Папярэдняя старонка: 2015

№ 26 (1229) 


Дадана: 01-07-2015,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 26 (1229), 30 чэрвеня 2015 г.


КУПАЛЛЕ КРОЧЫЦЬ ПА ПЛАНЕЦЕ

Беларусы расейскай Сібіры адзначылі Купалле. Імпрэзу арганізаваў Іркуцкі моладзевы клуб "Крывiчы", дзе адным з завадатараў - вядомы прапагандыст беларускай культуры Алег Рудакоў. На свята ў вёску беларускіх перасяленцаў Ахіны, што месціцца на адвечнай бурацкай зямлі ў Эхірыт-Булагацкім раёне, сабралася блізу паўтысячы чалавек.

У гутарцы з мясцовымі журналістамі Алег Рудакоў патлумачыў, што захаванне беларускіх традыцый у вёсцы Ахіны, дзе больш за 100 гадоў таму атабарыліся выхадцы з Беларусі падчас Сталыпінскай аграрнай рэформы, - важная частка культурнага жыцця: "Мы спяваем нашыя старыя беларускія песні, многім з іх ужо па 300-400 гадоў. Збіраем гэтыя песні ў этнаграфічных экспедыцыях і з сябрамі клуба "Крывічы" даём ім новае жыццё. Гэтак сама намагаемся адрадзіць архаічнае свята Купалля, якое нашы продкі святкавалі раней".

Аўтэнтычнае Купалле ў Вялікім Поўсвіжы, што на Лепельшчыне, зладзілі мясцовыя язычнікі. Каб прыняць удзел у гэтым свяце і акунуцца ў даўніну, акрамя мясцовых жыхароў, сюды завітала каля сарака беларускамоўных турыстаў з Наваградка, якія ўваходзяць у клуб "Беларускае кола".

Масавае Купалле прайшло ў Ракаве.

Традыцыйныя купальскія гульні, вянкі на вадзе, карагоды і вогнішча - гэта толькі некаторыя элементы святкавання Купалля ў Саколцы. Сотні жыхароў гэтага гарадка і паўночнай Беласточчыны сабраліся на мясцовым вадасховішчы, каб адзначыць адно з самых старажытных славянскіх святаў.

Пусканне вянкоў па рацэ Супрасль, пошукі папараць-кветкі і канцэрты калектываў - усё гэта адбывалася ў час "Купальночкі", якая прайшла ў Залуках у гміне Гарадок.

Паволі ўсё становіцца на месца. Беларусы пачынаюць святкаваць два Купальскія тыдні ад сонцастаяння па новым стылі да яго ж па старым.

Паводле СМІ.


110 гадоў з дня нараджэння Пятра Глебкі

Пятро ГЛЕБКА (6 ліпеня (23 чэрвеня паводле старога стылю) 1905, в. Вялікая Уса, Уздзеншчына, Расейская імперыя - 18 снежня 1969, Менск, БССР) - беларускі паэт, вучоны, арганізатар навукі. Акадэмік Акадэміі навук БССР (з 1957 года, член-карэспандэнт - з 1950 года).

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме (1924-1927). У тэхнікуме пазнаёміўся з П. Трусам і М. Лужаніным, з якімі актыўна супрацоўнічаў у насценнай газеце. У 1925 годзе ўступае ў аб'яднанне "Маладняк". З пераходам у 1926 годзе ў літаратурна-мастацкае аб'яднанне "Ўзвышша" змяніўся творчы стыль маладога паэта: ён стаў больш стрыманым, рэфлексійна-разважлівым, псіхалагічна-паглыбленым. У 1927 годзе перавёўся на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне БДУ. Скончыў універсітэт у 1930 годзе.

Працаваў загадчыкам літаратурнага аддзела ў газеце "Калгаснік Беларусі" і ў часопісе "Полымя рэвалюцыі". У 1934-1936 гг. - літаратурны кансультант кабінета маладога аўтара СП БССР. Пад час Вялікай Айчыннай вайны працаваў у рэдакцыях франтавых газет "За Савецкую Беларусь" і "За свабодную Беларусь". Пад псеўданімам Язэп Касіла друкаваў сатырычныя вершы і куплеты ў газеце-плакаце "Раздавім фашысцкую гадзіну" і ў сатырычным лістку "Партызанская дубінка".

З 1945 года працаваў у АН БССР. З 1957 па 1969 гг. узначальваў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1968-1969 гг. адначасова з'яўляўся акадэмікам-сакратаром Аддзялення грамадскіх навук.

Клапаціўся аб развіцці мовы, яе культуры і дзяржаўным статусе. Ініцыяваў і прымаў непасрэдны ўдзел у выданні зводу беларускай народнай творчасці. Па яго прапанове распачата падрыхтоўка збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Дзейсна спрыяў развіццю беларускага тэатразнаўства і фалькларыстыкі, мастацтвазнаўства і этнаграфіі, кіназнаўства і этнамузыкалогіі.

Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1955-1967). У якасці чальца дэлегацыі Беларускай ССР неаднаразова ўдзельнічаў у працы сесій Генеральнай Асамблеі ААН.

Першыя вершы надрукаваў у 1925 годзе ў газетах "Беларуская вёска", "Савецкая Беларусь", часопісах "Работніца і сялянка", "Беларускі піянер". Першы паэтычны зборнік - "Шыпшына" (1927) - стаў красамоўным ўзорам лірычнай паэзіі, сведчаннем самабытнага таленту Глебкі.

Аўтар многіх зборнікаў і навуковых артыкулаў.

Вікіпедыя.


Вынікі конкурсу артыкулаў у Вікіпедыю

Таварыства беларускай мовы з 1 сакавіка да 15 чэрвеня 2015 года праводзіла конкурс артыкулаў у Вікіпедыі на тэму "Гуманітарныя навукі. Персаналіі". Распавядаем пра пераможцаў конкурсу і пра яго вынікі ды наступствы агулам.

Жаданне ўзяць удзел у конкурсе ў той ці іншай форме выявілі больш за дваццаць удзельнікаў, аднак не ўсе трымаліся ўмоваў; так, некаторыя артыкулы былі папросту дасланыя на пошту; натуральна, у конкурсе артыкулаў у Вікіпедыю яны ўдзельнічаць не маглі, якім бы ні быў іх змест. Таксама, на жаль, некалькі конкурсных артыкулаў былі плагіятам з іншых рэсурсаў, што парушае правілы Вікіпедыі.

Такім чынам, у конкурсе агулам прынялі ўдзел шэсць зарэгістраваных удзельнікаў, якія напісалі 62 артыкулы. Старонкі артыкулаў, якія з'явіліся ў Вікіпедыі дзякуючы конкурсу, на момант напісання артыкулу ўжо атрымалі больш за 22,5 тысячы праглядаў (а саму старонку з умовамі конкурсу за тры месяцы прагледзелі больш за 1100 унікальных наведвальнікаў).

Больш за 10 з напісаных артыкулаў атрымалі адзнакі статусу: гэта значыць, былі прызнаныя добрымі або выдатнымі, што з'яўляецца ў Вікіпедыі найвышэйшым знакам якасці.

Аднак большасць артыкулаў, дасланых на конкурс, была перакладзеная з іншамоўных раздзелаў Вікіпедыі (найперш з Рускай Вікіпедыі). Такія перакладзеныя артыкулы, якія не мелі ўласна аўтарскага ўнёску, атрымалі штрафныя балы.

Тым не менш, удзельнік Artificial123, які стварыў каля 20 якасных перакладаў артыкулаў, атрымаў за маштабнасць і тэхнічнасць працы прыз III ступені за артыкул "Руаль Амундсен".

Другое месца заняў удзельнік Gruszecki за артыкул "Беларускае фэнтэзі".

Прыз I ступені выйграў удзельнік "Коця" за артыкул "Беларускі нацыянальны касцюм".

У нядзелю, 28 чэрвеня, у сядзібе ТБМ адбылося ўзнагароджанне ўдзельніка, які заваяваў прыз І ступені. Дзяўчына на імя Вольга, зарэгістраваная ў Вікіпедыі як удзельнік "Коця", атрымала планшэт Lenovo Yoga Tablet і распавяла, што тэма артыкула-пераможцы ніяк не звязаная з яе працай, а народныя касцюмы розных этнасаў ёсць прадметам яе захаплення ды вывучэння. Тым, хто яшчэ ніколі не пісаў артыкулы ў Вікіпедыю, Вольга параіла не баяцца складанасцяў, якія могуць узнікнуць на іх шляху: усе тэхнічныя цяжкасці насамрэч вельмі проста адолець. Астатнія пераможцы будуць узнагарожданыя цягам наступнага тыдня.


Даглядчык беларускай Вікіпедыі Ігар Цярэшчанка ў перадачы "Інтэрвію тыдня" падзяліўся з карэспандэнтам "Радыё Свабода" Віталем Цыганковым дадатковай інфармацыяй пра конкурс:

- Мэтай конкурсу было прыцягнуць дадатковую ўвагу да беларускай Вікіпедыі, прыцягнуць болей аўтараў і напоўніць яе новымі артыкуламі. Адгукнулася не так шмат людзей, як мы чакалі - каля 25 чалавек. З іх не ўсе разумелі, што такое вікіпедыйны артыкул. Таму ў фінал конкурсу выйшлі толькі 6 чалавек.

- Пра што былі артыкулы? Што прываблівае сённяшніх аўтараў?

- Вядома, найчасцей пішуць біяграфічныя артыкулы. Але ў канкрэтна нашым конкурсе найбольш артыкулаў было напісана на тэму палярных даследаванняў - гэта асабістае захапленне чалавека, які заняў трэцяе месца.

- Наколькі ўвогуле папулярная беларускамоўная Вікіпедыя? Колькі людзей яе чытае?

- Увогуле, магу сказаць, што на пачатку гэтага года былі зафіксаваныя рэкордныя прагляды. За красавік Вікіпедыю сучасным правапісам прагледзелі 10 мільёнаў разоў, Вікіпедыю класічным правапісам - 3,6 мільёна. Магу прывесці вам статыстыку, колькі чытаюць беларускамоўную Вікіпедыю з Беларусі. На першым месцы ідзе расейская - 83 працэнты ўсіх праглядаў Вікіпедыі, на другім ангельская - 9 працэнтаў, на трэцім беларуская акадэмічная - каля 1 працэнта праглядаў. Беларуская класічная - 0,3 працэнта. І гэта даволі істотны рост, таму што былі часы, калі арабская Вікіпедыя з тэрыторыі Беларусі праглядалася часцей за беларускую.

Дарэчы, панаванне іншамоўнай Вікіпедыі - не толькі беларускі феномен. Напрыклад, у Літве ці Славаччыне англамоўная Вікіпедыя больш папулярная за адпаведна літоўскую і славацкую.

- А якая будучыня ў беларускай Вікіпедыі? Тут ёсць нейкае зачараванае кола. Вось калі я нешта шукаю ў сеціве, набяру першапачаткова па-беларуску, але потым бачу, што належнай інфармацыі няма, і наступным разам буду набіраць па-расейску ці па-ангельску. Як разарваць гэтае зачараванае кола?

- Вельмі проста - трэба проста пісаць у беларускую Вікіпедыю. Цяпер мы маем 89692 артыкулы акадэмічным правапісам і 56 650 артыкулаў класічным правапісам. З кожным днём колькасць артыкулаў павялічваецца, і шукаць інфармацыю па-беларуску становіцца ўсё прасцей. А тым, хто скардзіцца, што беларускамоўныя артыкулы Вікіпедыі не высвятляюцца ў іхніх пошукавых сістэмах - я магу параіць змяніць налады браўзера. У ім ёсць прыярытэт моваў, і пра гэта мала хто ведае...


Таварыства беларускай мовы дзякуе ўсім удзельнікам конкурсу, вітае пераможцаў і раіць кожнаму практыкавацца ў напісанні артыкулаў у Вікіпедыю, бо гэта - не толькі простая магчымасць зрабіць варты ўнёсак у развіццё беларускай мовы ды культуры, але і шанец выйграць у наступных конкурсах - якія будуць праводзіцца Таварыствам у будучыні.

Яўгенія Парашчанка. На здымку: Алег Трусаў і "Коця".


З'ехаць, каб застацца

Валійская эміграцыя ў Патагонію дзеля захавання ўласнай нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці

(Працяг. Пачатсак у папяр. нумары.)

Дамовіліся, што вялікую ступень аўтаноміі калонія зможа атрымаць, калі колькасць жыхароў павялічыцца да 20 тысяч, і ёй будзе нададзены статус правінцыі. Але кангрэс Аргентыны не ратыфікаваў і такую дамову, верагодна, з-за пратэстанцкай веры каланістаў ці з-за іх сувязяў з Брытаніяй і блізасці калоніі да Фалклендскіх астравоў. Аднак камітэт эміграцыйнага таварыства не стаў афішаваць гэты факт і пачаў вербаваць людзей. У 1864 годзе Роўсан, які надзвычай спрыяў калоніі, усё ж здолеў зрабіць так, каб дамову ратыфікавалі.

Як тады, так і ў наш час, такога кшталту эміграцыйная ініцыятыва патрабуе эфектыўнай рэкламы. Асноўнай задачай той рэкламнай кампаніі было пераканаць людзей у тым, што Патагонія будзе ідэальным месцам для захавання і развіцця валійскай культуры. Кампанія стварала ўражанне аб падабенстве Патагоніі і Ўэльса. З прапагандысцкімі мэтамі камітэт таварыства арганізоўваў выступы, выдаваў часопіс, а таксама выпусціў кнігу Хью Хьюза "Падручнік па калоніі". Аўтар не ўключыў у кнігу некалькі важных фактаў, якія маглі адпужаць каланістаў, напрыклад, тыповыя патагонскія паводкі. Адзін з пазнейшых даследчыкаў абвінавачвае Хьюза ў тым, што той ігнараваў усё, што супярэчыла яго тэзісу аб падабенстве Патагоніі да Уэльса. Але ёсць і погляд, што частка яго заключэнняў аб прыдатнасці месца для калоніі была заснавана на памылковых разліках: у Патагоніі ён не бываў, як не быў і спецыялістам у геаграфіі і кліматалогіі. Акрамя таго, частка матэрыялаў аб Патагоніі, якімі карыстаўся Хьюз, давала памылковую інфармацыю. Напярэдадні ад'езду ў англійскай прэсе з'яўляліся матэрыялы з негатыўнымі водгукамі аб Патагоніі - мяркуецца, што гэта была піяр-акцыя канкурэнтаў, якія арганізоўвалі перасяленне ў Паўночную Амерыку. Пасяленцам давядзецца дорага заплаціць за сваю недастатковую падрыхтаванасць да рэчаіснасці, а цяжкія кліматычныя ўмовы стануць адным з фактараў згасання калоніі.

Так ці інакш, рэкламная кампанія дасягнула сваёй мэты. У 1865 годзе 153 чалавекі адплылі з Ліверпуля на чайным кліперы "Мімоза" ў Патагонію. Хаця ў іх былі і эканамічныя матывы, але галоўнае, што вабіла гэтых людзей - культурная, моўная і рэлігійная свабода, магчымасць жыць па-свойму. Як пісаў у сваіх успамінах адзін з перасяленцаў: "Мы з'язджалі, бо дзень за днём адчувалі пранікненне чужых культураў у свой дом".

Людзьмі маглі рухаць і сацыяльныя матывы. Напярэдадні іміграцыі быў створаны праект дэмакратычнай канстытуцыі, дзе, у прыватнасці, прапісвалася права жанчын галасаваць на выбарах. Валійская калонія стане, верагодна, першай супольнасцю, дзе жанчыны будуць мець такое права. Магчыма, таму суадносіны мужчын і жанчын сярод пасяленцаў былі амаль роўнымі, што было нетыпова для падобных ініцыятыў. Увогуле, эмігрантамі былі пераважна маладыя людзі на трэцім - чацвёртым дзястяку. Прыкладна траціну іх складалі замужнія пары, яшчэ траціну - дзеці. Дарэчы, сам Майкл Джонс не іміграваў, але наведаў калонію ў 80-я.

Падарожжа па моры доўжылася 61 дзень, пасля чаго шчаслівыя пасяленцы высадзіліся на камяністы бераг Патагоніі. Непасрэдна перад перасяленнем прадстаўнікі таварыства ў Аргентыне падрыхтавалі для каланістаў правізію, будматэрыялы і хатніх жывёл, а таксама пабудавалі на месцы высадкі сякое-такое жытло. Аднак колькасць запасаў аказалася далёка не дастатковай. Неўзабаве людзі выправіліся ў доўгае і цяжкае падарожжа непасрэдна да месца калоніі ў даліне ракі Чубут. Калонію назвалі проста - Y Wladfа Cymraeg, што значыць Валійская калонія. Першы заснаваны горад атрымаў назву Роўсан (Трэроўсан) - у гонар міністра замежных спраў Аргентыны.

На пачатку жыцццё ў калоніі было вельмі цяжкім з-за недахопу ежы, кепскага клімату, непрыдатнасці зямлі да сельскай гаспадаркі, паводак, адсутнасці ў людзей неабходных фермерскіх ці паляўнічых навыкаў. Сярод каланістаў былі людзі розных прафесій, але фермераў - усяго некалькі чалавек. Тым не менш, адразу ж па прыбыцці пачынаецца праца па засваенні тэрыторыі. Многія, аднак, былі расчараваныя і пачалі перасяляцца ў іншыя месцы. Праз тры гады насельніцтва калоніі складала толькі 90 чалавек.

Калонія ўсё ж выстаяла, дзякуючы шэрагу фактараў, у тым ліку працавітасці і веры каланістаў у Бога. Яшчэ адным фактарам была чалавечая дапамога. Хаця валійцы імкнуліся да незалежнасці, вытрымаць першыя гады ім надзвычай дапамагла падтрымка ад Аргентыны, Брытаніі і карэнных жыхароў Патагоніі. З боку Аргентыны ролю "добрага генія" сыграў міністр Роўсан. Насуперак пазіцыі кангрэсу і ўраду, ён аказваў калоніі шчодрую дапамогу. Надзяляючы яе зямлёй, ён перавысіў афіцыйна дазволеную квоту. Мяркуецца, што пры гэтым ён пераследваў дзяржаўныя інтарэсы: імкнуўся адвесці прэтэнзіі Чылі на Патагонію, а таксама шукаў прыхільнасці Брытаніі, ад якой чакаў саступкі Фалклендскага архіпелага. Такім чынам маленькая валійская калонія стала важным козырам у сусветнай палітыцы.

Брытанія, з якой з'ехалі каланісты, таксама аказвала ім значную матэрыяльную дапамогу. Парадаксальна, але ў пазнейшы перыяд канфліктаў калоніі з аргентынскімі губернатарамі, некалькі каланістаў выправіліся ў Лондан, каб паскардзіцца на аргентынцаў і нават прапаноўвалі брытанцам распаўсюдзіць на правінцыю Чубут статус свайго дамініёна. Ім, аднак, было адмоўлена з-за і без таго напружаных міждзяржаўных адносінаў. Нават гімн калоніі быў пакладзены на музыку "Божа, уратуй каралеву".

Але, магчыма, найбольш дапамаглі каланістам індзейцы. Пасяленцы кантактавалі з некалькімі плямёнамі, у прыватнасці, з тэхуэльчамі. На папярэдніх перамовах у сталіцы Аргентыны Льюіс Джонс настойваў на тым, каб тубыльцам была кампенсавана страта земляў, што зрабіла на апошніх прыемнае ўражанне. Хаця спачатку пасяленцы паставіліся да мясцовых жыхароў насцярожана, далейшыя узаемаадносіны склаліся добра. Адзначаецца, што здарыўся толькі адзін напад індзейцаў на групу пасяленцаў за ўсю гісторыю калоніі. Пасяленцы адмовіліся ваяваць супраць індзейцаў падчас кампаніі аргентынскай арміі канца 70-х гадоў.

У перыяд нястачы індзейцы дзяліліся з пасяленцамі мясам, а потым навучылі іх гадаваць коней, паляваць з выкарыстаннем мясцовай зброі і прасці шэрсць (воўну) гуанака. Наладзіўся і ўзаемавыгадны гандль. Валійцы заахвочвалі дзяцей індзейцаў заставацца ў калоніі і атрымліваць адукацыю. У выніку многія з іх добра засвоілі валійскую мову. Некаторыя валійцы, у сваю чаргу, вывучылі мову тубыльцаў.

Можна сказаць, што калонія адбылася не дзякуючы той зямлі, якая была ёй выдзелена, а насуперак ёй. Праз некалькі год, пабудаваўшы першую ў Аргентыне ірыгацыйную сістэму, каланісты дасягнулі першых высокіх ураджаяў. Пшаніца, вырашчаная ў калоніі, нават будзе ўганараваная медалямі на міжнародных сельскагаспадарчых выставах. На тле поспехаў вярнулася і шмат з'ехаўшых каланістаў.

Пасяленцы пачалі засвойваць прылеглыя тэрыторыі, засноўваючы новыя мястэчкі і даючы зямлі валійскую тапаніміку. Некаторыя з гэтых назваў замацаваліся, але большасць зараз заменена на іспанскія. У 1885 валійцы, якіх падштурхоўвала неабходнасць пошуку свабодных урадлівых земляў, распачалі засваенне тэрыторыі далёка на захадзе, у Андах, у выніку чаго паўсталі такія селішчы як Трэвелін і Эскель. Гэтыя мясціны, названыя валійцамі Прыемнай далінай, былі сапраўды падобныя да Паўночнага Уэльса, можна сказаць, што валійцы нарэшце знайшлі сваю зямлю абетаваную. Тут ім выпаў шанец абараніць інтарэсы Аргентыны ў рэгіёне. Чылійцы, што прэтэндавалі на гэтую частку Патагоніі, накіравалі да іх перамоўцаў з прапановай перайсці пад іх юрысдыкцыю, спакушаючы абяцаннямі зямлі і геапалітычнымі аргументамі (рэкі там цякуць на захад, у Чылі). Але, шчыльна знітаваныя з усходняй калоніяй, валійцы адмовіліся. На рэферэндуме 1902 года яны выбралі аргентынскае, а не чылійскае падданства.

Як ва ўсякай прыстойнай калоніі, і там пачалася залатая ліхаманка. Адзін з каланістаў, Эдвін Робертс, знайшоў у Андах золата. Пачаліся зборы статутнага капіталу для кампаніі, але раптоўная смерць Робертса, які быў адзіным чалавекам, хто дакладна ведаў месца, паклала канец прадпрыемству. Тым не менш, чуткі пра золата зрабілі калоніі добрае паблісіці.

(Заканч. у наст. нумары.)

Дзяніс Тушынскі, намеснік старшыні ТБМ


Згадайма апублікаваныя артыкулы без купюр - будзе аб'ектыўны адэкватны адказ

У "Нашым слове" № 7 за 1995 год быў апублікаваны наш артыкул "Раіліся з Хімаю Чыгрын" , дзе напісана: "Беларускія прозвішчы на -ін, -ын нярэдка перакручваюцца на небеларускі лад, напрыклад, Гавін, Гурын, Літвін, Логвін, Русін, Чыквін і падобныя пры абазначэнні асобы жаночага полу раптам набываюць канчатак : Гавіна, Гурына, Літвіна, Логвіна, Русіна, Чыквіна . Ці апраўданая такая форма? Не, нічым не можна яе абгрунтаваць. Форму жаночага роду маюць толькі тыя прозвішчы, якія паходзяць ад уласных жаночых імёнаў і ўтвораныя ад іх з выкарыстаннем суфікса -ін- : Зініна, Зосіна, Ларына . Гэта былыя прыналежныя прыметнікі: Зіна - Зінін (сын) і Зініна , Зося - Зосіна (дачка) і г. д. Што да згаданых утваральных асноў, то наадварот, самыя гэтыя прозвішчы выступаюць утваральнымі да больш новых прозвішчаў: Літвін - Літвінаў, Русін - Русінаў, Чыгрын - Чыгрына ў. Першасна яны таксама былі прыметнікамі: Чыгрын-аў - сын Чыгрына , Літвінаў - сын Літвіна . Адсюль вынікае, што формы Чыгрын, Літвін, Русін і пад. адначасова абазначаюць асобу мужчынскага і жаночага полу. Пры абазначэнні асобы жаночага полу такія прозвішчы не павінны скланяцца. Як і Міцкевіч , Пашкевіч і пад. Як піша ў лісце да аўтара гэтых радкоў вядомы беларускі літаратар, кандыдат філалагічных навук Іван Чыгрын, прозвішча Чыгрын на Слонімшчыне ніколі не скланялася, калі яно належала асобе жаночага полу, і прыводзіць прыклад, як звярталіся вяскоўцы да яго маці Хімы: "Раіліся з Хімаю Чыгрын", "Казалі пра Хіму Чыгрын …" . Так, гэта натуральна і нармавана. Згадайма тут і справядлівае сцверджанне Станіслава Судніка, рэдактара слыннага штотыднёвіка "Наша слова" у допісе да артыкула Алеся Каўруса "Згадайма" (Наша слова № 20. 20 траўня 2015 г.): "На Лідчыне жаночыя прозвішчы Логвін, Сонгін (Сангін), Ліцвін, Жамойцін традыцыйна не скланяюцца" .

А цяпер пра публікацыю ў гэтым нумары "Лобан. Пра паходжанне прозвішча. Алесь Каўрус". У ім бачым сцверджанне: "прозвішчы адной сямейкі: Лабовіч, Лобач, Лобань … і з класічнага твора Лабановіч ". І далей доктар філалагічных навук В. Шур лічыць: "У аснове прозвішча Лабановіч апелятывы лабасты, лобан, якія ўжываюцца для апісання чалавека не толькі з вялікім ілбом, а і разумнага, кемлівага … У трылогіі Я. Колас выкарыстоўвае разнавіднасці гэтага прозвішча: Лабуня, Лабанок " (Анамастычная лексіка ў беларускай мастацкай літаратуры. 2002, С. 98) . В. Шур прыводзіць таксама цытату з успамінаў Міколы Лобана: "Кажуць, калі дзед (пісьменніка В.Ш. ) першы раз пайшоў у школу, настаўнік запытаў: "Як прозвішча?" - "Лабановіч". - адказаў хлапчук. - "Як Лабановіч? Мужык ды шляхецкае прозвішча носіш? Лабан тваё прозвішча", - запярэчыў настаўнік і запісаў "Лабан Васілій" . І ў канцы публікацыі рэзюмэ аўтара публікацыі: "Гэтых звестак, напэўна, дастаткова, каб зрабіць вывад пра паходжанне разгляданага прозвішча" .

На наш погляд, у гэтай публікацыі неапраўдана атаясамліваюцца розныя антрапанімічныя структуры і розныя словаўтваральныя тыпы прозвішчаў. Антрапонім Лабановіч мае беспасярэдняе дачыненне да бацькаймення Лаб а навіч - дэрыват адмысловага антрапанімічнага спосабу - акцэнтаванне - утварэнне новых слоў шляхам змены ў слове месца націску (Акцэнтаванне як адзін з антрапанімічных спосабаў дэрывацыі / П.У. Сцяцко // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Серыя 3. Філалогія. Педагогіка. Псіхологія. - 2010. - № 1) . Гэты спосаб найперш выкарыстоўваецца пры ўзнікненні прозвішчаў ад імёнаў па бацьку асобаў ("бацькайменне"): Адам о віч - ад Ад а мавіч (сын Адама , Адамаў сын) шляхам акцэнтавання антрапафарманта -овіч ( Адамовіч ). Такіх утварэнняў шмат у мове. Шляхам акцэнтавання прозвішчамі сталі некаторыя кананічныя імёны: Б о гдан < Багд а н , Б о рыс < Бар ы с , Т а рас < Тар а с , а таксама адапелятыўныя мянушкі: Б о кач < Бак а ч , Бр ы кач < Брык а ч , Б ы чак < Быч о к , К о валь < Кав а ль .

На матэрыяле "Беларускай савецкай энцыклапедыі (1969-1975) выяўлена каля 50 такіх онімаў. Фактары гэтага працэсу - аб'ектыўны і суб'ектыўныя, палітычна-гістарычныя. Гэта і імкненне носьбіта прозвішча адмежаваць онім ад апелятыва, нярэдка з адмоўнай канатацыяй; пазбегчы аманіміі прозвішча і ўласнага асабовага імя, а таксама ўплыў мовы суседніх дзяржаў - Польшчы і Расіі. Як вядома, польскай мове ўласцівы сталы націск на прадапошнім складзе слова. Паводле гэтай заканамернасці афармляліся ў афіцыйных польскіх дакументах і беларускія прозвішчы: Жабр а к (этымал. Жэбр а к ) стала Ж э брак , Федзян я - Фядз е ня . Уплыў расійскай мовы - афармленне прозвішчаў беларусаў з канцавым -а / -ка як слоў з фіналямі -о/-ко : Ж ы лка - Жылк о , Гн е ўка - Гняўк о , Ш ы шка - Шышк о . Гэтым самым формы на -о/-ко станавіліся нескланяльнымі (як і ў расійскай мове).

Антрапонім Лобан узнік шляхам семантычнай дэрывацыі апелятыва расійскай мовы лобан - пра чалавека з вялікім ілбом (перан.) 'разумнага, кемлівага'. У аснове яго слова лоб 'верхняя частка твару чалавека або морды жывёлы'; памянш. лабок . Гэтымі словамі і іх дэрыватамі (вытворамі - паводле Алеся Каўруса) лабуня, лабунька расіяне называюць і любых свойскіх жывёлінаў. А пераносна - гэта і семантычныя дэрываты прозвішчаў Лоб, Лобок , а таксама вытвораў Лобуня, Лобунька (беларускія варыянты - адэкваты маюць фармант -ач- ), Лобач (Лобач) (супрацоўніца інстытута, імя і імя па бацьку не запомніліся, яна была на абароне кандыдацкай дысертацыі ў гэтым Інстытуце, дзе я выступаў афіцыйным апанентам у 1970-ыя гады).

Так што беларускаму нарматыўнаму слову лобач (лабач) адпавядае рас. лобан - дэрыват з суфіксам -ан . Гэта засведчана ў выданні: П.У. Сцяцко. Праблемы нормы, культуры мовы: навучальны дапаможнік па спецкурсе "Праблемы адраджэння і натуральнага развіцця беларускай мовы, нармавання яе "савецкага варыянту" для спецыяльнасці "Г020100 - беларуская мова і літаратура". - Гродна : ГрДУ, 1998. - 294 с. На старонцы 27 у параграфе 2.1.7 Суфіксы -ач і -ан чытаем: "Словы з эмацыйна-ацэнкавым суфіксам -ач негатыўна характарызуюць чалавека паводле інтэнсіўнай прыметы: галавач, гарлач, ладач, лупач, пузач і трыбухач … Аналагічныя ўтварэнні з суфіксам -ан неўласцівыя беларускай літаратурнай мове (іх мае расійская мова: голован, горлан, губан, брюхан, пузан, лобан ), "Беларуска-рускі слоўнік" 1988 - 1989 гг. падае толькі два словы на -ан : лабан (відаць, пад уплывам прозвішча пісьменніка і мовазнаўцы - Мікола Лобан) і пузан (як паралельнае да пузач ). У друк, мастацкія творы трапляюць губан , гарлан і іншыя расейскамоўныя ўтварэнні - парушэнні словаўтваральнай сістэмы беларускай мовы".

Відаць, меў рацыю, абгрунтаванасць А. Баханькоў, які "у неафіцыйных абставінах жартоўна вымаўляў прозвішча загадчыка сектара лексікалогіі і лексікаграфіі з прозвішчам М. Лобан) з націскам на другім складзе … " - паведамляе аўтар публікацыі "Лобан. Пра паходжанне прозвішча". Доктар філалагічных навук Арцём Баханькоў, аўтар манаграфіі "Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд" (1982) і двух слоўнікаў: "Толковый словарь русского языка" (1975, суаўтары Гайдукевіч, Шуба) і "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" (выданні 1-3, 1965-1979) грунтоўна вывучаў лексіку абедзвюх моваў і выдатна ўсведамляў іх адметныя рысы. На яго думку, антрапонім Лобан паходзіць не ад саматычнай лексемы лоб , а ад заалагічнага наймення (рас.) лоб а н , беларускі адэкват яго лаб а н, што засведчана "Руска-беларускім слоўнікам" пад рэдакцыяй правадзейных членаў АН БССР Я. Коласа, К. Крапівы і члена-карэспандэнта АН БССР П. Глебкі. Каля 86 000 слоў - Дзяржаўнвае выдавецтва замежных і нацыянальных слоўнікаў. - Масква - 1953. Выданне 4-е, папраўл. і дап. - Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі. 1993. С. 730 : Лобан 1. прост. лабач, -ч а , м. ; 2. зоол. лабан, -на, м.".

І ў маім антрапанімічным артыкуле "Лобан" у публікацыі "Прозвішчы Беларусі. Адапелятыўныя ўтварэнні (апублікаваны ў "Нашым слове"), сцвярджаецца : " Лобан (Мікола Л.) - семантычны дэрыват ад апелятыва лабан 'прамысловая рыба сямейства кефалей', перанос націску з суфікса -ан на каранёвую марфему ( лоб а н - л о бан ) абумоўлены неабходнасцю адмежавання прозвішча ад апелятыва". Можна бачыць тут і ўплыў графічнай формы расійскай мовы.

Чытачам "Нашага слова" прапануюцца два варыянты тлумачэння прозвішча Лобан . Іх права выбіраць той, які здаецца ім больш аб'ектыўным, абгрунтаваным.

Павел Сцяцко.


Музейныя перспектывы рамёстваў у Беларусі

Б.У. Святлову,

Міністру культуры

Рэспублікі Беларусь,

пр. Пераможцаў, 11,

220004, г. Мінск

Аб стварэнні музея традыцыйных беларускіх рамёстваў

Паважаны Барыс Уладзіміравіч!

Беларусь - адна з нешматлікіх краінаў Еўропы, якая захавала традыцыйную беларускую культуру, што праяўляецца ў самабытных творах беларускіх майстроў. Аднак адпаведнага музея, дзе можна адначасова пабачыць лепшыя здабыткі нашых народных майстроў, у краіне няма.

У сувязі з гэтым, мы прапануем стварыць у Мінску або ў яго ваколіцах музей традыцыйных народных рамёстваў ХVІІІ-пачатку XXI стст., у якім можна было б пабачыць розныя традыцыі рамёстваў і сучасны ўзровень рамяства.

Дарэчы, у фондах Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці захоўваюцца тысячы ўнікальных экспанатаў, якіх ніхто не бачыць, але ў будучым музеі яны сталі б асноўнай часткай экспазіцыі.

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.



Старшыні грамадскага аб'яднання

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны" Трусаву А.А.

Аб стварэнні музея традыцыйных беларускіх рамёстваў

Паважаны Алег Анатольевіч!

Музеі Беларусі ў сваей рабоце непарыўна звязаны з традыцыйнай беларускай культурай. Асобныя тэмы, раздзелы, прысвечаныя традыцыйным промыслам (рамёствам), прадстаўлены ў экспазіцыях этнаграфічных і краязнаўчых музеяў рэспублікі. У фондах дзяржаўных музеяў захоўваюцца самабытныя творы народных майстроў, узоры народных рамёстваў.

Выяўленне, захаванне і папулярызацыя на навуковай аснове традыцыйнай беларускай культуры з'яўляюцца асноўнымі мэтамі дзейнасці Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, музея народнага беларускага мастацтва ў Раўбічах (філіял Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь), музея "Беларуская хатка" (філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры), Івянецкага музея традыцыйнай культуры Мінскай вобласці, Мотальскага музея народнай творчасці Брэсцкай вобласці і іншых.

Новай Канцэпцыяй стацыянарнай экспазіцыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь прадугледжана завяршэнне кожнага з гістарычных перыядаў раздзелам, прысвечаным культуры. У дадзеных раздзелах будуць прадстаўлены помнікі традыцыйнай культуры, рамёствы і промыслы, якія існавалі на той час. Пры гэтым будуць у поўнай меры выкарыстаны навукова апрацаваныя этнаграфічныя калекцыі музея і асабліва шырока прадстаўлена традыцыйная культура Беларусі XX стагоддзя.

Лічым, што асноўнай задачай сёння з'яўляецца не пашырэнне дзяржаўнай музейнай сеткі, а далейшае развіццё ўжо існуючых музейных устаноў.

Разам з тым, Міністэрства культуры падтрымлівае ідэю стварэння музея традыцыйных народных рамёстваў, заснавальнікам якога можа стаць грамадскае аб'яднанне "Беларускі саюз майстроў народнай товрчасці". Аднак, патрабуецца больш дэтальны аналіз умоў стварэння такога музея: дзе ён будзе размяшчацца, у якім будынку, што будзе ўяўляць сабой экспазіцыя будучага музея і г.д.

Парадак стварэння музеяў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь устаноўлены Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь, Законам Рэспублікі Беларусь "Аб музеях і Музейных фондзе Рэспублікі Беларусь". Музеі ў Рэспубліцы Беларусь падзяляюцца на дзяржаўныя і прыватныя. Да прыватных музеяў адносяцца музеі, створаныя фізічнымі асобамі або недзяржаўнымі арганізацыямі.

Абавязковымі ўмовамі пры стварэнні музея з'яўляюцца: наяўнасць культурных каштоўнасцей, магчымасць заснавальніка забяспечыць музей будынкам (памяшканнем), які адпавядае профілю музея і патрабаванням па захаванні музейных прадметаў і музейных калекцый, а таксама фінансавымі сродкамі для арганізацыі і ажыццяўлення музейнай дзейнасці.

Пры неабходнасці, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь гатовы аказаць кансультацыйную і метадычную дапамогу ў стварэнні музея (Калымага Ніна Уладзіміраўна, намеснік дырэктара па навуковай рабоце, тэл. службовы 327 30 06).

Намеснік Міністра В.М. Чэрнік.


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў ліпені

Адамчык Надзея Іванаўна Амбразевіч Людміла Мікал. Амяльковіч Віталь Леанідавіч Амяльковіч Павел Анатол. Арбузаў Анатоль Цімафеевіч Арэшка Вераніка Вечаслав. Аўдзейчык Ілля Анатольевіч Аўсей Аляксандр Бабенка Сяргей Баброўская Марына Вітал. Балашка Алег Баран Аляксандр Бараноўскі Ігар Віктаравіч Барболін Васіль Васільевіч Бармута Юлія Уладзіміраўна Бацян Пётр Дзмітрыевіч Белан Наталля Бельская Святлана Блізнюк Аляксандр Алякс. Богдан Вадзім Міхайлавіч Бубешка Уладзімір Бумажэнка Я. М. Буцко Павел Анісімавіч Бязрукая Маргарыта Юр'еўна Варачаева Анастасія Андр. Васечка Іван Уладзіміравіч Ваўчок Аляксандр Верамоўскі Аляксей Мікал. Вячорка Вінцук Рыгоравіч Гайко Сяржук Анатольевіч Галавань Алесь Галай Аркадзь Апанасавіч Ганчароў Мікалай Паўлавіч Герасімовіч Казімір Станісл. Глазко Дзмітры Мікалаевіч Гняткоў Валеры Голышаў Павел Грузноў Валеры Іосіфавіч Грынько М.У. Гуркоў Сяргей Мікалаевіч Дабравольская Наталля Міх. Данілава Таццяна Даніловіч Мар'яна Даўматовіч Іван Уладзіміравіч Дзянісаў Гальляш Дзяшук Юры Віктаравіч Дрожынава Іна Аркадзеўна Дундукоў Андрэй Вячаслав. Ермакова Святлана Сяргееўна Ермалёнак Вітольд Антонавіч Ермаловіч Святлана Жмачынскі Аляксандр Віктар. Жыгальская Вольга Анатол. Залацілін Аляксандр Вал. Звераў Юры Звонік Святлана Згурская Ганна Здановіч Іван Юльянавіч Зелянкевіч Наталля Знавец Павел Кірылавіч Ільініч Наталля Валянцінаўна Ішчанка Кацярына Сяргееўна Кавалёнак Л. П. Казлова Алена Казлова Святлана Мікалаеўна Казлоўскі Іван Іванавіч Казляк Любоў Калеева Вераніка Ўладзімір. Каракін Андрэй Анатольевіч Кардаш Наталля Аляксандр. Кароткі Мікалай Мікітавіч Карп Алена Аляксандраўна Картавенкава Галіна Пятроўна Карчэўскі Анатоль Касяк Кастусь Кітурка Ірына Фёдараўна Кобер Таіса Корзун Валянціна Коцікаў Ян Краснеўскі Віталь Сяргеевіч Красноўскі Аляксандр Віктар. Краўчанка Сяргей Канстанц. Краўчук Маргарыта Дзмітр. Крываручанка Ігар Мікал. Крывашэеў Зміцер Сяргеевіч Крывёнак Міхаіл Фадзеевіч Ксянзоў Кірыл Уладзіміравіч Кузняцоў Ігар Мікалаевіч Кулак Жанна Язэпаўна Кульбеда Дзмітры Сяргеевіч Кульбіцкі Пятро С. Кундас Ганна Кухарчык Пётр Андрэевіч Лабадзенка Глеб Паўлавіч Лагутаў Віталь Лажкова Наталля Лапановіч Андрэй Васільевіч Лапкоўскі Алег Мікалаевіч Лаўнікевіч Дзяніс Эдуардавіч Лесавы Кірыл Лецяга Ігар Ліннік Міхаіл Аляксандравіч Ліннік Сяргей Мікалаевіч Літвіненка Аляксандр Лукін Ілля Міхайлавіч Лява Арцём Лявіцкі Антон Мікалаевіч Ляўчук Вольга Васільеўна Ляўчук Леанід Аляксандравіч Макарыч Максім Міхайлавіч Макоўская Алена Паўлаўна Максімава Кацярына Маоклы Дзяніс Ігаравіч Мароз Наталля Алегаўна Марчанка Пётр Георгіевіч Машанскі Аляксандр Іванавіч Машынская Ірына Антонаўна Мікалаеўская Анастасія Іван. Місарэвіч Таццяна Іванаўна Місцюк Уладзімір Мікалаевіч Місцюкевіч Аляксандр Іван. Місько Алег Пятровіч Млынарчык Марыя Молчан Барыс Валянцінавіч Мулашкіна Лізавета Дзмітр. Муха Анатоль Міхайлавіч Навіцкі Пётр Лявонавіч Нагдаляп Андрэй Мікалаевіч Найдзёнава Вера Нашкевіч Дар'я Іванаўна Недзялкаў Яраслаў Нікалаеўская Вольга Ігараўна Нікановіч Васіль Васільевіч Новікава Марыя Сяргееўна Някляеў Уладзімір Пракопавіч Пазняк Жанна Панізнік Алена Іванаўна Паплыка Аляксандра Сярг. Парда Аліна Іванаўна Пастарнак Барыс Натанавіч Паўлоўская Ганна Валер'еўна Пашкевіч Алег Эдуардавіч Пашкевіч Мікалай Іванавіч Пашкевіч Таццяна Валер'еўна Піскун Андрэй Анатольевіч Пракоф'ева Юлія Прыбыткова Святлана Пузанкевіч Сяргей Уладзімір. Пяткоўская Алена Іосіфаўна Пятроў Аляксандр Аляксан. Радзівонава Ірына Яўгенаўна Радчук Віталь Дзмітрыевіч Рамук Алена Рашчэўскі Віталь Часлававіч Розін Дзмітры Барысавіч Рудовіч Мікалай Русаў Пятро Аляксандравіч Рымша Алесь Георгіевіч Савік Мікола Пятровіч Савіна Анастасія Сагалец Ілля Фёдаравіч Сакалоўскі Уладзімір Самасюк Аляксандр Міхайл. Сарокін Арцём Адамавіч Сватко Павел Аляксандравіч Семяненка Максім Уладзімір. Сінцова Таццяна Скупановіч Уладзімір Леанід. Смаль Валянцін Мікалаевіч Смола Таццяна Стрыгельская Наталля Анат. Сулкоўскі Уладзімір Якаўл. Сухаверхі Міхаіл Пятровіч Сыраваткаў Аляксандр Васіл. Сыч Ніна Лявонцьеўна Сюбарава Серафіма Іванаўна Сяменчык Настасся Мікал. Сяркоў Андрусь Сяткоўская Вераніка Уладзім. Талапіла Алесь Львовіч Талатай Святлана Танкевіч Аляксандр Яўгенавіч Ткачова Вольга Трапашка Марыя Трацяк Вера Тумаш Генадзь Тупік Кацярына Віктараўна Усцінава Людміла Нікіфараўна Філіповіч Валер Аляксеевіч Хасанаў Ігар Храпавіцкая Тамара Аркадз. Хрол Часлаў Часлававіч Цітко Валянцін Уладзіміравіч Ціцянкова Галіна Цішкевіч Вольга Іосіфаўна Цішко Валянцін Уладзіміравіч Цыганкоў Генадзь Васільевіч Цюленеў Аляксандр Аляксан. Цюшкевіч Сяргей Анатол. Чапля Данута Чарнышоў Алесь Ігаравіч Чарткоў Мікола Алегавіч Чыгір Клаўдзія Сцяпанаўна Чысцякоў Аляксей Уладзімір. Шалупенка Васіль Іванавіч Шапуцька Ганна Віктараўна Шарашовец Аляксандр Мік. Шумскі Ягор Аляксандравіч Шусціцкі Тадэвуш Віктаравіч Шымірка Анатоль Шыпай Аляксандра Генадз. Шычко Валянціна Шычко Святлана Вячаслав. Шэравера Руслан Уладзімір. Юран Антон Язерскі Сяргей Ярмац Аляксандр Аляксандр. Яскін Андрэй Алегавіч Яўцюшкіна Таццяна Алякс. Ячычка Віктар


Рада Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць

25 чэрвеня 2015 г. адбылося чарговае паседжанне Рады Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць. Прысутнічалі Міхаіл Пастухоў, Алег Трусаў, Уладзімір Колас, Алена Анісім, Рыгор Кастусёў, Святлана Багданкевіч, Аляксандр Мех, Аляксей Марачкін, Антон Жылко.

На абмеркаванне былі вынесены тры пытанні:

1. Падвядзенне вынікаў дзейнасці Рады за студзень-чэрвень 2015 г.

2. Прызначэнне даты правядзення сесіі кангрэсу па стане адукацыі, культуры.

3. Рознае.

Падчас паседжання сябры Рады разгледзелі пытанні, звязаныя з правядзеннем чарговай сесіі кангрэсу. Сесія пройдзе 20 верасня з 11.00 да 14.00 (папярэдне - сядзіба БНФ). На сесіі запланавана абмеркаваць стан адукацыі, а таксама шэраг пытанняў, датычных стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта.

Наступнае паседжанне Рады прызначана на 30 ліпеня.


Сход Фрунзенскай раённай арганізацыі

ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" г. Менска

17 чэрвеня 2015 года на сядзібе ТБМ адбыўся сход сяброў ТБМ Фрунзенскай арганізацыі. На чэрвень 2015 года ў арганізацыі на ўліку 320 чалавек. Складкі заплацілі 76 чалавек (24%). У гэты раз запрашэнні на сход былі дасланы ўсім сябрам ТБМ, дзякуючы Сакратарыяту арганізацыі і кіраўніку Менскай гаврадской арганізацыі сп. Алесю Давідовічу. ТБМ - адно з найбольш шматлікіх (больш за 7000 чалавек) і дзеяздольных грамадскіх аб'яднанняў Беларусі. Паўтара мінулыя гады (2014 і 1-я палова 2015 г.) прайшлі для сяброў ТБМ у нялёгкай штодзённай, але плённай працы на карысць Беларушчыны. У 2012 годзе пачаў працаваць сучасны інтэрнэт - партал ТБМ. Хочацца адзначыць Барыса Мускага, Аляксея Лапенку, Наталлю Стрыгельскую, Алега Якшэвіча, Паўла Чайкоўскага, Анатоля Чачотку, Міколу Бамбізу, Валянціну Раманцэвіч...

Праз настаўнікаў СШ № 150, № 81, № 132 быў праведзены маніторынг школьных бібліятэк. Біблятэкі выпісваюць рускамоўныя выданні, з беларускіх - "Настаўніцкая газета", зрэдку "Раніца", "Звязда"; яшчэ радзей "Полымя", "Маладосць", "Беларусь" і ніколі "Дзеяслоў", "Верасень", "Наша слова", "Новы час"...

У каледжы і бібліятэцы імя Ф. Багушэвіча ладзяцца творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, мастакамі, навукоўцамі, бардамі (Э. Акулін, Л. Дранько-Майсюк, Н. Гальпяровіч, А. Бутэвіч, Л. Рублеўская, В. Шніп, А. Спрынчан, А. Вежнавец, А. Камоцкі).

Па панядзелках грамадскасць ТБМ з ахвотай наведвыае гістарычную школу "Гісторыя ў падзеях і малюнках", якую вядзе старшыня ТБМ А. Трусаў. Заўсёды там Я. Гучок, Б. Мускі, С. Багданкевіч, А. Шалахоўскі і іншыя актывісты Фрунзенскай арганізацыі.

Якім бачыцца будучыня нашай арганізацыі? Не ўпадаць у песімізм! Змагацца, выстаяць! Тыя з сяброў ТБМ, хто "згубіўся", адгукніцеся, мы вас зноў клічам да актыўнага супрацоўніцтва. Трэба ажывіць працу суполак, дзе яны ёсць, і ствараць новыя. Хай гэта 3-5 чалавек, яднайцеся!

Прысутныя на мерапрыемстве абралі новага старшыню Фрунзенскай арганізацыі. Ім стаў Павел Чайкоўскі, 1978 г.н. Намеснікам стаў Жык Кірыл. У раду былі абраны Мускі Барыс, Лапенка Аляксей, Чэчат Алесь, Драздовіч Алена, Раманцэвіч Валянціна. Старшынём рэвізійнай камісіі аднагалосна абралі Міколу Бамбізу. У яе склад увайшлі Стрыгельская Наталля і Літвінава Людміла.

Аляксей Шалахоўскі.


АБ'ЯВА

З 2 ліпеня сядзіба ТБМ працуе па летнім раскладзе: штодня з панядзелка па пятніцу з 17 да 19 гадзін. Субота і нядзеля не працуем. З 2 ліпеня і да 24 жніўня кніжная выстава не працуе. 3-га ліпеня - не працуем.

"Будзьма!" 6 ліпеня (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы

з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18. 30. Румянцава, 13. Уваход вольны. Наступныя заняткі адбудуцца адпаведна 13, 20 і 27 ліпеня.


Памёр Барыс Мускі

Памёр актыўны сябар ТБМ, сябар Фрунзенскай раённай рады ТБМ г. Менска Барыс Мускі. Было яму 76 гадоў. Паводле адукацыі - інжынер-энергетык. Сябар Кансерватыўна-хрысціянскай партыі.

У навукова-даследчым інстытуце, дзе ён працаваў інжынерам-энергетыкам, суполку Таварыства беларускай мовы яны з калегамі стварылі яшчэ да Ўстаноўчага з'езду ТБМ. Але і на 8-м дзесятку, ён працягваў вучыць родную мову, наведваючы розныя курсы, дзе часам выглядаў ці не найстарэйшым вучнем.

- Вельмі шкада, што сыходзяць лепшыя людзі. Барыс Мускі рабіў беларускую справу, каб Беларусь была незалежнай і вольнай. Ён сапраўды хварэў за Бацькаўшчыну. Актыўна працаваў ва ўсіх кампаніях, якія праводзіла наша партыя: збіраў подпісы, займаўся асветніцкай дзейнасцю, стала ўдзельнічаў у талацэ ў Курапатах. Светлая яму памяць, - сказаў актывіст КХП Алесь Чахольскі.

У сваю чаргу Сакратарыят ТБМ выказвае самыя шчырыя спачуванні родным і блізкім спадара Барыса. Няхай будзе яму няцяжкай зямля незалежнай Беларусі, якой ён шчыра служыў.


Ахвяраванні на ТБМ

1. Лягушаў А.Ф. - 100 000 р., ст Ясень

2. Макрыцкая, Жылач - 60 000, г. Менск

3. Занкевіч С. - 90 000 р., г. Менск

4. Петрашэвіч М. - 50 000 р., г. Іванава

5. Прылішч І. А. - 50 000 р., г. Менск

6. Джэгайла У. - 200 000 р., г. Менск

7. Козел Л.М. - 580 000 р., Кальварыйская суполка ТБМ, г. Менск

8. Віцень Вадзім - 500 000 р., г. Менск

9. Лабыка Зміцер - 200 000 р., г. Менск

10. Давыдоўскі Ігар - 200 000 р., г. Менск

11. Асаула Рыгор - 200 000 р., г. Менск

12. Бамбіза Мікола - 600 000 р., г. Менск

13. Васілючак М. В. - 100 000 р., г. Гародня

14. Баброўнік Мікола - 100 000 р., г. Менск

15. Краўцоў Васіль - 200 000 р., г. Гомель

16. Чэчат Алесь - 100 000 р., г. Менск

17. Чайкоўскі Павел - 120 000 р., г. Менск

18. Лойка І. С. - 190 000 р., г. Менск

19. Рабека Міхаіл - 100 000 р., г. Менск

20. Кукавенка Іван - 100 000 р., г. Менск

21. Раманюк Таццяна - 100 000 р., г. Менск

22. Панамароў Сяргей - 150 000 р., г. Менск

23. Глебік Юры - 200 000 р., г.п. Свіслач

Дзейнасць ГА "ТБМ імя Францішка Скарыны" па наданні роднай мове рэальнага статусу дзяржаўнай вымагае вялікіх выдаткаў. Падтрымаць ТБМ - справа гонару кожнага грамадзяніна краіны.

Просім Вашыя ахвяраванні дасылаць на адрас, вул. Румянцава, 13, г. Мінск, 220034, альбо пералічыць на разліковы рахунак ТБМ №3015741233011 у Аддзяленні № 539 ААТ "Белінвестбанка" код 739 (УНП 100129705) праз любое аддзяленне ашчадбанка Беларусбанк.


ГАРОХ ПРЫ ДАРОЗЕ

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Іна сумнявалася наконт праўдзівасці падання пра скарб:

- Нешта пра скарб у гэтай мясцовасці ніхто не помніць, - адкуль вы ведаеце, калі ніхто не ведае?

Коля тлумачыў, што цяпер многа чаго не ведаюць, ды і адкуль ведаць, толькі ў дваццатым стагоддзі: Першая сусветная вайна, грамадзянская вайна, Другая сусветная вайна - усё тут. Пры такіх абставінах мужчыны доўга не жывуць, а ў жанчын, якая памяць, больш эмоцый.

У размове карацей дарога. Колі, як вызначылася, было што распавесці. Іна ў захапленні слухала, задавала пытанні, спрачался, потым узялася несці заплечнік, потым Коля, зачапіўшыся, вывіхнуў нагу ў калене. І тут агледзеліся - Нёмана не відаць. Дарога зрабіла паварот улева ўздоўж лесу. Узнікла пытанне: куды ідзём? Зрабілі прывал. Пакуль Іна прыкладвала лісты трыпутніка на нагу Колі, я, падняўшыся на прыгорак, агледзеў наваколле.

Няма падстаў для хвалявання, дарога адна, Нёман трошкі збоку, за лесам. Коля з Інай пра нешта эмацыянальна спрачаліся, калі арыентавацца па жэстах, вызначалі кірунак, куды ісці.

Я лавіў сябе на думцы, што эмацыянальнасць - рэч цікавая, але неразумная, а ў вырашэнні канкрэтных практычных пытанняў неразумная тым больш.

На гэтай хвалі роздуму ўзважыў сваю практычнасць. Атрымалася даволі непрыгожая справа. Выехалі на пошукі з прымітыўным металічным шомпалам, калі патрэбны сучасныя электрычныя прылады накшталт мінашукальнікаў. Дзе шукаць, таксама не ведаем. А што я ведаю пра Камінскага, пра паўстанне?

Паўстанне Каліноўскага - гэта ўжо гісторыя, як кажуць, недалёкая гісторыя, але ж і няблізкая. Бяда ў тым, што ў нас няма гісторыі, а тое, што ёсць, не гісторыя, а абраза.

Перабраў у памяці скупыя звесткі, даведкі і школьныя выкладкі.

Паўстанне пачалося ў Польшчы, дзе багатая шляхта імкнулася да аднаўлення незалежнасці Польшчы, затым перакінулася на тэрыторыю цяперашняй Беларусі і Літвы. Ідэі французскай рэвалюцыі 1789 г. - воля, роўнасць і братэрства - тут увасабляліся пад лозунгам "Незалежнасць, сялянам зямлю без выкупу, асабістую свабоду і доступ да асветы". Паўстанцкія аддзелы на Беларусі налічвалі каля 80000 чалавек. Яны правялі больш за 260 баёў з куды мацнейшай двухсоттысячнай царскай арміяй. Паўстанне задушылі. Усіх, хто ўдельнічаў у паўстанні, дапамагаў паўстанцам, каралі бязлітасна і жорстка. "Сціралі" не толькі паўстанцаў, але і памяць аб паўстанні. Цяжка разабрацца цяпер, што тут адбывалася, але адбывалася нешта бязбожнае. Як рэха тых дзён, адрывак з верша невядомага паэта:

Не прад бажніцамі,

дзе светлыя прамені

Агнёў нязлічаных гараць

і зіхацяць,

Не там, браты, о не! -

я кленчу на калені,

Не там, дзе алтары

ў золаце блішчаць.

….

Я мучанікам тым,

каму ў пакутах змрочных

За волю мілую

пяе кайданаў звон…

Я скатаваным усім…

я ценям іх - магілам,

Касцям струхлеўшым іх -

я гэты шлю паклон!!!

Кастусь Каліноўскі быў павешаны ў 1864 годзе 22 сакавіка на Лукішскім пляцы ў Вільні. Хлопцу было ўсяго 26 гадоў. Ішоў на смерць адважна, з горда паднятай галавой, лічыў пачэсным, памерці за свой народ, які так шчыра любіў.

Трагічнасць паўстання ўражвае, ёсць тут нешта фатальнае. Наіўна класці паралелі, але ж праз палову стагоддзя тыя ж ідэі, што абвяшчаліся Каліноўскім, амаль цалкам знішчылі дваранскае саслоўе Расіі.

Шмат вады сцякло, многа змянілася, многа люду без часу палегла ў нашу зямельку. Што тут рабілася, і дзе хто цяпер ляжыць, людзі, канешне, даведаюцца, калі створаць машыну часу.

* * *

У Мінявічы прыйшлі ўжо пад вечар. Падышлі да хаты дзеда Мікулы. Выйшла суседка. Пасля кароткага прывітання я запытаўся:

- Можа мы не туды трапілі? Ведаеце, збіраем гістарычныя звесткі, - спыніўся ад нечаканасці (трэба ж такую хлусню несці) і прадоўжыў, - дзеда Мікулу Івана Іванавіча хочам бачыць.

Суседка змерала позіркам траіх, нікога не пазнаўшы, адказала:

- Дзеткі, не рушце дзеда, дзед на старасці здзяцінеў, зусім згубіў памяць, мухі ловіць у хаце, і пацяшаецца.

Трошкі распытаўшы суседку аб апошніх навінах у вёсцы, адышлі ад хаты і прыселі на лаўку ля тыну. Узнікла патрэба абдумаць далейшыя дзеянні, улічваючы няўдалыя абставіны.

- Значыцца так, - я, задумаўшыся, глянуў на неба, дзе блакіт ужо замяшчаўся сінявой. - Рашаем ісці , і вы мяне, бачу, падтрымаеце. Ідзём у канец вёскі, там знойдзем якога-небудзь селяніна з лодкай і дамовімся, каб ён пераправіў нас на другі бераг Нёмана. На беразе каля лесу ставім палатку, але перш чым пераправіцца, пойдзем на месца маёнтка пана Камінскага.

Мяне, вядома, падтрымалі. Усё адно куды ісці, калі не ведаеш, куды прыйшоў.

Вёска Мінявічы стаіць на левым беразе Нёмана. Злева хаты, потым дарога, а справа абрыў у Нёман. Такое ўражанне, што вёску змыла ракой. Пакуль ішлі па дорозе ўздоўж абрыва, зацікавіліся, хто ж так вёску размясціў?

- Як і калі будавалася вёска, у мяне звестак няма (у мяне іх сапраўды не было). Помніцца, дзед Мікула казаў, што ў гэтай вёсцы дзяўчаты вельмі жадаюць выйсці замуж за хлопцаў з другой вёскі. Жанчыны носяць ваду з Нёмана, падымацца трэба па абрыве, а абрыў, як бачыце, круты і вялікі.

- Шкада. Трэба помпу паставіць, - глянуўшы на абрыў, знайшоўся Коля, - толькі ўжо, напэўна, позна, нешта не відаць дзяўчат.

З лодкай пашанцавала, але, калі трапілі ў Багатырэвічы, настрой зусім сапсаваўся. Ад былога маёнтка нічога не засталося. Дзве хаты, бераг Нёмана, старыя дрэвы, яр, парослы хмызняком, крапіва і запусценне. Прайшліся па калгасным садзе, але дзе шукаць? Дзеда Мікулу, безумоўна, ужо чапаць не будзем. Я акрэсліў вугал сада, растлумачыў, што будзем шукаць тут, і дадаў:

- Як бачыце, ніхто тут не ўшаноўвае памяць аб мінулым. Усё выглядае так, як запісана ў летапісах імперыі, быццам кіравалі паўстаннем разбойнікі. Мы таксама будзем выглядаць не лепш. На чужы нарабаваны скарб паквапіліся, - змоўк, звярнуў увагу на Іну. Пасля хаты здеда Мікулы Іна спагадліва маўчала, толькі слухала. Адчувалася ўнутранае перажыванне, хвалявалася за нас. Цікавая дзяўчына. Я спачатку быў упэўнены, што з ёй гора цяпнем, а тут наадварот. Самі мы - гора нейкае, жанчыны маюць схільнасць пашкадаваць такіх людзей.

- Ведаеце, што цікава, - нарушыў маўчанне Коля, - кажуць, пасля таго, як царскае войска зрабіла сваю чорную справу, шукалі і арыштоўвалі тых, хто дапамагаў паўстанцам. Хтосьці выдаў пана Камінскага, і яго саслалі ў Сібір. Мясцовыя людзі даведаліся, хто гэта зрабіў, і перасталі з ім размаўляць. Чалавек праз некаторы час запіў, зусім апусціўся, стаў страшней за жабрака. Дык вось, калі Камінскі вярнуўся з Сібіры, ён гэтага чалавека запрасіў да сябе на дажынкі і без дакору наліваў чарку. Нябось разважыў, чаго дурыцца, жывём, як гарох пры дарозе, хутка ўсе такімі будзем. Не, паўстанне Каліноўскага не параўнаеш з паўстаннем Разіна альбо Пугачова, тут паўставалі за незалежнасць, за Бацькаўшчыну, за лепшае жыццё народа.

Я на хвілінку задумаўся над учынкам Камінскага.

Напэўна, гэта рэтра-сіндром. Камінскі прыпісаў небараку да загінуўшых, а загінуўшыя для яго былі святымі, ды і наогул для Камінскага здрада не тут. Паўстанне ахоплівала вялікую тэрыторыю, уключаючы Польшчу, Літву і Беларусь. Толькі польская шляхта, падбухторыўшы народ, у крытычны момант адхілілася ад барацьбы. Было тут нешта ад шакала, і Камінскі разумеў гэта, не мог не разумець. Усе разумелі. Нават прымаўка пайшла, якую потым Максім Танк увекавечыў усенародна: "Не бойся ворагаў - у горшым выпадку яны заб'юць цябе. Не бойся сяброў - у горшым выпадку яны здрадзяць табе. А бойся людзей абыякавых, з маўклівай згоды якіх адбываецца зло ва ўсім свеце."

Думка праляцела, і наваліліся новыя клопаты. Трэба хутчэй пераправіцца на другі бераг, бо ўжо позна. Што рабіць з дзяўчынай? Можа пакінуць на начлег у сялянскай хаце? Успомнілася цётка, але ж цётка жыве дзесьці "там", а не тут. За разважаннем бег час і нічога іншага, як прытрымвацца паслядоўнасці, а значыць "плыць па цячэнні", у галаву не прыходзіла. Прапаную выбар, а далей няхай будзе, як будзе.

Далей ўсё адбылося проста і неспадзявана гладка. Селянін чакаў і хуценька пераправіў на другі бераг. Іна засталася з намі. Доўга сядзелі ля вогнішча, гутарылі.

Я ўспомніў легенду пра ўзнікненне Багатырэвічаў і пусціўся ў даволі працяглае апавяданне.

Заснавалі вёску Ян і Цэцылія. Ян служыў у князя, пакахаў яго дачку Цэцылію. Яна таксама кахала юнака, але абодва добра ведалі, што пажаніцца ім князь не дазволіць. Вось і ўцяклі маладыя людзі ў гушчар прынёманскіх лясоў. Мелі тут хатку, два чаўны. Лавілі рыбу, карчавалі лес, засявалі поле. Аднойчы ўздоўж Нёмана ішла экспедыцыя, удзельнікі якой убачылі ля берага чаўны. Затрымаліся, пачалі распытваць у Яна і Цэцыліі, хто яны, адкуль прыйшлі. Але Ян і Цэцылія не сказалі пра сябе нічога, бо баяліся, каб іх не пакаралі за ўцёкі. У экспедыцыі палічылі, што гэта мужныя людзі, і назвалі іх багатырамі, а мясцовасць - Багатырэвічамі. І цяпер за вёскай, на ўзгорку, абгароджана магіла. Стаяць два невысокія каменныя помнікі, а паміж імі крыж, з усіх бакоў аздоблены разьбой. Згодна з паданнем, тут спачываюць заснавальнікі вёскі: Ян і Цэцылія. І, каб больш прыдаць паданню драматычнасці і таямнічасці, прыплёў трошкі няпраўды. Нібыта Цэцылія была "кабета" эмацыянальная, ахопленая гарачым каханнем - дух яе і цяпер супакоіцца не можа. Так ёй хочацца падзяліцца пачуццямі з незнаёмымі закаханымі маладымі людзьмі, асабліва дзяўчатамі, што, як толькі падвернецца хвіліна, каб ніхто не бачыў, зацягвае ў Нёман. Цяжка верыцца, але ж мясцовыя людзі кажуць, што тут, непадалёку, у Свіслачы да рэвалюцыі мела маёнтак графіня Камінская. Багатая пані, яе маёнткі знаходзіліся не толькі ў Заходняй Беларусі, але і ў Польшчы, Францыі і іншых краінах. Пані вельмі захаплялася мясцовымі краявідамі. Аднойчы сабрала мінявіцкіх сялян і прапанавала даць ім у Свіслачы зямлі больш, чым яны маюць у Мінявічах, паабяцала пабудаваць там новыя дамы, гумны, хлявы. А тут у Мінявічах яна загадае пабудаваць дачы, сюды будуць ехаць самыя знатныя людзі Еўропы. Некаторыя згадзіліся, але большасць сялян не захацела пакідаць сваіх вузкіх наднёманскіх палосак зямлі. Кажуць "Радзімае месца, як маці, мяняць яго нельга". Можа, потым Камінская і знайшла спосаб заахвочвання, але ж пачалі прападаць, прыехаўшыя сюды, дачніцы паненкі. Некаторых бачылі, як заходзяць у Нёман, а побач такі бялёсы цень - і ўсё… Пасля гэтага ніводную не знайшлі. (Каб ведаў, што будзе далей, лепш бы такога не казаў).

Ужо зусім сцямнела, агонь кідаў блікі на дрэвы. Коля ўспомніў, што дзесьці чуў пра графіню Камінскую, і што, сапраўды, была прапанова сялянам змяніць месца жыхарства. Пра Цэцылію гаворка больш не вялася, але нейкі халадок і напружанасць запалі ў душу нават мне.

Успомнілі мясцовага паэта Міхася Явара, але тэма хутка змянілася. Завялі гаворку пра варажбу, прывіды, сталі больш прыслухоўвацца да шуму лесу - кожны пра нешта задумаўся. Страшнавата зрабілася, а што казаць пра тых, хто пачынаў тут жыць, сярод драпежных жывёл, рэліктавага лесу і ракі, назва якой - Нёман - гаворыць сама за сябе. Продкі ў нас былі не слабенькія і не дурні. Многія мелі здольнасць і вялікую цягу да ведаў, але ж не мелі магчымасці вучыцца. Той жа Міхась Явар, не гледзячы на нізкі ўзровеь асветы, меў вялікія творчыя здольнасці. Быў хворы на сухоты, хваробу ў той час невылечную. Цяжкія абставіны жыцця і невылечная хвароба давялі хлопца да самагубства.

Задумаўся, трошкі адхіліўся ад агульнай псіхалагічнай атмасферы. Лёгкі ветрык закруціў дым ад вогнішча, кінуў у вочы, нібыта напомніў - пара спаць. Днём было цёпла, ноччу адчуваўся халадок. Раніцай запланавалі рыбалку. Трэба адпачыць. Хаця стомленасці, не гледзячы на цяжкую дарогу, чамусьці не адчувалася. Вогнішча гасла, ісці ў лес па дровы не хацелася.

Коля прапанаваў Іне легчы пасярэдзіне, каб не замерзла.

Іна нечакана заўпарцілася: "Кладзіцеся спаць, я каля вогнішча пасяджу".

Я спачатку падумаў, што баіцца альбо саромеецца. Пачнеш прымушаць, каб горш не было. Пакідаць адну таксама нельга. Замерзла нябось, гэта пры тым, што Коля сваю кашулю на плечы накінуў.

Захоўваючы дэмакратыю, падаў сякеру з мэтай трошкі прыпужаць і як мага абыякава прамовіў:

- Ведаеш, мне страшна тут сядзець, калі хочаш застацца - заставайся, толькі сядзі з сякерай і ў лес не хадзі. Дзесьці за поўнач з Нёмана пацягне туманам, тады лепш адной не быць.

- З вамі не засумуеш. Кладзіцеся лепш.

Гэта была не адгаворка, а загад, і я разгубіўся.

У палатку набілася шмат камароў. Я прылёг, а Коля біў іх ручніком і бурчаў:

- Дух Цэцыліі. На табе сякеру і ў лес не хадзі. Мне самому страшна, а ёй як? Туалета ж у нас няма.

Канешне, атрымалася ў мяне нязграбна, адчуваў сябе няёмка, але што цяпер вінаваціцца. Каб згладзіць недарэчнасць, перайшоў на шэпт, нібыта хацеў адкрыць таямніцу:

- І мне страшна, - шаптаў я Колю, - падаецца мне дух Цэцыліі перасяліўся ў Іну, а я, дурань, ёй яшчэ і сякеру даў.

Казаў, а пра сябе думаў, не мог зразумець нейкую незвычайную перамену ў нашай нечаканай спадарожніцы. Лёгкая, кволая, трошкі наіўная, ніяк не вязалася з цяперашняй разважлівасцю і сілай характару. Абдумваў, як папрасіць прабачэння.

Коля маўчаў, напэўна, круціў пальцам ля скроні, але ж ноччу не відаць.

Іна ўвайшла ў палатку з сякерай, па свойску размясцілася на свабодным месцы, а сякеру палажыла пад спальнік ля галавы. Такое можна зразумець, калі чалавек ўсё жыцце пражыў сярод дзікай прыроды, яна ж на шпілечках да цёткі ехала. Тут да мяне пачало даходзіць: "Яна не за сябе, за нас непакоіцца. Калі такія прывіды шастаюць, каб чаго ліхога не зрабілі. Во, ёшкін кот… Маючы розум і сумленне, прабачэння прасіць мала."

Вылез з палаткі. Ноч зорная, у вогнішчы тлелі чырвоныя вугельчыкі. Прыслухаўся да шуму лесу. Пракруціў у памяці нядаўнія падзеі. Бязладдзе пройдзенага дня асабліва не хвалявала, праўда, безвыніковасць прадпрыемства таксама не цешыла.

Задумаўся наконт нашай гісторыі і самабытнасці. Існуе думка і не без падстаў, што ў глубокай старажытнасці, у той далёкі час, калі палескія балоты былі морам Герадота, сюды на берагі Нёмана ішлі ўсе, каму надакучылі фараоны, каралі і імператары. У глыбокай стражытнасці тут ляжаў запаведны край, схаваны сярод рэліктавых лясоў сярэдняй паласы - сапраўдны рай для бескампрамісных і апальных. Узнікненне вёскі Багатырэвічы, як характэрны прыклад. Але ж прытулак зямлі "абетаванай" аказаўся пасярэдзіне калыскі цывілізацыі. Пасярэдзіне да шаленства цывілізаванай Еўропы. Калі аглянуцца не вельмі далёка назад, у нястрымных войнах і міжусобіцах тут палавіна гэтай калыскі заклапочана тапталася. Прыгоннае права Расіі, дзве сусветныя вайны, рэвалюцыя, раскулачванне, рэпрэсіі і затым п'яны застой. Ад бескампрамісных і апальных засталася беспрынцыповая абыякавасць і захаваны дзесьці далёка ў свядомасці невычэрпны перажытак роспачы.

Не, калі хочаш мець хоць маленькія вынікі запланаванай справы, плыць па цячэнні далей нельга.

(Працяг у наступным нумары.)

Зміцер Грабавіцкі


Максім Багдановіч і Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны (1916-1917 гг.)

Максім Багдановіч - геній беларускай літаратуры і гонар беларускай нацыі. Ён пражыў кароткае жыццё, усяго 25 гадоў. І толькі крыху болей за пяць гадоў ён жыў на роднай беларускай зямлі. Усё свядомае жыццё Максіма Багдановіча прайшло на берагах Волгі - у Ніжнім Ноўгарадзе і Яраслаўлі, але душа яго змяшчала ўсю Беларусь - геаграфічна далёкую, але ўнутрана блізкую. У 10-гадовым узросце ён пачаў пісаць вершы на беларускай мове. У бібліятэцы яго бацькі Адама Багдановіча быў вялікі падбор навуковых прац і матэрыялаў па беларусазнаўству П. Шэйна, Е. Раманава, Я. Карскага, І. Насовіча. Паэт чытаў гэтыя кнігі, і ў яго душы зараджаліся вобразы роднага краю, тэмы і сюжэты незвычайна гарманічных вершаў. Калі М. Багдановіч жыў у Яраслаўлі, ён стварыў непераўзыйдзены па сённяшні дзень шэдэўр беларускай лірыкі - зборнік вершаў "Вянок" (1913 г.).

12 гадоў Максім Багдановіч пражыў у Ніжнім Ноўгарадзе. 8 гадоў - у Яраслаўлі. У кастрычніку 1916 года прыехаў у свой родны горад Менск. Як узгадваў Адам Ягоравіч Багдановіч, радзіма "была центром его тяготения, туда влекли его все живые интересы и симпатии". На радзіму Максім Багдановіч вярнуўся ўжо цяжка хворым. Сухоты, якія забралі маці і старэйшага брата, развіваліся і ў яго. Паэту заставалася толькі восем месяцаў жыцця, пяць з іх ён правёў у Менску.

"Пяць месяцаў у Менску" - так і назвала свае ўспаміны пра Максіма Багдановіча Зоська Верас (псеўданім Людвікі Антонаўны Сівіцкай), беларуская пісьменніца, вядомы грамадскі і культурны дзеяч.

Горад Менск з 1915 года стаў прыфрантавым, тут знаходзіліся штаб Заходняга фронту і іншыя ваенныя ўстановы, шпіталі. Горад быў перапоўнены бежанцамі. Дапамогу бежанцам спрабавалі аказваць розныя ўрадавыя і грамадскія арганізацыі. У красавіку 1915 года ў Вільні было створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у ліпені стварыўся Менскі аддзел таварыства. Аддзел быў нешматлікі, каля пяцідзесяці чалавек. У камітэт аддзела ўваходзілі беларускія пісьменнікі і дзеячы культуры: Аркадзь Смоліч, Людвіка Сівіцкая, Эмілія Сівіцкая, Ванда Лявіцкая, Антон Лявіцкі (Ядвігін Ш.), Усевалад Фальскі, Уладзіслаў Галубок, Змітрок Бядуля, Лявон Заяц, Язэп Фарботка, Альберт Паўловіч і інш. Аддзел адкрыў дзіцячы прытулак, начлежкі для бежанцаў, дзве бясплатныя сталоўкі і адну платную пад назвай "Беларуская хатка". Гэта месца выконвала яшчэ і ролю беларускага клуба, дзе ладзіліся вечарынкі-суботнікі.

Калі Максім Багдановіч прыехаў у Менск, ён накіраваўся ў "Беларускую хатку", дзе яго ўжо чакалі. Як узгадвала пазней Зоська Верас: "Нарэшце ў канцы верасня ці мо ў пачатку кастрычніка М. Багдановіч прыехаў у "Беларускую хатку", дзе мы цэлай грамадой чакалі ix з нецярплівасцю.

Сардэчны, скромны i просты М. Багдановіч адразу заваяваў агульную сімпатыю. Ужо ў канцы вечара здавалася, што ён даўно з намі, што ўciм блізкі i дарагі. Тым больш трывожыла яго бледнасць i бліскучыя ад гарачкі вочы. Кашляў зусім мала.

Пасля гарбаты сядзелі нядоўга. Трэба было змучанаму дарогай адпачыць. На кватэру адвялі Багдановіча Галубок i Фальскі".

Пасяліўся паэт на кватэры беларускага празаіка Змітрака Бядулі на Малагеоргіеўскай вуліцы, дом 12, кватэра 4. Уладкаваўся на працу сакратаром у Менскай губернскай харчовай камісіі, а таксама прымаў удзел у працы Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

Максім Багдановіч выконваў абавязкі сакратара камісіі і вёў пратаколы паседжанняў. У кожным пратаколе "Постановлении минской губернской продовольственной комиссии" за перыяд лістапада 1916 года - лютага 1917 года паведамляецца: "Секретарские обязанности исполнял М.А. Богданович".

Успаміны З. Бядулі сведчаць наступнае: "Не гледзячы на слабое здароўе М. Багдановіч прыняў службу ў земстве, дзе надта шмат працаваў. У вольны ад службы час ён або сядзеў у Пушкінскай бібліятэцы, або дома і займаўся літаратурнай працай. Сядзеў пры керасінавай лямпе штодня да гадзін 3 - 4 ночы. Галоўным чынам ён тады студ'яваў тэхніку вершаў".

У той перыяд М. Багдановіч пісаў не толькі вершы і апавяданні, але і стварыў некалькі літаратурна-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, напэўна па настаянні камісіі, якая выкарыстоўвала і літаратурныя здольнасці Максіма Багдановіча. За перыяд з кастрычніка 1916 па люты 1917 гадоў, калі паэт жыў і працаваў у Менску, былі напісаны артыкулы "Агляд працы за першы год Менскага аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны", "Аб веры нашых прашчураў", "Белорусский беженский приют", "Голос из Белоруссии", "Деятельность Минского белорусского комитета", "Обзор деятельности Минской губернской продовольственной комиссии по 1 января 1917 года". Зразумела, што гэтыя матэрыялы непасрэдна былі звязаны з дзейнасцю паэта. У "Аглядзе працы …" размова ідзе пра вялікую і нялёгкую працу "Таварыства" ў справе дапамогі бежанцам, ёсць фінансавыя справаздачы, звесткі пра культурную работу "Беларускай хаткі". Па сутнасці гэта не казённая справаздача, а гістарычны нарыс, прысвечаны харчоваму крызісу, які ўзнік у гады Першай сусветнай вайны, і спробам Менскай губернскай харчовай камісіі наладзіць забеспячэнне.

Канцылярская праца ў камісіі не прыносіла задавальнення паэту. Не гледзячы на гэта, Максім Багдановіч з энтузіязмам прымаў удзел у рабоце аддзела Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, чаму і прысвяціў артыкул на рускай мове "Деятельность Минского белорусского комитета". У артыкуле ёсць звесткі пра членаў таварыства, пра паказы батлеечных спектакляў.

Артыкул "Агляд працы ..." - апошні прыжыццёвы выступ М. Багдановіча ў беларускім друку.

Гэтыя дакументы з'яўляюцца яшчэ адным доказам сапраўднай характарыстыкі менскага перыяду жыцця Максіма Багдановіча. Хвароба паэта, Сусветная вайна - усё гэта забірала сілы і час у пісьменніка. Яму прыйшлося адкласці ў бок творчую працу, і прысвяціць час клопату пра бежанцаў, якім была патрэбна дапамога.

Жыццё гэтага перыяду характарызуе Максіма Багдановіча і як чалавека, які гатовы аддаць апошняе дзецям-бежанцам, ахвяруючы сваім здароўем. Паэт адмовіўся піць гарбату з цукрам, не гледзячы на тое, што для хворых на сухоты гэта было неабходна. Паэт тлумачыў свой учынак так: "Памагчы тым, хто цяпер падчас вайны, церпіць голад, асабліва шкадую дзяцей. Калі я сабе адмаўляю ў тым, што люблю (бо, прызнацца, люблю салодкую гарбату), мне здаецца, што я раблю нейкую ахвяру, і гэта мяне хоць крыху пацяшае…" . І за некаторы час Максім Багдановіч назбіраў паўпуда цукру для дзяцей прытулка, які знаходзіўся пад апекай Беларускага таварыства.

У родным горадзе Максім Багдановіч працягнуў сваю творчую дзейнасць. У гэты час была напісана паэма "Страцім-лебедзь". Тэму падказала вайна, гібель мільёнаў і яго асабісты лёс. Таксама ў Менску быў напісаны адзін з самых драматычных твораў паэта - верш "Пагоня". Была распачата праца над хрэстаматыяй для школьнікаў - "Беларуская чытанка".

Новы 1917 год Максім Багдановіч сустрэў з менскімі аднадумцамі і сябрамі ў "Беларускай хатцы". Было шмат планаў і спадзяванняў, у новым годзе вырашылі выдаваць беларускі часопіс.

Але здароўе паэта рэзка пагоршылася, і сябры адправілі яго ў Ялту на лячэнне. Развіталіся ў "Беларускай хатцы", магчыма прадчуваючы, што развіталіся назаўсёды. 25 траўня 1917 года паэта не стала. Ён быў паахаваны ў Ялце на Новых гарадскіх (цяпер - Старых) могілках. Зараз гэта месца паломніцтва ўсіх беларусаў і аматараў творчасці Максіма Багдановіча.

На здымках: 1. Беларуская хатка; 2. Зоська Верас, 1916 г.; 3. Частка экспазіцыі.

Ірына Шорац


Аб мовах мемарыяльнага комплекса "Трасцянец"

22 чэрвеня быў адкрыты мемарыяльны комплекс "Трасцянец". Гэтаму папярэднічала перапіска ТБМ з уладамі.

Кіраўніку Адміністрацыі

Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Д. М. Косінцу,

вул. К. Маркса, 38, г. Мінск

Аб мове надпісаў мемарыяльнага комплекса

Шаноўны Аляксандр Мікалаевіч!

У гэтым годзе спаўняецца 70 гадоў з дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Да гэтай даты прымеркавана адкрыццё мемарыяла ў памяць пра вязняў лагера смерці "Трасцянец".

Аднак нас засмучае той факт, што, як нам стала вядома, дзяржаўная беларўская мова, за існаванне якой загінулі мільёны беларускіх патрыётаў, адсутнічае ў візуальным афармленні мемарыяльнага комплекса "Трасцянец".

У сувязі з гэтым просім Вас выправіць гэтую недарэчнасць і зрабіць дзяржаўную беларускую мову асноўнай у афармленні вышэйзгаданага мемарыяла.

Усё вышэйзгаданае будзе спрыяць мясцоваму патрыятызму грамадзян Беларусі.

З павагай, старшыня ТБМ А. Трусаў.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

вул. Румянцава, 13 220034, г. Мінск

Аб выкарыстанні беларускай мовы

Па даручэнні кіраўніцтва Мінгарвыканкама зварот грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны", дасланы ў Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, аб ужыванні беларускай мовы ў візуальным афармленні мемарыяльнага комплексу "Трасцянец", разгледжаны ў галоўным упраўленні ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама.

Паведамляем, што надпісы аб гістарычных падзеях, якія адбываліся на азначанай тэрыторыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, будуць выкананы на беларускай, рускай і англійскай мовах.

Начальнік галоўнага ўпраўлення П.В. Скалабан.


Можна меркаваць, што прапановы ТБМ па ўжыванні беларускай мовы пры афармленні надпісаў у мемарыяльным комплексе "Трасцянец" былі ўлічаны.

Наш кар.


Песня не ведае межаў

У Кнігарні "Логвінаў" у Менску 22 чэрвеня Зміцер Вайцюшкевіч прадстаўляў новы дыск "Наша песня". Прэзентацыя альбома адбывалася 6 чэрвеня ў Вільні ў Польскім доме. Зала "Акропаліс" была поўная беларускіх і літоўскіх слухачоў. У складанку ўвайшлі песні на вершы Максіма Багдановіча, Уладзіміра Някляева, Адама Русака, творы кампазітараў: Ігара Лучанка, Юрыя Семянякі. Спевы запісалі Зміцер Вацюшкевіч, "Сonkordia-chor" і ансамбль "Неруш". Вокладку ўпрыгожыла выява маку. Гэтая кветка ў Еўропе з'яўляецца сівалам барацьбы з фашызмам, сімвалам руху Супраціўлення. Канцэпцыя кружэлкі адлюстроўвае гісторыю жыцця: герой нарадзіўся на Беларусі, захапляўся яе прыгажосцю, выпрацоўваў характар, шукаў свой ідэал, спазнаў расчараванні,пасталеў, ўвайшоў ва ўнутраную эміграцыю і не збіраецца з'язджаць з роднай зямлі. Герой узгадвае гістарычнае мінулае і моліцца.

Сустрэчу са слухачамі артыст пачаў сумесным выкананнем песні "Жыве Беларусь". Перад прэзентацыяй дыска ён запісаў відэа-кліп, у якім бралі ўдзел усе ахвочыя, каб нагадаць аб усенародным характары беларускіх песень. Нядаўна артысту давялося спяваць на GLOBAL FORUMe ў Стакгольме. 1 ліпеня спявак выступіць у Варшаве.

Э. Оліна. На здымку аўтара: З. Вайцюшкевіч.


Прэзентацыя паэтычнага зборніка Марыі Новікавай у Глыбокім

Прэзентацыя першай кнігі барда і паэткі Марыі Новікавай "Паверу ў цуды" адбылася ў Глыбокім. У паэтычным зборніку філасофская, патрыятычная і любоўная лірыка. Кнігу прэзентавала яе маці, паэтка Марыя Баравік. Па словах Марыі Баравік, талент у яе дачкі і цікавасць да паэзіі выявіўся ўжо ў раннім дзяцінстве. І няпраўда, што прырода адпачывае на дзецях творчых асобаў.

- У яе быў закладзены талент і ён пачаў развівацца ўсебакова. Зараз яна мяне часам вучыць. Яна чалавек шчыры, добры, адкрыты, і вельмі любіць душу чалавечую і хоча дыялогу з чалавекам.

Выдаць кнігу Марыі Новікавай дапамаглі глыбоцкія актывісты пры падтрымцы грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў", Глыбоцкага аддзялення Таварыства беларускай мовы і кампаніі "Гавары праўду".

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя, Глыбокае. Фота аўтара.


Паэтычнае Палессе

Я абавязаны табе...

Свой аповед пра паэта, педагога, грамадзяніна і проста шчырага чалавека-беларуса Алеся Бібіцкага хачу пачаць радкамі верша, назва якога вынесена ў загаловак артыкула

Я абавязаны табе

За светлы ранак,

Дзень пагодны,

За хор птушыны,

Сэрцу родны,

Я абавязаны табе.


Я абавязаны табе

За хлеб духмяны,

Наздраваты,

За нашы будні і за святы

Я абавязаны табе.


Я абавязаны табе

За шчыры смех

Дзяцей у хаце,

За ўсё,

За ўсё,

Радзіма-маці,

Я абавязаны табе.

Радзіма-маці - гэта для паэта-педагога і той куточак зямлі ў Нараўлянскім раёне, дзе Алесь Бібіцкі нарадзіўся ў 1931 годзе, і Мазыр, дзе будучы паэт скончыў настаўніцкі інстытут, і вёскі Лапаціна і Плошчава, дзе ён працаваў настаўнікам і дырэктарам, і ўсё Палессе, якое аб'яднана ціхаводнай Прыпяццю, і маці-Беларусь, якой ён абавязаны ўсім-усім, што дала яна ў дзяцінстве, юнацтве, сталасці і старасці. Свой верш "Вясна" Алесь Бібіцкі напісаў у сёмым класе. Але друкавацца пачаў у 1953 годзе ў газеце "Палеская праўда".

Алесь Бібіцкі, які ўсё жыццё на Піншчыне не толькі вучыў дзяцей роднай мове, але пад гоман рачных хваль, пад музыку птушынага спеву, пад шолах прагрэтых лазнякоў, і шум бору складаў сваю паэзію-песню Палессю, працавітаму і цягавітаму палешуку. Галасы палескай прыроды пераліваліся ў душу паэта, цудадзейна ператвараліся ў вершы.

Алесь Бібіцкі бязмерна любіў Палессе і заўсёды шукаў і знайходзіў новыя словы, цікавыя вобразы, каб перадаць паўнату хараства роднага краю. Яго ўсё тут хвалявала, краявіды Палесся клікалі яго сэрца, краналі душу, у якіх потым нараджаліся вершы.

На Піншчыне шырока раскрыўся паэтычны талент Алеса Бібіцкага. Першы зборнік паэзіі, які пабачыў свет у 1979 годзе, называецца "Зоры над Пінай".

Не выпадкова, бо Алесь Бібіцкі вучыў дзяцей палешукоў мудрасці, працавітасці, патрыятызму, другі зборнік, які быў надрукаваны ў 1994 годзе, быў адрасаваны дзецям. Ён носіць назву "Міхаськава гора".

Каб уявіць Палессе ў час веснавога разводдзя, дастаткова пільна ўчытацца ў радкі верша:

Гучна ў сцену

Б'юцца хвалі,

Бы ў Венецыі якой,

Акуні, ляшчы пасталі -

Самі просяцца ў пакой.

У вадзе па пояс дрэвы,

Каля хат стаяць чаўны -

Мора справа - мора злева

На Палессі ў час вясны.

Прыпяць разлілася ўчора

Па прыціхлай старане,

Калі хто не бачыў мора -

Калі ласка, да мяне.

Паэзія Алеся Бібіцкага - натуральная і глыбокая, свежая і прачулая, вывераная і народная па мове і зместу - лёгка ўспрымаецца чытачом.

Трэба дадаць, што Алесь Бібіцкі некалькі дзесяткаў гадоў узначальваў пісьменніцкую суполку Піншчыны, быў шчырым дарадцам паэтам-пачаткоўцам. Некалькі разоў выбіраўся дэпутатам сельскага савета. Вяскоўцы выказвалі шчырую павагу і абіралі старастам в. Плошчава.

На вялікі жаль, жыццё паэта было нядоўгім. Ён пайшоў ад нас у лепшы свет у кастрычніку 1998 года.

Хата Алеся Бібіцкага і зараз стаіць на беразе Прыпяці. Апошнія гады Алесь Іванавіч працаваў у Калавуравіцкай школе, дзе ёсць школьны музей. Расце каля школы алея, якую пасадзіў паэт. Яе вучні і настаўнікі так і завуць - алея Бібіцкага.

У 2005 годзе ў выдавецтве "Хата" выйшла пасмяротная кніга А. Бібіцкага "Мне зычыў птах"

Такім быў бясконца закаханы ў Палессе Алесь Бібіцкі, 85-гадовы юбілей якога Палессе адзначыць у наступным годзе.

Уладзімір Гук , старшыня ТБМ Пінскага раёна.

На здымках : 1. На Блокаўскіх чытаннях злева направа Б. Спрынчан, М. Мятліцкі, В. Грышкавец, А. Бібіцкі і Л. Крывецкі. 2. Стэнд Алеся Бібіцкага ў школьным музеі Калавуравіцкай сярэдняй школы.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX