Вярнуцца: 2015

№ 18 (1221)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 18 (1221), 6 траўня 2015 г.


З 70-годдзем Перамогі

Балада пра Свяшчэнны агонь

Як у час легендарны, пад дубам Пяруна,

Свяшчэнны агонь безупынна гарыць.

То нацыі сімвал, усім напаміна,

Пакуль ён гарыць - будзе нацыя жыць!


Прыслухайся сэрцам, чуткай душою,

Як полымя шэпча малітву без слоў:

За тых, хто загінуў, у бяссмерце пайшоў,

За дзетак нявінных, знядоленых ўдоў.


Хто паў за Радзіму, паў смерцю героя,

Хто недзе ляжыць у далёкай зямлі,

За мсціўцаў лясных, нескароных з падполля,

Ахвяраў хатыняў, што ў неба пайшлі.


Гары не згасай вечны сімвал свяшчэнны,

Ахвярным мінулым нас кліч у паход,

Каб моладзь ў шэраг сусветны, пачэсны

Ўвяла беларускі змагарны народ!

Мар'ян Даргель.


Чэмпіянат па мастацкай гімнастыцы адкрывалі па-беларуску

Трэцяга траўня закончыўся XXXI чэмпіянат Еўропы па мастацкай гімнастыцы ў Менску. Беларуская каманда на ім заваявала адзін залаты, чатыры срэбныя і чатыры бронзавыя медалі.

"Золата" атрымала юніёрская зборная ў фінале групавога практыкавання з мячом.

Срэбныя медалі заваявала беларуская каманда (Меліціна Станюта, Кацярына Галкіна) у шматбор'і, юніёрская зборная у групавым шматбор'і, а таксама лідарка зборнай Станюта у практыкаваннях з абручом і стужкай.

Бронзу прынеслі Станюта ў практыкаваннях з мячом і булавамі, Галкіна з булавамі і абручом (у практыкаваннях з булавамі спартсменкі набралі аднолькавую колькасць балаў).

Вельмі прыемна, што цырымонія адкрыцця чэмпіянату праводзілася на беларускай мове, дакладней - на беларускай і англійскай мовах. Нарэшце пачынаем вучыцца паказваць твар краіны.

Паводле Еўрарадыё.


430 гадоў з дня нараджэння Сафіі Слуцкай

Сафія Слуцкая (у шлюбе Радзівіл; 1 траўня 1585 - 9(19) сакавіка 1612) - княгіня, праваслаўны дзеяч, з роду Алелькавічаў.

Бацька Сафіі, князь Юры IIІ Юр'евіч быў жанаты з Барбарай з роду Кішак. Ад гэтага нядоўгага шлюбу нарадзілася дачка Сафія - апошняя прадстаўніца Алелькавічаў.

У раннім узросце страціла маці, адразу за ёй пайшоў з жыцця і бацька. Апеку над сіратой, якая стала ўладальніцай вялікай латыфундыі, прынялі на сябе яе сваякі Хадкевічы: стараста жамойцкі Юры, пасля яго смерці - кашталян віленскі і стараста берасцейскі Геранім. Пасля смерці дзядзькоў Аляксандра (1591) і Яна Сымона (1592) да Соф'і адышло ўсё Слуцкае княства з гарадамі Слуцк і Капыль.

Хадкевічы пазычылі ў князёў Радзівілам значныя грашовыя сумы і хацелі выкарыстаць сваю апеку, выплаціўшы даўгі пасагам Сафіі, таму і сасваталі 11-гадовую дзяўчынку за нясвіжскага князя Януша Радзівіла, сына віленскага ваяводы Крыштафа. Сафія Слуцкая і Януш Радзівіл павянчаліся па праваслаўным абрадзе ў адным з сабораў Берасця.

За дванаццаць год, што Соф'я была ў шлюбе, яна шмат апекавала праваслаўю ў ВКЛ, асабліва ў Слуцку, дзе апроч Слуцкага Траецкага манастыра дзейнічала 15 праваслаўных цэркваў. Княгіня аказвала матэрыяльную і маральную падтрымку духавенству і слуцкім вернікам, якія аб'ядналіся ў Праабражэнскае брацтва, каб супрацьстаяць Берасцейскай уніі. Сафія выдзяляла сродкі для пабудовы храмаў і шпіталёў для бедных, рабіла паломніцтвы ў святыя мясціны. Сафіі ўдалося пры дапамозе мужа атрымаць каралеўскую грамату, якая забараняла далучэнне праваслаўных вернікаў да Уніі ў яе ўладаннях.

Сафія, апошняя прадстаўніца Алелькавічаў, 19 сакавіка 1612 г. памерла ў час родаў, была пахаваная ў Слуцкім Траецкім манастыры. Хутка сярод гараджан пайшлі чуткі пра цуды, якія адбываліся каля яе труны. Менавіта тады Сафію пачалі ўшаноўваць як святую, але кананізавалі толькі ў 1984 г.

Вікіпедыя.


50 гадоў з дня нараджэння Зыгмунта Макрэцкага

Макрэцкі Зыгмунт Анастазы (Zygmunt Anastazy Mokrzecki) нарадзіўся 2 траўня 1865 года ў маёнтку Дзітрыкі Белагрудскай воласці Лідскага павета. Выхоўваўся ў бабкі ў маёнтку Вінкаўцы пад Лідай. Вучыўся ў павятовай школе ў Лідзе (1874 - 76) і ў рэальнай школе (гімназіі) ў Вільні (1879 - 84). Пасля заканчэння гімназіі паступае ў Лясны інстытут у Пецярбурзе (1884-90), дзе становіцца вучнем выбітнага расейскага заолага і энтамолага М. Халадкоўскага. Пасля заканчэння інстытута атрымаў дыплом лесніка другой ступені. У студзені 1890 - 92 гг. у чыне памочніка ляснічага працаваў ва Ўправе дзяржаўных маёмасцяў у Харкаве, спецыялізаваўся адначасова па спецыяльнасці энтамалогіі і заалогіі ў Харкаўскім універсітэце. Утвораная ў 1893 годзе пры Таўрычскім губернскім земстве першая ў Расіі пасада губернскага энтамолага прапанавана Макрэцкаму. На наступныя 28 гадоў застаўся ў Крыме, праводзячы там дзейнасць навуковую, папулярызатарскую і арганізацыйную у вобласці аховы раслін, і ў першую чаргу ў вобласці дастасоўнай энтамалогіі. Галоўны губернскі энтамолаг Таўрычскай губерні (1893-1917). Зыгмунт Макрэцкі ўтварыў у Сімферопалі Прыродазнаўчы гістарычны музей. У 1920 г., калі Чырвоная Армія ўварвалася ў Крым. З. Макрэцкі разам з дачкой, як і тысячы іншых людзей, уцёк з Крыма праз Севастопаль у Канстанцінопаль. Ад пачатку 1921 г. энтамолаг і інспектар аховы лясоў у Сафіі.

Пасля прыезду ў Польшчу 1 студзеня 1922 года быў прызначаны надзвычайным прафесарам, а з 1 красавіка 1922 года прафесарам звычайным і кіраўніком кафедры і інстытута энтамалогіі і аховы лесу ў Галоўнай сельскагаспадарчай школе ў Варшаве. Памёр 3 сакавіка 1936 года ў Варшаве.

Pawet.net.


Беларуская доля - "русский мир", альбо

Ці проста беларускамоўнаму ў сучаснай Беларусі?

Дзейным Законам Беларусі "Аб мовах ў Рэспубліцы Беларусь" прадугледжваецца, што дзяржава забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Ці адпавядае прыведзеная норма рэчаіснасці? Ці стварае дзяржава на "нарматыўна-прававым" узроўні хаця б роўныя ўмовы для суіснавання абедзьвюх дзяржаўных моваў? Менавіта гэтыя пытанні падаліся цікавымі з пункту гледжання зухаватай літары беларускага Закона.

Любы чалавек, каб быць законапаслухмяным грамадзянінам, павінен ведаць агульныя нормы паводзінаў у грамадстве. Гэта аксіёма. Нормы паводзінаў звычайна адлюстраваны ў шматлікіх законах, падзаконных актах. Калі сфармуляваць наступнае пытанне як мага шырэй, то атрымаецца наступнае: ці можна вывучаць дзейнае заканадаўства Беларусі па-беларуску?

Прааналізуем асобныя нормы Закона Рэспубліцы Беларусь ад 10.01.2000 № 361-З "Пра нарматыўныя прававыя акты Рэспубліцы Беларусь". Згодна з артыкулам 54 Закона, нарматыўны прававы акт прымаецца (выдаецца) ўпаўнаважаным на тое органам (службовай асобай) на беларускай і (альбо) расейскай мовах.

Тым жа часам, афіцыйнае публікаванне нарматыўных прававых актаў ажыццяўляецца на той дзяржаўнай мове, на якой яны прыняты (выдадзены). Адпаведна, калі абсалютная бальшыня актаў заканадаўства прымаецца, згодна з існай практыкай апошніх дзесяцігоддзяў, толькі на адной з дзвюх дзяржаўных - расейскай мове - без адпаведнага беларускага варыянту, дык і афіцыйных публікацый па-беларуску быць не можа. Змесціва асноўнага дзяржаўнага інфармацыйнага рэсурсу глабальнай камп'ютарнай сеткі інтэрнэт у галіне права і прававой інфарматызацыі Беларусі - pravo.by/ - з'яўляецца пацверджаннем сказанага. На партале па стану на сакавік 2015 года сярод масіву дзейнага заканадаўства, магчыма адшукаць было нарматыўныя прававыя акты амаль што выключна на расейскай мове (за нязначным выняткам беларускамоўных). Што тычыцца магчымых перакладаў тэкстаў, дык афіцыйнае апублікаванне нарматыўнага прававога акта на іншых мовах дапускаецца толькі пры наяўнасці яго афіцыйнага перакладу на адпаведную мову, зацверджанага адпаведным дзяржаўным органам (службовай асобай) у парадку, устаноўленым для прыняцця (выдання) гэтага акта. Іншымі словамі, магчымаму афіцыйнаму апублікаванню на беларускай мове, напрыклад, Грамадзянскага альбо Крымінальнага кодэксу (якія дагэтуль афіцыйна выключна "расейскаўмоныя"), павінна паперэднічаць працэдура прыняцця / ўхвалення парламентам і адпаведнага падпісання Прэзідэнтам афіцыйнага перакладу на беларускую апублікаванага раней на расейскай мове тэксту.

Паколькі выпадкі рэалізацыі вышэйзгаданай нормы закону дагэтуль не вядомы, а прымаць (выдаваць) акты заканадаўства ў беларускага норматворцы адначасова на абедзвюх дзяржаўных мовах на практыцы не склалася, маем тое, што галоўны беларускі прававы інтэрнэт-партал не здольны прапанаваць наведвальнікам афіцыйных беларускамоўных тэкстаў законаў. Дзеля аб'ектыўнасці трэба заўважыць, што на рэсурсе ў раздзеле "Прававая інфармацыя" - "Кодэксы Рэспублікі Беларусь" змешчаны пералік беларускіх кадыфікаваных нарматыўных прававых актаў, пры націсканні кожнага з каторых наведвальнік перанакіроўваецца на іншы дзяржаўны рэсурс etalonline.by/, дзе ледзь заўважная піктаграма прапануе неафіцыйны машынны пераклад тэксту закону (праўда пры гэтым паведамляецца пра верагоднасць выяўлення памылак у тэксце перакладу). Магчымасці выкарыстання іншага беларускага заканадаўства па-беларуску, у тым ліку Асноўнага закону, ні Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал, ні рэсурс etalonline.by/, не прадастаўляюць (па стану на красавік 2015 г.)

З вышэйакрэсленай праблемы даступнасці нарматыўных прававых актаў вынікае яшчэ адна істотная праблема абароны правоў і законных інтарэсаў беларускамоўных грамадзян.

Фармальна судаводства ў Рэспубліцы Беларусь вядзецца на адной з дзяржаўных моваў. Гэтае палажэнне зацверджана ў адміністрацыйным, крымінальным, грамадзянскім і гаспадарчым працэсуальных законах. Але не з'яўляецца сакрэтам тое, што судаводства ў судах вядзецца фактычна па-расейску, і не ў апошнюю чаргу ў сувязі з адсутнасцю афіцыйных беларускамоўных тэкстаў законаў. Вядомыя факты, калі суддзі адмаўляюць задаволіць хадайніцтва ўдзельніка судовага працэсу на неабходнасць вядзення яго па-беларуску (спасылаючыся на правілы вядзення судаводства на адной з дзяржаўных моваў), альбо калі ў парушэнне артыкула 14 Закона аб мовах (забяспячэнне паўнавартаснага ўдзелу ў судовых дзеяннях праз перакладчыка) адхіляюць хадайніцтва пра прадастаўленне перакладчыка з мовы судовага працэсу (расейскай) на беларускую мову .

У грамадзянскім працэсе судовыя дакументы здаюцца на рукі юрыдычна зацікаўленым у выніку справы асобам на мове судаводства (г. зн. па-расейску). Разам з тым, згаданая норма ў рэдакцыі, якая дзейнічала да 2012 года, выглядала крыху іншым чынам: "судовыя дакументы здаюцца на рукі юрыдычна зацікаўленым у выніку справы асобам на іх выбар на мове судаводства, альбо мове, якой гэтыя асобы карысталіся ў працэсе" . Такім чынам, раней грамадзянін меў права патрабаваць хаця б выкананую пабеларуску судовую пастанову. Ад 2012 года такое права парламентарыямі ў яго адабрана.

Эканамічны суд (яшчэ зусім нядаўна - гаспадарчы; ініцыятары так спяшаліся ад пачатку 2014 года перайменаваць, а разам і аптымізаваць працэсы выканання судовых пастановаў, што давесці спешна распачатае да канца і прывесці ў адпаведнасць са змененым заканадаўствам пэўную колькасць падзаконых актаў, часу дагэтуль не хапіла, але гэта праблема ўжо іншага кірунку, якая тут не разглядаецца) абавязаны накіроўваць асобам, якія прымаюць удзел у справе, судовыя дакументы на мове судаводства. Іншымі словамі, зыходзячы з існай практыкі, - выключна на расейскай мове.

Законам "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" прадугледжваецца абавязак службовых асоб адказваць на пісьмовы зварот грамадзяніна на мове такога звароту. За невыкананне згаданага імператыва прадугледжана адміністрацыйная адказнасць. Тым не менш, не ўсялякім службоўцам згаданая норма выконваецца. Так, у 2013 годзе ў судзе Фрунзенскага раёна Менска разглядалася справа дырэктара аднаго з мясцовых ЖЭСаў за адмову пісьмова адказаць па-беларуску. У выніку службовец прыцягнуты да адмініністрацыйнай адказнасці. Прынцыповасць суддзі ў дзадзеным выпадку можна толькі ўхваліць.

Беларускім заканадаўствам гарантавана кожнаму чалавеку неад'емнае права на атрыманне адукацыі на беларускай і (альбо) расейскай мовах. Іншы акт заканадаўства тлумачыць нам, што права грамадзян выбіраць адукацыю і выхаванне на адной з дзяржаўных моваў Беларусі забяспечваецца развіццём сеткі ўстаноў адукацыі (класаў, групаў, плыняў) з беларускай і расейскай мовамі адукацыі і выхавання. Тым не менш, апошняя з прыведзеных норм неяк не стасуецца з сітуацыяй, якая склалася ў апошнія гады ў амаль што 400-тысячным Магілёве, дзе так званая "сетка" (ужываючы афіцыйнаю тэрміналогію) з беларускай мовай адукацыі дасягнула колькасці ў памеры аднаго класа, у якім па-беларусу навучаецца толькі адна вучаніца. Як здаецца, яе бацькі не могуць не задумвацца адносна рэалій атрымання дачушкай вышэйшай адукацыі па-беларуску на Беларусі, дзе за чвэрць стагоддзя ад абвяшчэння суверэнітэту не з'явілася пакуль аніводнай нацянальнай вышэйшай навучальнай установы.

Пры атрыманні прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, як абвяшчае закон, ад вывучэння беларускай мовы могуць быць вызвалены замежныя грамадзяне і асобы без грамадзянства, якія часова знаходзяцца або часова пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Звяртаю ўвагу, што пра вызваленне замежнікаў ад вывучэння беларускай і расейскай моваў у нарматыўным акце гаворка не ідзе. Ці можна ўявіць сабе існаванне гэтакай нормы ў заканадаўстве, скажам, Польшчы альбо Вялікай Брытаніі? Тым не менш, выпускнік любой адукацыйнай установы Беларусі па яе заканчэнні атрымоўвае пакуль што адпаведнае пасведчанне, атэстат альбо дыплом, формы якіх выконваюцца адначасова на абедзвюх дзяржаўных мовах.

Раздзелам "Развіццё нацыянальнай культуры" Праграмы дзейнасці беларускага ўраду на 2011-2015 гады сярод іншых, згадана задача: пашырэнне выкарыстоўвання беларускай мовы ў сферы культуры, арыентацыя арганізацый культуры на правядзенне фестываляў, святаў, канцэртаў і іншых мерапрыемстаў на беларускай мове. Механізмамі рэалізацыі пастаўленых задач з'яўляюцца, ў тым ліку, забяспячэнне рэалізацыі плана мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства. Добрая норма. Пачапіць бы аркуш з гэтай вытрымкай ва ўсіх кабінетах шматлікага беларускага чынавецтва. У дзяржаўнай праграме "Культура Беларусi" на 2011 - 2015 гады, зацверджанай Пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь 26.12. 2010 № 1905, закранула наступнае: "Дзякуючы падтрымцы дзяржавы ўдалося захаваць i развiць асноўныя дасягненнi ў сферы культуры. У краiне функцыянуе разгалiнаваная сетка арганiзацый культуры, якiя ў значнай ступенi забяспечваюць даступнасць паслуг культуры для грамадзян, што пражываюць на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь. Сёння налiчваецца каля 9 тысяч арганiзацый культуры, у тым лiку амаль 4 тысячы бiблiятэк¡K" Сёння, з некаторай ўпэўненасцю можна засведчыць, што не ўсё добра "ў каралеўстве Дацкім" у гэтым кірунку, ва ўсялякім выпадку па Чэрвеньскім раёне Менскай вобласці. Па стану на 2000 год ў рэгіёне працавалі 32 грамадскія бібліятэкі (без уліку школьных), у 2005 - 31, у 2013 - таксама 31, на па-чатак 2014 - ужо 28, а з 2015 гэтых устаноў на ўвесь раён засталося ўсяго толькі 15. Гэта не можа не засмуціць. Тым больш, што для рэалiзацыi мэты згаданай Дзяржаўнай праграмы, як згадана ў ёй самой, патрабуецца вырашэнне задач, сярод якіх, што б вы думалі, - забеспячэнне свабоднага i роўнага доступу да iнфармацыйных рэсурсаў i бiблiятэчных фондаў для розных груп насельнiцтва. Што тычыцца фінансавай і матэрыяльнай падтрымкі дзяржаўных кнігавыдавецтваў ці нацыянальных архіўных установаў, - такой пазіцыі ў даволі аб'ёмістым дакуманце не знайшлося¡K

Такім чынам, невялічкі агляд некаторых дзейных актаў беларускага заканадаўства дазваляе зрабіць выснову пра дэкларатыўны характар нормы аб роўнасьці беларускай і рускай моваў. "Развіццё" і "прыярытэт" беларускасці на Беларусі застаюцца насамрэч гэтакімі толькі для невялікага адсотка беларусаў.

Напрыканцы хацелася б прывесці цалкам словы прэамбулы Закона "Аб мовах", якія пасля зацверджання парламентам ў другой палове 90-х чарговых зменаў у нарматыўны дакумент, недзе "згубіліся". Актуальнасць іх не страчана і сёння:

"Мова - не толькi сродак зносiн, а i душа народа, аснова i важнейшая частка яго культуры. Жыве мова - жыве народ. Кожная мова, яе лiтаратурная, жывая мясцовая i гiстарычная разнавiднасць - неацэнны скарб, якi належыць не аднаму народу, а ўсяму чалавецтву.

Доўг i абавязак усiх - шанаваць родную мову, садзейнiчаць яе развiццю i росквiту, паважлiва ставiцца да моў iншых народаў.

У Беларусi здаўна жывуць людзi розных нацыянальнасцей, гучаць розныя мовы. Аднак у апошнiя гады сфера ўжывання мовы карэннага насельнiцтва Беларусi, якое дало ёй iмя i гiстарычна складае асноўную частку жыхароў рэспублiкi, значна звузiлася, пад пагрозай апынулася само яе iснаванне. Паўстала неабходнасць аховы беларускай мовы на дзяржаўна-этнiчнай тэрыторыi. Такую сiстэму аховы дазваляе стварыць толькi наданне беларускай мове статусу дзяржаўнай мовы Рэспублiкi Беларусь.

Статус беларускай мовы як дзяржаўнай не закранае канстытуцыйных правоў грамадзян iншых нацыянальнасцей карыстацца рускай цi iншымi мовамi. Усе грамадзяне Рэспублiкi Беларусь, незалежна ад нацыянальнасцi i роднай мовы, карыстаюцца роўнымi правамi i маюць роўныя абавязкi перад дзяржавай".

Змітрок Касцюкевіч.


ІНФАРМАЦЫЯ

1. Аб мовах у вонкавай рэкламе і даведачных матэрыялах на вуліцах г. Паставы.

2. Аб стане назваў вуліц г. Паставы.

1. Сябры Пастаўскай раённай арганізацыі ТБМ правялі маніторынг назваў на галоўных вуліцах Паставаў: Чырвонаармейскай (былой Лучайскай), Савецкай (былой Віленскай), 17 верасня (былой Задзеўскай) і Ленінскай (былой Браслаўскай) з мэтай вызначэння суадносін паміж назвамі на беларускай, рускай, англійскай і іншых мовах. Вынікі абследавання, а запісваліся ўсе назвы, якія трапляліся на вуліцах (магазіны, установы, прадпрыемствы, рэкламныя шыльды, банеры і інш.), аказаліся больш сумнымі і трывожнымі, чым чакалася. Што атрымалася? Так, на вуліцы Чырвонаармейскай з 68 назваў толькі 10 беларускамоўныя, прычым са 159 дамоў толькі на адным (№ 98) вуліца напісана па-беларуску. У 5-м гарадку з 38 назваў толькі 6 беларускамоўных. Па вуліцы Ленінскай з 43-х назваў беларускамоўных таксама толькі 6. Па вуліцы Зялёнай і 17 верасня (разам) адпаведна 38 і 7, па Савецкай - 59 і 4. На плошчы Леніна з агульнай колькасці назваў 44 аж 13 з'яўляюцца беларускамоўнымі, прычым, з 25 дамоў назва плошчы напісана па-беларуску толькі на двух - № 7а, № 9а.

Такім чынам, агулам (без уліку шыльдаў з назвамі вуліц) налічваецца 290 назваў, з якіх беларускамоўных усяго 46, што складае толькі 16%.

Гэтыя лічбы, як лакмусавая паперка, паказваюць усю сапраўдную "глыбіню" нашага патрыятызму, нашых адносінаў да роднай мовы, да нашай беларускай культуры. Так, можна шмат гаварыць пра любоў да радзімы, да народа, пра неабходнасць шанаваць сваё крэўнае, роднае, але калі словы не пацвярджаюцца справамі, то яны - проста непатрэбнае здрыгненне паветра.

2. У выніку штучных змен толькі 6 вуліц з забудовы 1939 года захавалі свае гістарычныя найменні, бо былі палітычна-нейтральнымі: Зарэчная, Школьная, Чыгуначная (Каляёвая), Паркавая, Ціхая, Дварцовая (Вакзальная). Затое большая група назваў астатніх вуліц - гэта або словы-сімвалы рэвалюцыйна-савецкай тэматыкі (Кастрычніцкая, Першамайская, Пралетарская, Камсамольская і інш.), або вытворчай (Завадская з двума Завадскімі завулкамі, Камунальная, Кааператыўная, Меліяратыўная і інш.), або звязаны з прозвішчамі людзей (іх найбольш - 30). З гэтых трыццаці назваў 10 утворана ў гонар удзельнікаў ІІ сусветнай вайны, прычым толькі 5 з іх звязаны з Пастаўшчынай, 8 - дзеячаў Кастрычніцкай рэвалюцыі (1 з Пастаўшчыны), 10 пісьменнікаў (6 рускіх і 4 беларускія) і 2 касманаўты. Назваў, якія б адлюстроўвалі прыродную і гістарычную самабытнасць нашага краю, амаль не засталося.

Інфармацыя падрыхтавна сябрамі раённай арганізацыі ТБМ.


Як пашырыць беларускасць на Лідскай абутковай фабрыцы?

У кнізе заўваг і прапаноў ААТ "Лідская абутковая фабрыка" існуюць усяго два запісы. Гэта мае прапановы пашырыць ужыванне беларускай мовы. Пісьмовыя адказы кіраўнікоў мяне не задаволілі, і 25 сакавіка я звярнуўся з заяваю да пракурора Лідскага раёна (адказ друкуецца). Акрамя таго я запрашаў на ўстаноўчы сход суполкі ТБМ імя Ф. Скарыны дырэктара ААТ "ЛАФ". Сход запланаваны на 14.05.2015 г. (адказ друкуецца).

Анацка Л.Я.

г. Ліда, вул. Хімгарадок, 3-7

Пракуратурай Лідскага раёна разгледжаны Ваш зварот аб парушэнні заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб ААТ "Лідская абутковая фабрыка".

Пры правядзенні праверкі факты, выкладзенныя ў Вашым звароце, знайшлі сваё пацвярджэнне. Устаноўлена, што 21.02.2011 і 26.02.2015 Вамі былі напісаны прапановы ў кнігу заўваг і прапаноў ААТ "Лідская абутковая фабрыка" на беларускай мове.

У парушенне патрабаванняў заканадаўства аб зваротах грамадзян адказы на Вашы прапановы былі дадзены на рускай мове.

Па выніках праведзенай пракуратурай раёна праверкі дырэктар ААТ "Лідская абутковая фабрыка" афіцыйна папярэджаны аб недапушчальнасці парушэнняў заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб.

У выпадку нязгоды з прынятым рашэннем Вы маеце права абскардзіць яго ў пракуратуру Гродзенскай вобласці.

Пракурор Лідскага раёна старшы саветнік юстыцыі С.Ю. Дмухоўскі.


Анацка Леаніду Яугеньевічу

На Вашу заяву аб размяшчэнні на дошцы аб'яў інфармацыі аб правядзенні ўстаноўчага сходу і правядзенне самаго сходу ў фабрычнай бібліятэцы вымушаны адказаць. Па-першае, бібліятэка ў абедзенны перапынак закрыта, па-другое, мы не здаём у наём памяшканні фабрыкі для правядзення мерапрыемстваў староннім установам.

З павагай, дырэктар У.У. Чыжык.


Дзіўна, што на ўсе мае запыты я атрымліваю пісьмовыя адказы ў апошні вызначаны заканадаўствам тэрмін заказнымі лістамі на хатні адрас, хоць працую на фабрыцы рабочым па камплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў з 03.12.14 года.

Да гэтага часу я не дачакаўся кантракта і іншых загадаў па-беларуску. Хаця трэба аддаць ім належнае. Зыходзячы з таго, што я не разумею расейскай мовы, то, каб не несці адказнасць у выпадку чаго, "Інструкцыю № 11 па ахове працы для рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў" на 11 старонках выдалі на беларускай мове, няхай з некаторымі граматычнымі памылкамі, але па-беларуску.


ІНСТРУКЦЫЯ № 11

па ахове працы для рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў.

1. Агульныя патрабаванні па ахове працы

1.1. Да самастойнай працы ў якасці рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў і збудаванняў дапускаюцца асобы, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту, якія прайшлі ва ўстаноўленым парадку папярэдні (пры паступленні на працу) і перыядычныя (падчас працоўнай дзейнасці) медыцынскія агляды, навучанне бяспечным метадам і прыёмам выканання работ, уводны інструктаж па ахове працы і інструктаж па ахове працы на працоўным месцы, праверку ведаў патрабаванняў аховы працы, пры неабходнасці стажыроўку на працоўным месцы. Паўторныя інструктажы па ахове працы павінны праводзіцца не радзей за адзін раз у шэсць месяцаў... і г.д.


14 траўня я збіраюся на чарговы прыём да дырэктара па пытаннях пашырэння выкарыстання беларускай мовы ў рэкламаванні нашай прадукцыі.

Старшыня Лідскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"

Л. Анацка.


Беларуская мова ў беларускіх універсітэтах

Старшыні Грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францыска Скарыны"

Аб ужыванні беларускай мовы Трусаву А.А.

вул. Румянцава, 13,

220034, г. Мінск

Паважаны Алег Анатольевіч!

Установа адукацыі "Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт" накіроўвае інфармацыю аб ужыванні беларускай мовы ў дзейнасці ўніверсітэта. Зараз навучальнымі планамі 28 спецыяльнасцяў, па якіх ажыццяўляецца навучанне ў БрДТУ, прадугледжана вывучэнне дысцыпліны "Беларуская мова (прафесійная лексіка)". Таксама на беларускай мове ажыццяўляецца выкладанне абавязковай дысцыпліны "Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый)" інтэграванага модуля "Гісторыя" цыклу сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Акрамя таго на беларускай мове выкладаюцца наступныя спецыялізаваныя модулі, якія адносяцца да цыклу сацыяльна-гуманітарных дысцыплін:

- "Станаўленне і развіццё беларускай дзяржаўнасці",

- "Вялікая Айчынная вайна савецкага народа (у кантэксце Другой сусветнай вайны)",

- "Асновы ідэалогіі беларускай дзяржавы",

- "Эканамічная гісторыя Беларусі",

- "Этнічная і канфесійная гісторыя Беларусі".

Па ўсіх вышэйпаказаных дысцыплінах падрыхтаваны вучэбна - метадычныя комплексы, у тым ліку і на беларускай мове, якія ўключаюць у сябе навучальныя праграмы, канспекты лекцый, пытанні да экзаменаў і залікаў і інш.

Справаводства ва ўніверсітэце вядзецца на рускай і беларускай мовах, пісьмовыя адказы на пісьмовыя звароты выкладаюцца на мове звароту (рускай або беларускай) згодна з арт. 18 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб" ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-3.

У 2014 годзе рэдакцыйна-выдавецкім аддзелам універсітэта на беларускай мове была выдадзена манаграфія "Атлас гаворак Выганаўскага Палесся", якая падрыхтавана старшым выкладчыкам кафедры беларускай і рускай моў Самуйлікам Яраславам Рыгоравічам.

Ва ўніверсітэце штогод праводзяцца мерапрыемствы па папулярызацыі і пашырэнні сферы ўжывання беларускай мовы ў жыцці грамадства. У 2014 годзе кафедрай беларускай і рускай моў былі праведзены наступныя мерапрыемствы:

1. Творчы конкурс "Мой лёс, мой боль - мая паэзія" да дня нараджэння Я. Янішчыц (14 лістапада 2014 г.).

2. Літаратурна-музычная кампазіцыя да дня нараджэння Я. Янішчыц (20 лістапада 2014 г.).

3. Мерапрыемства да Дня роднай мовы "Шануйма родную мову" (21 лістапада 2014 г.).

4. Гарадское мерапрыемства сумесна з Брэсцкай абласной бібліятэкай імя М. Горкага "Чытаем вершы па-беларуску!", прысвечанае 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

5. Рэспубліканская студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя "Дыялог культур: мінулае і сучаснасць" (27-28 сакавіка 2014 г.).

6. Рэспубліканская Студэнцкая навукова-практычная канферэнцыя "Духоўнае самавызначэнне асобы ў сучасным свеце" (20 лістапада 2014 г.).

7. Міжфакультэцкая алімпіяда па беларускай мове сярод студэнтаў 1-га курса.

8. Круглы стол "Самацветы роднай мовы: моўна-культурная прастора" (26 мая 2014 г.).


З павагай,

Рэктар універсітэта П.С. Пойта.



Старшыні Таварыства

беларускай мовы Трусаву А.А.

Шаноўны Алег Анатольевіч!

На дадзены момант у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка вядуцца работы па інфармацыйным напаўненні рускамоўных старонак новага сайта і перакладу гэтых старонак на беларускую і англійскую мовы. Беларускамоўная версія ітэрнэт-сайта БДПУ будзе запушчана ў красавіку 2015 года.

Прарэктар па вучэбнай і інфармацыйна-аналітычнай працы В.М. Зелянкевіч.


85 гадоў з дня нараджэння Алеся Петрашкевіча

Алесь (Аляксандр Лявонавіч) Петрашкевіч (1 траўня 1930, в. Пярэвалачня, Талачынскі раён - 24 жніўня 2012) - беларускі гісторык, драматург і сцэнарыст. Кандыдат гістарычных навук (1967), заслужаны працаўнік культуры Беларусі (1975), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976) за ўдзел у падрыхтоўцы і выданні Беларускай Савецкай Энцыклапедыі.

Скончыў БДУ (1955). Працаваў у ЦК ЛКСМБ, ЦК КПБ. У 1967-75, 1979-91 адказны сакратар, намеснік галоўнага рэдактара "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя". У 1975-76 - рэктар Менскага інстытута культуры. У 1991-98 кіраўнік цэнтра па выданні гістарычна-дакументальных хронік "Памяць".

Працаваў у розных жанрах драматургіі. Спробы спалучыць камедыйнасць і праблемнасць былі зроблены ім у п'есе "Куды ноч, туды сон" (іншая назва - "Ка-та-строфа", 1987, паст. 1988).

У скарыніяне значнае месца займае драматургічная дылогія А. Петрашкевіча "Напісанае застаецца" (1978, паст. 1979) і "Прарок для Айчыны" (1991).

Аўтар п'ес "Адкуль грэх?" (1969), "Злыдзень" (1973), "Трывога" (1974), "Укралі кодэкс" (1976), "Соль" (1981), "Русь Кіеўская (Гора і слава)" (1982), "Змова" (1983), "У спадчыну - жыццё" (1985), "Мост упоперак ракі" (1986), "Воля накрыжы" (1994), "Меч Рагвалода" (1996) ды іншых. Выдаў драматургічныя зборнікі "П'есы" (1976), "Соль" (1986), "Воля накрыжы" (2000), "Здрапежаная зямля".

Напісаў сцэнарыі мастацкіх фільмаў "Уваскрэсная ноч" (1977), "Час выбраў нас" (у сааўтарстве з У. Халіпам" (1978), лібрэта оперы "Новая зямля" паводле твора Я. Коласа (1982).

П'еса "Дагарэла свечачка..." ўпершыню была пастаўленаў вучэбным тэатры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры ў 1988 годзе, а ў 1997 годзе адбылася яе прэм'ераў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы.

Многія гады Алесь Петрашкевіч быў сябрам рэдкалегіі газеты "Наша слова". Многія п'есы А. Петрашкевіча ўпершыню былі надрукаваныя ў нашай газеце.

Вікіпедыя.


На якой мове размаўлялі Рагнеда і Гедымін?

Любая цывілізацыя мае свае асноўныя прыкметы. Да іх можна аднесці наяўнасць дзяржавы, гарадоў, манументальнай архітэктуры і пісьмовасць, бо кіраўнічая эліта павінна назапашваць і перадаваць дакладную інфармацыю ва ўсіх сферах свайго жыцця.

Наяўнасць пісьмовасці адразу прыводзіць да стварэння літаратурнай мовы, якую ведае і можа ёй карыстацца эліта грамадства, як духоўная, так і свецкая, і мовы "народнай", якая распадаецца на шматлікія мясцовыя дыялекты.

На тэрыторыі Беларусі першая дзяржава - Полацкае княства ўзнікла ў ІХ ст. на базе адной з асноўных крывіцкіх племянных групаў - палачанаў.

У гэты перыяд у Еўропе на VIII - XIII ст. прыпадае малы кліматычны оптымум-пацяпленне, што прывяло да ўзнікнення "эпохі вікінгаў", якая паспрыяла стварэнню і фармаваннню шмат якіх еўрапейскіх дзяржаў і актыўнаму распаўсюджванню ва Ўсходняй і Паўночнай Еўропе хрысціянства.

У гэты час узнікае полацкае славянскае гарадзішча на месцы пасялення балтаў (спачатку днепрадзвінская, а потым банцэраўская археалагічныя культуры). Славянскае племя крывічоў заняло Полаччыну ў VIII - ІX стст. У гэты перыяд у крывічоў, як і ў некаторых іншых славянскіх плямёнаў назіраецца працэс пераходу ад ваеннай дэмакратыі да раннефеадальнай дзяржавы і пачынаюць складвацца мясцовыя племянныя, а потым і дзяржаўныя эліты.

Ёсць меркаванне, што імя старэйшыны роду Крыў пасля аб'яднання родаў пад яго кіраўніцтвам перайшло на вялікае племя. Але кіраўнічае племя і род - заўжды заставаліся ў цэнтры. Гэты род - і ёсць першапачатковая старабеларуская эліта, якая выбрала для свайго сталага жыцця горад на Дзвіне - Полацк. Іншыя роды, а пазней і плямёны крывічоў пайшлі далей і стварылі такія этнічныя групы як ізборскія, смаленскія, а пазней і волжскія крывічы. Але доўгі час аж да ХІІІ ст. Полацк быў для іх гістарычным і духоўным цэнтрам. У гэты час існавала і крывіцкая народная мова, на якой размаўлялі ўсе людзі Полацкай, Смаленскай і Цвярской дзяржаваў, а таксама жыхары Пскова, які надоўга патрапіў у склад Ноўгарадскай дзяржавы, але ў ХІV ст. набыў незалежнасць.

Крывічы паступова асімілявалі дняпроўскіх балтаў і стварылі новую этнічную супольнасць, якая дзякуючы крывіцкай мове стала славянскай.

У 862 годзе крывічы разам з іншымі плямёнамі запрашаюць да сябе варагаў, а потым разам з кіеўскім князем, варагам Алегам у 882 і 907 гадах робяць ваенныя выправы на Канстанцінопаль, дзе пазнаёміліся з высокай візантыйскай культурай.

У Х стагоддзі Полацкая дзяржава выступае адным з галоўных канкурэнтаў з Ноўгарадам і Кіевам за кантроль над шляхам з "варагаў у грэкі", і мы ведаем правадыра полацкай кіраўнічай эліты варага Рагвалода і яго дачку Рагнеду. Такім чынам стварылася мясцовая варажска-крывіцкая эліта, якая потым і заснавала асобную полацкую дынастыю. На якой мове размаўлялі Рагвалод і яго дачка Рагнеда? Мы не ведаем, хто была жонка Рагвалода, але не выключана, што мясцовая жанчына, бо варагі вельмі рэдка бралі з сабою ў ваенныя ці гандлёвыя паходы жанчын.

Вядома, што Рагвалод ведаў сваю родную мову і потым засвоіў крывіцкую. Магчыма, што і Рагнеда магла ведаць мову бацькі. Такім чынам, вытокі нашай старабеларускай эліты сягаюць у Х стагоддзе, прычым спачатку яна была дзвюхмоўная, але неўзабаве крывіцкая мова стала адзінай.

Часовая страта незалежнасці пасля захопу Полацка кіеўскім князем Уладзімірам не спыніла полацкую дзяржаўнасць, бо пасля замаху на сваё жыццё Уладзімір выслаў Рагнеду з малым сынам Ізяславам на Полаччыну ў горад Ізяслаў, названы ў гонар малога князя, ад якога пайшла развівацца дынастыя полацкіх князёў.

У 988 годзе Ўладзімір прымае хрысціянства візантыйскага ўзору. Полацкая эліта гэты крок падтрымала адразу, бо Рагнеда прыняла манашаскі пастрыг пад імем Анастасія і заснавала ў Заслаўі першы жаночы манастыр, дзе памерла ў 1000 г.

Аднак у Полацку, у адрозненне ад Кіева і Турава, гвалтоўнага прыняцця новай веры не было, і простае насельніцтва доўгі час верыла ў старых багоў, а іх жрацы-валхвы нават выступалі супраць хрысціянства ў Полацку. Полацкія князі не хрысцілі прымусова сваіх саюзнікаў ліваў, латгалаў, летапісную літву і іншых.

Галоўная перавага хрысціянства для мясцовай эліты - гэта авалоданне пісьмом і вялікай антычнай і візантыйскай культурна-гістарычнай спадчынай.

Да сярэдзіны ХІІ ст., калі Кіеўская Русь канчаткова распалася на асобныя самастойныя княствы на Беларусі склаліся тры моўныя варыянты, якія і леглі ў ХІІІ ст. у аснову сённяшняй беларускай мовы:

1) мова мясцовых плямёнаў: крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, якія і склалі аснову новага беларускага этнаса.

2) стараславянская, альбо царкоўнаславянская мова, а дакладней салунскі дыялект старамакедонскай мовы, на якую ў ІХ ст. Кірыл і Мяфодзій пераклалі з грэчаскай мовы Біблію. Да нас гэтая мова прыйшла ў канцы Х ст. у стара-балгарскім варыянце разам з кірылічным алфавітам.

Аднак мясцовыя людзі яе не разумелі, і таму тутэйшыя адукаваныя людзі паступова беларусізавалі яе.

3) пісьмовая свецкая старабеларуская мова, на якой вялі справаводства, пісалі мастацкія творы і выкладалі ў школах. Гэта мова Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і славянскіх святароў Рыгора і Фамы.

З'явілася мясцовае летапісанне, Полацкі і Смаленскі летапісы. Умелі чытаць і пісаць і простыя людзі, асабліва гараджане. Пра гэта сведчыць берасцяныя граматы, знойдзеныя ў Смаленску, Віцебску і Мсціславе. У ХІІ ст. беларуская эліта наладзіла цесныя сувязі з Візантыяй. Смаленскі князь Раман стварыў гарадскія вучэльні, дзе выкладалі настаўнікі, запрошаныя з Візантыі і краін Заходняй Еўропы.

Такая ж сітуацыя склалася і ў Кіеве, дзе актыўна фармавалася свая стараўкраінская мова, вельмі блізкая, як і зараз, да беларускай.

Да сярэдзіны ХІІ ст. з летапісаў знікаюць назвы старабеларускіх плямёнаў; так крывічы згадваюцца апошні раз у 1128 г., а полацкія князі называюць крывіцкімі ў 1140 і 1162 гг.

Спецыфічнай прыкметай старабеларускай эліты была роля жанчын, якія былі адукаванымі і ўплывалі на палітычную сітуацыю, пачынаючы ад Рагнеды. У гэтым яны бралі прыклад з Візантыі, дзе ў ХІІ ст. існавала шмат адукаваных жанчын, у тым ліку жонкі і сёстры імператараў.

У ХІІІ ст. палітычная і эканамічная сітуацыя ва Ўсходняй Еўропе вельмі змянілася. На мяжы ХІІ і ХІІІ ст.ст. у Прыбалтыцы з'явіліся крыжакі. У вусці Дзвіны яны заснавалі г. Рыгу, адабралі ў Полацка яго калоніі Герцыке і Кукенойс і закрылі прамы гандлёвы шлях у Балтыйскае мора, але неўзабаве падпісалі гандлёвыя пагадненні з Полацкам, Віцебскам і Смаленскам. Менавіта ў гэтых граматах мы ўжо бачым некаторыя адметныя рысы, уласцівыя жывой "народнай" беларускай мове. У гэтых гарадах немцы стварылі свае гандлёвыя цэнтры і збудавалі першыя на беларускай зямлі каталіцкія касцёлы ў Полацку і Смаленску. Пачаўся і ўплыў аднаго з паўночна-нямецкага дыялектаў (верхне-нямецкай мовы) на беларускую мову, асабліва ў галіне гандлю, мастацтва і будаўніцтва. У гэты час у Панямонні ўзніклі новыя моцныя беларускія гарады, і сярод іх на першае месца выйшаў Наваградак. Беларускі краязнавец Мікола Ермаловіч паведамляе, што ўжо ў 1119 годзе Наваградак быў незалежны ад Кіева, а ў 1228 годзе войскі навагародцаў разам з тураўцамі і пінянамі ваявалі супраць Данілы Галіцкага. Вядома і імя новагародскага князя Ізяслава, а ў 50-60 гадах ХІІІ ст. існавала і дзяржава - Новагародская зямля. У ХІІ ст. тут была збудавана віцебскімі і полацкімі майстрамі мураваная Барысаглебская царква. Мясцовая эліта была вельмі багатай і жыла лепей, чым у Кіеве.

Пасля 1237 года значная частка ўсходнеславянскіх княстваў разам з Кіеўскім трапіла ў склад новай імперыі - Залатой Арды. Тады навагародская эліта запрасіла на княскі пасад з суседняй Літвы вядомага ваяра Міндоўга. Менавіта ён і стаў заснавальнікам новай дзяржавы Вялікага Княства Літоўскага.

Летапісная літва, гэта адно з нешматлікіх балцкіх плямёнаў, суседзяў беларусаў у ХІІ - ХІІІ стст. Мы ж не ведаем на якой мове гаварылі гэтыя людзі, ці была яна блізкай да мовы прусаў, яцвягаў ці жамойтаў, але ёсць меркаванні, што тут не абышлося і без фіна-угорскага ўплыву (бо зусім недалёка жылі лівы, даннікі і саюзнікі Полацка).

Аднак слядоў мовы гэтага племені ў беларускай мове не засталося, бо яна была даволі хутка асімілявана беларускай. Ужо сын Міндоўга Войшалк стаў праваслаўным манахам, заснаваў манастыр і, вядома, гаварыў на старабеларускай мове і ўмеў на ёй чытаць і пісаць. Такім чынам новая частка беларускай эліты балцкага паходжання засвоіла нашу мову, і яна стала адзінай дзяржаўнай мовай ў ВКЛ.

"У часы князя Гедыміна Летапісная Літва, ядро ВКЛ - гэта Верхняе і Сярэдняе Панямонне - вобласць з беларускімі гарадамі Наваградкам, Гародняй, Слонімам, Ваўкавыскам, Вільняй і мяшанай беларуска-летувіскай вясковай ваколіцай. На поўначы Літвы жыло шчыльнай масай балцкае, пераважна летувіскае насельніцтва, якое было язычніцкім і не мела гарадоў, на поўдні - беларускае з ужо трывалымі хрысціянскімі традыцыямі і развітымі гарадамі. Паміж двума этнічнымі масівамі не існавала выразнай мяжы, а мелася шырокая кантактная зона, у якой мясцовыя балты паступова беларусізаваліся". З гэтам выказваннем вядомага беларускага гісторыка Алеся Краўцэвіча нельга не пагадзіцца. У язычніцкай частцы Літвы сваёй пісьмовай мовы не было.

Толькі з канца XIV ст. пісьмовая культура ўвайшла ва ўнутранае жыццё Літвы і склаўся комплекс крыніц, якія больш падрабязна адлюстроўваюць рэаліі краіны (Летувы).

Пасля Крэўскай уніі, калі Ягайла стаў польскім каралём і са сваім беларускім дваром пераехаў у Кракаў, старабеларуская мова значна паўплывала на польскую і дапамагла ёй пазбавіцца ад шматлікіх нямецкіх запазычанняў.

У сваю чаргу на Беларусь пашырыла свой уплыў каталіцкая царква, якая прынесла нам латынь, і мы маем шмат лацінізмаў, асабліва ў XVI - XVIII стст., калі існавала лацінамоўная сістэма адукацыі. У гэты час з'явілася так званая беларуская рэдакцыя царкоўна-славянскай мовы, што прыкметна адрознівала мову беларускіх тэкстаў ад мовы рэлігійных помнікаў тагачаснай Маскоўскай дзяржавы. Аб гэтым сведчыць мова такіх твораў канфесійнай літаратуры XV ст., як "Жыціе Аляксея, чалавека божага", "Пакуты Хрыста", "Аповесць аб трох каралях-вешчунах".

Асноўнымі цэнтрамі беларускай юрыдычна-дзелавой пісьменнасці з'яўляліся дзяржаўныя, прыватнаўласніцкія і магістрацкія канцылярыі.

Найважнейшыя дзяржаўныя акты, прывілеі і іншыя дакументы зацвярджала вялікакняская канцылярыя ў Вільні, якая мела свой уласны архіў (Метрыку). Большасць актаў і грамат Вялікага Княства Літоўскага ў ХІV - ХVІ стст. былі напісаны кірыліцай, на старабеларускай мове.

Прамежкавае становішча паміж юрыдычна-дзелавой пісьменнасцю са старабеларускай моўнай асновай і канфесійнай пісьменнасцю з царкоўнаславянскай мовай займала мова свецкіх мастацка-літаратурных твораў. У пачатку XVI ст. Ф. Скарына ўвёў родную беларускую мову ў Біблію і гэтым самым паказаў яе раўнапраўе з класічнымі кананічнымі мовамі - лацінскай, грэчаскай, старажытнаяўрэйскай.

З усіх жанраў беларускай літаратуры перыяду яе станаўлення найбольш дынамічна развіваліся летапісы.

Беларуска-літоўскія летапісы, паводле свайго складу, зместу і формы, падзяляюцца на 4 асноўныя групы: "Летапісец вялікіх князёў літоўскіх", Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г., "Хроніка Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага", "Хроніка Быхаўца".

Упершыню грунтоўны аналіз гэтых і іншых летапісаў зрабіў знакаміты беларускі гісторык Мікалай Улашчык.

Алег Трусаў , спецыяльна для партала ТБМ.


Ян Чэрскі: беларус, якога прыспеў час вярнуць беларусам

3 траўня споўнілася 170 гадоў ад нараджэння Яна Чэрскага - беларускага навукоўца, геолага, географа, даследчыка прыбайкальскага рэгіёна і возера Байкал.

Пасля 1863 года, калі на польскіх і беларускіх землях выбухнула вызвольнае паўстанне супраць Расейскай імперыі, блізу 20 тысяч удзельнікаў супраціву апынуліся ў высылцы. Пры гэтым больш за 12 тысяч былі родам з тагачасных беларускіх і літоўскіх губерняў і наступныя гады правялі ў Іркуцку і яго наваколлі. Сярод пакараных Сібір'ю - беларусы, якія навечна пакінулі свой след у гісторыі гэтага краю, адзін з самых вядомых - нараджэнец Віцебскай губерні Ян Чэрскі.

Калі Чэрскага арыштавалі, яму было ўсяго 18 гадоў, ён, можа, нават не паспеў зрабіць ніводнага стрэлу. Як трапіў у палон да расейцаў, яго прывезлі ў Віцебск, там трымалі пэўны час за кратамі. І ёсць такія сведчанні, што на допыце ён з гонарам называў сябе "шляхціцам з ліцвінаў".

За ўдзел у "бунце супраць гасудара-імператара" 18-гадовага Яна, які валодаў бліскучымі здольнасцямі і ведаў 5 моваў, высылаюць у Омск штрафным рэкрутам. І ўжо там, займаючыся самаадукацыяй, ён звяртае на сябе ўвагу ў навуковых колах.

Пасля звальнення з батальёна і забароны жыць у еўрапейскай частцы Расіі (адпаведна, немагчымасці паступіць у Казанскі ўніверсітэт), Чэрскі пераязджае ў Іркуцк, дзе ўжо пасяліліся ягоныя землякі: Дыбоўскі, Гадлеўскі, Гартынг, Чаканоўскі, Віткоўскі, Шчапаў, Крапоткін. Тут яны пачынаюць займацца даследаваннямі Байкальскага краю пад эгідай Усходне-Сібірскага аддзела геаграфічнага таварыства.

У 1883 годзе Чэрскі быў вызвалены ад вечнага пасялення. З улікам ягоных заслугаў Расійская акадэмія навук дамаглася ад ураду дазволу пасяліцца ў Пецярбургу, дзе ён стаў супрацоўнікам заалагічнага музея. Амаль усе навуковыя таварыствы Пецярбурга і Масквы абралі Чэрскага сваім сябрам.

Але, працягваючы займацца навуковай працай, Ян Дамінікавіч рыхтаваўся зноў наведаць Сібір. У 1891 годзе разам з жонкай, 12-гадовым сынам і асістэнтам-памочнікам Дугласам ён выправіўся ў новае 3-гадовае падарожжа з мэтай даследаваць паўночны захад Сібіры.

14 чэрвеня 1891-га года экспедыцыя выйшла з Іркуцка. Цягам году Чэрскі вывучаў Верхне-Калымскі край, яго жонка Маўра камплектавала батанічныя і заалагічныя экспанаты. Але цяжкая праца, умовы жыцця і падарванае арыштам здароўе неўзабаве пра сябе нагадалі: калі праз год экспедыцыя рушыла па рацэ Калыме, Чэрскі ў выніку цяжкай хваробы памёр проста на караблі ў вусці аднаго з прытокаў Калымы. Здарылася гэта 25 чэрвеня 1892 года. Там жа ён і быў пахаваны.

Калі Ян Дамінікавіч памёр у экспедыцыі, ягоная жонка Маўра вярнулася на радзіму мужа і ў 1920-30-х, да ад'езду ў Расію, жыла ў Віцебску.

Летась у верасні на паседжанні Кансультатыўнай рады ў справах дыяспары пры Міністэрстве культуры, якое праходзіла ў рамках ІІ фестывалю мастацтваў беларусаў свету, актывіст беларускага руху Алег Рудакоў з Іркуцка прапанаваў пераабсталяваць дом у Віцебску, дзе жыла жонка Яна Чэрскага, у музей:

- Пра тое, што Чэрскі - знакаміты даследчык, геолаг, географ, ведаюць у Іркуцку ўсе. Але мала хто скажа, што ён беларус. І каб у самой Беларусі ўшанавалі памяць гэтага чалавека, сказалі, што ёсць адметныя мясціны, з ім звязаныя, паставілі помнік, а ў доме, дзе жыла Маўра Чэрская, адкрылі б музей, прысвечаны даследчыкам Сібіры, беларусам па паходжанні, то была б карысная рэч і для саміх беларусаў, і для іркуцянаў, якія б маглі апеляваць да таго, што зроблена ў Беларусі. Цяпер будынак якраз належыць аддзелу культуры Віцебскага гарвыканкама, іншымі словамі, гэты дом цалкам у валоданні Міністэрства культуры. Там размяшчаецца адзін з адрасоў Цэнтра рамёстваў, Цэнтра традыцыйнай культуры, і на гэтай тэрыторыі было б абсалютна слушна паставіць і помнік.

Паводле Ігара Карнея . Радыё Свабода.


"Будзьма!"

11 траўня (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18.30 гадзін. Румянцава, 13 Уваход вольны.


У Нью-Ёрку памёр Алесь Міцкевіч, плямяннік Якуба Коласа

Сумная вестка прыйшла з Нью-Ёрка. 28 красавіка памёр плямяннік Якуба Коласа грамадскі дзеяч Алесь Міцкевіч.

Аляксандар Іванавіч Міцкевіч нарадзіўся 15 лістапада 1919 года ў вёсцы Мікалаеўшчына Стаўпецкага павета. У Міхала і Ганны Міцкевічаў было шмат дзяцей. Адным з іх быў Кастусь (будучы Якуб Колас). Міхаліна - родная сястра Кастуся - гэта маці Алеся.

Рыжская мірная дамова (18.03.1921 г.) падзяліла Беларусь паміж Савецкай Расіяй і Польшчай. Па розныя бакі ад мяжы апынуліся і Міцкевічы. Алесь, як і большасць мікалаеўшчынскіх, застаўся пад Польшчай. Якуб Колас - у БССР. Іх жыццёвыя пуцявіны ніколі не скрыжоўваліся, але светапогляд Алеся быў сфармаваны пад магутным дзядзькавым уплывам. Яшчэ ў 7-гадовай польскай пачатковай школе, якую скончыў у 1935-м, хлопчык паабяцаў сабе жыць і працаваць "для Беларускай справы". А пасля працягнуў сямейную традыцыю ды стаў настаўнікам.

З уключэннем Заходняй Беларусі ў склад БССР (14.11.1939 г.) вялікая радзіна Міцкевічаў уз'ядналася. Скончыўшы 6-месячныя савецкія настаўніцкія курсы ў Стоўбцах, Алесь выправіўся ў вясковую Жыгалкаўскую школку прышчапляць малым беларусікам любоў да роднай мовы і гісторыі. Неўзабаве радзіма апынулася пад нямецкім ярмом. Алеся паставілі настаўнікам пачатковай школы вёскі Крамец. Калі скончыўся першы навучальны год, стала зразумела, што далейшыя заняткі ды іншая грамадска-культурная дзейнасць немагчымыя.

З лета 1944 года - на эміграцыі. Жыў у Аўстрыі, Францыі, Бельгіі. У 1949-1950 гадах актыўна ўдзельнічаў у працы Каардынацыйнага камітэта беларускіх арганізацый у Францыі. З 1955 - у ЗША.

Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларуска-Амерыканскага дапаможнага камітэта. Сябар, старшыня (1982-1997) Нью-Ёркскага аддзела Беларуска-Амерыканскага Задзіночання (БАЗА). Радны, старшыня (1979-1981) Царкоўнай Рады пры Кафедральным Саборы імя Св. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. Цягам многіх гадоў распаўсюджваў газету "Беларус" (Нью-Ёрк). Выдаваў двухтыднёвік БАЗА "Весткі і паведамленьні" (1982-1997), для жыхароў Нью-Ёрка і ваколіцы штомесячна друкаваў машынапісны "Цыркуляр" (1996-1997). Быў скарбнікам згаданых арганізацый. Браў актыўны ўдзел у збіранні матэрыялаў да кнігі Зоры і Вітаўта Кіпеляў "Беларускі і беларусаведны друк на Захадзе" (1999).

Сябар Рады БНР.

Разам з жонкай Тарэсай жыў у Куінсе (Нью-Ёрк). Пакінуў дачок Марыю, Яланту і ўнука Юзіка.

Вікіпедыя.


Доўгачаканая сустрэча

Гэтай сустрэчы аршанцы чакалі даўно. І было чаго! Па-першае, ён вядомы ў краіне чалавек. Ён палітык - адзін з самых неардынарных дэпутатаў Вярхоўнага Савета, ён стаяў ля вытокаў нашага грамадскага аб'яднання - Таварыства беларускай мовы, ён - вучоны, гісторык, археолаг. А таксама ён - навуковец, які не расстаецца з вучэбным працэсам, працуючы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры, дзе прафесійна і цікава вядзе курс "Архітэктура Беларусі". Усё гэта я да таго, што чалавек, якога мы з нецярпеннем чакалі - Алег Трусаў - вельмі заняты, а такіх рэгіёнаў як Орша ў краіне нямала - усюды не паспееш.

Ды вось дачакаліся, тым больш, што акрамя спраў па ТБМ, была і яшчэ адна, якая нас асабліва цікавіла - гэта прэзентацыя яго новай кнігі "Кароткая гісторыя архітэктуры Беларусі".

Ужо з першых хвілін стала вядома і яшчэ адна станоўчая якасць выкладчыка - добрае веданне методыкі выкладання, каб зацікавіць слухачоў, Алег Анатольевіч прапанаваў нам прагледзець кароткі фільм не толькі аб асаблівасцях архітэктуры, а і аб тым як разбураліся каштоўныя гістарычныя архітэктурныя помнікі. Ды не дзенібудзь, а ў нас на Віцебшчыне. Гэта выклікала і нуду, і гэта ж праявіла яшчэ большую цікавасць прысутных да прадмета нашай размовы, якую памяркоўна павёў аўтар кнігі. Слова да слова, крок за крокам прасачылі мы амаль усю гісторыю развіцця грамадства і архітэктуры роднай краіны ў розныя гістарычныя эпохі - ад палеаліту-мезаліту - неаліту, па ўсіх гістарычных эпохах: старажытнасці, сярэднявечча, новага і найноўшага часу. Мы ведалі і ведаем, што больш за ўсё помнікаў архітэктуры захавалася на заходніх тэрыторыях краіны. Дык гэта ж захавалася, а было ж ды і ёсць нямала іх і на нашых усходніх землях. Гэта і старажытны помнік ХІІ стагоддзя - Полацкая Сафія, дзе, як даведаліся мы з кнігі, упершыню на Беларусі прымянялася "плінфа" (цэгла), завезеная з Візантыі. Мы даведаліся так-сама, што менавіта ў Полацку з'явіліся і першыя на Беларусі будаўнічыя арцелі, што полацкія дойліды заснавалі архітэктурную школу ў Смаленску і Ноўгарадзе, траплялі полацкія майстры і ў Гарадзенскае княства. Вядома, што з развіццём цывілізацыі, пашырэнне ўздзеяння на грамадства розных царкоўных плыняў змянялася, пашыралася, удасканальвалася і архітэктура краіны. Так былі пабудаваны калегіюмы, а ў 1612 годзе калегія з'явілася і ў Оршы. Будынак гэты, на шчасце, захаваўся і да нашай пары, дзе зусім нядаўна адбылася рэканструкцыя.

Словам, з выступу Алега Анатольевіча, з яго кнігі мы шмат чаго пазналі, даведаліся многа новага, абнавілі памяць пра нашую гісторыю.

Трэба, мусіць, узгадаць ў маім допісе і пра другое, што таксама адбылося пад час узгаданай сустрэчы. Разам з А. Трусавым прыехала да нас і яго намесніца па ТБМ Алена Анісім. Яна зрабіла нам (прабачце, але ўспомнілася былое) "даклад аб бягучым моманце", нагадала трапна пра сучаснае палітычнае, эканамічнае і сацыяльнае становішча ў Беларусі і ў свеце, паспрабавала глыбей унікнуць у тыя ці іншыя праблемы. Яна паставіла пытанне, што рабіць, каб гэтыя і іншыя праблемы вырашыць. І сама ж адказала: ісці на прэзідэнтскія выбары, што маюць адбыцца. Калі некаторыя апазіцыйныя лідары ў гэтым пытанні яшчэ вагаюцца, дык яна цвёрда заявіла: у выбарах трэба ўдзельнічаць і не толькі, а і выстаўляць свайго кандыдата ў Прэзідэнты. Адчуваецца, што ў яе самой зарадзіліся прэзідэнтскія амбіцыі. Яна ж азнаёміла прысутных з "Кароткай праграмай рэформаў кандыдата ў Прэзідэнты".

Напрыканцы сустрэчы старшыня Рады ТБМ імя Ф. Скарыны А. Трусаў уручыў новым сябрам ТБМ білеты. Было таксама прынята некалькі новых сяброў у нашую суполку.

Тая сустрэча, якую доўга чакалі аршанцы адбылася і цікавай, і карыстай, і павучальнай і пойдзе ўсім толькі на карысць.

Мінай Карніенка, г. Орша.


ДА ДНЯ ПЕРАМОГІ

Усё далей і далей адыходзіць у гісторыю той радасны і адначасова трагічны 1945-ы год, калі закончылася вайна ў Еўропе. Трагічны таму, што тая Перамога вельмі дорага каштавала савецкаму народу, асабліва беларускаму. Беларусь тады страціла кожнага трэцяга жыхара. А колькі было разбурана гарадоў і вёсак! Але яна не закончылася тады 9 траўня для многіх салдат Савецкай Арміі, бо іх з усходніх еўрапейскіх краін на цягніках павезлі ў Кітай на вайну з Японіяй. Там вяліся вельмі жорсткія баі, калі японцы, нават раненыя, кідаліся з нажамі на савецкіх салдат або самі сябе заразалі. Зразумела, шмат каму з савецкіх салдат тады, у жніўні вельмі пашанцавала. Пашанцавала тады і майму бацьку Вінцуку, якога з Чэхаславакіі прывезлі ў порт Артур-Дальні. Але на фронт ён там не трапіў, бо 2 верасня 1945 года Японія капітулявала. Далей яна ніяк не магла ваяваць, асабліва пасля нанесенага Злучанымі Штатамі Амерыкі ўдару, калі ў жніўні былі скінуты дзве атамныя бомбы на японскія гарады Херасіму і Нагасакі. Не было ніякага сэнсу далей ваяваць на такой невялікай тэрыторыі, дзе шмат насельніцтва. 3 верасня ў Савецкім Саюзе быў аб'яўлены Днём Перамогі над імперыялістычнай Японіяй. Быў выпушчаны медаль "За перамогу над Японіяй", якім былі ўзнагароджаны ўсе ўдзельнікі той вайны, у тым ліку і мой бацька. Хоць 9 траўня і 3 верасня доўгі час былі рабочымі днямі, але іх адзначалі як свята кожны год. Толькі ў 1965 годзе 9 траўня зрабілі святочным нерабочым (выхадным) днём, а 3 верасня перасталі адзначаць, хоць менавіта 2 верасня закончылася Другая сусветная вайна, якая доўжылася з 1 верасня 1939 года (роўна 6 гадоў). У Менску да гэтага часу захавалася вуліца 3 верасня, але мала хто ведае, чаму яна так названа.

Пасля той вялікай Сусветнай вайны ўжо выраслі два пакаленні людзей, для якіх вайна - гэта нібы гульня ў хакей ці футбол. І вайну яны ведаюць толькі па мастацкіх і дакументальных кінафільмах. Аднак глядзець кінафільм і быць на фронце ці пад бамбёжкай - гэта такая вялікая розніца, як паміж днём і ноччу.

Мала ўжо засталося і ўдзельнікаў Другой сусветнай вайны. Большасць з тых, хто яшчэ жыве, былі падлеткамі і па волі лёсу ўзяліся за зброю. Помняць нямецка-нацысцкую акупацыю і дзеці вайны, якія напісалі свае ўспаміны.

Сёлета выдавецтва "Мастацкая літаратура" плануе надрукаваць кнігу "Бліскавіцы над Заслаўем", падрыхтаваную журналістам Сымонам Струменскім, які сам добра памятае тую вайну. Ваенныя падзеі 1941-1945 гадоў навечна запаміналіся тагачаснымі дзецьмі. Ён, працуючы ў 1969-1975 гадах настаўнікам у Менскім раёне, запісаў успаміны падпольшчыкаў Заслаўя і партызан брыгады "Штурмавая", якая дзейнічала ў былым Заслаўскім раёне. Адзначым, што сёлета, 29 жніўня, горад Заслаўе адзначае 1030-ю гадавіну з часу першага ўпамінання ў летапісе аб гэтым паселішчы.

Каб маладое пакаленне больш ведала пра вайну, укладальнік і аўтар будучай кнігі прапануе нарыс з яе.

Сымон Барыс.


Настаўнік Фёдар Янкоўскі

Нехта ў Інстытуце літаратуры АН БССР прапанаваў мне пазнаёміцца з былым настаўнікам, цяпер выкладчыкам беларускай мовы Менскага дзяржаўнага інстытута імя Максіма Горкага Фёдарам Янкоўскім. Гэта было ўлетку ў сярэдзіне 1960-х гадоў. Я ведаў, што гэтага чалавека любяць усе - і студэнты, і выкладчыкі. Любілі яго за грунтоўныя веды, за спакойны характар і чуллівае стаўленне да людзей. Пра іншыя яго заслугі перад Беларуссю і савецкім грамадствам я тады яшчэ і не ведаў. Мне запомніліся вельмі добра дзве сустрэчы з ім - першая і апошняя.

Маё знаёмства з гэтым чалавекам адбылося ў калідоры названага педінстытута пасля яго лекцыі. Я коратка расказаў Янкоўскаму, адкуль я прыехаў і чаго шукаю ў Менску. Хачу паступіць у Менску ў аспірантуру па філалогіі, бо маю запісы фальклору з Вілейскага і Горацкага раёнаў. Паслухаў ён маю беларускую гаворку і кажа: "Гаворыце Вы беларускімі словамі, але вымаўленне ў Вас ужо не бедарускае, а рускае. У Вас гукі ч і р сталі мяккімі, а ў беларускай мове яны заўсёды цвёрдыя. Добра вучылі Вас у Ноўгарадзе рускай мове". Вось гэта мне і запомнілася ад той нашай сустрэчы, але для мяне карысць ад яе была. Я зразумеў, што ў аспірантуру я магу трапіць толькі па рэкамедацыі Р.Р. Шырмы і толькі па спецыяльнасці фалькларыстыка ў АН БССР, бо там няма сваіх студэнтаў. У БДУ і Менскім педагагічным інстытуце ёсць свае студэнты, і з боку ім не патрэбны аспіранты.

У сярэдзіне 1970-х гадоў я даведаўся ад партызан шмат чаго цікавага пра незвычайны лёс Янкоўскага і выратаванне яго ад немінучай смерці ў школе. Пры выпадковай сусрэчы з Янкоўскім, а можа і невыпадковай, я хацеў атрымаць ад Фёдара Міхайлавіча дазвол на напісанне пра яго нарысу. Але не змог папрасіць, бо патрэбна было з ім пагаварыць на балючую для яго тэму. Падумаў, што няхай лепш сам напіша пра гэта. І параіў Фёдару Міхайлавічу: "Напішыце Вы пра сябе, як трапілі ў партызаны і ваявалі з ворагамі". "Можа некалі і напішу", - паабяцаў ён мне. І на гэтым я супакоіўся. Не ведаю, ці напісаў ён пра свой пакутны лёс. Але ў яго апошніх кнігах нічога пра гэта няма, калі не лічыць яго абразкі пра свайго калегу Максіма Собалева і пра заслаўскага падпольшчыка Паўлюка Быстрыка.

У сваіх успамінах Максім Піліпавіч Собалеў распавядаў мне пра свайго калегу Янкоўскага так: "Западозрылі акупанты ў сувязях з партызанамі сям'ю Янкоўскіх. У Саломярэцкай сямігадовай школе ён працаваў настаўнікам і завучам. Раніцай увосень 1942 года немцы акружылі вёскі Каланіцы і Саломярэчы і рашылі ўчыніць расправу над іх жыхарамі. Іх сагналі ў школу, якая была ў маёнтку былога пана ў Саламярэчах. Фёдар Міхайлавіч на міласць немцаў не разлічваў. Адкрыў акно, выскачыў у крапіву і схаваўся. Сагнаных жыхароў вёскі расстралялі, затым школу аблілі бензінам і спалілі. Толькі костачкі жонкі і дзяцей сабраў Фёдар Янкоўскі".

Расказвалі, што ён насіў іх да самай жаніцьбы. Прыйшоў у атрад з 12-гадовым Мішам Ялавіком і ў атрадзе быў кулямётчык. Ён бязлітасна помсціў ворагу за спаленыя Саломярэчы, жонку і дваіх дзяцей. Ён папрасіў сабе станковы кулямёт, на якім навучыў страляць Мішу, родныя якога таксама былі спалены ў в. Саломярэчы. Гэты хлапчук стаў як родным сынам для Янкоўскага. 15 фашыстаў знішчыў Янкоўскі падчас бою ў Загорцах, але і сам быў паранены. У яго былі перабітыя ключыца і правае плячо. Тады Міша сарваў з сябе кашулю, перавязаў рану Янкоўскаму, а сам лёг за кулямёт. Калі скончыліся патроны, ён ад крыўды, што няма чым страляць па ўцякаўшых немцах, заплакаў, паклаўшы галаву на ствол кулямёта.

Як распавядаў мне Максім Собалеў, Фёдар Міхайлавіч пасля вайны моцна захварэў на сухоты. Адбіліся на яго здароўі дзве вайны. Ён працаваў у Радашковічах інспектарам райана. З'еў 7 сабак, але пазбавіўся цяжкой хваробы.

У беларускай электроннай Вікіпедыі даюцца вельмі кароткія агульныя звесткі пра Фёдара Янкоўскага як вучонага. Падаём іх.

"Фёдар Міхайлавіч нарадзіўся 21 верасня 191 8 года вёсцы Клетнае (цяпер Глускі рвён) у сялянскай сям'і. Скончыў Рагачоўскі педагагічны тэхнікум (1936). Працаваў настаўнікам Буцавіцкай школы Менскага раёна. Скончыў завочна Менскі настаўніцкі інстытут у 1939 годзе. Удзельнічаў у савецка-фінляндскай вайне (1939-1940), быў паранены. У час Вялікай Айчыннай вайны - разведчык, начальнік разведкі атрада "Грозны" на Меншчыне. Пасля вызвалення Беларусі ад акупантаў два гады (1944-1946) працаваў адказным сакратаром рэдакцыі Глускай раённай газеты "Сацыялістычная вёска" і настаўнічаў у Глускай сярэдняй школе. У 1948 годзе скончыў філалагічны факультэт Гарадзенскага педагагічнага інстытута. Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Радашковіцкай сярэдняй школе, вучыўся ў аспірантуры пры Менскім педагагічным інстытуце. З 1953 г. - выкладчык беларускай мовы, у 1956-1982 гг. - загадчык, з 1983 - прафесар кафедры беларускага мовазнаўства гэтага інстытута. Доктар філалагічных навук. Член СП СССР (з 1968 г.).

Дэбютаваў у рэспубліканскім друку нарысам у 1936 годзе (часопіс "Работніца і калгасніца Беларусі"). Аўтар кніг "Дыялектны слоўнік" (вып. 1-3, 1959-1970), "Беларускае літаратурнае вымаўленне" (1960), "Пытанні культуры мовы" (1961), "Вусная мова і выразнае чытанне" (з У. Калеснікам, 1962), "Роднае слова" (1967, 2-е выданне ў 1972, 3-е пад назвай "Беларуская мова" ў 1978), "Беларуская фразеалогія" (1968, 1981), "Беларускія народныя параўнанні" (1973), "Гістарычная граматыка беларускай мовы" (ч. I - 1974, ч. II - 1977), "Сучасная беларуская мова" (1984), "Само слова гаворыць" (1986). Выдаў "Фразеалагічны слоўнік" (з Н. Гаўрош і Я. Лепешавым, 1973). Складальнік зборнікаў афарызмаў, прыказак і прымавак, параўнанняў, фразеалагізмаў "З беларускіх літаратурных крыніц" (1960), "Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі" (1957), "Беларускія прыказкі, прымаўкі, фразеалагізмы" (1962). Адзін з аўтараў дапаможнікаў для вышэйшых навучальных устаноў "Сучасная беларуская літаратурная мова" (1976, 1984), "Практыкум па беларускай мове" (1980) і інш.

Выйшлі кнігі ягонай прозы "Абразкі" (1975), "Прыпыніся на часіну" (1979), "І за гарою пакланюся" (1982), "Радасць і боль" (1984), "З нялёгкіх дарог" (выбранае, 1988).

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны І ступені, ордэнам Чэхаславакіі і медалямі. Заслужаны дзеяч навукі БССР (1972). Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь (1998). Імя Ф. Янкоўскага носіць вуліца ў Мінску.

Памёр ён раптоўна 13 лістапада 1989 года ў Мінску. Адбіліся на здароўі і цяжкае раненне на фронце, і напружаная праца. У тым ліку і ў тагачасным Мінскім педагагічным інстытуце імя М. Горкага (цяперашні Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка), дзе 26 гадоў загадваў кафедрай беларускага мовазнаўства."

Гэта вельмі сціслыя біяграфічныя звесткі пра вучонага. Яны не раскрываюцць няўрымслівы характар гэтага чалавека.

На савецка-фінскай вайне яго цяжка параніла. Яго вызвалілі ад службы ў арміі назаўсёды, як гавораць, выдалі белы білет. Як напамінак пра тую вайну ў яго целе засталося некалькі асколкаў.

Пры нямeцка-фашысцкай акупацыі мог бы працаваць настаўнікам, але ён рашыў ваяваць. Узначальваў аператыўную і баявую разведку атрада "Грозны", які дзейнічаў у Заслаўскім, Радашковіцкім і Лагойскім раёнах. Разам з дадзенымі пра размяшчэнне і ўзбраенне нямецкіх войск збіраў звесткі пра родную мову. У час блакады закапаў каля Гарбатага маста, паблізу дарогі з Лагойска ў Плешчаніцы, агульны сшытак народных выслоўяў, запісаных у вёсках Маладзечанскага, Менскага і Лагойскага раёнаў. Пасля вайны шукаў яго і не знайшоў.

У сваёй аўтабіяграфіі, сціпла названай "Радкі з успамінаў і сустрэч", славуты мовазнаўца напісаў: "Далікатная рэч - народнае слова, народная песня. Каб гаварыць пра іх, трэба ведаць, разумець, трэба, каб і гаварылі пра іх далікатна". Прачытаўшы гэтыя шчырыя пранікнёныя словы, пісьменнік Алесь Марціновіч у сваім нарысе пра Ф. Янкоўскага сказаў: "Калі што і можна дадаць, то хіба толькі адно: разумець народнае слова, а значыць, беларускую мову, неабходна так далікатна, як гэта рабіў сам Фёдар Міхайлавіч" . І гэта сапраўды коратка, але слушна сказана.

Апошняя мая сусрэча з выдатным філолагам сапраўды была выпадковай у Доме настаўніка (цяпер будыканак ліцэя БДУ) у Менску. Гэта адбылося на пачатку ліпеня 1989 года. Скончыў Ф. Янкоўскі чытаць лекцыю для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры і зайшоў у буфет. На той час і я там быў. Дзве настаўніцы падышлі да выкладчыка Янкоўскага і запыталі: "Нядаўна ў Вільні адбыўся Ўстаноўчы з'езд БНФ. Як Вы ставіцеся да стварэння такой грамадскай арганізацыі?" Для мяне было дзіўна, што ён нічога не адказаў. Прамаўчаў. Быў ужо стары і мудры, каб сходу выказвацца.

У той жа дзень ці праз пару дзён я задаў гэтае пытанне свайму былому калегу, пісьменніку Ўладзіміру Калесніку з Берасця. Ён не прамаўчаў, але фактычна хітра адгаварыўся: "Трэба працаваць, а не крытыкаваць". І гэта сказаў мне былы партызан, загадчык кафедры беларускай літаратуры Берасцейскага педагагічнага інстытута. Беларускія пісьменікі і выкладчыкі ВНУ так былі адукаваны лёсам, што нават у часы галоснасці пры М.С. Гарбачове, нават у прыватнай размове не маглі сказаць тое, аб чым яны думаюць. Вось у які час яны жылі! Думалі адно, а гаварылі зусім іншае. А для гарантыі, каб іх куды не трэба не занесла, за імі пільна сачылі партыйныя і спецыяльныя органы. Магчыма, таму і маўчалі, нават у сваёй краіне.

Сымон Струменскі.


Ён жыў Перамогай

Барэльеф на вялікім валуне ўвекавечыў чалавека са светлым позіркам, скіраваным ў далячынь. Ён быў такім у жыцці: натхнёным, рамантычным, задуменным. Аўтар вершаў незабыўнага "Майскага вальса", што гучыць кожнае свята, стваральнік "Памяці сэрца", " Абяліскаў" і яшчэ сотні лірычных і патрыятычных песень, паэт-франтавік, Міхаіл Ясень ( Гольдман, 1924-2006 г.).

Яго песні гучалі ў выкананні Віктара Вуячыча, Яраслава Еўдакімава, Ігара Сарокіна. Ён супрацоўнічаў з 50 кампазітарамі: Э. Зарыцкім, І. Лучанком, Д. Смольскім, Ю. Семянякам, Л. Захлеўным і іншымі. Беларускія выканаўцы з песняй на словы Міхаіла Ясеня "Памяць сэрца" перамаглі на Усесаюзным конкурсе майстроў эстрады ў 1966 годзе, што паспрыяла развіццю ўсяго песеннага жанру на Беларусі ў тыя часы. Яго песні плылі па ўсёй краіне, былі і застаюцца любімымі, а іх сціплы аўтар усё жыццё працаваў на інжынерных пасадах, быў тэхнічным вынаходнікам, лаўрэатам конкурсу, але ў душы яго гучала музыка, нараджаліся вершы.

Міхаіл Аронавіч Ясень ( Гольдман) нарадзіўся ў Менску ў 1924 годзе ў яўрэйскай сям'і. Да вайны ён жыў з бацькамі і сястрой ў адным пакоі камунальнай кватэры на вул. К. Маркса. На яго памяці засталося шмат гістарычных падзей. У 1934 годзе з дзіцячай дэлегацыяй хлопчык вітаў ўдзельнікаў першага з'езду беларускіх літаратараў. Яму пашчасціла бачыць кіраўнікоў дзяржавы тых часоў: Галадзеда, Гікалу, Чарвякова. Давялося яму сустракацца пазней і з Якубам Коласам. З дзяцінства ён зачытваўся творамі беларускіх класікаў, любіў Змітрака Бядулю, Янку Маўра. Міхаіл скончыў 8 класаў і вучыўся ў будаўнічым тэхнікуме. 22 чэрвеня 1941 года ён сустрэў на занятках геадэзіі ў раёне сённяшняга парку Чалюскінцаў. Праз некаторы час сям'я трапіла ў эвакуацыю ў Сталінград. Там юнак працаваў на метызным заводзе, які выпускаў прадукцыю для фронту.

Ён быў прызваны на фронт 18-гадовым юнаком у 1942 годзе і патрапіў на Волхаўскі фронт ў 854 артылерыйскі полк 286 стралковай дывізіі і быў артылерыйскім разведчыкам. Волхаўскі фронт праходзіў праз балацявіны, імхі, быў пакрыты лесам і тарфянікамі. Там напаткалі беларуса частыя бамбёжкі і артабстрэлы, віскат мін і глухое буханне снарадаў. Там засталіся ляжаць сябры, пра якіх потым паэт напіша кранальныя радкі. Маладому байцу давялося ўдзельнічаць у цяжкіх баях пры прарыве блакады Ленінграда, ваяваць на поўначы краіны. Выжыць і вытрымаць усё дапамагла Міхаілу добрая фізічная загартоўка: з юнацтва ён займаўся спортам, рабіў практыкаванні са штангай. У 1945 годзе Міхаіл Ясень вярнуўся ў Менск, сустрэўся з бацькамі, але дзядзька Навум і яго жонка загінулі ў гета. Міхаіл скончыў на выдатна школу працоўнай моладзі і паступіў у Менскі палітэхнічны інстытут. Па спецыяльнасці ён працаваў інжынерам-канструктарам ў інстытуце "ПрамтрансНДІпраект", а па пакліканні душы супрацоўнічаў з кампазітарамі і спевакамі, якія раіліся з ім і ахвотна ўключалі ў свой рэпертуар яго песні. Паэтычная творчасць ускалыхнула ўспаміны пра вогненныя дарогі вайны.Сваім баявым сябрам па 854 дывізіі Міхаіл Ясень прысвяціў кнігі песень і вершаў " Ліст з 1945", зборнік лірыкі "Вясна. Каханне. Перамога".

Не забыты, хто забіты,

Хто ў зямлі навек зарыты,

Хто без вестак знік у пастцы

той бязлітаснай вайны,

Помняць дзеці, помняць маці,

Помняць дзеда,

помняць бацьку,

І гараць на іх магілах

Вечнай памяці агні!

Міхаіл Аронавіч быў вельмі шчырым, таварысцкім, міралюбным чалавекам і вялікім аптымістам. Дружна жыў ён з жонкай Элай Навумаўнай і сынам Леанідам, сябраваў з паэтамі і пісьменнікамі. Яму пісалі і тэлефанавалі грамадскія дзеячы з ветэранскіх арганізацый і прыватныя асобы з Расіі, ЗША, Ізраіля, яго часта запрашалі на выступленні і творчыя вечарыны.

Ён жыў у суседнім двары ў Менску па вул. Валгаградскай, ахвотна размаўляў з суседзямі і вітаў сваіх сяброў словамі: "Зайге зунд!" ("Будзь здаровы!"). Паэт вельмі любіў родны горад і прысвяціў яму вершы і песні: "На трактарным сосны шумяць", "Калі гучыць мелодыя любві","Вы спявайце для нас, салаўі".

Рассыпаў майскі вечар

зоркі ў сіні час,

І наш цудоўны Мінск

нібы зачараваны,

Сваёй мелодыяй

ён запрашае нас,

Ён кліча да любві

вясною закаханых.

9 траўня 2006 года Міхаіл Аронавіч пайшоў на святочнае шэсце ветэранаў, быў у цэнтры хвалюючых падзей. Назаўтра душа яго паляцела з жураўлінай чарадой, і паэт назаўжды застаўся з Перамогай, якую ён набліжаў і шанаваў.

Зноў закружыць над зямлёй у святочныя дні "Майскі вальс", загучыць і "Беларуская рапсодыя" паэта светлай душы Міхаіла Ясеня:

Гэта Беларусь, наша Беларусь,

Дзіўнай музыкай

кліча ў даль вякоў,

Гэта Беларусь, наша Беларусь,

Кажа : Мір вам ды любоў!

Эла Оліна, Міхаіл Гольдман на фронце. Фота з кнігі "Ліст з 1945".


90-гадовы ветэран

8 траўня 2015 года адзначае 90-годдзе ўдзельнік і інвалід Вялікай Айчыннай вайны Яўген Парфёнавіч Старавойтаў. Ён нарадзіўся ў вёсцы Клімаўка на Гомельшчыне. У часы вайны быў санінструктарам. Капітан. Мае больш за 20 дзяржаўных узнагарод! Сярод іх - ордэн Славы ІІ ступені. Пасля вайны атрымаў вышэйшую адукацыю ў Інстытуце замежных моў (першы выпуск). Працаваў выкладчыкам нямецкай мовы ў г. Пінску, а таксама ва Ўзбекістане.

Яўген Парфёнавіч мае траіх дзяцей. Ён асуджае сталінізм! Чытае прэсу на беларускай мове. Любіць танчыць лязгінку. Спявае ў хоры. Напісаў мемуары (ўспаміны). У лістападзе 2014 года "дзядзька" Яўген прадаў кватэру ў г. Лунінцы і пасяліўся ў г. Пінску. Яўген Парфёнавіч - дабразычлівы чалавек, якога паважаюць сябры і знаёмыя. Я ганаруся сяброўствам са спадаром Старавойтавым.

Аляксей Шалахоўскі.


РАМЕСНЫ ПАДВОРАК

У пазамінулую пятніцу ў Ходараўскім Доме культуры ўпершыню ладзілася свята дэкаратыўна-прыкладной творчасці - кірмаш талентаў "Рамесны падворак". Яго арганізатарам выступіла Дзяржаўная ўстанова "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" і яе філіял "Ходараўскі Дом культуры".

Яскравае свята праходзіла ў прыгожа аформленым памяшканні Дома культуры. Галоўнымі персанажамі свята былі людзі з сапраўды "залатымі" рукамі - кіраўнікі гурткоў клубных устаноў раёна.

Госці свята атрымалі выдатную магчымасць наведаць выставу-кірмаш твораў і набыць рэчы, ад якіх сыходзілі магічнае святло і прыгажосць. Выставу зладзілі ўдзельнікі і кіраўнікі гурткоў дэкаратыўна-прыкладной творчасці: "Аксаміт" Ёдкаўскага ДК, "Акварэлькі" Пескаўскага ДК, "Цудоўная скарбоначка" Ганчарскага ДК, "Павуцінка" Беліцкага ДК. На рамесных падворках былі прадстаўлены творы, зробленыя з традыцыйных і падручных матэрыялаў, разнастайныя па тэхніцы выканання і сваім прызначэнні.

На свяце былі арганізаваны не толькі выставы майстроў, але і іх конкурсныя выступленні. Па-першае, кожны майстар павінен быў па-асабліваму паведаміць аб сваіх работах, якія знаходзіліся на рамесным падворку (выставе). Другім этапам для майстроўумельцаў быў "Абярэгавы серпанцін", на якім яны мелі магчымасць не толькі паказаць сваё майстэрства ў вырабе абярэгу, але і паведаміць вельмі цікавую інфармацыю для гледачоў аб прызначэнні такіх цудадзейных прадметаў жыцця для кожнага чалавека. Праявіць сваю фантазію майстры змаглі на конкурсе "Фантазія", пакуль гучала некалькі музычных нумароў, умельцы стваралі цудоўныя дэкаратыўныя венічкі-абярэгі, пасля чаго кожны гэты выраб быў цікава прадстаўлены перад кожным гледачом.

Апошнім этапам для майстроў стаў атракцыён "Што ў скрынцы?". У ёй быў схаваны адзін з прадметаў, зроблены ўмелымі рукамі майстра. З дапамогай пытанняў тыпу: "Гэта якога колеру?", "Гэта цвёрдае ці мяккае?", гледачы павінны былі адгадаць, што знаходзіцца ў скрынцы, і той, хто адгадаў, атрымоўваў гэты прадмет.

Культурная праграма свята таксама не прымусіла нікога сумаваць - гледачы здзіўляліся і радаваліся, гледзячы на выступы артыстаў з Ходараўскага ДК, Беліцкага ДК і Ганчарскага ДК.

Кірмаш талентаў "Рамесны падворак" стаў значнай падзеяй і для арганізатараў, і для наведвальнікаў. Гэта мерапрыемства стане ў Ходараўскім Доме культуры брэндавым мерапрыемствам, якое яшчэ не раз адбудзецца для жыхароў і гасцей аграгарадка Ходараўцы. З нецярплівасцю чакаем новых сустрэч з хараством творчасці майстроў раёна!

Наталля Вайцюкевіч , ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці.


Паэты, якія стварылі гэтую краіну, яе і адродзяць

Вершы і песні гучалі ў вясковых школах Слонімшчыны

27 красавіка беларускі бард Андрэй Мельнікаў і літаратар, гісторык, краязнавец Сяргей Чыгрын правялі тры сустрэчы ў адзін дзень у вясковых школах Слонімшчыны. Цікавых творчых людзей шчыра віталі настаўнікі і вучні Міжэвіцкай, Сялявіцкай і Шылавіцкай школ. Андрэй Мельнікаў радаваў прысутных сваімі новымі песнямі, праводзіў розныя творчыя конкурсы, адказваў на пытанні настаўнікаў і вучняў. А пытанняў было шмат. Адна са школьніц запытала ў гасцей, ці заўсёды і ўсюды яны размаўляюць па-беларуску? Госці адказалі: "Так". Тады дзяўчынка сказала, што і яна заўсёды будзе размаўляць толькі на роднай мове. У Сялявіцкай школе пасля сустрэчы адзін з хлопчыкаў асмеліўся і вырашыў пачытаць гасцям свае ўласныя вершы. Яны ім спадабаліся. Сяргей Чыгрын распавёў прысутным пра свае творчыя планы і пра тыя кнігі, якія сёлета выйшлі з друку. Найперш, гэта пра сваю ўласную кнігу "Слонім і ваколіца" і пра кнігу аднаго з пачынальнікаў беларускай літаратуры Кандрата Лейкі "Пан Трудоўскі". Падчас сустрэч настаўнікі выказалі свае пажаданні, каб падобныя спатканні з творчымі беларускімі літаратарамі, мастакамі, гісторыкамі, артыстамі, бардамі адбываліся ў вясковых школах часцей, бо менавіта такіх цёплых сустрэч ім заўсёды не хапае.

Барыс Баль , Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён. Фота аўтара.


Часопіс "Верасень" вандраваў па вёсках Лідчыны

29 красавіка на Лідчыне адбылася прэзентацыя 11-га нумара літаратурна-мастацкага часопіса для моладзі "Верасень". На гэты раз рэдактар часопіса паэт і бард Эдуард Акулін ды сталы аўтар выдання, паэт Леанід Дранько-Майсюк наведалі самае Панямонне - вёскі Пескаўцы і Беліцу.

Старажытныя славянскія і барцянскія вёскі, чароўныя краявіды, а плакаць хочацца на ўсё гэта гледзячы. Панямонне абязлюдзела. У Пескаўцах базавая школа, і гэта пры тым, што ў свой час сюды было пераселена шмат людзей з Чарнобыльскай зоны, нават школа стаіць на вуліцы Гомельскай. У Беліцы школа сярэдняя, дзяцей больш, але калі згадаць, што некалі Беліца была горадам, а многія стагоддзі шыкарным мястэчкам, то і тут радасці мала.

Тым не менш і сюды трэба ехаць, і, можа, часцей, чым у іншыя месцы. У Пескаўцы, як сказалі ў школе, не прыязджаў ніхто ніколі, а тут адразу два выдатныя паэты. Дзеці і настаўнікі, спачатку крыху скаваныя, лёгка рушылі ўслед за беларускім паэтычным словам, і атмасфера стала лёгкай і нязмушанай. Эдуард Акулін так шчыра спяваў песню пра галоднага беларускага ваўка, што парвалася струна на гітары, і песенную складовую ў Беліцы давялося абмяжоўваць.

У Пескаўцах і Беліцы раздаваліся буклеты ТБМ. І там і там дзеці ахвотна бралі аўтографы.У Беліцы гасцей запрасілі ў школьны музей, які ўвесь аформлены па-беларуску. Зрэшты, і самі школы беларускія, але, як сказаў дырэктар Беліцкай школы, беларускай мовы дзецям нават у беларускай школе катастрафічна не хапае. Навакольны свет, які круціцца ўжо не вакол зямной восі, а вакол расейскага тэлебачання, агрэсіўна антыбеларускі. Таму трэба ісці і ехаць у самыя далёкія куточкі Беларусі, несці прыгожае пісьменства, беларускае прыгожае слова. Сёння ў нас якраз той выпадак, калі толькі прыгажосць, мілагучнасць беларускага слова, беларускай песні, беларускай кнігі і часопіса, нарэшце, дапамогуць нашай нацыі выстаяць супраць агрэсіўнай русіфікацыі. Слава Богу, паэты гэта разумеюць, таму едуць і нясуць беларускае слова, як Слова Божае.

Яраслаў Грынкевіч.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX