Вярнуцца: 2014

№ 44 (1195)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 44 (1195) 29 кастрычніка 2014 г.


У Свіслачы ўшанавалі памяць паўстанцаў К. Каліноўскага

26 кастрычніка ў Свіслачы сабралася каля сотні чалавек на традыцыйным ушанаванні памяці паўстанцаў 1863 года.

Сёлетні Дзень памяці паўстанцаў быў адметны тым, што разам з паўстанцамі ўдзельнікі ўшаноўвалі памяць актывіста са Свіслачы Віктара Дзясяціка, якога ў той жа дзень хавалі, недалёка ад магілы Віктара Каліноўскага.

Традыцыйна на пачатку ўсклалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага. Пасля ў царкве пачалося адпяванне Віктара Дзясяціка, лідара Свіслацкай арганізацыі БСДГ, які раптоўна памёр на 56 годзе ад інсульту. Усе, хто прыехаў у Свіслач ушанаваць памяць паўстанцаў, далучыліся, каб правесці ў апошні шлях свайго аднадумца і чалавека, які кожны год разам з іншымі свіслацкімі актывістамі рыхтаваў традыцыйны фэст памяці.

Затым ізноў традыцыйна ўсклалі кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту ў цэнтры Свіслачы. Тут разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі, прамаўлялі няшмат, запалілі знічы і памаўчалі...

У Якушоўцы запалілі знічы, усклалі кветкі, таксама прамаўлялі не шмат, болей маўчалі і зрабілі традыцыйны здымак на памяць. З вядомых палітыкаў у Свіслач прыехаў Рыгор Кастусёў. Ён таксама гаварыў мала, толькі зазначыў, што "барацьба за свабоду Беларусі, якую распачалі паўстанцы Каліноўскага дагэтуль не спынілася, яна працягваецца і галоўнае - атрымаць у ёй перамогу".

Гарадзенскі праваабаронца Ўладзімір Хільмановіч, які штогод прыязджае ў Свіслач, каб ушанаваць памяць паўстанцаў, зазначыў Свабодзе, што такім чынам ўрачыстасці ў Свіслачы адбыліся ўпершыню:

- Сённяшняе адзначэнне памяці паўстанцаў выдалася асаблівым. Такі светлы дзень, сонечна, але разам з тым гэта і самы смутны дзень за ўсю гісторыю, паколькі аднаго з арганізатараў гэтага фэсту мы сёння правялі разам з сябрамі, блізкімі, жыхарамі Свіслачы ў апошні шлях. А фэст, пасля яго пахавання прайшоў годна: былі запалены знічы, ускладзены кветкі, сказаны цёплыя добрыя словы пра сыноў Беларусі, якія змагаліся за яе волю...

Міхал Карневіч , Радыё Свабода.


Паштоўка да 100-годдзя з дня нараджэння Казіміра Свёнтака

"Белпошта" выпусціла маркаваную паштоўку да 100-годдзя з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтака.

Наклад 30 000 асоб.

Наш кар.


130 гадоў з дня нараджэння Фларыяна Ждановіча

Фларыян Паўлавіч ЖДАНОВІЧ (16 (28) кастрычніка 1884, Менск - 20 кастрычніка 1937, Менск, НКУС; Псеўданімы: Алесь Крэсік, Іван Карась) - беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра. Брат А. П. Ждановіча.

Скончыў Варшаўскую драматычную школу (1902). Працаваў акцёрам у польскіх тэатрах Беларусі. Далучыўся да беларускага культурніцкага руху; у 1913 у Радашковічах паставіў "Паўлінку" Я. Купалы; падрыхтаваў мастацкую праграму "Беларускі кірмаш". Арганізаваў драматычны гурток, які пасля паказу ў в. Старое Сяло пад Менскам спектакля "Па рэвізіі" М. Крапіўніцкага быў забаронены ўладамі. Каб пазбегнуць арышту, выехаў у Крым, дзе выступаў на рускай сцэне. Да Лютаўскай рэвалюцыі (1917) працаваў у Менскай гарадской думе.

Адзін са стваральнікаў Першага таварыства драмы і камедыі, у 1917-20 яго мастацкі кіраўнік і рэжысёр. У 1919 некаторы час працаваў у Вільні, дзе паставіў "Раскіданае гняздо" Я. Купалы.

У складаных умовах нямецкай і польскай акупацыі ствараў беларускі нацыянальны тэатр. 14.9.1920 пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча ў Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1; цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы), дзе ён быў першым мастацкім кіраўніком і акцёрам. Адначасова ў Наркамаце асветы БССР курыраваў беларускія тэатры. З 1922 у акцёрскім складзе тэатра.

З 1926 пачаліся ганенні. Фларыян Ждановіч арыштаваны ДПУ БССР 19.7.1930 па справе "Саюза вызвалення Беларусі". Асуджаны 10.4. 1931 калегіяй АДПУ як "член контррэвалюцыйнай арганізацыі" да 5 гадоў ППК (адбываў у Беламорска-Балтыйскім лагеры, пасля зняволення вяртанне ў Беларусь было не дазволена. У 1937 г. арыштаваны паўторна і расстраляны. Рэабілітаваны 11.7.1958 Вярхоўным судом БССР. Групавая справа Ж. і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Быў жанаты, меў дваіх дзяцей. Яго дачка - Ірына Ждановіч - стала актрысай, атрымала званне Народнай артысткі Беларусі.

Ф. Ждановіч зрабіў першыя пастаноўкі беларускай драматургічнай класікі, паводле твораў Я. Купалы, Я. Коласа, Ф. Аляхновіча, У. Галубка, К. Каганца, К. Буйло і інш.

Акцёр шырокага творчага дыяпазону, стваральнік яркіх драматычных і камедыйных вобразаў.

Перакладаў на беларускую з польскай, рускай і ўкраінскай моў.

Вікіпедыя.


80 гадоў з дня нараджэння Карласа Шэрмана

Карлас ШЭРМАН (25 кастрычніка 1934, Мантэвідэа, Уругвай - 4 сакавіка 2005) - беларуска-іспанскі перакладчык, літаратар і праваабаронца.

Нарадзіўся ў сям'і рабочага - выхадца з Заходняй Беларусі. Вучыўся ў Нацыянальным інстытуце імя М. Марэна (Буэнас-Айрэс, Аргенціна, 1951-1956) па спецыяльнасці філалогія. Працаваў у аргенцінскіх газетах. У 1956 прыехаў на Беларусь. У 1964-1980 - загадчык рэдакцыйна-выдавецкага сектара Фундаментальнай бібліятэкі імя Якуба Коласа АН БССР. З 1989 - віца-прэзідэнт Беларускага ПЭН-цэнтра. Член СП СССР (з 1979).

Дэбютаваў у аргенцінскім перыядычным друку ў 1952, у рускай перыёдыцы Беларусі - з 1964, на беларускай мове - з 1975. З іспанскай мовы на рускую пераклаў раман М. Сапата Алівельі (ісп.) бел. "Чорны загон" (часопіс "Неман", 1967), раман Г. Гарсія Маркеса "Восень патрыярха" (з В. Тарасам, Масква, 1978), на беларускую мову пераклаў паасобныя творы Н. Гільена (руск.) бел., Г. Гарсія Маркеса, Ф. Піта Радрыгеса (ісп.) бел., О. Фернандэса, У. Дзітаранта, С. Ібаргоена, К. Кастэльотэ, Э. Кардэналя (руск.) бел., Д. Алонса (руск.) бел. і інш., а таксама выбраную лірыку А. Тэхада Гомеса (ісп.) бел. (1987). У перакладзе з беларускай на іспанскую выйшлі "Мая Бесядзь" А. Куляшова, "Конь і леў" М. Танка, "Чырвоны мак" В. Хомчанкі, народныя казкі ў апрацоўцы А. Якімовіча (усе ў 1976), "Шлюбная ноч" І. Шамякіна (1980), "Дажыць да світання" (1980), "Абеліск" (1984) і "У тумане" (1989) В. Быкава, выбранае Я. Купалы і Я. Коласа "Папарацькветка" (1982), выбранае Р. Барадуліна "Чорны вол маёй трывогі" (1985), "Плач перапёлкі" І. Чыгрынава (1988), "Загад № 1" М. Чаргінца (1990).

Аўтар кніг паэзіі "Дождж у Каралішчавічах" (на іспанскай мове, у перакладзе на беларускую Р. Барадуліна, 1984) і "Сны" (у перакладзе з іспанскай Р. Барадуліна і В. Сёмухі, 1989).

Склаў зборнікі выбранай лірыкі Федэрыка Гарсія-Лоркі (1975), П. Неруды (1976), Н. Гільена (1977), Габрыелы Містраль (1984), а таксама анталогію сучаснай кубінскай паэзіі "Тытунёвая кветка" (1986).

Вікіпедыя.


Прэзідэнт правёў сустрэчу з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі

Гутарка пра слова, слова літаратурнае, а таксама становішча ў сферы як эфемернай, так і той, якая фармуе самасвядомасць нацыі 23 кастрычніка адбылася ў Прэзідэнта. У Замкавай зале Палаца Незалежнасці - 40 чалавек. Усе цікавыя, неардынарныя людзі, уладары дум, як звалі іх раней, але не зараз. Як адрадзіць цікавасць да беларускай кнігі і яе аўтараў. Гэтае пытанне Прэзідэнт сходу задаў пісьменнікам і прапанаваў павесці сумоўе вакол галоўных элементаў літаратурнай справы: чытач, кніга і пісьменнік.

Звяртаючыся да пісьменнікаў, Прэзідэнт прасіў смела ўзнімаць у сваіх кнігах сацыяльныя і маральныя праблемы сучаснасці, не спаўзаючы пры гэтым у чарнуху і адкрытую хлусню. Не баяўся адказваць на нязручныя пытанні, у прыватнасці, аб недзяржаўных друкарнях. Прэзідэнт заявіў, што "ў нашы дні ніхто не дыктуе, пра што і як пісаць".

- Аднак воля не спарадзіла вялікай літаратуры, а прывяла да расколу пісьменніцкай супольнасці. Што гэта - тупік? Ці ў вас ёсць надзея на аднаўленне адзінага творчага поля? - пацікавіўся А. Лукашэнка.

Беларуская літаратура актыўна прысутнічае ў айчыннай медыяпрасторы, упэўнена заяўляе кіраўнік найбуйнейшага медыя-холдынга краіны Генадзь Давыдзька . Цэлая кнопка, канал "Беларусь 3", аддадзеная на водкуп культуры. Папулярызацыя беларускага слова на ТБ ідзе, але буйных твораў па-ранейшаму няма.

Гутарка чакана выйшла за рамкі літаратуры. Жыва гаварылі аб будучыні беларускай мовы.

- Мне хацелася пагаварыць пра сітуацыю не толькі ў літаратуры, але і пра сітуацыю з беларускай мовай у нашай краіне. Мне ўдалося пра гэта сказаць, - адзначыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч . У прыватнасці прагучала прапанова падумаць пра стварэнне нацыянальнай ВНУ, дзе выкладанне вялося б толькі на беларускай мове

Як адзначыў Барыс Пятровіч, дзяржаве сёння па сілах стварыць цалкам беларускамоўную вышэйшую навучальную ўстанову. "Не толькі мне здаецца важным, каб з'явілася цалкам беларускамоўная вышэйшая навучальная ўстанова. Гэта ў сілах дзяржавы, кадры для гэтага ёсць", - падкрэсліў ён

Па словах Пятровіча, у апошні час і кіраўнік дзяржавы, і кіраўнік ураду казалі, што трэба больш увагі надаваць беларускай мове, павялічыць колькасць гадзін беларускай мовы ў школах. "Гэта вельмі важна, але, мне здаецца, гэтага будзе мала. Каб у нас былі не толькі асобныя беларускамоўныя класы, не толькі павялічылася колькасць урокаў беларускай мовы, але каб як мага больш было школ, дзе выкладанне ўсіх прадметаў вядзецца па-беларуску", - сказаў ён

- Больш таго, важна, каб у вучняў, якія сёння вучаць беларускую мову, была перспектыва, - дадаў Пятровіч. - Цяпер так атрымліваецца, што тыя, хто заканчвае беларускамоўныя школы, змушаны далей працягваць вучобу па-руску. Таму што ў Беларусі, напэўна адзінай дзяржаве ў свеце, няма вышэйшай навучальнай установы, дзе выкладанне вялося б на мове тытульнай нацыі.

Барыс Пятровіч адзначыў, што калі беларускія аўтары бываюць у школах, яны заўважаюць, што многія дзеці, асабліва ў малодшых класах, не разумеюць беларускую мову. "Гэта вельмі дрэнна. Больш таго, нядаўна правялі сацыялагічнае даследаванне, што і як чытаюць у Беларусі.

Высветлілася, што па-беларуску цяпер чытаюць, аддаюць перавагу беларускамоўнай кнізе ўсяго 5% нашага насельніцтва. Хоць яшчэ ў 2011 годзе гэтая лічба складала 14%. Літаральна за тры гады адбылося такое вялікае скарачэнне", - сказаў ён

Па словах Пятровіча, тыя людзі, у якіх пыталі, чаму яны не чытаюць па-беларуску, адказвалі, што "не можам, не ўмеем, не ведаем беларускай мовы". "Яны адкрыта пра гэта казалі. На пытанне, што трэба рабіць, яны адразу казалі, што трэба, каб было больш беларускамоўных школ у Беларусі", - заўважыў кіраўнік СБП

Добра, лічыць Пятровіч, "што цяпер ствараюцца грамадскія курсы па вывучэнні мовы". "Але гэтага мала. Трэба, каб і дзяржава клапацілася пра развіццё нашай мовы", - падкрэсліў ён.

У Мікалая Чаргінца , кіраўніка афіцыйнага саюза пісьменнікаў, склалася ўражанне, што кіраўнікі тэлеканалаў, сцэнарысты не чытаюць беларускіх кніг.

- Склалася ўражанне, што прысутныя, асабліва прадстаўнікі тэлебачання, самападманваюцца і ўводзяць у зман іншых, спаборнічаючы ў крытыцы літаратуры. Для таго каб меркаваць пра кнігу, яе трэба прачытаць. Калі нам задалі пытанне: "Чаму вас не ведаюць, не чытаюць?", мы адказалі: "А што вы прачыталі?". Адзін сказаў: ішоў у нядзелю, купіў Быкава, праўда, у мяккай вокладцы. Схітраваў двойчы: у нядзелю крама не працуе. І Быкава ў мяккай вокладцы няма. Мы правялі аналіз і дазналіся, што людзі чытаюць кнігі. Але праблемы ёсць. Студэнту купіць кнігу за 150 тысяч накладна. Трэба насычаць бібліятэкі, - распавёў Мікалай Чергінец. - Устала пытанне пра тое, што няма сцэнараў для фільмаў і спектакляў. Але трэба чытаць кнігі і самім знаходзіць цікавыя думкі, аўтараў, каб сцэнары пісаліся.

Важную тэму падняў Андрэй Хадановіч (кіраўнік беларускага ПЭН-цэнтра): пра роўнасць саюзаў пісьменнікаў, пра магчымасць пісьменнікам неафіцыйнага саюза выступаць у школах, бібліятэках, пра тое, што ёсць неафіцыйныя чорныя спісы.

- Мы гэта адчуваем. Пісьменнікаў з нашага саюза фактычна не друкуюць у дзяржвыдавецтвах. Ёсць забарона на адпаведныя прозвішчы. Гучала імя Святланы Алексіевіч. Яе кнігі не выходзілі ў дзяржвыдавецтвах Беларусі з 90-х гадоў. Хоць яе выдаюць амаль на ўсіх еўрапейскіх мовах.

Барыс Пятровіч адзначыў, што "пра ўзаемадзеянне і магчымасці аб'яднання дзвюх пісьменніцкіх арганізацый гаворка не вялася"

- Але тут важна сама прысутнасць прадстаўнікоў двух саюзаў і ПЭН-цэнтра на гэтай сустрэчы. Я думаю, што гэта быў першы крок хай не да аб'яднання, але, прынамсі, да нейкай сумеснай працы, - адзначыў старшыня СБП.

У яго словах, прагучала, што гэтая "сустрэча можа быць першай у цэлым шэрагу наступных сустрэч, што пасля сённяшняй павінна адбыцца хоць бы яшчэ адна сустрэча, на якую былі б запрошаны пісьменнікі з абодвух саюзаў".

- Мне здаецца, што гэта было б добра і важна, калі б прысутнічалі не толькі кіраўнікі саюза, але і пісьменнікі з адной і другой арганізацыі, - сказаў старшыня СБП. Пятровіч таксама заўважыў, што ў яго была "кароткая гутарка з прадстаўнікамі СПБ, і яны гэтую ідэю падтрымліваюць.

Паводле беларускіх СМІ.


Да ведама дэлегатаў ХІІ з'езду ТБМ

Праект

ПАРАДАК ДНЯ ХІІ З'ЕЗДУ ТБМ

2 лістапада 2014 года

10.00-11.30 Рэгістрацыя дэлегатаў і гасцей з'езду.

11.00-11.30 Кава-перапынак.

11.30-12.00 Паказ фільмаў, знятых з удзелам ТБМ.

12.00-12.15 Адкрыццё з'езду. (Абранне Прэзідыума, Мандатнай камісіі, Рэвізійнай камісіі, сакратара з'езду, лічыльнай камісіі).

12.15-12.25 Вітанне гасцей.

12.25-12.35 Справаздачны даклад Старшыні ТБМ.

12.35-12.45 Справаздача старшыні Рэвізійнай камісіі.

12.45-12.55 Выступ старшыні Мандатнай камісіі.

12.55-13.25 Выступы ў спрэчках.

13.30-13.45 Абранне кіраўнічых органаў ТБМ.

13.45-14.00 Зацвярджэнне рэдактара і рэдкалегіі органа ТБМ - газеты "Наша слова".

14.00-15.00 Перапынак на абед.

15.00-15.20 Прыняццё дакументаў з'езду.

15.20-15.55 Выступы ў спрэчках.

16.00 Закрыццё з'езду.

Праект

Аб вяртанні беларускай мовы ў вышэйшую адукацыю Беларусі

Зварот з'езду ТБМ да беларускага Ураду

У апошні час кіраўніцтва Беларусі, у прыватнасці намеснік прэм'ер-міністра А.А. Тозік, неаднаразова звярталася да нашай грамадскасці па пытаннях пашырэння ўжывання дзяржаўнай беларускай мовы ў розных сферах жыцця краіны, у тым ліку, і ў сістэме адукацыі.

Пагаджаючыся з гэтымі выказваннямі, ХІІ з'езд ТБМ адзначае, што людзі павядуць дзяцей у беларускія школы толькі тады, калі на беларускую мову выкладання актыўна пяройдуць ВНУ.

У сувязі з гэтым дэлегаты з'езду прапануюць стварыць Нацыянальны беларускі ўніверсітэт, дзе ўсе прадметы будуць выкладацца па-беларуску, і надаць яму імя Францішка Багушэвіча - класіка беларускай літаратуры.

Адным з варыянтам стварэння ўніверсітэта можа быць вылучэнне на базе БДУ выкладчыкаў і студэнтаў, якія могуць і хочуць выкладаць і вучыцца на роднай беларускай мове ў асобную структуру. Сябры ТБМ ужо сабралі некалькі дзесяткаў тысяч подпісаў грамадзян Беларусі ў падтрымку нашай прапановы і могуць у любы час перадаць іх уладам Белаурусі.

З наступнага навучальнага года можна таксама стварыць у кожнай ВНУ краіны беларуска-моўныя плыні і групы для будучых студэнтаў і абвясціць пра гэта ў СМІ.


ІДЫЁМЫ З КАМПАНЕНТАМ "ВЯСЕЛЛЕ"

Як вядома, фразеалагізмы па ступені іх сэнсавай спаянасці, семантычнай злітнасці іх кампанентаў падзяляюцца на адзінствы (матываваныя выразы з цэласным значэннем, якія лёгка расшыфроўваюцца як пераносныя, вобразныя, з жывой унутранай формай) і зрашчэнні (нематываваныя, абсалютна непадзельныя, нераскладальныя звароты, цэласнае значэнне якіх зусім не залежыць ад іх лексічна-кампанентнага складу). Скажам, віць сабе гняздо ('уладкоўваць сямейнае жыццё'), жаваць жвачку, закідваць вудачку - фразеалагічныя адзінствы, а даць дуба ('памерці'), ні рыба ні мяса, як піліп з канапель - зрашчэнні (ідыёмы).

Досыць многія фразеалагізмы (як адзінствы, так і зрашчэнні) маюць у сваім складзе агульны для іх кампанент (часцей назоўнікавы ў розных яго склонавых і лікавых формах). Найбольш часты і актыўны кампанент - вока (выкарыстаны 236 разоў). Яшчэ толькі некалькі прыкладаў: рука - 208, галава - 201, язык - 107, свет - 98, чорт - 93. Назоўнікавы ж кампанент вяселле ёсць толькі ў трох выразах, прычым структурна-аднатыпных: сярэбранае вяселле, залатое вяселле, брыльянтавае вяселле . Усе яны - зрашчэнні (ідыёмы).

Сярэбранае вяселле абазначае 'дваццаціпяцігадовы юбілей сямейнага жыцця'. Прыклад з апавядання М. Парахневіча "Сярэбранае вяселле": "Сцяпан Мурашка са сваёй жонкай Вольгай спраўляюць сёння сярэбранае вяселле" . Або: "Дваццаць чатыры гады! Божа мой! Чуеш, Маша? У нас сярэбранае вяселле ўжо на носе" (М. Капыловіч. Святлана).

Залатое вяселле - гэта пяцідзесяцігадовы юбілей сямейнага жыцця': "Я помню, як ён спраўляў залатое вяселле. Цябе яшчэ на свеце не было" (М. Воранаў. Госці). "Каб вам было соладка, калі будуць крычаць "горка" на вашым залатым вяселлі!" (М. Чавускі. Сакрэт маладосці).

Брыльянтавае вяселле - "сямідзесяціпяцігадовы юбілей сямейнага жыцця': "Усе прыехалі на брыльянтавае вяселле. Шчасця было поўная хата, панадворак, гумно і ўся вёска!" (Д. Бічэль. Мост святога Францішка). "Яе знаёмыя, муж і жонка (абое - інваліды-калясачнікі), прыслалі спецыяльнае запрашэнне на сваё брыльянтавае вяселле" (Л. Юргілевіч. Князёўна Ізабэла).

Аналалагічныя фразеалагізмы ёсць, відаць, ва ўсіх еўрапейскіх мовах. Так, супаставім адпаведнікі выразу сярэбранае вяселле ў англійскай мове: silver wedding , у нямецкай: die silberne Hochreit , у французскай noces d'argent ; залатое вяселле - golden wedding (англ.), die goldene Hochreit (ням.), noces d'or (фр.); брыльянтавае вяселле - diamond wedding (англ.), diamantene Hochreit (ням.), noces de diamant (фр.).

Лічыцца, што адзначаць "круглую" вясельную гаданіну пачалі з часоў сярэднявечча, на тэрыторыі тагачаснай Германіі. На аснове розных ускосных звестак мяркуюць, што ў сярэднявечнай Германіі і пасля захоўваўся звычай: на 25-годдзе сумеснага сямейнага жыцця муж дарыў сваёй жонцы сярэбраны вянок. А само святкаванне вясельнай гадавіны сталі называць сярэбраным вяселлем. Значыць, тры выразы з кампанентам "вяселле" можна лічыць калькамі з нямецкай мовы.

Прыметнікавы кампанент фразеалагізма брыльянтавае вяселле часам замяняецца іншым: алмазнае вяселле . Параўнаем і ў "Фразеалагічным слоўніку рускай мовы" (1967, с. 410): бриллиантовая (алмазная) свадьба . Дарэчы, у некаторых рускіх працах сцвярджаецца, што выразы з кампанентам "свадьба" з'явіліся ў Расіі толькі ў канцы XІХ ст., але гэта не так. Гэтыя выразы ўжываліся і на пачатку XІХ ст.; напрыклад, у вершы П.А. Вяземскага (1792 - 1878) "Песнь в день юбилея И.А. Крылова" (а ягоныя гады жыцця - 1769 - 1844 чытаем: "Чего ему нам пожелать бы? Чтобы от свадьбы золотой он дожил до алмазной свадьбы" .

Іван Лепешаў.

(Гэта, мабыць, апошні артыкул прафесара І. Лепешава, які быў дасланы ў рэдакцыю і заставаўся ненадрукаваным.)


Маніторынг моўнай сітуацыі ў Беларусі і "Атлас моў свету, якім пагражае знікненне"

(Працяг. Пачатак у папярэднім нумары.)

Мы таксама можам зрабіць нешта кшталту інтэрактыўнага атласа. Рубрыкацыю можна зрабіць па абласцях ці нават па раёнах. У якасці крытэрыяў пошуку пазначыць тыя сферы, што вы бачылі вышэй: мясцовая ўлада, грамадства і выбары і г.д. Можна будзе клікнуць на пэўны раён на карце краіны і атрымаць усю інфармацыю па стане беларускай мовы і моўных правоў у ім. Верагодна, на аснове той справаздачы, што мы рыхтуем зараз, можна будзе зрабіць толькі пробную няпоўную версію. Але такі атлас можа выклікаць цікавасць шырокай аўдыторыі і завабіць многіх людзей дасылаць нам інфармацыю пра беларускамоўныя ініцыятывы, парушэнні моўных правоў і г.д. Такім чынам атлас будзе рэгулярна абнаўляцца.

Пры жаданні можна прадугледзець магчымасць сумяшчэння гэтага атласа з іншымі картамі, напрыклад, дэмаграфічнымі, палітычных прэферэнцый ды інш. Такім чынам можна прастымуляваць шэраг навуковых даследаванняў.

Зараз зноў вернемся да атласа ЮНЭСКА. Там ёсць тое, з чым можна паспрачацца. Вось, напрыклад, што там напісана пра беларускую мову. Узровень пагрозы - уразлівая (слабая) (vulnerable), гэта найменшы ўзровень пагрозы з пяці магчымых. Колькасць носьбітаў - 4 мільёны (як напісана, "актыўных карыстальнікаў, паводле розных крыніц"). Арэал: "Беларусь, акрамя палескамоўнага паўднёвага захаду, а таксама прылеглыя рэгіёны ўсіх сумежных краін".

На мой запыт адміністратар атласа адказаў, што ўзровень пагрозы для пераважнай большасці моў вызначаны паводле ўсяго аднаго фактара - "перадача мовы з пакалення ў пакаленне". Трэба заўважыць, што адмысловая камісія ЮНЭСКА вылучыла ажно дзевяць фактараў (не)бяспекі для моў. У другой частцы артыкула мы разгледзім іх усе.

Увогуле, у Беларусі пазначаны чатыры мовы ў небяспецы: беларуская, ідыш, цыганская і палеская. Што за палеская? Аказваецца, на ёй размаўляе 800 тысяч чалавек у Беларусі, Украіне ды Польшчы, яна таксама ўразлівая, называецца ў атласе рэгіянальнай мовай, кода ISO ў яе няма. Пры гэтым аўтары атласа абапіраюцца на, як яны самі пішуць, "адзіную знойдзеную імі лічбу" - польскі перапіс 1931 года! Хочацца верыць, што па іншых мовах звесткі больш акутальныя!

Частка 2

Фактары (не)бяспекі для моў, распрацаваныя ЮНЭСКА

Разгледзеўшы ў першай частцы артыкула прыблізны план нашага маніторынга моўнай сітуацыі і моўных правоў у Беларусі і прадставіўшы "Атлас моў свету, якім пагражае знікненне" ЮНЭСКА як у тым ліку магчымы ўзор для прэзентацыі вынікаў гэтага маніторынга, у другой частцы звернемся да фактараў (не)бяспекі для моў, распрацаваных экспертнай групай ЮНЭСКА па мовах у небяспецы.

Усяго вылучаецца дзевяць фактараў.

Першыя шэсць называюцца аўтарамі фактарамі ацэнкі жыццяздольнасці мовы і ўзроўню пагрозы яе знікнення . Здаецца, што такую назву можна распаўсюдзіць і на ўсе дзевяць фактараў.

1. Перадача мовы з пакалення ў пакаленне;

2. Абсалютная колькасць носьбітаў;

3. Працэнт носьбітаў мовы ад агульнай колькасці прадстаўнікоў супольнасці;

4. Прысутнасць мовы ва ўсіх сферах жыцця;

5. Прысутнасць мовы ў новых сферах ужытку і медыях,

6. Наяўнасць пісьмовых матэрыялаў для вывучэння пэўнай мовы.

Два фактары датычацца стаўленняў да мовы і моўнай палітыкі:

7. Дзяржаўнае стаўленне да моў і моўная палітыка, у тым ліку афіцыйны статус і афіцыйнае выкарыстанне моў;

8. Стаўленне грамадства да сваёй мовы.

9. Фактар ступені задакументаванасці мовы (для нас неактуальны, таму ніжэй ён разглядацца не будзе).

Зараз разгледзім узроўні пагрозы па кожным фактары асобна.

1. Перадача мовы з пакалення ў пакаленне.

Гэты фактар называецца аўтарамі самым частаўжываным. Як адзначана вышэй, толькі ён ужыты для большасці моў атласа. Пры гэтым, назвы і апісанні ўзроўняў па гэтым фактары, пазначаныя ў самім атласе і ў дауменце экспертнай групы ЮНЭСКА, не супадаюць. Тут мы разгледзім іх паводле дакумента экспертнай групы.

5) Бяспечны ўзровень. На мове размаўляюць усе пакаленні.

5-) Стабільны ўзровень, але небяспека існуе. На мове размаўляюць усе пакаленні ў большасці сітуацый, але ў некаторых важных сферах выкарыстоўваецца больш, чым адна мова (хаця адзначаецца, што білінгвізм сам па сабе пагрозай не з'яўляецца).

4) Небяспечны ўзровень. Большасць дзяцей размаўляе на мове, але яна можа ўжывацца толькі ў некаторых сферах, напрыклад, толькі дома.

3) Пагроза знікнення выразная. Дзеці больш не засвойваюць мову дома як родную. Самыя маладыя яе носьбіты - пакаленне бацькоў. Яны яшчэ могуць звяртацца да дзяцей на мове, але дзеці на ёй ужо не адказваюць.

2) Пагроза знікнення моцная. На мове размаўляе толькі пакаленне дзядоў і бабуль. Пакаленне бацькоў хіба разумее мову, але не размаўляе на ёй з дзецьмі.

1) Пагроза знікнення крытычная. Носьбіты мовы - толькі пакаленне прадзедаў і прабабуль. Яны часта памятаюць толькі фрагменты мовы і не размаўляюць на ёй, бо могуць не мець суразмоўцаў.

Самі аўтары гэтай класіфікацыі адзначаюць, што яе можна выкарыстоўваць толькі як аснову для аналізу, прыстастоўваючы яе да кожнай канкрэтнай моўнай сітуацыі. Прыгадайма, напрыклад, час, калі ў беларускіх вёсках родная мова выкарыстоўвалася шырока, а ў гарадах - не. Атрымаецца, што ў вёсцы можна было б паставіць дзесь 5-, а ў горадзе - менш. Да таго ж, бачна, што можна казаць толькі пра нейкую асноўную для мовы тэндэнцыю, з якой, натуральна, могуць быць выключэнні.

2. Абсалютная колькасць носьбітаў.

Нейкага стандарту тут не існуе, але чым менш носьбітаў мовы, тым горш для яе, бо маленькія групы знаходзяцца пад большай пагрозай поўнага знікнення ці зліцця з іншымі групамі са стратай сваёй мовы і культуры.

Някепскі паказчык для нас, калі ацэньваць па валоданні мовай хаця б у нейкай ступені.

3. Працэнт носьбітаў мовы ад агульнай колькасці прадстаўнікоў грамады.

Пад грамадой можа разумецца этнічная група, нацыя, рэлігійная супольнасць, насельніцтва пэўнай мясцовасці ды іншае.

5) Бяспечны ўзровень. На мове размаўляюць усе.

4) Небяспечны ўзровень. На мове размаўляюць амаль усе.

3) Пагроза знікнення выразная. На мове размаўляе большасць.

2) Пагроза знікнення моцная. На мове размаўляе меншасць.

1) Пагроза знікнення крытычная. Колькасць носьбітаў вельмі нешматлікая.

0) Вымерлая мова.

Калі браць літаратурную мову і менавіта размовы, а не валоданне ў прынцыпе, то наша сітуацыя выглядае крытычнай.

4. Прысутнасць мовы ва ўсіх сферах жыцця .

5) Усеагульная прысутнасць. Мова выкарыстоўваецца ва ўсіх сферах.

4) Шматмоўны парытэт. Адна ці болей іншых дамінантных моў з'яўляюцца асноўнымі мовамі ў большасці афіцыйных сфер ужытку, у т.л. у дзяржаўных ўстановах і ў адукацыі. Тым не менш, недамінантная мова працягвае паспяхова ўжывацца ў шэрагу сфераў, асабліва ў рэлігійных установах, крамах і месцах збораў пэўнай моўнай супольнасці.

Дамінантныя і недамінантныя мовы ўжываюцца ў розных сферах, пры гэтым недамінантная мова выкарыстоўваецца ў нефармальных кантэкстах, а дамінантная - у афіцыйных. Дамінантная мова можа разглядацца як больш выгодная з сацыяльнага і эканамічнага пунктаў погляду. Старэйшае пакаленне можа пры гэтым выкарыстоўваць толькі сваю мову.

3) Сфера ўжытку скарачаецца. Сфера ўжытку недамінантнай мовы скарачаецца, бацькі пачынаюць ужываць мажарытарную мову дома ў стасунках з дзецьмі, дзеці робяцца рэцэптыўнымі білінгвамі (размаўляюць на адной мове, але разумеюць больш, чым адну). Дарослыя робяцца прадуктыўнымі білінгвамі: размаўляюць на роднай і іншай мове.

2) Сферы ўжытку абмежаваныя ці фармальныя. Недамінантная мова выкарыстоўваецца толькі ў вельмі фармалізаваных сферах, асабліва ў рытуалах і адміністрацыі. Таксама мова можа выкарыстоўвацца ў грамадскіх цэнтрах (клубах), на фестывалях і ў цырымоніях, на якіх сустракаюцца прадстаўнікі старэйшага пакалення. Многія разумеюць мову, але не могуць на ёй размаўляць.

1) Сфера ўжытку вельмі абмежаваная. Недамінантная мова выкарыстоўваецца ў вельмі вузкіх сферах, звычайна вельмі невялікай часткай насельніцтва, напрыклад, тымі, хто праводзіць рытуалы. Некаторыя старэйшыя жыхары памятаюць фрагменты мовы.

0) Вымерлая мова.

Варта было б канкрэтызаваць, што значыць "выкарыстоўваецца": маюцца на ўвазе размовы ці дастаткова наяўнасці, скажам, шыльдаў і галасавых абвестак (як у менскім метро)?

5. Прысутнасць мовы ў новых сферах ужытку і медыях.

Сюды аўтары адносяць адукацыю, новыя працоўныя месцы, СМІ. Невыкарыстанне сваёй мовы ў новых сферах жыцця, напрыклад, на тэлебачанні, можа мець самыя сур'ёзныя наступствы.

5) Дынамічнае выкарыстанне. Мова выкарыстоўваецца ва ўсіх новых сферах.

4) Трывалае/актыўнае выкарыстанне. Мова выкарыстоўваецца ў большасці новых сфер.

3) Рэцэптыўны ўзровень. Мова выкарыстоўваецца ў многіх новых сферах.

2) Мова трымаецца. Мова выкарыстоўваецца у некаторых новых сферах.

1) Мінімальны ўзровень. Мова выкарыстоўваецца мала ў якіх новых сферах.

0) Неактыўны ўзровень. Мова не выкарыстоўваецца ў новых сферах.

Тут мне незразумела, чаму аўтары ўключылі у гэты раздзел школьную адукацыю - што ў ёй новага? Увогуле, адукацыя заслугоўвае, верагодна, асобнага фактару.

Натуральна, і тут усё варыятыўна. Напрыклад, мова можа выкарыстоўвацца на тэлебачанні і радыё штодня, але кожны дзень гэта будзе адна паўгадзінная перадача. Адзначаецца, што ў галіне адукацыі можна вылучыць два крытэрыі: да якога ўзроўню адукацыі выкарыстоўваецца мова і наколькі шырока яна выкарыстоўваецца.

6. Наяўнасць пісьмовых матэрыялаў для вывучэння пэўнай мовы.

5) Пісьменства і літаратура на пэўнай мове існуюць даўно, ёсць граматыкі, слоўнікі, штодзённыя СМІ ды інш. Пісьмовая мова выкарыстоўваецца ў адміністрацыі і адукацыі.

4) Пісьменства на мове існуе, дзеці вывучаюць мову ў школе. Пісьмовая мова не выкарыстоўваецца ў адміністрацыі.

3) Пісьменства існуе, дзеці могуць вывучаць пісьмовую мову ў школе. Пісьмовая мова не выкарыстоўваецца ў СМІ.

2) Пісьменства існуе, але тэксты на мове выкарыстоўваюцца толькі некаторымі прадстаўнікамі грамады, для іншых яны маюць толькі сімвалічнае значэнне. Навучанне мове ў школе не адбываецца.

1) Пэўныя прадстаўнікі супольнасці ўмеюць пісаць на мове і сёе-тое на ёй пішуць.

0) Пісьменства няма.

У прынцыпе, можам паставіць нам вышэйшы бал. Але не ўсё так проста. Калі глядзець абсалютна, то можам, але калі параўнаць наяўнасць усяго згаданага з тым жа самым для рускай мовы, то… Магчыма, аўтарам варта было ў гэтым фактары зрабіць падзел на абсалютныя і адносныя паказчыкі.

Зараз разгледзім фактары, звязаныя са стаўленнем да мовы і з моўнай палітыкай. На адным полюсе кантынуума моўнай палітыкі знаходзіцца юрыдычнае раўнапраўе ўсіх моў, скажам, краіны, а на іншым - афіцыйны статус мае толькі адна з моў, іншыя ж знаходзяцца ў зняважаным стане. Пры гэтым наяўнасць роўнага афіцыйнага статусу для некалькіх моў не з'яўляецца гарантыяй ад праблем (што мы выразна бачым у нас).

7. Дзяржаўнае стаўленне да мовы і моўная палітыка, у тым ліку афіцыйны статус і афіцыйнае выкарыстанне моў.

5) Роўная падтрымка. Усе мовы краіны шануюцца як нацыянальная каштоўнасць, усе яны абаронены законам; дзяржава падтрымлівае ўсе мовы праз рэалізацыю дэтальна распрацаванай моўнай палітыкі.

4) Дыферэнцыяваная падтрымка. Недамінантныя мовы актыўна абараняюцца дзяржавай, але існуе відавочнае адрозненне ў сферах выкарыстання дамінантных і недамінантных моў. Дзяржава заахвочвае супольнасць выкарыстоўваць сваю недамінантную мову, але звычайна ў прыватных сферах жыцця, напрыклад, дома, а не ў афіцыйных, напрыклад, у школе. Недамінантная мова карыстаецца вялікай папулярнасцю у некаторых сферах, напрыклад, у розных цырымоніях.

3) Пасіўная асіміляцыя. Большасць абыякава ставіцца да таго, ці размаўляе нехта на меншасных мовах; мова большасці з'яўляецца мовай міжкультурнай камунікацыі. Хаця гэта не замацавана афіцыйна, мова большасці з'яўляецца афіцыйнай мовай дэ факта. Большасць сфер выкарыстання недамінантнай мовы не з'яўляюцца прэстыжнымі.

2) Актыўная асіміляцыя. Дзяржава заахвочвае меншасці адмаўляцца ад сваёй мовы праз забеспячэнне адукацыі на мове большасці. Адсутнічае заахвочванне ў выкарыстанні меншаснай мовы.

1) Гвалтоўная асіміляцыя. Існуе афіцыйная моўная палітыка, паводле якой мова большасці з'яўляецца адзінай афіцыйнай мовай, іншыя мовы афіцыйна не прызнаюцца і не падтрымліваюцца

0) Забарона мовы. Выкарыстанне пэўнай мовы забаронена ва ўсіх сферах, хіба што трываюць яе выкарыстанне дома.

8. Стаўленне грамадства да сваёй мовы.

5) Усе носьбіты шануюць сваю мову і жадаюць яе развіцця.

4) Большасць носьбітаў жадае развіцця мовы.

3) Многія падтрымліваюць развіццё мовы, іншыя - абыякавыя ці нават за адмаўленне ад мовы.

2) Некаторыя падтрымліваюць развіццё мовы, іншыя - абыякавыя ці нават за адмаўленне ад мовы.

1) Нямногія падтрымліваюць развіццё мовы, іншыя - абыякавыя ці нават за адмаўленне ад мовы.

0) Нікому няма справы да знікнення мовы, усе выступаюць за пераход да дамінантнай мовы.

Чытач можа самастойна ацаніць стан беларускай мовы паводле прапанаваных крытэрыяў. У любым выпадку, падаецца, што выставіць адназначную ацэнку мове па пэўных фактарах няпроста. Тым не менш, гэтая класіфікацыя падаецца карыснай. Натуральна, не ўсе фактары прыдатныя для ацэнкі стану мовы ў асобных рэгіёнах краіны. Для гэтага у будучыні можна распрацаваць уласныя фактары для беларускай мовы.

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ


ВЯЛІКІ ПРАЦАЎНІК НА НІВЕ РОДНАЙ МОВЫ

(Да 90-годдзя прафесара Івана Якаўлевіча Лепешава)

Навуковая і педагагічная грамадскасць Беларусі адзначыла 90-годдзе з дня нараджэння славутага беларускага мовазнаўца і педагога выдатніка народнай асветы, доктара філалагічных навук, прафесара Івана Якаўлевіча Лепешава.

Ён нарадзіўся 23 кастрычніка 1924 года ў вёсцы Іскозы Дубровенскага раёна Віцебскай вобласці. У 1940 г. скончыў 8 класаў Ліцвінаўскай СШ, здаў экстэрнам за 9 класаў і паступіў у Аршанскі настаўніцкі інстытут, першы курс якога закончыў у 1941 г. У 1944 - 1947 гг. удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, служыў у арміі. Двойчы паранены. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі "За адвагу", "За баявыя заслугі" і інш. У 1948 г. скончыў на выдатна Аршанскі настаўніцкі інстытут. Доўгі час (да 1971 г.) працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў школах Гарадзенскай вобласці. Завочна скончыў на выдатна філфак Гарадзенскага педагагічнага інстытута (1959) і аспірантуру ў Менскім педінстытуце (1971). З 1971 г. працаваў у Гарадзенскім педінстытуце (пасля ўніверсітэце) спачатку выкладчыкам, затым (з 1973) дацэнтам, прафесарам (з 1986). 43 гады жыцця Іван Якаўлевіч аддаў педагагічнай працы ў вышэйшай навучальнай установе. Паралельна з гэтым ён нястомна працаваў і на навуковатворчай ніве, апублікаваўшы звыш 600 навуковых, навукова-метадычных і іншых прац, з іх 46 кніг! Гэта - навуковыя манаграфіі, слоўнікі, вучэбныя дапаможнікі, зборнікі нарысаў. Сярод кніг - звыш 10 вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Асноўная тэматыка навуковых публікацый І.Я. Лепешава: фразеалогія і парэміялогія, мова мастацкай літаратуры, культура маўлення і стылістыка.

Тут варта назваць асноўныя манаграфіі, кнігі, дапаможнікі і лексікаграфічныя даведнікі Івана Якаўлевіча Лепешава. Гэта: "Литературно-краеведческий кружок" (1969), "Фразеалогія ў творах К. Крапівы. Стылістычнае выкарыстанне фразеалагізмаў" (1976), "Лінгвістычны аналіз літаратурнага твора" (1981), "Праблемы фразеалагічнай стылістыкі і фразеалагічнай нормы" (1984), "Моўныя самацветы" (1985), "Асновы культуры мовы і стылістыкі. Практыкум" (1989), "З народнай фразеалогіі. Дыферэнцыяльны слоўнік" (1991), "Фразеалагічны слоўнік беларускай мовы" у двух тамах (1993), "Слоўнік беларускіх прыказак" (у суаўтарстве з М.А. Якалцэвіч, 1996), "Фразеалогія сучаснай беларускай мовы" (1998), "У слоўнікавую скарбонку" (1999), "Лінгвістычны аналіз мастацкага твора" (2000), "Сучасная беларуская літаратурная мова: спрэчныя пытанні" (2002), "Чаму мы так гаворым" (2003), "Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў" (2004), "У фразеалагічную скарбонку" (2004), "Парэміялогія як асобны раздзел мовазнаўства" (2006), "Культура маўлення: дапаможнік" (2007), "У пошуках ісціны. Нарысы" (2007), "Слоўнік фразеалагізмаў: у двух тамах" (2008), "Лінгвістычны аналіз тэксту. Вучэбны дапаможнік" (2009), "Этымалагічны слоўнік прыказак" (2014).

Неабходна адзначыць, што толькі за апошнія 7 месяцаў бягучага года ў штотыднёвіку "Наша слова" Іван Якаўлевіч апублікаваў 9 навуковых артыкулаў па праблемах фразеалогіі беларускай мовы.

Напісаўшы за сваё доўгае жыццё каля 50 кніг і каля 600 навуковых і іншых артыкулаў, падрыхтаваўшы тысячы вучняў і студэнтаў, вывеўшы ў свет пад сваім навуковым кіраўніцтвам многіх кандыдатаў філалагічных навук, выдатнік народнай асветы Рэспублікі Беларусь, доктар філалагічных навук, прафесар І.Я. Лепешаў зрабіў навуковы подзвіг у лінгвістыцы і беларускай педагогіцы.

Іван Якаўлевіч Лепешаў, на вялікі жаль, адышоў у іншы свет 12 кастрычніка, не дажыўшы да свайго 90-годдзя 11 дзён.

Мікалай Крыўко , вядучы навуковы супрацоўнік аддзела лексікалогіі і лексікаграфіі Цэнтра даследаванняў праблем беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.


Каб кожны беларус лічыў сабе ліцвінам!

Мікола Бамбіза нарадзіўся 30 кастрычніка 1952 годзе на Палессі ў Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобласці (вёска Ляскавічы). Маці - Ганна Кандратаўна, а бацька - Рыгор Аляксандравіч. Браты: Аляксандр і Анатоль. Бацькі ў 1953 годзе пераехалі ў Калінінградскую вобласць. Бацька вучыўся на бухгалтара. Там жылі да 1954 года.

Мікола закончыў Маладзечанскую школу № 8 (1969). Меў сярэдні бал каля "4", але праваліўся ў Радыётэхнічны. Былі цяжкія іспыты па матэматыцы. Меў хобі - радыёсхемы. Пазней паступіў у Тэхнічнае вучылішча (слесар механазборачных работ), якое кінуў.

У 1971 годзе сям'я пераехала ў г. Менск. Паступіў на працу на абутковую фабрыку "Луч", дзе працаваў каля двух гадоў. У 1973 годзе паступіў на падрыхтоўчае аддзяленне ў "Наргас". З 1974 па 1978 г. вучыўся ў Інстытуце народнай гаспадаркі імя Куйбышава. Пасля інстытута быў накіраваны рэвізорам у Міністэрства харчовай прамысловасці, дзе адпрацаваў два гады, а потым перайшоў на "Камунарку", дзе год адпрацаваў рэвізорам. Бацька хацеў, каб Мікола пакінуў рэвізорскую працу, а ў 1981 годзе бацька нечакана памёр. Мікола перайшоў на працу у Вылічальны цэнтр Белкаапсаюза, а потым - у Беларускі рэспубліканскі савет па турызму і экскурсіях, дзе працаваў з 1982 па 1990 год, а потым працаваў рэвізорам у Турыстычнай фірме.

Рэвізорская праца - паездкі па краіне. З 2012 года Мікола Бамбіза працуе вартаўніком у прадстаўніцтве літоўскай фірмы "Вікстата".

У 2004 годзе Мікола пазнаёміўся з айцом Леанідам Акаловічам і ўступіў у шэрагі аргкамітэта па стварэнні парафіі Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, дзе з'яўляецца старастам суполкі. Спадар Бамбіза ў 2007 годзе ўступіў у ТБМ (арганізацыя Фрунзенскага раёна г. Менска). Любіць ён чытаць вершы (Я. Купалы, Я. Коласа). Міколу ўразіў раман Васіля Якавенкі "Пакутны век", дзе шмат сюжэтаў з беларускай гісторыі. Мікола піша цудоўныя вершы, ягоны псеўданім - Мікола Бакас. Друкаваўся ў часопісе "Верасень" газеце "Наша слова". Адзін з вершаў быў у 2013 годзе надрукаваны ў газеце "Беларус" (ЗША). Мікола марыць пра тое, каб кожны беларус памятаў, што наша Радзіма - ВКЛ і каб кожны беларус лічыў сабе ліцвінам!

Аляксей Шалахоўскі.


Васілю Дразду - 80

Васіль Канстанцінавіч Дрозд - журналіст, рэдактар, выдавец - нарадзіўся 2 лістапада 1934 года на радзіме Якуба Коласа ў вёсцы Слабада Стаўпецкага раёна Менскай вобласці. Беларус. Са службоўцаў. Бацька працаваў на чыгунцы, вёў сельскую гаспадарку. В. Дрозд працоўны шлях пачаў у 16 гадоў, у 1951 годзе - вучань токара, токар-універсал на Менскім трактарным заводзе. У 1954-1957 гадах служыў у Савецкай арміі (гарады - Ваўкавыск, Ліда).

Пасля заканчэння сярэдняй школы № 22 у горадзе Менску, пазней у 1968 годзе закончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На 3-м курсе БДУ працаваў у рэдакцыі газеты "Трактар" МТЗ, пазней - рэдактарам газеты "Эканаміст" БДЭУ, каля 3 гадоў вёў заняткі па гісторыі КПСС і палітэканоміі. Заснаваў у Менску выданне 7 часопісаў і 2-х газет. Першым выйшаў навукова-практычны часопіс "Плюс-мінус. Магазін для эканамістаў" у лютым 1991 года, заснаваны разам з доктарам эканамічных навук, прафесарам І. М. Лемяшэўскім. Потым В. Дрозд заснаваў серыю часопісаў па сваёй ініцыятыве ці па просьбе зацікаўленых у іх кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый Рэспублікі Беларусь: "Гермес", "Мытны веснік", "Веснік асацыяцыі беларускіх банкаў" і іншыя. Навукова-практычны часопіс "Фінансы. Улік. Аўдыт" меў права выдавецкай дзейнасці. Пад грыфам гэтага часопіса В. Дрозд выдаў кнігі адпаведнай тэматыкі. У 1997 годзе заснаваў ТАА "ФУА-інфарм", якое да гэтага часу паспяхова функцыянуе, значна пашырыўшы кола выдаваных кніг. Асаблівай папулярнасцю карыстаюцца кнігі гістарычнай тэматыкі: "Тайны беларускай гісторыі" В. Дзяружынскага, "Першая сусветная вайна" М. Галдзянкова, "Грунвальд 15 ліпеня 1410 г." А. Тараса, "Першая Чачэнская" М. Малішэўскага, "Беларусь: сузор'е палітычных імёнаў" Э. Карніловіча, "Узлёты і падзенні Вільгельма Кубэ" і "З верай у душы" А. Валахановіча, "Беларусы ад "тутэйшых" да нацыі" Ю. Чарняўскай, "Вялікі князь Вітаўт" В. Чаропкі, "Еўфрасіння Полацкая" Н. Куцаевай і многія іншыя. Заслугоўваюць увагі падручнікі і вучэбныя дапаможнікі І. Лемяшэўскага, М. Ладуцькі, Л. Краўчанкі, М. Драбышэўскага, Г. Булдыкі, Зм. Курачкіна і іншых. Часопіс "Фінансы. Улік. Аўдыт" з нецярпеннем чакалі і выкладчыкі, і студэнты эканамічнага ўніверсітэта. Гэта быў адзін з рэспубліканскіх часопісаў, у якім прафесіянальна асвятляліся асноўныя кірункі станаўлення і развіцця народна-гаспадарчага комплексу Беларусі. Ён выходзіў накладам звыш 4-х тысяч асобнікаў аб'ёмам больш як 100 старонак павялічанага фармату з каляровымі блокамі. У часопісе ахвотна друкаваліся вучоныя, кіраўнікі і спецыялісты прадпрыемстваў і арганізацый Беларусі.

Калі часам у выдавецтве бывала "запарка" з рэдагаваннем кнігі, а гэта здаралася вельмі рэдка, дырэктар выдавецтва сам садзіўся за рукапіс і яго на высокім узроўні рэдагаваў.

Віншуючы Васіля Канстанцінавіча з юбілеем, жадаю яму моцнага здароўя, шчасця, поспехаў у працы!

Сто гадоў!

Анатоль ВАЛАХАНОВІЧ.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў лістападзе

Абрагімовіч Марына Яўген. Аліхвер Людміла Уладзіслав. Амінава Святлана Андрэйкавец Надзея Дмітр. Анціфораў Алег Мікалаевіч Асецкі Аркадзь Атрахімовіч Іосіф Канстанцін. Бабак Вольга Бабкова Ганна Ігараўна Баранаў Аляксандр Геогріевіч Бародка Зміцер Міхайлавіч Бартасевіч Людміла Баўтовіч Міхась Бахвалаў Дзмітры Бекіш Віктар Андрэевіч Белакоз Вера Борын Алег Мікалаевіч Булаш Алена Быцкевіч Сяргей Аляксандр. Бяляўская Тацяна Ваданосава Фаіна Аляксандр. Васько Віктар Вячаслававіч Ветчынаў Сяргей Вікторчык Ніна Сяргееўна Віценя Алег Аляксандравіч Вішнеўскі Павел Уладзімір. Волкаў Алег Вярцінскі Анатоль Ілліч Галяшоў Зміцер Ганчарова Тацяна Гарлуковіч Яўген Дзмітрыевіч Гівоіна Вольга Міхайлаўна Гнедчык Алег Горбач Аляксандр Клаўдзіевіч Груша Дар'я Уладзіміраўна Грыб Ян Янавіч Грыгаровіч Андрэй Анатол. Губарэвіч Віктар Дзмітрыевіч Гур'ян Алена Барысаўна Дабравольскі Аляксандр Ал. Давыдзька Святлана Данішэвіч Вольга Дацэнка Аляксандр Кірылавіч Дзербянёва Анжаліка Дзіцэвіч Людміла Мікалаеўна Дзядзюля Вера Длатоўская Аліна Аляксандр. Домаш Валянціна Іосіфаўна Досіна Алена Драгун Данута Дрыга Святлана Мікалаеўна Дубко Ганна Міхайлаўна Дубовік Іна Пятроўна Дуброў Алег Анатольевіч Есьман Рыгор Міхайлавіч Еўсіевіч Наталля Анатольеўна Ждановіч Міхаіл Васільевіч Зайкоўскі Эдвард Міхайлавіч Зарэцкая Вера Якаўлеўна Здановіч Уладзімір Васільевіч Зуева Галіна Паўлаўна Ігнатчык Андрэй Валер'евіч Іокша Марыя Мікалаеўна Кавалёў Аляксей Аляксандр. Кадыш Любоў Кажамякін Генадзь Вячаслав. Казакоў Алесь Казачонак Сяргей Казлоўскі Руслан Канстанцін. Калатоўкіна Ларыса Анатол. Калчанаў Алег Аляксеевіч Капойка Уладзімір Карповіч Ірына Іванаўна Касцюк Тацяна Уладзімір. Кацяшоў Дзмітры Сяргеевіч Кірэева Алена Уладзіміраўна Клікун Тацяна Козел Валеры Козел Галіна Маркаўна Корнеў Аляксандр Касьянавіч Кошкіна Людміла Чаславаўна Круглік Уладзімір Анатол. Крук Валянціна Іосіфаўна Крыжаноўская Вольга Алякс. Кудлацкая Валянціна Кужанава Вольга Кузьма Аляксандр Кузьміч Мікалай Пятровіч Купрэева Тацяна Уладзімір. Кучынская Галіна Лапіцкая Святлана Лапкоўская Браніслава Міхайл. Левіт Зміцер Лепяцюхіна Ганна Лісіцкая Вольга Мікалаеўна Літоўчык Святлана Міхайл. Лойка Алег Паўлавіч Лубянава Таццяна Віктараўна Лысова Таіса Макарэвіч Наталля Міхайл. Маковіч Дзіна Маліноўскі Віктар Леанідавіч Марговіч Антон Антонавіч Мароз Жана Мікалаеўна Марозава Святлана Валянцін. Мацкоўская Наталля Васіл. Мацюкевіч Паўлюк Іванавіч Мельнік Міхась Іванавіч Мельнікаў Аляксандр Мельнікаў Андрэй Міхайл. Мельнікаў Юрась Сяргеевіч Меляшкевіч Юры Віктаравіч Міжурына Раіса Канстанцін. Мілаш Леакадзія Міхалевіч Мілана Міхайлаўна Моніч Зміцер Мухіна Леанарда Станіслав. Нагін Павел Несцераў Аляксей Нікіціна Ліля Нікіціна Людміла Канстанцін. Пагрэбіцкі Алег Падасетнікаў Васіль Паляшчук Таццяна Панюціч Аляксандр Паражынскі Аляксандр Паросава Марына Пашкевіч Валеры Васільевіч Пракаповіч Мікалай Мікал. Пракопчык Марына Міхайл. Пугаўка Алена Пугачэўскі Аляксандр Віктар. Пыльчанка Яўген Аляксандр. Пячкова Яўгенія Якаўлеўна Радзівон Ірына Радкоў Генадзь Андрэевіч Ралько Леанід Міхайлавіч Раманюк Наталля Розумаў Анатоль Якаўлевіч Русецкі Марцін Ігаравіч Руткоўская Яўгенія Карпаўна Савіцкая Яніна Іосіфаўна Савіч Аляксандр Аляксандр. Сарнацкі Ігар Севасцян Павел Сергіевіч Дзмітры Сімакова Рэгіна Іосіфаўна Сітнікаў Арцём Сяргеевіч Скок Віктар Уладзіміравіч Скрыпнічэнка Георгі Сяргеев. Скуратовіч Аркадзь Сойка Мікалай Уладзіміравіч Сталярова Вера Станкевіч Ларыса Фёдараўна Стасюкевіч Дзіна Сурко Анатоль Сцепулёнак Эма Антонаўна Сцямпкоўская Хрысціна Тарасава Святлана Міхайлаўна Таўгень Антон Тозік Эдуард Трафімец Ульяна Святаслав. Трафімчык Алена Веніямін. Турцэвіч Паліна Віктараўна Тыгрыцкая Вольга Аляксанд. Тычына Дзмітры Валянцінавіч Тышко Іван Іванавіч Уласава Дар'я Уласевіч Дар'я Федаровіч Кацярына Федаровіч Надзея Фралоў Аляксей Валер'евіч Фядзюшын Ягор Ягоравіч Хамінскі Міхась Аляксандр. Хвошч Галіна Хляба Глеб Ігаравіч Царкоў Мікалай Прохаравіч Цвяткова Алена Мікалаеўна Цехановіч Святлана Цімаховіч Аляксандра Іван. Цярэшчанка Ігар Барысавіч Чарнаморцаў Валер Чаховіч Г. Г. Чашун Уладзімір Шнітоўскі Міхась Шпак-Рыцкі Юрась Шчурко Галіна Аляксандр. Шчурко Лідзія Іванаўна Шыманчык Святлана Мікал. Шымкус Рычард Эдуардавіч Ючкавіч Аксана Станіслав. Ялугін Эрнест Васільевіч Яніцкі Міхаіл Іванавіч Яскевіч Аляксей Юр'евіч Яфіменка Ганна Сяргееўна


Адукацыйныя паслугі

Школа асобаснага росту "ШАР"

Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Трэнінг " Працаваць для сябе і іншых "

31 кастрычніка а 18-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасе вул. Румянцава, 13.

У праграме трэнінгу:

1. Сутнасць работы для чалавека.

2. Значэнне працы і адпачынку. Тэрапія працай.

3. Працагалізм як залежнасць ад працы.

4. Прынцыпы, метады і формы працы. Праца фізічная і духоўная.

5. Асноўная духоўная праца чалавека - перавод негатыўнага ў пазітыўнае (бацькоўскае, сваё і бліжніх).

6. Выкарыстоўванне апарата любві ў пазітыўных і негатыўных сітуацыях.

7. Выкананне гульняў і практыкаванняў для замацавання ўменняў працаваць для сябе і іншых.

Для кантактаў: сл. тэл. (+375 17) 327-60-88,

х. тэл. (+375 17) 281-04-35,

МТС (+375 29) 769-29-78, velcom (+375 29) 960-14-53,

e-mail spadarl@yandex.ru.

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную 1-ю і 3-ю пятніцу месяца а 18-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13. Наступныя заняткі 21.11.14


Літаратурныя сустрэчы

Гучала ў Лідзе баранавіцкая "Ліра"

Днямі ў літаратурным аддзеле Лідскага гістарычна-мастацкага музея (у Доміку Таўлая) адбылася сустрэча лідскіх літаратараў, сяброў літаб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты", з калегамі па пяру з паэтычнага клуба "Ліра" (горад Баранавічы). Сустрэча стала як бы працягам тых урачыстых мерапрыемстваў, якія праходзілі ў нашым горадзе ў лютым гэтага года з нагоды 100-гадовага юбілею з дня нараджэння Валянціна Таўлая, які, як вядома, нарадзіўся ў Баранавічах.

Клуб "Ліра" аб'ядноўвае людзей розных спецыяльнасцей - інжынераў, лекараў, вайскоўцаў і г. д., якія імкнуцца перадаваць свае пачуцці і думкі ў вершаванай форме. Са сваёй паэтычнай творчасцю знаёмілі лідскіх паэтаў кіраўнік клуба Людміла Шувалава, унучатая плямянніца Валянціна Таўлая Наталля Несцярук, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Корнеў, удзельніца фестываляў бардаўскай песні Галіна Ліс. Расказаў лідзянам пра сябе пісьменнік і краязнавец з Баранавіч, былы вайсковец Міхась Маліноўскі.

Пра музей Таўлая, які існуе ў Баранавічах, распавяла яго кіраўнік Ніна Шавель. Музей дзейнічае на базе сярэдняй школы № 4 горада Баранавічы, у ім таксама ёсць экспазіцыя, прысвечаная паэтам і пісьменнікам, якія маюць дачыненне да гэтага горада. Музей Таўлая і літаратурны куток пры ім можна назваць цэнтрам выхаваўчай работы ў згаданай школе, тут арганізоўваюцца сустрэчы з баранавіцкімі паэтамі.

У час сустрэчы гучала і шмат бадзёрых і сардэчных песень, якія выконвалі пад акампанемент баяна і бубна ўдзельнікі баранавіцкага хору "Неспакойныя сэрцы", які, дарэчы, сёлета адзначыў 30-гадовы юбілей. Музычнымі нумарамі радавалі прысутных Міхаіл Скрыпка, Іван Асос і Тамара Здановіч.

З домікам Таўлая, з літаратурным жыццём Лідчыны пазнаёміў гасцей з Баранавіч кіраўнік літаб'яднання "Суквецце", супрацоўнік літаратурнага аддзела Алесь Хітрун. Ён і былы кіраўнік "Суквецця" Міхась Мельнік расказалі гасцям аб дзейнасці літаб'яднання. У ходзе экскурсіі па доміку Таўлая баранавіцкія літаратары наведалі і выстаўку, прысвечаную найстарэйшаму краязнаўцу Лідчыны Мікалаю Дзікевічу (Мікалай Мікалаевіч, дарэчы, таксама прысутнічаў на сустрэчы).

Госці-літаратары падарылі лідскім калегам шмат сваіх кніг. Ад нашага гістарычна-мастацкага музея, у сваю чаргу, гасцям у памяць аб сустрэчы былі падораны кніга навуковага супрацоўніка музея Анастасіі Каладзяжнай "Этапы жыццёвых дарог" (да 100-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая), буклеты, паштоўкі, каляндарыкі, візіткі. Некаторыя лідскія паэты дарылі баранавіцкім калегам свае кнігі.

Госці шчыра дзякавалі лідзянам за цёплы прыём і па-сяброўску цёплую атмасферу самой сустрэчы, за тое, што ў Лідзе шануюць памяць Валянціна Таўлая. Толькі станоўчыя ўражанні склаліся ў іх і аб самім Доміку Таўлая, аб тым, як клапатліва адносяцца тут да багатай літаратурнай спадчыны Лідчыны. Па-добраму пазайздросцілі сябры "Ліры" суквеццеўцам адносна таго, як рэгулярна друкуюцца творы лідскіх паэтаў у "Лідскай газеце" і як шмат месца ўдзяляецца ў нашай газеце літаратурнай старонцы.

Вельмі ўдзячныя гасцям былі лідзяне за падораныя некалькі гадзін сустрэчы з паэзіяй, музыкай і песнямі і проста шчырых зносін з цікавымі людзьмі, якіх аб'яднала любоў да прыгожага пісьменства.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.


Да выхаду новай кнігі Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі"

Частка 6. Заходняя Беларусь у складзе Польскай дзяржавы (1921-1939 гг.)

( Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Шэдэўрам беларускага неакласіцызму з'яўляецца Свята-Пакроўскі сабор у Баранавічах. Яго будавалі сем гадоў (1924-1931 гг.). Няпоўны аб'ём сабора - гэта кубічная зала з чатырма падкупальнымі слупамі і трыма паўкруглымі апсідамі. Фасады храма аздоблены манументальнымі порцікамі з калонамі іянічнага ордэра. У часы будаўніцтва баранавіцкага сабора ў Варшаве вырашылі знесці расійскі кафедральны сабор Аляксандра Неўскага, пабудаваны як сімвал трыумфу перамогі Расійскай імперыі над Польшчай. Варшаўскі сабор пабудавалі ў 1902 г. паводле праекта Лявонція Бенда і аздобілі прыгожымі мазаічнымі пано. Спецыялісты вырашылі зняць мазаіку з Варшаўскага сабора, закансерваваць і потым перавезці ў Баранавічы. Мазаікі былі перавезены ў 1926-1927 гг. з Варшавы ў Баранавічы, і знайшлі сваё месца ў інтэр'ерах сабора.

Зараз храме знаходзяцца 7 з 16 мазаічных кампазіцый, якія да 1923 г. упрыгожвалі сабор Аляксандра Неўскага ў Варшаве. Мазаічныя кампазіцыі выкананы ў 1902-1911 гг. у майстэрні У. Фралова ў Пецярбургу па кардонах мастакоў В. Васняцова, М. Бруні, М. Кашалёва, В. Думітрашкі шляхам простага і адваротнага набору шліфаванай смальты.

Цікава, што мазаіка на фасадзе капліцы-пахавальні Святаполк-Мірскіх у Міры зроблена ў той жа майстэрні Фралова, што і Варшаўскія шэдэўры. Пакроўскі сабор мае і адзін з самых вялікіх у Беларусі іканастасаў. Ён зроблены ў псеўдавізантыйскім стылі ў 1929-1930 гг.

У 1927 г. Л. Вітан-Дубейкаўскі пачынае будаваць у Дрысвятах першы ў свеце храм у беларускім стылі і праз два гады будоўля драўлянага касцёла была завершана. Гэта быў высокі, аднавежавы, трохнефавы будынак у гонар Пятра і Паўла. Прастакутны ў плане храм мае пяцігранную апсіду, прытвор і дзве бакавыя сакрыстыі. Перад галоўным фасадам зроблены порцік, які мае бетонны парапет і абапіраецца на чатыры тонкія, жалезабетонныя слупы-калоны. Дах пакрыты мяккай альховай гонтай.

Акрамя праваслаўных будавалі ў Заходняй Беларусі свае цэрквы і рускія стараверы. Найбольшую цікавасць уяўляе царква Св. Мікалая ў в. Мікалаёнцы на Браслаўшчыне. Гэта адназрубны прамавугольны ў плане храм з высокай трох'яруснай вежай, прыбудаванай да галоўнага фасада. Мясцовыя яўрэі будавалі свае бажніцы і рэлігійныя школы. Былі пабудаваны новыя будынкі яшываў, хэдэраў і трабутаў.

У 1926 г. польскія ўлады адкрылі дзяржаўныя "суботнія школы" для дзяцей яўрэяў, дзе выкладанне вялося на мове ідыш. Так, напрыклад, гарадзенскія яўрэі мелі ў 1937 г. 43 сінагогі, лазню, дзве бойні, два шпіталі і іншыя будынкі. У Берасці ў 1938 г. існавала 40 малітоўных дамоў і сінагог. Цікавую сінагогу ў 20-х гг. ХХ ст. пабудавалі ў Пінску. Будынак захаваўся і дзейнічае і ў нашы дні.

Будавалі свае храмы і мусульмане. Перад 1939 г. татары мелі 17 мячэцяў і 3 малітоўныя дамы. Яны аднавілі ўсе старыя будынкі ранейшых часоў і пабудавалі тры новыя храмы - у Докшыцах, Глыбокім і в. Ластаі на Ашмяншчыне.

Большасць мячэцей паводле свайго знешняга выгляду была падобная да мясцовых пабудоў. Яны нагадвалі сялянскія хаты, сярод якіх вылучаліся вежачкамі з паўмесяцам на вільчаках.

Напрыканцы існавання Другой Рэчы Паспалітай некаторыя храмы атрымалі рысы чыстага канструктывізму, які ўжо даўно існаваў як у Заходняй Еўропе, так і ў СССР. У якасці прыкладаў можна прывесці будынкі вайсковых касцёлаў св. Антонія Падуанскага ў Берасці і Антопалі (Драгічыншчына), пабудаваных у 1938 г.

Берасцейскі касцёл пастаўлены ў цэнтры горада і добра захаваўся. Ён мае прамавугольную малельную залу і вялікую вежу-званіцу на фасадзе. Касцёл у Антопалі так-сама мае прамавугольны асноўны аб'ём, але галоўны фасад вылучаецца высокай двух'яруснай званіцай у выглядзе квадратнай вежы з пляскатым перакрыццем даху.

Даволі цікава выглядае будынак праваслаўнай царквы Раства Багародзіцы ў в. Явар (Дзятлаўшчына), які пабудавалі ў 1933 г. Аснову яго канструкцыі складае муроўка з бетонных блокаў і каркасная канструкцыя з жалезабетону для дэталяў інтэр'еру царквы.

Да верасня 1939 г. у Заходняй Беларусі дзейнічала 446 касцёлаў, 542 царквы, 14 манастыроў і 387 сінагог. На жаль, значная частка гэтых будынкаў не захавалася, частка моцна перабудавана і прыстасавана да іншых мэтаў.

Грамадскія будынкі

Першая спроба будоўлі ў новым стылі - канструктывізму альбо функцыяналізму звязана на тэрыторыі Заходняй Беларусі з будынкам грамадскага прызначэння. Гэта вайсковыя казармы ў Стоўбцах, Берасці, будынкі дзяржаўных устаноў у Берасці, Кобрыне, Пінску і Наваградку, гарадскі суд у Берасці, школы, гімназіі, лячэбныя ўстановы, вакзалы, паштовыя будынкі і г. д. Таксама дзяржава набыла шэраг палацава-паркавых комплексаў, асабліва пашкоджаных падчас Першай сусветнай вайны і адбудавала іх. Так, у Свяцкім палацы зрабілі санаторый, у Сноўскім - кватэры для афіцэраў і вайсковую камендатуру, а пазней і казіно. Косаўскі палац аддалі пад павятовае староства, а ў Опсаўскай сядзібе размясцілася сельскагаспадарчая школа.

Сядзіба ў Опсе закладзена на пачатку ХХ ст. на ўсходнім беразе невялікага возера. Землі належалі Плятэрам. У 1904 г. закончана будаўніцтва мураванага палаца, спраектаванага архітэктарам Целяжынскім.

Сядзібны комплекс нядрэнна захаваўся да нашых дзён. Яго цэнтрам з'яўляецца мураваны палац, размешчаны побач з возерам. Галоўны фасад будынка звернуты на ўсход, па баках фланкіраваны двухпавярховымі рызалітамі. Пасярэдзіне аднапавярховага асноўнага аб'ёму знаходзіцца галоўны ўваход, аформлены порцікам з дзвюмя калонамі. Дах палаца першапачаткова быў гонтавы, складаны, па баках ад порціка меліся люкарны. З боку возера зроблена адкрытая тэраса, да якой з палаца вялі шкляныя дзверы. Спуск да возера на стромкім схіле аформлены каскадам лесвіц. Дзвярныя праёмы галоўнага ўваходу і выхады на тэрасу, а таксама па два аконныя праёмы па баках ад іх мелі паўцыркульныя завяршэнні. Астатнія праёмы былі прамавугольныя. Праёмы дэкараваны арачнымі ліштвамі і пілястрамі. Сцены палаца руставаныя.

Побач з палацам захаваліся жылы флігель і некалькі гаспадарчых пабудоў. Злева ад галоўнага будынка знаходзіцца аднапавярховы на высокім падмурку флігель з бутавага каменю. Будынак драўляны, аднак галоўны фасад мае мураваную сцяну, да якой прымыкае мураваны тамбур з цэнтральным уваходам.

Побач размешчаны склеп з чырвонай цэглы, які служыў для захоўвання напіткаў, малака, садавіны, гародніны. Паглыбленне склепа выкладзена з бутавага каменю. Па правы бок ад палаца знаходзяцца будынкі стайняў, вазоўні, хлявоў, свірнаў. Усе яны мураваныя, большая частка пабудавана з цэглы і атынкавана, ёсць пабудовы з бутавага каменю. Трапецападобныя франтоны на некалькіх гаспадарчых будынках зроблены ў выглядзе фахверкавай канструкцыі, ці "прускага муру". Перад палацам размяшчаўся парадны партэр з газонам і кветнікамі, па баках якога пасаджаны групы дрэў з елак і сібірскай піхты. Схіл да возера аформлены тэрасамі з пасадкамі бэзу. Захаваўся невялікі пейзажны парк, аздоблены асобнымі групамі дрэў, палянамі, алеямі. З паўднёвага боку да парку прымыкае вялікі сад, дзе размяшчалася парніковая гаспадарка. З усходу сядзіба абнесена агароджай. Галоўны ўваход аформлены пілонамі з часанага каменю, завершаны каменнымі шарамі. Такія ж пілоны на падмурку з бутавага каменю маюцца ў агароджы. Паміж пілонамі выкарыстаны нахіленыя штыкеціны. З поўдня маёнтак абмежаваны ручаём, які выцякае з возера. Пры пад'ездзе да сядзібы цераз ручай перакінуты прыгожы арачны мост з часанага каменю.

У часы Першай сусветнай вайны ў сядзібе змяшчаўся шпіталь расійскай арміі, штабы вайсковых частак. У 1922 г. маёнтак выкуплены дзяржавай для арганізацыі мужчынскай сельскагаспадарчай школы, якая працавала ў 1927-1939 гг. у палацы размясцілі класы для заняткаў, сталовую, інтэрнат, кватэры выкладчыкаў. Выкарыстоўваліся ўсе гаспадарчыя пабудовы.

Свецкае прызначэнне атрымаў былы манастырскі шпіталь сярэдзіны XVIII ст. у Асвеі (Верхнядзвінскі р-н).

Будынак былога манастырскага шпіталя П-падобны ў плане аднапавярховы з паўпадваламі ў бакавых частках. У сярэдняй частцы пакоі размешчаны абапал калідора, у бакавых - па адзіны бок. У 1928-1929 гг. будынак прыстасаваны пад адміністрацыйную ўстанову. Пачатковая планіроўка захавалася толькі ў левым, усходнім, крыле. У пакоях столі плоскія. Калідор перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Усе сцены аднолькавай таўшчыні (71 см). У паўпадвальным паверсе размяшчалася кухня. Сцены яе разрэзаны лучковымі вокнамі, памяшканні перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі.

Польскія ўлады значную ўвагу звярталі на развіццё чыгуначнага транспарту. Была звернута ўвага на адбудову Берасцейскага вакзала, які быў пабудаваны ў другой палове ХІХ ст. царскімі ўладамі.

Будынак вакзала быў выкананы з яўнай стылізацыяй форм раманскага і псеўдарускага стыляў з элементамі неаготыкі, меў выгляд сярэднявечнай цвердзі астраўнога тыпу, дамінаваў у навакольнай забудове і быў адным з самых прыгожых і буйных вакзалаў таго часу.

У сувязі з далейшым ростам пасажырскіх плыняў і грузавых перавозак, а таксама гарадскім пажарам, ад якога пацярпеў і вакзал, і прымыканнем да станцыі ліній палескіх чыгунак у 1897 г. адбылася рэканструкцыя будынка. Крыху пазней пачалося будаўніцтва новага пуцеправода да горада, у 1912 г. прыгарад Граеўка злучыўся з вакзалам пешаходным мостам, які праходзіў над пуцямі з усходняга боку вакзала і выходзіў у горад.

У гады Першай сусветнай вайны вакзал быў амаль цалкам разбураны. Рэканструкцыя пачалася ў пачатку 1920-х гг. і доўжылася амаль да 1929 г. новыя фасады вакзала былі выкананы, як вызначаюць польскія архітэктары, у так званым "народным стылі". Ён грунтаваўся на выкарыстанні архітэктурных матываў рэнесансу, барока і класіцызму.

Асноўны аб'ём будынка застаўся такім, як і пры яго будаўніцтве ў 1886 г. змянілася ў бок павелічэння вышыня цэнтральнай вежы-рызаліту, якая стала двухпавярховай, значна выцягнутай у плане наперад і завяршалася высокімі шчытамі і атыкамі, стылізаванымі ў рэнесансныя і барокавыя формы. У верхняй частцы дэкор заканчваўся шматлікімі фігурнымі шарамі. Цэнтральны фасад злева і справа фланкіраваўся дзвюмя сіметрычнымі шырокімі двухпавярховымі вежамі, якія падтрымліваліся контрфорсамі, што ішлі да сярэдзіны першага паверха. Усе дэталі - прамавугольнікі, пасы па перыметры вокнаў, пілоны, шары на атыках і шчытах, профільныя карнізы, контрфорсы - былі афарбаваны ў белы колер, які надаваў будынку яшчэ большую выразнасць і дэкаратыўнасць.

Пасля 1929 г. работы па пашырэнні вакзала працягваюцца. На паўднёвым баку ўздоўж пуцей з'явіліся будынкі пошты і багажнага аддзялення, якія выходзілі на прывакзальную плошчу. Яна таксама перараблялася і ўпарадкоўвалася. Будаўнічымі работамі кіраваў інжынер В. Лісоўскі.

Вонкавы выгляд вакзала заставаўся нязменным з сярэдзіны 1920-х гг. да 1941 г. Да нашых дзён захаваўся пабудаваны ў 1924-1926 гг. вакзальны будынак на станцыі Бігосава Віцебскай вобласці.

Будынак чыгуначнага вакзала павернуты паўночным фасадам да чыгуначнага палатна. Кампазіцыя будынка выцягнутая, сіметрычная. Планіроўка мяшаная. Цэнтральная частка квадратная ў плане, накрыта двухсхільным дахам. Па вуглах - чацверыковыя зубчастыя вежы з высокім шатровым пакрыццём. Да цэнтральнай часткі з абодвух бакоў (захаду і ўсходу) прымыкаюць двухпавярховыя і аднапавярховыя аб'ёмы. Сцены двухпавярховых бакавых крылаў аздоблены лапаткамі, прарэзаны вялікімі прамавугольнымі вокнамі, такія ж аконныя праёмы маюць аднапавярховыя аб'ёмы. Рысы абарончага дойлідства надаюць будынку манументальны характар. У цэнтральнай частцы - зала чакання, у бакавых крылах рэстаран і службовыя памяшканні.

(Працяг у наступным нумары.)


Н Е Г А Р Э Л А Е

Гарадскіх негарэльцаў мы, камароўскія засцянкоўцы, не любілі. Хадзілі яны, вялізныя, цыбатыя, шумныя, праз нашую Камароўшчыну ў наш лес па ягады, а мы, малеча, стаялі за варотамі і дражнілі іх: "Негарэлец, уваліўся ў кубелец!" Прагаворыш і драпака. А то шчэ які спрытнюга ўскочыць на вароты і дасць па карку. Учора, як гартала подшыўкі старых раёнак за 60 - 70-ыя гады - шукала Франка Петкавіча - знайшла інфармацыю. Негарэлае ў 1924 зрабілі цэнтрам сельсавету, а ў 1938 - п.г.т., значыць - пасёлкам гарадскога тыпу. Брыдка, праўда? Але тады ўсё было перакулена дагары нагамі, і гарадская Лена Дзядзюля плакала ад таго, што ў 5-ым класе ёй давядзецца вучыцца з "деревенскими". Помню, што мы яе суцяшалі. У нас не было шляхецкай пыхі. Дык што ж засталося ад Міцкевічавай Літвы ў засценку Камароўшчыне?..

Бабуня Клемянтына збірала чараду ўнукаў і вяла нас па ягады, грыбы ў лес, як у Храм. Наказвала: не разыходзьцеся, каб не галёкаць! Галёкаюць чужыя. Бабуня не любіла пазбіркаў, ведала, дзе нерушы, імкнулася да іх: "Ганначка, паглядзі, якія кісты сядзяць, залезь ты пад куст - пазбірай!" Не любіла яна марнатраўства, абмінала праста-галіны з дробнымі ягадамі: "Хай пасядзяць, пабуйнеюць!"

Такі падмурак закладваўся ў сям'і, у дзяржаве была інакшая стратэгія. Дзяржава ад слова "дзяржаць", не пушчаць, заганяць у стойла. Але каму патрэбны нявольнікі?..

Можа ў класе 3-м, ці 4-м прыходзілі да нас, у Камароўскую школу, будучыя аднакласнікі з Негарэлага. Помню, што прыносілі яны агіткі з выявамі піянераў-герояў: Марата Казея, Мікалая Гойшыка, Зіны Партновай… А Васіля-ксандравіч, наш настаўнік, рысаваў чырвоным алоўкам плакат: "Чалавек чалавеку друг, таварыш і брат". Такая была наглядная агітацыя. Пасля мы пазнаёмімся бліжэй з тымі негарэльцамі. Яны былі ліхімі, хітрэйшымі ад нас і больш прыстасаванымі да жыцця ў дзяржаве. Гэта мы хадзілі за 3 км, не гледзячы на забарону, у 30-градусныя маразы да школы, а блізкія негарэльцы там не з'яўляліся. Яны скакалі па партах і біліся, мы паводзілі сябе спакайней. У дзяржаўнай школе яны ўжо ўведалі болей ад таго, што яшчэ давядзецца ўведаць нам.

У апошнюю вайну Негарэлае было спалена немцамі. Згарэў і мураваны чырвоны трохпавярховы вакзал, якім надта казыралі бальшавікі, хоць і не самыя будавалі. Яго шчэ за царом ставілі, па 1871, калі тут праклалі чыгунку. Негарэлае была пагранічная станцыя, тут зачынаўся Савецкі Саюз. Адсюль хадзілі цягнікі Парыж - Негарэлае . Пасля 17 верасня 1939 мая цёця Карольця, калі рабіла правадніцай, вазіла ў Беласток, які вызвалілі разам з усёй Заходняй, матросаў-артыстаў, каб тыя песнямі абжывалі новыя прасторы. Гэта было найлепшае ў ейным жыцці, потым яно стала занепадаць усё болей і глыбей. У 1969 Франак Петкавіч з Камароўшчыны напісаў Баладу пра Негарэлае:

Свяціла сонца і не грэла,

І Негарэлае гарэла.

З пажыткамі гарэлі хаты.

Крычалі людзі:

- Дзе ж нам жыць?!

Гарэла ўсё.

Фашысты-каты

Не падпускалі патушыць.

А бомбы сыпаліся бобам -

Трашчалі нават камяні.

Крычаў фашыст:

- Усё да бога!

Дашчэнту

спалім

камунізм!

А "мессершміты"

кожным рэйсам

Падвозяць смерць,

трашчыць пажар…

Ды не згарэлі негарэльцы,

Чужынцаў моцны стрэў удар.

Такое не забудзеш скора,

Аб гэтым мусіш гаварыць…

Была тут пустка -

зараз горад

Агнямі па начах гарыць.

Вось жа цяпер, праводзячы экскурсыі па Негарэлым, можна будзе прачытаць верш нашага паэты, ды не цытаваць з "Памяці" "постылые" радкі Маякоўскага, які, праязджаючы праз станцыю, зганьбіў Наш Край:

"На горизонте - белое.

Снега и Негорелое….

Голая, нищая

бежит Белоруссия".

Яшчэ за люты 1970-га я знайшла апошні Франкаў верш, а ў наступным годзе, на Пакровы, - помню: цёмнай-цёмнай парою - ён і сам згарэў з гарэлкі. Дык можа Балада пра Негарэлае была завершаннем, і ён тым сплаціў свайму Краю?.. Мой тата (і ён ужо пераступіў зямную рысу, няхай ясна будзе яму! ) казаў, што Франак пісаў словы да Паланеза Агінскага. Можа і так, талент у яго адчуваецца, але які самотны, які трагічны бывае талент на зямлі! І, каб не заблудзіцца, ступаючы ў поцемках па зямлі, трэба мець добрага Водзцу. Таленту - асабліва. "Літаратура - гэта думка вольнага чалавека" - сказаў мой Настаўнік Ян Пятроўскі. Ён жа выснаваў і крэда літаратара: "Калі ёсць што сказаць, скажы і не хлусі; калі няма чаго - маўчы". Я не знайшла Франка ў раёнках, што называліся тады "Сцягам Кастрычніка", а цяпер - "Узвышшам" ні за 1963-64, ні за 1971. У пачатку было яму 24 - 25 гадоў, у канцы - 32. Можа ў 24, ці 25-гадовым веку Франак сканчаў факультэт журналістыкі БДУ, бо ў 1965 ён ужо рабіў настаўнікам Паланевіцкай 8-гадовай школы. Думаецца, што юнацкія гады вучобы - найлепшыя гады, і для творчасці - таксама. Шкода, але я не ведаю тых вершаў і мусіць ніколі ўжо не ўведаю… Магу толькі ўявіць, якія яны былі вось па гэтым вершы, напісаным у 1966:

Погляд каханай

А ты і не ведаеш,

Колькі ў вачох тваіх ласкі.

Падаруй мне, каханая,

Позірк ледзь-ледзь даўжэйшы.

Я гляджу ў твае вочы,

Чыстыя, як вочы ластаўкі, -

І прападае сум,

І я станаўлюся дужэйшы.

Адзіны гэты верш - чысты, як ластаўчыныя вочы, на ўсіх астатніх ляжыць цень змрочнага часу, у якім ён мусіў жыць. Франак быў жанаты, засталіся ў яго дзве дачкі, але, каб сталася гэтая каханая ягонай жонкай, можа не адбылася бы трагедыя 1971… У тым часе працягвалася вайна, дзе скрозь гэтыя "фашысты-каты" сыплюць бомбы ды мараты казеі сядзяць у засадзе. Не скончылася і рэвалюцыя, хоць і хаваюць "цела дзеда-ленінца", ды "жывыя ленінцаў нашчадкі" клянуцца, што "не забудуць спраў дзядоў". І Край наш увесь у няволі падманных камуністычных спаборніцтваў, дзе нават прыгожыя дзяўчаты-ткачыхі за абяцанку зораў і неба змушаныя даваць тыя "нормы".

Быў Край наш

Нібы лягерам калоднікаў,

- напіша Франак у вершы "Радзіма" нібыта пра даўнейшы час, а папраўдзе - пра свой, пра тыя нэндзныя 50-60-ыя, тыя ўдушлівыя, як пятля, 70-ыя, дый пра цяперашні час, у каторым жывём мы. Наш час па-праўдзе жудасны, бо колішняе панаванне д'ябла ў "Сцягу Кастрычніка" ва "Ўзвышшы" змянілася няўтаймоўным баляваннем… ці не перад апошняй Атлантыдай… Вынішчаны ўжо ўсе жывыя душы нашае нацыі, цяпер дабраліся да старых могліцаў, вынішчаюць парэшткі Культуры Нашае. А святары, тыя, хто даўней апекаваўся могліцамі, цяпер адкараскаліся ад сваіх абавязкаў. Андрэй Бараноўскі, ініцыятыўны чалавек у Койданаве, дзе руйнуюць старыя могліцы, абыходзіў людзей, каб сабраць подпісы нязгодных. Зайшоў да ксендза, а той адказаў, што ён "innego panstwa", спрабаваў зайсці да бацюшкі, а той і на парог Андрэя не пусціў нават. Меў рацыю Ян Пятроўскі, калі яшчэ напачатку 60-х мінулага стагоддзя напісаў: "ЛІТВА - ТВАЯ ЗАГУБА Ў РЫМЕ!"

Тыя, хто павінны былі пільнаваць чысціню Навукі Пана Езуса, сказілі яе. Мы страцілі сваю Айчыну, таму што не мелі святароў, каторыя дбалі бы пра Культуру. Тое, што засталося з Навукі Пана Езуса, перахоўваюць носьбіты з простага народу. Сэрца ведае гэтую Навуку, яна простая. Ведала сэрца цёці Эмці, што гэтак пакутавала за Франка і ведаюць сэрцы ўсіх матак, што пакутуюць за сваіх дзяцей.

Выглядае, што і сёння мы не маем святароў, каторыя баранілі бы Нашую Культуру….

Заўтра Вераніка збіраецца ісці на Старыя Койданаўскія могліцы, каб уратаваць ад знішчэння вялікі мармуровы помнік па Юзафу Абламовічу, доктару медыцыны Віленскага ўніверсітэта, уладальніка маёнткаў у Мікулічах і Негарэлым. Помнік гэты ўтрымлівае больш звестак, чым энцыклапедыя "Мысліцелі і Асветнікі Беларусі": "Jozef syn Karola Ablamowicz obywatel ziemski, doktor medycyny, ur. 1.01.1804, zm. 10.04.1866". Па паразе Лістападаўскага паўстання Радзівілаўскае графства (Койданаў, Негарэлае, etc.) трапіла ў казну. Потым Негарэлае і Мікулічы выкупіў Юзаф Абламовіч. У тастаманце ён запавядаў зямлю дачцы, таксама - пабудаваць капліцу пры бальшаку з цяперашняга пасёлка Энергетыкаў да Мелькавічаў (завем Мелькаўскі бальшак) і пахаваць яго там. Мусіць тое было невыканальным з прычыны паразы апошняга паўстання на Літве, таму Юзаф Абламовіч быў пахаваны ў Койданаве.

Частка Старых Койданаўскіх могліцаў ужо даўненька пахавана пад асфальтам. Цяпер тутэйшыя ўлады ўздыбілі ўсё мястэчка, рэзрух, як перад дажынкамі! Ушчухарыліся яны нібыта парадак рабіць на запушчаных імі ж могліцах. Дзеля гэтага павалялі крыжы, помнікі, агароджы, бульдозерам узадралі зямлю. Папраўдзе тут патрэбна шырокае грамадскае абмеркаванне; свой голас павінны падаць навукоўцы, рэлігійныя і творчыя людзі. Што рабіць са старымі могліцамі? Тым часам пакуль народ наш спіць, начальства загадала зрабіць прыпынак для грамадскага транспарту, зноў-такі ўрэзаўшы частку могліцаў, што зусім блізка ад помніка Юзафу Абламовічу… Што ім да нашае гісторыі, нашае памяці, славы нашае?!

- Я - грамадзянін Сусвету, - казаў Ян Пятроўскі. Адчыньма і пашырма сваю сведамасць, разнявольма Думку! Мы не самотныя, і мы пераможам, бо з Неба, з усяго Сусвету за намі назіраюць і нам дапамагаюць Нашыя Дзяды.

Ганна Матусевіч, Койданаў.


Ці паляваў Хемінгуэй на прыпяцкіх качак?!

Крышачку пра самога пісьменніка Эрнеста Мілера Хемінгуэя (1899-1961) - гэта амерыканскі творца. Сваю сусветную вядомасць ён атрымаў дзякуючы раманам, шматлікім аповесцям, апавяданням, публіцыстыцы. Яго стыль, яркі, насычаны, зрабіў агромністы ўплыў на сусветную літаратуру ("Фіеста", "Бывай, зброя!", "Па кім звоніць звон?" і інш.).

Несумненна, што "За апавядальнае майстэрства", у чарговы раз прадэманстраванае ў "Старым і моры", Эрнест Мілер Хемінгуэй за 1954 год стаў лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў літаратуре. Мне застаецца толькі дадаць, што як і ў свеце, гэты творца вядомы і любімы і на Беларусі.

У свой час я каля дваццаці кніг гэтага геніяльнага мастака прыгожага пісьменства накіраваў у розныя куткі Савецкага Саюза ў якасці самых прыемных падарункаў сябрам і калегам. Так здарылася, што тады, на зломе грамадства, у Менску вельмі часта і агромністымі тыражамі выходзілі ў свет яго папулярныя выданні.

У сваёй паштовай скрыні аднойчы сярод шматлікай карэспандэнцыі знайшоў і ліст ад свайго дружбака Віктара Фацеева, з якім я калісьці служыў паблізу славутых Тоцкіх лагераў, дзе была ўзарвана на палігоне першая атамная бомба у СССР, пасля чаго яшчэ прагналі па заражанай атамнымі адыходамі тысячы салдат, сяржантаў і афіцэраў...

Віктар Фацееў у сваім лісце да мяне, між іншым пісаў, што ў яго галаве засела стрэмка, быццам знакаміты амерыканец паляваў на Прыпяці. Ці магу я гэта пацвердзіць?

Толькі праз два гады я змог абвергнуць думку свайго сябра. Э.М. Хемінгуэй, не паляваў на Прыпяці, але! меў вялікае задавальненне ад палявання на прыпяцкіх качак.

Некалькі слоў пра Прыпяць. Яна - прыток Дняпра, пачынаецца на Ўкраіне, там і закончвае свой бег. А на Беларусі зараз цячэ ў Берасцейскай і Гомельскай абласцях. Даўжыня ракі 761 км, на Беларусі мае працягласць да 500 кіламетраў. Водныя гладзі яе любімае месца многіх водаплаўных птушак, у тым ліку і качак.

Біёграф лаўрэата Нобелеўскай прэміі Міліян Рос у калісьці вядомай бібліятэчцы папулярнага часопіса "Огонёк" (г. Масква) у № 6 за 1966 год надрукавала нарыс "Партрэт Хемінгуэя", дзе ў праватнасці адзначала: "Там (на паўночным усходзе Венецыі) Хемінгуэй шмат паляваў на качак з садоўнікам старога заезнага двара. - Мы плавалі па каналах і стралялі качак улёт, і я хадзіў па чаратах падчас адліву; палюючы на бакасаў, - загаварыў Хеміншуэй. - Праз гэтае месца праходздіць шлях качак, якія ляцяць з прыпяцкіх балот. Страляў я добра і стаў паважаным чалавекам (пераклад мой з рускай мовы. - М.У.)..."

Застаецца толькі дадаць, што гэта маглі быць птушкі як з беларускіх, так і з украінскіх прыпяцкіх балот.

Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.


Пра што маўчаць камяні

У пачатку 1960-х гг. на вуліцы Свердлава (у гэтым прозвішчы лідзяне робяць націск на першым складзе) зрабілі ходнік - тратуар (пратувар, як казалі старыя). Месцамі, замест плітаў паклалі камяні, на якіх доўгі час былі заўважныя мудрагелістыя надпісы. З цягам часу яны пасціраліся пад абцасамі мінакоў, але фрагмент аднаго надпісу ўдалося адшукаць. Гэта аказалася квадратнае габрэйскае пісьмо, якое трэба чытаць справа налева.

У засценку Закасанка на вуліцы Віленскай (так называлася раней вул. Свердлава) перад вайной стаялі жыдоўскія хаты. Так, без ніякага ценю абразы, называлі габрэяў беларусы. Маё дзяцінства прайшло ў адной з такіх хатаў, якая да вайны належала жыду Цальку. Яго вялікая сям'я жыла ў чатырох хатах: пасля вайны адну з іх зруйнавалі, дзве прадалі, а чацвёртую падзялілі на тры кватэры. Вайна адабрала ў Цалькі жыццё, а яго старога бацьку немец забіў на гарышчы, проста над ганкам, дзе той хаваўся ад смерці. Гэтыя падрабязнасці расказаў сусед У. Жукоўскі, які рабіў разам з Цалькам на бойні. Мяне малога доўга палохала тое гарышча і цень цалькавага бацькі. Чамусці мне здавалася, што цень хаваецца менавіта за комінам.

Калі мая прабаба купіла гэтую хату, сусед шмат расказваў пра звычаі яе былых жыхароў. Часам, пад вечар, на ўвесь завулак раздавалася загадкавае: "Ганцы… галь… фэрштамэль" на ідыш, - і тады ўсе ведалі, што пан Уладак Жукоўскі вяртаецца дахаты выпіўшы, а яго жонка Мэлька вылятала з хаты куляй проста ў картоплю (і так у нас казалі) каб схавацца ў разоры. Ніхто не ведаў сэнсу гэтых словаў, але падазравалі нешта непрыстойнае.

А яшчэ гаварылі пра незвычайнае жыдоўскае багацце. Аднойчы да прабабы прыйшла жанчына, якая назвалася сястрой Цалькі і прапанавала за хату 12.000 рублёў - вялікую суму ў той час. Прабаба адмовіла ў продажы, але дазволіла агледзець былую гаспадарскую тэрыторыю. Сястра зайшла за хату і прамовіла на ідыш: "Ну, усё на месцы". Прабабе даводзілася мець стасункі з габрэямі і яна крыху разумела іх мову. З гэтага часу ўзнікла сямейная байка пра схаваныя жыдоўскія скарбы, але ніякімі знаходкамі падмацаваць яе не ўдалося. Праўда, знайшлі аднойчы скрыню прыгожых бутэлек з нейкай вадкасцю, якая патыхала алкаголем. Але прабабу гэты "скарб" не зацікавіў і яна вывезла яго ў акопы, якія яшчэ заставаліся пасля вайны за хатамі.

Габрэйскае насельніцтва Ліды знішчылі нацысты. Саветы ж зруйнавалі іх могілкі, а камяні помнікаў паклалі пад ногі людзей. Вуліца Віленская атрымала назву Свердлава. Надпісы на камянях, разам з памяццю ўжо пасціраліся. А Цалькаву хату, у якой я гадаваўся, разабраў бацька ў 1987 годзе.

Я не габрэй і магу не адчуваць асаблівых эмоцыяў пры слове Галакост, але ўзнікае пытанне: "Ці не лягуць некалі тыя прыгожыя і дарагія помнікі, якія мы сёння робім сваім родным, у якасці падмуркаў новых будынкаў і пліт тратуараў? Людзі не сталі больш чалавечнымі і "гуманнымі" за апошняе стагоддзе, наадварот, цяпер зло і парок узялі сабе "чалавечае" аблічча і маску "гуманізму". Трэба задумацца.

Уладзімір Камінскі.


Несці людзям святло паэзіі…

Нядаўна выйшла ў свет другая кніга вершаў лідскага паэта Валерыя Мацулевіча - "Чалавек са свечкай" (нагадаем, першы яго зборнік, "Струны душы", быў выдадзены тры з паловай гады назад, вясной 2011 года). Як і ў "Струнах душы", у кнізе "Чалавек са свечкай" ёсць і рускамоўныя, і беларускамоўныя творы, а тэматыка кнігі таксама разнастайная. Да таго ж, у новым зборніку, акрамя вершаў, змешчаны так званыя "карацелькі", якія складаюцца ўсяго з двух-чатырох вершаваных радкоў, "бестолковый словарь", жартоўны раздзел "Вопрос - ответ" і крыху гумарыстычнай прозы. Днямі ў Доміку Таўлая адбылася прэзентацыя новай паэтычнай кнігі.

Аўтар зборніка адразу папярэдзіў прысутных, што свечка на чорным фоне на вокладцы кнігі не павінна асацыявацца ў чытача з чымсьці сумным і змрочным - яна сімвалізуе святло ў цемры і з'яўляецца як бы ілюстрацыяй да першага верша ў зборніку.

- Верш "Человек со свечой" (на рускай мове) навеяны роллю Алега Янкоўскага ў фільме "Настальгія" (калі памятаеце, там ёсць эпізод, у якім выканаўца гэтай ролі ідзе і нясе запаленую свечку), - тлумачыць Валера. - Вобразы верша сімвалізуюць жыццёвы шлях чалавека, які нясе святло іншым людзям (у канкрэтным выпадку - паэта). "Человек со свечой" - белы, або свабодны, верш, што рэдка сустракаецца ў маёй творчасці.

Дарэчы, гэтаму вершу сугучны ўвесь першы раздзел Валеравай кнігі, які называецца "Свет во тьме". Святло ў цемры, па прызнанні аўтара, - ключавая тэма і ўсёй кнігі. І сапраўды, на яе старонках сустракаецца шмат трапных і яркіх сімвалаў святла. Гэта і сланечнікі, і пражэктар, і каляднае свята сярод суровай зімы, і светлячкі, якія "набліжаюць ранак", і г. д. Гумар таксама можна назваць святлом у цемры, а гумарыстычных твораў у зборніку нямала, ёсць у ім нават цэлы раздзел пад назвай "Юмор - наш бессмертный вождь!"

Варта крыху згадаць і пра іншыя раздзелы кнігі. Так, раздзел "Этот тревожный мир" нагадвае чытачу аб праблемах сучаснага свету: стыхійных бедствах і экалагічных катастрофах ("Воландов глобус"), тэрарызме ("Взрыв"), сіроцтве дзяцей пры жывых бацьках ("Дождливый силуэт"), жорсткасці ("Утопленный рассвет") і інш. У раздзеле "О природе, о погоде и немного о душе" чытач знойдзе яркія і незабыўныя вобразы восені-Мадонны, завірухі-снежнага барса, замка Зімы і інш. Раздзел "Жажда полета" прысвечаны рамантычным імкненням чалавека, якому "хоть изредка надо летать". У раздзелы "Нам ёсць патрэба ў прыгажосці" і "Нястрогія трыялеты" ўключаны беларускамоўныя вершы. Чытаючы іх, упэўніваешся, што творы аўтара на беларускай мове, як і на рускай, напісаны на высокім мастацкім узроўні, вобразна багатыя, закранаюць самыя патаемныя струны душы і даюць шмат матэрыялу для роздуму.

Як ужо гаварылася вышэй, зборнік "Чалавек са свечкай" не вычэрпваецца толькі вершамі. "Карацелькі", "бестолковый словарь" і іншыя нетрадыцыйныя формы значна дапаўняюць гумарыстычную складовую кнігі (асобныя "карацелькі", да таго ж, - філасофскую).

- Больш за дзесяць гадоў назад Валера пачаў наведваць паседжанні літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты", якім у той час кіраваў я, - гаворыць адзін са старэйшых лідскіх паэтаў Уладзімір Васько. - Ужо тады, па першай нізцы вершаў, якую ён мне прынёс (а Валера тады толькі пачынаў пісаць вершы), я заўважыў у ім таленавітага творцу. Галоўная думка ў яго праходзіць праз увесь верш, ад першага да апошняга радка, пры тым яна не перабіваецца і гарманіруе з эмацыянальным фонам твора, як бы сплаўленая з ім, чаго ўдаецца дасягнуць не кожнаму маладому аўтару. Ад кожнага верша Валеры атрымліваеш эстэтычную асалоду, у кожным прысутнічае гармонія пачуцця і думкі. А значыць, Валера Мацулевіч, як паэт, знаходзіцца на правільным шляху. Віншую яго з новай кнігай і жадаю далейшых творчых здабыткаў!

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ, г. Ліда.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX