Папярэдняя старонка: 2015

№ 23 (1226) 


Дадана: 10-06-2015,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 23 (1226), 10 чэрвеня 2015 г.


Маладзечна - 2015

XV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі прайшоў у Маладзечне з 5 па 7 чэрвеня.

Паводле міністра культуры Барыса Святлова, па сваёй значнасці гэты фестываль можна параўнаць са "Славянскім базарам у Віцебску", аднак музычны форум у Маладзечне накіраваны менавіта ў бок нацыянальнай культуры.

Самым цікавым міністр лічыць конкурс маладых талентаў, бо гэта музычная, культурная будучыня краіны.

А перамогу ў конкурсе маладых выканаўцаў і Гранпры атрымала 23-гадовая Таццяна Валахановіч з Менскай вобласці.

Таццяна Валахановіч закончыла Менскі дзяржаўны каледж мастацтваў, паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў (завочное аддзяленне). Цяпер працуе ў Дзяржынскім раёне кіраўніком эстраднай студыі "Галасы". Дарэчы, дагэтуль дзяўчына перамагала толькі на раённых конкурсах.

Акрамя лідара журы вызначыла пяцёрку найлепшых з двух дзясяткаў намінантаў. Званне лаўрэата і ўладальніка першай прэміі дасталася Мікіту Касцюкевічу з Менска. Другое месца ў пары канкурсантаў з Берасцейскай вобласці - Андрэя Цямчыка і Лізаветы Войтуль. Трэцяе месца падзялілі Яўген Захарка з Гарадзеншчыны і мянчук Дзмітры Нікіцін.

Адметнасцю фестывалю быў небывала нізкі ўзровень валодання беларускай мовай. Трасянка вядоўцаў, няздольнасць маладых выканаўцаў звязаць тры словы па-беларуску. Відаць, аднымі песнямі мову не ўратуеш.

Наш кар.


Палітычная сесія Кангрэсу за незалежнасць Беларусі

Палітычная сесія Кангрэсу за незалежнасць Беларусі адбылася 7 чэрвеня ў офісе Партыі БНФ.

Прадстаўніцтва на гэты раз было значна шырэйшае, чым на мінулай, эканамічнай, сесіі. Былі прадстаўнікі Рады кангрэсу, але і сябры Аб'яднанай дэмакратычнай партыі, Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Уладзімір Някляеў, які прэзентаваў свой новы рух.

Эксперты - палітолагі Андрэй Фёдараў і Сяргей Нікалюк распавялі прыстуным пра стан краіны з пункту гледжання знешняй палітыкі і пра ўнутраны стан грамадства. У прынцыпе, яны пацвярджалі тое, што даўно вядомае: пакуль што галоўная пагроза незалежнасці сыходзіць з Расіі. А Беларусі ў сённяшнім становішчы, трэба рыхтаваца да горшага. Напрыклад, калі ў краіне пачнуцца нейкія палітычныя пераўтварэнні, зменіцца ўлада і пачнецца "шлях на Захад, да Еўропы", то, па меркаванні Фёдарава, падзеі ў нас будуць развівацца горш, чым ва Ўкраіне. Проста таму, што сінявокая - гэта апошні ваенны фарпост Масквы на заходнім кірунку. У нас багата расійскіх ваенных базаў, якія Расія проста так не аддасць.

У многіх выступах прагучала тэза, што галоўная пагроза незалежнасці - знутры краіны, праз эканамічную залежнасць і кантроль над свядомасцю грамадзян. І такі кантроль, як вынікае з сацапытанняў, з таго, што беларусы "на ўра" ўспрымаюць "крымнаш", ужо ўсталяваны.

Былі абмеркаваны заявы Кангрэсу па выбарах і зменах у выбарчай сістэме. Канчатковыя тэксты зацвердзіць Рада кангрэсу, пасля чаго яны будуць апублікаваныя.

Наш кар.


120 гадоў з дня нараджэння Ігната Дварчаніна

Ігнат Сымонавіч ДВАРЧАНІН (8 чэрвеня 1895, в. Погіры, Слонімскі павет, цяпер Дзятлаўскі раён, Гарадзенская вобласць - 8 снежня 1937) - дзеяч беларускага нацыянальнага руху, паэт, літаратуразнавец.

У 1912-15 г. працаваў народным настаўнікам у в. Хмяльніца (Слонімскі павет). У траўні 1915 мабілізаваны. Пасля заканчэння ў 1916 школы прапаршчыкаў у г. Араніенбаўм служыў у запасным палку ў Маскве. З восені 1916 на Заходнім фронце, падпаручнік.

З чэрвеня 1917 - у Менску, 3.6.1917 уступіў у БСГ, удзельнічаў у 3-м з'ездзе (кастрычнік 1917), у падрыхтоўцы Усебеларускага з'езду (1917), рабоце Цэнтральнай Беларускай вайсковай Рады.

У канцы снежня 1917 выехаў да бацькі ў Новачаркаск, звольніўся з вайсковай службы і атрымаў статус бежанца. У сакавіку 1918 па запрашэнні А. Чарвякова пераехаў у Маскву, дзе быў прызначаны сакратаром культурна-асветнага аддзела Беларускага нацыянальнага камісарыяту. На нарадзе настаўнікаў школ Беларусі (21-23.7.1918) выступаў з дакладам, дзе падкрэсліваў важнасць вывучэння беларускай мовы, літаратуры, гісторыі для абуджэння нацыянальнай свядомасці і чалавечай годнасці беларускага народа. Са жніўня 1918 на радзіме, адкрыў пачатковую беларускую школу ў в. Пецюкі (Дзятлаўская вол. Наваградскага пав.), вёў культурна-асветную работу. У 1919 паступіў на настаўніцкія курсы ў Вільні, але быў арыштаваны польскімі ўладамі і адпраўлены ў беластоцкі канцлагер, адкуль у снежні ўцёк. У ліпені 1920 з прыходам Чырвонай Арміі прыбыў у Менск. Са жніўня 1920 да ліпеня 1921 у Вільні. У 1921 здаў экстэрнам экзамены за курс Віленскай беларускай гімназіі. У верасні 1921 таварыствам "Бацькаўшчына" дэлегаваны ў Прагу на Беларускую палітычную канферэнцыю. Скончыў гістарычна-філалагічны факультэт Пражскага ўніверсітэта (1925) са ступенню доктара філасофіі.

З 1926 г. у Вільні ўступіў у Беларускую сялянска-работніцкую Грамаду (БСРГ). У 1928 ад Наваградскай выбарчай акругі абраны ў польскі сойм, удзельнік беларускага рабоча-сялянскага пасольскага клуба "Змаганне", які фактычна працягваў дзейнасць Грамады. У 1930 арыштаваны польскімі ўладамі і асуджаны на 8 гадоў турмы. Вызвалены 15.9.1932 у выніку абмену палітзняволенымі паміж СССР і Польшчай і пераехаў у БССР.

З лістапада 1932 працаваў у АН БССР у камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі, в.а. дырэктара Інстытута мовазнаўства.

16 жніўня 1933 года арыштаваны НКУС па справе "Беларускага нацыянальнага цэнтра". Пастановай судовай калегіі ад 9.1.1934 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання, якую замянілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. Паводле выраку "тройкі" ад 25.11.1937 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны па двух прыгаворах у 1956 годзе ваенным трыбуналам БВА.

Вікіпедыя.


110 гадоў з дня нараджэння Мікалая Гурскага

Мікалай Іванавіч ГУРСКІ нарадзіўся 4 чэрвеня 1905 г. ў в. Свінка (Лугавая) Капыльскага раёна Менскай вобласці. У 1937 г. скончыў Менскі педінстытут. Кандыдат філалагічных навук (1950), прафесар (1962). Працаваў школьным настаўнікам, інспектарам аддзелаў народнай асветы на Меншчыне, выкладаў у БДУ і на рабфаку педінстытута. З 1944 г. працаваў у Менскім педінстытуце (дэкан гістарычна-філалагічнага, літаратурнага факультэтаў, прарэктар па навуковай рабоце, загадчык кафедры рускай мовы, потым гісторыі рускай мовы). Памёр 5 ліпеня 1972 г.

М.I. Гурскі даследаваў пытанні беларускага, рускага і славянскага мовазнаўства. Апублікаваў шэраг артыкулаў і падручнік для філалагічных факультэтаў ВНУ "Параўнальная граматыка рускай і беларускай моў" (1962; 2 выд. 1972). Ён аўтар вучэбных праграм для педінстытутаў па курсах сучаснай беларускай мовы і параўнальнай граматыкі рускай і беларускай моў, суаўтар шэрагу падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для сярэдніх і вышэйшых навучальных устаноў: "Беларуская мова" (ч. 1 - 2, 1955-58) для педвучылішчаў і педагагічных інстытутаў; "Беларуская мова" (ч. 1-2. 1961-62) для факультэтаў падрыхтоўкі настаўнікаў пачатковых школ; "Русский язык" (ч. 1-2, 1962-65) для факультэтаў педагогікі і методыкі пачатковага навучання педагагічных інстытутаў; "Русский язык" (1965) падручнік для 5-га і 6-га класаў школ з беларускай мовай навучання.

І.К. Германовіч.


Старонкі гісторыі Салігорскай гарадской арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны"

27 чэрвеня 1989 года створана Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, старшыня Ніл Сымонавіч Гілевіч. Узніклі перадумовы для стварэння дэмакратычных беларускіх суполак па ўсёй Беларусі.

У 1990 - 1991 гадах на дзяржаўным узроўні, пад ціскам шырокага народнага дэмакратычнага руху пачынаецца новы этап нацыянальнага Адраджэння Беларусі. На хвалі нацыянальнага Адраджэння распрацоўваюцца, абмяркоўваюцца і прымаюцца дзяржаўныя праграмы "Родная мова" і "Спадчына". У гарадах Беларусі амаль усе рускія школы пераводзяцца на беларускамоўнае навучанне. 15 сакавіка 1994 года прымаецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, згодна з артыкулам 17 якой беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай мовай краіны.

Дэмакратычныя працэсы ў грамадстве закранулі і шахцёрскі горад Салігорск, у якім 11 траўня 1990 года была створана Салігорская рэгіянальная арганізацыя Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, старшынёй якой на у станоўчым сходзе была выбрана настаўніца СШ №11 Марыя Сцяпанаўна Мацюкевіч. Яна ў 1989 - 1990 гадах у школе ладзіла творчыя сустрэчы вучняў з паэтамі і літаратарамі Беларусі Алесем Рыбаком, Іванам Стадольнікам, Міколам Чарняўскім, Алесем Наварычам, Паўлам Місько, Валянцінай Акопавай Вольгай Іпатавай, Уладзімірам Арловым, паэтам і спеваком Сяржуком Сокалавым-Воюшам.

Салігорскай арганізацыі ТБМ папярэднічалі створаныя ў Салігорску першыя беларускамоўныя суполкі.

17 траўня 1989 напярэдадні Міжнароднага дня музеяў, пры Салігорскім краязнаўчым музеі навуковым супрацоўнікам музея Ларысай Іванаўнай Бойка быў створаны гістарычна-асветніцкі клуб "Бацькаўшчына" - першая ў горадзе Салігорску беларускамоўная суполка у колькасці 27 чалавек. Старшыня рады суполкі "Бацькаўшчына" арганізоўвала сустрэчы яе сяброў з вядомымі беларускімі гісторыкамі Анатолем Пятровічам Грыцкевічам (1989), Міколам Аляксандравічам Ткачовым (1990), Генадзем Сагановічам (1991) і іншымі беларускімі дзеячамі Ларыса Бойка экскурсіі ў краязнаўчым музеі праводзіла на роднай мове. У студзені 1990 года Вольга Іпатава, Уладзімір Арлоў і Сяржук Сокалаў-Воюш, наведалі Салігорскі краязнаўчы музей дзе сустрэліся з сябрамі суполкі "Бацькаўшчына". Суполка "Бацькаўшчына" існавала да 18 траўня 1992 года. Агменем беларускай мовы ў Салігорску з'яўляўся музей "Літаратурная Салігоршчына", у якім настаўніца беларускай мовы і літаратуры Таццяна Іванаўна Навіцкая ладзіла сустрэчы навучэнцаў школы з беларускімі літаратарамі. Так, у канцы кастрычніка 1989 года сярэднюю школу № 3 наведалі беларускія паэты Васіль Жукавец і Валянціна Аколава, пісьменнік Яраслаў Пархута, аўтар і выканавец песень Уладзімір Казбанаў і салігорскі паэт Мікалай Лойка.

1 снежня 1989 года на Трэцім рудакіраванні вытворчага аб'яднання "Беларускалій" была створана першая ў Салігорску суполка "Дзянніца" ТБМ імя Ф. Скарыны ў колькасці 6 чалавек. Старшынём суполкі 3 РК ВА "Беларускалій" ТБМ быў выбраны Ўладзімір Масакоўскі. Ад імя сяброў суполкі ТБМ быў дасланы ліст старшыні ТБМ імя Ф. Скарыны Нілу Гілевічу. 21 снежня гэтага ж года суполка "Дзянніца" ТБМ імя Ф. Скарыны зарэгістравана пры аддзеле культуры Салігорскага гарвыканкама (загадчыца аддзела культуры А. М. Сідарэнка).

Са стварэннем 11 траўня 1990 года Салігорскай раённа-гарадской (рэгіянальнай) арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны суполка "Дзянніца" ТБМ 3 РК В.А. "Беларускалій" уваходзіць у яе склад. Суполка "Дзяніца" ТБМ імя Ф. Скарыны існавала да снежня 1992 года.

Упершыню пытанне аб стварэнні ў Салігорску Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны прагучала на жнівенскай нарадзе настаўнікаў у 1989 годзе, але яно не знайшло падтрымкі з іх боку.

Другі раз пытанне аб стварэнні Салігорскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны ставіцца 16 студзеня 1990 года на паседжанні Салігорскага гарадскога клуба выбаршчыкаў. А 17 студзеня гэтага ж года прыхільнікі стварэння Салігорскай арганізацыі ТБМ збіраюцца у кабінеце 404 Салігорскага гаркама партыі (КПБ) у колькасці 9 чалавек, якія і ўвайшлі ў аргкамітэт па стварэнні гарадскога Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны Старшынёю аргкамітэта была выбрана сакратар Салігорскага ГК КПБ Святлана Канстанцінаўна Пекар. Яна неаднаразова наведвала суполку "Бацькаўшчына" пры краязнаўчым музеі і казала аб неабходнасці стварэння ТБМ у горадзе Салігорску.

Паколькі створаны аргкамітэт патрабаваў арганізацыйнай працы з боку яго старшыні, чаго не адбылося, то ён не змог самаарганізавацца і пачаць дзейнічаць. Таму праз два месяцы, 20 сакавіка 1990 года на чацвёртым паверсе Салігорскай гарадской бібліятэкі, у зале мастацтваў, збіраюцца сябры ініцыятыўнай групы ў колькасці 10 чалавек і ствараюць новы аргкамітэт па стварэнні Салігорскага гарадскога аддзялення Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, у склад якога ўвайшло 7 чалавек.

Старшынёй аргкамітэта было выбрана настаўніца беларускай мовы і літаратуры СШ № 11 Марыя Сцяпанаўна Мацюкевіч. На паседжанні аргкамітэта было прынята рашэнне аб скліканні ўстаноўчага сходу па стварэнні гарадскога аддзялення ТБМ імя Ф. Скарыны. І Марыя Мацюкевіч, чалавек адданы справе нацыянальнага Адраджэння, узялася за справу. Яна ўзгадніла ўсе пытанні па стварэнні Салігорскай арганізацыі ТБМ з кіраўніцтвам Салігорскага гарвыканкама і аддзела адукацыі гарвыканкама аб правядзенні ўстаноўчага сходу па стварэнні Салігорскай арганізацыі ТБМ.

11 траўня 1990 года ў вялікай зале Дома Саветаў горада Салігорска адбыўся ўстаноўчы сход, на якім была створана Салігорская рэгіянальная арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны. На сход акрамя салігорскіх гараджан і настаўнікаў прыбылі і настаўнікі беларускай мовы і літаратуры з населеных пунктаў Салігорскага раёна.

Старшынёю Салігорскай рэгіянальнай арганізацыі ТБМ была абрана Марыя Сцяпанаўна Мацюкевіч. Намеснікамі старшыні, на яе рэкамендацыі, былі абарны Віталь Пятровіч Мурылёў, журналіст, адказны сакратар раённай газеты "Шахцёр" і Ўладзімір Генадзьевіч Масакоўскі, інжынерна-тэхнічны работнік вытворчага аб'яднання "Беларускалій". У склад рады Салігорскай рэгіянальнай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны было выбрана 19 чалавек, а з іх 9 чалавек - у сакратарыят арганізацыі. Сябры ТБМ актыўна ўдзельнічалі ў розных мерапрыемствах, якія праводзіліся дэмакратычнымі арганізацыямі як у Салігорску, так і ў Менску і асвятлялі гэтыя падзеі ў мясцовым друку, у газетах "Калійшчык Салігорска" і "Шахцёр".

У газеце ВА "Беларускалій" "Калійшчык Салігорска" яе рэдактар Алесь Іосіфавіч Кур'ян арганізаваў выпуск беларускамоўнай старонкі "Бацькаўшчына", якая праіснавала з чэрвеня 1989 года да 1995 года.

Алесь Кур'ян быў сапраўдным патрыётам, актыўным правадніком беларускага слова ў жыцці і ў друку. З'яўляўся сябрам сакратарыяту і рады Салігорскай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. У 1991 годзе ў газеце "Шахцёр" Марыя Мацюкевіч арганізавала выпуск старонкі "Роднае слова".

5 снежня 1991 года па запрашэнні старшыні рады Салігорскай раённа-гарадской арганізацыі ТБМ у Салігорск прыбыў беларускі паэт, народны дэпутат Рэспублікі Беларусь, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Ніл Сымонавіч Гілевіч.

Ніл Гілевіч сустрэўся са школьнікамі СШ № 11, а ў Палацы культуры і тэхнікі гарнякоў адбылася яго творчая сустрэча з жыхарамі шахцёрскага горада.

Дзякуючы ініцыятыве Марыі Мацюкевіч і спонсарскай дапамозе, у Салігорску каля ўнівермага "Салігорск" у 1993 - 1995 гадах працаваў шапік ТБМ па продажы беларускіх друкаваных выданняў, і выдавалая газета ТБМ "Рагнеда", 8 нумароў якой убачылі свет у 1993-1995 гадах.

Сябры Салігорскай раённа-гарадской арганізацыі ТБМ актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні гарадскіх праграм "Роднае слова" і "Спадчына" і падавалі свае прапановы на пашырэнні развіцця ў Салігорску роднай мовы і нацыянальнай культуры, а таксама звярталіся са зваротамі ў Салігорскі гарвыканкам па пытаннях адраджэння беларускай мовы ў сферы сацыяльна-грамадскага жыцця горада са спасылкамі на моўнае заканадаўства.

У дзейнасці Салігорскай арганізацыі былі ўзлёты і зрывы, асабліва пасля ўвядзення ў Рэспубліцы Беларусь прэзідэнцкага кіравання і ганебнага для беларусаў майскага рэферэндуму 1995 года, пасля якога ў краіне была ўведзена другая дзяржаўная мова - руская. У выніку гэтага ў гарадах усе беларускія школы былі зноў пераведзены на рускамоўнае навучанне. Сёння такіж працэс назіраецца і ў сельскіх школах. Беларускамоўныя назвы вуліц, якія былі з'явіліся на таблічках, зноў сталі рускамоўнымі. У Беларусі былі згорнуты амаль усе беларускамоўныя дэмакратычныя праграмы на тэлебачанні, радыё і ў СМІ. Пачаўся ціск на дзейнасць дэмакратычных арганізацый, партый і незалежных прафсаюзаў, які адчуваецца і па сёняшні дзень.

У такіх складаных умовах працягваюць працаваць дэмакратычныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь, у тым ліку і ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны".

4 кастрычніка 2007 года беларускі гісторык старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны Алег Трусаў прыязджае ў Салігорск і сустракаецца з сябрамі Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ у офісе арганізацыі кіраўніком якой з'яўляецца Віталь Дзінгілеўскі.

24 красавіка 2008 года згодна з указам Прэзідэнта ў краіне былі ліквідаваны льготы, у тым ліку і на льготную арэнду памяшканняў для арганізацый, і стаўка аплаты за плошчу офісных памяшканняў была павялічана ў 10 разоў. Праз некалькі гадоў - яшчэ на 60%. Гэты прывяло да страты офісаў многімі арганізацыямі і праблемы па іх утрыманні ў цэнтральных сядзібах у тым ліку і ў Менску.

Салігорская гарадская арганізацыя ТБМ імя Ф. Скарыны штогод 21 лютага прымае ўдзел з нагоды Міжнароднага дня роднай мовы ў правядзенні агульнанацыянальнай дыктоўкі.

З 2011 па 2015 год у мясцовыя і ў вышэйшыя органы ўлады ад імя гарадской арганізацыі ТБМ па ініцыятыве старшыні Салігорскай арганізацыі ТБМ Міколы Шаравара і яго намесніка Уладзіміра Масакоўскага было пададзена каля дзясятка заяў аб парушэннях у Салігорску і ў краіне артыкула 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона Рэспублікі Беларусь "А мовах у Рэспубліцы Беларусь", на што былі атрыманы адпіскі, а меры да парушэнняў заканадаўства не былі прыняты.

Кіраўнікамі Салігорскай гарадской арганізацыі ТБМ былі арганізаваны і праведзены з выездам на месца шэрагі мерапрыемстаў:

У 2012 годзе адзначылі 90-годдзе з дня нараджэння беларускага празаіка з вёскі Сіцянец Івана Кудраўцава, у 2013 годдзе - 65-годдзе з дня нараджэння беларускага паэта з вёскі Радкоў Лявона Якубовіча, які трагічна загінуў у ствале рудніка другога Салігорскага калійнага камбіната ў 1970 годзе. У 2008 і ў 2013 гадах ушанавалі месца гістарычнага пачатку горада Салігорска ў квартале № 23 за Домам культуры "Будаўнік" з нагоды 50- і 55-годдзя з дня яго заснавання, адкуль бярэ свой пачатак Салігорск. Няма аб гэтым ніякіх памятных знакаў, і афіцыйна месца не ўшаноўваецца, хаця такія прапановы і падаваліся ў Салігорскі райвыканкам.

У снежні 2013 года сябрамі ТБМ быў арганізаваны збор подпісаў аб захаванні статусу літаратурнага музея Максіма Багдановіча і ахвяраванняў на падпіску газеты "Наша слова".

У Салігорску шмат людзей адданых адраджэнню беларускай мовы і росквіту нацыянальнай культуры. Асабліва гэта наглядалася напрыканцы 80-х і пачатку 90-х гадоў 20-га стагоддзя, калі ў Беларусі быў распачаты, на дзяржаўным узроўні чарговы этап вызвольнага нацыянальнага Адраджэння. Самыя актыўныя адраджэнцы роднай мовы і культуры ўвайшлі ў шэрагі Грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны".

Будучыня - за роднай, матчынай мовай. Бо мова - гэта душа народа, аснова нацыі і дзяржавы. Дык, хай жа наша мова заўжды будзе з намі.

Будзе жыць мова - будзе жыць і Беларусь!

Уладзімір Масакоўскі.


Ліст з Салігорска да Ніла Гілевіча (копія)

Паважаныя члены рады ТБМ імя Францішка Скарыны і яе старшыня Ніл Сымонавіч Гілевіч.

1 снежня 1989 года мы, сябры ТБМ, стварылі суполку Таварыства беларускай мовы на трэцім рудакіраванні вытворчага аб'яднання "Беларуськалій з мэтаю аддаць усе свае сілы і энергію адраджэнню беларускай мовы ва ўсіх галінах нашага жыцця. Родная мова з'яўляецца асновай самасвядомасці кожнага беларуса, беларускай нацыі ў цэлым, на аснове чаго мы павінны падняцца на яшчэ больш якасны ўзровень развіцця, не толькі ў галіне беларускай нацыянальнай культуры і навукі, але і ў сацыяльна-эканамічным жыцці нашай роднай Беларусі.

Мы поўнасцю прызнаём статут Таварыства і верым, што ў Законе аб мовах статус дзяржаўнай мовы будзе нададзены толькі адной - беларускай мове.

Калі ў праекце Закона аб мовах будзе прадугледжана прыданне ў Беларусі статусу дзяржаўнасці некалькім мовам, то мы падрыхтавалі нашы прапановы, якія дасылаем Вам.

З павагай да вас сябры суполкі ТБМ 3 РК.

Прыняты на ўстаноўчым сходзе суполкі.

У.Г. Масакоўскі.


Нашы прапановы, прынятыя 1 снежня 1989 года

Сёння мы, беларусы, павінны зрабіць так, як зрабілі ўжо ў многіх рэспубліках СССР, надаўшы толькі адной, роднай мове статус дзяржаўнай мовы.

Па-гэтаму мы лічым, што:

1. Праект Закона аб мовах Беларусі ўшчамляе правы і роўнасць беларусаў сярод народаў СССР як нацыі пры паданні рускай мове статусу мовы міжнацыянальных зносін, што паставіць яе ў прывілеяваную пазіцыю ў адносінах да беларускай мовы.

2. Статус дзяржаўнай на тэрыторыі Беларусі павінна мець адна мова - беларуская.

3. Закон аб мовах у БССР патрэбна прыняць на сесіі Вярхоўнага Савета пасля выбараў народных дэпутатаў Беларускай ССР і мясцовых саветаў.

4. Статус рускай мове, як агульнадзяржаўнай мове павінен быць нададзены толькі на сесіі СССР.

Заклікаем усіх жыхароў, патрыётаў Беларусі падтрымаць нашы прапановы.

Старшыня суполкі ТБМ У.Г. Масакоўскі.


Тэсты па беларускай мове як замежнай

Мае беларускія студэнты часта пытаюцца: "Навошта замежныя студэнты вывучаюць беларускую мову?" І кожны раз я расказваю гісторыю таго ці іншага вугорскага студэнта, які вывучаў ці вывучае беларускую мову ў Будапешцкім універсітэце імя Л. Этвеша. Так, Габар выпадкова-прымусова (не меў транзітнай візы праз Беларусь, і каб яе зрабіць, быў вымушаны сысці з цягніка ў Менску) апынуўся ў сталічным метро, пачуў там нашу мову, у выніку запісаўся ў Будапешце на курс беларускай мовы. А Адам, калі яшчэ быў гімназістам, вырашыў вывучыць усе ўсходнеславянскія мовы (цяпер ён ужо студэнтгісторык, даволі прыстойна гаворыць на беларускай мове і спявае пад гітару Багдановічаву "Пагоню"). Ужо колькі гадоў назад скончыла ўніверсітэт Ёхі, паспяхова выкладае ў моўнай школе англійскую мову, і кожны тыдзень прыходзіць да мяне ва ўніверсітэт, каб пагаварыць па-беларуску... У кожнага з маіх вугорскіх студэнтаў быў свой шлях да маёй роднай мовы, але агульная матывацыя для замежных студэнтаў зачастую знаходзіцца на паверхні: "Беларуская мова - гэта мова тытульнай нацыі, мова беларусаў, мова адной з еўрапейскіх краін. Беларуская мова - гэта сродак зносін паміж людзьмі". Усё вельмі проста і лагічна.

У сучаснага замежнага студэнта ёсць здаровая практычная зацікаўленасць у вывучэнні той ці іншай замежнай мовы, у першую чаргу, з мэтай знайсці ў будучым добрую працу. Здача экзамену для пацверджання валодання замежнай мовай на тым ці іншым узроўні абавязковая для атрымання вышэйшай адукацыі ў многіх краінах свету. Пэўныя еўрапейскія кампаніі і ўстановы матэрыяльна заахвочваюць супрацоўнікаў, якія маюць Сертыфікаты валодання замежнымі мовамі.

На сённяшні дзень у многіх краінах свету ёсць распрацаваныя сістэмы ацэнкі ведаў нацыянальных моў.

У мінулым годзе былі выдадзеныя і "Тэсты па беларускай мове як замежнай" - цыкл з шасці тэстаў для ацэнкі валодання беларускай мовай як замежнай на пачатковым, базавым, сярэднім, прасунутым, высокім і дасканалым узроўнях. Выданне падрыхтавана творчым калектывам выкладчыкаў з розных навучальных устаноў краіны - Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта - Вольгай Барысенкай, Ларысай Кныш, Уладзімірам Куліковічам, Алесяй Літвіноўскай, Таццянай Рамзой, Аксанай Семянькевіч сумесна з сябрамі грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны".

Выдадзеныя тэсты з'яўляюцца складнікам вялікага навучальна-метадычнага комплексу "Сертыфікат беларускай мовы як замежнай" і рыхтаваліся на аснове Агульнаеўрапейскіх кампетэнцый валодання замежнай мовай (вывучэнне, выкладанне, ацэнка (CEFR)).

Патрэба ў стварэнні і выданні "Тэстаў па беларускай мове як замежнай" наспела даўно. Беларуская мова ўжо не адзін дзясятак гадоў выкладаецца і вывучаецца ў шмат якіх краінах свету (Польшчы, Германіі, Чэхіі, Літве, Венгрыі і інш.). Выкладаецца і вывучаецца яна як замежная і ў самой Беларусі.

Выданне тэстаў важна і для выкладчыкаў беларускай мовы як замежнай. Для іх з'явіўся "арыенцір": што і ў якім аб'ёме павінны ведаць студэнты на пэўным узроўні.

Кожны з шасці тэстаў складаецца з пяці субтэстаў ("Лексіка. Граматыка", "Чытанне", "Пісьмовае маўленне", "Аўдыяванне", "Вуснае маўленне") і матэрыялаў для экзаменатара.

На працягу мінулага навучальнага года тэсты прайшлі апрабацыю ў шэрагу сталічных і замежных ВНУ, у тым ліку і ў Будапешцкім універсітэце імя Л. Этвеша. Таму сёння мы з упэўненасцю можам зазначыць, што:

- змест тэставых матэрыялаў адпавядае мэце іх стварэння: устанавіць узровень маўленчай кампентэнцыі для вырашэння камунікатыўных задач, праверыць уменне чытаць і разумець змест тэкстаў, пісьмова выкладаць інфармацыю, а таксама праверыць узровень навыкаў і ўменняў, неабходных для правільнага разумення аўдытыўна прапанаванай інфармацыі і для камунікатыўных задач падчас маўлення;

- змест тэставых матэрыялаў адпавядае стандарту па беларускай мове як замежнай; аб'екты тэсціравання адлюстраваны поўна, прапорцыі прадстаўлення іх у тэстах вытрыманы;

- формы і характар заданняў тэстаў адпавядаюць мэце і аб'ектам тэсціравання; яны складзены з улікам камунікацыйна-маўленчай рэальнасці, якую ўяўляе сабой функцыянальна-семантычная сістэма сучаснай беларускай мовы;

- інструкцыі да заданняў і іх фармуліроўка дакладныя; матэрыялы для заданняў вывераныя;

- матэрыялы закрытага тыпу тэстаў адабраны і аформлены прадумана: левая частка тэстаў дастаткова ясная, не вельмі доўгая, правая - максімальна кароткая, дыстрактары праўдападобныя, жыццёвыя;

- матрыца для выканання тэста зручная для запаўнення;

- часавы рэжым выканання прадстаўлены рацыянальна.

Важна адзначыць, што падабраныя або створаныя тэксты ў тэстах маюць арыентацыю на агульначалавечыя і нацыянальныя каштоўнасці. Тэматыка тэкстаў самая разнастайная: беларуская гісторыя, культура і прырода, беларускія пісьменнікі, транспарт Беларусі, адукацыя, сродкі масавай інфармацыі, спорт, праблемы экалогіі, замежныя стасункі.

Складальнікі тэкстаў прапанавалі кандыдатам шырокі выбар рэальных жыццёвых сітуацый для праверкі пісьмовага і вуснага маўлення.

У тэкстах прадстаўлена асноўная лекіска сучаснай беларускай мовы, а таксама яе стылі і беларускія і замежныя ўласныя імёны і геаграфічныя назвы.

Аўтарам-складальнікам ўдалося зрабіць тэсты жывымі і цікавымі: падчас экзамену кандыдаты працягваюць знаёміцца з Беларуссю.

Хочацца спадзявацца і на тое, што ў будучым тэсты абавязкова стануць крытэрыем для ацэнкі ўзроўню валодання беларускай мовай не толькі для замежных студэнтаў, а і для замежных дыпламатаў, навукоўцаў, бізнесменаў і, нарэшце, мігрантаў, якія пасяліліся на Беларусі і хочуць атрымаць беларускае грамадзянства.

І, безумоўна, выхад тэстаў паспрыяе ўзмацненню прэстыжу нацыянальнай мовы ў самой Беларусі. А як жа іначай: "Родная мова - гэта натуральны падмарук, на якім чалавек павінен будаваць дом сваёй духоўнай сілы" (паводле В. Ластоўскага; Тэст па беларускай мове як замежнай. Дасканалы ўзровень. Агульнае валоданне. С. 16).

Ларыса Станкевіч, выкладчык беларускай мовы як замежнай у Будапешцкім універсітэце імя Л. Этвеша.


Беларуская мова ў беларускіх універсітэтах

Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны".

220034, г. Менск, вул. Румянцава, 13

Установа адукацыі "Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт" на Ваш ліст ад 27 студзеня 2015 г. № 60 даводзіць да Вас наступную інфармацыю па развіцці і функцыянаванні беларускай мовы ў ВДМУ:

1. % дысцыплін, якія выкладаюцца на беларускай мове па спецыяльнасцях:

1-79 01 01 "Лячэбная справа" - 1,87 %;

1-79 01 07 "Стаматалогія" - 1,65 %;

1- 79 01 08 "Фармацыя" - 1,85 %.

2. % навучальна-метадычных комплексаў (у тым ліку электронных навучальна- метадычных комплексаў), выдадзеных на беларускай мове, складае 4,31 %.

3. Справаводства на беларускай мове не вядзецца.

4. У 2014 годзе ў РІПЦ ВДМУ выдадзеныя беларускамоўныя матэрыялы складаюць 0,01% ад агульнай колькасці выдадзенай літаратуры.

5. У якасці асноўнай мовы сайта ў наш час выкарыстоўваецца дзяржаўная мова зносін пераважнай большасці супрацоўнікаў і студэнтаў ВДМУ - руская.

Варта адзначыць, што з паказаных у лісце шасці моўных версій сайта поўнай версіяй з'яўляецца толькі рускамоўная, а ангельская, іспанская, французская, кітайская і арабская з'яўляюцца скарочанымі версіямі, прызначанымі для замежных абітурыентаў і студэнтаў ВДМУ.

У наш час праводзіцца распрацоўка скарочанай беларускай версіі сайта.

6. Пры кафедры рускай і беларускай моў ФПДП створаны і працуе гурток "Рыторыка. Культура прафесійнага маўлення" для навучэнцаў I прыступкі вышэйшай адукацыі ўсіх факультэтаў.

7. Разглядаецца пытанне на кафедры рускай і беларускай моў ФПДП у мэтах выканання рэкамендацый ліста Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 26.02.2014 г. № 09-18/П-68 пра вывучэнне беларускай мовы стварыць дыстанцыйны курс "Беларуская мова ў дзяржаўным справаводстве" для кіраўнічых працаўнікоў і спецыялістаў устаноў і арганізацый (сумесна з аддзелам дыстанцыйнага навучання), а гэтак жа ў мэтах падрыхтоўкі да ЦТ у рамках тэматычнага рэпетыцыйнага тэставання, які праводзіцца штогод у ВДМУ, стварыць дыстанцыйны курс "Тэматычнае рэпетыцыйнае тэставанне" па рускай і беларускай мовах у асінхронным рэжыме для слухачоў ФПДП, а таксама для сельскіх школьнікаў з аддаленых населеных пунктаў Віцебскай вобласці, Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі (сумесна з аддзяленнем дыстанцыйнага навучання).

Рэктар універсітэта В.П. Дзяйкала.


Што чакае Лідскі замак?

Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Трусаву А.А.

Аб рэстаўрацыі Лідскага замка

Па даручэнні Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 12 мая 2015 г. № 05/105-320, згодна з лістом Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 мая 2015 г. № 10/535-32 у Міністэрстве культуры разгледжаны пытанні аб завяршэнні рэканструкцыі і прыстасавання Лідскага замка і ўстаноўцы ў г. Лідзе помніка Вялікаму князю літоўскаму Гедыміну.

Рэстаўрацыйна-аднаўленчыя работы на замку ў г. Лідзе выконваюцца згодна з Дзяржаўнымі праграмамі "Культура Беларусі" на 2011-2015 гады і "Замкі Беларусі" на 2012-2018 гады. Прыняцце нарматыўнага прававога акта Кіраўніка дзяржавы з'яўляецца нямэтазгодным.

На аб'екце выкананы: аднаўленне заходняй сцяны замка і Паўднёва-заходняй вежы, заменены драўляныя канструкцыі галерэі, збудаванні княжацкай брамы (драўляная лесвіца, пандус, радуктар, пад'ёмны мост) і аб'екты на тэрыторыі замкавага двара (кузня, будынак універсальнага прызначэння, каса, калодзеж), уладкаваны зборна-разборныя трыбуны на 570 месцаў, работы па ўваходнай групе, лесвіцах на галерэю ў паўночнай і ўсходняй сценах, знешняе добраўпарадкаванне і сквер.

Работы па рэканструкцыі замка плануецца завяршыць у 2016 годзе. Неабходна выканаць: падсветку княжацкай брамы, апрацоўчыя работы на Паўночна-ўсходняй і Паўднёва-заходняй вежах, будынку ўніверсальнага прызначэння, пракладку інжынерных камунікацый Паўднёва-заходняй вежы.

Разам з тым, і сёння Лідскі замак прымае наведвальнікаў. У замку штогод праводзяцца рыцарскія фестывалі і тэатралізаваныя прадстаўленні, што спрыяе папулярызацыі гісторыка-культурных каштоўнасцей і прыцягненню значнай колькасці турыстаў, дзейнічае музейная экспазіцыя ў Паўночна-ўсходняй вежы. У жніўні бягучага года адбудзецца фестываль сярэдне-вяковых традыцый і культуры "Меч Лідскага замка".

Рашэнне аб устаноўцы коннай скультуры князя Гедыміна было прынята Лідскім райвыканкамам ад 11 сакавіка 2013 г. № 251 "Аб узвядзенні манументальнай скульптуры "Заснавальнік замка - князь Гедымін". Мерапрыемствы па вырабе і ўстаноўцы помніка плануецца рэалізаваць пасля заканчэння рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ на замку за кошт спонсарскіх сродкаў і добраахвотных ахвяраванняў, без выкарыстання бюджэтных крыніц.

Намеснік Міністра А.А. Яцко.


Інтэрвію з новым Старшынём Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі: пра працу, супрацоўніцтва і змены

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 3 чэрвеня быў абраны Старшынём Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Разам з новым Старшынём з'явіліся новы Віцэ-старшыня, якім абралі біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, і Генеральны cакратар, якім стаў дапаможны біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Старшыня ККББ, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч даў інтэрвію для catho-lic.by.

- Ваша Эксцэленцыя, што сабой уяўляе Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі як орган касцельнай улады? Якія выконвае функцыі?

- Калі хтосьці вывучаў гісторыю Каталіцкага Касцёла, ці прынамсі прачытаў уважліва Новы Запавет, асабліва Дзеі Апосталаў, то адразу мог заўважыць, што, калі ўзнікалі складаныя пытанні, то апосталы збіраліся разам. Той момант, калі яны сабраліся разам у Ерузалеме, называюць першым саборам. На тым першым саборы яны вырашалі пытанні, якія ўзніклі, і ведалі, што з імі прысутны Святы Дух. Яны ведалі, што дзякуючы дапамозе Святога Духа могуць прымаць рашэнні і кіраваць Касцёлам. І пазней гэта практыка рэалізоўвалася найчасцей праз калегіяльнае кіраўніцтва Касцёлам - праз саборы, а пасля Другога Ватыканскага Сабору асабліва была звернута ўвага на калегіяльнасць біскупаў у пэўнай краіне ці краінах. Гэта калегіяльнасць выражаецца ў Канферэнцыі Біскупаў.

Канферэнцыя Біскупаў засноўваецца Апостальскім Пасадам. Існаванне Канферэнцыі - гэта не жаданне саміх мясцовых біскупаў.

Такая Канферэнцыя існуе і ў Беларусі, у яе ўваходзяць усе біскупы. Калі б у Беларусі быў біскуп грэкака-таліцкага абраду, то ён таксама згодна са статутам нашай Канферэнцыі ўваходзіў бы ў яе.

У розных краінах па-рознаму, напрыклад, ва Украіне ёсць Канферэнцыя Біскупаў рыма-каталіцкага абраду, а таксама асобная грэка-каталіцкага.

Канферэнцыя Біскупаў, як калегіяльны орган, паклікана да таго, каб каардынаваць працу ўсіх біскупаў у Беларусі і вырашаць найбольш агульныя пытанні для ўсяго Касцёла ў краіне, развіваць стратэгію, пастырскія планы.

Трэба падкрэсліць вельмі важную рэч, што кожны біскуп з'яўляецца аўтаномным.

Канферэнцыя Біскупаў не можа імі кіраваць, аднак маюцца агульныя планы для выканання. Напрыклад, зараз мы рыхтуемся да 100-годдзя Фацімскіх аб'яўленняў, таму была прынята праграма са згодаю ўсіх біскупаў аб трохгадовым цыкле падрыхтоўкі: першы год - Год навяртання, другі - Год малітвы, а трэці - надзеі.

Разам з тым мы з'яўляемся часткаю Паўсюднага Касцёла, таму наш мясцовы пастырскі план дастасоўваем да плану агульнага. У гэтым годзе ў Паўсюдным Касцёле адзначаецца Год кансэкраванага жыцця. Такія ўрачыстасці, як Будслаўскі фэст ці Дні моладзі ў Івянцы, уключаюць у сябе шмат рэчаў, якія адпавядаюць тэме кансэкраванага жыцця.

Таксама ў гэтым годзе прыпадае 50-годдзе заканчэння Другога Ватыканскага Сабору, у сувязі з чым у Будславе будзе зачытаны тэматычны даклад.

Усе гэтыя рэчы вырашаюцца і ўзгадняюцца Канферэнцыяй.

У гэтым годзе ў Ватыкане будзе праходзіць Сінод Біскупаў аб сям'і, што будзе разглядаць пытанні і праблемы, на парозе якіх стаяць сучасныя сем'і.

Падчас апошняга паседжання Канферэнцыі было вырашана, каб кастрычніцкую малітву Ружанца зрабіць у інтэнцыі гэтага Сінода. Беларусь павінна аб'яднацца ў гэтай малітве.

- Хто звяртаецца ў ККББ?

- У Канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі можа звяртацца кожны з рознымі прапановамі і пытаннямі. І трэба, каб звярталіся.

- Гэта тычыцца не толькі святароў, але і свецкіх вернікаў?

- Так, канешне. Напрыклад, сёння вельмі шмат размоў ідзе пра кананізацыю Францішка Скарыны. У свецкіх медыя з'яўляюцца такія заявы, што Праваслаўная Царква выступае супраць, а Каталіцкі Касцёл дае згоду. Але так нельга сцвярджаць і пісаць, бо Канферэнцыя Біскупаў не атрымала аніякай прапановы, аніякага ліста, ніхто не звяртаўся, каб пачуць агульнае меркаванне Касцёла.

І калі хтосьці скажа, нават калі і святар выкажа меркаванне, то гэта будзе толькі яго прыватнае меркаванне. Бо голасам Каталіцкага Касцёла з'яўляецца Канферэнцыя. Толькі тады можна гаварыць, што Каталіцкі Касцёл "за" ці "супраць", калі свой адказ агучыць Канферэнцыя.

Асабіста кажучы, было б вельмі добра, каб мы мелі яшчэ аднаго беларускага святога, але існуе яшчэ шмат пытанняў, з якімі найперш трэба працаваць гісторыкам.

Апрача таго, звяртаючыся ў Канферэнцыю, можна звяртацца да прадстаўнікоў пэўных канкрэтных радаў, камісій, якія створаны пры ёй: напрыклад, Рада па справах моладзі, па справах апостальства свецкіх, Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла і г.д.

Канферэнцыя павінна не толькі каардынаваць працу біскупаў, рыхтаваць пастырскі план, але яна таксама мае абавязак хутка адказваць на выклікі часу. Напрыклад, як тады, калі Канферэнцыя Біскупаў шматразова выказвалася па праблеме Ўкраіны.

Трэба абавязкова рэагаваць на пытанні, якія сёння чакаюць адказу ці заклікаў да малітвы.

- Наколькі меркаванне Канферэнцыі ўлічвалася на дзяржаўным і грамадскім узроўні ў нашай краіне?

- Некалькі год таму, напрыклад, была зменшана колькасць прычын, па якіх дазваляецца рабіць аборты. Аднак гэта была ініцыятыва многіх канфесій, у тым ліку і Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Гэта рэакцыя мела не проста супольны аспект, але нават і экуменічны. Мы ўбачылі, што дзяржава прыняла гэта. У галіне абароны жыцця, вырашэння праблем у сям'і, розных сацыяльных праблем назіраецца даволі плённае ўзаемадзеянне з дзяржаваю.

- Калі звяртацца да пытанняў нашага соцыуму, а дакладней да моўнага пытання, то зараз - на этапе, калі беларуская мова пачынае заваёўваць сваё месца ўсё больш новымі, а дакладней "моднымі" спосабамі - тыпу праектаў "Мова нанова", "Мова ці кава" і г.д., то што ў дачыненні да моўнага пытання мае ККББ?

- Я мяркую, што з усіх канфесій, якія існуюць у краіне, Каталіцкі Касцёл зрабіў вельмі шмат. У нас перакладзены і выдадзены ўсе літургічныя кнігі, фундаментальныя тэксты, дакументы Другога Ватыканскага Сабору. Падчас падрыхтоўкі апошняга з'явілася новая тэрміналогія, бо падчас перакладу многіх слоў не існавала ў беларускай мове. Вельмі хутка ў нас перакладаюцца энцыклікі, што з'яўляецца ўкладам не толькі ў жыццё Касцёла, але і ў беларускую культуру, бо гэта культура абагачаецца рэлігійным зместам.

Як успрымае беларускую мову грамадства - іншая справа. Мы бачым, што ў краіне існуе не такая вялікая колькасць беларускамоўных школ і гімназій. Я сустракаюся са студэнтамі, з размовы з якімі магу заўважыць, што існуе недахоп у выкладанні прадметаў на беларускай мове. Але з боку Касцёла мы робім усё магчымае, бо, напрыклад, набажэнствы ў нас праводзяцца ў асноўным на беларускай мове.

Нядаўна адбываўся VI Міжнародны кангрэс беларусістаў; на жаль, Каталіцкі Касцёл не быў запрошаны на яго.

Я не ведаю, чым кіраваліся арганізатары кангрэсу, аднак мяркую, што, улічваючы тое, што Касцёл ці Царква займае вельмі важнае месца ў жыцці грамадства, асабліва Каталіцкі Касцёл, які зрабіў так шмат, каб развіваць беларускую мову ў духоўным, рэлігійным кірунку, прадстаўнікі рэлігійных канфесій павінны былі мець дачыненне да кангрэсу таксама.

Разам з тым, часцей за ўсё, Касцёл запрашаецца на такія мерапрыемствы.

- Якім можна лічыць узровень супрацоўніцтва Касцёла і навуковага асяродку ў нашай краіне?

- Асабіста мне неаднаразова прыходзілася прысутнічаць на канферэнцыях у БДУ, Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ. Я напісаў прынамсі два артыкулы, якія былі выдадзены ва ўніверсітэцкіх зборніках.

Таксама склаліся цёплыя адносіны з Інстытутам Кірыла і Мятода ў Менску, Інстытутам філасофіі НАН РБ.

Некаторыя інстытуты, якія займаюцца пытаннямі сям'і, таксама прапануюць супрацоўніцтва і запрашаюць да ўдзелу ў сваіх мерапрыемствах.

Таксама паступіла ініцыятыва ад супрацоўніка Інстытута філасофіі НАН РБ аб сумеснай арганізацыі і правядзенні навукова-практычнай канферэнцыі, якая будзе прысвечана асобе святога Яна Паўла ІІ.

Ідзе праца над тым, каб падпісаць пагадненне паміж Каталіцкім Касцёлам і Акадэміяй Навук аб сумеснай працы.

Напэўна, хацелася б, каб супольнага і сумеснага было больш, але, як вядома, кожная вялікая дарога пачынаецца першым крокам. Я думаю, што першы крок якраз ужо адбыўся, а робіцца другі і трэці.

- ККББ складаецца са спецыяльных камісій, ці плануюцца "кадравыя змены" ў іх?

- Я ўпэўнены, што змены адбудуцца, бо ўсе кіраўнікі гэтых камісій са старога складу.

Зараз замест мінулых чатырох біскупаў у нас сем. На бліжэйшых пасяджэннях гэтае пытанне аб змене кадраў будзе паднята.

Мы бачым, што ў нас у Канферэнцыі цалкам новы склад. Магчыма, у гэтым таксама ёсць знак. Разам з тым мы ўдзячныя біскупам, якія працавалі да нас.

Мы ведаем, якая розніца існуе паміж Касцёлам на захадзе і ўсходзе краіны. Зараз на трох кіруючых пасадах якраз прадстаўнікі ўсходу, цэнтру і захаду. Гэта вельмі добра. Мы павінны адзін аднаму дапамагаць і вопыт адной дыяцэзіі пераносіць у другую.

Гутарыла Аксана Ючкавіч.


Паэзія аднаго вечара

Вечарына пад такой назвай прайшла ў пачатку красавіка ў менскай сядзібе Таварыства беларускай мовы і, найверагодней, так будзе называцца калектыўны зборнік, складзены з падборак вершаў аўтараў, якія выступілі на той вечарыне, дзесяці паэтаў-сяброў ТБМ. Як для адной такой вечарыны, то паэтаў аж зашмат, выступоўцы мусілі зважаць на рэгламент. Ініцыятар і арганізатар гэтай літаратурнай дзеі паэт Яўген Гучок выступаў як вядоўца вечарыны і як аўтар - з цудоўнай падборкай сваіх вершаў пераважна лірычнага гучання, якіх, аказваецца, у яго нямала, што для многіх было сюрпрызам. Людзі прывыклі ў ім бачыць аўтара твораў грамадзянскага зместу, вострых, з'едлівых, афарыстычных выказванняў. З найбольш вядомых аўтараў прыняла ўдзел у вечарыне спн. Вера Буланда. Выступілі з чытаннем сваіх вершаў Аляксандра Грыцкевіч, Святлана Багданкевіч, Ілля Копыл, Ганна Хваль, Мікола Бамбіза, Міхась Мазурэнка, Віктар Дзмітрыеў, Ігар Арлоў.

На вечарыне прагучала нямала таленавітых, прафесійнына зробленых вершаў, пры тым, што большасць нашых аўтараў не мае аніякай вядомасці ў іпастасі літаратара. Далёка не ўсе з іх мелі хоць які досвед публічных выступаў, бо дзе ў наш час чалавек, які піша вершы, мог бы паказацца з сваімі "спробамі пяра", калі нават праслаўленыя паэты не маюць часам не тое, што пашаны, а нават належнага доступу да чытацкай аўдыторыі. Не надта шанцавала некаторым і з публікацыяй сваіх твораў. Таленавітая, творча актыўная паэтка Аляксандра Грыцкевіч сёння мае ўжо выдадзеныя (за ўласныя грошы, вядома) зборнікі сваёй паэзіі і перакладаў, але нерад тым апублікавала за ўсё жыццё хіба адзін свой верш. Магчыма, таму ўсё так позна. Прысутны на вечарыне прафесар Леанід Лыч адзначыў паэзію Аляксандры Грыцкевіч за яе патрыятызм і грамадзянскую пазіцыю і ў падзяку падарыў ёй свае тры апошнія кнігі. Ці не прызнанне гэта, якое ўсё ж мусіць прыйсці да спн. Аляксандры (не зусім яшчэ позна, скажам так)?

Сапраўдным адкрыццём гэтай паэтычнай сустрэчы сталася паэтка Ганна Хваль. Пры тым, што яна і публікацый заўважных бадай што не мае, вершы яе ўражваюць бездакорнасцю формы і глыбінёй зместу. Яна зрабіла моцнае ўражанне сваімі лірычнымі вершамі-баладамі. Такія таленавітыя творы павінны як найхутчэй з'яўляцца ў друку, каб знаходзіць шляхі да сэрцаў чытачоў, а можа і да вушэй кампазітараў, бо яны ж проста просяцца, каб стацца песнямі.

Работа па зборы матэрыялаў для калектыўнага зборніка твораў сяброў ТБМ блізіцца да завяршэння. Займаецца выданнем сп. Мікола Бамбіза. Застанецца надрукаваць.

Спадзяюся, што папулярызатарская і выдавецкая дзейнасць, якая магла б стымуляваць творчасць нашых сяброў, стане добрай традыцыяй, будзе пашырацца і ўдасканальвацца. Бо тут, як кажуць, усё ў нашых руках!

Святлана Багданкевіч. На здымках: слова маюць Святлана Багданкевіч, Яўген Гучок, Ганна Хваль.


Жывое слова ў жывым эфіры

Аляксандр Мойскі, аспірант БДПУ імя Танка, даследчык творчасці Максіма Танка, рэжысёр народнага тэатра педуніверсітэта "Жывое слова" з выдатным беларускім маўленнем выйшаў у фінал конкурсу "Хачу ў тэлевізар". Яму і яшчэ тром удзельнікам конкурсу прапанаваны стажыроўкі на тэлебачанні.

Алесь нарадзіўся ў 1988 годзе ў Менску, вучыўся ў сярэдніх школах № 31 і № 178. З дзяцінства марыў стаць журналістам. Працаваў у школе лабарантам, пазаштатным карэспандэнтам у газеце "Раніца", вёў спартыўную рубрыку "Асілак". У 2007 годзе паступіў у БДПУ імя Танка на факультэт беларускай філалогіі і культуры. На 1 курсе ў кастрычніку юнак далучыўся да дзейнасці народнага тэатра "Жывое слова". Зараз Аляксандр з'яўляецца рэжысёрам тэатра, а мастацкі кіраўнік калектыву - Алеся Сівохіна. Тэатр існуе ўжо 50 гадоў. Праз яго прайшлі ўсе пакаленні выхаванцаў БДПУ.

- Раскажыце, калі ласка, пра ўдзел у конкурсе 2-га канала беларускага тэлебачання.

- Конкурс пачаўся 28 снежня 2014 і завершыўся 1 траўня 2015 года. Са 100 кандыдатаў у здымках тэлепраекту ўдзельнічалі 24 асобы. У склад журы ўваходзілі загадчыца кафедры сцэнічнай мовы Беларускай акадэміі мастацтваў Ірына Кабанава, дэкан тэатральнага факультэта, заслужаны артыст Уладзімір Мішанчук, куратар праекту, вядоўца праекту Святлана Бароўская. Усім кіравала дырэктар тэлеканала "Беларусь - 2" Наталля Марынава. Па выходных мы збіраліся і запісвалі новы эфір. Трэба было распавесці на камеру два тэксты. Па традыцыях жанру рэаліці-шоў з 24 чалавек адабралі 15. У канцы засталіся 4 фіналісты.

Пераможцам стаў 17-гадовы студэнт Акадэміі мастацтваў, які вучыцца па спецыяльнасці "рэжысура", Герман Малышчыцкі. Ён атрымае кантракт і магчымасць весці перадачу. Яўген Шуманскі (эканаміст) і Вольга Мядзведзь (актрыса) атрымалі магчымасць стажыравацца ў Агенцтве тэлевізійных навін. Мне прапанавана стажыроўка ў рэдакцыі спартыўных праграм на тэлеканале "Беларусь-5", дадзена магчымасць выйсці ў фінал конкурсу беларускамоўных тэлекаментатараў восенню. У нас не хапае спартыўных каментатараў. Тэма спорту мне блізкая, я ўдзельнічаю ў матчах Менскай аматарскай лігі "Тэрыторыя футболу", у якую ўваходзяць 70 каманд. Кожныя выходныя мы гуляем ў футбол, абмяркоўваем падзеі спорту. У мяне з дзяцінства была мара стаць спартыўным каментатарам. Падчас конкурсу даводзілася імправізаваць. Веданне спорту дапамагала. На Беларусі будуецца шмат спартыўных пляцовак, але беларускамоўных каментатараў не хапае. Навучыцца працаваць са студыйнай тэхнікай можна. Але тое, што ты цягнешся да роднага слова, да мовы, каб даваць яе ў эфір, павінна быць сфармавана яшчэ раней.

-Хто наблізіў Вас да роднай мовы?

- Мне дапамог наш студэнцкі тэатр. Усе пастаноўкі, усе праграмы мы робім на беларускай мове і ў звычайным жыцці размаўляе па-беларуску, калі едзем на гастролі. За 8 год маёй дзейнасці ў тэатры да яго далучаліся і фізікі, і матэматыкі, і праграмісты, і журналісты. Тэатр не толькі дае цудоўнае веданне мовы, але і павышае майстэрства асобы трымацца перад вялікай аўдыторыяй. Мне было лёгка выконваць на конкурсе практыкаванні, казаць хуткамоўкі. Мы рабілі гэта ў тэатры на нашых рэпетыцыях. Даводзілася браць удзел ў прэзентацыі кнігі Рыгора Барадуліна "Воз вёз лес". Рыгор Іванавіч падарыў нам аркушы паперы са сваім хуткамоўкамі. У нас ёсць літаратурна-музычная кампазіцыя па вершах народнага паэта.

- Раскажыце, калі ласка, пра Вашу даследчыцкую працу ў галіне літаратуры.

- У 2012 годзе я паступіў у магістратуру, атрымаў ступень магістра філалагічных навук, паступіў у аспірантуру. Працую над тэмай: "Кантэкстуальная прастора паэзіі Максіма Танка", удзельнічаю ў рэспубліканскіх і міжнародных навуковых канферэнцыях. Любоў да навукі адчуў яшчэ ў дзіцячыя гады.

Настаўніца гісторыіі Іна Якаўлеўна Бранштэйн далучыла мяне да даследчыцкай дзейнасці. Мы рабілі з ёй навуковую працу "Беларускія праведнікі народаў свету". З дакладам я выступіў на раённай і гарадской навуковых канферэнцыях, давялося стаць лаўрэатам Менскай і з'едзіць на дзве міжнародныя канферэнцыі школьнікаў "Урокі талерантнасці" і "Ўрокі Халакосту" ў Кіеве і ў Берасці. Праз добрую настаўніцу і кіраўніцу я атрымаў вопыт напісання працы, гутаркі з праведнікамі, вопыт выступлення перад вялікай аўдыторыяй, досвед аратарскага майстэрства. Абараняў працу на беларускай мове. Гутаркі з настаўніцай пра літаратуру і гісторыю глыбока запалі мне ў душу. Іна Якаўлеўна падтрымлівала мае паэтычныя пачаткі.

- Вы пішыце вершы, апавяданні?

- Свой першы верш я напісаў у 2004 годзе, у 16 год. Падборкі вершаў друкаваліся ў часопісе "Маладосць", "Бярозка". Два апавяданні былі на-друкаваны ў "ЛіМе". Яны прынеслі поспех у розных конкурсах. У 2010 годзе Інстытутам журналістыкі БДУ праводзіўся першы літаратурны рэспубліканскі конкурс "Брама мар". Я быў лаўрэатам і атрымаў дыплом у намінацыі "Проза".

- Шчыра жадаем Вам далейшых поспехаў!

Гутарыла Эла Дзвінская, фота аўтара.


На Клімавіцкім камбінаце хлебапрадуктаў пачалі беларусізацыю

Для Клімавіцкага камбіната хлебапрадуктаў, што на Магілёўшчыне, менская фірма Public Group распрацавала брэнд з беларускім словам "Далоні". Гандлёвая марка прадпрыемства напісана лацінкай і мае афармленне ў белых і чырвоных колерах. Пад гэтым брэндам будуць прадаваць муку, камбікорм, крупы, рапсавы алей, мучныя паўфабрыкаты.

- Уся прадукцыя, якую выпускае наш камбінат, робіцца нашымі рукамі, таму слова "Далоні" найбольш пасуе нашаму брэнду. У ім цеплыня і любоў, з якой мы вырабляем нашу прадукцыю, - тлумачыць выбар назвы брэнду начальнік аддзела маркетынгу і знешнеэканамічнай дзейнасці прадпрыемства Святлана Каратцова.

- Слова "Далоні" сугучнае і з італьянскімі словамі, і шыкоўна гучыць на беларускай мове. Гэта слова аб'ёмнае, і яго можна па-рознаму тлумачыць, - дадае суразмоўніца. - Мы - вялікае прадпрыемства і вырабляем не толькі муку, але, апошнім часам, шмат увагі надаём харчовым канцэнтратам. Цалкам верагодна, што мы будзем ісці гэтай дарогай і далей. Не вядома, на якія новыя рынкі мы выйдзем.

Радыё Свабода.


Нястомны і руплівы краязнавец Зямлі Лідскай

8 чэрвеня 1945 года ў заходне-беларускім горадзе Лідзе, якраз праз 11 месяцаў пасля яго вызвалення ў працавітай сям'і Сліўкіных (бацька Васіль Кузьміч і маці Валянціна Міхайлаўна) нарадзіўся сын Валерый. Бацькам у той час прыйшлося перажыць не мала: у пасляваенны час яны падымалі з руін народную гаспадарку Лідчыны. Працаздольнасць бацькі засведчылася ў тым, што калгас "Запаветы Ільіча", старшынём якога ён з'яўляўся, лічыўся першым у Гарадзенскай вобласці калгасам-мільянерам.

Бацькоўская дабрасумленнасць да працы, дабрыня, паважлівыя адносіны да людзей перадаліся, безумоўна, сыну Валерыю. Гэтыя прыроджаныя з дзяцінства якасці дапамаглі яму скончыць з сярэбраным медалём школу № 3 г. Ліды (1963 г.), з чырвоным дыпломам - Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт (1968 г.). Паступіўшы ў штат Магаданскай геалагічнай экспедыцыі МДУ, у 1972 годзе Валерый Сліўкін абараніў дысертацыю, што паспрыяла атрымаць навуковую ступень - кандыдат геалагічных навук. Жыццёвая сцяжынка маладога вучонага, які пасля паспеў папрацаваць выкладчыкам універсітэта ў Алма-Аце, у геалагічных партыях на пасадах ад геолага да начальніка партыі на Чукотцы, Калыме, у Якуціі, на Далёкім Усходзе і іншых далёкіх краях па спецыялізацыі "Пошук і разведка золата", у 1983 годзе прывяла назад у родны горад Ліду. Тут Валерый Васільевіч уладкоўваецца ў геадэзію, працуе на будаўніцтве. З гэтага года ён пачынае актыўна займацца і краязнаўчай дзейнасцю. Гэтае захапленне прывяло яго ў Лідскі гістарычна-мастацкі музей, у якім з 1998 года і па сённяшні дзень працуе старшым навуковым супрацоўнікам.

Валерый Сліўкін з'яўляецца адным з заснавальнікаў краязнаўчага, гістарычна-літаратурнага часопіса "Лідскі летапісец" (жнівень, 1997 г.), многія гады быў у ім навуковым кансультантам і самым актыўным аўтарам. У свой час, руплівы краязнавец узначальваў Лідскую арганізацыю Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі, а затым - Лідскую арганізацыю Беларускага краязнаўчага таварыства імя Тодара Нарбута. За гэтыя старанныя справы, а таксама за самаахвярную і плённую працу на ніве Беларускага Адраджэння, за крапатлівую краязнаўчую руплівасць па адраджэнні гістарычнай памяці пастановай № 33 ад 05.06.2005 г. Камітэтам Ушанавання В. Сліўкін уганараваны медалём Мітрафана Доўнар-Запольскага "За вяртанне гістарычнай памяці" з уручэннем дыплома і занясеннем у Кнігу гонару "Рупліўцы твае, Беларусь".

Дабразычлівыя рысы характару, якія перадаліся яму ад бацькоў яшчэ з маленства, адгукаюцца ў светапоглядзе Валерыя Васільевіча і сёння. Ён без цяжкасцяў знаходзіць агульную мову з людзьмі любога ўзросту і адукацыйных ведаў, падтрымлівае і аказвае дапамогу калегам па працы, дае слушныя парады, пісьменныя і вычарпальныя кансультацыі настаўнікам школ рэгіёна. Дзякуючы вялікаму запасу краязнаўчага матэрыялу, які збіраецца ім па крупіцах, В. Сліўкін вызначыўся найбольш дасведчаным і аўтарытэтным спецыялістам у вобласці гісторыі Лідчыны. З яго даследчымі працамі, якія маюць высокі навуковы ўзровень, чытач знаёмы не толькі са старонак "Лідскага летапісца", але і з мясцовых і рэспубліканскіх выданняў. Напэўна, ні адзін гістарычны момант, які тычыцца горада Ліды не абышоўся без навуковага ўдзелу Валерыя Васільевіча. Яго пяру належаць шматлікія матэрыялы не толькі пра развіццё прамысловасці, адукацыі, культуры, харчавання, канфесій горада і раёна, але і пра найстарэйшыя пасяленні Лідчыны, а таксама ўсе падзеі, якія адбываліся на гэтай тэрыторыі ад старажытных часоў і да сённяшняга дня. Дзякуючы намаганням лідскага вучонага вернуты з нябыту забытыя імёны нашага краю. А неабыякавасць да роднага кутка дапамагае яму знаходзіць таленавітых людзей, сустракацца са сведкамі падзей, з мясцовымі жыхарамі, запісваць іх успаміны. Дасканала валодаючы гістарычнай інфармацыяй пра Лідчыну ХХ стагоддзя, В. Сліўкін раскрыў яе жыццё ў Першай Сусветнай вайне. А што датычыцца Вялікай Айчыннай вайны, то яму знаёмы не толькі падзеі, але і ўсе іх героі. Супрацоўнікамі музея з самага пачатку яго існавання быў сабраны багаты матэрыял пра партызанскі атрад "Іскра" і іншыя вайсковыя фармаванні часоў ВАВ. Увесь гэты архіў дзякуючы Валерыю Сліўкіну сістэматызаваны і зараз падрыхтаваны да друку ды чакае выдавецтва. Не засталіся без яго ўвагі і старажытныя муры Лідскага замка: дасканала вывучыў неабходнасць яго будаўніцтва, усю яго гісторыю, пачынаючы з ХІV стагоддзя. Хочацца спадзявацца, што лідзяне ў хуткім часе ўбачаць і гэтую чарговую працу пад кніжнай вокладкай.

Вядома, што лідскі вучоны, якога смела можна назваць жывой энцыклапедыяй Зямлі Лідскай, выкарыстоўвае не толькі першакрыніцы, але і ў свой асабісты час і часта на свае ўласныя сродкі дакументы Гарадзенскіх і Лідскага занальнага архіваў, архіваў Рэспублікі Беларусь, Расійскай Федэрацыі. На аснове гэтых дакументаў праведзена вялікая даследчая праца да 100-годдзя Лідскага ваеннага аэрадрома, вынікам якой стаў выхад кнігі "Аэрадром Ліда - 100 год па-лётаў. 1913-2013" сумесна з Дзмітрыем Кіенкам. У дадатак В. Сліўкіным да гэтай тэмы ў Лідскім гістарычна-мастацкім музеі адкрыта выстава "Крылы над Лідай", якую з задавальненнем наведваюць лідскія авіятары, краязнаўцы нашай краіны і моладзь Лідчыны.

Практычна ўся гістарычная частка кнігі "Памяць. Ліда і Лідскі раён" пададзена Валерыем Васільевічам.

На аснове яго даследчай работы музеем распрацавана музейна-асветніцкая праграма "Старадаўніх муроў адраджэнне", якая ў 2009 годзе была ўганаравана Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

У сувязі з юбілейнай датай калектыў ДУ "Лідскі гістарычна-мастацкі музей" з самымі шчырымі і цёплымі пажаданнямі віншуе свайго чулага, спагадлівага і незаменнага супрацоўніка з днём нараджэння, жадае яму здароўя і доўгіх год творчага жыцця.


Дарогі Лідчыны

Каралеўскі тракт

Міхал Шымялевіч

У старых польскіх хроніках захавалася шмат успамінаў пра ліцвінскія наезды на землі паўднёва-ўсходняй Польшчы. Кромер пад 1253 г. занатаваў, што Літва сплюндравала драўляны замак у Любліне і землі вакол. У 1281 г. ён зноў занатаваў, што ліцвіны з яцвягамі напалі на Любліншчыну, але Лешак Чорны дагнаў іх паміж Нарвай і Нёманам і 13 кастрычніка разграміў, а нарабаванае адабраў. Пасля нядоўгага спакою ў часы Альдоны Гедзімінаўны, у 1351 г. Літва прайшла праз Уладзімір, Белз, Хэлм і Бярэсце дзе кар. Казімір адбудаваў замкі з цэглы, дайшла да Львова, і пасля нішчыла Сандаміршчыну і Любліншчыну, забрала вялікі палон і акрамя іншага абрабавала Святакрыжскі кляштар. У 1375 г. Кейстут, Ягайла, Вітаўт, Любарт і Юры сплюндравалі Люблінскі павет і Сандамірскія землі (Marcin Kromer. Kronika etc.wydanie Bohomolca 1766 r. p. 281, 289, 353, 371, 380).

З Іпацьеўскага летапісу ведаем, што ўзброеныя ліцвінскія дружыны ў XIII ст. наязджалі не толькі на польскія землі, але і на землі рускіх князёў Заходняй Валыні.У 1246 г. Айшвна Рушкавіч ваяваў каля Перасопніцы , а ў 1254 г. сыны Міндоўга - каля Турыйска. У адказ валынскія князі даходзілі да земляў Літвы. У 1252 г. князь Уладзімірскі Васілька пасылаў свае палкі на Ваўкавыск, а ў 1261 г. Данііл, пакінуўшы сваю жонку і брата Васільку ва Ўладзіміру, заняў Ваўкавыск і ваяваў каля Зельвы, расшукваючы свайго сына Рамана, якога ўзяў у няволю князь Войшалк. У 1278 г. князь Уладзімір Васількавіч зайшоў ажно за Нёман і заняў Турэйск і сёлы каля Турэйска. (Полн. Собр. Рус. Лет., II, 1908, 797, 819, 847, 874.). Палкі Гедзіміна маршыравалі на Луцк і Кіеў, так жа, як і ягоныя сыны Яўнут і Кейстут.

У тыя стагоддзі узброеныя ліцвінскія дружыны стала нападалі на крыжацкія паселішчы ва Ўсходняй Прусіі, даходзілі да Рыгі, былі пад Рэвелем, ваявалі ў Пскове, Русе, Тарапцы, Таржку, Смаленску і Бранску-Северскім. Прасочваючы па карце кірункі тых узброеных паходаў, не цяжка зразумець, што асяродкам, адкуль яны выходзілі, быў раўнінны край над Віліяй - недасяжнае для ворагаў гняздо будрысаў ліцвінскіх. Аўкштайція. З гэтага гнязда ва ўсіх кірунках стала чыніліся выправы - дзеля здабычы жалеза, солі, дарагіх скур, узбраення і быць можа коней, але найважнейшае - прыгожых дзяўчат: русінак, ляшак, немак і ўсіх іншых народнасцяў, да якіх дабіраліся ліцвіны.

Шлях тых збройных рухаў на поўдзень ад Аўкштоўты праходзіў па добра вывучаным да драбнюткіх дэталяў водападзеле рэк двух басейнаў - Балтыйскага і Чорнага мораў. Нават на ўчастку паміж верхнім Нёманам і Віліяй, гэты шлях праходзіў па восі водападзелу басейнаў рэк Дзітвы і Лебяды з аднаго боку і Котры з другога. На гэтым шляху, ад Віліі да Іквы прыходзілася найменшая колькасць пераправаў праз рэкі і найбольшая колькасць лясістастай мясцовасці. Дзесьці каля Берасця ад гэтага шляху адгаліноўваўся шлях да Падкарпацця.

У апісанні межаў Крамянецкага павета ў 1566 г. (Русск. Истор. Библ. XXX. 891.) успамінаецца "магіла Ганчарыка, якая стаіць на Вялікім Чорным шляху татарскім". Александра Гваньіні апісваў ў 1578 г. татарскія шляхі (Sarmacja Europejska, wydanie Bohomolca 1768, 618.), ён напісаў пра Кучменскі тракт з Ачакава да Львова, пра Чорны шлях - са Львова на Луцк і Заслаў да Кіева, а адтуль да Ачакава. Гэты старадаўні Чорны татарскі шлях, згодна з картамі Rizzi Zannini 1772 г., браў пачатак з паўночнага берага Чорнага мора і вёў на паўночны захад, ажно да Базаліі каля Крамянца, злучанай з Крамянцом вялікім гасцінцам. Вітаўт вёў свае палкі гэтым шляхам ажно да Чорнага мора, і наадварот ад мора, з Перакопу, гэты шляхам прыходзілі татары на Валынь і Палессе. Калі наезды татараў спыніліся, гэтым шляхам, паміж Вільняй і Крымам праз Перакоп карысталіся паслы, ганцы і купцы з таварамі.

Пры канцы 1385 г. гэтым шляхам у таварыстве князёў і баяраў ехаў праз Ваўкавыск і Берасце ў Кракаў вялікі князь літоўскі Ягайла, а на пачатку 1387 г., ужо як польскі кароль Уладзіслаў, ён па гэтай жа дарозе варочаўся ў Літву, везучы каралеўскую "здабычу" Ядвігу ў атачэнні князёў, паноў, баяраў і святарства. Улетку 1415 г. кароль Уладзіслаў Ягайла, залатвіўшы справы ў Снятыні з ваяводам мультанскім Аляксандрам, ехаў гэтым шляхам праз Крамянец, Кобрын, Ваўкавыск, Эйшышкі ў Трокі. (Wapowski. Kronika. I. 376.). У 1449 г. каралевіч Казімір, ехаў з Кракава ў Вільню, адпусціўшы абоз каля Свіслачы, ён прыбыў да Нёмана ў паселішчы пад назвай Дубна. Там, на пераправе, каралевіча спаткалі літоўскія князі і паны і прынеслі яму прысягу як найвышэйшаму гаспадару і дзедзічу іх народа. З Дубна праз Новы Двор, Васілішкі і Эйшышкі ўсе разам прыехалі ў Вільню (T. Narbutt. Dzieje. VIII. 13.).

З вышэйнапісанага вынікае, што ў першай палове XV ст. дарога Кракаў - Вільня ў ваколіцах Нёмана мела два варыянты: адзін з Ваўкавыска наўпрост на Эйшышкі, другі з-пад Свіслачы праз Дубну і Новы Двор на Васілішкі і Эйшышкі.

Па першым з гэтых варыянтаў пераправа цераз Нёман знаходзілася трохі вышэй вусця ракі Шчара. Гэты старадаўні перавоз да якога вяла вялікая дарога з Вільні да далёкага Перакопу, называўся Перакопскім і назва Перакоп над Нёманам захавалася да нашага дня як назва невялічкай вёскі.

Казімір Ягелончык кіруючы адначасовы Каронай і Літвой, стала падарожнічаў паміж Кракавам і Вільняй і таму дбаў па стан дарогі, якая злучала дзве сталіцы, а таксама пра рачныя пераправы і бяспеку вандроўнікаў. У данацыйнай кнізе караля Казіміра Ягелончыка ёсць запіс аб прывілеі, нададзеным Алізару Шловічу на Гарохаў і іншую маёмасць, прывілей выдадзены ў Астрыне 23 ліпеня індыкта 14, 1450 г. З прывілею бачна, што ў той час каралеўская дарога ішла цераз Нёман яшчэ на Дубна. Іншы запіс - у той жа кнізе без даты, пад загалоўкам "У Турэйскай воласці" (у той час Турэйскай воласць, якая ляжала над Нёманам, належала да Гарадзенскага княства). Гэты запіс паведамляе пра наданне каралём Раману Карэйвічу зямельнага ўладання з назвай "Омсціл" каля моста - "Ля моста Рамана Карэйча ...". Гэта першае ўпамінанне пра мост у Турэйскай воласці над Нёманам (Русск. Истор. Библ. XXVIII. 102 і 113.). Барон Гербенштэйн, які праязджаў тут у 1517 г., запісаў "Mostu uno milari ad tlumen Nemen situm oppidum quod a pontee Nemen imposito nomen accepit: Most enim pons est." (Reeum Moscoriticarum, 154.)

Пасля пабудовы новага маста цераз Нёман паміж Перакопам і Дубнай за палову мілі на поўдзень ад Шчучына, дарога скіравала на Ражанку і Масты. На перакрыжаванні дарог, з якіх адна ішла на Перакоп, а другая на Масты з казіміраўскіх часоў для падарожных стаяў дужы камень з выбітым на ім крыжам.

У часы Жыгімонта гэты тракт атрымаў назву Каралеўскага. Ён ішоў з Кракава да новага ў той час горада Корчунь, Сандамір, Люблін, Парчоў, Берасце, Камянец Літоўскі, Шарашоў, Ваўкавыск, Пяскі, Масты, Васілішкі, Радунь, Эйшышкі, Руднікі і адтуль праз чатыры мілі была Вільня. Праз час дарога памянялася: ад Любліна ішла на Коцк, Менджырэц да Мельніка, першага ліцвінскага горада, адтуль на Бельск, Нараў, Крынкі і далей праз Гародню, Мерач, Алькенікі і Руднікі да Вільні (M. Balinski. Starozytna Polska. III, 327.). Гэтым трактам з Кракава ў Вільню ехаў у 1517 г. барон Гербенштэйн, які пакінуў нам поўны спіс усіх станцый па дарозе. Згодна з яго спісам, пасля Ваўкавыска дарога ішла праз Пяскі, Масты, Шчучын - 3 мілі, Васілішкі - 3 мілі, Радунь - 5 міль, Эйшышкі - 2 мілі, Руднікі - 5 міль і Вільня - 4 мілі.

Гэтым трактам з Вільні на Эйшышкі і Радунь улетку 1535 г. ехаў кароль Жыгімонт І, а чэрвені 1551 г. з Кракава праз Ваўкавыск, Масты, Ражанку, Шчучын, Васілішкі і Радунь кароль Жыгімонт праводзіў парэшткі сваёй жонкі - каралевы Барбары з Радзівілаў. "Чорнай масці коні цягнулі воз з парэшткамі каралевы, а за ім у глыбокім смутку на кані усю дарогу ехаў кароль. Калі жалобная працэсія ўваходзіла ў вёску ці мястэчка, Жыгімонт Аўгуст злазіў з каня і пешкам ішоў за труной. Ніякае дрэннае надвор'е ці іншыя праблемы не маглі яго прымусіць змяніць хаду працэсіі. Труну з парэшткамі каралевы на ноч заносілі ў касцёл, і чарговы пробашч і іншыя мясцовыя духоўныя асобы служылі жалобную службу па памёршай" (M. Balinski. Pamietniki o krolowej Barbarze. 1840 r. II 305.). Калі кароль Жыгімонт ІІІ перанёс у 1596 г. сталіцу з Кракава ў Варшаву, гэты тракт у нейкай ступені страціў сваю значнасць. А Целарый у 1660 г. так напісаў пра Радунь: "Радунь, мястэчка на дарозе з Любліна да Вільні, паміж Ваўкавыскам і Руднікамі" (S. 302.).

Паўсюдна на Лідчыне гэтая дарога мела назву Віленскага гасцінца. У рэестры апісання зямель ягамосьці Станіслава Сангіна, уладальніка маёнтка Багуслаўскага ў Лідскім павеце ў 1589 г. запісана: "поле Панятышкі ... грунт ад Хамічоў да гасцінца Віленскага", ці "памесце Любкевічаў пры дарозе Віленскай". У 1539 г. дзяржаўца Ожскі і Пераломсі Мікалай Андрушавіч атрымаў ад караля Жыгімонта прывілей на рамонт грэблі і моста ў Пелясе, у дзяржаве Барцянскай, на гасцінцы Віленскім і на пажыццёвае збіранне мыта. Гэта грэбля здаўна вядомая пад назвай Каменнага моста. У інвентары маёнтка Пеляса ад 1793 г. чытаем: "Кавалак грунту ляжыць каля Каменнага моста за Вялкімі балотам з абодвух бакоў дарогі, якая ідзе ад Каменнага моста да Пелясы Барцянскай". Мацей Гіньця 4 лютага 1522 г. прадаў зямлю Тэадору Гайку "ад грэблі старой да става каля двара свайго і ажно да Віленскага гасцінца насупраць Дзегцяроў". У реестры памераў маёмасці Шчучына ў 1630 г. дарога ад Шчучына да Васілішак таксама названа была Віленскім гасцінцам, у дакуменце, які апісвае маёмасць Руткевіча ў 1644 г. гэтую дарога на ўчастку, які вядзе ад Ражанкі названа гасцінцам Ражанскім: "... на частку пана Яраша Каменскага Навіны, з аднаго боку ад гасцінца Ражанскага, які ідзе з Ражанкі да Шчучына ...".

Пад канец XVIII ст., калі амаль што цалкам дарожны рух паміж Вільняй і Варшавай пайшоў праз Мерач і Гародню, Каралеўскі тракт быў закінуты і нават не абазначаны на картах Rizzi Zannoni 1772 г.

Польскі тракт

Міхал Шымялевіч

Лідчына знаходзіцца на скрыжаванні дзвюх даўніх віленскіх дарог: Каралеўскага тракта і тракта, які пасля 1812 г. зваўся Польскім. Гэты тракт - вялікая старасвецкая дарога, якая ішла з усходу - з Русі - з боку Масквы, ад Смаленска і Воршы на Менск, Наваградак, Беліцу, Жалудок, Шчучын, Гародню, Аўгустоў і заканчвалася на беразе Балтыйскага мора ў Караляўцы. Усе вякі гэтая дарога мела вялікае ваеннае значэнне - па ёй прайшлі арміі ўсіх дзяржаў і народаў, якія калісьці тапталі нашыя нізкія наднёманскія абшары.

Менавіта па гэтай дарозе, як пісаў летапісец Быхаўца, вялікі князь літоўскі Эрдзівіл у сярэдзіне XIII ст. "пошодшы да Новогородка и зарубил город Городен, и потом пошол до Берестя". Пэўна, па гэтай дарозе неаднаразова ішлі крыжацкія атрады да Гародні, а калі атрымлівалася, дык і далей на ўсход. Так, у 1315 г. маршал нямецкага ордэна брат Генрык "з усёй сваёй сілай прыйшоў у Крывіцкую зямлю, дзе мястэчка Наваградак узяў, грунты выпаліў і землі спустошыў". А калі крыжакі, вяртаючыся прыйшлі да месца, дзе лупы і іншую здабычу пакінулі пад аховай, дык знайшлі 30 сваіх воінаў забітымі старастам гарадзенскім Давыдам, а лупы ім былі забраныя.

Гэтай дарогай увесну 1415 г. з Смаленска да Гародні мітрапаліт маскоўскі Фоцій паспяшаў да вялікага князя Вітаўта з намерам угаварыць яго не аддзяляць сваю царкву ад маскоўскай царквы. Непрыняты Вітаўтам, Фоцій вярнуўся ў Маскву. У 1448 г. кароль Казімір пасля свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны прыбыў з Пінска ў Наваградак і пасля правядзення тут сойму, паехаў у Гародню. Па гэтай дарозе ішоў і замежны гандаль з Прусіяй: 25 лютага 1516 г. кароль Жыгімонт І пацвердзіў гарадзенскім месцічам даўняе права вольнага, без мыта на рацэ Мэце, праезду ў Прусію. У дакументах ад 1674 г. тракт узгадваецца як дарога з Гародні да Караляўца на Аўгустоў, дзе была мытня, праз якую купцы з таварамі ездзілі за мяжу. У рэвізіі Гарадзенскай эканоміі 1558 г. у спісе агароднікаў Мікалаеўскага двара гэтая дарога называецца "Гародзенскай": "а пачата ім раздаваць моргі сядзібныя ад дарогі вялікай, Гародзенскай, якая ідзе са Шчучына да Гародні". У апісанні межаў Гарадзенскага павета ў 1556 г. пра гэтую дарогу сказана: "а рекою Турею у верх по дороге з Новагородка идучую до Городна, а с тое дороги межы Шчутина и Ятвеска в реку Котру". З мясцовых дакументаў, рэестру памераў і падзелаў Шчучынскіх зямель ад 7 кастрычніка 1630 г. гэтая дарога да Гародні называецца "Гародзенскі гасцінец", кавалак ад дарогі ад Шчучына да Жалудка называецца "гасцінец Жалудоцкі". Калі ў 1678 г. у Гародні праводзіўся трэці сойм, тракт гэты пачалі яшчэ больш выкарыстоўваць. Ужо ў тыя часы па тракце курсавалі пошты паміж усходнімі і заходнімі межамі дзяржавы, а ў Гародні ўжо ў 1688 г. функцыянавала пошта, якая перасылала прыватныя лісты. Гарадзенскі сойм 1726 г., дагаджаючы жаданням Наваградскага ваяводства, дазволіў стварыць пошту за кошт самога ваяводства з мэтай "перасылкі публічных ведамасцей з Наваградка ў Вільню, а таксама ў Гародню і Менск".

На пачатку 1706 г. гэтым трактам з Гародні на Наваградак ішла расійская армія цара Пятра Аляксеевіча, а за ёй ішла армія шведскага караля Карла XII. Праз два гады гэтыя абедзве арміі, паўторна перасоўваючыся з захаду на ўсход, нішчылі наш край. Пасля выбуху красавіцкага паўстання, у першыя дні траўня 1794 г. гэтым трактам на Беліцу адыходзіў абцяжараны здзёртай з Гародні кантрыбуцыяй корпус генерал-маёра князя Цыцыянава, якога пад Жалудком і Беліцай атакавалі аддзелы паспалітага рушэння генерала дэ Кампа-Сцыпіёна. Каля Беліцы стараннямі капітана артылерыі Фока за дзесяць гадзін быў пабудаваны мост даўжынёй у 38 сажняў па якім корпус Цыцыянава пераправіўся на другі бераг Нёмана. Даносячы пра гэта галоўнакамандуючаму расійскімі войскамі Ігельстрому, князь Цыцыянаў пісаў, што "рускае войска ў Беліцы не знайшло нічога польскага (узброеных сіл), акрамя яўрэяў, якія падтрымлівалі нелегальную карэспандэнцыю з паручнікам Корсакам у лагеры пад Лідай".

Гэты тракт пад канец XVIII ст. лічыўся адным з найважнейшым, пра што сведчыць тая акалічнасць, што ён прысутнічае на карце Rizzi Zannini 1772 г. выкананай у Парыжы. На гэтай карце пры тракце падаюцца назвы населеных пунктаў, якія я тут падам у якасці ілюстрацыі як наогул перакручвалі назвы мясцовасцей нашай зямлі: Kozlowice, Skidel, Zelobatymow, Kamionka, Jelka, Jatwies, Psurja, Szczuczyn, Osares, Zoludek, Suszona, Bucilki, Sbliansa, Bielica, Kowki, Nowina, Municy, Noeogrodek, Korelice, Mir, Minsk, Borysow.

У 1812 г. па тракце ўцякалі адступаўшыя рускія войскі з тысячамі фурманак, а следам за імі ішла армія караля вестфальскага Гераніма. У складзе гэтай арміі быў V корпус князя Юзафа Панятоўскага, а менавіта 16-я дывізія генерала Заёнчака - 11, 13, 15, 16 палкі. 17-я дывізія генерала Дамброўскага - 1, 17, 6 і 14 палкі, 18-я дывізія генерала Княжэвіча - 2, 8 і 12 палкі пяхоты і 4 полк конных стралкоў. І таксама дывізія кавалерыі генерала Камінскага - 1 і 5 палкі конных стралкоў, 12 уланскі, 13 гусарскі. У кампаніі 1812 г. гэты тракт атрымаў назву "Польскі". Пасля катастрофы Вялікай Арміі, цар Аляксандр І, пераносячы ваенныя дзеянні рускай арміі ў Заходнюю Еўропу, 3 лютага 1813 г. выдаў указ аб арганізацыі шпіталяў і складоў на ваенных дарогах. Прычым дарога ад Менска на Наваградак, Беліцу, Жалудок, Шчучын і да Гародні атрымала нумар 7 і была перададзена ў кіраванне менскаму каменданту. У Шчучыне быў закладзены ваенны склад. Другім указам цара 12 лютага 1818 г. гэтая дарога - ад Гародні на Менск і далей, да Масквы - была абазначана як тракт для этапавання вязняў у Сібір: у Жыдомлі, Скідалі, Каменцы, Шчучыне, Жалудку і Беліцы пабудавалі этапныя дамы (турмы), і для канваявання вязняў у Каменцы і Беліцы пакінуты вайсковыя каманды, сфармаваныя з жаўнераў гарадзенскага батальёна ўнутранай варты.

Пры класіфікацыі дарог ў палове XIX ст. гэты тракт быў залічаны ў катэгорыю дарог вайскова-сельскіх 3-й катэгорыі. У 1865 г. дарожны камітэт у Лідзе залічыў тракт у катэгорыю гандлёва-вайсковых, і ў гэтым жа годзе, пасля пачатку руху па чыгунцы Пецярбург-Варшава наш тракт перастаў быць этапным.

Частка тракту ад Гародні да Казарэзаў ў 1796 г. была выпраставана і абкапана падвойнымі равамі, абсаджана падвойнымі радамі бяроз і залічана ў дарогі паштовай камунікацыі. На гэтым кавалку паштовая камунікацыя паміж Лідай і Гародняй трымалася да 1907 г., пакуль пошту не пачалі вазіць па чыгунцы Маладзечна - Ліда - Ваўкавыск.

Лакальная паштовая камунікацыя паміж Жалудком і Гародняй адсутнічала з 1796 г., адноўлена пасля адкрыцця ў Жалудку паштовага аддзела ў 1882 г. У 1897 г. закладзена тэлеграфная лінія паміж Жалудком і Шчучынам, прычым тэлеграфнае аддзяленне пачало працаваць у Жалудку 1 студзеня 1898 г.

Для паўнаты карціны дазволю сабе прывесці тут фрагмент з рэдкага зараз тэксту Эдварда Хлапіцкага, які ў красавіку 1862 г. ехаў гэтай дарогай з Наваградка ў Гародню:

"Пасля выезду з горада Міндоўга некалькі вёрст робім па ўжо знаёмым нам Лідскім тракце і толькі ад станцыі Навіны, паварочваем улева. Цёмны сасновы бор, у ім жабрацкая карчма і дзве дарогі, летняя і зімовая, названыя ў кампанію 12-га года Польскім трактам, і больш на працягу двух міль няма на што звярнуць увагі. Далей, за борам Нёман і мяжа Менскай губерні, а за Нёманам вёска і мястэчка князя Вітгенштэйна Беліца. Дарога ў тры мілі з Беліцы да Жалудка бяжыць сярод шырокіх раўнін, якія ўпрыгожваюцца гаямі і маляўнічымі вёскамі. Вялікія абшары, а пасярод іх купкі з бярозак, ліп і каліны. Часам па квяцістых лугах уюцца раўчукі, нагадваючы нам добра знаёмую Францыю і яе прыгожыя раўніны пад Саонам у Бургундыі. Тая ж дрымотнасць і пяшчотнасць пейзажу, тая ж самая неахопліваная вокам, у смузе вясковых дымоў і надводнай пары, знікаючая перспектыва. Толькі сялянскія хаты і сам побыт сялян іншыя. Толькі згода і еднасць паміж рознымі сацыяльнымі пластамі іншая! На дзясятай вярсце за Беліцай краявіды мяняюцца. Прыгожы пас сасновых бароў, а сярод іх высокі надмагільны абеліск з напісаным на бронзе імем харунжага Філіповіча; скрыжаванне дарог, за лесам зноў палі, вёскі і абсаджаныя ляшчынай крыжы. Далей млын (Ходароўцы), белая і прыбраная як маладая дзяўчына цэркаўка паноў Грабоўскіх (Дзікушкі) і потым Жалудок". "... пакідаем Жалудок і праз мілю на ўездзе ў вялікі лес, пачынаецца паштовы гасцінец, які нас хутка прыводзіць у Шчучын".

Лідскі гасцінец

Аляксандр Снежка

Ад старажытных часоў ліцвіны стараліся палепшыць шляхі зносін паміж сваімі населенымі пунктамі. За стагоддзі сваёй гісторыі яны збудавалі шмат гасцінцаў і іншых шляхоў камунікацыі.

У першыя стагоддзі сваёй гісторыі ліцвінам хавала сцежак праз лес і багну, цераз рэкі перапраўляліся праз броды ці на лодках, якія рабілі з аднаго кавалка вялікага дрэва.

Аднак развіваўся гандаль, раслі гарады, людзі пачалі вандраваць па сваёй краіне і ў Еўропу. Таму былыя дарожкі і сцежкі з часам ператварыліся ў шырокія гасцінцы. Тое ж адбылося і з Лідскім гасцінцам: гэта ёсць тыповая, адвечная дарога, абсаджаная па абодвух баках бярозамі ў два рады. Такія шляхі раней называліся "гасцінцам" ці паштовым трактам.

Лідскі гасцінец у XVI-XVII ст. быў галоўнай артэрыяй злучаўшай Літву з Валынню і далей з багатым і культурным Кіевам. Гасцінец быў поўны руху і жыцця, служыў гаспадарчым і гандлёвым мэтам, ніколі не спыняўся тут рух падарожных паноў-рыцараў і купцоў. Нават узімку, у самыя лютыя маразы сунуліся тут сані з размаітым таварам, іх цягнулі малыя жмудскія конікі запрэжаныя доўгім шнурам (коні ішлі адзіна за другім), на поўнач везлі скуры звяроў, назад лён, каноплі, мёд, вырабы з дрэва і г.д. Увесну і ўлетку гасцінец напаўняўся скрыпучымі вазамі - так званымі "калымагамі" - везлі драўняны попел, варочаліся з вырабамі з жалеза, віном і перакопскай соллю. Ехалі па Лідскім гасцінцы таксама і багатыя карэты з узброенай аховай, кур'еры, пошты і эстафеты, пешшу ішоў бедны люд. Паветра напаўнялася скрыпам вазоў, рыканнем кароў, крыкамі вазніц, адмысловымі сігналамі паштовых карэт.

Уздоўж Лідскага гасцінца густа стаялі нашыя тыповыя корчмы з шырока адчыненымі брамамі. Тут адпачывалі дзясяткі дарожных коней, а стомленыя людзі знаходзілі чарку гарэлкі, добры сняданак і ложак для начнога адпачынку. Корчмы былі месцам сутрэч і размоваў для падарожных паноў, рыцараў і купцоў.

Пасля пабудовы чыгункі, тракт спусцеў, зніклі корчмы, па былым гасцінцы рухаліся толькі сялянскія вазы ці босыя пастухі пераганялі гурты кароў. Усе прайшло, і стары тракт застаўся як сведка памяці стагоддзяў. Тым не менш, менавіта ў гэтыя часы гасцінец быў абсаджаны радамі бяроз.

У апошнія часы па трасе былога Лідскага гасцінца збудавана сучасная, роўная і сталая шаша, якая злучае Вільню з Лідай. Шаша выходзіць з прадмесця Вільні, так званай Ліпаўкі і праз 94 км, ідучы цераз Яшуны, Малыя Салечнікі, Вялікія Салечнікі, Беняконі, Воранава, Жырмуны ператвараецца у Віленскую вуліцу горада Ліды на прадмесці, якое раней звалася Закасанкай.

Зараз на гэтай дарозе рухаюцца аўтамабілі - як асабістыя, так і грузавыя з аўтобусамі, і, пэўна, Лідскі гасцінец можа адрадзіцца да ўзроўню дачыгуначных часоў.

Пераклад Леаніда Лаўрэша


Адкрывальнік малавядомых абшараў.

Ён знаёміць з малавядомымі мясцінамі Беларусі.

Распрацоўшчык новых турыстычных маршрутаў.

Інжынер, гісторык, краязнавец, экскурсавод.

(Да 50-годдзя Ігара Валер'евіча Гатальскага)

Ігар Гатальскі - высокаадукаваны, высокапрафесіянальны, гісторык, краязнавец, экскурсавод, хаця мае тэхнічную адукацыю інжынера-механіка. Добра ведае геаграфію Беларусі, гісторыю народаў, мястэчак, вёсак і ўрочышчаў, вывучае помнікі і знаходкі. Ён вельмі адказна ставіцца да сваёй працы, да кожнай экскурсійна-турыстычнай паездкі старанна рыхтуецца, каб не трапіць часам, як кажуць, у нявыкрутку. Збоеў у яго працы не было.

Ігар Гатальскі нарадзіўся 7 чэрвеня 1965 года ў Менску. Бацька Валерый Фёдаравіч і маці Раіса Цімафееўна (дзявочае прозвішча Мінчанка) Гатальскія працавалі інжынерамі ў Інстытуце тэхнічнай кібернетыкі Акадэміі навук БССР.

Прозвішча Гатальскі лічыцца беларускім шляхецкім ці нават польскім. На Магілёўшчыне, дзе жыў яго дзед Фёдар Фёдаравіч, у пачатку ХХ стагоддзя былі паны Гатальскія. Яны валодалі маёнткамі ў цяперашнім Краснапольскім і Чэрыкаўскім раёнах. Маёнтак Прыдарожжа пані Гатальскай размяшчаўся недалёка ад вёскі Лабанаўка Чэрыкаўскага раёна, дзе жылі продкі бабулі па лініі маці. Магчыма, што далёкія продкі маці Ігара - Халаевы - працавалі на далёкіх продкаў дзеда Ігара - Фёдара - паноў Гатальскіх.

Ігар вучыўся ў школах № 62 і № 66 у Менску. У 1987 годзе паспяхова закончыў Беларускі політэхнічны інстытут (цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт). Паводле размеркавання быў накіраваны на працу ў Фізіка-тэхнічны інстытут АН БССР у галіне парашковай металургіі. Але праца звычайнага "тэхнара" яго не вельмі вабіла. З дзяцінства ён любіў вывучаць геаграфічныя карты, атласы, чытаць кнігі па гісторыі Беларусі. Вывучаў схемы горада Менска, пазней ваколіцы горада, потым зацікавіўся больш далёкімі пажарожжамі па Беларусі і па суседніх краінах (Літва, Расія, Польшча ды іншыя). Падчас навучання ў інстытуце захапляўся бальнымі танцамі ў студыі "Мара" пры Палацы культуры МТЗ і мастацтвам. Займаючыся ў студыі, адчуў мастацтва рухаў чалавека, таму пачаў наведваць Вялікі тэатр оперы і балета. Калі бабуля Вера Сяргееўна вадзіла маленькага Ігара ў тэатр, то ён не меў ахвоты глядзець спектаклі, а потым з'явілася вялікае жаданне наведваць тэатр.

Пазней у Ігара Валер'евіча абудзілася цікавасць да гарадскіх свят, дзе ён выступаў у танцавальных масоўках, з'явілася цікавасць да дойлідства: наведваў музеі, "Беларускую хатку", удзельнічаў у літаратурных і мастацкіх вечарынах, вывучаў вусную народную творчасць. Прысутнічаў на нацыянальных святах Купаллі, Калядах, Ночы Музеяў, у Заслаўі, на "Талацэ".

З восені 1989 года да пачатку 2000-х гадоў распрацаваў і ажыццявіў шмат вялікіх (5-6 дзён) роварных падарожжаў з сябрамі-талакоўцамі. Вандруючы па мясцінах Беларусі, Ігар знаходзіў невядомыя яму помнікі, розныя рэчы, рэшткі храмаў, закінутых сядзіб. Даследаваў збудаванні Менскага ўмацаванага раёна 1930-х гадоў.

Падарожжы па гістарычных мясцінах, з'явіліся цікавымі і карыснымі для Ігара - гэта рухі цела, адчуванне прыгажосці прыроды, спазнанне чагосьці новага, знаёмствы з людзьмі.

З маленства Ігар чуў і ў Магілёве, і ў Менску рускую мову ці "трасянку" і лічыў, што размаўляць на ёй няправільна. У школе, у старэйшых класах ён адзіны выпісваў некалькі гадоў газету "Чырвоная змена".

У пачатку 1990-х гадоў Ігар Гатальскі далучыўся да клуба "Беларуская хатка", дзе ладзіліся лекцыі і сустрэчы з пісьменнікамі, артыстамі, вучонымі, наведваў мастацкія выстаўкі ды іншыя імпрэзы. На той час кіравала гэтым клубам Ала Міхайлаўна Ходан. Экскурсіі і турыстычныя паездкі, у якіх Ігар прымаў удзел ужо як кіраўнік паездкі, прывялі да таго, што ён пакінуў "размову з металам" у АН БССР і перайшоў у гуманітарную сферу. Ён пачаў супрацоўнічаць з турыстычнымі фірмамі, якія яго ўжо запрашалі ў якасці экскурсавода, займеў пэўную вядомасць ў турыстычных колах тады, калі была разваленая сістэма падрыхтоўкі кадраў экскурсаводаў у Беларусі і не была яшчэ наладжана новая, якую пачалі ствараць у 2002 годзе.

Атрымаўшы турыстычнае пасведчанне, Ігар паводле прапановы дэканата Вышэйшай школы турызму Беларускага нацыянальнага эканамічнага ўніверсітэта быў запрошаны ў Навучальна-вытворчы камбінат № 2 Фрунзенскага раёна Менска выкладаць экскурсазнаўства. На гэтай пасадзе Ігар прапрацаваў шэсць гадоў.

У 1999 годзе ў БДУ адкрылася Вышэйшая школа экскурсаводаў і менеджараў турызму, і Ігар Валер'евіч адначасова з працай у НВК атрымаў вышэйшую адукацыю - турыстычную. Тэмай яго курсавой работы быў "Патэнцыял турызму ў Менскай вобласці".

Потым Ігар Гатальскі працаваў у турыстычнай фірме "Менскі абласны турыстычны цэнтр", турыстычнай фірме горада Заслаўе "Заслаўе-Тур". Горад Заслаўе ў 2005 годзе прадстаўляў Беларусь на Міжнародным фестывалі хлеба ў Італіі, куды Ігар у складзе дэлегацыі вазіў наш, беларускі, хлеб.

Наш хлеб, выпечаны на традыцыйнай заквасцы, якую везлі праз тысячы кіламетраў на самалёце, хаця і пёкся даўжэй за адведзены час, але меў найвышэйшую адзнаку - жыхары Еўропы даўно адвыклі ад такіх тэхналогій выпечкі хлеба. Хлеб атрымаўся, смачны, духмяны - на славу.

У 2003 годзе Ігар Гатальскі далучыўся да дзейнасці грамадскага таварыства "Явар". Ён вывучае сакральную геаграфію Беларусі - старажытныя і сучасныя культавыя мясціны, мясцовыя легенды, міфы, паданні, быліны і былічкі.

Экспедыцыі "Явара", акрамя запланаваных пошукаў, прыносілі і прыносяць Ігару нечаканыя адкрыцці і ўзбагачаюць яго веды пра Беларусь. У гэтых экспедыцыях яму часта даводзілася выконваць ролю "штурмана", які пракладвае шлях на карце да самых цяжка даступных мясцін і, звычайна, паспяхова. Экспедыцыі дазваляюць Ігару Гатальскаму ўсебакова пазнаёміцца з тымі куткамі Беларусі, дзе ён ніколі не бываў, пабачыць рэальны стан гістарычна-культурнай спадчыны на месцах, жыццё людзей у глыбінках Беларусі, адзначыць стан дарог і атрымаць задавальненне ад змены ландшафтаў у падарожжы па Беларусі.

У 2003 годзе пазнаёміўся з гістарычна-краязнаўчым аб'яднаннем "Прылуцкая спадчына", якое дзейнічае ў вёсцы Прылукі Менскага раёна ў Прылуцкім Цэнтры народнай творчасці.

У 2005 годзе аб'яднанню было прысвоенна званне "народнага".

З 2007 года Ігар Гатальскі быў кіраўніком "Прылуцкай спадчыны" і разам з заснавальнікам аб'яднання Інэсай Трафімаўнай Кароль, працаваў у Прылуках доўгі час.

У Прылуках, Станькаве, Негарэлым, Прусінаве, Менску Ігар Валер'евіч прымаў актыўны ўдзел у вечарынах, навуковых канферэнцыях, паездаках, прысвечаных памяці выдатных постацей свайго часу: мастака і кампазітара Напалеона Орды; вучоных і грамадзянскіх дзеячаў братоў Ельскіх; кампазітара Станіслава Манюшкі; графаў фон Гутэн-Чапскіх: Эмерыка, Караля, Марыі, Юзафа, Ежы, Альжбеты; мастака Зянона Паўлоўскага, які родам з Прылук; дваран Гарватаў - уладальнікаў Прылук; графаў Пуслоўскіх, параднёных з графамі фон Гутэн-Чапскімі; беларускага гісторыка і археографа Мікалая Ўлашчыка; Анатоля Валахановіча, Інэсы Кароль і многіх іншых.

Ігар Гатальскі ў Нацыянальным агенцтве па турызму прайшоў атэстацыю па экскурсіях: "Архітэктурныя і гістарычныя помнікі Беларускага Паазер'я", "Архітэктурныя і гістарычныя помнікі Міра і Нясвіжа", "Архітэктурныя і гістарычныя помнікі Слоніма, Жыровічаў, Сынкавічаў", "У горад-патрыярх Полацк", "Вёрсты памяці Стара-Віленскага шляху", "Дойлідства Налібоцкага краю", "Край азёраў, касцёлаў, паркаў...", "Памятныя месцы горада Магілёва", "Род графаў фон Гутэн-Чапскіх на Меншчыне" і іншых.

Ігар Гатальскі прымаў актыўны ўдзел у падрыхтоўцы і выданні шэрагу краязнаўчых атласаў для аўтатурыстаў, дзе, апрача карт, змешчаны звесткі пра цікавыя для наведвання гістарычныя, культурныя, прыродныя і іншыя аб'екты і мясціны.

Ігар Гатальскі лічыць, што галоўнае ў чалавеку - дабрыня, спагадлівае стаўленне да іншага, разважлівасць у прыняцці рашэнняў, цярплівасць, уменне прабачаць іншаму, важныя якасці здаровага жыцця.

Жадаю паважанаму спадару Ігару Валер'евічу моцнага здароўя, шчасця, даўгіх гадоў жыцця і ўсяго добрага, чаго ён сам сабе жадае!

Анатоль ВАЛАХАНОВІЧ.


На светлым беразе вечнасці…

Памінальныя вячарыны прайшлі ў Менску на ўспамін вядомых дзеячаў культуры Ўладзіміра Содаля (40 дзён) і Генадзя Бураўкіна (гадавіна з дня смерці), якія разам працавалі на Беларускім тэлебачанні, неслі роднае слова ў тэлепраграмах, выступленнях і кнігах.

Рэй на вячэры па Ўладзіміру Содалю 24 траўня вёў святар Леанід Акаловіч. Найперш ён з усімі прысутнымі памаліўся за спачын душы пісьменніка і адзначыў, што памяць яго будзе шанавацца з роду ў род. "Уладзімір Содаль як літаратуразнаўца ўшанаваў двух вялікіх шляхціцаў XIX-га стагоддзя: Францішка Багушэвіча і Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Тым самым ён узвялічыў свой род, які пашыраецца ў дзецях і ўнуках, адметны эканамічнымі даследваннямі і літаратурнымі здольнасцямі", - сказаў айцец Леанід.

Потым святар перадаваў слова гасцям па-старшынстве. Першым выступіў доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч: "З 1968 года мы мелі сяброўскія дачыненні з Уладзімірам Содалем. Яго смерць не прайшла незаўважнай для грамадскасці. Асабліва перажывалі гэтую страту нацыянальна-дэмакратычныя колы." Леанід Лыч захаваў вытрымкі з газет "Літаратура і мастацтва", "Звязды", "Краязнаўчай газеты"," Літаратурнай Беларусі" і перадаў іх сям'і пісьменніка. Гісторык адзначыў неабходнасць стварэння кнігі ўспамінаў пра пісьменніка, выдатнага дзеяча на ніве беларускай культуры.

Народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка ўзгадала пра калегу і сябра: "Увесь час, нават, калі ён хварэў апошнім часам, ён імкнуўся ісці ў ТБМ, у рэдакцыі газет. Яму хацелася як мага болей пакінуць на гэтай зямлі. У 60-тыя гады мы працавалі побач у будынку на вул. Камуністычнай. Уладзімір з навукова-пазнавальнай рэдакцыяй працаваў на першым паверсе. Недалёка была наша студыя. Не было дня, каб мы не сустрэліся з Валодзем, не пагутарылі. Я адчувала, што ён так добра рэдагаваў, папраўляў, ведаў беларускую мову, як ніхто іншы. Гэта быў светлы чалавек са шчырым, адкрытым сэрцам!"

Са ўспамінамі выступілі гісторык і краязнавец Анатоль Валахановіч, сябар пісьменніка са студэнцкіх гадоў, мастак Мікола Купава, паэт Генадзь Тумаш, сын Уладзіміра Содаля Марат, яго дачка Аксана і іншыя родныя.Усе прысутныя ўзгадвалі любоў нябожчыка да роднай мовы, пашану да народа і яго гісторыі, шчырасць, сяброўскасць і актыўнасць як даследчыка і навукоўца. Вечная яму памяць!

2 чэрвеня ў Менскай галерэі "У" адбылася прэзентацыя аўдыё- кнігі"Голас паэта" з запісамі вершаў Генадзя Бураўкіна, якая пабачыла свет супольнымі намаганнямі Студыі гуказапісу кампаніі Prastora.by, Саюза беларускіх пісьменнікаў і " Арт-Сядзібы".

На вечарыне прысутнічалі родныя незабыўнага грамадскага дзеяча і паэта - жонка Юлія Якаўлеўна, сын Аляксей і дачка Святлана. Відэашэраг дазволіў убачыць на экране самыя розныя падзеі з жыцця шаноўнага паэта: нарады маладых літаратараў, выступленні з мікрафонам перад аўдыторыяй, сустрэчы з Васілём Быкавым і Рыгорам Барадуліным, спатканні з сястрой і матуляй, адпачынак з сям'ёй, збор грыбоў і яднанне з прыродай. Гучаў голас паэта, блізкі і дарагі.

Першым слова ўзяў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч: "Нам не хапае мудрых парад нашага старэйшага сябра, з якім можна было заўжды пагутарыць у важныя моманты і прыняць правільнае рашэнне".

"Генадзь Мікалаевіч зрабіў беларускае тэлебачанне з саўковага - нацыянальным. Ён праводзіў творчы конкурс для прыцягнення і адбору таленавітых дыктараў, падтрымліваў іх. Адным з такіх быў паэт Анатоль Сыс," - узгадала народная артыстка Зінаіда Бандарэнка. Уладзімір Някляеў адзначыў адказную дзяржаўную дзейнасць і пачэсную місію Генадзя Бураўкіна ў ААН.

Адрыўкі з кнігі "Шчыра як на духу" пра свайго сябра прачытаў паэт Анатоль Вярцінскі.

- Якія рысы найбольш цаніў у людзях Генадзь Мікалаевіч?

- Вернасць, шчырасць, адкрытасць.

- Якія рысы былі яму прыкрымі?

-Хцівасць, хлусня, здрада.

- Якія моманты ў яго жыцці былі самымі шчаслівымі?

- Калі ў яго нараджаліся дзеці і калі выходзілі ягоныя кнігі. Праўда, першая кніга выйшла раней за нараджэнне сына.

Аб спатканнях з Генадзем Бураўкіным і зборы гуказапісаў распавёў рэжысёр Валеры Мазынскі. У аўдыёкнігу ўвайшлі запісы вершаў розных гадоў, а таксама паэмы "Хатынскі снег" і "Ўзнясенне" ў аўтарскім выкананні. Гэта амаль тры гадзіны трапяткога голасу паэта, які запісалі Алесь Калоша і Валер Мазынскі. З успамінамі на вечарыне выступілі Раіса Баравікова, Віктар Казько, Васіль Зуёнак, Міхась Скобла. Таццяна Матафонава і яе сын Адась выканалі песні на вершы Генадзя Бураўкіна.

"Да тых, хто застанецца, у мяне адна вялікая просьба: берагчы Беларусь, прадаўжаць тое, што зрабілі і не дарабілі яе сыны лепшыя. І спадзявацца, што ўсе мы - і тыя, што былі, і тыя, што будуць, і тыя, што ёсць, - усе мы вечныя. Вечныя ў нашай мове, вечныя ў нашай гісторыі, вечныя ў беларускай зямлі, у беларускім слове", - сказаў Генадзь Бураўкін 20 траўня 2014 года.

Эла Оліна. На здымках: 1. Валеры Мазынскі. 2. Таццяна і Адась Матафонавы .


Лёс чалавека і дыпламата

У Менску чытачы пазнаёміліся з новай кнігай Аляксандра Тамковіча "Няскораны Міхаіл Марыніч". Яна ўключае пяць інтэрвію з дзяржаўным дзеячам і палітыкам і развітальны ўспамін яго сяброў, калег і абаронцаў. Выданне аб'ядноўвае тры варыянты тэксту: беларускі, рускі і англійскі, бо разлічана на чытачоў у розных краінах, прадстаўнікоў дыпламатычных місій. Кніга выйшла накладам ў 1000 асобнікаў.

Кнігам Аляксандра Тамковіча "Лёсы", "Асобы", "Пераадоленне" і новай ўласцівы выключна ўважлівы і чалавечны падыход да сваіх герояў, да іх працоўных біяграфій, памяці пра іх жыццёвыя сцяжыны з цяжкога пасляваеннага дзяцінства, сустрэчы і шчаслівыя моманты, іх дасягненні на грамадскім полі дзейнасці, перыпетыі кар'еры, узлёты і выпрабаванні. Вялікую ролю выконвае шэраг фотаздымкаў, якія ілюструюць тэксты.

Міхаіл Марыніч, як і іншыя героі пісьменніка, выказваў сваю асабістую зацікаўленасць у падборы фотаздымкаў, бо ў маладосці захапляўся фатаграфіяй. Тут здымкі з часоў яго камандзіроўкі ў Афганістан, тут фотафакт, які адлюстроўвае адкрыццё першай лініі метро ў Менску, паездкі М. Марыніча ў ЗША, Японію, Іран. На спыненых імгненнях - ён з партнёрамі па бізнесу ў Варшаве, Празе, Браціславе. На сціплых і шэрых картках Міхаіл Апанасавіч - з бацькамі і братам, на пазнейшых глянцавых - з сынамі Ігарам, Паўлам і Міхаілам, але амаль паўсюль - ён са шчырай, адкрытай усмешкай.

Міхаіл Марыніч узначальваў Менскі гарвыканкам, быў паслом у Чэхіі, Славакіі, Венгрыі, Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі і верыў у магчымасць пераменаў у нашай краіне. Ён займаў пасаду міністра знешніх эканамічных сувязяў, быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 склікання. Пасля пераходу ў апазіцыю трапіў за краты, быў прызнаны палітвязнем

Аляксандр Тамковіч сустракаўся некалькі разоў з Міхаілам Апанасавічам, каб запісаць інтэрвію, апошні раз пасля яго другога інсульту. Але і ў гэты час герой адчуваў унутраны ўздым, распрацоўваў руку, спадзяваўся ўбачыць і падпісаць сябрам новую кнігу. На жаль, ён пайшоў з жыцця 17 кастрычніка 2014 года.

- Ён паказаў, як перамагчы зняволенне, перамагчы хваробу. Ён зрабіў маральны выбар, - сказала Таццяна Марыніч на прэзентацыі кнігі. - Я ўдзячная ўсім, хто падтрымліваў майго мужа падчас яго зняволення, хто не адвярнуўся ад яго.

Можна было б дадаць, што менавіта дзякуючы спадарыні Таццяне, яе каханню, яе веры і дапамозе, нараджэнню маленькага Мішы, Міхаіл Апанасавіч здолеў выйсці пераможцам з нягодаў, не скарыцца.

Аўтар ўдзяліў месца ў кнізе сябрам і калегам Міхаіла Марыніча - Васілю Лявонаву, Сяргею Фокіну, Уладзіміру Іскарцаву, і яны прыйшлі на сустрэчу з чытачамі.

На прэзентацыі кнігі прысутнічалі дыпламаты, былыя палітвязні, былыя кіраўнікі беларускай эканомікі, пісьменнікі, праваабаронцы. З успамінамі выступіла цяперашняя кіраўніца прадстаўніцтва Еўрасаюза ў Беларусі, а тады пасол Латвіі ў Менску Майра Мора. Аляксандр Тамковіч працягвае збіраць хронікі найноўшага часу і назапашвае матэрыял для будучага выдання.

Эла Дзвінская. Фота аўтара, на здымку: 1. Міхаіл Марыніч. Фота з кнігі. 2. Аўтар кнігі і сябры М. Марыніча. 3. Аляксандр Тамковіч падпісвае кнігу сябрам.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX