Вярнуцца: 2015

№ 34 (1237)


Крыніца: pawet.net.

Спампаваць




НАША СЛОВА № 34 (1237), 26 жніўня 2015 г.


100 гадоў беларускамоўнай адукацыі новага часу


70 гадоў часопісу "Вожык"

У разнастайным шэрагу літаратурна-мастацкіх і публіцыстычных выданняў Беларусі асаблівае месца займае адзіны ў краіне ілюстраваны часопіс сатыры і гумару "Вожык", слаўная гісторыя якога пачалася ў далёкім 1941-м годзе з выхаду газеты-плаката "Раздавім фашысцкую гадзіну".

Са жніўня 1945 выданне атрымала статус часопіса пад назвай "Вожык". Першы нумар выйшаў накладам у 13 тысяч асобнікаў. Выходзіў на беларускай мове, у Менску, 2 разы на тыдзень. З 1957 выдаваў "Бібліятэку "Вожыка"".

У кастрычніку 2009 "Вожык" ператварыўся ў альманах і выходзіў раз на паўгода. З 2011 года выходзіць раз у тры месяцы (штоквартальна). Да 2012 году ўваходзіў у склад РВУ "Літаратура і Мастацтва". Цяпер у складзе Выдавецкага дома "Звязда".

На старонках часопіса друкаваліся лепшыя творы беларускіх паэтаў, празаікаў (Якуб Колас, Кузьма Чорны, Міхась Лынькоў, Анатоль Астрэйка), мастакоў-карыкатурыстаў, закліканыя не толькі паляпшаць настрой чытачам, але і адмысловымі сродкамі сатыры і гумару змагацца з негатыўнымі з'явамі ў жыцці грамадства. Традыцыі, закладзеныя за шматгадовую гісторыю рэдактарамі выдання (а сярод іх - вядомыя людзі Кандрат Крапіва, Міхась Чавускі, Павел Кавалёў, Уладзімір Корбан, Аляксандар Раманаў, Валянцін Блакіт, Міхась Пазнякоў, Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Саламаха), працягваюцца і сёння. А побач з традыцыямі на старонках часопіса з'яўляюцца арыгінальныя аўтарскія знаходкі - ілюстраваныя казкі і фельетоны, вершаваныя гумарэскі, маляваныя іранескі… І ўсё гэта - на найлепшым літаратурна-мастацкім узроўні, ярка і з густам аформленае, каб кожны раз пры сустрэчы з "Вожыкам" нават самы патрабавальны чытач атрымліваў сапраўднае задавальненне.

Вікіпедыя.


Ганненскі кірмаш у Зэльве

Свята "Ганненскі кірмаш" пачалося з раніцы ў суботу, 22 жніўся, а скончылася кірмашовай дыскатэкай у 4 гадзіны раніцы ў нядзелю, 23 жніўня. Ужо не першы год у Зэльве "Ганненскі кірмаш" збірае зэльвенцаў і многіх іншых жыхароў Гарадзеншчыны, каб адпачыць, павесяліцца, нагадаць той час, калі Зэльва славілася сваім "Ганненскім кірмашом". Як сведчыць гісторыя, менавіта дзякуючы кірмашу Зэльва была вядома ўсяму свету яшчэ ў XVIII стагоддзі. Тагачасныя зэльвенскія кірмашы былі найбуйнейшымі ў Еўропе і саступалі па сваёй значнасці толькі знакамітым ляйпцыгскім. З 2001 года "Ганненскі кірмаш" у Зэльве атрымаў новае дыханне. Раённае свята стала адным з самых масавых і жаданых для жыхароў і гасцей Зэльвеншчыны. І сёлета свята пачалося ў цэнтры Зэльвы. Пасля ўрачыстага адкрыцця яно праходзіла на цэнтральнай плошчы пасёлка. А потым кірмаш радаваў і здзіўляў зэльвенцаў і гасцей раённага цэнтра эстраднымі выступленнямі. Паралельна праходзілі конкурсы на лепшае ўпрыгожванне балконаў, на лепшую працу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, лепшую павозку. .. А пад раніцу ў нядзелю, у якасці заключнага акорда, удзельнікі кірмашу былі ў захапленні ад вогненнага і пеніста-лазернага шоу, а таксама змаглі патанчыць сучасныя танцы, вальсы і мазуркі.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя.


100 гадоў з дня нараджэння Янкі Казекі

Янка (Іван Дарафеевіч) КАЗЕКА (31.08.1915, в. Кострычы Кіраўскага раёна - 03.03.2000) нарадзіўся ў сялянскай сям'і. Скончыў Любоніцкую сямігодку, вучыўся ў Бабруйскім лесатэхнікуме. Працаваў шчытабойцам на дрэваапрацоўчым камбінаце (1931), інструктарам-масавіком у рэдакцыі бабруйскай газеты "За ўдарныя тэмпы" (1933-1934). Скончыў літаратурны факультэт Менскага педагагічнага інстытута (1938). Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Дукорскай СШ Пухавіцкага раёна.

Служыў у шэрагах Савецкай арміі (1939-1954). З 1942 г. і да канца службы - армейскім палітработнікам, выкладчыкам у ваенных навучальных установах. Цяжка паранены ў баях пад Ельняй (1941).

Працаваў у рэдакцыі газеты "Літаратура і мастацтва". Галоўны рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР (пазней "Беларусь") (1957-1967). З 1967 г. - загадчык рэдакцыі народнай асветы і друку, намеснік галоўнага рэдактара Беларускай Савецкай Энцыклапедыі (1969-1979), старшы навуковы рэдактар (1980-1991).

Першую карэспандэнцыю змясціў у "Чырвонай змене" (1933). Як крытык у друку заявіў пра сябе рэцэнзіяй на кнігу С. Знаёмага "Біяграфія майго героя" (1935). Важнейшыя жанры творчай дзейнасці пісьменніка: крытычны артыкул, рэцэнзія, літаратурны партрэт, манаграфія, нарыс. У цэнтры ўвагі пытанні гісторыі дакастрычніцкай і беларускай савецкай літаратуры. Даследаваў прозу, байку, сатыру. Аўтар манаграфіі "Беларуская байка", крытыка-біяграфічнага нарыса "Кандрат Крапіва", кнігі "Кузьма Чорны: старонкі творчасці", зборнікаў літаратурна-крытычных артыкулаў "З невычэрпных крыніц", "Натхненне і майстэрства" і інш. Падрыхтаваў і выдаў аўтабіяграфіі беларускіх пісьменнікаў: "Пяцьдзесят чатыры дарогі", "Пра час і пра сябе", "Вытокі песні".

Сябар СП Беларусі (1954), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1976). Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, пяццю Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР, медалямі. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1975).

Вікіпедыя.


100 гадоў з дня нараджэння Часлава Найдзюка

Часлаў НАЙДЗЮК (28.08.1915, в. Бойдаты (сёння Ваўкавыскі р-н Гарадзенскай вобл.) - 28.03.1995, Пасадэн, Каліфорнія, ЗША), грамадскі дзеяч, брат Я. Найдзюка. Адвакат паводле адукацыі. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі (1927-1935). Скончыў юрыдычны факультэт Універсітэта Стэфана Баторыя (1940), чалец Беларускага студэнцкага саюза ў Вільні. Паводле палітычных перакананьняў быў хадэкам. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у Вялейцы на пасадзе міравога суддзі, узначальваў акруговую ўправу БНС. Ад лета 1944 г. - на эміграцыі ў Нямеччыне. У 1950 г. пераехаў у ЗША. Жыў у Лос-Анжалесе, узначальваў мясцовы аддзел ЗБАДК, быў прадстаўніком БККА на штат Каліфорнія. Быў жанаты з Юзэфай Брэчкай.

Вікіпедыя.


Да 100-годдзя беларускай школы

У ходзе нямецкага наступлення 1915 года значная частка беларускіх зямель аказалася пад германскай акупацыяй. На акупаваных землях была арганізавана акруга Обер-Ост (Ober-Ost). Нямецкі галоўнакамандуючы ўсходнім фронтам Гіндэнбург выдаў загад пра арганізацыю школ, у тым ліку ў немцаў не выклікала пярэчання адкрыццё беларускіх школ.

Першая беларуская школа ў зоне Обер-Ост была адкрыта 13 лістапада 1915 г. у Вільні на Юр'еўскай (Георгіеўскай) вуліцы, дзякуючы старанням А. Пашкевіч-Кайрыс (Цёткі) і Б. Пачобкі.

На працягу зімы 1915-1916 гг. у Вільні былі адкрыты яшчэ 5 беларускіх школ (на Антокалі, у Звярынцы - ля Знаменскай праваслаўнай царквы, Зарэччы, на Артылерыйскай і Вастрабрамскай вуліцах). Усе яны былі "аднакласавыя"(з 2-гадовым тэрмінам навучання), у якіх мелася 1-3 школьныя камплекты (аддзелы) і адзін штатны настаўнік. Пры нямецкай фінансавай падтрымцы з кастрычніка 1916 г. па красавік 1918 г. колькасць беларускіх казённых школ у генеральнай акрузе "Беласток-Гародня" ўзрасла з 3 да 79. Адпаведна лік беларускіх школьнікаў узрос з 497 да звыш 3 тыс. Агульная колькасць беларускіх школ у зоне Обер-Ост, паводле звестак X. Земке, дасягнула 89. Доля беларускіх школ у агульнай колькасці навучальных устаноў у зоне Обер-Ост на першую палову 1918 г. склала 6,5%, у той час як у генеральнай акрузе "Беласток-Гародня" яна ўзрасла да 21,2%. 13 лістапада 1915 г. - дзень утварэння першай беларускай школы ў Вільні - мусіць стаць днём свята беларускай школы.

Вікіпедыя.


Пачаткі беларускамоўнай адукацыі на Лідчыне

У кастрычніку 1907 г. "Наша Ніва" паведаміла, што ў Вільні хутка адчыніцца пачатковае двухкласнае вучылішча для летувісаў, а праз два месяцы павінна пачаць працаваць школа, дзе дзетак будуць вучыць таксама і беларускай мове.

У карэспандэнцыі стылізаванай пад сялянскую гутарку пад загалоўкам "З Лідскага павета" ў газеце "Наша Ніва" на пачатку 1908 г. аўтар пад псеўданімам "Калодка" паказваў, што сяляне ўжо добра зразумелі неабходнасць навукі для дзетак на сваёй мове: "У вадной вёсцы надумаліся мужыкі наняць настаўніка ... цяпер нам усім дрэнна, а без навукі яшчэ горш будзе. Зямлі, брат, сваёй няшмат, дома сыны век не будуць сядзець, трэба будзе выхіляцца ў свет, а як чалавек невучоны, дык бяда: усюды папіхваюць і за дурня маюць! ... Антось Кумпяк (сказаў)

- Трэба нам наняць вучыцяля, ды такога, каб вучыў па нашаму, у такой мове, як самі гаворым; гэта на сам перад, а пасля хай вучыць дзяцей па польску і па расейску. Калі не будзе так, як я кажу, дык дальбог, і капейкі не дам на якога іншага вучыцяля! Я шчыра раджу наняць вучыцеля Юзіка Кавальчука: ён, браты, усюды па гарадох, усё ведае, на ўсім-усякім чытанні знаецца, а сваёй мовы не цураецца, ад яе не адракаецца! Такі нам і патрэбны ...".

Той жа аўтар праз некалькі месяцаў пісаў: "Устаюць па малу беларусы на свае ногі і самі працуюць, каб падняць культуру. Толькі бядуюць, што няма гдзе вучыць дзяцей, школак ў воласці толькі адна - народная, а дзяцей для навукі ў кожнай вёсцы будзе па 30, прыйдзе зіма, і вясковыя дзеці замест навукі будуць сабак ганяць ... Але мужыкі стараюцца і самі наймаюць вучыцялёў на зіму. Школкі такія добра вучаць і па руску, і па польску, і тлумачыць ім вучыцель усё ў роднай беларускай мове. Крыўда толькі дзецям ў тым, што такія школкі называюць "тайнымі" і закрываюць. У 1908 гаду начальства закрыла 4 такія школы ў Ганчарскай воласці, у вёсках Фалькавічах, Мінойтах, Песках і Заборцах, дык яшчэ 2 школкі ў Беліцкай воласці ў в. Нецяч і Чаплічы".

Як бачым, сяляне Лідчыны гатовыя былі вучыць сваіх дзяцей за свае кроўныя грошы, але расійская ўлада пераследавала непадкантрольную её адукацыю. Газеты таго часу рэгулярна змяшчалі інфармацыю з усёй Беларусі пра закрыццё "тайных" школ і судовы пераслед іх арганізатараў.

У 1909 г. паведамлялася, што ў мястэчку Астрына Лідскага павета, "мужыкі збіраюцца адкрыць гарадзкое вучылішча" (Наша Ніва № 5, 29 (11) январа 1909). У тым жа годзе ў мястэчку Новы Двор "з вучылішчам у нас ізноў бяда. Толькі паставілі новы будынак вучылішча, выходзіць, што дабрацца да яго нельга, хіба лётаючы па паветры. Зямля перад вучылішчам належыць быццам да купца Бершчадскага, і Бершчадскі не дае ні праходу, ні праезду ў вучылішча. Судзіліся мы адзін раз аб той кавалак зямлі перад Земскім і атсудзілі зямлю ад Бершчадскага. А на з'ездзе зноў нашы пісар і старшына паехалі без сведкаў і папераў, Бершчадскі і выіграў, і цяпер хоча за кавалак зямлі даўжыні 14 сажняў і шырыні 10 саж. - 300 руб. Старшына маніцца падаць яшчэ ў губернскае прысутствіе" (Наша Ніва № 31-32, 6 (19) аўгуста 1909).

У вёсцы Фалькавічы пастаноўка справы народнай адукацыі збольшага задавальняла сялян: "В. Фалькавічы, Лідскага павета, Ганчарскай воласці. Ёсць ў нас вучылішча Любарскага обчэства. Усе нашы сяляне цешацца і з вучылішча, і з вучыцеля, каторы вельмі добра абходзіцца з дзеткамі. Не саўсім толькі здаволены каталікі тым, што ім прыходзіцца вучыцца па расейску. Хаця усе тут беларусы, але цёмныя людзі хочуць вучыцца пацяроў не па беларуску, а па польску, бо думаюць, што як каталік, то ўжо і палякам стаўся" (Наша Ніва № 12, 18 (31) сакавіка 1910.).

Але моўнае пытанне сялянская грамада магла вырашыць па сваім разуменні, бо беларуская мова задавальняла ўсіх: "У Лідскім павеце гаспадары пачалі кратацца каля прасветы сваіх дзетак. У аднэй вёсцы зрабілі прыгавор аб вучылішчу, але агледзяліся, што у гэтым вучылішчу адразу вучаць па расейску, дык першы год дзеці толькі час трацяць, бо дрэнна разумеюць гэту мову, вось і сяляне надумалі з самых пачаткаў вучыць сваіх дзяцей дома. Нанялі такога вучыцеля, каторы ўмее добра іхнюю беларускую родную мову, і пераканаліся, што гэтак шмат болей карысці для дзяцей, бо ім усё што вучыцель да іх кажа, зразумела, і пасля ў школі ляхчэй вучыцца" (Наша Ніва № 13, 25(7) сакавіка 1910).

Пра прагу сялян даць адукацыю дзецям пісаў народны карэспандэнт пад псеўданімам "Тутэйшы" з толькі што адбудаванага пасля пажару мястэчка Беняконі: "У нашым народным вучылішчу было заўсёды ня больш 50-60 вучняў, а ў гэтым годзе ўсе сунуліся да наукі, і ўжо вучанікоў больш 100 і яшчэ просяцца, але не прымаюць. На гвалт патрэбна тут двухкласнае вучылішча, але ніхто аб гэтым не дбаець" (Наша Ніва № 50, 15 (28) лістапада 1911).

Ахвочых вучыцца і насамрэч было болей, чым маглі прыняць школы, нейкі "А.С." пісаў з Бутрыманцаў Лідскага павета (цяпер Літва): "... асвета сялян тут па вёсках ідзе не праз школы, бо ўрадавая школа ўсяго адна на цэлую воласць - і воласць не малую. Хадзіць у тую школку ня кожнаму спадручна, ды і школка малая: усе месцы заняты, а жадаючых навукі шмат, дзеля гэтага сяляне прымушаны самі вучыць сваіх дзяцей і вучаць: бо уцямілі патрэбу навукі. Усюды добра граматнаму - ці дзе паехаў, ці пайшоў. Чытаць умеюць ня толькі мужчыны але і ўсе блізка кабеты, кабеты ж і вучаць чытаць дзяцей, сабраўшы па якіх 2-3, - больш ня можна, бо пацягнуць... Галоўная мэта гэтай навукі чытанне на малітоўніку. На малітоўніку дзеці і чытаць вучацца, ён і астаецца ў іх на заўсёды адзінай літаратурай, якую чытае тутэйшы грамацей. Гэтыя кніжкі малітоўнікі, друкаваны ў польскай мове і дзеля гэтага прывык тутэйшы беларус вязаць сваю веру з польшчынай. А праз цемнату сваю ён веру лічыць за нацыянальнасць і дзеля гэтага называе сабе палякамі. І гэта адбіваецца на жыцці" (Наша Ніва № 2, 13 (26) студзеня 1912).

Як бачым, на пачатку ХХ ст., неабходнасць адукацыі ўжо была ўспрынятая сялянамі Лідчыны як адзін з галоўных фактараў жыццёвага поспеху сваіх дзяцей. Так сама пачала ўсведамляцца неабходнасць і мэтазгоднасць вучобы менавіта на роднай мове.


Пачалася Першая сусветная вайна.

Немцы увайшлі у Ліду 22 верасня 1915 г.


На акупаваных землях была арганізавана акруга Обер-Ост (Ober-Ost). Лідскі павет для больш надзейнага кантролю за тэрыторыяй быў падзелены на чатыры меншыя: Лідскі, Радуньскі, Васілішскі і Шчучынскі.

Першая беларуская школа ў зоне Обер-Ост была адкрыта 13 лістапада 1915 года ў Вільні на Юр'еўскай вуліцы дзякуючы намаганням нашай зямлячкі А. Пашкевіч (Цёткі) і Б. Пачобкі.

На пачатку сакавіка 1916 года газета "Гоман" паведаміла, што нямецкі галоўнакамандуючы ўсходнім фронтам Гіндэнбург выдаў загад пра арганізацыю школ. Сярод іншага ў дакуменце гаворыцца: "Беларуская мова, як адменная ад расейскай, дапускаецца да ужытку без ніякіх перашкод. Аб навуцы рэлігіі сказана, што яна павінна выкладацца ў матчынай мове вучняў, - значыць, у тэй мове, у якой бацькі гавораць з дзяцямі" (Homan № 8, 10 marca 1916).

Найважнейшай праблемай быў недахоп настаўнікаў, большай часткаю мабілізаваных ці эвакуяваных у Расію. Аднак беларусы скарысталіся з загаду Гіндэнбурга, і ў лістападзе 1916 года газета паведаміла, што ў Лідзе "для тутэйшых настаўнікаў і настаўніц наладжаны педагагічныя курсы. На іх пакуль што вучыцца 26 душ" (Homan № 79, 14 listapada 1916.).

Улады Обэр-Оста прынялі рашэнне адкрыць беларускую настаўніцкую семінарыю ў Свіслачы, дзе на месячных курсах павінны былі атрымаць падрыхтоўку новыя кадры. Цяжка аказалася знайсці выкладчыкаў, таму заняткі ў семінарыі пачаліся толькі 15.10.1916 і працягваліся да 15.11.1918. Дырэктарам семінарыі быў анямечаны сілезец Бэндзеха, а выкладчыкамі Б. Пачобка і Квяцінскі, часова - прафесар Рудольф Абіхт з Уроцлаўскага ўніверсітэта. У выніку тут атрымалі падрыхтоўку 144 настаўнікі беларускіх школ.

У Свіслачы вучылася і моладзь з Лідчыны: "У тутэйшай беларускай вучыцельскай семінарыі навукі ідуць поўным ходам. Работа ідзе ахвоча, бо ўсе курсісты - гэта шчырыя беларусы, сыны беларускай вёскі, з'ехаўшыеся з розных ваколіц: з-пад Васілішак, Плянт, Гродна, Беластока і г. д. Хаця курс навук толькі трохмесячны, аднак пры акуратна наладжанай рабоце яго праходзяць як мае быць, і ў снежні месяцы вучні пачнуць практыку ў адкрытай пры семінарыі пачатковай беларускай школе. У семінарыі варункі навукі надта выгодныя. Вучні жывуць у самой семінарыі і маюць тут поўнае ўтрыманне. Кормяць добра: на абед ёсць мяса, а на вячэру даюць гарачую страву. І за гэта - разам з платай за вучэнне - бяруць з іх у месяц 41 марку, за ўвесь курс - 123 маркі. Гэткія грошы лёгка можа сабраць кожная вёска ці грамада і за гэта можа выхаваць сабе свайго настаўніка - аднаго паміж сваіх сыноў, абы ён скончыў народную школу. 1 лютага курс навукі будзе закончаны і пачнецца новы курс, на каторы можна запісацца. Хай жа людзі загадзя падумаюць аб тым, каб сваіх дзяцей выправіць на навуку і гэтак зусім невялікім коштам даць ім магчымасць зарабіць сабе на хлеб і служыць свайму народу" ( Homan № 85, 5 snieznia 1916).

На пачатку 1917 года паведамлялася пра новы набор у семінарыю: "Запісвацца на новы трохмесячны курс у Свіслацкай Беларускай Вучыцельскай Сэмінарыі, каторы пачнецца 1 лютага, трэба ў Вільні не пазней за 10 студзеня ў Stadschulrata, Дамініканская 3, пакой 55. Варункі навукі: за навучанне - 5 марак у месяц, за поўнае ўтрыманне - 36 м., разам 41 м. у месяц і за ўвесь курс 123 м. Плаціць можна памесячна - напярод. Хто хацеў бы ехаць вучыцца з вёскі, можа заявіць аб гэтым у сваім Крэйсамце (Kreisamt - павет), дзе яму дадуць усе патрэбныя ведамасці" (Гоман № 2, 5 студзеня 1917 г.).


Першай афіцыйнай беларускай школай на Лідчыне была школа ў вёсцы Збляны. У 1914 годзе ў Зблянах згарэў будынак старой школы і да пачатку Першай сусветнай вайны сяляне атрымалі страхоўку ды купілі будаўнічыя матэрыялы. Пры канцы 1915 года новы будынак быў пабудаваны, а вяскоўцы, скарыстаўшыся сваім правам, адкрылі беларускую школу. Яна існавала тут да сярэдзіны 1920-х гг. (Беларуская Ніва. № 17 (30), 27 лютага 1926 г.)

У 1923 г. дзейнасць найстарэйшай на Лідчыне беларускай школы ў Зблянах была прыпынена. "Усе нашыя людзі былі рады, што дзеці неяк шыбка навучаліся і чытаць, і арытмэтыкі. Але хутка здарылася няшчасьце: нашага вучыцеля інспэктар Лідскага павету, пан Вайтовіч прымусіў паехаць на польскія курсы ў Кракаў, а другога вучыцеля-беларуса на яго месца не прызначыў, і замёрла наша беларуская школа" (Наш Сьцяг № 3, 13 чэрвеня 1923).

Вясной 1925 г. жыхары вёскі Збляны падпісалі да павятовага школьнага інспектара дэкларацыю за беларускую школу, а потым не гледзячы на ціск, дружна патрабавалі свайго (Беларуская Ніва № 17 (30), 27 лютага 1926.). Тады ўлады вырашылі перанесці будынак зблянскай школы ў Беліцу. Сяляне, высілкамі якіх гэтая школа будавалася, пісалі пратэсты ў Міністэрства асветы і да мясцовых уладаў. Аднак адказу не атрымалі. У лютым 1926 г. "ад староства прыехалі тэхнікі ўжо разьбіраць гэты будынак. На дамаганьне кіраўнікоў разбору, каб сяляне далі рабочых і падводы, усе жыхары в. Збляны катэгарычна адмовіліся і на сходзе вырашылі зрабіць яшчэ адпаведныя крокі, каб уратаваць з такім трудом збудаваную іхнімі рукамі для сваіх дзетак школу, для чаго праз дэлегацыю зьвярнуліся да Пасольскага Клюбу Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамады аб атрыманьні іх дамаганьняў" (Беларуская Ніва № 15(28), 24 лютага 1926).

Па справе школы дэлегацыя зблянскіх сялян адмыслова сустрэлася ў Вільні з беларускім паслом у Сойм Сымонам Рак-Міхайлоўскім, які як раз у гэты час лячыўся ў Вільні. Рак-Міхайлоўскі, не могучы асабіста выехаць у Варшаву, 17.01. 1926 г. даслаў тэлеграмы ў міністэрствы Асветы і Унутраных спраў гэткага зместу: "Назначаны праз Лідзкага Старасту супраць волі гміннай рады войт Беліцкай гміны Вадэйка пад намовамі ксяндза з фальварку Няцеча проці волі ўсяе люднасьсці пераносіць з дазволу Старасты школьны будынак, збудаваны мяйсцовай люднасьцю з вёскі Збляны да мястэчка Беліца Лідзкага павету. Пратэстуючы проці бяспраўя і пагвалчаньня правоў беларускай люднасьці, прашу аб безадкладным затрыманні разборкі будынку да часу належнага вырашэння гэтае справы паводле скаргі сялян вёскі Збляны, перасланай Беларускім Клюбам да Міністэрства Асьветы ў красавіку леташняга году.

Рак-Міхайлоўскі, дэпутат" (Беларуская Ніва №17(30), 27 лютага 1926).

Абараніць сваю школу беларускія сяляне не змаглі.


13 лістапада 1925 г. па усёй Заходняй Беларусі беларуская грамадскасць святкавала 10-я ўгодкі існавання беларускай школы (Жыццё Беларуса №18, 7 лістапада 1925).


Сёлета мы можам і павінны годна адсвяткаваць 100-гадовы юбілей першай афіцыйнай беларускай школы на Лідчыне.

Леанід Лаўрэш


Прозвішчы Беларусі. Частка IV. Найменні знакамітых людзей

(паводле беларускага друку)

(Працяг. Пачатак у папяр. нумары.)

Кашуцкі (Эдвард К.) - вытвор з фармантам -скі ( -цкі) ад антрапоніма Кашута і значэннем 'нашчадак названай асобы' або як шляхетнае ўтварэнне: Кашут-скі - Кашуцкі. ФП : кашут а ('перхаць' - Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны) - Кашута (мянушка, за-тым прозвішча) - Кашуцкі.

Квасоўка (Ганна К.) - семантычны вытвор ад апелятыва квасоўка 'квас грушавы' ( квас-оўка).

Кебіч (Станіслаў К.) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Кеба і значэннем 'нашчадак названай асобы': Кеб-іч. ФП: кеба ('здольнасць, уменне' (украінск.) - Кеба ( мянушка, затым прозвішча) - Кебіч.

Кіт / Кіта (Барыс К.) - семантычны вытвор ад апелятыва кіта ('сноп бобу, гароху, саломы' (Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак).

Красне й (Віктар К.) - семантычны вытвор ад апелятыва красней 'прыгажун' (ад краса - красны - красн-ей; па-раўнаем: красько 'чырвонашчокі здаравяк' (Слоўнік народнай мовы Зэльвеншчыны).

Кудырчык (Кастусь К.) - семантычны вытвор ад апелятыва кудыр-чык 'дзежачка' (Матэрыялы да слоўніка Магілёўшчыны).

Кухта (Адам К.) - семантычны вытвор ад апелятыва кухта 'кухар'. Слоўнікі падаюць вытвор ад гэтага слова кухцік 'кухарчык' (= руск. по-варёнок (БРС - 88).

Лавейка (Стэфан Л.) - семантычны вытвор ад апелятыва лавейка, які матывуецца двума словамі: лава - лав-ейка (памян.-ласк.) і лавіць - лав-ейка 'той, хто ловіць' (параўнаем: варажыць - вараж-эйка, сячы - сячэйка, туляцца - ту-лейка ( П. Сцяцко. Беларускае народнае словаўтварэнне).

Лазавік (Пётр Л.) - семантычны вытвор ад апелятыва лазавік 'той, хто знаходзіцца ў лазе, лазняку', ці 'тое, што зроблена з лазы'. Або: Лазавік 'міфічная істота' (як і Дамавік, Лесавік і пад.).

Лапе за (Ніна Л.) - семантычны вытвор ад апелятыва лапеза 'чалавек з аляпаватым шырокім тварам, асабліва з шырокім носам', 'непрыгожы' (дэрыват ад лапа: лап-еза).

Латушка (Павел Л.) - семантычны вытвор ад апелятыва латушка 'невялікая гліняная місачка з загнутамі ўнутр краямі', 'місачка з дрэва'.

Лаша (Галіна Л.) - семантычны вытвор ад апелятыва л оша 'жарабя'.

Лепешанкоў (Алег Л.) - форма прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Лепешанко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Лепешанк-оў. ФП: л е-пеш ('праснак') - Л епеш (мянушка) - Л епеш (прозвішча) - Лепяшэнка ( > Лепешанко) 'нашчадак Лепеша' (з суф. - энк-/-анк) - Лепешанкоў / Лепя-ш энкаў.

Лесік (Адам Л.) - семантычны вытвор ад апелятыва ле-сік 'невялікі лес; лясок'. Ад гэтага антрапоніма магла ўзнікнуць і форма Лёсік (Параўн.: Лёвін і Левін - ад Лёва (< Лявон, Леў).

Ліманоўскі (Канстанцін Л.) - вытвор з фармантам - оўскі/-скі ад тапоніма Лім оны / Лімонаўка і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Ліман-оўск і Ліманоў-скі.

Лован (Сідар Л.) - семантычны вытвор ад апелятыва лов-ан 'той, хто ўдзельнічае ў ловах' (утварэнне: ловы-лован).

Лугоўскі (Сяргей Л.) - утварэнне з фармантам -оўскі ад тапоніма Лугі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Луг-оўскі.

Ляпеш (Іван Л.) - семантычны вытвор ад апелятыва ляпеш 'праснак'. Ад асновы гэтага слова і дэрываты Ляп ешаў ( > Лепешаў), Ляпешкаў і інш. Гл. Лепешанкоў.

Ляўкоў (Эрнест Л.) - форма прыметніка з прыналежным суфіксам -оў ад антрапоніма Ляўко і значэннем 'нашчадак названай асобы': Ляўк-оў. ФП: левы ('размешчаны з таго боку цела, дзе знаходзіцца сэрца', а таксама 'ўвогуле размешчаны з гэтага боку', а таксама 'пра пабочны або незаконны заробак') - Ляўко ('ляўша', 'злодзей') - Ляўко (мянушка) - Ляўко (прозвішча) - Ляўкоў.

Мадзейка (Адам М.) - семантычны вытвор ад апелятыва мадзейка 'той, хто жыве ў цяжкіх умовах' ( мадзець - ма-дзейка).

Мадзейкін (Ігар М.) - вытвор з суфіксам прыналежнасці -ін ад антрапоніма Ма-дзейка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мадзейк-ін. (гл. вышэй: Мадзейка). Некаторыя намінанты змяняюць форму гэтага прозвішча на Мадэйкін (паводле моды?!).

Мала ння (Еўдакія М.) - уласнае асабовае жаночае імя набыло ролю прозвішча. Як і Кузьма, Барыс (> Борыс) і пад.

Ма лец (Яраслаў М.) - семантычны вытвор ад апелятыва малец 'малады чалавек, хлопец' (утварэнне мал(ы)-ец), параўнаем рус. малыш (мал-ыш).

Мальцаў (Аляксандр М.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -аў ад антрапоніма Малец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Маль-цаў. Прыплюсоўванне суфікса -оў(-аў,-еў) - нярэдкаснае ў афіцыйных зносінах з расійскамоўным людам (войскі, служба ў адпаведных установах Расіі і пад). Ёсць нямала сведчанняў, калі беларусаў рабілі расіянамі: Машэраў (< Машэра), Мазураў (< Мазур), Кісялёў (< Кісель), Краўцоў (< Кравец) і пад.

Мамоніч (Эдвард М.) - вытвор з суфіксам бацькаймення -іч ад антрапоніма Ма-моня і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мамон-іч. ФП: мама ('маці') - мамоня (экспрэс. з суфіксам -оня) - Мамоня (мянушка) - Мамоня (прозвішча) - Мамоніч.

Мармыль (Сцяпан М.) - семантычны вытвор ад апелятыва мармыль 'буркун, заўсёды незадаволены чалавек' (Насовіч І.).

Марцэвіч (Люба М.) - вытвор з суфіксам бацькаймення -эвіч ад антрапоніма Марац і значэннем 'нашчадак названай асобы': Марц-эвіч. ФП: м арац ('сакавік - месяц', а таксама 'час марцавання', 'той, хто марцуе'; параўн: марцовы кавалер 'стары валацуга, які любіць заляцацца да жанчын') - Марац (мянушка) - Марац (прозвішча) - Марцэвіч.

Маслыка (Георг М.) - семантычны вытвор ад апелятыва маслыка 'той, хто любіць масліць - намазваць вялікай колькасцю масла' (утварэнне масл-ыка, параўнаем хадыка (< хада, хадзіць), грамыка (< грымець). Або як паралельнае найменне да антрапонімаў Ма-сла, Маслюк.

Меляшчэня (Аляксандр М.) - вытвор з фармантам -эня ад антрапоніма Мяле-шка і значэннем 'нашчадак названай асобы': Меляшч(к/ч)-эня. ФП: Емельян (імя) - Мелех- Мялешка - Меляшчэня.

Мігун (Іван М.) - семантычны вытвор ад апелятыва мігун 'тое, што маргае ("мігае"): святлафор, маяк і пад.)'. Або ўтварэнне ад мігі ('жэсты') - мігун 'чалавек - (нямы), які разумее мігі, карыстаецца імі'.

Мірончык (Ягор М.) - вытвор з суфіксам -чык ад ант-рапоніма Мірон і значэннем 'нашчадак названай асобы': Мірончык. Або як ласк. да Мі-рон. Не выключаны і семантычны вытвор ад мірончык ( мі-рон) 'рыба сямейства карпавых'.

Міхно (Уладзімір М.) - гутарковая форма кананічнага імя Міхаіл набыла ролю прозвішча.

Мокуць (Іван М.) - семантычны вытвор ад апелятыва мокуць 'забалочанае месца' (Матэрыял для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак).

Мсціславец (Раман М.) вытвор з суффіксам -ец ад тапоніма Мсціслаўль, Мсціслаўе і значэннем 'народзінец, жыхар названнага паселішча': Мсці-слав-ец.

Мякіш (Ніна М.) - семантычны вытвор ад апелятыва мякіш 'мяккая частка печанага хлеба'; 'мякаць'.

Нале пка (Ніна А.) - семантычны вытвор ад апелятыва налепка 'нітка, парваная і прыпраная зноў' (Л. Шаталава. Беларускае дыялектнае слова).

Наскавец (Фёдар Н.) - вытвор з суфіксам -ец ад тапоніма Наскава і значэннем 'народзінец, жыхар названага паселішча': Наскав-ец. ФП: нос ('орган нюху, які знаходзіцца на твары чалавека або мордзе жывёлы') - наско ('насаты чалавек, насач') - Наско (мянушка, затым прозвішча) - Наскоў ('нашчадак асобы Наско', з суф. - оў) - Наск овец - Наскавец.

Наскоў (Ігар Н.) - форма прыналежнага прыметніка з суфіксам -оў ад антрапоніма Наско і значэннем 'нашчадак названай асобы': Наск-оў. Гл. Наскавец.

Падліпская (Зоя П.) - вытвор з фармантам -ская ад тапоніма Падліпкі і значэннем 'народзінка, жыхарка названай мясціны, паселішча): Падліп-ская. ФП: ліпа (дрэва) - Ліпы (тапонім) - Падліпы (тапонім) - Падліпская.

Падрэз (Іван П.) - семантычны вытвор ад апелятыва падрэз ('няпоўнасцю кастрыраваны жарабец, кныр' (Матэрыялы да слоўніка Магілёўшчыны).

Палубінскі (Васіль П.) - вытвор з фармантам -інскі ад тапоніма Палуба і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча'): Палуб-інскі. ФП: палуба ('гарызантальнае перакрыццё ў корпусе судна') - Палубы (тапонім) - Палубінскі.

Пальчынскі (Аляк-сандр П.) - вытвор з фармантам -ынскі ад антрапоніма Пальчык і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пальч(ык)-ынскі. Або дэрыват ад тапоніма Пальчыкі ці Пальцы і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны, паселішча': Пальч-ынскі.

Пастаялка (Ніна П.) - семантычны вытвор ад апелятыва пастаялка ('адстоенае малако з вяршкамі, знятымі з верхняй яго часткі', або 'кватарантка'.

Пацей (Іпацій П.) - гутаркова-народная форма кананічнага імені Ипатий ( Іпат, Пацей, Пацейка і інш.) набыла ролю прозвішча.

Перапяліца (Іван П.) - семантычны вытвор ад апелятыва перапяліца - адэквата нармаванага перапёлка 'маленькая палявая пералётная птушка сямейства фазанавых з завостранымі крыламі і кароткім хвастом'. Першасна - вытвор з суфіксам -іца ад перапел (< рус. перепел) і значэннем 'самка перапела'.

Пісарык (Адам П.) - вытвор з суфіксам -ык ад антрапоніма Пісар і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пісар-ык. Або семантычны вытвор ад апелятыва пісарык 'памочнік пісара' ці экспрэсіў ад пісар.

Плакс (Федар П.) - семантычны вытвор ад апелятыва плакса (рэкунструяванага пад мужчынскі род - (без фіналі -а) 'плаксун - хто многа і часта плача ці скардзіццца на свой лёс, стан'.

Поленька (Ніна П.) - вытвор з фармантам -енька ад антрапоніма Пол (< Полей < Полиен) і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пол-енька. Або семантычны вытвор ад апелятыва поленька ( пол (е)-енька; як і рэчанька) 'поле' (фалькл.-экспрэсіўнае).

Пракапцоў (Фёдар П.) - вытвор з суфіксам прыналежнасці -оў ад антрапоніма Пра-капец і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пракапц-оў. ФП: Пракоп (імя) - Пракапец ('нашчадак яго', суф. -ец) - Пракапцоў.

Пратасовіч (Ян П.) - вытвор з суфіксам бацькаймення -овіч ад антрапоніма Пра-тас і значэннем 'нашчадак названай асобы': Пратас-овіч. ФП: Пратас ( < Протасий - даўнейшае імя) - Прат асавіч - Пратасовіч.

Прыгода (Павел П.) - семантычны вытвор ад апелятыва прыгода 'нечаканы выпадак', 'нежаданая, непрыемная, небяспечная для каго-небудзь падзея', 'тое, што парушае звычайны парадак чаго-нубедзь', а таксама 'патрэба'.

Прычэпна (Ян П.) - семантычны вытвор ад апелятыва прычэпна 'той, хто звычайна чапляецца, прыдзіраецца'; 'прыдзіра'.

Пузей (Іван П.) - семантычны вытвор ад апелятыва пузей 'пузаты чалавек, пузач' (утварэнне: пуз-ей; як і пуз-ач).

Пац (Станіслаў П.) - скарочаная форма кананічнага даўнейшага імя Ипатий (бытавала ў 16-18 стагоддзях у формах Іпат, Пацей, Пацейка, Пац, Пацка, Пацай, Пацэй, Пацэйка, Пацыян і інш. (М.В. Бірыла), якая набыла ролю прозвішча.

Пу шка і Пушко (Андрэй П., Якаў П.) - семантычны вытвор ад апелятыва пушка, які мае розныя значэнні: 1) агнястрэльная зброя, 2) каробка ('невялікая скрынка (з картону, дрэва, пластмасы і пад.)', а так-сама 'такая ж скрынка з якім-небудзь таварам, наборам прадметаў'. Для адмежавання прозвішча ад апелятыва звычайна першае набывае канцавое : Пушко. Антрапонім можа матывавацца і прыметнікам пушысты і быць вытворам ад яго з фармантам -ко: пушко - Пушко.

Пянткоўскі (Адам П., Каспар П.) - вытвор з фармантам -оўскі ад тапоніма Пён-ткі і значэннем 'народзінец, жыхар названай мясціны': Пян-тк-оўскі (этымон пёнты < польск. piaty 'пяты'.

Пячку р (Іван П.) - семантычны вытвор ад апелятыва пячкур 'невялікая рачная рыба сямейства карпавых', а таксама 'пячнік'.

Рабе й (Абрам Ф.) - семантычны вытвор ад апелятыва рабей 'рабін' (Матэрыялы для слоўніка мінска-маладзечанскіх гаворак).

Рагін (Андрэй Р.) - вытвор з прыналежным суфіксам -ін ад антрапоніма Рага і значэннем 'нашчадак названай асобы': Раг-ін. ФП: рага ('струменьчык чаго-небудзь вадкага на якой-небудзь паверхні') - Рага (мянушка) - Рага (прозвішча) - Рагін.

Рагоза (Мiхаiл Р.) - семантычны вытвор ад апелятыва рагоза 'вiд балотняй раслiны: сiтнiк, рагожа', а таксама 'рагачы, рагаццё' (утварэнне: рог-оза).

Ражына (Антанiна Р.) - семантычны вытвор ад апелятыва ражына, якi матывуецца дваяка: 1) 'кветка ружы' (рас. роза => рож(з/ж)-ына. 2)вялiкая р ага ('струмень вадкасцi на якой-небудзь паверхнi').

Разумок (Антон Р.) - семантычны вытвор ад апелятыва разумок (iран.) 'мудрэц, хiтрэц' (утварэнне з памянш. суфiксам -ок ад розум: разум-ок).

Рыбiцкая (Алена Р.) - вытвор з фармантам -ская ад тапонiма Рыбiца i значэннем 'народзiнка, жыхарка названай мясцiны, паселiшча': Рыбiц-ская - Рыбiцкая.

Рэмiсь (Антон Р.) - семантычны вытвор ад апелятыва рэмicь 'горны стрыж' (птушка).

Сапе га (Аркадзь С.) - семантычны вытвор ад апелятыва сап ега 'той, хто сапе - цяжка дахаючы, утварае гукi з прысвiстам' (утварэнне з рэдкаўжыв. фармантам -ега: сап-ега; параўнаем чапега ( чапаць - чапега). Параўн. слоўнiкавае сап 'гукi сапення, цяжкага ды-хання'. Ад сап з выкарыстаннем фарманта -ега таксама ўзнiкла вытворнае слова сапега для абазначэння хваравiтага чалавека, якому ўласцiвы сап - 'цяжкое дыханне, з сапеннем'.

Сiвец (Наталля С.) - семантычны вытвор ад апелятыва сiвец 'шматгадовая травянiстая раслiна сямейства злакаў з цвёрдым шчацiнападобным сцяблом, якая сустракаецца на дрэннай пашы, лузе'.

Сiвуч (Андрэй С.) - семантычны вытвор ад апелятыва сiвуч 'млекакормная жывёлiна сямейства вушатых цюленяў'.

Сiч (Iван С. ) - семантычны вытвор ад апелятыва сiч 'паўночная праснаводная (прамысловая) рыба сямейства ласасёвых'.

Сiгалоў (Кузьма С. ) - семантычны вытвор ад апелятыва ciгалоў 'рыба сямейства ласасёвых', а таксама 'час, калi сiгi лепш ловяцца i бываюць большымi'.

Сiняўскi (Алег С.) - вытвор з фармантам -скi ад тапонiма Сiняўка i значэннем 'народзiнец, жыхар названага паселiшча': Сiняў(ка)-скi.

Скарга (Пётр С.) - семантычны вытвор ад апелятыва скарга 'выражэнне незадаволенасцi, нараканне з прычыны пэўных непрыемнасцяў, болю i пад., а таксама афiцыйная заява пра незаконнае дзеянне пэўнай асобы цi ўстановы'.

(Заканчэнне ў наст. нумары.)

Павел Сцяцко


Віншуем сяброў ТБМ, якія нарадзіліся ў верасні

Анацка Лявон Яўгенавіч Анісім Алена Мікалаеўна Анішчанка М. І. Арэх Мікалай Уладзіміравіч Асіпенка Аляксандр Георг. Багдановіч Алена Іванаўна Барада Людміла Барадаўкіна Ірына Сяргееўна Баран Павел Баршчун Валянціна Дзмітр. Баршчэўская Алеся Барысенка Аляксандр Анат. Барэйка Юры Мікалаевіч Батура Людміла Віктараўна Баярэвіч Ксенія Аляксандр. Белакоз Алесь Бізгень Людміла Блажэй Дзмітры Сяргеевіч Бондар Юлія Сяргееўна Бубновіч Ніна Булатава Зоя Міхайлаўна Булаўская Марына Булыга Анастасія Ваніслаўчык Дзмітры Варановіч Крысціна Васілеўскі Валянцін Васільева Галіна Іванаўна Васілючак Міхаіл Вікенцьевіч Вінакурава Кацярына Войніч Вікторыя Іосіфаўна Волкаў Міхаіл Уладзіміравіч Вочка Ірына Пятроўна Высоцкая Таццяна Валянцін. Вяргей Валянціна Сяргееўна Габрусевіч Сяргей Гадзюка Юрась Аляксандр. Гайдучэнка Алег Сяргеевіч Галубовіч Зміцер Галянкова Альбіна Валер'еўна Ганачарова Наталля Анатол. Ганчар Марыя Іосіфаўна Гарбузова Аліна Канстанцін. Гідлеўская Людміла Гілевіч Ніл Сымонавіч Грыб Мечыслаў Іванавіч Грынько Вольга Ігараўна Гуркоў Алесь Уладзіміравіч Данілюк Алег Іванавіч Даўгашэй Франц Дземідовіч Андрэй Дземянцей Наталля Ермал. Дзіско Уладзімір Антонавіч Дзмітрыева Зося Дзягілеў Лявон Дзям'яненка Ванда Баляслав. Дранец Алена Дробыш Алёна Сяргееўна Дрык Юлія Дубоўская Кацярына Дуганаў Алег Міхайлавіч Дэц Аксана Аляксандраўна Еўстратоўскі Уладзімір Парф. Ехілеўская Кацярына Леанід. Жбанкова-Стрыганкова Вікторыя Генадзьеўна Жолудзеў Анатоль Пятровіч Жук Мікалай Мікалаевіч Жукоўскі Барыс Жылач Таццяна Міхайлаўна Жышкевіч Людміла Зайка Антаніна Іванаўна Занкевіч Зміцер Сяргеевіч Збірэнка Алена Зімін Мікалай Васільевіч Зяновіч Ганна Аляксандраўна Іванова Вольга Аляксандраўна Івашка Ірына Алегаўна Івашкевіч Іна Ісаевіч Наталля Анатольеўна Ісенава Марыя Ісмаілава Тамара Якаўлеўна Казак Мікалай Мікалаевіч Казлоўская Іна Іосіфаўна Каладынская Вольга Эдвард. Калбасіна Ірына Канановіч Алена Кандраценка Артур Сяргеевіч Кануннікаў Дзмітры Сярг. Капусціна Святлана Валянцін. Карпека Андрэй Валер'евіч Карповіч Сямён Іванавіч Карценька Алена Карэнька Зінаіда Іванаўна Кашчэеў Алесь Квандзель Таццяна Уладзімір. Кіенка Генадзь Кляўцэвіч Іван Віктаравіч Колас Уладзімір Георгіевіч Корбут Віктар Андрэевіч Котчанка Уладзімір Коўзель Ян Уладзіміравіч Кошчанка Уладзімір Алякс. Краснагір Аляксей Рыгоравіч Краўцоў Андрэй Краўчанка Ала Крот Кацярына Міхайлаўна Круглік Юлія Віктараўна Крэнць Максім Кудзелька Віктар Яўхімавіч Кузьміна Галіна Кузьміч Вольга Аляксандр. Купчык Мікола Курган Дзяніс Аляксандравіч Курдзя Антаніна Юр'еўна Курдо Антон Васільевіч Лагун Таццяна Лазко Любоў Іванаўна Лапухова Часлава Чаславаўна Лапцік Валянціна Ліпскі Міхаіл Аляксандравіч Лісай Уладзімір Аляксеевіч Літвін Уладзімір Ліхашэрст Макар Васільевіч Ліцьвінчук Алена Лобан Ірына Фёдараўна Лужкоўская Юлія Юр'еўна Лукашэнка Любоў Яўгенаўна Лунёва Настасся Лызо Дмітры Сяргеевіч Лысюк Марыя Ляшкевіч Сяргей Іосіфавіч Малочка Таццяна Маляўка Андрэй Фёдаравіч Мандрык Канстанцін Алякс. Марзалюк Ігар Аляксандравіч Маркелаў Валер Анатольевіч Марозаў Валеры Уладзімір. Марук Мікалай Анатольевіч Марцінкевіч Ганна Масла Марыя Мацкевіч Васіль Васільевіч Мацулёў Мікалай Пракопавіч Мельнікава Зоя Пятроўна Мельнікаў Мікалай Аляксеев. Міхайлоўская Вікторыя Люд. Міхалоўская Вольга Міхалькова Алена Мудрова Таццяна Мудроў Вінцэсь Леанідавіч Мурашка Надзея Мусік Святлана Валянцінаўна Навумік Зінаіда Наздрына Ларыса Паўлаўна Новік Дзіяна Новік Марыя Іванаўна Пабірушка Таццяна Валер. Палухіна Марыя Аляксандр. Панкрат Пётр Аляксеевіч Парфененка Вітаўт Васільевіч Пархамовіч Мікалай Сямён. Паўлініч Ліза Паўловіч Наталля Юр'еўна Паўлоўская Марыя Ігараўна Пацялежка Андрэй Петрыкевіч Валеры Міхайл. Петрычэнка Аніта Аляксандр. Півавар Кацярына Сяргееўна Піваварчык Ірына Вайцехаўна Пінчук Мікалай Фёдаравіч Піткевіч Алесь Пранікава Тамара Прасольная Вольга Анатол. Прыстаўка Яніна Ігараўна Птушка Алена Міхайлаўна Пузанкевіч Вікенці Пянкрат Пётр Аляксеевіч Пяткевіч Тамара Сымонаўна Пятроў Дзяніс Валер'евіч Рабкоўскі Валянцін Разжалавец Ніна Рамашэўскі Барыс Іванавіч Савостава Наталля Юр'еўна Салавей Лія Мацвееўна Саламевіч Кацярына Аляксан. Салдатава Аліса Сяргееўна Сарока Надзея Свяколкін Антон Віктаравіч Севярынец Канстанцін Паўл. Севярынец Таццяна Яўгенаўна Сенчанка Наталля Сідар Павел Сідарчук Яўгенія Сідарэвіч Сяргей Паўлавіч Сметаненка Александр Смольнік Вольга Георгіеўна Станілевіч Б.А. Станкевіч Вячка Суднік Алена Вячаславаўна Суднік Арцём Станіслававіч Сусла Мікалай Валянцінавіч Сухаверхая Кацярына Мінаўна Сцяжко Канстанцін Ігаравіч Сцяцэнка Яўгенія Валер'еўна Сяльверстава Святлана Яўген. Тарасевіч Пётр Пятровіч Ткачоў Максім Трапашка Аляксей Трафімчук Наталля Мікал. Тычына Андрэй Уладзіміравіч Уласюк Юры Усеня Уладзімір Мікалаевіч Усцімчук Мікалай Мікалаевіч Фёдарава Ірына Пятроўна Флярко Сяргей Аляксандравіч Хляба Ігар Вітальевіч Цімохаў Сяргей Цыбулька Аляксандр Георг. Чайкова Ірына Аляксандраўна Чаркасаў Л. І. Чэчат Лілія Пятроўна Шаміёнка Сяргей Эдуардавіч Шпірыч Раіса Сяргееўна Штанюк Наталля Аляксандр. Шульчанка Вольга Анатол. Шутаў Аляксандр Эдуардавіч Шыбкоўскі Сяргей Георгіевіч Шэметава Вікторыя Якавец Т. Я. Якіменка Кацярына Мікал. Янкоў Дзмітры Уладзіслав. Ярмушчык Антаніна Яфрэмаў Алег Анатольевіч Яшкін Уладзімір Уладзіміравіч


"Будзьма!"

31 жніўня (панядзелак) на сядзібе ТБМ адбудуцца чарговыя заняткі ў гістарычнай школе "Гісторыя ў падзеях і малюнках" з Алегам Трусавым. Пачатак 18.00. Уваход вольны.


У Прыбайкаллі з'явілася шыльда ў гонар сасланых у Сібір удзельнікаў паўстання 1863 года

Намаганнямі актывістаў Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага на адной з вяршыняў горнай сістэмы Хамар-Дабан у Прыбайкаллі з'явілася шыльда ў гонар сасланых у Сібір удзельнікаў паўстання 1863 г. і асабіста аднаго з іх - Яна Чэрскага.

Шыльда была ўсталявана падчас традыцыйнага паходу беларусаў Іркуцка на пік Чэрскага - адну з найвышэйшых кропак хрыбта Хамар-Дабан і аднаго з папулярных турыстычных маршрутаў Прыбайкалля.

Паход прымеркаваны да 170-годдзя славутага даследчыка і прайшоў ужо трэці раз - першы паход адбыўся 10 гадоў таму, другі - 5 гадоў. У тэксце шыльды на дзвюх мовах - расейскай і беларускай - згадваюцца паўстанне, высылка асуджаных на катаргу ўдзельнікаў, іхні ўплыў на жыццё Сібіры, а таксама асноўныя факты з біяграфіі Чэрскага. Побач месціцца ягоны партрэт, паўстанцкі герб і схематычныя выявы, якія адлюстроўваюць лёс навукоўца - ад паўстанцкай зброі да навуковых дасягненняў.

Паход адбыўся 11-14-га жніўня, адразу па заканчэння Фестывалю беларусаў свету на Байкале 3-9 жніўня.

Радыё Свабода,Іркуцк.


У Лучаі паставяць помнік аўтару знакамітага "Паланеза"

Размовы аб тым, што ў Лучаі (Пастаўскі раён) паставяць помнік Міхалу Клеафасу Агінскаму, чуліся даўно. Нават яны ўжо і падзабыліся… А тут, раптам, дадаючы здымкі гістарычных будынкаў на сайт radzima.org, бачу здымак, які падпісаны "Праект помніка Агінскаму". То бок, гэта ўжо не тое што размовы, а намеры, якія ўжо ўвасобленыя ў макет.

Самы лепшы спосаб спраўдзіць інфармацыю - патэлефанаваць тамтэйшаму ксяндзу Мікалаю Ліпскаму, які паступова, пакрысе, пераўтварае прыкасцельную тэрыторыю, а разам з тым і Лучай у такі турыстычны брэнд, як "Паланез над блакітнымі азёрамі". Лучаю пашанцавала з ксяндзом! Можна сказаць - мясцовы ўраджэнец (з Шаркоўшчыны). Штораз арганізоўвае ў сваёй парафіі розныя фэсты, а на культурніцкую праграму запрашае ТОПавых беларускіх музыкаў. Хто тут толькі не быў! А Андрусь Такінданг і гурт "Рэха" тут ледзве не "прапісаліся", прыязджаюць па некалькі разоў на год! Лявон Вольскі адзначыўся, музыкант віртуоз Зміцер Корсак, Зміцер Вайцюшкевіч, Зміцер Бартосік, Таццяна Матафонава…

- А што ўжо макет помніка Агінскаму ёсць у інтэрнеце? - ператытвае ксёндз Мікалай. - Аператыўна! Няхай бы так аператыўна дапамагалі шукаць спонсараў, - жартуе ксёндз Мікалай. - Так! Цяпер ідзе працэс узгаднення устаноўкі помніка. Яго адкрыццё прымеркавана на 13 верасня.

Ці наведваў, насамрэч, Міхал Клеафас Агінскі Лучай? Тут можна задаць і падобнае пытанне: ці быў у Глыбокім Францішак Скарына? То тады зноў - пытанне на пытанне: А як ён ехаў з Полацка на Вільню! Іншай жа дарогі на Вільню, як праз Глыбокае, няма. Дарэчы, на гэтай жа дарозе - Альгердавым шляху - таксама і Лучай! То бок, гіпатэтычна, і Міхал Клеафас Агінскі са свайго маёнтка Залессе на Смаргоншчыне, мог, цягам дня (сутак) даехаць да Лучая.

А што там у Лучаі? У Лучаі - касцёл святога Тадэвуша. Фундатарамі касцёла былі Тадэвуш і Эльжбэта Агінскія. Касцёл змураваны ў 1766-1777 гг. Эльжбета Агінская (з Пузынаў), наогул - слынная асоба на Беларусі-Літве. Заснавала астранамічную абсерваторыю ў Вільні і падтрымлівала яе матэрыяльна. Знакаміты паэт Адам Міцкевіч ўвасобіў Э. Пузыну ў сваёй паэме "Пан Тадэвуш". Адзін з герояў твору - пан Падкаморы - наступным чынам распавядаў пра часы свайго навучання ў Віленскай езуіцкай акадэміі:

"Я сам у курсе

Астранамічных ведаў

быў у бурсе

Галоўнай школы ў Вільні.

Там за сродкі

Пузынінай, багатай патрыёткі,

Мы мелі тэлескоп (усе выдаткі

былі збалансаваны за падаткі

З двухсот двароў халопскіх -

з рук у рукі),

Падтрымлівала пані

храм навукі".

Партрэт Эльжбэты Агінскай доўгі час знаходзіўся ў Лучайскім касцёле. Цяпер ў Віцебскім мастацкім музеі (1992). Нажаль, да нашага часу, пасля вайны, не дайшоў шыкоўны лучайскі палац Мастоўскіх, якога так цяпер не хапае Лучаю!

Уладзімір Скрабатун.На здымках: 1. Праект помніка М.К. Агінскаму; 2. Палац Мастоўскіх у Лучаі. Не захаваўся. Малюнак Ул. Скрабатуна; 3. Партрэт Эльжбэты Агінскай, які да 1992 года захоўваўся ў Лучайскім касцёле св. Тадэвуша.


На радзіму Аляксея Пысіна

Я вельмі люблю краязнаўчыя вандроўкі. Яны наталяюць жыццёвай сілай, нараджаюць новыя думкі і даюць матэрыялы для творчасці. У Магілёве Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (кіраўнік Алег Дзьячкоў) раз на месяц распрацоўвае і ладзіць экскурсіі па вельмі цікавых маршрутах (складаюць самі) і якасна праводзіць іх.

16 жніўня 2015 г. адбылася вандроўка ў музей Пысіна (юбілейны год пісьменніка) у вёску Палуж Краснапольскага раёна. Гэта школа, дзе вучыўся ў свой час Аляксей Пысін.

Кораценька апішу краязнаўчы маршрут для таго, каб вы мелі ўяўленне аб каштоўнасці гэтай вандроўкі.

Чэрыкаў. Экскурсавод - Максіменка Васіль напісаў кнігу аб гістарычных каштоўнасцях гэтага краю (настаўнік гісторыі), шмат цікавага распавёў аб горадзе і завёў у гістарычна-краязнаўчы музей з вядомымі сёння лялькамі-абярэгамі. Кожная з іх утрымлівае ў сябе лекавыя расліны (кошт 30 тысяч рублёў) і выкарыстоўваецца для пэўнай ролі: лялька-апякунка сям'і, лялька кахання і г. д. Вельмі значны і цікавы музей для такога раённага горада.

Наведалі магілў князёў Абаленскіх (палац зруйнаваны за гады савецкай улады, парк у занядбаным стане). Найпрыгажэйшая мясціна ля ракі Сож! Затым наведалі прыватны музей у вёсцы Мірагошч Дубягі Сяргея Мікалаевіча, які распавёў аб караблеходнай рацэ Сож з часоў Пятра I і паказаў калекцыю якараў, якіх ужо набралася каля 20-ці адзінак. А самы старажытны - аж з 17-га стагоддзя! Гэтыя якары прыйшлося выцягваць з ракі ўласнымі рукамі на працягу многіх гадоў. Гаспадар павазіў нас на маленькім катэры, які сабраў уласнымі рукамі, пачаставаў усіх смачнай гарбатай з адварамі лекавых зёлак і прапанаваў усім ахвотным смачнае печыва. А таксама падзяліўся планамі па пашырэнні аграсядзібы. Было ў гэты дзень дужа спякотна, і многія кінуліся купацца ў чысцютка-празрыстую ваду Сожа. Адпачыўшы, паехалі да сваёй мэты: у музей Пысіна.

З хваляваннем уваходзілі ў дзверы школы, дзе калісьці навучаўся вядомы паэт. Яго вершы, душэўныя і простыя, сагравалі ў цяжкія хвіліны ўсіх людзей. Невялічкі школьны музей здзівіў нас чысцінёй і нейкай асаблівай аўрай. Дзве вучаніцы 10-га класа з цеплынёй распавядалі пра паэта і яго сваякоў. Гонар за школу, зямлю, вёску, дзе нарадзіўся паэт, гучаў у іх словах.

І вось наш апошні прыпынак у маршруце. "Іванаў хутар", - чытаю на маленькай шыльдзе на сетчатай брамцы. Зусім недалёка ад школы Пысіна.

Тое, што я пабачыла і пачула, кранула мяне і ўсіх прысутных да глыбіні душы. Пяць гектараў дэндрапарку (або можа батанічнага саду)! Заснавальнік гэтай, зараз ужо дзікай прыгажосці, Іван Зотавіч, (так па-прасцецку называюць яго ўсе ў ваколіцы) усё сваё жыццё акліматызоўваў дрэвы і кустарнікі, якія ў сваім заплечніку прывозіў з розных краін і вырошчываў у нашых кліматычных умовах. Вялікая справа, справа ўсяго жыцця, як я зразумела "Дэндралагічны парк "Іванаў хутар" назвала бы я гэтую мясціну. Прыгажэнныя лістоўніцы розных гатункаў, магутныя кедры, канадскія сосны, манчжурскія арэхі. 40 гатункаў туй, рэдкія гатункі пладовых дрэваў, высахлыя сажалкі з-за гарачыні (было бачна, што раней яны былі дагледжаныя), асаблівае паветра, занядбаная хата, альтанка ў глыбіні парку - усё мне нагадвала нейкі цуд.

- Не хапае сіл, - кажа Іван Зотавіч, - спрабаваў касіць траву. Ды дужа цяжка.

- Запрасілі б валанцёраў, - кажу я.

- Запрашаў, - а яны ўвесь мой посуд расцягнулі і бялізну, добра што хоць ёсць святло і мабільная сувязь.

- А дзе Вы бярыце ваду?

- У крыніцы

- А ўзімку?

- Раней з'язджаў ад-сюль у горад, але зараз давядзецца быць тутака. Гады…

Я прачытала боль у яго вачах.

- А каму пакінеце сваю справу?

- Няма каму, няма ні дзяцей, ні жонкі, ні памагатых.

Ніякавата стала ад яго слоў, я зразумела, што гэта боль за справу ўсяго яго жыцця, таму і звяртаюся да ўсіх.

Такія справы і такія людзі павінны быць дзяржаўным клопатам. Даведалася, што парку нададзены статус помніка прыроды. Чаму ж мясцовыя ўлады не дапамогуць хаця б у элементарным - скасіць, напрыклад, высачэзную траву і крапіву? Дапамагчы набыць скрадзены інвентар, дапамагчы ў арганізацыі экскурсій для студэнтаў і шкаляроў, што паспрыяе ў папулярызацыі гэтага ўнікальнага куточка і захаванні яго для нашчадкаў.

Краснапольскаму раёну, мясцовай школе можна выкарыстоўваць парк як практычны даведнік, як унікальны прыклад суіснавання розных раслін і дрэваў з розных куткоў планеты. Многае можа зацікавіць і навукоўцаў і звычайных наведвальнікаў у якасці прыго-жага і непаўторнага асяродка прыроды нашай Радзімы.

Іван Зотавіч з болем распавядаў, што калі быў Саюз, сіл у яго было шмат, яго досведам цікавіліся многія, прыязджалі адпачываць, але далей за абяцанні справа не рухалася. Зараз сіл ужо няма, бо гаспадару ўжо 85 год!

Улічваючы, што раней гэта была Зона адсялення, я разумею, што дапамагчы тут ахвочых будзе не шмат, але хацелася б, каб мясцовыя ўлады прыклалі пэўныя намаганні для таго, каб захаваць гэты куток. Мы ведаем, што радыяцыя памяншаецца з цягам часу. А гэтыя ўнікальныя дрэвы будуць расці стагоддзямі. Дапамажыце ВЫРАТАВАЦЬ ГЭТЫ ДЭНД-РАПАРК!

Людміла Хлімановіч.


Плошча Незалежнасці

(Менск у дні жнівенскага путчу ГКЧП, 1991 года)

У 1991 годзе ў буйных гарадах СССР склалася рэвалюцыйная сітуацыя, калі нізы (народ) не хацелі жыць па-старому, а вярхі не маглі кіраваць па-старому, бо трэба было праводзіць эканамічныя і палітычныя рэформы. КПСС раскалолася амаль на тры часткі: адны падтрымлівалі рашучага аратара-рэвалюцыянера Барыса Ельцына, другія памяркоўныя былі задаволены рэформамі Міхаіла Гарбачова, а трэція - згрупаваліся вакол Ягора Лігачова і Ніны Андрэевай, якая выступіла ў газеце "Советсткая Россия" з праграмным антыперабудовачным артыкулам "Не могу поступиться принципами". Ідэалагічная барацьба ў КПСС не спынялася. Камуністы пачалі масава пакідаць партыю, а пасля выхаду з КПСС Б.М. Ельцына гэты працэс набыў катастрафічны характар. Утвараліся дэмакратычныя партыі. Узнікла некалькі і ў Беларусі. На аснове дэмакратычнай платформы КПБ утварылася Аб'яднаная дэмакратычная партыя Беларусі (АДПБ). На адным з мітынгаў улетку 1991 года на плошчы Леніна ў Менску, непадалёку ад помніка правадыру і заснавальніку савецкай дзяржавы, стаяў механік М. з творамі У.І. Леніна (адзін том са збору ПЗТ У.І. Леніна, 41-ы ці нейкі іншы, і брашура "Как организовать соцсоревнование"). Я падышоў да яго і запытаўся, чаму ён агітуе за Кампартыю. "А я не агітую. Я тлумачу людзям: хто такі Ленін і чым ён праславіўся. Вось пачытайце, што я падкрэсліў", - сказаў ён. Я пачаў чытаць і не верыў таму, што там было напісана: "Наказывать священников и проституток вплоть до расстрела". Спачатку я не паверыў, што такое можа быць напісана Леніным. Я нават вокладкі кніг праверыў. Сапраўды, гэта творы У. І. Ленініна. Гэтыя ленінскія работы я не раз чытаў, але не звяртаў увагі на такую жорсткаць юрыста, адваката У. Ульянава, які сам фактычна нідзе не працаваў, а як стаў кіраўніком дзяржавы дазволіў без суда расстрэльваць папоў і дзевак, якія вымушаны, ганьбуючы сабой, зарабляць сабе на пражытак. Так я тады канчаткова развітаўся з Леніным і ідэалогіяй ленінізму. І той механік шмат людзей пераканаў такім шляхам. Я прапанаваў яму ўсе падкрэсленыя цытаты надрукаваць у газеце. Праз пару гадоў ён гэта і зрабіў. Здаецца, тыя ленінскія цытаты былі надрукаваны ў "Народнай газеце", якую тады рэдагаваў Іосіф Сярэдзіч.

У 1990 годзе кансерватыўныя камуністы ўтварылі сваю партыю ВКП(б). Яе сакратаром стала Ніна Аляксандраўна Андрэева. Заручыўшыся падтрымкай КДБ СССР і Ягора Лігачова, камуністы ВКП(б) рашылі адкрыта выступіць супраць М.С. Гарбачова і А. Якаўлева, А. Адамовіча і іншых. Такім чынам, 13 ліпеня 1991 года, у Менску, у Доме палітычнай асветы (па вул. Кастрычніцкай, цяпер там канцэртная зала "Мінск"), адбылася ўсесаюзная канферэнцыя прыхільнікаў ВКП(б). Яе правяла сакратар ЦК ВКП(б) Н.А. Андрэева. На гэтую канферэнцыю я трапіў як журналіст і па фіктыўным запрашэнні. Запрашэнне мне даў нейкі мужчына (прыезджы з Сярэдняй Азіі, які погляды бальшавікоў не падзяляў, але хацеў паглядзець). Ён мне і аформіў тое запрашэнне. Безумоўна, мой учынак амаральны, але я, як журналіст і гісторык, даведаўся аб тым, што іншыя не ведалі. Рэгістравацца я не стаў, але ў залу мяне прапусцілі. На той канферэнцыі крытыкавалі М. Гарбачова, А. Якаўлева і А. Адамовіча. Пасля дакладу аб'явілі перапынак на хвілін 15. Працаваў і буфет. Беларускай дэлегацыі прапанавалі падняцца на трэці паверх і зайсці ў аўдыторыю № (нумар ужо не памятаю). Пры ўваходзе туды пыталіся: "Вы з Беларусі?" Атрымаўшы станоўчы адказ, давалі дакументы з адрасамі і тэлефонамі, па якіх трэба тэлефанаваць, калі наступіць час Х. Гаварылі, каб дома пачыталі іх. Прачытаўшы іх дома, я зразумеў, што М.С. Гарбачову засталося няшмат часу кіраваць, яго здымуць. Для таго і правялі канферэнцыю бальшавікоў, на якой я прысутнічаў. Гэта і была ідэйная падрыхтоўка да путчу. Дзіўным было тое, што ніякай нарады з дэлегатамі беларускай ці менскай дэлегацыі ў той аўдыторыі не правялі. За сталом прэзідыуму аказаўся Адам Іосіфавіч Залескі, вядомы гісторык, які абвінаваціў жанчыну, якая ў гэтай аўдыторыі сабрала беларускую дэлегацыю, што яе падаслаў М. Гарбачоў. Ён прапанаваў усім разыйсціся. Усе адтуль выйшлі, але з дакументамі. "Спектакль" там скончыўся. Дзе ж давалі запрашэнні? Мне вядома, што мой знаёмы гісторык Будчук атрымаў у рэдакцыі газеты "Вечерний Минск". Давалі іх і ў Менскім гаркаме КПСС ці нейкім райкаме КПСС горада Менска.

На той канферэнцыі cа шчырых беларусаў былі мае знаёмыя - гісторык Адам Залескі і работнік культуры Уладак. Уладак уступіў у члены КПСС у 1991 годзе, калі іншыя выходзілі. Ён быў прыхільнікам Ягора Ліхачова і хацеў мяне з канферэнцыі вывесці, але я знаходліва сумеў апраўдацца. Выратаваў мяне членскі білет КПСС, які я захаваў сабе на памяць. "Чаму ж ты не зарэгістраваўся пры ўваходзе, у вестыбюлі?" - пытаўся ён. "Чарга была. Пайду і зарэгіструюся?" Пайшоў і запісаўся (замальдаваўся). Цяпер і я - дэлегат і журналіст. Пры рэгістрацыі ў мяне пыталіся: "Хто даў запрашэнне?" Давялося схлусіць. Дзе я мог як журналіст атрымаць запрашэнне? Безумоўна, у рэдакцыі "Вячэрняга Мінска". А ў каго, прозвішча я не пытаўся. Мне паверылі, што так і было.


19 жніўня 1991 года быў панядзелак. У гэты дзень праваслаўныя вернікі адзначаюць Яблычны Спас (Праабражэнне Божае). Я прыйшоў на работу ў рэдакцыю часопіса "Роднае слова". З радыёпрадуктара даносілася музыка з оперы "Лебядзінае возера", калі музыка заціхала дыктар паведамляў аб складзе ГКЧП (Государственный комитет по чрезвычайному положению) і загад аб увядзенні ваеннага становішча па ўсёй тэрыторыі Савецкага Саюза. Паведамлялася, што Гарбачоў хворы і кіраваць дзяржавай ужо не можа. Уся ўлада ў Савецкім Саюзе перайшла да намесніка Прэзідэнта СССР Генадзя Янаева. Узнікала пытанне: "Навошта ўводзіцца надзвычайнае становішча?" Беларускія ўлады, здаецца, не давалі ніякіх каментароў. Уся інфармацыя паступала толькі з Масквы. У рэдакцыі часопіса "Роднае слова" толькі пра гэта і гаварылі. Ніхто не ведаў, як разгорнуцца падзеі далей. На душы было трывожна. У сярэдзіне дня мне нехта патэлефанаваў (сваё прозвішча не назваў) і прапанаваў мне прыйсці пасля работы ў Менскі гарадскі выканкам і чакаць у вестыбюлі, каля вартавога міліцыянера. Было зусім незразумела, навошта мне туды прыходзіць. Я быў актывістам АДПБ (Аб'яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі), адзін з яе заснавальнікаў. Цяпер гэта АГП. Апрача таго я быў сябрам БНФ. Адкуль тэлефанавалі? Мне было невядома. А можа з міліцыі? Як прыйду ў будынак гарвыканкама, надзенуць кайданкі і ў аўтазак ("варанок"). Далей ужо працаваць не хацелася. Акуратна склаў паперы. Можа іх будуць разбіраць ужо без мяне.

Пасля работы я адправіўся ў гарвыканкам. Каля Менскага паштамта я сустрэў члена АДПБ Афанасьева. Павіталіся. І ён ішоў таксама ў гарвыканкам па выкліку. Не ведаў і ён, чаго і хто нас туды выклікае.

На плошчы Леніна было няшмат людзей з бела-чырвона-белымі сцягамі, але яны былі, і іх ніхто не праганяў, не затрымліваў. Войска і міліцыі не было відаць. Гэта нас абнадзеіла і, крыху пахваляваўшыся, мы зайшлі ў будынак Менскага гарадскога выканкама. Каранасты міліцыянер з нейкім грамадзянінам так захапіўся гутаркай, што на нас не звярнуў аніякай увагі. І хоць ужо было пасля 18 гадзін, мы змаглі б свабодна падняцца і вышэй, дзе знаходзяцца кіраўнікі выканкама. Мы пачалі чакаць. Што будзе далей? Міліцыянер зноў не звяртаў на нас увагі. Пасля па нас нехта прыйшоў. Магчыма, гэта быў дэпутат Менскага гарадскога Cавета Андрэй Завадскі, які быў прыхільнікам дэмакратыі і М.С. Гарбачова. Нам сказалі, што трэба ісці на Рабкораўскі завулак, у хатку Змітрака Бядулі (філіял музея Максіма Багдановіча). Пайшлі туды ўтраіх. Там ужо былі людзі. Па сярэдзіне хаты стаяў столік, і той, хто прыходзіў павінен быў запісаць сябе і напісаць свой адрас. Гэта я зрабіў. Запісаўся сёмым ці восьмым. Зянон Пазьняк прыйшоў пазней і запісаўся напэўна ў межах 13 - 15. Усяго сабралася ад 20 да 30 чалавек. Усе самі запісаліся ў спіс палітычных праціўнікаў ГКЧП. Сход вялі Зянон Пазьняк (старшыня БНФ), Юрась Хадыка (намеснік старшыні БНФ), Анатоль Гурыновіч (намеснік старшыні Менскага гарвыканкама). З. Пазьняк адзначыў, што члены ГКЧП не перамогуць, бо ўпусцілі момант. Барыс Ельцын на свабодзе, і мы таксама на свабодзе. "Нешта ў іх там не атрымалася. Значыць, у нас ёсць шансы перамагчы. Яны марудзяць. Мы дзейнічаем", - сказаў ён і прапанаваў зрабіць заяву і паслаць тэлеграму ад сходу грамадскасці Менска М.С. Гарбачову ў Фарос і Б.М. Ельцыну ў Маскву. Там я пачуў, што С.С. Шушкевіч за тыдзень да гэтага пакінуў шэрагі КПСС. Можа, ён цяпер і шкадуе, што так паступіў. Удзельнікі сходу аднагалосна прынялі заяву і прывітанні М.С. Гарбачову і Б.М. Ельцыну. Зараз я не магу ўспомніць усіх, хто тады быў у беларускай хатцы Зм. Бядулі, але некаторых магу. Гаспадаром хаткі быў паэт Эдуард Акулін. Ён нас і прымаў. Я не памятаю, ці быў дырэктар Музея Максіма Багдановіча Алесь Беляцкі, але без яго згоды сход беларускіх палітыкаў у тым філіяле не мог адбыцца, бо ён быў тады дырэктарам музея. Быў там паэт Яўген Гучок, актывіст БНФ Станіслаў Гусак, сябра АДПБ Аляксандар Дабравольскі, дэпутат СССР ад Серабранкі. Я іх запомніў, бо калі быў аб'яўлены перапынак, я з імі развітваўся і прасіў схаваць спіс удзельнікаў сходу, бо ён небяспечна ляжаў на стале. Я сам яго хацеў забраць з сабой, але не забраў, бо падумаў, што калі мяне ноччу забяруць з тым спісам, дык акажыцца, што я ўсіх і здаў. І на мне застанецца пляма ў гісторыі, што рэдактар часопіса "Роднае слова" здаў беларускую апазіцыю. А дамоў я пайшоў раней таму, што ў мяне пачаў балець бок. І дома боль яшчэ ўзмацніўся. Мая жонка лекар выявіла, што гэта міжрэбравая неўралгія, бо перажываў і нерваваўся. Пасля боль прыціх, а ноччу я доўга слухаў рэпартажы радыёстанцыі "Свабода" з Масквы. Перадача вялася ўсю ноч. Хацеў дома не начаваць, але падумалася, што калі не забяруць ноччу, дык заўтра могуць узяць на рабоце. Чаго тады ноччу хавацца?

20 жніўня на рабоце ўвесь час мы слухалі радыё. Час ад часу дыктар перадаваў супарэчлівыя звесткі з Масквы. У Менску была цішыня: ні войскі, ні міліцыя, ні КДБ ніякіх мер не прымалі і глядзелі, чакалі, што там будзе ў Маскве. У Менску знайшлася група людзей, якія падтрымлівалі дзеянні ГКЧП, але рабілі гэта толькі на словах. Да такіх адносіўся Старшыня Вярхоўнага Савета БССР Мікалай Дземянцей, сакратар парткама Менскага гадзіннікавага завода Віктар Чыкін ды іншыя. Старшыня КДБ БССР Эдуард Шаркоўскі пазней прызнаўся, што заявіў Старшыні КДБ СССР У.А. Кручкову, што ён будзе падпарадкоўвацца Вярхоўнаму Савету БССР, які прызначыў яго на гэтую пасаду. Старшыня Савета Міністраў БССР Вячаслаў Кебіч і Міністр замежных спраў БССР Пётр Краўчанка на той час былі ў адпачынку і ніяк не адрэагавалі на дзейнасць ГКЧП. Кебіч параіў Краўчанку знаходзіцца ў адпачынку і не рабіць ніякіх заяў. Беларусы паступілі пасялянску, па-тутэйшаму: "Хай у Маскве самі паміж сабой разбіраюцца. Чаго нам лезці ў іх бойку. Мая хата з краю, і я нічога не ведаю".

Пасля работы я пайшоў на плошчу Леніна, што перад Домам Ураду. Там было шмат народу. Ішоў мітынг. Падпалкоўнік Мікола Статкевіч (выкладчык Менскага зенітна-ракетнага вучылішча), які быў у вайсковай форме, заклікаў запісвацца ў батальён добраахвотнікаў, які адправіцца, калі спатрэбіцца, дапамагаць Б. М. Ельцыну ва ўзброенай барацьбе. Ён сказаў, што з Менска батальён паедзе ў Маскву са зброяй. Зброі хопіць усім. Пасярод плошчы на лаўцы вёўся запіс у батальён валанцёраў. Запісваліся толькі хлопцы і дзяўчаты. Запісацца ў такі спіс я не рызыкнуў. Ваяваць мне не хацелася. Хопіць таго, што ўчора падставіўся. Як мне сказалі, запіс змагароў супраць ГКЧП пачаўся яшчэ ўчора. У беларускай хатцы Міколы Статкевіча ўчора не было… Аднак на плошчы ён здзейсніў гераічны подзвіг. За такі заклік у час ваеннага становішча яго маглі расстраляць, без судовага разбору.

Вярнуўшыся позна ўвечары дамоў, я зноў уключыў радыёпрыёмнік і да дзвюх гадзін ночы слухаў і запісваў навіны з Масквы. А пасля паставіў друкарскую машынку на стол і аддрукаваў каля дзесяці ўлётак і вырашыў раздаць іх армейскім афіцэрам і пажадана ў штаб Беларускай вайсковай акругі. Недзе ў сярэдзіне дня 21 жніўня я сустрэў каля прадуктовага магазіна, што пад шпілем, на рагу вуліц Камуністычнай і Чырвонай, падпалкоўніка ці палкоўніка са штаба БВА і ўручыў яму ўлётку, якая заканчвалася такім сказам: "Падумайце, з кім Вы - з народам ці са злачынцамі з ГКЧП?" Афіцэр прачытаў мой зварот, усміхнуўся і сказаў мне: "Вы спазніліся з інфармацыяй. У нас болей свежая - Ваенны Савет Міністэрства абароны СССР вырашыў вывесці войскі з Масквы ў казармы. Міністр Дз. Ц. Язаў ужо аддаў загад. Войскі выводзяцца, а без войска ГКЧП нічога не зможа". Ён падзякаваў мяне за адвагу і патрыятызм. Навіна была цікавая, але я паставіў усё пад сумніў, бо ведаў, што ёсць яшчэ войскі Міністэрства ўнутраных спраў (міністр Б. К. Пуга) і войскі КДБ СССР, якіх хопіць, каб арыштаваць апазіцыю ў Маскве. Аднак члены ГКЧП пасля вываду з Масквы армейскіх частак зразумелі, што не варта пачынаць грамадзянскую вайну, бо яны прайграюць і будуць расстраляныя. Тут яны паступілі мудра, таму і пакаранне атрымалі лёгкае. Пасля пісалі, што на пазіцыю Міністра абароны Язава моцна паўплывала рашучае непрыняцце ГКЧП маладым камандуючым Ваенна-паветраных сілаў Я. І. Шапашнікавым, які заявіў, што ён не прызнае ГКЧП і верны Прэзідэнту М.С. Гарбачову і "ні адзін самалёт без яго дазволу не падымецца з аэрадрома". А камандуючага Шапашнікава ваенныя лётчыкі любілі. Раскол Саветскай Арміі аказаў вялікі ўплыў на Дз. Ц. Язава. І Язаў прыняў правільнае рашэнне - вывесці войскі з маскоўскіх вуліц. Такім чынам, афіцэры Савецкай Арміі і КДБ СССР не захацелі развязваць грамадзянскую вайну. А што яна магла б быць няма ніякага сумнення. Народы Прыбалтыкі, Украіны, Заходняй Беларусі і Каўказа ваявалі б за дэмакратыю і незалежнасць.

21 жніўня на плошчы перад Домам Ураду ў Менску зноў быў мітынг. Знаёмыя віншавалі адзін аднаго з перамогай. Шматразова гучаў заклік "Жыве Беларусь!", затым - "Незалежнасць!" Было шмат бела-чырвона-белых сцягоў. Трэба сказаць, што ўсе мітынгі апазіцыі адбываліся і адбываюцца толькі пад нацыянальнымі сцягамі - бела-чырвона-белымі. На гэты раз я доўга не затрымаўся. Пайшоў дадому, каб паглядзець па тэлевізары, што там робіцца ў Маскве. У Менску становішча стабілізавалася.

Увечары, 22 - 23 жніўня 1991 года, на плошчы Леніна перад Домам Ураду, збіраліся людзі з бела-чырвона-белымі сцягамі. Ніякага дазволу не патрабавалася. Ідучы з работы, людзі ішлі спачатку да Дома Ураду, каб заявіць, што яны за дэмакратыю і незалежнасць. 22 жніўня Міністр унутраных спраў СССР застрэліў сваю жонку Валянціну Іванаўну і сябе, пакінуўшы запіску, у якой напісаў, што ён дапусціў памылку.

У суботу, 24 жніўня, адкрылася нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР. Яе правядзенне пачалі трансляваць на плошчу. Людзі слухалі дэпутатаў. На плошчу часам выходзілі дэпутаты з фракцыі БНФ і некаторыя іншыя, каб падтрымаць маральны дух тых, хто стаіць на плошчы. Зрэдку прыходзіў на плошчу і А.Р. Лукашэнка.Такім чынам, плошча падтрымоўвала апазіцыю ў Вярхоўным Савеце БССР. Вярхоўны Савет БССР прыпыніў дзейнасць КПБ і ЛКСМБ. Сакратарам ЦК КПБ было страшна ісці праз плошчу. Гаварылі, што аднаго аплявалі на Савецкай вуліцы, каля касцёла.

Нядзеля, 25 жніўня, у будынку Дома Ураду прадоўжыла работу нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР. На плошчу прыйшлі прыхільнікі З. Пазьняка і дэмакратыі з самай раніцы. Прыехалі палітычныя дзеячы і з іншых гарадоў Беларусі. Над плошчай луналі бела-чырвона-белыя сцягі. Гучалі заклікі: "Незалежнасць!" "Жыве Беларусь!" З рэдакцыі часопіса "Роднае слова" на мітынг прыходзіў, апрача мяне, яшчэ рэдактар Здзіслаў Сіцька, які спачатку пісаўся Сіцько (па-руску), а пасля я яго пераканаў, што беларускае прозвішча - Сіцька.

У другой палове таго дня з плошчы Леніна група ўдзельнікаў мітынгу са сцягамі накіравалася на вуліцу К. Маркса, 38, да будынка ЦК КПБ і акружыла яго з усіх бакоў. З імі пайшоў і я. Напэўна такі загад паступіў ад З. Пазьняка. Калі ад яго, дык ён выконваў указ Прэзідэнта СССР М.С. Гарбачова ад 24 жніўня 1991 года "Аб маёмасці Камуністычнай партыі Савецкага Саюза". У ім было сказана: "1. Саветам народных дэпутатаў узяць пад ахову маёмасць КПСС".

З будынка ЦК КПБ дазвалялася толькі выходзіць, але нічога не выносіць. Усім забаранялася ў яго ўваходзіць. Такім чынам, дэманстранты пад кіраўніцтвам Мікалая Разумава (актывіста АДПБ з Оршы) узялі пад ахову будынак ЦК КПБ. (Разумава я добра ведаў па дзейнасці ў АДПБ. Ён у красавіку 1991 года падчас масавых забастовак па ўсёй краіне (былі выкліканы павышэннем цэн) праславіўся ў Оршы тым, што на 12 гадзін спыніў рух цягнікоў праз станцыю Орша. Супраць яго завялі крымінальную справу і, каб не жнівеньскія падзеі 1991 года, яму б не пазбегнуць папраўчай калоніі.У той дзень каля будынка ЦК КПБ я пацікавіўся ў яго, як з крымінальнай справай, а ён сказаў, што пакуль вісіць незакрытая. Пасля жнівеньскага путчу крымінальную справу аршанскага героя закрылі.)

Кіраваў аховай будынка ЦК КПБ не адзін М. Разумаў. Напэўна, старшыня КДБ БССР Шаркоўскі ці нехта іншы даручыў маладому афіцэру, лейтэнанту КДБ у форме (прозвішча яго я не запісаў, а таму не памятаю) дапамагаць Разумаву. Такім чынам, актывіст АДПБ Мікалай Разумаў і лейтэнант КДБ узялі пад ахову будынак ЦК КПБ. А я, былы камуніст з 30-гадовым стажам, навязаўся ім у памочнікі. Цэнтральны ўваход быў з вуліцы К. Маркса, ад Аляксандраўскага скверу. Пры ўваходзе ў будынак ЦК КПБ стаялі на падстаўках дзве гіпсавыя фігуры камуністычных правадыроў: злева - Карла Маркса, справа - Уладзіміра Леніна. Ленін у гэты дзень плакаў: з яго вачэй яўна выступалі слёзы. Гэта пастараліся нашы мастакі. Яны празрыстым лакам так пакрылі твар Леніну, што ён ад сораму заплакаў. І была для таго важкая прычына. Каля Леніна ўнізе стаяла труна, пакрытая чырвоным палотнішчам, на якім былі зроблены надпісы:

"ВКП(б) КПSS".

Пасля апошнюю абрэвіятуру замянілі на "КПСС". Труну з надпісамі:

"ВКП(б) КПСС"

год ці два таму (у 2009 ці ў 2010 гадах) надрукавала газета "Народная воля". Дакладна не ведаю, хто, але, падаецца, той парфоменс з труной і бюстам арганізаваў мастак Аляксей Марачкін. Ва ўсякім разе я яго тады там бачыў. Без яго ўдзелу там не абышлося.

А 17 гадзіне з Масквы прыляцеў былы сакратар ЦК КПБ, дэпутат Вярхоўнага Савета СССР Яфрэм Яўсеевіч Сакалоў з жонкай і хацеў прайсці ў ЦК КПБ. Я яго не прапусціў у будынак ЦК і сустрэў яго агрэсіўна, пачаў з ім дыскусію. Але ён мяне супакоіў і нават са мной і Разумавым даволі карэктна пагаварыў. Мы нават знайшлі аб чым пагаварыць. У будынак ён адмовіўся заходзіць. І сказаў, што М. Гарбачоў сам дапусціў памылку, што сабе ўзяў у віцэ-прэзідэнты Г. І. Янаева. Гэты былы камсамольскі работнік, аматар выпіць, ніяк на гэтую пасаду не гадзіўся. Мы добра ведалі яго, а Гарбачоў кепска і чамусьці хацеў зрабіць сваім намеснікам. Дэпутаты тройчы пракацілі Янаева, але Гарбачоў настаяў на сваім, і вось вынік. Сакалоў таксама сказаў, што ён не супраць незалежнасці БССР. Так, напрыклад, пры яго кіраўніцтве ў Беларусі ўвялі паясны час (аднолькавы з Прыбалтыкай і Украінай). Мы не абвінялі яго ў разгоне мітынгу "Дзяды" ў 1988 года. А калі б і сказалі, а можа нават і сказалі, дык вінаваты быў Міністр унутраных спраў БССР Віктар Піскароў, але кроў тады не пралілася, бо вадой разганялі людзей каля Усходніх могілкаў у Менску.

Да лейтэнанта КДБ падышоў рабочы і паведаміў, што з будынка ЦК КПБ ёсць падземны выхад па другі бок вуліцы, каля будынка Рэспубліканскай бібліятэкі імя У. Леніна. Каля таго лазу таксама выставілі ахову. Каля 19 гадзін я адправіўся дадому. І толькі дома пачуў, што Вярхоўны Савет БССР прыняў законы аб палітычнай і эканамічнай незалежнасці БССР. У аўторак, 27 жніўня 1991 года, газета "Звязда" выйшла з крыклівым надпісам над загалоўкам газеты:

1991 год. 25 жніўня.

20 г. 08 мін.

Беларусь незалежная!

На той жа старонцы надрукаваны фотаздымкі Я. Пясецкага з плошчы. На адным плакаце напісана:

Людзі, мае людзі!

Чаго ж Вы нарабілі?

Здраднікаў на шыю

Сабе пасадзілі.

На другім транспаранце намалявана свастыка, а пад ёй напісана: "Фашысты".

Мне расказвалі, што ў той вечар, калі прынялі Закон аб незалежнасці - Дэкларацыі аб сувярэнітэце Беларускай ССР надалі статус Канстытуцыйнага закона - народ радаваўся: грымелі апладысменты, воклічы: "Ура! Жыве Беларусь". У тыя дні ўсе падзеі фатаграфаваў былы вайсковец Уладзімір Кармілкін, прыхільнік і актывіст БНФ.

А назву дзяржавы "Рэспубліка Беларусь" яна атрымала ў чацвер, 19 верасня 1991 года. На галасаванне, апрача прынятай назвы, ставіліся Нілам Гілевічам яшчэ такія: "Крывія", "Ліцвінія", якія не прайшлі. У той жа дзень дэпутаты зацвердзілі ў якасці дзяржаўных сімвалаў герб "Пагоня" і нацыянальны сцяг. Дарэчы, у будынак Дома Ураду з плошчы яго прынеслі дэпутаты Уладзімір Кавалёнак, Аляксандр Лукашэнка і Інэса Драбышэўская і паставілі яго ў калідоры. А калі зацвярджалі дзяржаўную сімволіку, у залу пасяджэнняў на сесію Вярхоўнага Савета бела-чырвона-белы сцяг прынеслі дэпутаты Валянцін Голубеў, Галіна Сямдзянава і Вольга Галубовіч.

10 снежня 1991 года ў будынку Вялікага тэатра оперы і балета была вечарына, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. На той вечар прыйшлі Ніл Гілевіч і Старшыня Вярхоўнага Савета БССР Станіслаў Шушкевіч. Я здзівіўся, што прыйшоў Шушкевіч, бо паведамлялася, што ён паедзе ў Маскву. Тады мы яшчэ не разумелі, што ўжо ў Маскве яму няма чаго рабіць, бо мы сапраўды сталі незалежныя. Тады ж у тэатры народны дэпутат Менскага гарадскога Савета Андрэй Завадскі паведаміў мне, што сесія Менскага гарадскога Савета плошчу каля Дома Ураду назвала плошчай Незалежнасці, вуліцу М. Горкага перайменавала ў вуліцу Максіма Багдановіча, Ленінскі праспект - у праспект Францішка Скарыны.

У той жа дзень Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь зацвердзіў Белавежскія пагадненні. Супраць прагаласаваў толькі адзін дэпутат, сакратар ЦК КПБ В.Г. Ціхіня. А.Р. Лукашэнка і яшчэ некалькі дэпутаў вырашылі не ўдзельнічаць у галасаванні. Беларусь канчаткова набыла незалежнасць. Менск станавіўся сталіцай СНД.

Пасля правалу путчу на Менскім гадзіннікавым заводзе выпусцілі тысячу мужчынскіх гадзіннікаў з гербам "Пагоня", які 19 верасня 1991 года стаў дзяржаўным. Я набыў у тым годзе такі гадзіннік за адну тысячу рублёў. Ён добра ідзе і сёння. А цяпер такі гадзіннік нідзе не купіш. У нас чамусьці баяцца беларускага "конніка". Нават на гадзінніках у нас не ўмеюць зарабіць ці можа баяцца некага.

Вось так у 1991 годзе стваралася незалежная дзяржава Рэспубліка Беларусь.

Лічу, што 25 жніўня павінна стаць святам Дня Незалежнасці Беларусі. 3 ліпеня - гэта Дзень Вызвалення Беларусі. Зразумела, трэба нам адзначаць і 25 сакавіка - Дзень Волі. Няма ніякага сумнення ў тым, што ў незалежнай дзяржаве Рэспубліка Беларусь будуць вернутыя дзяржаўныя сімвалы - яе нацыянальныя сцяг і герб "Пагоня". А разам з імі стане Дзяржаўным гімнам і песня "Пагоня" Максіма Багдановіча ці марш "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" Макара Краўцова. Наша задача, каб кожны школьнік ведаў іх, як малітву, напамяць, бо гэта нашы святыні, як "Магутны Божа" Наталлі Арсенневай.

Гэты артыкул напісаны 4 гады таму для музея-архіва М.С. Гарбачова ў сувязі з яго зваротам напісаць успаміны ў сувязі 20-й гадавінай ГКЧП.

Сымон Барыс


Стары дакумент

Ксёндз Казімір Нарбут, які быў 20 гадоў лідскім пробашчам, стала жыў у Варшаве і Радзіміне. На ягоным душпастырскім месцы, яго замянялі найманыя святары - звычайныя ці законныя, часцей гэта былі кармеліты Лідскага канвенту. Пры гэтым пробаствам фактычна кіраваў наняты эканом "Загадчык плябані" (Zawiadowca plebanii), якім з 1783 г. быў Павел Багінскі, падданы пана Вайцеха Нарбута, Лідскага войскага - брата ксяндза-пробашча. Ніжэй пададзены дакумент (у маёй літаратурнай апрацоўцы) знаходзіцца ў мяне. Гэты дакумент - цікавае адлюстраванне гаспадарчых стасункаў у нашым краі пры канцы XVIII ст.

Ніжэй пададзены дакумент - інструкцыя Паўлу Багінскаму, "фінансаваму загадчыку" лідскай плябані.

1. Павел Багінскі пра ўсё будзе павінен дакладаць ягамосці Нарбуту, Лідскаму войскаму і грошы з даходаў за квіткі аддаваць яму.

2. Прыме гаспадарку са згоды грамады.

3. Будзе весці ўлік падданых з зямлёй і прыладамі, з павіннасцямі, чыншамі, пабудовамі і публічнымі падаткамі.

4. Будзе весці спіс вёсак, зямлі, лугоў і г.д. а таксама межаў і іншых важкіх рэчаў.

5. Будзе весці ўлік быдла, коней, свіней, птушак, а так-сама земляробчых прыстасаванняў.

6. Кантраляваць стан усялякіх пабудоў, корчмаў, юрыдык і г.д.

7. Сее азімыя і яравыя, таксама апіша.

8. Розныя даходы з працэнтаў, выдэркафаў, зсыпак, дзесяцін, парубак з лясоў і г.д. запіша.

9. Будзе старацца пра даўнія рахункі шынкоў.

10. Будзе весці ўлік усялякіх выдаткаў, як публічных гэтак і на ксяндзоў, чэлядзь і г.д.

11. Будзе сам кіраваць цагельняй і заўсёды мець запас цэглы.

12. Загадзя рыхтаваць вапну.

13. З цяжкімі пытаннямі межаў звяртаецца да ягамосці войскага Нарбута.

14. Для ксендза трымаць пару коней, фурманку, чалавека, хлопца і кухара ці старую гаспадыню. З ксяндзом дамаўляецца пра фураж для коней.

15. Касцельныя даходы забіраць у ксяндза штомесяц, падпісваць рэестры, і перадаваць да ягамосці войскага Нарбута, у войскага за здадзеныя грошы браць квіткі.

16. Шынкарам за раз шмат трункаў даваць, зводзіць з імі рахункі і забіраць грошы ў суботу.

17. Зрабіць лядоўню. Мець добрае піва ў бутэльках і добрую гарэлку. Піва зварыць у сакавіку і захоўваць у лядоўні.

18. Трымаць значную колькасць кароў, збіраць масла на сойм, бітую птушку таксама дасылаць у Гародню.

19. Ахвяраванні касцёлу, палотны, воск і г.д. забіраць сябе і запісваць.

20. Задавальняць патрэбы касцёла: рамонты, свечкі, лямпы.

21. Заўсёды, асабліва ў плябані і ў фальварку, мець бочкі для вады, драбіны, пажарныя бусакі і іншыя пажарныя прыставанні. Коміны трымаць чыстымі, падрыхтаваць ліхтары для касцёла і фальварка.

22. Трымаць рэестр усіх рэчаў.

23. Клапаціцца пра падданых, пры неабходнасці выклікаць лекара і плаціць, ведаць патрэбы кожнага. У карах быць асцярожным, пільнаваць, каб часта на гандаль не ездзілі і не прадавалі свайго збожжа.

24. Пры адсутнасці ягамосці войскага звяртацца па параду да ягамосці Нарбута - стольніка.

25. Мне пісаць кожны тыдзень і адразу паведамляць, што пра справы, а потым - што робіцца, таксама нагадваць ксяндзу, каб паведамляў аб справах касцёла.

26. Усё пераняўшы, скласці спіс служак як у фальварку, так і ў касцёле, колькі будзе.

27. Плату людзям вымяраць паводле звычаяў гэтага краю; гэтак жа і з шынкарамі; мець інфармацыю, што ім даецца за гандаль.

28. Па меры магчымасці ашчаджаць грошы.

29. Калі нехта будзе збываць прыпасы па патрэбе ці з шынкоў, дык вывозіць на продаж у Вільню. Але ніколі не пакідаць дом без прыпасаў, лепей мець больш, асабліва ўвесну, калі людзям патрэбна дапамога.

30. Ведаць памеры абшараў палёў і лугоў, пры неабходнасці трымаць парабкаў, быкоў і коней для работы, мець 4 коней і добрыя вазы для вывазу збожжа з поля і на продаж.

31. Дамовіцца з ягамосцю войскім пра соль, ці купляць яе ў Вільні, ці зімой прывезці з Рыгі для людзей, дамовіцца пра цану.

32. Каб не забыць, усё для памяці сваёй запісваць, каб мноства рэчаў на пачатку не прывяло да памылкі.

33. Будзеш інфармаваць, ці не трэба прывезці французскага віна для касцёла і ў шынок.

34. Можа б не перашкаджала для ўласнай патрэбы ўжываць мёд.

35. Калі пры бровары можна будзе карміць быкоў і свіней, дык гэта выкарыстаць.


Усе гэтыя пункты п. Багінскі пакажа ягамосці войскаму, і дамову з ім падпіша, і будзе выконваць.

Дня 10 ліпеня 1783 у Радзыміне.

Кс. Казімір Нарбут.


Багінскаму я дазволіў мець уласнага каня, каб мець зручнасці і заробак.

У 1784 г. 22 жніўня таму ж Багінскаму дазволіў трымаць другога каня.

Кс. Казімір Нарбут.


* * *

1785 год. 15 ліпеня. У Радзыміне.

Распараджэнне, дадзенае пану Паўлу Багінскаму, загадчыку Лідскай плябані.

Прагледзеўшы рахункі і тлумачэнні, я заўважаю надзвычайныя выдаткі на ўсё, шмат пазычана грошай і збожжа, пропускі ў запісе кожнай рэчы. Таму раблю наступныя распараджэнні:

1. Каб кожная рэч была запісана ў прыход і расход, гэта значыць прыход збожжа ў снапе і ў зерні, прыход быдла, авечак, свіней, коней і птушак з прыплодам, прыход масла, сыру, сена, мёду, воску, алею, ільну, канопляў і г.д. Расход збожжа на пасеў і продаж, хлеб, асабліва для ксяндзоў, сябе і чэлядзі, расход кашы, сала, масла, сыроў, палатна, валовых скур, авечых скурак, свіней, птушкі і г.д., якія былі прададзены ці спажытыя.

2. Грошай не выдаткоўваць без парады з ягамосцю войскім Лідскім, да якога звяртацца па кожнай справе, слухацца яго рад і штомесяц аддаваць яму рахункі ці тады, калі ён захоча.

3. У свіран сам або жонка павінны хадзіць і ключы хаваць у сябе, але ніколі не давяраць іх цівуну.

4. Навучыцца падлічыць колькасць мукі для хлеба і сала, каб без лішку чэлядзь мела неабходнае.

5. Касцельныя даходы ў грашах і воску ў ксяндзоў павінен забіраць; грошы аддаваць ягамосці войскаму, а воск забіраць на патрэбы касцёла, за збожжа і іншыя рэчы, аддадзеныя як правіянт, даваць ксяндзам квіткі, а сабраны як ахвяраванне хлеб аддаваць часткова лідскім а часткова крупаўскім жабракам, а рэшту выдаткоўваць на чэлядзь ашчадна, каб не было лішку.

6. Грошай ані збожжа нікому не пазычаць без дазволу ягамосці войскага, апрача сваіх падданых, якім насамрэч патрэбна, а што каму пазычаецца, адразу запісваць і вызначыць тэрмін, калі павінен аддаць.

7. Запісваць таксама звезеныя цэглу і вапну.

8. Ад арандатараў не браць грошай па частках а толькі ў тэрмін.

9. Прыход і расход гарэлкі запісваць, чэлядзі даваць толькі на святы, цівунам - калі верныя і пільныя, дык можна часцей; іншым, толькі калі была вельмі важная работа дапазна.

10. Не дазваляю аніякіх экстраардынарных выдаткаў, напрыклад падчас судоў, сходаў або іншых з'ездаў. Ніхто з маіх братоў не мае права загадваць, таксама як і ксяндзы, якія жывуць на плябані, толькі сам ягамосьць войскі Лідскі мае ўладу і права распараджацца, без яго выразнага загаду нікому нічога не даваць, нават маім родным.

11. Мураванага дома на могілках нікому не наймаць, а чакаць распараджэння ягамосці войскага.

12. Каб уберагчыся ад празмерных выдаткаў, на ўсё скласці табліцу расходаў для сябе і чэлядзі, якую ягамосць войскі павінен зацвердзіць.

Радзымін, год 1785, 21 ліпеня.

Кс. Казімір Нарбут, Лідскі пробашч.

Міхал Шымялевіч

ПеракладЛеаніда Лаўрэша.


Легіянер і Лірнік, або Вяртанне на Бацькаўшчыну Антона Гарэцкага

Развагі над кнігаю Ганны Шаўчэнкі "Паэзія Антона Гарэцкага і станаўленне рамантычнай традыцыі ў літаратуры Беларусі ХІХ стагоддзя", Мінск, Кнігазбор, 2015.

Кніга Ганны Шаўчэнкі вяртае яе героя, калісьці змушанага стаць выгнанцам з радзімы, у Беларусь. А герой гэтай кнігі - паэт і паўстанец Антон Гарэцкі (1787-1861), асоба легендарнан і знакавая для свайго часу, для беларуска-ліцвінскага і польскага "краёвага" культурнага кантэкстаў XIX стагоддзя. Ён варты таго, каб і сёння не быць забытым у імклівым бегу часу, паколькі быу сапраўдным Легіянерам і Лірнікам з вялікай літары ў высокім патрыятычным і духоўным напаўненні гэтых паняццяў.

Аўтар кнігі ўпершыню ў беларускім літаратуразнаўстве раскрывае глыбіню і змястоўнасць паэтычнай творчасці ўраджэнца Вільні, актыўнага дзеяча моладзевых літаратурна-грамадскіх таварыстваў, а пасля паўстання 1830-1831 гадоў эмігранта, змагара за вызваленне Айчыны і яркага паэта-наватара свайго часу Антона Гарэцкага. Гэта вынік шматгадовай карпатлівай працы маладой даследчыцы, якая рупліва збірала крыніцы, іх удумліва асэнсоўвала ў сувязі з асаблівасцямі літаратурнага кантэксту беларуска-польскага культурна-гістарычнага памежжа першай паловы XIX стагоддзя. Ганна Шаўчэнка таксама з таленавітым майстэрствам пераклала многія паэтычныя творы Антона Гарэцкага на беларускую мову, і яе пераклады паспяхова ўвайшлі ў найноўшыя хрэстаматыі і анталогіі літаратуры Беларусі XIX стагоддзя, з цікавасцю ўспрымаюцца сучасным чытачом.

Актуальнасць гэтай кнігі, таксама як і яе навізна, тлумачыцца той акалічнасцю, што літаратура Беларусі XIX стагоддзя працягвала заставацца шматмоўнай, а польскамоўная плынь была яе неад'емнай часткай, праз якую выяўляліся асаблівасці нацыянальнага менталітэту, гісторыі і традыцый, што на сёння складае агульную культурную спадчыну народаў былой Рэчы Паспалітай: у дадзеным выпадку польскага і беларускага (у кантэксце XIX стагоддзя паняцце "беларускі" ўключала ў сябе таксама паняцце "ліцвінскі") народаў. Надзвычай красамоўным фактам у такіх варунках з'яўляецца тое, што першы свой зборнік вершаў, які адразу прынёс яму паэтычную славу і шырокае прызнанне, Антон Гарэцкі назваў "Паэзія ліцвіна" (Парыж, 1834).

Важна адзначыць так-сама, што славуты беларускі мастак Валенці Ваньковіч (1800-1842) быў родным пляменнікам Антона Гарэцкага па лініі маці Схаластыкі Гарэцкай (Ваньковіч), і сярод найвыбітнейшых партрэтаў яго пэндзля (а гэта найперш партрэты Адама Міцкевіча) ёсць таксама партрэт яго дзядзькі, у якім мастак здолеў перадаць узнёсласць духу і эстэтычную элегантнасць шанаванага паэта і свайго крэўнага. Зрабіць на гэтым акцэнт бачыцца сёння асабліва важным, паколькі постаць мастака Валенція Ваньковіча трывала замацавалася ў свядомасці сучаснікаў як прыналежная да беларускага мастацтва (пры гэтым. зразумела, ён не адлучаны і ад мастацтва польскага). Такога ж падыходу і замацавання вымагае таксама постаць Антона Гарэцкага, паколькі і мастак, і пісьменнік - гэта прадстаўнікі адной сям'і, і іх жыццёвыя ды творчыя біяграфіі ў многім падобныя і тыповыя для прадстаўнікоў культурна-інтэлектуальнай эліты таго часу, сваім паходжаннем звязанай з Беларуссю.

Да з'яўлення кнігі Ганны Шаўчэнкі постаць Антона Гарэцкага ў беларускім літаратуразнаўстве толькі эпізадычна згадвалася пераважна ў сувязі з жыццяпісам і творчасцю Адама Міцкевіча, і былі вядомымі толькі некалькі яго вершаў у перакладах Уладзіміра Мархеля і Кастуся Цвіркі. Аднак ні гэтыя творы, ні біяграфічныя згадкі не давалі поўнага ўяўлення пра значнасць творчай асобы Антона Гарэцкага і ролю, якую ён адыграў у развіцці літаратурнага руху Беларусі XIX стагоддзя, у станаўленні рамантычнага кірунку ў ім. Былі невядомымі і мала асветленымі таксама творчыя стасункі, якія лучылі яго з тагачаснымі літаратурнымі асяродкамі (напрыклад, таварыствамі шубраўцаў і філаматаў), пісьменнікамі-папярэднікамі і наступнікамі (Ф. Князьніным, Ю. Нямцэвічам, А. Міцкевічам, У. Сыракомлем ды інш.). А таксама заставаліся па-за ўвагай беларускіх даследчыкаў абсягі творчай спадчыны пісьменніка, яе праблематыка, жанравыя асаблівасці, глыбокая духоўнасць і яскравы патрыятычны ("ліцвінскі") пафас. Дзякуючы грунтоўнаму даследаванню Ганны Шаўчэнкі постаць Антона Гарэцкага не толькі застаецца адной з ключавых у перадрамантычным руху польскай літаратуры ў шырокім сэнсе слова (як літаратуры ўсёй былой Рэчы Паспалітай), але і паўнавартасна ўпісваецца ў літаратурны рух Беларусі XIX стагоддзя, што істотна дапаўняе і пашырае межы інтэрпрэтацыі творчасці гэтага пісьменніка: не толькі ў кантэксце літаратуры польскай, але ў кірунку прыналежнасці яе да шматмоўнай літаратуры Беларусі як культурнага феномена XIX стагоддзя.

Трэба мець на ўвазе і тое, што для XIX стагоддзя паняцці польская літаратура і шматмоўная літаратура Беларусі судакранаюцца і перакрыжоўваюцца, маюць амбівалентны характар, утвараюць тое асаблівае рэгіянальнае польска-беларускае (і "ліцвінскае") памежжа, якое і дазваляе падобнага роду працы (прысвечаныя творчасці Адама Міцкевіча, Антона Гарэцкага, Уладзіслава Сыракомлі, Габрыэлі Пузынінай і многіх іншых пісьменнікаў) разглядаць у рэчышчы дзвюх літаратур: беларускай і польскай, а не абмяжоўвацца адной з іх, што было б неапраўдана з пункту гледжання літаратурнай сітуацыі XIX стагоддзя для Беларусі.

У працы Ганны Шаўчэнкі гучаць грунтоўныя і кампетэнтныя адказы на ўсе ключавыя пытанні, што тычыцца стасункаў Антона Гарэцкага з пісьменніцкім асяроддзем свайго часу, яго ўплыву на літаратурны працэс, яго ролі ў выспяванні рамантызму ў тагачасным літаратурным руху. У кнізе глыбока даследаваны жанравыя, ідэйна-тэматычныя, вобразна-стылёвыя асаблівасці багатай творчай спадчыны Антона Гарэцкага, перададзены яе наватарскі дух, бо паэт быў у многім першапраходцам на літаратурным полі свайго часу: аб гэтым сведчыць як яго "ваярская" патрыятычная паэзія, так і сатырычная байкапісная творчасць. Варта таксама дадаць, што кніга Ганны Шаўчэнкі мае прадуманую лагічную кампазіцыю, вызначаецца высокай культурай пісьма, а яе навуковы стыль працягвае лепшыя традыцыі айчыннай акадэмічнай філалагічнай навукі, дзе даходлівасць і яснасць выкладання думак і разважанняў спалучаецца з навуковай выверанасцю і дакладнасцю фактаў і высноў. Кніга прываблівае багаццем выкарыстанага ў ёй фактычнага матэрыялу, большая частка якога была практычна недаступная ў Беларусі і над збіраннем якога аўтар працавала пераважна ў бібліятэках Літвы і Польшчы.

Запатрабаванасць даследавання, прысвечанага творчасці Антона Гарэцкага, тлумачыцца таксама тым, што імя гэтага аўтара ўведзена ў сучасныя навучальныя праграмы і адукацыйны працэс пры вывучэнні культурнай і літаратурнай спадчыны Беларусі XIX стагоддзя .

Такім чынам, гэтая кніга з'яўляецца першым, праведзеным у Беларусі, грунтоўным даследаваннем творчасці Антона Гарэцкага і ўводзіць яго постаць у кантэкст літаратуры Беларусі XIX стагоддзя як паэта - прадвесніка рамантызму, стваральніка "новага" стылю, чыя творчасць была ў цэнтры тагачасных гарачых дыскусій і дзякуючы гэтаму актыўна ўплывала на літаратурны працэс, агульны на той час для беларускай і польскай літаратур. Творчасць Антона Гарэцкага спрыяла ўмацаванню ў літаратурным працэсе рамантычных тэндэнцый, а сёння дапамагае больш поўна і глыбока асэнсаваць яго канкрэтныя праявы.

У кнізе Ганны Шаўчэнкі падрабязна аналізуецца "вайсковая" паэзія Антона Гарэцкага, тэматычна прысвечаная напалеонаўскім войнам і Лістападаўскаму паўстанню 1830 года. Паэт быў непасрэдным удзельнікам і сведкам гэтых падзей, маючы свядомасць патрыёта свайго краю, паняволенага ў канцы XVIII стагоддзя ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай чужой імперскай прагавітасцю, ён стаў змагаром за вызваленне Айчыны з-пад улады Расійскай імперыі і змушаны быў прыняць пазней на сябе як і тысячы суайчыннікаў, лёс эмігранта. Таму ваенныя "спевы" і "гімны" сталіся на пэўны час тэматычнай і настраёвай дамінантай яго творчасці, яны абуджалі ў суайчынніках патрыятычныя пачуцці і змагарны дух. Даследчыца параўноўвае паэзію Гарэцкага з творамі Ю.У. Нямцэвіча, А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, выяўляе падабенства праблемнага поля ў духоўных і патрыятычных матывах. Вызначальнымі жанравымі формамі становяцца тут гістарычны спеў і дума. Творы насычаны біблійнай сімволікай, у іх створаны адметны вобраз героя-патрыёта (ад славутага "легіянера" да "безыменнага невядомага героя" і да таямнічага "героя ў масцы"), характэрнага для рамантычнай літаратуры ў тагачасным беларуска-польскім гістарычна-культурным дыскурсе.

У кнізе Ганны Шаўчэнкі зроблены таксама грунтоўны і ўсебаковы аналіз сатырычнай байкапіснай творчасці Антона Гарэцкага ў кантэксце байкапіснай традыцыі перадрамантызму (Ф. Князьніна, Ю. Нямцэвіча) і ў цэлым у кантэксце еўрапейскай байкапіснай традыцыі. Аўтар вызначае наватарства Гарэцкага - байкапісца і яго ўплыў на эвалюцыю жанру байкі (напрыклад, у творчасці А. Міцкевіча), што выявілася ў напаўненні вядомых сюжэтаў актуальным для таго часу сацыяльным і грамадска - палітычным зместам, звязаным з падзелам Рэчы Паспалітай і яго наступствамі.

Праз творчасць Антона Гарэцкага даследаванне Ганны Шаўчэнкі глыбока і сутнасна характарызуе спецыфіку такой пераходнай эстэтычнай з'явы, як перадрамантызм, што ў беларускім літаратуразнаўстве дагэтуль практычна амаль не разглядалася. Таксама як наватарскі варта адзначыць праведзены ўпершыню ў беларускім і польскім літаратуразнаўстве параўнальна-тыпалагічны аналіз твораў Антона Гарэцкага з творамі яго сучаснікаў, папярэднікаў і наступнікаў (Францішка Князьніна, Адама Нарушэвіча, Юльяна Нямцэвіча, Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі ды інш.), што дае магчымасць уяўляць літаратурны працэс у той паўнаце і ўзаемазлучанасці з'яў, якія могуць губляцца пры аднамерным падыходзе.

Ірына Багдановіч,канд. філ. навук.

 
Top
[Home] [Library] [Maps] [Collections] [Memoirs] [Genealogy] [Ziemia lidzka] [Наша Cлова] [Лідскі летапісец]
Web-master: Leon
© Pawet 1999-2009
PaWetCMS® by NOX