Вярнуцца: 2015

№ 08 (1211)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 8 (1211), 25 лютага 2015 г.


Свята роднай мовы ў Менску

Імпрэза пачалася а 14.00 ў менскім бізнэс-клубе Imaguru, яна прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы, які традыцыйна адзначаецца 21 лютага.

Арганізатарамі "Свята роднай мовы" выступілі каманды грамадскага агенцтва "Арт Сядзіба", культурнай пляцоўкі "Беларуская прастора" і "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

У гэтым годзе ў фармаце такога культурна-адукацыйнага свята было наважана аб'яднаць шмат якія беларускамоўныя творчыя ініцыятывы, моўныя курсы, бізнэс-праекты, а таксама вытворцаў сувеніраў і паштовак, цікавых музыкаў ды іншых творчых асоб.

Як адзначыў падчас адкрыцця кіраўнік "Арт Сядзібы" Павел Белавус, у гэтым годзе Дзень беларускай мовы "ператварыўся ў сапраўднае свята". "Сустрэчы ў рамках Дня роднай мовы ў гэтым годзе доўжацца ўжо трэці дзень. 20-га імпрэзы прайшлі ў ліцэі БДУ, на журфаку, 21-га - у многіх гарадах Беларусі, а сёння тут апагей гэтага свята", - сказаў Белавус.

- Галоўная задача на сёння - паказаць, што беларуская мова не толькі жыве, але і натхняе іншых людзей на розныя ініцыятывы, - падкрэсліў кіраўнік "Арт Сядзібы".

Свята падзелена на тры тэматычныя зоны - прэзентацыйна-гандлёвую, музычна-забаўляльную і адукацыйную.

На першай пляцоўцы сваю прадукцыю, звязаную з нацыянальнай тэматыкай, прэзентуе Менскі гадзіннікавы завод, які выпусціў лінейку гадзіннікаў "Спадчына" і вытворца сподняй бялізны з арнаментам Bializna.by. Тут жа прайшлі прэзентацыі новай настольнай гульні "Казачнік" і кампутарнай гульні "Легенды Эйзенвальду", майстар-класы кулінарыі, выступ КВЗ, а так-сама літаратурна-музычная праграма, падчас якой выступілі пісьменнікі і літаратары , беларускія барды. Для маленькіх наведвальнікаў свята была прадугледжаная дзіцячая зона.

На музычна-забаўляльнай пляцоўцы працавала выстава плакатаў Уладзіміра Крукоўскага. Адбылася лекцыя і практычныя заняткі па народных танцах Беларусі. Тут жа прайшлі прэзентацыі выданняў ТБМ і Цэнтра славянскіх моў і культур, праграма моўных курсаў "Моваведа". Бліжэй да вечара на гэтай пляцоўцы выступілі гурты Vyraj, Yamaya, "Крама", "Рэспубліка Паліна".

У адукацыйнай зоне госці свята змаглі наведаць майстар-клас працы з энцыклапедычнай сістэмай Wikipedia, дзе спецыялісты раскажуць пра тое, як можна ўдасканальваць беларускамоўны сегмент гэтай свабоднай энцыклапедыі. Прадстаўнікі каманды infarmatyka.org прачыталі лекцыю пра тое, як весці навуковую дзейнасць у галіне матэматыкі на беларускай мове.

Тут жа Таварыства беларускай мовы правяло Агульнанацыянальную дыктоўку. Сабралася звыш 30 удзельнікаў, амаль адна моладзь (не гледзячы на тое, што на іншых пляцоўках забаўлялі рознымі цікавосткамі, якія не патрабавалі такой "цяжкой працы", як напісанне тэкстаў пад дыктоўку).

Дыктоўку пісалі паводле верша Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, які даўно стаў песняй: "Я не ганю землі чужыя". Тэкст чытала першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім.

Пасля напісання ўсе ўдзельнікі выканалі разам гэтую песню. Напрыканцы кожны ахвотны атрымаў ад Таварыства памятны дарунак: каляндар, кнігу, часопіс "Верасень" і інш. Адыходзячы, усе дзякавалі арганізатарам за дыктоўку, за цудоўную атмасферу і магчымасць такім спосабам далучыцца да роднага слова.

БелаПАН..



"Будзьма!"

26 лютага (чацвер) на сядзібе ТБМ адбудзецца прэзентацыя кнігі Алега Трусава "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі". Пачатак 18.30. Уваход вольны.


80 гадоў з дня нараджэння Рыгора Барадуліна

Рыгор Іванавіч БАРАДУЛІН, беларускі паэт, эсэіст, перакладчык. Народны паэт Беларусі (1992).

Нарадзіўся 24 лютага 1935 года на хутары Верасоўка (афіцыйная назва на той час была "Гарадок ІІ Востраў-Сарочынскага сельсавета") ва Ўшацкім раёне (цяпер вёска Гарадок) у сям'і Івана і Куліны Барадуліных. У 1937 годзе хутар быў ліквідаваны, і сям'ю паэта перасялілі ва Ўшачы. Бацька загінуў у 1944 годзе падчас Другой сусветнай вайны ў партызанскім атрадзе. Навучаўся Рыгор ва Ўшацкай сярэдняй школе (скончыў у 1954), затым на філалагічным факультэце БДУ ў Менску (закончыў у 1959).

Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях (сярод іх - газета "Советская Белоруссия", часопісы "Бярозка", "Полымя"), а так-сама ў выдавецтвах "Беларусь" і "Мастацкая літаратура". У выдавецтве "Мастацкая літаратура" працаваў больш за 20 гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. У складзе дзяржаўнай дэлегацыі БССР прымаў удзел у 39-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН (1984).

З'яўляўся сябрам СБП ды Беларускага ПЭН-цэнтра (з 1990 да 1999 - ягоны прэзідэнт), сябрам Партыі БНФ. З 1995 да 1997 года быў сябрам кіраўніцтва Беларускага Фонду Сораса.

Памёр увечары 2 сакавіка 2014 года, ва ўзросце 79 гадоў. Развітальная паніхіда паводле грэка-каталіцкага і рыма-каталіцкага абрадаў прайшла 4 сакавіка 2014 году ў Менску ў Касцёле Святых Сымона і Алены. Пахаваны побач з маці на Ўшацкіх могілках у Віцебскай вобласці.

Быў жанаты з Валянцінай Міхайлаўнай Барадулінай. Дачка Ілона - мастачка, унучка Дамініка.

Пачаў друкавацца з 1953 года, першыя вершы былі змешчаны ў газеце "Чырвоная змена". Першы зборнік паэзіі - "Маладзік над стэпам" - выйшаў у 1959 годзе. Цалкам плён працы Барадуліна складае каля 100 выдадзеных зборнікаў паэзіі (сярод якіх шмат зборнікаў сатыры і гумару, а таксама вершаў для дзяцей), крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Двойчы выходзілі ў свет зборы выбраных твораў паэта (у 1984 і з 1996 па 2002). Апошні збор напачатку заяўляўся ў пяці тамах, але выйшла толькі чатыры.

Рыгор Барадулін - апошні беларус, якому надалі званне Народнага паэта (1992). У 2006 годзе кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры (за зборнік вершаў "Ксты").

Вікіпедыя. (Працяг тэмы на ст. 3.)


ГЕНАДЗЮ ЛЫЧУ - 80

Генадзь Міхайлавіч ЛЫЧ, беларускі навуковец-эканаміст, аналітык, публіцыст. Доктар эканамічных навук, прафесар, акадэмік НАН Беларусі.

Нарадзіўся 25 лютага 1935 г. у мястэчку Магільнае Уздзенскага раёна Менскай вобласці. У 1958 г. скончыў планава-эканамічны факультэт БДІНГ імя В.В. Куйбышава.

Працаваў у Беларускім НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі малодшым, затым старэйшым навуковым супрацоўнікам, кіраваў аддзелам.

У 1979 г. быў прызначаны намеснікам дырэктара Беларускага НДІ аграрнай эканомікі. У 1988 г. перайшоў у Інстытут эканомікі АН БССР, дзе загадваў аддзелам аграрных праблем, затым заняў пост дырэктара.

У 1998 г. стаў галоўным навуковым супрацоўнікам аддзела экалога-эканамічных праблем Інстытута эканомікі НАН Беларусі, у 2005 г. - галоўным навуковым супрацоўнікам Цэнтра сусветнай эканомікі і міжнародных адносін гэтага інстытута.

З 2007 г. працаваў прафесарам кафедры менеджменту і маркетынгу БДАТУ.

З 2009 года - у БЕЛНДІ аграрнай эканомікі НАН Беларусі.

Асноўным кірункам навуковай дзейнасці Г.М. Лыча была эканамічная эфектыўнасць меліярацыі. Ім распрацаваны метадалагічны і метадычны падыходы да ацэнкі ролі меліярацыі земляў у развіцці сельскай гаспадаркі буйных рэгіёнаў з неспрыяльнымі прыроднымі ўмовамі (тыпу Беларускага Палесся); прапанавана методыка вызначэння эканамічнай эфектыўнасці капітальных укладанняў у асушванне і сельскагаспадарчае засваенне асушаных балот і забалочаных земляў. Гэта дазволіла больш праўдзіва вымераць вынікі меліярацыйнага ўздзеяння на землі асобных раёнаў Беларусі.

Прысвоена ганаровае званне "Заслужаны дзеяч навукі БССР".

Аўтар больш за 300 навуковых публікацый.

Асноўныя выданні: Комплексная меліярацыя земляў у Беларускім Палессі: манагр. М., 1982; Эканамічная эфектыўнасць вытворчых рэсурсаў: манагр. Мн., 1990; Эканоміка Беларусі: шляхі стабілізацыі і сацыяльна-эканамічнага абнаўлення: манагр. Мн., 1995 і інш.

Вікіпедыя.


У Менску пісалі VIII Агульнацыянальную дыктоўку

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, у сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны пісалі VIII Агульнанацыянальную дыктоўку, якую правяла першы намеснік старшыні ТБМ, вядомая беларуская грамадская дзяячка і мовазнаўца Алена Анісім .

У якасці тэксту для дыктоўкі быў выбраны верш Генадзя Бураўкіна "Я не ганю землі чужыя". І гэта не выпадкова, бо Генадзь Мікалаевіч Бураўкін у свой час узначальваў ТБМ і нядаўна адышоў ад нас у лепшы свет. У памяць пра яго і ў знак удзячнасці за тое, што ён зрабіў для Беларусі, і быў прапанаваны тэкст "Песні аб Радзіме", пакладзены на музыку былым салістам ансамбля "Песняры" Леанідам Барткевічам у 1979 годзе.

Пасля дыктоўкі яе ўдзельнікі праспавялі "Песню аб Радзіме", якая раскрывае любоў да сваёй Бацькаўшчыны і павагу да краёў іншых, а затым у якасці сувеніраў атрымалі закладкі для кніг з беларускім нацыянальным арнаментам, а таксама кішэнныя, настольныя і насценныя беларускія календары, прысвечаныя выбітным дзеячам нацыянальнай культуры і выдадзеныя ТБМ.

У гэтым годзе ўдзельнікам дыктоўкі былі прапанаваныя яшчэ два тэксты. Першы - прадмова да зборніка першага адраджэнца беларускай мовы ў грамадстве і народнага заступніка Францішка Багушэвіча "Дудка беларуская". Апошнія радкі гэтага вядомага тэксту вельмі прарочыя: "Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак..." І сённяшнія рэаліі вельмі пацвярджаюць сапраўднасць, праўдзівасць і актуальнасць гэтай думкі Францішка Багушэвіча.

Другі прапанаваны тэкст - верш "Бацьку" народнага паэта Беларусі Рыгора Іванавіча Барадуліна. І гэты тэкст таксама невыпадковы, бо сёлета адзначаецца 80-годдзе нашага слыннага паэта, які падхапіў заклік Францішка Багушэвіча ў ягонай прадмове да "Дудкі беларускай": "А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць ёсць шмат чаго!". Верш "Бацьку" выбраны таму, што напярэдадні 70-годдзя перамогі ў ім выказана боль многіх пакаленняў беларусаў, якія страцілі ў Другой сусветнай вайне сваіх родных і блізкіх.

Адметнасцю сённяшняй дыктоўкі Алена Анісім назвала тое, што яе ўдзельнікам былі зачытаныя ўсе тры тэксты. "Зроблена гэта было таму, каб нагадаць, што ў беларусаў багатая літаратура, якая жыве не адно стагоддзе, якая жыла і жыць будзе, што ў нас шмат людзей, якія пісалі на беларускай мове і сваімі творамі ўславілі яе на векі вечныя. І дзякуючы гэтаму, мы самі можам чэрпаць энергію з гэтага беларускага неўміручага слова" , - падкрэсліла Алена Анісім.

Удзельнік дыктоўкі, грамадскі актывіст Мікола Бамбіза заявіў, што беларусы павінны пазначыць сваю Бацькаўшчыну сваёй роднай матчынай мовай, інакш любы можа сказаць: "А вы тут не жывеце, вы тут нічые!". На яго думку, беларуская мова дае магчымасць зразумець чалавеку, што ён сапраўды беларус, а таксама дазваляе кожнаму беларусу аднавіць сваю нацыянальную годнасць. "Беларуская мова з'яўляецца кодам роднай культуры, і калі беларус не размаўляе на роднай мове, ён не аднаўляе гэты код і не разумее беларускія праблемы" , - падкрэсліў Мікола Бамбіза.

Мікола Бамбіза лічыць, што паколькі родная мова з'яўляецца галоўным чыннікам нацыі, Дзень роднай мовы ў Беларусі павінен быць вялікім агульнанацыянальным святам, ўрачыста і шырока адзначацца на дзяржаўным узроўні. І гэта вельмі важна для выхавання пачуцця патрыятызму, бо калі чалавек любіць сваю родную мову, ён любіць і сваю Радзіму, зазначыў Мікола Бамбіза.

Наш кар.


1-шы тыдзень роднай мовы на Лідчыне

Першы тыдзень роднай мовы 2015 года на Лідчыне пачаўся 18 лютага . Менавіта першы тыдзень, бо лідзяне ў адзін тыдзень укласціся не змаглі. У гэты дзень адбылася імпрэза ў Бярозаўскай гімназіі. У ёй узяў удзел намеснік старшыні Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ, сябар рэспубліканскай Рады ТБМ, бард Сяржук Чарняк.

20 лютага імпрэза адбылася ў Ходараўскай школе Лідскага раёна, слаўнай тым, што ў свой час на раённы конкурс патрыятычнай песні прывезла песню "У гушчарах...". У Ходараўцы прыехалі старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік і яго намеснік Сяржук Чарняк. У актавай зале прайшла літаратурна-мастацкая імпрэза, а старшакласнікі напісалі 8-ю Агульнанацыянальную дыктоўку. Прадмову да "Дудкі беларускай" Ф. Багушэвіча чытаў Станіслаў Суднік.

21 лютага 8-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў Бярозаўскай гарадской бібліятэцы. На дыктоўку прыйшло 8 чалавек. Прадмову да "Дудкі беларускай" Ф. Багушэвіча чытаў старшыня Лідскай гарадской арганізацыі ТБМ Станіслаў Суднік.

Пераможцамі, зрабіўшы аднолькавую колькасць памылак, сталі Сяргей Трафімчык, Юрась Дзяшук і Яўген Лукашэвіч.

21 лютага літаратурная імпрэза да Міжнароднага дня роднай мовы адбылася ў Лідскай СШ № 14. Удзел у імпрэзе браў сябар Лідскай гарадской рады ТБМ, першы старшыня Лідскага ТБМ, паэт Міхась Мельнік.

22 лютага 8-ю Агульнанацыянальную дыктоўку пісалі ў Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы. На дыктоўку сабралася каля 20 чалавек. Чытаў прадмову да "Дудкі беларускай" Ф. Багушэвіча кіраўнік літаратурнага аб'яднання "Суквецце", сябар Лідскай рады ТБМ Алесь Хітрун. З мастацкім словам па творах Янкі Купалы і Францішка Багушэвіча выступіў актор народнага тэатра Алег Лазоўскі

Пераможцам у Лідзе зусім нечакана стала старшыня мясцовай арганізацыі партыі "Справядлівы свет" Яніна Гузоўская, другое месца заняла леташняя пераможца рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове Маргарыта Росенік, якая і сёлета паедзе на рэспубліканскую алімпіяду. На трэцім месцы з аднолькавай колькасцю памылак - Ксенія Бароўская, Святлана Рыхтар, Юлія Росенік. Крышку адстаў Валянцін Маскевіч.

Пакуль што ў імпрэзах былі задзейнічаны 3 актавыя залы, школьны клас, два бібліятэчныя залы. І гэта толькі мерапрыемствы з удзелам ТБМ. Не менш прайшло і без ТБМ. На наступным тыдні мерапрыемствы і дыктоўкі будуць працягнуты.

Яраслаў Грынкевіч.


Ад рускамоўнага 8-класніка да народнага паэта

Да 80-годдзя Рыгора Барадуліна супольнымі высілкамі Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" і Саюза беларускіх пісьменнікаў пабачыла свет унікальнае выданне - першы том дзённікаў і запісаў народнага паэта Беларусі.

Акрамя запісаў з нататнікаў і дзённікаў перыяду 1951-1969 гадоў у кнігу ўвайшлі вершы, якія не друкаваліся ў ранейшых зборніках, сяброўскія эпіграмы, віншаванні, дарчыя надпісы, а таксама малюнкі і аўтографы сяброў і знаёмых паэта.

Укладальніца "Дзённікаў" Наталля Давыдзенка, якой яшчэ пры жыцці Рыгор Іванавіч даверыў спарадкаваць яго запісы для перадачы на захаванне ў архіў, расказала, як апрацоўвала кожны нататнічак у пошуках унікальных словаў і мімалётных рыфмаў, з якіх потым нараджаліся папулярныя сёння вершы і паэмы. Праца Наталлі Давыдзенка ўжо ўвасобілася ў такіх выданнях, як "Вушацкі словазбор", кніга ліставання Рыгора Барадуліна з маці "Паслаў бы табе душу…" і іншых. Але штуршком для стварэння "Дзённікаў і запісаў" стаў такі цікавы выпадак:

- Аднойчы Рыгор Іванавіч і Валянціна Міхайлаўна запрасілі мяне ў госці ва Ўшачы, - кажа ўкладальніца кнігі. - Я прафесійным вокам пачала аглядаць усе нататнікі, кнігі і запісы Барадуліна, якія захоўваліся там. І сярод папер знайшла дзіцячы дзённік, які і распачынае новую кнігу! Гэтыя вельмі мілыя запісы рускамоўнага хлопчыка - 8-класніка. Калі чытаеш іх, складана ўявіць, што праз дзясяткі гадоў з яго вырасце народны паэт Беларусі.

Наталля Давыдзенка згадвае, што падчас працы (а збор нататак ішоў пад пільнай увагай самога Барадуліна) яны шмат смяяліся, а Рыгор Іванавіч часта сумняваўся, ці сапраўды камусьці гэта будзе цікава. А як жа іначай! "Дзённікі і запісы" - гэта і нататкі падлетка пра настаўніцу нямецкай мовы - "весьма умную добродушную старушку" , адзнакі па беларускай мове - "раздавали диктовки по белорусскому языку. Получил 5." А таксама ўспаміны пра паездкі ў Латвію, Узбекістан, Хакасію.

Выданне аздобленае падрабязнымі каментарамі, якія цудоўна ілюструюць і тлумачаць нам той час. Гэта ператварае "Дзённікі" ў цікавую крыніцу не толькі для аматараў творчасці Рыгора Барадуліна і даследчыкаў-літаратуразнаўцаў, але і для прафесійных гісторыкаў.

Прэзентацыя "Дзённікаў і запісаў" адбудзецца падчас вечарыны з нагоды юбілею Рыгора Барадуліна, якая пройдзе 27 лютага ў Палацы мастацтваў.


Набыць першы выпуск "Дзённікаў і запісаў (1951-1969 гг.)" неўзабаве можна будзе ў наступных сталічных кнігарнях:

"Акадэмкніга" (пр-т Незалежнасці, 72);

"Кнігарня логвінаЎ" (пр-т Незалежнасці, 37А);

"Кніжны салон" (вул. Калініна, 5);

"Кнігарня пісьменніка" (вул. Казлова, 2);

"Веды" (вул. К. Маркса, 36);

"Светач" (пр-т Пераможцаў, 11);

"Цэнтральны кніжны" (пр-т Незалежнасці, 19);

"Кнігі & кніжачкі" (пр-т Незалежнасці, 14);

Кніжная выстава-кірмаш "Мир книг" (вул. Янкі Купалы, 27);

"Эўрыка" (вул. Куйбышава, 75);

і ў інтэрнэт-крамах knihi.by і prastora.by.


Не стала Лідзіі Арабей

Пісьменніца пайшла з жыцця вечарам 20 лютага.

Лідзія Арабей нарадзілся 27 чэрвеня 1925 года ў вёсцы Нізок Уздзенскага раёна Менскай вобласці. Працавала ў часопісах "Вожык", "Полымя". Была старшым рэдактарам выдавецтва "Беларусь" (1955-1967). Кандыдат філалагічных навук. Аўтар зборнікаў аповесцяў і апавяданняў "Мера часу" (1962), "Экзамен" (1963), "Ларыса" (1964), "Ваўчкі" (1972), "Сярод ночы" (1968), "На другой зіме вайны" (1968), "Мне трэба ехаць" (1974), "Паласа дажджу" (1984), "Пошукі кахання" (1987), дакументальных аповесцяў пра Цётку "На струнах буры" (1967) і "Стану песняй" (1977), раманаў "Іскры ў папялішчы" (1970) і "Сузор'е Вялікай Мядзведзіцы" (1980), кнігі сатыры і гумару "Кватэра № 3" (1961). Выдала зборнікі апавяданняў для дзяцей "Калібры" (1960), "Ісці ў разведку" (1989) і аповесць "Сіні бор" (1972).

Выйшлі Выбраныя творы ў 2 тамах (1985). Пераклала раман эстонскага пісьменніка А. Хінта "Бераг вятроў" (з А. Раманоўскай, 1960).

lit-bel.org.


Кантэнт кантэнтам, а беларускіх мультфільмаў як не было, так і не абяцаецца

Старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай

тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь

Г. Б. Давыдзьку

220870, г. Мінск, вул. Макаёнка, 9

Аб стварэнні дзіцячага беларускамоўнага канала

Паважаны Генадзь Браніслававіч!

Да нас звяртаюцца грамадзяне са скаргамі на тое, што на нашым тэлебачанні практычна адсутнічаюць беларускамоўныя дзіцячыя перадачы. Пры гэтым дзяржаўная ZALA прапануе шырокі асартымент рускамоўных мультфільмаў. А дзе мультфільмы на роднай беларускай мове? А можа, для БТ яна ўжо і не родная, бо нават на БТ-3 колькасць беларускамоўных перадач у апошнія часы зменшылася, а на АНТ спынена шматгадовая перадача, прысвечаная гісторыі беларускіх слоў і выразаў у ранішняй праграме "Наше утро"?

У сувязі з гэтым просім Вас звярнуць на гэта пільную ўвагу і асабліва на перадачы для дзяцей. Можна пачаць з таго, што раз у тыдзень у адзін і той жа час будуць ісці на ўсіх каналах БТ беларускамоўныя мультфільмы, каб іх можна было глядзець у дзіцячых садках нашай краіны рэгулярна.

Раім Вам таксама прачытаць артыкул у "Народнай Волі" "Дзе беларускамоўныя каналы?", які напісаны маці дваіх дзяцей сп. Алёнай Лапацкай ("НВ", № 4 ад 16 студзеня 2015 г., с.4).

З павагай, Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.



Старшыні ГА "Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адказ на Ваш ліст ад 20 студзеня 2015 г. № 36 паведамляем наступнае.

Белтэлерадыёкампанія ў сваёй працы кіруецца Законам "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", які прадугледжвае выкарыстанне сродкамі масавай інфармацыі абедзвюх моў.

На тэлеканале "Беларусь 3", які з'яўляецца структурным падраздзяленнем Белтэлерадыёкампаніі, доля беларускамоўнага кантэнту ў 2014 годзе складала прыкладна 30%. У той жа час 70% уласнага кантэнту (перадачы, якія былі створаны тэлеканалам і па заказе) вырабляецца на беларускай мове. Гэта праграмы "Дыя@блог. Пра мову", "Дыя@блог. Пра літаратуру" і "Дыя@блог Р.S." "Наперад у мінулае", "Размовы пра духоўнае", "Хіт-парад "Сто песень для Беларусі", "Сіла веры", "Калейдаскоп", "Дабраранак" і "Калыханка", уся анонсная прадукцыя і большасць канцэртаў. Спецыяльна для папулярызацыі беларускай мовы створана тэлеперадача "Размаўляем па-беларуску", якая выходзіць у двух варыянтах: кароткая інфармацыйная і тэлевіктарына. Адзначым, што праект карыстаецца вялікай папулярнасцю ў тэлегледачоў.

Што датычыцца фільмаў і мультфільмаў на беларускай мове, то гэтае пытанне знаходзіцца па-за кампетэнцыяй Белтэлерадыёкампаніі. Вытворцам такой прадукцыі ў Беларусі сёння з'яўляецца Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм", заказчыкам - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Менавіта яны вызначаюць мову кіна- і мультыплікацыйных фільмаў.

Разам з тым, у 2015 годзе Белтэлерадыёкампаніяй быў рэалізаваны беларускамоўны дубляж серыялу "Гваздзік", які выходзіць на тэлеканале "Беларусь 3".

Звяртаем Вашу ўвагу, што за эфірнае напаўненне тэлеканала АНТ Белтэлерадыёкампанія не адказвае і ўплываць на яго не можа. Усе свае заўвагі і прапановы Вы можапе выказаць кіраўніцтву ЗАТ "Другі нацыянальны тэлеканал", якое з'яўляецца ўласнікам дадзенага тэлеканала.

Галоўны дырэктар тэлеканала "Беларусь 3" В.У. Маючы.


Актыўная ацэнка ў дзеянні

У Менску выйшла кніга "Актыўная ацэнка ў дзеянні: вопыт настаўнікаў Беларусі: дапаможнік для настаўнікаў" пад рэд. М.I. Запрудскага.

У дапаможніку разглядаюцца навуковыя падставы і практыка арганізацыі адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем актыўнай ацэнкі - новай і эфектыўнай тэхналогіі навучання. Разглядаюцца сутнасць тэхналогіі, псіхалагічныя і дыдактычныя падыходы, на якіх яна будуецца, умовы яе паспяховай рэалізацыі, а таксама асноўныя сродкі, якія неабходны для яе рэалізацыі: дыягнастычная пастаноўка мэтаў, крытэрыі ацэнкі, зваротная сувязь, пытанні і інш. Дадзены рэкамендацыі па авалоданні і прымяненні актыўнай ацэнкі ў класе. У дадатку змешчаны ўрокі, якія распрацаваны па правілах актыўнай ацэнкі.

Дапаможнік будзе цікавым і карысным настаўнікам для ўдасканалення ўласнага вопыту выкладання, планавання, правядзення заняткаў і аналізу ўласнай дзейнасці; метадыстам і выкладчыкам ВНУ і ІРА - для асэнсавання і паляпшэння работы са студэнтамі і педагогамі.

Многія настаўнікі і кіраўнікі ўстаноў адукацыі выказваюць меркаванне, што актыўная ацэнка - гэта чарговая мода, якіх было ўжо шмат у гісторыі нашай школы. Выказваецца думка, што не трэба гэтая інавацыя, маўляў 13 гадоў таму перайшлі на 10-бальную сістэму ацэньвання, ёсць адпаведная нарматыўная база. Настаўнікі гавораць, што ў нашых умовах актыўная ацэнка не будзе працаваць, бо існуюць нарматыўныя абмежаванні, патрабаванне на кожным уроку апытваць некалькі вучняў і выстаўляць адзнакі.

Можна пагадзіцца з такімі меркаваннямі, калі заплюшчыць вочы і не заўважаць наступныя абставіны:

1) існуе шмат праблем у адукацыйным працэсе, якія патрабуюць тэрміновага вырашэння. Яны могуць быць вырашаны, менавіта, з дапамогай актыўнай ацэнкі;

2) пілотнае выкарыстанне настаўнікамі ў школах нашай краіны дадзенай тэхналогіі дэманструе, што яна дазваляе істотна павысіць матывацыю, адказнасць вучняў за ўласнае навучанне і, як вынік - якасць адукацыі;

3) аб эфектыўнасці актыўнай ацэнкі сведчыць замежны вопыт і спецыяльныя даследаванні.

Як жа ажыццяўляецца кантрольна-ацэначная дзейнасць настаўніка і вучняў у школах нашай краіны, якія ў яе ёсць адметныя характарыстыкі? Ацэншчык, як правіла, толькі настаўнік, вучні пазбаўлены адпаведных паўнамоцтваў. Кантроль існуе асобна ад навучання: спачатку вучым, а праз нейкі час правяраем, чаму навучылі. Змест кантролю часцей за ўсе засакрэчаны, не заўсёды настаўнік думае пра крытэрыі ацэнкі і рэдка іх ведаюць самі вучні. Ацэньваецца толькі кагнітыўны складнік выніку навучання, амаль не ацэньваецца працэс. Бацькі не ўдзельнічаюць у ацэнцы. Вучні адчуваюць прэсінг з боку настаўніка, а настаўнік - з боку вучняў, іх бацькоў і адміністрацыі.

Адмоўныя наступствы такой практыкі - нізкая матывацыя вучняў, якія не маюць адказнасці за тое, як яны вучацца, парушэнне дысцыпліны на ўроках, канфлікты паміж вучнямі, настаўнікам, бацькамі, нізкая паспяховасць і г. д.

Сродкам для выпраўлення сітуацыі можа паслужыць актыўная ацэнка, якая, дарэчы, не супярэчыць існай нарматыўнай базе. Тут варта заўважыць, што гэтая тэхналогія тычыцца не толькі ацэначнага кампанента дзейнасці, але мае сістэмны характар.

Аўтары кнігі - творчыя, неабыякавыя людзі, якія пісалі тэксты з веданнем і актыўнай ацэнкі, і механізмаў яе выкарыстання на ўроках, паколькі працуюць або не так даўно працавалі з вучнямі ў класах.

Наш кар.


Канверт, прысвечаны мастаку

"Булпошта" выпусціла мастацкі канверт, прысвечаны Стэльмашонку У.І.

Стэльмашонак Уладзімір Іванавіч (06.02.1928, Мінск - 07.06.2013) - мастак, педагог. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1981). Народны мастак Беларусі (1988). Працаваў у станковым жывапісе (пераважна ў жанры партрэта), манументальна-дэкаратыўным мастацтве і графіцы (акварэль, малюнак). Творам характэрна арыгінальнасць кампазіцыйных рашэнняў, дэкаратыўная выразнасць колеру, манументалізацыя вобразаў.


Свята роднай мовы кожны дзень на Android і iOS: каляндар "Не маўчы па-беларуску!" цалкам мабільны

Да Тыдня роднай мовы кампанія "Будзьма беларусамі!" робіць падарунак - бясплатнае дастасаванне "Не маўчы па-беларуску!" для iOS і абноўленае дастасаванне для Android.

Ад сёння:

1. Каляндар "Не маўчы па-беларуску" будзе з вамі не толькі ў 2015 годзе! Нашае дастасаванне падыходзіць да кожнага года.

2. З'явілася каляндарная сетка. Цяпер можна паглядзець малюнак на любы дзень.

3. З'явіўся графічны віджэт (толькі для Android).

4. Выпраўленыя недахопы папярэдняй версіі (дададзеныя новыя).

Каляндар "Не маўчы па-беларуску!" ад "Будзьма!" - гэта 365 беларускіх словазлучэнняў у вясёлых малюнках мастачкі Дар'і Мандзік, якія будуць заўжды з вамі на вашых любімых прыладах. Папяровую насценную версію календара, на жаль, знайсці ўжо не атрымаецца. А вось наборы немаўклівых паштовак можна набыць у кнігарнях па ўсёй Беларусі. Дзе шукаць - чытайце ТУТ!

Мабільную версію календара спецыяльна для кампаніі "Будзьма беларусамі!" зрабіла Студыя Ігара Назаранкі.

Усталёўваем бясплатнае дастасаванне для iOS!

Усталёўваем, альбо абнаўляем дастасаванне для Android!

Не маўчым па-беларуску разам!

"Будзьма беларусамі!"


Круглы стол да Дня роднай мовы ў Глыбокім

Круглы стол, прысвечаны Дню роднай мовы, правялі грамадскія актывісты Глыбоччыны. На ім прысутнічалі сябры грамадскіх аб'яднанняў "Таварыства беларускай мовы", "Беларуская асацыяцыя журналістаў", "Барміца", а так-сама творчая інтэлігенцыя і моладзь.

Як кажа кіраўнік грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы" ў Глыбокім Зміцер Лупач, мерапрыемства было прысвечана стану беларускай мовы ў сучасным грамадстве і пашырэнню сферы яе ўжытку:

- Зараз у грамадстве ў сувязі з украінскімі падзеямі ўзнік такі трэнд, што грамадства стала больш цікавіцца беларускай мовай і наогул беларускасцю. І нават ва ўладзе гэта заўважна, што ў беларусаў мова - адзінае, што нас магло б аб'ядноўваць.

Па словах Змітра Лупача, у бліжэйшы час грамадскія актывісты плануюць выдаць некалькі кніг мясцовых беларускамоўных аўтараў, правесці канцэрты беларускіх музыкаў, арганізаваць конкурсы. А таксама сабраць подпісы пад зваротам да мясцовых уладаў, каб на цэнтральных вуліцах Глыбокага было дазволена ўсталяваць беларускамоўныя шыльды назваў вуліц.

Таццяна Смоткіна , Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае . Фота аўтара.


Беластоцкія вучні напісалі беларускую дыктоўку

"Роднае слова" - дыктоўку пад такой назвай напісалі вучні Непублічнай праваслаўнай пачатковай школы імя Кірылы і Мяфодзія. Такім чынам яны далучыліся да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы. Пра ідэю і значэнне правядзення падобных мерапрыемстваў вучням распавёў вядоўца дыктоўкі, журналіст нашага радыё Зміцер Косцін.

Гэта мабыць адзіная дыктоўка ў навучальным годзе, якую школьнікі напісалі з ахвотай:

- Трохі цяжка, трохі не.

- Родная мова вельмі важная. Я задаволеная, што напісла гэтую дыктоўку. Трэба адзначаць гэты дзень, каб традыцыя захоўвалася.

- Беларуская мова цудоўная. Па-беларуску размаўляюць у мяне дома.

Тэкст дыктоўкі пад назвай "Роднае слова" вучні школы імя Кірылы і Мяфодзія напісалі паводле твора Аляксандра Крывіцкага. А дыктоўка да Дня роднай мовы прайшла ў непублічнай праваслаўнай школе ў Беластоку ўжо другі год запар.

Беларускае Радыё Рацыя.


У Бельску адкрылася беларуская бібліятэка

У Бельскім Доме культуры адкрылася бібліятэка з беларускімі выданнямі.

- Вырашылі пашырыць доступ да беларускай культуры з літаратурнага боку, - кажа дырэктар Бельскага Дома культуры Малгажата Біль-Ярузельская. - Стараемся, каб усе, хто зацікаўлены культурай Беларусі, мелі да яе як найшырэйшы доступ. Вельмі дапамог Культурны цэнтр Беларусі, які ахвотна падтрымаў гэтую ініцыятыву. Мы атрымалі амаль 300 кніг - гэта вельмі розныя публікацыі - слоўнікі і альбомы, белетрыстыка для дарослых і дзяцей, а таксама гістарычныя кнігі ды часопісы.

Часопісамі са збораў бібліятэкі можна карыстацца ў холе Бельскага Дома культуры. Кніжныя выданні можна будзе пазычаць у аўторак з 16.00 да 18.00 і ў пятніцу з 10.00 да 12.00.

Беларускае Радыё Рацыя.


МІКОЛУ НІКАЛАЕВУ - 60

21 лютага 2015 года адзначыў 60-я ўгодкі з дня нараджэння Мікалай Віктаравіч НІКАЛАЕЎ . Жыццёвы шлях гэтага выдатнага навукоўца, актыўнага грамадскага дзеяча можна падзяліць на два кавалкі: беларускі і санкт-пецярбуржскі.

Стартавая кропка - нараджэнне ў горадзе Шчучыне Гарадзенскай вобласці. Адпаведнае папаўненне адбылося ў афіцэра савецкіх ваенна-паветраных сіл Віктара Сцяпанавіча Нікалаева. Найбольш уражлівая частка дзяцінства афіцэрскага сына прыйшлася на вёску Нянькава, што на Наваградчыне. З Наваградкам звязаны першы яго адукацыйны ўніверсітэт - сярэдняя школа ў былой сталіцы Вялікага Княства Літоўскага, пад нумарам чатыры. Наступная адукацыйная ступенька - аддзяленне гісторыі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З гэтай ступенькай звязаны 1972 - 1977 гг. Мікола Нікалаеў з першага курса да апошняга дэманстраваў прагу да ведаў. Часам проста выдатнымі атрымліваліся курсавыя, якія выконваліся па кафедры археалогіі, этнаграфіі і дапаможных гістарычных дысцыплін.

Ва ўніверсітэце Мікола Нікалаеў ўваходзіў ў беларускую нацыянальную арганізацыю, якую гісторыкі беларускіх нацыянальных рухаў упарта ігнаруюць, а яна была і дзейнічала.

Папрацаваўшы пасля ўніверсітэта ўвесь навучальны 1977/78 год настаўнікам гісторыі Лукашоўскай школы Пастаўскага раёна, ізноў вяртаецца да археалогіі, але ўжо знаходзячыся ў штаце Ленінградскага аддзялення Інстытута археалогіі АН СССР. Геаграфія раскопак была такой: старажытны Наваградак, Старая Ладага, селішча Тайманава. Затым трывала асеўшы ў паўночнай сталіцы савецкай дзяржавы, нараджэнец Шчучына працаўладкаваўся ў Расійскай Нацыянальнай бібліятэцы, з якой звязаны ўжо звыш трэці стагоддзя. У бібліятэцы ў яго адзначаны дзве кар'ерныя ступенькі: навуковы супрацоўнік аддзела рукапісаў, загадчык аддзела рэдкіх кніг. За час працы Мікалай Віктаравіч займеў у сваім актыве больш за 200 публікацый па гісторыі бібліятэк і гісторыі мастацтва, рукапіснай кнігі і бібліяграфіі. Менавіта па кніжнай гісторыі ён абараніў дзве дысертацыі: у 1988 г. у Ленінградзе абараніў кандыдацкую дысертацыю "Славянская рукапісная кніга на беларускіх землях у XIV-XVIII стст.". У 1997 г. у Санкт-Пецярбургу абараніў доктарскую дысертацыю "Кніжная культура Вялікага Княства Літоўскага".

М. Нікалаеў - адзін з заснавальнікаў і чальцоў прэзідыюма Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, адзін з стваральнікаў і чалец Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Санкт-Пецярбургу, актыўны сябар ТБМ.

Міхаіл Стралец.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Князева Часлава - 50000 р., г. Клецк

2. Чайкоўскі Павел - 150000 р., г. Менск

3. Аніскевіч Алег - 50000 р., г. Менск

4. Вярбоўская Ірына - 100000 р., г. Менск

5. Барцэвіч Іван - 50000 р., г. Менск

6. сп. Вольга - 100000 р., г. Менск

7. Лабыка Зміцер - 180000 р., г. Менск

8. Лазарук Тамара - 100000 р., г. Менск

9. Валошчык Мікола - 100000 р., г. Белаазёрск

10. Піскуновіч Міхась - 100000 р., в. Дамашы, Глыбоцкі р-н.

11. Міхальчанка Тамара - 200000 р., г. Менск

12. Місевіч Мар'ян - 600000 р., м. Падсвілле

13. Сауліч Мікола - 30000 р., м. Падсвілле

14. Фрыдрых Аляксандр - 100000 р., г. Менск

15. Яканюк Данат - 200000 р., г. Менск

16. Ляскоўскі Уладзіслаў - 200000 р., г. Шаркаўшчына

17. Восіпава Аляк-дра - 100000 р., г. Гомель

18. Давідоўскі Ігар - 200000 р., г. Менск

19. Бунецкі Павел - 200000 р., г. Менск

20. Бурлевіч Людміла - 300000 р., г. Менск

21. Юхноўскі Віктар -50000 р., г. Менск

22. Бараноўская Вольга - 30000 р., г. Менск

23. Бараноўскі Аляксей - 40000 р., г. Менск

24. Пахолак Раман - 40000 р., г. Менск

25. Махвіц Аляксей - 40000 р., г. Менск

26. Лаўрдзеенка Ірына - 40000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Бела-русбанк.


Усенародны рух за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай

(да 25-годдзя Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" - 26 студзеня 1990 г.)

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

У той час актыўнага агульнанацыянальнага пошуку шляхоў выратавання роднага слова не перавяліся гора-тэарэтыкі, якія ў выцясненні беларускай мовы з грамадскага жыцця з прычыны планамернага ўводу сюды рускай мовы, бачылі нямала чаго нават прагрэсіўнага для нашай Бацькаўшчыны, не жадалі прызнаць, што гэта непазбежна вядзе яе народ да рускай культурнамоўнай асіміляцыі.

Узняць аўтарытэт роднай мовы ва ўяўленнях як мага большай колькасці беларусаў было б не так складана, калі б у гэтым пытанні на іх баку стаяла рэлігія. Але яна вельмі рэдка калі лічылася з мовай карэннага насельніцтва нашага краю: праваслаўная царква з'яўлялася тут зацятым носьбітам рускага духу, каталіцкі касцёл - польскага. Вось што пра апошні сказаў падчас выступу на ўстаноўчым з'ездзе Беларускага народнага фронту "Адраджэньне" (праходзіў 24 - 25 чэрвеня 1989 г. у Вільні) настаяцель каталіцкага касцёла ў вёсцы Баруны Ашмянскага раёна Ян Матусевіч: "Сумна тое, што і сёння, пры змененых палітычных абставінах, каталіцкая царква ў Беларусі з'яўляецца маленькай нацыянальна чужой рэлігійнай установай, якая не мае ніякага значэння ў беларускім нацыянальным жыцці" (Літаратура і мастацта. 1989. 7 ліпеня. С. 13) .

Пры ўсіх негатыўных з'явах для беларускай мовы ў яе ўсё ж меліся шанцы акрыяць. Росту шчырых прыхільнікаў яе, надання статусу адзіна дзяржаўнай у краіне спрыяла і пазітыўнае стаўленне да гэтага лёсавызначальнага пытання тых, хто па розных прычынах жыў па-за яе межамі. А такіх хапала. Сярод іх было нямала сапраўдных нацыянальных патрыётаў сваёй бацькоўскай зямлі, дастаткова адукаваных асобаў. Іх увагу не маглі не прыцягваць канкрэтныя, практычныя захады ўладаў, грамадскасці тых ці іншых саюзных рэспублік па павышэнні сацыяльных функцый сваіх нацыянальных моў. Нашым мігрантам хацелася, каб такое неадкладна з вялікім размахам рабілася і ў БССР, бо многія з тых, хто яе пакінуў, добра ведалі, як партыйныя і савецкія органы адусюль вытурвалі беларускую мову, каб замяніць яе самай перспектыўнай у СССР рускай мовай - мовай будучага найшчаслівага ў гісторыі чалавецтва ўяўнага камуністычнага грамадства.

Для Беларусі здавён характэрна міграцыя яе здольных да вучобы, таленавітых у той ці іншай сферы дзейнасці чалавека асобаў у розныя краіны свету, а ў пасляваенны час - на неабсяжныя прасторы Расійскай Федэрацыі, пазней - СССР. Таму, калі на рубяжы 1980 - 1990-х гадоў прыйшоў у Беларусь чарговы рух за нацыянальна-культурнае адраджэнне, было многа каму з нашых адарваных ад бацькоўскай хаты супляменнікаў цікавіцца ходам яго, выказваць свае меркаванні наконт такой надзвычай актуальнай для іх айчыны праблемы. Натуральна, што адраджэнне, актывізацыя нацыянальнага руху беларусаў розных саюзных рэспублік раней, чым дзе, праявілася ў Віленскім краі Літвы, галоўным чынам у яе сталіцы Вільні, з якой у нас так шмат чаго звязана ў гісторыі і культуры. Увесну 1989 года па другой праграме літоўскага радыё пачалі рэгулярна выходзіць беларускамоўныя перадачы. Іх часцей за ўсё прысвячалі асвятленню гісторыі беларуска-літоўскіх узаемадачыненняў, сучаснага грамадска-палітычнага жыцця літоўскіх беларусаў.

Незвычайная складанасць моўнай сітуацыі ў БССР моцна хвалявала закінутага не па ўласнай волі ў далёкую Якуцкую АССР шчырага беларуса Івана Ласкова. Ён быў больш-менш вядомым на радзіме, дзякуючы сваім літаратурным набыткам: пісаў на беларускай і рускай мовах. Рэгулярна наведваючы яе, прыйшоў да цвёрдай высновы, што нацыянальна-культурнае жыццё ў Якуціі больш адпавядае карэнным інтарэсам свайго тытульнага народа, чым гэта назіраецца ў Беларусі. Пра гэта ён падрабязна давёў чытачу ў артыкуле "Пішу з далёкай Якуціі" ("Літаратура і мастацтва". 25.09.1989. С. 5, 12) . Увагі кожнага беларуса не маглі не прыцягнуць такія словы з артыкула: "Не ведаю ніводнага якута з кіраўнікоў рэспублікі, які б не валодаў роднай мовай… Нешматлікія прафесійныя і шматлікія самадзейныя кампазітары пішуць песні выключна на якуцкія тэксты… якуцкай мове і нацыянальнай культуры нішто не пагражае" (с. 5).

Як усё гэта было не ўласціва Беларусі нават і ў канцы 1980-х гадоў, г. зн. і тады, калі перабудова давала магчымасць штосьці карыснае рабіць для нацыянальнага жыцця. Каб чытачы задумаліся над такім гаротным становішчам, І. Ласкоў пераканаўча даводзіць ім, што "асновай любой культуры з'яўляецца мова" , што яна "будаўнічы матэрыял мастацкай літаратуры" (с. 12). Прачытаўшы такое, думаецца, кожны разумеў, што станецца з беларусамі, калі ў аснове культуры іх краіны, у ролі будаўнічага матэрыялу мастацкай літаратуры будзе ляжаць, будзе выступаць руская мова. Немінучая асіміляцыя ў форме русіфікацыі! Нежаданне быць маўклівай ахвярай яе толькі павялічвала ў Беларусі колькасць людзей, зацікаўленых у прыняцці такога нарматыўнага акта, у якім іх мове надалі б статус адзінай дзяржаўнай, як гэта ўжо даўно з'яўлялася нормай для краін з адным тытульным народам, асабліва еўрапейскім.

Пільна сачыў і даваў каштоўныя парады, як наблізіць моўны працэс у БССР да яе нацыянальных патрэб наш суродзіч, выкладчык рускай мовы і літаратуры СШ № 1 г. Ізяслава Хмяльніцкай вобласці УССР Пятрусь Капчык. Зыходзячы са зместу прынятага ва Украіне ў кастрычніку 1989 года закона аб мовах, ён у сваім лісце ў газету "Звязда" (23 лістапада 1989) выказаў такое з усіх пунктаў гледжання правільнае перакананне: "… беларускай мове абаваязкова павінен быць нададзены афіцыйны статус дзяржаўнай мовы Беларускай ССР. Што датычыцца рускай мовы, то ёй павінен надавацца статус мовы міжнацыянальных зносін народаў СССР".

Смела падалі свой голас у абарону беларускай мовы і нашы землякі - вайскоўцы з далёкага Казахстана. У сваім лісце ў Вярхоўны Савет Беларускай ССР, рэдакцыю газеты "Літаратура і мастацтва" яны з зайздроснай рашучасцю і прынцыповасцю выказаліся за наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай, перавядзення на яе ўсіх дзяржаўных і навучальных устаноў. "Мы сёння, - заяўлялася ў гэтым лісце, - з тымі, хто змагаецца за адраджэнне мовы, культуры, нацыі ў цэлым. Мы асуджаем тых, хто гэтаму адраджэнню замінае.

Мы звяртаемся да ўсіх дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі: калі прыйдзе час галасаваць за Закон аб мове, то перш, чым падняць руку, падумайце: у вашых руках не толькі лёс мовы, але і лёс Беларусі" . Ліст падпісаў 21 чалавек, у тым ліку падпалкоўнікі С. Суднік, Л. Чарапан, маёры С. Пілецкі, С. Селях, капітан І. Супаненка, лейтэнант М. Усовіч (Літаратура і мастацтва. 1989. 8 снежня. С. 4) .

Добрую надзею на паспяховае вяртанне беларускай мовы да нармальнага жыцця ў сваім родным краі падавала ўсебаковая падтрымка яе і многімі з тых, хто належаў да прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў БССР. Вось як выказаўся па дадзенай праблеме віцебскі яўрэй Д. Сімановіч: "Апошнім часам мы шмат гаворым аб адраджэнні беларускай мовы, аб тым, у якім становішчы яна апынулася і чаму гэта адбылося. Але ад размоў час перайсці да справы (а гэтага ж больш за ўсё не жадала вінаватае ў русіфікацыі беларусаў партыйнае і савецкае чынавенства. - Л.Л. ). Час рашаць, як уводзіць мову ў жыццё ад дзіцячага сада і першага класа да ўстаноў і арганізацый, ад адкрыцця школ з паглыбленым вывучэннем мовы да выкладання на беларускім аддзяленні філфака педінстытута (маецца на ўвазе ў горадзе Віцебску. - Л. Л. ) усіх прадметаў на роднай мове…" (Літаратура і мастацтва. 1989. 18 жніўня. С. 5) . З правільных пазіцый асвятляў шляхі адраджэння, увод беларускай мовы ва ўсе сферы грамадскай дзейнасці чалавека журналіст Віцебскага абласнога радыё Навум Гальпяровіч - яўрэй па нацыянальнасці.

Зусім не рэдкімі былі выпадкі публічнага выступлення ў падтрымку права беларусаў на дзяржаўную мову з боку прадстаўнікоў самай буйной у рэспубліцы этнічнай групы - рускіх, да таго ж яшчэ асобаў адукаваных, высокага сацыяльнага статусу ў грамадстве. Цешыць, што сярод іх была і мая светлай памяці жонка Ефрасіння Андрэева - доктар педагагічных навук, прафесар Беларускага дзяржпедуніверсітэта. Увагу нацыянальных адраджэнцаў да сябе прыцягнула ў 1989 годзе артыкулам "Белорусский язык: взгляд русского" ("Нёман" № 4) . Асноўныя яе навуковыя публікацыі прысвечаны праблемам стварэння ў Беларусі нацыянальнай сістэмы адукацыі.

Яшчэ да канца не вядома было, як улады паставяцца да надання беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай, а яе ўжо пачалі патроху ўводзіць у грамадскае жыццё і вельмі важна - у сферу адукацыі. Сярод яе работнікаў, асабліва самага высокага звяна, знайшлося нямала такіх, хто не толькі правільна і глыбока разумеў усю важнасць выкарыстання беларускай мовы ў навучальна-выхаваўчым працэсе для лёсу яе прыродных носьбітаў, але і актыўна садзейнічаў гэтаму словам і сваімі практычнымі дзеяннямі. Узважаную пазіцыю па моўным пытанні дастасоўна сферы адукацыі выказаў дацэнт БДУ Н. Царук, справядліва лічачы, што ў рэспубліцы куды лягчэй будзе стабілізаваць эканоміку, чым адрадзіць нацыянальную культуру і мову Абгрунтоўвалася гэта і такім прыкладам, як адсутнасць беларускамоўных школ не толькі ў Менску, але і ва ўсіх абласных цэнтрах БССР. Прычыну надання бацькамі перавазе рускамоўнай школе аўтар беспамылкова тлумачыў страхам апошніх, што ў "іх дзяцей могуць узнікнуць складанасці пры паступленні ў ВНУ, бо навучанне тут вядзецца па-руску, што ва ўстановах, на вытворчасці беларуская мова амаль не выкарыстоўваецца" (Настаўніцкая газета. 1989. 18 лістапада).

Станоўча, што за ўвядзенне беларуска мовы ў педагагічны працэс усіх тыпаў навучальных устаноў выступалі не толькі актывісты ТБМ, а і самі настаўнікі, рэзка, справядліва крытыкуючы тых, што лічылі беларускую мову непрыдатнай для навучання. "Наша мова, - пісала настаўніца з Івацэвіцкага раёна А. Лушчык, - такая ж людская, як і ўсе іншыя. Бяда наша толькі ў тым, што людзі страцілі свае карані, сталі іменна насельніцтвам: і не рускія яны, і не беларусы. У гэтым іх трагедыя" (Настаўніцкая газета. 1989. 25 лістапада) .

І што вельмі важна, абсалютная бальшыня настаўнікаў не лічылі яе фатальнай і таму гатовыя былі аддаць усе сілы дзеля адраджэння, развіваць нацыянальныя школы.

Для многіх настаўнікаў добры прыклад адстойвання правоў беларускай мовы на законны выключна толькі для яе статус адзінай дзяржаўнай у БССР падавала выкладчыца беларускай мовы менскай сярэдняй школы Вольга Кузьміч. Яна гатовая была ўступіць у палеміку з любым аўтарытэтам, калі толькі ён займаў процілеглую пазіцыю датычна такога статусу беларускай мовы. Вось доказ з яе публікацыі ў "Звяздзе" ад 23 лістапада 1989 года: "Не магу не выказаць сваёй думкі наконт артыкула А. Падлужнага. Няўжо чалавек такога рангу, якому даверылі быць не толькі дырэктарам Інстытута мовазнаўства АН БССР, але і членам рэспубліканскай рады Таварыства беларускай мовы, сапраўды лічыць, што наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай адмоўна адаб'ецца на ўзаемаадносінах людзей розных нацыянальнасцей нашай рэспублікі, а таму, як даказвае аўтар, лепш, калі будзе двухмоўе" . Ніяк не выпадае не пагадзіцца з такой справядлівай высновай гэтай настаўніцы-патрыёткі, што, надаўшы беларускай мове статус адзінай дзяржаўнай, "ніколі ў беларускага народа не будзе варожасці да людзей іншых нацыянальнасцей. Ніколі!"

Як нішто іншае, Гарбачоўская перабудова паспрыяла і калектыву Палаца культуры Менскага трактарнага завода з большай павагай ставіцца да ўсяго нацыянальнага. Разам з настаўнікамі падшэфных школ №№ 22 і 28 яны ў 1988 годзе стварылі амаль для 40 іх вучняў клуб беларускай мовы і культуры "Радзімічы". У ім прышчаплялі" ў дзяцей любоў і павагу да роднай мовы і літаратуры, культуры, гісторыі, традыцыі і звычаяў" (Настаўніцкая газета. 1989. 22 лістапада) . Як надышоў час пасылаць такіх дзяцей у школы з беларускай мовай навучання, для іх бацькоў ужо не ўзнікала аніякіх праблем з гэтым.

1989/90 н. г. стаў годам стварэння першага беларускамоўнага класа ў старажытным горадзе Бацькаўшчыны Полацку. Арганізавалі яго ў сярэдняй школе № 7 пры самым актыўным удзеле яе дырэктара Тамары Гарэлікавай. Вучнямі гэтага класа сталі дзве выпускныя групы дзіцячага сада № 17, у якім, дзякуючы старанням загадчыцы Ірыны Машчыцкай, беларуская мова, культура не былі чымсьці чужым ні для выхавацельніц, ні для дзяцей (Настаўніцкая газета. 1989. 1 лістапада) .

Без правядзення сур'ёзнай ідэалагічнай прапаганды і агітацыі афіцыйных, так і грамадскіх арганізацый пра неабходнасць і вялікую ролю дзяржаўнага рэгулявання моўнага працэсу не ўдалося б у 1989/90 н. г. стварыць у гарадскіх агульнаадукацыйных школах рэспублікі 145 беларускамоўных класаў. За ўвесь жа пасляваенны перыяд такой прагрэсіўнай з'явы зусім не назіралася. Наадварот, ажыццяўлялася планамернае задушэнне нацыянальнага пачатку ў дзейнасці такога (і не толькі!) тыпу навучальных устаноў. З іх перспектыву мелі толькі рускамоўныя школы, у якіх у канцы 1980-х гадоў навучалася амаль 80% агульнай колькасці дзяцей (Літаратура і мастацтва. 1989. 15 снежня. С. 3) .

3. Улада выказвае прыхільнасць да беларускай мовы

Неабыякавыя да лёсу дзяржавай занядбанай беларускай мовы людзі ведалі, што нарэшце пра яе задумаліся і нават нешта робяць у самых высокіх эшалонах партыйнай і савецкай уладаў. А такое і сапраўды мела месца, што толькі радавала, будзіла нацыянальна-патрыятычныя пачуцці, за рэдкім выключэннем, ва ўсяго народа, а не толькі ў адраджэнцаў. Даволі хутка высветлілася, што распрацоўка праета Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" уяўляе сабой надзвычай складаную, незвычайную для пасляваеннай савецкай юрыспрудэнцыі справу. І гэта не складана вытлумачыць: у тыя гады на заканадаўчым узроўні ніхто ў БССР не займаўся распрацоўкай моўнай палітыкі. Самую жыццеважную для лёсу беларускага народа сферу пусцілі на самацёк, у выніку чаго перамогу за перамогай атрымлівала руская мова, якая карысталася ў нас дзяржаўнай апекай яшчэ ад часу далучэння у канцы ХVІІІ ст. беларускіх земляў да Расійскай імперыі. Бесперашкодна выходзіць у пасляваеннай Беларусі рускай мове на перадавыя рубяжы спрыялі масавае вынішчэнне ў 1930-я гады беларускай інтэлігенцыі цвёрдага нацыянальнага гарту, панесеныя ёю каласальныя страты ў гады вайны з фашысцкай Германіяй, выезд на захад многіх з тых, хто супрацоўнічаў з нямецкімі акупантамі. Бытаванне ў пасляваенны час беларускай мовы ў сельскай мясцовасці ніколькі не перашкаджала рускай мове з дапамогай партыйных і дзяржаўных функцыянераў заваёўваць пазіцыю за пазіцыяй у грамадскім жыцці рэспублікі. І вось нарэшце надышоў час пакласці канец такой несправядлівасці, прычым не якімі-небудзь гвалтоўнымі, характэрнымі для таталітарнага рэжыму метадамі, а праз прыняцце, ажыццяўленне разлічанага не на адзін год заканадаўчага акта.

(Працяг у наст. нумары.)

Леанід Лыч


Наш Чэслаў Неман

Самы дзіўны і загадкавы музыка 20 стагодзя з'явіўся на свет 16 лютага 1939 года, у год, калі здавалася рушыўся сусвет, у вёсцы Старыя Васілішкі на Гарадзеншчыне на сутыкненні двух драпежных імперый. Нарадзіўся, каб укленчыць: "Дзіўны ёсць гэты свет..." Навучаўся ў музыкальнай педагагічнай вучэльні ў Гародні. Чэслаў быў выключна адукаваным чалавекам, але вельмі сумаваў па сваіх Старых Васілішках, адкуль быў родам, і часта з'язджаў туды, прапускаючы заняткі. Як пасля згадваў у Старых Васілішках яшчэ нейкі час быў дух "старадаўняй Віленшчыны" Пасля году навучання Неман быў выключаны з вучэльні. Творчая душа Чэся не вынесла жорсткіх савецкіх "культпросветовских" рамак. У 1958 сям'я Выдрыцкіх пераехала ў Гданьск, дзе Чэслаў паступіў у вышэйшую музычную школу. У пачатку 1960-х ён ужо пачаў выступаць на польскай эстрадзе, а ў 1962 стаў удзельнікам гурта "Niebiesko-Czarni", дзе быў не толькі вакалістам, але і складаў песні. Група карысталася сусветным поспехам і нават выступала ў парыжскай "Алімпіі". У гэты перыяд Выдрыцкі ўзяў сабе псеўданім Неман (у гонар роднай ракі). Не буду зараз пералічваць шматлікія альбомы, запісы, канцэрты і іншыя дасягненні Чэслава Немана. Гэта ведаюць усе ці могуць даведацца з інтэрнэту. Хочацца зрабіць акцэнт на тым што звязвае музыку з Беларуссю.

"Я нарадзіўся ў Старых Васілішках. Тое, што нарадзіўся ў вёсцы, ужо мае, мяркую, вялізнае значэнне. Але не толькі яно. Важна таксама месцазнаходжанне маёй роднай вёскі на паграніччы Літвы і Беларусі, на палове дарогі паміж Вільняй і Гародняй. Навошта тое падкрэсліваю? З многіх нагод. Лічу, што для артыста наогул, а для музыканта ў прыватнасці, надзвычай важнае першае музычнае ўражанне. Так што я не маю на ўвазе толькі настрой, аўру дзіцячых гадоў, але перадусім тамтэйшыя мелодыі, якія сфармавалі маю музычную адчувальнасць."

А яшчэ бацька часта браў Чэсіка паслухаць спевы ў праваслаўныя храмы Гародні. Ці не таму крытыкі адзначаюць у мелодыях Чэслава Немана нешта праваслаўнае ці, дакладней, уніяцкае.

Землякі згадваюць беларускую песню з дзяцінства якую спяваў Чэслаў Неман сам для сябе і для сяброў (не для запісу).

Ветрык, вей, гані жвавей

Човен мой у Курземе...

З журбой вясёлай

сцішаныя гукі,

Нідзе мілейшых

мне не ўчуць да скону,-

Яны ніколі не даюць спакою...

Ці не нагадвае гэта песню "Czas jak rzeka"?

Дзіўны зварот да творчасці даўно забытага у Польшчы паэта Цыпрыяна Норвіда - сябра Адама Міцкевіча ў эміграцыі. Беларускі ансамбль "Песняры" называў не інакш як. "Песняры моі"

"Знаходзячыся на выступленнях у Менску, а гэта сталіца Беларусі, я выказаў здзіўленне, што ўсе наўкол размаўляюць па-руску, а не па-беларуску.

Склалася нават такое ўражанне, нібыта яны саромеюцца сваёй мовы. Задумлівы, запытаўся, як жа насамрэч выглядае справа? А мне на тое: што гэта за мова? І карыстаюцца ёй толькі цёмныя людзі "из деревни". Было гэта, аднак, колькі гадоў таму. З таго часу і там таксама справы, магчыма, змяніліся."

"У той час, як трыццаць з нечым гадоў таму, прынамсі, у нашай ваколіцы, ніхто спадарыні б не сказаў, што размаўляе па-беларуску. Тыя, хто не карыстаўся польскай мовай, казалі, што гавораць па-просту ўласнай мовай, тутэйшай. Як казалі, так казалі, але па меншай меры людзі з навакольных вёсак адчувалі сябе палякамі."

"Бацьку дабіла самота па Віленшчыне, бо ў Польшчы ён сутыкнуўся з цалкам іншым ладам жыцця.

Бо жылося дома дакладна іначай, чым тут, у сэнсе сувязей, блізкасці іншых людзей. Вось хаця б святая Вялікая Ноч, якая тут звычайна праходзіць у пакутлівай нудзе, разамлеласці, стомным маразме. Там жа наадварот - на Вялікую Ноч прыходзілі суседзі, пасля разам ішлі да суседзяў, звычайна - без запрашэння. Такі там быў звычай. Цудоўны звычай."

Так не было ў Чэслава Немана як цяпер кажуць альбо перакрыўліваюць "свядомасці" але духоўная пупавіна з Беларуссю так і засталася не парванай і ўплывала на творчасць праз усё жыццё.

Алесь Рэзнікаў.


Адчынілася чарговая "Брама"

Здаецца, зусім нядаўна пабачыў свет першы выпуск літаратурнага альманаха магілёўскіх аўтараў прыгожага беларускага слова "Брама", як хуткаплынны час прыспешыў выхад і чарговага нумару выдання. Прэзентацыя адбылася 13 лютага ў адпаведным для такой значнай падзеі культурнага жыцця гораду месцы - зале ўрачыстасцяў Магілёўскай Ратушы.

Ганаровым госцем вечара стаўся пісьменнік Валер Казакоў, які адначасова прадставіў і сваю новую кнігу, прысвечаную непасрэдна магілёўцам, гісторыі горада - "Горад, які заўсёды са мной". Вельмі цёплыя словы ён сказаў на адрас сучасных беларускіх пісьменнікаў, якіх з кожным годам нават большае, не гледзячы ні на якія абставіны ды цяжкасці, і прысутныя на вечарыне аўтары - лепшы доказ таму.

На працягу вечара яшчэ адзін госць імпрэзы - Алесь Камоцкі падтрымліваў творчы настрой сваімі цудоўнымі спевамі, у чым яму дапамог і наш мясцовы бард Васіль Аўраменка. Да музычнага мастацтва нават далучыўся Мікола Яцкоў, які выканаў некалькі песень на словы Валера Казакова.

Ну і безумоўна, кожны з аўтараў, чыя творчасць прадстаўлена ў альманаху, атрымаў магчымасць прачытаць нешта са сваіх твораў ды выказаць думкі і меркаванні, павіншаваць сяброў з такой значнай падзеяй у творчым жыцці.

Выступілі перад магілёўцамі з пажаданнямі далейшых поспехаў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Сачанка і рэдактар часопіса Алесь Пашкевіч.

На заканчэнне вечара ўсе ахвочыя не толькі набылі асобнік выдання, але і здолелі значна падвысіць ягоную гістарычную і матэрыяльную каштоўнасць праз аўтарскія подпісы сучасных беларускіх літаратараў - сваіх землякоў, побач з якімі пашчасціла жыць ды нават з некаторымі і сябраваць.

Алесь Сабалеўскі.

На здымках: 1. Валеры Казакоў. 2. Мікола Яцкоў. 3. Барыс Сачанка. 4. Яраслаў Клімуць. 5. Агульны здымак.


Мой зяць - як у людзей пяць

Зяці і цешчы на сцэне Мажэйкаўскага Дома культуры

Нядаўна ў жыхароў аграгарадка Мажэйкава Лідскага раёна адбылося свята: у Доме культуры прайшла конкурсная шоў-праграма "Мой зяць - як у людзей пяць" .

На сцэну Мажэйкаўскага цэнтральнага Дома культуры з'ехаліся таленавітыя і энергічныя цешчы і іх зяці з аграгарадкоў: Тарнова, Ганчары, Мажэйкава, Ёдкі і пасёлка Першамайскі.

Арганізатарамі конкурснай праграмы (метадыстам Лідскага РМЦНТ Некраш Г.М. і работнікамі Мажэйкаўскага ЦДК) ставілася мэта - паказаць што добрыя адносіны паміж зяцем і цешчай магчымыя, не гледзячы на тое, што незлічоная колькасць баек і анекдотаў ходзіць пра гэтыя персанажы.

Ярка і дынамічна прэзентавалі сябе удзельніцы (цешчы) у першым конкурсе - візітоўцы: чыталі вершы, спявалі прыпеўкі, прадстаўлялі фотаздымкі на мульцімедыя. Што і казаць, першы этап конкурсу ацаніць было складана, паколькі кожная цешча як магла, нахвальвала свайго зяця. Праграма адразу захапіла і ўдзельнікаў, і гледачоў.

У кім гіне талент танцора, дазволіў вызначыць конкурс побытавых танцаў. Тут і цешчы, і зяці былі роўныя. Вось ужо дзе па-сапраўднаму разгарнулася душа ўдзельнікаў праграмы. Кулінарны конкурс "Цешчыны бліны" выклікаў хвалю ажыўлення ў зале. І гэта нездарма, бо цешчы напяклі бліноў, і кожная па-свойму прадставіла свой шэдэўр, а потым гэтыя бліны пакаштаваў кожны глядач у зале. У конкурсе "Майстар" зяці, узброіўшыся малаткамі, цвікамі і дошкамі павінны былі збіць лаўку. Не на апошнім месцы ў цешчаў і зяцёў артыстычныя здольнасці, якія многія з поспехам ужываюць у паўсядзённым жыцці. Гэты талент наглядна прадэманстравалі ўдзельнікі ў творчым конкурсе.

Канкурсанты паказалі сябе таленавітымі акцёрамі з пэўнай доляй пачуцця гумару. Нават тыя, хто ўпершыню апынуўся на сцэне перад гледачамі, хутка спраўляліся з сарамлівасцю і "запальвалі" залу. Практычна кожны нумар суправаджаўся гучнымі апладысментамі гледачоў і крыкамі ў падтрымку кожнага ўдзельніка.

Вельмі цікава, з гумарам і запалам вяла праграму вядоўца Тамара Зенюкевіч.

Як і варта было здагадацца, у падобнай конкурснай праграме перамагла дружба. Лепшымі аказаліся абсалютна ўсе канкурсанты. Па-іншаму і быць не магло. Бо яны ж супер-цешчы і супер-зяці. Узнагародай для ўсіх удзельнікаў конкурсу сталі высокія ацэнкі журы і захопленыя апладысменты гледачоў. Ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідскага райвыканкама і прыдпрыемстваў (ААТ "Будаўніча-мантажны трэст №19, ААТ "Шклозавод "Нёман"", ААТ "Лідлён", ААТ "Лідаагратэхсэрвіс") ўсім удзельнікам былі ўручаны падарункі і сертыфікаты.

Гледачы атрымалі масу станоўчых эмоцый ад конкурснай шоў-праграмы і разыходзіліся вельмі задаволеныя, выказваючы надзею, што падобныя мерапрыемствы ў Доме культуры аграгарадка Мажэйкава будуць праходзіць рэгулярна.

Н. ВАЙЦЮКЕВІЧ , метадыст па этнаграфіі і фальклоры Лідскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці.


"Кальварыя" Аляксея Шалахоўскага

Пра славутыя Кальварыйскія магілкіў шматтомнай "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" няма персанальнай даведкі, двухтомнік А.М. Булыкі "Слоўнік іншамоўных слоў адзначае: "КАЛЬВАРЫЯ (ад лац. Саlwa - чэрап) - святое месца ў католікаў Польшчы, Беларусі і Літвы, куды сцякаліся набожныя, хворыя, калекі, старцы на пакаянне" .

У Менску Кальварыя - гэта могілкі і касцёл на іх. З'явіліся яны на пачатку ХХ стагоддзя на зямлі шляхетнага Васіля Макаровіча. Да месца вечнага заспакаення людзей у сваіх працах звярталася шмат чалавек, адзначым з іх толькі некаторых: Анатоль Грыцкевіч, Адам Глобус, Вольга Бабкова, Віктар Жыбуль, Ала Сакалоўская. Паэт і бард Зміцер Бартосік самотнаму кутку сталіцы прысвяціў верш "Кальварыя":

Схавалі дрэвы

ад вачэй надзейна

Майго стагоддзя

сумныя двары.

Стаю адзін

пад вежаю касцельнай.

Пахмурны дзень.

Кальварыя. Дзяды.

Менавіта з гэтага твора і пачынвецца кніжачка чальца рэдакцыйнай калегіі "Нашага слова" Аляксея Шалахоўскага "Кальварыя. Гісторыя і сучаснасць" (Менск, ТАА "Каўчэг", 2015, 100 экз.). У ёй 40 старонак, і яна багата ілюстравана здымкамі аўтара і Алеся Рэзнікава. Прысвечана выданне памяці Валянціны Адамаўны Выхоты (1922-2013). Гэта выдатная беларуска-патрыётка, якая шмат зрабіла для беларушчыны, яна многа друкавалася ў "Нашым слове" і ў часопісе "Роднае слова". Я ж з ёю асабіста пазнаёміўся на беларуска-татарскіх дзеях. Гэта яна разам са сваёй маці і бацькам ратавала беларускіх габрэяў у гады мінулай вайны, за што асабіста адзначана дзяржавай Ізраіль.

Карысна ведаць, з чаго з'явілася цікаўнасць Аляксея Шалахоўскага да Кальварыі: "У 1982 годзе наша сям'я атрымала кватэру ў раёне Кальварыі, а ўжо ў 1984 годзе мы з маці наведалі гэты гістарычны аб'ект і могілкі, якія займаюць тэрыторыю 14 гектараў".

Немагчыма пералічыць усіх, хто там пахаваны, а іх там ляжыць болей за 5000 чалавек, але аўтар уважліва, шанавальна адсочвае прозвішчы найбольш вядомых нябожчыкаў - носьбітаў беларушчыны (у т.л. і сучасных) разам са з здымкамі іх надмагілляў.

Што мяне здзівіла ў выданні, дык гэта фота "Шыльда на ўваходзе". Яно гаворыць, што гэта "Кладбище Кальварийское", што шыльда ўсталявана "Министерством культуры БССР", відавочна, я не пішу пра мову яе, але адзначаю, што болей за 20 гадоў няма БССР, але, як бачна, гэтыя могілкі нам гавораць, што мы яшчэ жывём у яе гістарычнай прасторы.

Мне гэтае выданне дужа спадабалася, неабыякавы чалавек не пройдзе міма яго, таму я спецыяльна не буду пісаць пра змест, але скажу, што ў кніжцы ёсць і звесткі пра аўтара, пра якія напішам вельмі коратка: нарадзіўся ў сталіцы ў 1975 г., мае дыплом гісторыка ад БДУ, друкаваўся болей чым у 20 газетах і іншых сродках друку, сябар ТБМ імя Ф. Скарыны з 2000 г.

Застаецца дадаць, каму аўтар выказвае сваю падзяку ў выданні кніжачкі "Кальварыя. Гісторыя і сучаснасць", у матэрыяльнай падтрымцы яе: Сяргею Бузуну, Алесю Яроменкаву, Ільясу Хусаінаву, Базылю Ермаловічу, Але Сакалоўскай, Уладзіміру Харанэку, Юрасю Цітовічу, Яўгену Старавойтаву.

Міхась Угрынскі , г. Баранавічы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX