Вярнуцца: 2014

№ 40 (1191)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 40 (1191), 1 кастрычніка 2014 г.


Еўрапейскі дзень моваў у Магілёве

Еўрапейскі дзень моваў - адзначаецца 26 верасня, быў абвешчаны Радай Еўропы (і падтрыманы Еўрапейскім Звязам) у часе Еўрапейскага году моваў - 6 снежня 2001 г. Паняцце еўрапейскія мовы больш шырокае, яго не варта блытаць з афіцыйнымі мовамі краін-чальцоў Еўразвязу. Асноўная мэта дня - заахвочанне вывучэння і засваенне розных моваў як у школах, так і па-за іх межамі на працягу ўсяго жыцця чалавека.

Захаванне і развіццё моваў, уключаючы малыя, дэкляруецца ў якасці афіцыйнай моўнай палітыкі Еўразвязу. Сярод спосабаў дасягнення гэтага звычайна называюцца вывучэнне больш чым адной замежнай мовы і працяг вывучэння моваў у спелым узросце. Асабліва падкрэсліваецца неабходнасць вывучэння некалькіх замежных моваў.

25 верасня магілёўская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны зладзіла мерапрыемства, прысвечанае Дню еўрапейскіх моў - пешаходную аглядную экскурсію па гістарычным цэнтры Магілёва. Экскурсія праводзілася ў незвычайным фармаце - на 10 еўрапейскіх мовах: беларускай, польскай, нямецкай, ідышы, іўрыце, украінскай і іншых. Асноўную частку вёў, як і звычайна па-беларуску, Алег Дзьячкоў - старшыня ТБМ Магілёва, а паведамленні з нейкімі цікавымі момантамі гісторыі горада на іншых мовах падрыхтавалі самі ўдзельнікі. Шматмоўным гаманкім натоўпам экскурсанты наведалі Замкавую гару (парк Горкага), габрэйскае школішча (месца знаходжання колішняй сінагогі на Дняпры), магілёўскую ратушу, месца знаходжання колішняга касцёла св. Казіміра і іншыя цікавыя месцы. Апроч расповеду пра гістарычныя месцы горада скарбам для случахоў сталі мелодыі пачутых імі моваў - ад звыклых расійскай, ангельскай і нямецкай да татарскай і латышскай, а на іўрыце і ідышы давялося нават пачуць некалькі песняў у выкананні Мілы Ізаксон. Імпрэзу асвятлялі прадстаўнікі незалежных СМІ і магілёўскае тэлебачанне. Асабістую падзяку неабходна выказаць нашым экскурсаводам: Аксане Бядай (нямецкая і латышская мовы), Фларыдзе Ліцінай (татарская мова), Марыне Лушчык (ангельская), Міле Ізаксон (ідыш і іўрыт), Ірыне Сомавай (расійская), Алене Громавай (украінская мова) і Магдалене Палучак (польская).

Алесь Сабалеўскі, Аляксей Карпенка. Фота Алеся Сабалеўскага.


Выйшаў каляндар на 2015 год "Каталіцкія святыні Беларусі"

Наш каляндар - гэта: прыгожыя фотаздымкі беларускіх святыняў, а таксама цікавая інфармацыя аб кожнай з іх. Упершыню - змешчаная на кожнай старонцы інфармацыя пра каталіцкія традыцыі, якія павінен ведаць кожны католік.

Catholic.by


125 гадоў з дня нараджэння Францішка Аляшкевіча

Францішак АЛЯШКЕВІЧ (1889-1943), каталіцкі святар заходняга абраду, дзеяч беларускага хрысціянскага руху 20 ст., душпастыр.

Нарадзіўся 04.10.1889 у в. Дзядолайці Ашмянскага павета Віленскай губ. Паходзіў з сялянскай сям'і: бацькі - Язэп і Марыяна (з дому Каспяровічаў) Аляшкевічы. У кнізе метрык Сольскага касцёла прозвішча Аляшкевіч запісана як Аляхновіч. Паводле пашпарта і рэвізскіх казак - Аляшкевіч, у іншых дакументах - Ляшкевіч. У траўні 1907 г. вытрымаў экзамен на званне аптэкарскага вучня пры экзаменацыйнай камісіі Маскоўскай навучальнай акругі. У 1909-1914 гг. вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. На правах сябра ўваходзіў у беларускі гурток студэнтаў семінарыі. Пасвечаны ў святары ў 1914 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў у тым жа годзе. Працаваў у парафіях Віленскай дыяцэзіі (м. Канстанцінаў Надвілейскага дэканата), пробашчам у мясцовасці Ўдзял Глыбоцкага дэканата (1917-1939). Удзельнічаў у працы 1-га з'езду беларускіх каталіцкіх святароў у Менску (24-25.05.1917). Сябар саюза ксяндзоў-беларусаў. Матэрыяльна падтрымліваў беларускія каталіцкія перыядычныя выданні ("Krynica", "Chryscijanskaja Dumka"). У ліку 15 святароў ад імя беларускага каталіцкага духавенства Заходняй Беларусі падпісаў мемарыял, прадстаўлены 19.05.1925 на агульнапольскай канферэнцыі біскупаў. Выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў дадатковых набажэнствах на заходнебеларускіх абшарах. Звяртаўся да вернікаў з казаннямі на беларускай мове. Прыхільнік Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Памёр у 1943 г.

Вікіпедыя.


Спартовы фестываль "Мова Cup" прайшоў у Менску

Фестываль прайшоў у Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі. Ідэя яго правядзення належыць зорным беларускім атлетам з дабрачыннага праекту "Мары збываюцца", у тым ліку славутай плыўчысе Аляксандры Герасiмені.

Галоўная адметнасць мерапрыемства - выбар беларускай мовы ў якасці працоўнай.

- У гэты дзень мы ўсе будзем размаўляць на роднай беларускай мове і дамо магчымасць федэрацыям і спартыўным клубам прэзентаваць свае віды спорту, - анансавала фэст Аляксандра Герасіменя.

Дарэчы, Аляксандра не ўпершыню збірае на адной пляцоўцы прадстаўнікоў беларускага спорту i звычайных беларусаў. Але ж цяперашні праект асаблівы, бо мае "моўны падтэкст".

Аматары здаровага ладу жыцця спаборнічалі ў шасці дысцыплінах: міні-футболе, стрытболе, лёгкай атлетыцы, плаванні, бадмінтоне і гіравым спорце. Апроч таго, прапаноўваліся вясёлыя спаборніцтвы ў "шпурлянні на дальнасць мабільных тэлефонаў ці ў 30-мятровым забегу сярод мужчын з дзяўчынай на плячах.

Еўрарадыё.


ЯШЧЭ ПРА ВЫРАЗЫ З КАМПАНЕНТАМ "ЯК"

У папярэдніх публікацыях ("Наша слова", 2014, № 33 і інш.) апісваліся некаторыя асаблівасці кампаратыўных фразеалагізмаў. Варта спыніцца яшчэ на асобных групах гэтых выразаў і спецыфіцы іх ужывання ў маўленні.

1. І так і так

Найчасцей узнікненне таго ці іншага фразеалагізма звязана з метафарычным пераасэнсаваннем адпаведнага свабоднага словазлучэння - пераносам назвы з адной з'явы на другую на аснове падабенства паміж імі. У аснове такога пераносу ляжыць прыхаванае параўнанне, уяўная сувязь паміж дзвюма з'явамі. Метафара, як пісаў у кнізе "Французская стылістыка" (1909) Шарль Балі, - гэта "не што іншае, як параўнанне, у якім розум пад уплывам тэндэнцыі збліжаць абстрактнае паняцце і канкрэтны прадмет збліжае іх у адным слове" (ці спалучэнні слоў). Метафара і параўнанне блізкія паміж сабой, таму адзін троп можа пераходзіць у другі.

Асобныя выразы і сёння могуць ужывацца і так і так - то з параўнальным злучнікам як, то без яго (як прыхаванае параўнанне): як неба і зямля і неба і зямля ; як нож у сэрца і нож у сэрца і пад. Параўнаем, напрыклад: "Дома ад бацькі хаваешся і тут як вады ў рот набраў" (С. Грахоўскі) і "Што будзем рабіць, мужчыны? Чаго вады ў рот набралі?" (І. Пташнікаў). Або: "Валодзя ў іх нібы перакаці-поле " (В. Кадзетава) і "Адкуль яго прынесла, гэтае перакаці-поле ? - з непрыязнасцю думаў Пракоп пра Перапечку" (І. Сіняўскі).

У "Зборніку беларускіх прыказак" (1874, с. 194) І.І. Насовіча на сваім алфавітным месцы прыводзіцца кампаратыўны выраз як гара з плеч спала . Гэты ж выраз у "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008, т. 1, с. 294) пададзены ў такім афармленні: <як> гара з плеч <звалілася (скацілася)> у каго, чыіх . А яго рэалізацыя ў сучасным літаратурным маўленні пацвярджаецца дзевяццю ілюстрацыямі, у тым ліку і такімі: Як з плеч звалілася гара, дык дружна крыкнулі "Ура-а-а!" (К. Крапіва); Можа, хутка адновім водаправод, тады з маіх плеч гара зваліцца (М. Лынькоў); Я так рада - скончыўся навучальны год. Як гара з плеч (Л. Левановіч); Пракурор прасвятлеў. Гара з плячэй (І. Аношкін).

У "Слоўніку фразеалагізмаў", апрача названых вышэй кампаратыўных выразаў, апісваюцца і іншыя, якія ў межах нормы функцыянуюць і без злучніка "як": <як> заслона спала з вачэй, <як> кот наплакаў, <як> не сваімі нагамі, <як> сам не свой, <як> чортам падшыты, <як> язык праглынуў . Гэтыя і некаторыя іншыя выразы з цягам часу вызваляюцца ад параўнальнага злучніка, які звычайна рэдукуецца, калі займае слабую, непрыдзеяслоўную пазіцыю. Супаставім, да прыкладу, ужыванне фразеалагізмаў кот наплакаў, рукой падаць у нескарочанай форме: Паўдня працуеце, а працы як кот наплакаў (М. Машара); Ад Рыгі як рукой падаць узмор'е (Ц. Гартны).

2. Зусім не…

У адной з папярэдніх публікацый ужо адзначалася, што прыкладна 70% кампаратыўных фразеалагізмаў належыць да прыслоўна-акалічнасных, і што амаль усе яны сваё значэнне выяўляюць толькі ў спалучэнні са строга акрэсленымі словамі-суправаджальнікамі, найчасцей дзеясловамі. Скажам, выраз як мыш пад венікам кантактуе толькі са словам сядзець і абазначае 'вельмі ціха, бясшумна ці спалохана': У Галі матчын характар. У той мужык не пісне, сядзіць як мыш пад венікам (А. Васілевіч).

Аднак ёсць каля 20 параўнальных зваротаў, якія не сцвярджаюць, а адмаўляюць дзеянне ці якую-небудзь прыкмету, уласцівую папярэдняму слову-суправаджальніку. Так, выраз як Заблоцкі на мыле ўжываецца пры слове зарабіць і абазначае 'зусім нічога, ніколькі не (зарабіць)': Даўней "Лейба Міхолаў" павёз у Варшаву вагон цыбулі і пакуль завёз, дык цыбуля ўся памерзла, і ён зарабіў як Заблоцкі на мыле (К. Чорны).

Дарэчы, узнікненне гэтага фразеалагізма, агульнага для беларускай мовы і польскай (jak Zablocki na mydle), звязваецца з легендай: купец Заблоцкі, каб не плаціць пошліны, вырашыў правезці кантрабандай мыла, вымененае за граніцай на жыта, і схаваў яго на дне карабля, дзе яно размокла. Між іншым, пра гэта ёсць у аповесці Л. Калюгі "Нядоля Заблоцкіх", дзе аўтар гумарыстычна прывязвае легенду да сваіх персанажаў: "Край свету чулі пра Заблоцкага. Ведаюць, што з мылам быў заняўся гэты чалавек. Ведаюць, што не заработак, а ўтрата ў яго на гэтым тавары выйшла… А таго не ведаюць, што наш гэта чалавек - з Баркаўцоў, і ўсе тыя прыгоды не немаведама дзе, а паблізу гэтай вёскі рабіліся".

Часцей фразеалагізмы гэтай групы кантактуюць не з адным суправаджальнікам, а з двума і больш, і апошнія зрэдку могуць адносіцца да розных часцін мовы, але гэта амаль заўсёды аднакаранёвыя словы. Так, патрэбны, трэба - суправаджальнікі для шасці сінанімічных выразаў з іх агульным значэннем 'зусім не, ніколькі не (патрэбны хто-, што-н. каму-н.)': як дзірка ў мосце, як зайцу стоп-сігнал, як леташні снег, як пятае кола ў возе, як рыбе парасон, як сабаку пятая нага . Вось адна са шматлікіх ілюстрацый: Ат, няма пра што гаварыць. Трэба мне тыя мужчыны як дзірка ў мосце (С. Грахоўскі).

Два выразы з гэтага сінанімічнага рада - як зайцу стоп-сігнал, як рыбе парасон - параўнальна нядаўнія ўтварэнні, у аснове якіх нерэальныя вобразы, пабудаваныя на спалучэнні прадметна-лагічна неспалучальных слоў. Нерэальны вобраз і ў аснове фразеалагізма як сабаку пятая нага : Патрэбны некаму твае паперкі як сабаку пятая нага!.. (М. Паслядовіч). Што да выразу як пятае кола ў возе , то ў такой форме ён фіксуецца толькі ў беларускіх слоўніках, украінскіх (як п'яте колесо у возі ) і польскіх ( jak piate kolo u wozu ). Гэты акалічнасна-прыслоўны фразеалагізм, кампаратыўны па форме, склаўся пад уплывам назоўнікавага выразу, аналагічнага па кампанентным складзе, але без кампанента-злучніка "як". Такі фразеалагізм са значэннем 'лішні, непатрэбны чалавек' бытуе ў шмат якіх мовах: ням. das funfte Rad am Wagen (літаральна "пятае кола ў возе"), франц. une cinquieme roue d'un carrosse (літаральна "пятае кола ў карэце"), руск. пятое колесо в телеге , чэшск. pate kolo v vozu і інш. (у беларускіх слоўніках не фіксуецца).

Як для пералічаных выразаў названага сінанімічнага рада, так і для іншых з абазначанай групы характэрна экспрэсіўна-іранічная афарбоўка, а ў маўленні яны выкарыстоўваюцца як сродак стварэння камічнага эфекту, успрымаюцца як фразеалагічныя адзінствы - вобразныя, з жывой унутранай формай, амаль заўсёды з нерэальным вобразам.

Рэдкім прыкладам фразеалагізмаў з неаднакаранёвымі суправаджальнікамі, выражанымі рознымі часцінамі мовы, з'яўляюцца тры сінанімічныя выразы: як мёртваму кадзіла, як мёртваму прыпаркі, як хваробе кашаль (ужываюцца пры словах патрэбны, дапаможа , абазначаючы 'ніколькі, зусім не (патрэбны, дапаможа каму-небудзь)'); напрыклад: А цяпер твая споведзь паможа мне як мёртваму кадзіла (Я. Колас).

Два сінанімічныя выразы са значэннем адмаўлення функцыянуюць у саюзе з дзеясловамі разбірацца, разумець : як баран у бібліі, як свіння ў апельсінах ; да прыкладу: Шэф у гэтай справе як баран у бібліі разумее (Р. Няхай).

Пералічым іншыя фразеалагізмы з дзеясловамі-суправаджальнікамі, лексічнае значэнне якіх адмаўляецца гэтымі фразеалагізмамі: як вол да карэты (прыйсціся, прыдацца), як сабака палку (любіць, кахаць), як свае вушы (бачыць, пабачыць, убачыць), як свінні сядло (ісці, падыходзіць).

Два сінанімічныя фразеалагізмы ўжываюцца з суправаджальнікамі-назоўнікамі карысці, толку, помачы і абазначаюць 'зусім ніякай (карысці і пад. ад каго-, чаго-н.)': як ад (з) казла малака, як з раку смаку . Адзін прыклад: Размова з каралевай атрымалася цяжкай, працяглай і - безвыніковай. Карысці - як з раку смаку. Соф'я ні ў чым не прызналася (А. Бутэвіч).

3. У сэнсе 'зусім'

У гэтай невялікай групе ў якасці суправаджальнікаў, у адрозненне ад выразаў папярэдняй групы, выкарыстоўваюцца не дзеясловы, а лічэбнікі і прыметнікі. Амаль усе выразы гэтай групы страчваюць інтанацыйную і сэнсавую адасобленасць, уласцівую параўнальным зваротам, семантычна збліжаюцца з акалічнасцямі меры і ступені, выступаюць як узмацняльныя эпітэты да слоў-суправаджальнікаў. Сэнсавы змест гэтых выразаў перадаецца ў слоўніках словам зусім . Ён праясняецца толькі ў спалучэнні са словамі-суправаджальнікамі. Яны, як пісаў У.П. Жукаў, выконваюць тут сэнсараспазнавальную функцыю, становяцца як бы элементам значэння гэтых выразаў.

Чатыры сінінімічныя фразеалагізмы ўжываюцца толькі з суправаджальнікам-лічэбнікам адзін : як вока ў лобе, як ёсць, як палец, як перст . Напрыклад: Ой, і не пытайся, любачка, адна я цяпер як вока ў лобе… Усе мае за светам жывуць… (Л. Галубовіч); А ў мяне ж у Сумлічах асталася адна як ёсць Волечка (К. Чорны); Я застаўся адзін як палец (М. Машара); Я ж без цябе як перст адна… (Я. Колас). Дарэчы, агульны для беларускай мовы, украінскай ( як палець ) і польскай ( sam jak palec ) выраз як палец склаўся на аснове фразеалагізма як перст з заменай устарэлага слова-кампанента перст .

Яшчэ чатыры выразы спалучаюцца з суправаджальнікамі-прыметнікамі: (голы) як бубен (пра луг, поле, поплаў, выган і пад.), (сівы) як голуб , (глухі) як пень , (сівы, белы) як лунь . Вось некалькі ілюстрацый з выкарыстаннем апошняга выразу: Увесь белы як лунь, ён сядзеў на абгарэлым бервяне, схаваўшы рукі ў рукавы (П. Пестрак); Гасцей сустракае начальнік штаба…, увесь як лунь сівы (І. Навуменка); - Вот горачка, вот горачка, - цяжка ўздыхнула сівая што лунь бабка Параска (А. Рыбак). Усе гэтыя выразы для сённяшняга моўніка - бязвобразныя. Незразумела, чаму аб'ектамі параўнання ў зваротах абраны менавіта гэтыя назоўнікі: бубен, голуб, пень, лунь . Дарэчы, лунь - драпежная птушка з шаравата-белым апярэннем. У палявога дарослага луня пер'е зверху светла-шэрае, а знізу белае.

Гэтак жа страціў сваю першапачатковую вобразнасць і фразеалагізм як швед пад Палтавай . Этымалагічна ён паходзіць ад гістарычнай падзеі - бітвы паміж расійскімі і шведскімі войскамі, якая была 27 чэрвеня 1709 г. пад Палтавай і закончылася перамогай над шведамі. Па ідэі выраз павінен бы звязвацца з суправаджальнікам-дзеясловам загінуць , але параўнаем скарочаныя кантэксты ў сучасным друку: прагарыць як швед пад Палтавай (В. Блакіт); правалілася на першым экзамене як швед пад Палтавай (Г. Марчук); прапаў ты цяпер як швед пад Палтавай (А. Махнач). І ў часы В. Дуніна-Марцінкевіча выраз ужываўся ўжо не з дзеясловам загінуць . У "Пінскай шляхце" Куторга кажа пра сябе: Які тут у чорта розум, калі так неасцярожна папаўся ў бяду бы швед пад Палтавай . У "Зборніку беларускіх прыказак" І.І. Насовіча выраз падаецца з тлумачэннем: "Кажуць пра таго, хто прайграўся ці прапіў сваю маёмасць".

4. У сэнсе 'вельмі'

Блізкія да папярэдняй групы выразы, якія ў "Слоўніку фразеалагізмаў" тлумачацца словам вельмі . Амаль ва ўсіх гэтых выразах вобразная матывіроўка зацемненая або наогул страчана для сучаснага стану мовы. Разам з тым усе выразы гэтай групы маюць узмацняльнае значэнне, якое рэалізуецца пры ўдзеле пэўнага словасуправаджальніка.

Пра выразы аналагічнага тыпу У.П. Жукаў пісаў: "Найменшай ступенню семантычнай самастойнасці надзелены такія фразеалагізмы, уласнае значэнне якіх цяжка ўстанавіць. Яны семантычна элементарныя. Іх значэнне можа быць перададзена толькі такім словам, якое ў сваю чаргу не паддаецца (або амаль не паддаецца) раскладанню на элементарныя сэнсавыя часткі… Значэнне такіх фразеалагізмаў як бы дапрацоўваецца за кошт слоў-суправаджальнікаў, якія выконваюць функцыю семантычных канкрэтызатараў, кантэкставых удакладняльнікаў".

У "Слоўніку фразеалагізмаў" апісаны 4 выразы са значэннем 'вельмі, надзвычайна', якое рэалізуецца пры суправаджальніку-прыметніку дурны : як бот <з левай нагі>, як пень, як сабака да года, як сала без хлеба . Зрэшты, і амаль усе астатнія выразы гэтай групы кантактуюць толькі з прыметнікавым суправаджальнікам: ( цікавы ) як Марцін да кавы , ( патрэбны, неабходны ) як паветра , ( стары ) як свет , ( бледны, худы ) як смерць і інш.

Выраз як палатно спалучаецца з прыметнікамі белы, бледны і дзеясловамі збялець, пабялець ; напрыклад: Людміла была белая як палатно (А. Кудравец); Косцік збялеў як палатно (С. Баранавых).

5. Парадак кампанентаў

Ужо не раз адзначалася, што для кожнага фразеалагізма характэрна ўстойлівасць, г.зн. пастаянства замацаванага за ім зместу, кампанентнага складу і структуры. Досыць многім кампаратыўным выразам уласцівы і пастаянны, фіксаваны парадак слоў-кампанентаў.

Так, заўсёды ўжываюцца з прамым парадкам кампанентаў (г.зн. словы размяшчаюцца ў такой жа лінейнай паслядоўнасці, як і ў адпаведных свабодных словазлучэннях, калі яны ёсць у мове) шматкампанентныя фразеалагізмы са структурай:

а) поўнага даданага параўнальнага сказа: як май змаяваў, як чорт панёс, як заслона спала з вачэй і г.д.;

б) няпоўнага параўнальнага сказа: як кот з сабакам, як гарох ад сцяны, як мыш на крупы, як грыбы пасля дажджу, як серада на пятніцу і інш. Адваротны парадак маюць толькі некалькі выразаў гэтай структуры, у якіх адзін з двух назоўнікавых кампанентаў рэалізуецца ў форме давальнага склону: як рыбе парасон, як свінні сядло, як мёртваму кадзіла, як зайцу стоп-сігнал і пад.

З другога боку, многія шматкампанентныя фразеалагізмы са структурай параўнальнага сказа замацаваліся ў маўленні з адваротным парадкам кампанентаў - залежны назоўнік ставіцца не пасля дзеяслова, а перад ім: як бог на душу пакладзе, як камень з сэрца зваліўся, як чорт гарох малаціў, як карова языком злізала, як гара з плеч звалілася і г.д.

Адваротны, інверсійны парадак кампанентаў маюць і выразы, напрыклад, такой мадэлі: як вадой змыла, як варам абдало, як ветрам здзьмула і інш. Або параўнаем яшчэ некаторыя: як з крыжа зняты, як апошняе ў печ усыпаўшы, як вады ў рот набраўшы і г.д.

Асобна варта закрануць некаторыя пытанні, звязаныя з культурай маўлення пры ўжыванні кампаратыўных фразеалагізмаў.

Іншы раз, выкарыстоўваючы фразеалагізм, структурна арганізаваны як параўнальны зварот (напрыклад, як кашаль хваробе ), ставяць перад ім суадноснае з першым кампанентам "як" указальнае слова-прыслоўе так : Твая травяная сістэма дапамагае так, як кашаль хваробе (Э. Валасевіч); Забярыце яе назад, бо яна мне патрэбна так, як у мосце дзірка (У. Паўлаў). Фразеалагізм ў такіх выпадках успрымаецца ўжо як даданая частка складаназалежнага сказа і, кажучы словамі У.П. Жукава, "перастае быць самім сабой".

Слова Бог , як абазначэнне вярхоўнай істоты, стваральніка і кіраўніка свету і як увасабленне праўды і справядлівасці, з даўніх часоў стала па розных прычынах (рэлігійных, маральных, этычных і іншых) адным з найбольш ужывальных у самых разнастайных маўленчых сітуацыях. І пісалася яно ў дасавецкія часы з вялікай літары. У савецкі ж перыяд яно амаль знікла са старонак друку, а калі і выкарыстоўвалася зрэдку, то падавалася з малой літары.

У апошнія ж дзесяцігоддзі, калі вецер часу падзьмуў у іншы бок і амаль усе былыя бязбожнікі зрабіліся нібыта шчырымі вернікамі, слова Бог (ужо з вялікай літары) стала адным з высокачастотных. Ці заўсёды ж гэтае слова і вытворныя ад яго трэба пісаць з вялікай літары?

Як паказана ў новых "Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі" (2008), з вялікай літары пішуцца найменні найвышэйшых божастваў, а таксама прыметнікі, утвораныя ад слова Бог, у такіх спалучэннях: Божы суд, Божы храм, Божая міласць . Ва ўстойлівых жа выразах (фразеалагізмах) з кампанентам бог , божа, алах слушна рэкамендуецца пісаць малую літару.

А фразеалагізмаў з кампанентам бог - 117, у тым ліку 8 - са злучнікам "як": як бог дасць, як бог на душу пакладзе, як бог свят, як бог чарапаху, як бога (чакаць), як у бога за дзвярыма, як у бога за пазухай, як перад богам.

У сённяшніх беларускіх часопісах і газетах, аднак, не-не дый сустрэнеш памылковыя напісанні тыпу: Бог ведае, чым Бог паслаў, дай Божа, як Бог дасць.

А як пісаць іншыя фразеалагізмы з кампанентам - былым уласным назоўнікам? Тут вялікую ролю адыгрывае сіла прывычкі. Так, хоць ніколі не было цара з імем Гарох , аднак, пішуць: за царом Гарохам . Фразеалагізм як піліп з канапель склаўся ў асяроддзі паляўнічых, дзе піліп - другая назва зайца. Забыццё першапачатковай вобразнасці прывяло да пераасэнсавання слова піліп , якое стала успрымацца як уласнае імя.

Становячыся часткай фразеалагізма, як зазначыў вядомы рускі фразеолаг В.М. Макіенка, "імя ўласнае страчвае сувязь з канкрэтнай асобай ці аб'ектам, г.зн. вычэрпвае сваю анамастычную функцыю. Яно перастае быць перадачай гранічнай адзінкавасці… і пачынае абагульняць, значыць, выконваць функцыю імя агульнага". Такі кампанент (з былога ўласнага назоўніка) не мае ў складзе фразеалагізма свайго самастойнага значэння і павінен пісацца з малой літары, калі трымацца логікі, а не традыцыі і "фанатычнага кансерватызму" (Л.А. Булахоўскі) у арфаграфіі. Напісанне такіх фразеалагізмаў з вялікай літары перашкаджае ўспрыманню фразеалагізма, бо штучна нібы аднаўляе этымалагічнае значэнне яго частак - асобных слоў, без патрэбы актуалізуе гэтыя часткі.

Адзначым, дарэчы, што ў "Слоўніку фразеалагізмаў" (2008), насуперак жаданню яго складальніка, кампаненты з былых уласных назоўнікаў усюды пададзены з вялікай літары: як Заблоцкі на мыле, як ксёндз Магдусі, як Мамай прайшоў, як Марка па пекле, як швед пад Палтавай і інш.

Доўгі час пры пунктуацыйным афармленні фразеалагізмаў перавага аддавалася граматычнаму прынцыпу. У дарэвалюцыйных парэміялагічных зборніках І. Насовіча, Е. Раманава, Я. Ляцкага, М. Федароўскага паслядоўна раздзяляюцца коскай фразеалагічныя кампаненты, звязаныя паўторнымі злучнікамі: ні бэ, ні мэ; ні ў кола, ні ў мяла і г.д. Раздзяляльная коска абавязкова ставілася і ва ўсіх іншых выпадках, дзе, згодна з правіламі, яна павінна быць ў свабодных канструкцыях аналагічнай структуры, скажам, перад злучнікам як : спіць, як пяньку прадаўшы; гол, як сакол; сказаў, як звязаў .

У 1959 г. выйшлі ўдакладненыя "Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", у якіх упершыню пунктуацыя пры фразеалагізмах засноўваецца ўжо не на граматычным, а на сэнсавым прынцыпе. У слоўніках пазнейшага часу - БРС (1962) і ТСБМ (1977 - 1984) - больш-менш паслядоўна ўлічваецца семантычная непадзельнасць фразеалагізмаў і сэнсавая аснова пунктуацыі. Так, падаюцца без знакаў прыпынку: то бокам то скокам, (бегчы) як на пажар, (ведаць) як аблупленага і г.д.

Аднак і ў сённяшнім друку нярэдка сустракаюцца парушэнні пунктуацыйных нормаў. Вось некаторыя з іх, звязаныя з ужываннем кампаратыўных выразаў:

1. Ужыванне коскі пры фразеалагізмах са злучнікамі як, што, нібы , якія знаходзяцца ў пачатку або ў сярэдзіне фразеалагізма: Што стала, як укопаная…; Не бачыць яму паветкі, як сваіх вушэй; Дваццаць гадкоў меў, як лёду.

2. Выдзяленне коскамі фразеалагічнага кампанента (аднаго і больш). Так, без усякай матывацыі разрываюцца на часткі, рэжуцца па жывому, напрыклад, фразеалагізмы як ветрам здзьмула, як у ваду кануў : Затым усмешку з яго вуснаў, нібы ветрам, здзьмула; І нават ён, нібыта ў воду, кануў, мой добры сябра, Косця Верабей.

І яшчэ адна заўвага, звязаная ўжо не з пунктуацыяй. У нашых слоўніках крайне непаслядоўна апісваюцца кампаратыўныя фразеалагізмы з суправаджальнікамі. Напрыклад, у ТСБМ: баяцца як агню (т. 1, с. 355); глухі як пень (т. 2, с. 58); стары як свет (т. 5, кн. 1, с. 313); трэба як сабаку пятая нага (т. 5, кн. 1, с. 539). Або ў "Фразеалагічным слоўніку мовы твораў Я. Коласа": голы як бубен; усе як адзін; адзін як палец .

Іван Лепешаў.


ДЗЕ ПАМЫЛКІ, А ДЗЕ…

Вядомы беларускі лінгвіст доктар філалагічных навук (1963), член-карэспандэнт НАН Беларусі (1969), заслужаны дзеяч навукі БССР (1978), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2000) Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч пайшла з зямнога жыцця 24.11.2003. На вялікі жаль, у некаторых артыкулах калег Юзэфы Фларыянаўны і, што прыкра і абуральна, у многіх дзяржаўных энцыклапедычных даведніках Беларусі дата смерці яе падаецца няправільна - 24.11.2002. Гэта бачым у наступных публікацыях: Л.П. Кунцэвіч. Руплівая даследчыца роднай мовы // Веды. 2009, 12 студзеня, с. 7; В.М. Курцова. Шчыраванне роднаму слову // Веды 2011, 1 жніўня, с. 6; Л.П. Кунцэвіч. Руплівы даследчык роднай мовы (да 100-годдзя з дня нараджэння Ю.Ф. Мацкевіч) // Беларуская лінгвістыка. 2011. Выпуск 67, с. 173; Республика Беларусь. Энциклопедия. Том 4. Минск. 2007, с. 680; Большой белорусский энциклопедический словарь. 2011. Минск. "Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі". Главный редактор Т.В. Белова, с. 211.

Пасля ўбачанага аўтар гэтых радкоў звярнуўся ў выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" і паказаў гэтую прыкрую памылку. Загадчыца рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва паглядзела ў картатэку імён персаналій вучоных і дзеячаў культуры Беларусі і сказала мне, што ў картатэцы стаіць дата смерці Ю.Ф. Мацкевіч 24.11.2003, правільная дата. Спецыяліст запэўніла мяне, што ў далейшым гэта памылка будзе выпраўлена; сказала, што ў хуткім часе выходзіць з друку другі том даведніка "Энциклопедия. Регионы Беларуси. Витебская область", дзе будзе змешчаны артыкул "Мацкевич Юзефа Флориановна", у якім дата смерці Ю.Ф. Мацкевіч будзе пададзена правільная - 23.11.2003. Неўзабаве гэты том выйшаў з друку, а памылка засталася нявыпраўленай! Пададзена: Мацкевич Юзефа Флориановна (27.7.1911, д. Ухлё Чашникского р-на - 23.11.2002). Праўда, ёсць публікацыі і даведнікі, дзе дата адыходу ў іншы свет Юзэфы Фларыянаўны Мацкевіч прыводзіцца правільная. Прыводзім гэтыя прыклады: Т.М. Трухан. Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч (Да 95-годдзя з дня нараджэння) // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2006, № 3, с. 124; І.У. Саламевіч. Мацкевіч Юзэфа Фларыянаўна. // Беларускі фальклор. Энцыклапедыя. Л-Я. Том 2. 2006, с. 127; Мацкевіч Юзэфа Фларыянаўна (27.7.1911 - 24.11.2003) - мовазнавец, член-карэспандэнт з 1969, заслужаны дзеяч навукі БССР (1978), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1971), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2000) // Адззяленне гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Да 75-годдзя з дня заснавання. 2011, с. 98).

Беларускі мовазнавец Ю.Ф. Мацкевіч выбрана членам-карэспандэнтам у 1969 годзе. На жаль, адносна часу абрання яе членам-карэспандэнтам у друку таксама ідуць памылкі. Так, А.А. Крывіцкі на с. 84 часопіса "Беларуская лінгвістыка" (вып. 1) у артыкуле "Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч (Да 60-годдзя з дня нараджэння)" напісаў: "Як буйнейшы і вядомы спецыяліст па беларускай дыялекталогіі, ініцыятыўны арганізатар навукова-даследчай працы і аўтар шматлікіх і грунтоўных навуковых прац Ю.Ф. Мацкевіч у 1968 г. абрана ў члены-карэспандэнты АН БССР" . "З лёгкай рукі" А.А. Крывіцкага гэта памылка (1968, а не 1969) паўтарылася ў публікацыях П.А. Міхайлава [гл. "Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч (Да 70-годдзя з дня нараджэння)" // Беларуская лінгвістыка. Выпуск 20. 1981, с. 79], яго ж [гл. "Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч (Да 80-годдзя з дня нараджэння)" // Беларуская лінгвістыка. Выпуск 40. 1992, с. 73], Л.П. Кунцэвіч [гл. "Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч (Да 85-годдзя з дня нараджэння)" // Беларуская лінгвістыка. Выпуск 46. 1996, с. 89], яе ж [гл. "Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч (Да 90-годдзя з дня нараджэння)" // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук. 2001, с. 144; яе ж [гл. ,"Руплівы даследчык роднай мовы (да 100-годдзя з дня нараджэння Ю.Ф. Мацкевіч)" // Беларуская лінгвістыка. Выпуск 67, с. 173], Ф.Д. Клімчука [гл. "Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч (да 90-годдзя з дня нараджэння)" // Беларуская лінгвістыка. Выпуск 51. 2001, с. 94]. Праўда, цешыць тое, што ўсе беларускія энцыклапедычныя даведнікі падаюць год выбрання Ю.Ф. Мацкевіч членам-карэспандэнтам правільна.

Л.П. Кунцэвіч у сваім артыкуле "Юзэфа Фларыянаўна Мацкевіч (да 85-годдзя з дня нараджэння)" (гл. "Беларуская лінгвістыка". Выпуск 46. 1996, с. 89) і В.М. Курцова ў сваіх артыкулах "Даследчык народных скарбаў" (гл. "Літаратура і мастацтва". 2011, 12 жніўня, с. 5) і "Шчыраванне роднаму слову" (гл. "Веды". 2011, 3 кастрычніка, с. 6) пішуць, што Ю.Ф. Мацкевіч напісала звыш 80 навуковых прац у галіне дыялекталогіі і гісторыі беларускай мовы. Адносна гэтага сцвярджэння неабходна сказаць наступнае. Я.М. Рамановіч і аўтар гэтых радкоў займаліся вывучэннем навуковай дзейнасці Ю.Ф. Мацкевіч і сістэматызацыяй, бібіліяграфіяй яе навуковых прац. Я.М. Рамановіч у сваім спісе падае 102 пазіцыі прац Ю.Ф. Мацкевіч (гл. кнігу "Жывое наша слова. Дыялекталагічны зборнік. Да 90-годдзя члена-карэспандэнта НАН Беларусі Ю.Ф. Мацкевіч. 2001, сс. 10-19). Трэба зазначыць,што ў спіс прац Юзэфы Фларыянаўны, прыведзены ў названым вышэй зборніку Я.М. Рамановіч, увайшлі не ўсе апублікаваныя працы Ю.Ф. Мацкевіч, асабліва працы, што выйшлі ў свет у замежных выданнях, а таксама некаторыя публікацыі, якія былі выпушчаны ў айчынных выданнях. Так, у спісе, падрыхтаваным Я.М. Рамановіч, адсутнічаюць навуковыя працы, у якіх прымала ўдзел Ю.Ф. Мацкевіч: J. Mackiewicz, A. Muraszka, A. Obrеbska-Jablonska. O niektorych gramatycznych osobliwosciach gwar bialoruskich // Slavia orientalis. XI, 1. 1962; Ю.Ф. Мацкевич, А. Г. Мурашко, А.В. Орешонкова. Об итогах работы по составлению атласа белорусских народных говоров // Вопросы диалектологии восточнославянских языков. М., 1964; Ю.Ф. Мацкевич, Е. Гринавецкене, Е.М. Романович, Е.И. Чеберук. О некоторых белорусско-польских изолексах // Rozprawy Komisji Jеzykowej LTN, t. XXXII, 1986; Ю. Мацкевич, Л. Молчанова. Лексический атлас белорусских народных говоров // За передовую науку. 1986, 6 июня, с. 5 і інш.

З'явіўся на свет "Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча" (1979-1986) у пяці тамах. Ю.Ф. Мацкевіч з'яўляецца суаўтарам у кожным з гэтых пяці тамоў. Усе гэтыя тамы выходзілі ў розныя гады (1979, 1980, 1982, 1984 і 1986). У спісе прац, падрыхтаваных Я.М. Рамановіч, усе тамы гэтага слоўніка пададзены пад адной пазіцыяй (67), а павінны былі быць разнесены на пяць пазіцый.

Як бачым з аналізу, член-карэспандэнт НАН Беларусі Ю.Ф. Мацкевіч з'яўляецца аўтарам не 80 навуковых прац, як заяўляюць у друку Л.П. Кунцэвіч і В.М. Курцова, а дзесьці каля 120 публікацый.


У часопісе "Весці Акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук" 1993, № 1, сс. 110-111 быў апублікаваны артыкул "Мікалай Васільевіч Бірыла" , напісаны Г.У. Арашонкавай і В.П. Лемцюговай, у якім на старонцы 111 аўтары пішуць: "Сорак пяць гадоў натхнёнай творчай працы аддаў М.В. Бірыла служэнню філалагічнай навуцы. За перыяд сваёй навуковай дзейнасці ён апублікаваў каля 100 навуковых прац, прысвечаных актуальным пытанням беларускага мовазнаўства".

У 2000 годзе пабачыў свет зборнік навуковых артыкулаў "Беларуская мова і мовазнаўства. Да 75-годдзя акадэміка М.В. Бірылы". Зборнік пачынаецца з артыкула І.К. Германовіча "М.В. Бірыла як мовазнавец", у якім падрабязна прасочваецца жыццёвы і навуковы шлях вядомага беларускага мовазнаўца акадэміка АН БССР Мікалая Васільевіча Бірылы (1923-1992). Артыкул завяршаецца спісам навуковых прац М.В. Бірылы, якія выйшлі пры жыцці аўтара і пасля яго адыходу ў іншы свет. Спіс налічвае 118 пазіцый. Сюды неабходна дадаць яшчэ адну працу М.В. Бірылы, падрыхтаваную да друку В.М. Курцовай і названую ёй "Слоўнік Капыльшчыны". Гэта лексічны дадатак да кандыдацкай дысертацыі М.В. Бірылы "Гаворкі Чырвонаслабодскага раёна Бабруйскай вобласці" (1953). Працу "Слоўнік Капыльшчыны" В.М. Курцова змясціла ў кнізе "Беларуская дыялекталогія. Матэрыялы і даследаванні. Зборнік навуковых артыкулаў. Выпуск 3". Мн., "Беларуская навука". 2014, сс. 5-23.

Такім чынам, канчатковы спіс навуковых прац акадэміка М.В. Бірылы складае 119 пазіцый.

І вось у 2004 годзе ў 54 выпуску часопіса "Беларуская лінгвістыка" з'явіўся артыкул В.П. Лемцюговай "Мікалай Васільевіч Бірыла (Да 80-годдзя з дня нараджэння)", дзе на дваццатай старонцы штогодніка чытаем: "За час сваёй навуковай дзейнасці Мікалай Васільевіч [Бірыла] напісаў і апублікаваў звыш 200 навуковых прац" . Хоць, як было адзначана вышэй, у артыкуле "Мікалай Васільевіч Бірыла", напісаным той жа В.П. Лемцюговай у суаўтарстве з Г.У. Арашонкавай, было сказана, што "за перыяд сваёй навуковай дзейнасці ён [М.В. Бірыла] апублікаваў каля 100 навуковых прац" . Артыкул "Мікалай Васільевіч Бірыла", падрыхтаваны Г.У. Арашонкавай і В.П. Лемцюговай, быў напісаны і апублікаваны ў 1993 годзе, калі М.В. Бірылы ўжо не было ў жыцці (ён пайшоў у іншы свет 30 верасня 1992 года). Дарэчы, дэзынфармацыя, наўмысная тэндэнцыйнасць В.П. Лемцюговай паўтарылася ў выданні "Аддзяленне гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Да 75-годдзя з дня заснавання" (Мн., "Беларуская навука". 2011) у артыкуле "Бірыла Мікалай Васільевіч, акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук Акадэміі навук БССР у 1977-1992 гадах" (с. 68), дзе таксама напісана: "За час сваёй навуковай дзейнасці М.В. Бірыла апублікаваў звыш 200 навуковых прац".

Статыстыка, асабліва ў навуцы, у навуковых публікацыях, павінна быць аб'ектыўнай, дзе не даравальны прыпіскі, тым больш на ўсе сто і больш працэнтаў.


Да акадэміка М.В. Бірылы акадэмікам-сакратаром Аддзялення грамадскіх навук АН БССР быў акадэмік К.П. Буслаў , і ў згаданым вышэй даведніку на с. 64 сказана: "Усяго К.П. Буславым было апублікавана больш за 80 навуковых прац" ; і ніхто не напісаў, што ён апублікаваў 180 або 280 прац. Раней, у 1960-1967 гадах, аддзяленне ўзначальваў акадэмік Ц.С. Гарбуноў . Ён з'яўляецца аўтарам звыш 20 навуковых прац, у тым ліку 7 манаграфій і брашур. Пададзена тут усё аб'ектыўна, без якіх бы там не было перабольшванняў. Да акадэміка Ц.С. Гарбунова Аддзяленне грамадскіх навук АН БССР у 1943-1960 гадах узначальваў вядомы гісторык акадэмік АН БССР У.М. Перцаў. У даведніку паказана, што "Уладзімір Мікалаевіч з'яўляецца аўтарам больш як 60 навуковых прац, у тым ліку 5 манаграфій" . І без ніякіх прыпісак. Акадэмік У.М. Перцаў аддаў самаахвярнаму служэнню навуцы каля шасцідзесяці гадоў. І ніхто не падумаў ні ў гэтым даведніку, ні ў іншых месцах напісаць, скажам, лічбу 160 ці 260 замест правільнай і аб'ектыўнай лічбы 60.


І ў заключэнні свайго артыкула лічым неабходным звярнуць увагу на яшчэ адзін прыкры недагляд. І ён, на вялікі жаль,з практыкі выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі. У 2006 годзе ў выдавецтве "Беларуская энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі выйшла ў свет выданне "Беларускі фальклор. Энцыклапедыя". Л-Я. Том 2. На 716 старонцы гэтай працы змешчаны артыкул "Цішчанка Іван Кірылавіч" , прысвечаны вядомаму беларускаму фалькларысту, ліатартуразнаўцу і педагогу. На вялікі жаль, гэты артыкул забяспечаны фатаграфіяй не Цішчанкі Івана Кірылавіча, а фатаграфіяй Цішчанкі Івана Рыгоравіча - вядомага беларускага хіміка-арганіка, члена-карэспандэнта АН БССР, прафесара БДУ.

Мікалай Крыўко, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.


Літаратурныя сустрэчы ў Лідзе і Нясвіжы

23 верасня ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылася літаратурная вечарына з удзелам старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, паэта Станіслава Судніка і намесніка старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны, барда Сяргея Чарняка.

Фармальнай падставай стаўся 60-гадовы юбілей Станіслава Судніка, на самай справе - гэта была яшчэ адна нагода, каб беларускае слова і беларуская песня прагучалі яшчэ раз і ў больш шырокай аўдыторыі. І хоць у лідскай бібліятэцы сабраліся ў асноўным сябры ТБМ і літаб'яднання "Суквецце", якія ў той ці іншай ступені былі знаёмыя з творчасцю і С. Судніка, і С. Чарняка, але і для іх сталі нечаканасцю пяць абсалютна новых песень Сяргея Чаняка, напісаныя на абсалютна не песенныя тэксты Станіслава Судніка, які напаўжартоўна сцвярджае, што якую музыку на яго вершы не пішы, усяроўна атрымаецца вайсковы марш. Адзін марш сапраўды атрымаўся, адна балада, ну а тры што ні кажы, дзякуючы майстэрству барда - усё такі песні.

Супрацоўнікі бібліятэкі ўклалі ў арганізацыю вечарыны душу, не пабаімся гэтага штампу, і яшчэ раз паказалі, як цёпла і па-сямейнаму можна арганізоўваць такія вечарыны. Але ж не будзем забывацца і на тое, што Лідская бібліятэка лепшая бібліятэка вобласці, і яна ў апошнія гады стала сапраўдным культурным цэнтрам горада, пра што з вялікім задавальненнем гаварыў той жа Сяргей Чарняк. Сюды хочацца ісці і не толькі дзеля кнігі, а і дзеля беларускай атмасферы.

26 верасня Станіслаў Суднік і Сяргей Чарняк наведалі Нясвіж. Тут літаратурная сустрэча з вучнямі нясвіжскай школы № 1 і навучэнцамі педагагічнага каледжа адбылася таксама ў бібліятэцы. Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка ні ў чым не саступае лідскай. Такая ж сучасная, прасторная, аздобленая па апошнім слове сучасных дызайнер-скіх павеваў, хіба крыху меншая ад лідскай. Тут такія ж шчырыя працаўнікі і выдатныя спецыялісты.

Сустрэча ў Нясвіжы анансавалася як краязнаўчая, але на яе прыйшлі як прафесар, доктар гістарычных навук Міхаіл Гурын, так і сябры літаб'яднання "Валошкі" ды клуба "Актыўнае даўгалецце", бо яшчэ ёсць пытанне, куды аднесці гістарычныя мініяцюры С. Судніка - да краязнаўства ці да літаратуры.

У Нясвіжы ўпор рабіўся на мясцовую тэматыку, балазе С. Суднік родам з Нясвіжскага раёна, але песні С. Чарняка ўспрымаліся з не меншым энтузіязмам, чым у Лідзе.

Наш кар. На здымках: падчас вечарыны; Станіслаў Суднік з работнікамі бібліятэкі. На здымках: выступае Сяргей Чарняк; у актавай зале Нясвіжскай раённай бібліятэкі.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў кастрычніку

Акаловіч Леанід Аляксандр. Алейнік Іна Міхайлаўна Алейнік Юры Леанідавіч Антановіч Лідзія Аляксандр. Арлова Эрыка Арлова Эсфір Віктараўна Архуцік Мікалай Арцёменка Віталь Аўдошчанка Валянціна Ашурак Вітольд Міхайлавіч Байдакова Ганна Дзмітрыеўна Бамбіза Мікалай Рыгоравіч Барташэвіч Антаніна Барэль Васіль Бордак Наталля Васільеўна Брыцько Аляксей Бубала Антон Буйніцкая Марына Булавацкі Міхась Пятровіч Булат Алена Анатольеўна Бурлевіч Людміла Мікалаеўна Бусел Мікалай Кліменцьевіч Бягун Рацібор Аляксандравіч Бялецкі Віктар Пятровіч Валуненка Ірына Іванаўна Варабей Таццяна Пятроўна Ваўкавыцкая Таццяна Вератынскі Кірыл Віктаравіч Войніч Вераніка Восіпава Аляксандра Яўген. Гарбуль Аляксандр Васільевіч Гарніцкі Янка Андрэевіч Гіль Міхаіл Нікадзімавіч Глот Аляксей Грынкевіч Георгі Ігаравіч Грышчук Ганна Рыгораўна Дамарад Святлана Даніловіч М.А. Данілюк Віктар Уладзіміравіч Даржынкевіч Генрых Фелікс. Дзедушкова Алена Дзеружынская Вераніка Авяр. Джэгайла Уладзімір Васільевіч Дзіцэвіч Юлія Дзмітрыенка Анатоль Іванавіч Долбік Ларыса Рыгораўна Дудар Тацяна Аляксандраўна Думанская Ганна Рыгораўна Ермаковіч Леанід Іванавіч Ермаловіч Васіль Васільевіч Жаўток Уладзімір Жэгалава Тарэса Міхайлаўна Зволінскі Тодар Землякоў Міхаіл Канстанцін. Зянковіч Юрась Іваноў Максім Генадзьевіч Ігнашэвіч Вадзім Уладзімір. Іўчанкоў Мікалай Мікалаевіч Кавецкая Наталля Уладзімір. Казак Валянціна Казлоў Алег Яўгенавіч Каліноўская Бажэна Андр. Каліноўская Крысціна Каратай Уладзімір Арсеньевіч Касцючэнка Ірына Каханчык Зміцер Качаноўская Наталля Георг. Качарагіна Людміла Алякс. Кірыленка Анатоль Іванавіч Клундук Святлана Сяргееўна Конюх Віктар Лявонавіч Краўцоў Мікалай Крой Аляксандр Ільіч Крупіца Валянціна Кулеш Алена Кульбіцкі Сяргей Валер'евіч Кунцэвіч Зінаіда Мікалаеўна Куржалаў Алег Васільевіч Кутас Тамара Кушнер Васіль Фёдаравіч Лебедзеў Уладзімір Ануфр. Лебядзевіч Д.М. Лепешаў Іван Якаўлевіч Ліс Дар'я Алегаўна Лучко Валянцін Станіслававіч Люкевіч Уладзімір Паўлавіч Лявонава Галіна Мазырка Аляксандр Макруш Сяргей Вячаслававіч Малец Таццяна Малько Вячаслаў Аляксандр. Мальцава Ірына Маслюкоў Іван Віктаравіч Масяйчук Аляксандр Мартысюк Вера Мацвеенка Аляксандр Яўген. Мінаў Леанід Уладзіміравіч Міняйла Ганна Сяргееўна Місевіч Аляксандра Міснікова Кацярына Міцкевіч Уладзімір Валянцін. Мішчанчук Мікалай Іванавіч Навуменка Генадзь Навумчык Іосіф Адамавіч Несцярук Валеры Фёдаравіч Палейка Анатоль Палікарпаў Валеры Канстанц. Палсцюк Валеры Віктаравіч Палтаржыцкая Ірына Генадз. Палубятка Іосіф Іосіфавіч Палянскі Аляксандр Сярг. Панамарова Лізавета Сярг. Пасюкевіч Ірына Уладзіслав. Піліпенка Алена Пракаповіч Ілля Мікалаевіч Праневіч Генадзь Мікалаевіч Прылішч Ірына Аляксандр. Пунько Вольга Язэпаўна Пярова Маргарыта Сяргееўна Пярова Наталля Юр'еўна Пяткевіч Лізавета Алегаўна Раманоўскі Валер Іванавіч Раманоўскі Ўладзімір Іванавіч Раманцоў Зміцер Уладзіміравіч Раманюк Раман Розберг Дзяніс Уладзіміравіч Рудзёнак Алег Рудовіч Алена Руды Яўген Ігаравіч Русіновіч Іван Кузьміч Рындзевіч Вячаслаў Савацееў Кім Сяргеевіч Савіч Яўген Сагановіч Яніна Генадзеўна Сазонаў Віктар Паўлавіч Сазонаў Вячаслаў Мікалаевіч Сакевіч Уладзімір Клеменцевіч Салаўёў Мікалай Святоха Генадзь Уладзімір. Сёмкіна Вольга Віктараўна Семянчук Валеры Семянчук Генадзь Сенькавец Уладзімір Адамавіч Сідарчук Кірыл Валер'евіч Сікора Алег Георгіевіч Сіняк Павел Віктаравіч Скіцёў Зміцер Андрэевіч Смашная Марына Уладзімір. Спосабаў Іван Іванавіч Станеўская Людміла Станкевіч Георгі Стральцоў Алесь Уладзімір. Суднік Святлана Георгіеўна Суліменка Дзмітры Сярг. Сульжыц Кацярына Сярг. Сухаверхі Андрэй Сямёнавіч Сухарэвіч Віталь Пятровіч Сухоцкі Андрэй Аляксеевіч Сцежкін Кірыла Аляксандр. Сялюк Іван Сямёнава Анастасія Васільеўна Сямёнаў Віталь Трафімчык Сяргей Аляксан. Угрын Аляксандр Сяргеевіч Урублеўскі Вадзім Валер'евіч Фалейчык Алесь Філіповіч Дзіяна Леанідаўна Хадачок Міхаіл Хадневіч Цімафей Хархардзін Уладзіслаў Цішкевіч Юлія Іванаўна Цыганкоў Віталь Аляксеевіч Цыхун Генадзь Апанасавіч Цюлькоў Аляксей Чайкоўскі Павел Іванавіч Чубат Аяксей Леанідавіч Шалястовіч Людміла Васіл. Шаршнёва Наталля Анатол. Швед Вячаслаў Вітальевіч Швед Іна Анатольеўна Шохан Вольга Шуй Вольга Васільеўна Шыдлоўскі Раман Яўгенавіч Шык Уладзімір Раманавіч Янушкевіч Станіслаў Антон. Яраховіч Марына Рыгораўна Яроменкаў Аляксандр Леанід.


У Белавежы дзеці працягваюць вывучаць беларускую мову

У Комплексе школ у Белавежы ўжо чарговы год дзеткі вувучаюць беларускую мову. Заняткі праходзяць у пачатковай школе ды гімназіі.

"Сёлета вывучаць беларускую мову падалі заяўкі сорак пяць вучняў", - кажа настаўніца беларускай мовы Ангеліна Масальская:

- У гэтым годзе колькасць вучняў павялічылася. Школа невялікая, як на колькасць вучняў у школе, то на беларускую мову многа прыходзіць дзяцей. Кожны клас мае заняткі на беларускай мове, дзеці і старэйшая моладзь вывучаюць беларускую мову па тры гадзіны на тыдзень.

Белавежскія вучні праяўляюць вялікую цікавасць да роднай мовы і культуры і нават заснавалі дзіцячы калектыў "Сунічкі".

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


Бельскі беларускі ліцэй святкуе юбілей

Урачыстай прысягай першакласнікаў, віншаваннямі і ўспамінамі сустрэў свой 70-гадовы юбілей Бельскі беларускі ліцэй. Сённяшні ліцэй адрозніваецца ад таго, які ствараўся намаганнямі бацькоў і беларускай супольнасці Бельска ў 1944 годзе, - адзначае сённяшні дырэктар установы Андрэй Сцепанюк. Цяпер у школе не выкладаюць усіх прадметаў па-беларуску, але ліцэй захаваў нешта больш важнае - а менавіта - беларускасць:

- Думаю, што застаецца доўг. Гэта часта не важна, ці ўсе ведаюць дасканала мову. Важна, што адчуваюць сябе ўсё ж такі, няхай гэта будзе, польскімі беларусамі. Што многія з гэтых маладых людзей будуць вяртацца ў гэтую школу, бо будуць прыязджаць на з'езды выпускнікоў. Не простая гэтая наша беларускасць тут. Але трэба яе шанаваць. І гэтыя маладыя людзі, якія прыйшлі, сведчаць аб тым, што ўсё ж такі варта яшчэ трываць, рабіць штосьці для беларускасці. Гэта нашае жыццё.

Бельскі агульнаадукацыйны ліцэй імя Браніслава Тарашкевіча разам з ліцэем у Гайнаўцы, і беларускай сярэдняй школай у Вільні, - адна з трох беларускіх сярэдніх школаў у замежжы. За 70 гадоў ліцэй выпусціў больш за пяць тысяч выпускнікоў.

- Гэты ліцэй - важны кампанент у адукацыі моладзі не толькі нацыянальнай меншасці, але і польскай моладзі, якая таксама з задавальненнем ходзіць у гэтую школу, бо ведае пра ўзровень навучання там. Я перадусім з гэтага цешуся. І з нагоды іх 70-годдзя хачу падзякаваць за ўсе гэтыя гады працы.

Бельскі беларускі ліцэй пачаў сваю працу ў 1944 годзе дзякуючы намаганням бацькоў і мясцовага беларускага асяроддзя. Цягам апошніх гадоў ліцэй займае высокія месцы ў агульнапольскіх рэйтынгах сярэдніх школ і з'яўляецца адной з найлепшых сярэдніх школ на Падлессі.

Зміцер Косцін , Беларускае Радыё Рацыя. Фота Давіда Гайко.


Вялікія бітвы беларусаў

"Вялікія бітвы беларусаў: ад паходаў на Візантыю да Першай сусветнай вайны" - так называецца выстава, якая падрыхтавана з фондаў аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.

Рэтраспектыва экспазіцыі дае ўнікальную магчымасць заглянуць у далёкае мінулае, узгадаць падзеі, якія былі значнымі не толькі для нашай гісторыі, а мелі ўплыў на лёс іншых народаў.

На выставе прадстаўлены матэрыялы, якія распавядаюць аб часах удзелу палачан у пераможных паходах князя Алега на Царград (Канстанцінопаль) (907, 911 і 944 гг.), пасля якіх Полацк атрымліваў візантыйскую даніну. Узгадваюцца старонкі, якія звязаны з вядомымі бітвамі пад Клецкам (1506), каля Оршы (1514), на рацэ Ула (1564), пад Кірхгольмам (1605) і інш.

На экспазіцыі шмат увагі нададзена асобам, якія спрыялі велічы і незалежнасці нашых зямель: Усяславу Полацкаму, Давыду Гарадзенскаму, Андрэю Полацкаму, Міхаілу Глінскаму, Канстанціну Астрожскаму, Янушу Радзівілу і інш.

Прэс-служба Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.


"Яцвяг" і "Фрэя" - шлях з Бярозаўкі ў Гародню

27 верасня на бераг Нёмана ў Гародні высадзіліся экіпажы двух сярэднявечных караблёў. Тут завяршыўся першы вадаходны фестываль "З варагаў у грэкі".

Гародня стала апошнім горадам, куды прыплыла гістарычная экспедыцыя: карабель "Яцвяг" - з Беларусі і "Фрэя" з украінскага горада Херсон. Яны пачалі сваё плаванне ў лідскай Бярозаўцы 21 верасня. Арганізатары і ўдзельнікі пастараліся максімальна ўзнавіць вадаходны вобраз народаў эпохі вікінгаў у IX-XI стагоддзях. На стаянцы варажскага флоту гарадзенцы пазнаёміліся з культурай ўсходніх славян, плямёнаў балтаў і скандынаўскіх вікінгаў. У варажскім лагеры госці фестывалю наведалі выставу-кірмаш раннесярэднявечнага побыту. Так-сама тут адбыліся вайсковыя спаборніцтвы дружыннікаў, майстар-класы, стрэльбы з сярэднявечнай зброі і вогненае шоў.

Фестываль працягваўся ўвесь дзень. Увечары гучала жывая сярэднявечная музыка ад украінскай фолк-групы Spiritual Seasons.

Еўрарадыё.


Да выхаду новай кнігі Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі"

Частка 5. У складзе Расійскай Імперыі (канец XVIІІ - пачатак XХ ст.)

На наступны год спланаваны выхад новай кнігі кандыдата гістарычных навук, старшыні ТБМ Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі", у якой часавыя рамкі даследвання ўпершыню ахопліваюць перыяд ад каменнага веку да 1991 года. Прапануем чытачам у якасці анонсу асобныя часткі кнігі.

Змены ў грамадскім і духоўным жыцці

Аналіз пісьмовых крыніц аб стане гарадской культуры ў гарадах ВКЛ, што адышлі да Расіі пасля І падзелу Рэчы Паспалітай, сведчаць аб высокім узроўні гарадской матэрыяльнай культуры ў тагачасным Віцебску, Мсціславе, Полацку і Магілёве.

Толькі пасля вайны з Напалеонам матэрыяльная культура гарадоў і мястэчак Беларусі і Літвы канчаткова трапіла ў рэчышча развіцця гарадской культуры Расійскай Імперыі, прычым з гэтага часу карэннае насельніцтва большасці гарадоў былога ВКЛ аказалася ў меншасці.

У 1811 годзе ў беларускіх гарадах жыло 4,2% насельніцтва, а ў 1861 годзе - 10,7%. З 1786 па 1861 год колькасць гарадскога насельніцтва павялічылася з 80 да 320 тыс. жыхароў. Беларусь пазбавілася сваёй сталіцы, бо Вільня ператварылася ў звычайны губернскі цэнтр, хаця і самы буйны (у канцы ХІХ ст. тут жыло 154 тыс. чалавек). Новыя ўлады у пачатку ХІХ ст. знішчылі ўсе гарадскія ўмацаванні, а таксама гістарычныя цэнтры Брэста і Бабруйска, збудаваўшы на гэтым месцы магутныя цытадэлі. Мяняецца і этнічны склад гарадскога насельніцтва. Назіраецца паступовы рост рускага насельніцтва і буйны рост яўрэйскага, што звязана з забаронай царызмам жыцця яўрэяў, у вёсках і па-за межамі былой тэрыторыі ВКЛ (т.зв. "мяжа аседласці").

У канцы ХІХ ст. сярод жыхароў 44 гарадоў Беларусі яўрэі складалі 53,5%, а доля беларусаў-гараджан у 1897 годзе не перавышала 17%.

У другой палове ХІХ ст. пасля таго як праз Беларусь прайшла чыгунка ўзнікаюць новыя гарады, а некаторыя старажытныя гарады, пазбаўленыя гэтага новага віду транспарту, прыходзяць у заняпад.

У паслярэформенны перыяд (пасля 1861 года) паскорыўся рост фабрык і заводаў. Развіццю горада спрыяла гарадская рэформа 1870-х гадоў. У 1887 годзе ў 42 гарадах жыло 649,5 тыс. жыхароў. Гарады ператварыліся ў культурныя цэнтры, дзе канцэнтраваліся навучальныя ўстановы, тэатры, музеі і бібліятэкі.

Аднак індустрыялізацыя слаба закранула беларускі горад. Калі ў гарадах Германіі і Францыі жыло ў канцы ХІХ ст. каля 40% насельніцтва, то на Беларусі толькі каля 10%. Беларусы ператварыліся (да 50-х гадоў ХХ ст) у сялянскую нацыю з адметнай негарадской ментальнасцю.

У канцы XVIІІ ст. на Беларусі з'явіліся першыя цагельныя заводы. Да 1917 г. яны належалі прыватным уладальнікам і пазначалі сваю прадукцыю спецыяльнымі клеймамі, на якіх можна было прачытаць імя ўладальніка альбо назву фірмы, што выпускала цэглу альбо дахоўку. Гэтая ж традыцыя захавалася на тэрыторыі Заходняй Беларусі да 1939 г. У БССР усе дзяржаўныя цагельныя заводы таксама мецілі цэглу заводскімі клеймамі.

У ХІХ-ХХ стст. існавала заводская вытворчасць дахоўкі і плітак падлогі. У гэты час выраблялі традыцыйную хвалістую дахоўку, тонкую пляскатую і рэльефную (марсельскую) дахоўку, а таксама дэкаратыўнуую вільчаковую дахоўку.

У канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. выраблялі нават цэментную і шкляную дахоўку. У гэты час быў пашыраны выраб шматколернай (метлахскай) пліткі для падлог у багатых будынках. Вытворчасць розных керамічных будаўнічых матэрыялаў у гэтыя часы адпавядала самым сучасным еўрапейскім тэхналогіям і стандартам.

Пасля трох падзелаў у канцы XVIII ст. Рэч Паспалітая знікла з палітычнай карты Еўропы. Беларускія землі ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі, дзе панавала новая архітэктурная плынь - класіцызм, што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае "ўзорны". Яго сутнасць праявілася ў паўтарэнні антычнай класікі і грунтавалася на традыцыях Адраджэння. Гэты стыль адразу стаў універсальным і ахапіў усе жанры мастацтва і літаратуры. Рускі класіцызм разглядаў горад як дакладную рэгулярную схему - прамавугольную або шматвугольную ў плане. Адпаведна з гэтым прынцыпам пачалі перапланоўваць і беларускія гарады. Рэалізацыю гэтых планаў затрымала напалеонаўскае нашэсце 1812 г., і таму перабудаванні найбольш закранулі гарады ўсходняй Беларусі, перапланіроўка якіх пачалася з 1778 г. Ажыццяўленне праектаў прадугледжвала перш за ўсё будаўніцтва адміністрацыйных будынкаў: прысутных месцаў, дамоў губернатараў, ратуш. Напрыклад, рэарганізацыя гарадскога цэнтра Магілёва пачалася з Гандлёвай плошчы. Тут будуюцца будынак губернскай канцылярыі, дом віца-губернатара і гасцінны двор. Драўляныя крамы часткова знішчаюцца, але функцыя плошчы застаецца ранейшай. Ратушу ўключаюць у ансамбль забудовы як асноўны кампазіцыйны элемент, папярэдне перарабіўшы яе ў класічным стылі. У 1809 г. скапалі вал вакол Старога горада і на яго месцы ў 1828-1831 гг. насадзілі гарадскі сквер, вакол якога паступова стварылася новая плошча.

Яшчэ адна плошча - Саборная - склалася ў Магілёве ў канцы XVIII - пачатку XIX ст. на галоўнай вуліцы. Яна атрымала форму эліпса (зараз плошча перад былой гасцініцай "Дняпроўская"). Яе кампазіцыйным цэнтрам стаў Іосіфаўскі сабор, збудаваны вядомым рускім архітэктарам М. Львовым. Завяршыў афармленне кампазіцыі плошчы ў 20-х гадах XIX ст. знакаміты рускі дойлід В. Стасаў, які пабудаваў насупраць сабора манеж.

Яшчэ больш змянілася планіроўка старажытнага беларускага горада Мсціслава. Новая рэгулярная сістэма вуліц і плошчаў, зробленая па класіцыстычных законах, змяніла аблічча горада да непазнавальнасці. Замкавая гара - месца, адкуль пачынаўся Мсціслаў і дзе потым знаходзіўся замак - засталася за межамі горада. Старыя гмахі кармеліцкага і езуіцкага клештароў апынуліся амаль у сярэдзіне жылых кварталаў. На новым месцы быў створаны і адміністрацыйны цэнтр, ад якога захаваліся гандлёвыя рады. Па гэтай схеме горад развіваўся амаль да нашых дзён і дайшоў да нас з невялікімі зменамі.

Другі прыклад "узорнага" горада часоў класіцызму - Чачэрск. З 1774 г. яго ўладальнікам становіцца граф Захар Чарнышоў, які адразу распачаў капітальнае будаўніцтва. На былым замчышчы будуецца палац, ажыццяўляецца рэгулярнае распланаванне кварталаў, будуюцца тры касцёлы і адна царква, два шпіталі, уздоўж вуліц высаджваюцца ліпавыя прысады. На цэнтральнай плошчы паўстала двухпавярховая, квадратная ў плане ратуша. Ствараецца тэатр, закладваюцца парк і пладовы сад з дзвюма аранжарэямі.

Панаванне класіцызму на тэрыторыі Беларусі можна ўмоўна падзяліць на два перыяды. Першы прыпадае на канец XVIII - пачатак XIX ст. Мураваныя будынкі гэтага часу вылучаюцца строгасцю, прастатой дэкаратыўнай апрацоўкі фасадаў, кампактнасцю аб'ёмаў і правільнымі геаметрычнымі планамі. У будаўнічай тэхніцы шырока ўжываюцца жалезныя канструкцыі, асабліва бэлькі для перакрыццяў, што дазволіла адмовіцца ад скляпеністай столі і замяніць яе плоскай, значна паменшыць таўшчыню сцен, павялічыць аконныя праёмы. Адначасова выкарыстоўваліся і драўляныя, у асноўным дубовыя бэлькі. З'яўляецца і новае пакрыццё дахаў - лёгкая металічная бляха, што амаль замяніла цяжкую керамічную дахоўку. Гэта дазволіла больш чым напалову паменшыць вышыню стрэх і франтонаў. Цэглу, пліткі падлогі, а потым і кафлю пачынаюць вырабляць на невялікіх дзяржаўных або прыватных заводах, прычым памеры цэглы набліжаюцца да сучасных.

Праводзячы вялікадзяржаўную палітыку, імкнучыся стварыць на далучаных беларускіх землях сацыяльную апору, царызм раздае рускім магнатам і памешчыкам вялікія маёнткі, асабліва ва ўсходняй Беларусі. Сярод новых гаспадароў былі як дробныя дваране і чыноўнікі, так і вядомыя ваенныя, дзяржаўныя дзеячы і царскія фаварыты: Пацёмкін, Румянцаў, Паскевіч, Зорыч, Сувораў, Салагуб, Булгак, Чарнышоў і інш. Не забыліся царскія ўлады і пра мясцовую, у першую чаргу апалячаную, беларускую шляхту і магнатаў. Усім, хто прызнаваў новую ўладу, дараваліся прывілеі і вольнасці расійскага дваранства.

У сувязі з гэтым паступова змяншаецца ўплыў польскай культуры (асабліва пасля 1831 г.) і назіраецца арыентацыя на новыя культурныя цэнтры - Пецярбург і Маскву.

На кафедры архітэктуры пры Віленскім універсітэце і ў Пецярбургскай акадэміі мастацтваў пашыраецца падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў архітэктараў і мастакоў. Адбываецца абмен архітэктурна-будаўнічым досведам. У Беларусь прыязджаюць такія вядомыя дойліды, як М. Львоў, В. Стасаў, Дж. Кларк, А. Мельнікаў і інш. Мікалай Львоў - заснавальнік пейзажнага стылю ў рускім садова-паркавым мастацтве - збудаваў у Магілёве Іосіфаўскі сабор і пакінуў для нашчадкаў шмат акварэляў з краявідамі горада канца XVIII ст. Плённа працаваў на Беларусі і вядомы беларускі і літоўскі архітэктар з Вільні Лаўрэн Гуцэвіч (Лаўрынас Стуока-Гуцавічус). Паводле яго праектаў пабудаваны палац у мястэчку Дзярэчын (Зэльвенскі р-н) і касцёл у вёсцы Маляцічы (Крычаўскі р-н), які ўяўляў сабой дакладную копію сабора св. Пятра ў Рыме, але паменшаную ў 8,2 раза.

У другой палове ХVIІІ - першай палове ХІХ ст. на Беларусі працавала дынастыя Падчашынскіх. Архітэктар Караль Падчашынскі збудаваў касцёлы ў Жырмунах (Воранаўскі раён) і Мяляцічах паблізу Крычава. Яго сын Ян, які нарадзіўся ў 1790 г. у Жырмурнах, кіраваў пабудовай слуцкай гімназіі, мазырскага вучылішча, касцёла ў Жалудку і палаца ў Жылічах (Кіраўскі раён).

У ХVIІІ-ХІХ стст. у сувязі з падзелам праектных і будаўнічых работ паміж архітэктарамі і будаўнікамі-практыкамі рамкі дзейнасці будаўнічых арцеляў звужаюцца і яны паступова знікаюць. Асобныя сезонныя арцелі існавалі да першай паловы ХХ ст.

У сваю чаргу ў Пецярбург едуць працаваць і вучыцца беларускія мастакі. Францішак Смуглевіч, напрыклад, быў запрошаны Паўлам I, каб аздобіць роспісамі інтэр'еры Міхайлаўскага замка. Павышаў сваю адукацыю ў расійскай сталіцы і Валянцін Ваньковіч. Запрашаюцца на працу ў Расію беларускія разьбяры і муляры.

Позні класіцызм часта называюць ампірам (што ў перакладзе з французскай мовы азначае "імперыя"). Гэты архітэктурны кірунак у першай трэці XIX ст. найбольш праявіў сябе ў дэкоры.

У аздабленні фасадаў і інтэр'ераў пачалі ўжываць антычныя тыпы арнаменту - меандр, ёнікі, маскароны і наборы геральдычных і вайсковых атрыбутаў - сцягі, барабаны, шлемы, мячы, шчыты, гарматы і г. д. Характэрнае аздабленне фасадаў - розныя тыпы гірляндаў, вянкі і разеткі. У гэтым стылі ствараюцца не толькі ляпныя барэльефы, але і каваныя або літыя чыгунныя агароджы балконаў, парапеты і лесвічныя рашоткі.

У перыяд класіцызму ў беларускіх гарадах упершыню ўзніклі бульвары, паркі і прысады. Раней у шчыльна забудаваных гарадскіх цэнтрах, абнесеных землянымі валамі альбо драўляным парканам, для іх проста не было месца.

К сярэдзіне XIX ст. непазбежны спадарожнік разлажэння феадальнай манархіі - валюнтарызм наогул і ў архітэктуры таксама - поўная рэгламентацыя гарадскіх планаў, будаўніцтва па тыпавых праектах, стандартызацыя архітэктурных прыёмаў - прывёў класіцызм да заняпаду, і ён творча вычарпаў сябе.

Адразу пасля захопу Бедарусі рускі ўрад пачаў змаганне спачатку з уніяцтвам, а потым і з каталіцтвам. У 1795 г. маёмасць найбольш заможных базыльянскіх клештароў у Віцебску, Менску, Мсціславе і іншых гарадах перайшла на карысць рускай праваслаўнай царквы. У пачатку XIX ст. пачалася перабудова на карысць праваслаўя ўніяцкіх і каталіцкіх храмаў. На працяту 1807-1812 гг. практычна была знішчана амаль уся мураваная забудова Бабруйска. Загінулі некалькі старадаўніх цэркваў, езуіцкі кляштар і стары фарны касцёл Пятра і Паўла. На іх месцы па праекту генерала К. Апэрмана ў 1810-1812 гг. паўстала, знакамітая Бабруйская крэпасць. У 1827 г. на месцы былога фарнага касцёла пабудавалі сабор А. Неўскага.

Пасля паўстання 1831 г. з твару зямлі знікла старажытнае Берасце. Тры гады, з 1833 па 1836 г., знішчаўся старажытны магдэбургскі горад. Загінулі славутая абарончая Мікалаеўская царква ХVІ ст., самая старадаўняя на Беларусі сінагога і шмат каталіцкіх клештароў разам з касцёламі. Неўзабаве на гэтым месцы збудавалі Брэсцкую цытадэль.

У сярэдзіне - другой палове ХІХ ст. еўрапейская архітэктура перажывала вельмі складаны перыяд. Класіцызм паступова выраджаецца і адмірае, а ў Расійскай імперыі становіцца сапраўды "імперскім" стылем - сухім і казённым.

Пачынаючы з канца XVIII ст. у еўрапейскім мастацтве развіваецца новы кірунак - рамантызм. Яго прадстаўнікі заклікалі звярнуць увагу на ўласную нацыянальную гісторыю, літаратуру і архітэктуру, выступалі супраць сляпога пераймання антычных традыцый. Яскравымі прадстаўніком рамантызму ў літаратуры быў наш славуты зямляк Адам Міцкевіч. У сваіх творах ён апяваў прыгажосць роднай зямлі, яе гістарычныя і архітэктурныя помнікі.

Шмат увагі гісторыі беларускіх замкаў удзяляў у сваёй гісторыі ВКЛ другі наш вядомы зямляк, гісторык і археолаг з Лідчыны - Тодар Нарбут.

Першыя прыкметы рамантызму на Беларусі назіраюцца ў канцы XVIII - пачатку ХІХ ст. у садова-паркавым мастацтве. Менавіта ў парках побач з класіцыстычнымі палацамі і сядзібамі строгіх формаў пачалі будавацца каплічкі і альтанкі, якія нагадвалі гатычныя збудаванні.

Поўная расчараванасць у выніках заходнееўрапейскіх буржуазных рэвалюцый, падзенне імперыі Напалеона, у перыяд якой панаваў ампір, прывялі да адраджэння старых архітэктурных традыцый - готыкі, рэнесансу і барока, да запазычання іх асобных элементаў з мэтай адрадзіць былое хараство ў новых будаўнічых матэрыялах. Пачынаецца захапленне рознымі папярэднімі рамантызму еўрапейскімі стылямі. Гэта прывяло да стварэння новага архітэктурнага кірунку, росквіт якога прыпадае на сярэдзіну - другую палову ХІХ ст. Ён атрымаў назву "гістарызм" і вызначаўся некрытычным выкарыстаннем розных стыляў: неаготыкі альбо несапраўднай готыкі, неабарока, неаракако, неакласіцызму, неараманскага кірунку, псеўдавізантыйскага стылю і г. д. Таму даволі часта дойлідства гістарызму называюць сціслым словам "эклектыка" ці "эклектызм". Доўгі час гэтае мастацтва лічылася несапраўдным і не вартым асаблівай увагі. Але некаторыя дойліды, абапіраючыся на народныя традыцыі і назапашаны стагоддзямі архітэктурны досвед, стварылі арыгінальныя, цікавыя помнікі, якія і зараз вабяць нас сваёй прыгажосцю і годнасцю.

(Працяг у наст. нумары.)


У музей - як у родную хату

У пазамінулую суботу свой 90-гадовы юбілей адзначыў найстарэйшы краязнавец Лідчыны Мікалай Мікалаевіч Дзікевіч. Да гэтай даты было прымеркаванае адкрыццё ў адным з памяшканняў літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея выставы "Згукі заснуўшай цывілізацыі. Вёска пачатку XX стагоддзя". І, безумоўна, прысутнічаў на адкрыцці выставы і сам юбіляр.


Жыхар вёскі Сялец Ганчарскага сельсавета Мікалай Дзікевіч - адзін з першых выпускнікоў Лідскага педагагічнага вучылішча. Працаваў настаўнікам фізкультуры ў сельскіх школах Лідчыны, некаторы час быў класным кіраўніком, што з'яўляецца рэдкасцю сярод "фізрукоў". І зараз, даўно знаходзячыся на заслужаным адпачынку, Мікалай Мікалаевіч працягвае займаць актыўную жыццёвую пазіцыю. Шмат гадоў ён прысвяціў краязнаўчай дзейнасці. Не маючы адукацыі гісторыка, пастаянна займаецца самаадукацыяй.

Мікалай Дзікевіч - аўтар дзвюх краязнаўчых кніг, прысвечаных аднолькава родным і дарагім яму вёскам: "Дзітрыкі. Згукі заснуўшай цывілізацыі" і "Сялец. Прынёманская рэчаіснасць". У падрыхтоўцы гэтых кніг аўтару дапамагала ўся яго дружная сям'я. Абедзве кнігі знайшлі станоўчы водгук у лідскіх гісторыкаў і краязнаўцаў. Па іх сцвярджэнні, аўтар не абышоў увагай ніводнай хаты, ніводнай сям'і ў даследаваных ім вёсках, падрабязна, даступна і ярка апісаў іх побыт, традыцыі, звычаі. І "Дзітрыкі", і "Сялец" сталі настольнымі кнігамі для многіх краязнаўцаў і настаўнікаў Лідчыны. Зараз Мікалай Мікалаевіч збірае матэрыял для кнігі пра вёскі Ганчарскага сельсавета.

Мікалай Дзікевіч не выпадкова выбраў Лідскі гістарычна-мастацкі музей месцам святкавання свайго юбілею. Супрацоўнікі музея даўно лічаць яго сваім сябрам, і сюды Мікалай Мікалаевіч заўсёды прыходзіць, як у родную хату. Павіншаваць юбіляра сабраліся ў літаратурным аддзеле музея яго родныя, блізкія, сябры і знаёмыя. Выстава, прымеркаваная да 90-гадовага юбілею краязнаўца, была названая па адной з яго кніг - "Згукі заснуўшай цывілізацыі" - і была прысвечаная галоўным чынам побыту тыповай заходнебеларускай вёскі пачатку XX стагоддзя. Арганізавалі выставу супрацоўнікі музея Наталля Валынец, Анастасія Каладзяжная і Алесь Хітрун. Экспазіцыю склалі рэчы, якія Мікалай Дзікевіч у розныя гады перадаў музею як краязнавец і калекцыянер рарытэтных прадметаў сялянскага побыту.

- Немагчыма ў адной экспазіцыі перадаць увесь вясковы побыт стогадовай даўніны, - гаворыць у час адкрыцця выставы яе куратар Наталля Валынец. - Мы выбралі адну з найярчэйшых складовых гэтага побыту - вясковае вяселле і, адпаведна, прадметы, звязаныя з ім: куфар з пасагам, абраз Казанскай Божай Маці, якім дабраслаўлялі маладых, ручнік для вясельнага каравая, інструменты, на якіх ігралі музыкі, і іншае. У экспазіцыю таксама ўваходзяць фотаздымкі з сямейнага архіва Мікалая Дзікевіча, пасведчанні аб заканчэнні ім польскай і, пазней, савецкай школ, яго вучнёўскія кнігі і сшыткі "польскага часу". Гартаючы сшыткі, мы можам упэўніцца, якім старанным і акуратным вучнем быў Мікалай Мікалаевіч, які прыгожы быў у яго почырк (рэдкасць для вучня-хлопчыка).

Шмат шчырых і цёплых слоў у адрас юбіляра выказвалі першыя наведвальнікі выставы, сярод якіх - і яго былыя вучні.

- Ганчарскую школу я скончыў 55 гадоў назад, - гаворыць Віктар Кудла. - Настаўнікам фізкультуры ў 50-я гады ў гэтай школе працаваў Мікалай Мікалаевіч. Як бурліла тады спартыўнае жыццё школы! Існавалі свае каманды па футболе, баскетболе, валейболе… Я асабіста ўваходзіў у склад школьнай каманды па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, якая займала прызавыя месцы ў абласных спаборніцтвах. Мікалай Мікалаевіч аказаў значны ўплыў на маё жыццё, на мае прыярытэты ў гэтым жыцці, назаўсёды стаў для мяне прыкладам у акуратнасці, гаспадарлівасці, адказнасці за даручаную справу.

Увогуле, як адзначылі госці выставы, сялецкая прырода надзяліла Мікалая Дзікевіча самымі лепшымі чалавечымі якасцямі. Нікога ён у жыцці не пакрыўдзіў, нават ні ў чый бок дрэнна не паглядзеў. А прайсці доўгі жыццёвы шлях і захаваць цеплыню і добразычлівасць да кожнага чалавека значыць многае.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ. Фота Вольгі ЯХАНТАВАЙ.


Звонкая заяўка Івана Сухоцкага

Сёлетняй вясной сябар Таварыства беларускай мовы Іван Сухоцкі парадаваў выданнем зборніка "Звонкая рэхва", які складаецца з 13 апавяданняў і 7 нарысаў. Прачытаўшы іх, хачацца прызнаць, што прагучалі яны па-сапраўднаму звонка і абвясцілі аб з'яўленні новага назіральнага і ўдумлівага аўтара. Ведаю, што яшчэ з студэнцкіх гадоў яго прыцягвала мастацкае слова, і пазней ён час ад часу друкаваў то ў "Гродзенскай праўдзе", то ў "Народнай волі", то ў беластоцкай "Ніве" і ў мясцовых выданнях свае апавяданні або нарысы. Сабраныя нарэшце пад адной вокладкай, разам яны загаварылі.

Сваёй тэматыкай апавяданні ахопліваюць многія бакі навакольнага жыцця, аўтар заўважае і такое, на што мы часам не звяртаем увагі і праходзім міма. Тут і гістарычныя падзеі ў лёсе простых людзей, маральныя праблемы грамадства, і чысты свет дзяцінства, адносіны чалавека і прыроды. І ўсюды аўтар заўважае характэрныя і нестандартныя сітуацыі, стварае малюнак жыцця. Не мог ён не адгукнуцца на самую балючую праблему беларусаў - чарнобыльскую бяду, якая ўжо многія гады разбурае здароўе і псіхіку чалавека, які ў свой час "ухапіў вельмі вялікую дозу радыяцыі. І з кожным годам [яму] становіцца ўсё горш і горш" (апавяданне "Чарнобылец"). У адчаі разгублены чалавек (Маланчык) співаецца, страціўшы надзею на выратаванне.

Не абмінуў увагай Іван Андрэевіч і цяжкія выпрабаванні народа ў гады нямецкай акупацыі ("Бяда мінавала"), пасляваенную разруху, сталінскі тэрарызм ("Дзедаў кажух і мёд").

Але больш увагі аўтар надае адлюстраванню грамадскіх адносін у сучасным грамадстве, раскрыццю маральных рысаў нашага суайчынніка. Савецкая сістэма сфармавала тып своеасаблівага кіраўніка, якія паказаны ў некалькіх апавяданнях. З аднаго боку, гэта старанны, адказны працаўнік, які перажывае за свае прадпрыемства, а з другога - разбэшчаны ўседазволенасцю хам, п'яніца і гуляка, які зневажае падначаленых ("Пятая палата", "Памёр Агееў"). У той жа час просты чалавек жыве па нормах здаровай маралі, прыходзіць на дапамогу зусім незнаёмым людзям ("Ах, мой салдацік", "Іконка").

Некалькі апавяданняў і замалёвак прысвечаны здавалася б бесклапотнаму свету дзяцінства, у іх аўтар з замілаваннем малюе непасрэднасць маладога пакалення, яго цікавасць да навакольнага жыцця, прыроды, людзей ("Паўлючок-Марачок", "Саламяны гармонік"). Светлыя думкі выклікае апавяданне "Звонкая рэхва" пра абуджэнне першых пачуццяў у падлетка.

Па-мастацку падыходзіць І. Сухоцкі і да праблемы адносін чалавека і прырода. У некаторых апавяданнях аўтар падкрэслівае цеснае перапляценне іх жыццёвых лёсаў. Гэта і добры хатні сабачка Чарлік, які выратоўвае жыццё сваёй гаспадыні, але сам пазней гіне ад злых людзей ("Чарлік"); і згуртаваная лебядзіная чарада, якая помсціць сквапнаму чалавеку за забойства сваёй сяброўкі ("Лебядзіная помста").

Назіральнасць аўтара, яго добрае адчуванне прыроды бачыцца ў сціслых і яркіх яе апісаннях. Нельга ўстрымацца, каб не прывесці адрывачак з драматычнага апавядання "Асмалак" пра лёс хлопчыка, пацярпеўшага ад удару маланкі :

"Пасля навальніцы на дварэ стала свежа і ціха. На ўсходняй частцы неба велічна, як прыгожая дзяўчына ў андараку, красавалася рознакаляровая вясёлка. Сонца выйшла з абдымкаў хмар і сваё цяпло перадавала дрэвам, раслінам, усяму жывому на зямлі. Павыляталі са сваіх гнёздаў востракрылыя ластаўкі …"

Звяртае на сябе ўвагу ўменне аўтара некалькімі штрыхамі намаляваць партрэт сваіх герояў, вобразнасць мовы апавяданняў, лаканічнасць і дакладнасць апісанняў прыроды, свежасць і яркасць параўнанняў. Аўтар бачыць возера "чыстае, як дзіцячая слязінка", вакол яго, "быццам старажытныя ваяры, сцяной паўсталі высокія дрэвы"; заўважае, што "цэны растуць, як чужыя дзеці"; паласатыя кабачкі, як парасяты; твар маршчыністы, як смарчок і г.д.

Апавяданні І. Сухоцкага ствараюць у чытача добры настрой, нясуць веру ў справядлівасць і перамогу над злом, вучаць спачуваць і дапамагаць чалавеку ў бядзе, асуджаюць жорсткасць і прагу нажывы.

Другую частку зборніка складаюць біяграфічныя нарысы пра вядомых і знакамітых людзей краіны. Некалькі дзясяткаў гадоў назад, яшчэ працуючы на Ашмяншчыне, Іван Сухоцкі пачаў весці дзённік сустрэч з вядомымі людзьмі. І цяпер час ад часу, дастаючы, як з доўгай памяці, занатоўкі аб гэтых сустрэчах, ён радуе нас цікавымі аповядамі. Так у зборнік трапілі мастацкія нарысы пра пісьменнікаў Максіма Танка і Аляксея Карпюка, краязнаўца заслужанага настаўніка Беларусі Апанаса Цыхуна, заслужанага работніка культуры Беларусі Аляксандра Шыдлоўскага, мясцовага паэта-песенніка Янку Насуту. І ўсюды аўтар выдзяляе іх душэўнасць, працавітасць, адданасць роднай мове і культуры.

Хаця ў некаторых апавяданнях адчуваецца нячоткасць, расцягнутасць сюжэта ("Пятая палата"), адцягваюць увагу карэктурныя недахопы, аднак "Звонкая рэхва" гучыць як звонкая заяўка Івана Сухоцкага. Пажадаем яму новых творчых поспехаў.

Іван Буднік, Гародня.


Уладзіслаў Абрамовіч

Да 105-х угодкаў з дня нараджэння

Рэдактар знакавай для горада Ліда газеты "Ziemia Lidzka", якая выдавалася ў нашым горадзе з красавіка 1936 г. па жнівень 1939 г., Уладзіслаў Абрамовіч (1909-1965) нарадзіўся у Новым Двары каля Трокаў 9 траўня 1909 г. у беднай сям'і каваля Яўстаха і Уршулі (з Белапятровічаў) Абрамовічаў. Ягоны бацька быў летувісам а маці беларускай*. Пра нацыянальнасці сваіх бацькоў ён пісаў сам, запаўняючы розныя анкеты. Бацька Яўстах, сын Міколы нарадзіўся ў 1875 г. і памёр ў 1922 г., маці Уршуля нарадзілася ў 1879 г.

У 1914 г. сям'я пераязджае ў Кашадары (зараз - Кайшадорыс), і ў гэтым жа годзе памірае маці Урашуля. Пад час Першай сусветнай вайны паміраюць тры сястры і два браты Ўладзіслава Абрамовіча.

У 1917 г. 6-ці гадовы Ўладзіслаў ідзе ў школу, але мала што разумее, бо бацька чамусьці аддаў яго ў школу з нямецкай мовай выкладання.

Бацька жэніцца яшчэ раз і з невядомай прычыны патрапляе ў турму, дзе 13 снежня 1922 г. памірае, а мачаха аддае малога Ўладзіслава пасвіць жывёлу.

Праз два гады трынаццацігадоваму Ўладзіславу нейкім чынам удаецца прыехаць у Вільню, дзе з 1918 г. жыў ягоны старэйшы брат Рамуальд. Пасяліўшыся ў брата, Уладзіслаў шукаў любую фізічную працу, каб зарабіць на жыццё.

У 1925 г. 16-ці гадовы юнак уладкоўваецца вучнем да краўца Б. Вайнерыса па вуліцы Троцкай - 8 і працуе тут чатыры гады. Здольнага, разумнага і працавітага хлопца бярэ пад сваю апеку ксёндз Юзаф Вайчунас, дзякуючы якому Ўладзіслаў не кідаючы працу ў краўца змог наведваць вячэрнюю школу і ў 1926 г. атрымаць адукацыю, дастатковую для паступлення ў польскую гімназію імя Крашэўскага, куды яму таксама дапамог паступіць ксёндз Вайшунас. Восенню 1929 г., атрымаўшы пасведчанне аб 7-мі гадовай адукацыі, Абрамовіч пераходзіць ў гімназію для занятых на працы, у якой быў лепшы для занятага вучня рэжым наведвання ўрокаў.

З-за слабага здароўя Ўладзіслава не бяруць у войска. З чэрвеня 1929 г. ён пераходзіць працаваць на пошту Вільня-2, якая знаходзілася каля чыгуначнага вакзала, дзе да 9 красавіка 1930 г. ён cартуе карэспандэнцыю. Потым, з кастрычніка 1930 г., уладкоўваецца на сезонную працу архівістам у архіў па вуліцы Дамініканскай 4, на гэтым месцы затрымліваецца да канца траўня 1931 г.

У 1930 г. Уладзіслаў Абрамовіч заканчвае навучэнне ў гімназіі. У тым жа годзе сябар Абрамовіча па гімназіі і супрацоўнік выдавецтва "Зніч" Станіслаў Мярло на свае грошы выдаў дэбютны зборнік вершаў маладога паэта "Switanie mysli". У 1933 г. ён жа выдаў другі зборнік які называўся "Regjonalne".

Экзамены пры заканчэнні гімназіі Уладзіслаў здаваў тры разы і таму пасведчанне аб сярэдняй адукацыі (матуру) атрымаў у гімназіі імя Лелявеля толькі ў 1933 г., матура дае яму магчымасць пачаць новае жыццё.

Абрамовіч вельмі жадаў вучыцца ў Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя, але не меў грошай. Таму малады чалавек паступіў на завочны аддзел Вышэйшай школы журналістаў у Варшаве, якая хоць і не давала вышэйшай адукацыі, але пасля яе заканчэння у 1934 г. будучы рэдактар "Лідскай Зямлі" атрымаў сталую прафесію.

З 1933 г. Уладзіслаў Абрамовіч пачаў працаваць карэктарам у выдавецтве "Зніч" а потым журналістам ў газеце "Кур'ер Віленскі" . Тады ж ён зацікавіўся сучаснай летувіскай паэзіяй і пачаў перакладаць яе на польскую мову, першыя пераклады выйшлі ў 1935 г. у Наваградку ў зборніку "Wybоr najmlodszej poezji litewskiej". Так сама перакладаў і летувіскіх празаікаў: Петраса Цвірку, Антанаса Венцлаву, Казіса Баруту, Ёнаса Марцінкявічуса, Ёнаса Балтушыса і інш.

На пачатку 1936 г. ён узначаліў бюро газеты "Кур'ер Віленскі" ў Лідзе. Наш горад атрымаў вельмі працаздольнага чалавека з выдатнымі арганізацыйнымі і літаратурнымі здольнасцямі які адразу знайшоў аднадумцаў і пачаў выдаваць вельмі важную ў гісторыі горада Ліды газету "Лідская Зямля" (Ziemia Lidzka).

Першы нумар новага месячніка вышаў ужо 15 красавіка 1936 г. Рэдакцыя "Лідскай Зямлі" месцілася там жа, дзе і карэспандзенскі пункт газеты "Кур'ер Віленскі" ў Лідзе: першапачаткова - у доме 4/7 па вуліцы Замкавай, з красавіка 1937 г. у д. 8 па вуліцы Гарнянскай, тэл. 166, праз год журналісты з'ехалі з Гарнянскай, зноў на вуліцу Замкавую, 4/7, тэл. 73 , а з 1939 г. рэдакцыя газеты месцілася ў памяшканні Лідскага музея па адрасе: вуліца Сувальская, 3. Усе гады месячнік друкаваўся ў друкарні Зяльдовіча. "Лідская Зямля" была адзіным краязнаўча-рэгіянальным выданнем у Заходняй Беларусі таго часу, нічога падобнага не было нават у Вільні, да жніўня 1939 г. месячнік выйшаў 41 нумарам.

Абрамовіч напісаў у месячнік шэраг выдатных артыкулаў, рэдагаваў артыкулы іншых бліскучых аўтараў, сярод якіх, акрамя яго, лепшымі былі Аляксандр Снежка, Антон Гржымайла-Прыбытка і канешне бліскучы лідскі гісторык, верагодна, лепшы за ўсе часы знаўца лідскай гісторыі, Міхал Шымялевіч. Лідскі месячнік меў найвышэйшыя атэстацыі ад вядучых інтэлектуалаў тагачаснай Польшчы. У 1938 г. Абрамовіч выдаў кнігу "Наваградская старонка" (Wladyslaw Abramowicz. Strony Nowogrodzkie. Szkice Krajoznawcze z 25 ilustracjami. Lida, Nakl. wyd. "Ziemi Lidzkiej". 1938.), якая атрымлівае высокую ацэнку адмыслоўцаў.

Так сама ў 1936-39 гг. Абрамовіч штодзённа пісаў пра лідскія падзеі ў "Кур'ер Віленскі" і такім чынам стварыў найцікавейшую мазаіку падзей у нашым рэгіёне. Пра гэты перыяд жыцця рэдактара "Лідскай Зямлі" я пісаў у № 2 (66) "Лідскага летапісца".

Пасля жніўня 1939 г. Уладзіслаў Абрамовіч вяртаецца ў Вільню. З 1 ліпеня 1940 г. па 22 чэрвеня 1941 г. працуе ў літоўскім інфармацыйным агенцтве ELTA як рэдактар-каментатар. У тым жа 1940 г. жэніцца з Кацярынай Гінтаўт-Дзевялтоўскай, якая да гэтага часу шмат гадоў працавала перакладчыцай з польскай мовы на летувіскім радыё, што вяшчала на Польшчу.

Пасля прыходу немцаў Абрамовіч успомніў сваю першую прафесію краўца і працаваў ў кравецкай віленскай майстэрні "Стандарт". У 1942 г. пераходзіць на працу карэктарам ў летувіскую друкарню "Svyturys". У часы нямецкай акупацыі Абрамовіч уратаваў выкінутыя акупантамі на брук бясцэнныя зборы Віленскага Таварыства аматараў навук.

Пасля прыходу Чырвонай арміі, з 13 ліпеня 1944 г. працуе бібліёграфам у Бібліятэцы Літоўскай Акадэміі навук. З 1947 г. і да канца жыцця ўзначальваў аддзел рукапісаў той жа бібліятэкі. Ад пачатку жыў у Вільні па вуліцы Арсенальскай, потым - Горкага і пры канцы жыцця - Леніна.

У сям'і Абрамовічаў нарадзілася дачка Барбара, якая стала акторкай і выйшла замуж за опернага спевака і прафесара кансерваторыі Эдуардаса Каняву. Абрамовічы дачакаліся двух ўнукаў - Эдуардаса і Андруса.

У 1951 г. Уладзіслаў Абрамовіч атрымаў дыплом гісторыка ў Віленскім універсітэце. Шмат займаўся перакладамі літоўскіх паэтаў на польскую мову. Выкладаў на кафедры бібліятэказнаўства Віленскага ўніверсітэта, таксама выкладаў польскую мову аспірантам універсітэта. Кіраваў літаратурным гуртком, які склаўся вакол польскамоўнай газеты "Czerwony Sztandar", быў сябрам Саюза пісьменнікаў.

Напісаў некалькі кніг на летувіскай мове: пра Валерыя Ўрублеўскага (1958 г.), Тадэвуша Ўрублеўскага (1960), пра Шаўчэнку ў Вільні (1964). Па-польску выдаў кнігі пра кнігадрукаванне ў Літве (1957) і пра Міцкевіча ў Коўні (1956).

У 1963 г. выдаў вопіс гаспадарчых феадальных інвентароў у Літве (Rankrasciu rinkiniai i Feodaliniu zemes valdu Lietuvoje inventoriu aprasymas), якія захоўваюцца ў бібліятэкі Акадэміі навук. Пачаў збіраць матэрыялы да фундаментальнай манаграфіі пра літаратурную Вільню.

Загінуў 16 лістапада 1965 г. Калега пісаў у некралогу, надрукаваным ў "Acta BalticoSlavica": "Вядомы гісторык і літаратуразнаўца, паэт і перакладчык, аўтар адзінаццаці кніжак, загінуў у росквіце свайго таленту і творчых сіл - скончыў жыццё самагубствам у Вільні". Самазабойства адбылося пасля разводу з жонкай. Пакінуў кароткую запіску: "Я паміраю за дружбу народаў. Мая дачка Барбара, калі ласка, даруй і зразумей, я павінен быў гэтак зрабіць".

Пахаваны на Росах пад каменным надмагіллем улева ад галоўнай брамы (блізка да яе), каля яго магілы - магіла Марыі Пілсудскай, першай жонкі Юзафа Пілсудскага.

Бібліяграфія прац Уладзіслава Абрамовіча.

Кнігі:

1. Switanie mysli (poezja), Druk "Znicz", Wilno 1930.

2. Obraz wspolczesnej poezji litewskiej, Druk "Znicz", Wilno 1932.

3. Regjonalne, Druk "Znicz, Wilno 1933.

4. Antologia. Wybor najmlodszej poezji litewskiej, Druk "Znicz", Wilno 1935.

5. Strony Nowogrodzkie, Druk A. Narkiewicz, Wilno 1938.

6. Trumpas lietuviu kalbos vadovelis (mokytis paciam be mokytojo pagalbos), Kaunas "Sakalo" leidykla 1939.

7. Vilniaus ir Maskvos spaustuvininkas Ivanas Fiodorovas, Kaunas 1941 ( zurn. Kultura nr.3) (pirmasis rasynis liet.k).

8. Seksterny wykladow kowienskich Adama Mickiewicza 1819-1821, opracowal Wladyslaw Abramowicz, Panstwowe Wydawnictwo Literatury Politycznej i Naukowej, Wilnius 1956.

9. Pismienictwo i ksiezka na Litwie, Panstwowe Wydawnictwo Literatury Politycznej i Naukowej, Wilnius 1957.

10. Lietuvos TSR Mokslu akademijos rankrastiniu darbu ir disertaciju bibliografija 1946-1956, sudart V. Abramavicius ir K. Cepiene, Lietuvos TSR Mokslu Akademine Centrine Biblioteka, Vilnius 1958.

11. Valerijonas Vrublevskis, Valstybine politines ir mokslines literaturos leidykla, Vilnius 1958.

12. Tadas Vrublevski, Valstybine politines ir mokslines literaturos, Vilnius 1960.

13. Feodaliniu zemes valdu Lietuvoje inventoriu aprasymas, sudare V. Abramavicius Lietuvos TSR mokslu akademija. Centrine biblioteka, Laikrasciu ir zurnalu leidykla, Vilnius 1963.

14. Tarasas Sevcenka ir Vilnius, Valstybine grozine literatuos leidykla, Vilnius 1964 m.


У. Абрамовіч апублікаваў яшчэ 69 перакладаў.


Больш поўны варыянт гэтага артыкула, а таксама спіс усіх перакладаў можна будзе знайсці ў адным з чарговых нумароў "Лідскага летапісца".


* Адзін з Белапятровічаў - Юры Белапятровіч, харунжы Лідскі, абвяшчаў у Вільні на Рынкавым пляцы акт паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Прозвішча Белапятровіч дагэтуль мае месца на Лідчыне. У тэлефонным даведніку Ліды і Лідскага раёна за 2012 год пазначаны тры Белапятровічы ў Лідзе і адзін у в. Агароднікі Лідскага раёна.

Леанід Лаўрэш

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX