Папярэдняя старонка: 2014

№ 50 (1201) 


Дадана: 10-12-2014,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 50 (1201), 10 снежня 2014 г.


Першы ў Беларусі помнік Максіму Танку

Помнік народнаму паэту Максіму Танку адкрылі ў Мядзелі ў другой палове дня 5 снежня. Ён выкананы з бронзы і ўстаноўлены ля гарадскога Дома культуры. Вышыня - амаль тры метры. Скульптурная кампазіцыя ўяўляе сабой фігуру паэта ў поўны рост на гранітным пастаменце.

Побач размешчаны валун з выявай разгорнутай кнігі з радкамі з верша паэта "Ёсць адна песня песняў - пра Радзіму".

Аўтарамі кампазіцыі з'яўляюцца скульптары Іван Міско і Аляксандр Фінскі, архітэктар Армен Сардараў.

У адкрыцці бралі ўдзел прадстаўнікі Мядзельскага райвыканкама, Міністэрства культуры, літаратары, аўтары помніка, землякі і сваякі паэта.

Папярэднічалі адкрыццю наведанне магілы паэта і знаёмства з музеем у Сваткаўскай сярэдняй школе. У Мядзельскім ГДК адбылася літаратурна-музычная гасцёўня з удзелам паэтаў. Завяршыла святочныя мерапрыемствы выступленне Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя І. Жыновіча ў зале райвыканкама.

Да гэтага на Мядзельшчыне існаваў надмагільны помнік паэту ў Пількаўшчыне і памятны камень там жа.

rh.by. Фота Алеся Высоцкага.


Манеты з выявай гетмана К. Астрожскага

Нацыянальны банк Беларусі апублікаваў на сваім сайце выявы манетаў з серыі "Ўмацаванне і абарона дзяржавы" з выявай Канстанціна Іванавіча Астрожскага, якія былі адбітыя на манетным двары Нацыянальнага банка Рэспублікі Казахстан.

Пра выраб манет паведамлялася яшчэ ў лістападзе

Усяго адбіта пяць тысяч манетаў.

Дзве тысячы з іх - са срэбра (сплаў 925) наміналам 20 рублёў. Астатнія зробленыя з медна-нікелевага сплаву. Яны маюць меншыя дыяметр і намінал - 1 рубель.

Наш кар.


СТАНІСЛАВУ ШУШКЕВІЧУ - 80

Станіслаў Станіслававіч ШУШКЕВІЧ (н. 15 снежня 1934 у Менску) - беларускі навукоўца і палітык, дэпутат Вярхоўнага савету 12-га і 13-га склікання, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук, першы кіраўнік незалежнай Беларусі, адзін з трох удзельнікаў падпісання Белавежскіх пагадненняў аб юрыдычным замацаванні распаду СССР.

Нарадзіўся ў сям'і беларускага пісьменьніка Станіслава Шушкевіча, які быў пазней рэпрэсаваны савецкімі ўладамі і пісьменніцы Алены Раманоўскай. Бацькі паходзілі са збяднелай шляхты.

1956 - скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

1956-1959 - аспірант Інстытута фізікі АН БССР.

1959-1960 - малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі АН БССР.

1961-1967 - старшы інжынер, галоўны інжынер, загадчык сектара лабараторыі ядзернай фізікі БДУ.

1969-1971 - прарэктар па навуковай працы Менскага радыётэхнічнага інстытута.

1971-1973 - выканаўца абавязкаў прафесара, прафесар, выканаўца абавязкаў загадчыка кафедры ядзернай фізікі БДУ.

1973-1990 - загадчык кафедры ядзернай фізікі БДУ.

1986-1990 - прарэктар па навуковай працы БДУ.

1990-1991 - першы намеснік старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання; быў чальцом канстытуцыйнай камісіі.

1991-1994 - старшыня Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь.

Кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР у 1989 годзе Шушкевіча вылучылі супрацоўнікі кафедры ядзернай фізікі фізічнага факультэта БДУ, якую ён у той час узначальваў. У 1994 годзе балатаваўся на пасаду Прэзідэнта Беларусі, але саступіў у першым туры. У 1998 годзе аднавіў Беларускую сацыял-дэмакратычую Грамаду і ўзначальвае яе да гэтага часу.

Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларускай ССР (1982). Лаўрэат прэміі Савета Міністраў СССР. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

2006 - прэмія Яна Новака-Езяранскага.

2009 - дактарат honoris causa Люблінскага Каталіцкага Ўніверсітэта Яна Паўла II.

2010 - летувіскі Ордэн Вітаўта Вялікага.

Усю дзяржаўную і палітычную дзейнасць ажыццяўляў і ажыццяўляе на беларускай мове. Сябар ТБМ.

Вікіпедыя.


Пазнач сябе беларусам

6 снежня актывісты і валанцёры Арт-сядзібы раздалі ў Менску больш за 12 тысяч бела-чырвоных стужак з беларускім арнаментам. Агулам у акцыі ўзялі ўдзел больш за 100 валанцёраў. Акцыя праходзіла пад споклічам "Пазнач сябе беларусам".

Напярэдадні на сайце Арт Сядзібы з'явілася інфармацыя пра 30 пунктаў у Менску, дзе можна бясплатна атрымаць стужкі. Гэта офісы грамадскіх арганізацый, гандлёвыя цэнтры, універсітэты ды інтэрнаты, крамы і цырульні. Акрамя гэтага, 6 снежня працавалі і некалькі мабільных кропак. У розных частках Менска ў вызначаны час актывісты раздавалі беларускія стужкі, заклікалі "пазначаць сябе беларусам", запрашалі на Дзень вышыванкі.

Самыя масавыя акцыі прайшлі у раёне Камароўскага рынка, станцый метро Кастрычніцкая, плошча Перамогі, Няміга, Каменная горка.

Людзі пазітыўна рэагавалі, дзякавалі словамі "Жыве Беларусь!" Некаторыя далучаліся да валанцёраў і дапамагалі раздаваць стужкі.

"Папоўніць" запасы стужак валанцёры прыязджалі у Арт Сядзібу. Але ўжо а 15-й гадзіне ўсе стужкі, а гэта больш за 12 тысяч штук, скончыліся.

Цягам акцыі кожны ахвотны мог апублікаваць свой здымак са стужкай у сацыяльных сетках. Такім чынам, было апублікавана больш за 500 фотаздымкаў.

Радыё Свабода.


Прэс-рэліз

6 снежня 2014 г. адбылося чарговае паседжанне арг-камітэта па скліканні Усебеларускага кангрэса за незалежнасць. На паседжанні прысутнічалі Мечыслаў Грыб, Міхаіл Пастухоў, Алег Трусаў, Алена Анісім, Рыгор Кастусёў, Святлана Багданкевіч, Уладзімір Колас, Мікола Савіцкі, Лявон Дзейка і інш.

Былі разгледжаны наступныя пытанні:

- аб заяве кангрэса;

- аб павестцы дня кангрэса;

- аб камісіях кангрэса;

- аб урачыстым падпісанні Маніфесту;

- магчымыя месцы правядзення кангрэса 21 снежня.

Пасля завяршэння паседжання ў адрас аргкамітэта паступіў ліст ад старшыні Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ Зянона Пазьняка, у якім Зянон Станіслававіч падтрымаў аргкамітэт і ўнёс свае прапановы ў Маніфест.

Аргкамітэт.



Зянон Пазьняк

5 снежня 2014 г.

Сп.сп. Радзіму Гарэцкаму, Уладзіміру Коласу,

Уладзіміру Арлову, Міхаілу Пастухову,

Міколу Савіцкаму, Алегу Трусаву,

Алене Анісім

Глыбокапаважаныя спадарыні і спадары, выказыаю Вам ідэёвую падтрымку ў высокароднай справе абароны суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

Другога снежня быў апублікаваны праект Маніфесту ў абарону Незалежнасці Беларусі. Тэкст у дэкларацыйна-пастановачнай частцы адлюстроўвае асноўныя пагрозы Незалежнасці, якія ўзніклі ў цяперашні час. Прапановы па ліквідацыі небяспекі суверэнітэту (ўлічваючы сацыяльна-палітычныя абставіны) так-сама лагічныя і адпаведныя разумнаму падыходу. Тут адна заўвага. Зыходзячы з духу Маніфесту, у абзацы, дзе гаворыцца, што дамовы, якія былі заключаны з парушэннем Канстытуцыі, "павінны быць перагледжаны", прапаную дадаць словы "і адменены".

Тым часам ва ўводна-гістарычнай частцы тэксту ёсць вялікае (і нават парадаксальнае ў гэтым кантэксце) ўпушчэнне. Не адлюстравана самая галоўная падзея ХХ-га стагоддзя ў жыцці нацыі, якая рэальна зрабіла Беларусь незалежнай краінай, суверэнным суб'ектам міжнароднай супольнасці і міжнароднага права. Уласна тое, дзеля чаго падрыхтаваны гэты Маніфест. Выпраўленне недахопу тут (у такога роду дакуменце) абавязковае і мусіць быць дакладным.

Уводна-гістарычную частку ў абзацы, які пачынаецца са словаў: "Мы нагадваем...", прапаную прыняць у наступнай рэдакцыі:

"Мы нагадваем, што Незалежнасць Беларусі ў якасці Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) была аб'яўлена 25 сакавіка 1918 года, суверэнітэт Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) быў абвешчаны 27 ліпеня 1990 года ў Дэкларацыі Вярхоўнага Савета "Аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР", якой 25 жніўня 1991 года быў нададзены статус Канстытуцыйнага Закона Вярхоўным Саветам, які абвясціў гэтым Незалежнасць Беларусі. Краіна набыла сучасную назву "Рэспубліка Беларусь" і прызнаная ўсім светам як суб'ект міжнароднага права."

Далейшыя спасылкі ў тэксце Маніфеста на Дэкларацыю мусяць ісці як на Канстытуцыйны закон (ад 25.08.1991).

Не забывайма, што Дэкларацыя 27 ліпеня 1990 г. мела асветніцка-палітычнае, ідэалагічнае значэнне, яна была важным крокам да Незалежнасці, але рэальна нічога не змяняла да 25 жніўня 1991 г. пакуль не стала канстытуцыйным законам. Лёс незалежнасці вызначыўся 25 жніўня 1991 года ў напружаных палітычых абставінах і ў выніковай беларускай барацьбе пры падтрымцы грамадства.

Мяркую, што Маніфест своечасовы і нагадае беларусам аб вялікай каштоўнасці незалежнага дзяржаўнага існавання і аб сур'ёзнай пагрозе ўсяму народу з боку сілаў імперскай рэакцыі і вайны.

Зянон Пазьняк, старшыя Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі БНФ.


База дадзеных ідэяў і праектаў у галіне моўнага адраджэння і моўных правоў

Можна супраціўляцца ўварванню войскаў - уварванню ідэяў супраціўляцца немагчыма

(В. Гюго.)

Час не стаіць на месцы, з'яўляюцца новыя ініцыятывы па адраджэнні беларускай мовы. ТБМ не павінна адставаць ад гэтай плыні. Больш таго, мы павінны быць у авангардзе распаўсюду новых ідэй у нашай сферы дзейнасці. Міжвольную ўвагу, у прыватнасці, увагу да мовы, вабіць усё новае, незвычайнае і разнастайнае. Таму падаецца мэтазгодным пастаянна папаўняць на сайце Таварыства банк праектаў і ідэй ў галіне моўнага адраджэння. Гэта праца ўжо вядзецца. Адмысловая рубрыка сайта так і называецца - "Ідэі". Для яе напісаны шэраг артыкулаў, якія змяшчаюць адну ці шэраг ідэяў, якія можна рэалізаваць у Беларусі. Многія з гэтых матэрыялаў былі таксама надрукаваныя ў "Нашым слове", частка - у іншых выданнях.

Гэта дзейнасць можа паспрыяць абмену думкамі, усталяванню партнёрскіх кантактаў, распаўсюду перадавых ідэяў і, нарэшце, іх шырокаму ўжыванню.

Паколькі неўзабаве наша Таварыства збіраецца распачаць збор подпісаў пад патрабаваннем прыняцця "Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", то частка артыкулаў прысвечана юрыдычным пытанням. У іх разглядаецца замежны досвед заканадаўства ў моўнай сферы і прапануюцца ідэі, якія можна ўключыць у наш праект згаданага закона.

Калі ў вас ёсць ідэі ці рэальны вопыт, якімі вы б жадалі падзяліцца, то вы можаце аформіць іх у выглядзе артыкула і даслаць на адрас электроннай пошты Таварыства з паметкай "Для рубрыкі "Ідэі". Артыкулы з гэтай рубрыкі мы таксама змяшчаем і на старонцы навінаў. Калі вы жадаеце знайсці партнёраў для супольнай рэалізацыі праектаў, вы можаце далучыць да вашага матэрыялу кантактную інфармацыю.

Артыкулы не адзіны магчымы варыянт прэзентацыі сваіх прапаноў. Яшчэ адна магчымасць - афармляць іх у выглядзе апісанняў праектаў. Напрыклад, у сваім горадзе вы ажыццявілі нейкі праект і жадаеце, каб ён ці нешта падобнае было рэалізавана ў іншым месцы. Іншы варыянт: вы маеце ідэю праекта і шукаеце партнёраў для яе рэалізацыі. Тады вы можаце прыслаць нам для размяшчэння ў базе дадзеных апісанне вашага праекта ці праектнай ідэі.

Гэта можа быць і штосьці меншае за цэльны праект. Напрыклад, вы настаўнік, вы прыдумалі арыгінальныя практыкаванні, якія, па вашых назіраннях, узбуджаюць цікавасць да вывучэння мовы, і вам не шкада падзяліцца імі - дашліце іх нам.

Гэта новая ініцыятыва, таму пакуль мы не распрацоўвалі стандартаў, якім павінны адпавядаць артыкулы з ідэямі, апісанні праектаў ці іншыя варыянты прэзентацыі вашых прапаноў - выбар фармату, такім чынам, застаецца за вамі. Магчыма, для тых праектаў, якія яшчэ не рэалізаваны, мы прыйдзем да фармату, падобнага да таго, што рэалізаваны на сайце talaka.by. Там кожны праект мае свой блог.

Каб дадаткова прастымуляваць абмен праектнымі ідэямі, Таварыства запланавала яшчэ адзін від дзейнасці. Як было абвешчана на з'ездзе ТБМ, увесну (верагодна, у канцы сакавіка) мы арганізуем у Менску міжнародную канферэнцыю па праблемах моўных правоў, моўнага заканадаўства і моўнай палітыкі. Будзе закранутая і больш агульная тэма моўнага адраджэння. Акрамя адпаведнай секцыі, на канферэнцыі будзе праведзена выстава праектаў і праектных прапаноў. У фармаце насценнай ці настольнай прэзентацыі можна будзе пазнаёміць удзельнікаў і гасцей канферэнцыі з вашымі ідэямі будучых ініцыятываў ці ўжо рэалізаванымі праектамі. Дакладныя ўмовы правядзення выставы будуць апублікаваныя пазней.

З прыкладам банка праектаў у галіне моўнага адраджэння можна азнаёміцца на сайце каталанскай арганізацыі "Linguamоn" ("Дом моваў"). Гэта дзяржаўная структура створана ў 2005 годзе з мэтамі распаўсюду моўнай разнастайнасці дзеля паляпшэння сацыяльных і эканамічных умоў жыц-ця грамадства. На сайце арга-нізацыі маецца банк дадзеных пад назвай "Перадавы вопыт" ("Best Practices") (10.gencat.cat/casa_llengues/AppJava/en/multilinguisme/linguamonbonespractiques.jsp). Туды дасылаюць апісанні ўжо рэалізаваных праектаў. Праца з гэтым досведам - адзін з кірункаў дзейнасці "Дома моваў". У прыватнасці, арганізацыя каталагізуе праекты, забяспечвае іх грамадскае абмеркаванне праз правядзенне круглых сталоў і канферэнцый, вабіць да праектаў увагу СМІ, заахвочвае розныя арганізацыі да іх ужытку, праводзіць конкурсы праектаў і арганізуе ўзаемадзеянне дзяржаўных і грамадскіх структур дзеля далейшага ўжывання гэтага вопыту.

На сайце маецца памятка для тых, хто жадае падзяліцца сваім досведам. Пры ўключэнні ў базу дадзеных улічваецца, у прыватнасці, наступнае:

- наколькі выразным і заўважным будзе колькасны і якасны вынік праекта;

- наколькі стваральнікамі ўлічаны арганізацыйныя, сацыяльныя і палітычныя ўмовы, у якіх будзе рэалізоўвацца праект;

- наколькі вынікі акупляюць затраты;

- ці можна ўжыць гэты праект у новых умовах;

- ці ўзмацняе праект пачуццё ідэнтычнасці прадстаўнікоў супольнасці, ці спрыяе ён сацыяльнаму яднанню;

- ці закладзена ў праект працэдура маніторынгу яго эфектыўнасці;

- ці быў праект заўважаны шырокай грамадскасцю, ці паведамлялі пр яго СМІ;

- ці змяшчае праект інавацыі.

Усе апісанні праектаў, прадстаўленыя ў базе, маюць аднатыпную структуру: назва; мовы, якіх датычыцца праект; рэгіён (сфера) рэалізацыі праекта; мэтавыя групы; арганізацыі, што прымаюць удзел; сацыялінгвістычныя перадумовы; апісанне праекта і яго вынікі.

Значная частка праектаў прысвечана інтэграцыі эмігрантаў у каталанамоўнае грамадства. Тэма інтэграцыі замежнікаў у беларускую культуру надзённая і для нас (але амаль нераспрацаваная), асабліва ў сувязі з магчымым будаўніцтвам пад Менскам Тэхнапарку і звязаным з гэтым прыездам у краіну вялікай колькасці грамадзян Кітая. Трэба сказаць, што людзі ўжо звяртаюцца ў Таварыства з ідэямі на гэты конт, і неўзабаве мы правядзем кансультацыі па рэалізацыі іх прапаноў з амбасадай КНР і беларускімі ўладамі. Але гэта асобная тэма, якая заслугоўвае вялікага матэрыялу.

Вось усяго некалькі прыкладаў праектаў з базы "Дома моў". Адзін з іх называецца "Адукацыйныя электронныя лісты". Сутнасць праекта ў тым, што супрацоўнікам пэўнай фірмы (гэта было адно архітэктурнае бюро) штотыднёва рассылаліся е-мэйлы з кароткімі (паўстаронкі) тэкстамі, кожны з якіх змяшчаў сціслую інфармацыю пра адзін з аспектаў каталанскай граматыкі і кароткае практыкаванне на замацаванне матэрыялу. Многія супрацоўнікі бюро валодаюць каталанскай мовай, але не ўсе на высокім узроўні. Тыя, хто пажадаў выканаць практыкаванне, адсылалі адказы каардынатарам. Кожны наступны ліст змяшчаў адказы на практыкаванне папярэдняга тыдня. Прыкладна кожныя тры месяцы сярод найлепшых выканаўцаў заданняў разыгрываўся прыз - кніга. Лісты рассылаліся на працягу 35 тыдняў. Адзначаецца, што прыкладна 40% супрацоўнікаў рабілі практыкаванні больш, чым аднойчы. Ініцыятыва дазволіла ўсім ахвотным у сціслыя тэрміны ўзняць свой узровень валодання мовай.

У той жа арганізацыі быў рэалізаваны яшчэ адзін праект. Хаця большасць яе супрацоўнікаў каталанамоўныя ў штодзённым побыце, у прафесійнай камунікацыі яны часта выкарыстоўвалі іспанскую мову. У прыватнасці, гэта рабілася ў зносінах з рабочымі, частка якіх імігранты, якія ведаюць іспанскую, але не валодаюць каталанскай. Нават калі размова ішла на каталанскай, выкарыстоўваліся іспанскія будаўнічыя тэрміны. Каб пашырыць выкарыстанне каталанскай будаўнічай тэрміналогіі, быў выдадзены добра ілюстраваны буклет з тэрміналагічным слоўнікам. Лескіка для яго пазычалася з часопіса, які выдаецца будаўнічай гільдыяй. Гэты часопіс рэкламаваў буклет сярод сваіх падпісчыкаў. Усяго было выдадзена 5000 асобнікаў.

Яшчэ адна ініцыятыва рэалізавана ў Андоры, невялікай дзяржаве ў Піранеях, дзе раней каталанская была асноўнай мовай, але з-за прытоку імігрантаў у апошнія дзесяцігоддзі стала роднай мовай менш чым трэцяй часткі насельніцтва. Сутнасць праекта ў арганізацыі спаборніцтваў па напісанні каталанамоўных сцэнароў для тэлепастановак. Удзельнічаюць школьнікі. Спачатку ў некалькіх школах праводзяцца выступы прафесійных сцэнарыстаў, якія з выкарыстаннем мультымедыйных матэрыялаў тлумачаць, што такое сцэнар, як яго пішуць і як ён увасабляецца ў тэлепастаноўцы. Затым дзецям прапануецца напісаць сцэнар самім. Гэта можна рабіць індывідуальна ці ў групе. Тэксты невялікія - 3 - 4 старонкі - але яны павінны быць аформлены па прафесійных правілах. Вылучаюцца некалькі намінацый, сцэнары-пераможцы ў якіх перадаюцца навучэнцам тэатральных каледжаў. Пад кіраўніцтвам стваральнікаў сцэнароў будучыя акторы і рэжысёры увасабляюць іх у пастаноўцы, якая здымаецца на камеру. У канцы праекта ладзіцца вялікі фэст, дзе дэманструюцца фільмы. На імпрэзу запрашаюцца прадстаўнікі СМІ. Праект доўжыцца ўжо некалькі год, і частка фільмаў дэманстравалася на тэлебачанні.

Галоўнае, каб ідэі і апісанні праектаў, якія назапашваюцца ў нашай базе, насамрэч выкарыстоўваліся. У гэтым кірунку ўжо ёсць дасягненні, праўда пакуль сціплыя. Напрыклад, Міністэрства культуры ў прынцыпе падтрымала ідэю заснавання музея беларускай мовы, а маніторынг стану беларускай мовы і моўных правоў у Беларусі зараз актыўна рэалізуецца.

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ


Першы беларускі лінгвістычны баявік

У гэтым годзе пабачыла свет чарговая кніжка Віктара Марціновіча "Мова". Віктар нарадзіўся ў 1977 годзе ў Ашмянах, доўгі час пісаў па-руску і даволі паспяхова. Яго творы перакладаліся на розныя мовы, сярод якіх ёсць нават фінская.

І вось мы маем добрую беларускамоўную кнігу, прысвечаную магчымай будучай Беларусі, як складовай часткі вялікай Саюзнай дзяржавы Кітая і Расіі, дзе, вядома, пануе ўсё кітайскае, а рускае мае другасны характар. Беларуская мова цалкам забаронена, і за яе выкарыстанне, нават пасіўнае, чакае жорсткае пакаранне. Уся беларускамоўная літаратура альбо знішчана, альбо ляжыць у спецсховішчах. Беларускую мову ўлады лічаць духоўным наркотыкам і яе спажыўцы на іх думку - страшэнныя наркаманы. Тым не менш, гандляры мовы-наркотыка прывозяць кавалачкі беларускамоўных тэкстаў з-за мяжы і добра на гэтым зарабляюць. Гэтыя наркаплыні кантралюе кітайская мафія. Каб знішчыць мову, улады ўставілі ў падпольныя тэксты, напісаныя на ёй, спецыяльны вірус, каб ліквідаваць лексічную і граматычную структуру беларускай мовы, замяніўшы яе выпадковымі сімваламі. Аднак на апошняй старонцы кнігі адна з яе гераінь спадзяецца, што мова ажыве праз нейкі час.

Цікава, што гэтае прароцтва збываецца на нашых вачах. Выходзім у Інтэрнет і чытаем газету РУ за 26.ХІ. 2014: "У апошнія месяцы беларускія нацыяналісты дзейнічаюць значна лепей і паспяховей, чым "тытульная" апазіцыя, якую наадварот скала-наюць доўгія скандалы". "З'явілася шмат гурткоў і таварыстваў па вывучэнні беларускай мовы, гісторыі і культуры беларусаў. Імкліва ўвайшлі ў моду "вышыванкі" - кашулі і майкі (цішоткі) з нацыянальным беларускім арнаментам". Варта дадаць, што абвесткі аб бясплатных курсах па вывучэнні беларускай мовы друкуе рускамоўная рэкламная газета "Вабанкъ", якую бясплатна кідаюць па паштовых скрынках у вялікай колькасці. Наклад газеты 350 500 тысяч асобнікаў.

Такім чынам, Марціновіч вельмі своечасова "ўпісаўся" у тую сітуацыю з моўным адраджэннем, якое ў гэтым годзе пачало актыўна пашырацца сярод "сярэдняга" класа ў Менску і іншых вялікіх гарадах Белаурсі.

Кніга пабачыла свет, дзякуючы намаганням МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і Грамадскай культурнай кампаніі "Будзьма беларусамі". Дадатковы наклад - 700 асобнікаў - выдала менскае выдавецтва "Кнігазбор".

Цікава, што ў добры беларускі тэкст кнігі ўстаўлена даволі шмат англійскіх слоў і нават сказаў, якія потым перакладаюцца на беларускую мову. Магчыма, аўтар паказвае нам на новую пагрозу. Замест паланізацыі і русіфікацыі нашу мову, як і шмат іншых моваў свету, раз'ядае англамоўны вірус, з якім пакуль ніхто сур'ёзна не змагаецца.

Сярод "наркатычных" беларускамоўных тэкстаў, якімі гандлюе кітайская мафія, аўтар падае вершы Ларысы Геніюш і Ўладзіміра Дубоўкі. Даюцца і цікавыя цытаты з "Запісак Самсона Самасуя" Андрэя Мрыя. Гэта таксама не выпадкова, бо гэтыя аўтары былі рэпрэсаваныя сталінскім рэжымам, а іх творы доўгі час былі пад забаронай у БССР.

Добра знаёмы аўтар кнігі з кітайскімі рэаліямі жыцця ад Пекіна да Ганконга, і вельмі трапна іх накладае на беларускую русіфікаваную рэчаіснасць, рэчаіснасць двайной акупацыі. Дзеянне кнігі адбываецца на тэрыторыі Менска, і яго сённяшняя тапаграфія і тапаніміка гучыць шмат на якіх старонках твора Віктара Марціновіча.

Вельмі цікава прадказвае Марціновіч гістарычны лёс Расіі. Адкрыем 164 старонку і чытаем наступнае: "Потым Расія запрасіла ў мытную дамову Кітай, каб прасцей было супрацьстаяць беспрынцыпнаму і смярдзючаму Захаду. Прыкладна праз пяць гадоў пасля гэтага ніякай Расіі ўжо не было, толькі Кітай".

Такіх цікавых старонак у кнізе Віктара Марціновіча 263, і я прапаную чытачам як мага хутчэй з імі азнаёміцца.

Алег Трусаў.


У Віктара Казько выйшла новая кніга

Новая кніга Віктара Казько "Час збіраць косці" пабачыла свет у серыі "Кнігарня пісьменніка" Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў. У яе ўвайшлі тры аповесці, у якіх аўтар запрашае чытачоў у падарожжа пакручастымі сцежкамі чалавечае памяці.

Віктар Казько - Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа - адным з першых у сучаснай літаратуры паказаў вайну праз прызму ўспрыняцця дзіцяці. У апошнія дзесяцігоддзі шмат увагі надае экалагічнай праблематыцы, а таксама маральнаму і нацыянальнаму станаўленню беларускага грамадства.

Акрамя аповесці "Час збіраць косці", якая дала назву кнізе, у зборнік увайшлі творы "Прахожы", "І нікога, хто ўбачыць мой страх".

Прэсавая служба СБП.


Прозвішчы Беларусі. Частка II: Найменні знакамітых людзей

(Паводле матэрыялаў беларускамоўнага друку)

( Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Сенчына (Людміла С.) - дэрывант з фармантам -ына ад антрапоніма Сенька і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сеньк-іна - Сенчына. ФП: Аляксандр або Сямён (імя) - Сенька - Сенькіна - Сенчына.

Сівук (Іван С.) - дэрыват з суфіксам -ук ад антрапоніма Сівы і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сів-ук. ФП: сівы ('белы, серабрысты, які страціў афарбоўку (пра валасы)', 'пасівелы, з белымі валасамі') - сівы ('чалавек з пасівелымі валасамі') - Сівы (мянушка) - Сівы (прозвішча) - Сівук.

Сільнова (Людміла С.) - форма прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Сі-льны і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сільн-ова. ФП: сільны (рас. сильный 'дужы, здаровы'; 'моцны, магутны'; 'дасведчаны') - Сільны (мянушка) - Сільны (прозвішча) - Сільнова.

Сітніца (Рыгор С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сітніца 'хлеб, спечаны з сітнай мукі; сітны хлеб' (у іншых рэгіёнах Беларусі такі хлеб мае назву сітнік і сітняк); структура слова: сіта - сітны ('з прасеянай на сіта мукі') - сі-тн-іца (хлеб) - Сітніца (мяну-шка) - Сітніца (прозвішча).

Скарбут а н (Іван С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва скарбутан 'хворы на скарбут 'цынгу' (Вялікі слоўнік беларускай мовы. С. 915). ФП: скарбут ('цынга') - ска-рбутан (з суфіксам -ан ад скарбут; хворы) - Скарбутан (мянушка) - Скарбутан.

Скідан (Аляксандр С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва скідан (утварэнне з суфіксам -ан ад скідацца, скі-нуцца 'нарадзіцца дачасна пра дзіця') 'народжаны дачасна'.

Сліўкін (Валеры С.) - форма прыметніка з суфіксам -ін ад антрапоніма Сліўка і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сліўк-ін. ФП: сліва - сліўка (памянш.-ласк да сліва) - Сліўка (мянушка, потым прозвішча) - Сліўкін. Небеларуская форма прозвішча, па-беларуску тут было б Сліў-чын (параўн.: матка - мат-чын).

Слюнькоў (Мікалай С.) - форма прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Слю-нько і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Слюньк-оў. ФП: слюна (рас. 'сліна') - слюнка ('слінка') - Слюнка (мянушка) - Слюнко (прозвішча з канцавым "о" для адмежавання ад апелятыва слюнка (слюнька). Або: рас. слюнить - слюнько - Слю-нько - Слюньков.

Соніч (Аркадзь С.) - дэрыват з суфіксам -іч ад ант-рапоніма Соня і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сон-іч. Утваральнае слова Соня - семантычны дэрыват ад апелятыва соня, які мае два значэнні : 1) чалавек, які любіць спаць, многа спіць; 2) невялікая жывёліна атрада грызуноў, якая праводзіць зіму ў спячцы.

Сохар (Кастусь С.) - семантычны дэрыват з акцэнтаваннем першага (пачатковага) складу ад апелятыва са-хор 'жалезныя вілы для накідання гною'; форма Сахор пераіначана на С охар дзеля адмежавання ад апелятыва (як Каваль > Коваль, Казёл > Козел і пад.).

Стараверава (С.І.) - дэрыват з фармантам -ава ад антрапоніма Старавер і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Старавер-ава. Утваральнае слова - семантычны дэрыват ад апелятыва старавер 'чалавек, які належаў да адной з рэлігійных груп, што не прынялі царкоўных рэформ 17 ст. у Расіі і варожа адносіліся да афіцыйнай праваслаўнай царквы', а таксама (перан.) 'чалавек, які прытрымліваецца састарэлых звычаяў, прывычак, густаў' і пад.' ФП: старая вера - старавер - Старавер - Ста-раверава.

Cтарыковіч (Сцяпан С.) - форма бацькаймення з суфіксам -овіч ад антрапоніма Старык і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Старык-овіч. Утваральнае слова Ста-рык - семантычны дэрыват ад апелятыва старык 'старое, перасохлае рэчышча; старыца'. ФП: стары ('што быў у мінулым') - старык ('старыца') - Старык (мянушка) - Старык (прозвішча) - Старыковіч. Або: стары ('які пражыў шмат гадоў, дасягнуў старасці') - старык (рэг. ' старыкан') - Старык (мянушка, потым прозвішча) - Старыковіч. Параўн. аднамадэльныя беларускія прозвішчы Гродзеншчыны: Хворык (хворык), Худык (худык).

Cтругач (Адам С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва стругач 'рабочы, спецыяліст на апрацоўцы чаго-небудзь струганнем; стругаль'. ФП: стругаць ('займацца струганнем') - стругач ('стру-галь') - Стругач (мянушка) - Стругач.

Судніковіч (Ягор С.) - форма бацькаймення з суфік-сам -овіч ад антрапоніма Суднік і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Суднік-овіч. Утваральнае слова Суднік - семантычны дэрыват ад апелятыва суднік, які належыць да двух словаўтваральных тыпаў: 1) Асабовыя назоўнікі з се-мантыкай 'той, хто вырабляе суды, судзіны'; утварэнне з агентыўным суфіксам -нік ( суд-нік), гэта можа быць майстар у вырабе суднаў 'плавальных збудаванняў, прызначаных для транспартных, тэхнічных, навуковых і ваенных мэт' (с удн-нік - суднік), а таксама судзінаў з клёпак для гаспадарчык мэт: суднік 'майстар, што вырабляе сталовы посуд з дрэва'; 2) неасабовыя назоўнікі, якія абазначаюць розныя гаспадарчыя прылады: паліца для посуду, кубел; шафа для посуду і пад. Прозвішча Суднік першапачаткова было кампанентам двухслоўнага асабовага сямейнага наймення (прозвішча) і спалучалася з другім кампанентам - адымёнавым прозвішчам - Суднік-Грынкевіч было назвай-характарыстыкай асобы паводле прафесіі. Этымон у абодвух выпадках - старажытнае слова судь са значэннем 'посуд' (у шырокім сэнсе лексемы). Слова суды магло абазначаць супольнасць асоб (племя), а потым з'явіліся і дэрываты ад іх - Судзіны, Судавы (вядомыя з 2-га стагоддзя н.э.) - утварэнні з прыналежнымі фармантамі -ін-ы і -ав-ы.

Суркова (Алена С.) - форма прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Сурок і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сурк-ова. ФП: сурок ('невялікі грызун сямейства вавёркавых, які жыве ў глыбокіх норах, зімой упадае ў спячку') - Сурок (мянушка) - Сурок (прозвішча) - Суркова.

Сурм а ч (Сямён С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сурмач 'сігналіст, які падае сігнал сурмою, грае на сурме; трубач'; утварэнне з суфіксам -ач ад сурма 'старажытны ўкраінскі народны музычны інструмент у выглядзе доўгай драўлянай трубы, які выкарыстоўваўся пераважна як сігнальны'. ФП: сурма (інструмент) - сурмач (трубач) - Сурмач (мянушка) - Сурмач (прозвішча).

Сцебур а ка (Усевалад С.) - семантычны дэрыват ад апелятыва сцебурака 'крытыкант' - утварэння ад сцебураць 'сцёбаць, крытыкаваць'.

Сцяпура (Іван С.) - форма з фармантам (сегментам) - ура ад імя Сцяпан набыла функцыю прозвішча. ФП: Сцяпан - Сцёпа - Сцяпура.

Сцяцкевіч (Фёдар С.) - форма бацькаймення ад антрапоніма Сцяцко з фармантам -евіч і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сцяцк-евіч. ФП: Стефан (правасл.), Стэ-фан (катал.), польск. Stefan - імёны і варыянты іх: Степан, Степанец, Стецко, Стецук, Стецько, Сцец, Сцяцоў, Сцец-ка, Сцяцко, Стэцкі; варыянт Сцяцко з Сцяпцко, яго спрашчэнне - Сцяцко. Форма Сте-цько разглядаецца ўкраінскімі даследчыкамі як размоўная ад Степан, Стефан (узнікла з Степцько) (М. Бірыла. Беларуская антрапанімія. 1996. С. 156-158).

Сцяшковіч (Таццяна С.) - форма бацькаймення з фармантам -овіч ад антрапоніма Сцяшко і семантыкай 'нашчадак названай асобы': Сцяшк-овіч. ФП: Сцяпан (імя) - Сцяшко - Сцяшковіч.

(Працяг у наст нумары.)

Павел Сцяцко


75 гадоў з дня нараджэння Анатоля Белага

Анатоль Яўхімавіч БЕЛЫ (нар. 10 снежня 1939, Старыя Дарогі Менскай вобл. - 14 лістапада 2011, Менск) - беларускі грамадска-культурны дзеяч, навуковец, калекцыянер, стваральнік музея выяўленчага мастацтва на сваёй сядзібе ў горадзе Старыя Дарогі.

Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1967). Працаваў вучоным сакратаром музея Вялікай Айчыннай вайны, быў першым дырэктарам музейных комплексаў "Хатынь" і "Курган Славы". Заснавальнік і старшыня грамадска-асветніцкага клуба "Спадчына" (1984). Сумесна з сябрамі клуба "Спадчына" ў 1985 выступіў ініцыятарам звароту ў ЦК КПБ, Саўмін БССР і ВС БССР аб ушанаванні 125-х угодкаў студзеньскага паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Адзін з прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, якія падпісалі ліст ў ЦК КПСС аб стане беларускай мовы і культуры ў Беларусі. З 1995 выкладаў у БДУ. Сябар Саюза мастакоў Беларусі (1995), Саюза беларускіх пісьменнікаў (1999). За ўдзел у палітычных акцыях быў неаднаразова арыштаваны, звольнены з працы выкладчыка БДУ. .

Адзін з заснавальнікаў таварыства "Бацькаўшчына". Адзін з заснавальнікаў і Ганаровы сябар рэдкалегіі беларуска-амерыканскага часопіса "Полацак" (1991, Кліўленд, ЗША). Актыўна ўдзельнічаў у выданні альманахаў "Спадчына "Спадчыны"" (1994), "Скрыжалі "Спадчыны"" (1996, 1998, 2006, 2007), плакатаў-календароў "Радавод полацкіх і вялікіх беларускіх (літоўскіх) князёў" (1995), "Старажытная Беларусь часоў Вітаўта Вялікага" (1996), "Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі" - зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння М.І. Ермаловіча (у сааўт. 2007). Таксама ім падрыхтаваны 5 каталогаў, даведачная літаратура, звыш 150 артыкулаў пра беларускае мастацтва і яго гісторыю.

Арганізатар шэрагу тэматычных выстаў. Таксама А. Я. Белы - арганізатар і адзін з фундатараў устаноўкі помнікаў М. Багдановічу ў Яраслаўлі (1994, аўтар С. Вакар); А.Я. Багдановічу ў г.п. Халопенічы (1998, аўтар У. Лятун); помнікаў у дворыку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Францішку Скарыну (1998, аўтар С. Адашкевіч), Міколу Гусоўскаму (1998, аўтар У. Панцялееў), Кірылу Тураўскаму (1996, аўтар А. Прохараў), Ефрасінні Полацкай (1999, аўтар І. Голубеў), "Дыспут: В. Цяпінскі і С. Будны" (2000, аўтар І. Голубеў); у Менскай праваслаўнай епархіі - Кірылу Тураўскаму (1995, аўтар Ю. Платонаў); у Полацку - Ефрасінні Полацкай (2000, аўтар І. Голубеў); у г. Зэльва Гродзенскай вобласці - Ларысе Геніюш (2002, аўтар М. Інькоў); у гарадах Старыя Дарогі і Маладзечна - Міколу Ермаловічу (2002, аўтар У. Мелехаў) і інш. Шмат помнікаў было ўстаноўлена на сядзібе прыватнага музея А. Я. Белага ў горадзе Старыя Дарогі.

Сабраў вялікую калекцыю твораў жывапісу, графікі, медальернага і дэкаратыўнага мастацтва (каля 3000 адзінак). Арганізатар тэматычных выставак. Частку сабраных твораў перадаў ВНУ, дзяржаўным музеям. На аснове сваёй калекцыі ў 1990 заснаваў, а 11 снежня 1999 адкрыў на сваёй сядзібе ў горадзе Старыя Дарогі прыватны музей выяўленчага мастацтва (цяпер Старадарожскі мастацкі музей).

За дзейнасць па захаванні нацыянальнай спадчыны ўзнагароджаны ордэнам "Гонар Айчыны" (1997); ордэнам Кірылы Тураўскага, дзвюма граматамі Мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта; медалём імя Яна Масарыка Міністэрства замежных спраў Чэшскай Рэспублікі за ўклад у бел.-чэш. супрацоўніцтва(2007); дыпламант Міжнароднага Кембрыджскага цэнтра (1999).

Вікіпедыя.


Успамін пра мінулае

З раніцы 14 лістапада 2014 года ў дворыку БДУ супраць геаграфічнага факультэта пачалі збірацца сябры Менскага культурна-асветніцкага клуба "Спадчына". А нагода была такая.

У "шчаслівыя гады" працы БДУ на карысць Бацькаўшчыны, калі ў 1996-2003 гадах рэктарам БДУ працаваў доктар навук, прафесар Аляксандр Казулін, тут былі ўстаноўлены помнікі выбітным Беларусам, якія ўнеслі прыкметны ўклад у развіццё гісторыі, культуры, беларускай мовы, асветы, педагогікі і іншых навук у Беларусі: Францішку Скарыну (1998 год, скульптар Сяргей Адашкевіч), Міколу Гусоўскаму (1998 год, скульптар Уладзімір Панцялееў, горад Гародня), Ефрасіні Полацкай (1999 год, скульптар Ігар Голубеў), Васілю Цяпінскаму і Сымону Буднаму (2000 год, скульптар Ігар Голубеў).

Гэтыя помнікі былі ўстаноўлены дзякуючы намаганням тагачаснага рэктара БДУ Аляксандра Казуліна і старшыні клуба "Спадчына" Анатоля Белага.

Спадчынцы пачаргова падыходзілі да помніка - пачалі ад жанчыны-прыгажуні Ефрасіні Полацкай, амаль 1000 гадоў таму яна ўжо рабіла шмат карыснага па нашай тэрыторыі, ускладалі да помніка кветкі, распавядалі пра тую ці іншую знакамітую асобу, пра яе значны ўклад у навуку і культуру, фатаграфаваліся на фоне помніка на памяць, потым ішлі да іншага помніка. Так было адзначана трохгоддзе з таго дня, калі адышоў у іншы свет Анатоль Белы.

Удзел у гэтай імпрэзе прымалі сучасны старшыня клуба "Спадчына" Пётр Русаў, сябры клуба, прыхільнікі і знаўцы гісторыі Беларусі Анатоль Валахановіч, Ілля Копыл, Ігар Курыцын, Мікола Лавіцкі, Уладзімір Ліпскі, Сяргей Сармант, Мікола Савіцкі, Уладзімір Раманоўскі і іншыя. З гэтай імпрэзы прысутныя даведаліся шмат новага пра выдатныя постаці старажытнай Беларусі. На імпрэзе дамовіліся, што на дні беларускага пісьменства, будзем ладзіць штогод такія сустрэчы, прыцягваючы да ўдзелу ў іх усё новых і новых прыхільнікаў гісторыі, культуры і беларускай, нашай роднай мовы Беларусі.

А.І. Валахановіч.


Іван Чыгрынаў. Пісьменнік і час

У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава "Іван Чыгрынаў. Пісьменнік і час". Экспазіцыя прымеркавана да 80-годдзя з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі, грамадскага дзеяча - Івана Гаўрылавіча Чыгрынава (1934-1996).

Творчасць пісьменніка - адна з яркіх старонак беларускай літаратуры. На выставе прадстаўлены выданні твораў пісьменніка, многія з якіх перакладзены на розныя мовы свету. Імя Івана Чыгрынава добра вядома не толькі ў літаратуры. Рэжысёрам І. Дабралюбавым па раманах "Плач перапёлкі", "Апраўданне крыві", "Свае і чужынцы" на кінастудыі "Беларусьфільм" створаны шматсерыйны тэлелевізійны фільм "Плач перапёлкі". Паводле рамана "Плач перапёлкі" кампазітар У. Кандрусевіч напісаў аднайменную сімфонію.

Іван Чыгрынаў добра спалучаў пісьменніцкую дзейнасць з актыўнай грамадскай работай. У 1978 г. быў у складзе дэлегацыі БССР на XXXIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1986 па 1990 год - дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Працаваў у пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах. Доўгі час узначальваў Беларускі фонд культуры. Быў галоўным рэдактарам часопіса "Спадчына". На выставе экспануюцца дакументы, якія распавядаюць пра грамадскую дзейнасць І. Чыгрынава.

Прыцягваюць увагу матэрыялы з сямейнага архіва, сярод якіх рукапісы, дакументы, фотаздымкі, нататнікі, асабістыя рэчы. Гэтыя ўнікальныя экспанаты прадастаўлены Людмілай Прохараўнай Чыгрынавай, жонкай пісьменніка.

Выстава "Іван Чыгрынаў. Пісьменнік і час" будзе экспанавацца да 5 студзеня.

Наш кар.


Фелікс Шкірманкоў у Магілёве

З надзвычай цікавым чалавекам сустрэліся аматары і прыхільнікі беларускай мовы і гісторыі 4 снежня на беларускім гуртку ў Магілёве. Са Слаўгарада на запросіны магілёўскай суполкі ТБМ да нас у госці завітаў Фелікс Шкірманкоў - сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, ТБМ, БНФ, ветэран вайны і партызанскага руху, інжынер-геолаг па адукацыі з вялікім стажам працы на залатых прыісках Калымы, а ў перыяд новага адраджэнцтва пачатку 90-х - старшыня Слаўгарадскага гарадскога савета народных дэпутатаў.

Імя сваё Фелікс Уладзіміравіч перакладае з лаціны як "шчаслівы" і сцвярджае, што імя гэтае сябе апраўдала.

У свае юнацкія 15 год Фелікс Шкірманкоў сустрэў вайну з першых яе дзён, уступіўшы ў так званы знішчальны атрад, які быў сфармаваны для дапамогі ў пошуках нямецкіх парашутыстаў. Праз год, пасля падрыхтоўкі ў дыверсійнай школе, шаснаццацігадовы падлетак разам з баявой групай перайшоў цераз лінію фронту з мэтай арганізацыі партызанскага руху ў глыбокім тыле ворага - Нарачанскім краі. Партызаніў юны Фелікс у складзе атрада выведкі брыгады імя Даватара, быў цяжка паранены і адпраўлены самалётам на вялікую зямлю, а пасля шпіталя працягнуў службу ў дзейнай арміі. Паслухаць і пабачыць такіх людзей заўсёды вельмі цікава і важна яшчэ і таму, што іх ужо вельмі мала засталося ў жывых. Вялікая памылка, кажа Фелікс Уладзіміравіч, у тым, што да ўдзельнікаў вайны не адносяць хлебаробаў, працоўных, усіх тых, хто працаваў падчас вайны ў тыле, і без каго змаганне было б немагчымым.

Не менш цікава спадар Фелікс распавёў і пра сваё пасляваеннае жыццё - працу ў разведцы, але ўжо геалагічнай, удзел у экспедыцыях па вышуку залатаносных радовішчаў пад Магаданам, работу на залатых прыісках, узгадаў розныя акалічнасці і здарэнні з гэтым звязаныя. Пошук золата патрабаваў вялікай адказнасці і сумленнасці, побач з Феліксам Уладзіміравічам працавалі людзі "высокай пробы". Прыкладна ў гэты перыяд ён і пачаў пісаць першыя вершы, "ваенныя" і "геалагічныя" апавяданні, спачатку па-руску, а, вярнуўшыся ўжо пасля выхаду на пенсію ў родныя мясціны, творчае натхненне паэта павярнулася да роднай з дзяцінства беларускай мовы.

Ужо як свядомага беларуса Фелікса Уладзіміравіча засталі часы перабудовы і хваля новага нацыянальнага адраджэння. Жыццёвы досвед, вядомасць і павага прывялі яго на пост кіраўніка раёна - землякі абралі Фелікса Шкірманкова старшынём Слаўгарадскага гарадскога савета народных дэпутатаў. Пад час яго кіраўніцтва было не мала зроблена крокаў для пашырэння беларусізацыі - на родную мову было пераведзена справаводства ў Слаўгарадзе, па-беларуску пачалі размаўляць і выхоўваць дзетак у садках. І гэта не выклікала ніякіх асаблівых праблем, ужо праз годдва дзеткі ў асноўным размаўлялі па-беларуску.

Для таго, каб дажыць да ягонага веку, Фелікс Уладзіміравіч не раіць ніякіх адмысловых дыет - "заўжды ем тое, што хочацца", але ніколі ён не курыў. І аж да цяперашняга часу ні разу не даводзілася яму скардзіцца на свой узрост.

Спадар Фелікс прынёс колькі сваіх ваенных фота, прачытаў свае вершы розных гадоў і на розныя тэмы.

Спадзяёмся, што ў Фелікса Уладзіміравіча яшчэ хопіць здароўя і сілаў дачакацца лепшых для нашай культуры часоў, чаго яму шчыра зычым, а ўсім нам трэба прыкласці ўсе намаганні, каб іх наблізіць. Жыве Беларусь!

Аляксандр Сабалеўскі , Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.


Адукацыйныя паслугі

Школа асобаснага росту "ШАР"

Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Трэнінг " Праца з агрэсіяй "

5 снежня а 18-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.

У праграме трэнінга:

1. Сутнасць агрэсіі і яе асноўная пазітыўная функцыя.

2. Пазітыўная і негатыўная роля агрэсіі.

3. Праявы агрэсіі ўнутры чалавека і метады працы з ёй. Агрэсія і аўтаагрэсія.

4. Агрэсія ў любоўнай, працоўнай, сацыяльнай, фізічнай сферах і як ад яе ўберагчыся.

5. Выкананне гульняў і практыкаванняў для захавання сябе і іншых ад агрэсіі.

Для кантактаў: сл. тэл. (+375 17) 327-60-88; х.тэл. (+375 17) 281-04-35;

МТС (+375 29) 769-29-78; velcom (+375 29) 960-14-53; e-mail spadarl@yandex.ru.

Заняткі ў Школе асобаснага росту "ШАР" праходзяць кожную 1-ю і 3-ю пятніцу месяца а 18-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.


З чарады Страціма-Лебедзя…

Яна ўмела любіць… А гэта не просты талент. Яна ўмела любіць людзей. І людзі адказвалі ёй узаемнасцю. Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Міхась Ткачоў, Мікола Ермаловіч, Данута Бічэль, Адам Мальдзіс, Генадзь Бураўкін, Сяргей Законнікаў, Кастусь Цвірка, Стэфанія Станюта, Галіна Дзягілева, Сяргей Панізнік, Васіль Жуковіч, Анатоль Сыс, Леанід Дранько-Майсюк, Ірына Багдановіч, Міхась Скобла, Алесь Гібок-Гібкоўскі, Данчык, Аляксей Галіч, Алесь Камоцкі, Віктар Шалкевіч, Аляксей Фралоў - вось далёка не поўны пералік імён тых, хто, дзякуючы Але Міхайлаўне Ходан, пабываў у гасцях Максіма Багдановіча ў "Беларускай хатцы" з прэзентацыяй сваёй творчасці.

Аднойчы спадарыня Ала Ходан загарэлася ідэяй адрадзіць традыцыі клуба "Беларуская хатка", які існаваў у Менску напачатку мінулага стагоддзя, і адрадзіла. Каля сотні культурніцкіх імпрэз: творчых вечарын, кніжных прэзентацый, бардаўскіх канцэртаў прайшло пад дахам аднайменнай філіі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча з 1991 па 2001 год, і душой кожнай з іх была апантаная Беларушчынай Ала Ходан. А яшчэ ж былі шматлікія вандроўкі па Беларусі ў пошуках страчанай гістарычнай спадчыны, у пошуках згубленай гістарычнай памяці, у пошуках знявераных саміх сябе… Сціплая, сарамлівая, няўважлівая да сябе самой яна была надзвычай чуллівай і ўважлівай да іншых. Клапацілася лёсам кніжных выданняў беларускіх творцаў, дапагала распаўсюджваць новыя літаратурныя часопісы "Дзеяслоў" і "Верасень", да апошняга часу заставалася ў курсе ўсіх грамадскіх падзей, хварэла душой за Беларусь…

Прайшоў год, як яе няма паміж нас… 17 снежня на сядзібе ТБМ (Румянцава,13) адбудзецца вечарына, прысвечаная памяці Алы Міхайлаўны Ходан. Запрашаюцца ўсе, хто ведаў і памятае гэтую светлую жанчыну, у дачыненні да лёсу якой так дакладна стасуюцца радкі Ларысы Геніюш: "Як жыць - дык жыць для Беларусі…" Пачатак імпрэзы - а 18-ай гадзіне. Уваход вольны.

Эдуард Акулін. На здымку: Сябры клуба "Беларуская хатка". Ала Ходан справа ад Дануты Бічэль. 1996 г.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, пачалася падпіска на першае паўгоддзе 2015 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 65. Цана змянілася нязначна. У 2015 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Да выхаду новай кнігі Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі"

Эпоха БССР (1921-1991 гг.)

(Працяг. Пачатак у папярэдніх нумарах.)

Хлявы выкарыстоўваліся для ўтрымання жывёлы і захоўвання кармоў: сена, саломы. Унутры хлявы дзяліліся на праварыны і катухі. Да хлявоў прыбудоўваліся свінухі і курнікі (птушнікі). Частка хлява, дзе ўтрымоўвалася жывёла мела гарышча, якое называлася "вышкі". Вышкі насцілаліся непадагнанымі дошкамі і жэрдкамі. Летам-восенню вышкі запаўняліся сенам, якое скарыстоўвалася на корм у апошнюю чаргу - пад весну, бо служыла яшчэ і для ўцяплення хлява.

Хлявы рабіліся з горшага дрэва і пры перасяленні з хутароў крыліся яшчэ пераважна саломай. Лічылася, што саламяная страха цяплейшая. З канца 60-х гадоў 20-га стагоддзя крыць саломай практычна перасталі. Пасля масавага з'яўлення камбайнаў проста не стала кулявой саломы. Саламяныя стрэхі на хлявах паступова замяніліся на шыферныя.

У 60-я гады ў вёсках масава з'явіліся бетонныя склепы. Садзейнічалі гэтаму два фактары: стаў даступны цэмент (па грашах і па магчымасці купіць) і зніжэнне ўзроўню грунтовых вод у выніку меліярацыі. Склепы вясной перасталі затаплівацца вадой, і іх стала магчымым будаваць і ў нізкіх месцах..

У 60-я гады па Беларусі фактычна зніклі драўляныя зрубы ў студнях. Прайшла іх масавая замена на бетонныя колцы (трубы). Для 60-70-х гадоў 20-га стагоддзя характэрны традыцыйныя грамадскія студні, якія капаліся на вуліцы з разліку: 1 студня спачатку на 20-30 двароў, пазней на 10-15 двароў. З канца 70-х і ў 80-я гады масава з'яўляюцца студні на падворках. У выніку многія грамадскія студні прыйшлі ў заняпад і былі засыпаны. Паспрыяла гэтаму і з'яўленне ў вёсках вадаправодаў і месцамі калонак.


У 70-80-х гадах мінулага стагоддзя, калі БССР узначальваў Пётр Машэраў, гараджане мелі права атрымаць за горадам шэсць сотак зямлі для летняга адпачынку. Там можна было паставіць невялічкі дамок, але без печкі, каб зімой там жыць было немагчыма. Гэтыя лецішчы, альбо дачы, атрымлівала савецкая эліта. Так, беларускія пісьменнікі мелі дачны пасёлак у Дзяржынскім раёне, і іх побыт быў добра апісаны ў ананімнай паэме "Сказ пра Лысую гару". Партыйная эліта мела свае катэджы пад Менскам, у славутых "Драздах". Напрыканцы існавання СССР сітуацыя змянілася і людзі атрымалі права на будаўніцтва загарадных дамоў без усялякіх абмежаванняў, а памер сядзібнага ўчастка павялічылі да 10 сотак.

Будынкі грамадскага прызначэння (установы, тэатры, музеі, крамы, стадыёны і інш.)


У канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя у БССР пачалася будоўля вялікіх грамадскіх будынкаў у стылі канструктывізму. Менавіта падобныя пабудовы павінны былі стаць новымі гарадскімі дамінантамі, а таму іх будавалі як правіла па індывідуальных праектах. У сталіцы будоўлю пачалі са стварэння ўніверсітэцкага гарадка (1928-1931 гг., архітэктары І. Запарожац і Г. Лаўроў). У аснове кампазіцыі архітэктары паклалі павільённы прынцып, калі ў асобных трохпавярховых карпусах размяшчаліся асобныя факультэты. Гэтыя карпусы разам з зялёнымі насаджэннямі і фармавалі архітэктурны ансамбль універсітэцкага гарадка. Архітэктура фасадаў будынкаў была вельмі лаканічная і не мела ніякага дэкору. У гады вайны будынкі БДУ былі разбураны і іх са зменамі аднавілі ў 1945-1949-м гг. У 1960-х гадах пабудавалі новы галоўны корпус БДУ. У 1970-я гады пабудавалі новы ўніверсітэцкі гарадок каля былой вёскі Шчамысліца.

У 1929-1932-м гадах будуецца клуб-тэатр у Мазыры. Гэта двухпавярховы, асіметрычны ў плане будынак, які дакладна падзелены на відовішчную і клубную часткі, якія функцыянуюць самастойна. На галоўным фасадзе вылучаецца ўваход у тэатр, у выглядзе паўкруглай каланады.

Па праекту Г. Лаўрова ў 1930-1934-м гадах будуецца бібліятэка імя Леніна - яскравы прыклад савецкага канструктывізму. Планіроўка будынка заснавана на спалучэнні простых геаметрычных формаў, а асноўны прынцып праекта - канкрэтнае функцыянальнае прызначэнне ўсіх памяшканняў бібліятэкі. Знешняга дэкору амаль няма - толькі галоўны ўваход вылучаецца апорнымі слупамі, якія падрымліваюць паўкруглы аб'ём, які навісае над імі, з вялікімі зашклёнымі вокнамі.

У 1932 г. Лаўроў пачаў будаваць комплекс будынкаў Акадэміі Навук БССР. У 1934 г. Лаўрова замяніў Іосіф Лангбард.

Да 1939 г. завершана будаўніцтва галоўнага і лабараторнага карпусоў і друкарні. Будынкі разбураныя падчас Другой сусветнай вайны, адноўленыя да 1949 г. Галоўны корпус АН БССР мае складаную сіметрычную восева-вуглавую структуру. Два П-падобныя крылы, размешчаныя ўзаемна перпендыкулярна, злучаныя пры дапамозе вялікага трапецападобнага аб'ёму. А крытая вуглавая частка аформлена магутнай паўцыркульнай каланадай у 2 рады. Вулічныя фасады і каланада завершаныя высокім прафіляваным атыкам. Фасады рытмічна расчлянёны пілястрамі з іянічнымі капітэлямі. Прасценкі апрацаваныя рустам, над прамавугольнымі вокнамі ляпныя гірлянды. Дваровыя фасады вырашаны больш сціпла. Уваход аформлены 3 аблямаванымі гранітам парталамі строгай геаметрычнай формы. Да будынка вядзе шырокая адкрытая лесвіца і пад'язныя пандусы па баках.

Унутры вялікі трапецападобны вестыбюль, па восі якога размешчана парадная трохмаршавая лесвіца. Планіроўка службовых памяшканняў калідорная адна- і двухбаковая.

У 1964 г. да галоўнага корпуса з боку вул. Акадэмічнай прыбудаваны новы корпус, вырашэнне якога падпарадкавана архітэктуры строгай і ўрачыстай манументальнасці асноўнага будынка.

У 1960-1970-я гады на ўчастку, абмежаваным вуліцамі Акадэмічнай і Сурганава, створаны комплекс будынкаў АН БССР.

У 1977 г. завершана будаўніцтва двух чатырнац-цаціпавярховых карпусоў, у якіх размешчаны інстытуты Аддзялення грамадскіх навук і вылічальны цэнтр Інстытута матэматыкі.

У 1972 г. распачата будаўніцтва новага акадэмгарадка ў паўночна-ўсходняй частцы Менска на вуліцы Жодзінскай.

У 1932 г. архітэктар А. Васільеў пабудаваў у Віцебску клуб металістаў, які мае складаную канфігурацыю плана і складаецца з дзвюх групаў памяшканняў - відовішчнай і клубнай. Першая група ўключае ў сябе вестыбюль, фае і залу для гледачоў. Клубная частка знаходзіцца ў двухпавярховай частцы клуба, якая пад прамым вуглом прылягае да асноўнага аб'ёму.

Далейшы лёс беларускага савецкага канструктывізму цесна звязаны з імем славутага архітэктара і педагога, заслужанага дзеяча мастацтваў і архітэктуры Беларусі Іосіфам Лангбардам. Ён нарадзіўся на Беласточчыне, у Бельску, у 1882 г. Сваю навуковую кар'еру пачаў у Ленінградзе, а з 1932 г. стала працаваў у Беларусі, дзе стварыў шэраг унікальных будынкаў у стылі канструктывізму.

У 1929 г. быў абвешчаны Усесаюзны конкурс на пабудову ансамбля будынкаў Дома ўраду ў новым гістарычным цэнтры Менска, які вырашылі стварыць каля чыгуначнага вакзала. Менавіта гэты конкурс і выйграў І. Лангбард.

Пасля таго, як знеслі старую жылую забудову, будаўнічая пляцоўка была падрыхтавана, распачалі каласальную будоўлю, якая ішла старымі метадамі без пад'ёмных кранаў і іншых новых тэхналогій. Так цэглу мулярам рабочыя насілі на ўласнай спіне з дапамогай заплечных насілак, якія мелі назву "каза". Канструкцыю прылады складала гарызантальная аснова ў выглядзе невялікай дошкі, даўжынёй каля метра з ручкамі ("рагамі"), на ўзроўні плеч насільшчыка. На "казу" нагружалі па 25-30 цаглінаў (вага адной цагліны - 3,5-4 кг).

У працэсе будаўніцтва Лангбард адмовіўся ад злучальнай галерэі на ўзроўні 3-га паверха паміж бакавымі крыламі, прапанаваў паставіць перад Домам ураду помнік Леніну. Дом ураду і помнік з'яўляюцца кампазіцыйнай дамінантай сучаснай плошчы Незалежнасці.

Дом ураду - самае буйное на Беларусі збудаванне грамадзянскай архітэктуры даваеннага часу, мае складаную ў плане канфігурацыю. У аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі выкарыстаны прыём паступовага нарастання сіметрычных рознавышынных аб'ёмаў пры набліжэнні іх да цэнтра, што надае сілуэту будынка дынамічнасць.

Цэнтральная дзевяціпавярховая частка заглыблена і фланкіравана бакавымі крыламі, якія паступова паніжаюцца да пяці паверхаў і ўтвараюць унутраную плошчу (100-50 м). Да тыльнага фасада цэнтральнай часткі прымыкае аб'ём залы пасяджэнняў Вярхоўнага Савета БССР, перакрыты паўсферычным купалам на барабане. У дэкоры фасадаў выкарыстана вертыкальнае чляненне - лапаткі простага профілю па ўсім перыметры збудавання, якія надаюць яму накіраванасць у вышыню, манументальнасць.

Цэнтральную частку галоўнага фасада аздабляе велізарны герб БССР, што займае па вышыні некалькі верхніх паверхаў будынка. Інтэр'ер вылучаецца прастатой планіроўкі і функцыянальнай арганізацыяй унутранай прасторы будынка. Цокальны паверх заняты памяшканнямі гаспадарчага прызначэння, першы - вестыбюлямі, гардэробамі, ліфтавымі холамі. Галоўны з трох вялікіх вестыбюляў першага паверха знаходзіцца ў цэнтральнай частцы і з'яўляецца асноўным кампазіцыйным звяном. Два вестыбюлі размешчаны ў бакавых крылах. Ліфты і лесвіцы раўнамерна размеркаваны па ўсім будынку, звязаны паміж сабою пераходамі. У афармленні вестыбюляў, фае, залы пасяджэнняў Вярхоўнага Савета, канферэнцзалы выкарыстана размалёўка. Для залы пасяджэнняў і фае выкарыстаны шматфігурныя рэльефы на тэмы рэвалюцыйнай барацьбы і сацыялістычнага будаўніцтва, галерэя скальптурных партрэтаў К. Маркса і Ф. Энгельса, Ф. Дзяржынскага, А. Мяснікова, М. Фрунзе і інш.

Будынак Дома ўраду - адзін з першых і найбольш значных узораў сінтэзу архітэктуры і манументальнага мастацтва ў Савецкай Беларусі.

У 1937 г. узнікла ідэя перанесці сталіцу БССР далей ад польскай мяжы ў г. Магілёў. Там зруйнавалі частку гістарычнага цэнтра горада і ў 1937-1939 гг. І. Лангбард пабудаваў Магілёўскі Дом саветаў - васьміпавярховы будынак (цэнтр кампазіцыі, які фланкіруецца сяміпавярховымі прамавугольнымі ў плане часткамі, што пераходзяць у паўкруг, створаны пяціпавярховымі бакавымі крыламі). Вертыкальныя лапаткі, размешчаныя па перыметры будынка, надаюць кампазіцыі стройнасць і выразнасць. Перад галоўным фасадам, як і ў Мінску, стаіць помнік Леніна.

Аднак пасля 17 верасня 1939 г. заходняя мяжа БССР апынулася за Беластокам і таму ідэя пераносу сталіцы ў Магілёў страціла актуальнасць.

У 1934-1939-м гг. Лангбард на месцы былога архіерэйскага падвор'я ў Менску будуе Дом чырвонай арміі. Будуецца вялікі П-падобны ў плане будынак, дзе знаходзіліся розныя вучэбныя і выставачныя пакоі, бібліятэка, дзве вялікія залы і спартыўны комплекс з басейнам. Фасады будынкаў упрыгожвалі калоны, якія на тры чвэрці выступаюць з паверхні сцяны галоўнага фасада.

У 1928 г. у Менску з'явіўся малавядомы архітэктар з Масквы Георгій Лаўроў, які родам быў са Смаленшчыны. Вучоба ў вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях у Маскве сфармавала яго, як актыўнага прыхільніка функцыяналізму. За пяць год ён пабудаваў у беларускай сталіцы ансамблі БДУ і політэхнічнага інстытута, бібліятэку імя Леніна, лабараторыі і друкарню АН БССР, клінічны гарадок, а таксама інтэрнаты Горыцкай акадэміі, кінатэатр у Воршы і іншыя аб'екты. Таму не дзіўна, што яму даручылі зрабіць праект беларускага тэатра оперы. Для будаўніцтва выбралі Рынкавы пляц на былой Траецкай гары, якая тады дамінавала над усім горадам. Распачалі будаўніцтва ў 1933 г. Якраз у гэтым годзе ў Менску з'явіўся І. Лангбард, які выйграў у Лаўрова конкурс (1929 г.) на будаўніцтва Дома ўраду. Лангбард прапануе сваю версію праекта Опернага тэатра, і яна была ўхвалена ўрадам БССР. Лаўроў назаўжды пакінуў Беларусь.

Пад уплывам новай моды - неакласіцызму, Лангбард у аснову будынка паклаў каласальны, накшталт рымскага, цырк з амфітэатрам. На вялікай сцэне павінны былі адбывацца вялікія містэрыі з дапамогай найноўшых тэхнічных сродкаў. Планавалася, што зала для гледачоў зможа прыняць 5 000 чалавек.

Аднак грошай не ставала і спачатку памер залы скарацілі да 3 000, а ў 1937 г. - да 1 500 асобаў. Адпаведна прапорцыі тэатра зменшыліся, зніклі скульптуры і барэльефы і велізарныя прапілеі перад галоўнай лесвіцай. Аднак асноўны акцэнт кампазіцыі - тры вялікія барабаны, пастаўленыя адзін на другі, што ззаду ператвараюцца ў прамавугольныя крылы сцэнічнага аб'ёму і дапаможных памяшканняў - застаўся.

У 1939 г. Опера ўрачыста была адкрытая. Падчас вайны будынак быў значна пашкоджаны, пасля вайны яе перабудавалі і стварылі ўнутры традыцыйную ярусную сістэму: партэры і тры ложы. Кіраваў адбудовай той жа самы Лангбард. Вестыбюлі, фае і зала для гледачоў былі аздоблены багатым дэкорам з выкарыстаннем савецкай сімволікі. Кіраваў аздабленнем інтэр'ераў Андрэй Бембель. Колькасць месцаў у зале зменшылася да 1 200 чалавек. У 1948 г. Опера зноў пачала працаваць.

(Працяг у наст. нумары.)


Неасяжныя глыбіні Тагасвецця

Настаўніца Нэла Салаўёва ўсё болей павольніла рухамі, выбельвалася і дабрэла тварам. З гадамі, сама не заўважала, усё цішэй пахаджала па гаспадарству. З гаспадаром, таксама настаўнікам, мілым дабраком і працаўніком Іванам, з якім пражыла амаль пяцьдзесят гадоў, пра мінулае ёй гаварылася часцей і лепей, чым пра дзень пазаўчарашні, учарашні, сённяшні.

Дзівіла адно бабулю, моцна дзівіла - нечаканая відушчая празорнасць асобных яе сноў. Часам высвецяцца будучыя здарэнні - з трактарыстам, пры паездцы ўнучкі суседкі, падзенне ў яму Макаравага вяпручка, лясная аварыя ў хлопца з суседняй вёскі. Бывае сасніцца зусім няўклюдзіца, як сталася з васямнаццацігадовай Людкай дальніх знаёмцаў. Не хацела весялушка за багацьку і ўдальца замуж выходзіць, змусілі сквапныя да грошай бацькі, а цяпер адны гадуюць хлопчыка, ні дачкі ў іх ні зяця.

Здаралася Салавеіха выкажа ўсонне суседцы, баўтуха часта выпытвалася ў настаўніцы і дабрачачкі пра нязнанае, бывае без роспытаў што-нішто родзічам з увамроенага паведае, засцярогвала.

Як бы пожартам скажа, не разумее што да чаго, а потым прыязджаюць да яе, выдзякваюцца слоўна, цукеркамі, каўбасою, а то, па цяперашняй пустой завядзёнцы, тэлефонна выдобрываюцца.

Нэла Антонаўна з Іванам ўсё жыццё не проста настаўнічалі ў адным раёне, Лідскім - у адной школе. Яна ведала ўсіх у Дзітрыках, Чаплічах, Фалькавічах, Заборцах, яе ведалі - дзяды, бацькі школьнікаў, самі вучні, дзеці школьнікаў, унукі. Жанчына сама не абцямвала велізарнае шчасце ўласнага існавання - жыць і заўжды працаваць сярод блізкіх людзей, несці ўсім пастаянную лагоду і дабро, выслухоўваюць сталых і нашчадкаў, калі прыходзяць пагаварыць, а фактычна параіцца, радасніцца яднаннем з мілай, напралёт вядомай мясцовасцю, землякамі, птушкамі.

Бачыць рост любімых траў, хістанні дрэў, заўважаць іх пекнасць, чуць удзячныя перашэпты раслін, спрыяць месцічам, поўніцца цэльнасцю роднай вёскі Тарнова (Тарноўшчына), яе вуліц і хат, рэчкі Дзітва, Любарскага лесу, асабліва багатых на ягады і грыбы, ляскоў бліз Дзітрыкаў, Канюшанаў, Чарапоў - большай паўніны няма ў пенсіянеркі.

- Не выказвайся любому пра ўсоненае, - часам гаварыў Іван Іванавіч Салаўёў, засцерагаў жонку і сябе ад мажлівых непрыемнасцяў. У яго няма адной нагі, але мужнасці не траціць. Часам, як у маладосці, піша харошыя вершы.

Не кожны раскеміць сэнс павядомленага з начнога бачання настаўніцы, не кожны інтэлігентную слоўную засцярогу правільна ацэніць, сходу прыме ў глузды, затое бяздарная вясковая напаўвыпівошная цемра потым можа выкамарвацца пра начараванне, нанос.

Нэла Салавей разумела праўду дарагога Іванькі, абедзвюх дачок, траіх унукаў, асцярожніла з выказамі далёкім і блізкім суседзям, знаёмцам. Але надта блага пачувалася, калі магла хоць трошкі некага засцерагчы ад канкрэтнага жыццёвага сутыку, памагчы ні разу не бачаным Хведарку з Гародні, Ніне з Менска, Тарэзе з Ліды, магла і з'ніякавела, не абазвалася мясцовай радні маладзёнаў. Не засцерагла ад праблемаў і ўдараў людзей - знаёмых і незнаёмых, далёкіх і тарноўскіх - а цяпер у самой заходзіцца галава, падымаецца ціск.

Мясцовы фельчар, раённы доктар і лекары з хуткай дапамогі суцяшаюць сямідзесяцідзевяцігадовую настаўніцу - гэта ад узросту, нічога не бярыце да галавы, пройдзе - а яна сэрцам і галавою чуе тое ж, да чаго дапоўз у турбоццях вядомы ёй доктар Аляксей Бялько: не пра ўсё адчыненае табе небам варта кожнаму выказваць, лепей памоўчвацца, нават перад крэўнымі. Што для засцярогі блізкіх - не ўтойвай. Можаш - памажы, паможацца ўсім.

Здараецца неразгадка, камлыт, як было гэтай ночы.

...Старанец і памярковец, дырэктар іхняй Дзітрыкаўскай дзесяцігодкі Юльян Місюкевіч весела загаворвае з ёю. Ён у новенькім модным гарнітуры, бялюткай кашулі, пры яркім, чырвоным гальштуку. Распытваецца пра жыццё-быццё.

Слоў колькі пра зямных калег і адыйшлых - Мікалая Мікалаевіча Дзікевіча, Аляксея Андрэевіча Касцюкевіча, Валянціну Мікалаеўну і Леаніда Іосіфавіча Славінскіх, Генрыха Антонавіча Якімовіча, Вадзіма Ўладзіміравіча і Зінаіды Іванаўны Ліпскіх, Васіля Кузьміна.

- З Янкай вы цяпер блізка? Як пры жыцці?

Яніна Валяр'янаўна, памяркоўная працаўніца і ўсім саступнічка, поручнілася з мужам Юльянам доўгія гады, трыццаць тры гады ўдоўнічала, адна гадавала траіх дзяцей, увіхалася на працы, уласнай гаспадарцы, паўтара гады таму яна пакінула зямных і зямное.

- Тут яна, ведаю, - як бы раздумвае дырэктар Місюкевіч. - Неўзабаве запоручнімся зусім. Як з маім дзедам Купрэем.

- Не адразу з жонкай бачыцеся? - дзівіцца філолаг Салавей, выкладчыца беларускай, рускай і польскай моваў. - Сумессе не адразу ў сужонцаў?

- Не ўсім на зямлі сумеснасць даецца, тут таксама. Патрэбна заслужыць. Намі абаімі, тутэйшымі, і сямействам, зямным.

На могілках галосіць па нябожчыку вёска ці горад, люд зычыць яму хуткіх прыемных сустрэч з адыйшлым крэўствам, пасяброўствам. Заслезаваныя ўпэўненыя - памерлы злёту сустрэнецца з раднёй, прыяцельствам. Ажно Там не ўсё так проста, уцямваецца настаўніцы.

- Большасць тупых, асабліва клятвапераступнікі, самазабойцы, няправільныя суддзі і святары, падвучальнікі на забойства і самыя забойцы, неадчыняльнікі ведаў цёмнаму, сляпыя выканаўцы любога капрызу начальства... адразу трапляюць у пераплёты, на плаўкі, выпраўленні, а то і распаленыя патэльні. - Гукі цэдзяцца нязвычна павольненька. - Многія - у нераце няруху, ніякай пераплаўкі не заслугоўваюць, не адно трохсотгадовай.

- Ваш унук...

- ... Юльян. Шчаслівым будзе. - Суразмовец імгненна вычуйвае, узгадвае невыказанае жаноччынае "чаму", забытае ў асобных зямных вёсках, гарадках. - Названыя па дзеду, бабулі, іншых добрых родзічах нашчадкі дадаткова атрымліваюць дванаццаць-шаснаццаць працэнтаў памогі ад родных, жывых і нежывых. Стане дужэц багатым, на ўсё.

Хочацца Нэлі Салаўёвай болей распытацца пра Тамашні свет. Рашучы кароткі ўзмах Юльяна Місюкевіча - у жанчыны перацяла дых. Пашчасціла ўведацца з нязнаным - радуйся, не лезь сляпіцаю ў недадзенае.

- Юльян Іванавіч, пра мяне няма чаго пытаць, як вы Там?

Дырэктар Місюкевіч шчыра любіў школу, вучняў, спрыяў маладым педагогам, пажылых абараняў ад прытыраных вучнёўскіх бацькоў і зацыкленых райінспектараў. Перажываннямі за кожнага настаўніка і падзею знасіў уласнае сэрца, у пяцьдзясят сем гадоў пайшоў у лепшы свет, пазбавіў патрэбнай бацькоўскай увагі і клопату трох дачок. За трыццаць чатыры гады расстання з ім ніводзін жыхар Дзітрыкаў і вакольных вёсак, дарослы і малады, крыўдным словам не абазваўся пра настаўніка з вялікай літары, матэматыка Юльяна Іванавіча Місюкевіча.

Добразыцніцца твар задумлівага настаўніка.

- Можа я не тое пытаю, выбачце.

- Усё толкам.

Дзве роднасныя душы праменяцца ласкаю, прыязнасцю. Жанчына памкнулася працягнуць руку, мужчына воддальнуўся, засур'ёзнеў.

- Вам хоць Там добрыцца?

- Ніштавата.

Вочы на вочы, роспыт і ўтойванне, агонь на агонь.

- Такі ўрачысты вы, ёй жа Божачку. Не бачыла вас пры такім яркім гальштуку. - Імгненне думання. Тонкі розум жанчыны яскрава і хутка ацэньвае адбыванае. - У вас нейкі пераплаў. Не пярэчце, бачу, на пераход збіраецеся.

- Сам поўнасцю не асягаю. - У разумнага кіраўніка, бацькі і педагога словы рэдзяцца, іх як хто выцягвае. - Павінны перапоўз быць, падвышка, яно так.

Дарослы тупіца, недавучаны маладзён, нешалопны забойца па-зладзейску няраз падумваюць: здохну - і ўсё шыта-крыта, ні почуту ні кары. Памыляюцца, наймоцна памыляюцца. Свяшчэнны жах ахоплівае іх пасля першага сутыку з Тагасвеццем... хочуць выкрычвацца, засцерагаць зямных ад дурнога існавання на планеце Зямля, быдляцкага паводзінства, забароння навізны, у чым бы не праяўлялася. Не могуць.

Празорнай настаўніцы ўімгненілася асноўнае, Тут таксама меркі, паверхі, не ўсё проста, адналінейна. Адвечнай абаронкай слабых распарадзілася пачуццё дапамогі:

- Зямныя чым-кольвек долеюць вам пасобіць?

- Яшчэ як.

Абаіх працінаюць іскры таемнай неспасцігнай велізарнай ісціны, не асяганай у Прызямельстве. Жанчына не датумвае велічы ўбачанага; мужчына не хоча высакрэтніць, не можа.

- Кожны зямны адыйшламу можа памагчы?

Няма адказу. Прасцячка нанава выяквае пытанне. Вусны добраснага таварыша, гаваркога калегі і прынцыповага кіраўніка не расцінаюцца.

- А вы нам, зямным...

- Дапамагаю жывым. Па меры могі. Не ўсім. Хочным на зямлі шмат займець памагаецца не надта. Асабліва заграбальным адно пад сябе.

Сузіранні, сузіранні. Двое вобмельгам дальняцца.

- Не пытаеце пра сваіх. Хваліць іх трэба, і зяця.

- Ведаю.

- Усё?

- Немагчыма ўсё. Вычуйваецца збольшага. Дэталі немагчыма.

Імгненні вызвоньваюцца цішынёй. Як можа цішыня звінець, пры ўсёй цяперашняй высокай кемнасці жанчына не разумее.

- Дзе лепей - у нас ці Тут?

- Як каму. У вас усё па заслугах, ад поту і розуму, і Тут. Мы ў іншым сузор'і.

- Вам дзе лепей? - Двое ў стане такой духоўнай спеласці, калі разумеюцца без лішніх слоў. Зямная бачніца і даўно памерлы маглі перамаўляцца без слоў, адкрытае ім зараз змыснымі яшчэ не асягалася. Як і тое, што перамовы двух кропак двух сусветаў нездарэмныя, дазваляюцца выбраным. - Учынкі ацэньваюцца?

- Зробленыя і ... нязробленыя. Нароўні. Мог пастаноўчыць, падтрымаць змагара, своеасаблівасць, навізну, а збаяўся, прамарудзіў, завалакіціў - адказвай. Паніжэннем найперш.

Двое заўважна дальняцца. Нэла Салаўёва, колішняя здатная вышывальніца посцілак, сурвэтак і ручнікоў, танцорка і спявачка, каторая з Юльянам Місюкевічам і школьнымі артыстамі неаднойчы выступала з канцэртамі па Лідчыне, Іўеўшчыне, Смаргоньшчыне, Нэла Салаўёва спахоплена шэпча, не верыцца бабулі, ці пачуе яе растайвалая постаць:

- Што перадаць? Каму?

Аддаленне, невераемна трапяткое, някрыўднае.

- Нічога не казаць?

Былі словы, не было слоў - неістотна, колішні завуч школы Нэла Антонаўна Салаўёва ўясніла адказ дабрака і просьбітніка, так-так, у яго была жывая просьба. Казанае і ўбачанае, перажытае яна абавязана данесці родным Юльяна Іванавіча, дакумекаюць тыя, пра што невыказна малілі ўсе кропкі існасці адыйшлага - падвысяць яго Там, палепшаць існаванне, паскораць новы пераход, узвышэнне.

Жанчыне не асягалася, чаму ўсё ўбачылася ёй, каляжанцы Юльяна Іванавіча, а не ягонай радні.

Дзён колькі сама і з дапамогаю мужа, дарагога Івана Іванавіча жанчына раздумвала. Выдаваць каму ўласны лёт у Той свет, сустрэчу з Юльянам Іванавічам Місюкевічам ці не. Здурнелаю хто-ніхто можа палічыць. Неўзабаве само ўяснілася рашэнне. Пры найпершай зручнасці шчыра і адкрыта выказала ўсё старэйшай дачцы дырэктара. Тлуміцца над загадкамі Там бачанага і казанага, дадуманага Нэла Салаўёва адна не стане, у Місюкевіча ёсць дочкі, унукі, зяці, няхай распетрываюцца і яны. А мо' і да землякоў што дойдзе з неасяжных глыбіняў Тагасвецця.

Струна зазвініць, зазвініць - не супыніць гук нікому.

Бывае цёмныя і неразвітыя, выпівохныя і лаяншчыкі плёва думаюць пра Тагасветнасць. Памру і канцы з канцом, усё хакей, кары за пустое існаванне няма, не будзе. Памыляюцца, вышэптвае настаўніца Салаўёва. Ах як памыляюцца. Тагасвецце ў параўнанні з планетаю Зямля - воды і палеткі, горы, лясы і паветра - што планета Зямля ў параўнанні з жаночым лонам. Адзін да аднаго. Ёсць пра што мысліць істоце, калі ёсць глузды.

Валер Санько. P.S. Першага снежня, на жаль, гераіня пайшла ў лепшы свет.


Магія мовы! Магія слова!

Якое глыбокае пранікнёнае азначэнне! Магія слова, магія мовы існуе ў розных праявах. Адна з іх - здольнасць захоўваць эмацыйную моц душы творцы праз сотні і тысячы гадоў. Для прыкладу згадаем Багушэвічаву Прадмову да "Дудкі Беларускай". Калі яна пісалася больш за сто гадоў таму, але слова яе кранаюць душу і зараз кожнага: "Братцы мілыя, дзеці Зямлі-Маткі маёй. Вам ахвяруючы працу сваю, мушу пагаварыць з вамі трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды не адны мы, а ўсе людзі цёмныя "мужыцкай" завуць, а завецца яна беларускаю..."

Магія мовы! Магія слова яшчэ і ў яго таямнічасці, яго гістарычнасці, загадкавасці...

У нашым мястэчку, калі нехта вярзе розную лухту, кажуць: "Гэта такая праўда, як смаленая сава ў Кіеў лятала...".

Некалі, думаецца, даўным-даўно існавала якоесь паданне пра якуюсь саву, што ў Кіеў лятала, але паданне тое забылася, а помаўка пра яе жыве. Яна з тых часоў, калі Кіеў быў сталіцаю славянства, калі язык усіх да Кіева даводзіў. Нават совы чагось ляталі ў той Кіеў, але наша сава не абыякая, а смаленая. То як яна, смаленая, магла ў той Кіеў лятаць? Але ж нейкая сава даўней усё-такі ж лятала. Дыму ж без агню не бывае. Але чаму сава, а не нейкая варона? Пэўна таму, што сава - увасоб мудрасці. Гэта сімвал узмацаваўся за савой на векі вечныя.

Даўней у нашым мястэчку часта можна было пачуць і такое: калі нехта казаў, што ён з Гомеля ці з-пад Гомеля, то таго пыталіся:

- А за Гомелем людзі ё?

- Ё! - казаў той. - Толькі ўсе дро-о-о-бненькія!

Помаўка гэтая, думаецца, ідзе таксама з даўніх часаў - з часоў Княства Літоўскага, калі дзесь за Гомлем заканчвалася мяжа Княства Літоўскага - ВКЛ, і пачыналася мяжа Княства Маскоўскага. То пра жыхароў гэтага Княства ў беларусаў было такое ўяўленне: за Гомлем людзі ё, але ўсе дро-о-о-обненькія!

"Калі здурнеў, дык едзь у Магілеў," - гэтак казалі кожнаму ў нас, чые выхадкі былі несуладныя з правіламі чалавечых паводзінаў. Заўважце, не ў Магілёў, як мы зараз кажам, а ў Магілеў, што якраз адпавядае паданню пра магілу льва. Але чаму, калі здурнеў - дык у Магілеў?

Кажуць, што ў Магілёве-Магілеве з даўніх часаў была лячэбніца для псіхічна хворых людзей. А наша мястэчка якраз калісь уваходзіла ў Магілёўскую губерню. То згаданую помаўку ведала і маё пакаленне, хоць мы ўжо лічыліся Гомельшчынай, старыя людзі паказвалі мне пры нагодзе колішнюю мяжу Магілёўскай губерні. Яна была кіламетры за два ад нашага мястэчка, пад Дуброву. I была пазначана неглыбокай канаўкай, абсаджанай розным кустоўем алешніку, арэшніку ды іншым дробналессем.

Неяк я пацікавіўся ў мамы: ці добры я чалавек? Ці добры ў мяне характар? На мае пытанні мама гарэзліва сказала: "А нічога! Добры, добры!.. Натурка, як у турка."

У слове, у мове закладзены магутныя дыпламатычныя рэсурсы. Згадваецца дыялог, пачуты ў Багушэвічавых Кушлянах. Адзін вернік пытаецца у другога:

- Ты каталік?

- Але, але - каталік, - адказвае другі. - Каталік... Але адзін толькі лік - пацеры не ўмею.

Уладзімір Содаль.


Першая беларуская школа на Лідчыне

Напярэдадні знакавага 100-годдзя

Першая беларуская школа ў зоне Обер-Ост была адкрыта 13 лістапада 1915 г. у Вільні на Юр'еўскай вуліцы, дзякуючы намаганням нашай зямлячкі А. Пашкевіч (Цёткі) і Б. Пачобкі.


Немцы увайшлі у Ліду 22 верасня 1915 г.


На пачатку сакавіка 1916 г. газета "Гоман" паведаміла, што нямецкі галоўнакамандуючы Ўсходнім фронтам Гіндэнбург выдаў загад аб уладкаванні школ. Сярод іншага ў гэтым загадзе гаворыцца: "Беларуская мова, як адменная ад расейскай, дапускаецца да ўжытку без ніякіх перашкод". Аб навуцы рэлігіі сказана, што "яна павінна выкладацца ў матчынай мове вучняў, - значыць, у тэй мове, у якой бацькі гавораць з дзецьмі". Акупацыйныя ўлады прынялі рашэнне адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы, дзе на некалькіх месячных курсах павінны былі атрымаць падрыхтоўку новыя кадры.

Першай беларускай школай на Лідчыне была школа ў вёсцы Збляны. У 1914 г. у Зблянах згарэў будынак старой школы. Да пачатку Першай сусветнай вайны сяляне атрымалі страхоўку за згарэўшую школу і купілі будаўнічыя матэрыялы. Пры канцы 1915 г. новая школа была пабудавана, і вяскоўцы, ужо пад нямецкай акупацыяй, скарыстаўшыся са свайго права, адчынілі ў сябе беларускую школу. Беларуская школа існавала тут да сярэдзіны 1920-х гадоў.

У 1923 г. дзейнасць найстарэйшай на Лідчыне беларускай школы ў Зблянах была прыпынена, газета "Наш Сцяг" 13 чэрвеня 1923 паведамляла са Зблянаў: "Усе нашыя людзі былі рады, што дзеці неяк шыбка навучаліся і чытаць і арытмэтыкі. Але хутка здарылася няшчасьце: нашага вучыцеля інспэктар Лідскага павету, пан Вайтовіч прымусіў паехаць на польскія курсы ў Кракаў, а другога вучыцеля-беларуса на яго месца не прызначыў, і замёрла наша беларуская школа".

Вясной 1925 г. жыхары вёскі Збляны падпісалі да павятовага школьнага інспектара дэкларацыю за беларускую школу а потым, не гледзячы на ціск, дружна патрабавалі свайго. Тады ўлады вырашылі перанесці будынак Зблянскай школы ў Беліцу. Сяляне, высілкамі якіх гэтая школа будавалася, пісалі пратэсты ў Міністэрства Асветы і да мясцовых уладаў. Аднак адказу не атрымалі. У лютым 1926 г. "ад староства прыехалі тэхнікі ўжо разьбіраць гэты будынак. На дамаганьне кіраўнікоў разбору, каб сяляне далі рабочых і падводы, усе жыхары в. Збляны катэгарычна адмовіліся і на сходзе вырашылі зрабіць яшчэ адпаведныя крокі, каб уратаваць з такім трудом збудаваную іхнімі рукамі для сваіх дзетак школу, для чаго праз дэлегацыю зьвярнуліся да Пасольскага Клюбу Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады аб атрыманьні іх дамаганьняў" (Беларуская Ніва № 15 (28), 24 лютага 1926.).

Па справе школы дэлегацыя зблянскіх сялян адмыслова сустрэлася ў Вільні з беларускім паслом у Сейм Сымонам Рак-Міхайлоўскім, які як раз у гэты час лячыўся ў Вільні. Рак-Міхайлоўскі, не могучы асабіста выехаць у Варшаву, 17.01. 1926 г. даслаў тэлеграмы ў Міністэрствы Асветы і Ўнутраных спраў гэткага зместу:

"Назначаны праз Лідзскага Старасту супраць волі гміннай рады войт Беліцкай гміны Вадэйка пад намовамі ксяндза з фальварку Няцеча проці волі ўсяе люднаьсці пераносіць з дазволу Старасты школьны будынак, збудаваны мяйсцовай люднасьцю з вёскі Збляны да мястэчка Беліца Лідзкага павету. Пратэстуючы проці бяспраўя і пагвалчаньня правоў беларускай люднасьці, прашу аб безадкладным затрыманні разборкі будынку да часу належнага вырашэння гэтае справы паводле скаргі сялян вёскі Збляны, перасланай Беларускім Клюбам да Міністэрства Асьветы ў красавіку леташняга году.

Рак-Міхайлоўскі, дэпутат" (Беларуская Ніва № 17 (30), 27 лютага 1926.).


Але перамагчы дзяржаўную машыну зблянскія сяляне разам з беларускай інтэлігенцыяй не змаглі.


13 лістапада 1925 г. па ўсёй Заходняй Беларусі беларуская грамадскасць святкавала 10-я ўгодкі існавання беларускай школы (Жыццё Беларуса, № 18, 7 лістапада 1925.).

А нам трэба рыхтавацца да 100-гадовага юбілею.

Леанід Лаўрэш.


Шэдэўры сусветнай паэзіі са сцэны і па-беларуску

Нядаўна на базе Гарадзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці прайшоў абласны агляд-конкурс выканаўцаў размоўнага жанру. Сярод яго ўдзельнікаў былі і артысты народнага драматычнага тэатра Лідскага раённага Палаца культуры (рэжысёр тэатра - Ірына Сільчанка).

Канкурсанты падрыхтавалі да выканання паэтычныя альбо празаічныя творы. У ліку крытэрыяў ацэнкі іх выступленняў былі сцэнічная культура і культура мовы, арыгінальнасць манеры выканання, артыстызм.

Па выніках агляду-конкурсу ў намінацыі "Паэзія, інсцэніроўка паэтычнага твора" некалькі дыпломаў дасталіся лідскім выканаўцам размоўнага жанру. Так, мастак-пастаноўшчык народнага драматычнага тэатра Лідскага РПК Алег Лазоўскі прадставіў на суд журы паэтычна-музычную кампазіцыю "Гэта каханне…" па вершах У. Маякоўскага і Ж. Прэвера, дарэчы, ва ўласным перакладзе на беларускую мову (упершыню) і атрымаў дыплом II ступені. Удзельнік гэтага ж тэатра Алег Макаранкаў уганараваны дыпломам за выкананне "Прысвячэння" Поля Верлена (у перакладзе Эліса) з кнігі "Сатурнічныя паэмы". Алена Шведава, якая прадстаўляла гэты ж калектыў, атрымала дыплом III ступені за інсцэніроўку ўрыўка з паэмы I. Гётэ "Фаўст" - "Маргарыта".

Трэба адзначыць, што Алег Лазоўскі, які даўно працуе ў народным драматычным тэатры, ужо атрымліваў дыплом II ступені ў папярэднім аналагічным конкурсе. Алег Макаранкаў і Алена Шведава ў тэатры толькі другі сезон, але ўжо дабіліся, як бачым, пэўных поспехаў на сцэне.

Удзел у абласным аглядзе-конкурсе садзейнічаў мастацкаму развіццю артыстаў тэатра, павышэнню іх сцэнічнай культуры і выканальніцкага майстэрства. А артысты-пачаткоўцы яшчэ і набылі пэўны досвед выступлення на сцэне, шмат чаму навучыліся ў іншых удзельнікаў конкурсу.

У заканчэнне хочацца дадаць, што народны драматычны тэатр Лідскага раённага Палаца культуры заўсёды рады новым удзельнікам - моладзі, людзям сярэдняга і пажылога ўзросту - і запрашае іх у свой дружны творчы калектыў.

Аляксандр Мацулевіч. Жак Прэвер


ГЭТА КАХАННЕ

Гэта каханне,

Яно апантана,

Яно далікатна,

І вельмі пяшчотна...


Гэта каханне

Добрае надта,

Вельмі бязмежнае ,

Як небасхіл,

І такое благое,

Як быццам надвор'е,

Як дрэнным бывае яно...


Гэта каханне такое адданае

Вельмі прыгожае

радасным днём,

Гэта каханне такое няшчаснае,

Як заблукалае ў глуш малянё,

І стрыманае,

Быццам воін,

Якога нішто не страшыць...


Гэта каханне,

Што страх выклікала ,

І раптам змушала

ўраз гаварыць,

І таксама таміцца ад смутку.


Каханне не мае адказу,

За тое, што мы прамаўчалі...

Каханне такое, як ёсць.

І ў рэшце і на пачатку,

Вечна жывое,

Заўсёды наноў

Тваё яно цалкам,

Маё без астатку

І таго, каго нават не ведае свет,

І ўсіх тых,

што былі на многа раней.


Як быццам расліна праўдзівае,

Як птушка трапеча яно,

Пылае, як лета спякотнае,

І разам мы можам ісці

І вярнуцца,

Заснуць і прачнуцца,

Забыцца і ўраз пастарэць

Вочы заплюшчыць,

забыцца пра сонца...

І зноўку заснуць,

І марыць пра смерць,

І прачнуцца ізноў,

І смяяцца наноў.


І толькі каханне!

Упартае, быццам асліца,

І палкае, быццам жаданне,

І жорсткае, роўна, як памяць,

І путавумнае, як пакаянне,

Халоднае, быццам мармур,

Прыгожае, ранку падобнае,

Цудам, пяшчотаю,

Хісткае, крохкае

З намі бязмоўна гаворыць яно,

І ў нашыя вочы

з усмешкай глядзіць.


І, у трымценні захоплены,

Я адчуваю,

Я моцна крычу,

Я крычу пра цябе,

Пра сябе,

Я малю, у кахання!

За цябе, за сябе,

і за тых, хто кахаў,

За астатніх усіх.

Я крычу:

- Ты застанься!

Будзь там, дзе ты ёсць,

І там, дзе раней ты было.

Я малю, ты застанься,

Не рухайся, не адыходзь!


Мы тыя, хто ведаў цябе,

І ўсе тыя, хто здолеў забыцца,

Але ты ў пустэчы

нас не пакінь!

Адно, ты на гэтай зямлі,

што мы маем!

Не дай нам у сцюжы

агеньчык згубіць,

З кожным днём

адыходзячы ў далеч.


Знак падай нам,

Усмешкай зірні

Ўсяроўна адкуль,

І потым

Сярод зарасцяў памяці

Ў цёмнай гушчэчы яе

Раптам з'явіся,

Схіліся над намі,

Нам руку сваю працягні

І нас уратуй.

У. Маякоўскі


НЕ СКОНЧАНАЕ

(адрывак)

Кахае? Не кахае? Я рукі ламаю

і пальцы раскідваю прэч

разламаўшы,

так рвуць загадаўшы,

пускаючы ў траўні

венцы сустрэчных рамонкаў.


Вось і другая,

І мусіць ты ў ложку,

А мо' і з табою такое,

Але я не рвуся,

і праз тэлеграфы

не бачу ў тым сэнсу

будзіць непакоіць.


Мора сыходзіць назад,

Мора ідзе на спачын,

Вынік, як кажуць, "без пробы"

Човен кахання

разбіўся аб побыт.

З табою мы квітыя,

Спіс не дарэчы

Ліха ўзаемнага

Боляў ды крыўд.


Няхай сівізну адно

стрыжка шукае,

Хай срэбра

гадоў павызвоньвае цьма,

Спадзеў маю, веру -

давеку не прыйдзе

Ка мне пустазелле

ганебных разваг.


Паэтычна-музычная кампазіцыя "ГЭТА КАХАННЕ..." па вершах - Ж. Прэвера "Гэта каханне", У. Маякоўскага "Не скончанае" выконваецца на музычным фоне - Fabrizio Paterlini "Nuovi orizzonti", George Winstot "Peace". Рыхтавала Алега Лазоўскага да конкурсу Г.М. Суліма.

На здымку А. Лазоўскі.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX