Вярнуцца: 2014

№ 33 (1184)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 33 (1184), 13 жніўня 2014 г.


ПАМЯЦІ ЛАРЫСЫ ГЕНІЮШ

Штогод у Зэльве ў пачатку жніўня збіраюцца беларусы з усіх куткоў Бацькаўшчыны, каб ушанаваць памяць пра Ларысу Геніюш - легенду беларускай паэзіі, прыклад высокай чалавечай маральнасці, ахвярнай хрысціянкі і сапраўднага патрыёта Бацькаўшчыны.

І сёлета ў суботу, 9 жніўня, каля 30 чалавек завіталі ў Зэльву з Гародні, Слоніма, Ліды, Бярозаўкі, Кобрына і Менска. Імпрэза пачалася з раніцы ў зэльвенскай Свята-Троіцкай царкве набажэнствам ў гонар паэткі. А потым Ларысу Геніюш у царкве прыгадвалі і днём святары айцец Георгій Субаткоўскі з Зэльвы і айцец Уладзімір Камінскі з Ліды. Пасля ўсе прысутныя сабраліся каля помніка Ларысы Геніюш, які знаходзіцца на тэрыторыі царквы, каб сфатаграфавацца на памяць.

Далей ушанаванне працягвалася на Зэльвенскіх могілках каля магілы паэткі і змагаркі. Там пад бел-чырвона-белымі сцягамі беларусы згадвалі Ларысу Геніюш, а сябар БХД з Менска Валерыя Чарнаморцава прачытала некалькі патрыятычных вершаў паэткі.

Да вечара на беразе Зэльвенскага вадасховішча гучалі беларускія песні ў выкананні бардаў Зміцера Бартосіка і Андрэя Мельнікава і чыталіся вершы самай непакорнай паэткі Беларусі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


220 гадоў з дня нараджэння Міхала Балінскага

БАЛІНСКІ Міхал Ігнатавіч (14.8.1794-22.12. 1864), гісторык i публіцыст, брат мастака Станіслава Балінскага, вучня Яна Рустэма. Нарадзіўся ў маёнтку Цярэспаль Полацкага пав. ў сям'і інфлянцкага чашніка. Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1818). Вывучаў літаратуру i гісторыю ў І. Лялевеля i права ў І. Даніловіча. У 1816-22 i 1829-30 супрацоўнік час. "Dziennik Wilenski", з 1818 разам з Лялевелем рэдагаваў час. "Tygodnik Wilenski" ("Штотыднёвік Віленскі"). Сябар Таварыства шубраўцаў, адзін з рэдактараў яго газ. "Wiadomosci brukowe" ("Вулічныя навіны"). У 1818-22 сакратар Віленскага друкарскага таварыства.

У траўні 1819 успадкаваў бацькаўскі маёнтак у Яшунах (25 км ад Вільні). У траўні 1820 жаніўся з Зофіяй Снядэцкай, дачкой прафесара Віленскага ўніверсітэта Андрэя Снядэцкага і пляменніцай рэктара ўніверсітэта Яна Снядэцкага. Ян Снядэцкі, выйшаўшы ў адстаўку (1824), атабарыўся ў пляменніцы ў Яшунах, дзе для сям'і Снядэцкіх-Балінскіх быў выбудаваны палац у стылі позняга класіцызму па праекце Караля Падчашынскага. Тут часта і падоўгу бывалі Томаш Зан, А.Э. Адынец, Юліюш Славацкі і многія іншыя прадстаўнікі віленскай інтэлектуальнай эліты.

За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання 1830-31 арыштаваны. З 1836 жыў у Варшаве, адзін з заснавальнікаў наву-кова-літаратурнага часопіса "Варшаў-ская бібліятэка" ("Biblioteka Warszawska").

З 1847 жыў галоўным чынам у Яшунах, часта бываючы ў Вільні. З дня заснавання (1855) быў віца-старшынём Віленскай археалагічнай камісіі, член Рускага геаграфічнага таварыства. Аўтар публіцыстычных, гістарычных i гістарычна-геаграфічных даследаванняў, прысвечаных Беларусі.

Разам з Ц. Ліпінскім выдаў даследаванне "Старажытная Польшча..." (т. 1-3, 1843- 50), 3-ці том якога падрыхтаваны Балінскім, дзе на падставе багатага дакументальнага матэрыялу пададзена гісторыя населеных пунктаў Беларусі (1846). Асвятляў гісторыю Беларусі як частку гісторыі Польшчы i польскай культуры. Напісаў трохтомавую гісторыю Вільні (1836-1837) і працу па гісторыі Віленскай езуіцкай Акадэміі і ўніверсітэта (1862).

Памёр 3 студзеня 1864 года ў Яшунах. Пахаваны на могілках там жа, у Яшунах.

Вікіпедыя.


МІКОЛУ ГАЛАЎНЁВУ - 80

Адзінай мэты не зракуся,

І сэрца мне не задрыжыць

Як жыць, дык жыць для Беларусі,

А без яе зумім не жыць"

Л. Геніюш.

ГАЛАЎНЁЎ Мікалай Іванавіч нарадзіўся 10.08.1934 г. у вёсцы Дзягілева Астравенскага с\с, Бешанковічскага р-на Віцебскай вобласці. Пасля заканчэння сярэдняй Старасельскай школы ў 1954 г. быў прызваны на службу ў Савецкую Армію. Адслужыўшы, у 1957 г. паехаў па закліку ўраду СССР на пад'ём вугальнай прамысловасці ў Данбас ва Ўкраіне. Але вельмі цягнула на Радзіму, і ў 1972 годзе ён прыехаў у Менск, дзе працаваў на Менскім інструментальным заводзе да пенсіі.

Калі ў канцы 90-х гадоў з'явіўся народны рух БНФ, Мікола адразу далучыўся да яго і вельмі актыўна працаваў адпаведна з яго праграмай. Адначасова пачаў працаваць у ГА ТБМ імя Ф. Скарыны, бо разумеў, што падмуркам "Адраджэння" ёсць мова, ёсць нацыя, ёсць незалежная Беларусь.

Мікола Галаўнёў вельмі руплівы, шчыры беларус, сціплы і самаадданы. Увесь свой вольны час ён наведвае школы Ленінскага раёна, размаўляе з настаўнікамі беларускай мовы, прыносіць газеты, іншы друкаваны матэрыял.

Ён ўваходзіць у сакратарыят раённай суполкі ТБМ, працуе скарбнікам, з'яўляецца намеснікам старшыні Свіслацкай Рады ТБМ.

Мікола ўпэўнены, што праз роднае слова, праз традыцыі, праз гісторыю, праз пачуццё гонару, што ты нарадзіўся на гэтай цудоўнай зямлі, можна прыйсці да незалежнай Беларусі.

Жыве Беларусь!


ВЫРАЗЫ ТЫПУ "ЯК ПІЦЬ ДАЦЬ"

Такіх выразаў - з кампанентам "як" у іх складзе, структурна арганізаваных як параўнальны зварот, - у "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008) змешчана 378.

Яны ў сваёй пераважнай большасці толькі знешне падобныя на параўнальныя канструкцыі, але даўно ўжо страцілі сваю ўнутраную форму, а з ёю і былую вобразнасць. Як пісаў у гэтай сувязі Б.А. Ларын, "метафарычным ці вобразным фразеалагізм застаецца да таго часу, пакуль не разбураюцца суадносіны першага і другога сэнсавага плана, інакш кажучы, "прамога" і "пераноснага" значэння" . І яшчэ: "Чым далей зайшла ўнутраная і знешняя дэфармацыя або перабудова першапачатковага выразу, тым менш вобразнасці, тым бляднейшае і больш адцягненае яго значэнне. Ну што, напрыклад, засталося ад былой вобразнасці ў ідыёме як піць даць , якая стала сінонімам прыслоўя немінуча, абавязкова ?"

Фразеалагізм як піць даць варта лічыць паводле паходжання паўкалькай з рускай мовы ( как пить дать ). Застылы ў інфінітыўнай форме кампанент даць раней спрагаўся, дапасоўваючыся да суб'екта дзеяння ( они как пить дадут , он как пить дас т і г. д.). Як адзначаецца ў літаратуры, сучаснае значэнне і форма звароту как пить дать склалася ўжо к сярэдзіне ХІХ ст. Можна таксама пагадзіцца з меркаваннем М.С. і М.Г. Ашукіных: першаснае значэнне гэтага звароту было " как дать пить яд , действие которого несомненно". У пацвярджэнне аўтары прыводзяць прыклады з мастацкіх тэкстаў, апублікаваных у 1830-х гадах.

Калі разглядаць аналагічныя фразеалагізмы паводле іх структуры, то яны падзяляюцца на тры структурна-граматычныя разнавіднасці: словазлучэнні, сказы, спалучэнні. Кожная разнавіднасць характарызуецца некалькімі структурнымі мадэлямі. За кожным фразеалагізмам замацавалася свая структура. Яна на ўзроўні нормы такая ж устойлівая і нязменная, як, скажам, і семантыка фразеалагізма.

Больш за сотню кампаратыўных (параўнальных) выразаў маюць структуру словазлучэння. Большая іх частка групуецца ў 16 мадэляў, але ўсе яны малапрадуктыўныя, да прыкладу: як жару ўхапіўшы, як мыла з'еўшы, як пшаніцу прадаўшы; як у ваду глядзеў, як у сук уляпіў; як маслам па душы, як пугай па вадзе . І толькі мадэль " як +атрыбутыўнае слова+назоўнік у назоўным склоне" аб'ядноўвае значна большую колькасць адзінак (каля 20): як божы дзень, як леташні снег, як сваё вока, як чорны вол і інш.

Вельмі многія фразеалагізмы маюць структуру даданага параўнальнага сказа. Найперш вылучаюцца тры наступныя мадэлі:

1) як +назоўнік у назоўным склоне+дзеяслоў: як май змаяваў, як мамай прайшоў, як чорт панёс і г.д.

2) як +назоўнік у назоўным склоне + дзеяслоў + прыназоўнік з +назоўнік у родным склоне: як гара з плячэй звалілася, як заслона спала з вачэй, як камень з сэрца зваліўся і пад.;

3) як + дзеяслоў + назоўнік у творным склоне: як вадой змыла, як варам абдало, як ветрам здзьмула і інш.

Пры вызначэнні граматычнай структуры трэба адрозніваць няпоўныя кампаратыўныя фразеалагізмы-сказы ад фразеалагізмаў-словазлучэнняў. Калі астатнія кампаненты (апрача як ) звязваюцца сувяззю дапасавання, кіравання ці прымыкання са стрыжнёвым кампанентам, то перад намі фразеалагізм са структурай словазлучэння; напрыклад, як апошняе ў печ усыпаўшы , дзе ўсыпаўшы (што?) апошняе , усыпаўшы (у што?, куды?) у печ . Яшчэ прыклады: як асінавы ліст, як горкая рэдзька, як вады ў рот набраўшы, як з крыжа зняты, як зрэнку вока, як назаўтра трэба і г.д.

Калі ж фразеалагізм усведамляецца як генетычна параўнальная даданая частка, у якой выказнік апушчаны, бо ён агульны з выказнікам галоўнай часткі, то гэта фразеалагізм са структурай параўнальнага даданага сказа з апушчаным выказнікам. Гэта, напрыклад, выраз як гарох пры дарозе , які ўжываецца пры дзеяслове-выказніку расці ці сэнсава блізкіх да яго словах: І рос я сам па сабе, як гарох пры дарозе (В. Адамчык). Кампанент гарох тут асэнсоўваецца як дзейнік, а пры дарозе - як даданы член (акалічнасць) з саставу адсутнага ў фразеалагізме выказніка расці . Структуру няпоўнага параўнальнага сказа маюць шмат якія фразеалагізмы: крывіцца як серада на пятніцу, выскачыць як піліп з канапель, баяцца як чорт ладану, адскокваць як гарох ад сцяны, адрознівацца як неба ад зямл і і г.д. Знешнім паказчыкам такіх фразеалагізмаў-сказаў з'яўляецца наяўнасць у іх складзе назоўнікавага кампанента, сінтаксічна не звязанага з кампанентам-дзейнікам.

Такія фразеалагізмы (іх звыш 80) утвараюць 13 мадэляў. Вось найбольш тыповыя з іх:

1) як +назоўнік у назоўным склоне+назоўнік у родным склоне: як вол доўбні, як жаба гразі, як чорт ладану і г.д.;

2) як +назоўнік у назоўным склоне+назоўнік у вінавальным склоне: як бог чарапаху, як сабака палку, як дурань ступу і пад.;

3) як +назоўнік у назоўным склоне+прыназоўнік на +назоўнік у вінавальным склоне: як гусь на бліскавіцу , як мухі на мёд, як серада на пятніцу і інш.

4) як +назоўнік у назоўным склоне+назоўнік у давальным склоне: як кашаль хваробе, як сабаку муха, як слану драбіна і г.д.;

5) як +назоўнік у назоўным склоне+прыназоўнік з +назоўнік у родным склоне: як піліп з канапель, як фенікс з попелу, як чорт з табакеркі і пад.;

6) як +назоўнік у назоўным склоне+прыназоўнік у +назоўнік у месным склоне: як вавёрка ў коле, як костка ў горле, як у полі вецер і інш.

Трэцяя структурна-граматычная разнавіднасць кампаратыўных фразеалагізмаў (іх больш як 130) - выразы са структурай спалучэння слоў. Іх састаўным кампанентам найчасцей з'яўляецца назоўнік у назоўным склоне ці ва ўскосных склонах з прыназоўнікам і без яго. Радзей ва ўтварэнні гэтых выразаў удзельнічаюць дзеяслоў, дзеепрыметнік і прыметнік. Адпаведна тут можна вылучыць 9 тыповых мадэляў: як штык, як смала; як лёду, як агню; як з вядра, як з бочкі; як на далоні, як на іголках; як на пажар, як на дзяды; як у аптэцы, як у тумане; як па масле, як па нотах; як завязаць, як відаць; як укопаны, як закляты і г.д.

Што да катэгарыяльнага (граматычнага, абагульненага ці часцінамоўнага) значэння кампаратыўных фразеалагізмаў, то прыкладна 70% гэтых выразаў належыць да прыслоўна-акалічнасных, г.зн. прыслоўных па катэгарыяльным значэнні, ці па суадноснасці з часцінамі мовы, і акалічнасных - па сінтаксічнай ролі ў сказе. Некалькі прыкладаў: як мыльная бурбалка, як нажом адрэзаў, як сякерай адсек, як з вядра, як чорны вол, як магнітам, як курыца з яйкам, як на крылах, як з ланцуга сарваўшыся, як мыш пад венікам, як табліцу множання, як горкая рэдзька.

У нямногіх прыслоўнаакалічнасных выразах іх граматычна галоўны кампанент можа змяняцца па родах і ліках: як рублём падарыў (-ла, -лі), як забіты, як закляты, як заведзены, як укопаны, як падкошаны, як падсмалены і некаторыя іншыя. А выраз як міленькі (-ая, -ае, -ія) можа ўжывацца і ў форме вінавальнага склону абодвух лікаў: На першым прыпынку безбілетніка высаджу як міленькага (А. Раманаў); Бандытаў усіх пабралі як міленькіх (М. Лынькоў).

Больш як 60 выразаў (пераважна дзеяслоўных, радзей прыметнікавых) выступаюць у ролі выказніка: як у ваду ўпаў, як у сук уляпіў, як сыр у масле купацца, як у бубен біць, як у ваду глядзеў, як язык праглынуў, як на сто коней сеў, як макаў цвет, як у сне, як без рук (без чаго, без каго) і інш. Каля 20 выразаў - несуадносныя з часцінамі мовы, функцыянуюць у безасабовым ужыванні: як маланкай спаліла (каго), як карова языком злізала (каго, што), як з гусі вада (з каго, каму), як чорт панёс (каго) і інш. 11 выразаў - мадальныя, выкарыстоўваюцца ў функцыі пабочных кампанентаў: як відаць, як на злосць, як на тое ліха, як той казаў і г.д. Некаторыя іншыя кампаратыўныя выразы функцыянуюць як азначэнні ( як маці нарадзіла, як падняць, як ад казла малака ) ці дапаўнення: ( чакаць ) як вол доўбні, як манны нябеснай .

Як вядома, фразеалагізмы па ступені іх сэнсавай спаянасці, па семантычнай злітнасці іх кампанентаў падзяляюцца на зрашчэнні і адзінствы. Зрашчэнні - гэта нематываваныя, бязвобразныя фразеалагізмы, якія патрабуюць этымалагічнага аналізу для высвятлення матываў іх узнікнення. Адзінствы ж - гэта моцна спаяныя групы, якія "лёгка расшыфроўваюцца як пераносныя выразы" (В.У. Вінаградаў).

У навуковай і навучальнай літаратуры даволі часта да адзінстваў адносяць амаль усе фразеалагізмы са структурна параўнальных зваротаў. У адным з артыкулаў, змешчаным у "Родным слове" (2011, № 6, с. 39), і я адзначаў, што фразеалагізмы, структурна арганізаваныя як параўнальныя канструкцыі, у сваёй пераважнай большасці ўспрымаюцца як "выразы з жывой унутранай формай, у якіх асабліва яскрава адчуваецца сувязь паміж першаснай, канкрэтнай прыкметай і фігуральным, абагульненым значэннем". Насамрэч жа, калі ўважліва перабраць усе кампаратыўныя выразы, то атрымліваецца "з дакладнасцю наадварот". Як ужо гаварылася, у "Слоўніку фразеалагізмаў" ёсць 378 выразаў з кампанентам "як" у іх складзе. Сярод іх на долю зрашчэнняў, па цяперашніх нашых падліках, прападае 240 адзінак. Астатнія (больш як 130) - адзінствы.

Некалькі прыкладаў фразеалагічных адзінстваў: як агню (ужываецца пры дзеяслове баяцца і абазначае 'вельмі моцна, панічна', як агнём апякло (каго), як варам абдало (каго), як гром з яснага неба ('зусім нечакана, раптоўна'), як снег на галаву, як мокрае гарыць і г.д. Ёсць шэраг адзінстваў з нерэальным вобразам у іх аснове: як босаму разуцца - у сэнсе 'вельмі лёгка, проста (зрабіць што-небудзь)'; як рак на гары свісне - 'ніколі ці невядома калі '(будзе, павінна адбыцца што-небудзь)'; (разбірацца, разумець) як баран у бібліі ці як свіння ў апельсінах і інш. Многія адзінствы ўжываюцца толькі пры словах патрэбна, трэба і абазначаюць 'зусім не, ніколькі не (патрэбна штосьці каму-небудзь)': як дзірка ў мосце, як зайцу стоп-сігнал, як леташні снег, як пятае кола ў возе, як рыбе парасон, як сабаку пятая нага і г.д.

Як адзначалася, сярод кампаратыўных выразаў пераважаюць зрашчэнні. Досыць многія з іх на пачатку свайго фразеалагічнага жыцця ўспрымаліся моўнікамі як матываваныя (часткова гэта паказвалася на прыкладзе як піць даць ), а пасля іх першапачатковая вобразнасць стала зацемненай, а то і забытай. Праілюструем гэта прыкладамі.

Зрашчэнне як серада на пятніцу ўжываецца ў кантакце з дзеясловамі крывіцца , касіцца , абазначаючы 'з вялікім незадавальненнем, болем і пад.'. Сучасніку ўжо не вядома, чаму ў выразе менавіта гэтыя дні абралі для параўнання, тады як яшчэ на пачатку ХХ ст. выраз не быў загадкавы, бо звязваўся з поснымі днямі, устаноўленымі царквой. Есці мясное і малочнае забаранялася не толькі ў пасты, але і ў сераду і пятніцу амаль кожнага тыдня. Выходзіла, што і ў сераду чалавек не пад'еў як след, а тут на носе такая ж "сухая" пятніца. Адсюль і параўнанне: скрывіўся, як серада на пятніцу . Пры вытлумачэнні паходжання гэтага выразу трэба, відаць, улічваць і тое, што ў пятніцу пасцілі больш строга, чым у сераду (параўнаем у п'есе Янкі Купалы "Прымакі": мокрая серада, сухая пятніца ; таму серада мела падставы крыўдаваць, крывіцца на пятніцу. З гэтымі поснымі днямі звязана ўзнікненне і такіх выслоўяў: зморшчыўся, як сухая пятніца; не бяда, што без рыбы серада .

Уласна беларускі выраз як пшаніцу прадаўшы ўжываецца пры слове спаць і абазначае 'вельмі моцна'. Абагульнена-вобразнае значэнне фразеалагізма не вынікае непасрэдна з параўнання як пшаніцу прадаўшы , калі не мець на ўвазе падтэкст - намёк на барыш пасля продажу пшаніцы. У "Зборніку беларускіх прыказак" І. Насовіча выраз пададзены ў форме я к пяньку прадаўшы з такім тлумачэннем: "Кажуць пра таго, хто моцна спіць, як бы, прадаўшы пяньку, выпіў на барышах". У сучаснай літаратурнай мове гэты фразеалагізм рэалізуецца з лексічнай варыянтнасцю назоўнікавага кампанента: як пшаніцу (пяньку, проса, муку, лыка) прадаўшы . Відаць, напачатку ў якой-небудзь мясцовасці, дзе пашыраным прадметам гандлю была не пшаніца ці пянька, а мука, лыка, проса, фразеалагізм адпаведным чынам пераафармляўся. Так паступова развіваўся варыянтны род.

Ад агульнаўжывальных кампаратыўных выразаў літаратурнай мовы (зрашчэнняў і адзінстваў) трэба адрозніваць індывідуальна-аўтарскія параўнанні. У структуры такіх параўнанняў заўсёды ёсць тры лагічна неабходныя элементы: суб'ект параўнання (тое, што параўноўваецца), аб'ект параўнання (тое, з чым параўноўваецца) і аснова параўнання (агульная прыкмета дзвюх з'яў). Так, кума-сваячка ў сказе з "Новай зямлі" Якуба Коласа: Уперавалку, як бы качка, у хату йдзе кума-сваячка - суб'ект параўнання, як бы качка - аб'ект параўнання, а асновай параўнання з'яўляецца прыкмета ўперавалку . Здавалася б, кожнаму зразумела, што ў параўнальным звароце як бы качка і пад мікраскопам нічога фразеалагічнага не ўбачыш. Аднак у "Фразеалагічным слоўніку мовы твораў Я. Коласа" (Мінск, 1993) чытаем: " Як качка (хадзіць), адверб. Перавальваючыся (хадзіць)". І далей - прыведзены вышэй прыклад з "Новай зямлі", які, аднак, не пацвярджае, а адмаўляе пададзенае тлумачэнне.

Такіх параўнальных зваротаў (квазіфразеалагізмаў) у гэтым слоўніку каля 70: як абраз, як авечка, як макаў агарод, як бугай на прадвесні, як ваўкалак, як каліна пры даліне, як рыба тая ў сеці і г.д.

У некаторых квазіфразеалагізмах складальнікі гэтага слоўніка за кошт шырокага кантэксту (ілюстрацыйных прыкладаў) вылучаюць не адно надуманае значэнне, а больш; напрыклад: як бы ў агні (4 значэнні), як бык (3), як пан (3), як сабака (4 значэнні).

Як вядома, для кожнага фразеалагізма характэрны такія прыкметы: а) устойлівасць, г.зн. пастаянства замацаванага за ім зместу, кампанентнага складу і структуры; б) узнаўляльнасць, г.зн. рэгулярная паўтаральнасць, выкарыстанне як гатовай моўнай адзінкі; в) семантычная цэласнасць - нераскладальнасць на асобныя значэнні кампанентаў. Памянёныя ж вышэй квазіфразеала-гізмы не маюць ні ўстойлівасці, ні ўзнаўляльнасці, ні семантычнай цэласнасці.

З аналагічнай з'явай сутыкаемся і ў даведніку В.А. Ляшчынскай і З.У. Шведавай "Слоўнік фразеалагізмаў мовы твораў Янкі Купалы" (Гомель, 2007).

У Купалавым вершы "Песня аб песнях" ёсць страфа: Бо ты ж надта цёмны, браце, / Як тытунь у табакерцы, - /Хоць не воўк - жывеш у хаце, / Хоць ты маеш душу, сэрца. Каб падабраць рыфму да слова сэрца , паэт прыдумаў параўнанне як тытунь у табакерцы . У названым слоўніку гэты аўтарскі зварот кваліфікуецца як кампаратыўны фразеалагізм са значэннем 'недасведчаны, які не разумее, не асэнсоўвае' (хоць гэтае значэнне ўжо ёсць у слове цёмны - аснове параўнання - з пяпярэдняга радка).

У гэтым слоўніку падобных квазіфразеалагізмаў - некалькі дзясяткаў: як пабіты сабака, як свінні ў чужым агародзе, як снег, як смоль, як сноп жыта, як змыла рака, як баран над студняй, як вол у плузе і г.д.

Таму пры карыстанні названымі слоўнікамі да іх варта ставіцца крытычна, абачліва, з роздумам, з аглядкай.

Іван Лепешаў.


Прозвішчы Беларусі: найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў "Нашага слова")

(Заканчэнне. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Шруб (Васіль Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва шруб 'тое, што і шруба - 'шпень з спіральнай нарэзкай' (СБГПЗБП, т. 5, с. 498).

Шубіна (Дар'я Ш.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -іна ад антрапоніма Шуба і семантыкай 'нашчадак названай асобы' і Шубіна . ФП: шуба ('зімовае верхняе адзенне на падкладцы з футра') - Шуба (мянушка, потым прозвішча) - Шубіна .

Шчарбакоў (Ян Ш.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Шчарбак і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шчарбак-оў . ФП: шчарбаты - шчрб-ак - Шчарбак - Шчар-бакоў.

Шчарбачэня (Вячаслаў Ш.) - дэрыват з фармантам -эня ад антрапоніма Шчарбач і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шчарач(к/ч)-эня . ФП: шчарбаты - шчарбач (асоба) - Шчарбач (мянушка, потым прозвішча) - Шчарбачэня .

Шчарбіна (Святлана Ш.) - семантычны дэрыватад апелятывы шчарбіна 'шчыліна, дзірка на месцы зуба' - Шчарбін а (мянушка) - Шчарбіна .

Шчурко (Галіна Ш.) - зыначаная форма, першасная Шчурка - семантычны дэрытыват ад апелятыва шчурка 'самка шчура' (пацука). ФП: шчур ('пацук') - шчурка (самка пацука) - Шчурка (мянушка) - Шчурка - Шчурк о .

Шчэрба (Святлана Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятывы шчэрба - адваротнага ўтварэння ад шчарбаты - (з апусканнем фарманта -аты і значэннем 'той, хто не мае ўсіх зубоў ці мае рэдкія зубы'.

Шчэрбіч (Мікола Ш.) - бацькайменне з фармантам -іч ад антрапоніма Шчэрба і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шчэрбіч .

Шыбека (Аляксандр Ш.) - семантычны дэрыват ад апелятыва шыбека - ўтварэння з фармантам -ека ад шыбав а ць 'хутка, імкліва рухацца, ісці' - шыбкі (чалавек) 'хуткі, імклівы'.

Шыман (Дзмітрый Ш.) - каталіцкае імя Шыман набыло функцыю прозвішча (правасл. Сімон ).

Шыманец (Анастасія Ш.) - утварэнне з суфіксам -ец ад антрапоніма Шыман і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шыман-ец .

Шыманчык (Святлана Ш.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Шыман і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шыманчык . Прозвішчам магла стаць форма з памяншальна-ласкальным суфіксам -чык ад імя Шыман (Шы-ман-чык) .

Шымук (Андрэй Ш.) - народна-гутарковае найменне кананічнага імя Шыман набыла функцыю прозвішча.

Шэлеговіч і Шэляговіч (Таццяна Ш., Алег Ш.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Шэлег і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Шэлеговіч . ФП: шэлег ('старажытная дробная манета') - Шэлег (мянушка, потым прозвішча) - Шэлеговіч і Шэляговіч .

Юранкова (Марыя Ю.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Юранок і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Юранкова . ФП: Юрый (імя) - Юранок - Юрынкова .

Юргель (Аляксандр Ю.) - народна-гутарковае найменне ад кананічнага імя Юрый стала прозвішчам.

Юрча (Ганна Ю.) - дэрыват з фармантам -ча ад антрапоніма Юра і семантыкай 'жонка названай асобы': Юрча . Параўн. Адамча .

Язукевіч (Ганна Ю.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Язук і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Язукевіч. ФП: Юзеф (каталіцкае імя, праваслаўнае Иосиф ) - Язэп - Язук - Язукевіч.

Якалцэвіч (Марыя Я.) - пазнейшы варыянт, першасны Якаўцэвіч - форма бацькаймення з фармантам -эвіч ад антрапоніма Якавец і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Якаўцэвіч . ФП: Иаков (імя правасл.), Якуб (катал.) - Якаў - Якавец - Якалец (в/л) - Якал-цэвіч .

Яканюк (Данат Я.) - дэрыват з суфіксам -юк ад антрапоніма Якон і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Яконюк - Яканюк . ФП: Яков - Якон - Яканюк.

Якубук (Наталля Я.) - дэрыват з суфіксам -ук ад антрапоніма Якуб і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Якубук . ФП: Якуб (імя) - Якубук .

Якубчык (Генрых Я.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Якуб і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Якубчык . Прозвішча можа разглядацца і як утварэнне ад памяншальна-ласкальнай формы імені Якуб (Якубчык) .

Якушава (Аліна Я.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Якуш і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Якушава . ФП: Якаў (імя) - Якуш - Якушава.

Яніцкі (Міхаіл Я.) - дэрыват з фармантам -цкі (-скі) ад тапоніма Янікі і семантыкай 'жыхар або народзінец, названага паселішча': Янікскі - Яніцкі . ФП: Ян (імя) - Янік - Янікі - Яніцкі.

Януковіч (Віктар Я.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Янук і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Януковіч . ФП: Ян (імя) - Янук - Януковіч .

Янушкевіч (Станіслаў Я.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Янушка і семантыкай 'нашчадак названнай асобы': Янушкевіч . ФП: Ян - Януш - Янушка - Янушкевіч .

Янушэўскі (Віктар Я.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Янушава і семантыкай 'жыхар або народзінец названага паселішча': Яну-шэў-скі .

Янчанка (Алена Я.) - дэрыват з фармантам -анка ад антрапоніма Янка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Янч-анка . ФП: Ян - Янка - Ян-чанка.

Ярмац (Аляксандр Я.) - дэрыват з суфіксам -эц (-ац) ад антрапоніма Ярма і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ярм-ац . ФП: Ермалай (імя) - Ярма - (Ярмола) - Ярмац .

Ярмусік (Эдмунд Я.) - дэрыват з суфіксам -ік ад антрапоніма Ярмусь і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ярмус-ік . ФП: Ермалай (імя) - Ярмусь - Ярмусік .

Ярмушчык (Антаніна Я.) - дэрыват з суфіксам -чык ад антрапоніма Ярмусь і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ярмусьчык - Ярму-шчык.

Ясюк (Іван Я.) - дэрыват з суфіксам -юк ад антра-поніма Ясь і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Яс-юк . ФП: Ян - Ясь - Ясюк .

Ясючэнка (Віктар Я.) - дэрыват з фармантам -энка ад антрапоніма Ясюк і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ясюч(к/ч)-энка . ФП: Ян - Ясь - Ясюк - Ясючэнка.

Яскевіч (Алена Я.) - форма бацькаймення з фармантам -евіч ад антрапоніма Яська і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Яск-евіч . ФП: Ян - Ясь - Яська - Яскевіч.

Яўсеенка (Жана Я.) - дэрыват з фармантам -енка ад антрапоніма Яўсей і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Яўсе-енка . ФП: Яўсей (імя) - Яўсеенка .

Яўцюшкіна (Таццяна Я.) - форма прыналежнага прыметніка з фармантам -іна ад антрапоніма Яўцюшка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Яўцюшк-іна . ФП: Еўціхій (імя) - Яўцюх - Яўцюшка - Яўцюшкіна .

Яцкоўская (Святлана Я.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -ская ад Яцкоўка і семантыкай 'жыхар або народзінец названага паселішча': Яцкоў(к)ская . ФП: Яцэк (катал. імя) - Яцко - Яцкоўка - Яцкоўская .

Яцэнка (Вольга Я.) - дэрыват з фармантам -энка ад антрапоніма Яцэк і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Яц-энка.

Яшкін (Іван Я.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Яшка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Яшк-ін . ФП: Якаў (імя) - Яшка - Яшкін .

Яшчэня (Ірына Я.) - дэрыват з фармантам -эня ад антрапоніма Яшка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Яшч(к/ч)-эня . ФП: Якаў - Яшка - Яшчэня.

Яшын (Дзмітры Я.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -ын ад антрапоніма Яша і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Яш-ын. ФП: Якаў (імя) - Яша - Яшын.

Павел Сцяцко


Творчая сустрэча з Алегам Трусавым

8 жніўня ў менскай Галерэі "Ў" адбылася творчая сустрэча з Алегам Трусавым з нагоды яго 60-годдзя.

Уваход быў вольны, і зала аказалася паўнюткая.

60 год з дня нараджэння навукоўца, кандыдата гістарычных навук, дацэнта, а таксама палітыка, дэпутата Вярхоўнага Савета Беларусі, які абвяшчаў суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны, супалі з 15-годдзем дзейнасці на пасадзе старшыні Грамадскага аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

І хоць віншаваць Алега Анатольевіча выходзілі ў першую чаргу гісторыкі, археолагі, сябры са студэнцкіх гадоў, а гэта Ўладзімір Арлоў, Ігар Чарняўскі, Алесь Краўцэвіч, чые імёны добра вядомыя ў гістарычнай навуцы. Хоць першым павіншаваў юбіляра акадэмік Радзім Гарэцкі, а бліжэй да завяршэння віншавалі вучні Алега Анатольевіча, хто з універсітэта, хто з каледжа імя Я. Коласа, аднак у паветры над усім гэтым віселі тры словы "Таварыства беларускай мовы" ці тры літары ТБМ . Бо грамадская дзейнасць на пасадзе старшыні ТБМ у значнай ступені засланіла ўсё ранейшае, і Алег Трусаў успрымаецца сёння ў беларускім грамадстве перш за ўсё як старшыня Таварыства беларускай мовы, найбуйнейшай і найбольш паслядоўнай нацыянальна-патрыятычнай і адраджэнцкай грамадскай арганізацыі Беларусі. Таму не дзіўна, што павіншаваць Алега Трусава прыйшлі кіраўнікі сяброўскіх нацыянальных арганізацый - старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка і старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч.

ТБМ з'яўляецца ініцыятарам многіх праектаў і пачынанняў, якія вызначаюцца вялікім эфектам і папулярнасцю ў грамадстве. Чаго варты хаця б незалежны тэлеканал Белсат, ідэя якога нарадзілася ў ТБМ, або Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа, да стварэння якога Алег Трусаў прыклаў руку персанальна і да гэтага часу выкладае ліцэістам гістрыю. Таму лагічна было бачыць тут і дырэктара ліцэя Ўладзіміра Коласа.

Завяршылася імпрэза выступам слыннага барда Аляксея Галіча, а апошняй песняй стаў нацыянальны гімн беларусаў "Пагоня" на словы Максіма Багдановіча.

60 год да Алега Трусава прыйшлі, але працы не паменшала, бо ой як далёка нам яшчэ да сапраўднай беларускай Беларусі, а ісці трэба, і ТБМ мусіць быць наперадзе, і наперадзе мусіць быць старшыня Таварыства.

Дай жа яму, Божа, сілаў і здароўя на гэтым шляху, а вернасць і адданасць Беларусі ў спадара Трусава векавечныя і нязломныя.

Яраслаў Грынкевіч.


Дзякую за віншаванні!

Выказваю шчырую падзяку ўсім сябрам, знаёмым і незнаёмым, хто павіншаваў мяне з 60-годдзем асабіста, па пошце, па тэлефоне, у прэсе і іншымі сродкамі.

Я ўспрымаю вашую ўвагу да сябе як высокую ацэнку той справы, якую мы робім разам з вамі па абароне нашай роднай беларускай мовы, нашых нацыянальных здабыткаў і каштоўнасцяў. Мне радасна, што шмат віншаванняў ад моладзі, бо ў моладзі бачым мы працяг нашых ідэяў і нашых справаў. Таму я смела і спакойна магу сказаць сёння: "Жыве Беларусь і будзе жыць!"

Алег Трусаў.


Алегу Трусаву, слаўнаму сябру і настаўніку

Час - гэта найцудоўнейшы скарб, які дадзены чалавецтву, каб людзі не забываліся на духоўнае ў пошуках хлеба надзённага. Бо толькі той чалавек, які за гады назапасіў каштоўнасці мудрасці душы і розуму, можа радавацца з кожнага пражытага дня.

Так, час дае такую радасць старшыні ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алегу Трусаву, які адзначае шосты дзесятак шчасліва пражытых дзён.

Што сёння чалавецтву можа прэзентаваць гэтая слаўная, светлая асоба?

Алег Трусаў - удумлівы навукоўца, натхнёны даследнік, які здзіўляе глыбінёй, незвычайнасцю і невядомасцю фактаў. Ён першаадкрывальнік, творца ў сваім часе, які гістарычныя, археалагічныя і архітэктурныя сховы робіць даступнымі для кожнага. Вельмі далёка сягае яго дапытлівая думка, надзвычай значная сутнаснасць яго даследчыцкага і арганізатарскага розуму.

Алег Трусаў - цудоўны выкладчык, Настаўнік, які стварыў сваю адметную школу для беларускай моладзі, у якой выкладаецца найперш павага да сваёй краіны і яе гісторыі. У ягонай школе любяць вучыцца ўсе, нават самыя выбітныя асобы сучаснасці. У гэтай школе вучуся і я, і сёння маю гонар засведчыць глыбокую ўдзячнасць свайму настаўніку.

Спадар Трусаў - выбітны палітык, які прыйшоў у палітыку ў цяжкі для Беларусі час і застаўся ў ёй, каб сваёй празарлівасцю служыць Радзіме і людзям. Ён не здрадзіў палітыцы ні ў бурлівыя 90-я і не пакідае поле гэтай дзейнасці і цяпер, толькі кола ягонага чыну набыло свой планетарны абсяг.

Алег Анатольевіч - неардынарны грамадскі дзеяч, які прыходзіць у грамадскую структуру - ці гэта рэдакцыйная калегія, ці гэта арганізацыя - і сваім дзяржаўным мысленнем выводзіць яе на высокі ўзровень. Так і Таварыства беларускай мовы, спазнаўшы галечу і беднасць, сёння грунтоўна спраўджвае свае статутныя мэты, кіраванае ўладарнай рукой Гаспадара і Рупліўцы.

Старшыня ТБМ - збіральнік і захавальнік гістарычнай і моўнай спадчыны. Колькі моўных пярлінак вернута ім з гістарычных крыніц Х-ХХ стагоддзяў ў сучасную лексіку, каб прымножыць лінгвістычнае багацце планеты. Ён заўсёды і ўсюды карыстаецца роднай мовай, захаваўшы прыкметы адметнага мсціслаўскага дыялекту.

Алег - слаўны калега, сябра, які заўсёды падтрымае, дапаможа, дасць каштоўную параду. Ён верны сваім сябрам кожнага перыяду свайго жыцця - мсціслаўскага ці менскага - і за гэтую вернасць сваім прынцыпам і людзям аддзячвае яму багатымі дарамі ягоны лёс. Мне таксама шчодра вылучана луста ягонага сяброўскага таленту, якая сілкуе маё жыццё.

У Алега Анатольевіча дружная сямейка, у якой ён - любімы муж, бацька і дзед. Заснавальнік сям'і Трусавых даследуе свой знакаміты радавод, не пакінуўшы нябыту ні герб свой, ні славутыя дзеі продкаў, упэўнена капаючы рэчышча ўласнай ракі. Алег пяшчотна любіць сваю зямлю, аддаючы ёй прывітае бабуляй і прабабуляй уменне працаваць на ёй. Прыгожы дом на лецішчы атулены пекнатою і разнастайнасцю кветак (найбольш любімымі ён называе гладыёлусы. Іх у яго - мноства колераў і гатункаў), гародніны і садавіны. І вы можаце паласавацца багатым ураджаем працавітых рук старшыні ТБМ, зайшоўшы ў сядзібу.

Гэты чалавек бачыць не толькі зямныя рэаліі, але душою размаўляе з небам, кіруючыся галоўнымі Божымі запаветамі, умеючы і любіць, і дараваць. Ён разумее, што ніколі няма той выспы, дзе ўсё гладка і правільна, бо сам так-сама жыве метадам спробаў і памылак. Ён разумее вартаснасць памылак, бо сам на іх вучыцца, на сваіх і чужых. І Сусвет актыўна кантактуе з ім, ганаруючы дарамі Мудрасці, Розуму, Мужнасці, Умення, Рады, Пабожнасці. Алег Трусаў - як тая бежма, асноўная бэлька, якая трымае збудаванне разам з іншымі. І мы, сябры ТБМ, бежмаваныя ягонай воляй, рупнасцю і натхненнем, Атланты і Карыятыды, дапамагаем моцна трымаць гэты свет у радасці і любові.

З юбілеем, мой слаўны сябра! Ты прывабны, як вясна, гарачы душой, як лета, багаты, як залатая восень, дужы і моцны, як наша зіма. Мы - разам!

Людміла Дзіцэвіч.


Алегу Анатольевічу Трусаву

Дарагі Алег Анатольевіч, мы, сацыял-дэмакраты горада Менска, шчыра вітаем Вас у дзень Вашага 60-годдзя.

Мы добра памятаем, што Вы былі ў ліку тых людзей, якія ў канцы 1990 года вырашылі аднавіць сацыял-дэмакратычны рух у Беларусі, нанова стварыць Грамаду. З таго часу Вы застаецеся ў шэрагах тых, хто хоча бачыць Беларусь незалежнай дэмакратычнай прававой сацыяльнай дзяржавай - членам сям'і еўрапейскіх краін. На Устаноўчым з'ездзе партыі (2-3 сакавіка 1991 года) Вас абралі намеснікам старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, а ў 1992-1995 гг. Вы ўзначальвалі нашу партыю. Шмат гадоў Вы годна прадстаўляеце Менскую гарадскую партыйную арганізацыю ў Цэнтральным Камітэце Грамады.

Мы добра памятаем, што Вы, дэпутат Вярхоўнага Савета ХІІ склікання, былі сярод тых, хто закладваў падмуркі незалежнага быту Беларусі, узаконьваў у якасці дзяржаўнай нашу нацыянальную сімволіку, змагаўся за дзяржаўны статус беларускай мовы, за стварэнне ў Беларусі свайго войска, сваёй фінансавай і банкаўскай сістэмы ды іншых атрыбутаў дзяржаўнай самастойнасці.

Сваю палітычную і дзяржаўніцкую дзейнасць Вы плённа спалучаеце з навуковай і культурна-асветніцкай працай. Гісторык, археолаг, кандыдат гістарычных навук, Вы з'яўляецеся аўтарам больш як 150 навуковых і навукова-папулярных публікацый. Самастойна або ў суаўтарстве з калегамі Вы напісалі больш за 10 кніг з гісторыі матэрыяльнай культуры Беларусі і этнаграфіі.

Сваімі ведамі Вы, дацэнт Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, шчодра дзеліцеся са студэнтамі, са слухачамі ў іншых аўдыторыях.

Працуючы амаль дваццаць гадоў ва ўніверсітэце, Вы вось ужо 15 год узначальваеце Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны - аўтарытэтнае аб'яднанне, якое абараняе правы беларускай мовы, вядзе асветніцкую і выдавецкую працу і карыстаецца шырокай падтрымкай грамадзян.

У дзень Вашага 60-годдзя мы, Вашы таварышы і аднадумцы, зычым Вам, дарагі Алег Анатольевіч, добрага здароўя, працоўнага настрою, здзяйснення Вашых задум. Няхай жыццё прыносіць Вам новыя радасці, новыя адкрыцці, а з-пад Вашага пяра няхай выходзяць новыя артыкулы і кнігі.

Менскі гарадскі камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады).

7 жніўня 2014 г.


Віншую Вас, шаноўны Алег Анатолевіч, з 60-годдзем!

Здароўя і творчасці, творчасці і здароўя Вам асабіста. Удачы Таварыству беларускай мовы, якое Вы ўдала, натхнёна ўзначальваеце.

Няхай маленькія і вялікія начальнікі краіны ўсэнсовяць: без сваёй мовы няма нацыі, дзяржавы, павагі сабе і седалу, на каторым сядзяць, - і хай па-сапраўднаму дапамагаюць беларускай мове гарэтнай.

Валер Санько , пісьменнік, член-карэспандэнт Міжнароднай Акадэміі энергаінфармацыйных навук.



Міністру адукацыі

Рэспублікі Беларусь,

прафесару С. А. Маскевічу

220010, Мінск, вул. Савецкая, 9.

Паважаны Сяргей Аляксандравіч!

У адпаведнасці з Артыкулам 2 Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, "дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь ствараюць грамадзянам неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай і рускай моў і дасканалага валодання імі".

Просім Вас паведаміць нам:

1) ці існуе ў Рэспубліцы Беларусь сістэма навучання беларускай мове супрацоўнікаў арганізацый і прадпрыемстваў;

2) якія арганізацыі праводзяць курсы беларускай мовы для сваіх супрацоўнікаў.

З павагай, Старшыня ТБМ А.А. Трусаў.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь разглядзела пісьмо і паведамляе наступнае.

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24.11.2011 № 954 "Аб асобных пытаннях дадатковай адукацыі дарослых" кіраўнікі арганізацый самастойна вызначаюць неабходнасць у павышэнні кваліфікацыі, перападрыхтоўцы, стажыроўцы кадраў і забяспечваюць рэалізацыю іх безперапыннай прафесійнай адукацыі.

Кіраўнікі арганізацый і ўстаноў па неабходнасці накіроўваюць работнікаў для засваення зместу адукацыйнай праграмы павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў, іншых адукацыйных праграм дадатковай адукацыі дарослых.

Павышэнне кваліфікацыі і навучальныя курсы па напрамках "Тэрміналогія беларускай мовы", "Змены ў правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі"; "Беларуская мова ў дзяржаўным справаводстве", "Культура маўлення", "Граматычныя нормы беларускай мовы", "Стылістыка дзелавога маўлення і рэдагавання службовых дакументаў" арганізавана ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі "Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка", на факультэце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі . кадраў Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі "Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова", у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў установы адукацыі "Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы".

Пры нязгодзе з вынікамі разгляду зварота згодна з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" адказ можа быць абскарджаны ў суд.

Намеснік Міністра В.А. Будкевіч.



Міністру адукацыі

Рэспублікі Беларусь,

прафесару С. А. Маскевічу

220010, Мінск, вул. Савецкая, 9.

Паважаны Сяргей Аляксандравіч!

У адпаведнасці з Артыкулам 4 Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, "Кіраўнікі, іншыя работнікі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый павінны валодаць беларускай і рускай мовамі ў аб'ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў".

Просім Вас паведаміць нам, якім чынам арганізавана атэстацыя ступені валодання дзяржаўнай беларускай мовай вышэй згаданых супрацоўнікаў.

З павагай, Старшыня ТБМ А.А. Трусаў.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь разглядзела пісьмо і ў рамках сваёй кампетэнцыі паведамляе наступнае.

У межах атрымання агульнай сярэдняй адукацыі, а таксама прафесіянальна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адначасовым атрыманнем агульнай сярэдняй адукацыі вывучэнне беларускай мовы навучэнцамі з'яўляецца абавязковым. Атэстацыя навучэнцаў на выяўленне ўзроўню валодання беларускай мовай праходзіць ва ўстаноўленым Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі парадку.

Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі для абавязковага вывучэння ўведзены курс "Беларуская мова (прафесійная лексіка)". Вывучэнне названага курса з'яўляецца абавязковым для ўсіх ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

Пры праходжанні курсаў павышэння кваліфікацыі па напрамках засваення беларускай мовы слухачы, у тым ліку работнікі Міністэрства адукацыі і падпарадкаваных арганізацый, праходзяць атэстацыю на выяўленне ўзроўню засваення зместу адпаведных праграм павышэння адукацыі.

У іншых выпадках, у межах выканання атрыкула 4 Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь, дадзеныя работнікі вывучаюць беларускую мову ці павялічваюць свой узровень валодання ёю самастойна. Пэўная атэстацыя ступені валодання беларускай мовай работнікаў не прадугледжана.

Пры нязгодзе з вынікамі разгляду зварота згодна з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" адказ можа быць абскарджаны ў суд.

Намеснік Міністра В.А. Будкевіч.


У Баранавічах адбыліся краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя 100-м угодкам Першай сусветнай вайны

Усякая вайна між еўрапейцамі
ёсць грамадзянская вайна.
Віктор Гюго.

2 жніўня 2014 года Баранавіцкая рада Таварыства беларускай мовы, ў межах кампаніі Асамблеі НДА "Зробім лепш", ладзіла краязнаўчыя чытанні, прысвечаныя 100-м угодкам Першай сусветнай вайны (1914-1918) і становішчу Баранавіцкай зямлі ў ваенныя і паваенныя гады. Мерапрыемства адбылося на сядзібе ТБМ па вул. Сасновая, 5, вёска Русіны, Баранавіцкі раён.

Напачатку ўдзельнікі гістарычнага мерапрыемства праглядзелі дакументальны фільм "Першая сусветная вайна. Баранавічы". Клірык Свята-Пакроўскага храма пратадзякан Андрэй Гарбуноў распавёў пра стаўку Вярхоўнага галоўнакамандуючага і дзейнасць праваслаўнай царквы ў Баранавічах у 1914-1915 гг. Аўтар кнігі "Забытая вайна" Ірына Дубейка апавядала пра ўзбраенне, тактыку і асаблівасці баёў нямецкіх і рускіх войскаў на Баранавіцкай зямлі, а таксама пра герояў Першай сусветнай вайны. Баранавіцкі даследчык гісторыі, аўтар кнігі "Недазволенная памяць" Аляксандр Татаранка адзначыў, што краязнаўцы Мікалай Падгайскі, Міхась Бернат, Аляксей Белы, Віктар Сырыца выявілі 35 забытых пахаванняў ахвяр Першай сусветнай вайна, 21 з якіх абследаваны і задакументаваны краязнаўцамі.

Пра ахвяр газавай атакі ў 1916 годзе ля вёскі Вольна (Баранавіцкі раён) расказваў мясцовы жыхар Міхась Амялішка, бацька якога прымаў удзел у пахаваннях атручаных рускіх салдат. А Мікалай Падгайскі пазнаёміў удзельнікаў гістарычных чытанняў з лёсам дома Слізняў у Бартніках (Баранавіцкі раён), які ўяўляе для нас, на думку краязнаўцы, гістарычна-культурную каштоўнасць. Кандыдат гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў адзначыў неабходнасць вывучэння не толькі рускіх, але і нямецкіх, аўстрыйскіх і польскіх архіваў, успаміны тагачасных удзельнікаў падзей, каб аб'ектыўна даследаваць і ацаніць абставіны 100-гадовай даўніны. Ён падараваў бібліятэцы сядзібы ТБМ кнігу "Беларусь у гады Першай сусветнай вайны 1914-1918. Зборнік дакументаў", выдадзеную Дэпартаментам па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі, Нацыянальна-гістарычным архівам Беларусі ў 2014 годзе.

Урокі Першай сусветнай вайны для беларускага народа падсумаваў даследчык гісторыі Баранавіцкай зямлі Міхась Бернат. Спрэчкі аб выніках вайны для Беларусі не сціхалі нават у перапынку. Удзельнікі імпрэзы пілі каву і гарбату, елі каравай "Развадоўскі" і нават падчас кавыпаўзы працягвалі эмацыйна абмяркоўвалі падзеі вайны.

Усе ўдзельнікі краязнаўчых чытанняў падтрымалі прапановы старшыні Баранавіцкай рады ТБМ Віктара Сырыцы аб неабходнасці ліставання з мясцовымі і цэнтральнымі ўладамі па добраўпарадкаванні пахаванняў ахвяр Першай сусветнай вайны і наданні дому Слізняў у Бартніках статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці. А гісторык з Берасця Ігар Бараноўскі прапанаваў стварыць помнік беларускім уцекачам, якія бязвінна сталі ахвярамі гэтай жудаснай вайны.

Дамовіліся, што наступныя чытанні адбудуцца ў 2015 годзе і будуць прысвечаны 100-м угодкам пачатку ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі.

Віктар Сырыца, г. Баранавічы


Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

"Дзень памяці. Урачыстае ўскладанне кветак да помніка Якубу Коласу на Вайсковых могілках горада Менска"

Я хворы. Спяшаецца сэрца

Адстукаць свой пай.

Зачыняцца ў свет мае дзверцы,

Якубе, зважай!

Прыпамятай, покі не позна,

Ці ўсё ты зрабіў

Якуб Колас

58 гадоў таму, 13 жніўня 1956 года, пайшоў з жыцця слынны майстар мастацкага слова, народны паэт Беларусі Якуб Колас. Талент Песняра выключны і фенаменальны, і таму непадуладны ніякаму спасціжэнню розумам, а вось адданасць яго свайму народу і Бацькаўшчыне зусім рэальная, выяўленая ў канкрэтных зямных справах. I жыццё паэта - узор і прыклад для ўсіх, хто хоча пакінуць добры след пасля сябе, паслугаваць Айчыне незалежна ад таго, якой справе сябе прысвяціў. Класік нацыянальнай і суветнай літаратур, аўтар паэтычных шэдэўраў, педагог, літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык, вучоны, дзяржаўны дзеяч, чалавек вялікай і шчодрай душы - такім быў Якуб Колас ва ўспрыманні сучаснікаў. Такім ён застаецца і сёння ў свядомасці беларускага грамадства, шматлікіх прыхільнікаў яго таленту.

13 жніўня, у дзень смерці паэта, на Вайсковых могілках сталіцы адбудзецца памінальны мітынг і ўскладанне кветак да помніка песняра. Удзел у ім прымуць члены сям'і Якуба Коласа: сын Міцкевіч Міхась Канстанцінавіч і ўнукі і праўнукі, а таксама літаратары, грамадскія дзеячы, мастакі, навукоўцы і супрацоўнікі музеяў горада Менска.

Пачатак мерапрыемства а 15-й гадзіне. Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02, yakubkolas.by


Пабачыла свет новая кніга Сяргея Чыгрына

У менскім выдавецтве "Кнігазбор" свет пабачыла новая кніга беларускага літаратара, гісторыка і краязнаўца Сяргея Чыгрына са Слоніма. Яна мае назву "Хочацца дахаты".

У сваю кнігу Сяргей Чыгрын уключыў артыкулы пра малавядомых, але заслужаных памяці беларусаў людзей. Аўтар цікава распавядае пра лёс сябра Беларускай незалежніцкай партыі Андрэя Вайтовіча, пра сябра Саюза вызвалення Беларусі Віталя Губарэвіча, пра беларускага дзеяча на эміграцыі Алеся Асіпчыка, пра беларускую дзяячку ў Заходняй Беларусі Ганну Кароль, пра беларускага паэта, які жыў на Украіне, Васіля Струменя і іншых вядомых і малавядомых асобаў нашай Бацькаўшчыны.

Многія раздзелы кнігі прысвечаныя пісьменнікам Міколу Арочку, Аляксею Пысіну, Міколу Гайдуку, Юрку Геніюшу, Сакрату Яновічу. Цікава чытаюцца ў кнізе і лісты беларускага энцыклапедыста Янкі Саламевіча да аўтара кнігі. У выданні таксама змешчаны гутаркі з Арсенем Лісам, Міколам Чарняўскім, Міхасём Мірановічам. Апублікаваны і старонкі гісторыі Слонімшчыны, артыкулы пра новыя, выпушчаныя ў апошнія гады, кнігі беларускіх аўтараў і выданні пра Беларусь.

Барыс Баль , Беларускае Радыё Рацыя, г. Слонім.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Зылькоў С.П. - 200000 р., г. Гародня

2. Лясноўскі Ўладзіслаў - 150000 р., г. Шаркаўшчына

3. Жылко З.В. - 100000 р., г. Гародня

4. Давідоўскі І.В. - 100000 р., г. Менск

5. Шкірманкоў Ф.В. - 100000 р., г. Слаўгарад

6. Лазарук Т.К. - 50000 р., г. Менск

7. Вештарт Г.Ф. - 100000 р., г. Менск

8. Сячко Д.М. - 100000 р., п. Грыбоўня, Салігорскі р-н

9. Місевіч М.М. - 600000 р., п. Падсвілле, Глыбоцкі р-н

10. Цэдрык А.В. - 100000 р., г. Барысаў

11. Данілюк В.У. - 50000 р., г. Менск

12. Пухоўская Ю.А. - 50000 р., г. Менск

13. Грыбоўскі-Гурыновіч - 25000 р., п. Міханавічы, Менскі р-н

14. Несцераў В.А. - 500000 р., г. Менск

15. Бунецкі Павел - 200000 р., г. Менск

16. Харытончык Надзея - 50000 р., г. Слонім

17. Трафімчык Тацяна - 50000 р., г. Слонім

18. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

19. Сцепаненка Мікіта - 50000 р., г. Менск

20. Вештарт Г.Ф. - 100000 р., г. Менск

21. Ляўшун Дзяніс - 145000 р., г. Менск

22. Лабыка Зміцер - 180000 р., г. Менск

23. Зылькоў С.П. - 20000 р., г. Гародня

24. Чыгір Я.А. - 50000 р., г. Гародня

25. Кушнір Васіль - 60000 р., г. Дзяржынск

26. Кукавенка Іван - 100000 р., г. Менск

27. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск

28. Птушка Сяргей - 30000 р., в. Хільчыцы, Жыткавіцкі р-н

29. Грышан Мікола - 50000 р., г. Дзятлава

30. Яніцкая Майя - 100000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Таварыству беларускай мовы - 25 гадоў

Дзень нараджэння гэтага таварыства прыпадае на 27 чэрвеня 1989 года. На той нечуванай нацыянальнай актыўнасці час падобнага роду таварыствы, зразумела, толькі іншых моваў ужо існавалі ва ўсіх саюзных рэспубліках. Беларусь ў развязванні гэтай лёсавызначальнай для яе тытульнай нацыі праблемы была ў аўтсайдарах. Ушчыльную заняцца ёю стала магчымым толькі ва ўмовах Гарбачоўскай перабудовы. Апошні ў бясслаўнай гісторыі бальшавізму Генеральны сакратар ЦК КПСС нарабіў шмат сур'ёзных, ракавых памылак, а вось яго погляды, практычныя крокі па ўдасканаленні крайне абвостраных міжнацыянальных дачыненняў у СССР насілі прагрэсіўны характар, былі скіраваны на спыненне далейшай русіфікацыі савецкіх нацый і народнасцяў.

Ад грубых памылак, злых намераў высокіх ідэолагаў нацыянальнай палітыкі КПСС вялікія страты панеслі нацыянальныя мовы ўсіх без выключэння, нярускіх народаў. Некаторыя самыя малыя з іх засталіся зусім без родных моваў, уяўляючы сабой безаблічную этнічную біямасу. Не жадаючы паўтарыць такі трагічны лёс, нацыянальнай арыентацыі палітыкі і інтэлектуальная эліта ўсіх саюзных рэспублік нібыта па камандзе зверху пачалі ствараць у сябе таварыствы па выратаванні, ахове іх родных моваў, што ў час Гарбачоўскай перабудовы не толькі не забаранялася, а наадварот, усяк заахвочвалася. На такі выратавальны крок, хоць і самымі апошнімі, нарэшце адважыліся і партыйныя, і савецкія органы Беларусі. На добры лад ім трэба было быць піянерамі гэтага абумоўленага часам прагрэсіўнага нацыянальнага руху, бо нідзе родная мова карэннага народа не мела такіх мізэрных сацыяльных функцыяў, як у БССР. Па мове, а гэта ж галоўны фактар вызначэння нацыянальнай прыналежнасці людзей, нашую рэспубліку ніяк нельга было назваць "Беларускай". Для гэтай мэты мелася патрэба ў зусім іншай дэфініцыі. На вялікае шчасце, абышліся без яе, бо кіраўніцтва БССР, бачачы велізарнае, шчырае, гістарычна апраўданае жаданне прагрэсіўных колаў беларускага грамадства заставацца з роднай мовай, з цягам часу не толькі пайшло ім насустрач, але і само пачало праяўляць непасрэдную зацікаўленасць, рабіць канкрэтныя практычныя крокі па пашырэнні сацыяльных функцый роднай мовы сваёй тытульнай нацыі. З гэтай мэтай ідэалагічныя службы ЦК КПБ праводзяць у сябе сустрэчы з кампетэнтнымі ў моўным пытанні асобамі дазваляюць, не ўтойваючы дапушчаных памылак, аб'ектыўна асвятляць яго ў сродках масавай інфармацыі. Апошнія з вялікім задавальненнем выкарыстоўвалі атрыманыя ад аўтараў матэрыялы па міжваеннай беларусізацыі, бо пад час яе справу нацыянальна-культурнага Адраджэння ўдалося трывала паставіць на дзяржаўныя рэйкі і атрымаць ад гэтага пазітыўныя вынікі.

Паўтарыць такое ва ўмовах Гарбачоўскай перабудовы было непараўнальна цяжэй: народ стаў куды больш зрусіфікаваным, у значнай ступені вёска страціла сваю спрадвечную здольнасць быць калыскаю беларускага культурнамоўнага жыцця. Надаць патрэбную моц нацыянальна-культурнаму адраджэнню перашкаджаў прафесійны склад такога важнага звяна партыйнага апарату, як райкамы КПБ. У 1989 годзе, напрыклад, ажно 96 працэнтаў іх першых сакратароў мелі тэхнічную адукацыю. Мала хто з іх як след разумеў выключную ролю беларускай мовы ў лёсе тытульнага народа рэспублікі, меў хоць самыя цмяныя ўяўленні пра яго дзяржаву Вялікае Княства Літоўскае, пра магутны нацыянальны ўздым людзей пад час міжваеннай беларусізацыі. На дзве нагі кульгала нацыянальная свядомасць педагагічнай інтэлігенцыі, ад якой так многа залежыць у выхаванні маладых пакаленняў гатоўнасці, жадання да ўдзелу ў адраджэнцкім працэсе.

З прычыны самай моцнай буйнамаштабнай у параўнанні з іншымі рэспублікамі зрусіфікаванасці жыхарства Беларусі першыя два-тры гады перабудовы далі крайне мала для нацыянальнага адраджэння, а дзесьці яно нават зусім не назіралася. Болей за тое, не без удзелу зацікаўленых асоб яно давала нават задні ход. Датычыла гэта і гарадскіх агульнаадукацыйных школ: у іх агульнай колькасці ўдзельная вага беларускамоўных устаноў зменшылася з 32,0 % у 1987/88 н.г. да 20,6% у 1988/1989 н.г.

Узмацненне нацыянальна-культурнага руху ва ўсіх саюзных і аўтаномных рэспубліках СССР ніколькі не апраўдвала зайздроснай пасіўнасці ледзь не абсалютнай большасці беларускага грамадства. І ўсё ж нарэшце і ў яго асяроддзі пачалі з'яўляцца асобы, гатовыя на сапраўдныя патрыятычныя ўчынкі дзеля выратавання нацыі ад русіфікацыі.

Добра вядома, як на працягу пасляваенных гадоў нават айчынныя пісьменнікі з празмернай асцярожнасцю выказваліся на сваіх з'ездах, пленумах пра цяжкі лёс беларускай мовы. Афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі рабілі ўсё, каб боль пісьменнікаў пра роднае слова не дайшоў да народа. Перабудова паклала канец такой шкоднай традыцыі, чаму досыць багата пераканаўчых доказаў можна знайсці ў тагачасным перыядычным друку, у тым ліку і ў змешчаным 13 студзеня 1989 года ў газеце "Літаратура і мастацтва" артыкуле старшыні праўлення саюза пісьменнікаў Беларусі, народнага паэта БССР Максіма Танка "Лёс мовы, лёс народа". Перагартай усе газеты БССР за 1994 - 1988 гг. і не знойдзеш у іх нічога падобнага на такі загаловак, а тым больш на яго змест, напрыклад, на такую вытрымку: беларуская мова "за гады розных валюнтарысцкіх эксперыментаў выпала з нармальнага кругазвароту жыцця, ужывання ва ўстановах, ВНУ, школах.

(…) найбольш дзейсным было б, каб беларуская мова заняла свой пачэсны дзяржаўны пасад."

Гэта было вельмі смелае меркаванне паэта, бо ідэолагі камуністычнай партыі ад першых пасляваенных гадоў рабілі ўсё і дамагліся таго, што дзяржаўны пасад у БССР перайшоў да рускай мовы - мовы, як любілі заяўляць, не так ужо і далёкага для нас шчаслівага камуністычнага грамадства.

Пры поўнай згодзе, а здаралася і падтрымцы ідэалагічных службаў ЦК КПБ, пры іх непасрэным удзеле нацыянальна зарыентаваная частка інтэлігенцыі, пераважна пісьменнікі, мастакі, навукоўцы-гуманітарыі, педагогі пачалі на зыходзе 1988 года, як ніколі раней, усё больш катэгарычна выказвацца за стварэнне адмысловай грамадскай арганізацыі па абароне беларускай мовы, бо сацыяльная роля яе працягвала няўхільна зніжацца. З вялікай трывогай пісалі пра гэта многія заклапочаныя гаротным станам беларускай мовы людзі, пры чым не толькі прафесійна звязаныя з яе выкарыстаннем. Жаданыя перамены не прымусілі сябе доўга чакаць.

З 17 лютага 1989 года газета "Літаратура і мастацтва" пачала друкаваць грунтоўны артыкул першага сакратара праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, паэта Ніла Гілевіча "Між былым і наступным", у якім, асабліва ў "Сшытку другім" аўтар, думаецца, сказаў, калі не ўсё, дык амаль усё датычна прычын занядбання роднай мовы беларусаў, пра што дзесяцігоддзямі так упарта маўчалі бальшавіцкія ідэолагі. Аднак значэнне згаданага артыкула найбольш бачылася ў тым, што яго аўтар першы ў рэспубліцы публічна выказаў пільную патрэбу ў стварэнні Таварыства беларускай мовы ці Таварыства беларускага слова, вызначыўшы яго (Таварыства) асноўныя абавязкі.

Прадметная гаворка пра стварэнне ТБМ ішла так-сама падчас правядзення супрацоўнікам рэкалегіі газеты "Літаратура і мастацтва" Уладзімірам Ягоўдзікам інтэрвію з Нілам Гілевічам (надрукавана 24 сакавіка 1989 года). Дазволю сабе прывесці больш падрабязную вытрымку з той размовы. "Ідэя стварыць у рэспубліцы Таварыства беларускай мовы, - прызнаўся Н. Гілевіч, - жыве ў маёй душы даўно. Цяпер, ва ўмовах перабудовы, я адчуў, што прыйшла пара для яе ажыццяўлення. Шкадую, што не выйшаў з ёю "на людзі" гады тры ці два назад - сёння б ужо мелі, не сумняваюся, добрыя плёны з працы гэтага таварыства" . Яго галоўныя задачы справядліва бачыліся паэтам у прапагандзе "ідэі захавання і развіцця беларускай мовы", садзейнічанні" вывучэнню яе і павышэнню яе статусу ў рэспубліцы" , выхаванні "павагі і любові да роднага слова. "Ячэйкі" таварыства могуць існаваць у школах і тэхнікумах, у інстытутах і ўніверсітэтах, на фабрыках і заводах, у дзяржаўных і грамадскіх установах і г.д." У гэтым інтэрв'ю Н. Гілевіч паведаміў прыемную для многіх шчырых рупліўцаў роднага слова навіну, што Сакратарыят саюза пісьменнікаў Беларусі прыняў рашэнне аб стварэнні аргкамітэта, які зоймецца распрацоўкай праграмы і статута ТБМ, падрыхтоўкай да правядзення Устаноўчай канферэнцыі.

І трэба зазначыць, што праца ў гэтым кірунку вялася даволі актыўна. Ужо да сярэдзіны красавіка 1989 года адбылося першае паседжанне аргкамітэта па ўтварэнні рэспубліканскага ТБМ. Наколькі сур'ёзна ставіліся ў рэспубліцы да лёсу беларускай мовы, добра можна меркаваць паводле персанальнага складу аргкамітэта. Прывяду ўсіх іх паіменна, бо народ павінен ведаць сваіх герояў: міністр народнай адукацыі БССР Міхаіл Дзямчук , загадчык сектара ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ Анатоль Бутэвіч , дырэктар Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР Віктар Каваленка , дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР Аляксандр Падлужны , намеснік дырэктара Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР Анатоль Фядосік , доктар філасофскіх навук Уладзімір Конан , прафесар Фёдар Янкоўскі , галоўны рэдактар часопіса "Беларуская мова і літаратура ў школе" Міхась Шавыркін , галоўны рэдактар "Настаўніцкай газеты" Алег Куліцкі , старшыня калгаса імя "40 год Кастрычніка" Іванаўскага раёна Уладзімір Бялюк , настаўнік Гудзевіцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы Мастоўскага раёна Алесь Белакоз , першы сакратар праўлення СП БССР Ніл Гілевіч , пісьменнікі Янка Брыль, Анатоль Клышка, Барыс Сачанка , а таксама прадстаўнікі іншых дзяржаўных і грамадскіх арганізацый і ўстаноў. Гэтыя людзі выдатна разумелі ролю роднай мовы беларусаў і ведалі, што трэба рабіць, каб вярнуць ёй незаконна забраныя ў яе ў выніку грубых хібаў савецкай нацыянальнай палітыкі правы. Для ажыццяўлення падрыхтоўчай працы па правядзенні ўстаноўчага з'езду ТБМ абралі рабочую групу на чале з Н. Гілевічам.

У ходзе палемікі аб стане беларускай мовы ўсё больш выразна пачалі выказвацца цалкам абгрунтаваныя думкі пра неабходнасць надання ёй статусу адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы. Больш за ўсё такія матэрыялы друкавала газета "Літаратура і мастацтва", галоўным рэдактарам якой з'яўляўся паэт зайздроснай нацыянальнай арыентацыі Анатоль Вярцінскі . Такога роду палеміку яна адкрыла артыкулам аўтара гэтых радкоў "Беларускай мове - статус дзяржаўнай" (28 кастрычніка 1989 г.). Займаў ён больш за дзве газетныя старонкі.

Праблема беларускай мовы яшчэ ніколі так грунтоўна не абмяркоўвалася, як на праведзеным у траўні 1989 года пленуме праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Яго старшыня, народны паэт Максім Танк сказаў такое, пра што на людзях дзесяцігоддзямі маўчалі ўсе: "Агулам, планава праводзілася выжыванне беларускай мовы са школ і ўсіх устаноў, бо лічылі, што… нацыянальныя мовы і культуры з'яўляюцца амаль галоўнымі перашкодамі на шляху да камунізму". Ад прамоўцы пачулі і такія словы: "… неабходна помніць аб тым, што знікненне нацыянальных моў і культур (а гэта ж відавочная з'ява для пасляваеннай Беларусі. - Л.Л. ) нат найменшых народаў - гэта высыханне і адміранне тых крыніц і рэк, якімі напаўняюцца моры і акіяны" . Ва ўнісон панаваўшым у той час ў рэспубліцы настроям Максім Танк выказаўся за вяртанне беларускай мове статусу дзяржаўнай, бо "без заканадаўчага рашэння гэтага пытання, што бы ні рабілі ў сферы ўжывання беларускай мовы, яна няспынна будзе скарачацца" .

На гэтым жа пленуме ў якасці судакладчыка выступаў Н. Гілевіч, закрануўшы ход стварэння ў рэспубліцы ТБМ. Зацікаўленасць прысутных у зале да гэтай так наспелай праблемы была выяўлена ў дастаткова высокай ступені. Аналагічнае можна сказаць і пра выступ старшыні моўнай камісіі Беларускага фонду культуры Пятра Садоўскага. Усіх моцна ўсхвалявала, абурыла паведамленне, што распрацаваны год таму праект праграмы адраджэння беларускай мовы не пажадала змясціць ніводнае з рэспубліканскіх выданняў. Каб выправіць такое нічым неапраўданае недарэчнае стаўленне да мовы тытульнай нацыі, рэдакцыя газеты "ЛіМ" змясціла праект (заняў дзве старонкі) 26 траўня 1989 года.

У гэтым жа годзе 9 чэрвеня 1989 года быў надрукаваны праект Статута Таварыства беларускай мовы, што, несумненна, паспрыяла папулярызацыі, пры чым не толькі сярод творчай інтэлігенцыі, ідэі яго стварэння.

Устаноўчаму з'езду ТБМ папярэнічала вельмі важная для адраджэнскага працэсу Рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя "Народ. Культура. Перабудова" (Менск, 15 - 16 чэрвеня). На яе сабралася, без перабольшання, краса беларускай нацыянальнай інтэлігентыі. Бралі ўдзел і прагрэсўнай нацыянальнай пазіцыі афіцыйныя асобы. У якасці яе арганізатарў выступілі Мінсітэрства культуры БССР, Беларускае аддзяленне Савецкага фонду культуры, Акадэмія навук БССР. Адкрыў канферэнцыю яе віца-прэзідэнт, пісьменнік Іван Навуменка. Вялікую зацікаўленасць у прысутных выклікалі сваім канструктыўным характарам даклады міністраў культуры і адукацыі Яўгена Вайтовіча і Міхаіла Дземчука. Самых актуальных праблем беларускай мовы датычылі выступленні А. Анічэнкі (Гомель), У. Калесніка (Берасце), У. Конана, А Лойкі, Л. Лыча, А. Падлужнага, П. Садоўскага (усе з Менска) і інш. Практычна ўсе выказаліся пра неабходнасць надання беларускай мове статусу дзяржаўнай.

Канструктыўны характар мелі прынятыя на канферэнцыі Рэкамендацыі. Яе ўдзельнікам прапаноўвалася далучыцца "да рашэння Пастаяннай камісіі па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах Вярхоўнага Савета БССР аб усямерным паляпшэнні вывучэння і выкарыстання беларускай мовы, стварэнні неабходных умоў для таго, каб надаць ёй статус дзяржаўнай пры захаванні за рускай мовай статусу мовы міжнацыянальных зносін."

Прапаноўвалася: "З гэтай мэтай … разгарнуць масавую растлумачальную і прапагандысцкую работу сярод насельніцтва, фарміраваць грамадскую думку для хутчэйшага вырашэння данай праблемы.

(…) Пашыраць выкарыстанне беларускай мовы ва ўсіх сферах грамадскага жыцця, на практыцы забяспечыць нацыянальнае двухмоўе.

Настойліва весці справу да таго, каб усе жыхары рэспублікі добра валодалі рускай і беларускай мовамі, свабодна імі карысталіся."

Удзельнікі канферэнцыі мелі добрую дасведчанасць пра ход падрыхтоўкі да правядзення з'езду з мэтай стварэння ТБМ, таму не маглі не выказаць свайго стаўлення да такой праблемы. У прынятых рэкамендацыях яны выказаліся ў падтрымку гэтай ідэі і заявілі, што органам культуры, народнай адукацыі, навуковым установам неабходна будзе аказаць усебаковую дапамогу дзейнасці такога таварыства.

Менш як праз дзесяць дзён пасля гэтай канферэнцыі 24 - 25 чэрвеня праходзіў у Вільні ўстаноўчы з'езд Беларускага народнага фронту за перабудову "Адраджэньне". Адна з прынятых на ім рэзалюцый мела назву "Аб дзяржаўнасці беларускай мовы". Сваю шчырую прыхільнасць да яе дэлегаты і госці з'езда выказалі і тым, што частка іх прысутнічал на беларускамоўным набажэнстве ў віленскім касцёле святога Мікалая.

Не мінула і дваццаці дзён ад часу надрукавання Статута ТБМ, як 27 чэрвеня ў Доме літаратара ў Менску адбыўся ўстаноўчы з'езд Таварыства беларускай мовы, які прыняў з невялікімі папраўкамі і дапаўненнямі гэты Статут. На з'ездзе прысутнічала каля 300 чалавек самых розных прафесійных статусаў. Яго вітала намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР Ніна Мазай, выказаўшы надзею, што з'езд "стане прыкметнай падзеяй у культурным жыцці рэспублікі" . У сваім прывітальным слове яна прыраўняла беларускую мову да "таго вялікага скарбу, які мы павінны зберагчы, перадаць нашчадкам, без якога наша існаванне як народа немагчыма" . Гаварылася пра неабходнасць "пачаць сур'ёзную і канкрэтную практычную работу па пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы", у тым ліку і "органамі дзяржаўнага кіравання". "Патрабуе, - гаварыла гэтая высокая дзяржаўная асоба, - значна большай увагі асветніцкая, тлумачальная праца сярод насельніцтва рэспублікі, каб давесці да сэрца і розуму кожнага веліч роднай мовы, адказнасць за яе будучыню, пашану да яе" . Зала бясконца радавалася пачутаму.

З асноўным дакладам на з'ездзе выступіў старшыня аргкамітэта па стварэнні Таварыства беларускай мовы Н. Гілевіч. Прамоўца справядліва зазначыў, што лёс беларускай культуры і мовы ў найвышэйшай ступені будзе залежаць ад рэальнасці самой палітычнай суверэннасці Беларусі, сапраўднага характару народаўладдзя. "Калі намі сур'ёзна ўзяты курс на рэальнае, а не папяровае забеспячэнне суверэнных правоў Беларусі, - гаварыў дакладчык, - то павінен быць неадкладна ўзяты курс і на наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай мовы БССР. Без такога статусу, г.зн. без канстытуцыйна зацверджанай прававой асновы, яна не зможа натуральна функцыянаваць ва ўсіх сферах жыццядзейнасці народа, без гэтага немагчыма будзе падняць яе аўтарытэт і прэстыж, яна будзе заставацца ў ролі другараднай, у становішчы падчаркі і папялушкі".

Прамоўца, як у ваду глядзеў, заявіўшы, што самыя вялікія цяжкасці пачнуцца тады, калі ўжо справа дойдзе да практычнага ўкаранення беларускай мовы ў грамадскае жыццё.

З наданнем беларускай мове статусу дзяржаўнай пагаджаліся ўсе выступоўцы, а Пётр Садоўскі пераканаўча давёў прысутным, што толькі яна адна павінна валодаць такімі правамі ў БССР. Зала з вялікай радасцю прыняла вестку ад сакратара Менскага гракама партыі Пятра Краўчанкі, што сталічны партыйны орган выступіў за наданне статусу дзяржаўнай беларускай мове. Слушнай была прапанова гэтага партыйнага дзеяча: "рыхтаваць насельніцтва псіхалагічна да таго, што неўзабаве родная мова загучыць паўсюдна. Першы этап - выкладанне па-беларуску ў школах, потым - у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах, вучылішчах. Беларуская мова павінна прыйсці … у наш штодзённы побыт" . Гэтаму ніяк нельга запярэчыць.

Навуковы супрацоўнік Інстытута сусветнай літаратуры імя А.М. Горкага Акадэміі навук СССР Аляксей Каўка, беларус па нацыянальнасці, ураджэнец Чэрвенскага раёна, назваў стварэнне Таварыства беларускай мовы гістарычнай падзеяй, што яно стане свайго роду помнікам усім тым, хто ў розныя часы змагаўся за права сваёй роднай мовы на жыццё.

Лічу вартым увагі, што сярод выступоўцаў былі і тыя, праца каго непасрэдна не звязаная з прафесійным выкарыстаннем беларускай мовы, навучаннем у школе: ксяндзы В. Чарняўскі, Я. Матусевіч (в. Вішнева Валожынскага і в. Баруны Ашмянскага раёнаў), дыспетчар завода шасцерань У. Шушкевіч (Лепель), сакратар Менскага гаркама КПБ П. Краўчанка, загадчык аддзела інстытута "Белспецпраектрэстаўрацыя" А. Трусаў, прадстаўнік цэнтра беларускай культуры ў Літве В. Стэх (г. Вільня), рабочы Менскага аўтазавода П. Змітрук, мастак М. Купава (Менск). Шкода толькі, што сам даклад, выступленні былі пададзены ў газеце ў пераказе.

Сход надаў ТБМ імя Францішка Скарыны, прыняў Зварот да грамадзян Беларускай ССР, да беларусаў, якія жывуць за межамі рэспублікі, да ўсіх прыхільнікаў беларускага слова. Усе яны заклікаліся "з разуменнем і адчуваннем гістарычнай адказнасці паставіцца да катастрафічнага становішча беларускай мовы на Беларусі - падтрымаць шматлікія прапановы грамадскасці аб неадкладным наданні ёй дзяржаўнага статусу ў рэспубліцы" . У ім было сказана пра неабходнасць "з пашанай ставіцца да культуры і мовы людзей усіх нацыянальнасцяў Беларусі". Словам і чынам дапамагаць адраджэнню і развіццю беларускай мовы заклікаліся беларусы, што жывуць у іншых саюзных рэспубліках і за межамі СССР. Зварот заканчваўся такім сказам: "Няхай жыве і квітнее беларуская мова - раўнапраўная сястра ў вялікай моўнай сям'і свету".

Неўзабаве пасля ўстаноўчага з'езду ТБМ адбылося пасяджэнне яго рады, на якім быў абраны яе сакратарыят у складзе 11 чалавек: Н. Гілевіч (старшыня), А. Падлужны, П. Садоўскі, Я. Цумараў - намеснік, С. Вітушка, А. Клышка, А. Куліцкі, Л. Лыч, М. Міхноўскі, Б. Сачанка, Г. Тычка - сябры. На гэтым пасяджэнні былі ўтвораны наступныя камісіі: па арганізацыі навучання беларускай мове; па выпрацоўцы тэрміналогіі і ўдасканаленні алфавіту; па культуры мовы, па гукавым і зрокавым афармленні навакольнага асяроддзя; па захаванні моўных скарбаў; па тапаніміі; па сувязях з беларусамі замежжа; арганізацыйна-прапагандысцкая.

Не марудзячы ні дня, ТБМ, яго першасныя суполкі з зайздроснай актыўнасцю ўключыліся ў так патрэбную для народа працу. Абсалютная большасць людзей паверыла ў рэальнасць адраджэння сваёй, такі працяглы час закабаленай уладамі, роднай мовы і ўсяляк дапамагала ёй стаць на ногі. Але ў сярэдзіне 1990-х гадоў знайшліся ў краіне сілы ў асобе самога дзяржаўнага чыноўніцкага апарату, якія вымусілі беларускае культурна-моўнае адраджэнне даць задні ход. Пачынаючы з травеньскага (1995 г.) рэферэндуму, па выніках якога ў Рэспубліцы Беларусь і рускай мове, насуперак сусветнай практыцы, надалі статус дзяржаўнай, яно і кроку не зрабіла наперад. Маштабы афіцыйнага выкарыстання беларускай мовы зведзены ўладамі амаль да нулявой адзнакі, што ледзь не цалкам вывела яе (мову) з міжасобаснага ўжытку і сучаснае становішча беларускай мовы ў грамадскім жыцці краіны іншым словам нельга назваць, як катастрафічнае. Для нашай дзяржавы родная мова тытульнай нацыі - пятае кола ў возе. Уся надзея на выратаванне беларускай мовы - сам народ, найперш яго нацыянальна-самасвядомая частка.

Але як гэта не цяжка прызнаць, мушу заўважыць, што сёння паводле ўздзеяння на адраджэнцкі працэс нацыянальнага гарту колы беларускага грамадства ў дзясяткі разоў слабейшыя за тых, хто змагаўся за родную мову на рубяжы 1980 - 1990 гадоў. Дзяржава сваёй сістэмнай этнаруйнавальнай дзейнасцю вельмі аслабіла нацыянальна-патрыятычныя сілы народа, і як прамы вынік гэтага роля беларускай культуры і мовы проста зведзена да крытычнай мяжы. У духоўным жыцці Рэспублікі Беларусь вяршэнствуюць чужыя ёй руская культура і мова. Моцна залежныя ад Масквы беларускія ўлады ні за што не пагодзяцца нават на сімвалічнае змяненне такой катасрафічнай сітуацыі і надалей будуць праводзіць нацыяразбуральную, а не нацыястваральную палітыку. У такіх экстрэмальных варунках нам неабходна ўдзесяцярыць свае намаганні па захаванні і беларускай нацыянальнай культуры, і беларускай мовы. Думаю, дзеля гэтага творчы патэнцыял Таварыства беларускай мовы выкарыстоўваецца не на ўсе сто працэнтаў.

Грунтоўнае азнаямленне з матэрыяламі перыядычнага друку другой паловы 1980-х гадоў, набыты ў тыя гады ад удзелу ў адраджэнцкім руху ўласны досвед цвёрда пераканалі мяне ў тым, што ніхто не ўнёс такога вялізнага ўкладу ў стварэнне ТБМ, як адзін з самых любімых беларускім народам паэтаў Ніл Гілевіч. Ён, несумненна, заслужыў таго, каб грамадскай арганізацыі па абароне беларускай мовы ў сувязі з 25-гадовым юбілеем прысвоіць такую назву: "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і Ніла Гілевіча". У сусветнай практыцы вядомыя рознага роду грамадскія арганізацыі з двума імёнамі. Чаму б тады і нам, беларусам, не далучыцца да іх?

Леанід ЛЫЧ, доктар гістарычных навук, прафесар.


Памёр вядомы дзеяч беларускай эміграцыі Юрка Станкевіч

Яго не стала 7 жніўня ў Празе на 87-м годзе жыцця.

Юрка Станкевіч быў сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, заснавальнікам суполкі беларусаў у Чэхіі "Пагоня", арганізаваў школку для беларускіх дзетак у Празе. Выдаваў падручнікі, слоўнікі, займаўся адукацыйнай справай. Сябры і паплечнікі кажуць, што страцілі чалавека, "які ахвяраваў усё сваё жыццё беларушчыне і беларускай справе", інфармуе Радыё Свабода.

Адзначым, што Юрка Станкевіч нарадзіўся ў сям'і вядомага беларускага мовазнаўцы і палітыка Янкі Станкевіча.

Фота - svaboda.org.


Валянціну Таўлаю

"Яго велічны свет"

Пасля 100-гадовай даты нараджэння аднаго з самых здольных і палымяных паэтаў Заходняй Беларусі Валянціна Таўлая, пакутніка 5 турмаў - чатырох польскіх (Гарадзенская, Маладзечанская, Віленская, Слонімская і зноў Гарадзенская) і адной фашысцкай (Лідскай) - у г. Баранавічах адбылася яшчэ адна падзея. Паэтычным клубам "Ліра" пры Баранавіцкім гарадскім Доме культуры выдадзены падарункавы зборнік вершаў, прысвечаных гэтай неўміручай Постаці, пад яркай і запамінальнай назвай "Яго велічны свет".

Мастацкае аздабленне яго здзейснілі Таццяна Вадзейка і Жанна Васілеўская.

На другой старонцы змешчаны здатны фотапартрэт прыгажуна - юнака Валянціна Таўлая з гадамі яго жыцця, рэвалюцыйнай і творчай дзейнасці, які нарадзіўся ў г. Баранавічы, а памёр у сталіцы: 1914-1947, а таксама радкі:

... і гатоў гарэць, загінуць

За вясну маёй краіны...

На наступнай старонцы радкі паэта са Слоніма Анатоля Іверса, прысвечаныя сябру па змаганні за беларушчыну В. Таўлаю:

І шумець нашым

сцягам вякі,

І звінець крыштальным

тваім вершам.

Ты іх нёс дарогай,

напрасткі,

Ды ў паходзе быў

заўсёды першым...

Далей ідуць біяграфічныя звесткі пра паэта па матэрыялах Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Валянціна Таўлая.

Напішу шчыра і ўдзячна, што поўным завадатарам, рухавіком здзяйснення зборніка "Яго велічны свет" выступіла кіраўнік паэтычнага клуба "Ліра" Людміла Шувалава (дзявочае прозвішча Гаварушка), што яна частку свайго жыцця мусіла правесці ў Расіі, але вярнулася ў Беларусь у 1981 годзе. У сваіх вершах "Яго велічны свет" і "Куток Беларусі" Л. Шувалава ярка ўславіла самаахвярнага, гераічнага і самабытнага паэта В. Таўлая, яго бацьку і мачаху, бібліятэку і школьны музей яго імя, дачку Галінку Таўлай, стваральніцу школьнага таўлаеўскага музея Алену Пятроўну Яхант, яе мужа Кастуся Мікалаевіча, сучаснага кіраўніка гэтай установы Ніну Шавель.

Сярод баранавіцкіх паэтаў, якія прысвяцілі свае творы Валянціну Таўлаю, імёны Раісы Раманчук, Алеся Корнева, Галіны Ліс, Алены Яхант (20.09.1939 - 13.11. 2009), Браніславы Лапкоўскай, Анастасіі Жук:

Чужы боль сэрца

тады чуе,

Калі само яно баліць.

Ніхто ваш голас не пачуе,

Як у адзіноце ён гучыць.

Змешчаны вершы настаўніка школы №13 Валянціна Дыдышкі "Валянціну Таўлаю", паэта Алеся Ягадніцкага, выпускніцы гімназіі № 5 Анастасіі Данільчык.

Выданне багата аздоблена каляровымі здымкамі людзей, які шмат зрабілі добрага, дзейснага ў гонар славы Валянціна Таўлая. Сярод іх - кампазітар, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, двойчы акадэмік розных устаноў, заслужаны дзеяч мастацтваў Украіны і Польшчы, загадчык Сектара інструментазнаўства Расійскага інстытута гісторыі мастацтваў, аўтар музыкі на творы нашага пэата Ігар Маціеўскі, дачка паэта і вучоная Галінка Таўлай (абое з Санкт-Пецярбурга), Л. Шувалава, Г. Ліс, М. Маліноўскі, Р. Раманчук, вучоны Ю. Бунадзін (Санкт-Пецярбург), нябожчыца А. Яхант, А. Данільчык, пераможцы віктарыны, прысвечанай 100-годдзю з дня нараджэння беларускага пэата Валянціна Таўлая, якую правяла Баранавіцкая рада ТБМ імя Ф. Скарыны - Уладзіслаў Дораш (Берасцейскае абласное кадэцкае вучылішча, вёска Ястрамбель), Алена Жукоўская і Алена Лашкоўская (вёска Дварэц, Дзятлаўскі раён), Сяргей Раснянскі (гімназія, г. Ляхавічы).

На здымках таксама адзначаны І. Драхоўская, Н. Шавелдзь, удзельнікі - творцы "Дня ведаў" у СШ № 19, удзельнікі сустрэч у Баранавіцкай цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя В. Таўлая і СШ № 4, прысвечаных юбілею паэта.

Мне было прыемна пабачыць і здымак пераможцаў конкурсу юных дэкламатараў вершаў В. Таўлая са школы № 4 Аляксея Паўлава (10"А"), Вольгі Долмат (10"А") са школы № 7, Насці Кудраўцавай (8"В") са школы № 9.

Словам, на 24 старонках уклалася ўражлівая і поўная карціна любові і шанавання землякоў да свайго гераічнага Паэта. Але, на вялікі жаль, улады горада Баранавічы так і не паклапаціліся, каб быў выдадзены да 100-годдзя свайго вялікага земляка поўны збор яго твораў, напісана і выдадзена храналогія жыцця, дзейнасці і творчасці паэта, паўстаў велічны і заслужаны помнік Валянціну Таўлаю, адбылося на вуліцы яго імя хоць адно свята для гараджан.

Калі на цягніку праязджаеш горад Ганцавічы, то прыпадаеш сам па сабе да вокнаў вагона, бо на адным з гмахаў пабачыш велічны партрэт Якуба Коласа. На жаль, такі партрэт Валянціна Таўлая дасюль таксама не паўстаў у Баранавічах.

Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.


ТБК у гасцях у Аўкштайціі

2-3 жніўня Таварыства правяло сваю чарговую вандроўку, гэтым разам падарожнічалі па Аўкштайціі (этнаграфічны рэгіён Літвы). У вандроўку нас запрасіў і яе арганізаваў сябра Рады ТБК Васіль Акуневіч. Дзякуючы яму і яго жонцы Яніце мы праехаліся па маршруце Ігналіна-Вісагінас-Зарасай-Салакас-Швядрышкі. Такім чынам, мы глыбей пазнаёміліся з гісторыяй, культурай і этнаграфіяй узгаданага літоўскага рэгіёна.

Сёння ўжо на гэтых тэрыторыях мала што нагадвае, што калісьці гэтыя землі былі пад акупацыяй Расейскай, пазней Савецкай імперыяў. Край пакрысе вяртаецца да сваіх традыцый, звычак, і ў рэгіёне наступае нармалёвае і звыклае жыццё.

Здзіўляе і адразу кідаецца ў вочы добраўпарадкаванасць вёсак і мястэчак з павольным і ўтульным жыццём. Добраўпарадкаваныя гаспадаркі, прыгожа і чыста як каля дамоў, так і ў наваколлі. Няма запушчанасці і занядбайнасці, пра якую чуеш з расейскіх навін. Адстаяўшы сваю незалежнасць, літоўцы дзяржаву пачалі будаваць з вяртання сваіх традыцый і мовы. І сёння бачым, усё ў іх атрымалася, у адрозненні ад беларусаў, якія вырашылі будаваць нацыянальную дзяржаву на чужой мове і традыцыях. У выніку - нічога не дасягнулі.

Важна, што літоўцы памятаюць і ведаюць не толькі гісторыю Літвы, але і сваю ўласную, лакальную, гісторыю маленькіх вёсачак, мястэчак і гарадоў. І пра іх расказваюць не з меншым гонарам і павагай, чым і пра гісторыю краіны. Беларусам гэтаму трэба павучыцца. Тут яны з гонарам заяўляюць, што я адтуль і адтуль, тут мае карані, мая зямля. Беларусы ж вельмі часта саромеюцца прызнацца ў сваім правінцыйным паходжанні, а многія нават у тым, што яны беларусы. Таму, пакуль не навучымся паважаць той кавалак зямлі, дзе нарадзіліся, нічога ў нас не атрымаецца. Кожны літовец ведае не толькі гісторыю свайго кутка, але і традыцыі, побыт. І як прыклад, Васіль і Яніце нам двое сутак распавядалі пра традыцыі сваёй маленькай вёскі і рэгіёна і ў іх такіх размоў хапіла б яшчэ на доўга. У гэтым відаць і ёсць поспехі літоўцаў у пабудове сваёй нацыянальнай дзяржавы: уменне з гонарам і пашанай распавесці пра сваю маленькую гісторыю, яе дзеі і бег у прызме сівых стагоддзяў.

Падцверджанне гэтаму мы знаходзілі ў кожнай вёсцы і кожным мястэчку.

У Ігналіне нам Васіль паказаў помнік, прысвечаны адной з самых крывавых і балючых тэмаў у літоўскай гісторыі: сталінскім рэпрэсіям. Так атрымалася, што Ігналіна была апошнім чыгуначным прыпынкам, дзе загружалі ні ў чым не вінаватых людзей (менавіта грузілі як жывёл, без усялякай чалавечнасці) і вывозілі на пагібель і пакуты ў неабдымныя прасторы Крывавай імперыі. І дзякаваць Богу, што сёння можна ўзгадаць і ўшанаваць гэтыя шматтысячныя ахвяры рускай акупацыі Літвы. Чаго не скажаш пра Беларусь. Там, нават мемарыяла немагчыма ўсталяваць: у Курапатах толькі крыжы, якія час ад часу знішчаюць вандалы, і само месца ўлада хацела б знішчыць.

Амаль у кожным населеным пункце Літвы памятаюць пра ахвяры таго бязчалавечнага рэжыму.

Будучы ў Салакасе, наведалі помнік за свабоду для Бацькаўшчыны, усталяваны ў часах Літвы пры прэзідэнце Антанасу Смятоне. Калі прыйшлі рускія, жыхары мястэчка гэта помнік таемна закапалі. І ён праляжаў у зямлі каля паўстагоддзя і дачакаўся сапраўднай незалежнасці для Бацькаўшчыны, быў адкапаны і зноў усталяваны як сведчанне, што прагу народа да волі не зламаць.

Сімвалам Салакаса, зразумела, з'яўляецца касцёл, збудаваны з бутавага каменю ў 1906-1911 гадах. Гэта яшчэ чарговы помнік імкнення літоўцаў да незалежнасці і захавання сваіх традыцый. Будаваўся ён адразу пасля прыняцця закона аб свабодзе веравызнання ў былой Расейскай імперыі. Здзіўляе тое, колькі працы было ўкладзена ў пабудову святыні. Відаць, кожны парафіянін прыняў у гэтым удзел.

Літоўцы адны з апошніх у Еўропе прынялі хрысціянства. І гэта адчуваецца і па сёння. Не гледзячы на тое, што Літва афіцыйна каталіцкая краіна, знойдзецца ў ёй вельмі шмат перажыткаў язычніцкай культуры, так гарманічна сплёўшыхся з каталіцкімі традыцыямі. Адсюль, відаць, і шанаванне самой прыроды. Калі ў Беларусі старыя дрэвы проста зразаюць, выразаюць старыя паркі, якія маюць гістарычную, культурную каштоўнасць, то ў Літве такія дрэвы ўшаноўваюцца і іх прыраўноўваюць да нацыянальных святынь. Да іх прыязджаюць маладыя пары, каб сфатаграфавацца, магчыма, папрасіць доўгага і шчаслівага жыцця. І як прыклад, мы наведалі ў Стэльмужах дуб, узрост якога каля 1500 гадоў. І адразу бачна, што прыняты ўсе меры па яго ахове, агароджаны плотам, пастаўленыя камеры назірання. Такім чынам бачым, наколькі нацыя ахоўвае сваю культуры і традыцыі.

У чарговы раз хочацца падзякаваць Васілю і Яніце за добра арганізаванае падарожжа, за тое, што яны пакрылі нам выдаткі на харчаванне, начлег. Гэта быў яшчэ адзін крок па збліжэнні літоўскага і беларускага народаў, а таксама мы бліжэй пазнаёміліся з традыцыямі аўкштайтаў. І як бачым, для простых людзей няма ніякіх перашкодаў для кантактавання і вядзення дыялогаў.

Для беларусаў гэта яшчэ адзін урок, як трэба будаваць сваю нацыянальную дзяржаву, каб усё атрамалася. Трэба пачаць з захавання мовы і традыцый свайго рэгіёна. Крэмль не забараняе беларусам у хаце, са сваім блізкімі, роднымі, суседзямі размаўляць па-беларуску і не прымушае размаўляць па-руску. Робяць гэта беларусы па сваёй уласнай волі і губляюць свае карані ды ідэнтычнасць.

Алесь Адамковіч , в.а. старшыні ТБК Літвы.


Старонкі Вялікай вайны

"Старонкі непабочнай Вялікай вайны на Лідчыне (1914-1918)"

Пад такой назвай у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі 8 жніўня адкрылася выстава. Выстаўленыя экспанаты, сабраныя архіўныя здымкі з тых далёкіх гадоў ужо самі раскрываюць жахлівыя старонкі ваеннага ліхалецця. Куратарам выставы з'яўляецца старшы навуковы супрацоўнік музея Наталля Валынец, якая і пазнаёміла наведвальнікаў з гісторыяй Першай Сусветнай вайны на Лідчыне. Можна было пачуць, а пасля яшчэ і пачытаць самому кароткія звесткі пра вайсковыя гарадкі - Паўднёвы і Паўночны, на тэрыторыі якіх адбываліся ваенныя дзеянні.

На адкрыццё выставы сабраліся неабыякавыя асобы. Прысутнічалі вайскоўцы тэрміновай службы Паўднёвага гарадка - 116 гвардзейскай Радамскай чырвонасцяжнай ШАБ. Напачатку адкрыцця прагучаў раманс з ваеннага рэпертуару Першай сусветнай у выкананні выкладчыка музыкі вакалісткі Вольгі Пчыцкай.

Удзел у адкрыцці выставы прыняў і святар лідскай Свята-Георгіеўскай царквы Уладзімір Камінскі, які распавёў пра лёс святароў Лідскага павету падчас вайны. Айцец Уладзімір у прыклад усім зрабіў свой аповед на літаратурнай беларускай мове.

Калекцыянер Андрэй Фішбайн падзяліўся звесткамі пра прадметы І Сусветнай вайны, якія былі знойдзены ім пры раскопках і пасля перададзены ў музей.

Ад калекцыянера Леаніда Гарцуева прысутныя дазналіся пра гісторыю фотаздымкаў, якія былі набытыя ім у свой час і перададзеныя таксама ў музей.

Старэйшым навуковым супрацоўнікам музея Валерыем Сліўкіным былі зазначаны тры этапы, які склаліся ў час вайны на Лідчыне: мабілізацыя, эвакуацыя, акупацыя. Ім жа была выказана падзяка ўсім, хто прымаў удзел у зборы матэрыялаў і прадметаў, усім, хто неабыякава аднёсся да гэтай адказнай справы ў падрыхтоўцы выставы. Асобна была выказана падзяка Дзмітрыю Каладзяжнаму, які скурпулёзна аднёсся да падрыхтоўкі фотаздымкаў, перад тым як выставіць іх у музеі для прысутных.

Напрыканцы выступіла старшыня Лідскага раённага савета дэпутатаў Інэса Белуш, якая шчыра падзякавала за грунтоўна падрыхтаваную выставу, за раскрыццё гэтай важнай для мірнага чалавека тэмы, зазначыла, што мы былі б нашмат багацейшымі і шчаслівейшымі, каб не гэтыя войны.

Дырэктар музея Ганна Драб узгадала ўспаміны, якімі калісьці з ёю дзяліліся яе родзічы, аб тым, што ў іхняй хаце размяшчаліся немцы ў І Сусветную вайну, а дакладней, у 1916 годзе. Як было зазначана, выстава будзе дзейнічаць доўгі час, а гэта значыць, што наведвальнікі музея маюць шанец пазнаёміцца з ёю бліжэй.

Алесь Хітрун.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX