Вярнуцца: 2014

№ 49 (1200)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 49 (1200), 3 снежня 2014 г.


НАША СЛОВА № 1200

Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ - 25 гадоў

Пад канец 1989 года ў Гародні стварылася ініцыятыўная група па арганізацыі суполкі ТБМ.

Група трымала сувязі з Нілам Гілевічам, абраным неўзабаве старшынём Рэспубліканскай Рады ТБМ. Гэтая група сабралася на паседжанне ў ідэалагічным аддзеле гаркама КПСС, які ўзначальвала Цыганкова. Інакш гаркам не дапусціў бы, каб нейкі грамадскі рух адбываўся без яго кантролю. На паседжанні групы створаны быў аргкамітэт,які павінен быў рыхтаваць устаноўчую канферэнцыю ТБМ у Гародні. Старшынём аргкамітэта прапанавалі абраць Пяткевіча А.М., але ён адвёў сваю кандыдатуру і прапанаваў Цыганкову, разумеючы што арганізацыйныя рычагі ў яе руках, і без практычнай дапамогі гаркама правесці ў горадзе вялікую арганізацыйную работу не ўдасца. Пяткевіча выбралі намеснікам старшыні аргкамітэта. Пачаліся вылучэнні дэлегатаў на ўстаноўчую канферэнцыюТБМ. На аргкамітэце было прапанавана вылучыць дэлегатаў і па вобласці, каб яны прынялі паўнапраўны ўдзел у гарадской канферэнцыі. Было прынята рашэнне дэлегаваць ад раёнаў 50 чалавек,пераважна настаўнікаў і журналістаў.У абкаме КПСС паабяцалі арганізаваць іх камандзіроўкі ў Гародню. Але перад самай канферэнцыяй высветлілася, што гэта ўсяго толькі абяцанне. Ад Гародні было выбрана 590 дэлегатаў. Канферэнцыя адбылася 1 снежня 1989 года ў зале Палаца культуры тэкстыльшчыкаў, праходзіла цэлы дзень з невялікім перапынкам на абед. Адкрыла Д. Бічэль. Затым абралі (галасавалі мандатамі) старшыню, якому даручана было весці паседжанне. Выбар тут выпаў на Пяткевіча А.М. Ён даў слова першаму сакратару гаркама КПСС Кудраўцу, які сцісла прывітаў дэлегатаў і сышоў. Рабочая частка пачалася з даклада (30 хв.) "Лёс мовы - лёс народа", які зрабіў дэкан філфака ўніверсітэта імя Я. Купалы Тамашэвіч Т.І. У спрэчках выступіла шмат людзей, закраналіся розныя пытанні стану беларускай мовы. Было многа разумных прапаноў. У канцы выбралі Раду гарадской ТБМ у складзе 50 чалавек, выбралі і старшыню Рады - Пяткевіча А.М. На арганізацыйным паседжанні Рады ўтварылі яе камісіі, спланавалі працу. На першае паседжанне Рады запрасілі старшыню гарвыканкама Домаша С.М., які запэўніў, што будзем працаваць разам. І сапраўды ён зрабіў як мэр горада вельмі многа для адраджэння беларушчыны, найперш беларускай школы.

У першай палове 90-х гадоў Рада працавала вельмі плённа. Праўда, пры гэтым колькасны склад яе скарачаўся ўсё больш, і гэта было апраўдана практычнай мэтазгоднасцю. Ды і некаторыя сябры Рады адступаліся ад яе, ад працы ў ТБМ пад уздзеяннем жорсткай палітычнай рэальнасці. Здараліся нават ганебныя праявы такога адступніцтва.

У 2001 годзе папрасіўся ў адстаўку яе старшыня Пяткевіч, спаслаўшыся на ўзрост і занятасць.Старшынём Гарадзенскай гарадской рады ТБМ была абрана Кануннікава Ніна Паўлаўна, на той час навуковы супрацоўнік Інстытута біяхіміі Нацыянальнай Акадэміі навук. Кануннікава добра разгарнула працу ў ТБМ, але не ва ўсім знайшла паразуменне з іншымі сябрамі Рады, найперш па пытанні стварэння газеты пад дахам ТБМ, якую хацелася мець у горадзе пасля закрыцця "Пагоні", і якую ўлады так і не дазволілі заснаваць.У выніку ў 2002 г. Кануннікаву змяніў на пасадзе старшыні рады Парфёненка Вітаўт Васільевіч, які непасрэдна займаўся справамі газеты. Але праз год узнікла неабходнасць перавыбрання старшыні.

На гэтае месца прыйшоў добры актывіст ТБМ, журналіст Задаля Валеры Сцяпанавіч. Пры ім узнікае канфлікт у Радзе, і Задаля просіцца з пасады старшыні. У 2003 годзе яго замяняе былы рэдактар "Пагоні" Маркевіч Мікалай Мікалаевіч. Вядома, такія перастаноўкі кепска ўплывалі на работу ТБМ у Гародні, і яна шмат у чым заняпала. Тады папрасілі зноў узначаліць Раду ТБМ у Гародні А. Пяткевіча, прафесара Гарадзенскага ўніверсітэта. Абраны ў канцы 2004 года, ён кіруе Гарадзенскай гарадской арганізацыяй дагэтуль.

Надзейна праявілі сябе ў ТБМ Гародні многія патрыёты роднага слова. Гэта і Астроўскі Ю.М., Місцюкевіч А.І., Кісель Д.У., Шаўцоў В.І., Прысяч А.Ф., Пузач С.С., Крой А.І., ТалерчыкА.В., Талерчык А.С., Цыхун А.П., Шыдлоўскі А.К., Жынь К.У., Сцяцко П.У., Жук І.В., Даніловіч М.А., Майсяёнак А.Г., Рагойша А.І., Таранда М,І., Лепешаў І,Я., Іванчук Б.М., Аскірка В.Ф., Бічэль Д.І., Зылькоў С.П., Хільмановіч У.І., Слесарчук М.А., Сазонаў В.П., Тарасава С.М., Астроўскі А.А., Кулеш Д.Ф., Краўцэвіч А.К., Іваноўскі Д.П., Хацяноўская Н.М., Жукевіч М.І.

tbm-mova.by. На здымку А. Пяткевіч.


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла віншуе беларусаў з Днём Герояў

З нагоды чарговых угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў з традыцыйнымі віншавальнымі словамі:

Паважаныя Суродзічы, Дарагія Сябры!

"Няхай памяць натхняе нас…".

Словы гэтыя прамовіў на святкаванні канадыйскага Дня Герояў - 11 лістапада - прадстаўнік Каралевы ў Канадзе Дэвід Лойд Джонсан.

З нагоды нашага Дня Герояў, у гэтыя 94-я ўгодкі першага дня Слуцкага Збройнага Чыну, віншую ўсіх вас з нашым вялікім нацыянальным святам і жадаю, каб памяць пра нашых герояў дала нам сілу давесці да перамогі пачатае імі змаганне за волю свае зямлі.

Случакам не было патрэбы задумвацца, ад каго бараніць сваю незалежную дзяржаву. Да сямідзесяцігадовага прамывання мазгоў нашага паняволенага народа ўсім было ясна, адкуль ішла пагроза.

Дарагія сябры, памятайма Случакоў. Памятайма з удзячнасцю ўсіх нашых продкаў, якія на працягу нашае гісторыі баранілі наш край. Дзякуючы іхняй мужнасці мы яшчэ жывем і ведаем, хто мы.

Жыве Беларусь!


100 гадоў з дня нараджэння Рыгора Няхая

НЯХАЙ Рыгор , нарадзіўся 05.12.1914 г. у вёсцы Сяліба Бярэзінскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

У 1935 г. скончыў Менскі педагагічны тэхнікум, выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Калодзішчанскай сярэдняй школе пад Менскам. Завочна скончыў літаратурны факультэт Менскага настаўніцкага інстытута (1939). У 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію. Удзельнічаў у баях на Паўднёвым, 1-м Украінскім франтах. У 1942-1943 гг. выконваў заданні Галоўнага разведкіравання Савецкай Арміі ў тыле ворага (Кіеў - Чаркасы - Чарнігаў). Быў начальнікам асобага аддзела партызанскага злучэння Ю. Збанацкага. Прайшоў ваеннымі дарогамі Польшчы, Германіі, Чэхаславакіі, Аўстрыі, Вугоршчыны. Закончыў вайну на Эльбе. З 1946 г. працаваў у газеце "Літаратура і мастацтва". У 1952-1954 гг. - загадчык аддзела крытыкі і публіцыстыкі часопіса "Полымя", у 1956-1957 гг. - рэдактар Дзярж. выдавецтва БССР. Сябар СП СССР з 1946 г.

Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, "Знак Пашаны" і медалямі.

Памёр 25.07.1991 г.

Друкавацца пачаў у 1935 г. (газета "Літаратура і мастацтва"). Аўтар зборнікаў вершаў "Па сонечных узгорках" (1939), "Маё пакаленне" (1950), "Вялікі мой і ціхі акіян" (1954), "Размова з восенню" (1961), "Асеннія пракосы" (выбранае, 1973), "Слова сябрам" (1982), зборніка апавяданняў і аповесцей "Навальнічнае рэха" (1958), "Героі не адступаюць" (1965), "Сарочы лес" (1966), "Алёшка-атаман" (1967), "Туман над стэпам" (1971), "Шлях на Эльбу" (1976), нарыса "Минская область" (1968, 2-е дапоўненае і перапрацаванае выданне ў 1974). Для дзяцей напісаў кніжкі "Пра храбрага хлопчыка" (вершы, 1962), "Як расцвітае кветка" (апавяданні, 1968), "Я з табою, гвардыя" (аповесць, 1983). У 1984 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах.

На беларускую мову пераклаў "Дзень айца Сойкі" С. Тудора (1952), "Над Чарамошам" М. Стэльмаха (1955), "Памфлеты" Ю.Мельнічука (1961), асобныя творы А. Твардоўскага, М. Рыльскага, П. Тычыны, А. Малышкі, Ю. Збанацкага і іншых расейскіх і ўкраінскіх пісьменнікаў.

Зрабіў літаратурны запіс кніг "Партызанскі край" В. Лівенцава (1950), "Браты па зброі" І. Вятрова (1962), "Палескія былі" І. Шубітыдзе (1969).

Вікіпедыя.


МАНІФЕСТ У АБАРОНУ НЕЗАЛЕЖНАСЦІ БЕЛАРУСІ

Праект

Мы, удзельнікі Усебеларускага кангрэса, усведамляючы сваю адказнасць за лёс Беларусі, жадаючы захаваць нацыянальныя каштоўнасці і традыцыі беларускага народа, усведамляючы прыярытэт нацыянальных інтарэсаў перад прыватнымі палітычнымі амбіцыямі, кіруючыся імкненнем забяспечыць суверэнітэт і свабоду нашай Бацькаўшчыны і вярнуць дзяржаўныя структуры Рэспублікі Беларусь на шлях служэння беларускаму народу, дзейнічаючы ў межах нашых законных правоў, прымаем наступны Маніфест.

* * *

Мы нагадваем, што дзяржаўны суверэнітэт нашай краіны быў абвешчаны 27 ліпеня 1990 года ў Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларусі. 25 жніўня 1991 г. Дэкларацыя набыла статус канстытуцыйнага закона.

У артыкуле 1 Дэкларацыі адзначаецца, што Беларусь - суверэнная дзяржава, якая паўстала на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад'емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу.

У артыкуле 2 Дэкларацыі падкрэсліваецца, што носьбітам суверэнітэту і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў краіне з'яўляецца беларускі народ, які складаюць грамадзяне усіх нацыянальнасцяў.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, прынятая 15 сакавіка 1994 г., пацвердзіла асноўныя палажэнні Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце. Так, у артыкуле 1 Канстытуцыі замацоўваецца, што Рэспубліка Беларусь валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыццяўляе ўнутраную і знешнюю палітыку.

Аднак папраўкі, прынятыя ў выніку рэферэндумаў 1995 і 1996 гадоў, прывялі да парушэння фундаментальных нормаў Дэкларацыі і Канстытуцыі Беларусі.

Сур'ёзная пагроза суверэнітэту дзяржавы ўзнікла ў сувязі з заключэннем дамоваў з Расійскай Федэрацыяй аб стварэнні так званай "саюзнай дзяржавы", што выклікала пратэст дэмакратычнай грамадскасці і скліканне Усебеларускага з'езда 29 ліпеня 2000 года. На ім быў прыняты Акт аб незалежнасці Беларусі, у якім адзначалася, што "суверэнітэт краіны не можа быць абмежаваны або скасаваны праз рашэнні дзяржаўных асоб і органаў, а нават праз рэферэндум". У ім таксама была прызнана, што не маюць законнай сілы любыя пагадненні і рашэнні, скіраваныя на скасаванне альбо абмежаванне суверэнітэту Беларусі.

Новую сур'ёзную пагрозу незалежнасці краіны нясе ў сабе Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе, ратыфікаваны 9 кастрычніка беларускімі ўладамі. Шэраг палажэнняў гэтага Дагавора супярэчаць агульнапрызнаным нормам міжнароднага права, Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэтая пагроза ўзмацняецца значнымі зменамі ў геапалітыцы, выкліканымі імкненнем кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі ўсталяваць новы сусветны парадак.

Мы заяўляем:

Беларусь - гэта наш дом, які мы атрымалі ў спадчыну ад продкаў і павінны захаваць для нашчадкаў. Мы і наша зямля - не "шчыт", "фарпост" ці "буфер" для суседніх дзяржаваў. Размяшчэнне замежных вайсковых кантынгентаў і базаў на тэрыторыі Беларусі недапушчальнае. Усе замежныя войскі павінны пакінуць нашу тэрыторыю.

Беларусь - краіна, якая найбольш пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. Гэта адбіваецца на здароўі нашых суайчыннікаў. Кіраўніцтва краіны павінна спыніць шматгадовую практыку замоўчвання і ігнаравання наступстваў чарнобыльскай праблемы. Вялікую трывогу выклікае будаўніцтва атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі, рашэнне аб якім было прынята без уліку меркавання народа.

Мы занепакоены і тым, што народ на працягу апошніх 20 гадоў фактычна пазбаўлены магчымасці абіраць сваіх прадстаўнікоў у органы мясцовай і вышэйшай улады.

Мы не можам заставацца абыякавымі да дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне. Нацыя старэе і паступова вымірае. Нам неабходна зрабіць палітычныя і эканамічныя захады, якія б давалі магчымасць для самарэалізацыі моладзі на радзіме, спрыялі стварэнню сям'і, заахвочвалі да нараджэння і гадавання дзяцей.

Наша зямля і яе нетры не павінны бескантрольна аддавацца ва ўласнасць ці арэнду замежным грамадзянам або дзяржавам. Усе інвестыцыйныя праекты, звязаныя з новым будаўніцтвам, павінны прымацца са згоды і пад кантролем грамадства.

* * *

Прымаючы пад увагу, што ўступленне ў сілу з 1 студзеня 2015 года Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе можа стаць асновай для страты дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, прывесці да далейшага знішчэння беларускай мовы, ператварыць Беларусь у адзін з суб'ектаў Расійскай Федэрацыі, мы патрабуем ад уладаў неадкладна скасаваць Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе або ўнесці ў яго тэкст адпаведныя змены.

Мы заяўляем, што ўсе пагадненні і дагаворы, якія былі заключаны з парушэннем Канстытуцыі і якія ставяць пад пагрозу незалежнасць нашай краіны, павінны быць перагледжаны.

Мы аб'яўляем ўсім краінам і народам, міжнародным і рэгіянальным арганізацыям, што Рэспубліка Беларусь была і застаецца суверэннай, нейтральнай і без'ядзернай дзяржавай.

Мы заклікаем палітычныя партыі, грамадскія аб'яднанні і рухі, патрыятычна настроеных грамадзян падтрымаць гэты Маніфест і далучыцца да агульнанацыянальнай кампаніі ў абарону незалежнасці нашай краіны.

Маніфест прыняты на пасяджэнні Кангрэса і адкрыты для падпісання іншымі суб'ектамі грамадзянскай супольнасці .

Прэс-рэліз

29 лістапада 2014 г. адбылося чарговае паседжанне аргкамітэта па скліканні Усебеларускага кангрэса за незалежнасць. На паседжанні прысутнічалі Мечыслаў Грыб, Міхаіл Пастухоў, Алег Трусаў, Анатоль Вярцінскі, Алена Анісім, Рыгор Кастусёў, Святлана Багданкевіч.

Былі разгледжаны наступныя пытанні:

- абмеркаванне вынікаў прэс-канферэнцыі;

- зацвярджэнне ўзору пратакола па вылучэнні грамадзянамі сваіх прадстаўнікоў для ўдзелу ў кангрэсе;

- ліст ад ЛДП на імя А. Трусава;

- магчымыя месцы правядзення кангрэса 21 снежня.

Аргкамітэт.

Шаноўнае спадарства!

Публікуем узор пратакола сходу для вылучэння прадстаўнікоў на Ўсебеларускі кангрэс за незалежнасць.

Просім падчас сходу абмеркаваць праект Маніфеста ў абарону незалежнасці і падтрымаць асноўныя палажэнні. Калі ў вас будуць канкрэтныя прапановы да тэксту, просім іх пісьмова занатаваць і даслаць нам разам з пратаколам да 15 снежня 2014 г. на адрас: 220116, а/с 94, г. Мінск альбо niezaleznasc gmail.com

З павагай, каардынатар аргкамітэта Алена Анісім.


Ці доўга зменаў чакаць?

У кожнага бываюць удачы, поспехі, няўдачы. Доўга выношваў тэмы для выступлення на ХІІ з'ездзе Таварыства беларускай мовы 2 лістапада. Сціскаў тэзы да некалькіх радкоў. Ведаў, выступ будзе 5-8 хвілінаў, не ўложышся - перапыняць.

Запісаных было шмат. Кожнаму адводзілася 5 хвілінаў, палове запісаных выступіць не давялося. У тым ліку мне. Прычына трывіяльна простая - абмежаванні часу для з'езду.

Гадамі выношванае, думаецца, баліць не аднаму мне. Спадзяюся, праблемы майго невыступлення закрануць многіх.

1. Хтосьці свядома ці несвядома труновіць мову нейкага народа - наклікае балячкі і праклёны на ўласны народ, кожны з групы труноўшчыкаў вынішчае свае пакаленні.

Абсалютна бездухоўная сітуацыя праяўляецца ў адносінах да мовы беларускай. З кім не загавары, раённым службоўцам ці міністэрскім - чуецца адно. Гэта медсястра, трактарыст, настаўнік, доктар, даярка вінаватыя, што з кожным годам мацней прыніжаецца наша мова.

Смехатура. Ляціць самалёт, лётчык націснуў на гашэтку, паляцела ўніз бомба. І лётчык вінаваты, колькі і якіх асколкаў выляцела. Ён жа, як трактарыст і шафёр, адказны за колькасць вінтоў, гайкаў, дзвярэй у трактары, грузавіку.

Разумныя аўтарытэтнікі, што нізяць які народ і яго мову, не кемяць галоўнае. На першым перакрыжаванні будуць усе, усё. На самай ніжняй ступеньцы пекла самазабойцы, няправедныя суддзі, нявартыя святары, клятвапарушальнікі. Ніжэй за ўсіх - забойцы чалавека, тым болей нацыі.

Параніў чалавека, пусціў кроў - узяў яго грахі на сябе; забіў (падгаварыў забіць) - узяў грахі яго роду на свой род, крэўных. Менавіта таму малышня тузаецца да першых кропляў крыві, інстынктыўна чуе мяжу няможнага.

На першым перакрыжаванні будзе кожны чалавек. Не скажаш Там: "Я выконваў, я маленькі чалавек, не ўсё мог". Найперш Там цэніцца не зробленае табою дабро, гэта само сабою разумеецца, не супыненае зло, гэта таксама само сабою.

Труноўшчыкі любой мовы, у дадзенай сітуацыі беларускай, пазайздросцяць чарвяку на распаленай патэльні. Нішчаць мову нацыі, роду, блізкіх і пэўняцца: усё сыйдзе, мы маленькія, ад нас мала залежыць... Памыляюцца, горка памыляюцца.

Беларускім кемкім уладаўцам час уясніць: нельга дапускаць, каб уласнага заводу "адважнікі" ці прыблуды нізілі, вынішчалі беларускую мову. Кара ад неба непазбежная. Пара адумацца працавітым разумным супрацоўнікам сельсавецкіх - міністэрскіх установаў, болей уважніцца да мовы бацькоў.

2. Ёсць камісіі ў абарону мовы ў парламентах Расіі, Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі... амаль ва ўсіх людскіх краінах. Ставяцца пытанні мовы на ўрадавых паседжаннях. Ёсць дэкрэты, законы на абарону галоўнага ў любой нацыі, без чаго няма самой дзяржавы - мовы.

Канстытуцыйнае палажэнне пра роўнасць абедзвюх моваў у Беларусі цудоўнае. Хоць раз на год хто з уладнікаў, усемагчымых кантралёрных установаў праверыў, як яно ў нас выконваецца? Ніхто, нідзе, ні разу.

У асобных арганізацыях раёнаў і вобласцяў, сталіцы сказаў фразу на беларускай - і ветлівы дасюль чынавен цябе залічвае ў нацдэмы. "По белорускі я панімаю, но говорыце на рускай". Ты ўжо горшы, бо мовіш на беларускай.

Прапаную: прыняць у Беларусі за аснову адносінаў да беларускай мовы рускае заканадаўства ў адносінах да рускай мовы. Тады з'явяцца ўказы пра мову і шыльды, створацца адпаведныя камісіі, як у тых жа Расіі, Францыі, Германіі. Досыць сябе выраджаць.

3. У Расіі ў выступленнях многія абласныя, нават міністэрскія кіраўнікі па-ранейшаму жуюць Белоруссія , а не Беларусь . Мы лагодныя, не чуем.

Праваслаўнікі дайшлі да дзівацтва. Замест Каляды, Нараджэнне Хрыста, Вялікдзень, Вялікі Дзень шэсць гадоў навязваюць Раство, Пасхалія. У касцёлах слова беларускае пагуджвае, у цэрквах практычна няма. Беларусы лагодныя, не бачаць, не чуюць.

Ідзе наступ усемагчымых сектаў, іржою іх літаратура распаўзаецца - у паштовых скрынях, лістоўках, брашурах. Лагодныя беларусы не бачаць.

4. Даўно час зразумець імперскую мару вялікіх і малых рускіх афіцыйнікаў: усуседзіць Беларусь у Савеце Федэрацыі паміж Башкірыяй і Бураціяй. Гісторыя, вера, эканоміка павінны яднаць нацыю. У Беларусі зачастую раз'ядноўваюць. Глыбіню беларускай гісторыі аддалі суседнім дзяржавам, а цяпер папіскваем - мы таксама старажытныя, нам не 20 гадоў, болей.

Полацку лічыцца 1151 год, фактычна як Кіеву, рэальна 1500 гадоў (гл. кнігу Ўладзіміра Арлова), а ў Прыдзвінні адзначаюць Віцебскай вобласці 50 гадоў, 60. Што, кемкія віцебцы не цямяць прыніжэння гісторыі, сучаснасці?

Колькі ў чалавека вопыту і ўмельства за плячыма, такая яму цана. Якое доўгае ў дзяржавы былое, гісторыя, такая будучыня.

5. Ва ўсім свеце любая нацыя яднаецца. Землякі памагаюць адзін аднаму. У Беларусі лозунга "Беларусы - яднайцеся" за 70 гадоў не бачыў і не чуў ні разу. Нідзе. Усе ў нас нясмеленькія, далікатныя, як глухія, сляпыя...

6. Жыве народ у якой дзяржаве купна - можа ставіць пытанне пра ўдзяржаўленне мовы сваёй групы. Так сталася ў Канадзе, Швейцарыі. Хаця ў Беларусі рускія купна нідзе не жывуць, зацвердзіліся дзве мовы. Рускія людзі самі і мазгамі малацямных беларусаў удзяржавілі ў нас рускую мову. Тым не меней яны, нават самыя прабіўныя і звоністыя, нідзе ні разу ў адкрытую не выступалі супраць беларусаў і мовы беларускай. Ні разу ні ў адным судзе ці раённай/абласной установе не было заявы што тут прыціскаецца руская мова.

Але не было ад іх заявы хоць у якую арганізацыю пра невытрымліванне двухмоўя на Беларусі.

Апрача нас, маленечкай групы ТБМ, ніхто практычна не гаворыць пра ўціск, страту двухмоўя. Тым болей не падае заявы ў суды, міністэрствы, адміністрацыі пра найгарэтнае існаванне беларускай. Да якога часу так будзе?

7. Уладзімір Мулявін безумоўна вартны чалавек. Правільна ставіцца пытанне пра ўстаноўку яму помніка.

Толькі патрэбна Міністэрствам культуры і інфармацыі Беларусі асягнуць праблему шырэй. Не меней зрабілі для музыкальнай культуры і асветы дзяржавы Александроўская, Шырма, Цікоцкі, Ждановіч, Семяняка, Глебаў... І нашмат раней. Помнікаў ім няма. Прынамсі я не памятаю, дзе яны ўстаноўлены.

8. Тая ж мера патрэбна ў назвах паселішчаў, вуліцаў, мясцовасцяў. У Горацкім раёне Магілёўшчыны шэсць гаспадарак называліся імем Леніна (варыянты). Пра гэтую ненармальнасць гаварыў сакратар ЦК КПБ Міцкевіч на адным вялікім сходзе Прыдняпроўя.

Нічога не змянілася ў назвах калгасаў і саўгасаў Гораччыны яшчэ дваццаць гадоў. Да перабудовы.

У Менску ёсць плошча Незалежнасці, а станцыя метро пад ею - плошча Леніна. Колькі ўжо гаворана пра гэта, напісана, а метроўцам усё не даходзіць. Я пісаў кіраўніцтву метрапалітэна - гарохам аб сценку. Чакаюць штуршка з Менскага гарвыканкама. А гарвыканкамаўскія ад каго?

Гэта тут, у Менску, спарадзілі нязвычныя для беларускай тапанімікі назвы - Лебяжій, Веснінка, Лазурная. .. Таксама ўсе ведаюць балячку, і таксама належна ніхто не ацэньвае сітуацыю, нічога не рухаецца з месца.

9. Назавіце хоць адзін горад ці раён у гмахкай Расіі, дзе ёсць беларуская школа. Няма такой. Кажу не пра гурток па вывучэнні беларускай мовы і літаратуры, пра школу.

Ніхто не стварае кафедраў беларускай мовы і літаратуры ў гуманітарных рускіх універсітэтах. А ў нас - амаль у кожным. Правільна? Не.

За межамі топчацца беларускасць, і ніхто ў прыгожай таленавітай Беларусі не парупіцца падняць голас пра яе ў суседніх дзяржавах.

Усё рукі ў міністраў і акадэмікаў не даходзяць. Доўга, баюся, чакаць давядзецца.

Валер Санько, дэлегат ХІІ з'езду ТБМ.


Прозвішчы Беларусі. Частка II: Найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў беларускамоўнага друку)

( Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Параскевіч (Галіна П.) - форма бацькаймення з суфіксам -евіч ад антрапоніма Па-раска і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Параск -евіч . ФП: Праскоўя ( імя) - Параска (гутарковая форма) - Параска (прозвішча) - Параскевіч .

Парукаў (Аляксей П.) - форма прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Парука і семантыкай 'нашчадак названай асобы' : Парук-аў . ФП: пар у ка 'зарука ў чым-небудзь, пацвярджэнне чаго-небудзь') - Па-р у ка (мянушка, потым прозвішча) - П а рукаў .

Паўлавіцкая (Святлана П.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -цкая ( < -ская) ад Паўлавічы і семантыкай 'народзінка, жыхарка названанага паселішча': Паўлавіч-ская - Паўлавіцкая . ФП: Павел (імя) - Паўл о віч (прозвішча) - Паў-ловічы / Паўлавічы ( паселішча з Паўловічамі ) - Паўлавіцкі (-ая).

Пацехіна (Алена П.) - форма прыметніка з фармантам -іна ад антрапоніма Пацеха і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Пацех -іна . ФП: пацеха ('забава, забаўка, весялосць') - Пацеха (мянушка, потым прозвішча) - Пацехіна .

Пігулеўскі ( Адам П.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -еўскі ад Пігулі і семантыкай 'народзінец, жыхар названага паселішча': Пігул-еўскі.

Піпчанка (Васіль П.) - дэрыват з фармантам -анка ад антрапоніма Піпка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Піпч-анка . ФП: піпка ('люлька для курэння') - Піпка (мянушка) - Піпка ( прозвішча) - Піпчанка .

Плескачэўская (Свят-лана П.) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -эўская/ -ская ад Плескачы/ Плескачэва / Плескачэўка і семантыкай 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Плескач -эўская/ Плескачэў-ская .

Плотнікаў (Браніслаў П.) - форма прыметніка з суфіксам -аў ад атрапоніма Плотнік і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Плотнік-аў . ФП: плотнік (рас. плотник 'цясляр, цясля') - Плотнік (мянушка, потым прозвішча) - Плотнікаў .

Плютава (Ірына П.) - форма прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Плюта і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Плют-ава . ФП: плюта ('непагадзь', 'кепскае надвор'е - дождж, вецер' - Слоўнік народнай мовы Зельвеншчыны, с. 95) - Плюта (мянушка, потым прозвішча) - Плютава .

Пляханава (Тацяна П.) - форма прыметніка з фармантам -ава ад антрапоніма Пляхан і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Пляхан-ава . ФП: плех ('месца на галаве, дзе не выраслі або вылезлі валасы', а таксама 'голае месца сярод збажыны, лесу і пад'.) - пляхан ('асоба з плехам (лысы)' або 'пустка, гала') - Пляхан ( мянушка, потым прозвішча) - Пляха-нава .

Пратасавіцкая (Антаніна П.) - аднапанімічны дэрыват з фармантам -цкая (< -ская) ад Пратасавічы і семантыкай 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Прата-савіч-ская - Пратасавіц (чс/ц)кая . ФП: Пратас (імя) - Пратасавіч (бацькайменне) - Пратасавічы (паселішча, дзе жывуць Пратасавічы ) - Пра-тасавіцкая .

Працэнка (Мікалай П.) - дэрыват з фармантам - энка ад антрапаніма Прац і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Прац-энка . ФП: Пра-т а с і Пр о тас (імя) і Процька - Проц - Працэнка.

Протчанка (Васіль П.) - дэрыват з фармантам - анка ад антрапоніма Протка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Протч-анка . ФП: Про-тас (імя) - Протка - Прот-чанка.

Пугач (Іван П.) - семантычны дэрыват ад апелятыва пугач 'драпежная начная птушка адрада соў'. ФП: пугач (птушка) - Пугач ( мянушка) - Пугач .

Пугачова (Аліна П.) - форма прыметніка з фарман-там -ова ад антрапоніма Пугач і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Пугач -ова . ФП: пугач (птушка) і Пугач (мянушка, потым прозвішча) - Пу-гачова .

Пупко (Іван П) - зыначаная форма, першасная Пу-п о к - семантычны дэрыват ад апелятыва пупок 'шматгадовая пахучая трава сямейства складанацветных з галінынастым сцяблом і жоўтымі або белымі кветкамі'. ФП: пупок (кветка) - Пупок (мянушка, потым прозвішча) - Пупко (дзеля адмежавання ад апелятыва з менай канцавой часціні слова: -ок > -ко .

Равяка ( Ігар Р.) - семантычны дэрыват ад апелятыва равяка 'той, хто многа плача, раве ' ( равяка ). ФП: раўці ('плакаць многа, надакучліва') - равяка ('плакса') - Равяка (мянушка) - Равяка .

Ражанскі (Сямён Р) - адтапанімічны дэрыват з фармантам -скі ад Ражаны (Ра-жанка) і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны': Ражан-скі .

Ражкоў (Дзмітры Р.) - форма прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Ражок / Ражко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Ражк-оў . ФП: рог - ражок ('маленькі рог на галаве жывёлін', 'духавы музычны інструмент' і інш.) - Ра-жок (мянушка) - Ражок (прозвішча) - Ражко (дзеля адмежавання ад апелятыва сегмент канца слова -ок заменены на - ко ). Як і Чарток на Чартко , Бажок на Бажко і інш.

Рачэўскі (Станіслаў Р.) - дэрыват з фармантам -эўскі ад тапоніма Ракі і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясцовасці': Рач(к/ч)-эўскі . Або ад антрапоніма Рак і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Рач-эўскі .

Рашчынскі (Антон Р.) - дэрыват з фармантам -скі ад тапоніма Рошчына і семантыкай 'народзінец, жыхар названай мясціны': Рошчынскі - Рашчынскі . ФП: рошчына ('цэментавы раствор для будаўніцтва', а таксама 'мясціна, дзе рыхтаваўся такі раствор') - Рошчына (тапонім) - Рашчын-скі.

Рудэнка (Аляксандр Р.) - дэрыват з фармантам -энка ад антрапоніма Руды і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Руд-энка . ФП: руды ('рыжа-карычневы') - Руды (мянушка) - Руд-энка . На захадзе Беларусі ў такім разе прозвішчы ад гэтай асновы ўтвараюцца з выкарыстаннем семантычна тоеснага фарманта -эня(-еня) (Руд-эня, Рудзеня) або -ак (Руд-ак) .

Русаковіч (Уладзімір Р.) - форма бацькаймення з акцэнтаваннем фарманта -овіч ад Русак і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Русак-овіч . ФП: русы ('светла-карычневы з шэраватым ці жоўтым адценнем (пра валасы)' - русак ('асоба з русымі валасамі') - Русак (мянушка, потым прозвішча) - Ру-сак-овіч .

Рычкова (Алена Р.) - форма прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Рычко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Рычк-ова . ФП: рычаць (рас. 'раўці', 'гыркаць') - рыч-ко ('той, хто раве, гыркае') - Рыч-ко (мянушка, потым прозвішча) - Рычкова .

Савянкова (Людміла С.) - форма прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Савянок і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Савянк-ова . ФП: Сава (імя) - Савёнак ('нашчадак Савы') - Савянок (тоесама) - Савянкова .

Сакута (Андрэй С.) - утварэнне з фармантам -ута ад Сак з семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сак-ута . ФП: Сакердон (першасная форма імя) - Сак - Сакута .

Сачкоўская (Вера С.) - дэрыват з фармантам -оўская ад тапоніма Сачкі і семантыкай 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Сачк-оўская . ФП: Сак (імя) - Сачок (памянш.-ласк. да Сак ) - Сачкі (тапонім: паселішча з прозвішчамі "Са-чок") - Сачкоўская .

Семянцоў (Іван С.) - форма прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Сямёнец і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Семянц-оў . ФП: Сямён (імя) - Сямёнец ('нашчадак Сямёна') - Сямёнцаў - Семянцоў .

(Працяг у наст. нумары.)

Павел Сцяцко


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў снежні

Абдулаева Святлана Іосіфаўна Агуновіч Эдуард Адамоніс Валянцін Канстанц. Аксючыц Галіна Ўладзімір. Аксючыц Ганна Аляксандр. Алейнік Віталь Андрасовіч Тацяна Валянцін. Аношка Любоў Іосіфаўна Антаноўская Людміла Анцыповіч Мікалай Арцюшэнка Вікторыя Ўладз. Асадчая Алена Вадзімаўна Атрахімовіч Вячаслаў Аўласка Ала Афанасенка Кацярына Ўладз. Багінская Аўгіння Ніна Багнюк Любоў Баеў Канстанцін Генадзевіч Бандарчык Вікторыя Ігараўна Бартошык Наталля Пятроўна Бацян Валянціна Бацяноўскі Аляксандр Рыгор. Башкоў Аляксандр Аляксан. Баярчук Алена Бедка Іван Белка Сяргей Мікалаевіч Берняковіч Іна Бойка Валянцін Юр'евіч Борбат Таццяна Буданаў Зміцер Львовіч Букачова Алена Ўладзіміраўна Бурак Жанна Генадзеўна Бурносаў Раман Генадзевіч Бусловіч Святлана Анатол. Вабішчэвіч Аляксандр Мікал. Вайдашэвіч Жанна Пятроўна Верабей Янка Міхайлавіч Весялевіч Ірына Міхайлаўна Водзіч Наталля Волкава Ала Гагуліна Юлія Аляксандраўна Гайдаровіч Анжэліка Галіноўская Ніна Васільеўна Галкоўскі Аляксандр Алякс. Гарох Мікалай Андрэевіч Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч Гацкі Ўладзімір Венядзімавіч Гінько Марыя Ўладзіміраўна Гнятуля Алег Аляксандравіч Гракун Валянціна Іосіфаўна Грамыка Алена Віктараўна Гром Ігар Віктаравіч Груздзеў Аляксандр Ігаравіч Грыгаровіч Вітаўт Іванавіч Грыневіч Ганна Васільеўна Грыцаў Тарас Грэйт Таццяна Міхайлаўна Грэская Браніслава Гук Уладзімір Пятровіч Гурыновіч Генадзь Аркадз'ев. Гярэра Менгана Ідаэль Дабрынец Аляксей Васільевіч Давідовіч Дзмітры Даманава Лідзія Дзмітрыеўна Дамарацкі Аляксандр Уладзім. Дарафей Іна Сцяпанаўна Дашкевіч Вікторыя Віктараўна Дашкевіч Галіна Двілянская Бэла Дземідовіч Ігар Славаміравіч Дзем'яновіч Тацяна Дзяменцева Ірына Дзянісаў Уладзімір Донаў Павел Пятровіч Доўжык Андрэй Ігаравіч Дрозд Юля Дунецкі Тадэвуш Віктаравіч Дучыц Людміла Ўладзіміраўна Егіпцава Тацяна Ўладзімір. Ермалёнак Марыя Георгіеўна Еўдакіменка Святлана Жаўнярчук Ларыса Васіл. Жучкова Наталля Яўгенаўна Захарэвіч Андрэй Леанідавіч Зелянко Вольга Ўладзіміраўна Зімніцкая Ірына Зусько Сяргей Ільініч Дар'я Сяргееўна Каваленка Святлана Пятроўна Кавалеўскі Сяргей Мікалаевіч Кажан Анатоль Лазаравіч Казачок Ларыса Каласоўскі Юрась Калыска Ірына Каляда Ірына Камароўская Зінаіда Іванаўна Камароўскі Андрэй Уладзімір. Кардаш Глеб Каржэўскі Віктар Мікалаевіч Каркота Анэліка Касатая Тацяна Уладзімір. Каспяровіч Паліна Уладзімір. Кастанаў Аляксандр Кашчэеў Аляксандр Кім Тацяна Андрэеўна Клімковіч Ірына Яўгенаўна Клок Валянціна Клютчэня Андрэй Колабава Ірына Навумаўна Конан Генадзь Краўчук Сяргей Курневіч Лізавета Васільеўна Курчынскі Браніслаў Бранісл. Курыльчык Мікалай Пятровіч Кутырло Віталь Эдуардавіч Кухарчык Вольга Сяргееўна Лабковіч Мікалай Мікалаевіч Лапцэвіч Зміцер Лашук Міхаіл Лемцюгова Валянціна Пятр. Логвінава Вольга Іванаўна Лозка Алесь Юр'евіч Лукашэвіч Алена Лук'янцаў Алег Лявіцкі Ягор Вацлававіч Макарэвіч Нікадзім Аляксан. Малахаў Зміцер Мамай Часлава Чаславаўна Мамчыц Раман Эдуардавіч Марговіч Людміла Васільеўна Мароз Аляксей Уладзіміравіч Матчэня Алег Мацко Сяргей Віктаравіч Мікалаеў Андрусь Васільевіч Мілаш Валеры Ўладзіслававіч Міткавец Аляксандр Мішкевіч Інэса Вітольдаўна Мядзведзева Валянціна Мядзюта Аляксандр Ніканаровіч Генрых Нікіціна Зінаіда Новік Мікалай Аляксандравіч Новік Таццяна Ожык Галіна Падгол Уладзімір Палешчук Наталля Пантус Сяргей Іванавіч Панцялей Аляксандр Уладзім. Папека Мікалай Пархімовіч Сяргей Аляксанд. Патоцкі Генадзь Мікалаевіч Паўлавіцкі Станіслаў Пахлопка Ніна Аляксееўна Пека Зоя Пятроўна Півавар Мікалай Васільевіч Піменава Алена Анатольеўна Пішчулёнак Марына Плакса Ўладзімір Поцька Віталь Станіслававіч Пракаповіч Ігар Міхайлавіч Прыбыльская Наталля Пудаў Дзмітры Леанідавіч Пятроўская Алена Аляксанд. Раеўскі Аляксандр Аляксанд. Рамашкевіч Алег Аляксандр. Русецкая Ала Рыжая Аляксандра Васільеўна Савіцкая Тарэза Міраславаўна Сагідуліна Лідзія Дзмітрыеўна Садовіч Юры Аляксандравіч Сакалоў Багдан Анатольевіч Свідуновіч Галіна Севярынец Павел Канстанцін. Семяненка Тацяна Леанід. Сенькавец Еўдакія Маісееўна Серадзюк Дзіяна Эдуардаўна Сівы Сяргей Скуратовіч Аляксей Анатол. Слінько Аляксандр Віктаравіч Сныткіна Вольга Анатольеўна Станішэўскі Віталь Валянцін. Станкевіч Наталля Аляксанд. Стралко Валер Васільевіч Стральцоў Аляксандр Віктар. Супаненка Павел Ігаравіч Сыраід Яна Талерчык Аляксандр Сямён. Тарашкевіч Марына Мікал. Трафімчык Тацяна Уладзім. Траццяк Ганна Трушко Уладзімір Урублеўская Лізавета Мікал. Федаровіч Святлана Іванаўна Фунт Аляксандра Халезіна Дзіяна Хальпукова Вольга Харак Анастасія Ўладзімір. Хітрыкава Галіна Ўладзімір. Хлус Алена Храмцоў Васіль Худанёнак Ірына Цівончык Мікалай Канстанц. Ціханчук Алена Ігараўна Цыва Андрэй Вітальевіч Цыцыліна Тацяна Міхайл. Чуйко Аляўціна Аляксееўна Шалахоўскі Аляксей Леанід. Шалкоўская Людміла Віктар. Шаравар Мікалай Лазаравіч Шаршун Алена Сяргееўна Швед Аляксандр Аляксандр. Шушкевіч Станіслаў Станісл. Шчарбіцкі Андрэй Віктаравіч Шчэрбік Зміцер Васільевіч Шыловіч Дзмітры Мікалаев. Шыманец Віржыня Шымук Марыя Дзмітраўна Шыцёнак Наталля Шышко Вальдэмара Альберт. Шышко Іван Валянцінавіч Шэпетаў Мікалай Васільевіч Юданаў Віктар Канстанцінавіч Юшкевіч Міхаіл Валянцінавіч Яголда Марына Ўладзіслав. Янкін Ігар Андрэевіч Ярошкіна Ірына Фёдараўна Яўменаў Альберт Піліпавіч


Зінаіда Бандарэнка ў Магілёве

Па запрашэнні магілёўскай арганізацыі ТБМ да нас у госці завітала легенда беларускага тэлебачання - непараўнальная Зінаіда Бандарэнка. На жаль, лепшыя залы і ўвесь піяр у нашай краіне дастаюцца замежным гасцям - "братанам" кшталту Ахлабысціна, таму і ладзілася імпрэза ў звычайным для такіх падзеяў памяшканні цэнтра "Кола". У цеснаце, але з неверагоднай цікавасцю прысутныя слухалі пра гісторыю стварэння і развіцця нашага беларускага тэлебачання з вуснаў адной з тых, хто і ствараў гэтую гісторыю з самага пачатку, хто да канца застаецца шчырым прыхільнікам сапраўднай беларушчыны. Не менш захапляльнымі ды інтрыгуючымі былі і ўзгаданыя спадарыняй Зінаідай некаторыя падрабязнасці з творчага працэсу стварэння тэлепраграм, адносінаў з кіраўніцтвам (і не толькі тэлебачання), бо за час яе доўгай працы быў і росквіт тэлебачання часоў СССР, і заняпад пасля перабудовы, кароткі перыяд нацыянальнага адраджэння і сучасныя падзеі. Вельмі шкада, што час імпрэзы быў абмежаваны, бо слухаць такога чалавека можна бясконца. Вялікі дзякуй шаноўнай спадарыні Зінаідзе за найцікавейшую сустрэчу! Доўгіх гадоў і моцнага здароўя зычаць Вам усе магілёўцы.

Алесь Сабалеўскі.


Шклоўскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" - 20 год!

Устаноўчая канферэнцыя Шклоўскай раённай арганізацыі ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны адбылася 28 лістапада 1994 года. У канферэнцыі прыняў удзел 21 чалавек. Была абрана рада з пяці чалавек:

1. Грудзіна Аляксандр Пятровіч, выкладчык Шклоўскага ПТВ - 139;

2. Махнач Кацярына Антонаўна, пенсіянерка;

3. Паўлава Вольга Міхайлаўна, журналіст раённай газеты "Ударны фронт";

4. Сідлярова Святлана Мікалаеўна, настаўніца Чарнянскай школы;

5. Чупрынская Ніна Віктараўна, настаўніца школы №1 горада Шклова.

Старшынёй рады была абрана Вольга Паўлава, адказным сакратаром - Ніна Чупрынская.

5 студзеня 1995 года за №150 Шклоўская раённая арганізацыя зарэгістравана ў Сакратарыяце Рэспубліканскай Рады "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны". 28 лютага 2000 года арганізацыя пасталена на ўлік рашэннем Шклоўскага райвыканкама № 3 - 44.

З 15 сакавіка 1998 года Шклоўскую раённую арганізацыю ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" ўзначальвае Аляксандр Грудзіна, былы выкладчык установы адукацыі "Шклоўскі дзяржаўны прафесійны ліцэй № 12".

Асноўныя падзеі:

I. Дзякуючы сябрам арганізацыі на беларускай мове выдадзены наступныя кнігі:

Анціпенка Лявон. За лугамі, за ракой. - Магілёў, 1994 год;

Анціпенка Лявон. Вайна без акопаў. - Магілёў, 1999 год;

Анціпенка Лявон. На скрыжаваннях лёсаў. - Магілёў, 2002 год;

Анціпенка Лявон. Баравое рэха. - Магілёў, 2007 год;

Грудзіна Аляксандр. "І родныя сэрцу мясціны… ". - Шклоў, 2007 год;

Грудзіна Аляксандр. Мой радавод, мая сям'я. - Шклоў, 2011 год;

Кастусёў Р.А., Мігурскі П.С. Шклоўскі раён. Стратэгія развіцця. - Мінск, 2007 год;

Л есюкоў Мікола. "Іду насустрач сонцу… ". - Магілёў, 2002 год;

Лесюкоў Мікола. На плыні жыцця. - Магілёў, 2003 год;

Паўлава Вольга . Шклоўскія страсці. - Масква, 1999 год;

II. Даследванне А. Грудзіны пад назвай "Як пачулі казанне ў сваёй мове, дык ад радасці аж заплакалі" (з гісторыі беларускай мовы на Шклоўшчыне) ўвайшло ў зборнік "Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць" навуковых прац удзельнікаў Трэцяй міжнароднай навуковай канферэнцыі "Гісторыя Магілёва: мінулае і сучаснасць", якая адбылася ў г. Магілёве 22 - 23 траўня 2003 года.

III. Сябры таварыства Аляксандр Грудзіна і Пётр Мігурскі прынялі ўдзел ў навукова-практычнай канферэнцыі "Магдэбургскае права на Магілёўшчыне: учора, сёння, заўтра". Па выніках канферэнцыі выдадзена кніга пад назвай "Магдэбургскае права на Магілёўшчыне: учора, сёння, заўтра". Магілёў, 2012 год". У кнізе, на беларускай мове, змешчана праца А. Грудзіны і П. Мігурскага "Гістарычны брэнд Шклова і прывабнасць інвестыцый".

IV. 20 лістапада 2001 года арганізацыя адзначыла 100-я ўгодкі Міхася Зарэцкага (Касянкова), дзяцінства якога прайшло ў наваколлі Шклова. Падзея ўвайшла ў кнігу "Летапіс ТБМ 1989 - 2009". Ліда, 2009 год.

V. У верасні 2005 года арганізацыя сумесна с парафіяй Шклоўскага касцёла Св. Пятра і Паўла падрыхтавала сустрэчу з пісьменніцай Ірынай Жарнасек, якая пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з новай кнігай "Будзь воля Твая".

VI. Асобныя матэрыялы сяброў таварыства: Л. Анціпенкі, А. Грудзіны, Р. Кастусёва, П. Мігурскага, М. Кучарэнкі грамадска-палітычнага, літаратурнага і гістарычна-краязнаўчага кірункаў неаднаразова друкаваліся ў газеце ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны" "Наша слова", а таксама ў раённай газеце "Ўдарны фронт", пазнавальна-аналітычнай мясцовай газеце "ШКЛОЎ-інфо" і беларускіх інтэрнэт-выданнях.

VII. Сябры таварыства Л. Анціпенка, А. Грудзіна, Р. Кастусёў, П. Мігурскі, М. Кучарэнка прымалі актыўны ўдзел у працы "Літаратурнага салона", які дзейнічаў на працягу 2011 года ў Шклоўскім гістарычна-краязнаўчым музеі.

VIII. Сябрамі таварыства рэгулярна збіраліся ахвяраванні, якія пералічваліся на дзейнасць Рэспубліканскай рады ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

А. Грудзіна , старшыня Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ.


Памяці Алы Міхайлаўны Ходан

Год таму, 17 снежня 2013, спачыла Ала Міхайлаўна Ходан , сябра ТБМ, актыўная руплівіца беларускай справы, якая мела непасрэднае дачыненне да дзейнасці культурніцкай суполкі па вывучэнні беларускай літаратуры, мовы, гісторыі і культуры ("Беларуская хатка").

Усе, хто ў пачатку 90-х гадоў наведваў творчыя сустрэчы "Беларускай хаткі" з такімі вядомымі асобамі, як Адам Мальдзіс, Радзім Гарэцкі, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Эдуард Акулін і інш., ведаў і Алу Міхайлаўну. Яна спрыяла распаўсюду беларускай нацыянальнай ідэі і з асабістага архіва некаторым музеям і бібліятэкам перадавала кнігі, часопісы, газеты. З сябрамі "Беларускай хаткі" выпраўлялася ў асветніцкія вандроўкі па усёй Беларусі.

У офісе ТБМ (вул. Румянцава, 13) 17 снежня 2014 г. у 18:30 адбудзецца вечар памяці Алы Міхайлаўны Ходан.

Сябры суполкі "Беларуская хатка".


Ахвяраванні на ТБМ

1. Краўчанка Л. - 200000 р., г. Менск

2. Гаева Ала - 50000 р., г. Менск

3. Шкірманкоў Фелікс - 100000 р., г. Слаўгарад

4. Філіповіч Валер - 100000 р., г. Менск

5. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск

6. Ляснеўская Алена - 100000 р., г. Менск

7. Усціновіч Васіль - 200000 р., п. Лясны, Менскі р-н

8. Дземідовіч Соф'я - 50000 р., в. Мікалаеўшчына

9. Астравецкі А. - 50000 р., г. Берасце

10. Касцюкевіч Зміцер - 100000 р., г. Чэрвень

11. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

12. Лазарук Галіна - 50000 р., г. Менск

13. Ляўшун Дзяніс - 195000 р., г. Менск

14. Яніцкая Мая - 100000 р., г. Менск

15. Невядомы - 100000 р., г. Менск

16. Бамбіза Мікола - 600000 р., г. Менск

17. Шкірманкоў Ф. В. - 100000 р., г. Менск

18. Прылішч І. - 50000 р., г. Менск

19. Купавенка Іван - 100000 р., г. Менск

20. Панамароў Сяргей - 100000 р., г. Менск

21. Лабыка Зміцер - 170000 р., г. Менск

22. Катлярова Раіса - 50000 р., г. Магілёў

23. Чорнанос Я.У. - 980000 р., г. Менск

24. Астравецкі А.А. - 100000 р., г. Берасце

25. Птушка Сяргей - 30000 р., в. Хільчыца, Жыткавіцкі р-н

26. Новікаў Аляксандр - 50000 р., г. Менск

27. Ляўшун Дзяніс - 195000 р., г. Менск

28. Рагаўцоў Васіль - 50000 р., г. Магілёў

29. Кушнір Васіль - 50000 р., г. Дзяржынск

30. Чачотка Анатоль - 50000 р., г. Менск

31. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

32. Мануленка Уладзімір - 50000 р., г. Брэст

33. Вяргей Валянціна - 100000 р. г. Менск

34. Санько Валер - 100000 р., г. Менск

35. Цімашук Ілля - 100000 р., г. Менск

36. Несцераў Віктар - 1000000 р., г. Менск

37. Давыдовіч П.В. - 100000 р., г. Брэст

38. Бушкова Т.Е. - 200000 р., г. Магілёў

39. Малько Пётр - 145000 р., г. Горкі

40. Курцова Вераніка - 50000 р., г. Менск

41. Краўцоў Васіль - 200000 р., г. Гомель

42. Валахановіч Ірэна - 30000 р., г. Менск

43. Кезансон Людміла - 50000 р., г. Менск

44. Чыгір Я. А. - 50000 р., г. Гродна

45. Мануленка Ўладзімір - 50000 р., г. Берасце

46. Браты Мяцельскія - 500000 р., г. Менск

47. Кулікоўскіх Ірына - 20000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк.


Да выхаду новай кнігі Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі"

Эпоха БССР (1921-1991 гг.)

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

З 270 гарадоў і раённых цэнтраў БССР 209 было зруйнавана. У вёсках было спалена да 1,2 мільёна пабудоў (40% мелі грамадскае прызначэнне). Загінула 9 200 вёсак, больш за 600 знішчана разам з жыхарамі. У выніку халакосту знікла значная большасць яўрэяў, што жылі ў гарадах і мястэчках. Падчас вайны былі разбураны, альбо значна пашкоджаны многія шэдэўры архітэктуры - палацы, храмы, ратушы, грамадскія і жылыя будынкі.

Аднаўленчыя работы ў БССР пачаліся ўжо летам 1944 г., але спачатку яны тычыліся толькі прамысловых аб'ектаў.

У 1946 г. быў распрацаваны план адраджэння Менска, у 1947-м г. - Магілёва, Віцебска і Гомеля, у 1948-м г. - Берасця, у 1949-м г. - Гародні. Гэтыя планы рыхтавалі мясцовыя архітэктары з Белдзяржпраекта, але пад пільным кантролем спецыялістаў з Масквы і Ленінграда. За аснову архітэктурных пабудоў зноў быў узяты неакласіцызм, але на гэты раз з вельмі класічным дэкорам. Усё пачалося з Менска. У цэнтры горада вырашылі пакінуць толькі 20% даваеннай забудовы. Вуліцу Савецкую вырашылі пашырыць да 48-і метраў, што прадугледжвала знос прылеглых кварталаў і пабудову 14-і новых будынкаў. У жылых дамах на новай вуліцы Савецкай, якая з 1952 г. атрымала назву "праспект Сталіна" (да 1961 г.) жыла беларуская савецкая наменклатура, а так-сама вядомыя навукоўцы, пісьменнікі і артысты. Пра гэта цяпер сведчаць шматлікія мемарыяльныя дошкі на фасадах дамоў.

Новае афармленне "атрымала" і Прывакзальная плошча, дзе ўзніклі два высокія 11-ціпавярховыя будынкі з багатым дэкорам і савецкімі скульптурамі (1948-1956 гг.), своеасаблівая "брама" ў новую савецкую сталіцу Беларусі.

Варта адзначыць, што ў адбудове Менска брала ўдзел вялікая колькасць ваеннапалонных немцаў. Адзін з іх лагераў знаходзіўся каля прыгараднай вёскі Шэйпічы, зараз мікрараён Серабранка. Горад рос так хутка, што ў горадабудаўніцтве ўзнік тэрмін - "феномен Менска". У 1950-м г. тут жыло 273,6 тысяч чалавек, у 1965-м г. - 721,5 тысяч чалавек, у 1970-м г. - 917 тысяч чалавек, 1985-м г. 1478 тысяч чалавек, а ў 1990-м г. - 1638 тысяч чалавек. У 1985-м г. Менск выйшаў на шостае месца сярод буйных гарадоў СССР.

Знішчэнне даваенных гарадскіх цэнтраў значна закранула таксама Віцебск, Бабруйск, Барысаў і Оршу. Значныя змены адбыліся ў жыллёвым сектары, які за гады вайны скараціўся на 73%. У першую пасляваенную дзесяцігодку назіралася тры галоўныя кірункі ў яго павелічэнні. Гэта аднаўленне старых паўразбураных будынкаў з аздабленнем іх фасадаў неакласічным дэкорам. У цэнтрах вялікіх гарадоў будуюцца жылыя кварталы з багатым дэкорам для савецкай эліты. Большая частка гарадской тэрыторыі адводзіцца пад прыватнае жытло, альбо будавалі невялікія, як правіла, двухпавярховыя будынкі па спрошчаных тыпавых праектах. Пасляваенны стан гарадской гаспадаркі быў цяжкі. У 1959 г. сярэдні працэнт па краіне жылых дамоў, падключаных да водаправода, складаў толькі 8,6%, а да каналізацыі - каля 5%. Прыватны сектар жыў без усялякіх камунальных паслуг.

Сітуацыя кардынальна змянілася ў канцы 50-х гадоў. Новыя ўлады на чале з Мікітай Хрушчовым афіцыйна забаранілі неакласіцызм. Пачалося масавае будаўніцтва панельных дамоў па стандартных праектах. Па загаду М. Хрушчова ў Менску з'явіўся першы мікрараён (альбо спальны раён) у Фрунзенскім раёне ўздоўж вуліц Карла Лібкнехта і Розы Люксембург. Пачыналі вырашаць у тым ліку і пытанне экалогіі ("каб рабочыя не дыхалі заводскімі выкідамі"). Засяленне пачалося восенню 1957 г. але адсутнасць гарачай вады выклікала масавае абурэнне навасёлаў. У 1955-1975 гг. па ўсёй Беларусі масава будуюцца пяціпавярховыя панельныя будынкі без ліфта, з сумежнымі туалетам і ванным пакоем, якія народ назваў "хрушчоўкамі". Для іх будаўніцтва ўжываліся новыя будаўнічыя матэрыялы: белая сілікатная цэгла, рубероід і шыфер для пакрыцця даху. Цяпер ў Беларусі такіх дамоў 2568, з іх у Менску - 890 панельных дамоў з агульнай плошчай - каля 3 мільёнаў квадратных метраў.

Пачынаецца будоўля і новых гарадоў. З 1957 г. пачалі будаваць Салігорск (тры жылыя раёны паміж лесам і ракой). Таксама ўзніклі такія гарады, як Жодзіна, Светлагорск, Новалукомль і Белаазёрск.

На 1 студзеня 1966 г. цэнтральнае ацяпленне мела ўжо 23,5% гарадскога жылога фонду, водаправод - 43,1%, каналізацыю - 39,5%, гарачую ваду - 18,4%, ванныя і душ - 29,4%.

У 1953 г. ліквідаваліся Баранавіцкая, Бабруйская, Палеская (цэнтр г. Мазыр), Пінская і Полацкая, а потым і Маладзечанская вобласці. Рост гэтых былых абласных цэнтраў адразу запаволіўся. Да 1963 г. ліквідавана 98 з 175 раённых цэнтраў. Яны ператварыліся ў рабочыя пасёлкі, і людзі пачалі перасяляцца з камуналак у індывідуальныя кватэры. З 1962 г. пачалі дзейнічаць жыллёвыя кааператывы, сябры якіх атрымлівалі дзяржаўны крэдыт у памеры 60% ад кошту кватэры на тэрмін 10-15 гадоў. Будаваліся дзевяціпавярховыя кааператыўныя дамы.

У 70-80-я гады ХХ ст. жылая архітэктура беларускіх гарадоў адмаўляецца ад знешняга дэкору і пераходзіць да масавага жалеза-бетонавага будаўніцтва. За гэтыя гады па тыпавых праектах пабудаваны 59% жылых і 90% культурна-бытавых будынкаў, што прывяло да абязлічвання вобліку беларускіх гарадоў. Аднак "жыллёвае пытанне" ў БССР вырашыць не ўдалося. У 1970-я гады 30% сем'яў у БССР стаялі ў чарзе на кватэру - гэта быў самы высокі паказальнік сярод усіх саюзных рэспублік.

За савецкім часам у малых гарадах склалася вялікая ўдзельная вага прыватнага сектара. Палову, а часам і две траціны, плошчы гарадской тэрыторыі займалі прыватныя драўляныя дамкі з садамі і агародчыкамі. Што ж тычыцца аграрнага сектара, то ў пасляваенны перыяд тут прайшло некалькі хваляў узбуйненняў, у час якіх знікла больш за 10 000 хутароў і "неперспектыўных" вёсак.

Да сярэдзіны ХХ ст. сядзібная забудова ў вёсках Беларусі развівалася на традыцыйнай аснове. Але пазней, у сувязі з праектаваннем сельскіх паселішчаў і іх рэканструкцыяй, распрацоўваюцца і тыпавыя праекты сельскіх сядзіб. Іх агульная рыса - гэта мінімум плошчы пад забудову (каля 0,1 га), адзіндва гаспадарчыя будынкі і стандартны набор элементаў добраўпарадкавання. Калгасныя пасёлкі і цэнтры старых вёсак забудоўваюцца аднакватэрнымі сядзібамі, а таксама чатырох- ці пяціпавярховымі дамамі без гаспадарчых пабудоў, для калгасных спецыялістаў, настаўнікаў, медыкаў, тых, хто не вёў сядзібнай гаспадаркі.

На працягу XX ст. беларуская сяліба перацерпела некалькі трансфармацый. Значную эвалюцыю ў другой палове ХХ ст. перажыла і тыповая беларуская хата.

У пачатку стагоддзя пераважаў пагонны двор. Уласна хата працягвалася сеньмі, далей пад той жа страхой ішоў хлеў, далей адрына і г. д. Гумно ставілася асабняком.

З пачаткам Сталыпінскай рэформы і да 1929 г. ва Усходняй Беларусі, да 1939 г. у Заходняй Беларусі, ішло перасяленне на хутары. На хутарах пагонны двор замяніўся вянковым. Пры хаце засталіся толькі сені, у канцы якіх звычайна была камора. Наяўнасць сяней прадугледжвала дзверы ў хату выключна ў тарцовай сцяне, яны як правіла былі адны і вялі на кухню, дзе асноўнае месца займала печ і палаткі (палок). Печы ставіліся папярок хаты і былі павернуты гарэльняй абавязкова на ўсход (прыблізна, канешне). Насупраць гарэльні абавязкова павінна быць акно, бо іначай гаспадыні не будзе відно нічога ў печы і на прыпечку. Хата дзялілася на дзве часткі: кухню і "тую хату". У "той хаце" асноўнай мэбляй былі лавы ўздоўж сцен. Хаты былі крытыя пераважна саломай.

У Заходняй Беларусі масавы знос хутароў пачаўся ў 1959 г.

Пры пераездзе ў вёску ад беларускай хаты адпалі сені, а з'явіліся прыбудоўкі і веранды. Гэта на 70-80%. У хаце стала двое дзвярэй: адны вялі ў бок вуліцы ў веранду, другія - у бок двара у прыбудоўку. Дзверы пачалі рабіць у падоўжных сценах. У тарцавой сцяне кухні пачалі рабіць акно (вокны). Прыбудоўка прыстасоўвалася да глухой падоўжанай сцяны (кані) хаты з боку двара. Печ адразу развярнулася. Яе пачалі ставіць падоўжна, гарэльняй да акна ў тарцавой сцяне. Хата капітальна працягвала дзяліцца на дзве часткі: кухню і "тую хату", але кухня за кошт падоўжнага размяшчэння печы і змяшчэння яе ад цэнтра да дзвярэй, якія выходзяць на двор, падзялілася таксама на дзве часткі: уласна кухню і пакой або запечак у залежнасці ад шырыні хаты. "Тая хата" магла перагароджвацца некапітальнымі перагародкамі або мэбляй і дзяліцца на спальню і пакой, які забіраў сабе назву "тая хата". У вёсцы хаты ўжо саломай не крылі. Крылі дранкай (шчапой), рэдка гонтай, вельмі рэдка дахоўкай. Хлявы ў 1959-1960-я гг. крылі саломай. У 60-х гадах з'явіўся шыфер, якім ахвотна пачалі крыць новыя хаты, а пакрытыя дранкай крылі шыферам проста па дранцы. Зрэдку крылі бляхай, якую было цяжка дастаць. Усебеларускім дзівам было, калі асобныя "хітрыя" гаспадары крылі хаты ночвамі (куплялі даволі танныя ацынкованыя ночвы, расшывалі іх на лісты і гэтымі лістамі крылі - характэрным прызнакам такой страхі былі ўзоры, якія на заводах выціскаліся на дне ночваў). Прыбудоўка, якая фактычна выконвала функцыі сяней, дзялілася на "перад" і камору.

Беларускія вёскі ў большасці цягнуцца з захаду на ўсход. У гэтых вёсках большасць хат стаіць доўгай сцяной да вуліцы. Кухня амаль заўсёды з усходняга боку (хіба што канфігурацыя двара, стары фундамент ці іншыя фактары не дазвалялі зрабіць так). Раніцай пры ўсходзе сонца яно адразу свяціла ў кухню і ў печ. Пры гэтым хаты, якія стаяць з паўднёвага боку вуліцы з'яўляюцца люстраным адбіткам хатаў, якія стаяць з паўночнага боку. Калі вуліца ідзе з поўначы на поўдзень, гэтыя правілы не вытрымліваюцца, але ўсяроўна людзі імкнуліся, каб з раніцы сонца свяціла ў кухню.

Веранды ўпрыгожвалі хату, а функцыянальна выконвалі ролі тамбура для ўцяплення дзвярэй ад вуліцы. Цераз гэтыя дзверы і веранды амаль ніхто не хадзіў і не ходзіць, але іх упарта робяць.

Савецкая дзяржава пры пераездзе з хутароў давала магчымасць пабудавацца з выкананнем усіх нормаў. Лес быў недарагі, яго выпісвалі, колькі трэба, на перасяленне давалі пазычку (ссуду). Неўзабаве (сярэдзіна 60-х) з'явіліся піларамы, перасталі рэзаць дошкі ўручную і часаць бярвенні. Бярвенні пачалі абразаць на брус на пілараме. Падтрымлівалася стварэнне будаўнічых брыгад па перасяленні. Хоць у большасці брыгады былі самаўтвораныя, недзяржаўнай і нават не арцельнай формы арганізацыі працы, пра іх пісалі ў савецкіх газетах і да часу хвалілі.

У 80-я гады падчас газіфікацыі і з памяншэннем колькасці жывёлы ў гаспадарцы пачалі адмаўляцца ад выкарыстання печаў. Газавыя пліты пачалі размяшчаць у прыбудоўках, фактычна змясціўшы туды кухні. Самі печы хто раскідаў, хто не, і ў такім выглядзе беларуская хата перайшла ў XXI ст.

Архітэктурны тып такіх хат можна было б акрэсліць як "беларускі народны рацыяналізм". 20-30% хатаў заставаліся пабудаванымі па іншых законах, у большасці гэта хаты, якія не ездзілі на хутары, а будаваліся яшчэ ў паўнавартаснай цеснай вёсцы па прынцыпу "як атрымоўваецца". Тут, як правіла, заставаліся сені, і хаты стаялі вузкай сцяной да вуліцы. Вельмі часта ў гэтых хатах гаспадыні мучыліся з "цёмнымі" печамі, калі гарэльня была павернута не на ўсход.

Таксама паступова мяняецца хатняе абсталяванне. На змену лавам прыходзяць канапы, крэслы, насціл змяняецца ложкам, куфар саступае месца шафе, з'яўляецца этажэрка ці паліца для кніг. На стале пад ручніком стаіць радыёпрыёмнік, а пазней і тэлевізар, на сцяне гадзіннік-ходзікі. У старых людзей у чырвоным куце, нягледзячы на атэістычную прапаганду, вісяць абразы, часам нават з лампадкамі. На сценах маляваныя дываны і сямейныя фатаздымкі ў рамачках, за шклом. 60-я гады - апошні ўсплеск субкультуры маляваных дываноў. Падлогу пачынаюць фарбаваць, сцены - бяліць ці абклейваць шпалерамі, на вокнах з'яўляюцца шторы і фіранкі. Перагародкай вылучаецца спальня з металічным ложкам, пярынай, некалькімі падушкамі, з шафай для бялізны і вялікім люстэркам у дзверцах.

Шчыты, франтоны, карнізы, элементы даху малююцца ў больш яркія колеры, сцены - у больш памяркоўныя, ніжняя частка будынка - у больш цёмныя. Разьбой аздабляюцца як канструкцыйныя элементы (бэлькі, стойкі, кансолі, кроквы), так і часткі канструкцый агараджальнага тыпу (шчыты, шалёўка, аканіцы і ліштвы). Даволі часта будуюць цагляныя дамы, часам з узорамі з профільнай цэглы над вокнамі. У 1970-х гадах з'яўляецца мясцовая сфера абслугоўвання (атэлье, майстэрні, паштовыя аддзяленні, калгасныя сталовыя, фельчарскія пункты), якая забяспечвала некаторую занятасць жыхароў.

Пры вяртанні з хутароў беларусы прывезлі ў вёскі вянковы двор. Пагонны двор не аднавіўся. Хлявы (хлеў, хлеў і варыўня або іншая камбінацыя) ставіліся за хатай і наводдаль. Як правіла каля хлявоў выгароджваўся двор, куды летам можна было выпускаць жывёлу. Гумны практычна зніклі.

(Працяг у наст. нумары.)


Да 25-годдзя Лідскага ТБМ

Першаму старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Міхасю Мельніку - 65 год

65 гадоў адзначыў першы старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ГА ТБМ імя Францішка Скарыны, паэт і краязнавец з Ліды Міхась Мельнік. На творчую вечарыну ў канферэнц-зале Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі сабраліся сябры, калегі і вучні Міхася Іванавіча, каб павіншаваць яго з юбілеем.

Літаратурная спадчына Лідчыны даволі багатая са сваім шырокім, шматгранным і тэматычным кірункам. І, вядома, што яе фундаментам з'яўляюцца самі творцы - майстры пяра, ці інакш, творчая інтэлігенцыя. Не сакрэт, што на нашай прынёманскай тэрыторыі налічваецца звыш 400 асоб, якія пакінулі пасля сябе пэўны след на літаратурнай ніве. Сярод яркіх дзеячоў сучаснай рэгіянальнай беларускай літаратуры з'яўляецца Міхась Мельнік. Гэтая асоба знаёмая і вядомая амаль кожнаму лідзяніну, бо свой аўтарытэт у народзе ён заслужыў дабрасумленна. Прывіваць любоў да беларускага, да прыгожага, да добрага, да вечнага ён пачынаў з Астравецкай СШ, затым яго настаўніцкая дарога павяла праз Красноўскую і Голдаўскую школы, праз СПТВ-55 (цяпер Лідскі дзяржаўны прафесійны ліцэй меліярацыйнага будаўніцтва). І толькі ў 1984 годзе яго настаўніцкая дзейнасць прыпынілася і адразу ўзнялася на вышэйшую прыступку - выкладанне беларускай мовы і літаратуры ў Лідскай педнавучальні (цяпер Лідскі каледж Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы).

Міхась Мельнік ужо з першых гадоў сваёй педагагічнай дзейнасці ўзняў праблемы адраджэння беларускай культуры, вывучэння роднай мовы ў школах і навучальных установах і нават на шматлікіх прадпрыемствах і ў арганізацыях. У 80-ыя гады ён быў ініцыятарам адкрыцця ў газеце "Ўперад" (цяпер "Лідская газета") рубрыкі "Беларуская мова і мы", у якой і ўздымаў гэтыя хвалюючыя праблемы. Многім вядома, што Міхась Іванавіч з'яўляецца і ініцыятарам стварэння ў Лідзе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. А ў 1993 годзе, дзякуючы ягоным намаганням, у нашым горадзе быў адкрыты другі ў краіне помнік гэтаму славутаму беларускаму першадрукару і асветніку.

За выдатнае навучанне і прафесійнае стаўленне да сваіх выкладчыцкіх абавязкаў, у 1995 годзе яму было прысвоена званне выдатніка адукацыі Рэспублікі Беларусь. Але ў большым значэнні, М. Мельнік - паэт. Сваю літаратурную дзейнасць ён пачаў з 1966 года, калі на рускай мове ў газеце "Зорька" быў змешчаны ягоны першы верш. А ўжо будучы студэнтам філфака Гарадзенскага педінстытута імя Янкі Купалы (цяпер універсітэта) у газеце "Гродзенская праўда" за 25 лістапада 1967 года ў друк выйшаў ягоны першы беларускамоўны верш "Задуменная ноч". І трэба зазначыць, што менавіта з гэтым творам ён быў дабраслаўлены ў паэты Васілём Быкавым, калі той працаваў у гарадзенскай абласной газеце.

А які ты паэт, калі не маеш свайго томіка вершаў? - некаторыя могуць задацца пытаннем. Дык адкажу, што ў Міхася Мельніка з гэтым усё нармальна, бо ў свет выйшла не адна кніга, а некалькі. У 1996 годзе разам з Пятром Чабаром ён выдаў зборнічак вершаў "Скрыжаванне", а ў 2009 годзе чытач ужо пазнаёміўся з яго ўласнай кнігай паэзіі "Лодка жыцця". Але ж і гэта яшчэ не ўсё. У 2004 годзе сумесна з Леанідам Віннікам выдаў інфармацыйны фотаальбом "Время и судьбы", а ў 2008 годзе - анталогію твораў лідскіх літаратараў пра беларускую мову "Шануйце роднае слова". На словы Міхася Мельніка вельмі шмат напісана песень, якія гучаць на фестывалях як у нашым горадзе, так і за яго межамі.

Міхась Мельнік у свой час (з 2004 па 2011гады) быў вядомым як кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце", якое і да гэтых пор дзейнічае пры рэдакцыі "Лідскай газеты". У снежні 2011 года, перадаў старшынства ў "Суквецці" аўтару гэтых радкоў. Дабрачынны клопат М. Мельніка дапамог многім маладым творцам знайсці свой правільны шлях у жыцці.

Якія пытанні і якія тэмы ўздымае ў сваіх творах вядомы літаратар Лідчыны? Адно са стрыжнёвых - захаваць родную мову. Але як і раней так і цяпер ён разважае пра прызначэнне чалавека на зямлі, у жыцці, пра любоў да Радзімы, пра дабрыню і ўзаемадапамогу. Вершы рознага характару: філасофскія, пейзажныя, інтымныя, грамадзянскія, гумарыстычныя. У сваіх невялікіх па аб'ёму творах паэт здольна раскрывае вобразы, дзякуючы якім чытач бачыць перад сабою карціну, адлюстраваную ў вершаваных радках, якія, парой нават не захоўваюць рыфму і вершаваны памер, але маюць даволі глыбокі і насычаны кантэкст. Па-майстэрску Міхась Мельнік выкарыстоўвае мастацкія сродкі, у прыватнасці, параўнанне і метафару, трапныя эпітэты, алітэрацыю, сімвалы. Горад Ліду, у якім хоць і не нарадзіўся, паэт называе родным, мілым і любімым, прыгожым і непаўторным. У цэлым, уся творчасць паэта надае веру ў светлую будучыню, дапамагае бачыць аптымізм нават у шэрых буднях.

Сёлета, 7 лістапада, Міхасю Іванавічу Мельніку споўнілася 65 год. Творчая інтэлігенцыя Лідчыны, літаратурнае аб'яднанне "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" 19 лістапада сабраліся, каб шчыра павіншаваць свайго сябра і калегу, руплівага творцу з днём нараджэння

Мясцовыя кампазітары і барды прадставілі і выканалі перад гасцямі юбіляра некалькі песень на вершы паэта, а таксама прадставілі відэа-замалёўку пра Міхася Мельніка. Як зазначыў сам юбіляр, словы віншаванняў настолькі яго расчулілі, што ён перастаў адчуваць свае 65 гадоў.

- Я нават не адчуваю, што мне 65 гадоў. Вялікі дзякуй усім тым, хто сёння прыйшоў, казаў у мой адрас добрыя словы, вершы чытаў, дарыў кветкі. На сэрцы вялікая радасць ад таго, што мяне помняць, хоць я не працую і жыву ў асноўным у вёсцы, на Нёмане і пішу вершы, прыемна чуць добрыя словы.

Алесь ХІТРУН, кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты".


"Бацька беларускіх гісторыкаў" не забыты на Лідчыне

28 лістапада ў Лідзе прайшла навуковая канферэнцыя да 230-годдзя з дня нараджэння "Бацькі беларускіх гісторыкаў" Тодара Нарбута (нарадзіўся 8 лістапада 1784 года). Канферэнцыю арганізоўваў Лідскі гістарычна-мастацкі музей пры падтрымцы Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ. У канферэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі Гародні, Ліды, Бярозаўкі, Радуні, Начы (апошнія два н.п. - Воранаўскі раён), Дворышча (Лідскі р-н), магчыма і з іншых населеных пунктаў. У зале былі краязнаўцы, настаўнікі гісторыі, супрацоўнікі музея, бібліятэкі, сябры ТБМ і Таварыства польскай культуры на Лідчыне.

Прагучалі даклады:

1. "Т. Нарбут-вайсковы інжынер" - Тацяна Мікялевіч (студэнтка 2-га курса ФГКіТ ГрДУ імя Я. Купалы), г. Гародня.

2. "Археалагічныя раскопкі Т. Нарбута" - Іван Аўсяннік (студэнт 4 курса ФГКіТ ГрДУ імя Я. Купалы), г. Гародня.

3. "Уяўленне Т. Нарбута пра яцвягаў. Яцвяжскі след на Лідчыне."- Станіслаў Суднік (краязнавец, рэдактар часопіса "Лідскі Летапісец"), г. Ліда.

4. "Лідчына і Нарбут" - Ганна Некрашэвіч (навуковы супрацоўнік ЛГММ), г. Ліда.

5. "Аматарскія даследванні прыроды Т. Нарбутам" - Леанід Лаўрэш (краязнавец, стваральнік гістарычна-краязнаўчага сайта pawet.net), г. Ліда.

6. "Паэт, фалькларыст і гісторык, антычных і іншых моў знаўца" - Алесь Хітрун (навуковы супрацоўнік ЛГММ), г. Ліда.

7. "Т. Нарбут і яго эпоха" - Віталь Куплевіч, м. Радунь (Воранаўскі р-н).

8. "Паслядоўнікі Т. Нарбута - археалагічныя даследванні Воранаўшчыны ў апошнія 30 год" - Ілья Пузаткін (студэнт 4 курса ФГКіТ ГрДУ імя Я. Купалы), г. Гародня.

9. "Агляд кніг, прысвечаных Т. Нарбуту" - Галіна Курбыка (галоўны бібліёграф Цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Купалы), г. Ліда.

10. Прэзентацыя 3-га выдання кнігі "Пра Нарбутаў моўлю я слова...." - Уладзімір Руль (краязнавец, паэт), в. Нача (Воранаўскі р-н).

Вяла канферэнцыю старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Наталля Валынец.

Мова канферэнцыі спецыяльна не вызначалася, але ўсе даклады прагучалі па-беларуску, што праўда Іван Аўсяннік зачытваў цытаты і па-расейску, а Віталь Куплевіч рабіў адступленні ў бок літоўскай мовы, якой ён валодае дасканала.

Удзельнікам канферэнцыі былі прадстаўлены рэдкія кнігі: том "Старажытнай гіс-торыі літоўскага народа" на літоўскай мове і "Слоўнік адроджанай прускай мовы" і інш.

Нажаль, ні адной кнігі Тодара Нарбута на беларускай мове пакуль прадставіць немаг-чыма.

Па арганізацыі канферэнцыя была кавалачкам Еўропы ў Беларусі. Прыбылі ўсе заяўленыя ў праграме дакладчыкі. Паслядоўнасць дакладаў ні разу не парушалася, час амаль не зацягваўся. У гэтым вялікая заслуга ў тым ліку і дырэктара музея Ганны Драб.

Па выніках канферэнцыі пакуль спланавана выданне зборніка дакладаў, а калі што, то найбольш цікавыя даклады будуць змешчаны ў "Лідскім летапісцы".

Падчас канферэнцыі была выказана заклапочанасць тым, што ўлады ў першую чаргу Гарадзенскай вобласці не дапрацоўваюць у плане ўшанавання памяці Тодара Нарбута. У свой час за паўтара гады да юбілею старшыня ТБМ Алег Трусаў звяртаўся ў Адміністрацыю Прэзідэнта па пытанні ўшанавання памяці Т. Нарбута. Былі атрыманы пэўныя абяцанні, але нічога не зроблена. Адзінае, як паведаміў У. Руль, старшыня Гарадзенскага аблвыканкама выказаўся пра магчымасць назваць новую бальніцу ў Радуні імем слыннага лекара Станіслава Нарбута, сына Т. Нарбута. Але і гэта пакуль толькі магчымасць.

Прынамсі, каб назваць імем Т. Нарбута вуліцу ў Лідзе вялікіх намаганняў не трэба, але, як сказаў адзін з дакладчыкаў, лепшым помнікам Т. Нарбуту было б выданне "Гісторыі літоўскага народа" на беларускай мове.

Станіслаў Суднік. На здымках: арганізатар канферэнцыі Наталля Валынец; у зале канферэнцыі; выступае бліжні зямляк і прапагандыст спадчыны роду Нарбутаў Уладзімір Руль з Начы.


Рэцэнзія: Глыбокая дакументалістыка пра Чарнобыльскую катастрофу

Пра ядзерную катастрофу стагоддзя, аварыю на ЧАЭС напісана шмат артыкулаў, кніг, сцэнарыяў. Даследчыкамі Савецкага Саюза, замежных краін, асабліва беларускімі, украінскімі, рускімі, польскімі, літоўскімі, нямецкімі, шведскімі.

У картатэцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі амаль тысяча дзвесце назваў матэрыялаў пра страшную аварыю. Прачытаць адны загалоўкі патрабуецца шмат часу, цярпення, здароўя. Таму не дзіва, што занадта шмат гаворыцца пра асобныя факты і зусім не ўзгадваюцца іншыя з тагачаснага каламуцця.

Унёс навізну ў асвятленне тэмы пісьменнік і доктар народнай медыцыны Валер Санько дакументальным раманам "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе", 2013, 612 стар., 50 экз. Тыраж такі, што ні ў кожную бібліятэку трапіць экзэмпляр.

Перакананы, такой глыбокай і нечаканай дакументалістыкі пра Чарнобыльскую катастрофу не было ні ў аднаго аўтара з пацярпелых Беларусі, Украіны, Расіі.

- Пачуццё абавязку змусіла ўзяцца за тэму. Дзевятнаццаць гадоў збіраў і адбіраў фактуру, - гаворыць аўтар.

Упершыню ў сучаснай літаратуры лагічна і праўдзіва, з дакументальнай пранізлівасцю гаворыцца аб прычынах выбуху на ЧАЭС, ліквідатарскіх і перасяленцкіх праблемах. Выкарыстаны рэдкія дакументы хаця і рассакрэчаныя, але ад застойных савецкіх часоў ужываліся мала.

У час Чарнобыльскай катастрофы вылецела ў неба 8 тон радыеактыўнага паліва, 9 павісла на сценах, абсталяванні. Пад рэактарам закапана каля 160 тон. Усё паліва немагчыма было выняць з рэактара і вывезці пры радыеактыўнасці пад 4000 рэнтгенаў, бліз рэактара 3500 рэнтгенаў.

Трыццаць адна краіна свету абавязалася пабудаваць надзейны саркафаг над чацвёртым рэактарам да канца 2007 года, потым адцягнулі на 2013. Фінансаванне будаўніцтва не рэгулярнае. Зацяжкі і тармажэнні могуць дорага каштаваць чалавецтву.

Асноўнае месца жыцця і дзеянняў герояў - Гомельшчына, дакладней, Нараўлянскі, Мазырскі, Добрушскі раёны, гарады Гомель, Менск. Сярод дзейных гістарычных асобаў Слюнькоў, Гарбачоў, Рыжкоў, Кавалёў, Шчарбіна, Шчарбіцкі, Сілаеў... Змененыя асобныя прозвішчы лёгкаўзгадваныя.

Першы дакументальны чарнобыльскі раман у гісторыі Беларусі, СНД і новага свету многім недасведчаным у даўняй і сучаснай гісторыі СССР, Беларусі расплюшчыць вочы. Твор яшчэ раз папярэджвае заходнееўрапейскіх, рускіх, украінскіх і беларускіх фінансістаў: тэрмінова не з'явіцца трывалы саркафаг над і пад ЧАЭС - можа рвануць сусветны Армагедон. Супыніць ці забетанаваць радыяцыйныя працэсы практычна немагчыма. Успыхне пад чацвёртым рэактарам выбуховая рэакцыя, за-можным ЗША, Еўропе, бедным Беларусі і Ўкраіне нічога не будзе патрэбна. Пад попелам фізічна ўсе роўныя, асабліва радыяцыйным.

Дынамізм падзеяў, лаканізм падачы, наватарства літпрыёмаў шмат у чым узмацняецца друкаваннем заставак/аб'ектывак з дакументаў, архі-ваў, навуковай літаратуры.

Назвы раздзелаў прымушаюць задумацца чытача: "Выбух не ў рэактары - у сэр-цах", "Украінскі спецыяльны ўдарны батальён", "Каханне вечным бывае?", "Мы не хацелі памыляцца", "Розгалас чарнобыльскіх іскраў", "Цяжкая ліквідатарская ноша". У эпілогу "Няўжо Еўропа, ЗША і Кітай ляцяць у самазнішчэнне..." гаворыцца пра мажлівы зямны Апакаліпсіс.

Абавязаны, проста абавязаны працытаваць з яго радкоў колькі.

Другі варыянт гібелі кантынента таксама яскравіцца доктару Бялько. З падлодак, падземных сховішчаў і палігонаў пусцяць у Еўропу ракеты з ядзернымі бомбамі рускія, мусульманцы, кітайцы, на якіх толькі што накіраваліся бомбы з Еўропы. Адказ за ўяўленыя ці сапраўды пушчаныя нябесныя пасылачкі ім з тэрыторыі Еўропы.

З'яднанае калашмоцце станцыйнааэснага атаму і пушчанага сюды ваеннага з Еўропы, Арктыкі, Амерыкі, Азіі… скалатне шарык.

Жах асягаць далейшае.

Не стане саміх еўрапейскіх кіраўнікоў, падпісаных імі дамоваў пра размяшчэнне радараў, станцыяў назірання, такіх малалікіх і нявінных ваенных часцей з іншых дзяржаў. Нікога не будуць цікавіць нядаўнія і пазнейшыя цвёрдыя запэўніванні еўракіраўнікоў, што размяшчэнне ў іхніх краінах чужых ракет і станцый назірання ніякай дзяржаве і нацыі не пашкодзіць.

...Сталі нікчэмнасцю апраўдальныя вывады двух аляксандраўскіх сходаў у чэрвені 1986, калі на аргументоўным сур'ёзе разумнымі дзядзькамі з выкрутлівай подласцю даказвалася невінаватасць праектантаў, канструктараў у ЧАЭСнай катастрофе.

На судах і пазавуголлю, канструктары, эксплуатацыйнікі наплялі кашы з лапцямі апраўданняў, даказваліся ва ўласнай дабрыні, эканамічнай мэтазгоднасці. Вынік безадказнай акадэмічнай і міністэрскай расхлябанасці - СССР страціў мільярды, згарэлі прыбыткі ад усіх АЭС, дзяржава хутчэй паімклівіла да прорвы развалу, пакутуе пяць мільёнаў чалавек. Тысячы, сотні тысяч дзяцей і дарослых памерлі ў гарэтніцтве, існуюць на жабрацкія інвалідныя пенсіі. Забуксавала паўнацэннае развіццё трох дзяржаў.

Праклёны зніклых нацый, народаў, дзяржаў узваляць на свае духоўныя абалонкі ў Тагасвецці цяперашнія выбраныя кіраўнікі еўракраін, калі з-за іх слюнява-дабрачных "не думалася, нас запэўнівалі…, мы зусім не хацелі прыцягнуць удар аддзякі" разбурацца гарады, ракетаю ўзнімецца планета.

Расплата, горкая расплата чакае ЗэШэАўцаў, рускіх, яшчэ болей хітрамондрых кітайцаў, якія з ветлівымі ўсмешкамі і ліслівымі слоўцамі, з таннай нядоўга-тэрміновай прадукцыяй металёваю іржою распаўзаюцца па свеце, вычэкваюць самаедства белай расы, - расплата чакае французаў, англічан, немцаў, чэхаў, іспанцаў, палякаў, шведаў, нідэрландцаў, італьянцаў.

Няўжо кемкія кіраўнікі разумных нацый не ўпетраць прасцей простае. Дзе б рыўкова не ўзбушаваліся рэактары (не дай Бог яшчэ бомбы), накрыецца ўся планета. Розніца неістотная: хто загнецца раней на дзень, месяц, хто пазней - праз квартал, паўгода.

Сярод мноства дакументальнай фактуры рамана прыводзяцца словы і лічбы расійскага гісторыка Роя Мядзведзева: "Беларусь дае Расіі нашмат болей, чым атрымлівае ад яе. Усе свае цяжкасці, правалы алігархічна абваленай эканомікі Расія спрабуе кампенсаваць за кошт краін СНД. Не плаціць свае даўгі па чарнобыльскіх рахунках" .

Прычым, падкрэсліў прафесар, для гэтага яшчэ робіцца ідэалагічнае абгрунтаванне. "Расія жыве горш за Беларусь, адсюль ідыёцкі тэзіс, што Беларусь жыве за кошт Расіі" , - падкрэсліў Рой Мядзведзеў.

Узгадваецца ў рамане і нядаўняе абрушэнне сценкі і даху на ЧАЭС (люты, 2013), фактычнае замоўчванне падзеі ва ўсіх трох дзяржавах.

На Чарнобыльскім мітынгу на пляцы Волі ў Менску 26.4.1990 сярод мноства лозунгаў быў і такі красамоўны - "Масква штогод выкачвае з Беларусі 6,5 млрд. рублёў прыбыткаў, што ў 10 разоў болей, чым аддае на ліквідацыю вынікаў Чарнобыля - 0,7 млрд. руб."

Прыдзірлівы чытач нечаканай дакументалістыкі можа заўважыць асобныя нестыкоўкі. Пра гэта напісана падрабязна, пра такое ж раўназначнае - мала. У аднаго героя прозвішча мае лёгкаўзгадны аб'ектыўны прататып, у другога і не блізка. Акадэмік Лягасаў, член-карэспандэнт Адамовіч разважаюць пра факт/падзею тры, чатыры разы, прафесары Мікітчанка, Пятраеў - раз, два, і тое бегма.

Адказ аб'ектывістам і справядліўцам у аўтара кароткі. Грэшыць не толькі той, хто пераступіць клятву, падгаворыць на забойства ці заб'е, украдзе ці ўдарыць. Грэшыць і той, хто не можа адрозніць агонь ад дымнага вуголля, свечкі ад драўляшак. Сляпак і бядняк зачастую большы грэшнік, чым грашоўны, відушчы.

Мова аўтара квяцістая, у ёй мноства даўнейшых словаў, выразаў. Своеасабліва выкарыстоўваюцца дыялектавыя пласты Меншчыны, Гомельшчыны.

Спіс выкарыстаных дакументаў, навукова-даследчыцкай і папулярнай літаратуры вялікі, прыводзіцца не цалкам: калі прыводзіць усё - ён перавысіць памер рамана.

Такую фактуру пра чарнобыльскую бяду не выкарыстоўваў ні адзін даследчык з Беларусі, Украіны, Расіі, тым болей з закардоння. Кніга вартая ўвагі чытача любой прафесіі, узросту.

Аляксей Рагуля , прафесар, г. Менск.


Сустрэча краязнаўцаў у Бярозаўцы

Радавод сям'і Столе, выдатных майстроў у справе гутніцтва і паспяховых заводчыкаў і купцоў, які быў апублікаваны ў часопісе "Лідскі летапісец" № 2 (66) стаў нагодай для сустрэчы рэдактара часопіса Станіслава Судніка, барда Сяржука Чарняка і сябра ТБМ Сяргея Трафімчыка з вучнямі і настаўнікамі школ г. Бярозаўкі 28 лістапада 2014 г.

Сустрэча праходзіла ў СШ № 3, паколькі аўтарам матэрыялу пра радавод Столе з'яўляецца старшакласніца гэтай школы Кацярына Бухцінава, кіраўнік: Матусевіч Тарэса Ўладзіславаўна, настаўніца гісторыі гэтай школы. Прысутнічалі таксама аматары краязнаўства з бярозаўскіх гімназіі і СШ № 2.

Пачалася сустрэча з электроннай прэзентацыі гісторыі сям'і Столе, якая ўтрымоўвала значна больш фактаў, чым было прадстаўлена для публікацыі ў часопісе. І тут трэба адзначыць узровень вучаніц якія праводзілі прэзентацыю. Высока інтэлектуальныя, прыгожыя дзяўчаты, якія валодаюць беларускай, рускай і польскай мовамі, вольна і нязмушана вялі аповед пра пакручастыя лёсы сям'і Столе. На пакаленне дзяцей і ўнукаў Юліюса Столе прыпала 2-я Сусветная вайна, асабліва цяжкімі аказаліся два гады Першых Саветаў.

Кацярына Бухцінава зазначыла, што працаваць над матэрыяламі даследавання было не проста цікава, але захапляльна:

- Мы цікавімся гісторыяй горада. Гэта ўжо як частка нашага жыцця. Было цікава. Мы размаўлялі з жыхарамі горада, перакладалі дакументы з польскай на беларускую мову. І ў нашым музеі ёсць шмат інфармацыі. Гэта было цікава, бо мы дазнаваліся больш не толькі пра наш горад, але і пра сябе.

Станіслаў Суднік, бачачы патэнцыял гэтай школы і тое, што яны яшчэ могуць зрабіць не адну такую працу (ім ёсць над чым працаваць), пабудаваў свой выступ так, каб заахвоціць вучняў і настаўнікаў да далейшых пошукаў, перадаў ім артыкул пра род заснавальніка Бярозаўскай гуты Зянона Ленскага, апублікаваны ў "Нашым слове". Цяпер вядома, дзе шукаць карані Ленскіх, а гэта значыць - ёсць тэма для новага даследвання.

Што пра краязнаўства можна спяваць, паказаў Сяржук Чарняк.

Дарэчы, палова ўрокаў гісторыі Беларусі ў гэтай школе вядзецца па-беларуску.

Яраслаў Грынкевіч. На здымках: сям'я Столе; падчас сустрэчы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX