Вярнуцца: 2015

№ 04 (1207)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 4 (1207), 28 студзеня 2015 г.


"Культура - вось што робіць беларуса беларусам, а не проста "тутэйшым", у якім бы пункце зямнога шара ён ні знаходзіўся. Не толькі наша найбагацейшая спадчына - літаратура, музыка, архітэктура - але і мова, якую мы павінны ведаць, гісторыя, якую мы павінны памятаць, і каштоўнасці, якія мы павінны паважаць."

Аляксандр Лукашэнка, БелТА.


Памёр Анатоль Грыцкевіч

Вечарам, 20 студзеня, пасля цяжкай хваробы на 86-м годзе жыцця памёр доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч ..

Анатоль Пятровіч Грыцкевіч, беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар. Скончыў Менскі дзяржаўны медыцынскі інстытут (1950), Менскі педагагічны інстытут замежных моў (1955), гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (завочна, 1958). Некалькі гадоў працаваў лекарам на Беларускай чыгунцы. У 1959-1975 гг. быў навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, з 1975 г. працуе ў Менскім інстытуце культуры (з 1992 г. - Беларускі універсітэт культуры і мастацтваў). У 1975-2006 гг. загадваў кафедрай гісторыі Беларусі і музеязнаўства, з 2006 г. - прафесар кафедры. У 1996-2000 гг. узначальваў недзяржаўны Інстытут Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (да яго закрыцця ўладамі).

Доктар гістарычных навук (1986), прафесар (1987), правадзейны сябар Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі (з 1999), ганаровы сябар МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына", ганаровы сябар Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, сябар Маскоўскага гістарычна-радаводнага таварыства (з 1990), ганаровы сябар Таварыства беларускай культуры ў Літве, ганаровы сябар культурна-асветніцкага клуба "Спадчына".

Адзін з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту (19 кастрычніка 1988 г.) і Таварыства беларускай мовы (1989). Сябар Рады ТБМ многіх кадэнцый. Прэзідэнт МГА "ЗБС "Бацькаўшчына" ў 2001-2005 гг.

Даследчык гісторыі Беларусі феадальнага перыяду, прыватнаўладальніцкіх гарадоў на Беларусі і Літве, гістарыяграфіі Беларусі. Аўтар публікацый па гісторыі шляхецкага саслоўя, генеалогіі беларускай шляхты (у т. л. Адама Міцкевіча і Ігната Дамейкі) і ўласнага радаводу. Даследаваў (яшчэ з савецкіх часоў) гісторыю праваслаўнай, каталіцкай і ўніяцкай цэркваў, пратэстантызму - упершыню ў беларускай гістарыяграфіі.

Даследаваў гісторыю нацыянальна-вызвольнай барацьбы беларускага народа ў 1918-1920 гг. Упершыню ў гістарыяграфіі Беларусі навукова даследаваў гісторыю Слуцкага збройнага чыну і паходу генерала С.Н. Булак-Балаховіча на Палессе. Аўтар гістарычных нарысаў па гісторыі Слуцка і Случчыны, адкуль паходзіць яго род.

Даследаваў гісторыю расійска-польскай вайны 1919-1920 гг. Аўтар 7 манаграфій і больш як 1300 навуковых артыкулаў, улічваючы і артыкулы ў энцыклапедыях. Аўтар мноства артыкулаў для газеты "Наша слова".

Апошняя кніга А. Грыцкевіча "Сцягі Оршы" выйшла ў 2014 годзе да 500-годдзя Аршанскай бітвы.

У 2008 г. узнагароджаны дыпломам "Пшэглёнду Всходнего" імя Аляксандра Гейштара ў Варшаўскім універсітэце за шматгадовую арганізацыйную дзейнасць у асяроддзі беларускіх гісторыкаў. У 1998 г. міжнародным Кембрыджскім біяграфічным цэнтрам за навуковыя дасягненні прызнаны Чалавекам года. Выступаў на міжнародных навуковых канферэнцыях у Рыме, Парыжы, Лондане, Будапешце, Кракаве, Варшаве, Вільні і Санкт-Пецярбургу.

Цырымонія развітання з Анатолем Грыцкевічам прайшла 22 студзеня ў касцёле Святых Сымона і Алены ў Менску па грэка-каталіцкім і каталіцкім абрадах. Служылі архімандрыт Сяргей Гаек і пробашч Ўладзіслаў Завальнюк. Парэшткі А. Грыцкевіча пахаваны на Ўсходніх могілках.

(Пра А. Грыцкевіча чытайце на ст. 2.)

Канстытуцыйны суд Беларусі лічыць мэтазгодным выдаваць законы на беларускай і рускай мовах

Канстытуцыйны суд (КС) Беларусі мяркуе, што заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць і на беларускай, і на рускай мовах.

Пра гэта заявіў 20 студзеня старшыня Канстытуцыйнага суда Беларусі Пётр Міклашэвіч , агучваючы штогадовае пасланне прэзідэнту Беларусі і абедзвюм палатам парламента "Аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь у 2014 годзе".

- Канстытуцыйны суд мяркуе, што зараз для забеспячэння свабоднага доступу да правасуддзя заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, мэтазгодна выдаваць на дзвюх дзяржаўных мовах - беларускай і рускай, у адпаведнасці з палажэннямі арт. 17 Канстытуцыі аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моў, - сказаў Міклашэвіч.

- У нас Канстытуцыя гарантуе роўнасць дзвюх моў … Хто памятае, у савецкія часы ў нас кодэксы складаліся з дзвюх частак. У першай нормы выкладаліся на беларускай мове, а ў другой - на рускай, - растлумачыў журналістам старшыня КС.

Ён дадаў, што Канстытуцыйны суд, прымаючы пасланне, звярнуў увагу на тое, што на дзяржаўным узроўні прымаюцца меры для далейшага развіцця беларускай мовы. Таму ў КС вырашылі, што і ў юрыдычнай сферы таксама трэба зрабіць нейкія захады.

Пётр Міклашэвіч адзначыў, што наяўнасць законаў на дзвюх мовах дапаможа пры неабходнасці весці судаводства на беларускай.

БелТА.


Мы прыйдзем да таго, што большасць дысцыплін будзе выкладацца па-беларуску

Міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў падтрымаў выкладанне ў школах гісторыі і геаграфіі па-беларуску і выказаўся за паступовае пашырэнне выкладання роднай мовы ў вышэйшых навучальных установах Беларусі.

Кансультацыі з настаўнікамі пра магчымасць выкладання ў сярэдніх школах па-беларуску гісторыі і геаграфіі пачнуцца ў канцы студзеня. Пра гэта паведаміў міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў, адказваючы на пытанне карэспандэнта Свабоды, чаму дагэтуль не рэалізаваныя прапановы Аляксандра Лукашэнкі наконт пашырэння беларускай мовы ў сістэме адукацыі.

- Мы ў прынцыпе вырашылі, што, магчыма, на будучым тыдні ў Менску збяруцца прадстаўнікі школ, каб абмеркаваць пытанне аб выкладанні па-беларуску гісторыі і геаграфіі. Гэта наша, Міністэрства адукацыі, цвёрдая пазіцыя. Таксама ў абмеркаванні возьмуць удзел прадстаўнікі раённых кіраванняў адукацыі. То бок, безумоўна, ёсць пэўны пералік дысцыплін, якія неабходна выкладаць па-беларуску, бо гэта няправільна - гаварыць пра гісторыю Беларусі не па-беларуску. Мы гэта ўвядзём.

Паводле назіранняў спадара Жураўкова, цікавасць да навучання па-беларуску павялічваецца і сярод студэнтаў, яе ўжо выяўляюць студэнты не толькі традыцыйна беларускамоўных факультэтаў, прыкладам, філалагічных, але і тэхнічных. Пераход да шырэйшага навучання па-беларуску, на думку міністра, - справа часу:

- На мой погляд, мы прыйдзем да таго, што большасць дысцыплін будзе выкладацца па-беларуску. Гэта нармальна, і гэта трэба заахвочваць.

Радыё Свабода.


Працаўнік, аб'ектывіст, барацьбіт

Памяці А.П. Грыцкевіча (31.01.1929 - 20.01.2015)

Звыш сарака гадоў ведаў Анатоля Грыцкевіча. Даўным-даўняе знаёмства пачалося з размовы пра любую нам абодвум Случчыну.

- Ёсць шмат людзей, у якіх ёсць малая і вялікая Радзіма. Памыляюцца. Радзіма як маці - адна.

Спрабую удакладніцца ў навукоўца Грыцкевіча. Ён нарадзіўся ў Менску, а лічыць сябе слуццаком. Дзве радзімы ці адна? Анатоль Пятровіч мякка настойвае:

- Бацькі мае са Случчыны. Я і брат Валянцін усюды падкрэсліваем слуцкасць. Ганарымся сваім раёнам, як нясвіжац Нясвіжчынай, капылец - Капыльшчынай, гарадзенец - Гарадзеншчынай. Фармальна абставіны могуць скласціся розныя, аднак кожны свядомы павінны цвёрда ўчасаць: ён не перакаці-поле, не касмапаліт, тым болей не шавініст. Усемагчымая камуністычная лухта пра еднасць пралетарыяў і "наш адрес не дом и не улица, наш адрес Советский Союз" - разляціцца пухам ад наймалага вятрыскі. Нармальны чалавек, як дрэва, цэніць уласнае карэнне, айчыну, бацькаўшчыну. Айчызна ў чалавека заўжды - дзяды, бацькі, месца нараджэння, родная мова.

У далікатнага інтэлігента нечаканая цвёрдасць, пэўнасць.

- Цяперашнія савецкія і міждзяржаўныя пераезды, асабліва студэнцкія і ваенныя, заносяць многіх далёка.

- Заносяць. У Навасібірск і Ленінград, Нью-Ёрк і Тэль-Авіў. Нармальны чалавек сувязі з котлішчам і дворышчам не парывае. Яму часам цяжка і дорага паехаць на бацькаўшчыну, усё-такі выбіраецца, прыязджае - і вязе ўзвароткі жменю зямлі з свайго хутара, ад хаты. Прывезенае рассейвае на новым жыхарстве, абярэжнічае. Ведае, малітвы прадзедаў і бацькоў ратуюць у лесе, на акіяне, родная зямля мацуе сувязі Таго свету і гэтага, памагае ў жыцці крэўным. Прылучанасць да канкрэтнай мясцінкі планеты яднае і высіць цябе і пакаленні мацней з новымі мясцінамі.

Чуюся, размаўляць з чалавекам, які на практыцы могся абняць веды розных сусветаў і галінаў навукі, не проста займальна - карысна, павучальна. На сённяшні дзень, заўтрашні, пазаўтрашні.


Сустрэчы з Анатолем Пятровічам, тэлефанаванні значыліся і значацца ў маёй памяці, свядомасці.

Загадчык кафедры гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі Менскага інстытута культуры ўлетку 1982 года прыйшоў ва ўпершыню створаную ў БССР рэдакцыю краязнаўства. Яе ў той час, ад заснавання, і доўгія гады пасля ўзначальваў я. Яго тадышнія парады і засцярожванні, як неўзабаве Мікалая Ўлашчыка, у душы і цяпер.

Галоўная тэза славутых гісторыкаў: любяць Беларусь многія, у цяперашні русіфікатарскі час абазвацца праўдзівым, нехлуслівым словам пра айчызнасць, маці, гісторыю не ўсе патрыёты адважваюцца. Тым болей прыстасаванцы не запярэчаць камуністычным, значыць касмапалітна-шавіністычным ідэолагам.

- Кожны на самым малесенькім месцы павінны працаваць для Беларусі, адной яе. Не бойцеся навізны, арыгінальнасці. - Грыцкевіч пранізліва ўзіраецца ў мяне шэрым блакітам вачэй. - Адна з прычын недрукавання вас - зашоранасць белдзяржлітстараннікаў. Усеўся пры карыце і ўсіх габлюе на шырспажыўны стандарт мовы, квелую нямогласць думкі. Для такога ўказальнае і асаджвальнае слова Кузьміна і Паўлава - верх філасофіі, праўды. Ваша слуцкая, наша слуцкая (!), дыялектавасць, як іншых мясцовасцяў, нарэшце праб'ецца на літаратурныя гоні. Так станецца.

Парады Грыцкевіча, барацьбіта і настойніка, адначасова хітруна, па тэлефонах не меней шматзначныя, чым у асабістых сустрэчах. Асноўны іх сэнс - не баяцца праўдзівіць самому, падтрымліваць тых аўтараў, якія паказваюць гістарычныя рэаліі.

Сур'ёзныя даследчыкі ўсіх рэспублік СССР раскопваюць падзеі былога, узвышаюць і нізяць мінулае/цяпершчыну, якія б горкія ні былі. Гэтым яны непазбежна добразычлівяць нацыі, узнімаюць. У Беларусі цэкоўскія і нецэкоўскія прыцясняльнікі Зайцава, Ермаловіча, Каханоўскага, Мельнікава, Караткевіча, Міско, Пазняка, Каўруса, Рабкевіча... сыйдуць з планіды, як усякая аднапартыйнасць у любой дзяржаве, застанецца створанае, адкрытае адважнікамі інжынерамі, гісторыкамі і фалькларыстамі, мовазнаўцамі і літаратарамі, мастакамі.

- Не мераць сваю працу вёдрамі, дастаткова шклянкі, лыжкі, кроплі. Уласнай працы. Толькі нясіце навізну, хоць у чым, не перажоўвайце чужое, перанятае, а то і ўкрадзенае, - няраз даводзіў Анатоль Пятровіч.

Не можаш сам адкрываць - убач адкрывальніка, дапамажы яму, не стаў падножкі. У вышынях лепей значыцца не вырошчвальнік травы, а стваральнік раслін, адкрывальнік. Дома і ў новых мясцінах.


У кожнага чалавека мноства мажлівасцяў ствараць - пры будаўніцтве хаты, вышыўцы настольніка, гадаванні каровы, парасяці, у парадах маладым і сталым, дабратворных парадах, станоўчасці прыкладаў.

Рукапіс крычаўскага краязнаўца, былога зэка Міхася Фёдаравіча Мельнікава ў справядлівай савецкай Беларусі першакласныя беларускія гістарычныя ацэншчыкі футболілі восем гадоў. Матывы зачастую смехатворныя. Дакажыце, што сяржант Сініцын пад Крычавам у адзіночку знішчыў восем нямецкіх танкаў, што па загаду Гудэрыяна немцы яго ганарова пахавалі на кладах, казыралі калі паўз іх вышыхтаваныя шарэнгі праплывала труна з савецкім героем. (Пасля Сініцына ўзнагародзілі ордэнам.)

Дакументуйце, калі Ленін праязджаў праз Беларусь. Дзе, з якой нагоды. У біяграфіі правадыра пра гэта не сказана.

Чаму ў Мельнікава ўсяго тры пісьмы жонкі Суць-Ян-Сена; ні ў Кітаі ні ў Маскве яны нікім не завераныя.

Толькі з дапамогай самаахвярных гісторыкаў, праўдалюбаў Аляксандра Хацкевіча і Анатоля Грыцкевіча кніга Мельнікава выйшла ў рэдакцыі краязнаўства. Пасля фактуру з працы Мельнікава бязбожна расцягвалі і прысабечвалі ў публікацыях журналісты і тыя ж забараняльнікі.

...Першую ў рэспубліцы кнігу пра беларускую геральдыку адхілілі ўсе. Асабліва выстарваліся ў маскоўскім Дзяржкамвыдзе, дзе здавённа зацвярджаліся тэмпланы ўсіх выдавецтваў, асабліва нацрэспублік, і ў ЦК КПБ. Аўтар Анатоль Цітоў прадставіў дзве станоўчыя рэцэнзіі на тэкст прафесараў з Масквы, у тым ліку акадэміка Яніна, а беларускім асцярожнікам і святлалюбам на ўсё начхаць.

Прыходзілася выбіваць рэцэнзію з Кіева, Ленінграда. Памог Анатоль Грыцкевіч і яго брат Валянцін, кніга якога "Ад Нёмана да берагоў Ціхага акіяна" таксама ў свой час выйшла з маёй дапамогай.

Не ведаю, як Грыцкевічу падпісаў Цітоў кнігу "Гарадская геральдыка Беларусі", мяне ў подпісу адзначыў - "хроснаму бацьку гэтай кнігі".

Ва ўласнай грунтоўнай кнізе "Старажытны горад на Случы" Анатоль Грыцкевіч паказаў горад і мясцовасці так, як да яго ніхто.

Святымі і прарокамі трымаецца планета. Яны рухавікі. Чыстае толькі сапраўднае, ісціну вызначыць цяжка, прыналежнае ёй яшчэ цяжэй. Анатоль Грыцкевіч, Мікалай Улашчык, Генадзь Каханоўскі, Сцяпан Міско, Зянон Пазняк, Анатоль Цітоў, Алесь Каўрус і мноства іншых умелі розніць ісціну і прыліпалаў да яе.


У вялікай разгубленасці я. Тэкст кнігі салігорскага даследчыка Феафана Раманоўскага "Як цячэ Случ" выдатны. Грошы на яе друкаванне па просьбе БВТ "Хата" выдзеліў "Беларуськалій". Неўзабаве на кнізе "Як цячэ Случ" будзе выказана падзяка ўсім членам вытворчага савета, названа імя, бацькоўства, прозвішча, пасада кожнага.

Адна загваздка. "Беларуськалій" дае вялікія прыбыткі, але яго тэрыконы, добра бачныя ў маёй Вялікай Сліве, надзвычай моцна гнюсоцяць выдатныя слуцкія землі (сюды ўваходзяць любанскія, салігорскія, старобінскія, капыльскія, клецкія, старадарожскія, нясвіжскія, урэцкія, валяр'янаўскія). Залішне соляў у вырошчванай расліннай прадукцыі, у рыбе мясцовых рэчак. Мялее, плытнее Случ, Сліўка...

Другі і трэці раз я кандыдат у дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі на Салігоршчыне. (Першы раз вылучаўся на Случчыне.) Ад кіраўнікоў прамысловага магната, як раённага начальства, шмат залежыць. Калі не ў галасаванні, то ў забеспячэнні паездак кандыдата Санько. А яму трэба "граміць" працу камбіната, калі хоча пачувацца сумленным.

Не прамінусаваць у кнізе прадпрыемства і яго смецце (створанае па віне маскоўскіх праекціроўшчыкаў, беларускіх паслухмянікаў. Спярша планавалася адходы заганяць у выпрацаваныя шахты) - зняпраўдзіць, пакрыўдзіць люд і слуцкую зямлю.

Анатоль Грыцкевіч дапамог знайсці выйсце. У пасляслоўі да кнігі абсалютна старонні да "Беларуськалія" гісторык Грыцкевіч выказаў станоўчае, праблемнае, адмоўнае. Прыведзеныя ім мінусавыя прыклады, яркія лічбы засмуцілі і абрадавалі шахцёраў, іхняе начальства. Усе даўно бачылі творанае камбінатам безгарбуззе. Прымусілі мацней задумацца саўмінаўскіх і міністэрскіх спецыялістаў, хутчэй варушыцца.

Неўзабаве ўзнятыя ўверх горы з солеадходамі, тэрыконы, укрылі шчытнымі брызентамі.


Вядомы беларускі гісторык, доктар гістарычных навук Аляксей Ліцьвін з Анатолем Грыцкевічам забераглі шматлікія беларускія архівы і музеі, даследчыкаў маладых ад давер'я многім няправедным партызанскім дакладным, паведамленням, рапартам.

25-30 гадоў пасля вайны ў шматлікіх партызанскіх найпраўдзівых артыкулах і кніжках сцвярджалася, прыводзіліся данясенні таго ці іншага адважнага камандзіра, як іхнія разведчыкі падрывалі нямецкія цягнікі на чыгунцы. Дзесяць, дванаццаць вагонаў з гітлераўцамі/танкамі ляцелі пад адхон.

Узнагароды знаходзілі беларускіх смялякоў-падрыўнікаў і слава. Расла ўпэўненасць у правільнасці перабольшванняў, выгаднасці гэтага партыі, дзяржаве.

Ліцьвін і Грыцкевіч, кожны паасобку, на палях самых розных рукапісаў, высмейвалі партызанскую пахвальбу, выверты, скажэнні.

- Не маглі ў тагачассі хадзіць доўгія цягнікі. Калі такое страсалася - выключэнне. Ужо ў пачатку 1942 немцы праз Беларусь пускалі не эшалоны, а сашчэпкі вагонаў - па чатыры-пяць вагонаў у саставе. Усе афіцэры і салдаты пры звычайным перакульванні ці сыходзе з рэйкаў практычна не маглі моцна пацярпець, - даводзіў Аляксей Ліцьвін. - Людзі прывязваліся спецыяльнымі рамянямі і паясамі да ложкаў, сядзенняў. Вагон мог перакуліцца поўнасцю, чалавек не ўпаторчыўся б у жалязяку, падлогу.

Мноства аналагічнага значэння фактаў выказаў Анатоль Грыцкевіч пра значэнне Вялікага Княства Літоўскага ў гісторыі Еўропы. Калі б не ВКЛ, Польшчы наогул не было б. Прынамсі ў цяперашніх памерах, эканамічнай вазе. Ягайла і яго дружына першае што зрабілі ў Кракаве - далі штурхаля нямецкай мове, на якой практычна ўжо гаварыла ўсё каралеўскае верхавенства, выгналі нямецкіх службоўцаў і воінаў. Адразу каралеўскі двор і касцёл палюбілі і прызналі ліцвінскую мову, на якой гаварыў кароль Ягайла і Княства.

Вызначальная роля Грыцкевіча не раз значылася на міжнародных канферэнцыях у Менску, Маскве, Варшаве, Парыжы, Лондане, Рыме.

- Было б здароўе, ён дасюль ездзіў бы, прапаведаваў у замежжы высокую значнасць Беларусі даўней і цяпер, - гаварыла мне параўнальна нядаўна ў час невялікага абеду ў іх кватэры мілая Арыядна Вячаславаўна Грыцкевіч.

Анатоль Пятровіч ужо рэдка выходзіў з кватэры. Яны жылі ўдваіх, дзеці асобна. Яго здароўе было першым клопатам старанніцы жонкі. Мне наліла баршчу поўную талерку, яму палову. Зразумела мой здзіўлены позірк:

- Мужчыны не павінны раз'ядацца. Асабліва на пенсіі. Вам дай волю, - уважнілася поглядам у мяне, засмяялася, - папросіце дабаўкі, не раз.

На поўны страўнік дрэнна працуецца; сапраўдная сям'я, асабліва творчая, падкрэсліла кандыдат навук А.В. Грыцкевіч, павінна турбавацца сама пра сябе. Тады праца будзе да апошніх дзён, да самага зыходу чалавека ў лепшы свет, талковая праца.


Выпадкова ўбачыўшы рукапіс першага беларускага Алімпійскага чэмпіёна Лявона Гейштара, Анатоль Грыцкевіч некалькі разоў папрасіў мяне не караціць спартыўны тэкст. Райцы на ўцісканне - бязмозглікі. Хто вітае арыгінальнасць і самабытную навізну, таму памагаецца.

Сам Алімпіёнік Гейштар дасюль не ведае пра заступніцтва за ягоны тэкст невядомага гісторыка.

Ведаю пра гэта я. Па ўласных творах таксама. Прадмова Анатоля Грыцкевіча ў маёй празаічнай кнізе "Усё закончана: мы прайшлі па Маскве" (1993, 128 стар.) падкупляе назваю "Чытаецца з цікавасцю, лёгка, адным захопам" і зместам. Умеў прафесар Грыцкевіч выкладаць думкі сцісла, ахопліваць праблемы.

На такім жа ўзлёце глыбіні і шырыні яго пасляслоўе (5 стар.) у маёй кнізе "Грэх на іх нязмыўны" (2013, 146 стар., 100 экз.) пра забойства Янкі Купалы.

Закончыў пасляслоўе "Дакументалізм і факталогія паядналіся з празорнасцю" Грыцкевіч наступнымі словамі: "Застаецца пажадаць такім творцам не надламацца, наколькі мага паспяхова сцяжыць па сваёй дарозе. На карысць беларускаму народу і нашай адзінай навекі Айчыне".

Ён шмат паспеў здзейсніць. Сем манаграфій, папулярныя кнігі, болей пяцісот артыкулаў, прадмоваў у кнігах, заключэнняў. Пад яго кіраўніцтвам пісалі рэфераты, абаранялі кандыдацкія і доктарскія дысертацыі.

Хочацца закончыць сённяшняе развітальнае сціплае слова пра Анатоля Пятровіча Грыцкевіча, вялікага працаўніка, аб'ектывіста і барацьбіта за Беларускасць на беларускай зямлі, гэтак жа цёпла, яго ўласнымі словамі. Прафесар Грыцкевіч усё жыццё працаваў на карысць беларускага народа і нашай адзінай навекі Айчыны.

Валер Санько. Для сувязі з аўтарам: МТС - 8-029-568-88-93; п/с 315, Мінск, 220113.

БЫЦЬ КАНКУРЭНТАЗДОЛЬНЫМ МІЖ ЛЮДЗЕЙ

Нядаўна давялося падслухаць размову двух мужчын.

- Ты слышал: новый министр образования заявил, что история будет преподаваться по-белорусски?

- Какой маразм!

Я не ўтрымаўся:

- А я чуў, што ў Францыі гісторыю выкладаюць па-французску.

- Га, так это ж Франция!

- А у нас што?

- У нас Беларусь.

- І на якой мове тут выкладаць?

- Так тут белорусский язык уже забыли. Его не существует.

- Гэта вы забылі сваю мову. А я не забыў.

- Ну и кто, кроме вас, ею пользуется?

- Сярод маіх знаёмых такіх шмат. А нядаўна ва ўніверсітэце было праведзена "беларускае пяціборства", спаборніцтва для лепшых школьнікаў. Добраахвотна рашаць матэматычныя задачы па-беларуску сабраліся 45 маладых людзей з усёй вобласці.

- Да ну!..

Суразмоўцы пераглянуліся, паціснулі плячыма і пайшлі.


Чамусьці тое, што знаходзяцца ахвотнікі развязваць матэматычныя задачы на беларускай мове, усё яшчэ некаторых здзіўляе. Шчыра кажучы, гэта і мяне, ініцыятара пяціборства, крыху здзіўляе. Але ж такія знаходзяцца. Яны прыходзяць з сваім кволым веданнем роднай мовы, дапускаючы па дзесяцьдваццаць памылак на сотню слоў, папрактыкавацца ў карыстанні роднай мовай у раней неасвоенай для іх моўнай прасторы. Амаль усе з рускамоўных школ, у якіх (нярэдкая з'ява) настаўнікі беларускай мовы і літаратуры па-за ўрокамі пераходзяць на рускую мову, дэманструючы тым самым непатрэбнасць роднай мовы ў жыцці.

Хто навучыў беларускай мове? - пытаецца ў іх анкета пяціборства. Вядоўца падкрэслівае: адкажыце не "хто вучыў", а "хто НАвучыў". І яны адказваюць з дзіцячай шчырасцю: навучыла бабуля - 4 адказы, навучылі бацькі (ці бацька, ці маці, ці брат) - 5 адказаў, навучылі бацькі з настаўнікамі - 4 адказы, навучыўся сам (сама) - 2 адказы. Усё ж большасць (29 з 45) прызналі ў гэтай справе галоўную ролю настаўнікаў. А той, чыя мова і чые веды ў літаратуры былі прызнаны лепшымі, напісаў амаль цытатай: "Наўчыўся я слоў беларускіх ад бацькі і дум беларускіх без школы і кніг." Тут, праўда, паўстае пытанне: як можна "без кніг" так добра ведаць літаратуру? Але істотна тое, што чалавек ставіць тут школу далёка не на першае месца.

Па што яшчэ прыходзяць на пяціборства? Магчымасць папрактыкавацца ў беларускамоўным словаўтварэнні для большасці з іх тут не галоўнае. Больш важкая прычына ў тым жа, па што ідуць на РТ (рэпетыцыйнае тэставанне): вызначыць сваю канкурэнтаздольнасць у чалавечым асяродку. Самі яны яшчэ не сфармулююць гэта падобнымі словамі, але сутнасць менавіта такая.

Ёсць людзі, якія баяцца спаборнічаць, бо баяцца прайграць. Некалькі разоў я запрашаў дзяцей сваіх знаёмых на пяціборства і некаторыя з іх адмаўляліся - маўляў, я напішу нейкае глупства, і журы будзе смяяцца. "Ну і што, - кажу, - няхай пасмяемся, затое потым скажам табе, што гэта няправільна і ты крыху паразумнееш." "Не, не хачу, каб смяяліся", - адразала амаль дарослае дзіця.

Але баішся - значыць ужо прайграў. Прайграў, нават не спрабуючы пазмагацца. А ў выніку так і застанешся самым слабым, без прэтэнзій на высокія жыццёвыя ролі.

Тыя, хто прыходзіць на пяціборства, ужо выйгралі. Выйгралі, бо пераадолелі ў сабе баязлівасць прэтэндаваць на нешта. Нават той, хто заняў апошняе месца, перамог процьму тых, хто збаяўся прыйсці, каб пазмагацца. Радуе, што такіх "смельчакоў" становіцца ўсё болей. На гэты раз яны амаль запоўнілі вялікую ўніверсітэцкую залу.

Як і раней пасля кніжнай латарэі і ўступнага слова кіраўніка пяціборства спаборнікі прыступілі да выканання заданняў - з матэматыкі, гісторыі Беларусі, мовы, літаратуры і прыродазнаўства. На гэта давалася сто хвілін. На выхадзе, здаючы працу, кожны атрымаў аркуш з адказамі, па якіх адразу мог вызначыць праўдзівасць дадзеных ім самім адказаў.

Гэты элемент спаборніцтва яго ініцыятары зараз лічаць ці не найважнейшым. Дастаткова паглядзець, з якой звышцікавасцю ўглядаюцца юнакі і дзяўчаты ў тыя аркушы. Інфармацыя, здабытая з такім эмацыйным накалам, застанецца ў памяці надоўга, калі не назаўсёды. Як зрабіць, каб так чыталіся школьныя падручнікі?! І ў апошнія гады арганізатары пяціборства вырашылі гэта скарыстоўваць, каб узмацніць адукацыйную ролю спаборніцтва.

Вось Магілёў займеў новы герб. Новы, але той, які быў нададзены Магілёву яшчэ ў 17-м стагоддзі. Падзея не шараговая. Хто ведае гісторыю гэтага герба? - Амаль ніхто. Разумеючы гэта, мы ўстаўляем ў пяціборства пытанне пра гісторыю герба. Адказы амаль нулявыя. Але вось яны прачыталі пра той герб у аркушы з адказамі на выхадзе. Цяпер пра гісторыю магілёўскага герба будуць ведаць і яны, і іх сябры, іх родныя.

Тое ж - пра нядаўна адноўленую магілёўскую ратушу. Або пра знакавыя юбілеі падзей і герояў беларускай гісторыі.

На гэты раз мы вырашылі звярнуць увагу і на асобныя творы расійскай літаратуры. Напрыклад, адкуль узялося слова "манкурт" і што яно азначае. Панятак для нашага народа сёння актуальны.

14-е "Беларускае пяціборства" з рэкорднай колькасцю ўдзельнікаў прайшло паспяхова. У той дзень журы не паспела падвесці вынікі. Яны з'явіліся некалькімі днямі пазней. І зараз можна агучыць імёны пераможцаў.

Трэцяе месца заняла дзевяцікласніца Асіповіцкай гімназіі Насця Шухава, дзякуючы найперш добрым ведам у матэматыцы. На другім месцы - васьмікласнік школы № 21 Магілёва Ілля Касакоў з лепшымі ведамі ў мове і літаратуры. Перамагла ж дзесяцікласніца 3-й Бабруйскай гімназіі Ангеліна Жыркевіч, найлепшым чынам развязаўшы ўсе матэматычныя задачы (чаго іншага было чакаць ад пераможцы абласной матэматычнай алімпіяды) і даўшы лепшы адказ на пытанне з гісторыі. Ангеліна перамагае на беларускім пяціборстве ўжо трэці раз - гэта рэкорд. Двойчы пераможцы ўжо былі. Напрыклад, яе старэйшая сястра Насця (зараз студэнтка БДУ) перамагала два разы. А тройчы пераможца з'явіўся толькі зараз. У Ангеліны маецца магчымасць давесці колькасць перамог да чатырох у наступным годзе, чаго мы ёй і зычым.

Міхась Булавацкі , старшыня журы беларускага пяціборства.


"Будзьма!"

2 лютага (панядзелак) адбудуцца заняткігістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках"

Пачатак - 18. 30 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.


Аляксандру Лакотку - 60

Аляксандр Іванавіч ЛАКОТКА (нарадзіўся 25 студзеня 1955 года ў в. Кузьмічы Дзятлаўскага раёна, у сям'і настаўнікаў) - беларускі архітэктар, этнолаг, мастацтвазнавец, гісторык. Дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь. Доктар гістарычных навук (1993), доктар архітэктуры (2002), прафесар (2003). Акадэмік НАН Беларусі (2014, мастацтвазнаўства; чл.-кар. з 2004).

Службовыя перамяшчэнні вымушалі бацькоў-настаўнікаў пераязджаць, 8-годку А. Лакотка скончыў у в. Ісерна на Случчыне, сярэднюю школу - у в. Падарэссе Старадарожскага раёна.

Скончыў архітэктурны факультэт БНТУ (1977). Працаваў архітэктарам у інстытуце "Праектсельбуд". З 1982 па 1989 гг. - кіраўнік архітэктурнай майстэрні Беларускага рэстаўрацыйна-праектнага інстытута. У 1985 г. скончыў завочна аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўца, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. Быў намеснікам дырэктара Беларускага музея народнага дойлідства і побыту. З 1995 г. - у ІМЭФ НАНБ: загадчык аддзела дойлідства, з 1997 - намеснік дырэктара па навуковай рабоце, з 2004 - дырэктар.

Распрацаваў новы комплексны метадалагічны падыход, які грунтуецца на спалучэнні гістарычна-параўнальнага, архітэктуразнаўчых і мастацтвазнаўчых метадаў і дазваляе выявіць этнічныя рысы і рэгіянальныя асаблівасці беларускай архітэктуры. Стварыў новую навуковую канцэпцыю гістарычнага феномена беларускай архітэктуры як своеасаблівага сінтэзу ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый дойлідства, раскрыў ролю ўсходнееўрапейскіх і заходнееўрапейскіх традыцый у эвалюцыі беларускіх гарадоў, ахарактарызаваў гістарычныя працэсы зменлівасці тыпаў паселішчаў. Вылучыў і сістэматызаваў агульныя і рэгіянальныя асаблівасці вясковага жылля беларусаў, прааналізаваў яго этнічныя рысы, распрацаваў тыпалагічную класіфікацыю ўсіх кампанентаў вясковага жылога комплексу, якая ўлічвае не толькі канструктыўныя асаблівасці, але і сацыяльна-эканамічныя і культурна-гістарычныя фактары, даследаваў уплыў ландшафтных умоў на фармаванне жылога асяроддзя, узаемасувязь вясковага і традыцыйнага гарадскога жылля, выявіў прычыны рэгіянальных адрозненняў беларускага сакральнага дойлідства, да якіх адносяцца адчуванне маштабу і суразмернасці ў асяроддзі (нізіннае і ўзгорыстае), традыцыйнае разуменне суадносін гармоніі і памераў, светапоглядныя ўяўленні аб прыгажосці той ці іншай формы, кампазіцыі (яруснай, восевай). У сваіх працах яскрава паказаў, што беларускае дойлідства з'яўляецца адной з выразных культурных адзнак беларускага этнасу. Пад яго кіраўніцтвам і з непасрэдным асабістым удзелам праведзена шмат экспедыцый, абследаваны сотні сельскіх паселішчаў, дваццаць восем гарадоў, узята на ўлік некалькі тысяч помнікаў беларускага дойлідства.

Атрыманыя вынікі навуковых даследаванняў А.I. Лакоткі маюць важнае тэарэтычнае і практычнае значэнне. Яны адкрываюць новыя гарызонты для пошуку сучасных форм мастацка-стылёвай выразнасці планіроўкі і забудовы паселішчаў, для дэталёвага вывучэння рэгіянальнай і лакальнай спецыфікі беларускага дойлідства, ддя рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў Беларусі.

Пад кіраўніцтвам А.І. Лакоткі распрацаваны Генеральны план Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, праект сектара "Цэнтральная Беларусь" гэтага музея, праекты многіх сядзіб, арганізаваны перавозка, размяшчэнне і рэстаўрацыя грамадскіх, культавых, жылых і гаспадарчых пабудоў. Ён з'яўляецца ініцыятарам стварэння музеяў у г. п. Глуша Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці і ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёна Берасцейскай вобласці.

Падрыхтаваў 3 дактароў і 3 кандыдатаў навук.

Актыўна прапагандуе вынікі навуковых даследаванняў, рэгулярна публікуе артыкулы ў газетах. Аўтар і вядучы серыі тэлеперадач "Беларускі мерыдыян", прымае актыўны ўдзел у серыі радыёперадач "Культура", напісаў сцэнарый фільма "Неруш", створанага кінастудыяй "Беларусьфільм".

Плённую навуковую і асветніцкую дзейнасць спалучае з актыўнай грамадскай дзейнасцю. Уваходзіць у склад Савета Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў, з'яўляецца членам Прэзідыума Беларускага рэспубліканскага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, членам Саюза архітэктараў Беларусі, віца-прэзідэнтам камісіі па архітэктуры і дызайну міжнароднай арганізацыі народнай творчасці ЮНЕСКА. Уваходзіць у склад Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь.

Дзятлаўскі музей.


Як стыкуюцца пазіцыі Міністра адукацыі і Міністэрства?

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

ГІаважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот аб адукацыі на беларускай мове. У межах сваёй кампетэнцыі паведамляем наступнае.

Арганізацыя адукацыйнага працэсу на беларускай мове ва ўстановах адукацыі рэгламентуецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь: Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", Законам Рэспублікі Беларусь "Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі", Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі. Забеспячэнне роўнасці беларускай і рускай моў азначана як адзін з асноўных напрамкаў дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі.

Міністэрства адукацыі Вам неаднаразова давала адказы аб забеспячэнні ўсебаковага развіцця і функцыянавання беларускай мовы ў сферы адукацыі. У лістах Міністэрства адукацыі (ад 02.08.2013 № 06- 25/847/юл, ад 24.02.2014 № 05-05/ П-122, ад 05.06.2014 № 05-07/987, ад 20.08.2014 № 02-26/203/юл, ад 03.09.2014 № 05-24/218/юл і інш.) падрабязна паведамлялася аб арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове ва ўстановах адукацыі краіны.

Таксама інфармуем Вас аб тым, што дзейнасць сістэмы адукацыі рэгламентуецца нарматыўнымі прававымі актамі, якія падрыхтаваны як на рускай, так і на беларускай мовах. Напрыклад, Палажэнне аб агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджанае пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 20 студзеня 2011 г. № 283, Палажэнне аб спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе (спецыяльнай агульнаадукацыйнай школе-інтэрнаце), зацверджанае пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 25 ліпеня 2011 г. № 132, Інструкцыя аб парадку правядзення атэстацыі педагагічных работнікаў сістэмы адукацыі (акрамя работнікаў з ліку прафесарска-выкладчыцкага складу ўстаноў вышэйшай адукацыі), зацверджаная пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 22 жніўня 2012 г. № 101, Інструкцыя аб парадку вывучэння беларускай і рускай моў замежнымі грамадзянамі і асобамі без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь, зацверджаная пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 13 чэрвеня 2011 г. № 28, Метадычныя рэкамендацыі па фарміраванні культуры вуснага і пісьмовага маўлення ва ўстановах адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаныя намеснікам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 2 мая 2013 г., і шэраг іншых падрыхтаваны на беларускай мове.

У адпаведнасці з артыкулам 10 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" дакументы аб адукацыі афармляюцца на беларускай і рускай мовах. Гэта норма знайшла сваё адлюстраванне ў пастанове Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 27 ліпеня 2011 г. № 194 "О документах об образовании, приложениях к ним, золотой, серебряной медалях и документах об обучении".

Як Вам ужо паведамлялася раней, згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы, таму выбар рускай мовы для распрацоўкі нарматыўных прававых дакументаў і вядзення справаводства на ёй не з'яўляецца парушэннем заканадаўства. Акрамя таго, Інфармацыйна-пошукавая сістэма "ЭТАЛОН" версіі 6.6 мае функцыю "Переводчик", з дапамогай якой любы прававы акт, размешчаны ў эталонным банку даных прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, можна перакласці на беларускую (рускую) мову.

У сувязі з тым, што Міністэрства адукацыі не вядзе статыстычную справаздачнасць па пытаннях працэнтных суадносін прававых актаў і іншых дакументаў, якія прыняты міністэрствам на беларускай мове, прадставіць адпаведную інфармацыю не ўяўляецца магчымым.

У праект Плана развіцця сістэмы адукацыі на 2015-2017 гг. уключаны мерапрыемствы па ўдасканаленні якасці адукацыйнага працэсу ў частцы пашырэння магчымасці вывучэння беларускай мовы ва ўстановах дашкольнай адукацыі: павелічэнне колькасці груп, у якіх адукацыйны працэс ажыццяўляецца на беларускай мове, распрацоўка і выданне вучэбна-метадычных комплексаў для ўстаноў дашкольнай адукацыі з беларускай мовай навучання па адукацыйных галінах вучэбнай праграмы дашкольнай адукацыі, павышэнне прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў.

З агульнай колькасці 3 074 ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў 2014/2015 навучальным годзе ў 1 547 адукацыйны працэс здзяйсняецца на беларускай мове, 1 523 - на рускай мове. Кіраўнікамі ўстаноў адукацыі арганізуецца тлумачэнне заканадаўства аб магчымасці выбару мовы навучання.

З 2013/2014 навучальнага года ў адпаведнасці з Метадычнымі рэкамендацыямі па арганізацыі вывучэння асобных прадметаў на павышаным узроўні ў сярэдняй школе, якія зацверджаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь 29 сакавіка 2013 г. № 06-19/28, па жаданні законных прадстаўнікоў вучняў і рашэнні заснавальніка ўстановы адукацыі магчыма вывучэнне вучэбнага прадмета "Беларуская мова" на павышаным узроўні ў X, XI класах у аб'ёме трох вучэбных гадзін.

У цяперашні час у межах навуковых распрацовак і даследаванняў па тэме "Навукова-метадычнае забеспячэнне адзінства і пераемнасці ў навучанні беларускай і рускай моў, беларускаму і рускаму літаратурнаму чытанню на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі" Навукова-метадычнай установай "Нацыянальны інстытут адукацыі" Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь вядзецца работа па пераходзе на адзіныя праграмы і падручнікі па мове і чытанні на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Таксама Міністэрствам адукацыі разглядаецца пытанне аб неабходнасці выкладання вучэбных прадметаў "Гісторыя Беларусі" і "Геаграфія Беларусі" толькі на беларускай мове. Адпаведныя змены па арганізацыі адукацыйнага працэсу плануецца ўнесці ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі.

Праграмы ўступных іспытаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі I ступені і сярэдняй спецыяльнай адукацыі рыхтуюцца як на рускай, так і на беларускай мовах.

Установы агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі інавацыйных праектаў. Так, напрыклад, дзяржаўная ўстанова адукацыі "Беларускамоўная гімназія № 2 г. Барысава" Мінскай вобласці, дзяржаўная ўстанова адукацыі "Данілевіцкі дзіцячы сад - пачатковая школа" Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці ўкараняюць мадэль фармавання аптымістычнага тыпу светаўспрымання ў дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа (праект разлічаны на 2014-2016 гады); дзяржаўная ўстанова адукацыі "Заірская сярэдняя школа Ельскага раёна" Гомельскай вобласці - мадэль рэалізацыі міжпрадметных сувязей у навучанні дысцыплінам гуманітарнага цыкла (праект разлічаны на 2014-2017 гады), дзяржаўная ўстанова адукацыі "Руднянская сярэдняя школа Мазырскага раёна" Гомельскай вобласці - мадэль дзейнасці вучнёўскіх бізнес - кампаній ва ўмовах сеткавага ўзаемадзеяння (праект разлічаны на 2014-2017 гады), дзяржаўная ўстанова адукацыі "Гімназія № 14 г. Мінска - мадэль кіравання педагагічнымі ініцыятывамі як рэсурсам развіцця ўстановы адукацыі і інш.

З мэтай выяўлення адораных вучняў, раскрыцця іх творчага патэнцыялу, уласных здольнасцей, заахвочвання іх да паглыбленага вывучэння пэўнай тэмы ці адпаведнага матэрыялу Міністэрствам адукацыі праводзяцца рэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах "Беларуская мова" і "Беларуская літаратура", рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару (канферэнцыя) вучняў. Штогод удзельнікамі інтэлектуальных рэспубліканскіх спаборніцтваў з'яўляюцца каля 279 тысяч вучняў нашай краіны. Названыя мерапрыемствы садзейнічаюць развіццю творчых здольнасцей вучняў, і іх правядзенне запланавана як на ўзроўні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, раёнаў, абласцей, так і на рэспубліканскім узроўні.

Грамадскім аб'яднаннем "Беларуская асацыяцыя "Конкурс" у лютым месяцы для вучняў II - XI класаў традыцыйна праводзіцца гульня-конкурс "Буслік". Штогод у конкурсе прымае ўдзел каля 104 тысяч вучняў.

У 2014 годзе грамадскім аб'яднаннем "Саюз пісьменнікаў Беларусі" і ўстановай "Рэдакцыя часопіса "Роднае слова"" праводзіўся рэспубліканскі конкурс творчых вучнёўскіх работ, які прысвечаны 70-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у якім прынялі ўдзел каля 120 навучэнцаў з усіх абласцей краіны.

У Рэспубліцы Беларусь сертыфікавана 18 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі - Асацыяваных школ ЮНЕСКА, якія на працягу апошніх гадоў актыўна ўдзельнічаюць ва ўстанаўленні і развіцці прамых сувязей узаемнага вывучэння моў, гісторыі, культуры розных краін з дапамогай рэалізацыі такіх праектаў, як напрыклад, "Мовы народаў свету", "Экалагічная адукацыя і выхаванне". Пры іх рэалізацыі вучні знаёмяцца з культурай і прыродай роднага краю, праводзяць навуковыя даследаванні ў галіне экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, робяць пераклады даследаванняў на мовы краін свету. Такая дзейнасць стварае ўсе неабходныя ўмовы для развіцця творчага і навуковага патэнцыялу навучэнцаў, а таксама спрыяе фарміраванню ў іх цікавасці і паважлівых адносін да роднай мовы.

Штогод у лютым з мэтай захавання мовы як культурнай спадчыны беларускага народа праводзіцца Міжнародны дзень роднай мовы. У межах свята ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі арганізуюцца навуковыя канферэнцыі, выставы мастацкай літаратуры, Дні і Тыдні беларускай мовы, алімпіяды, конкурсы, тэматычныя выхаваўчыя гадзіны. Таксама і вучні Асацыяваных школ ЮНЕСКА святкуюць Міжнародны Дзень роднай мовы, імі рыхтуюцца прэзентацыі і выставы работ, прысвечаныя вядомым беларускім пісьменнікам і інш.

У мэтах садзейнічання замацавання сяброўскіх сувязей моладзі Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь, павышэння цікавасці вучняў да вывучэння гістарычнай і культурнай спадчыны Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь праводзіцца алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць" (далей - Алімпіяда). У адпаведнасці з парадкам правядзення алімпіяды школьнікаў Саюзнай дзяржавы "Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная супольнасць", зацверджанага Першым намеснікам Міністра адукацыі Расійскай Федэрацыі ад 31 ліпеня 2014 г. і намеснікам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 8 жніўня 2014 г., Алімпіяда праводзіцца па вучэбных прадметах "Русский язык" і "Русская литература", у якой на добраахвотнай аснове прымаюць удзел вучні Х-ХІ класаў. У межах творчых конкурсаў Алімпіяды (рытарычнага, конкурсу чытальнікаў) выкарыстоўваецца беларуская мова як беларускімі, так і расійскімі вучнямі.

Магчымасць атрымаць адукацыю на беларускай мове забяспечваецца і ўсім дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Адукацыйны працэс пры рэалізацыі адукацыйных праграм спецыяльнай адукацыі ажыццяўляецца з улікам структуры і ступені цяжкасці парушэнняў развіцця дзіцяці і мае карэкцыйную накіраванасць.

У адукацыйным працэсе выкарыстоўваюцца вучэбныя выданні, якія ствараюцца менавіта для ўстаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі і ўлічваюць асаблівасці развіцця дзяцей. У 2014 годзе на беларускай мове для ўстаноў спецыяльнай адукацыі было выдадзена 9 найменняў падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў тыражом 4 798 экз.

Ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі для абавязковага вывучэння ўведзены курс "Беларуская мова (прафесійная лексіка)".

У шэрагу ўстаноў вышэйшай адукацыі (далей - УВА) ажыццяўляецца адпаведная работа па пашырэнні межаў выкарыстання беларускай мовы ў адукацыйным працэсе. Распрацоўваюцца і выдаюцца вучэбна-метадычныя комплексы па асобных дысцыплінах, у тым ліку і спецыяльных. Для ажыццяўлення якаснага выкладання дысцыплін на беларускай мове арганізавана павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў (праз спецыяльныя курсы). У асобных УВА (звыш 20) створаны вучэбныя групы, у якіх студэнты навучаюцца на рускай і беларускг мовах. Пашыраецца колькасць спецыяльных дысцыплін, якія выкладаюцца на беларускай мове.

Ва ўстанове адукацыі "Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі" (далей - цэнтр) у 2015 годзе запланавана рэалізацыя рэспубліканскага інтэрактыўнага праекта "Рэцытацыя" з удзелам навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Праект рэалізуецца ў адпаведнасці з канцэпцыяй "Рэцытацыя. Караткевіч. Повязь часоў". На працягу некалькіх гадоў у цэнтры працуе Рэспубліканская лабараторыя народнай творчасці.

З мэтай забепячэння камплектавання бібліятэк устаноў адукацыі сацыяльна значнай літаратурай, выдадзенай беларускімі выдавецтвамі па стане на 01.12.2014 для бібліятэк устаноў адукацыі закуплена сацыяльна значнай літаратуры (на рускай і беларускай мовах) у дзяржаўных выдавецтвах у колькасці 43 959 экз. на суму 1 996,1 млн.руб.

Шэраг міжнародных дагавораў у сферы адукацыі маюць беларускамоўны варыянт, у прыватнасці міжурадавыя і міжведамасныя пагадненні і інш.

У планах Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Выдавецтва "Пачатковая школа"" запланавана поўнае абнаўленне сайта выдавецтва, у тым ліку і падрыхтоўка беларускамоўнай версіі. Пералічаныя праекты (часопісы) выдавецтва "Пачатковая школа" з'яўляюцца двухмоўнымі: у кожным нумары часопісаў друкуюцца матэрыялы на рускай і беларускай мовах. Пастаянна друкуюцца на беларускай мове матэрыялы рубрык "Старонкі гісторыі", "Замкі Беларусі", "На роднай мове", "Вандроўкі па Беларусі", вершы, апавяданні і казкі беларускіх пісьменнікаў і інш. У рубрыцы "Разумнік" часопіса "Рукзачок" у кожным нумары даюцца гульнёвыя заданні на замацаванне правіл беларускай арфаграфіі. У электронным датаку (СБ) дзейнічае рубрыка "Размаўляем на роднай мове".

Шэраг інтэрнэт-сайтаў і друкаваных выданняў дзіцячых і маладзёжных арганізацый, якія ўваходзяць у рэспубліканскі рэестр маладзёжных і дзіцячых грамадскіх аб'яднанняў і атрымліваюць дзяржаўную падтрымку, маюць беларускамоўную версію.

У межах рэалізаці праграмы развіцця адукацыйных інтэрнэт-рэсурсаў плануецца адкрыць на беларускай мове інтэрнэт-старонакі Нацыянальнага адукацыйнага партала, аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, а таксама ўпраўленняў адукацыі аблвыканкамаў, аддзелаў (упраўленняў) адукацыі, спорту і турызму рай(гар)выканкамаў.

Такім чынам, беларуская мова з'яўляецца важным элементам сучаснай моўнай сітуацыі і займае істотнае месца ў камунікатыўнай, культурнай і інфармацыйнай прасторы ўстаноў адукацыі.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Об обращениях граждан и юридических лиц" Вы маеце права абскардзіць адказ Міністэрства адукацыі ў парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам.

Першы намеснік Міністра В.А. Богуш.


УЛАДЗІМІРУ СКРАБАТУНУ - 60

Уладзімір Іванавіч Скрабатун нарадзіўся 23 студзеня 1955 года ў вёсцы Кавалеўшчына Глыбоцкага раёна Маладзечанскай вобласці (цяпер Віцебская). У 1959 годзе пераехаў з бацькамі на сталае жыхарства ў г. Глыбокае. У 1972 годзе скончыў Глыбоцкую СШ № 2. У гэтым жа годзе паступіў у Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (МАБТ). З траўня 1973 па травень 1975 года служба ў Савецкай Арміі, Цэнтральная група войск (Чэхаславакія, інжынерныя войскі, сапёр). З 1975 па 1978 г. працягваў вучобу ў МАБТ, па ўсесаюзным размеркаванні патрапіў у Латвію. Працаваў майстрам, прарабам і начальнікам участка ў Вентспілскім спецыялізаваным кіраванні механізаваных работ №33. Вячэрне вучыўся ў Рыжскім політэхнічным інстытуце.

З самых першых дзён найноўшага беларускага адраджэння браў актыўны ўдзел у жыцці Латвійскага таварыства беларускай культуры "Сьвітанак"(Рыга), старшынём таварыства быў мастак Вячка Целеш. Быў абраны сябрам Рады ЛТБК "Сьвітанак". У якасці дэлегата ад беларусаў Латвіі браў удзел ва Устаноўчым сходзе Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына.

У мясцовай дзвюхмоўнай газеце "Ventas Balss" ("Голас Венты") змяшчаў краязнаўчыя матэрыялы з жыцця беларускай дыяспары ў Латвіі 1920-30-х гг. як на беларускай, так і на рускай, латышскай мовах. (У гэтым шмат дапамагла супрацоўніца газеты беларуска Алена Нарушэвіч, якая потым спрычынілася да стварэння беларускай суполкі ў Вентспілсе). Разам з гэтым краязнаўчыя матэрыялы дасылаліся на радзіму і друкаваліся ў глыбоцкай раённай газеце "Веснік Глыбоччыны" (ранейшы назоў "Шлях перамогі"), дзе яшчэ ў 1977-м, апублікаваў першы краязнаўчы матэрыял "Глыбокае ў мінулым", які прысвечаны гісторыі глыбоцкай паштоўкі. Жывучы ў Латвіі, не парываў сувязяў з Радзімай. У 1991-м годзе выступіў з краязнаўчым дакладам на навукова-практычнай канферэнцыі ў Глыбокім.

У 1993-м годзе, хоць і здаў іспыты па латышскай мове, не схацеў быць "эмігрантам" і вярнуўся на сталае жыхарства ў Глыбокае. Напачатку 1994 года быў ініцыятарам стварэння арганізацыі БНФ "Адраджэньне" ў Глыбокім. У далейшым - старшыня глыбоцкай арганізацыі партыі БНФ, неаднаразовы сябра Сойму БНФ. Быў ініцыятарам выдання газеты "Вольнае Глыбокае", першы нумар якой выйшаў у канцы снежня 1994 года. У далейшым Уладзімір Скрабатун - рэдактар газеты і дырэктар Прыватнага інфармацыйна-рэкламнага ўнітарнага прадпрыемства "Дарога на Вільню плюс", якое з'яўляецца выдаўцом газеты. У снежні 2014 года споўнілася 20 гадоў з дня выхаду першага нумара газеты "Вольнае Глыбокае".

У 1993-м годзе Уладзімір Скрабатун быў запрошаны Глыбоцкім райвыканкамам у якасці аднаго з аўтараў для напісання гісторыка-краязнаўчых матэрыялаў для кнігі "Памяць. Глыбоцкі раён". Кніга выйшла з друку ў 1995-м годзе і не паспела падвергнуцца цэнзураванню. У 1998-м годзе Уладзімір Скрабатун выдаў кнігу "Глыбокае на старых паштоўках". Кніга прысвечана такой унікальнай і адметнай у гісторыі Глыбокага з'яве як - выданне паштовак з відарысамі дарэвалюцыйнага горада.

Уладзімір Скрабатун напісаў не адну сотню арыгінальных краязнаўчых матэрыялаў па гісторыі Глыбоччыны. Большасць з іх - новыя тэмы, якія ніколі і нікім не былі распрацаваныя і апублікаваныя. Матэрыялы Уладзіміра Скрабатуна публікаваліся у такіх выданнях як "Веснік Глыбоччыны", "Ventas Balss", "Наша слова", "Літаратура і мастацтва", "Наша ніва", "Аналитическая газета "Секретные исследования", "Вольнае Глыбокае".

Сябар ТБМ. Жыве ў Глыбокім.

Наш кар.



Адукацыйныя паслугі

Школа асобаснага росту "ШАР"

Псіхолаг Людміла Дзіцэвіч

Трэнінг

" Страта свайго "Я" і шляхі знаходжання яго "

30 студзеня а 19-ай гадзіне ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13.

У праграме трэнінга:

1. Пачатак страты свайго "Я" ў канфліктнай сям'і.

2. З'яўленне ўгодніцтва і праяўленне яго ў пэўных формах.

3. Страта творчасці і ініцыятывы, праяўленне выканальнасці.

4. Праяўленне залежнасці ад бацькоў, адчуванне несвабоды. Бунт у сям'і як форма барацьбы за свабоду.

5. Пачуванне сябе ахвярай як вынік страты свайго "Я".

6. Агрэсія і аўтаагрэсія як вынік страты свайго "Я".

7. Розныя віды залежнасці - любоўная, сезонная, медычная, алкагалізм, працагалізм, наркаманія, гульняманія - як вынік страты свайго "Я".

8. Знаходжанне свайго "Я" і ператварэнне ў спакойнага, упэўненага, самавітага чалавека.

9. Выкананне гульняў і практыкаванняў для замацавання.

Для кантактаў: сл. тэл. (+375 17) 327-60-88; х.тэл. (+375 17) 281-04-35;

МТС (+375 29) 769-29-78; velcom (+375 29) 960-14-53; e-mail spadarl yandex.ru


ЛЕАНІДУ ДАЙНЕКУ - 75

Леанід Марцінавіч ДАЙНЕКА (28 студзеня 1940, в. Змітраўка 2-я, Клічаўскі раён, Магілёўская вобласць) - беларускі пісьменнік.

Скончыў БДУ (1967). Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Беларускім тэлебачанні. У 1972-1989 адказны сакратар часопіса "Маладосць". З 1989 у выдавецтве "Мастацкая літаратура". Сябар СП СССР (1970).

З 1993 займаецца прадпрымальніцкай дзейнасцю, заснаваў фірмы "Пасад" і "БелПі".

Дэбютаваў у друку ў 1961 г. Аўтар зборнікаў вершаў "Галасы" (1969), "Бераг чакання" (1972), "Мая вясна саракавая" (1979), "Вечнае імгненне" (1985) - лейтматывы твораў: услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі. Некаторыя вершы Л. Дайнекі пакладзены на музыку. Таксама аўтар зборніка апавяданняў "Бацькава крыніца" (1976).

Аўтар раманнай дылогіі "Людзі і маланкі" (1977) і "Запомнім сябе маладымі" (1979), якая раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадзянскай вайны, барацьбы з акупантамі, станаўлення беларускай дзяржаўнасці ў 1917-1919; рамана "Футбол на замініраванным полі" (1987), дзе асэнсоўвае тэму горада; фантастычнага рамана "Чалавек з брыльянтавым сэрцам" (1992).

Вядомы як адзін з лепшых беларускіх гістарычных пісьменнікаў. Аўтар раманаў "Меч князя Вячкі" (1987) пра барацьбу Полацка з немцамі ў Ніжнім Падзвінні ў 13 ст., "След ваўкалака" (1988) пра полацкага князя Усяслава Брачыславіча, "Жалезныя жалуды" (1990) пра ранні этап станаўлення Вялікага Княства Літоўскага;. У 2008 годзе выйшаў раман "Назаві сына Канстанцінам", дзеянне ў якім адбываецца ў XV-XVI ст. у Рыме, ВКЛ і Канстанцінопалі.

Літаратурная прэмія Саюза пісьменнікаў Беларусі імя Івана Мележа (1989) за гістарычны раман "Меч князя Вячкі" (1987). Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Кастуся Каліноўскага (1990) за гістарычныя раманы "Меч князя Вячкі" (1987) і "След ваўкалака" (1988).

Вікіпедыя.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Вештарт Галіна - 100 000 р., г. Менск

2. Рабека Мікола - 400 000 р., г. Менск

3. Ляўшун Дзяніс - 200 000 р., г. Менск

4. Раманюк Тацяна - 100 000 р., г. Менск

5. Аніскевіч Ганна - 100 000 р., г. Баранавічы

6. Касцюкевіч Зміцер - 100 000 р., г. Чэрвень

7. Шумскі Андрэй - 50 000 р., г. Менск

8. Сталярова Вера 150 000 р., г. Менск

9. Кухаронак А.Д. - 50 000 р., г.п. Смілавічы

10. Пухоўская Юлія - 100 000 р., г. Менск

11. Казлоўская Іна - 30 000 р., г. Менск

12. Бабко Аркадзь - 100 000 р., г. Менск

13. Антановіч Тамара - 150 000 р., п. Лясны, Менскі р-н

14. Зылькоў С.П. - 200 000 р., г. Гародня

15. Усціновіч Васіль - 100 000 р., п. Лясны, Менскі р-н

16. Чэчат Алесь - 100 000 р., г. Менск

17. Кушнір В.Г. - 50 000 р., г. Дзяржынск

18. Гарэцкі Радзім - 80 000 р., г. Менск

19. Ражкоў Леанід - 500 000 р., г. Менск

20. Восіпава А.Я. - 100 00 р., г. Гомель

21. Кукавенка Іван - 100 000 р., г. Менск

22. Чыгір Я.А. - 50 000 р., г. Гародня

23. Філіповіч Валер - 100 000 р., г. Менск

24. Грыгор'еў Аляк-др - 50 000 р., г. Менск

25. Курава Тамара - 50 000 р., г. Менск

26. Дзеружынскі Авяр'ян- 30 000 р., г. Менск

27. Вініцкая Кацярына - 50 дол. ЗША, Лос-Анжалес

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Усенародны рух за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай (да 25-годдзя Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" - 26 студзеня 1990 г.)

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Пры ўсёй сваёй талерантнасці, сфармаванай пад уздзеяннем камуністычнай агітацыі і прапаганды, нацыянальнай пасіўнасці абсалютнай бальшыні народа перабудова ўсё ж вывела на свет з непрабуднай спячкі і многіх беларусаў. Яны слухалі радыё, глядзелі тэлебачанне, чыталі газеты і часопісы і не маглі не звярнуць увагі, як абуджаюцца да нацыянальнастваральнай працы карэнныя народы саюзных рэспублік, ратуюць свае культуры і мовы ад навязанай ім Масквою русіфікацыі. У якасці неабвержанага доказу нацыянальнага абуджэння можа служыць такі факт: за 1988 - восем месяцаў 1989 года па розных пытаннях міжнацыянальных дачыненняў у ЦК КПСС паступіла 60,5 тыс. лістоў, 40 працэнтаў з якіх калектыўныя (1989. № 15. С. 50). Ішлі яны сюды і з Беларусі, бо яе тытульнаму народу было на што паскардзіцца, зразумела, больш за ўсё на суцэльную зрусіфікаванасць сістэмы адукацыі, што пакідала яго без усялякіх надзей на будучыню. Закраналі гэтую набалелую, запушчаную і за царызмам, і за рознымі тыпамі сацыялізму праблему галоўным чынам беларусы гарадоў. Цытую дасланы ў часопіс "Коммунист" (Коммунист. 1989. № 15. С. 46). ліст мінчаніна Г. Ланеўскага: "Школ с обучением на белорусском языке почти не осталось… Нужно понять, что возврат белорусского языка в Белоруссию не противоречит социализму, не приведет белорусов к замыканию в себе, к кичливости. Нет, возврат белорусского языка усилит интернациональные связи, уважение белорусов к другим народам… А вместе с тем и к самим себе" . Ах, як гэтага не толькі тады, але і ў сучаснай суверэннай Рэспубліцы Беларусь нам не стае!

Як пазітыўную з'яву неабходна адзначыць, што пасля ХІХ Усесаюзнай канферэнцыі КПСС, чэрвеньскага (1989) пленума ЦК КПБ, пачалі, хоць і рэдка, нерашуча ўжываць роднае слова падчас публічных выступленняў некаторыя з прадстаўнікоў ад эліты навуковай, творчай інтэлігенцыі. Яскравы прыклад: выступленне на беларускай мове 1 студзеня 1989 года да святкавання 70-годдзя ўтварэння БССР прэзідэнта АН БССР Уладзіміра Платонава. З астатніх выступоўцаў ніхто не адважыўся на такі ганаровы нацыянальны вычын.

Да запатрабаванага нарэшце і ў БССР нацыянальна-культурнага руху паступова пачалі далучацца людзі самых розных прафесій у тым ліку і асобы фізічнай працы: рабочыя, калгаснікі. Тады не ў так моцна зрусіфікаваным народзе павага да роднай мовы была значна вышэй, чым сёння. Нічога не скажаш: спаўна працуюць сваёй гадоўлі русіфікатары ў надзеі як мага лепш падрыхтаваць Беларусь да супольнага жыцця ў Саюзнай руска-беларускай дзяржаве.

За станоўчае трэба прызнаць, што сярод ідэолагаў, многіх непасрэдных удзельнікаў нацыянальна-культурнага Адраджэння, свядомых носьбітаў беларускай мовы вельмі рана і цвёрда ўсталявалася думка, што выратаваць яе (мову) ад так рэальнага ў тых экстрэмальных варунках вымірання можна толькі праз наданне ёй цалкам заслужанага, гістарычна абумоўленага статусу адзінай дзяржаўнай у БССР, які ўжо не адзін дзясятак гадоў належаў рускай мове. Але як толькі нацыянальна-прагрэсіўныя сілы станоўча вызначыліся з такім законным для беларускай мовы статусам, праціўнікі гэтага разумнага падыходу (іх жа тады была процьма) выступілі з крайне небяспечнай альтэрнатывай аб усталяванні ў рэспубліцы афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя. Не пагаджацца, катэгарычна выступаць супроць гэтай заганнай практыкі ў беларусаў хапала даволі падстаў. Гэтая адмоўная, шкодная з'ява не была навіной для пасляваеннай Беларусі, чым яна абавязана нацыянальнай палітыцы Маскоўскага крамля. Накінутае ім афіцыйнае двухмоўе прывяло да рэзкага зніжэння сацыяльнай ролі беларускай мовы, стаць на абарону якой не адважваліся ні савецкія, ні партыйныя функцыянеры, не кажучы ўжо пра нацыянальнай арыентацыі інтэлігенцыю. Яна была здольнай толькі з болем у сэрцы фіксаваць заняпад беларускай мовы ў грамадскім жыцці. І не болей! Цяжка было, да прыкладу, назіраць за тым, што адбывалася ў перыёдыцы, бо карыстальнікамі ж яе з'яўляліся шырокія гушчы людзей. Так, з 1957 да 1963 год наклад беларускамоўнага "Блакнота агітатара" (орган Аддзела агітацыі і прапаганды ЦК КПБ) зменшыўся з 6500 да 900 паасобнікаў, газеты "Калгасная праўда" - з 12800 да 1665. З 1963 года названыя перыядычныя выданні, а таксама газеты "Гродзенская праўда, "Зара" (Берасцейская вобласць), "Фізкультурнік Беларусі" былі цалкам пераведзены на рускую мову (Літаратура і мастацтва. 1989. 27 кастрычніка. С. 12). Няцяжка ўявіць, якая гэта была магутная падтрымка для дзяржаўнай русіфікатарскай палітыкі.

У перабудовачныя часы былі яшчэ і горшыя за афіцыйнае двухмоўе варыянты рэалізацыі моўнай праблемы ў БССР. У штатах дзяржаўна-партыйнага апарату не адчувалася недахопу і ў такіх асобах, што па-ранейшаму непахісна стаялі на пазіцыі мэтазгоднасці далейшага захавання ў рэспубліцы так добра ўсталяванага ў яе грамадскім жыцці афіцыйнага рускага аднамоўя, тлумачачы гэта тым, што яно ўжо не адзін дзясятак гадоў, як прыжылося на практыцы і паспрыяла таму, што зараз беларусы досыць добра валодаюць рускай мовай, што ім зусім не патрэбна ніякае афіцыйнае беларуска-рускае двухмоўе. У той няпростай сітуацыі, як бачым, калі не было надзей на яе змяненне ў лепшы бок, дык стаяць на пазіцыі афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя трэба разглядаць у пэўнай ступені, як прагрэс, бо гэта дае хоць нейкую (заўважу: часовую, хутчэй сімвалічную) надзею не згубіць беларускую мову, а калі ўсталюецца афіцыйнае рускамоўе, у яе не будзе аніякага паратунку. Таму няма сур'ёзных падстаў крытыкаваць дэпутата Вярхоўнага Савета БССР паэта Генадзя Бураўкіна за выказванне ў чэрвені 1989 года на яго Х сесіі прапановы аб неабходнасці "надаць беларускай мове нароўні з рускай статус дзяржаўнай, што забяспечыла б не дэмагагічнае, а практычнае двухмоўе" (Літаратура і мастацтва. 1989. 30 чэрвеня. С. 4). Дарэчы, такую пазіцыю падзяляў і добра вядомы сярод філолагаў рэспублікі прафесар Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Іван Лепешаў.

На вялікую бяду, прыхільнікаў такога, прама скажам, неадпаведнага беларускаму нацыянальнаму інтарэсу погляду, як афіцыйнае рускамоўе, афіцыйнае беларуска-рускае двухмоўе было хоць гаць гаці ў дзяржаўна-партыйным апараце. Абсалютная бальшыня яго самых высокіх функцыянераў, можна меркаваць - гэта няблага дасведчаныя ў моўным пытанні асобы, цвёрда ўпэўненыя, што ў ходзе навязанай практыкі канкурэнцыі паміж беларускай і рускай мовамі па абслугоўванні грамадскага жыцця перамога абавязкова дастанецца апошняй, і таму яны так актыўна прапагандавалі сваю пазіцыю праз дзяржаўныя сродкі інфармацыі, якія ўсяляк спрыялі гэтаму. Куды цяжэй было пранікнуць сюды тым, хто выступаў супраць небяспечнага для лёсу беларускага народа афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя, лічыў, што ўсе сферы жыццядзейнасці ў краіне павінна без усялякага суперніцтва з рускай мовай абслугоўваць толькі беларуская мова як мова дзяржаўнага народа. Між іншым, такая адзіна разумная практыка была і раней, і зараз характэрна ўсім аднанацыянальным краінам (Беларусь жа належыць да гэтай катэгорыі!) пры ўмове, зразумела, што яны з'яўляюцца рэальна суверэннымі, што так недасягальна для сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Адсутнасць у БССР і пасля трох гадоў перабудовы ўзважанай, скіраванай на яе нацыянальны інтарэс дзяржаўнай моўнай палітыкі тлумачылася не толькі высокай ступенню зрусіфікаванасці і як вынік знявечанай нацыянальнай свядомасцю тых, хто павінен быў займацца яе распрацоўкай і правядзеннем у практыку. Не ставала для гэтага і адпаведнага профілю спецыялістаў у дзяржаўна-партыйным апараце. Так, у 1989 годзе з агульнай колькасці першых сакратароў райкамаў Кампартыі Беларусі ажно 96% з іх мелі тэхнічную адукацыю. І тады гэта лічылася за станоўчую з'яву, бо нібыта дапамагала дасягненню жаданага поспеху ў эканамічным развіцці рэспублікі.

Часта прынцыпова інакш глядзелі на моўную праблему партыйна-савецкія функцыянеры з ліку тых, хто меў гуманітарную адукацыю. У якасці прыкладу можа служыць стаўленне да беларускай мовы і ў цэлым да культурнага развіцця тытульнага народа рэспублікі першага сакратара Менскага гаркама КПБ Пятра Краўчанкі (выпускнік БДУ 1972 г., кандыдат гістарычных навук з 1976 г.), імя якога яшчэ не раз будзе згадвацца мною.

Рэгулярна прысутнічаў на прысвечаных стварэнню ТБМ мерапрыемствах і выказваў наконт гэтага слушныя прапановы загадчык сектара літаратуры і мастацтва ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ Анатоль Бутэвіч.

У той жа час мелі месца выпадкі, калі хто-ніхто з занятых у сферы дзяржаўна-партыйнай дзейнасці і меўшых прыродазнаўчую, тэхнічную адукацыю, таксама прытрымліваўся ў моўным пытанні канструктыўнай для беларускай справы пазіцыі. Спаслацца тут можна на фізіка па адукацыі, а пазней міністра народнай адукацыі БССР Міхаіла Дземчука. Часта прагрэсіўнымі поглядамі на моўнае пытанне вызначаліся і самі сакратары ЦК КПБ, акрамя першых.

У разуменні, стаўленні да моўнага пытання выгадна адрозніваліся ад звычайна прамаскоўскай пазіцыі наменклатурных работнікаў усе, хто быў непасрэдна далучаны да нацыянальна-культурнага Адраджэння. Для іх беларуская мова была альфаю і амегаю самога жыцця. Доказна давёў чытачу шкоду афіцыйнага двухмоўя толькі што абраны за старшыню Беларускага народнага фронту "Адраджэньне" Зянон Пазняк у артыкуле "Яшчэ раз пра двухмоўе" ("Літаратура і мастацтва", 21 ліпеня 1989). Масавы білінгвізм, паводле яго, - гэта "паўмоўе" і звязаная з апошнім паўкультурнасць. "Высокая культура на "паўмове" не ствараецца, а чалавечая асоба не можа гарманічна развіваць свае інтэлектуальныя магчымасці" . Нельга не пагадзіцца і з такім меркаваннем З. Пазняка: "… поўнае двухмоўе практычна недасягальнае нават на верхніх прыступках грамадства…" Пра гэта, як многім добра вядома, пераканаўча сведчыць і сучасная практыка Рэспублікі Беларусь з характэрным для яе амаль поўным рускамоўем.

Амаль зусім не знаходзілася прыхільнікаў афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя сярод майстроў мастацкага слова, бо яны вельмі добра бачылі, як ускладняе нацыянальны літаратурны працэс наяўнасць празмерна вялікай колькасці рускамоўнай друкаванай прадукцыі на кніжным рынку рэспублікі.

Беларускай мове пашчасціла, паколькі яе выключную ролю ў нацыянальна-культурным жыцці добра разумелі многія прадстаўнікі педагагічнай інтэлігенцыі, асабліва занятыя ў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай школе, што яны стараліся любымі сродкамі перадаць і будучым пакаленням спецыялістаў. Не баюся памыліцца, ставячы самы высокі бал за правільнае разуменне ролі беларускай мовы ў лёсе Бацькаўшчыны групе студэнтаў Гарадзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы за тое, што яны ў ліку самых першых ужо ў канцы 1988 года паслалі ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР ліст з просьбай надаць роднай мове тытульнай нацыі статус дзяржаўнай. Як і трэба было чакаць, гэты высокі заканадаўчы орган не прыслухаўся да голасу гарадзенскіх студэнтаў, але ўжо сам факт такой пастаноўкі пытання вельмі пра многае гаворыць наконт нацыянальнага сталення гарадзенскіх студэнтаў. І ў гэтым факце трэба абавязкова бачыць пазітыўную ролю перабудовы, бо без яе беларусы працягвалі б заставацца паслухмяным, бязмоўным аб'ектам дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, гібець у сваім нацыянальным нігілізме.

Як станоўчае трэба адзначыць, што зацікаўленасць да роднага слова пачалі па-маленьку, з аглядкай па баках выказваць і розныя катэгорыі непрыналежных да палітыкаў, інтэлектуалаў, студэнцтва людзей. Відаць, немалая тут заслуга нашых выдатных майстроў мастацкага слова і найперш паэтаў, якія сваімі вершаванымі радкамі стараліся абудзіць у людзей павагу да беларускай мовы. У якасці прыкладу можна назваць таленавітага майстра пяра Пімена Панчанку. Адзін са сваіх вершаў, многім і сёння добра вядомы, паэт так і назваў "Беларуская мова" (1988). Якімі толькі прывабнымі словамі не характарызаваў яе: ільняная і жытнёвая, самая славянская, пявучая… Таму ён ніяк не мог змірыцца, што не па віне народа надышоў такі жахлівы час, калі ад яе адракаюцца сыны, што "дзеці ў школы з іншай моваю бягуць" . Ужо на трэцім годзе перабудовы ў яго хапіла смеласці звярнуцца не толькі да грамадскасці, але і да саміх уладаў БССР з такімі бязрадаснымі паэтычнымі радкамі:

А мову ледзь не затапталі

І асмяялі, як раней,

А вы ў народа запыталі,

Якая мова нам радней?

(…) А мову родную заўсёды

І ўсюды вучыць першы клас,

А ў нас стыдаюцца:

"Не модна …",

Як і калісьці ў царскі час.

(Панчанка Пімен. Выбраныя творы. Мн. 2009. С. 166, 167.)

Разгорнутая на старонках перыядычнага друку палеміка па моўным пытанні мо ў нікога не выклікала такога жадання выказацца, як у настаўнікаў. Хто-хто, а яны - то добра ведалі, што давялося перажыць роднай мове за пасляваенны перыяд русіфікацыі народнай адукацыі БССР, таму, як толькі ўзнікла магчымасць хоць трохі падтрымаць яе (беларускую мову) у педагагічным працэсе, вельмі ахвотна адгукаліся на гэта і словам, і практычнымі ўчынкамі. Зразумела, далёка не ўсе, бо ад русіфікатарскіх наступстваў не так лёгка было вызваліцца. Моцна яны закранулі настаўніцтва не толькі суседніх з Расіяй, але і заходніх раёнаў БССР, дзе да пачатку Другой сусветнай вайны нацыянальна-патрыятычныя сілы вялі такое мужнае, гераічнае змаганне за школу на роднай мове.

І ўсё ж сваім дастаткова шырокім размахам рух за выратаванне беларускай мовы ад поўнага заняпаду ў найбольшай ступені быў абавязаны знадворнаму, чым унутранаму фактару. Праз розныя каналы ў Беларусь паступалі звесткі з саюзных рэспублік пра распачатую іх перадавымі сіламі барацьбу супраць русіфікацыі, за павышэнне ролі нацыянальных моваў у абслугоўванні палітычнага, эканамічнага, культурнага жыцця. У бальшыні саюзных і аўтаномных рэспублік СССР змаганне за нацыянальныя мовы было мо мацней, чым за задавальненне людзей якімі-небудзь сацыяльнымі дабротамі. Не рэагаваць на такое проста не маглі і беларусы.

2. За працай Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны

Не толькі думаць, але і штосьці карыснае на практыцы рабіць дзеля роднай мовы, як асноўнага складніка нацыянальна-культурнага Адраджэння, належна натхняла людзей усё тое, што праводзілася ў тэарэтычнай і практычнай пласкасцях у мэтах стварэння ў рэспубліцы Таварыства беларускай мовы. Стала вядомым, што ва ўсіх суседніх БССР саюзных рэспубліках (акрамя РСФСР, дзе рускай мове нішто не пагражала) ўжо паспелі заснаваць такія грамадскія аб'яднанні, каб бараніць свае нацыянальныя мовы ад заняпаду, знікнення ў выніку дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі.

(Працяг у наст. нумары.)

Леанід Лыч


Слоўнік гаворак Гарадзеншчыны

У лістападзе 2014 года ў "Гарадзенскай бібліятэцы" выйшла кніга А. П. Цыхуна "Скарбы народнай мовы", якая з'яўляецца другой часткай выдання "Улюбёны я ў сваю зямлю...". Гэта слоўнік гаворак насельнікаў Гарадзеншчыны - заходняй часткі Беларусі, памежжа, дзе жылі народы, розныя па этнічным паходжанні і рэлігійных вераваннях. Стракаты этнічны склад паўплываў на мову жыхароў прывёў да яе ўзаемаўзбагачэння. I гэтую асаблівасць гаворкі заўважыў і адлюстраваў у слоўніку "ўлюбёны ў сваю зямлю'' Апанас Пятровіч Цыхун. Ён шмат павандраваў, пахадзіў, паездзіў па Гарадзеншчыне, наведаўшы амаль усе населеныя пункты рэгіёна, і ўсюды пільна і прагна прыслухоўваўся да народнай гаворкі, занатоўваў яе багацці ў свой паходны сшытак. У 1993 г. яму ўдалося з вялікімі цяжкасцямі выдаць сабранае лексічнае багацце асобнай кніжкай, але ў яе было ўключана трохі больш за палову ад сабранага матэрыялу. У наступныя гады ён настойліва дапаўняў і дапрацоўваў слоўнік. Аб гэтым сведчаць і ягоныя рукапісныя папраўкі і дадаткі ў машынапісныя тэксты, зробленыя ў апошнія гады жыцця яго памочнікамі - сынамі Генадзем і Пятром. Недарэмна шматгадовую і плённую працу А.П. Цыхуна назваў Народны пісьменнік Беларусі Ніл Гілевіч "патрыятычным подзвігам настаўніка".

Цяперашняе выданне "Скарбаў народнай мовы'' змяшчае каля 10 000 словаў, словазлучэнняў, фразеалагізмаў, прыказак, трапных выразаў з народнай гаворкі.

I я глыбока задаволены тым, што ўдалося давесці справу жыцця Апанаса Пятровіча Цыхуна да канца - падрыхтаваць, адрэдагаваць і выдаць поўнасцю сабраныя ім скарбы народнай мовы. Яны праілюстраваны мноствам прыкладаў жывой гаворкі, што надае слоўніку асаблівую каштоўнасць і пацвярджае думку, што беларускае слова жыло, жыве і будзе жыць.

У 2010 годзе да 100-годдзя Апанаса Цыхуна пабачыла свет кніга "Улюбёны я ў сваю зямлю..." куды ўвайшлі ўспаміны, артыкулы, замалёўкі, вершы нашага славутага настаўніка і краязнаўца.

Іван Буднік, укладальнік кнігі.


Зачарованы словам

Наш бацька, Цыхун Апанас Пятровіч, быў вялікім патрыётам Беларусі. У служэнні ёй ён бачыў сэнс свайго жыцця. Яго цікавіла на гэтай зямлі ўсё, і углядваючыся ў міражныя контуры будучыні, ён жадаў ёй толькі дабра і шчасця і спрыяў гэтаму, чым мог.

Любоў да роднага слова была адным са складнікаў гэтай вялікай любові. Ён быў моваведам ад прыроды. Песні, казкі, трапныя выслоўі, прыказкі і прымаўкі, яскравы вершаваны радок - усё выклікала ў яго захапленне.

Нам, яго дзецям, здавалася, што ён заўсёды збіраў словы. Бо картачкі з запісанымі словамі трапляліся на вочы ўсюды: і на яго рабочым стале, і ў куточку шуфляды. Але, як ён сам расказваў, спачатку запісваў проста цікавыя словы, рэдкія ці знікаючыя. Асэнсаванае рашэнне збіраць слоўнік прыйшло пазней. На гэта яго натхніла знаёмства з працамі акадэміка Я.Ф. Карскага, калі ён пачаў збіраць матэрыялы для кніжкі пра свайго славутага земляка. Ён рабіў выпіскі з яго кніг, часта цытаваў іх, мы іх абмяркоўвалі. Асабліва яго цікавілі матэрыялы па Гарадзеншчыне, бо ўсё гэта было блізкім і знаёмым, але ўжо аддаленым у часе. Велічная постаць Я.Ф. Карскага, перапіска з яго сваякамі, стварэнне музея вучонага на радзіме ў в. Лаша - усё гэта акрэсліла кола яго інтарэсаў і падштурхнула на асабістую творчую работу. На той час прыпадае і яго сяброўства з Ф.М. Янкоўскім, які меў вялікі вопыт у гэтай справе і падахвочваў яго. Падштурхнуў і своеасаблівы "слоўнікавы Рэнесанс", што назіраўся ў Беларусі ў пасляваенныя гады. Тады адзін за другім пачалі выходзіць рэгіянальныя слоўнікі таго ж Ф.М. Янкоўскага, П.У. Сцяцко, Т.Ф. Сцяшковіч, Г.Ф. Юрчанкі і інш. I дзяржава іх падтрымлівала.

Работа інспектарам Гарадзенскага раённага аддзела адукацыі спрыяла збіранню слоўнікавага матэрыяла. Шматлікія камандзіроўкі, сустрэчы з рознымі людзьмі давалі яму магчымасць ахапіць моўную прастору ва ўсёй яе шыраце і разнастайнасці. Ён ведаў усе вёскі раёна, нават самыя аддаленыя і, галоўнае, сам там пабываў. Асабліва ён любіў глухія вёсачкі, дзе мова збераглася амаль некранутай.

Спрыяў гэтаму і яго характар - адкрыты і добразычлівы. Ён лёгка сходзіўся з людзьмі і выклікаў на размовы. Дапамагала яму і пасведчанне збіральніка фальклору, якое атрымаў для яго ў Акадэміі навук старэйшы сын Генадзь.

Запісваў словы ён усюды, дзе было магчыма: у прыгарадным аўтобусе, на рынку, на прынынку, у застоллі, на калгасным полі, пры выпадковай сустрэчы. Помню, як ён расказваў пра свае паездкі ў Аульс: "Хлопцы ўскочаць у дызель - на работу едуць, а я да іх ціха падсяду. А яны сыплюць і сыплюць, толькі рогат ідзе. I мова такая - паспявай запісваць!" У яго было нейкая ўнутраная настроенасць на гэтыя слоўныя скарбы, сваеасаблівы нюх, і ён не губляў яго ні ў якіх абставінах. Адзін раз ён мне сказаў: "Учора сусед Болек дзверы нам ставіў, та пакуль ён устаўляў, я ад яго 30 слоў запісаў, і ўсе цудоўныя". Словы ён заўсёды імкнуўся запісаць так, як пачуў, у іх жывым асяроддзі - будзь гэта вокліч, пытанне, яркі выраз, прымаўка, прыпеўка ці нават лаянка. Ён разумеў, што слова жыве поўным жыццём толькі тады, калі стаіць на сваім месцы. I ў гэтым сэнсе ён быў прынцыповым.

Слова для яго было і матэрыялам, і інструментам. Бо ён пісаў вершы, апавяданні, краязнаўчыя нарысы. Выхад на пенсію ён успрыняў як мажлівасць поўнасцю аддацца творчай рабоце: "У мяне ёсць што рабіць." Менавіта праца над слоўнікам у той час стала галоўнай. Матэрыялу ўжо назбіралася многа, але ён лічыў, што ахапіў яшчэ не ўвесь рэгіён. У яго быў складзены план, дзе яшчэ трэба было пабываць. Там былі не толькі назвы вёсак, а і імёны канкрэтных людзей, якіх ён ведаў і цаніў. Бывала, ён задуменна гаварыў: "У Ліхачы бы з'ездіць", - а раніцай наступнага дня апранаўся і знікаў. Вяртаўся позна вечарам, часцей вясёлы і шчаслівы, вытрасаў свае запісы, распавядаў аб людзях, аб сваёй удачы. Жанчын яму ўдавалася разгаварыць лягчэй, чым мужчын. Але бывалі выпадкі, калі ён вяртаўся засмучаны, расхваляваны. Успамінаецца такі яго расказ. "Адзін раз я трапіў на хутар. Напаткалася гаваркая жанчына, я пачаў ад яе запісваць. Раптам у хату ўваходзіць мужчына і, глянуўшы пытліва на мяне, пытае жонку: "Што гэта?" Тая пачала тлумачыць. Не даслухаўшы да канца, ён мне строга сказаў: "Няма вам чаго тут рабіць!" Гаварыў ён з расейскім акцэнтам і выглядаў нейкім дагледжаным. Я выняў пасведчанне і хацеў паказаць яму. Але ён адхіліў маю руку і паўтарыў зноў: "Няма вам чаго тут рабіць!" Прыйшлося, як кажуць, пайсці не солана хлябнуўшы. Ужо на прыпынку мне расказалі, што гэта быў былы ксёндз, які адсядзеў 15 гадоў у сталінскіх лагерах у Сібіры. Жыццё тое, відаць, прывучыла яго да асцярожнасці і не давяраць кожнаму: "Ходзяць тут розныя, вынюхваюць, а поым..." Бывалі выпадкі, калі "адукаваны" сын псаваў усю справу: "Што вы яе слухаеце, што яна бачыла? Прасядзела тут век у гэтай хаце..."

Не адзін раз ён ездзіў у вёскі на мяжы з Літвой, каб прасачыць уздзеянне суседзяў на нашы гаворкі; многа запісаў зрабіў ад беларускіх татараў, якіх сам адшукаў; помняцца яго ад'езды ў Яцвезь, дзе ён спрабаваў намацаць яцвяжскія карані ў тутэйшай мове. Асабліва яго радавалі паездкі ў шляхецкія ваколіцы. Ен выявіў, што там найбольш чыстая беларуская мова. І лічыў прычынай тое, што шляхта жанілася паміж сабою.

У сваіх шматлікіх вандроўках па Прынёманскім краі ён збіраў не толькі словы, а і прымаўкі, звесткі па краязнаўстве, запісваў песні. А чаго каштуюць гідронімы ракі Свіслач, сабраныя ім! Гэта ж трэба было абыйсці шматлікія паселішчы ад вытоку да вусця ракі, і ў кожным запісаць назвы ўсіх урочышчаў, узгоркаў, нізінак, выспаў, сажалак. I гэта зрабіў адзін чалавск, без усялякіх камандзіровак, якім рухала толькі яму вядомая ўнутраная патрэба.

Калі пачалася апрацоўка сабранага матэрыялу, стала зразумела, што гэта складаныя справа і можа расцягнуцца на гады. Я вырашыў уключыцца ў яе. Прыйшлося ахвяраваць водпускамі, на рабоце я браў адгулы. Кожны дзень у нас пачынаўся з карпатлівай работы над словамі. І цяпер, успамінаючы той час, я магу сказаць, што гэта былі адны з самых шчаслівых момантаў у маім жыцці. Дакрананне да пракавечнай мудрасці народа, прафільтраванай праз сіта вякоў і гадоў, адшліфаванай думкамі пакаленняў і светлых галоў, ззяючай святлом і колерам гэтай зямлі, насычанай водарам, пахамі яе лясоў, рэчак і лугоў, - усё гэта ўражвала. Здавалася, сама вечнасць глядзіць у вочы і нязмушана праходзіць праз цябе. Асоба таткі стаяла тут жа - улюбёнага сына, захопленага збіральніка гэтага багацця, нястомнага працаўніка. Не раз мы з ім заварожана заміралі над глыбінёй сэнсу якога-небудзь выразу ці, наадварот, да слёз смяяліся ад дакладнасці і трапнасці сказанага слова. Дух неўміручасці лунаў над гэтай неабсяжнай моўнай прасторай.

Слоўнік ахапляе вялікі адрэзак часу: уваходжанне Заходняй Беларусі ў склад БССР, вайна, пасляваенны аднаўленчы перыяд, будаўніцтва сацыялізму, жыццё ў так званым "развітым сацыялізме".

Апрацоўвалі і рыхтавалі слоўнік мы яшчэ ў савецкі час. Многа матэрыялу было выкінута (і, на жаль, беззваротна) па цэнзурных прычынах - мы разумелі, што гэта не пройдзе.

Прынцын, якім мы кіраваліся, быў просты: слоўнік павінен быць жывым, у ім павінна гучаць толькі жывая мова.

Матэрыял збіраўся бацькам у межах сучаснага Гарадзенскага раёна. Слоўнік, па сутнасці, зяўляецца дыялектным, але многа шырэйшы. Каштоўнасць яго ў тым, што ўпершыню на дадзенай тэрыторыі сабраны ўнікальны па колькасці слоўны матэрыял, многія словы наогул ніколі не фіксаваліся. Адзін мой знаёмы сказаў: "Я ніколі не чуў такіх слоў, але калі прачытаў у слоўніку, дык здалося, быццам я іх ведаю". На што я адказаў, што гэта твая падсвядомасць беларуская распазнала ў іх нешта і вяртае цяпер табе. Праілюстраваны слоўнік прыкладамі, натуральнасць якіх адразу падкупляе і выклікае сімпатыю, а часам нават здзіўленне сваёй першароднасцю. Гэта адзначаюць многія, у тым ліку і я, бо мне пасля давялося праглядаць і іншыя слоўнікі. I бацькаў у гэтым плане многім дасць фору. Натуральнасць тлумачыцца тым, што прыклады ўзяты непасрэдна з жыцця і што нясуць на сабе адбітак канкрэтнага часу, асяроддзя, побыту, асобы.

Большасць ілюстрацыйнага матэрыялу так была "схоплена" ў народзе збіральнікам, што не патрабавала вялікай дапрацоўкі. Але былі і выпадкі, калі прыклад не падабаўся бацьку: "Не бачна слова..., слова не працуе". Прыходзілася прыклад прыдумваць, і не заўсёды гэта было лёгка. Мы пакручвалі слова так і гэтак, каб яно заіграла, заблішчэла, загаварыла. Мянялі яго атачэнне. I толькі калі пераконваліся, што слова адчувае сябе камфортна ў складзе, і прырода яго не згублена, прыклад прымалі. Калі ж не прыходзілі да згоды, мы звярталіся да нашай маці Марыі Аляксееўны. Яна добра ведала мову, і яе па праву можна лічыць суаўтарам слоўніка. "Дык гэта проста", - гаварыла яна і ... выдавала шэдэўр. Яна была для нас своеасаблівым эталонам і цэнзарам.

Не раз мы заседжваліся за працай далёка за поўнач. Многа праблем і тэмаў было абмеркавана. Часцей за ўсё гэта быў роздум пра лёс Беларусі, народа, мовы. Вельмі цікавымі былі расказы бацькі, дзе, калі, ад каго запісана слова. За кожным словам стаяла свая гісторыя, свае асобы. Адзін з такіх расказаў вельмі памятны. Шкада толькі, што я тады не прыдаў значэння, у якой вёсцы гэта было, а цяпер ужо не ўзновіш. "Мне жанчыны сказалі: "Нам няма часу разгаварваць - работа стаіць. Вы ўжо да Салаўя ідзеця, ён вам цэлую бочку арыштантаў нагаворыць". Хата яго стаяла апошняй. На стук ніхто не азваўся. Я націснуў на клямку дзвярэй. Насустрач выйшаў невысокі чалавек і дапытліва глянуў на мяне. Па парадку ў хаце было відаць, што жанчыны тут няма. Адказваў ён мне неахвотна. Я прыкмеціў, што на сцяне, на цвічку вісіць смычок, а на шуфлядзе ляжыць скрыпка, загорнутая ў хустку. "Граеце?", - спытаў я. - "Так, трохі...". Я папрасіў скрыпку і правёў смычком. На дзіва, скрыпка была настроена, і гук быў добры. Я сыграў польку, потым абэрак. Чалавек неяк адразу палагоднеў і ўжо адкрыта глядзеў на мяне. Я працягнуў яму скрыпку: "А вы!". "Я заграю вам вальса", - сказаў ён. I гэта трэба бачыць, як ён іграў. Слых ён меў выдатны і са скрыпкай што хацеў, тое і рабіў. Іграў ён, як у вясковых аркестрах. Скрыпка яго спявала, пералівалася, то раптоўна ўзвісквала ці, наадварот, неяк рэзка давала гук знізу. I сам ён свяціўся ўвесь, бы гэтая музыка распірала яго знутры, а перад ім быў не я, а цэлае вяселле. Потым ён сыграў польку. А як урэзаў кракавяк, то так адбіваў такт абцасам, што здавалася, сам са скрыпкай скача таго кракавяка. Пасля гэтай музыкі яго як прарвала. І гаварыў ён многа. Мова яго была сакавітая, іскрыстая, дакладная. Гэта быў сапраўдны салавей - ён не гаварыў, а спяваў. Настолькі ў яго гутарцы ўсё было да месца. Прымаўкі сыпаліся адна за другой, параўнанні былі - як цвікі забіваў. А потым і сам ўвайшоу ў смак: "А такое слова ведаеце? Гэ-э, такога ціпер ні ўчуеш!" Я не паспяваў за ім запісваць. Расставаліся мы як лепшыя дружбакі. Ён паскардзіўся, што памерла жонка, што ў акрузе мала музыкантаў, няма з кім граць. Пасля чаркі, настоенай на нейкіх карэньчыках, ён праводзіў мяне аж да прыдарожнага крыжа. Цікавы быў чалавек... Кім бы ён мог стаць, каб умовы іншыя. Я планаваў з ім яшчэ раз сустрэцца, але не паспеў. Як потым расказалі: тралявалі лес, няшчасны выпадак, і ён загінуў".

Вось такія самародкі пападаліся на шляху нашага бацькі. I сам ён быў з іх ліку. Адзін раз ён так мне сказаў: "Народ творыць кожны дзень, кожны час, тут ці ў другім месцы. Наша задача - сабраць гэта і зрабіць здабыткам усіх". У яго гэта атрымалася годна.

Пётр Цыхун.


Мірскі замак як турыстычны аб'ект

Па сваёй прыродзе Мірскі замак як музей радыкальна адрозніваецца ад музеяў гістарычных, краязнаўчых, этнаграфічных, літаратурных. У замку элементамі прасторавай экспазіцыі з'яўляюцца і абарончыя вежы (з іх дэкорам, разнавіднасцю байніц, розным выглядам цаглянага мура), і жылыя карпусы, і выкладзены каменем двор. Таму замкавы комплекс з прылеглай паркавай зонай можа прыняць адначасова досыць вялікую колькасць экскурсантаў. Аналіз статыстычных дадзеных за апошнія 14 год паказаў, што колькасць наведванняў музея ў 2000 годзе склала - 62.200 чалавек, у 2001 годзе - 60.700 чалавек, у 2002 годзе - 51.600 чалавек, у 2003 годзе - 14.000 чалавек, у 2004 годзе - 17.600 чалавек, у 2005 - 21.000 чалавек, у 2006 годзе - 32.000 чалавек, у 2007 годзе - 47.500 чалавек, у 2008 годзе - 65.220 чалавек, у 2009 годзе - 74.100 чалавек, у 2010 годзе - 93.000 чалавек, у 2011 годзе - 135.000 чалавек, у 2012 годзе - 190.000 чалавек, у 2013 годзе - 305.000 чалавек. Асноўную частку наведвальнікаў склада-юць школьнікі. Зніжэнне наве-дванняў музея гэтай катэгорыяй звязана з ускладненнем правілаў выезду школьных груп. А ўзрастанне колькасці наведванняў музея дарослымі з 12.600 да 20.000 чалавек можна звязаць з уключэннем замка ў спісы Сусветнага спадчыны ЮНЕСКА і правядзеннем культурна - масавых мерапрыемстваў - Дня беларускага пісьменства і штогадовага фестывалю мастацтваў "Мірскі замак" і як наступства гэтага - адраджэнне нацыянальнай самасвядомасці і стварэнне рэкламы

Аб'ектыўнай прычынай зніжэння агульнай колькасці наведвальнікаў за апошнія гады служыць і пашырэнне агульнай плошчы экспазіцыйных залаў. У прыватнасці, прымае наведвальнікаў Цэнтральная вежа. А з яе ўводам ўдалося значна больш эфектыўны рэгуляваць патокі экскурсійных груп і, як вынік, павялічылася колькасць турыстаў. Аналіз экскурсійнай работы музея паказаў, што каля 60% наведвальнікаў аддалі перавагу экскурсіям, каля 20% хацелі б проста агледзець музей, а астатнім 20% атрымаць кансультацыі на пытанні, што іх цікавіць. Гэта сведчыць аб тым, што ў Мірскім музейным комплексе экскурсавод не толькі кіруе ходам ўспрымання, акцэнтуе ўвагу на асобных дэталях, але і з'яўляецца галоўнай дзейнай асобай

Мірскі замак з'яўляецца не толькі гістарычна - культурным помнікам, але і адукацыйна-асветніцкай установай культуры, даступным для наведвання ўсімі катэгорыямі грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых краін. Адначасова ў замку вядзецца навукова-даследчая дзейнасць і аказваецца шырокі комплекс платных паслуг. Наведвальнікам прапануецца два экскурсійныя маршруты: па паўночным корпусе палаца, а таксама па экспазіцыях паўднёва-заходняй вежы і царквы-пахавальні Святаполк-Мірскіх.

Азнаёміцца з гісторыяй замка таксама можна з дапамогай аўдыягіда, які "правядзе" экскурсію на трох мовах. Для дзяцей цікавая праграма музейна-педагагічнага занятка "Табе, нашчадак, у добры дар ..." (будаўніцтва Мірскага замка вачыма архітэктара ў пачатку XVI стагоддзя). Музейны педагог, выкарыстоўваючы на занятку інтэрактыўныя формы экскурсійнай работы, узнаўляе атмасферу XVI стагоддзя і абуджае пачуццё прыналежнасці мінулага. З верасня 2011 года у Партрэтнай зале Мірскага замка амаль кожную суботу праходзяць канцэрты пры ўдзеле Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Папулярнасцю карыстаецца цырымонія шлюбу. У 2009 годзе выйшла пастанова Міністэрства юстыцыі, згодна з якім органы ЗАГСа атрымалі дазвол на рэгістрацыю шлюбу ў памяшканнях устаноў культуры. Тым самым маладыя, ствараючы сям'ю ў Мірскім замку, далучаюцца да гісторыі нашай краіны. З моманту адкрыцця музея ў Партрэтнай зале адбылося ўжо больш за дзесятак падобных цырымоній. Інфармацыйным складнікам музейнай прасторы з'яўляюцца інфакіёскі, якія дапамагаюць карыстальнікам зарыентавацца ў музеі і атрымаць інфармацыю аб экспазіцыях і экспанатах. У залах ўстаноўлены плазменныя экраны, аўдыёсістэмы, камеры сачэння і відэаназірання. З 2009 года функцыянуе трохмоўны інфармацыйны інтэрнэт-партал mirzamak.by. Комплекс у першую чаргу працуе для турыстаў, таму не дзіўна, што ў замку з'явіўся ліфт, канферэнц-зала, рэстаран і гасцініца. Наяўнасць ліфта ў палацы дапамагае наведаць музей людзям з абмежаванымі магчымасцямі. Канферэнц-зала на 200 пасадачных месцаў у рэжыме "пасяджэння" і 70 месцаў у рэжыме "круглага стала" размяшчаецца на мансардзе паўночнага палаца Мірскага замка. У ім праводзяцца дзелавыя мерапрыемствы як нацыянальнага, так і міжнароднага ўзроўню. Абсталяванне ўключае сістэмы сінхроннага перакладу на 4 мовы, гукаўзмацнення і адлюстравання відэа-інфармацыі. У замку таксама ёсць малая зала, памяшканне для зносін з прэсай.

Вялікім попытам карыстаецца гасцініца, у якой для турыстаў адкрыта 15 нумароў рознага ўзроўню камфорту. Кожны нумар вытрыманы ў пэўнай каляровай гаме. Сцены апартаментаў ўпрыгожваюць фотаздымкі апошніх уладальнікаў Мірскага замка. Спакой знаходжання гасцей у гатэлі забяспечвае служба бяспекі, сістэма відэаназірання, аўтаматызаваная сістэма супрацьпа-жарнай бяспекі. У кожным нумары - сістэма клімат-кантролю, цёплыя падлогі, спадарожнікавае тэлебачанне, міжгародняя і міжнародная тэлефонная сувязь, інтэрнэт, джакузі, індывідуальны сейф. У падвальнай частцы ўсходняга корпуса працуе рэстаран "Мірскі замак", разлічаны на 60 чалавек, дзе змогуць прыгатаваць стравы па рацэптах старабеларускай кухні. Да паслуг наведвальнікаў некалькі бараў і VІР-більярд. З моманту адкрыцця замкавага комплексу ў канцы 2010 года прыток беларускіх і замежных турыстаў значна павялічыўся.

29 чэрвеня 2012 года ў 14.00 у Замкавым комплексе "Мір" адбылося адкрыццё II Міжнароднага фестывалю гістарычнай рэканструкцыі сярэднявечча "Спадчына стагоддзяў". Арганізатар: Маладзёжнае грамадскае аб'яднанне "Жывая гісторыя". Фестываль узнавіў атмасферу сярэднявечнага турніру, баявога паходнага лагера, побыту, гульняў, рамёстваў і ваенных забаў ХІV-ХVІ стст. Кульмінацыяй фестывалю 1 ліпеня стала грандыёзная сцэна сярэднявечнай бітвы, у якім прыняло ўдзел каля 600 воінаў з прымяненнем палявой і ручной артылерыі, асаднай і інжынернай тэхнікі.

У 2013 годзе ўпершыню ў Мірскім замку прайшлі стылізаваныя калядныя балі. 4 студзеня ў партрэтнай зале адбыўся сапраўдны венскі баль са 120-гадовымі традыцыямі. Тут гучала жывая інструментальная музыка, неапалітанскія напевы, выступалі оперныя дзівы, гасцей чакалі свецкія гульні, танцавальная праграма з вальсам, паланэзам і інш. 5 студзеня ў слановай зале адкрыўся свецкі рэтрасалон - такі ж, як праводзіўся ў 20-30 гадах XX стагоддзя князямі Святаполк-Мірскімі. У салоне былі прадстаўлены ўсе атрыбуты таго часу - нямое кіно, свінг, джаз і інш. Баль для маленькіх дам і кавалераў у замку адбыўся 6 студзеня. Спецыяльна для дзяцей ад 6 да 14 гадоў у інтэр'ерах сталовай хаты былі арганізаваны нечаканыя калядныя прыгоды з віншаваннем ад Дзеда Мароза і Снягуркі.

Традыцыя правядзення баляў у Міры мае сваю гісторыю. У замку, былым уласнасцю княжацкіх родаў Радзівілаў і Святаполк-Мірскіх, даваліся шыкоўныя прыёмы, балі былі неад'емнай часткай свецкага жыцця князёў. Доўгачаканы летні фестываль ля сцен легендарнага Мірскага замка стаў ужо добрай традыцыяй тэлеканала АНТ. У маляўнічым месцы збіраюцца аматары выдатнай музыкі і заўзятары добрага адпачынку. Серыя канцэртаў ў 2014 годзе прайшла з 20 па 22 чэрвеня. Гэты грандыёзны гадовы музычны фестываль з поспехам праходзіць ужо на працягу 8-мі гадоў, кожны раз збіраеццца вялізарная колькасць ахвочых атрымаць асалоду ад добрай музыкі ля сцен сярэднявечнага помніка архітэктуры. Для многіх ужо стала добрай традыцыяй прыязджаць у Мір на некалькі дзён, прымыкаючы да мястэчка або застаючы ў гасцініцы. Любы жадаючы можа пранікнуцца гэтай рамантычнай атмасферай летніх вечароў з самымі любімымі музычнымі выканаўцамі.

Як і заўсёды, і ў гэтым годзе ўдзельнікаў фестывалю чакалі тры яркія летнія дні, поўныя музыкі, цудоўнага настрою і незабыўных уражанняў. "Музычныя вечары ў Мірскім замку" - плод суладнай працы велізарнай каманды прафесіяналаў, якія выкарыстоўваюць найноўшыя дасягненні для стварэння якаснага і цікавага мерапрыемства. З кожным годам узровень падрыхтоўкі і стварэння "Вечароў" расце, прыцягваючы ўсё больш прыхільнікаў добрага гуку. На канцэртных пляцоўках Замкавага комплексу традыцыйна праводзяцца музычныя і рыцарскія фэсты, а так-сама фестывалі мастацтваў і рамеснай творчасці, лекцыі, музейныя заняткі і святы. Традыцыйны фестываль мастацтваў "Мірскі замак" - на фестывалі гучаць старадаўнія творы, духоўныя творы і эстрадная музыка. Кіраўнік фестывалю - народны артыст Беларусі, прафесар М. Фінберг. Міжнародны фестываль сярэднявечча "Спадчына стагоддзяў" - адно з буйнейшых у рэспубліцы і ва Усходняй Еўропе мерапрыемстваў гістарычнай рэканструкцыі

26-27 верасня 2014 года супрацоўнікі Мірскага замка ўдзельнічалі ў музейным форуме, дзе паказалі часткова экспазіцыю замка, яго гісторыю і прыцягвалі новых турыстаў і наведвальнікаў.

Турызм - гэта не толькі вандроўкі і адпачынак, але і важная сфера эканомікі. Індустрыя турызму спрыяе прытоку ў краіну фінансавых рэсурсаў, Яна не толькі дае даход, але і забяспечвае грашовыя паступленні, павялічвае попыт на прадукты харчавання і розныя паслугі, стымулюючы тым самым развіццё спадарожных галін (транспарту, гасцінічнай гаспадаркі, гандлю і грамадскага харчавання, вытворчасць сувеніраў). Абслугоўванне турыстаў - гэта крыніца даходаў для мясцовага насельніцтва. Развіццё турызму спрыяе стварэнню новых працоўных месцаў і забяспечвае занятасць мясцовага насельніцтва.

Турызм - гэта той падмурак, без якога не можа існаваць любая краіна, бо ён прыносіць вялікія грошы. Мірскі замак - гэта вялікі турыстычны аб'ект і, таксама, візітная картка Беларусі. Мірскі замак з'яўляецца не толькі гістарычна-культурным помнікам, але і адукацыйна-асветніцкай установай культуры, даступнай для наведвання ўсімі катэгорыямі грамадзян Рэспублікі Беларусь і іншых краін, што дазваляе праводзіць турыстычную палітыку, якая выконваецца ў мэтах турыстычнага аб'екта. З вышэйсказанага тэксту мы даведаліся пра колькасць наведвальнікаў Мірскага замка ў розныя часы і гэта гаворыцца аб росце папулярнасці замка, а таксама пра тое, якія паслугі і цікавыя праграмы могуць прапанаваць тут турыстам.

Іван Якімовіч , студэнт 550 групы ФІДК БДУКіМ.


Распродаж вышыванак

Грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз прадпрымальнікаў" праводзіць грамадскія кампаніі з мэтай папулярызацыі беларускай культуры пасяродкам нацыянальнага адзення.

Для рэалізацыі гэтых ідэй арганізуецца акцыя па распродажы па цэнах 2014 года (інфармацыя па цэнах на сайце Чэрвенскага рынку chervenrynok.by) нацыянальнага адзення - "вышыванак", якая адбудзецца 31 студзеня і 1 лютага 2015 года па адрасе: г. Менск, вул. Маякоўскага, 184 на пляцоўцы Чэрвенскага рынку.

А.Ф. Калінін.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX