Вярнуцца: 2015

№ 24 (1227)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 24 (1227), 17 чэрвеня 2015 г.


Ведаць мову - абавязак

14 чэрвеня прайшло Цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове, на якое прыйшлі 24 % абітурыентаў, што менш, чым у папярэднія гады.


8 чэрвеня 2015 г. № 154

Адкрыты ліст

Спадару А.У. Кабякову

Прэм'ер-міністру

Рэспублікі Беларусь,

220010, г. Мінск, вул. Савецкая, 11. Дом Ураду

Аб мерах па пашырэнні ўжывання

дзяржаўнай беларускай мовы

ў сістэме адукацыі

Паважаны Андрэй Уладзіміравіч!

У пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714 "Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку арганізацыі і правядзення цэнтралізаванага тэсціравання" (апошняя рэдакцыя ад 17.04. 2014 № 363) запісана, што абітурыент мае права выбару для праходжання тэсціравання адной з дзяржаўных моў Рэспублікі Беларусь. Абыякавае стаўленне Міністэрства адукацыі да пашырэння ў грамадстве беларускай мовы прывяло да таго, што з кожным годам колькасць абітурыентаў, якія здаюць беларускую мову на ЦТ, увесь час змяншаецца. Цяпер гэтая лічба ў тры разы меншая, чым на іспытах па рускай мове. У 2014 годзе рускую мову абралі 78 тыс. абітурыентаў, а беларускую - толькі 26 тыс.

Сёлета тэсты па беларускай мове збіраюцца здаваць усяго 24 тыс. чалавек. (Рускую мову абрала 74 тыс. чалавек.) За пяць апошніх год колькасць абітурыентаў, якія абралі тэсціраванне па беларускай мове, зменшылася амаль утрая - з 67 да 24 тысяч. Толькі 3% абітурыентаў у мінулым годзе здавалі матэматыку па-беларуску. Гэта звязана з тым, што Міністэрства адукацыі мэтанакіравана знішчае навучанне на дзяржаўнай беларускай мове, асабліва ў вясковай мясцовасці пад выглядам ліквідацыі малакамплектных школ, а дзяцей, якія вучыліся па-беларуску, накіроўваюць у рускамоўныя школы, як мы бачым на прыкладзе г. Баранавічы.

У гэтым годзе колькасць абітурыентаў, якія збіраюцца пісаць тэсты па-беларуску па розных прадметах, вагаецца ад 1,3 % (па грамадазнаўству) да 11 % (па гісторыі Беларусі).

У сувязі з гэтым, мы прапануем унесці змены ў вышэйзгаданую Пастанову Савета Міністраў і ўвесці з наступнага года абавязковую здачу абітурыентамі экзамена на ЦТ па дзяржаўнай беларускай мове. Гэта будзе цалкам адпавядаць выказванню Кіраўніка беларускай дзяржавы, якое прагучала на ІV Усебеларускім народным сходзе: "Беларуская мова з'яўляецца важнейшым нацыянальным культурным здабыткам".

З павагай,

старшыня ТБМ А. Трусаў.


120 гадоў з дня нараджэння Леапольда Родзевіча

Леапольд Іванавіч РОДЗЕВІЧ (12 чэрвеня 1895, фальв. Кур'янаўшчына, Вілейскі павет, цяпер Лагойскі раён, Менская вобласць - 1938) - беларускі драматург, тэатральны і нацыянальны дзеяч.

Паходзіў з шляхецкага роду, які да пачатку ХХ ст. асяляніўся. Брат Ч. Родзевіча.

У 1909 скончыў гарадское вучылішча ў Вілейцы. Пад уплывам "Нашай нівы" пачаў пісаць па-беларуску. У 1914 пераехаў у Вільню, перад наступленнем нямецкіх войскаў у 1915 пакінуў горад. З 1919 жыў у Менску, у 1921 зноў вярнуўся ў Вільню. Рэдагаваў беларускія газеты ў Вільні: "Беларускі звон", "Наша будучыня" (1922-1923), з 1921 дзеяч Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА). Адзін з ініцыятараў уступлення ў 1923 БРА ў КПЗБ. Арыштоўваўся ў 1923. У 1924 сакратар Гарадзенскага падпольнага акружкама КПЗБ. З-за пераследу ўладаў увосень 1925 перабраўся ў Менск. Кіраваў замежнай рэдакцыяй прадстаўніцтва ЦК КПЗБ пры ЦК КП(б)Б, быў рэдактарам "Бюлетэня ІДК КПЗБ", у 1925-34 рэдактар газеты "Чырвоны сцяг" і часопіса "Бальшавік", працаваў у Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР.

Арыштаваны ДПУ БССР 18.7. 1933 па справе т. зв. "Беларускага нацыянальнага цэнтра". Адпраўлены ў Саратаў, дзе працаваў у лясніцтве. Паўторна арыштаваны ў 1938. Дакладная дата гібелі невядомая.

Друкавўся з 1912. Аўтар п'ес: "Пакрыўджаныя", "Блуднікі", "Збянтэжаны Саўка", "Пасланец", "Багаты і бедны", "Досвіткі", "Кавалі", "Конскі партрэт", зборнікаў вершаў: "Беларусь" (1922), "На паняволеных гонях" (1928), зборнікаў апавяданняў: "Рэвалюцыйным шляхам" (1928), "Вогнішча барацьбы" (1930).

Многія творы Леапольда Родзевіча, асабліва "Збянтэжаны Саўка", ставяцца тэатральнымі калектывамі Беларусі.

Вікіпедыя.


Валянціну Голубеву - 60

Валянцін Фёдаравіч ГОЛУБЕЎ (нар. 21 чэрвеня 1955, г. Крывы Рог, Днепрапятроўская вобласць, Украіна) - беларускі гісторык, доктар гістарычных навук. Прафесар (2014). Загадчык аддзела гісторыі Беларусі Сярэдніх вякоў і пачатку Новага часу Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі

Працаваў плітачнікам-абліцоўшчыкам у будаўнічым трэсце ў г. Светлагорску Гомельскай вобласці, служыў у войску.

Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1981). Праходзіў навуковыя стажыроўкі ў Жэнеўскім, Беластоцкім, Варшаўскім, Уроцлаўскім, Ягелонскім, Познаньскім універсітэтах, Віленскім педагагічным універсітэце.

Доктар гістарычных навук (тэма дысертацыі - "Сельская абшчына ў Беларусі XVI-XVIII стст."). У 2006 годзе стаў першым, хто атрымаў узнагароду імя Льва Сапегі, што дазволіла яму на працягу амаль года за кошт фундатараў займацца навуковаю працай і выкладаць у 5 польскіх універсітэтах. Мае вялікі досвед выкладання гістарычных дысцыплін у Беларускім дзяржаўным універсітэце, Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, Беларускім гуманітарным ліцэі.

На запрашэнне Зянона Пазняка ўступіў у Беларускі Народны Фронт і балатаваўся ад БНФ у дэпутаты на паўднёвым захадзе Менска. З 1990 па студзень 1996 - дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання, каардынатар Апазіцыі БНФ, сакратар Камісіі ВС па міжнародных справах і эканамічных сувязях. Адзін з аўтараў Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Быў сябрам Канстытуцыйнай камісіі. У 1991-1995 гадах - намеснік старшыні Беларускага Народнага Фронту, кіраўнік Менскай гарадской арганізацыі БНФ. Удзельнік галадоўкі дэпутатаў Апазіцыі БНФ у красавіку 1995 г. супраць рэферэндуму.

Жанаты, мае двух сыноў, унучку і двух унукаў.

Вікіпедыя.


Заява Рады Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць

Суверэнітэт - наша галоўная каштоўнасць

2015 год - год чарговых выбараў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Мяркуючы па ўсім, гэта важная палітычная кампанія ў нашай краіне будзе зноў ператвораная ў імітацыю "народнай падтрымкі" існуючай улады.

Унутры Беларусі развіваецца палітычны крызіс, працягваецца супрацьстаянне паміж апазіцыяй і ўладай. Не наладжаны дыялог паміж рознымі структурамі грамадства: уладай, грамадзянскай супольнасцю і палітычнымі партыямі. Няма механізму пераемнасці ўлады, што ў звязку з названымі абставінамі перашкаджае нармальнаму развіццю нашай краіны і яе канкурэнтаздольнасці на міжнародным узроўні. Назіраецца вялікі разрыў паміж сучасным узроўнем развіцця ў цывілізаваных краінах і ўмовамі, у якія пастаўлены грамадзяне Беларусі. Усё гэта ўзмацняецца знешнімі пагрозамі, калі высокапастаўленымі чыноўнікамі суседняй краіны праводзіцца адкрытая імперская палітыка і вядзецца размова пра страту незалежнасці Беларусі, пра яе анексію і ліквідацыю як самастойнай краіны.

Мы лічым, што дзеля захавання Беларусі як самастойнай суверэннай краіны неабходна зрабіць наступнае.

- Правесці дэмакратычныя выбары Прэзідэнта Беларусі, гарантуючы ўсім суб'ектам выбарчай кампаніі магчымасць свабодна выказаць сваю пазіцыю і сваё бачанне развіцця нашай краіны, забяспечыўшы роўны доступ палітычных партый, рухаў і іншых прадстаўнікоў апазіцыі да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі;

- Распачаць шырокі дыялог у грамадстве з удзелам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, палітычных партый і ўлады па правядзенні эканамічных і палітычных рэформаў;

Мы заклікаем грамадзян Беларусі далучыцца да нашых патрабаванняў.

Разам мы зможам захаваць незалежнасць нашай краіны і забяспечыць цывілізаваны шлях развіцця.


Заява Рады Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць па зменах у выбарчай сістэме Беларусі

Рэспубліка Беларусь існуе як самастойная краіна з 1991 года. За гэты час адбылося шмат выбарчых кампаній. Нашу занепакоенасць выклікае той факт, што з 1996 г. выбары, што праходзілі ў Беларусі, як парламенцкія, так і прэзідэнцкія, не былі прызнаныя легітымнымі міжнароднай супольнасцю. У сувязі з гэтым у беларускім грамадстве існуе недавер да сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі, што не спрыяе кансалідацыі і пагражае нестабільнасцю.

Мы, разумеючы ўсю небяспеку такога стану, заклікаем органы ўлады правесці сумленныя і свабодныя выбары.

Для гэтага мы патрабуем:

1) Неадкладна правесці перавыбранне цяперашняга складу Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў;

2) Даць магчымасць кандыдатам у Прэзідэнты дэлегаваць па адным прадстаўніку ва ўсе выбарчыя камісіі;

3) Пры прызначэнні прэзідэнцкіх выбараў абмеркаваць пытанне аб магчымасці ўдзелу ў выбарах у якасці кандыдата ў Прэзідэнты дзеючага кіраўніка дзяржавы;

4) Даць магчымасць усім кандыдатам у Прэзідэнты спакойна і без дыскрымінацыі збіраць галасы сваіх прыхільнікаў і праводзіць сваю перадвыбарчую агітацыю.

5) Праводзіць галасаванне ў адзін дзень, адмяніўшы датэрміновае галасаванне;

6) Весці ўлік бюлетэняў на выбарчых участках у прысутнасці назіральнікаў;

7) Весці адкрыты падлік галасоў выбаршчыкаў за кожнага кандыдата ў Прэзідэнты.

8) Спыніць ціск на незалежныя СМІ, журналістаў і інтэрнэт рэсурсы. Зняць усе абмежаванні ў сферы распаўсюду і друку незалежных СМІ. Правесці рэгістрацыю і выдачу неабходных ліцэнзій, акрэдытацый недзяржаўным і незалежным сродкам масавай інфармацыі. Гэтыя захады істотна павысяць інфармацыйную бяспеку Беларусі.

Мы заклікаем усіх патэнцыйных кандыдатаў у Прэзідэнты далучыцца да нашых патрабаванняў і падтрымаць кампанію "За свабодныя і справядлівыя выбары".


Цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове

14 чэрвеня прайшло Цэнтралізаванае тэсціраванне па беларускай мове, на якое прыйшлі 24 % абітурыентаў, што менш, чым у папярэднія гады.

Гэтыя факты каментуе намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч:

- Сапраўднае становішча такое, што беларускамоўныя класы і школы заканчваюць не больш за 5% вучняў, а беларускую мову ў тэставанні абіраюць 25%. У гэткіх умовах гэтая лічба зусім не малая. Акрамя таго, сфера ўжытку беларускай мовы ўсё больш звужаецца і ўсё менш прэстыжнымі становяцца прафесіі, звязаныя з беларускай мовай. Усё менш прафесійна падрыхтаваных спецыялістаў, якія могуць даць грунтоўныя асновы беларускай мовы, малая запатрабаванасць мовы. Калі б хоць крыху змянілася і палепшылася становішча не тое, што ў матэрыяльным, нават маральным плане, то сітуацыя змянілася б. У дзяцей спрацоўвае нават фактар страху: ім здаецца, што, калі яны не будуць сябрамі БРСМ, то будуць мець значна меншыя шанцы паступіць у ВНУ. Таксама, што калі будуць абіраць беларускую мову для паступлення, то таксама шанцы будуць змяншацца.

Такая сітуацыя паўтараецца штогод, але беларуская мова ўсё ж родная і яе лягчэй вывучыць, бо яна ў генах беларусаў. А расейская мова, як бы ні казалі нам, што яна родная - яна чужая і цяжэйшая для навучання і тэставання. Таму шмат хто і выбірае родную мову. А чаму дзеці не размаўляюць па-беларуску? Мне падаецца, таму, што ў грамадстве складзеная такая сітуацыя, калі "не прынята" размаўляць па-беларуску на вуліцы і ў розных установах. Такая атмасфера склалася - родную мову выціскаюць з паўсядзённасці. Ва ўмовах беларускамоўнага асяродку ўсе гэтыя дзеці размаўлялі б па-беларуску праз дзень-два. Мне падаецца, што нічога мы яшчэ не згубілі, але вельмі ўжо доўга трывае цяперашняя сітуацыя і штучна перашкаджае натуральнаму развіццю мовы, культуры і грамадства Беларусі".

Радыё Свабода.


Ці загучыць латынь у беларускіх школах?

М. А. Жураўкову,

Міністру адукацыі

Рэспублікі Беларусь

Аб выкладанні польскай і лацінскай моваў

Паважаны Міхаіл Анатольевіч!

З мэтай павышэння кваліфікацыі беларускіх гісторыкаў прапануем Вам уключыць у вучэбныя планы падрыхтоўкі беларускіх гісторыкаў абавязковае вывучэнне польскай мовы на першым курсе. Справа ў тым, што польская мова на працягу XVIII ст. была адзінай дзяржаўнай мовай на тэрыторыі Беларусі і кожны гісторык, які працуе з першакрыніцамі, павінен яе ведаць у дастатковым аб'ёме.

Пры гэтым польскую мову трэба вывучаць праз беларускую мову, бо яна значна бліжэй да польскай, чым руская.

Таксама прапануем у старэйшых класах увесці факультатыўныя заняткі па вывучэнні лацінскай мовы, што дапаможа будучым студэнтам - медыкам, біёлагам, гісторыкам і іншым.

З павагай, старшыня ТБМ Алег Трусаў.



Старшыніграмадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

Паважаны Алег Анатольевіч!

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь разгледзела Ваш зварот аб вывучэнні на гістарычных факультэтах устаноў вышэйшай адукацыі польскай мовы, аб арганізацыі вывучэння на факультатыўных занятках у старэйшых класах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі лацінскай мовы і паведамляе наступнае.

На гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта на спецыяльнасці "Гісторыка-архівазнаўства" польская мова вывучаецца ў якасці абавязковай дысцыпліны з 1992 года. На спецыяльнасці "Дакументазнаўства" студэнты маюць магчымасць вывучаць польскую мову ў якасці курса на выбар. Акрамя гэтага ў БДУ існуюць курсы польскай мовы.

На гістарычных факультэтах іншых універсітэтаў рыхтуюць у асноўным выкладчыкаў гісторыі і сацыяльна-гуманітарных дысцыплін. Па жаданні яны могуць вывучаць польскую мову на курсах, якія існуюць у Мінску, Гомелі, Магілёве, Брэсце і іншых гарадах.

Пытанне, закранутае ў Вашым звароце, аб увядзенні ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі факультатыўных заняткаў па вывучэнні лацінскай мовы будзе разгледжана з зацікаўленымі.

Першы намеснік Міністра В.А. Богуш.


З бяздоннай скарбонкі

Я збіраю словы, якія я чуў яшчэ, калі я жыў у Беларусі - 71 год таму назад.

Я не ўпэўнены, што гэтыя словы ёсць у слоўніку беларускай мовы. Магчыма, гэтыя словы вялікай важнасці не маюць, але для мяне гэта словы, якія я чуў ад бацькоў і знаёмых, і мне яны дарагія.

Вось словы наступныя:

Улюбіцца - закахацца.

1. Укляпацца - у абы якую асобу;

2. Улюлюскацца - у каго;

3. Уняхацца - у каго-небудзь;

4. Упадабаць - якую асобу;

5. Упадаць - за кім;

6. Урэзацца - у каго-небудзь.

7. Утрэскацца - у каго.

Вось сем слоў з пачаткавай літарай у ў значэнні любіць - кахаць, але з трохі іншым адценнем.

Магчыма ёсць іншыя словы, але гэтыя запамяталіся мне, і я іх запісаў не ведаю: ці гэта народныя словы, ці яны ёсць у кніжнай мове.

Слова "заставаць"

Гэтае слова я чуў у загадным ладзе: "Не застуй!" Гэта было, калі хто-небудзь стаяў пры акне і засланяў сонечнае святло, якое асвятляла пакой. Тут асоба патрабавала болей святла, каб выканаць работу, дык і казалі: "Не застуй!" Мне слова "заставаць" не мае нічога да словаў "стой", "стаяць" , бо табе паяснялі: "Ты не застаўка прахіліся, а то я нічога не бачу, як мне шыць. Вось ёсць застаўка на ваду, а ты тут ёсць застаўка ад сонца". Як я бачу слова "не застуй" азначае: не будзь застаўкай, або засланкай.

Гэта маё зразуменне слова "застуй".

Я хачу сказаць

Мова гэта гучанне слоў-гукаў, якія пэўная персона вымаўляе адрозным тонам гучання. Калі мы слухаем, як тая асоба вымаўляе словы прыемным тонам, нам надходзіць радасць і ў душы атрымліваем пацеху. Калі бывае асоба вымаўляе словы тонам раздражлівым, тады адпадае ў нас ахвота траціць час на гэты бессэнсовы выгук. Пэўная асоба вымаўляе словы тонагучаннем лагодна з пасіяй і мілагучнасцю, тады словы гучаць як добра наведзяныя стуны на струнным інструменце, і мы слухаем з вялікай ахвотай, з прыемнасцю, з асалодай, а ўжо на гучанне раслабленых струнаў інструмента паўстае незадаволенасць. Трэба нам трымацца такога права, каб мова была мілагучная, лагодная, павабная, прыемная, каб у суразмоўцы ўзбудзіла цікавасць і жаданне слухаць безупынна. Трэба імкнуцца ўдасканаліць сябе ў веданні беларускай мовы.

Кастусь Верабей, ЗША.


Беларуская мова ў Міністэрстве юстыцыі

ГА "Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

вул. Румянцава, 13, 220034, г. Мінск

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь разгледзела зварот грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" па пытаннях забеспячэння ўсебаковага развіцця і функцыянавання беларускай мовы ў сферы сваёй кампетэнцыі і паведамляе наступнае.

1. У дачыненні да першага пытання.

Міністэрства юстыцыі распрацоўвае праекты нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і па ўласнай ініцыятыве.

У адпаведнасці з часткай другой артыкула 54 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь" нарматыўны прававы акт прымаецца (выдаецца) ўпаўнаважаным на тое органам (службовай асобай) на беларускай і (або) рускай мовах.

Такім чынам, адзначаем, што Міністэрства юстыцыі пры падрыхтоўцы праектаў нарматыўных прававых актаў выкарыстоўвае рускую або беларускую мову.

У цяперашні час працэнт падрыхтаваных Міністэрствам юстыцыі праектаў нарматыўных прававых актаў на беларускай мове невялікі. Аднак праводзіцца работа па значна большым ўжыванні беларускай мовы ў нарматворчым працэсе.

Так, распрацоўка нарматыўных прававых актаў у розных сферах, у прыватнасці, у адукацыі, навуцы, культуры, рэлігійных і нацыянальных зносін ажыццяўляецца пераважна на беларускай мове.

Адначасова звяртаем увагу на тое, што на дадзены момант большая частка нарматыўных прававых актаў Рэспублікі Беларусь распрацавана і апублікавана на рускай мове.

У сувязі з чым пры ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у гэтыя нарматыўныя прававыя акты з улікам патрабаванняў нарматворчай тэхнікі выкарыстоўваецца руская мова.

2. У дачыненні да другога пытання.

У адпаведнасці з часткай другой пункта 10 Палажэння аб дзяржаўнай рэгістрацыі суб'ектаў гаспадарання, зацверджанага Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2009 г. № 1. Адзіны дзяржаўны рэгістр юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў (далей - АДР) вядзецца ў парадку, устаноўленым пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 23 лютага 2009 г. № 229 "Аб Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў" (далей - пастанова).

Пастанова не змяшчае якіх-небудзь патрабаванняў да мовы вядзення АДР.

Неабходна адзначыць, што фарміраванне электроннай базы дадзеных АДР ажыццяўлялася шляхам аб'яднання інфармацыйных рэсурсаў рэгіструючых, падатковых органаў і органаў дзяржаўнай статыстыкі, якія былі на момант стварэння АДР (2001-2003 гг.) і якія, у сваю чаргу, вяліся на рускай мове.

Беларускамоўнай версіі АДР ў цяперашні час не існуе.

Разам з тым АДР змяшчае палі, абавязковыя ці магчымыя для запаўнення на беларускай мове.

Так, паколькі ўзгадненню ў адпаведнасці з заканадаўствам падлягае назва юрыдычнай асобы як на рускай, так і на беларускай мовах, беларускамоўны варыянт назвы абавязковы для ўнясення ў АДР.

Прозвішча, імя і імя па бацьку (калі такое маецца) індывідуальнага прадпрымальніка таксама могуць быць унесены ў АДР на беларускай мове.

Указаныя звесткі адлюстроўваюцца ў адпаведных палях выпісак з АДР аб юрыдычнай асобе і індывідуальным прадпрымальніку, форма якіх ўстаноўлена пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 10 сакавіка 2009 г. № 25 "Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб парадку вядзення Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў", і прадстаўляюцца зацікаўленым асобам.

Аднак сама выпіска з АДР усталявана на рускай мове.

Пры гэтым адзначаем, што пры дзяржаўнай рэгістрацыі як юрыдычнай асобы, так і індывідуальнага прадпрымальніка заяўнік мае права запоўніць заяву на беларускай мове. У такім выпадку інфармацыя будзе ўнесена ў АДР на беларускай мове, што дазволіць рэгіструючаму органу пасля даць выпіску з АДР аб дадзеным суб'екце на беларускай мове.

У адваротным выпадку орган, які прадстаўляе інфармацыю з АДР, не мае права самастойна ажыццяўляць пераклад з рускай на беларускую мову звестак, прадугледжаных выпіскай з АДР, паколькі яны змяшчаюць уласныя імёны фізічных асоб, у тым ліку замежных, назвы юрыдычных асоб, у тым ліку замежных, адрасы і г.д.

3. У дачыненні да трэцяга пытання.

Другім дадаткам да Палажэння аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці, зацверджаным Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 верасня 2010 г. № 450 "Аб ліцэнзаванні асобных відаў дзейнасці", вызначаны бланк ліцэнзіі на права ажыццяўлення юрыдычнай дзейнасці і на права ажыццяўлення адвакацкай дзейнасці.

Бланк выдаецца на рускай мове. На беларускай мове бланкаў ліцэнзій на права ажыццяўлення адвакацкай і юрыдычнай дзейнасці не існуе.

4. У дачыненні да чацвёртага пытання.

Узоры заяў на ліцэнзаванне адвакацкай і рыэлтарскай дзейнасці змешчаны ў дадатку 1 да Інструкцыі аб парадку выдачы пасведчанняў аб атэстацыі юрыста, аб атэстацыі рыэлтара, унясення ў іх змяненняў, падаўжэння тэрміну дзеяння і спынення дзеяння сведчанняў, зацверджанай пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 7 сакавіка 2014 г. № 58 "Аб некаторых пытаннях ліцэнзавання дзейнасці па аказанні юрыдычных паслуг". Узор заявы зацверджаны на рускай мове.

5. У дачыненні да пятага пытання.

Як правіла, дакументы, звязаныя з дзяржаўнай рэгістрацыяй грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый, іншых некамерцыйных арганізацый, афармляюцца на беларускай мове. У прыватнасці, заключэнні, пастановы, пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі арганізацый і іх сімволікі. Рэквізіты бланкаў пасведчанняў таксама выкананы на беларускай мове.

На беларускай мове вядуцца Дзяржаўныя рэестры грамадскіх аб'яднанняў, прафесіянальных саюзаў, палітычных партый, іх саюзаў (асацыяцый).

Частка дакументаў унутранага карыстання (даведкі, журналы і інш.) таксама афармляюцца на беларускай мове.

6. У дачыненні да шостага пытання.

11 студзеня 2015 г. уступіў у сілу Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 снежня 2014 г. № 566 "Аб пытаннях ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур", у адпаведнасці з якім у падпункт 18.19.1 пункта 18.19 пераліку адміністрацыйных працэдур, што ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян, зацверджаны Ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г. № 200, унесены змяненні, паводле якіх прастаўленне апостыля на шэрагу афіцыйных дакументаў, складзеных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, з 11 студзеня 2015 г. выключана з кампетэнцыі Міністэрства юстыцыі.

Разам з тым мяркуем магчымым праінфармаваць, што раней ажыццяўляемая вышэйназваная адміністрацыйная працэдура заключалася ў прастаўленні на дакументах спецыяльнага штампа апостылю ў адпаведнасці з палажэннямі Гаагскай канвенцыі ад 5 кастрычніка 1961 г., якая адмяняе патрабаванне легалізацыі замежных афіцыйных дакументаў.

Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 15 снежня 1992 г. № 754 "Аб мерах па рэалізацыі палажэнняў Гаагскай канвенцыі ад 5 кастрычніка 1961 г., якія адмяняюць неабходнасць легалізацыі замежных афіцыйных дакументаў" на штампе апостылю выкарыстоўваюцца дзве дзяржаўныя мовы: руская і беларуская. У адпаведнасці са зваротам грамадзяніна апостыль запаўняўся Міністэрствам юстыціі на адной з дзяржаўных моў: рускай або беларускай.

Пастановай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 2012 года № 293 "Аб устанаўленні форм рэестраў для рэгістрацыі натарыяльных дзеянняў, натарыяльных пасведчанняў, пасведчых і выканаўчых надпісаў, пратэстаў вэксаляў і распараджэння аб пакрыцці выдаткаў за кошт спадчыны" ўстаноўлены формы натарыяльных пасведчанняў, засведчвальных і выканаўчых надпісаў, пратэстаў вэксаляў і распараджэння аб пакрьгцці выдаткаў за кошт спадчыны на беларускай мове, што забяспечвае магчымасць грамадзянам звяртацца да натарыўса і атрымліваць натарыяльныя дакументы на беларускай мове.

Акрамя таго, пастановай Міністэрства юстыцыі ад 31 кастрычніка 2001 г. № 23 "Аб зацвярджэнні форм бланкаў пасведчанняў аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану" формы пасведчанняў аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану зацверджаны на беларускай мове.

Такім чынам, грамадзяне атрымліваюць дакументы, якія пацвярджаюць рэгістрацыю актаў грамадзянскага стану, на дзвюх дзяржаўных мовах: беларускай і рускай.

7. У дачыненні да сёмага пытання.

У Міністэрстве юстыцыі мовамі справаводства і дакументацыі ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" з'яўляюцца беларуская і руская мовы.

У сувязі з гэтым трэба адзначыць, што ў Міністэрстве юстыцыі выкарыстоўваецца двухмоўе. Пры гэтым значная частка перапіскі з арганізацыямі, установамі, грамадзянамі ажыццяўляецца на беларускай мове ў адпаведнасці, у тым ліку, з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб".

8. У дачыненні да восьмага пытання.

У часопісе "Юстыцыя Беларусі" за 2014 год усяго было апублікавана 10 (дзесяць) публікацый на беларускай мове, у тым ліку:

Таксама паведамляем, што ў дадзены момант распрацоўваецца новы сайт часопіса "Юстыцыя Беларусі", на.якім будзе прадугледжана магчымасць стварэння беларускамоўнай версіі дадзенага сайта.

9. У дачыненні да стварэння беларускамоўнай версіі інтэрнэт-сайта Міністэрства юстыцыі паведамляем, што беларускамоўная версія Web- партала "Мінюст" дапрацоўваецца і будзе ўведзена ў дзеянне ў першым паўгоддзі 2015 года.

Першы намеснік Міністра П.Л. Кулакоўскі.


ТБМ запрашае далучыцца да важнай ініцыятывы - збору ўзораў почыркаў!

Сябры, ТБМ працягвае збіраць узоры почыркаў! Неабходна сабраць каля 200 узораў, пакуль сабрана толькі некалькі дзясяткаў. Некаторыя іншыя краіны за пару дзён завяршылі гэтую працу. Літоўцы, напрыклад, за 5 дзён справіліся. А за колькі дзён справімся мы?

Запрашаем далучыцца да цікавай ініцыятывы канадскай фірмы - збору ўзораў почыркаў з напісаннем тэкстаў на беларускай мове (для стварэння ў далейшым праграмы распазнавання пісьмовых тэкстаў).

Запісацца на любы дзень наступнага тыдня можна па тэлефоне (8029) 109 18 33 (сп. Уладзь).


Першы Беларуска-літоўскі слоўнік

У Інстытуце літоўскай мовы (Вільня) падрыхтаваны першы Беларуска-літоўскі слоўнік. Яго аўтары - Ларыса Станкевіч і Рычардас Пяткявічус. Электронны слоўнік можна знайсці на сайце Інстытута ў раздзеле Лічбавыя рэсурсы (SKAITMENINIAI ISTEKLIAI). Слоўнік падрыхтаваны пры падтрымцы Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.

Ларыса Станкевіч, Рычардас Пяткявічус. Беларуска-літоўскі слоўнік = Baltarusiu-lietuviu kalbu zodynas (Larisa Stankevic, Ricardas Petkevicius). Праграміст Эвалдас Ажэрайціс. Вільня: Інстытут літоўскай мовы, 2014; bylt.lki.lt.


Свет блізкі - непаўторны

На Беларусі, як і за яе небасхілам, людзі, шчыра ўлюбёныя ў сардэчную лірычную песню, добра ведаюць Яўгена Канстанцінавіча Петрашэвіча як адаронага, таленавітага кампазітара. У яго вячыстых душэўна пранізлівых песнях асаблівы, як пералівы цёплай нёманскай хвалі, ласкавы голас арганічна зліваецца з мяккім, зычлівым, пяшчотным голасам народнай песні. Гэты пясняр задушэўных рытмаў і гукаў вырас у народзе, таму так блізка ідзе сваёй песняй ад сэрца да сэрца. Мастацкі скарб яго багаты, невычарпальны, жыццярадасны і светлы, бо асвечаны маляўнічымі краявідамі Прынямоння, лёсам і гісторыяй роднай Бадцькаўшчыны.

Багацце творчай натуры кампазітара шчодра праяўляецца ў песнях, мелодыях і рытмах лірычнага, гумарыстычнага жанраў. На словы гарадзенскіх паэтаў створаны песні каляндарна-абрадавага складу. А таксама песні для дзяцей рознага ўзросту (вяснянкі, купальскія, калядкі, жартоўна-забаўляльныя).

На высокай хвалі хуткаплыннага часу, як свежыя купальскія вянкі, жывуць яго мілагучныя песні, бо мастак апантана дыхае імі і дорыць іх зычлівым, простым людзям.

Яшчэ багацейшым становіцца ў нашым уяўленні і сэрцы нацыянальны ўраджай, калі хлебаробаў штогод карануе на свяце дажынак яго задушэўная музычная кампазіцыя "Залатыя каласы". Любы беларускі хлебадар успрымае яе як сваю, сардэчна вынашаную ў спёку і ў калючы холад. Хай яно будзе, добрыя людзі, гэтак і надалей, пакуль мы кланяемся надзённаму хлебу і залатым чалавечым рукам.

У асобе Яўгена Канстанцінавіча даўно нам патрэбна бачыць удумлівага, разважальнага паэта, пранікнёнага лірыка, бо многія яго цудоўныя песні напісаны на ўласныя вершы. Кранальна легла паэзія на мелодыі музыкі з Прынямоння. Прыйшло да чытача адчуванне свята дакрануцца розумам і сэрцам да выпешчанай ім паэтычнай кнігі з цікавай асацыятыўнай назвай "Пасынкі", кожны раздзел кнігі валодае самабытнай назвай і актыўна працуе на выяўленне аўтарскай ідэі вернага служэння радзіме, людзям, мастацтву. Тут і лірыка родных мясцін, і творы спрадвечнай тэмы - шчырага кахання і вернай дружбы.

Глыбока ўражвае чытача і медытатыўная, філасофская лірыка. Паэзія пачуцця і думкі арганічна зліваюцца ў адзінае душэўнае пачуццё людскога нялёгкага шчасця, самаадданага служэння людзям і мастацтву.

Гераічная тэма, велічныя постаці нашых землякоў кранаюць суровасцю простых, някідкіх радкоў.

На гэты шчаслівы раз Яўген Канстанцінавіч парадаваў нас сваімі светлымі душэўнымі "Віншаванкамі". Яны адрасаваны вядомым дзеячам мастацтва і культуры, блізкім людзям. Глыбокі, пранікнёны лірызм хораша гарманіруе ў іх з тонкім здаровым народным гумарам. Кранаюць нас такія светлыя, сардэчныя радкі, прысвечаныя любімаму чалавеку, вернай спадарожніцы жыцця:

Ты весні вырай,

Натхнення крылы,

А ў песні шчырай

Твой вобраз мілы.

У розных краінах свету пашчасціла быць Яўгену Петрашэвічу з яго ансамблем "Гарадзенскія Дударыкі", які прымалі і па-сапраўднаму палюбілі гасцінныя іншаземцы.

Знаёмства з цікавым, самабытным ансамблем глыбока і змястоўна пашырыла іх уяўленне пра здаровы, светлы беларускі характар, пра нашу радзіму - ветлівую, хлебасольную, дружалюбную. Вершы пра заморскія краіны імгнена і плённа прарасталі ў светлай, абаяльнай душы паэта, грамадзяніна.

А ў гэтай паэтычнай стыні і ўлюбёнасці ў люлзей іншага свету яшчэ паўней паўставаў, вырысоўваўся дарагі, моцна прывязаны да сэрца паэта і кампазітара вобраз роднай Беларусі. Ён жа і ёсць нішто іншае, як запаветная плоць і душа яго народна - песеннай лірыкі.

Зусім нядаўна пабачылі свет і цікавыя творы гумарыстычнага складу - "Байкі - непазяхайкі".

Яўген Петрашэвіч натхнёна выкрасае агонь мастацтва і хараства не толькі ў музыцы і ў паэзіі, але і ў такім нялёгкім пластычным жанры, як скульптура.

Светламу таленту ўдаецца многае для больш поўнага пазнання сябе, свету і людзей, і гэта ёсць рэдкае, хваляўнічае праяўленне высакароднай, жыццястойкай натуры. 18 чэрвеня Яўгену Канстанцінавічу спаўняецца 85 год, з чым яго і віншуем, жадаем моцнага здароўя і творчых поспехаў.

Міхась Губернатараў , кандыдат філалагічных навук.

Родная мова

Беларуская мова святочная

Нам ад продкаў дасталася

ў спадчыну,

Як духмянасць

дрэва адвечнага,

Як матуліна песня сардэчная.

Беларуская мова так шчырая,

Ты на крылах буслоў

леціш з выраю

Дарагі мой край жаваронкавы, Праслаўляем цябе

песняй звонкаю.

Беларуская мова пявучая

Да спадобы нам так мілагучная. Гаманіць на ёй -

сэрца цешыца...

Як гаворыцца ў нас,

так і пішацца.


Мы перамаглі! І ў Дзярэчыне, і ў Галынцы

(Рэпартаж з трох канцэртаў у адзін дзень)

Людзі; словы, словы, людзі:

Усё сплялося між сабой.

Толькі сэрца не забудзе:

На Радзіме мой спакой.

Генадзь Коўш.

Паэтэсы Раіса Раманчук і Галіна Ліс, бард Сяргей Карповіч і краязнавец Міхась Маліноўскі стварылі квартэт і з праграмай "Мы перамаглі!", прысвечанай 70-годдзю Вялікай Перамогі і 71-й гадавіне вызвалення роднай Беларусі ад нямецка-фашысцкай навалы, выехалі на Зэльвеншчыну.

Першы прыпынак і канцэрт адбыўся ў мястэчку Дзярэчын, які зараз лічаць аграрадком, і дзе ёсць сельвыканкам, але дзе нават няма сельскай бібліятэкі (некалькі гадоў таму назад яе спецыяльна скасавалі).

Спачатку слова меў выдатнік друку Беларусі Міхась Маліноўскі. Ён прысвяціў сваё выступленне бацьку Міхаілу Емяльянавічу Маліноўскаму, які загінуў на фронце 30 сакавіка 1945 г, а сам Міхась нарадзіўся праз некалькі месяцаў пасля смерці свайго гераічнага родзіча. У канцы ўсёй дзеі ён разыграў віктарыну: "Дзярэчын і дзярэчынцы ў гераічнай славе і нашай памяці" з узнагародамі пераможцаў беларускімі кнігамі і паштоўкамі.

Асабліва шчымлівым яго было пытанне і расказ аб беларускім паэце Леанідзе Гаўрылаве, які на пачатку вайны служыў у танкавых войсках механікам-кіроўцам, нарадзіўся ён 2.2.1918 г. у вёсцы Бердыж Чэрыкаўскага раёна, а загінуў 29 чэрвеня 1941 г. пад Дзярэчынам. У 1967 г. выйшла пасмяротная кніжка паэта-танкіста "Вернасць", гэтыя радкі яго:

Я ворага першым

спаткаю ў баю,

Аддам галаву за Радзіму сваю.

Літаратурна-музычная кампазіцыя "Мы перамаглі!" дуэта паэтэсы і мастачкі Галіны Ліс і барда Сяргея Карповіча была складзена найболей з іх твораў, хронікі, з творчасці вядомых паэтаў і кампазітараў, але цэнтрам іх быў адзін з самых трагічных і мужных вершаў народнага паэта БССР Аркадзя Куляшова "Камсамольскі білет". У шмат каго з слухачоў мне прыходзілася бачыць слёзы - такім моцным і хваляўнічым было іх выступленне. Кожны іхні верш, кожная іхняя песня пад уласны акампанемент суправаджаліся авацыямі. Амаль гадзіну дружны дуэт трымаў дзярэчынцаў у напружанні славы, доблесці, гераізму нашага народа ў Вялікую Айчынную вайну.

Сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Раіса Раманчук, яна ж ганаровы піянер сваёй роднай Варанчанскай сярэдняй школы, свае песні і вершы прысвяціла мужнасці людзей у вайну і свайму бацьку-франтавіку. Адзін з сваіх твораў яна прысвяціла Міхасю Маліноўскаму да яго 70-годдзя, арганізатару гэтай паездкі на сваю Бацькаўшчыну, таму, хто прысвяціў сваё жыццё праўдзе і беларушчыне. Незвычайна цёпла, пяшчотна дзярэчынцы віталі сваіх гасцей, якіх сустрэлі сяброўскім частаваннем, а праводзілі фатаграфаваннем і самымі прыгожымі кветкамі і прасілі яшчэ, як мага болей прыязджаць і з творчымі сустрэчамі, і проста з канцэртамі. Ад імя дзярэчынцаў гэта ўсхвалявана сказала працаўніца культуры мястэчка (аграгарадка) Валянціна Уладзіміраўна Лапа.

Другі канцэрт "Мы перамаглі!" адбыўся ў Дзярэчыне ў доме сям'і і родных паэта Генадзя Каўша:

Буду моўчкі стаяць

Я адзін на пазгорку.

Будуць доўга міргаць

Над Дзярэчынам зоркі.

Пасля слоў гасцей, іх песень і вершаў быў цікавы расповед гаспадара сям'і пра сваё мястэчка, пра крэмень, якім багата мясціна, прычым кожны з прыезджых атрымаў яго ў падарунак, з вялікай асалодай была агледжана і хатняя карцінная галерэя творцы з гісторыі Літоўскай Русі.

А ўрачысты абед з нацыянальным беларускімі стравамі зладзіла жонка паэта Валянціна Коўш і іх пляменніца Дар'я з г. Шчучына.

З Дзярэчына творчы дэсант вырашыў даехаць да зніклага хутара Равеста, з якога партызан Міхаіл Емяльянавіч Маліноўскі, і дзе нарадзіўся яго апошні сын Міхась, пайшоў на працяг вайны з фашыстамі, але там уся зямля была заарана. У Угрыне Малым, які ўлада пераназвала ў Малую Угрынь далучылася ў машыну да гасцей мясцовы краязнавец Валянціна Боцька, пасля чаго маршрут пралёг да вёскі Вострава, у якой па ўспамінах адбылося хрышчэнне Міхася Маліноўскага...

Трэцяя культурна-пятрыятычная дзея была працягнута ў аграгарадку Галынка ў сям'і паэта і ганчара ды настаўніцы Сяргея і Марыі Худзяевых разам з В. Боцька і матуляй Сяргея, былой медсястрой.

І. Гётэ пісаў у свой час: "Дабро страціш - не шмат страціш, гонар страціш - шмат страціш, мужнасць страціш - усё страціш". Як важна, менавіта нам, беларусам, не страціць сваю мужнасць, калі мутацыя авалодвае нашымі душамі, калі мы адракаемся нашай адметнасці, нашай самаідэтыфікацыі - роднай мовы, гісторыі і кальтуры.

У першую чаргу Сяргей Худзяеў прадэманстраваў у сваёй ганчарнай майстэрні экстра - клас, як за некалькі хвілін па-майстэрску зрабіць звычайны - не, незвычайны беларускі збанок... Пасля чаго адарыў сваіх гасцей сваімі дзівосна-чароўнымі вырабамі:

А потым гасцінны стол Худзяевых прыняў канцэрт "Мы перамаглі!" з песнямі і вершамі аб вайне, не стрымаўся і сам гаспадар Сяргей, ён узяў гітару, і ўслед паліліся, паляцелі ўвысь родныя гукі пра тых, пра лёсы якіх пісаў вялікі іспанскі драматург П. Кальдзерон: "Лёс заўсёды стаіць за храбрых!"

Незаўважна пачало цямнець, і гасцям трэба было вяртацца ў Баранавічы, на дарозе ў квеце была родная зямля, магутна спявалі яе птушыныя насельнікі. Родныя мае, вам выступаць толькі ў Вялікім тэатры оперы і балета і для нас!

Міхась Угрынскі, г. Баранавічы.


Пад Баранавічамі адбыўся фэст беларускай вышыванкі

Я апрану вышыванку,

Сустрэну хлопца на ганку,

І будзем мы каля рэчкі,

Гуляць да самага ранку.


Кашуля-вышыванка,

Гарыць на мне маланкай,

Ляжыць

за крыжыкам крыжык,

Нідзе не дзенецца Янка.

Галіна Ярашэвіч.

На Русінаўскай сядзібе Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны 6 чэрвеня адбыўся фэст "Баранавіцкая вышыванка", у якім прынялі ўдзел аматары нацыянальных строяў. Напрыклад, грамадскі актывіст Рыгор Грык прыйшоў на фэст у кашулі, якую шмат гадоў таму пашыла ягоная маці. Ларысе Гоўшы таксама вышыванку падарыла мама, а Вячаславу Болбату - жонка. Апрануў сына Мікалая і ўнукаў Паўла і Андрэя ў зробленыя сваімі рукамі кашулі і мясцовы прадпрымальнік Мікалай Чарнавус. Адзін з арганізатараў курсаў "Мовананова" Алесь Гізун прывёз прыгожую вышыванку з суседняй Украіны. Цудоўны ўбор для сябе падчас фэсту беларускай вышыванкі прадэманстравала Анжэла Камбалава. Грамадская актывістка Таццяна Малашчанка зрабіла вышыванкі для сваёй сям'і сама. А майстрыца Галіна Ярашэвіч пашыла асабістыя каляровыя вышыванкі для актывістаў ТБМ Віктара Сырыцы і Сяргея Гоўшы.

Усяго сабралася каля ста чалавек, трыццаць з якіх былі ў вышыванках. І няхай не ва ўсіх былі адмысловыя ўборы, вышытыя па палатне (некаторыя былі ў кашулях з намаляваным беларускім арнаментам), але было прыемна назіраць, як людзі ганарацца тым, што яны апрануліся ў каляровыя кашулі з беларускім арнаментам, і як па-добраму зайздросцяць ім тыя, у каго на гэты раз прыйсці ў вышыванцы пакуль не атрымалася.

Напачатку ўдзельнікі і госці святочнай імпрэзы праглядзелі фільмы прысвечаныя вышыванкам, якія нядаўна транслявалі па Белсаце. І ў фільмах, і ў выступах акцэнт рабіўся на тое, што вышыванка - гэта не проста прыгожая кашуля, гэтак чалавек абазначаў раней і цяпер сваю прыналежнасць да беларускай супольнасці. Старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ прадэманстраваў старыя фотаздымкі беларусаў у нацыянальных строях, распавёў пра гісторыю вышыўкі і паказаў адзенне аматараў вышыванкі розных часоў. Было адзначана, што ў вышыванцы хадзіла Элаіза Пашкевіч, нацыянальнай кашулі не цураліся Янка Купала, Якуб Колас, Уладзіслаў Галубок, у вышыванках былі пахаваныя Рыгор Барадулін і Генадзь Бураўкін.

Адзін са старэйшых сяброў Баранавіцкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы Часлаў Сухарэбскі лічыць, што беларуская культура цяпер перажывае не найлепшыя часы, таму заклікаў актыўней паказваць сваю беларускую адметнасць і больш ахвотна падпісвацца на газету ТБМ "Наша слова".

З дакладам пра сімвалы на вышыванках выступіў Уладзімір Гундар, які адзначыў, што вышыванка - гэта ў нейкай ступені абярэг, у ёй чалавек адчувае сябе абароненым. Спадар Уладзімір падсумаваў, што беларуская вышыванка і наша мова - гэта наша адметнасць, гэта тое, што вызначае нас сярод іншых народаў.

Сябра Баранавіцкай Рады ТБМ Галіна Ярашэвіч расказала ўдзельнікам імпрэзы пра выставу вышыванкі, асаблівасці святочнага жаночага і мужчынскага адзення. На мерапрыемстве яна прадставіла шмат іншых вырабаў з вышыўкай: ручнікі, карціны, сурвэткі. А жыхарка вёскі Падлессе Ганна Ганчарык прадэманстравала вышытыя сваімі рукамі ўзоры і распавяла пра адметнасць беларускай вышыўкі Ляхавіцкага рэгіёна.

Сябра Цэнтральнай Рады ТБМ Анжэла Камбалава арганізавала для прысутных дзяцей мастацкі пленэр, падчас якога маладзёны малявалі каляровыя вышыванкі. Пераможцамі мастацкага конкурсу сталі Юля Гоўша, Яся Малашчанка і Варвара Галушка.

Прысутныя паглядзелі святочны канцэрт, што далі ўдзельнікі імпрэзы, а таксама пакаштавалі аладкі і варэнікі, якія ўдала прыгатаваў Мікалай Чарнавус-старэйшы.

Віктар Сырыца , старшыня Баранавіцкай рады ТБМ


Выйшаў "Верасень" № 12

Выйшаў з друку чарговы, дванаццаты па ліку, нумар літаратурна-мастацкага часопіса "Верасень". Паэзія ў часопісе прадстаўлена вершамі Кацярыны Ваданосавай, Аляксея Курэтава, Вікторыі Смолкі, Марыі Магдалены Палхоўскай, Дар'і Дарошкі, Алены Масцеравай, Сяргея Сурыновіча, Наталлі Галавач, Уладзіміра Сіўчыкава.

Раздзел "Проза" складаюць апавяданні Надзеі Філон, Лявона Валасюка, Вінцэся Мудрова а таксама аповесці Паўла Ляхновіча і Алены Масла.

У раздзеле "Пераклады" друкуюцца вершы Ліны Кастэнка і апавяданне Стэфана Грабіньскага, на беларускую мову пераствораныя Дзмітром Шчарбінай і Аленай Ніякоўскай.

Раздзел "Крытыка" адкрываецца артыкулам Таццяны Мацюхінай, прысвечаным паэзіі Наталлі Арсенневай. Аб праве на рызыку ў творчасці і жыцці ў сваёй гутарцы з Эдуардам Акуліным разважае маладая паэтка Валерыя Кустава. Запісамі розных гадоў дзеліцца Народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. Пра тое, як "адкрыць у сабе Беларусь" - гутарка з папулярнай спявачкай і музыкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай. Сяргей Чыгрын знаёміць чытачоў з паэтычнай спадчынай свайго земляка Леаніда Клёна. Пра вытокі сцэнічнай папулярнасці Альдона Мартыненка гутарыць з кіраўніком гурта "Разбітае сэрца пацана" Дзянісам Тарасенкам. "Спробу аўтавівісекцыі" ў новай кнізе Анатоля Кудласевіча разглядае ў сваёй рэцэнзіі Анатоль Трафімчык. Па традыцыі заканчваецца нумар "дыскаграфіяй" музычнага аналітыка Вітаўта Мартыненкі.

Пытайце "Верасень" № 12 на сядзібе ТБМ (Румянцава,13). Чытайце "Верасень" на сайтах: kamunikat.org і tbm-mova.by.

Дасылайце свае творы ў "Верасень" на адрас: verasenchas gmail.com.

Наш кар.


Калі за адраджэнне мовы, чытай, спадарства,"Наша слова"!

Шаноўныя сябры, заканчваецца падпіска на трэці квартал 2015 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 66. Цана змянілася нязначна. У 2015 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце. Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.


Вяртанне традыцыі

Трылогія "Пакутны век" пад увагай чытачоў

Адсвяткавалі ўрад і людзі сямідзесяцігоддзе перамогі ў 2-й Сусветнай вайне. Многа слоў і шмат хваляўнічых песень прагучала на нашай прасторы. Я дадам яшчэ, што па тэме "Трагедыя Беларусі ў 2-й Сусветнай вайне" прайшла чытацкая канферэнцыя па кнізе, пра якую гавораць, што гэта высокі і годны твор, якім беларуская літаратура можа толькі ганарыцца.

У сучасным паўсядзённым вірлівым жыцці сталічнага горада ёсць асяродак, дзе час як бы спыніўся. Гэта аднапавярховы дом на дзве палавіны па вуліцы Сухой. Там месціцца Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна, якая падпарадкоўваецца Менскаму міжнароднаму адукацыйнаму цэнтру. Жахлівыя падзеі вайны адлюстраваны на стэндах музея.

У гасціннай зале з белымі і чорнымі крэсламі там адбылася падзея - міжнародная чытацкая канферэнцыя (пад знакам юбілею Перамогі і завяршэння 2-й Сусветнай вайны) па трылогіі Васіля Якавенкі "Пакутны век". У імпрэзе у якасці гасцей бралі ўдзел намеснік чэшскага пасла Дагмар Наваградская і нямецкі педагог Юрген Эберхардт.

Другая кніга трылогіі мае назву "Надлом". Менавіта ў ёй адлюстравана трагедыя беларусаў у 2-й Сусветнай вайне.

Выступленні распачаў з разважанняў пра паводзіны чалавека на вайне гаспадар Гістарычнай майстэрні, кандыдат гістарычных навук Кузьма Козак.

Выступоўца Пётр Краўчанка, былы міністр замежных спраў, спыніўся на героях трылогіі "Пакутны век" з якімі быў асабіста знаёмы:

- Калі чытаў кнігу, я быў уражаны, як хораша, апасродкавана, паслядоўна, ад самых ранніх гадоў пададзена ў кнізе Марыя Дзямковіч, станаўленне яе характару пад уплывам дзеда Пятра і бацькоў. Асабліва плённай стала яе дзейнасць па дапамозе ахвярам чарнобыльскай трагедыі.

Прамоўца пашукаў аналогіі для трылогіі "Пакутны век" у расійскай класіцы і не мог не супаставіць твор з раманам "Хождение по мукам" Аляксея Талстога, ён таксама зазначыў, што наш знакаміты філолаг, прафесар і паэт Алег Лойка зусім не дарэмна параўноўваў гэты твор з "Войной и миром" Льва Талстога.

Не пакінуў слухачоў абыякавымі ўсхваляваны выступ пісьменніцы Веры Буланды, якая казала пра веліч праўды ў трылогіі, пра тое, што ў жыцці як бы чалавек ні стараўся адасобіцца ад палітыкі, "ад яе, назолы, не можна было адысці, яна сама ўточвалася ці то ўсямейныя, ці то ў гаспадарчыя клопаты". Выступоўца адзначыла, што твор Васіля Якавенкі праўдзівы, "пабудаваны на рэалістычных фактах", яго героі - жывыя людзі рэальных падзей.

Літаратурны і музычны крытык Вітаўт Мартынека ўзнёсла, і разам з тым пераканаўча зрабіў параўнаўчы аналіз супастаўных, на яго думку, нацыянальных раманаў "Пакутны век" В. Якавенкі і трылогіі К. Акулы "Гараватка". Даследуючы манеру пісьма, пачуцці і стыль гэтых твораў, выступоўца зазначыў, што не гледзячы на тое, што аўтары ўзялі для разгляду адныя тэмы, іх творы вельмі розныя і - пераважна - па закладзенай у іх атмасферы. Аўтарская атмасфера ў пісьменніка Якавенкі дабразычлівая, спагадлівая, прачулая ў дачыненні да чалавека і прыроды, але яна збедненая на каларыт і гармонію фарбаў, пачуццяў, прасякнутая нянавісцю - у Акулы, хоць абодва творы, дадаў ён, напісаныя майстрамі і вартыя ўвагі чытачоў.

Характэрным было выступленне Юргена Эберхардта, нямецкага педагога, які працуе выкладчыкам у Менску. Ён выказаў сваё станоўчае стаўленне да эпічнага гмаха В. Якавенкі, зазначыў, аднак, што гэта стаўленне будзе не адэкватным з нямецкага боку. Гэта для немцаў складаная тэма, сказаў ён. Тыя, хто хадзіў у паплечніках Гітлера, немцамі адназначна асуджаныя…Тады ад слухачоў было пытанне да Юргена: "Ці будзе магчымасць зрабіць пераклад трылогіі на нямецкую мову?". І ён адказаў, што нямецкі народ у нацыянальным развіцці прайшоў тыя этапы, вырашыў тыя задачы, што стаяць зараз перад беларусамі, і ў беларусаў, маўляў, немцам ужо няма чаму павучыцца. Таму цікавасць да Беларусі слабая.

Самабытны, яркі выступоўца Генадзь Шары, прафесійны архітэктар, а разам і краязнаўца, і эстэтык - распавёў пра стылёвыя асаблівасці "Пакутнага веку"і зазначыў, што тэксты трылогіі добра ўспрымаюцца гукава і ў фарбах, і што ўвесь твор для яго гучыць як сімфонія жыцця, пакут, мрой і спадзяванняў.

Падзяліўся сваімі меркаваннямі аб творы "Пакутны век" і старшыня Беларускага звязу "Рэха вайны" Уладзімір Шакуцін, на долю якога выпала быць малагадовым вязнем фашысцкіх канцэнтрацыйных лагераў. Ён як ветэран-сведка і ўдзельнік гістарычных падзей з задавальненнем адзначыў яскравае нацыянальнае гучанне трылогіі і не мог не зрабіць закід у бок улад, маўляў, там, на розных паверхах у іх адсутнічае цікавасць да такога ўдалага і маштабнага твора, бракуе клопату аб патрыятычным выхаванні на падобных творах дзяцей і моладзі.

З вялікай цікавасцю слухачы сачылі за выступленнем Нікі Грэсь, доктара, што петуецца з чарнобыльскімі ўплывамі і захворваннямі ў дзяцей. Яна асабіста знаёмая з галоўнай гераіняй трылогіі Марыяй Дзямковіч-Рамановіч, якая цяпер жыве ў ЗША. Грэсь сказала: вось як у нас праводзяць штогод конкурсы на званне лепшага прадстаўніка прафесіі, так і ў ЗША… Марыя Дзямковіч была ў ліку трох лепшых дзіцячых лекараў краіны. Ніка Грэсь з аднаго і Марыя Дзямковіч з другога боку багата чаго зрабілі, каб дапамога лекамі і медычным абсталяваннем прыйшла на Беларусь. Аўтарытэт доктара Марыі Дзямковіч адназначна спрыяў вырашэнню пытанняў па зборы ў ЗША і перасылцы на Бацькаўшчыну лекаў.

Ніка Грэсь выказала ўдзячнасць за запрашэнне і магчымасць прыняць удзел у чытацкай канферэнцыі, сказала, што гэта аднаўленне даўніх добрых традыцый у культурным жыцці краіны.

Ад сябе дадам: калі пачула гэтыя словы, была ўсцешаная, што нехта яшчэ памятае той час ладавання падобных сустрэч, калі паэты выступалі ў поўных залах. Добрыя, праўдзівыя словы аўтараў знаходзілі водгук у сэрцах людзей.

Калі ж я першы раз прачытала трылогію, то была вельмі ўсцешаная, бо такой праўдзівай, глыбокай і добрай кнігі не сустракала даўно.

Трылогія перакладзена на рускую мову пад назвай "Надлом. Кручина вековая". У гэтым жа годзе ў Санкт-Пецярбургу адбылося ўжо дзве прэзентацыі. У Менску, у музеі Янкі Купалы таксама прайшла яе прэзентацыя, і нехта з выступоўцаў зноў жа параўнаў кнігу "Надлом" з "Войной и миром" Л. Талстога і нават сказаў, што В. Якавенка напісаў пра расстрэл Пятра Рамановіча і яго сына Паўлюка, сваякоў Паўла і Мікалая Міховічаў не менш яскрава і кранальна, чым напісаны роздум Андрэя Балконскага перад смерцю.

Яшчэ варта адзначыць, што ў "Войне и мире" Балконскі як смяротнік адзін, а на Беларусі смерць касіла шырэй: чатырох цывільных невінаватых людзей у рамане вядуць на расстрэл. Балконскі гіне ад стрэлу чужынца, а ў Рамановіча з родзічамі страляюць "свае". У гэтым трагедыя беларускага народа.

Спадзяюся, што водгукі пра трылогію пойдуць шырэйшай хваляй. Трылогія "Пакутны век" вартая гэтага.

Ядвіга Рай, бібліятэкар, Менск. На фотаздымках Уладзіміра Джэйгалы 1. Выступае Вера Буланда, сядзяць В. Якавенка і Я. Рай. 2. Выступае Пётр Краўчанка.


Паэтычнае Палессе

Сташанская знакамітасць

Вёска Сташаны. Яна згубілася ў глыбіні Пінскага Палесся. Лес і балоты ахопліваюць ваколіцы вёскі. Сёння яна адна з тых вёсак роднага краю, якія павольна паміраюць. Трагічны лёс вёскі - гэта трагедыя людзей, якія тут нарадзіліся, якія тут дажываюць свой век.

Але памяць аб ёй будзе жыць да той пары, пакуль будзе жыць паэзія Анатоля Шушко. Ён не толькі гонар Сташан, але і ўсёй Піншчыны. Ён шана Палесся. У яго ёсць нават зборнік вершаў, які носіць назву "Шаны". Але давайце бліжэй пазнаёмім чытача з маім земляком, паэтам Палесся, шаноўным сташанцам Анатолем Шушко. Анатоль Шушко нарадзіўся летам 1954 года ў вёсцы Сташаны, што непадалёку ад мястэчка Лагішын Пінскага раёна. Заўважце, вёска з такім гучным нозавам "Ста-Шаны". Сто разоў шаноўная. Да гэтай шаноўнасці далучаецца і імя Анатоля - паэта. У гэтай вёсцы прайшлі дзіцячыя і школьныя гада Анатоля Шушко. Тут ён скончыў дзесяцігодку, дзе настаўніцай гісторыі і геаграфіі працавала маці будучага паэта Ганна Рыгораўна. Бацька паэта Іван Канстанцінавіч і сёння жыве ў Саташанах. Сюды часта наведваецца з Пінска і Анатоль які дапамагае бацьку ўпраўляцца па гаспадарцы. Анатоль шчыра прызнаецца, што цікаўнасць да літаратуры прывіў яму беларускі пісьменнік Мікола Купрэеў, які працаваў у школе выкладчыкам беларускай славеснасці. У 1976 годзе Анатоль скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Настаўнічаў на Піншчыне : Свіслаччыне.

Першы верш быў надрукаваны ў газеце "Піянер Беларусі" у 1969 годзе. Яшчэ ў школьныя гады яго вершы выходзілі ў свет ў часопісе "Бярозка"; газеце "Чырвоная Змена". У жніўні 1971 года газета "ЛіМ" надрукавала вершы Анатоля Шушко. Варлен Бечык у 1981 годзе адзначыў: "Якой важнай і цікавай творчай заяўкай здаліся вершы гэтага юнака! Былі ў іх і маладая ўсхваляванасць жыццём, і разважлівая дапытлівасць, і назіральнасць, і псіхалагічная чуйнасць. Праглядвалі даволі выразныя рысы асабістасці, уласнага светаадчування... Заставалася толькі памножыць здабыткі, ісці па гэтак удала распачатым шляху..."

За свае 60 гадоў Анатоль Шушко не толькі скончыў дзесяцігодку і філфак БДУ. Ён працаваў рабочым, але і настаўнічаў у палескіх школах, дзе выкладаў родную мову і літаратуру. Зараз паэт жыве ў Пінску.

Яшчэ хачу нагадаць чытачам пра тое, што ў прадмове да зборніка паэзіі "Шаны", які з'явіўся ў 2012 годзе, сказаў Віктар Гардзей: "Зыходзячы з вызначанага для зборніка арыенціра, паэту ёсць што клапатліва засцерагаць, шанаваць, берагчы ад усялякага ліха, згрызот, напасці, і пра гэты, ці не галоўны, у ягонай творчасці арыенцір вельмі пераканаўча сведчыць верш "Сто шан для Сташан".

Кожны раздзел верша пачынаецца падзякай-шанаваннем.

Сто шан табе, мой кут

З калінамі ля хаты!

Дзе ж адпачну, калі не тут,

Як птушанё, крылаты.


Сто шан табе,

сташанскі хлеб!

Стазыкая падзяка!

Ты і сягоння на стале

Ка мне неабыякі.


Сто шан і вам, браткі мае,

Палешукі-рупліўцы!

Хай усяго для Вас стае

І ў садку, й на ніўцы.

Анатоль Шушко друкаваў свае вершы ў часопісах "Маладосці", "Полымя" "Беларусь", "Беларуская думка", "Нёман". Яго вершы друкаваліся ў калектыўных зборніках "Люблю будзённы дзень" і інш.

Трэба нагадаць, што за зборнік вершаў "Шаны" паэт атрымаў Дыплом ІІ ступені Рэспубліканскага літаратурнага конкурсу "Лепшы твор 2012 года ў галіне паэзіі".

Анатоль Шушко ў мінулым годзе адсвяткаваў свой 60-гадовы юбілей. Можна сказаць, чалавек у росквіце сваіх сіл. Ён плённа працуе на паэтычнай ніве, вядзе актыўную грамадскую работу, часта сустракаецца з студэнцкай і школьнай моладдзю.

Прапануем чытачу адзін верш з творчай спадчыны паэта:

Нарэшце згублены радок

Не ашукае!

Імкне ка мне мой саладок,

К сабе гукае.

Ён перапоўнены сабой,

Што пчолка кветам,

Неўтаймаванаю журбой

Аб неапетым.

Такуе марнае гурма.

Мне ж - не да болю.

Жыву табою нездарма -

Жывы табою.

Напрыканцы хачу звярнуцца зноў да слоў Віктара Гардзея пра творчасць Анатоля Шушко: "Жывапісную па малюнку: багатую на трапныя дэталі паэзію Анатоля Шушко, хоць і друкаваўся ён да крыўднага мала, не адзін раз згадвалі Ўладзімр Калеснік, Алесь Марціновіч, Алесь Бельскі... але прытым яго вершы заўважыў выдатны беларускі крытык і літаратуразнавец Варлен Бечык"...

Шасцідзесят гадоў для паэта - гэта самы плённы ўзрост... будзем спадзявацца, што чытачы, усе аматары паэзіі, дачакаюцца новых верашаў, новых зборнікаў паэзіі Анотоля Шушко. І пажадаем яму плённых гадоў працы ў ягонай крылатай і непаўторнай паэзіі.

Уладзімір Гук, удзячны зямляк паэта.


Грэх рушыць помнікі

Пліта з выжальботным Ісусам Хрыстом ляжала на зямлі. Поруч зрушаныя, а то і разбітыя помнікі з партрэтамі памерлых - маладых, сталых, пажылых. На многіх пабітых помніках агатавая зямля, смецце, шрамы ад удараў. На зарудзелай бронзе вымытай снегам лістоты роспачна адблісквае бронза паваленых літараў. Прасвятая Марыя з пранізлівай дабрачнай самотнасцю азірае ваколле з нярушнага помніка.

Ціхая спакойная журба прыбраных у бель халодных узімненых кладоў Вялікай Ігрушы парушылася ўначы дзікунамі. Кашчуннікамі, святататамі.

Калі б паваленых помнікаў было некалькі, замазаных партрэтаў нябожчыкаў два-тры, усім яснела б - пагнюсёцілі хаты адыйшлых тупарылыя п'яныя маладзёны. Нявыхаваныя бесталанныя рабацягі выгадавалі такое ж патомства, навучаныя ўжываць піўцо і вінцо падлеткі па-дурному выказвалі ўдаласць, самастойнасць. А тут пабітыя надмагільныя пліты не проста ўквецаныя ў зямлю і прэль леташняй лістоты, а менавіта пакускаваныя. Вываратнаму дурню ясна - мэтанакіравана злашчаснілі дарослыя, зараней усё абдумалі, запасліся малаткамі, ламамі. Выбралі прыдатную цемрыўную зімовую гадзіну. Прыехалі аднекуль уночы. Мясцовыя вяскоўцы не маглі рашыцца на подлае гідоцце.

- Не хрысціянцы разбойнічалі. Не падшпаркі ці алкашы. У іх не хопіць сілы і часу нагадзіць на столькіх магільных радах, - уранку выказваўся поп з Вялікай Ігрушы Хвядос Сарока. - Якія нашыя часам ёлупні, а граху баяцца.

Люд з Вялікай і Малой Ігрушаў, Казловічаў, Валатоў, Лясішча, Працавічаў, Іграва, Нежаўкі прыспешваў на разбітыя магілкі, роспачна абмяркоўваў вандальства.

- Заплацілі вялікія грошы нехрысцям, каб нам у душы напляваць. Ахову пры вандальстве, нябойсь, выставілі, - выказваецца дабрачачка настаўніца Вера Нічыпараўна Ярашэвіч, сагненая прыветлівая жанчынка, калісьці ў маладосці і сталасці ярка блакітнавокая, а цяпер проста светлавокая.

Яе б падтрымалі былыя калегі, таксама дабракі і філасофскія мудрацы Андрэй Змітравіч Бялько, Марыя Сапронаўна Глебка, Нэла Лявонаўна Груздзеўская, Іван Іванавіч Радзюкевіч, Сяргей Фёдаравіч Ярашэвіч, Цімох Васільевіч Самусевіч, Іван Хвядосавіч Чыжык, Аляксандр Яўхімавіч Лысы.

Да месца і не да месца яны часта ўспамінаюць дырэктараў школы Змітра Васільевіча Пігулеўскага, рупліўца, матэматыка, Вілю Іванавіча Івашкевіча, фізіка, філосафа.

- Гэта не сектанты, на Случчыне яны - мышы пад мётламі. Хай міліцыя апытвае люд алкашны і падлеткаў. Нейдзе выкажацца, чыя работа, - падагульняе Сяргей Качур, шавец і механізатар, былы ліквідатар. Трымае на руках пліту з вывернутым Хрыстом, выцірае медальён з партрэтам сваяка на пліце.

Адзін з удзельнікаў спальвання Слуцкага суда ў 1967 годзе, за што падлеткам дзень у дзень адседзеў пяць гадоў, Сяргей Качур абяцае дапамогу ўчастковаму.

Іван і Хрысціна Нямковічы прыехалі ў Казловічы, чарговы раз сямейнікі выбіраюць прыдатнейшае месца працы і жыцця. З Нараўляншчыны пераехалі на Мазыршчыну, а цяпер мажуць лыжы і адтуль. Усё вырашана, вернуцца на Случчыну, радзіму Хрысціны, у Казловічы. Дачуліся пра вандальства на кладах Вялікай Ігрушы, роднай Ігару Бадановічу, Антаніне Макарэня і Тамары Пакрова вёскі, прыляцелі сюды з Казловічаў, балазе два кэмэ для легкавіка не кругаль.

- На Мазыршчыне і Нараўляншчыне такіх ідыётаў няма, - вышэптваюць абое.

Пра рашэнне ўсынавіць увесну Лёньку Некраша, апрача сямейнікаў, нікому яшчэ не казалі.

- Ведаеш, не трэба перарэшваць, - сузірае рэзрух, кратае жонку за рукаў Іван Нямковіч. - Лубня лепша, наша Лубня.

Пражылыя сумесна чатырнаццаць гадоў сямейнікі паразумваюцца з напаўнамёку.

- Таксама думнуласа.

Мужык і жонка Нямковічавыя ідуць, азіраюць помнікі. Частыя прозвішчы Самусевіч, Лысы, Курдзюк, Ярашэвіч, Кудзелька, Чыжык, рэдкія Прышчэп і Прышчэпа, Бадановіч, Макарэня, Славашэвіч, Бялько, Трухан, Тупік, Краўчанка, Куневіч, Івашкевіч, Клязовіч, Левановіч, Арабіна, Валатовіч, Казляк, Пышнік, Хартановіч.

- На Гомельшчыне такое варварства не стрэнеш.

- І ў нас пяршынка, - растурбочаная жанчына абараняе Случчыну. - Дык што?

Ні слова не вылецела пра галоўнае паміж дваімі, а рашэнне ўжо прынята - не паедуць нікуды з роднай Гомельшчыны. Будуць жыць з сваім людам, нараўлянцамі, ма-зырцамі.

- Прывыкаць да новага лёгка дзетсадаўцам.

- У Лубні ўсё знаёмае. Мы ведаем, нас ведаюць.

На кладах Вялікай Ігрушы ў дзень ціхай вечнай спогадзі па адыйшлых у Тагасвецце адна пераселеная з чарнобыльскай зоны сям'я нечакана для старонніх, не для сябе, прыняла канчатковае рашэнне. Нікуды ад чарнобыльцаў болей не паедзе. Выехалі з абрадыяцыйнай вёскі Нараўляншчыны, досыць. Будуць несці крыж жыццёвых пакутаў з сваімі людзьмі, на Мазыршчыне.

- Што ўсім, тое і нам, застанемся.

- Ты ў мяне залаты быў, застанешся навекі залатым, клянуся.

Хрысціна Нямковіч казала няправільна. Некалькі гадоў таму яе зямлячка Антаніна Макарэня гэтаксама ўторыла навекі дарагому Раману Кавалёву. Ні адна жанчына не ведала адно з вялікіх правілаў космасу: не кажы клятву наперад, не здзіві шчасце ці ўдачу, не абмяжоўвай сябе ў павевах радасці/няўдачы; дала - бойся святую і неадменную парушыць.

- Застанемся ў Лубні. Нас Вера адобрыць.

- Калі паспее, - з сухой звычнасцю нацярпелай выказваецца Хрысціна Нямковіч. Маці ведала пра ўсё горшы стан старэйшай дачушкі ў бальніцы.

Славутая варажбітка старая Марта Захарэвіч і параўнальна малады вядун Аляксей Бялько перамаўляюцца ўводдаль, павольняць паміж агароджаў, магілаў. Разгубленыя злыя вяскоўцы загаварваюць на кладах не да рэзкага па іхніх мерках маладога лекара Бялько, а да прывычнай ім старой Захарэвічыхі, пытаюць, перапытваюць.

Бабуля Марта стараецца памоўчваць, зрэдзь божкае. Яна - своеасаблівы абярэг вакольных людзей, прадказальніца многіх падзеяў, выратавальніца з воўчых зубоў малюсенькай Вольгі Панцырэвіч, каторая з ласкі і наводкі старой шаптухі цяпер жонка Сяргея Качура. Сонечны няветраны дзень зімы для сухенькай бабулі зменлівы, сіберны, калючы.

Каштоўнасць разбураных помнікаў не толькі ў памяці, матэрыяльных стратах. Яна ў нікім не адмененай непазбежнай помсце смяртэльна абражаных Тагасветных нелюдзям-разбуральнікам. Марта Захарэвіч не сумняваецца, будзе вядома, хто ўчыніў кашчунства. Хутка расплацяцца падбухторшчыкі на святатацтва, яго выканальнікі. Лягуць у магілы самі і блізкія. Не проста лягуць. Здыхотна-хварабітнымі ўкладуцца. А мо і зусім не будзе ў бязмозглых магілаў. Згніюць падлаю, далёка ад Айчыны, крэўных. Незалежна ад веры і канфесіі атрымаюць гнюсотнікі кару Таго свету на зямлі.

- Мёртвыя памагаюць і помсцяць мацней, чым думаюць цяперашнія, - не ўсім зразумела перашэптваюцца вялікаігрушаўскія ведуны, старая і малады, сялянка і выпускнік медінстытута, доктар народнай медыцыны.

У старажытных Грэцыі і Рыме за здзекі з мёртвых ці сапсаванне помнікаў на магілах землякоў, крэўных, месцічаў апаганніку была адна кара: смерць. Прышлым здзекнікам і чужаверцам - хуткая і няпростая смерць.

Выключэнне адно - дзеці, іх бацькі каралі сваёй уладаю, адначасова выплачвалі штрафы і страты. Мясцовых ганьбоўшчыкаў магілаў, славутых родамі або доблеснымі справамі продкаў за Айчыну, таксама не забівалі, высылалі пажыццёва на астравы. У ваенны час адзывалі, давалі мажлівасць выкупіць грэх святатацтва ў бітвах, не меней трох. Які б ні быў радавіты шляхціц, тройчы ішоў у першых шарэнгах кагорты, легіёна. Поруч з адважнымі наймітамі скіфамі і германцамі - іх легіёны ў арміях Аляксандра Македонскага, Сулы, абодвух Пампеяў заўжды самыя лепшыя, трывалыя, перамаганосныя.

На пахаваннях святататаў, што няславілі клады і магілы, не прамаўляліся высокія словы, на плітах не выбіваліся эпітафіі, помнікаў вырадкам зусім не было, як бы цудоўна невукі пасля не паводзіліся. Як рабам, усім несвабодным.

Гэта з той даўніны, ад Грэцыі і Рыма, ад праваслаўных Егіпта і Сірыі, пайшоў славуты выраз - "Пра мёртвых нічога, толькі праўду". Яго дзе-нідзе за стагоддзі паскудная хітрая чэрнь і немаёмаснікі хлусліва перакаўмлычылі на "Пра мёртвых нічога, толькі добрае".

Дзесяцігоддзямі святое язычніцтва намаганнямі хрысціянства і мусульманства, іудзейства і буддзізму пнуцца зваць паганьствам, а інтэлігентныя няведкі тупату паўтараюць, паганьствам абзываюць святое, высокае і непераходнае язычніцтва. Рымскую назву селяніна пераносяць на замільённую ранейшую даўніну.

Менавіта з бояззі помсты і няславы багата помнікаў і магілаў тагачасся, за дзве з паловай тысячы гадоў, ацалелі да сёння. Баяліся малахольныя, немаёмасныя і няздатнікі рушыць чужую вечнасць, калі сваёй не заслужылі, калі не маюць кроплі ўявы пра бязмерныя вышыні Тагаіснасці.

Адкуль да старой вядункі і маладога прыйшлі ўведы асобных касмічных законаў, не адкажуць, хаця выказваюць іх беспамылкова.

Асветнае і абмежаванае грамадства вакольных вёсак, самога Слуцка ў тым пераканаецца неўзабаве. Плакаць ад разбурэння помнікаў вяскоўцы будуць мала, адновяць іх на сабраныя з кожнай хаты і сельсавецкія грошы хутка, а падвучальнікі і выканаўцы ганебшчыны будуць рыдма рыдаць шмат і доўга.

Разгубленасць у Нямковічавых прайшла. Рашэнне з працаю прынята. З радзімнай Івану і Хрысціне Гомельшчыны нікуды не паедуць, застануцца ў Лубні пад Мазыром.

Мацней утрамбавалася: грэх нізіць язычніцкую даўніну, грэх рушыць помнікі, аплёўваць клады.

Валер Санько


Пад крылом багіні Жывы

На персанальнай выставе Алега Раманоўскага, прысвечанай 65-годдзю аўтара, у Івянецкім музеі традыцыйнай культуры прадстаўлены жывапіс, графіка, кераміка і тэксты з перыядычнага друку.

Творы вызначаюцца любоўю да роднага краю і маюць Івянецкі каларыт. Ад паганскай багіні Жывы (апякунка паселішча), адлюстраванай у графіцы і керамічнай скульптуры, акварэльнага трыпціха "Мікола Гусоўскі" (ураджэнец ваколіц Івянца) да жывапісных краявідаў і алоўкавых замалёвак з натуры местачкоўцаў - ілюстрацый да паэтычных твораў сябра Івана Вальчэўскага, ляпнога дэкаратыўнага посуду і міфалагічных гліняных цацак - свістулек, графічных рэканструкцый зніклых архітэктурных помнікаў - такі творчы дыяпазон майстра.

Выпускнік мастацка - графічнага факультэта Віцебскага педінстытута, кіраўнік Народнай выяўленчай студыі Івянецкай СШ, былы дырэктар Івянецкага музея традыцыйнай культуры, член Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, старшыня Івянецкай суполкі ТБМ, аўтар краязнаўчых і мастацтвазнаўчых артыкулаў Алег Раманоўскі знаходзіцца ў пошуку новых творчых здзяйсненняў.

Валянціна Адамовіч. На здымках: 1. Багіня Жыва; 2. М. Гусоўскі на радзіме.


Літаратурна-музычныя сустрэчы на Лідчыне

Мінулы тыдзень у Лідзе быў ангажаваны як Тыдзень культуры Лідчыны. У рамках тыдня Цэнтральная раённая бібліятэка імя Янкі Купалы запрасіла на чэрвеня паэта, перакладчыка, эсэіста Міхася Скоблу і спявачку Белдзяржфілармоніі Таццяну Матафонаву.

Аднак першую сустрэчу госці з Менска правялі ў пасёлку Дзітва ў летніку "Эрудыт" для асабліва адораных дзяцей, выдатнікаў, пераможцаў алімпіядаў і г.д.

У сілу асаблівасці слухачоў кожнае паэтычнае слова і кожны гук песень падалі на ўрадлівыю глебу.

Як адзначыла начальнік летніка Галіна Станіславаўна Зубрыцкая дзеці ў ім вызначаюцца высокім патрыятызмам і любоўю да Беларусі. Таму не дзіўна, што калі ў канцы імпрэзы дзецям раздалі паштоўкі ад "Будзьма беларусамі", і яны захацелі атрымаць аўтографы, то адна дзяўчынка на пытанне, што ёй напісаць, адказала:

- Напішыце мне "Жыве Беларусь".

На сустрэчу ў бібліятэку былі запрошаны бібліятэчныя работнікі і наведвальнікі бібліятэкі.

Дарэчы, і Міхась Скобла, і Таццяна Матафонава прыехалі ў наш горад не ўпершыню. Спявачка Белдзяржфілармоніі раней дала некалькі канцэртаў у Лідскім дзяржаўным музычным каледжы. На гэты раз песні пад гітару ў яе выкананні - на словы Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Дубоўкі, Генадзя Бураўкіна і іншых класікаў беларускай паэзіі - прагучалі ў канферэнц-зале бібліятэкі. У памяць аб сустрэчы Таццяна Матафонава перадала бібліятэцы ў электронным выглядзе запісы беларускіх песень у яе выкананні.

Міхась Скобла, у сваю чаргу, чытаў перад прысутнымі свае вершы і вершы некаторых іншых аўтараў. Міхась Уладзіміравіч таксама гутарыў з аўдыторыяй аб беларускім фальклоры, аб адлюстраваных у ім гасціннасці, міралюбівасці і талерантнасці беларускага народа (нагадаем, што Тыдзень культуры Лідчыны праходзіў у рамках рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі "Мы, беларусы, мірныя людзі"). "Беларусь - талерантная краіна, дзе званы праваслаўных і каталіцкіх храмаў дружна і згодна перазвоньваюцца паміж сабой", - адзначыў паэт напрыканцы сустрэчы.

Пасля сустрэчы Міхась Скобла, які прыязджаў разам з сынам Вячкам наведаў Лідскі замак, Домік Таўлая.

У канцы сп. Міхась сказаў:

- У Лідзе мы ўбачылі тую Беларусь, якую вельмі хацелася б мець паўсюль.

Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.


Ушанавалі Міхала Валовіча і паўстанцаў 1830-1833 гадоў

У нядзелю, 14 чэрвеня, у вёсцы Парэчча Слонімскага раёна адбылося мерапрыемства па ўшанаванні аднаго з кіраўнікоў паўстання 1830-1833 гадоў супраць Расейскай імперыі Міхала Валовіча і яго 12 паплечнікаў. Каля памятнага крыжа ў гонар паўстанцаў, які знаходзіцца на Парэцкіх могілках, адбыўся імправізаваны мітынг, перад пачаткам якога ўдзельнікі прачыталі малітву "Ойча наш". Мерапрыемства адкрыў слонімскі гісторык і літаратар Сяргей Чыгрын, які распавёў пра змагарны шлях Міхала Валовіча і яго паплечнікаў. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што Міхал Валовіч нарадзіўся ў вёсцы Парэчча Слонімскага павета, дзе меў маёнтак і ўласную зямлю. Скончыў Віленскі ўніверсітэт. Пасля паразы паўстання Валовіч быў вымушаны эмігрыраваць у Францыю, дзе зблізіўся з дэмакратычнымі арганізацыямі, рухам карбанарыяў. Пад уплывам Ю. Заліўскага вырашыў прыняць удзел у ваеннай экспедыцыі на тэрыторыю Беларусі і Літвы, каб узняць там сялянскае паўстанне, паколькі паўстанне 1830-1831 гадоў было больш шляхецкім. Меркавалася, што карбанарыі Заходняй Еўропы, перамогшы ў сябе, дапамогуць паўстанцам. Па рашэнні Ю. Заліўскага, Валовіч узначаліў Слонімска-наваградскую акругу. 19 сакавіка 1833 года паўстанцы перайшлі расейскую мяжу і пачалі дзейнічаць на Слонімшчыне і Гарадзеншчыне. У атрад Валовіча прыйшлі сяляне з вёсак Парэчча, Вострава і Бардашоў. Каб здабыць грошы, паўстанцы напалі на пошту. Меркавалася ўзяць штурмам турму ў Слоніме з тым, каб вызваленыя вязні далучыліся да паўстанцаў. Але такія дзеянні ўстрывожылі ўладу. Гарадзенскі губернатар Мураўёў даў загад акружыць над Шчарай атрад. Валовіч спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але пісталет даў асечку. Паўстанцы трапілі ў палон. Усяго па Гарадзеншчыне было арыштавана звыш 150 чалавек. На допыце Валовіч сведчыў, што "хацеў выкарыстаць мяркаванае паўстанне, каб здзейсніць свой намер і вызваліць сялян". 11 чэрвеня 1833 года ў Гародні пачаўся судовы працэс. Побач з Валовічам на лаве падсудных сядзелі 10 сялян. Міхал Валовіч быў прысуджаны да пакарання смерцю праз чацвертаванне, аднак князь Далгарукаў "змякчыў" прысуд - Валовіча павесілі ў Гародні 2 жніўня 1833 года. Астатнія паўстанцы былі сасланы ў Сібір на катаржныя работы, у арыштанцкія роты, на пасяленне… Літаратар і грамадскі дзеяч з Менска Уладзімір Някляеў дапоўніў Сяргея Чыгрына і выказаў думку, што Міхал Валовіч у свой час быў вялікім рамантыкам, адважным ліцвінам, подзвіг якога заслугоўвае сёння нашай памяці не толькі ў межах Слонімшчыны ці Гарадзеншчыны, але і ўсёй Беларусі. Спыніўся Уладзімір Някляеў і на агульнанацы-янальным руху "За дзяржаўнасць і незалежнасць Беларусі", за што некалі і змагаўся Міхал Валовіч. Пасля Парэчча ўсе ўдзельнікі мерапрыемства завіталі на адну з аграсядзіб Слонімшчыны, дзе працягвалася імпрэза, прысвечаная памяці паўстанцаў 1830-1833 гадоў. Уладзімір Някляеў чытаў свае патрыятычныя вершы, Таццяна Матафонава-Грыневіч спявала песні на словы Максіма Багдановіча, Генадзя Бураўкіна, Зянона Пазьняка, Уладзіміра Някляева і іншых аўтараў. Пра любоў да Бацькаўшчыны, да роднай мовы і свайго народа казалі ў сваіх выступленнях мастак Мікола Бушчык, грамадскі актывіст са Слонімшчыны Іван Шэга і іншыя выступоўцы.

Барыс Баль , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX