Вярнуцца: 2015

№ 22 (1225)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 22 (1225), 3 чэрвеня 2015 г.


VI МІЖНАРОДНЫ КАНГРЭС БЕЛАРУСІСТАЎ

27-29 траўня 2015 года

VI Міжнародны кангрэс беларусістаў, які праходзіў у Менску 27-29 траўня быў прысвечаны 500-годдзю беларускага кнігадрукавання. Хаця гэтую дату мы будзем адзначаць ў 2017 годзе, але, паколькі Кангрэсы праходзяць раз на 4-5 гадоў, то ўжо зараз, пад эгідай юбілею, быў пачаты цэлы шэраг мерапрыемстваў. Адпаведна гэтая тэма гучала і на пленарным паседжанні, і на круглым стале. Прыехалі прадстаўнікі 12 краінаў, якія прадстаўляюць беларусазнаўчыя даследванні за мяжой. Гэта не толькі краіны-суседзі, але і госці з Вялікабрытаніі, Канады, Германіі, Японіі...

29 траўня дэлегаты VI Міжнароднага кангрэсу беларусістаў аднагалосна абралі новым старшынём Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў (МАБ) намесніка дырэктара па навуковай працы і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдата культуралогіі Алеся Сушу .

На гэтай пасадзе Суша змяніў ранейшага кіраўніка асацыяцыі - акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, гісторыка Міхаіла Касцюка.

Звяртаючыся да дэлегатаў форуму, Суша з упэўненасцю заявіў, што "на працягу наступных пяці гадоў асацыяцыі трэба будзе мяняцца". МАБ, сказаў новаабраны старшыня арганізацыі, неабходна пашыраць геаграфію дзейнасці і "амалоджваць свае шэрагі", а таксама "наладзіць супрацоўніцтва з дыпламатычнымі і культурнымі цэнтрамі Беларусі за мяжой".

- Мы павінны паказаць сваю неабходнасць для беларускай дзяржавы і партнёраў, - падкрэсліў Суша. - Трэба абгрунтаваць сваю важнасць і быць цікавымі для тых, хто гатовы нам дапамагаць.

Унутраная камунікацыя сяброў МАБ, лічыць ён, таксама павінна зазнаць перамены.

- Трэба ўваходзіць у сацыяльныя сеткі, праводзіць сустрэчы членаў камісіі дыстанцыйна ў рэжыме вэб-канферэнцыяў... ...Карыстаючыся сучаснымі тэхналогіямі, асацыяцыя можа пашырыць кантакты з маладымі даследчыкамі за мяжой, - дадаў Суша.

Новы кіраўнік асацыяцыі беларусістаў адзначыў, што менавіта МАБ павінна стаць ініцыятарам правядзення шматлікіх значных праектаў. Так, асацыяцыя павінна сама выйсці з прапановамі, як адзначыць знакавыя даты бліжэйшага часу, сярод якіх 25-годдзе МАБ, 500-годдзе беларускага кнігадрукавання і інш.

Сакратарыят ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" віншуе спадара Алеся Сушу з абраннем на такую ганаровую пасаду і спадзяецца на плённае супрацоўніцтва паміж МАБ і ТБМ.

Паводле СМІ. На здымку: старшыня МАБ Алесь Суша.

(Пра кангрэс чытайце яшчэ на ст. 2-3.)


Віншаванне ўдзельнікам VI кангрэсу беларусістаў ад сяброў ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны"

Шаноўнае спадарства!

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны сардэчна віншуе вас з адкрыццём VI кангрэсу беларусістаў. Наша арганізацыя, якая ў мінулым годзе адзначыла сваё 25-годдзе, на сённяшні дзень з'яўляецца заснавальнікам дзвюх беларускамоўных газет "Наша слова" і "Новы час" і двух часопісаў "Лідскі летапісец" і "Верасень". Таксама мы маем свой партал з беларускай і англійскай версіяй tbm-mova.by. У апошнія гады мы выдалі англа-беларускі і шведска-беларускі размоўнікі, працуем над стварэннем французска-беларускага, а таксама хочам зрабіць фінска-беларускі размоўнік.

Улічваючы асаблівыя адносіны Беларусі з Кітаем, было б добра зрабіць і кітайска-беларускі размоўнік. Мы рэгулярна праводзім міжнародныя канферэнцыі, у якіх актыўны ўдзел бяруць і сябры МАБа. Зараз рыхтуюцца да друку матэрыялы нашай канферэнцыі "Моўныя правы і іх абарона", што адбылася ў сакавіку гэтага года.

У мінулым годзе пад кіраўніцтвам ТБМ выйшлі пробныя тэсты па 6 узроўнях для ацэнкі ведаў беларускай мовы як замежнай. Нас вельмі цешыць той факт, што ў межах працы кангрэсу адбудзецца абмеркаванне гэтай працы. Усе ахвочыя могуць атрымаць набор гэтых тэстаў сёння ў сядзібе ТБМ па адрасе: вул. Румянцава, 13 з 18.30 да 19.00.

Шаноўныя сябры!

Мы вельмі рады, што вас зацікавіла наша беларуская мова, карэнні якой сягаюць у другое тысячагоддзе да н. э. Не выпадкова яна захавала некаторыя прыкметы старажытнага санскрыту, найперш слова веды . І пакуль вы збіраеце веды пра Беларусь, яе культуру і мову, яна застаецца на мапе Еўропы і свету як незалежная дзяржава.

Беларуская мова зазнала ў розныя перыяды свайго існавання як перамогі, так і паразы. У 14-16 стст. назіраўся яе росквіт як дзяржаўнай мовы ВКЛ і мовы міжнацыянальных зносін усёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Аднак пасля стварэння Рэчы Паспалітай пачалася шматгадовая паланізацыя, якая прывяла да таго, што з 1697 года дзяржаўнай мовай у ВКЛ стала польская. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай у канцы 18 і асабліва ў пачатку 19 ст. з дапамогай рускіх уладаў паланізацыя пачала праяўляцца яшчэ больш. Бо ўся сістэма адукацыі на Беларусі, пачынаючы з Віленскага ўніверсітэта, вялася на польскай мове.

Пасля паўстання 1863-1864 гг. надышла пара татальнай русіфікацыі, што доўжылася да рэвалюцыі 1905 г. Тым не менш у гэтых надзвычай неспрыяльных умовах беларуская мова не загінула, але развівалася, неўзабаве стала мовай навучання і набыла статус сучаснай літаратурнай мовы. У мінулым 20 ст. назіраліся дзве хвалі нацыянальнага адраджэння, калі беларуская мова атрымала статус дзяржаўнай. Гэта 20-я і 90-я гады мінулага стагоддзя.

Аднак 20 гадоў назад адбыўся сумнавядомы рэферэндум, на якім 52 % грамадзян Беларусі прагаласавалі за роўны статус беларускай і рускай моў, якія пасля гэтага былі абвешчаны дзяржаўнымі. І зараз праз 20 гадоў вы можаце спытаць у беларускіх уладаў, дзе тая гарантаваная роўнасць, за якую выказаўся талерантны беларускі народ. Колькі мы маем беларускамоўных школ у вялікіх беларускіх гарадах, і колькі беларускіх універсітэтаў працуюць на дзяржаўнай беларускай мове? Пры гэтым хачу паведаміць, што 80 % грамадзян Беларусі з'яўляюцца беларусамі паводле апошняга перапісу.

І тым не менш, наша справа развіваецца вельмі актыўна. Зараз фармуецца мадэрновая гарадская беларуская нацыя, у якой беларуская мова становіцца прэстыжнай, найперш сярод моладзі. Пра гэта сведчаць шматлікія моўныя курсы, два варыянты Вікіпедыі (на наркамаўцы і тарашкевіцы), актыўная дзейнасць беларускіх пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў, а таксама гісторыкаў і краязнаўцаў. Пасля сумнавядомых падзей ва Украіне кансалідацыя беларускай нацыі на глебе нацыянальнай гісторыі, мовы і культуры паскорылася. І ў гэты працэсе вы, шаноўнае спадарства, бярэце непасрэдны ўдзел.

За гэта вам шчыры дзякуй. Жадаем плёну ў вашай працы.


80 гадоў Васілю Зуёнку

Васіль ЗУЁНАК , нарадзіўся 03.06.1935 г. у вёсцы Мачулішча Крупскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. У 1954 г. скончыў Барысаўскую педагагічную навучальню і паступіў на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1959) працаваў у рэдакцыі газеты "Рабочае юнацтва" (Менск), з 1960 да 1966 г. - у газеце "Піянер Беларусі". Быў галоўным рэдактарам часопіса "Бярозка" (1972-1978). У 1966-1972 гг. - намеснік галоўнага рэдактара, у 1978-1982 гг. - галоўны рэдактар часопіса "Маладосць". У 1982-1989 гг. - сакратар, у 1989-1990 гг. - першы сакратар, з 1990 г. - старшыня СП Беларусі. Кандыдат філалагічных навук. Сябар СП СССР з 1966 г. Ганаровы сябар Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (2000 г.). Сябар Беларускага ПЭН-цэнтра. Сябар рэспубліканскай Рады ТБМ.

Выступае ў друку з вершамі з 1952 г.

Перакладае з расейскай, украінскай, балгарскай, польскай, славацкай, сербскай і іншых моў. Разам з Р. Барадуліным пераклаў кніжку вершаў У. Лучука "Возера-Бульдозера" (1978).

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларусі (1974) за кнігу вершаў "Сяліба", Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1982) за паэму "Маўчанне травы".

Выдаў кнігі: "Вясёлы калаўрот". Вершы. Мн., 1965 г.; "Kpэciвa". Лiрыка. Мн., 1966 г.; "Крутаяр". Вершы. Мн., 1969 г.; "Сонечны клубочак". Загадкі. Мн., 1972 г. "Качан на п'едэстале". Гумарыстычныя вершы. Мн., 1973 г. "Сяліба". Вершы i паэма. Мн., 1973 г. "Будзем сілы набірацца". Вершы. Мн., 1974 г. "Нача". Лiрыка. Мн., 1975 г.; "Маўчанне травы". Паэма лёсу. Мн., 1980 г.; "Світальныя птушкі". Вершы i паэма. Мн., 1982 г.; "Шапка-усёвідзімка". Вершы. Мн., 1983 г.; "Лукам'е". Вершы i паэма. Мн., 1984 г.; "Вызначэнне". Вершы. Мн., 1987 г.; "Хата, поўная гасцей". Вершы, казкі, жарты, загадкі. Мн., 1987 г.; "Лета трывожных дажджоў". Вершы. Мн., 1990 г.; "Знічкі сямі нябёс". Выбраныя пераклады. Мн., 1992 г.; "Чорная лесвіца". Вершы, паэма. Мн., 1992 г.; "Пісьмы з гэтага свету". Вершы. Мн., 1995 г.; "Бадзірог". Карагод вясёлых прыгод - i рыфмай звязаных i проста расказаных. Мн., 1995 г.; "Па ельнічку, па бярэзнічку. Беларускія грыбы ў вершах i малюнках". Мн., 1996 г.; Выбраныя творы ў двух тамах: т. 1 -"Гронка цішыні", вершы; т. 2 - "Пяцірэчча", Kнiгa паэм. Мн., 1996 г, 1998 г.; "Рэха". Вершы, загадкі, пацешкі. Мн., 2003 г. і інш.


Сакратарыят ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" віншуе спадара Васіля Зуёнка з выдатным юбілеем.

Жадаем Вам, шаноўны Васіль Васільевіч і далей шчыра служыць Беларусі, з гонарам несці высокае званне Паэта ў краіне, дзе паэт заўсёды больш, чым паэт. Здароўя і сілаў на 9-м дзясятку.


Аляксею Каралю - 70

Аляксей КАРОЛЬ нарадзіўся ў 1945 годзе ў мястэчку Копысь Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Бацька пасля фронту працаваў партыйным сакратаром і старшынём выканкамаў у розных раёнах Беларусі. Маці была настаўніцай. Школу Аляксей скончыў у Маладзечне, потым - Менскі педінстытут у 1971 годзе.

Гісторык, кандыдат гістарычных навук. Кандыдацкую дысертацыю абараніў па тэме паваеннай акупацыі Нямеччыны ў 1945-47 гадах. Працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР, Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ.

Аўтар трох кніг і манаграфій: пра Першую расейскую рэвалюцыю 1905-1907 гадоў, пра Другі з'езд РСДРП і пра Ўсевалада Ігнатоўскага.

У канцы 80-х пісаў даведкі на рэабілітацыю Змітра Жылуновіча і Ўсевалада Ігнатоўскага, а таксама іншых "нацдэмаў", рэпрэсаваных у 20-30-я гады 20 ст.

Адзін з заснавальнікаў Партыі народнай згоды. Некалькі разоў быў ініцыятарам аб'яднання сацыял-дэмакратаў. У 2004 годзе балатаваўся ў парламент у Маладзечне. У часе выбараў 2006 года быў даверанай асобай Аляксандра Казуліна.

З 1992 году выдаваў незалежную газету "Згода", якую закрылі за два дні да выбараў 17 сакавіка 2006 года.

З 2010 года Аляксей Кароль - галоўны рэдактар газеты "Новы час".


Сакратарыят ГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" віншуе спадара Аляксея Караля з выдатным юбілеем.

Жадаем спадару Аляксею бадзёрасці, настраёвасці, творчага і жыццёвага імпэту, новых зацікаўленых падпісчыкаў і чытачоў.

Дзякуй Вам за Вашу працу па выданні адметнай сапраўднай беларускай газеты.

(Інтэрвію А. Караля карэспандэнту Радыё Свабода чытайце на ст. 5.)


Духоўную спадчыну беларусаў цэняць у свеце

27-29 траўня ў Менску праходзіў VI Міжнародны кангрэс беларусістаў. Такія форумы ладзяцца раз на чатыры гады, вырашаюцца на іх навуковыя, арганізацыйныя і статутныя праблемы.

Міжнародная асацыяцыя беларусістаў была ўтвораная ў траўні 1991 года. Яна аб'ядноўвае 600 сяброў, у тым ліку больш за 200 - з 23-х замежных краінаў. Ганаровы старшыня Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў - доктар філалагічных навук, прафесар Адам Мальдзіс.

Грамадская арганізацыя падтрымлівае кантакты і сувязі з беларусістамі, абменьваецца з імі інфармацыяй, кнігамі, мае базу дадзеных па беларусістыцы і пра беларусістаў свету. Асацыяцыя бярэ ўдзел у арганізацыі і правядзенні "круглых сталоў", выдае інфармацыйна-аналітычны і культуралагічны бюлетэнь "Кантакты і дыялёгі", зборнік "Беларусіка - Albaruthenica".

VI Міжнародны кангрэс пачаўся з вітанняў яго ўдзельнікаў і гасцей ад імя арганізатараў і прадстаўнікоў Нацыянальнай акадэміі навук, Міністэрства культуры і Міністэрства адукацыі.

- Мы цёпла вітаем замежных калег, чыімі намаганнямі распрацоўваюцца і прагандуюцца духоўныя здабыткі беларускага народа разам з намі, прадстаўнікамі рэспублікі Беларусь, - адначыў сябар аргкамітэта кангрэса Міхаіл Касцюк, старшыня МАБ. - Мы ўдзячныя Нацыянальнай Акадэміі навук, у чыіх памяшканнях адбываецца кангрэс, міністэрствам культуры і замежных спраў. Разам з Таварыстам беларускай мовы, Беларускім фондам культуры і іншымі грамадскімі агранізацыямі мы прапагандуем ў Рэспубліцы Беларусь і за яе межамі беларускую культуру і ўсю духоўную спадчыну, здабытую многімі пакаленнямі нашых продкаў. Мы маем задачу - памнажаць і ўдасканальваць нашыя духоўныя здабыткі.

- Вучонымі Нацыянальнай акадэміі навук выдадзена за апошні перяд 157 кніг, у тым ліку 57 манаграфій, 1357 навуковых артыкулаў, - адзначыў у выступленні прадстаўнік НАН А.А. Каваленя. - Навукоўцы даследуюць эстэтычныя канцэпцыі Паўлюка Багрыма, Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, раскрываюць агульна-еўрапейскія архетыпы іх творчасці. Значныя дасягненні маюць вучоныя-гісторыкі.

Ад імя ТБМ выступіў Алег Анатольевіч Трусаў. Ён адзначыў, што грамадская арганізацыя аб'ядноўвае гісторыкаў, філолагаў, краязнаўцаў, журналістаў і студэнтаў, прыхільнікаў беларушчыны, якія наведваюць семінары, моўныя курсы, ладзіць творчыя сустрэчы, выдаюе кнігі і дзве рэспубліканскія газеты "Наша слова" і " Новы час". Але выклікае занепакоенасць змяншэнне ў краіне колькасці беларускамоўных школ, адсутнасць Нацыянальнага ўніверсітэта. Старшыня ТБМ пажадаў удзельнікам поспехаў у дзейнасці кангрэсу.

Чарговы навуковы форум сабраў вядучых лінгвістаў з розных краін. У Менск прыехалі прафесар Гум-Брыт Колер і Герд Генчэль з Альдэнбургскага ўніверсітэта, Багуміл Астроўскі з Польскай акадэміі навук, Рышард Радзік з Люблінскага ўніверсітэта, Андраш Золтан з Венгрыі, Джым Дынглі, прадстаўнік Скрынаўскай бібіліятэкі ў Лондане і Арнольд Макмілін з Лонданскага ўніверсітэта. З дакладамі выступілі беларускія навукоўцы: Аляксандр Бразгуноў з Нацыянальнай акадэміі навук, Сяргей Запрудскі і Павел Навуменка з БДУ, і іншыя.

Шмат навуковых і грамадска-культурных сюжэтаў было разгледжана на двух пленарных пасяджэннях і ў працы тэматычных блокаў. Абмяркоўваліся тэмы: "Беларуская літаратурная гісторыя сёння. Праблемы і перспектывы", "Гісторыя мовы: беларусістыка - украіністыка", "Беларускае - іншанацыянальнае культурнае ўзаемадзеянне", "Беларуская мова як замежная"," Нацыянальная самасвядомасць і мастацкая літаратура". На працягу двух дзён дзейнічаў круглы стол "Францішак Скарына і яго час".

На кангрэсе ў цэнтры ўвагі былі пытанні нацыянальнай самасвядомасці і самаідэнтыфікацыі беларусаў. Змястоўнай была дыскусія аб рэлігійным складніку тоеснасці беларусаў. Выступоўцы падкрэслілі ролю Каталіцкага касцёла на Беларусі і цэркваў хрысціян веры евангельскай у выхаванні хрысціянскіх каштоўнасцяў у звязку з прыхільнасцю да беларускай мовы.

На заключным пленарным паседжанні з грунтоўным навуковым і моцным эмацыйным дакладам "Беларускасць як модус фармавання патрыятычнай свядомасці ў айчынным гістарычна-культурным дыскурсе" выступіла Жанна Некрашэвіч-Кароткая з БДУ. Праграма кангрэсу была цікавая і насычаная.

У ёй узяло ўдзел шмат маладых даследчыкаў: Андрусь Унучак з БДУ, Таццяна Касатая з Гародні, Томаш Настульчык з Кракава і іншыя.

Эла Оліна. Фота аўтара . На здымках: 1. Удзельнікі VI Міжнароднага кангрэсу беларусістаў.


Даследчыкі беларушчыны падзяліліся здабыткамі

27-29 траўня ў Менску праходзіў VI Міжнародны кангрэс беларусістаў, на які прыехалі больш за 130 навукоўцаў з Польшчы, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі, Вугоршчыны, Літвы, Украіны, Расіі, Беларусі. Сёлетні кангрэс прайшоў пад знакам Францішка Скарыны - у 2017 годзе будзе адзначацца 500-годдзе выхаду Бібліі, якую беларускі першадрукар пераклаў на мову, набліжаную да мовы старабеларускага пісьменства, пракаментаваў і надрукаваў у Празе.

Падчас кангрэсу адбываўся круглы стол, на якім абмяркоўваўся шырокі спектр пытанняў пра скарыназнаўства. Пра гэтую падзею распавёў старшыня Аргкамітэта кангрэсу прафесар Вячаслаў Пятровіч Рагойша.

- Алесь Суша, супрацоўнік Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі прадстаўляў 5 тамоў Скарынаўскай Бібліі з 21-го, якія выйшлі з друку. Да 2017 года будуць выдадзены ўсе кнігі асобна. Навуковы супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Алесь Бразгуноў прымае ўдзел у падрыхтоўцы гэтага выдання. Ён спыніўся на некаторых тэксталагічных праблемах, якія ён развязваў. У прыватнатнасці, ён перакладае тэксты Ф. Скарыны на сучасную беларускую, рускую і англійскую мову. Джым Дынглі з Вялікабрытаніі распавёў пра лёс Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане пасля смерці айца Аляксандра Надсана. Пайшлі чуткі пра тое, што яна можа перастаць існаваць. Але паводле англійскіх законаў яна не можа зачыніцца, паколькі ёй кіруе апякунская рада. Апякунская рада будзе шукаць сродкі на рамонт і аднаўленне бібліятэкі. Сябры рады дзяжураць у будынку бібліятэкі па 4 гадзіны. У Лондане працуе нядзельная школка для дзяцей. Сам Джым Дынглі жанаты на беларусцы, выпускніцы філфака, у іх тры дачкі. Так што новыя чытачы заўсёды будуць у бібліятэцы.

Выступаў таксама і Георгій Галенчанка, наш гісторык, які займаецца старажытнасцю, беларускім кнігадрукаваннем XVI-XVIII стагодзя. Ён паказаў праблемы, звязаныя з біяграфіяй Скарыны: мы дакладна не ведаем дату нараджэння асветніка, не ведаем, дзе знаходзіцца яго магіла. Гэтыя праблемы давядзецца развязваць маладым даследчыкам, ведаць мовы, ездзіць па свеце, звяртацца ў Ватыкан.

З дакладамі выступілі вядомыя славяназнаўцы Юры Лабынцаў і Ларыса Шчавінская з Расійскай акадэміі навук, славісты, якія займаюцца беларускай праблематыкай. Яны распавялі пра ўклад Джона Сіменса ( 1915-2005) у апісанне і даследванне беларускіх кніг, у тым ліку кніг Францішка Скарыны.

- Вы былі з самага пачатку сярод заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў?

- Так. Мы пачыналі справу з прафесарам Адамам Мальдзісам. Я быў яго намеснікам у Скарынаўскім цэнтры. Па сутнасці, з канца 80-тых гадоў скарыназнацы працавалі ў будынку Акадэміі навук, траплялі пад эгіду Міністэрства асветы і Міністэрства замежных спраў. Тады мы пачалі праводзіць Скарынаўскія канферэнцыі. Адам Іосіфавіч прапанаваў стварыць Міжнародную асацыяцыю беларусістаў, і гэта адбылося ў 1991 годзе. Кангрэсы беларусістаў праходзілі ў Гародні, у Маладзечне, у Менску.

Кангрэс у Менску адбываўся ў 1995 годзе ў будынку Тэатра лялек, калі праводзіўся Рэферэндум па пытаннях мовы і аб змене сімволікі. Многія беларусісты былі азмрочаны вынікамі рэферэндуму. Але справа беларусазнаўства працягваецца. Справа развіваецца, а гэта значыць, што ў свеце даведваюцца пра Беларусь, пра яе гісторыю, мову, культуру. Ёсць кафедры беларусістыкі ў Польшчы, Славакіі, там вывучаюць беларускую мову як спецыяльнасць. Ёсць і маладыя сілы, якія будуць працягваць тое, што запалілі мы.

- Вячаслаў Пятровіч, Вы вельмі даўно працуеце ў БДУ, выкладаеце студэнтам-філолагам і журналістам, выдаеце даведнікі, падручнікі.

- З Беларускім дзяржаўным універсітэтам я звязаны з 1958 года. Я паступіў у аспірантуру, але вучоба была перапынена службай у войску, служыў у роце гранатамётчыкам. Потым вярнуўся ва ўніверсітэт, з 1967 года выкладаў гісторыю беларускай літаратуры, методыку, фальклор, тэорыю літаратуры. У 1968 годзе я стаў кандыдатам навук. З 1994 года, вось ужо 21 год, я загадваю кафедрай тэорыі літаратуры на філфаку БДУ. Усе члены маёй кафедры працуюць актыўна, пішуць, выдаюць кнігі, гадуюць маладое пакаленне.

- Вы, напэўна, сябруеце асабіста з даследчыкамі з розных краін?

- Мы сустракаемся на канферэнцыях, абменьваемся кніжкамі. І ў гэты раз сустрэліся і абняліся. Джым Дынглі прыязджаў да нас з 90-тых гадоў. Айцец Аляксандар Надсан бываў неаднаразова на Купалаўскіх чытаннях, таксама і Вітаўт Кіпель з ЗША. Мы абменьваемся паштоўкамі і тэлефанаваннямі.

Гутарыла

Эла Дзвінская , фота аўтара. На здымку: 1. Прафесар Вячаслаў Рагойша, Алесь Суша, Юры Лабынцаў і Ларыса Шчавінская. 2. Паседжанне адной з секцый у музеі.


Моўная сітуацыя ва Ўкраіне

У форуме беларусістаў удзельнічалі госці з Украіны: Рыгор Піўтарак з Кіева, Віктар Майсіенка з Жытоміра, Мая Гарбузюк са Львова і іншыя. Мы пагутарылі з Віталём Масненкам, выкладчыкам Чаркаскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Багдана Хмяльніцкага.

- Якое месца займае ўкраінская мова ў грамадскім жыцці, у сферы адукацыі і культуры?

- Па афіцыйных звестках мы маем 90 адсоткаў школ з украінскай мовай ў сферы асветы. Галоўнае, каб школы былі па духу ўкраінскімі. А бывае, што выкладаюць па-ўкраінску, а дзеці выходзяць у калідор і пачынаюць размаўляць па-расейску. На захадзе Ўкраіны школы суцэльна ўкраінамоўныя. У Чаркасах з 40 школ 1 расейская. У Чаркаскім нацыянальным універсітэце, дзе я працую, 100 адсоткаў украінскай мовы. Гэты працэс пачаўся з пачатакам незалежнасці, ішоў паступова і зараз набыў завершаную форму. У Харкаўскім універсітэце, дзе я вучыўся, частка выкладання вядзецца па-расейску.

- Якая сітуацыя назіраецца ў дзіцячых садках?

- Садкі суцэльна ўкраінамоўныя. У нашым рэгіёне няма расейскамоўных садкоў.

У грамадскім жыцці склалася новая сітуацыя. У сувязі з падзеямі ў Крыме і на Данбасе пачаў фармавацца яшчэ адзін такі пласт украінскага патрыятызму- расейскамоўны. У цэлым будзе знойдзены моўны кансэнсус. У жніўні 2012 года ў часы кіравання Януковіча быў прыняты "Закон аб асновах дзяржаўнай моўнай палітыкі", прапанаваны Калеснічэнкам і Ківалавым. Ён даваў большыя правы рэгіянальным мовам, але пераважна расійскай. У 2014 годзе яго хацелі адразу скасаваць, але стрымаліся, бо гэта выклікала пратэсты органаў самакіравання ў рэгіёнах. Рыхтуецца новы закон аб мовах, дзе будзе, я спадзяюся, дакладна прапісана адзіная дзяржаўная ўкраінская мова. Будзе развівацца ідэя ўкраінскай дзяржаўнасці.

- Што новага ў сучасным літаратурным працэсе Ўкраіны?

- Маладыя аўтары ўжо становяцца класікамі. Напрыклад, Віктар Небарак са Львова, паэт, празаік,эсэіст, карыстаецца папулярнасцю. Мы маем актыўную сучасную літаратуру з рысамі мадэрну і постмадэрну.

Гутарыла

Эла Дзвінская , фота аўтара. На здымку: Віталь Масненка (Украіна).


Беларуская мова ў беларускіх універсітэтах

Старшыні ГА "Таварыства беларускай

мовы імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.

220034, г. Мінск, вул. Румянцава, 13

Паважаны спадар Трусаў!

У адказ на Ваш ліст аб арганізацыі ўсебаковага развіцця і функцыянавання беларускай мовы ў ДУ ВПА "Беларуска-Расійскі ўніверсітэт" накіроўваем наступную інфармацыю.

ДУ ВПА "Беларуска-Расійскі ўніверсітэт" з'яўляецца міждзяржаўнай вышэйшай навучальнай установай Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. Ва ўніверсітэце атрымоўваюць вышэйшую адукацыю грамадзяне Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі, а таксама каля 300 грамадзян замежных краін: Сірыі, Лівана, Кітая, Тайваня, Туркменістана і інш. У сувязі з гэтым навучанне ў асноўным вядзецца на рускай мове.

Беларуская мова вывучаецца ў рамках дысцыплін "Беларуская мова", "Беларуская мова (прафесійная лексіка)", "Беларуская мова (культура мовы)", замацаваных за кафедрай "Беларуская, руская і замежныя мовы". Беларускую мову вывучаюць студэнты 1 курса дзённага і завочнага аддзяленняў усіх спецыяльнасцяў. Штогод ажыццяўляецца набор абітурыентаў на курсы па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове. Ва ўніверсітэце створаны неабходныя ўмовы для вывучэння беларускай мовы. Маюцца тэхнічныя сродкі навучання (інтэрактыўныя дошкі, камп'ютары), абсталяваны кабінет беларускай мовы. Выкладчыкі кафедры "Беларуская, руская і замежныя мовы" распрацавалі рабочыя праграмы і вучэбна-метадычныя комплексы па дысцыплінах. Бібліятэка мае неабходную вучэбна-метадычную і даведачную літаратуру па беларускай мове. Праводзяцца дадатковыя мерапрыемствы па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў рамках штогадовага "Тыдня моў": алімпіяда па беларускай мове, фотаконкурс "Мая Радзіма - Беларусь", конкурс на лепшае сачыненне "Жыву ў Беларусі і тым ганаруся", чытацкія канферэнцыі і кніжныя выставы, дыспуты, віктарыны, прысвечаныя творчасці беларускіх пісьменнікаў.

Акрамя таго, дысцыпліна "Гісторыя Беларусі" выкладаецца на беларускай мове.

Ва ўніверсітэцкай газеце "Паралель" рэгулярна друкуюцца матэрыялы на беларускай мове: № 2 (145) - 25.04.2014 г. "Трасцы табе ў бок, або якія словы па-беларуску ўзгадвалі ў дзень роднай мовы", (артыкул прысвечаны Дню роднай мовы); № 8 (151) - 5.12.2014 г. "Студэнцкі савет вучыў першакурсніка прагнуцца пад абставіны і выразна гаварыць у любых умовах", (артыкул прысвечаны Міжнароднаму дню студэнтаў); № 9 (152) - 29.12.2014г. "Студэнцкае віншаванне з надыходзячым Новым годам і Калядамі"; № 1 (153) - 16.02.2015 г. "Моладзь - надзея і будучыня Беларусі" (аб выніках Рэспубліканскага маладзёжнага студэнцкага форуму "Моладзь - надзея і будучыня Беларусі"). Студэнтка ўніверсітэта Кісялёва Аліна прыняла ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе літаратурнай творчасці "Аўтограф" з творчай студэнцкай працай "Чаму я не размаўляю па-беларуску" і атрымала дыплом другой ступені. Студэнты прымаюць удзел у студэнцкай навукова-тэхнічнай канферэнцыі, якая праводзіцца ва ўніверсітэце (выступленне з дакладамі на беларускай мове).

З мэтай вывучэння гісторыі і культуры Беларусі ва ўніверсітэце арганізуюцца экскурсіі па гістарычных мясцінах краіны.

Рэктар універсітэта І.С. Сазонаў.


Чацвёртакласнікі менскай гімназіі прыйшлі на апошні званок у вышыванках

Выпускнікі 4-га класа менскай гімназіі № 23 з беларускай мовай навучання на апошні дзень заняткаў прыйшлі ў вышыванках.

Пасля апошняга званка іх чакаюць яшчэ экзамены для паступлення ў 5-ты клас.

Еўрарадыё.


Гадавіна з дня смерці Паэта

30 траўня, у гадавіну па Генадзю Бураўкіну - паэту, грамадскаму дзеячу, класіку беларускай літаратуры, песні на вершы якога ўвайшлі ў залаты фонд нашай культуры - адбылося ўскладанне кветак на Ўсходніх могілках у Менску, дзе пахаваны пісьменнік.

Ушанаваць памяць Генадзя Мікалаевіча прыйшлі родныя і блізкія, а таксама сябры і калегі, аднадумцы і прыхільнікі яго творчасці. Былі ўскладзеныя кветкі і ад арганізацый - ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў" і МГА ЗБС "Бацькаўшчына".

Са словамі-ўспамінамі пра Генадзя Бураўкіна выступілі: старшыня Віцебскай абласной філіі ТБМ Іосіф Навумчык, пісьменнікі Ўладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла. Даследчык Сяргей Шапран зачытаў ліст-зварот, перададзены Аляксандрам Фядутам, які, на жаль, не змог асабіста прысутнічаць.

У прамовах прагучалі вершы спадара Генадзя, любімыя яго сябрамі і цытаваныя на памяць, згадвалася літаратурнае пакаленне шасцідзясятнікаў, што зрабіла значны ўнёсак у станаўленне беларускай дзяржаўнасці і нацыянальнай культуры на пачатку 1990-х гадоў. Генадзь Мікалаевіч як адзін з найярчэйшых прадстаўнікоў гэтага пакалення да апошніх дзён свайго жыцця рупіўся пра Беларусь і яе будучыню.

На завяршэнне Юлія Якаўлеўна Бураўкіна падзякавала ўсім тым, хто шануе і памятае Паэта.

Тэкст і фота: ВТ.

* * *

Споўніўся год з дня смерці паэта, грамадскага, культурнага і дзяржаўнага дзеяча Генадзя Бураўкіна. Я ўсепаглынальна і назаўжды паверыў Настаўніку, якім лічыў і лічу майго былога кіраўніка, яшчэ ў 1986. Набліжалася 19 канферэнцыя КПСС. Сярод іншага на ёй чакалася і згортванне распачатай "перабудовы". Напярэдадні на тагачаснай радыёстанцыі "Беларуская маладзёжная" я зладзіў круглы стол, у якім упершыню ўзялі ўдзел лідары "Талакі", будучай апазіцыі і нават інструктар Менскага абкама КПБ. Імёны іх сёння вядомы ўсім - не буду пералічваць. Упершыню ж былі ўзнятыя пытанні аб скасаванні "кіруючай і накіроўваючай" ролі КПСС, дэмакратызацыі, галоснасці ды дзяржаўнасці (нахабства! ) беларускай мовы. У эфіры, каб умясціцца ў "фармаце", усё мусіла прайсці цягам двух дзён запар. І калі прагучала першая частка, пачаўся вэрхал у вярхах КПБ, дзе праграма-"злачынца" была надрукаваная, казалі, у 100 асобніках. Галоўны рэдактар Жана Літвіна сядзела збялелая паміж выклікамі на "дываны". Можна ўявіць, што і як казалі тагачаснаму кіраўніку Дзяржтэлерадыё Бураўкіну. Але тады яшчэ не навучыліся проста і нахабна здымаць заяўленыя праграмы з эфіру. І непапулярнае рашэнне ўсклалі на Генадзя Мікалаевіча. Я прарваўся да яго і па-юнацку палка даводзіў мудраму беларусу, што гэта можа быць першай і апошняй спробай публічна выказацца маладзёваму нацыянальнаму руху, які толькі нараджаецца. Што праз якія дні можа ізноў наступіць сталіншчына, і "пытанні" ўжо ніколі не ўздымуцца. Краем вока бачыў, як пашыраюцца зрэнкі суразмоўцы, які раптам вывеў мяне ў "прылазнік" і цвёрда прамовіў: "Дык няхай яны падаюць у суд на Краўчанку!" (тагачаснага галоўнага "душыцеля" "Талакі" з гаркама КПБ). Праграма выйшла ў эфір…

…У дзень гадавіны паховінаў мы прыехалі на Усходнія могілкі ўвечары, бадай, апошнімі. Разам з рэжысёрам некалі найпапулярнейшай тэлепраграмы "Крок", апошнімі гадамі добрым знаёмцам Генадзя Мікалаевіча, Уладзімірам Міхарскім. Дарэчы, зрабіў пра яго кіно на "Белсаце". Моўчкі пастаялі ля знаёмага насыпанага капца з мноствам свежых кветак і яшчэ палаючымі свечкамі. Накацілі ўспаміны пра "лепшага" і "стварыўшага нацыянальнае ТБ кіраўніка".

МІХАРСКІ: "Калі Бураўкін, як творца, рабіў стылістычныя, сэнсавыя заўвагі, ніхто з самых упартых тэлевізійшчыкаў не сумняваўся - так і трэба. Такім быў узровень яго нефармальнага аўтарытэту. Шматграннага - і калі ён казаў пра кіно, і пра песні, музыку, драматургію, спектаклі. Між іншым, пры ім было вельмі шмат таленавітых пастановак і тэлеверсій самага папулярнага, што ішло ў тэатрах. Яго і не хапае, як апошняга з самых творчых міністраў."

РР: "Вы шмат год ведалі спадара Генадзя. Якім запоўніўся, як асоба?"

МІХАРСКІ: "І мяккім, і суворым. У жыцці ён не быў лагодным ды памяркоўным лірыкам. Таму з падачы Машэрава і стаў вышэйшым - патрабавальным і жорсткім - кіраўніком. Потым, калі год 10 таму мы бліжэй сышліся, гэта быў вельмі дружалюбны, імпэтны чалавек."

РР: "У вас у руках апошні паэтычны зборнік Генадзя Мікалаевіча "Нагаварыцца з зоркамі", які разам з ім паклалі ў труну. Кажуць, чакаючы яго выхаду, ён вытрымаў пражыць "лішнія" тыдні…"

МІХАРСКІ: "Мушу працытаваць некалькі радкоў:

Думаў, закіну вершы,

засяду за мемуары.

Буду для ўсіх развешваць

згадкі, сакрэты, мары…"

РР: "Не спраўдзілася…"

МІХАРСКІ: "Бязмежна шкада, што гэтага "будучага" не прачытаем, не пачуем. А якая ў яго найцікавейшая біяграфія - ад вясковага хлопца да грамадскага дзеяча, паэта, амбасадара Беларусі ў ААН! Дарэчы, казаў, што трохгадовая вандроўка ў Нью-Ёрк каштавала яму звання народнага паэта. Гэтым часам сябру Рыгору Барадуліну, Нілу Гілевічу далі "народных". Бураўкіну - не…"

РР: "Але "народным" ён застанецца ў нашай свядомасці на гады і вякі…"

МІХАРСКІ: "Не забудзем, што ён быў выдатным паэтам-песеннікам - узгадаць хоць "Белы снег", "Завіруху"., "Мы з табой вечаруем". Ён назаўжды запамінальны, шматгранны. І не сыдзе вобраз Бураўкіна з нашага зямнога жыцця…"

Віталь Сямашка , Беларускае Радыё Рацыя.


НА СВЕТЛУЮ ЗГАДКУ

Вясна дае надзею, наталяе цяплом і святлом душу і сэрца, абуджае ў чалавеку Чалавека…

У сакавіку 16-га дня 1927 года ў в. Ставы (на той час Высокаўскага, а сёння Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці) дзявятым дзіцём у вялікай і дружнай сям'і Сахарукоў прыйшла на свет дзяўчынка, якую ўганаравалі імем Марыя.

У красавіку 20-га дня 2015 года Марыя Пракопаўна Лукашук (па мужу) пакінула гэты свет, асіраціла сябрыну паплечнікаў і аднадумцаў.

Травень месяц апошнімі днямі ўзнёс светлую душу спадарыні Марыі ў адвечны вырай.

Амаль 40 гадоў працавала Марыя Пракопаўна ў Берасцейскім дзяржаўным інстытуце-ўніверсітэце імя А.С. Пушкіна, прайшоўшы шлях ад асістэнта да загадчыка кафедры. У свой час закончыла Берасцейскае педагагічнае вучылішча (1948), Берасцейскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна (1960). Шчыравала з дзецьмі як настаўніца пачатковых класаў, настаўніца беларускай мовы ў сярэдняй школе № 9 г. Берасця (1948-1951), беларускай і рускай мовы і літаратуры ў Берасцейскім раёне (1952-1962). А з 1962 года прыйшла на працу ў Берасцейскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.С. Пушкіна (цяпер БрДУ імя А.С. Пушкіна) асістэнтам (1962-1965). Па заканчэнні аспірантуры і паспяховай абароны дысертацыі "Адпрыметнікавыя назоўнікі ў сучаснай беларускай мове" - кандыдат філалагічных навук (1973). І пайшла па жыцці з родным словам у сэрцы - старшы выкладчык (1965-1975), дацэнт кафедры педагогікі і методыкі пачатковага навучання (1975-1976), загадчык кафедры беларускай мовы (1976-1981), дацэнт кафедры педагогікі і методыкі пачатковага навучання (1981-1984), загадчык кафедры беларускай мовы (1984-1990), дацэнт кафедры беларускай і рускай моў з методыкай выкладання (1990-1995), дацэнт кафедры беларускага мовазнаўства (1995-2001).

Спадарыня Марыя згадвала, што настаўніцай яна пачала працаваць 16-цігадовым дзяўчом яшчэ ў час акупацыі, з 1943 года, навучаючы вясковых дзетак пісьму і чытанню ў адкрытай немцамі школе (была прызначана дырэктаркай), за што ёй быў вынесены суровы па ваенным часе прысуд - ад выканання прысуду ўратавала выпадковасць.

Дзясяткі грунтоўных навуковых і навукова-практычных апублікаваных матэрыялаў па сучаснай беларускай мове, па методыцы выкладання роднай мовы дапамаглі і дапамагаюць настаўнікам-сучаснікам глыбей асэнсаваць сутнасць роднага слова, роднай мовы.

Марыя Пракопаўна заўсёды аддавала ўсе свае сілы, веды і багаты жыццёвы вопыт выхаванню студэнцкай моладзі. Яе адрознівалі высокая працаздольнасць, прынцыповая грамадзянская пазіцыя, багатыя душэўныя якасці.

"Наша слова" з першых выпускаў - адно з самых дарагіх выданняў для Марыі Пракопаўны. Колькі і як магла падтрымлівала і прапагандавала, заўсёды мела з сабой як самае неабходнае, зачытвала і цытавала студэнтам, калегам, сябрам.

Чалавек творчага палёту, Марыя Пракопаўна ў жыцці была абаяльнай, мудрай, тактоўнай жанчынай. Яе абаяльнасць, дабрыня заўсёды знаходзілі ўдзячны водгук у сэрцах студэнтаў і калег. Гэта быў не проста выкладчык, гэта быў сапраўдны чалавек, спагадлівы і чулы.

Марыя Пракопаўна была адной з тых, каго заўсёды будзе не хапаць калегам, сябрам, усім, хто яе ведаў.

Ад імя сяброў-паплечнікаў і аднадумцаў -

Мікола Аляхновіч , кандыдат філалагічных навук.


Подых Люблінскай уніі

З вялікай цікавасцю прачытаў артыкул Алега Трусава "Лёс беларускай мовы пасля Люблінскай уніі" ў нядаўнім нумары газеты. Таму, у сваю чаргу, таксама хочацца нагадаць чытачам, што адчуць подых Люблінскай уніі мне давялося ў 2007 годзе, калі фундацыя "Panad granicami" запрасіла мяне ў горад Люблін на сустрэчу пад назвай "Demokracia na Wschozie?".

Мерапрыемства праходзіла ў будынку старажытнага кляштара каталіцкага ордэна Дамініканаў. Манахі-дамінікане сардэчна сустрэлі мяне, пачаставалі і пасялілі ў гасцявым пакоі кляштара. Першую ноч, знаходзячыся пад старажытнымі скляпенямі, я доўга не мог заснуць. У свядомасці мроіліся неверагодныя падзеі, якія тут нібыта павінны былі адбывацца ў мінулым.

На другі дзень мясцовы святар Іосіф Клімурчык, які апекаваў мяне пад час знаходжання ў Любліне, распавядаў пра гісторыю старажытнай базылікі і кляштара, якая пачалася яшчэ ў 1342 годзе. Памаліўшыся да Усемагутнага Бога і агледзеўшы прыгажосць касцёла, святар павёў мяне складанымі пераходамі, і мы неўзабаве апынуліся ў даволі прасторным памяшканні. Айцец Іосіф паведаміў, што гэта "Зала Люблінскай уніі", дзе ў 1569 годзе праходзіла пасяджэнне паслоў дзвюх дзяржаў і была абвешчана "Люблінская унія". Далей суразмоўца распавядаў, што доўгі час гістарычнае месца было ў занядбаным стане і ніяк не выкарыстоўвалася. Але, дзякуй Богу, рэстаўрацыйныя работы скончыліся, і запланаваная на сёння сустрэча будзе першым мерапрыемствам у адноўленным памяшканні.

Сваё паведамленне на згаданай сустрэчы я рабіў па па-беларуску. Потым пераклад на польскую мову добразычліва выконвала пані Моніка Вянчлаўская, выкладчыца беларускай мовы і літаратуры з Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Кюры-Складоўскай.

Як і заўсёды, мерапрыемства скончылася шматлікімі пытаннямі, прапановамі і разнастайнымі думкамі. Але сярод усяго пачутага мяне найбольш кранула меркаванне аднаго з удзельнікаў сустрэчы: "Напэўна сёння ўпершыню з часоў Люблінскай уніі ў гэтым зале зноў прагучала беларуская мова".

За некалькі дзён у Любліне я наведаў шмат разнастайных памятных мясцін, выдатныя музеі, цудоўныя помнікі старажытнай архітэктуры. І дзе б я не знаходзіўся, ці ў сярэневечным замку, ці ў славутым Каталіцкім універсітэце, або проста шпацыруючы вузкімі вулачкамі "Starego Miasta", думка пра мінулыя гістарычныя падзеі з удзелам прадстаўнікоў беларускіх зямель ніколі не пакідала мяне.

Прыйшоў час развітання з Люблінам і асяродкам айцоў-дамініканаў, старадаўнім духоўным кутком, які гістарычна яднае беларусаў і палякаў. З 1569 года і да гэтага часу айцы-дамінікане беражна захоўваюць найкаштоўнейшную сваю рэліквію - "Крыж Люблінскай уніі", якім і была дабраслаўлёна тая падзея. Безумоўна, пад час гістарычнай падзеі, свае малітвы да крыжа скіроўвалі і беларусы-ліцвіны з надзеяй аб лепшай долі для сваёй дзяржавы. І вельмі хочацца спадзявацца, што і надалей беларусы будуць узносіць малітвы да "Крыжа Любліскай уніі", як агульнай Святой рэліквіі.

Алесь Грудзіна, г. Шклоў.


Аляксею Каралю - 70

З інтэрвію карэспандэнту Радыё Свабода

У дзень свайго 70-годдзя галоўны рэдактар газеты "Новы час", паплечнік Генадзя Карпенкі, палітык, журналіст і гісторык Аляксей Кароль распавёў Свабодзе пра "самы цікавы перыяд свайго жыцьця" - 90-я гады, калі Беларусь дамаглася незалежнасці, а пасля страціла амаль усе набыткі нацыянальнага Адраджэння.

- Спадар Аляксей, вы нарадзіліся ў мястэчку Копысь Аршанскага раёна, там жа, дзе і Аляксандар Лукашэнка. Ці ёсць нейкія дзіцячыя ўспаміны, якія звязваюць вас і будучага прэзідэнта?

- У Копысі я знаходзіўся толькі першы год свайго жыцця. Нарадзіўся я там з той прычыны, што калі пачалася вайна, мая маці ўцякла тыламі з Беластока ў Копысь, дзе жыў яе бацька. А бацька мой удзельнічаў у аперацыі "Багратыён", вызваляў Беларусь, атрымаў адпачынак і прыехаў у Копысь з-пад Кёнігсберга. Вось так і атрымаўся я. У 1946 годзе бацька мой вярнуўся з фронту, і жыццё пайшло па-іншаму - мы жылі ў Касцюковічах, да сёмага класа я хадзіў у школу ў Смаргоні, дзе бацька ўзначальваў райвыканкам, затым - у Маладзечне, а самастойнае жыццё ўжо праходзіла ў Менску.

- Ваш бацька быў партыйным сакратаром. Як ён ставіўся да вашых незалежніцкіх поглядаў?

- У мяне з ім складваліся цудоўныя адносіны. Справа ў тым, што ў 1937 годзе ён ледзь не быў рэпрэсаваны на апошняй стадыі. Я нават знайшоў дакументы ў архіве, якія сведчаць пра тое, якія яму давалі вымовы ў часы рэпрэсіяў, за што выключалі з партыі. Апошняй стадыяй была б Калыма, але ў 1938 годзе, калі сістэма пераступала з нагі на нагу, калі замест Яжова прыйшоў Берыя, была частковая рэабілітацыя, што і выратавала бацьку ад высылкі. Ён пайшоў на фронт добраахвотнікам, прайшоў усю вайну на перадавой. Таму маё выхаванне не было ў дагматах. Калі ішла перабудова, я пытаў у бацькі, ці адчуваў ён і яго паплечнікі ў 30-я гады, што нешта не так. Ён адказваў, што так, адчувалі, асабліва, калі па Прыпяці ішлі баржы з зэкамі, якія вывозілі ў высылку нявінных людзей.

- То ваша вальнадумства магло праявіцца ўжо ў вельмі маладым узросьце?

- Так. Першы такі выпадак быў у першым клясе. Я напісаў слова "Сталін" з малой літары і атрымаў за гэта "кол". Бацькоў нават выклікалі ў школу. Правялі гутарку, даводзілі нешта. Быў шум вакол мяне, але ніякіх сур'ёзных наступстваў ні для мяне, ні для бацькі не было - ішоў 1954 год.

- Вы кандыдат гістарычных навук і аўтар трох кніг і манаграфіяў: пра Першую расейскую рэвалюцыю 1905-1907 гадоў, пра Другі з'езд РСДРП і пра Ўсевалада Ігнатоўскага. Адну з іх вы пісалі пад доктарскую дысертацыю. Чаму не абараніліся?

- Таму што пачалася перабудова, і я пайшоў у палітыку, кіруючыся тым, што яе цікавей рабіць, чым апісваць. А там ужо ўсё абрынулася - і вучоныя саветы, і ўсё іншае, таму мяне гэта ўжо не цікавіла. Вучоныя ступені важныя ў навуцы тады, калі ты ёй непасрэдна займаешся ці калі жывеш у гэтай установе. А калі ўжо рынуліся мы ўсе ў палітыку, натхнёныя перспектывай дэмакратызацыі, гэта быў, па сутнасці, парыў, які ахапіў на той час працэнтаў на 70 усе навуковыя колы. Іншая справа, што пасля таго, як пачаўся адкат, бальшыня вярнулася на ранейшыя месцы, але частка засталася актыўнымі праціўнікамі аўтарытарнага рэжыму.

- Вы ў дэмакратычным руху з першых гадоў аднаўлення Незалежнасьці. Але гэты час быў нядоўгі. На ваш погляд - якая падзея зрабілася тым самым "пунктам невяртання", пасля якога дэмакратычныя сілы ўжо не маглі кардынальна паўплываць на сітуацыю? Забарона рэферэндуму ў 1992-м? Прэзідэнцкія выбары 1994-га? Нешта яшчэ?

- Не, гэты момант быў пазней. І дакладна, на мой погляд, яго вызначыў Генадзь Карпенка, калі ў 1999 годзе мы былі з ім у Празе. Тады ён вырашаў для сябе балючае пытанне - ісці на віртуальныя прэзідэнцкія выбары 1999 года ці пакінуць сябе для ўдзелу ў сапраўдных выбарах 2001 года. Ён вельмі напружана пра гэта думаў, мы размаўлялі ўсю ноч, едучы ў адным купэ. І сказаў ён такую фразу: "Выбары 2001 года яшчэ рэальна выйграць, потым сістэма ўмацуецца настолькі, што будзе бессэнсоўна нешта рабіць". Я пагаджаюся з Карпенкам - на выбарах 2001 года яшчэ быў шанец для дэмакратычных сілаў, гэты і быў "пункт невяртання". Мая ацэнка - на тых выбарах ён мог бы стаць адзіным кандыдатам ад апазіцыі, бо ўсе полюсы дэмакратаў яго б успрынялі і прынялі. Ну, і вядома, што Генадзь Карпенка да тых выбараў не дажыў...

- Вы сказалі, што пункт невяртання - 2001 год. Разам з тым менавіта рэферэндум 1995 году часта называюць смяротным ударам па апошняй хвалі нацыянальнага Адраджэння. Як вы думаеце - ці рэальна тады было яго пазбегнуць, прадухіліць? Што павінны былі зрабіць дэмакратычныя сілы, каб атрымаць іншы вынік? І ці ўвогуле такі іншы вынік быў магчымы?

- Я згодны з тым, што гэта быў смяротны ўдар па нацыянальным Адраджэнні. Ці была дэмакратычная альтэрнатыва - пра гэта ідзе спрэчка да гэтага часу. Мой адказ - была, калі б не было шэрагу памылак, якія былі зроблены яшчэ да гэтага рэферэндуму. Трэба было прыняць больш істотны закон аб партыях. Калі ў 1995 годзе ўлада была ў руках Лукашэнкі, было цяжка супрацьстаяць. Таксама ў 1995-м нават сярод дэмакратычных сілаў не было агульнага плану дзеянняў. Шэраг гэтых памылак аб'яднаўся ў ланцужок і вызначыў вынік рэфэрэндуму. Я думаю, што яшчэ раней памылкай было тое, што апазіцыя пагадзілася на ўвядзенне пасады прэзідэнта (пры прыняцці Канстытуцыі 1994 года дэпутаты апазыцыі БНФ галасавалі супраць. - Рэд. ). Калі трэба сказаць двума словамі, то я скажу наступнае - адкат адбыўся праз слабасць нацыянальнай эліты, менавіта яе няспеласць не дазволіла нам выйсці на свайго Гаўла, а прывяла да зусім іншай фігуры.

- Як палітолаг ці дапускаеце вы даследаванні кшталту "што было б, калі б..." - або гэта бессэнсоўна і гісторыя сапраўды не мае ўмоўнага ладу?

- На жаль, гісторыя сапраўды не мае ўмоўнага ладу. Але як адзін са спосабаў вывучэння мінулага з фармуляваннем лініі сваіх паводзінаў у сучасным - гэта цудоўны метад. Іншая справа, што часамі не хочацца адказваць на такія пытанні, бо ў іх закладзенае ўказанне на пэўныя памылкі. Але як аналіз, як спосаб ацаніць тую сітуацыю гэта цалкам мае права на існаванне. Тым больш, калі ўзяць нашу сітуацыю з 20-гадовым адкатам ад дэмакратыі, то зразумела, што далёка не ўсе памылкі асэнсаваныя аналітыкамі і палітыкамі. Ёсць мемуары - і гэта цудоўная дапамога. Але аналітычная праца, манаграфіі, доктарскія дысертацыі пра гэты перыяд - яны яшчэ наперадзе.

- Цяпер вы журналіст і рэдактар. Раней узначальвалі газету "Згода", цяпер - "Новы час". Падзяліцеся рэцэптам выжывання незалежнага выдання ў залежным і недэмакратычным асяроддзі.

- Ідэал аўтарытарнага і таталітарнага рэжымаў - адсутнасць любой альтэрнатыўнай апазіцыйнай прэсы. На сучасным этапе такі ідэал аказаўся не пад сілу аўтарытарнаму рэжыму ў Беларусі. Таму праводзіцца іншая палітыка - трымаць незалежныя СМІ ў звужаным да нельга варыянце, у гета. Гэта дае магчымасць апазіцыйным незалежным сілам выдаваць СМІ, якія прытрымліваюцца прынцыпаў аб'ектыўнасці. А другая частка рэцэпту вельмі простая - працаваць, не здавацца, імкнуцца рабіць сваю справу.


БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ КУЛЬТУРЬІ I МАСТАЦТВАЎ ФАКУЛЬТЭТ ІНФАРМАЦЫЙНА-ДАКУМЕНТНЫХ КАМУНІКАЦЫЙ КАФЕДРА ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ I МУЗЕЯЗНАЎСТВА

Напрамак "культурная спадчына і турызм"

ЗАПРАШАЕ ВАС АТРЫМАЦЬ ВЫШЭЙШУЮ АДУКАЦЫЮ ПА СПЕЦЫЯЛЬНАСЦІ "МУЗЕЙНАЯ СПРАВА І АХОВА ГІСТОРЫКА-КУЛЬТУРНАЙ СПАДЧЫНЫ, НАПРАМАК "КУЛЬТУРНАЯ СПАДЧЫНА I ТУРЫЗМ"


Падрыхтоўка кадраў па гэтым напрамку спецыяльнасці пачалася ў 2012 годзе. Зместам яго з'яўляецца вывучэнне гісторыі і геаграфіі турызму, арганізацыі і эканомікі турызму, а таксама турыстычнага патэнцыялу Беларусі і найбольш актуальных пытанняў уключэння музеяў у турыстычную дзейнасць.

Напрамак "культурная спадчына і турызм" патрабуе глыбокіх і разнастайных ведаў, таму студэнты вывучаюць гісторыю Беларусі, сусветную гісторыю, гісторыю і тэорыю культуры, агульнае і рэгіянальнае краязнаўства, дадаткова да класічных замежных моў - лацінскую і польскую, а таксама спецтэрміналогію на замежнай мове.

З трэцяга курса пачынаецца самае цеснае знаёмства з напрамкам спецыяльнасці. Студэнты вывучаюць такія дысцыпліны як інфармацыйная дзейнасць у турызме, менеджмент і маркетынг у турызме, тэорыя і практыка экскурсійнай работы, турыстычная анімацыя, тураперэйтынг, рэклама і інфраструктура турызму, нарматыўна-прававое забеспячэнне турыстычнай і экскурсійнай дзейнасці. Тэарэтычныя веды замацоўваюцца падчас менеджарскай, экскурсійнай і іншых відаў практыкі.

Працяг адукацыі магчымы для тых, хто праявіць жаданне і здольнасць да навуковай дзейнасці. Для такіх студэнтаў існуе магчымасць удзельнічаць у навуковых студэнцкіх канферэнцыях, пасля заканчэння навучання паступіць у магістратуру. затым аспірантуру, абараніць кандыдацкую дысертацыю ў савеце ўніверсітэта.

Уступныя іспыты (ЦТ):

Беларуская (ці руская) мова;

Гісторыя Беларусі;

Усеагульная гісторыя (найноўшы час).

Тэрмін навучання на дзённай форме - 4 гады. Тэрміны прыёму дакументаў у 2015 г. - у адпаведнасчі з пунктам 15 Правілаў прыёму ўстанаўліваюцца Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Тэлефоны для даведак:

+375 (017) 2094997 (кафедра);

+375 (017) 222 83 06 (прыёмная камісія).

Парадак і правілы прыёму на сайце ўніверсітэта.

Дні адкрытых дзвярэй на факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый: 21.02.2015, 21.03.2015, 18.04.2015.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Касцюкевіч Зміцер - 40000 р., г. Чэрвень

2. Пляшко Мікола - 100000 р., г. Менск

3. Зылькоў С.П. - 400000 р., г. Гародня

4. Андрэева Галіна - 40000 р., г. Менск

5. Івашук Павел - 200000 р., г. Менск

6. Несцераў Віктар - 500000 р., г. Менск

7. Кукавенка Іван - 100000 р., г. Менск

8. Шашкель Ніка - 400000 р., г. Менск

9. Восіпава Аляксандра - 100000 р., г. Гомель

10. Рымач Мікола - 100000 р., г. Івацэвічы

11. Грышан Мікола - 20000 р., г. Мазыр

12. Невядомы - 100000 р., г. Менск

13. Шарэйка Вольга - 270000 р., г. Заслаўе

14. Касцюкевіч Зміцер - 100000 р., г. Чэрвень

15. Рабека Мікола - 200000 р., г. Менск

16. Шынкевіч Уладзімір - 390000 р., г. Менск

17. Шкірманкоў Фелікс - 100000 р., г. Слаўгарад

18. Шарлан Казімір - 500000 р., г. Ліда

19. Панамароў Сяргей - 150000 р., г. Менск

20. Лабыка Зміцер - 250000 р., г. Менск

21. Лазарук Тамара - 50000 р., г. Менск

22. Несцераў Віктар - 500000 р., г. Менск

23. Раманюк Таццяна - 100000 р., г. Менск

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


Слова да чытача

Беларускі паэт Яўген Гучок, які нарадзіўся ў Слуцку, стварыў паэму-эсэ пра свайго зямляка і майго дзядзьку прафесара педагогікі Фаму Бельскага (1890-1952) да 125-годдзя з дня яго нараджэння. Напісаў яе, не буду ўтойваць гэта, па маёй замове. Тут можна згадаць добра вядомую літаратурную аналогію. Калісьці ў Рыме папа Леў Х звярнуўся да паэта Міколы Гусоўскага з просьбай, каб той напісаў твор пра паляванне на зубра. Прыкладаў замовы, у тым ліку сацыяльнай, у літаратуры нямала. Мы памятаем, што Гусоўскі ў сваім творы не толькі яскрава намаляваў вобраз зубра, але і стварыў пранікнёную патрыятычную песню пра наш беларускі край, асэнсаваў значныя праблемы свайго часу. Пасля знаёмства з паэмай-эсэ "Пакутнік-пілігрым" я пераканаўся, што паэт Яўген Гучок распавёў не толькі пра драматычны лёс вучонага-асветніка Фамы Бельскага, але і здолеў выйсці на ёмістыя і глыбокія сацыяльна-філасофскія абагульненні пра радзіму і повязь з роднай зямлёй, чалавека і час, асобу вучонага і яго пазіцыю, прызначэнне педагогікі і навукі, яе адносіны з уладай і палітыкай, ролю школы і настаўніка, адукацыі і культуры ў жыцці грамадства.

Хто ж ён, Фама Бельскі, якому прысвяціў цэлую паэму Яўген Гучок?

Фама Бельскі - філолаг, вучоны ў галіне педагогікі і псіхалогіі, краязнавец, музеёлаг, педагог. Ён нарадзіўся ў славутым мястэчку Цімкавічы Слуцкага павета (цяпер гэта Капыльскі раён). Яго дзед Сільвестр быў выпускніком літаратурнага факультэта Віленскага ўніверсітэта, вучыўся ў адзін час з Адамам Міцкевічам, Ігнатам Дамейкам і іншымі філаматамі ды філарэтамі. Са срэбным медалём Ф. Бельскі скончыў Слуцкую гімназію (1909), Кіеўскі ўніверсітэт з дыпломам першай ступені (1913). З 1925 года - прафесар педагагічных навук. Ён стаў першым значным вучоным з мястэчка Цімкавічы і Капыльшчыны ў ХХ стагоддзі. Працаваў ва Украіне, у Беларусі, Расіі, Узбекістане. У даваенны час у Магілёўскім педінстытуце ён быў стваральнікам кафедры педагогікі і псіхалогіі, яе загадчыкам.

Усе свае лепшыя працы Ф. Бельскі напісаў на ўкраінскай мове ў 1920-я гг. Ён добра валодаў некалькімі замежнымі мовамі, але заўсёды ў лістках па ўліку кадраў пазначаў сваю родную - беларускую. Дарэчы, у Магілёве будучым настаўнікам і маладым літаратарам лекцыі ён чытаў па-беларуску. Многае ў біяграфіі і творчай дзейнасці Ф. Бельскага пазначана словамі "першы" ці "ўпершыню". Ён быў адным з першых прафесараў Данецкага інстытута народнай адукацыі і Магілёўскага педінстытута, пачынальнікам музейнай справы і краязнаўчага руху на Луганшчыне, ініцыятарам стварэння першых навуковых таварыстваў на Данеччыне, школ для таленавітых дзяцей і інш. Вельмі шмат часу аддаваў працы з літаратурна адоранымі дзецьмі і студэнтамі. Гэта ён надрукаваў першы пераклад з французскай мовы будучага славутага паэта Украіны Міколы Зэрава, з якім разам вучыўся ў Кіеўскім універсітэце, а затым працаваў у Златапальскай гімназіі.

У 1932 г. прафесар на вучоным савеце Херсонскага педінстытута выступіў з крытыкай метаду політэхнізацыі, і гэтае яго выступленне і пазіцыя была расцэнены як ідэалагічна нявытрыманыя, варожыя. Фаму Антонавічу пагражалі пазбаўленнем права выкладаць у ВНУ, рыхтаваліся дакументы на арышт. З гэтага часу і пачынаюцца ўцёкі, вандраванні вучонага па Савецкім Саюзе. Усе цяжкасці і нягоды з ім раздзяліла яго жонка, верная спадарожніца жыцця Кацярына Міхайлаўна. На жаль, Фама Бельскі сталінскую ўладу не перажыў, да апошніх дзён жыцця марыў вярнуцца ў родныя Цімкавічы. Не стала яго ў 1952 годзе. З 1932 па 1943 г. вучоны не надрукаваў ніводнай працы, якая нейкім чынам скампраметавала б яго. Гэта быў свядомы і сумленны выбар вучонага. І толькі ў гады вайны з'явіўся яго артыкул з красамоўнай назвай "Фронту культуры і асветы патрэбны высокакваліфікаваныя кадры настаўнікаў" (1943).

Пра жыццё і дзейнасць Ф. Бельскага апавядае кніга "І прызванне, і лёс" (2012), а таксама дзясяткі артыкулаў у беларускім і ўкраінскім друку, яго імя фігуруе ў шматлікіх энцыклапедычных і даведачных выданнях: "Беларуская энцыклапедыя", "Беларускае замежжа", "Сузор'е беларускага памежжа" і інш.

Неардынарнай асобе і лёсу вучонага прысвяцілі свае вершы С. Панізьнік, В. Стралко, Л. Забалоцкая, С. Чыгрын, А. Петрушкевіч, В. Рагаўцоў, А. Гібок-Гібкоўскі і інш. Мне імпануе ўдумлівае, разважлівае інтэлектуальна-філасофскае слова Я. Гучка, таму яго паэму-эсэ з прыемнасцю прапаную ўвазе чытачоў "Нашага слова".

Алесь Бельскі , доктар філалагічных навук, прафесар, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа .


Пакутнік-пілігрым

Яўген ГУЧОК

(паэма-эсэ)

Светлай памяцi вучонага-педагога

прафесара Фамы Антонавіча Бельскага (1890-1952 гг.)

І

* * *

Вучонага веравызнанне - веды,

А храм яго -

Ўвесь Божы свет.

* * *

Канон і рытуал сапраўднае навукі

Закладзены на перспектыву -

На святло.

* * *

I ў навукі вочы ёсць,

А колер іх - нябесны,

І ў глыбіню нябесную

яны ўзіраюцца.

* * *

Не ўсё ў чалавеку сапсавана,

Заўжды ў яго станоўчая ёсць рыса;

Галоўнае - яе заўважыць

навукоўцу-педагогу.

* * *

Заўжды навука - шчодрая…

Ў залежнасці ад шчодрасці

Тваёй істоты.

* * *

Калі вучоны - не паэт,

Вядома, у пэўным сэнсе,

Дык будзе мець ён крылы пеўня.

ІІ

* * *

Наваградак, Мсціслаў, Капыль

І іншыя мясціны Беларусі

Сваім рэльефам

да Швейцарыі падобны.

* * *

А княства Слуцкае ў ВКЛ

З зямлі Капыльскай

Пачыналася.

* * *

Зямля Капыльская

Як складнік Случчыны і Беларусі

Заўжды была на таленты багата.

* * *

Хіба абыдзем памяццю Малевіча,

І Цішку Гартнага,

і Чорнага, і іншых?!.

Лёс і да іх не літасцівы быў.

* * *

Як добра родны край пазнаеш,

Дык і планета, і Сусвет

Табе чужынцамі не будуць.

ІІІ

* * *

У Слуцак, у "Афіны Слуцкія" 1,

У Слуцкую гімназію

Кіруецца Фама -

Антонаў сын вучыцца.

* * *

Ліцэя Слуцкага статут

З'явіўся імпульсам стваральным

"Вялікае дыдактыкі" ў чэшскім краі.

* * *

Пад дахам Слуцкае вучэльні

Лунаў над педагогамі і вучнямі

Дух Лока, Песталоцы і Русо.

* * *

Сіньёры 2 беларускія

ўзгадвалі сабе і навучэнцам

Кірылу з Турава, Ефрасінню

і Францішка з Полацка,

Сафію Слуцкую, Цяпінскага,

Лышчынскага і іншых.

* * *

З аўдыторый знакамітай

той вучэльні

Сярод выпускнікоў яе вядомых

Былі і Капіевіч, і Абуховіч,

і Цэраскі…

* * *

Медалёвае срэбра "Слуцкіх Афін"

Фаму-юнака цімкавіцкага

Паклікала ў Кіеўскі ўніверсітэт.

…………………………….

ІV

* * *

Як час ляціць! О аlma mater!

Бывай, прасветлая

карміцелька духоўная!

Цяпер - у свет, у людзі, у школу.

* * *

Спадзвіжнік таленту,

Вядома, - праца, праца

І яшчэ раз - праца,

свабодная, натхнёная.

* * *

Што без маральнага

падмурка веды?!.

Што?!.

Яны вядуць да хітраванства

і прыстасаванства.

* * *

Як педагог - палоннік

розуму і сэрца,

Такімі ж будуць яго вучні

І адэпты.

* * *

Па адным і ўсе разам адначасова

Вучні твае - аранжарэя нібыта;

Ты ж - руплівы

для кожнага кветкавод.

* * *

Заўжды: і ў вучэльні, і дома -

Нябачна душа настаўніка

Апякуецца постаццю вучня.

* * *

Сапраўдны педагог!..

Ён і сабе, і настаўнікам -

Настаўнік.

* * *

Хай навучэнцы ведаюць,

Што і спіны педагогаў -

Надзейны і выратавальны шчыт.

* * *

Калі ж, нібы мякіна, мяккі педагог,

Граніт навукі да сябе

Мякіністых не падпускае

навучэнцаў.

* * *

І прыкладам у яго рабоце

Былі заўжды

Таксама і "Слуцкія Афіны".

* * *

Музей - не маўзалей…

У музеі навуковым

Жывой гісторыі сляды адбіты.

* * *

А што асоба ёсць?!.

То шырыня і дабрыня душы

І светлы розум адначасна.

* * *

Грамадства без эліты -

не грамадства,

Без вучняў звышадораных

Няма эліты.

* * *

Няма асобы - няма грамадства,

Няма грамадства -

Няма поўнакаштоўнага жыцця.

* * *

І механізатару быць робатам -

Не годна;

Ён, да ўсяго, асобай быць павінен.

* * *

І фізкультурнік будзе

Пераважна больш культурнік,

Калі яго асобу настояць на святле.

* * *

Даволі пра бар'еры!

Даволі пра заслоны!

А ў грамадстве быць эліце!

V

* * *

Не, педагог флюгаркай

быць не можа;

Калі ж інакш,

Тады ён - проста прыслугач.

* * *

Такім быць, як усе, -

То лёс манкурта

і духоўнага кастрата…

Авохці мне! Авохці мне!

* * *

І чым святлейшыя пасылы ў навукі,

Тым болей цёмных перашкод

Ёй на шляхах яе рыхтуюць.

* * *

Хіба навука можа

Крылы мець і распраўляць іх,

Калі жыццё вучонага ў небяспецы?!.

* * *

Зрываюць светлыя галовы

з месца і з жыцця

Зайздроснікі, і цікуны,

і даносчыкі…

А сёння безліч іх наўкол.

* * *

Падкоп пад навуку,

Яе зневажанне -

Калясмяротны прысуд вучонаму.

* * *

Калі замест сур'ёзнасці ў жыцці -

Страх арышту, а то і расстрэлу,

Прабачце, пра які прагрэс

тут можа быць гаворка?!.

* * *

Грамадства спіць… не проста спіць,

А, да ўсяго, пахропвае магутна…

Навука і вучоны

сабе такое не дазволяць.

* * *

Куды на абавязках ты заедзеш,

Калі ў цябе правоў няма?!.

Вядома, - у нікуды.

* * *

Так, пры ўладзе блуднай

Сябе адчуеш ты міжвольна

Выгнаннікам,

вандроўнікам гаротным.

* * *

ГадзІць такой уладзе -

Душы уласнай і навуцы

Толькі гАдзіць.

* * *

І гора, і бяда краіны,

Калі ратуецца-вандруе безупынна

На ўласнае выратаванне педагог.

* * *

Беззаконне трывожнага часу

Пазбаўляе маёмасці і жытла

І ў страху ганяе людзей па свеце.

* * *

Уцёкі, уцёкі…

Кіеў, Херсон, Магілёў,

Бухара, Ленінград…

Вось табе і "этапы большого пути".

* * *

Вучоны ў загоне! Куды падацца?!.

У загоне і Радзіма яго…

Бяда! Гора!

* * *

І па архівах шнараць-шукаюць,

І допыты ладзяць наўкола

У незалежных адносна

настаўнікаў сёння.

* * *

І дзесьці побач - у Казахстане

і ва Узбекістане

Ратуецца Сцяпан Ліхадзіеўскі -

Паэт, літаратуразнавец,

перакладчык.

* * *

Схіляйма нізка галаву

Перад сябрамі вернымі

і жонкамі адданымі

Вандроўнікаў-пакутнікаў-вучоных.

VІІ

* * *

У брудную палітыку

Навуку выхавання

Імкнуцца брудныя

палітыкі ўцягнуць.

* * *

Падмацаванае вучэнне зброяй

У хуткім часе ператворыцца

Ў заканурак зачухмыраны.

* * *

Што можа ўзвышацца

над навукай?!.

Жыцця падацель - Творца

Ці часам - нечысць сацыяльная.

* * *

На воз навукі, фігуральна кажучы,

Сягоння, годных адпіхаючы,

Шчымліва лезуць невукі

і інтрыганы.

* * *

Хто пнецца дзецям затлуміць мазгі,

Той - не настаўнік,

А без забрала назіральнік

у ролі карніка.

* * *

Калі мундзір з навукі робяць,

Дык лепей быць у кацавейцы

ці ватоўцы

Незалежным.

* * *

Якое тут мора думак,

Калі ўсё зведзена да міскі хлёбава

Для навукоўца,

для паэта, педагога?!.

* * *

Рэктар - прабіральшчык…

Прарэктар - прапрабіральшчык…

І такія пасады сёння ёсць у ВНУ.

* * *

"Люди холопского звания…"

Сёння іх значна болей,

Чымся калісь было.

* * *

Калі навука мае загароджу,

Яна, вядома, - не навука,

А загон.

* * *

Хтось светлую навуку

акармляе талентам сваім,

А хтосьці корміцца-жыруе з яе,

Калі ёй дыхаецца ледзь.

* * *

Вучэнне, што ўцэнкі патрабуе,

Не мае права на жыццё,

Тым больш - на распаўсюд.

* * *

Калі навука і навукоўцы

маршыруюць,

Вядома, куды дамаршыруюцца

Яны.

* * *

А хто купіруе навуку,

Той выбухоўку пад сябе

Падкладвае.

* * *

Вы выгналі навуку ў дзверы,

Да вас яна ў вашы вокны

не палезе…

Гібейце ў котлішчы сваім.

* * *

І як ні заганяй навуку ў стойла,

Яна над гэтым стойлам

З цягам часу пасмяецца.

VІІІ

* * *

У далечыні ад роднай Беларусі

Шчэ больш сябе ты беларусам

Адчуваеш.

* * *

Азяблую душу вучонага-

пакутніка-вандроўніка

Адаграе шчэ і памяць аб Радзіме,

Адкуль пачаўся шлях яго ў навуку.

* * *

Каб не нялюдская ўлада,

не аблудная,

Няўжо б не жыў я ў Беларусі

І для Беларусі?!.

* * *

І Случчына, а ў ёй Капыльшчына,

А ў іх і Цімкавічы, як і Беларусь,

Былі калісь адкрытымі,

адданымі сябрамі.

* * *

Такі ўжо лёс у нас, у беларусаў -

Вяртаемся дамоў,

Каб зноў свой дом пакінуць.

* * *

"Люблю Отчизну я,

но странною любовью…";

"Слишком мало Родину любить,

Надо, чтоб и она тебя любила…"

ІХ

* * *

І між украінскіх сяброў

Так многа беларускага

Пачатку.

* * *

Як быць не ўдзячным Украіне?!.

Там распраўлялі свае крылы

Сам Багушэвіч

і сама Пашкевічанка - Цётка.

* * *

Беларусізацыя! Украінізацыя! -

То планетарнага маштабу

правакацыі,

Каб дух нацыянальны

ў народаў вынішчыць.

* * *

Дзе сябра мой,

універсітэцкі аднакашнік,

Украінскі паэт і навуковец

Мікола Зэраў?!.

Як і многіх іншых,

яго жыцця пазбавіў НКУС.

* * *

Як падрахунак тых "працэсаў",

Ды яшчэ ў прыдачу -

І Курапаты, і галадамор.

* * *

Так многа горычы

ў тых шляхах выратавальных,

Але яны жывая повязь

Між народамі.

* * *

На могільніку Байкавым у Кіеве,

Дзе спачывае геніяльны

і трагічны Палуян,

Знайшоў прытулак вечны

вучоны з Беларусі Бельскі.

* * *

А дальш на поўдзень, у Крыме

Спіць вечным сном зямным

Краса і гонар Беларусі - Багдановіч.

Х

* * *

Навука - не мода і не фарсуха,

Але заўсёды цемрашалы

Яе імкнуцца асядлаць-перафарсіць.

* * *

Так, ёсць яшчэ навука -

бы прыгожая фіранка,

Што не дае пабачыць

Велічы Сусвету.

* * *

Паміж навукай і жыццём -

канва жывая,

А між навукай і дактрынай -

Непераходная канава.

* * *

Праз далягляд, што далучае

неба да зямлі,

А не праз проразь

дагматычных установак

Патрэбна навучэнцаў разглядаць.

* * *

Калі навуку грэе сонца,

Дык і дарога ёй да сонца;

Калі ж дайшла да аўтагена -

яе чакае газавы балон.

* * *

Як добра, што дагматыкам не ўдасца

Цяпло і святло

Ад сонца адключыць.

* * *

Нябесная жыхарка на зямлі! -

Навука! Заўжды яе служыцелям

Было нялёгка.

* * *

Не носіць такую фуражку

настаўнік,

Якая тулляй сваёй

Заўжды засланяе сонца.

* * *

Свядома шлях абраны на зямлі

І пры варунках неспрыяльных

між людзьмі

Не будзе кабалой здавацца.

* * *

У сапраўднай навукі

І лямкі, і стропы

Працуюць заўжды на ўздым.

* * *

Навуцы - светлы помнік,

А догме і дактрыне -

Вараннём упрыгожаны надгробак.

2015 г.

1 "Слуцкімі Афінамі", "узорнай Слуцкай гімназіяй" называлі за рэгламентаванае жыццё школы, парадкі і сістэму навучання, выпрацаваныя там яе статутам.

2 Так звалі настаўнікаў і выхавальнікаў Слуцкага ліцэя-гімназіі.


Падарункі Алы Петрушкевіч

Ала Мікалаеўна Барэйка нарадзілася 27 лютага 1960 г. у вёсцы Шчонава Карэліцкага раёна ў сям'і селяніна і настаўніцы, сёння яна вядома пад прозвішчам Петрушкевіч і як беларуская пісьменніца (паэт, крытык, літаратуразнаўца), як кандыдат філалагічных навук з 1993 г.

Вучобу будучы мастак прыгожага пісьменства пачала ў роднай вёсцы. Неўзабаве сям'я перабіраецца ў вёску Баранавічы свайго ж раёна, вучылася ў васьмігодцы ў в. Машэвічы, а сярэднюю школу скончыла ў в. Райцы.

Паступіла, вучылася і атрымала дыплом на аддзяленні беларускай мовы і літаратуры філфака Гарадзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы ў 1981 г. Вучыла дзетак у школах в. Амбілеўцы на Шчучыншчыне, в. Вялікая Слабада і в. Райца Карэліцкага раёна, паступіла ў аспірантуру акадэмічнага Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы (1989 - 1992), пасля яе заканчэння пачала выкладаць на кафедры беларускай літаратуры Гарадзенскага ўніверсітэта.

Як піша вучоны і пісьменнік Аляксей Пяткевіч у даведніку "Людзі культуры з Гродзеншчыны" (2000 г.): "Друкуецца з 1990. вывучае сучасную паэзію, праблемы гісторыі беларускай літаратуры ХХст. Выдала зборнік літаратуразнаўчых артыкулаў і эсэ "Іду па слядах"( Гродна, 1997 г.), кнігу лірыкі "Пярсцёнак" (Гродна, 1997 г.)".

Несумненна, што з адбыўшымся 55-годдзем у лютым, я асабіста павітаў Алу Мікалаеўну, бо запомнілася яна мне сваім віншавальным словам у клубе в. Чамяры, Слонімскі раён, дзе ладзілася 85-годдзе паэта Анатоля Іверса - Івана Дарафеевіча Міско, а працяг урачыстасці адбыўся ва ўтульным і гасцінным дамку творцы ў г. Слоніме 18 траўня 1997 г., аб чым сведчыць і здымак у кнізе "Жыццё і творчасць Анатоля Іверса" (Мінск, "Кнігазбор", 2012). У той дзень я прыехаў са сваіх Баранавічаў да Іверсаў раней за ўсіх, і мне паэт і яго жонка Ніна цёпла і радасна сказалі, што будзе на ўрачыстасці шмат гасцей, у тым ліку і з Гародні Ала Петрушкевіч і паказаў мне яе некалькі выданняў. Ва ўзгаданай кнізе пра славутага сланімчаніна маю ўвагу і зацікаўленнасць прыцягнулі публікацыі і Алы Мікалаеўна "Згадкі пра Анатоля Іверса", "Перапіска Анатоля Іверса з Алай Петрушкевіч", "Слова пра "Травень" - апошнюю кнігу Анатоля Іверса".

Пра выданне "Травень" і я пісаў у газеце "ЛіМ". Працытую з артыкула аўтаркі толькі два абзацы:

"Паэтычная гісторыя беларускага краю, пададзеная з добрай доляй гумару, праз які аднак жа прабіваецца боль, крыўда з-за спрадвечнага чакання беларусаў на добрага суседа - брата, чаканне, вядома ж, марнае, што не раз ужо было даказана ў мінулым:

Ішоў Пілсудскі - абяцаў

Свабоду беларусам.

А як рассеяўся, нібы цар,

Нат не крануў і вусам.

І дарэмныя спадзяванне на "святло з усходу". "Свабода... Плач або канай зімою ці ў прыпарку". Але найвялікшая прыкрасць ад таго, што гэты люд усё яшчэ чакае, спадзяецца не на сябе, не на сваю сілу, сілу сапраўдных гаспадароў гэтага краю:

"Чакаюць людзі: ну калі

Мінецца лёс сабачы?".

Ала Мікалаеўна - вялікі і здольны працалюб на літаратурнай ніве. Дастаткова тут упамянуць яе і іншыя здабыткі - "Творчасць пісьменнікаў беларускага замежжа" (2001 г.), "Пра творы і творцаў" (2002 г.), у суаўтарстве "Матыўная прастора беларускай літаратуры" (2009 г.), "Некаторыя старонкі беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя" (2010 г.), "Літаратурная Гарадзеншчына ў постацях і лёсах" (2010 г.), "Наталля Арсеннева: Шлях да Беларусі" (2013 г.).

Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Ала Петрушкевіч - шчыры і ўдзячны чалавек, пасля яе юбілею атрымаў тоўстае дасланне ад яе, а ў ім цёплую ад яе слоў паштоўку: "... Міла мне было атрымаць Ваша такое прыгожае віншаванне. Дзякую! Кнігу (маецца на ўвазе яе навукова-папулярнае выданне "Старонкі Гарадзеншчыны літаратурнай", Гродна, ЮрСаПрынт, 2015, 369 стар. - М.У. ) атрымала напярэдадні развітальнай вечарыны, дасылаю Вам разам з "Пярсцёнкамі". Спадзяюся, маеце каму падараваць іх. Подпіс. 2.03.2015 г."

Кніжачкі лірыкі "Пярсцёнак" атрымалі мае верныя, надзейныя сябры-паэты Алесь Корнеў, Галіна Ліс, Людміла Шувалава, Анастасія Жук, Раіса Раманчук і збіральнік унікальнага збору літаратуры Юрый Сакалоў.

А на "Старонках Гродзеншчыны літаратурнай. Дапаможнік да вывучэння курсаў: "Літаратурнае краязнаўства", "Гісторыя беларускай літаратуры", "Псіхалогія літаратурнай творчасці" зіхаціць і грэе мяне аўтограф Алы Петрушкевіч: "Шаноўнаму Міхасю Міхайласічу з павагай і ўдзячнасцю - подпіс. 27.02.2015 г." .

Прадмову да выдання "Старонкі творчасці і лёсаў" напісалі Алена Руцкая, Мікалай Грынько, рэцэнзентамі выступілі доктар філалагічных навук, прафесар з. П. Маеўнікава і кандыдат філалагічных навук А.А. Брусевіч. Аб чым кніга, то найлепш пра яе сведчыць анатацыя: "..вынік шматгадовай працы аўтаркі, даследчыцы літаратурнай Гарадзеншчыны, першая старонка якое - спадчына філаматаў, узгадаваных у гэтым Краі, апошняя прысвечана з'яўленню сучаснага альманаха "Новы замак". Творчасць Э. Ажэшкі, А. Пашкевіч, Л. Сівіцкай, Л. Геніюш, А. Карпюка, В. Быкава, Д. Бічэль і многіх іншых пісьменнікаў даследуецца ў кнізе. Адлюстравана і повязь з Гародняй нашаніўскіх класікаў Я. Купалы і М. Багдановіча.

Адрасавана студэнтам, настаўнікам, выкладчыкам ВНУ, усім аматарам беларускага прыгожага пісьменства".

На адным подыху прачытаў і зачараваўся творчасцю Алы Петрушкевіч:

Пакаціўся пярсцёнак -

Маё жыццё -

Праз зіму і вясну

Да гарачага лета.

Ды чамусьці заўсёды

Вяртаецца ў восень. ..

(З кнігі лірыкі "Пярсцёнак").

Міхась Угрынскі , г. Баранавічы.


Яднанне ў веры

Вялікая Еўхарыстычная працэсія па галоўным праспекце сталіцы адбылася ў Менску 31 траўня. У ёй узялі ўдзел каля трох тысяч вернікаў з розных парафій Беларусі, людзі стала веку, навучэнцы нядзельніх школ, семінарый, беларускія скаўты. У свяце ўдзельнічала вельмі шмат дзяцей з бацькамі.

Каталіцкая працэсія Божага Цела традыцыйна праводзіцца ў гонар свята Цела і Крыві Хрыстовых, якое сёлета выпадае на 4 чэрвеня. На галоўных плошчах горада былі ўсталяваны алтары. Першае набажэнства ўзначаліў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыя Гуджэроці. Пасол Ватыкана чытаў тэкст на беларускай мове. Вернікі маліліся за Беларусь, за еднасць, узаемапаразуменне і спакой паміж людзьмі і народамі ў Духу Святым.

Шэсце скончылася прамовай Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча каля архікафедральнага касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі на плошчы Свабоды.

Праваслаўныя вернікі ўрачыстымі набажэнствамі адзначалі ў нядзелю Дзень Святой Троіцы.

Э. Дзвінская , фота аўтара.


Дзеля ўзрастання ў веры з болем пра Беларусь

Нядаўна ў Менскую рэфармацкую царкву наведаў хрысціянскі гурт "Спадзяванне" з Берасцейшчыны. Імпрэза пачалася з гімна "Чакаем цябе, наш Ісус", што адпавядае назве кружэлкі гурта "Зямля бацькоў":

Малітва за беларускі край

Чакаем Цябе, наш Ісус,

І молім Цябе: нас пачуй,

Мы любім сваю Беларусь

І просім: яе Ты ўратуй.

Прыйдзі на яе Ты двары,

У вёскі прыйдзі, гарады.

Жыві ў яе сэрцы, Ісус,

Чакае Цябе Беларусь.

Засмучана моцна яна,

Нялёгкі дастаўся ёй лёс.

І колькі ўжо слёз праліла,

Шкадуй Ты яе, мой Хрыстос.

У грахах сваіх гіне народ,

Няпраўда, як цемень, лягла,

Знімі з яе Ты, Ісус, гэты гнёт

І вызваль ад лютага зла.

Як добра з Табою, Ісус,

Як хораша там, дзе Ты ёсць,

Няхай Табе ўся Беларусь

Аддасць сваё сэрца і лёс.

"Бог стварыў чалавека на сваё падабенства", - чытаем у Бібліі, - "Стварыў Ён мужчыну і жанчыну. І дабраславіў іх, кажучы: "Будзьце пладавітыя і размнажайцеся. Аддаю вам зямлю. Вы большыя за рыб, птушак, звяроў і расліны. Апякуйцеся і валодайце імі. Расліны будуць ежою для вас і для звяроў". У гэтым, на маю думку, ёсць катэгорыя ўзнёслага, якая абзначае не толькі атрыбут Бога, але і духоўную ці грамадзянскую веліч чалавека.

Не толькі Бог "возводитъ смиренныя па высокасть и немощныя прыводитъ к поякому здравию" кн."Іоў", але і мудрасць, духоўны подзвіг "узносіць паніжанага", паказваючы "высокасць сваю і славу" (анатацыя да кн. "Ісус Сірахаў").

Любоў да Радзімы - самае першае і высокае духоўнае пачуццё: "Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знаютъ ямы своя; птицы, летающие по воздуху, ведаютъ гнезда своя; рыбы, плавающие по морю и в реках, чуютъ виры своя; пчелы и тым подобныя боронятъ ульев своих, тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имаюць". (Ф. Скарына.)

Няхай цесна будуць зліты ідэі адзінства і прымату хрысціянскай і этнінай свядомасці ў роднай Беларусі.

Яднаемся, будзьма разам!

Лідзія Зіза.


ГАСЦІНЕЦ

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы трактуе слова дваяка. Першае - гэта гасцінец як падарунак ці пачастунак дзецям. Другі сэнс - вялікая праезджая дарога, звычайна абсаджаная дрэвамі. Сінонімы гэтага слова - бальшак альбо тракт . У дадзеным выпадку размова пойдзе пра дарогу, якая яшчэ з часоў стварэння першай нашай дзяржавы, Вялікага Княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага звязвала яе сталіцу, горад Наваградак, са значным на той час паселішчам Зецель (цяпер Дзятлава).

Праходзіць гэтая дарога праз Мітраполь, Кміцянку, Мукінічы, Негрымава ў Наваградскім рёне і Боцкавічы, Ахонава, санаторый "Радон", Курпяшы - у Дзятлаўскім. Да Наваградка ад "Радона" - 22 кіламетры, а ад Дзятлава - каля 30.

Калі ў тыя далёкія часы Наваградак быў адміністрацыйным цэнтрам дзяржавы, то Дзятлава за ваенныя заслугі было падаравана вялікім князем літоўскім Аляксандрам гетману, князю Канстанціну Іванавічу Астрожскаму і з тых часоў стала прыватным паселішчам. Пазней уладальнікамі Дзятлава былі Сапегі, Палубінскія, Радзівілы і апошні - Станіслаў Солтан.

Але не толькі магнаты і абшарнікі, а і мясцовы сялянскі люд актыўна карысталіся гэтай дарогай як сродкам зносін, ездзілі на кірмашы і адзін да аднаго ў госці, можа, таму яна і называлася гасцінцам . Яшчэ перад апошняй вайной абапал яго стаялі магутныя бярозы, ліпы і таполі. Па гэтай дарозе з Наваградка ў верасні 1939 года прыйшла як вызваліцель Чырвоная Армія, па ёй 8 ліпеня 1944-га рушылі танкі Ракасоўскага, выганяючы нямецкіх акупантаў з майго Ахонава і ўсёй Беларусі.

Ішоў час, вёскі, што прылягалі да гэтай дарогі, прыходзілі ў заняпад, па гасцінцы менш сталі ездзіць. I толькі з уводам магутнага аздараўленчага цэнтра - санаторыя "Радон" - становішча пачало выпраўляцца. Спрыяе гэтаму і турыстычная прывабнасць Наваградка, Любчы, Шчорсаў, Уселюба, Налібоцкай пушчы, а таксама аграсядзіб, што з'яўляюцца ў гэтым райскім кутку для адпачынку і аздараўлення.

Зараз магутнасць курортнай зоны "Радон" павялічана да прыкладна адной тысячы санаторных месцаў. На працягу года тут паляпшаюць здароўе і адпачываюць каля 20 тысяч нашых землякоў і гасцей з замежжа, што ў сваю чаргу стварае выдатныя магчымасці для развіцця экскурсійна-турысцкай справы.

Дык вось, увесь гэты гасцінец мае даўжыню каля 30 кіламетраў, і на сёння ён ужо ў Дзятлаўскім раёне заасфальтаваны і часткова знаходзіцца ў статусе рэспубліканскай дарогі. А каля 10 кіламетраў старой гравейкі ў Наваградскім раёне амаль гатовы для пакрыцця асфальтам. Спадзяюся, недалёкі той час, калі ўвесь гасцінец стане добрай дарогай рэспубліканскага значэння з вялікай карысцю для двух раёнаў Гарадзеншчыны і ўсёй краіны. Лічу сябе патрыётам свайго краю і гэтыя нататкі пішу, каб наблізіць той час.

Уладзімір ЛОГАШ , інжынер-будаўнік.

Ад рэдакцыі.

Уладзіміру Логашу баліць душа за гасцінец, які праходзіць цераз яго родную вёску Ахонава. Ён справядліва спадзяецца, што большы рух па гасцінцы ажывіць апусцелыя вёскі, дапаможа ім ацалець, акрыяць.

А такіх жа гасцінцаў на Беларусі сотні. Кожны з іх сам па сабе помнік гісторыі і культуры. Кожны нешта ажывіў бы, прывёў бы людзей, гасцей. Адзін з такіх гасцінцаў - старажытны гасцінец Нясвіж - Магільнае, які ідзе цераз Ганусаўшчыну - Сейлавічы - Бузуны Нясвіжскага раёна, цераз кавалачак Капыльскага раёна і адпаведна на Магільнае Уздзенскага раёна. Цудоўныя мясціны, адзін Куль чаго варты, Масявіцкае возера. Гасцінец перастаў функцыяваць у 1920 годзе, пасля ўстанаўлення польска-савецкай мяжы. Сёння трэба пабудаваць недзе 10-15 кіламетраў дарогі, і адкрыюцца выдатныя турыстычныя маршруты з Нясвіжа ў самае Верхняе Панямонне. Але ні нясвіжскім, ні уздзенскім і, тым больш, ні капыльскім уладам галава за гэта не баліць. 95 гадоў няма дарогі і не трэба. Прыцярпеліся. Чуць што: "На Бабоўню аб'едзем." А тыя ж Бузуны выміраюць, ды і іншым вёскам не надта весела.


У Полацку знайшлі пячатку Еўфрасінні Полацкай

Старадаўнюю актавую пячатку Еўфрасінні Полацкай знайшлі на раскопках Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку, паведамілі ў райвыканкаме.

Напярэдадні святкавання Дня горада Полацка і Дня памяці прэпадобнай Еўфрасінні Полацкай (5 чэрвеня) на тэрыторыі Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра завяршыліся раскопкі, у якіх прымалі ўдзел як беларускія, так і расійскія навукоўцы. Яны і выявілі ўнікальны артэфакт.

"Гэтая знаходка чарговы раз падкрэслівае значнасць і ўнікальнасць асобы святой і сведчыць пра тое, што манастыр у ХII ст. быў не толькі буйным духоўным і культурным, але і грамадска-палітычным цэнтрам, дзе актыўна вялася перапіска, і Еўфрасіння Полацкая змацоўвала дакументы сваёй пячаткай" , - падкрэслілі ў райвыканкаме.

Плануецца, што знаходка будзе дададзеная ў экспазіцыю сценапісу, знятага са сцен Спаса-Праабражэнскага храма, у Мастацкай галерэі Полацка.

Прэзентацыя артэфакта адбудзецца ў Мастацкай галерэі 4 чэрвеня ў 10.00. Пячатка будзе экспанавацца тут на працягу чатырох дзён (4, 5, 6, 7 чэрвеня).

БелТА.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX