Вярнуцца: 2015

№ 14 (1217)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 14 (1217), 8 красавіка 2015 г.


Дарагія сябры "Нашага слова"!

У гэтым квартале колькасць падпісчыкаў не змянілася. Недзе крышку вырасла, недзе ўпала. Найбольшы рост мы маем па Гомельскай і Віцебскай абласцях, па г. Магілёву. Падзенне - па гораду Менску. І, хоць у сакавіку месяцы мы мелі ўжо 903 падпісчыкаў, у красавіку ізноў пачынаем квартал з 855 асобнікаў. На жаль усё яшчэ застаюцца раёны, куды не паступае ніводнага нумара газеты.

Студзень Красавік

Берасцейская вобласць:

Баранавічы р.в. 18 17

Бяроза р.в. 8 9

Белаазёрск р.в. 1 -

Бярэсце гор. 11 12

Ганцавічы р.в. - -

Драгічын р.в. 1 -

Жабінка р.в. 1 1

Іванава р.в 1 1

Івацэвічы р. в. 8 8

Камянец р.в. 1 1

Кобрын гор. 1 2

Лунінец гор. 2 2

Ляхавічы р.в. 1 1

Маларыта р.в. 1 2

Пінск гор. 7 6

Пружаны р.в. 7 7

Столін р.в. 1 1

Усяго: 70 72

Віцебская вобласць:

Бешанковічы р.в. 1 1

Браслаў р.в. 1 1

Віцебск гор. 27 24

Віцебск РВПС 3 3

Верхнедзвінск р.в. 4 4

Глыбокае р.в. 6 7

Гарадок р.в. - 4

Докшыцы р.в. 2 2

Дуброўня р.в. 2 1

Лёзна р.в. 1 1

Лепель р. в. 1 1

Міёры р.в. 2 2

Наваполацк гор. 17 16

Орша гор. 5 7

Полацк гор. 6 8

Паставы р.в. 12 13

Расоны р.в. 1 1

Сянно р.в. 2 2

Талочын р.в. 1 2

Ушачы р.в. 2 2

Чашнікі р.в. 2 1

Шаркоўшчына р.в. 8 7

Шуміліна р.в. 1 1

Усяго: 107 111

Менская вобласць:

Беразіно р.в. 3 3

Барысаў гор. 12 10

Вілейка гор. 2 2

Валожын гор. 11 10

Дзяржынск р.в. 9 11

Клецк р.в. 1 2

Крупкі р.в. 5 5

Капыль р.в. 3 2

Лагойск 4 3

Любань р.в. - -

Менск гор. 297 285

Менск РВПС 11 11

Маладзечна гор. 11 12

Мядзель р.в. 5 5

Пухавічы РВПС 3 3

Нясвіж р.в. 1 1

Смалявічы р.в. 3 3

Слуцк гор. 7 8

Салігорск гор. 7 5

Ст. Дарогі р.в. - -

Стоўбцы р.в. 3 4

Узда р.в. 2 3

Чэрвень р.в. 3 3

Усяго: 403 391

Гомельская вобласць:

Буда-Кашалёва 4 4

Брагін р.в. 1 2

Ветка р.в. 1 1

Гомель гор. 24 27

Гомель РВПС 3 1

Добруш р.в. - 1

Ельск р.в. - 1

Жыткавічы р.в. 15 17

Жлобін гор. 3 2

Калінкавічы гор. 1 1

Карма р.в. - -

Лельчыцы р.в. 1 1

Лоеў р.в. 1 1

Мазыр гор. 4 5

Акцябарскі р.в. 2 2

Нароўля р.в. - -

Петрыкаў р.в. 1 1

Рэчыца гор. 1 2

Рагачоў гор. 1 1

Светлагорск гор. 3 3

Хойнікі р.в. 1 1

Чачэрск р.в. 3 3

Усяго: 70 77

Гарадзенская вобласць:

Бераставіца 3 3

Ваўкавыск гор. 9 9

Воранава р.в. 5 5

Гародня гор. 39 40

Гародня РВПС 20 19

Дзятлава р.в. 12 6

Зэльва р.в. 2 2

Іўе р.в. 1 1

Карэлічы р.в. 4 4

Масты р.в. 4 4

Наваградак гор. 3 6

Астравец р.в. 4 4

Ашмяны р.в. 5 5

Смаргонь гор. 3 3

Слонім гор. 6 6

Свіслач р.в. 4 4

Шчучын р.в. 1 1

Ліда 17 19

Усяго: 142 141

Магілёўская вобласць:

Бабруйск гор. 4 2

Бялынічы р.в. 1 1

Быхаў р.в. 2 2

Глуск р.в. 1 1

Горкі гор. 1 1

Дрыбін р.в. 1 2

Кіраўск р.в. 1 -

Клічаў р.в. - -

Клімавічы р.в. 1 1

Касцюковічы р.в. 1 1

Краснаполле р.в. 1 1

Крычаў р.в. 2 1

Круглае р.в. 2 2

Мсціслаў р.в. 2 2

Магілёў гор. 21 26

Магілёў РВПС 2 -

Асіповічы гор. 12 12

Слаўгарад р.в. 1 1

Хоцімск р.в. 1 1

Чэрыкаў р.в. 2 1

Чавусы р.в. 1 1

Шклоў р.в. 3 4

Усяго 63 63

Усяго на краіне: 855 855


З Вялікім Днём, шаноўныя беларусы!

Вялікдзень

Прыйшоў праз смутак і малітвы

У ззянні славы Дзень Вялікі

І вестку добрую прынёс:

Хрыстос, Сын Божы, уваскрос!


А чым аддзячым Іісусу,

Які адверг усе спакусы,

З крыжом пайшоў сваім шляхом,

Каб нас пазбавіць ад грахоў?


Малітвай, добрай

справай, словам

Душа пазбудзецца аковаў,

Каб годнай быць Хрыста ахвяр,

Каб не зняславіць Божы дар.


І радасць, светлая такая,

Палоніць душы, уздымае,

Здаецца, нават да нябёс:

Хрыстос, Сын Божы, уваскрос!

Галіна Бабарыка, Столінскі р-н.


БАРЫСУ КІТУ - 105

Барыс Уладзіміравіч КІТ , сапраўднае імя Барыс Уладзіміравіч Кіта (нар. 6 красавіка 1910, Санкт-Пецярбург) - беларускі грамадскі дзеяч, настаўнік, матэматык, вядомы фізік, канструктар амерыканскай ракетнай тэхнікі.

Сям'я паходзіць з вёскі Агароднікі Наваградскага павета (цяпер Карэліцкі раён). У 1918 з бацькамі з Пецярбурга вярнуўся на Наваградчыну. Скончыў народную школу ў Карэлічах (1926), Наваградскую беларускую гімназію (1928), фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта (1933). Двойчы арыштаваны польскімі ўладамі. З 1931 года быў выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі, яе дырэктар у 1939 годзе. З восені 1939 стаў дырэктарам адроджанай гімназіі ў Наваградку, потым школьны інспектар у Баранавіцкай вобласці,.

У 1941 г. з пачаткам нацысцкай акупацыі жыў у вёсцы Лебедзева Маладзечанскага раёна, дзе пазней настаўнічаў. У 1943 арганізаваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах, стаў іх дырэктарам, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. У 1944 Барыс Кіт арыштаваны гестапа. Быў зняволены ў турме ў Вілейцы. Ад расстрэлу яго выратавалі былыя вучні А. Дасюкевіч і К. Касяк. Эміграваў у Германію, у 1945-48 гг. вывучаў медыцыну ў Мюнхенскім універсітэце і адначасова выкладаў матэматыку ў мясцовых гімназіях.

З 1949 жыў у ЗША. Спачатку прыехаў у Нью-Ёрк, але хутка пераехаў у гарадок Саўт-Рывер, уладкаваўся на працу ў фармацэўтычную фірму. Дзякуючы Б. Кіту быў створаны Беларуска-амерыканскі дапамогавы камітэт Барыс Кіт быў старшынём камітэта з 1949 па 1950. Пасля пераязджае ў Каліфорнію, дзе таксама арганізоўвае беларускую групу, маючы памочнікам свайго былога вучня Ч. Найдзюка. Тут, у Лос-Анджэлесе, Барыс Кіт працуе ў фірме North American Aviation, дзе ажыццяўляліся касмічныя праекты: стратэгічныя ракеты Navaho, праект падарожжа чалавека на Марс Apollo, чаўночны карабель Shuttle. Першай яго навуковай працай было паспяховае даследаванне якасцей вадкага вадароду як будучага касмічнага паліва. У 1958 г. Барыса Кіта запрасілі ў горад Вашынгтон, дзе ён пачаў працаваць у Міністэрстве паветраных сіл ЗША ў аддзеле касманаўтыкі. Выконваў абавязкі эксперта ў развіцці міжнароднай касманаўтыкі. У 1960 з выхадам навукова-папулярнай кнігі "Дапаможнік па ракетных палівах" пачынаецца літаратурная дзейнасць Барыса Кіта. У 1964 ён напісаў сваю другую кнігу "Гісторыя і сучасны стан савецкай касманаўтыкі". З 1963 Барыс Кіт працуе ў аддзеле касманаўтыкі карпарацыі IT&T, дзе даследавалі і будавалі спадарожнікі сувязі, што з'яўлялася першым этапам у справе падрыхтоўкі падарожжа амерыканцаў на Месяц. Займаўся матэматычнай распрацоўкай сродкаў сувязі ў праектах касмічных караблёў.

З 1972 жыве ў Германіі, месцам свайго сталага жыхарства выбірае горад Франкфурт-на-Майне. Тут вяртаецца да педагагічнай працы. Яшчэ ў Вашынгтоне ён выкладаў матэматыку ў Мерылендскім універсітэце, а ў Франкфурце-на-Майне Барыс Кіт стаў прафесарам Еўрапейскага аддзела Мерылендскага ўніверсітэта. Тэмай доктарскай дысертацыі ён выбраў жыццё і навуковую дзейнасць польскага матэматыка Антонія Зыгмунда, свайго колішняга прафесара ў Віленскім універсітэце. Дысертацыю Барыс Кіт паспяхова абараніў у 1982 г. на вучонай радзе Рэгенсбургскага ўніверсітэта і атрымаў навуковае званне доктара філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі. З 1987 заслужаны прафесар, а 1990 - ганаровы прафесар. У 1991 яму быў уручаны дыплом акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі. Барыс Кіт член многіх навуковых таварыстваў. У 1990-я г. наведваў Беларусь. Найстарэйшы сябар ТБМ.

Вікіпедыя.


Ці ўразіць першае ўражанне? Беларукая мова ў даведніку "Этналог"

У сацыяльнай псіхалогіі ёсць паняцце "эфект першага ўражання". Гэта з'ява заключаецца ў тым, што менавіта першае ўражанне пра дагэтуль незнаёмы аб'ект можа аказацца самым яркім і трывалым у памяці. Можа здарыцца, што пазней атрыманая інфармацыя, якая першаму ўражанню супярэчыць, не будзе прымацца чалавекам да ўвагі.

Імаверна, што пры патрэбе даведацца штосьці пра беларускую мову, замежнік звернецца да інтэрнэту - а там можна сустрэць інфармацыю рознай ступені адэкватнасці. Спадар Уладзімір Каткоўскі раней пісаў пра шэраг недарэчнасцяў, якія умясціў маленечкі артыкул на гэтую тэму ў "Энцыклапедыі Брытаніка" (pravapis.org/art_brit. asp). Некаторыя з гэтых недарэчнасцяў зараз выпраўлены (магчыма, і дзякуючы допісам чытачоў), але многія засталіся.

Але энцыклапедыя - пры ўсёй яе фундаментальнасці - усё ж выданне шырокага профілю. Мне ж хацелася паглядзець, як беларуская мова прадстаўлена ў аўтарытэтнай крыніцы менавіта ў галіне сацыялінгвістыкі. Я выбраў "Ethnologue" ("Этналог"), англамоўны даведнік, які шырока прызнаны ў якасці найбольш поўнай крыніцы інфармацыі па ўсіх вядомых мовах свету. Мэта гэтага праекту - каталагізацыя ўсіх наяўных моў. Даведнік выдаецца з 1951 года і яднае сотні даследчыкаў з усяго свету. Апошняе, 17-е выданне (2013 г.) змяшчае сціслую інфармацыю пра амаль сем з паловай тысяч моў (у тым ліку 7106 жывых) з 234 краінаў. Яно мае інтэрнэт- і друкаваную трохтомную версію (я праглядаў толькі першую), якія ўключаюць падрабязныя каляровыя мапы і статыстычныя табліцы.

Усё гэта сапраўды ўражвае, але шмат што ў артыкулах пра беларускую мову і Беларусь падаецца недарэчным. Напрыклад, польская, літоўская, украінская, усходняя ідыш, татарская і некаторыя іншыя мовы ў Беларусі пазначаны як "імігранцкія мовы". Гэтак аўтары даведніка называюць мовы, на якіх размаўляе насельніцтва, што прыбыло ў краіну адносна нядаўна і не ўсталявалася ў ёй на працягу многіх пакаленняў. Пры гэтым беларуская і руская пазначаны як асноўныя мовы.

Пакідаючы ў баку пытанне пра правамоцнасць аднясення згаданых моў да "імігранцкіх" у Беларусі, заўважу толькі, што у якасці антонімаў "імігранцкай" мове напрошваюцца словазлучэнні кшталту мясцовая мова і спрадвечная мова. Такім чынам, чытач можа прыйсці і да высновы, што руская мова была шырока распаўсюджана ў Беларусі гэтак жа даўно, як і беларуская. Цікава, што ў папярэднім, шаснаццатым выданні 2009 года руская мова ў Беларусі была пазначана як імігранцкая.

У кожным артыкуле пра краіну ёсць раздзел "Насельніцтва". Даведнік тлумачыць, што тут павінна ўтрымлівацца інфармацыя пра колькасць чалавек, для якіх пэўная мова з'яўляецца першай. У артыкуле пра беларускую мову там пазначана лічба 2.220.000 чалавек, за якой ідзе спасылка на перапіс 2009 года. Даведнік дадае, што для большасці беларусаў першай мовай з'яўляецца руская.

Як так? Па выніках апошняга перапісу беларускую мову назвалі мовай, якую першай засвоілі ў раннім дзяцінстве (ці роднай мовай, што было выстаўлена сінонімамі ў 2009 годзе), больш за пяць мільёнаў чалавек. Натуральна, каб пэўна даведацца, што за лічбу мелі на ўвазе аўтары, трэба даслаць ім запыт, але можна зрабіць некаторыя здагадкі.

2.220.000 - гэта прыкладная колькасць тых, хто, паводле апошняга перапісу, звычайна размаўляе па-беларуску дома. У электроннай версіі 17 выдання даведніка мне не ўдалося знайсці азначэння "першай мовы", але ва ўводзінах да 16 выдання адзначана, што гэта тая мова, носьбіты якой "засвоілі яе ад бацькоў у якасці асноўнай мовы штодзённай камунікацыі". Не выключана, што апошняе друкаванае выданне ўтрымлівае і нейкае новае азначэнне першай мовы, але я буду адштурхоўвацца ад гэтага.

Па-першае, азначэнне няўдалае, бо не прадугледжвае варыянту пры якім асноўная мова камунікацыі не засвоена ад бацькоў.

Па-другое. У прынцыпе, калі заплюшчыць вочы на першую частку азначэння і выкарыстоўваць толькі другую, пра мову штодзённай камунікацыі, то азначаную лічбу ў два з нечым мільёны можна і ўжыць. Але мне падаецца некарэктыным не пазначыць само пытанне перапісу, а таксама тое, колькі жыхароў Беларусі самі лічаць беларускую сваёй першай мовай. Таксама некарэктна спасылацца на перапіс без аніякіх тлумачэнняў, бо 2.220.000 носьбітаў беларускай як першай мовы - гэта не вынік адказу на адпаведнае пытанне перапісу, а вынік трактоўкі аўтарамі даведніка паняцця "першая мова".

Даведнік не адзначае наяўнасці ў Беларусі "трасянкі". У раздзеле "Статус мовы" пазначана не толькі тое, што беларуская - дзяржаўная мова, але і тое, што яна "ў асноўным выкарыстоўваецца сімвалічна". Фраза не суправаджаецца тлумачэннямі. Верагодна, маецца на ўвазе выкарыстанне на дзяржаўным ці інстытуцыянальным узроўні. А можа, аўтары хацелі сказаць, што гэтыя два з нечым мільёны носьбітаў выкарыстоўваюць яе сімвалічна? Увогуле, арыткулы даведніка вельмі лаканічныя, што, як бачым, не заўжды спрыяе разуменню думкі аўтараў.

Цікава параўнаць лічбы з апошняга і перадапошняга выданняў. Паводле перадапошняга, колькасць носьбітаў беларускай мовы ў Беларусі як першай складе 6.720.000 чалавек. Гэта лічба амаль ўдвая большая, чым колькасць людзей, што ў 1999-ым адказалі, што размаўляюць па-беларуску дома. Гэтая лічба меншая, але блізкая да той (7.403.165), якая атрымана на перапісе 1999 года ў адказ на пытанне пра родную мову. Аўтары ў мінулым выданні скарысталіся не вынікамі перапісу 1999 года, а іншай крыніцай 2001 года.

А зараз - штось прыемнае. На запазычаным з даведніка графіку чытач можа палюбавацца на высокае месца беларускай мовы сярод моў свету па пэўных параметрах. На вертыкальнай восі графіка адкладзена колькасць носьбітаў, на гарызантальнай - ацэнка мовы паводле шкалы EGIDS (Расшыраная шкала ступені перашкоды для перадачы мовы паміж пакаленнямі). Гэта шкала - адна з сістэм ацэнкі узроўню жыццяздольнасці і развітасці моў.

Аўтары адзначаюць, што ў верхнім левым куце адлюстраваныя самыя вялікія па коклькасці носьбітаў і трывалыя мовы. Узровень беларускай мовы - 1 (Нацыянальная мова: мова выкарыстоўваецца ў адукацыі, на працы, у медыях і ў дзяржаўным кіраванні). Вышэй - толькі міжнародныя мовы. Усе мовы, пачынаючы ад узроўню 4 і вышэй, аб'ядноўвае тое, што яны настолькі развітыя, што выкарыстоўваюцца і падтрымліваюцца не толькі дома і ў "вулічнай" камунікацыі, але і арганізацыямі. Да гэтай катэгорыі, што называецца "інстытуцыялізаваныя мовы", аўтары аднеслі ўсяго 560 моў, менш за 8% ад 7106 жывых моў свету.

На жаль, вымушаны расчараваць: дадзеная шкала падаецца далёкай ад дасканаласці. Яна, напрыклад, не ўлічвае тую ж сімвалічнасць выкарыстання хай сабе і нацыянальнай мовы ў многіх сферах. Ёсць і іншыя праблемы. З аднаго боку, аўтары адзначаюць, што шкала іерархічная. Гэта значыць, што калі мова развілася да пэўнага ўзроўню, то яна мае і ўсе станоўчыя рысы, дасягненне якіх вызначае дасягненне папярэдніх узроўняў. Таму ў даведніку кожная мова пазначана адной кропкай на графіку. Адзіным магчымым выключэннем аўтары лічаць узровень 3 (Выкарыстанне мовы для міжгрупавой, напрыклад, міжэтнічнай, камунікацыі). Маўляў, гэта магчыма і ў тым выпадку, калі мова не дасягае папярэдняга, чацвёртага ўзроўню (Мова мае стандартную форму, на ёй існуе літаратура, і яна шырока выкарыстоўваецца ў адукацыі).

Але ў іншым месцы аўтары супярэчаць самі сабе і пішуць, што шкала мае дзве выразныя паловы: ступень пагрозы знікнення (ад 10 да 6б) і ступень развітасці мовы (ад 6а да 0). Аўтары прызнаюць, што адносна высокая ступень развіцця не выключае наяўнасці пагрозы, і кожная канкрэтная моўная сітуацыя можа з'яўляцца спалучэннем некалькіх пунктаў па прапанаванай шкале адначасова. Напрыклад, не гледзячы на тое, што беларуская мова - нацыянальная, стандартызаваная, літаратурная і г.д., яна магла б патрапіць таксама і ў пункт 6б (Мова пад пагрозай: на ёй размаўляюць людзі ўсіх пакаленняў, але яна страчвае носьбітаў).

Мо не варта ўвогуле было аб'ядноўваць усё ў адну шкалу? Больш рацыянальным падаецца падыход, распрацаваны камісіяй ЮНЭСКА па мовах, якім пагражае знікненне. Яна вылучыла дзевяць асобных фактараў моўнай жыццяздольнасці, для якіх распрацаваныя асобныя шкалы. Праўда, рэальна ў "Атласе моў, якім пагражае знікненне", выдадзеным ЮНЭСКА, для ацэнкі ступені пагрозы мове выкарыстоўваецца толькі адзін з фактараў - перадача мовы з пакаленне ў пакаленне.

Вядома, гэтыя тыпалогіі і шкалы толькі апраксімацыя. Напэўна, кожная моўная сітуацыя занадта складаная, каб быць ў іх адлюстраванай у поўнай меры.

У якасці сістэмы пісьма для беларускай мовы пазначана толькі кірыліца, хаця ўводзіны адзначаюць, што, калі маецца некалькі сістэм пісьма, яны згадваюцца. Увогуле, частка інфармацыі, якая пазначана ў даведніку пра пэўныя іншыя мовы, у артыкуле пра беларускую мову адсутнічае. Напрыклад, не адзначана, колькі чалавек валодаюць ёй як другой мовай. Назвы беларускіх дыялектаў напісаны з памылкамі.

Маюцца і супадзенні са згаданым вышэй артыкулам у "Энцыклапедыі Брытаніка". У прыватнасці, у якасці альтэрнатыўных назваў беларускай мовы пазначаны і "белая руская" ("White Russian") і "беларусінская" ("White Ruthenian").

Яшчэ адно супадзенне: "Этналог" піша, што " з лінгвістычнага пункту погляду беларуская мова знаходзіцца паміж рускай і ўкраінскай і мае пераходныя дыялекты з абедзвюмя" . У "Брытаніцы", праўда, усё горш: яна называе беларускую мову "звязкай" паміж рускай і ўкраінскай, а таксама разглядае наяўнасць пераходных дыялектаў менавіта як нагоду таго, што беларуская мова з'яўляецца такой "звязкай".

Гэтая ж фраза, дарэчы, фігуруе і ў шэрагу іншых выданняў, напрыклад, у "Міжнароднай энцыклапедыі лінгвістыкі" выдавецтва "Оксфард Юніверсіці Прэс". Артыкул з папярэдняга выдання "Этналога" з гэтай рэмаркай ёсць на сайце аднаго з айчынных агенцтваў перакладаў.

Што значыць "з лінгвістычнага пункту погляду" , не растлумачана, крыніца не пазначана. Магчыма, сапраўды ёсць моўныя рысы, якія ўяўляюць сабой кантынуум, да аднаго полюсу якога гэтыя рысы схіляюцца ва ўкраінскай мове, да супрацьлеглага - у рускай, а ў беларускай мове яны маюць нейкае сярэдняе значэнне. Але хіба гэта з'яўляецца кардынальнай і ўніверсальнай тэндэнцыяй?

Вось усяго некалькі прыкладаў. Як у гэтую "прамежнасную" схему ўпісаць беларускія моўныя рысы, якіх няма ні ў рускай, ні ва ўкраінскай мовах? Напрыклад, у фанетыцы дзеканне і цеканне ці адсутнасць мяккага р . Акрамя спецыфічных рыс, як адзначае выданне "Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум", ёсць рысы, якія маюцца ў беларускай і ўкраінскай мовах і адсутнічаюць у рускай; ёсць таксама і рысы, якія адрозніваюць ад украінскай як беларускую, так і рускую мовы - але, зробім выснову, беларуская не знаходзіцца паміж імі. А вось яшчэ прыклад. У рускай мове 93 займеннікі, ва ўкраінскай - 88, у беларускай - 76, а ў польскай - 72. Дык што, усюды пісаць, што беларуская знаходзіцца паміж украінскай і польскай? Прынамсі, "з пункту гледжання колькасці займеннікаў" гэта будзе абгрунтавана.

Яшчэ вось цікава, чаму гэта менавіта беларуская мова была ўганаравана такім падыходам. У даведніку не адзначана, напрыклад, што нарвежская мова знаходзіцца паміж дацкай і шведскай, аксітанская - паміж французскай і каталанскай, а каталанская, у сваю чаргу - паміж аксітанскай і іспанскай.

У даведніку пазначаюцца гады першага і найноўшага перакладаў Бібліі на пэўныя мовы. У тых некалькіх артыкулах пра буйныя еўрапейскія мовы, што я прагледзеў, у якасці першай даты пазначаецца першы поўны пераклад. У артыкуле пра беларускую мову чамусьці пазначана толькі дата 1973. Гэта год публікацыі першага поўнага перакладу на новую беларускую мову Яна Станкевіча. Чытач, які не знаёмы з гісторыяй перакладаў Бібліі на нашу мову, можа задацца пытаннем, што мелі на ўвазе складальнікі: першы ці найноўшы пераклад?

Вядома, ёсць пазнейшыя поўныя пераклады Бібліі на беларускую. Асабліва шкада, што ў даведніку не адзначаны пераклады Скарыны. Магчыма, прычынай таму тое, што ён выдаў пераклады не ўсіх кнігі Бібліі. Магчыма таксама, што аўтары даведніка карысталіся тымі крыніцамі, паводле якіх мова скарынаўскіх перакладаў у большай ступені стараславянская (царкоўнаславянская), чым старабеларуская.

Самі стваральнікі даведніка адзначаюць, што такое велізарнае выданне не можа не змяшчаць недарэчнасцяў і вітаюць выпраўленні і абнаўленні ад чытачоў, якія зробяць артыкулы больш дакладнымі і поўнымі. Прапановы па ўдасканаленні артыкулаў павінны суправаджацца як мага больш поўнай інфармацыяй пра крыніцы інфармацыі. Асабліва вітаюцца поўныя бібліяграфічныя звесткі пра надрукаваныя матэрыялы. Паштовы адрас рэдактара:

Editor, Ethnologue

SIL International

7500 West Camp Wisdom Road

Dallas, TX 75236, U.S.A.

У адпаведным раздзеле на сайце даведніка (ethnologue.com/about/updates-corrections) маецца таксама адрас электроннай пошты для тых, хто жадае накіраваць свае папраўкі. Іх верыфікацыя можа заняць некалькі месяцаў. Рэдакцыя стараецца інфармаваць падаўцу пра ход верыфікацыі, хаця і не гарантуе гэтага. Калі будзе прынята рашэнне ўнесці змены, то гэта будзе зроблена толькі пасля выхаду новага выдання даведніка. У апошняе выданне было ўнесена амаль 60.000 удасканаленняў і паправак. Таварыства беларускай мовы збіраецца накіраваць рэдактару "Этналога" ліст з прапановамі па ўдасканаленні артыкулаў пра беларускую мову і Беларусь. Спадзяюся, будучыя чытачы даведніка атрымаюць больш поўнае і дакладнае ўяўленне пра нашу мову.

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы


Тытанічны розум і Вялікая душа

10 красавіка будзе адзначацца 115-годдзе з дня нараджэння Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага (1900 - 1988), геолага, географа, эканаміста, доктара геолага-мінералагічных навук, заслужанага дзеяча навукі, акадэміка АН БССР.

Мы сустрэліся з калегай Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага, кандыдатам геолага-мінералагічных навук Розай Адамаўнай Зінавай, якая працавала з акадэмікам у адной навуковай лабараторыі, выязджала ў экспедыцыі на палявыя даследванні. Р.А. Зінава прымала ўдзел у падрыхтоўцы і ўкладанні кнігі "Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі" да яго 100-годдзя.

- Гаўрыла Іванавіч быў адзін з самых лепшых беларусаў, якімі трэба ганарыцца. Па-першае, хацелася б узгадаць як Г.І. Гарэцкі змагаўся за адраджэнне Беларусі, яе гаспадаркі, навукі, культуры, мовы.

Галоўныя этапы дзейнасці акадэміка Гарэцкага можна было б падзяліць на адметныя адрэзкі. Першы з іх - багацькаўскі (1900-1914) - дзяцінства і пачатковая адукацыя. Затым ідзе горы-горацкі (1914-1919) - жыццё ў Горках і навучанне ў каморніцка-агранамічным вучылішчы. Тут ён убачыў свае першыя друкаваныя радкі. Гэты час прайшоў пад вялікім уплывам старэйшага брата Максіма, які прышчапіў любоў да літаратуры, роднага слова, Бацькаўшчыны. Рысы, што дамінавалі ва ўсім жыцці Гаўрылы Іванавіча.

Далей былі зусім кароткі ўфімскі перыяд (1919-1920) самастойнай працы і далейшага навучання і маскоўскі перыяд ( 1920-1925) вучобы і працы ў Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі, актыўнай грамадскай дзейнасці, пачатку сапраўднай навуковай і выкладчыцкай працы, рамантычных мараў па выхаванні новай беларускай інтэлігенцыі, першых моцных расчараванняў у сувязі з двума кароткатэрміновымі арыштамі. Другі горацкі (1925-1927) і менскі (1927-1930) перыяды азначаны росквітам навуковай, навукова-арганізацыйнай, выкладчыцкай, грамадскай дзейнасці, змаганнем за беларусізацыю і нацыянальнае адраджэнне краіны. У гэты час ён стаў адным з заснавальнікаў Беларускай акадэміі навук і самым малодшым (28-гадовым) акадэмікам за ўвесь час яе існавання. Новы перыяд (1930-1939) пачаўся з самага жудаснага арышту і высылкі ў "СЛОН (Соловецкие лагеря особого назначения)" на будаўніцтва Беламора-Балтыйскага канала, асваення зусім новай прафесіі геолага, яшчэ двух арыштаў, бяспраўнага жыцця на мяжы з небыццём. За ім - ліхалецце Другой сусветнай вайны, напружаная праца па будаўніцтве ваенных абаронных аб'ектаў, пастаяннае недаяданне, а часам сапраўдная галадуха. Затым для Гарэцкага настаў працяглы перыяд працы ў розных экспедыцыях Гідрапраекта па інжынерна-геалагічных даследваннях пад будаўніцтва шматлікіх гідратэхнічных збудаванняў: гідравузлоў, гідраэлектрастанцый, каналаў, абвадняльных сістэмаў на велізарных абшарах Рускай раўніны, Перадуралля і Перадкаўказзя з бясконцымі вандроўкамі і частымі зменамі жыхарства. Гэта быў перыяд значных навуковых вынікаў, збору вялізнага геалагічнага матэрыялу, які дазволіў пазней Г. Гарэцкаму стаць заснавальнікам новага вучэння пра рэкі геалагічнага мінулага - палеапатамалогіі. Смерць дыктатара, а пасля і поўная рэабілітацыя ў 1958 годзе дазволіла яшчэ больш спадзявацца на магчымасць вяртання на Бацькаўшчыну.

Нарэшце, настаў самы светлы, самы радасны апошні перыяд (1968-1988) - другі менскі, спраўджанне многіх надзей. Вялікая працаздольнасць і аптымізм, светлы розум і моцны дух, любоў да жыцця і надзвычайная добразычлівасць, фізічны стан здароўя падаравалі гэтаму чалавеку доўгі век жыцця.

- Вы адна з тых адданых асобаў, якія надзвычай беражліва ставяцца да спадчыны братоў Гарэцкіх Ці дзяліўся з Вамі Гаўрыла Іванавіч ўспамінамі пра жыццё падчас працы?

- Ён вельмі рэдка і зусім мала распавядаў пра сваё мінулае, на мяжы жыцця і смерці. Часцей можна было распытаць яго жонку Ларысу Восіпаўну, верную і нязломную яго спадарожніцу. Мы ліставаліся з ёй нават у канцы 80-тых гадоў, яна была мне блізкім чалавекам па душы. Яна ўмела спачуваць будзённым чалавечым справам.

Неяк яна ўспамінала пра Беламорканал і пра цукеркі з чорнага хлеба, якія Гаўрыла Іванавіч, будучы ў зоне пад вартай, рабіў, дзелячы пайку хлеба на маленькія кубікі - "цукеркі", прасушваў іх і перадаваў на волю сваім сынкам Славіку і Радзіку. Ногі ў Гаўрылы Іванавіча на Беламорканале распухлі так, што не лезлі ні ў які абутак, тады ён укручваў іх анучамі. Так ён хадзіў па снезе і на працу. Пра сумныя, вельмі цяжкія і балючыя гады мы даведваліся з публікацый Радзіма Гаўрылавіча. Упарта напрошваецца адна думка: жыццё Гаўрылы Іванавіча мог зберагчы толькі Бог, бо менавіта такі чалавек быў патрэбны шматпакутнай Беларусі і ўсім нам, каму пашанцавала сустрэцца з ім. Ніхто іншы, як мы, павінны помніць, што з'яўляемся прадаўжальнікамі спраў акадэміка Г.І. Гарэцкага, і не толькі ў навуцы, але і ў жыцці.

Гаўрыла Іванавіч паважліва ставіўся да "яго вялікасці" факта, цаніў навуковыя вынікі, атрыманыя з фактаў. Усе яго манаграфіі, артыкулы, з'яўляюцца сапраўднай скарбніцай фактаў. Калі мы ў полі, схіліўшыся над скрынкамі з кернам, праглядалі кавалачак за кавалачкам гліны, суглінкі, супесі, міма позірку Гаўрылы Іванавіча не магло праскочыць што-небудзь цікавае. Ён абавязкова запрашаў нас бліжэй да сябе і раіў пашукаць тое, чым сам цікавіўся. У полі працаваць з ім было нялёгка, але карысна і надзвычай цікава.

У час экспедыцый Гаўрыла Іванавіч амаль рытуальна ставіўся да сустрэч каля вогнішча. Аб гэтым успамінаюць усе, каму пашчасціла падзяляць вечары з Гаўрылам Іванавічам дзе-небудзь у беларускім лесе ля ракі ці возера, седзячы вакол зыркага вогнішча. Пачынаюцца ўспаміны, нават споведзі, калектыўныя спевы. Назіраючы за Гаўрылам Іванавічам, нельга было не заўважыць, які ён задаволены і шчаслівы. Здзейснілася яго доўгачаканая мара: ён на роднай зямлі, а вакол яго вучні. Калісьці даўно яму гэта мроілася ў тужлівых, маркотных снах. Мабыць таму, ён пра свае мінулае жыццё не распавядаў ніколі.

27.03.1969 г. Г.І. Гарэцкі быў прызначаны загадныкам Сектара палеагеаграфіі антрапагенавага перыяду Лабараторыі геахімічных праблем АН БССР. Ведаючы эталоннае значэнне тэрыторыі нашай краіны ў складзе іншых рэгіёнаў ледавіковай зоны Усходняй Еўропы, Гаўрыла Іванавіч адразу ж у першыя гады існавання сектара разгарнуў актыўную дзейнасць па ўсебаковым комплексным і глыбокім даследаванні антрапагенавых адкладаў і ўтварэнняў Беларусі ў розных напрамках. Сярод іх на першае месца ён ставіў комплекснае вывучэнне выкапнёвай флоры і фаўны.

Кіраўніцтва дысертацыйнымі працамі аспірантаў Гаўрыла Іванавіч ажыццяўляў недакучліва. Ён уважліва сачыў за даследваннямі аспірантаў і маладых спецыялістаў, выслухоўваў ідэі і асцярожна падказваў патрэбны кірунак. Яго заўжды радавалі поспехі вучняў, якіх ён з гонарам называў "здольнымі, таленавітымі і апантанымі". Гэтыя высокія словы кіраўніка заўсёды натхнялі на новыя пошукі, падыходы і разважанні. Пад кіраўніцтвам Гаўрылы Іванавіча паспяхова абаранілі кандыдацкія дысертацыі супрацоўнікі лабараторыі: К.П. Мандэр, Г.К. Хурсевіч, С.Ф. Зубовіч, Т.В. Якубоўская, Л.П. Логінава, Я. К. Яловічава, А.Ф. Санько, а некаторыя з іх сталі дактарамі навук. Беларуская школа палеантолагаў набыла вядомасць і аўтарытэт сярод даследчыкаў позняга кайназою не толькі ў сваёй краіне, але і ў краінах СНД, Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі.

- Даследванні Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага датычыліся не толькі аб'екта на Беларусі, але і на Украіне.

- Яго фундаментальная манаграфія "Алювіяльны летапіс вялікага Пра-Дняпра " (1970) стала класічнай працай па гісторыі фармавання рачных далінаў. Такія ж фундаментальныя працы ён прысвяціў прадалінам Волгі, Дона і Нёмана.

- Кожны год Вы ўдзельнічаеце ў Рэспубліканскай канферэнцыі "Гарэцкія чытанні" і рыхтуеце даклады па асобных тэмах. Якую б тэму Вы хацелі закрануць сёлета ў чытаннях, якія пройдуць 17 красавіка ў Дзяржаўныі музеі гісторыі беларускай літаратуры ў Менску?

- Мне хацелася б успомніць пра нашу паездку з геолагамі на радзіму Гаўрылы Іванавіча ў Малую Багацькаўку. Мы былі ў экспедыцыі з групай геолагаў на Магілёўшчыне, наведвалі Слаўгарад, Крычаў, Касцюковічы. Нам захацелася трошкі збочыць з маршруту і заехаць на вёску, дзе жылі Гарэцкія. Нас вельмі душэўна прымала пляменніца Гаўрылы Іванавіча Клаўдзія Іванаўна Шнарская, яна добра пачаставала нас, мяне размясціла на ноч разам з гаспадарамі, а геолагі разбілі лагер у двары.

Э. Оліна. Здымкі з архіва Р.А. Зінавай: 1. Акадэмік Г. І. Гарэцкі 2. Навуковец абмяркоўвае з калегамі важныя пытанні.


Асоба: ГЛЯДЗІЦЕ, ХТО ПРЫЙШОЎ!

Міхаіл Пастухоў - чалавек, вядомы ў Беларусі. Чалавек з вялікім патэнцыялам, "запраграмаваны" на значныя здзяйсненні, на першыя ролі ў жыцці дзяржавы, краіны. Адпаведным такому прызначэнню быў пачатак яго кар'еры: у 36 гадоў - доктар юрыдычных навук, заслужаны юрыст Рэспублікі Беларусь, суддзя Канстытуцыйнага суда… А далей - адхіленне ад пасады, што паставіла крыж на кар'еры ў якасці дзяржаўнага службоўца.

Але такі чалавек, як Міхаіл Пастухоў, не можа быць незапатрабаваным. Ён працуе выкладчыкам у прыватным ВНУ. У незалежнай прэсе шмат яго публікацый, дзе з пазіцый законнасці аналізуюцца прававыя дакументы, што стварае сённяшняя ўлада.

У верасні мінулага года Міхаіл Пастухоў завітаў у сядзібу Таварыства беларускай мовы, калі была выказана ідэя правядзення Ўсебеларускага кангрэсу за незалежнасць. Як юрыст высокай кваліфікацыі ён убачыў у Дамове ад 29 траўня 2014 года пагрозу суверэнітэту нашай краіны. Па прапанове Алега Трусава ён падрыхтаваў грунтоўную выснову аб неканстытуцыйнасці шэрагу палажэнняў гэтай Дамовы.

Аднак найбольш мяне ўразіў крок сп. Пастухова, калі на адным з паседжанняў Аргкамітэта ён выказаў жаданне ўступіць у шэрагі прыхільнікаў беларускай мовы.

Напярэдадні таго дня нараджэння я сустрэлася з Міхаілам Пастуховым і задала яму некалькі пытанняў, адказы на якія, думаю, будуць цікавыя чытачам нашай газеты.


- Міхаіл Іванавіч, скажыце, калі ласка, чаму Вы прыехалі на жыццё ў Беларусь, што паўплывала на такое рашэнне?

- Так склаўся мой лёс. З суседняга раёна Расіі (горада Суража Бранскай вобласці) я накіраваўся не на Ўсход, а на Захад. Да таго часу ў Менску ўжо прыжыўся мой старэйшы брат. Тут вучылася таксама сястра, якая пасля з'ехала ў Свярдлоўск. З 1975 года я жыву ў Беларусі, якая стала маёй радзімай і маім домам.

- Вось як бывае… А чым Вы патлумачыце сваё рашэнне ўступіць у Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны?

- Беларуская мова была для мяне блізкай з дзіцячых гадоў. Жыхары Браншчыны, асабліва ў сельскай мясцовасці, ужывалі шмат беларускіх слоў. Праўда, у школе нам казалі, што гэта "сялянская мова". Калі ж я прыехаў на вучобу ў Менск, то нібыта трапіў у роднае асяроддзе. Напачатку асаблівай патрэбы ў вывучэнні мовы не ўзнікала, нават пасля заканчэння ўніверсітэта і аспірантуры. У Канстытуцыйным судзе мы прайшлі невялікі курс беларускай мовы, але карыстацца ёй амаль што не давялося, паколькі пасля лістападаўскага рэферэндуму 1996 года суд перапыніў сваю дзейнасць. Беларускамоўную атмасферу я адчуў у Беларускай асацыяцыі журналістаў, дзе амаль 15 гадоў абараняў правы і інтарэсы незалежнай прэсы. І нарэшце, выспачку беларускасці я знаўшоў у ТБМ. Тут я ўбачыў сапраўдных патрыётаў, якія ўсёй душой служаць Беларусі і роднай мове. Мара аб адраджэнні дэмакратычнай Беларусі паспрыяла рашэнню далучыцца да плыні аматараў беларускай мовы.

- У сувязі з гэтым хачу запытацца, якой Вы бачыце будучыню нашай краіны?

- Па жыцці я хутчэй аптыміст. Думаю, што Беларусь захавае сваю дзяржаўнасць. Хаця сюды можа прыйсці расійскі капітал з яго прадстаўнікамі, але аслабленне расійскай эканомікі, як і развал аўтарытарнай улады, можа стаць для нас выратаваннем. Тады можа адбыцца эвалюцыйнае развццё краіны.

- І яшчэ пытанне: як Вы лічыце, ці здзейсніцца наша надзея на адраджэнне беларускай мовы?

- Пакуль будуць носьбіты беларускай мовы - будзе і надзея на яе адраджэнне. На фоне русіфікацыі цяпер пашыраюцца парасткі нацыянальнай самасвядомасці. У такі час я вырашыў быць з тымі, хто гатовы змагацца за сваю мову. Веру ў лепшую будучыню Беларусі і таму кажу: "Жыве Беларусь!", "Жыве беларуская мова!"

- Міхаіл Іванавіч, карыстаючыся нагодай, хачу павіншаваць Вас з Днём нараджэння і закончыць на ўзнёслай ноце - вершаванкай.

Звязаўшы лёс

з беларускаю зямлёй,

Прызналі мову нашу Вы сваёй.

З сумленнем чыстым,

шчыраю душой

Хателі б Вы служыць

аддана ёй.

Прыйшлі ў супольнасць

нашу Вы, як свой,

Няхай жа будзе

Вам яна сям'ёй.

Прымаем Вас

з любоўю, дабрынёй.

Святлана Багданкевіч, сябра ТБМ.


Адмовілі ў друку

У горадзе Салігорску выходзіць грамадска-палітычнае выданне - салігорская раённая газета "Шахцёр", заснавальнікамі якой з'яўляюцца Салігорскія райвыканкам і райсавет дэпутатаў, а таксама дзяржаўная ўстанова "Рэдакцыя газеты "Шахцёр".

Мною ў райгазету "Шахцёр" былі пададдзены абвесткі з наступным тэкстам: "20 лютага 2015 года адбыўся справаздачна-выбарчы сход Салігорскай арганізацыі Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны". Старшыня Салігорскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны 2011-2015 гг. Мікола Шаравар здаў свае паўнамоцтвы. Новым старшынём Салігорскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны выбраны былы намеснік старшыні Ўладзімір Масакоўскі".

Але гэтая абвеска не была надрукавана ў райгазеце, і праз два тыдні я падаў да друку новую абвестку: "У горадзе Салігорску адбыўся справаздачна-выбарчы сход ГА "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны". Старшынём арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны выбаны Ўладзімір Масакоўскі" . Гэтая абвестка таксама не была надрукавана.

У салігорскай газецпе "Шахцёр", пачынаючы з 1984 года, пастаянна адмаўляюць даваць у друк матэрыялы, звязаныя з недзяржаўнымі грамадскім арганізацыямі, і партыямі.

А матэрыялы дзяржаўных ці прыбліжаных да іх грамадскіх арганізацый, у тым ліку і пра Салігороскі райкам КПБ, друкуюцца і пастаянна ўхваляюцца ў райгазеце.

Вось такая у Салігорску своеасаблівая, свая "дэмакратыя".

Нездарма ў народзе ходзіць пагалоска: "Бог не роўна дзеліць".

Уладзімір Масакоўскі, старшыня Салігорскай суполкі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".


Сход вырашыў

5 сакавіка 2015 года адбыўся чарговы сход Салігорскай суполкі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"

Сябры суполкі ТБМ павіншавалі былога старшыню Салігорскай суполкі ТБМ Мікалая Лазаравіча Шаравара, які выдаў сем кніг паэзіі і прозы і рыхтуе да выдання восьмую, з прыняццем яго ў 2014 годзе ў Саюз беларускіх пісьменнікаў,

На сходзе суполкі ў шэрагі ТБМ былі прыняты маладыя салігорскія актывісты Алена і Раман Лявончыкі. Было адноўлена сяброўства ў шэрагах ТБМ і салігорскай паэтэсы Ніны Ярмалінскай.

На сходзе суполкі разглядалася пытанне падпіскі на газету ТБМ "Наша слова", і быў зацверджаны план працы суполкі на 2015 год. Адным з пунктаў плана прадугледжваецца ўшанаванне памяці чальцоў Саюза беларускіх пісьменнікаў паэтаў Лявона Якубовіча (21.03.1948 - 8.06. 1970 гг.), які трагічна загінуў у ствале шахты Другога Салігорскага камбіната, і Лявона Шпакоўскага - Случаніна (15. 10. 1914 - 25. 10. 1995 гг.), які быў вязнем ГУЛага.

У верасні гэтага года плануецца правядзенне творчай сустрэчы з паэтам, чальцом Саюза беларускіх пісьменнкаў Фёдарам Гурыновічам у сувязі з 65-й гадавінай з дня нараджэння - 14.09.1950 г.

На сходзе разглядалася пытанне аб святкаванні 25-ай гадавіны з дня стварэння Салігорскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны", правядзенне ўрачыстага сходу запланавана на 11 траўня 2015 года. Пададзена заяўка ў Салігорскі райвыканкам аб прадастаўленні месца правядзення ўрачыстага сходу ў гарадскім Палацы культуры. Створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы правядзення ўрачыстага сходу ТБМ.

Уладзімір Масакоўск


Пра тую самую кудзелю

У суботу, 14 сакавіка 2015 года, памёр пісьменнік Валянцін Распуцін. Зямля пухам. Рускае тэлебачанне не адзін раз высока і цёпла адзывалася пра Героя Расіі, раз-пораз падкрэслівала яго жыццесцвярджальную ролю ў абагачэнні рускай мовы новымі словамі. Асабліва мяне ўзрушыла выказванне не меней славутага Аляксандра Салжаніцына ў 2006 годзе: Распуцін не проста карыстаецца рускай мовай, ён сам струмень народнай рускай, частка стыхійнасці і росту мовы свайго народа.

Пытанне для беларускіх усяведаў: каго з пасляваенных навукоўцаў, пісьменнікаў яны адносяць да стваральнікаў і абагачальнікаў нашай мовы. Падкрэсліваю сумысля - пасляваенных, колішніх і цяперашніх. Бо ад незабыўнага Янкі Купалы і да Кузьмы Чорнага плылі цэлыя шарэнгі творчых, з якіх новае беларускае слова бруіла патокам.

Прыгнёт палітычны, нацыянальны і сацыяльны ў жыцці беларусаў ніхто не скіне. Тым не меней лексічныя знаходкі пасля вайны ў пісьменнікаў былі. Назавём таго ж Мележа, Гілевіча, Брыля, Караткевіча, Шкрабу, Сцяцко. Асабліва шмат жывінак і наватвораў у Барадуліна і Санько.

Тым не меней канстатуем горкія факты. Старэе пакаленне дзядоў, увогуле не вывучаўшых беларускую мову ў школе. У шасцідзясятых дастаткова было заявы таты ці мамы школьніка, што ён ці яна - не беларусы, або некалькі гадоў сям'я не жыла ў Беларусі - і гуляй Вася, школьнік вызваляўся ад вывучэння беларускай мовы і г.д. Вырасла пакаленне поўнасцю зрусіфікаваных бацькоў. Яны, дзеці і ўнукі рэзка ваявалі супраць беларускай мовы ў дзяржаве, выкладання геаметрыі і фізікі, астраноміі і анатоміі на беларускай.

Гэта іх родзічы ў камуністычнай, ветэранскай, інваліднай групоўках дэпутатаў Вярхоўнага Савета БССР дружна галасавалі супраць любых парасткаў беларускасці, на авалодванне інтэлігентным чалавекам беларускай мовай вызначылі тэрмін ў адзінаццаць (!) гадоў. Англійскую, нямецкую можна дасканала вывучыць за год, тры, а на беларускую зацвердзілі - 11.

Іх цяперашнія дзеткі з сумам, а хто і з радасцю мусяць канстатаваць: у 2015 годзе ў Беларусі па-беларуску вучацца ўсяго 15 працэнтаў школьнікаў.

Падумаць толькі, у дзяржаве, як адзначае намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі, на беларускай вучыцца шэсцьсот студэнтаў: адзін (!) з 640. У Берасцейскім педуніверсітэце на беларускай мове друкуецца 15-20 працэнтаў кніг, як з гонарам паведамляе ў друку першы прарэктар С.А. Марзан.

Пачытайце шыльды магазінаў і вуліц у нашых гарадах, пагартайце так званыя беларускамоўныя выданні, іх у незалежнай і вольнай Беларусі аж трыццаць тры з 1577. Пагартайце хоць бы тую ж "Звязду". Рускамоўныя матэрыялы ў іх не рэдкасць, бывае ідуць цэлымі рэкламнымі палосамі, а ў 684 рускамоўных выданнях матэрыялы на беларускай амаль нічога не сустрэнеш.

Двухмоўе ў нас нераўназначнае. Беларускасць коціцца на яшчэ горшы спад. Аднастайная моўная шэрасць запаланіла газетныя палосы, часопісныя старонкі

Любое нязвыклае слоўка, тым болей наватвор, знаходзіць апанентаў. Замест радасці ад сустрэчы з новым словам, яго ўзважвання і ацэнкі чуюцца: школьнік такое не зразумее, у слоўніку няма, у нашым раёне яно не гучыць… У канцы пяцідзясятых пачалася і гадоў дванаццаць працягвалася ў Эстонскай ССР кампанія па росшуках і стварэнні новых эстонскіх слоў. Сябра майго знаёмца, Ційт Сійвельт, даслаў на радыё пяць слоў, чатыры камісія адзначыла, прэміявала Ційта.

За ўсё існаванне Беларусі хто-небудзь чуў у раёне, вобласці, не кажу пра рэспубліканскі ўзровень, пра такі конкурс у нас? Пустое пытанне.

Нашанскія дружна навальваюцца на тое, што патрэбна хваліць, на лексічную адметнасць аўтара, разнастайнасць стылю. Беларускія салжаніцыны на кафедрах таксама нічога не заўважаюць, плывуць па плыні. Занятым уласнымі прасніцамі і кудзеляю не да наватвораў беларускай мовы, сапраўды глыбокага лексічнага яе абагачэння.

Закаханая ў прыроду і паэзію настаўніца Ядвіга Іванаўна Рай у канцы 2014 года надрукавала кніжку "Сцежкі пілігрыма на скрыжаваннях часу". Узнёсласць, падзяка жыццю, любоў да Бога ў таленавітых вершах пенсіянеркі, апісаннях пілігрымкаў.

Пісьменнік Валер Санько ў "Нашым слове" (21.01.2015) змясціў рэцэнзію на кнігу патрыёткі. На чатырох калонках усяго 15% слушных крытычных заўвагаў на адрас рэдактара кнігі Юрася Нератка і адказнай за выпуск А.Г. Яцкевіч.

11.3.2015 у паважаным "Нашым слове" надрукаваны "Адкрыты ліст..." рэдактара кнігі. Юрась Нераток справядліва адзначае бяздарства ў многіх беларускіх філолагаў: у іх адна рука правая, другая іншая, вочы адчыняюцца, а не расплюшчваюцца . Правільна кажа: нашу мову пастаянна мяняюць, генерыруюць, гэта ёй моцна шкодзіц ь; што Расія ўзяла за аснову рускай мовы беларускую.

Згаджаюся з ім і ў тым, што, як бы не хацеў любы рэдактар узвысіць зборнік, ён не можа за аўтара перапісваць тэкст.

Шмат з чым хацелася б згадзіцца яшчэ. Не магу. Замінаюць асобныя дэталі.

У змястоўнай рэцэнзіі Санько ўзгадаў прозвішча Нератка адзін раз, а ён саньковае ў значна меншым лісце - дзевяць. Санько не ўжываў тэрмінаў тыпу "вырашыў асядлаць сукаватую палку… і пагойсаць па літаратурным полі" , ні разу не прышываў сваім апанентам пасылы тыпу - "хвалу и клевету приемли равнодушно и не оспаривай глупца", як зрабіў гэта Нераток. Не казаў, што " адзін збрэша, другі падбрэша" .

Болей таго, Санько не пералічваў мноства элементарных хібаў паважанага рэдактара. Хаця Ю. Нераток намякае, калі б яны былі, рэцэнзент Санько выкарыстаў бы іх. Да раней узгаданых (і не аспрэчаных) дадам наступныя: сады выгадаваныя (стар. 3), квітнеючай (13, 46), некалі гадзін ішлі (29), два прамавугольніка (40), гэта нейкі роў, тое, што раздзяляе (99), абярогі (108), малітвеннік (141)…

Яшчэ горай, калі рэдактар Юрась Нераток, апраўдваючы свае недагляды, на поўным сур'ёзе аргументуе мажлівасць аўтара ў адной кнізе двум розным вершам даваць адну назву: "аднолькавая назва розных вершаў у паэзіі справа звыклая" .

Яго параду "літаратурнаму зубру з сацрэалістычных 70-х" , якому "хранічна не хапае існуючай мовы" , якому трэба лепей ведаць "інфармацыйныя нагоды" - да каго адносіць, самога радцы ці Санько?

Невядома на якога чытача разлічаны загаловак "Адкрыты ліст закаўмлычанаму крытыканцу ад няслухніка-рэдагаванца" ; чатыры такія словы ў тэксце загалоўка не стасуюцца. Перабор. Словы самі ядуць сябе і аўтара. Такое бачыць трэба рэдактару.

Нідзе, наколькі мне вядома, В. Санько не выказваўся: "Гецьма да мяне, навучу, як трэба рэдагаваць" . Не трэба прышываць аўтару многіх кніг домыслы Нератка, які ў жаданнях апраўдацца адходзіць ад аб'ектыўнасці.

Перачытаў свае пярэчанні Юрасю Нератку. Мушу паўтарацца, хоць іншымі словамі, мушу.

Чуў, рэдактары у нас асобы недатыкальныя, сведчанне добра відаць з крыўдаў Нератка.

... Шмат горкай праўды напісаў Валер Санько ў сваіх кнігах і артыкулах. Менавіта з-за праўдзівасці яго мала друкуюць. З ім не заядаюцца, ведаюць яго доказнасць. Здзівіўся я, што не зрэагаваў ён на выпад Ю. Нератка, калі той выставіў яго блазнам, "асядлаўшым сукаватую палку і з драўлянай шабелькай у руцэ… гойсае, як у дзяцінстве" . Юрась жартоўна-пагрозліва даводзіць, што рэдактары ніколькі не баяцца "драўляных шабелькаў" , бо яны маюць "пластыкавыя пісталеты з шарыкамі ад пінг-понга…" . Гэта ён пагразіў сабе! Не дваіста, наяву.

Не сумняваюся, у нераткоў знойдзецца дастаткова смярдзючага рэчыва, каб абмазаць кожнага ўзняўшага голас супраць іх хоць на ёту. Свая рука ўладыка. Апанентаў яны не надрукуюць, чапляюцца да нязначнага, дакладней кажучы, аўтарскіх асаблівасцяў стылю, новага беларускага слова, слуцкага дыялекту, якія Санько цэніць на вагу золата.

... Вярнуся да пачатку артыкула. У нас вырасла два пакаленні, якія не чулі жывой беларускай гаворкі, чыталі адно абрусікаванае стараннымі рэдактарамі. Юрась Нераток спрабуе здзеквацца з аўтарскае мовы Санько, не закранаючы сутнасць узнятых праблем, глыбіннасць філасофіі, за жартачкамі-кпіначкамі выдае сабе "востравумным". Такія тэхналогіі спрацоўвалі ў сумнавядомага Зімоўскага.

Такім чынам на сметнік разам з бруднай вадою выліваецца і немаўля. Нераток не здольны адлавіць дужую рыбіну.

Вельмі сумна, Юрась, мабыць, не чытаў прозы Валера Санько, асабліва глабальны дакументальны раман "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе". Яшчэ нікім так поўна Чарнобыльская бяда не была асветлена, не прааналізаваны наступствы катастрофы. Твор павінны прачытаць многія, не толькі ў Беларусі.

Вядома, Нератку не падняць сходу глыбу ў 612 старонак - вынік 19-гадовай працы (дакументы, факты, разважанні, аналіз). Гэтая кніга - папярэджанне аб небяспецы як "мірнага атаму", так і ядзернай зброі для існавання ўсяе планеты.

...Можа В.А. Санько варта трохі паменьшыць аб'ём кнігі. Гэта адносіцца да лёсаў лірычных герояў. З іх можна зрабіць асобную аповесць.

Мова ў Санько нашая, адвечная, якую памятаю з дзяцінства. Што тычыцца некаторай адрывістасці стылю, то гэта індывідуальны стыль аўтара і няма чаго расчэсваць яго сваім недасканалым грабянцом. Бо найвялікшы запавет беларускай мовы і яе выдатная якасць - як чуецца, так пішацца - у яго выконваецца лепей за іншых.

Улічыце гэта "няслухнікі-рэдагаванцы" . Кажу, звяртаючыся да вас, узмацняйце свае нераткі і лавіце сутнасць падзей. А слова "няслухнікі" , ужытае Саньком, мяне ніколькі не пакаробіла, бо яно значыць болей чым "непаслухмяныя" , яго сэнс - вы глухія і сляпыя, не хочаце чуць і бачыць, не ловіце ў свае нераткі здатнасць і неардынарнасць, а выбіраеце звыклае, гладкае, што не зачэпіць "рэдагаванскага аўтарытэту", ані сэрца ні розуму чытачоў.

Слова "рэдагаванцы" ўвогуле смешнае, у В. Санько ні разу не ўжывалася. Хаця існуе такі беларускі суфікс, і ёсць словы з адпаведным суфіксам. Праўда, гучыць яно ў прыведзеным загалоўку некалькі непаважліва, тым не меней дзякую за яго пану Ю. Нератку.

І паўтараю, слухаць трэба не адно сябе.

Каб мне захацелася кінуць камень у агарод Валера Санько, то скажу. Дарэмна ён выбраў героем артыкула "Чарнобыльская катастрофа і Мікалай Слюнькоў" у газеце "Народная воля" (3.3.2015) Слюнькова. Так, ён быў кіраўніком БССР і СССР. Але гэты пракамуністычны дзеяч у нашай гісторыі, і ў сілу гэтай ягонай пасады мы займелі багата шкоды, болю.

Не варта зараз рабіць Слюнькова беленькім і пухнаценькім. Лепей газетам узгадаць пра лёс ліквідатараў, не шкадаваўшых жыцця ў страшныя чарнобыльскія гады, расказаць пра лёсы іх дзяцей, а не толькі пра дзяцей Слюнькова.

Самаахвярнасць, гераізм ліквідатараў, праблемы і пакуты беларускага народа, асабліва дзяцей, класна апісаны Валерам Санько ў кнізе "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе". Па-просту сэрца халадзее і спыняецца, плача, асэнсоўваючы многія старонкі ягонай дакументалістыкі.

Ці маем мы помнікі ліквідатарам? Школьнікі і студэнты павінны знаёміцца з гераічнымі прыкладамі беларускай сённяшнасці і далёкай-далёкай мінуўшчыны. А то мы ўсё дзяўбём пра Айчынную вайну, станоўча ўзгадваем першую сусветную, нават рускую вайну з Напалеонам. Агароды цяперашніх беларускіх эканамічных праблем і рэдакцыйных як бы не заўважаем. Дарэмна.

Жвавыя ўлюбёнцы шаноўных нераткоў тым часам кпяць-жартуюць са сваіх, на сваіх нападаюць - то на вышыванкі, раяць купіць зрусіфікаваны слоўнік і начапіць замест вышыванкі на беларускую шыю, не усведамляючы таго, што вышыванка была першародным нашым адметным сімвалам, то перажываюць за як бы пакрыўджаных на Беларусі рускамоўных пісьменнікаў…

Усяго не пералічыш, усю кудзелю не перапрадзеш.

Сумна, спадарства.

Алесь Грыц , пенсіянер, г. Менск.


Рэзалюцыя Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона"

28 сакавіка 2015, г. Менск

Мы, удзельнікі Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона", адзначаем наступнае: права на карыстанне роднай мовай з'яўляецца адным з неад'емных правоў чалавека. Тым не менш, сёння ў Рэспубліцы Беларусь гэтая каштоўнасць ігнаруецца, што прыводзіць да канфліктаў, перашкаджае ўстойліваму нацыянальна-культурнаму развіццю краіны. Такая сітуацыя абумоўлена недасканаласцю моўнага заканадаўства, а таксама яго сістэматычным парушэннем.

Мы падтрымліваем намаганні сусветнай супольнасці, выкладзеныя ў Канвенцыі ЮНЕСКА, накіраваныя на ахову і заахвочванне разнастайнасці форм культурнага самавыяўлення, поўнамаштабнае выкарыстанне родных моў народаў, асабліва тытульных.

Мы заклікаем улады Рэспублікі Беларусь няўхільна прытрымлівацца Артыкула 2 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, згодна з якім усе людзі павiнны валодаць усiмi правамi i свабодамi, выкладзенымі ў ёй, у тым ліку і ў дачыненні да роднай мовы, а таксама выконваць палажэнні Канвенцыі ААН па правах дзіцяці і Дэкларацыі ААН аб правах карэнных народаў.


НОВЫ АНГЛІЙСКА-БЕЛАРУСКІ СЛОЎНІК

Новы "АНГЛІЙСКА-БЕЛАРУСКІ СЛОЎНІК" адносіцца да слоўнікаў сярэдняга памеру. Слоўнік змяшчае каля 60 000 слоў і ўстойлівых словазлучэнняў англійскай мовы з іх адпаведнікамі на беларускай мове, а таксама шматлікія прыклады іх ужывання. Англійска-беларускі слоўнік такога тыпу і памеру падрыхтаваны ў Беларусі ўпершыню.

Слоўнік арыентуецца на брытанскі варыянт англійскай мовы, які выкладаецца ў большасці навучальных ўстаноў Рэспублікі Беларусь. Аднак у слоўніку знайшлі адлюстраванне асаблівасці правапісу і семантыкі найбольш ужывальных слоў амерыканскага варыянту.

Праца па ўкладанні "Англійска-беларускага слоўніка" выканана ў Менскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Слоўнік падрыхтаваны калектывам аўтараў: Т.М. Суша (кіраўнік праекту), А.У. Таболіч, А.К. Шчука, С.І. Ігнатава, П.Дж. Мэё, Л.В. Вікторка, Н.Г. Брэйва, А.М. Шаўлова, Ю.М. Кардубан, А.В. Семянькевіч.

Слоўнік адрасуецца выкладчыкам ВНУ, настаўнікам школ, студэнтам, перакладчыкам, а таксама ўсім, хто карыстаецца англійскай і беларускай мовамі.

Наш кар.


У Беластоку падвялі вынікі прадметных конкурсаў

22 вучні падляскіх пачатковых школ сталі лаўрэатамі ваяводскага конкурсу па беларускай мове. Шэсць з іх вучні з пачатковай школы № 3 у Бельску Падляскім. Падчас урачыстага падвядзення вынікаў прадметных конкурсаў у Беластоку, узнагароды і сертыфікаты атрымалі вучні таксама гайнаўскіх і беластоцкіх школ. Чацвёра лаўрэатаў конкурсу па беларускай мове - гэта вучні беластоцкай школы № 4, кажа іх настаўніца Аліна Ваўранюк:

- Яшчэ ніколі не было так, каб аж сем асоб з нашай школы зайшлі так высока і набралі такую колькасць балаў, што па-мойму таксама не сведчыць толькі пра лёгкасць, а сведчыць пра тое, што дзеці добра рыхтуюцца да конкурсу, а мы як настаўнікі добра рыхтуем дзяцей. Падляская кураторыя асветы штогод ладзіць дзесяць прадметных конкурсаў па гісторыі, геаграфіі, польскай, англійскай і беларускай мовах ды інш. У школьных этапах усіх конкурсаў прыняло ўдзел 18 тысяч вучняў. Лаўрэатамі сталі каля 500 школьнікаў.

Лукаш Леанюк , Беларускае Радыё Рацыя.



"Будзьма!"
13 красавіка (панядзелак)
адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18.30 гадзін.

Румянцава, 13 Уваход вольны.



15 красавіка ў канферэнц - зале Лідскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы

пройдуйць 3-я Лідскія чытанні, прысвечаныя 175-м угодкам з дня нараджэння Францішка Багушэвіча .

Пачатак у 11.00. Уваход вольны.


97-я ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі Дзень Волі-2015 у Беластоку

Асноўнае мерапрыемства з нагоды 97-ай гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі прайшло 25 сакавіка ў беластоцкім клубе "Zmiana klimatu".

У Беластоку святочнае адзначэнне Дня Волі, арганізавалі Беларускі Саюз у Рэчы Паспалітай, Беларускае Радыё Рацыя, Абяднанне ў карысць дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову АБ-БА, тыднёвік "Ніва", Беларускае аб'яднанне студэнтаў, Беларускае гістарычнае таварыства.

Прагучаў гімн "Магутны Божа". Для ўдзельнікаў урачыстасці агучылі віншаванне са святам Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы.

На сцэну выйшаў дзіцячы калектыў "Баламуткі". Калектыў да выступу падрыхтавала Кася Жамчужнікава. Сімвалічныя ўзнагароды Беларускага Саюза, букеты бел-чырвона-белых кветак у гэтым годзе атрымалі: Мікола Ваўранюк - за шматгадовую, журналісцкую дакументацыю жыцця беларускай меншасці ў Польшчы, Іанна Стэльмашук-Троц - за вяртанне ў беларускую прастору тэатральнай пастаноўкі на высокім мастацкім узроўні, Тамаш Ціханюк - дырэктар беларускага музея ў Гайнаўцы. На сцэну выйшла вучанніца 5 класа пачатковай школы № 4 у Беластоку Вікторыя Пякарская, якая прачытала верш Віктара Шведа "Малітва".

Божа наш Літасцівы,

Магутны,

Божа наш Справядлівы,

Адзіны!

Учыні, каб народ

наш пакутны

Меў заўсёды сваю Айчыну.

Каб народ

заставаўся народам,

У чужым не расплыўся моры.

Каб яго аб'ядноўвала згода

У свабоднай

жыццёвай прасторы.

Каб народ не цураўся ніколі

Ні традыцый бацькоўскіх,

ні мовы.

Каб ніколі не быў у няволі,

Не пакутваў ніколі нанова.

Каб сваё больш цаніў

ад чужога,

Каб адстойваў яго штохвіліну. Дык папросім

магутнага Бога:

Захавай нас і нашу Айчыну!

Са святочнай прамовай выступіў таксама Яўген Вапа.

Радыё Рацыя.


Ліцэй з Беларускай мовай навучання ў Бельску Падляскім адзначаў Дзень Волі

Як што год, ІІ Агульнаадукацыйны ліцэй з Беларускай мовай навучання імя Браніслава Тарашкевіча ў Бельску Падляскім вельмі святочна адзначаў Дзень Волі. На будынку школы ды ў яе памяшканнях - бел-чырвона-белыя сцягі. Вучні пісалі дыктоўку па беларускай мове. Прайшоў турнір насычаны беларускай мовай, песняй, танцамі.

- Цяжка мне на сэрцы, але я шчаслівы, што хаця тут магу адкрыта адзначыць гэтае вялікае свята, - кажа настаўнік англійскай мовы Валеры Скрундз, які сам родам з Беларусі, - гэта такая асаблівая сітуацыя… Заўсёды ўспамінаецца ўсё тое, што звязанае з маёй Айчынай, з матуляю, з бацькам, з дзедам, з бабуляю. Цяжка гаварыць пра тое. Калі знаходзішся тут, у сваёй школе, магу сказаць, што гэта мая школа, што адзначаем такім спосабам 25-га сакавіка. У мяне такое ўражанне, што частка маёй Айчыны тут. Сённа ў ліцэі прайшоў адзін доўгі ды вялікі ўрок - урок радасці ды памяці пра падзеі 25 сакавіка 1918 года.

Давід Гайко , Беларускае Радыё Рацыя.


Дзень Волі ва Ўроцлаве

Беларускія ўдзельнікі праекта "Dzieci razem", прадстаўнікі беларускай дыяспары і польскія сябры разгарнулі на плошчы каля Ратушы бел-чырвона-белыя сцягі, паведамляе прэс-служба камітэта "Салідарнасць".

З прамовай пра гістарычнае значэнне для беларусаў даты 25 сакавіка выступіў кіраўнік фонду "За волю нашу і вашу" Мікалай Іваноў. Пасля выступу беларусы і салідарныя з імі палякі некалькі разоў выгукнулі "Жыве Беларусь!"

Еўрарадыё.


Усенародны рух за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай (да 25-годдзя Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" - 26 студзеня 1990 г.)

(Працяг. Пачатак у папяр. нумарах.)

Як сведка, непасрэдны ўдзельнік усенацыянальнага змагання за бясцэнную духоўную святыню Бацькаўшчыны - беларускую мову, аўтар дадзенай публікацыі не мог не нарадавацца ўсяму таму, што адбывалася ў нашым грамадстве. Стваралася ўражанне, што людзей нічога не хвалюе, акрамя як роднай беларускай мовы. Для некаторых актывістаў ТБМ - дый і не толькі іх! - з'яўленне ў друку праекта Закона аб мовах была такой вялікай падзеяй, што сваё ўспрыняцце яе стараліся выказваць не празаічным словам, а вершаванымі радкамі. Такі варыянт выбраў і старшыня Чавускай раённай Рады ТБМ Мікола Салаўцоў. Свой першы ў "Настаўніцкую газету" (8 студзеня 1990) верш "Роднай мове" пачаў такімі радкамі:

Роднай мове - гром набатаў,

Мой вянок благаслаўленняў,

Запрашаючы дахаты -

Падыму яе з каленяў.

а другі - "Дзякуй моўным генералам" (меў на ўвазе Багдановіча, Купалу, Коласа, Куляшова) заканчваў так:

Сёння мова ажывае

На шляху Перабудовы,

Хай квітнее ў родным краі,

Хай шчыруе наша мова!

Пры жаданні такога настрою вершаў можна знайсці нямала ў тагачасным перыядычным друку. Гэта толькі сёння афіцыйныя газеты і часопісы баяцца друкаваць усё, што датычыць шляхоў і спосабаў выратавання беларускай мовы ад пагібелі і саміх беларусаў ад такой жа злыбяды. Ніколькі не перабольшу, сцвердзіўшы, што абмеркаванне праекту Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" адразу ж пасля яго апублікавання набыло па-сапраўднаму агульнанародны маштаб. І што самае важнае: удзельнікі той па праву гістарычнай дыскусіі ў пераважнай сваёй бальшыні цалкам усвядомлена, з глыбокай перакананасцю, а не па чыёйсьці падказцы выступалі за наданне ў рэспубліцы статусу адзінай дзяржаўнай мовы толькі беларускай. Стваралася ўражанне, што наш народ нібыта і не закранула ні царская, ні савецкая палітыка русіфікацыі. Але гэта было зусім не так: мова ж яго знаходзілася на задворках, не выкарыстоўвалася дзеля абслугоўвання службовага справаводства, навукі, адукацыі (акрамя сельскай мясцовасці), рознага характару масавых культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў. І калі беларусы і ў такой экстрэмальнай сітуацыі выступалі за родную мову, дык так і хочацца сказаць, што іх сам Усявышні нябачна скіраваў на гэты праведны шлях.

Паколькі 15 студзеня 1990 года заканчваўся тэрмін абмеркавання праекту Закона, усе атрыманыя рэдакцыямі газет матэрыялы не друкавалі, а перасылаліся ў Вярхоўны Савет БССР. Там іх быў не адзін мех! Шкода толькі, што той багаж думак не быў даведзены грамадскасці, не стаў прадметам навуковага аналізу.

Актыўная дзейнасць ТБМ, плённая праца высокай кваліфікацыі прафесіяналаў над напісаннем праекту Закона аб мовах, з'яўленне апошняга ў газетах і часопісах, шырокае, спраўнае абмеркаванне гэтага дакумента з удзелам шырокіх колаў грамадскасці не маглі не даць пазітыўных вынікаў па вяртанні беларусаў да ўласнага нацыянальнага жыцця. Ніводзін з папярэдніх 1989 году гадоў не мог параўнацца з ім па маштабе ўкаранення беларускай мовы ў практыку. Вось некаторыя паказальныя факты па так моцна зрусіфікаваным Менску: у 1989 годзе адкрыта 166 беларускамоўных груп у 89 беларускамоўных садах; у 1989/90 навучальным годзе створана 29 беларускамоўных класаў (Настаўніцкая газета. 1990. 31 студзеня) . За час існавання прэзідэнцкай сістэмы кіравання краінай (а гэта ж больш, чым 20-гадовы тэрмін!) не было ніводнага такога года.

Спыненне згодна з указаннем уладных структур абмеркавання Закона аб мовах зусім не азначала, што ў СМІ неабходна адмовіцца ад асвятлення розных аспектаў моўнай практыкі як тэарэтычнага, так і практычнага характару. Яна працягвала хваляваць нацыянальна свядомыя пласты грамадскасці. Па-своему хвалявала і прадстаўнікоў чыноўніцкага апарату. На адсутнасць сярод іх праціўнікаў адраджэння беларускай мовы ніяк не даводзілася разлічваць, бо ці мала хто з іх яшчэ тры - пяць гадоў назад вытурваў яе з афіцыйнага жыцця, асабліва з навучальных устаноў. У Менску адным з самых заядлых праціўнікаў іх беларусізацыі быў загадчык аддзела адукацыі Першамайскага раёна Г. Д. Дылян. Сур'ёзную, усебакова абгрунтаваную скаргу на яго далі ў газету "ЛіМ" (19.01.1990. С.4) сябры Гарадскога бацькоўскага камітэта беларускамоўных класаў і школ А. Шамак, А. Харламаў, М. Кійка і інш. У бальшыні выпадкаў улады станавіліся на бок тых, хто выступаў у абарону беларускай мовы, бо мінулі тыя часы, калі можна было здзеквацца, выціраць аб яе ногі.

І вось нарэшце прыйшоў, не сумняваюся, для абсалютнай бальшыні беларусаў доўгачаканы, знакавы ў айчыннай гісторыі дзень - дзень 26 студзеня 1990 года, калі Вярхоўны Савет БССР павінен быў разглядаць праект Закона аб мовах. Стаяла сярэдзіна зімы, але той дзень нагадваў вясну, нібыта жадаючы паказаць беларусам, што для іх прыйшла самая прыгожая пара года. Не скажу, як у сельскай мясцовасці, а сталіца была поўнасцю бясснежная, што з'яўляецца рэдкасцю для нашага краю. Паводле маіх падлікаў, якія вяду з 1967 года, 24 студзеня 1990 года сярэднедзённая тэмпература склала +2, 25-га - +2, 26-га - +4. Ну ці ж зіма гэта?!

Асабіста для мяне дзень 26 студзеня 1990 года быў адметны яшчэ тым, што, не будучы дэпутатам, камуністам, атрымаў Гасцявы білет № 163 на права прысутнічаць на ўсіх паседжаннях Чатырнаццатай сесіі Вярхоўнага Савета БССР 11-га склікання. Такога гонару, як сказалі аўтарытэтныя работнікі Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, я заслужыў сваімі артыкуламі па праблеме адраджэння беларускай мовы, палажэнні якіх выкарыстоўвалі пры напісанні праекту і самога Закона "Аб мовах у Беларускай ССР". Што ж, для мяне такая ацэнка была вельмі ганаровай і павінна была стаць яшчэ больш ганаровай, калі прымуць праект Закона, увядуць яго ў дзеянне.

6. Праекту Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" дэпутаты сказалі: "Так!"

Выяўленаму беларускім народам пазітыўнаму погляду на роднае слова яшчэ да пачатку апублікавання праекту Закона аб мовах і да вынясення яго на разгляд вышэйшага заканадаўчага органа рэспублікі можна пры пяцібальнай ацэнцы смела паставіць, калі не пяць, дык чатыры. Уладам гэта не магло не быць невядомым. І тым не менш, цвёрдай упэўненасцю, якой на практыцы будзе сацыяльная роля беларускай мовы, а разам з ёю і лёс самога беларускага народа, мала хто мог пахваліцца, ад чаго толькі павялічвалася ўвага да працы прызначанай на 26 студзеня 1990 года - без перабольшвання знакавай для айчыннай гісторыі даты - Чатырнаццатай сесіі Вярхоўнага Савета БССР адзінаццатага склікання. Старшынстваваў на ёй дэпутат, вядомы беларускі пісьменнік, навуковец Іван Навуменка. Першымі на парадак дня сесіі былі вынесены пытанні: "Аб праектах Закона Беларускай ССР "Аб мовах у Беларускай ССР", пастановы Вярхоўнага Савета Беларускай ССР "Аб парадку ўвядзення ў дзеянне Закона Беларускай ССР "Аб мовах у Беларускай ССР" і Закона Беларускай ССР "Аб дапаўненні артыкула 68 Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Беларускай ССР".

З грунтоўным дакладам па першым пытанні выступіла старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па падрыхтоўцы прапаноў аб заканадаўчым урэгуляванні статусу беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва Беларускай ССР, намеснік Старшыні Савета Міністраў БССР, дэпутат Ніна Мазай. Прысутныя ў зале пачулі ад яе пра беларускую мову шмат такога, чаго так баяліся выказаць услых на працягу апошніх 60-ці гадоў. Вось колькі вытрымак з даклада: "… мова не толькі сродак зносін паміж людзьмі, яна з'яўляецца асновай культуры народа і яе важнейшай састаўной часткай. Кожная мова, у тым ліку і наша, яе агульнанародная, літаратурная, жывая мясцовая і гістарычная разнавіднасць - неацэнны скарб, які належыць не аднаму народу, а ўсяму чалавецтву.

(…) У ёй адлюстраваны народны побыт і традыцыі, тое, што называецца душой народа".

Каб дэпутаты лепш зразумелі неабходнасць карэнным чынам мяняць моўнае становішча ў рэспубліцы, дакладчыца паказвала яго такім, якім яно ў сапраўднасці было:

"Паступовае звужэнне сфер прымянення беларускай мовы ў практыцы прывяло да таго, што сёння роля беларускай мовы ў гаспадарчым, культурным, грамадска-палітычным жыцці рэспублікі зведзена да мінімуму, а часам зусім ігнаруецца ў зносінах. Гэта… адмоўна адбіваецца на распаўсюджванні нацыянальнай мастацкай літаратуры, вядзе да страт у шырокіх мас насельніцтва пачуцця каштоўнасці нацыянальнай культурнай спадчыны, дэфармацый у нацыянальнай самасвядомасці, якія, у прыватнсці, знаходзяць сваё праяўленне ў нігілістычных адносінах пэўнай часткі насельніцтва да беларускай мовы".

Як гэта спаўна, аб'ектыўна адлюстроўвае і сучасную моўную сітуацыю ў Рэспубліцы Беларусь! У краіне, палітычнае кіраўніцтва якой не саромеецца называць яе суверэннай, з высокаразвітай нацыянальнай культурай. Не, яна не можа быць такой пры поўным паралюшы беларускай мовы. Па-за роднай мовай не існуе, не развіваецца нацыянальная культура, а адбываецца злачынны працэс культурна-моўнай асіміляцыі народа. І гэты працэс набывае яшчэ больш злачынны характар, калі да яго прамое дачыненне мае сама дзяржава.

Дакладчык высока ацаніла больш чым чатырохмесячную працу Камісіі па падрыхтоўцы прапаноў аб заканадаўчым урэгуляванні статусу беларускай, рускай і іншых моў, якімі карыстаецца насельніцтва рэспублікі, паіменна пералічыла ўсіх яе ўдзельнікаў на чале са старшынём Рабочай групы Нілам Гілевічам. Такіх жа удзельнікаў разам з ім налічвалася 15 чалавек. Назаву толькі некаторых з тых, чыя прафесійная дзейнасць была найбольш звязана з культурна-моўнай сферай, каб пераканаць чытача, што ёю займаліся вельмі дасведчаныя асобы: акадэмік-сакратар Аддзялення грамадскіх навук АН БССР Мікалай Бірыла, міністр народнай адукацыі БССР Міхаіл Дзямчук, сакратар Менскага гаркама КПБ Пётр Краўчанка, член-карэспадэнт АН БССР, дырэктар Інстытута мовазнаўства АН БССР Аляксандр Падлужны, дацэнт кафедры сацыялістычнай культуры Менскай вышэйшай партыйнай школы Вячаслаў Рагойша, прафесар, загадчык кафедры беларускага мовазнаўства Менскага дзяржпедінстытута Міхаіл Яўневіч, дацэнт гэтай жа кафедры Пётр Садоўскі, пісьменнік Барыс Сачанка, намеснік дырэктара Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ Юрый Смірноў, загадчык кафедры тэорыі, гісторыі і права БДУ імя Леніна, доктар юрыдычных навук Аляксандр Абрамовіч. Нават пры разглядзе самых складаных пытанняў моўнага становішча ў БССР - а яно і сапраўды было такім -, гэтыя кампетэнтныя асобы не маглі памыліцца, як гэта памыліліся і нарабілі цяжкапапраўнай бяды недасведчаныя ў моўным пытанні чыноўнікі, навязаўшы народу ў траўні 1995 года ганебны рэферэндум.

Абгрунтоўваючы правамернасць беларускай мовы быць адзінай дзяржаўнай, Ніна Мазай слушна згадала, што на ёй "сабрана багатая культурная, гістарычная, навуковая спадчына нашага народа, дасягнула сусветнага ўзроўню беларуская савецкая літаратура", а таксама нагадала дэпутатам і гасцям, што ў гісторыі міжваеннай БССР быў час, калі беларуская мова вызначалася, "як мова, пераважная для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесійнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі".

Зусім нялішнімі, улічваючы рэальны стан рускай мовы ў канцы 1980 - пачатку 1990 гадоў, былі ў дакладзе такія словы: "…дзяржаўны статус беларускай мовы ні ў якай меры не прыніжае рускай мовы і мовы іншых нацыянальнасцей, не пярэчыць прынцыпам роўнасці нацый і раўнапраўя моў…" З гэтай праўдзівай ацэнкай не пагодзяцца толькі палітыкі, што прыйдуць да ўлады ўлетку 1994 года і ўвядуць у краіне прэзідэнцкую сістэму кіравання.

Не выключаючы, што хтосьці з дэпутатаў не змог азнаёміцца з дакладам Міхаіла Гарбачова "Аб нацыянальнай палітыцы партыі ў сучасных умовах" на вераснёўскім (1989) Пленуме ЦК КПСС, у Ніны Мазай мелася вельмі пільная патрэба азнаёміць іх з такімі справядлівымі словамі партыйнага лідара: "Перш за ўсё мы зыходзім з таго, што карэннае насельніцтва ўсіх рэспублік, безумоўна, мае поўнае права зацвердзіць сваю мову ў якасці дзяржаўнай, інакш кажучы, стварыць прававыя ўмовы для яе захавання і развіцця. Гэта не толькі юрыдычнае пытанне, гэта пытанне палітычнае, паколькі размова ідзе аб самаадчуванні нашых народаў, іх зразумелым імкненні захаваць сваю нацыянальную самабытнасць" .

Як на мой розум, унікнуўшы ў сэнс гэтых справядлівых слоў і не прагаласаваць за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай у рэспубліцы, мог толькі безнадзейна хворы на нацыянальны нігілізм чалавек. Такіх, зразумела, не магло не быць сярод дэпутатаў, улічваючы наступальны, маштабны характар бальшавіцкай ідэалагічнай працы ў БССР па апрацоўцы яе людзей у духу ўяўнага пралетарскага, сацыялістычнага інтэрнацыяналізму. І не магу сказаць яшчэ і такога: толькі за адну гэтую цытату з даклада Міхаіла Гарбачова мы, беларусы, не можам не паважаць яго, бо пры заняцці ім і значыць усёй КПСС іншага погляду на нацыянальныя мовы савецкіх народаў ні ў якім разе на абмеркаванне ў Вярхоўным Савеце БССР не было б вынесена пытанне аб наданні беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай. Чыноўніцкі апарат БССР няшчадна пляжыў бы яе так, як гэта ён практыкаваў да Гарбачоўскай перабудовы.

Не маглі не ўразіць прыведзеныя ў дакладзе Ніны Мазай звесткі, што ў ходзе абмеркавання праекту Закона аб мовах прапановы і заўвагі ў адрас Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР, сродкі масавай інфармацыі паступілі больш чым ад 20 тыс. чалавек. Прычым, пераважная бальшыня з іх - 15 тыс. выказалася за прыняцце праекту Закона аб мовах. Некаторыя больш змястоўныя з прысланых лістоў былі агалошаны. Гэта ад 148 студэнтаў і выкладчыкаў БДУ імя Леніна, мінчаніна Далідовіча (яго ліст змясціла рускамоўная газета "Советская Белоруссия"), вайскоўцаў-беларусаў з Казахстана. Супраць праекту Закона выказаліся 2359 чалавек, а 2137 чалавек - за наданне статусу дзяржаўнай разам з беларускай і рускай мове. Не сакрэт, што раскладка атрыманых Прэзідыумам Вярхоўнага Савета БССР лістоў не была б такой, калі б у рэспубліцы не вялася глыбокапрадуманая асветніцкая праца аб выключнай ролі беларускай мовы ў лёсе народа. Дзеля павышэння эфектыўнасці такой працы шмат намаганняў прыклала ТБМ імя Ф. Скарыны і асабліва яго кіраўніцтва.

Сярод аўтараў дасланых лістоў у Вярхоўны Савет БССР былі і прыхільнікі вызначэння статусу беларускай і рускай моваў праз правядзенне рэферэндуму - 231 чалавек. Камісія такой ідэі не падтрымала, спаслаўшыся на адсутнасць у краіне і адпаведнай практыкі, і заканадаўства. Не будзе іх і ў траўні 1995 года, на што не зверне аніякай увагі прэзідэнцкая сістэма ўлады ў сваім проста паталагічным жаданні не даць беларускай мове зацвердзіцца ў грамадскім жыцці, для чаго патрэбна было паступова вывесці адсюль мову суседняй краіны - рускую.

(Працяг у наст нумары.)

Леанід Лыч


Па матэрыялах архіва Смолічаў

Да дня народзін Смоліч Аляксандры Ігнацьеўны (12 сакавіка 1897 года па ст. ст.).

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

У хуткім часе паштальён прынёс дзве кнігі народнага пісьменніка з дароўнымі надпісамі: "Милым ученицам 8 класса омской школы № 66 - Сапожниковой, Анисимовой, Митичевой, Ивановой, Якуб и др. На память от Якуба Коласа. 6/ХІ-1949г." Адначасова Колас адказаў і Алесі Ігнацьеўне. "Дорогая Алеся! Много воды утекло за то время, как мы в не совсем веселых условиях разошлись в разные стороны…. Я за войну потерял все, что было в доме, - многие рукописи, многие не опубликованные произведения… На войне погиб мой средний сын Юрка. Я не знаю даже, где он погиб. 21 мая 1945 года умерла моя Маруся, так и не довез её в родную Белоруссию. Со мной теперь живут старший сын Данила и младший Михась. Я уже стар. 3 ноября отпраздновал 67 лет. Здоровье мое сильно пошатнулось. За прошлые три года раз 12 болел воспалением легких…"

Такім чынам ліставанне паміж сябрамі ўзнавілася. Якуб Колас пісаў пра свае творчыя планы, стан здароўя, грамадскую дзейнасць. Некалькі лістоў пісьменнік даслаў з бальніцы: "Теперь я в новой для себя палате № 17… Самое важное то, что тут есть стол, где можно сидеть и писать…Еще до войны, начиная с 1926 года, я начал писать поэму "На шляхах воли", но окончить не довелось, т. к. надо было писать на темы сегодняшнего дня. Тем не менее из 30 разделов по плану я написал 26… Когда твердо стану на ноги, возьмусь за шляхи воли. Мне осталось написать о гражданской войне 1918-21 гг. Работа огромная, мне очень хочется довести её до конца, да сил уже маловато. А сейчас я начал писать 3-ю книгу полесских повестей - "На ростанях". У наступным лісце ён паведамляе: "Я в палате один. Никто не мешает мне, и я никому не мешаю. Каждый день часдругой пишу. Хочу закончить повесть из цикла полесских - "На ростанях". Своего героя довел до острога; раскрою перед ним широкий мир, где вольно гуляют ветры. А там пусть остается он без моего писательского досмотра…"

Частку пісьмовых матэрыялаў Алеся Ігнацьеўна Смоліч перадала ў Мемарыяльны музей Якуба Коласа, і па словах Ніны Пятроўны Моас - у музей горада Ішыма пры навучальнай установе (Аркадзь Смоліч працаваў выкладчыкам у Ішымскім педагагічным тэхнікуме).

Захоўваюцца ў сям'і Моас як вельмі дарагія рэліквіі некалькі фотаздымкаў Якуба Коласа з дароўнымі надпісамі, нататка зробленая рукой пісьменніка. На асобным аркушы паперы з перфарацыяй па краі, хімічным алоўкам Якуб Колас напісаў: "Мне так маркотна, што хацелася-б, каб да мяне прыйшоў чорт з рагамі. Як я уважаю, то самы цікавы на свеце ёсць толькі чорт."

Алеся Смоліч вельмі даражыла нататкай і фатаграфіямі, як нешматлікімі матэрыяльнымі сведчаннямі, што засталіся ёй ад самых блізкіх сяброў. Магчыма, гледзячы на невялікі кавалачак паперы, на якім Колас напісаў жартаўлівыя радкі, Алеся Ігнацьеўна напісала наступныя ўспаміны: "Гэтую сакрэтку мне перадалі ў час гульні ў пошту (мой № быў 81) у доме прафсаюзаў працаўнікоў асветы Беларусі. Там адбываўся сход пісьменнікаў пад назвай "з рожкамі" у 1925 годзе. Пасля паседжання, на якім выступалі старыя і маладыя пісьменнікі, пасля ўрачыстай часткі (як яна адбывалась апісана ў газэце 1925 года "Вольная Беларусь" ці ў (?). Пасля паседжання была мастацкая частка, танцы і гульні. Між іншым гулялі ў пошту". Паштальён мне № 81 прынес гэтую сакрэтку ад Якуба Коласа. Што адказала я тады Канстанціну Міхайлавічу - цяпер не памятую. Пішу аб гэтым ў 1973 годзе 5 лютага ў горадзе Чарапаўцы Валагодскай вобласці. Бо ніхто аб гэтым ня ведае, а я ці доўга яшчэ буду. Алеся Смоліч" .

Алеся Ігнацьеўна ў апошнія гады свайго жыцця намагалася запісаць успаміны, перадаць вусна ўнуку пра падзеі свайго жыцця, дзе побач жылі людзі, якія стваралі гісторыю. І няхай сёння ўспаміны, напісаныя для ўнука Віталькі з'яўляюцца найкаштоўнейшым сведчаннем тых падзей, шмат фактаў так і застанецца для даследчыкаў і навукоўцаў неразгаданымі.

"- Баба Шура, что ты читаешь?

- Якуба Коласа.

- А кто он тебе?

- Якуб Колас, Віталенька, гэта вялікі беларускі пісьменнік, друг і таварыш твайго дзедушкі. Нашая сям'я калісьці дружыла са ўсёй яго сям'ёй. Быў у Коласа сынок Юрка (ён загінуў на вайне), дык яны з тваім дзядзькам Максімам былі добрымі таварышамі. Юрка да нас прыбягаў штодня, і яны з Сімкай насіліся па ўсім садзе, па верандзе, залазілі пад яе. Аднойчы мы з Коласам трохі іх адлупцавалі, бо яны вылезлі з-пад веранды чорныя, запэцканыя, як настаяшчыя камінары і яшчэ здзекуюцца над намі, смяюцца, вышчараўшы белые зубы. Колас зняў папругу. Я (?) абодвух гарэзнікаў - ну і трохі ўсыпалі абодвум. Але наогул, хлапцы яны былі добрыя і таварышчы настаяшчые. А вось калі я была ў вялікай бядзе, у роспачы, калі я страціла назаўсёды твайго дзедушку, Якуб Колас нейкі час падтрымаў мяне сваімі лістамі. Мы некалькі гадоў з ім перапісываліся, праўда, я ніколі ні на што яму не скардзілася, але сам Колас у адносінах да мяне паказаў сябе настаяшчым другам і таварышам.

- Вот хорошо, баба Шура, что товарищ! Настоящий товарищ, это не хулиган какой-нибудь!"

Гэта былі апошнія ўспаміны, што запісала Алеся Смоліч. У пачатку 1970 года яна перанесла інсульт, пасля якога доўга хварэла, а 16 жніўня 1974 года яе не стала. Пахавана на пагосце Мікулічы (побач з пасёлкам Немяшаева Барадзянскага раёна, Кіеўскай вобласці).

Рукапісы ўспамінаў Алесі Смоліч напоўнены лёгкім гумарам і ледзь адчувальным смуткам, бо пра неверагодныя цяжкасці, якія яна перанесла ў сваім жыцці, Алеся Ігнацьеўна амаль і не напісала. Яна выхавала трох цудоўных дзяцей, гадавала ўнука Вітальку, які ўвабраў высакароднасць выхавання сям'і Смолічаў. У Віталя Бертгольдавіча Моаса таксама трое дзяцей. Ніна Пятроўна (яго жонка) цудоўная мастачка. Яна займаецца з дзецьмі ў нядзельнай школе пры храме ў Немяшаеве. Сваімі сіламі, з дапамогай мужа, яна ўзнавіла калядны вяртэп - зрабілі скрынку і лялькі. Падчас майго прыезду ў Немяшаева, я з Нінай Пятроўнай размаўляла пра беларускі аналаг вяртэпа - батлейку, што паказваю ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Цяпер дзеці ў Немяшаеўскай нядзельнай школе самі паказваюць сцэнкі нараджэння Хрыста напярэдадні Калядаў. На Вялікдзень Ніна Пятроўна распісвае яйкі - "вялікодныя пісанкі" - засвоіла старадаўнія тэхнікі. Сёння жыццё гэтай сям'і напоўнена радасцямі і перажываннямі. Цяжкія часы на Ўкраіне адзываюцца болем у кожнай сям'і: сярэдні сын Юра мабілізаваны па трэцяй хвалі, малодшы Сяргей амаль увесь час на перадавой з відэакамерай (ён таленавіты аператар на адным з украінскіх каналаў), у старэйшага Аркадзя часовыя цяжкасці са здароўем. Я размаўляла з Аркадзем падчас яго прыезду ў Менск, і хаця наша сустрэча цягнулася ўсяго некалькі гадзін, але пасля размовы, засталося адчуванне нязломнага духу самога Аркадзя Антонавіча Смоліча, які калісьці напісаў: "Чалавек - крыніца сілы".

Алеся Ігнацьеўна і Аркадзь Антонавіч Смолічы шмат зрабілі для сваёй Бацькаўшчыны, яле гэта нам яшчэ трэба ўсвядоміць, у тым ліку і вывучаючы матэрыялы іх сямейнага архіва.

Людміла Сасонка, загадчык сектара ўліку і захавання фонду М. Багдановіча


Янка Нёманскі - ад Нёмана

Да 125-годдзя з дня нараджэння

Жудасны, жахлівы, змрочны 1937 год, Беларусь паспяхова вызваляецца ад беларусаў, беларушчыны, ідзе фізічнае альбо маральнае знішчэнне лепшых яе грамадзян. Пад тую касу смерці трапіў і акадэмік АН Беларусі з 1928 г., пісьменнік з уражлівым псеўданімам Янка Нёманскі, яго сапраўднае поўнае імя Іван Андрэевіч Пятровіч. Перакладзём на беларускую мову усе гэтыя словы. Імя са старажыт-наяўрэйскай мовы значыць - Яхве (Бог) змілаваўся ; Яхве памілаваў, дараваў . Імя па бацьку паходзіць ад грэкаў - мужны, храбры , а прозвішча бярэ пачатак таксама ад іх: Пётр - камень, каменная глыба, скала, уцёс. І вось гэтую "каменную беларускую глыбу" 27 красавіка 1937 г. арыштоўваюць, у засценках катуюць, а Ваенная калегія Вярхоўнага суда СССР прысуджае да выключнай меры пакарання. Расстрэл адбыўся 30 кастрычніка 1937 г. Як мне падаецца, калі тое дайшло да нашага Бацькі-Нёмана, то ён у сваім смутку, жалобе нават на імгненне прыпыніў свае хвалі, бег. Мне горка, балюча гэта пісаць сёння, калі ў сваіх Баранавічах я амаль што не чую, не жыву ў роднай, беларускай, гукавай прасторы, бо яшчэ шмат засталося нашчадкаў тых асуджальнікаў Нёманскага і беларускай нацыянальнай эліты тых, ранейшых, пасля і іншых крывавых часоў.

Кажуць, пішуць, што быццам бы рукапісы не гараць. Гэта двудушная хлусня! Як гараць рукапісы і кнігі, то пра гэта ведаюць людзі у фашысцкай Германіі, калі на кастрышчах з іх збіралася людская нелюдзь. Былі, на жаль, такія пачвары і на нашай зямлі.

У 1920-30 гадах Янка Нёманскі стварае раман "Драпежнікі", дзе паказана жыццё беларускага сялянства да Кастрычніцкага перавароту, асабліва ў люты перыяд сталыпінскай рэакцыі (Сёння ўжо Сталыпін у Расіі глядзіцца ўзорам, але людской крыві на ім не меней, чым на яго забойцы ў Кіеве Багрове, не будзем хаваць што ім быў царскі жандармскі правакатар), рэвалюцыйны рух напярэдадні імперыялістычнай вайны, змаганне народа ў грамадзянскую вайну супраць польскіх акупантаў...

Тое часткова было апублікавана ў часопісе "Полымя", але вось другая частка "Драпежнікаў" яго катавальнікамі была знішчана...

Рэабілітацыя да нябожчыка Янкі Нёманскага прыйшла ад Ваеннай калегіі таго ж Вярхоўнага суда СССР 16.03. 1957 г., якім ён раней быў асуджаны да смяротнай кары, а каты і асуджальнікі аніяк не былі пакараны.

Беларускія сродкі друку сведчаць, што Янка Нёманскі ў 1918-1919 гадах у газеце "Дзянніца" апублікаваў шэраг артыкаулаў па гісторыі, эканоміцы і культуры нашай краіны: "Да культурна-асветных задач Беларусі", "Значнасць апавяшчэння Беларусі Радавою Рэспублікай" і іншыя. Ім апублікаваны зборнік апавяданняў "На зломе" (1925), аповесць "Партызан" (1927). Пасмяротна ў 1984 годзе выйшлі яго "Творы".

Нараджэнне Івана Андрэевіча Пятровіча адбылося 12 красавіка 1890 г. у славутых Шчорсах (зараз Навагрудскі раён, мне так хочацца, каб гораду было вернута яго былое найменне Наваградак , нашы, беларускія, татары дасюль завуць яго Ені Шахір - Новы Горад ). У гісторыю Беларусі ён увайшоў пісьменнікам, эканамістам, грамадскім дзеячам. У свае малечыя і юнацкія гады Іван увачавідку мог пабачыць ва ўсёй красе велічны палац Храптовічаў і славуты будынак бібліятэкі ў ім, створаныя Іаяхімам Храптовічам, які нарадзіўся ў Ясенцах (апеты ім палац у гэтай мясціне знішчаны ўжо ў нашыя часы).

А зараз коратка з даведнікаў і энцыклапедый успомнім, дзе навучаўся, служыў, працаваў, дзеяў Іван Андрэевіч Пятровіч (Янка Нёманскі).

Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю у 19 гадоў, працаваў у вясковай школе. Навучаўся ў Петраградскім універсітэце, вывучаў гісторыю і філалогію 1914-1916,1918. З 1916 - у войску, скончыў школу прапаршчыкаў, прымаў удзел у баях.

У 1918 г. разам з Цішкам Гартным выдаваў першую савецкую газету на беларускай мове "Дзянніца". У 1918 г. сакратар культурна-асветніцкага, загадчык выдавецкага аддзелаў Беларускага нацыянальнага камісарыяту. Удзельнік Усерасійскага з'езду бежанцаў Беларусі, яго сакратар 1918. У 1919-1920 гадах уваходзіць у праўленне Беларускага вольнаэканамічнага таварыства ў Петраградзе. У 1919-1921 гадах служба ў Чырвонай Арміі. ваюе на Карэльскім, Петраградскім, Польскім франтах, у камандзіроўках у Сібіры, на Далёкім Усходзе. Вяртаецца ў сваю краіну, у яе сталіцу Менск. На працы ў планава-эканамічных органах БССР, намеснік старшыні Дзяржплана, чалец Інбелкульта, праўлення літаратурна-мастацкага аб'яднання "Полымя" (1927-32). У 1929-1931 - неадменны сакратар Беларускай Акарэміі навук, потым загадчык аддзела эканомікі НДІ прамысловасці. У 1933-36 гг. узначальваў кафедру фінансавых дысцыплін у Бел. ДІНГ. Член ЦВК БССР, у 1927-1936, як сведчыць 5 том "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі": "У снежні 1935 выключаны з партыі" .

Як бачна, страшэнны, жудасны лёс выпаў на выключна яркую, працавітую і таленавіта-разнастайную асобу, якой быў Янка Нёманскі (І.А. Пятровіч).

Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.


Праз 100 гадоў выйшла першая кніга аўтара "Нашай нівы"

Упершыню ў гісторыі беларускай літаратуры пад адну вокладку сабраны, адшуканыя ў архівах і бібліятэках, асобныя творы пачынальніка беларускай літаратуры, аўтара "Нашай нівы" ў 1911-1921 гадах - паэта, празаіка і драматурга Кандрата Лейкі (1860-1921). Яго спадчыну шмат гадоў збіраў неўтаймаваны даследчык нашай літаратуры са Слоніма Сяргей Чыгрын. Гэта дзякуючы яму на Беларусь вярнуўся Кандрат Лейка, які раней нават за Францішка Багушэвіча друкаваў свае беларускія вершы для дзяцей. А гэта былі 1883-1885 гады. Але ніколі творы Кандрата Лейкі не выдаваліся асобнымі кнігамі, акрамя маленькай кніжачкі "Снатворны Мак" (Вільня, 1912), куды ўвайшла яго п'еска для юных чытачоў. Яна паклала пачатак беларускай нацыянальнай драматургіі для дзяцей. Вось і ўсё.

І толькі сёння ў пачатку ХХI cтагоддзя адзін з пачынальнікаў нашай літаратуры сабраны ў адну кнігу, каб вярнуцца на Беларусь. Кнігу гэтую складальнік Сяргей Чыгрын назваў "Пан Трудоўскі" - у гонар аднаго з апавяданняў Кандрата Лейкі. Кніга выйшла ў менскім выдавецтве "Кнігазбор". Сюды ўвайшлі яго вершы, апавяданні і п'еса "Снатворны Мак". Сяргей Чыгрын напісаў прадмову да кнігі і каментар.

Як паведамляе складальнік кнігі ў сваёй прадмове, лёс Кандрата Лейкі быў трагічным. Нарадзіўся ён у вёсцы Збочна Слонімскага павета ў беднай сялянскай сям'і Тодара і Тэклі Лейкаў, які некалі напіша ў сваёй аўтабіяграфіі: "Нарадзіўся я ў 1860 годзе, 17 верасня, здаецца" .

Дзяцей тады ў сялянскіх сем'ях было многа. У сям'і Лейкаў, акрамя Кандрата, гадаваліся яшчэ тры браты. Бацька часта хварэў, таму працаўнік з яго быў слабы. А маці вызначалася працавітасцю, вельмі любіла дзяцей, была ласкавай і добрай.

Чытаць Кандрата навучыў яго родны дзядзька Раман. З гэтага часу будучы пісьменнік і педагог на ўсё жыццё палюбіў кнігу і ніколі ў жыцці з ёй не расставаўся. Хутка хлопчыка паслалі вучыцца ў Азярніцкае вучылішча, якое знаходзілася недалёка ад Збочна. Кандрат вучыўся старанна, кожны дзень з палатнянай торбачкай бегаў у школу. Ён стаў любімым вучнем настаўніка вучылішча Восіпа Міхайлавіча Вікторскага.

У Кадрата Лейкі часта балелі ногі. Халодная раса студзіла ступні, а потым так нылі калені, што ноччу немагчыма было заснуць. Ён падыходзіў да матулі, якая сагравала сыночку ножкі, гладзіла іх сваімі мазолістымі рукамі, лячыла іх народнымі сродкамі, бо, каб выклікаць доктара, не хапала грошай.

Азярніцкае вучылішча Кандрат закончыў паспяхова. Настаўнік Восіп Вікторскі, бачачы, што хлопец вельмі здольны да вучобы, выкарыстаў усе мажлівасці, каб паслаць яго вучыцца ў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю за казённы кошт. І Кандрат Лейка паехаў вучыцца.

Пасля вучобы ў 1879 годзе яго накіравалі працаваць настаўнікам у мястэчка Косава Слонімскага павета (цяпер гэта Івацэвіцкі раён Берасцейскай вобласці), якое знаходзіцца за 35 вёрст ад роднай вёскі Збочна. Хутка цяжка захварэе маці. У моцную завіруху на санях сын з Косава дабіраецца ў родную вёску. Маці ён застаў яшчэ жывою, але нічым дапамагчы ён ёй не змог. Яна вельмі хацела жыць, каб пабачыць, які лёс напаткае яе адзінага вельмі вучонага сына.

Пазней сваёй маці Кандрат Лейка прысвеціць два апавяданні "Успамін" і "Таклюся-сухотніца", якія друкуюцца ў гэтай кніжцы. Ён так моцна любіў сваю маці, так верыў у яе высокую маральную чысціню і справядлівасць, у яе прыродныя разумовыя здольнасці, што дазволіў ёй, простай сялянцы, у апавяданні ўзнімаць важныя пытанні таго часу. Кандрат Лейка пісаў: "Перад Таклюсяй цяпер неразгаданаю загадкаю стаяла тры цiкавыя пытаннi:

Першае: калi памiж людзьмi будзе праўда?

Другое: цi дадуць калi-небудзь беднякам зямлi?

Трэцяе: калi ўсiм людзям дазволена будзе вучыцца i малiцца на сваёй роднай мове?.."

Пазней удзячны сын паставіць на магіле маці ў вёсцы Збочна дарагі чыгунны помнік. Гэты помнік захаваўся да сённяшніх дзён.

Пяць гадоў працаваў Кандрат Лейка настаўнікам у Косаве. Тут ён пачаў пісаць на роднай мове свае першыя вершы, датаваныя 1883 годам. Працаваць у Косаве было цяжка, дый не пераставалі балець ногі. А калі ён звярнуўся да доктара, той параіў яму памяняць месца жыцця на цёплы і сухі клімат. І ў 1884 годзе наш зямляк пераязджае ў Харкаўскую вобласць на Украіну.Там ён спачатку працуе настаўнікам у Лініўскім пачатковым народным вучылішчы, а пасля праз год быў пераведзены ў Аснавянскае народнае вучылішча.

У 1887 годзе ў двухпавярхоўным доме сваякоў украінскага пісьменніка Грыгорыя Квіткі-Аснаўяненкі ў Харкаве адкрылася вучылішча для сляпых дзяцей. Праз пяць гадоў вучылішча пераехала ў новы трохпавярховы корпус на Сумскую вуліцу. Гэты корпус быў пабудаваны па ўзоры дрэзданскай школы для сляпых дзяцей на грошы, якія былі сабраныя жыхарамі Харкава, а таксама за кошт мясцовага ўніверсітэта. Начальнікам вучылішча ў новым корпусе быў прызначаны беларус Кандрат Тодаравіч Лейка.

З вялікай любоўю Кандрат Лейка ўзяўся за справу выхавання сляпых дзяцей. Ён уважліва вывучаў іх псіхалогію, распрацаваў сваю методыку навучання. Для дзяцей, якія не бачылі, праводзіліся экскурсіі ў поле, у лес, ажыццяўляліся паездкі на экскурсіі ў Палтаву і ў Кіеў. Найбольш таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак на свой страх і рызыку ён пачаў навучаць музыцы.

У 1897 годзе вучылішча выпусціла 6 першых вучняў. Але ўсе яны паехалі да сваіх бацькоў, і далей вучыцца ніхто з іх не пайшоў, а дома былыя вучні займаліся пляценнем карзін. Усё гэта бачыў іх начальнік і вельмі перажываў. Ён пачынае выношваць новыя планы падрыхтоўкі сваіх выхаванцаў і рыхтуе іх да паступлення ў гімназіі і ва ўніверсітэты. Вучылішча пачынае працаваць па праграме пачатковых класаў гімназіі.

Працуючы ў Харкаўскім вучылішчы для сляпых дзяцей, Кандрат Лейка прайшоў спецыяльныя курсы ў Пецярбургу, а таксама слухаў лекцыі ў Харкаўскім універсітэце. Ён вельмі часта выступаў у друку з артыкуламі на розныя педагагічныя тэмы. Друкаваўся ў пецярбургскіх часопісе "Слепец" і газеце "Южный край", а таксама ў харкаўскай перыёдыцы - газеце "Губернские ведомости" і "Южный край". Некаторыя свае артыкулы падпісваў псеўданімам Мрачный .

У 1893 годзе ў Харкаве Кандрат Лейка выдае сваю першую кнігу на рускай мове "Русская азбука. Учебник родной грамоты для классного и домашнего употребления" . Але ў Харкаве Кандрат Лейка не забываў і пра родную мову. У гэты час ён піша шмат паэтычных твораў, прысвечаных птушкам, хатнім жывёлам, а таксама сатырычныя вершы.

Ішоў студзень 1905 года, і ў вучылішча для сляпых дзяцей уварваўся вецер рэвалюцыі ў Расіі. Вучні і настаўнікі абмяркоўвалі падзеі ў сваім горадзе, цікавіліся навінамі і нелегальнай літаратурай. Кандрат Фёдаравіч патураў ім. Аб гэтым даведаліся мясцовыя ўлады і звольнілі яго са займанай пасады за "опасное вольнодумство в вопросах воспитания слепых детей". На яго месца прыйшоў нехта Захараў - чалавек далёкі ад педагогікі і выхавання. Пры ім усе новаўвядзенні, якімі ганарыўся Лейка, хутка зніклі, а вучылішча ператварылася ў "богоугодный приют". Аднойчы нават каля кабінета новага начальніка адбыўся пратэст. Хлопчыкі і дзяўчынкі патрабавалі, каб у вучылішчы было ўсё, як пры Кандрату Тодаравічу Лейку, найперш - прагулкі па горадзе, спартыўныя мерапрыемствы, экскурсіі.

Цяжка сёння адказаць: ці дабіліся былыя гадаванцы нашага земляка сваіх патрабаванняў, але Кандрат Лейка ў вучылішча больш не вярнуўся.

Гэтая навучальная ўстанова для сляпых дзяцей існуе ў Харкаве і сёння. Але называецца яна інакш. Цяпер гэта абласная спецыяльная гімназія-інтэрнат для сляпых дзяцей імя У.Г. Караленкі.

Пасля Харкаўскага вучылішча для сляпых дзяцей Кандрат Лейка пэўны час працуе выкладчыкам рускай мовы ў Елісаветградскім камерцыйным вучылішчы, а пасля ў адной з прыватных жаночых гімназій.

У 1911 годзе наш зямляк пераязджае ў горад Валкі Харкаўскай губерні і ўладкоўваецца на працу ў мясцовае павятовае ведамства на пасаду загадчыка навучальнага аддзела. Гэта быў самы плённы і шчаслівы час для Кандрата Лейкі. Праўда, калі не лічыць смерць ягонай маладой жонкі. Яна памерла падчас родаў у 1916 годзе. Дактарам удалося толькі выратаваць сына Віталя, якога маленькага на выхаванне забрала на Палтаўшчыну Анастасія Васільеўна Пеліпенка - родная сястра жонкі Кандрата Лейкі.

У Валках Кандрат Лейка наладжвае шчыльныя сувязі з Бацькаўшчынай. Ён перапісваецца з беларускімі дзеячамі і літаратарамі Лявонам Дубяйкоўскім, Гальяшом Леўчыкам, Янкам Купалам, з рознымі беларускімі таварыствамі і камітэтамі, а таксама з рэдакцыямі беларускіх газет і часопісаў. Шмат піша і перакладае з украінскай мовы на беларускую. Свае творы дасылае ў Вільню, а з кастрычніка 1911 года друкуецца ў "Нашай ніве" - апавяданне "Ўспамін" і верш "Зязюлька". На старонках "Нашай нівы" з'яўляюцца яго апавяданні "Кульгавы дзядзька Раман", "Таклюся-сухотніца", "Лес шуміць", Панас Крэнт", "Абмылка", "Пан Трудоўскі", верш "Навальніца" і іншыя творы. Друкуецца так-сама ў "Беларускім календары на 1916 год", у "Гомане", "Беларускай думцы", пазней - у "Нашай думцы".

У сваіх апавяданнях і вершах Кандрат Лейка апісваў унутраны свет сваіх герояў, расказваў пра сацыяльныя канфлікты рэчаіснасці. Творы яго па-свойму філасофскія і псіхалагічныя, а таксама разнастайныя па жанры і тэматыцы. Некаторыя з іх, асабліва вершы, напісаныя з гумарам, з баечнай мараллю, з элементамі выкарыстання фальклору. Максім Гарэцкі некалі напіша пра Кандрата Лейку: "Надта здольны нашаніўскі апавядальнік".

У 1912 годзе ў Вільні асобнай маленькаю кніжачкай выходзіць з друку п'еса Кандрата Лейкі для дзяцей "Снатворны мак", якую ён прысвяціў вясковым дзецям Слонімскага павета. Яна паклала пачатак беларускай нацыянальнай драматургіі для дзяцей.

У 1917 годзе хвароба ног, якой захварэў у юнацтве, дала пра сябе знаць. А праз год Кандрата Лейку спаралізавала. У чэрвені 1918 года пляменнікі перавязлі яго ў горад Здалбунаў на Валынь да роднага брата Івана.

Пісьменнік моцна перажываў, найперш тое, што быў прыкаваны да ложка і не змог бачыцца са сваім маленькім сынам Віталем, якога часта наведваў на Палтаўшчыне. Ды і матэрыяльнае становішча стала жахлівым. Валынь перайшла пад Польшчу, і пенсію, якую Кандрат Лейка атрымліваў праз Ровенскае казначэйства, палякі адмянілі. Таму апошнія тры гады ў Здалбунаве жыў ён за кошт дапамогі сяброў з Беларусі і Беларускага камітэта ў Варшаве. Землякі клікалі Кандрата дамоў у Гародню альбо на Слонімшчыну, але сіл вяртацца ўжо не было. "Падацца на Бацькаўшчыну, жыць там паміж сваіх братоў, умерці і легчы ў магілу на сваёй зямлі - о, яка б гэта была для мяне радасьць, шчасьце, але я не змагу гэтага выканаць, бо жыцьцё мяне зусім задавіла, а аб Маці-Айчыне магу цяпер толькі ў салодкіх марах успамінаць…" , - пісаў Кандрат Лейка ў адным са сваіх пісем Лявону Дубяйкоўскаму ("Наша ніва", 1999, № 6) .

Перад самай смерцю ён паспеў паслаць у Беларускае Навуковае Таварыства восем сшыткаў сваіх твораў з надзеяй, што Таварыства выдасць іх асобнаю кнігаю пад загалоўкам "Засеўкі". Пра кніжку ён марыў і ў 1914 годзе, калі атрымаў ліст ад Янкі Купалы, які паведамляў, што Беларускае Выдавецкае Таварыства ў Вільні хоча выдаць асобнаю кнігаю ягоныя творы. Але вершы і апавяданні Кандрата Лейкі асобным зборнікам свет так і не пабачылі, а многія з іх проста згубіліся. Ды і сам пісьменнік памёр у верасні 1921 года ў Здалбунаве на Ўкраіне, дзе і быў пахаваны.

Магіла нашага земляка знаходзіцца на адных са старых могілак Здалбунава. За ўсе гэтыя дзесяцігоддзі ніхто з беларускіх літаратараў там ніколі так і не пабываў. Толькі ў пачатку 1990-х гадоў Сяргею Чыгрыну пашанцавала адшукаць там яго магілу і сфатаграфаваць. Магіла беларускага пісьменніка ўжо зраўнялася з зямлёю і зарасла травою і кустамі. Толькі дзякуючы жалезнаму крыжу з шыльдачкаю ўдалося яе знайсці. На крыжы на ўкраінскай мове напісаны словы:

Нудьга його задавила

На чужому полю.

В чужу землю положила -

Така його доля.

К. Лейко.

Світла памяць про Вас

Завжди буде жити

В серцях наших.

Родичи.

Увесь час Кандрат Лейка хацеў вярнуцца на сваю Радзіму, памерці на роднай зямлі. Але гэта яго мара так і не збылася. Аж, дзякаваць Богу, сёння пад адну вокладку сабраны яго літаратурныя творы. Па словах Сяргея Чыгрына, застаюцца яшчэ не выдадзеныя яго пісьмы, педагагічныя і літаратуразнаўчыя артыкулы на беларускай, украінскай і рускай мовах.

Барыс БАЛЬ.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX