Вярнуцца: 2015

№ 28 (1231)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 28 (1231), 15 ліпеня 2015 г.


На Беласточчыне ўсталявалі помнік Кастусю Каліноўскаму

У Мастаўлянах, што ў Гарадоцкай гміне на Беласточчыне, усталяваны помнік у гонар беларускага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага.

Як зазначае дырэктар Гміннага цэнтра культуры ў Гарадку Юрка Астапчук, такім чынам аддаецца пашана Кастусю Каліноўскаму:

- Гэта падтрымка памяці, якая ёсць у народзе. Вядома, будуць ім захапляцца людзі, і тыя, якія не ведаюць, хто такі Кастусь Каліноўскі, напэўна, запытаюць, напэўна, прачытаюць пра яго жыццё і даведаюцца. І праз гэта Кастусь Каліноўскі будзе жыць.

Аўтарам праекту помніка з'яўляецца Януш Талуць з Беластока.

Уля Шубзда, Радыё Рацыя.


Да 605-х угодкаў Грунвальдскай бітвы

Да 605-й гадавіны перамогі ў Грунвальдскай бітве беларуская кампанія "ХВIЛIНА" ў дадатак да мужчынскага варыянту гадзіннікаў выпусціла новую - далікатную і надзейную - жаночую серыю гадзіннікаў з выявай Пагоні.

Серыя для сапраўдных, стылёвых і сур'ёзных дзяўчат названая так жа, як і мужчынская серыя: "Вершнiк 1588. Гадзіннік Пераможцаў".

Наш кар.


115 гадоў з дня нараджэння Ўладзіміра Дубоўкі

Уладзімір ДУБОЎКА, паэт, празаік, мовазнавец, перакладчык, крытык (15 ліпеня 1900, в. Агароднікі, Вілейскі павет, Віленская губерня, цяпер Пастаўскі раён, Віцебская вобласць - 20 сакавіка 1976, Масква).

У. Дубоўка нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Яго маці добра ведала беларускую мову і, не гледзячы на тое, што сям'я пераехала на сталае жыхарства ў Маскву, размаўляла толькі па-беларуску. "Я ніколі не вучыўся ні ў якіх беларускіх школах, усё маё веданне беларускай мовы - ад маці і з вёскі. Вось чаму я маю поўную падставу называць беларускую мову - матчынай мовай", - пісаў У. Дубоўка ў сваёй аўтабіяграфіі "Мой жыццяпіс".

Па заканчэнні ў 1918 годзе Нова-Вілейскай настаўніцкай семінарыі У. Дубоўка быў прыняты студэнтам гістарычна-філалагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта, але пасля двух месяцаў вучобы быў вымушаны, каб дапамагчы бацькам, паехаць працаваць настаўнікам на Тульшчыну. У 1920-1921 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў у Наркамаце асветы РСФСР і вучыўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава. У. Дубоўка быў асабіста знаёмы з У. Маякоўскім, С. Ясеніным і іншымі.

Адначасова з вучобай ў інстытуце У. Дубоўка працаваў адказным сакратаром прадстаўніцтва БССР пры ўрадзе СССР, рэдактарам беларускага тэксту "Весніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР".

У траўні 1921 года на старонках газеты "Савецкая Беларусь" быў апублікаваны першы верш маладога паэта "Сонца Беларусі", а ў 1923 годзе ў Вільні выйшаў з друку і першы невялічкі паэтычны зборнічак "Строма", у які ўвайшлі творы, што былі напісаныя ў самым пачатку яго літаратурнай працы. У Менску ў 1920-я гады былі выдадзены зборнікі "Там, дзе кіпарысы" (1925), "Трысцё" (1925), "Credo" (1926), а ў Маскве - "Наля" (1927).

У. Дубоўка ўваходзіў у літаратурнае аб'яднанне "Маладняк", быў адказным сакратаром Цэнтральнага бюро, рэдактарам некалькіх нумароў часопіса "Маладняк", арганізаваў выданне ў Менску часопіса "Беларускі піянер" і некаторы час рэдагаваў яго. У 1925 годзе У. Дубоўка разам з А. Бабарэкам, К. Чорным, К. Крапівой, З. Бядулем, Я. Пушчам увайшоў у ініцыятыўную групу па стварэнні літаратурна-мастацкага аб'яднання "Узвышша", быў у складзе рэдкалегіі аднайменнага часопіса.

Летам 1930 года пачаліся масавыя арышты вядомых беларускіх грамадскіх і культурных дзеячаў. Сярод тых, хто праходзіў па так званай справе "Саюза вызвалення Беларусі", быў і У. Дубоўка. 20 ліпеня 1930 года ён быў беспадстаўна арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Яранск. У 1935 г. тэрмін высылкі быў падоўжаны на два гады, да якога ў 1937 г. былі дададзены яшчэ 10 гадоў пазбаўлення волі.

У 1949 годзе У. Дубоўку зноў арыштавалі ў Грузіі з прысудам на 25 гадоў зняволення. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобласці, Чувашыі, на Далёкім Усходзе, у Грузіі, Краснадарскім краі.

Канчаткова У. Дубоўка быў рэабілітаваны ў 1957 годзе.

Вікіпедыя.


Паштовая марка "Слуцкія паясы" ўвайшла ў дзясятку лепшых у свеце

Паштовая марка "Слуцкія паясы" на міжнародным конкурсе ў Аўстрыі ўвайшла ў дзясятку лепшых у свеце. Яна заняла шостае месца. Агулам у конкурсе ўдзельнічалі маркі з 70 краін свету, інфармуе БЕЛТА.

Мастацкая паштовая марка "Слуцкія паясы" была выпушчаная летась Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі Беларусі накладам 60 тысяч асобнікаў. Яе вырабілі ў выглядзе роўнабаковага трыкутніка, друкавалі лістамі, якія складаюцца з пяці марак. Кожная з іх знаходзіцца ў перавернутым становішчы адносна іншай. У выніку стварыўся арыгінальны "паштовы пояс".

Фота: philately.by, belarus.by.


РУСІФІКАЦЫЯ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ НА БЕЛАРУСІ Ў ХХ ст.

Трэба адзначыць, што русіфікацыі папярэднічала шматгадовая паланізацыя, якая пачалася з канца XVII ст., калі ў ВКЛ дзяржаўнай мовай стала польская. На працягу XVIIІ ст. старабеларуская літаратурная мова была знішчана, эліта перайшла на польскую мову і толькі сяляне, у большасці непісьменныя, захоўвалі гутарковую беларускую мову ў выглядзе шматлікіх дыялектаў і гаворак.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай польская мова панавала на Беларусі да паўстання 1830 - 1831 гг. Менавіта на ёй працаваў Віленскі ўніверсітэт і большасць навучальных устаноў Віленскай адукацыйнай акругі. Мясцовае насельніцтва рускую мову ведала дрэнна, асабліва сяляне.

На Беларусі сфармавалася краёвая польская культура, пра якую добра сказаў А. Луцкевіч. У сваёй нататцы "Эвалюцыя краёвае культуры" ён піша, што "Наша краёвая культура XVIIІ - пер. пал. ХІХ ст., не гледзячы на польскую мову, па свайму ўнутранаму зместу была вельмі далёкай ад культуры Польшчы. Істотныя змены пачаліся пасля адмены прыгону, калі на гістарычную сцэну выйшла беларускае сялянства".

Русіфікацыя Беларусі пачалася ў часы праўлення Мікалая І, якога не выпадкова называлі жандармам Еўропы.

Галоўнай ідэалагічнай асновай русіфікацыі на Беларусі пасля задушэння паўстання 1830 - 1831 гадоў стаў "Западно-руссизм". Як асобная сістэма поглядаў ён канчаткова аформіўся пасля задушэння наступнага паўстаня 1863 - 1864 гадоў. Галоўным ідэолагам гэтай плыні стаў сын уніяцкага святара з Пружаншчыны, прафесар і гісторык М. Каяловіч, які атрымаў непасрэдную падтрымку ад М. Мураўёва, генерал-губернатара "Северо-Западного края". Асноўная ідэя гэтай плыні была ў непрызнанні самастойнасці і ідэнтычнасці беларускага этнасу. З узнікненнем беларускай ідэі ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стст. тэарэтыкі і практыкі "западно-руссизма" пачалі актыўна змагацца з беларускім адраджэннем і асабліва нападалі на "Нашу Ніву". Гэта рабілася пад лозунгамі абароны рускага праваслаўя і інтарэсаў беларускіх сялян. У 1928 годзе Аляксандр Цвікевіч надрукаваў грунтоўную працу на гэтую тэму.

Аднак не гледзячы на супраціў "западноруссов" у час перапісу 1897 сярод родных моў народаў Расійскай імперыі з'явіліся беларуская, разам з вялікарускай і маларускай (украінскай - А.Т). Вынікі перапісу натхнілі нешматлікую беларускую інтэлігенцыю актыўна змагацца за свае моўныя і культурныя правы. Так, напрыклад, у шматнацыянальнай Віленскай губерні роднай беларускую мову назвала большасць насельніцтва (56,2 %), у той час як палякі склалі 8,2 %, вялікарусы 4,9 % і маларосы 0,19 %.

У час першай рускай рэвалюцыі 1905 - 1907 гг. назіраецца нацыянальны уздым усіх шматлікіх народаў Расійскай імперыі. Не засталіся ў баку і беларусы.

Першае месца ў гэтым змаганні з русіфікацыяй заняла беларуская газета "Наша Ніва". Ужо ў першым нумары газеты ад 10 (23) лістапада 1906 года Мацей Крапіўка падымае пытанне аб шкодзе русіфікацыі ў сістэме адукацыі і прапануе беларусам дамагацца беларускай пачатковай школы. Ён піша, што ўсе суседнія народы, палякі, літоўцы, украінцы ўжо маюць свае школы на роднай мове, толькі беларусы спазняюцца. Прычым, каталікі ахвотней пасылаюць сваіх дзетак да польскай школы, а праваслаўныя - па-старому - да расейскай. Таксама аўтар паведамляе, што толькі першы год як нам, беларусам, дазволілі друкаваць кніжкі па-нашаму, такімі літарамі, якія нам патрэбныя - і польскімі, і рускімі (раней дазвалялі друкаваць толькі рускімі). Гэта сведчыць аб тым, што пад ціскам абставін з 1906 г. русіфікацыя крыху зменшылася, але беларускія школы ў Расійскай імперыі так і не з'явіліся.

У наступным, другім нумары газеты ад 16 (29) лістапада рэдакцыя паведаміла, што першы нумар беларускамоўнай газеты выклікаў вялікае ўзрушэнне. Непрыхільнікі беларушчыны пісалі, "што беларуская мова мёртвая, і яе не варта падымаць з магілы". Адказ быў такі. Па-беларуску гавораць каля 10 мільёнаў, і мы будзем пісаць "па-мужыцку" - значыцца "па-беларуску".

У сёмым нумары "Нашай Нівы", у артыкуле "Беларуская мова ў казённай школе" аўтар "Дзядзька Карусь" падрабязна раскрыў працэс русіфікацыі беларускіх дзяцей спачатку ў школе, а потым і ў семінарыі праз смех і цкаванне беларускіх слоў і выразаў. Дарэчы, гэтая практыка потым паспяхова дзейнічала ў СССР, асабліва ў савецкім войску і ВНУ.

Пад час Першай Сусветнай вайны, калі ў 1915 г. частка Беларусі была занятая нямецкім войскам, русіфікацыя на акупаванай тэрыторыі спынілася. Немцы дазволілі адкрыць беларускія школы і нават семінарыі, аднак "Наша Ніва" спыніла сваё існаванне.

У сакавіку 1918 года ў часы нямецкай акупацыі большай часткі Беларусі ўрад БНР абвесціў беларускую мову дзяржаўнай і выступіў супраць русіфікацыі. У 1919 годзе бальшавікі ў Смаленску абвесцілі БССР, якую неўзабаве зменшылі ў два разы і ператварылі ў "Літ-Бел" са сталіцай у Вільні. Аднак польская армія за некалькі месяцаў разбіла войска "Літ-Бела" і заняла яе тэрыторыю. Зноў БССР у памерах шасці паветаў былой Менскай губерні абвясцілі ў 1920 годзе.

Упершыню пра беларусізацыю сказалі ў снежні 1920 г. на ІІ Усебеларускім з'ездзе Саветаў, а потым у лютым 1921 г. на ІІ сесіі ЦВК Беларусі. Прынялі рашэнне аб пераходзе ў галіне асветы на беларускую мову выкладання. На Х з'ездзе РКП(б) у сакавіку 1921 г. І. Сталін сказаў, што існуе беларуская нацыя, у якой ёсць свая мова, адметная ад рускай.

Тут вялікую ролю адыграў першы рэктар БДУ Уладзімір Пічэта, які ў жніўні 1923 года выдаў грунтоўную брашуру "Беларуская мова як фактар нацыянальна-культурны". У ліпені 1924 г. другая сесія ЦВК БССР афіцыйна аб'явіла аб беларусізацыі і прыняла спецыяльную пастанову на гэты конт. 4 дзяржаўныя мовы, але мова зносін у БНР беларуская, а з органамі СССР - руская. Быў прыняты дэвіз "Уся КП(б)Б павінна гаварыць на беларускай мове".

У 1922 годзе Язэп Лёсік у газеце "Вольны Сьцяг" пісаў, што толькі мова злучае ў адзіны народ пераважную большасць жыхароў этнаграфічнай Беларусі. Але беларускае адраджэнне існавала не доўга. З кастрычніка 1930 г. пачалі змагацца з вялікарасейскім шавінізмам і мясцовым нацыяналізмам. З'явіліся нацдэмы. Пачаліся арышты, высылкі, а потым і масавыя расстрэлы беларускай эліты.

28 жніўня 1933 года Савет народных камісараў БССР прыняў пастанову "Аб зьменах і спрашчэньні беларускага правапісу", якая тычылася не толькі правапісу, але фанетычных і марфалагічных асаблівасцей беларускай мовы. Пасля верасня 1939 года русіфікацыя пачалася і на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якую далучылі да БССР. Большасць мясцовых савецкіх газет адкрылі на рускай мове, польскія школы закрываліся, іх пераводзілі на рускую і беларускую формы навучання.

Аднак, не гледзячы на сталінскія рэпрэсіі, большасць беларускіх школ заставалася беларускімі. Беларускія школы існавалі з дазволу немцаў і ў цэнтральнай Беларусі ў часы акупацыі 1941 - 1944 гг. Пасля вайны тэмпы русіфікацыі на Беларусі набылі новы імпульс, бо колькасць беларускай інтэлігенцыі, якая дбала пра беларускую мову і культуру значна зменшылася. Тыя, хто не загінуў падчас рэпрэсій 30-х гадоў, загінуў на фронце, альбо мусіў пасля 1944 года падацца ў эміграцыю, калі жыў і працаваў на акупаванай немцамі тэрыторыі.

Культ Сталіна дасягнуў свайго эпагею. 10 ліпеня 1945 года газеты "Советская Белоруссия" на рускай мове і "Звязда" на беларускай мове надрукавалі "Ліст Сталіну ад працоўных БССР", які падпісалі 2 млн 547 тыс. 360 чалавек. У гонар Сталіна назвалі сотні калгасаў, прадпрыемстваў і вуліц. У снежні 1949 года, калі святкавалі 70-я ўгодкі Сталіна, у БССР адбыліся 32 тысячы мітынгаў, у якіх узялі ўдзел тры мільёны чалавек. У 1949 годзе першы сакратар ЦК КП(б)Б Гусараў прапанаваў горад Бабруйск назваць як горад Сталін, але Масква яго не падтрымала. Аднак у Менску з'явіўся праспект Сталіна, дзе ў 1952 годзе паставілі вялізны шасціметровы помнік правадыру.

У БССР на кіраўнічыя пасады з іншых тэрыторый СССР прысылалі тысячы розных кіраўнікоў, якія не толькі не ведалі беларускай мовы, гісторыі і культуры, але прынцыпова не хацелі яе ведаць. Пасля 1946 г. пачалася "Халодная вайна", і Беларусь ператварылася ў вялікую вайсковую базу з велізарным савецкім войскам, цалкам зрусіфікаваным і варожым да ўсіх нацыянальных праяваў. Беларускія школы ў гарадах пачалі пераводзіцца на рускую мову навучання.

Пасля смерці Сталіна сітуацыя стала яшчэ горшай, бо Мікіта Хрушчоў аб'явіў вайну рэлігіі і нацыянальным культурам у СССР. Палігонам для русіфікацыі і стварэння новага савецкага чалавека, які думае і размаўляе па-руску, ён выбраў Беларусь, пра што і сказаў у Менску пад час свайго прыезду сюды.

Паводле афіцыйных звестак у 1955/56 гадах на Беларусі ў 1955/56 навучальным годзе 95 % школ вялі навучанне па-беларуску і толькі 5 % - па-расейску. Але гэта было толькі на паперы, бо ў большасці школ, акрамя беларускай мовы і літаратуры заняткі праходзілі на рускай мове. Пасля 1945 года ва ўсіх ВНУ і тэхнікумах выкладанне ішло амаль цалкам па-руску. Аб гэтым напісаў у сваім артыкуле ў 1957 годзе малады беларускі пісьменнік Барыс Сачанка.

Новы ўдар па беларушчыне быў нанесены ў пачатку 1959 года, калі быў прыняты новы закон, які дазваляў не вывучаць беларускую мову ў школах з рускай, альбо іншай мовай навучання згодна жадання вучняў і іх бацькоў. У першую чаргу вызваляць сваіх дзетак ад вывучэння "чужой, брыдкай і непрыгожай" мовы пачалі вайскоўцы, дзяржаўныя чыноўнікі і партыйныя небеларускія наменклатуршчыкі. Да 1961 года ўсе беларускамоўныя школы ў вялікіх гарадах і раённых цэнтрах былі пераведзены на рускую мову навучання. Першы беларус у пасляваенны перыяд на пасадзе кіраўніка кампартыі Беларусі Кірыла Мазураў, які падчас прыезду Хрушчова ў Менск зрабіў свой даклад па-беларуску, атрымаў за гэта крытычную заўвагу з боку высокага госця і неўзабаве быў адхілены ад сваёй пасады. У 1960 годзе на Беларусі выходзіла 154 газеты на беларускай мове і 45 найменняў на рускай мове, аднак гадавы наклад рускамоўных газет склаў 174 млн. асобнікаў, а беларускіх - толькі 150 млн. У гэтым жа годзе выйшла па-беларуску 425 найменняў кніг, а на рускай мове - 1175.

У брэжнеўскія часы, часы застою, русіфікацыя амаль перамагла, асабліва ў гарадах. У Менску былі выпадкі, калі ў школах нават беларускую літаратуру вывучалі па-расейску. Апошняе "паляванне" на "нацыяналістаў" адбылося ў 1973 годзе, калі некаторыя беларускія навукоўцы, што як маглі змагаліся за родную мову былі рэпрэсаваныя і пазбаўленыя працы па спецыяльнасці. Аднак супраціў працягваўся. Існавалі невялічкія групы аднадумцаў сярод пісьменнікаў, студэнтаў, гісторыкаў і этнографаў, мастакоў і журналістаў. Пісалі свае творы ў абарону роднай мовы, гісторыі і культуры Ніл Гілевіч, Уладзімір Караткевіч, Мікола Ермаловіч, Мікола Улашчык, Максім Танк, Пімен Панчанка, Алесь Бембель і іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Яны падрыхтавалі наступнае беларускае адраджэнне. Абуджэнне цікавасці да мінулага прывяло да стварэння моладзевых клубаў - "Майстроўня" (1980), "Нашчадкі" (студэнты Менскага педагагічнага інстытута, 1983 - 1991 гг.), "Талака". Творчыя выступленні Акадэмічнай харавой капэлы Р. Шырмы, Беларускага дзяржаўнага народнага хору (мастацкі кіраўнік Г. Цітовіч), эстраднага ансамбля "Пясняры" (мастацкі кіраўнік У. Мулявін) і харэаграфічнага ансамбля "Хорошкі" (мастацкі кіраўнік Валянціна Гаявая) абуджалі нацыянальную свядомасць беларускага народа і асабліва моладзі.

Такім чынам, да 1988 г. творчай інтэлігенцыяй была закладзена добрая аснова для аднаўлення і росквіту беларускай культуры. Аднак на той час у Менску не было ніводнай беларускай школы. Па-беларуску вучылася толькі адна дзяўчынка Наста Лісіцына, дзякуючы нечалавечым намаганням яе бацькоў.

Беларускае нацыянальнае адраджэнне ў канцы XX ст. непасрэдна звязана з гарбачоўскай перабудовай грамадства і пачаткам галоснасці ў Савецкім Саюзе. Пачатак яму на Беларусі паклалі звароты беларускай творчай інтэлігенцыі сталіцы да Генеральнага сакратара ЦК КПСС М. С. Гарбачова - "Пісьмо 28-мі", накіраванае ў Маскву 15 снежня 1986 г. і "Пісьмо 134-х грамадзянаў Беларусі", высланае 4 чэрвеня 1987 г. Першы зварот даў пэўны вынік. З Масквы для высвятлення становішча з беларускай мовай у рэспубліцы прыязджала спецыяльная камісія ЦК КПСС. У красавіку 1989 г. у газеце "Літаратура і мастацтва" з'явілася рубрыка "Беларускай мове - статус дзяржаўнай". На старонках газеты друкаваліся артыкулы ў абарону беларускай мовы шырокага кола чытачоў - ад пісьменніка да рабочага і калгасніка.

Па ініцыятыве Ніла Гілевіча 27 чэрвеня 1989 года арганізавана "Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны", у якое ўступілі тысячы чалавек. Старшынём Рэспубліканскай Рады грамадскага аб'яднання ТБМ імя Ф. Скарыны на Ўстаноўчым з'ездзе арганізацыі быў абраны паэт Ніл Гілевіч.

Ніл Гілевіч і Пётра Краўчанка былі ініцыятарамі падрыхтоўкі Закона аб дзяржаўнасці беларускай мовы. Яго рыхтавала аўтарытэтная камісія з розных устаноў на чале з намеснікам старшыні Савета Міністраў БССР Н.М. Мазай. Закон "Аб мовах у Беларускай ССР" быў прыняты Вярхоўным Саветам БССР 11-га склікання на чатырнаццатай сесіі 26 студзеня 1990 г. У Законе абвяшчалася дзяржаўнасць беларускай мовы, адзначалася, што ёй забяспечваюцца ўсебаковае развіццё і функцыянаванне ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і пры гэтым дзяржава клапоціцца аб свабодным развіцці і ўжыванні ўсіх нацыянальных моў, якімі карыстаецца насельніцтва Беларусі. Рускай мове адводзілася роля мовы міжнацыянальных зносін. Выкананне Закона аб мовах было расцягнута на 10 гадоў.

У сувязі з прыняццем Закона аб мовах была распрацавана Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР, якая была зацверджана 20 верасня 1990 г., аднак склалася так, што той закон не быў выкананы поўнасцю.

Тым не менш працэс русіфікацыі ў БССР спыніўся, і пакрысе пачаўся адваротны працэс. Рэспубліканская Рада Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны стварыла Тэрміналагічную камісію, якую ўзначаліў біёлаг Язэп Стэпановіч. У выніку яе актыўнай дзейнасці былі падрыхтаваны і надрукаваны некалькі тэрміналагічных беларускіх слоўнікаў: вайсковы, тэхнічны, матэматычны, антрапанімічны.

Асноўнай мэтай дзейнасці Тэрміналагічнай камісіі з'яўляецца падрыхтоўка базавай асновы для беларусізацыі працоўнай і вайсковай дзейнасці, а таксама і сямейнага побыту. На беларускай мове выдадзены "Матэматычная энцыклапедыя" (2001 г.), трохтомавы "Курс вышэйшай матэматыкі" (1994, 1997, 2003 гг.) для студэнтаў ВНУ.

Пасля набыцця незалежнасці ў 1991 годзе змаганне з русіфікацыяй набыло новую моц. Пачалася беларусізацыя дзяржаўных органаў, сістэмы адукацыі і культуры, а таксама міліцыі і Узброеных Сілаў. З 1993 г. паседжанні сесіі Вярхоўнага Савета вяліся на беларускай мове. Беларускія вучоныя і настаўнікі напісалі вучэбныя дапаможнікі па гісторыі Беларусі для сярэдніх школ. У Менску 42 сярэднія школы атрымалі статус беларускіх. Настаўніца-метадыст В.К. Раманцэвіч і вайсковец падпалкоўнік У.М. Танана напісалі і выдалі дапаможнік для вайскоўцаў "Беларуская мова" (Мінск, 1993). Беларускую мову пачалі вывучаць у войску. Праваслаўная і каталіцкая цэрквы ўсё часцей выкарыстоўваюць у сваёй дзейнасці беларускую мову. Прыклад у гэтым паказвае грэка-каталіцкая царква. Значныя поспехі ў пераводзе богаслужэння на беларускую мову мае рымска-каталіцкі касцёл.

15 сакавіка 1994 года была прынята першая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, у якой быў замацаваны статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы краіны.

Аднак пасля прэзідэнцкіх выбараў летам 1994 года сітуацыя пачала мяняцца. Першы прэзідэнт краіны і яго атачэнне прынцыпова не размаўлялі па-беларуску і пачалі адразу шкодзіць беларускаму адраджэнню. Яны задумалі правесці рэферэндум з мэтай адмены гістарычнай беларускай дзяржаўнай сімволікі і прапановай надаць рускай мове роўны статус з беларускай.

У сакавіку 1995 года 74 дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі звярнуліся да Прэзідэнта з просьбай надаць рускай мове (у Беларусі) статус другой дзяржаўнай. Іх прозвішчы былі надрукаваны ў газеце "Звязда" ад 18 сакавіка 1995 года. Пра іх ініцыятыву беларускі паэт і дэпутат Ніл Гілевіч сказаў наступнае: "Гэта значыць, патрабуюць беларускую мову як дзяржаўную ліквідаваць. Іначай разумець іх просьбу нельга. У нашых умовах даць рускай мове правы дзяржаўнай - гэта азначае: беларускай мове смерць.

Вось такія патрыёты Роднай зямлі, Роднай мовы. Такія слугі беларускага народа". У сваю чаргу 10 красавіка 1995 г. 73 дэмакратычныя дэпутаты ўнеслі такую прапанову, як:

1) Просім вынесці на рэспубліканскі рэферэндум наступнае пытанне, якое носіць кансультацыйны характар:

"Ці згодны вы з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, які выкладзены ў наступнай рэдакцыі: "Дзяржаўнай мовай Рэспублікі Беларусь з'яўляецца беларуская мова. Рэспубліка Беларусь забяспечвае права свабоднага карыстання рускай мовай, як мовай міжнацыянальных зносін ?"

"Так" ці "Не".

Аднак гэтая і іншыя прапановы не былі падтрыманыя большасцю Вярхоўнага Савета, і тады частка апазіцыі пайшла на радыкальны крок і 11 красавіка абвесціла галадоўку пратэсту проста ў зале парламента. I здарылася неверагоднае, дэпутаты не прынялі пытанні па мове, сімвалах і роспуску ВС, засталося толькі пытанне аб эканамічнай супрацы з Расіяй. Дэмакратыя ў Беларусі 11 красавіка 1995 года перамагла.

Тады ноччу 12 красавіка дэпутаты, што засталіся начаваць у зале ВС былі жорстка збітыя і выдаленыя сілай "невядомымі" людзьмі са зброяй у руках. Наступілі доўгія гады аўтакратыі і бяспраўя.

Перапалоханыя дэпутаты прынялі Пастанову ВС Беларусі аб правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытаннях, прапанаваных Прэзідэнтам, 14 траўня 1995 года. Адначасова на гэты дзень былі абвешчаны і выбары дэпутатаў у Вярхоўны Савет Беларусі XIII склікання.

Варта адзначыць, што ў Мінску рэферэндум ледзь не праваліўся, бо ў ім узялі ўдзел толькі 52,4% выбаршчыкаў. Не вельмі добрыя вынікі былі і па Беларусі ў цэлым, бо тады галасы яшчэ лічылі. Калі верыць афіцыйнай статыстыцы, у рэферэндуме прынялі ўдзел толькі 64,8%. З іх за захаванне адзінай дзяржаўнай беларускай мовы прагаласавала 613 516 чалавек (12,7%), а за нацыянальную сімволіку 988 839 чалавек альбо 20,5%. У выніку за замену нацыянальнай сімволікі прагаласавала толькі 44,3% ад усіх выбаршчыкаў. Большасць беларускага народа ў траўні 1995 года засталася верная сваім спрадвечным сімвалам.

За роўнасць дзвюх дзяржаўных моў прагаласавала 4017273 чалавекі, альбо 51,81%. Хочацца праз 20 гадоў спытаць у ініцыятараў рэферэндума, а ДЗЕ Ж ТАЯ РОЎНАСЦЬ? Чаму вы праігнаравалі волю 4 млн чалавек, панове?

У першым нумары "ЛіМа" пасля рэферэндуму пад загалоўкам "Ганьба тыдня" чытаем: "Тое, што адбылося на Беларусі, - пакуль не трагедыя. Гэта - фарс, гэта - агонія посткамуністычных сіл, у якіх няма ні перспектывы, ні будучыні. Яны непазбежна пацерпяць крах, але шлях Беларусі і беларусаў да сапраўднай незалежнасці ляжыць праз ганьбу і пакуты. Ганьбу мы перажываем цяпер, а пакуты - наперадзе".

Дваццаць гадоў пакутаў прайшлі, а пагроза незалежнасці засталася. Пра гэта варта памятаць кожнаму беларускаму патрыёту. Пасля наступнага рэферэндуму ў 1996 годзе Канстытуцыя Беларусі была зменена, і ў ёй былі ўжо дзве дзяржаўныя мовы. У 1998 годзе ўнеслі такія змены у "Закон аб мовах", што цалкам "развязала рукі" мясцовым русіфікатарам. Зараз яны маглі поўнасцю ігнараваць беларускую мову і зусім не карыстацца ёю. Імперская Масква вітала і вітае такія змены. Тым не менш, паводле перапісу 1999 г., каля 80 % насельніцтва Беларусі назвалі беларускую мову роднай.

У выніку працяглай дваццігадовай русіфікацыі найбольшага поспеху ворагі беларушчыны дабіліся ў сферы адукацыі.

Паводле звестак з Міністэрства адукацыі Беларусі ад 10 лютага 2015 года мы маем інфармацыю, прыведзеную ў табліцы 1.

Інфармацыя

аб установах агульнай сярэдняй адукацыі, у якіх навучанне і выхаванне ажыццяўляюцца на беларускай або рускай мове

Здаецца, што беларускіх школ у краіне больш за рускіх. Але гэта ў асноўным вясковыя, малакамплектныя школы, якія маюць мала вучняў.

Не выпадкова, што самая кепская сітуацыя ў Гомельскай вобласці, бо яна далучана да БССР толькі ў 1926 годзе і там беларусізацыя была спынена вельмі хутка.

Каб спыніць русіфікацыю, трэба палітычнае рашэнне, як гэта было ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Будзем спадзявацца, што раней ці пазней гэта адбудзецца.

Алег Трусаў,старшыня ТБМ,кандыдат гістарычных навук, дацэнт.


Русіфікацыя пераступае цераз беларуска-польскую мяжу

Беластоцкая палітэхніка адкрывае ўнікальную спецыяльнасць, разлічаную перш за ўсё на гарадзенцаў. Пра яе расказала доктар гістарычных навук Святлана Куль-Сяльверстава, якая была ініцыятаркай стварэння новай праграмы.

Спецыяльнасць разлічана на абітурыентаў з вышэйшай або няскончанай вышэйшай адукацыяй. Паступаць могуць студэнты і выпускнікі эканамічных, юрыдычных, гістарычных спецыяльнасцяў, а таксама сацыёлагі. Прыём дакументаў пачнецца ад 1 кастрычніка і будзе доўжыцца да пачатку заняткаў 1 студзеня.

- Выкладаць на спецыяльнасці будуць высокакласныя спецыялісты, у большасці прафесары, з высокім еўрапейскім рэйтынгам. Навучанне на новай спецыяльнасці будзе доўжыцца два гады. Пасля абароны дысертацыі выпускнік атрымае дыплом магістра еўрапейскага ўзору. З улікам таго, што Беларусь прынялі ў Балонскі працэс, у нас дыплом таксама павінны прызнаць. Прагназуюць, што гэтая спецыяльнасць наўрад ці будзе спрыяць "вымыванню мазгоў" з Беларусі, бо яна запатрабавана менавіта ў нашым рэгіёне - на мяжы постсавецкіх краін і Еўразвязу.

Асноўная частка прадметаў будзе выкладацца на рускай мове. Некаторыя курсы будуць весціся на польскай і англійскай, асобныя прадметы будуць факультатыўна выкладацца па-беларуску.

Твой стыль.


Вось так, нібы харошая праграма, а па-беларуску ізноў толькі факультатыў і то, можа быць, а можа і не быць. Ізноў для беларусаў адукацыя па-расейску, але гэта ўжо ў Беластоку. Не вядома пакуль дакладна, хто вызначаў моўны рэжым новай праграмы, але зразумела, што ў Беластоку будуць вучыць далёка не беларускіх патрыётаў. І не зразумела, што робіць у гэтай рускамоўнай праграме Святлана Куль-Сяльверстава.

Дэмакратычная, незалежніцкая Беларусь не зацікаўлена ў рускамоўнай адукацыі для беларусаў, і не важна адкуль гэтая адукацыя ідзе. Калі мы нічога не можам зрабіць супраць русіфікацыі ўнутры краіны, гэта не значыць, што мы павінны цярпець, калі яна ідзе звонку, тым больш з сяброўскай Польшчы. Хочаце дапамагчы Беларусі - вучыце беларусаў па-беларуску. Не можаце па-беларуску - не трэба ніяк. Хто моцна захоча атрымаць польскую адукацыю, атрымае яе па-польску, а рыхтаваць у Польшчы адэптаў "русского мира" - гэта ўжо занадта.

Таварыства беларускай мовы будзе звяртацца з гэтай нагоды перш за ўсё да пасла Польшчы ў Беларусі, а, спатрэбіцца, і непасрэдна ва ўрад і да Прэзідэнта Польшчы.

Яраслаў Грынкевіч.


Дзякуй за адказ

На пытанне, ці скланяюцца ў жывой народнай мове жаночыя прозвішчы тыпу Ходзін, Чыгрын "Наша слова" дало чаканы (і меркаваны) адказ: "Не скланяюцца". Так напісалі рэдактар "слыннага штотыднёвіка" Станіслаў Суднік і вядомы мовазнавец Павел Сцяцко. З'явілася спадзяванне, што адзначаная асаблівасць беларускай граматыкі будзе паказана ў падручніках і даведніках.

Што да паходжання прозвішча пісьменніка Лобан, дык тут погляды мовазнаўцаў разыходзяцца.

Павел Сцяцко ў сваім артыкуле (Наша слова. 30.06. 2015) прыводзіць гэтулькі навуковых, бібліяграфічных звестак і моўных фактаў (часам неабавязковых, як, у прыватнасці, адносна акцэнтавання), што чытачу цяжка не згубіць сцягу, ідучы за аўтарам да высноўванага ім вываду-адказу.

Каб адхіліць прапанаванае доктарам філалагічных навук, прафесарам Васілём Шурам (і падтрыманае мною, кандыдатам філалагічных навук, дацэнтам) тлумачэнне прозвішчаў Лабановіч, Лобан, дэрыватолаг Павел Сцяцко нагадвае нам, што ў беларускай мове ад імёнаў па бацьку шляхам акцэнтавання антрапафарманта -овіч утварылася шмат прозвішчаў тыпу: Адамо-віч - ад Адама-віч (сын Адама, Адамаў сын). I сцвярджае: "Антрапонім Лабановіч мае беспасярэдняе дачыненне да бацькаймення Лабанавіч - дэрыват адмысловага антрапанімічнага спосабу - акцэнтаванне - утварэнне новых слоў шляхам змены ў слове месца націску".

Але хіба ў трылогіі Якуба Коласа "На ростанях" ёсць бацькайменне Лабанавіч, каб праз яго тлумачыць узнікненне літаратурнага прозвішча Лабановіч?

У маёй нататцы акцэнт рабіўся на акалічнасцях з'яўлення прозвішча Міколы Лобана. Калі яе рыхтаваў, было напісалася: "Як на далёкай ад мораў Случчыне маглі так добра ў побыце ведаць "прамысловую рыбу сямейства кефалей, каб паводле яе назвы лабан даць найменне чалавеку?"

Не гледзячы на сваю прызнаную дасведчанасць у галіне беларускага словаўтварэння, Павел Спяцко, каб памацніць абгрунтаванасць, надзейнасць высноў, спасылаецца на доктара філалагічных навук Арцёма Баханькова. Толькі ці трэба было даказваць, называючы яго публікацыі, што А. Баханькоў "грунтоўна ведаў лексіку абедзвюх моваў (беларускай і рускай) і выдатна ўсведамляў іх адметныя рысы". (Можа, гэта дзеля супастаўлення навуковай вагі ўдзельнікаў узніклай гаворкі?)

Пытанне паўстае, як гэтае "вывучэнне", "асэнсавнне" ён выкарыстоўваў, адлюстроўваў у сваіх працах. Ці заўсёды аб'ектыўна, з улікам спецыфікі беларускай мовы і, нарэшце, ці на яе карысць. У гэтых адносінах крытычныя заўвагі не аднойчы рабіліся ў друку.

Павел Сцяцко піша: "На яго (А. Баханькова) думку, антрапомім Лобан паходзіць не ад сематычнай лексемы лоб, а ад заалагічнага наймення (рас.) лобан, беларускі адэкват яго лабан..." (шкада, не пазначана, дзе гэтая думка выказана). Утварэнне беларускага прозвішча катэгарычна ставіцца ў непасрэднуго залежнасць ад рускай мовы. Сфармуляванае вышэй тлумачэнне па сутнасці, прымае і Павел Уладзіміравіч.

У мяне, чытача-навукоўца, замала падстаў, каб адмаўляцца ад свайго варыянту тлумачэння паданалізнага прозвішча. Калі бяруцца пад увагу не толькі агульныя заканамернасці, спосабы ўтварэння прозвішчаў, але і канкрэтныя жыццёвыя варункі іх (онімаў) з'яўлення і ўжывання.

Спяцковы артыкулы ў "Нашым слове" гартаюцца і чытаюцца, як старонкі з даведніка антрапонімаў (мо ўжо надрукаванага асобнай кнігай?). Натуральна, за яго рамкамі застаюцца некаторыя навуковыя дадзеныя з публікацый па гэтай актуальнай праблеме, якіх я не выкарыстаў у сваім допісе.

Перапрашаю іх аўтара і чытачоў.

Падкрэслю. Зваротам да прозвішча Лобан (а раней да псеўданіма Янка Маўр), мне хацелася паказаць, што, тлумачачы паходжанне онімаў, трэба ўлічваць умовы, абставіны іх узнікнення і функцыянавання, як гэта, напрыклад, зроблена ў антрапанімічных артыкулах "Ліс (Арсень Л.)" "Танк (Максім Т.)".

Алесь Каўрус.


Алег Трусаў: Кодэкс аб культуры нельга прымаць - гэта вельмі шкодная рэч!

Аўтар першага ў Савецкім Саюзе Закона аб культуры, старшыня Таварыства беларускай мовы і гісторык Алег Трусаў далучыўся да дыскусіі экспертаў датычна вынікаў маніторынгу "Культура як фактар развіцця" - супольнага даследвання навукоўцаў ЦЭТ на тэму рэалізацыі Канвенцыі ЮНЕСКА "Аб ахове і падтрымцы разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення".

Да таго ж, літаральна тыдзень таму гісторык скончыў аўтарскі варыянт новага Закона аб культуры - адпаведнага Кодэксу, які могуць прыняць ў Беларусі ўжо сёлета. Чаму нельга прымаць дзяржаўны варыянт дакумента, Алег Трусаў падрабязна распавёў "ЕўраБеларусі":

- Я пісаў аўтарскі варыянт новага Закона цэлы месяц, і хутка адбудзецца прэзентацыя. Але справа не ў гэтым. Справа ў тым, што я - адзін з кіраўнікоў калектыва аўтараў Закона аб культуры, прынятага ў Вярхоўным Савеце БССР, і ідэя гэтага закона - упершыню ў Савецкім Саюзе! - была распрацаваная нашай камісіяй і прынятая вясной 1991 года. Паколькі гэта быў першы варыянт у СССР, вырашылі такі самы культурны закон прыняць і ў Маскве. Я ездзіў выступаць перад дэпутатамі, ім вельмі спадабаўся закон і яны падрыхтавалі праект. Але СССР ляснуўся, а закон застаўся.

Гэты быў чыста савецкі закон, і гэтая савецкасць засталася ў Кодэксе аб культуры, які я ўважліва чытаў некалькі месяцаў, і лічу, што яго прымаць не трэба - гэта вельмі шкодная рэч! Бо гэта - нейкі боб і гарох, панапіхалі нейкіх інструкцыяў туды, абы-што! Ужо ж сталі на граблі з Кодэксам аб адукацыі, нават улада прызнала, што прыняла абышто. І зараз яшчэ горшае хочуць прыняць датычна культуры. Нельга яго прымаць у аніякім разе!

Іншая справа, што патрэбны новы варыянт Закона аб культуры. Вось я і паспрабаваў зрабіць аўтарскі варыянт. Распавяду пра яго асноўныя моманты. Самае галоўнае ў ім - гэта, канешне, мова. Бо асноўны індыкатар любой культуры - мова. Я б параіў выкінуць з дакумента маніторынгу слова "маргіналізацыя". Маргіналы - гэты тыя, хто піша па-руску такія дакументы, гэта прадстаўнікі так званага ваяўнічага "русского мира", і што гэты "мир" зрабіў на Украіне, мы ведаем.

І таму нават наша дзяржава, пры ўсёй яе русіфікацыі, Законы аб культуры піша па-беларуску. Чаму? Таму што напісаць Закон аб культуры на іншай мове немагчыма. Нават перакладаць праблематычна. Я наогул бы раіў зрабіць для ЮНЕСКА две версіі маніторынгу - беларускую і англійскую, каб паказаць, што мы - не Расія. Тым больш, што руская мова ў ЮНЕСКА па колькасці носьбітаў - ніжэй, чым арабская. Я ўжо не кажу пра кітайскую і іспанскую.

Што датычыцца галоўных заўваг па дакуменце. Самай галоўнай забаронай у Савецкім Саюзе была рэлігія. І атрымалася так, што і мы, і ўлада, і аўтары маніторынгу выкінулі вялізарны аспект культуры - рэлігію. Гэта абавязкова трэба вярнуць! Зараз яна ніяк не рэгулюецца, а Закон аб веравызнанні пра культуру нічога не кажа. Напрыклад, чаму мы не можам узяць пад ахову пілігрымку? Язычаскі звычай пахавання стралы бяром, а Будслаўскую пілігрымку - не.

Яшчэ абавязкова трэба вырашыць пытанне рэстытуцыі. Таксама трэба звярнуць увагу на культуру і турызм. У нас вялікая бяда, што Закон аб турызме існуе сам па сабе, і ніякай культуры ў ім няма. А ў Законе аб культуры нават няма вызначэння пра турызм!

Ну, і канешне, існаванне прыватнага сектара. Напрыклад, у савецкі час быў адзін Саюз пісьменнікаў, адзін Саюз дызайнераў. Зараз у нас два саюзы пісьменнікаў, але чамусьці ў Кодэксе - толькі адзін. Трэба дапісаць "саюзы", што ў нас можа быць шмат саюзаў пісьменнікаў, дызайнераў і мастакоў. Савецкая традыцыя засталася ў Кодэксе. Трэба так-сама запісаць, што ёсць прыватныя музеі, тэатры, кінастудыі, бібліятэкі і ўсё астатняе.

Трэба ўключыць у абмежаванні ў сродках культуры такія моманты, як прапаганда наркотыкаў, тытунякурэння, алкаголю, парнаграфіі. Не трэба ў сродках масавай інфармацыі, асабліва ў кніжках некаторых аўтараў, карыстацца матам. Гэта трэба абмежаваць. Еўропа зрабіла крытыку на прарока Мухамеда і што атрымала? Мы таксама за тое, каб рабілі карыкатуры, а потом за гэта забівалі тысячы людзей?

Гульня ва ўседавзоленасць прыводзіць да тысячаў ахвяр. Любая культура, любое дзеянне не можа быць бескантрольным. Мы ведаем, што свабода канчаецца там, дзе пачынаецца свабода іншага чалавека. Як ужо казаў, я лічу, што нельга прапагандаваць у нашых культурных мерапрыемствах мат, тым больш, расейскі, бо мы спрадвечна матам не лаяліся - магу вам даказаць, як гісторык! А па дзіцячай парнаграфіі Беларусь хутка выйдзе на першае месца ў Еўропе, дык трэба ж напісаць, што мы не прыхільнікі такіх антыкультурных з'яў.

Ну, і безумоўна, пытанне фінасаў. Наш закон чым быў самым лепшым у Саюзе? Ён быў прамога дзеяння, і там было запісана: які б не кепскі быў бюджэт краіны, а 2% вымі ды пакладзі. А новая ўлада на чале з Лукашэнкам выкінула гэтыя 2%. Зараз, напрыклад - толькі 0,46%. Дык вось я прапаную, што, калі мы хочам, каб у нас нешта было, трэба запісаць 2,5%.

Дарэчы, усе дзяржаўныя праграмы не выконваюцца. На 20-25% толькі. "Замкі" і астатняе - гэта ўсё фікцыя, таму што грошы на іх ніхто не дае, будуюць невядома што. І таму мы павінны ў Закон аб культуры вярнуць запіс 1991 года: калі мы хочам быць культурнай нацыяй, на адукацыю трэба столькіта адсоткаў, на медыцыну - столькі, на культуру - столькі. Астатняе - на КДБ і МВД.

Калі на культуру будуць выдаткоўвацца грошы па астаткавым прынцыпе, якія законы не прымай, ніякай культуры не будзе. А будзе поўнае безкультур'е.

Фота Службы інфармацыі "ЕўраБеларусі".


"Будзьма!"

20 ліпеня (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым "Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18. 30. Румянцава, 13. Уваход вольны. Наступныя заняткі адбудуцца адпаведна 27 ліпеня.


Ад Слова да Слоўніка

У Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь адкрылася выстава "Ад Слова да Слоўніка". Экспазіцыя прысвечана 145-годдзю з дня выхаду ў свет выдання "Слоўнік беларускай мовы" - грунтоўнай навуковай працы вядомага літаратара, лексікографа, фалькларыста Івана Іванавіча Насовіча (1788-1877). Кніга ўтрымлівае больш за 30 000 слоў, запісаных аўтарам ад насельніцтва Магілёўскай, Менскай і Гарадзенскіх губерняў, а таксама выбраных з фальклорных твораў, літаратурных помнікаў старажытнага беларускага пісьменства. У 1881 г. выйшаў "Дадатак да беларускага слоўніка" - каля 1 000 слоў. Гэта навуковая праца засведчыла, што існуе адметная, самастойная беларуская мова і яе носьбіт - беларускі народ. "Слоўнік беларускай мовы" І. Насовіча і на сённяшні дзень застаецца выдатнай працай беларускай лексікаграфіі, у 1983 г. выйшла яго факсімільнае выданне.

Шэраг іншых прац Івана Іванавіча Насовіча ўвайшоў у гісторыю навукі. На выставе "Ад Слова да Слоўніка" можна ўбачыць выданне "Слоўніка беларускай мовы (1870), якое з'яўляецца бібліяграфічнай рэдкасцю, а таксама матэрыялы, што распавядаюць пра выдатнага беларускага дзеяча.

Наш кар.


З беларускай мовай на прыроду

2 ліпеня чарговы беларускі гурток магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ наша грамада правяла ў даволі прыемных у цёплыя дні абставінах - пад адкрытым небам. На Падміколлі, практычна на прыродзе, пра беларускія зёлкі распавяла Валянціна Крачкоўская. Апроч змястоўнага аповеду пра лекавыя расліны, іх выкарыстанне і карысныя ўласцівасці грамада з цікаўнасцю паслухала і паведамленне Алены Асмакоўскай на тую ж тэму.

Праз тыдзень жа, 9 ліпеня, гурток таксама быў праведзены ўдалечыні ад гарадскога шуму і пылу, на этнахутары ў Зялёным Гаі. Гутарка вялася пра нацыянальную палітыку Польшчы паміж сусветнымі войнамі і пра лёс нацыянальных меншасцей у тагачаснай польскай дзяржаве, у тым ліку і беларусаў. Расповед спачатку вёў Аляксей Карпенка, пасля чаго ўспамінамі продкаў падзяліліся астатнія прысутныя. Згадалі пра гісторыю аднаўлення польскай дзяржавы ў 1918 годзе, савецка-польскую вайну, лёс Заходняй Беларусі пасля Рыжскага падзелу, а таксама ўплыў польскай нацыянальнай палітыкі на развіццё міжваеннай Польшчы і ролю памылак польскага ўраду ў яе гібелі. Пазней жа звярнуліся да ўспамінаў, якія пакінулі пасля сябе сведкі міжваенных падзей у Заходняй Беларусі.

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.


Сведчанні веры ў Будславе

Сёлета адзначаецца 25-годдзе аднаўлення пілігрымак ў Будслаў. Будслаў - даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны, размешчанае на рацэ Сэрвач, адзін з рэлігійных цэнтраў рэгіёну. Да нашага часу ў мясцовым касцёле захоўваецца цудоўны абраз Маці Божай, адна з найбольш шанаваных каталіцкіх святыняў Беларусі. У 1589 годзе тут манахамі-бернардынамі быў пабудаваны драўляны касцёл, у 1767 годзе закладзены падмурак новай мураванай базылікі, якую мы бачым сёння. З даўніх часоў вернікі з Беларусі і Літвы ішлі сюды пешшу, ехалі на конях з малітвай аб сямейных і дзяржаўных справах, аб ачышчэнні душы і здароўі.

Пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай, якая крочыла ад менскага Чырвонага касцёла, святкyе свой дзесяцігадовы юбілей.У ёй ішлі не толькі вернікі каталіцкага веравызнання, але і праваслаўнага. Пілігрымы пад кіраўніцтвам пробашча парафіі Св. Сымона і Алены ксяндза дэкана Уладзіслава Завальнюка ўзялі з сабою ў дарогу малітоўнікі, ружанцы, добры настрой і свае інтэнцыі. "Узброеныя спеўнікамі і ружанцамі, з зялёнымі стужкамі-гальштукамі на шыях і капелюшах, з харугвамі і сцягамі - гэта яны, пілігрымы XXV пешай пілігрымкі "Менск-Будслаў". Іх колькасць 270. І яны вырушылі раніцай 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла", - паведаміў сайт "Саtholic.by".

3 ліпеня на пляцы перад касцёлам сярод вялікай грамады вернікаў удалося пагутарыць з пілігрымамі з розных гарадоў і мястэчак і выслухаць іх сведчанні веры.

"З Берасця выйшлі 49 чалавек, - распавядаюць 16-гадовыя школьніцы Саша, Даша і Наста ў сініх кашулях. - Мы ідзём з Баранавіч і Дзераўной, у кожнай вёсцы да нас далучалася моладзь, і нас стала 320 чалавек. На прыпынках увечары нас разбіралі па сваіх хатах людзі, мы начавалі ў школах. Мы праходзілі па 30-50 км у дзень. У нашай групе пілігрымуе ўжо 20-ты раз пан Чэслаў, яму 56 гадоў. Самаму маленькаму ўдзельніку з нашай групы 6 месяцаў, яго вязуць на вазку".

Маладая сям'я з Менска з трыма дзеткамі пераадолела пешы маршрут і размясцілася на зялёным траўніку. "Мы пазнаёмліся ў 2000-гадах, з тых часоў ходзім у пілігрымкі, у Менску мы наведваем Архікатэдру, - кажа тата Арцём, пакуль яго жонка Наста гушкае маленькую дачушку. Дзяўчынак мы назвалі Аўгусціна, Марыяна, Мілена."

"Салезіянскую супольнасць ксяндза Яна Боска прадстаўляюць 178 чалавек, - апавядае спадарыня Людміла. - Мы ішлі цягам тыдня са Смаргоні, ішлі з малітвай, купаліся ў рэчках, спалучалі адпачынак з евангелізацыйнымі заняткамі. У часе пілігрымкі адбываліся тэматычныя канферэнцыі кожны дзень, вялася праца ў групах падлеткаў 13-18 гадоў. Групу вёў ксёндз Іван Огар. Наша супольнасць у гэтым годзе адзначае 200-годдзе нашага святога. Год быў насычаны рознымі падзеямі, мы святкуем. Ксёндз Ян Боска надаваў увагу маладым. У 1854 годзе ён заснаваў манаскае таварыства для працы з моладдзю."

Ужо немаладое спадарства Марыя і Анатоль прыехала з Менска на сваім аўто. Яны ўдзельнічаюць у пілігрымках 15 год. "Мы ездзім у розныя пілігрымкі ў Літву, у Польшчу. Не можам сказаць пра пэўны цуд, але мы верым, што ўсё, што адбываецца ў нашым жыцці, вызначана звыш. Намі заўсёды апякуецца Маці Божая. Дзякуй Богу, у нас у жыцці ўсё ладна, і ў нашых двух дзяцей і трох унукаў".

" Мы ішлі з Докшыцаў, далучыліся да Віцебскай групы, у дарозе было весела! Нас усяго 99 чалавек на чале з ксендзам Тамашом, вясёлым і энергічным. У дарозе мы дзяліліся сваім досведам, дзеяннем Бога ў нашым жыцці. Нас хвалююць больш узаемаадносіны маладых людзей. Моладзь - за чысціню шлюбу, за боскія адносіны, а не за свабоднае каханне."

Сёстры-місіянеркі Святой Сям'і з Баранавіч служаць Хрысту міласэрнасцю. Ордэн заснавала дабраславёная Баляслава Лямент ( 1862-1946) у 1905 годзе. Цяпер яго дзейнасць на Беларусі адноўлена. "Мы працуем як "Карытас", праводзім катэхезы для дзяцей. Да нас прыходзяць дзеці з бедных сямей, сёстры займаюцца з імі, праводзяць для іх летнікі. Прыходзяць да нас бедныя людзі на суп. Нашы суполкі ёсць у Магілёве, Баранавічах," - распавяла юная пастулянтка ордэна Алёна.

На пляцы быў размешчыны намёт Пінскай духоўнай семінарыі. Сёння ў ёй вучыцца на святароў 13 чалавек. Духоўную літаратуру, кнігі, часопісы і календары прапаноўвала выдавецтва " Pro-Christo"на чале з Крысцінай Лялько. "Легіён Марыі", які існуе ў розных гарадах Беларусі знаёміў з дзейнасцю прадстаўнікоў гэтай хрысціянскай супольнасці ў розных краінах свету.

Вернікі перапрасілі Бога за свае грахі і грахі ўсяго народа, вялікая кольскасць людзей удзельнічала ў Святой Камуніі. Урачыстыя імшы адбываліся на беларускай і польскай мовах, Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч цёпла вітаў пілігрымаў з Украіны, Літвы на іх родных мовах, прамаўляў на англійскай мове. 3-4 ліпеня ва ўрачыстасцях, паводле каталіцкіх медыя, узялі ўдзел каля 30.000 чалавек.

Эла Дзвінская, фота аўтара.На здымках: 1. Касцёл у Будславе. 2. Вернікі ідуць да абраза Божай Маці. 3. Пілігрымы з Баранавічаў і Дзераўной. 4. Беларускія скаўты з Барысава.


Як адкрыць беларускамоўны летнік?

Міністру адукацыі Рэспублікі Беларусь

М. А. Жураўкову,

г. Мінск,

вул. Савецкая, д. 9

Шаноўны Міхаіл Анатольевіч!

Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" вітае і падтрымлівае Вашу ідэю, выказаную на VI Міжнародным кангрэсе беларусістаў, аб аднаўленні Міжнародных летніх школ беларускай мовы.

Разам з тым існуе такая ж "летняя" праблема і ўнутры Беларусі.

У свеце для пашырэння карыстання мовай існуе методыка "Паглыблення ў мову", калі фармуецца летнік (летні лагер), дзе на працягу ўсяго перыяду з раніцы да вечара гучыць МОВА. Фактычна больш нічога і не трэба, а калі ідуць нейкія заняткі, трэнінгі, то гэта, канешне, плюс.

Сёлета Таварыства беларускай мовы паспрабавала прымяніць методыку "Паглыблення ў мову" ў Лідскім раёне, найбольш прагрэсіўным у стаўленні да беларушчыны. Пасля кансультацый было вырашана стварыць беларускамоўны атрад у летніку "Эрудыт" пры Дзітвянскай СШ. Кіраўніцтва Аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама не пярэчыла, кіраўніцтва Дзітвянскай (рускамоўнай) СШ падтрымала ідэю. Начальнік лагера склала план дзейнасці атрада, падабрала персанал. Таварыства беларускай мовы прапанавала свае мерапрыемствы, у тым ліку і прыезд бардаў, пісьменнікаў, нават работнікаў філармоніі.

Але калі начальнік лагера прыйшла для зацвярджэння плану ў аддзел адукацыі, то адна з чыноўніц заявіла, што паколькі на адкрыццё атрада ёсць толькі дазвол, а загаду няма, то яна план не зацвердзіць. I адкрыццё беларускамоўнага атрада было сарванае, і нават з плану ўжо рускамоўнага атрада выкінулі ўсе прапановы ТБМ, як лішнія, што "робяць крэн у бок беларускасці", пакінуўшы адну сустрэчу з пісьменнікамі. Такім чынам, ініцыятыва ТБМ, якая цалкам адпавядае апошнім выказванням кіраўніка нашай краіны ў падтрымку беларускай мовы, на жаль, без адміністрацыйнага рэсурсу поспеху пакуль не мела.

Зыходзячы з вышэйсказанага, ТБМ прапануе прыняць на ўзроўні Міністэрства адукацыі Беларусі летнюю праграму "Паглыблення ў мову" і рэкамендаваць усім раённым аддзелам адукацыі адкрыць у гэтым годзе у кожным раёне для дзяцей з рускамоўных школ па некалькі беларускамоўных летнікаў (атрадаў), дзе б усе стандартныя планы і праграмы выконваліся на беларускай мове.

З павагай, Старшыня ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" А. Трусаў.



Грамадскае аб'яднанне

"Таварыства беларускай мовы

імя Францішка Скарыны"

Аб арганізацыі профільных змен у аздараўленчым лагеры

Міністэрства адукацыі па вашаму запыту аб арганізацыі профільнага лагера на беларускай мове паведамляе наступнае.

У апошні час у краіне актывізавалася праца па аздараўленні дзяцей у лагерах па профілю, напрамку дзейнасці. Лагеры па профілях, напрамках дзейнасці арганізуюцца пры рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, аб'яднання па інтарэсах у лагерах па профілях, напрамках дзейнасці з базавым узроўнем вывучэння адукацыйнай галіны, тэмы, вучэбнага прадмета або вучэбнай дысцыпліны распрацоўваюцца па аснове тыпавых праграм дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і зацвярджаюцца ва ўстаноўленым парадку кіраўніком выхаваўча-аздараўленчай установы.

Міністэрства адукацыі рэкамендавала ў 2015 годзе пашырыць пералік прапанавапых напрамкаў дзейнасці для профільных лагераў.

У сувязі з выкладзеным арганізатары лагераў маюць магчымасць рэалізоўваць разнастайныя праграмы дадатковай адукацыі ў профільных лагерах, у тым ліку і на беларускай мове.

Намеснік Міністра В.В. Якжык.


Досыць нам плакаць

Апавяданне

Як узнікае сяброўства, Ігар Бадановіч не ведаў і не задумваўся пра гэта. З Аляксеем Бялько і Аляксеем Дарашчэнем нават не думаецца пра сяброўства, а яно ёсць, з ураджэнцам той жа Вялікай Ігрушы Міколам Зылем яны толькі і робяць, што падкрэсліваюць зямляцтва і прыяцельства, а нават сапраўднай прыязні паміж імі мала.

З неземляком Канстанцінам Шубянком пражыў Бадановіч ў цеснаватым інстытуцкім інтэрнаце два з паловай гады. У мужчын асобныя пакоі, але агульная кухня і прыбіральня. За гэты час нехлямяжы Шубянок стаў як брат, з якім прыемна размаўляць, хадзіць у кіно, дамаўляцца пра ўзаемадапамогу, працаваць. З Шубянком лёгка маўчалася. У грубага шафёра было чыстае наіўнае сэрца, цярплівая праменістая душа.

I вось Шубянка не стала. Ігар Бадановіч гараваў па-сапраўднаму.

Тужыў не адзін Бадановіч. Страту Шубянка моцна перажывалі ў аўтапарку.

Не стала Кастуся Шубянка, Косціка, Касташа, Касцюка, Косці, Канстанціна, спакойнага працавітага шафёра, каторы нікому не чыніў наймалай крыўды, перад усімі ў парку - начальствам і неначальствам - вытанцоўваў, паддобрываўся, усіх хваліў: слесараў, механікаў, дыспетчараў. I гэтага безабароннага чалавека забілі. Страту паслухмянніка адчулі ўсе, востра.

Шубянок даўно працаваў у аўтапарку, увесь час на старых машынах. Так выходзіла. Зарабляў ён мала.

З-за паслужлівасці Шубянка, саступлівасці, нежадання і няўмення адстойваць уласныя інтарэсы ім спярша пагарджалі, не раз крыўдзілі, а потым, калі дыспетчарка Ванда Каспяровіч, разбітная смелая маладзічка, якая магла паехаць з любым таксістам у любы час па любым маршруце, разнесла навіну, што Шубянок, дарослы, пад сорак гадоў мужчына, вечарамі ў інтэрнаце часта на адзіноце плача, - потым яго перасталі чапаць. Проста не заўважалі. Зрэдку памагалі.

Калі хто з навічкоў або новых інжынераў спрабаваў ушчуваць за што-кольвечы Шубянка, людзі як бы нехаця заступаліся. Без патлумачванняў. Навічкі хутка разумелі неўладаваны лёс ціхмянца і самі ўжо баранілі Шубянка.

Ён хоць шмат працаваў, часта дапускаў брак: у яго болей за ўсіх было парушэнняў на лініях, яму часцей за іншых рабілі прасечкі ў талонах, на яго болей за ўсіх пісалі пасажыры скаргі, здаралася ён не выконваў план. Калі трэба было лопнуць алівапроваду ці шыне ў тэрміновым рэйсе, гэта таксама бывала ў Кастуся Шубянка. Самую простую справу мог паспяхова заблытаць. Яго часцяком пазбаўлялі поўнасцю ці часткова прагрэсіўкі, аб прэміі гаварыць не прыходзілася.

Аднойчы людзі (усе гавораць - жыццё) так дапяклі Шубянку, што ён шукаў працу ў іншым месцы. Знайшоў. Ціхую, спакойную, малааплатную - на "Масквічыку" ў навуковым інстытуце. Праз год запрасіўся назад. Інтэлігентныя малааплатныя людзі ў інстытуце глебазнаўства мелі болей турботаў, чым шафёры ў аўтапарку, з радасцю зрывалі дрэнны настрой на бязмоўным гарапашніку шафёры. Дырэктар аўтакамбіната Францішак Пігулеўскі ведаў, якое гора прымае назад у калектыў, пашкадаваў нездалэгу, прыняў.

- Я ўжо не на кватэры, у інстытуцкім інтэрнаце. Часова пакідаюць, - паведаміў Шубянок.

- Казалі, вас там не разумеюць. Ацанілі, не бойцеся, - заўважыў кадравік.

Прайшло колькі месяцаў. З літасці, не па заслугах Кастуся Шубянка перавялі на доўгачаканую новую "Волгу".

Працаваў ён, як і раней: што скажуць, зробіць, не болей. Зрываў таксама было не меней колішніны. То машыну не дагледзіць, і яго аштрафуюць, то замест чатырох пасажыраў павязе пяць, спозніцца па выкліку ў рэйс, праваліць план, то яшчэ што. Усе прывыклі да стылю працы павольніка. Калі трэба было з каго пажартаваць, кпілі з яго.

І раптам Касцюка Шубянка не стала. Два падпілыя маладыя баўбесы ўвечары папрасілі таксіста падскочыць недалёка за горад, не захацелі разлічвацца, усадзілі нажом у спіну, забралі дзённую выручку.

Шубянка знайшлі хутка. За Зялёным Лугам. Шафёр быў яшчэ жывы.

- Казаў ім, не рэжце мяне, хлопчыкі, не рэжце. Праўда, нікому не скажу, так аддам грошы. Не паслухалі... Не паверылі... - вышэптваў ён медыкам, браццям-таксістам, калі яго вымалі з новенькай, так мала эксплуатаванай "Волгі". - Перадайце Ігару, хай просіць кватэру. Даўно заслужыў.

- Якому Ігару?

- Сябру... Суседу майму, фанату справы. Усе даруйце мне.

Да бальніцы жывога не давезлі.

Гэта стаўся другі выпадак за весну. Месяц назад хуліганнё парэзала Антона Кануса. У аўтапарку сёння не было працы. Шафёры, слесары, механікі, дыспетчары абмяркоўвалі падзею:

- Колькі цярпець?

- Распаясаліся малакасосы. Душыць іх трэба. Расстрэльваць.

Рабочы клас аўтапарку да забойцаў аднёсся справядліва, па мерках саміх забойцаў. Парушыў ты волю Бога, асмеліўся патушыць чужую іскру, развеяць душу другога чалавека па ветры - заплаці раўнацэнна. Уласнаю душою і целам. Выпаўзе такі злачынец з турмы, усё роўна не стане прыстойным. Смерць забойцам Кастуся, смерць. Зніжка маладому, дурному, першы раз уквецанаму ў атруту забойства - турма максімальная. У ЗША смяротную кару адмянілі ў рэдкіх штатах, а Еўропе дабрадзеі амерыканцы прапаведуюць - адмяняйце паўсюдна.

Хто адважыўся пусціць кроў чалавечую другі раз - смерць, нават без суда. Усе злыбядзёнцы павінны зараней ведаць, на што ідуць. А то дойдзе, што мужык і жонка стануць разбірацца ў хаце і кватэры нажамі, сакерамі, не баяцьмуцца расплаты ўласным жыццём.

Увесь люд абавязаны памятаць святыя законы язычніцтва, Вялікага Княства Літоўскага: не пускай на вецер чалавечую кроў, бо забярэш не адно грахі забітага на сябе і род свой - самога сходу павесяць. З роду возьмуць вялікія штрафы на адплату стратаў сваякам табою забітага.

У кожным доўгавалосым пасажыры менскія шафёры бачылі грабежніка. На лініі пайшлі не ўсе машыны, працавалі напаўсілы.

У аўтапарку быў сход і на аўтакамбінаце. Выступалі з міліцыі. Прыводзілі лічбы змяншэння злачыннасці ў горадзе.

- Калі лопнула кола ў любога з вас. На дарозе. Што рабіць? Не вінаваціць усіх шафёраў, не кідаць усе машыны, - доказніўся падпалкоўнік Пісарчык, лысаваты, невысокі, упэўнены ў сабе. - Выйсце адно - прафілактыку, рамонт машынаў рабіць своечасова.

Затрыманых, паабяцаў, будуць судзіць выязным судом у клубе аўтакамбіната.

Усё гаварылася правільна і рабілася правільна. Няправільна было адно: ціхага бяскрыўднага Касташа Шубянка не стала сярод шафёраў.

Яшчэ большая горнасць агарнула людзей, калі даведаліся, што сярод братоў і сёстраў Шубянка адзін іх Кастусь, Касташ, Косця, Кастуська па-сапраўднаму памагаў старым бацькам на Брагіншчыне.

- Штовясны і восені наш меншанькі быў дома. Садзіў, гарадзіў, капаў, касіў, - вымаўлялі ўскрай труны старыя Шубянкі, Назар і Суклюта. Невымоўна журботныя ледзьве хадзілі. Рыдма рыдала Суклюта, чмыхаў, крывіўся Назар. - Адзін ад усіх дзяцей памоцна нам пасабляў.

Нездалэга Шубянок, хоць і выдаваў у аўтапарку сябе жанатым, не быў сямейным чалавекам. Не было дзяцей. Не жыў і ў грамадзянскім шлюбе. Ні дзяўчына, ні жанчына не прыйшла на хаўтуры. Акрамя саслужыўкаў.

Людзі ў доме культуры глядзелі на труну, надпісы вакол яе на беларускай мове, стаяла на ўзвышэнні, слухалі прычытанні старой маці, абедзвюх сясцёр, выстагны брата - і адварочваліся, хмурнелі. Заяскравіла ўсім адзінотнасць Шубянка. Ён тоўкся днямі ў парку, дапамагаў, часам бесталкова, каму мог, чым мог, бо не было дзе падзецца. Ні сям'і, ні сяброў, - суседа па пакоі Ігара Бадановіча сябрам аўтапаркаўцы не лічылі.

Дарэмна з'ехаў са сваёй Брагіншчыны, у вялікім Менску вясковец быў адзін, як на небе месяц. Гарэтнік сам цярпеў крыўды і абразы, усім прыслужваўся, не заслугоўваў ранняй смерці. Пасля яго нічога не застанецца на зямлі, адны ўспаміны таварышаў між сабою і ў сем'ях. Шафёры добра ведалі жыццё, многія прайшлі агонь і ваду, іх душы сціскала жальбота.

Ніхто не змаўляўся, аднак калі хаўтурная машына кранула ад дома культуры (на ёй не было каму ехаць, апрача бацькоў забітага, сясцёр, брата і Бадановіча, тэрмінова Пігулеўскі арганізаваў суправаджэнне), да яе пачалі прылучацца таксі. Вывальвалі з кожнай вуліцы і правулачка. Па адной, дзве, паўдзесяткам. Савецкія і замежнай вытворчасці.

Хто-ніхто з дырэкцыі аўтакамбіната заікнуўся пра сённяшні план, пасажыраў, маршруты, выклікі.

- Не перашкаджайце нам плакаць, - папрасіў Пігулеўскага Стась Гаціла, малодшы сярод таксістаў, несямейны і найболей смелы.

Хаўтурная машына каціла паволі, пятнаццаць кіламетраў у гадзіну, не болей. За ёю калонаю ў два рады таксі - зеленаватыя, блакітныя, шэрыя, жаўтавыя, сінія. Былі і не таксі - звычайныя легкавушкі работнікаў аўтаслужбаў. Машыны паволілі моўчкі, без сігналаў, днём з уключанымі фарамі. Шорхат шын, як на сухім пяску хвалі мора, нястомленага і ўвечары, пераднавальнічнага. Тармазне першая - хвалямі шорхат нясецца, торгае чуллівыя сэрцы, мружыць вочы. Штух-штухха - і засуровелы ўзбочны люд нямее.

Магчымасць была, але працэсію практычна не абганяла ні адна аўтамашына, ні адзін тралейбус. Сустрэчныя машыны і тралейбусы прысупыньваліся. Сігналілі. Абганяць пахавальную калону, нават пешую - самому лёгка паляцець у хаўтурную яму.

Таўсцеюць людскія шпалеры побліз тратуараў. Мужчыны, хлопцы, падлеткі без шапак.

На завароце бліз галоўпаштамта хуткі рашучы капітан міліцыі прапусціў хаўтурную, потым адважна ступіў у паток, падняў рукі, махнуў жазлом, валадарна загадаў калоне спыніцца. Адначасова рыпнула з паўтысячы тармазоў, хістануліся "Волгі" і "Масквічы", "Форды", "Мерседэсы", "Жыгулёнкі". Парушыўся іх строгі парадак.

Хаўтурная машына адышлася, збаяўшыся сіроцтва, сцішылася. Паўзла, пешыла.

Пярэднія таксі не прысупыніліся на валадарны капітанскі жэст. Застылыя вадзіцелі нават не паварочваліся ў бок разгубленага мілітошы. Коцяцца. Калектыўна, дружна, без патлумачванняў.

Капітан адышоўся да сваёй жоўтай машыны з сіняй мігалкаю, расшпільваў і зашпільваў гузік фрэнча. У сямі літарах слова "Міліцыя" на міліцэйскім аўто тры памылкі. Замест літары і стаіць цурка, палка, няма ўверсе кропкі. Ніхто ў свеце не дазваляе здзеквацца з свайго алфавіту, не абкарноўваюць ніводную літару, не знімаюць дыфтонгі. Беларусам можна - не заўважаюць. Замест вялікай М паставілі яе вышыню ўроўні з астатнімі літарамі. Усе вялікія, прапісныя, так у нас прынята. У беларускай міліцыі, многіх другіх менскіх канторках забылі ведамае школьнікам малодшых класаў: правапіс вялікай літары, малой. Прыцярпеламу да крыўдаў беларускай мовы ў назвах даішнаму капітану, як большасці міліцэйскіх начальнікаў у галоўным горадзе рэспублікі БССР, не да тонкасцяў лінгвістыкі.

З-за калоны таксі вынырнула другая міліцэйская машына. Сяржант, ён адзін у патрульнай, патлумачваецца капітану. Твар афіцэра хмурнее, застывае; як і цывільныя наўзбоч праспекту, капітан знімае фуражку. У вачах ні валадарнасці, ні збянтэжанасці - спачуванне.

Машыны з зялёнымі агеньчыкамі і ўключанымі сярод дня фарамі паўзлі на асноўнай магістралі Менска быццам жывыя, звязаныя адзіным парывам, адзіным пачуццём; у строгім парадку, нібы падуладныя адной істоце, зрэдзь дружна сігналілі.

Хаўтурная параўнялася з цыркам, а з-за галоўпаштамтаўскага павароту вынырвалі і вынырвалі новыя. Упакутненыя родзічы Кастуся Шубянка застыла хмурныя, давіўся слязьмі Ігар Бадановіч, разпоразу ўжурботнены цёр заплаканы твар. Ніколі ў жыцці ўбудзень не ўяўлялася такой доўгай аўтамабільнай працэсіі, не бачылася самотнага шматлюдства ўзбоч праспекта Францыска Скарыны.

- Не замінайце нам плакаць. - І другі выгалас: - Досы нам плакаць.

Гэта вымавілі, падавалася, не людзі, а любая са шматлікіх клеткаваных чашачкамі машын, легкавікоў суправаджэння. Жалезныя аўто ажылі, перажывалі гора разам з кіроўцамі. Пралетарская сяброўская салідарнасць людзей распаўсюдзілася на іх, металічных, здавалася, бяздушных, абыякавых, некранальных людскімі сабойчыкамі.

Увесь горад, дзясяткі тысяч воч, сотні тысяч воч бачылі хаўтуры па таксісту Кастусю Шубянку. Не ўсе ведалі, які ён быў чалавек і працаўнік, аднак усе пакланіліся пачуццю велічна-нябеснай адчайнай шафёрскай еднасці і мужчынскага светлага братэрства, якія мацней злучылі людзей у аўтамашынах у адну сям'ю, імпульсіўна з'ядналі ўзбочны люд, што прачытаў просценькія беларускамоўныя спачуванні вакол труны і на бартах аўто, у адзін калектыў, нацыянальны калектыў.

Смерць аднаго беларуса ўжыўляла многіх у беларускасць. Нязначны эпізод смерці непрыкметнага шафёра перарастаў у значную падзею, тую, якую назаўтра ў суседнім з цэнтральнаю гарадской магістраллю доме хуценька заабмяркоўваюць мысляры адзінай дазволенай у рэспубліцы і дзяржаве партыі. Вывад там зробяць выключны - столькі машын, натоўпы народу ўзбоч працэсіі і на кладах паўсталі з-за недацёпкасці ідэалагічнай службы горада.

Беларускамоўныя спачуванні забітаму кіроўцу Шубянку нельга было выстаўляць на полюддзе. Ці мала хто гаворыць па-беларуску дома і на працы, як гэты Шубянок, трэба партарганізацыям усё рэгуляваць, не пускаць на самацёк. Дастаткова было ўвідавочыць адзін-два беларускія хаўтурныя тэксты, навошта іх высвечваць на бартах; тым болей непатрэбныя прамовы па-беларуску на кладах. Бо тыя, ну, раскопвальнікі курапацкія, зразу ажывяцца. Дробную камнедапрацоўку стануць выкарыстоўваць у бэнээфаўскіх мэтах.

Не яснілася гарапашнаму патужніку Кастусю Шубянку, што няяркае шэрае яго існаванне ператворыцца ў іскрысты ўзнёс маланкі, адчайны раптоўны выказ духу народнага. Шматлікі натоўп зрабіў нечаканую выснову: колькі можна гнуцца, плакаць, баяцца - уголас і паміж сабою гаварыць стануць шафёры, усе супрацоўнікі першага менскага аўтапарку.

Хто іх бачыў, чуў выказы накалу жарсцяў - забыць не зможа ніколі.

..."Не буду прасіць кватэру, хай усё ідзе, як ідзе", - думаў Ігар Бадановіч усе гады, нават учора. Сёння, пасля перажытага ўздыму духу месцічаў на хаўтурах сябра, упершыню падумалася іначай. Хто Бадановіч такі ў няўмірным акіянскім сур'ёзным патоку? Малюсенькае нейтрына. Адыйдзе - за яго труною столькі людзей не ісціме, так не гаварыцьмуць. Не мае права кропля не выканаць волю ракі, запавет сябра, які перад смерцю, як усе нармальныя паміралыя, думаў пра галоўнае ў жыцці. Волю нябожчыка, як клятву, грэх парушыць. Святатацтва любой формы караецца.

- Выконвай наказ памерлага. Чаго вагаешся? - гыркнуў на засумнявалага Ігара Бадановіча праз тыдзень Аляксей Бялько.

Цераз месяц меўся быць суд над двума п'янымі імпульсіўнікамі. У Менску разгарэлася дыскусія. Не меншая за гарбачоўскія перабудоўныя палітычныя і эканамічныя рэформы. Аступененыя і неаступененыя шкадобнікі ўсяго жывога забылі пра дух чалавечы, яго нікому не дадзена самахоць перапыняць, за такое яшчэ большы грэх дарадчыку на злое і выканальніку злога. Бязглуздыя шкадобнікі граматна доказніліся пра адмену смяротнай кары, непрымяненні яе ў цывілізаваным грамадстве. Няхай адзін з забойцаў, Віця, быў у турме, за небяспечнае хуліганства (рэзаў чалавека), другі хлапец ніколі не быў на ўліку ў міліцыі, малады пустадомак і баўбес у дваццаць гадоў яшчэ не петрыў, што нельга біць, крушыць, ламаць, грэх паднімаць руку з нажом на чалавека, - няхай што хочаш, напіралі шкадобнікі, не асуджаць іх на смерць. Ніводнага з дваіх. Яны будуць карысныя грамадству.

Плынь лістоў хлынула ў арганізацыі, газеты, перабудоўныя Менск і Маскву.

"Маю дачку згвалцілі, цяпер яна псіхічна непаўнацэнная, а гвалтаўнікам давайце будзем спачуваць", - жаліцца адна жанчына.

Ёй уторыць другая:

"Кіроўца мужа забіў. Выпадкова, так атрымалася. Мужа майго не вернеш. Давайце будзем літаваць шафёра. Выправіцца, ён талковы, у яго дзеці. А што мае дзеці адныя, дык што ж, такая доля..."

"Хто другі раз на чалавека падняў нож ці сякеру, праліў кроў - пад кулю! Закон неба. Такога не перавыхаваеш, не запужаеш. Цяперашняга забойцу Віцю некалі пашкадавалі, мала далі, працавітага вала і паслухмяніка датэрмінова выпусцілі. Зараз Віцька не параніў - забіў. Шкадаваць зноў? З турагі такі выйдзе, трэці раз за нож ухваціцца", - трэція патрабавалі расстрэлу.

"Падвучальнікаў і забойцаў - у турму, сем'і іхныя - у Сібір, на высылку", - выніковілі наступныя.

Суда яшчэ не было, сталіца мяцежыла. Да ўстамбураных палітычнымі праблемамі жыхароў горада дадалася новая. Кіроўцы таксапарку пастанавілі: не пакараеце на ўсю катушку забойцаў Кастуся Шубянка, пакараем іх самі.

Горад бурліў. Чакаў. Крымінальная брыдота і п'янь прыціхлі. Пустадомныя дзяды і таткі годна не выхавалі дзяцей і ўнукаў, усэнсіць прычыны здаранага старыя ўжо не маглі, вінавацілі кагохочна, не сябе. ("Не да гэтага было нам. Мы працавалі. Хай вучыць падлеткаў школа, улада і міліцыя").

Ці надоўга перасталі плакаць жаночыя і мужчынскія беларускія вочы? Да якога развалу коціць СССР, калі сярод бела дня забіваюць фермераў і шафёраў, вымагаюць грошы ў прадпрымальнікаў, пенсіянераў? Ці доўга Феміда будзе шкадаваць тых, хто ні сябе ні другіх не шкадуе?

Чаканне заліло вуліцы горада і правулкі. У мностве сем'яў чулася: досыць нам плакаць, досыць пачувацца пасынкамі; даўно пара ўнезалежнівацца.

1990 г.

Валер Санько


Свята Незалежнасці ў Скідзелі

Ужо колькі год запар у Скідзелі праводзіцца свята нашай Незалежнасці, незалежнасці Беларусі.

Сёлета я прыехаў на гэтае свята і з вялікм задавальненнем цэлы дзень глядзеў, дзівіўся, плакаў, такое прыгожае свята.

Мяне вельмі абрадавала, што праграму вялі таленавітыя выпускнікі каледжа культуры Дар'я Барцюк і Андрэй Копаць. Прыгожая беларуская мова, эмацыянальна насычаная, пісьменная, вельмі добрая, дакладная па свайму зместу. Якую вялікую працу яны затрацілі, каб гэтую праграму падрыхтаваць! Гэта сапраўдныя артысты.

Але не толькі яны, а многія ўнеслі свой вялікі ўклад у гэтую праграму, у гэтае свята. Нельга назваць усіх - кіраўнікі раёна, работнікі культуры, дзеткі, школьнікі, якія ў канцэрце ўдзельнічалі, якія гэтую праграму прадстаўлялі. Усё было настолькі прадумана. І гучала мова беларуская і мова руская, і песні, асабілва таго часу, калі, я помню, была Перамога, тыя гады, сорак пяты год. Усё гэта мною перажыта, усё адчута. І тыя словы: "Ехал я из Берлина"… Гэта толькі падумаць, як чалавек, які дайшоў да Берліна, прапоўз па гэтай зямлі, змагаўся з ворагам, і цяпер ён ехаў дамоў. Якая гэта была радасць! І спадарожныя машыны, якая б машына ні ішла, брала гэтага чалавека, і ехаў ён да сваёй роднай вёсачкі, да сваёй сям'і, якая, можа, засталася, а, можа, і не засталася, да сваёй роднай зямлі, каб жыць тут, аднаўляць, працаваць. Выступленне мастацкіх калектываў было вельмі прадуманае. Паказалі ўсю гістрыю развіцця Беларусі: з даўніх часоў і па сёння, і асабліва была добра паказана гісторыя Вялікай Айчыннай вайны.

Я чакаў выступлення ансамбля танцу, музыкі і песні "Белыя росы".

Я некалі, многа год таму назад, здымаў відэафільм пра ансамбль "Белыя росы" , калі кіраўніком гэтага калектыву быў Яўген Штоп, які можа і цяпер жыве недзе там, на дачы, каля Парэч.

У той час я зняў гэты відэафільм і падарыў ім. Яны вельмі ўдзячныя былі мне. "Андрэй Андрэевіч, - гаварылі яны, - мы столькі ўбачылі, якія ў нас яшчэ ёсць памылкі, якія недахопы, вельмі вялікае "дзякуй" вам за гэты фільм".

І цяпер я чакаў сустрэцца зноў з гэтым калектывам. Я падышоў да іх і спытаў: "Як вы жывяце, "Белыя росы"? - "Жывём, выступаем". Вельмі парадавала іх выступленне.

Але асабліва я быў задаволены выступленнем нашага гарадзенца, рэкардсмена "Кнігі рэкордаў Гінеса" Кірыла Шымко.

Гэта гарадзенец, гэта яго нрадзіла наша беларуская зямля. Вельмі ўсе цікавіліся гэтым выступленнем. Ён паказаў, наколькі вялікія магчымасці чалавека, які затраціў столькі энергіі, столькі працы, столькі поту на тое, каб дабіцца такіх вялікіх вынікаў, вынікаў сілы і не толькі сілы, але і псіхікі, душы чалавека, здаровага ладу жыцця. Вельмі ён мне спадабаўся. І вось усё гэта дасягаецца вялікай працай, потам.

І калі рукі Кірыла пацелі, ён надзяваў рукавіцы, ён выціраў рукі гэтыя, а потым скінуў сваю кашулю, і людзі ахнулі, жанчыны асабліва, ад прыгажосці мужчынскага чалавечага цела, цела дакладнасці. І я таксама сфатаграфаў яго і, калі ўдасца, то я яшчэ зраблю фота, і можа, удасца дзе-небудзь апублікаваць, каб паглядзелі людзі, каб парадаваліся, што ў нас ёсць такі выдатны беларус.

Бог паслаў нам такі прыгожы дзянёк, такое сонейка, І я сядзеў і слухаў на гэтым сонцы, але ўсё было мне вельмі міла, вельмі добра. Сядзеў я, прыкрываў свае калені паперай з прагармай свята, якую даў мне старшыня Скідзельскага сельскага савета Сяргей Іванавіч, які прывёз мяне на гэтае свята.

А ў гэтым свяце я таксама хацеў прыняць удзел, як і многія людзі. Вельмі даўно, яшчэ з пяцідзесятых гадоў, я займаўся фатаграфіяй. Фатаграфія тады была чорна-белая. Каб зрабіць яе патрэбны былі праяўляльнік, замацавальнік, у аптэцы бралі гэтыя ўсе прэпараты. Не было электрычнасці, мы выкарыстоўвалі толькі энергію сонца.

А цяпер фатаграфія дасягнула такіх вышынь, што я раблю цяпер фатаграфіі гэтыя ў Галавацкай сярэдняй школе, каляровыя. Аляксей Бычэнка, гісторык гэтай школы, робіць мне гэтыя фатаграфіі. Вельмі прыгожы атрымаўся з іх стэнд.

І я хацеў, каб людзі паглядзелі і парадаваліся за іх, хацеў, каб прыняць удзел у гэтым свяце. І вось Сяргей Іванавіч прыехаў да мяне, узяў гэтыя стэнды. Сустрэў нас там Аляксандр Мікалаевіч, старшыня Скідзельскага гарвыканкама. "Андрэй Андрэевіч, стаўце, дзе хочаце", - сказаў ён.

І я паставіў іх калі дачкі нашай настаўніцы Шаткоўскай Ніны, дачка яе - Іра - вучаніца нашай школы, мастачка яна. Можа, хто паглядзеў, а можа хто і не паглядзеў, таму што праграма была настолькі насычанай, што можа і не хапіла людзям часу спыніцца каля гэтага стэнда, паглядзець.

Мяне вельмі кранула ўскладанне кветак скідзельскім камсамольцам-падпольшчыкам, якія аддалі сваё жыццё за нашу перамогу, за нашу незалежнасць. І тут удзельнічалі кіраўнікі раёна, кіраўнікі прадпрыемстваў - птушкафабрыкі, Гарадзенскай агародніннай фабрыкі, СВК Гарадзенскага раёна. Мне асабіста знаёмы старшыня Азёрскага СВК Аляксандр Мікалаевіч Шышко, іншых людзей я асабіста не ведаю, але іх было многа.

Ускладанне кветак адбылося не толькі героям-падпольшчыкам, але і ў парку ўсім чырвонаармейцам, салдатам вялікага Савецкага Саюза, якія перамаглі ў гэтай вайне.

Аддалі даніну памяці, даніну павагі. І гэта дзеля таго, каб мы ніколі не забывалі пра тое, што было, што перажыў наш беларускі народ, і народы ўсяго Савецкага Саюза, і народы ўсяго свету, таму што Другая Сусветная вайна была вельмі жорсткай, вельмі доўгай, вельмі цяжкай. Ніколі не забудзем яе.

Мне ўжо восемдзесят трэці год, ужо я трачу і зрок, і слых, і ўжо не ўзяў з сабою сваю відэакамеру, толькі фатаапарат узяў. І зняў яшчэ гэтага Кірыла нашага, і многае зняў яшчэ. Я бачыў, што гэтых фатаапаратаў вельмі многа, і людзі здымалі. Але я шкадую, што такое багацце нашай мастацкай культуры не будзе данесена праз наша тэлебачанне да гледачоў, і ў мяне таксама няма сілы ўжо, каб зрабіць сапраўдны фільм.

Праўда, я падышоў туды, дзе былі настаўлены відэакамеры. Усё здымалі, але калі сапраўдны кінааматар, то ён падыдзе, ён пакажа чалавечы твар, чалавечую ўсмешку, таму што твар чалавека, яго мова - гэта яго душа.

Ну, але відэакамеры былі настаўлены. Я падышоў і спытаў: "Вы здымаеце гэта?" - "Так, я здымаю, у мяне дыпломная работа". Але здымалася не па-майстэрску, і да таго ж, мы гэтага не ўбачым.

У Беларусі такіх выступленняў было вельмі многа, не толькі ў Скідзелі Гарадзенскага раёна.

Я радуюся, што наша Беларусь жыве, што так развіваецца культура, духоўнасць. І дай Бог, каб наша Беларусь квітнела і квітнела. Каб народ беларускі, які столькі перанёс, у якога была такая цяжкая гісторыя, пазнаў радасць нашай незалежнасці.

Андрэй Юшкевіч.


На раварах і з беларускай мовай

Першую краязнаўчую ровараэкскурсію па гістарычным цэнтры Магілёва, ды яшчэ з беларускамоўным экскурсаводам-краязнаўцам Алегам Дзьячковым, зладзілі магілёўская арганізацыя Таварыства беларускай мовы і кампанія "Вандруем разам" пры актыўнай падтрымцы лепшага магілёўскага роварапракату "Вазьмі пакатацца".

Удзельнікамі вандроўкі сталі каля 100 чалавек. Збор быў каля ратушы, затым наведалі Замкавую гару (Магілу льва), вал ракі Дубравенкі ля Брамнага завулка, Гандлёвую плошчу. Пачулі расповед пра першы мост Мікалая Ястрэмбскага, Школішча, касцёл Св. Антонія, Пакроўскую царкву XVII ст.

Затым каля ратушы адбыўся невялічкі экскурс у Магілёў магдэбургскі. Далей па вале Каніскага ўдзельнікі рушылі да Спаскага манастыра. Пасля - да Багаяўленскага манастыра, фарнага касцёла Св. Казіміра. На пешаходнай вуліцы Вялікай Садовай пачулі гісторыю ўзнікнення герба Магілёва 1661 года. Затым наведалі месца Езуіцкага калегіюма XVII ст., касцёла Св. Ксаверыя XVIII, Тэатральную плошчу, гасцініцу "Францыя", вуліцу Віленскую, Барысаглебскую царкву ХІХ ст. і Крыжаўзвіжанскую царкву XVII ст. Наступны прыпынак быў каля габрэйскай вучэльні пачатку ХХ ст., месца Быхаўскай брамы, праваслаўныя Успенскія могілкі, дзе пахаваны прадстаўнік дынастыі Валовічаў і вядомыя магілёўскія дзеячы ХІХ - пач. ХХ ст. Гартынскія. Потым на Заваллі дакрануліся і набраліся моцы ў самага старэйшага дрэва ў горадзе 300-гадовага дуба. І напрыканцы спыніліся на Пелагееўскім гарадзішчы, завяршылася вандроўка на брукаваным Менскім тракце каля гатэлю "Магілёў".

Паўдзельнічаць у незвычайным падарожжы ў прасторы і часе сабралася некалькі дзясяткаў роваарааматараў, у асноўным, што і не дзіўна, моладзь, такую колькасць цікаўных магілёўцаў паслухаць расповед пра гісторыю свайго горада не заўсёды збіраюць нават пешыя экскурсіі, не кажучы ўжо пра беларускамоўнасць імпрэзы. Парадавала таксама і тое, што большасць удзельнікаў упершыню далучылася да нашых краязнаўчых мерапрыемстваў, і, магчыма, нехта нават адкрыў для сябе новыя і цікавыя падрабязнасці з мінуўшчыны нашага слаўнага старажытнага горада. Будзем спадзявацца, што такія ровара-экскурсіі зробяцца традыцыйнымі, бо шмат яшчэ розных месцаў роднага краю можна аб'ехаць і паглядзець, дазнацца нечага невядомага з гісторыі, і ровар для гэтага - найлепшы сродак вандровак у прасторы, а захапляльныя расповеды такога дасведчанага краязнаўцы як Алег Дзьячкоў - у часе.

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.


ГІСТОРЫЯ Ў РАКУРСЕ "З БУЛЬБОЎНІКУ"

Асацыятыўная рэцэнзія

Так складваецца ў чалавечай цывілізацыі, што гісторыя асобнай краіны павінна стасавацца з дзяржаўнай ідэалогіяй, таму доля аб'ектыўнасці яе часцяком бывае непразрыстай. У больш жорсткія часы гісторыя "ствараецца", каб падмацаваць рэжым. Пры гэтым не толькі апускаецца шлагбаўм для непажаданых гістарычных прац, але і блакуюцца кірункі работы гісторыкаў (або нейтралізуюцца самі шукальнікі ісціны) і знішчаюцца дакументальныя першакрыніцы. Робіць сваю справу канфідэнцыяльнасць і сакрэтнасць дакументаў. Бадай, таму і гуляў падчас распаду СССР і адначасовага рассакрэчвання архіваў анекдот-афарызм "краіна з непрадказальным мінулым".

У савецкія часы гісторыя Беларусі (тады - БССР) пачыналася з канцэпцыі "Да рэвалюцыі Беларусь была адсталай ускраінай Расійскай імперыі". І - праз "лямпачку Ільіча" да развітога сацыялізму. Тым, хто цікавіўся дарэвалюцыйным мінулым, літаратура давала магчымасць пасмяяцца з "Пінскай шляхты" Дуніна-Марцінкевіча. А вось эпахальна-прыгодніцкая творчасць Караткевіча забівала ёмкі клін у цурбан тагачаснай фарматнай літаратуры, таму афіцыйная гістарычная прывязка адсутнічала. Перабудова "паглыбіла" беларускую гісторыю: яна цяпер пачыналася з таго, што сын ключніцы Уладзімір (Вальдэмар) Вялікі згвалтаваў полацкую княжну Рагнеду (Ранхільду) і забіў яе бацьку Рагвалода (Рэнгвальда).

Трохі пазней для ажыўлення нацыянальнай ідэі дзеячы Княства Літоўскага змянілі ролю прыхадняў-захопнікаў, якія падчыстую (хіба што рэшткі тапанімікі захаваліся) знішчылі сляды сваіх папярэднікаў, на гістарычнае амплуа мясцовых патрыётаў, якія калі і ўступалі ў хаўрус або клаліся пад пратэктарат, дык толькі для карысці краіны. А іх наступнікі - Сапегі, Радзівілы, Гаштольды, Гінтаўты - зрабіліся сваімі ў дошку хлопцамі, якія несупынна дбалі пра росквіт краіны і дабрабыт простага люду, а весяліліся ў маёнтках і палацах выключна ад радасці, што ўсё так гжэчна атрымліваецца.

Цяпер неўпрыкмет зацёрхваецца савецкі перыяд 1970-80-х - параўнанне не на карысць сучаснай хранічна хворай эканомікі з пастаяннай інфляцыяй і рэгулярнымі крызісамі невідавочнага паходжання. Тым не менш, у перакошанай сістэме каардынат айфон пераважыў атрыманне кватэры, ютуб - бясплатнае навучанне, магчымасць выстаўляць у фэйсбуку сэлфі - гарантаванае працаўладкаванне.

Прыцягальнасць гістарычнай навукі - у пошуках праўды, якой бы яна ні была. І ва ўсе часы былі падзвіжнікі, якія прыкладалі намаганні, каб расставіць усё на свае месцы. Дапытліваму і сумленнаму чалавеку прыкра глядзець на экран, у якім выбіта большая частка пікселяў, або на бязглуздую карціну, неахайна сабраную з рознатэмных пазлаў.

Удалай спробай разабрацца ў падзеях 75-гадовай даўніны з'яўляецца кніга маладога беларускага вучонага Анатоля Трафімчыка "1939 год і Беларусь: Забытая вайна", выдадзеная ў 2014 годзе ў выдавецтве А. М. Янушкевіча. Можа падацца, што гэта не тая даўніна, у якой магчыма кардынальна змяніць укаранёнае дзесяцігоддзямі ўяўленне. Ды, бадай, нават падзеі ўчарашняга дня будуць шматверсійнымі з-за расстаўлення ў розных крыніцах сваіх акцэнтаў, прымянення штампаў-клішэ, інтанацыйна-параўнальнага падання і няпэўнасці маштабаў. А празмернасць і няўстойлівасць інфармацыі - такі ж рызыкоўны фактар, як яе недахоп або фрагментарнасць.

Задача, якую паставіў перад сабой і паспяхова выканаў Анатоль Віктаравіч, пазначана на нахзацы (задніку вокладкі): "Паглядзець на пачатак Другой сусветнай вайны з рацыі беларускіх палітычных і нацыянальных інтарэсаў". Падобны ракурс прывёў аўтара да абгрунтаванай думкі "Другая сусветная вайна пачалася для Беларусі менавіта ў 1939 годзе, а не на два гады пазней пасля нападу Германіі на СССР". Калі і бачыцца ў гэтай выснове нейкая рэвалюцыйнасць, дык толькі ў параўнанні з гісторыяй СССР, якую вывучалі тры пакаленні беларусаў. Ды яшчэ, магчыма, у разуменні беларусамі вайны ў абавязковай повязі з традыцыйна высокай гібеллю насельніцтва. Трэба сказаць, што калі з архіваў здымаюцца грыфы, інфармацыя з дагэтуль невядомых дакументаў даволі хутка пранікае ў грамадства. Аднак на тое і тэрміны засакрэчвання, каб новыя факты цікавілі ў першую чаргу даследчыкаў. Асобы, якія спрычыніліся да іх стварэння або пэўным чынам зведалі іх дзеянне, зніклі ў плынях часу, ды і сам дзяржаўны лад змяніўся. Тым не менш заўсёды важна не толькі агучыць новае бачанне, але і зацвердзіць яго ў навукова-даследчых працах. Інакш яно завісае ў паветры адной фразай або абзацам, каб пры першым павеве растварыцца, як мроіва.

Пошук ісціны, жаданне прасвятліць незразумелыя пытанні або аспекты ідзе ад дзяцінства, калі Сусвет проста павінен быць справядліва і правільна ўладкаваным. Так і для ўраджэнца заходнебеларускай вескі Вялікія Круговічы Анатоля Трафімчыка адпраўнымі пунктамі з'явіліся чутыя ў дзяцінстве загадкавыя выразы "за польскім часам", "першыя саветы", за якімі не было ніякіх тлумачэнняў. Хіба толькі фальклорна-гумарыстычная ўзгадка, што "пры Польшчы дзверы каўбасой завязвалі".

Несумненна, апроч умення працаваць з архівамі, выслухоўваць папярэднікаў-спецыялістаў і раіцца з імі, для гісторыка даследчыка важнымі з'яўляюцца аналітычны розум, інтуіцыя і здольнасць абагульняць шматтэмны і разнамасны матэрыял, уласная незаангажаванасць да вынікаў.

Як і належыць сур'ёзнаму даследчыку, перад тым, як падысці да азначанай тэмы, Анатоль Трафімчык аналізуе папярэднія падзеі: ад заканчэння Першай сусветнай вайны і наступстваў рэвалюцый. І так-сама робіць гэта ў ракурсе ўплыву еўрапейскага і сусветнага раскладу на беларускую гісторыю - як непасрэднага, так і верагоднага, бо несумненна, што буфернасць нашай тэрыторыі асабліва задзейнічана падчас перадзелаў, інтрыг вялікіх дзяржаў і дзяржаў-суседзяў. Прычым, ацэньваюцца не толькі факталагічная або дакументальная кампаненты - яшчэ прасочваецца іх узаемаўплыў. Пры тым, што любыя падзеі і іх імавернасць у выніку праецыруюцца на нашу тэрыторыю, эмацыйныя ацэнкі гістарычных асоб, дзяржаў, дзеянняў і выказванняў адсутнічаюць - Анатоль Віктаравіч вытрымлівае нейтралітэт дзеля аб'ектыўнасці.

Трэба сказаць, што гісторыі войн пішуцца хоць і праз некаторы час пасля іх заканчэння, аднак даволі хутка. Таму правамернай уяўляецца некаторая карэкціроўка, асабліва калі да стварэння гісторыі ў тыя часы краіна не мела ніякага дачынення.

Несумненна, большая ўвага ў кнізе "1939 год і Беларусь: Забытая вайна" нададзена Заходняй Беларусі, бо менавіта гэтая частка была больш рухомай у кантэксце статусу і больш няўстойлівай у сацыяльна-псіхалагічнай адаптацыі насельніцтва. І, напэўна, у перыяд "верасень 1939 - чэрвень 1941" войны для Усходняй і Заходняй Беларусі былі рознымі - па першапачатковай дзяржаўнай прыналежнасці цягам апошніх дзесяцігоддзяў. І нават мяжа паміж імі пасля верасня 1939 года не стала ўмоўнай.

Хочацца паўтарыць, што для свядомасці беларусаў вайна - велізарныя чалавечыя і матэрыяльныя страты, змена (часам неаднаразовая) ўлады і пасляваенныя "калабарацыянісцкія разборкі". А такія "дробязі", як поўнае знішчэнне вертыкалі ўлады, эміграцыя, люстрацыя спецыялістаў, высылкі, прызывы ў дагэтуль варожую армію і нават расстрэлы "па падазрэнні ў нелаяльнасці" - звыклыя жыццёвыя калізіі. Пры ўсёй павазе да традыцыйнага нацыянальнага крэда справядлівай падаецца тэза, што гвалт - заўсёды гвалт. Незалежна ад сілы, накірунку і маштабу супраціву. А выжыванне беларуса падчас катаклізмаў, якія здараюцца на нашай тэрыторыі - у жартоўна-дзіцячым закліку "Хавайся ў бульбу!", што падчас міждзяржаўных перыпетый рэалізуецца партызанскімі або падпольнымі згуртаваннямі. Менавіта таму артыкул і мае назву, у якой больш болю і прыкрасці, чымсьці здзеку або гумару…

У Анатоля Трафімчыка аднак і да форм рэпрэсій агульначалавечы, а не нацыянальны падыход: даследчык разглядае іх ад фізічнага знішчэння і арышту да звальнення і навязвання ідэалогіі.

Кніга "1939 год і Беларусь: Забытая вайна" не загрувашчана спецыяльнай тэрміналогіяй. Аднак і не грашыць спрошчанасцю дзеля папулярызацыі. Устойлівыя аўтарскія прэферэнцыі некаторым словам і выразам кшталту "стасоўна" (адпаведна, у дачыненні), "шматкроць" (неаднаразова, часцяком), "комплекс чыннікаў" (збег абставін, супадзенне фактараў) даюць пэўны каларыт тэксту і працуюць на агульнае пазітыўнае ўражанне. Унутраны камертон дазволіў аўтару беспамылкова выбраць патрэбныя інтанацыі, пазбегнуць ментарства і не парушыць раўнавагу непрадузятасці. І адначасова Анатоль Трафімчык не выкладае патрэбныя яму аргументы, а паказвае абстаноўку ў цэлым і прапануе адсачыць заўважаныя ім тэндэнцыі і прыйсці да аналагічных высноў.

Такі адкрыты расклад робіць даследванне даступным не толькі для навукоўцаў, а і для аматараў гісторыі.

Не хацелася б спыняцца на падрабязных аспектах або прыводзіць асобныя цытаты: аб'ём кнігі "1939 год і Беларусь: Забытая вайна" не такі вялікі, каб канспектаваць яе ў рэцэнзіях, а наклад не такі і малы, каб не было магчымасці яе знайсці тым, хто мае цікавасць да ўласнай гісторыі.

Юрась Нераток.


З якога роду?

Пытаюць, з якога я роду.

З варагаў-нарманаў? Ды не.

Прасторы са снегу,

скалаў і лёду

Не вабілі змалку мяне.


Ці, мабыць,

маім гэта продкам

Нямілым стаў колісь свой край?

Ні разу, сябры,

за ўжо век некароткі

Не сніў я спякотны Сінай.


А мо, з Запарожскае Сечы,

Якая тут блізка ад нас? -

Не ўмею ні справа,

ні злева я секчы,

Не навучыў нават час.


Адкрыў бы хай праўду

хто тую,

Як запытаць у вякоў?

Аднак, скажу шчыра,

сам я мяркую,

Паходжу што з палешукоў.


Люблю гадаваць я скаціну,

Магу праз балоты ісці,

Умею не толькі

паставіць хаціну -

А многае што па жыцці.


Люблю спеў салоўкі у маі

І зорак мігценне ўначы.

У памяці: мама,

як плача, спявае,

Як мова усюды гучыць.


Умею маліцца я ўлева, управа,

Паклоны слаць Небу, Зямлі.

Чужое браць, ведаю -

дрэнная справа,

Так продкі вучылі, жылі.


Не раз мой род

зведваў напасці,

Праходзіў праз здзекі,

прымус.

Шукаў у змаганні

і верыў у шчасце, -

(Такі ўжо ты ёсць,

беларус.)


І ты, мілы, з іншага роду,

Прыжыўшыся тут на зямлі,

Законы, культуру

і мову народа

Прымі, паважай, палюбі…


Цяпер, у абноўленым свеце,

Сягаем да зорных вышынь.

…Малю:

Беларус, на гэтай планеце

Застанься навечна - не згінь!

Рыгор Ткач.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX