Вярнуцца: 2015

№ 15 (1218)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 15 (1218), 15 красавіка 2015 г.


Будучыня беларускай мовы хвалюе беларусаў

На пазамінулым паседжанні "Клуба рэдактараў" на БТ-1 была звернута ўвага на апублікаваныя ў "Народнай газеце" № 13 ад 3 красавіка 2015 г. (ст. 5) вынікі сацыялагічнага апытання, праведенага Інстытутам сацыялогіі НАН Беларусі на тэму " Якія выклікі і пагрозы нас могуць чакаць у будучыні". Відавочна, рэспандэнты маглі назваць некалькі пазіцый. І вось тыя беларусы, пра якіх усе кажуць, што іх хвалююць дзве праблемы - пасадка бульбы і копка бульбы, тыя самыя беларусы на першае месца ставяць небяспеку змяншэння колькасці насельніцтва (37,4% апытаных, а на другое - небяспеку страты беларускай мовы (35,8 %). Больш за трэць апытаных трымае ў галаве дрэнны стан з беларускай мовай у краіне.

Беларускія ўлады сёння рэагуюць на такія апытанні. Але, каб яны адрэагавалі на пытанне мовы, трэба, мабыць, працэнт заклапочаных яе станам завесці за 50 адсоткаў. Тады, можа, што зрушыцца.

Наш кар.


Першая беларускамоўная велікодная служба прайшла ў праваслаўнай царкве ў Сухараве

Служыў айцец Аляксандр Шрамко. Людзей было не надта шмат: большасць людзей адстаяла ўсяночную, а беларускамоўная служба ішла ўранку. Усяго раздалі сто беларускамоўных "Сімвалаў веры". Гэта "прыхаджанам і захаджанам", як пішуць удзельнікі службы ў Фэйсбуку.

- На маю думку, усё выдатна. Хор выдатны, айцец Аляксандр усё так выразна і даступна чытаў і прамаўляў, на пасхальнае вітанне большасць адказвала: "Сапраўды ўваскрос!". І надвор'е спрыяла", - піша Марына Кацярыніч.

- Маёй жонкі хрышчоная дачка першы раз была ў храме ўсю літургію. Задавала шмат пытанняў, пайшла да прычасця. Чым не падзея? Трэба будзе ўвесь час прыязджаць на беларускія літургіі, бо маці і бабуля, прынамсі, разумелі, за што моляцца. Як бач, з захаджанаў прыхаджанамі стануць, - дадае Аляксей Казлоўскі.

Калі рушым да Беларусі ад храмаў, то абавязкова дойдзем.

Сайт НН.


130 гадоў з дня нараджэння Сымона Рак-Міхайлоўскага

Сымон Аляксандравіч РАК-МІХАЙЛОЎСКІ (14 красавіка 1885, в. Максімаўка Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Маладзечанскі раён Менскай вобл. - 27 лістапада 1938, Менск, НКУС; Псеўданімы: Баўтручонак, Беларус, Бутрым Каляда, Сымон Міхалкаў, Сымон Рак; Крыптанімы: С. Р., Р.-М., Сымон Р., Сымон Р-к) - беларускі публіцыст, рэдактар, паэт, грамадска-палітычны дзеяч. Сябар Рады БНР, пасол сейму Другой Рэчы Паспалітай, арганізатар і член ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады.

У 1900-1904 вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі; потым настаўнічаў на Маладзечаншчыне. У 1912 у Феадосіі скончыў педінстытут. Вярнуўся на радзіму. Арганізоўваў беларускія школы. Стаў членам БСГ. У 1914 мабілізаваны ў армію; ваяваў на Румынскім фронце. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 у Менску. Узначаліў Цэнтральную вайсковую раду. З 1918 член Рады БНР. У 1918-1919 член Беларускай вайсковай камісіі. У 1918-1920 жыў у Гародні, працаваў у беларускай гімназіі. У 1920-1922 дырэктар Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Барунах. Адначасова, з восені 1920, настаўнік Віленскай беларускай гімназіі. У 1922 абраны дэпутатам сойма Другой Рэчы Паспалітай. З 1923 член Цэнтральнай школьнай рады (з 1926 - Галоўнай управы) ТБШ. З 1925 намеснік старшыні ЦК БСРГ. З 1926 член КПЗБ. Рэдактар "Бюлетэня пасольскага клуба БСРГ". Арыштаваны польскімі ўладамі па справе БСРГ 15.1.1927; Віленскім акруговым судом 22.5. 1928 на "працэсе 56-і" асуджаны на 12 гадоў турмы. Паводле рашэння апеляцыйнага суда вызвалены ў 1930. Увайшоў у склад камітэта "Змаганне". З-за пагрозы новага арышту ў кастрычніку 1930 перабраўся ў Менск.

З лютага 1931 года і да арышту працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музея. Уступіў у ВКП(б). У 1931-1932 быў членам ЦВК БССР. Арыштаваны ДПУ БССР 16.8. 1933 у Менску, па справе "Беларускага нацыянальнага цэнтра". Рашэннем судовай калегіі АДПУ СССР ад 9.1.1934 як "арганізатар і кіраўнік контррэвалюцыйнай арганізацыі БНЦ" прыгавораны да расстрэлу; прысуд заменены на 10 гадоў лагераў. Адпраўлены на Салаўкі. 5.9.1937 этапаваны ў Менск; 14.11.1938 "асобай тройкай" НКУС БССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны ваенным трыбуналам БВА 18.4.1956. Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей. С. Рак-Міхайлоўскі напісаў музыку да рамансу на словы М. Багдановіча "Зорка Венера". У Маладзечне імем С.А. Рак-Міхайлоўскага названа вуліца.

Вікіпедыя.


Віншуем Алену Таболіч

Алена Уладзіміраўна ТАБОЛІЧ (15.04.1940, в. Горна, Зэльвенскі раён, Гарадзенская вобласць) - беларуская перакладчыца, педагог. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта.

Вучылася ў Зэльвенскай сярэдняй школе. Закончыла Менскі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе і працуе выкладчыкам на факультэце англійскай мовы. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт, вывучае праблемы параўнальнай лінгвістыкі. З вершамі і перакладамі англійскіх і амерыканскіх паэтаў выступае ў перыядычным друку. Адна з аўтараў-складальнікаў "Англа-беларуска-рускага слоўніка" (1989), "Кішэннага англа-беларуска-рускага слоўніка" (1995), "Англійска-беларускага слоўніка" (2013). Была знаёмая з Ларысай Геніюш. Актыўны сябар ТБМ.

Выдала кнігу перакладаў з класічнай англамоўнай паэзіі "Срэбны дождж" (1999). Упершыню ў Беларусі пабачыла свет перакладная анталогія з паралельнымі арыгінальнымі тэкстамі. Большасць з пяцідзесяці твораў, якія складаюць зборнік, - якраз тыя, па якіх Алена Уладзіміраўна вучыць студэнтаў ангельскай мове і паэтычнаму перакладу. "Ліхтарык глогу" - другая кніга паэтычных перакладаў, якая сабрала перастварэнні вершаў брытанскіх, амерыканскіх, ірландскіх, шатландскіх і валійскіх паэтаў. Алена Таболіч - сярод перакладчыкаў кнігі Рыгора Барадуліна "Ксты", якая вылучалася на Нобелеўскую прэмію.

Вікіпедыя.


Сакратыят ТБМ і рэдакцыя "Нашага слова" шчыра віншуюць Алену Ўладзіміраўну з паважнай датай, жадаюць здароўя і творчых сілаў дзеля далейшай працы на ніве Беларушчыны.


Індэкс моўнай разнастайнасці і яго зніжэнне ў свеце і ў Беларусі

Таварыства беларускай мовы можа пазіцыянаваць сябе ў розных сферах. З аднаго боку, мы культурніцкая арганізацыя, з іншага, таварыства займаецца і пытаннямі адукацыі. Мы таксама і праваабаронцы, бо ахоўваем моўныя правы. Існуе і яшчэ адна ніша для самарэпрэзентацыі, якая ў пэўным сэнсе збліжае нас з экалагічнымі арганізацыямі. Баронячы беларускую мову, мы спрыяем захаванню сусветнай моўнай разнастайнасці. Прычым, што характэрна, гэта разнастайнасць у Рэспубліцы Беларусь у апошні час зніжаецца.

"Як так?", - можна запытацца. Хіба ў Беларусі нядаўна зніклі нейкія дагэтуль распаўсюджаныя тут мовы? На шчасце, не, але справа ў тым, што моўная разнастайнасць можа разумецца не толькі як "моўнае багацце" - колькасць моў, распаўсюджаных на пэўнай тэрыторыі. Існуюць і іншыя падыходы.

Напрыклад, яна можа разглядацца як разнастайнасць сем'яў ці іншых груп моў у межах пэўнага арэалу. Дапусцім, у Беларусі да шырокаўжываных можна аднесці толькі славянскія мовы, якія належаць да адной індаеўрапейскай сям'і. А, скажам, у Індыі распаўсюджаны мовы пяці сем'яў: індаеўрапейскай, дравідскай, тыбета-бірманскай і г.д. Яшчэ адзін падыход - улічваць разнастайнасць моў паводле структурных прыкмет. Напрыклад, ці сустракаюцца ў пэўным рэгіёне толькі аналітычныя мовы ці і сінтэтычныя таксама, толькі ізалюючыя ці таксама і флектыўныя і г.д.

Існуе і яшчэ адзін падыход да моўнай разнастайнасці, які асабліва важны для беларускай сітуацыі. Вучоныя Дэвід Харман і Джонатан Лох прапануюць ацэньваць моўную разнастайнасць па аналогіі з біяразнастайнасцю. Пры яе ацэнцы ўлічваецца не толькі колькасць відаў у межах пэўнай тэрыторыі, але і ступень раўнамернасці размеркавання арганізмаў, якія жывуць на гэтай тэрыторыі, па гэтых відах.

Што да моў, то, напрыклад, дзве краіны, дзе гавораць на пяці мовах будуць мець аднолькавае моўнае багацце. Але, калі ў адной краіне на адну з моў прыпадае 95% носьбітаў, а ў іншай размеркаванне носьбітаў паміж мовамі роўнае, то ў другой краіне раўнамернасць будзе большай. Вучоныя адзначаюць, што скарачэнне моўнай разнастайнасці ў найбольшай ступені абумоўлена не выміраннем моў, а менавіта перакосам, змяшчэннем балансу ў бок шэрагу найбольш распаўсюджаных моў. Іх падыход дазваляе адсочваць тэндэнцыю да заняпаду моў і можа паспрыяць выпраўленню сітуацыі на адносна ранніх стадыях працэсу.

На такім тэарэтычным падмурку Харман і Лох распрацавалі Індэкс моўнай разнастайнасці. Ён паказвае, наколькі мовы ў межах пэўнай тэрыторыі адхіляюцца ад гіпатэтычнай сітуацыі, пры якой колькасць носьбітаў кожнай з гэтых моў не павялічваецца і не памяншаецца ў параўнанні з адвольна абраным першапачатковым узроўнем. Калі першапачатковая сітуацыя захоўваецца, то індэкс з цягам часу застаецца нязменным. Калі індэкс расце, то гэта значыць узрастанне прапарцыйнасці размеркавання жыхароў пэўнай тэрыторыі паміж мовамі, якія там выкарыстоўваюцца. Калі індэкс памяншаецца, то нарастае дыспрапорцыя, пры якой для ўсё большай колькасці людзей матчынай мовай з'яўляецца ўсё меншая колькасць моў пэўнай тэрыторыі. Пры гэтым колькасць моў ва ўжытку можа застацца нязменнай. Як адзначаюць аўтары, індэкс будзе максімальным для пэўнай тэрыторыі, калі колькасць носьбітаў кожнай з яе моў будзе аднолькавай.

Для разліку індэксу папярэдне вылічваецца працэнт носьбітаў кожнай мовы сярод агульнага насельніцтва пэўнай тэрыторыі за пэўны год, а потым вызначаецца сярэдняе геаметрычнае значэнне для ўсіх моў тэрыторыі за гэты год. Потым разлічваецца сам індэкс, які паказвае, як гэты сярэдні паказчык змяняецца з цягам часу.

Кожнай мове пры разліку надаецца аднолькавая "вага". Гэта значыць, што зніжэнне колькасці носьбітаў нейкай унікальнай мовы (напрыклад, такой, дзе ёсць гукі, якіх няма больш ні ў якой мове свету) акажа на змяненне індэксу той жа ўплыў, як і памяншэнне колькасці носьбітаў любой іншай мовы.

Гэты індэкс можна разлічыць для любой тэрыторыі: усяго свету, асобнай краіны і г.д. Харман і Лох правялі даследаванне змянення сусветнага індэксу з 1970 па 2005 гады. Для гэтага была выкарыстана 15 выданне базы дадзеных "Еthnologue" ("Этналог"), што змяшчае інфармацыю пра больш чым сем тысяч моў свету. Вучоныя адабралі для свайго даследавання выпадковыя 1500 моў. Наступная праверка паказала, што выбарка вельмі дакладна адлюстроўвае агульнасусветнае размеркаванне моў па колькасці носьбітаў, сем'ях і рэгіёнах.

1970 год быў прыняты за кропку адліку. Гэта было зроблена не таму, што моўная разнастайнасць у гэты год была максімальнай. 1970 - найранейшы год, за які маецца прадстаўнічая база дадзеных па колькасці носьбітаў большасці моў свету. Індэкс моўнай разнастайнасці за гэты год быў умоўна прыняты за 1 (што не з'яўляецца максімальным узроўнем). Пад колькасцю носьбітаў пэўнай мовы мелася на ўвазе толькі колькасць чалавек, для якіх гэта мова з'яўляецца роднай. У паняцце "родная мова" аўтары ўкладвалі наступны сэнс: "тая мова, на якой чалавек будзе размаўляць найчасцей, калі ў яго будзе выбар" .

Даследаванне выявіла, што сусветны індэкс скараціўся з 1 да 0,95 з 1970 па 1988 гады і рэзка скараціўся да 0,80 ў 2005 годзе. Прыкладна гэтак жа скараціўся і індэкс, разлічаны толькі для абарыгенных моў. Па падліках, яны складаюць 80 - 85% усіх моў свету. Такім чынам, сусветная моўная разнастайнасць за перыяд з 1970 па 2005 скарацілася на 20%, прычым хуткасць скарачэння расце. Калі ў 70-я - 80-я гады яна складала 0,3% за год, то ў 90-я - 2000-я ўжо 1%.

Таксама аўтарамі былі вылічаны індэксы разнастайнасці абарыгенных моў асобна па рэгіёнах свету. Усеагульна прынятага азначэння "абарыгеннага народу" не існуе, аўтары скарысталіся дэфініцыяй з "Канвенцыі аб абарыгенных і пляменных народах" Міжнароднай арганізацыі працы. Паводле гэтага азначэння, гэта народы, якія жывуць плямёнамі; чые сацыяльна-культурныя і эканамічныя ўмовы жыцця адрозніваюцца ад іншай часткі насельніцтва краіны; чый статус хаця б у пэўнай меры рэгулюецца ўласнымі звычаямі і традыцыямі ці спецыяльнымі законамі. Гэта таксама народы, якія былі жыхарамі пэўнай тэрыторыі ў перыяд яе заваёвы, каланізацыі ці ўсталявання цяперашніх межаў, і якія захоўваюць пэўныя ўласныя сацыяльныя, эканамічныя, культурныя і палітычныя інстытуты.

Ніжэй прыводзім графік змянення індэкса моўнай разнастайнасці ва ўсім свеце.

Наступныя графікі адлюстроўваюць змены разнастайнасці абарыгенных моў па асобных рэгіёнах.

Як бачна з прыведзеных графікаў, найбольш стабільная сітуацыя ў Еўразіі, дзе на працягу 70-х разнастайнасць нават павялічвалася. Найбольшае скарачэнне назіралася ў абедзвюх Амерыках (ажно на 64%), на другім месцы - Акіянія і Аўстралія (30%). Хаця ў Афрыцы да 1985 года разнастайнасць расла, потым назіралася яе рэзкае падзенне з 1,07 да 0,83.

Для таго каб з большай доляй дакладнасці разлічыць індэкс, неабходна мець інфармацыю па колькасці носьбітаў за кожны год з абранага дыяпазону. Яго можна разлічыць і з прапушчанымі гадамі, але дакладнасць зменшыцца, бо ў формуле для гэтага выпадку робіцца дапушчэнне, што ў прапушчаныя гады індэкс змяняўся з фіксаванай хуткасцю з года ў год.

Вынікі перапісаў насельніцтва Беларусі 1999 і 2009 гадоў, якімі мы скарысталіся, каб разлічыць індэкс для нашай краіны, красамоўна сведчаць аб тым, што доля насельніцтва, якая звычайна выкарыстоўвае беларускую мову як хатнюю, скарацілася, а колькасць людзей, што аддае дома перавагу рускай мове, вырасла. У адпаведнасці з падыходам Хармана і Лоха, гэта, верагодна, значыць, што моўная разнастайнасць у Беларусі за азначаны перыяд скарацілася (натуральна, мы пакідаем у баку пытанні правільнасці ідэнтыфікацыі носьбітамі сваёй мовы, уплыў адносін да моў на адказы і г.д.). Паколькі сітуацыя і так выразная, быў выкарыстаны грубы метад разліку.

Разлік быў зроблены з выкарыстаннем спалучэння двух спосабаў разліку Хармана і Лоха: для сітуацыі, калі вядомыя лічбы для кожнага года і для сітуацыі, калі ёсць прабелы. У апошняй сітуацыі неабходна рабіць інтэрпаляцыю наяўных лічбаў для кожнага года, па якім рэальных лічбаў няма, а затым выкарыстаць асобную формулу. Мы ж зрабілі такую інтэрпаляцыю толькі для аднаго з прапушчаных гадоў, а затым скарысталіся формулай для першай сітуацыі. Натуральна, што такі спосаб з'яўляецца вельмі грубым.

Не выключана, што індэкс, атрыманы такім чынам, будзе памылковым і несумяшчальным з прыведзенымі вышэй вынікамі згаданых аўтараў.

Для разліку быў абраны такі параметр выкарыстання мовы як колькасць чалавек, якія размаўляюць на ёй ў хаце. Як вядома, адпаведнае пытанне задавалася на нацыянальных перапісах насельніцтва ў 1999 і 2009 гадах. У разліку выкарыстоўваліся звесткі толькі аб беларускай і рускай мовах, якія з'яўляюцца хатнімі мовамі абсалютнай большасці насельніцтва краіны.

Дадзеныя на 2004 год атрыманыя шляхам інтэрпаляцыі. Індэкс за 1999 год быў умоўна прыняты за 1. Прывядзём дадзеныя ў табліцы.

Як бачна, за 10 год індэкс скараціўся на 16%.

Натуральна, індэкс не пазбаўлены абмежаванняў. Адной з праблемаў з'яўляецца ступень адэкватнасці інфармацыі пра мовы, якую змяшчае база дадзеных "Еthnologue". З аднаго боку, яна шырока прызнана самай аўтарытэтнай крыніцай інфармацыі аб колькасці носьбітаў моў у свеце. З іншага, самі яе стваральнікі прызнаюць, што якасць яе інфармацыі "нераўнамерная", бо атрыманая яна з самых розных крыніц, у тым ліку папулярных выданняў і справаздач місіянераў. Нават інфармацыя, атрыманая пры дапамозе перапісаў насельніцтва, не заўжды з'яўляецца дакладнай. Тым не менш, аўтары індэксу лічаць гэтую базу дадзеных прыдатнай для разлікаў. Я ўжо пісаў пра недарэчнасці артыкулаў пра беларускую мову і Беларусь у гэтым даведніку (гл. "Ці ўразіць першае ўражанне? Беларуская мова ў даведніку "Этналог" - "Наша слова" № 14 (1217) ад 8 красавіка 2015 г.).

Што да індэксу, то падыход, пры якім улічваецца толькі колькасць носьбітаў пэўнай мовы як першай, хаця і мае права на існаванне, але не з'яўляецца адзіна магчымым.

Трэба сказаць, што апісаны індэкс моўнай разнастайнасці не адзіны. Напрыклад, індэкс разнастайнасці Грынберга, які выкарыстоўваецца ў самім "Этналогу", паказвае верагоднасць таго, што два любыя выпадкова абраныя жыхары адной краіны будуць мець розную матчыну мову. Такім чынам, нулявым гэты індэкс будзе, калі ва ўсіх жыхароў адна і тая ж матычна мова, а максімальным (роўным 1), калі ўсе жыхары маюць сваю ўласную матчыну мову. Індэкс разлічаны для 208 краін свету і тэрыторый. Самы высокі, 0,988, мае Папуа Новая Гвінея з яе 838 мовамі. Наша краіна мае індэкс 0,447. Самы нізкі, нулявы, індэкс маюць некалькі краінаў, у прыватнасці Паўночная Карэя, Сан-Марына і Гаіці.

На заканчэнне адзначым, што сітуацыя з моўнай разнастайнасцю і тэндэнцыі яе зменаў, а таксама колькасць носьбітаў абарыгенных моў з'яўляюцца асноўным індыкатарам дасягнення адной з мэтаў сусветнай Канвенцыі біялагічнай разнастайнасці. Канкрэтней, гэта мэта №18. Яна гучыць так: "Да 2020 года традыцыйныя веды, інавацыі і практыкі абарыгенных і мясцовых супольнасцяў, якія маюць значэнне для захавання і ўстойлівага выкарыстання біялагічнай разнастайнасці, а таксама традыцыйныя спосабы выкарыстання прыродных рэсурсаў гэтымі супольнасцямі павінны паважацца ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і адпаведным міжнародным абавязальніцтвамі, якія ўзяла на сябе краіна-падпісант. Яны павінны быць поўнасцю ўключаны ў працэс выканання канвенцыі і адлюстраваны ў ім пры ўсебаковым і эфектыўным удзеле прадстаўнікоў абарыгенных і мясцовых супольнасцяў на ўсіх узроўнях".

Якая сувязь паміж біялагічнай і моўнай разнастайнасцю? Стваральнікі канвенцыі бачаць гэтую сувязь у тым, што на мовах розных народаў зафіксаваныя ўнікальныя класіфікацыі жывёл і раслін, што адлюстроўваюць веды дынамікі мясцовых экасістэм і экалагічных узаемадзеянняў.

Рэспубліка Беларусь ратыфікавала гэтую канвенцыю, але ў справаздачы па біяразнастайнасці Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя за бягучы год моўная разнастайнасць не згадана. Неўзабаве мы накіруем туды ліст з нашымі прапановамі на гэтую тэму.

Такім чынам, скарачэнне моўнай разнастайнасці ў Беларусі ў спалучэнні з цікавасцю да гэтай тэмы міжнародных арганізацыі, куды наша краіна уваходзіць, забяспечвае нас дадатковым аргументам у перамовах з уладамі на тэму ўзмацнення ролі беларускай мовы ў краіне.

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ


Беларуская мова ў беларускіх універсітэтах

Старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны

Трусаву А. А.

(220034, вул. Румянцава, 13, г. Мінск)

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адказ на Ваш запыт № 39 ад 27 студзеня 2015 г. паведамляю, што Закон Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" ва ўстанове адукацыі "Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт" выконваецца.

Паводле вучэбных планаў новага пакалення вывучэнне дысцыпліны "Беларуская мова. Прафесійная лексіка" (1 курс, 34 гадзіны) забяспечваецца на першым узроўні вышэйшай адукацыі па ўсіх спецыяльнасцях. На факультэце Выдавецкай справы і паліграфіі для спецыяльнасці "Выдавецкая справа" выкладаюцца дысцыпліны "Практычная і функцыянальная стылістыка беларускай мовы" (2 курс; 16 лекцыйных гадзін, 34 - практычныя); "Сучасная беларуская мова" (2 курс; 34 лекцыйныя гадзіны, 50 - практычныя).

Выкладанне вышэйзгаданых дысцыплін забяспечвае кафедра беларускай філалогіі, якая мае высокакваліфікаваныя педагагічныя кадры. Акрамя таго, у БДТУ маецца пазітыўны вопыт па арганізацыі маштабнага навучання беларускай мове выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта. Так, у 1991 - 1995 гг. на базе ўстановы функцыянаваў "Універсітэт беларускай мовы, гісторыі і культуры", у межах дзейнасці якога былі арганізаваны лекторый і практычныя заняткі для ўсіх зацікаўленых у павышэнні свайго ўзроўню гуманітарных ведаў. Пасля заканчэння навучання слухачам было выдадзена адпаведнае пасведчанне. У выніку грунтоўнай моўнай падрыхтоўкі прафесарска-выкладчыцкага складу была створана вялікая колькасць беларускіх прафесійных слоўнікаў, навуковай, вучэбнай і метадычнай літаратуры. Такім чынам, абсалютная большасць сённяшніх навукова-педагагічных кадраў універсітэта можа выкладаць вучэбныя, у тым ліку профільныя, дысцыпліны па-беларуску.

На сённяшні дзень ва ўніверсітэце на беларускай мове выкладаецца больш за 30 вучэбных дысцыплін. Сярод іх: "Тэорыя аўтаматычнага кіравання"; "Машыны і абсталяванне прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў"; "Асновы інжынернай творчасці і інаватыка"; "Тэарэтычная механіка"; "Біялогія лясных звяроў і птушак з асновамі дзічынаразвядзення"; "Батаніка"; "Дэндралогія"; "Лесаводства"; "Лясная піралогія з асновамі радыеэкалогіі"; "Тэхналогія лесагаспадарчай вытворчасці"; "Асновы вядзення лясной гаспадаркі і лесакарыстання"; "Гісторыя"; "Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы"; "Вялікая Айчынная вайна савецкага народа"; "Матэрыялазнаўства і тэхналогія канструкцыйных матэрыялаў"; "Гісторыя сусветнай культуры"; "Гісторыя сусветнай літаратуры"; "Гісторыя беларускай літаратуры"; "Практычная і функцыянальная стылістыка беларускай мовы"; "Гісторыя кнігі і выдавецкай справы"; "Рэклама і рух кніжных выданняў"; "Тэхналогія рэдакцыйна-выдавецкай справы"; "Эканамічны аналіз рынку нерухомасці" і шмат іншых.

Акрамя таго, студэнтам прадастаўлены выбар вывучэння практычна любой дысцыпліны ва ўніверсітэце на беларускай ці рускай мове.

Для гэтых мэтаў супрацоўнікамі ўніверсітэта напісана і за кошт сродкаў установы выдадзена больш за 270 беларускамоўных манаграфій, падручнікаў, метадычных дапаможнікаў, лабараторных практыкумаў, слоўнікаў і іншых вучэбных выданняў, сярод якіх: "Рэгіянальныя рынкі працы ў трансфармацыйнай эканоміцы Беларусі" (манаграфія); "Мова беларускага летапісання" (манаграфія); "Сухапутны транспарт лесу" (падручнік для студэнтаў ВНУ спецыяльнасці "Лесаінжынерная справа"); "Мадэляванне аб'ектаў і сістэм аўтаматызацыі" (падручнік для студэнтаў ВНУ па спецыяльнасці "Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцяў"); "Слоўнік лесапаляўнічых тэрмінаў" (па дысцыпліне "Біялогія лясных звяроў і птушак з асновамі паляўніцтвазнаўства" для студэнтаў спецыяльнасці "Лясная гаспадарка"); "Руска-беларускі слоўнік па фізіялогіі і біяхіміі раслін" (для студэнтаў спецыяльнасцей "Лясная гаспадарка" і "Садова-паркавае будаўніцтва"); "Англа-беларускі слоўнік па інфарматыцыі" (для студэнтаў усіх спецыяльнасцей); "Англа-руска-беларускі слоўнік асноўных скарачэнняў у галіне інфарматыкі" (для студэнтаў усіх спецыяльнасцей); "Садова-паркавыя збудаванні: асаблівасці архітэктурна-канструкцыйнага вырашэння" (для студэнтаў спецыяльнасці "Садова-паркавае будаўніцтва"); "Арганізацыя нарматыўна-даведачнай інфармацыі ў інфармацыйнай сістэме кіравання лясной гаспадаркай" (для студэнтаў устаноў спецыяльнасці "Лясная гаспадарка"); "Праектаванне лесавозных дарог" (для студэнтаў спецыяльнасці "Лесаінжынерная справа"); "Лесаўпарадкаванне" (падручнік для студэнтаў ВНУ спецыяльнасці "Лясная гаспадарка"); "Тэхналогія пластычных мас" (для студэнтаў спецыяльнасці "Хімічная тэхналогія арганічных рэчываў, матэрыялаў і вырабаў" у 3 частках); "Разлік і канструяванне пластмасавых вырабаў і форм" (для студэнтаў спецыяльнасці "Хімічная тэхналогія арганічных рэчываў, матэрыялаў і вырабаў" у 3 частках); "Электрамеханіка" (для студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцей); "Арганізацыя вытворчасці і кіраванне прадпрыемствам" (для студэнтаў спецыяльнасці "Лясная гаспадарка"); "Вышэйшая матэматыка. Тыпавыя разлікі па тэме "Дыферэнцыяльныя ўраўненні" (для студэнтаў I курса ўсіх спецыяльнасцей); "Ачыстка і рэкуперацыя прамысловых выкідаў" (для студэнтаў спецыяльнасці Т.15.03); "Экалагічная біятэхналогія" (для студэнтаў спец. Т. 15.07); "Тэадалітная і бусольная здымкі з асновамі тапаграфічнага чарчэння" (для студэнтаў спецыяльнасці "Лясная гаспадарка"); "Аўтаматыка, аўтаматызацыя і аўтаматызаваныя сістэмы кіравання тэхналагічнымі працэсамі" (для студэнтаў хіміка-тэхналагічных спецыяльнасцяў); "Лесаводства" (для студэнтаў спецыяльнасцей "Лясная гаспадарка"); "Біялогія лясных звяроў і птушак з асновамі паляўніцтвазнаўства" (для спецыяльнасці "Лясная гаспадарка"); "Тэарэтычная механіка" (для студэнтаў ВНУ Беларусі); "Мантаж, эксплуатацыя і дыягностыка сістэм аўтаматыкі" (для студэнтаў спецыяльнасці "Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей"); "Асновы электронікі" (для студэнтаў спецыяльнасці "Машыны і апараты хімічных вытворчасцей і прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў" і іншых хіміка-тэхналагічных спецыяльнасцей); "Тэорыя аўтаматычнага кіравання" (для студэнтаў тэхнічных спецыяльнасцей); "Тэорыя колеру і колераўзнаўлення" (для ВНУ па спецыяльнасцях "Тэхналогія паліграфічных вытворчасцяў", "Паліграфічнае абсталяванне і сістэмы апрацоўкі інфармацыі", "Выдавецкая справа", "Пакавальная вытворчасць", "Дызайн"); "Унутрыфірмавае планаванне" (для студэнтаў эканамічных спецыяльнасцей); "Паліграфічны дызайн" (для студэнтаў спецыяльнасці "Выдавецкая справа"); "Працэсы і апараты хімічнай тэхналогіі" (для студэнтаў ВНУ па хіміка-тэхналагічных спецыяльнасцях); "Працэсы і апараты хімічных вытворчасцей" (для студэнтаў хіміка- тэхналагічных спецыяльнасцей); "Лесазнаўства і лесаводства" (для студэнтаў ВНУ па спецыяльнасцях "Лясная гаспадарка", "Садова-паркавае будаўніцтва", "Лесаінжынерная справа"); "Батаніка" (для студэнтаў ВНУ па спецыяльнасцях "Лясная гаспадарка", "Садова-паркавае будаўніцтва"); "Дэндралогія" (для студэнтаў ВНУ па спецыяльнасці "Лясная гаспадарка"); "Біялогія лясных звяроў і птушак з асновамі дзічынаразвядзення" (для студэнтаў ВНУ па спецыяльнасці "Лясная гаспадарка"); "Аўтаматызаваныя сістэмы кіравання вытворчасцю" (для студэнтаў ВНУ па спецыяльнасцях "Энергаэфектыўныя тэхналогіі і энергетычны менеджмент", "Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей"); "Тэорыя фатаграфічных працэсаў" (для студэнтаў спецыяльнасці "Тэхналогія паліграфічнай вытворчасці"); "Лясная піралогія з асновамі радыёэкалогіі" (для студэнтаў спецыяльнасці "Лясная гаспадарка") і шмат іншых паўнавартасных выданняў.

Істотная частка вучэбна-метадычных комплексаў ва ўніверсітэце таксама зроблена на беларускай мове. Дакладны разлік працэнтаў іх беларускамоўнай часткі выканаць не магчыма з-за вялікага аб'ёму матэрыялу і адсутнасці методыкі падобных падлікаў.

БДТУ рэгулярна і паспяхова арганізуе мерапрыемствы па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства. На сістэмнай аснове рыхтуюцца творчыя і сацыяльна-адукацыйныя праекты, праводзяцца алімпіяды па беларускай мове. Арганізуюцца сустрэчы з пісьменнікамі, прадстаўнікамі навуковай і творчай інтэлігенцыі, наведваюцца ўсе знакавыя мерапрыемствы культурна-асветніцкага характару гарадскога і рэспубліканскага маштабу. Такія ініцыятывы аб'ектыўна стымулююць цікавасць студэнцкай моладзі да актуальных праблем беларускай мовы, пытанняў гісторыі, літаратуры і культуры.

Беларускамоўная творчасць навучэнцаў і выкладчыкаў універсітэта ўдасканальваецца ў рамках дзейнасці студэнцкага аб'яднання "Пошук", літаратурнага клуба "Ветліца". У БДТУ выдаецца літаратурна-мастацкі альманах "АVЕ" (выдадзены сем нумароў, рыхтуецца да друку № 8, адбылася прэзентацыя альманаха на XV Рэспубліканскай выставе метадычнай літаратуры і педагагічнага вопыту "Я - грамадзянін Беларусі"). Студэнты рэгулярна бяруць удзел у Рэспубліканскім конкурсе навуковых прац, у Рэспубліканскім конкурсе літаратурнай творчасці студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў "Аўтограф", штогадовых універсітэцкіх конкурсах і атрымліваюць прэстыжныя ўзнагароды: Усе навуковыя і творчыя работы і праекты выконваюцца на беларускай мове.

Справаводства ва ўніверсітэце вядзецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" і на беларускай і на рускай мовах. У прыватнасці, аддзел кадраў БДТУ значную частку дакументацыі афармляе на беларускай мове, а загады па ўніверсітэту выконваюцца толькі па-беларуску. Вучэбныя планы па ўсіх спецыяльнасцях універсітэта, студэнцкія білеты і заліковыя кніжкі таксама маюць толькі беларускамоўную версію. Факультэты ўніверсітэта шырока выкарыстоўваюць беларускую мову ў справаводстве, інфармацыйным асяроддзі і штодзённай працы. Напрыклад, факультэт Выдавецкай справы і паліграфіі выключна на беларускай мове ажыццяўляе справаводства (загады, распараджэнні, пратаколы, расклады і г.д.) і вядзенне вучэбна-ўліковай дакументацыі, у тым ліку новых узораў (залікова-экзаменацыйныя ведамасці, экзаменацыйныя лісты, дадаткі да дыпломаў, электронная база даных па студэнтах, магістрантах, аспірантах і г.д.).

На цяперашні час універсітэт мае паўнавартасныя беларускамоўную і рускамоўную версіі сайту, а таксама яшчэ на дзевяці мовах з дэталізацыяй інфармацыі згодна з мэтавай аўдыторыяй.

Рэктар, прафесар І.М. Жарскі.


Алесь Зайка выдаў прыказкі і прымаўкі з Косаўшчыны

Краязнавец, педагог, руплівы збіральнік самабытнай беларускай народнай лексікі Алесь Зайка жыве ў вёсцы Заполле Івацэвіцкага раёна. Кола яго навуковых зацікаўленняў улучае дыялекталогію, фразеалогію, параміялогію, мікратапаніміку, фалькларыстыку і гісторыю сялібаў. Ён выдаў "Дыялектны слоўнік Косаўшчыны" (2011 г.), "Населеныя пункты Івацэвіччыны" (2012 г.), "Фразеалагічны слоўнік Косаўшчыны" (2013 г.). А нядаўна ў менскім выдавецтве "Тэхналогія" пабачыла свет новая кніга Алеся Зайкі з вельмі доўгай назвай "Прыказкі і прымаўкі, жарты і каламбуры, прыгаворкі і языкаломкі, вясельныя пагаворкі пры дзяльбе каравая, вітанні і зычэнні, ветлівыя і ласкавыя выразы, засцярогі і прысяганні, праклёны і адкляцці, жартоўныя праклёны і дражнілкі-кепікі, зневажанні і параўнанні, прыкметы народнага календара з Косаўшчыны" .

Гэта кніга - першае ў Беларусі сістэматызаванае апісанне парэміялагічнага і фразеалагічнага багацця мовы жыхароў аднаго з куткоў Беларусі - радзімы Тадэвуша Касцюшкі. Запісы фальклорнага матэрыялу зроблены даследнікам у 1969-2014 гадах. Нашаму карэспандэнту Алесь Зайка сказаў:

- Гэта кніга - плён маёй доўгай, клапатлівай працы. Працы, якая, што праўда, аніяк не абцяжарвала. Наадварот, прыносіла радасць, адчуванне споўненага абавязку перад людзьмі - маімі суайчыннікамі, што збераглі, захавалі ў маўленні жывое народнае слова. Мяне заўсёды здзіўлялі яркасць і моц іх мастацкага мыслення, уменне выказвацца асацыятыўна, вобразна, дасціпна. Усім ім - мой шчыры дзякуй.

А цяпер давайце трохі пагартаем новую кнігу Алеся Зайкі. Адзначу, што размаўляюць на Косаўшчыне гаворкай, якая вельмі блізкая да літаратурнай мовы і вызначае яе нацыянальную спецыфіку. Тут ёсць дзе -канне і це -канне, пераход в , л у пэўнай пазіцыі ў у нескладовае , цвёрдыя шыпячыя, р, ц , аглушэнне звонкіх зычных у канцы слова і складу перад глухім зычным, цвёрдыя губныя на канцы слова, чаргаванне ро, ло з ры, лі ды іншыя.

У кнізе Алеся Зайкі ўжыты алфавітны парадак размяшчэння матэрыялу. Пры гэтым укладальнік кіраваўся тым, што тэматычны, прадметна-тэматычны парадак ці размяшчэнне словазлучэнняў па апорным слове мэтазгодныя толькі пры шырокім ахопе тэрыторыі, вялікім зборы зыходнага матэрыялу.

Большасць слоўнікавых артыкулаў складаецца з наступных частак: парэміялагічнай або фразеалагічнай адзінкі, пададзенай у літаратурным напісанні, семантычнай характарыстыкі ад укладальніка, тлумачэнні інфарматара, цытаты з аповеду, якія захоўваюць асаблівасці, характэрныя для Косаўшчыны, прозвішча інфарматара і звесткі пра год яго нараджэння, час запісу, месца жыхарства і адміністрацыйную прыналежнасць сялібы па стану на лістапад 2013 года. Хаця сельскія саветы кожны год аб'ядноўваюцца, мяняюцца і гэта, лічу, лішняе ў кнізе, хапіла б толькі назвы вёсак.

Пачнем з прыказак і прымак, і адсочым, як Алесь Зайка іх занатоўваў і аформіў у сваёй кнізе. Напрыклад:

Агуркамі вячэру не адбудзеш . Лушчык В.І., 1930 г.н., 2000. Альшаніца Квас. (маецца на ўвазе Квасевіцкі сельскі савет. - С.Ч. ) Далей ідзе тлумачэнне: пасля цяжкай працы патрэбна сытная яда .

Далі сабачку лейцы кіраваць. Лушчык В.І., 1930 г.н. 2000. Альшаніца Квас. ( Нягоднага, амаральнага чалавека паставілі начальнікам над людзьмі ).

Ляжыш не клятая, устанеш не мятая. Лісок Л.І., 1951 г.н., 2003. Заполле Кос. (Так кажуць пра адзінокую жанчыну) .

Млін меле - мука будзе, язык меле - бяда будзе . Белаблоцкі В.Я., 1905 г.н., 1985. Заполле Кос. (Непрадуманае слова часта прыводзіць да бяды).

А цяпер пачытаем яшчэ некалькі прыказак і прымавак, якія на Косаўшчыне за 35 гадоў назбіраў для сваёй кнігі Алесь Зайка.

Няма лесу без воўка, а сяла без злодзея; няхай таго пярун спаліць, хто сам сябе зганіць; сліны не падымеш, а слова не вернеш; як памрэ багаты, то ўсе ідуць у хату, а як памрэ бедачок, то ідзе поп і дзячок; як у голаў зайдзе, то і на печы знайдзе; хоць ох, але ўдвох.

А вось якія прыкметы з народнага календара, розныя назіранні запісаў Алесь Зайка і ўключыў у сваю кнігу. Некаторыя з іх: зімні дзянёк, што камарыны насок (кароткі, малы); свіня збірае па надворку салому і носіць у хлеў - уначы дождж будзе; прыйшла Пакрова - стала карова ; сабака качаецца з боку на бок - чакай змены надвор'я; як на рожках маладзіка можна павесіць вядро - будзе дождж, нельга - дні будуць пагодлівыя і г.д.

Выклікаюць усмешку, запісаныя Алесем Зайкам і розныя жарты, каламбуры, прыгаворкі: бывае і каўбаса страляе; гарачае сырым не бывае; дай сала хлеб даесці; задарма і тата маму не пацалуе; зяць за парог, а цешча за яйцы; наеўся, аж кішка прутам стала; пані на ўсе сані; рэзні, каб штаны злезлі; ясна як цёмная ноч і іншыя.

Алесь Зайка часта гуляў на вяселлях, бо запісаў шмат цікавых вясельных прыгаворак пры дзяльбе каравая. Вось некаторыя з іх: дару грошы і пень, каб малады меў моц увечары і ўдзень; дару паленца, каб малады маладую пацалаваў за каленца; дару капейку на шчаслівую сямейку, дару дзве, каб не жылі ў бядзе і г. д.

Сабраў Алесь Зайка і шэраг языкаломкаў, напрыклад, жабрак жабрака жабраваць вучыць; павук вусаты наеўся салаты, салата спушыла, павука задушыла; саладуха, саладзіся, толькі ў ражку не згадзіся

А зычэнні, якія запісаў Алесь Зайка, можна прымяняць і сёння. Калі садзяць капусту, то вяскоўцы на Косаўшчыне кажуць: "Радзі, Божа, галаўкі з вядро!" На ўваходзінах землякі аўтара кнігі жадаюць гаспадарам шчаслівага і доўгага жыцця ў новай хаце зычэннем: "Дай Бог, каб гэтая хата згніла!" А пры чханні жадаюць: "Вялікі расці, будзеш мак трасці" .

А вось якімі словамі на Косаўшчыне людзі праклінаюць адзін аднаго, калі гэта здараецца: "Дай Бог табе доўга жыць, але аднаму; а каб цябе Пярун на гладкай дарозе цэліў; каб на табе на тым свеце смалу вазілі; каб табе галаву завярнула; каб табе не дало ні дыхнуць, ні зяўнуць; каб тое сала табе калом у горле стала; каб ты ад ветру хістаўся; каб ты сто год жыў, а дзвесце ракам поўзаў; хай цябе Бог пакарае ліхім суседам" і г.д. Адзін з самых страшных праклёнаў, які часцей за ўсё жыхары Косаўшчыны казалі і кажуць на заклятых ворагаў: "Каб зямля твае косці павыкідала!"

Вельмі смешныя Алесь Зайка запісаў зневажанні жыхароў Косаўшчыны. А зневажанні гэтыя даволі розныя і абразлівыя. Вось некалькі прыкладаў.

Валюля (пра маруднага, павольнага чалавека).

Ваўкарэзіна (кажуць пра ліхога чалавека).

Выскірка (жанчына, якая без прычыны смяецца).

Жаба-падрубніца (непрыгожая, рабая жанчына).

Гопа (жанчына з непрыгожай хадой).

Галідар (бедны чалавек).

Камёлак (поўны, тоўсты чалавек).

Кілавік (чалавек, хворы на грыжу).

Норнік (занадта запаслівы чалавек).

Порацік (маруда).

Сухарэбрык (худы чалавек).

Убоіска (лянівы як вол).

Шломба (пра чалавека, які ходзіць, цягаючы ногі) і іншыя.

У кнізе Алеся Зайкі чытачы знойдуць вельмі шмат розных дражнілак-кепікаў, параўнанняў ( без жонкі як сяннік без саломкі; не адагнаць як сабаку ад сукі; цацкаецца як з велікодным яйцом ) і г.д.

Вось такую кнігу сабраў на Косаўшчыне Івацэвіцкага раёна былы настаўнік Алесь Зайка. Эх, каб у кожным раёне Беларусі па аднаму такому Зайку - колькі народных залацінак яны запісалі б, збераглі б для нашчадкаў, для будучыні і наколькі шырэй узбагацілася б наша родная мова - пласт нацыянальнай культуры беларусаў! А такія асобы, як Алесь Зайка, ніколі не дадуць роднаму слову скарыцца, а наадварот, яны адстойваюць яго спрадвечнае права на існаванне.

Сяргей ЧЫГРЫН. На здымку: Алесь Зайка.


Бог даў нам нашу цудоўную мову-кветачку, і Ён дапаможа нам - яе носьбітам - людзьмі звацца

Для мяне матчына мова наймілейшая, найдаражэйшая, з такім лагодным цудоўным гучаннем, якое лашчыць душу і сэрца, дае заспакаенне думкам і розуму, спрыяе культурнаму і эстэтычнаму выхаванню, дабрыні ў зносінах з людзьмі.

Але ж, на вялікі жаль, ідзе планамернае і мэтанакіраванае, бязлітаснае вынішчэнне мовы беларусаў "великим и могучим".

Воляй лёсу мне давялося адчуць гэта яшчэ ў шасцігадовым узросце ўзімку 1940 года. Зіма таго года была страшэнна халодная, вымерзла многа садовых дрэў. Снегу было вышэй плоту. Людзі казалі: "Прышлі саветы і мароз прынеслі". Дык вось у тую студзёную зіму вывозілі цэлыя сем'і з Заходняй Беларусі ўглыб Расіі, якія, на думку бальшавікоў, маглі быць для іх небяспечнымі. Каб даведацца, які лёс напаткаў майго дзядзьку і дзеда па маці, мама вырашыла паехаць у мястэчка Гарадзішча і распытаць людзей. А мароз якраз змяніўся. Запраглі кабылку ў простыя сані, паклалі на іх саломы, сена, і накрылі посцілкай. У нашай сям'і жыла дзяўчына-сірата Волька. Вось мама, я і Волька рушылі ў дарогу. Не паспелі праехаць і паўкіламетра, як наперадзе нас пачуўся звон званочкаў, якія часам надзявалі на шыю каню. Волька закрычала:

- Вось і зноў едзе той бальшавік. Выверне ён нас!

І сапраўды, перад нашай фурманкай стаў конь, запрэжаны ў шыкарныя санкі, пафарбаваныя ў чорны колер. У санках на сядзенні, пакрытым дыванком, сядзеў дзядзька ў белым кажусе, падпяразаным папругай, на якой быў замацаваны капшук, у белых валёнках і шапцы-вушанцы. На пярэдняй лавачцы сядзеў фурман. Дзядзька ў белым кажусе закрычаў (я гэта добра запомніў, але што далей ён крычаў, я не разумеў):

- Давай дорогу, кулацкая сволочь!

Волька падняла крык:

- Што ж ты лаешся, тут жа дзіця!

Доўга з намі не спрачаліся. З санак сышоў фурман і сапхнуў нашы сані і кабылку ў заснежаны роў. Кабылка не магла выцягнуць сані. Тады яе выпраглі. Мама з Волькай выцягнулі сані, запрэглі і паехалі далей.

Калі ехалі назад, мама ўсю дарогу плакала, бо даведалася, што яе брата і шасцідзесяцігадовага тату вывезлі на поўнач Расіі. Праз многа гадоў я даведаўся, што дзед замёрз у таварным вагоне ў трыццаціградусны мароз, і быў недзе выкінуты. Дзязька спрабаваў уцячы, і быў забіты. У сям'і дзеда - "кулака" было 6 га зямлі.

У другі раз мне давялося паспытаць на сабе "великого и могучего" ўжо ў юнацкім узросце. Закончыў сямігодку толькі па-беларуску на "добра" і "выдатна" і паступіў у тэхнікум, дзе апроч беларускай літаратуры ўсё выкладалася на "могучем", і цэлы год я "ехаў" то на "два", то на "тры", покуль не засілілі маю галаву "великим". Калі атрымліваў "два", то не давалі стыпендыі і прыходзілася скарацца і прасіць выкладчыка, каб выправіў двойку. Для мяне гэта была мука, бо не прывык да здзеку.

У час майго юнацтва беларуская вёска была сапраўды беларускай і жыла весялосцю моладзі - спявалі дзяўчаты на лавачцы каля хаты, заліхвацка танцавалі ў вясковым клубе польку, вальс, кракавяк, танга, падыспань пад цудоўную мелодыю гармоніка. А што сёння? Няма той весялосці. У клубах моладзь пад гукі бугі-вугі выбрыквае нагамі, выкручваючыся торсам. Тут не трэба аніякага таленту, каб вось так прымітыўна сябе зневажаць, лічачы, што гэта добра і прыстойна. Пра эстэтыку, культуру ніхто не думае. Таму што моладзь да такіх паводзін прывучаная. Старэйшае пакаленне людзей, якія валодалі культурнай спадчынай, адышло ў нябыт. А сённешнім "ідэолагам" не патрэбна культурная спадчына, а толькі стварэнне бяздумнага чалавечага матэрыялу, які выканае любы "манкурцкі" загад.

Дык чаму ж так сталася, з абсалюнай большасцю моладзі? А таму што ў Беларусі запанавала не беларускасць. Вялікі беларускі культурна-асветніцкі паэнцыял быў зішчаны маральна і фізічна сталінскімі рэпрэсіямі і вайной.

На яго месца прыбыла рускамоўная плынь выкладчыкаў, навукоўцаў і чыноўнікаў, для большасці якіх беларускасць толькі замінала. Яны і прывілі моладзі моўную "культуру", а з ёю і думкі не па-беларуску. А раз думаюць не на роднай мове, дык і дзейнічаюць па-чужынску, тым самым спрыяючы вынішчэнню беларускасці і Краіны Беларусь.

Вельмі ж далёка зайшло вынішчэнне роднай мовы і культуры. Прышлося назіраць, як дзве маладыя жанчынкі смакталі атрутунікацін і брыдкасловілі. Відаць нейкага спіртнога ўжылі. А калі вып'юць "мужыкі", то ад іхняй гаворкі хоць вушы затыкай. Я, звычайна, ветліва іх спыняю. Страшэнна грашаць "великим и могучим" кіраўнікі "вертыкалі" і міліцыянты. Не было ў Беларусі такога моўнага гвалту. Покуль прышэльцы не ўкаранілі "великий и могучий".

Каб нас поўнасцю не паняволілі, і каб не страцілі мы сваю спрадвечную адметнасць, ператварыўшыся ўнасельніцтва паслухмяных выпівох і брыдкасловаў, якіх вечна будуць абражаць і зневажаць, не лічачы нас за паўнавартасных людзей, а толькі за "бульбашоў" - трэба смела і рашуча кожнаму сумленнаму беларусу даваць "адлуп" русіфікатарам і іх памагатым. Шаноўныя, не бойцеся нахабнікаў русіфікатараў. За намі праўда і справядлівасць. Бог даў нам нашу цудоўную мову-кветачку, і Ён дапаможа нам - яе носьбітам - людзьмі звацца.

Вячаслаў Сухарэбскі ,вёска Русіны, Баранавіцкі р-н.


Эдуарду Ханку - 75

Эдуард Сямёнавіч ХАНОК - беларускі музыка і кампазітар. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1982). Народны артыст Беларусі (1996).

Нарадзіўся 18 красавіка 1940 года ў Казахстане ў сям'і вайскоўца. У дзяцінстве пераехаў у горад Берасце, дзе скончыў сярэднюю школу. У 1962 г. скончыў Менскую дзяржаўную музычную вучэльню імя М.І. Глінкі, у 1969 г. скончыў Маскоўскую кансерваторыю імя Чайкоўскага, у якой напісаў сваю першую песню. Сябар Саюза кампазітараў з 1973 г.

Працуе ў розных жанрах - вакальна-сімфанічным, камерна-інструментальным, камерна-вакальным, але найболей плённа - у песенным. З яго твораў фармаваліся рэпертуары ансамбляў "Верасы", "Сябры" і "Песняры". З'яўляецца аўтарам папулярных песень "Лягу, прылягу", "Ці тое яшчэ будзе", "Заранка", "Два полі", "Я ў бабулі жыву", "Зіма", "Завіруха", "Жаўраначка" і многіх іншых.

Жыве ў Маскве, мае расійскае грамадзянства, захоўваючы грамадзянства Беларусі. Стваральнік "Тэорыі творчых хваль".

Вікіпедыя.


У Менску прэзентавалі "Імёны Свабоды" Ўладзіміра Арлова

У суботу, 11красавіка, у сталічнай Галерэі "Ў" вядомы беларускі пісьменнік Уладзімір Арлоў прэзентаваў сваю новую кнігу "Імёны Свабоды". Гэта ўжо трэцяе, дапоўненае выданне. У новай кнізе - 300 гістарычных партрэтаў выбітных беларусаў. 40 з іх - новыя эсэ, партрэты нашых сучаснікаў, якія зусім нядаўна пакінулі гэты свет.

Сярод герояў кнігі - Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Сяржук Вітушка, Арына Вячорка, Генадзь Грушавы, Анатоль Грыцкевіч, Юры Гумянюк, Віктар Івашкевіч, Арлен Кашкурэвіч, Пётр Марцаў, Казімір Свёнтак, Віталь Сіліцкі, Галіна Сямдзянава, Міхась Чарняўскі, Міхал Шарамет.

Ёсць у кнізе і "свабодаўцы" - мовазнаўца, журналіст Юрась Бушлякоў, паэтка, журналістка Тацяна Сапач, вэб-майстар Уладзімір Каткоўскі, прафесар-эканаміст Уладзімір Кулажанка. Адзін з апошніх тэкстаў - пра беларуса Міхаіла Жызнеўскага, які загінуў на кіеўскім Майдане.

У зале шмат родных, сваякоў, сяброў герояў кнігі - маці Юрася Бушлякова спадарыня Элеанора, пляменнік Максіма Гарэцкага Радзім Гарэцкі, маці Веранікі Чаркасавай спадарыня Дыяна, удава Міхася Чарняўскага Святлана, бацькі Ўладзіміра Каткоўскага. На прэзентацыю прыйшлі Аляксей Марачкін, Алег Трусаў, Міхаіл Пастухоў, Уладзімір Сіўчыкаў, Лявон Баршчэўскі, шмат моладзі - даволі прасторная зала Галерэі "Ў" не змагла ўмясціць усіх ахвотных, людзі стаялі ў праходах.

Імпрэзу адкрыў Уладзімір Арлоў. 10 гадоў таму ён на Радыё Свабода распачаў цыкл расповедаў пра герояў, якія змагаліся за незалежнасць Беларусі, паўплывалі на ягоны характар, светаўяўленне, пачуцці. І яшчэ адна ўмова - усе героі завяршылі свой жыццёвы шлях. Спадар Арлоў распавёў, як на адной з прэзентацый папярэдняга выданьня нейкая жанчына выказала прэтэнзію: чаму няма ў кнізе нарысаў пра Станіслава Шушкевіча і Зянона Пазьняка? "Дай Бог ім здароўя на доўгія гады", - адказаў ёй спадар Арлоў.

Аўтар пералічыў імёны ўсіх 40 чалавек, расповеды пра якіх з'явіліся ў трэцім выданні.

Распавёў Арлоў аб працы над эсэ пра Максіма Гарэцкага, у якой вельмі дапамаглі яму архівы сям'і Гарэцкіх. Акадэмік Радзім Гарэцкі падзякаваў аўтару за працу, адзначыў незвычайны талент Арлова - як той коратка, ёміста, трапна піша, заўважае цікавыя дэталі, нюансы. Узгадаў і сваіх сяброў, з якімі яшчэ на пачатку 2000-х зладзіў Кангрэс за Незалежнасць. З чатырох сустаршыняў - Анатоля Грыцкевіча, Генадзя Бураўкіна, Рыгора Барадуліна - застаўся ён адзін. Радзім Гаўрылавіч узгадаў і Ўладзіміра Конана, Віталя Скалабана, Генадзя Грушавога, з якім сябраваў. Скончыў свой выступ воклічам "Жыве Беларусь!"

20 гадоў таму, 11 красавіка 1995 года дэпутаты Вярхоўнага Савета 12 склікання абвясцілі галадоўку ў Авальнай зале супраць абвяшчэння ганебнага рэферэндуму. Некаторых ужо няма на гэтым свеце - Ігара Герменчука, Барыса Гюнтэра, Галіны Сямдзянавай.

Алег Трусаў параіў ўсім прачытаць "Імёны Свабоды" і даць пачытаць сябрам, дзецям, унукам.

Лявон Баршэўскі падлічыў, што 83 герояў гэтай кнігі ён ведаў асабіста, і 22 з іх былі маладзейшыя за яго.

На пытанне, чаму ў кнізе няма эсэ пра зніклых Віктара Ганчара, Юрыя Захаранку, Змітра Завадскага, спадар Арлоў адказаў: "Надзея памірае апошняй".

Аўтар прачытаў фрагменты нарысаў пра Уладзіміра Пузыню, Пятра Марцава, Таццяну Сапач, Уладзіміра Каткоўскага

Бард Зміцер Бартосік на імпрэзе выконваў песні Булата Акуджавы, Уладзіміра Высоцкага ў перакладзе Рыгора Барадуліна. Зала спявала разам з Бартосікам і творы з "Рыцарскага цыклу" Змітра Сідаровіча.

Іна Студзінская, Радыё Свабода.


Беларуская мова на кантролі ў ДАІ

Старшыні ГА "Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Паведамляю, што Ваш зварот разгледжаны ва ўпраўленні ДАІ МУС Рэспублікі Беларусь.

На сённяшні дзень перапрацаваны існуючыя пытанні з улікам змяненняў у Правілах дарожнага руху.

Распрацоўка новага праграмнага забеспячэння толькі пачалася, таму Ваша просьба знаходзіцца на кантролі кіраўніцтва ўпраўлення ДАІ і будзе рэалізавана ў ходзе далейшай мадэрнізацыі адпаведнага праграмнага забеспячэння.

Адначасова ўдзячны за Вашу грамадскую пазіцыю ў справе забеспячэння бяспекі дарожнага руху і паляпшэння якасці абслугоўвання грамадзян.

Намеснік начальніка ўпраўлення А.В. Цагельнік


Матчы салігорскага "Шахцёра" агучваюць па-беларуску

4 красавіка, у час матчу паміж "Шахцёрам" і мікашэвіцкім "Гранітам", з дынамікаў салігорскага стадыёна "Будаўнік" гучала беларуская мова.

- Гэта душэўны парыў, разумееце? Памкненне. Проста захацелася, каб матчы вяліся на роднай мове. І з гэтага сезону так і будзе, - растлумачыў прэс-сакратар "Шахцёра" Павел Качановіч. Таксама ён удакладніў, што "агучка" - гэта аб'ява па-беларуску стартавых складаў, інфармацыі пра замены, агульных звестак пра сустрэчу. Па словах прэс-сакратара, кіраўніцтва салігорскага клуба і заўзятары адрэагавалі на змены вельмі пазітыўна. Павел падкрэсліў, што хутка ў "Шахцёра" з'явяцца і афішы, аформленыя па-беларуску.

Беларускае Радыё Рацыя.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Прылішч Ірына - 50000 р., г. Менск

2. Шкірманкоў Фелікс - 100000 р., г. Слаўгарад

3. Кукавенка Іван - 100000 р., г. Менск

4. Галіноўская Ніна - 50000 р., г. Менск

5. Цюленеў Аляксандр - 1000000 р., г. Менск

6. Касцюкевіч Зміцер - 100000 р., г. Чэрвень

7. Раманюк Таццяна - 120000 р., г. Менск

8. Якшэвіч Алег - 100000 р., г. Менск

9. Санько Зміцер - 100000 р., г. Менск

10. Юфераў Васіль - 100000 р., г. Менск

11. Рудакоў Алег - 1000 расейскіх руб., г. Іркуцк

12. Лемцюгова В. - 70000 р., г. Менск

13. Панамароў Сяргей - 100000 р., г. Менск

14. Давыдоўскі Ігар - 200000 р., г. Менск

15. Таццянін Артур - 100000 р., г. Магілёў

16. Маслакоў Віктар - 20000 р., г. Менск

17. Галай Аркадзь - 70000 р., г. Менск

18. Лягушоў Алег - 100000 р., ст. Ясень, Асіповіцкі р-н.

19. Несцераў Віктар - 500000 р., Менск

20. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск

21. Кушнір Васіль - 60000 р. г. Дзяржынск

22. Вярцінскі Анатоль - 200000 р. г. Менск

23. Еракавец Аляксандр - 20000 р. г. Менск

24. Раманчык Надзея - 100000 р., г. Бярозаўка, Лідскі р-н.

25. Гаеўская Аляксандра - 70000 р., г. Менск

26. Пархімчык Віктар - 100000 р., г. Менск

27. Грышкевіч Лявон - 100000 р., г. Маладзечна.

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Усенародны рух за наданне беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай

(да 25-годдзя Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" - 26 студзеня 1990 г.)

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Каб у прысутных у зале менш было жаданняў вырашаць лёс мовы праз апытванне людзей, дакладчык досыць пераканаўча давяла ім, што "ў такой далікатнай справе, як мова… рэферэндум наўрад ці апраўданы" . Ад сябе дадам: неапраўданы, бо такую архіскладаную праблему могуць вырашаць толькі прафесійна дасведчаныя асобы плюс яшчэ са здаровай нацыянальнай свядомасцю. Яны павінны абавязкова належаць да актыўных носьбітаў мовы тытульнай нацыі. Для вырашэння так цесна звязанага з лёсам кожнага народа моўнага пытання менш за ўсё прыдатны аўтарытэт натоўпу ў фармаце рэферэндуму.

Вытрыманы ў здаровым нацыянальным духу даклад Ніны Мазай наўрад ці мог пакінуць абыякавым нават і тых, у каго толькі крыха заставалася ад беларускасці. На пазітыўнае стаўленне дэпутатаў да вынесенай на абмеркаванне праблемы натуральна не маглі не паўплываць пачутыя ад дакладчыка канкрэтныя факты па яе рэалізацыі на практыцы. Хаця б, скажам, правядзенне сесій на беларускай мове Віцебскім абласным і шэрагам раённых (гарадскіх) саветаў народных дэпутатаў. У гэтай вобласці многія партыйныя і савецкія, адміністрацыйна-гаспадарчыя работнікі не пад прымусам, а добраахвотна наведвалі курсы па вывучэнні беларускай мовы.

Шмат карыснага, пахвальнага для сябе пачулі прысутныя на сесіі з прачытанага дакладчыкам - дэпутатам Аляксандрам Караткевічам (у мінулым займаў такія пасады: сакратар Менскага гаркама, абкама КПБ, загадчык аддзела навукі і навучальных устаноў ЦК КПБ, з 1977 па 1993 г. - рэктар Менскага педуніверсітэта. Палітыку дзяржаўных і партыйных уладаў БССР у моўнай сферы не толькі добра ведаў, але і сам меў непасрэднае дачыненне да яе) "Садаклада пастаянных камісій па праекце Закона Беларускай ССР "Аб мовах у Беларускай ССР". Нібыта прадбачачы, што некалі ў краіне з'явяцца далакопы беларускай мовы і пастараюцца праз хітра праведзены рэферэндум аддаць яе на загубу, ён выказаў такое - лічу як след абгрунтаванае - меркаванне камісіі па дадзеным пытанні: "… некаторыя прапануюць… правесці рэферэндум па пытанні аб мовах. Камісіі лічаць" , што такую пазіцыю займае той, хто "не зусім разумее складанасць пытання…" , не ўлічвае "самага істотнага, што міжнацыянальныя пытанні, асабліва ў галіне мовы, ніколі не вырашаюць шляхам рэферэндумаў (падкрэслена мною. - Л.Л. ) …як можна пытаць у народа пра лёс яго мовы - патрэбна ці не патрэбна яна яму. Толькі паважаючы народ, толькі шляхам пошуку ўзаемапрымальных рашэнняў можна вырашыць моўную праблему ".

Прысутныя ў зале пачулі з "Садаклада..." і такое справядлівае палажэнне: "…з мэтаю абароны беларускай мовы і стварэння ўмоў для яе далейшага развіцця камісіі (не які-небудзь адзін адарваны ад нацыянальнага грунту палітычны лідар! - Л.Л. ) лічаць неабходным афіцыйна, канстытуцыйна прызнаць дзяржаўнай мовай Беларускай ССР. Ставіцца мэта, каб рэспубліка ўзяла на сябе клопат аб яе шырокім выкарыстанні ў дзяржаўных органах, грамадскіх арганізацыях, установах навукі, культуры, адукацыі, у ахове здароўя, у сферах абслугоўвання, аб стварэнні ўмоў для атрымання на ёй сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі…"

Багата карыснага, павучальнага пачулі дэпутаты падчас ажыўленых спрэчак. І гэта зразумела: у іх, у асноўным, бралі ўдзел кампетэнтныя ў моўнай праблеме асобы і да таго ж яшчэ моцна заклапочаныя гаротным лёсам беларускага слова на яго роднай зямлі, дзе яму, на добры лад, нішто не павінна было б ствараць перашкоду.

Цяпер хоць колькі вытрымак з выступаў тых, хто падчас пасяджэння сам браў слова (захоўваецца чарговасць у атрыманні слова).

Іван Чыгрынаў - пісьменнік, у 1986 - 1990 гадах Старшыня Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах, з 1987 года старшыня праўлення Беларускага фонду культуры:

"… прагаласаваўшы за дзяржаўнасць беларускай мовы… дэпутаты прагаласуюць за гістарычную справядлівасць… Давайце выканаем гістарычную місію. Сёння на нас з вамі выпала яна, і хто ведае, ці выпадзе яшчэ адна такая".

Яўген Вайтовіч - міністр культуры БССР:

Праект Закона аб мовах "дае магчымасць беларускай мове быць аб'ектам спецыяльнай дзяржаўнай увагі… Гэта асабліва важна, бо вопыт усяго цывілізаванага свету падказвае - мова жыве толькі тады, калі яна функцыяніруе на ўсіх узроўнях - не толькі ў якасці мовы, побыту, але і ў якасці афіцыйнай, навуковай, сучаснай жывой мовы" .

Леанід Кісялеўскі - акадэмік АН БССР, доктар фізіка-матэматычных навук, Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР, прафесар, рэктар БДУ (1983 - 1990):

"Я супраць правядзення ў рэспубліцы рэферэндуму аб мовах. Бо пытанне аб тым, патрэбна нам родная мова як дзяржаўная ці не - пытанне таго ж зместу, як і трэба нам быць адукаванымі, трэба нам быць нацыянальна свядомымі ці не, трэба нам, як пісаў Янка Купала, "людзьмі звацца" ці не.

(…) ніякі закон не прымусіць вывучаць мову, калі ў грамадстве не будзе ў ёй патрэбы".

Ніл Гілевіч - паэт, Заслужаны дзеяч навукі БССР, сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР:

Прыняцце Закона аб мовах будзе азначаць, "што дзяржава бярэ на сябе адказнасць за лёс мовы народа, за яе становішча ў грамадстве, за яе жыццё.

(…) наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай… дапаможа ўсяму нашаму народу развіць нацыянальную самасвядомасць і набыць самапачуванне народа дзяржаўнага.

(…) Калі ж надаць і рускай мове статус дзяржаўнай, то становішча нашай мовы стане яшчэ горш, чым ёсць".

І. Кенік - Мазырская цэнтральная выбарчая акруга Гомельскай вобласці:

"… у рэспубліцы павінна быць канстытуцыйна забяспечана паўнацэннае існаванне мовы карэннай нацыі паралельна з рускай".

Міхаіл Дзямчук - міністр народнай адукацыі БССР:

"Наданне рускай мове статусу дзяржаўнай практычна не мяняе становішча з беларускай мовай. Як больш магутная, руская мова, атрымаўшы роўны з нацыянальнай мовай статус, канчаткова "пераважыць" беларускую мову.

(…) адзіна прымальным для рэспублікі з'яўляецца варыянт закона з беларускай мовай - у якасці дзяржаўнай і рускай - у якасці сродку міжнацыянальных зносін.

(…) "Не можа быць поўнацэннай нацыі без сваёй культуры, без сваёй мовы".

Анатоль Гурыновіч - міністр замежных спраў БССР:

"… унесці ў Канстытуцыю (Асноўны Закон) Беларускай ССР дадаткова артыкул наступнага зместу: "Дзяржаўнымі мовамі Беларускай ССР з'яўляюцца - беларуская і руская мовы".

Расціслаў Янкоўскі - акцёр тэатра і кіно, народны артыст БССР і СССР:

"Нацыя, якая не мае сваёй дзяржаўнай мовы, гэта… своеасаблівая амаральнасць. Нацыя абавязана мець сваю дзяржаўную мову.

(…) Я прадстаўнік рускамоўнага насельніцтва нашай рэспублікі, акцёр рускага тэатра, разумею рэальнасць і неабходнасць Закона аб дзяржаўнасці беларускай мовы і галасую за яго".

Іван Навуменка - пісьменнік, віца-прэзідэнт АН БССР:

"Знікненне мовы… вядзе да знікнення ўсёй культуры. Бо калі не будзе беларускай мовы… не будзе беларускай песні, танца, не будзе беларускага жывапісу, архітэктуры".

Я. Берасцень - дэпутат ад Бешанковіцкай выбарчай акругі:

"Нам трэба зразумець, што страчваючы нашу родную мову, мы губім сваю нацыю. Таму трэба прыкласці ўсе сілы да аднаўлення беларускай мовы".

Генадзь Бураўкін - паэт, старшыня Дзяржаўнага камітэта па тэлебачанні і радыёвяшчанні:

"… толькі той народ можа лічыць сябе гістарычна здаровым і ўпэўненым у будучыні, у якога ўсе сферы дзейнасці звязаны з яго самабытнай мовай і культурай.

(…) лёс беларускай мовы самым рашучым чынам залежыць ад таго, наколькі шырока і паўсядзённа гэтаю моваю карыстаюцца партыя і дзяржава".

Пётр Краўчанка - сакратар Менскага гаркама КПБ, член Камісіі па падрыхтоўцы праекта Закона "Аб мовах у Беларускай ССР":

"Гістарычнае, грунтоўнае значэнне Закона ў тым, што яго прыняцце з'явіцца яскравым і канкрэтным сведчаннем незваротнасці працэсу адраджэння мовы.

(…) Закон аб мовах у БССР з'яўляецца … дэмакратычным, узважаным".


Чытаючы выступы дэпутатаў той гістарычнай сесіі Вярхоўнага Савета БССР, увесь час ніяк не мог адарвацца ад думкі: "А ці здольныя сказаць такое пра родную беларускую мову палітыкі сучаснай Рэспублікі Беларусь?" Сцвярджальны адказ не магу даць, бо нацыянальна свядомых палітыкаў нібыта карова языком злізала. Гора, гора бясконцае Беларусі!

Некаторыя дэпутаты пры выкладанні свайго погляду на праект Закона дазволілі сабе сказаць колькі слоў пра сапраўдныя прычыны катастрафічнага зніжэння сацыяльнай ролі беларускай мовы, пра негатыўнае стаўленне да яе партыйных і савецкіх органаў, значнай часткі самога грамадства, не выключаючы з яго і інтэлігенцыі. Раней такое пытанне не падлягала афіцыйнаму абмеркаванню, знаходзіліся па-за крытыкай. Не абмінуў яго і першы з выступоўцаў-дэпутатаў Іван Чыгрынаў: "…скрыўленне нацыянальнай палітыкі адбывалася па двух напрамках: з аднаго боку, яно ішло зверху, а з другога - і гэта не менш сумна, - знізу… мясцовыя кадры і некаторая частка інтэлігенцыі ўсяляк імкнуліся забегчы наперад (у збліжэнні і зліцці культур і моў. - Л.Л. ), каб не здацца некаму нацыяналістамі".

Яшчэ больш рэзка, крытычна выказаўся наконт гэтага міністр культуры БССР Яўген Вайтовіч : "Тэорыі аб зліцці нацый і адміранні моў, уніфікацыя народных культур, усё тое, што перайшло ў спадчыну ад унітарнай дзяржавы, прывяло нас на мяжу духоўнай катастрофы" .

Багата чаго давялося пачуць і дэпутатам, і гасцям сесіі ў час спрэчак. Найбольш за ўсё яны датычылі ахілесавай пяты нацыянальнага жыцця беларусаў - сістэмы народнай адукацыі. Недобразычліўцы беларускай мовы ў адзін голас настойвалі на тым, каб галоўнымі суддзямі ў выбары мовы навучання ў агульнаадукацыйнай школе былі бацькі дзяцей, будучы цвёрда ўпэўненымі, што пры тагачасным непадзельным панаванні рускай мовы ва ўсіх без выключэння сферах грамадскай дзейнасці чалавека, а галоўнае ў педагагічным працэсе сярэдніх спецыяльных і вышэйшых нацыянальных установах, яны (бацькі) толькі яе выберуць у такіх мэтах. Перавага рускай мове была б аддадзена яшчэ і таму, што яна ў той час, дзякуючы антынацыянальнай палітыцы і царскай Расіі і БССР, з'яўлялася асноўным камунікацыйным сродкам зносін паміж людзей. Такі фармат каланіяльнага пранікнення, запанавання рускай мовы ў беларускім грамадстве супярэчыў яго карэнным нацыянальным інтарэсам і справядліва не быў прыняты дэпутатамі. Па гэтым пытанні аргументавана выказаўся вядомы партыйны дзеяч Аляксандр Кузьмін (у 1971 - 1986 гадах сакратар ЦК КПБ), правёўшы такі прыклад, калі ў Менску, жыццё якога ўжо ў 1960-я гады практычна цалкам страціла сваё самабытнае нацыянальнае аблічча, дазволілі бацькам выбіраць мову навучання дзяцей, дык у момант знікла невялічкая колькасць захаваных на той час беларускамоўных школ. Ва ўсіх выпадках выбар мовы ёсць бясспрэчны прыярытэт дзяржавы. У яе дастаткова інтэлектуальнага патэнцыялу, каб вызначыць і на бліжэйшую, і на далёкую перспектывы, якая і па змесце, і па форме сістэма народнай адукацыі ў найбольшай ступені будзе адпавядаць нацыянальнаму інтарэсу, забяспечыць краіне неабходныя ўмовы для самабытнага этнакультурнага развіцця. Думаю, такая праўдзівая аргументацыя ўплывовай партыйнай асобы не магла не паўплываць на правільнае разуменне дэпутатамі ролі дзяржавы ў вызначэнні мовы ў сферы адукацыі.

Закончылася галасаванне на карысць прапанаванага дэпутатам праекту Закона "Аб мовах у Беларусай ССР", на карысць беларускага нацыянальнага ідэалу. За прыняцце гэтага велічнага заканадаўчага акта прагаласавалі 382 дэпутаты, не пагадзіліся - 27, устрымаліся - 9. У сваім заключным слове пасля прыняцця Закона Старшыня Вярхоўнага Савета БССР Мікалай Дземянцей не без радасці заявіў: "… зроблены рэальны крок да захавання і адраджэння нашай роднай мовы, гісторыі і культуры народа, яго духоўных каштоўнасцей".

Многім было вельмі прыемна пачуць такія жыццесцвярджальныя словы з вуснаў высокага дзяржаўнага дзеяча. Год - два таму мала хто мог паверыць у з'яўленне такіх прагрэсіўных перамен у поглядах партыйнай і савецкай эліты на моўнае пытанне.

* * *

Паколькі мне пашчасціла прысутнічаць на паседжанні ХІV сесіі Вярхоўнага Савета БССР ХІ склікання, не магу не падзяліцца і сваімі ўражаннямі пра яе. Яны былі надзвычай багатымі, уражлівымі, нават ніколькі непараўнальнымі з тымі, якія я да гэтага атрымліваў, напрыклад, пасля праслухоўвання якой-небудзь любімай мною оперы ў выдатным выкананні артыстаў ці пасля прагляду п'есы ў тэатры Янкі Купалы, кінафільма і г. д. Не мог не нарадавацца вынікам галасавання і меў цвёрдую ўпэўненасць, што беларусы назаўжды выратавалі сваю святую родную мову ад гвалтоўнай смерці і, дзякуючы гэтаму, з нацыянальна прыгнечанай стануць вольнай, цывілізаванай нацыяй.

А вось на суседа па крэсле ў зале мне вельмі не пашанцавала: у першых жа словах да мяне выказаў лютую злосць на адрас беларускіх нацыяналістаў за іх намер расправіцца гэтым днём з рускай мовай. Я не стаў аспрэчваць яго несправядлівы дакор і ўвогуле стараўся быць маўклівым, каб не выявіць сваёй прыхільнасці да беларускай мовы і нават змог стварыць уражанне ў суседа, што і я зацікаўлены ў шчаслівым лёсе рускай мовы. І калі пачуўшы вынікі галасавання, мае вочы адразу напоўніліся слязамі, я пачуў ад яго: "Не расстраивайтесь. Мы еще повоюем за русский язык. Не дадим никому потеснить его в Белоруссии" . На гэтым мы развіталіся, паціснуўшы адзін аднаму рукі, але яго словы глыбока запалі мне ў душу і ніколі не забываліся, з асаблівай сілай усплывалі ў памяці, як толькі ўлады заносілі свае валасатыя рукі над беларускай мовай. Увесь час думаў, што ў гэтых злачынных акцыях, напэўна ж, удзельнічае і той мой сусед.

Пасляслоўе

Прыняты 26 студзеня 1990 года Закон "Аб мовах у Беларускай ССР" з поўным правам можна назваць ЗАКОНАМ ХХ СТАГОДДЗЯ.

Такое ў нашай гісторыі здарылася ўпершыню. І заслуга ў гэтым усяго беларускага народа, а не толькі тых, хто працаваў над складаннем артыкулаў Закона, абмяркоўваў іх на пасяджэнні Вярхоўнага Савета БССР. Ужо сам факт распачатага на схіле 1980-х гадоў досыць маштабнага змагання за выратаванне беларускай мовы ад так рэальнага скону ёсць усе падставы назваць велічным гераізмам народа, бо такое змаганне адбывалася ва ўмовах, калі ў сваім родным краі яна знаходзілася не больш як толькі на правах эмігранткі. Пераканаўчым сведчаннем агульнанароднага характару Закона служыць масавы ўдзел людзей у яго абмеркаванні. За рэдкім выключэннем гэтаму нарматыўнаму акту заўжды давалася толькі пазітыўная ацэнка.

З поўнай адказнасцю можна сцвярджаць, што ніводзін артыкул Закона не выходзіў за рамкі прагрэсіўных нормаў міжнароднай практыкі рэгулявання моўнага пытання, таму нават самую думку ў чымсьці змяніць яго можна лічыць злачыннай, не кажучы ўжо пра якія-небудзь практычныя дзеянні падобнага характару. Як непасрэдны сведка апісаных у дадзенай публікацыі падзей, я ніколькі не сумняваўся ў здольнасці нацыянальна з'арыентаваных беларусаў, нават пры самай сімвалічнай дапамозе дзяржавы, выратаваць, даць жыццё сваёй роднай мове. На вялікую бяду, на практыцы такога не атрымалася. Але не па віне народа, тым больш яго нацыянальна прагрэсіўных колаў. Закону не далі пуцёўку ў жыццё афіцыйныя ўлады, якія з аглядкай на Маскву прынялі і ажыццявілі шэраг дзейсных нарматыўных актаў па ўмацаванні сацыяльных пазіцый рускай мовы, цалкам ігнаруючы беларускую, г. зн. мову дзяржаўнага, тытульнага народа. Падобнага яшчэ не ведала сусветная практыка. Гэты дрэнны прыклад падало ёй кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.

Народ хранічна абцяжараны сваім эканамічным становішчам, моцна абмежаваны ва ўдзеле ў грамадска-палітычным жыцці, падлеглы негатыўнаму ўздзеянню няспыннай дзяржаўнай палітыкі русіфікацыі, зразумела, не здольны паказаць сябе сапраўдным змагаром за родную мову, скрозь замененую ўладамі рускай мовай.

На вялікі жаль, з-за ўсяго таго пачварнага, што адбываецца ў нацыянальна-культурнай сферы краіны, я не магу даць станоўчага адказу на вершаванае пытанне патрыярха беларускай паэзіі Янкі Купалы:

Ці ўскрэснем мы,

душою звяўшы, упаўшы,

Каб выйсці ў свет,

як нейкі здольны род?,

бо каб ускрэснуць, патрэбныя не толькі кардынальныя перамены ў дзяржаўнай нацыянальна-культурнай палітыцы, але і ў дзясяткі разоў большая павага беларусаў да сваіх духоўных каштоўнасцяў і асабліва роднай мовы, са стратай якой яны пазбаўляюць саміх сябе права называцца самабытнай нацыяй, ператвараюцца ў гной, жаданую этнічную спажыву для іншых народаў і найперш таго, чые засвоілі культуру і мову.

Сёння ў нас пры ўладзе ёсць не толькі шчырыя прыхільнікі марксісцка-ленінскага вучэння, але тыя, што насілі, а то і працягваюць насіць у кішэні білет члена камуністычнай партыі, а вось да разумных слоў Карла Маркса: "Мова ўзнікае толькі з патрэбнасці, з настойлівай неабходнасці зносін з іншымі людзьмі", - не хочуць прыслухацца. Пасля масавых фізічных рэпрэсій 1930-х гадоў у беларускай мовы адабралі такую неабходнасць і ад таго трагічнага часу ніякія ўлады, у тым ліку і сучасныя, не пастараліся зрабіць мову тытульнай нацыі патрэбнай грамадскасці. Усё гэта яны ў поўным аб'ёме сярод белага дня перадалі мове суседняй дзяржавы - рускай, наканаваўшы такім чынам беларусам немінучы зыход з гістарычнай арэны як самабытнаму этнасу. Сведчаннем чаму можа служыць і атаясамліванне яго многімі палітыкамі і ідэолагамі з рускай нацыяй.

Калі кіраўніцтву Рэспублікі Беларусь так ненавісны дух Закона "Аб мовах у Беларускай ССР" - сапраўднага гаранта этнакультурнай, моўнай самадастатковасці беларускага народа, дык можа дзеля выратавання яго ад канчатковай русіфікацыі варта вярнуцца да ўсяго таго лепшага, чым была багатая бальшавіцкая нацыянальная палітыка 1920-х гадоў. Знайшліся ж тады і разумныя, і са здаровай нацыянальнай свядомасцю асобы, каб надаць такі змест 22-му артыкулу Канстытуцыі БССР 1923 года: "Дзякуючы значнай перавазе ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы насельніцтва беларускай нацыянальнасці, беларуская мова выбіраецца як мова пераважная для зносін паміж дзяржаўнымі, прафесіянальнымі і грамадскімі ўстановамі і арганізацыямі".

Больш як за дваццаць гадоў функцыянавання прэзідэнцкай сістэмы кіравання не прынята аніводнага нарматыўнага акта ў падтрымку беларускай мовы. Сёння не мае яна сабе такога надзейнага, моцнага апірышча ў ТБМ імя Ф. Скарыны, як гэта было ў першае дзесяцігоддзе яго існавання. Страшна становіцца на душы ад думкі, што мы, не выключана, можам паўтарыць жахлівы лёс не так далёкіх нам па месцы рассялення прусаў, з якімі ў далёкім мінулым у нас мелася шмат кантактаў, што пацвярджаецца і наяўнасцю ў айчыннай тапаніміі такіх найменняў, як Прусінава (Уздзенскі раён Менскай вобласці прыкладна за пяць кіламетраў ад маёй роднай вёскі Магільнае). Пад уплывам нямецкай культуры і мовы прусы анямечыліся і сышлі з этнічнай карты як самабытны народ. У гісторыі засведчаны такі факт: "Калі апошні прускі паэт на сваёй мове чытаў вершы, то анямечаныя прусы ў форме нямецкіх афіцэраў, стоячы на плошчы, паказвалі на яго пальцамі і рагаталі" ("Літаратура і мастацтва". 15 снежня 1989. С. 3.) . Не ведаю, што думаюць іншыя, але мне здаецца беларусаў можа напаткаць такая катастрофа. Іх жа асімілёўваюць, зводзяць са свету не чужыя палітыкі, ідэолагі, настаўнікі, культработнікі, а ўласныя з добрым веданнем характару, звычак сваіх ахвяр. У такіх варунках ой як цяжка выратавацца сённяшняй невялічкай жменьцы ў роднай мове беларусаў ад собскага рускамоўнага атручвання. Гэта вялікая трагедыя для беларусаў, што ні дзе-небудзь на чужыне, а на іх бацькоўскай зямлі з яе родных дзяцей узгадавалася процьма зацятых янычараў. Такой пачварнай практыкай займаюцца і сёння. У гэтым злачынстве мы пакінулі далёка ззаду турак, якія з балгарскіх дзяцей узгадоўвалі янычараў і затым слалі іх на радзіму ўкараняць там турэцкі дух. Мы ж такую, няўдзячную, чужую для роднай Бацькаўшчыны моладзь узгадоўваем у сябе дома праз дзяржаўную рускамоўную сістэму народнай адукацыі.

Мне бясконца шкода ўсіх беларусаў, незалежна ад іх узросту, якія не знайшлі ў сябе сілы, жадання, розуму, каб не стаць ахвярай русіфікацыі, здрадзіць сваёй зямлі. У дадзеным выпадку я цалкам падзяляю стаўленне беларускага паэта Міколы Мятліцкага да нашай дарагой Радзімы:

О, мая Беларусь!

Ты між роўнымі роўная,

Хоць нялёгка жывеш -

са свайго мазаля.

Хоць зруселая ўся,

беларуска-бязмоўная,

Ты ўсё ж дарагое

Айчыны зямля.

("Літаратура і мастацтва". 29 лістапада 2014, с. 4).

"Беларуска-бязмоўная". Як гэта аб'ектыўна раскрывае сутнасць нашага сучаснага культурнамоўнага жыцця, як гэта глыбока раніць кожнага нацыянальнай арыентацыі беларуса! Аднак я не буду на такой сумнай ноце заканчваць свае разважанні пра лёс беларускай мовы і яе прыродных носьбітаў. Гісторыя працягваецца і таму захоўваецца пэўная надзея на прыход на змену сённяшнім дазвання пакалечаным дзяржаўнай палітыкай русіфікацыі маладым рускамоўным пакаленням беларускага народа тых, хто будзе жыць яго роднымі мовай і культурай, цаніць вышэй за чужыя ўласныя духоўныя каштоўнасці. Яны будуць ганарыцца, што ў народа хапіла розуму, мужнасці ў складаны час перабудовы прыняць 26 студзеня 1990 года Закон "Аб мовах у Беларускай ССР". Лепшай даты за 26 студзеня не знаходжу для абвяшчэння яе Днём беларускай мовы , што навекі захавае ў памяці нашага народа эпахальную для яго падзею: прыняцце Закона "Аб мовах у Беларускай ССР".

Леанід Лыч


Мураваныя сведкі гісторыі краіны

З матэрыяльнай спадчыны

Унікальная магчымасць даведацца пра гісторыю не толькі Лідскага замка, але і адразу каля дзясятка іншых замкаў Гарадзенскай вобласці - яго мураваных суродзічаў - днямі з'явілася ў лідзян і гасцей горада. У гістарычна-мастацкім музеі адбылося адкрыццё выставы "Мураваныя замкі Гродзеншчыны XIV-XVII стст.", экспазіцыя якой часова выдзелена з фондаў Гарадзенскага гістарычна-археалагічнага музея.

Гэтая выстава, на падставе археалагічных знаходак, знаёміць з пазасталай матэрыяльнай спадчынай замкаў Гарадзеншчыны: Лідскага, Гарадзенскага, Наваградскага, Мірскага, Крэўскага і іншых. Кароткая інфармацыя аб абарончых збудаваннях змешчана на адпаведных стэндах. Пад стэндамі знаходзяцца самі экспанаты, якія наглядна апавядаюць аб будаўніцтве, унутраным аздабленні і абароне замкаў, побыце іх жыхароў.

- У сярэдзіне XIII стагоддзя на землях Панямоння ўзнікла Вялікае Княства Літоўскае, створанае з мэтай абароны мясцовага насельніцтва ад шматлікіх рабаўнічых нашэсцяў ворагаў, у першую чаргу крыжакоў, - расказвала ў час адкрыцця выставы яе куратар, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Наталля Валынец. - З гэтай нагоды на тэрыторыі княства з цягам часу будуюцца замкі. Дарэчы, слова "замак" вельмі сугучнае са словам "замок". Старажытныя ўмацаванні былі сапраўднымі замкамі, падабраць ключы да якіх ворагу часцей за ўсё было не пад сілу.

Як упэўніліся пазней наведвальнікі выставы, кожны замак мае сваю гісторыю, у іх мурах у свой час адбываліся значныя палітычныя падзеі. Напрыклад, у Лідскім замку ў 1422 годзе спраўлялася вяселле польскага караля Ягайлы і князёўны Соф'і Гальшанскай, якія паклалі пачатак дынастыі Ягелонаў; у 1506 годзе ад замка пачало паход на знакамітую Клецкую бітву з крымскімі татарамі шматлікае рушэнне, тады ж у замку напісаў тастамант цяжкахворы вялікі князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр, перадаючы ўладу свайму малодшаму брату Жыгімонту… У сценах Крэўскага замка ў 1382 годзе па загадзе Ягайлы быў задушаны вялікі князь літоўскі Кейстут, а праз тры гады там жа былі прыняты ўмовы аб'яднання Вялікага княства Літоўскага і Польшчы пад уладай Ягайлы, якія ўвайшлі ў гісторыю як Крэўская унія… Гарадзенскі замак Вітаўта ў свой час называлі ключом ад земляў беларускага Панямоння…

Аднак у гэтым артыкуле мы не будзем падрабязна спыняцца на гісторыі замкаў Гарадзеншчыны - пра яе можна будзе пачуць у час наведвання выставы. Адзначым цікавае, яркае афармленне самой цырымоніі адкрыцця, у час якой першыя наведвальнікі як бы перанесліся ў далёкае мінулае і сустрэліся з майстрам-цагельнікам, які расказаў аб тэхналогіі вырабу цэглы, з якой будаваліся ўмацаванні (у ролі майстра выступіў навуковы супрацоўнік музея Алесь Хітрун), з калекцыянерам цэглы Аляксеем Чысцяковым. З узбраеннем і даспехамі воінаў, якія абаранялі замкі ад ворагаў, азнаёмілі прысутных удзельнікі гуртка "Ваенная гісторыя Беларусі" пры Цэнтры турызму і краязнаўства, яны ж - сябры новага рыцарскага клуба "Залаты леў" (кіраўніком і клуба, і гуртка з'яўляецца Артур Валадкевіч). Сярэднявечная дама Лілея (навуковы супрацоўнік музея Лілея Леўдаровіч) у сваю чаргу, пазнаёміла з посудам, якім карысталіся жыхары замкаў. А пазней, з удзелам іншых дам (таксама супрацоўніц музея), для наведвальнікаў адбыўся невялікі майстар-клас па сярэднявечных танцах.

- Нашы далёкія продкі, як мы толькі што ўпэўніліся, былі выдатнымі майстрамі, мужнымі воінамі, умелі не толькі будаваць замкі і адбіваць ад іх ворагаў, але і весела і ярка бавіць свой вольны час, - падводзіць вынік Наталля Валынец. - І аб гэтым нагадвае выстаўка "Замкі Гродзеншчыны", якая будзе працаваць у нашым музеі да канца траўня.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.


Зорка Аляксея Пысіна

20 сакавіка 2015 года ў цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі адбылася вечарына памяці Заслужанага работніка культуры Беларусі Аляксея Васільевіча Пысіна (1920-1981).

Нарадзіўся паэт у сялянскай сям'і. У 1880-86 гг. прадзед паэта і яго сыны пераехалі з Браншчыны ў Магілёўскую губерню, на "купчыя землі". За грошы, узятыя ў пазыку ў зямельным банку, купілі ў пана зямлю.

Пасля заканчэння Палужскай сярэдняй школы 1928 г. А. Пысіна накіравалі на вучобу ў Менскі інстытут журналістыкі. У верасні 1939 г. яго, тады студэнта накіравалі ў бельскую (г. Бельск, на Беласточчыне) раённую газету, дзе ён быў літсупрацоўнікам да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Вайну прайшоў сувязістам, двойчы быў паранены. Працаваў адказным сакратаром краснапольскай раённай газеты "Чырвоны сцяг" (1946 - 1948 гг.). З траўня 1950 г. працаваў у палітаддзеле Свержанскай МТС Стаўпецкага р-на Баранавіцкай вобласці. У 1956-58 гг. вучыўся на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве. Пасля заканчэння курсаў з 1958 працаваў у рэдакцыі абласной газеты "Магілёўская праўда".

З 1974 г. да апошніх дзён быў сакратаром Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

Першы зборнік "Наш дзень" выйшаў у 1951 г., а ў 1959 з'явіўся наступны - "Сіні ранак". Кніга "Мае мерыдыяны" засведчыла "другое нараджэнне" паэта. У ёй, як і ў наступных ("Твае далоні", "Пойма", "Да людзей ідучы", "Ёсць на свеце мой алень", "Палёт"), разгортваецца суровы летапіс памяці. У 1968 годзе за кнігу паэзіі "Твае далоні" яму прысвоена Дзяржаўная прэмія імя Я. Купалы.

Творы А. Пысіна перакладзены на рускую, украінскую і іншыя мовы!

На яго вершы кампазітарамі напісаны песні. Імя А. Пысіна прысвоена Палужскай сярэдняй школе Краснапольскага раёна, дзе створаны прысвечаны яму музей. У Магілёве на праспекце Міру, на доме 35 а, дзе жыў паэт, устаноўлена мемарыяльная дошка...

Трэба адзначыць, што на мерапрыемстве ў бібліятэцы выступалі: паэтка Раіса Баравікова пісьменнік Віктар Карамазаў, навуковец і выкладчыца беларускай літаратуры Таццяна Хоміч, доктар філалогіі Іван Саверчанка, спявак Зміцер Сенькін... Вершы Аляксея Пысіна чытала славутая акторка Зінаіда Феакцістава. Абагульніла ўсё супрацоўніца Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Паўлаўна Шагойка.

Аляксей Шалахоўскі .


Памяці Валянціна Ермаловіча

Творчы вечар, прымеркаваны да 90-годдзя заслужанага работніка культуры БССР, актора, рэжысёра, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Валянціна Ермаловіча прайшоў 29 сакавіка ў магілёўскім палацы культуры вобласці пры актыўным удзеле магілёўскай суполкі ТБМ.

Падчас урачыстай імпрэзы была прэзентаваная кніга ўспамінаў, прысвечаная памяці дзеяча культуры, цёплыя словы выказалі сябры, калегі і паплечнікі Валянціна Ермаловіча, народны тэатр "Валянцін" паказаў адрывак аднаго са спектакляў, а дзіцячы ансамбль "Медунічкі" з Бялынічаў парадаваў прысутных народнымі спевамі. У мерапрыемстве ўдзельнічалі тыя прадстаўнікі творчых колаў, каму пашчасціла ведаць Валянціна Іванавіча пры жыцці, у прыватнасці, Яраслаў Клімуць, Міхась Карпечанка, Тамара Цыганкова.

Алесь Сабалеўскі, г. Магілёў.


Гэтая малапазнаная і трагічная асоба

Да 125-годдзя народзінаў Аляксандра Каўша

Да мяне перыядычна тэлефануе і піша мой земляк - паэт Генадзь Коўш (насельнік слаўнага мястэчка Дзярэчын Зэльвенскага раёна). Некалькі гадоў таму разам з паэтэсамі Раісай Раманчук і Галінай Ліс пасля Ганненскага кірмашу ў Зэльве, дзе мы праводзілі краязнаўча-музычнае мерапрыемства, заязджалі да яго ў госці, відавочна, з песенна-паэтычным канцэртам.

Што і гаварыць, імя Генадзя Каўша ў мяне чамусьці асацыюецца з другім яго цёзкам па прозвішчы, гэта Аляксандрам Каўшом. Ён, праўда, з другой мясціны і з іншага раёна, але з адной і той жа Гарадзенскай вобласці. А зараз працытуем пакуль што, толькі некалькі радкоў з 4-га тома, са старонкі 245 "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" і пасля іх крышачку падумаем:

"Коўш Аляксандр 1890, в. Рыдзялі Гродзенскага пав., цяпер Гродзенскага р-на - 1943, беларускі грамадска-паліт. і царк. дзеяч."

У сваім выдатным даведніку "Людзі культуры з Гродзеншчыны" вучоны і пісьменнік прафесар Аляксей Пяткевіч адзначае, што ён яшчэ і культурны дзеяч.

А працытавалі мы з энцыклапедыі буйнейшага і дасведчаннейшага нашага вучонага Арсеня Ліса. З цытавання можам сказаць, што нам дасюль не вядомы дні і месяцы нараджэння і смерці гэтага праваслаўнага святара.

Па поўныя звесткі пра А. Каўша я мусіў звярнуцца ў даведнік "Памяць: Гісторыка-дакументальную хроніку Гродзенскага раёна", але на маё здзіўленне, расчараванне ў ёй аніякіх звестак не знайшоў пра гэтага чалавека. Млосна мне было і ад таго, што ў гэтым даведніку аніякіх персанальных даведак таксама не было ні пра дзіцячыя дамы, ні пра яўрэйскія гета, ні поўных імя знішчаных яўрэяў, як і адпаведных "жыццяпісаў" пра бальшыню населеных пунктаў раёнаў ды яшчэ шмат чаго цікавага, павучальнага і вечнага. Не ведаем таксама, кім былі бацькі А. Каўша, ці былі ў яго браты і сёстры. Як бачым, у энцыклапедыі няма і яго імя па бацьку.

Значыць, ёсць вялікае поле для працы ў краязнаўцаў і гісторыкаў Гарадзенскага раёна, як і па дакладнай даце смерці яго ў Плешчаніцах Лагойскага раён, дзе ён быў расстраляны фашыстамі.

Далей мы таксама будзем цытаваць і рабіць спасылкі на Арсеня Ліса, які паклапаціўся ў энцыклапедыі і пра здымак Аляксандра Каўша.

Ураджэнец вёкі Рыдзелі - сёння Верцялішкаўскі сельсавет - заканчвае Свіслацкую настаўніцкую семінарыю і накіроўваецца на Століншчыну, дзе і ў якім пасяленні і каго ён вучыў, нам таксама не вядома. І вось ужо тут клопаты і турботы краязнаўцаў Столінскага раёна даць нашай грамадскасці пэўныя звесткі.

Не вядома нам таксама, дзе і калі А. Коўш скончыў бухгалтарскія курсы, пасля якіх робіць у Люблінскім аддзеле Расійскага дзяржаўнага банка (зараз Люблін тэрыторыя Польшчы). На пачатку Першай сусветнай вайны ён разам з банкам эвакуюецца ў цэнтр еўрапейскай Расіі - Разань, затым - у Майкоп. У 1922 г. вяртаецца ў незнаёмыя яму па назве Крэсы Усходнія (Заходнюю Беларусь, якая па Рыжскай змове стала часткай Польшчы), у старажытнай нашай Гародні ён пасвячаецца ў святары, з 1923 г. - настаяцель парафіі ў Шніпішках (зараз гэта тэрыторыя Вільні), галоўны бухгалтар Беларускага кааператыўнага банка, выкладчык Закона Божага ў беларускай гімназіі ў Вільні. У гэтыя часы ён самааддана, самаахвярна словам і справамі, публікацыямі займаецца беларусізацыяй праваслаўнай царквы і, несумненна, скіроўвае розум беларусаў на аднаўленне беларускай дзяржаўнасці.

"У 1927 у сувязі з забаронай дзейнасці Бел. сялянскай работніцай грамады арыштаваны польскімі ўладамі, аднак у 1928 апраўданы. У 1928-29 рэдактар - выдавец Чырв. Крыжа пры Бел. цэнтры. За ўдзел у нац.-вызв. руху пазбаўлены польскімі ўладамі месца настаяцеля Пятніцкай царквы ў Вільні і высланы святаром у в. Кастылі Вілейскага пав." (Арсень Ліс) .

Як бачна, калі ты сапраўдны ідэнтыфікаваны беларус, то рэпрэсіі заўсёды для цябе!

Я доўга разглядаў - праглядаў карты, шукаў звесткі пра в. Кастылі, але толькі ў 2-ім томе "Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" на стар. 271-272 знайшоў: "... царква 19 ст. ў в. Кастыкі..." . Калі ласка, дарагія чытачы "НС" даруйце мяне, але я сёння не ведаю, у якой царкве Кастылёў ці Кастыкоў служыў Аляксандр Коўш.

Я ўзяў у свае рукі энцыклапедыю "Архітэктура Беларусі" 1993 г., але і ў ім не адзначаны цэрквы ні ў Кастылях, ні ў Кастыках. Але, калі А. Коўш служыў у храме Кастыкоў, то каля іх яшчэ ў сярэдзіне 19 ст. К.П. Тышкевіч раскапаў курганы могільнік, як лічыць вучоны Я. Г. Звяруга ён "належаў крывіцка-дрыгавіцкаму насельніцтву, датуецца 11-12 ст."

Да такіх людзей, як Аляксандр Коўш, я маю слова ПАКЛІКАНЫ ЛЁСАМ у імя роднай мовы, родных гукаў, родных прастораў, у імя сваёй Бацькаўшчыны. Пры гэтым мне ўспамінаюцца радкі паэта-нябожчыка Івана Лагвіновіча:

Да крываых разораў

Мы не сцішым язды.

У пагоні кірунак

І хуткасць нязменныя.

На крывавых загонах

Нашых продкаў сляды,

Каб нашчадкі знайшлі,

Крамянямі ўкаменены (...)

"Пакліканыя" з кнігі "Піліпаўка", 2001 г.

У 1939 г. Аляксандр Коўш ізноў у Вільні, у ёй ён быў настаяцелем царквы святога Мікалая. Пры ім і адбылася трагедыйная падзея ў лёсе са старажытнай сталіцай беларусаў. Яна была перададзена з ласкі Іосіфа Сталіна з БССР ліетувісам і атрымала новы назоў Вільнюс , знаходлівыя, яны адразу ж перанеслі ўсе ўладныя і карныя свае арганы з Каўнаса ў яе.

У завяршэнні сваёй персанальнай даведкі пра А. Каўша Арсень Ліс піша: "У 1941 прызначаны ў выдавецкую камісію пры мінскім архірэі. У 1943 за садзеянне ў выратаванні яўр. насельніцтва арыштаваны гестапа ў г.п. Плешчаніцы і расстраляны".

На жаль, ні дзяржава Ізраіль пакуль што гэтую ахвярную асобу не далучыла да сваіх праведнікаў свету, як і Гарадзенская раённая ўлада анічога не зрабіла для ўвекавечвання імя Аляксандра Каўша, як гэта і не зрабілі беларускія царкоўныя ўлады.

Пры старанным вывучэнні крыніц, то, як аказваецца быў у яго сын Аляксандр Аляксандравіч Коўш, народжаны ў мястэчку Ілья, гады нараджэння і смерці невядомыя. Энцыклапедыст Ларыса Языковіч адзначае пра яго: "Рэлігійна-грамадскі дзеяч бел. замежжа, пісьменнік".

Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX