Вярнуцца: 2015

№ 29 (1232)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 29 (1232), 22 ліпеня 2015 г.


25 год назад, 27 ліпеня 1990 года, Вярхоўны савет тады яшчэ Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі прыняў "Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце". З 1991 па 1996 гг. 27 ліпеня было галоўным нацыянальным святам краіны.


Мсціслаўскі фэст з "Нашым словам"

18 - 19 ліпеня ў Мсціславе адбылося штогадовае свята сярэднявечнай культуры "Рыцарскі фэст". Больш за дваццаць пяць клубаў ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з Беларусі і Расіі сабраліся на Замкавай гары, каб прадэманстраваць сваё майстэрства ў турнірах ды іншых рыцарскіх забавах.

На фэсце асвяцілі праваслаўную капліцу ў гонар князя Расціслава Мсціславіча. У 1135 годзе ён заклаў Мсціслаў, назваўшы яго ў гонар свайго бацькі Мсціслава. Надпіс на памятнай шыльдзе зроблены на расейскай мове.

На ўрачыстасці адкрыцця фэсту прамовы гучалі таксама па-расейску. Па-беларуску выступіў толькі гісторык, дэпутат Савета Рэспублікі Ігар Марзалюк. Ён назваў Мсціслаў горадам-музеем і заклікаў дамагацца, каб гэты статус быў замацаваны за горадам афіцыйна.

- Вы прыехалі ў горад, які да сёння завецца горадам-музеем. Трэба зрабіць так, каб Мсціслаў стаў нацыянальным гістарычна-культурным запаведнікам. Ён гэтага заслугоўвае, - казаў на адкрыцці фэсту Ігар Марзалюк.

У "Горадзе майстроў" раздавалі мінакам газету Таварыства беларускай мовы "Наша слова".

Радыё Свабода .


Антону Шукелойцю - 100

Антон Антонавіч ШУКЕЛОЙЦЬ (Шукелойц) (нар. 19 ліпеня 1915, в. Якелеўшчына Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Ашмянскі раён Гарадзенскай вобл.) - беларускі грамадскі дзеяч у ЗША.

Нарадзіўся ў сялянскай сям'і Антона і Бенедыкты з Пецюкевічаў. Бацька меў гаспадарку і гандляваў лесам. Скончыўшы Жупранскую пачатковую школу, паступіў у Ашмянскую польскую гімназію. Скончыў аддзяленне славянскай філалогіі і этнаграфіі гуманістычнага факультэта Універсітэта Стэфана Баторыя (1939). Падчас студэнцтва працаваў ва ўніверсітэцкім этнаграфічным музеі, часта выязджаў для збору матэрыялаў у розныя мясціны Беларусі.

У юнацтве далучыўся да грамадскага руху, падчас вучобы ў Ашмянскай польскай гімназіі быў сябрам беларускага гуртка сацыялістычнай моладзі, якім кіраваў вядомы ашмянскі сацыялістычны дзеяч адвакат Аляксандр Барановіч. У Вільні далучыўся да групы студэнтаў, якая выдавала часопіс беларускай сацыялістычнай думкі "Золак", ідэалагічна набліжаны да эсэраў. Ва ўніверсітэце быў сябрам беларускіх студэнцкіх арганізацый: Беларускага студэнцкага саюза, Таварыства прыяцеляў беларусаведы (у апошнім быў старшынём). Спяваў у беларускім студэнцкім хоры пад кіраўніцтвам Рыгора Шырмы.

Па далучэнні Заходняй Беларусі да БССР у 1939 г. А. Шукелойць працаваў настаўнікам на Ашмяншчыне. Арганізаваў у Ашмянах першую беларускую сярэднюю школу, настаўніцкія курсы і каля 90 беларускіх школ на тэрыторыі былога Ашмянскага павета. Выкладаў беларускую мову ў гімназіі, дзе раней вучыўся сам. У 1940 г. стаў дэпутатам Ашмянскага гарадскога савета, загадчыкам гарадскога аддзела народнай асветы і школьным інспектарам-метадыстам Ашмянскага раёна.

23 чэрвеня 1941 арыштаваны органамі НКУС, вызваліўся з турмы ў выніку налёту нямецкай авіяцыі. Падчас нацысцкай акупацыі працаваў у аддзеле асветы і культуры Менскай гарадской управы, дзе ўпарадкоўваў архівы ЗАГСа, часткова знішчаныя ў выніку ваенных дзеянняў. Затым стаў загадчыкам Беларускага гістарычнага музея (потым Краязнаўчы музей). Пасля арганізацыі ў Менску Беларускага культурнага згуртавання А. Шукелойця прызначылі кіраўніком аддзела краязнаўства галоўнай управы. Урэшце быў школьным інспектарам пры аддзеле Беларускай цэнтральнай рады. З 1944 г. у Германіі.

Пасля вайны працаваў у сістэме адукацыі ў лагерах для перамешчаных асоб у Германіі. Спрабаваў адшукаць у Баварыі сляды вывезеных туды беларускіх музейных каштоўнасцей. У пачатку 1950-x гг. пераехаў у ЗША. Працаваў тавараведам пры Інстытуце вытворчасці моды, у краме вопраткі "Орбакг". Актыўны ўдзельнік жыцця беларускай дыяспары ў ЗША. Шматгадовы старшыня Беларуска-Амерыканскага задзіночання, сябар рэдакцыі газеты "Беларус", сябар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку.

Аўтар дзясяткаў артыкулаў, успамінаў, некралогаў апублікаваных у газетах "Бацькаўшчына" і "Беларус". Апублікаваны матэрыялы А. Шукелойця пра лёс музейных фондаў вывезеных у час Другой сусветнай вайны з Беларусі ў Германію і Аўстрыю.

Вікіпедыя.


На месцы Клецкай бітвы паставілі новы камень з выявай Міхала Глінскага

На месцы Клецкай бітвы з татарамі ў 1506 г. з'явіўся новы камень. Месца і раней было адзначанае, але дадалася выява князя Міхала Глінскага з сілуэтам сярэднявечнага Клецка.

Радыё Рацыя.



Старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Сп. М.С. Орда

220126, Мінск, пр. Пераможцаў, 21

СПРАВАЗДАЧА

На падставе дагавора дабрачыннай (спонсарскай) дапамогі, заключанага на падставе Пастановы выканкама Савета федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ад 25.06.2015 № 307, Грамадскае аб'яднанне "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" атрымала ад Федэрацыі Прафсаюзаў Беларусі грашовыя сродкі ў памеры 3600000 (тры мільёны шэцьсот тысяч) беларускіх рублёў.

У адпаведнасці з дагаворам грашовыя сродкі былі выкарыстаныя на падпіску шэрагу цэнтральных раённых бібліятэк краіны, музеяў, гімназій і школ горада Мінска, а таксама ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" на беларускамоўныя перыядычныя выданні Рэспублікі Беларусь. У дадатку № 1 да справаздачы абазначаны суб'екты падпіскі і грашовыя сумы.

Да справаздачы дадаюцца копіі плацёжных дакументаў на дзвюх старонках.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў.


Іспанка праз інтэрнэт вывучыла беларускую як родную і арганізавала курсы ва ўніверсітэце Гранады

Студэнтка Анхэла Эспіноса з Малагі ніколі не была ў Беларусі, вывучыла мову па падручніках у інтэрнэце і чакае выдання кнігі беларускіх вершаў "Раяль ля мора". А ва ўніверсітэце Гранады арганізавала курсы "Мова Нанова" для трох іспанскіх студэнтак.

Анхэла вядзе блог пад назвай "Іншаземка, якая піша па-беларуску".

Анхэла так вольна і правільна гаворыць па-беларуску, як не можа большасць выпускнікоў беларускіх школ. Гэтага яна дамаглася ўсяго за два апошнія гады.

- Пачала вывучаць самастойна ўдома з падручнікамі, з кнігамі, - распавядае яна. - Спачатку ўвогуле ні з кім не размаўляла. Што праўда, вельмі шмат чытала. Я вельмі ўсцешаная, што адносна добра атрымалася і што магу з вамі сёння размаўляць.

Беларускую мову Анхэла пачула ў 15 гадоў, калі трапіла ў ЗША, выйграўшы дзяржаўную стыпендыю.

- Паехала туды на месяц, там былі студэнты з розных краінаў. Я ўпершыню пачула славянскія мовы. Да свайго сораму цяпер, я не ведала, дзе беларуская мова, а дзе ўкраінская, - усміхаецца Анхэла. - Там я зацікавілася мовамі і потым падтрымлівала кантакт з гэтымі людзьмі. Паступіла на славянскую філалогію ва ўніверсітэт у Гранадзе. Вывучала першую мову расейскую і польскую як другую.

Па якіх дакладна падручніках удалося так выдатна засвоіць мову, Анхэла не згадае - карысталася ўсім, што было ў сеціве. Але асабліва дапамагала чытанне і размовы з беларускамоўнымі сябрамі ў сацыяльных сетках.

- Вядома, чытала класікаў: Купалу, канешне, Багдановіча, Цётку, Ларысу Геніюш, Баршчэўскага. Сучаснай літаратурай цікаўлюся, асабліва паэтамі. Амаль усё чытала Рыгора Барадуліна, - кажа Анхэла.

Цяпер у дзяўчыны вакацыі перад пераездам у Варшаву, дзе яна будзе вучыць беларускую філалогію ў магістратуры. Часу на чытанне і любімыя заняткі хапае.

- Я вельмі шмат чытаю. Мой тыповы дзень - гэта я чытаю, хаджу на пляж, потым яшчэ чытаю, нешта перакладаю, - распавядае Анхэла. - Цяпер чытаю і перакладаю на іспанскую мову апавяданні Міхася Стральцова.

Я пішу вершы з шасці гадоў

"Такая дзяўчына, як ты,

Павінная адназначна

заўжды ўсміхацца,

Бо грэх не карыстацца

прыгажосцю.

Чаго ты плачаш? Ну?"

Такія вершы піша Анхэла па-беларуску. А першыя вершы напісала ў шэсць гадоў. Публікуецца ў іспанскіх выданнях. Піша па-ангельску, па-французску і нават па-ўкраінску.

- Па-беларуску ўжо больш за год пішу. У мяне літаральна днямі выходзіць зборнік арыгінальных вершаў па-беларуску "Раяль ля мора" , - апавядае Анхэла. - У выдавецтве "Логвінаў". Я вельмі чакаю. Гэта мой першы зборнік беларускамоўных вершаў. Вершы, якія ў кнізе, я напісала ўжо ў мінулым годзе. Цяпер у мяне ўжо гатовы новы зборнік.

Пра нашу краіну Анхэла марыць ужо даўно і моцна спадзяецца, што калі ў верасні пераедзе ў магістратуру ў Варшаву, то трапіць адтуль да нас будзе лягчэй.

Пра тое, якая Беларусь, Анхэла шмат чытае, але ўяўляць сабе краіну сваёй мары не наважваецца, пакуль не пабачыць на свае вочы.

- Я ведаю, што Беларусь не такая, як у літаратуры. У мяне там добрыя сябры і знаёмыя, яны распавядаюць , - кажа яна. - Таму ў мяне ў галаве карціна, спадзяюся, не вельмі далёкая ад праўды. Прыехаць у Беларусь - гэта мара. Яшчэ не магу дакладна сказаць, як я яе ўяўляю. Я не вельмі хачу ўяўляць і ствараць у галаве карціну, пакуль я не пабачу. Каб паўнавартасна ўспрымаць як ёсць, калі нарэшце прыеду.

Іспанцы пра Беларусь ведаюць мала, - пацвярджае Анхэла.

- У Малазе гуляе футбаліст ваш Ягор Філіпенка, - смяецца яна. - Насамрэч практычна нічога не вядома. Часам бывае, што ёсць нейкая навіна пра Беларусь. Альбо пра спорт, альбо пра палітыку. Пра палітыку, на жаль, нічога добрага не кажуць. Пра спорт - па-рознаму. А так іспанцы не вельмі часта думаюць пра Беларусь. Гэта далёкая краіна, і іспанцы не вельмі маюць яе на ўвазе.

Вучыць ці не вучыць беларускую мову, размаўляць ці не размаўляць па-беларуску - такое пытанне дагэтуль стаіць перад самімі беларусамі. Але не перад Анхэлай.

- Беларуская мова мне шмат ужо ў чым дапамагла, - кажа дзяўчына-філолаг. - Дзякуючы ёй я разумею на шмат лепш іншыя славянскія мовы. Нават якія вывучала нефармальна. Гэта надзвычайна багатая мова. Вельмі цэнтральная мова сярод славянскіх. І дае магчымасьць вельмі добра зразумець славянскую лінгвістыку.

Як прыклад, Анхэла распавядае, што сёлета вучыла балгарскую, і з веданнем беларускай гэта далося ў разы лягчэй.

- Я нават арганізавала ў гэтым годзе курсы "Мова нанова" ў Гранадзе. Да мяне тры чалавекі хадзілі на заняткі, - шчыра хваліцца Анхэла. - Гэта годна для Іспаніі! Я вывучала славянскія мовы. У групе польскай мовы я была адна. У групе балгарскай мовы было два чалавекі - я і яшчэ адна студэнтка. У групе расейскай мовы - дзевяць. А ў мяне на беларускай - тры!

Менавіта Анхэлу мы папрасілі адказаць на пытанне, навошта вучыць беларускую мову.

- Я лічу, што трэба. Разумею, што прагматычна, напэўна, можна абысьціся. Але навошта? Я нават кажу не "навошта вучыць?", а "чаму НЕ вучыць?", - пытаецца Анхэла. - Гэта асноўная частка беларускай культуры, асноўная частка беларускай асобы. Я сама раней не ведала беларускую мову, але вельмі любіла Беларусь і беларускую культуру. А калі я атрымала прэмію "Беларусь у фокусе", паехала ў Варшаву, пазнаёмілася з беларускімі журналістамі і рознымі людзьмі, я зразумела адразу, што каб зразумець беларускую культуру, гісторыю Беларусі, зразумець, што адбываецца ў Беларусі, тэрмінова трэба ведаць беларускую мову. Я пачала вучыць, і для мяне гэта было відавочна. Для мяне гэта факт!

- Трэба дыхаць, таму што памрэш, калі не дыхаць. Трэба ведаць беларускую мову, калі хочаш жыць у беларускай культуры, - кажа іспанка Анхэла.

Аляксандра Дынько, Радыё Свабода


Прозвішчы Беларусі. Частка III. Найменні знакамітых людзей

(паводле беларускага друку)

Абламейка (Сяргей А.) - вытвор з фармантам -ейка ад антрапоніма Аблам і значэннем 'нашчадак названай асобы': Абламейка . ФП: аблам ('футра, шкура з ворсам') - Аблам (мянушка, затым прозвішча) - Абламейка .

Агінскі (Міхал Клеафас А.) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Агінава і значэннем 'нарадзінец, жыхар названага паселішча': Агінскі .

Ажэшка (Элаіза А.) - вытвор з фармантам -ка ад антрапоніма Ажэх і значэннем 'жонка названай асобы': Ажэш(х/ш)-ка . Польская пісьменніца з першасным дзявочым прозвішчам Паўлоўская . Падчас замужжа (прозвішча мужа Арэх ) набыла найменне Арэшка ( Арэхка ): у польскім гучанні Ажэшка (Orzeszko) . На помніку у г. Гродна першасна было напісана Elizа Orzeszko , потым змянілі: Elizіе Orzeszkowej .

Альхімовіч (Казімір А., Гіцыянт А.) - вытвор з фармантам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Альхім і значэннем 'нашчадак названай асобы': Альхімовіч . ФП: Ефимий (імя) - Альхім (народна-гутарков. форма яго) - Альхімавіч - Альхімовіч.

Аляксюк (Павел А.) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Алекс і значэннем 'нашчадак названай асобы': Алексюк . ФП: Аляксей (імя) - Алекса (народна-гутарковая форма яго) - Алекса (мянушка, затым прозвішча) - Алексюк - Аляксюк.

Амяльчук (Марына А.) - вытвор з суфіксам -ук/-чук ад антрапоніма Амялян/Амелька і значэннем 'нашчадак названай асобы': Амельчук/Амяльчук . ФП: Емяльян (імя) - Амяльян - Ам е лька - Амяльчук . Або: Ам е лія (жан. імя) - Ам е льчук - Амяльч у к .

Ананцэвіч (Ігнат А.) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Ананька і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ананьковіч - Ананц(к/ц)эвіч . ФП: Ананій (імя) - Ананька (нар.-гут. форма) - Ананькевіч - Ананцэвіч .

Арда (Вячаслаў А.) - семантычны вытвор ад апелятыва арда 'татарскае войска', 'саюз плямёнаў', 'дзяржава ў старажытных усходніх народаў' і інш.; рас. і ўкр. орд а < цюрк. оrdu 'лагер, стан войска, рэзідэнцыя хана'. (Этымалагічны слоўнік беларускай мовы. 1978. Т. 1. с. 146-147) .

Ардынская (Людміла А.) - вытвор з фармантам - ынская ад тапоніма Арда і значэннем 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Ардынская . ФП: арда (гл. вышэй) - Арда (мянушка) - Арда (про-звішча) - Ардын ('нашчадак арды , вытвор з суфіксам -ын- ) - Ардыны (тапонім з прозвішчам Ардын ) - Ардынская .

Арэхва (Мікалай А.) - гутарковая форма ад канан. Арефа набыла ролю прозвішча.

Асіпчук (Марына А.) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -чук ад антрапоніма Восіп (Асіп) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Восіпчук - Асіпчук . ФП: Восіп (імя сучаснае нарматыўнае) - Восіпчук - Асіпчук .

Багамаз (Ірына Б.) - семантычны вытвор ад апелятыва багамаз (разм., састар.) 'іканапісец'.

Багамазава (Ірына Б.) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Багамаз і значэннем 'нашчадак названай асобы': Багамазава .

Багун (Іван Б.) - семантычны вытвор ад апелятыва баг у н 'балотная вечназялёная расліна сямейства верасовых з рэзкім адурманьваным пахам'.

Бартосік (Іван Б.) - вытвор з суфіксам -ік ад антрапоніма Бартос і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бартосік . ФП: Бартломей (катал. імя) - Бартос (народна-гут. форма яго) - Бартос (мянушка, затым прозвішча) - Бартосік .

Басюк (Іван Б.) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Бас і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бас-юк . ФП: бас (апелятыў з значэннем 'самы нізкі мужчынскі голас', а таксама 'спявак з такім голасам', 'духавы або струнны інструмент нізкага рэгістра') - Бас (мянушка, затым прозвішча) - Басюк .

Бахматовіч ( Казімір Б.) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -овіч ад антрапоніма Бахмат і значэннем 'нашчадак названай асобы': Бахматовіч. ФП: бахмат ('татарскі маларослы конь') - Бахмат (мянушка, затым прозвішча) - Бахматовіч .

Баяровіч ( Мар'ян Б.) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -овіч ад антрапоніма Баяр і значэннем 'нашчадак названай асобы': Баяровіч . ФП: баярын/баяр ('буйны землеўладальнік, які належыў да вышэйшых слаёў грамадства') - Баяр (мянушка, затым прозвішча) - Баяровіч .

Бібіла (Юлія Б., Валянцін Б.) - семантычны вытвор ад апелятыва бібіла 'той, хто бібікае (бі-бі-бі) - сігналіць на машыне'.

Валадось ( Аркадзь В.) - народна-гутарковая форма (з фіналлю -ось/-сь ) ад Валадзімір набыла ролю прозвішча.

Валан (Андрэй В.) - семантычны вытвор ад апелятыва валан 'прышыўная палоска лёгкай тканіны ў выглядзе фальбоны або брыжоў на сукенцы, бялізне', а таксама 'спецыяльны шарык у бадмінтоне'. Або вытвор ад валаць 'зваць, клікаць': Валан 'той, хто кліча, заклікае'.

Валынчык (Ігар В.) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Валынка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Валынч(к/ч)-ык . ФП: валынка ('духавы народны музычны інструмент, зроблены з трубак, устаўленых у скураны мяшок; дуда') - Валынка (мянушка) - Валынка (прозвішча) - Валынчык . Або: пераробленае ад апелятыва валыншчык ('музыкант, які іграе на валынцы') з заменай суфікса -шчык на -чык для адмежавання ад апелятыва.

Вар а ва (Уладзімір В.) - магчымы варыянт ад даўнейшага імя Варнава (М. Бірыла), бытуе і сярод украінцаў.

Варатнікова (Аксана В.) - форма прыметніка з фармантам -ова ад антрапоніма Варатнік і значэннем 'нашчадак названай асобы': Варатнік-ова . ФП: варатнік (старабе-лар. воротник 'брамнік'; ворот(ы)-ник ) - Варатнік (мянушка, затым прозвішча) - Варатнікова .

Вараціла ( Міхаіл В.) - семантычны вытвор ад апелятыва вараціла 'чалавек, які варочае вялікімі справамі', 'дзялок'.

Варашыльскі (Віктар В.) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Варашылы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Варашыльскі . ФП: рас. ворошило ('хто варушыць, чапае тое, да чаго ён не мае справы') - Варашыла (мянушка, затым прозвішча) - Варашылы (тапонім з прозвішчамі Варашыла ) - Варашыльскі .

Васько (Уладзімір В.) - размоўная форма Васька (кананічнае ад Васіль ) набыла ролю прозвішча (шляхам акцэнтавання фінальнага галоснага а-о ) - Васька-Васько .

Васюк (Генадзь В.) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніка Вася (Вась) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Вас-юк . ФП: Васіль - Вася/Вась - Васюк.

Вашкевіч (Алякандр В.) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам -евіч ад антрапоніма Вашко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Вашкевіч . ФП: Іван (імя) - Іваш - Вашко - Вашкевіч.

Вашко (Лявон В.) - народна-гутарковая форма ад Іван (гл. Вашкевіч ) набыла ролю прозвішча.

Венгрыновіч (Валерый В.) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма В е нгрын і значэннем 'нашчадак названай асобы': Венгрыновіч . Утваральнае слова - семантычны вытвор ад венгрын (мн. венгры ) 'народ, які складае асноўнае насельніцтва Венгрыі' (з суфіксам адзінкавасці -ын ( венгрын ). Або ад апелятыва венгрын ('той, хто кастрыруе самцоў жывёл. - Слоўнік народнай мовы Зельвеншчыны ).

Вербава (Хрысціна В.) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Вярба/Верба і значэннем 'нашчадак названай асобы': Верб-ава . ФП: вярба ('дрэвавая і кустовая расліна сямейства вярбовых з разложыстымі гнуткімі галінамі і вузкім лісцем') - Вярба (мянушка, затым прозвішча) - Вербава .

Вільчко (Яўген В.) - вытвор з фармантам -ко ад антрапоніма Вільк і значэннем 'нашчадак названай асобы': Вільч (к/ч)-ко . ФП: вільк (польск. wilk 'воўк') - Вільк (мянушка, затым прозвішча) - Вільчко .

Г а він (Тадэвуш Г.) - вытвор з суфіксам -ін ад антрапоніма Гава і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гавін . ФП: г а ва (укр. 'варона', польск. gawa 'казка') - Гава (мянушка, затым прозвішча) - Гавін .

Гагалінскі (Андрэй) - адтапанімічнае ўтварэнне з фармантам -інскі ад Гогалі і семантыкай 'народзінец ці жыхар названай мясцовасці, паселішча': Гагалінскі . ФП: гогаль ('вадаплаўная птушка падсямейства качыных') - Гогаль (мянушка, затым прозвішча) - Гогалі (пасяленне) - Гагалінскі .

Гарбаценка (Ніна Г.) - вытвор з фармантам -енка ад антрапоніма Гарбаты і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гарбац (т/ц)-енка . ФП: гарбаты ('які мае горб - ненармальную пукатасць на спіне або на грудзях чалавека') - Гарбаты (мянушка) - Гарбаты (прозвішча) - Гарбаценка .

Гасціловіч (Іван Г.) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Гасціла і значэннем 'нашчадак названай асобы': Гасціловіч . ФП: гасціць ('жыць у каго-небудзь на становішчы госця') - гасціла ('той, хто госціць, гасцюе ' фармант -іла ) - Гасціла (мянушка, затым прозвішча) - Гасц і лавіч - Гасціловіч .

Гільдзюк (Юры Г.) - семантычны вытвор ад апелятыва гільдзюк 'сябра гільдыі , аб'яднання купцоў або рамеснікаў' (у сярэдневяковай Еўропе < ням. Qilde 'аб'яднанне').

Глякоўскі (Станіслаў Г.) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Глякі і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Глякоўскі . Або як шляхетная форма ад Гляк - Глякоўскі .

Граблеўскі (Станіслаў Г.) - вытвор з фармантам -еўскі ад тапоніма Граблі/Грэбля і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Граблеўскі . Або ад Граблева - Граблеўскі .

Гр у шнік (Фёдар Г.) - семантычны вытвор ад апелятыва гр у шнік 'зараснік груш ', а таксама 'аматар груш ' ( грушнік ).

Грушэўская (Жана Г.) - вытвор з фармантам -эўская ад тапоніма Груша / Грушаўка і значэннем 'жыхар, народзінец названай мясцовасці, паселішча': Грушэўская . ФП: груша ('фруктовае дрэва сямейства ружакветных з сакавітымі пладамі ў форме акругленага конуса, а таксама плод гэтага дрэва') - Груша (мянушка, затым прозвішча) - Грушы ('паселішча, дзе жывуць асобы з прозвішчам Груша ') - Грушэўская . Або ад Грушаўка ('мясціна з грушавым садам') - Гр у шаўская - Грушэўская (з адценнем шляхетнасці).

Грынявіцкі (Ігнат Г.) - вытвор з фармантам -цкі (-скі) ад тапоніма Грынявічы/Грыневічы і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Грынявіц(ч\ц)-кі . ФП: Грынь (ад канан. імя Грыгорый ) - Грыневіч (бацькайменне) - Грыневічы (тапонім з прозвішчамі Грыневіч ) - Грынявіцкі .

Даўжэнка (Андрэй Д.) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Доўгі і значэннем 'нашчадак названай асобы': Даўж-(г/ж)-энка . ФП: доўгі ('працяглы ў часе, прасторы', а таксама 'высокі, тонкі' (пра чалавека) - Доўгі (мянушка, затым прозвішча) Даўжэнка .

Дзіўніч (Уладзімір Дз.) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Дзіўны і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дзіўн-іч . ФП: дзіва ('тое, што выклікала здзіўленне, цуд') - дзіўны ('з уласцівасцямі дзіва ') - Дзіўны ('мянушка чалавека з незвычайнымі схільнасцямі, звычкамі, поглядамі, арыгінал') - Дзіўны (прозвішча) - Дзіўніч .

Дзягц я р (Маргарыта Дз.) - семантычны вытвор ад апелятыва дзягцяр 'той, хто гоніць або прадае дзёгаць ' ( дзёгаць - дзягця-яр ).

Дзяйкун (Ларыса Дз.) - семантычны вытвор ад апелятыва дзяйкун - (утварэння з суфіксам -ун ад дзейкаць 'пускаць плёткі, абгаворваць') 'пляткар', 'абгаворнік'.

Дзямкоўскі (Здзіслаў Дз.) - вытвор з фармантам - оўскі ад тапоніма Дз е мкі/Дзямкі і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Дз е мкаўскі/Дзямкоўскі. ФП: Дзямян (імя) - Дзямко (нар.-гут. імя) - Дзямкі (тапонім) - Дзямкоўскі .

Дзятко (Дзмітрый Дз.) - семантычны вытвор ад апелятыва дзятко (польск. dzietko 'дзетка, дзіця') або ад дзетка (разм.) 'дзіця' (звычайна ў звароце). ФП: дзіця - дзетка - Дзетка (мянушка) - Дз е тка (прозвішча) - Дзятко (для адмежавання ад апелятыва).

Драпко (Аляксей Д.) - семантычны вытвор ад апелятыва драпко 'той, хто драпаецца , дзярэцца'.

Дробышава (Наталля Д.) - вытвор з фармантам -ава ад антрапоніма Дробыш і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дробышава . ФП: дробыш ('барабаншчык': Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі. Мінск, 2013) - Дробыш (мянушка, за-тым прозвішча) - Дробышава .

Дудараў (Уладзіслаў Д.) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -аў ад антрапоніма Дудар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Дудар-аў . ФП: дуда ('народны духавы музычны інструмент з дзвюх і больш трубак, устаўленых у скураны мяшок або пухір, які надзімаецца праз трубку; вылынка') - дудар ('музыкант, які іграе на дудзе') - Дудар (мянушка) - Дудар (прозвішча) - Дудараў .

Еўтуш э нка (Яўгеній Е.) - вытвор з фармантам -энка ад антрапоніма Еўтух і значэннем 'нашчадак названай асобы': Еўтуш (х/ш)-энка . ФП: Евти-хий (імя) - Еўтух - Еўтушэнка.

Жадобін (Леанід Ж.) - прыметнік з прыналежным суфіксам -ін ад Жадоба і значэннем 'нашчадак названай асобы': Жадобін . ФП: жадаць ('прагна хацець') - жадоба ('прагнасць') - Жадоба (мянушка) - Жадоба (прозвішча) - Жадобін .

Журавенкін (Аляксандр Ж.) - прыметнікавая форма з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Жура-венка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Журавенк-ін . ФП: жураў ('тое, што і журавель') - Жураў (мянушка) - Жураў (прозвішча) - Журавенка (вытвор з фармантам -енка і значэннем 'нашчадак названай асобы') - Журавенкін .

Кабылковіч (Святлана К) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Кабылка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кабылковіч . ФП: кабылка (пам.-ласк. ад кабыла 'самка каня', а таксама 'дэталь у кроснах', 'дэталь у струнных інструментах', 'грыб таўстуха'). Кабылка (мянушка, затым прозвішча) - Кабылковіч .

Кавалеўскі (Іван К.) - вытвор фармантам -еўскі ад тапоніма Кавалі і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Кавалеўскі . Або як шляхетная форма з фармантам -еўскі ад антрапоніма Каваль (Коваль) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кавалеўскі . У католікаў - і прэстыжная форма Кав а льскі (з фармантам -скі : Коваль - Ковальскі ).

Кажадуб (Іван К.) - семантычны вытвор ад апелятыва кажадуб 'той, хто дубіў скуру ( кожу ) пры яе вырабе', утварэнне ад кожа і дубіць ( кожадуб ); параўнаем з кажамяка 'майстар, які вырабляе сырамятныя скуры'.

Казько (Віктар К.) - народна-гутарковая форма з фармантым -ко ад кананічнага Казімір ( К а зё - К а зя - К а зька - Казьк о ) набыла функцыю прозвішча.

Казякоўскі (Ігар К.) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Казякі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Казякоўскі . ФП: казяк і ('агульная назва грыбоў' - Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны) - Каз я к (мянушка, затым прозвішча) - Казяк і (тапонім-паселішча з прозвішчам Каз я к ) - Казякоўскі .

Каладзей (Ягор К.) - семантычны вытвор ад апелятыва каладзей 'калеснік' ( кола дзяць - 'рабіць калёсы ( колы )').

(Працяг у наст. нумары.)

Павел Сцяцко


Як беларусізаваць рэальны сектар эканомікі?

Змагаючыся за беларускую мову ў сферы адукацыі і культуры беларуская грамадскасць у апошнія гады вельмі мала ўвагі ўдзяляе сітуацыі з беларускай мовай у рэальнай сферы эканомікі. Эпізадычная праца з банкамі дала пэўны плён, некаторыя прадпрыемствы самі ўжываюць беларускую мову ў рэкламе і маркіроўцы прадукцыі, але гэта абсалютная меншасць. Старшыня Лідскай арганізацыі ТБМ Лявон Анацка звярнуўся па пытанні ўжывання беларускай мовы на шэраг лідскіх прадпрыемстваў і атрымаўт адказы.


гр-ну Анацка Леаніду Яўгенавічу,

вул. Хімгарадок, д. 3, кв.7,

231300, г. Ліда

Паважаны Леанід Яўгенавіч!

На Вашу прапанову ад 30 чэрвеня 2015 г., унесенную ў кнігу заўваг і прапаноў ААТ "Лідаграпраммаш" адказваем, што рэкламныя праспекты на прадукцыю, якую вырабляе наша таварыства, складзены на рускай і англійскай мовах. Гэта на дадзены момант адпавядае патрэбам рынку прадаж сельскагаспадарчай тэхнікі, амаль 70 працэнтаў якой рэалізуецца на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, краін блізкага і дальняга замежжа.

Згодна з гэтымі абставінамі і з вымогамі стандарту СТБ 180 9001 маркіраванне прадукцыі і запасных частак да яе праводзіцца таксама на рускай і замежнай мовах.

Кіраўніцтва ўважліва вывучыць Вашу прапанову аб пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў рэкламаванні і маркіраванні прадукцыі таварыства і прыме меры па яе выкарыстанні з улікам маркетынгавых даследаванняў. рынкаў збыту і эканамічнай эфектыўнасці для нашага таварыства.

З павагай

Дырэктар ААТ Ч.М. Якубашка.


Анацка Леаніду Яўгенавічу

вул. Хімгарадок д, 3, кв.7,

г. Ліда, 231300

Паважаны Леанід Яўгенавіч!

Па сутнасці звароту, занесеннага Вамі 30 чэрвеня 2015 года ў кнігу заўваг і прапаноў Лідскіх электрычных сетак, растлумачваю наступнае:

У адпаведнасці з артыкулам 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца беларуская і руская мовы.

Ужыванне як беларускай, так і рускай моў у філіяле арганізавана згодна патрабаванняў нарматыўных дакументаў Рэспублікі Беларусь.

Усе кіраўнікі, іншыя работнікі прадпрыемства валодаюць беларускай мовай у аб'ёме, неабходным для выканання імі сваіх службовых абавязкаў.

Звароты, якія падаюцца грамадзянамі на беларускай мове прымаюцца і разглядаюцца ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. Адказы на звароты афармляюцца на мове звароту. Тэксты на пячатках, штампах, фармулярах, афіцыйных бланках выконваюцца як на беларускай, так і на рускай мовах.

Што датычыцца тэхнічнай дакументацыі (інструкцый, палажэнняў і інш.), то большасць з іх, на жаль, рыхтуецца на рускай мове, што ўвогуле не супярэчыць патрабаванням Закона Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 года "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь" (з улікам змяненняў і дапаўненняў ад 13.07.1998 N187-3, ад 22.12.2005 N76-3, ад 10.05.2007 N225-3, ад 09.11.2009 N51-3, ад 16.11.2010 N190-3, ад 03.07.2011 N278-3, ад 10.07.2012 N426-3, ад 03.01.2013 N15-3). Аднак, пры наяўнасці такой магчымасці, філіялам набываюцца выданні нарматыўных дакументаў, апублікаваныя на беларускай мове.

Прынятае па сутнасці звароту рашэнне Вы можате абскардзіць у нашу вышэйстаячую арганізацыю Гродзенскае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства электраэнергетыкі "Гроднаэнерга", якое знаходзіцца ў г. Гродна, пр- кт Касманаўтаў, д. 64. генеральны дырэктар: Шацернік Уладзімір Уладзіміравіч. Тэлефон для запісу на асабісты прыём (80152) 79-23-59.

Дырэктар Лідскіх ЭС В.С. Жук.


Анацка Л.Я.,

вул. Хімгарадок, д. 3, кв.7,

231300, г. Ліда

Аб рэкламаванні і маркіраванні прадукцыі

Паважаны Леанід Яўгенавіч!

На Ваш зварот ад 30 чэрвеня 2015 г. паведамляем наступнае.

У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб рэкламе" на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь рэклама распаўсюджваецца на беларускай альбо рускай мовах. У сваю чаргу Законам Рэспублікі Беларусь "Аб ахове правоў спажыўцоў" прадугледжана, што інфармацыя аб таварах даводзіцца да ведама спажыўца на беларускай альбо рускай мовах. Такім чынам, у дзеяннях ААТ "Лакафарба", г. Ліда пры рэкламаванні і маркіраванні прадукцыі прадпрыемства на рускай мове адсутнічаюць парушэнні дзеючага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Што датычыцца выкарыстання беларускай мовы у далейшым, то даннае пытанне можа быць разгледжана у будучым, аднак на дадзены момант важкіх падстаў для змянення існуючага парадку ў рэкламаванні і маркіраванні прадукцыі прадпрыемства няма.

Дырэктар А.В. Сойка.


Анацка Л.Я.,

вул. Хімгарадок, д. 3, кв. 7,

231300, г. Ліда

Паважаны Леанід Яўгенавіч!

Цэнтр банкаўскіх паслуг № 228 ААТ "Белінвестбанк" г. Ліда (далей - Банк) разгледзеў Ваш зварот, які быў зарэгістраваны за № А-6 ад 30 чэрвеня 2015 года ў кнізе заўваг і прапаноў, і па сутнасці выказаных Вамі пытанняў паведамляем наступнае.

У перыяд з верасня 2009 года па цяперашні час Вы з'яўляецеся кліентам нашага Банка як трымальнік банкаўскай плацёжнай карткі і размяшчаеце часова свабодныя грашовыя сродкі ва ўклад (дэпазіт), у сувязі з чым, выказваем Вам падзяку за аказаны давер, працяглае і неперарыўнае супрацоўніцтва.

На жаль, вымушаны канстатаваць, што на дадзены момант не прадстаўляецца магчымым здзяйсняць набор супрацоўнікаў, якія ў дасканаласці валодаюць беларускай мовай.

На самай справе, згодна з законам Рэспублікі Беларусь ад 26 студзеня 1990 N 3094-ХІ "Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь": "Рэспубліка Беларусь забяспечвае ўсебаковае развіццё і функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Грамадзяне маюць права карыстацца нацыянальнай мовай і выбіраць мову зносін." Паколькі ні ў адным нарматыўна-прававым акце Рэспублікі Беларусь не пазначана, што ў банкаўскай сферы абслугоўванне кліентаў павінна ажыццяўляцца на беларускай мове, то ААТ "Белінвестбанк" выбраў іншую дзяржаўную мову - рускую - мовай зносін з кліентамі.

Па пытанні выкарыстання на плацёжнай картцы імя і прозвішча трымальніка на беларускай мове інфармуем наступнае: у планах развіцця ААТ "Белінвестбанк" у плацёжнай сістэме БЕЛКАРТ прыдуглежваецца поўны пераход на мікрапрацэсарныя кобэйджавые карткі БЕЛКАРТ-Маеstrо па меры вычэрпвання наяўных нарыхтовак картак БЕЛКАРТ-СТАНДАРТ з магнітнай паласой. Такім чынам, улічваючы спецыфіку ко-бэйджавага прадукту БЕЛКАРТ-Маеstrо і правілы міжнароднай аплатнай сістэмы МаsterСаrd Іntеrnаtіоnаl, друк імя і прозвішча трымальнікаў на іх будзе ажыццяўляцца на англійскай мове.

Звяртаем Вашу ўвагу на тое, што ў цяперашні час у абсталяванні ААТ "Белінвестбанк", а менавіта банкаматах, інфакіёсках кліенту прапаноўваецца для ўводу інфармацыі на выбар тры мовы: руская, беларуская і англійская. Выбраўшы самастойна зручную для Вас мову ўводу інфармацыі, Вы зможаце атрымаць выпіску, здзейсніць плацёж на выбранай мове.

На маніторах абсталявання размяшчаецца інфармацыя і рэклама на дзвюх мовах.

Выказаныя Вамі пажаданні перасланы ў Дэпартамент работы з насельніцтвам і ў КартЦэнтр.

Выказваем падзяку за праяўленую ўвагу да якасці абслугоўвання ў ААТ "Белінвестбанк" і спадзяёмся на далейшае плённае супрацоўніцтва. А таксама, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, даводзім да ведама, што адказ на зварот можа быць абскарджаны ў судзе ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.

З павагай

Начальнік цэнтра Д.С. Власаў.


Гр. Анацка Л.Я.

Г. Ліда, вул. Хімгарадок, 3-7

Паважаны Леанід Яўгенавіч!

ВУ "Лідаміжрайгаз" разгледжана Ваша заява ад 30.06.2015 г., у сувязі з чым тлумачым наступнае.

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.11.2007 г. № 1539 "Аб зацвярджэнні Правіл карыстання газам у быце" зацверджана на рускай мове форма дагавора на газазабеспячэнне, тэхнічнае абслугоуванне газавага абсталявання і унутрыдамавых сістэм газазабеспячэння і форма тэхнічнага пашпарта на газіфікаваны аб'ект. Унясенне змяненняў у дадзеныя формы ці пераклад іх на беларускую мову не з'яўляецца магчымым, бо не ўваходзіць у кампетэнцыю ВУ "Лідаміжрайгаз".

Калі Вы згодны заключыць вышэйназваную дамову на рускай мове, Вам необходна звярнуцца у газазабеспячальную арганізацыю ВУ "Лідаміжрайгаз" па адрасе: г. Ліда вул. Качана, д. 56, пам. 1,2 з 08.00 г. да 20.00 г. Пры сабе неабходна мець пашпарт.

Калі Вас не задавальняе дадзены адказ на Ваш зварот, Вы можаце звярнуцца у вышэйстаячую арганізацыю УП "Гроднааблгаз" па адрасе: 230003, г. Гродна, пр-т Касманаўтаў, 60/1.

З павагаю

В.а. дырэктара

ВУ "Лідаміжрайгаз" Я.Э. Эрдман.


Анацка Л.Я.

231300, г. Ліда,

вул. Хімгарадок, 3-7

Шаноўны Лявон Яўгенавіч!

ААТ "Лідскае піва" атрымала і разгледзела Ваш зварот, таксама выражае Вам удзячнасць за цікавасць да нашага прадпрыемства.

Паведамляем Вам наступнае: беларуская мова ў 2014 годзе на прадпрыемстве не выкарыстоўвалася, і не плануецца яе выкарыстанне ў 2015 годзе.

У сваю чаргу адзначаем, што выкарыстанне рускай мовы не супярэчыць дзеючаму законадаўству Рэспублікі Беларусь.

Так, адпаведна стацці 17 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзяржаўнымі мовамі ў Рэспубліцы Беларусь з'уляюцца беларуская і руская мовы, а гэта азначае, што існуе свабода ў выбары мовы.

Сапраўдны адказ на звяртанне ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь "Аб звяртаннях грамадзян і юрыдычных асоб" ад 18 ліпеня 2011 г. № 300-3 Вы маеце права абскардзіць у Судзе ў парадку, які ўстаноўлены законадаўствам.

З павагай

Генеральны дырэктар А. Мікшыс.

ААТ "Лідскае піва"

2 ліпеня 2015 г.


З адказаў вынікае выснова пра вельмі плачэўны стан з беларускай мовай на большасці прадпрыемстваў. І калі многія прадпрыемствы пагаджаюцца з прэтэнзіямі і абяцаюць хоць нешта зрабіць для беларусізацыі, то "Лідскае піва" абсалютна безапеляцыйна заяўляе, што "беларуская мова ў 2014 годзе на прадпрыемстве не выкарыстоўвалася, і не плануецца яе выкарыстанне ў 2015 годзе".

У сувязі з гэтым старшыня Лідскай арганізацыі ГА "ТБМ імя Ф. Скарыны" Лявон Анацка вырашыў скарыстацца з прапановы дырэктара піўзавода і падаў заяву ў суд Лідскага раёна па дзвюх прэтэнзіях.

Заява прынятая да разгляду ў судзе, пры гэтым сп. Анацка вымушаны быў заплаціць больш за мільён беларускіх рублёў, якія ён страціць, калі справу прайграе, а прайграць можа, бо ў кнізе скаргаў Лідскага піўзавода іншых скаргаў на неўжыванне беларускай мовы няма. Усім у Лідзе ўсяроўна, у тым ліку і сябрам ТБМ. Калі б пратэсты грамадзян насілі масавы характар, была б большая надзея цераз суд заахвоціць Лідскі піўзавод да ўжывання беларускай мовы.

Наш кар.


Новае выданне

Кніга пра беларускую Беласточчыну

У менскім выдавецтве "Кнігазбор" выйшла з друку кніга Сяргея Чыгрына "Шляхамі Беласточчыны". У сваёй новай кнізе яе аўтар працягвае даследаваць лёсы беларусаў, якія былі родам з Беласточчыны. А таксама жыццёвыя дарогі знакамітых асобаў нашай Бацькаўшчыны, якія ў розны час мелі і маюць сёння дачыненне да Беластоцкай зямлі.

Па словах Сяргея Чыгрына, у новай кнізе аўтар распавядае пра невядомыя раней звесткі пра беларусаў, якія былі родам з Беласточчыны, у прыватнасці, пра Уладыслава Чаржынскага, Анатоля Кунцэвіча, святароў Паўла Лысуху, Пракаповічаў, Мікалая Нядзведскага, грамадскага актывіста Піліпа Кізевіча і многіх іншых беларусаў.

Змешчаны ў кнізе і рэцэнзіі на кнігі беларускіх літаратараў і гісторыкаў, якія жывуць у Польшчы.

Барыс БАЛЬ.


Беларускі гурток у "Зялёным раі"

Беларускі гурток, які што чацвер ладзіць магілёўская суполка ТБМ, 16 ліпеня сабраўся на падворку нашага сябра Ўладзіміра Пухоўскага - аднаго з самых паспяховых магілёўскіх прадпрымальнікаў, гаспадара расліннага гадавальніка "Зялёны рай".

Спадар Уладзімір правёў экскурсію па сваіх уладаннях - прысядзібны ўтульным дворыку, дзе заморскія расліны суседнічаюць са звычайнымі соснамі, што засталіся ад сасновага бору, які быў на гэтым месцы. Таксама гаспадар паказаў свае раслінагадоўчыя абшары і распавёў пра розныя, як звыклыя так і экзатычныя, дэкаратыўныя расліны, узгадаў гісторыю стварэння свайго экалагічнага бізнесу ды падзяліўся некаторымі сакрэтамі догляду за раслінамі. У "Зялёным раі" кожны ахвочы можа набыць самыя незвычайныя зялёныя аздабленні для свайго зямельнага надзелу альбо дома - ад хатніх кветак да ўжо дарослых дрэваў, ды яшчэ пры гэтым пачытаць што-небудзь па-беларуску на розных прыгожых банерах. Больш за тое, пакупнік нават можа атрымаць зніжку ці падарунак, калі сам пагаворыць па-беларуску ды перакладзе некалькі слоў на беларускую мову. Ну а паколькі кожны, хто наведаўся ў госці да гаспадара зялёнага раю гэтым вечарам, добра валодае роднай мовай, то ўсе атрымалі ў падарунак невялічкага зялёнага сябра.

Алесь Сабалеўскі. Фота аўтара.


У Глыбокім прайшоў грандыёзны "Вішнёвы фэст"

Штогод у Глыбокім - Вішнёвы фэст, які прыпадае на сезон паспявання вішняў. Фэст доўжыцца цэлы тыдзень, але самая актыўная яго частка прыпадае на суботу (сёлета 18 ліпеня). У гэты дзень прыязджае шмат гасцей, не толькі з суседніх гарадоў і Менска, але, перадусім, з замежжа.

Урачыстае адкрыццё фэсту пачынаецца ля помніка Глыбоцкай Вішні, потым - святочнае шэсце ад помніка да галоўнай сцэны горад.

Трэба сказаць, што Глыбокае не ўпала тварам у гразь. Госці, сапраўды, прыехалі ў беларускі горад. Уся ўрачыстая частка - на беларускай мове. Па-руску выступалі, хіба што, госці, ды кіраўнік раёна Алег Морхат, які заўсёды прамаўляе па-беларуску, але сёння, з-за наплыву замежных гасцей, выступіў па-руску.

Было зачытана прывітальнае слова ад Жыгулёўскай Вішні (Самарская губерня), а госці з Латвіі пажадалі Глыбоцкай Вішні - не змёрзнуць ад зімняй сцюжы, ды не ссохнуць у летнюю спёку, а быць заўсёды сакавітай, смачнай і салодкай!

Уладзімір Скрабатун.


Памёр вядомы беларускі архітэктар, рэстаўратар Сяргей Друшчыц

Яму было 74 гады.

Сяргей Друшчыц нарадзіўся ў 1941 годзе ў Пружанах у сям'і беларускіх інтэлігентаў. Бацька - дырэктар школы, маці - настаўніца. Адзін дзядзька, Васіль Друшчыц, быў прафесарам-гісторыкам, старшынём камісіі Інбелкульту па гісторыі гарадоў. Яго рэпрэсавалі і расстралялі ў 1937 годзе. Другі дзядзька, Уладзімір Друшчыц - вядомы прафесар-палеантолаг. Дзяцінства Сяргея Друшчыца прайшло ў Бярозе Картузскай. Пасля школы ён абраў прафесію архітэктара.

Сяргей Друшчыц быў адным з заснавальнікаў рэстаўрацыйнай справы ў Беларусі. Фактычна ён стварыў рэстаўрацыйныя арганізацыі, быў галоўным архітэктарам рэстаўрацыйных майстэрняў. На працягу доўгага часу ўзначальваў вытворчае аб'яднанне "Белрэстаўрацыя" і інстытут "Белспецпраектрэстаўрацыя", у якім працавалі лепшыя спецыялісты Беларусі: архітэктары, канструктары, гісторыкі, мастацтвазнаўцы, археолагі. Фактычна пры ім у канцы 1970-х - пачатку 1980-х быў створаны новы кірунак у сферы аховы спадчыны - архітэктурная археалогія, якая дазволіла дасканала праводзіць даследаванні помнікаў архітэктуры і прымаць абгрунтаваныя, узважаныя праектныя рашэнні па іх рэстаўрацыі, кансервацыі, іншых відах работ.

Распавядае начальнік упраўлення па ахове гістарычна-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі:

- Ён з'яўляўся навуковым кіраўніком многіх нясвіжскіх аб'ектаў: гэта і ратуша, і Слуцкая брама, гэта і касцёл Божага Цела, у якім цяпер выконваюцца работы. Ён быў навуковым кіраўніком працаў у палацы Радзівілаў, і непасрэдна пад ягоным кіраўніцтвам быў выкананы ўвесь комплекс па рэстаўрацыі, рэканструкцыі, прыстасаванні Нясвіжскага замка. Ён шмат працаваў на гэтым аб'екце. Дапазна - і ў восем, і ў дзевяць гадзін вечара яго можна было сустрэць на рыштаваньнях, дзе ён тлумачыў рабочым рэалізацыю тых ці іншых праектных рашэнняў. Чалавек цалкам аддаваўся гэтай справе.

Гэта без перабольшання цэлая эпоха ў беларускай рэстаўрацыі. На жаль, такіх людзей, падобных яму па маштабу, на сённяшні дзень і назваць нельга.

Сяргей Друшчыц працаваў да апошняга дня. У аўторак скончыў працу, увечары яшчэ сустракаўся з калегамі ў будынку "Белрэстаўрацыі", пагаварыў з калегамі. А ўначы прыйшла сумная навіна.

Архітэктар Аляксандр Канаваленка знаёмы з Сяргеем Друшчыцам з дзяцінства - у Канаваленкі маці Друшчыца была класнай кіраўніцай:

- Потым так склалася, што адну прафесію набылі - і ён, і я - архітэктары. І з 1969 года мы разам з ім пачалі працаваць у рэстаўрацыі. Гэта быў год, калі закладалася гэтая справа ў Беларусі. Мы былі маладымі, зусім "зялёнымі" архітэктарамі, разам сталелі. Сяргей Аляксандравіч доўгі час быў генеральным дырэктарам "Белрэстаўрацыі". Я перакананы, што ён самы дасведчаны, самы галоўны чалавек у гэтай справе ў Беларусі. Мы рабілі сумесныя праекты і з ЮНЭСКА, і з нашымі суседзямі. Сяргей Аляксандравіч вельмі шмат зрабіў у рэстаўрацыі многіх беларускіх замкаў. Галоўны ягоны аб'ект - гэта помнікі архітэктуры ў Нясвіжы. Не гледзячы на тое, што былі ўжо праблемы са здароўем, працягваў працаваць на рэстаўрацыі замка ў Наваградку, дзе павінны былі разгортвацца вялікія працы па адраджэнні гэтага помніка. Не паспеў... Для мяне гэта вельмі вялікая страта. Гэта чалавек, які мала думаў пра сябе. Ён заўсёды думаў пра справу і пра іншых людзей.

Архітэктар Вадзім Гліннік зусім маладым архітэктарам прыйшоў у рэстаўрацыйныя майстэрні, якія ў 1970-я былі, як ён выказаўся, "асяродкам інтэлектуальнай свабоды":

- У цэлым гэта былі добрыя часы. Ну, па-першае, мы былі маладыя, а па-другое, рэстаўрацыйныя майстэрні Міністэрства культуры ў той час, даволі смурны (канец 1970-х - пачатак 1980-х), былі такім асяродкам інтэлектуальнай свабоды, у тым ліку і дзякуючы асабістай пазіцыі тагачаснага дырэктара Сяргея Аляксандравіча Друшчыца. Гэта вельмі прыстойны чалавек, добры прафесіянал. Мы пачувалі сябе даволі свабодна, пісалі вершы, займаліся любімай справай - вывучалі гісторыю архітэктуры.

Сяргей Друшчыц не баяўся размаўляць па-беларуску, кажа старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, які ў 1976 годзе прыйшоў на працу ў рэстаўрацыйныя майстэрні, якія ачольваў Сяргей Друшчыц:

- Я ўпершыню ўбачыў вялікую групу людзей на чале з Друшчыцам, якія ў працоўны час паміж сабой размаўлялі па-беларуску. Гэта мяне настолькі здзівіла, што з цягам часу я і сам перайшоў на беларускую мову. Туды часта прыходзіў Зянон Пазьняк. У мяне пра Сяргея Друшчыца вельмі светлыя ўспаміны як пра беларускага патрыёта. Нават пасля таго, як быў так званы "машэраўскі разгром беларусаў" у 1973 годзе (я, дарэчы, памятаю гэты разгром, калі яшчэ студэнтам быў), майстэрні заставаліся ў Менску адной з нешматлікіх выспачак, дзе людзі размаўлялі па-беларуску падчас працы. І рэстаўратарам ён быў вельмі таленавітым, здольным, шмат аб'ектаў зрабіў. Да ягоных рэстаўрацыяў ставяцца па-рознаму, гэта асобная тэма - беларуская рэстаўрацыя. Але Беларусь страціла вельмі цікавага чалавека, патрыёта, які не баяўся праяўляць беларускасць нават у цяжкія 1970-я гады.

Пахавалі Сяргея Друшчыца на Паўночных могілках.

Справу бацькі працягвае сын - архітэктар Міхаіл Друшчыц, які працуе ў "Менскграда".

Радыё Свабода.


"Будзьма!"

27 ліпеня (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым

"Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18. 30. Румянцава, 13 Уваход вольны.


В я с е л л е

У гэтым артыкуле вяселле апісана так, як яно адбываецца сярод спрадвечнага тутэйшага народа ў самой Лідзе і яе ваколіцах. Новыя касцельныя распараджэнні ломяць векавыя звычаі тутэйшага беднага працоўнага люду рыма-каталіцкага вызнання, змушаючы гэты народ да выканання сакраманту шлюбу адзіна ў будныя дні і такім чынам у значанай ступені пазбаўляючы настрою святочнага адпачынку і вядзе да скарачэння і занядбання старажытных абрадаў і нявінных вясельных забаваў. Вясельныя песні да артыкула я запісаў ў 1933-1937 гг. у наступных паннаў: Стасі Шот і Яні Шурмей з вёскі Яськаўцы, Юліі Завалы і Зосі Субач з вёскі Гарні а таксама Ўладзі Зубрык і Ганны Мацулевіч з вёскі Цыбары - усім ім складаю сардэчную падзяку. З жалем мушу заўважыць, што тэхнічнае абсталяванне нашай старасвецкай лідскай друкаранькі, у якой традыцыйна выходзіць "Лідская Зямля", не дае мажлівасці дакладна перадаць мову спеваў і адрыўкаў мовы тутэйшых людзей (аўтар мае на ўвазе што з дапамогай польскіх лацінскіх шрыфтоў друкарні, не заўжды была магчыма адэкватна перадаць цудоўную беларускую мову спеваў, напрыклад не перадаецца "ў". Перакладчык улічыў гэты момант - Л.Л. )


Вось і мясапуст! І хлопец падыходзіць да апошняй мяжы. І ў сваты ездзіў, і гарэлку піў, і аб'яву з амбона пра змовіны рабіў - і ўсё здавалася як быццам жартам! Ці ж толькі да адной дзяўчыны заляцаўся? Ці ж з адной танчыў на вечарынах, альбо цалаваў за гумном на старым пні? Юльку Круглую ў Белагрудзе на Ўшэсце пачаставаў бутэлькай пеннага квасу, марозівам за 10 грошаў і ружовым пернікам. У Студзенцы пад Ваверкай за Стаську Кіжук Вашкевіч, халера, ударыў хлопца ў лоб жалазякай, ажно костку перабіў (доўга скавытаў бядак, а зараз дрэнна чуе на левае вуха), але за тое ў Лідзе за Саладуху (з-за тых смаргонскіх абаранкаў на саракавіны!) Капачжля шахнуў нажом па бруху, але неяк не цалкам зграбна, бо кішак не дастаў, а толькі сала разрэзаў (памірыліся за 7 злотых і літр гарэлкі). Касавокая Вікця цалкам не слушна прычапілася да хлопца, хай Пан Бог сведчыць! Байстручок яе памёр ад скарлатыны. Шкода толькі, што тата хапіў сына за грудзі і пабіў яго чапялой, як каня, адарваўшы пры гэтым лацкан пінжака. Маці ж, заламаўшы рукі толькі енчыла: "Вінцук, не рві адзенне!", а сёстры, крычучы, нязграбна спрабавалі бараніць, абы тата не разарваў новай крамнай кашулі і з-за ўласную неасцярожнасць атрымалі ад бацькі таксама чапялой па лапах. Рознае было: і добрае, і злое. Лятаў хлопец і да цудоўнага месца пад крыж ў Цвермы, і на Тройцу ў Крупава, быў дружбантам ажно на вяселлі ў Беняконях, а на вечарыне ажно ў Лучках за балотам. Неяк, як вяртаўся ранкам да дому па мокрай ад расы канюшыне і маладым жыце, дык ажно паветра дрыжэла, як пеў:


Дзе ты, хмелю, зімаваў,

Што не развіваўся?

Дзе ты, хлопец, начаваў,

Што не разуваўся?

Зараз субота, заўтра нядзеля, шлюб і амэн, па-хлопцу!..

* * *

За тыдзень перад вяселлем, у доме маладога нарачонага, тата з маці "колюць парсючка", смаляць, разбіраюць і свежае мяса і сала ўкладаюць ў шырокую дужую нясолку (нешта, накшталт авальнай вялікай кадушкі) і засольваюць. Потым бацькі едуць у горад, купляюць некалькі дзясяткаў бутэлек гарэлкі, пару пудоў белай мукі, кіло ці два цукру. У пятніцу перад вяселлем маці пячэ хлеб, а ў суботу ранютка - пірагі. Таксама зрання ў суботу сёстры маладога ідуць у вёску і просяць сябровак "прыбраць хату". Хутка ў хату маладога прыходзяць некалькі, а часам і з дзясятак, дзяўчат з вёдрамі, малымі кадушкамі і мётламі. Сабраўшыся, перад тым як пачаць працаваць, дзяўчаты спяваюць хорам:

Прыстань, Божа,

нашаму пачатачку,

Што мы яго

пачынаць людзям.

Пана Бога Збавіцеля,

Найвышшага Стварыцеля,

Што ён стварыў неба і зямлю,

І тых двойга дзетак:

Хлопца сам Богу радзіў,

А дзяўчыну яму судзіў ...

Звычайна, калі маці толькі пачуе гэты спеў, дык зальецца горкімі слязьмі. Вядома, гадавала хлопца, карміла, адзявала, абмывала, а тут прыйдзе нейкая іншая і ім завалодае. Начная зязюля перакукуе дзённую . Потым пачынаецца пекла: дзяўчаты адсоўваюць ад сценаў лавы, ложкі і куфры, са сцен здымаюць абразы і ўбранне, з усіх кутоў вымятаюць смецце, якое магло збірацца некалькі гадоў, выціраюць чорную павуціну, шаруюць дзверы, вокны, сталы, лавы, выпарваюць гарачай вадой клапоў ў ложках і падчас работу спяваюць:

Пара, маці, жыта жаці,

колас нахіліўся,

Пара сына жаніці,

бо развалачыўся.

Сядзіць голуб на дубочку,

галубка на вішні,

Скажы, скажы, мой сыночку,

хто табе наймільшы?

Голуб сіні, голуб сіні,

галубка сінейша!

Айцец мілы, маці міла,

дзяўчына мілейша!

Я з матуляй пасваруся,

граху набяруся,

А з дзяўчынаю зэйдуся -

не нагаваруся.

Пры канцы дзяўчаты распушчаюць ў цэбры з вадой крэйду і беляць усю хату - столь, сцены, печ. Ток у хаце пасыпаюць жоўтым пяском, а гірляндамі папяровых кветак атачаюць абразы на сценах і ўпрыгожваюць імі столь і бэлькі "ў покуці". Вясковая хата становіцца да непазнавальна чыстай, вясёлай і мілай. Пасля скончанай працы, бацькі маладога садзяць дзяўчат за стол выстаўляюць нейкі неверагодны пасілак "полудзень" - дзве ці тры дужыя місы забеленага малаком крупніку альбо макароны, кашы грачанай з маслам, высушаны сыр і свежы пірог, а часам і па чарцы гарэлкі. Пасля "полудню" дзяўчаты вяртаюцца дадому.

Пасля заканчэння хатняй працы, умытыя і прыбраныя дзяўчаты, па-святочнаму зноў прыходзяць у хату маладога і прыносяць галінкі зялёнай руты і мірту. Дзе дзяўчаты, там і хлопцы, а за імі прыходзяць музыкі са скрыпкай і цымбаламі. Дзяўчаты ўюць з руты і мірту вянок для маладога і пры гэтым спяваюць:

Надвор'е райска віе.

Сястра брату вянок віе.

Беленькімі ручкамі,

Пярсцёначкамі з вочкамі.

Ня мы іх вілі, у Вільні купілі.

Вілі, вілі вяночкамі

Беленькімі ручкамі,

Пярсцёначкамі з вочкамі ...

Калі вянок будзе звіты, музыкі пачынаюць граць вальс, польку, кадрылю, а нават і танга, якое тут танчаць падобна, як раней танцавалі "Лявоніху" - з падскокам:

Ой, да што ж там

за Лявоніха была,

Што Лявону вечараці не дала!

Падчас адпачынку музыкаў, дзяўчаты спяваюць:

На дварэ зялёны явар паслаўся.

Наш малады

ў дарожаньку прыбраўся.

Насыпайця аўса

ў новыя карыты,

Карміця коні ў вялікую дарогу!

А ў той дарозе троі варота:

Першыя варота -

месячык абыдзя,

У другія варота -

сонейка ізыдзя,

У трэція варота -

малады ўедзя,

Месячык абыдзя,

то відненька будзя,

Малады ўедзе -

мой міленькі будзя.

Альбо:

Ой значны, значны,

хто жаніцца хоча:

Па ночы конік яго рагоча.

Ой значны, значны,

хто любіць руску:

Вытаптаў сцежкі

цяраз пятрушку.

Ой, значны, значны,

хто - каталічку:

Вытаптаў сцежкі

цяраз пшанічцу.

Ой значны, значны,

хто ажаніўся,

Як я быў хлопцам -

дзеўкі любілі,

Як ажаніўся - матцы ня мілы.

Як, як быў хлопцам -

хустка за пасам,

Як ажаніўся -

смаркач пад носам ...

Пры аказіі ў кампаніі спяваюць і іншыя песні: свае - вясковыя (беларускія - Л.Л. ), рускія, польскія а нават і украінскія.

Пад цэрквай стаяли карэты

Там пышная свадзьба была,

Все гости роскошно одеты,

Невеста как роза цвела …


* * *

О там на балоце

вутачка сакоча.

А мой мілы чарнабрывы

пакідаці хоча.

Няхай пакідая, як ён сабе зная,

Чы лепшую, чы горшую

няхай сабе мае ...


* * *

Захор - захары, едуць мазуры.

Едуць, едуць мазурочкі,

Вязуць, вязуць два вяночкі.


Вянок залаты.

Слук - пук в окенечко

Выйдзі, выйдзі паненечко

дай каню вады ...


Хэй пад гаем, гаем,

Гаем зялёненькім,

Там гарала дзеўчынка

Волікам чарненькім


* * *

Gdy z kozaki szedl na boje

Hanka moja rzecze:

Po co niesiesz zycie swoje

Pod tureckie miecze?...

Бывае так, што малады не мае ўжо бацькі ці маці, таму могуць заспяваць і жалобную песню:

Знаць па радзіне,

Што няма палавіны.

Бяз роднага войчанькі

Трэба ўстаць ды падумаці,

Каб паслаць па войчаньку.

Ой ёсць зязюля, ой ёсць сіняя,

Яна - рэзвая пташачка.

Прыляці з ляску,

прыпадзі пяску,

Закукуй галосненька.

Малады за ёю, за сваёй тугою,

Плачучы жалосьненька.

Яшчэ малады -

у поў дарожанькі,

Зязюля назад ляціць:

- Вярнісь малады,

Няма тваго войчанькі.

Твой войчанька

пад трыма замочкамі:

Першы замочак -

зялёна дзярно,

Другі замочак -

жоўты пясочак,

Трэці замочак -

сасновыя дошкі.

Прыбіты ножкі

да сасновай дошкі -

ня ўстане,

Засыпаны вочкі

жоўтым пясочкам -

ня гляне ...

Потым моладзь, якая сабралася, запрашаюць да стала. На стол ставіцца некалькі пляшак гарэлкі, нарэзаны скібамі чорны хлеб, пірог, сухі сыр кавалкамі, міса з маслам. Моладзь частуецца, дзячыць гаспадарам і танчыць. Позна ўначы разыходзіцца па дамах.

Такі ёсць астатні кавалерскі вечар маладога-нарачонага.

Міхал Шымялевіч

Пераклад Леаніда Лаўрэша.


Вясельныя звычаі

Добра, што народ без зменаў захоўвае свае звычаі з вялікімі піетэтам, выконваючы нават самыя нязначныя дробязі. Гэтыя звычаі заўжды асвятлялі жыццё селяніна святлом старадаўняй традыцыі і культуры. Гэта дае даследчыкам гісторыі цікавы навуковы матэрыял. У апошнія часы спярша ў ваколіцах вялікіх гарадоў народныя звычаі пачынаюць знікаць, пашыраюцца новыя зацікаўленасці і асвета. У Лідскім і Шчучынскім паветах гэтыя традыцыі яшчэ моцна трымаюцца. Буду апісваць усё іх багацце і пачну з вясельных звычаяў, якія аднолькавы ў ваколіцах Ліды, Шчучына, Васілішак і, верагодна, у суседніх паветах.

* * *

Малады са сватам едзе да бацькоў упадабанай дзяўчыны. Прывозяць з сабой гарэлку і закускі. Старэйшыя п'юць і дамаўляюцца пра памеры дзявочага пасагу і ўмовы магчымага сужэнства. Калі знаходзяць паразуменне, бацькі дзяўчыны смажаць для гасцей яечню ці кілбасу, і, паколькі паразуменне знойдзена, п'юць гарэлку і закусваюць.

Перад так званым "дзявішнікам", звычайна брат нарачонай ці яна сама абходзяць усю вёску, грукаюць у вокны і запрашаюць усіх дзяўчат на "вяселле". Увечары запрошаныя дзяўчаты збіраюцца ў хаце нарачонай, спяваюць песні і плятуць для маладой вянок з руты. Потым з'яўляецца малады з сябрамі, і першая дружка выкупляе сплецены вянок. Пачынаюцца танцы і забавы да раніцы.

На другі дзень пасля сняданку так званае "вяселле" ці ў іншых мясцовасцях "свадзьба" (маладыя, сват, свацця і дружкі) сядаюць за стол, на якім стаяць напоі (гарэлка, ліманад, піва), каравай (аздоблены пірог) і закускі. Талеркі звычайна засцілаюць сурвэткамі ці хусткамі. Потым сваякі і госці робяць маладой падарункі - палатно, кілімы, льняныя ручнікі і г.д. ці трохі грошай, якія кладуць на талерку, пакрытую хусткай. Пры гэтым шмат апавядаюць, жартуюць, спяваюць песні. Маладая дзякуе кожнаму асабіста.

Потым маладых урачыста дабраслаўляюць бацькі і ўсе едуць да шлюбу. У гэты час хлопцы пераапранутыя ў цыганоў, краўцоў ці яўрэяў займаюць сталы і як быццам пачынаюць шыць, гандляваць і г.д. Вярнуўшыхся з касцёла маладых сустракаюць бацькі ці старэйшыя родныя з боку маладой хлебам, соллю і віном. А потым маладыя, бачачы, што ўсе святочныя сталы занятыя, пачынаюць выкупляць іх. Тут пачынаюцца доўгія спрэчкі, гандлі, досціпы і г.д. Маладая мае на галаве вяночак з руты. Потым пачынаюцца забавы.

На другі дзень пасля шлюбу родныя і госці абдорваюць маладога і паўтараецца тое ж вяселле, як і ў выпадку з маладой.

Перад выездам ад бацькоў маладой (адразу пасля шлюбу), сябры маладога імкнуцца прыхапіць з сабой курэй, качак ці часамі нават цялят ці парасят, каб павялічыць пасаг маладой. Потым гэтую здабычу вяртаюць.

Маладая, уваходзячы ў хату маладога, пасыпае куты дома зернем, і дорыць падарункі родным маладога.

На гэты вясельныя звычаі заканчваюцца. Міхал Шымялевіч заўважыў, што некаторыя фрагменты гэтых звычаяў нагадваюць звычаі паганскага часу, калі моладзь брала ўдзел у рабункавых выправах на сваіх суседзяў, прывозіла сабе ўзятую ў палон прыгожую жонку з Польшчы ці Русі.

(Артыкул напісаны пры дапамозе Міхала Шымялевіча.)

Пераклад Леаніда Лаўрэша.

Антон Гжымайла-Прыбытка


Кот у акварыюме

14 ліпеня 2015 года ў вялікай зале музея сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава аднаго з самых цікавых і таленавітых мастакоў сучаснасці Ўладзіслава Куфко пад назвай "Кот у акварыюме".

Творца нарадзіўся 8 лістапада 1955 у Берасці. У 1971 - 1974 гг. навучаўся ў Менскім мастацкім вучылішчы імя А.К. Глебава. З 1974 г. - удзельнік мастацкіх выстаў. Выстаўляўся ў г. Берасці, Кракаве, Раермондзе (Галандыя), Корбаху (Германія), Модліне (Польшча).

Творы знаходзяцца ў зборах Краязнаўчага музея г. Берасця, музеі Берасцейскай цвердзі, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Дырэкцыі мастацкіх выстаў у Маскве, Калекцыі Мастацтва 20 - га стагоддзя г. Петрыкаў Трыбунальскі (Польшча); мэрыі г. Равенсбурга (Германія), а таксама прыватных калекцыях СНД, Еўропы, ЗША і Японіі.

Уладзіслаў Эдуардавіч з'яўляецца "Чалавекам года ў галіне выяўленчага мастацтва" Беларускага Фонда Культуры (2000). Працуе ў галіне станкавагаа жывапісу (карціна, партрэт, нацюрморт) і ў станкавай графіцы. На мерапрыемстве выступалі: Рыгор Сітніца, Ларыса Фінкельштэйн і сябры мастака.

Было цікава!

Аляксей Шалахоўскі , гісторык культуры.


Погляд зблізку і здалёку на трылогію В. Якавенкі "Надлом. Кручина вековая"

1. Адраджэнне эпапеі

Беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч Васіль Цімафеевіч Якавенка раней быў знаёмы рускамоўнаму чытачу па кнігах мастацка-публіцыстычнай прозы "Через гать" (1982), "На что нам жизнь дана" (1991), якія выйшлі ў Маскве ў выдавецтве "Советский писатель", а таксама аповесці "Приручение земли", выдадзенай у "Политиздате" (Масква, 1975).

Васіль Якавенка - адзін з мацнейшых публіцыстаў. У свой час ён разам з расійскім пісьменнікам, лаўрэатам Ленінскай прэміі Іванам Васільевым, наладзілі шматдзённае вандраванне па Беларусі. Нямала занепакоеныя духоўным і культурным згаленнем жыцця ў савецкай вёсцы, яны пільна вывучалі сяло. Гэтаму прысвечана дарожная аповесць Васіля Якавенка "Деревенские диспуты", уключаная ў кнігу "На что нам жизнь дана". Але толькі цяпер мы маем справу з нацыянальным эпасам…

Трылогія "Пакутны век" стала рэальным мастацкім увасабленнем у жыццё канкрэтна-фенаменалагічнага модусу сучаснай эпапеі. У ёй узноўлена гістарычнае аблічча беларускага этнасу, паказаны сацыяльныя і духоўныя вытокі яго жыццеўстойлівасці ў барацьбе за захаванне агульнаеўрапейскіх культурных і сацыяльных каштоўнасцяў. Сказанае зусім не перакрэслівае пластычнай, пачуццёвай канкрэтыкі мастацкага твора. Тое ж варта сказаць пра псіхалагічныя характарыстыкі персанажаў - ад селяніна Пятра Рамановіча (Пісарчука) да пана Рамана Скірмунта, ад Вільгельма Кубэ, генеральнага камісара Беларусі, да камкораў Чырвонай Арміі Іллі Аляксеенкі і Васіля Вінаградава, ад асветніка і распрацоўшчыка касмічнага паліва Барыса Кіта да дзяржаўных дзеячаў Кірылы Мазурава, Мікіты Хрушчова… Апавяданне вядзецца пранікнёна, з апорай на сапраўдныя падзеі, факты.

Празаік нарадзіўся на беларускім Палессі і, будучы па першай прафесіі геолагам, не парываў сваіх дум і спадзеваў з прыродай, набыў байцоўскія якасці эколага. Беларусь і Еўропа абавязаны яму тым, што ў 1988 годзе была папярэджана сташная экалагічная катастрофа, якая магла наступіць пасля суцэльнага асушэння і ўзворвання шырокай поймы Прыпяці, ператварэння рэчышча вялікай палескай ракі ў сцёкавую канаву. Пры падтрымцы іншых пісьменнікаў Васіль Якавенка арганізаваў у Менску міжнародную навукова-практычную канферэнцыю з удзелам незалежных вучоных, кіраўнікоў дзяржаўных органаў, яна і дапамагла вярнуць розум апантаным меліяратарам. Не ўсведамляючы таго, што робяць, яны старанна, па сапраўднаму, як прывыклі рабіць дзяржаўную справу, планава і заўзята рыхтавалі ператварэнне ў злавесную пустыню адвечна зялёнага Палесся, з негатыўнымі зменамі клімату на мацерыку.

Таксама кіруючыся высокім пачуццём грамадзянскай адказнасці, Васіль Якавенка чвэрць стагоддзя таму заснаваў і ўзначаліў грамадскае аб'яднанне Беларускі сацыяльна-экалагічны саюз "Чарнобыль", які дзейнічае і дагэтуль, выдаваў газету "Набат". Апошняя, стаўшы папулярнай, ішла па падпісцы чытачам не толькі Беларусі, але і СССР. Газета своечасова і нястомна паказвала праўдзівае становішча спраў на забруджаных радыёнуклідамі тэрыторыях. У той жа час грамадскае экалагічнае аб'яднанне БелСаЭС "Чарнобыль", абапіраючыся на дапамогу японцаў, наладзіла пад Менскам аздараўленне чарнобыльскіх дзяцей.

Аднак, як ні дзіўна, на тое ж трывожнае чарнобыльскае ліхалецце даводзіцца і пік творчай актыўнасці літаратара. Ніхто не чакаў, што з тым жа размахам, як у публіцыстыцы, ён дастане поспеху і ў мастацкай прозе.

Узнаўляючы карціны жыцця беларускага этнасу ў не гэтак і аддаленым мінулым і ў наш час, аўтар звяртаецца да разнастайнай тэматыкі, не пазбягаючы і таго, што раней лічылася забароненым. Натуральная праўда, бескампрамісная і нават жорсткая праўда - галоўная рухальная сіла прозы і публіцыстыкі Васіля Якавенкі. У гэтай сувязі дарэчы прывесці адно з выказванняў Ф. Кафкі: "Кніга павінна быць сякерай, якой рассякаюць змёрзлае мора, што знаходзіцца ўсярэдзіне нас".

У трылогіі "Надлом. Кручина вековая" лірычнае аўтарскае перажыванне падзей і іх філасофскае асэнсаванне складаюць своеасаблівы мастацкі маналіт, які валодае магутным зарадам духоўнай і маральнай энергіі. Пісьменнік, не зважаючы на модныя тэорыі адмірання рамана, трансфармацыі яго жанру ў формы трылера ці "новай міфалогіі", у сваім рамане працягвае і развівае традыцыю эпічнага апавядання, што ў філалогіі завецца нарацыяй. Для яго арганічна непрымальная гульня з тэхналогіямі "новага рамана", у якім ледзь пазначаны контур структуры, запоўненай здзекам і катаваннямі, і фактычна адсутнічаюць такія феномены мастацкасці, як хранатоп - адзінства мастацкай прасторы і часу. В. Якавенка ідзе ў рэчышчы традыцый Л. Талстога, У. Рэйманта, Г. Сянкевіча, К. Чорнага, І. Мележа, В. Быкава, узмацняючы пры гэтым сэнсавае значэнне сімвалічнага шэрагу, агаляючы трагічныя сэнсы нядаўняга мінулага і тым самым мабілізуючы патэнцыял інтэлектуальнай, духоўнай, ці філасофскай мужнасці, гэтак неабходнай сучаснаму чалавецтву ў яго пошуках шляху да новай культурнай цывілізацыі.

Аляксей Рагуля , літаратуразнавец, прафесар культуралогіі, кандыдат філалагічных навук.

2. Данііл Гранін пра загадку беларусаў і трылогію В. Якавенкі "Надлом. Кручина вековая"

З Беларуссю ў мяне склаліся цёплыя і сяброўскія адносіны, асабліва калі з канца сямідзесятых гадоў мінулага стагоддзя мы разам з пісьменнікам Алесем Адамовічам узяліся за падрыхтоўку да выдання "Блакаднай кнігі" пра пакуты і мужнасць, пра любоў і нянавісць, пра смерць і бяссмерце ленінградцаў падчас вайны.

Кніга надрукавана ў 1982 годзе, а перад гэтым Адамовіч закончыў працу над кнігай "Я з вогненнай вёскі..." аб партызанскім руху і цяжкасцях, аб пакутах людзей у акупацыі. Калі не памыляюся, над сваёй кнігай Адамовіч працаваў разам з Янкам Брылём і Уладзімірам Калеснікам. Добрыя людзі, неабыякавыя да трагедыі народа пісьменнікі. А зараз на Беларусі да 70-годдзя Перамогі зноў выдалі "Блакадную кнігу".

З раманам Васіля Якавенкі мяне пазнаёміў мецэнат Вячаслаў Адамавіч Заранкоў. Ён матэрыяльна падтрымаў пераклад і выданне гэтай вялікай працы літаратара, калі пераканаўся ў неабходнасці данесці да шырокай чытацкай аўдыторыі думку пісьменніка пра падзеі ў Беларусі напрыканцы 19-га - пачатку і сярэдзіне 20-га стагоддзяў. Кніга раней выдавалася на беларускай мове пад назвай "Пакутны век". Аўтар быў маім госцем, у нас адбылася добрая гутарка.

Для мяне беларусы зараз - вялікая загадка... Распаўся Савецкі Саюз і вось вам на радасць... Ва ўсіх рэспубліках жыццё рухнула, пайшлі працэ-сы ломкі, распаду былых асноў. Крадзяжы, карупцыя, зніжэнне ўзроўню жыцця, розныя канфлікты, бітвы - бязладдзе, а Беларусь трымаецца хоць бы што! Чаму? Дзе адказ на пытанне? Вось пра гэта я і спытаў у Васіля, аўтара беларускага эпасу. А ён адказвае: "Вас, пэўна, задаволіла б, каб я сказаў, што справа ва ўмелым кіраванні дзяржавай, у моцнай уладзе, у прэзідэнце, які не мяняецца. Але я так не скажу, хаця доля ісціны тут і ёсць. Ключавую ролю ў дадзеным выпадку мае спакойны характар, адданасць працоўным традыцыям, менталітэт народа, менталітэт, якім беларусы адрозніваюцца ад іншых народаў і нацый, нават ад рускіх".

Я адчуў, што Якавенка - верны паплечніка Алеся Адамовіча, у абодвух - неспакойны грамадзянскі ваяўнічы дух.

Пра беларускі народ, які быў раздзелены пасля Рыжскага мірнага дагавору 1921 года і часткамі ўваходзіў у склад Польшчы і СССР, мы ў цэлым мала ведаем. Як жылі беларусы да Кастрычніцкага перавароту? Як яны сустрэлі Другую сусветную вайну? Як адносіліся да Расіі не ў кантэксце гісторыі ВКП(б) - КПСС, а ў рэальным жыцці? Мне было вельмі цікава знайсці адказы на гэтыя пытанні ў беларускага аўтара яшчэ і таму, што побач з намі ў другога блізкага нам народа - украінцаў - ідзе трансфармацыя грамадскай свядомасці. Гісторыя пераглядаецца, а рускія людзі ў дагоду палітычнай кан'юнктуры з адзінаверных братоў ператвараюцца ў ворагаў. Ці не здарыцца так і ў суседняй Беларусі, куды таксама вецер пераменаў можа прынесці нацыяналістычнага смецця?

Аўтар трылогіі "Надлом" не хавае, што пошук ідэнтыфікацыі і шляхі да стварэння сваёй дзяржавы беларусы вялі яшчэ ў эпоху царскай Расіі. Падаючы карціны побыту і жыцця простага люду, пісьменнік паказвае, як няпроста было ацалець беларускаму этнасу ў самым цэнтры еўрапейскага кантынента. Мова, фальклор і культура дапамаглі захаваць, зберагчы сваю самабытнасць не гледзячы на войны і іншыя ўзбурэнні. А яшчэ ён усхваляе тое, пра што казаў на нашай сустрэчы: працавітасць і спакойны нораў землякоў, неабыякавасць да гісторыі і традыцый продкаў. У гэтых каштоўнасцях ён бачыць гарантыю адраджэння Беларусі, магчымасць яе развіцця як нацыянальна з'арыентаванай дзяржавы.

Значная частка трылогіі прысвечана падзеям Другой сусветнай вайны. Факты, якія там пададзены, не вельмі зручныя для афіцыйнай арыентацыі сёння як у самой Беларусі, так і ў Расіі.

Але яны праўдзівыя, сумленныя і паказваюць жыццё ў непрычэсаным гісторыкамі выглядзе. Таму кніга будзе цікавая як людзям старэйшага пакалення, так і моладзі, якая дапытліва і неабыякава спрабуе разабрацца з гістарычным багажом. Гэта кніга пра цяжкі лёс беларускага народа, але яна і пра нас, расіян, якім таксама карысна будзе глянуць на сваіх самых блізкіх суседзяў па-новаму. Хаця б дзеля таго, каб не паўтараць былых памылак, шанаваць братэрскія адносіны і агульную гісторыю. Я веру, яна знойдзе належны водгук і атрымае высокую адзнаку ў чытачоў.

Данііл Гранін , пісьменнік, г. Санкт-Пецярбург. Пераклала Ядвіга Рай .


Рэцэнзія: Сонечны дэбют гурта "Merada"

"Merada" - "Проста вер", Мн., 2015, "Vigma"

Быў час, калі хваля цікавасці да рок-творчасці спарадзіла масу крытэраў пошуку навінак на музычных развалах, дзе нават недасведчаны меламан лёгка знаходзіў знакамітыя брэнды на дысках "Бітлоў", "Цэпелінаў", "Ролінгаў"… Ну а крытэры дасведчанага пошуку былі яшчэ шырэйшыя: "А што гэта ты набыў нешта невядомае?" - пытае неяк мяне хлопец у краме, калі я купіў фірменны дыск гурта "The Firm". Адказваю проста: "Гурт насамрэч невядомы, але гітарыст тут цэпелінаўскі Джымі Пэйдж, бубнара Крыса Слэйда ўсе чулі ў "Manfred Mann's Earth Band" і "Uriah Heep", вакаліст Пол Роджэрс запомніўся ў "Free" і "Bad Company"…" - "Далей не трэба, пайду і сабе вазьму". Была эпоха агульнай радасці, калі захапленне рассявалася, як вірус, гартуючы пакаленне рок-меламанаў, якіх цягнула і да якасці слухання - на апаратуры hi-fi ці hi-end. Цяпер наўрад ці хто назаве сапраўдных мега-куміраў, таму на вокладкі ў крамах нават няма каму паглядзець, а ў інтэрнэце знаёмства з песнямі падобнае на мітусню бамжоў на звалцы, дзе ўсё, як кажуць, "прыблізна адной якасці". У Беларусі дайшло да камп'ютарных самарэзаў "найвялікшых" зорак, якіх і ў фірмовым выглядзе ніхто не бярэ. Але нехта ж выдае фірмовыя навінкі? Менскі гурт "Merada" для шырокай публікі рэальна пакуль невядомае імя, але ж неяк прымусіў фірму "Vigma" заняцца не камп'ютарным рамесніцтвам, а сур'ёзным заводскім тыражаваннем. І я раскажу вам як.

Лідара калектыва Стыва Крамэра я ведаю з рамантычных 80-х, калі ўздымаліся першыя зоркі нацыянальнага року ў Беларусі. Вы іх ведаеце: "Мроя" і "Бонда". Акурат жа Стыў (тады Сева) асмеліўся напісаць ПЕРШЫ маштабны артыкул пра "Мрою" ў газеце "Чырвоная змена" ("МРОЯ і яе вытокі"), а ў "Бонды" ён вучыўся гукарэжысуры. Як сапраўднага фана, яго пускаў пасядзець за пультам сам Алесь Клаўс Белізяк.

Потым пара дзясяткаў гадоў эміграцыі, дзе ён нарэшце купіў свой першы фірменны "Gibson" (дома практыкавацца даводзілася ці на балгарскай гітарцы, ці на пераробленай "Фарманце"). Задавальнення і ўвасаблення творчых ідэй ("рок на роднай мове") усё адно не было ні тут, ні там, хоць практыка студыйнай і канцэртнай працы ТАМ стала шырэйшай. Дый на ўласную студыю ўдалося зарабіць менавіта там, але яго мімаволі цягнула дамоў, бо памятаў Скарынава "нават птушкі шануюць гнёзды свае". Чарговае вяртанне на мяжы стагоддзяў спарадзіла нават студыйны рэліз ягонага гурта "Бава" на сур'ёзным CD-трыб'юце паэта-грамадоўца Сяргея Новіка-Пяюна "Дні лятуць" (100 гадоў яму было ў 2006-м). Твор сімвалічна называўся "Праз акіян", было нават некалькі прэзентацыйных канцэртаў цэлай праграмы, але жыццё нібы пераконвала: "Тут і песні роднай не пачуеш". Хоць "Бава" аказалася праектам больш плённым за першы (ці прыгадае хто гурт "Юрась Братчык"?), але ён зноў з'язджаў туды, дзе родная песня не стане перашкодай у творчым лёсе - у Краіну Эмігрантаў.

Праўда, удалечыні ад дому ён працягваў думаць пра Беларусь. Асабліва, пасля гібелі сына ў аўтакатастрофе, і пяток гадоў таму ён здолеў зноў вярнуцца сюды, каб заснаваць дыхтоўна абсталяваную студыю "Everest-Media", дзе мелі гонар запісацца ўжо і "Дзецюкі", і "J-Морс", і "Naka". А яшчэ ён знайшоў тут новую спадарожніцу жыцця - спявачку Аню, якая і стала таксама Крамэр. Спярша выступалі з каверамі класічнага блюзу і кантры пад назвай "Steve Cramer Band", але ўжо ад 2013-га ў розных інтэрнэт- і радыё-плебісцытах пачалі мільгаць уласныя беларускамоўныя хіты праекту з філасофскім назовам "Мерада". Філасофія ў тым, каб адчуваць меру быць сучасным і авангардным без здрады сваёй сутнасці.

І вось "Мерада" выдае альбом "Проста вер". Некалі мы выбіралі ў краме навінкі паводле актуальнага стылю, паводле зорнага статусу. Але цяпер няма актуальнага стылю для ўсіх: ёсць рэптусня, ёсць метал-фаны, панкі, а што ж чакаць ад гурта "Мерада", які выдаў сур'ёзны дэбютны альбом, запісаны ў студыі амерыканскага ўзроўню? Скарыстаемся другім крытэрам: ці можа пакінуць расчараванні альбом, дзе на бубнах у песні "Дзень народзінаў вясны" грае знакаміты металер Аляксей Золатаў ("Divina Enema"), а папытовы студыйны клавішнік Кастусь Гарачы сеў за арган у "Срэбным анёле", ну а на губным гармоніку грае сам Ігар Варашкевіч ("Крама"), сябар Стыва яшчэ з "Бонды" (сл. песню "Адзіны ты"):

У мяне быў адзіны ты,

адзіны ты.

Я цябе ў чужых вачах

шукаю зноў.

Неба глядзіць на нас

блакітным сном.

У мяне быў адзіны ты,

ды я ўжо адна…

Тэксты піша вакалістка Анна Крамэр, таму пазітыўны настрой a-la femme вытрыманы ідэальна ў атмасферы пазітыўнай сумесі блюзу, кантры і фольку ад гартаванага блюз-рокера Стыва (на кантры ён падсеў толькі ў ЗША). Ён грае і на гітарах розных тыпаў, і на мандаліне, і на перкусіі. Дый увогуле ў складзе гурта багаты інструментальны кантынгент: асноўны бубнар Іван Махновіч, асноўны клавішнік Уладзімір Міхновіч, басіст Валеры Дасюкевіч, сола-гітара Генадзя Дульчэўскага. Фрагментарна гучаць акардэон, скрыпка, конгі. Гэткі класічны мелодык-рок-бэнд, дзе вакал грае адметную ролю аб'ёмнага інструмента шырокага дыяпазону. У Ані рэальны спеўны голас, дзе ноты яшчэ важней за манернасць.

Цяпер пералік стыляў мала што гаворыць, але паверце, зачароўваюць творы, якія будзяць рэальную настальгію па часе віртуозных гітарыстаў, дасціпных і непадобных адзін да аднаго вакалістаў, па часе пошуку НОВЫХ рыфаў, НОВЫХ гукаў з сучасных і класічных інструментаў. Каб усё гэта ацаніць, адчуць, трэба быць наслуханым самай рознай музыкай: і наша "Бонда", і брытанскі "Led Zeppelin", і амерыканскі Джымі Хендрыкс… Гартаванае ў Амерыках ды Брытаніях майстэрства Стыва выяўляе гэта на беларускім матэрыяле.

Дзе рака бяжыць

сярод узгоркаў,

Дзе лес шуміць і кліча яр,

Жыве народ Зямлёю Продкаў,

Бароніць іх спакой Ваяр.

Колькі ён шукаў вакалістаў для праекту "Бава", нават мяне вучыў спевам дзеля праекту "Юрась Братчык", а Бог даў яму спадарожніцу Аню, з якой ствараюць мудрыя і вабныя балады. Мо мінула мода на глыбокія песні, але ці маркоціўся Джо Кокер, захапіўшы свет блюз-рокам у час зусім іншай моды (метал, панк, хардкор). Маўляў, не сачы за модай, а стварай яе сам, але больш якасна за папярэднікаў. Менавіта так і навучыўся Стыў рабіць. Ягоныя песні маюць салідны рэйтынг у Польшчы, Расіі, Украіне, а ў Беларусі проста няма радыё для беларускіх песень ("Как я ненавижу этот язык!", - кажуць мясцовыя радыё-дыджэі). Але "Мерада" проста верыць, што не ўсё так дрэнна, як здаецца. Галоўнае, трымацца найвышэйшых крытэраў якасці таго, што сам робіш. Вечны вандроўнік па свеце Стыў Крамэр, як і славуты Адысей, цар Ітакі, знайшоў шуканае менавіта дома. І верыць у тое, што проста "трэба рабіць", як казаў вялікі "Partyzone".

Галоўная тэма дэбютнага альбома "Мерада" - сонца, родны край, вера ў светлыя мары. Цудоўным носьбітам гэтых каштоўнасцяў стаў увесь досвед так упадабанай з юнацтва плыні рок-музыкі, з якой яны не выключаюць і пэўныя знаходкі рэперскіх плыняў, гітарныя рыфы метал-плыні, хоць шчыра адданыя меладычнаму пачатку і традыцыйнай філасофіі свайго народу. І не бяда, што ў тваіх руках класічны рок-альбом баладнага шарму на 45 хвілінаў. Не бяда, бо радасць, якую засведчыла і сонечная вокладка Яўгена Ковэка і Алены Румянцавай з крывіцкім алатыр-каменем (васьмірогам) пасяродку.

Жадаеш добрага настрою і якаснага кайфу ў лайфе, дык слухай настраёвыя балады "Ваяр Святла" (мой кумір), "Дзень народзінаў вясны", "Рака кахання", "Вядзьмак", "Цягнік", "Адзіны ты", "Бывай", "Проста вер" (было б радыё, быў бы прома-хіт для ўсіх), "Няхай вандруе любоў", "Срэбны анёл" (шкада, не ўвайшла ў альбом створаная яшчэ з светлай памяці Змітром Сідаровічам песня "Шыбуе дзядзька ў Вільню"). У іх ты пачуеш усё, што колісь любіў - "Песняры", "Beatles", "Led Zeppelin", "Мрою", "Бонду", родны дом, сонца, чыстае неба над галавой і… "Мерада". Проста вер!

Вітаўт МAРТЫНЕНКА , музычны крытык.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX