Вярнуцца: 2015

№ 07 (1210)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 7 (1210), 18 лютага 2014 г.


21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

Па "важнасці" беларуская мова на 32-м месцы ў свеце

Як вымяраць адносную вагу тых ці іншых моваў у глабальнай камунікацыйнай прасторы? На гэтае пытанне паспрабаваў адказаць французскі лінгвіст, аўтар гравітацыйнай мадэлі "лінгістычнай глабалізацыі" Луі-Жан Кальвэ. Паводле першай версіі складзенага ім рэйтынгу з 88 моваў з колькасцю носьбітаў (без удакладнення, актыўных ці пасіўных) больш за дзесяць мільёнаў чалавек, беларуская мова займае аж 32-е месца...

Звычайна, тыя, хто разважае пра камунікацыйную вартасць той ці іншай мовы, спасылаюцца на колькасць тых, хто на ёй размаўляе: чым больш людзей размаўляе на мове, тым большая "вага" надаецца апошняй. Праблема ў тым, што, напрыклад, кітайская мова, на якой размаўляе больш чалавек, чым на англійскай, з'яўляецца размоўнай ў меншай колькасці краін, менш распаўсюджана ў песні, кіно, менш выкарыстоўваецца ў Інтэрнэце і г.д. Вось, напрыклад, мовы, якія маюць найбольшую колькасць носьбітаў:

1. кітайская;

2. англійская;

3. хіндзі;

4. іспанская;

5. руская;

6. бахаса;

7. партугальская;

8. бенгальская;

9. арабская;

10. урду;

11. японская;

12. французская і г.д.

Але гэтая класіфікацыя не адзіная магчымая. Калі мы возьмем такі паказчык, як колькасць краін, у якіх гэтыя мовы маюць афіцыйны статус, то атрымаем зусім іншую градацыю:

1. англійская;

2. французская;

3. арабская;

4. іспанская;

5. партугальская;

6. нямецкая;

7. малайская;

8. кітайская і г.д.

Калі ж мы звярнем увагу на месца, якое дадзеныя мовы займаюць у Інтэрнэце, то атрымаем яшчэ іншую іерархію:

1. англійская 35,2 %;

2. кітайская 13,7 %;

3. іспанская 9 %;

4. японская 8,4 %;

5. нямецкая 6,9 %;

6. французская 4,2 %;

7. карэйская 3, 9 % і г.д.

Можна таксама падлічыць колькасць нобелеўскіх лаўрэатаў па літаратуры, якія пісалі на тых ці іншых мовах. Тады мы атрымаем наступнае:

1. англійская;

2. французская;

3. нямецкая;

4. іспанская;

5. руская;

6. італьянская;

7. шведская;

8. польская і г.д.

Альбо мовы, з якіх робіцца найбольшая колькасць перакладаў:

1. англійская;

2. французская;

3. нямецкая;

4. руская;

5. італьянская;

6. іспанская;

7. шведская;

8. дацкая;

9. чэшская і г.д.

Увогуле, можна заўважыць, што некаторыя мовы заўсёды займаюць першыя прыступкі, у той час як іншыя трапляюць толькі ў адзін з "хіт-парадаў" (напрыклад, правансальская, бенгальская і ідзіш па літаратурных Нобелях).

Зыходзячы з гэткіх вось назіранняў французскі лінгвіст Луі-Жан Кальвэ вырашыў скласці г.зв. "індэкс моваў свету". Бярэцца сукупнасць "аб'ектыўных" фактараў: колькасць носьбітаў, прысутнасць у Інтэрнэце, колькасць краін, у якіх дадзеныя мовы маюць афіцыйны статус, аб'ём перакладаў з мовы і на мову, вытворчасць і экспарт фільмаў, кніг і музыкальных твораў на дадзеных мовах, нобелеўскія лаўрэаты па літаратуры, прырост насельніцтва краін, дзе размаўляюць на дадзеных мовах, існаванне тэкставага рэдактара, арфаграфічнага карэктара і інш. камп'ютарных праграм для дадзеных моваў і г.д. На базе апошніх складаецца агульная класіфікацыя моваў свету адпаведна з атрыманымі сумарнымі паказчыкамі.

Плануецца, што пасля заканчэння падлікаў рэйтынг будзе змешчаны ў Інтэрнэце і будзе рэгулярна абнаўляцца з мэтай адлюстравання соцыялінгвістычных зменаў, што адбываюцца на глабальным узроўні. Паступова рэйтынг павінен ахапіць "усе" мовы свету, але пакуль што ягоная пробная версія, апублікаваная ў часопісе Le Franеais dans le Monde (№355 студзень-люты 2008), абмежавалася 88 мовамі з колькасцю носьбітаў больш за 10 мільёнаў чалавек, сярод якіх фігуруе і беларуская мова. Не вядома, паводле якіх крытэраў лінгвісты падлічвалі, напрыклад, колькасць носьбітаў, але па сумарных паказчыках беларуская мова заняла 32-е месца, аказаўшыся паміж курдскай і албанскай і апярэдзіўшы такія мовы як хіндзі (37-е), балгарскую (39-е), фарсі (40-е), урду (52-е), в'етнамскую (54-е) і ўкраінскую (67-е). Застаецца дабіцца задавальнення патрабаванняў аб нясенні вайсковай службы па-беларуску ды атрымаць Нобеля па літаратуры, і родная мова ўзнімецца яшчэ на пару-тройку прыступак.

Ш. Кагановіч , "Беларуская Індымедыя".


125 гадоў з дня нараджэння Казіміра Сваяка

Казімір СВАЯК , паэт, драматург, публіцыст, беларускі каталіцкі святар.

Сапраўднае імя Казіміра Сваяка - Кастусь Стаповіч. Ён нарадзіўся 7(19) лютага 1890 г. у вёсцы Барані Свянцянскага павета Віленскай губерні (цяпер Астравецкі раён Гарадзенскай вобласці). Бацька паэта служыў лесніком у пана і меў паўвалокі зямлі. Сям'я, у якой гадавалася васьмёра дзяцей (6 сыноў і 2 дачкі), была па-сялянску працавітай, дружнай і жыла ў асноўным з гаспадаркі.

У роднай вёсцы Кастусь скончыў пачатковую школу, а ў 1906 - гарадскую школу ў Свянцянах.

Увосень 1907 у Пецярбургу паспяхова здаў экзамены для паступлення ў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, а з восені 1908 пачаў вучыцца ў ёй, свядома абраўшы для сябе шлях каталіцкага святара.

У 1914 скончыў духоўную семінарыю, у 1915 у Пецярбургу пасвечаны ў ксяндзы. Святарскую дзейнасць пачаў вікарыем у парафіі Камаі Свянцянскага павета, але неўзабаве перабраўся ў Клюшчаны, дзе шырока разгарнуў рэлігійную і грамадскую дзейнасць: увёў набажэнства ў касцёле па-беларуску, арганізаваў беларускія школы і настаўніцкія курсы, а таксама касцельны хор.

У 1916 у Клюшчанскай парафіі было адкрыта сем беларускіх школ, якія існавалі на працягу 3-4 гадоў. У канцы 1916 яго перавялі на пасаду вікарыя ў Карыцін на Беласточчыне. У канцы 1920 К. Сваяка прызначылі пробашчам у Засвір, дзе ён правёў усё сваё астатняе жыццё, выязджаючы штогод узімку на лячэнне ад сухотаў у Закапанэ. 6 траўня 1926 безнадзейна хворы паэт памёр у Вільні.

Вікіпедыя. (Пра К. Сваяка чытайце на ст. 4.)


100 гадоў з дня нараджэння Анатоля Бярозкі

Мацвей (Мітрафан) Смаршчок (пс. Анатоль Бярозка, Анатоль Рэпкаў-Смаршчок; 19 лютага 1915, в. Падлессе, Ляхавіцкі раён - 20 чэрвеня 2008, Мантысела, штат Мінесота, ЗША) - доктар медыцыны, беларускі паэт, культурны і грамадскі дзяяч.

Скончыў школу ў роднай вёсцы Падлессе, гімназію ў Баранавічах, у 1934-1939 гадах медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта па спецыяльнасьці "вуха-горла-нос".

Ужо пад час студэнцтва актыўна ўдзельнічаў у беларускім руху. Належаў да рэдкалегіі часопісаў "Калосьсе", "Шлях Моладзі". Выконваў абавязкі рэдактара. Супрацоўнічаў з гумарыстычным часопісам "З-за плоту". На трэцім курсе быў запрошаны ў асістэнты на кафедру фізіялогіі.

Пасля аб'яднання Беларусі ў 1939-1941 гадах працаваў лекарам у чыгуначным шпіталі ў Берасці.

За немцамі працаваў у Баранавічах. Загадваў шпітальным аддзелам, адначасова быў дырэктарам і выкладчыкам медыцынскай сярэдняй школы. У 1942 годзе ажаніўся з медсястрою Стэлай Крывец, полькай з Беларусі.

Пасля 1944 года ў Нямеччыне. Там пры нявысветленых абставінах трапіў у канцэнтрацыйны лагер.

У 1948 ці 1950 годзе з'ехаў у ЗША на запрашэнне мантыселаўскага шпіталя, які шукаў спецыялістаў. У Мантыселе і пражыў да скону дзён. Прымаў удзел у разбудове шпіталя (Big Lake Hospital and Nursing Home). Быў шматгадовым кіраўніком медычнага догляду ў доме для састарэлых. Ягонае імя носіць (названы яшчэ пры жыцці) адзін з карпусоў медычнага комплекса ў Мантыселе.

Адначасова з'яўляўся прафесарам Мінесотаўскага ўніверсітэта, займаўся доследамі хваробаў сэрца. У вольны час займаўся фатаграфаваннем, шахматамі, электронікай.

Падтрымліваў сувязь з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва, Беларуска-Амерыканскім Задзіночаннем.

У 1989 годзе выдаў свой зборнічак "Адзіннаццаць вершаў". У 2004 годзе ў Менску выйшла яго кніга "Бярозка Анатоль. Выбранае".

Пахаваны на каталіцкіх могілках царквы святога Генрыка ў Мантыселе беларускім грэка-каталіцкім святаром а. Ігарам Лабацэвічам.

Вікіпедыя.


Пра біялогію пакуль - ні слова

М.А. Жураўкову,

Міністру адукацыі

Рэспублікі Беларусь,

220010, г. Мінск,

вул. Савецкая, 9

Паважаны Міхаіл Анатольевіч!

ТБМ падтрымлівае Вашыя прапановы, пра якія мы ўжо некалькі гадоў пісалі ў Адміністрацыю Прэзідэнта аб вяртанні практыкі выкладання гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове (у тым ліку ў рускамоўных школах) і аб паступовым пераводзе выкладання і іншых прадметаў сярэдняй школы на дзяржаўную беларускую мову.

У сувязі з гэтым мы прапануем:

1) тэрмінова забяспечыць беларускамоўнымі падручнікамі па гісторыі і геаграфіі тыя школы (з рускай мовай навучання), дзе гэтыя прадметы і сёння вывучаюцца па-беларуску. Напрыклад, у г. Ліда;

2) зрабіць дадатковы наклад гэтых падручнікаў і паставіць іх у кніжны гандаль, каб кожны жадаючы змог іх набыць;

3) пачаць выкладаць з 1-га верасаня 2015 г. у рускамоўных школах па-беларуску "Біялогію" (у першую чаргу такія яе складовыя часткі як "Батаніка" і "Заалогія"). Справа ў тым, што нашыя гарадскія дзеці не ведаюць назвы нашых звяроў, птушак і раслін не толькі па-беларуску, але і на іншых мовах, бо не маюць магчымасці штодня з імі мець непасрэдны кантакт.

4) увесці з 1-га верасня гэтага года для вучняў старэйшых класаў факультатыў на тэму "Гісторыя архітэктуры Беларусі" і выкладаць яе па-беларуску, бо спрадвечная будаўнічая лексіка беларусаў істотна адрозніваецца ад рускай. Дарэчы, гісторыя беларускага дойлідства ў падручніках па "Гісторыі Беларусі" практычна не разглядаецца.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот аб адукацыі на беларускай мове. У межах сваёй кампетэнцыі паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з артыкулам 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі дзяржава гарантуе грамадзянам права выбару навучання і выхавання на адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь (рускай або беларускай) і стварае ўмовы для рэалізацыі гэтага права. Мова навучання і выхавання вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі з улікам жаданняў навучэнцаў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх.

Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання вучэбныя прадметы выкладаюцца на рускай мове, а ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай мовай навучання - на беларускай мове.

Пры гэтым заснавальнік установы агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання мае права прыняць рашэнне аб выкладанні вучэбных прадметаў "Гісторыя Беларусі", "Геаграфія" на беларускай мове з улікам пажаданняў навучэнцаў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх. У адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства адукацыі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі могуць камплектавацца вучэбнымі выданнямі па гісторыі Беларусі і геаграфіі на рускай і беларускай мовах.

Пачынаючы з 2012 года Навукова-метадычнай установай "Нацыянальны інстытут адукацыі" Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь вывучаецца запатрабаванасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання, якія жадаюць вывучаць вучэбныя прадметы "Гісторыя Беларусі" і "Геаграфія" на беларускай мове. Штогод пажаданні ўстаноў адукацыі ўлічваюцца пры фарміраванні тыражу на падручнікі па дадзеных вучэбных прадметах. Так, напрыклад, у 2012/2013 навучальным годзе 21 526 вучняў VІ-ХІ класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання пажадалі вывучаць гісторыю Беларусі на беларускай мове. У 2013/2014 навучальным годзе з улікам пажаданняў вучняў XI класа пры перавыданні вучэбнага дапаможніка па гісторыі Беларусі на беларускай мове тыраж быў павялічаны на 2 680 экз.

Факультатыўныя заняткі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі праводзяцца ў адпаведнасці з зацверджанымі Міністэрствам адукацыі праграмамі факультатыўных заняткаў. У цяперашні час на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі пры арганізацыі факультатыўных заняткаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі з беларускай і рускай мовамі навучання рэкамендуецца выкарыстоўваць праграмы факультатыўных заняткаў "Храмы, палацы і замкі Беларусі" (VII клас), "Архітэктура Беларусі" (IX клас), якія распрацаваны на беларускай мове.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2011 года "Об обращениях граждан и юридических лиц" Вы маеце права абскардзіць адказ Міністэрства адукацыі ў парадку, які ўстаноўлены заканадаўствам.

Намеснік Міністра Р.С. Сідарэнка.


ЗАПРАШАЕМ НА 8-Ю АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНУЮ ДЫКТОЎКУ

21 лютага ў межах кампаніі "Будзьма" адбудзецца восьмая Агульнанацыянальная дыктоўка. Імпрэза праводзіцца на сядзібе ТБМ па вул. Румянцава, 13.

Пачатак - 11. 00 гадзін. Удзельнікі дыктоўкі атрымаюць памятныя прызы ад ТБМ.

Уваход вольны.


Калі не ўнікаць у напаўняльнасць класаў...

М.А. Жураўкову,

Міністру адукацыі

Рэспублікі Беларусь,

220010, г. Мінск,

вул. Савецкая, 9

Паважаны Міхаіл Анатольевіч!

Просім Вас з мэтай аказання магчымай метадычнай дапамогі і прафарыентацыі даслаць нам спіс устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь, якія вядуць адукацыйны працэс на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі на беларускай мове. Просім таксама размясціць гэтыя звесткі на сайце Міністэрства адукацыі аналагічна наяўнаму там спісу устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У Міністэрстве адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледжаны Ваш зварот па пытанні інфармавання аб установах агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх адукацыйны працэс на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца на беларускай мове. Паведамляем наступнае.

Дзяржаўнай і ведамаснай статыстычнай справаздачнасцю Міністэрства адукацыі не прадугледжаны збор інфармацыі аб установах адукацыі, у якіх адукацыйны працэс на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі ажыццяўляецца на беларускай мове.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 сакавіка 2011 г. № 95 запыт інфармацыі, збор якой не прадугледжаны формамі статыстычнай справаздачнасці, забаронены.

У пісьме Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 14.01.2015 № 05-24/3/юл Вы былі праінфармаваны аб колькасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх у 2014/2015 навучальным годзе адукацыйны працэс ажыцяўляецца на беларускай або рускай мове. Накіроўваем больш падрабязную інфармацыю аб колькасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучанне і выхаванне ажыцяўляюцца на беларускай або рускай мове.

Дадатак: на 1 л. у 1 экз.

Намеснік Міністра адукацыі Р.С. Сідарэнка.


Усталюем помнік Рыгору Барадуліну талакой

Шаноўнае спадарства!

24 лютага гэтага года споўнілася б 80 гадоў слыннаму беларускаму паэту Рыгору Барадуліну. У сакавіку будзе гадавіна з дня яго смерці. Таму ўвесну плануецца паставіць помнік на магіле паэта ў родных Ушачах на Віцебшчыне. Скульптар Мікалай Байрачны распрацаваў праект помніка, які ўхвалілі сваякі.

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" лічаць, што годна ўвекавечыць памяць, выказаць яму сваю любоў і пашану, зрабіўшы свой унёсак на выраб і ўсталяванне помніка Народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну справа кожнага беларуса. Далучыцца да гэтай ганаровай справы можна, пералічыўшы грошы на дабрачынны рахунак, адкрыты на імя ўнучкі Рыгора Барадуліна:

ААТ "Беларусбанк" філіял 514, код 614, УНП 100420079; код віду ўкладу 9004 (дамова дабрачыннага рахунку №000039); атрымальнік Кліміна Дамініка Канстанцінаўна; прызначэнне плацяжу - добраўпарадкаванне пахавання

Ажыццявіць плацёж можна ў любым аддзяленні банка і таксама з дамамогай інфакіёскаў і Інтэрнэт-банкінга (выбраць - "Плацяжы", - "Адвольныя плацяжы", - "плацёж па рэквізітах").

ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў",

МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына".


Пашыраць кола абаронцаў мовы

Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы і Дня абаронцаў Айчыны мы сустрэліся з актыўнымі прадстаўнікамі маладога пакалення ТБМ - Дзянісам Тушынскім і Аляксандрам Давідовічам.

Як дагрукацца да рускамоўных беларусаў, як зрабіць, каб мову палюбілі і імкнуліся яе захоўваць, мы пагутарылі з намеснікам старшыні ТБМ Дзянісам Тушынскім .

- Якімі Вы бачыце шляхі прыцягнення моладзі да актыўнасці ў ТБМ, прымянення талентаў і зацікаўленасці?

- Трэба распрацоўваць новыя цікавыя праекты. Зараз мы ажыццяўляем праект, мэта якога - змяненне беларускага моўнага заканадаўства. Усім вядомы праблемы нашага закона аб мовах, ён недасканалы: гэта вядзе да моўнага дысбалансу ў краіне. З гэтай нагоды было зроблена заключэнне Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь ў 2001 годзе. Нядаўна мы распрацавалі комплексны праект - маніторынг стану беларускай мовы, які праводзіць ТБМ. Па вынікаў маніторынгу мы ствараем справаздачу. Справаздача перадаецца ва ўладныя структуры: Палату Прадстаўнікоў, Адміністрацыю Прэзідэнта. У справаздачы будзе адлюстраваны ўвесь спектр парушэнняў Дэкларацыі моўных правоў, увесь спектр моўнага дысбалансу ў краіне. І , можа быць, цэлы комплекс доказаў паспрыяе таму, што ўлады пойдуць нам насустрач і Палата Прадстаўнікоў разгледзіць наш "Законапраект аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы", распрацаваны некалькі гадоў таму.

У маніторынгу ёсць і іншая мэта - стварыць Атлас моўнай сітуацыі і стану з моўнымі правамі. Ёсць два вектары маніторынгу: мы лістуемся з уладамі. Гэта ўсе выканкамы краіны, усе міністэрствы, дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі і яшчэ 20 розных арганізацый, ВНУ, суды, органы дзяржаўнага кіравання, камітэты і інш. Складзены апытальныя лісты на 4 старонкі.

Напрыклад: "Колькі месца займаюць матэрыялы на беларускай мове ў Вашай раённай газеце?" . Такая справаздача будзе яшчэ і медыйнай нагодай. Калі яна будзе апублікавана, людзі зацікавяцца. Другі вектар - атрыманне інфармацыі непасрэдна ад саміх грамадзян "на месцах".

Я займаюся аналізам замежнага моўнага заканадаўства. Вынік аналізу адлюстраваны ў маіх артыкулах. Прааналізавана шатландскае моўнае заканадаўства, некаторыя міждзяржаўныя дакументы, валійскае моўнае заканадаўства. Гэта робіцца для таго, каб людзі прачыталі і зразумелі, што ёсць там і чаго няма ў нас.

Мы будзем арганізоўваць канферэнцыю па моўных правах і моўнай палітыцы ў канцы сакавіка 2015 года і зараз яе рыхтуем. Запрошаны госці з краін - удзельніц Усходняга Партнёрства, Мытнага саюза і суседніх краін ЕС. Будзем друкаваць двухтомны зборнік па матэрыялах канферэнцыі, размесцім яго ў Інтэрнэце. Спадзяемся, што гэта паспрыяе абмену думкамі, мы назапасім банк ідэй удасканалення нашага моўнага заканадаўства. Другі том зборніка будзе практычны: ён будзе змяшчаць парады па тэхналогіях адстойвання моўных правоў і тэхналогіях моўнага адраджэння.

Хацелася б правесці фестываль беларускай мовы. Іншая ідэя - стварыць музей беларускай мовы, і Міністэрства культуры, у прынцыпе, падтрымала такую ідэю. Самы вялікі ў свеце - музей партугальскай мовы - існуе ў Бразіліі ў Сан-Паўлу. Трэба адзначыць, што гэта музей не кніг, а музей жывога маўлення - мультымедыйны, з аўдыё- і відэа-запісамі. Ва Украіне ёсць музей мовы ва Універсітэце імя Шаўчэнкі. Ёсць музеі мовы ў Літве. Музей у Даніі вельмі вядомы.

- Раскажыце, калі ласка, трошкі пра сябе. Вы - псіхолаг па адукацыі?

- Мінчук у многіх пакаленнях, я нарадзіўся ў 1979 годзе, скончыў 32-ую спецыялізаваную школу. Па базавай адукацыі я - філолаг, германіст. Я закончыў Лінгвістычны ўніверсітэт па спецыяльнасці: "Англійская, нямецкая і шведская мовы". Скончыў бакалаўрыят, магістратуру, а ў аспірантуру пайшоў у іншую ВНУ-БДПУ імя Танка. Псіхалогія - мая дадатковая адукацыя. Закончыў аспірантуру, працую выкладчыкам псіхалогіі ў БДПУ імя Танка.

- Як беларуская мова заняла важнае месца ў Вашым жыцці?

- Не скажу, што яна была маёй першай мовай, і нават не была другой. Польскую і англійскую мову я засвоіў, жывучы ў Берасці. Там прымалася польскае тэлебачанне, глядзеў мульцікі, засвоіў паступова польскую. У школе пазнаёміўся з творамі Караткевіча, а потым зацікавіўся беларускай гісторыяй, пачаў пісаць вучнёўскія працы на ўроках гісторыі і беларускай мовы. У той перыяд прыйшла хваля Адраджэння. Першыя мітынгі прыцягвалі ўвагу. Шмат узнікла новых элементаў - новы герб, новы сцяг. Для мяне былі важнымі адкрыцці ў сярэднявечнай гісторыі. Калі я даведаўся, што ў нас было сапраўднае еўрапейскае сярэднявечча - гэта вельмі паспрыяла росту маёй свядомасці. Пачаў хадзіць на мітынгі. У 2002 годзе ўступіў у ТБМ. Заўжды разглядаў сваю дзейнасць як працу, а не як змаганне. Хочацца, каб праца была больш творчая.

- Вы стварылі сайт ТБМ, актыўна яго распрацоўваеце?

- Сайт распрацоўвалі прафесіяналы, але ідэя была мая. Даўным-даўно быў патрэбны новы насычаны сайт, а не стары. Я шукаў веб-студыю, размаўляў з будучымі адміністратарамі партала, такі быў мой унёсак. Я займаўся англійскай версіяй партала.

- Вы вывучалі досвед Францыі і Ірландыі па правядзенні фестываляў мовы, пісалі пра фестываль ў Кардыфе ў Уэльсе. Вам даводзілася шмат бываць за мяжой?

- Наведваў Шатландыю некалькі гадоў таму. Выйшаў мой артыкул пра шатландскую моўную сітуацыію, пра шатландскае заканадаўства ў моўнай галіне. Я падрыхтаваў артыкул юрыдычна-палітычнага характару пра моўнае пытанне на Шатландскім рэферэндуме.

- Якія аўтары з сусветных Вам да спадобы?

- Мне вельмі шмат даводзіцца чытаць прафесійнай літаратуры.У мяне быў час, калі мне падабалася містычная літаратура: творы Стывена Кінга, Лавкрафта, Хорхе Луіса Борхеса, Мігеля Анхеля Астурыяся і іншых пісьменнікаў.

- Вы падтрымліваеце стасункі з прадстаўнікамі іншых кран?

- Так. Нядаўна ліставаўся з прадстаўнікамі Шатландскага Парламенту. Мне трэба было ўдакладніць у іх некаторыя пытанні. Таксама ліставаўся з мэнэджэрам "Атласа моў у небяспецы". У 1996 годзе ЮНЭСКА выпусціла першае выданне "Атласа моў свету, якім пагражае знікненне". Апошняя версія выйшла ў 2010 годзе на англійскай, французскай і іспанскай мовах. Інтэрактыўная інтэрнет-версія змяшчае інфармацыю пра 2473 мовы свету ў небяспецы. Стваральнікі атласа распрацавалі сем крытэрыяў пагрозы знікнення мовы. Важна было ўдакладніць, да якіх краін яны гэтыя крытэрыі ўжываюць.

Самы буйны этналінгвістычны даведнік " Этналог" захоўвае крыху іншую градацыю. Там усяго два крытэрыі: колькасць носьбітаў і ступень развітасці мовы: ці яна з'яўляецца дзяржаўнай, ці яна кадыфікавана. Адпаведна тым крытэрам, мы, здаецца, на вяршыні, бо нас шмат. Так, у нас ёсць багатая літаратура на мове. Але мы ўсе ведаем пра нашы праблемы. Дзяржаўны апарат мовай карыстаецца мала.

Я хацеў бы напісаць арткул на тэму: "Навошта развіваць мову". Трэба зрабіць мову беларускую мову прывабнай для гарадскога рускамоўнага беларуса, для якога яна не з'яўляецца матчынай, для каго яна не першая, і не другая, каб яе палюбілі. Важна знайсці аргументы для такой катэгорыіі людзей. Таму патрэбныя і моўныя фестывалі, і музеі мовы, і ўсё іншае!

**********

Моладзь ТБМ пашырае кола беларускамоўных сяброў і заахвочвае да абмену думкамі і важнымі тэмамі. Аляксандр Давідовіч , новы сябра Рады ТБМ, намеснік Старшыні ТБМ і старшыня Менскай гарадской арганізацыі ТБМ падтрымлівае добры асяродак для моўнай практыкі.

- Раскажыце, калі ласка, пра дзейнасць клуба "Прамова" на сядзібе ТБМ у Менску. Як даўно ён дзейнічае?

- Клуб дзейнічае тры гады. Сустракаемся мы кожную сераду з перапынкам на лета. У нас адбылося ўжо шмат спатканняў з дзеячамі культуры і асветы. Мы працуем ў фармаце вольнай студыі. Нашы сустрэчы распрацаваны па плане. Сябры-прамоўцы робяць выступленні на тэмы, якія іх цікавяць. Першая прамова абавязкова павінна быць пра сябе. Сябры клуба трэніруюцца выступаць у ролі спікераў. Спачатку многім здаецца,што яны ведаюць мову, але калі пераходзяць ад чытання да выказвання публічных прамоваў, хвалююцца, звяртаюць увагу, над чым яшчэ трэба працаваць. Чалавек з гадзіннікам сочыць за часам, экабэкер адсочвае словы-паразіты. Той, хто выступае ў ролі настаўніка, робіць усім заўвагі.

Чатыры разы на год мы прысвечаем сустрэчы літаратуры, выбіраем два сучасныя і два класічныя творы для дыскусіі. Нядаўна мы абмяркоўвалі мову Віктара Марціновіча. Вядомыя асобы прэзентуюць самі сябе і сваю творчасць.

Таксама мы даём хатнія заданні па тлумачэнні сэнсу асобных словаў. Робім экскурсіі па Менску і па Беларусі разам з Антонам Астаповічам і іншымі гісторыкамі і краязнаўцамі. Просім прадастаўляць нам экскурсіі ў музеях па-беларуску. У мінулым годзе я падрыхтаваў восем модуляў па разнастайных тэмах.

- Вы інжынер па-адукацыі?

-Я скончыў каледж. Працаваў на авіярамонтным заводзе, а зараз працую ў Нацыянальным банку Рэспублікі Беларусь.

-Як Вы перайшлі да выкарыстання беларускай мовы ў Вашым жыцці?

- У старэйшай школе пачаў размаўляць па-беларуску. Заўсёды цікавіўся гісторыяй. Перайшоў на мову спачатку з сябрамі, потым - у краме, а затым - з роднымі, з сястрой і бацькамі. Пра ТБМ я даведаўся на працы. Вера Канкаловіч, стваральніца клуба "Прамова", вырашыла перакласці план працы гуртка з англійскай мовы, папрасіла мяне і я далучыўся да ўдзелу ў клубе праз яе. Праз паўгады яна з'ехала працаваць ва Украіну.

Суполкі клуба "Прамова" ёсць у Кантакце, у Твітэры, мы стварылі свой сайт. У Фэйсбуку ў нас арганізавалася актыўная суполка, дзелімся навінамі, артыкуламі. Стараемся прапагандаваць ужыванне мовы ва ўсіх грамадскіх месцах. Аднойчы мы хадзілі разам з сябрамі клуба ў боўлінг. Такім чынам мы падаём прыклад станоўчай беларускасці. На працы прафсаюзныя абвесткі я раблю па-беларуску. Дзейнасць клуба падштурхоўвае да асабістага росту - павышэння культуры маўлення, паляпшэння арганізатарскіх здольнасцяў, стварэння вучэбных планаў.

Гутарыла Эла Дзвінская. На здымках: 1. Дзяніс Тушынскі 2. Аляксандр Давідовіч. Фота аўтара.


Рада Менскай абласной арганізацыі ТБМ

Выніковае паседжанне Менскай абласной рады ТБМ адбылося 1 лютага пад старшынствам Міколы Курыльчыка. Абмеркавалі справаздачу за мінулы год і прапановы па дзейнасці ТБМ у 2015 годзе. Дапаможнікам нашым сябрам паслужыць новы "Краязнаўчы даведнік: Міншчына-2015 (Мінская вобласць у асобах і падзеях)" Анатоля Жука. План дзейнасці будзе разасланы рэгіянальным арганізацыям і суполкам.

У склад Менскай абласной Рады ТБМ цяпер уваходзяць: старшыня Мікола Курыльчык (Слуцк), Галіна Аксючыц (Заслаўе), намеснік старшыні Зміцер Вінаградаў (Мядзел), Часлава Князева (Клецк), Людвіка Таўгень (Валожын). У складзе рэвізійнай камісіі - старшыня Тацяна Трубач (Заслаўе), Барыс Муха (Мар'іна Горка), Сяргей Сівы (Валожын).

"Братцы мілыя, дзеці Зямлі - маткі маёй!" - гэта зварот з прадмовы да зборніка "Дудка беларуская" Францішка Багушэвіча, адрывак з яе прапануецца для дыктоўкі ў Міжнародны дзень роднай мовы. На ўсёй планеце 21 лютага адукаваныя людзі будуць адзначаць свята матчынай мовы, але ж і бацькавай таксама!

Адрасуйце інфармацыю па дзейнасці абласной арганізацыі на сайт ТБМ (адк. кіраўнікі суполак і арганізацый, Т. Трубач). Жадаем плённай працы нашым паплечнікам, аднадумцам на карысць Таварыства беларускай мовы і Бацькаўшчыны.

Яна Навіцкая.


План работы на 2015 год Менскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны"

Зацверджаны радай абласной арганізацыі ТБМ 1 лютага 2015 года.

1. З бацькамі дзяцей, якія ў 2015/2016 навучальным годзе пойдуць у дзіцячыя сады і першыя класы школ, правесці гутаркі аб магчымым навучанні дзяцей на беларускай мове і ад імя рады абласной арганізацыі накіраваць у аддзелы адукацыі райгарвыканкамаў і ўпраўленне адукацыі Менскага аблвыканкама прапановы арганізаваць беларускамоўныя групы ў дзіцячых дашкольных установах і класы - у школах.

Да чэрвеня; раённыя і гарадскія арганізацыі, рада абласной арганізацыі .

2. Прадоўжыць работу сярод жыхароў населенных пунктаў вобласці па арганізацыі гурткоў, клубаў, курсаў беларусазнаўства і вывучэння беларускай мовы.

На працягу года; раённыя і гарадскія арганізацыі.

3. Прапанаваць кіраўніцтву адкрытага акцыянернага таварыства "Мінаблаўтатранс", падраздзяленняў Беларускай чыгункі на тэрыторыі вобласці рабіць на беларускай мове аб'явы аб прыпынках у аўтобусах, дызель-цягніках і электрацягніках і надпісы на шыльдах з раскладам руху аўтобусаў або цягнікоў, а таксама інфармаванне пасажыраў на вакзалах.

Да 1 сакавіка; рада абласной арганізацыі.

4. Накіраваць кіраўнікам мясцовых прамысловых прадпрыемстваў прапановы выкарыстоўваць беларускую мову пры афармленні ўпакоўкі выпусканай прадукцыі.

Да 1 красавіка; раённыя і гарадскія арганізацыі.

5. З нагоды 25-годдзя з пачатку выдання газеты "Наша слова" правесці сустрэчы з патэнцыяльнымі падпісчыкамі гэтай газеты, у тым ліку з удзелам сяброў рэдакцыйнай калегіі выдання;

кожнаму сябру Таварыства беларускай мовы выпісаць газету "Наша слова".

Да 10 снежня; раённыя і гарадскія арганізацыі, рада абласной арганізацыі.

6. У мэтах святкавання Міжнароднага дня роднай мовы:

накіраваць віншаванні кіраўнікам абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта, раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў і выканаўчых камітэтаў;

ініцыяваць прысвечаныя святу публікацыі ў мясцовых сродках масавай інфармацыі, правядзенне "круглых сталоў" з удзелам журналістаў і пісьменнікаў;

правесці Агульнанацыянальную дыктоўку: першы этап - 21 лютага, другі этап - 15 сакавіка, трэці этап - 25 сакавіка.

Люты - сакавік; раённыя і гарадскія арганізацыі, рада абласной арганізацыі.

7. Прыняць удзел у Міжнароднай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона".

28 сакавіка; рада абласной арганізацыі.

8. Адзначыць юбілейныя дні нараджэння беларускіх пісьменнікаў - ураджэнцаў Менскай вобласці, ініцыяваць публікацыі аб іх у мясцовым друку і газеце "Наша слова", арганізацыю ў бібліятэках выставак іх твораў, правядзенне сустрэч з чытачамі:

110-годдзе Яна Пятроўскага (20 студзеня); 110-годдзе Алеся Вечара (25 сакавіка); 135-годдзе Язэпа Дылы (14 красавіка); 110-годдзе Юркі Гаўрука (6 траўня); 115-годдзе Уладзіміра Жылкі (27 траўня); 80-годдзе Васіля Зуёнка (3 чэрвеня); 115-годдзе Кузьмы Чорнага (24 чэрвеня); 90-годдзе Лідзіі Арабей (27 чэрвеня); 110-годдзе Пятра Глебкі (6 ліпеня); 175-годдзе Альгерда Абуховіча (6 жніўня); 65-годдзе Галіны Каржанеўскай (27 жніўня); 65-годдзе Фёдара Гурыновіча (14 верасня); 100-годдзе Міхася Кавыля (1 лістапада); 75-годцзе Яўгена Гучка (4 лістапада); 215-годдзе Леанарда Ходзькі (6 лістапада); 110-годдзе Яна Скрыгана (16 лістапада); 210-годдзе Язэпа Янушкевіча (26 лістапада).

На працягу года; раённыя і гарадскія арганізацыі.

9. Прадоўжыць удакладненне арганізацыйнай структуры і колькаснага складу абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, перарэгістрацыю сяброў Таварыства, павялічыць іх колькасць.

Да 1 снежня; раённыя і гарадскія арганізацыі, рада абласной арганізацыі.

10. Адзначыць 95-ю гадавіну Слуцкага збройнага чыну, ініцыяваць публікацыі аб ім у сродках масавай інфармацыі.

Лістапад - снежань; рада абласной арганізацыі.

11. Рэгулярна праводзіць сходы суполак, раённых і гарадскіх арганізацый Таварыства беларускай мовы з абмеркаваннем актуальных пытанняў іх дзейнасці з улікам рэгіянальных умоў.

На працягу года; раённыя і гарадскія арганізацыі.

12. У раёнах вобласці правесці маніторынг моўнай сітуацыі і стану з моўнымі правамі іх жыхароў.

На працягу года; раённыя і гарадскія арганізацыі, рада абласной арганізацыі.

13. Адзначыць Еўрапейскі дзень моў.

Верасень; рада абласной арганізацыі.

14. Правесці абласны агляд-конкурс мясцовых сродкаў масавай інфармацыі па выкарыстанні ў іх публікацыях беларускай мовы.

Да кастрычніка; рада абласной арганізацыі.

15. Прыняць удзел у кампаніі "Будзьма" з правядзеннем гістарычных і літаратурных сустрэч.

На працягу года; раённыя і гарадскія арганізацыі.

16. Работу абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы асвятляць на інтэрнэт-сайце Таварыства, у газеце "Наша слова" і мясцовых сродках масавай інфармацыі.

На працягу года; раённыя ігарадскія арганізацыі, рада абласной арганізацыі.


Казімір Сваяк родны ўсім беларусам

(Да 125- годдзя з дня нараджэння)

Газета "Наша слова" двойчы і ў праекце і ў Плане дзейнасці ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на 2015 год, а таксама ў "Юбілейных датах 2015" засяроджвае сваю ўвагу, павагу да Постаці, да Пакутніка, да Падзвіжніка Казіміра Сваяка, бо ён пры ўсіх уцісках, ганеннях на беларушчыну - сапраўдны Ўзор служэння свайму народу, яго яднанню, яго родным гукам і мове.

Казімір Сваяк , ён жа па-сапраўднаму поўнаму імя Канстанцін Мацвеевіч Стаповіч, ён жа пад іншымі псеўданімамі Ксёндз - Беларус, К.С., К. Св., Каз. Св., Кост, С., К.З . у маім сэрцы, маёй душы, маім розуме застаўся гэтымі двума журботнымі радкамі:

Ах, гора з сэрцам чалавеку,

Бо ён дарма чакае цуду.

і сваім падзвіжніцтвам дзеля беларускай самасвядомасці.

Мой цуд знаёмства з Казімірам Сваяком адбыўся спачатку ў Ашмянскай школе - інтэрнаце, куды я трапіў пасля закрыцця Парэцкага дзіцячага дома № 2 (Гарадзенскі раён) у 1962 г. І ў той жа дзень я пазнаёміўся з дырэктарам установы Васілём Рыгоравічам Навумавым, які, па яго словах, быў прызначаны таксама дырэктарам расфармаванага Ашмянскім райкамам КПБ і раённай уладай Ашмянскага раённага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча.

Тады перада мной паўстала велічэзная куча звезеных і зваленых з цэнтра горада экс-панатаў і кніг, сярод іх было і выданне А. Stankiewic. Kazimier Swajak: Narysy ab jahonaj ideolohii (u 5-ja uhodki smierci). Wilnia. 1931.

Чаму мне запомнілася гэтае выданне? Бо яно было аддрукавана на невядомай мне тады лацініцы.

Дадам, што "дырэктарам" музея і ўсімі тады супрацоўнікамі, экскурсаводам быў я у адной асобе з 1962 па 1964 гады. Праз некаторы час у тым жа будынку музей быў адноўлены на дзяржаўным уліку. Калі я прыязджаў у родную школу - інтэрнат і пабачыў на будынку музея шыльду на рускай мове, то ў мяне адразу ж адпала жаданне наведаць яго. Тымі дырэктарамі і супрацоўнікамі будынак установы (адна са старых мураваных пабудоў) быў даведзена да знішчэння, і ў трэці раз музей быў пераведзены на новае месца.

У саавецкія часы другі раз Казімір Сваяк усплываў у маёй памяці разам са знаёмствам з жыццём і творчасцю палымянага рэвалюцыянера і паэта Валянціна Таўлая, з яго вершам "Цень Сваяка".

Казімір Сваяк назаўсёды ўвайшоў у гісторыю Беларусі ў трох іпастасях:

- беларускі творца (паэт, драматург, публіцыст);

-рэлігійны беларускі адраджэнец (каталіцкі святар);

-грамадскі беларускі дзеяч.

Для цікаўных адзначым, што такім жа палкім беларускім адраджэнцам быў і яго малодшы брат Альбін Стаповіч (18.03.1894-18.12.1934) - публіцыст, літаратуразнавец, музыказнавец, кампазітар, палітычны дзеяч.

Нарадзіўся Канстанцін Мацвеевіч Стаповіч 7(19) лютага 1890 г. у вёсцы Барані Свянцянскага павета, зараз гэта Астравецкі раён, у беларускай сялянскай сям'і, дзе гадавалася яшчэ яго пяць братоў і 2 сястры. Адыход яго адбыўся 6 траўня 1926 г. у Вільні, пахаваны на могілках Росы, побач з ім пазней лёг у дамавіне і яго малодшы брат Альбін Стаповіч. На тых могілках мне выпала ўдача двойчы пабываць і ўскласці кветкі на месцы іх вечнага заспакаення.

Кастуць Стаповіч пачатковую адукацыю атрымаў у роднай вёсцы Барані, а гарадскую школу скончыў у 1906 г. у беларускіх ціхіх Свянцянах (яго потым Сталін падарыў Ліетуве, сёння гэта горад Швенчэнеляй).

Тут ён канчаткова вырашыў аддаць сябе каталіцкаму духоўнаму служэнню. У 1907 г. ён здае ў Санкт-Пецярбургу экзамены для вучобы ў Віленскай духоўнай семінарыі, з восені 1908 г. ён старанна вучыцца ў ёй і ... атрымоўвае найцяжэйшае захворванне - сухоты. Таму зімы праводзіць на курорце у Закапанэ.

У Свянцянах і Вільні, дзякуючы "Нашай Ніве", моцнаму ўздзеянню яе, Казімір Сваяк далучаецца да актыўнага беларускага нацыянальнага адраджэння. К. Стаповіч скончвае Віленскую духоўную семінарыю ў свае 24 гады (1914), а ў 1915 г. у Санкт-Пецярбургу пасвячаецца ў ксяндзы.


17 верасня 1994 г. неспадзявана і ўпершыню да мяне завітаў найвыдатнейшы беларускі энцыклапедыст Якуб - Якаў Адамавіч Якубоўскі, ад яго даведаўся, што ён беларускі татарын і нарадзіўся ў мястэчку Камаі (зараз Пастаўскі раён), што да яго нарадзінаў у іх служыў у касцёле К.М. Стаповіч, які ўвайшоў у нашае жыццё, у нашую свядомасць Казімірам Сваяком.

Сваяк - гэта той, хто знаходзіцца ў сваяцтве, у радстве з кім-небудзь. А Казімір Сваяк быцў сваяком не толькі для сваіх родных і блізкіх, не для каго-небудзь іншага, а менавіта і найболей для беларускага народа. Ён генетычна быў самаіндэтыфікаваны для гэтага, бо першым яго словам было Беларускае Слова, Беларускі Гук, Беларускі Дух...

Ворагі беларускай ідэі не давалі патрыётам нашай Бацькаўшчыны доўга затрымлівацца на адным месцы, з Камаёў яго пераводзяць у Клюшчанскую парафію (сёння Астравецкі раён). Як адзначае ў адной з аддрукаваных энцыклапедычных даведак Янка Трацяк, Казімір Сваяк у ёй: "разгарнуў актыўную рэлігійна-нацыянальную дзейнасць: праводзіў беларускамоўныя набажэнствы і казанні, арганізаваў сем беларускіх школ і беларускія настаўніцкія курсы, касцельны хор, культурна-асветніцкую суполку "Хаўрус сваякоў" ( сваякоў спецыяльна падкрэслена мною. - М.У. ), драматычны гурток." Прачытаеш і падумаеш пры гэтым: "Дзе той беларускі чыноўнік, які хоць крышачку падыдзе да вяршынь дзейнасці Казіміра Сваяка?!"

А вось якія звесткі дае ў друку ўраджэнка Лідчыны вучоная Ірына Багдановіч:

"Актыўная дзейнасць К. Сваяка па беларусізацыі касцёла, яго шырокая культурна-асветніцкая праца выклікалі незадаволенасць польскіх духоўных уладаў, якія ў канцы 1916 перавялі яго на пасаду вікарыя ( як бачна, гэта святарскае паніжэнне. - М.У.) у Карыцін на Беласточчыне. Мясцовы пробашч непрыхільна ставіўся да ксяндза-беларуса, які распаўсюджваў беларускія кніжкі, стварыў у касцёле беларускі хор, прапагандаваў беларускі адрадждэнцкі рух. Дзейнасць К. Сваяка ў Карыціне была акружана атмасферай недаверу, пагроз і перашкод, што падарвала і без таго кволае яго здароўе. Вясной 1918 г. ён вымушаны быў пакінуць Карыцін і паехаць на лячэнне ў Закапанэ".

Служэнне роднаму народу, паклінанне ў імя яго з новымі моцам, энтузіязмам разгарнуліся ў Казіміра Сваяка ў Засвіры (сёння Мядзельскі раён). І ізноў гнюснае і паслядоўнае пераследаванне польскімі ўладамі і касцельнымі службамі.

Сучасны беларускі падзвіжнік з Гародні Аляксей Пяткевіч адзначае касцельную службу К. Сваяка і ў Буйвідах (Віленшчына).

Даходзіла справа да таго, што цяжка хворага беларускага ксендза трымалі пад хатнім арыштам.

У Казіміра Сваяка было шмат сяброў, паплечнікаў, прыхільнікаў, сярод іх адзначым толькі некалькіх - Я. Германовіча (Вінцука Адважнага), А. Станкевіча, да яго ў госці прыязджаў вядомы, самабытны беларускі мастак Я. Драздовіч. Памёр Казімір Сваяк ад сухотаў.

У даведніку "Людзі культуры з Гродзеншчыны" прафесар і пісьменнік Аляксей Паткевіч пазначае: "Друкаваўся (Казімір Сваяк. - М.У. ) з 1913 у газетах "Вielarus", "Беларускі звон", "Наша думка", "Новае жыццё", "Сялянская ніва", "Беларуская крыніца". Выйшлі ў Вільні яго трактат "Алькаголь" (1913), п'еса "Янка Канцавы" (1920), зборнік вершаў "Мая ліра" (1924), вершаванае апавяданне "Чарку дай, браце" (1926), малітоўнік "Голас душы" (1926, 4-е выд. у Рыме ў 1949 г.), драматычная паэма "Купалле" (1930). Напісаў гістарычную працу пра царкоўную унію ў Беларусі" .

А скончыць наш аповяд пра Казіміра Сваяка мне карціць радкамі нашай баранавіцкай паэтэсы Анастасіі Жук з яе дзівоснай кнігі лірыкі "Паэтычныя брыганціны" (Брэст, "Альтэрнатыва", 2012):

"Пра такіх людзей мы кажам,

Што яны сыны Краіны,

Гонар Бацькаўшчыны нашай,

Ведаць мы такіх павінны!"

Міхась Угрынскі , г. Баранавічы.


З ЛЮБОЎЮ ДА РОДНАГА СЛОВА

Лявону Анціпенку 80 гадоў

Родная мова з Лявонвм Анціпенкам з дзяцінства. Ён нарадзіўся ў вёсцы Цінькаў Крычаўскага раёна Магілёўскай вобласці 25 студзеня 1935 года. Закончыў Бацвінаўскую сярэднюю школу ў 1953, а пасля і гістарычна-філалагічны факультэт Менскага педагагічнага інстытута імя А.М. Горкага (1959). Быў накіраваны на працу на Уздзеншчыну, знакамітую даваеннай пляядай беларускіх пісьменнікаў. Там працаваў дырэктарам Ракашыцкай школы. А з 1963 года - у Шклоўскай раённай газеце "Ударны фронт", дзе прайшоў шлях ад літсупрацоўніка сельскагаспадарчага аддзела да рэдактара выдання (1975), і пасаду гэтую займаў да 1995 года.

Дэбютаваў Л. Анціпенка байкай "Мядзведзь і самакрытыка" ў 1954 годзе на старонках Чэрыкаўскай газеты. Заяўка сталася вызначальнай, надоўга прывязала яго да творчага мастацкага слова. Ён закрануў у творы актуальную для таго часу і не страціўшую да сённяшніх дзён праблему - чыноўніцкае разуменне самакрытыкі:

…І ў гушчары

Аж да зары

Ваўчуга кляўся,

Зайцоў не крыўдзіць даў зарок.

Назаўтра зноў сваім заняўся -

Ваўком застаўся воўк.

Дарэчы, дапрацаваная, гэтая байка ў сярэдзіне сямідзясятых гадоў увайшла ў своеасаблівую анталогію "Беларуская байка" (1988), прадмову да якой напісаў сам Кандрат Крапіва. За працяглае творчае жыццё Л. Анціпенка напісаў многа і сатырычных, і лірычных вершаў, якія змяшчаліся ў абласной і рэспубліканскіх газетах, салідных беларускіх часопісах. Толькі ў сярэдзіне дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя ён сабраў асобныя вершы і выдаў зборнік "За лугам, за ракою", як пазней і празаічныя творы, ужо не на дзяржаўнай аснове, а на прыватнай. Так складваўся лёс творцаў з глыбінкі. Характэрная рыса лірыкі - паэтызацыя роднага краю, чалавека працы, узаемаразумення і любові, чалавечага гонару і годнасці. Большасць твораў прысвечана сваёй малой радзіме, што ўпаўне заканамерна, але асэнсаванне працэсаў і з'яў выходзяць за рамкі рэгіёнаў і становяцца агульназначнымі.

Цікавы Л. Анціпенка і як празаік. Яго апавяданні друкаваліся таксама ў многіх вядомых выданнях, уваходзілі ў калектыўныя зборнікі. Напрыклад, у "Ранішняй дарозе" апублікаваныя творы на этычна-маральную тэматыку, што найбольш уласціва пісьменніку.

У аповесці "Краем жыцця", над якой Л. Анціпенка працаваў амаль чвэрць стагоддзя, паказаны трагізм падзей пачатку вайны, баі ля граніцы, драматычнае адступленне. Яму шмат што ўдалося зрабіць: выявіць пачуццё патрыятызму маладых воінаў, гатоўнасць змагацца з ворагам, у чым перакананы Мікола і Міхась, а так-сама некаторую разгубленасць, страту веры ў перамогу, што выразна выявілася ў паводзінах Паўла, уменне пераадолець часовую разгубленасць, сцверджанне немагчымасці быць нейтральным, калі на кон ставіцца само існаванне народа.

Істотнай удачай пісьменніка сталася і аповесць "Адчужэнне". Гэта хроніка жыцця чалавека, лёс якога шмат у чым скалечаны грамадска-сацыяльнай сістэмай. Юлік фармаваўся пад уздзеяннм драматычных абствінаў, перш за ўсё несправядлівага раскулачванне бацькі, высылкі яго ў Сібір, зацятасць характару дзядзькі Стаса, яго нелюдзімасць, што таксама негатыўна ўплывала на станаўленне характару хлопца.

Цікавымі з'яўляюцца таксама кароткія аповесці "Споведзь нямоглай", "Міця", "Жыццё не вечнае", што склалі кнігу "Вайна без акопаў" (Магілёў, 1999 г.). Гэта маленькія жыццяпісы звычайных людзей, пададзеныя праз драматызм часу. Аўтару ўдалося выбраць адпаведны ракурс выяўлення герояў, падкрэсліць лагічнасць развіцця характараў.

Этычна-маральныя праблемы закрануты і ў апавяданнях "Хата застаецца мамінай" і "Адзіная", апублікаваныя адпаведна у альманахах "Галасы Прыдняпроўя" (1991) і "Дняпроўскія хвалі" (1993). У першым расказваецца пра звычайнага чалавека, Міколу, які вымушаны пад настойлівай прапановай жонкі шукаць пакупнікоў на роднае котлішча пасля смерці маці. Ён адчувае недастатковую ўнутраную перакананасць у гэтай справе, знае, што нельга адрывацца ад родных каранёў, таму ўзрадаваўся, калі здарылася магчымасць не прадаваць хату, а пасяліць у ёй сваіх даўніх знаёмых, якія вярнуліся ў родныя мясціны з Поўначы. У другім творы герою таксама трэба прыняць важнае рашэнне: прывесці ў хату новую гаспадыню, якая павінна стаць другой маці яго асірацелым дзецям. Аднак у сватанай яму жанчыне ён бачыць натуру без маральных устояў, сквапную, абыякавую да чужога гора, таму проста ўцякае з таго сватання, застаючыся верным свайму першаму каханню, паколькі сардэчныя раны яшчэ крывавяць.

Леанід Міхайлавіч Анціпенка сябар Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, шмат прыкладае намаганняў для пашырэння бытавання беларускага слова ў грамадстве.

У час юбілейны пажадаем яму здароўя, творчага настрою.

Яраслаў Клімуць.


Краіна няздзейсненых мараў

"Краіна нязьдзейсьненых мараў" - такую назву мае першая кніга эсэістыкі Юрыя Гуменюка. Асабіста я пазнаёміўся з аўтарам у 1998 годзе пад час агляду-конкурсу творчай моладзі тэатраў лялек і драмы, дзе я быў у складзе журы. На жаль, кнігі творца не пабачыць. Амаль два гады таму паэта не стала. Кніга ўкладзеная і выдадзеная ягонымі сябрамі. Зборнік аб'яднаў эсэістыку Юрыя Гуменюка, якая друкавалася ў 90-х і 00-х гадах у розных СМІ - часопісах "Калосьсе", "Czasopis" (Беласток), літаратурна-філасофскім сшытку "ЗНО" (дадатак да газеты "Культура")...

19 студзеня 2015 года у краме "Логвінаў" адбылася прэзентацыя гэтай кнігі. На мерапрыемстве выступалі: Алесь Аркуш, Валянцін Акудовіч, Уладзімір Арлоў, Зміцер Вішнёў, Сяржук Сыс, Аляксандра Грыцкевіч. Было вельмі цікава. Кніга выйшла ў выдавецтве "Галіяфы". Яе наклад 200 асобнікаў.

Самым цікавым было выступленне Сержа Мінскевіча. Трэба адзначыць, што кніга добра распрадаецца у крамах.

Я быў вельмі задаволены, што набыў кнігу былога загадчыка літаратурнай часткі Гарадзенскага тэатра лялек, паэта Юрыя Гуменюка.

Аляксей Шалахоўскі.


Пастаўскі краязнаўчы дэсант на Мядзелшчыне

Так ужо склалася, што ўдзельнікі нашай пастаўскай суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны акрамя папулярызацыі беларускай мовы яшчэ і актыўна займаюцца краязнаўствам. Разам ладзім розныя вандроўкі, ствараем кнігі і знаёмім з гэтымі кнігамі жыхароў нашага раёна. Але адным толькі нашым раёнам мы не абмяжоўваемся. Вырашылі мы з'ездзіць у госці да нашых паўднёвых суседзяў, у Мядзел. Дамовіліся з мядзелскай цэнтральнай бібліятэкай і 6 лютага завіталі да іх у госці.

Людзей сабралася шмат, зала была амаль поўная. Было бачна, што людзі былі не толькі розных заняткаў, але і ўзростаў. Спачатку супрацоўніца бібліятэкі пазнаёміла гледачоў з намі, а пасля кіраўнік нашага ТБМ, Ігар Пракаповіч, асабіста прадставіў кожнага з удзельнікаў нашай каманды. Пачалі мы нашае выступленне з музычнай хвілінкі - разам з намі была неверагоднай прыгажосці настаўніца пастаўскай музычнай школы - Юліяна Янцэвіч, якая запоўніла ўсю прастору гукамі сваёй скрыпкі. І пасля гэтага надышла наша чарга.

Першым слова ўзяў Ігар Пракаповіч. З дапамогай відэапрэзентацыі ён паказаў жыхарам Мядзела тых людзей на Пастаўшчыне, якія займаюцца краязнаўствам і плады іх творчай дзейнасці. Сярод гэтых людзей былі названыя не толькі тыя, хто жыве, або жыў на Пастаўшчыне, але і тыя нашыя землякі, якія выехалі за мяжу, але ўсё роўна працягваюць займацца даследваннем Пастаўшчыны.

Па рэакцыі гледачоў было заўважна - яны не чакалі, што ў суседнім з імі раёне адбываецца такая актыўная краязнаўчая дзейнасць. Пасля музычнай паўзы наступным слова ўзяў я. Сваёй галоўнай задачай я паставіў не проста пазнаёміць аўдыторыю з нашай сумеснай кнігай з Ігарам Пракаповічам пра падзеі Напалеонаўскай вайны на Пастаўшчыне, але і стварыць у гледачоў матывацыю, каб яны самі пачалі займацца краязнаўствам. А для прысутных у зале вучняў прывёў у прыклад шматлікія кнігі па краязнаўству Пастаўшчыны, якія Ігар Пракаповіч напісаў разам са сваімі вучнямі.

Чарговая музычная паўза і на авансцэну выйшаў наш актыўны ўдзельнік ТБМ і краязнавец, школьны настаўнік з в. Гута - Мікалай Арэх. Ён прадставіў сваю сумесную кніжку з Ігарам Пракаповічам пра памёршую вёску на Пастаўшчыне - Рымкі. Мікалай так-сама не толькі падрабязна распавёў пра тое, як гэта кніга стваралася, але і агучыў перад гледачамі праблему знікаючых вёсак, бо разам з імі знікае і аўтэнтычная беларуская гісторыя.

У канцы яго выступлення зноў пабавіла наш слых гукамі вечнай класікі непараўнальная Юліяна. А пасля яшчэ раз узяў слова Ігар Пракаповіч. На гэты раз ён ужо падрабязна распавёў пра сваю нядаўна перавыдадзеную кнігу-падручнік па краязнаўству "Чароўны край - Пастаўшчына", на базе якой ён стварыў цэлы вучэбна-метадычны комплекс, які складаецца не толькі з падручніка, але і адмыслова пад яго створанага сшытка і дыска з усімі навучальнымі матэрыяламі ў выглядзе прэзентацый.

І напрыканцы нашага выступлення мы падрыхтавалі для гледачоў лірычную "разынку". Разам з намі прыехала плямянніца Ігара Пракаповіча - Ганна Пракаповіч. Пакуль Юліяна зноў запаўняла вольны час кароткага перапынку "апавяданнем" сваёй скрыпкі, Ганна ўключыла сваю прэзентацыю. І калі яна пачала яе паказваць то з'явілася адчуванне, што ўся зала нават дыхаць перастала. Справа ў тым, што Ганна мае погляд мастака на навакольны свет, і яе фотаздымкі - гэта, па сутнасці сапраўдныя мастацкія карціны. Але Ганна пайшла далей. Яе дзядзька, Ігар Пракаповіч, не толькі выбітны настаўнік, краязнавец і кіраўнік пастаўскай суполкі ТБМ, ён яшчэ і выдатны паэт, які напісаў ужо не адзін зборнік вершаў. А Ганна ўважліва гэтыя вершы перачытала і на кожны свой фотаздымак краявіду падабрала і напісала з вершаў літаральна па 2-3 радкі, якія на 100% трапна апісвалі карцінку. Мяняючы фотаздымкі Ганна сама ўголас зачытвала гэтыя радкі. Голас у Ганны ціхі і мяккі, але ўражанне на гледачоў было такое моцнае, што акрамя аксамітна-чароўнага голасу Ганны ў зале не было чутно больш аніводнага гуку.

Поспех быў поўны. Пасля, як заўсёды, былі словы ўдзячнасці, пажаданні, узаемныя падарункі і г. д. Але, шчыра кажучы, мы нават самі не чакалі, што нам удасца стварыць такую рознапланавую, музычна-лірычна-навуковую прэзентацыю. Таму, пры магчымасці, паспрабуем працягнуць такую практыку і надалей.

Вадзім Шышко.


Усенародны рух за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай

(да 25-годдзя Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" - 26 студзеня 1990 г.)

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

3. Шырыцца кола змагароў за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай

Станоўча, што не толькі многімі прадстаўнікамі нацыянальнай арыентацыі інтэлігенцыі, але і такой жа арыентацыі палітыкамі добра разумелася, што значыла для лёсу беларускага народа пасля гэтулькіх гадоў зацятай бальшавіцкай дыскрымінацыі яго роднай мовы ўзвесці апошнюю на дзяржаўны п'едэстал. А такога ж на беларускай этнічнай зямлі не заслугоўвала і не заслугоўвае аніводная з моваў свету, акрамя беларускай. Абсалютная бальшыня зацюканых камуністычнай прапагандай беларусаў, не выключаючы і асобаў з вышэйшай адукацыяй, не разумела гэтага, а дашчэнту зрусіфікаваныя людзі проста не жадалі аніякіх перамен у моўнай сферы. Горш за тое: актыўна ці пасіўна супраціўляліся іх ажыццяўленню. З такімі супярэчлівымі беларускаму інтарэсу настроямі людзей нельга было змагацца адміністрацыйнымі метадамі, пра што не раз заяўлялася кіраўніцтвам ТБМ, пісалася ў перыядычным друку. Узважаны пункт гледжання на гэтае надзённае пытанне выказала карэспадэнт менскай ведамаснай газеты "Трактар" Алена Грышкевіч. Яшчэ будучы вясковай школьніцай, пісала яна, убачыла, усвядоміла, як бязлітасна руйнуе душы юнакоў і дзяўчат, адрывае іх ад роднай глебы рускамоўнае навучанне. Яно робіць нават пэўнае негатыўнае ўздзеянне на самую псіхіку беларуса, чаго ніяк нельга не ўлічваць пры жаданні вярнуць яго да матчынай мовы, што такім актуальным стала ў БССР у апошнія гады Гарбачоўскай перабудовы. Таму Алена Грышкевіч мела ўсе падставы пісаць такое ў артыкуле "Пераадолець адчужанасць" ("Літаратура і мастацтва". 3.11.1989, С.12): "Мы павінны псіхалагічна рыхтаваць людзей да зрухаў у галіне нацыянальнай культуры…

Працэс рэабілітацыі нашай мовы толькі распачынаецца. Нялёгка будзе пераадолець псіхалагічны бар'ер ва ўсведамленні маіх суайчыннікаў, якія дзесяцігоддзямі адносіліся да беларускай мовы, як да другасортнай, адсталай і годнай для ўжывання недзе ў цёмнай вёсцы" . На думку аўтара такое можна пераадолець толькі праз не аднаго года мэтанакіраваную асветніцкую, прапагандысцкую, растлумачальную працу. А плён жа яна толькі тады дасць, калі нашай мове будзе неадкладна нададзены статус дзяржаўнай.

Зрабіць жа нашую мову такой можна было толькі ў заканадаўчым парадку. Над гэтай нялёгкай праблемай працавала нямала дасведчаных і ў юрыдычнай практыцы, і ў самім моўным пытанні асобаў, да таго ж яшчэ моцна інтэграваных у нацыянальна-культурныя традыцыі Бацькаўшчыны.

Аднак даводзілася сустракацца і з зусім процілеглымі, адваротнага характару з'явамі. Цяжка паверыць, але сапраўдным кітайскім мурам на шляху фармавання правільнага погляду на ролю роднай мовы, распрацоўкі адпаведнага беларускаму інтарэсу моўнага заканадаўства з'яўляўся сканцэнтраваны ў рэдакцыях афіцыйных газет і часопісаў, моцна заідэалагізаваны, як след зрусіфікаваны атрад журналістаў. Ніхто не мог параўнацца з такой катэгорыяй інтэлігенцыі паводле яе ўплыву на фармаванне моўнага погляду ў людзей. А з-за сваёй зрусіфікаванасці такія журналісты не маглі, і не жадалі схіляць іх да думкі аб неабходнасці прыняцця адмысловага заканадаўства з мэтай надання беларускай мове статусу дзяржаўнай.

Вельмі дарэчы, што рэдакцыя газеты "Літаратура і мастацтва" 27.08.1989 года змясціла прысвечаны аналізу моўнага патэнцыялу журналістаў артыкул старшага навуковага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства Я. Коласа АН БССР Галіны Верштарт. З яго зместу на першы погляд магло падацца, што з перыядычным друкам у нас не такая ўжо і кепская сітуацыя: з 212 газет 130 беларускамоўных. Праўда, апошнія - гэта пераважна раённыя з малым накладам. Але самае страшнае, бадай у тым, што далёка не ўсе занятыя ў рэдакцыях раённых газет журналісты з'яўляліся сапраўднымі носьбітамі беларускай мовы. Падчас правядзення сацыялінгвістычнага даследавання высветлілася, што з 71 журналіста толькі 9 чалавек размаўляюць на працы са сваімі калегамі па-беларуску, на дзвюх мовах - 34, на змешанай - 4, на рускай - 34. З усіх апытаных журналістаў 56 выступаюць на сходах па-руску, на дзюх мовах - 8. На рускай мове ідуць сходы ў рэдакцыях газет гарадоў Вілейкі, Валожына, Ашмян, Асіповіч, Горак, Іванава, Камянца, Ляхавіч, Ушач, Шчучына. Не маглі не насцярожваць і такія звесткі з артыкула: са 164 менскіх журналістаў, якія запоўнілі анкету, беларусаў 136, беларускую мову назвалі роднай 124 (117 беларусаў, 3 украінцы, 2 палякі, 2 рускія), рускую - 25, з іх 17 беларусаў. На службе рускай мовай карысталіся ў рэдакцыі газет "Настаўніцкая газета", "Чырвоная змена", часопіса "Беларусь", а таксама ў калектыве Дзяржтэлерадыё. Прыведзеныя факты даюць магчымасць зразумець, чаму не адчувалася актыўнай пазіцыі журналісцкага корпусу ў асвятленні арганічна звязанай з нацыянальна-культурным адраджэннем далёка не простай для абсалютнай бальшыні людзей моўнай праблемы. Здараліся нават выпадкі, калі яна наўмысна заблытвалася, калі ставілася пад вялікае сумненне правамернасць увядзення афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя, паколькі жыхары рэспублікі не ведаюць праблем з валоданнем рускай мовай. Мала, вельмі мала ў перыядычным друку з'яўлялася матэрыялу пра неабходнасць надання ў рэспубліцы статусу адзінай дзяржаўнай толькі беларускай мове, як мове тытульнага народа, хаця такі разумны падыход да развязвання дадзенага пытання трывала ўсталяваўся ў сусветнай практыцы і найперш у еўрапейскіх краінах: Германіі, Францыі, Італіі, Польшчы і інш. Змагарам за справядлівае, законнае наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай мовы ў рэспубліцы робіць вялікі гонар, што яны ў сваім высокародным змаганні за шчаслівую будучыню дарагой Бацькаўшчыны не пасавалі ні перад якімі перашкодамі, цяжкасцямі. А іх жа з лішкам хапала як да перабудовы, так і ў час прыходу яе на змену зжыўшым сябе савецкім архаічным метадам кіравання моўнай сферай.

Немалую шкоду ўяўлялі сабою беспадстаўныя, а то і варожыя сцвярджэнні, тым больш калі яны належалі высокаадукаваным асобам, у прыватнасці, дырэктару Інстытута гісторыі АН БССР, доктару гістарычных навук Пятру Петрыкаву, што страта беларускай мовы ёсць працэс заканамерны, аб'ектыўны (Літаратура і мастацтва. 1989. 10 лістапада. С. 3) .

Шмат чаго агульнага з пазіцыяй П. Петрыкава было ў поглядзе кандыдата філасофскіх навук А. Дзмітрука і кандыдата гістарычных навук Анатоля Тозіка, што пацвярджаецца зместам іх артыкула "Без эмоцый і ярлыкоў" ("Звязда", 20 кастрычніка 1989 г.) . Іх асабліва раздражнялі даволі трывала прыпісаныя на старонках перыядычнага друку словы: "Гіне мова, гіне культура, гіне нацыя" , хоць сусветная практыка дае процьму пераканаўчых прыкладаў праўдзівасці такога погляду. Зразумела, нельга адміністрацыйным шляхам забараніць людзям называць сябе нацыяй і пасля страты яе роднай мовы і культуры і пераходу на чужыя аналагічныя духоўныя каштоўнасці. Ды толькі што гэта за нацыя?! Бесхрыбетная, безэтнічная біямаса, фікцыя, якую не прызнае цывілізаваны свет. Яе па ўсёй справядлівасці ідэнтыфікуюць з той нацыяй, на культуры і мове якой яна паразітуе. Сказаць такую святую праўду беларусам згаджаўся мала хто з афіцыйных ідэолагаў і ў гады перабудовы з абвешчанай тады галоснасцю. Як толькі маглі ўтойвалі ад беларусаў прычыны заняпаду іх роднай мовы, а калі і ўздымалася такое пытанне, дык гэта тлумачылася надуманай гістарычнай заканамернасцю, нібыта дабраахвотным адыходам саміх людзей ад матчынага слова.

Каб адбіць у іх ахвоту бараніць родную мову, названыя аўтары стараліся паказаць, як безвынікова закончылася такая барацьба ў гады міжваеннай беларусізацыі, не сказаўшы аднак ні слова, што прычынай няўдачы стала жорсткая расправа спецслужбаў з ідэолагамі і актыўнымі ўдзельнікамі нацыянальна-культурнага Адраджэння - сапраўднай красой беларускага народа, з-за чаго, мо, мы і сёння так бедна выглядаем у нацыянальна-культурным адлюстраванні.

Квінтэсенсіяй артыкула гэтых навукоўцаў можна лічыць такую вытрымку: "Што ж датычыць дзяржаўнай мовы, то, як нам уяўляецца, аб'ектыўныя перадумовы, гістарычнае мінулае і перспектывы развіцця рэспублікі, фарміруемая грамадская думка, маральна-псіхалагічны настрой людзей ствараюць рэальную аснову для функцыянавання ў якасці дзяржаўных беларускай і рускай моў" . Адным словам, будучыня Беларусі, як і многімі іншымі аўтарамі, памылкова бачылася ў афіцыйным двухмоўі. Несумненна, такой была і пазіцыя самой рэдакцыі газеты "Звязда".

Погляды А. Дзмітрука і А. Тозіка на моўную праблему ў БССР не маглі не мець апанентаў, бо час не стаяў на месцы. А вось з такой высновай навукоўцаў нельга не пагадзіцца: "… трэба не абавязваць чалавека размаўляць на беларускай мове, а фарміраваць патрэбнасць і неабходнасць вывучаць і ведаць яе" . Прэзідэнцкай вертыкалі і больш як дваццаці гадоў не хапіла, каб у народа ўзнікла хоць мінімальная патрэба ў авалоданні, выкарыстанні беларускай мовы. Сёння, не ведаючы яе, публічна ігнаруючы ёю можна займаць самыя адказныя пасады ў высокіх эшалонах улады, нават кіраваць самой дзяржавай.

З неабходнасцю прыняцця адмысловага закона па наданні беларускай мове статусу дзяржаўнай не заўжды пагаджалася сама рэдакцыя газеты "Звязда", што было характэрна і некаторым яе супрацоўнікам, у прыватнасці Валянціну Жданку. Так пры разглядзе лістоў у рэдакцыю газеты ён пісаў: "На маю думку, пакуль што з распрацоўкай (нават з распрацоўкай?! - Л.Л. ) і прыняццем закона аб мовах спяшацца не варта (гэта калі ва ўсіх саюзных рэспубліках з непараўнальна лепшым у кожнай з іх станам функцыянавання нацыянальных моў, такія нарматыўныя акты прыняты. - Л.Л. ). Ён павінен з'явіцца тады, калі беларуская мова хаця б часткова кампенсуе страчанае (а калі не кампенсуе? - Л.Л. ), калі будзе ўпэўненасць, што закон не ператворыцца ў фікцыю, што ўслед за яго прыняццем не пачнуцца забастоўкі (вось гэта дык козыр для чыноўнікаў, каб не брацца за распрацоўку моўнага заканадаўства! - Л.Л. ). Урэшце, калі да гэтага будзе падрыхтавана грамадская думка" (Звязда. 1989. 13 лістапада) . А афіцыйныя ж ідэолагі не спяшаліся яе рыхтаваць. І з яе падрыхтоўкай можна было так забавіць час, што ў рэспубліцы раней усталявалася б добра вядомая сваім негатыўным стаўленнем да беларускай мовы прэзідэнцкая сістэма ўлады, чым быў бы прыняты Закон аб мовах. Можна думаць, што пазіцыю В. Жданка датычна моўнага заканадаўства цалкам падзяляла рэдакцыя газеты "Звязда", галоўным рэдактарам якой з'яўляўся Уладзімір Наркевіч. Затое іх пазіцыю не прыняў удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, ветэран працы, выдатнік народнай адукацыі БССР, член КПСС (не шараговая асоба! - Л.Л. ) з Ляхавіцкага раёна В. Сокал. У прысланым у газету "Літаратура і мастацтва" (27 кастрычніка 1989 г.) водгуку на публікацыю В. Жданка ён пісаў, што "чытаць такія "парады" супрацоўніка беларускай газеты прыкра і балюча" ; лічыў, што "толькі кардынальныя меры могуць выратаваць нацыянальны этнас, і такой мерай можа стаць толькі закон аб дзяржаўнасці роднай мовы.

(…) Для мяне несумненна, што дзяржава павінна ўзяць на сябе справу аховы роднай мовы, нацыянальнай культуры" .

Дастаткова высокая ступень зрусіфікаванасці абсалютнай бальшыні журналістаў перашкаджала ім быць на правым фланзе змагання за нацыянальна-культурнае адраджэнне. Часта яны не рабілі нават таго, чаго чакалі ад іх, што дазволілі ім партыйныя органы. Хаця я ніколі не знаходзіўся ў шэрагах КПСС, не раз запрашаўся ў адпаведныя аддзелы ЦК КПБ, дзе прапаноўвалі выступаць у перыядычным друку па праблемах міжваеннай беларусізацыі, у якой, справядліва лічылася, можна было знайсці шмат карыснага для выпрацоўкі моўнай палітыкі ў духу патрабаванняў перабудовы. Адмовіцца не мог, бо гэта акурат знаходзілася ў сферы маіх уласных інтарэсаў. Пададзены ў студзені 1989 года ў газету "Звязда" артыкул меў назву "Урокі беларусізацыі". Паказваючы найбольш пазітыўныя з'явы ў моўнай практыцы 1920-х гадоў, імкнуўся максімальна звязаць з сучаснасцю, паказаць, што станоўчага выніку можна дасягнуць толькі праз выкарыстанне наяўнага ў партыйных і савецкіх уладаў адміністратыўнага, ідэалагічнага рэсурсу. Прапаноўваў ім смела надаць бясспрэчную прэстыжнасць беларускай мове, як мове карэннага і да таго ж яшчэ тытульнага народа БССР. З гэтым у рэдакцыі "Звязда" не пагаджаліся і пастараліся абяскровіць мой артыкул (і пасёння знаходзіцца ў асабістым архіве). Вось некаторыя выкрасленыя з яго месцы: "Гэта (практыка дзяржаўнага рэгулявання моўнага працэсу. - Л.Л. ) можа паслужыць добрым прыкладам пры цяперашнім адраджэнні беларускай мовы, перасцерагчы ад марных спроб важную агульнанацыянальную праблему ўскласці на актывістаў, паставіць яе вырашэнне ў поўную залежнасць толькі ад таго, што скажуць самі людзі. Ва ўсе часы адказнасць за лёс мовы ляжала на плячах дзяржаўнага кіраўніцтва" (не сумняваюся, што і сёння газета "Звязда" не адважылася б змясціць такое).

"Сваю пазіцыю ў адносінах да мовы пленум (ЦК КП(б)Б, студзень 1925. - Л.Л. ) так растлумачыў народу: "Пры раўнапраўі ўсіх нацыянальнасцяў, пры абавязку з боку ўрада і партыі забеспячэння развіцця культуры кожнай з іх, пры прызнанні дзяржаўнымі мовамі 4-х (маецца на ўвазе беларуская, руская, яўрэйская, польская. - Л.Л. ) - пры ўсім гэтым, аднак, справа развіцця мовы, літаратуры, школы, усёй культуры на беларускай мове прызнаецца першай і асноўнай справай" (вось бы сёння дачакацца такога ад Прэзідэнцкай вертыкалі Рэспублікі Беларусь, тады можна было б сказаць без заікання, што гэта нацыянальная, суверэнная дзяржава).

"Ніякія злабадзённыя пытанні сучаснага сацыяльна-эканамічнага развіцця экстрэмальны характар экалагічнага становішча ў рэспубліцы (а на гэта любілі спасылацца ўлады. - Л.Л. ) не павінны адводзіць нас у бок ад адраджэння беларускай мовы. У 1920-я гады ў больш складаных умовах і з меншым гістарычным вопытам ўзяліся за рэалізацыю гэтай праграмы… Зусім не параўнальныя з нашымі днямі тагачасныя цяжкасці з паліграфічнай базай, з агульным культурным узроўнем беларускай нацыі. І, нарэшце, трэба ўлічваць адзначаны ў рэзалюцыі пленума ЦК КП(б)Б (студзень 1925) фактар, што да сярэдзіны 1920-х гадоў яшчэ "не былі зламаны рэзка адмоўныя вялікадзяржаўна-шавіністычныя адносіны да беларускай мовы і работы па беларусізацыі з боку старога рускага чыноўніцтва, якое знаходзілася на працы ў савецкім апараце".

Зразумела, я не згадзіўся друкаваць свой артыкул у выглядзе толькі ствала дрэва без кроны. А каб ён з'явіўся ў газеце без купюр, дык напэўна ж кагосьці з чытачоў зрабіў бы прыхільнікам, змагаром за беларускую мову.

(Працяг у наступным нумары.)

Леанід Лыч


Свабодалюбівы мастак і законапаслухмяны ксёндз-пробашч

Архіўныя нататкі, 3 студзеня 1827 г.

Ад перакладчыка. Чытаючы віленскую прэсу 1920-х гг. натрапіў на артыкул падпісаны псеўданімам "Czekan" пра мастака Яна Траяноўскага. Верагодна, гэты артыкул змяшчае самую поўную інфармацыю пра бунтарнага творцу.

Павятовы суд у Лідзе атрымаў рапарт кс. Вінцэнта Скібінскага, пробашча Воранаўскага касцёла, наступнага зместу: "Ксёндз Скібінскі, згодна з царскім указам ад 1.05.1825 г., дасланым з Віленскай каталіцкай кансісторыі які загадвае прыглядваць за тымі, хто не бывае ў споведзі, а таксама за тымі, ад каго патыхае масонскім духам і даносіць аб іх уладам, споўніў гэты загад і данёс: "Як праўдзівы каплан Боскай рэлігіі, дбаючы пра гонар Бога і як верны падданы Яго Імператарскай Мосці, якому прысягаў і павінен бараніць Яго Асобу да апошняй кроплі крыві і даносіць на тых, хто дрэнна аб Ім ці аб яго сям'і прамаўляў, рапартую, што ў Воранаўскім двары яснавяльможнага пана Александровіча ўжо два месяцы знаходзіцца мастак-валацуга Ян Траяноўскі. Ён напоўнены масонкім ліберальным духам і смела выказвае бязбожныя думкі, вядзе размовы супраць рэлігіі і трона, зневажае рэлігію і абрады, насміхаецца з Евангелля, шмат гадоў не хадзіў да споведзі за ўвесь час побыту ў Воранаве, не разу не быў ў касцёле. Яго Імператарскую Мосць называе дэспатам і тыранам, Урад - занявольнікам, права - няволей якое не дазваляе яму пісаць і прамаўляць тое, што ён хоча і не дазваляе яму выехаць за мяжу. Хваліць канстытуцыю, святароў называе служкамі дэспатызму і дапытваецца ў іх, колькі яны бяруць капеек у Яго Імператарскай Мосці за прапаганду дэспатызму. А таксама і іншыя незлічоныя трызненні і недарэчнасці выходзяць з вуснаў Траяноўскага і псуюць народ". У паперы ксёндз пералічаў тых, хто акрамя яго таксама быў сведкам размоў мастака.

Кс. Скібінскі, верны цару і ўраду, выканаў, як ён разумеў, свой абавязак, але з Траяноўскім нічога не зрабілі, і ён замест супакаення, пачаў шукаць аказіі для помсты і ў твар лаяць ксендза злымі словамі. Калі кс. Скібінскі увайшоў у пакой Траяноўскага, той вырваў у святара кій і выцяў яго, а потым два разы кінуў аб зямлю. Калі на крыкі прыбегла эканомка з сынам, ксёндз ужо пакідаў пакой. Пасля гэтага ксёндз звярнуўся ў Лідскі суд з новым лістом, у якім удакладняў свае абвінавачванні: "Прашу Ніжэйшы павятовы суд лідскі, каб разглядзеў справу і далажыў каму належыць пра лібералізм і бунтоўны дух. Няхай ліберал за свае бунтоўныя і гарачыя словы і за знявагу мяне як пастыра і начальніка парафіі, будзе пакараны (бо ад уладаў маю даручэнне на такіх даносіць) як прыклад для іншых, каб падобныя яму так не прамаўлялі і не чынілі такія рэчы. Бо інакш не будуць выкананы дзяржаўныя законы супраць духу лібералізму і бунтаўшчыкоў, калі не будзе кары злачынцам. Перасцерагаю Ніжэйшы суд, што калі ён хутка не пачне гэту справу, дык я пачакаю толькі адну пошту, а другой дашлю рапарт яснавяльможнаму вайсковаму Губернатару ".

Ніжэйшы суд Лідскага павета перапужаны пагрозамі кс. Скібінскага, праводзіць хуткае следства і апячатвае ўсе паперы Траяноўскага. Мастака арыштоўваюць і трымаюць пад суровым арыштам. Ужо 5 студзеня 1827 г. - неверагодна хутка, калі ўлічыць тыя сродкі камунікацыі, рапартуюць аб справе і выніках следства гарадзенскаму цывільнаму губернатару. Цывільны губернатар Бабятынскі, атрымаўшы рапарт, 6 студзеня паведамляе аб справе вайсковаму літоўскаму губернатару (у Вільню - Л.Л. ) і піша, што накіраваў гарадзенскага страпчага Вітаноўскага з загадам выехаць у Воранава разам з лаўнікам Ніжэйшага лідскага суда Тамашэвічам і духоўным дэпутатам, каб правесці суровае следства. Ужо 11.01 ён атрымлівае эстафету ад вайсковага літоўскага губернатара Рымскага-Корсакава з загадам, каб Вітаноўскі і духоўны дэпутат праводзілі следства хутка і тайна, і каб весткі аб справе не разышліся сярод людзей.

Дапытаныя сведкі, на якіх паказаў кс. Скібінскі, не пацвердзілі факты і катэгарычна аспрэчылі абвінавачванне. Аднак следства выявіла, што Траяноўскі шматразова падарожнічаў з дзяржаўным злачынцам падпалкоўнікам гвардыі Аляксандрам Поджыа, якога да таго часу саслалі ў Сібір за удзел у таварыстве "дзекабрыстаў". Траяноўскі, па патрабаванні вялікага князя Канстанціна, быў накіраваны ў Варшаву для дадатковага следства, якое праводзіў сам сенатар Навасільцаў. Мастак давёў, што не меў блізкіх стасункаў з А. Поджыа, але не растлумачыў, чаму яны вандравалі разам. Так сама давёў следству, што ён лепей паважае тую частку рэлігіі, якая справядліва расказвае аб маральнасці і этыцы, а не тую, якая расказвае пра абрады. Таксама расказаў, што свае ідэі ён выпрацаваў пад час вучобы за мяжой.

З-за стасункаў з Поджыа а таксама з-за "смелых" адносін да рэлігіі, вялікі князь Канстанцін загадаў пад наглядам казацкага унтэр-афіцэра накіраваць яго да гарадзенскага цывільнага губернатара і падвергнуць касцельнай пакуце ў адным з кляштароў дыяцэзіі тэрмінам на адзін год, а потым пасяліць у бацькоў пад наглядам паліцыі.

Маладога чалавека перадалі духоўным уладам Віленскага кляштара дамініканцаў. Там ён адбываў касцельныя пакуты - пра гэта рапартаваў віленскі біскуп Клангевіч 02.09. 1828 г. літоўскаму вайсковаму губернатару. 6.09 таго ж года Траяноўскага пад канвоем даставілі ў Гародню і тут пасля перапіскі высветлілі, што ён паходзіць з Вільні, мае бацьку Рафала, які працуе дарадцам ў графа Мануза ў Бяльмонце (Браслаўскі павет) і таму мастака пад канвоем адаслалі да бацькі ў Бяльмонт, загадаўшы паліцыі сачыць за ім.

Так скончылася справа выпускніка Віленскага ўніверсітэта - магла б скончыцца значна горш, улічваючы ягоныя стасункі з Поджыа.

Паколькі слоўнік мастакоў і іншыя крыніцы не даюць інфармацыі пра Траяноўскага, я пастараўся знайсці хоць нешта з тым, каб нехта іншы, больш шчаслівы змог дапоўніць яго біяграфію.


Ян Траяноўскі нарадзіўся 6 траўня 1799 г. у Вільні, бацька Рафал - былы капітан войскаў ВКЛ, маці Вінцэнта з Грыцэвічаў. У 1821 г. ягоны бацька кіраваў мястэчкам Воранава, якое належала Александровічам, потым перайшоў на такую ж пасаду да графа Мануза ў Бяльмонт, дзе жыў, калі арыштавалі ягонага сына.

Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта, Траяноўскі выехаў у 1821 г. на тры гады ў Германію, Францыю і Італію для заканчэння адукацыі. Ён вучыўся на мастака і вывучаў мастацтва. Шмат падарожнічаў, доўга жыў у Парыжы, бачыў і вывучаў працы Жэрарда, Жырадэ-Трыязона, а галоўнае Араса Вярнье, потым працяглы час жыў у Рыме, вучыўся ў слыннага Камучыні. "Прамовы яго былі вельмі цікавыя і павучальныя для мастакоў, ён меў выдатнае пачуццё прыгожага і вытанчаны мастацкі густ. Быў нявольнікам філасофіі XVIII ст. - рацыяналістам і скептыкам, але не быў пасіўным, як вучні Віленскага ўніверсітэта, наадварот пад уплывам Рустэма, быў вольналюбцам - запальчывым, фанатычным да экзальтацыі рацыяналістам .

Ягоная лепшая карціна - "Баляслаў Смелы, калі яму прыносяць анафему Папы Рымскага" - ён грозны, а пасланцы, сярод якіх адзін пралат - поўныя трывогі. Значна больш дрэнныя карціны "Пшэмысл і Людгарда" і накід да вялікага палатна: "Вітаўт прымае палонных". З натуры Траяноўскі практычна не маляваў.

Як бачна з рапарта рэктара Віленскага ўніверсітэта Твардоўскага ваеннаму літоўскаму губернатару ад 17.08. 1823, яшчэ ў 1823 г. Траяноўскі быў у Рыме. Таксама ў лісце ад 14/26.08 да расійскага пасла ў Рыме маецца дазвол не наведваць лекцыі наступным студэнтам Страшэвічу Юзафу, Русецкаму Кануту, Траяноўскаму Яну.

Траяноўскі вярнуўся дахаты ў 1824 г. і, відочна, не знайшоўшы для сябе поля працы - выехаў у Пецярбург, адкуль у 1826 г. пераехаў у Варшаву і потым у Воранава, дзе і быў арыштаваны ў 1827 г.

Здаецца, данос ксяндза Скібінскага цалкам і назаўжды паламаў яму кар'еру мастака. Траяноўскі ў лісце да літоўскага вайсковага губернатара прасіў аб вяртанні яму адабраных пры арышце грошай, рэчаў і папераў. Паперы яму аддалі ў Варшаве, а грошы і рэчы, падобна, наогул не вярнулі: паліцмайстар пісьмова адпраўляе яго да губернатара, губернатар Горн 11.10.1827 г. адказвае, што нічога пра гэта не ведае, і рэчы з грашыма трэба шукаць у "начальства в ведомости которого оные находятся", і калі яны ў паліцмайстра, дык хай ён і аддае (sic!). У 1830 г. Ігнацы Броель-Плятэр, уладальнік Бяльмонта, прасіў губернатара выдаць Траяноўскаму пашпарт у Варшаву, дадаючы, што 4 гады таму ён быў прысуджаны да 1 года касцельнай кары, таму: " ён зрабіў памылку маладога чалавека і перамог, трэба даць яму шанец" . Аднак губернатар адмовіў. Тут мы яшчэ раз бачым, якія вынікі меў данос ксендза Скібінскага на лёс маладога чалавека.

Пра яго далейшае жыццё інфармацыі яшчэ меней. Пасля смерці бацькі ён асеў у маёнтку Мілкі (Браслаўскі павет), набытым яго бацькам перад арыштам пасля продажу маёмасці Юндзілаў за даўгі па частках, і жаніўся. Меў 3 дачкі і 2 сыны. Сыны заўчасна памерлі, сам ён, аўдавеўшы, стаў бурчуном і дзіваком, аднак застаўся зацятым вольналюбцам і памёр у першых гадах сёмага дзесятка XIX ст. Да канца жыцця суседзі звалі яго фармазонам. Быў пахаваны ў неасвечаным месцы якое сам для сябе абраў яшчэ пры жыцці. Дзве яго суседкі, Сабіна і Аліна Незабытоўскія, спрабавалі перад смерцю навярнуць яго, каб ён прыняў ксендза, але сутыкнуліся з рашучай адмовай. Можа быць, апрача нязломных перакананняў, перад яго вачамі стаяла постаць ксендза-даносчыка з-за якога ён ледзь не паехаў "пасвіць собаляў" у Сібір. Па ваколіцах да нашага часу (надрукавана ў 1929 г. - Л.Л. ) аб ім пераказваюць легенды, а богабаязнае насельніцтва ўпэўнена, што яго мёртвае цела сама зямля выкінула з магілы.

Яго апошняя дачка памерла незамужняй пад час Сусветнай вайны, а маёнтак Мілкі перайшоў да сваяка Траяноўскіх з Пецярбурга. Людзі, якія трохі ведалі Яна Траяноўскага, апавядалі мне, што ў яго двары было шмат развешаных па сценах карцін, але не вядома, ці былі гэта творы яго пэндзля.

Czekan.

Kurjer Wilenski № 233 (1578), 11 кастрычніка 1929.

Пераклад Леаніда Лаўрэша.


Летапіс часу

"Летапіс часу"- так называецца выстава, якая экспануецца ў Прэзідэцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Экспазіцыя прымеркавана да 95-годдзя з дня выхаду ў свет штодзённай грамадска-палітычнай газеты "Савецкая Беларусь" (1920). Гісторыя выдання складаная і цікавая - мянялася назва, месца выдання і г.д.

На выставе прадстаўлена перыёдыка 1920-1940 гг., дзе можна ўбачыць арыгіналы газет "Савецкая Беларусь", "Рабочы", "Советская Белоруссия" і іншыя ўнікальныя матэрыялы.

Па даследаваннях навукоўцаў першыя перыядычныя выданні з'явіліся ў Беларусі ў канцы ХVIII - пач. ХІХ стагоддзяў. Да 1905 года выходзілі спарадычна і пераважна гэта былі афіцыйныя газеты і часопісы. У 1906 г. было выдадзена некалькі нумароў беларускай грамадска-палітычнай газеты "Наша доля". Тыраж першага нумара складаў 10 тысяч экзэмпляраў, з якіх шэсць тысяч былі надрукаваны кірыліцай, чатыры тысячы лацінкай. Ля вытокаў гэтага выдання стаялі вядомыя беларускія дзеячы - браты Іван і Антон Луцкевічы, Іван Тукеркес, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Карусь Каганец.

У лістападзе 1906 г. пачынае выходзіць газета "Наша ніва", дзе асвятляюцца палітычныя, эканамічныя, культурныя падзеі. Сярод супрацоўнікаў выдання былі А. Уласаў, І. Луцкевіч, А. Луцкевіч, В. Ластоўскі, Я. Купала і інш. Друкаваліся на старонках газеты Я. Колас, М. Багдановіч, З. Бядуля.

Пазней з'явілася газета "Звязда" (1917) як орган Менскага камітэта РСДРП(б). Сярод арганізатараў выдання В. Кнорын, К. Ландар, А. Мяснікоў, В. Фамін, М. Фрунзэ.

У 1920 годзе ЦК Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі была заснавана штодзённая грамадска-палітычная газета "Савецкая Беларусь". У розныя перыяды орган Рэўкама, ЦВК, СНК БССР. Адказнымі рэдактарамі ў свой час былі С. Булат, З. Жылуновіч, У. Ігнатоўскі, М. Чарот і інш. На выставе "Летапіс часу" прадстаўлены нумары першага году выдання газеты "Савецкая Беларусь". Экспануецца газета "Рабочы", якая выходзіла з 1927 па 1937 гг.

Сапраўды, газеты можна параўнаць з летапісамі. На іх старонках знайшлі адлюстраванне значныя грамадска-палітычныя падзеі, якія пакінулі свой след у гісторыі. У выданнях таксама шмат цікавай інфармацыі, якая была важнай на той перыяд. Газеты дапамагаюць нам зазірнуць у мінулае вачыма відавочцаў, адчуць атмасферу тых часоў.

Выстава "Летапіс часу" дае магчымасць яшчэ раз узгадаць гісторыю перыядычных выданняў у Беларусі і ўбачыць газеты мінулага стагоддзя, якія на сённяшні дзень з'яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю.

Святлана Паўлавіцкая, супрацоўнік аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь.


Конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў "Мяцеліца" становіцца традыцыяй!

У нядзелю, 8 лютага 2015 г., у менскім Палацы дзяцей і моладзі прайшоў конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў "Мяцеліца-2015", які праводзіцца ўжо другі раз.

Танец, як вядома, гэта рух, але таксама і выпрабаванне, даследаванне сябе ды партнёра. А калі танец народны, то гэта яшчэ і генетычная памяць дзядоў, якая стагоддзямі захоўвала веды пра характар і асаблівасці былых пакаленняў. А продкі нашыя, як паказаў Другі рэспубліканскі конкурс беларускіх танцаў "Мяцеліца-2015", былі энергічнымі і таленавітымі танцорамі, бо пакінулі ў спадчыну такую складаную, разнастайную і рухавую харэаграфію кадрыляў і вальсаў. Адкуль я гэта ведаю? Бо мне пашчасціла наведаць унікальнае для Беларусі мерапрыемства - шматгадзінны танцавальны марафон-спаборніцтва, на які з'ехаліся выканаўцы народных танцаў амаль з усіх абласцей нашай краіны.

Такія конкурсы не ўзнікаюць самі сабою, іх ладзяць руплівыя людзі. Заснавальнікаў - гурт Guda на чале са сп. Вікторыяй Міхно - у 2013 г. падтрымала культурніцкая кампанія "Будзьма беларусамі!". А сёлета да сп. Вікторыі далучыўся Беларускі фонд культуры і Менскі дзяржаўны палац дзяцей і моладзі, у якім якраз і праходзіў конкурс гэтага года. Аўтар ідэі стварэння конкурса - мастацкі кіраўнік "Мяцеліцы" сп. Мікола Козенка, этнахарэограф, навуковец, былы супрацоўнік ІНБЕЛКУЛЬТА (раней - Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры), выкладчык БДУКіМ, навуковы і мастацкі кіраўнік амаль 20-гадовага Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва "Берагіня", адзін са стваральнікаў грунтоўнага выдання "Традыцыйная мастацкая культура беларусаў". Апошнія некалькі год сп. Мікола кіруе навучаннем традыцыйнаму танцу ў Школе традыцыйнага мастацтва гурта Guda у Менску. Таму ўсім менчукам, якія хочуць паспаборнічаць у танцавальным конкурсе "Мяцеліца-2016", раю далучацца да народнай танцавальнай культуры ўжо сёння.

Добра, што цяпер гэта зрабіць даволі проста, бо ёсць альтэрнатыва. Напрыклад, майстар-класы з танцмайстрам сп. Сяргеем Выскваркам (які ўвайшоў у склад журы) ці танцавальныя вечарыны з музыкамі з капэлы "На таку", якія, дарэчы, апантана гралі на конкурсе і цешылі публіку разам з вясковымі музыкамі. Нястомнасць гэтых прафесіяналаў дзівіла ды натхняла і гледачоў, і танцораў, якіх, паводле заснавальніцы конкурсу сп. Міхно, у конкурсе ўдзельнічала больш за 40 пар, падзеленых на тры ўзроставыя групы (юнацкая - ад 15 год, дарослая - ад 21 года і старэйшая - ад 51 года).

Але толькі тром парам у кожнай узроставай групе былі прысуджаны месцы пераможцаў. А вырашаў, хто заслугоўвае звацца найлепшым, зорны склад журы: сп. Алесь Лось (этнограф, мастак, музыка і даследчык музычна-інструментальнай спадчыны беларусаў), сп. Таццяна Кухаронак (старшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства у НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук), сп. Сяргей Выскварка (этнограф, спецыяліст па традыцыйным танцавальным этыкеце і манеры, кіраўнік фальклорнага калектыва "Верабейкі" з г. Любань), сп. Ірына Канавальчык (старшы выкладчык кафедры харэаграфіі БДУКіМ, магістр мастацтвазнаўства), сп. Антаніна Абрамовіч (кіраўнік Заслужанага калектыва РБ фальклорнага гурта "Берагіня" Мётчанскага адукацыйна-выхаваўчага комплексу Барысаўскага раёна), сп. Людміла Бярней (вядучы метадыст Брэсцкага абласнога цэнтра творчасці дзяцей і моладзі), сп. Вячаслаў Калацэй (загадчык кафедры этналогіі і фальклору БДУКіМ, кандыдат культуралогіі, старшыня экспертнай Рады). Усе яны пільна сачылі за парамі і стараліся аб'ектыўна выстаўляць адзнакі.

А тое было не так лёгка, бо, як адзначыў адзін з чальцоў журы сп. Выскварка, узровень танцораў быў розны, "але важна тое, што гэта жыве!" І гэта праўда, бо імпэт удзельнікаў быў бачны нават падчас перапынкаў, калі музыкі гралі не для канкурсантаў, а для ўсіх ахвотных патанчыць кадрылю ці полечку. Многія, хто ўдзельнічаў у конкурсе, з асалодаю карысталіся магчымасцю актыўна "адпачыць" і, не шкадуючы ног, танчылі разам з гледачамі.

А паглядзець было на каго, бо сёлета на конкурс з'ехаліся з усёй Беларусі не толькі танцавальныя калектывы, але і асобныя пары (геаграфія канкурсантаў, у параўнанні з мінулай "Мяцеліцай", была пашырана: Слуцкі раён, Столінскі, Асіповіцкі, Петрыкаўскі, Лоеўскі, Буда-Кашалёўскі, гарады Гомель, Менск).

І было вялікаю асалодаю назіраць за тым, як танцоры з розных рэгіёнаў Беларусі паказваюць клас і свае мясцовыя варыянты выканання "Мікіты", "Лявоніхі", "Грачанікаў", "Мальвіны", "Лысага", "Суботы", "Матлёта" ці "Барыні", "Вераб'я", "Жабкі", "Каханачкі". Назіраць за многімі выканаўцамі было суцэльнай асалодай і вусны самі складваліся ў шырокую ўсмешку, а ўнутры ўсё радавалася разам з іншымі гледачамі, для якіх, хочацца ў гэта верыць, гэты дзень таксама стаў сапраўдным святам.

Спецыяльна для ТБМ фатаграфавала і назірала за конкурсам Юлія Бажок .


Міхась Скобла ў Магілёве

5 лютага паэт і перакладчык Міхась Скобла завітаў у госці да магілёўскіх сяброў ТБМ. Культурніцкі дэсант падтрымалі журналіст Аляксандр Тамковіч ды Алесь Вячорка. На беларускім гуртку гучалі цудоўныя вершы ў выкананні аўтара, былі прадстаўлены кнігі вершаў і эсэ спадара Міхася, таўшчэзная кніга-анталогія паэзіі свету ў перакладзе на родную мову, кнігі-ўспаміны Зоські Верас і Ларысы Геніюш. Прэзентацыю беларуска-ўкраінскага альманаха "Справа" (нават раней за Менск) зрабіў Алесь Вячорка, які яшчэ і прачытаў свой верш на гаворцы заходнепалескага мястэчка Гарадная, адкуль ён родам. А ў памяць аб сустрэчы кожны з прысутных атрымаў у падарунак кнігу Аляксандра Тамковіча "Арытмія".

Алесь Сабалеўскі.


Матчы менскага "Дынама" у КХЛ пачалі каментаваць па-беларуску

Гульня хакейнай каманды "Дынама-Менск" з чалябінскім "Трактарам" у эфіры тэлеканала "Беларусь-5" нечакана была пракаментавана па-беларуску. На пачатку матчу каментатар Уладзімір Навіцкі, які яшчэ трыццаць гадоў таму распрацоўваў беларускую спартовую тэрміналогію, з радасцю адзначыў, што мова вяртаецца ў хакейныя рэпартажы праз шмат-шмат гадоў адсутнасці:

- Пасля працяглага перапынку ў эфір трансляцыя пойдзе на беларускай мове. Добра разумею, што пасля гэтай трансляцыі ў шалёнай ступені павялічыцца колькасць "знаўцаў" беларускай мовы, якія два словы разам звязаць не могуць. Але разумею, што гэта трэба, і выклікаю агонь на сябе.

Кіраўнік прэс-службы хакейнага клуба "Дынама-Менск" Раман Стронгін распавёў Еўрарадыё, што каманда ўхваляе ідэю весці матчы па-беларуску, хоць і не з'яўляецца ініцыятарам:

- Мы заўжды ўхваляем выкарыстанне беларускай мовы, выкарыстоўваем яе ў нашай працы.

Арцём Мартыновіч


VIII Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне

VIII Агульнанацыянальная дыктоўка на Лідчыне:

20 лютага - вёска Ходараўцы;

21 лютага, 12.00 - бібліятэка г. Бярозаўкі;

22 лютага, 10.30 - Цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы г. Ліды;

25 лютага, 13.45 - Цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы г. Ліды.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX