Папярэдняя старонка: 2015

№ 13 (1216) 


Дадана: 01-04-2015,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 13 (1216), 1 красавіка 2015 г.


СА СВЯТАМ ВЯЛІКАДНЯ


Міжнародная канферэнцыя па моўных правах

Моўныя правы і іх абарону абмеркавалі ў Менску 28 сакавіка ўдзельнікі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Яна былы арганізавана Таварыствам беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Па словах старшыні ТБМ Алега Трусава, праблема моўных правоў абмяркоўвалася на прыкладах не толькі Беларусі, але і суседніх краінаў. Таму на мерапрыемства былі запрошаны спецыялісты не толькі з Беларусі.

- Гэтыя спецыялісты маюць дачыненне да беларускай мовы. З Украіны, з Расіі, з Польшчы ёсць прадстаўнік і з Літвы. Плюс многія даслалі свае тэксты, таму што не ўсе маглі прыехаць. Нашая мэта - выдаць зборнік гэтых матэрыялаў. У зборніку будзе больш тэкстаў. Улады былі запрошаныя - з розных міністэрстваў і ведамстваў. Ад іх ніякіх адказаў мы не атрымалі. Але і няма ніякага, слава богу, пярэчання. Так што, улады - самі па сабе, мы - самі па сабе.

На пленарным паседжанні і паседжаннях дзвюх секцый былі заслуханы каля 38 дакладаў тэарэтычнага, аналітычнага і прыкладнога характару па моўных праблемах і шляхах іх вырашэння.

На пленарным паседжанні былі заслуханы даклады:

А. Трусаў. Роля беларускай мовы ў фармаванні нацыянальнай эліты.

М. Пастухоў. Да пытання пра законнасць рэферэндуму 1995 г. і пра перспектывы развіцця заканадаўства аб мовах (зачытала А. Анісім).

В. Стэфановіч. Дзяржаўныя мовы Рэспублікі Беларусь: аналіз заканадаўства і правапрымяняльнай практыкі.

Т. Марусік (Украіна). Державна мовна політика в Украині останнього десятиліття і внесок громадськіх організацій у реалізацію її окремих аспектів.

А. Чайчыц (Расія). Беларуская мова: законнае права і арэна для развіцця культуры дыялогу ў Беларусі.

Б. Пякарская (Польшча). Асветніцкая дзейнасць Аб'яднання АББА.

А. Лозка. Беларуская мова і культура ў адпаведнасці з Канвенцыяй ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення.

Т. Фадзеева. Судаводства па-беларуску: заканадаўчае рэгуляванне і практычныя праблемы.

М. Сляпцова (Літва). Міжнароднае прававое рэгуляванне моўных правоў. Магчымасць прымянення міжнародных прававых стандартаў у выпадку Беларусі

Д. Тушынскі. Адукацыя ў сферы моўных правоў: ірландскі досвед і беларускія перспектывы

У прыватнасці Барбара Пякарская з Беластока, прадстаўніца Аб'яднанне бацькоў на карысць беларускай мовы (АБ - БА) падрабязна распавяла пра тое, як намаганнямі жыхароў горада захоўваецца беларускамоўнае асяроддзе.

- У такім вялікімі горадзе, ваяводскім, не зацікаўлены, каб пашыраць беларускасць. Зацікаўлены былі мы, бацькі, і таму ад 20-ці гадоў працуем у гэтым кірунку. Найперш, ствараючы ўмовы для навучання ў садку, потым у пачатковых школах і ліцэі. І за гэтыя 20 гадоў мы, як грамадская арганізацыя, якая абапіраецца на працу толькі выключна бацькоў і настаўнікаў, зрабілі вельмі многа. 20 гадоў таму ў Беластоку беларускай мове амаль ніхто не вучыўся. І за гэты час колькасць тых, хто вывучае беларускую мову ад нуля ўзрасла да 300 вучняў, - распавяла Барбара Пякарская. Хаця агульныя тэндэнцыі і кепскія. Малыя мовы пад моцным ціскам моў вялікіх. Ангельская, нямецкая, французкая могуць спатрэбіцца паўсюдь. А беларуская? Нават у Беларусі цяжка пагаварыць на роднай мове, не кажучы ўжо пра тое, каб вучыцца на ёй. Але здавацца нельга. І паспяховы прыклад Беластока як раз пераконвае ў гэтым, - кажа Барбара Пякарская.

Развіццё і абарона беларускай мовы знаходзіцца зараз амаль цалкам у руках грамадзянскай супольнасці, - лічыць беларускі публіцыст Алесь Чайчыц, які зараз жыве ў Маскве. Выступаючы на канферэнцыі, ён падкрэсліў, што дзяржава ставіцца абыякава да абароны беларускай мовы. На яе трэба ўвесь час ўздзейнічаць, каб дабіцца нейкіх пазітыўных зрухаў у абароне мовы.

- Становішча вельмі дрэннае. Беларуская мова дэ-факта не з'яўляецца дзяржаўнай мовай у Рэспубліцы Беларусь. Не можа ісці размова ні пра якое раўнапраўе беларускай мовы і расейскай мовы, ні пра які поўнавартасны рабочы статус мовы ў Рэспубліцы Беларусь. І гэта вельмі дрэнна. Гэта парушэнне моўных правоў, гэта вялікая шкода беларускай мове як элементу культурнай спадчыны беларусаў усіх, незалежна ад месца іхняга пражывання. У такой сітуацыі грмадзянская супольнасць Беларусі, як унутры краіны так і за яе межамі, павінна ўзмацніць сваю дзейнасць па абароне мовы. І дзейнічаць актыўна, сучасна, крэатыўна. Сам лад мыслення і дзеянняў беларускіх грамадскіх дзеячоў павінен змяніцца, быць максімальна несавецкім, максімальна прагрэсіўныў. Трэба гэтаму вывучыцца і рэалізоўваць гэта ў жыцці, - сказаў Алесь Чайчыц.

Удзельнікі канферэнцыі прынялі рэзалюцыю, у якой адзначылі, што ў некаторых краінах неад'емнае права на карыстанне роднай мовай парушаецца і ігнаруецца. Удзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі падтрымалі намаганні сусветнай супольнасці, выкладзеныя ў Канвенцыі ЮНЕСКА і накіраваныя на ахову і заахвочванне разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення, у тым ліку і моў.

Генадзь Барбарыч , Беларускае Радыё Рацыя. На фота :Т. Марусік, Б. Пякарская, А. Чайчыц і Алег Рудакоў з Іркуцка.


УЛАДЗІМІРУ БАСАЛЫГУ - 75

Уладзімір Самойлавіч БАСАЛЫГА, мастак-графік. Нарадзіўся 01.04.1940 г. у Слуцку. Вучыўся ў СШ № 10, займаўся ў студыі выяўленчага мастацтва гарадскога Дома піянераў і школьнікаў (кіраўнік У.С. Садзін). Скончыў Менскае мастацкае вучылішча (1960) і Дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1967, цяпер - БелАМ). Вучыўся ў А. Мазалёва, Г. Вашчанкі, У. Стальмашонка. Жыве ў Менску.

У рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаўках удзельнічае з 1963 г. З 1971 г. сябар Беларускага саюза мастакоў. Працуе ў тэхніках літаграфіі, афорту, лінагравюры, акварэлі. У 1966-70 гг. - галоўны мастак Упраўлення мастацкай прамысловасці Міністэрства мясцовай прамысловасці БССР. У 1971-80 гг. - галоўны мастак Мастацкага фонду БССР. З 1989 г. - на выкладчыцкай рабоце ў Акадэміі мастацтваў, дацэнт кафедры графікі, з 1995 г. дэкан мастацкага факультэта Акадэміі мастацтваў. У 2001 г. абраны старшынём Беларускага саюза мастакоў. У 2004 г. на гэту пасаду абраны паўторна.

Пераважная большасць творчых работ Уладзіміра Басалыгі тэматычна звязаны з гістарычна-культурнай спадчынай Беларусі. Сярод іх: серыя "Помнікі дойлідства Беларусі" (каляровая літаграфія, 1977-1984), серыя "Мова наша родная" (каляровая літаграфія, 1987-1990), серыя "Радзіма мая дарагая" (літаграфія, з 1981). У тэхніцы каляровай літаграфіі зроблены шэраг работ, прысвечаных помнікам гісторыі і архітэктуры Слуцка - "Мікалаеўскі сабор", "Слуцкая гімназія", "Слуцкая жаночая гімназія".

За асабістыя дасягненні ў галіне выяўленчага мастацтва ў 1991 г. узнагароджаны медалём імя Францыска Скарыны. Лаўрэат шматлікіх рэспубліканскіх, усесаюзных і міжрэспубліканскіх конкурсаў па мастацкім аздабленні кнігі, за ўдзел у якіх мастаком атрымана больш за сорак дыпломаў. У іх ліку: аздабленне альбома "Гравюры Францыска Скарыны" (разам з братам М. Басалыгам, 1972 г.) - дыплом імя Ф. Скарыны на Рэспубліканскім і дыплом 3-й ступені на Усесаюзным конкурсе "Мастацтва кнігі" (1973); ілюстрацыі да кнігі В. Віткі "Ладачкі-ладкі" (разам з А. Лось і Н. Паплаўскай, 1978 г.) - дыплом Ф. Скарыны на Рэспубліканскім конкурсе і дыплом 1-й ступені на Усесаюзным конкурсе "Мастацтва кнігі" (1978). Ілюстраваў творы беларускіх пісьменнікаў Н. Гілевіча, П. Броўкі, М.Танка, У. Караткевіча, С. Шушкевіча, Л. Геніюш і інш.

Вікіпедыя.


75 гадоў з дня нараджэння Ўладзіміра Мархеля

Уладзімір Іосіфавіч МАРХЕЛЬ (па пашпарту 28.03.1940, в. Жыгалкі, Стаўпецкі раён - 26.08.2013) - беларускі літаратуразнавец і паэт.

Нарадзіўся ў сям'і службоўцаў. Скончыў сярэднюю школу імя Я. Коласа ў в. Мікалаеўшчына (1957) працаваў малатабойцам у калгасе, рабочым ачышчальнага забою на шахце ў Навашахцінску Растоўскай вобл. (Расія). У 1964 скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта БДУ. У 1964-1969 выкладаў расейскую мову і літаратуру ў школах - у вёсцы Стадолічы Лельчыцкага раёна, Валожыне, Менску, працаваў у газеце "Менская праўда", старшым рэдактарам у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа АН БССР, малодшым навуковым супрацоўнікам у Аддзеле навуковай інфармацыі па грамадскіх навуках. З 1978 - навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я. Купалы АН БССР. Кандыдат філалагічных навук. Член СП СССР (з 1988).

Дэбютаваў вершамі ў 1954 у стаўпецкай раённай газеце "Голас селяніна". З 1957 выступае ў рэспубліканскім друку як паэт і літаратуразнавец. Аўтар кнігі "Лірнік вясковы: Сыракомля ў беларуска-польскім літаратурным узаемадзеянні" (1983), "Вяшчун славы і волі" (1989), "Крыніцы памяці" (1990). Укладальнік зборнікаў твораў В. Каратынскага (1981) і Я. Лучыны (1988, 2001), "Санетаў" Адама Міцкевіча (1998), кнігі Станіслава Манюшкі "Ліра мая для спеваў: Рамансы і песні на словы Уладзіслава Сыракомлі" (з В. Скорабагатавым) (1998), зборніка "Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Беларуская польска-моўная паэзія ХІХ стагоддзя" (1998), кнігі твораў Зоф'і Манькоўскай (2004). За сваю плённую працу быў уганараваны прэміяй Polcul (1998).

Як навуковы рэдактар зборніка "Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей. Культурна-гістарычны і літаратуразнаўчы аспекты праблемы" (2002) адзначаны прэміяй Прэзідэнтаў Акадэмій навук Беларусі, Украіны і Малдовы (2004). Спрычыніўся да акадэмічнага выдання "Гісторыі беларускай літаратуры ХІХ - пачатку ХХ стагоддзя" (2007, 2010): быў рэдактарам і аўтарам раздзелаў 2-га тома.

З польскай на беларускую пераклаў асобныя творы Я. Купалы, В. Дуніна-Марцінкевіча, У. Сыракомлі, В. Каратынскага, Я. Лучыны, Я. Каханоўскага, Л. Стафа, Ю. Тувіма, Р. Дабравольскага, Б. Драздоўскага і інш. Пахаваны на Паўночных могілках Менска.

Вікіпедыя.


8-я Агульнацыянальная дыктоўка ў Гародні

28 сакавіка ў Гародні адбылася дыктоўка з нагоды Дня волі. Яна прайшла восьмы раз. У дыктоўцы ўдзельнічалі каля ста трыццаці чалавек. Арганізатарамі выступілі "Мова Нанова" і "Гарадзенская бібліятэка".

Удзельнікі пісалі тэкст аўтарства Зоські Верас, напісаны ў 1916 годзе. Раней яна была актывісткай Гарадзенскага гуртка беларускай моладзі, які дзейнічаў у горадзе да Першай сусветнай вайны. Чытала дыктоўку паэтка Ала Петрушкевіч. Пасля заканчэння выступіў бард Віктар Шалкевіч.

Гарадзенская дыктоўка была прысвечаная стагоддзю беларускай школы. Але гісторык Андрэй Чарнякевіч зазначыў, што першая афіцыйная беларуская школа паўстала ў Вільні 13 лістапада 1915 года. У Гародні школка адкрылася крыху пазней, аб чым паведаміла 21 сакавіка 1916-га газета "Гоман". Размяшчалася яна на вуліцы Маставой пры праваслаўным манастыры, на месцы якога цяпер драмтэатар. Настаўнікамі працавалі Тэкля Станішэўская і Аляксандар Грыкоўскі, абое памерлі ад сухотаў праз тры гады.

Напачатку 1920-га ў горадзе нядоўгі час існавалі тры беларускія школкі. Пры канцы года нават была заснаваная гімназія. Пазней адзін час у беларускай школе ў Гародні налічвалася каля чатырохсот вучняў і восем настаўнікаў. Канец беларускамоўнай адукацыі ў горадзе быў пакладзены ў 1927 годзе. Пасольскі клуб "Змаганьне" рабіў захады, каб аднавіць навучанне дзяцей на беларускай мове. Аднак польскія ўлады гэтага не дазво лілі.

Радыё Свабода. На здымках: 1. Чытае дыктоўку Ала Петрушкевіч. 2. Удзельнікі дыктоўкі.


У Гародні прайшла літвечарына да 175-годдзя Ф. Багушэвіча

На сустрэчу памяці закладальніка беларускай літаратуры прыйшлі выкладчыкі і студэнты Гарадзенскага ўніверсітэта, пісьменнікі і школьнікі. Вечарына пад назвай "Той люд жыве, што песні свае мае" прайшла 24 сакавіка. Пра сустрэчу расказала арганізатар Любоў Турмасава , загадчык аддзела краязнаўства:

- Праз вечарыну мы хацелі ўшанаваць асобу Багушэвіча, які быў пачынальнікам беларускай літаратуры і гісторыі. Трэба ганарыцца чалавекам, які прыклаў шмат намаганняў, каб зрабіць свой Гарадзенскі край сапраўды беларускім. Да арганізацыі свята далучыліся студэнты, якія будуць чытаць вершы Багушэвіча. Мы хочам, каб яны вучыліся на лепшых узорах беларушчыны.

На вечарыне выступіў выкладчык ГрДзУ Аляксей Пяткевіч . Ён зазначыў, што ў савецкі час пра Багушэвіча гаварылі мала, бо яго нацыянальныя ідэі прыраўноўвалі да контррэвалюцыйных. А пры сённяшней уладзе захоўваецца энерцыя тых часоў. Ён першы кінуў кліч: "Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!", ён першы вызначыў этнічныя межы Беларусі ад Вільні да Чарнігава. Колас, Гарэцкі - іх мы добра ведаем і называем пачынальнікамі беларускай літаратуры. Але ж Багушэвіч працаваў на дзесяцігоддзі раней! Хоць можа сёння яго вершы, напісаныя ў традыцыях 19-га стагоддзя, здаюцца цяжкаватымі. Расказаў Пяткевіч і пра сямейную драму Багушэвіча: ні жонка, ні дзеці не сталі паслядоўнікамі бацькі. Што праўда, жонка пасля яго смерці зберагала рукапісную спадчыну, якая потым знікла.

Ала Петрушкевіч , якая нядаўна сышла з ГрДзУ, "апраўдала" дзяцей паэта:

- Быць беларусам на гэтай зямлі значыць прынесці сябе ў ахвяру. Гэта значыць страціць працу, еднасць з сям'ёй. У нас ёсць прыклад Камілы Марцінкевіч, якая прыняла ідэі бацькі. Яе чакалі суд, турма, Сібір і, як вынік, скалечанае жыццё. Таксама яна расказала пра сяброўства таленавітых паэтаў: Францішка Багушэвіча і Элізы Ажэшкі. Ісці па шляху беларушчыны няпроста. Выбірайце, юныя сябры! - звярнулася яна напрыканцы да моладзі.

Старшыня абласнога аддзела Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч і некаторыя гарадзенскія паэты прачыталі вершы, прысвечаныя Багушэвічу. Ансамбль "Заранка" і ансамль каледжа мастацтваў праспявалі песні на яго вершы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня.


Беларуская мова ў беларускіх універсітэтах

Старшыні Грамадскага

аб'яднання "Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

А.А. Трусаву

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адказ на Ваш ліст ад 27.01.2015 № 46 накіроўваем інфармацыю пра развіццё і функцыянаванне беларускай мовы ў МДЛУ.

Наш універсітэт мае сваю пэўную моўную спецыфіку. У вучэбных планах універсітэта каля 70% акадэмічных гадзін складаюць вучэбныя дысцыпліны на замежных мовах (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, італьянскай, кітайскай, карэйскай, турэцкай, арабскай і інш.). Астатнія 30% складаюць вучэбныя дысцыпліны на рускай і беларускай мовах. Падобная сітуацыя назіраецца і з выданнем вучэбна-метадычных комплексаў і іншых вучэбных і навуковых матэрыялаў.

Справаводства ў МДЛУ вядзецца на беларускай і рускай мовах. Адказ на ўсю ўваходную беларускамоўную карэспандэнцыю даецца на мове звароту, г. зн. на беларускай мове.

Дадаткова паведамляем, што ў мэтах пашырэння магчымасцей арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове ва ўніверсітэце ажыццяўляюцца наступныя мерапрыемствы:

1. У адпаведнасці з вучэбнымі планамі МДЛУ новага пакалення, зацверджанымі 28.08.2013, выкладаецца вучэбная дысцыпліна "Сучасная беларуская мова" па ўсіх спецыяльнасцях і на ўсіх факультэтах з формай бягучай атэстацыі "экзамен" (раней студэнты здавалі залік). Экзамен уведзены з мэтай узмацнення статусу вучэбнай дысцыпліны.

Дадаткова на факультэце міжкультурных камунікацый вывучаецца вучэбная дысцыпліна "Беларуская мова і культура маўлення", а на перакладчыцкім факультэце - "Беларуская мова ў прафесійных мэтах". ' Акрамя таго, у новых вучэбных планах усіх спецыяльнасцей захавана вучэбная дысцыпліна "Беларуская літаратура ў кантэксце сусветнай", выкладанне якой пачалося па рашэнні Савета ўніверсітэта.

Такім чынам, з увядзеннем новых вучэбных планаў значна павялічыўся аб'ём выкарыстання беларускай мовы ў навучальным працэсе.

2. На сённяшні дзень каля 25% студэнцкіх навуковых прац і дакладаў выконваецца на беларускай мове і па праблемах беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства.

3. Ажыццяўляецца падрыхтоўка студэнтаў па спецыялізацыях "Беларуская мова і літаратура" і "Беларуская мова як замежная" (у межах напрамку спецыяльнасці "Сучасныя замежныя мовы (выкладанне)"). Студэнты, якія навучаюцца па гэтых спецыялізацыях, фактычна з'яўляюцца беларускамоўным патокам.

4. Выкладанне інтэграванага модуля "Гісторыя: Гісторыя Беларусі (у кантэксце цывілізацый свету)" на ўсіх факультэтах і па ўсіх спецыяльнасцях ажыццяўляецца на беларускай мове.

5. Штогод ствараюцца групы для вывучэння азнаямляльнага курса "Беларуская. мова" для студэнтаў-пачаткоўцаў (пераважна замежных студэнтаў) на першым курсе ўсіх факультэтаў.

6. Ажыццяўляецца выкладанне курса "Беларуская мова" ў аспірантуры.

7. 13.06.2014 г. пасля абмеркавання на Савеце ўніверсітэта, а таксама на паседжанні рэктарата быў зацверджаны "План мерапрыемстваў па актывізацыі дзейнасці кафедр універсітэта па развіцці перакладу з замежных моў на беларускую мову", які прадугледжвае пашырэнне беларускамоўнай перакладчыцкай дзейнасці студэнтаў у межах практыкі, а таксама ў межах супрацоўніцтва з Выдавецкім домам "Звязда" і часопісам "Маладосць" (публікацыя перакладаў студэнтаў).

Такім чынам, МДЛУ задавальняе патрэбы студэнтаў па вывучэнні беларускай мовы і па навучанні на беларускай мове.

Беларуская мова ўжываецца таксама і ў выхаваўчым працэсе ўніверсітэта. Пазааўдыторныя мерапрыемствы праводзяцца на розных мовах, у тым ліку на беларускай. Беларуская мова таксама прысутнічае і ў студэнцкіх газетах. Увогуле студэнты клапатліва і з павагай ставяцца да беларускай мовы і культуры.Так, пры Цэнтры беларускай мовы і культуры МДЛУ дзейнічае студэнцкі клуб "Гасцёўня", які ладзіць рэгулярныя сустрэчы з дзеячамі літаратуры і мастацтва Беларусі, супрацоўнікамі выданняў "Маладосць", "Бярозка", "Полымя", "Літаратура і мастацтва", а таксама літаратурныя сустрэчы, прысвечаныя юбілеям беларускіх пісьменнікаў.

Рэктарат універсітэта падтрымлівае ўжыванне беларускай мовы ў адукацыйным і выхаваўчым працэсах, а таксама ўсе намаганні па распаўсюджванні беларускай культуры, у тым ліку і за межамі Беларусі. Так, МДЛУ забяспечвае дзейнасць Цэнтра беларускай мовы і культуры на базе Усходнекітайскага педагагічнага ўніверсітэта (Шанхай, КНР) і садзейнічае пачатку працы такога цэнтра ў Другім пекінскім універсітэце замежных моў (Пекін, КНР).

Савет універсітэта працуе на дзвюх мовах - рускай і беларускай. Усе выкладчыкі ўніверсітэта валодаюць беларускай мовай і могуць карыстацца ёю ў прафесійных мэтах.

Рэктар універсітэта Н.П. Баранава.


Беларуская мова ў Белтэлерадыёкампаніі

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Белтэлерадыёкампанія вядзе пастаянную работу, накіраваную на папулярызацыю і пашырэнне сферы ўжытку беларускай мовы. У 2014 годзе вяшчанне Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, радыёканала "Культура", радыёстанцыі "Сталіца" амаль цалкам ажыццяўлялася на беларускай мове. Аб'ём беларускамоўнага вяшчання міжнароднага радыё "Беларусь" склаў каля 25%.

Так, Першы нацыянальны канал Беларускага радыё з'яўляецца рэспубліканскім беларускамоўным вяшчальнікам, які кругласутачна трансліруецца на тэрыторыі ўсёй Беларусі, а таксама ў краінах далёкага і блізкага замежжа. Мэтавая аўдыторыя канала - прадстаўнікі ўсіх узроставых катэгорый і сацыяльных груп. У эфірнай сетцы канала больш за 50 арыгінальных радыёперадач уласнай вытворчасці. Аснова вяшчання - інфармацыйныя, аналітычныя, культурна-пазнавальныя і музычныя перадачы.

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё не толькі вяшчае на беларускай мове, але і шмат увагі надае моўнаму выхаванню сваёй аўдыторыі. Так, у 2014 годзе штодзённа ў эфіры гучала адукацыйная праграма "Моўныя хвілінкі", прысвечаная актуальным пытанням развіцця сучаснай літаратурнай беларускай мовы, моўным працэсам, што адбываюцца зараз, а таксама асаблівасцям выкарыстання некаторых слоў.

Літаратурна-мастацкія перадачы "Нам засталася спадчына", "Дыярыуш", "Вячэрняя казка", "Дабравесце ад паэзіі", "Радыёсерыял", "Літаратурны калейдаскоп" і інш. распавядалі пра вытокі беларускай мовы і культуры, дэманстравалі ўнікальнасць, мілагучнасць і непаўторнасць беларускага слова, знаёмілі з творчасцю выдатных беларускіх пісьменнікаў, паэтаў, публіцыстаў.

Распаўсюджванню беларускай мовы сярод маладога пакалення спрыялі тэматычныя праграмы для дзяцей і моладзі "Адкрытая пляцоўка", "Маладыя таленты Беларусі", "Эрудыт" і інш.

Радыёстанцыя "Сталіца" - адзіная ў Беларусі беларускамоўная маладзёжная радыёстанцыя FМ-фармату. У 2014 годзе ў эфіры гучала 32 перадачы (інфармацыйна-аналітычныя, культурна-пазнавальныя, музычныя і інш.).

Вяшчанне радыёканала "Культура" ажыццяўлялася амаль цалкам на беларускай мове. Сярод асноўных беларускамоўных праектаў 2014 года можна вылучыць наступныя: "Літаратурная анталогія", "Радыётэатр плюс", "Гасцінец", "У рытме дня", "Праз плынь стагоддзяў", "Музейныя схованкі", "Ружа вятроў", "Мэры Попінс", "Скрыжаванне", "У кампаніі з культурай", "Вячэрні палёт", "Радыётэатр. Лепшае", "Музычны радыётэатр", "Новыя імёны".

Беларускамоўнае вяшчанне міжнароднай радыёстанцыі "Беларусь" у 2014 годзе складала каля 3 гадзін штодзённа. Сетка вяшчання ўключала наступныя грамадска-палітычныя, культурна-пазнавальныя і забаўляльныя праграмы на беларускай мове: "Беларусь у люстэрку падзей", "Розгалас", "Зямля, што нам дадзена лёсам", "Беларусы ў свеце", "Наш Мінск: даўніна і сучаснасць", "Беларусь ад "А" да "Я", "Геастратэгія: у кантэксце супрацоўніцтва", "Магія слова", "Зялёны сусвет", "Эканамічны агляд", "Беларусь прапануе", "Беларускія старонкі", "Падарожжа ў глыбінку", "Сацыяльнае партнёрства", "Беларусь і ААН: у імя міру і прагрэсу", "Агляд прэсы", "Беларусь - агульны дом", "Дух часу: сустрэчы ў музеі", "Сгесіо: веснік каталікоў Беларусі", "Спартыўная панарама".

Тэлеканалы Белтэлерадыёкампаніі маюць дыферэнцыраваны падыход да выбару мовы. Выкарыстанне беларускай мовы ў эфіры ажыццяўляецца з улікам тэматычнага напрамку тэлеперадач. У асноўным гэта культуралагічныя, дзіцячыя і гістарычныя праекты.

Найбольш шырока беларуская мова ўжываецца ў эфіры культуралагічнага тэлеканала "Беларусь 3". У 2014 годзе беларускамоўныя праекты займалі 68% ад агульнай колькасці праграм уласнай вытворчасці тэлеканала. Штотыднёвае вяшчанне тэлеканала на беларускай мове складала капя 40%. Гэта не толькі ўласныя праекты Белтэлерадыёкампаніі, але і дакументальныя, мастацкія, мультыплікацыйныя стужкі, канцэрты і спектаклі. Аснову сеткі вяшчання канала складалі наступныя беларускамоўныя праекты: "Дабраранак", "Дыя@блог. Пра літаратуру", "Дыя@блог. Пра мову", "Дыя@блог. Р.S.", "Калейдаскоп", "Калыханка", "Музеі", "Навукаманія", "Надвор'е", "Наперад у мінулае", "Размаўляем па-беларуску", "Размовы пра духоўнае", "Сіла веры", "Таямніца душы", "Хіт-парад".

Самы малады тэлеканал Белтэлерадыёкампаніі "Беларусь 5" таксама спрыяе распаўсюджванню беларускай мовы. Беларускамоўным праектам тэлеканала з'яўляецца "Відэачасопіс Лігі чэмпіёнау УЕФА". Беларуская мова гучыць у выпусках спартыўных навін і ў праграме "Агляд тура Англійскай футбольнай лігі", а таксама падчас шматлікіх тэлетрансляцый.

На іншых тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі ў 2014 годзе выходзілі наступныя беларускамоўныя перадачы.

Тэлеканал "Беларусь 1" - "Навіны рэгіёна", "Навіны надвор'я", рубрыка "Надвор'е" у выпусках навін, "Існасць", сюжэты ў выніковай інфармацыйнай праграме "Панарама", міжпраграмныя анонсы.

Тэлеканал "Беларусь 2" - "Беларуская кухня", відэачасопіс "Футбол. Ліга чэмпіёнаў УЕФА" і асобныя трансляцыі спартыўных мерапрыемстваў.

Тэлеканал "Беларусь-24" - "Існасць", "Дыя@блог", "Каталіцкія святыні Беларусі", "Відэаэнцыклапедыя Беларусі", "Навукаманія", "Наперад у мінулае", "Размаўляем па-беларуску", "Сіла веры", "Слова Мітрапаліта", "Слоўца", "Таямніца душы", "Зямля беларуская", "Навіны надвор'я", "Навіны рэгіёна", "Палескі пачастунак", "Песні маёй краіны", "Эпоха", што складае 3% ад агульнага аб'ёму вяшчання. Тэлеканал арыентаваны на рускамоўную глядацкую аўдыторыю.

На тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі ў 2014 годзе было паказана 62 дакументальныя, 9 мастацкіх і 8 мультыплікацыйных стужак на беларускай мове вытворчасці РУП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" і ВГРУП "Беларускі відэацэнтр".

Беларускамоўная версія сайта Белтэлерадыёкампаніі сёння знаходзіцца ў стадыі мадэрнізацыі, вядзецца работа па напаўненні і ўдакладненні шматлікіх яго раздзелаў.

З павагай,

Дырэктар галоўнай дырэкцыі

"Інфармацыйна-аналітычны цэнтр" Н.А. Ільінская.


97-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі

Дзень Волі ў Менску адсвяткавалі больш за 1000 чалавек

25 сакавіка ў Менску традыцыйна святкавалі ўгодкі абвяшчэньня незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Не гледзячы на тое, што акцыя адбывалася ў працоўны час, колькасьць людзей, якія ўзялі ў ёй удзел, была значнай - падчас збору фіксавалася да 950 чалавек, у часе шэсця колькасць удзельнікаў дасягала 2000 чалавек.

Заяўнікі вырашылі адмовіцца ад мітынгу ў парку Дружбы народаў. Паводле старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, па-першае, мітынгі не выклікаюць вялікай цікавасці ва ўдзельнікаў, а па-другое, арганізатары не здолелі даставіць на акцыю гукаўзмацняльную апаратуру.

Удзельнікі аздобілі акцыю бел-чырвона-белымі сцягамі, сцягамі Ўкраіны і Еўразвязу. Сярод лозунгаў на расцяжках: "Што за бульба без укропа?", "Расея - гэта вайна", "Stop імперыя!", "Сегодня грызут Украину, завтра возьмутся за нас!", "Крым - Украіне, шчасця краіне". Такім чынам, як адзначылі арганізатары акцыі, цэнтральнай тэмай мерапрыемства стала салідарнасць з Украінай.

У шэсці, якое прайшло ад пляцоўкі каля кінатэатра "Кастрычнік" па праспекце Незалежнасці і вуліцы Сурганава да ўваходу ў парк Дружбы народаў, узялі ўдзел Аляксандр Мілінкевіч, Аляксей Янукевіч, Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч, Лявон Баршчэўскі, Рыгор Кастусёў, Віталь Рымашэўскі, моладзевыя лідары Зміцер і Наста Дашкевічы, Мікола Дземідзенка і іншыя.

Радыё Свабода.


У Вільні адзначылі Дзень Волі

Старэйшыя беларускія арганізацыі Літвы ў Вільні адзачылі 97-ыя ўгодкі самага вялікага нацыянальнага свята - Дня Волі.

Вільня - магчыма адзіны горад, дзе традыцыя святкавання Дня Волі ніколі не перарывалася. Яшчэ ў міжваеннай Вільні штогод збіраліся беларусы, каб ушанаваць гэту адну з найвялікшых дат у жыцці нацыі. У той час гэта было адно з асноўных святаў беларусаў-віленчукоў. У беларускай гімназіі гэты дзень быў выходным. У цэрквах розных канфесій (каталіцкай, праваслаўнай, метадыстаў) ладзілі набажэнствы ў гонар 25 сакавіка. Не перарвалася гэтая традыцыя і ў страшныя часы камуністычнага тэрору, калі беларусы-віленчукі таемна збіраліся ў сябе ў кватэрах і ўзгадвалі дату.

Сёлета святкаване стала працягам узгаданай традцыі.

Добрай звычкай становіцца тое, што да святкавання далучаюцца прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў і з розных краін. Гэтым разам да нас далучыліся грамадзяне Азейрбайджана і Алжыра.

Святочную праграму ўпрыгожылі скрыпачка - Даля Шашальгене, піяністка - Саўле Лапенайтэ, якія выканалі шматлікія музычныя творы, у тым ліку паланез М.К. Агінскага "Развітанне з Радзімай".

Для гасцей быў паказаны дакументальны фільм "Далёка нам яшчэ да БНР", які пазнаёміў іх з гіторыя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Мерапрыемства арганізавалі і правялі:

- Таварыства беларускай культуры (в.а. старшыні Васіль Акуневіч);

- Асацыяцыя "Крывія" (старшыня Зміцер Карачун);

- Беларуская нацыянальная памяць (старшыня Анатоль Міхнавец);

- Віленскае беларускае таварыства палітычных вязняў і ссыльных (старшыня Валянцін Стэх).

Аргкамітэт.


У Варшаве адзначылі Дзень Волі

Беларусы Варшавы згуртаваліся ў мінулую нядзелю - 22 сакавіка - пад помнікам Тадэвушу Касцюшку, каб адзначыць Дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля мітынгу калона беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі, спяваючы беларускія гімны, рушыла цэнтральнымі вуліцамі польскай сталіцы. Дэманстрацыя з'яўляецца знакам, што мы таксама маем права на існаванне, - лічыць адзін з удзельнікаў акцыі, гісторык з Магілёва Сяргей Ношка:

- Гэта вельмі добры знак для беларусаў, тут у Варшаве паказаць, што Беларусь - гэта не штосьці на ўсходзе, а таксама дзяржава, якая атрымала сваю незалежнасць нават раней, чым Польшча. У гэтым годзе свята беларускай незалежнасці аб'яднала розныя нацыянальнасці. Прадтрымаць беларусаў прыйшлі таксама палякі, украінцы, татары і нават расіяне. Кажа прадстаўнік аб'яднання "За вольную Расею", масквічка Валянціна Чубарава:

- Мы з маімі сябрамі спадзяёмся, што хутка не будзе такім дзіўным убачыць на такіх акцыях расейскі сцяг таму, што ў расейскай імперскай свядомасці нават Украіну з цяжкасцю адпускаюць. Бачна, як да гэтага ставяцца, а Беларусь увогуле не ўспрымаюць усур'ёз. Гэтую імперскую свядомасць трэба разбураць і мяняць стаўленне да Беларусі - паважаць у ёй незалежную краіну.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел болей за 100 чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя.


Першы Дзень Волі ў Чарнігаве

Шэсце з лозунгам "Жыве Беларусь" і бел-чырвона-белы сцяг на галоўнай плошчы. Так адзначылі Дзень Волі ва ўкраінскім Чарнігаве. У мерапрыемстве паўдзельнічала каля двух дзясяткаў чалавек. Сярод іх - чарнігаўскія беларусы, ветэраны АТА і прадстаўнікі мясцовай "Самаабароны". Пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка кажа, што арганізатары намагаліся зладзіць свята ў нефармальнай атмасферы:

- Мы імкнуліся ўсё зрабіць так, каб гэта не было пафасна, каб не было з сумнымі прамовамі нейкімі і пазяханнямі ў далоньку. Разам з арганізатарамі прыйшлі да высновы, што найбольш аптымальны фармат святкавання - гэта аналаг ірландскага Дня св. Патрыка. То бок людзі сабраліся ў нейкай кавярні з нацыянальнай сімволікай, потым прайшліся шэсцем па цэнтральных вуліцах з нашымі лозунгамі.

Украінец беларускага паходжання Сяргей Багукалец зацікавіўся сваімі беларускімі каранямі пасля наведвання музычнага фэсту "Bee Free", які праходзіў у 2008 годзе ў Чарнігаве. Сёлета ён вырашыў спрычыніцца да святкавання Дня Волі ў сваім горадзе, бо ва ўкраінскай моладзі існуе вялікая зацікаўленасць Беларуссю:

- У 2012-2013 гадах ва ўмовах рэжыма Януковіча мы праводзілі Дзень Волі ў Чарнігаве неафіцыйна. Адзін раз ладзілі малітву з беларускім святаром Яўгенам Ордам. На жаль, сёлета ён не змог удзельнічаць у мерапрыемстве, бо знаходзіцца на фронце. У 2012-ым годзе мы віншавалі беларусаў, якія прыязджалі ў Чарнігаў на гомельскім цягніку, каб яны не забываліся на свае нацыянальныя святы. Увогуле трэба сказаць, што ўкраінская моладзь з вялікай цікаўнасцю ставіцца да беларускай музыкі, якая паказвае, што Беларусь - гэта не толькі трактары, калгасы і савецкія партызаны. Чарнігаў - прыпамежны з Беларуссю горад. Паводле дадзеных перапісу насельніцтва, на Чарнігаўшчыне пражывае каля 7 тысячаў этнічных беларусаў, але да нядаўняга часу прадстаўнікі беларускай нацыянальнай меншасці практычна ніяк не ўдзельнічалі ў грамадскай дзейнасці.

Мікола Бянько, Юлія Сівец. Радыё Рацыя, Чарнігаў.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў красавіку

Абакунчык Галіна Абрамовіч Віталь Мар'янавіч Адынец Сяргей Азёма Ўладзімір Пятровіч Аксак Валянціна Іванаўна Аляксандраў Уладзімір Аляхновіч Андрэй Пятровіч Анацка Дзмітры Юр'евіч Андрэенка Таццяна Пятроўна Апяцёнак Мікалай Мікалаевіч Арлоў Сяргей Аляксеевіч Астапаў Сяргей Фядосавіч Астапенка Аляксандр Астапеня Рыгор Яўгенавіч Астраўцоў Сяргей Аляксанд. Атрашэнка Сяргей Нікіфар. Ашурык Андрэй Міхайлавіч Багдановіч Юры Ўладзіміравіч Балушэўская Ірына Бандарэнка Зінаіда Аляксандр. Барскі Віктар Яўгенавіч Барысевіч Даніла Андрэевіч Басякова Аліна Болтак Аляксандр Брылеўская Наталля Міхайл. Будай Людміла Була Ўладзімір Бульянкова Яніна Бухоўская Яніна Быль Віталь Анатольевіч Вайцаховіч Зінаіда Афанас. Вайцаховіч Эдуард Антонавіч Вайцяховіч Марыя Вакар Людміла Ўладзіміраўна Валадзько Вадзім Пятровіч Валахановіч Анатоль Іосіфавіч Валынец Алена Варган Віталь Васільеў Павел Аляксеевіч Ваўкавец Яўген Вераб'ёў Віталь Вінаградаў Павел Юр'евіч Войкель Павел Анатольевіч Вярбоўская Ірына Гагалінская Людміла Гаеўская Аляксандра Рамуал. Гапановіч Іван Гарадовіч Ала Леанідаўна Гарэлікава Тамара Пятроўна Гасюк Марына Гладкая Анастасія Мікалаеўна Гоеўская Алеся Грыгаркевіч Вадзім Юр'евіч Грынявецкая Надзея Канстанц. Грынявіцкі Юры Анатольевіч Гуркова А. А. Дарафейчык Ганна Дарашкевіч Ягор Даўгашэй Галіна Аляксандр. Дземідзенка Анастасія Алякс. Дзенісевіч Ніна Дзінгілеўскі Віталь Віктаравіч Дзьячкоў Алег Уладзіміравіч Дзябёлая Алена Віктараўна Дзягілева Галіна Дзям'яненка Алесь Мікалаевіч Доўкша Ірына Драйліх Алена Ўладзіміраўна Дубіцкая Сцяпаніда Дулько Вольга Дундалевіч Людміла Ельяшэвіч Ірына Ермаловіч Канстанцін Уладзім. Завадская Алена Міхайлаўна Занкевіч Вольга Захарэвіч Алена Міхайлаўна Зверава Тамара Мікалаеўна Зелянеўская Аксана Міхайл. Зіноўева Святлана Іванова Ніна Ільніцкі Кірыла Іўчына Таццяна Сяргееўна Кадушкевіч Іван Антонавіч Казлова Тамара Іванаўна Казловіч Алена Камлюк Алесь Антонавіч Канановіч Аляксандр Алякс. Канапацкі Вадзім Караленя Жанна Сямёнаўна Карповіч Алесь Аляксандр. Касая Ганна Кастусёў Рыгор Андрэевіч Касьянчык Святлана Васіл. Кацэвіч Ірына Мікалаеўна Качан Алена Станіславаўна Кашалькова Марыя Якаўлеўна Кашэль Кастусь Кісялёва Святлана Кніт Уладзімір Міхайлавіч Краснасельскі Дзяніс Красоўская Наталля Леанід. Красюк Фёдар Крэцкі Віталь Кузьміна Дар'я Міхайлаўна Кузьняцоў Канстанцін Канст. Кулак Віктар Уладзіміравіч Кулаковіч Уладзімір Уладзім. Кульбака Аляксандр Пятровіч Курачыцкі Андрэй Курэпін Мікіта Кусянкова Любоў Яўгенаўна Лавіцкі Мікола Емельянавіч Лакуцін Сяргей Дзмітрыевіч Латушка Раман Андрэевіч Леановіч Аляксандра Леванцэвіч Лена Васільеўна Літвіноўская Алеся Генадз. Лічко Ўладзімір Яўгенавіч Лука Алена Вячаславаўна Лысая Наталля Львова Ганна Леанідаўна Ляхоцкая Алена Ляшчоў Віктар Ляшчук Святлана Васільеўна Максімовіч Кацярына Малец Надзея Малічэўскі Павел Віктаравіч Мамантава Любоў Манько Алеся Маразюк Анатоль Васільевіч Марачкіна Ірына Леанідаўна Марозава Наталля Анатол. Марчук Дзмітры Іванавіч Маслюкоў Тэльман Віктаравіч Матвеева Ганна Мацвеева Таццяна Віктараўна Мельнікава Ала Міцкевіч Вольга Ўладзімір. Міцынская Валянціна Алякс. Несцяровіч Антаніна Андр. Пазнухова Васіліса Міхайл. Паклонская Людміла Панкоў С.А. Паплаўны Анатоль Уладзімір. Папоў Ігар Селівёрставіч Парэчына Зінаіда Паўлаўна Петрашэвіч Арцём Плахатнюк Святлана Паўлаўна Пракаповіч Георгі Дзмітрыевіч Прашкуратава Аляксандра А. Пушкіна Яніна Пшанічны Юры Рыгоравіч Пяткевіч Дзяніс Пятроўская Лізавета Рабецкая Таццяна Юр'еўна Райчонак Ада Эльеўна Рудакоў Алег Васільевіч Русецкі Сяргей Васільевіч Савельева Таццяна Анатол. Савіч Валер Уладзіміравіч Сагановіч Ларыса Ўладзімір. Сакалуха Алесь Іванавіч Саладкевіч Ганна Міхайлаўна Санько Яна Сяргееўна Сацута Іван Уладзіміравіч Свярцоў Мікалай Аляксандр. Селуянава Ала Сівук Кацярына Сідараў Сяргей Сільнова Людміла Данілаўна Сіўковіч Валянціна Мікал. Скідан Аляксандр Пятровіч Соркіна Іна Валер'еўна Станіславенка Ганна Рыгор. Статкевіч Андрэй Ігаравіч Сташулёнак Іван Іванавіч Стрыжак Андрэй Сяргеевіч Сулецкая Ніна Андрэеўна Сцянук Валянціна Андрэеўна Сяцко Таццяна Сяргееўна Таболіч Алена Ўладзіміраўна Тарарака Алена Токць Сяргей Міхайлавіч Труноў Віктар Іванавіч Тушынскі Дзяніс Міхайлавіч Усціновіч Юры Федуковіч Вольга Мікалаеўна Філіпчанка Дзяніс Уладзімір. Фінагенаў Антон Аляксандр. Фурс Антон Віктаравіч Фэйгіна Сафія Георгіеўна Фясенка Іван Іванавіч Хаданёнак Марыя Іванаўна Хадаровіч Ганна Ўладзімір. Харытонаў Сяргей Уладзімір. Хлапянюк Наталля Андрэеўна Царук Юлія Целеш Лявон Сцяпанавіч Цехановіч Зміцер Цурпанаў Валадар Цярохін Уладзімір Станіслав. Цярэшка Васіль Яўгенавіч Чаеўская Ала Канстанцінаўна Чарняўская Святлана Сярг. Чарткоў Алег Алегавіч Чырэц Дзмітры Аркадзьевіч Шапялевіч Валянціна Рыгор. Шаўра Юры Міхайлавіч Шаўцоў Раман Ігаравіч Шашкель Ніка Пятроўна Шкобрава Вольга Піліпаўна Шруб Васіль Ануфрыевіч Шук Надзея Шут Павел Васільевіч Шчукін Міхаіл Уладзіміравіч Шчыракова Ларыса Шэршань Генадзь Аляксандр. Яблонскі Зміцер Міхайлавіч Яловік Павел Ірэніюшавіч Ярмоленка Васіль Сцяпанавіч Яфімовіч Юлія Паўлаўна Яцэнка Вольга



15 красавіка ў канферэнц - зале Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы

пройдуйць 3-я Лідскія чытанні, прысвечаныя 175-м угодкам з дня нараджэння бацькі беларускай нацыі Францішка Багушэвіча .

Пачатак у 11.00. Уваход вольны.


УЛАДЗІМІРУ АЗЁМУ - 50

АЗЁМА Уладзімір Пятровіч - актыўны сябра ТБМ імя Францішка Скарыны. Нарадзіўся 4.04.1965 г. у пас. Капцэвічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобл. Бацькі - Азёма Пятро Хведаравіч і Ганна Мацвееўна - усё жыццё працавалі ў пасёлку (тата - на гароднінасушыльным заводзе, мама - медсястрой), выгадавалі чацвярых дзяцей. Гэта было няпроста, паколькі тата быў інвалідам 2-й групы з часоў Вялікай Айчыннай вайны з прастрэленай рукой і нагой. Аднавяскоўцы ўзгадваюць бацькоў добрым словам. Адчуваецца - яны і сёння дапамагаюць дзецям, хаця даўно адышлі ў лепшы свет. У 1982 г. Уладзімір закончыў Капцэвіцкую сярэднюю школу, у 1987 г. Менскі радыётэхнічны інстытут па спецыяльнасці інжынер - сістэматэхнік, да 1994 г. працаваў інжынерам у навукова-даследчым эканамічным інстытуце. Да 2006 г. працаваў у якасці прадпрымальніка. У 2006-2012 гг. - інжынер паста кантролю РУП "Белдарцэнтр" і старэйшы інспектар Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Рэспублікі Беларусь. У 2013 г. - супрацоўнік ТАА "Свіат". З 2014 г. - супрацоўнік службы бяспекі міжнароднага ўніверсітэта "МІПСА". Жыве ў Менску, жонка Ірына Анатольеўна заўсёды знаходзіць час пацікавіцца і дапамагчы мужу ў справах. Выхавалі траіх дзетак.

На працягу многіх год Уладзімір Азёма дапамагае ладзіць літаратурна-музычныя і творчыя вечарыны з удзелам музыкаў, пісьменнікаў. І ўдзіцячым садочку, і ў школе, і ў дзіцячым доме з удзячнасцю прымаюць у падарунак кнігі беларускіх вершаў, казак. Некалькі год таму пабачыў свет выпушчаны сумесна з кампаніямі БелТон-Медыя і "Сотвар" праект "Азбука-чытанка для маленькіх" па беларуску, якая чакае перавыдання. Яна стала папулярнай таму, што ў нязмушанай форме можна адначасова слухаць і чытаць дзецям разам з бацькамі вершыкі беларускіх класікаў пра звяроў і птушак, прысвечаныя кожнай літары. Разам з У. Пучынскім і Ю. Цыбіным выступіў прадзюсарам праектаў "Музыка Беларусі ХVIII стагоддзя" і "Музыка Беларусі ХIХ стагоддзя", якія распачалі серыю "Культура Беларусі ХVI - XX стагоддзяў".

На шматлікіх беларускіх кірмашах стаў пазнавальным вобраз дзядзькі - пасечніка ў саламяным брылі і нацыянальным строі, беларускі куточак, дзе прадстаўлена наша геральдыка, арнамент, гісторыя ў розных выявах і асобах.

У гэты год авена па ўсходнім календары верыцца, што ён паспрыяе і дапаможа палепшыць нашае жыццё.

Памяркоўны авен

нам заўжды дапаможа,

Прамінаюць гады,

усвядоміць хай кожны -

Залатое руно

ёсць у нас, Беларусы!

Толькі прэч адхіліце

чужыя спакусы,

Бараніце, як колісь,

спадарства, панове

І Пагоню, і Сцяг,

і даверцеся Мове!

Віншуем шчырага сябра ТБМ Уладзіміра Азёму з юбілеем і зычым веры ў беларускую Беларусь.

Я. Грынкевіч.


Усенародны рух за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай (да 25-годдзя Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" - 26 студзеня 1990 г.)

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Асабліва шырокі доступ такім артыкулам даваўся газетай пасля надрукавання ў першыя дні снежня 1989 года праекту Закона "Аб мовах у Беларускай ССР". У самой газеце яго змясцілі 9 снежня, а яе наступны нумар ад 13 снежня адкрываўся перадавым артыкулам "Гісторыя дала нам шанц" свайго супрацоўніка Анатоля Аўрамчыка. Пачынаўся ён не пафасна, а горкімі, тужлівымі словамі з перажытага беларускай мовай: "Не трэба баяцца праўды - мы ішлі злачынным шляхам: спакваля тапталі мову - аснову нацыі, душу народа, а значыць, асіміліравалі, асуджалі на бязроднасць дзесяцімільённы народ". Вялікі сэнс праекту Закона А. Аўрамчык справядліва бачыў у тым, што ён мае на мэце "фарміраванне сацыяльнага заказу на веданне, ужыванне і развіццё беларускай мовы ў рэспубліцы".

Каб правільна ўявіць сабе, наколькі агульнаадукацыйнай школе Беларусі няпроста было стаць нацыянальнай, спашлюся на такі факт: у 1989/90 н. г., г. зн. на 4 - 5 годзе перабудовы, у рускамоўных школах Гомельшчыны і ў Полацку было адкрыта толькі па аднаму беларускамоўнаму класу. У Магілёве ж не мелася аніводнай беларускамоўнай школы (Настаўніцкая газета. 1989. 13 снежня) . Было б памылковым меркаваць, што занятыя ў рускамоўных агульнаадукацыйных школах настаўнікі з вялікай ахвотай падтрымаюць іх паступовы перавод на беларускую мову, як гэта было закладзена ў праекце Закона. Затое сельскія настаўнікі, працуючы ў беларускамоўных школах, вельмі прыхільна ставіліся да яго. "Зрушыў усё ў маёй душы, - пісала настаўніца пачатковых класаў Мазалаўскай школы Віцебскага раёна А. Дружкова, - толькі што прачытаны праект Закона Беларускай ССР аб мовах. Мне здаецца, што дзень прыняцця Закона стане святам у жыцці кожнага свядомага, кожнага жыхара нашай рэспублікі" (падкрэслена мною. - Л.Л. ). Яна не сумнявалася ў тым, што роднае слова загучыць "на нашых беларускіх прасторах на поўны голас, з радасцю і любоўю" (Настаўніцкая газета. 1989. 13 снежня).

Апраўдана, што ў шэрагу агульнаадукацыйных школ да абмеркавання праекту Закона аб мовах падключылі і саміх школьнікаў. Такое мела месца і ў Касцянёўскай няпоўнай сярэдняй школе Слонімскага раёна. Свой ліст у "Настаўніцкую газету" (надрукаваны 23 снежня 1989 г.) у падтрымку праекта Закона аб мовах падпісалі 44 настаўнікі і вучні.

Педагогі, мо як ніякая іншая катэгорыя інтэлігенцыі, больш за ўсё крытыкавалі праект Закона аб мовах за расцягнутасць тэрмінаў уводу ў дзеянне яго датычных адукацыі артыкулаў. На такой пазіцыі стаяў і аўтар артыкула "Скараціць тэрміны" ("Настаўніцкая газета", 23 снежня 1989) кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў. А вось адведзены на абмеркаванне такога важнага праекту час з поўнай падставай лічыў незаслужана сціслым. Заканчваўся артыкул слушнай прапановай аўтара: "Прадугледзець стварэнне незалежных грамадскіх камісій для атэстацыі праз год усіх партыйных і савецкіх работнікаў наконт ведання гісторыі, культуры, беларускай і рускай мовы, пры гэтым прадугледзець павышэнне заробку на 10 - 15 рублёў (тады гэта былі грошы. - Л.Л. ) тым асобам, якія паспяхова вытрымаюць усе іспыты" .

А вось як тлумачылі сваю нязгоду з залішняй працягласцю ўводу некаторых артыкулаў Закона аб мовах настаўнікі і вучні 7-й школы Калінкавіч (усяго 141 подпіс): "…беларуская мова трапіла ў такое становішча, што яе патрэбна ратаваць больш рашуча. Таму мы за скарачэнне тэрміну, які вызначаны на вывучэнне роднай мовы" (Настаўніцкая газета. 1990. 17 студзеня).

Станоўча, што ў выяўленні сваёй зацікаўленасці да палажэнняў праекта Закона аб мовах педагогам гуманітарыям ніколькі не ўступалі іх калегі, занятыя выкладаннем прыродазнаўчых дысцыплін. Сярод апошніх варта адзначыць сапраўднага рупліўца роднага слова доктара геолага-мінералагічных навук, прафесара, загадчыка кафедры фізічнай геаграфіі Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута Б. Гурскага. Самую высокую адзнаку праекту Закона ён даў за прысутнасць у ім палажэння аб наданні беларускай мове статусу дзяржаўнай. У яго змешчаным у "Настаўніцкай газеце" (23 снежня 1989) артыкуле "Не толькі энтузіязм" прапаноўвалася не марудзіць з прапагандай аб пільнай патрэбе ўжывання роднай мовы, выказвалася незадаволенасць, што яшчэ і ў апошнія месяцы 1989 года ў педінстытуце не было створана Таварыства беларускай мовы.

Абмяркоўваючы праект Закона аб мовах, настаўнікі ўносілі прапановы не толькі датычна сферы сваёй дзейнасці. Так І. Говар цалкам абгрунтавана, абачліва крытыкаваў некаторыя артыкулы праекта Закона за іх двухсэнсовасць. Такое відаць з наступных яго слоў: "Лічу патрэбным у пэўных артыкулах выключыць магчымасць лавіраваць: "альбо… альбо". На тое і Закон, каб быць дакладным, ясным, строга акрэсленым, не двухсэнсоўным, каб выключыць усялякую магчымасць разглядаць па-свойму" . Справядліва не пагаджаўся ён са зместам артыкула № 8: "Мовай справаводства на прадпрыемствах (у тым ліку саюзнага падпарадкавання) з'яўляецца беларуская мова, а пры неабходнасці руская" , бо, слушна заяўляў І. Говар, "зусім незразумела, што гэта за "неабходнасць" і для чаго яна прадугледжана, прыдумана" (Настаўніцкая газета. 1989. 27 снежня).

Аналагічнае выказвалася і многімі іншымі аўтарамі, што пісалі ў розныя газеты. Усе іх справядлівыя заўвагі не былі ўлічаны, а калі пасля ўвядзення ў краіне прэзідэнцкай сістэмы кіравання прынялі новы закон аб мовах і ў ім артыкулаў з такой дзвюхсэнсоўнасцю значна павялічылася, гэта дазволіла палітыкам практычна цалкам вызваліць грамадскае жыццё ад абслугоўвання яго беларускай мовай і гэтым самым амаль давесці яе да скону.

У тыя лічаныя да прыняцця Закона аб мовах дні рэдакцыя "Настаўніцкай газеты" не толькі не шкадавала старонак для вядзення палемікі чытачоў вакол яго, але і змяшчала артыкулы чыста навуковага, тэарэтычнага плана з тым, каб дапамагчы настаўніцтву больш глыбока ўсвядоміць ролю моўнага фактару ў лёсе беларускага народа ўвогуле. Шмат чаго карыснага пра гэта можна было пачэрпнуць з артыкула Івана Сотнікава "Душой загаварыць" ("Настаўніцкая газета", 13 студзеня 1990) , хаця б, скажам, з такой высновы: "У нашым складаным становішчы менавіта мова, перш за ўсё, з'яўляецца тым звяном, за якое можна выцягнуць на свет залаты ланцуг поўнакроўнага нацыянальнага існавання… Мова - носьбіт духоўнай магутнасці нацыі" . У тагачаснага настаўніка, думаю, хапала ведаў, каб разумець, што выкінутая не па сваёй волі на задворкі грамадскага жыцця беларуская мова не з'яўляецца такім носьбітам.

Пасля знаёмства са зместам выказванняў па праекце Закона аб мовах атрымліваеш вялікае задавальненне ад рашучага пратэсту людзей супраць афіцыйнага беларуска-рускага двухмоўя, бо яно і сапраўды прывяло б роднае слова карэннага насельніцтва рэспублікі да скону. А такое ж злачыннае двухмоўе не пераставалі навязваць самыя адпетыя бальшавіцкія ідэолагі да апошніх дзён абмеркавання праекту Закона аб мовах. Добра разабраліся людзі з такім выразам у праекце "на беларускай або рускай мове" , сцвярджаючы, што гэта адкрывае нацыянальным нігілістам, ворагам Беларушчыны шырокую магчымасць не пускаць беларускую мову ў грамадскае жыццё, што акурат і пацвердзілася на практыцы пасля травенскага рэферэндуму 1995 года. Менавіта такі зыход добра прадбачыў аспірант Менскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага В. Кушнярэвіч, што выніке з яго артыкула "Ні ў Варонежы, ні ў Парыжы" ("Настаўніцкая газета", 20 студзеня 1990) . Як будучы навуковец ён меў права дазволіць сабе трохі паразважаць у сваім сціслым па памерах допісе над недарэчнай моўнай сітуацыяй у БССР. Сучасны стан беларускай мовы назваў катастрафічным і ў гэтым, вядома, не памыляўся. "З прыняццем Закона аб яе дзяржаўнасці, - выказваў упэўненасць, - Беларусь перастае быць пасмешышчам ва ўсяго свету. Наша рэспубліка адзіная на Зямлі, дзе можна не ведаць родную мову (выснова не састарэла і на сёння! - Л.Л. ), дзе ведаць яе непрыстыжна" . Як і многія, лічыў, што "шматлікія "або" і "пры неабходнасці" (ужываць беларускую ці рускую мовы. - Л.Л. ) зводзяць практычна да нуля многія добрыя палажэнні праекту" . В. Кушняровіч прапаноўваў уладам не баяцца даць прывілеі беларускай мове ў нашым краі, бо тут жа спрадвеку жыве беларускі народ.

Што ў беларускага слова з'явілася нарэшце неблагая перспектыва акрыяць, сведчыла неабыякавасць да яго лёсу такой прагрэсіўнай, перспектыўнай катэгорыі грамадства, як студэнцтва, што ў належнай ступені выявілася падчас абмеркавання Закона аб мовах. Спашлюся на артыкул "Вярнуць былыя назвы" ("Настаўніцкая газета", 27.12. 1989) студэнта БДУ імя У. Леніна Ўладзіміра Пучынскага. Яго допіс у газету пачынаўся словамі: "Радуе той факт, што за беларускай мовай замацоўваецца статус дзяржаўнай… не варта ламаць дзіды, даказваючы, што дзяржаўнай мовай рэспублікі павінна быць нейкая іншая ці дзве". Дзяржаўнай мовай, як справядліва лічыў студэнт, "павінна быць толькі мова, якая дала назву рэспубліцы".

Нацыянальна зарыентаваныя колы беларускага грамадства хвалявала пэўная пасіўнасць навукоўцаў у пытаннях удасканальвання моўнай сітуацыі ў рэспубліцы. Многія чакалі, у тым ліку і аўтар дадзенай публікацыі, ад гэтай прэстыжнай, уплывовай катэгорыі інтэлігенцыі не меншай актыўнасці, чым гэта мела месца ў перыяд міжваеннай беларусізацыі. На вялікі жаль, спадзяванні не спраўдзіліся, чаго не магла не ўлічваць у сваёй паўсядзённай дзейнасці ТБМ Акадэміі навук БССР. Яго сябрам належала выканаць немалы аб'ём працы, прычым архіскладанай, важнай, адказнай па ўводзе беларускай мовы ў навуковы ўжытак, бо ад гэтага ва многім залежаў яе лёс. Пахвальна, што такое вельмі добра ўсведамляла сабе кіраўніцтва ТБМ АН БССР, яго сябры. Іх праца ў час абмеркавання праекту Закона "Ад мовах у Беларускай ССР" заслугоўвае толькі станоўчай адзнакі. Яны нават палічылі патрэбным і на адным са сваіх пасяджэнняў абмеркавалі пытанне аб пашырэнні ўжытку беларускай мовы ў дзіцячых дашкольных установах АН БССР, з чым, як і ў іншых месцах, мелася шмат цяжкасцяў.

Неабходна заўважыць, што ў нас здавён-даўна вельмі запушчанай у нацыянальна-моўным плане з'яўлялася сістэма грамадскага дашкольнага выхавання, бо да Гарбачоўскай перабудовы ўжо не адзін дзясятак гадоў працавала амаль цалкам у рускім культурна-моўным рэчышчы. У гарадах у яго можа не ўвайшоў толькі менскі дзіцячы сад "Заранка", у чым заслуга не толькі яго загадчыцы Галіны Прымы, але і шэрагу пісьменнікаў - частых наведвальнікаў гэтай выхаваўчай установы. У ёй беларускую мову пачалі выкарыстоўваць у працы з дзецьмі яшчэ ў пачатку 1980-х гадоў, на што меліся згода, зацікаўленасць іх бацькоў - пераважна прадстаўнікоў розных катэгорый інтэлігенцыі.

Было б памылковым думаць аб адсутнасці ў некаторых людзей, цэлых калектываў негатыўнага антынацыянальнага погляду на праект Закона "Аб мовах у Беларускай ССР". Мела месца такое і ў Чачэрскім раёне. Да пачатку студзеня 1990 года яго кіраўніцтва так і не выклала сваю пазіцыю датычна праекту Закона аб мовах. Маўчалі пра яго мясцовыя журналісты. Пра тое надзённае пытанне пісалі і гаварылі ў асноўным толькі настаўнікі беларускай мовы. І ўсё ж такое абыякавае стаўленне да яе трэба лічыць хутчэй за выключэнне, чым за паўсюдную з'яву.

Агульнанацыянальны характар абмеркавання праекту Закона аб мовах вынікае з таго, што ён не пакінуў у абыякавасці самыя шырокія гушчы народа. Разам з нацыянальнай элітай, высокаадукаванымі коламі грамадства бралі слова, каб выказаць шчырую радасць у сувязі з гэтай нагоды, і самі, як прынята пісаць і казаць, шараговыя людзі, да прыкладу, работнік Бялыніцкага раённага вузла сувязі А. Скамейка. Вось некаторыя вытрымкі з яго невялічкага допісу "І дзецям, і ўнукам" у "Настаўніцкую газету" (13 студзеня 1990) : "Як прамень святла - праект Закона аб мовах. Спачатку на адным дыханні, а потым больш удумліва чытаў гэты дакумент… Значыць, не будзе беларуская мова мёртвай мовай… Толькі б хутчэй увесці ў дзеянне Закон, каб не перанеслі, не адмянілі! А каб гэтага не здарылася, давайце з заўтрашнягя дня, не, з гэтай хвіліны, размаўляць па-беларуску".

Падобных па тоне выказванняў шмат змяшчалася ў перыядычным друку, а яшчэ больш іх паступала на адрас Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, што давала яму ўсе падставы да канца давесці распачатую справу па наданні беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы, чаго так настойліва дамагаліся самыя прагрэсіўныя, самыя нацыянальна здаровыя пласты яе жыхароў. Не пагаджалася з такім падыходам да вырашэння моўнага пытання толькі нацыянальна дэградзіраваная, начыста адарваная ад культурна-моўных традыцый Бацькаўшчыны частка насельніцтва. Небяспека існавала толькі ў тым, што ў гэтую баластавую частку грамадства ўваходзілі ўплывовыя ў палітычным кіраўніцтве рэспублікі асобы, у якіх хапала адміністрацыйнага рэсурсу пры любых зручных абставінах павярнуць кола гісторыі ў адваротным кірунку. Але гэта яны зробяць некалькімі гадамі пазней, калі ў краіне ўсталюецца прэзідэнцкая сістэма кіравання.

Розныя фактары паспрыялі беларусам задумацца пра гаротны лёс занядбанай уладамі роднай мовы і што трэба рабіць па яе выратаванні. Думаю, што галоўны з гэтых фактараў - усё ж практычная дзейнасць ТБМ, асабліва пасля надрукавання праекту Закона аб мовах. Заўважваючы карэнны паварот агульнасаюзных партыйных і савецкіх органаў улады да нацыянальных моваў нярускіх народаў, сябры Рэспубліканскай Рады на сваім паседжанні ў пачатку снежня 1989 года прынялі зварот да Вярхоўнага Савета СССР і народных дэпутатаў СССР ад Беларусі. У ім было заяўлена: "Зберагчы беларускую мову, вярнуць яе беларусам і ўсяму чалавецтву (праўдзівыя словы!- Л.Л. ), можна толькі надаўшы ёй статус адзінай дзяржаўнай мовы на тэрыторыі рэспублікі" (Настаўніцкая газета. 1989. 9 снежня).

У перадапошнія да прыняцця праекту Закона дні, як ніколі да гэтага, актыўна працавалі з людзьмі многія першасныя суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны, знаходзячы ў іх патрэбную для сябе падтрымку. Так, калі ў Рэспубліканскім аддзяленні Жылсацбанка БССР адкрыўся рахунак ТБМ імя Ф. Скарыны, у першыя ж дні на яго паступалі сродкі ад выдавецтва "Навука і тэхніка" АН БССР, Гомельскага хімзавода імя 50-годдзя СССР, Вылічальнага цэнтра Мінфіна БССР, ад ганарараў з шэрага публікацый у часопісах і газетах, ад амерыканскага спевака беларускага паходжання Данчыка і з іншых крыніц.

Актывізацыі ўвагі людзей да беларускай мовы спрыяла правядзенне ў снежні 1989 - пачатку 1990 года раённых (гарадскіх) устаноўчых канферэнцый ТБМ. У Гродне яна прайшла пад дэвізам "Лёс мовы - лёс народа". У яе працы ўдзельнічала больш за 400 дэлегатаў. Адкрыў канферэнцыю старшыня гарвыканкама В. Кудравец. За старшыню гарадской рады ТБМ абралі пісьменніка Аляксея Пяткевіча, яго намеснікамі сталі паэтэса Данута Бічэль-Загнетава, дырэктар СШ № 26 Валянцін Швяцоў. Неўзабаве пасля канферэнцыі на абласным тэлебачанні адкрылі канал "Студыя ТБМ".

(Працяг у наст. нумары.)

Леанід Лыч


Па матэрыялах архіва Смолічаў

Да дня народзін Смоліч Аляксандры Ігнацьеўны (12 сакавіка 1897 года па ст. ст.).

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Верагодна, вяртаючыся думкамі ў Менск часоў маладосці, узгадваючы свайго любага мужа - "чалавека крыштальна чыстай душы" , Алеся Смоліч імкнулася захаваць у памяці назаўсёды моманты сямейнага шчасця. Рукапіс успамінаў менскага перыяду Аляксандра Ігнацьеўна назвала "Кропелькі жыцця". Вучнёўскі сшытак, з тэкстам напісаным чырвоным стрыжнем, раз за разам перачытваецца ў сям'і Моас, таму лічбавыя копіі рукапісу былі перададзены ў Літаратурны музей М. Багдановіча. Улічваючы ўнікальнасць матэрыялу, прыводжу расчытку рукапіса цалкам.

"Кропелькі жыцця"

Ар. С-чу.

Максім: Глядзі, Котка, тату скажу, ты па-расейску гаворыш!

*

26 чэрвеня 1919 г., у доме Кантаровіча на Александраўскай вул. (цяпер ім. Горкага) радзілася дзяўчынка з яснымі блакітнымі вочкамі і цененькімі, як шнурочак броўкамі.

Акушэрка паказала дзіцё шчаслівай пасля перанясённай мэнкі мацяры, завінула ў пялюшку дзяўчынку і палажыла яе на другі ложак, а сама схілілася да парадзіхі.

Зацікаўлены Максімка, яму тады было 1 год і 3 месяцы, падышоў да сястрычкі, ціхенька ткнуў пальчыкам у яе тварык і кажа "Кыты-кы-ты!". Так і засталася гэтая мянушка навароджанай на доўгія гады. Пасля трохі пераіначалі, сталі зваць дзяўчынку "Котачка", а сапраўднае імя - Ганна ўсталявалася толькі тады, калі прыгожая, статная, падобная да бацькі Котка стала студэнткай. Таварышы сталі яе клікаць "Аней", перашло гэта і ў сям'ю.

*

Роды былі цяжкія. Але трэба нечым жа падтрымаць сілы парадзіхі. Бабушка (Ганна Восіпаўна) недзе прыхавала на гэты час кавалачак сухой вяндлінкі і сасмажыла на ёй для сваёй Шурачкі яешню. А вучыцелька Вера Аляксандраўна Кільчэўская прынесла нейкі дужа смачны пляцэк з аўсянай мукі. Хлеба настаяшчага ў тыя часы ня кожны меў. Але Вера Аляксандраўна была вялікім майстрам з нічога зрабіць нешта добрае. З чорнай мелясы і аўсянай мукі яна магла спячы такі торт, як бы гэта было не ў 19-м годзе, а …. ну, напрыклад, у 1964-м з добрай менскай кавярні.

*

Кільчэўская В.А. - гэта настаўніца. Працавалі яны з Алесяй у адной школе на Юраўскай вуліцы. Жылі разам на адной кватэры ў Кантаровіча.

*

Вопратка, адзенне.

Мусіць ня толькі сям'я С-ў, але і ўсе савецкіе людзі таго часу адзяваліся вельмі скромна, нават бедна.

Кільчэўская навучыла Алесю рабіць на вяроўчанай падашве пантофлі, сандалі, рымлянкі. Верх абутку шылі з палатна. Мелі мы калодкі (шавецкія) для рознага размеру кожнай сям'і, шпагат, цвікі, клей, картон. Прадавалася ўсё гэта ў спецыяльных крамах на Нізкім рынку. І для лета такі абутак быў вельмі зручны, нават прыгожы.

А яшчэ раней у 1917 годзе ў дзень вяселля С-ў, перад тым, як ехаць да Кацярыненскай царквы вянчацца, Алеся зайшла да Дзюнечкі (Аркадзь Смоліч) у яго пакойчык на Прэабражэнскай вуліцы, застала яго за пільнай, але не па яго спецыялізацыі справай. Земскі статыстык рамантаваў свае калошы, каб не свяціць у іх дзюркамі ў часе нашай сямейнай урачыстасці.

І пасля шлюбу жонцы часта прыходзілася аднаўляць мужнюю вопратку, прышываць латачкі на пільчак, або і добрые латы на штаны, бо яны неяк хутка прасіджваліся. І Алеся аккуратненька штукавала, падбіраючы рыску да рыскі, тады адзенне выглядала, як новае.

І сама С-ха ніколі не захаплялася ніякімі шыкарнымі жаночымі ўборамі, не выносіла і гутаркі аб іх з якой другой кабецінай. Ні запасаў бялізны, ні адзення ў сям'і не было. Да гэтага, прывучаліся і дзеці.

Аднойчы ў 1923 ці 1924 годзе муж з жонкай пайшлі ў тэатр на балет Айседоры Дункан. Яна - басаножжа танцавала "Інтэрнацыянал", трымаючы ў руках кавалак чырвонай матэрыі, які ў часе танцу ўсё павялічваўся і ўрэшце паклаўся на ўсю сцэну. Мусіць гэта значыла, што інтэрнацыянал захопіць увесь свет. Пасля тэатру дома Алеся ў сваёй спальні, распрануўшыся перад сном, у старэнькай залатанай кашульцы, абхінуўшыся нейкім празрыстым кавалкам матэрыі, стала дурэць, падражаючы, быццам у танцы Дункан, шмарганула да нізу слабенькую начную кашулю і запэўняла свайго Дзюнечку, што хаця і ў рызманах, але яна самая, самая шчаслівая жанчына у свеце. І ў доказ, вялікі кавалак празрыстага матарыялу лёг па ўсёй спальні.

*

Уся сям'я ніколі не сядзела дома без работы. Праўда, трохі гультаяваты быў дзед Ігнат Антонавіч. У розных установах працаваў ён рэвізорам-бугальтэрам. Штодзённа пасля абеду ён доўга спаў, а потым увечары абавязкова хадзіў на спацэр. Трохі ён і заляцаўся. Але яго любілі ўнукі, слухалі яго. Зваў ён Максіма "Малаточкам", Котку "Белкай", а Марыльку - "Зоркай". У добрым настроі, (а ў яго ён заўсёды быў добрым) звычайна разам да ўсіх дзяцей звяртаўся "Точкі, Тоцкі", спяваць …(?) - рэвалюцыйныя песні падабаліся. Калі большыя падраслі, пашлі вучыцца ў ВУЗы, пасля 1937 году ён акуратна дасылаў ім грашовую дапамогу ў Ленінград. Памёр у 1952 г.

Ар. Ан-ч не цярпеў ніякага марнатраўства часу, і ў яго ніводная хвілінка не прападала дарэмна. Да сваёй навуковай і педагагічнай працы ён адносіўся з захапленнем і дужа сумленна. Не любіў работаць у прытык і абы як, заўсёды меў свой асобны стол, і парадак на ім быў толькі самаму гаспадару вядомы. Прасіў, каб ніхто з сям'і не прыбіраў у яго, толькі адной Алесе давяралася навесці чыстату ў кніжных шафах, паліцах і на пісьменным стале. Бібліятэка ўласная была досыць багатая, да таго падтрымліваў сувязь з Ленінградскай бібліятэкай Салтыкова-Шчадрына. Іназемных моваў дасканальна, мне здаецца, ён не ведаў, але, памятую, у хаце было больш за 20 слоўнікаў і Ар.А-ч часта карыстаўся французкай і нямецкай літаратурай з дапамогай адпаведнага слоўніка. Ведаў грэчаскую і лацінскую мовы, бо сярэднюю адукацыю атрымаў у Менскай духоўнай семінарыі. Беларускую, расейскую і польскую мовы знаў дасканальна.

Дома працаваў звычайна позна, спаць лажыўся не раней другой гадзіны ночы.

Любілі мы перапынкі ў часе татавай работы. Меў ён добры голас і слых. Котцы нашай гэты талент дастаўся ў наследства ад бацькі. Вось у часе адпачынку клікаў ён усіх нас на канапу і мы на 2 ці на 3 голаса спявалі прыгожые беларускіе песні. Часцей усяго пелі "Ах ты Нёман рака…", "На Купалле", "Ой, у лесе, пры даліне", "Ад веку мы спалі і нас разбудзілі", а самым любімым спевам быў верш М. Багдановіча "Слуцкіе ткачыхі".

У выхадные дні хадзілі ў поле, лес, на раку. Любіў Аркадзь кветкі, амаль кожнай расліны ведаў назву лацінскую, беларускую, расейскую. Бралі з сабой "Определитель растений" Маевского, і мы захапляліся гэтым цікавым заняткам. Дома заўсёды нейкія раслінкі сушыліся, сыстэматызаваліся, рабіўся гербарый.

Расказвала мне яго маці Ганна Андрэеўна, што ён яшчэ як быў хлопчыкам, а потым падлеткам абавязкова з вясны, калі прыежджаў з бурсы або сэмінарыі на вакацыю да бацькоў у Саломерычы, вырашчаваў кветкі каля хаты, садзіў дрэвы, калі не сядзеў за кнігамі, чытаў, запісваў заняткі, пераплятаў (у мяне да гэтага часу захаваліся пераплеценыя кніжкі ў Саломерычах), дык рабіў нешта па гаспадарцы, памагаў мацеры. Яна гаварыла, што Аркадзік, як дзяўчынка ў хаце, асабліва, калі хто з сям'і захварэе. Меньшы брат Сяргей быў на 11 гадоў малодшым за Аркадзія, дык мусіць старэйшаму брату даводзілася і няньчыць Сярожку".

Заканчваюцца "Кропелькі жыцця" тэкстам са скарачэннямі, але менавіта па ім можна меркаваць, што перажывала Аляксандра Ігнацьеўна ў час арышту мужа: "Есть ли бог или нет. Этот вопрос, котор. кажд. должен решать по своей совести. Котка помнит как расстроенный в белой рубашке вышел из маленькой комн., повели к полке и спросили, почему у него старое издание Л-на, "Завещание"?"

Па апошніх радках можна меркаваць, колькі абсурдных і безсэнсоўных абвінавачванняў кідалі ў твар збянтэжаным людзям, якія і на сам рэч не маглі зразумець: у чым яны вінаваты перад Бацькаўшчынай, якую так любілі.

Арышт мужа - нібыта гром пасярод яснага неба, але бура толькі распачыналася. Бясконцыя чаканні, страх, недавер, падазронасць і адчуванне вялікай несправядлівасці. Алеся Смоліч вучылася ў самай складанай школе - выжывання ў эпоху рэпрэсій. Таму, толькі пасля вайны і рэабілітацыі мужа - Аркадзя Антонавіча Смоліча, яна асмелілася звязацца са сваімі былымі сябрамі. А адбылося гэта выпадкова. Неяк у 1949 годзе вучаніцы омскай школы, дзе кіравала практыкай Алеся Смоліч, рыхтавалі літаратурную канферэнцыю па творчасці Якуба Коласа. Алеся Ігнацьеўна параіла ім звярнуцца да самога пісьменніка - напісаць ліст. І перадала яму вестачку ад сябе.

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

Людміла Сасонка, загадчык сектара ўліку і захавання фонду М. Багдановіча


Вера і дабраславенне Ксеніі

"Ксенія Мінчанка была адзінай дзяўчынай у "WZ-Orkіestrы". Яе вочы - як буйныя спелыя вішні, а голас, пяшчотны і светлы, перагукваецца з нябеснымі стварэннямі. Голас Ксюшы гучыць у песні "Сакура цвіце" на дыску "Месяц і сонца" і ў складанцы для дзяцей "Мой сябра анёлак". Так было занатавана пры падрыхтоўцы кнігі "Беларускае слова ад спеву" ў 2010 годзе.

Некалькі гадоў спявачкі не было заўважна. Сябры ведалі, што яна нарадзіла і выхоўвае дачушку, і цярпліва чакалі яе вяртання на сцэну. Цяпер Ксенія носіць прозвішча яе мужа, Уладзіміра Кап'ёва, малодшага сына народнай артысткі Беларусі Зінаіды Бандарэнкі. Госпад дабраславіў іх з Уладзімірам яшчэ двума сынамі - блізнятамі.

Мінулы раз мы сустракаліся з Ксеніяй, каб пагутарыць пра лёс і творчасць у снежні 2009 года ў будынку Нацыянальнага цэнтра дзіцячай творчасці, дзе дзяўчына вяла музычны гурток. У цёплай доўгай спадніцы, швэдры з тоўстай воўны, Ксюша трымалася годна, мужна і крыху самотна.

Ксенія нарадзілася ў Менску. Род Мінчанкаў ішоў па дзеду, але ў вайну той, хто прымаў на фронт, украінец, змяніў прозвішча з "Мінчан-коў" на "Мінчанка". Маці паходзіць з Капыля, а бацька - з вёскі Кулакоўшчына.

Мама Ксюшы цудоўна адчувае мовы, тата - добры спецыяліст у галіне фізікі і хіміі, скончыў Маскоўскі энергетычны інстытут. У маладосці яны моцна захапляліся спортам - тэнісам, лыжамі, самба, баскетболам.

- Тата грае на баяне і гітары, ён з дзяцінства агортваў мяне спевамі, а матуля грала на фано, - дзялілася ўспамінамі артыстка. - Я станавілася на ўслончык і падпявала. Я многім абавязана бацькам, што яны выхавалі мяне ў любові і прыстойнасці. У дзяцінстве я займалася ў спеўным дзіцячым калектыве "Зорачка", потым - у школе № 4 з музычным ухілам, грала на скрыпцы. Далей была вучоба ў Дзяржаўным інстытуце культуры. На чацвёртым курсе я прыйшла выкладаць спевы дзецям у "Зорачку". Акрамя скрыпкі я граю яшчэ на гітары, дудцы, джамбеі альбо дарбуку.

Мне моцна падабаецца працаваць з дзецьмі: яны вельмі непасрэдныя, творчыя і непаўторныя. За 12 гадоў работы яны навучылі мяне, бадай, больш, чым я іх, далі вялікі вопыт. Мне хацелася б шчыра падзякаваць маёй настаўніцы з дзяцінства (як называю яе, "сэкондрэ мадрэ" - другая мама), прафесіяналу і ў вакале, і ў фальклоры, і ў рэжысуры - Але Міхайлаўне Навіцкай. Дай Бог ёй моцнага здароўя на доўгія гады!

У нас быў яшчэ адзін цікавы праект з загадкавай назвай "Кумалёнтрэ". Мы з Таццянай, Сяргеем, Марынай гралі беларускія песні ў нашых апрацоўках. Я ўдзельнічала ў сумесных праектах з Ігарам Гарбачэўскім, Анастасіяй Хмель, Леанідам Паўлёнкам і іншымі музыкамі.

- Як пачалася Ваша праца ў "WZ-Orkіеstra"?

- У аркестры Змітра Вайцюшкевіча партыю скрыпкі выконваў напачатку Алесь Пузыня. Потым ён нечакана з'ехаў у Амерыку, а замест яго запрасілі мяне. У хуткім часе мы адправіліся ў Польшчу, потым выступалі ў Нарвегіі. Я вельмі паважаю ўсіх хлопцаў з калектыву "WZ-Orkіеstra" - яны эксклюзіўныя, душэўныя, такія вясёлыя і жартаўлівыя ў падарожжах! Мы аб'ехалі з імі ўсю Польшчу.

У мужчынскія музычныя гурты звычайна дзяўчат не бяруць. У "Песняроў" і ў "Палацы" не было дзяўчат, каб не ствараць спрэчак, каб ніякія ўзаемныя адносіны не перашкаджалі творчасці. Таму і я на некаторых канцэртах, і асабліва ў паездках, трымалася, як баец з кулямётам.

Мне падабалася спяваць "Паланез". Геніяльныя словы напісаў Сяржук Сокалаў-Воюш. Мы спявалі гэтую песню на вяселлях і на радзінах па просьбах розных людзей. Адна з нямногіх песень, пры слуханні якой мужчыны пачынаюць уставаць і плакаць.

"Сакура" - таксама мне вельмі блізкі матыў. З ранейшых альбомаў мне падабаюцца "Месяц і сонца" - амаль увесь, "Балады" - таксама.

Я па натуры адналюб. Добра стаўлюся да людзей. Веру, што галоўнае ў жыцці ўжо прыйшло - цяпер трэба працаваць і працаваць над сабой. Пэўны час я шукала ісціну, прыглядалася да розных канфесій і цэркваў, і вось, калі патрапіла ў Львове ў праваслаўную царкву XV стагоддзя ў Шаўчэнкаўскім Гаі, адчула - вось тут прысутнічае ўсё вялікае і галоўнае. Найпрыгажэйшага, чым праваслаўныя храмы, я нічога не бачыла.

Калі чалавек знайшоў вялікі дыямент, то не стане разменьвацца на розныя дробязі. Боская благадаць - найвялікшая каштоўнасць у жыцці.

Калі ў манахаў на Афоне запытваюцца: "Як справы, як вы жывёце?" - "Дзякуй Богу за ўсё!". Бо людзі разумеюць, што галоўнае - жыць у згодзе з Богам. У кожнага ў жыцці свой шлях. Адзін ідзе да Госпада з крыжам сям'і, іншы - самотны. Як каму належыць быць. Не трэба хвалявацца на гэты конт, усё, што трэба, прыйдзе. Галоўнае - пастарацца ўспрыняць усё з міласцю, мужнасцю і шчырасцю.

І вось мы сустрэліся з Ксеніяй праз пяць гадоў. Цяпер яна - матуля трох дзетак.

- Ксенія, многія запытваюцца, ці вернецеся Вы на сцэну ў бліжэйшым часе?

- Жанчыны стаяць перад выбарам: працягваць кар'еру, наймаць няню, альбо быць з дзецьмі. Я лічу, што ў раннім дзяцінстве дзецям асабліва патрэбна матуля. Тады яны будуць псіхалагічна ўстойлівымі, не будуць адчуваць баязлівасці. З веданнем таго, што матуля побач, дзеці дзейнічаюць больш упэўнена. Таму я буду больш часу заставацца з імі.

- Раскажыце, калі ласка, як Вы сустрэліся з Уладзімірам, як ён знайшоў Вас?

- Мы даўно працавалі разам у Нацыянальным цэнтры, ён - у тэатры, я - у "Зорачцы", але мы праходзілі міма адзін аднаго. Я лічу цудам, што Госпад звёў нас.

Уладзімір быў адным з кіраўнікоў тэатральнага калектыва, педагогам. Потым ён перайшоў працаваць у храм, зараз ён служыць старэйшым алтарнікам. Ён вучыцца дыстанцыйна ў Праваслаўным Маскоўскім Свята-Ціханаўскім Універсітэце, атрымлівае багаслоўскую адукацыю. Калі здае прадмет, яму трэба шмат чытаць, а дзеці патрабуюць увагі да сябе, цягнуцца да яго.

Быў час, калі мае бацькі перажывалі, што я дарослая і ў 30 гадоў яшчэ не замужам. Ну, хіба я пайду выпускаць стрэлы на пошук сваіх жаніхоў, як у той казцы! Каму страла патрапіць, той і будзе мой жаніх. Вядома, што не.

І вось, у 32 гады я выйшла замуж, Уладзімір быў старэйшым за мяне на 7 гадоў. Першай нарадзілася Маша, а ў 35 гадоў ужо нарадзіліся хлопчыкі Афанасій і Ціхан. Таму я сцвярджаю: "Дзяўчаты, не спяшайцеся, не сумуйце і ў 30 год, даверце свае сэрца Госпаду, ён усё ўладкуе!"

Я думала, калі Госпад даў мне голас, то я павінна паслужыць сваім голасам, і я пачала спяваць на клірасе ў Свята-Ўваскрасенскім прыходзе. Аляксей Пальчонак, рэгент царкоўнага хору, як раз працаваў у Нацыянальным цэнтры з намі. Ён навучыў мяне ўсёй службе, я вывучыла партыі ўсіх галасоў і магу замяняць кожны з іх (альт, сапрана, тэнар і нават бас). Тры разы на тыдзень я спявала на літургіі.

Потым я выкладала спевы ў нядзельнай школе. Бабуля дапамагае нам, прыглядае за дзецьмі, і я магу пець у будзёны дзень.

- Ваша новае прозві-шча - Кап'ёва - гучыць моцна!

- Калі жанчына кахае мужа і давярае яму, адчувае з ім еднасць, то яна пераходзіць звычайна на яго прозвішча. Нават калі табе падабаецца тваё ўласнае прозвішча, такая ахвяра няцяжкая.

Іншая справа - Зінаіда Аляксандраўна, у яе да замужжа было ўсенароднае прызнанне, яна была вядомым ў краіне чалавекам і не хацела разбураць прыняты тэлевізійны вобраз.

Валодзя рос у Менску. Ён знаёміў мяне з вуліцамі свайго дзяцінства. Ён наведваў храм з маладосці. Уладзімір скончыў філалагічны факультэт БДУ. У тэатры ён вёў літаратурны гурток. Мая кіраўніца Ала Міхайлаўна Навіцкая заўважыла мой самотны стан і звярнула маю ўвагу на Ўладзіміра - побач ёсць добры чалавек! І ў той жа час яна падказала Ўладзіміру: паглядзі на нашу Ксюшу…

Ён запрасіў мяне паспяваць. У той час у яго была свая невялікая група, не ставала толькі скрыпкі. Па яго просьбе я выканала партыю скрыпкі на адным канцэрце. Разгаварыўшыся, мы зразумелі, што мы - роднасныя душы. У такім узросце не перажываеш рамантычных захапленняў, бачыш чалавека больш духоўна.

- Апошняе Ваша выступленне адбылося ў КЗ "Менск" у праекце " Мой сябра анёлак". Цяпер Вы можаце прапаноўваць Вашы запісы сваім дзецям?

"Захацеў анёлак Рома

Музыкантам стаць вядомым,

Каб на скрыпцы і валынцы,

На цымбалах і катрынцы,

На пузатым барабане,

На тамтаме і баяне,

Кожнаму зайграць вясёла,

У мястэчках, вёсках , сёлах…"

- Я хачу звесці мелодыі з розных дыскаў у адзін. У мяне быў яшчэ ранейшы дыск " Ксюша".

- Як Вы ўзаемадзейнічаеце са свякроўю?

- Зінаіда Аляксандраўна не шкадуе сябе, яна шмат працуе і імкнецца ўсім дапамагчы. Яна вельмі інтэлігентная і цярплівая. Цяпер яна шчаслівая, бо яны з мужам даўно чакалі ўнукаў. Генадзь Мікалаевіч радуецца, назіраючы за малымі, як яны коўзаюцца па канапе, бегаюць па пакоі.

- Ці слухаюць дзеці беларускія песні? Ці знаёміце Вы іх з класікай?

- Маша любіць "Калыхынку " менавіта Генадзя Бураўкіна, хаця ёсть " Спі мая радасць , засні" і іншыя. Яна ўжо вывучыла тэкст напамяць. Мы знайшлі ў інтэрнэце і спампавалі менавіта той запіс, які мы слухалі самі ў дзяцінстве, калі яшчэ Зінаіда Аляксандраўна вяла гэтую перадачу. Усё зраслося такім чынам, што Маша любіць менавіта гэтую калыханку. Калі яна падрасце, мы абавязкова распавядзём ёй пра ўсе перадачы яе бабулі. Маша любіць дзіцячыя песні, мы самі граем на гітары і спяваем.

Калі дзеці непакояцца, тады я стаўлю ім хор Толгскага ці Горнінскага манастыра, і яны спакойна гуляюць. Калі яны ўзбуджаныя, то мелодыі жаночага кляштара дзейнічаюць на іх дабратворна. Дзіцячыя песні іх наадварот падбадзёрваюць і надаюць энергію.

Маша танчыць і прыдумляе свае фігуры. Я склала спіс меладычных твораў Рахманінава, Чайкоўскага, Шапэна і іншых кампазітараў, дзеці іх добра ўспрымаюць. Мы з Валодзем не слухаем папсу. Такія рэчы ў нас не гучаць.

- Калі дзеці падрастуць, магчыма, Вы створыце свой калектыў пры царкве?

- Мы не хочам прымушаць дзяцей. Мы ходзім у храм і бяром з сабой дзяцей, але хочам, каб дзеці гэтага самі хацелі. Яны могуць трошкі пабыць на служэнні, а потым ім хочацца пабегаць па двары. Я запытваюся ў Машы: "Пойдзем у храм, пойдзем паспяваем?" Яна кажа: "Пойдзем! Пойдзем! "

Э. Дзвінская. На здымках: 1. Ксенія Мінчанка (2008). 2. Ксенія і Ўладзімір Кап'ёвы (2010), фота з сямейнага архіва.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX