Папярэдняя старонка: 2014

№ 41 (1192) 


Дадана: 09-10-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 41 (1192), 8 кастрычніка 2014 г.


"Добра, на расейскай мове мы практычна ўсе размаўляем. Але на беларускай мове, скажам шчыра, у побыце, дома мы размаўляем менш. Дык, можа, трэба ў школе на карысць беларускай мовы даць адну гадзіну, а не англійскай?"

Аляксандр Лукашэнка.


Дарагія сябры "Нашага слова"!

У гэтым квартале мы маем значнае павелічэнне падпіскі ў асобных раёнах. Гэта вынік акцыі "Бліжэй да чытача", у ходзе якой на газету былі падпісаны 318 школ краіны. Разам з тым у многіх раёнах папрацавалі і актывісты ТБМ. Дзякуй усім, хто прыклаў сілы да справы падпіскі, асабліва ў Менску, Берасці, Дзятлаве, Паставах. Разам з тым зноў з'явіліся раёны, куды не паступае ніводнага нумара.

Ліпень Кастрычнік

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 15 58

Бяроза р.в. 10 10

Белаазёрск р.в. 1 1

Бярэсце гор. 11 13

Ганцавічы р.в. 1 1

Драгічын р.в. 1 1

Жабінка р.в. 1 1

Іванава р.в 2 1

Івацэвічы р. в. 10 10

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 1 39

Лунінец гор. 1 3

Ляхавічы р.в. 1 1

Маларыта р.в. 1 1

Пінск гор. 8 7

Пружаны р.в. 9 25

Столін р.в. 1 1

Усяго: 77 174


Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. 1 1

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 20 54

Віцебск РВПС 2 18

Верхнедзвінск р.в. 4 5

Глыбокае р.в. 8 23

Гарадок р.в. 5 11

Докшыцы р.в. 1 1

Дуброўня р.в. 1 -

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 3 2

Наваполацк гор. 14 14

Орша гор. 6 6

Полацк гор. 14 21

Паставы р.в. 17 19

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 2 2

Талочын р.в. 1 1

Ушачы р.в. 1 2

Чашнікі р.в. 1 1

Шаркоўшчына р.в. 6 6

Шуміліна р.в. 1 1

Усяго: 112 192


Менская вобласць:

Беразіно р.в. 4 3

Барысаў гор. 8 37

Вілейка гор. 3 4

Валожын гор. 9 8

Дзяржынск р.в. 10 11

Клецк р.в. 1 1

Крупкі р.в. 5 6

Капыль р.в. 2 23

Лагойск 6 6

Любань р.в. 2 1

Менск гор. 241 275

Менск РВПС 11 9

Маладзечна гор. 12 13

Мядзель р.в. 6 24

Пухавічы РВПС 3 3

Нясвіж р.в. 2 3

Смалявічы р.в. 1 1

Слуцк гор. 8 21

Салігорск гор. 8 23

Ст. Дарогі р.в. 1 1

Стоўбцы р.в. 5 5

Узда р.в. 2 2

Чэрвень р.в. 2 3

Усяго: 352 483


Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 3 4

Брагін р.в. - -

Ветка р.в. 1 1

Гомель гор. 28 29

Гомель РВПС 1 1

Добруш р.в. 1 2

Ельск р.в. 1 1

Жыткавічы р.в. 9 32

Жлобін гор. 3 3

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. - -

Лельчыцы р.в. 1 2

Лоеў р.в. 1 1

Мазыр гор. 2 2

Акцябарскі р.в. 1 1

Нароўля р.в. - -

Петрыкаў р.в. 2 2

Рэчыца гор. 2 2

Рагачоў гор. 1 2

Светлагорск гор. 2 2

Хойнікі р.в. 1 -

Чачэрск р.в. 1 2

Усяго: 62 90


Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 2 2

Ваўкавыск гор. 9 10

Воранава р.в. 6 6

Гародня гор. 39 44

Гародня РВПС 19 19

Дзятлава р.в. 13 15

Зэльва р.в. 3 4

Іўе р.в. 2 2

Карэлічы р.в. 6 4

Масты р.в. 2 2

Наваградак гор. 4 5

Астравец р.в. 5 5

Ашмяны р.в. 4 3

Смаргонь гор. 3 3

Слонім гор. 9 7

Свіслач р.в. 4 4

Шчучын р.в. 3 3

Ліда 12 57

Усяго: 145 195


Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 3 3

Бялынічы р.в. 2 2

Быхаў р.в. 1 -

Глуск р.в. 1 1

Горкі гор. 2 2

Дрыбін р.в. 1 1

Кіраўск р.в. 2 2

Клічаў р.в. 1 1

Клімавічы р.в. 1 1

Касцюковічы р.в. 1 1

Краснаполле р.в. 1 1

Крычаў р.в. - -

Круглае р.в. 2 2

Мсціслаў р.в. 2 2

Магілёў гор. 25 29

Магілёў РВПС 1 1

Асіповічы гор. 10 11

Слаўгарад р.в. 2 2

Хоцімск р.в. 1 1

Чэрыкаў р.в. - -

Чавусы р.в. 1 1

Шклоў р.в. 2 2

Усяго 62 66

Усяго на краіне: 810 1200


У Менску адкрыліся курсы беларускай мовы для дзяцей

Першыя заняткі бясплатных курсаў па беларускай мове "Мова нанова дзеткам" для дашкольнікаў прайшлі 5 кастрычніка ў галерэі сучаснага мастацтва "Ў" у Менску.

Ініцыятары праекту падзялілі ахвочых павучыцца на курсах на дзве групы: да пяці гадоў і ад пяці гадоў да пачатку школы. Заняткі для іх прайшлі адзін за адным. У першую групу прывялі сваіх дзяцей прыкладна дваццаць бацькоў, і прыкладна гэтулькі ж - у другую.

Заняткі актыўна ідуць 30 хвілін, пасля чаго дзецям прапаноўваецца 15 хвілін паглядзець беларускамоўныя мультфільмы.

Ідэю зладзіць заняткі па беларускай мове для дзяцей прапанавалі дарослыя слухачы курсаў "Мова нанова". Выкладаць мову для маленькіх беларусаў ініцыятары курсаў запрасілі Алену Церашкову - літаратарку, якая выдала тры ўласныя кніжкі з дзіцячымі загадкамі, вершамі і казкамі па-беларуску, а таксама мае чатырох дзяцей.

- Мы настойваем, каб бацькі не толькі прыводзілі дзяцей, але і самі ўдзельнічалі, размаўлялі па-беларуску, і спадзяёмся, што такім чынам будзе больш людзей, якія цікавяцца нашай краінай, яе гісторыяй і культурай, - адзначыла Церашкова ў інтэрвію БелаПАН.


130 гадоў з дня нараджэння Францішка Грынкевіча

Францішак ГРЫНКЕВІЧ (5 кастрычніка 1884, в. Новы Двор Сакольскага пав. Гродзенскай губерні, цяпер Падлескае ваяводства Польшчы - 26 ліпеня 1933, Гародня) - каталіцкі святар. Брат лекара-псіхіятра і беларускага грамадскага дзеяча Станіслава Грынкевіча.

Пачатковую адукацыю атрымаў у Навадворскай народнай школе. Скончыў гімназію ў Гародні. У 1901-1905 гг. вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. З 1.9.1906 прадоўжыў навучанне за свой кошт у Мітрапалітальнай духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу, дзе сустрэў сярод выкладчыкаў і студэнтаў свядомых беларусаў (лектар Б. Эпімах-Шыпіла, студэнты А. Лісоўскі і Г. Бэта). На адной са студэнцкiх сходак у 1905 г. выступiў з рэфератам, прысвечаным беларускаму адраджэнцкаму руху. У 1907-1909 гг. вучыўся за мяжой у Інсбруку (Аўстрыя) і Мюнхене (Германія). Пасвечаны ў святары ў 1907 г. Душпастырскую дзейнасць распачаў у 1909 г. як настаўнік Закона Божага ў Гарадзенскай гімназіі. Служыў пробашчам пры кляштары брыгiтак. Арганізаваў у Гародні гурток беларускай моладзi (1909-1914), які аб'яднаў у сваіх шэрагах будучых дзеячаў беларускага хрысціянскага і нацыянальна-адраджэнцкага руху (Бычкоўскія, Л. Лявіцкі, Я. Чарапук і інш.). Паводле А. Станкевіча, "асоба Францука Грынкевіча ў Гародні была цэнтральнай і адзінай, якая будзіла там і арганізавала беларускі рух". Супрацоўнiчаў з беларускай каталiцкай газета "Bielarus" (Вiльня, 1913-1915). Калі выйшаў першы нумар газеты, то ксёндз Грынкевіч з Гародні пісаў у рэдакцыю "Беларуса": "Чытаючы першы і другі нумар першай беларускай газеты, нязнаная радасць захапіла мяне. Цешуся я з усяго сэрца ды ажно не верыцца, што вось і мы, беларусы, урэшце можам мець газету - друкаванае слова аб нашых патрэбах, што можна ўрэшце і ў нашай роднай мове гаварыць аб Богу. Не тольку ў хаце маёй, але і па хатах усіх маіх суседзяў будзе ваша газета жаданым госцем".

Напрыканцы Першай сусветнай вайны адышоў ад адкрытай беларускай грамадскай і асветнай дзейнасці, стаў прыхільнікам краёвага руху.

У 1932 Ф. Грынкевіч прызначаны капеланам касцёла ў Гародні. Пераклаў з лацінскай мовы на беларускую "Часіны Прачыстай Дзевы".

Памёр 26.7.1933 у Гародні. Пахаваны каля капліцы на старых каталіцкіх могілках.

Вікіпедыя.


"Еўрапейская Хартыя рэгіянальных моваў ці моваў меншасцяў" як крыніца ідэй для ўдасканалення беларускага моўнага заканадаўства

Усё часцей у перыядычным друку з'яўляюцца допісы грамадзян, якія патрабуюць ад дзяржаўных і камерцыйных структур паважаць іх права карыстацца беларускай мовай. У адказ людзі атрымліваюць адмовы, абгрунтаваныя тым дакументам, які мусіць гэта права бараніць - Законам аб мовах у Рэспубліцы Беларусь. Аб недасканаласці гэтага закона ўжо шмат пісалася. Вядомы і шлях вырашэння гэтай праблемы - закон трэба мяняць. Зараз наша таварыства над гэтым працуе, забываючыся, праўда, на грамадскае абмеркаванне нашых законапраектаў: новага "Закона аб мовах" і "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы". Спадзяюся, што такое абмеркаванне ўсё ж адбудзецца да таго, як працэс дойдзе, напрыклад, да збору подпісаў.

Каб удасканаліць нашы законапраекты, варта вывучыць замежны досвед моўнага заканадаўства. У "Нашым слове" № 20 ад 14 траўня 2014 года я аналізаваў шатландскі "Закон аб гэльскай мове". У гэтым артыкуле я хачу звярнуць вашу ўвагу на "Еўрапейскую хартыю рэгіянальных моваў ці моваў меншасцяў", прынятую ў 1992 годзе.

Гэты дакумент не датычыцца беларускай мовы на тэрыторыі Беларусі па дзвюх прычынах: 1) беларуская мова не з'яўляецца ў Беларусі рэгіянальнай і мінарытарнай, 2) наша краіна не ўваходзіць у Раду Еўропы, частка сяброў якой з'яўляюцца падпісантамі хартыі. Тым не менш, як паведамляе адмысловы дадатак да хартыі (спіс моў, на якія распаўсюджваецца дзеянне хартыі і краін, дзе ўжываюцца гэтыя мовы), яна датычыцца беларускай мовы як рэгіянальнай ці меншаснай ў Польшчы, Украіне і, як гэта ні дзіўна, у Арменіі. Наконт Арменіі сітуацыя загадкавая, бо мне не ўдалося знайсці пацвярджэння афіцыйнага прызнання беларускай мовы ў гэтай краіне. Відаць, гэта нейкая памылка.

Беларуская афіцыйна прызнана мовай меншасці таксама ў Чэхіі, але ў згаданым дадатку да хартыі не пазначана, што яе дзеянне распаўсюджваецца на беларускую мову ў гэтай краіне. Што да іншых краін, дзе бытуе беларуская мова, то Расійская Федэрацыя хартыю падпісала, але не ратыфікавала, а Літва і Латвія яе не падпісалі.

Камітэт міністраў Рады Еўропы можа запрасіць любую краіну, якая ў Раду не ўваходзіць, далучыцца да гэтай хартыі.

Аднак гэты артыкул не прысвечаны тым выгодам, што дае хартыя беларускай мове як рэгіянальнай, адпаведна не будзе аналізавацца і ўвесь змест дакумента. Ахвотныя могуць азнаёміцца з перакладам на беларускую на сайце хартыі па адрасе coe.int/t/dg4/education/minlang/textcharter/default_en.asp. Мы ж засяродзімся на тых аспектах хартыі, якія ў прынцыпе можна ўжыць пры ўдасканаленні ўласна беларускага моўнага заканадаўства, прычым датычнага менавіта беларускай мовы, а не моваў меншасцяў.


Спачатку разгледзім агульныя мэты і прынцыпы хартыі, на якіх краіны-падпісанты павінны грунтаваць сваю палітыку што да рэгіянальных і меншасных моў. Вартай пераймання падаецца праактыўнасць хартыі. Скрозь дакумент адзначаецца, што адной толькі забароны дыскрымінацыі ў дачыненні да моў не дастаткова - неабходны канкрэтныя дзеянні па іх падтрымцы дзеля іх захавання і аховы, прычым падкрэсліваецца, што дзеянні павінны быць рашучымі. Нічога падобнага ў нашым Законе аб мовах няма, а ёсць некалькі радкоў Артыкула 6 пра недапушчальнасць абмежавання правоў людзей па моўнай прыкмеце. Праўда, астатні змест Закона робіць гэта цалкам дапушчальным.

Пры гэтым, хартыя не забываецца і на ўласна забарону моўнай дыскрымінацыі. Падпісаны абавязуюцца "ліквідаваць любыя неапраўданыя адрозненні, выключэнні, абмежаванні або ільготы, якія датычацца выкарыстання рэгіянальнай мовы…" . Тэрмін "неапраўданыя", праўда, насцярожвае, бо можа трактавацца неадназначна і ўсё ж даваць нагоду для дыскрымінацыі.

Наступная карысная адметнасць хартыі - яе канкрэтнасць і дэтальнасць у апісанні мераў па падтрымцы моў. Хартыя падрабязна распісвае тыя меры, якія павінны быць прынятыя для падтрымкі моў у асноўных сферах грамадскага жыцця.

Прапанаваныя меры маюць некалькі градацый глыбіні. У якасці прыкладу градацый разгледзім меры па развіцці выкарыстання рэгіянальных ці меншасных моў у сферы пачатковай адукацыі. "Бакі бяруць на сябе абавязкі на тэрыторыі, дзе выкарыстоўваюцца гэтыя мовы…

І) … забяспечыць дашкольную адукацыю на адпаведнай рэгіянальнай ці мінарытарнай мове; або

ІІ) забяспечыць значную частку дашкольнай адукацыі на адпаведнай рэгіянальнай ці мінарытарнай мове; або

ІІІ) прымяніць адну з мераў, азначаных ў пунктах а) і б) прынамсі да тых вучняў, чые сем'і таго патрабуюць і чыя колькасць лічыцца дастатковай; або

ІV) калі дзяржаўныя ўлады не кантралююць напрамую сферу дашкольнай адукацыі, то спрыяць і/або заахвочваць ужыванне мер, пазначаных у пунктах ад I) да III)" .


У каментары да хартыі адзначаецца, што градацыі зроблены, каб гнутка падысці да разнастайных моўных сітуацый. Напрыклад, у пэўным рэгіёне краіны на мінарытарнай мове размаўляе 90% насельніцтва, і там, натуральна, варта прымяніць пункт І). А дзесьці на такой мове размаўляе 1%, адпаведна, можна скарыстацца менш радыкальнымі мерамі. Выбар канкрэтнай градацыі пакідаецца самой краіне-падпісантцы.

Натуральна, у дачыненні да беларускай мовы ў Беларусі прымяняць менавіта такі падыход не мае сэнсу, але градацыямі можна скарыстацца, напрыклад, для паступовасці ўвядзення беларускамоўнай адукацыі. Дапусцім, першыя пяць год прымяняецца мінімальная градацыя, потым - сярэдняя і г.д. Верагодна, такі падыход можна і пакрытыкаваць, паколькі рашэнне па ступені неабходных мер можа быць суб'ектыўным.

У раздзеле пра адукацыю месціцца шэраг карысных для нас момантаў. Хартыя абавязвае падпісантаў забяспечыць навучанне мовам дарослых, а таксама заснаваць органы, адказныя за маніторынг выканання патрабаванняў хартыі і за падрыхтоўку адпаведных справаздач.


Працягнем разгляд раздзелу пра мэты і прынцыпы хартыі. Хартыя прызнае рэгіянальныя мовы ці мовы меншасцяў прыкметай культурнага багацця. Заўважце, багацця (хай і культурнага). У нашым жа Законе аб мовах нічога не сказана аб важнасці моў для краіны.

Хартыя абавязвае падпісантаў спрыяць узаемапаразуменню паміж моўнымі супольнасцямі, у прыватнасці, праз уключэнне пытання моўнай талерантнасці ў праграмы навучання, а таксама ў тэматыку СМІ сваіх краін.


Разгледзеўшы агульныя мэты і прынцыпы хартыі, пераходзім да разбору раздзелаў, дзе апісваюцца меры па развіцці выкарыстання моў у асобных сферах жыцця. Мы ўжо прывялі прыклады з раздзелу, прысвечанаму адукацыі, а зараз пераходзім да часткі, прысвечанай судовым уладам. Тут падпісанты абавязуюцца прадугледзець, каб:

- па просьбе аднаго з бакоў слуханне вялося на мове носьбіта мінарытарнай мовы і/ці ,

- было забяспечана права на выступ у судзе на сваёй мове і/ці ,

- забяспечваць каб запыты і паказанні сведак не разглядаліся як непрымальныя толькі таму, што яны сфармуляваныя на мінарнарнай мове.

Заўважце, што грамадзянам Беларусі першая магчымасць не гарантавана нават пры іх жаданні карыстацца адной з дзвюх дзяржаўных (не меншасных) моў - гэта залежыць ад рашэння суддзі. Максімум, на які мы можам разлічваць - гэта другая з пазначаных тут магчымасцяў.


У раздзеле пра органы адміністрацыі і дзяржаўныя службы ад падпісантаў патрабуецца забяспечыць, каб людзі маглі падаваць у органы ўлады не толькі пісьмовыя звароты на сваёй мове, але і звяртацца да чыноўнікаў на ёй вусна (з правам атрымання адказу на гэтай мове ці без яго).

Падпісанты хартыі абавязуюцца прыняць адну з наступных мер: забеспячыць пераклад, навучаць мінарытарнай мове дзяржаўных службоўцаў ці нават задавальняць па магчымасці просьбы дзяржаўных службоўцаў, якія валодаюць пэўнай мовай, аб накіраванні іх на працу туды, дзе яна выкарыстоўваецца.


Раздзел пра СМІ патрабуе аказваць тую ці іншую ступень фінансавай падтрымкі СМІ на мінарытарных мовах і дапамагаць у падрыхтоўцы кампетэнтных журналістаў.

Нязвыклыя для нашага заканадаўства патрабаванні ёсць у раздзеле, прысвечаным культурніцкай дзейнасці. Падпісанты абавязваюцца спрыяць доступу да твораў на мінарытарных мовах тых людзей, якія не з'яўляюцца іх носьбітамі праз развіццё перакладу, дублявання, выкарыстання субтытраў і г.д.

Таксама патрабуецца спрыяць і адваротнаму: даць носьбітам мінарытарных моў доступ да твораў, створаных на іншых мовах праз пераклад, дубляж, субтытры і г.д.

Падпісанты абавязаны патрабаваць ад арганізатараў культурных мерапрыемстваў, каб яны ў належнай меры забяспечвалі прысутнасць на іх пэўнай мовы і іншых атрыбутаў культуры. Для гэтага трэба забяспечыць наяўнасць у адпаведных арганізацыях персаналу, які валодае мовай. Таксама патрабуецца заахвочваць носьбітаў мовы прымаць удзел у планаванні і арганізацыі культурных мерапрыемстваў.

У выпадку неабходасці падпісанты абавязуюцца спрыяць развіццю тэрміналогіі для розных сфераў жыцця.

У раздзеле пра сацыяэканамічную сферу, утрымліваецца актуальнае для нас патрабаванне прыбраць з заканадаўства любыя параграфы законаў, якія забараняюць ці абмяжоўваюць выкарыстанне пэўнай мовы ў такіх дакументах як працоўныя дамовы, інструкцыі для карыстальнікаў і г.д.

І наадварот, дзяржаўныя структуры краін-падпісантаў ў межах сваёй кампетэнцыі абавязуюцца ўносіць у рэгулявальныя дакументы палажэнні, што дазваляюць выкарыстоўваць мінарытарную мову ў фінансавых і іншых дакументах, альбо забяспечваць выкананне такіх палажэнняў калі яны ўжо маюцца. Ад падпісантаў патрабуецца ажыццяўляць дзейнасць па развіцці выкарыстання мінарытарных моў у дзяржаўным сектары сацыяэканамічнай сферы. Краіны-падпісанты абавязуюцца супрацьстаяць практыкам, што перашкаджаюць выкарыстанню пэўнай мовы ў сацыяэканамічнай сферы.

Дзяржавы павінны забяспечыць, каб медычныя ўстановы і органы сацзабеспячэння аказвалі носьбітам меншасных моў паслугі на іх роднай мове. Інструкцыі па бяспецы, а таксама інфармацыя аб правах спажыўцоў павінны быць даступныя і на такіх мовах.

Патрабуецца забараніць кампаніям у сваіх унутраных дакументах абмяжоўваць выкарыстанне меншасных моў (прынамсі, у выпадку камунікацыі людзей, што валодаюць гэтай мовай). Такое палажэнне ў айчынным заканадаўстве дазволіла б забараніць распараджэнні некаторых нашых прадпрыемстваў, дзе прама пазначана, што ўсе ўнутраныя дакументы вырабляюцца на рускай мове.


Нашыя ўлады па пытаннях моўнай палітыкі нікому не падсправаздачныя. Хартыя ж абавязвае краіны-падпісанты рыхтаваць справаздачы па сваіх дзеяннях у межах хартыі для Генеральнага сакратара Рады Еўропы кожныя тры гады. Справаздачы ацэньваюцца камітэтам экспертаў. У камітэт могуць звяртацца арганізацыі, што манітораць выкананне палажэнняў хартыі ў сваіх краінах. Улічыўшы ўсю паступіўшую інфармацыю, камітэт экспертаў рыхтуе справаздачы для Камітэта міністраў Рады Еўропы. Зараз у нашым законапраекце "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы" пазначана арганізацыя, якая можа займацца кантрольнай дзейнасцю, але механізм справаздачнасці ўладаў не распісаны. Падаецца, гэты механізм варта прадумаць пры шліфоўцы законапраекту.

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ.


Навіны моўнай разнастайнасці

Абавязак кожнага армяніна - напісаць артыкул для Вікіпедыі * Бія- і моўная разнастайнасць скарачаюцца сінхронна * Адбылася трэцяя канферэнцыя ЮНЭСКА па моўнай разнайстайнасці ў кіберпрасторы.

Абавязак кожнага армяніна - напісаць артыкул для Вікіпедыі! У Арменіі з сакавіка ідзе кампанія "Адзін армянін - адзін артыкул", мэта якой - узняць колькасць і якасць артыкулаў на армянскай мове. Зараз армянская Вікі налічвае больш за 390.000 артыкулаў. Улічваючы, што ў Арменіі жыве 3 мільёны чалавек, а армянская дыяспара складае каля 8 мільёнаў, перспектывы ў праекта агромністыя.

Кампанія пачалася з роліка на Юцюбе, а зараз аб дасягнутым прагрэсе ўжо паведамляюць армянскае тэлебачанне і інфармагенцтвы. Да кампаніі далучыліся вядомыя дзеячы культуры і палітыкі, у тым ліку ўрадоўцы.

Даследчыкі Джонатан Лох і Дэвід Харман адзначаюць, што хуткасць скарачэння біяразнастайнасці і моўнай разнастайнасці ў сённяшнім свеце агулам супадаюць. Сёння пад пагрозай знаходзяцца 21% відаў млекакормячых, 13% птушак, 15% рэптылій і 30% амфібій, а таксама 25% з прыкладна 7000 наяўных моў.

Хаця багатая моўная разнастайнасць ў рэгіёнах з высокай біяразнастайнасцю заўважалася яшчэ Дарвінам, прычыны гэтага супадзення дакладна не вядомыя. Найбольш адрозніваюцца разнастайнасцю трапічныя рэгіёны, напрыклад, Новая Гвінея.

Даследчыкі занепакоены тым, што моўная разнастайнасць скарачаецца ўсё большымі тэмпамі. З 7000 моў палова мае менш за 10.000 носьбітаў, на іх размаўляе толькі 0,1% насельніцтва Зямлі. 95% зямлян размаўляюць на адной з 400 найбольш ужываных моў, а 40% - на адной з 8 моў: мандарынскай кітайскай, іспанскай, англійскай, хіндзі, партугальскай, бенгальскай, рускай і японскай.

Скарачэнне моўнай разнастайнасці не ўсюды ідзе аднолькавымі тэмпамі, а яго хуткасць усё ж не ва ўсіх рэгіёнах супадае з тэмпамі скарачэння біяразнастайнасці. Найбольш пагрозлівая сітуацыя для моў склалася ў абедзвюх Амерыках і ў Аўстраліі. Біяразнастайнасць жа найхутчэй скарачалася ў трапічных рэгіёнах. Заўважна, найбольшыя праблемы з моўнай разнастайнасцю назіраюцца ў рэгіёнах, дзе еўрапейцы-мігранты значна пераважаюць па колькасці абарыгеннае насельніцтва.

Трэцяя міжнародная канферэнцыя ЮНЭСКА па праблемах моўнай разнайстайнасці ў кіберпрасторы адбылася ў канцы чэрвеня - пачатку ліпеня ў Якуцку, РФ. У ёй прынялі ўдзел прадстаўнікі больш чым 50 краінаў. Адзін з дакладаў быў прысвечаны ўдасканаленню "Сусветнага атласа моў у небяспецы", выдадзенага пад эгідай ЮНЭСКА. Пасяджэнне на гэтую ж тэму мусіць адбыцца ў канцы кастрычніка бягучага года ў штаб-кватэры гэтай арганізацыі ў Парыжы.

Па матэрыялах бюлетэня Огміос №54 падрыхтаваў Дзяніс Тушынскі.


Можна будзе здаваць на правы па-беларуску ... праз пэўны час

Начальніку ўпраўлення ДАІ

МУС Рэспублікі Беларусь

палкоўніку міліцыі

Ю.А.Літвіну

вул. Грушаўская, 7,

220036, г. Мінск

Паважаны Юрый Аляксандравіч!

У ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" звяртаюцца грамадзяне са скаргамі на тое, што яны не маюць магчымасці здаваць на дзяржаўнай беларускай мове экзамены на права кіравання аўтамабілем. Нам не зразумела, чаму склалася такая сітуацыя. Як нам вядома, узоры экзаменацыйных білетаў існуюць як на беларускай, так і на рускай мовах. "Правілы дарожнага руху" на беларускай мове былі выдадзены ў 2012 г. з адабрэння Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аўташколы забяспечаны навучальнымі праграмамі, якія дазваляюць выбраць беларускую мову.

Просім Вас звярнуць увагу на гэтае пытанне і забяспечыць права грамадзян карыстацца дзяржаўнай беларускай мовай падчас здачы экзаменаў на права кіравання аўтамабілем у сістэме ДАІ.

Пры неабходнасці гатовы аказаць кансультатыўную дапамогу.

З павагай,

Старшыня ТБМ А. Трусаў.

Старшыні

ГА "Таварыства беларуская мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.



Паважаны Алег Анатольевіч!

Паведамляю, што Ваш зварот разгледжаны ва ўпраўленні ДАІ МУС Рэспублікі Беларусь.

Наяўнае на сённяшні дзень праграмнае забеспячэнне не дазваляе ажыццяўляць прыём квалівікацыйных экзаменаў на права кіравання механічнымі транспартнымі сродкамі на беларускай мове, разам з тым просьба, выкладзеная ў Вашым звароце, ужо знаходзіцца на разгледжані кіраўніцтва ўпраўлення ДАІ і будзе рэалізавана ў ходзе далейшай мадэрнізацыі адпаведнага праграмнага забеспячэння.

Намеснік начальніка ўпраўлення А.В. Цагельнік.


"Сцягі Оршы"

У Менску ў выдаўца А.М. Вараксіна ў серыі "Славутыя бітвы" выйшла кніга Анатоля Грыцкевіча "8 верасня 1514. Сцягі Оршы". Галоўны рэдактар серыі Ўладзімір Арлоў.

Кніга прысвечана адной з самых бліскучых перамог беларускай зброі. Пад Оршай ліцвіны адстойвалі не толькі суверэнітэт сваёй дзяржавы, але і баранілі рубяжы еўрапейскага свету. Пасля гэтай бітвы гетмана Канстанціна Астрожскага называлі другім Ганібалам, а яго рыцараў параўноўвалі з мужнымі ваярамі старажытнай Македоніі.

Тэма кнігі тым больш блізкая аўтару, доктару гістарычных навук Анатолю Грыцкевічу, бо яго далёкі продак Юхно Грыцкевіч вярнуўся з той бітвы пераможцам.

Кніга вельмі багата ілюстравана і выдадзена накладам 500 асобнікаў.

Наш кар.


78 гадоў без роднай школы

Нядаўна ў культурна-грамадскім і літаратурным месячніку "Летапіс" за 1936 год (№ 4-8) прачытаў верш заходнебеларускага паэта з Дзятлаўшчыны Пятруся Граніта (Івана Івашэвіча). Верш называецца "Са школы". Прычытаў я, браткі, гэты верш, напісаны 78 гадоў таму, і прыйшоў да высновы, што ён змястоўна зусім не састарэў, а наадварот сёння вельмі актуальны. Нават не менш, чым у тыя 1930-я гады, калі Заходняя Беларусь была пад Польшчай.

На днях сустракаю ў Слоніме жанчын, дзеткі якіх займаюцца ў беларускамоўных класах гарадскіх школ. Дык яны са здзіўленнем і нават з нейкім сполахам распавялі мне, што другія, трэція і чацвёртыя беларускамоўныя класы горада не забяспечылі яшчэ беларускімі падручнікамі. Прайшоў верасень, а настаўнікі робяць ксеракопіі і раздаюць іх дзеткам. А дзеткі так хочуць атрымаць свае падручнікі і спакойна вучыцца на роднай мове, як усе дзеці іншых краінах свету. Не магу зразумець: ці гэта спецыяльна робіцца, ці гэта проста абыякавасць тых, хто адказны за забяспячэнне школ падручнікамі…

І прыгадаўся мне верш Пятруся Граніта, які прапаную чытачам "Нашага слова".

Са школы

Грамадой вясёлай

Дзеці йдуць са школы.

Разам і Мацейка

Йдзе, ды не вясёлы.

Маці са Сцяпанам

У сынка пытаюць:

"Аб чым, скажы, у школе

Дзетак навучаюць?"

Смуціцца Мацейка:

"Расказаць не ўмею,

Што настаўнік кажа -

Я не разумею.

Бо не нашай мовай

У школе гутораць…".

"Праўда, што чужою, -

Яму бацька ўторыць, -

Але не смуціся,

А чакай цярпліва:

Завітае доля

І да нас шчасліва.

Хутка ўжо здабудзем

Школу ў роднай мове,

Тады зразумееш

Ты усё даволі…".

78 гадоў прайшло, а дзеці, унукі і праўнукі Мацейкі ў Беларусі ніяк не могуць зразумець тое, аб чым казаў Мацейкаў бацька - герой верша Пятруся Граніта, а таксама дачакацца тае светлае пары, калі мы "здабудзем школу ў роднай мове".

Сяргей ЧЫГРЫН.


А дзе гістарычныя беларускія назвы КРАШЫН, АЛЬСЕВІЧЫ?

Сёння ранкам накіраваўся на чыгуначны прыпынак "Локомотивное депо" ў г. Баранавічы, што там назва па-руску, і што білеты прадаюцца на рускай жа, здзіўлення ў мяне не было, бо на чыгунцы не шануюць беларускую мову - гэта агульнавядома. Што мяне зацікавіла, дык: "С 1 сентября остановки "Крошино" переименованы на "Ольсевичи", а "Победа" - у "Крошино" (вёска з гістарычнай беларускай назвай Крашын , суадносна - і калі ехаць з Баранавічаў перад ёю - Альсевічы .

Шмат пісаў я аб вяртанні спрадвечнай назвы Крашын вёсцы Крошын , чыгуначнай станцыі (прыпынку) Крошына - Альсевічы .

Гэтае даўняе пасяленне Крашын зараз знаходзіцца каля 15 км ад Баранавічаў, а найболей стала вядомае сваім бунтам свабодалюбых крашынян (завяршыўся жорсткім пакараннем у 1828 г.) супраць Юраг-Радзівілаў. Пачаўся зацяжны бунт пад началам Казіміра Камінскага - уніята ў 1826-1828 гадах, калі новы гаспадар крашынскіх прастораў Станіслаў Гедройць Юрага разам са сваёй хцівай жонкай Антанінай пры дапамозе яе брата Канстанціна Радзівіла (паланечкаўскае адгалінаванне) вырашыў адабраць зямлю і запрыгоніць вольных панцырных баяр-крашынян.

14 студзеня 1993 г. у газеце "Наш край" (г. Баранавічы і раён) на беларускай мове у рускамоўным выданні з'явіўся мой матэрыял "Крашын", дзе расказвалася пра блытаніну з назвай станцыі "Перамога" (без сумненняў, аніякай "Перамогі" не было, а была "Победа"), а таксама аб вяртанні станцыі яе мінулай назвы.

Як усё было раней, я атрымаў веды з розных крыніц, а найболей ад жыхаркі Крашына, зараз яна нябожчыца, Леанарды Вікенцьеўны Зімніцкай, яна была першай касіркай пасляваеннага адноўленага праз шмат гадоў чыгуначнага прыпынка ў вёсцы. І гэта дужа пазнавальна.

Чыгунка ў Крашыне пралягла цераз мясцовыя могілкі на прыканцы ХІХ стагоддзя, у польскім акупацыйныя часы (1920-1939 гады) у вёсцы стаяла будка, ля якой прыпыняліся цягнікі. Назва гэтага прыпыначнага пункта была польская "Крошына". У гэтым пасяленні здзейсніў свой вычын мясцовы жыхар Станіслаў Лукашэвіч, калі ён дазнаўся, што да яго роднага паселішча імчыць белапольскі бронецягнік, то ён са сваімі сябрамі і прыхільнікамі перад ім разабраў рэйкі, яго выдаў мясцовы паляк. Патрыёта-беларуса нелюдзь акупацыйная схапіла і пачала яго катаваць, але ні калёнае жалеза, ні іголкі пад пазногці, ні збіццё анічога польскім катам не далі, тады яны выкалалі яму вочы, пазрывалі спачатку на руках і нагах пазногці, павырывалі яму ўсе воласы, адрэзалі вушы, нос, а потым адсеклі галаву, ногі і рукі, палавыя органы... Усё гэта склалі ў мех і перад Менскам скінулі, там і знайшлі парэшткі гэтага героя, які дасюль аніяк не ўшанаваны ў Крашыне.

У верасні 1939 года пасля вызвалення Крашына ад палякаў чамусьці савецкія ўлады пакінулі і вёсцы, і чыгуначнаму прыпынку польскія найменні Крошын і Крошына. Улетку 1941 года сюды прыйшлі немцы. У Альсевічах яны зрабілі закрытую чыгуначную станцыю, а ў Крашыне будку знеслі, а шыльду ад яе перанеслі ў Альсевічы і дадалі да яе больш буйную шыльду на нямецкай мове. З гэтага моманту цягнікі ў Крашыне (Крошыне) не прыпыняліся. Такая ж з'ява была і пасля вайны. Гэта неверагодна, каб такое было, і каб фашысцкая завядзёнка так доўга дзейнічала. Крашыняне мусілі хадзіць у вёску Альсевічы да станцыі "Крошына", каб там сесці, скажам, у цягнік на Баранавічы ці на Менск.

Толькі 10 сакавіка 1963 г. у Крашыне адкрылі прыпыначны пункт, няма чаго дзівіцца: "Крошын Другі" (спецыяльна напісаў па-беларуску, але з польскім гучаннем. - М.У. ). Першым білетным касірам тут стала Л.В. Зімніцкая. Пры той працы спачатку на адкрытай пляцоўцы яна нават адмарозіла рукі.

Пасажыры часцяком блыталіся з гэтымі Крошынамі - і Першым , і Другім , пракліналі і мацярылі, на чым ёсць чыгуначнае ведамства. І тады вымушаны быў у справу ўмяшацца старшыня крошынскага калгаса "Перамога" ("Победа"). Шмат куды ён ездіў па скаргах сваіх калгаснікаў, "націскаў", дзе трэба. І на крошынскім чыгуначным прыпынку з'явілася чамусьці новая шыльда "Победа", так сістэма ўвекавечыла яго працу ў калгасе "Перамога" ("Победа"). А госці, камандзіровачныя, такія раззявы, як я, іншыя пасажыры як блыталіся, так тое і працягвалі рабіць.

Шмат каму з чыноўнікаў Баранавіцкага раёна былі не да спадобы працоўныя заваёвы аднаго з самых перадавых калгасаў і яго заможных крашынян, зайздросцілі славе Героя Сацыялістычнай Працы А.А. Мацноўскага - яны змянілі спецыяльна назву "Перамога" на польска-расійскі назоў СПК "Крошын" .

Раз не стала "Перамогі" ("Победы"), стала на чарзе змена назвы і чыгуначнай станцыі "Победа", з 1 верасня 2014 года замест "Победы" з'явілася назва ў Крашыне на чыгунцы "Крошино", а ў Альсевічах - "Ольсевичи".

А дзе ж беларускія назвы "Крашын", "Альсевічы"?

Міхась Угрынскі.


Таямніца вобліку яго

Дмытру Паўлычку - 85

"Бо мова то не гук, а думка непакорных…"

Добра запомніўся такі радок з верша Дмытра Паўлычкі ў перакладзе Эдуарда Акуліна. Многія літаратары перастваралі творы "нашага вялікага пабраціма", як назваў Паўлычку Ніл Гілевіч. Перакладаў і Ніл Сымонавіч, які толькі на два гады маладзейшы ад Дмытра і на два вераснёўскія дні "старэйшы": нарадзіўся 30.09.1931 года. А львавянін нарадзіўся 28 верасня 1929 года. Вось некалькі праменьчыкаў з багатай яго біяграфіі. Ён - паэт і паэт-песеннік, перакладчык, крытык, публіцыст, палітычны дзеяч, дыпламат. Заслужыў званне Героя Украіны з уручэннем ордэна Дзяржавы. Двойчы кавалер ордэна Яраслава Мудрага…

А наш народны паэт Ніл Гілевіч назваў Дмытра Грамадзянінам, Патрыётам, волатам творчага духу, рыцарам братэрства. Заслужаная пахвала, бо Дмытро Паўлычка перакладаў творы Я. Купалы, А. Куляшова, П. Панчанкі, М. Танка, Р. Барадуліна, Н. Гілевіча, Г. Бураўкіна…На яго паэтычным падрахунку і анталогія "Сусветны санет", куды ўвайшлі асобныя санеты Я. Купалы, М. Багдановіча.

І Генадзь Бураўкін не ўстрымаўся ў свой час даць высокую ацэнку творчасці свайго сябра: "Жывы класік, чалавек шматгранны і па таленту, і па дасведчанасці, эмацыянальна яркі паэт".

Можна адшукаць многа выказванняў і Дмытра Паўлычкі пра беларусаў, якім ён жадае быць у агульнаеўрапейскай сям'і народаў. Вось як паэт прамаўляе ў вершы "Вітанне Беларусі":

Ты мой паклон прымі!

Так можа

Народу родны

кланяцца народ!

(Пераклад

Р. Барадуліна.)

Мы тады чуць-чуць не размінуліся. Я прыехаў у Львоў вучыцца на журналіста ў 1964 годзе, а Дмытро Васільевіч у тым жа годзе з Львова пераехаў у Кіеў. І толькі ў ліпені 1968 года ён запыніў мяне пасля чарговага выступлення на Фестывалі маладых паэтаў братніх рэспублік, які праходзіў у горадзе Мікалаеве на Украіне. Падзякаваў я львавяніну за маё ўзгадаванне цяпер ужо і "маім" Львовам. На тым паэтычным свяце і атрымаў у падарунак толькі што выдадзены зборнік вершаў Дмытра Паўлычкі "Грано-слов". Не стараюся даслоўна перакласці яго дароўны надпіс: "Сэргіеві Панізніку, майму беларускаму братові, з любоўю ад першага погляду і з вялікаю надзеяю на заўтрашні дзень твайго жыцця і жыцця Беларусі. Д. Паўлычка. Мікалаеў. 8.VІІ.68".

І вось мінула з таго часу больш як сорак гадоў. Два ўкраінскія творцы з Кіева і Львова - Дмытро Паўлычка і Раман Лубкіўскі наведалі ў Беларусі вёску Касута, дзе ў 1672 годзе нарадзіўся беларускі шляхціц Піліп Орлік, будучы гетман Украіны і аўтар яе першай Канстытуцыі.

На літаратурна-музычную вечарыну ў Палац мастацтваў я прыхапіў незалежалы "Гранослов". Як і звычайна, у прэзідыуме сядзелі паважаныя госці. Я акуратненька перадаў дарагі мне зборнік так, каб трапіў у рукі Дмытра Васільевіча. Паглядаю здалёку, як ён ад такой неспадзеўкі здзівіўся, потым засяродзіўся і ўзяўся за аўтаручку. У перапынку разам з абдымкам я атрымаў "Гранослов" з новым аўтографам:

"Дарагі Сяргею!Я не забыў Цябе, але ўсё ж згадаў не адразу нашу сустрэчу ў Мікалаеве, твае вершы і пераклады. Як добра, што ты азваўся і прыгадаў мне той дзень, які сведчыць,што Беларусь была ўжо тады глыбока ў маім сэрцы разам з Табою!

Д. Паўлычка. Мінск. 6.2. 2009".

А пазней украінцы ад Яго чыталі мае вершы, беларусы Яго вершы ў маім перакладзе… І гэта ўсё дзякуючы гранаслову і творцу думак для непакорных.

Сяргей Панізьнік. На здымку: дарчыя надпісы Дмытра Паўлычкі на яго зборніку "Гранослов".



РУП "Белпошта" выпусціла маркаваную паштоўку да 175-годдзя з часу пабудовы касцёла Ўзвышэння Святога Крыжа ў Менску


Сведкі падзей

Нацыянальнай палітыка 20-х гадоў ХХ ст.

У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь экспануецца Выстава "Сведкі падзей. Нацыянальная палітыка 20-х гадоў ХХ ст." Экспазіцыя распавядае пра нацыянальную палітыку ва ўмовах Савецкай улады, якая распрацоўвалася ў вышэйшых органах РКП/б/ і праводзілася з улікам асаблівасцей таго ці іншага рэгіёна. Афіцыйна аб яе правядзенні ў нашай краіне аб'явіла другая сесія ЦВК БССР (1924 г.), прыняўшы пастанову "Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі".

На выставе "Сведкі падзей. Нацыянальная палітыка 20-х гадоў ХХ ст." прадстаўлены выданні 1920-1930-х гг., якія дапамагаюць раскрыць сутнасць азначанага працэсу, яго разуменне ў той час, шляхі і метады ажыццяўлення, асаблівасці і супярэчнасці развіцця, значэнне для маладой беларускай дзяржавы.

Прэс-служба Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.


Грунвальдскі дух беларускага слова

Сябры і калегі павіншавалі Станіслава Судніка, старшыню Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Францішка Скарыны, грамадскага дзеяча, рэдактара газеты "Наша слова" і часопіса "Лідскі летапісец", паэта і перакладчыка з 60-годдзем на творчай сустрэчы 29 верасня ў Менску.

З прывітальнымі словамі выступілі старшыня ТБМ Алег Трусаў і Алена Анісім. Шчырыя словы падзякі за шматгадовую дзейнасць па адстойванні свабоды слова, развіцці культурна-асветніцкага беларускамоўнага друку, захаванні гістарычных каштоўнасцяў, патрыятычным выхаванні выказалі юбіляру прафесар Леанід Лыч, пісьменнік і краязнавец Анатоль Валахановіч, паэт і бард Эдуард Акулін і іншыя.

66 нумароў часопіса "Лідскі летапісец", напоўненых гістарычнымі рэканструкцыямі, нарысамі, архіўнымі матэрыяламі, 850 нумароў "Нашага слова" з жыццяпісамі выбітных асобаў, календарамі знамянальных датаў, рэпартажамі з актуальных падзей, артыкуламі мовазнаўцаў і літаратараў, апавяданнямі і вершамі былі выдадзены пад рэдакцыяй С. Судніка за мінулыя 17 гадоў.

Прысутныя на вечарыне змаглі пазнаёміцца з кнігай паэзіі Станіслава Судніка "Літва", выдадзенай у Лідзе ў 2011 годзе. Кніга ўключае гістарычныя паэмы і балады "ліцвінскай" тэматыкі, напісаныя аўтарам у розныя гады, а таксама пераклады Яна Чачота, Міхаіла Лермантава, Антонія Гарэцкага і Юліюша Славацкага, Камілы Эміліі Макрэцкай. Гераічную рамантыку твораў, мужны ваярскі дух адзначыў у прамове Міхась Варанец.

На вечарыне ў выкананні аўтара прагучала балада пра Міхайлу Гілігінавіча, ваверскага баярына, рыцара Лідскай харугвы, які вярнуўся з-пад Грунвальда жывым і фундаваў у 1413 годзе касцёл.

Станіславу Судніку належаць таксама кнігі " Пагоня за мову", "Мой Грунвальд", "Лідскія скрыжалі", два расійска-беларускія вайсковыя слоўнікі, "Шыхтовы статут Беларускага Войска" і падручнік па беларускай стэнаграфіі.

Найвышэйшымі каштоўнасцямі беларусаў падпалкоўнік запасу С. Суднік лічыць беларускую мову і беларускую дзяржаву.

Песні на вершы грамадскага дзеяча і паэта "Мы - нацыя волі", "Першая "Свабода", "Беларускай зямлі афіцэры" і інш. выканаў яго сябар і паплечнік з Ліды Сяргей Чарняк. Сябры ТБМ пажадалі С.В. Судніку поспеху і плёну ў дзейнасці і волатаўскага здароўя.

Эла Оліна. На фота аўтара: Станіслаў Суднік і Сяргей Чарняк.


85-годдзе калгаса

З размахам і запалам 20 верасня ў аграгарадку Чаркасы Дзяржынскага раёна прайшло свята, прысвечанае 85-годдзю калгаса імя Д. Фалько. Не гледзячы на надвор'е, жыхары і госці вёскі дапазна адпачывалі і дзяліліся ўражаннямі. Тут былі людзі розных узростаў: пенсіянеры, моладзь, дзеці.

З прывітальным словам да жыхароў звярнуўся старшыня Фаніпальскага сельвыканкама Ўладзімір Лобач. Далей па сцэнарыі свята прадугледжваліся віншаванні і ўзнагароджанні ветэранаў працы, пераможцаў конкурсаў. Арганізатарам мерапрыемства выступіў дырэктар Чаркаскага ДК Кірыл Шык і дырэктар філіяла Фалько-Агра Вадзім Кунц. Святочную атмасферу стваралі вакальна-інструментальны кавер - гурт Чаркаскага Дома культуры "Шык - бэнд" і гурт "HANDMADE", якія на працягу ўсяго мерапрыемства радавалі прысутных песнямі.

Цікавую праграму для землякоў падрыхтаваў мясцовы Дом культуры: тэатралізаваную гісторыю стварэння калгаса імя Д. Фалько, святочны канцэрт, гульнёвыя пляцоўкі, якія прапаноўвалі дзецям і дарослым паспаборнічаць ў гульні "Пень і цвік", прыняць удзел у адроджаным народным атракцыёне "Кольцакід", "Чыгуны", унікальнай латарэі з кубікамі. Усім пераможцам былі ўручаны прызы ад спонсараў мерапрыемства. Запальныя сцэнкі, народныя і лірычныя песні, а таксама незабыўныя музычныя калектывы зрабілі гэты дзень па-сапраўднаму цікавым і запамінальным. Да вечара працавалі дзіцячыя атракцыёны, прадаваліся цацкі, папкорн і салодкая вата.

- Самае галоўнае, што у гэтым свяце ёсць - гэта дух, які мацуе ўвесь народ разам, - адзначыў Кірыл Шык, дырэктар Чаркаскага Дома культуры. - І мы, супрацоўнікі Дома культуры, стараемся стварыць такую атмасферу, каб сельскаму жыхару было цікава тут жыць. Каб у яго не было думак аб тым, што ў яго вёсцы няма культуры, няма нейкага сэрвісу. Мы гэта робім. Гэта не толькі клубная самадзейнасць, на свята вёскі мы заўсёды запрашаем цікавых людзей ў тым ліку і студэнтаў, якія дапамагаюць нам, і канешне ж папулярныя вакальна-інструментальныя ансамблі, якія так-сама ажыўляюць вёску. Самае галоўнае, я думаю, мы павышем культуру сельскага жыхара. Хацелася б, каб сельскія жыхары не ехалі ў Менск, а заставаліся тут. Мы стараемся ствараць святы не горшыя за сталічныя, альбо раённыя. У нас для гэтага ёсць усе магчымасці: высокакваліфікаваныя спецыялісты, добрая матэрыяльная база, паразуменне з кіраўніцтвам, падтрымка жыхароў, шмат цікавых ідэй і жаданне іх увасобіць.

На свяце ад душы спявалі і скакалі да самага вечара. А сапраўдным падарункам для прысутных было яскравае фаер-шоў ад тэатра агню "Крада". Працягнуць святкаванне прапанавалі на дыскатэцы ў Доме культуры, якая ўпершыню адкрылася пасля рамонту. Словам, свята ў Чаркасах атрымалася на славу!

Арганізатары выказваюць падзяку студэнтам 414 "А" групы кафедры рэжысуры абрадаў і свят УА "Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў", грамадскай культурніцкай кампаніі "Будзьма беларусамі", кампаніі "Талань-М" і асабіста Алене Макоўскай, Ніне Шыдлоўскай, Яўгену Валошыну, Юлі Рэйзіс, Яўгену Сідаровічу, Андрэю Дабрыяну, Віталю Чахоўскаму, Стасю Чахоўскаму, Яўгену Коршуну, Дзмітрыю Свідзінскаму, Аляксандру Чугунову, Наталлі Лічко, Алесі Каролік, Марыі Янкевіч і ўсім тым, хто дапамагаў у арганізацыі і правядзенні свята.

Валерыя СЯМЁНАВА.



Вельмі паважанае Таварыства беларускай мовы.

Замест кветак на магілу Генадзю Бураўкіну пасылаю 50 дол. на Таварыства беларускай мовы. Няхай зямелька будзе пухам гэтаму сапраўднаму Джэнтлімену.

З пашанай Кацярына Вініцкая.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Кухаронак А.Д. - 20000 р., Смілавічы Чэрвенскі р-н.

2. Жыліч Тацяна - 50000 р., в. Мятлічыцы

3. Чыгір Я. А. - 50000 р., г. Гародня

4. Касцюкевіч Дзмітры - 100000 р., г. Чэрвень

5. Раманюк Тацяна - 100000 р., г. Менск

6. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск

7. Пухоўская Юлія - 30000 р., г. Менск

8. Данілік Віктар - 50000 р., г. Менск

9. Кушнір Васіль - 50000 р., г. Дзяржынск

10. Давідоўскі І.В. - 100000 р., г. Менск

11. Мануленка Ўладзімір - 50000 р., г. Берасце

12. Піскуновіч Міхаіл - 50000 р., в. Ламачы, Глыбоцкі р-н

13. Ляскоўская Алена - 100000 р., г. Менск

14. Бамбіза Мікола - 600000 р., г. Менск

15. Казлоўская І.І. - 30000 р., г. Менск

16. Ніжанкоўская Ірына - 100000 р., Радашковічы

17. Кішкурна Ўладзімір - 100000 р., г. Менск

18. Оліна Эла - 100000 р., г. Менск

19. Чэчат Алесь - 100000 р., г. Менск

20. Невядомы - 100000 р., г. Менск

21. Раманюк Таццяна - 100000 р., г. Менск

22. Зылькоў С.П. - 200000 р., г. Гародня

23. Ахрамчук В.С. - 100000 р., г. Светлагорск

24. Кукавенка Іван - 100000 р., г. Менск

25. Панамароў Сяргей - 100000 р., г. Менск

26. Восіпава А.Я. -100000 р., г. Гомель

27. Беражная О.В. - 100000 р., г. Менск

28. Лабыка Зміцер - 150000 р., г. Менск

29. Краўчанка Анатоль - 200000 р., г. Менск

30. Несцераў Віктар - 500000 р., г. Менск

31. Астравецкі А. А. - 50000 р., г. Берасце

32. Раманюк Тацяна - 100000 р., г. Менск

33. Касцюкевіч Зміцер - 100000 р., г. Чэрвень

34. Чыгір Я. А. - 50000 р., г. Гародня

35. Ляўшун Дзяніс - 200000 р., г. Менск

36. Гаева А.Д. - 50000 р., г. Менск

37. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

38. Невядомы - 300000 р., г. Менск

39. Вініцкая Кацярына - 50 дол., Лос-Анжалес, ЗША.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Беінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


"Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі"

Да выхаду новай кнігі Алега Трусава

Частка 5. У складзе Расійскай Імперыі

(канец XVIІІ - пачатак XХ ст.)

(Працяг у наст. нумары.)

Першай з неастыляў атрымала распаўсюджанне несапраўдная готыка. Яе радзіма - Англія канца XVIII - пачатку ХІХ ст. Пабудовы ў стылі неаготыкі з'яўляюцца на Беларусі ўжо ў канцы XVIII - пачатку ХІХ ст. Прычым, у нашым краі несапраўдная готыка прайшла дзве стадыі развіцця. Першая - першая палова - сярэдзіна ХІХ ст. - характэрная ў асноўным для палацава-сядзібнай архітэктуры, дзе спалучаліся планіровачныя структуры класіцызму з гатычнай прамалёўкай фасадаў і рознымі элементамі гатычнага дэкору. Фасады гэтых будынкаў заўсёды тынкаваліся.

Другая стадыя ў развіцці неаготыкі пачынаецца з сярэдзіны ХІХ і прадаўжаецца ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст, калі на Беларусі пасля мураўёўскай рэакцыі пачалі вельмі хутка будавацца новыя каталіцкія і лютаранскія бажніцы. Элементы класіцызму цалкам былі адкінуты, поўнасцю адроджаны каркасныя канструкцыі, асабліва шматпрыступкавыя контрфорсы і акбутаны. З фасадаў цалкам знікае тынкоўка - сцены і вежы складаюцца з добраабпаленай чырвонай цэглы, прычым, у аздабленні праёмаў дзвярэй і вокнаў, ніш і гзымсаў франтонаў і парапетаў шырока ўжываецца профільная цэгла. Найбольш багатыя храмы атрымліваюць вітражы, падлогу з паліваных керамічных плітак, фрэскавы роспіс. Пашыраецца выраб мастацкіх каваных рэчаў - дзвярных замкоў і завесаў, кратаў балконаў і вокнаў і асабліва каваных палотнаў брам мураваных агароджаў, якімі абносіліся бажніцы і сядзібы. Неагатычны стыль стаў як бы афіцыйным стылем каталіцкага касцёла на Беларусі. Неагатычныя касцёлы будаваліся на заходнебеларускіх землях аж да 1939 г. Напрыклад, драўляны касцёл у Крэве быў асвечаны ў 1937 г.

К сярэдзіне ХІХ ст., асабліва пасля паўстання 1863 г., на Беларусі павялічваецца колькасць рускага насельніцтва, у асноўшым за кошт вайскоўцаў, чыноўнікаў і духавенства. Яны з'яўляліся тут сацыяльнай апорай царызму, спрыялі будаўніцтву праваслаўных храмаў і перабудове некаторых каталіцкіх і ўніяцкіх бажніц, што былі зачынены пасля паўстання ў 1830-1831 і 1863-1864 гг.

Каб паказаць пераемнасць рускага дойлідства ад візантыйскай архітэктуры, маналітнасць праваслаўнай царквы пад скіпетрам расійскіх імператараў, прыдворныя архітэктары распрацавалі розныя варыянты ўзораў праваслаўных бажніц. Гэта былі грувасткія, прысадзістыя пабудовы, фасады якіх літаральна перагружаліся дэкорам, механічна скапіяваным з візантыйскіх храмаў і рускіх бажніц XV і XVІІ стст.

Ініцыятарам будаўніцтва тыпавых цэркваў у псеўдарускім стылі ў гарадах і вёсках Беларусі быў граф Мураўёў, пад кіраўніцтвам якога было жорстка задушана паўстанне 1863 г. Гэтыя храмы ў народзе пачалі называць "мураўёўкамі".

На мяжы ХІХ-ХХ стст. на Беларусі ў цэнтрах губернскіх і вялікіх павятовых гарадоў былі збудаваны вялікія праваслаўныя саборы ў класічным неарускім стылі (Горадня, Менск, Барысаў і г. д.). Мастацкая якасць гэтых бажніц не вытрымлівала ніякай крытыкі і была прадметам агульнага ганьбавання з боку тагачасных пісьменнікаў і мастацтвазнаўцаў.

Побач з несапраўднай готыкай і псеўдавізантыйскім стылем у культавым дойлідстве Беларусі ў канцы ХІХ - пачатку ХХ ст. склаўся неараманскі стыль як водгук на раманскае дойлідства Х-ХІІ ст.

У 90-я гады ХІХ ст. на Беларусі, як і ва ўсёй Еўропе, запанаваў новы архітэктурны стыль - мадэрн, які існаваў да пачатку Першай сусветнай вайны.

Мадэрн у перакладзе з французскай мовы азначае "найноўшы", "сучасны". Для яго характэрны багаты ляпны дэкор з уключэннем стылізаваных элементаў готыкі, антычнага і народнага мастацтва, шырокае ўжыванне хваліста-ламаных ліній у арнаментацыі і асіметрычна-крывалінейныя завяршэнні дзвярных і аконных праёмаў.

У гэты час шырока ўжываюцца новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі. У першую чаргу гэта цэмент, металічная арматура, дабраякасная цэгла, фабрычная дахоўка. На цэментнай рошчыне з чырвонай цэглы выкладаліся фасады пабудоў, прычым швы ў муроўцы былі вельмі тонкія і падрэзаныя.

Шырока ўжывалася шкло, з якога рабілі нават дахоўку. Вырабляліся і вельмі тонкая пляскатая чырвоная дахоўка, якая прымацоўвалася да крокваў з дапамогай металічнага дроту. Найбольш мадэрнавых будынкаў захавалася ў Гродна, Магілёве і Гомелі. Гэта жылыя камяніцы і адміністрацыйныя гмахі, у першую чаргу банкі. Рысы мадэрну маюць асабнякі і сядзібы і ў вясковай мясцовасці. Архітэктура мадэрну існавала да пачатку Першай сусветнай вайны і з'яўляецца для нас помнікам буржуазнаму грамадству з яго тэхнакратычнай, прэтэнцыёзнай і напышлівай культурай.

Абарончыя збудаванні

(Бабруйская, Брэсцкая і Гарадзенская крэпасці)

Пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай Расійская імперыя пачала ўмацоўваць новыя заходнія межы. Аўтарам праекту па ўмацаванні новых межаў імперыі стаў граф Карл Оперман. У 1810 г. ён быў прызначаны кіраўніком будаўніцтва крэпасцей у Дынабургу і Бабруйску. Дэталёвы план будаўніцтва Бабруйскай крэпасці склаў Тэадор Нарбут, будучы гісторык, аўтар шматтомнай гісторыі ВКЛ. Бабруйскую крэпасць хацелі зрабіць самай магутнай у Еўропе. Паводле плана Нарбута крэпасць павінна была складацца з сямі палігонаў (бастыёнаў) і прыбярэжнага форта, паўднёвую частку ўмацавання складаў восьмы палігон. Агульная працягласць усіх франтоў (фасадаў) асноўнай крэпасці складала каля 3,8 км. Унутраная частка складала ад 100 да 120 м. Тут было размешчана 250 дамоў гараджан, разбітых на 24 кварталы.

Непасрэдна земляныя работы пачаліся 4 чэрвеня 1810 г. На працу сагналі тысячы беларускіх прыгонных сялян і салдатаў, узбооеных рыдлёўкамі і тачкамі.

У гэтыя часы з'явілася спецыяльная прафесія - грабар. Прычым грабарствам займаліся не толькі мужчыны, але і кабеты.

Менавіта беларускія грабары выкапалі адзін з першых у Еўропе канал Агінскага, які звязваў у XVIII ст. басейны Балтыйскага і Чорнага мораў.

Пасля захопу Беларусі Расійскай імперыяй грабарская праца стала адной з візітных картак тагачаснага беларускага прыгоннага селяніна. Тысячы грабароў па загаду рускага цара спачатку разбурылі і знеслі славутыя беларускія гарады Бярэсце і Бабруйск, а потым пабудавалі на іх месцы Брэсцкую і Бабруйскую крэпасці.

У другой палове ХІХ ст. беларускія грабары ўручную насыпалі тысячы вёрстаў чыгунных шляхоў на неахопных прасторах Расійскай імперыі.

На будаўніцтва Бабруйскай крэпасці прыгналі прыгонных сялян з Магілёўскай, Мінскай і Чарнігаўскай губерняў. У ліпені 1811 г. крэпасць была ўрачыста адкрытая як ваенны аб'ект. Падчас вайны з Напалеонам у 1812 г. крэпасць вытрымала чатырохмесячную аблогу французаў.

Другі этап разбудовы крэпасці гэта 1812-1836 гг. Да 1820 г. зрабілі яшчэ 17 бастыёнаў і форт "Фрыдрых Вільгельм" (1822 г.). Усе будынкі мелі аздабленні фасадаў элементамі класіцызму. У 1826 г. тут адбылося выступленне дзекабрыстаў Палтаўскага палка пад кіраўніцтвам прапаршчыка С.І. Трусава.

Пасля паўстання дзекабрыстаў тут была зроблена катаржная турма. Пасля паўстання 1863-1864 гг. тут зняволена каля дзвюх тысячаў паўстанцаў.

У 1868 г. Бабруйскую цытадэль перавялі з першага класа абароназдольнасці ў другі, у 1886 г. яе пераўтварылі ў вайсковы склад. У 1873 г. Лібава-Роменская чыгунка прайшла праз тэрыторыю крэпасці і падзяліла яе на дзве часткі.

У 1897 г. цытадэль канчаткова ліквідавалі як вайсковы аб'ект, і яна пачала паступова разбурацца. Падчас Першай сусветнай вайны тут знаходзіліся вайсковыя часткі рускай арміі. У часы вайны з Польшчай палякі зрабілі тут лагер палонных чырвонаармейцаў. Пасля 1921 г. тут знаходзіліся часткі Чырвонай арміі. У 1941 г. фашысты прыстасавалі цытадэль пад лагер смерці і да жніўня 1942 г. знішчылі тут каля 40 тысяч палонных савецкіх салдатаў, якія былі пахаваныя на тэрыторыі крэпасці. Пасля вайны крэпасць паступова разбуралася і зараз знаходзіцца ў заняпадзе.

У канцы XVIII ст. на месцы старажытнага беларускага горада Брэст-Літоўска вырашылі пабудаваць вялікую цытадэль. Першыя планы будаўніцтва прапаноўваліся ў 1797 і 1807 гадах, але не былі рэалізаваныя. У 1830 г. новы план крэпасці прапанавалі ваенныя інжынеры К.І. Оперман, Н.М. Малецкі і А.І. Фельдман. Спачатку разбурылі гістарычны цэнтр Брэста, пакінулі толькі некалькі будынкаў манастыроў і храмаў, які прыстасавалі пад патрэбы крэпасці. Новы горад пабудавалі на адлегласці 2 км ад межаў умацаванняў. Першыя будаўнічыя працы пачаліся ў 1833 г., а праз тры гады ўрачыста заклалі першы камень будучай крэпасці.

1 чэрвеня 1836 г. заклалі падмуркі абарончай казармы ў Цытадэлі - цэнтральнай астраўной часткі фартэцыі. У падмуркі казармы ўмуравалі бронзавую дошку ў гонар імператара Мікалая І і куфэрак з 21 манетай. 26 красавіка 1842 г. крэпасць афіцыйна стала вайсковым аб'ектам Расійскай Імперыі.

Яна складалася з галоўнай часткі - Цытадэлі і трох дадатковых умацаванняў, якія прыкрывалі яе з трох бакоў. Валынскае ўмацаванне абараняла Цытадэль з поўдня, Цярэспальскае - з захаду і Кобрынскае - з поўначы і ўсходу. Агульная плошча крэпасці складала 4 кв. км. Рэкі Мухавец і Заходні Буг, а таксама абвадныя каналы ўтварылі чатыры асобныя астравы.

Найбольш абароненай часткай крэпасці была цэнтральная частка - Цытадэль. Гэта была замкнёная двухпавярховая абарончая казарма ў выглядзе шматкутніка даўжынёй 1,8 км з магутнымі вонкавымі цаглянымі сценамі таўшчынёй каля 2 м. Цытадэль мела больш за 500 артылерыйскіх казематаў, якія маглі ўтрымліваць гарнізон з 12 тысяч салдат з усімі прыпасамі. У двары Цытадэлі знаходзіліся будынкі арсенала, інжынернага ўпраўлення, Белага палаца і гарнізоннай царквы. Праз чатыры брамы (Брэсцкую, Холмскую, Цярэспальскую і Беластоцкую) і масты Цытадэль была злучана з акольнымі ўмацаваннямі.

Цярэспальская фартэцыя мела чатыры земляныя бастыёны-люнеты, Кобрынская - чатыры бастыённыя фарты з трыма равелінамі, Віленская - два бастыённыя фарты з двума равелінамі. Усе фартэцыі былі абкружаны абводнымі каналамі і абарончым валам вышынёй 10 м. Галоўная крапасная лінія мела даўжыню болей за 6,4 км. 21 мост злучаў прадместныя ўмацаванні з крэпасцю. Пазней, у 1869-1872 гг. з мэтай прыкрыцця паўночна-заходняй часткі крэпасці на адлегласці 1 км ад яе пабудаваны форт "Граф Берг".

У 1878 г. вакол крэпасці зрабілі лінію дадатковых умацаванняў з дзевяці фартоў, размешчаных на адлегласці 3-4 км адзін ад другога. Гэта былі земляныя ўмацаванні з казематамі і артылерыйскімі батарэямі.

Кожны форт мог размясціць да 250 салдат і да 20 гармат. Даўжыня абарончых збудаванняў Брэсцкай крэпасці дасягнула да 30 км.

У 1912 г. прынялі рашэнне пашырыць крапасныя ўмацаванні. За 6-7 км ад Цытадэлі вырашылі зрабіць новы пояс умацаванняў з 14 фартоў і 21 абарончага пункта. Да пачатку Першай сусветнай вайны лінія абароны мела 14 фартоў, 21 прамежкавы абарончы пункт, 5 абарончых казармаў, 7 порахавых паграбоў і 38 артылерыйскіх батарэй.

У першыя месяцы вайны дабудавалі 5 фартоў, якіх не паспелі скончыць да пачатку вайны. Да вясны 1915 г. крэпасць была цалкам падрыхтавана да абароны.

Аднак у жніўні 1915 г. пад ціскам нямецкай арміі рускія войскі пакінулі крэпасць без ваенных дзеянняў. Перад адыходам, ноччу з 12 на 13 жніўня яны ўзарвалі большасць фартоў, спалілі драўляныя масты і крапасныя будынкі.

З сакавіка 1918 г. у будынку Белага палаца бальшавікі падпісалі з Германіяй сепаратны Брэсцкі дагавор, паводле якога частка Беларусі разам з Брэстам пераходзіла да немцаў.

З 1921 па 1939 г. у крэпасці знаходзіўся польскі ваенны гарнізон дзявятай акругі польскай арміі. З 14 па 17 верасня тут бараніліся польскія атрады ад нямецкай танкавай дывізіі генерала Гудэрыяна. У выніку баёў частка Цытадэлі была разбурана. 22 верасня 1939 г. крэпасць заняла Чырвоная армія, часткі якой знаходзіліся тут да 22 чэрвеня 1941 г. Гарнізон крэпасці колькасцю больш за тры тысячы чалавек абаранялі крэпасць на працягу месяца. Амаль усе будынкі крэпасці, якія мелі гістарычную ці мастацкую каштоўнасць былі знішчаны.

У лістападзе 1956 г. у частцы абарончай казармы Цытадэлі быў створаны Музей абароны Брэсцкай крэпасці. У 1965 г. крэпасць атрымала званне "Крэпасць-герой", і было прынята рашэнне пра яе рэстаўрацыю і музеефікацыю. У 1971 г. быў адкрыты мемарыял "Брэсцкая крэпасць-герой".

У канцы XVIII - пачатку ХІХ ст. планавалі пабудаваць і Гродзенскую крэпасць. Паводле планаў царскіх генералаў хацелі знішчыць і гістарычны цэнтр Гродна. На месцы Новага і Старога замкаў планавалі паставіць артылерыйскія батарэі, тэрыторыю кляштара францысканцаў займала перадмаставое ўмацаванне "Тэт-дэ-пон". Квартал Гарадніцу наогул хацелі затапіць з дапамогай чатырох плацін. Аднак гэтыя злачынныя планы для беларускай гісторыі рэалізаваць не паспелі.

Новыя ўмацаванні вакол Гродна вырашылі пабудаваць у 1873 і 1880 гадах.

На працягу 1887-1889 гг. пабудавалі пяць фартоў. Першы форт зрабілі ва ўрочышчы Пышкі, на правым беразе Нёмана каля вёсак Дзевятоўка і Грандзічы пабудавалі яшчэ два фарты. Усе фарты мелі драўляна-земляную канструкцыю. Кожны форт мог размясціць тры пяхотныя роты і чатыры гарматы. Агульная абарончая лінія мела даўжыню 14 км.

У жніўні 1912 г. прынялі новы план па будаўніцтву дадатковых умацаванняў. Хацелі збудаваць 13 тыпавых фартоў, абарончыя пункты, пляцоўкі для цяжкіх гармат, аэрадром, плаціны і дарогі.

Работы пачаліся і працягваліся да жніўня 1915 г. Расійскія гарнізоны абараняліся ў незакончаных умацаваннях, а потым узарвалі іх і адступілі. Ацалелі толькі форт № 4 (каля в. Стрэльчыцы) і форт № 12 (каля в. Чашчаўляны), бо іх паспелі раптоўна захапіць нямецкія войскі.

У 1916-1917 гг. немцы спрабавалі ўмацаваць усходнюю частку Гродзенскіх умацаванняў, а ў 1919-1920 гг. іх ініцыятыву спрабавалі здзейсніць польскія войскі, але беспаспяхова. У гады Другой сусветнай вайны фашысты выкарыстоўвалі форт №12 як месца масавых знішчэнняў мясцовых жыхароў.


Са зменай ваеннай тактыкі ў часе Першай сусветнай вайны Беларусь з поўдня на поўнач парэзала стужка нямецка-рускіх акопаў і бліндажоў, сляды якіх захаваліся да нашых дзён. Каб выкапаць іх, акрамя салдат, былі прыцягнутыя сотні тысячаў беларускіх сялян-грабароў.

Лінія нямецка-рускага фронту перарэзвала Беларусь з поўначы на поўдзень з 1915 па 1918 г. Найбольш грунтоўна мураваныя ўмацаванні рабілі немцы. Безліч нямецкіх бетонных сховішчаў і ДАП-аў, аплыўшых акопаў, насыпаў ад былых вузкакалеек, магутных апор ад мастоў праз рэчкі не могуць і зараз не ўразіць. Вельмі добра нямецкія ДАП-ы захаваліся ў Івацэвіцкім раёне ў в. Выганошчы. У розных месцах тут ацалелі бетонныя скрынкі ДАП-аў, якія маюць палутарамятровыя сцены і вузкія вокны-байніцы. Шмат іх на схіле Агінскага канала, які раздзяляе вёску на дзве часткі.

Мясцовыя краязнаўцы называюць гэтае месца "Выгонашчанская фартэцыя" і прапануюць прызнаць яе гістарычна-культурнай каштоўнасцю. Рэшткі нямецкіх ДАП-аў засталіся і на тэрыторыі Крэўскага замка, які трапіў у першую лінію нямецкай абароны і быў амаль знішчаны абстрэламі рускай артылерыі. Таксама шмат нямецкіх умацаванняў засталося на тэрыторыі Пастаўскага раёна. Яны прадстаўлены траншэямі, акопамі і доўгатэрміновымі ўмацаванымі кропкамі (ДУК). Немцы стварылі тут дзве, а месцамі і тры, лініі абароны. Кожная паласа мела 2-3 траншэі, якія былі накрытыя стралковымі шчытамі, навесам з бярвення, якія ахоўвалі салдат ад асколкаў. На камандных вяршынях ставілі жалезабетонныя бліндажы - ДУК-і. У некаторых месцах іх сабрана на невялікай па плошчы мясцовасці ад 20 да 30 збудаванняў.

Іх памеры: даўжыня - 8-15 м, шырыня 3-5 м, таўшчыня сцен - каля 50 см. Некаторыя цалкам закапаныя ў зямлю, іншыя ўзвышаюцца над мясцовасцю. Каля вёскі Дукі, пад Паставамі іх налічваецца каля 25. Яшчэ адзін умацаваны раён знаходзіцца каля азёраў Варанец і Доўжа на мяжы з Мядзельскім раёнам.

У 1915 г. практычна быў разбураны горад Смаргонь, дзе праходзілі некалькі месяцаў цяжкія баі.

Руская армія не мела бетону для будаўніцтва сваіх умацаванняў і таму рабіла іх толькі з дрэва (шматнакатныя бліндажы, доўгатэрміновыя агнявыя пункты, капаніры і інш.), таму да нашых дзён яны не захаваліся.

Так у в. Залессе пад Смаргонню знаходзяцца рускія могілкі, дзе пахаваны салдаты загінуўшыя падчас газавай атакі немцаў 20 ліпеня 1916 г. У добрым стане знаходзяцца нямецкія могілкі ў Пінску. Аднак у большасці гэтыя пахаванні закінутая і чакаюць адпаведнага добраўпарадкавання.

У 2014 г. у айчыннай картаграфіі з'явіўся ўнікальны гістарыяграфічны дакумент. "Белкартаграфія" выпусціла "Карту вайсковых пахаванняў Першай сусветнай вайны".

Упершыню на карту Рэспублікі Беларусь нанесены агульныя пахаванні, індывідуальныя пахаванні, брацкія магілы, памятныя мясціны з магчымымі захаваннямі, мясціны былых пахаванняў, мясціны перазахаванняў. Пазначана і нацыянальная прыналежнасць могілак (аўстрыйскія, нямецкія, рускія, мусульманскія, інтэрнацыянальныя). Адзначаны стан пахаванняў (дагледжаныя, раскапаныя, закінутыя, тыя, пра стан якіх звесткі адсутнічаюць).

Па звестках, на сённяшні дзень на тэрыторыі Беларусі захавалася 248 месцаў пахаванняў Першай сусветнай вайны. З іх: 127 - аўстра-германскіх, 69 - рускіх, 52 - змешаныя. Але гэтая лічба не канчатковая.

Наступствы вайны для беларускага народа насілі трагічны характар: не менш як 900 тысяч жыхароў Беларусі было мабілізавана ў расійскую армію, каля 1,5 мільёна сталі бежанцамі і пакінулі яе тэрыторыю, яшчэ амаль 2 мільёны чалавек апынуліся ў зоне нямецкай акупацыі.

Яшчэ адзін цікавы вайсковы аб'ект - аэрадром быў збудаваны ў 1912-1913 гг. на ўскраіне г. Ліды. За лета 1912 г. вайсковыя будаўнікі пад кіраўніцтвам генерал-маёра І.А. Канабіха пабудавалі склады авіяцыйнай маёмасці, казармы, падстрэшкі, уладкавалі ўзлётна-пасадачную паласу, папярэдне сабраўшы ўсе камяні. Да канца 1913 г. з'явіліся майстэрні, жылыя дамы для афіцэраў, вялізны (90х40х40 м) драўляны, на металічным каркасе, элінг, вышка-прычал для дырыжабляў.

Спланавана дарожка для разгону і пасадкі аэрапланаў шырынёй каля 100 м, і пабудаваны таксама падстрэшкі для самалётаў. Лідскі аэрадром нядаўна адзначыў стогадовы юбілей і зараз з'яўляецца важным вайсковым аб'ектам паветраных узброеных сілаў Беларусі.


У часы Расійскай Імперыі ўлады абыякава, а то і варожа, ставіліся да беларускіх замкаў - спадчыны ВКЛ. Так, спалены падчас вайны 1812 г. Мірскі замак стаяў у руінах. Руіны Навагрудскага замка мясцовыя ўлады пераўтварылі ў гарадскі сметнік.

Цікавы лёс напаткаў і замак Гедзіміна ў Лідзе. У 1878 г. лідскія ўлады звярнуліся да генерал-губернатара па дазвол знесці замкавыя муры, але той не дазволіў. У верасні 1882 г. пытанне праз знішчэнне замка разглядала гарадская дума, а пасля пажару 1891 г. яго пачалі ламаць без усялякіх дазволаў.

Інфармацыя пра гэты вандалізм дайшла да Імператарскай археалагічнай камісіі ў Санкт-Пецярбурзе, якая займалася аховай помнікаў архітэктуры. У Ліду накіравалі знакамітага рэстаўратара і архітэктара Пятра Пакрышкіна, які агледзеў замак, замаляваў яго муры і зрабіў шмат фотаздымкаў. Дзякуючы яму, разбураць замак перасталі. У 1903 г. Лідскае гарадское грамадскае ўпраўленне звярнулася да генерал-губернатара з просьбай выдзеліць на рамонт замка 1943 рублі 2 капейкі з дзяржаўнай казны. У 1906 г. генерал-губернатар Любімаў падтрымаў гэтую прапанову і звярнуўся ў Міністэрства фінансаў, якое ў кастрычніку 1908 г. грошы выдзеліла, і ў 1909 г. адбыліся рамонтныя работы, прычым акрамя звычайных рабочых, з мэтай эканоміі грошай працавалі зняволеныя з Лідскай турмы. У выніку прыбралі тэрыторыю замка і ўмацавалі замкавыя муры і верхнія часткі сцен атынкавалі цэментнай рошчынай. У Першую сусветную вайну замак не пацярпеў.

Алег Трусаў.


Іркуцкі ансамбль "Крывічы" стаў лаўрэатам "2-га Фестывалю мастацтваў беларусаў Свету"

1-шы Фестываль мас-тацтваў беларусаў Свету пра-ходзіў у 2011 годзе ў рамках XX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".

Тады беларусы з 12 краін прадставілі сваю творчасць. Ансамбль "Крывiчы" з Іркуцка таксама прыняў удзел у тым мерапрыемстве і атрымаў Дыплом лаўрэата фэсту.

І вось, у 2014 г., праз тры гады, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ізноў вырашыла сабраць лепшыя калектывы з дыяспары разам і правесці "2-гі Фестываль мастацтваў беларусаў Свету".

У гэты раз Фестываль праходзіў 12-14 верасня, падчас імпрэз, прымеркаваных да Дня горада Менска.

Форум сабраў амаль 250 суродзічаў з 18 краін: Аргентыны, Бельгіі, Арменіі, Нямеччыны, Казахстана, Іспаніі, Кыргызстана, Італіі, Малдовы, Мексікі, Літвы, Латвіі, Расіі, Польшчы, Украіны, Эстоніі, Швейцарыі і Францыі.

Расію на гэтым мерапрыемстве прадстаўлялі Іркуцкі ансамбль "Крывічы", а так-сама творчыя калектывы з Томска, Цюмені, Сыктыўкара, Масквы і салістка з Новасібірска.

Усе калектывы пасялілі ў новай камфортнай гасцініцы "Спорт-тайм", таму жывучы па суседстве, і, сустракаючыся на сняданках, мы хутка перазнаёміліся адзін з адным. Безумоўна многія сустракаліся ўжо і не першы раз. Так што атмасфера была сяброўскай і творчай (на рэпетыцыі той ці іншай групы падцягваліся і іншыя ўдзельнікі "паслухаць").

Акрамя гэтага, фармат Фэсту быў пабудаваны досыць цікава. Акрамя штодзённых экскурсій, былі і штодзённыя выступленні.

12 верасня ўсе калектывы разбілі на 5 груп і павезлі ў розныя раённыя цэнтры. Нашай групе (куды акрамя нас былі ўключаны творчыя калектывы з Цюмені, Масквы, Казахстана, Іспаніі і Мексікі) пашчасціла патрапіць у Стоўбцы, а таксама наведаць Музейны комплекс "Акінчыцы", дзе нарадзіўся класік беларускай літаратуры - Якуб Колас. Пасля змястоўнай экскурсіі мы выступалі ў выдатным раённым Доме культуры. Праўда, сам канцэрт пачаўся пазнавата. Мы выйшлі на сцэну толькі ў 22-00. Я нават пажартаваў, што мы толькі прыляцелі і, улічваючы розніцу ў часе - 6 гадзін, у нас у Іркуцку ўжо 4 гадзіны ночы, нам бы паспаць, а нас спяваць "прымушаюць". Мой жарт спадабаўся гледачам. Мы выканалі некалькі старадаўніх беларускіх песень, сабраных намі ў этнаграфічных экспедыцыях па беларускіх вёсках Іркуцкай вобласці. Кожную песню я каментаваў. Зала нас сустракала вельмі добра. Пасля выступу да нас падыходзілі шматлікія жыхары Стоўбцаў і распавядалі, што іх бацькі спявалі падобныя песні.

13 верасня горад Менск адзначаў свой 947 год нараджэння. Нашы калектывы зноў разбілі на групы і арганізавалі цікавыя экскурсіі, а так-сама "пазменнае" выступленне на галоўнай пляцоўцы горада каля Палаца спорту. Час выступлення "замежных" ансамбляў быў з 12 да 19 гадзін. Наша група з Расіі выступала апошняй з 16-00 да 19-00. Ну а мы, Ансамбль аўтэнтычнага спеву "Крывічы" выступалі "па графіку" ў 18-00. У гэты раз нам дазволілі выканаць дзве песні.

Пляцоўка перад Палацам спорту вельмі вялікая і была проста "ўсеяна" людзьмі. Але, не гледзячы на святочны настрой і як, здавалася б, неабходнасць спяваць песні "павесялей", мы выступіўшы ў сваім амплуа… знайшлі і сваіх прыхільнікаў. З усіх канцоў крычалі нам: "Брава!". І да таго ж, аказваецца адмыслова паслухаць нас, прыйшла група моладзі, якая таксама захапляецца аўтэнтычным спевам. Але больш за ўсё нас здзівіла адна пажылая жанчына. Пасля нашага выступлення, яна падышла да нас і адрэкамендавалася: "Я - Бараноўская Галіна Мікалаеўна - іркуцянка! Нарадзілася, вырасла і ўсю маладосць пражыла ў Іркуцку. Затым выйшла замуж за беларуса і пераехала ў Менск. Ужо некалькі гадоў не была на сваёй радзіме. Калі пачула па радыё, што ў Менск прыязджае ансамбль з Іркуцка і будзе выступаць, я прыйшла на гэты канцэрт. З раніцы чакала на ваш выступ. І добра, што дачакалася. Мне так спадабаўся вашае выступленне. Яно было самым лепшым. Такія вы спяваеце прыгожыя песні. Не дарма кажуць, што Іркуцк - гэта культурная сталіца Сібіры! Я ганаруся што нарадзілася ў гэтым горадзе і што вы мае землякі!!" - Такія словы пачуць было вельмі прыемна.

Мы абмяняліся каардынатамі з гэтай жанчынай. Галіна Мікалаеўна аказалася да таго ж выдатным мастаком-графікам. Яна прасіла нас наладзіць узаемаадносіны з Культурным цэнтрам Аляксандра Вампілава, і пры неабходнасці гатовая аддаць некалькі сваіх прац у гэты Цэнтр.

14 верасня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі падводзіўся вынік Фестывалю і ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаліся Дыпломы. Мы атрымалі два Дыпломы. Адзін - Дыплом лаўрэата "2-га Фестывалю мастацтваў беларусаў Свету" ў намінацыі "Вакальны ансамбль". Другі - Дыплом ад Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь уручылі Іркуцкай гарадской моладзевай арганізацыі "Моладзевы клуб "Крывічы" "…за значныя дасягненні па арганізацыі і рэалізацыі праектаў па папулярызацыі беларускай культуры ў краінах пражывання беларускай дыяспары".

Акрамя ўдзелу ў Фестывалі ў нас прайшлі некалькі творчых сустрэч.

15 верасня мы былі гасцямі Моладзевага форуму "Мова нанова", дзе распавялі пра Іркуцк, Байкал, беларускія сібірскія вёскі і праспявалі адну песню.

18 верасня мы прынялі ўдзел у Творчай сустрэчы са студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта і выканалі некалькі песень сумесна з Полацкім ансамблем аўтэнтычнага спеву "Варган".

20 верасня мы прынялі ўдзел у імпрэзе Беларускага нацыянальнага абраду "Багач", якую арганізавала Беларуская грамадская арганізацыя "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" ў Музеі класіка Беларускай літаратуры - Янкі Купалы, у вёсцы Вязанцы, пад Менскам. Мы там таксама спявалі і танчылі!

Вось такая творчая паездка ў нас атрымалася!!!

Алег Рудакоў, удзельнік моладзевага клуба і ансамбля аўтэнтычнага спеву "Крывічы".

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX