Вярнуцца: 2015

№ 21 (1224)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 21 (1224), 20 траўня 2015 г.


VI МІЖНАРОДНЫ КАНГРЭС БЕЛАРУСІСТАЎ

27-29 траўня 2015 года

27 траўня ў Менску пачаў працу VI Міжнародны кангрэс беларусістаў (МАБ).

У складзе аркамітэту кангрэс рыхтавалі:

Міхаіл Касцюк , старшыня МАБ, Інстытут гісторыі НАН Беларусі;

Адам Мальдзіс , ганаровы старшыня МАБ;

Ірына Багдановіч , член камітэта МАБ, старшыня Рэспубліканскага аддзялення МАБ, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт;

Сяргей Гаранін , Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі;

Герд Генчэль , Альдэнбургскі ўніверсітэт імя Карла фон Асецкі (Германія);

Сяргей Запрудскі , член камітэта МАБ, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт;

Ігар Капылоў , Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі;

Юрый Лабынцаў , Расійская акадэмія навук (Расія);

Вольга Міцкевіч , навуковы сакратар Рэспубліканскага аддзялення МАБ, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі;

Павел Навойчык , Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт;

Рыгор Піўтарак , член камітэта МАБ, НАН Украіны (Украіна);

Мікалай Прыгодзіч , член камітэта МАБ, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт;

Вячаслаў Рагойша , член камітэта МАБ, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт;

Ірына Савіцкая , навуковы сакратар МАБ, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт;

Міхал Саевіч , Універсітэт імя Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне (Польшча);

Марына Свістунов а, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт;

Алесь Суша , намеснік старшыні МАБ, Нацыянальная бібліятэка Беларусі;

Генадзь Цыхун , член камітэта МАБ, Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы НАН Беларусі;

Сяргей Важнік , Нацыянальны інстытут адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь;

Фёдар Шаўко , Інстытут гісторыі НАН Беларусі.


На кангрэсе прадугледжны вялікі шэраг выступаў найвыбітнейшых беларусістаў свету.

На кангрэсе будзе прысутнічаць спецыяльны карэспандэнт "Нашага слова", інфармацыя пра яго працу будзе публікавацца ў наступных нумарах "Нашага слова".

Наш кар.


ПАЛАНЭЗ - 2015

У суботу, 23 траўня, у Слоніме адбыўся адзінаццаты фестываль "Паланэз-2015". У ім прынялі ўдзел музычныя і танцавальныя калектывы з розных гарадоў Беларусі, а таксам адзін калектыў з Польшчы. Гэта ансамбль танцу і песні "Васілёчкі" з Бельска. Праўда, у мінулыя гады на "Паланэз" прыязджала шмат гасцей з Польшчы, Літвы, Расіі. Але сёлета многія калектывы ў Слонім не даехалі па розных прычынах. Фестываль пачаўся традыцыйна ад пажарнай вежы, а потым усе ўдзельнікі свята прайшлі па цэнтральнай вуліцы да мясцовага Цэнтра культуры, дзе адбылася конкурсная праграма. Кожны з удзельнікаў прадставіў свой варыянт выканання паланэзу. Месца фестывалю выбрана было не выпадкова. Менавіта ў Слоніме прайшло дзяцінства кампазітара Міхала Клеафаса Агінскага, аўтара знакамітага паланэза "Развітанне з радзімай". У горадзе пражываў ягоны дзядзька Міхал Казімір Агінскі. Дарэчы, ён жа і стваральнік помніка гідратэхнікі XVIII стагоддзя - канала Агінскага. Побач з каналам Агінскі ў 1775 годзе пабудаваў і славуты на ўсю Еўропу тэатр, для пастановак якога сам жа складаў музыку. Сёння пра Агінскага ў Слоніме нагадвае і канал, і вуліца ў яго гонар, і некалькі будынкаў той эпохі, а таксама мемарыяльная шыльда, адкрытая нядаўна на будынку Слонімскага драматычнага тэатра. А да 1939 года ў Слоніме аркестр мясцовай пажарнай каманды два разы на дзень іграў паланэз, як сігнал дакладнага часу.

Барыс Баль , Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.


180 гадоў з дня нараджэння Антона Трусава

Антон Данілавіч ТРУСАЎ (паўстанцкая мянушка Цітус) нарадзіўся 15 (27) траўня 1835 года ў Барысаве ў сям'і службоўца. Навучаўся ў Менскай гімназіі з 1845 па 1853 год. У 1860 годзе аднавіў навучанне на медыцынскім факультэце Маскоўскага ўніверсітэта, у якім правучыўся раней два гады з 1854 па 1856 гг. У 1861 годзе ў Менску ўзнікла паўстацская арганізацыя, якая ўвайшла ў склад Літоўскага камітэта ў Вільні. У гэтую арганізацыю ўвайшоў Антон Трусаў.

Паўстанне ў Менску пачалося 19 красавіка (1 траўня). Кіраўніком паўстання быў паручнік Станіслаў Ляскоўскі. Антон Трусаў узначаліў створаны пад Менскам з службоўцаў, студэнтаў, гімназістаў, рамеснікаў партызанскі аддзел. 28 красавіка (10 траўня) ля вёскі Пятровічы (Пятроўшчына, ці пад Бараўлянамі, дакладна не вядома) паўстанцкі аддзел сутыкнуўся з царскімі войскамі, 3 паўстанцы патрапілі ў палон. 30 красавіка (12 траўня) каля вёскі Сініла паўстанцкі аддзел выпадкова выйшаў на расейскі лагер, 8 паўстанцаў патрапіла ў палон. Рэшткі аддзела Трусаў адвёў у Ігуменскую пушчу да аддзела Ляскоўскага. У канцы чэрвеня царскія ўлады накіравалі амаль усе войскі Менскай губерніі на антыпартызанскую аперацыю на Ігуменшчыну. Партызанскі лагер расейцы з усіх бакоў абкружылі. Падзяліўшыся на некалькі асобных аддзелаў, партызаны выйшлі з аблогі. Адзін звяз 13 (25) чэрвеня прыняў бой пад Лочынам. 23 ліпеня (4 жніўня) паблізу Ігумена паўстанцы захапілі ў палон царскага генерала Грунта, начальніка 3-й рэзервовай пяхотнай дывізіі, якога яны потым выпусцілі на волю пад слова гонару, што генерал больш не будзе ваяваць супраць паўстанцаў. Восенню 1863 года Трусаў распусціў партызанскі аддзел і з'ехаў у Францыю. У Парыжы працаваў наборшчыкам. Адзін з саарганізатараў друкарні часопіса "Народное дело", з 1873 года яе ўладальнік. Друкаваў рэвалюцыйную літаратуру. На Беларусь Антон Данілавіч вярнуўся толькі ў 1884-м, дзе памёр у 1886 годзе.

У гонар Антона Данілавіча Трусава ў горадзе Барысаве названа вуліца.

Ліцвінскае войска.


85 гадоў з дня нараджэння Івана Цішчанкі

ЦІШЧАНКА Іван Кірылавіч (22.05.1930 - 22.02.2001), беларускі фалькларыст, літаратуразнавец. Кандыдат філалагічных навук (1969), прафесар (1994). Нарадзіўся ў в. Улукі Слаўгарадскага раёна. Да вайны І. Цішчанка скончыў 3 класы Улуцкай пачатковай школы. У гады вайны за дапамогу партызанам быў схоплены карнікамі, цудам выратаваўся ад расстрэлу.

Пасля вайны вучыўся ў Слаўгарадскай СШ. У 1956 г. скончыў філалагічны факультэт БДУ і выкладаў мову і літаратуру ў Менскім тэхнікуме харчовай прамысловасці (1956-1957). З моманту заснавання Інстытута мастацтва, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1957) працуе ў ім малодшым, а з 1971 г. старшым навуковым супрацоўнікам. З 1992 г. - дацэнт, загадчык кафедры фальклору Беларускага ўніверсітэта культуры. У 1968 г. паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю.

Штогод прымаў удзел у фальклорных экспедыцыях па зборы вуснай народнай паэзіі, удзельнічаў у падрыхтоўцы першага навуковага выдання "Беларускі эпас". Ім запісаны сотні твораў розных фальклорных жанраў.

Упершыню ў друку І. Цішчанка выступіў з фельетонам "Маўклівая размова" ў Слаўгарадскай раённай газеце "Ленінскае слова" ў 1951 г. Пад псеўданімамі І. Улукскі і Ц. Цагельны выступаў у раённым друку. Першыя яго публікацыі па пытаннях фалькларыстыкі і гісторыі літаратуры ў рэспубліканскай перыёдыцы датуюцца 1956 г. Даследуе праблемы гісторыі беларускай фалькларыстыкі, жанры фальклору, міфалогію. З 1965 г. удзельнічае ў падрыхтоўцы шматтомнага акадэмічнага збору беларускага фальклору.

Выдаў манаграфіі "Беларуская частушка. Пытанні генезісу жанру", "Жыццё песні", "Да народных вытокаў". У серыі БНТ падрыхтаваў тамы "Жартоўныя песні" (адбор, сістэматызацыя тэкстаў, уступы артыкул, каментарыі), "Песні пра каханне", "Сямейна-бытавыя песні", "Прыпеўкі", "Сацыяльна-бытавыя песні" (разам з В. Скіданам). Удзельнічаў у складанні многіх зборнікаў.

Яго пяру належыць апавяданне "Склезень" (Маладосць. 1988, № 4). Напісаў сцэнарый дакументальных фільмаў "Бывайце здаровы" (1981, пра А. Русака), "Песня на ўсё жыццё" (1986, пра Р. Шырму, сааўтар А. Ліс), "Вяртанне Міхася Забэйды" (1990, сааўтар П. Марчук).

Выступаў з навуковымі дакладамі на розных міжнародных кангрэсах. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986 за ўдзел у падрыхтоўцы шматтомнага выдання "Беларуская народная творчасць"). Узнагароджаны Ганаровымі граматамі, медалём. Быў актыўным сябрам ТБМ.

Вікіпедыя.


Маніторынг моўнай сітуацыі на Гарадзеншчыне ад ТБМ (2014-2015)

( Дадзеныя на першы квартал 2015 г. )

1) Мясцова ўлада. Грамадства і выбары. Сацыяэканамічная сфера

Маніторынг ад сп. Місцюкевіча А.І.

Аналіз выкарыстання беларускай мовы пры правядзенні выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 19.03.2006 г. і 19.12.2010 г., а таксама ў Палату Прадстаўнікоў 27.10.2008 г. і 23.09.2012 г. паказаў:

1. Агітацыйных плакатаў па выбарах Прэзідэнта ў 2010 па-беларуску па параўнанні з 2006 значна зменшылася.

2. На выбарчых участках ЖЭС-13 Дзевятоўка і гімназіі № 6 у 2010 г. вялікія плакаты былі па-руску.

3. Агітацыйныя плакаты ўсіх кандыдатаў у Палату былі рускамоўныя.

4. На выбарчым участку ў каледжы хімікаў пры паўторных выбарах (С. Маскевіча) ўся дакументацыя была рускамоўная. Старшыня выбарчай камісіі паясніў: "В кампьютере нет белоруской программы".

У апошні час рэзка скарацілася візуальная інфармацыя на беларускай мове. Уведзеныя ў эксплуатацыю новыя будынкі арганізацый і пераехаўшыя у іншыя будынкі забяспечаны толькі рускамоўнымі шыльдамі з назвай арганізацыі, а пра назвы кабінетаў і гаварыць няма чаго - усюды па-руску.

Асабіста заўважыў, што ў цяперашні час стараюцца вычысціць усё беларускае праціўнікі ранейшай беларусізацыі. Пры асабістых сустрэчах яны прыкідваюцца такімі вялікімі рускамоўнымі патрыётамі Беларусі, а на маю заўвагу, чаму шыльда на дзвярах рускамоўная, адказ просты: "Да это наш художник так нарисовал".

2) Адукацыя

Маніторынг ад сп. Крапоцінай В.І.

Ва ўсе раённыя аддзелы адукацыі вобласці былі дасланы эл. лісты наступнага зместу:

1. Ці існуюць у раёне адукацыйныя ўстановы з беларускай мовай навучання?

2. Ці сапраўды выкарыстоўваецца беларуская мова на занятках у гэтых адукацыйных установах?

3. Ці выкарыстоўваецца беларуская мова па-за ўрокамі.

4. Ва ўсіх адукацыйных установах раёна: ступень валодання мовай школьнымі настаўнікамі, выкладчыкамі ВНУ, ПТНУ, Д/С (ад 5 балаў да 0).

5. Ці выкарыстоўваецца беларуская мова ў афармленні і працы? Працэнт беларускамоўных запісаў на шыльдах, стэндах ды інш. у адукацыйных установах раёна.

Прайшло каля месяца, і нарэшце атрымалі першы ліст з Ліды.

Пазней атрымалі ліст з Бераставіцы.

3) Адукацыя

Маніторынг ад сп. Кроя А.І.

У аддзеле адукацыі горада ёсць план мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы на 2010 і наступныя гады. Абласная ГА ТБМ актыўна дапамагала метадыстам у яго стварэнні. Абласны ТБМ фармальна ўваходзіць ( з 2013 года не запрашалі на паседжанні) у каардынацыйную раду па папулярызацыі мовы пры аддзеле адукацыі гарвыканкама.

Штогод абласная і гарадская рады ТБМ прымае актыўны ўдзел з дазволу нач. аддзела адукацыі і адміністрацый кожнай школы (часам не дазваляюць нам выступаць некаторыя кіраўнікі школ, але пасля званка ў аддзел адукацыі справа хутка вырашаецца) на бацькоўскіх сходах будучых першакласнікаў школ горада. У 2010 г. з-за цвёрдай пазіцыі бацькоў і нашай дапамогі ў Гародні зноў з'явілася першая вучаніца, якая пачала вучыцца па-беларуску (С. Астроўская).

У 2013 г. у Гародні вучылася 13 чалавек па-беларуску. У верасні 2014 г. упершыню ў 21 ст. былі адкрыты адразу два першыя беларускія класы (Ленінскі і Кастрычніцкі раёны), дзе ўсе прадметы выкладаюцца па-беларуску. Так-сама ўпершыню ў горадзе для абодвух вучняў, якія паступілі ў 5 кл. гімназіі № 10 былі створаны ўмовы для навучання пераважнай большасці прадметаў па-беларуску. Агулам (восень 2014 г.) у Гародні вучыцца па-беларуску 26 дзяцей.

У Гарадзенскім раёне і ў горадзе Гародні ў рускамоўных школах усяго вучыцца 167 дзяцей. Пакуль гэта найлепшы паказчык па вобласці.

Па перапісу насельніцтва 2009 г. 34% жыхароў горада лічаць беларускую мову роднай (кожны трэці жыхар), а 23 тыс. чал. размаўляюць на ёй штодня дома. Таму патэнцыял для пашырэння беларускага навучання ёсць дастаткова вялікі.

Двадцаць гадоў назад у Гародні каля 80 % вучняў горада вучыліся па-беларуку. Некалькі год, з другой паловы першага дзесяцігоддзя 21 ст. у Гародні не было ніводнага беларускага класа да 2010 года.

На сёння ёсць таксама 2 беларускія рознаўзроставыя групы дзяцей у д/с № 45. Аддзел адукацыі звычайна паведамляе і пра д/с № 54 і прыводзіць агульную лічбу дзяцей, якія вучацца па-беларуску ў 8 групах агульнай колькасцю 138 дзетак. Бацькі з беларускіх груп садка № 45 кажуць, што насамрэч беларускае навучанне ў д\с № 54 фармальнае і стараюцца аддаваць дзяцей у д/с № 45, дзе ствараюць асобныя беларускія групы. Некалькі бацькоў таксама выхоўваюць сваіх дзетак некалькі разоў на тыдзень у прыватным дзіцячым цэнтры, дзе знайшлі беларускамоўную выхавацельку і сфармавалі асобную беларускамоўную групу.

У горадзе Ліда, па афіцыйных звестках аддзела адукацыі ў 4 (№ 12, № 15, № 16, № 17) установах горада адкрыты 7 беларускіх класаў у пачатковай школе. Усяго навучаецца ў беларускіх класах рускамоўных школ Лідскага раёна і ў горадзе Лідзе 165 дзяцей.

У дашкольных навучальных установах горада Ліды створаны дзве беларускія групы ў садках № 26 і №3 5.

Пакуль не вядома сітуацыя пра Астравецкі раён. Чакаем інфармацыю ад краязнаўцаў, бо ёсць звесткі пра значнае змяншэнне беларускіх класаў. Таму агульная лічба за 2014/2015 годы знаходзіцца ў дынаміцы. Самыя лепшыя раёны Гарадзеншчыны:

1. Гарадзенскі-167.

2. Лідскі-165.

3. Слонімскі-121.

Удвух раёнах Гарадзенскай вобласці не адкрылі за апошнія 5 гадоў ніводнага беларускага класа ў рускіх школах: Воранаўскі (самы "польскі" раён па перапісу 2009 г.) і Бераставіцкі. Недалёка адстаў Карэліцкі (самы "беларускі" раён Гар. вобласці па перапісу нас-ва 2009 г.) і Дзятлаўскі. На жаль з апошніх 5 гадоў 2014 год! стаў для Гарадзеншчыны самым слабым па колькасці дзяцей, якія пайшлі ў першыя беларускія класы ў Гарадзенскай вобласці ў рускамоўныя школы. Нават пасля такіх гучных выступаў кіраўніцтва краіны ў СМІ ў раёнах не была праведзена адпаведная праца па папулярызацыі беларускага навучання. Калі ў мінулыя гады звычайна не набіралі ў першыя беларускія класы ў 5-8 раёнах вобласці, то ў 2014 г. - у 9 раёнах з 17+2 (Гародня). Усяго пайшло вучняў у першыя класы вобласці ва ўсе тыпы школ з рознымі мовамі навучання 11969 чал.

У васьмі раёнах Гарадзенскай вобласці ў беларускіх школах вучыцца менш за 1000 чалавек - Бераставіцкі, Гарадзенскі, Дзятлаўскі і інш. (табліца 3) У Гарадзенскім раёне засталіся 4 беларускія школы - гэта самы вялікі ў Гарадз. вобласці раён. Але (павольна) назіраецца адваротны працэс у гарадах раёна і іншых паселішчах, дзе ў 2014 г. працавалі ў рускіх школах беларускія класы (12 класаў - 141 чал. і 26 дзяцей у Гародні)

З пісьмовага адказу нам. старшыні гарвыканкама Кулешы З.В. ад 25.12.2013 К-493/ пасля візіту з прапановамі па папулярызацыі беларускай мовы да старшыні гарвыканкама Худыка Андрэя Паўлавіча (адказ цалкам на асобным файле).

Адукацыя .…План мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі на 2010 і наступныя гады паступова выконваецца.

Аб'явы на сайце аддзелаў адукацыі, спорту і турызму пра набор вучняў у класы з беларускай мовай навучання будуць размешчаны пасля Новага года (не з'явіліся, хоць і нагадвалі некалькі разоў. Заўвага К.А. ).

Візуальная інфармацыя для педагогаў, вучняў і бацькоў часткова прадстаўляецца на беларускай мове: інфармацыя па правядзенні тыдняў беларускай мовы і літаратуры, да юбілейных дат дзеячоў беларускай літаратуры і культуры, аб'явы, выпуск газет, афармленне розных выстаў. Новыя шыльды выконваюцца таксама і на беларускай мове. На беларускай мове практыкуецца правядзенне педсаветаў, сходаў у гімназіях № 5, 6, Ліцэі № 1, СШ № 2, 26, 32. У службовай перапісцы і вядзенні справаводства беларуская мова выкарыстоўваецца часткова: матэрыялы-прадстаўленыя для ўзнагароджання настаўнікаў і па патрабаваннях. У СШ № 2, 32 Кніга пратаколаў педагагічных саветаў вядзецца на беларускай мове. У ДУА № 54, 101 справаводства вядзецца па-беларуску.

З пісьмовага адказу нам. старшыні гарвыканкама Кулешы З.В. ад 09.12.2014 Кол-339/ пасля візіту з прапановамі па папулярызацыі беларускай мовы да старшыні гарвыканкама Гоя Мечыслава Браніслававіча. (адказ цалкам на асобным файле).

Адукацыя. … План мерапрыемстваў па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў сістэме адукацыі на 2010 і наступныя гады паступова выконваецца.

У 2014/2015 навучальным годзе працуюць 8 класаў з беларускай мовай навучання(сярэднія школы №№ 32, 34, гімназія № 10), у якіх навучаецца 26 вучняў. Акрамя таго, у дзіцячых садках №№ 45,54 адкрыты 8 груп з беларускай мовай навучання, у якіх знаходзіцца 138 выхаванцаў.

Візуальная інфармацыя для педагогаў, вучняў і бацькоў часткова прадстаўляецца на беларускай мове: інфармацыя аб правядзенні тыдняў беларуская мовы і літаратуры, да юбілейных дат дзеячоў беларускай літаратуры і культуры, аб'явы, выпуск газет, афармленне розных выстаў.

Аб'явы на сайце аддзелаў адукацыі,спорту і турызму пра набор вучняў у класы з беларускай мовай навучання будуць размешчаны ў ІІ квартале 2015 года.

Нам. старшыні гарвыканкаму Кулеша З.В.

4) Культура і СМІ і іншае

Маніторынг ад сп. Кроя А.І.

За апошні год (са снежня 2013) двойчы былі на прыёме ў старшынь гарвыканкама (Худыка А.П. і Гоя М.Б.).

На нашы звароты з прапановамі аб папулярызацыі і пашырэнні сферы ўжытку беларускай мовы атрымлівалі адказы. Агульны стан наступны:

Візуальная інфармацыя. У новым мікрараёне "Вішнявец"назвы новых вуліц пішуцца па-руску, на вул. Суворава і іншых на асобных дамах пасля рамонтаў мацуюцца новыя назвы таксама толькі па-руску.

Шапікі "Белсаюз-друку" раней усе былі па-беларуску. З'явіліся новыя формы шапікаў, якія размясцілі найперш у цэнтры горада - канешне надпісы толькі па-руску.

Амаль на ўсіх замежных таварах у нашых магазінах інфармацыя падаецца толькі па руску, апошнім часам ужо нават назву краіны BY на некаторых харчовых і іншых таварах не пішуць, бо дастаткова напісаць RU. Вытворцы маянэзу з РФ "Махееў" шмат гадоў друкаваў вялікімі літарамі BY і складнікі па-беларуску, але ў гэтым годзе ўжо не друкуюць нават назву нашай краіны. Амаль усе гарадзенскія прадпрыемcтвы, так-сама не карыстаюцца дзвюмя дзяржаўнымі мовамі (толькі адной, канешне, другой). Некаторыя карыстаюцца часткова - пад адну назву, напрыклад, хлебакамбінат (хадзіў да іх у госці, хваліў за хлеб "Спадар", які яны нават ў Менск вазілі і ў Лідзе пачалі выпускаць). У іншых прадпрыемстваў і гэтага няма.

З'явіліся прыватныя магазіны і прапрыемствы, якія свае шыльды пішуць па-беларуску, рэкламу ў газеты і інтэрнэт даюць і па-беларуску: "Юрась", "Ашэр-мэбля", "Крыга", "Кубік"і інш.

Гукавая інфармацыя . У транспарце па-беларуску назвы прыпынкаў. Некалькі год "змагаліся" за гэта -найперш трэба пахваліць сп. Місцюкевіча з ТБМ, які першы гэта пачаў рабіць.

СМІ-Інтэрнэт. Тэлебачанне. Іншае. Газеты "Гродзенская праўда","Вячэрні Гродна", іншыя газеты мала, ці амаль не друкуюць матэрыялаў па-беларуску, часам спасылаючыся на малую колькасць дасланых матэрыялаў на беларускай мове чытачамі, ці не фармат. У снежні 2014г. месяц рабіўся маніторынг гэтых газетаў. На 40 старонкавай (з праграмай ТБ) "ГП" адзін артыкул быў па-беларуску на палову старонкі. У "ВГ" звычайна таксама адзін артыкул на ўсю газету. З'явілася тут толькі адна невялікая калонка В. Шалкевіча па-беларуску. Але і яго артыкулы часам не друкуюцца. На сустрэчы ў Гоя М.Б. гал. рэдактарка сп. Максімчык абяцала пашырыць выкарыстанне мовы. Пазней асабіста давялося наведаць рэдакцыю. Але пакуль пэўных зрухаў не бачна, як і ў дзяржаўнай "ГП".

Інтэрнэт. 25 снежня 2013 года на свой зварот у гарвыканкам мы атрымалі адказ за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама З.В. Кулешы, дзе было абяцана дапрацаваць сайты горада і двух гарадскіх раёнаў і выказана надзея на далейшае супрацоўніцтва. Сёння мы вымушаны былі зноў звярнуцца з тымі ж самымі прапановамі ўжо да новага старшыні гарвыканкама. Гэта датычыць найперш афіцыйных сайтаў гарвыканкама і сайтаў Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада Гародні. Фактычна твар горада мае толькі добрую рускую версію, беларуская версія нашмат карацейшая.У час прагляду сайтаў 21 лістапада 2014 г. левая калонка па-руску мела 28 найменняў, апошнія навіны за 20 лістапада, афіша аднаўляецца. Левая калонка па-беларуску мела 17 найменняў, апошнія навіны двухмесячнай даўніны за 17 верасня, афіша тэатрав і кіно яшчэ за 2013 год. Нават інфармацыя пра прыём грамадзян да старшыні гарвыканкама паказвана была з прозвішчам мінулага старшыні Худыка А.П. Сайты Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў выкананы толькі на рускай мове, беларускай і англійскай версій, як на сайтах гарвыканкама і аблвыканкама няма ўвогуле. Пасля наведвання старшыні гарвыканкама начальнікам аддзела культуры сп. Мамачкіным было абяцана (другі раз) дапрацаваць беларускія версіі афіцыйных сайтаў гарвыканкама і раёнаў горада.

У сакавіку 2015 года сітуацыя амаль не змянілася. Пры вусным звароце начальнік аддзела культуры сп. Мамачкін і яго намеснік сп. Вайтуляніс адказвалі па-руску.

Тэатр. У Гарадзенскім драмтэатры ў год бывае не больш аднаго спектакля па-беларуску, астатнія па-руску. На добра пастаўлены спектакль па выдатным творы пісьменнікаў на беларускай мове прыходзіць не менш людзей, чым на спектаклі па-руску. У 90-я гады так і было. Артысты слаба валодаюць мовай? Дык можна арганізаваць ва ўстановах культуры курсы беларускай мовы для тых, хто яе забыў. На пачатак 2015 года запланаваны спектакль вядомага рэжысёра Г. Мушперта па-беларуску.

Ва ўстановах культуры , у прыватнасці работнікі бібліятэк на пытанні па-беларуску ў большасці не пераходзяць на мову чытача, хоць у адказе аддзела культуры гарвыканкама паведамляецца пра валоданне беларускай мовай усімі супрацоўнікамі гэтай галіны. Калі ўсе супрацоўнікі культуры валодаюць беларускай мовай, то чаму не карыстаюцца, калі чытач звяртаецца па-беларуску? (выбарачнае апытанне праводзілася ў 2013-2014 гг. у абласной бібліятэцы імя Я. Карскага і ў бібліятэцы імя Макаёнка), дарэчы, сам начальнік аддзела культуры гарвыканкама ў час размовы не пераходзіць на мову наведвальніка, які звяртаецца па-беларуску.

Тэлебачанне. На гарадзенскім тэлебачанні з'явілася версія "навін" па-беларуску з выдатным дыктарам, але недастаткова праграм па папулярызацыі мовы, мала запрашаюцца маладыя паэты, музыкі, студэнты, выкладчыкі, якія размаўляюць, спяваюць па-беларуску. Выдатная праграма аб лёсах вядомых гарадзенцаў па праекту М. Мельнічэнкі здаецца толькі набыла б дадатковай папулярнасці, калі б больш выходзіла на беларускай мове.

Кніжныя крамы. М-н "Раніца" найбуйнейшы ў цэнтры горада. Па ўласным назіранні мае да 5 % беларускамоўных кніг. Знаёмая супрацоўніца гэтай крамы сказала што больш, ад 5 да 10%. Невялічкія аддзелы ёсць і ў "Праметэі" і іншых крамах горада. Астатняе па-руску і на іншых мовах.

Аблвыканкам. Пасля наведвання ў красавіку 2015 года ідэалагічнага аддзела аблвыканкама сябры ТБМ заўважылі наступнае: пасля сыходу С. Шапіры шыльды на кабінетах сталі рускамоўныя, інфармацыя на першым паверсе таксама. Галоўны ідэолаг вобласці сп. Скрабко пагадзіўся з крытыкай, што шыльды на будынках з дзяржаўным гербам краіны павінны выконвацца на дзвюх мовах. На іншыя важныя пытанні не прагучала абнадзейвальнай інфармацыі. Для будучага музея Быкава прыдатнага будынка пакуль не знайшлі, але пошукі працягваюцца.


Ці добра слову ў " Мове"?

Кнігу "Мова" Віктара Марціновіча мне падаравала адна апантаная беларушчынай маладая сям'я. З даверам да сяброў я паглыбілася ў чытанне разрэкламаванага лінгвістычнага баевіка. Дзеянне ў іранічнай антыўтопіі адбываецца ў Саюзнай дзяржаве Кітая і Расіі ў 4741 годзе па кітайскім календары. Мова стала наркотыкам, які распаўсюджваюць у скрутках і цыдулках. Галоўныя героі Барыга і Джанкі ( з анг. "дрэнны", "сапсаваны") распаўсюджваюць і спажываюць моўны наркотык.

Прачытаўшы твор, адзначыла шэраг небяспечных тэндэнцый:

1. Звышмернае ўжыванне ненарматыўнай лексікі. Сіндром Эдуарда Лімонава.

2. Маргіналізацыя сферы дзеяння герояў.

3. Знявага народа, як носьбіта каштоўнасцяў, і г.д.

Выклікае трывогу празмернае ўжыванне ў кнізе ненарматыўнай лексікі.

Вялікай заганай сённяшняга часу стала шырокае карыстанне рускамоўнай нецэнзурнай лаянкай. Матам гавораць па-тэлефонах і на вуліцах. Расейская мова страціла літаратурную прыгажосць і густ, яна сапсавана паўсюднай лаянкай, згубіла аўтарытэт мовы Пушкіна, Лермантава і Чэхава.

Беларусы яшчэ нядаўна падкрэслівалі: "У нашай мове брыдкіх слоў няма! Мы не ўжываем мацерных словаў!" (Асабліва, калі актывістам выпісвалі сфальсіфікаваныя пратаколы ў РАУСах за ўдзел у грамадскіх мерапрыемтствах: "Лаяўся матам.").

Сапраўды, беларуская літаратурная мова спрадвеку захоўвала чысціню і першародны яе стан. Хаця класікі беларускай літаратуры не цураліся час ад часу ўжываць народныя і пабытовыя выразы, але толькі там, дзе гэта да рэчы, не праз меру, далікатна і з гумарам.

І вось з'яўляецца твор, які прэтэндуе на тое, каб узняць каштоўнасць мовы, падкрэсліць яе неўміручы характар, уплыў на свядомасць, і раптам сам тэкст спрэс забруджаны брыдкімі словамі!

Адзін з герояў дзеяння, Джанкі, у прыбіральні дзеліць сваю "дозу" з дзяўчынай. Яны чытаюць разам на скрутку верш:

"Ты пойдзеш у бой,

а я плуг пакірую,

Каня накармлю, напаю.

І так абаронім,

засеем, збудуем,

Беларусь дарагую сваю…"

Ці хацелі б унукі Ларысы Геніюш прачытаць верш сваёй бабулі ў такім кантэкце? Ці дазволена аўтарскім правам выкарыстанне такім чынам выдатных узораў паэзіі?

Джанкі, між іншым, мае навуковую ступень у гуманітарных навуках, атрыманую у прэстыжным універсітэце, манеры, дыплом і валоданне мовамі. Ён - "стала заняты інтэлектуальнай дзейнасцю". "Быдла ходзіць на працу з дзевяці да пяці, а я шмат вучыўся, каб быць уладаром самому сабе" , - разважае герой.

"Мне цікава знаёміцца з творамі нашых маладзейшых паэтаў, празаікаў, драматургаў, у тым ліку, вытрыманым у межах эстэтыкі абсурду. Але апошнім часам "голы абсурд" у такіх творах перастае не тое што кранаць, а папросту быць цікавым" , - адзначыў нядаўна ў артыкуле Лявон Баршчэўскі.

Перабіраючы стосы кніг у "Кніжным салоне" знайшла на паліцы трохтомнік гістарычных нарысаў і эсэ аўтара з аднолькавым прозвішчам Алеся Марціновіча " Хто мы, адкуль мы…" , выдадзены ў 2008-ым годзе. З захапленнем праглынула старонкі пра паўночную экспедыцыю ледакола "Сібіракоў", якую здзяйсняў Ота Шміт, выхадзец з Магілёва, з трапятаннем душы чытала пра кніжную дзейнасць князя Юрыя Алелькавіча, з узнятым настроем - пра перамогі гетмана К. Астрожскага. Чаму не бягуць аматары беларускага слова выкупіць апошнія асобнікі гістарычных хронік, напісаных з гонарам і красой? Чаму каштуюць і смакуюць "Мову" трэцяга гатунку?

Эла Дзвінская.


Ад рэдакцыі.

Гэты артыкул нашага сталага карэспандэнта Элы Дзвінскай са згоды аўтаркі надрукаваны з вялікімі скарачэннямі. З артыкула выразаны амаль усе цытаты, узятыя з кнігі "Мова" сп. Марціновіча. Выразаныя, бо "Наша слова" ніколі не друкавала і не будзе друкаваць недрукаваную лексіку. На тое яна і "недрукаваная", каб яе не друкаваць.

Спадзяюся, што сэнс артыкула не страціўся, і чытач зразумее, што хацела сказаць аўтарка.

"Наша слова" не друкуе ўсякія натуралізмы і фізіялагізмы, наогул, пазбягае словаў нізкага ("подлага") стылю.

У беларускай мове - пяць мільёнаў слоў і словаформаў, дык што з пяці мільёнаў нельга выбраць колькі тысяч, з якіх, як звыкла, складаецца любая сучасная кніга. Можна ўсё на свеце выказаць беларускімі словамі, выказаць прыгожа, высакародна, шляхетна.

Калі нашыя пісьменнікі пачынаюць грэбці з чужой мовы недрукаваную лексіку, то парада ім адна і вельмі простая: перш, чым здаць такую кнігу ў друк, сядзь і пачытай яе сваёй маці, калі ты малады, пачытай унучцы, калі ты стары. А яшчэ: схадзі да ксендза і пакайся за кожнае "брыдкае" слова і пакайся столькі раз, у колькі асобнікаў будзе наклад тваёй кнігі.

Станіслаў Суднік.


Каб мова родная гучала

Нататкі з урачыстага сходу, прысвечанага 25-годдзю Салігорскай гарадской арганізацыі Грамадскага аб'яднання Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Дата заснавання - 11 траўня 1990 года.

Без мовы жыць

нельга на свеце,

Аб гэтым вядома і дзецям.

Няхай жа гучыць адмыслова

Купалы і Коласа мова,

Мая беларуская мова.

Ніна Ярмалінская.

11 траўня 2015 года ў горадзе Салігорску ў Доме культуры "Будаўнік" ААТ "Будтрэст № 3..." адбыўся ўрачысты сход з нагоды 25-ай гадавіны з дня стварэння Салігорскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

Сцэна залы Дома культуры "Будаўнік была ўпрыгожана плакатамі "МОВА - ДЗЯРЖАВЫ АСНОВА" і "Салігорскай арганізацыі ТБМ - 25. 1990 -2015."

На сценцы, уздоўж прахода залы, быў вывешаны інфармацыйны матэрыял "ТБМ у друку" перыяду са стварэння першай салігорскай суполкі ТБМ на ЗРУ вытворчага аб'яднання "Беларускалій", з 1989 года па 2015 год, надрукаваны у салігорскіх газетах "Шахцёр" і "Калійшчык Салігорска", у інфармацыйным бюлетні". "Салідарнасць" Беларускага незалежнага прафсаюза і ў рэспубліканскай газеце ТБМ "Наша слова". Тут жа былі вывешаны фотастэнды "Мерапрыемствы ТБМ", "Гістарычны пачатак горада Салігорска", "Мой Салігорск", а таксама матэрыялы газет "Шахцёр" і "Лидер-пресс", з фотакарткамі, прысвечаныя 70-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

На 1 траўня 2015 года на ўліку ў Салігорскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" стаіць 38 чалавек. Удзел у сходзе разам з гасцямі, прынялі 30 чалавек. У ліку гасцей - першы намеснік старшыні АК "ТБМ імя Ф. Скарыны" Алена Анісім і старшыня Менскай абласной і Слуцкай гарадской арганізацый ТБМ Мікалай Курыльчык.

У прэзідыум урачыстага сходу былі абраны Ўладзімір Масакоўскі - старшыня сходу, Мікола Шаравар, Ніна Ярмалінская - сакратар сходу і запрошана Алена Анісім.

Удзельнікі сходу хвілінай маўчання ўшанавалі памяць 14 рупліўцаў нацыянальнага Адраджэння, якія актыўна працавалі дзеля росквіты роднай мовы і культуры на прыканцы 80-ых і пачатку 90-ых гадоў 20-га стагоддзя і зарань пайшлі з жыцця. У іх ліку і старшыня Салігорскай рэгіянальнай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны з 1990 па 2003 гады Марыя Мацюкевіч і яе сын Сцяпан, сябар ТБМ, які трагічна загінуў 9 траўня 2000 года ля фантана ў Цэнтральным скверы Салігорска (быў смяротна збіты групоўкай моладзі), а таксама і былы старшыня салігорскай арганізацыі ТБМ Алег Борын, мастак, удзельнік дэмакратычных акцый у Менску.

Удзельнікі ўрачыстага сходу Уладзімір Амяльчэня, журналіст-пенсіянер, Вадзім Лялькін, эканаміст - пенсіянер і Сяргей Чаркасаў, старшыня незалежнага прафсаюза гарнякоў ААТ "Беларуськалій" Беларускага незалежнага прафсаюза, былі прыняты ў шэрагі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

Алена Анісім перадала салігорскім сябрам ТБМ прывітанне ад старшыні ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны Алега Трусава, які не змог прыехаць у Салігорск з нагоды паездкі на мерапрыемства ў Польшчу.

Алена Анісім павіншавала ўдзельнікаў сходу з 25-ай гадавінай Салігорскай арганізацыі ТБМ, пажадала поспехаў у здзяйсненні намечаных спраў, а актывістам ТБМ Віталю Дзінгілеўскаму і Міколу Шаравару ўручыла лісты з падзякай "за адраджэнне і пашырэнне беларускай мовы ў духоўным і грамадскім жыцці народа...".

Экскурс у гісторыю станаўлення і дзейнасці Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ зрабіў яе старшыня Ўладзімір Масакоўскі (ў шэрагах ТБМ з 1 снежня 1989 года, быў выбраны старшынём першай у Салігорску суполкі ТБМ ЗРУ ВА "Беларуськалій", якая ў траўні 1990 года ўвайшла ў склад створанай Салігорскай рэгіянальнай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны).

Сваімі ўспамінамі аб працы Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ падзяліліся яе былыя старшыні Віталь Дзінгілеўскі і Мікола Шаравар, а таксама новы сябар ТБМ, удзельнік амаль усіх мерапрыемстваў, якія праводзяцца Салігорскай арганізацыяй ТБМ, журналіст слуцкай незалежнай газеты "Альфа-Кур'ер". Уладзімір Амяльчэня. Мікалай Курыльчык распавядаў аб задачах, якія стаяць перад сябрамі ТБМ і патрабуюць выканання.

У выступленнях было закранута пытанне аб падпісцы сябрамі ТБМ газеты "Наша слова".

Алена Анісім сябрам ТБМ Святлане Шыла і Алене Лявончык уручыла пасведчанні, значкі і календары ТБМ.

Свае вершы для удзельнікаў урачыстага сходу прачыталі, сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Мікола Шаравар, салігорскія паэтэса Ніна Ярмалінская і госця сходу Валянціна Бабко - Аляшкевіч.

На завяршэнне ўдзельнікі сходу прынялі заяву ў адрас старшыні Палаты Прадстаўнікоў Народнага Сходу Рэспублікі Беларусь У.П. Андрэйчанкі і прэм'ер - міністра Рэспублікі Беларусь А.У. Кабякова з патрабаваннем аб прывядзенні ў Беларусі статусу дзяржаўнай беларускай мовы ў роўнасць з другой дзяржаўнай мовай - рускай згодна з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь", якія не выконваюцца, ці выконваюцца з парушэннямі дзейнага заканадаўства.

Колькасць сяброў Салігорскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны складала на 1.05.1999 года - 25, на 1.07.2001 года - 36, на 1.10.2003 года - 34, на 1.12. 2007 года - 27, на 1.01.2012 года - 35, на 11.05.2015 года - 41 чалавек.

Старшынямі Салігорскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" з'яўляліся:

Марыя Сцяпанаўна Мацюкевіч: 1990 - 2003 гг.,

Алег Мікалаевіч Борын: 2003 - 2006 гг.,

Віталь Віктаравіч Дзінгілеўскі: 2011 - 2015 гг.,

Уладзімір Генадзьевіч Масакоўскі з 20 лютага 2015 года.

Уладзімір Масакоўскі , г. Салігорск.


Створаны макет Лідскай ратушы

17 верасня г.г. споўніцца 425 гадоў з дня атрымання горадам Лідай Магдэбургскага права. З гэтай нагоды лідскія ўладныя структуры і грамадскасць раёна плануюць шэраг мерапрыемстваў.

Два тыдні назад адбылася нарада ў намесніка старшыні райвыканкама з удзелам зацікваўленых асоб ад уладаў і грамадскасці раёна. На нарадзе было спланавана склікаць аргкамітэт у больш шырокім складзе, каб абмеркаваць комплекс мерапрыемстваў, якія мэтазгодна правесці з нагоды гэтай даты.

Лідскі гістарычна-мастацкі музей спланаваў на восень навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную ўгодкам надання гораду Лідзе Магдэбургскага права.

У сваю чаргу грамадскасць горада даўно выношвае ідэю аднавіць Лідскую ратушу.

У Лідзе было некалькі ратуш, але ні адна з іх не дайшла да 20-га стагоддзя. У Лідскім музеі ёсць план і чарцёж фасада Лідскай ратушы за 1802 год. Вырашана было зрабіць макет. Да гэтай справы руку прыклалі краязнаўцы Станіслаў Суднік і Сяргей Трафімчык, скульптар і мастак Вадзім Вераб'ёў, а сам макет па ўсіх канонах вырабіў скульптар з Бярозаўкі Яўген Лукашэвіч.

Нагадаем, сёлета Яўген Лукашэвіч зрабіў для Лідскай бібліятэкі бюст Янкі Купалы.

Безумоўна, можна падысці да макета крытычна, можна крытычна падысці і да ідэі аднаўлення ратушы, але па-першае ніхто не збіраецца прапанаваным макетам абмяжоўваць канструктараў і будаўнікоў. Гэта хутчэй ідэя, тым больш, калі гаворка пойдзе пра практычнае прымяненне.

А па-другое, а чаму не аднавіць ратушу, скажам, да 2023 года - да 700-годдзя Ліды?

У ходзе падрыхтоўкі да 425-годдзя Магдэбургскага права для г. Ліды грамадскасць будзе выносіць ідэю аднаўлення ратушы на разгляд кіраўніцтва раёна. У прынцыпе ўжо сёння нейкага негатыўнага стаўлення да ідэі няма, ды і макет падабаецца, але патрэбна рашэнне райвыканкама на аднаўленне гэтага знакавага аб'екта, а можа яго і мала будзе.

Такім чынам мы маем грамадскую ініцыятыву, засталося яе рэалізаваць, але для таго некалі горад і атрымоўваў Магдэбургскае права, каб самому дбаць пра сваё і жыццё, і развіццё.

Яраслаў Грынкевіч.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў чэрвені

Абужынская Ганна Аляксанд. Ажар Таццяна Мікалаеўна Акудовіч Валянцін Васільевіч Алёшка Вячаслаў Часлававіч Аляхновіч Леанід Адамавіч Аляхновіч Ніна Паўлаўна Анапрыенка Юры Анацка Ганна Анацка Яўген Арэхаў Аляксандр Сяргеевіч Асмыковіч Міхась Мікалаевіч Афанассева Раіса Іванаўна Баеў Дзмітры Ўладзіміравіч Баеў Павел Віктаравіч Базык Вольга Балашоў Аляксей Анатольевіч Барнюк Аляксей Сяргеевіч Барцэвіч Іван Васільевіч Барысава Сафія Міхайлаўна Белавусава Валянціна Валянц. Бельская Ірына Казіміраўна Біза Юльян Сцяпанавіч Бурачонак Аляксандр Вячасл. Бязмацерных Дар'я Аляксанд. Бязмен Васіль Канстанцінавіч Бяласін Яўген Аляксандравіч Вайтовіч Сяргей Уладзіміравіч Валошчык Лідзія Рыгораўна Валынец Таццяна Сяргееўна Варонік Святлана Аркадзеўна Васілевіч Наталля Мікалаеўна Васілеўскі Пётр Пятровіч Васільева Анастасія Вячасл. Гайдук Ірына Эдуардаўна Галіч Аляксей Эдуардавіч Гашко Ірына Аляксееўна Глушко Аляксей Віктаравіч Грыгор'ева Ірына Людвігаўна Грышко Людміла Гудкова Дар'я Уладзіміраўна Давыдчук Сяржук Данільчык Зінаіда Пятроўна Дземідовіч Ганна Дзічкоўская Настасся Дзюсекаў Павел Аляксандр. Дробыш Вадзім Міхайлавіч Дрожджына Ала Дуброўскі Валер Леанідавіч Жалдака Васіль Станіслававіч Жамойда Алена Жарнасек Вітаўт Ждановіч Таццяна Міхайлаўна Жук Ігар Васільевіч Жук Яўген Віктаравіч Заблоцкая Алена Аляксандр. Завадская Алена Аляксандр. Запалянская Вольга Васіл. Золаў Юры Георгіевіч Іваноў Сяргей Ігнатовіч Марыя Іосіфаўна Ігнатовіч Яўген Ільіна Анастасія Аляксандр. Ішуціна Таццяна Вікенцьеўна Кавалёва Кацярына Кавалеўская Наталля Леанід. Кавалеўская Стэфанія Сярг. Кальчугін Віктар Канкоўская Святлана Капціловіч Іван Карашчанка Ігар Віктаравіч Каўко Зміцер Кашуба Мікалай Ануфрыевіч Кісель Сяргей Леанідавіч Кісляк Васіль Сяргеевіч Кляпкоў Дзмітры Кобрусеў Дзяніс Аляксандр. Комар Юры Мікалаевіч Конік Юлія Андрэеўна Косава Ганна Валер'еўна Кочман Тарэса Красоціна Тамара Іванаўна Краўчук Зміцер Краўчук Ірына Крол Аляксандр Уладзіміравіч Крываротаў Міхаіл Юр'евіч Кудрашова Лілея Кузікевіч Алена Кукуць Алена Аляксандраўна Кукуць Уладзімір Часлававіч Куляшоў Дзмітры Віктаравіч Куніцкая Ганна Уладзіміраўна Курдо Павел Аляксандравіч Курловіч Ганна Аляксандр. Кутас Святлана Кухарчык Людміла Лабаты Алег Анатольевіч Ларын Іван Юр'евіч Ласкутнікаў Павел Сяргеевіч Лаўрыновіч Алесь Сяргеевіч Лендзянкоў Ігар Лыскавец Ігар Ляўковіч Анатоль Іосіфавіч Магонаў Сяргей Аляксандр. Майсяёнак Андрэй Георгіевіч Макарэвіч Іна Макрыцкі Яраслаў Янавіч Максімава Наталля Малашчанка Аляксей Юр'евіч Маневіч Аляксей Манкевіч Таццяна Пятроўна Маркевіч Мікалай Мікалаевіч Мароз Кацярына Мікалаеўна Мароз Уладзімір Вікенцьевіч Марозава Людміла Уладзімір. Мархотка Леанід Андрэевіч Махлай Кастусь Мацюшэнка Ніна Мікалаеўна Машкала Іосіф Мельнічук Сяргей Міхайлоўская Данута Канст. Міхальчук Вераніка Пятроўна Міхноўская Наталля Вячасл. Мішчанкоў Уладзімір Алякс. Нішчык Алесь Уладзіміравіч Носаў Андрэй Няганаў Яўген Сяргеевіч Палухін Уладзімір Мікалаевіч Палянскі Андрэй Валер'евіч Панкевіч Юлія Аляксандраўна Парчынскі Яўген Патапава Дзіяна Сяргееўна Паўловіч Анатоль Петрашэвіч Яўген Праневіч Кацярына Генадзеўна Пукель Алена Адамаўна Рабчэня Таццяна Васільеўна Радзюк Валянціна Радэнка Кацярына Уладзімір. Раеўскі Аляксандр Разжалавец Іван Разжалавец Сяргей Разумава Галіна Уладзіміраўна Рак Вольга Рыгораўна Раманава Ганна Аляксееўна Раманішка Вікторыя Уладзіл. Раманчук Анатоль Анатол. Ролік Міхаіл Міхайлавіч Рудак Наста Юр'еўна Русць Максім Часлававіч Рэўтовіч Кірыла Васільевіч Савіч Сяржук Сакава Ніна Леанідаўна Сакалова Ніна Сакун Алена Васільеўна Салаўёва Людміла Мікалаеўна Салоха Надзея Самстыка Сяргей Алегавіч Саўка Юстына Свізуноў Вячаслаў Свірко Наталля Сігаеў Аляксей Уладзіміравіч Сідляр Андрэй Сіліч Аляксандр Анатольевіч Сільнова Ніна Сіманаў Канстанцін Яўгенавіч Сінкевіч Ірына Тадэвушаўна Славута Ніна Спасюк Рыгор Віктаравіч Станько Галіна Старавойтава Надзея Студзінская Інэса Анатольеўна Сямашка Ала Уладзіміраўна Сяменас Генадзь Мар'янавіч Сянкевіч Святлана Анатол. Сярова Зося Таўгень Людвіка Трухан Л Траццяк Дзмітры Вітальевіч Туровіч Ірына Уладзіміраўна Урбан Аляксандр Філічонак Ларыса Фурс Юры Антонавіч Хадзінскі Павел Сяргеевіч Харужая Вера Хашылёва Таццяна Аляксан. Хвацік Іван Міхайлавіч Хевук Ігар Цімафеева Ядзвіга В. Цімошак Зінаіда Вячаславаўна Ціханаў Аляксандр Валер'евіч Ціхановіч Вольга Віктараўна Чабатарэўскі Барыс Дзмітр. Чавусаў Юры Віктаравіч Чагаева Ірына Вільданаўна Чарановіч Ніна Мікалаеўна Чаркасава Галіна Ільінічна Чашчына Вольга Мікалаеўна Шабетнік Алег Васільевіч Шандроха Нона Эдмундаўна Шарман Аліна Шаўкун Васіль Шаўцоў Генадзь Уладзіміравіч Шахлевіч Юлія Віктараўна Шпілеўскі Вячаслаў Віктар. Шубіна Дар'я Алегаўна Шумская Ірына Антонаўна Шчарбачэня Вячаслаў Сярг. Шыпіла Ўладзімір Аляксанд. Юркевіч Сяргей Іванавіч Юшкевіч Андрэй Андрэевіч Якаўлеў Юры Генадзевіч Якубовіч Ю.А. Янукевіч Аляксей Антонавіч Яскевіч Алесь Юр'евіч Яшкіна Надзея Алегаўна


Да 20-годдзя "Белпошты"

20 верасня 1995 г. у адпаведнасці з загадам Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь ад 17.09.1995 г. № 18 было створана рэспубліканскае дзяржаўнае аб'яднанне "Белпошта", якое з 1 жніўня 2004 г. пераўтворана ў рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства паштовай сувязі "Белпошта".

Прадпрыемства з'яўляецца нацыянальным аператарам паштовай сувязі і аказвае больш за 60 найменняў розных паслуг, а таксама мае выключнае права на выраб і распаўсюджванне дзяржаўных знакаў паштовай аплаты Рэспублікі Беларусь.

Да свайго 20-годдзя "Белпошта" выпусціла маркаваны мастацкі канверт.

Наш кар.


У Баранавічах адбылася прэзентацыя кнігі Паўла Севярынца "Беларуская глыбіня"

Як казаў невядомы амерыкаец: "Вокладка - самая прываблівая частка многіх кніг". На вокладцы новай кнігі Паўла Севярынца мы бачым глыбокую студню, у якой відаць дрэвы і неба. Усё вельмі сімвалічна: шукай беларускую глыбіню і знойдзеш Неба!

Вядомы беларускі пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч Павел Севярынец 23 траўня прэзентаваў у Баранавічах сваю кнігу "Беларуская глыбіня". Творчая сустрэча адбылася ў вёсцы Русіны (Баранавіцкі раён) на сядзібе Таварыства беларускай мовы (вуліца Сасновая, д. 5). Людзі прыйшлі на сустрэчу не толькі з пісьменнікам, але і былым палітвязнем, які адбыў тры гады "хіміі" за ўдзел у пратэстнай акцыі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2010 года.

Найперш, Павел Севярынец распавёў пра тое, што такое беларуская глыбіня і як яна дазваляе лепш вывучыць Беларусь і беларусаў. Ён гаварыў пра людзей, якія былі яго сукамернікамі, адбывалі разам пакаранне ў спецкамендатуры № 7 вёскі Купліна (Пружанскі раён), наведвалі яго там. Спадар Севярынец выказаў шчырую падзяку баранавіцкім сябрам Алесю Беламу, Таццяне Малашчанка, Галіне Ярашэвіч, Анжэле Камбалавай, Віктару Сырыцу, Сяргею Гоўшу, якія неаднаразова наведвалі яго на "хіміі". Гаварыў Севярынец і пра тых, з кім сустракаўся на прымусовай працы, пра вернікаў цэркваў, сяброў і аднадумцаў - герояў яго "Беларускай глыбіні". Не абмінуў Севярынец гісторыю Пружаншчыны ды і наогул Берасцейшчыны, што выклікала асаблівую цікавасць да яго кнігі.

- Мне вельмі спадабалася гісторыя напісання гэтай кнігі, з якой і пачаў прэзентацыю аўтар. На судзе з боку адваката прагучаў аргумент: у чым сэнс зняволення адукаванага чалавека, які ўжо адбыў пакаранне і нават кнігу напісаў у турме? На гэта пракурор відавочна хацеў запярэчыць, але стрымаўся, толькі ягоная ўсмешка выкрыла думкі дзяржаўнага чыноўніка, маўляў, нічога, пасядзіць, яшчэ кнігу напіша. Вось, такім чынам, з усмешкі пракурора і пачалася кніга "Беларуская глыбіня". А кожнае эсэ кнігі пачынаецца з біблейскай цытаты, і змест служыць доказам Боскай прысутнасці на нашай зямлі. Павел Севярынец шчыра дзяліўся сваім жыццёвым досведам, ён імкнуўся пераканаць прысутных, што праваслаўныя, католікі і пратэстанты разам робяць вялікую справу, кожны трохі іначай, але аднолькава славяць Бога і працуюць на карысць Бацькаўшчыны. Прыгожым сімвалам гэтага яднання ёсць Тры Крыжы на гары Гедыміна ў Вільні. Праўда і спакой запануюць на нашай зямлі, калі мы ўсе навучымся паважаць адзін аднаго і шчыра дзяліцца хлебам і радасцю, - паведаміла Анжэла Камбалава.

Прыйшоўшых на сустрэчу цікавілі не толькі факты знаходжання былога палітвязня на "хіміі". Людзі жадалі паслухаць меркаванні былога палітвязня Севярынца пра тое, што рабіць далей, якія патрэбна правесці рэформы, каб жыццё беларусаў змянілася да лепшага.

У канцы творчай сустрэчы ахвотныя маглі атрымаць "Беларускую глыбіню" з аўтографам аўтара.

Віктар Сырыца , старшыня Баранавіцкай

Рады ТБМ.


Новая кніга са Слаўгарада

30 красавіка 2015 года Фелікс Уладзіміравіч Шкірманкоў падараваў бібліятэцы цэнтральнай сядзібы ТБМ імя Ф. Скарыны сваю апошнюю кнігу "Нашчадкам" у гонар 70 - годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне!

Літаратурна-мастацкае выданне з'явілася ў выдавецтве "Чатыры чвэрці". Яго наклад 99 асобнікаў. У мастацкім афармленні вокладкі выкарыстаны фрагмент карціны С.Р. Раманава "Прывал пад Быхавым" 1985 г. Чырвоным радком праходзіць думка: мы павінны заўсёды помніць тых, хто адстаяў родную Беларусь у крывавай барацьбе з фашысцкімі захопнікамі... Асабіста мне спадабаліся вершы спадара Фелікса "Са святам, ветэраны- пабрацімы!", "Начная вандроўка", "Ветэран", "Ля брацкай магілы", "Вам, хто загінуў у той вайне...", і іншыя.

Трэба адзначыць, што спадар Шкірманкоў нарадзіўся 27 траўня 1926 г. у мястэчку Прапойск - цяпер горад Слаўгарад. У пятнаццаць гадоў - баец знішчальнага батальёна г.п. Глуск. У красавіку 1943 года пасля цяжкага ранення з Бягомльскага партызанскага аэрадрома вывезены ў савецкі тыл на лячэнне ў шпіталь! У красавіку 1944 года Беларускім штабам партызанскага руху накіраваны на вучобу ў маскоўскае Чырвонасцяжнае ваенна-інжынернае вучылішча. Пасля заканчэння вучобы ў студзені 1945 г. накіраваны на 4-ы Украінскі фронт камандзірам асобнага звяза інжынернай выведкі. Яшчэ раз паранены ў лютым 1945 года. Узнагароджаны ордэнам "Чырвонага сцяга", двума ордэнамі "Айчыннай вайны" 1 ступені, медалём "За адвагу".

Пасля дэмабілізацыі ў траўні 1951 г. па працоўнай дамове паехаў у Магадан, дзе пасля заканчэння курсаў тэхнікаў-геолагаў працаваў у геалагічных партыях на пашуках радовішч урану, а потым золата...

Закончыў горны факультэт Усесаюзнага завочнага палітэхнічнага інстытута і атрымаў кваліфікацыю горнага інжынера-геолага...

Пасля выхаду на пенсію вярнуўся на радзіму ў Слаўгарад у 1979 годзе, дзе быў абраны дэпутатам і старшынём гарадскога Савета дэпутатаў. На гэтай пасадзе адпрацаваў чатыры гады. Сябар ТБМ імя Ф. Скарыны. Адзін з фундатраў ТБМ.

Аляксей Шалахоўскі.


З практыкі дзяржаўнай моўнай палітыкі: міжваенная беларусізацыя і сучаснае беларуска-рускае афіцыйнае двухмоўе

(Заканчэнне. Пачатак у папярэднім нумары.)

Многае з таго, што ў культурна-моўнай сферы рабілася адразу ж пасля ўтварэння БССР, яшчэ з большай паслядоўнасцю і эфектыўнасцю праводзілася ў наступныя гады, чаму садзейнічала і сама палітыка Маскоўскага Крамля. Яго партыйныя і савецкія органы прынялі шэраг прынцыпова важных нарматыўных актаў па пераадоленні ў нацыянальных рэспубліках, краях і абласцях цяжкіх наступстваў царскай русіфікатарскай палітыкі. Калі не цэнтральнае, дык вельмі блізкае да гэтага месца ў тых актах займала моўнае пытанне. Такі курс ў нацыянальнай палітыцы бальшавіцкай партыі лёгка зразумець: без забеспячэння прэстыжнасці роднаму слову карэннага насельніцтва рэспублік немагчымы яго нацыянальна-культурнае адраджэнне, духоўны росквіт, захаванне этнакультурнай самабытнасці. Для развязвання дадзенай праблемы шмат было зроблена і ў БССР. У пэўным сэнсе слова 20-я гады ХХ стагоддзя, асабліва іх другая палова, могуць быць названымі залатым дзесяцігоддзем у яе няпростай гісторыі. Зазначыў "другая палова", бо гэта якраз той час, калі з удзелам усяго беларускага народа вялося актыўнае змаганне за ажыццяўленне буйнамаштабных мерапрыемстваў нацыянальна-адраджэнцкага кшталту. На такое змаганне скіроўвала людзей прынятая ў ліпені 1924 года на другой сесіі ЦВК БССР самая прагрэсіўная для 1920-х гадоў пастанова "Аб практычных мерапрыемствах па правядзенні нацыянальнай палітыкі". Галоўная сутнасць яе заключалася ў тым, каб Беларусь зрабілася беларускай і па форме, і па змесце. Дзеля гэтага ўжо нямала папрацавалі і ў папярэднія гады, прычым у значнай ступені самачынным шляхам, па ініцыятыве нацыянальна-прагрэсіўных колаў грамадства. Ніхто не збіраўся адхіляць іх ад гэтай надзвычай важнай нацыястваральнай працы і пасля прыняцця памянённай пастановы. Але ўсё ж галоўную функцыю па беларусізацыі грамадскага жыцця ў рэспубліцы брала на сябе дзяржава. Ідэалагічнае забеспячэнне беларусізацыі, як і нацыянальнай палітыкі ўвогуле, ажыццяўляла Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі. У такім партыйна-савецкім тандэме падуладным было паспяховае развязванне самых складаных пытанняў беларусізацыі, у тым ліку і моўнага.

Моўнае пытанне з'яўлялася стрыжнёвым і ў дзейнасці створанай у адпаведнасці са згаданай вышэй пастановай Камісіі па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі ЦВК БССР. Аналагічныя камісіі функцыявалі пры ўсіх акруговых выканаўчых камітэтах рэспублікі. Штатнымі работнікамі, як цэнтральнай (рэспубліканскай), так і акруговых камісій былі толькі іх адказныя сакратары. Выкананне ж усёй бягучай работы такіх камісій ускладвалася на апараты адпаведных выканаўчых камітэтаў. Сваімі дасягненнямі ў моўнай галіне міжваенная беларусізацыя шмат у чым абавязана плённай дзейнасці такіх камісій.

Затое нічым хоць трохі набліжаным да тых даваенных камісій па ажыццяўленні нацыянальнай палітыкі не можа пахваліцца прэзідэнцкая вертыкаль Рэспублікі Беларусь. І гэта ў варунках, калі зрусіфікаванасць яе культурнамоўнай сферы набыло такі катастрафічны характар, калі яна амаль цалкам ідэнтычная з такой сферай Расійскай Федэрацыі!

Калі б у нас было сёння нешта накшталт разгледжаных камісій гадоў міжваеннай беларусізацыі, упэўнены, моўная сфера не знаходзілася б у такім страшэнным запусценні. Рэдактары беларускамоўных рэспубліканскіх, абласных, раённых (гарадскіх) газет не дазвалялі б сабе больш за палову іх плошчы аддаваць пад рускамоўныя матэрыялы. А як нахабна парушаецца моўны рэжым у вясковых агульна-адукацыйных беларускамоўных школах! Новае пакаленне настаўнікаў, атрымаўшы адукацыю ў рускамоўных ВНУ, гадамі выкладае свае прадметы на рускай мове, з чым не вядуць аніякай барацьбы кіраўнікі школ, бо часта і самі не ў ладах з прыроднай нацыянальнай мовай Бацькаўшчыны. Страшэнна зрусіфікаваныя ў сучасных вясковых школах пазакласныя культурна-асветніцкія мерапрыемствы, з чым у 1920-я гады не мелася аніякіх праблем, бо адпаведныя афіцыйныя органы пільна сачылі за гэтым, імкнуліся пры патрэбе ўсяляк дапамагаць работнікам народнай адукацыі. У нашыя дні на варце беларускай мовы стаіць толькі крайне бедная паводле сваіх фінансавых магчымасцяў, кадравага патэнцыялу грамадская арганізацыя - Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Усталяваная ў 1994 годзе ў Беларусі прэзідэнцкая сістэма кіравання не палічыла патрэбным захаваць нават тыя рычагі па ўрэгуляванні нацыянальных дачыненняў, якія выкарыстоўваліся ў нас у першыя тры з паловай гады пасля развалу СССР.

Дарэчы, да ўвядзення прэзідэнцтва ў Беларусі яе ўлады больш-менш дбалі пра нацыянальную мову свайго дзяржаўнага народа, пра што сведчаць стварэнне ў 1986 годзе і плённая дзейнасць Камісіі па нацыянальных пытаннях і міжнацыянальных адносінах Вярхоўнага Савета БССР. Узначальваў яе добра вядомы ў рэспубліцы пісьменнік Іван Чыгрынаў. Пад яго кіраўніцтвам Камісія зрабіла вялікі ўнёсак у распрацоўку Закона "Аб мовах у Беларускай ССР", усяляк спрыяла яго ўкараненню ў практыку. З прычыны сучаснай амаль нулявой запатрабаванасці беларускай мовы яна гіне на вачах дзяржаўнага апарату, а вось якіх-небудзь канкрэтных захадаў па прадухіленні гэтай усенароднай катастрофы ён (апарат) не робіць. Яго цалкам задавальняе панаванне дзікіх законаў стыхіі ў моўнай сферы, што немінуча прывядзе да поўнай перамогі той мовы, якая ўжо не першы год з'яўляецца рабочай для ўладаў Рэспублікі Беларусь - рускай.

А вось за 1920-я гады практычна не магчыма адшукаць такога з'езду і пленуму ЦК КП(б)Б, такога з'езду і такой сесіі вышэйшых дзяржаўных органаў улады рэспублікі, на парадак дня якіх не выносілася б звязанае з беларускай мовай пытанне. Ушчыльную займаліся ім і мясцовыя савецкія, партыйныя органы. Здавалася, іх нішто так не цікавіла так, як беларуская мова. І пры развязванні гэтага і сапраўды найвялікшай важнасці пытання нацыянальна-культурнага адраджэння беларускага народа ніхто не баяўся публічна заявіць (і часта пад апладысменты) аб неабходнасці надання менавіта яго мове галоўнай ролі ў абслугоўванні афіцыйнага жыцця. І такое станавілася рэальнасцю, прычым не ў выніку прыняцця якіх-небудзь суровых адміністрацыйных захадаў да адкрытых і патаемных праціўнікаў нацыянальна-культурнага адраджэння нашага краю, а, наадварот, праз глыбокае перакананне іх у гістарычнай неабходнасці зрабіць Беларусь беларускай, што магчыма толькі ў выніку поўнамаштабнага панавання яе роднай мовы ў грамадскім жыцці рэспублікі. Калі ж і накладваліся спагнанні на праціўнікаў беларусізацыі, дык гэта толькі ў дачыненні да наменклатурных чыноўнікаў. Сярод жа іх аж залішне было беларусафобаў, да таго ж яшчэ і беларускай нацыянальнасці. Гэта ў першую чаргу такога шэрагу чыноўнікаў датычылі сказаныя ў студзені 1927 года на Х з'ездзе КП(б)Б яе партыйным лідарам Аляксандрам Крыніцкім (пасланец Масквы, не беларус па нацыянальнасці) словы: "…мы павінны праводзіць беларусізацыю ў парадку цвёрдай дырэктывы і звальняць тых супрацоўнікаў, якія не хочуць, або не здольны яе выконваць" . Такую практыку даводзілася вельмі рэдка ўжываць, бо высокае чынавенства разумела значэнне беларусізацыі. У авалодванні беларускай мовай яно ішло паперадзе чыноўнікаў, занятых у акруговых і раённых савецкіх апаратах: паводле дадзеных за 1927 год у першым выпадку такі паказчык склаў 80, у другім - 70 працэнтаў ад агульнай колькасці супрацоўнікаў.

Сёння, калі прэзідэнцкай сістэме кіравання споўнілася ўжо больш за два дзясяткі гадоў, такое валоданне чынавенствам беларускай мовай падаецца зусім неверагоднай з'явай і не таму, што яны, маўляў, уступаюць сваім калегам 1920-х гадоў паводле філалагічных здольнасцяў. Галоўная прычына тут - неўтаймаваны нацыянальны нігілізм. Нельга не згадаць і такі факт: шэраг пасланцоў Крамля, у тым ліку і на пасаду першага сакратара ЦК КП(б)Б, не будучы беларусамі па нацыянальнасці, паспявалі за два-тры гады так авалодаць беларускай мовай, што толькі ёю карысталіся пры выкананні сваіх службовых абавязкаў. У наш час такое недасягальна для абсалютнай бальшыні беларускай нацыянальнасці, народжаных, узгадаваных на беларускай зямлі дзяржаўных дзеячоў і афіцыйных ідэолагаў самых высокіх рангаў. І ў дадзеным выпадку трэба здымаць шапку, нізка кланяцца перад усемагутным нацыянальным нігілізмам, моцна ўзбуялым у выніку франтальнага адрыву тытульнага народа краіны ад яе спрадвечнай культуры, роднай мовы. Даводзіца напоўніцу есці тое, што самі пасеялі і сеем.

Эпахальныя дасягненні мела міжваенная беларусізацыя ў стварэнні нацыянальнай сістэмы адукацыі. Не ў малой ступені асаблівых праблем з гэтым не было толькі дзякуючы таму, што сама педагагічная інтэлігенцыя, студэнты вышэйшых, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў, бацькі школьнікаў і самі вучні старэйшых класаў мелі цвёрдую перакананасць у светлай перспектыве, непахіснасці пазіцый беларускай мовы, пра што так па-бацькоўску дбала сама дзяржава. Ахвотна пасылалі дзяцей у школы з беларускай мовай навучання з рускіх, яўрэйскіх, польскіх і ўсіх астатніх іншамоўных сем'яў, бо разумелі, што на сваёй бацькоўскай зямлі яна такой пашаны, такога аўтарытэту заслугоўвае. Мінула толькі два гады пасля надання палітыцы беларусізацыі дзяржаўнага статусу, а ўжо з агульнага ліку працоўных школ чатырох- і сямігодак на беларускія прыпадала адпаведна 85 і 67 працэнтаў (дадзеныя на 1926/27 н. г.). А вось што было дасягнута ў гэтым звяне народнай адукацыі ў 1928/29 н. г.: усіх школ чатырохгодак 5818, з іх беларускіх - 5456, адпаведна па сямігодках - 372 і 279. Апантанае прагрэсіўным духам беларусізацыі насельніцтва не дазволіла асабліва падарваць пазіцыі нацыянальнага патэнцыялу педагагічнага працэсу агульна-адукацыйнай школы нават пасля неверагодна цяжкіх паводле сваіх наступстваў масавых фізічных рэпрэсій 1937 - 1938 гадоў.

Жыццё склалася так, што педагагічнай інтэлігенцыі давялося яшчэ раз праявіць незвычайную па маштабнасці актыўнасць, але ўжо адваротнага характару, з антыбеларускай начынкай. Адбылося такое пасля травеньскага 1995 года рэферэндуму, якім нашы дарэшты абруселыя чыноўнікі загітавалі выбаршчыкаў пагадзіцца на наданне статусу дзяржаўнай, акрамя беларускай, яшчэ і рускай мове. Людзі, усё ж больш-менш адукаваныя, зразумелі, што адарванае ад роднага слова тытульнага народа чынавенства, абапіраючыся на вынікі травеньскага рэферэндуму, абавязкова выкіне беларускую мову на задворкі. Таму, не бачачы аніякай перспектывы для яе, бацькі дзяцей беларускамоўных школ кінуліся абіваць парогі адпаведных дзяржаўных устаноў з просьбай даць ім (дзецям) магчымасць атрымаць адукацыю на рускай мове. Такое сталася па душы абсалютнай бальшыні настаўнікаў, бо адукацыю ж многія з іх атрымалі ў рускамоўных навучальных установах і як вынік кепска валодалі беларускай мовай. Словам, у шэрагах праціўнікаў беларускай мовы, акрамя адарваных ад яе апаратчыкаў, прагматычна настроеных бацькоў вучняў, з'явіліся яшчэ і іх настаўнікі. Пазіцыю пералічаных катэгорый людзей падзялялі і школьнікі старэйшых класаў, добра разумеючы, наколькі ўскладніць ім вучобу ў рускамоўных сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах атрыманая на матчынай мове ў беларускіх школах адукацыя. Прыхільнікі апошняй - а гэта ж нешматлікія нацыянальнай арыентацыі колы грамадства - не ў стане былі абараніць яе ад ненажэрнай русіфікацыі. Ніколі яна яшчэ так бязлітасна не калечыла нацыянальную сістэму адукацыі Беларусі, як у першыя 10 - 15 гадоў пасля майскага рэферэндуму. Руйнуецца яна і зараз, але ў непараўнальна меншых маштабах, чым раней. Прычына: няма чаго руйнаваць.

У беларускамоўных школах навучаецца прыкладна 15 працэнтаў агульнага вучнёўскага кантынгенту. Нацыянальная катастрофа!

Кожны народ, узваліўшы на свае плечы цяжкую ношу нацыянальна-культурнага адраджэння, не столькі робіць гэта для самога сябе, як для сваіх маладых пакаленняў, бо не хоча, каб любой формы асіміляцыя звяла іх са свету. Выратаванне ад яе больш-менш паспяхова ідзе, калі ёй усяляк супраціўляюцца такія пакаленні. Міжваеннай беларусізацыі ўдалося мабілізаваць іх на актыўны ўдзел у нацыянальна-культурным будаўніцтве, выхаваць павагу, любоў да матчынага слова, з якім яны добра пасябравалі ў школах, сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных установах, з якіх вынеслі яго ў самастойнае жыццё. Вядома нямала прыкладаў, калі моладзь, найперш камсамольцы, з'яўлялася галоўным застрэльшчыкам беларусізацыі таго ці іншага працоўнага калектыву, дзе пераважалі асобы зусім не маладога ўзросту. Вось чаму ідэолагі, непасрэдныя праваднікі ў жыццё палітыкі беларусізацыі так імкнуліся далучыць да яе маладыя сілы.

Моладзь і сёння не застаецца па-за ўвагай дзяржаўных структур, толькі ніхто з іх не збіраецца гэтую перспектыўную ва ўсе часы і для ўсіх народаў, у тым ліку і беларускага, узроставую групу насельніцтва схіліць да актыўнага ўдзелу ў нацыянальна-культурным адраджэнні. Наадварот, дзяржава ўсяляк перашкаджае далучэнню яе да гэтай святой справы, што асабліва датычыць афіцыйнага стаўлення да Маладога фронту "Адраджэнне". Створаны ж па ініцыятыве ўладаў Беларусі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ) зусім не з'яўляецца носьбітам культурна-моўных традыцый Бацькаўшчыны. У сваёй працы ён ніколькі не выкарыстоўвае яе прыроднай нацыянальнай мовы, усе свае культурна-масавыя мерапрыемствы ладзіць выключна на рускамоўнай аснове. У гэтым плане ён на некалькі парадкаў уступае камсамолу і несаюзнай моладзі 1920-х гадоў, для якой беларускае было даражэй за любое інша-нацыянальнае, дзякуючы чаму яны ўнеслі такі важкі ўклад у ажыццяўленне дзяржаўнай палітыкі беларусізацыі. Асабліва неапраўданымі, шкоднымі з'яўляюцца настойлівыя намаганні сучасных уладных структур зрабіць БРСМ актыўным змагаром за стварэнне саюзнай расійска-беларускай дзяржавы. Якіх толькі мерапрыемстваў не праводзіцца дзеля гэтага?! І моладзь актыўна, з вялікай радасцю ўдзельнічае ў іх, таго не разумеючы, што такая дзяржава можа стаць магілай для дарэшты зрусіфікаванага беларускага народа. У сваёй незалежнай краіне ў яго ёсць хоць самы мінімальны шанец на захаванне сябе ў якасці этнічнай адзінкі. У саюзнай з усходнім народам дзяржаве ён вельмі хутка захлынецца ў рускай культурна-моўнай стыхіі.

Афіцыйным ідэолагам трэба вучыць моладзь, але толькі не таму, пра што няма яснага ўяўлення нават у высокага рангу палітыкаў.

Саюзная з Расіяй дзяржава - гэта вельмі складаная для беларусаў рэч. Невыпадкова так марудна яна ствараецца. Я ж галоўную мэту БРСМ бачу ў схіленні моладзі да актыўнага ўдзелу ў беларускай нацыянальна-культурнай працы. Нам цывілізаваны свет не даруе, калі мы не вызвалім свой народ з-пад прыгнёту русіфікацыі, не створым такіх умоў, каб ён жыў паводле ўласных культурна-моўных стандартаў, забяспечваў роднай краіне адметнае, характэрнае ёй этнічнае аблічча, не руйнаваў яго чужымі культурнымі каштоўнасцямі. І каму ж, як не моладзі, ставіць перад сабой і рашуча ажыццяўляць гэтую высакародную мэту?!

На першым часе ў ідэолагаў, непасрэдных кіраўнікоў у цэнтры і на месцах дзяржаўнай палітыкай міжваеннай беларусізацыі не ўзнікала ніякіх праблем у супрацоўніцтве з праваслаўнай царквой - колішнім самым надзейным саюзнікам царызму ў правядзенні яго курсу па русіфікацыі Беларусі. На шчасце, абставіны карэнным чынам змяніліся. Паколькі пасля ўтварэння БССР такая палітыка ўжо была зусім не ў модзе, праваслаўнае духавенства пачало шукаць шляхі супольнага супрацоўніцтва з уладамі на ніве нацыянальна-культурнага Адраджэння. Ізноў, ужо каторы раз, усплыла на паверхню ідэя Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, што дазволіла б вызваліцца з-пад улады Маскоўскага патрыярхату - нязменнага правадніка русіфікатарскай палітыкі ў нашым краі. Але распачатая ў канцы 1920-х гадоў ў СССР барацьба з рэлігіяй, а ў БССР у дадатак да гэтага яшчэ і змаганне з надуманым буржуазным нацыянал-дэмакратызмам не дазволілі ўвесці беларускую мову ў набажэнства, казанні праваслаўнай царквы. Гэтая архіважная праблема застаецца неразвязанай і па сёння, прычым можа не так па віне самой царквы, як свецкіх уладаў Рэспублікі Беларусь, - зацятых праціўнікаў допуску беларускай мовы ў афіцыйнае жыццё. Іх крайне негатыўнае стаўленне да самай дарагой духоўнай каштоўнасці беларускага народа вядома не толькі іерархам праваслаўнай царквы нашай краіны, але і Маскоўскаму патрыярхату. Пры іншым стаўленні прэзідэнцкай вертыкалі да беларускай мовы ён не дазволіў бы сабе накіроўваць у Беларусь на заняцце пасады мітрапалітаў асобаў, не прыналежных да яе карэннага насельніцтва, зусім не інтэграваных у яе культурна-моўныя традыцыі. І ў дадзеным выпадку ў нас маюцца ўсе падставы сцвярджаць пра недасканаласць, яўную неадпаведнасць нацыянальнаму ідэалу сучаснага дзяржаўнага рэгулявання моўнага працэсу, што нам удавалася рабіць куды лепш у гады міжваеннай беларусізацыі. Таму ўладам, калі яны хочуць быць выразнікам беларускага нацыянальнага духу, трэба не маўчаць, а весці грунтоўную гаворку з народам пра неабходнасць новай беларусізацыі, каб выклікаць у яго магутнае жаданне ўзяцца за сваё нацыянальна-культурнае адраджэнне па прыкладзе нашых даваенных пакаленняў. Сённяшнім беларусам яны ў разы ўступалі паводле сваёй адукацыі, а вось да роднай мовы, культуры, увогуле да ўсяго свайго роднага ставіліся куды з большай павагай, у чым, несумненна, вялікую ролю адыгрывала і прагрэсіўная палітыка самой дзяржавы ва ўсіх найважнейшых нацыястваральных сферах.

Праведзены параўнальны аналіз практыкі дзяржаўнага рэгулявання моўнага працэсу ў гады міжваеннай беларусізацыі і на сучасным этапе пераканаўча сведчыць пра дыяметральна процілеглыя падыходы ўладаў да такога рэгулявання. У першым выпадку яны цалкам адпавядалі карэнным інтарэсам тытульнага народа БССР і як вынік, на зыходзе 1920-х гадоў на яе тэрыторыі занядбаная за царскім часам беларуская мова ўжо поўнамаштабна абслугоўвала службовае справаводства дзяржаўных і партыйных, гаспадарча-адміністрацыйных органаў, грамадскіх арганізацый, працу ўсіх тыпаў выхаваўчых і навучальных устаноў, сферу культуры, выдавецкую справу, культурна-масавыя мерапрыемствы сярод насельніцтва, дзякуючы чаму і стала актыўным сродкам зносін паміж людзьмі. Пасля ўсталявання ў Рэспубліцы Беларусь прэзідэнцкай сістэмы кіравання яе ўлады не прынялі аніводнага нарматыўнага акта ў падтрымку роднай мовы свайго дзяржаўнага народа, затое рабілі ўсё, што толькі было ў іх сілах, дзеля інтарэсаў роднай мовы Расіі - рускай і дамагліся ў гэтым так чаканага "вялікага плёну". Ужо не першы дзясятак гадоў, як толькі адна руская мова абслугоўвае ўсе сферы грамадскага жыцця Рэспублікі Беларусь. Падобнага роду антынацыянальная практыка ў галіне мовы асабліва вялікую шкоду прыносіць такім этнаўтваральным сферам, як культура (у самай небяспечнай ступені гэта датычыць і яе мастацкага пласту) і адукацыя. З прычыны амаль поўнай дэнацыяналізацыі яе маладыя пакаленні беларусаў уступаюць у самастойнае жыццё зусім няздольнымі жыць і працаваць згодна з культурна-моўнымі традыцыямі сваёй краіны. У гэтым плане яны чужыя для яе. Створаная ў нас аднолькавая з Расійскай Федэрацыяй культурна-моўная прастора ўяўляе сабой вялікую пагрозу для дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь. Тэрміновае ўнясенне адпаведных яе нацыянальным інтарэсам карэнных змен у дзяржаўнае рэгуляванне моўнага працэсу ў краіне - першачарговая задача не толькі ўладаў, але і ўсяго беларускага народа.

Леанід Лыч, доктар гістарычных навук, прафесар


Сакрэты поспеху творчых сямей

19 траўня ў бібліятэцы імя Цёткі ў Менску адбылася вечарына "У - зорныя сем'і" з удзелам Віктара Шніпа і Людмілы Рублеўскай, Максіма і Ірыны Клімковічаў, Яраша Малішэўскага, Аксаны і Альжбэты Спрынчан, прысвечаная Дню сям'і. Творчыя радзіны падзяліліся ўспамінамі пра першыя спатканні, падарожжы і вяселле, а таксама - моманты творчага супрацоўніцтва ў галіне культуры і літаратуры.


У сям'і Максіма, які быў названы ў гонар Багдановіча, дзед і бацька былі пісьменнікамі. Дзед Максіма, Міхась Клімковіч быў старшынём Саюзу пісьменнікаў БССР і аўтарам словаў дзяржаўнага гімну Беларусі, бацька - Алесь Махнач, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, аўтар дакументальнай аповесці "Дзеці крэпасці" і шэрагу іншых.

Максім Клімковіч нарадзіўся ў 1958 годзе.Спачатку ён не думаў, што звяжа лёс з мастацкім словам і скончыў Беларускі палітэхнічны інстытут. Некаторы час ён працаваў геадэзістам, начальнікам участка на будаўніцтве аўтамабільных дарог.

Ён з'яўляецца аўтарам п'ес :"Віта Брэвіс, ці Нагавіцы Святога Георгія", "Вольная сцэна", "Чорны квадрат" (у суаўтарстве з Міраславам Адамчыкам), дэтэктыўных аповесцяў і раманаў "Карона Вітаўта Вялікага", "Люстраная фіранка", кінарамана-фарсу "Янкі, альбо Астатні наезд на Літве" (у суаўтарстве з Уладзіславам Ахроменкам) і апавяданняў.

Яго жонка Ірына Клімковіч, журналіст, публіцыст, аматар вандровак. Яе сфера даследаванняў - традыцыйная культурная спадчына і дахрысціянскія вераванні старажытных беларусаў, яна - укладальнік энцыклапедычнага слоўніка "Беларуская міфалогія."

Максім з Ірынай паступілі ў 1975 годзе ў Беларускі політэхнічны інстытут і пасябравалі на бульбе. Іх курс накіравалі працаваць у вёску Багданава Валожынскага раёна, на радзіму Фердынанда Рушчыца. У другі раз яны выправіліся ў сельскагаспадарчы атрад на збор памідораў у Малдавіі. Студэнцкая рамантыка 70-тых гадоў дапамагла ім стварыць сям'ю. Да літаратурнай дзейнасці яны далучыліся пазней. Максім удзельнічаў у дзейнасці суполкі " Семінар", Ірына працавала ў рэдакцыі часопіса "Крыніца". Ім даводзілася наведваць Уладзіміра Караткевіча і іншых творцаў, якія жылі ў доме па вул. К. Маркса і гутарыць з імі. Максім з Ірынай ў тыя часы прызвычаіліся ездзіць у Вільню ранішнім цягніком, і такія вандроўкі духоўна і культурна ўзбагацілі іх.


Віктар Шніп нарадзіўся ў 1960-тым годзе. Ён скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум ў 1978 годзе, працаваў літкансультантам у часопісе "Нёман" і ў газеце "Вячэрні Мінск". Малады паэт дэбютаваў вершамі 17 жніўня 1977 ў газеце "Чырвоная змена".

У 1987 годзе Віктар скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы Літаратурнага інстытута імя Горкага ў Маскве. Віктар і Людміла пазнаёміліся ў Маскве, дзе Людміла вучылася ў Літаратурным інстытуце. У Людмілы выклікала павагу тое, што Віктар піша беларускамоўныя вершы, і яны былі зусім не савецкімі па змесце. Разам яны наведвалі Цэнтральны дом літаратараў.

- Ён скіроўваў мяне на тыя сцяжынкі, якімі ўжо сам прайшоў, раіў, у якую рэдакцыю варта занесці вершы,быў маім менеджарам, - узгадвае Людміла Рублеўская.

Незадоўга да вяселля, каб зарабіць на пярсцёнкі, Віктар паехаў у творчую камандзіроўку на Берасцейшчыну разам з Міколам Мятліцкімі і іншымі пісьменнікамі. За пяць дзён трэба было выступіць 20 раз у розных гарадах і вёсках. Перад самым шлюбам маладому паэту прышло запрашэнне на паездку ў Грузію, дзе ён мусіў атрымаць Усесаюзную прэмію імя Маякоўскага. Шчырыя грузіны цёпла прымалі беларуса, але нявеста тым часам хвалявалася… На вяселле 24 ліпеня 1987 года павіншаваць маладых прыйшлі паэты і мастакі.

Віктар Шніп працаваў старшым рэдактарам аддзела культуры ў часопісе "Беларусь" у 1987-1991гадах, у газетах "Наша слова" і "Літаратура і мастацтва". У 2003-2008 гадах ён быў намеснікам галоўнага рэдактара, з 2008 года - галоўным рэдактарам у выдавецтве "Мастацкая літаратура".

Ён - аўтар кніг паэзіі "Гронка святла" (1983), "Пошук радасці" (1987), "Шляхам ветру" (1990), "На рэштках Храма" (1994), "Выкраданне Еўропы" (1996), "Чырвоны ліхтар" (2000), "Воўчы вецер" (2001), "Беларуская мора" (2004), "Балада камянёў" (2006), "Страла кахання, любові крыж" (2008), "Проза і паэзія агню" (2010), "Пугачоўскі цырульнік" (2013), "Тутэйшая туга" (2014), а таксама кніг для дзяцей - "Сунічкі для Веранічкі" (1995) і "Наш Максім гаворыць: Гу!" (1999).


Людміла Рублеўская, паэт, празаік, драматург, аўтар гістарычных аповесцяў і кніг для дзяцей, нарадзілася ў Менску ў 1965 годзе. Як і яе муж, яна таксама скончыла архiтэктурна-будаўнiчы тэхнiкум на аддзяленні архiтэктуры, вучылася ў Маскве ў Літаратурным інстытуце.

Людміла Рублеўская - лаўрэат прэміі " Залаты апостраф" за кнігу " Золата забытых магіл". Выклікалі цікавасць чытачоў яе раманы "Забiць нягоднiка, альбо Гульня ў Альбарутэнiю ,"Сутарэнні Ромула", аповесць"Ночы на Плябанскіх млынах" і іншыя. У сужонцаў двое дзяцей.

Для гасцей вечарыны заспявалі Яраш Малішэўскі і яго шасцігадовая дачка Альжбэта. Вяла сустрэчу Аксана Спрынчан - беларуская пісьменніца і паэтка, дырэктарка паэтычнага тэатра "Арт. С.". Яна паходзіць з творчай сям'і, паэтка ў трэцім пакаленні. Яе дзед Браніслаў Спрынчан (1928 г.н., родам з Украіны) і бацька Вадзім Спрынчан (1950 г.) - таксама паэты. Бабуля Святлана і прапрадзед Васіль пісалі вершы і прозу на ўкраінскай мове.

Муж, Яраш Малішэўскі - музыка, гісторык і калекцыянер музычных інструментаў. Уся сям'я пастянна ўдзельнічае ў беларускамоўных імпрэзах, канцэртах, выдае кнігі для дарослых і дзетак. Героі вечарыны пачаставалі гасцей сваімі кулінарнымі вырабамі.

Эла Дзвінская. На здымках аўтара: 1. Люміла Рублеўская і Віктар Шніп. 2. Ірына і Максім Клімковіч. 3. Альжбэта, Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан. 4. Альжбэта і Аксана Спрынчан на Свяце роднай мовы.


Спатканне з малой радзімай праз дзесяцігоддзі

Літаратурныя сустрэчы

У рамках чарговага паседжання літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты" адбылася сустрэча мясцовых літаратараў і навучэнцаў з пісьменнікам, майстрам дэтэктыўнага жанру Віктарам Праўдзіным, нараджэнцам горада Ліды, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, які нядаўна адзначыў 60-гадовы юбілей.

Віктар Аляксандравіч Праўдзін скончыў Менскую вышэйшую школу Міністэрства ўнутраных спраў СССР, працаваў у праваахоўных органах. Маёр міліцыі ў запасе. Яшчэ ў час службы ў міліцыі пачаў пісаць кнігі, сюжэты для твораў браліся з жыцця. Пазней працаваў намеснікам галоўнага рэдактара літаратурных часопісаў "Нёман" і "Полымя", галоўным рэдактарам выдавецтва "Мастацкая літаратура". Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Пяць гадоў назад, у час святкавання Дня беларускага пісьменства ў Смаргоні, Віктар Праўдзін сустрэўся з маладым лідскім літаратарам Алесем Хітруном, які зараз з'яўляецца навуковым супрацоўнікам Лідскага гістарычна-мастацкага музея і кіраўніком літаратурнага аб'яднання "Суквецце" пры рэдакцыі "Лідскай газеты". І вось пісьменнік сам прыехаў у Ліду. Дарэчы, у наш горад Віктар Праўдзін прыехаў упершыню пасля таго, як у далёкім 1957 годзе пакінуў яго двухгадовым дзіцём. Прыехаў сюды разам з жонкай Людмілай Іванаўнай.

- У Лідзе пачынаўся мой жыццёвы шлях, - гаворыць Віктар Аляксандравіч. - Але калі мне было ўсяго два гады, бацькі (а рос я ў сям'і вайскоўца) пераехалі жыць у Віцебскую вобласць. Аднак усведамленне таго, што нарадзіўся ў Лідзе, я нясу праз усё жыццё, хоць і прыехаў сюды толькі цяпер. І як толькі прыехаў - усё ў маёй душы ўскалыхнулася, нібыта адчуў нябачную нітачку сувязі з родным горадам.

Віктар Праўдзін - майстар дэтэктываў, раманаў, апавяданняў. Калі з'явіліся ўнукі, пачаў пісаць і казкі. Любіць пісаць таксама аб прыродзе, аднак адзін з асноўных яго жанраў - дэтэктыў. Як прызнаўся Віктар Аляксандравіч, у галоўных герояў кожнага яго дэтэктыва прысутнічаюць пэўныя рысы характару аўтара, сярод якіх - авантурызм. Пісьменнік расказаў прысутным аб некаторых сваіх кнігах прозы ("Візіцёр з Поўначы", "Боль" ("Споведзь міліцыянера"), "Вяртанне з апраметнай", "Шлях на Галгофу", "Нелюбімыя гінуць" і іншых), распавёў звязаныя з імі цікавыя гісторыі.

Прысутныя таксама дазналіся, што піша Віктар Аляксандравіч звычайна раніцай, а затым, як і многія звычайныя людзі, любіць папрацаваць на агародзе. Ёсць у яго пчаліная пасека, як і многія мужчыны, Віктар Праўдзін - заўзяты паляўнічы і рыбак.

Як адзначыў пісьменнік напрыканцы сустрэчы, гэтая сустрэча - пакуль толькі яго першаснае знаёмства з родным горадам і мясцовымі літаратарамі, моладдзю. Магчыма, будуць і новыя сустрэчы з ім у Лідзе. У фонд літаратурнага аддзела гістарычна-мастацкага музея Віктар Праўдзін перадаў шэраг сваіх кніг, а таксама рукапісы, фотаздымкі.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.


Фотамастак Міхаіл Крыжаноўскі адкрыў ў Менску сваю чарговую выставу

Фотавыстава "Эпоха Агінскага: аднаўленне памяці" з'яўляецца творчым праектам, прысвечаным 250-годдзю з дня нараджэння знакамітага кампазітара М.Кл. Агінскага.

Дадзеная выстава адлюстроўвае помнік гістарычна-культурнай спадчыны "Ансамбль былога палаца Агінскіх пачатку ХІХ ст." у Залессі Смаргонскага раёна. На гэты раз фотамастак вырашыў прэзентаваць сваю творчую выставу ў сталіцы Беларусі, куды яна прыехала ў канцы красавіка 2015 года з радзімы М.Кл. Агінскага, дзе знаходзілася паўтара месяца.

І вось наступіла 6 траўня, калі ва ўрачыстай атмасферы а 16-ай гадзіне ў бібліятэцы імя Талстога адбылося чарговае адкрыццё названай фотавыставы. З прывітальным словам да гасцей звярнулася загадчыца бібліятэкі Таццяна Маткоўская, перадаўшы затым слова старшыні Беларускага фонду культуры Уладзіміру Гілепу і яго намесніку Тадэвушу Стружэцкаму, які з'яўляецца каардынатарам культурнага праекту "Ад Залесся да Парыжа". Абодва выступоўцы адзначылі, што Беларускі фонд культуры пачаў у 2015 г. рэалізацыю названага праекту сумесна з Беларускай дзяржаўнай філармоніяй. У планах гэтага праекту цэлы тэматычны цыкл канцэртаў ансамбля салістаў Белдзяржфілармоніі "Класік - авангард" на чале з яго мастацкім кіраўніком Уладзімірам Байдавым. Выступоўцы падкрэслілі, што згодна з дадзеным праектам, многія беларускія музычныя і іншыя творчыя калектывы падрыхтавалі да 250 - годдзя М. Кл. Агінскага свае творчыя праграмы.

Пасля іх выступіў перакладчык і выкладчык германскіх моў Васіль Ермаловіч, які коратка нагадаў прысутным гасцям аб нялёгкім жыццёвым і творчым шляху нашага славутага кампазітара і палітычнага дзеяча ВКЛ М. Кл. Агінскага, які ў 1802 г. пасяліўся ў Залессі, дзе пражыў амаль 20 гадоў у маёнтку, атрымаўшы яго ў падарунак ад свайго маладзечанскага родзіча - графа Францішка Ксаверыя Агінскага. Менавіта ў Залессі кампазітар напісаў свой вядомы ва ўсім свеце і знакаміты ля-мінорны паланез, які чамусьці прынята называць "Развітанне з Радзімай". Лепш за ўсё яго было б назваць "Сустрэча з Радзімай", на якую ён вярнуўся з далёкіх замежных шляхоў. У 1822 г. ён зноў адправіўся ў далёкі замежны шлях, пакінуўшы назаўсёды Залессе, пасяліўшыся ў Фларэнцыі, дзе ён працягваў пісаць новыя музычныя творы, дзе і памёр у кастрычніку 1833 г. Са свайго далёкага замежнага шляху ён так больш і не вярнуўся ў сваё мілае і любае Залессе, у свае "Паўночныя Афіны", але вярнулася яго чароўная музыка, аб чым нагадвае верш Таісы Трафімавай:

Ён вярнуўся

з далёкай Фларэнцыі -

Кампазітар,

паўстанец, паэт...

Хай у бронзе арлінае сэрца -

Яно б'ецца на цэлы сусвет.

Затым выступоўца Васіль Ермаловіч расказаў прысутным гасцям пра любімыя тэмы фотамастака і яго фатаграфіі: краявіды, старадаўняя і сучасная архітэктура, флора, жанчына, прырода і г.д. Міхаіл Крыжаноўскі з'яўляецца майстрам партрэтнага і мастацкага здымкаў. Ён - удзельнік гарадскіх фотавыстаў і конкурсаў, праводзіць персанальныя выставы і творчыя вечары ў бібліятэках і каледжах. Аўтарскія фотаработы знаходзяцца ў прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы і іншых краін.

На прадстаўленых фатаграфіях прысутнічаюць сюжэты, прысвяченыя мясцінам Агінскіх па тэрыторыі сучаснай Літвы: Вільня, Рэтавас, Трокі, Плунге і іншыя мясціны.

На фатаграфіях можна ўбачыць досвітак і вечаровы захад, усмешку чалавека і шмат чаго іншага, што прымушае нас углядацца ў іх і задумвацца аб сэнсе жыцця. Неабходна адчуваць пульс жыцця вакол сябе. Тады і будзе давер да фота як да мастацкага твора.

Дадзеную выставу-фотапраект мяркуецца паказаць у беларусі, Літве, Польшчы і ў тых мясцінах, дзе жыў і тварыў М. Кл. Агінскі і яго родзічы...

І бачыць бог -

ёсць музыка над намі...

і хоць няўмольна адплывае час,

лунае дух Агінскага вякамі

і як анёл аберагае нас.

Таіса Трафімава.

У заключэнне Васіль Ермаловіч павіншаваў Міхаіла Крыжаноўскага з чарговым адкрыццём ягонага творчага праекту і пажадаў яму новых творчых поспехаў, калі ён і надалей будзе натхняцца музыкай М. Кл. Агінскага і дзейнічаць згодна з прынцыпам і дэвізам "Фота існуе для нас і тых, хто будзе жыць пасля нас". Наведаць фотавыставу можна бясплатна.

Выстава будзе працаваць два тыдні. Адрас: вул. Маскоўская, 18.

Васіль Ермаловіч,

краязнавец, перакладчык

і выкладчык германскіх

моў.

Аляксей Шалахоўскі , краязнавец, журналіст.


"Будзьма!"

1 чэрвеня (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18.30 гадзін. Румянцава, 13
Уваход вольны.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX