Папярэдняя старонка: 2015

№ 17 (1220) 


Дадана: 29-04-2015,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 17 (1220), 29 красавіка 2015 г.


ІХ з'езд БАЖ

25 красавіка ў Менску прайшоў IX чарговы з'езд грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" (БАЖ). У БАЖ уваходзяць 1150 чалавек.

Сябрам БАЖ неабходна было выбраць новае кіраўніцтва, прыняць папраўкі ў Кодэкс прафесійнай этыкі і абмеркаваць вынікі дзейнасці арганізацыі за апошнія тры гады. На з'езд, які праходзіць у гатэлі Crown Plaza, прыехала 87 з 88 дэлегатаў, вылучаных рэгіянальнымі філіямі асацыяцыі і асобнымі рэдакцыямі.

Удзельнікі форуму ўшанавалі памяць калег, якія пайшлі з жыцця за тры гады пасля апошняга з'езду (з 2012 года). Зачыталі вітальнае слова ад Еўрапейскай федэрацыі журналістаў. ЕФЖ пажадала БАЖ плённага з'езду і запэўніла, што пастаянна сочыць за сітуацыяй з правамі журналістаў у Беларусі. "Не здавайцеся, не адчувайце сябе ізаляванымі!", - гаворыцца ў звароце ЕФЖ.

Выступіла старшыня БАЖ Жанна Літвіна, якая агучыла найбольш важныя пункты справаздачнага дакладу Рады ГА "БАЖ", а таксама стратэгіі развіцця арганізацыі на бліжэйшыя тры гады.

Асобна старшыня ГА "БАЖ" спынілася на сітуацыі вакол рэдакцыі "Белорусы и рынок", звязанай з непаразуменнем паміж новымі ўладальнікамі выдання і калектывам. Па яе словах, цяпер абмяркоўваецца ідэя стварыць экспертную групу, якая дапамагала б спраўляцца з такога кшталту ўнутрырэдакцыйнымі канфліктамі. З улікам набліжэння прэзідэнцкіх выбараў ў Беларусі і ўзмацнення прапаганды ў звязку з падзеямі ва Украіне кожнае незалежнае выданне - на вагу золата, зазначыла Жанна Літвіна.

Яна падкрэсліла важнасць актыўнай працы Камісіі па этыцы і асобна адзначыла праект Mediakritika.by: "Магчыма, не ўсім падабаецца крытыка, якая часам гучыць з іх боку, але самае галоўнае - вакол абодвух праектаў працуюць сапраўдныя эксперты з прафесійным досведам. Хачу пажадаць ім развіцця і як мага менш памылак".

Старшыня Кантрольна-рэвізійнай камісіі Аляксандр Жук прадставіў з'езду справаздачу пра гаспадарчую дзейнасць ГА "БАЖ" на працягу апошніх трох гадоў. Кіраўнік Мандатнай камісіі Сяргей Вазняк распавёў пра вынікі праверкі дакументаў па падрыхтоўцы да IX з'езду. Старшыня Камісіі па этыцы Анатоль Гуляеў агучыў прапановы зменаў у Кодэкс этыкі БАЖ.

Напярэдадні з'езду нязменны кіраўнік БАЖ Жанна Літвіна заявіла, што не будзе вылучаць сваю кандыдатуру на пасаду старшыні.

Дэлегаты з'езда ўсталі, каб падзякаваць спадарыні Літвіной воплескамі за доўгую адданую працу.

На прапанову Рады новым кіраўніком арганізацыі быў адзінагалосна абраны намеснік Жанны Літвіной Андрэй Бастунец.

Намеснікамі старшыні арганізацыі былі абраныя Аляксандр Старыкевіч ("Салідарнасць"), Святлана Калінкіна ("Народная воля" / "Белсат"), Міхась Янчук ("Белсат") і Аліна Суравец (БАЖ).

Паводле СМІ.

Рэдакцыя газеты "Наша слова" віншуе новае кіраўніцтва ГА "БАЖ" і зычыць асацыяцыі плёну на ніве вольнага слова.


Чарнобыльскі шлях - 2015

Сёлетні "Чарнобыльскі шлях" (26 красавіка) - надзіва нешматлюдны, надзіва стандартны, надзіва сумны. І, да таго ж, большасць апазіцыйных лідараў проста адсутнічала, што ўвогуле вельмі дзіўна. За што плацілі мільёны?

"Абыякавасць да жыцця і схільнасць да самагубства", - гэтая класічная прыказка сёлета як надзіва пасавала паводзінам беларускіх дэмакратаў. Між іншым, менавіта зараз "абыякавасць да жыцця", абыякавасць да "Чарнобыльскага шляху" амаль роўная "схільнасці да самагубства". На "Шлях" з'явіліся поўным складам арганізатары: Віталь Рымашэўскі, Павел Севярынец з БХД, Дзмітры Кучук ад "Зялёных", Ігар Лялькоў і Аляксей Янукевіч ад БНФ. Астатнія лідары беларускіх дэмакратычных партый некуды падзеліся. Традыцыйную акцыю яны праігнаравалі.

Сапраўды, а можа так нам і трэба?

Паводле novychas.info.


80 гадоў Анатолю Клышку

Анатоль КЛЫШКА нарадзіўся 16.04.1935 г. у вёсцы Данейкі Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Вучыўся ў Наваградскай педагагічнай навучальні (1949-1952). Працаваў карэктарам у наваградскай гарадской газеце "Звязда", адказным сакратаром рэдакцыі газеты "Фізкультурнік Беларусі". Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1958). Быў супрацоўнікам газеты "Літаратура і мастацтва", у 1958 г. працаваў інструктарам па друку ЦК ЛКСМБ, са снежня 1958 г. вучыўся ў аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР, з 1960 г. - у рэдакцыі часопіса "Полымя". З 1961 па 1963 гг. - старшы рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі "Беларусьфільм", пасля зноў у "Полымі" - літработнік аддзела крытыкі, рэдактар аддзела навукі і мастацтва. З 1971 г. - загадчык лабараторыі навучання грамаце, а потым аддзела навучання літаратуры Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР. У 1981-1983 гг. - загадчык рэдакцыі выдавецтва "Юнацтва", у 1986-1990 гг. - загадчык аддзела крытыкі часопіса "Полымя". Сябар СП СССР з 1960 г.

Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і іншымі медалямі.

У 1950 г. у наваградскай газеце апублікаваў першы верш. З літаратурна-крытычнымі артыкуламі выступае з 1953 г. У 1967 г. выйшла кніга літаратурна-крытычных артыкулаў "Права на верш".

Аўтар "Буквара" (1969, 23 выданні), "Пропісаў да "Буквара" (1969, 4 выданні), "Пропісаў для 1 класа" (1973, 18 выданняў), дапаможніка для 1 класа "Верасок" (1978, 3 выданні), "Чабарок" (1989, чытанка для 4 класа школ з расейскай моваю навучання). Напісаў кніжкі для дзяцей "У лясах Белавежы" (1975), "Самая лепшая хатка" (1976), "Вярэнька загадак" (1982), "Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга" (1983), "Шыльдбюргеры. Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў А. Клышка" (казкі, 1983), "Святло праз стагоддзі" (пра Ф. Скарыну, выдадзена на ангельскай, нямецкай, французскай мовах, 1990).

Пераклаў на беларускую мову Новы Запавет (асобныя раздзелы апублікаваны ў часопісе "Спадчына", 1989-1990).

Вікіпедыя.


75 гадоў Віктару Казько

КАЗЬКО Віктар Апанасавіч (23 красавіка 1940, г. Калінкавічы) - беларускі празаік. Член СП Беларусі з 1973. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу (1977, за кнігу "Добры дзень і бывай"), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я. Коласа (1982, за аповесць "Суд у Слабадзе"). Піша на беларускай і рускай мовах.

З сям'і рабочага. У гады Вялікай Айчыннай вайны ад выбуху бомбы загінула маці, замерзла маленькая сястрычка. Пасля вайны Віктар не прыжыўся ў новай сям'і бацькі, падлеткам сышоў з дому. Выхоўваўся В. Казько ў Вільчанскім і Хойніцкім дзіцячых дамах на Палессі. Пасля сканчэння ў 1956 васьмі класаў, вучобу працягваў у Кемераўскім горным індустрыяльным тэхнікуме. Потым працаваў у шахце, у геолагаразведцы. Яго ўражанні пра гэты час рэалізаваліся ў аповесцях "Цёмны лес - тайга густая" (1973), "Дзень добры і бывай" (1974), напісаных на рускай мове.

З 1962 звязаў свой лёс з журналістыкай: быў загадчыкам аддзела прамысловасці таштагольскай гарадской газеты "Красная Шорня", літсупрацоўнікам абласной газеты "Комсомолец Кузбасса", карэспандэнтам абласнога радыё. У 1970 скончыў завочнае аддзяленне Літаратурнага інстытута імя А.М. Горкага. Праз год пераехаў у Менск. З 1971 В. Казько літсупрацоўнік газет "Чырвоная змена", "Советская Белоруссия", у 1973-76 - часопіса "Неман". З 1976 на творчай рабоце. У 1985-88 сакратар Саюза пісьменнікаў БССР. З 1988 зноў на творчай рабоце.

В. Казько адзін з вядучых беларускіх празаікаў сярэдняга пакалення. Друкавацца пачаў у газеце "Красная Шормя" (апавяданне "Халімон", нарысы, карэспандэнцыі не выяўлены). У беларускім друку выступае з 1971. Творчасць В. Казько мае ярка выражаную аўтабіяграфічную аснову. Ён адзін з першых у беларускай і савецкай прозе паказаў вайну праз прызму ўспрыняцця дзіцяці ("Суд у Слабадзе"). Трагічныя падзеі вайны, якія захаваліся ў дзіцячай свядомасці, сталі сюжэтна-кампазіцыйным, сэнсавым, этычным цэнтрам аповесцяў пісьменніка. Значную ўвагу В. Казько ўдзяляе экалагічным праблемам: выступае не толькі за чысціню прыроды, але і за чысціню чалавечых адносін, мар, ідэалаў ("Цвіце на Палессі груша", "Неруш"). Своеасаблівым падагульненнем творчых пошукаў В. Казько 70-80-х стаў раман "Хроніка дзетдомаўскага саду" (1987). Напісаў аповесці "Но пасаран" ("Полымя". 1990. № 4), "Выратуй і памілуй нас, чорны бусел" ("Полымя". 1991. № 9).

Яго творы былі экранізаваны на кінастудыі "Беларусьфільм" ("Паводка", "Сад", "Судны дзень"), перакладаліся на многія мовы. Жыве ў Менску.

Вікіпедыя.


Справаздача аб дзейнасці Гарадзенскай абласной арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" за 2014 г.

1. Удзел у штогадовай школьнай абласной алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры. Разам з абласным упраўленнем адукацыі віншавалі і узнагародзілі падарункамі (кнігі і дыскі) пераможцаў алімпіяды ад імя ТБМ. ( Студзень, Буднік І., Місцюкевіч А., Крой А.)

2. 21.02.2014 г. Міжнародны Дзень роднай мовы. Узнагародзілі 13 дзяцей пачатковай школы, якія вучацца па-беларуску кнігай "Гедымін" з аўтографам і пажаданнямі поспехаў ад аўтара кнігі А. Краўцэвіча і ад імя ТБМ. Фундатар "Гарадзенская бібліятэка". (Крой А., Місцюкевіч А., Краўцэвіч А., Буднік І.)

3. Удзел сяброў ТБМ у штогадовай дыктоўцы па беларускай мове, арганізаванай "Гарадзенскай бібліятэкай" (сакавік) .

4. У выдавецтве "ЮрСапрынт" выйшла кніга сябра ТБМ сп. Сухоцкага "Звонкая рэхва" пра вядомых асобаў Гарадзеншчыны, з якімі аўтару даводзілася мець дачыненні (сакавік) .

5. Напісанне сябрамі ТБМ краязнаўчых матэрыялаў у дапамогу настаўнікам, звязаных з падзеямі 1863-1864 гг. у гістарычным альманаху "Горад святога Губерта" пад рэдакцыяй А. Смалянчука. (Буднік І., Крой А., Хільмановіч У.)

6. Удзел на тэлеканале АНТ "Адваротны адлік" сп. Будніка ў праграме прысвечанай памяці падзей 1863-1864 гг. Друкаванне кнігі І. Будніка пра падзеі 1863-1864 гг. на Гарадзеншчыне ў "Нашым слове" і "Народнай волі" (сакавік-красавік) .

7. Абласная рада ТБМ разам з "Гарадзенскай бібліятэкай" падарылі першай беларускаяй групе д/с № 45 новыя кнігі для заняткаў (група 12 чалавек). (Красавік-травень.) Набыццё беларускай групе ў садку новай магнітнай дошкі. Фундатар "Гарадзенская бібліятэка". (Травень, Мажэйка П., Крой А.)

8. Радаўніца. Сябры абласной і гарадской радаў ТБМ ушанавалі беларускіх грамадскіх і культурных дзеячоў на могілках каля В.А. "Азот". Запалілі свечкі, успомнілі добрым словам, чыталі вершы (травень) .

9. Запрашэнне сяброў ТБМ і сяброў двух саюзаў пісьменнікаў Беларусі для выступаў на бацькоўскіх сходах будучых першакласнікаў у навучальных установах Гародні. Каардынацыйная праца. (Крой А., 2 месяцы, красавік-травень.) Удзел прынялі 15 чал. Выступілі амаль ва ўсіх школах Гародні. Вынікі стрымана аптымістычныя.У СШ № 32 створаны беларускі клас. У СШ № 34 таксама. Фактычна ўпершыню ў 21 стагоддзі адкрыты два першыя беларускія класы, дзе будзе вучыцца 15 чалавек. Найбольш актыўны ўдзел прымалі спадары: Пяткевіч, Буднік, Тарасава, Астроўскі, Марозава, Соркіна, Куль, Кебіч, Ермашкевіч, Краўцэвіч, Парфёненка, Кузьмініч, Брусевіч, Курчэўскі, Крой (красавік-травень) .

10. Рэкламная кампанія ў шматлікіх СМІ пра магчымаць вучыцца ў беларускіх класах і беларускіх групах садка № 45 с кантактнымі адрасамі каардынатараў стварэння груп і класаў. ("Твой стыль", "С-13", "НН", "НС" і ў дзяржаўным друку, красавік-жнівень.)

11. Дапамога сяброў ТБМ з першай беларускай групы ў кансультацыях па фармаванні другой беларускай групы (12 чалавак у д/с № 45). Ахвотных было больш. Упершыню за апошнія 14 гадоў актыўныя бацькі сфармавалі беларускую групу да пачатку заняткаў (чэрвень) .

12. Атрымалі станоўчы адказ ад начальніка аддзела адукацыі Гародні Ламекі С.В. на запыт аб магчымасці рэкламы ў гарадскім тр-це г. Гародні пра адкрыццё першых беларускіх класаў і на сайтах СШ № 32 і СШ № 34 (чэрвень) .

13. 15.06.2014 г. Правялі справаздачна-выбарчы сход абласной і гарадской арганізацый ТБМ. У новую абласную раду былі абраны: Пяткевіч А., Крой А., Буднік І., Місцюкевіч А., Суднік С., Тарасава С., Савянкова Т., Кісель Н., Карнялюк В. Старшынём абласной Рады абраны Крой А.І. Старшынём гарадской Рады абраны Пяткевіч А.М. У рэвізійную камісію абралі: Жукевіч М., Кануннікаву Н., Шаставіцкую Н. Старшынёй абрана Жукевіч М.І. Абраны дэлегаты на 12 з'езд ТБМ.

14. 19.06.2014 г. Ушанаванне 90-х угодкаў з дня народзінаў народнага пісьменніка В. Быкава ў грамадскім музеі В. Быкава ў Гародні, створаным М. Мельнікавым. "Белсат" здымаў рэпартаж пра мерапрыемства (Пяткевіч, Жук, Крой, Дольская) .

15. 28.06.2014 г. Удзел сябра абласной Рады ТБМ у вечарыне, прысвечанай 25-годдзю ТБМ у Менску (Суднік С.) .

16. Пошук фундатараў і правядзенне падпіскі на газету "НС" для бібліятэк Гарадзенскай вобласці на ІІ паўгоддзе ў агульнай колькасці больш за 50 шт. (Місцюкевіч А., Буднік І., Крой А., чэрвень.)

17. На дадатковы тэлефонны запыт атрымалі пацверджанне ад аддзела адукацыі гарвыканкама, што ў транспарце горада ў бліжэйшы час будзе падавацца інфармацыя пра адкрыццё першых беларускіх класаў у Гародні ( не з'явілася, ліпень) .

18. Паседжанне сяброў рады з кіраўніком рэвізійнай камісіі па сістэматызацыі фінансавых дакументаў пасля справаздачна-выбарчага сходу. (Крой А., Буднік І., Жукевіч М., ліпень.)

Запіс інтэрв'ю са сп. Хацяноўскай, сябрам ТБМ. (Гісторыя жыцця і шляху да беларускасці, Крой А.)

19. 25.07.-28.07.2014 г. Чатырохдзённая краязнаўчая водная вандроўка па Шчары. Фіксацыя краявідаў, помнікаў, архітэктуры. (Петрыкевіч В., Крой А., Хільмановіч У., Парфёненка В., Лупач С.) Размова з краязнаўцамі Дзятлава аб актывізацыі дзейнасці ТБМ.

20. 21.08.14. Краязнаўчая вандроўка на аўто: Гародня-Скідаль-Мількаўшчына-ваколіцы Скідаля-Гародня). Фіксацыя архітэктуры, помнікаў, музея Э. Ажэшкі, гуказапіс успамінаў мясцовых людзей. Магчымыя крокі актывізацыі, пашырэння і рэгістрацыі гарадской арганізацыі ТБМ г. Скідзеля. (Крой А., Буднік І., Савянкова Т., Савашынская А.)

21. Краязнаўчая (аўто, ровар) вандроўка ў Бераставіцкі р-н (Гародня-Індура-Магіляне-Казлы-Канюхі-Одла-Гародня). Фотафіксацыя мясцовых могілак. Інтэрвію з жыхарамі ў Канюхах, Казлах, Одле пра гісторыю тутэйшых ваколіц. (Крой А., Капіца Ю., жнівень.)

22. 25.08.14. Сустрэча ТБМ з нач. аддз. адукацыі Ламекам С. Бацькі атрымалі згоду (Астроўскі А і А., Кузьмініч І.,) на кампрамісны варыянт навучання дзяцей па-беларуску ў гімназіі № 10 (5 клас). Асноўныя прадметы будуць па-беларуску. Адміністрацыя школы, са слоў бацькоў, не ішла на кампрамісны варыянт навучання па-беларуску. (Крой А., Парфёненка В., Астроўская А., Астроўскі А.)

23. 28.08.14. Удзел у другім бацькоўскім сходзе бацькоў першакласнікаў СШ № 34. Будзе першы беларускі клас з 5 чал. (Пяткевіч А. ,Крой А., Парфёненка В.)

24. Напісанне артыкулаў у газету "НС" і радыё "РР" пра адкрыццё 2-х першых беларускіх класаў у Гародні (Парфёненка, верасень) .

25. 3.09.14 г. Удзел сяброў ТБМ у адкрыцці выставы ў мастацкай галерэі "Тызенгаўза", прысвечаныай памяці мастака З. Іваноўскага. Было каля 200 чалавек.

26. Зварот у абласную Раду ТБМ сябра ТБМ і вядоўцы моўных курсаў І. Кузьмініча ў Гародні "Мова нанова" аб дапамозе ў пошуку вядоўцаў моўных курсаў. Знайшлі лепшых студэнтаў старэйшых курсаў ГрДУ сёстраў Вераніку і Эмілію Комар, якія выдатна праводзяць курсы беларускай мовы разам з арганізатарамі. (Тарасава С., Крой А., верасень.)

27. 30.09.14. Знаёмства і віншаванні завуча, класнага кіраўніка і вучняў 1 беларускага класа (9 чал.) СШ № 32 з надыходзячым Днём настаўніка (Крой А., Савашынская А.) .

28.1.10.14. Знаёмства і віншаванні завуча, настаўніцы і вучняў 1 і 2 беларускіх класаў СШ № 34 з надыходзячым Днём настаўніка (Крой А.) .

Вусная дамова з турфірмай "Мерцана" аб правядзенні для беларускіх першых класаў горада СШ № 32 і СШ № 34 бесплатнай анімацыйнай экскурсіі.

29. 2.10.14. Сустрэча з сакратаром тапанімічнай камісіі гарвыканкама горада ў рамках грамадскага абмеркавання назваў новых вуліц. У 2012 г. быў пададзены зварот ТБМ у мінулы склад камісіі (старшыня камісіі І. Сенчанкова) з подпісамі (107 подпісаў грамадзян горада) аб наданні адной з вуліц горада імя А. Цыхуна. (Крой А.) Зварот і падпісы новы сакратар камісіі не знайшла.

30. 3.10.14. Занеслі сакратару ў тапанімічную камісію гарвыканкама копію копіі зварота грамадзян горада з подпісамі і адказ на ліст да сп. Сенчанковай аб магчымым разглядзе прапаноў па ўвекавечанні памяці засл. наст. Беларусі А. Цыхуна ў назве адной з вуліц Гародні (Крой А.) . Праз кароткі час ад тапанімічнай камісіі гарвыканкама атрымалі станоўчы адказ аб з'яўленні назвы вуліцы А. Цыхуна ў мікрараёне Забалаць-2. У Гародні з'явяцца таксама вуліцы А. Карпюка, К. Агінскага, Ф. Багушэвіча, У. Караткевіча і іншых беларускіх пісьменнікаў і дзеячоў культуры (кастрычнік) .

32. 15.10.14. Удзел сяброў ТБМ у жалобе і пахаванні вядомага вучонага мовазнаўцы сп. Лепешава. (Сябры абласной і гарадской радаў.)

33. 20.10.14. Сустрэча ТБМ і бацькоўскага камітэта беларускіх класаў з нам. нач. аддзела адукацыі аблвыканкама Грышэчка В.В. (Запісваліся на прыём да нач. адзела адукацыі сп. Сангіна, які тады адсутнічаў). Разгледзелі пытанні: аб адкрыцці першага беларускага класа ў гімназіі, праблемных раёнах вобласці, якія не адкрылі за 4 гады ніводнага беларускага класа ў рускамоўных школах - Воранаўскі і Бераставіцкі раёны, праблемы з недахопам беларускіх падручнікаў для беларускіх класаў у горадзе. (Крой А., Бароўскі С., Астроўская А.)

34. 2.11.2014 г. Удзел у ХІІ з'ездзе ТБМ у Менску сяброў абласной рады. (Пяткевіч, Буднік, Крой, Тарасава, Савянкова, Суднік, Кануннікава.)

35. 3.11.14. Краязнаўчая роварная вандроварка па Гарадзенскім раёне. Апошнія старыя млыны на Татарцы ў Тарусічах і Ласасянцы ў Чэхаўшчыне. (Крой, Савашынская) . У раённай газеце "Перспектыва" надрукаваны артыкул пра апошняга млынара на р. Татарка (Савашынская А.) .

36. Арганізацыйная дапамога германісту Я. Бяласіну з Берасця ў прэзентацыі яго кніг на курсах "Мова нанова" - "Падземны горад…." і дзённік Г. Гайнэ "Пра Польшчу" ў перакладзе на беларускую мову (Крой А., І. Кузьмініч, лістапад) .

37. Дапоўненая сп. Буднікам І. кніга А. Цыхуна "Скарбы народнай мовы" выйшла з друку, дзякуючы "Гарадзенскай бібліятэцы" (Буднік І., лістапад) .

38. Напісалі ліст старшыні гарвыканкама аб дапамозе з памяшканнямі курсам беларускай мовы ў Гародні (Кузьмініч І., Тарасава С., Крой А.) . 26.11.14. Хадзілі на прыём да старшыні гарвыканкама Гоя М. аб садзейнічанні ў пошуку памяшканняў для курсаў беларускай мовы "Мова нанова" і "Моваведа" (Крой А., Янкоўскі А., Сушко Т.) . Падалі чарговыя прапановы ад ТБМ аб пашырэнні і папулярызацыі беларускай мовы ў Гародні ў візуальнай інфармацыі, СМІ, інтэрнэце, мясцовым тэлебачанні, адукацыі і культуры.

39. 31.11.14. Абласная і гарадская Рады ТБМ. Справаздача за 2014 год і планы на першыя месяцы 2015 года (Пяткевіч А., Крой А., Карнялюк В., Хільмановіч У., Буднік І., Місцюкевіч А., Жукевіч М., Шаставіцкая Н., Дольская С., Парфёненка В.) . Змяншэнне актыўнасці ТБМ на Наваградчыне і ў Ваўкавыску. Актывізацыя ТБМ і іншых ГА па школьніцтву на Лідчыне і ў Гарадзенскім раёне разам з Гародняй, Слонімскім, Шчучынскім, Зэльвенскім і інш. раёнамі.

40. 9.12.14. Візіт да галоўных рэдактараў газет "Вячэрні Гродна" і "Гродзенская праўда". Размова аб пашырэнні і папулярызацыі беларускай мовы на старонках газет. (Крой А.)

41. 11.12.14. Запрасілі ад імя ТБМ бацькоў і дзяцей першых беларускіх класаў горада на "Беларускую ялінку", якую ладзілі "Мова нанова" і "Моваведа". Актыўны ўдзел маладых бацькоў з ТБМ і іх дзяцей у гэтым мерапрыемстве. Агулам удзельнічала каля 40 дзяцей і 150 дарослых.

42. 15 снежня 2014 г. атрымалі пісьмовы адказ ад начальнікаў адзелаў адукацыі і культуры гарвыканкама за подпісам нам. ст. гарвыканкама сп. З.В. Кулешы.

43. Верасень-снежань 2014 г. Папаўнене шэрагаў ТБМ (Шаставіцкая Н., Астроўская А., Капіца Ю., Крапоціна В., Кісель Н., суполка гісторыкаў 12 чалавек, суполка г. Скідзеля).

44. 27.12.14. Пошук фундатараў і пакупка кніг для пераможцаў абласной алімпіяды (ў студзені 2015 г.) па беларускай мове і літаратуры ў крамах горада (Крой, Тарасава, Буднік, Місцюкевіч) .

45. 22-24.12.14. Віншаванні з нагоды Калядаў і Новага года салодкімі пачастункамі вучняў і настаўнікаў першах беларускіх класаў СШ № 32 і СШ № 34 (Місцюкевіч, Буднік, Крой) .

Віншаванні дзяцей і кіраўніцтва д/с № 45 і № 54 са Святамі і ўручэнне дыскаў беларускіх казак ад аўтара казак і вядоўцы курсаў беларускай мовы "Мова нанова" І. Кузьмініча (8 групаў, Крой А.) .

46. Удзел у маніторынгу моўнай сітуацыі ў Гародні і стану моўных правоў у Беларусі (лістапад-снежань, Крой А., Місцюкевіч А., Крапоціна В.) .

47. Арганізацыя падпіскі на першае паўгоддзе 2015 г. газеты "Наша слова". Больш за 40 экзэмпляраў было падпісана для бібліятэк Гарадзенскай вобласці і ў беларускі д/с № 45 г. Гародні (Місцюкевіч, Буднік, Крой) .

А. Крой.


ХХІІІ Гарэцкія чытанні

17 красавіка 2015 года ў філіяле Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры "Літаратурны музей Петруся Броўкі" адбылася Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя ХХІІІ Гарэцкія чытанні "Максім і Гаўрыла Гарэцкія. Жыццё і творчасць", якія прысвячаліся 115 - годдзю з дня нараджэння Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага і 95 - годдзю першага выдання "Гісторыі беларускае літаратуры" Максіма Гарэцкага.

З уступным словам выступіла дырэктар Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Лідзія Макарэвіч. Яна прапанавала ўзгадаць хвілінай маўчання памерлага 15 красавіка Ўладзіміра Содаля. Пасля адбыўся прагляд кінафільма "Рускі" (рэжысёр В. Аслюк, к/с "Беларусфільм") па матывах аднайменнай аповесці Максіма Гарэцкага. Потым з прывітальным словам выступаў славуты паэт Анатоль Вярцінскі.

Далей адбылося пленарнае паседжанне. На ім старшынствавалі: акадэмік НАН Беларусі Радзім Гарэцкі і член-карэспандэнт НАН Беларусі Міхась Мушынскі. З дакладамі выступалі: Тамара Тарасава (Менск), Міхась Мушынскі (Менск), Тарэза Голуб (Менск), Радзім Гарэцкі (Менск), Роза Зінава (Менск). Вельмі цікавым быў даклад кандыдата філалагічных навук з Менска Вольгі Губскай, які меў назву "Па старонках Гарэцкіх чытанняў: спроба сістэматызацыі даследаванага".

Пасля пачосткі даследчыкі падзяліліся на дзве секцыі пад кіраўніцтвам Міхася Кенькі і Алены Гурскай. Выступалі славутыя навукоўцы: Уладзімір Навумовіч, Ігар Шаладонаў, Алена Гурская, Юрась Пацюпа, а таксама магістр філалагічных навук з Гомеля Алена Ярмоленка, якая агучыла даклад "Прастора і час у аповесці М. Гарэцкага "Камароўская хроніка".

Самым цікавым дакладам на 1-й секцыі было выступленне германіста і перакладчык з Менска Васіля Ермаловіча, якое мела назву "Аповесць Максіма Гарэцкага "Дзве душы" у перакладзе на нямецкую мову вядомым славістам і перакладчыкам Норбертам Рандаў". Удзельнікі з цікавасцю ўспрынялі гэты даклад. Наогул, трэба адзначыць, што чытанні адбыліся паспяхова. Было вельмі цікава!

Аляксей Шалахоўскі.


Беларуская мова ў беларускіх універсітэтах

Старшыні "Таварыства

беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Паважаны Алег Анатольевіч!

На Ваш ліст ад 27 студзеня 2015 г. (№ 61) паведамляем наступнае.

У акадэміі шмат чаго робіцца для ўсебаковага развіцця беларускай мовы.

У 1995 годзе выдадзена на беларускай мове "Ветэрынарная энцыклапедыя". Была завершана шматгадовая праца па перакладзе з рускай мовы на беларускую ўсёй тэрміналогіі, якая мае дачыненне да ветэрынарыі і жывёлагадоўлі.

Выдадзены на беларускай мове наступныя падручнікі, вучэбныя дапаможнікі, даведнікі:

- Ятусевіч, А.I. Пратазойныя захворванні сельскагаспадарчых жывёл/ А.I. Ятусевіч. - Мінск: Ураджай, 1993. - 174 с.

- Ятусевіч, А.I. Паразіталогія і інвазійныя захворванні жывёл: падручнік для ВНУ / А.І. Ятусевіч, М.П. Карасеў, М.В. Якубоўскі; рэд. А.I. Ятусевіч. - Мінск: Ураджай, 1998. - 464 с.

- Курдзека, Ж.П. Сфера афіцыйна-дзелавых зносін: вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў 1-ых курсаў факультэта ветэрынарнай медыцыны і зааінжынернага факультэта/ Ж.П. Курдзека, Ю.У. Засінец, В.А. Навіцкая; УА ВДАВМ. - Віцебск: [б. і.], 2004. - 29 с.

- Засінец, Ю.У. Беларуская мова: вучэбна - метадычны дапаможнік для студэнтаў факультэта завочнага навучання / Ю.У. Засінец, Ж.П. Курдзека; Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны. - Віцебск: УА ВДАВМ, 2005. - 46 с.

- Курдзека, Ж.П. Беларуская мова: лексіка, стылістыка, тэрміналогія: вучэбна-метадычны дапаможнік для студэнтаў факультэта завочнага навучання па спецыяльнасцях "Ветэрынарная медыцына", "Заатэхнія" / Ж.П. Курдзека, Ю.У. Баушына; Віцебская дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны. - Віцебск: УА ВДАВМ, 2010. - 61 с.

- Ласякін, А.М. Беларуская мова. Кантрольныя заданні: Вучэбна-метадычны дапаможнік для слухачоў падрыхтоўчых курсаў завочнага навучання / А.М. Ласякін; УА ВДАВМ. - Віцебск, 2004. - 21 с.

- Метадычныя ўказанні і кантрольная работа па курсу беларускай мовы для студэнтаў факультэта завочнага навучання: да вывучэння дысцыпліны / УА ВДАВМ, кафедра замежных моў. - Віцебск: УА ВДАВМ, 2000. - 14 с.

- Тлумачальны слоўнік - даведнік па ветэрынарыі і заатэхніі / A.I. Ятусевіч [і інш.]. - Мінск: Ураджай, 1992. - 318 с.

- Ветэрынарная энцыклапедыя: А-Я / рэд. А.I. Ятусевіч. - Мінск: БелЭн, 1995. - 446 с.: іл.

- Ятусевіч, А.I. Слоўнік зоапаразіталагічных тэрмінаў / А.I. Ятусевіч, B.М. Капліч; Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. - Мінск: Навука і тэхніка, 1993. - 292 с.: іл.

Рыхтуецца да выдання ў 2015 годзе:

- Курдзека, Ж.П. Беларуская мова: лексіка, стылістыка, тэрміналогія, культура маўлення: вучэбна-метадычны дапаможнік / Ж.П. Курдзека, Ю.У. Баўшына.

Бібліятэчны фонд выданняў на беларускай мове - 16377 экзэмпляраў. Выдадзена чытачам у 2014 годзе - 14780.

У акадэміі выкладаецца самастойным курсам "Беларуская мова (прафесійная лексіка)" для студэнтаў 1-ых курсаў усіх спецыяльнасцей у памеры 54 гадзін.

Выкладанне іншых вучэбных прадмегаў на беларускай мове не прадугледжана тыпавымі вучэбнымі планамі. З улікам Вашых прапаноў даручана супрацоўнікам акадэміі распрацаваць беларускамоўную версію інтэрнэт-сайта акадэміі.

З павагай, рэктар акадэміі, прафесар А.I. Ятусевіч.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13, 220034, г. Мінск

Аб прадстаўленні інфармацыі

Паважаны Алег Анатольевіч!

Паведамляем, што ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, артыкуламі 2 і 90 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ва ўстанове адукацыі "Акадэмія Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь" у поўнай меры рэалізавана права выбару навучання і выхавання на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь.

Ваша прапанова аб распрацоўцы беларускамоўнай версіі інтэрнэт-сайта будзе па магчымасці ўлічана пры яго абнаўленні.

Начальнік У.У. Бачыла.



Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А. А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

У адказ на Ваш ліст ад 19 студзеня 2015 г. № 28 накіроўваем інфармацыю аб забеспячэнні адукацыйнага працэсу і функцыянаванні беларускай мовы ва ўстанове адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі" (далей - Акадэмія) ў 2014 годзе.

Акадэмія лічыць прыярытэтным напрамкам сваёй дзейнасці развіццё, умацаванне і захаванне скарбаў мастацкай культуры Беларусі. У Акадэміі пастаянна арганізуюцца творчыя конкурсы і навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя беларускай музычнай культуры, ажыццяўляецца падрыхтоўка дыпломных работ, магістарскіх, кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый па праблематыцы беларускай музычнай культуры.

У Акадэміі ўпершыню быў створаны кабінет народнай музыкі (зараз кабінет традыцыйных музычных культур), дзе захоўваюцца, апрацоўваюцца, вывучаюцца і памнажаюцца запісы фальклорных крыніц, здзяйсняюцца штогадовыя экспедыцыі студэнтаў і выкладчыкаў у розныя рэгіёны Беларусі для запісаў каштоўных музычных скарбаў беларускага народа.

На фартэпіянным і кампазітарска-музыказнаўчым факультэце Акадэміі створана і плённа працуе адзіная ў рэспубліцы і свеце кафедра беларускай музыкі, якая з'яўляецца вучэбным, навуковым і метадычным цэнтрам музычнага беларусазнаўства і ажыццяўляе мэтанакіраваную дзейнасць па вывучэнні, навуковай рэканструкцыі і прапагандзе беларускай музыкі ўсіх напрамкаў - ад фальклорнага да акадэмічнага, ад старажытных здабыткаў да сучасных дасягненняў. Супрацоўнікі гэтай кафедры (на чале з дактарамі навук, прафесарамі В. Дадзіёмавай, І. Назінай, |Л. Касцюкавец|) з'яўляюцца ўнікальнымі, прызнанымі ў свеце спецыялістамі, стваральнікамі асобных важных навуковых галін у музычнай беларусістыцы, аўтарамі фундаментальных даследаванняў, палымянымі прапагандыстамі беларускай музыкі ў сродках масавай інфармацыі і асветніцкіх творчых праектах. Выкладанне дысцыплін беларусазнаўчага напрамку, якія ахопліваюць студэнтаў усіх факультэтаў і спецыяльнасцей Акадэміі, вядзецца супрацоўнікамі кафедры выключна на беларускай мове.

Значная частка справаводства ў Акадэміі вядзецца на беларускай мове, але дакладна вызначыць яе долю не ўяўляецца магчымым з прычыны велізарнага аб'ёму дакументацыі.

Вельмі істотна, што ў Акадэміі штогадова ажыццяўляюцца беларускамоўныя навуковыя і метадычныя выданні (манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, зборнікі артыкулаў, часопісы, хрэстаматыі, аўдыядыскі, вучэбныя праграмы і інш.), якія складаюць падмурак для далейшага вывучэння і разгортвання беларусазнаўчай працы ў галіне музычнага мастацтва. Так, 15 % вучэбна-метадычных комплексаў, 12 % тыпавых вучэбных праграм падрыхтаваны на беларускай мове.

Сярэдні працэнт артыкулаў на беларускай мове, надрукаваных у перыядычных выданнях Акадэміі ў 2014 годзе, складае 20 %, у тым ліку:

навукова-тэарэтычны часопіс "Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі", № 24 - 44 % (11 з 25 артыкулаў);

навукова-тэарэтычны часопіс "Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі", № 25 - 7 % (2 з 29 артыкулаў);

навуковыя працы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, вып. 31, "Музычная культура Беларусі і свету ў навуковым асэнсаванні" - 12,5 % (3 з 24 артыкулаў);

навуковыя працы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, вып. 32, "История и современность: от музыкальной науки к исполнительской практике" - 15 % (3 з 20 артыкулаў).

Паколькі ў выданнях Акадэміі друкуюцца матэрыялы міжнародных канферэнцый, значная частка якіх належыць замежным аўтарам, атрыманы сярэдні паказчык 20 % з'яўляецца вельмі высокім.

Рэктар акадэміі К.М. Дулава.


Бываеўскі, Кулеша і інш.

Да 135-годдзя Язэпа Дылы

"... Скора, скора настане твой дзень шчасця, родны браце! Усе маладыя сілы - дзеці беларускага народа дружнаю хэўраю панясуць табе свет навукі і жыццёвую практыку; пабяжыць тады адусюль цемень, і год за годам будуць расці твае сілы цела і душы, і здаровы ўжо каняка ўздыме тваю зямлю дзеля ўрадлівага збожжа..." - так закончваецца апавяданне "Перад раніцаю... - Думка сэрца", аўтарам якога выступіў у "Нашай ніве" № 10, 1912 г. Назар Бываеўскі. А яшчэ ён публікаваў свае творы пад літаратурнымі мянушкамі Ганна Дыла, Л. Жорсткі, Тодар Кулеша:

"Альгерд Абуховіч (Размова ідзе аб адной з самых загадкавых фігур беларускай літаратуры Альгердзе Якаве сыне Рыхарда Абуховіча) быў сынам заможнага землеўласніка на Случчыне. Разам з Казімірам Аколавым ён прымае ўдзел у паўстанні 1863 года (пакуль што дакументальна ўдзел у гэтым паўстанні А. Абуховіча аніяк не пацверджаны. - М.У. ) Пасля адбыцця кары і вяртання ў сям'ю ён паставіў пытанне, каб зямлю аддалі былым прыгонным-сялянам. Супраць Альгерда Абуховіча ўзнялася яго сям'я, родная сястра, што замужам была за Ёдкам, таксама і іншая радня. Паколькі Альгерд Абуховіч быў цвёрдым у сваім рашэнні, яму, пасля вострых спрэчак, прыгразілі абвяшчэннем яго вар'ятам. У тыя часы такія справы не былі навіною, і царская адміністрацыя падтрымлівала тых, хто хацеў уціхамірыць падобных бунтароў супраць "Асноў грамадскага жыцця". Тады Альгерд Абуховіч выбраў са сваёй бібліятэкі самыя любімыя кнігі і пакінуў родны дом. Перш ён пабыў у свайго прыяцеля Расудоўскага - маёнтак Кутпаны - , потым перабраўся ў Слуцк, каб карміцца там урокамі" - першая публікацыя ў часопісе "Беларусь", стар. 28. № 3 - 1958 г., а сам твор мае назву "Пісьменнік-дэмакрат Альгерд Абуховіч".

Хто жа саіць за гэтымі літаратурнымі мянушкамі? -

Буйнейшы беларускі грамадскі дзеяч, пісьменнік і пакутнік за нашае нацыянальнае адраджэнне Язэп Дыла - Восіп Лявонавіч Дыла: 14 (2).4. 1880, г. Слуцк - 7.4.1973, г. Саратаў.

Язэп Дыла быў вучнем Альгерда Абуховіча (прыватна), скончыў славутую Слуцкую гімназію, вучыўся ў ветэрынарным інстытуце і слухаў лекцыі ва ўніверсітэце г. Юр'ева зараз г. Тарту (Эстонія), адкуль быў выключаны за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях (1899-1903 гады).

У Менску супрацоўнічаў з рэдакцыяй газеты "Северо-Западный край" 1903-1904 гг, жыў і працаваў у Пецярбургу, у 1905 г. вярнуўся ў Менск, у ім узначаліў аграрную групу камітэта РСДРП, потым былі Арэнбург, Казань, Масква. Да Лютаўскага перавароту пазнаёміўся з выдатнымі творцамі А. Арцыбашавым, Л. Андрэевым, А. Купрыным...

У 1919 г. Язэп Дыла - камісар працы ў складзе першага Беларускага савецкага ўраду. Пасля працаваў у розных культурна-асветныхы і навуковых установах. І відавочна, як беларускі падзвіжнік, адраджэнец, навуковец і творца Язэп Дыла падлягаў знішчэнню. Яго беспадстаўна рэпрэсуюць. І толькі дзякуючы агромністай сіле волі, псіхалагічнай вытрымцы, мужнасці ён выжыў, спачатку быў сасланы ў Кунгур Пермскай вобласці (красавік 1931 г.), атрымаў пасяленне ў г. Саратаў, але і там у жніўні 1938 года быў арыштаваны, у сакавіку 1939 г. справа была закрыта. Рэабілітаваны быў толькі ў 1957 г.

Язэп Дыла - аўтар п'ес, аповесцей, незавершанага рамана, успамінаў, літаратурных артыкулаў, публіцістыкі, гістарычных даследаванняў і іншых тэм. Сярод іх "Панскі гайдук", "Падуанскі студэнт", "Настасся Мякота". Гэта дзякуючы яму, сёння мы ведаем, дзе ў Слуцку знаходзіцца магіла Альгерда Абуховіча - Бандзінелі. (Не Бандынелі , як сёння пішуць у некаторых публікацыях, бо сам літаратар пісаў: "Бандзінелі" , - М.У. )

Без сумненняў, на дзяржаўным узроўні такія палымяныя людзі і творцы застануцца ў нашай краіне без належных ім ушанаванняў і юбілейных урачыстых паседжанняў, бо яны мелі сэрца Данка. А нам таксама вядома, што адбылося насапраўды з ім: "Людзі ж, радасныя і поўныя надзей, не заўважылі смерці яго і не бачылі, што яшчэ палае побач з челам Данка яго смелае серца. Толькі адзін чалавек заўважыў гэта і, баючыся чагосьці, наступіў на гордае сэрца нагой... І вось яю, рассыпаўшыся на іскры, згасла..." з кнігі Міхася Маліноўскага "Прыроджаны краязнаўца: Нарыс пра Уладзіміра Кісялёва", Менск, "Кнігазбор", 2009, стар. 44)

Каб гэтага не адбылося, то Рэспубліканская Рада ТБМ імя Ф. Скарыны спецыяльна друкуе на старонках "Нашага слова" спіс дат нашых юбіляраў-беларускіх дзеячаў і творцаў, план сваіх дзеянняў, а газета ў дадатак дае яшчэ свае публікацыі. Праўда і тое, што гарадскім і раённыя ўлады часцяком забываюць такія даты, як напрыклад, аніяк не было адзначана шмат дзе 75-годдзе злучэння ў адно цэлае нашага народа ў верасні 1939 г.

Міхась Угрынскі , г. Баранавічы.


Гэты скарб завецца родная мова

Найбагацейшы скарб кожнага народа - ёсць родная мова, нацыянальная мова народа. Для нас, беларусаў - гэта беларуская. Хто ж павінен данесці гэты скарб да народа? У першую чаргу гэта павінна рабіць улада краіны.

Толькі вось незадача, уладныя структуры, дзяржаўныя чыноўнікі ад самага маленькага да самага высокага паступаюць наадварот. Яны нацыянальную мову беларусаў не нясуць у народныя масы, а мэтанакіравана яе знішчаюць.

А каб не быць галаслоўным, звернемся да гістарычных і сёняшніх фактаў.

Пра што гаворыць гісторыя? Напрыканцы ХVІІІ ст. расійская імператрыца Кацярына загадала: "Вялікае Княства Літоўскае іменаваць Белай Руссю, а народ - беларусамі, чым на векі прывяжам яе да Расіі. Замірыць яе сілаю немагчыма. Гэтую місію ускладзём на рускага чыноўніка, рускага настаўніка і рускага папа. Менавіта яны адбяруць у беларусаў не толькі мову, але і саму памяць пра саміх сябе". Вось так: у планах па знішчэні беларускай мовы і памяці беларусаў пра саміх сябе на першае месца імператрыца паставіла рускага чыноўніка. Па гэтай прычыне ў ВКЛ былі накіраваны з Расіі тысячы рускіх чыноўнікаў, якія знішчалі не толькі ўсё нацыянальнае на Белай Русі, але і саміх ліцвінаў-беларусаў. Так рускія чыноўнікі рабілі манкуртамі беларускі народ, пазбаўляючы яго нацыянальнай мовы, культуры, традыцый, гісторыі. Але гэта было ў часы ўладарніцтва Расіі на зямлі ліцвінскай-беларускай. А яшчэ пазней Белая Русь была пазбаўлена і гэтай назвы. Яна стала называцца Паўночна-заходнім краем. Бачыце, толькі ўскраінаю Расіі.

А што ж дзеецца сёння ў Рэспубліцы Беларусь? Для Расіі мы застаемся Белоруссией, а не Рэспублікай Беларусь. І працягваецца знішчэнне ўсяго беларускага ў краіне, якая атрымала статус незалежнай і суверэннай дзяржавы. Як мне здаецца, чыноўнік ў суверэннай Беларусі не стаў беларускім чыноўніам. У яго задачы папярэднія: не прызнаваць родную мову, культуру, не прызнаваць нацыю беларусаў. Аб гэтым гавораць факты і рэчаіснасць. І вось яны.

Давайце наведаем уладныя ўстановы. Спачатку зойдзем у сельвыканкамы і райвыканкамы. І што мы там убачым і пачуем? Убачым, што ўсё візуальнае афармленне: стэнды, шыльды, куткі аформлены толькі па-руску. Выключэнне складаюць толькі стэнды з нацыянальнай сімволікай. Тут, у сельрайвыканкамах, ужо беларускія чыноўнікі працягваюць традыцыі рускага чыноўніка. Знішчаюць беларускую мову і памяць пра прыналежнасць нашага народа да беларускай нацыі. Гэта парадокс і нацыянальная трагедыя. У вялікім будынку гаррайвыканкама я знайшоў толькі некалькі слоў па-беларуску. Прыемна абрадавала, калі я ўбачыў на трэцім паверсе, дзе месціцца райвыканкам, стэнд з беларускай назваю: "Зямля бацькоў - мая зямля". Але адразу ж засмуціла, што подпісы пад здымкамі зроблены па-руску. На гэтым стэндзе ўсяго чатыры словы напісаны па-беларуску, а дзесяткі - па-руску. На пяці паверхах будынка болей за сотню дзвярэй. І толькі адну штыльду знайшоў беларускамоўную. Вось вам і роўнасць моў.

Ці ёсць у гэтых уладных установах чыноўнікі, якія ўжываюць беларускую мову ў гутартцы з наведвальнікамі? У апошнія год-два я часта па волі лёсу наведваў гэты ўладны будынак. І быў прыемна здзіўлены, што адна жанчына-чыноўніца з гарвыканкама вяла гутарку са мною па-беларуску. Яе мова была настолькі прафесійная і багатая, што я нават пазайздросціў. Адна сярод некалькіх сотняў у будынку-гмаху! Няўжо ж яна адзіная беларуска? І зусім іншае ўражанне пакінулі мае шматлікія наведванні райвыканкама з мэтай пошукаў праўды і справядлівасці з-за хамскага абыходжання са мною маленькага чыноўніка і вялікага хама і разбойніка. За сем маіх паходаў у самыя высокія кабінеты райвыканкама я не пачуў ні слоўца беларускага. Мяне не толькі здзівіла, але і абурыла прызнанне - выказванне ўплывовага чыноўніка пра тое, што ён добра памятае настаўніцу рускай мовы і літаратуры, а беларускай не; што ён вырас, выхоўваўся ў рускамоўнай сям'і, а па-гэтаму беларуская мова ў яго - не матчына мова. Мне хацелася проста зарагатаць, бо я добра ведаю вёску, дзе нарадзіўся жыў і вучыўся будучы чыноўнік. Калі вы, паважаныя чытачы, захочаце дакрануцца да сакавітай мовы гэтай вёскі, то пачытайце кніжку доктара філалагічных навук, прафесара, уражэнца гэтай палескай вёскі, Алеся Ненадаўца. Кніжка называецца "Чухава".

Мову па праву называюць скарбам народа, нацыі. І гэты найбагацейшы скарб неабходна па-гаспадарску ахоўваць, берагчы і захоўваць.

Вось толькі ў нашых чыноўнікаў гэтай гаспадарскай беражлівасці няма. Няма і жадання захаваць гэты скарб і перадаць яго сваім дзецям і ўнукам. Яны, на маю думку, шчырыя прыхільднікі загадаў расійскай імператрыцы Кацярыны.

Уладзімір Гук, ветэран працы, Пінскі раён.


Беларусы Швецыі паставілі "Тутэйшых" з удзелам Стэфана Эрыксана

У Стакгольме 12 красавіка 2015 тэатральны гурток беларускай дыяспары паставіў адрывак з п'есы "Тутэйшыя" Янкі Купалы.

Некалькі месяцаў таму творчы калектыў "Беларусаў Швецыі" вырашыў паставіць п'есу "Тутэйшыя" Янкі Купалы. Каардынатарам ініцыятывы выступіла Галіна Краснянская - адна з заснавальніц афіцыйнай суполкі дыяспары. Муж Галіны падрыхтаваў асноўныя дэкарацыі для пастаноўкі.

Першапачаткова меркавалася паставіць п'есу цалкам, але пазней вырашылі выкарыстаць пяць найбольш цікавых сцэнаў. Як распавяла Галіна Краснянская, былі абраныя фрагменты, якія паказваюць змены ўплываў Захаду і Ўсходу на Беларусь, а таксама прыстасаванства асобных беларусаў.

Прэм'еру спектакля ладзілі ў раёне Грондаль на захадзе Стакгольма. Мікіту Зносака сыграў Сяргей Андросенка, Янку Здольніка - Юры Кажура (старшыня Рады Згуртавання беларусаў Швецыі), Аленку - Вольга Лёвіна, даму (мяшчанку) - Ганна Ціханава, маці Мікіты - Галіна Краснянская. Ролю прафесара Спічыні, правобразам якога быў заснавальнік і першы рэктар БДУ Уладзімір Пічэта, выконваў прафесар аднаго са стакгольмскіх універсітэтаў, гісторык Андрэй Катлярчук. На ролю заходняга вучонага запрасілі Стэфана Эрыксана, былога амбасадара Швецыі ў Беларусі, які з'яўляецца актыўным аматарам беларускай літаратуры, культуры, перакладнікам мастацкіх тэкстаў з беларускай мовы на шведскую, а цяпер працуе ў Міністэрстве замежных справаў Швецыі.

Адзін з удзельнікаў пастаноўкі прафесар Андрэй Катлярчук задаволены, што на спектакаль прыйшло шмат новых людзей, якія даўно не бралі ўдзелу ў мерапрыемствах дыяспары. Катлярчук адзначае, што спектакаль "Тутэйшыя" - гэта першая беларуска-моўныя пастаноўка ў Швецыі:

- На сёння я ведаю дзве сучасныя пастаноўкі п'есы "Тутэйшыя" - адна ў выкананні Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы (у Менску) і другая - мастацкі фільм, зняты тэлеканалам "Белсат". Пастаноўка ў Швецыі - гэта новая спроба адрадзіць і данесці да публікі твор вялікага класіка Янкі Купалы - чалавека, тэксты якога не старэюць.

Арганізацыя "Sveriges Belarusier" ("Беларусы Швецыі") як афіцыйнае аб'яднанне беларускай дыяспары існуе ўжо 6 гадоў. Арганізацыя яднае беларусаў розных узростаў і прафесій і палітычных поглядаў.

Ірына Азаранка , для Радыё Свабода.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў траўні

Абухоўскі Юры Адамковіч Аляксандр Эдмун. Азарка Вольга Ўладзіміраўна Акуленка Міхаіл Александровіч Разалія Адам. Алесіна Таццяна Міхайлаўна Аляшчэня Мікалай Мікалаев. Анапрыенка Ірына Анішчык Барыс Вітальевіч Апалька Жанна Віктараўна Апон Мікалай Арлоў Валянцін Мікалаевіч Аскерка Зміцер Астахновіч Андрэй Казіміравіч Астравух Аліна Эдмундаўна Бабіч Юры Міхайлавіч Бакшун Валянціна Баланчук Эдуард Мікалаевіч Баркун Юры Васільевіч Бародзіч Сямён Дзмітрыевіч Бароўскі Анатоль Мікалаевіч Бахун Сяргей Пятровіч Белавокая Наталля Богуш Святлана Яўгенаўна Бордак Уладзімір Адамавіч Борсук Ніна Мікалаеўна Брыцько Ўладзімір Буднік Янка Фёдаравіч Буз Андрэй Віктаравіч Буката Людміла Аляксандр. Буката Надзея Эдвардаўна Быкава Надзея Мартынаўна Быстранкова Таіса Вікенцеўна Бяйдук Наталля Вайцэховіч А.Р. Валіцкая Іна Валошчык Мікола Антонавіч Вараб'ёў Уладзімір Раманавіч Васілеўская Кацярына Васільева Кацярына Васільчук Іван Дзмітрыевіч Ваўчок Ліля Вішнеўская Дар'я Дзмітрыеўна Галубовіч Вольга Галустаў Эдуард Гарбачэўскі Васіль Гладкі Леанід Анатольевіч Гнеўка Анатоль Лявонавіч Гоўша Уладзімір Міхайлавіч Чхаідзэ Георгі Грудзіна Аляксандр Пятровіч Грумо Зміцер Грышкевіч Кірыла Уладзімір. Гундар Уладзімір Тадэвушав. Гусак Станіслаў Рыгоравіч Давыдзік Кацярына Канстанц. Даніловіч Раіса Дзмітрыеў Андрэй Уладзімір. Дзяконскі Аляксандр Алякс. Долбік Юры Ўладзіміравіч Драўніцкая К.М. Драўніцкі Іван Пятровіч Дрозд Галіна Думанскі Аляксандр Жабінская Марыя Пятроўна Жукоўская Таццяна Яўгенаўна Жураўлёва Таццяна Сяргеўна Іванова Анфіса Міхайлаўна Ісайкіна Вольга Юр'еўна Кабылка Віталь Кавальчук Галіна Тадэвуш. Кавальчук Часлаў Францавіч Казакевіч Юры Іосіфавіч Калакольцава Аліна Калацкая Вольга Калеснікава Алена Ўладзімір. Каляда Ніна Фёдараўна Камко Наталля Юр'еўна Кампанеец Святлана Юр'еўна Кандракоў Міхаіл Валер'евіч Кандратовіч Ян Янавіч Кандраццеў Андрэй Васільевіч Кануннікаў Сяргей Іванавіч Карнееў Віктар Васільевіч Карнілава Наталля Яўгенаўна Кароль Аляксей Сцяпанавіч Кароль Маргарыта Міхайл. Карпінская Юлія Карповіч Андрэй Іванавіч Карцель Настасся Касавец Іван Язэпавіч Касцюк Георгі Васільевіч Каўлярова Т. М. Клімуць Вольга Кляшторная Мая Тодараўна Корзан Сцяпан Уладзіміравіч Корзан Уладзімір Сцяпанавіч Корзан Яніна Браніславаўна Кот Алена Коўган Сяргей Яўгенавіч Кравец Дзмітры Юр'евіч Крук Віктар Фёдаравіч Кручкоў Сяргей Мікалаевіч Кудрашоў Віктар Кульбянкова Іна Лабачоў Яўген Дзмітрыевіч Лагун Вольга Эдвардаўна Лапо Аляксандр Іванавіч Латоцін Лявон Алякандравіч Лебедзева Наталля Мікалаеўна Леўшык Станіслаў Станіслав. Лук'янцаў Кірыла Лытнёў Міхаіл Ляскоўская Зоя Нікіфараўна Майсеня Людміла Іосіфаўна Макарскі Андрэй Георгіевіч Макарчык Уладзімір Макрыцкая Таццяна (Ніна) М. Малышава Галіна Малько Пётр Іванавіч Мальцава Ганна Валянцінаўна Марцінкевіч Яўгенія Мацвеева Таццяна Генадз. Мацвееў Максім Іванавіч Міцкевіч Кастусь Міцкевіч Яўген Фаміч Моніч Алесь Мурашка Людміла Мікал. Муха Валянцін Станіслававіч Мякшыла Мікалай Мяснянкіна Ала Міхайлаўна Навасельская Таццяна Уладз. Нарушэвіч Міхаіл Алегавіч Натынчык Уладзімір Алякс. Ніжанкоўская Ірына Уладзісл. Нікіпорчык Віктар Отчык Андрэй Панізьнік Сяргей Сцяпанавіч Паплаўская Ірына Станіслав. Паўлаў Міхаіл Іванавіч Паўлініч Валеры Валерыевіч Паўтаржыцкі Канстанцін Бран. Пашкевіч Ігар Пералыгін Алесь Пожанька Ігар Леанідавіч Радзюк Алена Іванаўна Радзюк Уладзімір Сяргеевіч Пратасавіцкая Марыя Георг. Праўдзін Віктар Аляксандр. Пуцікаў Ілля Пушкін Ігар Аляксандравіч Пыжык Аляксей Пятрашка Майя Рачэўскі Станіслаў Рыгоравіч Рубанік Таццяна Руткевіч Вераніка Антонаўна Рухлова Тамара Сабуць Галіна Эдмундаўна Салаўёў Зміцер Сяргеевіч Салговіч Вольга Віктараўны Салодкі Юры Часлававіч Самасюк Ганна Самойленка Арцём Сяргеевіч Саханчук Людміла Мікалаеўна Сідар Маргарыта Сідаровіч Яніна Дзмітраўна Сілкова Раіса Іванаўна Сільвановіч Станіслаў Алёйз. Сітнік Аляксандр Сіўко Франц Іванавіч Снітко Вольга Ўладзіміраўна Снітко Галіна Мікалаеўна Станевіч Тамара Іосіфаўна Станевіч Юры Сташэўскі Яўген Адамавіч Строкач Аляксандр Пятровіч Стукаў Віктар Якаўлевіч Сцефановіч Рамуальд Счасная Нэлі Пятроўна Сяліцкая Рыта Талкачыкава Кацярына Аляк. Таневіч Галіна Янаўна Тарасенка Ўладзімір Мікал. Тырсін Васіль Анатольевіч Тышкевіч Галіна Францаўна Харанека Святлана Станіслав. Харланчук Аляксандр Анат. Хвайніцкі Часлаў Сіманавіч Хітрун Ілья Андрэевіч Холеў Станіслаў Браніслававіч Хоміч Генадзь Рыгоравіч Храмлюк Марыя Іосіфаўна Цвікевіч Мікалай Аляксеевіч Церпугова Алена Фёдараўна Цітоў Леанід Сцяпанавіч Цюрын Аляксей Сяргеевіч Чарнышова Алена Аляксанд. Чухліб Наталля Чэчат Віктар Аляксандравіч Шабуня Ніна Шапуцька Віктар Аляксандр. Шарах Мікола Аркадзевіч Шароў Георгі Іванавіч Шарыпкін Генадзь Леанідавіч Шаўкера Алег Шахаб Дар'ян Шахмуць Ніна Іванаўна Шкірманкоў Фелікс Шошын Руслан Алегавіч Шруб Марына Шупенька Ірына Аляксандр. Шуткін Сяргей Сяргеевіч Шчарбіна Святлана Шчэрба Святлана Мікалаеўна Шык Кірыл Іванавіч Шыла Ўладзімір Шыманіца Ала Іванаўна Шышкавец Ала Аркадзеўна Юрэвіч Генрых Іосіфавіч Якубчык Генрых Яніцкая Мая Міхайлаўна Яцыновіч Святлана



"Будзьма!"

4 траўня (панядзелак)адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым

"Гісторыя ў падзеях і малюнках"

Пачатак - 18.30 гадзін.

Румянцава, 13 Уваход вольны.


Мікалай Радзівіл Чорны і Ўладзімір Арлоў разам на Русінаўскай сядзібе ТБМ

17 красавіка на Русінаўскай сядзібе ТБМ (Баранавіцкі раён) адбылася творчая сустрэча аматараў беларускай гісторыі з пісьменнікам Уладзімірам Арловым, які прэзентаваў сваю кнігу "Імёны свабоды". Напачатку была праведзена віктарына па творчасці Ўладзіміра Арлова, і адбылося ганараванне пераможцаў віктарыны, прысвечанай 500-м угодкам з дня народзінаў палітычнага, рэлігійнага і культурнага дзеяча ВКЛ Мікалая Радзівіла Чорнага. Пераможцам віктарыны стала Яся Малашчанка (Баранавіцкая гімназія № 4), якая атрымала ад Уладзіміра Арлова ў падарунак кнігу "Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае". Прызёрамі гістарычнай віктарыны ў гонар Мікалая Радзівіла Чорнага таксама сталі Андрыёнак Насця (г. Баранавічы), Раман Патапчук (г. Менск), Кунцэвіч Віталь (г. Баранавічы), Генадзь Ажэль (г. Баранавічы, прадпрымальнік у сферы будаўніцтва), Чыгрын Сяргей (краязнавец, г. Слонім), Лабар Кірыл і Муха Анжаліка - сябры клуба "Спадчына" Дварэцкай СШ (Дзятлаўскі раён). Усе пераможцы віктарыны атрымалі каштоўныя падарункі і кнігі па гісторыі Беларусі ад слыннага гісторыка і пісьменніка.

Затым Уладзімір Арлоў распавёў пра гісторыю напісання сваёй кнігі і пералічыў імёны ўсіх 40 чалавек, пра якіх ідзе гаворка ў трэцім выданні "Імёнаў свабоды". Аўтар прачытаў фрагменты нарысаў пра лёс, найперш, Тадэвуша Рэйтана, Уладзіслава Галубка, Сяргея Пясецкага, жыццё і дзейнасць якіх звязана з Баранавіцкай зямлёй, а таксама пра Пятра Марцава, Генадзя Бураўкіна, Таццяну Сапач, Уладзіслава Пятрайціса і інш.

Удзельнікі святочнай імпрэзы мелі магчымасць набыць цікавую кнігу і атрымаць асабісты аўтограф аўтара, пілі русінаўскую гарбату з чарніцамі, елі аладкі і каравай "Чатыры вятры" мясцовага прадпрымальніка Мікалая Чарнавуса. На памяць пра сустрэчу Ўладзіміру Арлову баранавіцкія сябры ТБМ падаравалі памятны знак пераможнай Палонкаўскай бітвы (мастак Мікалай Колас), якой спаўняецца ў гэтым годзе 355 гадоў.

Віктар Сырыца , старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ.


НЕЎМІРУЧАСЦЬ ПАЭТА

Асацыятыўная рэцэнзія

Добры дзень!

Ядвіга Рай, ваша даўняя чытачка.

Выпісваю газету "Наша слова" даўно. Чытаю з цікавасцю, увесь матэрыял змястоўны і пашырае мае веды. У № 50 за 2011 год надрукаваны мае запісы пра пілігрымку на Святую Зямлю з нагоды асвячэння табліцы "Ойча наш" на беларускай мове. Радасць была невымоўная тады, у Ерусаліме, каля гэтай табліцы. Хоць у сэрца і кальнула балюча, калі ўбачыла, што ў другім радку пакінулі выразную кальку з польскай мовы. Не проста нашай прыгожай мове выпрастаць плечы з "пальшчызны і русізмаў"...

Зараз пішу Вам з нагоды згадвання майго імя ў трох нумарах сёлета.

У № 3 ад 21 студзеня Валер Аляксеевіч Санько, з якім я пазнаёмілася калісьці цераз "Наша слова", выказаў свае думкі ў артыкуле "Шчыры абрыс сэрца пілігрымкі" наконт маёй кнігі "Сцежкі пілігрыма на скрыжаваннях часу". Дзякуй яму за гэта. Але казаць, што ў кніжцы "хіба на хібе", то ўжо занадта. А "адвечная вёска Шчамысліца" каля чыгуначнага пераезду пазначана на вялікім блакітным указальніку: Шчомысліца (я не прыдумляла назву, так ёсць у рэчаіснасці). Спосаб выказвання думак у рэцэнзента занадта катэгарычны. І я не лічу, што мне нехта "нашкодзіў".

Рэдактар маёй кнігі - Юрась Нераток, адказаў В.А. Санько ў яго ж манеры ў № 10 ад 11 сакавіка. Ведаю Ю. Нератка з тых жа часоў, як і В.А. Санько. Сустракаемся на паседжаннях літаратурна-музыкальнага клубу. Заўважыла, што Юрась многа ўвагі ўдзяляе маладым аўтарам. Звярнулася да яго па дапамогу. Многа разоў па некалькі гадзін працавалі над рукапісам. Я атрымала добры вопыт працы над тэкстам і ўдзячна за гэта Ю. Нератку.

Паважаю абоіх пісьменнікаў. Прыкра назіраць, як разгарнулася спрэчка. Мне, у свой час, цікава было вучыцца і ў аднаго, і ў другога, паколькі пісаць пачала толькі ў 2007 годзе.

Не ведаю, у якім часе існуе і адчувае сябе Алесь Грыц, пенсіянер з Менска, які ўсё-такі разумее, што "ўсю кудзелю не перапрадзеш". Яго артыкул "Пра тую самую кудзелю", змешчаны ў № 14 ад 8 красавіка. Калі я ўбачыла такую назву, то падумала, што ў артыкуле пойдзе гутарка пра родзічаў "па кудзелі", значыць, па жаночай лініі, а не "па мячу" - па бацькоўскай. Ажно зусім пра іншае на самай справе даслаў Алесь Грыц.

Па-першае, змест ўразіў разнастайнасцю закранутых тэм: стан мовы - велізарная бясконцая справа зацікаўленых людзей; некалькі радкоў пра мяне і потым шматлікія выпады ў бок рэдактара; многа інфармацыі пра В.А. Санько і яго кнігу "Звіняць жаўрукі ў Чарнобыльскім небе".

Дзякуй Алесю Грыцу за станоўчы водгук.

Але большая частка артыкула - гэта процістаянне: Санько - Нераток. Лічу, што не варта кідацца камянямі, альбо скрыжоўваць шпагі ці рапіры. Лепш знайсці тое, што можа аб'ядноўваць, гэта дасць станоўчы вынік. Такім чынам кожны можа дасягнуць поспехаў, не варта тапіць адзін аднаго.

Паважаныя пісьменнікі, спыніце варагаванне, лепш парадуйцеся за мяне, што кніга надрукавана. Выйшла такая, "якой і павінна быць".

Дарэчы дасылаю асацыятыўную рэцэнзію з назвай: "Неўміручасць паэта". Гэта ўрывак з той кнігі, пра якую разгарнулася спрэчка. Там якраз пра кнігу В.А. Санько гаворыцца.


Пра Янку Купалу напісана шмат: рознага кшталту і з рознай нагоды. Выдаюцца кнігі, праводзяцца сустрэчы, семінары, пішуцца артыкулы, рыхтуюцца і чытаюцца даклады, абараняюцца дысертацыі. Пазалетась адзначалі 130-годдзе з дня нараджэння паэта. Чаму такая ўвага да яго творчасці? Адказ ёсць - прарокі неўміручыя.

Некалькі гадоў таму ў адной з беларускіх газет у навагоднім нумары быў надрукаваны верш "Новы год". Змест гэтага верша быў настолькі актуальны адпаведна падзеям у дзяржаве, што я была вельмі ўражана смеласцю выказванняў і смеласцю рэдактара... а калі ўбачыла, што аўтар - Янка Купала, то здзіўленне, радасць, годнасць запоўнілі сэрца. Прарокі - не паміраюць.

Зноў захацелася перачытваць яго творы, балазе да юбілею быў выдадзены вялізны зборнік у адным томе. Не буду гаварыць пра п'есы і драматычныя паэмы - вы маглі іх бачыць у тэатрах. Створана рок-опера "Курган", выдадзены музычны кампакт-дыск. У свой час "Песняры" Ўладзіміра Мулявіна спявалі паэму-легенду "Гусляр". А сам Мулявін адчуў у простых словах верша "Мая малітва" музыку і па-майстэрску выконваў песню на сцэне. Замірала ўся зала... Спадзяюся, гэтым творам наканавана доўгае жыццё.

А зараз раскажу пра некалькі вершаў, якія асабліва прыцягнулі ўвагу, зачапілі.

Верш "Песня і сіла" напісаны на пачатку 20-га стагоддзя. За больш чым сто гадоў ні адно яго слова не стала архаічным. Празорлівасць і моц слоў Янкі Купалы незвычайная:

Дайце разгону, прастору

Дрэмлючым песням і сілам, -

Дрогне запор наймацнейшы,

Мы ўскалыхнём і магілай.


Продка адвечную думу

Праўнук санлівы пачуе;

Што ўзяць

курган нам маніўся,

На кургане адбудуем.


Шлях залаты працярэбім,

Зорна ўзнясёмся ў высоты

Вышай няпраўды, няславы,

Вышай пакутных балотаў.

На Беларусі нямала балоцістых мясцін. Але здаецца, паэт меў на ўвазе зусім іншае балота - ману, крыўду, злосць, зайздрасць, падман. Гэта значыць, усё тое, што цягне чалавека ўніз. Пара нам урэшце ад такіх балотаў адмовіцца, а даць прастор і разгон таму, да чаго імкнецца сэрца.

У Янкі Купалы першая кніга мае назву "Жалейка". Гэта - музычны інструмент. Другі зборнік - "Гусляр"; у той жа час была надрукавана паэма "Адвечная песня". Адразу адчуваецца, наколькі творчасць паэта звязана з музыкай, з песняй.

У вершы "Жальцеся, грайкія струны" ёсць радкі, якія і праз 105 гадоў гучаць як заклік для сучасных паэтаў:

Сэрцу нясіце злягчэнне,

З пут вызваляйце душу,

Новыя ліце праменні

Ў сонную быту душу!


Ліце прызыўныя чары

Жыўчую думкам ваду.

Высельце буднасці мары,

Духаў благіх чараду!

І заканчваецца верш таксама заклікам:

Гэй жа, далей з беспрасвецця!

К сонцу з пакутных нізін!

Вось яна, магутная станоўчая пазіцыя Песняра.

У кожнага чалавека ёсць будучыня. Ён можа пражыць яшчэ стагоддзе, некалькі дзесяцігоддзяў, некалькі гадоў, месяцаў, дзён альбо нават гадзін. Але будучыня - ёсць. І творыцца яна выбарам чалавека, нават калі ён не ведае пра гэта. У вершы "Перад будучыняй" Янка Купала гаворыць не пра сябе. Яго клапоціць будучыня Беларусі. Верш напісаны амаль сто гадоў таму, а кожнае слова адпавядае нашай рэчаіснасці:

Там чутна: Беларусь!

Там - Незалежнасць!

А там -

"Паўстань, пракляццем"...

Ну, а мы?

Мы ў страху… дум

крутня…разбежнасць…

Без толку крыллем хлопаем,

як цьмы.

А калі казаць пра вецер з загонаў то ўсходніх, то заходніх, дык гэта ўвачавідкі кожнаму. Так ёсць у Беларусі і цяпер. Таксама, як і ківанне: "Што мы - не мы, што нехта вінават". І далей:

І так жывём,

сябе саміх не знаўшы,

Учора, сёння лазім між канаў...

Што такое канава? Гэта нейкі роў, тое, што раздзяляе. Часцей за ўсё ў канаве знаходзіцца вада, аднак брудная, бо не цячэ, не рухаецца. Тады, у бытнасць прарока, чуем яго прызнанне, што мы, а значыць - кожны, не ведаем сябе. Ці многа вы сустракалі людзей, якія маглі б сказаць, што ведаюць сябе? Чаму ж мы так мала змяніліся за стагоддзе?

Вялікі сум чуецца ў словах апошніх радкоў:

Няўжо нас не аб'ясніць

розум ясны,

І не пакінем біцца з кута ў кут?

Выключны талент, вялікае сэрца народнага паэта пакінулі неўміручыя творы. Будзем карыстацца гэтым багаццем.

У 2013 годзе ўпершыню ў літаратурным творы - у аповесці-ўяве "Грэх на іх нязмыўны" падаюцца падзеі апошніх дзён жыцця Янкі Купалы. І яго сыход...

У царкве альбо дома вернікі чытаюць акафісты, у касцёле - літаніі, а кніга пра апошнія гады Янкі Купалы "Грэх на іх нязмыўны" В.А. Санько пачынаецца са своеасаблівага прызнання значнасці, важкасці творчасці, усяго яго жыцця. І яно, гэтае прызнанне, нагадвае тыя прыгожыя малітвы, маленні. Калі дакладна - то гэта сапраўды літанія да Янкі Купалы. Пры гэтым няма ўражання штучнасці, спрошчанасці. Ёсць любоў і павага да народнага песняра.

Талент, даследчыцкі вопыт і павага да роднага слова, а ямчэй сказаць - улюбёнасць у родную мову, заўважна з першых радкоў кнігі.

На першых жа старонках таго прызнання мы сустракаем шмат новых, выразных і нечакана яркіх слоў і вобразаў.

Самы першы радок: "Магніт беларускасці - Янка Купала" . І чытач адразу "прымагнічаны", прыцягнута яго ўвага да кнігі. І далей амаль у кожным сказе - новыя, адметныя словы. Напрыклад: "Супыняльнік варагавання, у чым бы яно ні праяўлялася" , потым - "пачынальнік... абнаўляльнік... узвышальнік... выказнік... сцвярджальнік" - цэлая абойма прыгожых назоўнікаў, утвораных ад дзеясловаў. І гэта толькі на першай старонцы тэксту. Аўтар яскрава паказвае магчымасці словаўтварэння ў нашай мове.

Акрамя гэтага аўтар падае нам новыя нечаканыя спалучэнні слоў: "адзін з лепшых у савецкай літаратуры аб'ектывістаў жыцця", "няўсміхна сузіраюцца", "гмахкая машына круцілася", "прымусовае абкалгасніцтва" і далей. Практычна на кожнай старонцы можна сустрэць зноў і зноў выразнасць слоў і адчуць мажлівасці і прыгажосць нашай мовы.

Непараўнальна дакладны вобраз сацыялістычнай рэчаіснасці жыцця інтэлігенцыі ў СССР перадаецца ў двух радках: "З дня заснавання ў краіне СССР надзявалі наморднікі на ўсіх думкіх, адрозных, асабліва творчых" . Сама адчувала гэты наморднік у маладосці, калі працавала ў Нацыянальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна ў Менску ў сямідзясятыя гады, адразу пасля заканчэння вучобы ў педагагічным інстытуце.

Увогуле мова В. Санько настолькі поўнавартасная і пры тым лаканічная, што за некалькімі радкамі можа паўставаць амаль стогадовая гісторыя беларускага літаратурнага жыцця. Напрыклад: "У беларусаў выкоўвалі нацыянальную свядомасць Багушэвіч і Дунін-Марцінкевіч, Багдановіч і Цётка, іх сцяжыну вымасточвалі ў шлях Купала і Колас, Гарун і Ядзвігін Ш., Чорны і Гарэцкі".

А вось цытата, у якой аўтар выказаў адну са сваіх самых важкіх (на мой погляд) думак:

"Для Янкі Купалы беларушчына не адно пагарджаная наезджанцамі і сваімі вырадкамі родная мова - найперш знявечаная беларуская самасвядомасць". Цяпер цяжкавата, але ўсё ж магчыма аднаўляць нашу самасвядомасць. Твор, пра які ідзе гутарка, дапаможа адчуць нашы моцныя карані. Бо многія творы вялікага песняра і сёння гучаць сучасна.

"Лірык, паэмнік, драматург стаў выказнікам народнасці" , а яго апошнія пятнаццаць гадоў жыцця былі азмрочаны зайздрасцю і другімі з'явамі, што "каростаю раз'ядала душы немарачанцаў ад паэзіі, пралетарскіх бязродавічаў, інтэрнацыяналісцкіх павярхоўнікаў" . Але, як кажа аўтар: "Беларуская інтэлігенцыя не аслепла, стагнала, працавала, выкручвалася, усё бачыла, асабліва яе вочы, народныя паэты".

У кнізе сустракаюцца такія выразы, што могуць загучаць у нас як прымаўкі: "Шэрыя ўсё шэраць" , "Жыць трэба іначай ", "Спадзявацца, як і вылузвацца, трэба заўжды" і іншыя.

Чым далей паглыбляешся ў кнігу, тым больш выразна гучыць наша родная мова!

Потым зразумела чаму: у ёй адсутнічаюць калькі з рускамоўных слоў. Нам дастаткова сваіх, адметных, лёгка зразумелых пры ўважлівым прачытанні. А выразнасць слоў, іх вобразнасць праменіць амаль у кожным радку: "няслухнічаюць", "металее голас" "спрэчніліся рэдка", там жа - "у сузгоднай маўклівай сціхасці " ды многія-многія іншыя.

З першых радкоў чытача бярэ ў палон вобразная, словаўтваральная мова аўтара. Ён - сапраўдны выразнік магутнай моўнай плыні, яскравай, прыгожай, і разам з тым - дакладнай. Многія старонкі хочацца чытаць зноў і зноў, удумвацца, аналізаваць са свайго пункту гледжання, радавацца нашай магутнай жывой мове. Бо калі з'яўляюцца такія творы, то яна мае здольнасць да развіцця.

Як білінгвіст (у роднай хаце гучала беларуская мова і польская; потым, калі дзеці пачалі вучыцца ў школе, дадалася руская, асабліва калі навучанне ў школе стала цалкам рускамоўным; адпаведна, былі кнігі на гэтых мовах), магу адзначыць, што кожнае новастворанае слова аўтара з'яўляецца агеньчыкам - лёгкім, іскрыстым паказчыкам таго, што наша мова здольна пашырацца ды паглыбляцца. А самае галоўнае - гэта натуральны рух мовы. Анічога штучнага, прыдуманага дзеля забавы ці, каб вылучыцца.

У выяўленчым мастацтве Беларусі сваёй адметнасцю сусветную вядомасць набылі Марк Шагал і Казімір Малевіч. Не меншую адметнасць у літаратуры праяўляе паважаны Валер Аляксеевіч Санько. Героі аповесці-ўявы самабытныя і праўдзівыя: Янка Купала, Уладзіслава Луцэвіч, Сталін, Фадзееў, Твардоўскі, Тарасюк, Панамар, Гарбун, Язэп Мучар, Бэндас, Александровіч і іншыя.

Вялікую ўвагу і шмат месца ў кнізе займеў галоўны выканальнік жудаснай дзеі - Карней Лапух. Здольнасць прыстасаванца паказана на працягу ўсяго яго жыцця (толькі гэта не жыццё, а пакута!), і эпілог пачынаецца наступнымі радкамі: "Нежыццёвец у зямным быцці, нерухлівец у Гэтым існаванні Карней Лапух не вылазіў з болю" .

Праўдзіва апісаны стан душы ўражвае. Аўтар не дае яму магчымасці нават "уплішчыцца на самую горшую паліцу пекла" . Вось тут не магу пагадзіцца з аўтарам: браць на сябе ролю вярхоўнага суддзі не варта. Ёсць міласэрнасць. І тое вечнае заданне: "казнить нельзя помиловать" - пастаў коску, аднак не парушай запаведзяў.

І разам з тым: "Грэх нязмыўны і няўмірны кожнаму крыўдзельніку нацыянальнага таленту любой нацыі, тым болей генія" , - сцвярджае В. Санько.

Чырвонай нітачкай праз усю кнігу працягваецца між радкоў думка: чалавек нясе адказнасць за свае справы, за свае словы.

Можна спытацца: чаму аўтар назваў твор аповесцю-ўявай? Бо, як лічыць доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч: "На Беларусі адна з самых закрытых і недаследаваных тэмаў - смерць народнага паэта Янкі Купалы. Напісана пра творчасць шмат, сам узгадваецца часта, а як памёр - канкрэтнага нічога" . І Валер Санько сілай таленту, моцай сэрца, улюбёнасцю да Радзімы стварае рэльефныя разнастайныя вобразы. Вечная тэма Моцарта і Сальеры…

І пакуль з'яўляюцца такія творы, "вечна і адважна будзе жыццёвіцца беларуская ідэя і народ беларускі" (В. Санько). А такія рупліўцы, як аўтар, даюць нам магчымасць адчуць, што мы, беларусы, яшчэ нечага вартыя ў гэтым свеце, калі маем такую спадчыну.


Імя ў гісторыі: Заходнепалескі рэгіён

Нататкі з ІV навукова-практычнай канферэнцыі ў Пружанах

У зале музея-сядзібы "Пружанскі палацык", дзе праходзіла дзея, вынесеная ў загаловак, прысутнічала і газета "Наша слова", № 11 за 18 сакавіка 2015 г., і былі агучаны з яе гэтыя радкі: "Некалькімі словамі: правінцыйны музей у Пружанах сваім выданнем (маецца на ўвазе зборнік пра падзеі Першай сусветнай вайны) і навуковымі канферэнцыямі яскрава гаворыць, сведчыць, што яму па сілах і яшчэ больш праблемныя задачы". Што гэта так, сведчаннем таму і чарговае мерапрыемства.


Адкрылі канферэнцыю падзвіжнік, працалюб улюблёнец у музейную справу дырэктар установы Юрый Зялёвіч і Сяргей Дзямідаў, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пружанскага райвыкнкама, кандыдат гістарычных навук.

Першай далі слова Алене Рысь з Кобрына. Яе палымяны расказ быў пра аднаго з самых яркіх падзвіжнікаў-бяссрэбранікаў, дасведчанага захавальніка гісторыі Кобрыншчыны А. Мартынава. Няма яго, але ён жыве ў памяці і сэрцах людзей.

Краязнавец і сапраўдны даследчык з вёскі Малеч Бярозаўскага раёна Аляксандр Кенда падрыхтаваў адметны, унікальны, скрупулёзны даклад "Дакучыцы: кароткая гісторыя роду у кантэксце дэмаграфічных і сацыяльна-эканамічных працэсаў у мястэчках Сялец і Малеч у другой палове ХVІІ - ХVІІІ стст." Што і гаварыць, атрымалася ўражанне, што выступоўца сапраўды жыў, дзеяў з Дакучыцамі некалькі стагоддзяў.

Насельніца Масквы, краязнаўца Наталля Магер, маючы сталы ўзрост, разам з сваім мужам ужо другі раз прыязджае ў Пружаны на канферэнцыі (дадам ад сябе, што яна мае свае радавыя карані з нашага Крэва. - М.У. ) і разам з ім сумесна падрыхтавала, агучыла і праілюстравала сваю працу: "Музей і сядзіба (расійскі вопыт для музеяў у сядзібах Заходняга Палесся)". Акрамя гэтага, яна цікавілася вёскай Ясенец (сёння ў Баранавіцкім раёне), дзе нарадзіўся выдатны дзеяч Іаяхім Храптовіч, іншыя славутасці; падзеямі, якія былі ў гісторыі Смаргоні.

Улюблёны ў свой горад і раён калектыў музея падрыхтаваў для гасцей шмат літаратуры, даведак, іншых матэрыялаў. Сярод іх і выданне "Станіслаў Жукоўскі" разам з арыгінальнымі паштоўкамі карцін пра родныя мясціны, дзе ён рос у маёнтку Старая Воля пад Пружанамі. Якраз пра гэтага сусветнага мастака і быў глыбокі даклад магістра мастацтвазнаўства, старшага навуковага супрацоўніка аддзела рускага і замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея РБ Юліі Лісай "Мастацкая прастора як перадача нацыянальнай карціны свету. Станіслаў Жукоўскі".

"Дзям'ян Саляпура з вёскі Кацёлкі: лёс звычайнага чалавека ў віхурах гісторыі" - гэта была тэма выступлення Вольгі Папко, кандыдата гістарычных навук, дацэнта. Слухаць вучоную была адна асалода. Яна ж і дырэктар УК "Замкавы комплекс "Мір".

Незвычайна зіхатлівым, эмацыйным, хвалюючым, прадуманым было слова Ларысы Быцко, загадчыка аддзела традыцыйнай культуры ДУК "Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр": "Мікалай Тарасюк - асоба, філосаф, мастак". Дзякуючы гэтай падзвіжніцы, культурная спадчына гэтай Постаці - нябожчыка захавана, і ўдзельнікі канферэнцыі змаглі пазнаёміцца з часткай здабыткаў чалавека з вёскі, дзе ён застаўся адзін, на спецыяльнай выстаўцы.

На шкадаванне, не прыехаў літаратар Сяргей Чыгрын са Слоніма, у яго не было аніякіх прычын адсутнасці, як аказалася ён бавіў свой час пад Баранавічамі; не змаглі прыехаць вучоныя і даследчыкі з Украіны Таццяна Яцэчка-Блажэнка і Іван Рудзянін.

У першы дзень для ўдзельнікаў канферэнцыі адбыліся тры экскурсіі - па Пружанах, у в. Стараволя і г.п. Шарашова, скуль выйшла шмат знаных асоб.

Выдатнік друку Беларусі, правадзейны сябра Геаграфічнага таварыства пры былой Акарэміі навук СССР Міхась Маліноўскі зрабіў даклад "Вёска Байкі ў прасторы часу і імя ў гераізме", у сваім дакладзе краязнавец з Баранавічаў сярод іншага адзначыў трагедыю вёскі ў 1944 г., калі фашысты акружылі яе, сагналі людзей, спачатку здзекваліся над імі, катавалі іх, дзетак ірвалі сабакамі, падпальвалі іх і ў рэшце рэшт знішчылі каля 1000 вяскоўцаў, як у гэтай вёсцы паўстала Гераічная Постаць - хлопчыка з нечым болей за 11 гадкоў, Цішкі Барана, які завёў гэтых карнікаў замест партызанскага атрада ў непраходнае балота, з якога нейкім чынам выратаваўся толькі адзін немец, які і расказаў пра апошні дзень хлопчыка і яго падзвіг.

Цішка Баран, ці ёсць яму помнік, чым пасмяротна ўзнагароджаны? Маўчыць гісторыя. Адпаведныя подзвігі раней за яго здзейнілі браты Цубы, ім на Салігоршчыне стаіць велічны помнік, пераназвана іх родная вёска ў Цубы. Завёў у непралязнае балота нямецкіх звяруг і Іосіф Філідовіч. Як напісаў Яраслаў Пархута у сваёй кнізе "Зямля бацькоў нашых": "У Дзятлаве старому пушчанцу пастаўлены помнік-манумент..."

Але, але велічнае, гераічнае дзіця чамусьці не мае манумента, ці абеліска, альбо помніка...

Было ў Міхася Маліноўскага і паведамленне "Восьмы цуд свету на Палессі" - пра паркі чатырох частак свету пад Целяханамі Міхала Казіміра Агінскага ля палаца Ганарыцін, пра які пісалі ў Амстэрдаме, і які асабіста аглядаў апошні вялікі князь Літвы і кароль Польшчы Станіслаў Аўгуст Панятоўскі.

Ірына Сядова - вялікая краязнаўца свайго роднага краю, журналіст мясцовай газеты "Раённыя будні" прысвяціла свой даклад духоўнаму жыццю Пружаншчыны, пошукам забытых імёнаў. Яна ж падаравала мне, як і іншым, сваё выданне "Нябеснае і зямное" (ААТ "Брэсцкая друкарня", 2014).

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў канферэнцыі быў даклад двух чалавек Наталлі Пракаповіч, галоўнага захавальніка фондаў музея-сядзібы "Пружанскі палацык", Сяргея Рабчука, краязнаўца "Маленькі чалавек" на "Вялікай вайне": да пытання аб ваенных стратах сярод прызваных з Пружанскага павета ў жніўні 1914 - чэрвені 1915 г.".

Саюз творчы, гістарычны, краязнаўчы гэтых апантаных людзей яскрава гаворыць аб іх яшчэ большым навуковым патэнцыяле.

Змястоўным, багатым, цікавым было і выступленне арганізатара гэтай дзеі і папярэдніх канферэнцый, дырэктара музея Юрыя Зялёвіча "Адлюстраванне выдатных землякоў у зборах музея".

Усе дні ў зале прысутнічала краязнаўца і літаратарка, былы педагог-пенсіянерка Ніна Дыдышка, якая прадэкламавала свой дзівосны верш "Родны край".

А скончана была канферэнцыя аглядам усіх экспазіцый музея пад расповяды пра іх яго кіраўніка і цёплым, сяброўскім чаяваннем.

Пішу гэты водгук пра канферэнцыю і адчуваю вялікую і незабыўную радасць, шчасце, што, акрамя ўсяго, што было прапанавана, што адбылося, была асалода ад таго, што ў культурніцкай установе ўладарыць, пануе, красуе наша родная, беларуская, мова, што мае больш чым 50 кніг-падарункаў будуць спадчынай некалькіх сталіц і родных куткоў маёй любай і адзінай Бацькаўшчыны!

Міхась Угрынскі , г. Баранавічы.


Ваенныя прымакі

У гады нямецка-нацысцкай акупацыі ў Беларусі з'явілася цэлая група прыпісных ваеннапалонных з Чырвонай Арміі. Некаторыя з іх сталі прымакамі ў беларускіх дзяўчат і ўдоў. Адны з іх сапраўды пажаніліся, а іншыя, маючы сваіх жонак у Расіі, часова прыжаніліся, пакуль ішла вайна. А пасля вызвалення Беларусі ад акупацыі зніклі. І гэта было на столькі распаўсюджана, што знайшло адлюстраванне ў народных песнях. Мне вядомы два варыянты адной песні на гэту тэму - "Ой, вы дзевачкі-беларусачкі" і "Надзенька". Гэта песня пра абман беларускай нявопытнай дзеўкі.

Надзенька

Ой вы, дзевачкі беларускія,

Не ўлюбляйцесь

у ваенных рабят,

Бо ваенныя ўсе жанатыя,

У заблуджэнне

прыводзяць дзяўчат.

Адна дзевачка-раскрасавіца

Называлася Надзяй яна,

Улюбілася ў ваеннага,

А не знала, што дома жана.

Позьнім вечарам

прыйшоў Ванечка,

Падарыў насавой ёй платок.

- Сабірай усё, што ёсць у цябе,

І паедзем на Дальні Васток.

Да вакзала йшлі, цалаваліся,

Любавалісь сабой, як маглі.

Даў ён у рукі ёй

чамадан пустой,

Сказаў: "Пару мінут абаждзі".

Абашоў кругом,

сам зайшоў у вагон

І празрыцельна глянуў у акно.

- Да свіданія,

больш не ждзі меня,

У меня дома ёсць дзеці, жана.

І засталася бедна Надзенька

З чамаданам пустым у руках.

Аблілася слязой

ды пайшла дамой.

Так прайшлі маладыя гады.

(Надрукавана ў штотыднёвіку "Наша ніва", 1999, № 6, 29 сакавіка, с.15.)

У той жа час на фронце, у партызанскіх атрадах некаторыя дзяўчаты і жанчыны станавіліся ППЖ (паходна-палявымі жонкамі). У іх іншы раз радзіліся і дзеці. Лёс такой паходнай сям'і розны: адныя ў хуткім часе разыходзіліся, а іншыя пасля вайны зарэгістравалі свой шлюб. У гэтай кнізе, звярніце ўвагу, большасць аўтараў успамінаў акружэнцы з Расіі, якія ажаніліся з беларускамі, стварылі трывалыя сем'і і засталіся тут жыць. Безумоўна, былі і такія сем'і, якія паехалі жыць на радзіму мужа.

У гады вайны не ўсе рэгістравалі свой шлюб. Часта жылі проста без запісу ў адпаведных органах. Цяпер на пачатку ХХІ стагоддзя такі пробны шлюб называюць грамадзянскім. Былі яны і пасля вайны, але так не назывліся. Вось адна цікавая гісторыя на гэты конт. У такой сям'і нарадзілася дзяўчынка. Яе назвалі Дзіна. Пайшла яна ў школу, і яе запісалі на прозвішча бацькі Фралова, былога партызана брыгады імя Фрунзе. Але ў пятым класе ў школе запатрабавалі пасведчанне аб нараджэнні гэтай дзяўчынкі. Прыносіць яна ў школу свой дакумент, а там запісана яна на прозвішча маці - Субач. У школе Дзіне замянілі прозвішча. А вучні пятага класа на такое здарэнне адказалі сваім здзеклівым жартам: "Наша Дзіна выйшла ўжо замуж, а таму і прозвішча змяніла". Для ўзросту такой дзяўчынкі гэта было крыўдна.

Нельга не расказаць пра адну гісторыю, якая здарылася ў вёсцы Браўкі Заслаўскага раёна. Падаецца яна ў выглядзе кароткага апавядання.


Прыгожая бялявая Святлана працавала ў цырульні, што была ў гасцініцы "Спадарожнік" у Мінску. Спачатку ездзіла дамоў да маці Марыны, а пасля стала жыць на кватэры, каб не траціць час на лішнія паездкі: 20 кіламетраў у адзін бок і столькі ж у другі.

Раніцай Света адышла ад свайго рабочага месца па нейкай справе, а калі вярнулася, дык убачыла, што ў яе крэсле сядзіць кліент. Падыйшла і як звычайна сказала "Добры дзень!".

- Здравствуйте, моя дорогая доченька! Какая неожиданная встреча!

- Яшчэ раз добры дзень, мой тата! - і пацалавала бацьку ў шчаку.

- Я ночевал в этой гостинице. Вчера поздно приехал сюда в командировку.

- А чаму не паехалі ў Браўкі да мамы?

- Вчера было поздно. А сегодня поеду.

Пакуль Света падстрыгала свайго бацьку Васіля, у яго галаве прайшла ўся ваенная гісторыя 1941 - 1944 гадоў. Баі ў чэрвені 1941 г. каля вёсак Прудзішчы і Браўкі. Шмат забітых, якія і цяпер спачываюць у самой вёсцы Браўкі, каля фельчарскага медыцынскага пункта. І ён ляжыць паранены ў ногі. Хадзіць не мог. Пашкадавала маладая жанчына Марына, у якой муж загінуў на савецка-фінляндскай вайне, і ў якой яшчэ была дачка дзяўчынка гадоў пяці. Марына на нейкай калясцы пры дапамозе суседкі прыцягнула раненага Васіля ў падпаветку і стала яго лячыць. Раны не зажывалі - яна старалася, даставала розныя лекі. Праз месяца паўтара ў яе ўжо быў работнік. Яго сталі выдаваць за тутэйшага. А калі малады мужчына жыве ў маладой удоўкі, дык бывае і тое, што можа адбыцца. Моладасць бярэ сваё. Ці было каханне?! У ваенны час каханне бывае такім кароткім, бо і само жыццё можа стаць зусім кароткім. Сёння жывеш, а заўтра ці будзеш ты жывы - ніхто не ведае. Васіль уцягваўся ў сямейную працу. Вайна ад яго адышла далей. Ён стаў селянінам. Добра, што сам некалі гадаваўся ў вёсцы каля Саратава. Трымаць у руках касу - куды весялей, чым вінтоўку.

У 1943 годзе многія акружэнцы пайшлі ў партызаны. Аднойчы зайшлі і па Васіля. Нагадалі яму, што ён ваеннаабавязаны і павінны ваяваць.

- Бачыце, жонка ў мяне цяжарная. Як народзіць, тады пайду, - адказаў ён.

Марына нарадзіла Свету. А пасля давялося пайсці ў партызаны. Зрэдку наведваўся. Наведаў новую сям'ю і ў ліпені 1944 года.

А ў 1945 годзе вярнуўся ў сваю сям'ю ў Саратаў. Аднак і другая сям'я ў Беларусі не давала яму спакою ў яго думках. Ён шкадаваў беларускую сям'ю. Было шкада таго прытулку, дзе яго вылечылі і паставілі на ногі.

Марына на аліменты не падавала і нічога не патрабавала. Ды і не вядома яшчэ, ці сумела б яна адсудзіць тыя аліменты. А Васіль прызнаў Свету сваёй дачкой і лішні рубель адсылаў у Браўкі. І тут ён заўсёды быў жаданы госць. Васіль сядзеў у крэсле цырульні і абдумваў, што купіць у падарунак Марыне.

- Вось яшчэ асвяжу бэзавым адэкалонам і ўсё, - сказала дачка. - За работу я грошай не вазьму.

- А калі не за работу, дык табе на падарунак 100 савецкіх рублёў, - сказаў ён і паклаў іх каля люстэрка.

- Дзякую тату. А ў мяне ёсць і навіна. Праз месяц я выходжу замуж за інжынера. Ён працуе на трактарным заводзе. Ці прыедзеш на вяселле? Я запрашаю цяпер. А пра дату вяселля я патэлефаную пазней.

- Светачка, абавязкова прыеду. І запрашу маладых у госці да бацькі ў Саратаў.


Гэта гісторыя, як і некаторыя іншыя з партызанскага побыту, вельмі павучальная і для таго часу і нашых дзён. Трагедыі той страшэннай вайны прымушалі людзей заставацца добрымі, уважлівымі, спагадліва ставіцца адзін да другога і спачуваць, а галоўнае дараваць сямейную нявернасць жонкі або мужа. І вяртанне з другой сям'і ў першую, калі і не станоўчы, дык лагічны працэс. Васіль Анухін і Марына Гаранская засталіся сябрамі і раднёй на ўсё жыццё. І ў вёсцы Браўкі гэтую сям'ю паважалі і нікога з іх не асуджалі. Трэба дапамагаць людзям і рабіць дабро. Тады і цябе не забудуць.

1975 год, вёска Браўкі. Сымон Барыс , нататка з кнігі "Бліскавіцы над Заслаўем".


Шлях ад Грыўды да Гандвіка

Што з таго, што няма

ў нас вышэйшае лігі,

Мы не менш чым сталіца

чакаем вясны.

Бачаць свет і ў нас

адмысловыя кнігі

"Боскі вецер правінцыі"

й "Каляровыя сны".

Днямі пабачыла свет чарговая, сёмая кніга баранавіцкага літаратара і журналіста Аляксея Белага, якая атрымала назву "Ад Грыўды да Гандвіка".

Адметным з'яўляецца тое, што на гэты раз паэт Аляксей Белы выдаў не чарговы зборнік вершаў, а прозу. У анатацыі да кніжкі пазначана, што "…гэта не проста аўтабіяграфічны аповед аўтара. У сваім эсэ ён спрабуе паказаць час, у які давялося жыць яго блізкім і яму асабіста" . Насамрэч, час быў няпросты. Пачатак пасляваенных пяцідзесятых, хрушчоўская "адліга" з чэргамі па хлеб, кіраванне Брэжнева і паездкі ў Вільню па вопратку і каўбасу.

Чаму ад Грыўды да Гандвіка? - Грыўда - рака дзяцінства ў Івацэвіцкім раёне - хлопчыкі з Міхнавіч, дзе нарадзіўся Аляксей Белы, хадзілі туды купацца, Гандвік - паморская і скандынаўская назва Белага мора, куды аўтара накіравалі ў 1970-м годзе на першую плавацельскую практыку з марской вучэльні. Салаўкі, Кандалакша, рыбацкія пасёлкі, штормы і вахты каля штурвала непаўнагадовага матроса першага класа па 12-16 гадзін у суткі, пераходы праз ільды, белыя ночы Запаляр'я - усё гэта і шмат што іншае знайшло адлюстраванне ў кнізе.

І мы імкнуліся

"з вараг у грэкі",

У бойках

ганарыліся адзінствам.

Мы рады, што яшчэ

жывыя рэкі,

Якія нас пранеслі

праз дзяцінства.

Алесь Белы прыгожа паведамляе пра сваё дзяцінства, навучанне ў пачатковай школе, дзе адзіным настаўнікам быў бацька вядомага беларускага паэта і празаіка Міколы Купрэева, нялёгкая праца ў калгасе і па гаспадарцы, першыя турыстычныя паходы, першыя вершы, сапраўднае хлапечае сяброўства. Падкрэсліваючы гэта, уступам да аднаго з раздзелаў эсэ аўтар ставіць такія рыфмаваныя радкі:

"Мы раслі ў сваіх вёсках,

бы на скрыжаванні вятроў,

і зайздросцілі птушкам, што

лёгка лунаюць над хатамі.

Мы здавалі бутэлькі,

але не здавалі сяброў -

і таму мы заўсёды сябе

пачуваем багатымі!

У кніжцы шмат гістарычных звестак, звязаных з роднымі мясцінамі аўтара - пра Тадэвуша Касцюшку, фальварак якога знаходзіцца кіламетраў за сем ад роднай вёскі Алеся Белага, пра Шыбельную гару ў Івацэвічах, дзе царскія карнікі вешалі касінераў Кастуся Каліноўскага…

Служба ў войску за мяжой з шматкіламетровымі кросамі і дзедаўшчынай, праца памочнікам капітана на працягу некалькі гадоў на рачным флоце Беларусі на лініі Чарнобыль - Берасце таксама знайшлі адлюстраванне ў зборніку. У кніжцы шмат фотаздымкаў таго перыяду - блізкіх, сяброў, аднадумцаў.

Аўтар узгадвае тыя, ужо далёкія часы, без настальгіі па эсэсэраўскім перыядзе Беларусі. Ён распавядае пра не такое ўжо і бесклапотнае дзяцінства і юнацтва і пра тое, што ў людзей і тады, як, дарэчы, і цяпер, заўсёды была мара пра лепшае жыццё.

Віктар Сырыца, старшыня Баранавіцкай рады ТБМ.


Цікавая сустрэча

На гэты раз на чарговы дзень беларускамоўя мы збіраліся амаль па трывозе - стала вядома, што праездам у Оршы будзе знакаміты беларускі музыка і спявак Зміцер Вайцюшкевіч, і ён згодзен выступіць перад намі. Нам перазванілі і прапанавалі: "Калі ёсць час і жаданне - прыходзьце". І што вы думаеце - ахвотных паслухаць беларускамоўныя песні знайшлося нямала - столькі, што было цеснавата, але ўсе адчувалі сябе ўтульна. А інакш і не магло быць, мы ж - аматары беларушчыны.

Спершапачатку спявак расказаў, што ў гэтым годзе выйдзе яго новы альбом, у які ўвойдзе многа новых, а так-сама і вядомых ужо песень: "Мой край", "Сэрца маё", "Вераніка" і іншыя. Пранікнёна, задушэўна і міла выканаў спявак "Бярозку", і слухачы прыгадалі сабе свае дрэвы, пасаджаныя і выгадаваныя імі самімі. І тут, вядома ж, падступіла нейкая туга і самота, але артыст ураз развеяў яе песняй "Жыве Беларусь", у час якой слухачы падтрымлівалі яго словам "Жыве!". Як напамінах аб тым, што мілей за Беларусь няма нідзе, прагучала песня "На дальняй старане" і "Я нарадзіўся тут", у якіх аўтары ўмела спалучаюць патрыятычнае з лірычным, што бывае няпроста.

У новым сваім альбоме спявак многа ўвагі ўдзяляе песням беларускіх аўтараў Ул. Някляева і Андрэя Хадановіча. Эмацыянальная, гучная песня "Коўдра - магіла" і ўзрушыла, і ўцешыла, а жартаўлівыя "Як пастарэю", "Як бралі мяне ў салдаты" ды пра беларускіх мужчын і пасмяшалі, і развесялілі. Не забыўся музыка ўключыць у свой рэпертуар і выканаць для нас песні на словы нашых любімых паэтаў Генадзя Бураўкіна, Уладзіміра Някляева і іншых "Залатое жыццё" і "Я цябе цалаваў". Выканаў спявак і песню па заяўках - паланез Агінскага "Развітанне з Радзімай", а закончыў сваё выступленне песняй "Бывайце здаровы". Канцэрт доўжыўся больш за гадзіну, у памяшканні было і душнавата, і цеснавата, але ўсім было і ўтульна, і прыемна. Усе мы засталіся вельмі задаволеныя і спеваком, і тымі, хто арганізаваў нам гэтае свята. Так што, паболей бы гэтакіх збораў "па трывозе".

Мінай Карніенка , г. Орша.


Выйшаў зборнік "Леў і ключы" лідскага паэта Алеся Мацулевіча

Што шэпчаш, вецер, з глыбіні вякоў,

што крыламі ўздымаў плашчы з крыжамі?..

На замак рушыць процьма крыжакоў.

У замку - войска, князь ды гараджане.


Спужаўся князь - і з войскам уначы

паспешна ўцёк праз патайную брамку.

Пакінуў перад тым, як уцячы,

ён жменьку вартавых на сценах замка...


... У тым баі ўся варта палягла,

ды ў замак вораг так і не прабраўся…

Паданне ходзіць: прывід ваяра

на замка сценах з тых часоў застаўся.

15 красавіка ў Лідзе прайшла прэзентацыя зборніка паэзіі "Леў і ключы" маладога лідскага паэта Алеся Мацулевіча. Ён складаецца з вершаў, паэм і п'есы, прысвечаных пэўным гістарычным падзеям, якія так ці інакш звязаныя з Лідай і Лідчынай.

Па словах аўтара, зборнік наскрозь прасякнуты патрыятызмам і любоўю да роднага горада. Таму і ў яго назве прысутнічаюць асноўныя элементы герба Ліды - леў і ключы.

- Зборнік названы "Леў і ключы" таму, што цалкам прысвечаны гораду. Тут я нарадзіўся, вырас, жыву, працую. Даўно ў мяне была такая задумка выдаць кнігу, прысвечаную роднаму гораду. І вось задума вылілася ў гэтую кнігу "Леў і ключы". Мэтай стварэння кнігі было тое, каб заахвоціць чытача больш глыбока вывучаць гісторыю роднага горада, цікавіцца ёй.

Алесь Мацулевіч - родам з Ліды. Скончыў філалагічны факультэт Берасцейскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Працуе ў рэдакцыі "Лідскай газеты". Друкаваўся са сваімі вершамі на старонках часопіса "Верасень", у розных лідскіх выданнях. Як журналіст часта друкуецца на старонках "Нашага слова".

Андрусь Панямонаў , Беларускае Радыё Рацыя. На фота аўтара: на пярэднім плане Алесь Мацулевіч..

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX