Папярэдняя старонка: 2014

№ 35 (1186) 


Дадана: 27-08-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 35 (1186), 27 жніўня 2014 г.


У Зэльве прайшоў старадаўні Ганненскі кірмаш

Традыцыйна 23 жніўня на Ганненскім кірмашы ў мястэчку Зэльва Гарадзенскай вобласці аддавалі ўшанаванні коням.

Як і ў XVIII-XIX стагоддзях, тут прайшлі конскія таргі і катанні ў брычках і вазах.

Сёлета двухдзённае свята атрымала яшчэ большы размах - ад навуковай канферэнцыі ў гонар знакамітага беларускага роду Сапегаў да феерверку.

Напрыклад, на цэнтральнай плошчы горада прайшло тэатралізаванае прадстаўленне. Тут выступілі танцавальныя калектывы, а таксама выбралі найлепшыя святочны каравай, стылізаваны касцюм, падворак, конны воз, ўпрыгожванне балкона і цікавае фота аб кірмашы. У гандлёвых радах у старадаўнім стылі можна было паўдзельнічаць у абрадах і пакаштаваць розных караваяў.

На іншых пляцоўках можна было прайсціся па горадзе майстроў, прыняць удзел у майстар-класах па танцах, ўбачыць выставу коней і коннаспартыўныя мерапрыемствы.

Вечар свята завяршыў выступ Сашы Нема і Гюнеш, музычных калектываў "Рада" і "Калаж", тэатра моды "Этуаль". А пад начныя агні зэльвенцаў забаўлялі вогненнае і пеніста-лазернае шоў.

Еўрарадыё.


140 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Ўласава

Аляксандр УЛАСАЎ (28 жніўня 1874, Вілейка - 11 сакавіка 1941, ст. Марыінск, Кемераўская вобласць, Расея) - беларускі грамадска-палітычны дзеяч, публіцыст, палітык і сенатар міжваеннай Польскай Рэспублікі, эканаміст.

Вучыўся ў духоўнай семінарыі ў Пінску, у Мікалаеўскай гімназіі ў Ліпаве, пазней - у Рыжскім тэхнічным універсітэце (1899-1905).

У снежні 1904 года заснаваў першую беларускую палітычную партыю - Беларускую сацыялістычную грамаду - і з'яўляўся сябрам яе Цэнтральнага камітэта. У 1908 годзе - адзін з заснавальнікаў выдавецтва "Наша Хата".

З снежня 1906 году і да траўня 1914 з'яўляўся галоўным рэдактарам газеты "Наша Ніва". За гэты час Уласаў прыцягнуў да супрацоўніцтва з газетай таленавітых беларускіх літаратараў, сярод якіх быў і Янка Купала, які пазней стаў новым рэдактарам газеты.

За сваю грамадска-палітычную дзейнасць і публікацыі ў 1909 годзе быў асуджаны царскімі ўладамі да 4 месяцаў зняволення.

У 1914-17 служыў у царскай арміі. Дэлегат з'езду воінаў-беларусаў Заходняга фронту ў кастрычніку 1917 г., Усебеларускага з'езда 1917 г. Як прадстаўнік правага крыла БСГ у лютым 1918 увайшоў у выканаўчы камітэт палітычнага аб'яднання "Менскае беларускае прадстаўніцтва". 12.4.1918 г. кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, з ліпеня 1918 быў у яе сакратарыяце. Пасля расколу Рады БНР 13.12.1919 г. увайшоў у прэзідыум Найвышэйшай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Праз год аднавіў дзейнасць Беларускага навуковага таварыства ў Вільні "Наша хатка". Уласаў выдаваў таксама часопісы "Лучынка" для дзяцей і "Саха" для сялян.

На момант заключэння Рыжскай дамовы 1920 года знаходзіўся ў Радашковічах, якія апынуліся ў выніку дамовы на тэрыторыі міжваеннай Польскай Рэспублікі. Пазней у Радашковічах Уласаў стварыў беларускую гімназію імя Францішка Скарыны. Арганізатар і адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы.

Быў арыштаваны польскімі ўладамі і зняволены ў канцлагер у Стралкове.

У 1922-1927 годзе меў мандат сенатара першага тэрміну са спісу Блоку нацыянальных меншасцяў у польскім Сенаце. Цесна супрацоўнічаў з Беларускім пасольскім клубам.

Прымаў удзел у рабоце Беларускай сялянска-работніцкай грамады, выступаў у абарону яе кіраўнікоў на судовым працэсе 56-і. Дом Уласава ў в. Мігаўка (цяпер Маладзечанскі раён) выкарыстоўваўся падпольшчыкамі для пераходу польска-савецкай мяжы.

У кастрычніку 1939 года быў арыштаваны НКУС і перавезены ў Менск. У лістападзе 1940 года асуджаны на 5 гадоў канцлагераў за "шпіёнска-правакатарскую дзейнасць". Памёр у зняволенні ў Расеі.

Вікіпедыя.


ВАЛЕРУ САНЬКО - 75

Валер Аляксеевіч САНЬКО (29 жніўня 1939 г., в. Вялікая Сліва Слуцкага раёна Менскай вобласці) - беларускі пісьменнік (сябар СП, 1997), журналіст (сябар СЖ, 1968), краязнавец, доктар народнай медыцыны (1992), магістр нетрадыцыйнай медыцыны (2001), член-карэспандэнт Міжнароднай акадэміі энерга-інфармацыйных навук (2014).

Бацька, Санько Аляксей Андрэеевіч, 1914 г.н., беларус, нарадзіўся ў в. Дудзеў (Дзюдзева) Слуцкага раёна, настаўнік, завуч Вяліка-Сліўскай школы, у вайну камандзір гарматы, сяржант, загінуў пад Ломжай у 1941 г. Маці, Скуцэня (Санько) Люба Кузьмінічна, 1918 г.н., беларуска, медсястра з 46-гадовым медыцынскім стажам, нарадзілася і жыла ў в. Вялікая Сліва Слуцкага раёна. Памерла 12 сакавіка 2001 г. Айчым (бацька) Скуцэня Мікалай Мікітавіч, 1920 г.н., беларус, нарадзіўся ў в. Працавічы Слуцкага раёна, калгаснік, інвалід 2-й групы ВАВ з 1946 г., жыхар в. Вялікая Сліва, памёр 19 лютага 1997 г.

Пасля заканчэння Вяліка-Сліўскай СШ з адзнакаю закончыў Баранавіцкае медвучылішча (1958). Загадваў (адкрываў) Лосіцкім ФАП-ам у Пінскім раёне на Берасцейшчыне. З арміі (1958 - 1961) прыйшоў сяржантам.

Закончыў факультэт журналістыкі БДУ (завочна, 1961 - 1967), Менскую ВПШ (1976 - 1978). Вучыўся ў медінстытуце (1964 - 1965). Працаваў памочнікам санітарнага ўрача ў Менску. Меў выбар - працаваць на поўную стаўку літсупрацоўнікам у вайсковай газеце "Во славу Родины" ці на палову стаўкі ў беларуска-моўнай "Чырвонай Змене"; пачаў працаваць у "ЧЗ". Праца ў найгалоўнай беларускай газеце "Звязда" (1965 - 1972) стала выпрацоўкаю і шліфаваннем літаратурнага стылю журналіста, пісьменніка.

Загадчык рэдакцыі медыцынскай і фізкультурна-спартыўнай літаратуры выдавецтва "Беларусь" (1972 - 1975), нам. гал. рэд. часопіса "Здравоохранение Белоруссии" (1975 - 1976), нам. гал. рэд. выдавецтва "Народная асвета" (1978 - 1982), загадчык рэдакцыі краязнаўства, турызму, фізкультурна-спартыўнай літаратуры выдавецтва "Полы-мя" (1982 - 1990), нам. рэд. міждзяржаўнай чарнобыльскай газеты "Набат" (1990 - 1991), дырэктар заснаванага Беларускім дзіцячым фондам Беларускага выдавецкага Таварыства "Хата" (1992 - 2006).

Закончыў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР (1968 - 1971), кандыдацкія экзамены здаў, дысертацыю "Беларуская чарадзейная казка" не абараніў. Некаторыя запісы бел. фальклору В.А. Санько надрукаваныя ў газетах, часопісах, у трох тамах акадэмічнага пяцідзесяцітомавага выдання беларускага фальклору.

За гады членства у Камуністычнай партыі (1960 - 1989) вымоваў не меў. З партыі выйшаў добраахвотна. Быў намеснікам старшыні Цэнтральнай Рады Беларускай Сялянскай партыі, ад яе тройчы вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі - Слуцк, 1995, Салігорск, 1995, 1996.

Першае апавяданне В. Санько надрукавана ў 1958 годзе ў баранавіцкай раённай газеце. З таго часу пабачылі свет яго 19 аповесцяў і 68 апавяданняў, адзін раман ("Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе", пра Чарнобыльскую катастрофу, 612 стар., Смаленск, 2013, 50 экз.). Напісаў звыш 340 артыкулаў, аўтар і суаўтар 17 празаічных і навуковых кніг. Дабраславіў на чытацкія паліцы 1089 (!) аўтарскіх кніг.

Актыўны сябар Таварыства беларускай мовы, Згуртавання Беларусаў свету (сябар Вялікай і Малой Рады).

Паводле ВІКІПЕДЫІ. (Пра В. Санько чытайце на ст 6-7.)


Для ўшанавання памяці Генадзя Бураўкіна

Сп. А.У. Кабякову,

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь,

220016, г. Мінск,

вул. К. Маркса, 38

Аб ушанаванні памяці

славутага паэта Беларусі

Генадзя Бураўкіна

Паважаны Андрэй Уладзіміравіч!

У маі 2014 года пайшоў з жыцця славуты паэт Беларусі Генадзь Бураўкін, якому ў 2016 годзе споўнілася б 80 гадоў.

У сувязі з гэтым, ТБМ прапануе да юбілею паэта ўшанаваць яго памяць наступным чынам:

1) назваць у гонар Бураўкіна вуліцы ў Мінску і Ўшачах;

2) усталяваць у Мінску на доме, дзе жыў паэт, мемарыяльную шыльду;

3) у 2016 годзе выдаць мастацкі канверт або паштоўку з выявай юбіляра.

Гэтыя дзеянні будуць цалкам адпавядаць той значнай ролі Генадзя Бураўкіна, якую ён адыграў і як паэт, і як грамадскі дзяяч, працуючы на розных пасадах у Беларусі і за яе межамі.

З павагай, Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"'Таварыства беларускай мовы

імя Ф. Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Аб разглядзе звароту

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адпаведнасці з даручэннем Савета Міністрау Рэспублікі Беларусь ад 8 ліпеня 2014 г. № 10/535-46 Міністэрствам культуры сумесна з Віцебскім абласным выканаўчым камітэтам, Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам, Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі разгледжаны зварот аб ушанаванні памяці славутага паэта Беларусі Генадзя Бураўкіна, накіраваны Вамі на імя Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнга Рэспублікі Беларусь А.У. Кабякова. Па выніках разгляду паведамляем наступнае.

Па інфармацыі, прадстаўленай Мінгарвыканкамам, прапанова аб прысваенні імя Генадзя Бураўкіна новай вуліцы ў Мінску будзе разгледжана камісіяй па найменаванні і перанайменаванні праспектаў, вуліц і іншых састаўных частак г. Мінска, якая ва ўстаноўленым парадку ўлічыць зварот ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" пры прыняцці рашэнняў аб прысваенні найменняў новым вуліцам сталіцы.

Што тычыцца прысваення імя Геналзя Бураўкіна вуліцы ва Ўшачах, то ў сувязі з тым, што жыццёвы шлях паэта не быў звязаны з г.п. Ушачы і Ўшацкім раёнам, адсутнічае прамая сувязь паміж ім і дадзенай адміністрацыйнай адзінкай; называць у гонар Г. Бураўкіна вуліцу менавіта ва Ўшачах Віцебскі аблвыканкам лічыць нямэтазгодным.

У адносінах да пытання аб устаноўцы мемарыяльнай дошкі ў Мінску на доме, дзе жыў Г. Бураўкін, паведамлясм наступнае.

Згодна з Палажэннем аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Бсларусь ад 19 верасня 2008 г. № 1372, стварэннс (рэканструкцыя) твораў манументальнай скульптуры і ўстаноўка іх на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў на падставе заключэння Міністэрства культуры.

Для атрымання заключэння Міністэрства культуры мясцовы выканаўчы і распарадчы орган накіроўвае ў дадзенае міністэрства пісьмо-зварот з абгрунтаваннем неабходнасці стварэння (рэканструкцыі) і ўстаноўкі твора манументальнага мастацтва.

Неабходныя дакументы ад Мінскага гарвыканкама ў Міністэрства культуры не паступалі.

Па пытанні аб выданні мастацкага канверта або паштоўкі з выявай Г. Бураўкіна паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку вырабу і распаўсюджвання дзяржаўных і іншых знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь, зацверджанай пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ад 16.09.2008 № 38, выдатныя дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, дзеячы навукі, культуры і мастацтва могуць быць адлюстраваны на дзяржаўных знаках паштовай аплаты не раней, чым праз 5 гадоў пасля смерці і да юбілеяў з дня нараджэння, якія кратны 25.

Такім чынам, у 2016 годзе магчыма выданне ў серыі "Выдатныя асобы Беларусі" немаркіраванага канверта, прысвечанага творчасці Г. Бураўкіна.

Міністэрства культуры паведамляе таксама, што да юбілейных дат вядомых беларускіх пісьменнікаў установамі культуры традыцыйна ладзяцца разнастайныя мерапрыемствы (кніжньія выставы, літаратурныя вечары і г.д.). Таму пры планаванні сваёй дзейнасці на 2016 год установамі культуры будзе ўлічана і такая дата, як 80-годдзе з дня нараджэння Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, пакінуўшага пасля сябе багатую літаратурную спадчыну.

Намеснік Міністра В.М. Чэрнік.


"ЯЗЫК ЯК БРЫТВА" І ІНШАЕ

У артыкуле "Выразы тыпу як піць даць" ("Наша слова", 2014, № 33) гаворка вялася пра кампаратыўныя (параўнальныя) фразеалагізмы - з кампанентам "як" у іх складзе. Сярод амаль 380 выразаў гэтага тыпу ёсць і такія (іх 6), у якіх кампанент "як" не ў пачатку фразеалагізма, а ў сярэдзіне: біцца як рыба аб лёд, гол як сакол, голы як бізун, памінай як звалі, пячы як бліны, язык як брытва.

Далей размова пойдзе толькі пра мнагазначныя кампаратыўныя выразы. Іх - 46. Пачнём з загаловачнага.

Cклаўся фразеалагізм язык як брытва , хутчэй за ўсё, пад уплывам біблейскага тэксту: "Пагібель выдумляе язык твой; як вытанчаная брытва, ён у цябе, каварны" (Псалтыр, 51, 4). Першае ягонае значэнне - назоўнікавае: 'здольнасць востра і дасціпна гаварыць', напрыклад: Дзіўна, а падабаліся яму і грубаватасць яе, і язык як брытва, і смеласць… (А. Васілевіч). Другое значэнне - канструктыўна абмежаванае, рэалізуецца толькі ў безасабовых канструкцыях ( язык як брытва ў каго), абазначаючы 'хто-небудзь дасціпны, з'едлівы ў размове': У гэтай Ганны язык як брытва (Б. Стральцоў).

Пяць фразеалагізмаў (з ліку 46 мнагазначных) - трохзначныя: як адзін, як мага, як на далоні, як снег на галаву, памінай як звалі.

Так, памінай як звалі абазначае: 1) загінуў, перастаў існаваць: Хадземце. Яшчэ раптам шалёны снарад адкуль-небудзь прыляціць - і памінай як звалі (М. Парахневіч); 2) знік, уцёк, дзе-небудзь схаваўся: З рук выслізнула рыбіна і затрапятала, заскакала па пяску. Вось-вось даскача да вады і тады памінай як звалі (Р. Сабаленка); 3) зусім страчаны, згублены: Я хваць за талакно! Памінай як звалі! І ў маю кішэню яны (жулікі) заглядалі (В. Дунін-Марцінкевіч).

Зрашчэнне як адзін абазначае: 1) без выключэння, поўнасцю; абсалютна (усе): Кажуць, што добра нам, калі ў брыгадзе ўсе як адзін спрактыкаваныя (У. Карпаў); 2) дружна, аднадушна (рабіць што-небудзь): Можна ўправіцца і з уланамі, калі станем як адзін (П. Галавач); 3) зусім аднолькавыя і добрыя ў якіх-небудзь адносінах: Бывала, Гняцецкі калі прыедзе на чацвёрцы да касцёла, дык усё мястэчка як на дзіва глядзіць: як адзін, сівыя ў яблыкі, аж мяняюцца (К. Крапіва). Выраз узнік, відаць, у выніку скарачэння фразеалагізма як адзін чалавек , які і цяпер ужываецца ў мове, але толькі пасля слова ўсе і са сваім адзіным значэннем 'без выключэння, поўнасцю; абсалютна (усе)': Партызан убачылі праз цьмяныя акенцы вучні, і ўсе як адзін чалавек сыпанулі на двор (А. Карпюк). Два іншыя значэнні, уласцівыя выразу як адзін , развіліся ў ім самастойна.

Уласна беларускае зрашчэнне як мага ўжываецца са значэннямі: 1) вельмі хутка, імкліва (бегчы, спяшацца, уцякаць і пад.): Забылі (дзеці) усё на свеце і як мага бягуць, смяюцца, аж іх валосікі трасуцца (Я. Колас); 2) у найвышэйшай ступені (рабіць што-небудзь): Стараліся ўвесь мінулы месяц як мага (К. Чорны); 3) наколькі магчыма, па магчымасці (хутчэй, больш, менш, далей і пад.): Трэба было навучыцца як мага болей пратрымацца пад вадой (Я. Маўр). Кампанент мага , неўжывальны па-за межамі гэтага фразеалагізма, з'яўляецца ўтварэннем ад дзеяслова магчы . Гэта - перажытачная форма кароткага дзеепрыметніка незалежнага стану цяперашняга часу ў назоўным склоне мужчынскага роду адзіночнага ліку.

Астатнія выразы (41) - двухзначныя. Найчасцей абодва значэнні - прыслоўна-акалічнасныя: як апараны <кіпнем>, як вокам згледзець, як двойчы два, як з ружжа, як з рэшата, як міленькі, як мокрае гарыць, як па нотах, як па пісаным, як свечка, як скурат на агні, як у бога за пазухай і інш. Сцісла - пра паходжанне некаторых з іх.

Агульны для ўсходне-славянскіх моў выраз як перст ужываецца пры слове адзін (адна, адно) са значэннямі: 1) зусім (адзін), без сям'і: Як перст ён (Мікіта) адзін, небарака… (Я. Колас); 2) у поўнай адзіноце: Зараз зіма, холадна, яна адна ў пустой няпаленай кватэры. Адна як перст (А. Наварыч). Выраз узнік з параўнальнага звароту, дзе перст - устарэлая назва вялікага пальца рукі, які стаіць асабняком ад іншых чатырох пальцаў адкрытай далоні, што і стала падставай для параўнання.

Яшчэ адзін зварот з гэтай падгрупы - як гарох пры дарозе . Ён агульны для беларускай мовы, украінскай ( мов горох при дорозі ) і польскай ( jak groch przy drodze ). Яго першае значэнне - 'ненадзейна, трывожна, неспакойна': Людзі жылі як гарох пры дарозе, людзі жылі ў штодзённай трывозе (У. Дубоўка). Другое значэнне - 'адзінока і без догляду (расці, заставацца, жыць і пад.)': Сам Радзівон жыве як гарох пры дарозе (К. Чорны). Этымалогія фразеалагізма становіцца зразумелай, калі прыгадаць яго больш поўную, нескарочаную форму - прыказку, якая ўжываецца і цяпер: Жыву, як гарох пры дарозе: хто ідзе, той скубе .

У другую падгрупу двухзначных выразаў уваходзяць такія, якія ў адным значэнні выступаюць у ролі акалічнасці, а ў другім - у ролі выказніка: як гром з яснага неба, як дунай, як рыба ў вадзе, як сонная муха, як у тумане, як цень і г.д. Да гэтай падгрупы належаць і выразы як іерыхонская труба, як у аптэцы . Іх этымалогія наступная.

Першы з іх склаўся на аснове фразеалагізма іерыхонская труба - паўкалькі з французскай мовы: trompette de Jеricho - і развіў у сабе іншыя, чым у гэтым выразе, значэнні, а менавіта: 1) вельмі гучна, моцна (грымець, крычаць і пад.): Паветрадуў грыміць як іерыхонская труба. Глушыць людзей (В. Макарэвіч); 2) вельмі гучны, моцны, прарэзлівы (голас): Ну, брат Лукаш, і голас жа ў цябе: як труба ерыхонская! (Я. Колас). Выток жа фразеалагізма - біблейскі тэкст (Ісус Навіна, 6). Ізраільцяне, вызваліўшыся з егіпецкага палону, накіраваліся ў Палесціну і па дарозе асадзілі горад Іерыхон. Сцены горада былі вельмі моцныя, і здавалася: іх немагчыма разбурыць. Але па волі Божай, калі свяшчэннікі затрубілі ў трубы, а ўвесь народ усклікнуў гучным голасам, сцены абваліліся, і горад быў узяты.

Другі фразеалагізм з гэтай падгрупы - як у аптэцы - узнік з параўнальнага звароту, звязанага з даўнейшым надта дакладным узважваннем у аптэцы састаўных частак лякарства. Першае значэнне фразеалагізма - 'вельмі дакладна', а другое - 'вельмі дакладны': Не, тут як у аптэцы, на сорак сем капеек і ні паўгроша болей (М. Лынькоў); - Я разлічыў: без чвэрці шэсць устаноўка будзе спынена. - Разлік дакладны? - Як у аптэцы (Л. Нейфах).

З фразеалагізмаў іншых падгруп (яны колькасна нешматлікія) спынімся толькі на адным: як на дзяды . Гэты ўласна беларускі выраз у першым значэнні выступае ў ролі акалічнасці: 'выдатна, уволю (наесціся, пад'есці)', а ў другім - з'яўляецца галоўным членам безасабовага сказа, абазначаючы 'вельмі многа чаго-небудзь (пра яду)'. Прыклады: - Ну як, таварыш Бадыль, накармілі вас? - Дзякую. Наеўся як на дзяды (К. Крапіва); Хоць любіў Сцёпка, каб яды было як на дзяды, але хацелася, каб работы было, як у нядзельку (Ядвігін Ш.). Дзяды - старадаўняе памінанне нябожчыкаў, а таксама дзень, калі адбываўся гэты абрад. На дзяды гатавалася семдзесяць страў (куцця, бліны, клёцкі, яечня, мяса і інш.). Пасля малення гаспадар выходзіў з хаты і заклікаў на вячэру "дзядоў" - нябожчыкаў. Сям'я ела з перапынкамі, кладучы час ад часу лыжкі на стол, каб імі сімвалічна маглі пакарыстацца "дзяды". На іх долю яшчэ адлівалі і адкладвалі ад кожнай стравы ў асобны посуд. Пасля вячэры не прыбіралі са стала: пакідалі нібыта для нябожчыкаў. Як на дзяды - водгалас памінальнага абраду.

Іван Лепешаў.


Гарадзенскія камунальнікі адмаўляюцца выдаваць афіцыйныя дакументы на беларускай мове, але пішуць пра гэта па-беларуску

Пра гэта рэдакцыі сайта charter97.org паведаміла чытачка з Гародні.

Гарадское ўнітарнае камунальнае вытворчае прадпрыемства "Гроднаводаканал" адмовіла ёй у выдачы абаненцкай кніжкі да дамовы пра ўсталёўку лічыльнікаў вады на беларускай мове, спаслаўшыся на тое, што гэтыя кніжкі выдаюцца "для лепшага разумення пытанняў пра паслугі" , бо іх выдача не абавязковая ў рамках нарматыўна-прававых дакументаў краіны, "кніжка складзена на рускай мове, зразумелай для насельніцтва Рэспублікі Беларусь" .

- Я склала дамову з "Гроднаводаканалам" на ўсталёўку лічыльнікаў вады 7 ліпеня 2014 года. Дамову склалі на рускай мове і на бланку ўзору 2013 года. Я напісала заяву пра тое, што жадаю мець дакументы па-беларуску і дамову з узорам бланка за 2014 год. Калі я атрымала адказ, то зразумела, што юрыдычна на беларускую версію гэтых дакументаў я не маю права, хоць беларуская мова з'яўляецца дзяржаўнай. Насамрэч, я не маю на яе ніякіх правоў: я не магу плаціць падаткі, выкарыстоўваючы бланкі на беларускай, не магу плаціць за кватэру, атрымліваць любыя іншыя дакументы, не магу купляць тавары беларускай вытворчасці з цэтлікамі і апісаннем прадукта па-беларуску, не магу глядзець беларускае тэлебачанне па-беларуску, толькі 10-хвілінныя рэгіянальныя навіны, няма мастацкіх і дакументальных фільмаў з беларускай агучкай, і не магу выкарыстоўваць паўнавартасна беларускую мову ва ўжытку, таму што рускія ў Беларусі адразу завуць мяне нацыяналісткай, бандэрайкай, бээнэфаўкай, полькай і гэтак далей. Што мне рабіць? Судзіцца з водаканалам ці дзяржавай? Але выкарыстоўваць беларускую мову я ніколі не перастану не гледзячы на яе сакрэтную забарону ў нашай краіне, - кажа чытачка.

Хартыя - 97.


Умежах кампаніі "Будзьма!"

аднаўляецца гістарычныя школа "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым

Першая сустрэча - 1 верасня (панядзелак) 18.30.

У праграме:

- шчырая размова пра актуальныя пытанні гісторыі і сучаснасці;

- дэманстрацыя гістарычных фільмаў.

Уваход вольны.


"Згоды для вашай гасподы":

беларускамоўныя вяселлі робяцца папулярнымі

Беларуская вясельная традыцыя, закладзеная пакаленнямі, перажывае рэінкарнацыю ў сучасных гарадах.

Гэтым летам беларускамоўных вяселляў у Менску шмат, як ніколі - сведчыць Свабодзе Юры Неплах-Шыпіла, гісторык паводле адукацыі, а паводле віду дзейнасці - тамада, сцэнарыст, час ад часу каскадзёр. Ужо сем гадоў ён займаецца тэматычнымі, у тым ліку беларускамоўнымі, вяселлямі.

- Адзін раз я нават паспрабаваў кіроўцам маршрутнага таксі - цікава асвойваць нешта новае. Быў і будаўніком-чорнарабочым, - расказвае Юры, светлавалосы мужчына сярэдняга веку. - Ніколі не думаў, што гэтым буду займацца - у дзяцінстве быў вельмі сціплы і сарамлівы.

Але жыццё штурхала да гэтага, і цяпер ад 6 да 15 разоў на месяц даводзіцца нешта праводзіць: вяселлі, карпаратывы, дні народзінаў і тэматычныя вечары. А пачыналася са звычайных вяселляў: трэба былі грошы, і іх можна было зарабіць менавіта так.

Па кавалачках складаўся досвед, як правесці вяселле на беларускай мове, традыцыйнае са сваёй абрадавасцю, рыцарскае, шляхецкае - якіх толькі не было.

Звычайных вяселляў цяпер меншасць, у асноўным неардынарныя - рок-н-рольнае, гангстэрскае, вяселле лясных жыхароў.

- Як прыдумалася беларускае вяселле?

- Не яно прыдумалася, а з'яўляліся тыя, каму гэта трэба. Цяпер адчуваю, што такіх вядоўцаў ужо багата - толькі я ведаю чатырох-пяцёх, якія могуць зрабіць шыкоўнае беларускамоўнае свята.

- Чаго не стае звычайным застольным вяселлям?

- Весялосці. Людзям заўсёды хочацца павесяліцца, а шмат якім вяселлям не стае душэўнасці.

- Чым беларускія вяселлі адрозніваюцца ад іншых?

- Іх абіраюць людзі, якія ўжо да нечага саспелі і па жыцці думаюць. Яны альбо самі карыстаюцца беларускай мовай, альбо ім гэта цікава. Ёсць адсотак тых, каму трэба нейкая разыначка, што б адрознівала іхняе вяселле ад іншых.

Там практычна не будзе гучаць "О боже, какой мужчина!" і "Ах, какая женщина!" За гады ў мяне назбіралася каля двух дзясяткаў каларытных беларускіх тостаў, віншаванняў - змястоўных, ёмістых, просценькіх і душэўных. І самае цікавае: калі іх перакладаць на расейскую мову, гэта ўжо зусім не тое: "Згоды для вашай гасподы!", "Будзьце здаровенькія, як грыбочкі баровенькія!" ці "Каб у вас было столькі дачушак, колькі ў доме падушак!", "Каб у вас было столькі сыноў, колькі ў вашым доме вуглоў!".

- Што ёсць на беларускамоўным вяселлі такое, чаго няма на звычайным?

- Там гучыць, у маім разуменні, больш класнай музыкі: больш рок-н-ролу, будзе месца блюзу і джазу, па мінімуме расейскай папсы, вельмі шмат беларускай музыкі ("Ляпісы", "Крамбамбуля", "Крама", "Стары Ольса").

Часта беларускамоўныя вяселлі - сярэднявечныя, а гэта ўжо рыцарская праграма, сярэднявечныя забавы і танцы. Там людзі выпіваюць, адрываюцца, але не падаюць мордай у салату. Чаму? Таму што гэта людзі, якія саспелі...

...Бывае, даводзіцца праводзіць вяселлі і на раёнах, і ў кожнай мясцовасці ёсць свае адметнасці. Калі загадзя не пагаворыш, як павінны праходзіць абрады, скажуць: "А ты, тамада, не так робіш, таму што дрэнны тамада!" З аднаго боку, цяжка, а з другога - мне падабаецца, бо можна дадаць народнага.

- Чаму такія адметнасці не зніклі пад штампамі звычайнага вяселля?

- Таму што народная культура - жывучая, яна праіснавала стагоддзямі. Сёння шмат чаго страчана, але яна жывучая, хоць у наш век і вельмі моцна разбураецца, калі людзі масава пераязджаюць з вёскі ў горад.

- Як быць, калі маладыя захацелі беларускага вяселля, але ёсць процьма сваякоў, якія не ў тэме?

- Такое здараецца. Бывае, баяцца, як яно будзе, але ўсё праходзіць нармальна. Госці з Расеі, не кажучы ўжо пра ўкраінцаў, успрымаюць на ўра .

Як ні дзіўна, найчасцей баяцца, што хтосьці не зразумее, менавіта беларусы. А расейцы ўспрымаюць гэта як класную, каларытную дзею.

- Але не разумеюць беларускай?

- На 85-90 адсоткаў яны разумеюць мову, за выняткам асобных словаў - гэта я перадаю выказванні расіянаў.

Я праводжу карпаратывы з расейскімі і беларускімі групамі, і "говорите, пожалуйста, по-русски, мы не понимаем" найчасцей кажуць свае, мясцовыя, а не людзі з Падмаскоўя. Ня раз расейцы самі прасілі, каб было на мове, і дзякавалі за гэта.

- Ці патрабуюць беларускамоўныя вяселлі дадатковых выдаткаў часу, сілаў ці грошай?

- У кожнага па-свойму. Я на беларускамоўнае вяселле раблю зніжку ад 50 да 100 даляраў.

- Ты кажаш, апошнім часам такія вяселлі - гэта трэнд?

- Тэндэнцыя ўжо гады два. Год 4-5 таму гэта былі рэдкія выпадкі, апошнія два гады зрабілася ўсё больш, а гэты год - вельмі шмат.

- А аўдыторыя змянілася, ад якой паходзіць попыт?

- Ды не. Гэта людзі маладыя, з добрай адукацыяй. Так адбылося, што, не гледзячы на дзяржаўную палітыку, сярод моладзі папулярнасьць беларускай мовы і культуры пашыраецца. Але, можа, я аптыміст.

Для параўнання: у канцы 80-х - пачатку 90-х людзі, якія размаўлялі на беларускай, адзін аднаго ведалі па ўсёй краіне. Цяпер мне неверагодна прыемна, калі іду па горадзе, чую беларускую мову і не ведаю гэтых людзей.

- Не кажуць, што вы з БНФ?

- Калі ты размаўляў на беларускай гадоў 10 таму - казалі, а цяпер - не. У транспарце, калі адказваў на тэлефон, былі і погляды, і пару момантаў, калі даводзілася адстойваць сваю пазіцыю. Цяпер я сустракаю больш станоўчых поглядаў. І, вяртаючыся да пытання: цяпер пасля вяселля дзякуюць менавіта за мову.

Радыё Свабода.


Віншуем сяброў ТБМ,

якія нарадзіліся ў верасні

Анацка Лявон Яўгенавіч Анісім Алена Мікалаеўна Анішчанка М.І. Арэх Мікалай Уладзіміравіч Асіпенка Аляксандр Георгіев. Барысенка Аляксандр Анат. Барэйка Юры Мікалаевіч Батура Людміла Віктараўна Багдановіч Алена Іванаўна Крот Кацярына Міхайлаўна Барада Людміла Баран Павел Баршчун Валянціна Дзмітр. Баршчэўская Алеся Баярэвіч Ксенія Аляксандр. Белакоз Алесь Бізгень Людміла Бондар Юлія Сяргееўна Бубновіч Ніна Булатава Зоя Міхайлаўна Булаўская Марына Булыга Анастасія Ваніслаўчык Дзмітры Варановіч Крысціна Васілеўскі Валянцін Васільева Галіна Іванаўна Васілючак Міхаіл Вікенцевіч Вінакурава Кацярына Войніч Вікторыя Іосіфаўна Вочка Ірына Пятроўна Высоцкая Тацяна Валянцін. Вяргей Валянціна Габрусевіч Сяргей Гадзюка Юрась Аляксандр. Гайдучэнка Алег Сяргеевіч Галубовіч Зміцер Галянкова Альбіна Валер'еўна Гідлеўская Людміла Гілевіч Ніл Сымонавіч Грыб Мечыслаў Іванавіч Грынько Вольга Ігараўна Гуркоў Алесь Уладзіміравіч Данілюк Алег Іванавіч Даўгашэй Франц Дземідовіч Андрэй Дземянцей Наталля Ермал. Дзмітрыева Зося Дзягілеў Лявон Дзям'яненка Ванда Баляслав. Дранец Алена Дробыш Алёна Сяргееўна Дрык Юлія Дубоўская Кацярына Дуганаў Алег Міхайлавіч Дэц Аксана Аляксандраўна Еўстратоўскі Уладзімір Парф. Ехілеўская Кацярына Леанід. Жолудзеў Анатоль Пятровіч Жук Мікалай Мікалаевіч Жукоўскі Барыс Жышкевіч Людміла Зайка Антаніна Іванаўна Занкевіч Зміцер Сяргеевіч Збірэнка Алена Зяновіч Ганна Аляксандраўна Іванова Вольга Аляксандраўна Панкрат Пётр Аляксеевіч Ісаевіч Наталля Анатольеўна Ісенава Марыя Ісмаілава Тамара Якаўлеўна Казак Мікалай Мікалаевіч Казлоўская Іна Іосіфаўна Каладынская Вольга Эдвард. Калбасіна Ірына Канановіч Алена Кандраценка Артур Сяргеевіч Кануннікаў Дзмітры Сяргеевіч Карпека Андрэй Валер'евіч Карповіч Сямён Іванавіч Карценька Алена Карэнька Зінаіда Іванаўна Кашчэеў Алесь Квандзель Тацяна Уладзімір. Кіенка Генадзь Колас Уладзімір Георгіевіч Корбут Віктар Андрэевіч Котчанка Уладзімір Коўзель Ян Уладзіміравіч Кошчанка Уладзімір Аляксан. Краснагір Аляксей Рыгоравіч Краўцоў Андрэй Краўчанка Ала Круглік Юлія Віктараўна Кузьміна Галіна Кузьміч Вольга Аляксандр. Купчык Мікола Курдзя Антаніна Юр'еўна Курдо Антон Васільевіч Лагун Тацяна Лазко Любоў Іванаўна Лапухова Часлава Чаславаўна Лапцік Валянціна Лісай Уладзімір Аляксеевіч Літвін Уладзімір Ліхашэрст Макар Васільевіч Ліцвінчук Алена Лужкоўская Юлія Юр'еўна Лукашэнка Любоў Яўгенаўна Лунёва Настасся Лызо Дмітры Сяргеевіч Ляшкевіч Сяргей Іосіфавіч Малочка Тацяна Маляўка Андрэй Фёдаравіч Мандрык Канстанцін Алякс. Марзалюк Ігар Аляксандравіч Маркелаў Валер Анатольевіч Марозаў Валеры Марук Мікалай Анатольевіч Марцінкевіч Ганна Масла Марыя Мацкевіч Васіль Васільевіч Мацулёў Мікалай Пракопавіч Мельнікава Зоя Пятроўна Мельнікаў Мікалай Аляксеев. Міхайлоўская Вікторыя Люд. Міхалькова Алена Мудрова Тацяна Мудроў Вінцэсь Леанідавіч Мурашка Надзея Мусік Святлана Валянцінаўна Навумік Зінаіда Новік Дзіяна Новік Марыя Іванаўна Пабірушка Тацяна Валер. Паўлініч Ліза Паўловіч Наталля Юр'еўна Паўлоўская Марыя Ігараўна Пацялежка Андрэй Петрыкевіч Валеры Міхайл Піваварчык Ірына Вайцехаўна. Пінчук Мікалай Фёдаравіч Піткевіч Алесь Прасольная Вольга Анатол. Пранікава Тамара Прыстаўка Яніна Ігараўна Птушка Алена Міхайлаўна Пузанкевіч Вікенці Пянкрат Пётр Аляксеевіч Пяткевіч Тамара Сымонаўна Пятроў Дзяніс Валер'евіч Рабкоўскі Валянцін Разжалавец Ніна Рамашэўскі Барыс Іванавіч Савостава Наталля Юр'еўна Салавей Лія Мацвееўна Саламевіч Кацярына Аляксан. Салдатава Аліса Сяргееўна Сарока Надзея Свяколкін Антон Віктаравіч Сенчанка Наталля Сідар Павел Сідарчук Яўгенія Сідарэвіч Сяргей Паўлавіч Сметаненка Аляксандр Смольнік Вольга Георгіеўна Содаль Уладзімір Ілліч Станілевіч Б.А. Станкевіч Вячка Суднік Алена Вячаславаўна Суднік Арцём Станіслававіч Сусла Мікалай Валянцінавіч Сухаверхая Кацярына Мінаўна Сцяжко Канстанцін Ігаравіч Сяльверстава Святлана Яўг. Тарасевіч Пётр Пятровіч Ткачоў Максім Трапашка Аляксей Усеня Уладзімір Мікалаевіч Усцімчук Мікалай Мікалаевіч Фёдарава Ірына Пятроўна Флярко Сяргей Аляксандравіч Хляба Ігар Вітальевіч Цімохаў Сяргей Цыбулька Аляксандр Георг. Чаркасаў Л.І. Чэчат Лілія Пятроўна Шпірыч Раіса Сяргееўна Штанюк Наталля Аляксандр. Шульчанка Вольга Анатол. Шэметава Вікторыя Якавец Т. Я. Янкоў Дзмітры Ўладзіслав. Ярмушчык Антаніна Яфрэмаў Алег Анатольевіч Яшкін Уладзімір Уладзіміравіч


Стралец спарадзіў "Стральца"

(пра першую кнігу Віктара Пінігіна)

Віктар Андрэевіч Пінігін прыйшоў на белы свет 28 лістапада 1955 г. у раённым цэнтры Лунінец пад сузор'ем Стральца. У гэтым горадзе ён і цяпер жыве.

Завяршыўшы адукацыю ў сярэдняй школе № 2, ён падаўся ў Бярозу ў ПТВ - 109, якое скончыў на выдатна і пайшоў працаваць мулярам (будаўнічым рабочым) у ПМК - 47. З 1975 года ён працуе ў бюро тэхнічнай інвентарызацыі, дзе спачатку рабіў рабочым-абмершчыкам, а зараз працуе інжынерам. Ён мае вялікі давер у сваім калектыве і болей за 20 гадоў абіраецца старшынём прафкама. У 1986 г. прымаў дзейсны ўдзел у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскага ліха на Гомельшчыне ў Нараўлянскім раёне. Пра той час яго сведчанне ў вершы "Знак бяды":

Кідалі ўсё, увозілі дзетак і самі ад'язджалі,

Ніхто не ведаў, ратавацца чым і як тады.

А з неба сыпаўся радыяцыйны попел,

Паўстаў ізноў над Белай Руссю знак бяды.

Мне неаднаразоваму вандроўніку і госцю Лунінца немагчыма было не заўважыць Віктара Андрэевіча Пінігіна на тамтэйшых розных літаратурных і краязнаўчых імпрэзах, як і ў Ганцавічах на Дні беларускай пісьменнасці, бо Беларускае Слова - гэта аснова яго жыцця!

На днях я проста так прыехаў у Лунінец, каб павітаць супрацоўнікаў краязнаўчага музея з яго юбілеем, каб яшчэ болей набрацца красы і сілы горада, ды яшчэ выканаць просьбу баранавіцкіх паэтэсы Галіны Ліс і барда Сяргея Карповіча, каб зайшоў і перадаў нізкі паклон і іхняе захапленне творчасцю Віктара Пінігіна.

Зайшоў і адразу ж патрапіў у гасціннае энергетычнае кола жонкі пэата, маленькага ўнука Стасіка, яго маці. Хутка падышоў і сам творца. Радасна сям'я Пінігіна ўспрыняла мае асабістыя падарункі - беларускія кнігі, а Стасік адразу ж запатрабаваў, каб яму пачалі чытаць яго падарунак.

Пасля смачнага абеду атрымаў для сябе і баранавіцкіх творцаў Галіны Ліс, Сяргея Карповіча выдадзеныя Віктарам Пінігіным кнігі лірыкі "Стралец" з аўтографамі аўтара. Яны былі аддрукаваны ў Лунінцы ў 2013 г. , у іх 64 старонкі, тыраж зусім невялічкі - некалькі дзесяткаў асобнікаў. Як аказваецца, гэта першая кніга і першая ўдача Віктара Пінігіна.

Першыя свае творы Віктара Андрэевіч прынёс у 2005 г. у сваю "раёнку" "Лунінецкія навіны", а потым яго творы былі заўважаны ў "Белорусской военной газете" (былая "Во славу Родіны", у ёй у ліпені 1969 г быў апублікаваны і мой першы матэрыял), у недзяржаўным выданні "Інформ-прогулка" .

Як і ва ўсіх сапраўдных творацаў, так і ў Пінігіна, успаміны цягнуць у малечыя гады:

Прыпяць! Рэчка мілая дзяцінства,

Колькі часу з той пары прайшло,

Як малы, русагаловы хлопчык

У твае хвалі першы раз увайшоў.


Пасталеў і плаваць навучыўся,

І ў жыццё вялікае пайшоў.

Але і ў радасці, і ў горы

Да цябе прыходзіў зноў і зноў.

("Рака дзяцінства").

Што і гаварыць, Чарнобыль з Украіны зрабіў для Беларусі найвялікшую шкоду на ўсёй нашай планеце, і ў сваім "Знаку бяды" паэт заклікае:

Магутны Божа, літасці малю для Беларусі.

Не дай пакут нам болей,

хай на ёй жыццё цвіце...

А на Міцінскіх могілках, над абеліскамі герояў,

Як напалін для нас, жывых,

грыб атамны расце...

Пра гэтае ж усепланетарнае зладзейства і наступны верш "Нараўлянская яблыня":

У Данілеўцы, мабыць, ці ў Ліхаўні,

Дзе бываць давялося калісьці,

Бачыў я каля хаты пакінутай,

Яблыню ў квецені з верхам без лісця.


Не гулі заклапочана пчолы,

Не было птушак чуць мітусні,

Назаўжды толькі болем гукнуўся

У сэрцы жудасны крык цышыні.

Пачуццё прыгажосці, здаецца. у сэрцы кожнага беларуса, зберагчы яе - гэта павінна быць аснова жыцця і дзейнасці нашага народа! І пра гэта верш "Кветка лілеі" паэта з Лунінца:

Доўга-доўга стаяў я ля возера,

Зорка зблытала думкі мае.

Захацелася скрасці лілею,

І прынесці да дому яе.


Працягнуў ужо руку да кветкі -

Зразумеў, што не ў сілах сарваць -

Між пялёстак расінкі ўбачыў,

Што, як слёзкі, на вочках блішчаць.


Не ўзнялася рука на цуда,

Зорка-кветка павінна жыць!

Так рашыўшы пайшоў ад возера,

Буду ў сэрцы твой вобраз насіць...

У сваім вершы "Прызнанне" паэт Віктар Пінігін" у кнізе "Стралец" запаветна гаворыць пра сваю Бацькаўшчыну.

Табе паэты вершы прысвячалі...

Да іх сягоння далучаюся і я.

"Мой родны кут". - кажу, -

"Як ты мне мілы!".

Благаславенная палеская зямля.


Усё тут сэрцу блізка і знаёма,

У спелым жыце просінь-васількі,

І белы бусел у высокім небе,

Над срэбрам хваляў Прыпяці-ракі.

Неверагодна добрае, цёплае, узвышанае ў мяне атрымалася ўражанне ад кнігі "Стралец", якую апублікаваў чалавек паэтычнага крыла Віктар Пінігін, народжаны пад сузор'ем Стральца.

Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.


Зорка першай велічыні

У Музеі музыкальнай і тэатральнай культуры адбылося адкрыццё выставы прысвечанай 100-годдзю Тацяны Міхайлаўны Каламійцавай (2.8.1914-28.3.1994).

Беларускі дырыжор. Нарадзілася ў г. Санкт-Пецярбургу. Скончыла Адэскую кансерваторыю (1936, клас І. Прыбіка) У 1937-39 гг. дырыжор - асістэнт Дзяржаўнага сімфанічнага аркестра СССР. У 1911-43 - педагог Паўночна-Асецінскай опернай студыі пры Маскоўскай кансерваторыі. У 1944-46 і 1952-1993 гг. - дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, у 1936-1952 гг. - сімфанічнага аркестра Беларускай філармоніі. Выканальніцкую манеру Каламійцавай вызначалі высокая прафесійная культура, вялікая экспрэсія і тэмперамент. Садзейнічала значнаму ўзбагачэнню беларускага оперна-балетнага рэпертуару: упершыню на савецкай сцэне паставіла оперу "Арэстэя" С. Танеева (1963). Музычны кіраўнік "Аповесці пра каханне" (1953) і "Палымяных сэрцаў" (1955) В. Залатарова, "Падстаўной нявесты" (1958) Г. Вагнера, "Альпійскай балады" (1967), "Выбранніцы" (1969) і "Тыля Ўленшпігеля" (1974) Я. Глебава.

Сярод іншых значных спектакляў, у якіх дырыжыравала Таццяна Міхайлаўна: "Фаўст" Ш. Гуно (1950), "Маладая гвардыя" Ю. Мейтуса (1954), "Яўген Анегін" (1943). "Пікавая дама" (1960 і 1972) і "Лебядзінае возера" (1967) П. Чайкоўскага, "Фра-Д'ябала" Ф. Абэра (1955), "Марная засцярога" П. Гертэля (1959), "Сцежкаю грому" К. Караева (1960), "Кето і Катэ" В. Далідзэ (1962), "Заручыны ў манастыры (1962) і "Папялушка (1965) С. Пракоф'ева, "Рафаэль" А. Арэнскага (1963), "Трубадур" Дж. Вердзі (1964), "Любоўны напой" Г. Даніцэці (1965), "Пер Гюнт" на музыку Э. Грыга (1966), "Багема" Дж. Пучыні (1968), "Лаэгрын" Р. Вагнера (1977), "Казкі Гофмана" Ж. Афенбаха (1983).

У 1964 годзе дырыжор стала народнай артысткай Беларусі. На выставе прадстаўлены фотаздымкі, дакументы і асабістыя рэчы Тацяны Міхайлаўны Каламійцавай.

Спадзяюся, што выстава зацікавіць творчую інтэлігенцыю і студэнтаў кансерваторыі.

Аляксей Шалахоўскі.


Нядзельная пропаведзь на АНТ па-беларуску

Ужо пэўны час "Нядзельная пропаведзь" на АНТ гучыць на беларускай мове.

24 жніўня пропаведзь па-беларуску чытаў знакавы для Беларусі святар протаіерэй Фёдар Поўны.

Вось адказ, трэба думаць, мітрапаліта Паўла на тыя нападкі, якія пасыпаліся былі на яго адразу пасля прызначэння ў Беларусь.

Беларуская Праваслаўная царква паварочваецца да беларускасці, магчыма не так хутка, як хацелася б, але, па ўсім відаць, дабраславенне мітрапаліта на гэта ёсць.

Наш кар. Архіўнае фота.


Паліна Рэспубліка: "Беларуская мова жыве ў гэтай зямлі"

Маладая менская спявачка Паліна Рэспубліка пабывала ў Гародні. Спачатку хадзіла па вуліцах з фотаапаратам як турыстка, затым выступіла з канцэртам у невялікім дворыку ў Старым горадзе каля арт-галерэі "Крыга". Выступ адбыўся ў рамках кампаніі "Будзьма".

Спявачка расказала Радыё Свабода пра стаўленне да Гародні, цікавасць да Варшавы і любоў да беларускай мовы.

Гарадзенскі дух

- Я думаю, Горадня - такі горад, які для кожнага больш-менш свядомага беларуса з'яўляецца такой старонкай, якую кожны хоча адкрыць і штосьці сваё асаблівае тут знайсьці, - кажа Паліна. Яна апавядае сваю "чароўную гісторыю", звязаную з Гародняй. Аднойчы яна ездзіла на канцэрт у Беласток, а пятай раніцы ехала ў маршрутцы па Гародні, убачыла світанак і падумала, што ніколі не бачыла яшчэ вечаровага горада, трэба калі-небудзь прыехаць і пахадзіць.

Але пасля Беластока маршрутка спазнілася, апошні цягнік ужо пайшоў на Менск. А грошай беларускіх няма, і не вядома, куды падзецца. І тут гарадзенка, якая таксама вярталася з Беластока, прапанавала ў яе пераначаваць і пакарміла. Усё здавалася вельмі дрэнна, кажа Паліна, але абярнулася так, "што ты бачыш казку і не можаш гэтаму паверыць". Быў яшчэ начны шпацыр. - Горад для мяне адкрыўся і пакінуў у душы самыя прыемныя пачуцці, з-за чаго мне штораз вельмі прыемна сюды вяртацца.

- Жывая гісторыя?

Паліна адказвае хутчэй адмоўна:

- Ёсць такі момант: можа, не толькі ў Гародні, але што да ўсяе беларускай архітэктуры - калі ў нас аднаўляюць, замазваюць атмасферу і, можа, тую гісторыю, смак якой ты хочаш адчуць, каб у цябе ўзніклі нейкія асаблівыя асацыяцыі, і ты адчуў сябе на два-тры стагоддзі раней.

Але ўсё ж пакінулі ўражанні старыя дамы ў спалучэнні са старым брукам, самі гарадзенцы.

- Нам сустрэўся вельмі імпазантны мужчына з сабакам, на фоне старога дома - штосьці я такое адчула асаблівае, - прызнаецца Паліна.

Хоць яна "пакуль не адчула Гародні, не разумее яшчэ ні маштабаў горада, ні яго ўнутранага тэмпу і рытму. Напэўна, таму, што яшчэ не правяла ў горадзе столькі часу, каб адчуць, які ён наагул і твой ён ці не".

Польскі акцэнт

- Польшчу я люблю. Была нядаўна ў Варшаве, і было прыемна адчуць, што не ўспрымаеш яе як далёкае замежжа. І нешта адчуваеш роднае, прыязджаеш, як да сястры. Маё жыццё моцна не звязанае з Польшчай, але мне прыпісваюць польскі акцэнт. Я не ведаю, чаму.

Мне падабаецца польская спявачка Марыя Пешак. Выпадкова пачула яе ў кавярні і зацікавілася ёю, цяпер яна адна з улюбёных.

Спяваць без прымусу

- Я яшчэ не ў такім узросце, каб казаць такія рэчы: людзі, адкрыйце вочы і рабіце вось так. Я яшчэ сама спазнаю толькі гэтае жыццё і часта расчароўваюся. Але што тычыцца творчасці, у мяне ёсць такая ўмова: я буду спяваць, толькі калі мне самой будзе прыемна. Яна, можа, дастаткова эгаістычная, але я веру ў тое, што калі ты атрымліваеш задавальненне, у цябе ёсць унутраная моц ці хваля, якой ты можаш накрыць свайго слухача і несці такое, што ты можаш падарыць людзям, штосьці пазітыўнае, - тады спяваць можна. А калі не хочацца спяваць, то не трэба.

Беларуская мова

- Як мне падаецца, беларуская мова, яна жыве ў гэтай зямлі. Я пачала размаўляць таму, што аднойчы яе адчула і зразумела, што я хачу казаць, бо гэта прыгожа, штосьці адлюстроўвае з маёй душы - і атрымліваецца лепей, чым калі гэта сказаць на рускай мове. І ёсць адпаведнікі, якія немагчыма знайсці ў рускай мове. Калі я разумею, што праз творчасць я магу данесці людзям прыгажосць гэтай мовы, і мне кажуць не толькі беларусы пра тое, якая ў нас прыгожая мова, але людзі з Расеі, з Украіны, то, безумоўна, я крыху адчуваю, што нейкую звышмэту я выконваю.

Радыё Свабода.


Памёр дэпутат Апазіцыі БНФ Барыс Гюнтэр

У Менску ва ўзросце 70 гадоў памёр дэпутат Апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га склікання Барыс Гюнтэр.

Барыс Гюнтэр нарадзіўся 2 верасня 1943 года. У Вярхоўны Савет 12-га склікання быў абраны ад Гомельскай-Сельмашаўскай акругі. З першага дня ўтварэння Апазіцыі БНФ быў яе актыўным сябрам. Быў сябрам Ценевага Кабінета Апазіцыі БНФ.

Быў сакратаром Камісіі ВС у пытаннях працы, цэнаў, занятасці і сацыяльнай абароны насельніцтва. Уваходзіў у склад Часовай камісіі ВС па ацэнцы дзейнасці службовых асобаў у сувязі з ліквідацыяй наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У студзені 1991 года ў складзе дэлегацыі Апазіцыі БНФ быў у Вільні, калі туды былі ўведзеныя савецкія войскі з мэтай задушыць імкненне літоўцаў да незалежнасці. Узнагароджаны медалём Літоўскай Рэспублікі "Памяці 13 студзеня".

Барыс Гюнтэр быў адным з аўтараў пакету дакументаў, якія ляглі ў падмурак прынятых 25 жніўня 1991 года рашэнняў аб абвяшчэнні незалежнасці Беларусі.

Удзельнік галадоўкі дэпутатаў 11-12 красавіка 1995 году ў Авальнай зале, абвешчанай на знак пратэсту супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэферэндуму аб ліквідацыі статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, ліквідацыі статусу дзяржаўных сімвалаў "Пагоні" і бел-чырвона-белага сцяга, эканамічнай інтэграцыі з Расеяй і праве прэзідэнта распускаць парламент.

Пасля сканчэння дэпутацкіх паўнамоцтваў пэўны час працаваў у праваабарончым цэнтры "Вясна".

Выказваем спачуванні родным і блізкі дэпутата Незалежнасці.

Хай будзе не цяжкай яму зямелька незалежнай краіны - Рэспублікі Беларусь.


Прэзентацыя новай кнігі Леаніда Лаўрэша ў Лідзе

20 жніўня ў Лідзе, у Доміку Таўлая на паседжанні літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры "Лідскай газеце" адбылася прэзентацыя новай кнігі Леаніда Лаўрэша "Вандалін Шукевіч", якая выйшла ў серыі "100 выдатных дзеячаў", запачаткаванай А. Тарасам.

Як паведаміў Леанід Лаўрэш, гэта недзе 16-я кніга серыі, і ўсім лідзянам вельмі прыемна, што адным з герояў серыі стаў наш зямляк, археолаг Вандалін Шукевіч, які хлопчыкам яшчэ мог бачыць вялікага Тодара Нарбута, балазе іхнія маёнткі знаходзіліся зусім недалёка.

Прысутны на прэзентацыі Станіслаў Суднік ахарактарызаваў пазіцыю Вандаліна Шукевіча па беларускім пытанні. Вандалін Шукевіч вызнаваў сябе за паляка, станаўленне яго свядомасці праходзіла ў атмасферы барацьбы менавіта рускага і польскага пачаткаў у гэтым краі. Але тонкі розум навукоўца не мог не заўважыць таго "сімпатычнага" беларускага руху, які толькі зараджаўся, тым больш, што стваралі гэты рух многія з яго суседзяў, перш за ўсё Вацлаў Іваноўскі, Алаіза Пашкевіч і інш.

У сувязі з развіццём беларускага руху Вандалін Шукевіч папярэджваў палякаў, што ў іх ёсць два шляхі будавання адносінаў з беларусамі: або яны падтрымаюць беларусаў і займеюць сяброў, або ўсходнія сілы зробяць з беларусаў ворагаў Польшчы. Факт, што палякі ў міжваеннае дваццацігоддзе выбралі другі шлях і толькі пасля 1991 года пачалі адносіцца да беларусаў так, як вучыў В. Шукевіч у 1917 годзе.

Кніга выклікала вялікую цікавасць у прысутных і перш за ўсё ў работнікаў музея, бо кожнае новае выданне, кожная новая публікацыя пра знакамітых лідзян служыць умацаванню краязнаўчай веды на Лідчыне, робіць больш устойлівай прышласць нашага краю, грунтуючы яе на трывалым гістарычным падмурку. І кнігі ды артыкулы Леаніда Лаўрэша займаюць у гэтым працэсе важнае месца.

Яраслаў Грынкевіч.


75-годдзе Валера Санько ў водсветах

У творах Валера Санько - шырыня, глыбіня, філасофскасць і містыка


Калі для нашых прашчураў літаратура ўвасабляла малітву, гісторыю і чарадзейства, то сучасная літаратура (апрача таго) носіць у першую чаргу пазнавальна-інфармацыйны пачатак.

... Прамізна думкі, рэдкая ў многіх літаратараў, якія хаваюць слабасць духу і ляноту пошуку за апісальнасцю і расцягнутасцю, у Валера Санько зводзіцца часам да лабавых фразацэнак. Гэта памагае яму пазбягаць вадалейства. Замест двух-трох старонак паказу аўтар шчасліва абыходзіцца абзацам, адным-двума радкамі ацэнкі, філасофскай ці прадметавай.

Замест зацяганай нуднай апісальнасці - дынамізм, іскрыстая філасафічнасць і ... рэлігійнасць. З усіх ягоных вялікіх і малых твораў усяго адзін герой свядома адмаўляў Бога, і той скончыў лёс на воўчых іклах ("Воўка ты знойдзеш на сваю шыю").

... Чым падкупляе сапраўдная літаратура, якая б каструбаватая і грубая не была? Праўдзівасцю. Яна проста вымагае праўды сюжэту, асобнага канфлікту, сітуацыі. He падробкі пад праўду, выдумкі, адзінае апраўданне якіх - так магло быць, - а сапраўднай праўды.

У В. Санько гэта ўсё ёсць. Сюжэтнасць, іскрыстая падзейнасць, глыбокадумная настраёвасць герояў, іх індывідуальная характарыстыка, стылёвая стыхія, стылістычныя сродкі - усё паказвае, што ў літаратуры самабытны аўтар.

Менавіта з-за гэтай самабытнасці ў яго нялёгкі літаратурны лёс. Многія рукапісы адхіляліся. Яго вучылі рэцэнзіямі, заключэннямі. Раілі, "памагалі". А слуцкі ўпарцік не згаджаўся. Амаль ні з чым. Гадамі.

Прыходзіцца толькі здзіўляцца, як у эпоху ўсярэдненасці думкі і стылю, усярэдненасці праблем, рафінаванай аўтарскай смеласці, нясконцай хутчэйшай празе аўтараў да публікавання, - як Валер Санько змог устаяць у адстайванні стылю, манеры, лексічнай рознафарбнасці.

... Зла няма ў вечнасці, у прыродзе. У самаўзнікненні волі злобы таксама не было. Hi ў аднаго, нават адмоўнага героя В. Санько няма неапраўдана гнеўных злых учынкаў. Кожны герой - асоба, кожны ўчынак асобы - жыццёва матываваны.

Адмоўныя героі не мажуцца чорнаю фарбаю, маюць станоўчыя рысы. Усё як у жыцці. Сюжэты жыццёвыя, у іх размах, універсальнасць і праблематычнасць быцця. Барацьба тут не літаратурна-выдуманая, не падобнае, a сапраўднае жыццё.

... Асобныя рэдактары і чытачы звыкліся з шэрасцю, вітаюць тую рэальнасць, якая загнаная ў літаратурныя штампы, схемы можасці. В. Санько ў схемы не ўкладваецца. Любыя. Ён на словах і практыцы адвяргае павярхоўнае слізганне, ілюзіі праблемнасці, падробкі пад праўду. Ён, не збаімся перабольшвання, у гэтым плане - глыба.

... Абавязаны сказаць вось пра што. У XIX стагоддзі, нават у пачатку XX, артадоксы каталіцызму і праваслаўя адкрытым і таемным боем змагаліся з апакрыфічнаю літаратураю. Дзе яны цяпер? Расталі, зніклі. А колькі было шуму, гаму, пены... Так у наш час асобныя рэдактары змагаюцца з дыялектавым словам. Шумяць, абвяргаюць.

Навошта? Бяда не дыялект, а не да месца ўжыты дыялект. Валер Санько за такое "не да месца" папрокаў амаль не заслугоўвае, хаця ў яго плоймы слуцкіх слоўцаў: ашукныя, думкія, напатоленыя, ўдастоліцу, упэцкаль, увокрадзь, будам, брацьмам, саўсім, пойдзя, ціпціпкала, ня, ні, ужэ, ведацьмуць...

Спалучэнні словаў так-сама часта нечаканыя: похмарна-расчулены, падзаплаканы блакітны лёд вачэй, голас перачаўлены, просьбітна-малітоўная мова жанчыны...

Аўтар вусна папрок нібыта прымае, практычна - ніколі, рэдка-рэдка. Так і хочацца сказаць настойнаму слуццаку: не гані хвалю, не пішы супярэчна цяперашняму правапісу... У мове герояў можаш дыялектнічаць, у аўтарскай не трэба. He вылучайся з радоў .

Тым не меней ягоная нетрадыцыйнасць і нестандартнасць прыцягваюць. Дакладна ўпісваюцца ў агульнае рэчышча аўтарскай стылістыкі, светаўспрымання. Што ж, чым душыцца аднастайнаю газетнаю прычасанасцю, на мяжы правінцыйнай лексічнай беднасці, то лепей пачытаць дыялектавую разнафарбнасць. Літаратура і мова ад раскветкаванага стылю толькі выйграюць.

Уладзімір Гніламёдаў, пісьменнік, док. філалаг. навук, акадэмік АН РБ

(кн. "Усё скончана: мы прайшлі па Маскве", 1993).


Чытаецца з цікавасцю, лёгка, адным захопам

Празаічныя творы з гістарычным ухілам чытаюцца заўсёды. Гістарычная тэматыка, на якой бы мове не пісалася, заўжды знойдзе чытача. На Беларусі няшмат гістарычных твораў гістарычнай тэматыкі. Асабліва ў параўнанні з літаратураю народаў-суседзяў.

Таму асабліва прыемна чыталася аповесць Валера Санько "Усё скончана: мы прайшлі па Маскве".

...Ствараецца ўражанне, аўтар сапраўды таемнымі пуцявінамі ўведаў штосьці значнае з касмічных ведаў, калі расказвае, як задоўга да вайны прафесар Карл Гаўсгофер папярэджвае Адольфа Гітлера аб праходзе нямецкіх войск па Маскве. Сюжэты ў аўтара не проста займальныя, а выварочваюць, перакаўмлычваюць душу, прымушаюць сцінацца ад таямніцаў, што вітаюць вакол нас.

... Вопыт празаіка і рэдактара (аўтар доўгі час загадваў рэдакцыямі ў выдавецтвах Беларусі) дапамог яму выйсці на рэдкую містычна-гістарычную тэму. Мажліва, яму варта ад гістарычнай фантастыкі, аздобленай выключна праўдзівымі канкрэтнымі дэталямі, не ўхіляцца і надалей. Тады лягчэйшы шлях будзе ягоных твораў.

Анатоль Грыцкевіч , док. гіст. навук, праф., заг. кафедры гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі Мінскага інстытута культуры

(кн. "Усё скончана: мы прайшлі па Маскве", 1993).


З цікавасцю прачытаюць ветэраны і моладзь

Аўтар піша арыгінальна, праўдзіва і трохі па-старабытнаму. Мусіць, па-гэтаму (і з-за праўдалюбства... так непажаданага чыноўнаму люду і трымальнікам ручак і пер'яў) яму цяжка прабівацца на старонкі беларускага друку.

Творы кнігі "Усё скончана: мы прайшлі па Маскве" напісаны арыгінальна, адлюстроўваюць праўду жыцця. Паказваюць яго своеасабліва. Бадай, упершыню ў беларускай літаратуры так востра зачэпліваюцца праблемы містычнасці, прыкметаў, чарадзейства. Язычніцкі дух пранізвае ўсе чатыры творы.

Аповесць В. А. Санько, у якога на франтах апошняй вайны загінулі бацька, абодва браты бацькі, брат маці, паранена некалькі другіх крэўнікаў, з містычным ухілам паказвае нечаканы бок нацызму, ганебную астральную зададзенасць Адольфа Гітлера.

... Тым не меней аўтар, хоць і зменшыў станоўчае ў абмалёўцы ворагаў, пакідае іх занадта чалавечнымі. Па ягонай логіцы, ім можна і паспачуваць. Гэта рабіць не трэба. Забойцам не спачуваюць. Забойцаў бацькоў праклінаюць.

... Пра другую аповесць і абодва апавяданні скажу коратка: чытабельныя, багатыя на думкі, філасофію, падзеі. Пачнеш чытаць - не адарвешся.

У наш час, калі вокны кватэр захлёствае мора цікавай перыёдыкі і літаратуры, гэта вялікі паказчык, прыкмета сапраўднай літаратуры.

Аляксандр Хацкевіч , док. гіст. навук, праф., заслужаны работнік вышэйшай школы Беларусі, ветэран вайны

(кн. "Усё скончана: мы прайшлі па Маскве", 1993).


Нікога не асуджае

Ён даўно зразумеў свае хібы. Праполвае, а то і дапаўняе былыя тэксты, друкаваныя і недрукаваныя. Часам мне прыходзіць крамольная думка: яму не крыўдаваць патрэбна на прыкарытнікаў (ягоная тэрміналогія, так загневаны кажа пра многіх супрацоўнікаў часопісаў, выдавецтваў), а дзякаваць ім... Браце-коце, не сярдуй на бюракратную літаратурную беларускую сістэму і тупых яе сыноў. Так, "прыкарытнікі" білі цябе падурному і несправядліва, на палях тваіх твораў пісалі дурноцце, - але яны памаглі табе зараз не сарамаціцца слабізною надрукаваных кніжкаў. Памаглі паўстаць перад цяперашнім раздураным і адначасова патрабавальным чытачом сапраўдным пісьменнікам, чысценькім, не замазаным згодніцтвам, выдыганнем перад сістэмаю.

У творах В.Санько не было і няма расхвальбы КПСС, нават проста падзякі сістэме, выгадавалай усіх нас. А гэта непазбежна, калі б рукапісы падпісваліся ў свет у даперабудовачныя часы.

З кампартыі Валер Санько выйшаў задоўга да жніўня 1991 году, да так званых перабудоўшчыкаў. За дваццаць дзевяць гадоў быцця ў партыі не меў ніводнай вымовы. Выйшаў насуперак угаворам, - з ёю ў яго свае падрахункі. Тым не менш, чарговы парадокс слуцкага ўпарціка (ацэнка У. Гніламёдава), тым не менш заяўляе, што не будзе "паліваць" кампартыю брудам. Нельга былое, а, значыць, сябе абганьваць.

... Пакутнік-недрукаванец, свядомы і несвядомы змагар з прыкарытнікамі ад літаратуры няхай дзякуе Богу і яго вялікасці жыццю.

Алесь Яскевіч , пісьменнік, док. філалаг. навук. (кн. "Не плач, маці", 1995).


Нечаканы роздум над іскрыстай кнігай

Жывыя праніклівыя словы Алеся Яскевіча і Уладзіміра Гніламёдава патрабуюць дапаўнення. Яны абодва далі рэкамендацыі Валеру Санько на ўступленне ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Трэцюю рэкамендацыю даў таксама славуты пісьменнік Янка Скрыган.

… Толькі цяпер мне высвецілася, якую вялікую пакутніцкую барацьбу вёў Валер Санько з беларускімі, як ён гаворыць, зашоранцамі ў выдавецтвах і часопісах, то бок літрэдактарамі.

Сказаць, найшла каса на камень, будзе няправільна. У кожнага з двух бакоў свая праўда. Гляджу рэдакцыйныя заўвагі, падкрэсліванні, праўкі на аўтарскіх старонках яго рукапісаў і практычна па большасці з іх нічога асабліва адмоўнага не магу сказаць. Слухаю пярэчанні на іх слуццака, узважваю стыль, абароты, дыялекты ў другіх пісьменнікаў - і цалкам пагаджаюся з праўдаю В. А. Санько.

Гадамі, дзесяцігоддзямі слуцкі пакутнік і ўпарцік настойна мажэцца даказаць уласную самабытнасць, логіку, самастойнасць. Каб ён хоць трохі пакампраміснічаў у фундаментальным, то з яго хваткаю, жыццёваю праўдаю сюжэтаў, любасцю да народу беларускага, мовы і роднай Беларусі, стылістычным і лексічным багаццем, літаратурны лёс яго быў бы нашмат шчаслівейшым.

Падумаць толькі, першае апавяданне надрукаваў у Баранавіцкай раённай газеце, калі выдатна вучыўся ў медвучылішчы, у студзені 1958 года, першую аповесць у рэспубліканскай газеце "Чырвоная змена" - у жніўні-верасні 1964 года, а поўнасцю самастойнай кнігі прозы ў дзяржаўным выдавецтве "Мастацкая літаратура" ў савецкія часы і ў цяпершчыне - ні адной! Планавалі неаднойчы, у планах рэдпадрыхтоўкі быў, а кнігі так і няма.

… Даходзіць да абсурдства. У навізне прыёмаў, сюжэтавай разнастайнасці, сваеасаблівасці стылю і мовы аўтара, дыялектавым багацці літрайшчыкі бачаць недахопы, мінусовасць.

… Беларускія пісьменнікі, сцвярджае В.А. Санько, таўкуцца ў сваім коле (абшары, балоце) і ўпэўнена радасныя. Ядзяць адзін аднаго і незамутнёна шчаслівыя. Па водгуках аўтара, пакрыўджанага гадамі прыдзірак, яны доўга не змогуць узняцца на новую ступень мыслення, адлюстравання праўды быцця.

Не забудзем і элементарную чалавечую зайздрасць да твора, жыцця і незалежнага паводзінства аўтара, зайздрасць прыстасаванца і слабака да прамога чалавека, чаканне літсупрацоўнікам пакоры і згодніцтва ад мастака, прагінання перад любою парадаю, часам самаю бязглуздаю.

… Прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі яго …пасля 12 заяваў, на чацвёртым абмеркаванні Рады СП (1997). Такі выпадак неаб'ектыўнасці адзіны на ўсю Беларусь, ва ўсе часы. Ведай, справядліўчык і упарцік, наша патайнае магу/немагу, ухвалю/неўхвалю . У вочы скажу ура , пахвалю, а пры тайным галасаванні з'адмоўнічаю.

Доктар народнай медыцыны Валер Санько цяпер нікога не асуджае, чамусьці занадта часта ў падобных выпадках па-філасофску ўсміхаецца.

… Прамізна думкі, пазбяганне расцягнутасці, уменне паказаць некалькі гадоў жыцця героя на адной-двух старонках, замест зацяганай нудотнай апісальнасці дынамізм, іскрыстае мудраванне, абярэгі, прыкметавасць і рэлігійнасць, а самае галоўнае - зварушлівістая праўда яскравяць ва ўсіх аповесцях і апавяданнях.

Ён умее не проста выпісаць факт, сюжэт, вобраз, ён насычае іх сонечнай яскравай энергіяй. Сімфанічнасцю. Дыялектавай чарадзейнасцю. Ужо першыя такты апавяданняў "Іскры Алімпіяды", "На сцяг - раўняйся!", "Наперад! Ур-а-а!" захопліваюць чытача, не дазваляюць адарвацца ад радка.

Любы непрадузяты чытач заўважыць ёмкасць сюжэтаў празаіка, лагічную матывацыю дзеянняў герояў яго твораў, неадналінейнасць іх мышлення. У іх бруіць справядлівая існасць жыцця.

… Не ў аднаго мяне выкліча здзіўленне старонка, на якой значацца аўтарскія творы і гады іх здачы/адвяржэння ў часопісах, газетах, выдавецтвах дзяржавы. Бадай, упершыню ў Беларусі, і не толькі, пералік сумных мартырожных датаў прымушае задумацца пра непераходную бюракратнасць і прадузятасць у беларускіх рэдакцыйных установах. Выклікае пратэст.

Арсень Ліс, пісьменнік, док. філалаг. навук (кн. "Ненадрукаванае. У Белдзяржлітструктурах", 2008).


Дакументалізм і факталогія паядналіся з празорнасцю

На Беларусі адна з самых закрытых і недаследаваных тэмаў - смерць народнага паэта Янкі Купалы. Напісана пра творчасць шмат, сам узгадваецца часта, а як памёр - канкрэтнага нічога.

Валер Санько ў аповесціўяве "Гнеў на іх нязмыўны" з нечаканага боку зазірнуў за сцяну тайны гібелі беларускага генія. Адкуль, што, як уведалася аўтару з забойства - сакрэт пісьменніка. Логіка яго доказаў сур'ёзная, праўдападобная. Кожны з герояў - Янка Купала, Луцэвічанка/Купаліха, Сталін, Фадзееў, Берыя, Тарасюк, Панамар, Гарбун, Лапух па-свойму доказны, праўдзівы. Сачыць за іх лёсам, словамі і думкамі цікава і карысна чытачу любога ўзросту, прафесіі.

Прыцягваюць у аповесціўяве глыбінныя філасофскія разважанні, гістарычная дакументальная фактура, бадай, упершыню шырока пададзеная ў невялікім мастацкім творы (146 стар.).

Справядлівы паказ мастаком адчуванняў усіх слаёў грамадства, як у рамане "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе", радство перажыванняў герояў яднаюць беларуса і рускага, паляка і немца.

... Гісторыя хлусні, вымыслаў, замоўчванняў вакол гібелі Янкі Купалы не мае лагічнага канца. Угадаў аўтар ці выведаў у нябесных таемных сіл, прадбачыў ці, як Роберт Конквест, даследчыцкі прыйшоў да падрабязнай дэталізацыі падзеяў у аповесці - неістотна. Галоўнае, поўная сілы празорная праўдзівасць. Адчуванні душы чалавека (хоць і выключна грэшнага) на Тым свеце наогул ніколі нікому не былі дасяжныя, нікім не апісваліся, тым болей так яўна, доказна.

Творчасць аўтара рэльефная, цэльная, самабытная, вялікай энергіі. Я пісаў пра гэта ва ўводзінах да яго кнігі "Усё скончана: мы прайшлі па Маскве" (1993), з радаснай упэўненасцю паўтараю цяпер. Магутная заклікальнасць праўдзівасці, заглыбленая філасофскасць, моўныя знаходкі Валера Санько ўзраслі ў аповесці.

Анатоль Грыцкевіч, док. гіст. навук, праф. (кн. "Грэх на іх нязмыўны", 2013).


З пранізлівай дакументальнасцю пра аварыю на ЧАЭС

Унёс навізну ў асвятленне чарнобыльскай тэмы пісьменнік і доктар народнай медыцыны Валер Санько дакументальным раманам "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе", 2013, 612 стар., 50 экз. Тыраж такі, што ні ў кожную бібліятэку трапіць экзэмпляр.

Перакананы, такой глыбокай і нечаканай дакументалістыкі пра чарнобыльства не было ні ў аднаго аўтара з Беларусі, Украіны, Расіі, тым болей з закардоння. Кніга вартая ўвагі чытача любой прафесіі, узросту.

Упершыню ў сучаснай літаратуры лагічна і праўдзіва, з дакументальнай пранізлівасцю гаворыцца аб прычынах выбуху на ЧАЭС, ліквідатарскіх і перасяленскіх праблемах. Выкарыстаныя рэдкія дакументы хаця і рассакрэчаныя, але ад застойных савецкіх часоў практычна не ўжываліся. Незамутнёная праўда ў рамане. Пранікнёна засвяціўся ён ахватнасцю адбылых падзей ў Беларусі, на Украіне, у Маскве. Пранізлівасць жыцця і смерці набатам вызвоньваюцца скрозь лёсы дзеткаў-чарнобыльцаў, акадэміка Лягасы (прататып Лягасаў). Непрыхарошаныя бюракратныя праблемы тагачасся і цяпершчыны кранаюць любога.

… Абавязаны, проста абавязаны працытаваць з эпілога некалькі радкоў.

"...Другі варыянт гібелі кантынента таксама яскравіцца доктару Бялько. З падлодак, падземных сховішчаў і палігонаў пусцяць у Еўропу ракеты з ядзернымі бомбамі рускія, мусульманцы, кітайцы, на якіх толькі што накіраваліся бомбы з Еўропы. Адказ за ўяўленыя ці сапраўды пушчаныя нябесныя амерыканскія пасылачкі ім з тэрыторыі Еўропы.

Праклёны зніклых нацый, народаў, дзяржаў узваляць на свае духоўныя абалонкі ў Тагасвецці цяперашнія выбраныя кіраўнікі еўракраін, калі з-за іх слюнява-дабрачных "не думалася, нас запэўнівалі…, мы зусім не хацелі прыцягнуць удар аддзякі" разбурацца гарады, сама Еўропа, ракетаю ўзнімецца планета.

Расплата, горкая расплата чакае ЗэШэАўцаў, рускіх, яшчэ болей хітрамондрых кітайцаў, якія з ветлівымі ўсмешкамі і ліслівымі слоўцамі, з таннай нядоўгатэрміновай прадукцыяй металёваю іржою распаўзаюцца па свеце, вычэкваюць самаедства белай расы, - расплата чакае французаў, англічан, немцаў, чэхаў, іспанцаў, палякаў, шведаў, нідэрландцаў, італьянцаў.

Няўжо кемкія кіраўнікі разумных нацый не ўпетраць прасцей простае. Дзе б рыўкова не ўзбушаваліся рэактары (не дай Бог яшчэ бомбы), накрыецца ўся планета. Розніца неістотная: хто загнецца раней на дзень, месяц, хто пазней - праз квартал, паўгода".

... Мова аўтара квяцістая, у ёй мноства даўнейшых словаў, выразаў. Своеасабліва выкарыстоўваюцца дыялектавыя пласты Міншчыны, Гомельшчыны.

Аляксей Рагуля , пісьменнік, док. філалаг. навук, праф. (з рэцэнзіі на раман "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе", 2014).


Ашаламляльная праўда Чарнобыля

Была ўражана, наколькі праўдзіва аўтар некалькімі кідкімі словамі здатны перадаваць складаныя псіхалагічныя вобразы герояў. Вялікі дакументальны раман шматлінейны: у ім пра безадказнасць і паскудніцтва праектантаў, канструктараў, будаўнікоў, дурату кіраўніцтва ЧАЭС, гераізм ліквідатараў, памылкі камбелпартнаменклатуры пры перасяленнях, бедах захварэлых дарослых, развал абрадыяцыйных сем'яў...

У творы многа смутных горкіх словаў пра маркоту хворых дзяцей, ды іхні заўчасны адлёт...

Валерый Санько, аўтар і суаўтар 17 кніг, стварае пазнавальныя вобразы знаёмых гістарычных асобаў нядаўняга часу - Лягасава, Несцярэнкі, Нікітчанкі, Слюнькова, Гарбачова, Рыжкова, Шчарбіцкага, Аляксандрава... З цікавымі падзеямі і падрабязнасцямі. Некаторыя прозвішчы крыху змененыя, хаця лёгка пазнавальныя. Вялікія падборкі дакументальнага матэрыялу, "Аб'ектыўкі", "Водсветы", дазваляюць чытачу прасачыць тагачаснае быццё, разгледзець нізкую выкрутлівасць савецкай сістэмы.

Адна з апошніх "Аб'ектывак" паведамляе: "Пра разбурэнне адной сценкі і абрушванне часткі даху на ЧАЭС дванаццатага лютага 2013 года стараліся на рэактары не талкаваць. Абыходзілі. У газетах, па тэлевізіі Украіны і Беларусі мелькам прамоўлена: сітуацыя пад кантролем, усё нармалізуецца" . Няўжо нічога не змянілася ў савецкім і цяперашнім незалежным грамадстве?

31 краіна свету абяцала сумесную вялікую хуткую памогу з узвядзеннем саркафага. Бяздарна спазніліся. У эпілогу "Няўжо Еўропа, ЗША і Кітай ляцяць у самазнішчэнне..." апакаліптычныя сцэны мажлівага фінішу планеты.

Радуе смеласць словаўтварэння. Беларуская мова можа быць сапраўдным багаццем для выказвання пачуццяў, роздуму, апісання падзеяў.

Ядзвіга Рай, былая настаўніца, г. Мінск ("Краязнаўчая газета", №16, красавік, 2014).


Валер Санько: "Любіў, люблю і любіцьму Беларусь"

Валер Аляксеевіч Санько - беларускі пісьменнік, журналіст, краязнавец, кнігавыдавец, доктар народнай медыцыны, член-карэспандэнт Аўтаномнага аддзялення Міжнароднай грамадскай арганізацыі "Міжнародная Акадэмія Энергаінфармацыйных Навук" у Беларусі.

Нарадзіўся ён 29 жніўня 1939 года ў вёсцы Вялікая Сліва Слуцкага раёна. Адвучыўшыся ў мясцовай сярэдняй школе, паступіў у Баранавіцкае медыцынскае вучылішча. У 1958 годзе закончыў яго з адзнакаю і быў накіраваны на працу ў Пінскі раён на Берасцейшыне, дзе загадваў Лосіцкім фельчарска-акушэрскім пунктам. Працаваў там нядоўга: надышла пара для службы ў Савецкай Арміі (1958 - 1961), у запас звольнены ў званні сяржанта. Год вучыўся ў Менскім медыцынскім інстытуце, пазней закончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (завочна), Менскую вышэйшую партыйную школу. Пасля вучобы ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі (1968 - 1971) здаў кандыдацкія экзамены, але дысертацыю на тэму "Беларуская чарадзейная казка" не абараніў. Некаторыя яго запісы фальклорных твораў змешчаны ў перыядычным друку, акадэмічным 50-томавым выданні беларускага фальклору.

В. Санько працаваў памочнікам санітарнага ўрача ў Менску, журналістам у газетах "Чырвоная змена", "Звязда", загадваў рэдакцыяй медыцынскай і фізкультурна-спартыўнай літаратуры выдавецтва "Беларусь" (1972 - 1975). Пасля была праца намеснікам галоўнага рэдактара часопіса "Здравоохранение Белоруссии", намеснікам галоўнага рэдактара выдавецтва "Народная асвета", загадчыкам рэдакцыі краязнаўства, турызму, фізкультурна-спартыўнай літаратуры выдавецтва "Полымя", намеснікам рэдактара чарнобыльскай газеты "Набат", дырэктарам заснаванага Беларускім дзіцячым фондам Беларускага выдавецкага Таварыства "Хата" (1992 - 2006).

Першае апавяданне В. Санько надрукавана ў 1958 годзе ў баранавіцкай раённай газеце. З таго часу пабачылі свет яго 19 аповесцяў і 68 апавяданняў, адзін раман. Выйшлі з друку зборнікі апавяданняў і аповесцяў "Жыватворныя крыніцы" (1979), "Знаёмства" (кніга трох аўтараў, 1982), "Усё скончана: мы прайшлі па Маскве" (1993), "Не плач, маці" (1995), "Дахаты пойдуць усе" (1999), "Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах" (2009), "Грэх на іх нязмыўны" (2013), раман "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе" (2013). У суаўтарстве падрыхтаваў навукова-папулярныя кнігі "З вудай і стрэльбай", "Беларускія спартсмены ў баях за Радзіму", "Размова з прыродай", "Прыроды шчодрыя дары", "Дары лясоў, палёў, лугоў". Доктар народнай медыцыны, магістр нетрадыцыйнай медыцыны В. Санько вывучае беларускае язычніцтва, прыкметы, абярэжніцтва, займаецца краязнаўствам. Ён аўтар дзвюх кніг па лячэнні травамі (з Н.І. Аляксейчык, 1992, 1993), дзвюх кніг аб прыкметах і афарызмах: "Размова з прыродай" (з В.Э. Шомадзі, 1990), "Гаворыць - старажытны Рым, гавораць - пра старажытны Рым" (2003).

Кніга "Грэх на іх нязмыўны" - пра гібель у Маскве ў 1942 годзе народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Чацвёртую старонку вокладкі займае ўпершыню апублікаваны рэдкі здымак, зроблены ў траўні 1933 года: Янка Купала, Платон Галавач, Уладзімір Хадыка і навучэнцы рабфака ў вёсцы Сосны Любанскага раёна Мінскай вобласці, сярод якіх і Аляксей Санько - бацька аўтара кнігі.

Вынікам дзевятнаццацігадовага даследавання стаў дакументальны раман "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе". Гэта твор аб прычынах выбуху на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, падаюцца біяграфіі ліквідатараў наступстваў аварыі, перасяленцаў. Мастацкі тэкст дапоўнены ўстаўкамі з архіўных дакументаў і навуковай літаратуры. Аўтар прасочвае лёс дзейных асоб рамана ў сувязі з падзеямі красавіка 1986 года і пасля Чарнобыльскай катастрофы. Твор прымушае задумацца аб магчымай будучыні чалавецтва: "Пры цяперашнім развіцці тэхнікі ўсім пара ўшалопіць: бяспекі для цябе, тваёй нацыі, дзяржавы ў ядзерным каламуцці не будзе. Чалавек - дух матэрыі - можа не заўважыць, як згубіць душу і цела не толькі сам, згіне чалавецтва, наймілая Зямля. Ядзернае пекла аднолькава сажрэ гаспадара і парабка, адвагу і палахлівасць, працавітасць і гультайства, грашавітасць і бамжатніцтва…".

Газета "Наша слова" ўжо пісала пра кнігі "Грэх на іх нязмыўны" і "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе", змяшчала іх фрагменты. Я ж не магу не ўспомніць яшчэ адзін твор В. Санько (ён звязаны са Случчынай) - дакументальную аповесць "Згарэў у Слуцку суд народны", дзе падрабязна апісаны стыхійны бунт случчан у кастрычніку 1967 года. Некаторыя часткі гэтага твора былі змешчаны ў перыядычным друку, у альманаху "Спадчына "Спадчыны"". Аўтар вывучаў дакументы ў Вярхоўным судзе Рэспублікі Беларусь, сустракаўся з тымі людзьмі, якія мелі дачыненне да згаданых падзей. Сярод суразмоўцаў пісьменніка былі партыйныя работнікі, міліцыянеры, людзі, асуджаныя за спальванне суда, іх сваякі. Гэта дало магчымасць паказаць у творы мноства разнастайных дэталяў, якія поўнасцю адпавядаюць тагачаснай слуцкай рэчаіснасці. І ў той жа час, па словах В. Санько, у аповесці няма ніводнага персанажа, які мог бы заявіць: "Гэта пра мяне". Праўда, магчымых супадзенняў у некаторых акалічнасцях нельга пазбегнуць, як нельга змяніць назвы вуліц горада, слуцкія тыповыя прозвішчы. Неяк на пытанне аўтара гэтых радкоў, ці не будзе пісьменнік згладжваць так званыя вострыя вуглы, В. Санько адказаў: "Ніякіх згладжванняў не будзе. Я змяніў некаторыя імёны і прозвішчы па просьбах саміх людзей, але ісціна застанецца. У кнізе "Згарэў у Слуцку суд народны" будзе праўда, толькі праўда".

Мова твораў В. Санько адрозніваецца ад мовы твораў, напрыклад, Алеся Жука, Паўла Місько ці Віктара Дайліды, хоць усе паходзяць са Случчыны. Аналізаваць гэтыя адрозненні не маю на мэце, скажу толькі пра адно з іх. У апавяданнях і аповесцях В. Санько вельмі шырока, як ніхто іншы з вядомых мне беларускіх пісьменнікаў, выкарыстоўвае дыялектызмы - словы і словазлучэнні, якія характэрны для гутарковай мовы на Случчыне. Магчыма, толькі дзякуючы творам В. Санько застануцца жыць многія словы, якія ўсё больш і больш выходзяць з ужытку.

Пра свае адносіны да дыялектызмаў у прадмове да кнігі "Ненадрукаванае. У белдзяржлітструктурах" В. Санько напісаў так: "Кожнае слова, якое дыхае вёскаю, зямлёю, даўнінаю, мне дарагое, блізкае. Праз яго, названае навукоўцамі дыялектам, адчуў раней нязнанае, сувязь з гіпербарэйцамі, заснавальнікамі ведыйцаў, арыйцаў, еўрапейцаў, Грэцыі, Рыма. Роднасць з даўнінаю ў іх, дыялектах. Адно слова дыялектнае - зачастую сінтагм цэлай фразы". Сінтагма (так у слоўніку - у адрозненне ад варыянту В. Санько) - гэта інтанацыйная і рытмічна арганізаваная група слоў або частка выказвання з адносна закончаным сэнсам. Словы ў дужках прыведзены нездарма, бо пры чытанні твораў В. Санько трэба быць гатовым да сустрэчы з немалой колькасцю слоў, у напісанні якіх аўтар не прытрымліваецца слоўнікавага варыянту (пра дыялектызмы ўжо і не кажу).

З гэтым можна пагаджацца, можна крытыкаваць аўтара, але думаецца, што мова твораў В. Санько мае права на існаванне. Асабіста мне імпануе ў іх тое, што аўтар умее па-свойму, залішне не расцягваючы, як любіць хто-ніхто з пісьменнікаў, двума-трыма (мо крыху і больш) дзясяткамі фраз расказаць пра некалькі гадоў жыцця свайго героя, што надае творам дынаміку, пазбаўляе іх нудотнай расцягнутасці. Пісьменнік неабыякавы да прыроды, роднага кутка, паказвае іх прыгажосць, а яшчэ - сілу малітвы, старабеларускіх прыкмет і абярэгаў, не пазбягае і філасофскіх абагульненняў. У адным са сваіх твораў наш зямляк зазначыў: "…Усё жыццё любіў, люблю і любіцьму не адно Случчыну - усю Беларусь. Дзе ні быў (двойчы за акіянам), знічкаю яснаю шугавела ў душы любасць да радзімнай зямлі. Дай Бог, каб вы яе так любілі" . Застаецца толькі пажадаць Валеру Аляксеевічу Санько добрага здароўя і актыўнага даўгалецця, а мы - чытачы - будзем спадзявацца на новыя сустрэчы з героямі яго твораў.

Анатоль ЖУК, жыхар горада Слуцка. На здымку: Валер Санько на паседжанні літаб'яднання "Суквецце" ў Доміку Таўлая ў Лідзе 20 жніўня 2014 г., напярэдадні 75-годдзя.


На рубяжы маскоўскім

Група глыбоцкіх журналістаў і краязнаўцаў наведала горад Себеж у Пскоўскай вобласці

"Той жа пан Дзмітры Корсак мае іменне айчызнае на імя Ластовіца двор... К таму ж двару людзі айчызныя сёлы на рубяжы маскоўскім Вярбілава, Загор'е, Яса, Колпіна. У тых сёлах дымоў 62, з тых людзей яму прыходзіць 11 коп і грошаў 12."

Ужо з-за гэтых радкоў, з рэвізіі Полацкага ваяводства за 1552 год, якія вынесеныя ў эпіграф, можна адправіцца ў вандроўку. Ластовіца двор - гэта, натуральна, вёска Ластавічы каля Глыбокага. А вось, дзе тыя "... сёлы на рубяжы маскоўскім Вярбілава, Загор'е, Яса, Колпіна" ? Дзе быў той рубеж маскоўскі ў 1552 годзе?

У часы напісання кнігі "Памяць. Глыбоцкі раён" было прынята лічыць, што Вярбілава - варыянт назвы вёскі Вольберавічы ў Докшыцкім раёне. Аднак, праз 20 гадоў, якія мінулі з таго часу, усё радыкальна змянілася! Ёсць інтэрнэт! Усяго пару секундаў - і мы, са здзіўленнем, даведваемся, што Вярбілава, Загор'е, Яса і Колпіна знаходзяцца ў Пустошкінскім раёне Пскоўскай вобласці! Так! Тут і быў рубеж маскоўскі! Праходзіла мяжа (рубеж) паміж Масковіяй і Вялікім Княствам Літоўскім. Гэта значыць, што землі Корсакаў былі на самай мяжы з маскавітамі.

Але гэта - не ўсё! У адным з даведнікаў па Пскоўскай вобласці чытаем: "В дер. Вербилово в конце 16 века построен Вербиловский монастырь, основал его мстиславский воевода Иосиф Корсак, когда эти земли принадлежали Речи Посполитой. Изначала он организовывался как мужской католический униатский, затем был преобразован в православный, а в 1896 году в женский (православный).

Кстати, портрет Корсака долгое время хранился в Вербиловской церкви но после 1918 года был передан в Себежский краеведческий музей, где и сейчас находится".

Неверагодна! Яшчэ адзін партрэт Язэпа Корсака? Сенсацыя! Едзем у Себеж!

- Няма ў нас партрэта Корсака!- кажа дырэктар музея Аляксей Пятрэнка. - Гэта - журналісцкая "качка". Не люблю журналістаў! Калі б у нас быў партрэт Корсака, то ён вісеў бы на самым бачным месцы, а не пыліўся ў запасніках музея. Пры гэтым Корсак для нас - не такая ўжо і важная персона, у нас хапае і сваіх выбітных людзей. Але Корсакі і Агінскія ў Себежы "наслядзілі". Корсакі маюць дачыненне і да пабудовы нашага касцёла (цяпер царква).

Іншая справа - яшчэ не факт - што гэтага партрэта тут ніколі не было! У гады нямецкай акупацыі музей цалкам разрабавалі, і пасля вайны прыйшлося наноў збіраць экспанаты. Ад даваеннага музея засталося хіба што пару цікавых камянёў, якія сюды былі прывезеныя. Сляды партрэта Корсака згубіліся!

Трэба аддаць належнае Аляксею Пятрэнку - ён выдатна разумее спецыфіку і адметнасць свайго краю. Паводле яго слоў, жыхары Пскоўскай вобласці клічуць сябе скабарамі, аднак ні самі жыхары Себежа, ні іншыя жыхары Пскоўскай вобласці себежцаў да скабароў не залічваюць. Калі выдаецца нейкая кніга аб культуры ці этнаграфіі Пскоўшчыны, то Себеж там не прысутнічае, яго, быццам, і няма ў Пскоўскай вобласці. Тое ж датычыць, дарэчы, і горада Невеля.

У экспазіцыі музея - арыгінальная мапа Віцебскай губерні, да якой Себеж належаў да 1924 года.

- Мне, напрыклад, усяроўна,- нечакана прызнаецца дырэктар, - быў бы гэты горад сёння беларускім, ці расійскім: і там, і там - свае плюсы і мінусы!

Побач з мапай - герб Пагоня, гарадскі герб Себежа часоў ВКЛ і Полацкага намесніцтва, факсімільная мапа Рэчы Паспалітай, прывезеная з Варшавы, дзе Себеж адзначаны "на рубяжы маскоўскім".

Аляксей Пятрэнка нават раіў нам наведаць канкрэтныя вёскі, дзе і да сёння размаўляюць па-беларуску, туды нават прыязджаюць этнографы, запісваюць фальклор. Аднак, гэта не было ў нашых планах, паездка і так была насычанай.

Пасля Себежа нашая група (а нас было сем чалавек) накіравалася ў вёску Анінск (Анінскае). Гэта было ў нашых планах, сюды ж раіў наведацца і Аляксей Пятрэнка.

Пасярод вёскі валяецца надмагільны помнік Пятру Корсаку, які, невядома з якой прычыны, прыцягнулі сюды з цвінтара. Анінск уражвае сваімі старымі дубовымі прысадамі. Дубы - у тры абдымы, пэўна ім гадоў па 300! Уся вёска патанае ў цені гэтых волатаў. Вялізны стары парк на беразе возера. А навокал - адны руіны! Трава ў рост чалавека - ідзеш навобмацак, і раптам, упіраешся ў руіну, рэшткі нейкай пабудовы.

- Вось чаго рускія папёрліся ва Украіну? Данецк і Луганск ім спатрэбіўся? Свая зямля прападае! - абураецца Генадзь Плавінскі.

Разумею, што і ў нас на Беларусі не ўсё ладна з помнікамі даўніны, але тут сітуацыя яшчэ больш трагічная! Гэта ў нас, у Глыбокім, Язэп Корсак ледзьве не нацыянальны герой, і помнік яму стаіць. А для жыхароў Пскоўшчыны Корсакі - "литовские захватчики", якія хацелі "поработить" рускія землі. Ну і што з таго, што беларусы заўсёды лічылі гэтыя землі сваімі. Цяпер тут Расія! І гісторыю яна піша па свайму інтэлекту. Гэта мы самі сабе можам сказаць: беларусы адваёўвалі свой жа горад, як цяпер украінская армія адваёўвае свае ж украінскія гарады Данецк і Луганск ад прышлых тэрарыстаў.

На фоне ўсяго гэтага грандыёзнага запусцення звяртаюць на сябе ўвагу руіны двухпавярховага будынка, дзе ўсё яшчэ праглядаюцца рысы вытанчанага стылю барока. Меркавана, дом эканома маёнтка Анінск. Як паведаміў адзін мясцовы жыхар - будынак некалі быў узарваны. Цэлым у колішнім маёнтку застаўся толькі адзін будынак - двухпавярховы флігель. Хтосьці тут жыве, на франтоне - спадарожнікавая антэна. Адзінае месца, дзе скошаная трава!

У Вярбілава мы не паехалі, шмат часу згубілі на пошукі Анінска. Расія! Як знойдзеш, калі дарожных указальнікаў няма.

Спадарства! Братцы! Што гэтыя рускія ядуць? Колькі мы не калясілі па Себежчыне - ніводнага калгаснага поля так і не ўбачылі. Гародаў у людзей няма! Адны дзяды, чартапалох ды баршчэўнік вышэй за хаты! Ніводнай каровы, каня ці казы! Хоць яны паскублі б гэтую траву! Няма! Вакол адны бясконцыя лясы, балоты і азёры! Узбочыны дарог няскошаныя! Усё гэта можа чакаць і нас, калі забудзем - хто мы ёсць!

Што праўда, народ тут добры. Запытай нешта - растлумачаць усё да драбніцаў, а толькі потым пацікавяцца - адкуль вы?

Себеж вельмі спадабаўся. Азёры што моры! Амаль памерамі з Нарач! Цікавая старадаўняя забудова. Але, Расія - вялікая, што ёй Себеж, нават не кропля, а дзясятая частка кроплі ў "рускім моры". Застаўся б ён у Віцебскай вобласці, то быў бы топавым горадам іншай краіны. Цукеркай выглядаў бы да Дажынак ці Дня пісьменства!

Дарэчы, пра выбітных себежцаў... У цэнтры Себежа - помнік Зіновію Яфімавічу Гердту, які нарадзіўся тут у 1916 годзе, яшчэ Віцебскай губерні. Так, так! Панікоўскі з "Залатога цяля". Себеж як і Глыбокае - колішнія яўрэйскія мястэчкі, дзе колькасць яўрэяў дасягала да 60 адсоткаў.

"Вольнае Глыбокае". Уладзімір Скрабатун


" Я - шлях, якому век няма спакою..."

Такую назву мае выстава з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, якая адкрылася 15 жніўня 2014 года і знаёміць з асобай паэта, яго жыццём і творчасцю ў гады Першай сусветнай вайны (1914-1018).

Радок з верша Песняра "Па шляху" з цыкла "Песні вайны" (1914), што даў назву выставе, акрэслівае шырокую геаграфію пераездаў (Вільня, Масква, Арол, Менск, Полацк, Смаленск, Курск) і сустрэч на скрыжаванні ваенных шляхоў!

На выстаўцы можна ўбачыць аўтографы перакладаў твораў Янкі Купалы на рускую мову, зробленыя Валерыем Брусавым у Вільні, нумары славутай газеты "Наша ніва". З белымі плямамі, якія сталі знакам гуманістычнай пазіцыі аўтараў і яе рэдактара - Янкі Купалы.

Сустрэчы ў Менску і Полацку ілюструюць матэрыялы з прыватных архіваў доктара, грамадскага дзеяча і мецэната С.К. Жывапісцава і П.В. Мядзёлкі, якая ўдзельнічала ў рабоце "Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны".

Сведчаннем ваеннай службы паэта ў дарожна-будаўнічым атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін з'яўляецца ўнікальны фотаальбом 1914-1918 гг. яго швагра Вікенція Станкевіча, які экспануецца ўпершыню! Матэрыялы выставы адлюстроўваюць і работу І.Д. Луцэвіча агентам па забеспячэнні ў Харчовым камітэце Заходняй вобласці ў 1917 -1919 гг. у Смаленску, Сяброўства з братамі Максімам і Гаўрылам Гарэцкімі, наведванне ў якасці слухача Смаленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута, што спрыяла пачатку работы над перакладам на беларускую мову помніка старажытна-славянскай літаратуры "Слова пра паход Ігаравы."

На ўрачыстым адкрыцці выставы прысутнічалі Ільяс Хусаінаў, Міхась Шавыркін, Мікола Бамбіза і іншыя асобы. Перад прысутным выступаў журналіст, тэлевядовец, пісьменнік і гісторык, аўтар кнігі "Героі Першай Сусветнай" Вячаслаў Бандарэнка і заснавальнік дабрачыннага культурна-гістарычнага фонду "Крокі", мастак Барыс Цітовіч, а так-сама яго жонка Валянціна Цітовіч, якая выканала паэтычна-музычную праграму.

Аляксей Шалахоўскі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX