азербайджане, Латвіі, Эстоніі, Літве, Фінляндыі, Ізраілі. Удзел у дадзеных мерапрыемствах прынялі лепшыя прафесійныя і аматарскія калектывы і індывідуальныя выканаўцы.

Таксама Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца сістэмная работа па папулярызацыі і пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы. У сувязі з гэтым распрацаваны:

План мерапрыемстваў па рэалізацыі палажэнняў Закона Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 года "Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" на 2010 - 2013 гады (зацверджаны намеснікам Прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь 3 верасня 2008 г.), які прадугледжваў падрыхтоўку на беларускай мове вучэбных выданняў, лексікаграфічных даведнікаў і слоўнікаў, правядзенне мэтавых курсаў павышэння кваліфікацыі, семінараў: для настаўнікаў, кіраўнікоў, спецыялістаў сістэмы адукацыі, а таксама ў сродках масавай інфармацыі - інфармацыйна-тлумачальнай работы па зменах у беларускім правапісе і іншае;

План мерапрыемстваў у сістэме Міністэрства адукацыі па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства на 2010 і наступныя гады (зацверджаны Міністрам адукацыі 18 сакавіка 2010 г.). Справаздачу аб выкананні плана падначаленыя Міністэрству адукацыі дзяржаўныя арганізацыі, упраўленні адукацыі аблвыканкамаў і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама штогод накіроўваюць у Міністэрства адукацыі;

Метадычныя рэкамендацыі па навучанні дзяржаўным (беларускай, рускай) мовам замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь (зацверджаны намеснікам Міністра адукацыі 11 студзеня 2014 г.).

Такім чынам, у сучасным грамадстве беларускай мове надаецца выключна важнае месца. Яна з'яўляецца важным элементам сучаснай моўнай сітуацыі і займае істотнае месца ў камунікатыўнай, культурнай і інфармацыйнай прасторы існуючага грамадства.

Дзяржава і надалей будзе падтрымліваць беларускую мову як нацыянальную мову нашага народа, якая з'яўляецца сімвалам нашай свядомасці і адметнасці.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Об обращениях граждан и юридических лиц" Вы маеце права абскардзіць рашэнні, якія прыняты па Вашым звароце, у суд.

Намеснік Міністра В.А. Будкевіч.


Беларуская мова на ЦТ у Беларусі і на Лідчыне

1 чэрвеня скончылася рэгістрацыя на цэнтралізаванае тэставанне. Колькасць абітурыентаў значна паменшылася ў параўнанні з папярэднім годам. Калі ў 2013 на тэсты зарэгістравалася 117 тысяч чалавек, то ў 2014 Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў налічыў 105,6 тысяч абітурыентаў.

Несуцяшальнай ёсць статыстыка па мове тэстаў, якую выбралі абітурыенты. Беларуская мова, як і раней, значна саступае па папулярнасці расійскай і працягвае губляць прыхільнікаў.

Так, беларускую мову для абявязковага моўнага іспыта выбралі толькі 25% абітурыентаў: 26 тысяч супраць 78 тысяч чалавек, якія будуць здаваць расійскую мову. Гэта на 3% менш за 2013 год. У 2012 годзе беларускую мову здавалі 45 тысяч чалавек - 32% ад агульнай колькасці зарэгістраваных.

Колькасць тых, хто хоча здаваць профільныя прадметы па-беларуску, таксама падае. У гэтым годзе беларускамоўныя бланкі тэстаў па гісторыі Беларусі атрымаюць усяго 14,25% абітурыентаў. У 2013 годзе гісторыю Беларусі па-беларуску здавалі 18,8%, а ў 2012 - 23,5% абітурыентаў. У 2011 годзе гэты паказчык быў роўны 33%.

Другое месца трымае сусветная гісторыя. Па-беларуску яе збіраюцца здаваць 6,5% абітурыентаў.

Беларускамоўныя тэсты па біялогіі замовілі 5,5% абітурыентаў, геаграфіі - 5, 18%, па матэматыцы і хіміі - 5%, па фізіцы - 4,8%.

Самая "небеларускамоўная" дысцыпліна ЦТ - грамадазнаўства. Толькі 2% абітурыентаў будуць здаваць гэты іспыт па-беларуску.

Колькасць вучняў беларускамоўных школ у краіне ў 2013-2014 складала 15% ад агульнай колькасці (142 тысячы дзяцей, гэта кожны сёмы вучань).

Паводле Кірылы Хілько (сайт "Нашай Нівы").


У Лідзе сёлета на ЦТ па беларускай мове зарэгістраваліся 1070 чалавек, на ЦТ па рускай мове - 1220 чалавек. Такім чынам у Лідскім рэгіёне беларускую мову выбралі для ЦТ 46,72%, што без малога ў два разы больш чым па краіне., але значна горш, чым летась. У 2013 г. у Лідзе на беларускую мову зарэгістраваліся 1268 чалавек, а на рускую - 1100 чалавек. Гэта значыць, што на беларускую мову зарэгістравалася 53,55%. Пазалетась на тэставанне па беларускай мове ў Лідзе прыйшло 59% удзельнікаў. Тэндэнцыя відавочная. Падзенне на 5-7% штогод.

У Лідзе тэставанне праходзяць дзеці з Лідскага і прылеглых раёнаў (Воранаўскага, Івейскага, часткова Дзятлаўскага і Шчучынскага). Найбольш слабое звяно ў плане беларускасці - безумоўна 100-тысячная Ліда, дзе ўсе 16 школ рускамоўныя ды плюс горад Бярозаўка. Выдзеліць з дадзеных тэставання Лідскі раён праблематычна, але ёсць звесткі пра здачу выпускных экзаменаў.

Усяго выпускнікоў у Лідскім раёне сёлета 831 чалавек. З іх беларускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 256 чалавек, што склала 30,80%. Рускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 554 чалавекі. Аднак яшчэ 273 чалавекі выбралі беларускую мову ў якасці экзамену па выбары. Такім чынам, усяго беларускую мову здавалі 529 чалавек, што складае 63,66% ад колькасці выпускнікоў. Да слова ў якасці экзамену па выбары рускую мову абраў толькі 61 чалавек. Усяго рускую мову на Лідчыне здавала на 86 чалавек больш, чым беларускую.

Летась выпускнікоў у Лідскім раёне было 838 чалавек. З іх беларускую мову ў якасці асноўнага экзамена выбралі 395 чалавек, што склала 47,14%. Яшчэ 195 чалавек выбралі беларускую мову ў якасці экзамена па выбары. Такім чынам, усяго беларускую мову здавалі 590 чалавек, што склала 70,41%. Да слова ў якасці экзамена па выбары рускую мову абралі толькі 98 чалавек. Усяго летась рускую мову на Лідчыне здавала на 49 чалавек менш, чым беларускую.

Відавочна, што сітуацыя і на экзаменах, як і на ЦТ, пагоршылася на тыя ж 7%.

Тым не менш, беларускую мову на выпускных школьных экзаменах у Лідскім раёне сёлета здавалі яшчэ 63,66% дзяцей. Гэта амаль 2/3 ад агульнай колькасці. 32,85% лідскіх выпускнікоў здавалі беларускую мову па ўласным выбары.

Але ў наступным годзе гэтых 63% ужо не будзе. У выніку абвешчаных новаўвядзенняў Міністэрства адукацыі пасля завяршэння навучання і выхавання на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі абавязковыя выпускныя экзамены ў школах будуць праводзіцца па навучальных прадметах "Матэматыка", "Замежная мова", "Гісторыя Беларусі", а таксама па навучальных прадметах "Беларуская мова" або "Руская мова" - на выбар вучня ў пісьмовай форме.

Такім чынам з наступнага года выпускнікі не змогуць больш здаваць і рускую, і беларускую мовы, а павінны будуць выбіраць толькі адну. Сёлета гэта адсекла б ад беларускай мовы ў Лідзе 273 чалавекі - 32,85% усіх выпускнікоў.

Нажаль, лічбы наступнага года прадбачацца несуцяшальнымі. Працэнт тых, хто будзе здаваць беларускую мову можа ўпасці ў два разы.

Станіслаў Суднік.


Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў "Нашага слова")

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Храмлюк (Марыя Х.) - семантычны дэрыват ад апелятыва храмлюк - утварэння з суфіксам -юк ад рас. хромой 'кульгавы, крывы' (як назоўнікі). ФП: храмы ('кульгавы, крывы') - храмлюк (асабовы назоўнік) - Храмлюк (мянушка) - Храмлюк .

Царкова (Аіна Ц.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Царок і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Царк-ова . ФП: цар ('тытул манарха ў Расіі, Балгарыі, Сербіі і асоба, якая мае гэты тытул' і перан. 'той, хто ўзвышаецца над усімі сабе падобнымі ў якіх-небудзь адносінах') - Царок ('памянш.-ласк. да цар') - Царок (мянушка, потым прозвішча) - Царкова .

Царук (Вольга Ц.) - дэрыват з фармантам -ук ад антрапоніма Цар і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цар-ук .

Цвяткова (Надзея Ц.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Цвяток і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цвятк-ова . ФП: цвет (зборн. 'кветкі на раслінах і дрэвах у перыяд цвіцення', перан. 'лепшая частка грамадства, асяроддзя', і абл. 'кветка) - цвяток (памян.-ласк. да цвет ) - Цвяток (мянушка, потым прозвішча) - Цвяткова .

Цімаховіч (Аляксандра Ц.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Цімох і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цімах-овіч . ФП: Цімафей (імя) - Цімох - Цімаховіч .

Цімашэвіч (Уладзімір Ц.) - форма бацькаймення з фармантам -эвіч ад антрапоніма Цімоша і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цімаш-эвіч . ФП: Цімафей - Цімох - Цімоша - Цімашэвіч .

Цімохін (Леанід Ц.) - форма прыналежнага прыметніка з фрмантам -ін ад антрапоніма Цімох і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цімох-ін . ФП: Цімафей - Ці-мох - Цімохін.

Цімошык (Ларыса Ц.) - дэрыват з суфіксам -ык (-ін) ад антрапоніма Цімох (Цімо-ша) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цімош-ык .

Ціткоўскі (Ігар Ц.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -оўскі ад Ціткі і семантыкай 'жыхар ці народзінец названага паселішча': Цітк-оўскі . Або дэрыват з фармантам шляхетнасці -оўскі ад антрапоніма Ціток і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цітк-оўскі . ФП: Ціт (імя) - Цітко -Ціткоўскі .

Цішкевіч (Вольга Ц., Юлія Ц.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Цішка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цішк-евіч . ФП: Ціхан (імя) - Цішка - Цішкевіч .

Цыбульская (Людміла Ц.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ская ад Цыбулі і семантыкай 'жыхар ці народзінец названага паселішча': Цы-буль-ская . ФП: цыбуля ('агароднінная расліна і яе плод і лісце') або цыбуль ('цыбаты чалавек') - Цыбуль (мянушка, потым прозвішча) - Цыбульскі ('нашчадак названай асобы').

Цыганкоў (Генадзь Ц.), Цыганкова (Алеся Ц.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў, -ова ад антрапоніма Цыганок і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цыганк-оў, Цыганк-ова . ФП: цыган , мн. цыганы ('народнасць індыйскага походжання, якая жыве часцей за ўсё качавымі і паўкачавымі групамі ў Еўропе, Азіі і Афрыцы') - цы-ганок (памянш.-ласк. да цыган або 'падлетак цыганскага паходжання' ці 'смуглы, падобны на цыгана хлопец') - Цыганок (мянушка, потым прозвішча) - Цыганкоў і Цыганкова.

Цыркуноў (Аляксандр Ц.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Цыркун і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цыркун-оў . ФП: Цыркун цвыркун 'птушка зяблік, берасцянка') - Цыркун (мянушка, потым прозвішча) - Цыркуноў (СБГП3БП, т. 5, с. 372 і 344).

Цыхун (Аляксей Ц.) - семантычны дэрыват ад апелятыва цыхун - утварэння з суфіксам -ун ад цыхаць 'цыўкаць і ціўкаць' (Слоўнік белар. гав. паўн.-зах. Беларусі і яе пагранічча Т. 5, с. 373) 'птушаня'. Або ад апелятыва ціхун ("Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова (2012, с. 1073) 'тое, што і ціхоня 'ціхі, лагодны, ціхмяны чалавек'; беларускае Ціхун , польск. Cichun - рас. Цыхун .

Цэдрык (Ганна Ц.) - дэрыват з суфіксам -ык ад антрапоніма Цэдра і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цэдр-ык . ФП: цэдра ('верхні слой скуркі пладоў цытрусавых, а таксама высушаная скурка іх, якая выкарыстоўваецца ў патоўчаным выглядзе як вострая прыправа') - Цэдра (мянушка, потым прозвішча) - Цэдрык .

Цюлькоў (Аляксей Ц.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Цюлька і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цюльк-оў . ФП: цюлька ('дробная прамысловая марская рыба сямейства селядцовых') - Цюлька (мянушка, потым прозвішча) - Цюлькоў .

Цюрын (Аляксей Ц.) - форма прыметніка з суфіксам -ын ад антрапоніма Цюра і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цюр-ын . ФП: цюра ('від стравы - з вады, солі, цукру і хлеба, перамешаных разам'; тое, што і цура - СБГПЗБП, т. 5, с. 366 і 381, а таксама "Вялікі слоўнік беларускай мовы" Ф.А. Піскунова (2012, с 1075) - Цюра (мянушка, потым прозвішча) - Цюрын .

Цярэнцеў (Зміцер К.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -еў ад антрапоніма Цярэнці і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цярэнц-еў . ФП: Цярэнцій (імя) - Цярэнці - Цярэнцеў .

Цяцёркін (Мікалай Ц.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Цяцёрка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Цяцёрк-ін . ФП: цяцера ('птушка цецярук') - цяцерка ('самка цецярука') - Цяцерка (мянушка, потым прозвішча) - Цяцеркін - Цяцёркін .

Чабанава (Тацяна Ч.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Чабан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чабан-ава . ФП: чабан ('пастух авечых статкаў') - Чабан ('мянушка, потым прозвішча') - Ча-банава .

Чаеўская (Ала Ч.) - утварэнне з фармантам -ская ад тапоніма Чаева і семантыкай 'жыхар або народзінец названага паселішча': Чаеў-ская .

Чайка (Сяргей Ч.) - семантычны дэрыват ад апелятыва чайка 'вадаплаўная пералётная птушка з кароткімі нагамі, доўгімі крыламі і густым апярэннем, якая жыве на берагах мораў, рэк, азёр', а таксама 'пласкадонная лодка'.

Чайкоўскі (Павел Ч.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -оўскі ад Чайкі і семантыкай 'жыхар або народзінец названага паселішча': Чайк-оўскі . Або дэрыват ад антрапоніма Чайка з прэстыжным (шляхетным) фармантам -оўскі і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чайк-оўскі .

Чаляпін (Аляксей Ч.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Чаляпа і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чаляп-ін .

Чапля (Данута Ч.) - семантычны дэрыват ад апелятыва чапля 'вялікая балотная птушка сямейства галянастых з вялікай дзюбай і доўгай шыяй'.

Чаркасова (Любоў Ч.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Чэркес і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чэрк е с-ава - Чарк е с-ава . ФП: чэрк е сы ('народ, які жыве ў Карачаева-Чэркескай Рэспубліцы') - Чаркас (мянушка, по-тым прозвішча) - Чаркасава .

Чарнаморцаў (Валеры Ч.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Чарнаморац і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чарнам о рц-аў . ФП: Чорнае мора - чарнаморац ('марак чарнаморскага флоту') - Чарнаморац (мянушка, потым прозвішча) - Чарнамор-цаў.

Чарных (Наталля Ч.) - форма роднага склону мн. ліку з акцэнтаваным фармантам -ых , ад антрапоніма Чорны і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чорн-ых - Чарных . ФП: чорны (колер) - Чорны (мянушка, потым прозвішча) - Чор-ныя - Чарных .

Чарнышова (Алеся Ч.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Чарных (Чарныш) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чарныш-ова .

Чарнякова (Вольга Ч.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Чарняк і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чарняк-ова . ФП: чорны ('з колерам сажы, вугалю', а так-сама 'цёмны', 'брудны, запэцканы', 'некваліфікаваны' і інш.) - чарняк ('рэалія чорная, напр. чорная пляма на целе і пад.') - Чарняк (мянушка, а потым прозвішча) - Чарнякова .

Чарняўскі (Сцяпан Ч.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Чарняўка (вёска) з семантыкай 'жыхар або народзінец названага паселішча': Чарняў(к-)скі .

Чарткоў (Мікола Ч.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Чарток (Чартко) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чартк-оў . ФП: чорт ('злы дух у вобразе чалавека, пакрытага чорнай шэрсцю, з рагамі, капытамі і хвастом, д'ябал') - Чорт (мянушка) - Чарт-ко і Чарток (прозвішча) - Чар-ткоў .

Чаховіч (Генадзь Ч.) - форма бацькаймення з акцэнтаваным фармантам -овіч ад антрапоніма Чах і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чах-овіч ФП: чах ('гукаперайманне ( чах-чах-чах !) для абазначэння моцнага адрывiстага гуку, якi чуецца пры рытмiчнай працы, дзеяннi і інш.) - Чах (мянушка), Чах (прозвiшча) - Чаховiч .

Чашун (Уладзiмiр Ч.) - семантычны дэрыват ад апелятыва чашун - утварэння з су-фiксам -ун ад часаць (ца) - цяп. ч. чэша(цца) ): чэшун - чашун 'той, хто чэшацца (пры свербе').

Чашчына (Наталля Ч.) - форма прыналежнага прыметнiка з фармантам -ына ад антрапонiма Чашча з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чашч-ына . ФП: чашча (рас. чаща 'гушчар' - Чашча (мянушка) - Чашча (прозвiшча) - Чашчына .

Чубат (Аляксей Ч.) - семантычны дэрыват ад апелятыва чубат - кароткая форма прыметнiка (м. р.) ад чубаты 'з чубамi'. ФП: чубатка (птушка) - чубат ('самец чубаткi').

Чыбicаў (Мiкола Ч.) - форма прыналежнага прыметнiка з суфiксам -аў ад антрапонiма Чыбic i семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чыбic-аў . ФП: чыбiс ('птушка кнігаўка' - СБГПЗбП, т. 5, с. 436) - Чыбic (мянушка, потым прозвiшча) - Чыбicаў .

Чылiк (Нiна Ч.) - семантычны дэрыват ад апелятыва чылiк - бяссуфiксавага ўтварэння ад дзеяслова чылi-каць ('тое, што i чырыкаць'): чылiк (-аць) 'той, хто чылiкае', сiнонiм да цвыркун (насякомае).

Чырэй (Дзмiтрый Ч.) - семантычны дэрыват ад апелятыва чырэй (рас. чирей 'скула', (РБС, 1993, т. 3, с. 728).

Чысцякоў (Аляксей Ч.) - форма прыналежнага прыметнiка з суфiксам -оў ад антрапонiма Чысцяк i семантыкай 'нашчадак названай асобы': Чысцяк-оў . ФП: чысцяк ('паляна ў лесе, чыстае месца') - СБГПЗБП, т. 5, с. 445) - Чысцяк (мянушка) - Чысцяк - Чысця-коў.

Чэчат (Сяргей Ч. ) - семантычны дэрыват ад апелятыва чэчат 'самец чачоткі - невялiкай пеўчай птушкі сямейства ўюрковых'. Параўн. рас. чечётка (тс.) - чечёт > чэчат . Акрамя таго рас. че-чётка мае перан. знач. 'шчабятуха' (РБС, 1993, т. 3, с. 726), а таму чэчат 'шчабятун'.

Шабуня (Нiна Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва шабуня 'гарэза', 'жартаўнiк' ("Вялiкi cлоўнiк беларускай мовы" Ф.А. Пiскунова (2012, с. 1092).

Шагулiн (Алег Ш.) - форма прыналежнага прыметнiка з суфiксам -iн ад антрапонiма Шагула i семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шагул-iн . ФП: шаг ('крок, шаг') - шагула ('той, хто крочыць, шагае'; параўн. равула 'румза') - Шагула (мянушка, потым прозвiшча) - Шагулiн .

Шалкевiч (Вiктар Ш.) - форма бацькаймення з фармантам -евiч ад антрапонiма Шалко i семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шалк-евiч . ФП: шалiць (рас. 'дурэць; балавацца, забаўляцца, жартаваць, сваволiць') - шалко ('дураслiвец, гарэзнiк, жартаўнiк') - Шалко (мянушка, потым прозвiшча) - Шалкевiч.

Шалупенка (Васiль Ш.) - дэрыват з фармнтам -енка ад антрапонiма Шалупа i семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шалуп-енка . ФП: ша-л у па ( шалуп-iна 'вонкавая мяккая прыродная абалонка (плода, бульбы i пад.') - Шалупа (мянушка, потым прозвiшча) - Шалупенка .

Шалястовiч (Людмiла Ш.) - форма бацькаймення з акцэнтаваным фармантам -овiч ад антрапонiма Шэлест i семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шэлест-овiч - Шаля-стовiч . ФП: шэлест (рас.) 'шастанне, шолах, шаласценне, шалясценне') - Шэлест (мянушка, потым прозвiшча) - Шэлеставiч - Шалястовiч .

Шар а х (Генадзь Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва шар а х - бяссуфiксавага ўтварэння ад дзеяслова шара-хнуць 'моцна, з шумам ударыць', 'абрэзаць з сiлай, хутка' i шарахнуцца 'кiнуцца ўбок, назад, моцна ўдарыцца аб што-небудзь'.

Шарашовец (Святлана Ш.) - утварэнне з суфiксам -ец ад тапонiма Шарашова i семантыкай 'жыхар або народзiнец названага паселiшча': Шарашов-ец .

Шаргаева (Святлана Ш.) - форма прыналежнага прыметнiка з фармантам -ева ад антрапонiма Шаргай i семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шаргай-ева . ФП: ша-раг i ('вешалка для адзення' - СБГПЗБП, т. 5, с. 461) - шараг-ай ('той, хто вырабляе шарагi' (параўн.: гаршкi - гаршч-ай 'ганчар'. "Беларускае народнае словаўтварэнне", 1977, с.145) - Шарагай (мянушка, потым прозвiшча) - Шарагаева .

Шаршнёва (Наталля Ш.) - форма прыналежнага прыметнiка з акцэнтаваным фармантам -ёва ад антрапонiма Шэршань i семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шар-шн-ёва . ФП: шэршань ('перапонкавакрылае насякомае сямейства восаў з джалам') - Шэр-шань (мянушка, потым проз-вiшча) - Шаршнёва .

Шарыпкiн (Генадзь Ш.) - форма прыналежнага прыметнiка з суфiксам -iн ад антрапонiма Шарыпка i семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шарыпк-iн . ФП: Шарыф (iмя ў татар) - Шарыфка ('жонка названай асобы') - Шарып - Шарыпка - Шарыпкiн .

Шаура (Юры Ш.) - семантычны дэрыват з акцэнтаваннем ад апелятыва шаўро 'мяккая тонкая скура хромавага дублення, вырабленая з скуры казы' (пазычанне з франц. мовы з семантыкай 'казляня').

Шаўчук (Андрей Ш., Генадзь Ш.) - утварэнне з суфікам -ук ад антрапоніма Ша-вец (Р. ск. Шаўца ) і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шаўч(ц/ч)-ук . ФП: шавец ('майстар у шыцці і рамонце абутку') - Шавец (мянушка, потым прозвішча) - Шаўчук . Прозвішча магло ўзнікнуць ад апелятыва шаўчук 'памочнік шаўца' (семантычны дэрыват).

Шахоўская (Святлана Ш.) - утварэнне з фармантам - оўская ад антрапоніма Шах і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шахоўская . ФП: шах ('тытул манарха ў некаторых краінах Усходу, а таксама асоба, якая мае гэты тытул') - Шах (мянушка, потым прозвішча) - Шахоўская .

Шлындзікаў (Васіль Ш.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Шлындзік і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шлындзік-аў . ФП: шлында ('той, хто бадзяецца, не мае сталага месца жыхарства і працы') - шлындзік (асоба мужчынскага полу з фармантам -ік : шлындз-ік ) - Шлындзік (мяну-шка, потым прозвішча) - Шлындзікаў .

Шпакаў (Фелікс Ш.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Шпак і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шпак-аў . ФП: шпак ('невялікая пералётная птушка атрада вераб'іных з цёмным апярэннем') - Шпак (мянушка, потым прозвішча) - Шпакаў.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Павел Сцяцко


Моўная сімволіка

Як вы думаеце, як мог бы выглядаць сімвал беларускай мовы? Пытанне, відавочна, не простае, бо кожная мова - складаная, шматаспектная з'ява, якую цяжка адлюстраваць у лаканічным сімвале. У апошнія гады ў якасці такога сімвала часам выкарыстоўваецца "Ў", спецыфічная літара беларускага алфавіта. Гэта цудоўны знак адметнасці нашай мовы, але наўрад ці гэтая літара ўвасабляе ўсе найбольш важныя аспекты яе гісторыі і сучаснасці.

Дарэчы, у некаторых іншых моў таксама ёсць сімвалы. Бясспрэчны лідар тут - мова эсперанта. Набор яе сімволікі адпавядае гэткаму ж набору любой дзяржавы: герб, сцяг і гімн. Герб эсперанта - зялёная пяціканцовая зорка . Упершыню знак выкарыстаны як сімвал мовы ў 1892 годзе ў часопісе "Эсперантыст". Зялёны колер - гэта сімвал надзеі, а зорку можна трактаваць як сімвал пяці кантынентаў, аб'яднаных эсперанта. Само слова эсперанта , як вядома, было псеўданімам стваральніка гэтай мовы, Людвіга Заменхофа, і перакладаецца як "той, хто спадзяецца".

Ёсць версія, што менавіта гэты знак натхніў Льва Троцкага на ідэю чырвонай зоркі як савецкага сімвала. Калі гэта так, то атрымліваецца, што сённяшняя вайсковая сімволіка Рэспублікі Беларусь узыходзіць да сімвала мовы. Шкада, што не беларускай.

Сцяг эсперанта ўтрымлівае ў левым куце белае квадратнае поле з гербам. Белы - знак міру і нейтралітэту. Колер зоркі і асноўнага поля - зялёныя . Сцяг быў зацверджаны на першым кангрэсе эсперантыстаў у 1905 годзе.

Гімн эсперанта - верш Л. Заменхофа "La Esperо" , пакладзены на музыку Ф. Меню дэ Мені.

Нарэшце, з нагоды стагоддзя эсперанта, у 1987 годзе быў прыняты юбілейны сімвал гэтай мовы. Ён уяўляе сабой стылізаваную выяву зямнога шара, складзеную з лацінскай літары "Е" і кірылічнай "Э".

Сцягі ёсць і ў некаторых іншых штучна створаных моў, напрыклад, у ідо і клінгонскай .

Натуральным будзе пытанне, а навошта ўвогуле патрэбна ствараць сімвал мовы. Сапраўды, адсутнасць у беларускай мовы графічнага сімвала - гэта зусім не праблема, асабліва на фоне праблем сапраўдных. Стварэнне сімвала гэта хутчэй забаўка, але забаўка, якая пры правільнай арганізацыі можа паслужыць медыя-нагодай, з'явай, што завабіць увагу СМІ і грамадскасці ўвогуле да сітуацыі з беларускай мовай у краіне. Калі сябры нашай арганізацыі ўпадабаюць гэтую ідэю, то можна, напрыклад, абвесціць конкурс на лепшы праект такога сімвала. Зусім не абавязкова яго недзе зацвярджаць. Калі сімвал будзе ўдалы, то ён прыжывецца і будзе неафіцыйна выкарыстоўвацца. А не - ну то проста атрымаем задавальненне. Дарэчы, чаму б беларускай не стаць першай нацыянальнай мовай са сваім гербам? З гімнам увогуле праблем не будзе, прынамсі, з тэкстам - вершаў пра мову ўжо напісана шмат.

Хаця тут напісана ў асноўным пра сцягі, я лічу, што сцяг беларускай мове ў якасці сімвала не падыходзіць. Зразумела наяўнасць сцягоў у штучных моў: у іх няма прывязкі да пэўнай краіны і яе сімволікі. У нас жа сітуацыя адваротная. Нацыянальныя сцягі ў якасці абазначэння моў выкарыстоўваюцца ў інтэрнэце і ў друкаванай прадукцыі. Натуральна, што там, дзе, скажам, моўная версія сайта ці адзін з моўных варыянтаў тэксту на ўпакоўцы абазначаецца сцяжком, беларуская мова павінна абазначацца беларускім сцягам. Гэта падкрэсліць еднасць мовы і беларускай дзяржавы.

У нас, зрэшты, здараецца адваротнае. На ўпакоўцы можа быць абазначэнне Беларусі (сцяг ці "BY"), а далейшы тэкст толькі на рускай мове.

Стасунак сцяга і мовы актуальны для пэўных носьбітаў тых моў, на якіх размаўляюць больш, чым у адной краіне. Пэўныя аўтары адзначаюць, што не зусім карэктна абазначаць, напрыклад, нямецкую мову толькі нямецкім сцягам, бо на ёй размаўляюць і ў іншых краінах. А як карэктна абазначыць англійскую ці арабскую? Можна пісаць назву мовы (хаця тады губляецца прыгажосць каляровых сцяжкоў, а для нас - яшчэ і магчымасць выкарыстаць бел-чырвона-белы сцяг). Але ёсць і праекты сцягоў "шматкраінных" моў, якія можна ўбачыць у інтэрнэце. Звычайна яны ўяўляюць сабой пэўную камбінацыю сцягоў тых краін, дзе размаўляюць на гэтай мове. Існуе і яшчэ адна праблема: для людзей з дальтанізмам можа быць немагчыма адрозніць адзін сцяжок ад іншага.

Але вернемся да магчымага конкурсу. Прэцэдэнты былі. Напрыклад, Нацыянальны музей мовы ў ЗША праводзіў сярод дзяцей і моладзі конкурс на лепшы праект міжнароднага сцяга мовы. Перад вамі праект-пераможца.

Як вы бачыце, лістота на дрэве трох розных адценняў. Гэта сімвалізуе мовы жывыя, мёртвыя і мовы будучыні. Дугі, што разыходзяцца ад дрэва, абазначаюць распаўсюджанне ведаў, што нясуць мовы.

Яшчэ адна магчымая сфера прымянення сімвалаў мовы - сувенірная прадукцыя. Таксама можна абраць у якасці сімвала аніміраваны персанаж, а потым зрабіць мультфільм пра прыгоды беларускай мовы, гэткі вострасюжэтны трылер з элементамі чорнай камедыі і жахаў. Будзем спадзявацца, аднак, што скончыцца ўсё добра. А галоўнае, каб і ў фільма, і ў мовы быў добры працяг.

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ


Выбар Алега Трусава

Нашчадак беларускай шляхты

Калі Алег Трусаў узначаліў Таварыства беларускай мовы, некаторыя злараднічалі, што "галоўным беларусам" краіны стаў этнічны рускі. Мякка кажучы, гэта не адпавядае рэчаіснасці. Так, яго бацька з памораў, нарадзіўся на мяжы Архангельскай і Валагодскай абласцей, а маці са шляхецкага роду Драздоўскіх і Мяжэвічаў. Нарадзілася яна на Урале, дзе тады працаваў дзед Алега Трусава. Тыя, хто выдаваў адпаведнае пасведчанне, не "п а рыліся", а напісалі самае простае - руская.

Так што Алег Трусаў лічыць сябе беларусам не дарэмна. Больш за тое, менавіта ў Беларусі ён пражыў фактычна ўсё сваё жыццё і нават у камандзіроўкі імкнуўся надоўга ад сваёй радзімы не ад'язджаць.

Не палічыце банальнасцю, але ў гэтым свеце сапраўды вельмі цесна. Маці будучага знакамітага навукоўца і грамадскага дзеяча Міхася Ткачова Дамініка Сямёнаўна Казлоўская "прывяла" Трусава ў археалогію, а яе сын меў дачыненне да палітычнага складніка жыцця Алега Анатольевіча.

Справа ў тым, што Дамініка Сямёнаўна Казлоўская сябравала з бабуляй Алега Анатольевіча Ганнай Мяжэвіч (Драздоўскай) і лічылася самай лепшай настаўніцай горада, таму цалкам зразумела, чаму свой першы школьны буквар ён прачытаў менавіта з яе дапамогай. Аднойчы першая настаўніца павяла свой клас на экскурсію на замчышча, дзе археолаг Леанід Аляксееў праводзіў раскопкі. Там Алег Трусаў упершыню ў сваім жыцці ўбачыў падземны горад. Убачанае тады стаіць перад вачамі і сёння: дзеці - наверсе, а ўнізе - маставыя, дамы...

Можа быць, менавіта ў гэты момант Алег Трусаў і зразумеў, што акрамя свету, дзе мы жывём, ёсць яшчэ не менш прыгожы свет. Той, дзе жылі нашы продкі. Той, які знаходзіцца ў нас пад нагамі.

У 1973 годзе на гістфаку БДУ, куды пасля паспяховага сканчэння школы (з залатым медалём) паступіў Алег Трусаў, адкрылі кафедру археалогіі, дзе ён атрымаў прафесійную археалагічную адукацыю.

Размеркавалі Алега Трусава ў СНРПМ МК БССР (Спецыяльныя навукова-рэстаўрацыйныя вытворчыя майстэрні Мінкульта БССР), дзе ў 1980 годзе ён стаў загадчыкам археалагічнага аддзела і прапрацаваў там да 1992 года.

Паралельна ён вучыўся ў завочнай аспірантуры Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР. У 1981 годзе ў Ленінградзе абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму "Археалагічнае вывучэнне помнікаў манументальнага дойлідства XI-XVII стст. на тэрыторыі Беларусі (метадычныя даследаванні)".

Палітычны складнік

Сёння падобнае вельмі цяжка ўявіць, але стаць камуністам Алега Трусава "прымусіў"... Зянон Пазьняк. Да гэтага той двойчы адмаўляўся. Зянон Пазьняк аргументаваў гэта так: "Ты павінен уступіць у КПСС і "ўзначаліць" там абарону Верхняга горада".

Сапраўднай жа палітыкай Алег Трусаў пачаў займацца праз дзесяць год. 19 кастрычніка 1988 года ён ішоў міма Чырвонага касцёла (тады Дома кіно) на чыгуначны вакзал, дзе збіраўся купіць квіток для паездкі ў чарговую камандзіроўку. Выпадкова сустрэў Міхася Ткачова, якога з намі, на жаль, няма ўжо шмат год. Той прапанаваў зайсці ў Дом кіно. Маўляў, там будзе шмат чаго цікавага, а білет яны купяць пазней.

Так Алег Трусаў трапіў у аргкамітэт па стварэнні БНФ. Дакладней - аргкамітэт па стварэнні руху БНФ за перабудову "Адраджэнне". Першапачаткова ў яго склад уваходзілі 35 чалавек.

Не буду спрачацца наконт таго, хто стаяў у вытокаў той падзеі, чыя была гэта ініцыятыва, бо чым больш пасля падзеі мінае часу, тым больш робіцца тых, хто "ўсё прыдумаў". Адзначу толькі, што без імпэту і аўтарытэту Васіля Уладзіміравіча Быкава стварыць новы рух было б значна цяжэй.

І яшчэ адзін не ўсім вядомы момант.

Народны паэт Беларусі Пімен Емяльянавіч Панчанка ўступіў у аргкамітэт, як кажуць, "пры смерці". Ён ужо хадзіць не мог, таму фізічна не прысутнічаў ні на адным паседжанні, але прасіў запісаць у пратакол сваю наяўнасць і прывозіць на подпіс усе паперы.

У сакавіку 1991 года была створана Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада. Старшынёй тады абралі Міхася Ткачова, а першым намеснікам - Алега Трусава. Праз год, пасля заўчаснай смерці Ткачова, Трусаў стаў на чале партыі і кіраваў ёй да лета 1995 года.

Паралельна з партыямі на хвалі перабудовы пачалі фармавацца і грамадскія арганізацыі. Ці не першай з іх, 28 верасня 1989 года, было афіцыйна зарэгістравана Таварыства беларускай мовы (ТБМ), створанае па ініцыятыве выбітнага паэта Ніла Гілевіча, які і быў абраны першым старшынём. Алег Трусаў сфармаваў тады суполку ТБМ у Савецкім раёне, якой кіраваў да 1997 года. У красавіку яго абралі намеснікам старшыні ТБМ, якое тады ўзначальваў Генадзь Бураўкін.

17 красавіка 1999 года на VI з'ездзе ТБМ Алега Трусава па прапанове Генадзя Бураўкіна абралі старшынём.

Дарэчы, сам Алег Трусаў пачаў размаўляць па-беларуску недзе на пачатку 1980-х гадоў. А першай яго беларускай кнігай была "Новая зямля" Якуба Коласа, якую прэзентавалі на Дзень Савецкай Арміі ў восьмым класе. На беларускую мову ён перайшоў свядома - у знак пратэсту супраць выключэння з БДУ некаторых студэнтаў, за "праяўленне нацыяналізму", а па сутнасці, за любоў да роднай мовы і Беларусі.

Менавіта Таварыства беларускай мовы давала тады ледзь не адзіную рэальную магчымасць вылучацца кандыдатам у дэпутаты розных узроўняў, чым скарысталіся большасць вядомых сяброў БНФ. Іх колькасць па ўсёй краіне вызначалася сотнямі. Быў у тым ліку і Зянон Пазьняк.

Алега Трусава вылучыла кандыдатам у Вярхоўны Савет Рада ТБМ Савецкага раёна Менска.

Шлях у парламент

Распавядае сам Алег Анатольевіч:

- Чамусьці апазіцыя вельмі не хацела, каб народным выбраннікам тады стаў будучы міністр інфармацыі Міхаіл Падгайны, і мне моцна "параілі" скласці яму канкурэнцыю, бо раней на выбарах у Вярхоўны Савет СССР вылучацца мне не хацелася прынцыпова. Наконт БССР таксама былі пытанні, але тут дамінавала калектыўная воля.

Пасля рэгістрацыі ў 33-й Мірашнічэнкаўскай акрузе камуністы самі адмовіліся ад вылучэння Падгайнага. Перавагу яны аддалі тагачаснаму намесніку міністра ўнутраных спраў генерал-лейтэнанту Кавалёву. Мы абодва выйшлі ў другі тур, дзе змагаліся вельмі жорстка. Ён супраць мяне "кінуў" усю міліцыю, нават АМАП. І гэтым... моцна дапамог. Агітавалі за яго альбо супрацоўнікі міліцыі, альбо іх таемныя агенты. Часцей за ўсё рэакцыя была супрацьлеглай. Да таго ж сярод маіх прыхільнікаў былі ўсе, каго некалі пакрыўдзіла праваахоўная сістэма (напрыклад, былыя зняволеныя).

У маю "каманду" ўваходзіла дзесяць чалавек, узначальваў яе Уладзімір Колас, з якім мы потым адкрывалі знакаміты Ліцэй. Дзеля эксперыменту дамовіліся праводзіць усю агітацыю на беларускай мове. На другіх кандыдатаў прынцыпова не казалі ніводнага слова.

Вынікі эксперыменту аказаліся больш чым станоўчымі. За мяне прагаласавала 50,1 працэнта выбаршчыкаў. Галасы тады яшчэ лічылі. Я перамог Кавалёва на 157 галасоў. Скрасці такі мізер было б надзвычай проста.

Выбарчую камісію ўзначальваў сакратар партыйнай арганізацыі цяперашняга Політэхнічнага ўніверсітэта. Як і я, ён прытрымліваўся дэмакратычных поглядаў. Галасы выбаршчыкаў палічыў, як кажуць, "да аднаго". Потым расказваў, як "ціснулі", патрабуючы, каб скраў гэтыя галасы на карысць Кавалёва. Ён не пагадзіўся. Нават тры "спрэчныя" бюлетэні не аддаў.

У парламенце мы адразу ж стварылі фракцыю БНФ. У яе склад уваходзіла каля трох дзясяткаў дэпутатаў. Колькасць яе ўвесь час змянялася.

Не менш важна і тое, што мы стварылі Дэмакратычны клуб, у які ўваходзілі больш за сто народных выбраннікаў. У тым ліку і Аляксандр Лукашэнка. Калі Дэмклуб прымаў рашэнне, то камуністычная верхавіна па некаторых пытаннях прайгравала, бо двух трэцей галасоў, то бок канстытуцыйнай большасці, у іх ужо не было.

- Некаторыя называюць беларускую незалежнасць выпадковай...

- Цалкам не згодны. Калі мы вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты, адразу ж рабілі акцэнт на гэтым пытанні. Напрыклад, у сваёй улётцы я абяцаў незалежнасць за пяць гадоў. Як бачыце, абяцанне было выканана датэрмінова, бо нам спатрэбіліся толькі два гады.

27 ліпеня 1990 года была прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі, 25 жніўня 1991 года яна была пацверджана і ўступіла ў сілу, 2 верасня 1991 года ў Маскве пачаў работу V з'езд народных дэпутатаў СССР, а 5 верасня па прапанове Гарбачова ён прыняў рашэнне пра самароспуск і стварэнне адпаведнай канфедэрацыі, якой потым стала Садружнасць Незалежных Дзяржаў.

Можна сказаць, што нам тады пашанцавала ў тым, што ўсё гэта Ельцын рабіў, як кажуць, "пад сябе".

На гэтым з'ездзе я быў у якасці госця. У кулуарах давялося пагутарыць з Шэварднадзэ, Жырыноўскім, Лебедзем, Афанасьевым і іншымі.

Путч як каталізатар незалежнасці

- Атрымліваецца, што путч жніўня 1991 года вельмі дапамог нашай незалежнасці?

- Аб'ектыўна - так.

Усе тры тыдні путчу мы былі ў Вярхоўным Савеце і маральна рыхтаваліся да самага горшага, бо ведалі, што ў планах путчыстаў было імкненне арыштаваць усю апазіцыю. Былі падрыхтаваны "расстрэльныя" спісы. На чыгуначную станцыю спецыяльна падагналі (я сам бачыў) пустыя вагоны. Адных (самых вядомых і энергічных) іншадумцаў планавалася знішчыць, а астатніх накіраваць у Магадан.

Калі я прыйшоў раніцай 19 жніўня ў Вярхоўны Савет, палова чыноўнікаў са мной не віталася, а другая палова адкрыта жадала, каб нас хутчэй расстралялі. Праз тры тыдні тыя ж самыя людзі бегалі са словамі: "Чего изволите...".

Тыя дні і ночы я фактычна не спаў. Працавалі, як кажуць, кругласутачна. Тым больш што з самага пачатку дзяржаўнага перавароту шмат каго не было ў Менску - адпачынкі. Нават Гарбачоў з'ехаў у Фарос. Путчысты такі час выбралі спецыяльна.

Зянон Пазьняк прыйшоў у Вярхоўны Савет толькі бліжэй да абеду, бо дабрацца да нас хутчэй не мог фізічна. Сустрэлі яго фактычна зробленай работай - усе заявы былі ўжо падрыхтаваны.

З раніцы нас сабралася чалавек дзесяць. Ніякіх сядзіб у БНФ тады не было, яны з'явіліся пазней. Для парламенцкай апазіцыі Пазьняк выбіў пакой на трэцім паверсе, дзе ўсе і збіраліся. У тым ліку і тыя, хто не быў дэпутатам і прыходзіў "з вуліцы". Мы заказвалі для іх неабходныя дазволы і праводзілі ў свой пакой.

Натуральна, яго "праслухоўвалі", але ніякіх вялікіх таямніц у нас і не было. Мы там пісалі законы, распрацоўвалі тактыку. Усё, што казалася там, потым агучвалася з парламенцкай трыбуны. Таму і не баяліся.

Арганізаваць сваё "балота" Кебічу было надзвычай цяжка. Скажам так, яно не вельмі слухалася. На словах яны абяцалі ўсё рабіць як след, але рэальна рабілі не так, як абяцалі. Тым больш што ўсё вакол развальвалася. Кожны думаў пра тое, дзе лепш прыладзіцца яму асабіста.

Фракцыя БНФ адразу ж стала патрабаваць склікаць пазачарговую сесію. Першыя два дні Прэзідыум Вярхоўнага Савета гэтага рабіць не хацеў, а калі яны ўбачылі, што путч праваліўся, зрабілі гэта амаль імгненна.

Пазачарговую сесію прызначылі на 24 жніўня. Мы добра падрыхтаваліся. Падрабязнасці пры неабходнасці можна паглядзець у адпаведных стэнаграмах.

25 жніўня 1991 года па прапанове фракцыі БНФ прынятую год таму Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце зрабілі часовай Канстытуцыяй і прагаласавалі за тое, што ў нашай краіне ў першую чаргу дзейнічаюць беларускія законы і толькі потым савецкія.

- Многія лічаць, што з гэтага моманту БНФ заўсёды быў "на кані"?

- Ніякай рэальнай улады ў БНФ ніколі не было. У нас у руках не было НІВОДНАГА міністэрства і ніхто такіх прапаноў асабліва не рабіў. А калі і былі нейкія размовы наконт міністэрскіх намеснікаў, то мы адмаўляліся, бо разумелі, што потым усё "спішуць на БНФ". Так што ніякай рэальнай выканаўчай улады ў БНФ ніколі не было. Самай высокай пасадай была пасада Анатоля Гурыновіча, які быў намеснікам старшыні Менскага гарвыканкама. Быў яшчэ Габрусеў, які менш за паўгода кіраваў Магілёвам.

Адзінае, што было ў БНФ, - маленькі кавалачак улады заканадаўчай. Мы ў адрозненне ад астатніх умелі пісаць і распрацоўваць законы, таму многія прапановы БНФ і былі прыняты (або цалкам, або часткова) на заканадаўчым узроўні.

Фракцыя БНФ у тагачаснай парламенцкай палітры займала толькі 10 працэнтаў, але час ад часу мы пераконвалі парламенцкую большасць у сваёй рацыі. Менавіта гэтая парламенцкая большасць зрабіла Беларусь незалежнай еўрапейскай дзяржавай.

Да таго ж нам вельмі тады пашанцавала, што менавіта Зянон Пазьняк кіраваў парламенцкай фракцыяй БНФ. У яго ёсць сапраўдная харызма. Як кажуць, гэты чалавек аказаўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час. Да і намеснікі ў яго былі някепскія. Тыя ж Голубеў, Заблоцкі, Навумчык.

Замест пасляслоўя

Дапускаю, што з меркаваннямі Алега Трусава пагодзяцца не ўсе. І не ва ўсіх з ім аднолькавыя погляды на нейкія падзеі, але гэта менавіта тое, для чаго 25 жніўня 1991 года і стваралася наша Незалежнасць. Беларусаў зрабілі свабоднымі перш за ўсё для таго, каб кожны мог думаць самастойна, а не так, як афіцыйна лічыцца "правільным".

Аляксандр Тамковіч. На здымках: 1. Алег Трусаў у 1973 г.; 2. На раскопках Рагачоўскага замчышча ў 1973 г.


Успаміны пра маё жыццё на першай і другой радзіме

18 чэрвеня споўнілася 90 гадоў шчырай беларусцы Надзеі Барт-Юрэвіч , якая ўжо 70 гадоў жыве ў Германіі. Спадарыня Надзея на працягу многіх гадоў падтрымлівае сувязь з ТБМ, стварыла ў Германіі суполку Таварыства, рэгулярна дасылае ахвяраванні. Нам удалося атрымаць ад спадарыні Надзеі яе кароткія ўспаміны, напісаныя 15 гадоў назад па-нямецку, якія мы і прапануем сёння нашым чытачам у перакладзе на беларускую мову

Успаміны пра маю радзіму Беларусь

Я нарадзілася на свет 18 чэрвеня 1924 года ў нашым фальварку Юкевічы як другое дзіця маіх бацькоу Мікалая і Веры Юрэвічаў, народжанай Кавалевіч. Два гады раней нарадзіўся мой адзіны брат Анатоль, а пазней - мае дзве сястры Людміла і Вольга.

Гэта было неўзабаве пасля Першай Сусветнай вайны. Наш дом, як і іншыя пабудовы, быў пераабсталяваны пад ваенныя мэты, і толькі маленькая хатка для работнікаў засталася пад нас. У гэтай хатцы я і нарадзілася. Магчыма, гэтыя ўмовы і разбудзілі маё сацыяльнае спачуванне да беларускага народа.

У гэтай хатцы нарадзіліся таксама кузіна Вольга і кузен Васіль, дзеці майго дзядзькі Антона, брата майго бацькі. Нажаль, у 1927 годзе яны з'ехалі ў Херсон да Чорнага мора на радзіму маёй цёткі Ксеніі. Іх нам было вельмі шкада, бо дзядзька Антон, як царскі афіцэр, быў арыштаваны і сасланы, дзе і памёр.

Мая маці любіла жыццё ў гэтай маленькай хатцы, адкуль яна моцна садзейнічала будове новага дома. Жыццё пасля вайны было запоўнена агульным наладжваннем і мадэрнізацыяй сельскай гаспадаркі. Паколькі мой бацька па спецыяльнасці быў інженерам-машынабудаўніком, ён мог свае веды скарыстаць у канструяванні сельскагаспадарчых машын. Ён змог разам з маёй маці на працягу 15 гадоў адбудаваць і палепшыць фальварак. Нажаль, памёр ён у 1936 годзе ва ўзросце 43 гадоў ад недалечаннага грыпу, а таксама двухбаковага запалення лёгкіх і пакінуў сваю жонку Веру ва ўзросце 36 гадоў з чатырма малымі дзецьмі. Смерць майго бацькі была для мяне тады і нават яшчэ цяпер жудасным ударам лёсу. Я хацела нават лепш сама за яго памерці. Я не магла ўсвядоміць, прыняць яго смерць, і ўся мая радасць была згублена з яго смерцю. Ён быў для мяне не толькі бацька, але таксама сябар і чалавек, які разумеў, як узгадаваць маю веру ў сябе і ўспрымаў мяне, як асобу, не гледзячы на тое, што было мне толькі 11 гадоў, калі ён памёр. Для ўсіх нас, маёй маці, брата, сясцёр і мяне многае змянілася ў час пасля смерці бацькі, не гледзячы на тое, што маці спрабавала і далей годна ўладкоўваць сямейнае жыццё і старалася зрабіць магчымай нам, дзецям, добрую адукацыю.

Так паслалі мяне ў Слонім у гуманітарную гімназію. Там я была памешчана ў інтэрнаце, дзе пасля школьных заняткаў таксама вывучала многа неабходнага для жыцця асабліва ў этыцы і эстэтыцы. Нажаль, усе прадметы выкладаліся па-польску, і мы не атрымоўвалі ніякіх школьных ведаў на нашай беларускай мове. Увогуле пачуццё да сваёй нацыі было поўнасцю прыніжана, і толькі праз стасункі з вяскоўцамі мы маглі вывучаць нашую мову. З часоў Кацярыны Другой, якая нашу радзіму далучыла да Расеі (1794), усё беларускае было забаронена. Пасля 1922 года (Рыжскі кангрэс) Заходняя Беларусь перайшла да Польшчы, і прыніжэнне нашага народа працягнулася далей. Тады, дзецьмі, мы не разумелі гэтага. Мы жылі з нашымі польскімі сябрамі ў поўным разуменні і адрозніваліся ад іх толькі нашай праваслаўнай верай. Толькі ў час Другой Сусветнай вайны прабудзіліся мае пачуцці да Радзімы (патрыятызм). Пазней, пад час маёй вучобы ў Марбургу, дзе у нас была моцная беларуская група, знайшла я свае карані, надта шкадавала пра "ўпушчаны" час, які для развіцця нашай культуры, мовы, гісторыі і традыцый быў мной згублены. Толькі цяпер на больш позняй стадыі майго жыцця спрабую я нагнаць упушчаннае, спрабую вывучыць гісторыю маёй прыгожай, беднай Радзімы, Радзімы, што дала так многа выдатных людзей, якія пакінулі свету свае дасягненні, у надзеі, што Радзіма не прападзе, але наадварот у свой час зойме сваё "заслужаннае" месца пасярод свабодных дэмакратычных народаў.

70 гадоў таму назад вырашылі мая маці і мы тры дзяўчыны - Надзея, Людміла і Вольга - пасля доўгага роздуму і малітвы ў нашай царкве ў Косаве, дзе мы ўнутрана маліліся да цудатворнага абраза Божай Маці, уцякаць ад камунізму і пешшу пайсці ў незнаёмы свет.

Пасля месяца вандроўкі прыйшлі мы ва Ўсходнюю Прусію і атрымалі там працу ў маёнтку спадара Бруно Гускі ў Мёкерне, раён Аленштайна. Дзякуючы нашым школьным ведам французскай мовы, жылі мы ў добрых адносінах з французскімі палоннымі, якія працавалі ў спадара Гускі. Адзін з іх, Марцье, быў мастаком, у якога рабілі партрэты інтэрнаванныя афіцэры Пятэна. Так мы пасябравалі з доктарам медыцыны Андрэ Менгам з Парыжа, з якім мы засставаліся на сувязі да яго нядаўняй смерці. Праз яго даведаліся мы ў пачатку лістапада 1944 года, што савецкі фронт імкліва набліжаецца да Захаду, і салдаты чыняць на сваім шляху зверствы. Ён параіў нам пакінуць Усходнюю Прусію і накіравацца ў паўднёвую Германію, шта пасля складаных спробаў і ўдалося. Дарэчы, хачу распавесці адзін эпізод, які здарыўся падчас паездкі у паўднёвую Германію.

Падарожжа вяло нас у Берлін, дзе мы пры дапамозе спадарыні Прааль (сакратаркі спадара Гускі) змаглі адпачыць да пары, калі наш цягнік паехаў далей у кірунку Ульм - Аўлендорф - Заўльгаў. Толькі селі мы ў цягнік, як завылі сірэны, і мы павінны былі хавацца ў бункеры. Пасля супакаення маці заўважыла, што мы пакінулі ў цягніку нашыя рэчы, і паслала мяне як старэйшую дагледзець нашыя рэчы. Я пайшла без арыенціру з іншымі людзьмі з бункера і толькі пазней заўважыла, што замест вакзала на Фрыдрыхштрасэ апынуласяу цэнтры Берліна. Я была занепакоена і горка плакала. Але тут падышоў адзін спадар і спытаў, чаго я плачу. Тады ён паехаў са мной на метро да Фрыдрыхштрасэ і паабяцаў і далей дапамагчы. Толькі прыбылі мы на месца, як я ўбачыла маю маці і маіх сясцёр. Яны знайшлі нашыя рэчы, забралі з цягніка і чакалі мяне. Нам яшчэ пашчаслівілася атрымаць цягнік у кірунку Рэгенсбурга. і, не гледзячы на кантроль "карычневай" паліцыі, мы 9 лістапада 1944 года шчасліва прыехалі ў Заўльгаў.

Я хачу заўважыць, якія прыстойныя ў параўнанні да сягонняшніх дзён былі тады многія людзі, як напрыклад гэты спадар (Божа захавай яго), які так прыстойна дапамог згубленнай дзеўчыне.

Перад тым, як я пачну распавядаць пра жыццё ў Заўльгаў, хацела б патлумачыць прычыны, чаму мы пакінулі радзіму.

У верасні 1939 года пачалася вайна паміж Германіяй і Польшчай. Перад тым Сталін і Гітлер заключылі паміж сабой дагавор, па якому падзялілі Польшчу. Усходняя частка, мая радзіма, адыходзіла Савецкаму Саюзу і далучалася да БССР. Для нас жыццё змянялася поўнасцю. З гэтага моманту мы не мелі права наймаць людзей на працу ў нашым фальварку. Маёмасць у нас як быццам забралі, але тэарэтычна мы былі ўладальнікамі фальварка і павінны былі плаціць вялікія падаткі грашыма і прадуктамі. Для маці гэта была цяжкая справа. Калі мы патрацілі ўсе нашыя ашчаджэнні, нам дапамаглі нашыя сябры - яўрэі. Яны хацелі нам адплаціць тым самым за нашую гатоўнасць дапамагаць іхнім землякам, багатым прамыслоўцам (Клаас, Ліхтэнштэйн) з Варшавы, якіх мы ў цяжкую хвіліну, калі яны ўцякалі ад Гітлера, прытулілі ў нашым доме і месяц дапамагалі. Калі к нам прыйшлі Саветы, яны змаглі, дзякуючы грашам, праз Балтыку ўцячы ў ЗША.

Мы засталіся адны сам на сам у Юкевічах, але Бог нас не тады не пакінуў, хаця дзядзька Юзаф, брат майго бацькі, свае павіннасці перад Саветамі не змог выканаць і 23 чэрвеня 1944 года быў бы арыштаваны, калі б пачатак вайны 22 чэрвеня яму не дапамог. Так былі людзі на Бацькаўшчыне у гэтыя часы засмучаныя і няўпэўненыя, пераследваліся і ссылаліся, і таму, што мы ведалі пра тую сістэму, мы не маглі верыць нашым "панам" і пайшлі дабраахвотна разам з немцамі на Захад.

Тут я хацела б заўважыць, што наш Божа быў да нас міласцівы, і пад час уцёкаў, і пазней міласць даў душы і целу, і мы пазбеглі камуністычнага пераследу, які для нас як і для іншых многіх, што у нас з 41 па 44 пад немцамі жылі, быў бы суровым.

Дома засталася нашая бабуля Марыя Кавалевіч. Яна страціла пад час акцыі СС сваю хату, якая была спалена, як і хаты ўсіх родных, якія жылі ў мястэчку Дрыады. Бабуля хавалася ў падземным бункеры да канца вайны, у якім чакала дачку Аляксандру і ўнука з Сібіры, пражыла яшчэ пару год і памерла на 77 годзе жыцця.

Пару словаў да гісторыі мястэчка Дрыады, месца нараджэння маёй маці. Мястэчка заснаваў мой прадзед Караль Кавалевіч, які як эканом маёнтка графа Палубінскага за верную службу атрымаў вялікі кавалак зямлі. Магчыма, прадзед Караль меў сацыяльну жылу і таму падзяліў зямлю паміж роднымі і кланам Кавалевічаў і заснаваў гэтым жывапіснае мястэчка Дрыады на рэчцы Шагулянцы, акружанае лясамі, дзе Кавалевічы ахвотна палявалі. Гэтае хобі стала для майго кузена Аляксандра Кавалевіча пагібеллю (злым лёсам), калі ён, як дапаможны паліцыянт беларускай самаабароны супраць партызанаў пад нямецкай уладай, схаваў у хляве стрэльбу, што была знойдзена пад час яго службовай адсутнасці пры ператрусе СС, якія ўсе пабудовы перагледзелі ў пошуку партызанаў. Праз гэта былі яго бацькі, браты і сёстры расстраляны, і ўсе пабудовы спалены.

Тут я павінна нагадаць, што з нашай радні ніхто нямецкай мовай не валодаў, праз што выйшла жудаснае непаразуменне, якое пакінула доўгі, горкі ўспамін пра немцаў.

Мая маці вельмі любіла сваё месца нараджэння Дрыады і гаварыла, пастаянна перапоўненная рамантыкай, пра дзяцінства, якое мажліва было небагатае, але гарманічнае, у чым яна знайходзіла задавальненне. Яна расказвала нам пра яе бацьку Канстанціна, які як мілы малады чалавек з прыгожым голасам са сваёй шляхетнай маці Евай быў прыняты пры царскім двары ў Пецярбургу ў лейб-гвардыю, і шмат распавядаў, сваім адзінаццаці дзецям з тадышняга жыцця. Найлепш было для яго у Пецярбургу застацца назаўсёды, калі б не яго хворая маці, што паклікала дадому. Пасля вяртання не спадабалася яму спакойнае жыццё Дрыад, хаця яго ўмелая жонка Марыя ўсё ўзяла ў свае рукі, і ён мог прадстаўляцца як стараста Дрыад, сумаваў ён па Пецярбургу заўсёды. Ён памёр у 1935 ва ўзросце 75 гадоў.

Прабабка Марыя спрабавала сваім дзецям даць адпаведную адукацыю. На вышэйшую школу хапіла грошай толькі мужчынскім прадстаўнікам сям'і, дзяўчатам засталося звычайнае: школка ў 3 класы, дамаводства і ручная праца.

Бывае, думаю я пра жыццё бацькоў і розныя здарэнні. Тут успамінаю пра 1914 год, калі шмат людзей з радзімы ад немцаў уцякалі ў Расею, як мая маці і яе брат Антон. Мая маці дайшла у свае чатырнаццаць з паловай гадоў у Казань, дзе ў большасці жылі татары, і правяла там 6 гадоў, якія яе схілілі да рускай культуры і менталітэту (руская культура і менталітэт адклалі на ёй адбітак). Гэта было пазней прычынай таго, што яна з намі, дзецьмі, размаўляла па-руску і рускай мове маіх дзяцей навучыла. Тады пасля амаль 200 гадоў належнасці да Расеі беларускае вышэйшае грамадства размаўляла па-руску, і толькі ў вёсцы размаўлялі па-беларуску, спявалі і захоўвалі на шчасце старыя звычаі.

Але хацела б вярнуцца да "ўдараў лёсу", якія часта былі гратэскавыя, як то мая маці у 1914 годзе ўцякла ад немцаў у Расею, а потым у 1944 - з немцамі ад Саветаў, якія са свайго боку жорстка адносіліся да землякоў, якія пасля 1944 года вярталіся з Германіі назад на радзіму, кожны быў сасланы ў "ГУЛаг" на "перавыхаванне". Мы мелі анёла-ахоўніка і беспраблемна дабраліся да Заўльгаў. Тут пасля вайны маці ўзяла ініцыятыву у свае рукі і паслала нас у жыццё пад дэвізам: "З адукацыяй тое набыць, што у нас ніхто ніколі не адыме". Так уладкавалася яна ў французскі рэстаран рабіла ўсю работу на кухні, чысціла і абслугоўвала, і паслала нас вучыцца. Я магла вучыць у Марбургу/Лаан фармакалогію, Людміла ў Мюнхене хадзіла ў гандлёвую школу, а Вольга ў Заўльгаў скончыла рускую прыватную гімназію. Перад тым як Вольга з маці з'ехалі ў Амерыку, паступіла яна яшчэ ў Цюбінгене на філалагічны факультэт. У гэты час Людміла выйшла замуж за яе настаўніка музыкі Георга Месер-Рабалоўскага і неўзабаве пасля гэтага з'ехала ў Бразілію.

Я засталася тут і скончыла вучобу ў Марбургу на фармацэўта. Незадоўга да таго, як я наведвала маці на Вялікдзень, я захварэла і была праапераваная Доктарам Францам Бартам у клініцы ў Заўльгаў на апендыцыт. Аперацыя была для нас шчаслівым лёсам, таму што праз дзевяць месяцаў у 1950 годзе мы пажаніліся і нарадзіла я яму чатырох дзяцей: Веру, Ірэну, Сафію і Томаса. Дваццаць гадоў цікавага жыцця правялі мы разам, хоць было месцамі цяжка, бо муж жыў у асноўным для яго клінікі. Нажаль, вельмі рана, 1 сакавіка 1971 года, забраў яго Бог на неба. Мая маці перажыла яго на 17 гадоў і памерла 16 ліпеня 1988 года, і цяпер ляжаць яны на адных могілках.

Хацела б яшчэ запісаць некаторыя ўспаміны пра сям'ю майго бацькі Мікалая Юрэвіча. Ужо ў адной з інтэрнацыянальных сямейных хронік узгадваецца імя "Jurewicz". Карані роду Юрэвічаў, якія паходзяць з Вялікай Літвы, знойдзены ў Ягелонаўскія часы, калі яны ў 1607 годзе як "Exiseman" былі прадстаўнікамі ў Сойме. Тады вялікі князь Ягайла ўзяў у 1386 годзе польскую каралеву Ядвігу ў жонкі, і стала Вялікая Літва аўтаномнай часткай Польшчы са сваёй дзяржаўнай мовай, на якой і Статут паміж Польшчай і Літвой напісаны быў, і які дагэтуль у Вавелі, у Кракаве знаходзіцца, да той пары покуль Люблінская унія у 1569 годзе не запатрабавала, каб усе вышэйшыя чыны ва ўладзе польскімі грамадзянамі і католікамі былі.

Можа быць, што ў гэтым руху таксама і сям'я Юрэвічаў стала польскімі грамадзянамі са шляхецкімі вольнасцямі, бо па сямейнай хроніцы адносіліся яны да шляхты. З расказаў маці, якая была апошнім прадстаўніком ведаў пра род Юрэвічаў, я ведаю, што яны паходзілі з Вялікай Літвы і перадавалі традыцыі высокага чыноўніцтва з пакалення ў пакаленне. Мой бацька Мікалай быў першым з Юрэвічаў, хто пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў сваім маёнтку Юкевічы пачаў займацца сельскай гаспадаркай (пасля таго як страціў фабрыку швейных машын "Зінгер" на Каўказе). Тут хацеў ён быць вольным чалавекам, хаця яму наша мама Вера вельмі шмат дапамагала. Яна прывяла яго да рэлігіі ў сям'і, бо ён як студэнт меў вялікую цікавасць да масонства і многа часу правёў з іх летапісамі. Гэта прыводзіла час ад часу да непаразуменняў паміж бацькамі.

Маці любіла праваслаўную царкву, але, як прыблізіўся яе час, папрасіл нашага каталіцкага сябра пастара Бэра, яе паспавядаць, грахі адпусціць. Гэтыя паводзіны маёй маці прабудзілі вялікую павагу да яе. Яна паказала ўсю вялічыню ў веры ў аднаго і таго ж Езуса Хрыстуса, у аднаго Бога Айца для ўсіх нас.

Дадатковае паведамленне пра выбар радзімы ў Заўльгаў

Безумоўна, многіх хвалюе пытанне, чаму мы нашай другой радзімай выбралі менавіта Заўльгаў. Гэтае рашэнне звязана з гістарычным досведам землякоў са Слоніма.

Пад час нямецкай акупацыі маёй радзімы была дазволена па акупацыйным законе як школа толькі "Фольксшуле" ("Народная школа"). Кіраўніком адукацыі на гэтай тэрыторыі быў тады Барыс Суравы. Праз знаёмства Барыса Суравога з абласным (акружным) камісарам, які паходзіў з паўднёвай Германіі, Суравы быў пасланы ў Заўльгаў, каб пазнаёміцца ў нямецкіх школах з германскай адукацыяй. На час семінараў Суравы быў паселены ў доміку для гасцей (гасцініцы) Бах пры сям'і Марціні. Хутка завязаліся паміж Суравым і сям'ёй Марціні сяброўскія адносіны, якія праз значны час пасля раставання сталі важнымі для жыццёвых рашэнняў Суравога і яго землякоў. Пры раставанні з Заўльгаў сказала сям'я Марціні да Суравога:"Калі Вам ў Вашым жыцці спатрабіцца наша дапамога, Вы можаце на яе разлічваць." Спадар Суравы захаваў у памяці гэтыя словы, і, калі было прынята рашэнне аб адступленні нямецкай арміі з Савецкага Саюза на захад, ён вывез чыгункай усю беларускую адміністрацыю ў Заўльгаў.

Тут людзей прымалі і рэгулярна апавяшчалі ў прэсе, калі яны знаходзілі работу і жыллё. З гэтай групай прыехаў у Заўльгаў таксама і дзядзька Георг Юрэвіч са сваёй сям'ёй . Пра гэтую падзею было надрукавана ў газеце, і адтуль мы даведаліся пра існаванне горада Заўльгаў, дзе на пачатку пасяліліся нашыя родныя.

Калі знаходжанне ва Ўсходняй Прусіі праз рух фронту на захад стала небяспечным, мы вырашылі з дапамогай нашых французскіх сяброў ехаць у Заўльгаў. Пра цяжкасці пад час вандроўкі з Усходняй Прусіі праз Берлін у Заўльгаў я згадвала ўжо раней.

Так маленькі горад Заўльгаў зрабіўся маёй другой радзімай, і тут я буду ў свой час пахаваная бліз майго мужа Франца Барта і маёй маці Веры Юрэвіч.

Паводле "Erinnerungen an mein Leben in der ersten und zweiten Heimat" von Nadia Bart, geb. Jurewitsch, Saulgau, 1999.

Надзея Барт-Юрэвіч. Пераклад з нямецкай Арцёма Судніка.


Паседжанне Рады Таварыства беларускай культуры ў Літве. Ліпень 2014. Віленскі раён (Акмянішкі)

Чарговае паседжанне Рады ТБК прайшло за межамі Вільні ў вёсцы Акмянішкі. Па запрашэнні чальца Рады Васіля Радзюкевіча і яго жонкі Фаіны ліпеньская Рада прайшла на іх лецішчы. Пасля паседжання Рады, гаспадары частавалі цудоўнай вячэрай, потым прагулка па прыгожым наваколлі і лазня. А напрыканцы вечару гаспадыня частавала раскошнымі шашлыкамі. Ад імя Рады ТБК хачу выказаць шчырую падзяку гаспадарам за сардэчны прыём.

Пытанні якія разглядаліся на ліпеньскім паседжанні Рады ТБК:

- Фінансаванне дзейнасці Таварыства;

- Спроба аднаўлення музея Івана Луцкевіча;

- Правядзенне імпрэз у ТБК;

- Удасканаленне арганізацыйнай дзейнасці ТБК і правядзенне наступнага паседжання.

1. Пачалося паседжанне з пытання фінансавання дзейнасці Таварыства.

У тых выпадках, калі гаворка заходзіць пра магчымасці няўрадавых арганізацый выжываць, гэта, зразумела, немагчыма без рашэння фінансавых пытанняў. Нажаль, з фінансаваннем дзейнасці ТБК становішча крытычнае. З усіх магчымых крыніц фінансавання:

- Чалецкія ўнёскі;

- Дзяржаўнае фінансаванне (падтрымка);

- Датацыі (гранты) з публічных і прыватных крыніц;

-Ахвяраванні (грашовыя і рэчавыя);

- Спонсарства;

- Перадача 2% падаходнага падатку з фізічных асоб;

- Публічныя зборы грошай у грамадскіх месцах, кампаніі, дабрачынныя акцыі;

- Прыбыткі з маёмасці арганізацыі, фінансавыя інвестыцыі;

- Прыбыткі з гаспадарчай дзейнасці;

- Іншыя крыніцы: крэдыты, пазыкі.

Таварыства ўжо шмат гадоў у асноўным фінансуецца толькі з "іншых крыніц", а канкрэтна з "пазык". Непрапарцыйна (колькасці бел. несельніцтва на Віленшчыне) маленькага дзяржаўнага фінансавання ў форме конкурснага праекту раз на год хапае на 1-3 месяцы дзейнасці Таварыства, і тое ў мінімальных рамках. Такім чынам за гады дзейнасці ТБК склалася вялікая пазыка, ліквідаваць якую ў бліжэйшы час не ўяўляецца магчымым. Нажаль большасць з магчымых крыніц фінансавання для ТБК не падыходзіць, па розных прычынах. На паседжанні было прынята рашэнне сканцэнтравацца на грантах з еўрапейскіх фондаў, атрымаць ад іх фінансаванне больш верагодна ў нашым становішчы. Былі прызначаны пэўныя асобы, адказныя за распрацоўку планаў па знаходжанні фондаў. І да наступнай сустрэчы Рады яны павінны падрыхтаваць справаздачу.

Калі нехта мае свае думкі, заўвагі, прапановы па пытаннях фінансавання дзейнасці ТБК, калі ласка падзяліцеся з намі інфармацыяй: Зміцер Карачун zmicer.vilenski@ gmail.com

2. Наступным пытаннем разглядалася аднаўленне дзейнасці музея І. Луцкевіча.

Таварыства беларускай культуры ў Літве на працягу 25 гадоў намагаецца ад уладаў Літвы вырашэння пытання аб аднаўленні дзейнасці ў Вільні беларускага музея Івана Луцкевіча, які быў безпадстаўна і незаконна зачынены савецкімі ўладамі. Музей, які існаваў, і з дзяржаўнай падтрымкай, пры ўсіх акупацыйных рэжымах, дзейнічаў на працягу 23 гадоў, у незалежнай Літве не мае магчымасці аднавіць сваю працу.

Наш апошні зварот да прэм'ера Літоўскай Рэспублікі ў канцы сакавіка г.г. і адказ міністэрства культуры Л.Р. на яго з'яўляюцца старой і неабгрунтаванай адпіскай і не вырашае канкрэтнага пытання.

Такім чынам, калі ўлады Літвы адкрыта інаруюць, дзесяцігодзямі наш зварот, было прынята рашэнне звярнуцца да праваабарончых арганізацый Літвы па дапамогу ў вырашэнні праблемы дыскрымінацыі беларускай нацыянальнай меншасці Літоўскім урадам. А калі гэта не дасць пэўных вынікаў, то звярнуцца ў еўрапейскія і міжнародныя ўстановы.

3. Узыдамалася пытанне неабходнасці аднаўлення імпрэзаў у ТБК. Канчаткова пытанне правядзення імпрэз кожны месяц не прынята, але вырашана правесці ліпеньскую імпрэзу, якая адбудзецца 26-га ліпеня. На імпрэзе будуць выступаць Украінскі гурт "Світліця" з нагоды 200 гадавіны Тараса Шаўчэнкі, госці з Беларусі - Праваслаўнае брацтва ў гонар Віленскіх пакутнікаў, якія распавядуць пра свае дзейнасць. Пасля выступу гасцей, па традыцыі, на імпрэзе ўзгадваюцца ўплывовыя падзеі ў гісторыі Літвы і Беларусі, якія адбываліся ў дадзеным месяцы.

Тэмы імпрэзы (26.07.):

1. Прыняцце ВС БССР Дэклярацыі аб дзяржаўным Суверэнітэце Беларусі.

2. Гадавіна смерці Уладзіміра Караткевіча.

3. Гадавіна смерці святара Эдварда Фон Ропа.

4. Напрыканцы паседжання разглядалася тэма эфектыўнасці дзейнасці кіраўнічага органа ТБК. У апошнія часы ў ТБК склалася традыцыя, кожны месяц, кіраўніцтва Таварыствам беларускай культуры прызначаць іншага чальца Рады. Такая форма кіраўніцтва мае свае добрыя бакі і недахопы. Сярод недахопаў - недастатковае выконванне абавязкаў краўніка кожным наступным чальцом. Неэфектыўнасць дзейнасці часовага кіраўніка была галоўнай тэмай для абмеркавання, акрамя гэтага, закраналася пытанне эфектыўнасці дзейнасці ўсёй Рады. Пэўнага рашэння не знойдзена. Пытанні засталіся адкрытымі.

Наступнае паседжанне вырашана правесці ў чальца Рады Васіля Акуневіча па яго запрашэнні. Яно адбудзецца 2-га жніўня, на сядзібе гаспадара, ў Ігналінскім раёне.

Ліпеньскае паседжанне Рады ТБК у Акмянішках. Злева направа: Васіль Радзюкевіч, Зміцер Карачун, Алесь Адамковіч, Алег Аблажэй (сябра ТБК), Крыстына Балаховіч, Хведар Нюнька.

В.а. старшыні ТБК Зміцер Карачун.


Ліпеньская імпрэза ў ТБК

У суботу 26 ліпеня адбылася традыцыйная імпрэза ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве. Гэтым разам яе арганізаваў і правёў в.а. старшыні ТБК Зміцер Карачун.

У пачатку мерапрыемства нас прывітаў украінскі гурт "Світліца". Праграма была прысвечана 200-годдзю з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі. Вільня адзін з гарадоў, які цесна звязаны з жыццём і творчасцю гэтага вялікага ўкраінскага паэта. Сёння ў гэтым горадзе захавалася шмат слядоў, якія сведчаць аб творцы: ёсць вуліца Шаўчэнкі, ёсць мемарыяльная шыльда, пастаўлены яму помнік. Такім чынам, у літоўскай сталіцы захована памяць пра песняра Украіны

Удзельнікі гурта Раман і Аксана праспявалі сабраўшымся вядомыя песні, словы якіх напісаныя Тарасам Шаўчэнкам. Прыемна было чуць, што многія ў зале ім падпявалі. Гэта сведчыла, што творчасць паэта вядома і ў Беларусі і шануецца беларусамі. Напрыканцы яны праспавялі і пра падзеі на Украіне. І іх не пакідала вера, што ўкраінцы перамогуць, бо змагаюцца за сваю зямлю. Нажаль, гісторыя такая, што за 200 гадоў нічога не змянілася. Усё так, як і было ў часы Тараса Шаўчэнкі. Усходні агрэсар не хоча прызнаваць права іншых народаў на іх самастойнасць, мову, культуру, традыцыі.

У госці ў Таварыства завіталі сябры з Брацтва ў гонар Віленскіх пакутнікаў з Менска. Яго сябар шырока распавёў пра Брацтва, пра яго задачы і поспехі. За той час, які існуе Брацтва, шмат было зроблена для беларусізацыі праваслаўнага жыцця ў Беларусі. На жаль, яно не набыло шырокага размаху як у Каталіцкай царкве, але пэўныя зрухі ў гэтым кірунку ёсць. Рэгулярна беларускія службы адбываюцца ў Менску ў царкве св. Пятра і Паўла. Калі-некалі сябры Брацтва выязджаюць у беларускія вёскі і гарады і там у мясцовых цэрквах ладзяць беларускія службы. І як у канцы адзначылі, зараз усё больш і больш з'яўляеццца надзеі на тое, што такія набажэнствы будуць пашырацца і стануць рэгулярнымі ў іншых цэрквах.

На імпрэзе ўзгадалі пра 30-я ўгодкі з дня смерці вялікага песняра Беларусі Уладзіміра Караткевіча. Як было ўзгадана, у ХХ ст. гэта быў ці не самы вялікі беларускі пісьменнік, менавіта ён з беларусаў, як з шэрай масы, пачаў рабіць нацыю, вяртаючы ім іх гістарычную памяць.

У гэтым месяцы споўнілася 75 гадоў з дня смерці віленскага біскупа Эдварда фон Ропа. Ён шмат спрычыніўся да беларусізацыі Каталіцкага касцёла. Дзякуючы яго пастырскай апецы і падтрымцы беларускае слова пачало ўваходзіць у штодзённае рэлігійнае жыццё беларуса.

І тое, што сёння беларуская мова гучыць у святынях Беларусі, таксама і заслуга біскупа. Напрыканцы імпрэзы выступіў а. Даніла Сваяк, які нагадаў, што Беларусь мае агульныя хрысціянскія карані, таму сёння не трэба дзяліць яе на праваслаўных і католікоў, трэба шукаць агульныя карані і тое, што яднае. Насамрэч паміж праваслаўнымі і католікамі больш агульнага, чым адрознага. Трэба пераадолець шматлікія бар'еры і старацца жыць

У чарговы раз хочацца падтрымаць нашых братоў украінцаў у змаганні за іх волю. І верым, чым хутчэй вольнай стане Украіна, тым хутчэй вольнай будзе Беларусь.

Інф.ТБК.


Капцёўскі некропаль: беларускамоўныя надмагіллі

Амаль у самым цэнтры вёскі Капцёўка Гарадзенскага раёна, каля праваслаўнага храма Успення Прасвятой Багародзіцы, размешчаны на першы погляд, звычайныя вясковыя могілкі. Аднак, пры больш дэтальным знаёмстве, яны могуць уяўляць цікавасць для даследчыкаў айчынай некрапалістыкі.

Могілкі даволі старыя, прынамсі вядома, што на гэтым месцы ў Капцёўцы нябожчыкаў хавалі з ХІХ стагоддзя. Непасрэдна каля царквы і за царкоўнай агароджай захаваліся праваслаўныя пахаванні ХІХ і пачатку ХХ стагоддзяў, міжваеннага і пасляваенага часоў. Трапляюцца прыгожа выкананыя скульптурныя надмагіллі, як напрыклад помнік на магіле Георгія Курлава - сына мясцовага памешчыка Я. Курлава. Аднак найбольш звяртаюць на сябе ўвагу некалькі беларускамоўных надмагілляў, што з'яўляецца вялікай рэдкасцю нават для гарадской культуры некропаляў Беларусі. На Капцёўскіх могілках пакуль выяўлена прынамсі тры беларускамоўныя надмагіллі, два з якіх адносяцца да міжваеннага часу, калі вёска разам з усёй Гарадзеншчынай ўваходзіла ў склад Польшчы.

Нялёгка знайсці першае надмагілле, якое, знаходзячыся амаль ў цэнтры могілак, зарасло хмызняком. Яно належыць Паўлу Якубецкаму. Ёсць усе падставы меркаваць, што гэты чалавек з'яўляўся бацькам вядомага беларускага дзеяча, удзельніка Слуцкага паўстання Андрэя Якубецкага, які нарадзіўся недалёка ад Капцёўкі, у вёсцы Сухмяні. На надмагіллі зроблены наступны надпіс: "В. П./ Павал / Якубецкі / жыў 72 г./ умер 15 кастрычніка / 1934 г. / Вечны супачын / яго душе." Аб грамадскай дзейнасці Паўла Якубецкага вядома няшмат. Захаваліся сведчанні, што ён у канцы 1918 - пачатку1919 г. быў удзельнікам Гарадзенскага беларускага сялянскага з'езду, сябрам Арганізацыйнага камітэту па скліканні беларускага краёвага з'езду Гарадзеншчыны, а ў 1920 г. працаваў інструктарам Гарадзенскага Беларускага нацыянальнага камітэту.

Недалёка ад уваходу на могілкі размешчана другое надмагілле з гэткім надпісам: "В. П. / Язэп Шышлюк / жыў 35 г. / пам. 10 кастрычніка / 1931 г. / Тут-жэ / супачывая матка / пражыўшая 67 г. / Успамінак ад Бацькі." Малады чалавек, пахаваны на гэтым месцы, з'яўляўся настаўнікам, выкладаў у 1919 г. у мясцовай беларускай школе, быў сябрам Гарадзенскай беларускай школьнай рады, Таварыства беларускай школы. Разам з дзясяткамі іншых беларускіх настаўнікаў, імёны якіх сёння забыты, Язэп Шышлюк супраціўляўся паланізацыі і імкнуўся да таго, каб нашыя дзеці спасцігалі веды на роднай мове. З 1926 г. ён узначальваў гурток Беларускай сялянска-работніцкай грамады ў в. Сухмяні. Аб прычынах яго смерці звестак не захавалася.

Трэцяе беларускамоўнае надмагілле адносіцца да пасляваеннага часу. На помніку акрамя надпіса пра пахаваную асобу змешчана і вершаваная эпітафія: "Куліпа Анна М. / Р. 1890 г. П. 1961 г. / Мір праху твайму / дарагой маме / ад сына і нявесткі / Салавейка на магілку / нашай мамкі прылетай / сваей песенькай весёлай / нашу мамку пабуджай / Наша мамка моцна спіць / салавейку не збудзіць / не збудзіць і не падняць / бо тут вечна ёй лежаць." На жаль аўтару не ўдалося знайсці звестак аб пахаванай тут жанчыне.

Варта падкрэсліць, што беларускамоўныя надмагіллі з'яўляюцца значным пластам нацыянальнай гістарычнай памяці. Заклікаем краязнаўцаў і гісторыкаў фіксаваць і вывучаць помнікі падобнага тыпу, якія ў шмат чым цяпер знаходзяцца ў забыцці.

Аляксандр Горны, г. Гародня.


"Спарышы... - 2"

Не прайшло і двух гадоў, як мы ізноў сустракаемся з чарговым (шаснаццатым) паэтычным зборнікам выдатнага, арыгінальнага беларускага паэта з Баранавічаў Алеся Корнева - лаўрэата абласной (Берасце) літаратурнай "Мядовай прэміі" (2009 г.), прэміі імя У.Д. Калесніка ў намінацыі паэзія (2011 г.) і ўладальніка іншых прэстыжных узнагарод за плённую работу з беларускім словам. На папярэдні яго зборнік "Спарышы для душы" "Наша слова" адгукнулася рэцэнзіяй "На лініі фальклору" (гл. № 48 (1095) ад 28 лістапада 2012 г.). Па ўсіх параметрах новая кніга вершаў-двухрадкоўяў нашага паэта "Узвівайся, што стрыж, мінівершык спарыш" - гэта як бы працяг "Спарышоў для душы", гэта, як цяпер прынята абазначаць працяг чаго-небудзе, умоўна будзе "Спарышы... - 2". Але ў гэтага працягу і свая, як бачым, вельмі прываблівая, заманлівая і непаўторная назва. Што не датычна зместу і формы, то ён (зборнік), застаецца пераважна ў рэчышчы свайго папярэдніка. Праўда, ёсць у яго і свае адмеціны. Папершае, ён працягвае пашыраць парадыгму-сегмент з'яў чалавечага жыцця праз іх мастацкае выяўленне і ўвасабленне. Па-другое, гэтым разам А. Корнеў як бы робіць выклік многім знаным майстрам кароткай формы - аўтарам бейтаў, рубаі, танку, хоку, чатырохрадкоўяў і інш. Гэта, безумоўна, цікава. І трэба сказаць, што яму часта ўдаецца выходзіць на іх узровень, а часам і пераўзыходзіць іх. І гэта выклікае непадробную радасць за наша прыгожае пісьменства. І ў падмацаванне сказанаму варта прывесці тут колькі, сярод іншых, яго паэтычных знаходак:

"Квітнее грэчка, і ўсё поле стала белым,

А я, нібы сцябло, стаў загарэлым."


"З усходу на захад схіляюцца кветкі

За сонцам услед, як маленькія дзеткі."


"Вярба у вадзе, на нагах яе цыпкі,

Лісткі на галінках, як дробныя рыбкі."


"У сонечным жыце - нябесныя крошкі,

А мы называем іх проста - валошкі!"


"Зіма неўзабаве... Зялёненькі конік

Каму аддасі мілагучны гармонік?"


"І пілкай была, і пілой мая мілка,

І бензапілой, а цяпер - лесапілка!"


"Напэўна, усе зразумелі даўно:

Як жонка - піла, дык мужык - бервяно."


"За ўсмі сачыць Бог не можа пакуль,

Таму ён і лаўкі стварыў, і бабуль."


"Вітаю, новы дзень, цябе захвотай...

Прыйшоў, але з якой фінансаваю квотай?!"


"Святар паякліўся, спяшаецца з храма

Пакуль не зачынена грэшная крама."


"Калі аб'явіць дапамогу, то кожны

Будзе лічыць сябе бедным і бездапаможным."


"Брашы, за грошыкі брашы,

А шэфу пойдуць барышы."


"І прад свінёю сыпаў перлы,

Абы з пасады не паперлі."

"А балбатня з хлуснёю свежай

Прыцягвае бы пастка з ежай."


"Шэры снег, на ім - чорныя галкі,

Быццам счарнелай надзеі кавалкі."


"Шчасце тады маё сэрца лагодзіць,

Калі і на іншых яно пераходзіць."

Прыклады можна было б доўжыць: арсенал кнігі дазваляе гэта зрабіць. Таму пакінем гэта на ўцеху чытачу.

Як і ў папярэдняй кнізе двухрадкоўяў перад намі радкі, што гарманічна, з гуманістычнай і гумарыстычнай падсветкай, напоўнены зместам са свету прыроды і сацыяльнага жыцця чалавека. Побач, як кажуць, са звычайнай, як здавалася б, бытавухай суседнічае і інтэлектуальна-духоўная ўзнёсласць. Паказальна тут і тое, што аўтар адчувае: калі ў стварэнні сваіх двухрадковых тэкстаў сыходзіць толькі ад рыфмы, то колькасны вынік будзе значны, а вось якасць можа пацярпець; таму ён стараецца, як бы гэта яму не хацелася, асабліва педаляваць на сугучнасць у канцы радкоў. І таму саюз гука і сэнсу ў яго гарманічны.

Падсумоўваючы сказанае вышэй, і гэтым разам неабходна пацвердзіць відавочнае: сапраўдны паэт Алесь Корнеў не перастае прыемна здзіўляць сваёй творчай невычэрпнасцю, нестамляльнай назіральнасцю і, што вельмі важна, удалым увасабленнем апошняй у трапным слове, а ўвогуле гэта значыць - добраякаснай прадуктыўнасцю і выніковасцю.

А выйшла яго кніжка днямі ў Берасцейскім выдавецтве "Альтэрнатыва" аб'ёмам 5,7 ул.- выд. аркушаў (248 стар.). На вялікі жаль у гэтай добрай, мудрай і важнай кніжкі мізэрны наклад - усяго 150 асобнікаў. Пажадаем паэту далейшых творчых поспехаў на радасць чытачам і далейшае развіцце іх эстэтычных, этычных і духоўных патрэбаў.

Яўген Гучок.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX