Папярэдняя старонка: 2015

№ 31 (1234) 


Дадана: 05-08-2015,
Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 31 (1234), 5 жніўня 2015 г.


Алег Трусаў: Беларуская мова - зброя ў супрацьстаянні Расейскай імперыі

Алег Трусаў і Алена Анісім сустрэліся ў Глыбокім з мясцовымі актывістамі. Яны адзначылі выдатную працу суполкі ТБМ у мястэчку Падсвілле на Глыбоччыне і падзякавалі прысутным за ўдзел у Кангрэсе за незалежнасць і падпісанне Маніфесту ў абарону незалежнасці Беларусі. Як зазначыў старшыня грамадскага аб'яднання "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алег Трусаў, калі беларусы захаваюць мову - яны ніколі не страцяць незалежнасць. Таму трэба прынцыпова размаўляць па-беларуску - гэта самая моцная зброя ў супрацьстаянні Расейскай імперыі.

- Страцім мову - аўтаматычна станем аселіцай Расейскай імперыі. І таму Расея робіць усё магчымае, каб мы гэтую мову страцілі. Пачынаючы з раздзелу Рэчы Паспалітай, Расея траціць шалёныя грошы, каб тут запанаваў "русский мир": і казакі ў нас з'яўляюцца, і папоў праваслаўных прысылаюць, чаго толькі не робяць. Таму што без Украіны і без Беларусі Расейская імперыя не існуе.

Падчас сустрэчы прысутныя абмяняліся падарункамі. Прадстаўнікі галоўнага офісу ТБМ падаравалі глыбачанам беларускамоўныя кнігі, календары і газеты, а глыбачане - магніты з выявамі горада і кнігі мясцовых краязнаўцаў. Адбылася і прэзентацыя першай кнігі "Кароткая гісторыя Міёр" краязнаўца з Мёраў Сяргея Васільева.

Таццяна Смоткіна , Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.


23-ці пленэр Цэнтра імя Язэпа Драздовіча

На сядзібе Рыгора Барадуліна, ва Ўшачах адкрыўся дваццаць трэці пленэр Цэнтра імя Язэпа Драздовіча. Туды прыехала каля трыццаці беларускіх мастакоў, таксама ёсць і госць з Кітая Сянь Шаў. Ён разумее беларускую мову, нядрэнна ёй валодае і ў захапленні ад беларускай прыроды. Сярод вядомых беларусаў на імпрэзе прысутнічалі Алесь Марачкін, Валянціна Барадуліна, Святлана Баранкоўская ды іншыя. На пачатку мерапрыемства галоўны арганізатар пленэра Ада Райчонак выказала словы падзякі ўсім прысутным за падтрымку, у тым ліку прадстаўнікам Ушацкага райвыканкама.

- Думаю, што наш пленэр будзе плённы. Мы вельмі хочам, каб пленэр паклаў пачатак музею нашага любімага паэта Рыгора Барадуліна.

Пленэр ва Ушачах будзе працаваць тыдзень. Па яго заканчэнні там зладзіцца выстава, а потым і ў іншых гарадах Беларусі. Маладыя ж скульптары Элеанора Данэсевіч і Яўген Малыш абяцаюць зрабіць з дрэва з керамічнымі ўстаўкамі выяву Рыгора Барадуліна, якая будзе знаходзіцца ў будучым музеі паэта.

Тацяна Смоткіна , Беларускае Радыё Рацыя.


175 гадоў з дня нараджэння Альгерда Абуховіча-Бандынэлі

Альгерд Рышардавіч АБУХОВІЧ-БАНДЫНЭЛІ (25 ліпеня (6 жніўня) 1840, Калацічы, Бабруйскі павет, цяпер - Глускі раён, Магілёўская вобласць - 22 жніўня 1898, Слуцк) - беларускі паэт, перакладчык.

Паходзіў з шляхецкай сям'і Рышарда і Караліны Абуховічаў, звязанай па жаночай лініі з італьянскім графскім родам Бандынэлі.

У 1852-1854 вучыўся ў Слуцкай кальвінскай гімназіі. Прыкладна ў 1855 выехаў за мяжу. Спачатку жыў у Жэнэве, дзе ўзмацнілася яго цікавасць да кальвінізму. Потым перабраўся ў Францыю. У гэты час ён пабываў амаль ва ўсіх еўрапейскіх краінах і ўдасканаліў свае веды ў ангельскай, французскай, нямецкай і італьянскай мовах. Пазней гэта паспрыяла ягонай працы як перакладчыка.

У канцы 1862 г. або ў пачатку 1863 г. Абуховіч вярнуўся на Беларусь. Удзельнічаў у паўстанні 1863-1864 гг., быў сасланы ў Сібір. Па вяртанні хацеў раздаць сваю зямлю сялянам, аднак праз супраціў сям'і пакінуў маёнтак, парваў адносіны з сваімі роднымі і пасяліўся ў Слуцку, дзе займаўся рэпетытарствам і літаратурай.

У Слуцку вакол яго сабралася творчая моладзь, будучыя ўдзельнікі незалежніцкага руху, у тым ліку Язэп Дыла і Пётр Карповіч.

Адзін з пачынальнікаў (разам з Ф. Багушэвічам) жанру байкі ў беларускай літаратуры ("Ваўкалак", "Старшына", "Сход", "Суд", "Воўк і ліса", першыя дзве надрукаваныя ў "Беларускім календары" 1915 года. Пісаў у рэчышчы крытычнага рэалізму. Пры жыцці не меў магчымасці друкавацца, таму захавалася толькі невялікая частка яго твораў. Напісаў мемуары (надрукаваныя ў газеце "Гоман", 1916). Вёў дыскусію з Ф. Багушэвічам аб пурызме і дыялектнай аснове беларускай мовы. У Слуцку яго імем названа вуліца.

У якасці перакладчыка Альгерд Абуховіч узбагаціў беларускую літаратуру творамі Ё.В. Гётэ ("Фаўст"), Ф. Шылера ("Разбойнікі"), Дж. Байрана, Дантэ, В. Гюго, А. Пушкіна, М. Лермантава, А. Міцкевіча і інш. Рукапісы не захаваліся.

Вікіпедыя.


Шклоў зноў стаў беларускім

У Шклове на геральдычным знаку памянялі шыльду. Паводле краязнаўца Аляксандра Грудзіны, на новай шыльдзе назва горада напісана на беларускай і расейскай мове.

На старой, якая таямніча знікла, беларускамоўнага адпаведніка назвы горада не было, што выклікала крытыку рупліўцамі беларускай мовы ў бок мясцовага чынавенцтва.

Хаця год заснавання пададзены не дакладна. Паводле гістарычных крыніц, у гэты год Шклоў быў захоплены і спалены расейскім ваяводам В. Шуйскім. Афіцыйна гэтую падзею і звязваюць з заснаваннем горада. Але яшчэ ў 1520 годзе яго апісаў аўстрыйскі дыпламат Сыгізмунд фон Гербэрштэйн.

Радыё Свабода.


АЗОРАНЫ ТАЛЕНТ

Памяці Максіма Танка

Дваццаць гадоў прамінула пасля таго, як пайшоў з жыцця (7 жніўня 1995 г.) выдатны беларускі паэт, грамадскі і дзяржаўны дзеяч, акадэмік НАН Беларусі Максім Танк (Яўген Іванавіч Скурко). Гэта была ўнікальная асоба ва ўсім грамадска-культурным развіцці Беларусі. М. Танк характарызаваўся надзвычай рэдкімі душэўна-чалавечымі якасцямі: яго вызначалі шчырасць і дабрадушнасць, высакароднасць і сціпласць, сумленнасць і адказнасць.

Колькі разоў ён мне гаварыў пра тое, што хоча перапісаць паэму "Нарач", бо яна яму не ўдалася, перапрацаваць многія свае вершы, бо яны слабыя. І гэта пры тым, што паэму "Нарач" высока ацанілі айчынная і замежная крытыка і літаратуразнаўства, а пра такія "слабыя" вершы маглі б толькі марыць многія сучасныя беларускія паэты. Яўген Іванавіч неаднаразова адзначаў, што я перахваліў яго ў сваёй манаграфіі "Максім Танк і сучасная беларуская лірыка". І гэта ў той час, калі кнігу ў цэлым вельмі прыхільна, без асаблівых крытычных заўваг прынялі нашы спецыялісты. А чаго варта ацэнка паэтам сваёй заходнебеларускай творчасці, дадзеная ім у дзённікавых нататках "Лісткі календара". "З жахам агледзеўся, што мне мінула 27 год! - запісаў ён 29 верасня 1939 года. - А ў мяне толькі некалькі зборнікаў вершаў, сярод якіх 75 працэнтаў слабых, 20 працэнтаў - сярэдніх і толькі 5 працэнтаў - добрых. Няма чым хваліцца".

М. Танк адмаўляўся ад усіх пасад, якія яму прапаноўвалі: і ад пасады старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў, і ад пасады старшыні Вярхоўнага Савета БССР, і ад пасады віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук. Адмаўляўся таму, што хацеў засяродзіцца на творчай працы, якая прыносіла яму вялікае маральнае задавальненне. Аднак сціпласць, сумленнасць і адказнасць Танка высока цаніла рэспубліканскае кіраўніцтва і яму ў большасці выпадкаў удавалася пераканаць паэта ў неабходнасці згадзіцца з той ці іншай кадравай прапановай, а фактычна - з рашэннем зверху.

Будучы галоўным рэдактарам часопіса "Полымя", М.Танк заўсёды выкрэсліваў сваё імя ў матэрыялах, дзе яно фігуравала ў кантэксце пахвалы і кампліментаў. Лічыў, што друкаваць іх у такім выглядзе - не вельмі этычна для кіраўніка выдання. Свае вершы ў часопісе паэт змяшчаў толькі раз на год, не часцей.

Ён саромеўся насіць свае дзяржаўныя ўзнагароды, саромеўся таго, што іх у яго шмат. Ніхто ніколі не чуў ад М. Танка, што ён з'яўляецца Героем Сацыялістычнай Працы, акадэмікам Акадэміі навук Беларусі. "Ён быў такі, - прызнаваўся падчас адной з нашых сустрэч і гутарак сын народнага паэта Максім Яўгенавіч, - што ніколі ўперад не палезе, ніколі сам дзесьці ў прэзідыуме не сядзе. Гэта толькі калі абставіны вымагаюць, калі пранумараваныя месцы, з указаннем прозвішчаў канкрэтных асоб…"

Максім Танк неаднойчы раіў мне пісаць не так пра яго, як пра некаторых іншых паэтаў Заходняй Беларусі, у прыватнасці, пра Валянціна Таўлая, Сяргея Крыўца, Ганну Новік, якіх несправядліва забылі, пра ўдзельнікаў народна-вызвольнага руху, людзей таленавітых, сумленных і ахвярных. Ён вельмі клапаціўся пра тых, з кім некалі разам уваходзіў у літаратуру, з кім працаваў у камуністычным падполлі. Пра заходнебеларускіх падпольшчыкаў ён заўжды гаварыў цёпла, прачула, нават сентыментальна. Было бачна (ды ён і не хааў гэтага), што яны для паэта - дужа дарагія людзі.

Паказчыкам падкрэсленай сціпласці паэта з'яўляецца тое, што ён прасіў пахаваць яго не ў Менску, а на Мядзельшчыне, на Слабадскіх могілках, дзе пахаваны яго бацькі, родныя і блізкія. У тастаманце ён прасіў хаваць яго без ордэнаў, музыкі і прамоў, не ставіць на магіле помніка, не надаваць яго імя ўстановам і мясцінам.

У школу ён пайшоў у бежанстве ў Маскве. Вывучаючы расейскую мову і літаратуру, палюбіў творы Пушкіна, Някрасава, Гогаля, Горкага, некаторых іншых пісьменнікаў. Вярнуўшыся з уцякацтва, працягваў вучобу ў польскіх пачатковых школах: спачатку ў Шкленікава, пасля ў Сватках. Тут ён пазнаёміўся з польскай класікай - Міцкевічам, Славацкім, Сянкевічам, Ажэшкай…

Тое, што М. Танк пазнаёміўся спачатку з рускай літаратурай, затым з польскай і толькі пасля з беларускай, абвастрыла ў ім пачуццё нацыянальнага, якое прывяло яго ў шэрагі актыўных удзельнікаў народна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі. Малады Яўген Скурко вучыўся ў чатырох гімназіях, аднак ніводнай з іх не закончыў: Вілейскую расейскую закрылі польскія ўлады, з Радашковіцкай беларускай і Віленскай беларускай ён быў адлічаны за непадпарадкаванне адміністрацыі і ўдзел у забастовачным руху пратэсту, а падчас навучання ў Віленскай расейскай паэта-пачаткоўца непасрэдна ў класе арыштавала польская паліцыя і кінула ў Лукішкі.

Антыномы і парадоксы жыццёвага лёсу Максіма Танка заключаюцца ў тым, што ён быў народным паэтам БССР, акадэмікам Акадэміі навук Беларусі, аднак не толькі не меў вышэйшай адукацыі, але і закончанай сярэдняй.

М. Танк працаваў інструктарам ЦК камсамолу Заходняй Беларусі, неаднаразова арыштоўваўся польскай дэфензівай і знявольваўся ў турму. У гады вайны служыў у франтавым друку, паскорана адаптаваўся да новых для яго савецкіх грамадска-сацыяльных умоў і парадкаў. У пасляваенны перыяд Максім Танк працаваў на адказных дзяржаўных пасадах. На працягу 18 гадоў (з 1948 па 1966) паэт кіраваў вядучым беларускім літаратурна-мастацкім часопісам "Полымя", на працягу 24 гадоў (з 1966 па 1990) узначальваў на той час вельмі аўтарытэтную, сацыяльна значную арганізацыю - Саюз пісьменнікаў Беларусі. 24 гады (з 1947 па 1971) ён з'яўляўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, 20 гадоў (з 1969 па 1989) - дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР. М. Танк працаваў старшынём Вярхоўнага Савета БССР VІ і VІІ скліканяў (1963 - 1971).

Такой жыццёвай біяграфіі не мае ніводзін пісьменнік у гісторыі новай беларускай літаратуры.

Сінтэз рэдкага чалавечага характару і яркага мастацкага таленту, а таксама ўнікальнай жыццёвай біяграфіі абумовіў вялікія творчыя здабыткі Максіма Танка.

Выхад першага зборніка вершаў "На этапах" (1936), дарэчы, адразу канфіскаванага польскай паліцыяй, зрабіў М. Танка зоркай першай велічыні на небасхіле паэзіі Заходняй Беларусі. Духоўна-мастацкая свядомасць паэта актывізавалася балючай думкай пра зняволены родны край, спакутаваную зямлю, прыгнечаны і занядбаны беларускі народ:

Хто пачуў

тваю песню жалезную,

Хто астрожную

скаргу пачуў?

Беларусь,

твае далі бязмежныя

Ўскалыхнуць сваёй песняй хачу!

("Хто пачуў тваю песню жалезную…")

Ідэйна-эстэтычныя пошукі маладога М. Танка вызначаліся экспрэсіўнасцю светаадчування, свежасцю і вастрынёй мыслення, рамантызаваным выяўленнем суровага рэалізму часу.

Паэзія М. Танка 1930-х гадоў - гэта паэзія чорных скіб, шурпатых далоняў, незагойных ран, паэзія гневу і бунту. Характэрная летуценнасць, душэўная высакароднасць спалучаліся у ёй з унутранай адмабілізаванасцю, наступальнай бескампраміснасцю, балючым драматызмам.

Вялікае месца ў творчасці М. Танка належала такім ёмістым сацыяльна-маральным катэгорыям, як матчына песня, родныя загоны, муры і краты, вясна-перамога, звон кайданаў і інш. Яны ўвасаблялі характэрныя рысы грамадскага жыцця Заходняй Беларусі, духоўна-сацыяльнай свядомасці народа. Гэтыя катэгорыі раскрывалі вызначальныя асаблівасці беларускага нацыянальнага лёсу.

Але на поўную сілу творчая індывідуальнасць Максіма Танка раскрылася ў пасляваенны перыяд.

У 1960 - 1980-я гады паэт сцвердзіў у беларускай літаратуры такія ідэйна-мастацкія кірункі, як паэтызацыя спаконвечных зямных асноў народнага жыцця, духоўна-маральных каштоўнасцяў працоўнага асяроддзя, працы хлебароба, аратага, сейбіта, філасоф-скааналітычнае асэнсаванне складанай і супярэчлівай дыялектыкі прыватных з'яў і гістарычных працэсаў, шматстайнай прычынна-выніковай сувязі асобы і грамадства, раскаванасць мастацкага мыслення, набліжэнне мовы паэзіі да мовы прозы, умоўна-асацыятыўная вобразнасць і інш.

Зборнікі вершаў М. Танка "Мой хлеб надзённы" (1962), "Глыток вады" (1964), "Перапіска з зямлёй" (1967), "Хай будзе святло" (1972), "Дарога, закалыханая жытам" (1976), "Прайсці праз вернасць" (1979), "За маім сталом" (1982) і іншыя вызначаюцца арганічным спалучэннем маштабнасці гістарычнага мыслення, шырыні духоўна-сацыяльных даляглядаў і пластыкі прадметнага аналізу, прыватнай канкрэтыкі з'яў і рэчаў. У іх філасофска-аналітычная медытацыя суседнічае з грамадзянска-патрыятычным характарам мастацкага дыскурсу, прамоўніцка-публіцыстычны пафас дапаўняецца тонкай іроніяй і знішчальнай сатырай.

Зборнік вершаў паэта "Каб ведалі" быў адзначаны Дзяржаўнай прэміяй СССР (1948), зборнік "Мой хлеб надзённы" - Дзяржаўнай прэміяй БССР імя Янкі Купалы (1966), а кніга паэзіі ў перакладзе на рускую мову "Нарочанские сосны" (Масква, 1977) - Ленінскай прэміяй (1978).

М. Танк пакінуў пасля сябе дзясяткі арыгінальных паэтычных кніг, кожная з якіх фактычна з'яўляецца этапнай у гісторыі беларускай літаратуры ХХ ст. Паэту належаць творы непрамінальнай красы і надзвычайнай эмацыянальнай сілы ўздзеяння: "Спатканне", "Паслухайце, вясна ідзе…", "Песня кулікоў", "Адказ", "Тры песні", "Родная мова", "Каб ведалі", "Люцыян Таполя", "Антон Нябаба", "Рукі маці", "Станцыя Княгініна", "Ave, Maria", "Мне здаецца" і іншыя. Без ніякіх сумненняў, яны зрабілі б гонар любой нацыянальнай культуры свету, упрыгожылі б любую, самую элітарную, анталогію. Вершы М. Танка перакладалі найлепшыя перакладчыкі. Яго кнігі выдаваліся ў Расіі, ва Ўкраіне, у Прыбалтыцы, Польшчы, Балгарыі, Чэхаславакіі, Югаславіі, Кітаі і іншых краінах.

Каля дзесяці гадоў побач з Максімам Танкам, старшынём праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, першым сакратаром рэспубліканскай літаратурнай арганізацыі працаваў Ніл Гілевіч. У сваім артыкуле "Яму на нашай зямлі належыць вечнасць", прысвечаным развітанню з народным паэтам Беларусі, ён падкрэсліў: "Максім Танк - паэт несумненна ўсясветнага маштабу і значэння, і менавіта таму, што ён вялікі паэт беларускі, вялікі мастак слова нацыянальны. Кожны беларускі паэт, вядома ж, беларускі - і па мове, і зместам. Але, думаю, што пасля Купалы і Коласа ў найбольшай меры беларускім паэтам ёсць Максім Танк". І далей: "Не ведаю, у чыіх кнігах нашых сучаснікаў можна знайсці столькі Беларусі і беларускасці, можна так адчуць прыродны і векавечны дух нашай Бацькаўшчыны, як у ягоных. Яго неабсяжны свет паэзіі найпаўней увабраў у сябе ўсе фарбы і колеры роднай зямлі, водар і пах яе кожнай зёлкі-былінкі, звоны-перазвоны яе ручаёў-крыніц і шумы-пошумы яе бароў-лясоў, яе нарачанскіх сосен, гэтаксама як і ўсе адметнасці беларускай сялянскай хаты, беларускага вясковага і не толькі вясковага двара, беларускай нівы. Само сабою - і ўвесь водар, і ўсе фарбы-колеры роднага беларускага слова. А самае галоўнае - і ўсе думы працоўнага Беларуса, усе яго пачуцці і душэўныя клопаты, усе яго перажыванні, радасці і трывогі, драмы і трагедыі. Іншымі словамі - лёс беларускага народа, лёс Бацькаўшчыны. I пры гэтым - сучасны еўрапейскі ўзровень мыслення, высокая інтэлектуальнасць - у спалучэнні з традыцыйнай жыццёвай мудрасцю народных глыбінь, чароўная святлынь няпісанай народнай маралі, людскасці і дабрыні".

Максім Танк - класік беларускай літаратуры, выдатны еўрапейскі паэт. Ён належыць да ліку вельмі нямногіх нашых пісьменнікаў, каму магла быць прысуджана знакамітая Нобелеўская прэмія па літаратуры. Па сіле і размаху прыроднага дару, ідэйна-мастацкага мыслення, сцвярджэнні спаконвечных асноў народнага жыцця, па адмысловай якасці і самабытнасці рэалізацыі ў слове высокай эстэтыкі чалавечага духу Максім Танк не мае сабе роўных у беларускай паэзіі. Па гэтых асаблівасцях ён пераўзыходзіць многіх вядомых і аўтарытэтных еўрапейскіх пісьменнікаў.

Гэта быў дар ад Бога. Унікальны чалавек, непаўторны паэт, таленавіты арганізатар літаратурна-мастацкага працэсу, каларытная, дзяржаўная асоба. Ён жыў самымі светлымі думкамі і ідэямі, якімі можа жыць чалавек, і пакінуў яркі след у душах і сэрцах сваіх суайчыннікаў, у гісторыі роднай Беларусі.

Мікола Мікуліч , кандыдат філалагічных навук, загадчык аддзела ўзаемасувязей літаратур Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.


Microsoft дабраўся да беларускай мовы

Сусветны лідар у вытворчасці праграмнага забеспячэння, кампанія Microsoft дадала да беларускамоўнай версіі пакета офісных праграм Microsoft Office аўтаматычную праверку правапісу.

Усталяваць беларускую мову можна разам з новым пакетам офісных праграм Office 2016, дэмаверсія якога бясплатна спампоўваецца на сайце Microsoft. У ранейшай версіі (2013), таксама ёсць беларускі інтэрфейс, але няма праверкі правапісу.

Пра тое, ці будуць актыўна карыстацца беларускамоўнай версіяй тэкставага працэсара, узброенага функцыяй аўтаматычнай праверкі арфаграфіі, і ці паўплывае беларусізацыя самага папулярнага офіснага пакета на колькасьць тых, хто ўсталёўвае беларускамоўны інтэрфейс, Радыё Свабода запытала ў перакладчыкаў і мовазнаўцаў.

Мовазнавец Уладзімір Кошчанка кажа, што аперацыйная сістэма Windows мае беларускамоўны інтэрфейс ужо некалькі год. Адметнасць новай версіі Office 2016 - у тым, што вытворца анансаваў сістэму праверкі арфаграфіі, якая мае быць уключаная ў тэкставы працэсар Microsoft Word. Праўда, пакуль што гэтая функцыя не актывізаваная.

Але, на думку спецыяліста, казаць, што такім чынам выкарыстанне беларускай мовы ў кампутарных праграмах значна пашырыцца, не выпадае - доля беларусаў, якія ставяць беларускія версіі праграмаў, не перавышае некалькіх працэнтаў.

- Тое, што ідзе беларусізацыя, гэта станоўчы факт. Чым больш беларускай мовы, тым лепш. Іншае пытанне: колькі людзей усталёўвае беларускую мову на кампутар? Напрыклад, беларускамоўны інтэрфейс аперацыйнай сістэмы мае зусім невялікі працэнт беларусаў - карыстальнікаў інтэрнету. Вельмі часта бачыш, што людзі ў сацыяльных сетках, пішучы па-беларуску і дэкляруючы падтрымку беларускай мовы, выкарыстоўваюць расейскую раскладку. Гэта ў некаторым сэнсе нават абражае. А беларуская мова даступная для ўсіх тэлефонаў - і для тых, што на "Андроідзе", і для айфонаў. Было б жаданне паставіць. Калі ёсць жаданне, то чалавек заўсёды знойдзе спосаб, як паставіць беларускую раскладку.

Спецыяліст у галіне перакладаў Віталь Станішэўскі перакананы, што беларуска-моўная версія Office запатрабаваная, але важна, каб карыстальнікі прадэманстравалі гэта кампаніі-вытворцу.

Радыё Свабода.


Прозвішчы Беларусі. Частка III. Найменні знакамітых людзей (паводле беларускага друку)

(Заканчэнне. Пачатак у папяр. нумарах.)

Найдзюк (Язэп Н.) - вытвор з суфіксам -юк ад антрапоніма Найда і значэннем 'нашчадак названай асобы': Найдз-юк . ФП: найда 'знаходка, здабыча' (Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі) - Найда (мянушка, затым прозвішча) - Найдзюк .

Наканечная (Фаіна Н.) - семантычны вытвор ад апелятыва-прыметніка наканечны (- ая ) 'які знаходзіцца на канечнай мясціне' (Паводле тэксту намінанткі ў яе апавяданні "Чорная птушка" - 'дзе заканчваецца го-рад і пачынаецца вёска').

Нерад (Надзея Н.) - семантычны вытвор ад апелятыва нерад - нуль-суфіксавае ўтварэнне ад не родзіць : нерод - н е рад 'тое, што не ўрадзіла'. Або ад стараж. неряд 'беспарадак, распуста' (Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі).

Нераток (Юрась Н.) - семантычны вытвор ад апелятыва нераток - памянш.-ласк. (суф -ок ) да нерат невялікі - 'рыбалоўная снасць канічнай формы ў выглядзе сеткавай камеры, нацягнутай на драўляны каркас, з кароткім конусава-падобным уваходам'.

Нікіфароўскі (Фёдар Н.) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Нікіфароўка і значэнннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Нікіфа-роўскі . ФП: Нікіфар (імя) - Нікіфароўка - Нікіфароўскі .

Орда (Міхаіл О.) - семантычны вытвор ад апелятыва арда ('у старажытнасці ў цюрскіх вандроўных народаў: род дзяржаўнага аб'яднання', а таксама (перан.) 'натоўп, банда, зграя'). Магчыма, паводле напісання орд а (рас.), якое ад цюрк. оrdu 'палатка хана'. Або для адмежавання ад апелятыва арда , што фіксуецца "Падручным гістарычным слоўнікам субстантыўнай лексікі" (Мінск, 2013). Орда 'дзяржаўнае аб'яднанне качавых плямёнаў, племя качэўнікаў, войска качэўнікаў'.

Пузевіч (Ігар П.) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Пуза і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пуз-евіч . ФП: пуза ('тое, што і жывот') - Пуза (мянушка, затым прозвішча) - Пузевіч .

Пуз ы ня (Уладзімір П.) - семантычны вытвор ад апелятыва пузыня - найменне жаночай асобы з фармантам -ыня ад пуза 'тое, што і жывот', а так-сама 'пра тоўстага чалавека'. Параўн.: структурна аналагічнае спадар-ыня , граф- і ня , манарх- і ня .

Пукштанскі (Іван П.) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Пукштаны і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Пукштан-скі .

Пушкарэвіч (Канстанцін П.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Пушкар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пушкар-эвіч . ФП: пуш-кар ('артылерыст') - Пушкар (мянушка) - Пушкар (прозвішча) - Пушкарэвіч .

Пытлева (Кацярына П.) - форма прыметніка з фармантам -ева ад антрапоніма Пыталь і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пытл-ева . ФП: пыталь ('пытляваная мука - дробна размолатая і прасеяная', а таксама 'печыва з такой мукі (хлеб жытні)' - Пыталь (мянушка) - Пыталь (прозвішча) - Пытлева .

Пякарскі (Аляксандр П., Фларыян П.) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Пекары і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Пекар-скі . ФП: пекар ('спецыяліст, які займаецца выпечкай хлеба') - Пекар (мянушка, затым прозвішча) - Пе-кары (тапонім) - П е карскі - Пякарскі.

Рагалевіч ( Іван Р.) - вытвор з акцэнтаваным суфіксам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Рагаль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рагал-евіч . ФП: рагаль (< рас. рогаль 'рагач') - Рагаль (мянушка) - Рагаль (прозвішча) - Рагалевіч .

Рагалёў (Уладзімір Р.) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -еў ад антрапоніма Рагаль / Рогаль і значэннем 'нашчадак названай асобы': Рагал-ёў . ФП: рог ('цвёрды выраст з касцявога рэчыва на галаве ў некаторых жывёл', а таксама 'востры загнуты канец чаго-небудзь') - рагаль / рогаль ('рагач' - самец аленя, лася і некаторых іншых жывёл, а таксама 'раганосец') - Рагаль / Рогаль (мянушка, за-тым прозвішча) - Рагалёў / Ро-галеў.

Ральнік і Рольнік (Адам Ф., Эдмунд Р.) - семантычны вытвор ад апелятыва рольнік 'земляроб' (Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі. 2013).

Ржэцкая (Марыя Р.) - вытвор з фармантам -цкая ад тапоніма Ржэўнік і значэннем 'народзінка, жыхарка названага паселішча': Ржэ-цкая . ФП: ржэўнік ('тое, што і ржышча') - Ржэўнік (паселішча) - Ржэ-цкая .

Ручыц (Ірына Р.) - другасная форма, першасная Ру-чыч - вытвор з суфіксам бацькаймення -ыч ад антрапоніма Рука і значэннем 'нашчадак названай асобы': Руч(к/ч)-ыч . У выніку дысіміляцыі (распадабнення) зычных асновы і суфікса чч стала чц : Ручыч - Ручыц . ФП: рука ('верхняя канечнасць чалавека ад плечавога сустава да канца пальцаў', а таксама (перан.) 'пра чалавека, які можа пасадзейнічаць, аказаць пратэкцыю, падтрымку каму-небудзь') - Рука (мянушка) - Рука (прозвішча) - Ручыч - Ручыц.

Рычага (Рыгор Р.) - магчымы вытвор ад апелятыва рычаг ('стрыжань для ўраўнаважання большай сілы з дапамогай меншай', а таксама 'дэталь розных машын, звычайна ў выглядзе стрыжня, які служыць для рэгулявання чаго-небудзь, для кіравання чым-небудзь'), які набыў ролю мянушкі, а затым прозвішча. Для адмежавання ад апелятыва - форма жаночага роду. Або вытвор з фармантам -ага ад рас рычать 'гыркаць, раўці'- ры-чага 'равун','гыркун' (той, хто гыркае). Параўн. прозвішча (рас.) Рычагов .

Сагановіч (Ларыса С.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Саган і значэннем 'нашчадак названай асобы': Саган-овіч . ФП: саган ('чыгунны кацёл для стравы') - Саган (мянушка) - Саган (прозвішча) - Сагановіч .

Сіпловіч (Аляксандр С.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам -овіч ад антрапоніма Сіплы і значэннем 'нашчадак названай асобы'. Сіпл-овіч . ФП: сіплы ('прыглушана-хрыплы з прысвістваннем і лёгкім сіпеннем') - Сіплы (мянушка) - Сіплы (прозвішча) - Сіп-ловіч .

Скамарошчанка (Адам С.) - вытвор з фарман-там -анка ад антрапоніма Ска-марошка і значэннем 'нашча-дак названай асобы': Скама-рошч-(к/ч)-анка. ФП: скама-рох ('у Старажытнай Русі: спявак-музыкант, вастраслоў і ак-рабат') - скамарошка ('асоба жаночага полу', фармант -ка ) - Скамар о шка (мянушка, затым прозвішча) - Скамарошчанка .

Скачкоўскі (Анатоль С., Зігмунд С.) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Ско-чкі/ Скачкі і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча, мясцовасці': Скачк- оўскі . Або ад антрапоніма Скочка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Скачк-оўскі . ФП: скоч-ка ('блыха') - Скочка (мянушка, затым прозвішча) - Скачкоў-скі .

Сланеўскі ( Ігар С.) - вытвор з фармантам -еўскі ад тапоніма Сланы і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Слан-еўскі . ФП: слон ('буйная траваедная млекакормная жывёліна з доўгім хобатам і двума біўнямі, якая жыве ў трапічнай Афрыцы і Азіі', а таксама 'шахматная фігура, якая можа перамяшчацца на любую колькасць клетак па дыяганалі', 'аб тоўстым непаваротлівым чалавеку') - Слон (мянушка) - Слон (прозвішча) - Сланы ('паселішча з асобымі з прозвішчамі Слон ) - Сланеўскі .

Слёзка (Міхаіл С.) - семантычны вытвор ад апелятыва слёзка - утварэння з фармантам -ка ад сляза 'празрыстая саленаватая вадкасць, якая выдзяляецца слёзнымі залозамі вачэй', а таксама 'адна кропля такой вадкасці'.

Слёзнік (Андрэй С.) - семантычны вытвор ад апелятыва слёзнік 'чалавек з слязістымі вачамі' (утварэнне: слёз-нік ).

Сліжэўскі ( Віталь С.) - вытвор з фармантам -эўскі ад тапоніма Сліжы і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Сліж-эўскі . ФП: сліж ('рыба галец' - а таксама 'слімак') - Сліж (мянушка, за-тым прозвішча) - Сліжэўскі .

Смактуноўскі (Зыгмунд С.) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Смактуны і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Смак-туноўскі . ФП: смактун ('чарвяк-паразіт, які жыве на скуры і жабрах рыб, а таксама ва ўнутраных органах жывёлы і чалавека') - Смактун (мянушка, затым прозвішча) - Смактуны (паселішча з такім прозвішчам) - Смактуноўскі .

Смалянчук (Аляксандр С.) - вытвор з суфіксам -чук ад антрапоніма Смалян і значэннем 'нашчадак названай асобы': Смалянчук . ФП: сма-л я ны ('падобны на смоль, чарнамазы, чарнявы') - смалян (асоба з рысамі, абазначанымі прыметнікам смаляны ) - Сма-лян (мянушка) - Смалян (прозвішча) - Смалянчук .

Смаршчок (Яўген С.) - семантычны вытвор ад апе-лятыва (рэг.) смаршчок 'смаржок'. Лексема смаршчок бытуе ў беларускай народнай мове, украінскай, расійскай.

Смоліч (Аляксандр С.) - вытвор з фармантам бацькаймення -іч ад антрапоніма Смала і значэннем 'нашчадак названай асобы': Смол-іч . ФП: смала ('ліпкі пахучы сок, які выдзяляецца хваёвымі раслінамі', а таксама 'пра назойлівага, надакучлівага чалавека') - Смала (мянушка) - Смала (прозвішча) - Смоліч .

Снігір (Адам С.) - семантычны вытвор ад апелятыва снегір / снягір 'невялікая лясная пеўчая птушка сямейства ўюрковых з чырвонай афарбоўкай пер'я на грудзях (у самцоў)'; 'гіль'. Форма Снігір - вынік асіміляцыі галосных ( е - і ) або адмежаванне ад апелятыва сн е гір / снягір .

С о сна ( Уладзімір С.) - семантычны вытвор ад апелятыва с о сна (рас.) 'вечназялёнае дрэва сямейства хваёвых, якое расце пераважна на пясчаных глебах, вызначаецца простым высокім ствалом і доўгай ігліцай'. Або вынік адмежавання ад апелятыва сасн а .

Стагановіч (Тамара С.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Стаган і значэннем 'нашчадак названай асобы': Стаган-овіч . ФП: ста-ган (насякомае - 'макрыца' - П.У. Сцяцко. Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны) - Ста-ган (мянушка, затым прозвішча) - Стагановіч .

Станюта (Стэфанія С.) - народна-гутарк. форма з элементам -юта ад імя Стані-слаў (Стан-юта) набыла ролю прозвішча.

Стома (Вячаслаў С., Мікалай С.) - семантычны вы-твор ад апелятыва стома 'зморанасць ад цяжкай працы ці якога-небудзь занятку'.

Сухадольскі (Райнальд С.) - вытвор з фармантам -скі ад тапоніма Сухадол (< сухі дол ) і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясцовасці, паселішча': Сухадоль-скі .

Сядзельнік (Валерый С.) - семантычны вытвор ад дыялектнага сядзельнік - эквівалента літарат. сёдзельнік 'майстар, які робіць сёдлы' (ТСБМ). ФП: сядло ('частка збруі для верхавой язды конніка' ,'скураное сядло на ровары, матацыкле') - сёдзельнік (асабовы назоўнік 'майстар') - Сё-дзельнік (мянушка) - Сядзель-нік (прозвішча). Магчымы варыянт рас. Седельник (бел. эквівалент сёдзельнік ).

Хвіланчук (Ягор Х.) - вытвор з суфіксам -чук ад ант-рапоніма Хвілон і значэннем 'нашчадак названай асобы': Хві-лан-чук . ФП: філон ('пагард. лодар, гультай') - хвілон ('тое, што і філон ' з перадачай іншам. гука "ф" белар. "хв" (параў.: Хведар (< Федар) - Філон (мянушка, затым прозвішча) - Фі-ланчук - Хвіланчук . Або ад імені Філімон - Хвіліманчук - Хві-ланчук .

Хмялеўскі (Багдан Х.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам -еўскі ад тапоніма Хмелі/Хмель і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Хмел-еўскі - Хмялеўскі . ФП: хмель (расліна) - Хмель (тапонім) - Хмелеўскі - Хмя-леўскі.

Худобін (Сягей Х.) - утварэнне з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Ху-доба і значэннем 'нашчадак названай асобы': Худоб-ін . ФП: худоба ('свойская жывёла' (разм.) - худобіна ('пра адну буйную свойскую жывёлу') - Худоба (мянушка, затым прозвішча) - Худобін . Або ад худоба ( худоба 'пра худога, кашчавага чалавека ці жывёлу') - Худоба (мянушка, затым прозвішча) - Худобін .

Цагельнік (Аляксандр Ц. ) - семантычны вытвор ад апелятыва цагельнік 'рабочы, які працуе на цагельні, вырабляе цэглу'.

Чайчыц (Іван Ч.) - другасная форма, першасная Чайчыч - вытвор з фармантам бацькаймення -іч ад антрапоніма Чайка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Чайч (к/ч)-ыч . ФП: чайка ('вадаплаўкая пералётная птушка сямейства чайкавых з густым, шчыльным пер'ем', а таксама 'пласкадонная лодка', 'старажытны парусны човен') - Чайка (мянушка) - Чайка (прозвішча) - Чайчыч - Чайчыц (дысіміляцыя зычных: ч/ц ).

Шапавалаў (Ігар Ш. ) - вытвор з прыналежным суфіксам -аў ад антропоніма Ша-павал і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шапавал-аў . ФП: шапавал ('рабочы, які працуе на шапавальнай машыне' або 'майстар, які вырабляе валяннем шэрсці (воўны) капелюшы і іншыя рэчы') - Шапа-вал (мянушка ) - Шапавал (прозвішча) - Шапавалаў .

Шаравар (Мікалай Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва шаравар ( шара-варка ) 'павіннасць па рамонце дарог' (пры польскай уладзе. - П. Сцяцко. Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны). Або вытвор адзіночнага ліку ад шаравары 'шырокія штаны асобага крою, што засоўваюцца ў халявы' ці 'род шырокіх штаноў на гумках унізе' - ша-равар 'пра чалавека ў шараварах'.

Шарыч (Васіль Ш.) - вытвор з фармантам бацькаймення -ыч ад антрапоніма Шары і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шар-ыч. ФП: шары (рэг. 'шэры') - Шары (мянушка, затым прозвішча) - Шарыч .

Шарэцкі (Віктар Ш., Сямён Ш. ) - вытвор з фармантам прэстыжнасці -эцк і ад антрапоніма Шары і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шар-эцкі . Або ад тапоніма Ша-ры / Шаракі і фарманта -эцкі / -скі : Шар-эцкі / Шарэц-кі .

Шахоўскі (Андрэй Ш., Якель Ш.) - вытвор з фармантам -оўскі/-скі ад тапоніма Шахі / Шахава і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Шах-оўскі / Шахоў-скі . ФП: шах ('тытул манарха ў некаторых краінах Усходу', а таксама 'асоба, якая носіць гэты тытул') - Шах (мянушка, затым прозвішча) - Шахі ('паселішча з прозвішчамі Шах ') - Шахава ('уладанне Шаха') - Шахоўскі .

Шкуратаў ( Іван Ш.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Шкурат і значэннем 'нашчадак названай асобы': Шкурат-аў . ФП: шкурат (рэг. 'вырабленая шкура') - Шкурат (мянушка, затым прозвішча) - Шкуратаў .

Шчарбач (Святлана Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва шчарбач 'шчарбаты чалавек', 'вышчарбленая пасудзіна' (утварэнне з суфіксам - ач ад шчэрба / шчарбаты : шчарб-ач і шчэрб-ач ).

Шымук (Віктар Ш.) - вытвор з эмац.-ацэн. суфіксам -ук ад скарочанай (адцятай канцавой часткі) формы Шым (катал. імені Шымон ) набыў ролю прозвішча: Шым-ук .

Шыцік (Вітольд Ш.) - семантычны вытвор ад апелятыва шыцік 'маленькі рачны чарвяк' (ТСБМ). Параўнаем з шыц ю к 'насякомае атрада жукоў, лічынкі якога псуюць скуры, точаць дрэва'; 'шашаль'. (П. Сцяцко. Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны).

Юргелевіч (Пётр Ю.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам байкаймення -евіч ад антрапоніма Юргель і значэннем 'нашчадак названай асобы': Юргел-евіч . ФП: Георгій, Юрый (правасл. імя) - Юргель (эмац.-ацэн. форма) - Юргель (мянушка, затым прозвішча) - Юрг е левіч - Юргел е віч .

Яцкевіч (Мечыслаў Я.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам бацькаймення -евіч ад антрапоніма Яцак і значэннем 'нашчадак названай асобы': Яцкевіч . ФП: Яцак (імя катал. ад Ян ) - Яцак (мянушка, затым прозвішча) - Яцкевіч .

Яцэвіч (Мікалай Я.) - вытвор з акцэнтаваным фармантам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Яц і значэннем 'нашчадак названай асобы': Я ц-эвіч . ФП: Ян і Яцак (катал. імёны) - Яц (мянушка, затым прозвішча) - Яцэвіч .

Павел Сцяцко


Грунтоўная праца па скарыназнаўстве

Зусім нядаўна ў серыі "Бібліятэка Бацькаўшчыны" выйшла новае даследаванне вядомага беларускага архівіста з ЗША Лявона Юрэвіча "Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія". Кніга выдадзена сумесна з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Рэдактар, аўтар прадмовы, каментароў і іменнага паказніка - Наталля Гардзіенка, якая добра вядомая і спецыялістам, і ўсім неабыякавым да айчыннай гісторыі і культуры людзям.

Здавалася б, жыццё і дзейнасць Францішка Скарыны даследаваны падрабязна, апісаны асаблівасці мовы выданняў першадрукара, у свой час выйшла адмысловая энцыклапедыя. Але так падаецца толькі на першы погляд. Бо чарговая праца Лявона Юрэвіча адлюстроўвае шырокі спектр праблем, якія не былі раней закранутыя, у прыватнасці, пытанні рэпрэзентацыі і спадчыннасці справы беларускага першадрукара на эміграцыі. Пад адной вокладкай можна знайсці і скарыназнаўчыя тэксты беларусаў часоў міжваеннай Прагі ці паваеннай Нямеччыны, і змястоўнае ліставанне аднаго з найбольш значных эміграцыйных скарыназнаўцаў В. Тумаша, і аўтарскія аповеды пра рэдкія выданні, выдаўцоў, інстытуцыі, што працягвалі Скарынаву справу на Захадзе цягам ХХ-ХХІ стст.

"Францыск Скарына для беларускіх эмігрантаў быў знакавай постаццю ў розных аспектах. Асоба "першага эмігранта" ўспрымалася суродзічамі па-за метраполіяй з асаблівай цеплынёй праз усведамленне агульнасці выгнанніцкага лёсу і пэўнай уласнай місійнасці ў служэнні Бацькаўшчыне" , - піша ў прадмове Наталля Гардзіенка. І, калі чытаеш даследаванне, не пакідае адчуванне своеасаблівай "місійнасці ў служэнні Бацькаўшчыне" ў дачыненні да Лявона Юрэвіча. Бо і навуковая, і гістарычна-пазнавальная вартасць зробленага насамрэч уражвае!

Кніга мае пяць раздзелаў і адмысловы Post scriptum: "Дзеці БССР". У першым раздзеле аўтар падае характарыстыку пачатковага этапу вывучэння спадчыны першадрукара на эміграцыі. У цэнтры ўвагі - асобы Вацлава Ластоўскага, Пётры Крэчэўскага, Тамаша Грыба, якія стаялі ля вытокаў скарыназнаўства за межамі Беларусі.

Другі раздзел прысвечаны перыядычным выданням і адлюстраванню ў іх постаці Францішка Скарыны. Аналізуюцца публікацыі Міхася Крыніцкага, Юркі Віцьбіча, Уладзіміра Глыбіннага ды некаторых іншых даследчыкаў, літаратараў.

У трэцяй частцы - "Імя Скарыны ў дзейнасці эміграцыйных арганізацый. Беларускі інстытут навукі і мастацтва" - разглядаюцца публікацыі пра Скарынаўскую спадчыну, адлюстроўваецца дзейнасць Беларускай бібліятэкі і Музея Францішка Скарыны ў Лондане. Зразумела, што асаблівае месца тут належыць айцу Аляксандру Надсану.

Асобна Лявон Юрэвіч апісвае "Скарынаву справу на эміграцыі: календары, кнігі і іншае". Тут чытач можа пазнаёміцца з кнігарукапісамі Міколы Панькова, прыпавесцямі Язэпа Германовіча, з гісторыяй выдання асобных марак і кружэлак.

Багата рэпрэзентаваны персаналіямі раздзел, прысвечаны паслядоўнікам Скарыны на эміграцыі. Мяркую, для многіх упершыню будуць адкрытыя імёны Расціслава Палчанінава, Льва Акіншэвіча, Вацлава Пануцэвіча, Пятра Палягошкі, берлінскага скарыназнаўцы Норберта Рандаў і шэрагу іншых дзеячаў. Тут жа аўтар прыводзіць і біяграфічныя звесткі даследнікаў, падае іх найбольш значныя працы.

У рost scriptum, азагалоўленым аўтарам "Дзеці БССР", Лявон Юрэвіч, сярод іншага, асабліва кранальна гаворыць пра асобу сваёй маці - вядомага беларускага мовазнаўца Алену Казіміраўну Юрэвіч. Прыгадвае і свайго дзеда - Казіміра Фабіянавіча Юрэвіча, які быў арыштаваны і правёў у сталінскіх лагерах больш за дзесяць гадоў.

Кніга Лявона Юрэвіча "Эмігрант Францыск Скарына, ці Апалогія" - гэта не проста грунтоўнае даследаванне па скарыназнаўстве на эміграцыі, але і выдатная крыніца рознабаковай, шматграннай інфармацыі пра беларускія справы ўвогуле. Яна дае магчымасць пачуць забытыя імёны многіх заслужаных прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі, далучыцца да шырокага, але пакуль не да канца знаёмага кола архівістаў, літаратараў, культуролагаў. Гэта кніга, якую чытаеш нібы захапляльны раман, усведамляючы, што нам адкрылі яшчэ адну невядомую старонку. І за гэта аўтару належыць найвялікшая падзяка.

Юрась Бабіч , намеснік старшыні Віцебскай абласной арганізацыі ТБМ.


Юрый Жыгамонт: Да беларускай мовы трэба дарасці

Кажуць, што большасці беларусаў, насамрэч, не патрэбна ні беларуская культура, ні беларуская мова. Але давайце разбяромся - самыя цікавыя ідэі, самыя важныя інтэлектуальныя багацці заўсёды знаходзіліся ў руках меншасці. Адвечнае пытанне, чыя праўда: інтэлігенцыі, якой невялікая жменька, ці большасці, якая верыць рознай лухце, - не гледзячы ні на што, вырашаецца ўсё ж такі на карысць першай. Беларуская мова - гэта… свой асаблівы колер. Мне падаецца, што людзі, якія прапаноўваюць абмежавацца рускай мовай у межах усёй постсавецкай прасторы, падобныя да тых, хто хоча, каб вясёлка мела адзін колер. Прыгажосць ёсць у розных культурах. Тое, што мы з вамі можам гаварыць на дзвюх мовах, - гэта ж вялікі дар. Я адчуваю, што родную мову мне падарыла гэтая зямля. Яна дае мне асаблівыя думкі - думкі беларуса, так са мной размаўляюць продкі. І я не магу адмовіцца ад гэтага. Разумею, што многім цяжка чытаць на беларускай мове, таму што яны яе не вучылі. Адно толькі гэта, дарэчы, падкрэслівае, што беларуская мова - ні ў якім разе не сапсаваная руская, як часта кажуць. Да беларускай мовы трэба дарасці. Яе веданне - гэта высокі ўзровень, які дазволіць вам яшчэ больш паважаць сябе. Беларускую мову выратавала "глыбінка", таму што раней, калі яшчэ не было тэлевізара, радыё, інтэрнэту, жыхары мястэчак не судакраналіся з "рускім светам", размаўлялі на мове, якую чулі здаўна. Яны яе захавалі. Але сёння наша нацыянальная мова перайшла ў іншы свет. Яна стала мовай інтэлігенцыі. Атрымліваецца, што сёння мова ідзе зверху ўніз, а не знізу ўверх. Беларуская мова цяпер - гэта мова выдатных музыкантаў, паэтаў, мастакоў, драматургаў. І я лічу, што сёння яна перайшла ў стадыю росту. Яна шліфуецца, даводзіцца да найвышэйшага ўзроўню і паступова становіцца сапраўднай нацыянальнай каштоўнасцю. Я часта падарожнічаю па Беларусі і бачу, што ў "глыбінцы" з'яўляецца ўсё больш людзей, якія цікавяцца беларускай мовай і культурай. Яны гавораць на нацыянальнай мове не толькі з-за таго, што гэта мясцовы дыялект, але і таму, што адчуваюць у ёй унутраную неабходнасць. Гэтыя людзі адчуваюць неабходнасць захаваць усё тое, што дазваляе ім называць сябе тутэйшымі. Зразумела, намаганняў гэтых адзіночак пакуль яўна недастаткова. Але адно тое, што вучні разам з настаўнікам добраахвотна прыходзяць да напаўразбуранага касцёла, царквы, маёнтка і прыкладаюць намаганні для таго, каб іх захаваць, дазваляе спадзявацца, што яшчэ не ўсё страчана. Ім нялёгка! Неаднаразова, прыехаўшы ў вёску і зрабіўшы рэпартаж, я чуў водгукі: "Дзе вы пра ўсё гэта даведаліся? Падзяліцеся з намі нашай гісторыяй яшчэ!" Людзі шукаюць сваю гісторыю, яны гатовы яе ўспрымаць. Я бачу гэта так: падзьмуў моцны вецер, знішчыўшы практычна ўсё, аднак засталіся некалькі чалавек, якія захавалі ў сабе агонь. І вось менавіта яны цяпер пачнуць дзяліцца гэтым агнём з іншымі. Раней ці пазней гэтага агню стане столькі, што святло пераможа цемру. Што могуць знайсці ў мове і нашай культуры тыя, хто іх сёння адмаўляе? Ад чаго яны адмаўляюцца? Шмат ад чаго. Нельга ўсё жыццё абмяжоўвацца адным горадам, падарожжам у Турцыю і паездкай на "закупы" ў Беласток. Вас акаляе цудоўны свет. Вы не адчуваеце і не ведаеце сваіх каранёў. Вы чулі пра Пятра Першага і Кацярыну Вялікую, але не ведаеце пра князя Вітаўта, Гедыміна, Жыгімонта, Аўгуста, не памятаеце пра каралеву Бону, Барбару… Чалавек, які не ведае зямлі, па якой ён ходзіць, - без каранёў. А чалавек без каранёў наўрад ці зможа да канца зразумець, хто ён насамрэч. Скажу болей - чалавек, які не паважае сваю зямлю, не паважае культуру, сярод якой жыве, не паважае родную мову, раней ці пазней прыйдзе да таго, што зямля адплаціць яму тым жа. Вялікае шчасце паварочвацца назад і бачыць тысячагадовую гісторыю, мноства вялікіх прадзедаў, думаць пра сучаснасць і будаваць планы на будучае. Твая гісторыя, твае продкі дораць табе сапраўднае жыццё. Калі ты жывеш толькі сённяшнім днём (табе ўсё роўна, што будзе заўтра, і пляваць, што адбылося ўчора), то, у рэшце рэшт знікнуўшы, ты знікнеш назаўсёды. Тыя ж, хто ўсхваляе сваю зямлю, помніць продкаў і дбае пра нашчадкаў, - жывуць у вечнасці. Я лічу, што найцікавей жыць менавіта ў вечнасці.

Юрый Жыгамонт - апошнія 14 гадоў - вядовец праграмы "Падарожжа дылетанта". Актор, працаваў у тэатры "Вольная сцэна". У 2012 годзе ўзнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "За ўклад у развіццё культуры Беларусі".

onliner.by.


Віталь Гуркоў: Родная мова - неабходная самаідэнтыфікацыя для любой нацыі

Заслужаны майстар спорту Беларусі Віталь Гурков - першы спартовец у нашай краіне, які стаў лаўрэатам Нацыянальнай прэміі за абарону правоў чалавека. Ён перамог у намінацыі "За адвагу ў творчасці" і вылучыўся на агульным фоне сваіх калегаў-спартоўцаў выдатнымі выказваннямі пра беларускую гісторыю, нацыянальную сімволіку і ролю роднай мовы:

- Я не ведаю, чаму гэта дагэтуль можа кагосьці здзіўляць, сёння вельмі многія людзі, у тым ліку спартоўцы, адчуваюць найглыбокую павагу да сваёй гісторыі, культуры і мовы. Гэта неабходная самаідэнтыфікацыя для любой нацыі - разумець гістарычную глыбіню зямлі, на якой жывеш, ведаць культуру, любіць родную мову".

Менавіта ў нацыянальных традыцыях і павазе да продкаў Гурков чэрпае свае сілы і натхненне:

- Тайскі бокс - гэта від спорту, максімальна набліжаны да сапраўднага бою з элементамі ўсходніх адзінаборстваў. І ў нас байцоўскі характар - гэта першым чынам дух продкаў, шанаванне ваяроў сваёй зямлі, даніна павагі нацыянальнай культуры. Займаючыся вайсковым майстэрствам, мы чэрпаем энергію роднай зямлі з мінулага, з гісторыі значных перамог нашых продкаў. Вазьміце нават нашы словы "змагайся" ці "наперад". Я адчуваю ў іх нашмат больш духоўнасці і энергіі, чым у словах "сражайся" ці "вперёд". Пры ўсіх іншых роўных умовах, калі ў спартоўцаў аднолькавая падрыхтоўка, аднолькавая тэхнічная экіпіроўка, аднолькавыя характарыстыкі, на першы план выходзіць менавіта ўнутраная энергетыка, злучаная з гісторыяй, традыцыямі, культурай, мовай. Шмат у чым менавіта гэта тлумачыць поспехі беларускіх байцоў у тайскім боксе.

Белгазета.


27 ліпеня ў Магілёве

Як мы ведаем, 27 ліпеня 1990 года Вярхоўным Саветам БССР была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце, што стала адным з паваротных пунтктаў у найноўшай беларускай гісторыі. Таму ў гэты ж дзень 2015 года магілёўская суполка ТБМ адзначыла 25-годдзе беларускага суверэнітэту. Сабраўшыся за святочным сталом, прысутныя ўзгадалі першыя старонкі гісторыі незалежнай Беларусі, у тым ліку падзеі, звязаныя з прыняццем Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце ў 1990 годзе, а таксама пазнейшую змену сімволікі і назвы дзяржавы ў 1991. Натуральна, гэтым святкаванне не абмежавалася, таму што ТБМ-аўская супольнасць не магла абысціся без песняў і скокаў пад беларускую (і не толькі) музыку.

Магілёўская гарадская арганізацыя ТБМ.


КРАЯЗНАЎЧАЯ ВАНДРОЎКА

18 ліпеня 2015 г. мне пашанцавала пабываць на свяце "Рыцарскі фэст. Мсціслаў -2015 ". Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны арганізавала гэтую вандроўку. Кіраўнік - Алег Дзьячкоў, якому выношу падзяку ад усіх удзельнікаў, вельмі змястоўна і добра правёў яе: спецыяльная праграма свята сярэднявечнай культуры была пашырана не толькі здымкамі і фільмамі пра г. Мсціслаў і Магілёў, але і ўдзельнікамі вандроўкі: Осіпава Ніна Іосіфаўна цікава расказала пра рыцарства. Алег - пра старажытнасць Магілёва і Мсціслава, ды яшчэ заезд у Пустынкі! Гэты старадаўні манастыр знаходзіцца недалёка ад мяжы са Смаленшчынай. Многія ўдзельнікі вандроўкі першы раз бачылі рэшткі будынка 18-га стагоддзя. З цікавасцю слухалі пра жыццё манахаў, якія жывуць і паціху працуюць, аднаўляючы гэтае гістарычнае месца. Мы пасмакавалі гаючую ваду, узялі яе ў дарогу з розных крыніц (вялікае мноства іх вакол манастыра), пакінулі свае грахі ў купелі, памаліліся ў невялікай, але прыгожай царкве, і вось ён - Мсціслаў!

Многія вязлі сваіх дзяцей, каб ведалі гісторыю роднага краю, каб напаўнялі сэрца і душу гонарам за прыгажосць нашай Радзімы. Уражанні вандроўнікаў, якія цікавяцца гістарычнымі мясцінамі, былі сапсаваны выглядам галоўных вуліц і дамоў: не адрамантаваныя цагляныя сцены, некалі знакамітых касцёлаў і палацаў, у самым цзнтры горада, непрыемныя і не абсталяваныя прыбіральні. Сорамна было перад гасцямі з Прыбалтыкі і з-за далёкай мяжы за гэта, але нашы госці і мы былі здзіўлены размахам свята: прыгожыя палаткі са смачнай ежай і напоямі, розныя вырабы мясцовых умельцаў і мастакоў, вельмі вялікая праграма. Усім спадабаліся ратныя забавы князёў Мсціслаўскіх: турнір"Адзін на адзін" (8-10 стагодз.), конныя забавы, спектаклі Магілёўскай "Батлейкі" (музей Масленнікава), выступленні лучнікаў, хадулістаў, розных гуртоў, пешы турнір "Шчыт і меч"і іншыя. Наша моладзь нават засталася "начаваць" на дыскатэцы. Свята было сапраўдным, і я веру ў тое, што тыя недахопы, якія бачыла я, будуць выпраўлены (свята праводзіцца кожны год, гасцей было шмат, і тых грошай, думаю, хопіць на аднаўленне цэнтра Мсціслава).

Асаблівую падзяку хачу выказаць сябрам Магілёўскага ТБМ імя Скарыны, якія вельмі змястоўна і якасна падрыхтаваліся да вандроўкі; усе словы былі падмацаваны здымкамі, малюнкамі розных дзеячоў і мастакоў нашай Беларусі. Кожны з нас атрымаў буклет, падрыхтаваны Сяржуком Дымковым, і паглядзеў кліпы і фільмы нашай роднай студыі. ТБМ ДАЛО ПРЫКЛАДНЫ ЎРОК ПАТРЫЯТЫЗМУ для моладзі і больш сталых людзей

Даведалася, што такія вандроўкі ТБМ, асабіста Алег Дзьячкоў, праводзіць кожны месяц. Наступная будзе ў жніўні па Берасцейскай вобласці, рыхтуецца вандроўка на роварах.

Людміла Хлімановіч , сябар аб'яднання "Ветэран", г. Магілёў.


Падарожжа ў часе

26 ліпеня жыхары Баранавіч і ваколіцы мелі магчымасць здзейсніць падарожжа ў часе на сядзібе Таварыства беларускай мовы ў Русінах.

Да нас завіталі Сяргей Будкін, галоўны рэдактар парталу "Тузін гітоў" і музычны крытык, і Сяргей Пукст, таленавіты музыка і кампазітар, гэтым разам як энтузіясты адраджэння нямога кіно.

Сяргей Будкін распавёў, якая папярэдняя праца была зроблена, каб мець магчымасць атрымаць стужку. Распавёў таксама гісторыю яе стварэння.

Нямы фільм даволі спецыфічны жанр, таму вельмі прыемна, што беларусам ёсць чым пахваліцца ў гэтай галіне. Напачатку ХХ ст. актыўна развівалася беларускае мастацтва і кіно таксама. Першая нямая стужка называлася "Прастытутка", 1927 г. Напэўна музычныя крытыкі саромеліся самой назвы і адпаведна сюжэту. Прэзентаваць "Прастытутку" як пачатак слаўнай гісторыі кіно неяк не выпадае. Важна памятаць, што на тыя гады прыпала вялікая праца станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Маладая краіна стварала свой пантэон герояў, і асоба Каліноўскага як мага больш падыходзіла на ролю галоўнага змагара за вольную Беларусь. "Кастусь Каліноўскі" зняты расейскім режысёрам Уладзімірам Гардзіным на кінастудыі "Белдзяржкіно" у 1928 г., і да сёння гэта адзіная экранізацыя жыцця нашага героя, тым больш варта яе папулярызаваць. На жаль, усе стужкі на сёння захоўваюцца ў расейскім фондзе кіно. Таму даволі няпроста і нятанна аднавіць фільм. Тым цікавей было занырнуць у часы, калі яшчэ былі жывыя сведкі паўстання. Якім жа яны бачылі Кастуся?

У фільме ён паказаны як бясстрашны герой, абаронца сялян, правадыр паўстання супраць царызму, бяскампрамісны рэвалюцыянер. Акторы ўсе знакамітыя, выканаўца галоўнай ролі К. Сіманаў пасля атрымаў сталінскую прэмію, выканаўца ролі Мураўёва здолеў перадаць і вонкавае і характарнае падабенства жахлівага ката. Цяжка распавесці сюжэт, бо яго няма. Стужка - хутчэй тагачасны баявік з пагонямі-стрэльбамі-бойкамі, толькі апошнія кадры дадаюць трагізму, бо Кастусь аддае сваё жыццё за народ і Радзіму. Усё зроблена па канонах Галівуду, можна сабе ўявіць, з якім захапленнем стужка глядзелася ў нашых вёсачках і мястэчках.

Таксама цяжка дакладна сказаць дзе праходзілі здымкі. Толькі на некаторых кадрах пазнаеш менскія вулічкі і каталіцкую Катэдру, палац, які быў дэкарацыяй штаба паўстанцаў, хутчэй за ўсё знаходзіўся пад С-Пецярбургам і да нашага часу не захаваўся.

Музычнае суправаджэнне на тыя часы выконвала адзіную функцыю: запоўніць немату кіно. Тапёр граў на свой густ музыку аніяк не звязаную з сюжэтам. Сучасны глядач, разбэшчаны размаітымі культурнымі жанрамі, наўрад ці прыняў бы такі наіўны саўндтрэк. Таму з'явілася ідэя прывязаць музыку да сюжэту, напоўніць яе сэнсам, зрабіць важнай і самастойнай часткай складанкі. Гэтую задачу шыкоўна адолеў Сяргей Пукст, наш знакаміты і таленавіты сучаснік. Музыка настолькі гарманічна лягла на аснову, што зараз не магчыма ўявіць адно бяз другога. Сяргей выкарыстаў музычны інструмент і голас таленавіта і арыгінальна, гукавыя эфекты выгодна аздабляюць стужку, робяць яе асаблівай. Сяргей Пукст - музыка з шэрагу самых яскравых з'яваў нашай краіны. Ён робіць тое, чаго не робіць ніхто. Ён стварае адметны і непаўторны свет, планету музычнага косма-су. Некаторыя гавораць, што Пукст грае "нігілістычны джаз", а я бы адзначыла, што Сяргей стварае альтэрнатыўны сусвет, фантастычны і пранізліва вабны, рэальнасць на адбітках залюстроўя, няіснасць, у якую так хочацца ўцячы.

Канешне, мы не маглі разысціся без абмяркавання фільма, падзяліліся сваімі ўражаннямі і захапленнем. Не гледзячы на наіўнасць, а можа як раз дзякуючы ёй, стужка глядзіцца як каштоўны мастацкі твор з нацыянальнай скарбонкі.

Дзякуй вялікі за магчымасць дакрануцца да чарадзейства нямога кіно. Чакаем наступных кінапаказаў!

Анжэла Камбалава, г. Баранавічы.


АБ'ЯВА

З 3 па 21 жніўня сядзіба ТБМ працуе па летнім раскладзе: штодня з панядзелка па пятніцу з 17 да 19 гадзін. Субота і нядзеля не працуем. Кніжная выстава пачынае працаваць з 24 жніўня з 15.00 да 19.00.


ВАЖНАЕ НАВУКОВАЕ ДАСЛЕДАВАННЕ

Асноўны кірунак навуковай дзейнасці доктара філалагічных навук прафесара А. Рагаўцова - даследаванне вербальных сродкаў камічнага ў беларускай драматургіі. Вынікам ягонай больш як пятнаццацігадовай плённай працы з'яўляюцца два манаграфічныя выданні: "Маўленчае выражэнне камічнага ў беларускай драматургіі" (Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2002 - 304 с.) , "Вербальныя сродкі камічнага ў беларускай драматургіі: канец ХVІ - пачатак ХХ стагоддзя" (Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2012. - 260 с.) , "Слоўнік пра камічнае: мовазнаўчы аспект" (Магілёў: МДУ імя А.А. Куляшова, 2010. - 172 с.) , 180 артыкулаў і ў навуковых часопісах і зборніках.

І вось новая праца вучонага - манаграфія "Вербальныя сродкі камічнага ў беларускай драматургіі: 1920-1940-я гады" (Гродна: ТАА "ЮрСаПрынт", 2015. - 254 с.) . У даследаванні ўпершыню ў беларускім мовазнаўстве зроблена спроба найбольш поўна выявіць і сістэмна прааналізаваць сродкі вербальнага выражэння камічнага ў драматургічных творах 20 - 40-х гадоў ХХ ст. (п'есы У. Галубка, М. Грамыкі, Е. Міровіча, Я. Рамановіча, Р. Кобеца, Я. Коласа, К. Чорнага, К. Крапівы, В. Вольскага, А. Маўзона, К. Губарэвіча).

Як і ў папярэдняй манаграфіі, аўтар свядома (і, на нашу думку, не без падстаў) адступіў ад пашыранага ў навуковай практыцы прынцыпу даследавання навуковай праблемы: "моўны сродак - ілюстрацыйны матэрыял - яго інтэрпрэтацыя". Гэта тлумачыцца тым, што асноўная мэта манаграфіі - аналіз вербальных сродкаў камічнага ў драматургічных творах акрэсленага ў працы этапу. Трэба пагадзіцца з аўтарам, што такі падыход да даследавання фактычнага матэрыялу дасць мажлівасць чытачу мець акрэсленае ўяўленне пра моўныя сродкі стварэння камічнага эфекту ў розных творах, у тым ліку класічных (напрыклад, "Хто смяецца апошнім" К. Крапівы).

Пры разглядзе фактычнага матэрыялу асноўная ўвага надаецца паказу ролі актуалізатараў (вербальных і невербальных) у выяўленні камічнай канатацыі моўных (маўленчых) адзінак; характарыстыцы як узуальных, так і аказіянальных сродкаў стварэння камізму; аналізу сінкрэтычных сродкаў выражэння камічнага; выяўленню інтэнсіфікатараў камічнай экспрэсіі; акрэсленню асаблівасцяў ужывання вербальных сродкаў камічнага ў розных драматургаў.

У манаграфіі разгледжаны як спецыялізаваныя сродкі камічнага, так і неспецыялізаваныя.

Спецыялізаваныя сродкі - такія, для якіх функцыя стварэння камічнага эфекту з'яўляецца асноўнай (розныя тыпы каламбураў - полісемантычныя, паранамазійныя, аманімічныя, антанімічныя, фразеалагічныя, парэмійныя, зеўгмавыя; іранізмы, гумарызмы, жартызмы). Што да гумарызмаў і жартызмаў, то варта адзначыць, што гэтыя спецыялізаваныя сродкі вылучаны ўпершыню аўтарам манаграфіі.

Да неспецыялізаваных вербальных сродкаў камічнага адносяцца такія, для якіх функцыя стварэння камічнага эфекту не з'яўляецца асноўнай. Сярод іх найбольш ужывальныя экспрэсіўна зніжаныя адзінкі, аказіяналізмы, параўнанні, іншамоўныя ўкрапіны. Да рэдкаўжывальных сродкаў адносяцца гіпербалізмы, перыфразы, кантрастывы, эўфемізмы, лішкавыя адзінкі, метафары, сінонімы, канцылярызмы. Спарадычна сустракаюцца ідыялектызмы, аксюмаран, метанімізмы, эпітэты, выслоўі.

З манаграфічнага даследавання вынікае, што важная роля ў выяўленні камічнай экспрэсіі моўных (маўленчых) адзінак (слова, фразеалагізма, парэміі, перыфразы, спалучэння слоў, сказа) належыць розным тыпам вербальных (прэпазіцыйных і/або постпазіцыйных ці камбінаваных) і (радзей) сітуацыйных актуалізатараў. Пакажам гэта на прыкладзе камедыі К. Крапівы "Хто смяецца апошнім". У творы іранічная канатацыя моўных адзінак выяўляецца пры дапамозе вербальных актуалізатараў двух тыпаў: прэпазіцыйных і постпазіцыйных. Прэпазіцыйнымі актуалізатарамі выступаюць спецыялізаваныя рэмаркі і (часцей) фрагменты рэплік персанажаў. У функцыі такой рэмаркі ў п'есе ўжываецца іранічна, напрыклад: [Гарлахвацкі:] Вы, напэўна, самі не раз паглядалі, як нашы свінні ахвотна валяюцца ў брудных лужынах. Гэта не што іншае як цяга да тае самае стыхіі, у якой жылі іх даўнейшыя продкі. Я цалкам дапускаю, што ў гэтых продкаў маглі быць і жабры і што яны маглі... [Левановіч (іранічна):] Несці яйца . [Гарлахвацкі:] А табе смешна? Адразу відаць, што тарфавік, які глыбей як на два метры ніколі ў нетры зямлі не заглядваў.

З разгорнутага постпазіцыйнага вербальнага кантэксту (падкрэслены фрагмент рэплікі) відаць, якую галаву мае дырэктар Гарлахвацкі, пра што сведчыць: [Нічыпар:] Слухаў я, таварышы, дый думаю - якую галаву мае наш дырэктар! Я ж каб сто год думаў, дык бы гэтак не выдумаў. Мая б галава не знесла. Гэта ж узяць тую звычайную костку, што пад нагамі валяецца, паглядзець на яе і ўгадаць, якія свінні былі мільёны год назад!

Як вынікае з аналізу памянёнай вышэй камедыі, у рэпліцы персанажа могуць ужывацца адначасова два іранізмы. Іранічнае значэнне першага з іх выяўляецца постпазіцыйным вербальным актуалізатарам, а другога - прэпазіцыйным: [Чарнавус:] Ёй, беднай [Веры] , таксама непрыемна гэта ўсё, але трымаецца яна геройскі і мяне падбадзёрвае. Слаўная дзяўчына . [Гарлахвацкі (адзін):] Слаўная! Бач ты, стары чорт! Губа не дура. Ды цяпер табе не да дзяўчат будзе, даражэнькі . Пра тое, што слова слаўная рэалізуе ў рэпліцы Гарлахвацкага іранічнае значэнне, сведчыць экспрэсіўна зніжаны выраз (бач ты) стары чорт і фразеалагізм губа не дура (праст. 'хто-н. мае добры густ, умее выбраць найлепшае'). Ужыванне як іранізму формы прыметніка даражэнькі "падказваецца" прэпазіцыйным выразам-пагрозай цяпер табе не да дзяўчат будзе .

Зрэдку ў камедыі "Хто смяецца апошнім" выкарыстоўваюцца камбінаваныя актуалізатары (прэ- і постпазіцыйныя). Так, у наступным прыкладзе "[Гарлахвацкі (смяецца):] Баязлівы ён [Туляга], гэта праўда. Палкоўнік! Ха-ха-ха..." сведчаннем іранічнага ўжывання вакатыву Палкоўнік! з'яўляецца прэпазіцыйны кампанент рэплікі (прыметнік баязлівы ), а таксама постпазіцыйны трыплікаваны выклічнік ха-ха-ха .

У манаграфічным даследаванні паказваецца, што іранічнае значэнне моўных адзінак можа актуалізавацца сітуацыйным кантэкстам, г. зн. выяўляцца ў канкрэтнай сітуацыі. Напрыклад, пра "велікадушнасць" Гарлахвацкага яскрава сведчыць наступная сцэна. Ягоная жонка Анна Паўлаўна стукае кулакамі ў дзверы кабінета з пагрозай: "Адчыні! Адчыні! Усё роўна ж я да цябе дабяруся" . Гарлахвацкі, як вядома, зачыніўся ў сваім кабінеце з палюбоўніцай Зёлкінай. Каб выкруціцца з няёмкай сітуацыі, ён "абменьваецца ролямі" з Тулягам: сам вылазіць праз акно на вуліцу, а "гаспадзіну палкоўніку" катэгарычна загадвае ўлезці ў пакой (нібыта яго, Гарлахвацкага, тут зусім не было ) і зачыніць за ім акно. Потым, як сведчыць разгорнутая рэмарка, адбываецца наступнае. Шырока расчыняюцца дзверы. У кабінет урываецца Анна Паўлаўна, за ёю астатнія. У гэты час у кабінет уваходзіць з партфелем Гарлахвацкі. Спачатку ён папракнуў Тулягу ( "Стары чалавек! Пасаромеўся б. Ва ўстанове, ды яшчэ ў маім кабінеце, дазваляць сабе такія рэчы!" ), а потым "змілаваўся": "Ды ладна, таварышы. Я думаю, што мы будзем велікадушнымі і даруем яму [Тулягу] на гэты раз, узяўшы слова, што больш нічога падобнага ён сабе не дазволіць".

Для актуалізацыі камічнага эфекту могуць выкарыстоўвацца змяшаныя сродкі. З імі сустракаемся, напрыклад, у п'есе "Краб" У. Галубка: [Ахрэм:] Хутчэй на доследы; начальства ўжо едзе!.. [Афіцэр (дражнячы):] На-ча-льства!.. Нейкі там ураднік ды ветэрынар!.. На-ча-льства!.. Іранічнае вымаўленне назоўніка на-ча-льства! .. выяўляецца з дапамогай змяшаных актуалізатараў - эмфатычнага націску (на пісьме перадаецца дэфісным напісаннем асобных складоў слова), рэмаркі дражнячы , інпазіцыйнага фрагмента афіцэравай рэплікі Нейкі там ураднік ды ветэрынар!. .

Манаграфія сведчыць, што камічнае значэнне моўных адзінак можа выяўляцца і аўтасемантычна, без актуалізатараў - словам, фразеалагізмам, парэміяй, для якіх канатацыі іронія, жартаўлівае з'яўляюцца элементам іх семантычнай структуры (напрыклад, "Віно бушуе" М. Грамыкі, "Мост" Я. Рамановіча, "Гута" Р. Кобеца, "Забастоўшчыкі", "У пушчах Палесся" Я. Коласа, "Канец дружбы", "Партызаны", "Хто смяецца апошнім" К. Крапівы).

Так, у п'есе К. Крапівы "Партызаны" паміж персанажамі-суразмоўнікамі адбываецца наступны дыялог: [Маргун:] О, гэта птушка ! Камітэтчыкам [Даніла Дрыль] быў, зямлю панскую дзяліў, лес раздаваў. Ды і ў доме ж у панскім распараджаўся: што пад школу, а што сабе пад канцылярыю забраў. Тут назоўнік птушка - перан. разм. іран. 'чалавек, які вылучаецца адмоўнымі якасцямі'.

У п'есе Я. Рамановіча "Мост" сустракаецца фразеалагізм, за якім замацавана як сталая экспрэсіўная афарбоўка жартаўлівасці: [Ахрэм:] З тлумачэннем, во. (Чытае.) "Апошнія дні валакіты. Мухін пры дапамозе "саракаградуснай" уздымаецца ў нябесную канцылярыю ". Сценгазета! Фразеалагізм нябесная канцылярыя - разм. жарт. 'неба як месца фарміравання надвор'я'.

Аўтасемантычна камічнае выражаюць таксама моўныя (маўленчыя) адзінкі з канатацыямі праст. (прастамоўнае), груб. (грубае), лаянк. (лаянкавае), зневаж. (зневажальнае) і пад. Насычаны камічны эфект такія адзінкі ўтвараюць пры канцэнтраваным ужыванні. Як сведчыць манаграфія, часцей за ўсё такую канатацыю маюць лексічныя адзінкі (напрыклад, "Ветрагоны", "Плытагоны", "Краб" У. Галубка, "Перамога" Е. Міровіча, "Мост" Я. Рамановіча, "Гута" Р. Кобеца, "Вайна вайне" Я. Коласа, "Бацькаўшчына" К. Чорнага, "Канец дружбы", "Мілы чалавек" К. Крапівы, "Брэсцкая крэпасць" К. Губарэвіча).

Так, у п'есе "У пушчах Палесся" Я. Коласа канцэнтравана ўжываюцца наступныя экспрэсіўна зніжаныя адзінкі (вылучаныя шрыфтам): [Крулеўскі (чытае ўголас):] "Таўстамордаму свінячаму войту Бусыгу. Ведай, панскі падбрэхіч , цябе чакае тое самае, што і твайго Саўку. Не цяпер, дык у чацвер будзем судзіць і цябе, як судзілі панскіх шпегаў, а разам з табою і тваіх бязмозглых паноў, і ў першую чаргу твайго…" (Кідае лісток.) О, пся маць ! Камічны эфект дасягаецца ўжываннем экспрэсіваў таўстамордаму свінячаму (войту), дзе таўстаморды - праст. зневаж. пра чалавека, свінячы - перан. лаянк. 'паганы, свінскі, які не заслугоўвае павагі', бязмозглы - разм. лаянк. 'дурны, бесталковы', падбрэхіч - разм. зневаж. 'той, хто ўгодліва, з якой-н. мэтай дагаджае каму-н., падтрымлівае каго-н.', лаянкавы выраз пся маць .

У манаграфіі разглядаюцца не толькі ўзуальныя, але і аказіянальныя вербальныя сродкі камічнага (лексічныя, марфалагічныя, сінтаксічныя), якія рэалізуюць камічную канатацыю толькі ў пэўным кантэксце. У параўнанні з узуальнымі моўнымі адзінкамі (словамі, фразеалагізмамі) найбольш камічна дзейснымі з'яўляюцца рознага тыпу аказіяналізмы: а) лексічныя ("Кар'ера таварыша Брызгаліна" Е. Міровіча, "Мост" Я. Рамановіча, "Забастоўшчыкі" Я. Коласа, "Бацькаўшчына" К. Чорнага, "Канец дружбы" К. Крапівы); б) паратаксісныя ("Лета" К. Чорнага, "Канец дружбы" К. Крапівы, "Несцерка" В. Вольскага, "Брэсцкая крэпасць" К. Губарэвіча); в) сінтаксічныя ("Белая зброя" У. Галубка, "Перамога" Е. Міровіча, "Вайна вайне" Я. Коласа, "Канец дружбы" К. Крапівы, "Брэсцкая крэпасць" К. Губарэвіча). Напрыклад, у п'есе У. Галубка "Краб" выкарыстоўваюцца паратаксісныя аказіяналізмы: [Баба 2-я:] Мовы вашай [польскай] нашы дзеці не разумеюць!.. [Баба 3-я:] Нейкія сярнічкі, пярнічкі, наліснічкі ! Камічны эфект дасягаецца выкарыстаннем слоў розных тэматычных груп: сярнічкі - абл. 'запалкі', пярнічкі - 'салодкае печыва на мёдзе, патацы або цукры з духмянымі прыправамі', наліснічкі 'вельмі тонкія бліны з пшанічнай мукі'. Апрача таго, камічная экспрэсія ствараецца канцэнтрацыяй формаў слоў з дэмінутыўнымі суфіксамі.

Як сведчыць прааналізаваны фактычны матэрыял, важную функцыю ва ўзмацненні камічнага эфекту выконваюць інтэнсіфікатары. Так, у п'есе Я. Коласа "Вайна вайне" функцыю інтэнсіфікатара выконвае ідыялектнае клішэ, ужытае двойчы ў межах адной рэплікі: [Шышла:] Алесь? Гэ, ды тут раман, да, собственна, да! (Кладзе пісьмо туды ж.) Шчаслівая акалічнасць, калі ўласныя інтарэсы супадаюць са службовымі. А цяпер Шышла знікне. Шышла яшчэ скажа сваё слова, да, собственна, да ! Як адзначаецца ў манаграфіі, у адной з разгорнутых рэплік Шышлы (займае амаль паўтары старонкі тэксту) ідыялектнае клішэ ўжываецца шэсць разоў (с. 131).

Дзейсным сродкам стварэння камічнага з'яўляюцца сінкрэтычныя вербальныя сродкі, у якіх адначасова сумяшчаецца функцыя двух сродкаў (напрыклад, розных тропаў): гіпербалізаваныя іранізмы ("Хто смяецца апошнім", "Мілы чалавек" К. Крапівы), гіпербалізаваныя параўнанні ("Пан Сурынта" У. Галубка, "У пушчах Палесся" Я. Коласа, "Хто смяецца апошнім", "Мілы чалавек" К. Крапівы, "Несцерка" В. Вольскага), метанімічны гіпербалізм ("Перамога" Е. Міровіча). Так, у п'есе Я. Коласа "У пушчах Палесся" сустракаецца сінкрэтычны сродак камічнага адлюстравання рэчаіснасці - гіпербалізаванае параўнанне: [Талаш (махае рукой):] Дык я іх [польскіх салдатаў] так турнуў, што яны, як каноплі , пасыпаліся ад мяне. З дапамогай трапнага вобразнага параўнання (з адценнем гіпербалізацыі) ствараецца выразная камічная сітуацыя: польскія салдаты, калі дзед кінуўся на іх з сякераю, хутка адбегліся ад яго ( як каноплі пасыпаліся ).

У манаграфіі акрэслены адметнасці ўжывання вербальных сродкаў камічнага ў беларускай драматургіі 1920-1940-х гг. У прыватнасці адзначаецца, што найбольш характэрныя асаблівасці ва ўжыванні ў п'есах сродкаў (прыёмаў) маўленчага стварэння камічнага наступныя. М. Грамыка адзін з першых у беларускай драматургіі ў функцыі камічнай экспрэсіі ўжыў кантамінаваныя крылатыя выразы ("Каля тэрасы"), Я. Колас - застольныя тосты ("У пушчах Палесся"), К. Чорны - "ланцужковую" ампліфікацыю аднародных членаў сказа, антыфразіс ("Лета"), К. Крапіва - астэізм ("Партызаны"), парэмійную алюзію ("Хто смяецца апошнім"). Так, найбольшы камічны эфект дасягаецца, калі прыёмам "ланцужковай" ампліфікацыі сінонімаў (блізказначных слоў) ахоплены запар рэплікі некалькіх персанажаў, кожны з якіх дадае да пачутага нешта сваё, адмысловае: [Яўхім Стрыгун:] Зямля цяпер спустошана, коні цяпер слабыя, народ цяпер здрабнеў, свет спарахнеў... Гвалт будзеш крычаць , будзеш енчыць, стагнаць ... [Міхалючок (раптам выходзіць з кутка, садзіцца на кукішкі перад Яўхімам Стрыгуном, зазірае яму ў твар):] Будзеш крычаць, пішчаць, крактаць... [Яўхім Стрыгун:] Ратунку не будзе... [Міхалючок:] Будзеш ракам поўзаць.. . [Яўхім Стрыгун:] Бедаваць.. . [Міхалючок:] Скуголіць, выць... [Яўхім Стрыгун:] Тужыць, гараваць... [Міхалючок:] Чухацца, смэркацца... Такія "ўдакладняльныя" дзеясловы, якія прыводзяцца кожным персанажам адвольна, без пэўнага, загадзя прадуманага парадку, робяць маўленне лішкавым, алагічным, надаюць выказванню выразную камічную афарбоўку. Перанасычанасць рэплік словамі розных тэматычных груп: 'маўленне' ( крычаць, енчыць, стагнаць, пішчаць, крактаць, скуголіць, выць ) і 'перажыванне' ( бедаваць, тужыць, гараваць ), паміж якімі ўкліньваюцца словы і выразы іншай семантыкі ( ракам, поўзаць, чухацца, смэркацца ), надае маўленню персанажаў сумбурнасць і ненатуральнасць.

Сутнасць парэмійнай алюзіі заключаецца ў тым, што ў рэпліцы персанажа можа ўжывацца толькі частка кампанентаў прыказкі (істотных у сэнсавых адносінах), якія выклікаюць асацыяцыю з узуальнай прыказкай. Так, калі Гарлахвацкаму (К. Крапіва "Хто смяецца апошнім") стала вядома, што ягоны памагаты Зёлкін ( шаптун і пляткар ) ужо перадаў тое-сёе на геафак пра Чарнавуса, ён, каб "падліць масла ў агонь", тэлефануе ў выдавецтва і "па сакрэце" паведамляе, што яны друкуюць кнігу "шкодніка" Чарнавуса. "Ну, пасеяў, дай божа ўраджай сабраць" , - з задавальненнем гаворыць сам сабе Гарлахвацкі. Кампаненты пасеяў і сабраць намякаюць на наяўнасць у падтэксце ўзуальнай прыказкі "Што пасееш, тое і пажнеш" ('за свае справы, учынкі давядзецца расплачвацца'). Камізм сітуацыі звязаны з тым, што невук Гарлахвацкі нават і не здагадваецца, што ў падтэксце "схавана" прыказка, сэнс якой накіраваны супраць яго самога - сапраўднага шкодніка і прайдзісвета.

Манаграфія В. Рагаўцова напісана на належным навуковым узроўні, вызначаецца кваліфікаваным аналізам фактычнага матэрыялу і абгрунтаванымі высновамі. Няма сумневу, што яна будзе карыснай не толькі для навуковых супрацоўнікаў, аспірантаў, выкладчыкаў і студэнтаў філалагічных факультэтаў ВНУ, але і для настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, пісьменнікаў - тых, хто цікавіцца моўнымі сродкамі стварэння камізму.

Мікола Даніловіч , доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.


ЮР'Я

І.

Часта на вёсцы здараецца, што калі нейкі хлопец "заюрыцца" (гэта значыць запаліцца) да жаніцьбы, дык ані бацька, ані матка, ані крыж, ані свянцоная вада не могуць даць рады. Ажэніцца і ўсё. Здараецца, што і стары палкі дзед "юрыцца" каля дзяўчат на смех і абурэнне людзям. Але яшчэ горш, калі жонка "юрлівая" (палкая), не мае яна паратунку, калі і пастарэе. "Юрлівы" - гэта, наогул, жвавы, гарачы, палкі, а "Юр'я" гэта, барані Божа, ніякае не свята, нічога рэлігійнага, толькі азначае чыннасць, абрад, як, напрыклад, сяўба, жніво, вяселле і г.д. Наш тутэйшы селянін які шануе ўсіх святых, "Юр'ю" не надае ніякага рэлігійнага значэння, а прызнае яго чымсьці земляробчым, хатнім, свойскім і цалкам вольна распавядае:

Два Юр'і, і абое - дурні:

Адзін галодны,

а другі халодны.

У нашых вёсках два разы ў год святкуюцца Юр'і: увесну і ўвосень. Хто ведае, ці да нашага адвечнага Юр'я было прыстасавана святкаванне Св. Юрыя 23 красавіка і 30 кастрычніка (свята касцёла Св. Юрыя ў Лідзе), ці гэта наша Юр'я прыстасавалася да гэтага святкавання. У даўніх тутэйшых календарах ў рубрыцы "Святы Рымскія згодна са старым календаром" гэтак і рубрыцы "Святы рускія" 23 красавіка нязменна заўсёды стаяла "Юры Пакутнік". Затое ў рубрыцы "згодна з новым календаром" стаіць свята Св. Войцэха. У пазнейшыя часы ў календары пачалі змяшчаць ў гэты дзень на першым месцы Св. Войцэха, а Св. Юрыя перасунулі на другое месца, паколькі віленскія календары давалі Св. Юрыю першанство і ставілі пасля яго Св. Войцэха на другое месца. Але пры канцы Св. Юры ўступіў і з некаторых календароў цалкам знік, фігуруючы адзіна ў алфавітным пераліку святых. Св. Войцэх, пражскі біскуп, чэх па нараджэнні і па біскупству, прызнаны за свайго.

У Лідскім павеце касцёлы ў Асаве і Беліцы (а раней і ў Шчучыне) і царква ў Лідзе высвячаны ў імя Св. Юрыя Пакутніка і таксама ў касцёлах і алтарах ёсць алтары і абразы гэтага святога: рыцар з срэбнай зброяй на белым кані перамагае пякельнага цмока, за рыцарам з пабожна складзенымі рукамі стаіць панна ў кароне. Можа так калісьці ўяўлялі сабе Бога-Сонца які сваімі праменямі, абараняючы людзей забіваў пякельнае стварэнне - Зіму?

Так ці не так, але Св. Юры быў і застаўся на нашых землях вельмі папулярным святым, асабліва сярод вясковага люду: ён з'яўляецца вялікім абаронцам сялян і сельскай гаспадаркі (бо па-грэцку Георгіос - земляроб), і агульным апекуном дамашняга быдла, і галоўным ворагам ваўкоў. Калісьці я меў час і цярплівасць вывучыць метрычныя кнігі хростаў Лідскай Фары за 1665-1795 гг. і падлічыў, што на кожныя сто хлопцаў прыходзілася 15 Юрыяў (Ежы, Георгіяў). З гэтым імем канкурыравала толькі імя Ян, бо Янаў на кожных 100 ахрышчаных хлопцаў было ажно 20! Што пяты - Ян і што сёмы Юры ... Зараз густ змяніўся, і Юркаў на вёсках меней, аднак культ Св. Юрыя квітнее нязменна.

Зараз Св. Юры і Юр'я фактычна ёсць днём пачатку земляробчага года: з гэтага часу пачынаюцца сельскагаспадарчыя работы, час арэнды зямлі і найму работнікаў, выпасу быдла і г.д. Таму ў некаторых кутах нашай зямлі людзі лічаць гэты дзень за першы дзень вясны ў прыродзе.

ІІ.

У вігілійныя дні Св. Юрыя, калі чырвонае Сонца завісне над чорнай сцяной далёкага лесу, абагрэтыя за дзень шэрыя яшчэ лугі пакрыюцца сівымі туманамі, а ў кудрах і калюжынах адзавуцца меланхалічныя жабы, - вясковыя спехам адзетыя ў свежыя блюзкі дзяўчаты, умытыя і прычэсаныя, збіраюцца на падворках. Тут, спачатку нясмела, а потым што раз галасней, штораз весялей заспяваюць свежыя дзявочыя галасы. Гэта пяецца першая вясенняя песня - вітаюць Юр'ю - ці "клічуць вясну".

Юр'я Бога клікала:

- Падай, Божа, ключыку

Адамкнуць зямліцу,

Выпусці расіцу,

На волікі вермячко,

На кароўкі малачко.


Грала сонейка, грала,

Ключыкі адкрала,

Месячык зышоў,

Ключыкі знайшоў ...


Са спевамі выходзяць грамадкі дзяўчат на вуліцы - пад вокны тых "маладзічак", якія перад вялікім постам павыходзілі замуж і ўжо не маюць права браць удзелу ў сённяшняй забаве. Пад вокнамі сваіх былых "таварак" дзяўчаты спяваюць хорам:

Маладая малодачка,

Выйдзі да нас на гулячку,

Вынясі нам сыра насок,

А не сыра - паясок,

А не паясок - то хлеба,

А не хлеба -

то хоць солі драбок ...

Прыстойная і старанная "маладзічка" памятае пра гэты звычай і ўжо раней прыгатавала і сыру, і свежага хлеба, нярэдка тоўсты кавалак засоленага ўзімку сала, а калі-некалі і пляшку падсалоджанай гарэлкі.

Пасля гэтай песні выносіць яна на двор прыгатаваны на донцы пачастунак. Тут дзяўчаты сарамліва адвярнуўшыся ад грамады, засланіўшы твары рукамі апусціўшы вочы пачнуць трохі з чаркі, набяруць жменю закускі і, усеўшыся ў радок на жардзяным плоціку, пачынаюць заядаць. Калі б, ратуй Божа, такая "маладзічка" "не пазнала б" дзяўчат і, не гледзячы на звычай, не толькі не пачаставала б суседак, але нават не выйшла б на двор і не перапрасіла - заспявалі б для яе інакш:

Каб ты лягла калодаю,

Каб цябе вязлі падводаю,

Дралі мяса крукамі,

Каб ты спавіла не дзіця,

а - вужа!

Тым часам вясковыя хлопцы закончылі сваю працу, яны таксама хутка ўмыўліся, прычасаліся, абуліся ў боты і чыстыя кашулі і сабраліся грамадкамі на падворках. Слухаюць, дзе спяваюць дзяўчаты і адкуль пахне пачастункам, а потым паволі, так з неахвотай, пачынаюць сыходзіцца туды, дзе ёсць надзея на пажывіцца.

Калі дзяўчаты сядзяць сабе шнурамі на плоце, як ластаўкі на дроце, шчабечуць, спяваюць і заядаюць чымсьці смачным, на супрацьлеглым баку вуліцы, як зграя варон плот абсядаюць хлопцы.

Раней, калі па вёсках была шмат "ажэрдаў" ці "пяраплётаў", гэта значыць высокіх платоў з папярэчнымі жэрдкамі для сушэння снапоў збожжа, дзяўчаты і хлопцы грамаздзіліся на тыя "ажэрды". Там спявалі і адтуль клікалі вясну. Дзяўчаты седзячы на плоце пачынаюць звяртацца да хлопцаў, устаўляць шпількі, патроху кпіць - то словамі, то спевам:

Зышоў месячык над гумном,

Сядзяць хлопцы над г...ном,

Зышоў месячык над свіранам,

Сядзяць дзеўкі над сырам ...

Хлопцы пачынаюць прасіць: "Дайце, дзяўчаты, нам пакаштаваць!". Але хто ж гэта жадае дзяліцца смачным кавалкам! "А вы нам што дасцё?" - адклікаюцца дзяўчаты і пяюць далей:

У нас крапіва пагалела,

Нашыя хлопцы згалелі.

На вуліцы крапіва купкамі,

Ходзяць дзяўчаты купкамі...

Хлопцы таксама дасціпна адказваюць:

За сялом на выгане,

Грызуць хлопцы цыбуліну.

Усім хлопцам па шматцэ,

А брахліваму Пятруку

па с...цэ ...

На просьбу падзяліцца гарэлкай, спяваюць хлопцам:

На двары карыта

Поўнае вады наліта.

Дзеўкі ногі памылі,

А хлопцы ваду выпілі.

Тут раптам нейкі курносы падлетак, якому "яшчэ ўсё можна", тонкім галаском запішчыць:

Сік! Сік! На дубнік,

Будзе хлопцам халаднік.

Сік! Сік! На лукно,

Будзе хлопцам талакно ...

Дзяўчаты ў смех. Хлопцы кідаюцца лавіць смаркатага ўрвіса. Дзяўчаты зрываюцца з плота, падбягаюць да карыта з вадой і пачынаюць бараніцца, льючы ваду вёдрамі і збанамі на хлопцаў. Хаос, піск, каша ... Хлопцы нахабна лезуць і недзе ужо нейкую прылапілі. Шчыпаюць яе, а бедная Манька альбо Стаська пішчыць, бароніцца, кусаецца, драпае чорнымі пазногцямі па мордах урвісаў і ледзь жывая, але з бліскучымі ад радасці хоць і поўнымі ад слёз вачамі, вырываецца з рук вясковых хлопцаў. Пачынаецца пагоня за іншай, адбіранне вёдраў і ўзаемнае, неміласэрнае абліванне. Разбягаюцца па падворках, сядзяць у засадзе за вугламі будынкаў, хаваюцца за гумнамі, па аднаму і парамі, зноў збягаюцца, нарэшце смяюцца, але ўсё льюць і льюць воду. На тых, хто ўцякае вуліцай, нехта бухне цэлае вядро са страхі альбо з-за плоту, і неасцярожнага абліваюць з галавы да ног.

Ужо позна, час спаць.

Наступае перамір'е і спакой. Усё сціхае. Дзяўчаты пачынаюць спяваць:

Палажыла кладку вярбовую,

Час, дзяўчаты, да дому ісці.

Адна Ганьця застаецца,

Прыдзе Пятрук звянчаецца.

Прынясе вянок рытвяны,

Не рытвяны - палатняны.

Пасля кажнага паўтору гэтага спеву, што раз іншая пара бярэцца за рукі і знікае ў цёмнай вуліцы... З неспакойным сэрцам старыя маткі ляжаць у сваіх бярлогах, не спяць і цярпліва чакаюць вяртання дачок. Употай, не стукнуўшы клямкай, не скрыпнуўшы дзвярыма як цень услізне ў цёмную хату мокрая і дрыжачая дзяўчына, моўчкі распранецца і ляжа недзе на палок ці на печ. Няшчасная маці з гарышча запытае: "Ганьця, Ганьця!" - "А ты была лепшая?" - агрызнецца дачка, і абедзве замаўчаць.


Аднекуль з былых стагоддзяў з'явілася гэтая красавіцкая ноч, рака, пахіленая над ёй вярба, якая служыць за кладку. На пашы ці на ігрышчы грамада маладых хлопцаў і дзяўчат. Адбываецца містэрыя тлумнага святкаванне шлюбнага перыяду. І гэтак, як і сёння, калі хор у начной цішы праспявае той самы спеў, хлопцы хапаюць упадабаных дзяўчат і знікаюць па сваіх цёмных сховішчах. Адзіным абрадам гэтага спрадвечнага шлюбу было абліванне вадой. Кіеўскі мітрапаліт Іаан (1089 г.) пакінуў пасля сябе так званыя "Царкоўныя правілы", якія маюць наступны уступ: "Распавядаюць некаторыя, што шлюбы простых людзей не трэба дабраславіць, бо дабраславенне ёсць толькі для баяр і князёў", "простым же людям яко іменем і плесканіем разум даем всяк" . Дастаткова было назваць маладых па імені, добра абліць вадой, і пара закаханых без далейшых цырымоній станавілася мужам і жонкай.

ІІІ.

Дзень Св. Юрыя ў парафіях рыма-каталіцкіх, у Асаве, Беліцы (некалі ў Шчучыне, Суботніках і інш.) а так-сама ў праваслаўнай парафіі г. Ліды, дзе божыя дамы высвечаны з імя гэтага святога, святкуюцца мясцовай люднасцю як законны святочны дзень. Акрамя таго, гэты дзень згодна і з новым, і з старым календаром святкуецца паўсюдна. У любым выпадку кожны гаспадар на Юрыя араць, баранаваць, працаваць на гародзе, словам, "рушыць зямлю" не будзе.

Практычны гаспадар на ранку ў дзень Св. Юрыя сочыць ці шчодрая раса ўпала на зямлю. Калі расы багата - ведае, што ў гэтым годзе будзе ўраджай на грэчку, і таму засее грэчкі больш, чым звычайна.

Худое, слабое цалкам ў сухім гноі быдла з дробным прыплодам, бо цэлую зіму знаходзілася ў хляве пад апекай нейкага таямнічага бажка, які, відочна, прызвычаіў гаспадара лічыць сябе гаспадаром быдла. З днём Св. Юрыя закочваецца апека гэтага бажка, быдла выходзіць на пашу і аддае сябе пад апеку пастуха.

Наняты на лета пастух у гэтыя дні ранютка, у новых лапцях і сярмязе, з торбай на пасах, з сажэннай паганскай трубою, скручанай з альховай кары і прыхаванай у мокрым рове каб не рассохлася і не сапасавалася, выходзіць на сярэдзіну вёскі пачынае трубіць. Гаспадыні ідуць на хлявоў, заграбаюць у гной каля парога па аднаму ці па два курыныя яйкі і асвечанай ў пальмовую нядзелю вярбой выганяюць быдла на двор. Дзіўная рэч! Дурныя, флегматычныя каровы пад гукі альховай музыкі адразу весялеюць, ажываюць, пачынаюць рыкаць і бягуць да пастуха, якому гаспадыні даручаюць сваіх рагуль разам з кавалкамі хлеба, сыру, сала ці некалькімі яйкамі.

Гэтыя яйкі - рэшткі ахвяры, якую народ ахвяраваў апекунам быдла. У даўніну ахвяравалі жывых белых курэй, а зараз вясковая гаспадыня абмяжоўваецца парай курыных яек. Яйкі, паложаныя ў гной, гаспадыня потым дастае і аддае жабракам. Пасля таго як быдла выгнана да пастушка, асвечаная вярба затыкаецца пад страху. Пачцівы работнік, які крые страху на будынку, тыя вербы звыкла укладае ў салому. Гэта ёсць надзвычай эфектыўны сродак каб страху не сарваў вецер - вельмі шкадлівы дух.

Потым, у тых парафіях, у якіх ёсць алтар Св. Юрыя, людзі ідуць на набажэнства ў касцёл ці царкву. Калі выпадае добрае надвор'е, пасля поўдня старэйшыя абходзяць свае шнуры зямлі і чытаюць пацеры. Моладзь таксама грамадамі абходзіць свае жытнія палеткі, і пяе:

Зарадзі, Божа, жыта ...

Юрэ - юрэва.

Да на новае лета,

Юрэ - юрэва.

З зямлі караніста,

Пасярод сцябліста,

З вярхоў каласіста,

Вяршком займіста,

У жменьку бярома,

У снапок кладзёма.

У копку стаўлёна,

Да гумна звязёна,

На таку ўмалотна,

У засеку прысыпна,

У жорнах прымольна,

У пячы прыпечна,

На стале прыкройна,

У губе прыкусна.

І за кожнай страфой хор з нізкіх мужчынскіх галасоў, як быццам ў паганскай спрадвечнай літаніі паўтарае: "Юрэ - юрэва". І гэтак грамада ходзіць па палях, ажно покуль не абыдзе ўсе, а калі скончыць гэтую літанію, дык спявае хорам:

Ой у лузе каліна ...

альбо:

Ой, рэчанька, рэчанька,

Чаму ж ты не поўная.

альбо:

Каля рэчкі, каля броду

П'юць галубы сівы воду,

Напіўшыся, злапатнулі,

Сіня мора скалыхнулі,

Мяне млоду спалахнулі...

Пад вечар на вясковай вуліцы, абапёршыся на плот скрыпач і гарманіст рассеўшыся на камені, жыва граюць розныя полькі, вальсы, факстроты і нават танга, а вясковыя, ужо босыя дзяўчаты з абутымі хлопцамі "скачуць", як апантаныя. Ні бацька, ні маці не пагоняць іх вячэраць і спаць.

У розных мясцовасцях Лідскай зямлі раней нямала было практык, абрадаў, звычаяў, спеваў і паданняў, звязаных з Юр'ем, але ўсе яны зніклі ці знікаюць. У ваколіцах Сабакінцаў быў раней такі забабон, што паміж днямі Св. Юрыя па новаму і старому календары не можна было нікому даваць і не насіць ільну. Некалі ў архіве сельскіх прыставаў у Лідзе патрапіў мне ў рукі такі афіцыйны дакумент.

Сымон Дабрылка, селянін вёсці Вугольнікі, раней Пакроўскай, зараз Сабакінскай воласці, 16 лютага 1868 г. напісаў прыставу 4-га ўчастка Лідскага павета паданне, у якім пісаў, што ўвесну 1867 г., калі ягоная жонка з ваколіц Шамякаў несла дадому 10 фунтаў ільну, суседзі яго, сяляне гэтай жа вёкі Вугольнікі, Андрэй і Сымон Пацэвічы, а таксама Ян Аленчык не пусцілі яе з гэтым ільном у сваю вёску, той лён гвалтам у яе забралі і там жа на полі спалілі, а ўчынілі гэта з прычыны наступнай: паміж нашымі сялянамі дагэтуль яшчэ захоўваецца даўні забабон ..., што ў у час святкавання Св. Юрыя, гэта значыць з 11 па 23 красавіка, нельга нікому даваць ані насіць лён, і тыя, хто гэта робяць, не толькі прыносяць няшчасце сябе, але і цэлай вёсцы, куды лён будзе прынесены. А паколькі жонка заяўніка несла лён менавіта ў тыя дні, абвінавачаныя лён забралі і спалілі на полі, чым прынеслі шкоду на 1 рубель 50 капеек. Прыстаў перадаў гэтую заяву ва ўправу воласці, якая 12 красавіка 1868 г. пад № 200 адказала, што заяўнік ... 1 рубель 50 капеек атрымаў.

Міхал Шымялевіч

Пераклад Леаніда Лаўрэша.


Іркуцкія беларусы ў Магілёве

28 ліпеня на запросіны магілёўскага ТБМ да нас у госці завіталі сібірскія беларусы з Іркуцка - Алег Рудакоў і Воля Галанава. Спадар Алег трапіў у далёкі край з роднае Беларусі ў апошнія гады існавання СССР у якасці курсанта вайсковай вучэльні і застаўся там пасля яе заканчэння. З першых момантаў стварэння нашых незалежных краін ён пачаў гуртаваць вакол сябе беларускую суполку, здзівіўшыся вялікай колькасці этнічных беларускіх вёсак, якія былі заснаваны на пачатку 20-га стагоддзя "сталыпінскімі" перасяленцамі ды захавалі багата звычаяў і традыцый сваёй радзімы. Дзякуючы намаганням Алега Рудакова было створана шмат беларускіх аб'яднанняў, суполак, гурткоў, пачаліся шырока адзначацца народныя беларускія святы ды абрады.

Разам з Алегам Беларусь наведала цудоўная і прыгожая дзяўчына Воля Галанава, кіраўніца клуба беларусаў Іркуцка "Крывічы". Продкі Волі патрапілі ў Сібір крыху пазней, у суворыя 30-я, і сярод іх ужо было не вельмі прынята (ды і небяспечна) распавядаць пра сваё ранейшае жыццё ды трымацца былых традыцый, але ж нейкае ўнутранае пакліканне прывяло яе да беларускасці, заахвоціла вывучыць родную мову, пачаць спяваць (і вельмі цудоўна) народныя песні, адраджаць беларускія абрады ды займацца вырабам народных строяў.

Вельмі займальна і з захапленнем распавялі госці гісторыі свайго беларускага жыцця, акалічнасці з'яўлення беларусаў у далёкіх і нязвыклых прасторах Сібіры, пра стварэнне беларускіх нацыянальных суполак у нашыя часы і адраджэнне ды падтрыманне традыцый нашых продкаў за тысячы вёрст ад Радзімы. Акрамя ўсяго, Алег і Воля - яшчэ і стваральнікі музычнага гурта "Крывічы", які збірае і выконвае аўтэнтычныя спевы беларусаў, што захаваліся ў такіх амаль адасобленых мясцінах можа нават лепей, чым на Бацькаўшчыне, а некалькі песень праспявалі дуэтам.

Толькі самыя цёплыя пачуцці і светлыя ўражанні атрымалі магілёўцы, якія прыйшлі на гэтую сустрэчу з сапраўднымі беларусамі далёкай і халоднай Сібіры. Дзякуй ім вялікі за падтрымку і аднаўленне нашай культурнай спадчыны, за трываласць надзеі, што Жыве Беларусь!

Алесь Сабалеўскі , Магілёў. Фота аўтара.


Іспанка, якая піша па-беларуску, выдала ў Менску зборнік вершаў

Мабыць, упершыню ў гісторыі нашай літаратуры з'яўляецца кніга іспанкі, якая піша па-беларуску. Ангела Эспіноса Руіз распавяла Еўрарадыё пра свой незвычайны зборнік вершаў "Раяль ля мора".

22-гадовая паэтка пачала пісаць вершы на іспанскай мове з 6 гадоў. Пазней у яе з'явіліся творы на англійскай і французскай. Цяпер ёсць нават адзін верш па-ўкраінску. Беларускую мову іспанка вывучае толькі з 2013 года.

На пытанне, чаму першая кніга выходзіць менавіта па-беларуску, Ангела адказвае так:

- Асоба і характар змяняюцца, калі ты пачынаеш пісаць вершы на іншай мове. І ў гэтай кніжцы я хачу адшукаць сябе па-беларуску. У гэтых вершах - частка мяне і маёй душы.

"Раяль ля мора" - гэта адлюстраванне яе асобы. Паэтка нарадзілася ў Малазе. Усё жыццё жыве побач з морам і з маленства грае на піяніна.

- Нават калі я пішу верлібрам, шукаю заўжды музыку ў вершах. Для мяне музыка - вельмі важная частка жыцця.

Ангела распавядае, што фармавалася на іспанскай паэтычнай традыцыі, патрапіла пад уплыў французскага сімвалізму, і ў зборніку гэта вельмі лёгка заўважыць. Але калі пачынае пісаць па-беларуску, яе стыль змяняецца.

- Мне сказалі, што ніхто так па-беларуску не піша, прынамсі, ніхто значны ў беларускай літаратуры. Я не магу сказаць, што мая паэзія блізкая да іншай беларускай паэзіі, - характарызуе сваю творчасць Ангела.

Ангела шмат вывучала беларускую паэзію. З класікаў асабліва ёй падабаюцца Купала, Багдановіч, Геніюш. З больш сучаснай паэзіі - творы Барадуліна. Таксама падабаюцца вершы Міхаіла Баярына, Аляксея Арцёмава.

- Я лічу, што беларуская мова вельмі мілагучная і добрая для складання вершаў. Я гэта адразу заўважыла. Я ведаю недзе 9-10 моў. Ёсць мовы, на якіх я магу лёгка пісаць вершы, а ёсць, на якіх - не. А па-беларуску выходзіць вельмі натуральна.

Паэтка бачыць чытачамі сваёй кнігі людзей, якія шукаюць нешта новае. Яна адзначае, што яе паэзія - "крыху дзіўная".

- Я бачу жыццё сімваламі. Я пішу вельмі шчыра, гэта для тых, каму прыемна чуць праўду ў літаратуры, - кажа дзяўчына.

Ангела Эспіноса Руіз пакуль не ведае, ці будзе перакладаць гэтыя вершы на іспанскую, "але ўжо шмат хто цікавіцца".

Літаратарка таксама перакладае беларускую паэзію на іспанскую мову. Сярод самых вядомых перакладаў - купалаўскія "Малітва", "Ворагам беларушчыны" і "Белая яблыня грому" Барадуліна.

Верш са зборніка "Раяль ля мора":

Горад

Легенда абвяшчае,

што дзесьці ёсць горад,

Восенню золата і агню,

Дзе зіма разразае паветра,

як тысяча нажоў,

Пакідаючы кроплі крыві,

з якіх будуць расці кветкі

Вясны,

якая заўсёды спазняецца.

Горад,

які абмываецца ўспамінам

пра паўночнае мора

Ды старадаўныя сны.

Дзесьці ёсць горад,

дзе трэба прабачаць неба

За ягоную шэрасць,

за шчырасць.

Горад, куды ўсмешкі

ідуць на смерць,

Дзе хаваецца каханне

пад белай коўдрай,

А паэзія пад зямлёй.

Горад, які выжыў сто бітваў,

Верхам

на першабытным кані.

Горад, дзе, быць можа,

жыве той чалавек,

І губляецца сярод сумных,

чужых твараў у метро,

І адначасова бачыш,

і не бачыш.

Горад, дзе хтосьці

знаходзіць шчасце…

А хтосьці, ну, не тое,

праўда, што шчасце,

Але вельмі падобнае

адчуванне.

Гэтага дастаткова.

Зборнік вершаў "Раяль ля мора" ад сёння можна набыць у кнігарні "Логвінаў".

euroradio.fm .


"Будзьма!"

18 жніўня (панядзелак) адбудуцца заняткі гістарычнай школы з Алегам Трусавым

"Гісторыя ў падзеях і малюнках". Пачатак - 18.00 гадзін. Румянцава, 13. Уваход вольны.

 
Top
[Home] [Maps] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX