Вярнуцца: 2015

№ 03 (1206)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 3 (1206), 21 студзеня 2014 г.


25 гадоў таму назад 26 студзеня 1990 года прыняты "Закон аб мовах у Беларускай ССР"

25 гадоў Коласаўскаму ліцэю

15 студзеня 1990 года ў Беларусі паўстала ўнікальная навучальная ўстанова - Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа.

У 2003 годзе ліцэй страціў свой афіцыйны статус, але пазнавальнасць брэнду "Коласаўскі ліцэй" захавалася. Атрымаўшы адукацыю ў падполлі, ліцэісты паспяхова паступаюць у ВНУ ў Беларусі і за яе межамі.

Як яго заснавальнікі выстаялі ўжо 25 гадоў, Радыё Свабода распавёў дырэктар ліцэя Ўладзімір Колас.

- Шчыра кажучы, я і сам задаю сабе гэтае пытанне. І адказваць на яго мне нават страшна. Выстаяў таму, што гэта трэба не асабіста спадару Коласу, а значна большай колькасці людзей - краіне, народу і дзяржаве. Таму што тыя ідэі і каштоўнасці, якія мы мелі падчас стварэння ліцэя, знаходзілі водгук шмат у каго. Прычым не толькі сярод апазіцыі, але і сярод наменклатуры і супрацоўнікаў савецкіх уладных структураў. Гэтыя праблемы і пытанні застаюцца актуальнымі і сёння, што і прымушае нас рабіць сваю справу. А галоўнае для нас - рабіць ліцэй пры любых умовах. Незалежна ад таго, ці мы на Кірава, 21, ці ў іншых месцах.

- Вы кажаце, што ліцэй патрэбны дзяржаве. Дык чаму дзяржава афіцыйна не прызнаецца ў гэтым і не верне ліцэю статус?

- Гэта пытанне да дзяржавы. Існуе аб'ектыўная каньюнктура - і гэта праблема не толькі наша, гэта агульнача-лавечая праблема. Цяпер не вельмі выгадна абазначаць прыхільнасць да каштоўнасцяў, на якіх стаіць ліцэй, - да беларускай мовы і нацыянальнай тоеснасці. Цяпер, калі дзяржавай узяты курс на здабыванне рэсурсаў і крэдытаў з Расеі, кіраўніцтва якой займае выразна імперскія пазіцыі, ідэалы ліцэя не сустракаюць разумення і падтрымкі. Але на нашым вяку мы перажылі шмат самых фантастычных пераменаў. Няма нічога вечнага. Сітуацыя мяняецца, а вечнымі могуць быць толькі маральныя, культурныя, гістарычныя каштоўнасці. Я лічу, што нашы каштоўнасці ўрэшце перамогуць. Мы на гэтым павінны стаяць.

- Коласаўскі ліцэй - пазнавальны брэнд. У першую чаргу дзякуючы выбітным асобам выкладчыкаў.

- Ліцэй быў брэндам ад самага пачатку. І цяпер застаецца вядомым брэндам. Нашай мэтай заўсёды было даказаць, што беларуская адукацыя можа быць самай прэстыжнай, перадавой і перспектыўнай, а Беларусь - гэта не этнаграфічнае калгаснае гета, якое не дае аніякіх шанцаў у жыцці. Мы гэтага дасягнулі. І дасягнуць гэтага было не так і складана, бо вельмі сур'ёзныя людзі сабраліся пад нашы харугвы. Ідэя ліцэя прыцягвае людзей, знаходзіць водгук. І цяпер мы можам разлічваць на любую выбітную асобу ў краіне ў якасці запрошанага лектара. Такія людзі з задавальненнем да нас прыходзяць. Зразумела, што гэта мае вельмі вялікі ўплыў на развіццё ліцэістаў, бо яны маюць эксклюзіўныя магчымасці ў параўнанні са школьнымі вучнямі. Мы - эксклюзіў, мы - далёка не стандартныя. Хоць наша мэта цяпер - зрабіць ліцэй шараговай навучальнай установай, якая не мімікрыруе пад асяроддзе, а наадварот - падымае навакольны свет да ліцэйскага ўзроўню.

Радыё Свабода.


Шаноўныя чытачы "Нашага слова"!

Просім не хвалявацца з-за некаторай затрымкі ў дастаўцы газеты па падпісцы. Справа ў тым, што Лідская друкарня перанесла друк "Нашага слова" з вечара панядзелка на раніцу аўторка. Якая і дзе з-за гэтага атрымаецца затрымка, мы пакуль не ведаем.

Днём выхаду застаецца серада.


110 гадоў з дня нараджэння Алеся Пальчэўскага

Алесь ПАЛЬЧЭЎСКІ нарадзіўся 16.01.1905 г. у вёсцы Прусінава Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Скончыў педагагічны факультэт (творчы цыкл) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1931). Працаваў адказным сакратаром рэдакцыі часопіса "Кааперацыя БССР", у 1931-1936 гг. - у рэдакцыі часопіса "Іскры Ільіча". 26.11.1936 г. рэпрэсаваны. 01.10.1937 г. прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі. У 1937-1946 гг. працаваў лесарубам у Горкаўскай вобласці. У 1946 г. вярнуўся на Беларусь, выкладаў мову і літаратуру ў Пухавіцкай, Рудзенскай сярэдніх школах. У 1948 г. быў зноў асуджаны да высылкі (на пасяленне). Жыў у Краснаярскім краі, працаваў цесляром (1948-1955). Рэабілітаваны 18.12.1954 г. У 1955-1957 гг. працаваў у газеце "Зорька", рэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР, з 1957 г. - літсупрацоўнікам, У 1961-1971 гг. - адказным сакратаром рэдакцыі часопіса "Вясёлка". Сябра СП СССР з 1956 г. Узнагароджаны медалём.

Памёр 26.04.1979 г.


Першыя вершы і апавяданні надрукаваў у 1925 г. Аўтар п'ес "З чырвоным сцягам" (1932), "Зломаная іголка" (1934), "Суседка" (Беласток, 1956), зборнікаў апавяданняў і аповесцей "Родныя берагі" (1958), "Жнівеньская раніца" (1963), "Разбітае люстэрка" (1965), "Былі ў маці сыны" (1968), "Запознены пасаг" (1973), "Ноч на вахце" (1979). Для дзяцей выдаў кніжкі "Беражанкі" (1958), "Ты не адзін" (1960), "Аля і Галя" (1961), "Дым над лесам" (1964), "Данеўцы - нашы знаёмыя" (1965), "Таемная крушня" (1969), "Тайна аднаго звяна" (1971), "Аднавокі сом" (1974), "Сцежкі" (1977). У 1966 г. выйшла кніга выбраных твораў "Мора на камені", у 1975 і ў 1980 г. - Выбраныя творы ў 2 тамах.

Пераклаў на беларускую мову раман П.Данжашвілі "На Алазані" (з Т. Цулукідзэ, 1959), асобныя творы расейскіх, украінскіх і грузінскіх пісьменнікаў.

Вікіпедыя.


125 гадоў з дня нараджэння Пётры Простага

Ільдэфонс БОБІЧ (пс. Пётра Просты; 10 студзеня 1890, в. Дзедзінцы, Друя - 28 красавіка 1944, Іўе) - каталіцкі святар, пісьменнік, прыхільнік беларускай мовы ў касцёле. Вядомы ў літаратуры як Пётра Просты, адзін з пачынальнікаў беларускага руху ў пачатку ХХ ст. Навучаўся ў Ковенскай гімназыі, якую скончыў у 1909 годзе. Пад час навучання далучыўся да беларускага руху, пачаў пісаць на беларускай мове. Першае апавяданне "Слёзы" было надрукаванае 25 студзеня 1907 года ў газеце "Наша ніва". Па сканчэнні гімназіі ў 1909 годзе паступіў у Віленскую духоўную семінарыю. Пасля яе сканчэння накіраваны ў Рым, дзе вучыўся з 1911 па 1913 год.

Атрымаў дабраславенне Папы Рымскага Пія Х для ўсяго беларускага народа, а таксама для выдання беларускай каталіцкай газеты "Беларус" ("Bielarus"), што выходзіла ў Вільні з 1913 па 1915 г. 27 ліпеня 1915 года Ільдэфонс Бобіч атрымаў святарскае пасвячэнне. Працаваў у Ідольце. Адам Станкевіч згадвае Бобіча ў кнізе "Родная мова ў святынях", што той карыстаецца беларускай мовай пад час набажэнстваў.

З 1920 году ксёндз служыў вікарыем кафедральнага касцёла ў Вільні. Выкладаў у Віленскай духоўнай семінарыі.

Прымаў удзел у з'ездзе беларускага каталіцкага духавенства. Выступіў з рэфератам пра беларускае рэлігійнае выдавецтва.

У 1923 годзе ксяндза Бобіча прызначылі пробашчам у Германавічы на Дзісеншчыне. У 1930 годзе - пробашч Петрапаўлаўскага касцёла ў Іўі. Адначасова пробашч і дэкан Вішнеўскага дэканату. Супрацоўнічаў з беларускім часопісам "Крыніца".

У 1942 годзе арыштаваны немцамі, утрымліваўся нейкі час у вязніцы. Неўзабаве пасля таго, як быў выпушчаны з вязніцы ў 1944 годзе, памёр. Пахаваны каля Петрапаўлаўскага касцёла.

Вікіпедыя.


Моўнае заканадаўства Уэльса

Частка 1. Закон аб валійскай мове

На апошім з'ездзе ТБМ было абвешчана пра намер пачаць працу па арганізацыі збору подпісаў за разгляд адпаведнымі ўладнымі структурамі праекта "Закона аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы". Пакуль што паважанае спадарства можа азнаёміцца з праектам "Закона", які размешчаны на сайце ТБМ / Раздзел ЗАКАНАДАЎСТВА / Рэалізацыя законапраектаў (tbm-mova.by/laws2.html). Калі ласка, дасылайце свае прапановы па ўдасканаленні законапраекта ў ТБМ.

Каб вам было з чым яго параўнаць, сайт ТБМ і "Наша слова" ўжо змясцілі некалькі артыкулаў з аналізам замежных нацыянальных і міжнародных заканадаўчых актаў, датычных моваў. З іх можна запазычыць пэўныя юрыдычныя рашэнні для ўдасканалення нашага законапраекта. Гэты артыкул працягвае дадзеную серыю матэрыялаў і прапануе чытачу агляд новага Закона аб валійскай мове .

Валійская мова - адна з кельцкіх моў. Хаця доўгі час яна была роднай для большасці жыхароў Уэльса, сёння гэта мінарытарная мова, якой у той ці іншай ступені валодае 27% ад 3,1 мільённага насельніцтва гэтай часткі Брытаніі. 19% жыхароў Уэльса могуць размаўляць на ёй.

Уэльс

У 1993 годзе ў Уэльсе быў прыняты Закон аб валійскай мове, які больш-менш нагадваў Закон аб гэльскай мове, які сёння дзейнічае ў Шатландыі ("Наша слова" № 20 ад 14 траўня 2014 года). Закон замацоўваў заснаванне Рады валійскай мовы , якая павінна была займацца пашырэннем выкарыстання мовы і забяспечваць роўныя магчымасці для выкарыстання валійскай і англійскай моў. Яшчэ адной функцыяй рады была дапамога дзяржаўным арганізацыям у стварэнні схем (планаў) па ўжыванні валійскай мовы ў сферах сваёй дзейнасці, а так-сама кантроль адпаведнасці дзейнасці арганізацый гэтым схемам. Валійскі закон абвяшчаў, што "ў ажыццяўленні дзяржаўных спраў і ў справах правасуддзя да валійскай і англійскай моваў трэба ставіцца на аснове прынцыпа роўнасці, калі гэта будзе разумна і практычна прымяніма" .

Але ў 2011 годзе ў Уэльсе быў прыняты новы Закон аб валійскай мове. Паводле яго, у прыватнасці, заміж Рады засноўваецца пасада Камісара па валійскай мове . Заміж схем па выкарыстанні мовы будуць выкарыстоўвацца адмысловыя стандарты, якім павінна будзе адпавядаць дзейнасць шэрагу арганізацый.

Закон надае валійскай мове дзяржаўны статус. У валійскім законе маецца палажэнне пра тое, што менавіта ў гэтым дакуменце надаецца валійскай мове гэты статус. У прыватнасці, гэта ўступленне ў моц наступных палажэнняў:

- абавязак пэўных устаноў выкарыстоўваць валійскую мову і права валійскамоўных грамадзян ужываць гэтую мову ў зносінах з гэтымі арганізацыямі;

- ва Уэльсе стаўленне да валійскай мовы мусіць быць не менш спрыяльным, чым да англійскай;

- спрыянне выкарыстанню валійскай мовы;

- наданне роўнага статусу тэкстам законаў на валійскай і англійскай мовах;

- абавязак валійскага ўраду распрацаваць стратэгію прамоцыі і развіцця мовы;

- стварэнне стандартаў выкарыстання мовы і накладанне абавязку адпавядаць ім на шэраг арганізацый і г.д.


Паводле закона ўрад Уэльса павінен на кожны наступны год распрацоўваць уласны план дзеянняў у дачыненні да валійскай мовы. Урад павінен заснаваць дарадчы орган па валійскай мове - Партнёрскую раду .

Камісар па валійскай мове

Першы міністр валійскага ўраду прызначае камісара па валійскай мове тэрмінам на 7 год. Камісар мае падначаленых. Галоўная мэта камісара - спрыяць і падтрымліваць выкарыстанне валійскай мовы. Камісар павінен працаваць у накірунку павялічэння выкарыстання гэтай мовы пры аказанні паслуг і павялічэння іншых магчымасцяў для выкарыстання мовы. Камісар працуе і дзеля таго, каб стаўленне да валійскій мовы было не менш спрыяльным, чым да англійскай.

Для ажыццяўлення мэтаў, як фармулюе закон, камісар можа рабіць усё, што палічыць патрэбным. У прыватнасці, камісар можа спрыяць з'яўленню магчымасцяў па выкарыстанні валійскай мовы, праводзіць і замаўляць правядзенне даследаванняў, даваць пісьмовыя рэкамендацыі кабінету міністраў, ажыццяўляць юрыдычную падтрымку грамадзян, распачынаць і ўмешвацца ў судовыя разбіральніцтвы ў Англіі і Ўэльсе і іншае. У дапамогу камісару прызначаецца Дарадчы камітэт .

Трэба сказаць, што ў нашым законапрекце маецца альтэрнатыва такому камісару - гэта Дэпартамент беларускай мовы пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь , які мае вельмі шырокія паўнамоцтвы. Старшыня Дэпартамента беларускай мовы прызначаецца Ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, чым падкрэсліваецца яго высокі статус і незалежнасць ад іншых галін улады.

Стандарты

Гэтая частка закона, магчыма, не мае аналагаў у сусветнай практыцы. Як адзначаецца на сайце камісара, пераход ад моўных схем да стандартаў абумоўлены наступнымі прычынамі:

- яны больш уцямныя для арганізацый, якія павінны ажыццяўляць паслугі на валійскай мове;

- яны таксама больш уцямна тлумачаць валійскамоўным, якія паслугі яны могуць атрымаць па-валійску;

- камісару будзе лягчэй кантраляваць адпаведнасць дзейнасці арганізацыі гэтым патрабаванням;

- яны забяспечваюць роўную нагрузку на розныя арганізацыі, якія аказваюць паслугі на валійскай мове і г.д.

Стандарты ўяўляюць сабой набор правілаў, што рэгламентуюць выкарыстанне валійскай мовы арганізацыямі. Самі тэксты стандартаў у законе не прапісаныя - яны павінны распрацоўвацца ўрадам Уэльса асобна для канкрэтных арганізацый.

Першы набор стандартаў выйшаў у пачатку лістапада 2014 года. Ён распаўсюджваецца толькі на ўрад Уэльса, рады графстваў і буйных гарадоў, а таксама адміністрацыі нацыянальных паркаў. Чакаецца, што гэтыя стандарты набудуць моц закона ў 2015 годзе. Набор уключае 179 стандартаў, якія мы больш падрабязна разгледзім у другой частцы нашага артыкула, таму тут будуць прыведзеныя толькі асобныя прыклады.

Трэба адзначыць, што прадстаўнікі партыі, якая імкнецца да незалежнасці Уэльса, крытыкуюць урад за тое, што стандарты былі распрацаваны для такой невялікай колькасці арганізацый, хаця часу на іх распрацоўку было дадзена шмат. Урад абяцае распрацаваць новыя наборы стандартаў як мага хутчэй.

Закон вылучае пяць відаў стандартаў:

а) аказання паслуг;

б) вызначэння палітыкі;

в) аперацыянальныя;

г) спрыяння распаўсюду мовы;

д) вядзення ўліку.

Стандарты аказання паслуг павінны спрыяць выкарыстанню валійскай мовы ці быць накіраванымі на тое, каб стаўленне да яе ў працэсе аказання паслуг кліентам было не менш спрыяльным, чым да англійскай.

Напрыклад, Стандарт 3 сфармуляваны наступным чынам:

Калі вы ўпершыню дасылаеце ліст двум чалавекам, якія пражываюць сумесна (напрыклад, бацькам аднаго дзіцяці), вы павінны даведацца ў іх, ці жадаюць яны атрымліваць ад вас лісты па-валійску; і калі

а) абодва яны адказваюць, што жадалі б гэтага, вы павінны занатаваць гэтае іх жаданне і ад гэтага часу ліставацца з імі па-валійску;

б) адзін (але не абодва) з гэтых людзей адказвае, што хацеў бы атрымліваць вашу карэспандэнцыю па-валійску, вы павінны занатаваць гэтае жаданне і забяспечыць наяўнасць валійскай версіі той карэспандэнцыі, якую ім дасылаеце.


Відавочна актуальнасць такіх стандартаў - асабліва заканадаўча замацаваных - для Беларусі. Нават калі гэта ідэя не будзе ўвасоблена ў законе, варта падумаць над іншымі варыянтамі яе ўжывання, напрыклад, для распрацоўкі нейкага "этычнага кодэксу выкарыстання беларускай мовы" дзяржаўнымі арганізацыямі і не толькі імі.


Стандарты вызначэння палітыкі павінны прывесці да наступных вынікаў.

1. Асоба, адказная за прыняцце рашэнняў па палітыцы арганізацыі, павінна ўлічваць, які ўплыў акажуць гэтыя рашэнні на

а) магчымасць выкарыстання валійскай мовы іншымі людзьмі;

б) тое, каб стаўленне да валійскай мовы было не менш спрыяльным, чым да англійскай.

2. Асоба, адказная за прыняцце рашэнняў па палітыцы арганізацыі, павінна прадумваць, як прыняць такія рашэнні, каб яны станоўча адбіваліся ці забяспечвалі прагрэс у галіне

а) магчымасцяў выкарыстання валійскай мовы іншымі людзьмі;

б) стаўлення да валійскай мовы не менш спрыяльна, чым да англійскай.

3. Асоба, адказная за прыняцце рашэнняў па палітыцы арганізацыі, павінна прадумваць, як прыняць такія рашэнні, каб яны не пагаршалі сітуацыі або змяншалі негатыўныя з'явы ў сферах

а) магчымасцяў выкарыстання валійскай мовы іншымі людзьмі;

б) стаўлення да валійскай мовы не менш спрыяльна, чым да англійскай.


Аперацыянальныя стандарты павінны спрыяць выкарыстанню валійскай мовы ў сферы ўнутранага адміністравання арганізацыі. Напрыклад, стандарт 104 гучыць так: калі вы публікуеце праграму, якая датычыцца здароўя і добрага самаадчування на працоўным месцы, вы павінны зрабіць гэта на валійскай мове.


Стандарты спрыяння распаўсюду мовы датычацца любой дзейнасці, мэта якой - спрыянне шырэйшаму выкарыстанню валійскай мовы. Паводле першага набору стандартаў 2014 года, яны распаўсюджваюцца на арганізацыі (аддзелы), якія займаюцца прасоўваннем мовы. Яны патрабуюць распрацаваць пяцігадовую стратэгію па распаўсюду мовы ў пэўным рэгіёне і публікаваць справаздачнасць па яе рэалізацыі. Мэта стратэгіі - захаванне ці павялічэнне працэнту валійскамоўнага насельніцтва рэгіёна.Стратэгія мусіць уключаць апісанне сродкаў яе рэалізацыі. Справаздача павінна ўключаць пазнаку пра колькасць валійскамоўных у рэгіёне і іх узрост.


Стандарты вядзення ўліку датычацца адпаведных аддзелаў арганізацый і патрабуюць ўліку розных фактаў, датычных валійскай мовы, напрыклад, колькасці чалавек, якія наведалі курсы, што вяліся на мове, ці колькасці скаргаў, што паступілі ў арганізацыю наконт яе неадпаведнасці стандартам, датычным валійскай мовы.


Да закона дадаецца спіс канкрэтных арганізацый, на якія патэнцыйна распаўсюджваецца дзеянне стандартаў. На сайце камісара сферы дзейнасці, у якіх працуюць гэтыя арганізацыі, падзелены на наступныя катэгорыі: правасуддзе, адукацыя, урад і мясцовае самакіраванне, ахова здароўя, урад Вялікабрытаніі (стандарты для арганізацый з гэтай катэгорыі будуць распрацаваны толькі са згоды дзяржаўнага сакратара); прыватныя кампаніі, грамадскія арганізацыі, камунальныя прадпрыемствы, іншыя.

Іншы спіс, далучаны да закона, змяшчае пералік некалькіх відаў дзейнасці - арганізацыі, якія выконваюць такую дзейнасць, могуць быць дададзены да першага спісу. У спісе фігуруюць наступныя віды дзейнасці: адукацыя і навука, збіранне і захаванне дакументаў, забяспечэнне доступу да культурных здабыткаў, спартовая дзейнасць і адпачынак, распаўсюджванне ведаў пра Уэльс за мяжой, банкаўская дзейнасць, нагляд за пэўнай сферай дзейнасці ці прамысловасці, пошта і тэлекамунікацыі, транспарт, забеспячэнне сацыяльным жытлом, нарэшце ўсе тыя, хто самі жадаюць быць пазначанымі ў гэтым спісе. У спісе пазначаны таксама любыя арганізацыі, якія атрымалі ад дзяржавы пэўную суму грошай і тыя, каму заканадаўства надае права аказання паслуг ці забавязвае гэта рабіць.

Урад Уэльса мае права ўносіць у азначаныя спісы змены. На пэўную арганізацыю ці групу арганізацый могуць распаўсюджвацца як усе пяць стандартаў, так і асобныя з іх.

Стандарт пачынае распаўсюджвацца на дзейнасць канкрэтнай арганізацыі пасля таго як камісар дасылае ёй Паведамленне аб адпаведнасці. Яно можа змяшчаць патрабаванне зрабіць адпаведнай стандартам усю сваю дзейнасць ці яе частку. Перад выдачай паведамлення з арганізацыяй праводзяцца кансультацыі. Разам з паведамленнем камісар абавязаны перадаць арганізацыі таксама набор парадаў па ажыццяўленні дзейнасці ў адпаведнасці са стандартамі і паведаміць, што сам факт выдачы паведамлення ці змест яго патрабаванняў можна абскардзіць у камісара.


Калі камісар адхіляе пратэст, то арганізацыя можа звярнуцца ў Трыбунал па валійскай мове , які мае права абавязаць камісара змяніць сваё рашэнне. Склад трыбунала па валійскай мове прызначаецца ўрадам Уэльса і ўключае як юрыстаў-прафесіяналаў, так і не юрыстаў. Калі справа не вырашаецца ў Трыбунале, яна можа быць перададзена ў вярхоўны суд першай інстанцыі.

Падкрэслю, што ў законапраекце ТБМ не прапісаны судовы орган, які б займаўся менавіта справамі, звязанымі з заканадаўствам, датычным моваў. Верагодна, было б карысна прапрацаваць гэту ідэю.

Расследаванне па стандартах

Расследаванне па стандартах праводзіцца камісарам каб вызначыць, ці павінны на арганізацыю (працягваць) распаўсюджвацца стандарты і калі так, то якія і ў якой меры. Такое расследаванне можа ініцыяваць кабінет міністраў Уэльса. Закон не прапісвае тэрміну даследавання, але мяркуецца, што расследаванне па наяўных на сёння стандартах будзе займаць 12 тыдняў. Пакуль у моц не ўступілі стандарты, старыя моўныя схемы працягваюць дзейнічаць.

Расследаванне неадпаведнасці дзейнасці стандартам

Расследаванне аб неадпаведнасці дзейнасці арганізацыі стандартам можа быць распачатае на падставе скаргі трэцяга боку. Перад прыняццем рашэння аб неадпаведнасці дзейнасці арганізацыі стандартам камісар абавязаны азнаёміць усе зацікаўленыя бакі з праектам свайго рашэння і даць усім бакам магчымасць выказацца на яго конт. Камісар мае права абследавання памяшканняў. Па завяршэнні расследавання камісар павінен апублікаваць справаздачу па ім.

У выпадку, калі гэта расследаванне пакажа, што дзейнасць арганізацыі сапраўды не адпавядае стандартам, камісар можа зрабіць наступнае:

- запатрабаваць ад арганізацыі распрацаваць план дзеянняў па прадухіленні далейшых неадпаведнасцяў стандартам;

- апублікаваць паведамленне аб неадпаведнасці дзейнасці арганізацыі пэўным патрабаванням;

- запатрабаваць, каб арганізацыя сама апублікавала паведамленне аб неадпаведнасці яе дзейнасці пэўным патрабаванням;

- накласці штраф у памеры не большым за 5 тысяч фунтаў стэрлінгаў.

Каімсар можа даваць арганізацыі рэкамендацыі і парады і прапанаваць ёй дасягнуць пагаднення.

Камісар можа звяртацца ў суд першай інстанцыі з просьбай накласці на арганізацыю абавязак дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі патрабаваннямі ці ў адпаведнасці з дасягнутым пагадненнем.


Арганізацыя, адносна якой камісар вынес рашэнне і на якую наклаў спагнанне, мае права абскардзіць гэтыя рашэнне ці спагнанне ў Трыбунале па валійскай мове. Трыбунал можа адхіліць ці мадыфікаваць рашэнне ці спагнанне.

У Трыбунал мае права падаць скаргу і трэці бок, калі палічыць, што арганізацыя дапусціла парушэнне, але камісар не адрэагаваў на яго належным чынам. Больш высокай інстанцыяй па моўных справах з'яўляецца вышэйшы суд першай інстанцыі, у які бакі могуць звяртацца пры наяўнасці дазволу Трыбунала ці самога вышэйшага суда. Вышэйшы суд можа адмяніць рашэнне Трыбунала і перарабіць яго сам ці накіраваць назад у Трыбунал на дапрацоўку.


Перад пачаткам любых расследаванняў камісар рыхтуе і дасылае зацікаўленым бакам Мандат на расследаванне і павінен выслухаць погляды бакоў што да мандата, пасля чаго публікуе яго. Мандат уяўляе сабой сціслае апісанне пытанняў, на якія павінна адказаць расследаванне.

Абарона свабоды выкарыстання валійскай мовы

Любая асоба мае права звярнуцца да камісара, каб той правёў расследаванне фактаў парушэння права гэтай асобы ажыццяўляць камунікацыю на валійскай мове з іншай асобай. Гэтыя людзі павінны ў момант парушэння права знаходзіцца ў Уэльсе і хацець размаўляць між сабой па валійску.

У гэтым законе выпадкамі парушэння права асобы ажыццяўляць камунікацыю на валійскай мове лічацца наступныя:

- калі нехта адзначае, што людзі не павінны ажыццяўляць камунікацыю па-валійску;

- калі нехта адзначае, што людзям будзе нанесена шкода, калі яны будуць ажыццяўляць камунікацыю па-валійску;

- калі нехта прычыняе людзям шкоду за тое, што яны ажыцяўлялі камунікацыю па-валійску (паняцце шкода ўключае тут пагрозы, прыніжэнне, запалохванне і прымус).


Калі камісар вырашае не праводзіць расследаванне, ён павінен паведаміць пра гэта падаўцу скаргі і абгрунтаваць сваё рашэнне. Калі камісар прымае рашэнне расследаваць справу, ён павінен паведаміць пра гэта ўсім зацікаўленым бакам, а таксама інфармаваць іх пра ход справы. Пры расследаванні камісар павінен улічваць і паказанні бока, на які пададзена скарга. Па выніках расследавання камісар можа апублікаваць справаздачу. У сваёй штогадовай справаздачы для ўрада Ўэльса, камісар павінен адлюстраваць усе пададзеныя скаргі, свае дзеянні на іх конт, а таксама свой погляд на адэкватнасць і эфектыўнасць заканадаўства што да абароны права выкарыстоўваць валійскую мову.

У адрозненне ад раздзелаў пра расследаванні, звязаныя са стандартамі, гэты закон не прапісвае канкрэтных мераў ўздзеяння на тых, хто парушае права выкарыстання валійскай мовы.

У другой частцы артыкула мы больш падрабязна прааналізуем стандары ўжывання валійскай мовы.

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ


"Будзьма!" 26 студзеня (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18. 30. Румянцава, 13. Уваход вольны.


Справаздача Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны аб рабоце за 2014 год

У справаздачны перыяд Рада Гарадзенскай гарадской арганізацыі працавала ва ўзаемадзеянні з грамадскімі структурамі і ўладамі горада. У траўні і жніўні праведзены сустрэчы ў школах з бацькамі першакласнікаў. У выніку ў бягучым навучальным годзе 16 школьнікаў вучацца ў 1-ых і 5-ых беларускіх класах. Вялася сталая арганізацыйная работа па падпісцы на газету "Наша слова". Сабраны складкі сяброў ТБМ за 2014 год.

Пры чынным арганізацыйным удзеле гарадской арганізацыі праведзены наступныя мерапрыемствы:

1. Творчы турнір паэтаў Гародні (24.01).

2. Вечарына, прысвечаная творчасці В. Таўлая. Да 100-годдзя з дня яго нараджэння (12.02).

3. Паседжанне рабочай групы на тэму правядзення 90-годдзя В. Быкава (27.02).

4. Вечарына, прысвечаная творчасці Л.Д. Ляшэнкі (15.03).

5. Гарадзенская Усебеларуская дыктоўка ("Гімн Украіны"). Пісалі 200 чалавек. Канцэрт З. Вайцюшкевіча (23.03).

6. Сустрэча з Л. Дранько-Майсюком і Э. Акуліным (21.04).

7. Вечарына Д. Бічэль (3.05).

8. Літаратурнае жыццё Гародні. Даклады, аповеды, успаміны (28.05).

9. Перавыбарны сход Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ (15.06).

10. Вечарына, прысвечаная В. Быкаву. Да 90-годдзя з дня нараджэння (20.06).

11. Гісторыя гродзенскай бібліятэкі ХVII ст. і гарадская даўніна (13. 07).

12. Вечарына памяці гарадзенскага гісторыка і паэта Э. Мазько (30.08).

13. Чарговыя гарадзенскія чытанні, прысвечаныя В. Быкаву (10. 09).

14. Прэзентацыя новай кнігі паэзіі А.Чобата (20.09).

15. Вечарына памяці гарадзенскага мовазнаўца прафесара І.Я. Лепешава (20.11).

16. Каляды і беларуская паэзія (30. 11).

17. Калядны спектакль. Выканаўцы - студэнты ўніверсітэта імя Я. Купалы (10.12).

18. Візіт да старшыні аблвыканкама В. Краўцова на тэму дзяржаўнага статусу гарадзенскага музея В. Быкава (запланаваны на 18 снежня, перанесены на 8 студзеня 2015 г.).

Мерапрыемствы праводзіліся ў абласной бібліятэцы, у "Антыкафэ", артгалерэі "Крыга", у Каталіцкай духоўнай семінарыі, ва ўніяцкай царкве і інш.

26. 12. 2014

Старшыня Рады Гарадзенскай гарадской арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны

А.М. Пяткевіч.


75-годдзе Яраслава Клімуця

15 студзеня Яраслаў Іванавіч Клімуць прымаў шчырыя віншаванні ад сяброў, калег і паплечнікаў з нагоды сямідзесяціпяцігадовага юбілею. На ўрачыстым Беларускім гуртку, прымеркаваным да гэтай значнай даты, жывая легенда філфака Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, літаратуразнавец, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў, адзін з заснавальнікаў магілёўскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы, надзвычай цікава і захапляльна распавёў гісторыю свайго жыцця, так моцна пераплеценую з лёсам нашай краіны, пра сустрэчы і сяброўства з выбітнымі дзеячамі беларушчыны, узгадаў яскравыя моманты і прыгоды ад самага маленства, якое прыпала на ваенны час, да апошніх сённяшніх падзей.

Яраслаў Іванавіч расказаў і пра сваё дзяцінства, праведзенае ў Заходняй Беларусі, і пра падзеі ваеннага часу, калі за "першымі Саветамі", паследаваў прыход немцаў, а потым "другія Саветы", і пра службу ў савецкай арміі, і пра навучанне ў БДУ, пра зносіны з Нілам Гілевічам, Алегам Лойкам, Ю. Александровічам, пра тагачаснае жыццё Саюза пісьменнікаў.

Шмат цёплых і шчырых слоў выказалі ў гэты вечар юбіляру калегі-выкладчыкі - Аркадзь Смаляк, Міхась Булавацкі, Наталля Лебедзева, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення СБП Мікола Яцкоў і простыя сябры ТБМ. І ад усёй нашай суполкі і надалей зычым паважанаму спадару Яраславу бадзёрасці, здароўя, плёну ў працы і поспехаў у творчасці!

Алесь Сабалеўскі, Аляксей Карпенка.


У Менску прэзентавалі новую кнігу Алеся Краўцэвіча "Краіна Пагранічча"

На сядзібе ТБМ адбылася прэзэнтацыя новай кнігі доктара гістарычных навук Алеся Краўцэвіча "Краіна Пагранічча". Мерапрыемства адбылося ў межах кампаніі "Будзьма".

Выбраныя эсэ, рэпартажы, публіцыстыка, навукова-папулярныя працы, створаныя за апошнія тры дзесяцігоддзі і аб'яднаныя агульнай тэмай гісторыі "Краіны Пагранічча", якая сёння называецца "Беларусь".

Кніга падзеленая на дзве часткi. Першая частка змяшчае навуковыя працы, некалі папулярныя манаграфіі з рэдкім накладам. Асобна аўтар адзначае навуковыя дыскусіі з Міхаілам Спірыдонавым, Вячаславам Насевічам, Генадзем Сагановічам, Артурасам Дубонісам.

Другая частка кнігі ўяўляе сабой некалькі цікавых неапублікаваных раней па нейкіх прычынах твораў.

Ілюстрацыйны блок утрымлівае падборку здымкаў археалагічных экспедыцый па Беларусі з пачатку 80-х гадоў.

Па тэкстах, укладзеных у храналагічным парадку, можна заўважыць, як эйфарыя свабоды ў беларускім грамадстве пачатку 90-х гадоў XX ст. зноў змяняецца настроем на будзённую працяглую працу мацавання нацыянальнай тоеснасці.

Кнігу можна набыць у сядзібе ТБМ (Менск, вул. Румянцава, 13).

Радыё Рацыя, фота Андрэя Шаўлюгі.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Аб разгледжанні прапановы

Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь (далей - Цэнтр) разгледзеў у межах сваёй кампетэнцыі прапанову грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (далей - Таварыства беларускай мовы) аб уключэнні ў план падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 год законапраекта "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы" і паведамляе наступнае.

У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.

Асноўным нарматыўным прававым актам, які прыдугледжвае механізм рэалізацыі дадзенай канстытуцыйнай нормы, з'яўляецца Закон Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 года "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" (далей - Закон), згодна з якім Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Нормы Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона рэалізаваны ў шэрагу нарматыўных прававых актаў (Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб судовым ладзе і статусе суддзяў, Грамадзянскім працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь, Крымінальна-працэсуальным кодэксе Рэспублікі Беларусь, Законе Рэспублікі Беларусь ад 10 студзеня 2000 года "О норматнвных правовых актах Республики Беларусь", Законе Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года "О средствах массовой информации" і інш.).

Пры гэтым на сучасным этапе заканадаўства Рэспублікі Беларусь ідзе шляхам паступовага пашырэння выкарыстання беларускай мовы і накіравана на паэтапнае забеспячэнне фактычнай роўнасці дзяржаўных моў ва ўсіх сферах дзяржаўнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця. Так, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь ад 16 лістапада 2010 года "О наименованиях географическнх объектов" у Рэспубліцы Беларусь найменні геаграфічным аб'ектам прысвойваюцца на беларускай мове, з якой спосабам транслітарацыі перадаюцца на рускую мову. У адпаведнасці з артыкулам 18 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Об обращениях граждан и юридических лиц" пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты выкладаюцца на мове звароту.

У сферы звароту банкаўскіх пластыкавых картак у 2004 годзе была ўведзена норма, якая прадугледжвае магчымасць афармлення дакументаў па аперацыях з карткамі і ажыццяўлення персаналізацыі картак як на русскай, так і на беларускай мовах (пастанова Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 30 красавіка 2004 г. № 74 "Об утверждении Инструкции о порядке совершения операций с банковскими пластиковыми карточками"). Гэта норма таксама замацавана і ў дзеючай пастанове Праўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 18 студзеня 2013 г. № 34 "Об утверждении Инструкции о порядке совершения операций с банковскими платежными карточками".

Для забяспечэння магчымасці карыстання грамадзянамі ў роўнай меры на ўсіх этапах правядзення цэнтралізаванага тэсціравання дзяржаўнымі мовамі - як рускай, так і беларускай - Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь былі ўнесены адпаведныя змяненні і дапаўненні ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. №714 "Об утверждении Положения о порядке организации и проведения централизованного тестирования".

Адсутнасць заканадаўча замацаванага абавязку ўжывання ва ўсіх сферах грамадскіх адносін адначасова дзвюх дзяржаўных моў, на наш погляд, не з'яўляецца падставай для дыскрымінацыйнага падыходу ў выкарыстанні беларускай мовы.

Прадстаўленай канцэпцыяй законапраекта "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы" (далей - Канцэпцыя) прадугледжана стварэнне новых дзяржаўных органаў у галіне падтрымання беларускай мовы (Камісіі беларускай мовы пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнай інспекцыі беларускай мовы пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь). Рэалізацыя прызначанай прапановы і звязаных з ёй мерапрыемстваў патрабуе істотнага павялічэння дзяржаўных расходаў.

Канцэпцыяй прапануется ажыццявіць пераклад на беларускую мову дзеючых нарматыўных прававых актах на працягу 6 месяцаў. У Рэспубліцы Беларусь колькасць дзеючых нарматыўных прававых актаў на рускай мове налічвае болей за 33300 (апрача тэхнічных нарматыўных прававых актаў, міжнародна-прававых актаў Рэспублікі Беларусь). Забяспечыць ажыццяўленне афіцыйнага аўтэнтычнага перакладу на беларускую мову гэтых актаў у дадзены тэрмін не ўяўляецца магчымым.

Палажэнні Канцэпцыі ў частцы прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці не могуць быць улічаны, паколькі выкладзеныя ў Канцэпцыі дзеянні (бяздзейнасці) не валодаюць неабходнай ступенню грамадскай небяспекі (шкоднасці), уласцівай адміністрацыйным правапарушэнням. А за дзеянні, якія маюць такую ступень, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у артыкуле 9.22 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (за публічную знявагу, ганьбаванне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай аснове).

Такім чынам, большасць унесенных прапаноў мае дыскусійны характар.

Працэдура распрацавання штогадовых планаў падрыхтоўкі законапраектаў прадугледжвае яго ўзгадненне з усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі). Прапанова аб падрыхтоўцы законапраекта для ўключэння ў штогадовы план падрыхтоўкі законапраектаў павінна змяшчаць звесткі аб суб'екце права заканадаўчай ініцыятывы. Прапануемы законапраект уключаецца ў план са згоды суб'екта права заканадаўчай ініцыятывы.

На дадзены момант план падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 год сфарміраваны і ўзгоднены з усімі зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі).

На падставе вышэйсказанага законапраект "Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы" не ўяўляецца магчымым уключыць у план падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 год.

Дырэктар В.Дз. Іпатаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Ваш зварот, накіраваны ў Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь і Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аб стварэнні Нацыянальнага ўніверсітэта з навучаннем на беларускай мове і паведамляе наступнае.

У цяперашні час у рэспубліцы налічваецца 54 установы вышэйшай адукацыі, якія рыхтуюць спецыялістаў па 438 спецыяльнасцях і накірунках спецыяльнасцей (больш за 1300 спецыялізацый), што забяспечвае падрыхтоўку кадраў з вышэйшай адукацыяй для ўсіх галін эканомікі і сацыяльнай сферы.

У сістэме вышэйшай адукацыі існуе шэраг устаноў, якія ўносяць значны ўклад у развіццё беларускай навукі і культуры. Наяўнасць у іх адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбнай базы, высокакваліфікаваны прафесарска-выкладчыцкі склад і навуковы патэнцыял дазваляюць аператыўна вырашаць пытанні адкрыцця на іх базе, пры неабходнасці, новых спецыяльнасцей.

У адпаведнасці з артыкулам 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права.

Вывучэнне беларускай мовы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі пачынаецца з першага класа. Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (далей - Міністэрства адукацыі) арганізуе работу па падрыхтоўцы вучэбных праграм па беларускай і рускай мовах на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў роўным аб'ёме вучэбных гадзін.

Незалежна ад мовы навучання ў V-ХІ класах на вывучэнне вучэбных прадметаў "Беларуская мова", "Беларуская літаратура" і "Русский язык", "Русская литература" адводзіцца аднолькавая колькасць гадзін. Прадугледжаны абавязковы выпускны экзамен па беларускай мове за перыяд навучання і выхавання на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

У адпаведнасці з пунктам 17 Правіл прыёму асоб для атрымання вышэйшай адукацыі I ступені, зацверджаных Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 07.02.2006 № 80 (рэд. ад 20.03.2014), абітурыенты маюць права здаваць профільныя іспыты на беларускай або рускай мове (на выбар).

Разам з тым пры атрыманні вышэйшай адукацыі вывучэнне беларускай мовы з'ўляецца абавязковым.

У кожнай установе вышэйшай адукацыі (далей - УВА) выкладаецца абавязковая дысцыпліна "Беларуская мова (прафесійная лексіка)", якая накіравана на фарміраванне асобы, здольнай наладжваць зносіны на беларускай мове ў прафесійнай сферы, перакладаць і рэферыраваць прафесійныя і навуковыя тэксты, весці дзелавую дакументацыю, выступаць з навуковымі паведамленнямі, публічнымі прамовамі і інш.

У мэтах павышэння якасці выкладання дысцыпліны "Беларуская мова (прафесійная лексіка)" выдаюцца вучэбныя, вучэбна-метадычныя дапаможнікі і вучэбна-метадычныя комплексы на беларускай мове. У апошнія гады для студэнтаў па дадзенай дысцыпліне выдадзены наступныя вучэбныя дапаможнікі: "Беларуская мова. Юрыдычная лексіка", "Беларуская мова. Прафесійная лексіка для педагогаў", "Беларуская мова. Біялагічная лексіка", "Беларуская мова. Эканамічная лексіка", "Беларуская мова. Тэхнічная лексіка" і інш.

Так, напрыклад, ва ўстанове адукацыі "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі" выдадзены вучэбны дапаможнік "Беларуская мова. Прафесійная лексіка", які змяшчае тэарэтычныя пытанні і практычныя заданні. Асаблівая ўвага ў гэтым дапаможніку звернута на лексіку навуковага стылю (прафесійная лексіка спецыяльнасцей дадзенага ўніверсітэта).

Практычна ў кожнай УВА вышэйназваныя дапаможнікі існуюць на электронных носьбітах.

Міністэрствам адукацыі сумесна з рэктарамі УВА праводзіцца адпаведная работа па пашырэнні магчымасці атрымання беларускамоўнай адукацыі ва ўстановах вышэйшай адукацыі. Паступова павялічваецца ўдзельная вага дысцыплін, якія выкладаюцца на беларускай мове на гуманітарных спецыяльнасцях (у першую чаргу педагагічных, культуры і мастацтва, журналістыкі).

У большасці УВА на беларускай мове выкладаецца гісторыя Беларусі, у тым ліку і на негуманітарных спецыяльнасцях.

У Інстытуце журналістыкі і на асобных патоках гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта студэнты навучаюцца на беларускай мове. Ва ўсганове адукацыі 'Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка" на гістарычным, прыродазнаўчым, фізічным, матэматычным факультэтах, а таксама на факультэтах пачатковай і дашкольнай адукацыі на беларускай мове выкладаецца значная колькасць вучэбных дысцыплін (гісторыя Беларусі, паліталогія, фізіка, матэматыка, хімія, біялогія і інш.), па якіх падрыхтаваны вучэбна-метадычныя комплексы. Ва ўстановах адукацыі "Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С. Пушкіна" і "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў" значная колькасць вучэбных дысцыплін выкладаецца на беларускай мове. Ва ўстанове адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі" створана кафедра беларускай музыкі, якая з'яўляецца вучэбным, навуковым і метадычным цэнтрам беларусазнаўства. У акадэміі звыш 20 спецыяльных дысцыплін выкладаецца на беларускай мове. Ажыццяўляецца падрыхтоўка дыпломных работ, кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый па беларускай праблематыцы. Выдаюцца на беларускай мове манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, зборнікі артыкулаў і хрэстаматыі. Шэраг спецыяльных дысцыплін ва ўстанове адукацыі "Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт" таксама выкладаецца на беларускай мове і г.д.

У значнай колькасці УВА створаны вучэбныя групы, у якіх студэнты навучаюцца на рускай і беларускай мовах.

Стварэнне асобнага беларускамоўнага факультэта ў БДУ на сучасным этапе не дазволіць якасна арганізаваць вучэбны працэс пры наяўнасці рознапрофільных спецыяльнасцей і спецыялізацый.

Трэба адзначыць, што з 2010 года пры здачы кандыдацкага экзамену па спецыяльнай дысцыпліне для ацэнкі ўзроўню валодання прафесійнай лексікай на беларускай мове аспіранты і саіскальнікі вучонай ступені кандыдата навук выконваюць пераклад з рускай мовы на беларускую спецыяльнага тэксту.

Кожны год ажыццяўляецца паэтапнае выданне вучэбна-метадычных дапаможнікаў, вучэбна-даведачных матэрыялаў па сацыяльна- гуманітарных, прыродазнаўчых, агульнапрафесійных і спецыяльных дысцыплінах на беларускай мове для студэнтаў УВА ў адпаведнасці з новай рэдакцыяй Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі.

Кафедры беларускай мовы, якія існуюць практычна ў кожнай установе вышэйшай адукацыі, ажыццяўляюць навуковыя даследванні па беларускай праблематыцы.

Беларуская мова актыўна выкарыстоўваецца пры правядзенні студэнцкіх навуковых канферэнцый, сустрэч з беларускімі пісьменнікамі, дзеячамі навукі і культуры. Праводзяцца тыдні беларускай мовы і літаратуры, тэматычныя вечары, літаратурныя святы, прысвечаныя юбілеям беларускіх пісьменнікаў, дзеячоў культуры, конкурсы на лепшага чытача твораў беларускіх пісьменнікаў. УВА прымаюць актыўны ўдзел у святкаванні Дзён беларускай пісьменнасці, правядзенні пошукавай і краязнаўчай работы, наладжванні сустрэч з членамі грамадскага аб'яднання "Саюз пісьменнікаў Беларусі".

Такім чынам, Міністэрства адукацыі лічыць мэтазгодным у цяперашні час скіраваць намаганні на пашырэнне выкладання дысцыплін на беларускай мове (у першую чаргу на гуманітарных і педагагічных спецыяльнасцях), стварэнне на адпаведных профільных факультэтах беларускамоўных груп і патокаў.

У выпадку нязгоды з дадзеным адказам Вы маеце права абскардзіць яго ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

Першы намеснік Міністра В.А. Богуш.


Дбаў пра Беларусь

Вы ведаеце, хто такі Платон? А ведаеце Яна Пятроўскага? Першае імя прыгадае, напэўна, кожны, хто вучыўся ў школе, а наконт другога такой упэўненасці няма. Між тым Ян Пятроўскі - рэлігійны і культурна-грамадскі дзеяч Заходняй Беларусі і ў эміграцыі, пісьменнік, публіцыст, перакладчык, выдавец.

Нарадзіўся Ян Пятроўскі ў 1905 годзе ў той частцы горада Слуцка, дзе цяпер знаходзіцца вуліца Парыжскай Камуны. У розных крыніцах падаецца некалькі варыянтаў дакладнай даты яго нараджэння. Аднак вось што наконт гэтага пісаў Ян Пятроўскі ў сваіх мемуарах: "У мэтрычнай кнізе Слуцкага Сабору за 1905 год у першай частцы адносна народжаных пад № 17 мужчынскага полу знаходзіцца наступны запіс: Тысяча дзевяцьсот пятага году студзеня 7 дня /1905 г. 7 студзеня/ у мешчаніна места Слуцка Дзямяна сына Адама Пятроўскага і ягонае праўнае жонкі Юстыны дачкі Андрэя абодвух праваслаўнага веравызнаньня радзіўся і 7 студзеня 1905 г. ахрышчаны сын Ян. Хрышчонымі бацькамі былі места Слуцка мяшчаня: Ян сын Сымона Гурскі і панна Гэлена дачка Мікалая Андрусэвіч..." Не верыць гэтым словам няма ніякіх падстаў, толькі трэба мець на ўвазе, што тут указана дата па старым стылі, а па новым стылі будзе 20 студзеня .

Бацька Яна рана памёр, і ў 1919 годзе маці з сынам і дзвюма дочкамі пераехала жыць у Вільню. Там Ян закончыў гімназію, а потым служыў у Войску Польскім (у 1922 - 1939 гадах Вільня і Віленская вобласць уваходзілі ў склад Польшчы).

У час ваеннай службы Ян Пятроўскі пазнаёміўся з вучэннем метадыстаў - рэлігійнай плыні, якая ў XVIII стагоддзі аддзялілася ад англіканскай царквы. Метадысты прапаведуюць рэлігійную пакорлівасць, патрабуюць ад сваіх прыхільнікаў паслядоўнага, метадычнага выканання рэлігійных прадпісанняў. Відаць, гэта нейкім чынам запала ў душу маладога чалавека і прывяло яго ў Тэалагічную школу метадыстаў. Пасля яе заканчэння Ян Пятроўскі стаў прапаведнікам метадысцкай царквы.

Падчас Другой сусветнай вайны Ян Пятроўскі кіраваў групай беларускіх перакладчыкаў, якая дзейнічала ў Берліне пры выдавецтве ў міністэрстве прапаганды нацысцкай Германіі. У канцы вайны выехаў у Аўстрыю, а з 1953 года жыў у Злучаных Штатах Амерыкі (горад Гейнсвіл штата Фларыда). Там ён стаў адным з пачынальнікаў беларускага евангельска-баптысцкага руху ў ЗША.

Наш зямляк - не толькі рэлігійны дзеяч, але, як сведчыць "Беларуская Энцыклапедыя", і выдавец, літаратар, мовазнавец. Здольнасць да вывучэння моў у яго праявілася яшчэ ў дзяцінстве, а пазней ён добра ведаў не толькі беларускую, але і рускую, польскую, лацінскую, старажытна-грэцкую і некаторыя іншыя мовы. Ян Пятроўскі ўспамінаў: "З пачаткамі расейскае мовы я запазнаўся яшчэ ў Слуцку. Перш, адведваючы манастырскую школу на Трайчанах, а пазней два гады хадзіў у прыходскую школу на Юр'еўскай вуліцы… Школа беларускае мовы - гэта школа адносна даўгалетняга майго жыцця. Першым і найлепшым маім прафэсарам гэтае мовы была мая добрая маці гаспадарыня Юстына Пятроўская. Пасля яе ішлі прафэсары Р. Астроўскі са сваім Правапісам беларускае мовы і Б. Тарашкевіч зь беларускаю граматыкаю…".

У 1935 годзе Ян Пятроўскі стаў ініцыятарам выдання, а затым быў выдаўцом і рэдактарам беларускамоўнага пратэстанцкага грамадска-рэлігійнага і літаратурнага часопіса "Сьветач Хрыстусовае навукі". Ён - аўтар брашуры "Нядзельная школа, яе сутнасць і гісторыя" (1937). У эміграцыі ўзнавіў выданне евангельска-баптысцкага часопіса "Сьветач Хрыстовае навукі".

Самая вялікая заслуга Яна Пятроўскага бачыцца ў тым, што ён упершыню пераклаў на беларускую мову дыялогі старажытнагрэцскага філосафа Платона і на працягу 1966 - 1981 гадоў выдаў іх у шасці тамах. Крыху інакш пра гэты немалаважны факт можна сказаць так: дзякуючы намаганням нашага земляка Платон "загаварыў" па-беларуску. Ян Пятроўскі падрыхтаваў і выдаў двухтомны "Класічны грэцка-беларускі слоўнік", трохтомнік "Лепшых думак чалавека", выдаў у перакладзе на беларускую мову кнігу нямецкага філосафа і філолага В. Гумбальта "Унутраная форма мовы". А яшчэ стаў аўтарам трохтомніка ўспамінаў, якія ўтрымліваюць нямала цікавых звестак па гісторыі Заходняй Беларусі і беларускай дыяспары.

У справе папулярызацыі беларускай мовы цяжка пераацаніць значэнне складзеных Янам Пятроўскім "Беларуска-ангельскага" і "Ангельска-беларускага" слоўнікаў, якія налічваюць 10 000 слоў, а ўпершыню былі выдадзены ў Аўстрыі ў 1946 годзе. Каштоўнасць слоўнікаў у тым, што большую частку іх складаюць словы так званага шырокага ўжытку. У 1993 годзе менская кампанія "Тэхналогія" ўпершыню ў Беларусі выдала гэтыя слоўнікі. Праўда, тыражом усяго ў 2 000 экзэмпляраў, так што слоўнікі ўжо даўно сталі бібліяграфічнай рэдкасцю.

Пра свае падыходы да перакладчыцкай працы Ян Пятроўскі пісаў Юрку Віцьбічу (беларускі грамадскі дзеяч, пісьменнік, публіцыст, краязнаўца і дзеяч эміграцыі ў Амерыцы): "І тое, што я бачу ў арыгінале, я пераказваю на беларускую мову з ужыцьцём пры гэтым прыслугоўваючага мне права беларушчаньня гэтых словаў усюды там, дзе гэта толькі магчымым ёсьць. Інакш кажучы, я хачу казаць праўду…".

Ян Пятроўскі разам з жонкай Аліцыяй у горадзе Гейнсвіл у другой палове 1970-х гадоў заснаваў Беларускі дабрачынны адукацыйны фонд і быў яго нязменным прэзідэнтам. Фонд адыграў значную ролю ў дапамозе беларусазнаўчым даследаванням і публікацыям матэрыялаў беларускай тэматыкі. Яго намаганнямі ў заходніх краінах распаўсюджваліся веды пра Беларусь - край, які назаўсёды паланіў сэрца нашага земляка Яна Пятроўскага, хоць і жыў ён доўгі час на чужыне. Дарэчы, у Гэйнсвіле ён і найшоў вечны спачын 19 студзеня 2001 года, як сведчыць архівіст з ЗША Лявон Юрэвіч у сваёй кнізе "Жанры" (Мінск, Кнігазбор, 2013).

Анатоль ЖУК , жыхар горада Слуцка.


Юбілей шчырай патрыёткі Беларусі

Роўна 90 гадоў таму, у такі ж самы кароткі зімовы дзень, 11 студзеня, у вёсцы Азярава, што знаходзіцца на самай мяжы Пастаўскага і Браслаўскага раёнаў, у сям'і Лявона і Крысціны Умпіровічаў нарадзілася дзяўчынка, якой бацькі далі чароўнае беларускае імя Алеся, і якой лёсам было наканавана вельмі нялёгкае і незвычайнае жыццё.

Як і ў кожнага чалавека, вялікае ўздзеянне на дзяўчынку аказала тая хатняя атмасфера, у якой яна вырасла. Сям'я, як было прынята ў тыя часы, была вялікая. У адной хаце жыло сямейства Умпіровічаў і іх бліжэйшых сваякоў. На шчасце Алесі, усе паміж сабой умелі ствараць самыя дабразычлівыя адносіны, што адбілася і на характары дзяўчынкі, якая з дзяцінства атрымала столькі пяшчоты і любові, што ёй хапіла гэтых пачуццяў на ўсё сваё доўгае і, часам, вельмі складанае жыццё. І менавіта тады, у такім далёкім дзяцінстве, Алеся ўпершыню пачула тыя песні, якія нарадзілі ў яе душы першыя парасткі любові да сваёй краіны:

"Краю, мой краю! Родны мой краю!

Скрозь ад мяжы да мяжы,

Дзе ні пабачыш, усюды магілы,

Усюды магілы, крыжы…"

Маленькая Алеся не магла ведаць, што ў хуткім часе словы гэтай сумнай песні ўвасобяцца ў рэчаіснасць. Грымнула Другая сусветная вайна. Саму Алесю і яе сям'ю бяда пакуль што мінала, але бязлітасныя жорны гісторыі ўжо пачалі перамолваць яе сваякоў. Спачатку, пры савецкай уладзе, рэпрэсавалі сям'ю яе цёткі Марыі з вёскі Баравыя і расстралялі стрыечнага брата. А праз некаторы час, ужо пры фашысцкай уладзе, забілі саму цётку і яшчэ аднаго стрыечнага брата. Сама Алеся і яе сям'я да самага канца вайны вырашылі застацца ў Паставах, бо іх вёска Азярава знаходзілася ў партызанскай зоне і пражыванне ў ёй несла вялікую рызыку таксама быць забітымі акупацыйнай уладай. Тым больш, што старэйшы брат Алесі ў шэрагах партызанаў змагаўся з захопнікамі.

Але, не гледзячы ні на што, у маладой дзяўчыны з дзяцінства была мара стаць настаўніцай, каб несці людзям святло ведаў. Бо перад вачыма маладой ідэалісткі стаяў прыклад любімага таты, які таксама быў настаўнікам. Алеся паспяхова здала ўступныя іспыты і паступіла ў Пастаўскую настаўніцкую семінарыю. Першыя два гады давялося вучыцца падчас нямецкай акупацыі. Але маладую дзяўчыну ўвесь час падмацоўвалі думкі аб лепшай будучыні. Сітуацыя пагоршылася ўлетку 1944 года, калі пачаў набліжацца фронт. Немцы сталі расстрэльваць усіх тых, на каго падала нават мінімальнае падазрэнне аб супрацоўніцтве з партызанамі. Да таго ж да Паставаў паступова пачалі даходзіць чуткі, што старэйшы брат Алесі быў партызанам. Гэта пагражала смерцю ўсёй сям'і, і бацька з усім сямействам хуценька з'ехаў з Паставаў. Акрамя Алесі, якая не хацела кідаць навучанне, за што ледзь не паплацілася сваім жыццём, калі ў яе хату аднойчы ўварваўся немец з пісталетам, схапіў яе і павёў на вуліцу. Выратавалі Алесю яе сваякі, на кватэры якіх яна жыла - кінуліся ў ногі немцу і пачалі яго ўмаляць не забіваць дзяўчыну. Нейкім цудам той паслухаўся іх і сышоў. Не дзіва, што пасля такіх выпрабаванняў Алеся чакала Чырвоную Армію як збавіцельніцу ад фашысцкай навалы.

Пасля вызвалення заставалася скончыць апошні, трэці курс настаўніцкай семінарыі. Праўда, саму семінарыю ператварылі ўжо ў педагагічную вучэльню. І некаторыя настаўнікі памяняліся, бо частка ранейшых сышла з Паставаў у 1944 годзе разам з немцамі, а іншых арыштавала савецкая служба дзяржаўнай бяспекі, у тым ліку і былога дырэктара семінарыі, замест якога кіраваць педагагічнай вучэльняй паставілі былога партызана. Але самае дрэннае, што адбылося ў навучальным працэсе ў выніку гэтых змен - гэта тое, што цяпер усё навучанне пачалі весці на рускай мове. Навучэнцы не мелі нічога супраць рускай мовы, але яны былі беларусамі, да гэтага вучыліся па-беларуску і хацелі далей вучыцца па-беларуску. А новы дырэктар у адказ на гэта жаданне аблаяў навучэнцаў "фашыстамі і нацыяналістамі" і прымусіў іх надалей вучыцца па-руску.

Пастаўская моладзь і іх сябры з Глыбокага, убачыўшы, што афіцыйна ім не дазваляюць вучыцца на роднай мове, вырашылі працягнуць сваю справу неафіцыйна, стварыўшы для сябе суполку "Саюз беларускіх патрыётаў", галоўнай мэтай якой было - захаванне і распаўсюджванне сярод насельніцтва беларускай мовы і культуры. Зразумела, што Алеся, гэтая маладая ідэалістка і летуценніца, проста не магла застацца ў баку ад гэтай справы і неўзабаве да іх далучылася.

Канешне, дзейнасць гэтых маладых людзей была б вельмі карыснай для нашай краіны, асабліва ў пасляваенныя гады, калі падчас той разрухі яны былі гатовыя на адным энтузіязме працаваць для сваёй радзімы. Але ў тагачаснай службы дзяржаўнай бяспекі наконт гэтага былі дыяметральна супрацьлеглыя думкі. Спачатку ў суполку СБП быў накіраваны шпіён-правакатар, які павінен быў падбіць удзельнікаў на які-небудзь супрацьпраўны ўчынак. Калі ж стала зразумела, што ўся дзейнасць моладзі скіравана на адукацыю, і яны зусім не збіраюцца з некім ваяваць, было вырашана больш з імі не важдацца, а тэрмінова арыштаваць і судзіць.

Арышты пачаліся ў 1947 годзе. Алесі давялося пакінуць свой родны дом і туляцца ў сваіх сваякоў або проста знаёмых, каб не трапіць у рукі савецкіх спецслужбаў. Гэта ёй удавалася рабіць больш за год. Але, ўрэшце, ад такога пастаяннага псіхалагічнага напружання дзяўчына проста стамілася. Неасцярожна вярнулася ў бацькаву хату, ля якой яе чакала засада. І цяпер ужо наступіла чарга Алесі і яе бліжэйшых сваякоў трапіць у бязлітасныя жорны гісторыі - спачатку схапілі яе, а праз пару дзён арыштавалі бацьку.

Далей усё як у фільме жахаў: збіццё, допыты, карцар з пацукамі, катаванні электратокам. Нарэшце суд і максімальны на той час тэрмін зняволення - 25 гадоў. За любоў да сваёй краіны, да сваёй роднай мовы. Бацьку далі толькі 10, за тое, што не выдаў сваю родную дачку, але пасля ўсіх здзекаў ён працягнуў у няволі толькі некалькі гадоў.

Потым доўгія, жудасныя лагерныя гады з непасільнай для жанчын працай, якая падарвала ўжо саслабленае дзявоцкае здароўе. Але нават там здараліся розныя нечаканыя сустрэчы, самай яскравай з якіх было знаёмства з выбітнай беларускай паэткай і грамадскай дзеячкай Ларысай Геніюш, якая таксама была пакарана на 25 гадоў за сваю любоў да радзімы. Паміж аб'яднанымі адной бядой жанчынамі хутка ўзнікла шчырае сяброўства.

На шчасце Алесі, пасля смерці Сталіна яе тэрмін быў скарочаны да 10 гадоў. Па вызваленні, калі дзяўчына вярнулася ў Паставы, першае, што яна зрабіла - абрэзала свае доўгія косы - юнацтва скончылася. Неўзабаве яна пазнаёмілася з яшчэ адным былым удзельнікам глыбоцкай суполкі СБП, Антонам Фурсам. Маладыя людзі спадабаліся адно аднаму і, доўга не думаючы, ажаніліся.

Трэба было неяк пачынаць сумеснае сямейнае жыццё. Але адзінае месца, куды было дазволена ісці працаваць былым "ворагам" народа, толькі ў калгас. Не жадаючы пахаваць сябе зажыва ў калгасе, Фурсы вырашылі з'ехаць жыць туды, дзе збіраліся такія ж самыя "ворагі" народа. І сваім чарговым месцам жыхарства абралі Казахстан. Там яны пражылі 25 гадоў, нарадзілі дзетак - дачушку і сыночка. А пасля выхаду на пенсію зноў вярнуліся на радзіму і з таго часу пастаянна жывуць у Паставах.

За сваё такое доўгае і складанае жыццё Алеся Лявонаўна так і не здолела рэалізаваць сваю юнацкую мару - стаць настаўніцай. Але гэта толькі афіцыйна, бо, па сутнасці, нікога не навучыўшы нейкім навукам, яна сваім жыццём навучыла нас усіх таму, як трэба захоўваць любоў да сваёй краіны, не гледзячы ні на фашысцкіх карнікаў, ні на бальшавіцкіх катаў. Паклонімся ж у ногі з падзякай гэтай мужнай жанчыне, той колішняй дзяўчынцы-летуценніцы, з яе вечнымі марамі пра Беларусь.

(У артыкуле выкарыстаны матэрыялы з кнігі "Гарт", Менск 1997 г.)

Вадзім Шышко


Усенародны рух за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай

(да 25-годдзя Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" - 26 студзеня 1990 г.)

Прысвячаю ўсім, хто справай і словам прычыніўся да прыняцця Закона "Аб мовах у Беларускай ССР"

Ад аўтара

З'яўленне на свет Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" - найвялікшая падзея ў айчыннай гісторыі. Адбылося такое 26 студзеня 1990 г., г. зн. у апошнія гады Гарбачоўскай перабудовы. Каб не было яе, наўрад ці сёння мы мелі б і такую закінутую, асірацелую па віне ўладаў беларускую мову. Апынулася ж яна, не будзем утойваць праўду аб сабе, на самых глухіх, запусцелых задворках грамадскага жыцця краіны. Бесканкурэнтна валадарыць у ім руская, што трэба паставіць у "вялікую заслугу" выключна прэзідэнцкай сістэме кіравання грамадствам. Усе беды сучаснай беларускай мовы трэба лічыць толькі вынікам нястомных старанняў гэтай сістэмы.

Да сярэдзіны 1980-х гадоў права на жыццё беларускай мовы асцярожна, з аглядкай па баках, адстойвалі перад рэспубліканскімі партыйнымі арганізацыямі пераважна толькі пісьменнікі. З такімі клопатамі яны маглі зайсці да вядзення спраўнай, канструктыўнай гаворкі пра беларускую мову нават да самога партыйнага лідара. І да іх голасу ў пэўнай ступені прыслухоўваліся, і калі пасля гэтага нічога не рабілася, усё заставалася без зменаў, дык галоўную прычыну ў захаванні status quo, трэба шукаць у Маскоўскім крамлі. А вось сёння ў складзе праўладнага Саюза пісьменнікаў Беларусі няма такіх смелых, моцна заклапочаных гаротным станам роднай мовы ў краіне асобаў, каб патурбаваць яе першага палітычнага лідара. Не верыцца, што ён забараніў бы візіт да сябе прадстаўнікоў створанай з яго падачы пісьменніцкай арганізацыі. Яны ж не ідуць, бо баяцца за свае крэслы, не з'яўляюцца сапраўднай нацыянальнай элітай.

Рух за выратаванне беларускай мовы ад немінучай пагібелі набыў масавы характар толькі на зыходзе 1980-х гадоў і быў непасрэдна звязаны з перабудоваю. Такога фактару ніяк нельга не прызнаваць.

Аўтар выказвае шчырую падзяку Надзеі Сармант за бясплатны набор яго тэксту на кампутары.

1. Перабудова давала шанец на выратаванне беларускай мовы

Не мінула і года пасля абвяшчэння Гарбачоўскай перабудовы, а ўжо на ХХVІІ з'ездзе КПСС (26 лютага - 6 сакавіка 1986 г.) было заяўлена, няхай сабе ў агульных словах, пра неабходнасць "праяўляць больш клопатаў аб актыўным функцыянаванні нацыянальных моваў у розных сферах дзяржаўнага, грамадскага і культурнага жыцця". Хоць і занадта асцярожна, але ў некаторых рэспубліках такія клопаты пачалі праяўляцца. А вось у БССР на прагрэсіўную ўстаноўку ХХVІІ з'езду КПСС па моўным пытанні зусім не звярнулі ўвагу. Першыя два - тры гады перабудовы не ўнеслі ніякіх пазітыўных змяненняў у нацыянальна-культурную палітыку партыйных і савецкіх уладаў. Асабліва гэта датычыла яе моўнага аспектаў: відаць, баяліся, дагаджаючы Маскоўскаму крамлю, хоць у чымсьці пакрыўдзіць запанаваную ва ўсіх сферах грамадскай дзейнасці рускую мову. Не жадалі ні ў чым абмяжоўваць і рускай культуры, з-за чаго духоўнае жыццё рэспублікі ніяк не выпадала называць нацыянальна-беларускім, бо такой патрэбнай якасці, такой адметнасці ў ім не ставала. І самае недарэчнае, парадаксальнае, што бальшавіцкія ідэолагі ўпарта не жадалі прызнаваць сваёй віны за бесчалавечнае, злачыннае стаўленне, знявагу да беларускай мовы. Гэта толькі пазней сам час прымусіць іх зрабіць такое, прычым нават тых, хто меў прамое дачыненне да гэтай палітыкі. Думаю, што да іх па роду службы не мог не належаць сакратар Мінскага гаркама, Мінскага абкама КПБ Аляксандр Караткевіч. У сваім дакладзе "Садаклад пастаянных камісій па праекце Закона Беларускай ССР "Аб мовах у Беларускай ССР", вынесеным 26 студзеня1990 года на слуханне ХІV-й сесіі Вярхоўнага Савета БССР, ён так характарызаваў агульнапрыняты ў тыя гады афіцыйны погляд: "… беларуская мова і раней вызначалася як дзяржаўная мова, але ў выніку перакосаў у моўнай палітыцы (задужа далікатна сказана. - Л.Л. ) не атрымала дастойнага выкарыстання ў палітычным, дзяржаўным, навуковым і культурным жыцці, і асабліва гэта стала відавочным у апошнія дзесяцігоддзі" (Звязда. 1990. 31 студзеня), г. зн. тады, калі першымі сакратарамі ЦК КПБ былі Пётр Машэраў, Мікалай Слюнькоў, Ціхан Кісялёў, Яфрэм Сакалоў. Пры іх А. Караткевіч не дазволіў бы сабе даць і такую досыць памяркоўную ацэнку хібаў моўнай палітыкі.

Бясспрэчна, толькі пад уздзеяннем нацыянальна-адраджэнцкага руху ва ўсіх саюзных рэспубліках і палітычнае кіраўніцтва БССР, не маючы аніякай ахвоты, вымушана было заняцца развязваннем архіскладаных пытанняў нацыянальнага характару.

У павароце партыі да надзённых праблем беларускай мовы важную ролю адыграў майскі (1988) пленум ЦК КПБ, на якім Міністэрству народнай адукацыі БССР, Акадэміі навук БССР было даручана распрацаваць рэспубліканскія доўгатэрміновыя праграмы "Роднае слова" і "Спадчына". Такія ж праграмы складаліся і ў межах абласцей, раёнаў і гарадоў. Лішнім было б даказваць, якую велізарную колькасць людзей, прычым у многіх выпадках дастаткова добра прафесійна падрыхтаваных, давялося прыцягнуць да гэтай важнай справы. Ставілася задача ва ўсіх такіх праграмах вызначыць дзейсныя шляхі павышэння сацыяльнай ролі беларускай мовы, стварэння належных умоў для вывучэння яе, нават увядзенне дзеля гэтага грашовых даплат для машыністак, тэхнічных работнікаў. (Звязда. 1989. 14 лістапада). Нацыянальна-прагрэсіўныя колы грамадскасці вельмі ахвотна ўзяліся за гэтую працу, хоць выконваць яе даводзілася пераважна на дабрачыннай аснове.

Адначасова спрэс ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі вялася плённая праца па складанні доўгатэрміновых праграм "Спадчына". Вельмі важна, што да гэтага вялікую зацікаўленасць праяўляла моладзь, бо ёй хацелася як мага лепш ведаць гістарычнае мінулае сваёй малой радзімы, якія яна мела набыткі ў развіцці культуры.

Азнаямленне з матэрыяламі агульнасаюзнага перыядычнага партыйнага друку паказвае, што ў першыя гады перабудовы КПСС асабліва не спяшалася вызначыцца ў моўнай сферы. І, думаецца, толькі з прычыны яе складанасці. Аднак далей бавіць час ніяк не выпадала. 28 чэрвеня 1988 года ў Маскве праходзіла ХІХ Усесаюзная канферэнцыя КПСС, з падрабязным дакладам на якой выступіў галоўны партыйны лідар краіны Міхаіл Гарбачоў. У дакладзе меўся адмысловы раздзел "Развіццё міжнацыянальных адносін", дзе неабходна было б паказаць рэальную ролю нацыянальных моў саюзных рэспублік, пра што ў іх не маўчалі прагрэсіўныя колы грамадства. Дакладчык жа абмежаваўся толькі адной агульнага плану фразай: "У апошнія гады ў працэсе дэмакратызацыі і галоснасці высвечваюцца і … праблемы, існаванне якіх не заўсёды дастаткова ўлічвалася, - напрыклад, пытанні, звязаныя з мовай, культурай, літаратурай і мастацтвам…" (Правда. 1988. 29 июня).

Акрамя даклада, М. Гарбачоў браў яшчэ слова для выступу на канферэнцыі. У ім прагучала такое: "Нацыянальныя пытанні стукаюцца і ў дзверы, і вокны нашага дома". (Пра канчатковае вырашэнне нацыянальнага пытання ў СССР партыя з усёй катэгарычнасцю заявіла ў 1967 годзе падчас святкавання 50-й гадавіны Вялікага Кастрычніка.) А вось вылушчэння з гэтых пытанняў моўнага аспекту не адбылося, хаця, думаецца, многія ў зале падобнага чакалі.

Аніякай спробы закрануць моўнае пытанне не зрабіў у сваім выступленні на ХІХ партканферэнцыі першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў, хаця ў БССР праблем з гэтым было аж занадта. Яна на некалькі парадкаў уступала суседняй Украіне па маштабах выкарыстання роднай мовы ў грамадскім жыцці. І тым не менш прадстаўнік партыйнай арганізацыі гэтай рэспублікі Сакратар праўлення саюзаў пісьменнікаў СССР і УССР Барыс Алейнік заявіў наступнае ўдзельнікам партыйнага форуму: ва Украіне сітуацыя такая, што "нацыянальная мова апынулася амаль на абочыне духоўнай і матэрыяльна-вытворчай дзейнасці народа. Яна паступова неяк выходзіць са справаводства, з дзяржаўнага і партыйнага ўжытку. Больш за тое, у многіх гарадах ужо не існуе школ на роднай мове. Амаль ва ўсіх вышэйшых навучальных установах студэнты пазбаўлены магчымасці вучыцца на мове сваёй маці, не кажучы ўжо пра дзіцячыя сады.

У гэтым пытанні не павінна быць розначытанняў. Трэба на дзяржаўным узроўні стварыць рэжым найвышэйшага спрыяння функцыянавання роднай мовы ва ўсіх сферах і на ўсіх паверхах грамадства (во школа для Прэзідэнцкай вертыкалі Рэспублікі Беларусь! - Л.Л. ), падмацаваўшы тэорыю прававымі законамі, аж да прыцягнення да адказнасці асобаў, якія перашкаджаюць развіццю нацыянальнай культуры" (Правда. 1988. 2 июля). Зала на такія словы адказала апладысментамі і мела рацыю, бо падобныя па зместу смелыя думкі наўрад ці выказваліся на партыйных з'ездах і канферэнцыях нават у 1920-я гады, калі ў саюзных і аўтаномных рэспубліках шырокім фронтам ішло нацыянальна-культурнае адраджэнне.

Думаю, ніколькі нельга выключаць, што выступ Б. Алейніка ў пэўнай ступені паўплываў на змест чацвёртага артыкула раздзела "Аб міжнацыянальных адносінах" Рэзалюцыі ХІХ Усесаюзнай канферэнцыі КПСС: "Найважнейшы прынцып шматнацыянальнай дзяржавы - свабоднае развіццё і раўнапраўнае выкарыстанне ўсімі грамадзянамі СССР родных моў… Неабходна ствараць усе ўмовы, каб нацыянальна-рускае двухмоўе развівалася гарманічна і натуральна, з улікам асаблівасцяў кожнага рэгіёна, было свабодна ад фармалізму. Праяўляць больш клопатаў аб актыўным функцыянаванні нацыянальных моў у розных сферах дзяржаўнага, грамадскага і культурнага жыцця. Заахвочваць вывучэнне мовы народа, імем якога названа рэспубліка, грамадзянамі іншых нацыянальнасцяў, якія пражываюць на яе тэрыторыі. Усё гэта не павінна супрацьпастаўляцца прынцыпам свабоднага выбару мовы навучання" (Правда. 1988. 5 июля). Устаноўка досыць прагрэсіўная, за выключэннем апошняга сказа.

Не ігнараваць, як раней было, а штосьці карыснае рабіць па навядзенні належнага парадку ў моўнай сферы высокія партыйныя і савецкія органы БССР абавязвала выступленне Міхаіла Гарбачова на лістападаўскім (1988) пасяджэнні Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Ён назваў не проста памылкай, а злачынствам, калі будуць знікаць нават мовы народнасцяў, што налічваюць хаця б шэсць тысяч чалавек.

З матэрыяламі як Х пленума ЦК КПБ, так і ХІХ Усесаюзнай канферэнцыі КПСС былі дастаткова добра знаёмы не толькі партыйныя, савецкія функцыянеры, але і прадстаўнікі іншых слаёў насельніцтва, што вяло да абуджэння цікавасці многіх беларусаў да моўнага пытання. У тагачаснай сітуацыі найбольшай увагі ад партыйных і савецкіх уладаў, грамадскасці ў цэлым патрабавала да сябе страшэнна здэнацыяналізаваная сістэма адукацыі, галоўным чынам з-за сірочай ролі ў ёй беларускай мовы, асабліва ў гарадскіх агульнаадукацыйных, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай школах. Таму, калі ў верасні 1988 года Бюро ЦК КПБ абмяркоўвала і зацвердзіла "Асноўныя мерапрыемствы па далейшым развіцці народнай адукацыі ў Беларускай ССР" - самай запушчанай у нацыянальным плане сферы -, дык у іх моўнае пытанне выдзелілі ў адмысловы раздзел. У гэтым жа годзе яно разглядалася Саветам Міністраў БССР, ідэалагічнай камісіяй ЦК КПБ, на пасяджэннях калегій Міністэрства народнай адукацыі БССР, упраўленняў народнай адукацыі аблвыканкамаў. Распрацоўцы і ажыццяўленню мерапрыемстваў па пашырэнні сферы функцыянавання беларускай мовы шмат увагі надавалі Мінскі гаркам КПБ, Віцебскі абкам КПБ, Наваградскі райкам КПБ. Сур'ёзна займаўся гэтым пытаннем і шэраг мясцовых Саветаў народных дэпутатаў.

Пачынаючы з Х пленума ЦК КПБ, нацыянальны аспект пачаў займаць, калі не вядучае, дык блізка да гэтага месца ў працы падобнага роду форумаў. На іх узнімаліся такія актуальныя пытанні, як забеспячэнне гарманічнага развіцця беларускарускага двухмоўя, пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы, ліквідацыя "белых плям" у асвятленні мінулага. Праведзены ў чэрвені 1989 года пленум ЦК КПБ як станоўчае прызнаў, што прыманыя з гэтай мэтай "меры ажыццяўляюцца без прымусу, без шкоды для людзей іншых нацыянальнасцей, якія жывуць на тэрыторыі рэспублікі" . Заслугоўвае быць прыведзеным такое месца з дакладу першага сакратара ЦК КПБ Яфрэма Сакалова: "Многа цяпер дыскусій аб дзяржаўным статусе нацыянальных моў. Вядуцца яны і ў нашай рэспубліцы" . Аднак замест таго, каб не марудзіць з развязваннем гэтага пытання, паколькі такога неадкладна патрабаваў занядбаны дзяржавай стан беларускай мовы, дакладчык так працягваў свой занадта ўжо памяркоўны выступ: "Паспешнасць, як і марудлівасць у гэтай важнай і тонкай справе недапушчальныя. Тут мы будзем у поўнай меры ўлічваць і існуючую практыку міжнацыянальных (а яна ж у БССР можа толькі адмоўна характарызавацца. - Л.Л. ) і эканамічных адносін, і ўрокі беларусізацыі 20 - 30-х гадоў (на працягу другой паловы 1930-х - першай паловы 1980-х гадоў на афіцыйнае ўжыванне гэтага тэрміну было накладзена табу. - Л.Л. ) і некаторыя сучасныя. На нашу думку, узняць прэстыжнасць роднай мовы і культуры дырэктыўным, валявым умяшаннем у гэту сферу немагчыма" (Літаратура і мастацтва. 1989. 23 чэрвеня. С. 3). А гэта якраз тыя метады, якія за царскім часам праводзілі гвалтам, а за савецкім больш хітра: праз шырокае выкарыстанне тэлефоннага права; ледзь не за сяброўскімі размовамі ў службовых кабінетах, падчас якіх высокага рангу партыйныя і савецкія чыноўнікі абмяркоўвалі і прымалі вусныя рашэнні па мове, а ўжо падначаленыя такім чыноўнікам асобы любымі сродкамі і метадамі ўкаранялі іх у практыку. І трэба сказаць паспяхова, таму толькі дзе-нідзе ў афіцыйным жыцці захавалася беларуская мова. А цяпер яе так зацюканую ўладамі няхай сабе ратуюць толькі без усялякага выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу шчырыя адраджэнцы, сабраўшыся на чыёй-небудзь кватэры, каб выпрацаваць адпаведныя мерапрыемствы.

З меркаваннем Я. Сакалова пра недапушчальнасць валявога ўмяшання ў нацыянальна-адраджэнцкі працэс пагаджаліся нават далёка не ўсе дзяржаўна-апаратныя функцыянеры, бо разумелі: русіфікацыя прычыніла духоўнаму жыццю тытульнага народа рэспублікі такую вялізную шкоду, што справіцца з ёю можна было толькі праз прыняцце і ажыццяўленне адмысловых нарматыўных актаў. Дарэчы, такую практыку праводзілі ўлады ўсіх краін, калі на парадак дня ставілася пытанне іх нацыянальна-культурнага адраджэння. Прыхільнікаў такога адзіна правільнага погляду станавілася ўсё больш і больш у Беларусі.

(Працяг у наст. нумары.)

Леанід Лыч


Творчая вечарына ў Магілёве

Магілёўскае ТБМ імя Ф .Скарыны разам з Абласным краязнаўчым музеем Е. Раманава зладзіла творчую вечарыну, якая была прысвечана перавыданню знакамітай кнігі Вацлава Ластоўскага "Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі". Непасрэдны ўдзел у мерапрыемстве прымаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі, кандыдат культуралогіі Алесь Суша, які вельмі цікава і падрабязна распавёў як пра гісторыю стварэння самога фаліянта, так і аб працы над сучаснымі перавыданнямі.

Было адзначана, што маючы толькі пачатковую адукацыю (так пісаў у сваёй біяграфіі сам дзеяч) Вацлаў Ластоўскі здолеў напісаць такую фундаментальную працу, якая пад сілу толькі цэламу калектыву прафесіяналаў. Не гледзячы на некаторыя хібы навуковай працы, ён быў першы з беларусаў, хто ўзяўся за напісанне такой грунтоўнай кнігі пра кніжную спадчыну нашых прашчураў. І нават сёння, праз 90 год пасля выдання, яна выглядае вельмі грунтоўнай, значнай і цікавай гістарычнай працай. Больш таго, некаторыя з размешчаных старажытных выданняў, апісаных Ластоўскім у "Гісторыі" былі страчаныя пад час вайны і з імі можна пазнаёміцца толькі ў гэтым грунтоўным артэфакце. Алесь Суша звярнуў увагу ўдзельнікаў вечарыны на яшчэ адну цікавую акалічнасць дадзенай кнігі: "Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі" выйшла ў 1926 годзе ў Коўні за грошы Літоўскай дзяржавы!

Дзякуючы супрацоўнікам абласнога краязнаўчага музея Еўдакіма Раманава, была наладжана выстава твораў Вацлава Ластоўскаа, на якой сярод іншага быў прадстаўлены арыгінал выдання "Гісторыі" В. Ластоўскага з фондаў магілёўскага музея. Пасля цікавага расповеду ўдзельнікі вечарыны, якіх прысутнічала 40 чалавек, здолелі задаць пытанні і паспрачацца пра тыя вельмі цікавыя і трагічныя гады перыяду беларусізацыі. Напрыканцы мерапрыемства ўсе жадаючыя сфатаграфаваліся з шаноўным госцем Алесем Сушам, спадарыня Марына Тарасава прэзентавала выступоўцу гістарычныя выданні абласнога музея.

Вялікі дзякуй спадару Алесю за цікавы і змястоўны расповед, пасля якога многія з магілёўцаў адкрылі для сябе новага Вацлава Ластоўскага. Шчырая падзяка калектыву Абласнога краязнаўчага музея.

Алег Дзьячкоў.


Алег Дзьячкоў: На радзіму Аркадзя Куляшова

Хоць і варожым мы, але і самі

Жахаемся, чытаючы ў вачах

Дзявочых

за людзей любімых страх.

Ах, людзі, людзі,

каб наперад зналі

Вы шлях, крывёй паліты

і слязьмі,

То не пакутвалі б і не кахалі,

Не плакалі і не былі б людзьмі.

"Хамуціус",

Аркадзь Куляшоў.

Магілёўскае ТБМ імя Ф. Скарыны зладзіла аднадзённую краязнаўчую вандроўку, прысвечаную 100-годдзю Народнага паэта Аркадзя Куляшова па маршруце: Магілёў-Ануфрыева-Крычаў-Лазовіца-Родня-Касцюковічы-Канічы.

Мястэчка Ануфрыева знаходзіцца паміж Мсціславам і Крычавам і вядомае перадусім сваім старажытным кляштаром. Пра ўзнікненне Ануфрыева ёсць цікавае паданне. У 1407 г. падчас палявання мсціслаўскага князя Лугвена Альгердавіча згубіўся яго сын Юрый. Юнак доўгі час не мог знайсці шляху да родных мясцінаў. Пасля доўгай малітвы з'явіўся Святы Ануфрый і паказаў дарогу з ляснога гушчару. У знак дзівоснага ўратавання свайго сына князь Лугвен заснаваў на гэтым месцы праваслаўную святыню, якую назвалі ў гонар Святога Ануфрыя. Праз пэўны час кляштар перайшоў да ўніятаў, і ў 18 ст. пасля Андрусаўскага міру паміж Маскоўскай дзяржавай і Рэччу Паспалітай Ануфрыеўскі манастыр стаў месцам знаходжання смаленскіх уніяцкіх архіепіскапаў, бо амаль уся тэрыторыя іх епархіі апынулася ў складзе Маскоўскага царства. Тут ужо акрамя старой драўлянай царквы Св. Ануфрыя будуецца мураваны храм Св. Міколы. Старая драўляная царква Св. Ануфрыя не захавалася. Зараз праз яе падмуркі праходзіць дарога, а побач, у царкоўным скляпенні, дзе пахаваны манахі, убітыя бетонныя слупы, на якіх вісіць трансфарматар. Пасля рэвалюцыі манастыр быў зачынены, і ў мураванай царкве знаходзілася спартовая зала мясцовай сярэдняй школы. А сёння мураваны храм другой паловы 18 ст. у стылі барока з элементамі класіцызму стаіць занядбаны, дах даўно праваліўся, з'явілася глыбокая шчыліна паміж вежай і асноўным аб'ёмам царквы. Толькі мясцовыя буслы знайшлі на самай верхавіне старажытнай спаруды для сябе ўтульны прытулак.

Далей наш шлях ляжаў у кірунку Крычава. Пра гэты магутны ўсходні фарпост ВКЛ вельмі цікава і змястоўна распавяла ў аўтобусе магілёўскі краязнавец Ірына Сомава. Крычаў у тыя даўнія часы меў уласны замак, моцны гарнізон і безліч старадаўніх храмаў. Спадарыня Ірына нам не толькі распавядала ў мікрафон пра горад, але і паказала цікавы ілюстраваны альбом з выявамі старажытных абразоў усходняй Магілёўшчыны і ўласна Крычава. Па прыездзе мы накіраваліся ў палац князя Пацёмкіна, у якім нам была праведзена экскурсія. На вялікі жаль, беларускамоўнага спецыяліста ў музеі не знайшлося… Сам Рыгор Пацёмкін паходзіць з беларускай Смаленшчыны і яго радавым шляхецкім гербам з'яўляецца "Малая Пагоня". Пасля далучэння ў 1772 годзе Магілёўшчыны да Расійскай імперыі Кацярына II перадала Крычаўскае графства свайму фаварыту Пацёмкіну, намаганнямі якога тут была пабудаваная судаверф, некалькі мануфактур і Адміралцейства. Менавіта тут нараджаўся Расійскі чарнаморскі флот. Неўзабаве, у 1787 г. у Крычаве ўрачыста прымалі і расійскую імператрыцу. Наступнымі пасля Пацёмкіна ўладальнікамі былі мясцовыя паны Галынскія, фамільныя партрэты якіх пару год таму размясцілі ў палацы.

Далей, па шляху з Крычава на Касцюковічы мы наведалі два маленькія мястэчкі: Лазовіца і Родня. Мястэчка Лазовіца, якое месціцца ў Клімавіцкім раёне, ўпершыню ўзгадваецца ў крыніцах у 1686 годзе як Лазоўшчына. У пачатку 18 ст. яно належала палкоўніку Мсціслаўскага ваяводства Івану Кіркору. Тут было 33 двары і 176 жыхароў. Планіровачную аснову Лазовіцы складала вуліца над берагам рачулкі Рэкта. Нягледзячы на тое, што вёска была невялічкая, тут дзейнічаў езуіцкі місіянерскі дом і драўляны касцёл Святой Тройцы. Акрамя таго, тут была ўніяцкая царква Пакрова Святой Багародзіцы. На сённяшні дзень у цэнты вёскі захаваліся парэшткі драўлянай праваслаўнай царквы, якую акаляе прыгожая ліпавая прысада. Храм пабудаваны ў 19 ст. да 1861 года. У наш час царква стаіць без даху, захаваліся досыць добра сцены і трывалы мураваны падмурак. Ходзіць пагалоска, што мясцовыя ўлады рыхтуюць дакументы на выключэнне царквы са спісу помнікаў архітэктуры. Побач з царквой знаходзіцца памятны знак вяскоўцам з Лазовіцы, што загінулі ў час Айчыннай вайны, але і ён занядбаны і заросшы травой. Напэўна, мясцовыя жыхары прызвычаіліся, што помнік прыбіраецца толькі школьнікамі, або па загаду сельсавета. Так і не знайшлося ўвосень ніводнага (!) ахвочага з усёй вёскі, хто б мог прыбраць занядбаны помнік.

На развілцы шляхоў з Касцюковіч на Мсціслаў і з Касцюковіч на Хоцімск месціцца паселішча Родня, што ў пачатку 18 ст. з 1709 г. была толькі "маетнасцю" сяла Судзівалічы, а ў 1747 названа мястэчкам, якім валодаў мсціслаўскі канюшы Казімір Свадкоўскі. Мястэчка было досыць буйное, мелася ўніяцкая царква і рынкавая плошча з праваслаўнай царквой. Ад былой мураванай праваслаўнай царквы застаўся толькі пагорак і парэшткі мураванага партала з чырвонай цэглы.

Далей мы накіраваліся ў раённы цэнтр Касцюковічы, дзе нас вельмі чакала загадчыца мясцовага краязнаўчага музея. У аўтобусе вельмі пранікнёна і паэтычна пра аўтара легендарнай "Песняроўскай" "Алесі" распавяла спадарыня Ніна Осіпава.

Перш-наперш нам у музеі паказалі ў актавай зале вельмі цікавую дакументальную стужку пра жыццёвы шлях Паэта з удзелам дачкі Аркадзя Куляшова. А затым на вельмі прыгожай беларускай мове спадарыня Святлана распавяла пра свой чароўны Касцюковіцкі край, які даў беларусам некалькі таленавітых пісьменнікаў: Аркадзя Куляшова, Івана Чыгрынава і Алеся Пісьмянкова. Музей у Касцюковічах досыць сучасны, двухпавярховы, і магілёўцам прыемна і цікава было пазнаёміцца з гістарычнымі набыткамі ўстановы. Не гледзячы на тое, што ў самі Саматэвічы, дзе нарадзіўся А. Куляшоў нас не пусцілі, бо там зона адсялення, забруджаная Чарнобылем, і ў Новасаматэвічы, дзе размяшчаецца сучасны музей Песняра, мы не патрапілі, бо ў той дзень там не было экскурсаводаў (хоць мы задоўга да таго спрабавалі дамовіцца з адміністрацыяй школы, дзе месціцца музей), супрацоўнікі музея ў Касцюковічах зрабілі ўсё, каб мы прасякнуліся вялікай пашанай да іх маленькай Радзімы на самым усходзе Беларусі.

І апошнім пунктам ў гэтай вандроўцы ў нас было вельмі багатае на помнікі і гісторыю мястэчка Канічы, пра якія шмат цікавай іфармацыі падрыхтавала Валянціна Чуракова. Канічы ўпершыню ўзгадваюцца ў 16 ст., іх росквіт прыпадае на 19 - пачатак 20 ст., калі тут валадарылі Цеханавецкія. Вось як апісвае сваю радзіму пісьменнік Васіль Хомчанка: "Да рэвалюцыi маё роднае сяло Канiчы было вялiкiм, ажыўленым цэнтрам воласцi, а пасля i - сельсавета. У iм былi школа, маёнтак з броварам i млыном на рэчцы, царква i касцёл. Мелiся цагельня i печ для абпальвання вапны. Цяпер усяго гэтага няма. Iснуе саўгас з мiльённымi стратамi. Царкве i касцёлу знялi галовы, маёнтак, бровар, млын, вялiкi сад знiшчаны, i сяло гiбее. Зямля, адчужаная ад гаспадара, не можа даць столькi багацця, колькi давала да калгаса" . Да нашага часу захаваўся цагляны бровар, парэшткі ўнушальнага каталіцкага касцёла, які дамінуе сваёй велічэзнасцю над акаляючымі ваколіцамі, і на ўскрайку вёскі сярод векавых ліп засталася занядбаная драўляная царква. У 19 ст. мястэчкам Канічы валодалі прадстаўнікі старажытнага беларускага роду Цеханавецкіх, мураваны палац якіх быў разабраны пасля ВАВ. Бровар з маёнтка Цеханавецкіх з'яўляецца помнікам архітэктуры пач. 20 ст. Насупраць бровара захавалася прыгожая алея, якая вядзе да таго пляцу, дзе калісьці месціўся палац Цеханавецкіх. Калі мы пад'ехалі да касцёла, то былі вельмі ўражаныя памерамі каталіцкага храма. Нават не гледзячы на тое, што касцёл ужо даўно не даглядаецца, ён усё роўна з'яўляецца самым галоўным упрыгожваннем Канічаў. Менавіта каля яго магілёўцам захацелася зрабіць свой агульны фотаздымак. І апошні старажытны будынак, які мы пабачылі ў гэты дзень на сваім шляху - старая драўляная царква, што схавалася за шчыльным ланцугом векавых дрэваў. Як ўжо можа здагадацца чытач, старажытны храм таксама занядбаны і стаіць у поўным запусценні, чакаючы свайго выратавання…

Увогуле, ва ўдзельнікаў гэтай вандроўкі, якіх налічвалася 46 чалавек, склалася пераканаўчае меркаванне, што гадоў праз 20 нашым нашчадкам на ўсходзе Магілёўшчыны акрамя Палаца Пацёмкіна не будзе чаго паказаць. І нават тых руін, якія сёння пабачылі мы, пры такім стаўленні да сваёй спадчыны ў грамадскасці і ўлады, вельмі хутка ўжо не будзе. У гэты раз у магілёўцаў вандроўка атрымалася цікавая і дужа сумная.

Я на ўсё жыццё абраў дарогу,

На якой калючак больш,

чым руж.

Сэрца - як набат,

што б'е трывогу

За мільёны

падгарматных душ.

Аркадзь Куляшоў.


Шчыры абрыс сэрца пілігрымкі

У канцы 2014 года выйшла кніга Ядвігі Рай "Сцежкі пілігрыма на скрыжаваннях часу". Змест кнігі не фантазійны, не прыдуманы. Аўтар піша пра ўбачанае і адчутае ў час пілігрымак у Будслаў, Італію, Ізраіль.

Нататкі пра пешыя паходы больш уражлівыя, чым аўтамабільныя, самалётныя. Эцюды пра дарогі, прыроду падкупляюць пачуццёвасцю, завершанасцю.

Назіраць за ваколлем, храмамі, спадарожнымі аўтарцы ўдаецца.

Здорава апісана, як сонца прымала ўдзел у вячэрнім імшаванні пешай поснай пілігрымкі ў Будслаў 2011 года. Перадача энергіі любові, узнёслага стану ўдзельнікаў паходаў і малітваў закранае шчырасцю.

У Будславе і ваколлі на ўсіх трох пілігрымках выстойвала не чалавечая вірлівая маса, звычайна ў прынцыпе абыякавы да ўсяго натоўп, як на менскіх і гродзенскіх, маскоўскіх і варшаўскіх плошчах, тут вернікі вымалітоўваліся ў выказванні падзякі прыродзе, Богу. Традыцыйныя касцёльныя ліхтарыкі ў руках моладзі і пажылых. Усіх аб'ядноўвала Вышняя любоў. Люд выспаведваўся ў сваіх грахах незнаёмым.

Зачароўваюць вымалітоўванні вернікаў, спагада да ўсіх, прабачэнні адзін аднаму, адчуванне моцы ачышчэння душы, радаснай палёгкі пасля наведвання святыні.

На тварах узрушэнне, радасць, шчасце. Нямоглая сталая бабуля, яе пад руку вядзе пяцідзесяцігадовы сын, раз-пораз вышэптвае пра радасць сённяшняга малітоўнага прычасця, згоду ўцялесніцца ў свет Тагасветнасці.

Патрэбна адзначыць вялікую ролю ксендза-дэкана, магістра, кандыдата гістарычных навук, рупліўца хрысціянства Уладзіслава Завальнюка.

Прываблівае ў кніжцы дэталізацыя і канкрэтыка пры наведванні Італіі, Ізраіля. Нават нявернік, тупы атэіст паверыць у рэальнасць шматвякова аддаленых падзеяў, выдатна апісаных аўтаркай. Незабыўна паказана як з усёй беларускай грамады ў Ватыкане ў час імшы падзякі беларусаў свету Богу чытала тэкст на беларускай мове Ядвіга Іванаўна Рай.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, патрыёт веры каталіцкай і зямлі беларускай, які ў студзені 2015 года фактычна паказаў слабасць этычную і грамадзянскую ўдзельнікаў клуба рэдактараў на тэлевізіі, фактычных збыўцаў і забыўцаў мовы беларускай, на цікавай перадачы адзін з іх усіх прамаўляў на роднай мове, - мітрапаліт Кандрусевіч тады прылюдна адзначыў пачуццёвую выразнасць дыкцыі Ядвігі Рай.

Узнёсласць, падзяка, любоў да Бога панавалі ў сэрцах наведнікаў Ватыканскіх сабораў і ў чытачоў гэтых раздзелаў кнігі.

У мяне, практычна ўсё жыццё знанага з аўтарскімі рукапісамі, не раз шчымела сэрца і вочы пры азнаямленні з тэкстамі Рай пра рэлігійныя паходы і паездкі. Усцешыла апісанне Падуанскага ўніверсітэта, дзе вучыўся наш Францішак Скарына, першадрукар Бібліі на старабеларускай мове . Не "з выкарыстаннем вялікай колькасці старабеларускіх слоў" (58), як пададзена ў тэксце кнігі.

Запамятаецца апісанне чэрвеньскай (2014) паездкі беларускіх падарожнікаў на Святую Зямлю. Славак Расціслаў, святар грэка-каталіцкага абраду, выкладчык Ерусалімскай духоўнай семінарыі, навучыў лепей чытаць і разумець асобныя мясціны Вялікай Кнігі не толькі падарожнікаў беларускай групы, а і чытачоў. Не ўспрымаць тэксты Бібліі раўнінным мысленнем, як гісторыю, неабходна бачыць глыбінныя пласты, узгоркавасць, разумець сапраўдную мэту біблейскіх аўтараў, казаў Расціслаў.

У кожнага чалавека ўласны крыжовы шлях, нясі свой жывы крыж, цярпі ганенні/прыдзірства абмежаваных асветных, тупасць нязнаўцаў і напорных прасцячкоў - і Бог/прырода аддзякуюць. Кожны момант жыцця Хрыста дапамагае любому стаць лепшым, знайсці ў сабе раўнавагу паміж духоўным і матэрыяльным.

Многія старонкі кнігі ўзрушваюць да глыбіні.

Віфліем, Ерусалім, Галгофа, Храм Гасподні, Храм Дабравесця, гара Табор, Галілейскае мора, Кафарнаум, Мёртвае мора, горад Яфа - усё апісала аўтар кранальна, запамінальна. У межах раскладу, вядома.

Асацыятыўная рэцэнзія "Неўміручасць паэта" (97-103) прысвечана першаму народнаму - Янку Купалу - падкупляе своеасаблівасцю падачы матэрыялу, новай фактурай, дакладнасцю. Цікавыя радкі пра Якуба Коласа, Максіма Багдановіча.

Аўтарцы сталага ўзросту, маме чатырох дзяцей, жанчыне з чулым сэрцам, вялікай хрысціянскай верніцы ўжо ў першай(!) кніжцы ўдалося багата сказаць узнёслага пра зямлю беларускую, хрысціянства. Адкрыла нязведанае на сцяжынах рэлігійных пілігрымак. Яшчэ раз пацвердзіла ўсім здавалася вядомае, а фактычна многімі забытае ў тлуме штодзёння: асабістая малітва высока ўзнімае, але калектыўная высіць мацней; малітва за родных карысная, аднак малітва за нацыю і народ вышэйшая.

...У наш час, асабліва апошнія дзесяцігоддзі, развялося шмат самаўпэўненцаў, якія бяруцца практычна за любую работу - слясарыць, фрэзаваць, будаваць, сантэхнічаць. Асаблівыя плоймы такіх умельцаў у інтэлігентных шэрагах. Настаўнік, інжынер, медык бяруцца за любую працу. Вытачыць гайку, адрамантаваць тэлевізар здатнік не можа, а кіраваць школаю, адміністрацыяй, рэдагаваць тэкст - калі ласка.

Як правіла гэта саступлівыя, мяккія людзі. Яны гатовы згаджацца, слухаць, перарабляць. Не прайшоў такі школу рамесніцтва, то бок вучнёўства, пажадана трохступеневага, а ўжо сядзіць на павучальным крэсле, вучыць іншых. Ад іх патрэбна дапамога і веды, а прыпасадненыя і ўзселыя на пэўнае майстроўнае седала вучацца самі. Пакуль асвояцца - намінусуюць. А то і нашкодзяць, нямала нашкодзяць.

Не сумняваюся, рэдактар кнігі Юрась Нераток і адказная за выпуск А.Г. Яцкевіч хацелі дапамагчы аўтару, выдаўцу, індывідуальнаму прадпрымальніку А.Г. Печанко (на якой мове прозвішча?). Стараліся. Пералічваць узоры іх "выстарванняў" няма патрэбы. Хіб на хібе. Дайшло да таго, што адзін загаловак стаіць на двух розных вершах - "Спадзяванне" (стар. 133, 144), адвечная вёска Шчамысліца стала Шчомысліцай (143). Не ведаеш сам, у энцыклапедыі заглядвай.

Няма сэнсу разбіраць лексічныя ляпы кшталту раніцой (35), святынь (48), амавенне (69); адышоўшай ад дачкі (91); існуючага (78); квітнеючай (13, 45).

Цяжка гаварыць пра іншыя стылёвыя нестыкоўкі, суцэльныя аўтарскія ішлі, ехалі, супыніліся, і, а, паколькі, якія... Іх шмат. Яны перашкаджаюць належна ўспрымаць своеасаблівы, зачастую цудоўны тэкст Ядвігі Рай, каўмлычаць думку.

Не варта ў загалоўках трох раздзелаў матэрыялаў варыянтаваць слова Будслаў . Лагічней назваць кожны з іх коратка і змястоўна: Будслаў-2011; Будслаў-2012; Будслаў-2013 . Даваць тэксты ў такім парадку лепей, чым 2013 год, 2011, 2012 .

...Аўтар на шляху ўдасканальвання творчага майстэрства, развіцця празаічных і паэтычных задаткаў. Ёй абавязкова патрэбна было падказаць, што нельга ў адну кнігу, тым болей першую, трамбаваць уласныя прозу і вершы на беларускай мове, вершы на рускай, уласныя пераклады з беларускай на рускую далёкіх ад яе аўтараў.

Як закратваюць празаічныя і паэтычныя радкі пра смерць саракагадовага сына Сцяпана у снежні 2012 года, так уся кніга - высокі паказ годнасці і вышыні сэрца пілігрымкі Рай. Спадзяёмся, неўзабаве прачытаем чарговую кнігу здольнага аўтара.

Валер Санько.


Дзіўнае - побач

Пад самы Новы (2015) год выдавецтва "Народная асвета" выпусціла ў свет кнігу (можна сказаць, сваім зместам - святочна-падарункавую) Аляксандра Вашчанкі "Апошняе паляванне Марэны". А падарункавымі ў адрас чытача і беларускага прыгожага пісьменства прыкметамі гэтага выдання з'яўляюцца ўрачыстыя займальна-захапляльныя гімны Прыродзе і Дабрыні, якія аўтар (дарэчы, настаўнік, педагог) нядрэнна ведае, бо шчыра і пяшчотна любіць іх. Кнігу складаюць дзесяць невялікіх па аб'ёме, але ёмкіх па змесце і мастацкасці апавяданняў на тэму любові да маці, роднай Айчыны, беражлівых адносін да прыроды, аховы звяроў, птушак і раслін і адзін эскіз, у якім, так бы мовіць, заключным акордам да ўсёй кнігі гучаць мудрыя народныя словы:

"Слова ратуе, слова лечыць, Слова катуе,

слова калечыць..."

Што да слова А. Вашчанкі, дык яно, апроч таго, што ратуе і лечыць, яшчэ і інфармуе, развівае-пашырае свядомасць, выхоўвае, прывівае добры мастацка-этычны густ. I робіць-здзяйсняе ён гэта далікатна, ненавязліва, класічна-абаяльна і глыбока чароўна-псіхалагічна.

Вельмі тонка, лірычна адчувае аўтар стан прыроды, яе пераменлівасць, яе псіхалогію, якая рухома мяжуецца ў яго з псіхалогіяй чалавека і жывёліны. Натуральна, што яго пейзажы адрозніваюцца глыбокай пранікнёнасцю і адпаведна - праўдзівасцю, падсвечанай філасафічнасцю, а часам своеасаблівай містыкай - (не фантасмагорыяй) вышэйшай рэальнасцю. Асабліва паказальныя ў гэтым плане апавяданні "Абы здаровенькі быў" (стар. 42-50), "Пярсцёнак для матулі" (стар. 51-63) і "Апошняе паляванне Марэны" (стар. 73-85), поўнае драматызму і якое заслужана атрымала прэмію на літаратурным конкурсе газеты "Звязда" за 2012 г.

А. Вашчанку ўласціва выключная назіральнасць. "А птушка расла нібы на дражджах, і калі дзяўчынка яе звала, паварочвала сваю галаву, якая, здавалася, існавала асобна ад тулава і адклікалася тоненькім голасам: "Ху-ху-хууу!" (стар. 68).

З "Апошняга палявання Марэны" мы даведваемся, чаму лекавы грыб "вясёлка", пра які чулі многія, называецца менавіта так (стар. 19), ці чаму толькі з асіны робяць запалкі (стар. 18), ці чаму месяцовы дыск (поўня) такі прыцягальны для ваўкоў (тут, праўда, тлумачэнне - міфалагічнае) (стар. 74).

У апавяданнях А. Вашчанкі адлюстраваны апошняя вайна на нашай зямлі і Чарнобыльская трагедыя. I зроблена гэта мастаком слова зноў жа ў плыні шчымлівай праўды прыроды і дабрыні чалавечага сэрца.

I вось прачытана апошняя старонка "Апошняга палявання Марэны" і першым з'яўляецца шкадаванне, што кніжка скончылася, але з'яўляецца і надзея, што сустрэча з новымі дзіўнымі тэкстамі аб дзівосах, якія побач, якія нас акаляюць, безумоўна адбудзецца. I не раз.

Тэксты А. Вашчанкі можна многа цытаваць, указваць старонкі, упрыгожаныя арыгінальнымі, непаўторнымі момантамі, параўноўваць з трапнымі мастацкімі знаходкамі у Я. Коласа, Дж. Лондана, М. Прышвіна і іншых, але, не адцягваючы ўвагу чытачоў (не толькі дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту - адрасата кнігі), пажадаем ім падарожжа ў чароўны вярбальны свет самабытнага таленавітага аўтара.

Выданне, пачынаючы з вокладкі, добра - псіхалагічна-змястоўна і абгрунтавана праілюстравана.

Яўген Гучок.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX